epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэмба

Сутычка

Ён заступіў мне дарогу і пісклявым голасам спытаў:

— Можна з табой пасакрэтнічаць?

Я паглядзеў у загарэлы, з аблупленым носам-фасолінкай твар і згодна кіўнуў галавой.

Які там сакрэт? Я ж не ведаў нават яго імя, бо прыехаў у «Лясную казку» з паўгадзіны назад. Важатая сказала, што я залічаны ў другі атрад і з усімі пытаннямі павінен звяртацца да яе. Хлопец з носам-фасолінкай, які шныпарыў побач, адразу ж паведаміў:

— Я таксама з другога атрада.

Вось і ўсё знаёмства.

— Пайшлі,— сказаў ён, і я паклыпаў за ім да зялёнай альтанкі, якая надзейна схавала нас ад паўдзённай спякоты.

Ён яшчэ раз агледзеўся і, узяўшыся за перламутравы гузік маёй стракатай, з райскімі птушкамі, тэніскі, фанабэрыста спытаў:

— Ты ўмееш гуляць у шахматы?

— Не-е.

— Няўжо?

— Праўда,— адказаў я.— У шашкі магу.

— Ха-ха,— ён глядзеў на мяне з насмешкай.— Знайшоў чым хваліцца.

— Я на школьным чэмпіянаце другое месца заняў,— спрабую апраўдвацца.

— Другое — не першае,— з’едліва зазначыў ён, сустрэўшы маё паведамленне халоднай усмешкай.— А ў «марскі бой» гуляеш?

— Не-е.

— Ты, мусіць, і біцца не ўмееш? — у яго голасе прагучала пагарда.

— Чаго біцца? — я глядзеў на хлопца з аблупленым носам вачыма Нязнайкі, які ўпершыню трапіў на Месяц.— Бойка — апошняя справа.

— Няўжо апошняя? — незнаёмы разглядваў мяне з дапытлівай замілаванасцю, маўляў, такіх дзівакоў ён нават у кіно не бачыў.— А калі я цябе зараз стукну, ты скажаш дзякуй?

— Паспрабуй,— адказаў я, міжволі сціскаючы кулакі.

— Глядзі! — радасна ўсклікнуў хлопец.— А мне здалося, што ты самы апошні баязлівец.

— Каго баяцца, цябе? — Я кіўнуў на яго тонкія з вострымі локцямі рукі, якія матляліся ў кароткіх рукавах салатавай футболкі.

Ён перахапіў мой позірк і ніколькі не сумеўся.

— Думаеш, я слабак? Гэта толькі з выгляду... У нашай школе ёсць секцыя па барацьбе самба. Я ўжо другі год у ёй займаюся. Хочаш, пакажу табе адзін прыёмчык?

— Не трэба, іншым разам,— я аднекваюся, чамусьці без усялякіх ваганняў паверыўшы ў забіяцкія вартасці незнаёмца.

— Ага, не трэба! — ён задаволена прысвіснуў і з пераможным выглядам выскаліўся.— Не, ты ўсё ж баязлівец, па вачах бачу.

— Ну і што? — кажу, быццам ад надакучлівага камара адмахваюся.

— Нясоладка табе будзе. Ты ў летніку першы раз?

— Першы,— адказваю спакойна, хаця слухаць такое, нібы горкія пілюлі ад прастуды глытаць.

— З вёскі прыехаў?

— З Бярозаўкі, мне пуцёўку ў школе далі. Наш клас у зборы лекавых траў вызначыўся, а я больш за ўсіх назбіраў.

— Вясковыя ўсе такія... нясмелыя. Я адразу заўважыў, што ты навічок,— ён прапусціў міма вушэй мае словы пра збор лекавых траў і, крыху разважыўшы, дадаў: — Вось я і вырашыў табе дапамагчы.

— Як дапамагчы?

— Вельмі проста. Я ў «Лясной казцы» буду трэцюю змену адпачываць, мне ўсе дзіркі ў агароджы знаёмыя. Я сюды пасля чацвёртага класа ўпершыню прыехаў. Можам у любы момант пайсці і малінамі паласавацца ці да дачнікаў па яблыкі злазіць. Тут зусім побач цэлы пасёлак, праўда, там таксама высокія парканы. Ды са мной не прападзеш.

— Ведаеш, я па чужых агародах не ўмею лазіць.

— Не хвалюйся, навучу,— ён заспакойвае мяне з нахабнаватай упэўненасцю, быццам я гатовы пайсці за ім на край свету.

І адкуль толькі ўзяўся на маю галаву гэты шустры? Што яму ад мяне трэба? Сказаць бы яму некалькі слоўцаў, каб адчапіўся,— але я чамусьці маўчу, ды і пра яго сакрэт карціць даведацца. А тут яшчэ гарачыня зусім размарыла, з альтанкі страшна вылазіць. Добра, што пакуль важатыя «Лясной казкі» абмяркоўваюць, як мы будзем праводзіць урачыстую лінейку.

— У летніку я больш за ўсё «ціхі» час ненавіджу: сярод белага дня спаць укладваюць, быццам ночы не хапае. Тут кожны твой крок пад наглядам, нават на рэчку па камандзе ходзяць. Ды я ўхітраўся і без каманды купацца.

— А ты спрытны,— не вытрымліваю, каб не пакпіць з незнаёмца.

— Без гэтага нельга,— аўтарытэтна заяўляе шустры.— Думаеш, у «Лясную казку» лёгка трапіць?.. Табе пашанцавала, у перадавікі выбіўся, узнагародзілі. А мой тата вунь колькі пабегаў, пакуль мне пуцёўку дастаў.

— Дык табе ж тут не падабаецца: «ціхі» час, розныя каманды, купацца не пускаюць,— пачуццё калючай непрыязнасці да хлопца з носам-фасолінкай паступова ахоплівае мяне.

— Каманды камандамі, а лепшага летніка за «Лясную казку» не знойдзеш. Я летась за змену аж на два кілаграмы паправіўся. Тут вунь якое меню! Клубніцы даюць, нават апельсіны бываюць.

— А што, дома цябе кепска кормяць? — мяне так і цягне за язык, каб падкалоць шустрага.

— Не-ее...

— А чаму такі худы?

— Спортам многа займаюся, барацьбой самба, за шахматамі гатовы цэлы дзень праседзець. Тады да мяне не падыходзь, пра ўсё на свеце забываюся.

— З-за свайго спорту і на сонцы мала бываеш, зусім не загарэў, белы, як у бальніцы ляжаў.

— Да мяне загар не прыстае,— шустры апраўдваецца і адразу ж пераводзіць гаворку на іншую тэму: — У цябе адкуль такая тэніска?

— Як адкуль?

— Загранічная, мусіць... Птушкі не нашы, заморскія.

— Ты адгадаў. Гэтую тэніску мой брат прывёз з Кубы. Ён механік карабля, па ўсіх акіянах плавае.

— Вось здорава! Нездарма я тут з табой час марную.

— Чаму нездарма?

— Я маркі збіраю, філатэліяй захапляюся. Мы з табой будзем перапісвацца. Ты ў свайго брата папросіш, каб ён маркі розных краін прысылаў, згода?

Шустры гаворыць, як па пісаным чытае. Быццам мы з ім сябрукамі найпершымі сталі і пакляліся ў вечнай дружбе. Складна выходзіць, усё падлічыў, размеркаваў...

— Ты што, не згодны?

Ён нецярпліва штурхае мяне ў плячо. Маё маўчанне абурае яго.

— Чаго згаджацца, трэба падумаць,— я наўмысна расцягваю кожнае слова.

— Дзівак, я ў даўгу не застануся. Рэдкая марка — гэта цэлы скарб. Мы з табой зможам не толькі на цукеркі зарабіць. Варта мне ля магазіна «Філатэліст» з заморскімі марачкамі з’явіцца, як там цэлы натоўп збярэцца. А ў вёсцы твае маркі нікому не патрэбны, ты з іх нават заціркі не зварыш,— ён задаволена выскаліўся і аж прытупнуў сваімі жоўтымі замшавымі сандалетамі.

— А ты яшчэ і гандляр-камбінатар,— кажу я, але мае словы ніколькі не кранаюць яго.

— Табе гэтага не зразумець,— ганарліва зазначае шустры.— Вясковыя ўсе такія цюхцявыя, прывыклі чужым розумам жыць...

І раптам я не вытрымаў. Раней такое са мной ніколі не здаралася. А тут мяне ўсяго аж трэсла ад пякучага гневу. І я стукнуў шустрага.

— Ты што, ты што? — ён ускочыў з лаўкі, як уджалены.

— Вымятайся адсюль, жук каларадскі! — ціха сказаў я і паднёс кулак да носа-фасолінкі.— Ну-у!

Ён спалохана войкнуў і выслізнуў з альтанкі.

— Псіх ненармальны! Гэта табе так не пройдзе, я важатай скажу. Цябе адсюль за хуліганства вытураць, вось пабачыш, дурань вясковы,— прыгразіў шустры і подбегам заспяшаўся прэч.

Самбіст-філатэліст уцякаў, аж пыл курэў з-пад яго замшавых сандалетаў. І на свае прыёмчыкі і сакрэты забыўся...

Я застаўся ў альтанцы адзін. На змену раптоўнаму ўзрушэнню прыходзілі невясёлыя думкі: «І трэба было мне пагарачыцца, цяпер непрыемнасці не абярэшся. А хіба з такімі можна па-добраму? Хіба яны разумеюць дабро?..»

Гарачыня даймала і тут, у цяньку. Падумалася пра ласкавую прахалоду рэчкі Заранкі, што прабягае побач з роднай Бярозаўкай, пра сяброў, якія засталіся там, у вёсцы,— і шчымлівае пачуццё самоты ахінула мяне. Я зажмурыўся, зручней уладкаваўся на лаўцы і пачаў чакаць, калі шустры прывядзе важатую. Я быў упэўнены: тая разбярэцца ва ўсім.