epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэмба

Веласіпед

Як заўсёды, яны кацілі з ветрыкам. Знаёмая дарога, знаёмыя віражы. Крыху прытармазілі на крутым павароце, калі мінулі плошчу і завярнулі на асфальтаваную алею, што пралегла па беразе возера. Наперадзе — Эдзік, за ім — Віцька.

Асфальтаваная дарожка прывяла да касцёла, чырвоны шпіль якога ўзнёсся высока ў неба. Высокія сцены з чырвоных цаглінак. Глядзіш знізу ўверх — галава кружыцца, а зверху ўніз?

Яны не спыніліся каля касцёла, а звярнулі на дамбу.

За дамбай — зноў паварот, зноў — направа да вострава, на якім знаходзіцца гарадскі парк. Першы прыпынак — кола агляду. Вялікае металічнае збудаванне ўжо гады два не працуе. І не круціцца кола, і не падымаюцца яго люлькі ўсё вышэй і вышэй.

Успамінаецца, як і яны залазілі ў люльку і паволі плылі ўверх. Узнімаліся над дрэвамі, над паркам, над гарадком. Віцька баяўся глядзець уніз, а ўсё ўзіраўся ў шпіль касцёла. Эдзіка вышыня не палохала, ён пачуваў сябе вольна і толькі пакепліваў з сябрука.

Ды сапсаваўся матор, перастала круціцца кола агляду, а рамантаваць яго ніхто не бярэцца.

Побач з колам насыпаны курганчык, на ўтравелым баку прымацавана каменная пліта з надпісам: «Пад гэтай плітой 5 лістапада 1967 года пры закладцы Кургана Вечнай Славы замураваны запавет нашчадкам. Адкрыць у 2017».

— Цікава, што там напісана? — пытаецца Віцька.

— А хто яго ведае,— адказвае Эдзік, жмурачы свае зеленаватыя вочы.

Яны прамчаліся па алеі парку, паўз танцавальную пляцоўку, праляцелі праз вузкі масток, які вісеў над ручаём, зрабілі паварот каля кіёска з вялізным іржавым замком.

Выехалі да возера, спыніліся непадалёку ад рыбака, які шпурляў раз за разам бліскучую блясну. Яна ляцела над паверхняй імклівым сонечным зайчыкам, размотваючы за сабой ледзь прыкметную жылку, і тут жа знікала пад вадой. Рыбак круціў катушку спінінга з насцярожанай увагай, але блясна вярталася ні з чым.

— Няма дурных лавіцца на жалезку,— усміхнуўся Эдзік і зноў ускочыў на веласіпед.

Разагналіся, паляцелі навыперадкі. На павароце Эдзік раптам прытармазіў, штосьці ўбачыў на сцежцы, а Віцька зазяваўся і з усяго разгону ўдарыў у задняе кола свайго сябрука. Рэзкі штуршок кінуў Віцькаў веласіпед убок, і ён шуснуў у кусты, нават добра не ўцяміўшы, што здарылася. Зваліўся на зямлю разам з веласіпедам і Эдзік.

— Ты што? — першым ускочыў на ногі Эдзік.

Ён крычаў, абмацваючы сваё калена, і моршчыўся ад болю. Віцька вінавата апраўдваўся. Яму таксама было балюча, ён трымаўся правай рукой за шчаку. Абдзёрся аб сухую галінку, нават кроў выступіла.

Эдзік уз’юшыўся яшчэ больш, калі ўбачыў, што на заднім коле выскачылі з вобада дзве спіцы.

— Ты што нарабіў, што?! — ён гатовы быў кінуцца з кулакамі.— Як я цяпер паеду, як?!

Віцька стаяў ашаломлены і прыгнечаны, адчуваў сваю віну, і яму было вельмі кепска.

— Вазьмі мой веласіпед,— сказаў ціха, з мальбой у голасе.

— Недавярак. Ты цэлае кола аддавай, хоць з-пад зямлі...

Эдзікаў новы веласіпед быў адмысловы, яго прывезлі з самай сталіцы... Не тое што Віцькаў драндулет — аблезлы і дабіты, хоць і лёгкі на хаду. Ды хіба параўнаеш з Эдзікавым?!

Яны раз’ехаліся непрыяцелямі, і для Віцькі пачаліся пакутлівыя дні адзіноты. Ён разумеў, што Эдзік без новага кола не пойдзе на прымірэнне, не адпусціцца. І дзе знайсці гэтае самае кола? У магазіне не купіш. Ды і за якія грошы?

Адзін, зусім адзін... Як гэта пакутна: раптам пазбавіцца сяброўства, апынуцца ў глухім, змрочным свеце.

Віцька ішоў па тратуары, зацененым густой лістотай каштанаў, і не ведаў, што рабіць, чым заняцца. Не тое што раней, з Эдзікам. Тады заўсёды знаходзіўся занятак. А што можаш ты адзін? Каля крамы, дзе прадаюць сокі і марожанае, Віцька спыніўся, хоць ведаў, што ў кішэнях пуста.

Тут Віцька ўбачыў, як да крамы падкаціў на веліку незнаёмы хлапчук, спыніўся, прыхіліў веласіпед да каштана і няспешна пайшоў да дзвярэй. Віцька хацеў быў зрушыць з месца, але затрымаўся, міжволі прыгледзеўся да веласіпеда і адразу зазначыў, што ён вельмі падобны на Эдзікаў. І такі ж новенькі.

«Шанцуе ж людзям!» — уздыхнуў больш са шкадаваннем, чым з зайздрасцю.

І раптам у галаве мільганула думка.

«Ніхто не будзе ведаць... І з Эдзікам памірымся...» — Думка апякла, прымусіла здрыгануцца. Трывожна затахкала сэрца.

«Не марудзь, хутчэй!» — настойваў таемны голас.

«Нельга, гэта ж — ганьба... А калі зловяць...» — не пагаджаўся другі голас.

«Баязлівец, цісні на педалі — і няхай шукаюць ветру ў полі».

«Не хачу, не буду!»

«Ты ж зусім змарнееш без Эдзіка».

«Заткніся, не змарнею!»

І як жа Віцька ўзрадаваўся, калі ўбачыў у дзвярах крамы хлапчука з марожаным у руцэ! Быццам даплыў да берага, хоць зусім не ставала сіл.

Ішоў дадому і дапытваўся ў самога сябе:

«Няўжо я мог бы ўкрасці? А калі б хлапчук яшчэ прастаяў у чарзе?»

Толькі зарана Віцька радаваўся, зарана... Думка, як стрэмка, засела ў памяці і ўжо на другі дзень нагадала пра сябе, калі ён убачыў Эдзіка. І не падысці да яго, і не загаварыць... Сумна, а што зменіш?

Пратрымаўся Віцька яшчэ адны суткі, а потым апоўдні пакіраваў да крамы, дзе прадаюць сокі і марожанае. І той, другі голас, чамусьці маўчаў: не перасцерагаў, не адгаворваў.

Віцька прагульваўся каля крамы даволі доўга, нават паспеў пастаяць у чарзе і з’есці «Пламбір». А той, каго ён чакаў, не з’яўляўся. Чаканне было трывожнае, вярэдлівае. Але жаданне памірыцца з Эдзікам было мацнейшае за ўсялякія там пакуты сумлення...

Да крамы пад’ехаў той самы бялявы хлапчук, на тым самым новенькім веласіпедзе. Віцька захваляваўся яшчэ больш. Здавалася, усё ўлічана, кожны крок, а тут... Нібы і не рыхтаваўся, не настройваў сябе... Ён таксама зайшоў у краму, паволі прасунуўся каля доўгай чаргі, каб пераканацца, што хлапчук стаіць у самым яе хвасце.

«Мінут пятнаццаць трэба чакаць, калі не больш»,— адзначыў Віцька і выслізнуў на вуліцу. Прыкмеціў, што з акна крамы не праглядаецца пляцоўка, на якой стаіць веласіпед.

«Разявака, будзе ведаць, дзе ставіць»,— падумаў і неяк крыху паспакайнеў, у яго рухах з’явілася ўпэўненасць і рашучасць. Вось толькі загарэлы твар збялеў, выцягнуўся, а шэрыя вочы застылі.

Ён выкаціў веласіпед на тратуар, уцягнуўшы галаву ў плечы, і чамусьці не спяшаўся, нібы чакаў, што зараз яго гукнуць, скажуць спыніцца. Быў яшчэ шанц павярнуць назад, паставіць чужы велік на месца.

Віцька сеў на сядло і націснуў на педалі. Ужо праз секунду-другую спіцы ў колах зліліся ў суцэльны круг, а пругкі вецер прымусіў прыгнуцца да руля.

Гэта была страшэнная гонка, без аглядкі, на мяжы ўсіх сіл. Нямелі ногі, мігцела ў вачах, а Віцька круціў і круціў. Завярнуў у завулак, выскачыў на цэнтральную вуліцу гарадка, праляцеў міма сваёй школы. Тут пачынаўся круты спуск, уніз — да скрыжавання, дзе пралегла шаша.

Разагнаўшыся, Віцька нарэшце перастаў круціць педалямі. Веласіпед сам набіраў хуткасць з крутога спуску, трэба было прытарможваць. Ён крутнуў педалі назад, але яны гэтак жа лёгка зрабілі абарот назад, як і наперад. У веласіпедзе не было тармазоў!

Стужка асфальту ляцела пад коламі ўсё шпарчэй і шпарчэй. Звярнуць бы ўбок, толькі як? Асфальт абрываецца глыбокім кюветам, а за ім — сцяна высокай агароджы. Звернеш — зубоў не пазбіраеш...

Тут была адзіная магчымасць паратунку: вытрымаць гэтую шалёную гонку, уседзець за рулём, праскочыць скрыжаванне, а там адразу ж пачынаецца пад’ём.

Утрымацца, праскочыць... За паваротам, на самым рагу,— ягоны дом. Веласіпед схавае ў пуні, прыкрые саломай. Счакае колькі дзён, а потым пойдзе да Эдзіка і прапануе задняе кола, узамен таго, з выбітымі спіцамі. Эдзік, напэўна ж, пагодзіцца, не адмовіцца. А чаго яму адмаўляцца?

Вось толькі б праскочыць гэты пракляты спуск, толькі б не бразнуцца на асфальт. І чаму няма тармазоў, чаму?

Святлафор успыхнуў чырвоным святлом, калі Віцька падлятаў да скрыжавання. А злева па шашы імчаў фургон, якому ўжо запалілася зялёнае святло...

Віцька заўважыў фургон занадта позна. Хутчэй не заўважыў, а адчуў, што злева на яго кіруе нейкая чырвоная аграмадзіна. Падлетак нават не змог крыкнуць. Але ён усё ж паспеў спружыніцца і за нейкую сотую долю секунды да ўдару кінуць сябе з веласіпеда назад. Быццам хто нябачны схапіў рукою за футболку і сарваў з сядла.

Ён нерухома ляжаў на асфальце і нічога не бачыў і не чуў. Веласіпед храбуснуў пад коламі фургона, чырвоная машына з усяго разгону ўрэзалася радыятарам у святлафор, і пасыпалася разбітае ветравое шкло. А вадзіцель, збялелы і знямелы, вываліўся з адчыненых дзвярэй кабіны, рукі ў яго былі ў крыві.