epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікалай Матукоўскі

Апошняя інстанцыя

Частка першая
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
  Карціна чацвёртая
  Карціна пятая
  Карціна шостая
  Карціна сёмая
  Карціна восьмая
  Карціна дзевятая
  Карціна дзесятая
  Карціна адзінаццатая
Частка другая
  Карціна дванаццатая
  Карціна трынаццатая
  Карціна чатырнаццатая
  Карціна пятнаццатая
  Карціна шаснаццатая
  Карціна семнаццатая
  Карціна васемнаццатая
  Карціна дзевятнаццатая


ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Ягор Максімавіч Малахаў — галоўны канструктар электроннай апаратуры.

Жанчына ў белым —

Апошняя Інстанцыя Ягора Максімавіча — яго сумленне.

Вера Іванаўна Малахава — яго жонка, нейрахірург.

Дзімка — іх сын, студэнт юрыдычнага факультэта.

Зіна — аднакурсніца Дзімкі, яго нявеста.

Аркадзь Міхайлавіч Акуліч — пракурор горада.

Паліна Карпаўна Цвяткова.

 

Частка першая

 

Карціна першая

Дэкарацыя спектакля ўяўляе сабой нібы два плоскасныя папярочныя разрэзы. На другім плане — некалькі паверхаў лесвічных клетак вельмі добрага, нестандартнага дома. Па цэнтры знізу даверху паласа шырокіх акон, якія то свецяцца, то гаснуць, у залежнасці ад часу сутак. Гэтыя ж вокны адначасова служаць своеасаблівым экранам у сцэнах успамінаў — па іх паўзуць ружова-блакітныя, «нерэальныя», воблакі. На лесвічных пляцоўках дзверы, якія вядуць у нечыя кватэры. Каля адных дзвярэй — дзіцячая каляска, каля другіх — веласіпед.

На першым плане «разрэз» кватэры Малахавых. І хоць дзеянне ўвесь час адбываецца ў гасцінай, па абодва бакі яе калі не відаць, то ўгадваюцца іншыя пакоі.

Прасторная гасціная нейкі час пустуе. Потым уваходзіць Вера Іванаўна ў святочнай вячэрняй сукенцы. Ідзе да акна, доўга глядзіць на вуліцу, дзе ў блакітнаватым святле ліхтароў падае густы, буйны снег.

На лесвічнай пляцоўцы перад дзвярыма спыніўся Ягор Максімавіч. Хацеў адчыніць дзверы і... не змог. Нервова ламаючы запалкі, закурыў, зрабіў некалькі глыбокіх зацяжак. Кінуў цыгарэту і стаіць перад дзвярыма, баючыся адчыніць іх. Нарэшце адважыўся...

І вось ён ужо без паліто і шапкі ўваходзіць у гасціную. Увахоходзіць павольна, нерашуча, нібыта ў чужую кватэру.

Вера Іванаўна. Паслухайце, грамадзянін Малахаў... Калі вы яшчэ раз возьмеце білет у тэатр і назначыце некаму на гэты ж вечар дзелавое спатканне... Вы заўважылі? Я гавару — дзелавое спатканне... Што-небудзь здарылася?

Ягор Максімавіч. Не, нічога не здарылася.

Вера Іванаўна. А ўсё ж такі?

Ягор Максімавіч (сядаючы на канапу). Нарада ў дырэктара зацягнулася...

Вера Іванаўна падышла і села побач з мужам.

Вера Іванаўна. А ты ведаеш... Я б параіла табе насіць цёмныя акуляры.

Ягор Максімавіч. Навошта?

Вера Іванаўна. Язык у цябе гаворыць адно, а вочы — другое. (Устрывожана.) Ягор! Ад цябе ж цыгарэтамі пахне! Ты што, зноў пачаў курыць?

Паўза.

Ягор Максімавіч. Разумееш, Вера... Наш Дзімка... ударыў чалавека.

Вера Іванаўна. Дзімка?! На яго што, напалі? Ён абараняўся?

Ягор Максімавіч. Абараняўся...

Вера Іванаўна. А дзе ён зараз?

Ягор Максімавіч. У следчага... Яго арыштавалі.

Вера Іванаўна. Арыштавалі? За што?! Ты ж кажаш— ён жа абараняўся!

Ягор Максімавіч. Разумееш, Вера... Справа ў тым, што ён раніў таго чалавека...

Вера Іванаўна. Раніў?

Ягор Максімавіч. Так... У галаву... У скроню...

Вера Іванаўна. Божа мой! А хто ён, той чалавек?

Ягор Максімавіч. Таксама студэнт...

Вера Іванаўна. Куды яго павезлі? Я зараз жа паеду туды!

Ягор Максімавіч. Вера... Не трэба ехаць... Позна ўжо.

Вера Іванаўна. Як позна?

Паўза.

Ягор Максімавіч. Ён памёр...

Вера Іванаўна. Памёр?! Калі?

Ягор Максімавіч. Адразу ж...

Паўза.

Вера Іванаўна (ціха). Значыць... Значыць, ён забіў яго?

Ягор Максімавіч. Так...

Вялікая паўза. Вера Іванаўна маўчыць. І гэтае яе маўчанне страшней за ўсякі крык.

Вера Іванаўна. Ягор... Як гэта здарылася? Дзе?

Ягор Максімавіч. У кабінеце спецпадрыхтоўкі... Іх там было некалькі чалавек... Дзімка і ён... той хлопец... пасварыліся. Дзімка трымаў у руках нейкі жалезны кранштэйн... Ніхто не паспеў яго спыніць. Ніхто не думаў...

І зноў жудасная цішыня. Звоніць тэлефон. Але Вера Іванаўна і Ягор Максімавіч настолькі ўзрушаны, што не чуюць званкоў.

Нарэшце Вера Іванаўна пачула іх.

Вера Іванаўнай (ціха). Тэлефон...

Ягор Максімавіч (падышоўшы да століка, здымае трубку). Малахаў... Дома... А вы не маглі б пазваніць ёй заўтра раніцай? (Слухае.) Вера, гэта з клінікі... У іх там нешта здарылася.

Вера Іванаўна. Слухаю... (Доўга моўчкі слухае.) Пачакайце... (Апускае трубку, моўчкі сядзіць, глядзіць прама перад сабой, пераводзіць позірк на трубку, стараючыся сабрацца з думкамі.) Усё спачатку... Так, паўтарыце ўсё спачатку... (Слухае.) Колькі гадоў? Ён у прытомнасці? Хто сёння дзяжурыць?.. Зрабіце рэнтгенаскапію і хутчэй пазваніце Крыўчэню. Дзе ён?.. А Лукашэвіч?..

Ягор Максімавіч. Што там у іх?

Вера Іванаўна аддала трубку мужу і зноў доўга глядзіць перад сабой, нічога не бачачы.

Вера Іванаўна. Хлопчыка прывезлі з катка. Патрэбна тэрміновая дапамога. Крыўчэня ў Маскву паехаў, а Лукашэвіча нідзе не могуць знайсці. (Паўза.) Ягор... Я не веру, што Дзімка зрабіў гэта свядома...

Ягор Максімавіч. Я таксама не веру...

Вера Іванаўна. Хто табе сказаў?

Ягор Максімавіч. Спачатку рэктар пазваніў, а потым з пракуратуры.

Вера Іванаўна. Хто ён... той хлопец?

Ягор Максімавіч. Студэнт апошняга курса... З іх жа факультэта. Цвяткоў. Павел Цвяткоў...

Паўза.

Вера Іванаўна. Я паеду да следчага. Я павінна ведаць, як гэта здарылася... Як ён мог гэта зрабіць?

Ягор Максімавіч. Не трэба, Вера. Я ўжо быў там. Мне не дазволілі ўбачыцца з ім.

Вера Іванаўна. Чаму?

Ягор Максімавіч. Не ведаю. Такі парадак.

Вера Іванаўна. Як гэта здарылася? Ты што-небудзь ведаеш?

Зноў звоніць тэлефон.

Ягор Максімавіч падыходзіць здымае трубку.

Ягор Максімавіч. Не...

Малахаў... Не, яна падысці не можа. Што ой перадаць? (Слухае.) Пачакайце... Вера, хлопчык памірае...

Вера Іванаўна. Які хлопчык?

Ягор Максімавіч. Той, у бальніцы. Нідзе не могуць знайсці Лукашэвіча... Па цябе паслалі машыну.

Вера Іванаўна (з цяжкасцю ўстае з канапы і падыходзіць да тэлефона). Рыхтуйце хлопчыка да аперацыі. Будзем аперыраваць на шостым паверсе...

Працяглы званок у пярэдняй.

Ягор Максімавіч. Гэта шафёр. Пойдзем, я памагу табе апрануцца.

Вера Іванаўна спынілася перад мужам, доўга глядзіць яму ў вочы.

Вера Іванаўна. Ягор... Трэба перажыць гэту ноч. Я цябе прашу — не куры. Ты ж ведаеш, якое ў цябе сэрца... Я цябе вельмі прашу!

Ягор Максімавіч. Добра...

Выходзяць.

 

Карціна другая

У гасціную вяртаецца Ягор Максімавіч. Падышоў да крэсла, на якім вісіць яго пінжак, дастаў з кішэні пачак цыгарэт, хацеў закурыць, але ці то ўспомніў, аб чым прасіла жонка, ці то наогул забыўся пра цыгарэту. Сеў у крэсла і задумаўся. Паступова гасціную запаўняе густая цемната. У ёй патанаюць усе навакольныя прадметы. Застаецца асветленым толькі змярцвела бледны твар Ягора Максімавіча. Ён сядзіць нерухома, быццам удаўлены ў крэсла горам, што так нечакана абрушылася на яго.

А мы чуем... рэзкі і моцны тэлефонны званок.

— Малахаў слухае...

— Гэта рэктар універсітэта Сцяпанаў... Ягор Максімавіч... Я прашу вас тэрмінова прыехаць да мяне!

— У чым справа? Чаму такая спешка? Ну? Што ж вы маўчыце?

— Ягор Максімавіч... Наш сын толькі што забіў чалавека...

І зноў цемната і цішыня.

У процілеглым баку гасцінай успыхвае яркі круг святла. У ім жанчына ў белым. Яна доўга моўчкі глядзіць на Ягора Максімавіча.

Ягор Максімавіч (разважаючы сам з сабой). Нічога не разумею... Мой сын забіў чалавека. Не на вайне, не ў бойцы... Проста так... Увесь свет узарваўся і паляцеў у бездань... Але чаму? Чаму?!

Жанчына ў белым. Гэта павінна было здарыцца... Калі не гэтая катастрофа, то другая... Чалавек доўга жыве ў крэдыт... Адзін больш, другі менш... А потым аднойчы прыходзіць дзень, калі за ўсё трэба плаціць. І вельмі дорага... Ты, Ягор, доўга жыў у крэдыт.

Ягор Максімавіч. Я нікому нічога не вінен! Усё маё жыццё на вачах.

Жанчына ў белым. Не... Вось скажы мне, чаму ты сказаў няпраўду жонцы?

Ягор Максімавіч. Калі?

Жанчына ў белым. Зараз...

Ягор Максімавіч. Я сказаў ёй праўду!

Жанчына ў белым. Але не ўсю! Калі гавораць не ўсю праўду — хлусяць! Чаму ты не сказаў ёй пра сустрэчу з Зінай? Пра тое, што пачуў ад яе? Зразумеў, што настаў дзень, калі трэба плаціць? Бачыш, нават мне баішся прызнацца?

Ягор Максімавіч (ціха). Я ўжо нічога не баюся... Самае страшнае, што магло здарыцца, ужо здарылася...

Жанчына ў белым. Не, Ягор... Гэта яшчэ не самае страшнае.

Ягор Максімавіч. Што ж ужо можа быць горш?

Жанчына ў белым. Праўда... Праўда аб тваім жыцці... Аб той яго частцы, якой ніхто не ведае... Толькі я... (Паўза.) Я памагу яшчэ раз пражыць тваё жыццё... Не, не ўсё, толькі некалькі дзён. Калі ты зможаш... (Паўза ) Не кожны вытрымлівае вяртанне ў сваё мінулае, калі вяртаецца туды разам са сваім Сумленнем... Ці хопіць у цябе сіл, Ягор?

Вялікая паўза.

Ягор Максімавіч (ціха). Нічога іншага мне не застаецца... Або гэта, або канец...

Жанчына ў белым. Ніхто не ведае, дзе і што ён знойдзе. Чалавек шукае пачатак, а знаходзіць канец. Іншы раз — наадварот... Ніхто не развесіў ліхтароў уздоўж дарогі, па якой ідзе чалавек. А ісці ж усё роўна трэба...

Цемната.

 

Карціна трэцяя

З цемнаты гучыць знаёмая, крыху сумная мелодыя «Зямлянкі», якая пераносіць нас у далёкія ваенныя гады. У Малахавых сёння вечар успамінаў. Калі сцэна зноў асвятляецца, гасціная выглядае светла і святочна. Гараць свяцільнікі, сабраныя з усіх пакояў — таршэры, настольныя лямпы, бра і люстра. На піяніна гараць тры самаробныя лямпы са снарадных гільзаў. Вера Іванаўна і Ягор Максімавіч сядзяць на канапе і разглядаюць альбом з франтавымі фатаграфіямі.

У гасціную асцярожна ўваходзіць Дзімка.

Дзімка. Не перашкодзіў?..

Ягор Максімавіч. Дзеці заўсёды перашкаджаюць бацькам. Старая ісціна. Але што зробіш?

Дзімка. Вось іменна! Се ля ві! Каб род чалавечы не скончыўся нулём, людзі проста вымушаны заводзіць дзяцей... (Азірае гасціную.) Фенаменальна! Але сядзець дома нават пры такой ілюмінацыі!..

Ягор Максімавіч. А дзе ж мы, па-твойму, павінны сядзець?

Дзімка. Як гэта дзе? У самым лепшым рэстаране! Піць добрае віно, заядаць яго выдатным шашлыком і слухаць музыку. Можна нават патанцаваць. Між іншым, танцы — лепшы сродак ад радыкуліту.

Ягор Максімавіч. Дзімка, ты сама недасканаласць. Дастаць столік у рэстаране ў нядзелю!.. Лягчэй на Месяц злятаць і назад вярнуцца.

Дзімка. Ха! Трэба было загадзя падумаць!

Ягор Максімавіч. Дзям'ян! Не падлівай масла ў вулкан. Ну, закруціўся. Выскачыла з галавы! Наконт гэтага мне ўжо зроблена адпаведнае дыпламатычнае прадстаўленне...

Вера Іванаўна. Забыць пра такі дзень! І потым яшчэ нехта кажа пра нас — дзявочая памяць!

Ягор Максімавіч. Вось бачыш? З'явіўся наследнік, і адразу ж узнік канфлікт.

Дзімка. Грамадзяне бацькі! Я вас пасварыў, я вас і паміру. Толькі спачатку скажыце мне, як на споведзі: што вы думаеце пра свайго адзінага нашчадка?

Ягор Максімавіч. Звычайная, пасрэдная асоба.

Дзімка. Усё ж такі асоба?

Ягор Максімавіч. Але пасрэдная!

Дзімка. Разумею: педагогіка. Лепш недахваліць, чым перахваліць. Між іншым, вы мяне ўсё жыццё недаацэньваеце. Добра, так і быць, дарую. Грамадзяне бацькі, папрашу на секунду заплюшчыць вочы!

Вера Іванаўна. Навошта?

Ягор Максімавіч. Каб мы не бачылі, як ён зараз падкладзе нам нейкую свінню.

Дзімка. Яшчэ адзін такі выпад, я пакрыўджуся і пайду. А вы горка пашкадуеце. Усё жыццё будзеце шкадаваць!

Вера Іванаўна. Заплюшчым?

Ягор Максімавіч. Ультыматум...

Дзімка кладзе ў руку маці адкрыты канверт.

Вера Іванаўна. Што гэта?

Дзімка. Няўжо па паху не чуваць? Тлумачу. Асобны кабінет у рэстаране «Сталічны», бутэлька каньяку ерэванскага разліву, дзве бутэлькі «Хванчкары», бутэлька шампанскага і тры бутэлькі баржомі. Ну, і адпаведная закусь.

Ягор Максімавіч. Дзімка, калі гэта розыгрыш...

Дзімка. Ха! Вы ж трымаеце ў руках рэчавы доказ!

Ягор Максімавіч. Дай глянуць... (Бярэ ў Веры Іванаўны канверт, разглядае ўкладзены ў яго ліст паперы.) Рахунак... І нават аплочаны.

Вера Іванаўна. Дзіма... Я... Ну, наогул, ты мяне разумееш.

Дзімка. Усё зразумеў. Варушыцеся хутчэй!

Ягор Максімавіч. Дзям'ян... Мне здаецца, што ты мой сын.

Дзімка. Мама, чаму ты не пакрыўдзілася. Па сённяшні дзень ён сумняваўся, чый я сын!

Ягор Максімавіч. Не лаві на слове. Добра. Ты нядрэнны хлопец.

Дзімка. О, божа! Зноў гэта бацькоўская педагогіка! Ну, чаму не сказаць — міравы хлопец! Хутчэй, хутчэй!

Ягор Максімавіч. Ты нас у рэстаран запрасіў?

Дзімка. Ну, вядома!

Ягор. А я думаў — на пажар.

Дзімка. Баюся, які-небудзь паразіт ружы сцягне са стала.

Вера Іванаўна. Якія ружы?

Дзімка. Самыя лепшыя ў свеце. «Інтэр флора» называюцца.

Вера Іванаў н а. Адкуль?

Дзімка. Ой, мама, доўга расказваць! Самае цяжкае ў гэтай аперацыі было давезці ружы ад аэрапорта да рэстарана. Усе міліцыянеры касавурыліся. Сто чалавек спынялі і пыталіся — адкуль? Сто чалавек думалі пра мяне сёння, што я спекулянт! Адзін дзівак прычапіўся, кажа: дзень нараджэння ў нявесты. Кажу — пабажыся! Пабажыўся. Я даў яму тры кветачкі. Дык ён са мной некалькі прыпынкаў ехаў, хацеў чырвонец усунуць. Ледзьве адкараскаўся... Вы гатовы?

Ягор Максімавіч (заканчваючы завязваць гальштук). Амаль.

Вера Іванаўна. Дзіма, дай я цябе пацалую!

Дзімка. Пакуль ты будзеш цалавацца, там унізе, між іншым, сёе-тое цікае.

Ягор Максімавіч. Міна?

Дзімка. Якія вы ўсё ж тугадумы — старэйшае пакаленне! Вядома, фаэтон! Тупайце, тупайце хутчэй! Баюся за ружы. Ага, вось яшчэ што... На стале чатыры прыборы. Няхай гэта вас не бянтэжыць.

Вера Іванаўна. Мы будзем не адны?

Дзімка. Вам дзвюх гадзін на суперінтымныя размовы хопіць?

Ягор Максімавіч. Вядома.

Дзімка. Ну вось... Роўна ў дваццаць дзве мы прыедзем з Зінай. Калі вы, безумоўна, не супраць.

Вера Іванаўна. Ну што ты! Мы будзем вельмі рады!

Дзімка. Гаварыце-гаварыце, а ўнізе круціць!

Ягор Максімавіч. Не сын, а кат нейкі. Усё. Пайшлі. (Вярнуўся, з парога.) Наконт «Хванчкары» ты гэта сур'ёзна?

Дзімка. Аж дзве бутэлькі! Адтуль, разам з ружамі. Між іншым, яе цяпер і ў Грузіі не так проста дастаць.

Ягор Максімавіч. Таму і пытаюся! Маёй зарплаты хопіць, каб расплаціцца за ўсё гэта?

Дзімка. За ўсё заплочана. Не бойся, не крадзенымі. Стыпендыяй. Але калі ты захочаш вярнуць мае страты, я пярэчыць не буду.

Ягор Максімавіч. Лічы, што гэта ўжо зроблепа. Ну, будзь здароў, Дзям'ян!

Малахаў і Вера Іванаўна выходзяць. У канцы сцэны радасна гучыць песня:

 

А без меня, а без меня

И солнце утром не вставало б,

И солнце утром не вставало б,

Когда бы не было меня!

 

Цемната.

 

Карціна чацвёртая

Калі сцэна зноў асвятляецца, мы бачым Жанчыну ў белым і Ягора Максімавіча ў тых жа позах, у якіх іх застаў фінал другой карціны.

Жанчына ў белым. Баішся праўды, Ягор?.. (Паўза.) Я ж зусім не гэта прасіла ўспомніць! Што табе расказала сёння Зіна? Чаму ты гэтага не хочаш успамінаць? Мяне баішся? А можа, іншых? Дык жа сведкаў у нас з табой няма!.. (Паўза.) Ты сам здагадаўся знайсці Зіну і распытаць у яе пра ўсё?

Паўза.

Ягор Максімавіч. Яна чакала мяне ў вестыбюлі універсітэта, калі я ішоў ад рэктара.

Жанчына ў белым. Вось як... У дзяўчыны больш мужнасці, чым у цябе. Тады, можа, прапусцім гэту старонку ў тваім жыцці? Зробім выгляд, што яе ніколі не было... Прасцей, спакайней...

Паўза.

Ягор Максімавіч. Не...

Цемната, а потым адразу ўспыхваюць усе свяцільнікі, сабраныя ў гасцінай, як было ў папярэдняй карціне.

Ягор Максімавіч (выходзячы). Лічы, што гэта ўжо зроблена. Ну, будзь здароў, Дзям'ян!..

Выправіўшы бацьку, Дзімка ідзе да другіх дзвярэй і адчыняе іх.

Дзімка. Давай заходзь, не бойся.

Нясмела заходзіць Зіна.

Ведаеш, я страшэнна рады, што ты нарэшце прыйшла. Паслухай. Давай не будзем больш сварыцца? Няўтульна неяк адразу робіцца на планеце, калі пасварышся з добрым чалавекам. Велізарная зямля ператвараецца адразу ў малюпасенькую пясчынку, якая кудысьці ляціць... А куды? Навошта? І ты на ёй адзін. А вакол нікога... Колькі мінула, як мы з табой пасварыліся?

Зіна. Амаль два месяцы.

Дзімка. А мне здалося — цэлая вечнасць! Не, я, вядома, круглы ідыёт, апошняя скаціна! Прыраўнаваць цябе да гэтага жарабца Пашкі, у якога, апрача піжонскіх вусікаў і адной маленькай звіліны ў чарапку, нічога няма!.. Вось яна, рэўнасць — пракляты перажытак мінулага! Радзімая пляма капіталізму! Хочаш, стану зараз перад табой на калені і выпалю яе калёным жалезам? Дальбог, зраблю!

Зіна. Не трэба, Дзіма... Мы больш не будзем сварыцца.

Дзімка. Вось гэта мне толькі і трэба было пачуць! А калі я яшчэ калі-небудзь... Бі адразу па мордзе! Так, каб з катушак далоў! Добра? Ну, што ты маўчыш?

Зіна (паказваючы на свяцільнікі). У вас свята? З якой нагоды?

Дзімка. Дваццаць пятага лістапада яны ўпершыню ўбачылі адзін аднаго. Пад Сталінградам. І вось з таго часу заўсёды адзначаюць гэты дзень. Але бацька толькі ўчора прыляцеў з камандзіроўкі і зусім забыўся. Ну, а я спецыяльна не напамінаў, каб паднесці ім сюрпрыз у канверце. Я правільна зрабіў?

Зіна. Правільна...

Дзімка. Я таксама думаю. (Сур'ёзна і ціха.) Яны ж у мяне залатыя людзі. Асабліва мама... Аперацыі ў бальніцы... І якія? У мазгах калупаецца. Хірургічным аддзяленнем кіруе... Лекцыі на кафедры. Кандыдацкую абараніла... І ўся хата на ёй трымаецца. Як паспявае, не ведаю... А ў бацькі ўсё па мінутах распісана. На нас з мамай тры мінуты ў суткі, не больш. Па-мойму, зараз ён робіць нешта для космасу.

Зіна. Яны вельмі кахаюць адзін аднаго?

Дзімка. І не кажы! Як маленькія! Толькі вось мяне саромеюцца. Спачатку саромеліся, што малы і дурны быў. Цяпер — што вялікі і гм-гм... Плёнку прынесла? У нас з табой яшчэ дзве гадзіны ў запасе...

Зіна. Чаму дзве?

Дзімка. Давай плёнку... Зараз скажу. (Ставіць касету з плёнкай на магнітафон.) Таму, што я ім яшчэ адзін сюрпрыз падрыхтаваў на сённяшні вечар.

Зіна. Які?

Дзімка (папраўляючы гальштук). Не, ты спачатку скажы: я выглядаю дастаткова элегантна?

Зіна. Ты харошы.

Дзімка. Ну, ты ўжо крыху таго... А бацькі гавораць— звычайная, пасрэдная асоба. Дык вось... Праз дзве гадзіны мы заявімся да іх у рэстаран, вып'ем за іх здароўе... (Уздыхнуў.) Таму што за іх здароўе ўжо трэба піць... Потым я ўстану, адкашляюся... (кашляе) і скажу: «Грамадзяне бацькі!..» Не... Я проста скажу: «Дарагія мама і тата! Перад вамі жаніх і нявеста. Вяселле ў будучым годзе, адразу пасля трэцяга курса...»

Зіна. Не, Дзіма...

Дзімка. Што — не?

Зіна. Ты гэтага не скажаш...

Дзімка. Чаму? Мы ж даўно вырашылі: пажэнімся адразу пасля трэцяга курса.

Зіна. Не, Дзіма... Нічога гэтага ўжо не будзе.

Дзімка. Чаму?! Хіба за гэтыя два месяцы што-небудзь змянілася?

Зіна. Змянілася...

Дзімка. Што іменна?

Зіна. Усё...

Дзімка. Растлумач. Калі ты хочаш ведаць, за гэтыя два месяцы я пакахаў цябе яшчэ больш. Я зразумеў, хто ты ёсць. Для мяне і наогул...

Зіна. Я таксама, Дзіма...

Дзімка. Тады ў чым жа справа?

Зіна (ціха, пасля паўзы). Я развітацца з табой прыйшла...

Дзімка (збянтэжана). Ты што, едзеш куды-небудзь? Куды? Навошта?

Зіна. Не...

Дзімка. Нічога не разумею!

Зіна. Успомні той дзень, калі мы пасварыліся...

Дзімка. А навошта мне ўспамінаць?.. Ну, я ж табе сказаў — перажытак мінулага! Радзімая пляма!

Зіна. Пачакай... Ты сказаў, што не хочаш ісці на дзень нараджэння да Віцькі Трацяка, таму што там будзе Пашка Цвяткоў... А я, маўляў, іду іменна таму, што ён там будзе... Ты яшчэ сказаў, што я самая апошняя дурніца і што ты наогул шкадуеш...

Дзімка (перабіваючы). «Сказаў! Сказаў!» Ідыёт, дурань, скаціна, таму і сказаў! Язык мне цяпер адрэзаць, ці што?

Зіна. Ён да мяне заўсёды чапляўся, але ніколі не падабаўся мне.

Дзім к а. Ведаю!

Зіна. І я пайшла да Трацяка. На злосць табе...

Дзімка. І гэта ведаю!

Зіна. Не ўсё ведаеш, Дзіма... (Паўза.) Ведаеш, як гэта балюча, калі табе не верыць чалавек, якога ты кахаеш? Які для цябе — усё! Напэўна, горш за гэта нічога не бывае.

Дзімка. Ну я ж слова даў: не будзе больш гэтага!

Зіна. Пачакай, Дзіма... Мне трэба ўсё сказаць. Таму я і прыйшла. (Паўза.) Дамоў мяне праводзіў Пашка Цвяткоў... Па дарозе запрасіў да сябе... І я пайшла. На злосць табе. І сабе таксама...

Вялікая паўза.

Мне без цябе тады... На ўсё напляваць... Разумееш, сонца патухла...

Паўза.

Дзімка. Навошта ты мне гэта расказваеш?

Зіна. Я заставалася ў яго да раніцы. І нікога, апрача нас, у кватэры не было... Толькі раніцай я зразумела, што адбылося...

Вялікая паўза.

Дзімка. Навошта ты ўсё гэта мне расказваеш?

Зіна (раптам крычыць). Таму што мы былі адны! Разумееш ты ці не? Таму што я не магу цябе ашукваць! У вочы табе глянуць не магу! Не магу!

Зіна закрыла твар рукамі. Дзімка падышоў да яе і адняў яе рукі ад твару, трымае іх у сваіх руках.

Дзімка (ціха). Зіна... Гэта я вінаваты, а не ты... Я цябе штурхнуў на гэта...

Зіна (вырваўшы ў яго рукі). Замаўчы! Замаўчы!.. Няўжо ты не разумееш, што я цяпер ніколі не змагу быць з табой? Я ніколі не дарую сабе! Я ніколі не змагу пераступіць цераз гэта! Ніколі!

Паўза.

Дзімка. Зіна... Будзем лічыць, што нічога гэтага не было... Ты мне нічога не расказвала...

Зіна. Ты! Падонак! Такі ж падонак, як і ён! (Выбягае.)

Дзімка стаіць пасярод пакоя, прыціснуўшы кулакі да твару.

Дзімка (крычыць). Будзь ты праклята, чортава пясчынка! Навошта ж ты, калі няма на табе міру нават паміж самымі блізкімі!

Цемната.

 

Карціна пятая

Зноў Ягор Максімавіч застаецца сам-насам са сваёй Апошняй Інстанцыяй. Сядзяць і маўчаць. І ў гэтай жудаснай цішыні Ягор Максімавіч ужо каторы раз чуе сваю кароткую размову з рэктарам універсітэта, размову, якая так крута змяніла яго жыццё.

Цішыню ўзрывае ненатуральна моцпы і рэзкі тэлефонны званок.

— Малахаў слухае.

— Гэта рэктар універсітэта Сцяпанаў... Ягор Максімавіч... я прашу вас тэрмінова прыехаць да мяне!

— У чым справа? Чаму такая спешка? Ну? Што ж вы маўчыце?

— Ягор Максімавіч... Ваш сын толькі што забіў чалавека...

Вялікая паўза.

Ягор Максімавіч. Калі б я ведаў...

Жанчына ў белым. Калі б ты хацеў ведаць!

Ягор Максімавіч. Хлусня! Я не мог гэтага ведаць раней!

Жанчына ў белым. Эгаісты, Ягор, заўсёды ведаюць больш пра сябе, чым пра іншых... Ён хацеў прыйсці тады у рэстаран і не прыйшоў...

Ягор Максімавіч. Яны хацелі прыйсці разам з Зінай, але ў Зіны разбалелася галава. Так ён сказаў...

Жанчына ў белым. І ты паверыў!.. А ты ў вочы яму зазірнуў? Тады, калі ён табе гэта гаварыў, і потым? Пазней?!.

Цемната.

 

Карціна шостая

Гасціная Малахавых асвятляецца мяккім зялёным святлом настольнай лямпы. За акном глыбокая ноч і зоркі. У крэсле ля тэлефоннага століка сядзіць і чытае часопіс Ягор Максімавіч. Але адчуваецца, што думкі яго зараз далёка.

Ягор Максімавіч паглядзеў на гадзіннік, падняўся, прайшоўся па пакоі, прыкрыў шчыльней дзверы, уключыў прыёмнік, слухае ціхую музыку. Нячутна ўваходзіць Дзімка.

Дзімка. Можна да цябе?

Ягор Максімавіч. Ты хіба не спіш?

Дзімка. Ты ж таксама...

Ягор Максімавіч. Ну, мой мілы! Бяссонніца — прывілея майго ўзросту. У цябе гэта яшчэ наперадзе.

Дзімка. Ты вельмі заняты?

Ягор Максімавіч. Не... Проста чакаю аднаго званка.

Дзімка. Адтуль?

Ягор Максімавіч. Адкуль — «адтуль»?

Дзімка. Дзе заўсёды што-небудзь запускаюць...

Ягор Максімавіч. Дарагі таварыш Шэрлак Холмс! З вашай незвычайнай здагадлівасцю вы даўно ўжо маглі б ведаць, што сістэмы, якія я канструірую, зараз выкарыстоўваюцца ўсюды. Нават на вялікіх жывёлагадоўчых комплексах.

Дзімка. Стаў бы ты так хвалявацца з-за нейкіх жывёлагадоўчых комплексаў!

Ягор Максімавіч. Няўжо відаць?

Дзімка. А ты як думаў?

Ягор Максімавіч. Значыць, узрост. Вось і бяссонніца ад яго.

Дзімка. Ты мог бы знайсці для мяне мінут пятнаццаць?

Ягор Максімавіч. Што-небудзь вельмі тэрміновае?

Дзімка. Ды як табе сказаць... Хачу, каб ты памог мне рашыць адну задачу.

Ягор Максімавіч. Матэматычную?

Дзімка. Не, псіхалагічную... Але, можа, я перашкодзіў?

Ягор Максімавіч. А ты што, сам ужо не цяміш? Можа, адкладзём да раніцы, на свежую галаву?

Дзімка. Раніцай у цябе не будзе часу.

Ягор Максімавіч. Бадай, ты праўду кажаш... Заўтра... (Глядзіць на гадзіннік.) Не, ужо сёння мне ў восем трэба быць на заводзе. Ну, добра, так і быць, давай сваю задачку. Толькі ўлічы, што вось гэта машынка (стукае сябе пальцам па лбе) здорава перагрэлася за дзень ад лішку інфармацыі. У яе ж таксама свая мяжа ёсць. А аўтаматычнага засцерагальніка ёй яшчэ не прыдумалі, не паспелі. Калі ўжо згарае, дык адразу ўсё. Давай...

Дзімка (не адразу). Разумееш, тата... Ёсць у мяне сябра. Ён даўно кахае адну дзяўчыну...

Ягор Максімавіч. Узаемна?

Дзімка. Узаемна. Яны ўжо і пажаніцца дамовіліся.

Ягор Максімавіч (з лёгкай іроніяй). Рамэо і Джульета!

Дзімка (сур'ёзна). Уяві сабе — так... І вось аднойчы ён яе прыраўнаваў... Яна вельмі прыгожая, разумная. Многія хлопцы ад яе ў захапленні. А ён па-хамску яе зняважыў. Яна пакрыўдзілася...

Ягор Максімавіч. Правільна зрабіла.

Дзімка. Але потым... Потым яна пайшла да таго, да каго ён яе прыраўнаваў, і... заставалася ў яго да раніцы.

Паўза.

Ягор Максімавіч. Пачакай, я нешта ніяк не зразумею... Што значыць — заставалася ў яго да раніцы? У іх там што-небудзь адбылося?

Дзімка (пасля паўзы). Адбылося...

Ягор Максімавіч (заклапочана). М-да... Сапраўды... А звесткі дакладныя?

Дзімка. Яна сама прызналася.

Ягор Максімавіч. Каму прызналася?

Дзімка. Ну... Майму сябру...

Ягор Максімавіч. Можа, саманагавор? Каб выклікаць рэўнасць?

Дзімка. Не, гэта праўда.

Ягор Максімавіч. Яна што, апошняя ідыётка? Мала таго што пайшла, яшчэ і пахваліцца надумала?

Дзімка. Не... Яна сумленны чалавек і не захацела яго ашукваць.

Ягор Максімавіч. Арыгінальнае ўяўленне ў вас аб сумленнасці! А што ж ён, твой Рамэо?

Дзімка. Ён дараваў...

Ягор Максімавіч. Дараваў?!

Дзімка. Вядома... Ён жа сам вінаваты. Не прыраўнуй ён тады...

Ягор Максімавіч. Прабач, а ён крыху не таго? (Круціць пальцам ля скроні.)

Дзімка. А што?

Ягор Максімавіч. Як гэта што? Ды распрасукіны вы дзеці, калі можаце так запраста кідацца гонарам! Сёння — гонар! Заўтра — сумленне! Паслязаўтра здрадніцтва! А што-небудзь святое ў вас ёсць? Ці гэтае паняцце для вас нішто, пустое месца? Як жа вы можаце так жыць?

Паўза.

Дзімка. Тата... Але яна і зараз яго кахае.

Ягор Максімавіч. Гэтага твайго Рамэо? Ха! Кахае аднаго, а ноч праводзіць з другім! Цікава, як яна тлумачыць гэты свой звышсучасны ўчынак? Якімі матывамі?

Дзімка. Не думала, што так далёка зойдзе. Недарэчны выпадак.

Ягор Максімавіч. Вельмі лагічна і пераканаўча. Вельмі! А ў твайго сябра гордасць, самалюбства ёсць? Пачуццё ўласнай годнасці?

Дзімка. Ёсць...

Ягор Максімавіч. Не думаю. Слізняк, амёба ён, а не чалавек! Вось ты можаш уявіць, што Джульета здрадзіла Рамэо! Не, не гэта ваша сучасная, а тая — старамодная! Шэкспіраўская!

Паўза.

Дзімка. Не ведаю... Напэўна, не.

Ягор Максімавіч. Ну вось табе і рашэнне тваёй задачы. Калі моцна кахаюць адзін аднаго — не здраджваюць. А потым, Дзям'ян, давер'е, як і жыццё, губляюць толькі адзін раз. Ты сказаў, яны пажаніцца хацелі?

Дзімка. Ага...

Ягор Максімавіч. Хіба зможа ён верыць ёй пасля такога выпадку? І верыць не год, не два, не пяць, а ўсё жыццё?.. А звязваць свой лёс з чалавекам, якому не давяраеш... Гэта проста, я лічу, амаральна...

Доўгія тэлефонныя гудкі з міжгародняй станцыі. Ягор Максімавіч паспешліва хапае трубку.

Малахаў слухае... Добры вечар, Барыс Сяргеевіч... Не, я чакаў твайго званка. Давай хутчэй, што ў вас? (Доўга слухае, паступова мяняючыся з твару.) Ахвяры ёсць? (Слухае.) Не-не, без мяне нічога не чапайце. Я вылечу першым рэйсам... Так... Разам праверым. Так, да раніцы...

Паклаў трубку і доўга глядзіць на тэлефон.

Дзімка. Дрэнна?

Ягор Максімавіч (не адразу). Ды ўжо горш няма куды.

Дзімка. Праз вашу апаратуру?

Ягор Максімавіч. Магчыма.

Дзімка. А больш дакладна нельга?

Ягор Максімавіч. Ёсць рэчы, пра якія не пытаюцца. Зразумеў? Ідзі спаць!

Дзімка. Зараз пайду... Што яму ўсё ж такі сказаць?

Ягор Максімавіч (глядзіць на Дзімку не разумеючы). Ты пра што гэта?

Дзімка. Пра свайго сябра...

Ягор Максімавіч. Мне б зараз твае клопаты!

Дзімка. Прабач, тата. Я, як заўсёды, не ў час! (Выходзіць.)

Ягор Максімавіч адкрыў ключом стэлаж, дастаў папку, расклаў паперы на стале, узяў у рукі лагарыфмічную лінейку і паглыбіўся ў разлікі. Ціха ўвайшла Вера Іванаўна. Падышла да стала і села. Маўкліва і трывожна назірае за мужам. Ягор Максімавіч заўважыў яе не адразу.

Ягор Максімавіч. Во, яшчэ адна здань!..

Вера Іванаўна. Дрэнна, Ягор?

Ягор Максімавіч. Чаму ты так думаеш?

Вера Іванаўна. Ты хоць бы хлусіць жонцы павучыўся за трыццаць з лішнім гадоў.

Ягор Максімавіч. Ну, гэта ніколі не позна зрабіць. Не дом, а сапраўдная контрразведка!.. (Не вытрымаўшы да канца жартаўлівага тону, прызнаўся.) Дрэнна, Вера. І нават вельмі... Гэта сістэма — вяршыня ўсяго майго жыцця... За мяжой яшчэ нічога падобнага няма. І, наколькі нам вядома, у бліжэйшыя гады не прадбачыцца. Хоць і ў Амерыцы, і ў Англіі, і ў ФРГ вучоныя і канструктары працуюць у гэтым напрамку. Калі я памыліўся...

Вера Іванаўна. То што?

Ягор Максімавіч. Мне позна ўжо пачынаць усё спачатку. Не паспею...

Вера Іванаўна. Ты сумняваешся?

Ягор Максімавіч. Толькі дурні ніколі ні ў чым не сумняваюцца. Яны заўсёды ўсё і лепш за ўсіх ведаюць... Зрабі, калі ласка, каву. Толькі мацней.

Вера Іванаўна. Ты ж не заснеш.

Ягор Максімавіч (глядзіць на гадзіннік). А ўжо і няма калі. У сем я вылятаю.

Вера Іванаўна. Надоўга?

Ягор Максімавіч. Не ведаю. Там відаць будзе.

Вера Іванаўна. Ты Дзімку бачыў?

Ягор Максімавіч (заняты сваімі разлікамі). Ён быў тут нядаўна.

Вера Іванаўна. Ты нічога не заўважыў?

Ягор Максімавіч. А што іменна?

Вера Іванаўна. Ён вельмі змяніўся ў апошні час. Проста не пазнаць. Сядзіць увесь час у сваім пакоі.

Ягор Максімавіч. Нічога страшнага. Проста яны разышліся з Зінай.

Вера Іванаўна. Ён сам табе пра гэта сказаў?

Ягор Максімавіч. Не сказаў, а прыдумаў сапраўдны дэтэктыў пра нейкага свайго сябра, якому здрадзіла каханая...

Вера Іванаўна. На Зіну гэта не падобна.

Ягор Максімавіч. Не падобна!.. Правяла ноч з нейкім кавалерам, а потым узяла яшчэ і Дзімку пахвалілася! Вось, маўляў, якая я сучасная і незалежная! Добра яшчэ, што гэта здарылася зараз, а не пазней!

Вера Іванаўна. Ягор... Гэта ж вельмі сур'ёзна. Яны столькі гадоў сябравалі і раптам... У іх узросце такія гісторыі ўспрымаюцца драматычна...

Ягор Максімавіч. Гэта з іх адносінамі да жыцця? Кінь! Яшчэ не адзін раз закахаецца і не адзін раз расчаруецца!

Вера Іванаўна. Як ты можаш так, Ягор?

Ягор Максімавіч. Гэта не я! Гэта яны могуць! Гэта ў нас з табой старамодныя паняцці аб гонары, аб прыстойнасці! А ў іх няма! У іх свабода пачуццяў!

Паўза.

Вера Іванаўна. Ты хоць бы пагаварыў з ім па-мужчынску. Ты ж бацька...

Ягор Максімавіч (кідаючы на стол лінейку). Так, я бацька! І галоўны канструктар на сумяшчальніцтву! І зарплату я атрымліваю як галоўны канструктар! Не хапае мяне на ўсё! Не хапае!

Паўза.

Вера Іванаўна (ціха). Можа, мне што-небудзь пакінуць — клініку або кафедру?

Ягор Максімавіч. Я не цябе маю на ўвазе. А тых, каму дзяржава плаціць мільёны за выхаванне душ! І калі яны выхоўваюць іх так, што сёння яна можа правесці вечар з адным, а заўтра з другім і ўсё гэта лічыцца натуральным, нормай паводзін, то мільёны гэтыя ляцяць у трубу! На вецер!

Вера Іванаўна. Што ж у такім выпадку застаецца табе?

Ягор Максімавіч (паказваючы на стол з паперамі). Вось гэта! Гэтага за мяне ніхто не зробіць!

Вера Іванаўна. Не разумею, хто каго канструіруе: ты машыны ці машыны цябе?

Цемната.

 

Карціна сёмая

Гасціная Малахавых асвятляецца промнямі двух пражэктараў. У адным Ягор Максімавіч, у другім Жанчына ў белым.

Жанчына ў белым. Выходзіць, ты ведаў, што ён гаварыў не пра сябра, а пра сябе?

Ягор Максімавіч. А што я мог сказаць яму? Апраўдаць амаральны ўчынак? Няхай, маўляў, грашыць, бога ўсё роўна няма! Баяцца няма каго!

Жанчына ў белым. Ну, навошта ты так, Ягор? Яна зрабіла памылку, за якую будзе плаціць усё жыццё.

Ягор Максімавіч (не адразу). Я не ведаў, што гэта ў яго настолькі сур'ёзна...

Жанчына ў белым. Не ведаў, што разам з каханнем памірае жыццё?

Ягор Максімавіч. Так было калісьці...

Жанчына ў белым. І так будзе заўсёды.

Ягор Максімавіч. Усё для іх стала вельмі проста — каханне, дружба, вернасць, здрада...

Жанчына ў белым. Няпраўда, Ягор! Няпраўда... Час нацягнуў у іх такія струны... Закрані неасцярожна і... усё! Яны ў тысячу разоў вастрэй адчуваюць крыўду, знявагу, хлусню, ханжаства, крывадушнасць. Яны больш ранімыя, чым ты быў калісьці... А ранімасці сваёй саромеюцца, думаючы, што гэта слабасць, і хаваюць яе пад браваду. Сябра мярзотнікам аказаўся? Глупства! Перажывём! Што гэта ў параўнанні з вечнасцю? Каханая здрадзіла? Пляваць! Заўтра другая будзе!.. А ты гэтую гульню за сутнасць прыняў. Не хочаш убачыць, што яны ўвесь свет гатовы ўзарваць за адну маленькую несправядлівасць, якую ты, можа, нават і не заўважыў.

Паўза.

Ягор Максімавіч. Я ўжо нічога не мог паправіць. Нічога!

Жанчына ў белым. Ты хочаш сказаць лёс?.. Не, Ягор, чалавек сам робіць свой лёс. Свой і сваіх блізкіх... Вось давай паглядзім, як гэта магло быць... Магло быць, але не было!

Цемната.

 

Карціна восьмая

І адбыўся цуд, які, на жаль, можа адбыцца толькі ў тэатры: да чалавека вярнулася яго мінулае! Вярнуўся той самы вечар, калі Дзімка прыходзіў да бацькі за парадай. Ягор Максімавіч атрымаў магчымасць двойчы пражыць адзін і той жа час. Калі б такое было магчыма ў рэальным жыцці, наколькі шчаслівейшыя былі б людзі... Толькі што адбылася тэлефонная размова. Ягор Максімавіч паклаў трубку і доўга глядзіць на тэлефон.

Дзімка. Дрэнна?

Ягор Максівіч (не адразу). Ды ўжо горш няма куды.

Дзімка. Праз вашу апаратуру?

Ягор Максімавіч. Магчыма...

Дзімка. А больш дакладна нельга?

Ягор Максімавіч. Ёсць рэчы, аб якіх не пытаюць. Зразумеў? Ідзі спаць!

Дзімка. Зараз пайду... Што яму ўсё ж такі сказаць?

Ягор Максімавіч. Ты пра што гэта?

Дзімка. Пра свайго сябра...

Ягор Максімавіч. Мне б твае клопаты!

Дзімка. Прабач, тата. Я, як заўсёды, не ў час!.. (Хутка ідзе да дзвярэй.)

Ягор Максімавіч. Дзімка!

Дзімка (спыніўся на парозе). Што?

Ягор Максімавіч. Пачакай. Вярніся...

Дзімка вяртаецца.

У цябе ёсць закурыць? Ну, чаго так глядзіш? Я ж ведаю, што ты даўно курыш!

Дзімка. А я ведаю, што ты кінуў даўно...

Ягор Максімавіч. Давай... (Закурвае цыгарэту, садзіцца на канапу.) Сядай... (Зрабіў моўчкі некалькі зацяжак.) Прабач... Толькі давай без гэтых самых псеўданімаў... (Памаўчаў, а потым ціха спытаў.) Як гэта магло здарыцца, Дзіма? Яна заўсёды здавалася мне сур'ёзнай... Яна кахае цябе?

Дзімка. Кахае...

Ягор Максімавіч. Ты ўпэўнены ў гэтым?

Вялікая паўза.

Дзімка. Калі я... Калі яна мне ўсё расказала... Я сказаў ёй: нічога не было. Ты нічога мне не гаварыла... Не думай, што мне гэта было лёгка.

Ягор Максімавіч. А я і не думаю.

Дзімка. І яна сказала: ты такі ж падонак, як і ён! Калі можаш такое забыць і дараваць...

Паўза.

Ягор Максімавіч. Сапраўды... А можа, у іх з тым... што-небудзь сур'ёзнае?

Дзімка. Не.

Ягор Максімавіч. Чаму ты так думаеш? Бывае ж і так: кахала-кахала, а потым узяла і пакахала другога. Можа, ён той, другі, і ёсць...

Дзімка. Не... Ён хутка пахваліўся... Аказваецца, ён на тым вечары біўся ў заклад...

Ягор Максімавіч. Што гэта значыць?

Дзімка. Сказаў, што завядзе Зіну да сябе. І выйграў...

Ягор Максімавіч. Якія ж мярзотнікі ішлі з ім у гэты заклад?

Дзімка. Не мярзотнікі, тата... Проста ўсе добра ведалі, што Зіна і я... Ну, наогул, якія ў нас адносіны. Таму ніхто і не сумняваўся. Хацелі правучыць яго.

Паўза.

Ягор Максімавіч. Ты кахаеш яе?

Дзімка (не адразу). Калі б не кахаў, лягчэй было б.

Ягор Максімавіч. Я пытаюся — ты зараз кахаеш яе?

Дзімка. Я табе ўжо адказаў.

Ягор Максімавіч. Я вельмі рады за цябе, Дзям'ян.

Дзімка. Рады?

Ягор Максімавіч. Самая галоўная ў жыцці перамога — над самім сабой. І ты яе атрымаў. Ты ў мяне проста малайчына... Гэта зусім розныя істоты мужчына і чалавек. Проста мужчына — гэта малпа, павіян.

Дзімка (сумна). Павіяну прасцей жыць.

Ягор Максімавіч. Магчыма... Але затое ён павіян! І ўсё чалавечае яму недаступна — (думкі, пачуцці... Не, Дзімка, атамны век не абясцэніў чалавечыя пачуцці і якасці. Зусім нават наадварот... Сёння жыццё чалавеку ў шмат разоў даражэй, чым сто або дзвесце гадоў назад. І жыццё, і ўсё тое, за што мы яго любім... Павіян не разумее, а чалавек добра разумее, што ўсё гэта можа знікнуць у адно імгненне... Яркая ўспышка, чорны грыб на ўсё неба, а затым — нішто, пустата... Не, Дзімка, я ў гібель усяго чалавецтва не веру... Мне хочацца верыць, што розум усё ж такі возьме верх. Але ты сам разумееш, не маленькі... Калі вадародныя бомбы робяць, то ніякіх гарантый...

Дзімка (горача). Тады чаму?.. Чаму ён, гэты твой чалавек, так лёгка, так проста топча ў гразь усё святое?! І ніколькі не шкадуе! Нават ганарыцца!

Ягор Максімавіч. Не чалавек, Дзіма, павіян. Свіння таксама ганарыцца, калі ў добрую лужыну ўляжацца.

Дзімка. Гэта не адказ!.. Гэты павіян носіць такія ж касцюмы, як і мы з табой. Нават лепшыя! Слухае тыя ж лекцыі, што і я слухаю! Дыхае тым жа паветрам, якім я дыхаю! І б'ецца аб заклад на гонар! Чаму такое магчыма? Чаму?!

Ягор Максімавіч. Дарагі ты мой Дзям'ян... З усіх пытанняў, якія чалавек задае самому сабе, гэта самае цяжкае пытанне— чаму? Ты калі размаўляў з ёю апошні раз?

Дзімка. У той вечар, калі вы былі ў рэстаране.

Ягор Максімавіч. А пазней?

Дзімка. Яна не хоча мяне бачыць, не хоча са мной гаварыць. Яна ненавідзіць мяне!

Ягор Максімавіч. Ну, ты гэта кінь. Не можа яна цябе ненавідзець.

Дзімка. Можа! Яна ўсіх цяпер ненавідзіць!

Ягор Максімавіч. Прывядзі яе да нас.

Дзімк а. Я ж кажу табе — яна ні бачыць, ні чуць мяне не хоча!

Ягор Максімавіч. Добра... Калі вярнуся, я сам з ёю пагавару. Ты хочаш гэтага?

Дзімка. І ты яшчэ пытаеш?

Цемната.

 

Карціна дзевятая

Панікнуў у крэсле Ягор Максімавіч, прыгнечаны сваім мінулым. І, можа, не столькі тым, што было на самай справе, колькі тым, што магло б быць.

Жанчына ў белым. Вось адсюль у Дзімкі, ва ўсіх вас магло б пачацца другое жыццё. Але гэтай размовы не было...

Ягор Максімавіч. Я ніколі не шкадаваў сябе. Ні на вайне, ні пасля... Я тры разы паміраў на аперацыйным стале. Да гэтага часу я нашу над сэрцам маленькі кавалачак металу. Калі ён калі-небудзь варухнецца... Для сябе ў мяне застаецца шэсць-сем гадзін у суткі. Усё астатняе я аддаю...

Жанчына ў белым. Каму?

Ягор Максімавіч. Хіба мая справа не варта жыцця?

Жанчына ў белым. Ты ўсё жыццё паўтараў: чалавек даражэй, чалавек вышэй за ўсё! А клапаціўся толькі аб машынах!

Ягор Максімавіч. А яны для каго? Для каго яны?!

Жанчына ў белым (з горыччу, пасля паўзы). Для людзей, вядома. Але ты забыўся, што ёсць на свеце твой Дзімка, на якога ў цябе заўсёды не хапала часу... І ведаеш чаму? З машынамі прасцей. Там усё зразумела: начарціў, разлічыў, сто разоў праверыў... Думаеш, праз дваццаць — трыццаць гадоў людзі будуць судзіць аб табе па тваіх машынах?

Ягор Максімавіч. Праз трыццаць гадоў мяне ўжо не будуць судзіць...

Жанчына ў белым (горача і гнеўна). Будуць, Ягор! Яшчэ як будуць! Толькі не па машынах, а па тваім сыне. Што б ён ні рабіў, дабро ці зло,— гэта ты будзеш рабіць! Ён будзе змагацца за праўду і справядлівасць — гэта ты будзеш змагацца! Калі яго будуць паважаць за мужнасць і сумленнасць — гэта цябе будуць паважаць! А калі яго будуць праклінаць за подласць або здраду — гэта ж цябе будуць праклінаць. Будуць прыходзіць на Зямлю і пакідаць яе людзі... Добрыя, разумныя, таленавітыя. Геніі! Яны створаць машыны ў тысячу разоў лепшыя за тваю... Але ніхто і ніколі з іх не стане Дзімкам. Гы ра зумееш? Ніхто і ніколі! Усе машыны свету можна паламаць... А потым зноў пабудаваць. А лось вярнуць Дзімку...

Ягор Максімавіч. Чаму ты гаворыш аб ім, як аб мёртвым?

Жанчына ў белым. Ён жывы... Але я не ведаю, ці хопіць у яго сіл пасля ўсяго, што здарылася, стаць ля тваіх машын і кіраваць імі... Машыны нічога, яны нежывыя... А калі яму прыйдзецца кіраваць людзьмі?.. (Паўза.) Якому быць жыццю на Зямлі — гэта ўсё ад яго, ад Дзімкі, будзе залежаць... А ты... Ты хацеў, каб ён вырас абывацелем...

Ягор Максімавіч. Хлусня! Подлая хлусня! Я не хачу цябе больш слухаць! Не хачу! Не хачу! Знікні!

Жанчына ў белым. Але ж ты сам захацеў, каб я прыйшла...

Ягор Максімавіч. Навошта? Навошта ты прыйшла? Каб забіць мяне?

Жанчына ў белым. Не... Каб абвінавачваць.

Ягор Максімавіч. У чым ты можаш мяне абвінавачваць?

Жанчына ў белым. Ты гаварыў адно, а рабіў другое...

Цемната.

 

Карціна дзесятая

У гасцінай Малахавых працягваецца размова паміж бацькам і сынам, размова вельмі рэзкая і непрыемная для абодвух. Мы ўпершыню бачым такімі і Ягора Максімавіча і Дзімку.

Ягор Максімавіч. ...Не, Дзімка, ты мяне здзіўляеш! Чэснае слова! Робіш выгляд, нібыта нічога асаблівага не адбылося! Калі б не я, цябе выгналі б з універсітэта! З камсамола таксама!

Дзімка. Але я, здаецца, не прасіў цябе быць маім хадайнікам. На завод мяне ўзялі б і без вышэйшай адукацыі. Не турбуйся, на твой завод я б не пайшоў!

Ягор Максімавіч. А што ты можаш на заводзе?

Дзімка. Ну ўжо як-небудзь... Не святыя гаршкі лепяць.

Ягор Максімавіч узбуджана прайшоўся некалькі разоў па пакоі і спыніўся перад Дзімкам.

Ягор Максімавіч. Я не хачу цябе дапытваць. Але ты мне ўсё ж такі адкажы: навошта ты гэта зрабіў?

Дзімка. А што я зрабіў? Я толькі сказаў, што Пашку Цвяткова нельга выбіраць суддзёй. І не таму, што яму яшчэ тры месяцы да дыплома. Да выбараў ён бы яго паспеў атрымаць. А таму, што ён мярзотнік. А мярзотнік не мае ні маральнага, ні юрыдычнага права судзіць іншых! Суддзя павінен кіравацца законам і ўласным сумленнем. А ў яго няма сумлення! Вось і ўсё, што я сказаў.

Ягор Максімавіч. Але дзе? На сходзе выбаршчыкаў!

Дзімка. Між іншым, гэтыя выбаршчыкі — нашы студэнты і выкладчыкі. Няўжо я перад імі не магу выказаць усё, што я думаю аб ім?

Ягор Максімавіч. Можаш! Але дзе-небудзь у іншым месцы! І ў больш карэктнай форме! Каб твае паводзіны не былі падобны па хуліганства!

Дзімка. Пляваць я хацеў на карэктныя формы! Чаму я павінен гаварыць праўду толькі шэптам?! Толькі з вока на вока? Чаму я не магу дурня пазваць дурнем, а падлюгу — падлюгам?! Не шэптам, а моцна, каб усе чулі?!

Ягор Максімавіч. Каб такое гаварыць публічна, трэба мець важкія доказы!

Дзімка. Заручыцца дакументам на кожнае слова! За подпісам і пячаткай!

Ягор Максімавіч. Не ўтрыруй! Ва ўсякім выпадку, прад'яўляючы такія абвінавачванні, трэба мець у кішэні доказы. А калі іх няма...

Дзімка. Яны ў мяне былі! Інакш я не стаў бы гаварыць!

Ягор Максімавіч. Але калі ў цябе запатрабавалі канкрэтных фактаў, ты прамаўчаў.

Дзімка. Былі на тое прычыны...

Ягор Максімавіч. Глупства! Асабістая антыпатыя да чалавека яшчэ ніколі не была аргументам. Студэнту юрыдычнага факультэта належала б гэта ведаць!..

Дзімка. Я гэта ведаю.

Ягор Максімавіч. Тады чаму без фактаў лез на трыбуну?

Дзімка. Я не хацеў выступаць... Перад сходам я падышоў да яго і сказаў: паколькі ты падлюга і добра ведаеш гэта, дай адвод сваёй кандыдатуры. Сам дай, не чакаючы скандалу!.. Я спадзяваўся, што ў яго ёсць хоць кропля сумлення... Памыліўся.

Ягор Максімавіч. А чаму гэта гаварыў іменна ты, а не хто-небудзь іншы? І чаму цябе ніхто не падтрымаў. Чаму ўсе маўчалі?

Дзімка. Відаць, збаяліся...

Ягор Максімавіч. Усе да аднаго? Толькі адзін прынцыповы смяльчак знайшоўся?

Дзімка. Я не разумею, а чаго ты, уласна, хвалюешся? Ад строгай вымовы яшчэ ніхто не паміраў.

Ягор Максімавіч. Ведаеш што... Нават такое пакаранне, як ты лічыш — дробязнае,— біяграфію не ўпрыгожвае!

Дзімка. А мне пра біяграфію яшчэ думаць рана. Няхай Пашка Цвяткоў аб сваёй біяграфіі клапоціцца!

Ягор Максімавіч. Пра біяграфію ніколі не рана думаць. Гонар замалада берагуць!..

Дзімка. Хопіць, тата! Я не маленькі, каб тлумачыць мне такія ісціны. Ты мне лепш вось што скажы... Чаму Пашку Цвяткову, мярзотніку і кар'ерысту, больш вераць, чым каму-небудзь іншаму? Спачатку старшынёй прафбюро факультэта выбралі... Усё яму даверылі! Стыпендыі размяркоўваць, інтэрнат, матэрыяльную дапамогу! А цяпер вось яшчэ універсітэта не скончыў, а яго кандыдатуру ўжо ў суддзі вылучаюць. І могуць жа выбраць! Па ўзросту ён падыходзіць, армію адслужыў да універсітэта...

Ягор Максімавіч. Колькі чалавек на вашым факультэце?

Дзімка. Амаль пяцьсот.

Ягор Максімавіч. Што ж выходзіць? Пяцьсот чалавек у адным нягодніку не разабраліся? Памыліліся ўсе пяцьсот? Толькі адзін разумнік, прарок знайшоўся! Ён ва ўсім разабраўся, усё лепш за ўсіх зразумеў!.. Калі нягоднік — разбяруцца. І без цябе разбяруцца! Там, дзе гэта трэба, і тыя, каму належыць! Не трэба лічыць сябе самым разумным сярод пяцісот! Не вельмі гэта сціпла атрымліваецца!..

Цемната.

 

Карціна адзінаццатая

І зноў Ягор Максімавіч застаецца сам-насам з Апошняй Iнстанцыяй.

Ягор Максімавіч (крычыць). Ну, адкуль, адкуль я мог ведаць, што паміж імі адбылося?! І хто такі Цвяткоў? Я яго ў вочы ніколі не бачыў! Я толькі сёння даведаўся пра ўсё! Ад Зіны... У чым жа мая віна?

Жанчына ў белым (падкрэслена спакойна). Ты нават не спытаўся, якія аргументы ў яго былі супраць Цвяткова.

Ягор Максімавіч. Ён бы мне ўсё роўна не сказаў!

Жанчына ў белым. Сказаў бы... А ведаеш, чаму ты ў яго не спытаўся? Таму што ў той момант думаў больш пра сябе, чым пра яго.

Ягор Максімавіч. Хлусня! Зноў хлусіш!

Жанчына ў белым. Чаму ты так нервуешся? Чаму ты хаваеш ад мяне вочы? Нас жа ніхто не чуе! І ніхто ніколі не даведаецца пра нашу размову... Напомніць табе, аб чым ты думаў, размаўляючы ў той вечар з Дзімкам? (Паўза. Ягор Максімавіч маўчыць.) Ты ўжо ведаў, што цябе вылучылі на Героя... І ты баяўся: а ці не пашкодзіць табе гэта гісторыя з Дзімкам... Залатую Зорку даюць жа не толькі за машыны... Не толькі канструктару, але і чалавеку.

Ягор Максімавіч (задыхнуўшыся ад гневу). Ты! Агідная пачвара! Т ты яшчэ смееш называцца Сумленнем?! Апошняй Інстанцыяй?! Я не хачу цябе больш слухаць!

Жанчына ў белым. Ты выклікаў мяне, і я цяпер не магу пайсці.

Ягор Максімавіч. Як мне пазбавіцца ад цябе? Жанчына ў белым. Вельмі проста: ты можаш забіць мяне. І табе адразу стане лёгка жыць. Зусім лёгка, як павіяну ў джунглях! Ну, што ж ты марудзіш? Забівай! Не бойся, гэта забойства не караецца законам. За забойства сумлення яшчэ няма артыкула у крымінальным кодэксе. На жаль...

Вялікая паўза.

Ягор Максімавіч (зусім знясілена). Я ніколі не вучыў яго быць абывацелем. Ніколі...

Жанчына ў белым (нечакана гнеўна і горача). Але ты гаварыў яму: жыццё цудоўнае і гарманічнае. Чалавек — гэта бог, вянец прыроды!

Ягор Максімімавіч. Хіба гэта няпраўда?

Жанчына ў белым. А ён убачыў, што гэты самы бог можа быць нягоднікам, кар'ерыстам-двурушнікам, нікчэмным прыстасаванцам! Што побач з вялікай Праўдай баязліва і хітра хавае галаву агідная Хлусня! І што гармонія, аб якой ты яму пастаянна гаварыў, у жыцці вельмі адносная! Вось гэта яго і загубіла!..

Ягор Максімавіч. Няўжо... Няўжо я павінен быў гаварыць яму, што ў жыцці ёсць хлусня, подласць, крывадушнасць?

Жанчына ў белым. Праўдзівага чалавека, Ягор, можна выхаваць толькі праўдай. Не хлуснёй, не паўпраўдай, а праўдай, якой бы горкай і жудаснай яна ні была! Чаму ты не заўсёды гаварыў яму ўсю праўду?

Цемната.

Ягор Максімавіч. Яму яшчэ толькі дзевятнаццаць...

Жанчына ў белым. Думаеш, да дзевятнаццаці чалавеку трэба гаварыць паўпраўду? А з дваццаці — поўную праўду?.. (Паўза.) Праўду ніколі не рана гаварыць. А вось позна — бывае...

Ягор Максімавіч (ціха). Але я ніколі не вучыў яго быць абывацелем...

Жанчына ў белым (гнеўна). Ніколі? А вось гэта што? «Калі нягоднік — без цябе разбяруцца. Там, дзе гэта трэба, і тыя, каму належыць... Не трэба лічыць сябе самым разумным сярод пяцісот...» Што гэта? Твае прынцыпы, тваё крэда?

На працягу ўсёй гэтай карціны ўверсе, на лесвічнай пляцоўцы, стаіць Дзімка. Але спачатку яго не відаць. Толькі цяпер, калі на сцэне сцямнее і асвеціцца разрэз лесвічных клетак, мы ўбачым, у якім адчаі ён прытуліўся да акна. Ён нібы павіснуў у вышыні, адзінокі і бездапаможны.

Страсна і патрабавальна гучыць песня:

 

Спрашивайте, мальчики, спрашивайте!

Спрашивайте, мальчики, спрашивайте!

Спрашивайте, мальчики, спрашивайте!

Спрашивайте обо веем!

А вы, люди, ничего не приукрашивайте!

А вы, люди, ничего не приукрашивайте!

А вы, люди, ничего не приукрашивайте!

А вы, люди, отвечайте им — почему?!

 

 

 

Частка другая

 

Карціна дванаццатая

Пачаткам другой часткі з'яўляецца фінал першай. Уверсе ў адчаі прытуліўся да акна Дзімка. Страсна гучыць тая ж песня «Спрашивайте, мальчики, спрашивайте...». Калі асвятляецца сцэна, мы бачым Ягора Максімавіча і Жанчыну ў белым у тых жа позах, у якіх застаў іх фінал першай часткі.

Ягор Максімавіч. ...Але я ніколі не вучыў яго быць абывацелем...

Жанчына ў белым. А вось гэта што?! «Калі нягоднік — без цябе разбяруцца. Там, дзе гэта трэба, і тыя, каму належыць! Не трэба лічыць сябе самым разумным сярод пяцісот!..» Што гэта? Твае прынцыпы?! Тваё крэда? Давай паглядзім, як гэта магло быць. Магло быць, але не было...

І зноў вяртаецца мінулае.

Дзімка. ...Добра, тата! Я не маленькі, каб тлумачыць мне такія элементарныя ісціны. Ты мне лепш вось што скажы... Чаму Пашку Цвяткову, мярзотніку і кар'ерысту, больш вераць, чым каму-небудзь другому? Спачатку старшынёй прафбюро факультэта выбралі... Усё яму даверылі! Стыпендыі размяркоўваць, інтэрнат, матэрыяльную дапамогу. А цяпер вось яшчэ універсітэта не скончыў, а яго кандыдатуру ўжо ў суддзі вылучаюць. І могуць жа выбраць!

Ягор Максімавіч. Колькі чалавек на вашым факультэце?

Дзімка. Амаль пяцьсот...

Ягор Максімавіч. І ўсе крэтыны?

Дзімка. Не, чаму ж... Ёсць выдатныя, разумныя хлопцы. Такіх большасць.

Ягор Максімавіч. Сумняваюся!

Дзімка. У чым сумняваешся?

Ягор Максімавіч. Што большасць разумных!

Дзімка. Ну, ведаеш!.. У нас на факультэце ёсць нават два члены Саюза пісьменнікаў. Добрыя вершы і апавяданні пішуць. Іх нават у маскоўскіх часопісах друкуюць.

Ягор Максімавіч (раптам крычыць). Дык чаму ж вы дазваляеце нягодніку і кар'ерысту тупаць па вашых галовах?! Вы — пяцьсот разумнікаў і два члены Саюза пісьменнікаў?!

Дзімка (збянтэжана). Так прагаласавалі.

Ягор Максімавіч. Хто?! Хто прагаласаваў?!

Дзімка. Усе...

Ягор Максімавіч. І ты?! Ты таксама галасаваў?

Дзімка. Галасаваў...

Ягор Максімавіч. «За» або «супраць»?

Дзімка. Вядома, «за»...

Ягор Максімавіч. А чаму «вядома»? Ты што, быў упэўнены, што Цвяткоў іменна той чалавек, які вам патрэбен? Які павінен кіраваць?

Дзімка. Не, наадварот...

Ягор Максімавіч. Наадварот? І галасаваў «за»?!

Дзімка. Усе галасавалі «за», ну і я...

Ягор Максімавіч. Глядзіце, які кампанейскі }хлопец! Але іншыя маглі не ведаць, што Цвяткоў — нягоднік! А ты сцвярджаеш, што ведаў! Ведаў і галасаваў «за»?

Дзімка. А што я мог зрабіць?

Ягор Максімавіч. Як гэта што? Пайшоў бы ў камітэт камсамола і расказаў бы там, хто такі Цвяткоў! На сходзе ўстаў бы і заявіў!

Дзімка. Заявіў! А што атрымалася? Персанальная справа Дзмітрыя Малахава!

Ягор Максімавіч. Калі ты гэта зрабіў? Пасля таго як сам жа пяць або дзесяць разоў галасаваў за Цвяткова? Пасля таго як пяцьсот разумнікаў прызналі яго самым-самым? Цяпер ведаеш, якая сіла, якія аргументы патрэбны, каб яго скінуць? Аргументы, а не кукіш у кішэні! Раней, раней трэба было думаць!

Дзімка. Ну, ты скажаш, баця... Камітэт камсамола рэкамендуе, а я павінен...

Ягор Максімавіч. Павінен! Павінен! А ты як думаў? Людзі, калі трэба было, у поўны рост уставалі і на кулямёт ішлі! І не разважалі: павінен — не павінен!

Дзімка. Параўнаў! Гэта ж на фронце...

Ягор Максімавіч. А жыццё — гэта і ёсць фронт. Няспынны і бясконцы. Па адзін бок Дабро, па другі — Зло. І таксама іншы раз трэба падняцца ў поўны рост і ісці... Як на кулямёт! А ты сядзеў на сходзе і чакаў: можа, хто-небудзь іншы ўстане і рубане праўду-матку! Хто-небудзь, а не ты! Добрая пазіцыя, зручная! Бяспройгрышная! Чаму ты лічыш, што супраць нягоднікаў, супраць кар'ерыстаў павінны ваяваць райком, абком, ЦК, а не ты? Не твае пяцьсот разумнікаў?! Ды вас жа судзіць трэба за саўдзельніцтва з подласцю! Прыцягваць да крымінальнай адказнасці!

Дзімка. Я паспрабаваў, і бачыш, што атрымалася?

Ягор Максімавіч. Калі? Калі паспрабаваў?! Калі сам жа ў дот яго пасадзіў і кулямёт у рукі даў?.. Грош цана вашай сумленнасці, калі яна несумленнасць церпіць! Зло таму і жыве на зямлі, што Дабро занадта высакароднае, занадта ўступчывае, занадта інтэлігентнае! А Зло ва ўсе шчыліны лезе! З адной выштурхнуць, яно ў другую... Нягодніку намнога прасцей у гару караскацца, калі яго разумнікі ззаду падпіхаюць. Давай, маўляў, дарагі, паўзі, дзейнічай! А мы табе дапаможам! Нам, разумнікам, туды, у гару, быццам і няма патрэбы. А потым шэпчацеся па кутках: далёка пайшоў, нягоднік! А хто памог? Вы ж і памаглі!.. Уяўляеш, колькі дроў можа наламаць твой Цвяткоў, пакуль яго не раскусяць... Што раскусяць — не сумняваюся. Народ цяпер разумны пайшоў. Вось толькі пытанне — калі? (Паўза.) Ведаеш, аб чым я шкадую? Што ўрэшце будзе пакараны адзін Цвяткоў. Дадуць яму каленкам пад адно месца, на гэтым усё і скончыцца. А пяцьсот разумнікаў, якія спінамі сваімі масцілі дарогу Цвяткову, у баку застануцца! А гэта ж не яго, гэта ж іх трэба ў першую чаргу караць! Хоць, як сказаць... Можа, яны ўжо тым і пакараныя, што Цвяткоў хадзіў па іх галовах і спінах! Не хадзіў! Барыню вытанцоўваў! А яны радаваліся: давай, мілы, давай! Прытупвай! Мы пацерпім, мы прывычныя!.. Прывычныя...

Паўза.

Дзімка (з павагай гледзячы на бацьку). Баця... А ты ў мяне, аказваецца, малаток!

У суседнім пакоі заскрыпелі дзверы, успыхнула святло, пачуліся ціхія галасы. Імгненна знік Дзімка. Толькі сядзіць, скурчыўшыся ў крэсле, Ягор Максімавіч.

 

Карціна трынаццатая

Уваходзяць Вера Іванаўна і Зіна. Зіна нерашуча спыняецца ля парога, і Ягор Максімавіч не адразу заўважае яе. Вера Іванаўна з трывогай углядаецца ў твар мужа.

Вера Іванаўна. Ты не клаўся, Ягор?

Ягор Максімавіч. Не... Як хлопчык?

Вера Іванаўна. Будзе жыць... Ты не бачыш, каго я прывяла?

Зіна (ціха, нерашуча). Добрай раніцы, Ягор Максімавіч...

Ягор Максімавіч. Добрай раніцы, Зіна.

Вера Іванаўна. Усю ноч прастаяла ў нашым пад'ездзе пад лесвіцай.

Ягор Максімавіч. Чаму ж ты не зайшла?

Зіна маўчыць.

Вера Іванаўна. Вы тут пагаварыце, а я пайду чай пастаўлю. Яна ж ледзь жывая, трэба адагрэць. (Зіне.) Можа, лепш кавы?

Зіна. Мне ўсё роўна.

Вера Іванаўна выходзіць. Паўза.

Ягор Максімавіч. Ну, што ж ты стаіш? Сядай... (Падыходзіць да яе, працягвае плед.) На вось, вазьмі, сагрэйся...

Паўза.

Зіна. Ягор Максімавіч... Я магу што-небудзь зрабіць для Дзімы?

Ягор Максімавіч. Не, Зіна, зараз ужо нічога нельга зрабіць. Можа, потым... Навошта ты яму сказала пра гэта?

Зіна. Пра што?

Ягор Максімавіч. Ну, пра тое, што ў вас было... з Цвятковым.

Зіна. Я не магу ашукваць яго, Ягор Максімавіч... (Паўза.) Вы лічыце, што я не павінна была гаварыць?

Ягор Максімавіч. Не, Зіна... Ты зрабіла ўсё правільна. Сказаць трэба было... Ты не ведаеш, што ў іх адбылося ў той дзень?

Зіна. Дзіма нешта сказаў яму... Цвяткоў засмяяўся. Яна, кажа, можа, з усім курсам жыла... У тым ліку і з табой... А цяпер ты на зайздрасці хочаш усё на мяне аднаго зваліць... Дзіма яго адразу ўдарыў...

Ягор Максімавіч. Адкуль ты гэта ведаеш?

Зіна. Віцька Трацяк мне ўсё расказаў... Ён сядзеў ззаду за імі і ўсё чуў.

Ягор Максімавіч. Чаму ён следчаму нічога не сказаў? Пыталіся ж ва ўсіх, хто быў у пакоі ў той момант...

Зіна. Дзіма загадаў яму маўчаць...

Ягор Максімавіч. Чаму?

Зіна. Дзеля мяне... (Паўза.) Ягор Максімавіч... Вы ненавідзіце мяне?

Ягор Максімавіч (пасля паўзы). У жыцці, Зіна, так бывае, што сумленны чалавек іншы раз аказваецца бездапаможным і безабаронным супраць нягодніка... Мы пішам розныя таблічкі: «Асцярожна — слізка», «Асцярожна — пафарбавана»... А вось пісаць: «Асцярожна — подласць» не навучыліся. Саромеемся...

Заходзіць Вера Іванаўна.

Вера Іванаўна. Пайшлі каву піць. Развіднела ўжо.

Цемната.

 

Карціна чатырнаццатая

Гасціная Малахавых. Моўчкі сядзіць на канапе Ягор Максімавіч. Моўчкі стаіць ля акна, накінуўшы на плечы цёплую хустку, Вера Іванаўна. Відаць, што яны нечага чакаюць.

Вера Іванаўна. Ён сам табе пазваніў?

Ягор Максімавіч. Сам...

Вера Іванаўна. Што ён сказаў?

Ягор Максімавіч. Спытаў толькі, ці будзем мы дома. Сказаў, хачу да вас прыехаць.

Вера Іванаўна. Ён сам вядзе следства?

Ягор Максімавіч. Не... У іх гэта называецца — курыруе.

Паўза.

Вера Іванаўна. Ты раней быў з ім знаёмы?

Ягор Максімавіч. Не... Сустракаліся ў гаркоме, на нарадах актыву. Раскланьваліся... Толькі цяцер і пазнаёміліся. Дзе Зіна?

Вера Іванаўна. Я прымусіла яе паесці.

Ягор Максімавіч. Няхай яна гэты час пажыве ў нас.

Вера Іванаўна. Я прапанавала ёй. Не хоча...

Ягор Максімавіч. Нельга яе зараз адпускаць...

Недзе ў пярэдняй чуецца званок.

Гэта, напэўна, ён. Я адчыню,..

Вера Iванаўна. (Выходзіць.)

Праз некаторы час Вера Іванаўна вяртаецца, прапускаючы наперад невысокага росту жанчыну ў чорнай сукенцы. У яе глыбока запалыя вочы. Уражаная Вера Іванаўна хоча аб нечым папярэдзіць мужа, знакамі паказваючы на жанчыну, але Ягор Максімавіч нічога не разумее.

Цвяткова. Добры дзень...

Ягор Максімавіч. Дзень добры... (Не разумеючы нічога, глядзіць на жонку.)

Паўза.

Цвяткова. Я Цвяткова... Маці Пашы...

Знясілена апусцілася на канапу Вера Іванаўна. Устаў у разгубленасці Ягор Максімавіч.

Ягор Максімавіч. Калі ласка... Сядайце. (Падсоўвае ёй крэсла.)

Цвяткова. Дзякую...

Доўга маўчыць. Маўчаць Вера Іванаўна і Ягор Максімавіч, не ведаючы, аб чым і як можна размаўляць з гэтай жанчынай. Нарэшце Цвяткова падняла галаву, паглядзела на Веру Іванаўну, на Ягора Максімавіча.

Ён адзін у нас быў... Усё жыццё для яго. Усё, што маглі... Я чарцёжніца, а муж палярнік... Ён рэдка бывае дома. Раз у два гады... Пісьмы часта піша. І ў кожным прасіў: ні ў чым не адмаўляй Пашу, мы з табою жывём для яго... Усё ў яго было. Матацыкл, залаты гадзіннік... Магнітафон нейкі загранічны... Вельмі дарагі... Прыёмнік... Цяпер усё гэта засталося... І грошай мы яму ніколі не шкадавалі... Усё для яго... Ён часта гаварыў мне: мама, я буду вялікім чалавекам... (Паўза.) Муж нічога не ведае. Няма сувязі з востравам, на якім ён зімуе... Што я яму скажу? Ніхто не прыйшоў на пахаванне... Рэктар пазваніў, сказаў, што будуць студэнты... Прыйшла толькі камісія, пяць чалавек... Вянок прыслалі і аркестр... (Паўза.) Прабачце, я пайду...

Прабачце... Забылася, навошта прыходзіла. (Адчыняе сумачку, дастае адтуль складзены ліст паперы і працягвае яго Ягору Максімавічу.) Я не ведаю, каму гэта трэба аддаць... Вазьміце вы... Тут я прашу, каб вашага сына не судзілі.

Ягор Максімавіч. Як... вас завуць?

Цвяткова. Цвяткова... Паліна Карпаўна.

Ягор Максімвіч. Дзякуй, Паліна Карпаўна... Гэтага не трэба.

Цвяткова. Аднаго ўжо няма... Не трэба губіць другога.

Ягор Максімавіч. Паліна Карпаўна... Дзякуй... Але гэтай паперы я ў вас не вазьму.

Цвяткова. Чаму?

Ягор Максімавіч. Гэта было б... Не трэба.

Цвяткова. Ніхто не прыйшоў на пахаванне... І я падумала... Напэўна, вашага любілі больш...

Ягор Максімавіч. Паліна Карпаўна... Я не ведаю, што можна сказаць у маім становішчы... Суцяшаць вас...

Цвяткова. А вы нічога не гаварыце. Я прынесла вам вось гэта.

Ягор Максімавіч. Можа... я магу што-небудзь зрабіць для вас? Дапамагчы?

Цвяткова. Мне нічога не трэба. Тое, што я страціла, вы мне не вернеце... Ён у вас таксама адзін быў?

Ягор Максімавіч. Адзін...

Цвяткова. Як жа вы свайго не ўбераглі? Вас двое... Вы заўсёды былі з ім... Прабачце... Усяго добрага.

Ягор Максімавіч. Усяго добрага...

Цвяткова пайшла, але не да ўваходных дзвярэй, а да тых. што вядуць у пакой Дзімкі. Вера Іванаўна знайшла ў сабе сілы ўстаць.

Вера Іванаўна. Паліна Карпаўна... Не сюды. Я правяду вас...

Цвяткова і Вера Іванаўна выходзяць. Ягор Максімавіч апускаецца на канапу.

 

Карціна пятнаццатая

Гасціную запаўняе густая цемната. Застаецца асветленым толькі твар Малахава. У процілеглым кутку з'яўляецца Жанчына ў белым.

Жанчына ў белым. «...Між тым, запэўніваю вас, што вы зрабілі толькі найменшае з таго, што маглі б зрабіць для іх. Вы толькі адкупіліся ад бацькоўскага абавязку грашыма, а думалі, што ўжо ўсё зрабілі. Вы забыліся, што іх маленькія душы патрабуюць няспыннага, нястомнага сутыкнення з вашымі бацькоўскімі душамі, патрабуюць, каб вы былі для іх, так сказаць, духоўна на гары, як прадмет любві, вялікай некрывадушнай павагі і цудоўнага пераймання...» «Як прадмет любві, вялікай некрывадушнай павагі і цудоўнага пераймання...» Дастаеўскі...

Ягор Максімавіч. Чаго ты зноў тут?

Жанчына ў белым. Я яшчэ не сказала галоўнага... Чалавек нараджаецца двойчы. Адзін раз у радзільным доме і другі раз, калі ён становіцца Чалавекам. Ты не даў Дзімку нарадзіцца другі раз!

Ягор Максімавіч. Ты... Ты можаш гэта даказаць?

Жанчына ў белым. Магу...

Цемната.

 

Карціна шаснаццатая

І зноў вярнулася шчаслівае мінулае сям'і Малахавых. У гасцінай Ягор Максімавіч і Дзімка.

Дзімка. ...Не, я не хачу цябе судзіць! Я проста хачу ведаць праўду. Або, можа, у мяне няма такога права — ведаць праўду? Як ты сабе гэта тлумачыш?

Ягор Максімавіч. Хочам быць шчырымі і сумленнымі.

Дзімка. Перад кім?

Ягор Максімавіч. Перад усімі. А перш за ўсё — перад сваім сумленнем. Вось таму і судзім сябе, не шкадуючы. Самым жорсткім судом. Таму і прыгаворваем сябе кожны раз да вышэйшай меры пакарання. Жорстка судзім, нягледзячы ні на чыны, ні на заслугі, ні на ўзрост. А ведаеш, Дзімка, як цяжка сумяшчаць у адной асобе і пракурора, і суддзю, і абвінавачанага! Але ў тым вось і сіла наша, што праўды не баімся.

Паўза.

Дзімка. Няўжо нельга было ўсё гэта прадбачыць, неяк прадказаць? Ёсць жа ў нас разумныя людзі!

Ягор Максімавіч. Эх, Дзімка! Дзімка! Нават самыя разумныя — усяго толькі людзі, а не богі. Прадбачыць усё, прадказаць, як яно там павернецца... Многага мы яшчэ не ведаем, на хаду пазнаваць прыходзіцца. А скорасць у нас вунь якая! І знізіць яе нельга. Не толькі перагоняць, але і раздушаць, сатруць! А ідзём мы самыя першыя, па цаліне ідзём. Вось часам і памыляемся, і дровы ламаем...

Дзімка. І якія дровы!

Ягор Максімавіч. Але ты адно зразумей... Гэта ж самае галоўнае, што ёсць у нас, — строгасць да сябе,жорсткая суровасць. Няўжо ты хацеў бы, каб было наадварот? Не, Дзімка, усё ідзе нармальна. Дыялектыка, барацьба процілегласцей... Магчыма, мы яшчэ не раз будзем падаць. І насы будзем сабе разбіваць. І зноў уставаць будзем... Таму што — першыя.

Паўза.

Дзімка. Як ты думаеш, што б сказаў Ленін, калі б ён раптам прыйшоў сёння? Зараз?

Ягор Максімавіч. А ён сказаў, Дзімка, у свой час... Ён сказаў: таму, што адбылася рэвалюцыя, людзі святымі не сталі. І яшчэ ён сказаў — не трэба баяцца памылак, таму што на кожную нашу памылку прыходзіцца дзесяць тысяч вялікіх спраў...

І раптам нечакана з цемнаты чуецца абураны голас Жанчыны ў белым: «Ты баязлівец, Ягор! Нікчэмны баязлівец!» Імгненна знікае ў цемнаце Дзімка, а на яго месцы ў кругу святла з'яўляецца Жанчына ў белым.

Жанчына ў белым. Не было ў вас такой размовы! Была зусім, зусім іншая размова!

Цемната.

 

Карціна семнаццатая

Калі Сумленне вярнула мінулае, але ўжо такім, якім яно было на самай справе, мы пачынаем разумець, чаму Малахаў так баяўся ўспамінаць гэта. Моўчкі, уважліва прыслухоўваецца да размовы бацькі з сынам Жанчына ў белым. І, можа, мы толькі цяпер вось ясна ўсведамляем, што такое для чалавека Апошняя Інстанцыя, якая ўсё памятае, усё ведае, ад якой нічога не ўтоіш.

Дзімка. А вось ты мне і адкажы! Я не разумею. І хлопцы нашы таксама не разумеюць. Ну, крэтыны мы, ідыёты! Што з намі зробіш? Вось ты мне і растлумач!

Ягор Максімавіч. Што табе незразумела? Што?

Дзімка. Чаму так атрымліваецца? Сёння бог, а заўтра ледзь не д'ябал! А мне трэба жыць і верыць! Жыць, а не памыляцца!

Ягор Максімавіч. Не бярыцеся меркаваць пра тое, чаго не разумееце! Пажывіце! Паваюйце! Папакутуйце, колькі мы пакутавалі! Зрабіце, колькі мы зрабілі! І ў такіх умовах! А не на ўсім гатовенькім! Вось тады будзеце ўсіх судзіць.

Дзімка. Ды не хачу я нікога судзіць. Я проста хачу ведаць праўду! Усю!

Ягор Максімавіч. Ведаеш, як гэта называецца? Цікаўнасць праз замочную шчыліну! Хочаш стаць абывацелем і капацца ў бруднай бялізне. Абывацель гэта любіць!

Паўза.

Дзімка. Добра, згодзен. Я — мешчанін, абывацель. Махровы. Няхай будзе так. Вось ты мне і растлумач што да чаго. Можа, і я тады стану нармальным чалавекам, а не абывацелем!..

Ягор Максімавіч. Трэба ўважліва чытаць газеты.

Дзімка. Чытаў. Не зразумеў.

Ягор Максімавіч. Чаго ты не зразумеў?

Дзімка. Не зразумеў — чаму? Як гэта магло здарыцца? У нас жа дэмакратыя, партыя, у нас ЦК!

Ягор Максімавіч (крычыць). Перастань, Дзімка! Замаўчы! Не смееш так лёгка, па-піжонску, кідацца святымі словамі. Усяму ёсць мяжа!

Дзімка. На ўсіх будзеш крычаць? Ці толькі на мяне аднаго?

Дзімка не дагаварыў, Ягор Максімавіч даў яму аплявуху.

Ягор Максімавіч. Замаўчы!

Паўза.

Загучаў вакаліз песні «Спрашивайте, мальчики, спрашивайте...».

Дзімка (ціха). Дзякуй, тата... Гэта вельмі моцны аргумент...

Цемната.

 

Карціна васемнаццатая

Яны засталіся сам-насам апошні раз — Ягор Максімавіч! яго Апошняя Інстанцыя. Яна — каб вынесці канчатковы бязлітасны прысуд. Ён — каб выслухаць яго і пасля гэтага жыць або... памерці. Доўга сядзяць моўчкі.

Жанчына ў белым. Бязбацькаўшчына пры жывым бацьку... Страшэнна, Ягор!

Паўза.

Ягор Максімавіч. Няўжо я нічога не даў яму? За ўсё жыццё?

Жанчына ў белым. Не, чаму ж... Ён добры і сумленны... Толькі дабрата яго бездапаможная. Ты яго зрабіў такім.

Ягор Максімавіч. Кожны з майго пакалення нацярпеўся не толькі за сябе... На ўсіх унукаў і праўнукаў хопіць тых пакут.

Жанчына ў белым. Ад жыцця хацеў уберагчы... Вось ён сустрэў на сваім шляху аднаго нягодніка, і гэта здалося яму катастрофай усяго — веры, ідэалаў, справядлівасці... Ён зрабіў жудаснае злачынства — забіў чалавека, думаючы, што робіць дабро. (Паўза.) Ці гатовы ты выслухаць мяне ў апошні раз?

Ягор Максімавіч. Так...

Абое ўстаюць.

Жанчына ў белым. Ці прызнаеш ты сябе вінаватым у тым, што адзінага свайго сына выхаваў абывацелем?

Ягор Максімавіч. Не! Не прызнаю! Абывацель — баязлівец! А Дзімка забіў нягодніка. Ён змагаўся супраць зла!

Жанчына ў белым. Твой сын узняўся супраць зла толькі тады, калі яно закранула яго самога. І не заўважаў зла, калі яно губіла іншых. Ты яго зрабіў такім!.. (Паўза.) Ці прызнаеш ты сябе вінаватым у баязлівасці і здрадніцтве?

Ягор Максімавіч. Не! Я нікому і ніколі не здраджваў!

Жанчына ў белым. Праўдзе... А разам з ёй і сыну. Такое нікому не даруецца.

Ягор Максімавіч. Не! Не!

Жанчына ў белым. Засталося апошняе... Ягор Малахаў, ці прызнаеш ты сябе вінаватым у тым, што забіў чалавека? (Паўза.) Яшчэ раз пытаюся: ці прызнаеш ты сябе вінаватым у забойстве Цвяткова?

Ягор Максімавіч маўчыць, потым доўга і ўважліва глядзіць на Жанчыну ў белым. Так і застае іх цемната — яны пільна глядзяць адзін аднаму ў вочы.

 

Карціна дзевятнаццатая

Уваходзяць Вера Іванаўна і Акуліч.

Акуліч. Дзень добры, Ягор Максімавіч.

Ягор Максімавіч. Добры дзень, Аркадзь Міхайлавіч. Сядайце.

Вера Іванаўна працягваючы размову). А вы самі, Аркадзь Міхайлавіч, гаварылі з ім?

Акуліч. І не адзін раз.

Вера Іванаўна. Што вы пра ўсё гэта думаеце?

Акуліч. Як вам сказаць, Вера Іванаўна... Калі сумленна... Мы яшчэ самі не разабраліся. Безумоўна, прасцей за ўсё ўбачыць у гэтым выпадку звычайнае забойства з-за рэўнасці... Каханне, помста за зняважанае пачуццё. Усім было б лягчэй. Але тут нешта іншае.

Вера Іванаўна. А што?

Акуліч. Калі б я ведаў... Хачу ведаць. Як чалавек, я шкадую яго. Забойства — самае цяжкае злачынства. І судзім мы за яго заўсёды вельмі строга... А ён адмовіўся ад адваката.

Вера Іванаўна. Чаму?

Акуліч. Кажа, будзе абараняць сябе сам.

Вера Іванаўна. Ён жа зусім яшчэ дзіця!

Акуліч. Памыляецеся, Вера Іванаўна... Прабачце, у вас можна закурыць?

Вера Іванаўна. Калі ласка.

Акуліч (закурваючы). Хоць юнацкага максімалізму ў яго на трох... (У хваляванні ходзіць па пакоі.) Заўсёды мы ацэньваем гэты максімалізм чамусьці толькі крытычна. А чаму? Баімся мы яго, ці што? Так, напэўна, баімся. Падсвядома. Не вытрымлівае наш жыццёвы практыцызм канкурэнцыі з ім. А іх максімалізм — сама бескарыснасць!.. Вось павярнуць бы яго толькі ў патрэбным напрамку... З гэтых чалавечкаў такія чалавекі выйдуць! Яны іменна і будуць амбразуры закрываць... Калі спатрэбіцца... А мы? Здымаем стружку, прабіраем, ламаем іх максімалізм і так і гэтак! А за што? За тую сумленнасць, якой самі ж іх і навучылі! Разумееце... У іх няма, як у нас з вамі, учарашняга дня. Толькі сённяшні і заўтрашні. Яны вельмі спяшаюцца і ўвесь час забягаюць у заўтрашні. А мы з вамі яшчэ недзе ў сваім часе сядзім... І хочам іншы раз вымяраць іх меркай свайго часу, не заўважаючы, што сям-там гэты аршын ужо не падыходзіць. Малаваты!.. Мы ж самі былі калісьці такімі! Успомніце... Выключалі з камсамола за тое, што чалавек завязаў гальштук і пайшоў на танцы... Мы спрачаліся аб танцах і гальштуках, а яны аб іншым — час іншы... І потым, вочы ў нас розныя. Мы бачым адно, яны — другое.

Ягор Максімавіч. Вы хочаце сказаць — праблема бацькоў і дзяцей?

Акуліч. Не. Праблема дрэнных бацькоў і дзяцей. Дзеці ж не могуць быць дрэннымі самі па сабе. Хто яны? Воск! А хто з іх лепіць фігуры? Мы, бацькі... Прабачце, я не пра вас асабіста. Я наогул. Хоць і пра вас таксама. Я пракурор і павінен абвінавачваць. Вось я і абвінавачваю... У мяне сваіх двое, такія ж, як ваш Дзімка... Іншы раз, каб адказаць на адно іх «чаму?», увесь марксізм успомніць прыходзіцца. Бывае, цярпення не хопіць, сарвешся, накрычыш, прагоніш, а супакоішся крыху і думаеш: на каго крычаў? На самога сябе крычаў... (Спахапіўся.) Прабачце, калі ласка. Я ж прыйшоў да вас... Я не веру, што Дзімка забіў гэтага хлопца наўмысна, свядома... Інтуіцыя плюс вопыт. Тыповы выпадак саманагавору. А даказаць... Дарэчы, Ягор Максімавіч, вы вельмі дапамаглі следству.

Ягор Максімавіч. Я? Якім чынам?

Акуліч. Калі расказалі аб тым, што адбылося паміж вашым сынам, Старавойтавай і Цвятковым. У кішэні ў Цвяткова мы знайшлі запісную кніжку. Звычайная. Нічога асаблівага... Але ёсць у ёй адна загадкавая старонка. Толькі літары і даты. Мы ніяк не маглі іх расшыфраваць, пакуль не спыталі ў Старавойтавай, калі быў той... дзень параджэння. І аказалася, што кожныя тры літары — гэта прозвішча, імя і імя па бацьку. С. З. П. у гэтым спісе апошняя, дзевятая...

Вера Іванаўна. Прабачце, Аркадзь Міхайлавіч... Я нічога не разумею.

Акуліч. С. З.П.— Старавойтава Зінаіда Пятроўна. А дата... Той самы дзень нараджэння...

Вера Іванаўна. Божа мой! А Дзімка ведаў пра гэта?

Акуліч. Не думаю. Хоць і не выключаю. Цвяткоў добра маскіраваўся пад прыстойнага хлопца.

Вера Іванаўна. Аркадзь Міхайлавіч... Можна так зрабіць, каб гэтага спісу не было?

Акуліч. Не разумею... Ён можа сведчыць толькі ў карысць вашага сына. Ускосна, вядома...

Паўза.

Вера Іванаўна. У нас толькі што была маці Цвяткова... Яна прыносіла нам пісьмо...

Акуліч. Якое пісьмо?

Вера Іванаўна. Заява... Просіць не судзіць Дзімку... Няхай яна нічога не ведае пра гэты спіс.

Акуліч. Добра. Я падумаю. Ва ўсякім выпадку, можна будзе не чытаць яго ў адкрытым пасяджэнні... Дык вось, я не веру, што Дзімка забіў яго наўмысна. Ён проста баіцца: калі ён скажа цяпер, што не хацеў забіваць, усе падумаюць — збаяўся. Вось ён і вырашыў іграць у героя! Доказаў, што гэта так, у мяне ніякіх. А ён заладзіў адно і тое ж — хацеў знішчыць нягодніка. За што? Па ідэйных меркаваннях. Вось як!

Вера Іванаўна. Не мог ён забіць свядома! Не мог!

Акуліч. Я ўпэўнены ў гэтым. Таму і прыехаў да вас. Угаварыце яго сказаць нам праўду. Справа зусім не ў розных артыкулах крымінальнага кодэкса... У яго ўсё жыццё наперадзе.

Вера Іванаўна. Калі вы дазволіце нам спатканне з ім?

Акуліч. Я прывёз яго з сабой, хоць гэтым самым груба парушыў літару закона. Але ж пракурор таксама чалавек, як гэта ні дзіўна.

Вера Іванаўна. Дзе ён?

Акуліч. Унізе, у машыне. Я зараз спушчуся па яго. У часе я вас не абмяжоўваю. Я пачакаю... Пастарайцеся яго пераканаць. Толькі ў мяне да вас просьба... (Збянтэжана.) У вас ёсць кава?

Вера Іванаўна. Ёсць.

Акуліч. З вашага дазволу я звару сабе... Тры ночы ўжо не сплю. Задаў ён нам работку! Дзе ў вас кухня?

Вера Іванаўна. Я пакажу. Я скажу Зіне, яна вам зварыць.

Акуліч. Зіна? Старавойтава? Яна ў вас?

Вера Іванаўна. Так...

Акуліч. Ну што ж... Гэта нават лепш.

Акуліч і Вера Іванаўна выходзяць. Праз некаторы час Вера Іванаўна вяртаецца.

Ягор Максімавіч і Вера Іванаўна моўчкі глядзяць на дзверы. Чакаюць. Адчыніліся дзверы, і цераз парог пераступіў Дзімка. Ён разгублена спыніўся ля парога, не ведаючы, што яму рабіць — ці то кінуцца да маці, ці то чакаць, пакуль яна сама падыдзе да яго.

Дзімка. Добры дзень...

Вера Іванаўна (амаль нячутна). Дзіма... Дзіма... (Падзывае яго да сябе рукой.)

Дзімка нерашуча падышоў да маці. Вера Іванаўна абняла яго, пацалавала, а потым, адхіліўшы яго ад сябе, доўга глядзіць яму ў вочы.

Дзіма... Як жа гэта ты?

Дзімка. Даруй мне, мама...

Вера Іванаўна. Ты ж не хацеў яго забіваць? Праўда?

Дзімка. Ён хацеў стаць суддзёй... Разумееце... Ён мог бы судзіць людзей!..

Ягор Максімавіч. Дзіма... Я ўпэўнены, што гэтага не здарылася б. Можна ашукаць пяць, дзесяць чалавек. Але нельга ашукаць усіх.

Дзімка. Гэты ашукаў бы ўсіх!

Паўза.

Ягор Максімавіч. Чаму ты адмовіўся ад абароны?

Дзімка. Ніякай абароны ад справядлівага суда мне не трэба. А я веру ў справядлівасць суда.

Ягор Максімавіч. Але такі парадак. Кожны абвінавачваемы павінен мець адваката...

Дзімка. ...і ў абавязковым парадку, калі справа звязана з забойствам. Я гэта ведаю. І ўсё роўна ніякай абароны мне не трэба. Што зарабіў, тое і атрымаю. Ні больш ні менш...

Вера Іванаўна. (ціха). Ягор... Памажы...

Ягор Максімавіч. Што з табой, Вера?

Вера Іванаўна (неяк дзіўна, вінавата ўсміхаючыся). З сэрцам нешта... Вы пакуль пагаварыце, а я крыху паляжу...

Дзімка. Што з табой, мама?

Вера Іванаўна. Нічога, сынок, нічога... Ты пагавары з бацькам, а я паляжу. Я зараз прыйду. Прабач...

Ягор Максімавіч, асцярожна падтрымліваючы, выводзіць Веру Іванаўну. Дзімка спыняецца сярод пакоя, не ведаючы, пайсці яму за імі або заставацца тут.

Уваходзіць Зіна.

Зіна. Добры дзень, Дзіма...

Дзімка. Зіна! Ты тут?

Ідуць адзін аднаму насустрач, доўга моўчкі глядзяць адзін на аднаго.

Зіна. Дзіма!.. А ты... Ты зусім дарослы стаў...

Дзімка. Акселерацыя... Ранняя ўзмужнеласць.

Паўза.

Дзімка ўсміхаецца, гледзячы на Зіну.

Зіна. Дзіма... Навошта ты гэта зрабіў? Не, мне не шкада яго... Але ты...

Дзімка. Зіна... Тое, што я скажу табе зараз, застанецца паміж намі. Слова?

Зіна моўчкі ківае.

Разумееш... Не хацеў я забіваць гэтага падонка... Але ён сказаў мне такое пра цябе!.. Я хацеў даць яму па мордзе. Так даць, каб ён усё жыццё гэты заклад памятаў!.. І зусім забыўся пра гэты кранштэйн у руцэ...

Зіна. Навошта ж ты тады...

Дзімка. Таму што рана ці позна... Усё роўна нашы дарожкі сышліся б... Не, не праз цябе... У нас з ім была псіхалагічная... Не, хутчэй ідэалагічная несумяшчальнасць...

Уваходзіць Акуліч, глядзіць на Дзімку, потым на Зіну.

Акуліч. Дзіма... Ідзі да мамы... Вы таксама ідзіце з ім.

Дзімка і Зіна выходзяць. Акуліч хутка ідзе да тэлефона і набірае нумар.

Фёдар Рыгоравіч? Гэта Акуліч. Вось што... Следства трэба на некалькі дзён спыніць. Малахава я пакідаю дома... Не, ніякай падпіскі не трэба. Адказнасць бяру на сябе... Не ўцячэ... Уцякаць яму няма куды. У яго толькі што памерла маці...

Акуліч цяжка апускаецца ў крэсла, забыўшыся пакласці трубку на апарат. Трывожныя гудкі тэлефона паступова пераходзяць у музыку.

Канец