epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікалай Матукоўскі

Мужчына, будзь мужчынам, або Уваскрэсенне Дон Кіхота

Частка першая
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
  Карціна чацвёртая
Частка другая
  Карціна пятая
  Карціна шостая
  Карціна сёмая
  Карціна восьмая


ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

 

Дон Кіхот Ламанчскі.

Андрэй,

Косця,

Барыс — дзевяцікласнікі.

Юлька.

Мальвіна.

Арцём — сямікласнік.

Кавалёнак — старшыня калгаса.

Васілевіч — брыгадзір.

Першая маці.

Другая маці.

Трэцяя маці.

Першая дзяўчына.

Другая дзяўчына.

Трэцяя дзяўчына.

 

Частка першая

 

Карціна першая

Успыхвае прамень пражэктара і асвятляе ў глыбіні сцэны помнік Дон Кіхота Ламанчскага. Дон Кіхот стаіць на пастаменце ва ўсёй прыгажосці рыцарскіх даспехаў. Урачыстыя гукі фанфар прадвяшчаюць, што зараз мы станем сведкамі нечуванага цуда. І гэты цуд адбыўся: на нашых вачах уваскрэснуў Дон Кіхот.

Дон Кіхот (саскокваючы з пастамента). Не!.. Я не магу, не маю права заставацца скамянелым помнікам! На маіх вачах коціцца ў бездань, гіне чалавецтва! Мужчыны забыліся, што яны народжаны для рыцарскіх подзвігаў і сталі бездапаможнымі, кволымі стварэннямі! Дульцынеі Табоскія, гэтыя зямныя багіні хараства і прыгажосці, сталі паслухмянымі выканаўцамі мужчынскіх прыхамацей, ператварыліся ў звычайных жанчын. О, які сорам! Якая ганьба! Калі я не ўмяшаюся, чалавецтва загіне без рыцараў! Ганебныя страсці ахопяць зямлю, не пакінуўшы на ёй месца для высакародных пачуццяў. О, не! Уваскрэсшы сам, я павінен уваскрэсіць і дух рыцарства! Я, Дон Кіхот Ламанчскі, Рыцар сумнага вобразу, устаўшы з цемры небыцця, клянуся здзейсніць гэты свой намер! (Спявае.)

 

Я прайшоў лясы і долы,

Пераплыў дзесяткі рэк —

Паглядзець на невядомы,

Малады дваццаты век.

Я трывожыўся нямала

І, здаецца, нездарма:

Кажуць, рыцараў не стала,

Кажуць, рыцараў няма!

Што ж вы, рыцары, замоўклі?

Ці ў душы агонь пагас?

Ці вятры дарог далёкіх

Прытупілі шпагі ў вас?

Жыць сумленна і прыгожа

Абавязан чалавек!

Быць без рыцараў не можа

Малады дваццаты век! 1

 

Гасне пражэктар, і амаль адразу ж успыхвае некалькі пражэктараў, асвятляючы вуліцу сучаснай калгаснай вёскі. На ёй паказваецца група надзвычай узбуджаных жанчын. Гэта дэманстрацыя пратэсту. Тры маці нясуць плакаты і лозунгі: «Выратуем невінаватых!», «Жанчыны, не дадзім на згубу нашых птушанят!», «Рукі прэч ад нашых хлопчыкаў!», «Маці! Глядзіце, які лёс чакае нашых малалетак!». Пад апошнім плакатам намалявана галава лютай каровы з вялікімі рагамі, на кожным з якіх бездапаможна вісіць юнак. Адна з маці, што ідзе апошняй, дзелавіта і засяроджана раскідвае па вуліцы лістоўкі.

Тры дзяўчыны з гітарамі плакатаў не нясуць, але воклічамі падтрымліваюць дэманстрантаў. У гэтым натоўпе сноўдае Мальвіна. Яна штосьці шэпча на вуха то адной маці, то другой, то трэцяй, і пасля гэтага ваяўнічы настрой маці становіцца яшчэ больш агрэсіўным.

Першая маці. Не дапусцім!

Другая маці. Не дазволім!

Трэцяя маці. Рукі прэч ад нашых дзяцей!

Першая маці, заклаўшы пальцы ў рот, спрабуе свіснуць, але свісту ў яе не атрымліваецца. І тады пранізліва, па-хуліганску свішча Мальвіна.

Маці і дзяўчаты (скандзіруюць). Стар-шы-ню! Стар-шы-ню!

Выходзяць устрывожаныя Кавалёнак і Васілевіч. Мальвіна, убачыўшы іх, хаваецца за спіны дзяўчат.

Кавалёнак. Што здарылася? Што гэта?

Першая маці. Дэманстрацыя пратэсту!

Другая маці. Бунт у абарону нашых хлопчыкаў!

Трэцяя маці. Мы не пацерпім такіх здзекаў!

Кавалёнак. Якіх здзекаў? З каго?

Першая маці. З нашых малалетак!

Другая маці. За што вы хочаце загубіць іх? За што?

Маці (усе разам).

 

Нашым дзецям жыццё не абрыдла!

Не дадзім ім хадзіць каля быдла —

Ні на золку ўставаць,

Ні бітоны цягаць,

Без пары жываты надрываць!

Нашы дзеці не зломкі-калекі,

Не чыніце над хлопцамі здзекі!

Ім патрэбна расці,

У навуку ісці,

А не статак калгасны пасці!

 

Першая маці. За што мы кроў сваю пралівалі? За тое, каб яны мучыліся цяпер? Каб іх каровы на рогі?..

Другая маці. Мы ў свой час нагараваліся-набедаваліся. Няхай хоць яны пакрасуюцца!

Трэцяя маці. Мужчыны павінны быць мужчынамі, а жанчыны — жанчынамі! На гэтым уся зямля трымаецца! А вы хочаце, каб усё наадварот было!

Кавалёнак. Шаноўныя маці! Кабеткі мае дарагія! Я ж якраз і хачу, каб мужчыны былі мужчынамі, а жанчыны — жанчынамі. Да якога ж часу зямля на бабе трымацца мусіць? Трэба, каб і мужчыны сваё плячо падставілі...

Агульны лямант.

Пачакайце, пачакайце!.. Значыць, цяжка працаваць на ферме?

Першая маці. Ды ўжо цяжэй і быць не можа!

Другая маці. Гэта ж каровы, а не хто-небудзь!

Трэцяя маці. Каля іх жа не прысесці, не прылегчы!

Кавалёнак. І ўставаць трэба рана...

Другая маці. Ніхто ў вёсцы раней за даярку не ўстае.

Кавалёнак. І класціся трэба пазней ніколі як след не выспішся...

Трэцяя маці. Які там сон! Не паспееш вока звесці, як ужо ўставаць трэба!

Кавалёнак. І рукі знямеюць, пакуль кароў падоіш...

Першая маці (са слязьмі). А мы што кажам? Гэта ж не работа, а катарга! Хіба з іх здароўем?..

Кавалёнак. Дык вы ж у ножкі павінны пакланіцца вашым сынам, што яны вызваляюць вас ад такіх работ! Залаты помнік ім трэба паставіць. Яны, можна сказаць, рэвалюцыю робяць, а вы!..

Першая маці. А мы хто, па-вашаму, контрыкі?

Агульны лямант.

Другая маці. Не дапусцім! Не дазволім!

Трэцяя маці. З агнём жартуеш, старшыня!

Першая маці. Да ЦК дойдзем, але свайго даб'ёмся!

Кавалёнак. Пачакайце, пачакайце... А што я магу зрабіць? Гэта ж іх уласная ініцыятыва!

Першая маці. Ведаем мы гэтую ініцыятыву! Падвучыў, падбухторыў, а цяпер — ініцыятыва!

Другая маці. Яны ж яшчэ маленькія, неразумныя. Іх куды піхнеш, туды яны і пойдуць!

Мальвіна падскочыла да дзяўчат і шэптам падала ім каманду. Дзяўчаты дружна, як «фізкульт-ура!», пракрычалі...

Дзяўчаты. Ганьба! Ганьба! Ганьба!

Кавалёнак. А вам што трэба?

Мальвіна. Мы ад імя ўсіх дзяўчат... Мы таксама пратэстуем!

Кавалёнак. Пачакайце... А якое вы маеце дачыненне? Яны — маці. А вы хто?

Мальвіна (з выклікам). А мы... будучыя нявесты!

Мальвіна падала знак дзяўчатам. Тыя дружна ўдарылі па струнах і заспявалі.

Дзяўчаты.

 

Не дазволім без пары

Хлопцаў гнаць у даяры!

Не ганіце іх на пашу,

Не губіце радасць нашу!

Можна жыць без пастухоў —

Як пражыць без жаніхоў?!

 

Першая маці (са слязьмі). Во! Чулі?! Чулі?!

У гэты момант трывожна выбухнуў набатны звон. Нехта бесперапынна калоціць у рэйку.

Васілевіч. Пажар! Гарыць нешта!

Усе кідаюцца туды, дзе грыміць набат. Сцэна нейкі час пустуе. Набат змаўкае. З процілеглага боку чуецца песня:

 

Англичанин-мудрец, чтоб работе помочь,

Изобрел за машиной машину,

А наш русский мужик, коль работать невмочь,

Так затянет родную «Дубину».

 

Пад прыпеў «Дубинушки» на сцэну ўспаўзаюць калёсы, нагружаныя чамаданамі, хатулямі, рукзакамі, бітонамі для малака. У аглоблях замест каня Андрэй. Ззаду калёсы штурхаюць Косця, Барыс і Арцём.

Андрэй. Ціха! Ціха! Не піхайце так, чэрці!

Група спыняецца. Усе напружана глядзяць у той бок, дзе толькі што грымеў набатны звон. Барыс з жаласным стогнам валіцца на зямлю.

Барыс. Не магу больш! Ад такой работы коні дохнуць! Далібог, пупок трэсне...

Косця. А ты, Борка, паглядзі, можа, ён ужо трэснуў!.. І да бальніцы дабегчы не паспееш.

Барыс. Ах, ах, ах, якія мы разумнікі! Я нарадзіўся не канём, а...

Косця. Правільна! І-а, і-а! Ёсць яшчэ такое цягло...

Андрэй. Як маленькія, чэснае слова! Знайшлі час для сваркі.

Барыс. А чаго ён увесь час чэпіцца?

Косця. Таму, што ты вундэркінд. А я надта ж люблю вундэркіндаў!

Арцём (збянтэжана). Хлопцы... Мне трэба сказаць... Я хачу папярэдзіць вас...

Андрэй. Аб чым папярэдзіць?

Арцём збянтэжана зняў і зноў надзеў акуляры.

Арцём. Я не падзяляю вашай ідэі... Але працаваць я буду. Мне патрэбны грошы.

Барыс (падхапіўшыся з зямлі). Во! Во! Бачыце! Ён таксама не падзяляе! Арцём таксама лічыць вас ідыётамі!

Арцём. Я гэтага не сказаў.

Барыс. Не сказаў, дык падумаў! Якая розніца?!

Андрэй. Палундра! (Хуценька падхапіў аглоблі.) Канчай базар! Запявай!

Арцём і Косця зноў зацягнулі: «Англичанин-мудрец, чтоб работе помочь...»

Зайшлі Кавалёнак — старшыня калгаса, і Васілевіч — бацька Андрэя. Абодва яны літаральна аслупянелі, убачыўшы перад сабой такое незвычайнае відовішча.

Першым апамятаўся Васілевіч. Ён схапіў Кавалёнка за рукаў і пацягнуў назад, намагаючыся спіной загарадзіць групу з калёсамі.

Васілевіч. Платон Іванавіч... Я зусім забыўся.,. Нам яшчэ трэба зазірнуць у адно месца...

Кавалёнак. Пачакай, пачакай... Што яны робяць?

Васілевіч (збянтэжана). Хе-хе-хе! Відаць, п'есу нейкую развучваюць. Выдумкі ім не займаць. Пойдзем, Платон Іванавіч...

Кавалёнак. Не, не, пачакай... Гэй, бурлакі!

Хлопцы артыстычна зрабілі выгляд, што ўздрыгнулі ад нечаканасці, як па камандзе, разам павярнулі галовы да старшыні і прытворна збянтэжыліся.

Андрэй. А... Гэта вы, Платон Іванавіч! Добры дзень...

Косця. Добры дзень, таварыш старшыня калгаса!

Кавалёнак. У, якая афіцыйнасць! Дзень добры. Што тут у вас адбываецца?

Андрэй. Ну, вы ж ведаеце, Платон Іванавіч, што мы надумалі.

Кавалёнак. Ведаю. Толькі што з гэтай прычыны меў прыемную размову з вашымі маці. І калі б нечая добрая душа не ўзняла гэтую фальшывую трывогу...

Косця знакамі паказаў, што гэта ў яго добрая душа.

А чаму вы надумалі раптам запрэгчыся?

Косця (паказвае на Андрэя). Яго татулька не дазволіў нам выкарыстаць іншы транспарт, каб адвезці рэчы ў лагер.

Кавалёнак. Гэта праўда, Васіль Пятровіч?

Васілевіч. Хе-хе-хе... Вы толькі слухайце іх!

Андрэй. А хіба няпраўда?

Косця. Мы ж прасілі ў вас каня, а вы сказалі, што хутчэй босымі нагамі на гарачую патэльню станеце...

Барыс. І яшчэ як сказалі!

Кавалёнак. Ціха, ціха. Хорам толькі спяваць добра. У чым справа, растлумач, Андрэй.

Андрэй. Ды вось... Некаторыя лічаць, што мы робім глупства.

Кавалёнак (здзіўлена). Ты хіба супраць, Васіль Пятровіч?

Васілевіч. І не дам! Не дазволю! Як брыгадзір і член праўлення не дазволю! Канешне, глупства надумалі! Блазнюкі!

Кавалёнак. Спакойна, спакойна, Васіль Пятровіч.

Васілевіч. А ты на маім месцы быў бы спакойны? Адзіны сын у хаце і такое вытварае!.. У мяне валасы сівыя, два ордэны і тры медалі за вайну! А мой сын бабскі андарак надзявае! Хіба думаў я калі-небудзь, што дажыву да такой ганьбы?!

Кавалёнак. Не ганьба гэта, а гонар, Васіль Пятровіч!

Васілевіч. Лютаму ворагу свайму не пажадаю такога гонару!

Кавалёнак. Вось што... Давай зараз зойдзем да цябе ў кантору і спакойна пра ўсё пагаворым. Маці іх таксама трэба паклікаць. А вы, хлопцы, запражыце каня і адвязіце вашу маёмасць. Пайшлі, Васіль Пятровіч. (Выходзіць.)

Косця. Старик Державин нас заметил

И, в гроб сходя, благословил!

Барыс, Арцём і Косця выходзяць услед за старшынёй.

Васілевіч. Так, так, сынок... Бацьку абняславіць захацеў? Думаеш, я не здагадваюся, для чаго і для каго вы гэты спектакль з тарантасам наладзілі? Ну, смейся, смейся...

Андрэй. Паслухай, бацька...

Васілевіч. Чалавека з цябе хацеў зрабіць! Адзяваў, карміў, вучыў, а ты вунь як аддзячыў! Хоць на вочы людзям не паказвайся! У людзей сыны як сыны — трактарысты, шафёры, прафесары, нават пісьменнікі. А ў Васілевіча адзін сын і той — даярка! Цьфу!

Андрэй. Бацька!

Васілевіч. Які я табе бацька? Забудзь гэтае слова! Няма ў цябе больш бацькі! Няма ў мяне больш сына!

Васілевіч шпарка выходзіць.

Андрэй. А яшчэ кажуць, што няма канфліктаў паміж старэйшым і малодшым пакаленнямі...

З'яўляецца Юлька. Яна ціха крадзецца да Андрэя і закрывае яму вочы далонямі.

Юля, гэта ты?

Юлька. Ну, усё ў парадку, Андрэй Бацькавіч?

Андрэй. Ты трохі спазнілася: ужо — Бязбацькавіч.

Юлька. Чаму так?

Андрэй. Толькі што вось на гэтым месцы адбылася ўрачыстая цырымонія адрачэння бацькі ад роднага, але непаслухмянага сына.

Юлька. Ты ж радавацца павінен!

Андрэй. Радавацца? Родны бацька абвясціў анафему, а ты...

Юлька. Усім вялікім людзям абвяшчалі анафему! Успомні Льва Талстога...

Андрэй. Суцешыла!..

Юлька (сур'ёзна). Усё яшчэ працівіцца?

Андрэ й. Што ты! Кажа: у людзей сыны як сыны, а мой... Ну, ганьба і ўсё такое... Паслухай, Юля...

Юлька. Што?

Андрэй. Ты... мне друг?

Юлька (з крыўдай). Ты мог бы ў мяне пра гэта і не пытаць.

Андрэй. Тады скажы мне... Толькі праўду... Я цябе вельмі прашу. Можа, мы і сапраўды дзівакі ненармальныя? Можа, не трэба было ўсё гэта?.. Няхай бы ішло ўсё так, як і да нас было.

Юлька. Ну што ты, Андруша! Рэвалюцыю заўсёды цяжка было рабіць!

Андрэй. Нават бацькі і маці супраць.

Юлька. Твая ж маці не супраць.

Андрэй. Мая не супраць, затое астатнія... Бачыла, якую дэманстрацыю наладзілі?

Юлька. Бачыла... Паслухай, Андруша... Хочаш, я пасялюся разам з вамі ў лагеры і буду памагаць?

Андрэ й. Дзякую, Юля, не трэба.

Юлька. Чаму, Андруша?

Андрэй. Разумееш, Юля... Можа праваліцца ідэя. Скажуць, што мы ўсё ж не справіліся адны, што гэта — справа не мужчынская. А мы хочам даказаць...

Юлька з пяшчотай глядзіць па Андрэя.

Юлька. Ведаеш, які ты? Ты самы, самы...

Андрэй і Юлька выходзяць. З'яўляецца Дон Кіхот.

Дон Кіхот (радасна паціраючы рукі). Знайшоў! Знайшоў аднаго!

Заслона

 

1   У п'есе выкарыстаны вершы Г. Бураўкіна і Н. Гілевіча.

Карціна другая

На ўзлеску стаіць палатка. Каля палаткі курыцца касцёр. Над кастром вісіць чайнік. Непадалёку стаяць лёгкі раскладны стол і такія ж крэслы. Пад невялікай павеццю чыгуны, вёдры, бітоны. Ранішні туманны паўзмрок... Здалёку чуецца песня Дон Кіхота. Дон Кіхот з'яўляецца ў сваіх нязменных рыцарскіх даспехах. Ступіўшы на паляну, ён змаўкае і з напружанай увагай аглядае ўсё наўкола.

Дон Кіхот. Так... Бівачны касцёр... Залататканы шацёр... Значыць, і рыцары павінны быць недзе паблізу. А ночы тут халодныя...

Дон Кіхот прысядае да кастра, грэе рукі і мармыча пад нос песню «Дзе ж вы, рыцары, падзеліся?». Раптам у глыбіні лесу бліскае полымя і чуецца выбух. Дон Кіхот імгненна ўскочыў на ногі і выхапіў меч.

А!.. Злыя чараўнікі хочуць напасці на лагер рыцараў! Не дазволю!

Дон Кіхот знікае ў цемры. Праз некалькі секунд з палаткі вылез Андрэй. Ён смачна пацягнуўся і зрабіў некалькі гімнастычных практыкаванняў.

Андрэй. Косця! Ты нічога не чуў?

Косця (з палаткі). Не, а што?

Андрэй. Як быццам стрэліў хтосьці, а потым закрычалі...

Косця (з палаткі). Табе здалося...

Андрэй (азірнуўшыся). Цём-ка! Цём-ка! Ар-цём!..

З палаткі, на хаду апранаючыся, вылез Косця.

Косця. Зноў яго няма?

Андрэй. Як бачыш...

Косця. Андрэй, гэта можа дрэнна скончыцца. Кожную ноч ён некуды знікае, а ўдзень дзе стаіць, там і спіць. Дзе ён, што робіць?

Андрэй. Не прызнаецца...

Косця. «Не прызнаецца»! Ты ж брыгадзір! Патрабуй, каб прызнаўся. Хіба можна так? Жывём, працуем разам, а не ведаем, што з хлопцам робіцца! Паслухай... А можа, мне стаць на некаторы час Шэрлакам Холмсам і пасачыць за ім?

Андрэй. Ну што ты! Гэтага рабіць нельга.

Косця. Значыць, па-твойму, чакаць, калі за ім прыйдзе міліцыя?

Андрэй. Чаму іменна міліцыя?

Косця. Таму, што добрыя справы па начах не робяць! Я лічу, што яму трэба добра намяць холку!

Андрэй. Пачакаем яшчэ некалькі дзён... Барыс не прачнуўся?

Косця. Калі гэта ён рабіў па ўласнай ініцыятыве?

Андрэй і Косця знікаюць у палатцы. Адразу ж на паляне з'яўляецца Арцём. Убачыўшы, што нікога няма, ён з палёгкай уздыхнуў. У палатцы адбываецца нешта не зусім зразумелае: адтуль даносяцца глухі шум барацьбы, няясныя воклічы. Нарэшце Андрэй і Косця выцягваюць з палаткі Барыса, які стараецца зрабіць выгляд, што ён яшчэ не прачнуўся. На ім толькі трусы, майка і тоўсты шалік вакол шыі.

Косця (весела). Раз-два! Раз-два! Раз-два!

Пад гэту каманду ён разводзіць і зводзіць рукі Барыса, які не расплюшчвае вачэй.

Андрэй. Косця, вазьмі хлопчыка на ручкі.

Косця прыўзняў Барыса на руках. Андрэй у гэты момант хуценька надзеў яму штаны і так зацягнуў папругу, што Барыс аж перасмыкнуўся. Цяпер ён спіць, абапёршыся на плячо Косці. Той спрабуе адштурхнуць яго ад сябе, і Барыс валіцца на Андрэя.

Косця. Арцём, дай хутчэй вядро вады!

Барыс (скалануўшыся і расплюшчыўшы вочы). Не трэба вады...

Косця. А, прачнуўся, вундэркінд!

Барыс. Варвары! Калуны!.. Я ж хворы чалавек! У мяне, напэўна, заварот кішок! Няўжо вам не сорамна? Дзе ваша сумленне?

Косця. Ты зблытаў, Борка. Учора ўвечары ў цябе быў апендыцыт.

Андрэй. А пазаўчора — менінгіт!

Косця. А яшчэ раней... Што ў яго было раней? Ты памятаеш, Андрэй?

Андрэй. Трапічная ліхаманка.

Косця. Во-во! Іменна трапічная.

Барыс. Якое вы маеце права? Хто вам дазволіў?

Андрэй. Што дазволіў?

Барыс (завёўшыся). Гвалт і прымус! І гэта ў нашай свабоднай краіне! Уяўляю, што робіцца ў Афрыцы!.. «Глядзіце, якія мы свядомыя, якія мы перадавыя! «Ламаем традыцыі, вызваляем жанчыну ад непасільнай працы!»... А хто вас прасіў вызваляць яе? Хто? Гэтыя самыя жанчыны, якіх вы надумаліся вызваляць, плююць на вас з высокага дрэва! Увесь раён з вас рагоча, каровіны дзеячы! Не, не раён — вобласць! Уся рэспубліка! Уся краіна!..

Андрэй і Косця моўчкі абуваюцца, не зважаючы па страсны маналог і жэстыкуляцыю Барыса. Адчуваецца, што яны ўжо прывыклі да яго дэмагагічных прамоў. Косця абуўся, зрабіў некалькі крокаў і спыніўся перад Барысам.

Косця. Борка! «Не искушай меня без нужды»!

Барыс. Самазванцы вы і дурні! Сорак кароў і чатыры дурні! Не, тры! Толькі тры! Я — ахвяра.

Косця памкнуўся быў да Барыса, але той паспешліва адскочыў.

Ну-ну! Рукам волі не даваць!

Андрэй. Ты на камсамольскім сходзе быў?

Барыс. Ну, быў!

Андрэй. Галасаваў за тое, каб на ферму пайшлі мы, а не дзяўчаты? Згаджаўся?

Барыс. Ну і што з таго? Я згаджаўся ўвогуле, у прынцыпе! Я падаваў масам прыклад. Хіба думаў я, што вы і мяне ўцягнеце ў гэтую авантуру!

Андрэй. Значыць, згаджаўся?

Барыс. Ну, здуру, здуру згаджаўся! Не падумаўшы! Дык што мне цяпер гніць на гэтай вашай катарзе?

Андрэй. Будзеш рабіць тое, за што прагаласаваў. Трэба быць гаспадаром свайго слова.

Барыс. Вось іменна — гаспадаром: хачу стрымаю, хачу — не!

Андрэй (кідаючы яму боты). Абувайся!

Барыс. Чаму вы не хочаце выслухаць мяне? Баіцеся? Няма чым крыць?!

Андрэй. Ты ведаеш, што чалавека з малпы зрабіла праца?

Барыс. Ведаю, праходзілі...

Андрэ й. А такі чалавек, як ты, можа зноў стаць малпай. Ступіць назад пяць крокаў і — малпа!

Косця зрабіў некалькі крокаў ад Андрэя да Барыса.

Косця. Ты памыліўся, Андрэй: да малпы тры крокі, а не пяць.

Барыс. Не! Вы сур'ёзна адкажыце, чаму вы сілком прымушаеце мяне займацца гэтым гноем, гэтымі каровамі? Чаму, я ў вас пытаюся? А можа, я нарадзіўся Ойстрахам ці гэтым самым... Як яго?.. (Спявае: «Аве Марыя! Аве Марыя!») Во, Раберцінам Ларэці!

Андрэй і Косця засмяяліся.

З каго смеяцеся? З сябе! А я не хачу быць пасмешышчам. Не хачу!

Андрэй (паказвае на плакат, што вісіць над лагерам. На плакаце заклік: «Мужчына! Будзь мужчынам!»). Ты павінен быць рыцарам, Борка.

Барыс. Пляваць я хацеў на вашых рыцараў! Я не хачу быць падобным на прыдуркаватага Дон Кіхота!..

Косця. Ты дрэнна ведаеш літаратуру, Борка. Дон Кіхот быў не прыдуркаватым, а высакародным!

Андрэй (прыўзнімаючы Барыса за каршэнь). Хопіць дыскусій! Пайшлі кароў даіць, Аве Марыя!

Бары с. Ды зразумейце ж вы нарэшце! У мяне мужчынская кроў бунтуе!.. Усе мае дзяды і прадзеды былі мужчынамі! А я хто, па-вашаму?

Косця. Гэтае пытанне, Борка, яшчэ не высветлена.

Андрэй. А чаму на гэтай катарзе, як ты кажаш, павінна гібець твая сястра Юлька, а не ты?

Барыс. Ха-ха! Сказаў! Па-першае, Юлька здаровая, як звер! А па-другое, яна ж жанчына! Сваім лёсам ёй наканавана даіць кароў. Калі б я быў жанчынай...

Андрэй. Хопіць! Уставай! Здымі ты гэты хамут з шыі (паказвае на шалік). Глядзець брыдка!

Барыс. Я не хачу, каб у мяне быў хранічны танзіліт!

Косця. Якая гэта трагедыя для чалавека, калі ў яго мама — доктар!

Андрэй. Хутчэй варушыцеся!

Хлопцы надзяваюць белыя халаты, бяруць даёнкі і выходзяць. Ідзе да выхаду і Барыс. Насустрач яму выязджае карова. Не, гэта не карова, гэта — тыгр з рогамі. Барыс, захоўваючы меры перасцярогі і гатовы кожную секунду задаць лататы, паступова набліжаецца да яе.

Барыс. Кось-кось-кось, міленькая, каб цябе ваўкі зарэзалі! Ну, не бойся, не бойся, кветачка! Прападзі ты пропадам, звяруга рагатая!

Як толькі Барыс дакранаецца да каровы, у яе чырвоным агнём загараюцца вочы і пачынае матляцца хвост. Барыс спалохана адскоквае назад. Вочы тухнуць, і хвост супакойваецца.

А каб ты сёння зайшла ў раку, у самае глыбокае месца, і не выйшла адтуль! А каб ты гарачай бульбінай падавілася!.. Ну, не крывіся, не крывіся, кветачка. Я ж не рэзаць цябе буду, а толькі даіць. На жаль!

Маленькімі крокамі Барыс зноў падступае да каровы.

Ну, не злуйся, не злуйся, кветачка! Я ж люблю і паважаю цябе, каб ты на лёдзе разадралася! Ты ж мая прыгожая, ты ж мая харошая, каб мае вочы век цябе не бачылі!

Барыс садзіцца каля каровы, прыладжвае даёнку і пачынае даіць. З кожным рухам яго рукі з вачэй каровы-тыгра пырскаюць іскры і ўсё шпарчэй круціцца хвост. Нарэшце, апісаўшы належную траекторыю, хвост сцёбнуў Барыса па спіне, і той кулём пакаціўся ад каровы.

Барыс. Згінь! Прападзі!.. Праваліся!.. Згары ясным агнём! Заб'ю! Зарэжу! А-а-а! (Бегае па сцэне, схапіўшыся за галаву.)

Убягаюць Андрэй, Косця і Арцём.

Андрэй. Што з табой?

Барыс. Не магу! Не хачу! Лепш забіце мяне! Утапіце! Хіба гэта карова? Гэта ж тыгр, д'ябал! Ведзьма ў выглядзе каровы! Паглядзіце, яна ж здзекуецца з мяне!

Андрэй. Супакойся, не псіхуй!

Косця. Які ты стаў нервовы!

Барыс. Тут звар'яцець можна, не толькі...

Андрэй. Добра... Ідзі рабі загарадку для кароў, а мы самі падоім. Толькі ўлічы, гэта апошні раз...

Барыс. Хіба гэта карова? Гэта ж змяя грымучая! Кобра! Паглядзіце, яна ж смяецца! У-у-у, скаціна!

Праходзячы міма каровы, Барыс замахнуўся на яе тапаром. У каровы зноў успыхнулі вочы і заматляўся хвост. Барыс знік. Сцэна нейкі момант пустая. Чутно, як нехта працуе сякерай. Праз некалькі секунд адтуль далятае роспачны крык: «Ратуйце! Ратуйце!» У гэтым ляманце з цяжкасцю можна пазнаць голас Барыса. Уваходзяць Андрэй і Косця. Яны нясуць на руках Барыса.

З другога боку да іх кідаецца Арцём.

Арцём. Што з ім такое?

Андрэй. Нагу пасек...

Барыса паклалі на зямлю.

Косця. «Какой светильник разума угас! Какое сердце биться перестало!»

Барыс (ціхім, замагільным голасам). Хлопцы... Праганіце адсюль гэтага крэтына...

Арцём. Косця, гэта кашчунства — здзекавацца з параненага чалавека!

Андрэй. Арцём, прынясі бінты і ёд.

Арцём пабег у палатку. Андрэй прысеў каля Барыса і пачаў асцярожна сцягваць з яго нагі бот. Барыс застагнаў і, каб не бачыць крывавай раны, закрыў вочы далоняй.

І як жа гэта цябе так собіла? Здаецца ж, не маленькі.

Барыс. Прамахнуўся...

Арцём прынёс бінты і ёд.

Андрэй (разглядаючы босую нагу Барыса). ... А дзе ж рана? Ты што нам галовы дурыш?

Барыс (здзіўлена, з-пад рукі зірнуў на сваю нагу). Нічога не разумею... Сапраўды раны няма! Як жа так? А можа, я не гэтую, а тую нагу пасек?

Андрэй. У цябе ж на той назе бот цэлы!

Косця. Ха! Пасек нагу і не ведае — якую!

Барыс (шчыра недаўмяваючы). Чэснае слова, я нават чуў, як у мяне костка хруснула, так — «хруп». У мяне адразу ў вачах пацямнела, і я паваліўся...

Косця (стукнуўшы Барыса пальцам па галаве). У цябе вось дзе хруснула, сімулянт няшчасны!

Барыс. Ну, мне здалося! Здалося! Бывае ж так!

Арцём. Не трэба, Косця, крыўдзіць чалавека. Можа, яму і сапраўды здалося?

Андрэй. Ха! Яму здалося! (Ён выразна плюнуў у бок Барыса і панёс у палатку бінты і ёд.)

Косця. Ведаеш што, бледнаскуры брат мой?

Барыс. Чаго табе?

Косця. Я б на тваім месцы застрэліўся... з самага паганага ружжа. «Рожденный ползать — летать не может»!

Косця таксама выразна плюнуў у бок Барыса і адышоўся. Арцём доўга вагаўся, не ведаючы, што рабіць, затым паціснуў плячыма з выглядам: «Маўляў, а што мне застаецца рабіць? Як усе, так і я». Ён плюнуў і адвярнуўся ад Барыса.

Хлопцы збіраюць на стол снеданне, ставяць шклянкі, тэрмас. Барыс ідзе ў палатку, трымаючы ў руцэ бот.

Косця (трывожна прыслухоўваючыся). Здаецца, Мальвіна прыехала. Мне трэба куды-небудзь знікнуць.

Андрэй. Косця! Будзь ты хоць раз мужчынам!

Косця. Табе лёгка гаварыць!

Чуваць голас Мальвіны: «Т-п-р-р-у!» Усе змоўклі і чакаюць. Падыходзіць Мальвіна. Убачыўшы яе, Косця неяк адразу панікнуў.

Мальвіна. Прывітанне, дзяўчаткі!

Андрэй. Добры дзень...

Арцём. Добры дзень...

Андрэй. Чаму так позна? Малако магло скіснуць.

З палаткі высунуў галаву і прыслухоўваецца Барыс.

Мальвіна. Калі яно ад адной вашай прысутнасці не скісла, то цяпер ужо не скісне. Апошнюю навіну чулі?

Андрэй. Не, не чулі.

Арцём. Можа, на Марс або Венеру каго-небудзь запусцілі?

Мальвіна. Вышэй бяры! У наш магазін казачны паркаль прывезлі. Вачэй не адарвеш! Белае-белае поле. а на ім буйны чырвоны гарох. Як жар гарыць! «Мара даяркі» называецца...

Андрэй. Нас гэтая праблема не хвалюе.

Мальвіна. Быць не можа! Хіба вы не будзеце шыць сабе новыя сукенкі? Пасля таго як адкрылася ваша тайна...

Андрэй. Якая тайна?

Мальвіна. Ну як жа! Столькі гадоў прыкідваліся хлопцамі, нават штаны насілі...

Косця (не стрымаўшыся). Мальвіна!..

Мальвіна (зрабіўшы выгляд, што толькі цяпер убачыла Косцю). А! І ты тут, Касцючок!.. Дзіўнае імя для дзяўчыны — Касцючок. Я лепш буду называць цябе Касцючка. Як, згода?

Косця. Мальвіна! Я прашу цябе!..

Мальвіна (прымірэнча). Ну, не плач, не плач! Я ж вам цацку прывезла, наватары-ініцыятары! (Падала Андрэю газету.)

Андрэй (разгарнуўшы газету). Хлопцы, гэта ж мы! Нашы партрэты ў газеце.

Косця (зазіраючы цераз плячо Андрэя). А Барыс, Барыс які атрымаўся! Сапраўдны Пячорын!

Барыс, як гусак, выцягнуў шыю, намагаючыся ўбачыць у газеце свой партрэт, але з палаткі не выйшаў, не дазволіла самалюбства.

Мальвіна. Ну, можа, хопіць цешыцца? Хто бітоны з малаком грузіць будзе?

Андрэй. Пайшлі, хлопцы, потым прачытаем.

Андрэй і Арцём выйшлі, на хаду разглядаючы газету. Косця таксама хацеў пайсці за імі, але Мальвіна загарадзіла яму дарогу.

Мальвіна. А ты трохі пачакай...

Косця. Перад хлопцамі няёмка. Яны працуюць, а я...

Мальвіна. Нічога, не надарвуцца твае хлопцы!

Косця. Навошта я табе?

Мальвіна. Пагаварыць трэба...

Барыс хавае галаву ў палатку, але відаць, што ён сабраўся падслухоўваць.

Косця. Пра што гаварыць, калі ты сказала, што мы ворагі?

Мальвіна. Сказала! Сказала! Ці мала што я магла сказаць! Дзевяць гадоў мы сядзелі з табой на адной парце... І я думала... Я думала, што ў цябе ёсць характар, сіла волі...

Косця. У мяне ёсць характар і сіла волі.

Мальвіна. Ну, няхай Андрэй!.. Я разумею... Ён проста дурань. Што яму Юлька скажа, тое ён і робіць. Ён — марыянетка! А ты ж разумны, Косця!

Косця. Андрэй — мой лепшы друг, і я не дазволю!..

Мальвіна. Ды я не пра Андрэя! Што мне Андрэй... Я пра цябе. Ну, навошта гэта табе, Косця? Каб з цябе смяяліся? З мяне ўжо смяюцца...

Косця. А ты тут пры чым? Я не разумею...

Мальвіна. Дрэнна, калі не разумееш... Павінен быў бы разумець... (Паўза.) Косця... Хочаш... Хочаш, я цябе пацалую.

Косця Што?

Мальвіна. Хочаш, я цябе зараз пацалую?

Барыс не вытрымаў і высунуў галаву з палаткі, яму карціць пабачыць цікавае відовішча.

Ну?

Косця. Ты... гэта... сур'ёзна?

Мальвіна. Толькі дай мне слова, што зноў станеш нармальным чалавекам і адрачэшся ад кароў!

У душы Косці ідзе напружаная барацьба. За яго плячыма нячутна з'явіўся і пільна прыслухоўваецца Дон Кіхот.

Косця. Не, не магу...

Задаволены Дон Кіхот знікае. Барыс з жалем хавае галаву ў палатку.

Мальвіна. Эх, ты!.. Паслухай, Косця... Я ж ведаю, ты марыш аб літаратурным інстытуце, ты хочаш стаць паэтам. Літаратура для цябе — усё. Дык навошта ж ты губіш свой талент? (Спявае.)

 

Косця, Косця, любы мой,

Кінь хвасты кароўі,

Для прафесіі другой

Беражы здароўе!

 

Косця.

 

Ну навошта ж гэткі здзек

Чыніш ты з каровы?

Ці ж даяр не чалавек...

Нават ганаровы!

 

Мальвіна.

 

Косця, мілы, ты ж паэт!

Не звані даёнкай.

Лепей ты на цэлы свет

Брызгай рыфмай звонкай!

 

Косця.

 

Ат, калі мне той Парнас

Стане родным домам!..

Лепш я стану тут, у нас,

Даяром вядомым.

 

Мальвіна.

 

Калі ты мне яшчэ друг —

Я кажу сур'ёзна —

Кінь цадзілку і хвартух,

А то будзе позна!

 

Добра... Ты мне ніхто, я табе ніхто, навошта ж сварыцца? Вазьмі ад мяне падарунак на памяць.

Мальвіна сунула ў рукі Косці невялікі пакунак і выбегла.

Косця стаіць і моўчкі глядзіць ёй услед.

Косця (сумна ўздыхнуўшы). «Все это было бы смешно, когда бы не было так грустно!»

Косця, заўважыўшы ў сваіх руках пакунак, пакінуты Мальвінай, пачаў яго разгортваць. З палаткі вылез Барыс. Косця разгарнуў пакунак і абамлеў. У яго руках прыгожы сарафанчык на вузенькіх лямках. Барыс паваліўся на зямлю ад рогату.

Барыс. Ой, ратуйце мяне! Ой, паміраю!.. Вось табе, рыцар, узнагарода за тваё донкіхоцтва!.. Ой, ратуйце мяне!.. (Рагоча.)

Ашаломлены Косця глядзіць то на Барыса, то на сарафан.

Заслона

 

Карціна трэцяя

Позні летні вечар. Неба ўсыпана буйнымі зоркамі. Над лесам смяецца шчарбаты месяц. На паляне гарыць касцёр. Каля кастра сядзяць Андрэй, Арцём і Косця. Андрэй рамантуе транзістар, Косця чытае, Арцём робіць нейкія вылічэнні ў запісной кніжцы.

Арцём (збянтэжана, нясмела). Хлопцы... Пазычце трохі...

Косця (уражана). Што? Зноў?

Арцём. Мне трэба... рублёў дваццаць пяць...

Косця. Ты звар'яцеў? Адкуль у нас такія грошы? Гэта Барысу маці дае на кішэнныя расходы!

Арцём. Ну, колькі хто можа... Вельмі патрэбна!

Андрэй корпаецца ў кішэні.

Андрэй. Вось... Тры рублі і дробязь. У Барыса папрасі.

Арцём. У цябе, Косця, няма зусім?

Косця. Я ні капейкі не дам! Пакуль ты не скажаш, дзе грошы падзеліся!

Андрэй (з папрокам). Косця!

Косця. Што — Косця? Што — Косця? Сказаў не дам і не дам. Я яму пазычаў ужо і тры рублі, і два, і дзесяць! І некалькі разоў па пяцьдзесят капеек! Навошта яму грошы? Няхай скажа, тады дам!

Арцём. Прабач, Косця... Я больш не буду ў цябе прасіць. (Згорбіўшыся, ідзе ў палатку.)

Андрэй. Ну навошта ты так з ім?

Косця. А ты не баішся, што ён на твае грошы алкаголікам зробіцца?

Андрэй (засмяяўшыся). Што ты вярзеш? У такім узросце?

Косця. Памятаеш, у сераду ён скардзіўся на тое, што ў яго галава балела?

Андрэй. Ну і што з таго?

Косця. А тое, што ад яго ў той дзень спіртам пахла! Не сысці мне з гэтага месца, сваім носам чуў!

Андрэй. Не можа быць!

Косця. Вось табе і не можа быць! Падумай сам, калі б грошы былі патрэбны яму на добрую справу, то чаго таіцца?

Андрэй (задумліва). Гэта праўда...

Косця. Што ён за хлопец, ніяк не зразумею. Яшчэ толькі сем класаў закончыў, а ўжо нейкія махінацыі з грашыма...

З палаткі выйшаў Арцём.

Арцём. Памагу Барысу кароў прыгнаць... (Выходзіць.)

Андрэй (зірнуўшы на гадзіннік). Ты і пра Барыса дрэнна гаварыў, а ён пазней за ўсіх нас трымае статак на пашы.

Косця. Адзін раз памыліўся. (Прыслухоўваецца.) Зноў гэтыя ведзьмы з'явіліся!

Набліжаюцца дзявочыя галасы, смех, брынканне гітары. За сцэнай здзекліва пяюць:

 

Дзеў-кі, дзе вы?

Ту-та, ту-та!

А маёй Марфуты

Няма ту-та?

 

Змеі! Падкалодныя змеі!

Уваходзяць Мальвіна і тры дзяўчыны з гітарамі.

Мальвіна. Дзеўкі, вы ўжо спіцё?

Першая дзяўчына. Не, яны сырадой п'юць, каб шчокі ружовыя былі!

Другая дзяўчына. І каб голас званчэйшы быў! ( Смех.)

Трэцяя дзяўчына. Дзеўкі, як ваш манастыр завецца? (Смех.)

Мальвіна. Ну што ж, дзяўчаткі, пачнём канцэрт для гераінь працы, праслаўленых даярак нашага калгаса?

Дзяўчаты (разам). Пачнём!

Мальвіна запявае прыпеўку, астатнія падхопліваюць.

Дзяўчаты.

 

Сохнуць бедныя каровы —

Ой, што з імі стала?

Паглядзелі на даярак —

Малако прапала!

 

Андрэй і Косця.

 

Не хадзіце гэтак горда

З песенькаю таннаю.

Прамачыце лепей горла

Свежаю смятанаю!

 

Дзяўчаты.

 

Ой, дзяўчаткі мае, ой,

Што рабіць з маёй бядой?

Змізарнеў зусім Андруша,

Піць не хоча сырадой!

 

Андрэй і Косця.

 

Дзе тут вып'еш сырадою

Пад частушку вашу ю?

Данялі яго нудою —

Стаў ён прастаквашаю!

 

Дзяўчаты.

 

Ха-ха-ха! Хі-хі-хі!

Носяць хлопцы хвартухі.

Скора будуць на спадніцы

Пераходзіць жаніхі!

 

Андрэй і Косця.

 

Наверх вы, товарищи, все по местам,

Последний нарад наступает:

Врагу не сдается наш гордый «Варяг»,

Пощады никто не желает!

 

Дзяўчаты.

 

Па надоях нашы хлопцы

На рэкорды цэляцца.

А падыдуць да дзяўчат —

Ні мычаць ні целяцца!

 

Косця (крычыць). Я не магу больш, Андрэй! Тут не песня, тут вадародная бомба патрэбна!

Косця хапае вялікую ламачыну і кідаецца да дзяўчат. Тыя з гоманам і піскам уцякаюць. Вяртаецца Косця з гітарай.

Андрэй. Што гэта?

Косця. Трафей!

Андрэй. Косця, трэба ж быць рыцарам!

Косця. Ат! Ведзьмаў у свой час спальвалі жыўцом на вогнішчы.

Андрэй. У той час, які ты маеш на ўвазе, першымі спалілі б нас як бунтаўшчыкоў супраць традыцый грамадства.

Косця. Ці іх, ці нас, але некага спаліць трэба абавязкова! Мірнае суіснаванне ў нас не атрымаецца!.. Для іх жа, дурніц, стараемся, і вось якая ўдзячнасць!

Андрэй. Нам яшчэ што! Вось Пятру Першаму сапраўды было цяжка.

Косця. А пры чым тут Пётр Першы?

Андрэй. Калі ён сілком прымушаў садзіць бульбу, былі цэлыя паўстанні. (Смяецца.)

Косця. А ідзі ты!..

За сцэнай рыкнулі каровы.

Андрэй. Нарэшце! Нешта забавіліся яны сёння. Можа, кароў паразгублялі?

Уваходзіць Арцём.

А Барыс дзе?

Арцём. Спіць.

Андрэй. Як спіць? Дзе?

Арцём. Звычайна. Каровам солі на траву насыпаў, каб не разыходзіліся. Яны стаяць і ліжуць. А ён спіць. Я пашкадаваў яго і не стаў будзіць.

Косця. Ну, чыя праўда, Андрэй? Гарбатага магіла выпрастае! Я не разумею, чаго мы цацкаемся з ім? Валаводзімся, угаворваем, выхоўваем, а навошта? Карысці з яго як з казла малака! Я прапаную выгнаць!

Андрэй (пасля паўзы). Мне таксама іншы раз хочацца яго турнуць, ды нельга...

Косця. Чаму нельга? Давай я, калі ты баішся!

Андрэй. Разумееш, калі б Барыс быў адзін... А то за ім уся вёска, мужчынская яе палавіна. А мы павінны ёй даказаць... (Паказвае на плакат над лагерам.)

Паўза.

Косця. Мабыць, ты і маеш рацыю... Але ж сіл няма глядзець, як ён куражыцца!..

Убягае Барыс. Ён замёрз і калоціцца як асінавы ліст. Расштурхаўшы хлопцаў, Барыс кінуўся да агню і падстаўляе цяплу то спіну, то жывот, то бок.

Ха! Мастак Іваноў — «З'яўленне Хрыста народу»!

Барыс. Значыць, не давяраеце мне? Чаму самі кароў пагналі? Вы да глыбіні душы зняважылі мяне такім недавер'ем! Хаця вам — што! Вам пакрыўдзіць чалавека— раз плюнуць! А яшчэ сябры, аднакласнікі, называецца!

Андрэй. Выспаўся?

Барыс. Хто?! Я?!. Жуль Верны! Майн Рыды, Вальтар Скоты!.. Трэба ж прыдумаць такое! Проста я вельмі задумаўся і не пачуў, як вы ўкралі кароў! Я спаў! Як толькі ў цябе язык павярнуўся сказаць такое?

Андрэй. Кінь крыўляцца! Арцём жа бачыў, што ты спаў!

Барыс. Ах, Арцём... Дарэчы, Арцём, калі ты аддасі мне доўг? Дзесяць рублёў на зямлі не валяюцца... Ну, дапусцім, я спаў. Дапусцім... А вы?! Бачыце, што ваш таварыш спіць на сырой зямлі, і не можаце разбудзіць яго? Калі заўтра мяне зваліць з ног радыкуліт, майце на ўвазе — гэта будзе цалкам на вашым сумленні.

Косця. Сціхні ты, гніда!..

Андрэй. Спакойна, Косця, спакойна.

Косця. Гэты пітэкантрап выцягнуў жылы!

Барыс. Вось іменна — спакойна. (Імітуючы А. Райкіна.) Асабісты спакой перш за ўсё.

Барыс нахабна разваліўся каля вогнішча, адпіхнуўшы Косцю.

Андрэй. Устань, Барыс. Мы будзем цябе судзіць.

Барыс (аж папярхнуўся ад смеху). Кхі-кхі-кхі! Не выйдзе! Самасуды ў нас забаронены. Гэта вам, паважаныя, не якая-небудзь Амерыка!..

Косця кінуўся да тонкай бярозкі і пачаў трэсці яе, наглядна дэманструючы свае пачуцці.

Барыс. Ах, ах, ах, які тэмперамент! Мексіка! Бразілія!

Андрэй. Уставай. Мы будзем судзіць цябе сваім судом, таварыскім.

Барыс. Лінчаваць будзеце, ці як?

Косця. Андрэй! Я не магу дыхаць адным паветрам з гэтай пачварай!

Барыс. Вольнаму — воля. Ідзі ў лес і дыхай там чыстым азонам.

Андрэй. Пойдзем у палатку, нам трэба параіцца.

Барыс. Мне, вядома, не ісці?.. Так, зразумела...

Андрэй, Косця і Арцём ідуць у палатку. Застаўшыся адзін, Барыс па чарзе падымае і грэе над кастром то адну, то другую нагу. Садзіцца і прыслухоўваецца да таго, што гавораць у палатцы.

Гэй, змоўшчыкі! Майце на ўвазе: я не Джардана Бруна! Засмажыць мяне на кастры вам не ўдасца! Не той час!.. (Прыслухоўваецца.) Езуіты! Інквізітары! Кампрычыкосы! Інвалідаў хочаце зрабіць з непаўналетніх.

З палаткі выйшлі Андрэй, Косця і Арцём. Па іх тварах можна здагадацца, што яны прыдумалі нешта вельмі арыгінальнае. Убачыўшы іх, Барыс паваліўся на калені і заенчыў.

Грамадзяне суддзі! Не судзіце мяне вельмі строга! Даруйце! Памілуйце! У мяне маленькія дзеткі! Я больш не буду-у-у! (Зрабіў выгляд, што заплакаў, выцірае слёзы.)

Андрэй. Барыс, мы не будзем цябе выганяць...

Барыс. Ну? А можа, усё ж выганіце?

Андрэй. Але ад работы мы цябе вызваляем...

Барыс (падхапіўшыся з зямлі). Што?

Андрэй. Больш таго— мы катэгарычна забараняем табе што-небудзь рабіць у нас... Мы бяром цябе на поўнае ўтрыманне, як хворага чалавека, як інваліда...

Барыс. Браточкі суддзі! Даражэнькія!.. Век не забуду вашае ласкі!

Выконвае бурны танец удзячнасці суддзям.

Заслона

 

Карціна чацвёртая

У лагеры ноч. Над лагерам вісіць устрывожаны месяц. У гамаку, звесіўшы босыя ногі, салодка спіць Барыс. З'яўляецца Дон Кіхот, заўважае ў гамаку Барыса.

Дон Кіхот. Т-с-с-с! Гэта ён! (Падыходзіць да гамака.) Так, гэта ён... Сеньёр Барыс, а сеньёр Барыс!

Барыс замармытаў, заварушыўся, але не прачнуўся. Дон Кіхот асцярожна паказытаў нагу Барыса кап'ём.

Барыс (усхапіўшыся). А? Што? Хто тут?

Дон Кіхот. Т-с-с-с! Гэта я...

Барыс. Хто — ты?

Дон Кіхот. Дон Кіхот...

Барыс. Гы-гы-гы! Які Дон Кіхот?

Дон Кіхот. Ламанчскі...

Барыс. Той самы? З рамана?

Дон Кіхот. Той самы...

Барыс. Гы-гы-гы! Ну і сон! Раскажы каму — не павераць! Ану, падыдзі бліжэй!

Дон Кіхот падышоў. Барыс нечакана тузануў яго за бараду. Дон Кіхот схапіўся за меч.

Дон Кіхот. Як загадаеце гэта разумець, сеньёр?

Барыс. Гы-гы-гы! Я думаў, яна адваліцца... Пачакай, пачакай! Ты ж памёр яшчэ ў шаснаццатым стагоддзі!

Дон Кіхот. Я ўваскрэснуў.

Барыс. Навошта?

Дон Кіхот. Каб абудзіць дух рыцара ў душы кожнага мужчыны.

Барыс. Гы-гы-гы! І з мяне ты хочаш зрабіць рыцара?

Дон Кіхот. І раней чым з каго-небудзь! А потым я адпомшчу за знявагу добрага імя Дон Кіхота!

Барыс. Мне? Калі ж я цябе зняважыў?

Дон Кіхот. Некалькі дзён назад вы мелі неасцярожнасць назваць мяне прыдуркаватым Дон Кіхотам.

Барыс. А хіба ты...

Дон Кіхот. Маю гонар паведаміць вам, сеньёр, што я ніколі не быў прыдуркаватым... Я быў чэсным і ад даным, высакародным і верным, абараняў слабых, заступаўся за тых, каго крыўдзілі...

Барыс. Гы-гы-гы! Ну і сон! (Паваліўся ў гамак і захроп.)

Дон Кіхот. Сеньёр Барыс, а сеньёр Барыс!

Барыс. Адчапіся, я спаць хачу!

Дон Кіхот. Гэта не вельмі далікатна з вашага боку. Мы яшчэ не скончылі размову...

Барыс. Каму сказаў — адчапіся? А то зараз як дам! (Брыкае нагой, адганяючы Дон Кіхота.) Гы-гы-гы!

Дон Кіхот (узняўшы рукі ўгору). О, мудрае неба! Навучы мяне, што рабіць з гэтым... нечалавекам!.. (Прыслухоўваецца і рыхтуе кап'ё.)

Асцярожна крадзецца Васілевіч.

Стой, ні з месца!

Васілевіч. Стаю, стаю, навошта ж крычаць?

Дон Кіхот. Хто ты, начны прыхадзень?

Васілевіч. Я брыгадзір тутэйшага калгаса, Васілевіч маё прозвішча, мо чулі? А ты хто? (Узнімае ліхтар і са здзіўленнем аглядае фігуру Дон Кіхота.)

Дон Кіхот. Дон Кіхот Ламанчскі.

Васілевіч. Вы з раённай самадзейнасці?

Дон Кіхот. Не, я з рамана.

Васілевіч. З Раманаўкі, што пад Віцебскам?

Дон Кіхот. Я з рамана Мігеля дэ Сервантэса Сааведры.

Васілевіч. А што вы тут робіце?

Дон Кіхот. Памагаю гэтым юнакам стаць рыцарамі.

Васілевіч. Гм... Скажыце, паважаны... а вам не здалося, што яны (жэст у бок палаткі) трошкі таго? (Пакруціў пальцам каля скроні.)

Дон Кіхот. Прашу прабачэння, сеньёр, я вас не зразумеў. Што значыць— «трохі таго»? (Пакруціў пальцам каля скроні Васілевіча.)

Васілевіч. Ну, што ў іх... Як вам сказаць?.. Што яны... Не зусім разумныя, трохі прыдуркаватыя... Самі пайшлі ў даяркі!

Дон Кіхот. Гэтыя рыцары самыя разумныя з усіх, каго я сустракаў у сваім жыцці! Яны хочуць, каб жанчына была ясным сонцам, прыгожай краскай, багіняй!

Васілевіч. Так... (Падазрона аглядае фігуру Дон Кіхота.) Ану, дыхні!

Дон Кіхот. Прабачце, сеньёр, я вас не разумею...

Васілевіч. Дыхні, дыхні! Вось так. (Хукае.)

Дон Кіхот хукае ў твар Васілевіча.

Хм... Дзіўна... Усё гэта, можа, і так... Але калі б іх нехта прымусіў, абавязаў, калі б ім патрэбны былі грошы, скажам, ну, не ведаю на што — на самалёт, на ракету, на падводную лодку, тады я зразумеў бы. А то самі! Добраахвотна! Без прымусу! Не разумею!

Дон Кіхот. Вось у гэтым і заключаецца ўся іх высакароднасць, што яны самі, без прымусу, абралі такі шлях... Няўжо вы хочаце, каб Дульцынеі Табоскія сталі рабынямі? Каб сонечны бляск іх вачэй пагаснуў яшчэ ў маладосці? Каб пяшчотныя рукі іх сталі падобнымі на абрэзаныя крылы птушкі, пасаджанай у няволю? (Хапаецца за меч.) Вы дзеля чаго з'явіліся сюды, таямнічы начны прыхадзень? Адказвайце або не сысці вам з гэтага месца, клянуся гонарам Дон Кіхота!

Васілевіч. Я нічога... Я з самымі лепшымі намерамі... Паглядзець, як яны тут... Сын тут у мяне.

Дон Кіхот. Хто ваш сын?

Васілевіч. Андрэй...

Дон Кіхот (падаючы перад Васілевічам на адно калена). О, прабачце, шаноўны сеньёр! Я схіляю сваю галаву перад вашай мудрасцю, перад вашым розумам. Даруйце, што я не магу ў гэты момант аказаць вам іншых знакаў глыбокай пашаны.

Васілевіч (паспешліва ўзнімаючы Дон Кіхота з каленяў). Што вы?! Што вы?! Чаму? За што?!

Дон Кіхот. У такога рыцара не можа быць дрэнны бацька! Гэта вы зрабілі яго такім высакародным!.. О, калі б у кожнага бацькі быў такі сын і ў кожнага сына такі бацька!

Васілевіч (сціпла). Вы, відаць, трохі перабольшваеце...

Дон Кіхот (горача). О, не, сеньёр, не!

З'яўляецца Кавалёнак.

Кавалёнак (здзіўлена). Васіль Пятровіч? І ты тут?

Васілевіч. Брыгадзіру трэба ўсё агледзець... За дзень ніяк не паспець, вось і прыходзіцца ўначы. А ты як сюды трапіў?

Кавалёнак. Прызнаюся чэсна: хвалююся за хлопцаў. Вялікую ж справу пачалі, на ўсю краіну... А гэта хто?

Дон Кіхот. Дон Кіхот Ламанчскі. З кім маю гонар '

Кавалёнак (працягваючы руку). Старшыня калгаса Кавалёнак. Па якіх справах да нас, таварыш Дон Кіхот?

Дон Кіхот. Па справах рыцарскай доблесці і высакароднасці, сеньёр старшыня.

Кавалёнак. Запушчаны ў нас гэты ўчастак, таварыш Дон Кіхот, вельмі запушчаны. Усё рукі не даходзяць: то сяўба, то праполка, то ўборка. Ды і ў зводкі гэта не ўваходзіць. Вось пачалі цяпер, гадуем сваіх рыцараў. Як яны тут?

Дон Кіхот. Усё ў парадку, сеньёр старшыня!

Кавалёнак. Вы нам можаце паказаць іх гаспадарку?

Дон Кіхот. Дон Кіхот да вашых паслуг, сеньёры!

Васілевіч (ужо выходзячы). Хто гэты дзівак?

Кавалёнак (таксама шэптам). Рыцар!..

Васілевіч (робячы выгляд, што зразумеў). А-а!..

Сцэна нейкі час пустая. Затым на яе з трох бакоў успаўзаюць загадкавыя істоты з невялікімі ліхтарыкамі ў руках.

Першая маці. Нікога...

Другая маці. Яны спяць...

Трэцяя маці. Т-с-с-с! Не разбудзіце іх!

Маці ўстаюць на ногі і аглядаюць лагер. Першая маці падыходзіць да гамака, дзе спіць Барыс, бярэ яго штаны і пяшчотна прыціскае да грудзей.

Першая маці. А сыночак мой маленькі, а што ж з табой зрабілі? І штонікі твае прахудзіліся...

Другая маці. Марына! Ты ж разбудзіш іх! Сціхні, тарабалка!

Трэцяя маці. Зараз світаць пачне. Хутчэй!..

Тры маці пачынаюць працаваць у ліхаманкавым тэмпе. Яны мыюць, шыюць, падмятаюць. Першая маці з вялізнага бутля апырсквае лагер адэкалонам. Працоўны рытм пераходзіць у бурны танец клапатлівых мам. Дзіка, скрозь сон зарагатаў Барыс. Маці заміраюць і асцярожна, на пальчыках, адыходзяць у цёмнае месца.

Першая маці. Беднае дзіцятка! Сэрцам пачула, што мама блізка, і ажно засмяялася. Можа, першы раз за ўсе гэтыя дні?..

Засмучоныя маці спяваюць калыханку:

 

Спіце, дзеткі-малалеткі,

Расцвілі вы, нібы }кветкі,

Ой, лю-лі, ой, лю-лі,

Нібы кветкі, расцвілі.

Мы для вас не спалі ночкі,

Гадавалі вас, сыночкі.

Ой, лю-лі, ой, лю-лі!

Толькі ў шчасці б вы былі.

Дык за што вас злая доля

Прывяла на гэта поле?

Ой, лю-лі, ой, лю-лі.

Ой, нашто вам мазалі?

Хіба мы пры нашай сіле

На руках вас не насілі?

Ой, лю-лі, ой, лю-лі.

Вы б жылі, як каралі!

 

Другая маці. Т-с-с-с!

Маці прыслухоўваюцца.

Трэцяя маці. Сюды нехта ідзе!

Маці бяруць ліхтарыкі, кладуцца зноў на зямлю і нячутна, як здані, выпаўзаюць. З'яўляецца Дон Кіхот.

Дон Кіхот. Дон Кіхоту трэба быць больш рашучым! (Ён падышоў да гамака і досыць бесцырымонна штурхнуў Барыса кап'ём.) Уставай, сеньёр! Сёння я павінен вырашыць твой лёс.

Барыс (прыўзняўшы галаву). Зноў ты, стары грыб, чэпішся да мяне? Згінь! Рассыпся! Цур! Цур!..

Дон Кіхот (уладна). Устань, калі з табой размаўляе Дон Кіхот.

Барыс спалохана ўскочыў і падцягнуў трусы.

Барыс (плаксіва). Што табе трэба? Чаго ты прыстаў да мяне?

Дон Кіхот. Вось табе мая рыцарская пальчатка! (Кідае ў твар Барыса пальчатку.)

Барыс. Навошта яна мне? Я пальчаткі не калекцыянірую. (Кідае пальчатку назад Дон Кіхоту.)

Дон Кіхот. Я выклікаю цябе на паядынак, о, дармаед, не варты імя чалавека! (Зноў кідае пальчатку Барысу.)

Барыс. На дуэль? Гы-іы-гы! Ты ж не маеш права выклікаць мяне на дуэль!

Дон Кіхот. Гэта чаму ж?

Барыс (зларадна). Таму, што я не рыцар! А ты маеш права біцца толькі з рыцарамі! (Кладзецца ў гамак.) Каціся адсюль, стары, і не перашкаджай мне спаць!

Дон Кіхот (разважае). Раней я звычайна даручаў такія справы майму вернаму Санча Панса. Але бедны Санча Панса застаўся там. (Паказвае на зямлю.) Яго не пусцілі падземныя духі... Што ж рабіць? Няўжо адступіцца? (Становіцца на калені і ўзнімае рукі ўгару.) О, даруй мне, міласэрнае неба! Я адзіны раз паступлюся правіламі рыцарскіх турніраў у імя святой мэты павелічэння рыцарскага воінства!.. Я ведаю, ты даруеш мне, неба...

Дон Кіхот узняўся з каленяў і з асалодай ударыў Барыса кап'ём.

Той спалохана ўскінуўся.

Барыс. Ты што, стары, з глузду з'ехаў? Мне ж балюча!

Дон Кіхот. Абараняйся, няшчаснае семя чартапалоху! Абараняйся, кажу табе!

Барыс забег за гамак і заспяваў малітву.

Барыс. Аве Ма-рыя! Аве Ма-рыя!

Дон Кіхот. Табе не дапаможа малітва!

Дон Кіхот узняў меч і рынуўся на Барыса. Барыс некалькі разоў абабег гамак, спыніўся і ўшчыкнуў сябе за бок.

Барыс. Ой, баліць!

Дон Кіхот. Зараз ты не тое адчуеш, сын шакала і лісіцы! (Дон Кіхот неспадзявана скочыў і злавіў Барыса. Ён зашчаміў яго галаву паміж каленяў і ўзняў меч.) Не! Я не буду паганіць аб цябе рыцарскую зброю! (Адкінуў меч і зняў з сябе шырокі пояс.) Прымі ж, няўдалае падабенства мужчыны, блаславенне Дон Кіхота!

Барыс. Аве Ма-ры-я! Аве Марыя!.. Ой! Ой! За што? За што?

Дон Кіхот. За тое, што не хочаш быць сапраўдным мужчынам! За тое, што не падтрымліваеш сяброў! За тое, што здраджваеш ім!.. За тое, што не прызнаеш Дон Кіхота!.. За тое, што не хочаш стаць рыцарам!

Барыс. Я ж не ведаю, як ім стаць! Мяне ж ніхто гэтаму не вучыў!

Дон Кіхот. Ага! Прарэзаўся голас мужчыны!.. Я дарую табе жыццё. Але зараз ты мусіш даць мне клятву... На калені! На калені, кажу! Адну руку да сэрца, а другую ўверх!.. Вось так. Цяпер паўтарай услед за мной... Клянуся...

Барыс. Клянуся...

Дон Кіхот. ...быць сапраўдным мужчынам, мужчынам-рыцарам.

Барыс. ...быць сапраўдным мужчынам, мужчынам-рыцарам.

Дон Кіхот. ...ніколі не здраджваць сябрам...

Барыс. ...ніколі не здраджваць сябрам!

Дон Кіхот. Рабіць заўсёды тое, што табе не хочацца!

Барыс. Рабіць заўсёды тое, што табе не хочацца...

Дон Кіхот. Што табе! Табе не хочацца.

Барыс (пакорліва). Што мне не хочацца.

Дон Кіхот на пальчыках адышоў назад і знік.

Што далей гаварыць? (Не пачуўшы адказу, Барыс асцярожна павярнуў галаву спачатку ў адзін бок, потым у другі.) Гэй... Гэ-эй! Што за д'ябальшчына?.. Быў ці не быў Дон Кіхот?.. Сплю я ці не сплю? Быў ці не быў? (Гадае на пальцах. Пальцы паказваюць, што ніякага Дон Кіхота не было.) Гы-гы-гы! Не было! Сплю! Сплю!..

Заслона

 

Частка другая

 

Карціна пятая

У лагеры адбыліся істотныя змены. Каля палаткі стаіць слуп з электрычнай лямпачкай. Пад павеццю з'явіліся тэлевізар і газавая пліта з балонам.

Прыбавілася трафеяў і ў Косці. На дрэвах вісяць чатыры гітары, тры балалайкі, дзве мандаліны і нават невялікі бубен. Уваходзіць Барыс. На ім кароткія тэнісныя шорты, пляжная панама і цёмныя акуляры ад сонца.

Барыс (спявае).

 

Напінацца, жылы рваць —

Не ў маім характары.

Ці ж я дурань працаваць?

Хай працуюць трактары.

Ой-я-я, ой-я-я,

Пражыву без працы я.

Я сучасны чалавек,

Буду надрывацца я.

Ёсць ударнікі ў наш век

Плюс механізацыя,

Электрыфікацыя,

Спецыялізацыя,

Нават хімізацыя.

Ой-я-я, ой-я-я,

Дык нашто на працы я?

Хай камсорг мяне кляне,

Дармаедам клікае,

Толькі б далі лыжку мне

Самую вялікую.

Ой-я-я, ой-я-я,

Паказаў бы працу я!

 

(Склаўшы рукі накшталт падзорнай трубы, глядзіць у лес.) Косця! Хто ж так карову доіць? Ты не тузай! Не тузай! Адарвеш вымя — штаноў на штраф не хопіць... Арцём! А ты вымя ёй мыў? Каровы любяць мыла «Кармэн», ты гэта ўлічы!.. Ці доўга вы там будзеце валаводзіцца? Голадам замарыць мяне хочаце? (Кладзецца ў гамак.) Страшна есці хочацца! (Падхапіўся, сеў і ўспамінае начныя прыгоды.) Што? Не... Мне ж зусім не хочацца есці! (Засмяяўся, што прыдумаў, як на ўсякі выпадак ашукаць Дон Кіхота.) Ну, вядома! Вядома, я не хачу есці! Я страшна не хачу есці і таму павінен, абавязан есці! Клятва ёсць клятва. Гы-гы-гы! (Задаволена пацірае рукі.)

На паляну выходзяць Андрэй, Арцём і Косця. Яны здымаюць белыя халаты і садзяцца за стол. Барыс хуценька далучачаецца да іх.

Арцём (наліваючы талеркі). Сёння ў нас на першае боршч з мясам.

Барыс. Ці мылі вы рукі? А то ў мяне апетыт псуецца, калі побач каровай пахне!

Косця пагрозліва паднёс да яго носа кулак. Барыс абнюхаў яго і чмыхнуў.

Не, нічога, чыстыя... Чаму ў маёй талерцы так мала мяса? Хочаце, каб я на вашай дыеце дуба даў?

Косця. У цябе столькі ж, колькі ў кожнага з нас!

Барыс (сварліва). А я кажу, што ў мяне менш!

Косця моўчкі выцягнуў са сваёй талеркі кавалак мяса і пераклаў яго ў талерку Барыса. Тое ж самае зрабілі Андрэй і Арцём.

Барыс. Вось цяпер у самы раз. Дзякую! (Есць з вялікім апетытам.)

Косця. Еш, еш, толькі не падавіся!

Барыс. Ну, навошта ж так? Спачатку аддаў, а цяпер папракаеш! Я магу і вярнуць, калі ты даў не ад чыстага сэрца...

Косця. Ад чыстага, еш...

Барыс (стукнуўшы сябе па шчацэ). Праклятыя камары! Паесці спакойна не дадуць!

Андрэй. Арцём, адбарані!..

Арцём стаў за спіной Барыса і адганяе ад яго машкару галінкай.

Барыс. Даўно б маглі здагадацца! А то ў вас заўсёды на першым плане скаціна, а потым ужо жывы чалавек.

Косця выскачыў з-за стала і, падбегшы да штаноў Барыса, развешаных на вяроўцы, некалькі разоў, як баксёр, ударыў іх кулаком. Зрабіўшы гэта, ён зноў сеў за стол і працягвае есці.

Барыс. А вось у Італіі, кажуць, вакол футбольнага поля кладуць мяшкі з пяском і пішуць на іх — «арбітро», суддзя, значыць. Балельшчыкі, калі ім не падабаецца суддзя, падбягаюць і б'юць мяшкі нагамі. Усё ж нейкае маральнае задавальненне. Здорава прыдумана, праўда?

Убачыўшы, што хлопцы ўстаюць з-за стала, Барыс заспяшаўся, схапіў талерку і даядае на хаду, стоячы.

Андрэй. Чыя чарга сёння малако адпраўляць?

Косця. Мая...

Андрэй. Знойдзеш нас каля Крутога віру. Пакупаемся трохі.

Барыс. Ой! (Абхапіўшы рукамі плечы, пачынае маўклівую пантаміму.)

Андрэ й. Чаго ты корчышся?

Косця. Вядома, чаго — аб'еўся!

Барыс. Цынікі!.. «Аб'еўся»! Гэта ж я так сам з сабой змагаюся. Мне не хочацца ісці купацца, а я прымушаю сябе ісці.

Андрэй. Якая толькі дурасць не лезе ў галаву ад гультайства!

Усе выходзяць. Застаўшыся адзін, Косця прыбірае са стала, мые посуд. Чуваць, як пад'язджае Мальвіна. Пачуўшы яе голас, Косця спалохана замірае, а потым кумільгом ляціць у палатку... Праз хвіліну ён выходзіць адтуль у самым нечаканым убранні. На ім адзеты квяцісты сарафан — падарунак Мальвіны. Сарафан кароткі, вышэй каленяў... Косця мые посуд і спявае высокім жаночым голасам.

Косця.

 

Ой, хороша я, хороша,

Да плохо одета!

Никто замуж не берет

Девушку за это!

 

Уваходзіць Мальвіна. Убачыўшы Косцю, яна аслупянела. Косця ж робіць выгляд, што нічога но бачыць і не чуе.

Никто замуж не берет

Девушку за это!

Мальвіна абышла Косцю і спынілася перад ім.

Мальвіна. Гэта... ты?

Косця. А-а, Мальвіна! Прывітанне! Так, гэта я. А што, хіба не пазнаеш?

Мальвіна. Не так проста пазнаць... І часта ты яго надзяваеш?

Косця. Чаму — часта? Кожны дзень. Цудоўная рэч! Не горача, і ветрык вакол гуляе. Вентыляцыя!

Мальвіна (просіць). Паслухай, Косця... Аддай мне яго... Я больш не буду.

Косця. Выхаваныя людзі ніколі не патрабуюць назад сваіх падарункаў. Гэта... не па-рыцарску!

Мальвіна. Косця, я пагарачылася... Аддай!

Косця. Нічога ты не пагарачылася. Я за ўсё сваё жыццё не атрымліваў больш практычнага падарунка. Я вельмі цаню твой густ.

Мальвіна. Няўжо ты такі дурны, што не разумееш?

Косця. Ага, дурны, не разумею... Чаго не разумею?

Мальвіна. Гэта ж непрыстойна! Тут хлопцы вакол. Уяўляю, як яны пацяшаюцца!

Косця. Якія хлопцы? Што ты выдумляеш? Тут жа адны дзяўчаты. Амазонкі! Ты ж сама казала...

Мальвіна. Косця... Я прашу цябе... Вельмі прашу...

Косця. І не прасі. Падарунак — ёсць падарунак.

Мальвіна. Ну, Косця, ты яшчэ пашкадуеш! (Выбягае.)

Косця.

 

Кричали женщины «ура!»

И в воздух чепчики бросали.

 

Уваходзіць Барыс.

Усё, спектакль закончыўся, акцёры могуць разгрыміравацца. (Выходзіць, на хаду здымаючы сарафан.)

Барыс (напявае).

 

Напінацца, жылы рваць —

Не ў маім характары.

Ці ж я дурань працаваць?

Хай працуюць трактары.

Ой-я-я, ой-я-я,

Пражыву без працы я!

 

А ўсё ж быў ці не быў Дон Кіхот? А што, калі быў?.. Дык быў ці не быў? Звар'яцець можна!..

Набліжаецца гук матацыкла... Уваходзіць Юлька, здымаючы шафёрскія пальчаткі.

Юлька. Салют!

Барыс. Здароў...

Юлька. А дзе астатнія?

Барыс. Купаюцца. Чысціня — залог здароўя.

Юлька. А ты чаму не ў іх кампаніі?

Барыс. Я?.. Я... дзяжуру.

Юлька абыходзіць лагер.

Юлька (паказваючы на інструменты). Весела жывяце!

Барыс. Ага... Весела і багата. Што ні ноч, то трафей.

Юлька. Больш не прыбавіцца.

Барыс. Што, балалайкі скончыліся?

Юлька. Не, старшыня размову меў з дзяўчатамі... Якія абавязкі дзяжурнага?

Барыс. Якія абавязкі? Ах, абавязкі!.. Ну, гэта... як яго... Ну, абавязан рабіць усё, што трэба.

Юлька. А што трэба?

Барыс. Што ты да мяне прычапілася? Не ведаеш хіба, што павінен рабіць дзяжурны?

Юлька. І абед ты павінен гатаваць?

Барыс. Які абед? А!.. Ну, вядома! Вось як толькі ты паедзеш, я адразу ж закасаю рукавы...

Юлька. Глядзі ты! Так, чаго добрага, і чалавека з цябе зробяць!

Барыс. Здзекавацца з мяне прыехала?

Юлька. Давай я табе памагу.

Барыс. Што?.. Не, не трэба! Ведаю я цябе: раз паможаш, а два гады папракаць будзеш!

Юлька. Не буду.

Барыс. Каціся адсюль! Не сунь носа, куды не просяць!

Юлька (не зважаючы на яго, завіхаецца каля пліты). Вы не мылі гэтыя каструлі цэлы год! Дзіўлюся, як вас не зваліў яшчэ брушны тыфус... Чаго ты стаіш як статуя?

Барыс. А што я павінен рабіць?

Юлька. Па ваду ідзі! Ды варушыся трохі жвавей!

Барыс. Нікуды я не пайду!

Юлька. Як гэта не пойдзеш?

Барыс. А вось так, прынцыпова не пайду.

Юлька. Ты ж дзяжурны!

Барыс. Ат! Яшчэ надзяжуруся за свой век. Усё жыццё наперадзе.

Юлька. Лайдак ты! Буржуй!.. (Бярэ вёдры і выходзіць.)

Барыс (крычыць услед ёй). Не ўсім жа быць рабацягамі! Каго б вы з Андрэем тады выхоўвалі! (Кладзецца на санцапёку, загаляе жывот і падстаўляе яго сонцу.)

 

Я — сучасны чалавек,

Буду надрывацца я!

Ёсць ударнікі ў наш век

Плюс механізацыя,

Электрыфікацыя,

Спецыялізацыя,

Нават хімізацыя!

Ой-я-я, ой-я-я,

Дык нашто ж на працы я?

 

І раптам апошнія словы заміраюць на яго вуснах. На твары Барыса непадробная жудасць. Ён страсянуў галавой, нібыта праганяючы ад сябе страшны сон, але сон не знік. Нібы якая спружына раптам распластала яго на зямлі. Барыс вужом папоўз у палатку. Уваходзіць Дон Кіхот, набліжаецца да палаткі.

Дон Кіхот. Сеньёр Барыс, а сеньёр Барыс! (Паўза. Ліхаманкава калоціцца палатка.) Я ж ведаю, што ты тут. Выходзь, сеньёр Барыс, а то горш будзе.

Барыс (з палаткі, тоненькім ад страху голасам). Хто там?

Дон Кіхот. Цябе выклікае Дон Кіхот Ламанчскі.

Барыс выпаўзае з палаткі ні жывы ні мёртвы.

Ну, адказвай, сеньёр Барыс, як ты выконваеш клятву, дадзеную Дон Кіхоту?

Барыс. Я... я... Стараюся...

Дон Кіхот. Стараешся?

Барыс. Ага, стараюся... Толькі яны...

Дон Кіхот. Хто — яны?

Барыс. Хлопцы...

Дон Кіхот. Што — хлопцы?

Барыс. Перашкаджаюць...

Дон Кіхот. Перашкаджаюць выконваць клятву?

Барыс. Ага, перашкаджаюць...

Дон Кіхот. Каго ты хацеў ашукаць?

Барыс. Я? Калі?

Дон Кіхот. А вось тады! (Абхапіўшы плечы рукамі, паказвае, як «змагаўся» Барыс сам з сабой перад тым, як ісці на рэчку.) Мо скажаш, не было гэтага? Ты хацеў ашукаць Дон Кіхота?

Барыс (паваліўся ў ногі Дон Кіхоту). Даруйце, я больш не буду! Ніколі не буду! Праваліцца мне на гэтым месцы!

Дон Кіхот. Устань, няшчасны! Не словамі, а справамі даказвай сваю вернасць Дон Кіхоту!

Барыс. А якой... справай?

Дон Кіхот (азірнуўшыся). Парадак навядзі, якому належыць быць у лагеры рыцараў!

Барыс мітусіцца па лагеры, наводзячы парадак. Дон Кіхот садзіцца на крэсла, з задаволенай усмешкай назіраючы за Барысам. Барыс забег у палатку і выскачыў адтуль з будзільнікам у руках. Падставіўшы будзільнік ледзь не да самага вуха Дон Кіхота, пераганяе стрэлкі. Будзільнік грыміць, як буйнакаліберны кулямёт.

Дон Кіхот (спалохана падхапіўшыся). Што такое?

Барыс (ачмурэла гледзячы то на будзільнік, то на Дон Кіхота). А? Што?

Дон Кіхот. Я пытаюся, у чым справа?

Барыс. Гэта... Гэта я так гуляю...

Дон Кіхот. Гм... Дзіўныя гульні... Куды пайшла твая сястра?

Барыс. Юлька? Па ваду пайшла.

Дон Кіхот. Па ваду! І ты мусіў адпусціць яе?! О, які сорам! Якая ганьба!

Барыс. Я не мог даць рады. Я не пускаў, прасіў, маліў. А яна вырвалася ад мяне і пабегла. Вы яшчэ не ведаеце гэтай Юлькі! У яе такі характар: калі што ўдумае — абавязкова свайго даб'ецца.

Дон Кіхот. Бяжы хутчэй і вярні яе. На крылах ляці! Вады сам прынясеш...

Барыс стрымгалоў кінуўся выконваць загад.

О, вы, нікчэмныя стварэнні, што называеце сябе мужчынамі! Чаму не разарвецца ад сораму ваша чэрствае атлусцелае сэрца? Чаму вам не хочацца памерці ад такой ганьбы? О, людзі, людзі! Што сталася з вамі без Дон Кіхота!

Уваходзіць Юлька.

Юлька (дзівячыся). Нічога не разумею. То не прагнаць было, а то выхапіў вёдры і паляцеў як вар'ят. Цуд. Сумленне ў ім загаварыла, ці што?

Дон Кіхот. На жаль, не, паважаная сеньёра. Не сумленне, а страх.

Юлька (здзіўлена). Прабачце, хто вы? Як вы сюды трапілі?

Дон Кіхот. Дазвольце прадставіцца, шаноўная сеньёра. Вы бачыце перад сабой Дон Кіхота Ламанчскага. Загадвайце, о багіня, і я не пашкадую жыцця, каб задаволіць любое ваша заданне.

Юлька. Як? Вы сапраўдны Дон Кіхот?

Дон Кіхот. Так, сеньёра, сапраўдны, наколькі можа быць сапраўдным чалавек, які вярнуўся з таго свету.

Юлька. Значыць, вы ўваскрэслі?

Дон Кіхот. Хіба мог я заставацца на тым свеце, калі гэты свет коціцца ў бездань без рыцараў?.. Я ўваскрэснуў, каб абудзіць у людзях высакародны дух рыцарства! Я ўваскрэснуў, каб сабраць пад свае штандары аднадумцаў і аб'явіць бязлітасную вайну тым заганам, якія перашкаджаюць чалавеку быць чалавекам!

Юлька (у захапленні). Гэта ж цудоўна, сеньёр Дон Кіхот, што вы ўваскрэслі! Гэта ж проста цудоўна! Вось вам мая рука!

Дон Кіхот. О, высакародная Дульцынея Табоская! (Апускаецца перад Юлькай на адно калена і з найвялікшай пачцівасцю бярэ яе руку.) Прыміце маю шчырую ўдзячнасць... (Схіляецца і хоча пацалаваць ёй руку.)

Уваходзіць Барыс. Ён ужо на грані вар'яцтва: Дон Кіхот не знік, ён размаўляе з Юлькай!

Дон Кіхот (убачыўшы Барыса). І ты, касалапы мядзведзь, хацеў, каб гэтыя пяшчотныя пялёсткі ружы (паказвае рукі Юлькі) цягалі ваду, даілі кароў?.. Гэтымі рукамі трымаць сонца, упрыгожваць зямлю дзівоснымі краскамі, дарыць людзям радасць!

Юлька (зрабіўшы велічны жэст каралеўны, загадала). Прынясі яшчэ!

Дон Кіхот. Ты чуеш, неслух, што загадала Дульцынея Табоская? Прынясі яшчэ і наогул — рабі ўсё, што яна загадае.

Барыс паспешліва вылівае ваду з вёдраў у бітон і зноў бяжыць на рэчку, спатыкаючыся і ледзь не падаючы.

Юлька (услед Барысу). Асцярожней, ёлупень!

Дон Кіхот. О, не, не кажыце такіх слоў, паважаная сеньёра! Вашы вусны створаны для таго, каб дзівіць людзей гукамі чароўных песень! Вашы вушы створаны для музыкі. Так, так, для музыкі! (Выцягвае руку і ў руцэ яго аказваецца электрычная гітара. Ён уключае яе ў разетку на слупе і пачынае спяваць.)

 

Там, дзе сцяна крутая,

Там, дзе кіпіць работа,—

Кожны на свеце знае:

Нельга без Дон Кіхота!

Там, дзе глухмень лясная,

Там, дзе вятры і слота,—

Кожны на свеце знае:

Нельга без Дон Кіхота!

Там, дзе любоў кранае

Сэрца тваё пяшчотай,—

Кожны на свеце знае:

Нельга без Дон Кіхота!

Там, дзе сяброў яднае

Справа адна і турбота, —

Кожны на свеце знае:

Нельга без Дон Кіхота!

 

Прыкладна з другога куплета Юлька пачынае падпяваць Дон Кіхоту. Уваходзіць Барыс з вёдрамі. Юлька моўчкі, уладным жэстам пасылае яго па ваду ў трэці раз.

Дон Кіхот. Вы спяваеце лепш за ўсіх жанчын на свеце! Як бедны Дон Кіхот можа даказаць вам сваю адданасць? Што зрабіць для вас?

Юлька. Для мяне? Мне нічога не трэба. У мяне ўсё ёсць...

Дон Кіхот. Няўжо ў вас няма ніякага жадання?

Юлька. Пачакайце... Ёсць жаданне! Сеньёр Дон Кіхот, вы можаце памірыць двух чалавек?

Дон Кіхот. Хто гэтыя людзі, шаноўная сеньёра?

Юлька. Мае сябры. Іх завуць Косця і Мальвіна.

Дон Кіхот. Вашы сябры — мае сябры. Хто пасварыў іх?

Юлька. Ніхто... Мальвіна... Як вам лепш сказаць?.. Ну, Мальвіна не хоча, каб Косця быў тут. Яна лічыць, што каровы — гэта ніжэй мужчынскага гонару!

Дон Кіхот. О, святое неба! Дзе яна! Я зараз жа павінен сказаць ёй, што яна глыбока памыляецца!

Юлька. Яна недзе тут. Я зараз яе пашукаю.

Дон Кіхот. О не! Я сам! Я сам знайду яе!

Дон Кіхот знікае. Застаўшыся адна, Юлька зрабіла некалькі паважных поз, каралеўнай прайшлася па лагеры.

Юлька (летуценна). Дульцынея Табоская!.. Ніхто мяне яшчэ так не называў... А што? А чаму і не? Юль-ка, Юль-ка... Дуль-цы-не-я Та-бос-кая! Як гучыць!

Уваходзіць Мальвіна.

Ты?

Мальвіна. А хто ж яшчэ?

Юлька. Ты нікога зараз не сустрэла?

Мальвіна. А каго я павінна была сустрэць?

Юлька. Ты разумееш, Мальвіна, уваскрэснуў Дон Кіхот!

Мальвіна. Ты што? Трызніш?

Юлька. Чэснае слова! Ён толькі што быў тут... Ён называў мяне Дульцынеяй Табоскай і стаяў перада мной на каленях!..

Мальвіна. Стаяў на каленях?

Юлька. Больш таго! Ён спяваў для мяне песню і нават пацалаваў руку!.. Не, Мальвіна, усё-такі цікавей было жыць у час рыцараў.

Мальвіна. Пачакай, пачакай... (Паўза.) Ты праўду кажаш, што ён стаяў перад табой на каленях?

Юлька. Няўжо ты думаеш, я буду маніць?

Мальвіна. І... руку цалаваў?

Юлька. Ага, вось гэтую... Ён назваў мае рукі пялёсткамі ружы!

Мальвіна. Цяпер мне ўсё ясна... А перада мной такім ідэйным прыкідваўся!

Юлька. Значыць, і ты яго бачыла?

Мальвіна. Мела такое шчасце. Толькі не ў вобразе Дон Кіхота, а...

Юлька. Ён пайшоў цябе шукаць. Я даганю яго!.. (Выбягае.)

Мальвіна. Пачакай, не трэба!.. (Застаўшыся адна.) Не, няхай прывядзе... Ну, Касцючок, зараз я табе выдам. Перада мной у спадніцы ходзіш, а перад Юлькай Дон Кіхотам!.. Аркадзь Райкін знайшоўся! Ну, нічога... Мы таксама не памром! У нас таксама свой гонар ёсць!..

Уваходзіць Косця.

Косця. Ты яшчэ тут?

Мальвіна. Не чакаў мяне ўбачыць? Думаў, што тут хто-небудзь іншы. Значыць, на калені перад ёй становішся, Дульцынеяй абзываеш?

Косця. Ты пра што гэта?

Мальвіна. Артыст! Умееш пусціць туман у вочы! Хто б мог падумаць. Такой авечкай увесь час прыкідваўся!..

Косця. Што табе ад мяне трэба?

Мальвіна. Косця... Яна табе падабаецца? Толькі чэсна...

Косця. Хто падабаецца?

Мальвіна. Будзь ты хоць адзін раз чалавекам! Не прыкідвайся!

Косця. Ты ад гарачыні пачала загаворвацца ці проста так?

Мальвіна. Не крыўляйся, Дон Кіхот саламяны! Яна ж мне ўсё расказала!

Косця. Хто расказала? Што расказала?

Мальвіна. Юлька! Як ты перад ёй на каленях стаяў і ручкі ёй цалаваў! Знайшоў каму ручкі цалаваць!.. Ніколі б не падумала, што ты такі адважны!

Косця (спалохаўшыся не на жарт). Што ты вярзеш? Што з табой? Мальвіна?

Мальвіна. Не бойся, я не буду пісаць пісьмо ў маладзёжную газету: «Чаму К. не кахае М.?»

Косця. Хто з нас вар'ят — ты або я?

Мальвіна. Відаць, я... Не разгледзела цябе своечасова.

Уваходзяць Юлька і Дон Кіхот. Убачыўшы Дон Кіхота, Мальвіна пачала паволі апускацца на зямлю.

Дон Кіхот. Гэта і ёсць тая Мальвіна?

Мальвіна (ціха). Косця... Дай мне вады...

Заслона

 

Карціна шостая

Тая ж самая дэкарацыя, што і ў папярэдняй карціне. Каля пліты гаспадарыць Арцём. На ім белыя кухарскія фартух і каўпак. Ён не ўпраўляецца і кідаецца то памешваць у каструлях, то мыць бітоны.

Уваходзіць Барыс з вялікім букетам кветак. На галаве ў яго, як у караля Ліра, маляўнічы вянок, другі, яшчэ большы, вянок вісіць на шыі.

Куплеты і танец гультая. Танец яўна нагадвае твіст. Выканаўшы танец, Барыс разлёгся ў гамаку і з іранічнай усмешкай назірае за Арцёмам, які мітусіцца па лагеры.

Барыс. Дарма са скуры вылузваешся! Ад іх «дзякуй» не дачакаешся. Разарвешся на дзве палавіны, скажуць — чаму не на чатыры? Ну, Андрэй, для мяне справа ясная... Ён створаны самім лёсам, каб быць старшынёй калгаса. У яго мёртвая хватка! А табе навошта?..

Барыс ледзь не падавіўся апошнім словам і падскочыў у гамаку... Непадалёку ад яго, склаўшы на грудзях рукі, стаіць Дон Кіхот. У яго поглядзе пагарда і пагроза адначасова. Барыс закрыў вочы рукамі, затрос галавой... Калі ён адкрыў вочы, Дон Кіхот ужо знік. Барыс асцярожна агледзеўся...

Барыс. Паслухай, Арцём... Ты нікога зараз не бачыў?

Арцём зняў акуляры, працёр іх і зноў надзеў.

Арцём. Не, не бачыў. А што?

Барыс. Ды так, нічога... (Устаў, старанна агледзеў, нават панюхаў тое месца, дзе толькі што стаяў Дон Кіхот.) Цуд! Няўжо быў?.. Арцём, ты неяк казаў, што хочаш спаць на свежым паветры...

Арцём. У мяне гамака няма.

Барыс. Я ўступлю табе свой і перайду на тваё месца ў палатку. Разумееш, горла ў мяне... Танзіліт. (Хрыпіць.) Во, бачыў...

Арцём. Дзякуй, ты мяне вельмі выручыў!

Барыс. Няма за што!.. Ведаеш, як здорава спіцца на свежым паветры! А якія цудоўныя сны сняцца!

Арцём. Калі памяняемся?

Барыс. Ніколі не адкладвай на заўтра, што можна зрабіць сёння. Зараз я збяру свае манаткі...

Барыс пачынае збіраць сваю пасцель і раптам спыняецца ўражаны. На яго твары разгубленасць і жудасць: ён убачыў пальчатку Дон Кіхота.

Паслухай, Арцём... Увогуле, ты неблагі хлопец... Так і быць, гатуй абед, а бітоны я вазьму на сябе...

Арцём ужо хацеў згадзіцца, ужо ўдзячна ўсміхнуўся, а потым, успомніўшы прыгавор, вынесены Барысу, уздыхнуў.

Арцём. Табе нельга.

Барыс. Чаму?

Арцём. Ты ж ведаеш... Табе нельга працаваць... Ты лепш адпачывай.

Барыс. Гумарыст! Алег Папоў! Марсель Марсо!.. Ну, ладна, давай, а то і перадумаць магу! (Ступіў ў напрамку да бітонаў, але Арцём загарадзіў яму дарогу.)

Арцём. Ты, калі ласка, прабач... Я не магу... Не маю права.

Барыс. Дурань ты! Мне проста шкада цябе. Непрыемна глядзець, як ты тут рысаком гарцуеш. Давай!

Арцём. Не маю права... Прыгавор.

Барыс. Чудзік валасаты! Яны ж не дазнаюцца.

Арцём. Не маю права...

Барыс. Зарадзіў адно, як попка: «Не маю права! Не маю права!» Ну, як хочаш, алкаголік! Няхай мне горш будзе.

Арцём (разгублена, ледзь не плачучы). Я не алкаголік!

Барыс. А чаму ад цябе так часта спіртам пахне? Думаеш, я не заўважыў?

Арцём (спалохана азірнуўшыся). Барыс... Не трэба! Я не п'ю спірт.

Барыс. Толькі нюхаеш? Ха-ха! Так я табе і паверыў! Зрэшты, гэта твая асабістая справа. (Зноў ступіў да бітонаў.) Давай...

Арцём (загарадзіўшы бітоны). Не магу... Прыгавор... Нельга...

Барыс. Ну, пачакай, алкаголік!

Ён зноў лёг у гамак, але ранейшага безмяцежнага спакою ў яго ўжо няма. Рука яго наткнулася на пальчатку Дон Кіхота. Барыс адразу ўскочыў і шукае вачыма: што б такое зрабіць? Позірк яго спыніўся на дзірцы ў палатцы.

Гаспадары, называецца! Пойдзе дождж, дык месца сухога не будзе!

Зняў вянкі, узяў у палатцы іголку з ніткай і старанна зашыў прарэху. Зноў палюбаваўся сваёй работай і вярнуўся ў гамак. Уваходзяць Андрэй і Косця. Яны здымаюць халаты і праходзяць да стала. Убачыўшы іх, Барыс хуценька надзеў вянкі і прыняў незалежны выгляд.

Арцём (вінавата). У мяне яшчэ не гатова.

Андрэй. Пацерпім, не памром... (Ідзе ў палатку і заўважае зашытую дзірку.) Ты, Арцём, зашыў?

Арцём. Не, не я...

Андрэй. А хто?

Барыс. Ну, я зашыў. Хіба не ўсё роўна — хто зашыў ?

Андрэй. Косця, дай ножык...

Косця моўчкі падаў ножык. Андрэй паласнуў ножыкам па шве і зрабіў яшчэ большую дзірку. Барыса гэта ўразіла настолькі, што ён нават не скеміў, што сказаць. Апамятаўшыся, зрабіў выгляд, што яму вельмі смешна.

Барыс. Ха! Ха! Ха! Гумарысты! Сатырыкі! Хай мне будзе горш!

Зняў з дрэва гітару і заспяваў куплеты гультая. Андрэй знік у палатцы.

Косця.

«Играй, играй, моя гармошка,

Катись, катись, моя слеза!»

Барыс. Ідзі ты!.. (Спахапіўся, што выдае свае сапраўдныя пачуцці, зноў зайграў і заспяваў.)

З палаткі выходзіць Андрэй, трымаючы ў руцэ вялікі кошык з аптэчнымі бутэлечкамі.

Андрэй. Чыё гэта зелле?

Косця (чытае этыкеткі). «Страўнікавы сок», «Саляная кіслата», «Серная кіслата»... Чаго ж тут пытацца! Ясна — чыё! (Ківае ў бок Барыса.) У яго ж язва страўніка і маці доктарка.

Андрэй. Твае зёлкі?

Барыс (з цікавасцю разглядаючы кошык). Страўнік у мяне працуе — дай бог кожнаму так!

Косця. Як саламарэзка!

Андрэй. Не твае? Не маглі ж яны з неба зваліцца?

Барыс. Можа, дыверсія якая? Усё ж як-ніяк — серная кіслата. Калі выліць яе ў страву...

Косця. Не трэба столькі кніжак пра шпіёнаў чытаць!

Андрэй. Значыць, зелле не тваё?

Барыс. Ідзі ты!..

Андрэй. У такім разе я выкіну гэтую дрэнь у раку. (Узяў кошык і накіраваўся да ракі.)

Арцём. Андрэй!.. Пачакай... Гэта маё...

Усе ўражаны.

Андрэй (недаверліва). Тваё?

Арцём моўчкі кіўнуў.

Ты захварэў?

Барыс. Ну, вядома, захварэў! Ад такой работы коні дохнуць!

Косця. Памаўчы, інтэлігент!

Андрэй. Сапраўды захварэў? Навошта ж таіць? Мы сёння адправім цябе да ўрача.

Арцём. Не... Я здаровы... У асноўным...

Андрэй. Тады навошта гэтае зелле? Каго ты збіраешся лячыць?

Арцём (збянтэжана). Так... На ўсякі выпадак... А раптам хто-небудзь з нас захварэе?

Андрэй (страціўшы цярпенне). Вось што, Арцём... Нам абрыдлі твае сакрэты! Калі ты не скажаш, што ўсё гэта значыць, дзе ты бадзяешся па начах,— заўтра пакідай наш лагер! Хопіць!

Косця. Мы не пацерпім у сваіх радах аферыстаў!

Арцём. Я не аферыст...

Косця. Ну, дык дробны жулік. А гэта яшчэ горш...

Андрэй. Ты добра зразумеў, што я сказаў? Даём табе дваццаць чатыры гадзіны на роздум. А потым — выбірайся!

Зацямненне.

Ноч. На неба ўзбіраецца месяц. Уваходзіць Дон Кіхот. !Ёнасцярожна падыходзіць да гамака.

Дон Кіхот (ціха). Сеньёр... Сеньёр Арцём... Наступіў наш час! Пара!

Арцём (таксама ціха). Я не сплю... Пачакайце хвілінку. (Надзявае штаны, кашулю, забірае з-пад гамака кошык з лекамі.)

Дон Кіхот і Арцём асцярожна, на пальчыках, крадуцца ў лес. Дон Кіхот закрануў нагой пусты бітон, і ён загрымеў. Абодва прыселі.

Дон Кіхот (з палёгкай). Не пачулі...

Дон Кіхот і Арцём знікаюць у цемры. Сцэна пустая. Музычны антракт. Світае. І раптам там, дзе зніклі Дон Кіхот і Арцём, бліскае полымя, чуюцца выбух, крыкі. З палаткі выскачылі спалоханыя Андрэй, Косця і Барыс у трусах і майках.

Андрэй. Што б гэта магло быць?

Косця. Гэта ж зусім недзе побач!

Барыс. Можа, вайна пачалася?

Косця. Ціпун табе на язык!

Андрэй. Ціха! Дайце паслухаць...

Хлопцы прыслухоўваюцца.

Барыс. Паглядзіце! Арцёма няма!

Косця. Казаў я табе, Андрэй, што дабром гэта не скончыцца.

Андрэй. Хутчэй апранайцеся! Трэба бегчы шукаць. Можа, міна якая пасля вайны засталася?

Хлопцы хуценька апранаюцца.

Косця. Ціха! Здаецца, сюды нехта ідзе. (Усе слухаюць.)

На паляну выходзяць, хістаючыся і падтрымліваючы адзін аднаго, Дон Кіхот і Арцём. Іх цяжка пазнаць. Твары ў сажы. Усё адзенне ператварылася ў лахманы. У Арцёма не хапае адной калашыны, а ў Дон Кіхота замест штаноў засталося нешта крыху большае за фігавы лісток.

Андрэй. Хлопцы! Гэта ж Дон Кіхот! (Кідаецца да Дон Кіхота і, асцярожна падтрымліваючы яго, вядзе да крэсла.) Што з вамі, сеньёр Дон Кіхот?.. Косця, рыхтуй усё для перавязкі!

Косця прынёс вядро вады, ручнік і бінт.

Барыс! Дапамажы Арцёму! Не бачыш? Ён ледзь трымаецца на нагах.

Абыходзячы Дон Кіхота, Барыс набліжаецца да Арцёма. Ідзе перавязка.

Што з вамі здарылася, сеньёр Дон Кіхот? Дзе гэта вас так?

Дон Кіхот паглядзеў на Арцёма і моўчкі, аднымі вачыма спытаў: «Ім можна гаварыць?» Арцём адмоўна пакруціў галавой. Андрэй і Косця заўважылі гэта.

Косця. Ах, вось яно што! Тут замешан Арцём!

Андрэй. Што вы рабілі, Арцём?

Маўчанне.

Лепш прызнайся, дзе вы што рабілі?

Арцём. Нічога дрэннага мы не рабілі...

Андрэй. Ты разумееш, якога чалавека ледзь не ўгробіў? (Паказвае на Дон Кіхота.)

Барыс. Я здагадваюся... Яны, відаць, рыбу глушылі!

Косця. Браканьерствам, значыць, займаліся?

Андрэй. Што ж... Прыйдзецца выклікаць міліцыю. Няхай яна разбіраецца.

Косця (паказваючы на Дон Кіхота). Тады і яго прыцягнуць...

Андрэй. Сеньёр Дон Кіхот, што вы рабілі ў лесе?

Дон Кіхот. Эксперыменты...

Андрэй. Якія эксперыменты?

Дон Кіхот. Сеньёр Арцём... Прашу прабачэння... Але я не бачу патрэбы трымаць у сакрэце нашу з вамі навуковую работу.

Арцём. Ды цяпер ужо як утрымаеш, калі вы...

Косця. Можна падумаць, што зараз нам адкрыюць сакрэт вадароднай бомбы!

Арцём (устаючы). Хадземце...

Дон Кіхот (збянтэжана). Але мы ў такім выглядзе...

Андрэй. Гэта бяда невялікая. Добра, што хоць жывыя засталіся. Косця, там у палатцы мая кашуля...

Косця (адыходзячы ў палатку). А ў мяне штаны запасныя ёсць.

Андрэй (Арцёму). І ты апраніся. Што ў вас здарылася?

Арцём (неахвотна). Кіслата ўзарвалася...

Косця прынёс белую вышываную кашулю і штаны для Дон Кіхота.

Косця. Паглядзіце, ці падыдуць...

Дон Кіхот прымярае штаны і кашулю.

Андрэ й. Цудоўна! Як быццам на вас пашыта! (Убачыўшы, што Дон Кіхот надзявае паверх кашулі рыцарскія даспехі.) А гэта навошта?

Дон Кіхот. Які ж рыцар без рыцарскіх даспехаў?

Арцём. Толькі я хачу папярэдзіць... Тое, што вы зараз убачыце і пачуеце, застанецца паміж намі.

Косця. Ну, само сабой!

Арцём. Тады пайшлі...

Арцём пайшоў за палатку ў лес. Хлопцы, не разумеючы, пераглянуліся, пайшлі за ім. Барыс стараецца трымацца падалей ад Дон Кіхота. Круг паварочваецца. Арцём падводзіць хлопцаў да невялікага ўзвышша, пакрытага паласатай коўдрай. Арцём скідае коўдру, і мы бачым нейкае казачна-фантастычнае стварэнне з дрэва, металу і пластмасы, аблытанае рознакаляровымі правадамі. Стаіць яно на высокіх драўляных ножках і нечым нагадвае вялікую казу.

Андрэй (паглядзеўшы ўверх, адкуль цягнуцца правады). А ў цябе тут, аказваецца, поўная электрыфікацыя.

Арцём. Каб не адрывацца і не губляць часу, мне давялося даставіць яе з дому сюды... Мы вельмі баяліся, што вы яе знойдзеце.

Андрэй. А што гэта?

Дон Кіхот (з гонарам). «ААБ-М-1», сеньёры!

Косця. ААБ... Што?

Арцём. «ААБ-М-1». Альфа-амега будучыні, мадэлі першая.

Косця. Ты нам больш папулярна...

Арцём. Гэта механічная карова, карова аўтамат.

Агульнае здзіўленне.

Косця. Карова... Што?

Дон Кіхот. Так, сеньёры, гэта карова-машына!

Андрэй. Няўжо гэта рэальна?

Арцём. Для навукі ў наш час не існуе немагчымага. А што тут незвычайнага, калі добра падумаць? Мы ведаем, што ёсць жывая, натуральная карова... Тэарэтычна мы дакладна ведаем, што адбываецца з ежай у каровіным жываце. Ну, а паколькі мы ўсё гэта ведаем, то чаму мы не можам гэты ж самы працэс паўтарыць у штучных умовах?

Косця. Гэта так проста?

Арцём. Вядома, не так проста. Трэба шмат чаго ўлічваць: тэмпературу страўніка, працягласць брадзільнага працэсу, канцэнтрацыю страўнікавага соку...

Барыс (абыходзячы «альфа-амегу»). А дзе ў яе гэтае самае? (Паказвае рукамі, як дояць карову.)

Арцём. Вось яны... Гэты кранік для малака, той для вяршкоў, вунь той для смятаны. А гэты...

Дон Кіхот (трохі збянтэжаны). А гэты... Разумееце, сеньёры, я вельмі люблю скалоцьвіны! Гэты будзе для скалоцьвін.

Андрэй. А масла будзе?

Арцём. Калі будуць скалоцьвіны, то павінна быць і масла... Для масла — вось, бачыце, гэтая адтуліна... Лыжачкай трэба будзе чэрпаць.

Дон Кіхот (паказвае). Вось адсюль.

Андрэй. Не карова, а цэлы завод!

Косця. Гэта ж вельмі складана! Фантастычна складана!

Арцём. Аднаму было вельмі цяжка. Цяпер Дон Кіхот памагае. Разумееце, столькі людзей галадае!

Андрэй. Дзе галадае?

Дон Кіхот (страсна). На нашай зямлі, сеньёры... У Афрыцы, у Лацінскай Амерыцы, у Індыі! Сеньёр Арцём! Прачытайте той дакумент, які так усхваляваў нашы сэрцы.

Арцём (выцягвае запісную кніжку). Гэта лічбы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Я з газет выпісаў... Адзін чалавек з кожных двух на зямным шары дрэнна харчуецца, адзін з трох хранічна галадае. Разумееце? Кожны трэці чалавек!.. У Індыі, напрыклад, людзі атрымліваюць на дваццаць чатыры працэнты яды менш, чым ім патрэбна...

Дон Кіхот (з захапленнем). А цяпер, сеньёры, уявіце на момант, што выпушчан мільён, мільярд нашых аўтаматаў! І няма больш на зямлі галодных! Ім не патрэбен корм, дагляд. Уключыў у разетку і — усё...

Андрэй. І ўсё? Ужо што-небудзь атрымліваецца?

Дон Кіхот і Арцём пераглянуліся і цяжка ўздыхнулі.

Арцём. Мы наблізіліся да малака.

Андрэй. Як гэта разумець — наблізіліся?

Косця. А паглядзець на гэтае малако можна?

Арцём. Зараз. (Адчыніў маленькія дзверцы ў задняй частцы «альфа-амегі», напіхаў туды травы. Дон Кіхот адчыніў зверху кругленькае вечка і выліў некалькі бутэлечак страўнікавага соку і салянай кіслаты.) Увага! Я ўключаю працэс стрававання!

Арцём уключыў невялікі рубільнік на спіне «альфа-амегі». «Альфа-амега» ўздрыгнула і загула. Ярка ўспыхнулі два вялікія чырвоныя вокі ў пярэдняй частцы. Яна гудзе ўсё мацней і мацней, пускаючы пару і дым, выплёўваючы іскры.

Барыс (адбегшы ўбок, валіцца на зямлю). Ратуйцеся! Яна зараз узарвецца!

Андрэй. У вас вогнетушыцелі ёсць? На ўсякі выпадак...

Арцём моўчкі адхінуў куст і паказаў чатыры вогнетушыцелі.

Косця. Усё прадугледзелі!

Арцём. А як жа? Навуковы эксперымент... Я аднойчы ледзь хату не спаліў. Добра, што бацькі дома не было...

Андрэй (прыслухоўваецца да голасу «альфа-амегі»). А ўзарвацца яна не можа?

Арцём. Хто яе ведае... Не павінна б.

«Альфа» змоўкла. Чырвоныя вочы яе патухлі, замігаў зялёны агонь. Усе пасунуліся бліжэй, узняўся і падышоў Барыс. Мёртвая цішыня... Косця дакрануўся рукой да машыны, дзіка закрычаў і затрос рукой. Барыс зноў адскочыў і паваліўся.

Косця (махаючы рукой). А, чорт!

Арцём. Асцярожна. У час работы яна награецца. Нам яшчэ не ўдалося зрабіць эфектыўную сістэму ахаладжэння.{сіс-тэму а\ала

Андрэй. Усё?

Дон Кіхот. Так, сеньёры, усё.

Косця. Хутка!

Арцём. Паскораны працэс. У каровіным жываце ён працягваецца некалькі гадзін, а мы звялі яго на некалькі мінут.

Андрэй. Ну і ну! А дзе ж малако?

Арцём падстаўляе шклянку, Дон Кіхот адкрывае на жываце «альфа-амегі» адзін з кранікаў. У шклянку наліваецца чорная, як дзёгаць, жыжка.

Косця. Гэта... малако?

Арцём. Ага...

Косця. А чаму яно... не зусім празрыстае?

Дон Кіхот. Галоўная якасць малака, паважаныя сеньёры, не ў колеры, а ў калорыях!

Арцём. Пакаштуй!..

Косця. Не, няхай хто-небудзь другі. Вось Барыс...

Барыс. Ха! Атруціць хочаце?

Андрэй. Дайце мне... (Асцярожна падносіць шклянку да носа і нюхае.) Ну і водар! Аж нос на бок верне. Жывым кароўнікам!

Арцём (узяў шклянку і прынюхаўся). Не кароўнікам, а сіласам.

Дон Кіхот аж перасмыкнуўся, гледзячы, як Андрэй нюхае малако «альфа-амегі». Відаць, ён ужо неаднойчы каштаваў яго. Андрэй зрабіў глыток і вытарашчыў вочы. Потым ён сплюнуў і разяўленым ротам некалькі разоў хапіў паветра.

Андрэй. У-ф!.. Ты воцатную эсенцыю туды не ліў?

Арцём. Не, воцатную эсенцыю не ліў. (Узяў шклянку, адпіў маленькі глыток і плюнуў.) Вядома, гэта яшчэ не зусім малако. Але ўжо нешта ёсць. Мы не адступімся, пакуль не даб'ёмся свайго.

Барыс (дзіка крычыць). Ай! Ай!

Усе спалохана ўздрыгнулі.

Андрэй. Што з табой?

Барыс. Ай! Ай! (Пабег у бок лагера.)

Арцём. Што з ім? Можа, змяя ўкусіла? (Аглядае вакол зямлю.)

Косця. А можа, ён звар'яцеў?

Андрэй. Трэба прасачыць, куды ён набег.

Арцём ухутвае коўдрай «альфа-амегу».

Косця. Як ты думаеш, Арцём, чаму ніхто з вучоных не дадумаўся да гэтага?

Дон Кіхот. У навуцы заўсёды бывае нехта першы. На гэты раз першымі будзем мы з сеньёрам Арцёмам.

Косця. Колькі ўсё гэта каштавала?

Арцём (змрочна). Адных трансфарматараў больш як на пяцьдзесят рублёў... Я ўжо некалькі гадоў не хаджу ў кіно, эканомлю...

Андрэй. Вы верыце, што вам удасца зрабіць гэтую... «альфа-амегу»?

Дон Кіхот (горача). Не адступімся!.. Вось толькі ніяк не можам знайсці, дзе мы дапусцілі ў разліках памылку... Чаму малако не такое, як у жывой каровы?.. Але мы знойдзем яе! Начэй спаць не будзем, але знойдзем! Нас натхняе ідэя! Дзеля яе і жыцця не шкада, паважаныя сеньёры!

Косця. Што й казаць, ідэя выдатная!

Андрэй. Можа, вам пракансультавацца ў Акадэміі навук?

Арцём. Нельга!.. Хіба вы не ведаеце сучасных вучоных? Перахопяць ідэю або сааўтара навяжуць! Мы ўжо як-небудзь самі...

Андрэй. Пайшлі, трэба даведацца, што з Барысам.

Круг паварочваецца. Дон Кіхот і хлопцы ідуць у лагер. У лагеры Барыс, стоячы на каленях, ліхаманкава капаецца ў часопісах.

Косця. Што з табой, інтэлігент?

Барыс (не ўзнімаючы галавы). Зараз, зараз...

Андрэй. Паслухай!.. Нельга ж так людзей палохаць.

Барыс. Знайшоў! Знайшоў... Слухайце! Вось што піша часопіс «Техника молодежи»... «Молоко без коровы или корова-робот... Печать сообщает, что группа английских ученых создала машину, производящую молоко... без коровы...»

Магільная цішыня.

Дон Кіхот. Сеньёр... Пакажыце гэта мне... (Чытае.) «Эта машина перерабатывает траву, морковь, горох — одним словом, все, что требуется в пищу корове. Но коровье молоко содержит только восемнадцать процентов белков, находящихся в кормах, а машина отдает восемьдесят процентов. «Бескоровье» молоко не содержит и некоторых элементов, которые вредны детям и пожилым людям».

Дон Кіхот і Арцём глядзяць адзін на аднаго, знішчаныя, раздаўленыя гэтай заметкай. Катастрофа!

Арцём. Усё!.. Канец... Перахапілі...

Дон Кіхот. О не! Я выклічу гэтых выскачкаў на паядынак і пакараю за гнюснае злачынства! Я бяру ў сведкі неба!..

Арцём. Цяпер гэта ўжо не паможа...

Косця. Сеньёр Дон Кіхот! Арцём! Не падайце духам!.. Радавацца павінны! Вы ж прадбачылі геніяльнае адкрыццё!

Арцём. Мы прадбачылі, а яны зрабілі...

Косця. Але ж вы першыя! Мы ж ведаем, што вы першыя!

Андрэй. «Альфа-амегу» трэба заканчваць.

Арцём. Навошта? Каму гэта цяцер патрэбна?

Андрэй. Як гэта навошта? Іх робат дае толькі малако. А ваша «альфа» будзе даваць і малако, і смятану, і масла!..

Дон Кіхот. І скалоцьвіны!..

Андрэй. Вось бачыце? Нават скалоцьвіны... Там хто зрабіў? Капіталісты! Вы думаеце, яны галодных карміць будуць? Дудкі! Не, вы павінны закончыць «альфу».

Дон Кіхот (трохі ажывіўся). Вы так думаеце?

Косця. Ну, вядома! Інакш і быць не можа!.. Хлопцы... Я прапаную. Хто колькі можа... (Выварочвае кішэні і дастае адтуль грошы.) Трымай, Арцём!

Андрэй (таксама выварочвае кішэні). Шкада, што ў нас грошай мала.

Дон Кіхот (вельмі збянтэжаны). Сеньёры... У мяне зусім нічога няма... Мяне ніколі не цікавіў гэты ганебны метал...

Андрэй. Што вы, сеньёр Дон Кіхот! Ад вас нічога не патрабуецца. Хопіць і таго, што вы памагаеце Арцёму.

Барыс таксама выцягнуў з кішэні рубель і хацеў падысці да Арцёма. Але хлопцы дэманстратыўна зрабілі выгляд, што не заўважылі гэта, і адвярнуліся. Барыс, патрымаўшы рубель, адышоў.

Дон Кіхот. Паважаныя сеньёры! Раней чым пайсці на адпачынак, я хацеў бы пагаварыць вось з гэтым чалавекам. (Паказаў на Барыса.)

Андрэй, Косця і Арцём пайшлі ў палатку.

Ну? Што ж ты маўчыш?

Барыс. Я прашу вас... Заступіцеся за мяне перад хлопцамі. Няхай яны дадуць мне работу!

Дон Кіхот. Каб я заступіўся? Тысячу разоў не! Ты сам! Сам павінен!..

Барыс. Што ж мне рабіць?

Дон Кіхот. На каленях прасі даравання! Рыдай! Біся галавой аб дрэвы! Зямлю грызі! Але дабіся памілавання! Калі ж не зможаш... Самы страшны грэшнік з пекла не пазайздросціць твайму лёсу! Гэта кажу я, Дон Кіхот Ламанчскі! І потым... Кладзіся спаць тут, а не там!

Дон Кіхот адступіў на тры крокі і знік. З палаткі выйшлі Андрэй, Арцём і Косця.

Андрэй. А дзе Дон Кіхот?

Барыс. Там...

Андрэй. У такім разе — усім спаць!

Арцём падыходзіць да гамака. Барыс выкідвае адтуль яго прасціну, коўдру і падушку.

Барыс. Вымятайся адсюль! Я тут буду спаць!

Арцём. Ты ж памяняўся!..

Барыс. Мала што памяняўся! А цяпер перадумаў! Ясна? І наогул не падыходзьце да мяне! Ясна?

Косця (падштурхоўваючы хлопцаў да палаткі). Хадзем, хлопцы. Нервовыя любяць адзіноту!

Заслона

 

Карціна сёмая

Раніца наступнага дня. На сцэне завіхаюцца Андрэй, Косця і Арцём. Барыс ляжыць у гамаку. Уваходзіць Васілевіч.

Васілевіч. Вітаю герояў працы!

Косця. Добры дзень, Васіль Пятровіч!

Арцём. Дзень добры...

Васілевіч (паказваючы на інструменты, развешаныя на дрэвах). Што гэта ў вас — выстаўка?

Косця. Не... Гэта мы ствараем аркестр народных інструментаў. Хораша граем! Уся вёска прыходзіць слухаць, асабліва дзяўчаты.

Васілевіч (здзіўлена гледзячы на панаму і шорты Барыса). А гэта што за папуас?

Косця. А гэта вёска даганяе горад. Перадавая культура нават у балота пранікае. Што вы хочаце дваццатае стагоддзе!

Васілевіч з цікавасцю абыходзіць лагер, разглядаючы пліту, балон, тэлевізар.

Васілевіч. А вы тут, як бачу,нядрэнна ўладкаваліся!-

Косця. Інакш нельга: перадавыя}даяркі! Для кіно нас здымалі. Вось тады прывезлі пліту і тэлевізар. Пасля хацелі забраць, але мы не аддалі.

Васілевіч. Цяпер вы героі! Пра вас ва ўсе званы б'юць, ва ўсіх газетах пішуць!..

Косця. Стараемся, Васіль Пятровіч, стараемся. Жывём так, як нас бацькі вучылі.

Васілевіч. Яно, канешне, так... Хм... Вось якая справа... Старшыня мне даручэнне даў... Я вам грошы за два тыдні прывёз.

Косця. Гэта будзе вельмі дарэчы. Калі ласка, прашу сюды. (Падводзіць Васілевіча да стала.)

Васілевіч садзіцца за стол, надзявае акуляры, выцягвае з партфеля грошы і паперы.

Васілевіч. Так... Паглядзім, хто тут у нас першы?.. Авярковіч Канстанцін!

Косця. Здаецца, гэта я.

Васілевіч (урачыста). Трыццаць дзевяць рублёў і чатырнаццаць капеек. Распісвайся ў ведамасці.

Косця распісаўся, узяў грошы і адышоўся.

Зуеў Арцём... Трыццаць восем рублёў!

Арцём распісваецца і старанна пералічвае грошы.

Правільна! Лічы грошы, не адышоўшыся ад касы. Хопіць на першы раз?

Арцём. Малавата...

Васілевіч. А ты, браце, сквапны. Нядобра гэта... Васілевіч Андрэй...

Андрэй падыходзіць да стала.

У цябе сорак два рублі. (Васілевіч стараецца як-небудзь прымірыцца з Андрэем, але так, каб не вельмі кідалася ў вочы, што ён першы шукае прымірэння.) Цяпер табе і жаніцца можна. Столькі грошай!.. Ну, чаго ты надзьмуўся, не раўнуючы, як той індык? На бацьку ваўком глядзіш... Маці мне проста жыцця не дае, згаварыліся са старшынёй... Хоць у вір галавой кідайся!.. Ты заўсёды такі ці толькі з бацькам? Усміхнуўся б, ці што?..

Косця (цішком штурхануў Андрэя пад бок). Хіба пойдзе яму весялосць у галаву, Васіль Пятровіч!

Васілевіч. А што такое?

Косця. Над ім жа ўвесь час дамоклаў меч вісіць!

Васілевіч. Чый меч?

Косця. Ды ваш праклён! Кожны дзень бяда можа здарыцца.

Васілевіч. А... Бывае... Усякае здараецца ў жыцці. Людзі і пасварацца між сабой, і памірацца. Вас не папужай, то вы зусім усякі страх перад бацькамі страціце... Хто ў нас яшчэ застаўся?.. Бараноўскі Барыс?

Барыс. Хто? Я? Гэта вы мяне?

Васілевіч. Ну, а каго ж? У цябе, брат, больш за ўсіх...

Барыс. Што? У мяне больш за ўсіх?

Васілевіч. Пяцьдзесят рублёў, як адна капейка.

Барыс. Я... Тут нейкая памылка... Гэтага не можа быць!

Васілевіч. Наш бухгалтар яшчэ ніколі не памыляўся. Вось чытай сам: Бараноўскі Барыс — пяцьдзесят рублёў. Распісвайся, атрымлівай.

Барыс. Пачакайце... Як жа?.. Чаму мне больш?

Васілевіч. Твая група кароў дала больш малака. Відаць, лепш стараўся. Атрымлівай...

Барыс. Мне не трэба больш! Я не хачу!.. Мне наогул нічога не трэба! Ніякіх грошай!

Косця. Бачыце, Васіль Пятровіч, якія ў нас свядомыя людзі? Лепш за ўсіх працаваў, больш за ўсіх зарабіў, а хоча, каб было ўсім аднолькава. Камунізм!

Андрэй. Бяры грошы. Хто ж вінаваты, што твая група кароў аказалася лепшай? Выпадковасць!

Косця падштурхнуў Барыса да стала. Той неяк машынальна ўзяў грошы, распісаўся ў ведамасці і выбег.

Васілевіч. Глядзі ты! Я лічыў яго лайдаком, а ён вунь які! Дзе вашы каровы? Хачу паглядзець на іх. Ты праводзіш мяне, Андрэй?

Андрэй. Зараз...

Васілевіч выходзіць.

Косця. Ты зразумеў, што ён спецыяльна прыехаў, каб памірыцца з табой? Грошы мог бы і касір прывезці!..

Андрэй. Зразумеў...

Косця. А чаму ж ты не радуешся?

Андрэй. Не магу ж я на галаве хадзіць!

Косця. Ну і характар у цябе!

Андрэй. Арцём... Вазьмі! (Адлічыў і падаў Арцёму некалькі рублёў.)

Арцём (збянтэжана). Што ты, Андрэй!

Косця. Ад мяне таксама вазьмі! (Падае грошы.)

Арцём (расчулена). Рабяты... Мне... Я... Я не магу... Я ж не змагу столькі аддаць!

Косця. Бяры! Зробіш «альфу» — будзеш нас бясплатна скалоцьвінамі карміць. Я таксама скалоцьвіны люблю!..

Заслона

 

Карціна восьмая

Яшчэ на закрытай заслоне мы бачым цені дзвюх фігур, якія тэмпераментна і даволі выразна жэстыкулююць. Гэта Дон Кіхот і Барыс. Гасне святло. Лагер. Тая ж дэкарацыя. Толькі зніклі інструменты з дрэў. Раніца. Андрэй і Косця ў белых халатах нясуць бітоны з малаком. Спыніліся, каб перамяніць рукі.

Косця. Ты заўважаеш, што сёння нядзеля?

Андрэй. Як гэта ты здагадаўся?

Косця. Мальвіна заспалася.

Андрэй. Ты, напэўна, хацеў сказаць — скарпіён? Ты ж так яе называеш.

Косця (сумна ўздыхнуў). Не трэба, Андрэй...

На сцэну выскачыў узбуджаны Барыс. Ён кінуўся дапамагчы Андрэю, але той не даў яму нават узяцца за ручку бітона.

Андрэй (падкрэслена ветліва). Не круціся, калі ласка, пад нагамі! Я прашу цябе, Бора!

Барыс. Я хачу вам памагчы.

Андрэй. Не патрэбна нам твая дапамога! Ідзі лепш адпачывай.

Барыс (прымірэнча). Хопіць вам, бацюкі! Ну, я памыляўся... Я ж з самага пачатку не быў супраць работы ўвогуле. Я быў супраць канкрэтнай работы, бо лічыў, што яна не для мужчын, якія хутка атрымаюць сярэднюю адукацыю. Ну, усвядоміў. Буду працаваць, як вы. Трэба, значыць, трэба... Ну, што мне — на калені перад вамі станавіцца? Зямлю грызці?

Андрэй і Косця не звяртаюць увагі. Барыс забег з другога боку і хацеў памагчы Косцю.

Косця. Псік, кіска, а то хвост адцісну!

Барыс. Ды зразумейце ж вы!.. Хаджу сярод вас, як кароставы! Няёмка!

Косця. Ха! Бачыў, Андрэй? Яму няёмка! А калі ён здзекаваўся з нас, тады яму было прыемна! Ану, дай дарогу!

З'яўляецца Дон Кіхот. Яго бачыць толькі адзін Барыс. Дон Кіхот знакамі паказвае: хоць зямлю грызі, але заслужы памілаванне, інакш не будзе табе ад мяне ратунку. Дон Кіхот знік, а Барыс зноў кінуўся да хлопцаў.

Барыс. Ну, хочаце, хочаце... Я сам на сябе насценгазету выпушчу? Так сам сябе размалюю, што мама родная не пазнае! Знішчу сам сябе! Каменя на камені не застанецца!

Косця. Лёгка ж ты хочаш адкупіцца, Борка! Не выйдзе!

Барыс (крычыць). Ну, я ж прызнаю сваю памылку! Чаго вам яшчэ трэба? Ці вы хочаце, каб я пайшоў і ўтапіўся? Вы гэтага хочаце?

Косця (здзекліва).

 

«Мне не долго добежать до проруби,

Не запрятав даже русых кос».

 

Барыс. Я чэсна памыляўся, прызнаю. Ну, я дурань, ідыёт, скаціна! Вы задаволены?

Андрэй і Косця не зважаюць. Раптам Барыс схапіў бітон і панёс. Андрэй і Косця дагналі яго, адабралі бітон і аднеслі на ранейшае месца.

Косця. Не трэба, Борка. А раптам ты надарвешся? Як мы цябе выратуем у нашых палявых умовах?

Барыс (загарадзіўшы ім дарогу). Ведаеце, хто вы? Вы — злосныя шкоднікі! Так-так, іменна шкоднікі! Дзяржаўныя шкоднікі! Вы штучна ствараеце беспрацоўе ў нашай краіне.

Косця. Краіна як-небудзь абыдзецца без цябе. Як ты думаеш, Андрэй? Абыдзецца без яго наша краіна?

Андрэй. Думаю, што абыдзецца.

Косця. Ну, вось бачыш — абыдзецца без цябе краіна?

Андрэй. Панеслі, Косця...

Косця і Андрэй паднялі бітон з малаком. Барыс плюхнуўся ім пад ногі.

Косця. Ты што? Ашалеў?

Барыс. Толькі цераз мой труп! Ці вы дасцё мне работу, ці... Тапчыце мяне! Тапчыце! Варвары! Душагубы! Крывасмокі!

Андрэй і Косця хацелі абысці Барыса, але той хуценька адпоўз і зноў перагарадзіў дарогу сваім целам. Уваходзіць Арцём. Убачыўшы Барыса, ён здзіўлена зняў, працёр акуляры і зноў надзеў іх.

Арцём. Што з ім?

Косця. Падучая хвароба, чарговы прыступ... Патрымай яго, Арцём, пакуль мы перанясём малако.

Арцём сеў на Барыса і прыціснуў яго да зямлі.

Барыс (намагаючыся вызваліцца). Хуліганы! Варвары! Чарнасоценцы!

Андрэй і Косця бягом перанеслі некалькі бітонаў.

Косця. Трымай, трымай яго, Арцём!

Барыс. Арцём! Ты зломіш пазваночнік і ўсё жыццё будзеш плаціць мне аліменты!

Апошні раз нясуць бітоны Андрэй і Косця.

Андрэй. Цяпер можаш пусціць...

Барыс (узнімаючыся з зямлі). Ну, я вам зраблю! Я вам адпомшчу! Я вам біяграфіі сапсую! Усё жыццё будзеце помніць!

Барыс ідзе ў палатку і выходзіць адтуль з вяроўкай у руках. Закінуўшы вяроўку за спіну, Барыс падыходзіць да стала.

Бывай, Арцём! Я на цябе не крыўдую. Ты проста лялька, марыянетка ў руках гэтых двух вар'ятаў. Мне нават шкада цябе. (Кладзе на стол грошы.) Гэта мая палучка. Бяры яе на «альфу»... Бывай.

Арцём машынальна паціснуў руку, якую падаў яму на развітанне Барыс. Дэманстратыўна абышоўшы Косцю і Андрэя, Барыс пайшоў у лес.

Косця.

 

«Напрасно старушка ждет сына домой,

Ей скажут — она зарыдает...»

 

Арцём (спалохана). Слухайце! Ён жа сапраўды можа задавіцца!

Косця. Яго ніводная асіна не вытрымае!

Круг паварочваецца. Мы бачым тое месца, дзе стаіць ухутаная посцілкай «альфа-амега». Побач угадваецца рака. Барыс стаіць спіной да глядзельнай залы. Калі ён паварочваецца, мы бачым, што на шыі яго ўжо вісяць два камяні.

Барыс. Яны яшчэ пашкадуюць!.. Быў Борка, і няма Боркі! (Прыслухоўваецца.) Бывай, маладое жыццё! «В этой жизни умирать не ново, но жить, конечно, не новей!» Мяне зацкавалі чэрствыя, бяздушныя людзі! (Спявае.)

 

Бывай, жыццё, навек бывайце, людзі,

Так рана абрываецца мой шлях!

Зноў расцвіце вясна — мяне ж не будзе,

Не для мяне зальюцца жаўранкі ў палях.

Я буду там, дзе ні зямлі, ні неба,

Ні гамака, ні тміннай каўбасы,

Анёлы маслам не памажуць хлеба

І ног не паказычуць верасы!

Там не паспаць мне ўволю, ні пажэрці,

Ні загарэць на сонцы не дадуць.

Рагатыя, нібы каровы, чэрці

Мне маладое сэрца прабадуць!

Я не пачую там гітары звонкай,

Але і ў тых, завоблачных, краях

Мне здасца Месяц залатой даёнкай,

Цадзілкаю мне здасца Млечны Шлях!

 

Барыс адыходзіць ад берага, разганяецца і... спыняецца на самай кромцы. Прыслухоўваецца і гаворыць грамчэй.

Барыс. Потым яны зразумеюць, што Барыс быў не такім ужо благім чалавекам! Быў! (Усхліпнуў.) Бывай, сонейка яснае! Бывай, неба блакітнае! Я так любіў вас!.. (Зноў адыходзіць назад, разганяецца і зноў спыняецца.) Бывай, жыццё, навек бывайце, людзі!.. (Змаўкае і прыслухоўваецца. Гаворыць раптам зусім іншым тонам.) Ну, што ж вы, паразіты, не ідзяце мяне ратаваць? Ці вы хочаце, каб я сапраўды ўтапіўся? Я ж ведаю, што вы тут!

З-за кустоў выходзяць Андрэй, Арцём і Косця.

Косця падыходзіць да Барыса і адразае камяні.

Косця. Нават утапіцца як чалавек не можаш!

Круг паварочваецца. Барыса вядуць у лагер.

(Азірнуўшыся на Барыса.) «Да, жалок тот, в ком совесть нечиста!»

Барыс. Што вы будзеце са мной рабіць? Што вы будзеце са мной рабіць, га?

Андрэй. Чалавека з цябе будзем рабіць! Здымай штаны! Арцём, нясі хутчэй крапівы!

Барыс. Як?.. Сапраўды здымаць?

Косця. А ты як думаў? Здымай, здымай! (Задаволена пацірае рукі.)

Барыс пакорліва прыняўся адшпільваць рэмень. Ён гатовы на ўсё, каб толькі заслужыць дараванне.

Барыс. Хлопчыкі... Толькі вы не вельмі балюча... Не захапляйцеся... Добра, га?

Косця закасвае рукавы і спрабуе дубец.

Косця. Будзь ты хоць адзін раз мужчынам! Андрэй! У мяне ўсё гатова для экзекуцыі!

Чуваць, як да лагера на шалёнай хуткасці падлятае матацыкл.

Убягае Юлька.

Юлька. Ух, ледзь паспела!.. Хацела вас папярэдзіць...

Андрэй. Аб чым папярэдзіць?

Юлька. Ой, вы ж яшчэ нічога не ведаеце... Віншую цябе, Андрэй!.. І цябе, Арцём, і цябе, Косцік, і цябе, Барыс... (Па чарзе паціскае хлопцам рукі.)

Барыс (прытрымліваючы адной рукой штаны). Дзякую, Юлечка, дзякую!

Косця. Ты можаш сказаць толкам, што адбылося?

Юлька. Учора сход быў... Ой, які сход! Восем хлопцаў падалі заявы... Хочуць, як і вы, даяркамі... Вучыцца ў вас будуць, практыку праходзіць. Сам старшыня іх сюды вядзе... З аркестрам! Чуеце?.. Я хацела вас папярэдзіць, каб вы падрыхтаваліся.

Здалёку, ледзь чутна, даносіцца вясёлы марш.

Андрэй. Касцюк! Ідуць! Сапраўды ідуць! Значыць, перамаглі ўсё-такі! Перамаглі!

Юлька. Вашы маці таксама ідуць сюды...

Косця (свіснуў). Ой, тады лепш уцячы...

Андрэй. Косця! Ты ж цяпер рыцар!

Косця. А што? А і сапраўды, чаго мне баяцца?

Музыка чуецца бліжэй.

Барыс (ніколі не гаварыў так сур'ёзна, здаецца, што зараз не вытрымае і заплача). Андрэй... Косця... Я прашу вас...

Паўза.

Андрэй. Што? У чым справа?

Барыс (кідаючыся то да аднаго, то да другога). Я вас вельмі прашу, хлопцы!.. Паверце... Адзін раз паверце... Ну, пабіце, пабіце мяне! Толькі паверце!.. Я хачу разам з вамі... Як чалавек... Як усе вы... (Зараз заплача.)

Музыка набліжаецца.

Андрэй. Ну як, Косця? Можна яму паверыць?

Косця. Хацелася б паверыць...

Андрэй. Добра, паверым. Толькі глядзі, Барыс!

Шчаслівы Барыс становіцца побач з хлопцамі. І раптам чуецца зычны голас.

Дон Кіхот (з-за куліс). Стойце! Стойце! Пачакайце... А я?

На сцэну выбягае Дон Кіхот.

О, шаноўныя і высакародныя рыцары! Дазвольце ж і Дон Кіхоту Ламанчскаму заняць месца ў вашых шарэнгах! Клянуся імем найпрыгажэйшай красуні ў свеце — імем Дульцынеі Табоскай, што Дон Кіхот Ламанчскі будзе варты вашых вялікіх спраў! (Хоча стаць у канцы шарэнгі побач з Арцёмам.)

Андрэй. Не, не, сеньёр Дон Кіхот! Ваша месца вось тут, на правым фланзе.

Дон Кіхот. Паважаныя сеньёры! Маладое рыцарскае папаўненне павінна мець уяўленне, да каго яно ідзе! Сустрэнем яго нашым рыцарскім гімнам! (Запявае песню, хлопцы падпяваюць.)

Уваходзяць Кавалёнак, Васілевіч, дзяўчаты і маці з лозунгамі: «Слава героям працы!», «Ганарымся вамі, сыны!», «Няхай жывуць рыцары!» У руках Мальвіны самы кароткі плакат: «Ура, Косця!» Кавалёнак махае рукой тым, што знаходзяцца за сцэнай: «Сюды, сюды!» Усе далучаюцца да гімна рыцараў:

 

Не паміраюць рыцары,

І песні іх жывуць.

І слаўныя традыцыі

На подзвігі завуць.

Ісці ўпярод няспынна!

І пс прасіць спачыну!

Мужчына, будзь мужчынам!

Будзь рыцарам, мужчына!

Над намі навальніцамі

Праносяцца гады.

І не старэюць рыцары,

І ўсё шчыльней рады!

Ісці ўпярод няспынна!

І не прасіць спачыну!

Мужчына, будзь мужчынам!

Будзь рыцарам, мужчына.

 

Канец