epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікалай Матукоўскі

Наследны прынц

Частка першая
Частка другая


ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Матусевіч Максім Максімавіч — сакратар райкома.

Галавач Сямён Андрэевіч — старшыня калгаса.

Ефрасіння Савельеўна — яго жонка.

Сяргей — яго сын.

Жэнька — яго дачка.

Вера — нявеста Сяргея.

Ірына.

Казёл.

Казліха.

Іван — іх сын.

Жывіца.

Журбіла.

Пецька-матрос.

Васіль.

Алік.

Грышка.

Маці Ірыны.

Міліцыянер.

Калгаснікі, студэнты.

 

Частка першая

Кабінет першага сакратара райкома партыі Максіма Максімавіча Матусевіча. Уваходзяць Матусевіч і Сямён Галавач. На лбе і шчацэ Галавача два вялікія крыжы з медыцынскага пластыру, левая рука вісіць на перавязцы.

Матусевіч (памагаючы Галавачу зняць паліто). Як цябе лекары расфарбавалі!

Галавач. Нічога, перажыву. Мне другі раз замуж не выходзіць.

Матусевіч. Сёння я цябе дамоў не адпушчу. Пазвонім зараз Галіне, няхай вячэру рыхтуе. Садзіся і... усё, як на споведзі?

Галавач. Што як на споведзі?

Матусевіч. Ну... Як гэта адбылося?

Галавач. Табе ж, пэўна, ужо дакладвалі? Кажуць, інспектар прыехаў раней, чым «хуткая дапамога».

Матусевіч. Дакладвалі. Але я хачу з першакрыніцы.

Галавач. Задрамаў я за рулём.

Матусевіч. Вось што, Сямён... Ты гэтыя казачкі дома расказвай. А што на самой справе было?

Галавач (пасля паўзы). Сэрца, Максім... Сціснула, і адразу цемра. Ачуняў крыху, калі на насілкі клалі...

Матусевіч. Я так і падумаў. Сямён, давай усё шчыра, па-мужчынску... Гэта не таму здарылася, што мы з табою пагаварылі тады?..

Галавач (не адразу). Ведаеш, Максім... Калі чалавеку кажуць: ці пакладзеш партбілет, ці будзеш рабіць тое, з чым у прынцыпе не згодзен,— прыемнага тут, сам разумееш, мала.

Матусевіч. Ясна... Ну, а калі той чалавек — дуб?

Галавач. А вось гэта яшчэ пытанне — хто дуб? Дубы не толькі ў лесе, але і ў кабінетах растуць.

Матусевіч. Не яршыся, не яршыся! Табе гэта пасля бальніцы шкодна. Не хачу я сёння з табой спрачацца.

Галавач. Я таксама. Сёння я да цябе з іншым прыйшоў.

Матусевіч. З чым?

Галавач. Іду я, Максім...

Матусевіч. Куды ідзеш?

Галавач. Зусім... І хачу, каб ты мяне падтрымаў... Як старога сябра прашу, а не як сакратара райкома.

Вялікая паўза. Матусевіч падышоў да стала, асцярожна строс попел з цыгарэты ў попельніцу і, узяўшы яе з сабой, зноў сеў на канапу.

Матусевіч. Так... Першы выпадак у маёй практыцы. Чалавек просіцца ў адстаўку... Па ўласнаму жаданню — у адстаўку!

Галавач. Новы пачын. Пачыны цяпер модныя... Пакідаць, Максім, сцэну трэба своечасова. Пакуль свістаць не пачалі.

Матусевіч. Артыстам, Сямён, артыстам, і то не ўсім.

Галавач. Хіба ў старшыні менш шкодная прафесія?

Матусевіч. Вядома, не мёд. Але чаму так раптам?

Галавач. А ты, Максім, ніколькі не змяніўся за трыццаць гадоў! Заўсёды ты хочаш усё па палічках раскласці. І этыкетачкі павесіць: хрэн, рэдзька, гарчыца, перац...

Матусевіч. Пасада ў мяне, Сямён, такая. Абавязан разбірацца.

Галавач. А калі не атрымліваецца па палічках? Хачу, ды вось, разумееш, не атрымліваецца. Усё перамяшалася — і хрэн, і рэдзька, і гарчыца!

Матусевіч (пасля паўзы). Кінь, Сямён. Мы вельмі доўга ведаем адзін аднаго, каб у хованкі гуляць. Пакрыўдзіўся, што з комплексам цябе прыціснулі?.. Не хочаш, не будуй. Другому калгасу аддадзім, сам жа потым і пашкадуеш.

Паўза.

Галавач. Хочаш, каб я, як стары конь, у баразне зваліўся? Матор жалезны і той зношваецца. А сэрца...

Матусевіч. З Крамлёўкай звяжамся. Думаеш, у нас сваіх Барнардаў няма? Ёсць! Толькі працуюць ціха, без рэкламы.

Галавач. Не, Максім, для эксперыментаў я ўжо не падыходжу, стараваты. Я яшчэ крыху пажыць хачу, збоку паглядзець на тое, што зрабіў за трыццаць гадоў. Колькі ж можна? З сорак пятага як запрогся...

Матусевіч. Спакойнага жыцця захацелася? Не вытрымаеш!

Галавач. Не, Максім... Час ужо саступаць дарогу тым, хто едзе шпарчэй. А то што ж атрымліваецца? Тэарэтычна мы за маладых, а практычна? Да сарака гадоў хлапчукамі лічым, а ў пяцьдзесят ужо вылучаць баімся: стары, інфаркт у кішэні носіць.

Матусевіч. Як гэта разумець? Як крытыку?

Галавач. Не, думкі ўголас.

Матусевіч (пасля паўзы). Ну, што ж... Па вопыту ведаю, угаворваць цябе дарма. Можа, ты і маеш рацыю. Хто замест цябе будзе? Думаў?

Галавач. Думаў... Сяргей.

Матусевіч. Які Сяргей?

Галавач. Мой сын Сяргей...

Матусевіч. Ты што, сур'ёзна?

Галавач. Зноў першы выпадак у тваёй практыцы? Перадавалі ж даўней царскі трон у спадчыну?

Матусевіч. Наследным прынцам, а не студэнтам. І цары, а не старшыні калгасаў.

Галавач. Устарэлыя ў цябе звесткі, Максім. Сяргей ужо аспірант. Дысертацыю піша. Новая вёска, або вёска ў будучым... Нешта накшталт гэтага. Эканаміст. А характар у яго мой.

Матусевіч. Сяргея я ведаю, Сямён... А як людзі? Думаеш, прымуць?

Галавач. Ты за людзей не бойся. Мая рэкамендацыя што-небудзь яшчэ важыць.

Матусевіч. Але рашаць будуць яны, а не мы з табой...

Дом Галавачоў. У прыхожай распранаецца Сяргей. Побач з ім бацька. Сёння Галавач у новым касцюме з Зоркай Героя Працы.

Сяргей. Мама дома?

Галавач. Толькі што званіла са школы. Хутка будзе.

Сяргей. Ну, як ты?

Галавач. Як бачыш...

Сяргей. Навошта выклікаў?

Галавач. Не спяшайся, паспееш. Праходзь сюды...

Галавач адчыніў дзверы ў гасціную, дзе накрыты стол чалавек на дзесяць — дванаццаць. На стале ўжо стаяць бутэлькі і талеркі з закускамі.

Сяргей. Урачыстасць? З якой нагоды?

Галавач. Ага, урачыстасць. Памінкі...

Сяргей. Па кім жа гэта?

Галавач. Па старшыні калгаса «Рэвалюцыя» грамадзяніну Галавачу.

Сяргей. Ужо было. У кінакамедыі «Не бядуй!».

Галавач. Каму камедыя, а каму...

Сяргей. Знімаюць цябе?

Галавач. Дзякуй. Малайчына! Добра пра бацьку думаеш.

Сяргей. Сам жа гаворыш —памінкі!

Галавач. Ведаеш што? Давай, пакуль маці няма, прапусцім па кілішку. Яна ж мне цяпер і панюхаць не дазваляе. Пэўна, зранку нічога не еў?

Сяргей. Адгадаў...

Галавач узяў бутэльку каньяку, наліў у кілішкі, падсунуў сыну талеркі з закускамі. Моўчкі чокнуліся і выпілі.

Галавач. Чуў, як я кульнуўся?

Сяргей. Кажуць, заснуў за рулём?

Галавач. Давай яшчэ... Чуе маё сэрца, вось-вось Савельеўна прыйдзе.

Сяргей. А табе хіба можна?

Галавач. Два-тры кілішкі. Для расшырэння сасудаў... Закусвай. Яшчэ не ажаніўся?

Сяргей. Пакуль што не... Як гэта ў цябе атрымалася? Днём і раптам заснуў...

Галавач. Ды не заснуў я, а прытомнасць страціў!.. Але іншым гэтага ведаць не трэба. Вось я і схлусіў, што задрамаў.

Сяргей. Не разумею, навошта ўтойваць?

Галавач. Навошта? Хто ж паўнябожчыка паважаць будзе? Чаму камандзір да самай смерці ўтойвае, што ранены? Каб паніку не разводзіць.

Сяргей. Урачы што гавораць?

Галавач. А-а, урачы! Ніякіх нагрузак, ні фізічных, ні псіхічных. Пад шкло мяне, як экспанат! Вось так. Райком ужо і пенсію афармляе. Персанальную...

Сяргей. Хто замест цябе будзе?

Галавач. Ты і будзеш.

Сяргей. Я сур'ёзна...

Галавач. А ты думаў, што я цябе тэлеграмай выклікаў, каб пажартаваць?

Сяргей. Ды ты што, баця?!

Галавач. Сядай! Сядай, кажу!.. Не магу я нікому калгаса аддаць! Не магу. Мой ён! Разумееш? Мой! За трыццаць гадоў я так прыкіпеў да яго, што ўжо лепш памерці, чым...

Сяргей. Дык жа ўсё роўна аддаеш!

Галавач. Табе аддаю! А ты — гэта я... Калі хочаш ведаць, я толькі таму і адважыўся на пенсію, што на цябе калгас пакідаю. Вось так!

Сяргей. Але я не згодзен, баця.

Галавач. Баішся?

Сяргей. Не, баця, не баюся. Проста я яшчэ не гатовы да гэтага.

Галавач. Дык я ж буду побач з табой!

Сяргей. Тады навошта я тут наогул?

Уваходзіць Ефрасіння Савельеўна. Яна абняла сына, пацалавала, а потым ужо крытычна агледзела яго з ног да галавы.

Ефрасіння Савельеўна. Божухна! Адны косці ды скура! Што гэта з табой?

Галавач. Нічога, маці! Ты яго сырадойчыкам хутка на ногі паставіш!

Ефрасіння Савельеўна. Ты згодзен, Сярожа?

Галавач. Не такі ён дурань, каб адмаўляцца. Зараз старшыня калгаса — фігура! Не ніжэй міністра.

Ефрасіння Савельеўна. Што ж ён сам маўчыць?

Галавач. Гэта ён ад радасці язык праглынуў.

Сяргей. Нічога я не згодзен!

Галавач. Не слухай, маці, ён жартуе!

Сяргей. Нельга ж, баця, такія пытанні з ходу...

Галавач. А я што кажу? Вось ты і падумай, пакуль людзі не прыйшлі. А падумаеш добра — згодзішся. Таму што ў нашай радні дурняў не было.

У пакой урываецца Жэнька.

Жэнька. Мама, госці ідуць! Ой, Сярожка? Ужо прыехаў?! (Жэнька кінулася на шыю брату, цмокнула яго ў шчаку, а потым схілілася ў цырымонным паклоне.) Глухая правінцыя ў маёй асобе вітае сталіцу Беларусі!

Галавач. Пойдзем, старая, гасцей сустракаць. А то мы яму думаць перашкаджаем!

Галавач і Ефрасіння Савельеўна выходзяць.

Сяргей. Што за госці?

Жэнька. Сватаць цябе будуць! У старшыні! Згодзішся?

Сяргей. Не.

Жэнька. Дзівак валасаты! Кандыдатаў навук цяпер, ведаеш, колькі? Хоць гаць гаці! А тут ты праз некалькі гадоў Залатую Зорку атрымаеш. Уяўляеш, як гэта здорава — бацька і сын Героі Працы! Ну, а потым, можа, і я... Можа, нават двойчы!

Сяргей. Слухай ты, маляўка!..

Жэнька пакрыўдзілася і ўжо з парога паказала брату язык.

Жэнька. Бе-бе-бе! Сам дурань! (Выскачыла і тут жа зноў вярнулася.) Навіну чуў? У Ірыны муж утапіўся. Яна ў вёску вярнулася. У сваіх жыве...

Уражаны навіной, Сяргей хацеў нешта спытаць, але Жэнькі ўжо няма.

У доме Галавачоў застолле. Але застолле не простае, а неафіцыйнае пасяджэнне калгаснага актыву. Сабраліся ў асноўным старэйшыны калгаса, людзі пажылыя, шаноўныя. Ёсць тры-чатыры чалавекі ва ўзросце Сяргея. Сярод іх — Андрэй Жывіца, сакратар парткома. Усе ў меру выпілі, але ніхто не п'яны, усе трымаюцца з усведамленнем важнасці моманту. Выступае з тостам чарговы прамоўца — Павел Журбіла, таварыш Сямёна Андрэевіча па партызаншчыне.

Журбіла. За Сярогу, Сямён, нас агітаваць не трэба. Мы яго як аблупленага ведаем. На нашых вачах вырас. Я яго яшчэ вось такім запомніў, калі з рэчкі выцягнуў... Ты чаму не крычаў тады?

Сяргей (сарамліва). Сам хацеў...

Журбіла. Ты ж ужо пузыры са дна пускаў! Калі б не я... (Жонцы, якая сядзіць побач.) Ды перастань ты мяне тузаць! Мы ж кандыдатуру абмяркоўваем, а не проста языкамі мянташым... Значыць, трэба ўсебакова... Ведаеш, за што я цябе, Сярога, паважаю? За тое, што ты кожнае лета дамоў прыязджаў і разам з намі ад цямна да цямна...

Ефрасіння Савельеўна. А куды ж ён паехаў бы? Вядома, дамоў!

Журбіла. На цаліну або ў Сібір за доўгім рублём! Як некаторыя. За цябе, Сярога!

Журбіла выпіў кілішак і пачаў закусваць. Выпілі і іншыя, хто поўнасцю, а хто толькі прыгубіў.

Казёл. Пытанне ў мяне ёсць да Сяргея Сямёнавіча. Можна?

Жэнька (на вуха Сяргею). Ну, трымайся! Зараз Казёл табе ўрэжа!

Галавач. Вядома, можна, Платон Раманавіч. Для таго і сабраліся.

Казёл. Дысертацыі, рэкамендацыі — усё гэта ерунда на посным масле! А вось ты адкажы мне, Сярожка, колькі разоў ты ў маім садзе яблыкі краў?

За сталом абурана загулі:

— Ну вось яшчэ што?

— Знайшоў, аб чым пытацца!

— Хто з нас у чужы сад не лазіў?

— Адно слова — Казёл! Чаго вы ад яго хочаце?

Казёл (упарта). Не, няхай адкажа! Я патрабую!

Сяргей. Не памятаю, Платон Раманавіч. Можа, разоў з дваццаць або трыццаць...

Казёл (жахнуўся і пляснуў у далоні). Трыццаць разоў? А-я-я-яй! А колькі разоў я цябе лавіў? Памятаеш?

Сяргей. Гэта я добра памятаю. Тры разы.

Казёл. І што было?

Сяргей. Адзін раз, Платон Раманавіч, вы мне ледзь вуха не адкруцілі. А два разы крапівай...

Казёл (урачыста). Во! Чулі, які гросмайстар? Трыццаць разоў краў і толькі тры разы папаўся! Ну, а калі б ты ведаў тады, што мне за цябе галасаваць прыйдзецца, устрымаўся б?

Жэнька (шэпча брату на вуха). Скажы — за вярсту абышоў бы!

Сяргей (пасля паўзы). Не, бадай, усё роўна палез бы. Грушы ў вас надта смачныя былі. Ні ў кога такіх не было.

Казёл (з радасным хваляваннем). Няўжо палез бы?!

За сталом абурэнне:

— Дзед! Не псуй абедню!

— Знайшоў што ўспамінаць!

— Гэта ж калі было?

— Пусці Казла ў агарод...

Казёл (нечакана гучна і патрабавальна). Цыц, малакасосы! Старэйшых паважаць развучыліся! Нас Сямён навошта сюды паклікаў? Гарэлку піць або справу рабіць? Я так разумею... Мы сёння павінны вырашыць, быць у нас Сярожку старшынёй ці не быць...

Пецька-матрос. Гэта сход будзе рашаць, а не ты!

Казёл. А мы што, не сход? Мы і ёсць сход!

Пецька-матрос. Сход, а ты, дзед, пра смярдзючыя яблыкі ўспомніў! Хочаш, я табе за іх у дзесяць разоў больш заплачу? Толькі зачыні паддувала!

Казёл (спакойна). Дурнем ты, Пецька, нарадзіўся, дурнем цябе і на могілкі адвязуць. Я ж у яго не пра яблыкі, я ў яго пра аўтабіяграфію пытаюся! Вось ты, Пецька, нізавошта б не прызнаўся, колькі разоў я цябе ў сваім садзе крапівай сумленню вучыў...

Пецька-матрос (ускочыўшы з-за стала і дэманстратыўна паказваючы цяльняшку). Дзед! Калі ты зараз жа не сціхнеш, я за сябе не ручаюся!

Суседзі пачалі супакойваць Пецьку.

Казёл. А-я-я-яй! Тыгрынай майкай захацеў мяне напужаць! Курыныя ў цябе мазгі, Пецька... Ён жа мог сказаць, што тры разы забіраўся ў мой сад! Столькі, колькі я лавіў яго... А ён сказаў — трыццаць! Значыць, хлусіць не ўмее. Значыць, верыць яму можна. Вось пра што я ў яго пытаўся!.. А потым... гэта ж трэба! За трыццаць разоў толькі тры разы промах даў! Малайчына Сярожка. Хадзіць табе ў старшынях доўга-доўга!

За сталом ажыўленне, смех.

Ну, чаго рагочаце, як жарабцы тыя? Ніхто з вас не разумее. Хіба толькі Сямён адзін... Ці ведаеце вы, як старшыні хітрыць прыходзіцца? Холадна, снег у полі, а з раёна каманду падаюць — сей! Паведамляе — сею, а сам чакае. Таму што з хлебам жарты дрэнныя. А восенню? Крычаць — чаму не ўбіраеш, распрасукін ты сын? Ты нам усю карціну псуеш, працэнт у зводцы заніжаеш! Зноў хітрыць трэба, таму што хлеб яшчэ зялёны стаіць. А пападзешся — такой крапівы ў штаны накладуць, тры гады не сядзеш! Праўду я кажу, Сямён?

Галавач. Праўду, Платон Раманавіч. Крапівы нашаму брату заўсёды хапае!

Пецька-матрос. Так бы адразу і казаў, дзед, а то — яблыкі! Ды ў труне я бачыў твае яблыкі!

Казёл. Цыц, Пецька! Мне ў яго яшчэ пра тое-сёе запытацца трэба... Усе гэтыя дысертацыі, рэкамендацыі, камбінацыі — цьфу! Самая галоўная твая рэкамендацыя — гэта тое, што ты Сямёна Галавача сын, што карэнні твае на гэтым самым месцы знаходзяцца. Пуп твой тут закапаны. Гэта самае галоўнае, Сярожка... Гарэлку п'еш?

Сяргей. П'ю, Платон Раманавіч, але мала.

Казёл. Дрэнь справа, Сяргей! Таму як старшыня павінен і ў раёне з патрэбнымі людзьмі выпіць, і ў вобласці. І нават у рэспубліцы! Але каб у галаве ні-ні і ногі каб трымалі моцна. Зваліўся, і адразу ўвесь твой аўтарытэт свінні пад хвост. Нічога, навучышся. Настаўнікаў у нас па гэтай частцы, дзякуй богу, хапае. А жонка ў цябе ёсць?

Сяргей. Няма, Платон Раманавіч.

Казёл. Э-э, браце, не быць табе ў нас старшынёй!..

За сталом абурэнне:

— Што ты вярзеш, дзед?!

— Чаму гэта не быць?

— Гэта яго асабістая справа!

— Захоча, дык мы яму тры жонкі знойдзем!

Казёл. Вось-вось-вось! Пра што ж я і кажу? Не асабістая гэта справа, а грамадская! Нельга старшыні халастым быць, таму што баб у нас прыгожых шмат. Куды ні ступі, усюды грэх побач. А на старшыню і ўдзень і ўначы сто, а можа, і тысяча вачэй глядзіць... Не, не буду я за цябе галасаваць, Сяргей, пакуль ты не ажэнішся. І іншыя таксама не будуць, хто сур'ёзны і жыццё разумее...

За сталом вясёлая рознагалосіца. Сяргей непрыкметна выцер пот з ілба. Нялёгка яму даўся гэты быццам бы жартоўны экзамен.

Кабінет старшыні калгаса «Рэвалюцыя». На сценах шмат грамат, дыпломаў, у кутку пераходны Чырвоны сцяг. У кабінеце Сямён Андрэевіч Галавач, ужо былы старшыня, і Сяргей. Нядаўна закончыўся выбарны сход. Абодва яшчэ не астылі ад гэтай падзеі, кожны ўсхваляваны ёю па-свойму.

Галавач (з ганарлівым смуткам паглядзеўшы на граматы і дыпломы). Бачыш, якую спадчыну табе пакідаю? Не сорамна ні мне аддаваць, ні табе прымаць. А вось і карона...

Галавач працягвае сыну пячатку.

Сяргей. Баця... Гэта можна было б зрабіць і заўтра.

Неабавязкова ж адразу пасля сходу...

Галавач. Абавязкова! Пячатка заўсёды павінна знаходзіцца ў гаспадара. Можаш тут трымаць, можаш з сабой браць.

Сяргей. Няхай тут ляжыць.

Галавач. Ну, няхай будзе тут...

Сяргей паклаў пячатку ў сейф і закрыў яго на ключ. Галавач машынальна, па прывычцы, патузаў ручку сейфа, каб пераканацца, ці замкнуты.

Сяргей. Ну, што, пойдзем, баця?

Галавач. Зараз... Што няясна — пытайся. Не саромся і не ганарыся. На гонары далёка можна заехаць, ды вось толькі назад паварочваць цяжка.

Сяргей. Ну што ты, баця?!

Галавач. Не што ты, а слухай. І не такія разумнікі ад празмернага гонару галовы гублялі. Не нам раўня... Вось так вось! (Надзеўшы паліто, але без шапкі, Галавач спыніўся і яшчэ раз развітальным позіркам акінуў свой былы кабінет. Каб схаваць хваляванне, пажартаваў.) Як гэта там французы гавораць? Кароль памёр, няхай жыве кароль? Так, ці што?

Сяргей. Баця... А можа, ты крыху паспяшаўся? І табе рана, і мне.

Галавач. Памаўчы... (Пасля паўзы.) Чым з раніцы зоймемся, старшыня? Можа, гаспадарку паглядзім?

Сяргей (няўпэўнена). Я хацеў бы з людзьмі пагаварыць. Заўтра нядзеля, усе дома. Прайдуся па хатах, пагляджу...

Галавач. Быццам раней не бачыў?

Сяргей. Бачыў...

Галавач. Ну што ж... Прайдзіся, калі ёсць ахвота. Адзін пойдзеш?

Сяргей. Адзін...

Галавач. Добра.

Заходзіць Жэнька.

Жэнька. Зладзеі бессардэчныя! Доўга вы яшчэ тут ацірацца будзеце? Думала, зусім адубею. Знайшлі б на снезе малады сімпатычны труп! Градусаў трыццаць, не менш!..

Галавач. А чаму ты не дома?

Жэнька. Няўжо незразумела? Хацела першая павіншаваць наследнага прынца з каралеўскім званнем.

Сяргей. Сюды б зайшла.

Жэнька. А вы б сказалі — падслухоўваю! Малайчына, Сярожка! Няхай у цябе ўсё жыццё будзе ўсё і заўсёды аднагалосна!

Сяргей. Не атрымаецца так. Нехта разумны сказаў: поўная аднадушнасць бывае толькі на могілках.

Жэнька. Ведаеш, як я за цябе перажывала? Жах!

Галавач. Пайшлі дамоў. Там жа маці чакае...

Новы дом Казлоў. Выдатная сучасная мэбля. Амаль на ўсіх сценах дываны, у кутку гадзіннік з музычным боем, піяніна, швейная і пральная машына, халадзільнік, тэлевізар, матацыкл. На ўсіх сценах партрэты самых прыгожых актрыс з «Экрана», «Огонька» і зарубежных часопісаў. Некаторыя з іх у даволі пікантных позах.

Іван і маці снедаюць. На стале пачатая бутэлька гарэлкі.

Казліха (глянуўшы ў акно, спалохана войкнула). Старшыня!

Яна схапіла са стала бутэльку гарэлкі і хацела схаваць.

Іван. Куды? Я што, краў яе? Ану, пастаў, мамуля, на месца!

Казліха. А што старшыня падумае?

Іван. А мне напляваць, што ён падумае! Я на свае п'ю і дома!

Казліха. Скажа, п'яніцы...

Іван. Ну, і няхай сабе. Мне ад гэтага ні горача ні холадна.

У дзверы стукаюць.

Казліха. Заходзь, заходзь, не зачынена.

Уваходзіць Сяргей.

Сяргей. Дзень добры! Хлеб ды соль вам!

Казліха. Калі ласка, да стала. Паснедайце разам з намі. Ёсць і чарка, і шкварка.

Сяргей. Дзякую. Я з раніцы не прывык да чаркі. Дзень наперадзе.

Казліха. Дзень жа выхадны, можна і прапусціць на кілішку.

Іван. Не ўгаворвайце яго, мамуля. Яны — кіраўнікі. А нам, трудзягам, можна. Вып'ем, калі ёсць на што!

Сяргей. Добра жывяце...

Іван. Ды ўжо не скардзімся. Сваім, так сказаць, рабоча-сялянскім мазалём усё здабьтта.

Казліха. Механізатары мы...

На парозе з'яўляецца стары Казёл. Глядзіць, слухае.

Сяргей (паказваючы на піяніна). Хто іграе?

Іван (з выклікам). Дзеці мае будуць іграць! Калі народзяцца...

Сяргей. Вось тады б і купілі. Новую мадэль...

Іван. Ха! (Паказаў рукой вакол.) Вось гэта заўсёды мае цану. А грошы... Раптам заўтра рэформа, адзін да дзесяці, і цю-цю! Накрыліся грошыкі!

Сяргей (з усмешкай). Далёка гледзіцё!

Іван. А як жа інакш? Толькі так, з перспектывай.

Сяргей. Гэта добра, што з перспектывай. Толькі якая яна?

Іван. Што значыць — якая?

Сяргей. Перспектыва ў вас якая? Вось я бачу, усё вы маеце. Нават піяніна. Ну, а што далей? Для чаго жыць будзеце?

Іван (нават крыху разгубіўся). Як гэта для чаго?

Сяргей. Вось іменна, для чаго?

Іван. А для чаго ўсе людзі жывуць? Каб, так сказаць, атрымліваць асалоду ад жыцця. Жыццё ж даецца чалавеку толькі адзін раз, і пражыць яго трэба...

Сяргей. А як жа вы будзеце атрымліваць ад яго асалоду?

Паўза. Казліха і Іван разгублены. Казёл з хітрай усмешкай глядзіць на жонку і сына.

Казліха. Машыну мы хочам купіць. «Жыгулі».

Сяргей. Ну, а потым што, пасля машыны?

Іван (канчаткова ўскіпае). А потым капіць буду! Мільянерам стану! Эксплуататарам! Завод свой адкрыю! «Казёл і К°»! Цябе гэта задавальняе, старшыня? Ты чаго прыйшоў? Ты чаго ў душу да мяне лезеш? Па якому праву!

Казёл (адышоўшы ад парога). Цыц, фабрыкант! Эксплуататар! (Падыходзіць да Івана і падносіць да самага яго носа дулю.) Бачыў? Вось твая перспектыва! (Паварочваецца да жонкі.) Твая таксама! «Жыгулі» ім патрэбны! А куды вы будзеце ездзіць на тых «Жыгулях»? У туалет?! Дырыжабль купіце!.. Не размаўляй з імі, Сярожка. Яны ж не людзі, яны ж нябожчыкі! (Прынюхваецца.) Ад іх ужо смярдзіць! Са мной лепш пагавары. Я табе ўсё, як ёсць, раскажу...

Дом Ірыны. Ірына разгублена мітусіцца па пакоі. Яна на хаду скінула з сябе фартух, зняла кофту, надзела белую блузку, змахнула нешта са шчакі, завязала хусцінку і глянула ў люстэрка.

У дзверы стукаюць.

Ірына. Заходзьце...

Уваходзіць Сяргей.

Сяргей. Дзень добры, Ірына.

Ірына. Дзень добры... Праходзьце туды, тут у нас не прыбрана.

Ірына і Сяргей уваходзяць у другі пакой, крыху большы і святлейшы. Сяргей уважліва глядзіць на вялікую фатаграфію, дзе Ірына знята з вясёлым чубатым хлопцам.

Сяргей (ціха). Як гэта здарылася, Ірына?

Ірына. Ніхто ж не бачыў... Паехалі з сябрам на возера рыбачыць. Ноччу... Вецер узняўся, хваля вялікая пайшла... Лодку раніцой убачылі. Перакуленую. А іх некалькі дзён сеткамі шукалі...

Сяргей. Я гэта ведаю... Я не пра тое спытаў...

Ірына хавае вочы і маўчыць.

Што ж ты паспяшалася так, Ірыніца?.. Прабач. Я не хацеў цябе пакрыўдзіць. Можаш не адказваць, калі не хочаш...

Ірына (праглынуўшы камяк у горле). Не, нічога... Проста ніхто, апрача цябе, мяне так не называў... Я ж, Сярожа, кожны дзень табе пісала... Кожны дзень на пошту бегала. А ад цябе ні слоўца...

Сяргей. Дык мы ж пад Паўночны Полюс на сваёй лодцы хадзілі! І нават яшчэ далей! Толькі праз адзінаццаць месяцаў на базу вярнуліся!

Ірына. Але сваім жа ты пісаў. Я пыталася...

Сяргей. Ды не! Загадзя былі напісаны тыя пісьмы! Усяго па некалькі слоў, каб не трывожыліся: жывы-здаровы, служба ў флоце ідзе нармальна. А пісьмы гэтыя з базы раз у месяц родным пасылалі. Табе я вялікае пісьмо напісаў, ды адправіць не паспеў. Так і пайшло са мной пад Полюс!

Ірына. Адкуль жа я ведала пра гэта, Сярожа?

Сяргей. Але я ж слова даў! Чаму ты мне не паверыла?

Ірына. Ах, Сярожа, Сярожа!.. Цяпер усе хлопцы пасля арміі ў горадзе застаюцца. Я і падумала... Значыць, праўду кажуць: з вачэй далоў і з сэрца вон... Напісала я табе, што ходзіць ён да мяне, прапануе выйсці замуж... Думала, хоць на гэты раз адкажаш... Значыць, не доля наша, Сярожа.

Сяргей. Лёс самі людзі робяць!

Ірына. Я таксама гэтак думала... Напэўна, не ўсе ўмеюць. Ты ажаніўся?

Сяргей. Не яшчэ...

Ірына. А ўжо ёсць хто-небудзь?

Сяргей. Ёсць...

Ірын а. Што ж... Хоць ты шчаслівы будзеш. Рада, што ў цябе ўсё так добра атрымліваецца. Людзі цябе добра прынялі...

Недзе за шырмай заплакала дзіця.

Паўлік прачнуўся. Прабач, Сярожа, я зараз...

Ірына зайшла за шырму. Сяргей уважліва разглядае сціплую абстаноўку, доўга глядзіць на фатаграфію Ірыны з вясёлым чубатым хлопцам. З-за шырмы выйшла Ірына.

Сяргей. Як ты спраўляешся з ім?

Ірына. Прывыкла. Маці памагае.

Сяргей (паказваючы на фатаграфію). Гэта ён захацеў у горадзе жыць?

Ірына. Не, я... Баялася цябе сустрэць. Таму і настаяла, каб паехаць з вёскі. А ў Наваполацку цётка мая жыве. Адзінокая... І кватэра ў яе вялікая. Вось мы і паехалі туды. А цяпер... Цяпер мне ў горадзе адной цяжка.

Сяргей прайшоўся на пакоі, спыніўся ля тэлевізара, экран якога занавешаны невялікім вышытым пакрывалам.

Сяргей. Працуе?

Ірын а. Працуе. Ды толькі не гляджу я. Днём і ноччу на ферме.

Сяргей. Чаму ў даяркі пайшла? Можна было б знайсці што-небудзь лягчэйшае.

Ірына. На ферме плоцяць добра...

Сяргей. Хапае на жыццё?

Ірына. Хапае. Толькі нецікава жыць неяк, Сярожа. Ніякага прасвету наперадзе. Вось хіба толькі Паўлік. Яго трэба на ногі паставіць.

Сяргей. Замуж выйдзеш...

Ірына. Каму я патрэбна, Сярожа, з дзіцем? Ведаеш, колькі дзяўчат у вёсцы незамужніх?.. Казёл узяў бы, некалькі разоў сватаўся. Але ўжо лепей у магілу, чым за яго.

Паўза.

Сяргей. Ну, я пайду...

Ірын а. Дзякуй, Сярожа, што ўспомніў.

Сяргей. Да пабачэння, Ірыніца...

Ірына (шэптам). Да пабачэння, Сярожа...

Сяргей выходзіць. Ірына з акна глядзіць яму ўслед. Доўга глядзіць.

Дом Галавачоў. У гасцінай сядзяць Сямён Андрэевіч і Павел Журбіла. Паміж імі амаль да канца выпітая бутэлька гарэлкі. Яны сядзяць абняўшыся за сталом і не голасам, а душой ціха спяваюць «Лясную песню». Закончылі, моўчкі адпілі са шклянак, моўчкі закусілі.

Галавач. Разумееш, чаго я чакаў? Да самага канца чакаў. Устане хто-небудзь і скажа: што ты робіш, Сямён Андрэевіч?! Нельга! Рана табе ісці на спакой! Як жа мы без цябе будзем?! Усе прамаўчалі. Усе! Усе прагаласавалі супраць. Аднагалосна.

Журбіла (здзіўлена). Як гэта супраць?.. «За»! «За»!

Галавач. За Сяргея «за»! Супраць мяне...

Журбіла (здзіўляючыся яшчэ больш). Пачакай... Пачакай... Дык ты што? Не хацеў, каб яго выбралі?

Галавач (з абурэннем). Як гэта не хацеў? Я ж сам яго рэкамендаваў.

Журбіла. Не разумею я цябе, Сямён. Хоць забі, не разумею.

Галавач. І не зразумееш. Таму што не быў трыццаць гадоў старшынёй!

Журбіла. Не быў...

Галавач. Тут жа ўсё маё — кожны дом пабудаваны, кожны кол, у зямлю загнаны, кожны камень, у падмурак закладзены... Усё крывёю і потам!

Журбіла. Правільна. Таму і Героя табе далі.

Галавач. «Правільна! Правільна!» А хто я без гэтага? Пустое месца! Разумееш? Быў усім і адразу стаў нічым! Пустое месца, вось хто я цяпер. Вось так вось, Паўлюк! (Крычыць.) Пустое месца!

Журбіла (зноў здзіўляецца). Навошта ж ты прасіў адстаўку тады?

Галавач. Ну вось зноў — «навошта, навошта»? Не, нічога ты не разумееш, Паўлюк. Нічога! Не дадзена табе.

Журбіла (згаджаецца). Правільна, не дадзена...

Уваходзіць Сяргей.

Галавач. Ну, чаго спыніўся ля парога, старшыня? Далучайся да нашай кампаніі. Гэта мы пасаду новую замочваем.

Сяргей (прысаджваючыся да стала). Чаму ж без мяне?

Галавач. А мы не тваю пасаду, а маю. Перпенс называецца. Не чуў? Персанальны пенсіянер! Разумееш? Персанальны! Персонай стаў. Вось так! А да гэтага быў усяго толькі старшынёй калгаса... (Убачыўшы, што Журбіла збіраецца выходзіць.) Ты куды?

Журбіла. Пайду я, Андрэевіч. Дома мяне чакаюць.

Галавач. Ну, давай ідзі, ідзі, калі чакаюць...

Журбіла выходзіць.

Выпіць хочаш?

Сяргей. Не. І табе, баця, хопіць.

Галавач. А я і не буду больш. Завязаў... Ну як? Добра жыве наш народ? Сам пераканаўся?

Сяргей. Багата жыве...

Галавач. Хм... Ты як быццам не задаволены, што багата?

Сяргей. Рознае бывае багацце...

Галавач. Ты гэта кінь! Мы, Сяргей, вельмі доўга кармілі калгасніка абяцанкамі. Усё «заўтра! заўтра!». А яму ўжо сёння пажыць хочацца. Не толькі дзеля ўнукаў і праўнукаў... А самому пажыць хочацца!

Сяргей. П'юць шмат. Амаль у кожным доме сёння гулянка.

Галавач. Гэта праўда. З дастатку п'юць. І таму што здаровыя, як быкі.

Сяргей. Але сёння ж нядзеля...

Галавач. А ты хацеў, каб у будзённыя дні пілі? Здараецца і такое.

Сяргей. Лепей ужо ў будзённыя...

Галавач. Гэта ўжо нешта новае. З тваёй дысертацыі?

Сяргей. Нядзеля, баця, адна на тыдзень. Няхай адпачываюць, на рыбалку ездзяць, кніжкі чытаюць, тэлевізар глядзяць, дзецьмі займаюцца! Усё, што хочаш, толькі не гарэлка! За нядзельныя выпіўкі я б удвая караў!

Паўза.

Галавач (змрочна). Пуцёўку мне прапанавалі. У Кіславодск... Ехаць?

Сяргей. Едзь, баця. Табе трэба падрамантавацца. Я нават не памятаю, калі ты водпуск браў.

Галавач. А я і не браў яго апошнія дзесяць гадоў.

Сяргей. Знайшоў, чым хваліцца! Здароўе — гэта дзяржаўны здабытак. Не мае словы — Леніна...

Рэстаран. Іграе музыка. У кутку за столікам сядзяць Сяргей і Вера. Яна не спускае закаханых вачэй з Сяргея, і той не ўтойвае, што яму гэта прыемна.

Вера. Вось здам экзамены і адразу да цябе.

Сяргей. Гэта ж немаведама калі будзе!

Вера. Сам вінаваты. Не трэба было станавіцца старшынёй.

Сяргей. А ты хочаш стаць старшынёвай жонкай?

Замест адказу Вера прытулілася галавой да ягонага пляча і моўчкі шчасліва ўсміхаецца.

Не чую адказу!

Вера. Няпраўда, чуеш.

Да століка падыходзіць і садзіцца Галавач.

Галавач. Усё, заказ зроблены... Рэстаран у Мінводах быў зачынены, а ў буфеце есці не захацелася.

Сяргей. Як ты адпачыў, баця?

Галавач. Табе калі-небудзь клізму ставілі? Сіфонную?

Сяргей. Не, яшчэ не даводзілася.

Галавач. І што такое субаквальная ванна, не ведаеш?

Сяргей. Не...

Галавач. І добра, што не ведаеш. Гэта ад цябе нікуды не дзенецца...

Сяргей. Вось чаму ты ўцёк на тыдзень раней тэрміну! Калі мы тэлеграму атрымалі, мама спалохалася. Кажа, нешта здарылася.

Галавач. З пенсіянерамі нічога не здараецца аж да самай смерці.

Зайграў аркестр. Да століка надышоў малады чалавек і, папрасіўшы дазволу, запрасіў Веру на танец.

Не баішся, што ўкрадуць?

Сяргей. Не такая, каб укралі.

Галавач. Доўга выбіраў, але выбраў, я табе скажу... У вёску паедзе?

Сяргей. Ужо вырашана. Яна вясной інстытут заканчвае.

Галавач. Не пакрыўдзіўся, што я на курорт паехаў?

Сяргей. Не, ацаніў.

Галавач. Сам не люблю, калі над душой вісяць. Асабліва ў пачатку... Дык аб чым будзе заўтра партком?

Сяргей. Адкуль табе гэта вядома?

Галавач. Здаецца, я першы спытаў?

Сяргей. Пяцігадовы план будзем разглядаць.

Галавач. Ён даўно разгледжаны і зацверджаны. І ў раёне, і ў вобласці.

Сяргей. Давядзецца яшчэ раз разглядаць.

Галавач. Чым ён цябе не задавальняе?

Сяргей. На збожжа сарыентаваны.

Галавач. А ты хацеў, каб на вінаград?

Сяргей. Не. На жывёлагадоўлю і на травы.

Галавач. Не будзе хлеба, не будзе і мяса!

Сяргей. Хлеб няхай іншыя сеюць...

Галавач. Хто? У нас самыя высокія ўраджаі ў раёне!

Сяргей. Дзе? На тарфяніках? А праз дваццаць гадоў нас будуць судзіць за гэтыя ўраджаі! За тарфянікі! За поўнае і бяссэнсавае іх знішчэнне!

Сямён Андрэевіч хацеў адказаць нешта рэзкае, але ў гэты момант да стала падышоў афіцыянт з падносам, і Галавач стрымаўся.

Пачакаў, калі афіцыянт адышоўся.

Галавач. Ну, дагаворвай, дагаворвай! Чаго ж ты замаўчаў? Тарфянікі я губіў, каб Залатую Зорку атрымаць! Праславіцца за кошт зямліцы! Так думаеш?

Сяргей. Няважна, бацька, што я думаю. Важна, што мы маем.

Галавач. Ты яшчэ нічога не маеш!

Сяргей. Я маю на ўвазе калгас...

Галавач. Дык што мае калгас?

Сяргей. А вось што ён мае... Дзе раней паўтара метра торфу было, там зараз метр! Дзе быў метр, там ужо трыццаць — сорак сантыметраў засталося! З вашых жа дакументаў відаць. І гэта ўсё за трыццаць гадоў! Вось што стаіць за вашымі высокімі ўраджаямі!

Галавач. І за маёй Зоркай?!

Сяргей. Аб'ектыўна атрымліваецца так. Ты ж сам сказаў, што табе яе далі за высокія ўраджаі. Я разумею, калі хлеб патрэбен быў пазарэз...

Галавач. А то цяпер не патрэбен?

Сяргей. Будзем купляць хлеб і прадаваць мяса. Яно даражэй.

Галавач. Без штаноў застанешся, камерсант!

Сяргей. Хлеб дадуць Кубань, Казахстан, Украіна. Не за кошт жа нашых зямель рашаць збожжавую праблему!

Галавач. Паслухай, старшыня. А ці не рана ты стаў Ісусам Хрыстом? Прыйшоў, убачыў, навучыў, выправіў! А мы — дзікуны!

Сяргей. Я не Хрыстос, бацька. Я — эканаміст.

Галавач. Недавучка ты, а не эканаміст!

Сяргей. Калі недавучка, дык па тваёй віне. Я не прасіўся, ты мяне ўгаварыў.

Паўза.

Галавач. Ты ведаеш, што я член парткома?

Сяргей. Ведаю...

Галавач. Таму і хацеў без мяне партком правесці?

Сяргей. Не, не таму. Часу траціць нельга. Вясна хутка...

Галавач падняўся, дастаў з партманета грошы і кінуў на стол.

Галавач. Расплаціся за мяне.

Сяргей. Ты куды, бацька? Зараз жа едзем!

Галавач. Чым з дурнем ехаць, лепш пешшу ісці!

Галавач пайшоў. Праз некаторы час малады чалавек падвёў да стала Веру.

Вера. Сярожа, а дзе Сямён Андрэевіч?

Сяргей. Пешшу вырашыў ісці.

Вера. Пасварыліся?

Сяргей. Адгадала. Не чакаў я, што гэта адбудзецца так хутка.

Вера. З-за дробязі або...

Сяргей. «Або»... Ведаеш што? Прыязджай ты хутчэй да мяне. Не магу я без цябе больш. Не магу!

Вера. Раней, чым вясной, Сярожа, не атрымаецца.

Аркестр зайграў вальс.

Сяргей. Пойдзем, патанцуем. Я ўжо забыўся, як гэта робіцца!

У кабінеце старшыні ідзе пасяджэнне парткома. Яго вядзе Андрэй Жывіца. За сталом — Сяргей, Павел Журбіла, Іван Казёл, Пецька-матрос і Лідзія Барысёнак. Выступае Сямён Андрэевіч. На ім, як і ў дзень прыезду сына, новы касцюм з Залатой Зоркай.

Галавач. ...Тое, што гаварыў зараз Сяргей, прыгожа і можа зрабіць уражанне... На таго, хто вёскі не ведае, для каго калгаснае жыццё ў навінку. Клопаты аб прыродзе, аб будучых пакаленнях! Усё гэта прыгожая тэорыя. Што ж датычыць практыкі, гэта, прабач, Сяргей, несур'ёзна. Для тваёй дысертацыі гэта, можа, і згадзіцца, а для жыцця — не...

Сяргей. Пры чым тут дысертацыя?

Галавач. А пры тым!.. Скажы, хто для каго? Прырода для чалавека або чалавек для прыроды? Абсурдна нават так ставіць пытанне.} Чалавек не можа існаваць, не выкарыстоўваючы прыроду. Вядома, выкарыстоўваць мы яе павінны разумна. Хто ж супраць? Але не маліцца ж на яе!

Сяргей (зноў не вытрымлівае). Хіба я прапаную маліцца?

Галавач. Людзям ужо сёння трэба есці, а не толькі ў будучым. Добра, давайце скароцім плошчы пад збожжавымі, пасеем травы, як прапануе Сяргей. І зямлю захаваем, і кармы мець будзем. Быў ужо аднойчы такі крэн, калі нехта на кукурузу маліўся! А што атрымалася? Валюнтарызм!.. Што значыць недадаць дзяржаве некалькі тысяч пудоў збожжа? Гэта значыць, пакінуць на тыдзень без хлеба такі горад... Ну, напрыклад, як Мінск...

Сяргей. Няўжо табе, бацька, невядома, што ў пшаніцы нашай бялку, амінакіслот мала!

Жывіца (пастукаўшы алоўкам па стале). Спакойна, спакойна, Сяргей Сямёнавіч!

Галавач. Не, таварышы, з хлебам на сучасным этапе жартаваць нельга. Хлеб — галоўнае багацце дзяржавы. Так заўсёды было і так заўжды будзе. Гэтыя некалькі тысяч пудоў, якія мы недададзім, ужо ўлічаны ў дзяржплане. Нездарма ж мы з механізатараў за кожны каласок стружку здымаем. Таму я і прапаную пытанне аб змяненні пяцігадовага плана не выносіць ні на сход, ні на праўленне. Людзі нас не зразумеюць. Вы, безумоўна, можаце напляваць на думку пенсіянера... Я не хацеў гаварыць усё гэта тут. Але мне не ўдалося пераканаць старшыню раней.

Галавач сеў і выпіў вады з графіна.

Жывіца. Хто наступны? Пытанне такое, што адмоўчвацца ніяк нельга.

Сяргей. Можна мне яшчэ дадаць?

Жывіца. Пачакай, Сяргей Сямёнавіч. Твой пункт гледжаныя мы ўжо ведаем. Няхай і іншыя гавораць.

Сяргей. Мой пункт гледжання перакулілі з ног на галаву!

Пецька-матрос. Дай яму слова! Сам жа гаворыш, што пытанне сур'ёзнае.

Журбіла. Не такая справа, каб спяшацца. Часу ўсім хопіць.

Жывіца. Давай, Сяргей Сямёнавіч! Толькі не паўтарайся.

Сяргей. Бацька выступіў так, нібыта я і сапраўды супраць хлеба, не разумею, што хлеб — аснова ўсяго!.. Але, таварышы, каапераванне і спецыялізацыя даўно сталі нормай у прамысловасці. Чаму ж у сельскай гаспадарцы мы толькі гаворым аб спецыялізацыі і канцэнтрацыі? Паглядзіце на наш пяцігадовы план... Гэта ж дапатопная натуральная гаспадарка! Усё ў ёй ёсць — і збожжа, і бульба, і лён, і мяса, і малако! Да якіх жа часоў мы на дзядоў ківаць будзем? Самі, самі сабе плануем, а калі зусім не цягнем, крычым: зверху, маўляў, навязваюць! Хто навязаў нам гэты план?

Галавач. Народ! Інтарэсы дзяржавы!

Сяргей. Няпраўда! Гэта ты яго навязаў народу і дзяржаве!

Жывіца. Паўтараешся, Сяргей Сямёнавіч!

Сяргей. Добра... Я не буду гаварыць пра эканамічны бок праблемы. Давайце пагаворым пра сацыяльны... Ты ж сам увесь час скардзіўся: старэе вёска! Праз дваццаць пяць гадоў на месцы вёскі толькі могілкі будуць! Моладзь уцякае з вёскі, як чорт ад ладана! Гэта ж твае словы. А што ёй рабіць у вёсцы? Які-небудзь Мішка або Пецька сядзіць і некалькі гадоў зубрыць біном Ньютана або тэарэму Піфагора. А навошта ім у вёсцы Ньютан або Піфагор? Вось яны і не хочуць вучыцца! А вывучацца — уцякаюць з вёскі, як з турмы!..

Галавач. Адразу ў акадэмікі! Як Ламаносаў!

Сяргей. Не, бацька, не ў акадэмікі, а туды, дзе машыны, дзе тэхніка і высокая арганізацыя працы! Дзе ім, сапраўды, патрэбны і Ньютан і Піфагор!

Галавач. Ну, вось ты ім і пабудуй тут акадэмію!

Сяргей. Не акадэмію, а буйны жывёлагадоўчы комплекс! А гэта — аўтаматыка і тэлемеханіка! Гэта індустрыялізацыя сялянскай працы! Гэта прынцыпова новая вёска, новы быт, новы лад усяго сялянскага быцця! Гэта новая псіхалогія!

Іван. Спытаць можна?

Жывіца. Пытанні пасля. У цябе ўсё, Сяргей Сямёнавіч?

Сяргей. Так, усё.

Жывіца (Івану). Што ты хацеў спытаць?

Іван. Колькі каштуе гэты комплекс?

Сяргей. Тры мільёны...

Іван. Гэта значыць, тры мільёны за новую псіхалогію? А дзе іх узяць?

Сяргей. Дзяржава дае нам крэдыты на льготных умовах.

Іван. Крэдыт — гэта пазыка. Яго аддаваць трэба. Пакуль аддадзім, зубы на паліцу пакладзём!

Жывіца. У цябе пытанне або выступленне?

Іван. Запытальнае выступленне! Не згодзен я выкладаць тры мільёны за новую псіхалогію! Лепш ужо як-небудзь я са старой пераб'юся, ды толькі з сытым брухам. А калі ў жываце бурчыць — не да псіхалогіі. Таварыш Маркс сказаў: быццё (робіць пальцамі рух, нібыта лічыць грошы) вызначае свядомасць...

Жывіца. Карацей. Ты супраць?

Іван. Безумоўна! Толькі і жыць пачалі па-людску, а вы зноў рэарганізацыі пачынаеце! Ведаеце, дзе гэтыя рэарганізацыі сядзяць? Вось дзе! (Праводзіць рабром далоні па горле.) Хопіць над вёскай эксперыментаваць! Дайце ёй спакойна пажыць!

Жывіца. Ясна. Ты, Пётр, не будзеш больш гаварыць?

Пецька-матрос. Я ж сказаў...

Жывіца. Вы, Лідзія Іванаўна?

Барысёнак. Я падтрымліваю Сямёна Андрэевіча. Навошта нам у даўгі лезці?

Журбіла. Не толькі даўгі, а будаваць хто будзе? Ведаеш, Сяргей Сямёнавіч, як у нас на сяле будуюць? Пакуль да даху дойдуць, падмурак развальваецца. Вунь у «Промні» пяты год клуб будуюць і яшчэ пяць будуць будаваць...

Жывіца. Я так і не зразумеў, Павел Дзям'янавіч, вы «за» ці «супраць»?

Журбіла. Я супраць таго, каб планы ламаць. Мы ж іх таксама не з пальца высмакталі.

Жывіца. Будзем галасаваць! Ёсць дзве прапановы: першая — змяніць пяцігадовы план калгаса з ухілам на жывёлагадоўлю. Унесці гэтае пытанне на разгляд праўлення і агульнага сходу. І другая прапанова. Пакінуць план без змянення. Хто за першую прапанову?

Руку ўзнімае толькі сам Жывіца.

Так... Аднагалосна, значыць. А ты што ж, Сяргей Сямёнавіч? Таксама супраць?

Сяргей. Я не член парткома. Не маю права галасаваць.

Жывіца. Лічы, што мы цябе ўжо каапціравалі. Хто за другую прапанову?

Узнімаюць рукі ўсе, апрача Сяргея, Жывіцы і Пецькі-матроса.

А ты што? І не «за» і не «супраць»?

Пецька-матрос. Я ўстрымліваюся.

Жывіца. Ну што ж... Усё, таварышы. Пасяджэнне парткома аб'яўляю закрытым.

Усе ўстаюць і выходзяць. Жывіца хацеў нешта сказаць Сяргею, але, заўважыўшы, што стары Галавач не збіраецца разам з усімі, таксама выйшаў. Сямён Андрэевіч падышоў да сына, паклаў яму руку на плячо.

Галавач. Пакрыўдзіўся?

Сяргей. За цябе крыўдна, бацька!

Галавач. У ножкі нам павінен пакланіцца, што не дазволілі табе, дурню, шыю зламаць! Я што, зла табе жадаю? З горада цябе выцягнуў і старшынёй для гэтага зрабіў? Так, ці што? Мяне за гэты комплекс Матусевіч, ведаеш, колькі агітаваў? Выстаяў. Яму мода, пацёмкінская вёска патрэбна, каб дэлегацыі вазіць. А мужыку жыццё патрэбна. Іван Казёл мае рацыю... Усе гэтыя рэформы, перабудовы, рэарганізацыі абрыдлі. Не, Сяргей, ад дабра дабра не шукаюць. А калі шукаюць, такое знаходзяць... Так што ты не крыўдуй.

Сяргей. А ці не ты, бацька, пакрыўдзіўся?

Галавач. З чаго б гэта?

Сяргей. Што не па-твойму жыць пачаў?

Галавач (пасля паўзы). Ведаеш, колькі тут майго поту, маёй крыві, бяссонных начэй? Усё тут маё, куды ні кінь. Няўжо ты думаеш, што я дазволю каму-небудзь усё гэта паламаць, так, за здорава жывеш? Табе таксама не дазволю! Ты гэта запомні!.. (Хутка выходзіць.)

Вясковая вуліца. Яркае сонца. Зіхаціць снег на дрэвах. Сяргей стаіць ля калгаснай канторы, чакае машыну, курыць.

Сяргей (крычыць). Ірына!

Падыходзіць Ірына.

Добры дзень...

Ірына. Дзень добры, Сярожа.

Сяргей. Праходзіш і прывітацца не хочаш?

Ірына. Прабач, не заўважыла. Дамоў спяшаюся. Кароў накарміла, цяпер Паўліка трэба...

Сяргей. Ты на якім курсе інстытут кінула?

Ірына. На трэцім. Цяжка, Сярожа, вучыцца завочна і працаваць. Можа, і дацягнула б, калі б ён не загінуў.

Сяргей. Ты калі ўстаеш?

Ірына. У пяць раніцы. Трэба ж паспець і накарміць, і падаіць, і гной убраць.

Сяргей. А ўвечары калі дамоў прыходзіш?

Ірына. Як калі. А восьмай, бывае, а дзевятай. Але ўдзень у нас перапынак.

Сяргей. Што ў цябе дома ёсць?

Ірына. Гаспадарку маеш на ўвазе? Як ва ўсіх — карова, парася, куры.

Сяргей. Спраўляешся?

Ірына. А куды падзенешся?.. Усё нічога, Сярожа, вось толькі з каровай цяжка. Сена накасіць трэба, улетку ў поле ганяць трэба, па чарзе... Зімой таксама — пакармі, падаі. А без каровы ніяк нельга. Дзіцё...

Сяргей. Чаму не захацелі на дзве змены пераходзіць? Клопатаў жа ўдвая менш!

Ірына. І заработак таксама... Кажуць, што ты нібыта з бацькам пасварыўся?

Сяргей. Сваркі не было, а чорная кошка між намі прабегла.

Ірына. З-за чаго?

Сяргей (доўга глядзіць на яе). З-за цябе.

Ірына. З-за мяне?! Ты што, Сярожа?!

Сяргей. Ён, напрыклад, перакананы, што ты жывеш вельмі добра! Лепей няма куды!

Ірына.Я і сапраўды жыву добра.

Сяргей (злосна крычыць). Добра?! Паглядзі, на каго ты стала падобна? На вярблюда двухгорбага! А ты ж спявала! Танцавала! У школе! Памятаеш?! Хіба ты падобна на тую Ірыну?! Што ад цябе засталося? Цень! Прывід!

Ірына (ціха). Дык я ж удава, Сярожа... У мяне ж на руках дзіцё... Старыя не падмога, абое слабыя, часта хварэюць. А ў каго ёсць мужчына ў хаце, там добра.

Сяргей. Усім! Усім дрэнна!

Ірына. Ты, Сярожа, проста адвык ад вясковага жыцця. Успомні, як раней людзі жылі і як цяпер жывуць...

Сяргей. Ты для параўнання трынаццаты год успомні! Гэта больш пераканаўча!

Чуваць, як пад'ехала машына, стукнулі дзверцы.

Ірына. Што ж ты хочаш, Сярожа?

Сяргей (крычыць). Хачу, каб вы як людзі жылі!

Уваходзіць Жывіца.

Жывіца. Добры дзень, Ірына. Паехалі, Сяргей, а то спознімся!

Кабінет першага сакратара райкома партыі Матусевіча. На канапе сядзяць Сяргей і Жывіца. Максім Максімавіч усхвалявана ходзіць па кабінеце.

Матусевіч (горача). Стратэгі вы вялікія, а тактыкі... Галоўны сэнс у чым? У тым, што загіне вёска, калі яе не перабудаваць сёння. На корані загіне. Не могуць у ёй больш людзі жыць! Дажываць могуць, паміраць, а не жыць! Ну, тут я, можа, крыху падзагнуў. І калі мы сёння або заўтра не зменім усяго... Вось што галоўнае — людзі! Людзі!

Сяргей. Максім Максімавіч... Дык увесь сэнс нашай прапановы ў тым і заключаецца, што нельга так больш жыць!

Матусевіч. «Сэнс! Сэнс!» А на парткоме пра што гаварылі?

Сяргей. Пра тое ж...

Матусевіч. Аб скаціне гаварылі, а не аб людзях! Аб тым, што галоўнае — збожжа ці мяса! Людзі ў вас так, накшталт давеска, накшталт дробязных дэталей ішлі. Вось дзе ваш тактычны промах! Трэба сказаць, што стары Галавач мае рацыю. Сапраўды, план аднаго калгаса змяніць нельга. Усё вельмі шчыльна падагнана і прыцёрта. Падлічана да гектара, да цэнтнера нават... Здымі з вас збожжа, значыць, яго трэба перадаць некаму другому. З яго таксама трэба нешта здымаць і перадаваць трэцяму. Ляціць план усяго раёна.

Жывіца. А калі памяняць план усяго раёна?

Матусевіч. Пачнецца такая ж пятрушка ў абласным маштабе. Ланцуговая рэакцыя!

Сяргей. Выходзіць, няма выйсця?

Матусевіч падышоў да акна, адчыніў фортку. Чуваць рознагалосы крык гракоў.

Матусевіч. Бач, як раскрычаліся! Вясна ранняя будзе... Чаму няма? Ёсць, дакладней — павінна быць. Давайце будзем думаць. І вы, і я... А ў прынцыпе я з вамі згодзен, як кажуць, цалкам і поўнасцю. Бацька твой хітры мужык. А ты хітрэйшым будзь...

Сяргей. Не было такой дысцыпліны ў інстытуце.

Матусевіч. Гэтаму само жыццё навучыць. І вось што, Сярожа... Ты наконт высокіх ураджаяў на тарфяніках не вельмі націскай на бацьку.

Сяргей. Не разумею...

Матусевіч. Не, не таму, што менавіта я падпісваў паперу на Героя... Думаецца мне, ён і сам ужо разумее, што дроў мы тут наламалі. І мучыцца таму. Але нават самому сабе баіцца ў гэтым прызнацца.

Сяргей. Прызнацца мала! Палітыку мяняць трэба!

Матусевіч. А мы і мяняем. Толькі ж адразу ўсяго не зробіш. Я яго некалькі разоў выклікаў да сябе і прасіў, патрабаваў, каб ён пачаў комплекс будаваць. А апошні раз я яму рашуча сказаў: ці будаваць пачнеш, ці з партыйным білетам развітаешся. Вось пасля гэтай размовы ён і апынуўся ў яры. Мяне да гэтага часу сумленне грызе. Ці не перабаршчыў я?

Сяргей. Выходзіць, мне ўсё па-ранейшаму пакідаць? Як было?

Матусевіч. Я да таго, што бацька твой — таксама жывы чалавек. І яго разумець трэба. Не апраўдваць, а разумець...

У доме Галавачоў. Ефрасіння Савельеўна накрывае стол на вячэру. Тут жа ля стала Вера.

Вера. Ефрасіння Савельеўна, дайце ж і мне якую-небудзь работу.

Ефрасіння Савельеўна. Што вы, галубка, што вы! Адагравайцеся з дарогі. Можа, кажушок на плечы даць?

Вера. Не, дзякую. Я ўжо крыху адышла.

Ефрасіння Савельеўна. Гэта ж трэба! Калі б Сярожа ведаў, ён бы да поезда пад'ехаў!

Вера. Я хацела сюрпрыз яму зрабіць. Здала сесію і, замест таго каб дамоў, сюды паехала.

Уваходзіць Жэнька.

Жэнька. Мам, а можа, мне схадзіць за імі ў лазню?

Ефрасіння Савельеўна. Не церпіцца навіну паведаміць?

Жэнька. Не... А што, калі яны адзін аднаго варам ашпараць? Увесь калгас абадраць прыйдзецца. Для перасадкі скуры.

Ефрасіння Савельеўна. Яшчэ што выдумала?

Жэнька. А што? Усё можа здарыцца.

Вера. Сварацца?

Жэнька. Не... Нармальны канфлікт паміж старэйшым і малодшым пакаленнямі. Адно ўсё ведае, ды нічога не можа. Другое ўсё можа, ды нічога не ведае.

Ефрасіння Савельеўна. Ідзі ты на кухню, балаболка! Паглядзі, каб бульба не перасмажылася.

Вера. Можна, я пагляджу? (Выходзіць.)

Жэнька (у захапленні). Ну і прыгажуня! Вось пашчасціла нашаму Сярожку!

Ефрасіння Савельеўна. Ты б балбатала пры ёй менш!

Жэнька. А што я такое сказала? Думаеш, Сяргей сам ёй не раскажа? Што гэта за муж, калі ў яго ад жонкі сакрэты будуць? Жонка, ведаеш, хто? Самы блізкі сябар чалавека!

Ефрасіння Савельеўна. А ты адкуль гэта ведаеш?

Жэнька (разглядаючы сябе ў люстэрка). Я ўсё ведаю... У-у, якая абразіна! (Яна зрабіла грымасу.) Як у Іванавай хрушкі! Вочы, як гузікі, а нос, як кукіш! Цьфу, аж глядзець брыдка!

Ефрасіння Савельеўна (ласкава). Не грашы. Каб усе такія, як ты, былі...

Жэнька. А-а! Не суцяшай!

У прадбанніку апранаюцца Галавач і Сяргей. Але «тэмпература» тут, бадай, вышэй, чым у парылцы.

Сяргей. ...Ты гаварыў, што хопіць ужо калгаснікаў абяцанкамі карміць! Гаварыў? Твае словы?

Галавач. Гаварыў. Правільна гаварыў.

Сяргей. Што людзі ўжо сёння пажыць хочуць... Гаварыў?

Галавач. У мяне яшчэ памяць не адбіла!

Сяргей. Дык хіба гэта жыццё? Хіба гэта людзі?! Гэта ж... трактары! Асабліва жанчыны... У тры змены цягнуць. На знос! Цябе ж судзіць трэба!

Галавач. Пракурор знайшоўся, ядрыт тваю за нагу! На мяне яны хіба працуюць? На сябе працуюць! Хіба твае дохлыя гараджане маюць тое, што маюць мае калгаснікі!

Сяргей. Што маюць? Ты ж мяшчан напладзіў, як клапоў! Тэлевізары ёсць — не глядзяць! А калі ім глядзець? Піяніна ёсць — не іграюць. Няма калі! Шафы ад адзення ломяцца — не носяць! Няма куды насіць! Няма куды і няма калі! А купляюць. Грошы ж ёсць! Ты ж людзей хціўцамі зрабіў! Яны ўжо і кроку зрабіць не могуць без рубля!

Галавач. Ты Маркса вучыў? Казёл і той лепш за цябе ў палітэканоміі разбіраецца! Чалавеку перш за ўсё патрэбны ежа, адзенне і дах над галавой! А потым ужо розныя фіглі-міглі! Зразумеў? Потым! Спачатку абуй і накармі! Во так!

Сяргей. Маркс, баця, і другое сказаў... Багацце бяскласавага грамадства вымяраецца не золатам, а свабодным часам яго грамадзян. Свабодным часам! Зразумеў? Дык вось гэтага багацця ў тваіх калгаснікаў нуль! І п'юць яны таму... Скажы, чаму з твайго нябеснага раю людзі ў горад уцякаюць?

Галавач. Гультаі ўцякаюць! Дармаеды!

Сяргей. Ці не замнагавата тых дармаедаў у цябе, баця?

Галавач. Не больш, чым у іншых!

Сяргей. Залатыя словы! Тым больш трэба спяшацца.

Галавач. Спяшацца? Былі ўжо такія разумнікі, якія спяшаліся! Як вы з Матусевічам... Замест вёскі хацелі аграгарады пабудаваць! Пад шкляным калпаком! Хацелі, каб калгаснікі ад кароў, ад агародаў адмовіліся! Адным словам — няхай жыве камуна! Дзе яны цяпер?.. Вышэй пупа не скочыш! Грыжу нажывеш. Вось так вось!

Сяргей. А вы ўжо даўно ўсе з грыжамі!

Дом Галавачоў. Сяргей прыводзіць у гасціную Матусевіча.

Матусевіч. Прабач, браток, што ў нядзелю. А ў цябе яшчэ і нявеста.

Сяргей. Ну што вы, Максім Максімавіч! Вы ж ведаеце, што я заўсёды рады вам.

Матусевіч. Ужо навучыўся хітрыць. Здольны! Па вачах бачу, у лыжцы вады гатовы мяне ўтапіць, што адарваў ад яе. А ты не саромся. Так і павінна быць. Маладым — маладое, старым — старыкоўскае. Вяселле хутка?

Сяргей. Летам, калі інстытут закончыць.

Матусевіч. Мяне паклічаш?

Сяргей. Самага першага.

Матусевіч. Добра. Запомнім. А зараз вось што... Справа, разумееш, неадкладная, таму я і прыкаціў да цябе ў выхадны. Заўтра выклікаюць на бюро абкома.

Сяргей. Мяне?

Матусевіч. Не, мяне. Заварылі вы кашу, а расхлёбваць мне даводзіцца. Я ж пасля вашага візіту вазьмі ды здуру і напішы пісьмо на імя першага сакратара. Наконт пяцігадовых планаў...

Сяргей. Ну і што?

Матусевіч. Па шапцы дадуць, вось што. Можа, і не ўтрымаецца.

Сяргей. За што? Усё ж правільна!

Матусевіч. Таму і дадуць, што правільна!

Сяргей. Зусім нічога не разумею. Дзе ж логіка?

Матусевіч. Дзе логіка? Скажуць, з Месяца зваліўся? А дзе раней быў? Ім жа не дакажаш, што і сам увесь час пра гэта думаў. Не хапала апошняй кроплі. А вось ты ўзяў і капнуў... Давай сюды свае разлікі.

Сяргей. Якія? Вы што маеце на ўвазе?

Матусевіч. Бацька твой у мяне ўчора быў. Усё пераказаў...

Сяргей. Скардзіўся?

Матусевіч. Не. Абвінавачваў нас з табой у валюнтарызме і авантурызме. Вось як! Гаварыў, што мы з табой паспяшаліся нарадзіцца гадоў на пяцьдзесят. Ты як лічыш, паспяшаліся?

Сяргей. Не, спазніліся гадоў на дваццаць.

Матусевіч. Я тое ж самае сказаў. Давай свае паперы...

Жэньчын пакой. Вера і Жэнька сядзяць на канапе і разглядаюць альбом з сямейнымі фатаграфіямі.

Вера. А вось гэта дзяўчына... Хто яна?

Жэнька. Гэта? Ірына...

Вера. Усюды яны разам... Сярожа і яна... Яны сябравалі?

Жэнька (неахвотна). Не ведаю... Здаецца, сябравалі.

Вера глянула на Жэньку і зразумела, што тая гаворыць няпраўду.

Вера. А што потым?

Жэнька. Нічога. Ён у армію пайшоў. Яна замуж выйшла і паехала ў Наваполацк.

Вера. Яна і цяпер там жыве?

Жэнька. Не... Нядаўна ў яе муж утапіўся, яна ў вёску да сваіх старых вярнулася. З дзіцем.

Вера (задумліва). Які ў яе прыгожы твар!

Жэнька. Нічога асаблівага. Твар як твар.

Вера. Тут яны абое з акардэонамі... Яна таксама іграла?

Жэнька. Іграла... І спявала. Вось голас у яе, сапраўды, быў добры. Бывала, як заспявае, усё сяло слухае!

Вера. А цяпер яна спявае?

Жэнька. Не... Адспявала сваё!

Вера. Ён ніколі мне аб ёй не расказваў...

Жэнька. А што тут расказваць?

Пад дзвярыма на пальчыках у сподняй бялізне стаіць Сямён Андрэевіч, прыслухоўваючыся да размовы Максіма Максімавіча і Сяргея.

Сяргей (з хваляваннем і захапленнем). ...Бачыце, што атрымліваецца, Максім Максімавіч? Калгасу ўтрыманне каровы абыходзіцца зімой у адзінаццаць і два дзесятых чалавека-дні, а калгасніку — у восемдзесят тры і два дзесятых! Нічога дзіўнага — ручная праца. А двароў у нас пяцьсот! Калі мы возьмем на ўтрыманне ўсіх асабістых кароў, то сэканомім трыццаць шэсць тысяч чалавека-дзён! А на кожны чалавека-дзень мы даём прадукцыі на 15 рублёў. Усё, Максім Максімавіч! Заканчваем новы кароўнік і збіраем туды ўсіх асабістых кароў, спачатку з цэнтральнага пасёлка, а потым і па іншых брыгадах. Свіннямі пазней зоймемся...

Матусевіч. У што гэта абыдзецца калгасніку, калі калгас возьме на поўнае ўтрыманне яго карову? Падлічыў?

Сяргей. Калі ласка... Вось... Летам ён будзе плаціць тры рублі пятнаццаць капеек у месяц, зімой шэсць рублёў. Капейкі! Выгадна гэта яму? Выгадна! Калгасу таксама. Але галоўнае, Максім Максімавіч, не гэта. Не гэта! Галоўнае, што мы людзей вызваляем ад гэтай праклятай другой змены, ад асабістага хамута, ад якога ў людзей гарбы растуць! І грыжы... Вы думаеце, чаму моладзь з вёскі ўцякае? Адробяць восем-дзевяць гадзін у калгасе, а потым яшчэ пяць-шэсць гадзін дома ўкалваюць. Старым няма куды падзецца, а маладыя бягуць...

Матусевіч. Ну, дапусцім, не толькі таму...

Сяргей. Вядома, не толькі таму.

Матусевіч. Ты глядзі, Сяргей, як у нас з табой выходзіць? Гаворым мы з табой быццам пра скаціну, а атрымліваецца— пра чалавека! Га? Ведаеш што, Сярожа? Па-мойму, у цябе не галава, а дом урада! (Кліча.) Сямён! Сямён! Хадзі паглядзі, што Сяргей прапануе! Гэта ж эканамічная і псіхалагічная рэвалюцыя разам узятыя!

Галавач ціхенька, на пальчыках, адыходзіць ад дзвярэй і хаваецца.

М-да... Цяжкі выпадак... Не судзі яго строга, Сярожа. Вось што... Паедзеш заўтра разам са мной на бюро абкома.

Сяргей. Мяне ж не запрашаюць.

Матусевіч. Нічога. Будзеш у мяне ў якасці доказу.

Сяргей. Каб, значыць, і мне па шапцы за кампанію? Так?

Матусевіч (засмяяўся). А ты хацеў, каб мне аднаму? Прывыкай...

Куток сельскіх могілак. Пад высокімі соснамі і бярозамі застылі крыжы, зоркі, помнікі. На самым краі могілак асобна стаіць абеліск з доўгім спісам прозвішчаў. У гэтым спісу і...

Галавач Пётр Андрэевіч — загінуў на фронце

Галавач Павел Андрэевіч — загінуў у партызанах

Галавач Аляксандр Андрэевіч — закатаваны ў СД

На самым краі гранітнага пастамента ля абеліска сядзіць без шапкі Сямён Андрэевіч Галавач. Падыходзіць Сяргей, моўчкі здымае шапку.

Галавач. Сядай...

Сяргей садзіцца.

Паўза.

Сяргей. Ты што?

Галавач. Вось пагаварыць з імі прыйшоў... (Паўза.) Мяне побач пакладзеш.

Сяргей. Ну, што ты гаворыш, баця? Як у цябе язык павярнуўся сказаць такое?

Галавач. А што? Магілу ты мне ўжо пачаў капаць... Запомні, Сяргей, Галавачы на табе канчаюцца...

Сяргей. Ты гэта пра што?

Галавач. Так. Між іншым... Ну, што ў абкоме?

Сяргей. Зацвердзілі. Вырашылі перагледзець планы па ўсёй вобласці, у разрэзе кожнага раёна...

Галавач. Сяргей... Што ты пра мяне думаеш?

Сяргей. Як гэта, што думаю?

Галавач. Не хітруй. На гэтым месцы трэба або праўду гаварыць, або маўчаць... Ну, хто я, па-твойму? Кансерватар, адстаў ад жыцця, перашкаджаю прагрэсу?

Сяргей. Бацька...

Галавач. Маўчы! Я ж сказаў табе, што тут не хлусяць... Я ніколі пра сябе не думаў, толькі пра людзей. Аб іх клапаціўся. Каб вось перад імі не сорамна было (паказвае на абеліск). Таму што яны мне дзяцей, жонак і матак сваіх пакінулі... Я ад прэмій адмаўляўся. Сорамна мне было прэміі і надбаўкі атрымліваць, калі яны вось тут зямлю касцямі сваімі грэюць... Я ж аб іх дзецях і ўнуках клапаціўся!..

Сяргей. А я пра каго клапачуся? Пра сябе?

Галавач. Не так клапоцішся. Не з таго канца... Я ж чаму цябе на сваё месца прапанаваў? Таму што верыў... Ты маладзейшы, дужэйшы, разумнейшы... Ёсць, Сяргей, законы, цераз якія не пераскочыш. Ты ж з гісторыі і палітэканоміі павінен ведаць. Спрабавалі ўжо нешта падобнае зрабіць...

Сяргей. Тады, бацька, базы не было. І псіхалагічна людзі яшчэ не былі гатовыя.

Галавач. А зараз што?.. Тое, што вы з Матусевічам хочаце, магчыма праз пяцьдзесят гадоў, не раней.

Сяргей. Але ж ты сам, бацька, гаварыў, што людзям не толькі праз пяцьдзесят гадоў жыць трэба, але і сёння.

Галавач. Яны і жывуць. І нядрэнна жывуць. А вы з Матусевічам хочаце паламаць ім гэта жыццё!

Сяргей. Не мы, бацька. Само жыццё гэтага патрабуе.

Галавач. Тэорыя ваша патрабуе, а не жыццё! Ты ведаеш, якія электрасеткі ў вёсцы? На смаркачах усё трымаецца! Пасля кожнай навальніцы па два-тры дні без току сядзім. Што ты будзеш рабіць са сваім комплексам, калі такое здарыцца? Не тое што падаіць тысячу кароў не зможаш... Увесь калгас у дзярме захлынецца! Ты ж уручную яго не адужаеш! Вось табе рэальнае жыццё, а не тэорыя! Я ўжо бачыў гэта сваімі вачыма — і не адзін раз. У суседніх гаспадарках. А ты — не! Навошта ж ваду каламуціш?

Сяргей. У карэце было больш спакойна ездзіць. Перакулілася, нічога страшнага, усе цэлыя. Паставілі на колы і далей паехалі. А калі ТУ грабанецца? Адразу вунь колькі!.. І тым не менш нават звышгукавыя будуюць. Не толькі ваенныя, але і пасажырскія. Значыць, чалавеку гэта трэба?

Галавач. Аб людзях, значыць, клапоцішся?.. Сёння ў нас даярка зарабляе больш за дзвесце. А на комплексе тваім яна атрымае максімум сто пяцьдзесят. Ёсць розніца?

Сяргей. Ёсць. Але гэтыя сто пяцьдзесят ёй будуць зарабляць машыны, а не яна сама.

Галавач. Але ў хаце ў яе не машыны сядзяць, а пяць або шэсць ратоў, і ўсе есці хочуць. І пасмачней!

Сяргей (горача). А сама яна есці хоча, калі з фермы прыйдзе? Хоча яна, каб дзеці яе пайшлі туды працаваць?!

Паўза.

Галавач. Ты наогул маеш уяўленне, што такое будаўніцтва ў нашых умовах і пры нашых магчымасцях? І хто табе будаваць усё гэта будзе?

Сяргей. Студэнцкі атрад. Я ўжо дамовіўся. Прыедуць на ўсё лета... Бацька, няўжо ты лічыш, што і абком памыляецца?

Галавач. Бязгрэшных не бывае.

Сяргей. Чаму ж ты сябе лічыш бязгрэшным?

Галавач (ледзь стрымаўся). Ведаеш што... Ідзі-тка ты адсюль... Мацюгацца тут непрыстойна...

 

Частка другая

Студэнцкі інтэрнат. У пакоі юнакі і дзяўчаты. Побач з Верай сядзіць Сяргей. Абое шчаслівыя. Гучыць гарэзлівая студэнцкая песня:

 

Они горькую пьют,

Они песни поют

И еще кое-чем занимаются!

Через тумбу-тумбу — раз!

Через тумбу-тумбу — два!

И еще кое-чем занимаются!

А Харлампий святой

Лишьь трясет бородой —

На студентов глядит, улыбается!

Через тумбу-тумбу — раз!

Через тумбу-тумбу — два!

И еще кое-чем занимаются!

Он и сам бы не прочь

Провести с ними ночь,

Да на старости лет не решается!

Через тумбу-тумбу — раз!

Через тумбу-тумбу — два!

И еще кое-чем занимаются!

 

Васіль (ускочыў і крычыць). Браткі! Ды што ж гэта мы? Няўжо не горка ў нас сёння? Горка!

Галасы. Горка! Горка!

Сяргей. Хлопцы! Ды вы што? Ашалелі? Пачакайце да вяселля!

Васіль. Браточкі! Даеш вяселле! Зараз жа! У гэты ж момант! А то ж ён яго зажыліць!

Усе ў захапленні адабраюць. І вось ужо ляжаць на стале батоны, хлеб, каўбаса, банкі кансерваў, стаяць тры бутэлькі таннага віна.

Алік. А з чаго піць будзем? Шклянак няма...

Васіль (абурана). Не, вы толькі паглядзіце на гэтага антылігента! З гарла! Як дзеды нашы пілі! Бабы! Вэлюм і шлюбныя пярсцёнкі!.. Так, адзін ёсць. Знайсці другі! Хто не дае? Ты, Жора? Аддай пярсцёнак, піжон, а то зараз жа выйдзеш адсюль праз акно. Без штаноў і без пярсцёнка! Я сур'ёзна!

Дзяўчаты завязваюць Веры вялікую белую шаль замест вэлюма.

Дзеці мае! Падыдзіце да мяне!

Сяргей і Вера падыходзяць да Васіля.

Уступаеце вы ў шлюб па каханню, па разліку ці па прымусу?

Сяргей. Па каханню...

Вера. Па каханню.

Васіль. Раба божая Вера! Ці моцна ты кахаеш свайго нарачонага?

Галасы. Не! Не! Так нельга! Няхай ён спачатку скажа!

Васіль. Добра. Папраўка прымаецца... Раб божы Сергій, ці моцна ты кахаеш гэтую атракавіцу?

Сяргей. Яна зачаравала мяне безнадзейна і назаўсёды.

Васіль. А ты, Вера?

Вера (закахана гледзячы на Сяргея, адказвае сур ёзна). Я вельмі яго кахаю.

Васіль. І даўно гэта на вас найшло?

Галасы. Гэта ўжо інтым, Васіль. Навошта такія падрабязнасці?

Васіль. Цішэй! Не перашкаджайце шлюбаскасавальнаму... Цьфу! Што я гавару? Шлюбаспалучальнаму працэсу! Прашу адказваць на пастаўленае пытанне!

Сяргей. Два гады...

Вера. Два гады, тры месяцы і два тыдні...

Васіль. Гэта пастаянства пахвальнае. Раб божы Сергій, ці будзеш ты здраджваць сваёй жонцы?

Галасы. Ды ты што, Васіль, здурнеў?

Васіль. А што? Лепш пра гэта ведаць загадзя. Кляніся!

Сяргей. Не буду...

Васіль. А ты, раба божая Вера?

Вера. Здраджваюць, калі знойдуць лепшага. А лепш за яго няма.

Васіль. Не, вы чулі, як яна зараз усіх нас збэсціла? Мы, значыць, усе Квазімоды, адзін ён Нарцыс! Даруем ёй гэта?

Галасы. Даруем! Даруем!

Васіль. Ці будзеце вы шанаваць сяброў, прымаць іх у сябе, карміць і паіць? Бясплатна, вядома. І не плявацца потым, калі яны пойдуць? Пакляніцеся!

Вера. Клянёмся!

Сяргей. Клянёмся!

Васіль (зрабіўшы вельмі ўрачысты выраз твару). Такім чынам, усе кропкі над «і» пастаўлены, усе дарогі назад адрэзаны, сцежкі таксама. Усе масты спалены. Станьце бліжэй адзін да аднаго! Яшчэ бліжэй! Абдыміцеся... Вучыць вас, ці што? Ага, умеюць! Навучыліся за два гады і тры месяцы!.. Вянчаюцца перад тварам усея групы раба божая Вера і раб божы Сергій. Вянчаюцца на жыццё сумеснае, доўгае і шчаслівае! На каханне вечнае і неразлучнае! Амэн! Абмяняйцеся пярсцёнкамі, дзеці мае! (Перахрышчвае Веру і Сяргея.) Падаць сюды шампанскага!

Яму перадаюць бутэльку партвейна.

Першая чара гэтага боскага напітка — маладой!

Вера робіць глыток.

Другая чара — жаніху! Пардон! Пардон! Законнаму мужу!

Робіць глыток Сяргей.

А трэцяя чарка мне, прэпадобнаму! (Глядзіць бутэльку на святло.) Для такога выпадку маглі б што-небудзь і даражэй узяць!

Галасы. А хто ж ведаў? Ты ж не папярэдзіў!

Васіль. Трэба было прадбачыць! Самім думаць трэба! (Робіць глыток і здзіўлена глядзіць на этыкетку.) Глядзі-тка! Каштуе руп чатыры, а п'ецца, як за руп сем! Горка, браткі! Горка!

Усе пачынаюць скандзіраваць: «Гор-ка! Гор-ка-а!»

Салаўіны бераг — так празвалі гэты высокі абрыў над ракой. Унізе недзе ціха і сонна плешчацца вада ў чароце. Толькі што зайшло сонца. Крычаць, надрываюцца драчы, заліваюцца салаўі.

І здаецца, не існуе на свеце нічога, апрача іх песні.

На беразе пад бярозай адзінока сядзіць Ірына. Слухае. Успамінае. І прыплылі да яе з далёкага мінулага ўспаміны... ...Ірына і Сяргей стаяць на беразе побач, зусім яшчэ маладыя і надзвычай шчаслівыя. Яны прыйшлі сюды адразу пасля выпускнога вечара.

Сяргей. Ты чакаць мяне будзеш, Ірыніца?

Ірына. Навошта ты пытаешся?

Сяргей. А калі вельмі доўга? Гэта ж армія...

Ірына. Хоць усё жыццё! Я кахаю цябе, Сярожка! (Цалуюцца.)

Сяргей. Пакляніся!

Ірына (крычыць). Неба! Ты чуеш мяне? Я кахаю яго! Зоркі! Я бяру вас у сведкі! Вы чуеце? Я кахаю яго, як ніхто нікога ніколі не кахаў! Я ўвесь свет аддам за яго! Вы чуеце, зоркі?!

Сяргей абдымае і цалуе Ірыну.

Сяргей (здзіўлена). Ой, Ірыніца!..

Ірына. Што?

Сяргей. У тваіх вачах зоркі свецяцца!

Ірына. У тваіх таксама.

Сяргей. Гэта добра, калі зоркі ў вачах. Гэта да шчасця...

Ірына. Ты верыш у прыкметы?

Сяргей. У добрыя — веру.

Ірына. Глядзі, Сярожка. І ў рацэ зоркі! Варушацца, як жывыя!

Сяргей. Хочаш, я зорку для цябе дастану?

Ірына (смяецца). Хачу!

Сяргей скідае пінжак і ляціць некуды ўніз.

Ты што, звар'яцеў! Што ты робіш? Там жа вір! Сярожка! Ты чуеш? Там жа вір! Плыві зараз жа назад! Чуеш? Ой, які ж ты дурненькі!

На бераг падымаецца Сяргей і працягвае Ірыне вялікую белую лілею.

Сяргей. Пакуль нёс, яна ператварылася ў кветку...

Ірына. Там жа вір!

Сяргей. Ну дык што? За цябе я не толькі ў вір — у агонь скокну!

Ірына. Ой, які ты ўсё ж дурненькі, Сярожка!..

А сама бясконца шчаслівая, што ён іменна такі, што можа з-за яе скокнуць і ў агонь і ў ваду.

Успаміны зніклі гэтак жа раптоўна, як і з'явіліся. Пад бярозай адзінока сядзіць Ірына. І раптам яна, як падкошаная, упала тварам у траву і ляжыць нерухома. А вакол цішыня і салаўі.

Кабінет старшыні калгаса. У кабінеце Сяргей, Андрэй Жывіца, Васіль і Алік, якога за празмерна сур'ёзны выгляд і вялікія акуляры студэнты празвалі філосафам. Праз адчыненыя насцеж вокны чуваць драчы, салаўі, жабы. Васіль сядзіць на падаконніку і зачаравана слухае.

Васіль. Хлопцы, а вы салаўёў сваіх сырымі яйкамі не корміце? Што твораць, мярзотнікі, га? Усё. Няма больш сіл маіх. Іду заляцацца!

Сяргей (заняты сваімі думкамі, змрочна). Чорт ведае што! Пра іх жа клапоцімся! Жыццё ім хочам чалавечае зрабіць! А яны ўпёрліся як валы... Трэці дзень кароўнік пустуе! Ніхто не прывёў... Нават тыя, з кім я размаўляў асабіста, хто згаджаўся.

Жывіца. Я ж табе гаварыў: вясковы кансерватызм горш за атамную бомбу. Яго нічым не пераб'еш.

Сяргей. Але ж прабіць неяк трэба! Не адступаць жа цяпер? Ужо абком ведае. Калі ў нас не атрымаецца...

Жывіца. Трэба да гэтага быць гатовым...

Васіль (здзекліва). Ці не скапцы вы, хлопцы? Такі вечар, а вы пра нейкіх кароў, пра нейкае, прашу прабачэння, дзярмо! Выгляд у вас зараз такі, нібыта настае новы сусветны патоп, а каўчэга вы пабудаваць не паспелі!

Сяргей. Я і забіць магу.

Васіль. Ну-ну! Разам з гумарам канчаецца і чалавек. Ну, хопіць вам! Раскіслі, насы павесілі! Калгас — гэта каралеўства, а вы хоць яшчэ не каралі, то прынцы!..

Сяргей. Спыні! Надакучыла!

Васіль. Даслухай да канца... Справу вы задумалі важную? Важную. Райком і абком вас падтрымліваюць? Падтрымліваюць! Студэнцкі атрад у сто галоў вас падтрымлівае?

Сяргей. Не магу ж я вас, замест асабістых кароў, у кароўнік паставіць!

Васіль. Нас не трэба, а кароў можна.

Сяргей (узрываючыся). «Можна! Можна!» Я ж табе пра тое і тлумачу, што ніхто не захацеў! Усе адмовіліся! Усе!

Васіль. Ну і што? Панікёры вы! Ёсць у мяне адна ідэя. Толькі дайце мне свабоду дзеянняў на дваццаць чатыры гадзіны.

Жывіца. Што ты зробіш за дваццаць чатыры гадзіны?

Васіль. Іменна тое, чаго вам зараз не хапае. Міні-рэвалюцыю. Не бойцеся — бяскроўную...

Сяргей. Здзіўляюся, як такога балбатуна маглі назначыць камандзірам будаўнічага атрада!

Дом Казлоў. Стары Казёл, надзеўшы акуляры, чытае газету.

Іван прышпільвае кнопкамі да сценкі вялікі партрэт паўаголенай зарубежнай кіназоркі. Убягае Казліха.

Казліха. Чулі, што робіцца?! Старшыня каровак нашых арыштаваў!

Іван. Мамуля, як гэта можна арыштаваць кароў?

Казліха. Калі з поля ішлі, студэнты іх завярнулі і ў калгасны кароўнік загналі! І замок павесілі! Што ж гэта такое робіцца?

Іван. Нічога асаблівага, мамуля. Гэта пачынаецца камунізм. Спачатку кароў, свіней, курэй, качак у адзін статак. Потым усіх нас пад адну коўдру. Цудоўна!

Казліха. Не дуры! Скажы лепей, што рабіць?

Іван. Да пракурора трэба. Зазнаўся малады старшыня. Ну, цяпер яму ўсё, кранты! Спёкся, галубок!

Казліха. Ды я з ім сама, без пракурора, спраўлюся! Дайце мне тапор. Дайце тапор!

Казёл (адрываючыся ад газеты). Во, у Партугаліі рэакцыя зноў галаву ўздымае, а вы толькі пра кароў думаеце!

Казліха. Чаго-чаго?

Казёл. А таго! Увесь свет як свет! А ў вас толькі каровы ў галаве! Цьфу!

Казліха. Зусім звар'яцеў стары лапаць!

Казёл. Гэта не я звар'яцеў! Гэта вы на лахманах сваіх вар'ятамі сталі ! Ну, куды вам столькі? Навошта? У магілу вы гэта ўсё з сабой заберыцё? У вас жа амаль дваццаць тысяч на кніжцы! Навошта вам больш? Ну, скажыце, навошта?

Казліха. На чорны дзень.

Казёл. Ды вось ён, з'явіўся ваш чорны дзень! Чарней ужо быць не можа! Чалавека з-за каровы забіць хочаш! Вы ж у д'яблаў ператварыліся! У вас жа рогі і капыты выраслі! Во! Азірніся! У цябе ж хвост вырас! Ты ж са сваім дабром зноў малпай стала! (Падбягае да шафы. потым да куфраў і выкідае адтуль рэчы.) Гэта ўсё на чорны дзень?! Падавіцеся вы сваім барахлом! Не хачу больш! Не трэба! Замучылі! Заездзілі! Усё жыццё паклаў на ваша дабро! Усё! Хопіць! (Выскоквае.)

Казліха. Свят-свят-свят! Што гэта з ім такое?

Іван. Гэта, мамуля, называецца інфармацыйным выбухам. Радыё, тэлевізар, газеты... Не паспявае галава пераварваць. Вось у яго і заскочылі шарыкі за ролікі...

Стары Казёл вяртаецца, штурхаючы перад сабой прыгожа аформленую труну на калёсіках. На труне напісана залатымі літарамі: «Платон Раманавіч Казёл. Нарадзіўся ў 1905 годзе. Памёр у ... годзе». Казёл ставіць труну ў кут, кладзецца ў яе і складвае рукі.

Казліха. Платон... Ты што? Здурэў?..

Казёл (прыўзняўшы галаву з труны). Прашу пахаваць па-чалавечы. І каб аркестр быў. І памінкі. Я на іх зарабіў! А то ведаю я вас, скнар! Усё! Бывайце! (Зноў кладзецца ў труну і ўладкоўваецца ў ёй зручней.)

Казліха. Платон, апамятайся! Такога яшчэ не бывала, каб жывы чалавек сам у труну клаўся!

Казёл (зноў прыўзняўшы галаву). Хіба ж я сам? Гэта ж вы мяне сюды паклалі! Ідзіце! Не далі спакойна пажыць, дайце хоць памерці спакойна.

Іван. Пойдзем, мамуля. Гэта ён для нас спецыяльна цырк арганізаваў. Выхоўвае. Пайшлі. (Выходзяць.)

Казёл (крычыць). Хунта праклятая! Фашысты! Рэвалюцыі на вас няма!

Новы кароўнік. Відаць толькі невялікая частка яго фасаднага боку. На другім плане, недалёка, бачна панарама будаўніцтва вялікага жывёлагадоўчага комплексу. Ужо стаяць бліскучыя, як ракеты, чатыры сянажныя вежы.

У кароўніку мычаць каровы. Набліжаюцца ўсхваляваныя галасы. Да кароўніка падбягаюць некалькі вельмі ўзбуджаных жанчын пад старшынствам Казліхі.

Казліха. Няма яго, бабы, тут!

І Жанчына. Зачыніў жывёлу, гад, а сам схаваўся!

ІІ Жанчына. Нічога! Мы яго пад зямлёй знойдзем!

ІІІ Жанчына. Ну, бабы, мы яму такую камуну наладзім, на ўсё жыццё запомніць! Штаны здымем і па ўсёй вёсцы правядзём без штаноў!

ІV Жанчына. Ламіце замок! Чаго вы чакаеце?

V Жанчына. Чым ты яго зломіш! Языком?

Казліха. Пусціце, у мяне тапор!

З гарышча кароўніка, у адтуліне франтона, паказваецца Алік.

Алік (спакойна). Толькі паспрабуйце...

Казліха. А ты, змяя падкалодная, чаго тут тырчыш?

Алік. Значыць, так трэба, калі тырчу.

Казліха. Старшыня загадаў?

Алік. Не старшыня, а мой грамадзянскі абавязак.

І Жанчына. Чаго ён нам тут зубы загаворвае?

IV Жанчына. Ламі, Ульяна, або аддай тапор мне!

Алік (усё так жа спакойна). Страляць буду!

Для перакананасці Алік паказаў стрэльбу.

І Жанчына. Ах ты, гад паўзучы! Ён яшчэ пагражаць будзе! Як вазьму зараз камень ды як трэсну па тваіх акулярах!

V Жанчына. Ды ты што, хлапец, з глузду з'ехаў? Ты чаго стрэльбай палохаеш? Мы не чужое прыйшлі браць.

ІІІ Жанчына. Бабы! Здымай з яго штаны!

ІV Жанчына. Схавай пукалку, дурань! Мы кароў сваіх узяць прыйшлі!

Алік. Мне, ці што, патрэбны вашы каровы?

ІІІ Жанчына. А навошта ж вы, паразіты, іх зачынілі? Навошта замок павесілі?

Алік. Таму што дабра вам хочам, а вы гэтага не разумееце. Цёмныя вы людзі. Дапатопныя...

Казліха. Бач ты, хрыстосікі якія знайшліся! Дабра яны хочуць! Ведаем мы ваша дабро!

ІІ Жанчына. Ды што ты з ім, Ульяна, размаўляеш? Не будзе ён у людзей страляць! Яна ў яго незараджаная...

Алік. Праўда, незараджаная... (Закладвае патроны ў абодва ствалы.)

Другая жанчына выхапіла з рук Казліхі тапор і абухом пачала збіваць замок. Адзін за адным грымяць два аглушальныя стрэлы. Жанчыны кінуліся ўрассыпную. Толькі Казліха павалілася і засталася ляжаць, прыкрыўшы галаву рукамі. Алік зняў акуляры, працёр іх, зноў надзеў і здзіўлена глядзіць на распасцёртую на зямлі Казліху.

Алік. Дзіўна... Вельмі дзіўна... Я ж халастымі страляў...

Казліха (раптам ускочыўшы). Ратуйце, людцы! Забіваюць! (Уцякае.)

Алік. Цьфу, чорт, як напалохала...

Некаторы час ціха і пуста. Потым зноў набліжаюцца ўзбуджаныя галасы. Уваходзяць, апасліва паглядаючы на гарышча, тыя ж жанчыны і Галавач.

Жанчына. Вунь адтуль паліў, гад паўзучы!

Казліха. У мяне куля каля самага вуха так ж-ж-ж-ж! На валасок ад смерці была!

Жанчына. Усякае ў нас бывала, Андрэевіч, але такога, каб у людзей стралялі, такога з часоў вайны не было!..

Жанчына. Зняць з іх штаны і цэлы дзень па вёсцы вадзіць!

ІІ Жанчына. Міліцыю трэба выклікаць! І пратакол скласці!

Казліха. Іван паехаў ужо за ўчастковым.

Жанчына. Андрэевіч, за што ж яны нас? За нашых кароў?

Жанчына. Мы за табой, Андрэевіч, жылі як за каменнай гарой. Станавіся ў нас зноў старшынёй!

Галавач. Студэнт! Ты тут? (Паўза.) Я пытаюся — ты тут?

Алік (не паказваючыся з глыбіні гарышча). Тут...

Галавач. Пакажыся!

Алія. Навошта?

Галавач. Ты страляў?

Алія. Я... Але я халастымі, як «Аўрора». Ніякай кулі не было?

Казліха. Як гэта не было?! Як гэта не было?! Я ж сама чула, як яна ў мяне каля самага вуха ж-ж-ж-ж! Што ж гэта было!

Алія. Напэўна, жук-гнаявік!

Казліха. Бабы! Знайдзіце мне камень! Хутчэй знайдзіце мне камень!

Галавач. Ціха! Хто загадаў страляць? Сяргей?

Алік. Не...

Галавач. А хто?

Алік. Мой грамадзянскі абавязак.

Жанчына. Не, вы чулі, бабы! Абавязак яму загадаў!

Галавач. Ціха, не шуміце. Студэнт, кідай ключ.

Алік. Як я вам скіну тое, чаго ў мяне няма?

Галавач. А дзе ён?

Алія. Не ведаю.

Жанчына. Хлусіць, пракляты!

Жанчына. Зняць з яго штаны, адразу скажа!

Галавач. Пайшлі. Я ведаю, як адкрыць запасны выхад.

Жанчыны і Галавач ідуць за кароўнік. Чуваць, як адчыняецца запасны выхад, як, мыкаючы, выходзяць каровы. Алік асцярожна высоўвае галаву з дзіркі, аглядаецца.

Алік. Цікава, што б на нашым месцы зрабіў Каракозаў? (Заўважыўшы Галавача, зноў схаваўся.)

Галавач. Студэнт! Ты яшчэ тут?

Алія. Не. Я ўжо пайшоў.

Галавач. Прызнайся шчыра, Сяргей загадаў табе страляць?

Алік. Я ж вам сказаў... Мой грамадзянскі абавязак.

Хутка ўваходзіць устрывожаны Сяргей.

Галавач (са злавесным спакоем). Пячатка пры сабе?

Сяргей. Пры мне...

Галавач. Дай сюды.

Сяргей, нічога не разумеючы, працягвае бацьку пячатку.

Ключы ад сейфа таксама!

Сяргей (зразумеўшы). Не рабі глупства, бацька!

Галавач. Скончыўся старшыня! Калгас не яслі, каб у цацкі гуляць! Ты хоць разумееш, што ты нарабіў?!

Сяргей. Я хацеў, каб бабы ўсе тут сабраліся! Пераканаць іх хацеў.

Галавач. Чым пераканаць?

Сяргей. Я б павёў іх туды (паказвае на комплекс) і паказаў бы, як яны павінны жыць і як жывуць!..

Галавач. Таму і страляць загадаў?! Ты ж усё сяло супраць сябе настроіў! Табе ж век гэтага не даруюць! За пракурорам і міліцыяй паехалі ўжо! Гэта ж крымінальшчынай пахне!..

Алік (высунуўшы галаву з дзіркі). Гэта не ён загадаў страляць, а мой грамадзянскі абавязак. Я ж вам гэта растлумачваў...

Галавач (злосна крычыць). Заткніся ты! Пудзіла агародняе!

Сяргей. Бацька! Аддай пячатку! Не ты мяне выбіраў старшынёй!

Галавач (хапае Сяргея загрудкі). Я! Я цябе зрабіў старшынёй! Я цябе і здымаю! Два дні на зборы, і каб духу твайго тут не было! Тэарэтык, ядрыт тваю за нагу!

З гарышча грымяць два аглушальныя стрэлы. Галавач ад нечаканасці выпусціў Сяргея.

Ты што ж гэта, паразіт, робіш?!

Алік. Наношу прэвентыўны ўдар, каб не дапусціць вялікай вайны.

Галавач. Ану, злазь адтуль! Не чакай, пакуль я сам да цябе ўзлезу!

Чуваць трэск матацыкла. Убягаюць міліцыянер і Іван Казёл.

Міліцыянер. Хто страляў? (Паўза.) Я пытаюся: у каго агнястрэльная зброя!

І раптам з процілеглага боку ўбягае стары Казёл са стрэльбай.

Казёл. Я страляў! У мяне агнястрэльная зброя!

Міліцыянер. Вы?

Іван. Не верце яму! Хлусіць ён! Яго і не было тут!

Казёл. Як гэта не было, калі быў!

Іван. Не страляў ён!

Казёл. Як гэта не страляў, калі страляў! А што гэта? (Узнімае стрэльбу уверх і страляе два разы.) Можа, і зараз, скажаце, не страляў?

Міліцыянер }(крычыць). Спыніць агонь! Аддайце агнястрэльную зброю!

Казёл. А ты мне яе даваў?

Міліцыянер. Дазвол на агнястрэльную зброю ў вас ёсць?

Казёл. Ёсць!

Міліцыянер. Пакажыце!

Казёл. Вось ён! (Паказвае міліцыянеру кукіш.)

Міліцыянер. Грамадзяне! Будзьце сведкамі! Вы бачылі, як зняважылі савецкую ўладу пры выкананні ёю службовых абавязкаў. Чаму вы стралялі?

Казёл. Контру трэба біць, пакуль яна нас не задавіла! Пакуль яшчэ не позна!

Міліцыянер. Як... Як-кую контру?

Казёл (паказваючы на Івана). Вось гэту!

Міліцыянер (канчаткова збіты з панталыку). Так... Зразумела... Забярыце ў яго зброю!

Ніхто не кратаецца з месца. Але не з-за боязі. Усе ашаломлены паводзінамі старога Казла.

Я каму сказаў — забраць зброю?!

Казёл. Чаго ж ты сам яе не забярэш?

Міліцыянер. Так... Непавінавенне ўладзе... Ну што ж, пайшлі складаць пратакол!

Кабінет старшыні калгаса. Сяргей, стоячы ля адчыненага акна, размаўляе з Васілём, які, мабыць, не адважваецца зайсці ў кантору.

Сяргей. Ну? Ты задаволены, штукар?

Васіль. Чэснае слова, Сярога, стрэльба — гэта яго ініцыятыва.

Сяргей. Ну, а мне, мне што цяпер сказаць?

Васіль. Валі ўсё на нас! Скажы, вінаваты, маўляў, гэтыя паўдуркі-студэнты. А што яны нам зробяць? Солі на хвост насыплюць?

Сяргей. Солі мне насыплюць, а не вам! Я старшыня калгаса!

Васіль. Не драматызуй, Сярога! Падумаеш, некалькі бабуль расшумелася! Дык яны ж — анахранізм! Рудыменты! Уся калгасная моладзь за цябе сцяной!

Сяргей. І ты гэтую сцяну ў міліцыю, у пракуратуру, у райком пашлеш. Ідзі ты ведаеш куды!..

Васіль. Каб ведаў, пайшоў...

За спіной Сяргея адчыняюцца дзверы, і ў кабінет імкліва ўбягае Ірына.

Ірына. Ты тут?

Сяргей. А дзе я павінен быць?

Васіль, зазірнуўшы ў акно, знікае.

Ірына. Я думала, сэрца разарвецца... Так бегла.

Сяргей. А што здарылася, Ірына? Што-небудзь з Паўлікам?

Ірына. Мне сказалі, што прыехаў пракурор і цябе арыштавалі.

Сяргей. Праўда, пракурор быў... (Усміхнуўшыся.) А што б ты зрабіла, калі б мяне і сапраўды арыштавалі? Магло і такое быць.

Ірына маўчыць, потым узнімаецца і падыходзіць да Сяргея.

Iрына (ціха). Легла б пад колы...

Яны стаяць і глядзяць адзін на аднаго. І раптам зусім нечакана, нечакана, мабыць, нават для самой сябе, Ірына абняла Сяргея і без памяці пачала цалаваць яго ў губы, у шчокі, у вочы.

Ірына. Любы мой!.. Родны!.. Адзіны!.. Я ж нікога не кахала ніколі... Нікога... Толькі цябе аднаго! Божа, што я нарабіла!

Хто ведае, можа, і Сяргей ужо даўно чакаў гэтага моманту. Чакаў і баяўся, разумеючы, што рана ці позна, але гэта абавязкова адбудзецца.

Сяргей (цалуючы яе). Ірыніца... Ірыніца... Чаго ты плачаш? Не трэба... Усё добра. Мы зноў разам...

Ірына. Не, Сярожа. Не... Лепш бы мне і не нарадзіцца зусім. Я ж месца сабе не знаходжу... Я ж удзень і ўначы, кожную хвілінку пра цябе думаю...

Заходзіць Жывіца. Ён так і застыў на парозе, убачыўшы Сяргея і Ірыну. Сарамліва кашлянуў, каб звярнуць на сябе ўвагу. Ірына адхіснулася ад Сяргея.

Жывіца. Сярожа... Максім Максімавіч прыехаў.

Ірына пайшла да дзвярэй, але спынілася перад Андрэем.

Ірына. Андрэй... Ён тут ні пры чым... Гэта я сама. Сама галаву страціла... (Выходзіць.)

Жывіца. Ну, што маўчыш, герой?.. Выходзіць, не ржавее і не старыцца, так?

Сяргей. Разумееш, Андрэй... Думаў, усё ўжо даўным-даўно забыта. Ты ж ведаеш... Яна першая... Не дачакалася, не паверыла... А вось як прыехаў сюды, як убачыў яе... і быццам толькі ўчора з ёю на беразе развітваўся! Быццам і не было гэтых гадоў!

Жывіца. Пачакай, пачакай... А як жа Вера! Ужо ўсе ведаюць, што хутка вяселле. Дый жыве яна ў вас як законная жонка... Як жа з ёй?

Сяргей (не адразу). Не ведаю, Андрэй, чэснае слова, не ведаю...

Жывіца. Як гэта? Ну, ведаеш, браце, ты ўжо выбірай! Ты не султан і не набоб, каб дзве жонкі мець! Калі справа дойдзе да парткома, я цябе па галоўцы гладзіць не стану!

Сяргей. Ну вось... Ты мяне ўжо парткомам палохаеш.

Жывіца. Не палохаю, а папярэджваю. У тваіх жа, між іншым, інтарэсах. Прышыюць табе амаралку і...

Хутка ўваходзіць Матусевіч.

Матусевіч. Абодва тут? Добра! А я лічыў вас разумнымі людзьмі! Няўжо памыліўся?

Жывіца. Максім Максімавіч... Нічога страшнага не адбылося.

Матусевіч (Сяргею). І ты лічыш, што нічога страшнага не адбылося? Пракурор вамі цікавіцца! Ды бог з ім, з пракурорам. Можа, тут і няма саставу злачынства. Але эксперымент, які вы пачалі першымі ў вобласці, сарваны! Падмочаны! Хто ж цяпер возьмецца, калі ў вас сарвалася?.. Вось што... Заўтра партком, паслязаўтра сход! Агульны! Умелі нашкодзіць, умейце і адказ трымаць!..

Салаіўны бераг. Зорная ноч. Павольна ўваходзяць Сяргей і Вера.

Вера (у захапленні). Прыгажосць якая! Нічога падобнага не бачыла! Давай пасядзім тут, пачакаем сонейка...

Сяргей (паспешліва). Не-не, не тут... У іншым месцы.

Вера. А мне здаецца, прыгажэй гэтага і быць не можа.

Сяргей адводзіць Веру з таго месца, дзе яны калісьці цалаваліся з Ірынай. Адышліся на некалькі крокаў і прыселі.

Дзівачок мой міленькі! Ну, чаму ты так хвалюешся? Усё будзе добра, вось убачыш! Я чамусьці адразу паверыла Матусевічу. У яго вельмі разумныя і добрыя вочы... Глядзіць на цябе і, здаецца, усё наскрозь бачыць і разумее. Ён цябе пакрыўдзіць не дазволіць. Ну, усміхніся!.. Ну?!

Сяргей. Мне за сябе сорамна...

Вера. Ты ж нічога дрэннага не зрабіў...

Вера даверліва паклала яму галаву на плячо і, заплюшчыўшы вочы, слухае, як спяваюць салаўі, як цурчыць вада ў рацэ. А Сяргей чуе галасы з далёкага мінулага...

Сяргей. ...Ты чакаць мяне будзеш, Ірыніца?

Ірына. Навошта ты пытаешся?

Сяргей. А калі вельмі доўга? Гэта ж армія...

Ірына. Хоць усё жыццё! Я кахаю цябе, Сярожка!

Сяргей. Пакляніся!

Ірына. Неба! Ты чуеш мяне? Я кахаю яго! Зоркі! Я бяру вас у сведкі! Вы чуеце? Я кахаю яго, як ніхто нікога ніколі не кахаў! Я ўвесь свет аддам за яго!

Вера. Пра што ты думаеш зараз?

Сяргей (здрыгануўшыся). Так... Ні пра што... Вера... Ты лічыш мяне добрым чалавекам?

Вера (усміхаючыся, не адкрываючы вачэй). За іншага б я не пайшла...

Сяргей. А што, калі ты мяне прыдумала? Калі я зусім не такі?

Вера (шчасліва ўсміхаючыся). Не... Ты нават сам не ведаеш, які ты... Ты самы-самы!.. Вось за гэта я і кахаю цябе.

Другі бераг ракі. Лес. Гарыць касцёр. Ля кастра Матусевіч і Галавач. Сямён Андрэевіч паклаў у касцёр некалькі тоўстых сасновых галінак і павярнуўся да Матусавіча.

Галавач. Ну? Ракі з'едзены, піва выпіта... Доўга будзем у хованкі гуляць?

Матусевіч. Ты пра што, Сямён?

Галавач. Ды ўжо вельмі нечакана табе захацелася ракаў! І абавязкова з начлегам!

Матусевіч. Здагадлівы... Тады, можа, і пачнеш сам?

Галавач. Табе ракаў захацелася, а не мне!

Матусевіч. Добра... На сход заўтра пойдзеш?

Галавач. А ты думаў — не?

Матусевіч. Навошта? Дакладней — з чым пойдзеш?

Галавач. Павініцца перад людзьмі хачу. Няхай караюць за памылку.

Матусевіч. Ты ўпэўнены, што памыліўся?

Паўза.

Галавач. Думаеш, мне лёгка сказаць, што так? Расчаравацца ў чалавеку — нож у сэрца. А тут сын... Адзіны... Не можа ён, Максім, быць старшынёй... Лірык! Рамантык! А тут гной, і чым больш яго, тым лепш. І потым гэты дзікі выпадак са стралянінай. Я ж таксама не хачу, каб ён пад суд трапіў... Пячатку я ў яго ўжо адабраў.

Матусевіч. Ты што? Назад, у старшыні, хочаш вярнуцца?

Галавач. Хачу...

Матусевіч (пасля паўзы). Та-ак... Як сапсавала цябе ўлада, Сямён! Прывык за трыццаць гадоў думаць, што толькі верна і правільна тое, што ты гаворыш! Што ты думаеш! Думкі нават не дапускаеш, што нехта можа быць разумнейшы за цябе...

Галавач. Хто? Смаркачы гэтыя разумнейшыя?

Матусевіч. Бачыш, як непрыемна слухаць, што ёсць людзі разумнейшыя за цябе? Гэта ўсё ад улады... Мне таксама... Сакратар райкома, дэпутат Вярхоўнага Савета, вопыт, веды, мудрасць... А якая тут, да д'ябла, мудрасць?! Прыходзіць хлопчык і, як паршывага ката, тыцкае цябе носам у лужыну! У лужыну, якую ты напусціў!.. Вось я не баюся гэта прызнаць, а ты баішся.

Галавач. Давай, давай, кайся! Бі сябе кулаком у грудзі! Прыгожа!

Матусевіч (не адразу). Бачыш, Сямён... Мяне менш за ўсё турбуе, прыгожа гэта ці непрыгожа... І што пра мяне скажуць абывацелі.

Галавач. Накшталт мяне?

Матусевіч. Накшталт цябе... Для мяне куды важней, што я сам пра сябе думаю. Сам. Разумееш? А падумаць мне зараз ёсць над чым.

Галавач. Вось і скажы пра гэта на партыйнай канферэнцыі!

Матусевіч. Магчыма... А ты? Няўжо ты да гэтага часу нічога не зразумеў?

Галавач. Чаго я не зразумеў?

Матусевіч. Што перарос цябе твой Сяргей, на дзве галавы перарос... Вось ты Палац культуры адгрукаў. І я не пярэчыў, падтрымаў цябе, лічыў, верную справу робім. Вядома, клуб патрэбен. Без яго нельга. А хто туды ходзіць? А ён, смаркач твой, прыйшоў да мяне і сказаў: людзям патрэбна агульнасць думак і інтарэсаў. Павінен быць вялікі калектыў аднадумцаў з аднолькава высокім інтэлектам! Каб ім цікава было адзін з адным! Разумееш? Цікава! Каб яны ўзбагачаліся духоўна ад гэтых сустрэч! Вось і задумаў ён стварыць гэтую агульнасць думак і інтарэсаў. Геніяльна задумаў! Праз вытворчасць! Праз вялікую тэхніку! Праз аўтаматыку! Гэты твой смаркач прымусіў нас усе пяцігадовыя планы перакрэсліць і новыя рабіць. Па ўсёй вобласці...

Галавач. Але комплекс вы будуеце адзін на ўвесь раён! А колькі калгасаў элементарнай механізацыі не маюць?..

Паўза.

Матусевіч. А ты ведаеш, Сямён... Знаходзяцца людзі, якія ўсур'ёз даказваюць, што мы паспяшаліся з Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Кажуць, што трэба было пачакаць гадоў пяцьдзесят, каб Расія стала такой жа эканамічна развітай, як Амерыка або Англія. А потым ужо...

Галавач. Дэмагогія! Рэвалюцыянеры знайшліся!..

Матусевіч. Дарма іранізуеш, Сямён... Тое, што мы робім зараз у вёсцы, гэта і ёсць рэвалюцыя. Самая сапраўдная, упоравень з калектывізацыяй. Своечасова ты ўступіў месца... Памятаеш, якія прыгожыя словы гаварыў у маім кабінеце? «Трэба ўступаць дарогу тым, хто хутчэй едзе». Але ўступаць, аказалася, вунь як не проста. Нават роднаму сыну! Прывык ты да ўлады. Думаў, што яна табе пасмяротна дадзена? Што сын будзе старшынёй так, для выгляду, а камандаваць яго мазгамі будзеш ты? Хітра задумаў, нават я паверыў, што добраахвотна адмаўляешся ад улады. А ты вунь які дальнабачны. З прыцэлам!.. Вось што, Сямён... Пячатку ты яму раніцай аддай. Горш будзе, калі я цябе на сходзе падыму і пры ўсіх прымушу пячатку вярнуць. А ты ведаеш, я гэта зраблю. Нягледзячы на тое, што было і ёсць паміж намі!

Зала калгаснага Палаца культуры. На сцэне, дзе сядзіць прэзідыум сходу, развешаны вялікія фатаграфіі, малюнкі, чарцяжы, схемы буйнога жывёлагадоўчага комплексу. Тут здымкі і вытворчых будынкаў, і высокіх сянажных вежаў, і інтэр'ера Дома жывёлаводаў з прыгожай, утульнай мэбляй.

У прэзідыуме сядзяць Матусевіч, Галавач, Жывіца, Сяргей, Пецька-матрос і Павел Журбіла. Выступае Іван Казёл, выступае злосна і заўзята.

Іван. Зарваўся наш старшыня, далей няма куды! З думкай людзей не лічыцца! На калгасную дэмакратыю яму начхаць! Што хачу, тое і варачу! Хіба мы не разумеем, чаму ён гэта зрабіў? Фактык яму для дысертацыі спатрэбіўся, вось ён і вырашыў скаціну адабраць! Забыўся, што не ён тут гаспадар, а народ! Ты яшчэ госцем у нас! Што ж далей будзе, калі ён ужо сёння зброю ў ход пускае!

Галасы:

— Правільна гаворыш!

— Дзе гэта відаць, каб у людзей страляць?

— За сваіх жа кароў!

— Глупства гаворыш, Іван! З мухі слана робіш! Ніхто ў людзей не страляў! Ён жа не ў калгас забраў кароў, а памагчы хацеў! Нам памагчы хацеў!

— Не ён страляў, дык ён загадаў!

— Нічога ён не загадваў!

— Што ж ты прапануеш, Іван? У турму яго? На катаргу?

Іван. А вось што... Трэба клікаць назад Сямёна Андрэевіча. Быў ён у нас старшынёй, старшынёй няхай і застаецца...

Голас з залы. Верна! Правільна! А з маладога штаны зняць!

Іван. А сынок яго, Сяргей Сямёнавіч, няхай сабе дысертацыю піша, навуку ўзбагачае. У нас з ім розныя дарогі.

Іван спусціўся са сцэны ў залу. Жывіца стукае алоўкам на графіне, стараючыся суняць страсці.

Жывіца. Таварышы! Таварышы! Не ператварайце сход у базар! Калі хто хоча гаварыць, давайце сюды!

Да Жывіцы нахіліўся і нешта спытаў у яго Павел Журбіла. Андрэй моўчкі кіўнуў, згаджаючыся.

Слова мае Павел Трафімавіч Журбіла! Таварышы! Я папрашу цішэй! Нельга ж так!..

Журбіла (выйшаўшы да трыбуны). Ты, Іван, дармо на старшыню бочку коціш, словамі такімі раскідваешся: «дэмакратыя», «начхаў», «у людзей страляў». Мы яго нядаўна старшынёй выбралі, а ты яго ўжо дзёгцем мажаш!

Іван (з залы). А ён нас — мёдам?

Журбіла. Вядома, партызанскія метады кіраўніцтва зараз непрыгодныя. Народам не камандаваць трэба, а раіцца з ім. Разумней народу нікога няма. Але ты, Іван, у корань глядзі. Ён што — выгады сабе шукаў? Славы? Грошай?

Іван (з залы). Дысертацыю сваю ён хоча абараніць! Абароніць, і будзь здароў!

Журбіла. І не сорамна табе, Іван, такое глупства несці? Куды ён пойдзе, калі ўсе яго карэнні тут, у гэтай зямлі? Сяргей... Старшыня ўсім нам дабра хацеў. Ну, падумайце вы добра, паварушыце мазгамі — лёгка нам жывецца з асабістай гаспадаркай, з каровамі гэтымі?

Голас з залы. Чаму ж ты за яе так трымаешся? Аддай яе ў калгас, калі ты такі свядомы!

Журбіла. А таму і трымаюся, што без яе ніяк нельга. І з ёю ўжо далей няма куды! Мы ж з-за гэтай скаціны самі ледзь у скаціну не ператварыліся! З-за кароў і свіней дзяцей сваіх трацім! Да якога ж часу так будзе? Правільна тут гаварылі, жратвы ў нас шмат. Але ці многа радасці ад яе? Гэта ж не жратва, а закуска!

Галасы:

— А ты што, без закускі п'еш?

— Глядзі, які цвярэзнік знайшоўся!

— Не хочаш, не пі, хто цябе прымушае?

— Зняць з яго штаны!

Журбіла. Я не цвярэзнік, хоць з табой, Іван, вядома, не параўнаюся. Але скажыце мне, хіба ж гэта дабро, калі ад дабра піць хочацца?

Адчуваецца, што Журбіла закрануў самае балючае, таму што шум у зале ўзняўся неверагодны. Жывіца стукае ўжо шклянкай па графіне, але яго ніхто не чуе.

І раптам з-за стала прэзідыума падняўся і ступіў да трыбуны Матусевіч. Стаіць, чакае, і зала паціху супакойваецца.

Матусевіч (ціха). Таварышы жанчыны... вас прашу — устаньце.

У зале папоўз шэпт здзіўлення, пачуліся смяшкі.

Я вас вельмі прашу... Устаньце, калі ласка!

У ягоным голасе пачулася нешта такое, што жанчыны пачалі, азіраючыся адна на адну, уставаць.

А цяпер, паважаныя таварышы мужчыны, я папрашу вас... Не-не, не ўставайце!.. Паглядзіце на рукі вашых маці, жонак, нявест... Глядзіце ж, глядзіце! Яны цяпер якраз у вас перад вачыма... Я прашу таго мужчыну, які хоць адзін раз пацалаваў рукі жонкі або маці... Я прашу яго ўстаць. Няўжо няма такіх?

У зале цішыня. Моўчкі стаяць крыху засаромленыя жанчыны, моўчкі сядзяць, апусціўшы вочы долу, мужчыны.

Дзякую, жанчыны! Садзіцеся... Прабачце, што падняў вас. Ніколі не саромцеся мазалёў сваіх. Яны даражэй за любы ордэн. Чаго хацеў старшыня, якога тут некаторыя так строга судзілі? Хацеў, каб у вас было новае, прыгожае жыццё. Каб вы, прыйшоўшы дамоў з гэтых харомаў (паказвае рукой на праект комплексу), прыняўшы там душ або ванну, не траплялі адразу ж у другі свет. Ён хацеў, каб вы заставаліся жанчынамі! Сяброўкамі, нявестамі, жонкамі... Каб час у вас заставаўся на пяшчоту. Не саромцеся. Вось бачыце, толькі я сказаў пра пяшчоту, а вы ўжо засаромеліся. Не трэба... Увесь свет на жаночай пяшчоце трымаецца! А вы саромеецеся яе!.. Учора адбылося пасяджэнне парткома. Ён вынес такое рашэнне... За недаацэнку грамадскай думкі і растлумачальнай работы, за непавагу калгаснікаў старшыні калгаса Сяргею Галавачу і сакратару парткома Андрэю Жывіцу вынесці строгую вымову. З занясеннем у асабістую справу...

Казёл (крычыць з залы). Ты гэта што?! Думаеш, калі ты сакратар партыі, дык на цябе ўправы няма? Гэта цябе так партыя вучыць?!

Казёл прабіраецца да трыбуны, абураючыся на хаду.

За што ж ім вымова? За каго вымова? Сярожку вымову? Андрэю вымову? Дык гэта ж я страляў! Я! Ды прамахнуўся, спяшаючыся! Але наступны раз не прамахнуся! Чуеце, чэрві глуханямыя? Другі раз я не прамахнуся. Я ў Вялікую Айчынную лепшым кулямётчыкам у атрадзе быў! Усе фашысты мяне баяліся! Праўду я гавару, Сямён Андрэевіч, ці не?..

Салаўіны бераг. На сваім запаветным месцы абняўшыся стаяць Сяргей і Ірына.

Ірын а. Усё, Сярожа, ідзі, нельга больш, людзі ўбачаць.

Сяргей. Ну і няхай убачаць! Мне ўсё роўна.

Ірына. Нельга, Сярожа. У цябе жонка.

Сяргей. Яшчэ не жонка.

Непрыкметна падыходзіць Жэнька, спыняецца.

Ірына. Нявеста... А гэта тое ж самае. Ты ж любіш яе?

Сяргей. Думаў, што люблю... Пакуль зноў цябе не ўбачыў.

Ірына. Значыць, я перашкодзіла вашаму шчасцю?

Сяргей. Як жа перашкодзіла, калі я цяпер самы шчаслівы чалавек! Як тады...

Ірын а. Пусці мяне, Сярожа. Цяпер я ведаю, што мне рабіць. Ідзі.

Сяргей. А ты?

Ірына. Я тут пабуду.

Сяргей. Я правяду цябе.

Ірына. Не трэба, Сярожа. Я хачу пабыць адна...

Цалуюцца. Азірнуўшыся некалькі разоў, Сяргей адыходзіць. Зрабіўшы некалькі крокаў, сустракае Жэньку.

Сяргей. Ты?

Жэнька. А то хто ж? (Паўза.) Ты хоць бы параіў мне?

Сяргей. Што?

Жэнька. Ну... Дзе я цябе знайшла? Мяне ж паслалі цябе шукаць. А хлусіць я не ўмею.

Сяргей. Ведаю. Сам скажу.

Жэнька. Яшчэ чаго! (Паўза.) Паслухай, Сярожа... Хіба можна кахаць двух чалавек адразу?

Сяргей (паклаўшы руку на плячо Жэнькі). Не, нельга...

Жэнька. Тады як жа... Чаму ж ты?..

Сяргей (уздыхнуўшы). Эх, Жэнька, Жэнька! Але ты не хвалюйся. Веру я ашукваць не буду. Вось толькі як сказаць?.. Не ведаю...

Ірына пачакала, пакуль Сяргей адыдзе, і павярнулася, каб ісці ў другі бок. Павярнулася і... тварам у твар сустрэлася са сваёй маці. Тая, ні слова не кажучы, б'е яе па адной шчацэ, потым па другой.

Ірына. Мама, што ты?! Мама!

Маці. Што ж ты сям'ю чужую разбіваеш?

Ірына. Мама!.. Я кахаю яго!

Маці. Раней, раней трэба было думаць пра гэта! Хочаш, каб усе ў вёсцы на нас пальцамі паказвалі? Ды калі ты... Я цябе сваімі рукамі задушу!

Ірына. Ле бойся, мама. Табе не прыйдзецца гэта рабіць. Я выходжу замуж...

Маці. Ды хто ж цябе возьме такую?

Ірына. Іван Казёл, мама, возьме. Ён некалькі разоў сватаўся, я адмаўляла яму. А цяпер...

Дом Галавачоў. У пакой Жэнькі заходзіць Вера.

Вера. Жэня... Ты сумленны чалавек?

Жэнька. Не! Які ж я сумленны чалавек, калі думаю адно, а гавару зусім іншае? У дзіцячым садзіку, куды мяне брат уладкаваў да верасня, мне іншы раз гэту шпану пазабіваць хочацца! Думаю, застраліцеся вы ўсе, а ім гавару: ах вы, мае мілыя, ах вы, мае харошыя! Як вы мне ўсе падабаецеся! Праваліся я на гэтым месцы, калі ў мяне калі-небудзь будуць свае дзеці!

Вера. Значыць, сумленная, калі можаш у такім прызнацца.

Жэнька. А чаму ты раптам спытала, сумленная — несумленная?

Замест адказу Вера падала ёй складзены ліст паперы. Жэнька чытае і адразу мяняецца ў твары, потым шукае подпіс.

Вера. Ну?

Жэнька. На такую подласць толькі Казёл здольны! Больш няма каму! Дзе ты ўзяла?

Вера. Знайшла раніцой на падаконніку...

Жэнька. Ён падонак, ён!.. Ён тры разы да яе сватаўся, і тры разы яна яму адмаўляла. Вось ён і вырашыў адпомсціць такім чынам! Усім адразу!

Вера. Жэня... Ты можаш расказаць мне, што паміж імі раней было?

Жэнька. Навошта табе гэта? Што было, тое было, ужо прайшло...

Вера. Жэня... Мне зараз праўда патрэбна... Якая ні ёсць, але праўда. Яны доўга сябравалі?

Жэнька (не адразу і неахвотна). З чацвёртага класа і па дзесяты... На адной парце сядзелі... У школу і са школы разам... Спачатку іх дражнілі за гэта — «жаніх і нявеста». А потым... Потым я ўжо расказвала. Ён у армію, яна замуж выйшла. Але не атрымалася ў яе шчасця... Муж утапіўся, дзіця засталося... Вось і ўсё. Больш я нічога не ведаю.

Вялікая паўза.

Вера. Жэня... Што я скажу табе зараз, ніхто не павінен ведаць... Я паеду ад вас...

Жэнька (крычыць). Не! Не! Ён кахае цябе!

Вера. Але яе ён кахае больш... Я ж бачу, як ён мучыцца, як не спіць начамі... Колькі ж можна прыкідвацца?

Жэнька. Але ж ты яго кахаеш?

Вера. Кахаю...

Жэнька. Ну, вось бачыш? А каханне — гэта самае святое! За яго змагацца трэба!

Вера. Правільна, Жэня... Самае святое. Мацней за каханне можа быць толькі каханне. Сама спазнаеш, як падрасцеш...

Жэнька (заплакала). Чаму вы ўсе лічыце мяне дурніцай, дзіцем? Думаеце, я не чалавек? Думаеце, у мяне сэрца няма?

Вера. Супакойся, Жэня, не трэба. Я ж таму і гавару з табою, што вельмі люблю і паважаю цябе. Як і яго... Табе было б лягчэй, калі б я сказала — разлюбіла, у мяне ёсць другі. Але я не магу цябе ашукваць. Я вось пра што цябе папрашу... Я пакіну яму пісьмо. Ты яго аддасі... Толькі абяцай мне, што зробіш гэта не адразу. Калі? Ты сама зразумееш — калі...

Жэнька. Не! Не! Не! Нікуды я цябе не адпушчу! Я тату і маме раскажу!

Вера. Жэня!.. У мяне няма больш такіх людзей, як ён і ты... Я цябе вельмі прашу. Разумееш? Вельмі!..

Жэнька. Я думала, што каханне — гэта шчасце!

Вера. А яно і ёсць шчасце, Жэня. Нават калі яно горкае, усё роўна шчасце... Але калі яно за кошт другога, гэта ўжо не шчасце.

Невялікая пешаходная дарожка, побач з якой праходзіць нябачная нам транспартная дарога. Па ёй у абодва бакі грукочуць самазвалы і панелевозы. З-за маладога ляска відаць панарама будаўніцтва буйнога жывёлагадоўчага комплексу. Адтуль далятаюць тлум механізмаў, галасы і студэнцкая песня «Через тумбу-тумбу —раз!».

Схаваўшыся за дрэвам ля сцежкі, назірае за будаўніцтвам Галавач. З'яўляецца Косця Зубрыч з чамаданам.

Косця. Добры дзень, Сямён Андрэевіч!

Галавач (здрыгануўшыся ад нечаканасці). Цьфу, чорт, як напалохаў! Ты, Косця?

Косця. Уласнай персонай!

Галавач. У водпуск?

Косця. Не, Сямён Андрэевіч, назусім!

Галавач. Няўжо? А навошта ж ты тады ў нагах у мяне валяўся — даведку выклянчваў, каб я цябе ў горад адпусціў?

Косця. Дык гэта калі было!

Галавач. Так і будзеш, як блыха, скакаць?

Косця. Цяпер не буду. Цяпер у вас жыццё іншае пайшло.

Галавач. Гэта ж якое-такое іншае? Тое ж самае.

Косця. Э-э, не! Вунь вы на якую справу замахнуліся! Гэткая гмахіна!

Галавач. І ты туды, вядома, галоўным інжынерам?

Косця. Навошта ж галоўным? У мяне дзве спецыяльнасці — слесар і зваршчык. Я ўсё магу! Я такі! А вы малайчына, Сямён Андрэевіч!

Галавач. Чаму я малайчына?

Косця. Такую справу раскруцілі! Размах! Маштаб! Гэта ж перспектыва якая!.. А вы самі што цяпер робіце?

Галавач (разгублена). Я?.. Я... тут, на будоўлі.

Косця. Значыць, убачымся. Не, я ўсё ж забягу, гляну спачатку сюды, а потым ужо дамоў. Не церпіцца! (Падхапіўшы чамадан, выходзіць.)

Заўважыўшы некага, паспешліва ідзе ў другі бок Галавач. Уваходзіць Вера з чамаданам і Ж э н я.

Вера. Жэня... Мілая! Родная! Трымай сябе ў руках. Думаеш, мне лёгка зараз? Але жыць жа трэба, Жэня! Ну, я прашу цябе, трымайся!

Жэня. Добра...

Вера. Пакліч яго развітацца... Толькі каб ён не здагадаўся.

Жэня. Добра... (Выходзіць.)

Праз некалькі секунд убягае Сяргей.

Сяргей. Вера! Чаму цяпер? Мы ж дамовіліся на вечар!

Вера. Я вырашыла дзённым поездам. Так будзе лепш.

Сяргей. Я б цябе падвёз. А зараз не магу!

Вера. Не трэба. Я са спадарожнай. Ужо стаіць на дарозе, чакае мяне.

Сяргей. Калі з маці ўсё ў парадку, не затрымлівайся.

Вера. Добра. Я табе напішу.

Сяргей. Лепш тэлеграмай або па тэлефоне.

Вера. Добра...

Сяргей. Ну, бывай, Вера. Мне яшчэ з мастакамі дасварыцца трэба па інтэр'еры. Не мастакі, а мазідлы нейкія!

Вера. Сярожа... Можна цябе пацалаваць?

Сяргей. Я сам хацеў гэта зрабіць!

Вера апярэдзіла яго і прытулілася да яго ўсім целам, некалькі разоў хуценька і горача пацалавала.

Вера. Ну, бывай здароў, Сяргей-Сярожка! Не сумуй тут без мяне!

Сяргей. Вера... Мне трэба сказаць табе нешта... Вельмі важнае для нас абоіх...

Вера. Добра. Скажаш, калі я вярнуся.

Сяргей. Так, цяпер не час.

Вера. Ідзі, вунь цябе ўжо клічуць.

Сяргей. Бывай! (Бяжыць у бок будоўлі.)

Уваходзіць Жэнька.

Жэнька. Ненавіджу! Ненавіджу!

Вера. Каго?!

Жэнька. Усіх! Усіх ненавіджу!

Вера. Жэня! Ты што гэта?!

Жэнька (крычыць). А вы што? Як вы можаце хлусіць адзін аднаму?! Як могуць жыць людзі, ашукваючы адзін аднаго?! Я пытаюся — як можна жыць і ашукваць?! Каму ж мне верыць, калі вам не верыць?! Каму?!

Вера. Жэнечка... Супакойся... Іншы раз гэта проста неабходна.

Жэнька (крычыць). Ашукваць неабходна?! Неабходна ашукваць? Тады я не хачу жыць! Чуеце вы? Я не хачу жыць!.. (Уцякае.)

Вера паспешліва ідзе за Жэнькай. Гучна гучыць гарэзлівая студэнцкая песня:

 

Они горькую пьют,

Они песни поют

И еще кое-чем занимаются!

Через тумбу-тумбу — раз!

Через тумбу-тумбу — два!

И еще кое-чем занимаются!

 

Дом Галавачоў. На канапе тварам уніз ляжыць Сяргей. Нячутна ўваходзіць Жэнька з партфелем. Падыходзіць да канапы, садзіцца, доўга глядзіць на брата.

Жэнька. Выпіць хочаш?

Сяргей. Што?

Жэнька. Кажуць, калі ў чалавека гора, яму выпіць трэба. Адразу лягчэй робіцца. Я табе паўлітра прынесла і закуску. (Дастае з партфеля бутэльку гарэлкі, шклянку, хлеб, каўбасу, некалькі агуркоў.) Вып'еш?

Сяргей. Давай...

Жэнька няўмела адкаркоўвае бутэльку, налівае ў шклянку грамаў сто гарэлкі. Сяргей нахіляе бутэльку, наліваючы амаль поўную шклянку. Выпівае. Жэнька налівае яшчэ паўшклянкі.

Пачакай... Я не магу так адразу...

Жэнька. Гэта я сабе...

Сяргей. А ў цябе якое гора?

Жэнька. Маё гора, Сярожа, можа, большае за тваё...

Сяргей. Дай шклянку... (Узяў з рук Жэнькі шклянку, выліў гарэлку на падлогу, пакінуўшы толькі на дне.) Трымай...

Жэнька. Думаеш, маё гора такое маленькае?

Сяргей. Не думаю... Але хопіць.

Жэнька залпам выпіла і ледзь не задыхнулася.

Закусі, а то захмялееш адразу.

Жэнька хапае агурок і глытае яго, амаль не жуючы.

Жэнька. Ведаеш што? А сумаваць, напэўна, іншы раз карысна.

Сяргей. Няўжо?

Жэнька. Вядома! Памятаеш, як у Маякоўскага? «Кто постоянно ясен, тот, по-моему, просто глуп!»

Сяргей з павагай і са здзіўленнем глядзіць на сястру.

У пакой заходзіць стары Казёл.

Казёл. Якое свята спраўляеш, старшыня? Жэнька, выйдзі адсюль! Мне са старшынёй пагаварыць трэба! Выйдзі адсюль!

Жэнька выскачыла з пакоя.

Знайшліся, значыць, настаўнікі? Хутка, хутка... Значыцца, гора ў віне топіш? Адно топіш, другое ўсплывае... Ну, што ляжыш? Што ляжыш? Ты бегчы павінен! На крылах ляцець!

Сяргей. Куды, Платон Раманавіч?

Казёл. Ірына твая замуж выходзіць!

Сяргей. Што?

Казёл. Ах, Сярожка, Сярожка, курыная твая галава!.. Гаварыў жа я табе, што на старшыню ўдзень і ўначы тысяча вачэй глядзіць! Усё бачаць, усё чуюць, усё ведаюць. А як жа? Галава! Не асуджаю... Таму як ведаю, што такое ёсць сапраўднае каханне. Сам быў такім калісьці...

Сяргей. За каго выходзіць?

Казёл. За Івана майго... То на парог не пускала, а то раптам сама вестку прыслала. Няхай, маўляў, сватоў прысылае, згодная. Іван, вядома, пабег. Як жа так, Сярожка? Каханне ж у вас сапраўднае, калі ты з-за яе ад такой прыгажуні адмовіўся і на людскія размовы рукой махнуў... І сын ён мне, і шкада мне яго. А кахання вашага больш шкада. Такое бог толькі адзін раз пасылае. Не збярог — на сябе наракай...

Сяргей кінуўся з пакоя.

Салаўіны бераг. Сядзіць на ім Сяргей, глядзіць на ваду. Падыходзіць Жэнька, садзіцца побач.

Жэнька. Прабач, Сярожа... Я ўчора тваю размову па тэлефоне чула.

Сяргей. Якую? Пра што?

Жэнька. Як ты Максіма Максімавіча на вяселле запрашаў... Гэта ўжо вырашана? Канчаткова?

Сяргей. Любы ты мой чалавечак... Я яе вельмі кахаю. І даўно. Шмат гадоў... Думаў, што забыў Аказваецца... Яна мяне таксама кахае.

Жэнька. А як жа {Вера? Ты яе зусім не кахаў?

Сяргей. Кахаў. Але, пэўна, менш, чым Ірыну... А потым... Ты ж бачыш... Не спадабалася ёй вёска. Не вытрымала яна... Ты ж сама яе запіску чытала. Значыць, і яна мяне не вельмі кахала.

Паўза.

Жэнька. Не перадумаеш яшчэ раз?

Сяргей. Не. А чаму ты пытаешся? Не верыш мне?

Жэнька. Проста так. Цікаўна. Дзеці, яны заўсёды цікаўныя, заўсёды хочуць усё ведаць... Вазьмі. Гэта табе. (Падае брату канверт.)

Сяргей. Што гэта?

Жэнька. Не ведаю...

Сяргей (ускрыўшы канверт). Ад Веры?

Але Жэнькі ўжо няма побач. Яна знікла. Сяргей пачынае чытаць пісьмо. Гучыць голас Веры.

Вера. Любы Сярожа! Прабач мне за хлусню, якую я напісала табе ў той запісцы. Я паехала таму, што вельмі кахаю цябе і хачу табе шчасця. Але ты яе кахаеш мацней, чым мяне, таму што паміж вамі ваша дзяцінства і ваша юнацтва. Усё гэта куды мацней, чым проста каханне, маё каханне. І наўрад ці зможа яна быць шчаслівай з кім-небудзь, апрача цябе. Бачыш, Сярожа, простая арыфметыка. Няхай лепш будзе нешчаслівы адзін чалавек, чым трое. Не магу я і не хачу прыкідвацца: не ўяўляю пакуль, як я буду жыць без цябе. Але стаяць паміж вамі доўгія гады — гэта вышэй маіх сіл. Я ведаю, ты, можа, і не адважыўся б на такі крок, таму адважваюся я. Бывай, любы! Веру Жэньцы, гэтаму слаўнаму, міламу чалавечку, што яна аддасць табе пісьмо не раней, чым трэба. Мне вельмі цяжка зараз, але ніякай крыўды на цябе ў мяне няма. Я ўсё жыццё буду шчасліва тым, што сустрэла цябе. Ты мне падарыў цэлы свет. Дзякуй табе, родны. Твая Вера...

Прачытаўшы пісьмо, доўга моўчкі сядзіць Сяргей на беразе. Ён нават не заўважыў, як падышоў бацька і доўга стаяў, баючыся парушыць маўчанне. Потым усё ж не вытрымаў.

Галавач. Прастудзішся... На вось, вазьмі... (Зняў з сябе і накінуў на плечы Сяргея куртку.)

Галавач пайшоў. А Сяргей так і застаўся сядзець на беразе.

Гучыць песня:

Ох, и сладкая ж ты, будто мёд золотой,

Ох, и горькая ж ты, как полынь-трава,

Моя первая, моя первая,

Моя первая и последняя,

И последняя любовь...