epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікалай Матукоўскі

Паядынак

Пралог
Частка першая
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
  Карціна чацвёртая
  Карціна пятая
  Карціна шостая
Частка другая
  Карціна сёмая
  Карціна восьмая
  Карціна дзевятая
  Карціна дзесятая
  Карціна адзінаццатая
  Карціна дванаццатая
  Карціна трынаццатая
Эпілог


ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Заслонаў.

Рыта — яго жонка.

Андрэеў.

Пётр Шурмін.

Павел Шурмін.

Чэбрыкаў.

Дамарацкі.

Дакутовіч.

Коржань.

Якушаў.

Якушава.

Тоня.

Бегер — маёр СД.

Манш, ён жа Марбах — афіцэр абвера.

Вернер — ваенны камендант Оршы.

Хэйге — шэф дэпо.

Друлінг — афіцэр СД.

Гауптман — начальнік санітарнага поезда.

 

Пралог

Ноч. У заснежаным лесе гарыць невялічкі касцёр. Вакол яго сядзяць змарнелыя, у патрапаным адзенні і абутку Заслонаў, Якушаў, Якушава, Андрэеў, Пётр Шурмін і Чэбрыкаў.

Якушаў (горача). ...Заслонаў ідзе на верную смерць! Я не магу дазволіць! Як камісар і проста... як чалавек! Амаль два месяцы мы ад самай Вязьмы балоты мясілі! Мёрзлі! Галадалі! А колькі нашых людзей навечна ў тых праклятых балотах лягло!.. Навошта?.. Каб мы цяпер галавой у пятлю?!

Заслонаў. Ну, чаму — адразу ў пятлю, Фёдар Мікітавіч? Я асабіста яшчэ пажыць трохі хачу.

Якушаў. «Пажыць»! Тваё жыццё да першага слупа! Герой!.. Думаеш, немцы не ведаюць, хто дэпо ўзрываў, станкі вывозіў?

Заслонаў. Загадалі ўзрываць, і я ўзарваў. Немцы не могуць гэтага не разумець. У іх загад — самы галоўны бог.

Якушаў. Я не разумею цябе, Канстанцін Сяргеевіч... У нас канкрэтнае заданне Масквы — дайсці да Оршы і пачаць партызанскую вайну. Гэта загад! І ты не маеш права мяняць яго самавольна!

Заслонаў. Масква ж не магла прадбачыць, што зменіцца сітуацыя.

Якушаў. А хіба яна змянілася?

Заслонаў. Змянілася, Фёдар Мікітавіч... З'явілася рэальная магчымасць рубануць немцаў не вакол Оршы, а ў самой Оршы! А што такое Орша для немцаў... Ты ж сам чытаў, што яны пішуць у лістоўках. Усім чыгуначнікам загадана вярнуцца на сваю работу. За невыкананне — расстрэл. Разумееш? Відаць, здорава дапякло ім!.. Ну, вось я спужаўся і вяртаюся...

Якушаў І кушаў }(з іроніяй). Можа, і мне з табой пайсці за кампанію?

3аслонаў (спакойна, не звяртаючы ўвагі на іронію).} Табе нельга, Фёдар Мікітавіч. Ты — камісар. А я хто? Беспартыйны начальнік дэпо. Так сказаць, просты тэхнар...

Якушаў. Ты камуніст, Канстанцін Сяргеевіч.

Заслонаў. Але ж пра гэта ніхто, акрамя вас, не ведае. У лесе было...

Паўза.

Якушаў. Калі б я ведаў, Канстанцін Сяргеевіч, што ты такі авантурыст, то я добра б падумаў, перш чым даць табе рэкамендацыю!

Заслонаў. Гэта не авантура, а рызыка.

Якушаў. Ты ж сам заўсёды быў супраць рызыкі!

Заслонаў. Супраць неабдуманай і неапраўданай. А мая рызыка, Фёдар Мікітавіч, абдумана і разлічана.

Якушаў. На дурноту немцаў разлічваеш, мысліцель?

Заслонаў. Не, на пратэкцыю Манша. Якога я двойчы ратаваў ад суда за прагулы.

Якушаў. І дарэмна ратаваў! Бачыш, як хутка ён да іх перакінуўся!

Заслонаў. Ратаваў таму, што рукі ў яго залатыя. Ды і прагулы ў яго былі пусцяковыя. Ездзіў да хворых родзічаў.

Якушаў. Ты разлічваеш, што немцы паслухаюць нейкага перабежчыка?

Заслонаў. Паслухаюць не перабежчыка, а немца з Паволжа. Для іх ён свой. Родны!.. А ён маю біяграфію ведае.

Якушаў. Дохлы твой разлік, Канстанцін Сяргеевіч! «Мажліва! Напэўна! Пабачым!» Хіба гэта разлік? А ты — камандзір атрада. Між іншым! І твае «разлікі» ўсіх нас датычаць. Між іншым!

Паўза.

Заслонаў (ціха). Я яшчэ ў Маскве сказаў: са мной пойдуць толькі добраахвотнікі. Цяпер — тое ж самае... Няволіць нікога не хачу.

Якушаў. Ад нашага атрада засталося шэсць чалавек. Калі загінем і мы, загіне і справа, дзеля якой мы ішлі сюды.

Заслонаў. Ну, а калі не загінем? Мы ж такую пастку для немцаў паставім, што яны самі збягуць з Оршы!

Паўза.

Якушаў. Ну, што вы ўсе як вады ў рот набралі! Выходзіць, што адзін я панікёр і слабак?! А вы ўсе — храбрацы і героі?! Вы ўсе рвецеся ў бой, адзін я хачу пад кажух, на печку?! Так, ці што?!

Шурмін. Ніхто так не думае, камісар.

Якушаў. Тады чаму маўчыцё?

Шурмін. Тут такая справа, камісар, што кожны сам за сябе павінен думаць.

Якушаў (з іроніяй). Ну, і што ж ты надумаў... сам за сябе?

Шурмін. Я пайду ў горад.

Чэбрыкаў. Я таксама.

Андрэеў. Хто баіцца, той у карты не садзіцца!

Якушаў (узрываецца). Тут вайна, а не гульня ў дурня! Ход назад не возьмеш! Немцы не дазволяць! Галавой прыйдзецца плаціць, разумнік! Добра ж, калі толькі сваёй! Цяміш, карцёжнік?

Андрэеў. Дык я ж не вас меў на ўвазе, Фёдар Мікітавіч!

Якушаў. І я не цябе маю на ўвазе!.. Не толькі цябе...

Заслонаў (мякка). Я разумею цябе, Фёдар Мікітавіч. І яны разумеюць. Усе ідуць у горад, адзін ты — не. Дык нельга ж табе туды! Усе ў горадзе ведаюць, што ты не радавы камуніст. І Манш гэта ведае. Тваё сумленне можа быць спакойным. Нават калі б ты захацеў пайсці ў Оршу — мы б цябе не пусцілі.

Паўза.

Якушаў (ціха). Што ж нам з Кацюшай рабіць?

Заслонаў. Як гэта — што? Базу к вясне рыхтаваць, людзей збіраць! Вясной мы і заявімся да вас, на ўсё гатовенькае! (Прыслухоўваецца да самалёта ў небе.) Дыскусію спыніць! Агонь патушыць! Зноў гэтая праклятая «рама»!

Касцёр гасне. У небе гудзіць самалёт.

Якушаў (у цемры, зусім ціха). Я ведаю, Канстанцін Сяргеевіч, чаму ты рвешся туды... Дарэмна! Партыі ты ўжо даўно даказаў...

Заслонаў (таксама ціха). Я сабе хачу даказаць, Фёдар Мікітавіч...

 

Частка першая

 

Карціна першая

Орша. Цёмны, наглуха заштораны кабінет маёра СД Бруна Бегера. У кабінеце Бегер і Манш.

Бегер. Не разумею вас, Манш. Ён пакінуў пасля сябе адны руіны. А вы хочаце, каб я паверыў яму!

Манш. Пан маёр, я пражыў тут пятнаццаць гадоў і ведаю кожнага чыгуначніка. Заслонава я ведаю лепш за другіх.

Бегер (з іроніяй). У мяне такое ўражанне, што вы, Манш, жывучы сярод рускіх, страцілі кваліфікацыю ваеннага разведчыка. Вы мысліце маштабамі і катэгорыямі таго слесара, у скуры якога сядзелі чатырнаццаць з палавінай гадоў. Не пятнаццаць, Марбах, а чатырнаццаць з палавінай. Вы страцілі нямецкую дакладнасць.

Манш (разгублена). Адкуль вам вядома гэта прозвішча?

Бегер. Мне вядома, Марбах, не толькі гэта. Мне, напрыклад, вядома, што вам павысілі званне і перавялі з абвера-адзін у абвер-тры. Віншую вас, гаўптман Марбах.

Манш (усё яшчэ ніяк не можа апамятацца). Але... абвер-тры не мая спецыяльнасць!

Бегер (па-ранейшаму ціха і спакойна). У Берліне, Марбах, лепей ведаюць, дзе і як вас выкарыстаць. Таму я не раю вам, гаўптман, задаваць пытанні. Пытанні буду задаваць я. А вы будзеце на іх адказваць.

Манш. Чаму вы, маёр, дазваляеце сабе гаварыць са мной у такім тоне? Я — афіцэр абвера! Званні ў нас амаль аднолькавыя...

Бегер (з іроніяй). Вось іменна — амаль!

Манш. Амаль! Абвер ніколі не падпарадкоўваўся СД!

Паўза.

Бегер (з тонкім здзекам). Паслухайце, Марбах... Ці як вас там... Манш! Відаць, вы занадта доўга жылі ў Расіі. Можа, вам трэба растлумачыць, што такое РСХА — імперскае ўпраўленне бяспекі? Ці прыслаць для тлумачэння Шэленберга? Не трэба? Ён вам вядомы? Не забывайце: вы толькі для мяне афіцэр абвера Марбах. Для ўсіх астатніх вы па-ранейшаму перакладчык Манш. Слесар Манш.

Маны (узрушана). Пан маёр! Паколькі вы ведаеце, хто я такі на самай справе, далажыце ў Берлін... Неразумна трымаць афіцэра ваеннай разведкі ў якасці перакладчыка пры шэфе дэпо! Пара закончыць гэты маскарад. Пятнаццаць гадоў Германія ведала ўсё, што рабілася на стратэгічным чыгуначным вузле, на шляху ад Масквы да заходняй граніцы.

Бегер. Чатырнаццаць з палавінай, Марбах. Вы празмерна доўга жылі ў Расіі... Я не лічу богам вашага Канарыса. Але, відаць, ён глядзіць далей, чым вы. Ён лічыць, што вам неабходна папрацаваць яшчэ тут. Не раскрываючы сваіх картаў. У маім падначаленні. Вам гэта не падыходзіць, гаўптман?

Манш. Я служу маёй радзіме, Германіі, пан маёр!

Бегер. Я таксама... Гэты горад, Марбах, не толькі тыл групы армій «Цэнтр», але і вароты Масквы. Разумееце?.. Камандаванне даручыла мне забяспечыць парадак у гэтых «варотах». І я зраблю ўсё, каб выканаць свой абавязак салдата і... немца. У вас ёсць пытанні, Марбах?

Манш. Няма...

Бегер (з іроніяй). Я рады, што няма. Пакажыце мне вашы запісы пра Заслонава.

Манш. Калі ласка (перадае Бегеру блакнот).

Бегер (разглядаючы запісы). Хто яго бацькі?

Манш. Звычайныя сяляне. Кажуць, што яго бацьку арыштавалі і выслалі ці то ў Сібір, ці то на Поўнач.

Бегер. Гэта гаворыць слесар Манін ці афіцэр абвера Марбах?

Манш. Не разумею вас, пан маёр...

Бегер. Прашу вас, Марбах, быць больш дакладным... Мяне не цікавяць плёткі. Мяне цікавяць толькі факты. І ацэнка гэтых фактаў афіцэрам ваеннай разведкі.

Манін. Дакладна невядома, быў яго бацька «ворагам народа», як тут кваліфікавалі, ці не. Але тое, што ён быў арыштаваны і высланы — факт дакладны.

Бегер. Як успрыняў гэты факт Заслонаў?

Манш. Бездакорнай работай хацеў даказаць сваю лаяльнасць.

Бегер. Лаяльнасць ці адданасць? Для нас гэта вельмі важна.

Паўза.

Манш. Думаю, што лаяльнасць.

Бегер. Як гэта выглядала канкрэтна ў жыцці?

Манш. Ён працаваў у дэпо ад цямна да цямна, без выхадных і водпуску. Прыходзіў дадому і засынаў на парозе. Жонка распранала яго і клала ў ложак.

Бегер. І ўсё гэта толькі для таго, каб даказаць сваю лаяльнасць?

Манш. Трэба ведаць Заслонава. Ён проста не можа працаваць абы-як. Такі характар.

Бегер. Ён многа зарабляў?

Манш. Зарабляў многа, атрымліваў мала. Вылічвалі...

Бегер. Вылічвалі? Чаму? Вы ж кажаце, ён добра працаваў.

Манш. За непаладкі ў дэпо.

Бегер. Вы мелі дачыненне да гэтых непаладак?

Манш. Не да ўсіх...

Бегер. Зразумела. І цяпер вы адчуваеце дакор сумлення.

Манш. Пан маёр! Я рэкамендую вам чалавека, які двойчы аказаў вельмі важную паслугу абверу.

Бегер (пасля паўзы, здзіўлена). Заслонаў?

Маны. Іменна....

Бегер. Якім чынам?

Манш. Ён двойчы выратаваў мяне ад сур'ёзнай небяспекі. Мяне хацелі судзіць за прагулы. Перад вайной камуністы ўвялі спецыяльны закон аб дысцыпліне...

Бегер. Як жа вы, ваенны разведчык, дапусцілі такую легкадумнасць — прагулы?

Манш. У мяне не было выйсця, пан маёр. Я павінен быў сустрэцца ў Смаленску з сувязным. Прыкінуцца хворым было больш небяспечна.

Бегер. Вось чаму вы хадайнічаеце за Заслонава! Выкіньце, Марбах, нямецкі сентыменталізм на сметнік! Заслонаў быў і застаецца небяспечным ворагам Германіі. І тое, што вы расказалі пра яго, лішні раз пацвярджае гэта.

Манш. Пан маёр! Я думаю пра інтарэсы рэйха, а не пра сентыменталізм. Заслонаў — незамянімы спецыяліст, ён выдатна ведае чыгунку. Але гэта толькі адзін бок справы... Калі ён будзе працаваць у нас, працаваць на нас — гэта будзе самая лепшая агітацыя супраць камуністаў.

Бегер. Ён камуніст?

Манш. Не, яго не прынялі. Хоць заяву ён падаваў.

Бегер. Як ён ставіцца да... «матэрыі»?

Манш. У яго яе ніколі не было. Ён еў абы-як, усухамятку, хварэў на гастрыт. Бальніцу і дактароў не прызнаваў. Больш правільна — не меў на гэта часу...

Бегер. Вы свабодны, Марбах. Ваш блакнот застанецца ў мяне. Вы па-ранейшаму будзьце для яго слесарам Маншам. Але не забывайце, што вы — афіцэр разведкі.

Манш. Я гэтага ніколі не забываю, пан маёр.

Манш выходзіць. Бегер, застаўшыся адзін, уважліва вывучае блакнот Манша, робіць у ім паметкі.

 

Карціна другая

Кабінет маёра Бегера. Са стала вузкім промнем ярка свеціць на пусты стул лямпа. Сам Бегер увесь час сядзіць за сталом, застаючыся ў паўзмроку.

Друлінг уводзіць Заслонава.

Бегер (Друлінгу). Вы свабодны.

Друлінг нячутна знікае. Бегер доўга і ўважліва разглядае Заслонава.

Заслонаў. Добры дзень, пан маёр.

Бегер (не адказваючы). Праходзьце сюды, Заслонаў. Сядайце.

Заслонаў (сядаючы). Дзякуй, пан маёр.

Бегер зноўку доўга і пільна ўглядаецца ў Заслонава. Твар Заслонава асветлены яркай лямпай. Святло рэжа вочы, але Заслонаў сядзіць спакойна, нерухома.

Бегер. Што вам патрэбна, Заслонаў?

Заслонаў. Спакойнае жыццё, пан маёр. Спакойнае і забяспечанае. Я стаміўся ад голаду, вошай і няпэўнасці свайго лёсу. Я хачу сёння легчы спаць, не баючыся за свой заўтрашні дзень. Я стаміўся, пан маёр.

Бегер. Калі ж вы паспелі стаміцца? Вайна толькі пачалася!

Заслонаў. А мне здаецца, што яна ідзе ўжо тры гады.

Бегер. Гэта ваша перакананне ці... настрой?

Заслонаў. І тое, і другое. Настрой нараджае перакананні.

Бегер. Вы даўно так думаеце?

Заслонаў. З дваццаць другога чэрвеня.

Паўза.

Бегер. Дзе вас дагнала наша войска?

Заслонаў. У Вязьме. Мы ішлі адтуль пешшу. Нямецкія паязды не возяць рускіх.

Бегер. Чэбрыкаў, з якім вы прыйшлі ў Оршу, камуніст?

Заслонаў. Не ведаю, пан маёр. Я не меў ніякіх адносін да партыйнай арганізацыі.

Бегер. А хто яе ўзначальваў, ведаеце?

Заслонаў. Ведаю. Якушаў. Фёдар Мікітавіч Якушаў.

Бегер. Дзе і калі вы бачылі яго ў апошні раз?

Заслонаў. У Оршы. Ён паехаў на два дні раней за мяне.

Бегер. Чаму вы не паехалі разам з ім?

Заслонаў. У мяне быў загад... Пакінуць Оршу разам з сапёрамі.

Бегер. Якія ўзрывалі дэпо?

Заслонаў. Так...

Бегер. Вы прымалі непасрэдны ўдзел у гэтай аперацыі?

Заслонаў. Не мог не прымаць, пан маёр. Законы ваеннага часу бязлітасныя. А я не хачу паміраць. Мне трыццаць два гады.

Паўза.

Бегер (раптам). За што вас выгналі з камсамола?

Паўза.

Заслонаў. З-за бацькі.

Бегер. Хто ваш бацька?

Заслонаў. Мужык. Селянін.

Бегер. Дзе ён зараз?

Заслонаў. Не ведаю, пан маёр. Ён быў высланы на Поўнач.

Бегер. За што?

Заслонаў. Яго абвінавачвалі, што ён нібыта спаліў сваю гаспадарку. Каб не аддаваць калгасу...

Бегер. А ён сапраўды спаліў яе?

Заслонаў. Не... У яго б рука не ўзнялася на такое. Нехта іншы падпаліў...

Бегер. Калі вы прынялі рашэнне супрацоўнічаць з намі?

Заслонаў. Даўно. Я люблю нямецкі народ за яго працавітасць і высокую культуру.

Бегер (з іроніяй). Чаму ж вы ў такім разе адправілі сваю сям'ю ў савецкі тыл, а не пакінулі яе ў Оршы? Ці, можа, яна не падзяляе вашых поглядаў на высокую нямецкую культуру?

Заслонаў (не адразу). Калі б мая сям'я засталася тут, мы б зараз з вамі не размаўлялі.

Бегер. Чаму?

Заслонаў. У НКВД працавалі разумныя людзі.

Бегер. Вы былі знаёмы з імі?

Заслонаў. З некаторымі...

Бегер. Дзе і пры якіх абставінах вы з імі пазнаёміліся?

Заслонаў. На допытах. Калі ў дэпо што-небудзь здаралася, мяне выклікалі на допыт у НКВД.

Бегер. Выклікалі аднаго вас?

Заслонаў. Іншых таксама выклікалі, але мяне часцей. Я быў начальнікам дэпо.

Паўза.

Бегер. Чаму вас, начальніка дэпо, не прынялі ў партыю?

Заслонаў. Мне не давяралі...

Бегер. Чаму?

Заслонаў. Сын рэпрэсіраванага...

Бегер. Дзіўна. Вас не прынялі ў партыю, а дэпо чамусьці даверылі. (Паўза.) А чаму вы хацелі ўступіць у партыю? Вы падзяляеце перакананні бальшавікоў?

Заслонаў. Не... На ўсе высокія пасады камуністы ставяць толькі сваіх.

Бегер. Чаму? Не давяраюць беспартыйным?

Заслонаў. Не... Хочуць, каб з начальніка можна заўсёды было спагнаць удвая — і па адміністрацыйнай, і па партыйнай лініі.

Бегер. Як жа вам, беспартыйнаму, бальшавікі даверылі такую высокую пасаду?

Заслонаў (не адразу). Яны высока цанілі мяне }як спецыяліста.

Бегер (раптам). Вы сябравалі з камісарам Якушавым? Гэта праўда?

Заслонаў (не адразу). Праўда...

Бегер. А што ў вас было агульнага?

Заслонаў. Сярод камуністаў, пан маёр, шмат прыстойных людзей...

Бегер. Якія таксама ўступілі ў партыю бальшавікоў, каб зрабіць кар'еру? Арыгінальнае ў вас разуменне прыстойнасці.

Заслонаў. На любой пасадзе можна быць чэсным і прыстойным...

Бегер устаў, выйшаў з-за стала і наблізіўся да Заслонава. Заслонаў таксама ўстаў.

Бегер. Сядайце... Не падабаецца мне, Заслонаў, як вы адказваеце на пытанні.

Заслонаў. Я што-небудзь не так сказаў?

Бегер. Ды не, усё так. Вы адказваеце, як чалавек, які загадзя добра прадумаў свае адказы.

Заслонаў (паціскаючы плячыма). Я толькі адказваю на вашы пытанні, пан маёр. Я ж не ведаў, пра што вы будзеце ў мяне пытацца...

Бегер доўга глядзіць у вочы Заслонаву, затым вяртаецца на сваё месца.

Бегер. Добра, Заслонаў... Будзем лічыць, што я вам паверыў. Мы возьмем вас начальнікам рускіх паравозных брыгад. Вы будзеце набіраць сабе толькі тых людзей, якіх добра ведаеце. За кожнага з іх вы будзеце адказваць сваёй галавой. Так што ваша жыццё знаходзіцца ў іх руках. А іх жыццё — у вашых. Лагічна, разумна?

Заслонаў. Пан маёр, можна спытаць?.. А вы можаце паручыцца сваёй галавой за ўсіх падначаленых?

Бегер нават сумеўся ад такой дзёрзкасці.

Бегер. Мне падначаленых далі. А вы, Заслонаў, будзеце набіраць падначаленых самі. Самі. Каго добра ведаеце і каму давяраеце... сваё жыццё. Кожны іх учынак, кожны крок не за, а супраць Германіі будзе азначаць для вас шыбеніцу... Пра аплату даведайцеся ў шэфа дэпо Хейге. За добрую працу мы добра плацім. Заўтра вы скажаце пра гэта па радыё. Вас будзе слухаць увесь горад.

Заслонаў. Я кепскі прамоўца, пан маёр...

Бегер (уважліва глядзіць на Заслонава). Вы адмаўляецеся выступаць па радыё? Я правільна зразумеў вас, Заслонаў?

Заслонаў. Я кепскі прамоўца...

Бегер (з іроніяй). А Манш другое сказаў пра вас. Вы чытаць умееце?

Заслонаў. Ну, вядома...

Бегер. Прачытаеце перад мікрафонам тое, што вам напішуць.

Заслонаў. Але, пан маёр... Я заўсёды стараўся быць па-за палітыкай.

Бегер (з ледзь прыкметнай усмешкай). Быць па-за палітыкай, Заслонаў,— гэта таксама палітыка. І яна нам падыходзіць. Але вы павінны даказаць нам сваю палітычную незалежнасць ад сваіх ранейшых гаспадароў. Інакш я мушу не паверыць у вашу шчырасць. Як і ў вашу апалітычнасць.

Заслонаў. Разумею, пан маёр... Вы хочаце, каб мяне ўзненавідзелі свае.

Бегер устаў, падышоў і зноў спыніўся перад Заслонавым. Заслонаў таксама ўстаў.

Бегер. Хто — «свае»? Значыць, вы, пан Заслонаў, яшчэ не вызначылі, хто для вас — свае? Але ж вы самі прыйшлі да нас і прапанавалі сябе ў саюзнікі. Вы зрабілі гэта таму, што ў вас не было іншага выйсця? Правільна?

Заслонаў. Правільна...

Бегер. Вось вы і скажаце «сваім»: у іх няма іншага выйсця! Або саюз з Германіяй, або... Мы не мілуем сваіх ворагаў. Гэта вы таксама скажаце. Калі хочаце дабра... «сваім»!

 

Карціна трэцяя

На кватэры Паўла Шурміна сабраліся падпольшчыкі — Пётр Шурмін, Анатоль Андрэеў, Мікалай Дамарацкі і Сяргей Чэбрыкаў.

Пётр (горача, з хваляваннем). ...І Тэльман немец! Яму таксама не верыць?

Павел. Знайшоў, з кім параўнаць!

Пётр. Хто памог Заслонаву з работай? Манш! Ён жа не проста слова замовіў! Ён жа паручыўся! І вось цяпер... Хто папярэдзіў? Зноў жа Манш!.. Ты разумееш, дзе мы можам мець свайго чалавека?

Павел (спакойна, разважліва). Не спяшайся, браценік. Пачакай трохі.

Пётр. Да канца вайны чакаць?.. Мы яго баімся, а ён — нас!

Павел. Разумееш... Ну, вось не ляжыць у мяне душа да яго...

Рыўком адчыніліся дзверы. На парозе ўстрывожаны Заслонаў.

Заслонаў. Знікайце! Па аднаму! У розныя бакі!

Павел. Што здарылася?

Заслонаў. «Хвасты»!.. Гадзіну пятляў па вуліцах... Думаў, згубілі мяне. Стаў веснічкі зачыняць, а за спіной двое. Як з-пад зямлі! Знікаем!

Андрэеў (збянтэжана). Гэта нашы хлопцы, Канстанцін Сяргеевіч...

Заслон аў. Якія хлопцы?!

Андрэеў. Цімка Дакутовіч і Жэнька Коржань...

Заслонаў. Вы што? Зусім звар'яцелі?!. Дзяцей у падполле вярбуеце!

Андрэеў. Гэтыя дзеці, Канстанцін Сяргеевіч, узарвалі двух афіцэраў у машыне і застрэлілі некалькі салдат. А цяпер вось рашылі вас кокнуць.

Заслонаў. Мяне? За што?

Андрэеў. Як здрадніка...

Павел. Не крыўдуй, Канстанцін Сяргеевіч. Не было ў нас выхаду. Давялося сказаць ім праўду. Не ўсю, вядома, а сёе-тое.

Заслонаў. Так... Сумаваць вы не дасцё. А чаму яны ганяюцца за мной, калі ведаюць, хто я такі?

Андрэеў. Ахоўваюць вас...

Заслонаў. Два хлапцы-ўдальцы супраць тысячы?!

Андрэеў (нерашуча). Не супраць тысячы...

Заслонаў. Даўно заікай стаў?

Павел. Апрача гэтых яшчэ дзве групы за вамі ўлягаюць. Адна адсюль, з Оршы, другая з Асінторфа. Не могуць дараваць вашай прамовы па радыё. Ну, а мы не можам сказаць ім праўду.

Паўза.

Заслонаў. Такія ж падшыванцы?

Андрэеў. Камсамольцы.

Заслонаў. Што ж, выходзіць, я сур'ёзнага забойцы не заслугоўваю?

Павел. Дарослыя здагадваюцца, што нездарма вы вярнуліся... А вось гэтыя...

Андрэеў. Нават клятву далі, што павесяць вас...

Заслонаў (пасля паўзы). Во сітуацыя, ёлкі-палкі! Ану, клікні сюды гэтых тэрарыстаў! Хочацца зірнуць на іх.

Андрэеў выйшаў у калідор і адразу ж вярнуўся з Дакутовічам і Коржанем.

Коржант (крыху збянтэжана). Добры вечар, дзядзя Косця.

Заслонаў. Здароў, забойцы! Якім жа макарам вы хацелі мяне на той свет адправіць? Цішком, ножычкам? Ці, наадварот, з музыкай, бомбачкай?

Коржань (вінавата). З нагана...

Заслонаў. Ідзі ты! І хто б з вас паліў у мяне? Ты?

Коржань. Не. Ён (паказвае на Цімку). У яго нерваў няма. За дзесяць крокаў мусе ў вока трапляе.

Заслонаў. Во, чэрці. Мог бы на ўсё жыццё без вока застацца! Няўжо і рука не здрыганулася б?

Дакутовіч. Не...

Заслонаў. А я ж жывы чалавек!

Коржань. Камсамольскі трыбунал так рашыў.

Заслонаў. Ты паглядзі, нават трыбунал у іх ёсць! А самапал?

Дакутовіч. Ёсць.

Заслонаў. Пакажы!

Дакутовіч. Толькі ў маіх руках.

Цімка выцягнуў з-за пазухі наган з вялікай гільзай на канцы ствала.

Заслонаў. А набалдашнік гэты навошта?

Дакутовіч. Бясшумка. Там каўчук з кола (хавае наган за пазуху).

Заслонаў. Здорава! Сам прыдумаў?

Дакутовіч. Сам.

Заслонаў. Толькі я не раю гуляць з ім па горадзе. Калі схопяць на вуліцы з гэтай пукаўкай...

Дакутовіч. Няхай паспрабуюць.

Заслонаў. А вось гэта не трэба — каб спрабавалі...

Дамарацкі (з трывогай). Ціха!.. Там нехта ёсць!

Дамарацкі рыўком адчыніў дзверы і кошкай скочыў у калідор. Ён адразу ж вярнуўся, уштурхнуўшы ў пакой Тоню.

Паўза.

Заслонаў. А гэта хто?

Коржань. Тоня...

Заслонаў. А як Тоня тут апынулася? Чаму ёй дома не сядзіцца?

Коржань (з абурэннем). Дык яна ж нікуды яго не адпускае аднаго!

Заслонаў. Сястра?

Коржань. Якая там сястра!

Заслонаў. Ясна... Чаму ты яго не адпускаеш?

Тоня. Таму, што ён недаразвіты.

Заслонаў. Хм... Чаму ж ты любіш такога, недаразвітага?

Тоня. Шкада. Ён адзін у маці. А лезе ўсюды на злом галавы. Калі б ён хоць крышачку баяўся...

Заслонаў. А ты баішся?

Тоня. Страх, як баюся!

Заслонаў. Баішся, і ўсё роўна лезеш за ім?

Тоня. А што ж рабіць? Ён жа загіне без мяне!

Дакутовіч (ціха). Замаўчы!..

Заслонаў. Так і ходзіш за ім увесь час?

Тоня. Ага, так і хаджу.

Дакутовіч (каб перапыніць гэтую непрыемную для яго размову). Нам можна ісці?

Заслонаў. Можна.

Дакутовіч, Коржань і Тоня выходзяць. Усе вінавата маўчаць, баючыся, што Заслонаў выдасць ім за ўсё спаўна.

Павел (вінавата). Ніякімі лейцамі іх не ўтрымаць.

Заслонаў (ціха, пасля паўзы). Вось мы каму помнік пасля вайны паставім!

Пётр. Канстанцін Сяргеевіч... Я з Маншам сёння гаварыў.

Заслонаў. З Маншам? Пра што?

Пётр. Ён сам са мной загаварыў... Ён папярэдзіў, што калі хто-небудзь з нас пападзецца — вас адразу ж на шыбеніцу... Што вы нібыта за кожнага з нас галавой паручыліся?

Заслонаў. Нешта такое было.

Андрэеў. Значыць, калі нехта з нас трапіць да іх у рукі — вам хана?

Заслонаў (сурова). Калі нехта збіраецца трапляць ім у рукі — няхай дома сядзіць!

Пётр. Трапляць да іх, вядома, ніхто не хоча. Але ведаць, што над вамі ўвесь час тапор на валаску вісіць...

Заслонаў. Ён над кожным вісіць. Таму справу сваю мы павінны рабіць так, каб камар носа не падтачыў. Ніякіх дыверсій у самой Оршы! Ніводнага кроку без маёй каманды!..

Андрэеў. Сядзі і не рыпайся?

Заслонаў. Я сёння бачыў іх паравозы. Да зімы яны не гатовы. Вадзяная гаспадарка таксама. А мароз не сёння-заўтра ціскане. Калі мы яму толкам паможам, работы хопіць. Мароз павінен за адну ноч спыніць увесь вузел. Разумееце, чаму ўвесь?

Дамарацкі (весела). Калі мароз, то на ўсё мароз! А калі не на ўсё, то гэта ўжо не мароз, а нехта другі!

Заслонаў. Вось іменна... Ты і Чэбрыкаў возьмеце дэпо і паравозы, якія там стаяць. Звярніце ўвагу мароза на парапаветраныя і вадзяныя помпы, на прэсмаслёнкі. На ўсё, што можа замярзаць!

Дамарацкі. Ёсць памагчы таварышу Марозу!

Заслонаў. За тваёй групай, Пётр, вадакачка і водаправодная сетка.

Пётр. Рвануць?

Заслонаў. Я ж казаў — ніякіх дыверсій у самой Оршы! Водаправодныя калодзежы не ўцеплены. Калі ў двух-трох перакрыць на ноч заслонкі — замерзне ўся сетка. А раніцай заслонкі зноў адкрыеш.

Пётр. Навошта адкрываць?

Заслонаў. На ўсякі выпадак... Ты, Павел, вазьмі на сябе надземную гаспадарку — стрэлкі, «паілкі», паваротны круг.

Дамарацкі. Калі адбудзецца святочны канцэрт?

Заслонаў. У першую марозную ноч. Пасля маёй каманды. Папярэджваю: ніякай самадзейнасці!

Андрэеў (з крыўдай). А мне зноў нічога?

Заслонаў. Думай, як заткнуць горла Гебельсу, камісар. Ён на ўсю вайну твой галоўны праціўнік. І потым... Ты ж не выканаў першае заданне.

Андрэеў (ускіпеўшы). Ну, няма, няма ў горадзе гаркома! Няма! Дзе я яго вазьму?

Заслонаў. Не можа такога быць. Гарком ёсць... А гэтыя, што за мной ганяюцца, нічога не ведаюць? Трыбунал у іх ёсць...

Андрэеў. Трыбунал ёсць, а гаркома няма!

Заслонаў. Павінен быць. Выйдзеш на сувязь з гаркомам, Толя, буду ордэн табе прасіць.

Андрэеў. Ат!..

Пётр. Што з Маншам рабіць, Канстанцін Сяргеевіч? Можна, я пагавару з ім?

Заслонаў. Мне гэта зручней зрабіць. Ён заўсёды побач.

Павел. Не ляжыць у мяне душа да яго.

Пётр. Вось ты і пашлі сваю душу да фрыцаў! Няхай яна, як Манш, у іх працуе, а нам служыць!

Павел (спакойна). Не зразумею я, браценік, чаму ты на сценку лезеш?

Пётр (горача). Таму што, калі мы не будзем верыць адзін аднаму... Немцам гэта толькі і трэба! Яны толькі гэтага і дабіваюцца! Каб мы не верылі адзін аднаму! Каб нас па адным ламаць! Таму што ўсіх адразу — у іх сілёнак не хапае!

Заслонаў. Верыць трэба. Пасля таго як праверыш. Дамовіліся, Манша я бяру на сябе. Вы ў гэтую справу не лезьце...

 

Карціна чацвёртая

Ваенная камендатура на станцыі Орша. За вокнамі відаць абледзянелыя канструкцыі на чыгуначных пуцях. Час ад часу яны асвятляюцца бліскавіцай блізкіх агнёў.

Вернер (па тэлефоне). ...Мы робім усё, што можам, пан генеральны камісар... Мабілізавана ўсё насельніцтва Оршы... Так, пан генеральны камісар... Будуць працаваць усю ноч. Зробім усё, пан генеральны камісар... Так, я разумею, што такое Орша, пан генеральны камісар...

Уваходзіць Гаўптман, начальнік санітарнага поезда.

Гаўптман. Пан камендант! Калі вы адправіце наш поезд?

Вернер. Гер гаўптман! Пакуль я не адпраўлю ўсе эшалоны на фронт, з Оршы ў тыл не кранецца ніводзін поезд!

Гаўптман. Вы, пан камендант, забралі наш паравоз! А ў мяне раненыя...

Уваходзіць змарнелы Хейге.

Вернер. Гер гаўптман! Калі я не адпраўлю гэтыя эшалоны сёння пад Маскву, раненых у вас будзе ў дзесяць разоў болей!

Гаўптман. Раненыя замярзаюць у вагонах!

Вернер. За жыццё раненых нямецкіх салдат адказнасць несяце вы, гер гаўптман! А я адказваю за Маскоўскі фронт! Можа, там зараз вырашаецца лёс вайны і будучыня Германіі! Гэта важней, чым адзін эшалон раненых! Хайль Гітлер!

Гаўптман (узмахнуўшы рукой). Хайль! (Выходзіць.)

Хейге. Кашмар! Нейкі жудасны кашмар!

Вернер (стомлена). Хейге... Знайдзіце яму да раніцы паравоз. Няхай яны робяцца ледзяшамі не ў нас, а па дарозе!

Хейге. Майн гот! Адкуль я вазьму паравоз?

Вернер. Не ведаю. Гэта ваша справа, вы шэф дэпо.

Хейге... Вы ведаеце, хто такі Вільгельм Кубэ?

Хейге. Генеральны камісар? Гаўляйтар?

Вернер. Ён не толькі генеральны камісар, Хейге. Ён паплечнік і сябра самога фюрэра... Я толькі што меў гонар гаварыць з ім па тэлефоне.

Хейге. Вы знаёмы з ім?

Вернер (глядзіць на Хейге, як на ідыёта). Хутка і ў вас будзе магчымасць пазнаёміцца з ім.

Хейге (зразумеўшы, не адразу). Што ён сказаў вам?

Вернер. Што павесіць спачатку вас, потым мяне. Калі заўтра да раніцы станцыя не будзе нармальна працаваць.

Хейге. Гэта немагчыма, пан камендант!

Вернер. Чаму немагчыма? Кубэ ўсё можа, Хейге.

Хейге. Я не пра тое... Каб адрамантаваць водаправодную сетку, патрэбна не менш трох сутак.

Вернер. Не праз трое сутак, а праз адны суткі вы будзеце глядзець на Оршу адтуль, з неба. Кубэ заўсёды выконвае свае абяцанні.

Хейге (разгублена). Што ж мне рабіць?

Вернер. Адрамантаваць за суткі водаправод.

Хейге (з адчаем). Гэта немагчыма, пан камендант! Няма труб! Тапары і лапаты не бяруць зямлю! Мы адаграваем яе кастрамі!

Вернер. Адагравайце хоць задніцай, але вадакачка павінна заўтра падаць ваду ва ўсе калонкі!

Хейге. Кашмар! Нейкі жудасны кашмар!

Вернер. Што з паравозамі ў дэпо?

Хейге. Пазамярзалі і выйшлі са строю ўсе сістэмы...

Вернер. Колькі часу спатрэбіцца на рамонт?

Хейге. Іх можна адрамантаваць толькі ў Берліне ці ў Варшаве...

Паўза.

Вернер. Адзінаццаць паравозаў за адну ноч... А колькі гадоў, Хейге, вы працуеце на чыгунцы?

Хейге. Дваццаць пяць...

Вернер. І вы заўсёды так працавалі?

Хейге. Пан камендант!.. Я ніколі не працаваў у такіх кашмарных умовах!

Вернер доўга глядзіць на Хейге.

Вернер. Вы хочаце сказаць, Хейге, што мы былі не гатовы да вайны з Расіяй?

Хейге (спалохана). Пан камендант!.. Я толькі хацеў сказаць, што нашы паравозы не прыстасаваны да такой зімы! Гэта ж нейкі кашмар!

Паўза.

Вернер. Колькі эшалонаў на станцыі?

Хейге. Дзевяць... І адзінаццаць спынена перад Оршай. Кашмар!

Вернер. Ці можна паскорыць запраўку паравозаў з рэчкі?

Хейге. Нельга... Помпы слабенькія, іншых няма...

Паўза.

Вернер. Ведаеце, Хейге, што можа выратаваць ваша жыццё?

Хейге. Што?

Вернер. Рускія дыверсанты... Мы з вамі, Хейге, адказваем за паравозы, за эшалоны. За станцыю. А за дыверсантаў адказваюць іншыя. Гэта не наша з вамі спецыяльнасць.

Хейге (бездапаможна). Даруйце, я не разумею... Я кепска спаў...

Вернер. Вы, Хейге, ідыёт з дня нараджэння ці сталі ім за дваццаць пяць гадоў службы? (Паўза.) Добра падумайце. Хто можа быць дыверсантам? Заслонаў?

Хейге. Ну што вы! На ім трымаецца ўся работа ў дэпо!

Вернер. Можа, Манш?

Хейге. Ён жа немец!

Вернер. Вы таксама немец. Вам будзе лягчэй ад таго, што заўтра вас павесяць немцы?

Хейге. Бачыць бог, я не вінаваты!

Вернер. Скажыце гэта Кубэ. Можа, ён і паверыць такой сведцы...

Хейге. Але... дзе я знайду дыверсантаў?

Вернер. Вам іх і не трэба шукаць. Вы толькі падайце ідэю. Няхай дыверсантаў шукае Бегер...

Уваходзіць Бегер.

Бегер. Ці мне здалося, ці вы сапраўды назвалі маё прозвішча?

Вернер. Я назваў ваша прозвішча, пан маёр... Хейге толькі што зрабіў мне заяву. А я сказаў, што з такой заявай ён павінен быў звярнуцца да вас...

Бегер. Я слухаю, Хейге.

Хейге. Пан маёр... У мяне ёсць падставы лічыць, што на станцыі ноччу былі рускія дыверсанты...

Бегер уважліва глядзіць на Хейге. Безумоўна, ён здагадаўся, аб чым дамовіліся між сабой Вернер і Хейге.

Бегер. Вы сказалі: «ёсць падставы». Якія?

Хейге. Вельмі ўжо многа страт за адну ноч...

Бегер. Я пытаюся: якія ў вас ёсць падставы лічыць, што на станцыі ўначы былі рускія дыверсанты?

Хейге. Сутыкнуліся эшалоны... Паравоз зваліўся з рэек.

Бегер. Што сказалі эксперты?

Хейге. Паравоз зваліўся таму, што на рэйках нарасло многа лёду.

Бегер. А эшалоны, чаму сутыкнуліся эшалоны?

Хейге. Замёрзлі стрэлкі...

Бегер. Хто ўваходзіў у камісію экспертаў?

Хейге (яшчэ не разумеючы, што губіць сябе адказамі). Амаль адны немцы...

Бегер (з сарказмам). Чаму ж вы ў такім разе сцвярджаеце, што на станцыі дзейнічалі рускія дыверсанты? Вы што, не згодны з вывадамі экспертаў?

Хейге (разгублена). Не... Я згодзен... Але вельмі многа выпадковасцей. За адну ноч...

Бегер. Паклічце сюды Заслонава.

Хейге. Слухаю... (Паспешліва выходзіць.)

Бегер. А што вы думаеце наконт гэтага, камендант?

Вернер. Я згодзен з Хейге, пан маёр. Занадта многа выпадковасцей. Дзіўных выпадковасцей.

Бегер з іранічнай усмешкай глядзіць на Вернера.

Бегер. Праз пятнаццаць мінут разам з Хейге дайце мне адказы на пытанні. Хто канкрэтна ў гэтую ноч адказваў за стрэлкі? Хто абавязаны быў своечасова заўважыць лёд на рэйках? Чаму ён там аказаўся іменна ўначы? Хто абавязаны быў страхаваць тэхніку?

Вернер. Дзяжурная каманда, пан маёр.

Бегер. Немцы? Рускія? Хто?

Вернер. Тры немцы, астатнія рускія.

Бегер. Хто канкрэтна? Прозвішчы!

Верне р. Вы іх атрымаеце праз пятнаццаць мінут.

Вернер выходзіць, сустрэўшы на парозе Заслонава і Манша.

Бегер. Вы ведаеце, Заслонаў, што адбылося на станцыі ўначы?

Заслонаў. Ведаю, пан маёр.

Бегер. Чаму замерзлі адразу ўсе водаправодныя трубы? Як гэта магло здарыцца?

Заслона ў. Інакш і быць не магло, пан маёр.

Бегер. Што гэта значыць?

Заслонаў. Водаправодная сетка старая. Трубы драхлыя, іржавыя, ляжаць неглыбока. На адкрытым паветры тэмпература мінус трыццаць, а ў размеркавальных калодзежах мінус пятнаццаць. Уначы, відаць, наступіў такі момант, калі вада ў трубах спынілася. Гэтага было дастаткова. Тры-чатыры мінуты, і вада замерзла. Трубы парвала...

Бегер. Адкуль у вас такія дакладныя звесткі?

Заслонаў. Я быў сярод экспертаў, якія правяралі калодзежы.

Бегер. А ці магло быць так, Заслонаў... Нехта спусціўся ў калодзежы і перакрыў ваду?

Заслонаў (не адразу). Магло і такое быць, пан маёр. Але ўсе заслонкі ў калодзежах былі адчынены.

Бегер. Вы гэта самі праверылі?

Заслонаў. Не... Мне не даверылі.

Манш. Ва ўсе калодзежы спускаўся Баўх, пан маёр.

Бегер. Яшчэ адно пытанне, Заслонаў... У рускіх магло такое здарыцца? '

Заслонаў. Не, не магло, пан маёр. Мы заўсёды старанна і загадзя рыхтаваліся да зімы. Манш можа пацвердзіць.

Бегер. Значыць, аварыю можна было папярэдзіць?

Паўза.

Заслонаў. Безумоўна. Для гэтага трэба было загадзя ўцяпліць усе калодзежы. Як мы гэта рабілі раней.

Бегер. Хто раней гэтым займаўся?

Заслонаў. Займалася спецыяльная служба. А правяраў я асабіста.

Бегер. Чаму вы не зрабілі гэта зараз?

Паўза.

Заслонаў. Я не шэф дэпо, пан маёр. Я начальнік рускіх паравозных брыгад.

Бегер. Але вы ведалі, што калодзежы не ўцеплены?

Паўза.

Заслонаў. Пан маёр... Я ведаў не толькі гэта. Я ведаў, што ўся гаспадарка не гатова да зімы. І перш за ўсё — нямецкія паравозы.

Бегер. Чаму вы нікога не папярэдзілі?

Паўза.

Заслонаў. Не хацеў, каб мяне расстралялі вы... або Вернер.

Бегер. Вы заблыталіся, Заслонаў!

Заслонаў. Не, пан маёр... Вернер сказаў рабочым дэпо пра заяву фюрэра... Вайна будзе закончана да зімы. Калі б я ўсумніўся ў праўдзівасці слоў фюрэра, вы б мяне не пашкадавалі. Ды і прыйшоў я на работу ў дэпо ў пачатку зімы. Не мог жа я пачаць з таго, каб вучыць Хейге. якому вы верыце значна больш, чым мне.

Паўза. Бегер не адрывае вачэй ад Заслонава.

Бегер. Добра, Заслонаў. Я вас больш не затрымліваю.

Заслонаў выходзіць.

Манш. Ён праўду сказаў, пан маёр.

Бегер. Вось гэта мяне і насцярожвае. Не спускайце з яго вачэй, Марбах!

Манш. За ім і ўдзень і ўначы ходзяць нашы людзі.

Бегер. Ён не здагадваецца пра гэта?

Манш. Не... Мне нават здалося, што ён шукае кантакту са мной.

Бегер. Навошта?

Манш. Пакуль не ведаю.

Бегер. Абавязкова даведайцеся. За Заслонава адказваеце вы асабіста. Вы яго рэкамендавалі на работу ў дэпо... Вы разумееце?

Манш. Разумею, пан маёр.

Бегер. Што вы думаеце пра начное здарэнне?

Манш. Вернеру і Хейге выгадна, каб гэта былі дыверсанты.

Бегер. Ведаю. А што на самой справе?

Манш. Я лічу, што стыхія вінавата толькі напалову. Хтосьці вельмі хітра выкарыстаў яе.

Бегер. Хто? Чыгуначнікі?

Манш. Думаю, што чыгуначнікі.

Бегер. Калі так, іх трэба неадкладна абясшкодзіць.

Манш. Спачатку іх трэба знайсці, пан маёр.

Бегер. Вы ж казалі, што ўсіх іх добра ведаеце. Знайдзіце! Вы ж разведчык, а не слесар!..

 

Карціна пятая

Кватэра Заслонава на ўскраіне горада. Маленькі пакойчык, у якім стаяць стол, вузенькі жалезны ложак, засланы шэрай коўдрай, некалькі табурэтак і буржуйка, зробленая з бочкі. Заслонаў сядзіць перад расчыненай буржуйкай. Ён дакрануўся рукой да чайніка і падкінуў у печку некалькі кавалкаў вугалю. Раптоўна, з шумам расчыніліся дзверы, і Цімка сілком увапхнуў у пакой Тоню.

Дакутовіч (сканфужана). Вось... Адубела зусім... Ганю-ганю, не ідзе. Як смала!

Заслонаў. Распранайся хутчэй, баба-яга, і да печкі! Зараз я цябе чаем пагрэю.

Дакутовіч. Ну, я пайшоў!

Заслонаў. Дахаты ідзі. У такі мароз добры гаспадар сабаку на вуліцу не выганіць. Каму сказаў — распранайся?

Дакутовіч выходзіць.

Тоня. Не магу...

Заслонаў. Распрануцца не можаш?

Тоня. Ага... Рукі зайшліся.

Заслонаў (здымаючы з Тоні вялікую хустку). Ну і ну! А дзе рукавіцы?

Тоня. Цімку аддала... Калі стаю, можна ў рукавах трымаць. Тады нічога... А вось калі бегчы...

Заслонаў. Ногі яшчэ не адваліліся?

Тоня . Не ведаю. Я іх зусім не чую.

Заслонаў (спалохана). Ты што? Ану, сядай хутчэй!

Заслонаў усаджвае Тоню перад печкай, здымае з яе ног лёгкія буркі.

Тоня (слаба). Не трэба, дзядзя Косця. Я сама...

Заслонаў (з сілай расцірае ёй ногі). Шкарпэткі таксама яму аддала?

Тоня. Ага...

Заслонаў. І ён узяў?!

Тоня. Не браў... Я сказала, што у мяне яшчэ ёсць... Ой!

Заслонаў. Цэлыя, калі баліць. Так усюды і бегаеш за ім?

Тоня. Ага...

Заслонаў. Вельмі любіш яго?

Тоня маўчыць, не адказвае. І раптам ціхенька заплакала.

Што з табой? Баліць?

Тоня (скрозь слёзы). Не... Ён жаніцца не хоча!

Заслонаў (атарапела). Што-о?

Тоня. Я сказала яму... Давай пажэнімся...

Заслонаў. Ну? А ён што?

Тоня. А ён... «У вайну людзі не жэняцца і не любяць... А хто любіць, той дэзерцір і сволач».

Заслонаў. Так і сказаў?

Тоня. Ага...

Заслонаў. Ну і Цімка! Ну і Сувораў!.. А ты хочаш за яго замуж?

Тоня. Ага... Баюся, што каго-небудзь з нас заб'юць, і мы не паспеем...

Заслонаў. А калі ажэніцеся — не заб'юць?

Тоня. Тады ён не так на ражон палезе. Пра дзяцей будзе думаць.

Заслонаў (яшчэ больш атарапела). Пра якіх... дзяцей?

Тоня. Пра нашых...

Заслонаў. А што, яны ў вас ужо ёсць?

Тоня. Няма. Але ж будуць, калі мы пажэнімся...

Заслонаў (з захапленнем). Ну і малайчына! Здорава ты ўсё прадумала! Логіка ў цябе, трэба сказаць, проста жалезная. Колькі табе?

Тоня. Семнаццаць. Мы з ім дзевяць гадоў на адной парце сядзелі... Дзядзя Косця, а як вы думаеце, у вайну любіць можна?

Заслонаў. А як жа! Ну, вядома! Хіба каханне пытае, калі можна любіць, а калі нельга?

Тоня. Дзядзя Косця! Скажыце гэта яму!..

Заслонаў. Абавязкова! І не проста скажу, а загадаю.

Тоня (ціха). Дзядзя Косця... А вы жонку сваю вельмі любіце?

Заслонаў. Рыту? Вельмі...

Тоня. А яна ведае пра гэта?

Заслонаў. Ведае... Пі чай з нямецкім шакаладам.

Тоня. З нямецкім не хачу. Хай яны ім падавяцца!

3аслонаў. Ну, гэта ты дарма. З паршывай авечкі хоць поўсці касмык!

Тоня (думаючы пра сваё). Шчаслівая яна!

Заслонаў. Хто?

Тоня. Рыта ваша... Дзядзя Косця! А як вы ёй сказалі?

Заслонаў. Што сказаў?

Тоня. Ну... Што любіце яе.

Заслонаў маўчыць. Гасне святло. У кутку пакоя з'яўляецца яркі круг. У ім Рыта ў белай шлюбнай сукенцы. Недзе вельмі далёка дружна крычаць госці: «Гор-ка! Гор-ка!»

Рыта. Як добра, што мы ўцяклі! Праўда? Надакучыла!

Заслонаў. Што ты сказала? Надакучыла цалавацца? Ану, паўтары!

Рыта. Сорамна пры ўсіх.

Заслонаў. А не пры ўсіх?

Рыта. Не сорамна... (Абдымае яго і цалуе.)

Заслонаў. Мала!

Рыта. Ненасыць ты! (Цалуе яго яшчэ раз.)

Заслонаў. Усё адно мала. Усё жыццё будзе мала!

Рыта. Хопіць! А то прывыкнеш і перастанеш цаніць.

Заслонаў. Нізавошта!

Рыта. Косця... А ты мяне вельмі любіш?

Заслонаў. Вельмі-расправельмі і яшчэ крышачку!

Рыта. Пакажы як?

Заслонаў. Вось так! (Сціскае кулакі і аж дрыжыць, паказваючы вялікае пачуццё.)

Рыта. Пакляніся!

Заслонаў. Я ж у бога не веру!

Рыта. А ты не богам, ты небам і зоркамі кляніся!

Заслонаў. Мілая мая Рытулька! Самая прыгожая! Самая цудоўная! Самая разумная! Адзіная на ўсёй зямлі! Я люблю цябе ў сто тысяч разоў мацней, чым Рамэо Джульету! Ты — мая радасць! Ты — маё сонейка! Ты — жыццё маё! Бяру ў сведкі неба і зоркі, што кажу праўду!..

Рыта. Косця... Адкажы мне на адно пытанне.

Заслонаў. Хоць на тысячу!

Рыта. Толькі чэсна... Каго ты больш любіш — мяне ці свае паравозы?..

Заслонаў не паспеў адказаць. Пачуўся ціхі, умоўны стук у акно.

Здань Рыты імгненна знікла.

Тоня (з трывогай). Дзядзя Косця! Нехта стукае!

Заслонаў. Не бойся, Тоня. Гэта свае.

Заслонаў ідзе і адчыняе дзверы. Уваходзіць Дамарацкі з вялікім кошыкам.

Дамарацкі (Тоні). Прывітаннечка! Цяпер я здагадваюся, каго сцеражэ пад вокнамі гэты цюлень!

Дамарацкі так па-майстэрску паказаў Цімку яго паходку, што Тоня засмяялася.

Заслонаў. Ледзь-ледзь адтала.

Дамарацкі. Мароз на дварэ — каб і лепей, дык на чорта! Нават клапы пахаваліся! Ніводнага на вуліцы. Прайшоў, як на святочным шпацыры.

Тоня хуценька падзявае ватоўку, закручвае хустку.

Заслонаў. Пачакай... (Спрытна і хутка надзявае ёй на ногі цёплыя шарсцяныя шкарпэткі.)

Тоня. Ой, што вы! Не трэба...

Заслонаў. Табе ногі яшчэ на вяселлі спатрэбяцца.

Тоня. Ой, дзякую! А як жа вы?

Заслонаў (працягвае ёй рукавіцы). У мяне яшчэ ёсць. Бяры, не бойся, не нямецкія. Мае. Ну, трошкі сагрэлася?

Тоня. Ага!

Дамарацкі. Нос пацёк, значыць, радыятар цэлы. Усё ў парадку.

Тоня. Дзякую, дзядзя Косця! Можна, я да вас яшчэ зайду?

Заслонаў. У любы час. А яму я скажу... (Змоўніцкі падміргвае Тоні.)

Тоня выходзіць. Дамарацкі ідзе ўслед за ёй, падрабляючы яе паходку. Робіць ён гэта хутчэй машынальна, чым свядома, прывык.

Дамарацкі. Такі час, а яны любоў круцяць. Зайздрасць бярэ.

Заслонаў. Не круцяць, Коля. Кахаюць... Прынёс?

Дамарацкі. А то як жа? (Асцярожна высыпае з кошыка на падлогу кавалкі вугалю, бярэ адзін.) Вось той узор, які зрабілі вы... А гэта наша прадукцыя.

Заслонаў (беручы ў рукі міну). Колькі зрабілі?

Дамарацкі. Прынёс дзесяць, а зрабілі пяцьдзесят. Толькі вам я не пакіну ніводнай. Не трэба вам рызыкаваць. Я іх схаваю ў дэпо, каб заўсёды пад рукой былі.

Заслонаў. Спрачацца не будзем, Мікола. Самае надзейнае месца ў мяне. У мяне шукаць не будуць. Я ўвесь час у іх на вачах...

Набліжаецца гул матацыкла і адразу ж абрываецца.

Дамарацкі. Да вас!

Заслонаў хуценька адшморгвае занавеску на сцяне. За ёй невялічкія дзверы.

Заслонаў. Сюды! У камору! Хутчэй!

Дамарацкі (спалохана паказвае на прынесены «вугаль»). Міны!

Заслонаў. Коля! Хутчэй!

Заслонаў запіхвае Дамарацкага ў камору, нагой падсоўвае міны да кучкі вугалю. У дзверы стукаюць. Заслонаў ідзе і адчыняе дзверы. Уваходзіць Манш.

Манш. Добры вечар, Канстанцін Сяргеевіч! Не чакалі?

Заслонаў. Калі шчыра — не чакаў. Добры вечар, пан Манш.

Манш. Не трэба так, Канстанцін Сяргеевіч. Не трэба!.. Ну, які я для вас пан? Густаў Манш якім быў, такім і застаўся.

Заслонаў. Ды я ўжо неяк прывык да «пана»...

Манш (цёпла і шчыра). Дарагі Канстанцін Сяргеевіч! Мы з вамі былі і засталіся савецкімі людзьмі... Я разумею вас... На вашым месцы, можа б, і я сябе так паводзіў... Немец. У першы ж дзень пайшоў служыць фашыстам... Ну, а што мне заставалася рабіць, Канстанцін Сяргеевіч? Нехта данёс ім, што я немец з Паволжа. Ну, вось яны і зрабілі мне такі гонар... Лепш я, чым хто-небудзь чужы. Вы згодны, Канстанцін Сяргеевіч?

Заслонаў. Згодзен...

Манш. А люблю я іх так, як і вы... Але пакуль у нас з вамі няма іншага выхаду. Трэба прыкідвацца, іграць ролю.

Заслонаў. А які выхад вы, Густаў, шукаеце?

Манш (гледзячы ў вочы Заслонаву). У нас з вамі, Канстанцін Сяргеевіч, можа быць толькі адзін выхад. І вы добра ведаеце — які...

Манш падыходзіць да табурэткі, садзіцца на яе, працягвае рукі да агню.

Заслонаў. Я не зусім разумею вас, Густаў...

Манш. Калі-небудзь зразумееце... Я прыйшоў папярэдзіць Вас, Канстанцін Сяргеевіч. Немцам не падабаецца, што вы жывяце на ўскраіне. Заўтра вам прапануюць пераехаць на новую кватэру. У цэнтр... Думаю, што немцы хочуць сачыць за вамі...

Заслонаў. Яны што, не давяраюць мне?

Манш. Яны і мне не давяраюць, Канстанцін Сяргеевіч.

Манш узяў некалькі вугальных мін, што прынёс Дамарацкі, і кінуў іх у печку. Заслонаў змярцвеў ад нечаканасці.

Бойцеся Бегера, Канстанцін Сяргеевіч... Гэта вельмі хітры і разумны вораг...

Набліжаецца гул самалётаў. За акном пачалі крыжаваць неба пражэктары, ударылі зеніткі. Першыя выбухі бомб скаланулі зямлю.

Заслонаў. Налёт! Мы з вамі павінны быць на станцыі! Там эшалоны!

Манш. Мы ім не дапаможам! У сховішча!

Заслонаў хапае чайнік і залівае вадой агонь у буржуйцы.

Заслонаў. Хутчэй, Манш, хутчэй! На станцыю!

Манш. Не трэба шукаць смерці, Канстанцін Сяргеевіч! Яна сама нас знойдзе!..

Заслонаў і Манш выбягаюць з пакойчыка. Нейкі момант сцэна пустая. Потым з каморы асцярожна выходзіць Дамарацкі. Ён азіраецца і бачыць, што мін не хапае, а з буржуйкі валіць дым і пара. Ён кідаецца да печкі і, абпальваючы рукі, выцягвае адтуль міны. Выбухі бомбаў ужо зусім побач.

 

Карціна шостая

Кабінет Вернера. За акном уздыбленыя фермы канструкцый. У вокнах новыя шыбы перакрыжаваны белымі палоскамі. У кабінеце Вернер, Бегер, Манш і Друлінг.

Вернер. ...Тое, што раскладзеныя кастры ўказалі самалётам кірунак станцыі — выпадковасць. Кастры расклалі па загаду Хейге, каб адагрэць зямлю і дастаць трубы. Але той факт, што іх самалёты прыляцелі іменна тады, калі не працавала вадакачка, калі на станцыі сабралася вялікая колькасць эшалонаў, не можа быць простай выпадковасцю. Я ўпэўнены... На станцыі дзейнічае група вопытных дыверсантаў, якія па радыё трымаюць сувязь з арміяй. Неабходна тэрмінова папрасіць з Мінска пеленгатары. Паколькі наша служба бяспекі аказалася бездапаможнай...

Паўза.

Бегер. Я згодзен з вамі, Вернер. Я толькі што атрымаў радыёграму са Смаленска. Усе дзевятнаццаць эшалонаў, адпраўленых з Оршы, спыніліся ў дарозе, перакрыўшы ўвесь рух. Выйшлі са строю паравозы. Усе дзевятнаццаць.

Хейге. Кашмар! З дэпо паравозы выйшлі спраўнымі!

Бегер. Супакойцеся, Хейге... Паравозы падарваны ў дарозе.

Вернер. Міны?

Бегер. Паравозы ўзарваны знутры.

Хейге. Але, пан маёр!.. Усе эшалоны з Оршы ў бок фронту вядуць нямецкія машыністы! Толькі памочнікі машыністаў і качагары — рускія!

Бегер. Вось гэта і наводзіць на роздум... Манш, дзе знаходзіўся Заслонаў у час налёту?

Манш. У сховішчы, разам са мной.

Бегер. Калі і як там аказаўся?

Манш. Мы ехалі з ім на станцыю. Пачаўся налёт, і мы спусціліся ў сховішча.

Бегер (Хейге). Вам удалося ўстанавіць, хто ў час налёту апошнім пакінуў дэпо?

Манш. Павел Шурмін і Мікалай Дамарацкі. Іх бачыў агент гестапа, якога мы паслалі ў дэпо рабочым.

Бегер. Друлінг!

Друлінг моўчкі выходзіць.

Хейге! Пастаўце ахову каля кожнага ўвахода! Усіх, хто праходзіць на тэрыторыю станцыі, правяраць!

Хейге. Гэта зараз зрабіць?

Бегер. Неадкладна! Выконвайце!

Хейге выходзіць. Тэлефонны званок. Вернер здымае трубку.

Вернер. Камендант Вернер!.. Ён тут... (Перадае трубку Бегеру.) Вас, пан маёр.

Бегер. Бегер... Так... Зразумеў... Забяспечым. (Кладзе трубку.) Званок гэты больш вам, камендант, чым мне. З Мінска ў Оршу едзе асабісты ўпаўнаважаны Кубэ... Я раю вам паскорыць работы. Калі палкоўнік Краўзе ўбачыць, што стала з Оршай... Я не зайздрошчу вам, камендант.

Вернер (не стрымаўся). А я не зайздрошчу вам, Бегер! Вы дагэтуль не знайшлі дыверсантаў, якія з Оршы зрабілі пекла!

Паўза.

Бегер (падкрэслена спакойна). Лячыце нервы, Вернер. Зрабіце гэта, пакуль не прыехаў палкоўнік Краўзе.

Вернер выходзіць.

Манш! Даведайцеся, з кім меў зносіны Заслонаў.

Манш. З усімі, хто працуе ў дэпо.

Бегер. Вы добра разумееце, што мяне цікавіць. Ён тут?

Манш. Тут.

Бегер. Паклічце.

Манш выходзіць. Праз некалькі секунд уваходзіць Заслонаў.

Заслонаў. Добры дзень, пан маёр.

Бегер. Вы памятаеце, Заслонаў, з якой умовай мы ўзялі вас на работу ў дэпо?

Заслонаў. Іх было некалькі, пан маёр. Якую вы маеце на ўвазе?

Бегер. Што вы галавой адказваеце за кожнага, каго берыцё на работу. Памятаеце?

Заслонаў. Памятаю. Але ж я тады сказаў, што гэта жорстка і бесчалавечна.

Бегер. Вайна, Заслонаў, дыктуе сваё разуменне жорсткасці і чалавечнасці... Арыштаваны вашы людзі. У мяне ёсць неабвержныя доказы, што яны дыверсанты.

Бегер не адрывае ад Заслонава позірку, імкнучыся заўважыць на яго твары хоць бы цень хвалявання.

Заслонаў (не адразу, спакойна). Хто гэтыя людзі?

Бегер. Павел Шурмін і Мікалай Дамарацкі.

Паўза. Бегер па-ранейшаму не спускае вачэй з Заслонава.

Заслонаў. Гэта людзі Хейге, а не мае, пан маёр.

Бегер. Вы дрэнна жартуеце, Заслонаў.

Заслонаў. Я не жартую, пан маёр. Шурміна і Дамарацкага ўзяў у дэпо Хейге. Яшчэ да майго прыходу.

Друлінг уводзіць Шурміна і Дамарацкага. Бегер доўга і пільна ўглядаецца ў кожнага з іх паасобку.

Бегер. Вы апошнімі выходзілі з дэпо ў час налёту?

Павел. Была такая паніка, што я не ведаю, хто ўцякаў першым, а хто апошнім.

Дамарацкі. А мяне зусім не было ў дэпо...

Бегер. Калі вы там з'явіліся?

Дамарацкі. Калі самалёты прыляцелі другі раз.

Бегер. Мы дакладна ведаем, што вы пайшлі з дэпо апошнімі. Дзе вы знаходзіліся ў час бамбёжкі?

Павел. Ляжалі ў варонцы, побач з дэпо.

Бегер. Чаму вы пакінулі дэпо?

Павел. Баяліся, што ўсё рухне на галаву. Адна бомба трапіла ў дэпо...

Бегер. Бомба трапіла ў пусты кут. А паравоз, які стаяў пасярэдзіне дэпо, аказаўся ўзарваны!.. (Бегер уважліва сочыць за Дамарацкім і Шурміным, затым глядзіць на Заслонава.) Заслонаў, падыдзіце сюды. Бліжэй!.. Пазнаеце, што гэта такое?

Не адрываючы позірку ад Заслонава, Бегер працягвае далонь.

Заслонаў (спакойна). Здаецца, гэта бікфордаў шнур. Я бачыў падобны ў сапёраў.

Бегер. Правільна. Гэта бікфордаў шнур. Я знайшоў яго ў дэпо. Каля ўзарванага паравоза. Як ён трапіў туды?

Заслонаў (спакойна, паціскаючы плячыма). Можа, застаўся з таго часу, як сапёры ўзрывалі станцыю?

Бегер. Выключаецца. Шнур нямецкі. Ён ніяк не мог быць у вашых сапёраў. Хтосьці выкраў яго ў нашых сапёраў. І зусім нядаўна выкарыстаў яго. А больш дакладна — учора ноччу. Апошнімі з дэпо выходзілі гэтыя двое. Што вы можаце сказаць пра іх?

Заслонаў. Вопытныя машыністы, добрыя рамонтнікі. Могуць адрамантаваць паравоз з завязанымі вачыма.

Бегер. А ўзарваць яго з завязанымі вачыма яны могуць?

Заслонаў (спакойна паціскае плячыма). Ніякіх прэтэнзій да іх у мяне не было. Працавалі бездакорна.

Бегер. На каго працавалі?.. Спадзяюся, гэта яны самі скажуць. Друлінг!..

Друлінг выводзіць Шурміна і Дамарацкага. Услед за ім ідзе і Бегер.

Гасне святло. У левым кутку сцэны загараецца яркі круг святла.

У ім — Бегер і Манш.

Манш. Пан маёр! Арышт Заслонава нічога не дасць! Супраць яго ніякіх доказаў. Ніводнага! А як спецыяліст ён незамянімы. Што дэпо працуе, як хранометр,— яго заслуга. Не разумею, як яму ўдаецца вытрымліваць графік выпуску паравозаў на лініі...

Бегер. Гэтыя паравозы, Манш, ляцяць у паветра!

Манш. Калі я знайду хоць адзін доказ супраць Заслонава, я сам яго павешу! Сам!

Бегер. Час працуе супраць вас, Манш. (Ціха.) Ведаеце, што робіцца пад Масквой?

Манш (памарудзіўшы з адказам). Здагадваюся...

У левым кутку сцэны круг святла гасне і адразу загараецца ў правым — менш яркі, чырвоны, трывожны. У ім Заслонаў і Андрэеў. Заслонаў аж кіпіць ад шаленства.

Заслонаў. Я ж сказаў вам! Ніякіх дыверсій без мяне! Толькі па майму загаду! Як гэта магло здарыцца?! Як?! Я ў цябе пытаю! Ты — камісар. Ты адказваеш за дысцыпліну!

Андрэеў (вінавата). Дамарацкі не стрымаўся... Зусім новы паравоз у дэпо паставілі... Думаў, усё роўна разбамбяць...

Заслонаў. «Думаў»! Хто ворага лічыць ідыётам, той доўга не наваюе! Галаву ж трэба мець на плячах!

Андрэеў (пасля паўзы). Будзем знікаць?

Заслонаў (не разумеючы). Куды знікаць?

Андрэеў. У лес, вядома.

Заслонаў. Адны? Без іх?

Андрэеў. Ціха... Тут нехта ёсць.

Заслонаў. Хто тут?

Тоня (з цемры). Я, дзядзя Косця... (З'яўляецца ў святле.)

Заслонаў (строга). Чаму ты тут?

Тоня. Дзядзя Косця... Цімку ўзялі!

Заслонаў (разгубіўшыся). Як узялі? Калі?

Тоня. Бомбай яго аглушыла... Каля станцыі. Ён прытомнасць страціў... Наган у яго ўгледзелі. І ўзялі... Я толькі на хвілінку аднаго яго пакінула!.. Дзядзя Косця! Што мне рабіць? Я ўсё магу...

Заслонаў. Праз пяць мінут быць дома! І чакаць Цімку. Ну?!

Тоня знікае. Паўза.

Андрэеў. Адна бяда ніколі не ходзіць...

Заслонаў. Прыйдзецца адкрыцца Маншу. Нічога іншага не застаецца... Толя... Калі са мной што-небудзь здарыцца... Ну, гэта я так, на ўсякі выпадак кажу... Ты застаешся за мяне. Толькі прашу цябе — не гарачыся. Кожны крок тры разы ўзважвай! Бачыш, што атрымліваецца ад гарачкі?.. Гэта ты мне абяцаеш?

Андрэеў. Абяцаю, Канстанцін Сяргеевіч...

Цемра.

Заслона

 

Частка другая

 

Карціна сёмая

Турма СД. Нізкі, змрочны падвал без вокнаў, без адзінай лямпачкі. Аднекуль збоку на падлогу падае вузкі прамень святла. На падлозе камеры ляжаць змардаваныя да непазнавальнасці, акрываўленыя Павел Шурмін і Цімка Дакутовіч. Шурмін варухнуўся і сеў.

Павел. Цімка!.. Ты жывы?

Дакутовіч (не адразу). Жывы...

Павел. Скажы што-небудзь. А то як у магіле...

Паўза.

Дакутовіч. Доўга яны трымаюць яго...

Павел. Помсцяць, што Гітлера з сябе строіў. У кабінеце следчага тэатр зрабіў, артыст!

Дакутовіч. Дзядзя Паша... Нас павесяць або расстраляюць?!

Павел. Знайшоў пра што гаварыць... Якая розніца?

Дакутовіч. Я бачыў павешаных... Страшныя. Твары нейкія сінія. Я потым доўга спаць не мог... Вочы заплюшчу і бачу іх...

Павел. Думай пра што-небудзь іншае. Інакш звіхнешся.

Дакутовіч. Я не хачу... Само думаецца...

З гучным скрыгатам расчыніліся жалезныя дзверы. У праёме, асветлены двума яркімі ліхтарыкамі, стаіць Мікалай Дамарацкі. Паволі, асцярожна, як сляпы, уваходзіць ён у камеру і спыняецца. Як толькі дзверы камеры зачыніліся, сілы яго скончыліся. Ён паваліўся на падлогу там, дзе стаяў. Шурмін і Дакутовіч спрабуюць пакласці яго зручней, прыўзнімаюць галаву.

Павел. Пакладзі пад галаву пінжак.

Дакутовіч (спалохана). У яго кроў з рота ліецца!

Павел. Яны яму, сволачы, лёгкія адбілі!

Дамарацкі. Паша... Ты тут?

Павел. Тут, Коля... Памаўчы. Табе нельга гаварыць...

Дамарацкі. Не, Паша... Я зараз памру...

Павел. Ну, што ты, Коля! Яшчэ сто гадоў пражывеш.

Дамарацкі. Не трэба, Паша... Слухай... Трэба ратаваць Заслонава і ўсіх нашых...

Павел. Ён трызніць. Паглядзі, там вады не засталося?

Дакутовіч. Ні кроплі...

Дамарацкі. Я вельмі баяўся, што не дайду да вас... Баяўся памерці там... На допыце Манш быў... калі я на падлозе ляжаў... Маёр сказаў яму па-нямецку... «Вы, як афіцэр абвера...» Паша! Абвер — гэта разведка... Я ведаю нямецкую мову... Манш — разведчык, Паша! Нямецкі разведчык!.. Ён усіх нас вакол пальца...

Паўза.

Павел. Коля... Ты правільна зразумеў? Табе не здалося?

Дамарацкі. «Вы, як афіцэр абвера... не маеце права...» (Двойчы паўтарае гэту фразу на нямецкай мове.)

Павел. Ах, Пётра, Пётра! Што ж ты нарабіў, браценік?!

Дамарацкі. Паша... Ты чуеш? (Нібы трызнячы, некалькі разоў паўтарае адну і тую ж фразу: «Вы, як афіцэр абвера, не маеце права».)

Павел. Я зразумеў, Коля, зразумеў. Позна...

Дамарацкі. Не, Паша... Нехта з вас павінен выйсці адсюль жывым... Я ўжо не выйду.

Паўза.

Павел (прыняўшы нейкае рашэнне). Цімка выйдзе! Спалохаецца і выйдзе.

Дакутовіч (нічога не разумеючы). Я нікога не баюся!

Павел (горача і хутка). Цімка! У нас няма часу! Праз мінуту за намі могуць прыйсці... Нам яны не павераць. А табе — могуць! Ты павінен выйсці адсюль! Хоць на адзін дзень! Хоць на гадзіну! Каб папярэдзіць нашых, хто такі Манш!

Дакутовіч. Але як выйсці, дзядзя Паша? Як?!

Павел. Дасі згоду быць у іх шпіёнам. А каб паверылі — скажаш, што мы сапраўды дыверсанты! Што паслаў нас з лесу Якушаў...

Дакутовіч (крычыць). Не! Нізавошта!

Павел. Цімка! Гэта адзін шанец з тысячы! Са ста тысяч! Нельга яго ўпусціць! А нам ужо ўсё адно. Горш не будзе... Жывымі яны нас адсюль не выпусцяць.

Дакутовіч. Не, дзядзя Паша... Усё, што хочаце, толькі не гэта! Не гэта! Вы хочаце памерці чэсна? Я таксама хачу чэсна. Разам з вамі...

Дамарацкі (Шурміну). Памажы...

Павел. Коля, ты куды? Ляжы! Табе нельга...

Дамарацкі (збірае астатнія сілы, бярэ Цімку за плечы). Прыгожа памерці хочаш?.. Памрэш... Але ты пацягнеш за сабой у магілу ўсіх, хто зараз на волі!.. Не немцы, а ты іх заб'еш!..

Дакутовіч. Коля! Коля!...

Дамарацкі. Не перабівай... Не паспею... Цімка... У кожнага чалавека ёсць апошняе жаданне, якое сябры павінны выканаць... Я прашу цябе... Выратуй Заслонава і ўсіх, хто з ім... Цімка... Я зараз памру... Я хачу ведаць перад смерцю... Зробіш ты гэта ці не?.. Цімка!.. Дай мне спакойна памерці...

 

Карціна восьмая

Маленькі пакойчык Заслонава ў дэпо. За яго сценамі час ад часу чутны свісткі паравозаў, шыпенне пары, работа такарнага станка. Заслонаў, прысеўшы перад буржуйкай, кідае ў яе вугаль. Лёгкі стук у дзверы.

Заслонаў. Уваходзьце.

Заходзіць Андрэеў з дарожнай скрынкай.

Андрэеў (хутка і ціха). Іх трымаюць у падвале льнозавода! Уваход знутры памяшкання. Вокнаў няма. На двор іх не выпускаюць. Дапытваюць там, на першым паверсе. На двары шмат грузавых машын і моцная ахова. Вартавыя з кулямётамі на вышцы. Уначы рызыкнуць можна...

Заслонаў. З пісталетамі супраць кулямётаў?.. Манш вернецца з Віцебска заўтра. Паслязаўтра мы з ім сустрэнемся. Я ўжо дамовіўся з ім. Толькі не сказаў чаго...

Андрэеў. Ну, і што ён?

Заслонаў. Зацікавіўся.

Андрэеў. Дзе вы сустракаецеся?

Заслонаў. У мяне на кватэры.

Андрэеў. Падстрахуем на ўсякі выпадак.

Заслонаў. Нельга. Дом пад наглядам. Нават калі мяне няма. Ты куды едзеш?

Андрэеў. У Смаленск. Гасцінец ёсць?

Заслонаў. Апошняя. (Выцягвае з кучы вугалю пад буржуйкай вугальную міну ) Толькі што Родчанкам дзве аддаў.

Андрэеў. Што будзем рабіць з бронепаравозамі?

Заслонаў. Не чапаць! Ні ў якім разе! Яны пад такой аховай, што блыха не падлезе! Рамантаваць як след. Будзе правяраць спецыяльная камісія. Чыгуначнікі. Зразумеў?

Андрэеў. Шкада выпускаць!

Заслонаў. Трэба. Гэта загад, камісар. Не затрымлівайся.

Андрэеў, моўчкі паціснуўшы Заслонаву руку, выходзіць. Недзе зусім блізка прагучала доўгая аўтаматная чарга. Заслонаў уздрыгнуў, прыслухаўся. Пастаяўшы крыху, ён вярнуўся да буржуйкі. Ледзь чутна рыпнулі дзверы. На парозе стаіць захутаная ў вялікую цёплую хустку Якушава.

Якушава. Ці можна да вас?

Заслонаў. Жанчын на працу не бяром.

Якушава. Не пазнаеце, Канстанцін Сяргеевіч?

Заслонаў (з жахам). Каця?! Ты?! Немцы вакол!

Якушава. Я тры дні ў горадзе, а да вашага дома не падысці. Загад я павінна перадаць вам асабіста.

Заслонаў. Які загад?

Якушава. Райкома партыі...

Заслонаў. Нарэшце!.. Які загад?

Якушава. Неадкладна выходзіць з горада. Усім!

Заслона ў. Неадкладна не магу, Каця... Схапілі трох нашых.

Якушава. Ведаю. Ім вы не дапаможаце, а самі...

Заслонаў. І ўсё ж мы паспрабуем... Павінны, Каця. Заўтра ці паслязаўтра.

Якушава. Загад ёсць загад, Канстанцін Сяргеевіч.

Заслонаў. Ты лепей скажы... Самалёты вы прыслалі?

Якушава. Мы...

Заслонаў. Малайцы! Больш удалага моманту не будзе. Усё ўшчэнт! Як Федзя?

Якушава. Чакае — не дачакаецца.

Заслонаў. Хто сюды правёў?

Якушава. Жэнька Коржань.

Заслонаў. Аўсвайс ёсць?

Якушава. Ёсць.

У дзверы прасунулася галава Жэнькі Коржаня.

Коржань. У дэпо Бегер! Забіты Родчанкі!

Заслонаў. Знікай! Знікай з горада!

Якушава знікае. Заслонаў прысеў перад буржуйкай. На парозе Бегер.

Бегер. Заслонаў! Вы братоў Родчанкаў ведаеце?

Заслонаў. Ведаю. Машыністы...

Бегер. Вы сёння бачыліся з імі?

Заслонаў. Я падпісваў іх маршрутныя лісты. Я заўсёды гэта раблю.

Бегер. Хто іх браў на работу ў дэпо?

Заслонаў. Я браў...

Бегер (з іроніяй). Значыць, гэта вашы людзі, а не Хейге?

Заслонаў. Мае... З імі што-небудзь здарылася?

Бегер (не спускаючы вачэй з Заслонава). Яны забіты. Абодва.

Заслонаў. Забіты?.. За што?..

Бегер. Іх спынілі вартавыя, каб абшукаць. А яны раптам пабеглі.

Паўза.

Заслонаў. Я нічога не разумею, пан маёр.

Бегер. Я таксама. Чаму яны пабеглі? Як вы думаеце?

Заслонаў. Не ведаю, пан маёр.

Бегер. Я ведаю. У іх было нешта такое, чаго яны не хацелі паказваць вартавым.

Заслонаў. Што іменна?

Бегер. А вось гэта вы і павінны мне сказаць.

Заслонаў. Чаму я?

Бегер. Таму, што нябожчыкі гаварыць не могуць. А вы, Заслонаў, жывы. Апранайцеся. Паедзеце са мной.

Заслонаў. Я арыштаваны?

Бегер (з іроніяй). Ну, а як вы думаеце?

 

Карціна дзевятая

Кабінет маёра Бегера. На падлозе ў непрытомнасці ляжыць Цімка Дакутовіч. Над ім схіліўся Друлінг.

Бегер. Вы перастараліся, Друлінг.

Друлінг. Не, пан маёр, ён зараз ажыве.

Друлінг прыўзнімае і садзіць Дзімку на табурэтку.

Бегер (падыходзіць да Цімкі). Ну, малады чалавек? Будзем працягваць?

Дакутовіч (ледзь чутна). Не трэба...

Бегер. Будзеце гаварыць праўду?

Цімка моўчкі ківае.

Навошта ж было столькі ўпарціцца?.. Не шкадуеце вы сябе, малады чалавек.

Друлінг падводзіць Цімку да стала і садзіць на стул пад яркі прамень лямпы.

Дакутовіч (просіць). Дайце вады...

Друлінг моўчкі глядзіць на Бегера. Той ківае галавой у знак згоды. Цімка выпівае шклянку вады двума глыткамі.

Бегер. Пачнём з самага пачатку. Дзе вы ўзялі зброю?

Дакутовіч (не адразу). Мне далі...

Бегер. Хто даў? Больш дакладна!

Дакутовіч (пасля паўзы). Якушаў...

Бегер. Хто такі Якушаў?

Дакутовіч. Начальнік палітаддзела.

Бегер. Я ведаю, кім ён быў да вайны. Хто ён цяпер?

Дакутовіч. Камандзір атрада...

Бегер. Дзе знаходзіцца атрад?

Дакутовіч. Знаходзіўся ў Зарэччы...

Бегер. Што значыць — «знаходзіўся»?

Дакутовіч. Ён мяняе месца кожныя два-тры дні.

Бегер. Дзе і калі вы павінны сустрэцца з Якушавым?

Дакутовіч. У Вясёлках ці ў Загаллі. Пасля задання...

Бегер. Якога задання?

Паўза.

Дакутовіч. Я павінен забіць Заслонава...

Паўза.

Бегер. Чый гэта загад? Якушава?

Дакутовіч. Не... Штаба.

Бегер. Колькі ў атрадзе чалавек?

Дакутовіч. Сто. Амаль сто...

Бегер. Ці ёсць у горадзе людзі Якушава?

Дакутовіч (не адразу). Ёсць...

Бегер. Хто? Прозвішчы?

Дакутовіч (пасля паўзы). Браты Родчанкі...

Бегер. Яшчэ!

Паўза.

Дакутовіч. Шурмін і Дамарацкі...

Бегер. Яшчэ!

Дакутовіч. Больш не ведаю...

Паўза.

Бегер. Добра, Дакутовіч. Я памагу выканаць ваша заданне. А вы за гэта паможаце мне сустрэцца з Якушавым.

Дакутовіч. Я не магу вярнуцца ў лес, пакуль не выканаю заданне.

Бегер. Заўтра вы яго выканаеце. А потым пойдзеце да Якушава. А зараз аформім нашы сяброўскія адносіны. Пісаць зможаце?

Дакутовіч. Змагу...

Бегер. Вось папера. Пішыце. Я буду дыктаваць.

Дакутовіч. Вады...

Бегер. Друлінг!

Друлінг дае шклянку вады. Цімка выпівае яе трыма глыткамі.

Пішыце... (Дыктуе.) «Я, Цімафей Дакутовіч, даю згоду супрацоўнічаць з германскімі органамі бяспекі... Я раблю гэта па ўласнай волі, разумеючы ўсю недарэчнасць далейшага супраціўлення Германіі». Напісалі?

Дакутовіч. Напісаў...

Бегер. «Каб даказаць сваю шчырасць і адданасць фюрэру і Германіі, я выдаю нямецкім уладам месцазнаходжанне бальшавіка-фанатыка Якушава і яго атрада». Стаўце подпіс... А чаму вы баіцёся зірнуць мне ў вочы?

Дакутовіч. Я не баюся... (Узнімае вочы і вытрымлівае доўгі позірк Бегера.)

Бегер. Вы разумееце, Дакутовіч, які дакумент падпісалі?

Дакутовіч (не адразу). Разумею...

Бегер. Цяпер вам лепш знаходзіцца ў нас, чым у Якушава. Вы згодны са мной?

Дакутовіч. Згодзен...

Бегер. Заўтра вы застрэліце Заслонава і пойдзеце ў лес. З групай нашых людзей. Калі вы паспрабуеце падмануць нас, фатаграфія вашай заявы, якую вы толькі што напісалі сваёй рукой, у той жа дзень будзе апублікавана ў газетах. Разумееце?

Паўза.

Дакутовіч (не адразу, ціха). Разумею...

Бегер. Ці хочаце вы паглядзець, як будуць вешаць Шурміна?

Паўза.

Дакутовіч. Хачу...

Бегер. Вы мне падабаецеся, Дакутовіч. Вы храбры чалавек і далёка пойдзеце...

 

Карціна дзесятая

Ускраіна Оршы. Марозная зімовая ноч. У цемры зусім блізка грукоча поезд. Працяжна і трывожна трубіць паравоз. Калі поезд прайшоў, у правым кутку сцэны загараецца круг чырвонага святла. У ім Андрэеў, Чэбрыкаў, Пётр Шурмін.

Андрэеў. Ну, што ж... Пара, Сярога!

Пётр. Давай развітаемся... На ўсякі выпадак.

Андрэеў. Пачуеш нашу работу — дзейнічай. Дзве-тры мінуты ў цябе будзе.

Чэбрыкаў. Не пачую я выбуху пад зямлёй.

Андрэеў. Пачуеш. Мёрзлая зямля яшчэ больш гудзе.

Чэбрыкаў. На месцы відаць будзе. Ну, я пайшоў...

Андрэеў. Ні пуху ні пер'я!

Чэбрыкаў. К чорту...

Чэбрыкаў знікае ў цемры.

Пётр. Сапраўды чорту ў зубы палез...

Андрэеў. Дай курнуць.

Пётр (здзіўлена). Ты ж не курыш!

Андрэеў. Не будзь скупярдзяем, Пятруха. Давай! (Закурыў і закашляўся.)

Пётр. Ты чаму гэта ў чаравічках? Без ног захацеў застацца?

Андрэеў. Там насып, як сцяна. У валёнках не узбярэшся.

Пётр. А, чорт! Я пра гэта не падумаў! Дзе ты ранейбыў?

Андрэеў (зноў зацягваецца і кашляе). На насыпе я адзін спраўлюся.

Пётр. Шнура на колькі хопіць?

Андрэеў. Секунд на трыццаць — сорак.

Пётр. Караткаваты...

Андрэеў. Пазыч у немцаў даўжэйшы. Які быў...

Пётр. Я пра цябе думаю: ці паспееш...

Андрэеў. Паспею... Усё, пайшлі. (Ускідвае на плечы вялікі мех.)

Пётр. Толя... Як ты думаеш, ці выратуе гэта іх? Калі ў нас атрымаецца?

Андрэеў (не адразу). Гэта адзінае, што мы можам зрабіць для іх...

Святло гасне. Далёкі гудок паравоза.

 

Карціна адзінаццатая

Кабінет Бегера. У кабінеце Бегер, Вернер і Хейге.

Бегер (злавесна-спакойным тонам). Ну! Я чакаю, Хейге. Як трапілі міны ў топкі бронепаравозаў? За дэпо адказваеце вы! А паравозы ўсю ноч знаходзіліся ў дэпо.

Хейге. Пан маёр... У дэпо ніхто не мог пранікнуць! Вартавыя ўсю ноч знаходзіліся і ўнутры памяшкання і знадворку!

Бегер. І тым не менш міны трапілі ў вугаль. Якім чынам?

Хейге. Пан маёр!.. Бронепаравозы ўзарваны не на станцыі, а на перагоне... Магчыма, у дарозе...

Бегер. Міны зваліліся з неба і трапілі ў топкі паравозаў!.. Каго вы хочаце ашукаць? Мяне? Сябе? Ці каго-небудзь трэцяга?

Непрыкметна зайшоў Манш.

Хейге. У дэпо, пан маёр, гэта зрабіць немагчыма!

Манш. Магчыма, пан Хейге. Дыверсанты праніклі ў дэпо праз люк.

Хейге. Які люк? Пра што вы гаворыце, Манш?

Манш. Люк каналізацыі. Які знаходзіцца за такарным станком.

Хейге. У дэпо былі вартавыя! Усю ноч!

Манш. Я толькі што агледзеў люк. Уначы нехта быў там. У мяне няма сумнення. Паравозы замініраваны ў дэпо. І зроблена гэта сёння ноччу...

Бегер. Вернер! Усіх салдат, якія ахоўвалі ноччу дэпо, дапытаць і — на фронт!

Вернер. Калі б гэта дапамагло вярнуць у строй бронепаравозы.

Бегер. Вы празмерна дасціпны, камендант. Думаю, што ў гэтай сітуацыі... Вы свабодны! Вы, Хейге, таксама.

Вернер і Хейге выходзяць.

Дзве буйныя дыверсіі за адну ноч... Гэта вайна, Марбах. Сапраўдная вайна...

Манш. Цяпер я ўпэўнены: гэта чыгуначнікі. Эшалон, які ўзарвалі ноччу, перагарадзіў дарогу на дзесяць — дванаццаць гадзін. Разлік тонкі! Дзесяткі параненых. Многія з іх замёрзлі, пакуль іх падабралі. Нарэшце гэты люк...

Бегер. Заслонаў ведаў пра люк?

Манш. Напэўна. Але ўзарваць эшалон з салдатамі і замініраваць два паравозы, седзячы ў турме... Вы паспяшаліся, маёр!

Бегер. Што вы хочаце сказаць, Марбах?

Манш (адчуваючы на гэты раз сваю перавагу і таму больш дзёрзка, як заўсёды). Вы паспяшаліся арыштаваць Заслонава.

Бегер. Вы што-небудзь ведаеце?

Манш. Мог бы ведаць, каб не вы.

Бегер. Ну-ну, працягвайце! Што было б, каб не я?

Манш. Перад маёй паездкай у Віцебск Заслонаў папрасіў мяне сустрэцца з ім.

Паўза.

Бегер пільна, з падазрэннем глядзіць па Манша.

Бегер. Чаму вы не сказалі мне пра гэта раней?

Манш. Не паспеў. Праз дваццаць мінут пасля размовы з Заслонавым я і Хейге выехалі ў Віцебск.

Бегер. Значыць, у вас з ім была гаворка?

Манш. Не было. Ён толькі сказаў, што хоча пагаварыць са мной па важнай справе.

Бегер (не спускае вачэй з Манша). І вы не здагадваецеся, пра што ён хацеў гаварыць?

Манш. Не. Мы дамовіліся сустрэцца ў яго на кватэры пасля майго вяртання з Віцебска.

Бегер. Вы можаце сустрэцца з ім цяпер.

Манш. У СД?.. Тут шчырасць бывае толькі прымусовай. З Віцебска я прывёз цікавы дакумент пра Заслонава. Яго знайшлі ў архівах, якія рускія не паспелі вывезці.

Бегер. Што іменна?

Манш (працягвае Бегеру паперу). Аўтабіяграфія Заслонава. Напісана яго ўласнай рукой.

Бегер (чытае). Цікава... Тры жаданні ў жыцці. І за кожнае можна павесіць. Можна і трэба!.. Вы і цяпер будзеце сцвярджаць, што Заслонаў не бальшавік?

Манш. Не буду. Зараз гэта лёгка праверыць, пан маёр. Ён жа не ведае, што гэты дакумент у нашых руках. І не дапускае, што мы ведаем пра яго запаветныя жаданні...

Бегер. Ну і што?

Манш. Калі ён не прызнаецца нам у сваіх жаданнях, значыць, ён хлусіць і ў астатнім. Значыць, яго чэснасць — гэта толькі гульня ў чэснасць. Не больш.

Бегер. Лагічна, але... Трэба быць апошнім ідыётам, каб прызнацца ворагу ў такіх жаданнях.

Манш. Ідыётам або... сумленным чалавекам.

Бегер. Для мяне, Марбах, ужо не мае значэння, хто такі Заслонаў — наш саюзнік ці наш праціўнік. Яго трэба ўбраць. Жывы Заслонаў нам больш не патрэбны. Ён нам патрэбен мёртвы. Пры той умове, што яго прыкончаць свае...

Паўза.

Манш. Хто гэта зробіць? Дакутовіч?

Бегер. Вы. Страляць будзе Дакутовіч. А вы яго падстрахуеце. Гэта той выпадак, калі трэба дзейнічаць пэўна.

Манш. Калі гэта трэба зрабіць?

Бегер. Заўтра. Вы што, не згодны? Шкадуеце старога знаёмага?

Манш. Згодны. Але вы зноў спяшаецеся, маёр. Заслонаў і так у нашых руках. А астатнія? Тыя, хто ўзарваў эшалон і замініраваў бронепаравозы, пакуль ён сядзеў у турме?

Бегер. Вы спадзяецеся, што Заслонаў выдасць іх?

Манш. Не выдасць, вядома. А раптам ён скажа мне нешта цікавае?.. І жывога і мёртвага Заслонава трэба выкарыстаць максімальна.

Паўза.

Бегер. Я даю вам, Марбах, тры дні. Больш таго... Мне не падабаецца гэты смаленскі агент. Мелка плавае, усяго баіцца. Назавіце яго прозвішча Заслонаву. І калі агент праз дзень знікне, вы больш не будзеце сумнявацца, хто такі Заслонаў!..

 

Карціна дванаццатая

Спачатку цемра, затым у правым кутку сцэны пачынае паступова чырванець круг святла. У святле Рыта Заслонава ў белай шлюбнай сукенцы. Здзіўлены голас Заслонава з цемры:

— Рыта? Як ты сюды трапіла?

Заслонаў з'яўляецца ў святле побач з Рытай.

Рыта. Я на крылах ляцела да цябе, мой любы!

Заслонаў. Ты ж далёка! За тысячы вёрст!

Рыта. Не, мой любы... Я заўсёды побач з табой...

Заслонаў. Пачакай, пачакай... Як ты прайшла сюды? А вартавыя?

Рыта. Каханне ніхто не стрымае. Ніякія вартавыя!..

Заслонаў. Яны ж заб'юць цябе!

Рыта. Каханне нельга забіць, мой любы. Няма такой кулі...

Заслонаў. Тут кроў і смерць! Адсюль жывымі не выходзяць!

Рыта. Я выратую цябе!

Заслонаў. Гэта немагчыма! Яны сочаць за кожным маім крокам! За кожным маім словам!

Рыта. Мы разам з табой паляцім у наш самы шчаслівы дзень. Паляцім?

Заслонаў. Паляцім!.. Што гэта?!. Мы ляцім... У мяне галава кружыцца ад вышыні...

Рыта. Зараз пройдзе, мой любы... Добра, што мы ўцяклі? Надакучыла!

На галаве Рыты з'яўляецца вэлюм.

Заслонаў. Што ты сказала? Цалавацца надакучыла?

Рыта. Сорамна пры ўсіх!

Заслонаў. А цяпер?

Рыта. Цяпер — не! (Абдымае яго і цалуе.)

Заслонаў. Мала!

Рыта. Ненасыць ты! (Цалуе яго яшчэ раз.) А ты мяне моцна любіш?

Заслонаў. Вельмі-расправельмі і яшчэ крышачку!..

Голас Бегера з цемры:

— З кім вы размаўлялі, Заслонаў?

Загараецца святло і асвятляе камеру, у якой знаходзіліся разам Шурмін і Дамарацкі. На падлозе, прыхіліўшыся спіной да сцяны, сядзіць Заслонаў. Непадалёку ад яго сядзіць на табурэтцы Бегер.

Заслонаў (з цяжкасцю прыўзнімаецца). А-а... Гэта зноў вы, пан маёр... Што вам ад мяне трэба? Чаго вы хочаце?.. Я прыйшоў да вас добраахвотна... Я набраў тры дзесяткі машыністаў, якія водзяць вашы паязды. Я сабраў вам лепшых рамонтнікаў, якія рамантуюць вашу тэхніку. Я суткамі знаходзіўся ў дэпо... Чаго вы дабіваецеся ад мяне?

Бегер. Пастаўце, Заслонаў, сябе на маё месца. За два месяцы хтосьці вывеў са строю больш ста паравозаў, замарозіў водаправод. Звалена пад адхон паўтара дзесятка эшалонаў з салдатамі, з тэхнікай. Вось і сёння ноччу нехта ўзарваў поезд...

Заслонаў. Гэта таксама я зрабіў?

Бегер. Не, гэта зрабіў нехта іншы. Але скажу вам шчыра, Заслонаў... Быў час, калі мы вас падазравалі.

Заслонаў. А зараз?

Босе р. Зараз — не. Не можа такі чалавек, як вы, працаваць на бальшавікоў. Гэта не лагічна, не натуральна. Мне толькі хацелася б удакладніць некаторыя дэталі вашай біяграфіі.

Заслонаў. І дзеля гэтага вы пасадзілі мяне ў турму і збілі да паўсмерці?

Бегер. Не трэба, Заслонаў. Выдаткі вайны бываюць і больш непрыемныя. У Новасібірску вас пабілі мацней! Дарэчы, хто і за што вас там біў?

Заслонаў (імгненна апрытомнеўшы ад нечаканасці). Не ведаю, пан маёр. Следства не знайшло вінаватых...

Бегер. Ну, а самі вы што думаеце пра гэта?

Заслона ў. Відаць, тыя людзі, якіх я прымушаў добра працаваць. А ім гэта не падабалася. Вось яны і захацелі мяне правучыць.

Бегер.} Калі гэта было?

Заслонаў. Дакладна не памятаю. Здаецца, у чэрвені трыццаць трэцяга...

Бегер. Вы былі паранены?

Заслонаў. Вам паказаць раны?

Бегер. Не, не трэба. Я вам і так веру... (Паўза.) Дзіўны вы чалавек, Заслонаў. Вы верай і праўдай служылі бальшавікам, якія наплявалі ў вашу душу.

Заслонаў. Я не дзіўны, я сумленны чалавек, пан маёр. А ў жыцці бывае так, што сумленных часта б'юць. І свае, і чужыя. Вось як мяне, напрыклад...

Бегер. Нават у сумленнага чалавека, Заслонаў, бывае мяжа, за якой яго сумленнасць канчаецца... З камсамола вас выключылі, з лётнага вучылішча прагналі. Бацьку вашага арыштавалі, сям'ю выслалі. У вас і мару адабралі. Я разумею, як гэта балюча, калі ў чалавека адбіраюць мару... Скажыце, Заслонаў, няўжо ў вас ніколі не з'явілася жаданне адпомсціць бальшавікам за ўсё, што яны зрабілі вам? І наогул, ці былі ў вас якія-небудзь жаданні? (Паўза.) Ну, што вы маўчыцё, Заслонаў?

Заслонаў. Думаю...

Бегер. Думаеце? Пра што?

Заслонаў. Гаварыць вам праўду ці не?

Бегер. Праўда заўсёды даражэй цэніцца, чым няпраўда.

Паўза.

Заслонаў. Былі ў мяне жаданні... Тры...

Бегер. Нават тры? Якія?

Паўза.

Заслонаў. Хацеў стаць добрым інжынерам...

Бегер. Натуральна. Кожны чалавек хоча ўзяць ад жыцця максімум.

Заслонаў. І даць максімум. (Паўза.) Хацеў стаць камуністам...

Бегер. Вы падзялялі іх перакананні?

Заслонаў. Не... Я ўжо гаварыў вам, што на кіруючыя пасады яны прызначаюць толькі сваіх, членаў партыі.

Бегер. Памятаю. Каб патрабаваць з камуніста двойчы — і па адміністрацыйнай і па партыйнай лініі. Так?

Заслонаў. Так...

Бегер. Ну што ж, тут ёсць логіка... І ў вас ні разу не з'явілася жаданне адпомсціць ім за тое, што яны скалечылі жыццё блізкіх людзей, ваша жыццё?

Заслонаў (не адразу, узважваючы кожнае слова). Выдаткі, пан маёр, бываюць розныя... Вы ж самі сказалі, што я мог быць забіты. А вы ўсяго толькі пакалечылі мяне. Выходзіць, што я павінен быць удзячны вам!

Бегер. Не трымайце камень за пазухай, Заслонаў... А якое ў вас было трэцяе жаданне? Забыліся? Не памятаеце?

Заслонаў (пасля паўзы). Памятаю... Хацеў пабачыць Сталіна...

Бегер. Сталіна? Навошта?

Заслонаў. Хацеў пагаварыць з ім...

Бегер. Пра што?

Заслонаў. Пра многае... Пра жыццё.

Бегер. І пра «выдаткі» сталі б з ім гаварыць?

Заслонаў. І пра «выдаткі» таксама...

Бегер. Дзякуйце богу, што ён не ажыццявіў ваша жаданне... Вы, Заслонаў, сапраўды сумленны чалавек. І на рэдкасць мужны. Сярод рускіх я сустракаю такога ўпершыню. Я хачу, каб вы былі нашым ідэйным саюзнікам.

Заслонаў. З саюзнікамі, пан маёр, так не абыходзяцца.

Бегер. Свае білі вас мацней. Аднак жа вы ім даравалі! Спадзяюся, даруеце і нам. Зараз я прышлю да вас доктара. Вы свабодны, Заслонаў. Ідзіце ў дэпо і працуйце...

Бегер выходзіць.

Заслонаў напружана глядзіць яму ўслед, жадаючы дазнацца — выйграў ён гэтую дуэль альбо не?.. І адразу ў левым кутку сцэны загараецца круг святла. У ім Бегер, набірае нумар тэлефона.

Бегер. Манш?.. Я выпускаю Заслонава... Так, ён пацвердзіў свае жаданні... Усе тры... Не, я перадумаў, Манш. Я даю вам не тры дні, а адзін дзень. Больш дакладна — адзін дзень і адну ноч. Роўна праз суткі Заслонаў будзе забіты. (Набірае другі нумар.) Друлінг? Прывядзіце да мяне Дакутовіча. І прынясіце яго рэвальвер...

 

Карціна трынаццатая

Невялікі пакойчык, у якім жыве Заслонаў. У ім усё так, як было на старой кватэры — вузенькая кушэтка, засланая простай шэрай коўдрай, стол, некалькі табурэтак, буржуйка. Зморшчыўшыся ад болю, Заслонаў спрабуе надзець куртку ў рукавы. Перадумаў і накінуў куртку на плечы і зноў павесіў левую руку на перавязь, паставіў на буржуйку чайнік.

У дзверы ціха, асцярожна пастукалі. Заслонаў падышоў, павярнуў ключ і адчыніў дзверы. Уваходзіць Манш з пакетам у руках.

Манш. Добры вечар, Канстанцін Сяргеевіч! Вядома, не чакалі? Угаворы даражэй за грошы. Памятаеце, я абяцаў прыйсці да вас у госці?

Заслонаў (шчыра, сардэчна). Дзякую, Манш. Я вельмі чакаў вас. Вось толькі частаваць няма чым.

Манш (таксама проста і сардэчна). Я гэта ведаў. Вось кансервы, хлеб, цукар. Нават шнапс ёсць. Дрэнь, вядома, але дзе ты возьмеш лепшага?

Заслонаў. Дзякую. Гарэлку я не п'ю, вы ж гэта ведаеце.

Манш. Памятаю, усё памятаю, Канстанцін Сяргеевіч!.. Але ж тое да вайны было. А зараз і вайна, і мароз, і ўвогуле жыццё паскуднае!

Заслонаў. Бяду ў ёй не ўтопіш. А сам затануць можаш... Дзякую вам, Манш. Маёр сказаў, што вы хадайнічалі за мяне. Так што я двойчы вам абавязаны.

Манш (даверліва). Скажу вам шчыра, Канстанцін Сяргеевіч... Прасіць-та я прасіў, але мала верыў, што яны вас выпусцяць. Звяр'ё!.. Моцна вас білі?

Заслонаў. Ад душы. Не шкадавалі.

Манш. Хто? Бегер?

Заслонаў. Не... Ён рукі свае шкадуе. Ёсць там у яго майстры...

Манш. Друлінг? Гэта дробная птушка. Самы страшны звер — гэта Бегер! І разумны, і хітры. Вось каго вам трэба баяцца!..

Заслонаў. Усе немцы адным мірам мазаны.

Манш (з крыўдай). І я — таксама? Я таксама немец... Я разумею вас, Канстанцін Сяргеевіч... Ведаю, што вы пра мяне думаеце. «Чалавек ты нібыта савецкі, а кроў у цябе іхняя, нямецкая...» Гітлер прымусіў увесь свет ненавідзець немцаў. Спатрэбіцца сто, а можа, і дзвесце гадоў, каб людзі зноў сталі немца чалавекам лічыць... Канстанцін Сяргеевіч! Вазьміце мяне да сябе! Маці сваёй клянуся, я не немец, я — сумленны чалавек! Дайце мне любое заданне! Праверце мяне! Выпрабуйце! Хочаце, я заб'ю Бегера?

Гэты маналог Манш гаворыць пранікнёна, шчыра, амаль са слязьмі ў голасе.

Паўза. Заслонаў моўчкі глядзіць на Манша.

Заслонаў. Я веру табе, Густаў... Задання ў мяне для цябе пакуль няма. А вось просьба ёсць. І вельмі вялікая. Аб ёй я і хацеў нагаварыць...

Манш. Што трэба зрабіць? Я зраблю ўсё!

Заслонаў. Выратуй нашых хлопцаў. Шурміна і Дамарацкага...

Манш (з болем). Не магу, Канстанцін Сяргеевіч...

Заслонаў. Чаму?

Манш. Позна...

Заслонаў (нават не адразу рашаецца спытаць). Што з імі?

Манш. Дамарацкі памёр... Забілі. А Шурміна павесілі...

Заслонаў (не адразу). Калі?

Манш. Тры дні назад.

Заслонаў. Чаму пра гэта ніхто не ведае?

Манш (паціскае плячыма). Канстанцін Сяргеевіч... А вы хочаце ведаць, хто іх прадаў?

Заслонаў. Хто? Ты ведаеш?

Манш. Ведаю... Слесара Іванова, у акулярах, невысокага росту, ведаеце?

Заслонаў. Якога Хейге нядаўна ўзяў на работу?

Манш. Ён самы... Гэта агент смаленскага гестапа. Яго спецыяльна падсадзілі ў дэпо, каб ён раскрыў падпольную арганізацыю...

Паўза.

Заслонаў. Як ты даведаўся пра яго?

Манш. Чуў размову Хейге і Бегера. Мне яны нічога не сказалі. Хоць я і немец, але не давяраюць... Мне забіць яго?

Заслонаў. Не трэба... Другія зробяць. Цімка Дакутовіч жывы?

Манш. Жывы.

Заслонаў. Выратаваць яго зможаш?

Манш (падумаўшы). Паспрабую... Канстанцін Сяргеевіч... Калі я выратую Дакутовіча, вы паверыце мне?

Заслонаў. Паверу.

Манш. Усё. Мне нельга марудзіць. Трэба хоць на гэты раз апярэдзіць Бегера! Я прыйду да вас з Дакутовічам. Чакайце!

Заслонаў. Дзякую, Густаў! (Моцна, па-сяброўску паціскае яму руку.) Буду чакаць!..

Манш выходзіць. Заслонаў ідзе да стала, адкрывае бляшанку кансерваў.

Святло ў пакойчыку Заслонава гасне. Цьмяна асвятляецца вуліца і вугал дома, у якім жыве Заслонаў. Каля сцяны дзве цёмныя постаці. Гэта Цімка Дакутовіч і Тоня. Але іх не пазнаць, размаўляюць яны шэптам.

Тоня. А калі ён да раніцы не выйдзе?

Дакутовіч. Буду стаяць да раніцы. Гэтую сволач я жывым не выпушчу!

Тоня. А ты зможаш?

Дакутовіч. Што?

Тоня. Ну... Забіць свайго?..

Дакутовіч. Я горла яму перагрызу!

Тоня. А ў мяне б рука не ўзнялася...

Дакутовіч. Ціха!..

Чуваць, як стукнулі дзверы пад'езда. Набліжаецца постаць чалавека, які ідзе, асвятляючы дарогу перад сабой маленькім ліхтарыкам. Гэта Манш. Але ў цемры яго не пазнаць. Пачуў чалавека, насцярожыўся.

Манш (ціха). Хто тут?

Дакутовіч. Твая смерць, фашысцкая сволач!

Цімка ўскідвае руку з наганам, але... чуваць толькі слабыя пстрычкі, стрэлу няма. І ў той жа момент страляе Манш. Цімка падае. Манш нахіляецца, каб пазнаць, каго ён забіў. Узмахвае рукой Тоня, якую Манш не заўважыў.

Здалёк пачуліся галасы немцаў. Яны набліжаюцца.

Зноў асвятляецца пакойчык Заслонава. Заслонаў, пачуўшы стрэл на вуліцы, насцярожыўся, падышоў да акна, прыўзняў коўдру, якой акно завешана, зірнуў на вуліцу. Не ўбачыўшы нічога падазронага, зноў вярнуўся да буржуйкі, уважліва агледзеў некалькі кавалкаў вугалю, перш чым кінуць іх у печку.

За яго спіной нячутна, ціха адчыніліся дзверы. На парозе — Тоня. Але яе не пазнаць, настолькі яна змянілася. Пачуўшы за спіной шорах, Заслонаў азірнуўся.

Заслонаў. Тоня?!. Ты?!. Што з табой?!. Тоня, што здарылася?.. Што-небудзь дрэннае?.. Цімка жывы. Мне толькі што пра гэта сказалі. Яго выратуюць і прывядуць сюды. Ты чуеш мяне, Тоня?.. Ну, добра... Не хочаш гаварыць — памаўчы. Зараз ты чаем сагрэешся, і душа ў цябе адтае. Абяцаю табе зрабіць усё, каб уратаваць Цімку.

Заслонаў налівае кубак чаю і працягвае Тоні. Тая моўчкі адмаўляецца.

Не хочаш? Чаму? Ну, гэта ты дрэнна... Чай, браце, і ў бядзе і на марозе лепшае лякарства. А можа, глыток гарэлкі? Каб сагрэцца? Не хочаш? Правільна. Я таксама за чай...

Тоня моўчкі забірае ў Заслонава кубак і ставіць яго на стол, затым здымае з плеч Заслонава куртку і хоча надзець яму ў рукавы.

Тоня, ты што?.. Я павінен некуды ісці?.. Не магу, Тонечка. Я павінен дачакацца Манша. Ён пайшоў ратаваць Цімку...

Тоня ці ўсхліпнула, ці то ўскрыкнула. Заслонаў спалохана глядзіць на яе, баючыся, што яна страціла розум.

Тоня (чужым голасам). Я забіла Манша... Заслонаў (не паверыўшы). Што?.. Навошта?

Тоня. Ён забіў Цімку...

Заслонаў. Дзе? Калі?.. Манш толькі што выйшаў адсюль! А Цімка ў турме...

Тоня. Мы не паспелі... Спазніліся... Мы бачылі, як ён увайшоў да вас... І чакалі. Цімка хацеў застрэліць яго... Але пісталет чамусьці не выстраліў. Тады Цімка кінуўся на яго... А той стрэліў яму ў твар...

Заслонаў (усё яшчэ не верыць). Чакай, чакай... Ты ж кажаш, што забіла Манша?

Тоня. Калі Манш стрэліў у Цімку... Я кінула яму ў спіну нож... Мяне Цімка навучыў... Яны каля дзвярэй ляжаць...

Заслонаў. Хто... ляжыць?

Тоня. Цімка і Манш... Вось... (Выцягвае з-за пазухі і падае Заслонаву два рэвальверы.) Гэта Цімкаў, а гэты яго...

Толькі цяпер Заслонаў канчаткова паверыў Тоні.

Заслонаў. За што, скажы мне, Цімка хацеў забіць Манша?

Тоня. Манш — нямецкі шпіён. Афіцэр іхняй разведкі... Цімка называў неяк па-нямецку... Я не памятаю.

Заслонаў. Абвер?

Тоня. Ага, абвер... Шурмін і Дамарацкі перад смерцю даведаліся... І паслалі Цімку, каб вас папярэдзіць... Мы спазніліся...

Заслонаў (імгненна прымае рашэнне). Памажы!

Заслонаў з дапамогай Тоні надзявае куртку, узяў Цімкаў наган і, цэлячы ў падлогу, некалькі разоў націснуў на курок. Чуваць слабыя пстрычкі.

Халастыя!.. Уцякайма, Тоня! Зараз яны будуць тут! Пачакай...

Заслонаў падышоў да акна, прыслухаўся, адхіліў край коўдры, асцярожна зірнуў на вуліцу. Там чуваць усхваляваныя галасы немцаў.

Яны ўжо тут. У дзверы не выйдзем. Ты зможаш праз акно? Там страха...

Тоня. Змагу... (Ідзе да акна.)

Заслонаў (назіраючы за немцамі на вуліцы). Пачакай... Хай яны ўвойдуць у пад'езд... Усё! Давай!

Заслонаў адчыняе акно. У пакой уварвалася завіруха. Тоня знікае за акном. На лесвіцы ўжо чутны крокі і галасы. Заслонаў падскочыў да дзвярэй, павярнуў ключ, кінуўся да буржуйкі, разгроб кучу вугалю, знайшоў у ёй дзве міны і кінуў іх у печку. Выключыўшы святло, Заслонаў знікае за акном. У пакоі цемра. Толькі чырвоным вокам глядзіць адчыненая буржуйка.

Чуваць, як раз'юшана стукаюць у дзверы, як выламалі іх.

І ў гэты момант чуецца моцны выбух. І ўсё залівае чырвоным святлом пажара.

 

Эпілог

На ўзгорку, пад высокімі бярозамі стаяць Заслонаў, Андрэеў, Чэбрыкаў, Пётр Шурмін, Якушаў, Якушава, Коржань і Тоня. Гэта тое месца, з якога падпольшчыкі ўваходзілі ў Оршу.

Якушаў (камандуе). Брыгада! На пахаванне загінуўшых баявых таварышаў!.. Смірна-а-а!

Чуваць, як варухнуўся і заціх нябачны нам вялікі строй людзей.

Заслонаў зрабіў крок наперад і зняў шапку.

Заслонаў. Таварышы партызаны!.. Сёння мы хаваем сваіх баявых сяброў, якія загінулі смерцю храбрых у барацьбе з фашызмам... Яны яшчэ толькі пачыналі сваё жыццё. Яны вельмі любілі жыццё і хацелі жыць... І вось іх няма і ўжо ніколі не будзе сярод нас... Ніколі!.. У гэты ўзгорак разам з імі назаўсёды ляглі незгуляныя вяселлі, ненароджаныя дзеці, непраспяваныя песні, неажыццёўленыя мары... Гэта страшэнная несправядлівасць вайны!.. У гэты трагічны момант, стоячы паміж Жыццём і Смерцю, мы, як ніколі, востра і балюча адчуваем, наколькі бясцэнна чалавечае жыццё. Ніхто і нішто не верне матулі сына, жонцы — мужа, дзецям — бацьку!.. Ад імя тых, хто сёння лёг у гэты ўзгорак, мы пытаемся ў жывых... Людзі! Вас многа! Мільёны! Мільярды! І ніхто з вас не хоча вайны і смерці! Дык чаму ж вы дазваляеце страляць ружжам і гарматам? Што вам дзяліць між сабой? Неба? Сонца? Зямлю?.. Іх хопіць на ўсіх! Што ж вы робіце, людзі?.. Вашай крывёй, якую вы пралілі на войнах, можна напоўніць акіян! З вашых касцей, што засталіся на палях бітваў, можна насыпаць горы!.. Вы чуеце, як цяжка з дня ў дзень, удзень і ўначы плешча пад вамі і гайдае зямлю крывавы акіян? Вы чуеце, як страшна варушацца гэтыя горы, клічучы ваш розум і ваша сумленне! Спыніцеся, адумайцеся, пакуль не позна! Як шалёных сабак, знішчыце тых, хто развязвае войны! Ратуйце сябе і дзяцей сваіх! Пакуль не позна!.. Таварышы партызаны! Адсюль мы пойдзем у новы бой. Можа быць, што для некага з нас ён стане апошнім. Але мы ідзём у бой з верай, што гэта будзе апошняя вайна на зямлі! Дзеля гэтага мы жывём і змагаемся! Дзеля гэтага, калі трэба будзе, мы загінем, як загінулі яны! Мы клянёмся над іх магілай не выпускаць зброі да таго часу, пакуль не знішчым апошняга фашыста на зямлі!..

Хор з соцень галасоў паўтарае ўслед за Заслонавым:

— Клянёмся!

Мы клянёмся жыць пасля вайны сумленна, справядліва, высакародна, таму што жыццё наша абмыта гарачай крывёю нашых таварышаў!

— Клянёмся!

А калі мы парушым гэтую святую клятву, станем людзьмі нікчэмнымі, недастойнымі, хай устануць яны з магіл і праклянуць нас на векі вечныя!

— Клянёмся! Клянёмся! Клянёмся!

Заслонаў (ступіўшы крок назад, ціха). Прыступіць да пахавання!

Ён першы кінуў жменю зямлі ў брацкую магілу. За ім кінулі астатнія. У жудаснай цішыні чуваць, як падае зямля на труны. Усе, хто стаіць на ўзгорку, узнімаюць уверх вінтоўкі і аўтаматы.

Гучаць тры залпы.

Заслонаў. Брыгада! Марш!

Мы не бачым калоны, але чуем, як яна ідзе.

Усе спускаюцца з узгорка і стаяць, чакаючы, каб далучыцца да калоны. Чуваць цяжкі крок вялікай калоны. Ідуць жывыя. Усе жывыя...

Канец