epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікалай Мішчанчук

Свет яго вачыма

СВЕТ ЯГО ВАЧЫМА

 

Раман Сабаленка нарадзіўся 15 кастрычніка 1907 года ў вёсцы Сабалі Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і селяніна. Яго першыя жыццёвыя універсітэты звязаны з працоўнай дзейнасцю: з паўгода давялося вучыцца кавальскай працы, амаль столькі ж спасцігаў краўцоўства. Не стаўшы ні кавалём, ні краўцом, вывучыўся араць, баранаваць, хадзіць з сярпом і касой. Але больш за ўсё дзіцячая свядомасць цягнулася да святла ведаў, яго душа «некуды рвалася, нечага прагла», ёй «карцела нешта большае». Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя дала магчымасць хлопцу з мнагадзетнай сялянскай сям’і закончыць Гомельскі педтэхнікум, а затым вучыцца ў педінстытуце, стаць журналістам, пісьменнікам, адкрыла перад ім шырокія далягляды.

У творчасці Сабаленкі яскравы адбітак знайшоў даваенны час, перыяд станаўлення новых матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей пад уплывам сацыяльных перамен. Пра гэты час пазней пісьменнік выкажацца так: «То былі гераічныя гады самаахвярнай працы нашага народа, які надгаладзь, не пакладаючы рук, будаваў новае жыццё. Трыццатыя гады — час складаны, суровы і супярэчлівы» («Пяцьдзесят чатыры дарогі». Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменікаў. Мн., 1963, с. 443). Гераічны подых і складанасць перыяду даваенных пяцігодак адчуваецца ва ўсёй непаўторнасці ў многіх Сабаленкавых апавяданнях, якія склалі кніжкі «Жменя зярнят» (1957), «Сустрэчы» (1958), «Блакітнае ззянне» (1959), «З пройдзеных дарог» (1962), «Паляўнічыя боты» (1962), «Пад дажджом і сонцам» (1966), «Спатканне пасля разлукі» (1971), «Роздум у дарозе» (1973), а таксама ў трылогіі «Іду ў жыццё», якая сяладаецца з аповесцей «Юнацтва ў дарозе» (1958), «Выпрабаванне сталасці» (1960) і «Былое застаецца ў сэрцы» (1961). Мпога ўвагі ўдзяляе пісьменнік адлюстраванню сучаснасці, раскрыццю складаных маральна-этычных праблем (аповесць «Лора», 1966), трэцяя частка трылогіі). Закранаецца Сабаленкам і ленінская тэма (апавяданні «Пад чырвоным сцягам», «Знаходка на гарышчы», аповесць «Незамужняя ўдава»).

У творчасці Сабаленкі пры ўсёй разнастайнасці тэматыкі чытач знойдзе адну паслядоўна вытрыманую асаблівасць — заканамернасць, якая прыводзіць напісанае ў стройную сістэму, надае яму адзнакі стылёвай закончанасці, сістэмнасці: творы пісьменніка поўняцца гуманістычным пафасам, любоўю да чалавека, верай у перамогу сіл гармоніі над змрочным пачаткам, над неарганізаванасцю, анархіяй. Прычым ідэі гуманізму не ляжаць на паверхні, не дэкларуюцца, а высвечваюцца праз апісанне побыту, грунтоўны паказ абставін, у якіх адбываецца дзеянне, праз партрэтныя характарыстыкі герояў, перадачу іх унутраных перажыванняў, роздумаў.

Ёсць у пісьменніка апавяданне «Апошні след», напісанае яшчэ ў 1955 годзе, калі паспелі ўбачыць свет вершаваныя зборнікі «З родных крыніц» (1950) і «Мая эстафета» (1954). Толькі праз два гады з’явіцца кніжка прозы «Жменя зярнят». Але, чытаючы апавяданне, не скажаш, што яно напісана ў пачатку творчага шляху празаіка. Яно адрозніваецца глыбінёй аналізу псіхалогіі чалавека з нячыстым сумленнем, які вяртаецца да родных дзяцей пасля доўгай разлукі. Аўтар ні на крок не адыходзіць ад перадачы праўды абставін, паводзін героя, строга сістэматызуе факты. Пакуты і перажыванні Міхеда Крыварота ў апавяданні — гэта пакуты чалавека, сумленне якога так позна прачнулася, якому так няўтульна і балюча ў родных мясцінах, сярод людзей, сярод сваіх дзяцей. Міхед стаў такім пакутнікам з-за самога сябе, бо ніколі не задумваўся «над сэнсам жыцця», «адно ведаў: грэбці пад сябе там, дзе грэблася, і абыходзіць заўсёды тое месца, дзе можна пакаўзнуцца і ўпасці». Ён прызвычаіўся будаваць сваё шчасце на няшчасцях другіх, жывучы на сваім хутары пры паляках і пры Савецкай уладзе, а затым і пры немцах. Больш таго, у вайну ён, тоячыся ад людзей, выдаваў гестапаўцам партызанаў і іх сувязных. Па яго даносу загінуў Гарасім Кухаронак, сын якога толькі цудам уратаваўся. І немцам служыў Крыварот з аглядкаю: «недзе ў глыбіні свядомасці варушылася, жыла тая думка, што і гэтыя немцы не на векі вечныя тут». Але ж некалі для любога чалавека наступае суд, суд сумлення, суд памяці. Наступіў ён і для Міхеда... Вось ён вяртаецца дадому са станцыі, баючыся чамусьці сустракацца з людзьмі, сігае не па дарозе, а па цаліку. Вось сустрэча з меншай дачкой Аленай, якая не прызнала яго, адштурхнула ад сябе. І, нарэшце, самы нечаканы ўдар — аказваецца, Алена кахае Віктара Кухаронка, сына партызана, якога некалі выдаў немцам Крыварот. І гэтых пакут было мала: старому давядзецца прысутнічаць на вяселлі Алены і Віктара, піць горкую чарку не віна, а адказнасці за зробленае некалі злачынства, за сваё змрочнае мінулае. Вось як адчувае сябе герой апавядання ў складанай, драматычнай для яго сітуацыі: «Яму здавалася: за тым бяседным сталом ён піў з чаркі не гарэлку, а немаведама што. Перад ім мільганула цень знявечанага Гарасіма Кухаронка, з якога ручаінкай цякла кроў. І колькі ён, Міхед, ні намагаўся пераступіць тую ручаінку, нага не можа перасігнуць яе». Сітуацыя была б меладраматычнай і неверагоднай, штучнай, калі б не дакладная перадача перажыванняў чалавека, якому сорамна глядзець у вочы людзям, балюча прысутнічаць на вяселлі дачкі і чалавека, бацьку якога ён так бязлітасна выдаў фашыстам. Апавяданне заканчваецца тым, што Міхед сыходзіць з дому, пакінуўшы дзецям запіску, напісаную каравым почыркам, падобным на яго каравае жыццё. Так у апавяданні выносіцца прысуд чалавечай жорсткасці і подласці, абараняецца гуманны пачатак у чалавечым жыцці.

Пафасам чалавечнасці і гуманізму прасякнуты і апавяданні Сабаленкі, прысвечаныя сучаснасці. У цэнтры іх — чалавек працы, часцей селянін, які не можа ўрасці карэннем у горадзе, нудзіцца аб пакінутай вёсцы, аб рабоце. У апавяданні «Госць» пісьменнік выбірае менавіта такую зыходную сітуацыю, стварае запамінальны характар чалавека, якому ўсё здаецца не так у вялікім горадзе — і людзі бесклапотна гуляюць у парку «ад няма чаго рабіць», і самому яму ў сям’і старэйшага сына Данілы ніякавата, сумна і нудна: «Няма от за што ў цябе рукі зачапіць. Каб якіх дроў накалоць ці вады прынесці, дык яно б і вяселей было». Уважліва ставіцца пісьменнік да псіхалогіі такіх герояў, сімпатызуе ім, спачувае, прыходзіць да вываду пра нялёгкі працэс духоўнай перастройкі людзей сталага ўзросту, якія пакінулі вёску на час, не могуць ад яе адарвацца і аказаліся ў індустрыяльных гарадах у сваіх добрых і шчырых дзяцей толькі гасцямі. Апавяданне заканчваецца тым, што стары пакідае сына, едзе ў родныя Перкі дадачкі Мальвіны і зяця, едзе, занепакоены гаспадарскімі клопатамі. У апавяданні Сабаленкі ўзнімаецца важная сацыяльная праблема, паказваецца нялёгкі працэс перастройкі псіхалогіі жыхароў вёскі пад уплывам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Як і многія іншыя творы пісьменніка, яно выхоўвае ў людзях любоў да роднага бацькоўскага парога, да вясковага ўкладу жыцця, да спрадвечнай мудрай вясковай маралі.

На адным з першых месц у творчасці Сабаленкі-апавядальніка ленінская тэма. У цэнтры твораў па гэту тэму вобраз чалавека, які праз усё жыццё пранёс падзяку правадыру, зведаў на сваім уласным вопыце веліч яго бессмяротных ідэй... Праз многа год расказвае некалі непісьменны селянін, а затым удзельнік Кастрычніцкага штурму Арцём Швайка камсамольцам пра выратаваны ім чырвоны сцяг, пра сваю сустрэчу ў Смольным з Уладзімірам Ільічом Леніным, пра словы яго аб тым, што пасля перамогі рэвалюцыі пабагацее і бедны беларускі край. Запомнілася Швайку і дабрата, спагадлівасць гэтага чалавека, з якім так нечакана звёў яго на некаторы час лес.

У 1970 годзе Сабаленка напісаў апавяданне «Знаходка на гарышчы», у якім арганічна знітаваў мінулы (гады грамадзянскай вайны) і сённяшні час, яшчэ больш арганічна, псіхалагічна паглыблена раскрыў лёс чалавека, якому млынар Нупрэй Кісялеўскі (па клічцы Багалаз) рыхтаваў багатую спадчыну, выхоўваў яго, свайго незаконнага сына, што рана аказаўся без маці, у нянавісці да ўсяго, што перашкаджае чалавеку жыць толькі для сябе, шукаць тое, «што на зямлі блага ляжыць». Але рэвалюцыя памяняла планы старога: пад уплывам чырвонаармейцаў, камісара Казловіча юнак зразумеў, што ёсць на свеце і іншая праўда, адрозная ад праўды Нупрэя Багалаза,— праўда Леніна. Ён малюе партрэт Ільіча. Гэты партрэт праз многа год адшукаў на гарышчы былы парабак Нупрэя Кузёмка, а цяпер — Герой Сацыялістычнай Працы дырэктар саўгаса Шылец Кузьма Іванавіч. Ды і сам апавядальнік цяпер стаў вядомым мастаком, заслужаным чалавекам. Дзеянне ў творы адбываецца ў двух часавых праекцыях. Падзеі наслойваюцца адна на адну і ствараюць шчыльную аснову твора, дзе ўсё становіцца галоўным, істотным: і тое, як адчувае сябе ў родных мясцінах апавядальнік, і як ён адзначае ў свядомасці сустрэчу з землякамі («мужчыны сцішыліся і вычакальна глядзелі на нас»), і такое, здаецца, дробнае, але таксама жыццёвае, рэальнае — дакладная і разам з тым надзвычай вобразная карцінка — у прыёмнай дырэктара саўгаса «клекатала, як бусел, пішучая машынка». Апавядальнік перадае з дапамогай добра падабранага слова і духоўны стан чалавека («Я пастаяў, скінуўшы капялюш, і маўкліва паклыпаў далей»), і характарызуе пэўную з’яву (пра Нупрэя, які завалодаў багаццем удавы-латышкі Параскевы сказана, што ён «асачыў яе... і прыстаў да яе ў прымы»). Лаканічна, надзвычай вобразна, часам адным тропам, удала знойдзенай мастацкай дэталлю Сабаленка стварае і цэлую карціну, псіхалагічна насычаную, паўнакроўную. І пісьмо ўшчыльняецца, набывае адзнакі сапраўднай эпічнасці, маштабнасці. Так, як у гэтымсама апавяданні. Пра Параскеву завознік, які прывёз збожжа на млын да Нупрэя, маладому хлопцу (ён жа — апавядальнік) гаворыць так: «Бацькі яе памерлі, і сядзела яна адна, як квактуха на яйках, на грошах». Адно трапнае параўнанне — і створана цэласная карціна, нават намаляваны пэўны характар, вынесены прысуд пэўнай з’яве. І так у кожным творы, у кожным апавяданні. Без падобных трапных сродкаў мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, без выразнага, яркага слоўца, падхопленага з жывой народнай мовы, пастаўленага ў сугучны кантэкст мы ўвогуле не ўяўляем творчасці Р. Сабаленкі.

Апавяданні сталі сапраўднай школай майстэрства для пісьменніка. Іменна ў малым празаічным жанры выявілася пісьменніцкая ўвага да чалавечай псіхалогіі, яго ўменне ствараць складаныя характары, яго ўменне насычаць твор паўнакроўнымі дэталямі, майстэрскае карыстанне мовай, без якога ўвогуле не ўяўляецца рэалістычнае мастацтва.

Паяднаць розныя часавыя вымярэнні, выверыць сённяшні дзень днём учарашнім стараецца Сабаленка і ў сваіх аповесцях. Некаторыя з іх прама адрасаваны сучаснасці. У іх паэтызуецца праца людзей вёскі, паказваецца неадольнае імкненне вяскоўцаў да дабра і справядлівасці. Так, гераіня аповесці «Лора» (1966) не можа знайсці сабе шчасця далёка ад дому, у сестрыной кватэры з усімі выгодамі. Яна не выносіць нахабных заляцанняў Расціслава-Роціка і новаспечанага швагра Гаўроша. Ёй карціць як хутчэй вырвацца дадому з гэтага тлуму, у які кінула яе маці, бо не хацела, каб дачка гібела каля кароў, працавала дзень пры дні, устаючы ні свет ні зара. Лора вяртаецца да родных і блізкіх, у сваю вёску Макрацы. У аповесці, як і ў многіх апавяданнях, ставяцца і вырашаюцца вострыя праблемы жыцця сучаснай вёскі, і ў першую чаргу праблема неабходнасці замацавання маладых кадраў на сяле.

Паэтызацыя вясковага жыцця, працы вяскоўцаў набывае вышэйшую ступень у аповесці Р. Сабаленкі «Незамужняя ўдава». Сюжэт яе інтрыгуючы, неардынарны: Галя Заранка пражыла нялёгкае жыццё ў дзяцінстве, гадавалася ў доме на вачах злоснай мачыхі, рана навучылася быць і нянькай, і хатняй гаспадыняй. З малых год дзіця цікавілася жыццём незвычайным, цягнулася да рамантычнага, добра вучылася.

Аповесць удалася аўтару таму, што ў ёй раскрыта духоўная прыгажосць савецкіх людзей, іх вечная прылучанасць дабру і гуманізму. Гуманістычны пачатак яе выяўляецца адкрыта, пафасна, часам публіцыстычна і абагульнена. З першай старонкі, з першай сцэны, раскрываюцца адносіны людзей і перш за ўсё галоўнай гераіні да прыроды: «Галя ўглядаецца ў дрэвы, у кветкі. Бачыць, як ранняя працаўніца пчолка дала нырца ў жоўценькі збаночак кветкі і там хуценька-хуценька заварушыла ножкамі... Асцярожна страсянула сцяблінку кветкі і сагнала пчолку, каб тая не вельмі нагружалася, бо ёй жа ляцець, мабыць, не блізкі свет і крыльцы могуць не вытрымаць». Не менш уражвае сілай гуманістычнага гучання і сцэна ўручэння выпускнікам сярэдняй школы атэстатаў, і апісанне сустрэчы Галі з чалавекам, якога яна пакахала,— Станіславам.

Найбольш значная з напісаных аповесцей — «Каралінцы». У ёй шырока ахопліваюцца падзеі, што адбываюцца на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі ў давераснёўскі, ваенны і пасляваенны часы.

Асабліва ўдалыя тыя старонкі аповесці, дзе паказана жыццё каралінцаў у давераснёўскі час і ў першыя дні калектывізацыі. Тут Сабаленка захоўвае пачуццё меры ва ўсім: стварае дакладныя псіхалагічныя характарыстыкі, запамінальныя характары, акцэнтуе ўвагу не на знешніх праявах жыцця, а на іх унутранай псіхалагічнай сутнасці. Так, напрыклад, запамінаецца сцэна бойкі за мяжу двух братоў — Мікодыма і Рыгора Галезнікаў, за якой назірае Рыгорава дачка Ліпачка. Сварку пачаў Мікодым, звераваты чалавек, які пакутліва перажывае сваю прыналежнасць да чорнай, мужыцкай касты, хоча выбіцца ў паны любой цаной. Гэта сцэна стала вызначальнай у далейшым лёсе братоў, засведчыла рознасць жыццёвых сцежак іх. Мікодым, які толькі што і рабіў у жыцці, як гроб пад сябе, данясе палякам на сувязь свайго брата з падпольшчыкамі, прыбярэ на час братаву зямлю. У гады вайны ён асцярожна будзе дагаджаць нямецкім акупантам, азіраючыся на сваё мінулае і будучыню, будзе спачатку зноў-такі вышукваць лепшага для сябе, а не для народа, для краіны ў цэлым. Яго філасофія ў першыя дні вайны — гэта філасофія індывідуаліста, прыстасаванца: «З дарагой цаной пайшоў бы ім у помач наводзіць новы парадак, але пабойваўся аднаго: а што, калі хто падсуне ім пад нос тую газеціну, на якой ён зняты з бальшавіцкім камандзірам...» Ён служыць любой уладзе, якая дае яму права жыць для сябе, для задавальнення сваіх асабістых патрэб. Для яго не існуе паняцця — Радзіма. Яго, Мікодымава, радзіма,— свая лапіна зямлі, свой хутар, свой дабрабыт. Палітыка такіх людзей — гэта палітыка здрады, гандлярства сумленнем. На працягу многіх старонак аповесці мы бачым, як паступова, крок за крокам, дэградзіруе гэты чалавек. За першай сцэнай, на якой мы ўжо спыняліся, будзе данос на Рыгора ў дэфензіву і «заступніцтва» Мікодыма за братаву сям’ю перад польскімі ўладамі, пасля якога лёгка было завалодаць зямлёй родзічаў. «Дабрата» і спагадлівасць чалавека-ўласніка знешнія, яны выяўляюцца толькі тады, калі ён мае з гэтага пэўную карысць. Гэта і пацвярджаецца многімі фактамі і эпізодамі. Фінал Мікодыма Галезніка заканамерны: ён прабіраецца ў партызанскі атрад як фашысцкі лазутчык і атрымлівае па заслугах — разам з сынам Ясем яго расстрэльваюць партызаны як здрадніка Радзімы. Пісьменнік змог стварыць паўнакроўны чалавечы характар, раскрыць псіхалогію чалавека без народа і Радзімы.

Запамінаецца ў аповесці і вобраз Алімпіі Галезнік — дачкі Рыгора Галезніка. Асабліва ўважлівы да гэтай гераіні празаік у першай частцы аповесці. Тут, у кожным эпізодзе, у кожнай рэпліцы ён праўдзівы, добры знаўца дзіцячай псіхалогіі...

Аповесць «Каралінцы» — твор пра шлях парода ў новае жыццё. І тут запамінаюцца многія сцэны з першай яе часткі. Некалькімі сцэнамі паказвае Сабаленка і першыя крокі станаўлення калгасаў на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі.

Аўтабіяграфічная трылогія Сабаленкі «Іду ў жыццё» складаецца з трох частак — «Юнацтва ў дарозе», «Выпрабаванне сталасці», «Былое застаецца ў сэрцы». Гэта кніга пераважна аднаго лёсу — лёсу Макара Шыянка, вясковага хлопца, які, дзякуючы Савецкай уладзе, вывучыўся на журналіста, стаў чалавекам, якому партыя даверыла важны ўчастак жыцця — ідэалагічны, выхаваўчы. Сам Шыянок — сын новай, сацыялістычнай эпохі. Яна сфармавала яго сумленным, шчырым, здольным процістаяць нахабству і кар’ерызму Вінцэсяў Барташэвічаў, Пачоскаў і яму падобных. Выхаваны на вернасці высокім камуністычным ідэалам такімі людзьмі, як Пракоп Касянок, вясковы актывіст, першы старшыня калгаса ў Рагазіне, ён не пахіснуўся і ў суровы ваенны час, не збочыў з раз і назаўсёды абранага шляху. Вызвалены з палону па загаду партызанскага камандавання, ён унёс свой дастойны ўклад у перамогу над фашыстамі. Вобраз Шыянка «падсвечваецца» іншымі персанажамі трылогіі — у складаны і драматычны для героя час, калі трэба было растлумачыць Кульбіцкаму, чаму ён аказаўся ў палоне, на яго шляху паўстае камандзір партызанскага атрада Лук’янчык, які верыць чалавеку, падтрымлівае яго; яшчэ раней, падчас работы ў газеце, яго падтрымлівае за справядлівую, вострую пастаноўку праблем у заметках, нарысах рэдактар газеты Завідзюк; з ім побач у цяжкія гадзіны аказваецца і супрацоўніца рэдакцыі цёця Каця. Уся трылогія прасякнута светлай верай у чалавека і чалавечнасць.

У трылогіі вялікая ўвага надаецца выкрыццю адмоўнага, таго, што перашкаджала нам рухацца наперад. Лёс Макара Шыянка па сутнасці складаецца са шматлікіх эпізодаў барацьбы з кар’ерыстамі і прайдзісветамі, перастрахоўшчыкамі і дэмагогамі. Да іх ліку адносіцца самаўпэўнены чалавек у вайсковай вопратцы Вінцэсь Барташэвіч, які адкідае праўдзівасць як крытэрый дзейнасці журналіста, вінаваціць Шыянка ў прыхільным стаўленні да кулацкіх элементаў, а пры немцах становіцца рэдактарам нацыяналістычнай газеты, верным служкай фашыстаў і гіне ад рукі свайго былога калегі па працы. Не менш выразна намалявана постаць Усціма Пачоска, які зрабіўся ў вайну старанным паслугачом заваёўнікаў, бо не меў сталых ідэйных перакананняў, прывык жыць толькі дзеля сябе, карыстаючыся любымі спосабамі. Р. Сабаленка так перадае ўнутраны роздум персанажа пра яго лёс пры немцах: «От жа ўзяць хоць бы яго самога. Хіба ён калі так жыў. Ат гібеў, нават тады, як быў за старшыню калгаса. А цяпер от як жыве. Пакінуў у Рагазіне сваю хату і перабраўся сюды, заняў цэлыя палацы, як у таго калісь пана Кербіча. І ў палацах усяго...» Дзеля ўласнага дабрабыту Пачосак выслужваецца перад новымі «гаспадарамі», «робіць тое, чаго патрабуюць ад яго, і нават тое, чаго не патрабуюць». Праўду высокіх ідэй не носіць у сваім сэрцы і палахлівец Марыніч, які думае толькі пра тое, як уцалець самому ў пякельным агні вайны, і таму становіцца здраднікам. Многа шкоды прынеслі народу і звышпільныя Кульбіцкія, дзейнасць якіх засноўвалася на недаверы, падазронасці.

Цікавая кампазіцыя трылогіі: твор складаецца з асобных раздзелаў — даволі самастойных і ідэйна закругленых навел, кожная з якіх мае значнасць мастацкай цэласнасці.

Трылогія Сабаленкі адкрыла нам цудоўны свет сваіх герояў-праўдашукальнікаў, вынесла прысуд прыстасавальніцтву і кар’ерызму, расказвала пра людзей вёскі, якія не могуць ёй здрадзіць, пакінуць яе. Проза пісьменніка — вострасацыяльная, праблемная, нераўнадушная да тых працэсаў, якія адбываліся і адбываюцца ў нашай краіне. У лепшых сваіх творах пісьменнік дасягнуў сапраўдных вышынь псіхалагічнага аналізу, здолеў паяднаць сацыяльны і сямейна-бытавы пачаткі. А пошукі аўтара трылогіі «Іду ў жыццё» ў галіне мастацкай формы, мовы ў многім ідэнтычныя пошукам іншых майстроў беларускай прозы.

М. Мішчанчук.



Крыніца: Сабаленка Раман. Творы ў 2 тамах. Т. 1. Аповесць; Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 414 с.