epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікалай Някрасаў

Агароднік

З рускай — М. Някрасава

 

На людзей нападаць, забіваць не хадзіў,

Не хадзіў, куды ночкай ідуць цемнякі;

Праз дзяўчыну-красу я свой век загубіў,

Згінуў з ласкі паненкі, шляхоцкай дачкі.

 

Працаваў я у садзе у панскім вясной.

Вот раз неяк зграбаю сучкі ды пяю,

Глядзь, дачка майго пана стаіць прада мной,

Глядзіць зорка ды слухае песню маю.

 

Агароднік дасціпны, бадзяўся я шмат,

Па дварах і па местах багатых бываў,

І нагледзеўся там шмат прыгожых дзяўчат,

А такой жа ні разу нідзе не спаткаў.

 

Бровы чорныя, стройна, аздобна была.

Стала жудка, я песні сваёй не дапеў.

А яна? Што ж яна? Пастаяла, пайшла;

Я ж за ёю услед, як шалёны, глядзеў.

 

Чуў не раз на сяле ад сваіх маладзіц,

Што і сам я прыгож, на пагляд не брыдкі;

Як той сокал, гляджу, круглаліц, белаліц,

Валасы, нібы лён, а сам стройны такі.

 

Разыгралася сэрца з вясёлай душой,

Ды як глянуў я тут на пакоі яе,

Засвістаў і махнуў маладзецкай рукой,

Дый хутчэй за мужыцкія думы свае.

 

А прыходзіла ж часта яна з той пары

Пагуляць, паглядзець на работу маю,

І смяецца са мной, і крычыць: гавары,

Чаму так пасмутнеў і чаму не пяю.

 

Я ж маўчу; ад чаго смуцен стаў — не кажу;

Вочы толькі спушчу, каб не бачыць, не чуць.

«Пазволь, яблынку я за цябе пасаджу,

Ты ўмарыўся, пара, знаць, табе аддыхнуць».

 

— Што ж такое, паненка, вазьмі, на, паўчысь.

Памажы мужыку, папрацуй крыху й ты! —

Ды як брала рыдлёўку ў мяне, смеючысь,

Тут пярсцёнак убачыла мой залаты.

 

Ад пахмурнага дня вочы сталі цямней,

На губах, на шчаках разыгралася кроў...

— Што з табою, паненка? Чаму на мяне

Непрыветна глядзіш, хмурыш чорную броў? —

 

«Скуль узяў, скажы мне, ты пярсцёнак такі?»

— Скора будзеш старой, як усё будзеш знаць.—

«Дай мне! Я пагляджу... Незгаворны які!»

І за палец мяне ручкай беленькай хваць!..

 

Пацямнела ўваччу, душу кінула ў дрож;

Я даваў, не даваў ёй з пярсцёнкам руку,

Дый прыпомніў тут, знаць, што і сам я прыгож,

І, не знаю ўжо як, цмок паненку ў шчаку.

 

З таго часу з ёй ночак я шмат скаратаў,

Многа шчасця зазнаў, ў ясны вочы глядзеў;

Касу светлую ёй расплятаў, заплятаў,

Цалаваў, мілаваў, песні родныя пеў.

 

Мігам лета прайшло, ночы сталі свяжэй,

Пад дзень шэрань, мароз пад нагамі скрыпіць.

Вот раз неяк скрадаўся ў пакоі я к ей,

Аж хтось — цап! «Лаві злодзея!» — грозна крычыць.

 

Так злавілі мяне, на дапрос прывялі;

Я стаяў і маўчаў, гаварыць не хацеў...

Ну, красу з галавы вострай брытвай змялі,

А жалезны убор на нагах зазвінеў.

 

Далі розаг капу і пагналі дружка

Ад радзімай старонкі ў чужацкі краёк

На бяду і нуду. Знаць, любіць не рука

Нам, патомкам мужыцкім, ды панскіх дачок.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995.-462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан