epub
 
Падключыць
слоўнікі

Мікалай Някрасаў

Бура

Любачка-суседка мне шапнула зранку -

разважала доўга: «Ведаеш альтанку

ў садзе... Як сцямнее - разумееш ты?..»

Я чакаў пакутна шчырай цемнаты!

 

Кроў жа - маладая: закіпіць - не жарты!

Ды пад вечар зблытаў мне Ўсявышні карты...

Неба аблажыла хмарамі кругом...

Ўдарыў дождж залеўны - пракаціўся гром!

 

Я нахмурыў бровы, на душы - адчай:

«Сёння з ёй сустрэцца - нават не жадай!»

Ах, галубка Любка - дзеўка-чараўніца,

За вароты ў буру выбегчы баіцца.

 

Пэўна, навальніца б ёй не замінала,

Каб яна, паненка, моцна пакахала...

Але ўсё ж, самотны, крочу я ў альтанку,

Падышоў і бачу - Любачку-каханку!

 

Вымакла да ніткі, скалянелі ногі...

Мне было прыемна абагрэць нябогу!

Ды з той ночкі болей броваў я не хмуру,

Усміхнуся толькі, як пачую буру...

 



Пераклад: Мікола Федзюковіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com