epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікалай Някрасаў

«Замоўкні, Муза помсты і журботы...»

Замоўкні, Муза помсты і журботы,

Я сон чужы трывожыць не хачу.

Мне праклінаць жыццё няма ахвоты,

Адзін я паміраю - і маўчу.

 

Навошта плакаць, гледзячы на страты?

Каб хоць была палёгка ад таго!

Як вязню непадатлівыя краты,

Як рып дзвярэй... - так сэрца стук майго.

 

Канец жыццю. Глухою навальніцай

Мой цёмны шлях пазначан нездарма.

Заснула неба. Нават промень ніцы

Ў душы не блісне - дзесьці задрамаў...

 

Чароўны промень новае любові

Я так маліў - наяве, як у сне;

У працы і ў змаганні - жэстам, словам

Я клікаў, а ніхто не чуў мяне.

 

Нічога не відно ў чужым зеніце,

І ў бездані ні гука не злавіць...

Той сэрцам не навучыцца любіць,

Хто, як і я, стаміўся ненавідзець.

 



Пераклад: Мікалай Федзюковіч