epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Аўрамчык

Палон

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32


 

1

Апрытомнеў Міхась не адразу. Спачатку ён не ўсведамляў таго, што бачыў расплюшчанымі вачамі, і не чуў, што адбывалася навокал. Свядомасць вярталася да яго запаволена. Зразумеў гэта ён толькі тады, калі разгледзеў над сабою блакітны небасхіл, зацягнуты рэдкімі белымі воблакамі. Гэты небасхіл нагадаў хлопцу вялізную блакітную міску. Бывала, з глінянага гарлача маці выкульвала ў яе сыраквашу. У летнюю спякоту, прынесеная са склепа, халодная-халодная, з кіславата-саладжавым прысмакам, як тая сыракваша наталяла смагу! Белыя хвалістыя хмурынкі на блакітным небасхіле якраз як недаедзеная сыракваша ў той вялізнай місцы. З краю праз іх рабацінне, быццам праз радкавую кісяю, сям-там праглядвае выцвілы блакіт. Адны драбнюткія воблачныя хвалі пабліскваюць глазурай, у той час як другія, напэўна, падсвечаныя аднекуль нябачным сонцам, ружавата-жаўтлявыя, нібыта скалкі нязнятай смятаны.

Міхась гатоў быў аблізнуць парэпаныя губы, але ў роце непаслухмяна варухнуўся адзервянелы язык. Смылела абпаленае смагаю нутро.

«Чаму я ляжу дагары? Дзе мая вінтоўка?»

Хлопец паспрабаваў паварушыцца, аднак адчуў, што абнямог: як быццам адняло рукі і ногі. Нават ніводным рухам ён не зрэагаваў на з’яўленне рыжага нямецкага афіцэра, што ўзнік над ім, як прывід, злосна плямкаючы губамі і ўзмахамі рэвальвера загадваючы ўстаць. Невядома, што адбылося б, калі б у наступны момант два расхрыстаныя чырвонаармейцы, у якіх Міхась як праз сон пазнаў байцоў свайго ўзвода Абзалутдзінава і Драпезу, не падхапілі і не паставілі хлопца на ногі. «Сіліч, трымайся», — падбадзёрвалі яны, упрошваючы. Калі б яны не падтрымлівалі яго пад пахі, ён не ўстояў бы: перад вачамі ўсё пайшло кругам — і неглыбокая варонка, і ляжачыя на зямлі постаці ў гімнасцёрках.

Доўгі баец з адарванай палавінаю стрыжанай галавы ляжаў ніцма. Ён шырока раскінуў рукі і ногі, як быццам напаследак жадаючы абняць паболей роднай зямлі. Чарнявы, што скурчыўся карчаком і застыў легма на баку, выглядаў дзіцем.

Міхась не ведаў, колькі часу мінула з тае пары, як яны досвіткам адзіным рыўком рушылі на прарыў варожага акружэння. «Няўжо наш імклівы парыў захлынуўся ў крыві, сустрэты кулямётнымі чэргамі і шквалам мінных выбухаў? Але ж я, здаецца, не паранены... Можа, мяне выбуховая хваля чмякнула вобземлю? Таму і адчуванне такое, нібыта ў мяне вушы заткнуты коркамі. «Знясілеў ты, Сіліч... Цяпер і прозвішча тваё табе не да твару».

Стоячы, ён трохі асвойтаўся: зямля ўжо не кружылася навокал, толькі пабольвала галава. Ён стараўся не абапірацца на Абзалутдзінава і Драпезу, хаця тыя па-ранейшаму падтрымлівалі яго пад рукі, як невідушчага. А ён вытрашчанымі вачамі разглядаў нямецкіх салдат, якіх бачыў зблізку ўпершыню. Постаці ворагаў зграбна аблягалі кароткія кіцелі з пярэстымі арламі на грудзях і з каляровымі істужкамі ў пятлічках для гузікаў. З-за шырокіх халяў вытыркаліся ражкі з патронамі.

Толькі цяпер хлопец прыкмеціў, што ў іх руках з закасанымі да локцяў рукавамі, час ад часу торгаюцца аўтаматы, накіраваныя на ляжачых чырвонаармейцаў. А калі ўбачыў, як у руцэ рыжага афіцэра таксама зрэдку ўздрыгвае наведзены на ахвяры парабелум, дык толькі тады зразумеў, што немцы прыстрэльваюць параненых.

«Значыць, я зусім аглух, калі нават зблізку пе чую страляніны. Можа, у вушах лопнулі барабанныя перапонкі? А драпежнікі, як стракатыя сойкі, зляцеліся дадзёўбваць жывую здабычу. Калі б не ўвішныя Абзалутдзінаў і Драпеза, дык гэты рыжы, мабыць, і мяне прыкончыў бы». Пад уражаннем усяго бачанага хлопец усё роўна як анямеў.

Дзесяткі два параненых і кантужаных, што ледзьве перастаўлялі ногі, падтрымліваючы адзін аднаго, немцы павялі туды, куды на дасвецці чырвонаармейцы прарываліся з акружэння.

На вытаптанай траве ляжалі забітыя. Сям-там каля іх валяліся выкарчаваныя выбухамі прывялыя кусты, і скрозь, як глянуць, тырчэлі адны камлі ссечанага кулямі маладога рэдкалесся. Едка патыхала паленай свежанінай ды прытарна пахла крывёю.

У адным месцы ўпоравень з бухматым зялёным кустом, за якім, напэўна, маскіраваўся нямецкі кулямётчык, нібы непрыкіданы зямлёю капец брудна-жоўтай кармавой морквы, уздымалася куча адстрэленых буйнакаліберных гільз.

Прывялі небаракаў на голае поле і далучылі да іншых сагнаных сюды байцоў. Куды са зброяй у руках яны прабіваліся з акружэння, там, абяззброеныя, апынуліся ў палоне. Мабыць, таму, што тут не было каму ўзорваць і засяваць поле, яно пуставала пад папарам. Сюды сагналі процьму людзей, нібы агромністы гурт жывёлы. Пустка, як здратаваны байдан, пакінуты для пашы, была вытаптана тысячамі ног. Аслабелыя моўчкі адлежваліся на спіне і на баку, параненыя сядзелі, зрэдку перакідваючыся словамі, здаравейшыя сноўдалі з месца на месца, каб напіцца. Усе былі галодныя і пакутавалі ад смагі.

Сіліча прыгнятала ягоная непаўнацэннасць. Трохі ачомаўшыся, ён ледзьве падзякаваў Абзалутдзіііаву і Драпезу за тое, што яны выратавалі яму жыццё, але не пачуў, што яны прамовілі ў адказ. Яму зрабілася няёмка. Пабрацімы таксама былі збянтэжаны, калі зразумелі, што ён аглух. Хлопец адчуў сябе ізалявана ад людзей. Глухата міжволі зрабіла яго нямым. Бо як жа гаварыць з іншымі, калі не чуеш, што яны адказваюць? Маркотным позіркам ён абводзіў людскі натоўп і нідзе пе знаходзіў ніводнага нашага афіцэра. «Напэўна, немцы вылучылі іх з гэтага гурту».

Неўзабаве нямецкія аўтаматчыкі ачапілі жывым ланцугом незанятую рэшту папара і пачалі пераганяць туды людзей, нібы статак жывёлы на выгараджаны ўчастак нявытаптапай пашы. Пераганялі не спяшаючыся, калонаю па чатыры чалавекі ў рад. Наперадзе, усё роўна як уваходныя вароты, на ладнай адлегласці адзін ад аднаго стаялі чатыры раскладныя столікі, за кожным з якіх сядзеў нямецкі пісар. Метраў за трыццаць перад імі, у тым месцы, дзе калона разгрупоўвалася і рухалася далей чатырма паасобнымі шарэнгамі, з інтэрвалам у пяць-шэсц'ь крокаў чалавек ад чалавека, здаравяк фельдфебель час ад часу ўголас тлумачыў па-руску, што палонныя, праходзячы міма пісараў, павінны называць ім свае падраздзяленні і часці.

Міхась, вядома, не мог чуць гэтай абвесткі. Ён вырашыў, што немцы складаюць спісы палонных. Таму, прыпыняючыся каля стала, за якім сядзеў драбнаваты пісар у пенснэ, з вузкапасаджанымі вачамі, выразна вымавіў сваё прозвішча. Але немец штосьці злосна закрычаў, ашчэрваючы рэдкія зубы, і не даў назваць Міхасю сваё імя, а хапіў са стала палку і выцяў ёю хлопца па галаве. Міхасю здалося, што ў яго з вачэй пасыпаліся іскры, а з вушэй выскачылі заткалы. З пісаравай пераносіцы звалілася на зямлю пенснэ. Пакуль немец падымаў яго з долу, збянтэжаны хлопец, мабыць, хацеў растлумачыць, што яму балюча, і вымавіў гэта па-нямецку: «Шмэрцхафт».

— Какая часть?! — выпростваючыся, па-руску закрычаў пісар.

Цяпер Міхась выразна пачуў пытанне, але не разумеючы, чаго дабіваецца ад яго немец, разгублена тыцнуў пальцамі ў вушы.

— С какой ты части? — смеючыся і лаючыся, па-руску перапытаўся пісар, кідаючы на стол палку.

Усё гэта адбылося настолькі неспадзявана, што Сіліч, атлумлены вомаракам, не паспеў апамятацца і выйсці з шокавага стану. Праўда, ён не сумняваўся ў тым, што ворагі ведаюць, якія нашы часці былі акружаны. Таму, як у яго спыталіся, гэтак ён і адказаў:

— З дваццаць трэцяга сапёрнага батальёна сто дзевяноста другой стралковай дывізіі.

Гэтым самым нібы хацеў сказаць, якога ён узросту і якія першыя тры лічбы ягонага года нараджэння. А роды войск назваў такія, што трапілі на язык.

«Няхай парадуюцца, што захапілі значна болей трафеяў!» — яхідна падумаў хлопец, далучаючыся да палонных, перагнаных на новае месца, і прысаджваючыся на дол побач з Драпезам і Абзалутдзінавым, з краю людскога натоўпу.

Толькі цяпер у яго выбухнула абурэнне, выкліканае знявагаю немца, што абразіў ягоную чалавечую годнасць.

— Гэтыя касталомы і прыдуркаватаму ўправяць мазгі... Адным ударам аслепяць відушчага і вернуць слых глухому, — здзекліва прамовіў ён сам сабе, ні да каго не звяртаючыся.

Абзалутдзінаў і Драпеза, не разумеючы ягоных слоў, разгублена і разам з тым спачувальна паглядзелі на яго, як на чалавека, у якога памутнеў розум. Аднак Абзалутдзінаў, нібы падтрымліваючы Міхасёву думку, сказаў:

— Ад іх можна ўсяго чакаць.

— Дык я ж і кажу, — падтакнуў Міхась. — Гэтак гваздануць па мазгаўні! Добра яшчэ, што хоць зноў трохі чую, а то мог бы і нямым стаць.

— Яны не хаваюць сваіх звярыных твараў, — дадаў Драпеза.

Аднак адчувалася, што настрой суседзяў не надта выклікае ў іх гаворку. Яны змоўклі. Мусіць, кожны з іх цяпер думаў толькі сам пра сябе. Абзалутдзінаў і Драпеза — шафёры грузавікоў ва ўзводзе боезабеспячэння.

Сіліч трапіў у гэты ўзвод выпадкова. Іх, камсамольцаў, былых студэнтаў розных інстытутаў, набіралі ў дывізіён гвардзейскіх мінамётаў з іншых часцей. Новую сакрэтную зброю абы-каму не даручалі.

У ранейшым артпалку Міхась быў наводчыкам хуткастрэльнай зеніткі. Мабыць, таму, што гэтыя гарматы зручныя для аховы «кацюш» ад налётаў варожай авіяцыі, імі ўкамплектоўвалі і дывізіёны гвардзейскіх мінамётаў. Такім чынам Сіліча зноў прызначылі ў артылерыйскі разлік зенітчыкаў.

Аднак зенітныя гарматы чамусьці не прыбылі ў іхні дывізіён, і камандаванне сплавіла зенітчыкаў ва ўзвод боезабеспячэння. Сіліч суправаджаў грузавікі з рэактыўнымі снарадамі. Спярша новае прызначэнне ўшчаміла Міхасёва самалюбства. Маўляў, як жа так? Яго, наводчыка хуткастрэльнай зеніткі, а калі ўжо на тое пайшло, гатовага палітрука, лічы, што без года камісара ды паставілі суправаджаць грузавікі са снарадамі?

Праўда, пасля, калі хлопец даведаўся, што сакрэт новай грознай зброі не ў аўтамашыне з рэйкамі над прымітыўнай станінаю, а ў гэтых снарадах, ён у душы ганарыўся, што яму таксама даручылі немалаважную місію.

І вось чым усё гэта скончылася ў выніку акружэння. Яшчэ добра, што яны ўзарвалі сваю тэхніку і боепрыпасы, а не пакінулі іх ворагам.

Сіліч разглядаў цяпер папар, на якім дзіка буяла дробнае разнатраўе. Вытыркаліся галінастыя сцяблінкі палявой ясколкі, стракацелі ружовыя пялёсткі кветачак чырвонага свінакропніку. Сям-там сіратліва выглядалі галоўкі белай канюшыны. Над імі не лётала ніводная пчала. Мабыць, і пчолы пазляталі ад фронту, адчуваючы, што тут узяткі мёду з кветак гарэняць ад сажы і дыму. Зусім побач Міхась угледзеў тры зялёныя лісткі палявога шчаўя. Прагна вышчыкнуў іх і пачаў старанна разжоўваць, адчуваючы языком і паднябеннем кіслы смак. Але кіслата не наталіла, а яшчэ болей абудзіла смагу. Марна хлопцаў позірк абмацваў разнатраўе, не знаходзячы болей ніводнага лістка шчаўя. «Калі б папоўзаў ракам па папары, дык, можа б, і навышчыкваў яго сям-там. Але ж гэтыя нелюдзі прыстрэляць».

Вытрашчаным сінявата-ліловым вокам глядзеў на Міхася палявы паўночнік, увесь густа пакрыты шчаціністымі валаскамі. Цяпер хлопец заўважыў у траве каля ног дробных чорных мурашак. Яны паспешліва бегалі, напэўна, прадчуваючы небяспеку. Міхась уявіў, як гэтую прыгожую кветку і гэтых жывых істот зараз растопчуць ногі небаракаў. І яму стала шкада і маленькіх мурашак, і кветкі. «Але ж такія мурашкі жывуць не ў мурашніку. Іх не растопчаш. Яны пахаваюцца ў зямлю. О, калі б і мы цяпер маглі пазашывацца куды-небудзь ад гэтых аўтаматчыкаў!»

Калі ў Сіліча праяснілася галава, яго мозг пачалі вярэдзіць пакутлівыя думкі. Апаноўваў жах ад усведамлення таго, што ён апынуўся ў палоне. Раней Міхась нават не мог уявіць пра такі зыход крывавага паядынку з лютым ворагам. Гэта не дапускалася ў думках і не прадугледжвалася ніякімі агаворкамі ў статуце, ўбілі ў галаву, што любога агрэсара яны павінны знішчыць на ягонай тэрыторыі з найменшымі для сябе стратамі. Як быццам з людзьмі не можа здарыцца што-небудзь нечаканае і непрадбачанае? Як адбылося з імі... Цяпер Сіліч разумеў безвыходнасць свайго становішча. «Лепей бы загінуў у няроўным баі, чым паміраць у невядомасці. Сканаў бы там разам з іншымі пабрацімамі, дык хоць Радзіма ведала б, дзе і як ты напаткаў смерць. А тут загінеш — і ніхто не даведаецца, дзе твая магіла».

Ад беспрасветнага одуму зноў мутнела галава. Як безнадзейны тапелец, які хапаецца за саломінку, ён супакойваў сябе тым, што ў запрапашчэнні апынуўся не адзін, а процьма люду. Але гэта не суцяшала, а, наадварот, яшчэ болей прыгнятала і непакоіла. Калі ворагі па гэтулькі будуць захопліваць у палон, які ж лёс чакае яго Радзіму? Няўжо ні яна, ні ён нічога не здолеюць зрабіць адзін для аднаго?..

Нямецкаму камандаванню, мусіць, рупіла хутчэй удакладніць, салдаты якіх савецкіх часцей захоплены і якая колькасць палонных. Яго не цікавіў іх далейшы лёс, а тым болей пайменны склад. Лішнім клопатам для яго было таксама і канваіраванне іх да месца прызначэння. Таму аўтаматчыкі, што суправаджалі паходную калону, паводзілі сябе як гаспадары. Палонныя былі някормленыя і няпоеныя. Карміць і паіць іх са сваіх палявых кухняў для пыхлівых заваёўнікаў было абразаю.

Па прасёлачных дарогах калону вывелі на шашу і пагналі па ёй у паўднёвым кірунку. Міхась зразумеў гэта па тым, як гарачыя промні сонца няшчадна прыпякалі яго ў левую шчаку і скронь стрыжанай галавы. Ён ішоў без пілоткі. Яна, мабыць, адляцела некуды ўбок, калі выбуховая хваля чмякнула яго вобземлю.

Хаця шаша звязвала не захад з усходам, а, мяркуючы на яе напрамку, праходзіла прыкладна ўсцяж фронту, па ажыўленым руху, які не спыняўся на ёй, адчувалася, што яна мае немалаважнае стратэгічнае значэнне. У адным месцы да яе набліжалася лінія тэлеграфных слупоў з абарванымі правадамі. Сіліч здагадаўся, што непадалёку праходзіць чыгунка. Яго разабрала злосць. Паўгода ён не бачыў у вочы ні шашы, ні чыгункі. На гэтым участку фронту немцы перарэзалі іх, а нашы часці вымушаны дзейнічаць у забалочаных і лясных мясцінах. Часамі праз дрыгву самі байцы масцілі з бярвення ляжнёўкі і рухаліся па іх з падмацаваннем і тэхнікай.

Па шашы ў абодва бакі праносіліся вялізныя грузавікі з салдатамі ў доўгіх кузавах і з мяхамі ды кардоннымі скрынкамі, напакаванымі пад самы верх брызентавых тэнтаў. Міхасю кінулася ў вочы, што шафёры ў грузавіках сядзяць за рулём з правага боку кабіны. Мімаволі прыгадаліся колішнія чуткі пра тое, нібыта за мяжою і чыгуначная каляя вузейшая, чым у нас, і транспарт рухаецца па вуліцах не па правым, а па левым баку.

Пад канвоем нямецкіх салдат, не паскараючы хады, мерна рухалася па шашы незвычайная працэсія. Кароткімі аўтаматнымі чэргамі ды адзіночнымі рэвальвернымі стрэламі яна злавесна абвяшчала аб сваім з’яўленні і, канвульсіўна ўздрыгваючы, пакідала на шляху крывавыя сляды. Погаласкі ад стрэлаў, нібы паляскванні дратаванкаю, падсцёбвалі калону, насцярожваючы кожнага палоннага.

Спачатку Міхась толькі інтуітыўна адчуваў, што стрэлы абвяшчаюць штосьці нядобрае. Пакуль на свае вочы не ўбачыў, як свінцовым шматкроп’ем яны падводзяць рыску пад чалавечым жыццём.

Радоў праз пяць наперадзе нязграбна пахіснуўся і паваліўся на абочыну крайні справа чырвонаармеец з забінтаванай галавою. Як толькі нямецкі салдат прастрачыў яму грудзі аўтаматнай чаргою, да ахвяры падскочыў афіцэр і стрэліў ёй у галаву з парабелума. «Мабыць, сумняваецца ў чыстай працы радавога, дык уласнаручна ставіць кропку», — падумаў хлопец, па хаду прыкмеціўшы, як на грудзях палоннага праз гімнасцёрку, нібы праз прамакальную паперу, праступае кроў ды на забруджанай забінтаванай чалме ўвачавідкі павялічваецца чырвоная пляма.

Пасля наступных аўтаматных чэргаў Міхасю здавалася, што ад іх разносяцца не пагалоскі, а балюча якоча параненае наваколле. Хаця па-ранейшаму ў яго балела галава, але страх адпалохваў стому і разганяў вяласць. Трывога наспружыньвала расслабленае цела, невядома адкуль прыліваючы ў яго сілу. Нібыта не падпарадкоўваючыся волі, самі па сабе механічна перастаўляліся ногі.

У адным месцы па абодва бакі шашы была невялікая вёска. Калі палонныя ўвайшлі ў яе, з хат пачалі мітусліва выбягаць жанчыны, несучы ў руках гладышы з конаўкамі, міскі з варанай бульбаю і акрайцы хлеба. Калона скаланулася як наэлектрызаваная. Але папераджальныя адзіночныя стрэлы астудзілі парыў палонных. А кароткія аўтаматныя чэргі паўзверх галоў прымусілі жанчын застыць на месцы.

Пад вечар мінулі яшчэ адно паселішча паводдаль ад шашы і на змярканні звярнулі налева і прыпыніліся каля нейкага жывёльнага двара, абнесенага агароджаю з жэрдак. Перад ёю асеў у зямлю збуцвелы зруб студні. На жэрдцы асвера вісела акаванае драўлянае вядро. Напэўна, каб з яго маглі піць толькі людзі і нельга было паіць жывёлу, верх вядра перакрывала металічная крыжавіна. Пад вядром стаяў выдзеўбаны жолаб. Адзін канец яго пад нахілам спускаўся за агароджу, усцяж якой цягнулася даўжэзнае карыта з дошак. Канец двара займаў хлеў пад саламянай страхою.

Афіцэры акінулі позіркам двор, агледзелі карыта, пагергеталі між сабою і аддалі нейкую каманду. Салдаты жэстамі паклікалі з галавы калоны пажылога палоннага і загадалі яму вядром даставаць са студні ваду і наліваць у жолаб.

Натужліва зарыпеў калодзежны журавель, хаваючы ў глыбіні зруба сваю даўгую шыю. Па тым, як яна на нейкі момант нерухома застывала, адчувалася, што ён прагна прыпаў да вады, а калі напіваўся, лёгка і без скрыпу выцягваў дзюбу са студні. Ледзьве палонны выкуліў вядро, як з калоны ад Міхася наперагонкі кінуліся да жолаба Абзалутдзінаў і Драпеза. Сіліч не паспеў уцяміць, што да чаго, як нямецкі салдат без папярэджання ва ўпор прастрачыў кароткай аўтаматнай чаргою абодвух ягоных аднапалчан. Яны з разгону паляцелі потырч пад жолаб.

Пажылы палонны пабялеў як палатно і выпусціў з рук вядро. Бяссільна ўпаў на зямлю прыўзняты хвост калодзежнага жураўля. Шыя яго некалькі разоў скаланулася, не выпускаючы з дзюбы вядра, якое дрыготка целяпалася ў паветры. Рыжы афіцэр таропка наблізіўся да Абзалутдзінава і Драпезы і стрэліў кожнаму з іх у галаву.

— Дэр дэйчэ зольдат штэйт ауф орднунг1, — сказаў ён пажылому палоннаму, паказваючы парабелумам, каб той па-ранейшаму даставаў са студні ваду і наліваў у жолаб.

*

Палонны разгублена пачаў выконваць загад. Пасля кожнага выкуленага вядра, ягоныя дрыжачыя рукі ўсё болей упэўнена абшчапервалі выслізганую жэрдку асвера, увішнымі ўзмахамі нібы перамяраючы даўжыню, учэпіста перахоплівалі яе то знізу ўверх, то зверху ўніз.

У Сіліча нібыта абарвалася штосьці ўсярэдзіне. Як быццам ён быў вінаваты, што не здолеў зберагчы сваіх аднапалчан, якія выратавалі яго ад смерці. «Хай бы лепей мяне самога вадзіла яшчэ ў бакі. Яны вымушаны былі б падтрымліваць мяне пад рукі і не пакінулі б, каб пабегчы да жолаба».

Пасля некалькіх выкуленых вёдзер вада з нахіленага жолаба хлынула ў карыта за агароджаю. Рыжы афіцэр жэстам рукі паказаў, каб пажылы палонны напіўся сам. Той таропка выцягнуў са студні вядро, паставіў на зруб і толькі хацеў наблізіцца да яго губамі, як афіцэр крыкнуў: «Найн!» Ён загадаў выкуліць у жолаб вядро і перадаць яго маладому палоннаму, якога пальцам паклікаў з калоны. А пажылому паказаў парабелумам, каб той піў з жолаба. Небарака кінуў насцярожаны позірк на целы забітых, палахліва глянуў на парабелум у руцэ афіцэра і нерашуча прыпаў да жолаба. Піў і ўвесь час касавурыўся на парабелум, пакуль афіцэр не схаваў яго ў кабуру.

Калі палонны напіўся, афіцэр загадаў яму адсунуць жэрдкі ў варотах і самога ўпусціў у загарадзь, а салдатам падаў нейкую каманду. Тыя адлучылі ад калоны пярэднюю частку палонных і таксама ўпусцілі іх за агароджу, да карыта.

Немцы задаволена смяяліся, гледзячы, як палонныя кінуліся навыперадкі, расштурхоўваючы адзін аднаго ў бакі, і, выцягваючы шыі, хавалі галовы ў карыце. Дно яго павольна пакрывалася вадою, якую імгненна адпівала процьма сасмяглых ратоў. Па меры таго як карыта ўсё болей напаўнялася і небаракі маглі хутчэй напіцца і адысці, салдаты часцей пачалі ўпускаць у загарадзь наступных палонных.

Сіліч трапіў туды толькі з шостаю партыяй. За гэты час вядро паспела перайсці ўжо ў рукі трэцяга ці чацвёртага вадалея, а карыта напоўнілася амаль да палавіны. Губамі і зубамі хлопец адчуваў халодную свежасць, але як ні піў ваду прагнымі глыткамі, ніяк не мог астудзіць апаленае нутро. Здавалася, што ён п’е не ваду, а малако. Карыта пахла малодзівам. Перад вачамі, ледзь-ледзь пагойдваючыся, расплывалася незнаёмае аблічча з зеленаватаю шчэццю. Толькі пасля таго, як Міхась разгледзеў на дне карыта, на стыках дошак шчыліны, зашпакляваныя прорасцямі зялёнага моху, хлопец зразумеў, што ў вадзе адлюстроўваецца не чужы, а ягоны азызлы твар. Сіліч спалохана адхіснуўся ад карыта, баючыся, што можа абапіцца, як разгарачаны, загнаны конь.

Пазней выявілася, што немцы клапоцяцца не пра тое, каб напаіць палонных, а аблюбавалі жывёльны двор, як прыдатнае месца для прывалу на начлег. Многія здагадаліся пра гэта пасля таго, калі салдаты ўбачылі, што ў загарадзі не змесціцца ўся калона, і пачалі заганяць палонных у хлеў. Спачатку натоўп рынуўся ў насцеж расчыненыя вароты хлява, напэўна, спадзеючыся знайсці там часовы прыхілак і ўтульную схованку ад варожых вачэй. Але праз нейкі момант у варотах узнік затор, які быў праштурхнуты аўтаматнымі чэргамі паўзверх людскіх галоў. Мусіць, палонныя, што хлынулі ў вароты пад пагрозаю смерці, сілком падштурхоўвалі тых, якія не хацелі пасоўвацца наперад. З сярэдзіны хлява патыхнула гноем. Каля фронту гной не вывезлі на палі, і цяпер дзясяткі ботаў праломлівалі яго выветраную, закарэлую паверхню, быццам зашэрхлы ад замаразкаў лядок.

Немцы заганялі на жывёльны двор рэшту калоны. Сонца, каб не глядзець на здзекі з гаротнікаў, што стаялі ўпрытык адзін да аднаго ўсярэдзіне загарадзі, па краях туга аперазаныя трайнымі жэрдкамі, усцяж якіх расхаджвалі варожыя салдаты, хутчэй схавалася за небакрай.

Добра, што ліпеньская ноч кароткая і развідняе ўлетку рана. Небаракі ў нязвычным стане так і прастаялі не сплючы. Сіліч, дрэмлючы, нібы начная птушка, толькі на некалькі хвілін заплюшчыў вочы.

Калі развіднела, салдаты пачалі выпускаць палонных з загарадзі і выстройваць у калону. Па растаптаным гнаі немцы не пайшлі ў смярдзючы хлеў, а выгналі з яго небаракаў крыкамі і загадамі. А для таго каб пераканацца, што там ніхто не прытаіўся, далі ўсярэдзіну і ў куткі хлява некалькі працяглых аўтаматных чэргаў. Але калі салдаты нетаропка пералічылі выстраеную калону, сярод іх адбылося замяшанне. Ці то яны ўсумніліся, што палонныя ўсе, ці то проста хацелі замесці за сабою крывавыя сляды. Афіцэр штосьці скамандаваў аднаму салдату. Той вывеў з калоны чатырох палонных, загадаў ім узяць з-пад жолаба целы Абзалутдзінава і Драпезы і аднесці ў хлеў. А сам выняў з аўтамата ражок з патронамі і на яго месца ўставіў іншы, што дастаў з-за халявы бота.

Сіліч бачыў, як салдат невядома дзеля чаго, амаль не прыцэльваючыся, стрэліў у напрамку хлява. Спачатку Міхась не звярнуў увагі на гэты стрэл. Толькі калі задыміла і загарэлася страха, яму стала зразумела, што немец стрэліў у яе запальнай куляю. Хлеў, нібы сцірта саломы, імгненна ўспыхнуў полымем, што выкідвала ўгару мітульгу іскраў, падзенне якіх стрымлівалі тугія клубы дыму. Неўзабаве агонь ужо абгрызаў аголеныя краты крокваў і латаў, што з трэскам абвальваліся ўсярэдзіну зруба пасля таго, як полымя салодка лізнула верхнія вянкі бярвення. Хлеў выгараў з сярэдзіны. У паветры запахла гарэлым мясам і паленым сухім каравяком.

— Людзі гараць жыўцом, — прашаптаў Сілічаў сусед, калі калона рушыла з месца.

— Гэта ў агні дагараюць учарашнія забітыя, — дрыжачым голасам паціху ўдакладніў Міхась.

— Звечара здаравейшыя ўзабраліся ў хляве на жэрдкі ў падстрэшшы.

Сіліч хацеў спытацца, адкуль пра гэта ведае сусед, але калі глянуў на ягоныя запэцканыя гноем боты, асекся і змоўчаў.

Злева на ўсходзе касмылямі акрываўленай спадыспаду ваты нерухома застылі белыя воблакі. Пад імі зарывам ірдзеў золак.

 

1 Нямецкі салдат любіць парадак.

2

Надвячоркам калону прыгналі ў лагер на ўскраіне разбуранага горада. Тэрыторыя з некалькімі цаглянымі будынкамі была абнесена сеткаю з калючага дроту і ўсярэдзіне разгароджана на два ўчасткі. У адзін з іх упусцілі палонных. Адчувалася, што іх зачакаліся паходныя чырвонаармейскія кухні: яны ўжо не дымілі і не паравалі. Але перад выдачай ежы ўзнікла непрадбачаная затрымка. У гарачай перапалцы, там, дзе людзі гінулі, небаракі не зберагалі кацялкоў. Цяпер многім не было ў што атрымаць ежу. Пасля некаторага вагання фельдфебель, што знаходзіўся каля кухняў, загадаў выдаваць варыва тым, хто меў кацялкі. Потым гэтых палонных адводзілі на супрацьлеглы бок выгараджанага сектара і прыспешвалі, каб яны хутчэй елі. Як толькі тыя апаражнялі посуд, ім загадвалі ставіць яго на зямлю, а самім адыходзіць убок. Іх кацялкі забіралі з долу непакормленыя. Так працягвалася да тае пары, пакуль міма кухняў не прайшла ўся калона.

Два хлебарэзы не ўпраўляліся раскройваць боханы. Спачатку іх разразалі на чацвярцінкі, а потым кожную яшчэ дзялілі на тры пайкі.

Сіліч за чатыры прыёмы праглынуў сваю порцыю, амаль не разжоўваючы, і лыжкаю сярбаў з чужога кацялка цёплае варыва. У нязвычнай радкавай страве трапляліся кавалачкі маладзенькіх капусных храпак з характэрным саладжава-гарэністым прысмакам. «Мабыць, толькі кухні — сапраўдныя, а кухары пры іх такія ж, як гэтае варыва».

Стомленыя невыносным пераходам, змардаваныя людзі трохі падсілкаваліся — і валіліся на дол там, дзе стаялі.

Міхась не адчуваў сваіх ног. Як прылёг на зямлю, дык адразу ж і заснуў. Спаў беспрасыпна. Невядома, колькі праспаў бы, калі б раніцаю не разбудзілі сярдзітыя крыкі «аўфштэен!». Спачатку нават падумаў, што яны гучаць у сне. Падымацца не хацелася. Але калі ўбачыў, як нямецкія салдаты стваламі аўтаматаў па суседстве расштурхоўваюць людзей, неахвотна ўсхапіўся на ногі. Спрасонку глядзеў па баках і ніяк не мог зразумець, што адбываецца навокал. Успомніў, дзе ён знаходзіцца, разгледзеў наводшыбе паходныя салдацкія кухні, каля якіх не было нікога, — і здагадаўся, што немцы падымаюць палонных не на сняданак. Разам з іншымі цікаўнымі ён наблізіўся да варот, якія злучалі іхні сектар з суседнім, і калі пабачыў, што там робіцца, міжвольна пашыбаваў далей усцяж калючай агароджы. У варотах за сталом над паперамі схіліліся два нямецкія афіцэры. Аўтаматчыкі па чарзе ўпускалі паўз іх палонных. Афіцэры штосьці запісвалі, напэўна, рэгістравалі гаротнікаў, бо адзін салдат вешаў на шыю небараку нейкі жэтон, а другі белай фарбаю выводзіў на плячах гімнасцёркі або шыняля тры вялізныя літары «krg»1.

«Кальцуюць, як птушак... Дык тых жа выпускаюць на волю, хоць і надзяваць пярсцёнкі. А тут з адной драцяной клеткі ўпускаюць у другую. Мала таго, што, як авечкам, чапляюць на шыі біркі, дык яшчэ на плячах ставяць нязмыўнае таўро. Кляймуюць, нібы жывёлу, каб прыкметныя былі, калі ўцякуць на волю».

Гнаны гэтымі думкамі і інстынктам самазахавання, Сіліч не заўважыў, як наблізіўся да супрацьлеглых, уваходных варот. Штосьці папераджальнае закрычаў яму салдат з аховы, трымаючы напагатове вінтоўку. Міхась на ўсякі выпадак адышоў далей, хаця не зразумеў ні слова з папярэджання вартавога. Нямецкую мову хлопец трохі ведаў. Усё-такі тры гады вывучаў яе ў школе, тры — у педтэхнікуме і чатыры — у інстытуце. Спачатку падумаў, што вартавы штосьці выкрыкваў на якім-небудзь дыялекце. Міхась чуў пра тое, што ў Германіі шмат дыялектаў, якіх не разумеюць самі немцы. Потым яго здзівіла, што ў вартавога — вінтоўка. Палонных жа сюды гналі немцы з аўтаматамі. Колер формы таксама ў іх не такі, як у гэтага салдата. Напэўна, іншы род войск, таму і форма адрозніваецца колерам. Але неўзабаве знадворку ў вароты ўвайшлі салдаты ў такой форме з вінтоўкамі ў руках. Яны вылучылі з гурту палонных невялікую групку. Міхась таксама трапіў у яе. Палонных, выпускаючы з варот, пералічылі.

Непадалёку стаяў вялізны грузавік. Крыкамі і жэстамі рук салдаты загадалі палонным залазіць у кузаў. Самі яны ажыўлена размаўлялі між сабою. Ні ў іхніх крыках, ні ў іхняй гаворцы Сіліч не разумеў ніводнага слова. Толькі тады, як заўважыў невялічкі шчыток, нашыты на рукавах салдат, разгадаў невядомую загадку. На шчытку з незразумелай эмблемаю было напісана: «Еsраnа».

«Дзіва што ты не разумееш іхняй гавэнды! Адкуль жа табе ведаць іспанскую мову? Значыць, гэта і ёсць ваякі з «Блакітнай дывізіі», — схамянуўся хлопец, калі грузавік крануўся з месца. — Куды дны павязуць нас?»

Седзячы ў кузаве, Сіліч спачатку агледзеў незнаёмую форму вартавых. Потым разглядаў гарадскую ўскраіну,міма якой іх везлі. Скрозь, як глянуць углыб, горад быў зруйнаваны. Невідушчымі вачніцамі тужліва глядзелі на Міхася парожнія скрыні аднапавярховых дамоў. Ад высокіх будынкаў, нібы ўцёсы, уздымаліся адны толькі ацалелыя вуглы. Некаторыя з іх былі зрэзаны наўскасяк. «Іспанская Герніка, дашчэнту разбураная нямецкай авіяцыяй?»

Міхась памятае, як пра гэты горад некалі пісалі газеты. Пра зруйнаваны старадаўні цэнтр баскай культуры яму расказваў таксама і яго старэйшы брат. Дзе цяпер Віктар? Ці жывы ён? Міхась са школьных год паважаў брата. У іх абодвух было штосьці агульнае ў характарах, хоць і адрозніваліся яны адзін ад аднаго сваімі схільнасцямі. Бывала, у школе ўсе перапынкі Віктар прастойваў каля вялізнай карты свету. На памяць ведаў сталіцы буйнейшых дзяржаў, рэкі, горы і астравы на зямлі. Яшчэ змалку ён палюбіў геаграфію. А ў небе Іспаніі ўласнымі рукамі яму давялося тварыць гісторыю.

Нават Міхася брат паблажліва называў на іспанскі лад — Мігелем. Праўда, Міхася цікавілі болей Віктаравы расказы пра гісторыю, побыт і норавы іспанцаў. З братавых расказаў ён выразна ўяўляў сабе смуглых андалузскіх танцоўшчыц, што безупынку бразгочуць кастаньетамі. Хлопца асабліва ўразіў Віктараў расказ пра тое. як па вуліцах Барселоны рэспубліканцы неслі не гарызантальна, а вертыкальна дамавіны з забітымі байцамі, і мёртвыя, стоячы, нібы заклікалі жывых працягваць барацьбу. А ўслед неслі распасцёртыя коўдры і прасцірадлы, у якія людзі шчодра кідалі срэбра і медзь для сем’яў забітых. Міхася таксама здзівіла і тое, што на могілках іспанцы не закопваюць дамавіны ў зямлю, а ставяць двума паверхамі ў бетонныя нішы. І потым века труны замыкаюць, а ключ аддаюць самаму блізкаму родзічу.

Ад брата Міхась даведаўся тады, што наш двухматорны скарасны бамбардзіроўшчык СБ меў большую хуткасць, чым варожыя знішчальнікі — італьянскі «фіят» і нямецкі «хейнкель». Віктар казаў, што гэтая сенсацыя ашаламіла ўвесь свет, бо гісторыя авіяцыі яшчэ не ведала бамбардзіроўшчыка, які па хуткасці перавышаў бы знішчальнік, пабудаваны з ім у адзін час.

Пра баі ў паветры над Іспаніяй Віктар расказваў з такім азартам, з такой мімікаю і жэстыкуляцыяй, як быццам ён толькі што прызямліўся з нябёс. Захоплены, разявіўшы рот, Міхась слухаў, як Віктараў камандзір эскадрыллі на сваім знішчальніку імкліва лунаў угару, потым крута пікіраваў і заходзіў у хвост «савойям» і «юнкерсам». У Міхасёвых вачах старэйшы брат паўставаў героем.

Міхась змалку захапляўся гісторыяй. Скончыў гістарычны факультэт педагагічнага інстытута, атрымаў накіраванне на працу ў школу. І вось цяпер уліпнуў у непрыемную гісторыю.

«На нашай зямлі зруйнаваная Герніка і іспанскія фалангісты? Ява гэта ці сон? Здаецца ж, ён яшчэ не звар’яцеў? Якім бокам павярнулася да яго жыццё! Значыць, людскую бяду чалавек пазнае па-сапраўднаму толькі тады, калі сам сутыкаецца з ёю. Ён жа раней чуў, што іспанская «Блакітная дывізія» ваюе дзесьці на іхнім фронце. Але хлопцу і ў галаву ніколі не прыходзіла, што яму самому, ды яшчэ абяззброенаму, давядзецца лоб у лоб сустрэцца з іспанцамі, якія на ягонай радзіме будуць везці яго як нявольніка. Як магло здарыцца, што яны за паўсвету, ажно з другога краю Еўропы дапялі сюды?»

Міхася апанавала злосць. Потым яна змянілася кепскім настроем. Да горла падступіла гаркота. На вочы накочваліся слёзы.

Стаяў ціхі пагодлівы ранак. Але ад руху грузавіка ў кузаве па галовах стругаў сустрэчны ветрык. Ад яго хлопца праймаў халадок і бадзёрыла свежасць. Праяснілася галава. Чым далей яны ад’язджалі, тым хутчэй развейваўся змрочны настрой. Хлопец аддаляўся ад калючага дроту, за якім кляймуюць людзей. З-за тае агароджы не выберашся. Дый з кляймом на плячах не разгуляешся на волі.

Грузавік спыніўся каля вялікага ўчастка зямлі, засаджанага капустаю. Мабыць, калісьці ўсю гэтую плошчу займалі прыгарадныя гароды. Палонных высадзілі з кузава. З аднаго боку кабіны вылез афіцэр, з другога — шафёр, трымаючы ў руках два цесакі. Адзін ён даў патрымаць салдату, а другім пачаў паказваць палонным, як трэба ссякаць капусту. Зверху, за макаўку, браў качан, прыгінаў яго — і пад корань, пры самай зямлі адсякаў храпку.

Міхасю чамусьці ўявілася, што гэтак іспанскія інквізітары некалі адсякалі галовы ерэтыкам.

Палонныя пачалі ссякаць качаны і кідаць іх у кузаў. Міхасю ўспомніўся смак учарашняга варыва і падумалася: «Нябось качаны — немцам з іспанцамі, а нам — храпкі. Таму і патрабуюць сячы пры самай зямлі. А капуста, відаць, ранняя, бо качан у качан, а не якія-небудзь зеленаватыя ашуркі».

За ноч качаны ўвабралі ў сябе прахалоду і свежасць і смачна храбусцелі ў руках ды злёгку парыпвалі, стукаючыся адзін аб адзін у кузаве. Гэта не магло не раздражняць хлопца, распальваючы ў яго апетыт. Носячы да кузава капусту і неўпрыкмет кідаючы позіркі то на аднаго, то на другога вартавога, ён заўважыў, што яны не глядзяць, як працуюць палонныя. Таму на хаду адломліваў ад качаноў верхнія лісты і папоўніцы запіхваў у рот. Ад ранішняй расы лісты былі сакавітыя, апетытна хрумсцелі на зубах, асвяжалі паднябенне саладкаватым прысмакам. Пакуль адны з іх ён разжоўваў і глытаў, другія згортваў і запіхваў у кішэні, а трэція — за пазуху, з бакоў гімнасцёркі.

Сіліч ведаў, што капустаю і шчаўем улетку падсілкуешся. А тут трэба думаць пра тое, як уцячы з-пад носа ахоўнікаў. Спадылба зрэдку паглядаючы на вартавых, ён пераконваўся, што іспанцы болей заняты гаворкаю і не надта сочаць за палоннымі. Хлопец разумеў, што пры такіх абставінах можна ўцячы. Асабліва калі паспрабаваць шчасця першаму. Бо потым, як збягуць іншыя, ахоўнікі насцярожацца і будуць пільнымі. Дый вартавых жа не надта шмат. Праўда, яны стараюцца трымацца падалей ад палонных, што ссякаюць цесакамі качаны. Напэўна, баяцца, каб зблізку не напалі на іх.

А навокал гэткае раздолле. Асабліва прываблівае далячынь за хлеўчуком, пад якім некаторыя палонныя склалі шынялі і рэчмяшкі. Толькі вузкая палоса капусты аддзяляе хляўчук ад шырокай жытнёвай нівы, за якой раскінулася лугавіна з адзінокімі кустамі і далей у сіняватай смузе патанулі пералескі.

Сіліч неўпрыкмет зіркаў на вартавых. Іспанцы нагадвалі яму вясёлых, бяспечных цыганоў. Вось яны сышліся купкаю і пачалі ажыўлена размаўляць між сабою. Міхась адчуў, што настаў зручны момант, які нельга правароніць. Хлопец наблізіўся да складзеных шынялёў, як быццам у іх яму трэба было нешта ўзяць. Потым імгненным позіркам адначасова акінуў усіх вартавых і, заўважыўшы, што ні адзін з іх не глядзіць у ягоны бок, шмыгнуў за хляўчук. На ўсялякі выпадак нейкую хвіліну, наспружынены ўвесь, перачакаў стоячы, маўляў, калі кінуцца ўслед, дык зробіць выгляд, што адышоў па пільнай патрэбе. Але за хлеўчуком не адчувалася ніякай трывогі. Толькі ў ягоных грудзях моцна калацілася сэрца. Хлопец спрытна сагнуўся і, як плывец, нырнуў у міжраддзе капусты.

У напружанай цішы ён адчуваў, як у скронях пульсуе кроў і як каля вушэй ціхутка парыпваюць качаны, выцягваючы з глебы сок, што выступае на лістах расою. На самай справе гэта прыглушана шамацелі капусныя лісты ў ягоных кішэнях і за пазухаю гімнасцёркі. Зводдалеку здавалася, што ўздоўж пенных хваляў хтосьці плыве, то з аднаго, то з другога боку выстаўляючы з вады твар і захопліваючы ротам паветра. Сіліч прыпадаў усім целам да зямлі і па-пластунску імкліва поўз наперад, час ад часу паварочваючы падбародак то да аднаго, то да другога пляча, і скасавуранымі вачамі зіркаў, ці не пагражае ззаду небяспека. З белых хваляў капусты ён вужакаю праслізнуў у збажыну, дзе апаліў рукі і твар мокрай травою. Спачатку нават насцярожыўся, баючыся, што ззаду начуюць, як зашасталі жытнія сцябліны з каласамі, нібы халоднымі зярнятамі, абдаючы патыліцу і галаву кроплямі буйной расы. Дарэмна ён асцерагаўся. За хлеўчуком ужо толькі і чутно было суцэльнае пахрумстванне. Капуста хрумсцела на зубах палонных, храбусцела ў іхніх руках і злёгку парыпвала, стукаючыся качан аб качан, у кузаве грузавіка.

Хмяліў хлебны дух, на якім густа настоялася паветра ў даспяваючай збажыне. Акунуты ў роснае разнатраўе, Сіліч разгарачаным целам адчуў, як на грудзях, на жываце і на сцёгнах намакаюць гімнасцёрка і порткі, таму прыпадняўся і папоўз на каленях і на руках. Але, пасля таго як з непрывычкі нясцерпна замулелі намоклыя калені, ён па-жывёльнаму пайшоў ракам. Рухаючыся такім чынам, яму немагчыма было глядзець наперад і таму нельга было дакладна арыентавацца на мясцовасці, каб вызначыць патрэбны кірунак. Забіраючы ўправа, ён прапоўз наўскасяк вялікую адлегласць і калі, задыханы, вынырнуў са збажыны на лугавіну і прысеў, каб адхакацца, ад распасцёртага перад ім прыволля ў яго ажно перахапіла дых, а ад хадзьбы ракам — закружылася галава, і ў гэты момант дзесьці за спінаю глуха прагучаў спачатку адзін, потым — другі і нарэшце трэці стрэл. Працяжны пошчак ад іх трыма хвалямі пакаціўся па наваколлі, падхапіў хлопца і панёс у невядомую далячынь.

Хаваючыся пад сцяною збожжа, згорблены, ён бег, топчучы траву, зрэдку збіваючы нагамі белыя рамонкі і сінія васількі. Бег нібыта не па ўзмежку паміж лугавінаю і жытам, а па мяжы паміж смерцю і жыццём.

 

1 Крыгсгэфангэнэ — ваеннапалонны.

3

Як напалоханы заяц, пятляў Сіліч па іскрыстай лугавіне, баючыся прыпыніцца ў адзінокіх кустах. Пад ім са звонам шастала атрэсеная раса — і на траве заставаліся сляды, нібы скінутыя ланцугі, якія ён змушаны быў нагамі валачыць з няволі і якія кожную хвіліну маглі выдаць ягонае знаходжанне. Толькі па момант, разгублены, ён прыпыніўся перад рачулкаю, што наўскасяк перагароджавала шлях. Праніклівым поглядам змераў яе глыбіню, глянуў на рэдкія лазовыя кусты — і трошкі супакоіўся. Прысеў на беразе, таропка зняў з ног боты, запіхнуў у халявы анучы, вышэй каленяў падкасаў порткі — і няўпэўнена пайшоў уброд. Вада прыемна астудзіла разгарачаныя пальцы, халадком абдала галёнкі, тупымі голкамі кальнула ў калені.

На сярэдзіне рэчышча ён падэшвамі адчуў плыткае дно, на якім толькі ступакі грузлі ў слізкім цеплаватым глеі. Таму рашыў не вылазіць з рачулкі, скеміўшы, што часова яму цяпер самы раз рушыць з ёю ў адну дарогу, паколькі рэдкія і адзінокія кусты засланяюць ад чужых вачэй і вада надзейна хавае на дне ягоныя сляды. Уздоўж супрацьлеглага берага пайшоў па плыні і, трохі супакоены, ужо нават не аглядаўся.

Калі б хто-небудзь убачыў яго збоку, мусіць, падумаў бы, здзіўлены, што гэта няйначай як нейкі блазен ці вар’ят басанож брыдзе па рэчышчы, трымаючы за плячамі боты. А ён ішоў па рачулцы і не думаў вылазіць з яе. Паўз бераг вада была цёплая-цёплая. Цяплейшая за ранішняе паветра. Яна пяшчотна казытала ногі, лагодна асвяжала і бадзёрыла змардаванае знямогаю цела.

Бывала, гэтак ён хадзіў паўз берагі сваёй Палаты. Толькі не ўстрывожаны і задыханы, а бесклапотны і спакойны. Ну і, канечне, не ў салдацкім адзенні дый не басанож. Каб да крыві не парэзаць асакою ікры і сцёгны ды не праткнуць на падводную карагу ступню, надзяваў рудую ад рачной іржы вопратку і на ногі — старыя братавы прарызінкі. Хадзіў, вядома, не з ботамі за плячамі, а з таптухаю ў руках і на баку з кужэльнай кайстраю, прапахлай рыбнай лускою.

Міхась і сам не ведаў, менавіта чаму прыахвоціўся да гэтай прымітыўнаватай снасці. У іхнім азёрным і рачным краі ў модзе былі тады браднікі, невады і крыгі. А ягоны брат Віктар дык той гадзінамі праседжваў на рыбалцы з вудамі. Міхась жа, ці, як казала маці, яе меншы малец, любіў швэндацца па травяністых завадзях і старыцах з таптухаю. З ягонага ўлову не было асаблівага наедку, але затое, выхадзіўшы па вадзе кіламетры і наблукаўшыся нагамі ў рачных тонях, спаў потым непрабудным сном. А як ён налаўчыўся ціхутка падкрадацца да зарослых чаротам поймаў і амаль бясшумна ставіць перад імі сваю таптуху! Настолькі напрактыкаваўся, што абедзвюма рукамі дакладна адчуваў, як у яе сетку напорыста боўтаецца драпежны шчупак і як нясмела торгаецца лінь. Пры першым выпадку — не зяваў — імгненна ставіў таптуху старчма, а пры другім — наадварот, надта не спяшаўся, ведаючы, што лянівы лінь нікуды не дзенецца. Праўда, аднойчы хлопец схібіў, ажно сорамна было самому. Добра, што гэтага ніхто не бачыў, а то яго засмяялі б. У тую пару ён вучыўся ў педтэхнікуме. У часе летніх вакацый спякотным днём рыбачыў на Палаце. Ідучы па пахі ў вадзе, ціхутка падвёў снасць пад вялікі лазовы куст і не паспеў боўтнуць ягоным веццем, як у сетку штосьці стукнула з такой сілаю, што ледзь не выбіла з рук таптуху. Адразу ж кульнуў яе стаяком і пачаў падымаць угару. Калі з вады выглянуў куль таптухі, хлопец убачыў у ім вялікага рачнога пацука, кінуў снасць у ваду, а сам па лазовым вецці з перапуду ледзь выкараскаўся на бераг.

«Тады, спалоханы, вылазіў ад чацвераногага вадзянога пацука, а цяпер ад двухногіх зямных — ускочыў у рачулку і брыдзеш па ёй, хаваючыся за кустамі ды змываючы сляды», — падумаў ён, уваходзячы ў затоку белых гарлачыкаў. Сподачкі іх круглых лістоў зялёным прасцірадлам спрэс усцілалі рачную паверхню і, напэўна, не прапускалі ўглыб сонечных промняў, бо падэшвы ног адразу ж адчулі на дне непрагрэтую прахалоду. На суцэльнай зялёнай роўнядзі яркімі зоркамі сям-там выглядалі белыя гарлачыкі. Калісьці, выпорваючы з-пад іх рыбу, Міхась загнаў у таптуху сарваны белы гарлачык. З пругкай хваляю ён дрогка торкнуўся ў сетку і праз яе, зашклёныя вадой, нібы слюдою, ячэйкі, пад сонечнымі промнямі па нявопытнасці здаўся хлопцу срабрыстай чырванапёркаю.

Хоць успаміны і сагравалі Міхасёву душу, але яны не ў сілах былі развеяць яго змітрэнжанага настрою. Гэтак сонечныя промні бяссільны сагрэць і асвяціць вадаверці і поцемкі ў рачных вірах.

Сіліч не ведаў, колькі мінула часу, але адчуваў, што пратэпаў па вадзе немалую адлегласць. Небяспека і магчымасць хавацца за кустамі і ўтойваць сляды загналі яго ў ваду, а насцярожанасць і пагроза быць выяўленым — прымусілі выйсці з рачулкі. Тым болей што наводшыбе справа ўбачыў выспачку хмызняку, у якім зручна было прытаіцца. Міхась вырваў сцябліну аеру, на хаду з хрустам адламаў белы корань і, разжоўваючы яго, выйшаў з вады і сеў на беразе. Праглынуты корань здаўся гэтакім жа саладжавым, як у маленстве. Бывала, яны, хлапчукі, называлі аер піскаўкамі. І напаказ адзін перад адным елі яго карані. Самы ніз сцябла раздвойвалі, вымаючы сарцавіну і, цмокаючы губамі, абалонкаю прарэзліва піскалі. Ад іхняга самадзейнага канцэрта ля Палаты стаяў такі віск, хоць затыкай вушы.

Рачулка дыхала вільгаццю, пахла аерам і раскаю. Ад вынятых з халяў ануч у нос патыхала потам. Іх брыдка было накручваць на ногі, вышараваныя глеем і да белізны вымытыя вадою. Міхась выпаласкаў анучы, выкруціў, ускінуў па адно плячо, а боты — на другое і нацянькі пашыбаваў да выспы зарасніку.

Зыркае сонца ўвачавідкі ўздымалася ўгару і добра прыгравала ў твар. Ці то яго гарачыя промні выпілі расу, ці то яна паспела выветрыцца, але хлопцавы ногі ўжо не пакідалі на траве ніякіх слядоў. Выспа пачалася лазовымі кустамі і паступова перайшла ў зараснік з маладых вольхаў. Міхась аблюбаваў сярод іх невялікую лапіну, зарослую касмылямі сіўцу, паклаў боты, разаслаў анучы і прылёг адпачыць. На поўныя грудзі ён удыхаў знаёмы вільготны пах вольхаў, настоены на сатлелым леташнім лісці.

«Цікава, а для чаго прыдатна яе драўніна? — раптам узбрыло яму ў галаву, калі ўспомніў, як маці, кідаючы ў печ ружаватыя альховыя паленні, кляла: «Ад іх ні полымя, ііі жару. Не гараць, а тлеюць. Гэта не тое што дубовыя дровы або бярозавы аблетак».

Хлопец спачувальным позіркам абвёў ствалы і вершалінкі несамавітых дрэўцаў з ліпучай лістотаю і крохкім голлем. Потым успомніў, як алешыны калісьці выручалі яго, і задаволена ўсміхнуўся.

Адзін час у іх не было чарніла. Дык яны ў школе і дома карысталіся самаробным. Пісалі на паперы рудой вадкасцю, настоенай на альховых шышачках, і ржавымі цвікамі.

Праз тоўсты дыван ускалмачанага сіўцу ледзьве адчувалася кволая прахалода летняй зямлі. Яна асвяжала цела і ўлагоджвала душу. На дне лапіны, якая не прадзімалася павевамі паветра, Міхася, сагрэтага пяшчотнымі промнямі, пачало хіліць на сон. Хлопец з усіх сіл імкнуўся не паддавацца салодкай спакусе, якая па секунды сплюшчвала павекі, дрогка прачынаўся і насцярожана прыслухоўваўся. Калі трохі перадыхнуў і збольшага прасохлі анучы, ён акуратна накруціў іх на ногі і таропка ўсунуў у халявы ботаў. Абутаму зручней ступаць па хмызняку: ні сукі, ні галіны не намуляць падэшваў. Яму рупіла хутчэй агледзець выспу навокал, каб упэўніцца ў сваёй бяспецы. Сям-там пад нагамі трава пазарастала сакавітымі лістамі шчаўя. Хмызняк аточвала мурожная лугавіна.

Далёка ў смузе вузкай зубчастаю пілкаю танулі пералескі. Прадзіраючыся праз гусцеш па ўскрайку выспы, ён зразумеў, што тут вельмі зручна зрокава трымаць кругавую абарону. Прылягаючае наваколле не выклікала трывогі і навявала супакаенне. Хлопец пераканаўся, што яму не пагражае ніякая небяспека, выйшаў з хмызняку і прысеў на мурог. І толькі цяпер, калі супакоіўся, адчуў, як моцна прагаладаўся. «Дзіва што!.. І ўчора не было ў роце макавага зярняткі, і сягоння фактычна надгаладзь... Хіба ж учарашнія памыі — страва?.. Добра, што прадбачліва назапасіў падножнага корму».

Напераменку то з кішэні, то з-за пазухі ён даставаў капусныя лісты і ўмінаў іх за абедзве шчакі. Ці таму, што лісты пакамячыліся, ці таму, што звялі ад цеплыні ягонага цела, яны страцілі ранішнюю крамянасць і ўжо не хрумсцелі на зубах. Але ўсё роўна, згорнутыя, якія вымаў з кішэняў, нагадвалі сакавітыя галубцы, а выпрастаныя, што даставаў з-за пазухі, былі падобны да матчыных наліснікаў. Раней ён ніколі не ўяўляў, што сырая капуста гэтакая смачная. «Дык я ж зрываў лісты зверху качаноў. А тыя, што ўсярэдзіне, мабыць, саладзейшыя...»

Пасля драцяной лагернай клеткі бяскрайнім і прыгожым-прыгожым здавалася навакольнае прыволле. «Чаму ніколі рапей я не прыкмячаў такога хараства?» Блакітная нябесная глазура зверху адлюстроўвала сонечныя праменні, ад якіх зялёная зямля, расквечаная яркімі фарбамі, выглядала салатаваю.

Удалечыні лугавіна спрэс жаўцела кветкамі, бліжэй была радкава акроплена чырванню і белізною, а зусім блізка апырскана празрыстай расою. Міхась разгледзеў, што непадалёку чырванеюць кветкі смолкі, а бялее кашка і паблісквае не раса, а мяцёлачкі слёзак. На лузе перад поймаю Палаты таксама рос дзьмухавец, з кветак якога дзяўчаты плялі вянкі, са смолак і з кашкі збіралі чырвонабелыя букеты. А слёзкі ў іхняй мясцовасці чамусьці празвалі боскімі слёзкамі.

У мірную пару ўсе гэтыя кветкі ён штодзённа бачыў дома, хадзіў побач, таптаў іх нагамі і не прыкмячаў іхняй прыгажосці. А цяпер, калі ўвесь свет скаланула жудасная калатнеча, калі людзі пазбаўлены жытла, а звяры і жывёлы — логавішчаў і лежбішчаў, яму раптам кінулася ў вочы гэтае хараство. Мабыць, той, хто пабываў у няволі, узбуджана ўспрымае сваё вызваленне і абвострана прыкмячае прыгажосць навакольнага свету.

Сіліч трохі развеяўся пасля душэўнага стрэсу і разважыў, што тут ён можа спакойна адпачыць і бяспечна пераначаваць. За ноч хлопец добра адкархнуў.

А раніцаю на свежую галаву зноў занепакоіўся, што яму няма чаго заседжвацца. Хоць ягонае становішча і няпэўнае, але ж ён — салдат, прызваны радзімаю ў цяжкі для яе час. Ён добра ўсведамляў, які ягоны абавязак перад ёю. Цяперашняе ягонае становішча яшчэ болей трывожыла і непакоіла. Ён разумеў, што яму трэба хутчэй набрысці на якое-небудзь часовае прыстанішча, дзе можна было б пераапрануцца, падсілкавацца і запасціся харчамі. Па сваёй зямлі, на якой гаспадараць ворагі, у чырвонаармейскай форме прабірацца рызыкоўна. Усведамленне гэтага выклікала і прыкрасць, і злосць.

Як дзікі звер, баючыся дарог і сцежак, арыентуючыся толькі па сонцы, пабрыў ён туды, дзе ўдалечыні відаць былі зараснікі. Калі перайшоў лугавіну і нырнуў ва ўзлесак, уздыхнуў спакойна. Хаця ён ведаў, што пара каласавікоў мінула і на жніўнікі ўжо наўрад ці натрапіш, але яму здавалася, нібыта ўсё наваколле прапахла грыбніцаю. Праўда, прыглядацца панізе не было калі. Яго насцярожаны позірк пранікліва працінаў малады пералесак з шызаватымі стваламі асінніку, падсвечанага камлямі белых бярозак.

Праз некаторы час, пасля працяглага беспаспяховага блукання, нарэшце разгледзеў удалечыні шэрыя пабудовы. Асцярожна падкрадаючыся паміж кустамі, наблізіўся да краю ўзлеску і ўбачыў вясковыя хаты. Аднекуль з сярэдзіны да яго грудзей падкацілася пачуццё шчымлівага задавальнення, якое неўзабаве змянілася трывожнай насцярожанасцю. Ён разумеў, што сярод белага дня ісці ў вёску небяспечна. Неяк трэба разведаць, ці ёсць у ёй немцы. А як гэта зрабіць?

Сіліч прытаіўся ў крайніх кустах і доўга сачыў за бліжэйшымі хатамі і дварамі. Але яго пільнае назіранне не дало ніякіх вынікаў. Вёска выглядала бязлюднаю. Ні ў вокнах хат, ні на падворках не паказвалася ніводнай жывой душы. Гэта яшчэ болей насцярожвала і выклікала падазронасць, што паблізу знаходзяцца ворагі. «Таму і жыхароў не відно. Напэўна, многія паўцякалі разам з адыходзячым войскам. А хто застаўся, той не надта хоча паказвацца на вочы немцам».

Ускрайкам хмызняку хлопец асцярожна пракрадаўся ўздоўж вёскі, працягваючы назіраць за хатамі. Нечакана на шляху напаткаў невялікую палянку, акружаную кустамі. З краю яе пасвілася каза. «Мусіць, немцы перарэзалі вясковых кароў, дык жыхары абзаводзяцца козамі, якіх хаваюць у гушчары». Казінае вымя, туга набрынялае малаком, прымусіла хлопца аблізнуць губы і праглынуць сліну. Паружавелы выгляд вымя, абвіслага да самай зямлі, навёў на спакуслівую думку. Ён ведаў, што ўлетку ў абедзенную пару кароў прыганяюць з пашы даіць. «Дык, можа, і казу дояць у абед? Трэба заняць зручны назіральны пункт, з якога добра праглядвалася б наваколле. Ва ўсякім разе, як бы там ні было, а па яе хоць у вечары ды хто-небудзь жа павінен прыйсці».

Каза не магла нікуды сысці, бо была прывязана вяроўкаю да колічка, убітага ў зямлю. Прыпяты да рахманай жывёліны суцяшальнай думкаю, ён сноўдаўся паміж кустоў вакол казы, не выпускаючы яе пі на хвілю з поля зроку. Ходзячы, яна спакойна скубла мурог, а ён, насцярожаны, час ад часу прысядаючы па кукішкі, вышчыкваў і запіхаў у рот шчаўе. Сакавітае лісце сваёй кіслатою адбіла прытарную саладжавасць аеравага кораня, ад якога ўсё яшчэ было моташна.

Глытаючы разжаванае лісце, хлопец ледзь не папярхнуўся ім, пачуўшы паблізу звонкае брынканне і глухаваты металічны шоргат. Міхась насцярожыўся і ўвесь ператварыўся ў слых. Доўга чакаць не давялося. Непадалёку з кустоў вынырнула на палянку жанчына. Яна прыпынілася, паставіла на дол два вядры, падышла да казы і пачала вырываць з зямлі колічак. Вырывала яго няўмела і таму трохі праваждалася. А калі нарэшце вырвала, узяла камень, што ляжаў у траве побач з колічкам, і на вяроўцы падвяла казу бліжэй да сярэдзіны палянкі. На новым месцы каменем нетаропка забіла ў зямлю колічак, пайшла ўзяла абодва вядры і падышла да жывёліны.

Цяпер Міхась разгледзеў вёдры. Старое, з якога жанчына паіла казу, было невялікае, ацынкаванае. А другое, з боку якога вытыркаўся выгнуты ражок, аказалася звычайнай даёнкаю, з белай бляхі. Пакуль жывёліна ціха піла з вядзерца, у парожняй даёнцы зазвінелі струмені малака. Змалку Міхась ведаў, што, як толькі дно даёнкі запаўняецца малаком, звон ад яго струменяў паступова сціхае і ператвараецца ў шумнае цырканне. Таму пад звон малочных струменяў паціхеньку перайшоў на тое месца, адкуль жанчына вынырнула на палянку, і за кустамі прытаіўся ў засадзе.

Каза напілася і накінулася скубці нявытаптаны мурог. У даёнцы сціхла пазвоньванне. Адтуль даносілася толькі знаёмае перашэптванне цуркоў. Бывала, летнім адвячоркам, седзячы на бацькоўскім ганку, Міхась з асалодаю слухаў гэтае таямнічае перашэптванне, калі даілі карову. З даёнкі маці цадзіла ў гладышы сырадой, а хлопец спяшаўся адпіваць з іх шыпучую пену, не чакаючы, пакуль яна ападзе. Пена здавалася смачнейшай за сырадой.

Калі жанчына падаіла казу і ў адной руцэ з парожнім вядзерцам, а ў другой — з даёнкаю наблізілася да кустоў, з-за іх, нібы прывід, узнік перад ёю хлопец.

— Цётка, не палохайцеся, я свой.

— А чаго ж баяцца цябе, сынок? — стараючыся як мага спакайней, запыталася жанчына, і яе вялікія вочы, у якіх перад гэтым мільгануў ці то спалох, ці то здзіўленне, прыжмурыліся, ад чаго пад імі абазначыліся дробныя зморшчынкі, а над перапоссем на лбе прыкметна торгнулася невялікая круглая радзімка.

— Немцы ў вёсцы ёсць?

— Стаяць. Але іх няшмат, — яна з ног да галавы акінула хлопца позіркам і, напэўна, убачыўшы ягоны спакутаваны выгляд, схамянулася: —Чаго я стаю, сынок? Папі хоць свежанькага малака, — і адхінула ў ягоны бок даёнку.

Правай рукою Міхась нерашуча ўзяў яе за дужку, а леваю падхапіў спадыспаду, падняў і, трохі нахіляючы, прыпаў губамі да адтапыранага наска. У нос дыхнула цёплым пахам сырадою, што яшчэ шыпеў і пеніўся. Хлопцу хацелася спіць зверху шыпучую пену. Але яе затрымліваў край даёнкі, з выгнутага наска якой, з-пад пены, цякло ў рот цёплае казінае малако. Ён піў яго ўпершыню, піў, смакуючы, і ніяк не мог напіцца. Малако было густое і тлустае. Можа, піў бы яшчэ, але пасаромеўся, што і так выглыкаў многа.

— Дзякуй, цётка. Малако смачнае, — сказаў ён, аддаючы даёнку. А калі жанчына ўзяла яе, сарамліва і нерашуча запытаўся: — Можа б, у вас знайшліся старыя абноскі? А то салдацкая форма — дужа прыкметная. Усім кідаецца ў вочы.

— Пашукаю, сынок. І выхвацень прынясу, — абнадзеіла яна, адыходзячы.

Паспакайнелы, ён спачатку адлежваўся ў кустах, з якіх праглядалася палянка з казою. Потым яму пачало здавацца, што мінула шмат часу пасля адыходу жанчыны. Ён занепакоіўся і ў думках дакараў сябе за тое, што не пацікавіўся, калі яна вернецца. «Пэўна ж, пе сярод белага дня, калі могуць заўважыць пабочныя. Ёй, канечне, надзейней забіраць казу надвячоркам... Ды мне ацірацца каля жывёліны да вечара небяспечна. Яшчэ напорашся на якога чорта... А што, калі цётка не адзежу прынясе, а прывядзе каго-небудзь?.. Але яна ж бачыла, што я свой, а не чужы. Пра хлеб жа я не заікнуўся. Яна сама напрасілася, сказала, што прынясе выхвацень. І ў іх, на Беларусі, гэтак завуць у некаторых мясцінах праснак, або скавародзень. Яго цяпер абрадаваў бы не тое што выхвацень, а нават аскарак, як у іх называлі цвёрды засушаны агрызак хлеба».

Пасля гэтых няпэўных думак ён вырашыў усё-такі перабрацца ў болей бяспечнае і ўтульнае месца, з якога праглядалася б уся палоса, што аддзяляе хмызняк ад вёскі. Каб добра было відаць, хто ідзе да ўзлеску. «А пад вечар можна будзе зноў падысці бліжэй да палянкі з казою».

Па хмызняку ён пачаў прабірацца ўздоўж вёскі, да яе ўскраіны. Ішоў, мякка ступаючы па ўтравянелым доле. Калі мінуў крайні двор і аглянуўся, праз голле палоса паміж вёскаю і ўзлескам праглядалася наўскасяк на самую далёкую хату ў супрацьлеглым канцы. Яму трэба было ўзяць лявей, паглыбляючыся ў непралазны ракітнік, што суцэльнай сцяною аточваў узлесак і, напэўна, абгінаў вёску.

«Адразу відно, што ніхто не пляце кашоў: разраслася гэтакая гушчэча», — падумаў Міхась, асцярожна залазячы ў зараснік. Ісці праз яго было нязручна, таму насілу прадзіраўся наперад, увесь час замаруджваючы крокі. Прачыкільгаў метраў сорак і пачаў выбірацца на край узлеску. Як ні асцерагаўся і як ні ступаў абачліва, але не ўбярогся і наступіў на схаваны ў траве сухі валежнік. Галіна так моцна трэснула пад нагою, што ў яго штосьці абарвалася ўсярэдзіне і адразу ж непадалёку забрахаў сабака.

Праз імгненне, пасля ўзмоцненага шастання і валтузні, якія данесліся адтуль, хлопец пачуў, што сабака, гыркаючы, шыецца ў ракітнік і следам, гергечучы, хтосьці лезе. Уцякаць было позна: узняўся б шум і трэск. Міхась, не дыхаючы, атрупянеў на месцы. Толькі сэрца калацілася так, што выдавала ягоную прысутнасць. І ў гэты час з зарасніку вынырнулі спачатку ашчэраная зяпа, потым няўрымслівая воўчая постаць, якую хтосьці стрымліваў за павадок, і, нарэшце, нямецкі салдат.

«Папаўся», — ёкнула і, здаецца, зусім абарвалася хлопцава сэрца.

— Ком раўс!1 — загадаў немец, заходзячы з сабакам і адразаючы Міхасю шлях назад.

— Вэр іст дас?2 — нецярпліва запытаўся хтосьці за ракітнікам.

— Эс шайнт айн русішэр зольдат цу зайн3, — няўпэўнена адказаў аўтаматчык, пад гырканне аўчаркі выправаджваючы хлопца з хмызняку.

Выходзячы на ўскрай гушчару, Сіліч ажно прыжмурыўся ад зыркай люстраной гладзі, што асляпіла вочы і дыхнула ў твар пахам прэснай вільгаці і азёрнага багавіння. На фоне гэтай бяскрайняй воднай прасторы малымі здаліся яму фігуры нямецкіх салдат. Яны разгублена чакалі звароту аўтаматчыка з аўчаркаю. Было іх чалавек дваццаць.

— Як ты трапіў сюды? — спытаўся ў Міхася высокі, з падцягнутым выглядам, мяркуючы па срэбных кантах на пагонах, фельдфебель або унтэр-афіцэр.

— Заблудзіўся.

— Ты ведаеш нямецкую мову? — здзівіўся ён.

— Вывучаў у школе.

— А куды ідзеш?

— Дадому, — няўпэўнена адказаў Міхась.

— Напэўна, разведчык,— выказаў меркаванне прысадзісты, шыракаплечы немец.

— Бяззбройны і без шапкі? — яхідна спытаўся ў яго унтэр-афіцэр, грэбліва разглядаючы Міхасёвы калені і локці.

Толькі цяпер хлопец заўважыў, што яны запэцканы зеленню маладой травы.

Сіліч не расслухаў, што загадаў унтэр-афіцэр салдату, які трушком пабег у супрацьлеглы ад вёскі бок. Хлопец разгледзеў там бункер, развешаны невад і на прывязі — баркасы. Яму здалося, нібыта адтуль даносіцца пах рыбнай лускі. Удалечыні па беразе відно было яшчэ некалькі агнявых кропак. «От запрапашчэнне!.. Няйначай як трапіў у нейкі ўмацаваны раён. Яшчэ чаго не хапала?»

Незадаволеныя нямецкія салдаты здзіўлена і насцярожана разглядалі яго, ад чаго ён яшчэ болей хваляваўся і, стараючыся быць спакойным, глядзеў на бяскрайняе азёрнае раздолле, што нагадвала штосьці знаёмае і блізкае і таму таксама трохі супакойвала.

Пасланы да бункера салдат праімчаў міма на матацыкле з парожняй каляскаю. Неўзабаве ў ёй ён прывёз з вёскі калматага дзядзьку.

— Гэты чалавек з вашай вёскі? — нецярпліва запытаўся унтэр-афіцэр у пажылога вяскоўца, што з цяжкасцю вылез з каляскі.

Дзядзька з-пад калматых брывоў бясколернымі вадзяністымі вачамі слізгануў па Міхасю з ног да галавы, дапытліва ўтаропіўся ў ягоны твар і, пераводзячы позірк на немца, адмоўна пакруціў галавою.

— Можаш ісці, — пагардліва прамовіў унтэр-афіцэр, а калі дзядзька расслабленай паходкаю пашыбаваў да вёскі, перакрывіў твар і ўдакладніў: — Ад старасты тхне шнапсам, як ад матацыкла бензінам.

Міхась адчуў, што абставіны прыкметна напальваюцца, і міжвольна звесіў галаву. Унтэр-афіцэр паціху даў нейкае ўказанне матацыклісту. Той з’ездзіў да бункера і вярнуўся адтуль за рулём грузавіка, над кузавам якога быў напяты брызент.

— Залазь! — па-нямецку загадаў Міхасю унтэр-афіцэр.

Залазячы ў кузаў, хлопец пачуў за спінаю, як унтэрафіцэр сказаў яшчэ, што паедуць, — і назваў тры нямецкія прозвішчы. Адзін з названых, мусіць, сеў у кабіну, бо адрывісты стук яе дзверцаў адазваўся ў Міхасёвых вушах адзіночным стрэлам. Два другія, з аўтаматамі, неахвотна залезлі ў кузаў. Сярод іх быў і той прысадзісты, што западозрыў у Міхасю разведчыка.

Адбылося гэта настолькі хутка, што хлопец не паспеў ачомацца. «Ну, цяпер усё, капут!» — мільганула ў ягонай галаве.

Грузавік крануўся з месца ў напрамку вёскі. Астатнія салдаты таксама рушылі ўслед за ім.

«Адвязуць падалей — і прыкончаць без усялякіх сведкаў, — рашыў хлопец, калі перад уездам у вёску аўтамашына павярнула ўлева і паехала ўзлескам па прасёлачнай дарозе, якую нядаўна ён пераходзіў. — Як недарэчна сам трапіў у іхнія лапы! Трэба ж было набрысці на гэты ўмацаваны раён? Уцёк ад іспанцаў і апынуўся ў немцаў».

Ззаду, па баках дарогі, ад грузавіка ўцякалі шызыя постаці асінак і белыя з чорнымі радзімкамі бярозкі. Асінкі былі ў зеленавата-сівых, а бярозкі ў ярка-зялёных сукенках. Першыя чамусьці ўяўляліся яму мацеркамі, а другія — іхнімі дочкамі. Здавалася, што мацеркі дрыжаць за лёс сваіх дачок.

Як ён зайздросціў ім! Яму хацелася быць з імі разам. Купацца ў грыбных залевах, выцірацца лагодным ветрыкам, сагравацца пяшчотнымі промнямі, цешыцца воляю. Няўжо гэтыя двое з аўтаматамі пазбавяць яго свету белага і штурхнуць у вечны морак? У памяці паўставала многае з пражытага. Здавалася, пажыў мала, а з асалодаю ўспаміналася гэтулькі добрага і ўцешнага. Час ад часу грузавік дрогка падскокваў на дарожных калдобінах, скаланаў хлопца і крута абрываў ход ягоных думак. Міхась разумеў, што яму ўжо некалі думаць і прыгадваць. Можа, таму, думкі і ўспаміны яшчэ з большай хуткасцю мільгалі ў галаве, нібы разрозненыя кадры кінахронікі, ад чаго ён толькі нерваваўся і не знаходзіў супакаення. Праз гэта і не прыкмеціў, колькі ўжо прагойдала яго выбоістая дарога. Толькі як заўважыў, што грузавік, праехаўшы ладную адлегласць па полі, павярнуў на гравійку, хлопец расшалопаў, што вязуць яго зусім не туды, куды ён думаў. Ён мімаволі ўздыхнуў з палёгкаю, ад чаго трохі расслабілася напружанае цела.

 

1 Выходзь!

2 Хто там?

3 Здаецца, рускі салдат.

4

Прывезлі Сіліча да нейкага лагера, што быў пры самай гравійцы. Хлопца падвялі да лагернай брамкі, за якою стаялі два вартавыя ў незнаёмай форме.

— Загадана даставіць яго вам! — як сапраўдны служака, па-нямецку адрапартаваў ім салдат, што прыехаў у кабіне грузавіка.

— Дзе вы ўзялі яго? — таксама па-нямецку спытаўся адзін з вартавых.

— Затрымалі на беразе Ільменя, — растлумачыў служака.

Вартавы, што пытаўся, дзе ўзялі Міхася, павярнуў твар і цераз плячо крыкнуў у лагерную пустату:

— Пана каменданта!

— Пана каменданта! Пана каменданта! — нібы працяжнае водгулле, пачулася з ахоўных вышак.

Салдаты чакалі моўчкі. Міхась неўпрыкмет употайкі разглядаў іхнюю незнаёмую ахоўнага колеру форму.

Тым часам з лагера да брамы ўладнай хадою ішоў чалавек у бліскучых крагах і ў галіфэ, з пілоткаю на галаве. Ад ягоных крывых ног з выгнутымі ў бакі каленямі здавалася, што ён пры хадзьбе злёгку пагойдваецца ў плячах. Міхась зразумеў, што гэта камендант лагера. Хлопец разгледзеў яго ядавіта-жоўтую форму, з адтапыраным чорным кабуром на левым баку і на чырвонай нарукаўнай павязцы прачытаў слова «тодт». Ён ведаў, што ў нямецкай мове гэтае слова абазначае «смерць», але не памятаў, як яно правільна пішацца. Ад гэтай павязкі і ад лагернага запусцення патыхнула мярцвячынаю. «Калі суджана памерці, дык не мінеш смерці... Трапіў з агню ды ў полымя».

Пасля таго як салдаты выкінутай прыўзнятай рукою ўзаемна павіталіся з камендантам, ён абыякава выслухаў завучаныя словы служакі: «Загадана даставіць яго вам!» і, перш чым дазволіць вартавым упусціць палоннага ў лагер, пранізліва паглядзеў у Міхасёў твар бліскучымі чорнымі вачамі. Камендантаў позірк працяў хлопца навылёт і магічна ўздзейнічаў на ягоную псіхіку. Штосьці дэманічнае было ў абліччы гэтага чорнавалосага чалавека з прамым даўгаватым носам, шырокім ротам і характэрнымі мышцамі на шчоках. Міхась чамусьці не мог уявіць сабе, каб гэтакі твар здольны быў усміхнуцца.

Уваходзячы праз брамку за агароджу, хлопец падумаў, што дарэмна паддаўся самападману: прыазёрны унтэр-афіцэр, напэўна, ведаў, куды яго справадзіць.

Бязлюддзе ў лагеры выклікала падазронасць. Але яшчэ не паспеў Міхась дайсці да сярэдзіны двара, як з насцеж расчыненых дзвярэй нейкай прыбудовы словамі «ком хэр!» і таямнічым кіўком пальца яго паклікаў нізкі чалавек, таксама ў ядавіта-жоўтай форме і з павязкаю «тодт» на рукаве. Насцярожаны хлопец нерашуча пераступіў парог змрачнаватай капцёркі, што прапахла ці то дэнатуратам, ці то пакостам, і з сонечнага святла не адразу разгледзеў за сталом белабрысага чалавека ў зеленаватай палатнянай спяцоўцы.

З абодвух бакоў над яго скронямі тырчэлі касмылі непадатлівых русых валасоў і над вачамі навісалі калматыя бровы. Калі б на губах былі яшчэ вусы, увесь выраз твару нагадваў бы каціны, досыць задаволены, з лянівым паглядам вачэй. Перад ім ляжаў разгорнуты канторскі гросбух і каля стала пры сцяне стаяў кій.

— Яшчэ адна прапашчая душа! — невыразна прамармытаў па-нямецку белабрысы, беручы самапіску.— Прозвішча, імя і імя па бацьку? — ляніва запытаўся ён, не адрываючы вачэй ад гросбуха.

Міхась, не спяшаючыся і выразна вымаўляючы, называў кожнае слова, а немец, не перапытваючы, павольна запісваў. Потым ён нагнуўся, узяў са скрыні за сталом прамавугольную пласцінку з матузком і насупраць Міхасёвага прозвішча запісаў выціснутыя на ёй лічбы, а яе падаў прысадзістаму. Той пальцамі абедзвюх рук паказаў, каб хлопец расшпіліў каўнер гімнасцёркі. Сіліч няўпэўнена выканаў гэтае патрабаванне. Прысадзісты праз галаву надзеў яму на шыю матузок з пласцінкаю.

Міхасёвы грудзі міжвольна ўздрыгнулі ад настылага металу, і ўвесь хлопец аж злёгку скалануўся.

— Сядай і трохі нагніся! — па-нямецку загадаў прысадзісты і, відаць, упэўнены ў тым, што хлопец не разумее сказанага, сам паказаў, як Сілічу трэба сесці на табурэт.

Хлопец нясмела сеў і насцярожана паглядаў то на кій, то на абодвух немцаў, чакаючы, што яны збіраюцца рабіць.

Белабрысы неахвотна ўстаў з-за стала, схадзіў у кут і прынёс адтуль бляшанку з бяліламі і з квачом. Міхасю ў нос тхнула самагоначным перагарам. Хлопец не зразумеў, адкуль гэты пах: ад бляшанкі ці ад немца.

Прысадзісты ўзяў паміж сталом і сценкаю бляшаны ліст з выразаным вялізным трафарэтам, прыклаў яго да

Міхасёвых плячэй і квачом пачаў распэцкваць на іх бялілы.

У хлопца было такое адчуванне, як быццам яго не па плячах, а па твары здзекліва квэцаюць квачом з фарбаю. «Нябось стаячаму ён не дацягнуўся б да плячэй!» — ухмыльнуўся хлопец, міжволі скурчваючы іх, адчуўшы вільготную прахалоду бялілаў. Некалі ён бачыў, як незнаёмыя людзі з трафарэткамі смярдзючай чорнай фарбаю нумаравалі тэлеграфныя слупы каля чыгункі. А немцы бяліламі кляймуюць людзей. Да чаго дадумаліся!

Грудзі распірала нясцерпная крыўда на белабрысага і прысадзістага, якія на плячах намазалі нязмыўнае кляймо, а на шыю, як бязмозгламу барану, пачапілі бірку. Не лічаць за чалавека!

— Здымай боты! — па-нямецку загадаў прысадзісты.

Сіліч не падаў выгляду, што разумее па-нямецку. Ад знявагі ён усё роўна як анямеў. І цяпер быў задаволены, што з самага пачатку не вымавіў ніводнага нямецкага слова. Гаварыць з імі было б для яго абразаю. Прысадзісты паказаў жэстамі, каб хлопец разуўся.

Міхась зіркнуў на кій, нехаця, павольна сцягнуў з ног боты, а лыжку, што вывалілася з халявы, паклаў у кішэню портак. Анучы не стаў раскручваць. Прысадзісты ўзяў з падлогі боты і падаў белабрысаму. Той пайшоў з імі да паліц, што цягнуліся ўсцяж бакавой сценкі, доўга корпаўся там і нарэшце прынёс калодкі.

«Наўмысна здзекуюцца, сволачы!» — мільганула ў хлопцавай галаве, калі прысадзісты шпурнуў да ягоных ног калодкі з ружаватай альховай драўніны і загадаў: «Абувайся і выходзь!» — «Ну вось, а ты не ведаў, для чаго прыдатна альховая драўніна, якую некалі кляла маці? Немцы робяць з яе клюмпы для нявольнікаў».

Міхась усунуў ногі ў калодкі, але сумеўся, не ведаючы, куды падзець узлахмачаныя верхнія канцы ануч.

— Шнэль! — падганяў прысадзісшы.

Унізе портах і споднікаў хлопец таропка развязаў завязкі, закасаў калашыны, пад ніз іх акуратна заправіў верхнія канцы ануч, зноў пазавязваў завязкі, устаў з табурэта і ступіў праз парог, баючыся, каб напаследак каратыш не аперазаў кіем.

Адчуваў ён сябе як пабіты. Ад знявагі не толькі пякуча смылела душа, але і тупа ныла цела. Як быццам бы з яго выматалі духі і апустошылі ўсё ўсярэдзіне.

З непрывычкі ісці ў калодках было нязручна. Падэшвы іх не прагіналіся, і пальцы ў выдзеўбаных насах не рухаліся, а пяты пры кожным кроку падымаліся і вылазілі з неглыбокіх заднікаў. Міхась ледзьве даклыпаў да шурпатай калоды, якая адзінока стаяла ў канцы двара, і вымушаны быў прысесці на яе, бо адчуў, што з-пад штанін выпаўзаюць анучы. Гэтак у маленстве ў яго спаўзалі разбэрсаныя аборы лапцей.

«Калі б тымі забараснямі папрывязваў гэтыя калодкі, дык, можа, было б хадзіць зручней дый анучы не апаўзалі б. Бірку з шыі заўсёды скінуць можна. А як у халадэчу вылузнуцца з кляймаванай гімнасцёркі ды з кайданоўкалодак?»

З гэтымі самотнымі думкамі і панурым настроем ён абыякавым позіркам абводзіў сетку прасторнай драцяной клеткі, у якую яго кінулі і акальцавалі, як пералётнага птаха, што вяртаўся з выраю. Прасторнаю клетка выглядала таму, што была парожняя. Невялікі прамавугольны ўчастак зямлі аточвала высокая калючая агароджа ў два рады, паміж якімі пуставала нейтральная палоса, крокі ў чатыры шырынёю. Усцяж агароджы літараю «Г» цягнулася прысадзістая пабудова з падслепаватымі акенцамі, мабыць, наспех прыстасаваная для часовага жылля.

З аднаго боку лагера, за гравійкаю, відаць было поле, што злева паката збягала ў мурожную даліну. А з другога, за адзінокімі кустамі, набліжаўся радкавы ўзлесак, з якога сіратліва вытыркаліся тэлеграфныя слупы з абарванымі правадамі. Напэўна, там была чыгунка.

Пад вечар нямецкія аўтаматчыкі прывялі да лагера калону палонных. Пасля таго як вартавыя ўпусцілі яе ў вароты, пад’ехалі крытыя грузавікі, забралі і павезлі салдат. З калоды Міхась назіраў, як палонныя ў драўляных калодках і з белымі аршыннымі літарамі на плячах разбрыдаліся па двары і зашываліся ў памяшканне.

Да калоды падышлі двое: каржакаваты з шырокім разлётам брывоў мужчына і цыбаты драбнатвары, з маленькімі рыбінымі вачамі хлопец.

— Атрымаемо кандзёр — і пойдземо адпачываці, — разважліва прамовіў мужчына, усаджваючыся на вольны край калоды. — Сядаймо, Паўло: у нагах праўды няма.

— Праўда дзесьці запрапасцілася, Багдан Платонавіч. Нагамі яе не знойдзеш. Галавою трэба раскумекаць, як шукаць, — адказаў хлопец, таксама сядаючы поплеч.

— Скажыце, а ў што наліваюць кандзёр? — наіўнавата спытаўся Міхась, аблізваючы сасмяглыя губы.

— А ў што ты ранкам атрымліваў? — не паварочваючыся, здзівіўся мужчына. — Нальюць у любую бляшанку, якую прасунеш у акенца. Хоць і ў пілотку.

— Дык і пілоткі ж няма, — са шкадаваннем, разгублена вымавіў Міхась.

Хлопец і мужчына амаль адначасова павярнуліся, уважліва разглядаючы яго.

— Мяне толькі што прывезлі, — апраўдваўся Сіліч, ніякавата адчуваючы сябе перад іх позіркамі.

— Нас усіх толькі ўчора прывезлі, — адказаў мужчына. — Нямецкія сапёры наспех перабудоўваюць пад жытло склады і стадолы. У сябе ў Нямеччыне яны навучыліся выгароджваць калючым дротам лагеры. Кажуць, тут быў кароўнік.

Запанавала прыкрае маўчанне. Першым парушыў яго Паўло.

— Станемо разам і на двух атрымаемо ў мой кацялок, — спачувальна сказаў ён.

Сіліч быў удзячны яму за таварыскую прапанову, што ў журботную часіну не магла не расчуліць самотную душу. Канечне, чуллівасць — пачуццё хвіліннае, а ў такіх абставінах яно асабліва мімалётнае. Але чалавек, у якога падцягнула вантробы, не лунае ў летуценнях, а падае духам і не можа не думаць пра тое, як бы набіць жывот. Міхась так выгаладаўся, што хоць і моўчкі, але ахвотна прыняў спачувальную прапанову незнаёмага хлопца.

У калоне, якая выстраілася атрымліваць ежу, яны сталі побач і разам прайшлі ў шарэнзе паўз акенца кухні. Сусед прасунуў у яго салдацкі кацялок і нясмела папрасіў: «На двух». З акенца спачатку прыдзірліва выглянулі вочы строгага правяральшчыка, а потым нейчая рука спрытна выкуліла ў кацялок два чарпакі жыжкі і паклала на падаконнік дзве пайкі хлеба. Прагнымі вачамі Міхась разгледзеў і прымітыўны чарпак — васьмісотграмовую бляшанку з-пад кансерваў, прымацаваную да кія, і ягонае змесціва — рэдкую каламутную бурду. А пайкі хлеба былі чацвярцінкамі квадратнага бохана. Палуднаваць Паўло запрасіў Міхася на нары.

— Там сябе адчуваеш утульней дый паясі па-панску, лежачы, — даводзіў ён на хаду.

Як толькі яны ўвайшлі са двара ў памяшканне, Сіліча абдало цяжкім духам шматлюднасці ды кінулася ў вочы непрыстасаванасць гэтай будыніны для жытла. Усярэдзіне яна вельмі нагадвала доўгую нізкую стадолу, па абодва бакі якой цягнуліся суцэльныя двух’ярусные нары. Дзённае святло, што пранікала праз падслепаватыя акенцы пад верхнімі нарамі, скупа асвятляла ніжнія і падлогу на праходзе. Прастора ад верхніх нараў да столі, асабліва з бакоў, была запоўнена прыцемкам.

Паўло з Багданам Платонавічам займалі месцы непадалёку ад увахода, злева на ніжніх нарах. З краю іх цяпер і сеў дзядзька са сваёй кансервавай бляшанкаю, якраз такою, як той кухонны чарпак. Абодва хлопцы — адзін на правы, а другі на левы бок — леглі на шурпатых негабляваных дошках і адразу ж пачалі апаражняць круглы салдацкі посуд. Адкусвалі са сваіх паек хлеб і нетаропка і строга па чарзе, сёрбаючы, то адзін за адным зачэрпвалі зверху жыжку, то намагаліся вывудзіць са дна гушчу, але тая ніяк не трапляла ў лыжкі. Кандзёр быў згатаваны невядома з чаго, меў прысмак вялай прарослай бульбы і прыпахваў нечым пратухлым. Але галоднаму некалі смакаваць ды прынюхвацца, асабліва калі двое ядуць супольна і ўвесь час як быццам чакаюць кожны сваёй чаргі, а тым самым і прыспешваюць адзін аднаго.

— Міхайла, дык ты ўжо і заставайся з намі. Дзе табе шукаць месца сярод незнаёмых? А мы, як свае, трошкі пацяспімося, — лагодна прапанаваў Багдан Платонавіч, калі ўбачыў, што хлопцы апаражнілі кацялок.

— У цеснаце, ды не ў крыўдзе, — падтакнуў Паўло. — Украінцы з беларусамі спакон вякоў жывуць па суседстве: і ніколі ім не было цесна.

Мусіць, дзядзька напрактыкаваным вокам адразу ж прыкмеціў, што абодвум хлопцам разам лепей. Малады да маладога заўсёды горнецца. Са старэйшым адчувае сябе скавана. А так і Паўлу будзе з кім адвесці душу. Няхай сабе шчыруюць пад ягоным наглядам.

Сіліча таксама задавальняў гэтакі паварот справы. Яму не хацелася ісці адсюль, а тым болей сноўдаць па стадоле, шукаючы сабе месца на нарах. Дый сапраўды, дзе ты ўшчэмішся сярод незнаёмых? З самага краю нараў, канечне, не ўладкуешся, бо ў цеснаце спрытнюгі даўно захапілі прывольныя месцы.

З Паўлом Міхась адчувае сябе па-свойску, хаця той на чатыры гады малодшы. У нейкай меры абодва яны былі калегамі. Паўло ўвесну 1941 года скончыў педвучылішча. Канечне, педвучылішча гэта яшчэ не тое, што педінстытут, прычым сталічны. Але ўстанова, у якой вучыўся Паўло, знаходзілася ў славутым абласным цэнтры на Украіне і гэта ў Міхасёвых вачах уздымала яе прэстыж. Абодва яны хутка паразумеліся, бо лёгка знайшлі пра што гаварыць між сабою.

Багдану Платонавічу было год сорак. З абветраным загарэлым тварам, прыгожым носам з гарбінкаю і выцвілымі брывамі над шэрымі вачамі выглядаў ён чалавекам валявым. Напэўна, такі выгляд надавалі яму бровы, нібы развінутыя крылы птаха, што лунае ў бязважкасці. Па дзядзькавых паводзінах адчувалася, што ён чалавек лагодны і справядлівы, са спагадлівым характарам і чулым сэрцам. Сіліч зразумеў гэта, калі даведаўся, што Багдан Платонавіч — рабочы. Да вайны ён жыў у Кіеве. Спачатку працаваў бляхаром, а потым набыў прафесію дахаўшчыка.

Быццам ад каменя, што кінулі ў ваду, на паверхні разыходзяцца кругі, гэтак і ад Міхасёвага сэрца мерна адкочваліся шчымлівыя хвалі, узнятыя людскім спачуваннем і спагадаю. Яны ўлагоджвалі скаланутую стрэсам душу. Трошкі сагрэты імі і капдзёрам з сярэдзіны, а цеплынёю суседскіх целаў — з бакоў, Міхась міжвольна здаўся сну. Спачатку намагаўся не паддавацца ліпучай дрымоце, імкнуўся вяла падтрымліваць супольную гаворку, але стома ад беганіны і перанапружанне ад трывогі за дзень узялі сваё. Як лёг на правы бок, дык у такім становішчы і праспаў да пад’ёму. Сярод начы яго нават не разбудзілі гулкія вінтовачныя стрэлы. Толькі пасля пад’ёму, калі распаўсюдзілася чутка, што ахова ўначы застрэліла за агароджаю двух уцекачоў, угледзеў на траве за будынкам целы забітых.

Ад таго, што хутка заснуў звечара, і ад таго, што не прачнуўся ад страляніны ўначы, цяпер ніякавата адчуваў сябе перад абодвума суседзямі. Але гэтую няёмкасць адразу ж захліснула ўздыбленая хваля ўсеагульнага непакою. Нібы разварушаны мурашнік, лагер насцярожана назіраў за тым, як чатыры вартавыя, трымаючы вінтоўкі напагатове ды незразумела лаючыся і выкрыкваючы слова «курат!» прымусілі трох палонных закопваць забітых.

— Бач, як эстонцы практыкуюцца, несучы каравульную службу, — ні да каго не звяртаючыся, прамовіў Багдан Платонавіч.

«Значыць, гэта эстонскае падраздзяленне, сфарміраванае гітлераўцамі, — зразумеў Міхась. — Выходзіць, што і там фашысты навербавалі верных паслугачоў». Але калі схамянуўся, што ў Эстоніі ўсяго толькі год была савецкая ўлада, адагнаў ад сябе гэтую думку і супакоіўся.

— Мала што цябе падганяюць... Людыну належыць хаваць па-людску! — зазначыў Багдан Платонавіч хударляваму хлопцу-далакопу, аднаму з тых, хто закопваў забітых і цяпер спыніўся паблізу.

— Па-людску пахаваць нельга было, дзядзька, — вінавата апраўдваўся той. — Там пад забалочанай глебай — торф... А спадыспаду яго сочыцца вада...

Далакоп расказаў, што ногі забітых былі захвендраны. Лагерная прыбіральня прыбудавана да сцяны стадолы. Уцекачы праз дзюркі ў падлозе апусціліся ўніз, адчынілі над сабою люк, праз які павінны апаражняць прыбіральню, — і вылезлі на волю. Але на ўчастку, што асвятляўся ўначы поўняю, з ахоўных вышак іх заўважылі вартавыя.

— У дзярмо нечага лезці для таго, каб паміраць. А мёртваму ўсё роўна, як яго пахаваюць, — удакладніў Паўло, спрабуючы прымірыць абодва бакі.

Сіліч змоўчаў, хаця яго пакрыўдзілі гэтыя словы. Сам жа ён учора не задумваўся над тым, куды лезе, ныраючы ў капуснае міжраддзе. Сваёй цёплай крывёю ён таксама мог апырскаць настылыя крамяныя качаны. І яму стала не па сабе, калі ўявіў, як у тарфяніку, пад забалочанай глебаю, халодная рудая вада абвалаквае два астылыя целы ў гімнасцёрках.

— Людына павінна заставацца людынаю, а не апускаціся да жывёліны, — павучальна рассудзіў Багдан Платонавіч.

За кухонным акенцам Паўлу з Міхасём палілі ў кацялок два чарпакі кіпеню. Хлопцы высербалі яго лыжкамі. Строем атрымлівалі сняданне, а ледзьве паспелі высербаць кіпень, як зноў загад выходзіць на пастраенне. Па тым, як неарганізавана выстройваўся лагер, адчувалася, што ў ім яшчэ няма падганятых.

Пакуль палонныя вяла выстройваліся ў калону па чатыры, да яе набліжаліся камендант і двое немцаў, што ўчора клеймавалі Міхася. Энергічным узмахам рукі камендант на хаду моўчкі даў зразумець, што ён хоча штосьці абвясціць. Амаль адначасова з тым, як настала цішыня, ён спыніўся, шырока ставячы цыркуль сваіх крывых ног, і па-нямецку гучна запытаўся:

— Хто гаворыць па-нямецку?

Сіліч разумеў пытанне, але маўчаў. Учора ў часе кальцавання ён быў рады, што не выдаў свайго ведання нямецкай мовы. А тут тым болей няма чаго вытыркацца наперад. Ён ужо навучаны горкім вопытам.

З калоны таксама ніхто нічога не адказаў.

Відаць, камендант гэтага не чакаў, бо трошкі сумеўся.

«А хто хоць трохі разумее нямецкую мову?» — ужо іначай паўтарыў ён пытанне пасля некаторай замінкі, нецярплівым позіркам абводзячы палонных.

— Іх! — вымавіў хтосьці ў канцы калоны.

Усе павярнулі ў той бок твары, але ўбачылі не чалавека, а невысока ўзнятую руку.

— Ком хэр!1 — прамовіў камендант, мабыць, таксама пе ўгледзеўшы таго, хто падняў руку, і кіўком пальца паклікаў яго да сябе.

Расштурхоўваючы пярэднія шарэнгі, з задніх ледзьве выбраўся і нерашуча падышоў да яго чарнявы лупаты хлопец у пілотцы, з шынельнай скаткай цераз плячо. Ён быў настолькі недарослы і шчуплы, што камендант грэбліва перасмыкнуў твар і яхідна спытаўся па-нямецку?

— Чаму ж ты адразу не адклікнуўся?

Хлопец моўчкі перавёў дыханне.

— Таму што дрэнна размаўляю па-нямецку. Я чакаў, што абзавецца хто-небудзь, хто можа гаварыць лепей за мяне. А разумець я разумею нямецкую мову, — запінаючыся пасля некаторых слоў і збіраючыся з думкамі пасля кожнага сказа, нясмела апраўдваўся ён грамавым басам, ад чаго калона здзіўлена ажывілася.

Камендант недаверліва ўхмыльнуўся.

— Скажы ім, — ён кіўнуў галавою ў бок палонных і, выкінуўшы перад сабою рукі, развёў іх у бакі, — каб яны перастроіліся ў дзве шарэнгі. Разумееш?..

— Я! — сцвярджальна адказаў недаростак і па-вайсковаму, нібы толькі гэтага і чакаў, гучна загадаў:

— Внимание! Первые две шеренги, слушай мою команду. Вперед прямо перед собой шагом м-а-а-арш! Раз, два, раз, два, левой, раз, два, раз, два, левой!..

Ці то ў выніку таго, што людзі перажылі за некалькі апошніх дзён, ці то наогул не жадаючы падначальвацца нейкаму самазванцу, абедзве першыя шарэнгі неяк нязладжана і не па-страявому рушылі з месца. Калі хвост іх апынуўся насупраць сярэдзіны нерухомага строю, недаростак скамандаваў:

— Внимание! Направляющие, левое плечо вперед, прямо перед собой м-а-арш!

Спыніў ён шарэнгі, як толькі іхні хвост параўняўся з галавою нерухомага строю, і павярнуў палонных тварам да каменданта. У сваю чаргу прарабіў тое ж самае з дзвюма заднімі шарэнгамі, толькі спачатку павярнуў іх кругом, трохі адвёў і таксама развярнуў.

— О, дык ты руплівы салдат! Камандуеш як афіцэр! — ці то з пахвалою, ці то з насмешкаю па-нямецку прамовіў камендант. — Будзеш перакладчыкам.

— Яволь! — паслужліва адказаў недаростак, выцягваючыся ў струнку і яшчэ болей вытрэшчваючы свае і без таго лупатыя вочы, ад чаго на ягоным твары ўзнік выраз дурнаватай самазадаволенасці.

Камендант паказаў рукою, каб недаростак заставаўся на месцы, а сам з прыкметна прасветленым тварам накіраваўся да левага флангу.

— Замухрышка! Бог абдзяліў чалавека ростам, дык затое даў яму грамавы голас, — паціху пакпіў Міхась.

— Гэты курдупель яшчэ ў чэраве маці стаў паслухмяным халуём! — зазначыў Багдан Платонавіч, які стаяў побач.

Паўло прамаўчаў.

Асноўная маса палонных, вядома, нічога не зразумела з таго, што гаварыў камендант з недаросткам, і таму дзве насцярожаныя шарэнгі, разведзеныя ўшыркі і з абодвух канцоў заломленыя пад прамым вуглом, нагадвалі расцягнутую спружыну, што, распрамляючыся, можа імгненна скараціцца. Здавалася, што яна знаходзіцца пад высокім напружаннем або намагнічана.

Камендант павольна пайшоў усцяж яе, сваім позіркам пранізліва зазіраючы ў твары палонных, нібы кагосьці шукаючы сярод іх або прыцэньваючыся да кожнага. Праз крокаў дваццаць ён раптам утаропіўся ў нейчы твар, на імгненне прыпыніўся, агледзеў палоннага з ног да галавы, потым кіўком пальца выклікаў таго са строю і паказаў рукою, каб ён ішоў да недаростка. А сам нетаропкай хадою рушыў далей, пакуль праз некалькі крокаў зноў гэтак жа не вылучыў яшчэ аднаго чалавека.

Участкі шарэнгаў, якія мінаў камендант, адразу ж нібы адключаліся з-пад напружання або размагнічваліся: палонныя расслабляліся і спачувальнымі позіркамі праводзілі вылучаных са строю. А далейшыя канцы шарэнгаў па-ранейшаму былі пад напружаннем, бо кожны чалавек у іх, не разумеючы, што адбываецца, насцярожана чакаў, ці не вылучыць камендант яго самога.

Не затрымліваючыся, толькі мімаходзь, камендант слізгануў позіркам па Міхасёвым твары. Хлопец нават не паспеў адчуць, як учора, дэманічнасці ягонага пагляду.

Камендант павольна прайшоўся ўсцяж абедзвюх шарэнгаў і вылучыў з іх яшчэ трох палонных. Вылучаныя стаялі перад цэнтрам строю, побач з недаросткам. Камендант нетаропка накіраваўся да іх. Хаця палонныя ў страі трохі расслабіліся і адчувалі сябе вальней, але ўсё роўна насцярожана чакалі, чым скончыцца гэтая падазроная цырымонія.

— Я прызначаю іх наглядчыкамі, — па-нямецку абвясціў камендант недаростку, торкаючы рукою ў бок пецярых вылучаных, падкрэслена ігнаруючы ўвесь астатні строй. — Яны будуць праводзіць пастраенні і сачыць за парадкам у лагеры і на працы.

Хаця тое, што сказаў камендант, недаростак пераклаў толькі вылучанай пяцёрцы, але сярэднія ланцугі строю таксама пачулі сказанае і з маўклівым гневам і абурэннем выплеснулі з сябе напружанне, нібыта ў іх адбылося кароткае замыканне.

Ці то пад уздзеяннем гэтага, ці то ў выніку нечаканага павароту справы, на тварах прызначаных наглядчыкаў прамільгнула збянтэжанасць. Яе адразу ж развеяў немец, які ўчора вешаў бірку на Міхасёву шыю.

— Скажы ім, каб яны таксама ўзялі кіі! — з яхіднай усмешкаю па-нямецку загадаў ён недаростку і памахаў у паветры ёмкім кіем.

Прызначаныя наглядчыкі разгублена глядзелі на немца і, лыпаючы вачамі, не разумелі, што ён кажа. Недаростак пераклаў ім ягоны загад.

— Хто гэта? — паціху спытаўся Міхась у Багдана Платонавіча.

— Кажуць, нейкі майстра, — няўпэўнена адказаў той.

— А другі немец — хто?

— Намеснік каменданта.

«Майстра забіваць! Камендант смерці? — не цяміў Сіліч, разглядаючы незразумелыя нарукаўныя павязкі з надпісам «тодт» то ў аднаго, то ў другога. — А гэтыя ж дазорцы — свае людзі, але не адмаўляюцца быць паслугачамі фашыстаў? Што яны збіраюцца рабіць?.. Цікава, па якіх адзнаках падбіраў іх камендант?.. Па тупаватых абліччах? А можа, ён гіпнатызаваў кожнага сваім дэманічным позіркам?»

Сіліч нетаропка разглядаў іхнія постаці і твары. Двое з іх былі статныя, яшчэ маладжавыя мужчыны: адзін — дзюбаносы з задзірыстым паглядам, другі — смуглы, з суцэльнымі чорнымі брывамі над пераноссем і з хітраватым цыганскім выразам. Трэці — сярэдняга росту, стары, з выпуклымі скуламі на шчоках, як сыч. Чацвёрты і пяты — нізкія, але камлюкаватыя, пажылога веку, адзін — сярдзіты з выгляду, а другі — з акамянелым тварам. Не сказаць, што ў іхніх абліччах тупаватыя выразы, аднак твары ва ўсіх — каларытныя. Тыпы — на падбор.

 

1 Хадзі сюды!

5

Калі да лагера пад’ехалі вялізныя грузавікі і пярэдні спыніўся насупраць брамы, камендант загадаў перастроіць палонных у калону па чатыры чалавекі. Каратыш гучна пераклаў гэта, але сам не стаў аддаваць ніякіх камандаў, а паказаў рукою наглядчыкам, каб яны выконвалі загад шэфа. Тыя паводзілі сябе па-рознаму. У той час як высокі, дзюбаносы, з дзёрзкім паглядам і стары, надзьмуты як сыч, пачалі падштурхоўваць людзей, якія выйшлі з шарэнгаў і збіліся ў гурт, абодва нізкія, камлюкаватыя, разгублена стаялі, не ведаючы, што ім рабіць, а смуглы, з хітраватым цыганскім выразам нават спярша сам памкнуўся стаць у агульны строй, але потым збянтэжана выйшаў.

Шарэнгі развальваліся і перастройваліся абы-як.

Нарэшце лагер выстраіўся. У браме ахова ўважліва адлічвала палонных. Іх загружалі ў аўтамашыны. Ззаду ў кузаў залазілі нямецкія аўтаматчыкі. Запоўненыя грузавікі адыходзілі ўперад, а на іх месца пад’язджалі наступныя.

Сіліч, Паўло і Багдан Платонавіч стаялі ў самым хвасце строю і таму трапілі ў апошнюю машыну. Міхась налічыў у калоне пяць грузавікоў. У кузаў людзей уціснулі па пяць чалавек на лаўку. Пасадзілі спінамі да кабіны, а праз невялікі прамежак апошнюю лаўку занялі чатыры салдаты з аўтаматамі, накіраванымі ў твары палонных. Седзячы каля кабіны, Міхась разгледзеў, што палонныя займаюць у кузаве чатыры лавы. Мяркуючы па колькасці пададзеных грузавікоў, у лагеры чалавек сто палонных.

«Дзеля чаго фашыстам такі невялікі лагер з майстрам і камендантам смерці? Знішчаць людзей? Дык у вялізным жа і знішчаць зручней, і знішчыць можна болей... А можа, гэта перавалачны пункт, з якога палонных вывозяць, а на месца вывезеных прывозяць іншых?»

Праехалі яны не болей дзесяці кіламетраў. Салдаты злезлі, адкінулі задні борт кузава і загадалі палонным вылазіць. Парожнія аўтамашыны ад’язджалі, а высаджаныя гаротнікі купкамі стаялі на гравійцы і насцярожана паглядалі навокал, не ведаючы, што з імі збіраюцца рабіць. Толькі пасля таго, як за кюветамі паабапал гравійкі жывым ланцугом расцягнуліся аўтаматчыкі, людзі пачалі супакойвацца, падазраючы, што іх прывезлі на працу.

Майстра сказаў штосьці карантаю-перакладчыку. Той хуценька праклыпаў малымі крокамі да найбольшай купкі палонных і гучна абвясціў:

— Разбірайце інструмент! Будзеце рамантаваць дарогу!

Цяпер многія звярнулі ўвагу на невялікія конусы пяску і крушні камення па абочынах усцяж гравійкі.

Паўло, Міхась і Багдан Платонавіч услед за іншымі неахвотна падышлі да кучы зваленага інструменту. З яе, нібы з лаўжа, вытыркаліся дзяржальні грабарскіх лапат, штыхавых рыдлёвак, кірак і молатаў. Каб не разлучацца, Паўло з Міхасём нетаропка ўзялі насілкі, а Багдан Платонавіч — саўковую лапату.

Гравійка была густа павыбівана неглыбокімі калдобінамі і выглядала як твар, падзяўбаны воспаю.

Майстра з вінтоўкаю, што, быццам у паляўнічага дубальтоўка, вісела па шыі перад жыватом, важна расхаджваў, абапіраючыся на кій, і цягаў за сабою недаростка-перакладчыка, праз якога аддаваў загады і паказваў палонным, што яны павінны рабіць. Цяпер Сіліч добра разгледзеў ягоны гладкі бабскі твар без слядоў барады і вусоў і малыя вочы, што заплылі тлушчам.

«Ці ён і сапраўды дарожны майстра, ці толькі прыкідваецца ім», — думаў хлопец, падазрона паглядаючы на незразумелую нарукаўную павязку немца і няўважліва слухаючы, як ён тлумачыць Багдану Платонавічу, колькі лапат пяску і друзу трэба змешваць, перш чым сумесь іх насыпаць на насілкі.

— Мы такую мешаніну зрабімо, што і пясок павыветрываецца, і шчэбінь павымываецца, — хітравата сказаў Багдан Платонавіч, калі немец з перакладчыкам пайшлі да маладога палоннага, што з молатам у руках сноўдаў кругом вялізнага каменя. Той заўважыў, што яны накіроўваюцца да яго, — і зрабіў выгляд, нібыта прымяраецца, з якога боку лягчэй раструшчыць камень.

Палонныя ўсяляк ухіляліся ад працы. Толькі тыя, да каго набліжаліся майстра з перакладчыкам, пачыналі кешкацца, рабілі выгляд, што працуюць. Хутка немец прыкмеціў, як яны паводзяць сябе, і, заспеўшы знянацку, нядбайных пачаў дубасіць сваім кіем. Праўда, размахваўся ён нязграбна, відаць, яшчэ не напрактыкаваўся біць, таму, напэўна, і ўдары былі небалючыя.

Але ў Сіліча яны выклікалі гнеў і абурэнне: хто даў яму права біць людзей? Сталы, а лупцуе дарослых. Лічыць сябе звышчалавекам. Для яго палонныя — не людзі, а быдла. Але як ні стараўся майстра, а не мог управіцца з непаслухмянымі. Тыя, да якіх ён набліжаўся, рабілі выгляд, што варушацца, а тыя, ад якіх адыходзіў, адразу ж замаруджвалі рухі.

Задыханы ад безупыннага сноўдання, ён крычаў на наглядчыкаў, чаму яны стаяць як пабочныя назіральнікі. Праз перакладчыка загадаў, каб тыя таксама ўзялі кіі. Калі недаростак пераклаў ягоны загад, палонныя насцярожыліся ў чаканні, што будзе далей. Наглядчыкі замітусіліся. Стары, надзьмуты як сыч і высокі, дзюбаносы, з задзірыстым позіркам палезлі з абочыны праз кювет туды, дзе сям-там валяліся рэшткі непрыбранага ссечанага драбналесся. Палахліва зіркаючы спадылба на бліжэйшых салдат, каб тыя не паласнулі па іх з аўтаматаў, паспешліва выбралі хлудзіны і, на хаду абцярэбліваючы іх, шмыгнулі назад на гравійку. Тое ж самае, але смялей, зрабілі абодва пажылыя, камлюкаватыя. Толькі смуглы, з хітраватым цыганскім выразам неахвотна пералез праз кювет, узяў першую, што трапіла на вочы, вершалінку бярозкі і нетаропка вярнуўся, не адломліваючы з яе галінак.

— Яшчэ да сценкі іх не прыставілі, а яны ўжо гатовы прыслужваць, — з агідаю плюнуў Багдан Платонавіч і злосна скрыгануў лапатаю, зачэрпваючы друз.

— Няўжо свае будуць прымушаць нас працаваць на ворага? — недаверліва спытаўся ў яго Міхась, употай кідаючы позіркі на смуглага наглядчыка, што спыніўся непадалёку і марудна адломліваў з бярозкі галінку за галінкаю.

— Свой не стаў бы рабіць кій, — наўмысна, каб чуў дазорац, уголас адказаў Багдан Платонавіч.

На шчоках наглядчыка ледзь прыкметна пачырванела смуглая скура. Ён таропка адламаў вяршок бярозкі, рашуча шпурнуў яго ў кювет і рушыў прэч уздоўж абочыны.

«Нябось дзесьці на дне душы яшчэ ўтойваецца кролля сумлення, калі страматой прабіваецца на смуглым твары», — падумаў Міхась.

Аднак нездарма ж кажуць, што чужая душа — пацёмкі. Аказваецца, у іх тая кропля растала каламуццю, што не толькі не адстойваецца і не асядае, але ад якой моташна робіцца іншым.

Неўзабаве чатыры наваяўленыя наглядчыкі далі адчуць моц сваіх рук. Як толькі з хлудзінаў паадломлівалі большыя галінкі, дык адразу ж і ўзяліся за справу. Вецці і сучкі абцярэблівалі ўжо аб спіны і плечы суайчыннікаў, на якіх сваімі кіямі прысягалі ў адданасці чужынцам і вернасці іх новаму парадку. Асабліва выслужваліся двое: стары, надзьмуты як сыч і дзюбаносы, з задзірыстым позіркам. Яны ці то стараліся адзін перад адным, ці то хацелі паказаць свой спрыт перад немцамі.

Надзьмуты хітра прытойваўся, як быццам заняты сам сабою, а на самай справе ўпотайкі выглядаў таго, хто прастойвае, — і пачынаў лупцаваць, штосьці хрыпла прыгаворваючы. Голас яго рыпеў, нібы заіржавелыя ходзікі, калі іх заводзяць, падцягваючы ланцужок. Таму адразу ж адны ахрысцілі яго «драчом», а другія называлі «задзіраю». Дзюбаносы, брыдка лаючыся, ад чаго ў многіх вялі вушы, каршуном накідваўся на ахвяру.

Абодва пажылыя, камлюкаватыя, аж са скуры выпруджваліся, але не маглі памерацца з надзьмутым і дзюбаносым ні спрытам, пі сілаю ўдараў, хоць службу неслі таксама спраўна.

— Майстра — адзін, за ўсімі яму не ўгледзець... Немца лягчэй абвесці вакол пальца... А гэтых вылюдкаў не перахітрыш. Пастаяць не дадуць. Прыйдзецца варушыцца, — заключыў Багдан Платонавіч.

Міхася то, нібы ліхаманка, трэсла злосць, то апаноўвала роспач. Цяпер яго не здзіўляла, што немец лупіць палонных кіем. «На тое ён майстра смерці — думаў хлопец пра ягоную нарукаўную павязку. — Дый ён жа — фашыст. А пры іхнім ладзе ўсё трымаецца на палачнай дысцыпліне. Яны лічаць сябе вышэйшай расаю і ўпэўнены, што ўсіх іншых ім дазволена не толькі лупцаваць, але і знішчаць.

Ну, а гэтыя халуі?! Як яны маглі ўзяць кій і дубасіць сваіх суайчыннікаў, што трапілі разам з імі ў бяду? Хто ў нас бачыў, каб чалавек лупцаваў чалавека? Каб сказаў, што самі пайшлі на службу да немцаў, дык падумаў бы, што яны і ў палон здаліся. А то ж камендант вылучыў іх з усіх. І яны ўжо верныя фашысцкія паслугачы. А іх жа ў нас вучылі, выхоўвалі. Няўжо ў чалавеку настолькі жывучыя жывёльныя інстынкты, што пры спрыяльных умовах ён робіцца зверам? Дык жа і не ўсялякая жывёліна становіцца зверам. А гэта ж — людзі. Хаця якія яны людзі?! Пярэваратні!

Аднак жа гэты статны, з цыганскай хітрынкаю на абліччы штосьці марудзіць, вагаецца залазіць у воўчую шкуру. Чалавечая сумленнасць пераадольвае звярыны інстынкт. Нават смугласць шчок не прыхавала яе сарамлівай пунсовасці. Бярозку ён усё-такі абцерабіў, нават зрабіў з яе кій. Але спачатку неяк няўмела насіў яго пад пахаю, а зараз пры кожным кроку абапіраецца на яго, як на кульбу. Нават спыняючыся і прастойваючы на адным месцы, падпірае сябе ім. Як быццам бы без гэтага апірышча не ўстоіць і ўпадзе».

Тым часам майстра таксама заўважыў, што адзін з наглядчыкаў ухіляецца ад службы, пракопвае ды праходжваецца па абочыне замест таго, каб падганяць і лупцаваць палонных. Яшчэ трохі паназіраўшы за ім употайкі, немец узарваўся:

— Ты на шпацыр выйшаў? Цябе паставілі працаваць! — але кіем не замахнуўся, відаць, баючыся, што ў дазорца таксама дручок.

Наглядчык стаяў як укопаны, нават ніводзін мускул не ўздрыгнуў на ягоным твары. Толькі пасля таго, як перакладчык уголас паўтарыў яму тое, што сказаў немец, ён дзёрзка ўхмыльнуўся, нетаропка пераламаў на калене свой кій, шпурнуў яго ў кювет, а сам, як ні ў чым не бывала, спакойна пашыбаваў да рэшты неразабранага інструменту.

Майстра анямеў ад нечаканасці, а перакладчык залыпаў сваімі лупатымі вачамі. Усе палонныя, што знаходзіліся паблізу, спынілі працу і праводзілі няскоранага пахвальнымі позіркамі. Майстра не заўважыў гэтага, бо ўсё яшчэ не зводзіў вачэй са смельчака і чакаў, што ён будзе рабіць.

А той узяў грабарскую лапату, пайшоў зачэрпнуў ёю пясок, змешаны з друзам, і панёс да бліжэйшай незасыпанай выбоіны. Высыпаў, разраўняў і пайшоў зноў да кучы сумесі. Хадзіў ён не спяшаючыся, працаваў нетаропка, але трымаўся неяк незалежна. Нават калі спыняўся і прастойваў, яго болей пе чапаў майстра і не падганялі іншыя дазорцы. Адчувалася, што ён уразіў немца сваім учынкам і майстра без каменданта не ведае, што рабіць. А наглядчыкі, мусіць, збянтэжыліся і таксама не разумелі, як сябе паводзіць. Не яны ж вылучалі яго са строю і не ім здымаць яго з прызначанай пасады.

Дзень стаяў ясны, пагодлівы. Угары зырка свяціла сонца, рассяваючы навокал свае промні. Здавалася, што яны, як нябачныя струмені, цурчаць і цурчаць у тугім нябесным купале, ад чаго той ціхутка трымціць, пазвоньваючы.

У Сіліча звінела ўвушшу і кружылася напаленая сонцам галава. Ва ўсім целе ён адчуваў слабасць. Магчыма, з непрывычкі, што апынуўся ў нязвычных умовах і згаладаўся. А можа, адбіліся перанапружанне і фізічная стома пасля ўчарашняй бегатні. Калі б не абвестка «міттагэссэн!»1, якую раптам аб’явіў майстра і, паўтараючы, выкрыквалі салдаты, ён не ўстояў бы і асунуўся б на дол.

Аўтаматчыкі штосьці выкрыквалі, падаючы яшчэ нейкую каманду. Перакладчык растлумачыў, што палонныя павінны сядзець па схілах кюветаў паабапал гравійкі. Усе як быццам толькі гэтага і чакалі. Людзі ўрассыпную скочваліся з абочын і бяссільна падалі на гліністую траву. Там, дзе іх ногі страсалі з яе жаўтлявы пыл, яна выглядала зеленавата-салатавай, а не цёмна-зялёнай, як паводдаль ад гравійкі.

Багдан Платонавіч, як чалавек практычны, адразу ж сеў на крутым схіле, міма паверхні якога слізгалі сонечныя промні, і ўбачыў на дне кювета ладны кавалак дзюралевай бляхі, сагнутай у чатыры столкі. Ён таропка ўзяў яе і запхнуў у свой рэчмяшок. Паўло з Міхасём абапал ляглі на спіны, выпрастаўшыся на ўвесь рост і ўпёршыся нагамі ў дно кювета. А тым, хто зазяваўся, месцы дасталіся толькі на асветленым схіле, куды промні падалі насторч і прыпякалі ў твар, як праз павелічальнае шкло.

Нібыта ў дрымоце, Міхась адчуў атхлан. Яму здавалася, што яго ахінула ценем бухматае дрэва, а твар абвявае пяшчотны ветрык. Хлопцу адразу ж палягчэла. Ён ляжаў так, што косыя промні падалі міма і прыпальвалі толькі ў насы драўляных калодак ды ў цемя, якое ён ашчадна прыкрываў абедзвюма далонямі. Усёю істотай хлопец адчуваў, як родная зямля асвяжае і бадзёрыць ягонае цела, абдаючы спіну і плечы лагоднай прахалодаю.

Раптам ціхутка-ціхутка загучала шчымлівая мелодыя са знаёмымі словамі:

 

Ніч якая місічна, ясная, зоряна,

Выдно, хоч голкы збырай.

Выйды, коханая, працею зморэна,

Хоч на хвылыночку в гай.

 

Спачатку Сілічу здалося, нібыта ў сне ён чуе гэтую песню, прычым настолькі выразна гучала кожнае яе слова, што ажно не верылася, як такое можа прысніцца. Але калі прыемны тэнар прадаўжаў спяваць «Ты нэ лякайся, шчо змочыш ніжэнькы в чысту холодну росу», Міхась зразумеў, што гэта не сон, і павярнуў твар ў той бок, адкуль даносілася песня. Яе паціху спяваў маладжавы мужчына з хітраватым цыганскім выразам, які пераламаў на калене свой кій. Паблізу ён ляжаў на супрацьлеглым схіле кювета і не хаваў свой твар ад сонца і людзей. Смуглы, з суцэльнымі чорнымі брывамі над пераноссем, цяпер гэты твар здаўся Міхасю такім жа прыгожым, як песня, якую спяваў палонны.

Калісьці хлопец пачуў яе па радыё — і яна адразу ж запала ў ягоную душу. З таго часу ён чуў яе яшчэ двойчы ці тройчы, і кожны раз яна неяк па-асабліваму кранала яго сэрца.

Цяпер яго зноў глыбока ўзрушыла і яе шчымлівая мелодыя, і яе знаёмыя-знаёмыя, усё роўпа як па-беларуску, але толькі з характэрным украінскім вымаўленнем праспяваныя словы. Удалечыні ад бацькоўскага краю якімі блізкімі роднымі здаліся яму і гэтае: «месячная... зорная»; і гэтае: «каханая, працаю змораная»; і гэтае: «хоць на хвілін ачку ў гай».

Як толькі ў Міхасёвых вушах прагучала водгулле слоў «я ж тэбэ мылая, аж до хатынонькі сам на руках однэсу», перад ягонымі вачамі адразу ж узнікла Анюта. Ён ужо не прыслухоўваўся да слоў, хаця мелодыя песні накладвалася на яго ўспаміны і агучвала іх, нібы кадры ў кіно. Прыгадалася, як ён вазіў Анюту на самакаце па вытаптаных сцежках паміж імшастых баравін і верасовых палянак. У меднастволых сасновых тыглях сонца плавіла густую ліпучую смалу, на якой настоялася лясное паветра. Самакатныя спіцы з трымценнем крышылі сонечныя праменні, пабліскваючы спектрам люстраных зайчыкаў. Калі ў Міхасёвых руках пачынаў дрогка ўздрыгваць руль, яны ашчадней ахіналі Анюту, каб яна, крый божа, не звалілася — і самакат зноў плаўна каціўся наперад. Ад імклівага руху развяваліся льняныя Анюціны валасы, незвычайна казычучы Міхасёву шчаку і вуха. Ад чабаровага паху хмялела ягоная галава. Здавалася, нібыта ён не вязе Анюту на самакаце, а нясе яе на сваіх руках у сонечную далечыню.

Цяпер перад ягонымі вачамі зноў паўстала вясковая вуліца, што прытулілася да вялікага возера, і ў цэнтры яе знаёмая Анюціна хата. Колькі разоў, бывала, ён дняваў і начаваў у ёй, калі сябраваў у педтэхнікуме з Анюціным братам. Тады Анюта была падлеткам. Пасля педтэхнікума дарогі сяброў разышліся. Алесь паступіў у авіяцыйнае вучылішча, а Міхась — у педінстытут. Навучаючыся ў педтэхнікуме, сябра адначасова займаўся і пры аэраклубе. Загінуў Алесь у паветраным баі на фінскай вайне.

Міхась звярнуў увагу на Анюту тады, калі на яе пачалі заглядацца многія хлопцы. Яна неяк непрыкметна алюдзела, пасталела і пастрайнела, і станам, і абліччам вылучаючыся сярод іншых дзяўчат. Мабыць, дарэмна падлеткам яна злавала на гарэзлівых хлапчукоў, якія далі ёй мянушку — Анюціны вочкі. Цяпер і Міхась заўважыў, як расцвілі яе вочы. Толькі яны былі падобны не на анюціны вочкі, а сінія-сінія, з жоўтымі зрэнкамі ўсярэдзіне, нагадвалі кветкі івана-ды-мар’і, што некаторыя завуць браткамі. Ён часта ўглядаўся ў гэтыя вочы зблізку — і ўсё ніяк не мог зразумець, ці то ад неба, ці то ад адлюстравання сіняга і жоўтага колераў нават бялкі іх адсвечвалі блакітнаватасцю.

Тады яны абое былі, як тыя браткі, толькі не іван-дымар’я, а Міхась-ды-Анюта.

Сіліч нават адчуў сябе ніякавата за тое, што ў цяперашнім становішчы, дзе людзі думаюць зусім аб іншым, ён успомніў пра ўсё гэта. Але ж ён прыгадаў такое не сам па сабе, — на гэтыя ўспаміны яго навяла песня, што спяваў смуглатвары ўкраінец. Цікава, чаму ў такіх жахлівых умовах ён заспяваў гэтую песню?.. Можа, каб скінуць непасільную ношу, што ўзвалілі на яго, і хоць трошкі развеяцца?.. У душы Міхась быў удзячны яму і за тое, што ён настроіў яго на светлыя ўспаміны, і асабліва за тое, што ён усё-такі застаўся чалавекам.

Хлопец маўчаў. Яму было прыемна, што побач маўчыць Багдан Платонавіч, зажуранымі вачамі пахвальна гледзячы на смуглага чарнабровага земляка.

 

1 Абед!

6

Ці таму, што ў немцаў абед — апоўдні, ці таму, што паднявольная праца хутка знясільвае галоднага, пасляабедзенны час цягнуўся вельмі доўга. Людзей, што ледзь варушыліся на месцы і сноўдалі з лапатамі і насілкамі, хіліла стома, а сонца ўсё затрымлівалася на небасхіле і марудзіла схіляцца ўніз. Як быццам яно бязлітасна паліла абяссіленых гаротнікаў таму, што ўжо не хапала ягонага цяпла для таго, каб ажывіць вымерлую, здратаваную зямлю.

Нечаканае з’яўленне каменданта парушыла размераны рытм працы палонных. Спачатку, калі ён праехаў міма ў кабіне невялікага грузавіка, яго прыкмецілі толькі тыя, хто знаходзіўся ў гэты момант паблізу ад майстра, які ўзняццем выкінутай рукі ўзаемна абмяняўся з камендантам фашысцкім прывітаннем. Астатнія палонныя не заўважылі яго праезду, бо не вельмі заглядалі ў аўтамашыны, што снавалі сюды-туды па гравійцы. Звычайна, праязджаючы, яны не збаўлялі хуткасці. Угледзеўшы набліжэнне транспарту, каб не перашкаджаць яго руху, палонныя ахвотна сыходзілі на абочыну, маючы магчымасць не варушыцца лішні раз і дадаткова прастойваць.

Гадзіны праз паўтары грузавік, у кабіне якога сядзеў камендант, збаўляючы хуткасць, мінуў палонных і, з’язджаючы на абочыну, спыніўся. Палонныя з абочын пачалі сыходзіць на гравійку, але калі заўважылі, што па ёй ідзе камендант, які вылез з кабіны, зноў расступіліся, моўчкі вызваляючы перад ім вузкі праход. Не звяртаючы на іх ніякай увагі, а толькі бегла аглядаючы гладка адпрасаваныя дарожным катком латы на выбоінах, ён мернымі крокамі накіраваўся да майстра.

Спярша яны вялі між сабой спакойную гаворку. Потым камендант раптам пасуровеў, бровы яго нахмурыліся, а твар пачырванеў. Ён сказаў нешта рэзкае перакладчыку — і той, прабіраючыся паміж палонных, шныпарыў лупатымі вачамі, кагосьці шукаючы. Нарэшце знайшоў былога наглядчыка і спыніўся перад ім. Камендант з майстрам падышлі таксама.

— Чаму ты не выконваеш мой загад?! — сярдзіта спытаўся ў яго камендант, павольна расшпільваючы на левым баку кабур і абшчаперваючы ручку парабелума.

Згорблены палонны, што ў гэты момант хацеў зачэрпнуць на абочыне пясок, устрымаўся ад свайго намеру і разагнуўся, не разумеючы, што яму кажа немец. Перакладчык, таксама павышаючы голас, пераклаў камендантава пытанне. Палонны нетаропка паставіў перад сабой саўковую лапату і ямчэй абапёрся на яе дзяржальна.

— Таму, што я таксама чырвонаармеец. А цяпер такі ж самы, як і яны, савецкі ваеннапалонны, — спакойна адказаў ён, кіўнуўшы галавою ў бок бліжэйшых суайчыннікаў.

Амаль адначасова з тым, як недаростак пераклаў ягоны адказ, камендант выхапіў рэвальвер і, не прыцэльваючыся, ва ўпор стрэліў у грудзі палоннага. Той увесь абмякнуў, на момант нязграбна абвіснуў на дзяржальне і, падмінаючы яго пад сябе, рэзка крутнуўся і дагары асунуўся на дол. Камендант паспешліва ўлажыў парабелум у кабур, зашпіліў яго і хацеў ісці прэч. Але забіты раптам выпрастаўся на ўвесь рост, намацаў рукою дзяржальна, што муліла спадыспаду, і, выцягваючы шыю, якую нібыта сціскаў яму каўнер, пачаў круціць галавою. Камендант выхапіў у суседняга палоннага штыхавую рыдлёўку і з усяе сілы, абедзвюма рукамі насторч уторкнуў яе ў горла, адсекшы ахвяры галаву. Акрываўленую рыдлёўку адкінуў і, адыходзячы, сярдзіта прагергетаў нейкі загад.

— Цела не хаваць! — паслухмяна прабасіў перакладчык, праводзячы каменданта разгубленым позіркам.

Міхась убачыў, што камендантава самаўпраўнасць і жорсткасць скаланулі ўсіх палонных. У некаторых яны выклікалі разгубленасць, у іншых — адчуванне агіды, але ў большасці — толькі ўзмацнілі нянавісць.

 

Пасля працы палонным, што стаялі ў чарзе па кандзёр, перакладчык раздаў некалькі газет.

«Родина», — прачытаў Сіліч у руках Паўла назву газеты. «Здзекуюцца з нас, сволачы, — падумаў ён, ідучы з Багданам Платонавічам мыць ягоную бляшанку і Паўлаў кацялок. — Захапілі нашу зямлю і рукамі сваіх паслугачоў выдаюць рускую газету ды яшчэ называюць яе «Радзімаю».

Вярнуўшыся назад, яны адзін з аднаго, а другі з другога боку скоса глянулі ў разгорнутае папяровае прасцірадла, што трымаў у руках Паўло. У газеце па ўсе лады нахабна расхвальваўся новы парадак, устаноўлены фашыстамі ў Еўропе, і той лад жыцця, які яны ўсталёўваюць на захопленай савецкай зямлі.

Міхась зразумеў, што гэта за газета, і не стаў болей заглядаць у яе, а Багдан Платонавіч, раззлаваны фашысцкай брахнёй, плюнуў.

— Аддай яе курцам... Ім папера спатрэбіцца на цыгаркі, — параіў ён Паўлу, які ўнурыўся ў газету, а сам дастаў з рэчавага мяшка дзюралевую бляху і пайшоў з ёю на двор.

Паўло неахвотна адарваўся ад прасцірадла, не спяшаючыся акуратна склаў яго ў некалькі столак і схаваў у кішэню портак.

«Курэнне шкодзіць людзям. А Паўлу папера спатрэбіцца для іншага», — усміхнуўся ад сваёй думкі Міхась.

Спачатку хлопцы ляніва перакідваліся малазначнымі сказамі. У іх не было настрою абменьвацца думкамі, якія і без таго гнялі непасільным грузам да нараў. Нават не браў сон і не зводзіла вачэй дрымота, нягледзячы на тое, што цела абцяжарвала фізічная змардаванасць. Хацелася спакойна ляжаць, моўчкі. Гэтак яны і праляжалі да звароту Багдана Платонавіча. Ён прабавіўся на двары, напэўна, ладны час, бо паспеў зрабіць прадаўгаватую дзюралевую бляшанку, з драцяной дужкаю і накрыўкаю. «Што значыць майстравы чалавек! Залатыя рукі!»

Міхасю ніякавата стала, што яны з Паўлом раскапусціліся і апусцілі крылле. Іх сусед старэйшы па ўзросце, а не сагнуўся ў тры пагібелі і не здаецца бядзе. Але хлопец не разгубіўся і знайшоў выйсце з няёмкага становішча:

— Па тым, як адстрапалілі рэч, адразу бачна, якія ў чалавека ўмелыя рукі!

— Нехаця стануць умелымі, калі ў іх — ні малатка, ні пласкагубцаў, — звёў на нішто ягоную ўхвалу Багдан Платонавіч. — Голымі рукамі нічога адмысловага не змайструеш. Балазе знайшліся дзве жалезкі. Прыладзіўся на сталюзе ля дрывотні дый насілу пазагінаў бляшаныя краі і ледзьве скляпаў швы. Мяккага дроту на заклёпкі не знайшоў, дык накрыўка без ручкі засталася. Канечне, нязручна, але нічога не зробіш. Затое кандзёр можам на трох атрымліваць. Літры са тры ўвойдзе, з лішкам.

 

Ранкам да лагернай брамы пад’ехалі тры вялізныя грузавікі з тэнтамі над кузавамі. З іх вылезлі нямецкія аўтаматчыкі. Частку палонных яны пагрузілі ў машыны і пад аховаю павезлі, а ўсіх астатніх вывелі з лагера на гравійку. Не прайшло і пяці хвілін, як сюды пад’ехаў невялікі грузавік з металічным кузавам. У кабіне яго сядзелі два чалавекі ў незнаёмай чорнай форме.

Майстра прагергетаў штосьці перакладчыку, і той загадаў чацвярым палонным залезці ў кузаў і падаваць адтуль інструмент. На гэты раз ужо не відаць было молатаў: з рук падавальшчыкаў палонныя бралі штыхавыя рыдлёўкі і саўковыя лапаты ды зрэдку — насілкі і кіркі. Калі кузаў апаражнілі, грузавік таксама паехаў у той бок, куды павезлі палонных.

За кюветамі аўтаматчыкі з двух бакоў ачапілі жывым ланцугом гравійку. Па тым, што майстра загадваў рабіць палонным, адчувалася, што ў гэтай працы не было пільнай патрэбы, аднак педантычнаму немцу дужа карцела прымусіць нявольнікаў чым-небудзь займацца, абы толькі яны не сядзелі без справы. Адны штыхавымі рыдлёўкамі і кіркамі павінны былі высякаць дзёран па самым дне кюветаў, другія — насілкамі адносіць яго ўбок, а трэція — грабарскімі лапатамі выраўніваць паверхню свежаўзрыхленай зямлі.

Перакладчык неадступна, як цень, сноўдаў за майстрам і паслухмяна пераказваў палонным усе ягоныя загады і ўказанні. Абодва нізкарослыя, толькі адзін камлюкаваты, а другі — шчуплы, выглядалі яны поруч, нібы ламавы конь і рахманае жарабя, што злучаны нябачным повадам і зладжана ідуць у супольнай запрэжцы. У майстра, быццам каромысел, па карку боўталася перад жыватом вінтоўка, а ў перакладчыка, як хамут, вісела цераз плячо шынельная скатка.

Звалі перакладчыка Іванам. А палонныя ці то з-за ягонага выгляду і росту, ці то ў насмешку за тое, што ён сам напрасіўся на службу, называлі яго Ванькам. Ён не крыўдзіўся і спачатку ўспрымаў гэта як належную ліслівасць. Але нехта даў яму яшчэ мянушку Ванька-ўстанька. Яна таксама прыжылася, і, хаця карысталіся ёю пры гаворцы аб ім завочна, яе, вядома, не мог не пераказаць яму хто-небудзь з ягоных падхалімаў.

І таму раптам аб ім пачалі распаўсюджвацца розныя чуткі. Прычым разносіліся яны сярод палонных не патаемна, а адкрыта, і адчувалася, што перакладчык зацікаўлены ў гэтым. Мабыць, некаторыя з іх ён распаўсюджваў сам, бо яму было непрыемна, што з яго пакепліваюць і насміхаюцца.

Казалі, нібыта на фронце Ванька быў малодшым лейтэнантам, чаго ён і сам не адмаўляў. Некаторыя верылі гэтаму, асабліва пасля таго, як пачулі, што ён сапраўды ўмее аддаваць каманды і ведае замежную мову. Аднак многія чамусьці сумняваліся ў праўдзівасці гэтых чутак. Прычынаю таму быў не рост і не выгляд чалавека. Хіба ж на фронце нізкія і шчуплыя не маглі быць камандзірамі? Мусіць, усіх настолькі абразіла і пакрыўдзіла Ванькава прыслужніцтва немцам, што людзі не маглі дараваць яму гэтага.

Міхась з Паўлом арудавалі штыхавымі рыдлёўкамі, а Багдан Платонавіч — саўковай лапатаю. Кювет зарос густой травою. На выгодзе яна пабуяла. Цяпер яе не выкошваў чалавек, не скубла і не клычыла жывёла. Асабліва высокая і сакавітая вымахала трава па самым дне кювета. У ёй заблытваліся ногі. Хлопцам было нязручна высякаць там невялікія мурожныя квадраты і трохвугольнікі. Дый паглядаючы раз-пораз на рыдлёўкі, палонныя спадылба зіркалі па баках, асцерагаючыся наглядчыцкіх кіёў. Паўло з Міхасём рухаліся па кювеце насустрач адзін аднаму. У іх былі надзейна забяспечаны тылы: яны своечасова маглі папярэджваць адзін аднаго аб набліжэнні небяспекі.

Наглядчыкі сама што адчулі смак сваёй службы. Каб яны жвавей гойсалі сярод палонных, немцы забралі ў іх драўляныя калодкі і дазволілі выбраць па сваім гусце найлепшыя боты. Цяпер фашысцкія паслугачы фарсіста шпацыравалі ў іх па абочынах, размахваючы свежаакоранымі кіямі.

Стары, надзьмуты як сыч, кожны раз, лупцуючы кіем, адначасова штосьці прыгаворваў сам сабе. Сягоння ён, мусіць, перастараўся і надарваў свой голас, бо хрыпеў нібы прастуджаны.

Дзюбаносы з дзёрзкім позіркам таксама разышоўся на ўсе застаўкі. Кіем ён ужо дубасіў толькі з адцяжкаю. І на кожным кроку брыдка лаяўся. За адны суткі са звычайнага мата ўзабраўся на сяміпавярховы. Цяпер палонных не называў іначай як «калоднікі». Прычым перад гэтым словам яшчэ абавязкова ўжываў адно непрыстойнае, таму атрымлівалася ў яго нешта накшталт прыдатка «смаркачы-калоднікі», за што Багдан Платонавіч самога яго празваў гадам падкалодным.

Развінаючы рыдлёўкай высокую траву на дне кювета, Сіліч адчуў, як яе лязо глуха скрыгатнула па метале. Хлопец нахіліўся і рукою нясмела намацаў неіікі цвёрды прадмет, аблытаны густой травяной сеткаю. Лязом рыдлёўкі асцярожна праштыхаваў яго кругом, акуратна падсякаючы карэньчыкі травы, і выкуліў з яе невысокую круглую бляшанку цёмна-зялёнага колеру.

— Што гэта? — здзівіўся ён.

— Дымавая шашка, — буркнуў Багдан Платонавіч і, падкалупліваючы бляшанку лапатаю, растлумачыў:

— Толькі нявыкарыстаная.

— Гатовы кацялок? Нават са зручнай накрыўкаю... — няўпэўнена вымавіў хлопец.

— Каб ніхто не ўзяў, хавай у рэчмяшок, —параіў Багдан Платонавіч.

Міхась паслухмяна падняў цяжкаватую бляшанку і паклаў у дзядзькаў рэчмяшок, што насіў за сваімі плячамі.

Не болей як праз гадзіну сюды зноў пад’ехаў той самы грузавік, што раней прывёз інструмент, і амаль адначасова з ім, з другога боку, адтуль, дзе ўчора палонныя рамантавалі гравійку, нехлямяжа прывалюхаў непаваротлівы дарожны каток.

Грузавік з’ехаў на абочыну і, раз-пораз аўтаматычна прыадкрываючы задні борт і пакрысе падымаючы перад кузава, на хаду высыпаў некалькі куч бітай цэглы, перамяшанай з тынкам.

Сіліч самотна глядзеў на самазвал, які валамі гліністага смецця выгрузіў на дол рэшткі нейчага жытла. Хлопцу міжвольна ўспомнілася, як ён калісьці націскаў нагою педаль конных грабляў, а тыя выкідвалі на луг валы сухога сена. Дык жа на выкашаным лузе потым зноў адрастала сакавітая атава, а ў завершаных стагах і ў снежную зіму сена нагадвала чалавеку пра зялёнае лета і духмяна пахла ў стайнях і ў кароўніках. А фашысты зруйнавалі нашы дамы і кватэры і дарогу сабе хочуць вымасціць людской бядою.

Усіх палонных, што сноўдалі з насілкамі, і большую частку тых, каму дасталіся саўковыя лапаты, з кювета майстра пераставіў на гравійку. Прывезенай гліністай сумессю яны запруджвалі выбоіны і збольшага разраўноўвалі насыпаныя погарбы. А няўклюдны дарожны каток прымінаў іх сваім цяжарам і так гладка адпрасоўваў, што калдобіны здаваліся залапленымі ранамі, якія ледзь-ледзь крываточаць. Скрозь, як глянуць удалечыню, на жаўтлявай паверхні гравійкі яны выглядалі выцвілымі брывянымі лужынамі — слядамі жудаснага разбою і разбурэння.

Трое маладых палонных — два статныя, высокія і адзін сярэдняга росту, але таксама падцягнуты — працавалі на абочыне, над кюветам, на дне якога корпаліся Міхась, Паўло і Багдан Платонавіч. Абодва высокія разносілі і высыпалі на выбоіны гліністую сумесь, якую ніжэйшы накідаў ім на насілкі. Сіліч прыкмеціў, як яны крадком прастойваюць, умела абводзячы вакол пальца майстра, а калі той набліжаецца, пачынаюць ледзь-ледзь варушыцца.

Такая гульня ў хованкі працягвалася да таго часу, пакуль яе не прыкмеціў дзюбаносы наглядчык з дзёрзкім позіркам. Ён перахітрыў іх. Відаць, здалёку дазорац высачыў, што яны адлыньваюць ад працы, бо падляцеў і кіем агрэў па разу абодвух статных. А калі за іх уступіўся ніжэйшы, пачаў з азвярэласцю дубасіць і яго. Спрабаваў біць з адцяжкаю, як быццам хацеў перарэзаць чалавека папалам. Але палонны вёртка выкручваўся, не падстаўляў пад кій балючыя месцы і, спрытна засланяючыся ад удараў дзяржальнам саўковай лапаты, раз-пораз, нібы нажом, паласаваў наглядчыка ненавісным стальным паглядам. Спачатку выматаў з яго сілы, а потым імгненна перахапіў дзяржальна і ўзяў лапату наперавес, нібы вінтоўку са штыхом. Абодва статныя тым часам таксама падступіліся з бакоў бліжэй да наглядчыка. Здавалася, што вёрткі ўзмахвае двума крыламі і, спрабуючы ўдарыць імі нямецкага прыслужніка, насядае на яго. Той, мусіць, не чакаў гэтага, бо ўздрыгнуў і адступіў. Разгублены, ён шмыгнуў прэч. Ні майстра, ні іншых дазорцаў у гэты момант не было паблізу.

«Гэты адзін абломіць чорту рогі, — надумаў Сіліч, з пачуццём павагі, замілавана паглядаючы на шустрага і смелага дзецюка, грушападобны твар якога яшчэ рдзеў ад фізічнай перанапружанасці і прыліву крыві. — А ўтрох яны д’ябла адолеюць».

Палонныя са штыхавымі рыдлёўкамі і частка тых, што грабарскімі лапатамі выкідалі высечаны дзёран, па-ранейшаму заставаліся ў кюветах. А паколькі майстра цяпер болей глядзеў за тымі, што рамантавалі дарогу, дык і наглядчыкі таксама сачылі толькі за іхняй працаю. Аўтаматчыкам былі відаць у кюветах толькі галовы ды плечы людзей. Таму палонныя адчувалі там сябе трошкі вальней, маглі прастойваць і варушыліся для адводу вачэй.

Калі абодва хлопцы для выгляду расхіналі рыдлёўкамі высокую траву на дне кювета, Паўло раптам ні з таго ні з сяго прапанаваў:

— Міхайла, давай напішам што-небудзь у газету...

— У якую?.. — здзіўлена насцярожыўся Міхась, мяркуючы, што Паўло пакеплівае з яго.

— Ну ў якую ж?.. У гэтую, што ў маёй кішэні... — дрыготкім голасам прызнаўся сусед і без ценю пакеплівання, сур’ёзна дадаў: — Адрас тут ёсць...

У Міхася ад нечаканасці ажно перахапіла дыханне, і невядома, што ён адказаў бы, калі б у гаворку яе ўмяшаўся Багдан Платонавіч, які паміж імі таксама ледзь-ледзь варушыўся са сваёй саўковай лапатаю.

— Як яна называецца? «Родина»? — няўпэўнена запытаўся ён, але, не чакаючы, пакуль хто-небудзь з іх падтакне яму, з’едліва прадаўжаў: — Навошта вам пісаць паруску? Табе, Паўло, лепей напісаць па-ўкраінску, у Кіеў. Там у немцаў нябось таксама з’явілася ўжо газета «Батьківщына»... Міхайла, а як па-беларуску «Родина»?

— Радзіма, — неахвотна буркнуў Міхась, які ўсё яшчэ не мог апамятацца ад разгубленасці, выкліканай неспадзяванай прапановаю суседа.

— Ну, от, дык у Мінску, вядома, у немцаў таксама ўжо з’явілася гэтая «Радзіма». Ты, Міхайла, можаш напісаць у яе па-беларуску. А тут без вас пісакі ўжо знайшліся.

У дзядзькавым голасе адчуваліся і крыўда, і горыч, і насмешка.

Суседава прапанова выклікала ў Міхася падазронасць і недавер да Паўла. «Хіба ж ён цёмны, адсталы? Не разумее, хто выдае тут гэтую газету? Значыць, вось чаму ён схаваў яе ў сваю кішэню. А я думаў, што ён беражэ паперу для іншай патрэбы», — горка ўсміхнуўся хлопец. Цяпер яму не хацелася быць побач з суседам, з якім яны елі з аднаго кацялка.

Добра, што майстра неўзабаве абвясціў абедзенны перапынак. Палонныя адразу ж насыпаліся з гравійкі ў кюветы. Адны рассядаліся, а другія разлягаліся па ўтравянелых схілах, каб хоць трохі адпачыць. Сіліч шарахнуўся ў бок ад Паўла і на траве ўшчаміўся паміж нейкім палонным і Багданам Платонавічам. Яму ні на крок не хацелася адыходзіць ад старэйшага суседа. Пачуццё ўдзячнасці да яго трошкі ўраўнаважвала і супакойвала ўзрушаны стан хлопца.

А Багдан Платонавіч, відаць, таксама быў не ў настроі, бо адразу ж моўчкі заняўся Міхасёвай дымавой шашкаю. З цяжкасцю сарваў з яе тугую накрыўку і ражком лапаты пачаў беражна раскалупваць і вытрасаць нейкае крохкае цвёрдае рэчыва. Калі кругом былі паабкалупліваны яго краі, дзядзька выцягнуў з бляшанкі суцэльны цыліндрычны дыск. Парожняя бляшанка ўсярэдзіне ажно блішчэла люстраной паверхняю. Толькі ў пазах на самым дне ледзь-ледзь праступалі жаўтлявыя плямінкі. Але іх можна адшараваць пяском або попелам.

Праўда, бляшанка не надта зручная: ручка на ёй — зверху. Калі атрымаеш кандзёр і возьмеш за яе — бляшанка ўпадзе на дол, а ў руцэ застанецца толькі накрыўка. Якраз такія пасудзіны, толькі значна большыя і з выгляду бліскучыя, у бальніцах носяць медыцынскія сёстры. Зроблена бляшанка з тонкай бляхі. Калі нальюць гарачага варыва, яе не ўтрымаеш: апячэ рукі. Яшчэ добра, што накрыўка да яе падагнана шчыльна і трымаецца туга.

— Які кандзёр, такая і пасудзіна, — зазначыў Багдан Платонавіч, аддаючы Міхасю бляшанку. — Пакуль знойдзецца што-небудзь лепшае, яна часова заменіць кацялок.

Але Міхась, як дзіця, быў рады сваёй знаходцы: гэтак не хацелася яму цяпер есці з ІІаўлом з аднаго кацялка.

У кюветах усталявалася цягучая цішыня. Людзей, што выбіты лёсам са звычайнай жыццёвай каляіны і скалануты псіхалагічным стрэсам ды яшчэ каторы дзень не кормлены, не столькі знясільвала праца, колькі прыгнятала цяперашняе становішча. Адны, лежачы, драмалі, другія ў задуменні сядзелі моўчкі.

Сіліч хоць трохі супакоіўся, але таксама пе мог адкараскацца ад назойлівых думак. Як хворага ліхаманкаю час ад часу праймаюць дрыжыкі, гэтак яго калацілі прыступы злосці. З галавы не выходзіла вар’яцкая суседава прапанова. «Пра што ён хацеў напісаць у гэтую газету? Пра тое, як знясіленых савецкіх палонных фашысты прымушаюць людской бядою масціць дарогу? Ці пра гэтыя гліністыя латы, што на калдобінах нагадваюць выцвілыя крывяныя лужыны?»

Калісьці Міхась любіў дасылаць допісы ў сваю раёнку. Пісаў пра тое, як яны, вучнямі, варочалі і зграбалі арцельнае сена ды ў жніво збіралі на пожні каласы, а ў святы зялёнай дзеразою ўпрыгожвалі арку на калгасным двары.

«А можа, Паўло хоча напісаць пра тое, як у ягонай вёсцы пухлі і паміралі землякі ў галодны год, калі дабрадзеі падчыстую павыграбалі і павывозілі са свірнаў усё збожжа? Але ж не да гэтага цяпер, калі на нашай зямлі гаспадараць фашысты. Дый не ў іхнюю ж газету пісаць пра гэта, выстаўляючы сябе на пасмешышча перад імі. Яны толькі злараднічаць будуць. Не для таго ворагі прыйшлі сюды, каб выпраўляць нашы прамашкі і наводзіць у нас парадак. Спачатку ад іх трэба вызваліць сваю зямлю, а потым самім разбірацца ў сваіх справах».

Міхасёў журботны позірк бязмэтна блукаў па наваколлі: абмацваў паблізу някошаныя сенажаці, далёкія пажоўклыя нівы і ў сіняватай смузе дробныя пералескі. Потым спыніўся на лагеры, што ўзвышаўся непадалёку ўзбоч гравійкі. Адсюль добра было відно, што гэта звычайны жывёльны двор. Але абнесены не загараддзю з жардзін, а высокай калючай агароджаю з ахоўнымі вышкамі па вуглах, ён здаваўся пачварным прывідам і выглядаў асабліва злавесна. «Пра гэта ж Паўло не напіша ў тую газету...»

Толькі цяпер Сіліч разгледзеў, што ягоным суседам аказаўся той самы вёрткі палонны, які спрытна выкручваўся і засланяўся ад удараў наглядчыка. На супрацьлеглым схіле кювета сядзелі абодва ягоныя напарнікі: адзін — чарнявы, прыгожы з твару, а другі — рыжаваты, вяснушкаваты. Па тым, як яны не зводзілі вачэй з шустрага і глядзелі яму ў рот, Міхась зразумеў, што гэтую спаяную тройню не разліеш вадою.

Раптам у журботнай цішыні як быццам сцёбнулі дратаванкаю спачатку па адным і амаль адначасова па другім кювеце, ад чаго па наваколлі пакаціўся працяжны пошчак. Той, хто, лежачы, драмаў, спрасонку нават не мог уцяміць, што адбылося. Толькі тыя, якія моўчкі сядзелі ў задуменні, зразумелі, што дзесьці суха трэснулі дзве аўтаматныя чэргі. То там, то сям у кюветах палонныя падымаліся на ногі, спрабуючы разгледзець, што здарылася. Але аўтаматчыкі, што пакідалі на зямлі біклажкі з бутэрбродамі, таксама паўсхопліваліся і кароткімі чэргамі прастрочвалі паветра паўзверх галоў палонных ды наперабой крычалі: «Зіх хінлеген!», «Зіх хінлеген!»1

У полуднік перакладчык з наглядчыкамі таксама сядзелі ў кюветах і не вылазілі з іх. Пагрозлівымі чэргамі і гартаннымі крыкамі аўтаматчыкі нарэшце навялі парадак. Болей палонныя не высоўвалі галоў з кюветаў, а толькі насцярожана прыслухоўваліся да трывожнай цішы.

— Што здарылася? — прагергетаў хтосьці непадалёку, і чуваць было, як гэтае запытанне перадавалася далей па ланцугу аўтаматчыкаў.

У хуткім часе такім жа чынам адтуль данеслася:

— Двое спрабавалі ўцячы.

Сіліча нібы зачапіла запозненым рыкашэтам. Ён сцяў зубы і маўчаў. Яму было балюча, таму ён і іншым не стаў пераказваць гэтую чутку. Але неўзабаве яе пацвердзілі самі палонныя. Таксама з таго боку, з вуснаў у вусны яны перадавалі вестку пра тое, што двух смельчакоў, якія па-пластунску папаўзлі ў высокай траве па дне кювета, аўтаматчык прашыў дзвюма чэргамі.

Салдаты, як быццам нічога не адбылося, зноў сядалі да пакінутых біклажак з бутэрбродамі і працягвалі перарваны полуднік. Майстра дык той, як разамлелая квактуха, у часе ўзнятай панікі нават не падняўся з наседжанага месца.

Праз некалькі хвілін некаторыя палонныя заўважылі, што па гравійцы ад лагера да іх чыкільгае адзінокая постаць. Але калі яна зусім наблізілася, яны былі горка расчараваны тым, што іх ашукаў зрок: пагойдваючыся плячамі і шырока расстаўляючы свае крывулі, камендант, нібы цыркулем, адмяраў сюды адлегласць ад лагера.

— Што тут адбылося?! — запытаўся ён па-нямецку, не зварочваючы з абочыны ні да майстра, ні да аўтаматчыкаў.

— Двое спрабавалі ўцячы, — данеслася адтуль у адказ.

— Дзе яны?

— У канцы ачаплення ляжаць у кювеце.

Камендант накіраваўся ў той бок, на гэты раз ужо не разглядаючы, як выраўняны і адпрасаваны калдобіны.

Хутка па тым кювеце, у якім ляжалі забітыя, нібы па ланцугу ў траншэі, палонныя пераказалі адзін аднаму тое, што там адбылося. Адзін з небаракаў, якога камендант штурхнуў нагою, аказаўся яшчэ жывы. Мусіць, аўтаматная чарга толькі прастрачыла яго, але не абарвала жыццё. Уцекачы паспелі адпаўзці на ладную адлегласць, і таму самыя крайнія палонныя не разгледзелі і не пачулі, менавіта як адрэгаваў цяжкапаранены на камендантаў выспятак. Яны толькі бачылі, што камендант нібы апантаны адскочыў ад гаротніка, кінуўся да іх, схапіў з зямлі кірку і, падбегчы назад да параненага, з размаху праламаў ёю ягоны чэрап.

Потым усе палонныя, якія сядзелі і ляжалі на вонкавых схілах кюветаў, былі сведкамі таго, як змрочны камендант, рухаючы жаўлакамі, моўчкі пачыкільгаў назад у лагер. З абодвух бакоў гравійкі яго праціналі навылёт насцярожаныя, ненавісныя позіркі.

Міхасёў сусед вычакаў, калі ён пройдзе міма, і з абурэннем вымавіў:

— Вылюдак!

— Садыст! — удакладніў Міхась.

А Паўло незадаволена прамармытаў:

— Людзі самі шукаюць сабе смерць.

«Мусіць, табе карціць напісаць пра гэта ў іхнюю газету?» — мільганула ў Міхасёвай галаве.

— Хендога, чуеш, што чалавек кажа? Насіллем не працівіцца злу? — невядома ў каго насмешліва спытаўся з супрацьлеглага схілу кювета рыжаваты напарнік Міхасёвага суседа.

— Людыні на волі адразу памерці лягчэй, чымся гібець і пакутаваць у няволі, — разважыў Багдан Платонавіч.

— Канечне, сослепу перціся на ражон няма чаго, — прамовіў у адказ Міхасёў сусед. — Але пры нашых умовах трэба заўсёды быць напагатове. А як толькі трапіцца выпадак, не раздумваючы, уцякаць. Бо тут не выжывеш, калі не рызыкаваць жыццём.

«Хендога. — Значыць, гэта ягонае прозвішча, — падумаў Сіліч. — Трохі нязвычнае, але затое запамінальнае».

 

1 Лажыся!

7

Міхась быў задаволены тым, што хоць у часе яды аддзяліўся ад прыкрага суседа. Цяпер праз кухоннае акенца васьмісотграмовую бляшанку незразумелага варыва выкулілі ў яго ўласную пасудзіну. Упрыкуску з рэдзенькім кандзёрам ён імгненна праглынуў чацвярцінку квадратнага бохана — дзённую хлебную пайку лагернага рацыёну, але па-сапраўднаму не падсілкаваўся. Было такое адчуванне, як быццам жывот у яго пусты. Толькі цела ўсё роўна як налілося волавам. Цяжар хіліў да нараў. Напэўна, давала знаць кантузія. Ды яшчэ столькі прасноўдаць на санцапёку. Сама па сабе прымітыўная праца па рамонце гравійкі не надта змардавала б. Але ж цэлы дзень непакормленаму трэба выстаяць на нагах.

Суседзі бавіліся дзесьці на двары, а Сіліч ляжаў у бараку на дошках. Раптам з другога яруса нараў пачуліся ўрыўкі гаворкі. Хлопец прыслухаўся і зразумеў, што размаўляюць не двое, а болей мітынгуе адзін. Спачатку падумаў, што там нехта чытае ўголас газету, якую ўчора даў перакладчык, бо пачутае надта ж нязвычнае. Але ўспомніў, што на верхатуры няма святла: там немагчыма чытаць.

— Кол ставілі чалавеку за працадзень і думалі, што тымі каламі людзі паб’юць ворагаў. Каламі толькі вёскай на вёску выходзіць. Імі дзікіх скіфаў калісьці не маглі стрымаць. А немцы ж не дзікуны... — даносілася зверху.

«Знайшоў пра што цяпер гаварыць, калі над Радзімаю навісла небяспека, — падумаў Міхась, хаця ведаў, што чалавек гаворыць праўду пра тыя калы, якія ставілі за калгасныя працадні. Хлопцу таксама выстаўлялі ў ведамасці гэтыя калы, за якія ён нічога не атрымліваў пры канчатковым разліку ў канцы года. Але людзі былі настолькі запалоханы, што баяліся пра гэта гаварыць між сабою. А гэты, на верхатуры, бач, як асмялеў цяпер. Напэўна, таксама тое папяровае прасцірадла ад радка да радка праслібізаваў. Цікава, хто ён? Голас малады, але ў ім цвёрдая перакананасць. Нябось вучоны, калі ведае пра скіфаў».

Пазней прагучала каманда строіцца на вячэрнюю паверку. На праходзе паміж нараў замітусіліся людзі. Міхась вычакаў, калі зверху злазілі двое, і ў маладым шыракатварым западозрыў таго, хто толькі што займаўся нязвычнай агітацыяй. Не цярпелася дазнацца, што гэта за чалавек.

Пасля вячэрняй паверкі Сіліч адшукаў яго вачамі і назіркам рушыў за ім у барак.

— Скажыце, дзе вы вучыліся? — недарэчы спытаўся ён у палоннага, калі той наважыўся залазіць на верхнія нары.

— А што такое? — насцярожыўся і неахвотна затрымаўся незнаёмец.

— Ды так... Я чуў вашу гаворку і здагадаўся, што вы студэнт. Думаю, можа, мы ў адным горадзе вучыліся, — схлусіў Міхась, не знаходзячы, што адказаць.

— А-а-а... Я вучыўся ў Саратаве, — не жадаючы ўвязвацца ў гаворку, прамармытаў палонны і палез на верхатуру. А з вышыні падкрэслена ганарліва дадаў: — Карэнны стэпавік.

Міхась пе здзівіўся, што гэты чалавек аказаўся былым студэнтам. Але хлопцу здаліся недарэчнымі ягоныя выказванні ў гэтых абставінах. «Здаецца ж, фізічна дужы, а з панылым настроем. Ці ён па натуры ныцік, ці здалі нервы? Можа, чалавек не вытрымаў і так надламаўся, што з трэшчынаў выплюхваецца жоўць?»

Аднак пасля ранішняга пад’ёму ўсё канчаткова праяснілася і ў Міхасёвай галаве не засталося ніякага следу ад учарашніх думак. Хлопец зусім іншымі вачамі паглядзеў цяпер на карэппага стэпавіка. Адбылося гэта настолькі нечакана, што ажно скаланула ўсяго Міхася і перавярнула ўсё ў ягонай сярэдзіне.

Адразу ж пасля сняданка Сіліч выйшаў са стадолы і мімаволі аказаўся сведкам абураючага здарэння.

— Гор шэф, я да вас па справе, — перапыняючы каменданта, што ішоў па двары, звярнуўся шыракатвары палонны, гаворку якога на верхніх нарах Міхась чуў учора.

— Якой? — грэбліва гледзячы на яго, здзівіўся камендант.

— Прабачце. Я дрэнна размаўляю па-нямецку.

— А хто ты? — нецярпліва і строга перапыніў яго камендант.

— Студэнт, — прамямліў палонны і хацеў сказаць яшчэ нешта, але камендант зноў перабіў яго.

— Дык мог бы і вывучыць нямецкую мову, — здзекліва ўпікнуў ён і, ухмыляючыся, паблажліва спытаўся: — Што табе трэба?

— Хачу дапамагаць Германіі,— высакамоўна абвясціў палонны.

— Ёган, ком хэр, — нарэшце здаўся камендант і паклікаў перакладчыка, што непадалёку стаяў напагатове. Акалі той падбег, шэф, паказваючы рукою на шыракатварага, сказаў: — Я прызначаю яго наглядчыкам.

— Над гэтымі баранамі і авечкамі? — па-нямецку незадаволена здзівіўся шыракатвары, не даючы недаростку вымавіць слова. — Хопіць, што мае продкі пасвілі атары...

— Дык ты не рускі? — збянтэжыўся камендант перад ягонай дзёрзкай настойлівасцю.

— Татарын.

— Што ты хочаш?

— Я даведаўся, што вялікая Германія фарміруе з нас легіёны. Я гатоў уступіць у іх. Пан шэф, далажыце пра гэта нямецкаму начальству, — напорыста настойваў палонны.

Адчувалася, што камендант не чакаў такога павароту справы, бо нервова пакратаў пальцамі жаўлак, які пачаў уздрыгваць на шчацэ, і ў нерашучасці моўчкі пайшоў.

Ад нечаканасці Сіліч на нейкае імгненне як аслупянеў. У ягонай сярэдзіне клекаталі і не знаходзілі сабе выйсця і злосць, і нянавісць, і абурэнне. Але нягледзячы на ўсё гэта, яму самому было і сорамна і страшна. Здаецца, калі б у яго спытаўся хто-небудзь з палонных, пра што гаварыў з камендантам прадажны тып, у Міхася цяпер не павярнуўся б язык, каб што-небудзь адказаць. Пад уражаннем бачанага ён хадзіў як ачмурэлы да таго часу, пакуль яго не вывеў з гэтага стану недарэчны трагічны выпадак, што адбыўся на гравійцы ранкам таго ж дня.

Адны палонныя грабарскімі лапатамі ўскідалі на насілкі цагляны друз, другія разносілі і высыпалі яго па выбоінах, трэція штыхавымі рыдлёўкамі корпаліся па дне кюветаў, падразаючы і выкідаючы адтуль дзёран. Жаўтлявая істужка гравійкі пераразала напалам голую мурожную лугавіну. Паводдаль ад абочыны, трошкі далей за ланцугом аўтаматчыкаў, над травою адзінока тырчэла ярка асветленая сонцам чэзлая лазовая купка з трох кустоў метровай вышыні.

Людзям, якія ўважлівымі позіркамі паспелі ўжо абмацаць наваколле, нечага было разглядаць на аднастайнай, хоць і прывольнай зялёнай пустцы, і таму мала хто з іх заўважыў, як з гравійкі да кустоў пусціўся подбегам палонны, адной рукою расшпіляючы ў спражачцы дзяжку портак, а другою паказваючы бліжэйшым вартавым, што яму прыспічыла па сваёй патрэбе. Ледзь паспеў ён, прысядаючы, нырнуць з галавою ў кусты, як паветра гулка страсянула здвоеная аўтаматная чарга, пошчак ад якой працяжна пакаціўся па наваколлі.

Многія палонныя спачатку не зразумелі, што здарылася. Толькі тыя, што спалохана назіралі за бедалагам, убачылі, як адначасова з пераламаным трэскам аўтаматнай чаргі з кустоў дрыгатліва пасыпаліся лісце і галінкі. Ды жарабячае ржанне двух вартавых, якія стаялі ў розных месцах ланцуга і, выскаляючыся, заходзіліся з рогату, надрываючы жываты, выдала, што гэта яны перакрыжаваным агнём разанулі з аўтаматаў па жывой нерухомай мішэні.

Невядома, ці палонны быў забіты напавал, ці сканаў, пакутуючы ад смяротных ран. Пахаваць яго дазволілі ў абедзенны перапынак.

Маўкліва сцяўшы зубы, напераменку па двое, палонныя капалі магілу, па-свойму аддаючы гаротніку нязвычную пашану. Тыя, хто апускаў яго ў яму, расказалі, што на плячах ягонай гімнасцёркі яшчэ не высахла кляймо: бяліламі яны запэцкалі рукі. Толькі пасля гэтага некаторыя ўцямілі, што недарэчнай ахвяраю аказаўся юнак, якога ўчора ўвечары аднекуль прывезлі ў лагер.

— Нявінная далікатная душа. Пасаромеўся сваіх, — спачувальна бедаваў па ім Багдан Платонавіч. — Гаротнік паспадзяваўся на паблажлівасць душагубаў. А ім чалавека звесці са свету — раз плюнуць. Шуснуў бы з абочыны ў кювет, як першыя дні ўсе мы рабілі — і канец.

Першыя дні пагалоўна ўсе пакутавалі жыватамі. Невядома, ці людзей пранесла ад лагернага кандзёру, ці іх праняло нервовае ўзрушэнне. Мала таго што яны з нараў бесперастанку бегалі ў прыбіральню, дык і на гравійцы час ад часу ныралі з абочын ў кюветы. Праўда, пранырлівыя наглядчыкі не пакідалі ў спакоі іх і за гэтай справаю: зводдалеку прыспешвалі крыкам з лаянкаю, а зблізку — узганялі кіем. А дарожны майстра дык той не надта адрозніваў палонных па тварах. Яму здавалася, што гэта адны і тыя ж, адлыньваючы ад працы, ухітраюцца знаходзіць сабе кароткачасовы прытулак на дне кювета. Таму, калі бачыў, як хто-небудзь паблізу ныраў з абочыны ў кювет, адразу ж, дражнячыся, пачынаў ляніва лэпаць рукамі свой карабін, як быццам пагражаючы палоннаму, аднак толькі палохаў, але не страляў.

Несумненна, што, калі б няшчасны юнак ведаў пра гэта, ён бы не пасаромеўся сваіх і нырнуў з абочыны ў кювет, а не пабег бы да адзінокіх кустоў.

Узаемаадносіны паміж абодвума хлопцамі разладзіліся. З боку Міхася Паўло адразу ж адчуў адчужанасць і пахаладанне, якія ўжо не змяніліся ні збліжэннем, ні пацяпленнем. Паўло спрабаваў зрабіць выгляд, што нічога асаблівага паміж імі не адбылося. Але дарэмна ён стараўся замесці языком сляды сваіх ганебных крокаў — яны глыбока адбіліся ў Міхасёвым сэрцы і не выветрываліся з ягонай памяці. У хлопцавым уяўленні паняцце радзімы заўсёды было непахісным і свяшчэнным. Усялякую спробу ў любой форме зрабіць замах на гэтую святыню ён расцэньваў як здраду і нават у думках не дапускаў аніякага кампрамісу з іншымі поглядамі.

Аб ранейшых суседскіх, а тым болей прыяцельскіх сувязях паміж хлопцамі цяпер не магло быць ніякай гаворкі. Паўло, вядома, не мог гэтага не заўважыць. Толькі з-за добрых адносін з Багданам Платонавічам Міхась яшчэ цярпеў суседства Паўла, хоць яно і выклікала ў яго пачуццё гідлівасці.

У вольныя хвіліны, калі абодва землякі ляжалі на нарах, Сіліч сноўдаў па двары і наадварот, калі яны не ішлі ў стадолу, ён адлежваўся ў ёй на баку. Хаця па-ранейшаму ён вымушаны быў спаць паміж імі абодвума, аднак пасля ранішняга пад’ёму яму здавалася, што ад старэйшага суседа за ноч сагрэліся ягоныя грудзі, жывот і калені, у той час як ад цела малодшага — настылі плечы і спіна.

На гравійцы хлопец умудраўся працаваць на пару толькі з дзядзькам. Багдан Платонавіч замяніў Міхасю старэйшага брата. Хлопец да яго моцна прыкіпеў душою і адчуваў сябе за ягонай спінаю болей бяспечна і надзейна.

Міхася глыбока кранула тое, з якім болем і горыччу ўспрыняў Багдан Платонавіч тую бязмозглую прапанову Паўла і якую дасціпную і з’едлівую параду даў тады ім абодвум. Запятая ў той час дзядзькам недвухсэнсовая пазіцыя не толькі яшчэ болей зблізіла, але як быццам парадніла іх з Міхасём.

Праўда, Багдан Платонавіч па-ранейшаму не цураўся і Паўла. Наадварот, не пакідаў хлопца на адзіноце, стараўся часцей быць з ім побач. Ён спадзяваўся паўплываць на яго як зямляк і як старэйшы таварыш. Дзядзька і не падазраваў, што Паўло, нібы яблык з чарвяточынаю ў сарцавіне, трымаецца на зялёным дрэве жыцця толькі да першага парыву ветру. І такі парыў, зусім неадчувальны для іншых, неспадзявана дзьмухнуў ціхім летнім днём, калі Паўло грабарскай лапатаю ўскідваў на насілкі друз, якім Багдан Платонавіч і Міхась засыпалі выбоіны.

— От вазьмуся — і за два-тры тыдні вывучу нямецкую мову! — раптам сарвалася выхвалянне з ягонага языка.

— Навошта яна табе? — здзівіўся Багдан Платонавіч.

— Проста так, — няпэўна прамямліў Паўло.

— З кім жа ты будзеш размаўляць па-нямецку, калі нават па-ўкраінску пе балакаеш са мною? — з’едліва падкалупнуў дзядзька.

— Сам з сабою, — асекся хлопец.

Міхась змоўчаў, хаця і ўспрыняў гэтае выхвалянне як выклік у свой адрас — намёк на Міхасёву вышэйшую адукацыю: маўляў, Паўло таксама не лыкам шыты, на сёе-тое здатны.

Як бы там ні было, але ні Міхась, ні Багдан Платонавіч у той момант не прынялі ўсур’ёз хлопцава выхвалянне. Таму назаўтра, пасля ранішняга пад’ёму, яны ажно разявілі раты ад здзіўлення, калі на свае вушы пачулі і на свае вочы пабачылі, як настырна атакаваў Паўло каменданта з перакладчыкам.

— Ён хоча вывучаць нямецкую мову, — няўпэўнена лапатаў перад шэфам збянтэжаны перакладчык, відаць, западозрыўшы ў статным хлопцу небяспечнага суперніка. — Абяцае вывучыць за дваццаць дзён. Просіць знайсці школьны падручнік.

— Гут! — усміхаючыся, адказаў камендант і, задаволена гергечучы, распарадзіўся.

— Пан камендант ухваляе тваё жаданне, — цяпер ужо болей зразумела прамовіў перакладчык. — Ён дазваляе табе не выходзіць на працу. Можаш заставацца ў лагеры. У абед табе прынясуць падручнік.

Усё гэта было настолькі нечакана для Багдана Платонавіча, што дзядзька не мог вымавіць ні слова. Ён застыў на месцы, як акамянелы, і доўга прастояў, не мяняючы паставы. Толькі як трошкі адышоў ад здранцвення, з цяжкасцю, нібы выціснуў з сябе:

— Захацеў лёгкага хлеба!

Сіліч улавіў у ягонай інтанацыі здзеклівае асуджэнне.

І разам з тым адчуў, што дзядзька цяпер не настроены на гаворку. Таму не стаў сілком выцягваць з яго словы, хаця самога адольвалі і бударажылі думкі, якімі карцела падзяліцца з суседам.

«Ну й напарнічак жа быў напаткаўся мне! Відаць, далёка прыцэльваецца, калі ў прысутнасці землякоў абвясціў ворагам, што хоча вывучыць іхнюю мову. Знайшоў жа дзе вывучаць? У няволі, сярод смяротнікаў. Значыць, не збіраецца зберагаць сілы і энергію для сур’ёзнай і карыснай справы, калі хітрыць і хоча ісці да ўдачы не напрасткі, а зігзагамі. Дзядзька падкалупнуў яго з’едліва! Сапраўды, з кім жа ён будзе практыкавацца ў гаворцы панямецку? З камендантам? Ці з нямецкімі аўтаматчыкамі? Яны хутка натрэніруюць, як гаварыць па-іхняму не языком, а кіем! Але калі ён зрабіў да іх крок, значыць, ужо гатоў, усё прадумаў і ўзважыў як след».

 

8

На гэты раз Міхась з Багданам Платонавічам трапілі ў тую групу палонных, што аўтаматчыкі аддзялілі ад хваста калоны, якую выводзілі з лагера. Іх пасадзілі на дзве вялізныя аўтамашыны і павезлі ў супрацьлеглы бок ад учарашняга месца працы. На калюгах дрогка ўздрыгваў грузавік, з-пад якога вылятала і адплывала назад бясконцая істужка дарогі. Па меры таго як ззаду крытага кузава па баках шырэй распасціралася зеляніна мурагоў і дробных пералескаў, на яе фоне гравійка здавалася жаўцейшаю і паступова блякла, звужаючыся ўдалечыні.

— Па гэтай жа дарозе, толькі ў зваротны бок, нас везлі з першага лагера, — пазнаў наваколле Багдан Платонавіч.

Хлопец усміхнуўся: сусед забыўся пра тое, што Міхася не везлі з таго лагера з імі разам, але пазайздросціў ягонай добрай памяці. Сам ён цяпер не пазнаў бы тых мясцін, якімі прабіраўся, уцякаючы ад іспанцаў.

Ехалі яны хвілін дваццаць. За гэты час дарога прабегла ўздоўж дзвюх вёсак, хаты якіх імкліва прамільгнулі паабапал. Палонных пачалі высаджваць з грузавікоў, не даязджаючы да нейкага горада.

Сіліч зірнуў самотным позіркам на яго абрысы. На іх фоне яму ў вочы кінуўся велізарны астрог з вежамі над сцяною. За ёю ўзвышаліся пяць віцязяў і ўзведзеная для пакарання іх суцэльная масіўная шыбеніца. Чатыры віцязі стаялі ў абдымку, засланяючы сабою пятага асілка, на галаву вышэйшага, у бліскучым шаломе.

— Ноўгарад, — растлумачыў Багдан Платонавіч, калі вартавыя загадалі выстройвацца.

— Няўжо прывезлі назад туды, адкуль вывезлі? — недаверліва перапытаў хтосьці.

— Той лагер ужо расфарміравалі, — супакоіў сусед.— Прымусяць што-небудзь рабіць.

Пасля таго як аўтаматчыкі перадалі палонных салдатам нейкага іншага роду войск, а самі паехалі далей, Міхась уважліва паглядзеў па горад і з прыкрасцю падумаў: «Сапраўды Ноўгарад. І трэба ж гэтак схібіць: крамлёўскую сцяну палічыць за астрожную, а купалы Сафійскага сабора прыняць за шаломы віцязяў! Сафійкаю ласкава называлі ў нашым райцэнтры Сафійскі сабор. Цікава, а якое ж грувасткае збудаванне падобна да масіўнай шыбеніцы? Мабыць, толькі нявольніку можа здацца астрогам калыска былой вольнасці. Наўгародскі крэмль. Калісьці яго называлі дзядзінцам. Якое знаёмае слова! У беларусаў яно захавалася да гэтага часу. Адсюль жа рукою падаць дадому. Напрасткі ўсяго якіх-небудзь кіламетраў чатырыста, калі не меней. Значыць, той лагер, адкуль я ўцёк, быў тут, толькі, мусіць, з іншага боку горада».

Знаёмы невялікі грузавік з металічным кузавам падвёз грабарскія лапаты. Калі новыя ахоўнікі пачалі прымушаць палонных друзам патрушчаных руінаў запруджваць ямы, што пазаставаліся на абочынах ад выбухаў снарадаў і мін, Міхась па загадах салдат і па іхняй форме пазнаў сваіх ранейшых знаёмых, іспанцаў.

«Чаго добрага, яшчэ трапіш на вочы каму-небудзь з тых, ад каго ўцёк, дык прыб’юць прыкладамі, — насцярожыўся хлопец. Потым паступова пераконваўся, што ён сам нікога з іх не запомніў у твар, і суцяшаўся спадзяванкаю, што, можа, і яны яго не пазнаюць. — Дый неабавязкова ж сярод гэтых іспанцаў будзе хто-небудзь з тых, ад якіх я выпаўз па капусным міжраддзі».

— Дык гэта ж не немцы? — нарэшце разабраўся і Багдан Платонавіч.

— Іспанцы, — растлумачыў Міхась.

— Набрід з усяго свету.

«Сапраўды набрыдзь», — змоўчаў хлопец.

Той жа невялікі самазвал, што прывозіў лапаты, цяпер час ад часу падвозіў з горада бітую цэглу, перамешаную з раструшчаным тынкам. Гэтую сумесь з кузава ён звальваў у большыя варонкі, а каля меншых выкідаў на дол, і палонныя ёю засыпалі іх уручную, лапатамі. Варонкі на абочынах былі толькі ў адным месцы. Напэўна, гэты ўчастак дарогі раней падвергся інтэнсіўнаму абстрэлу. Пакуль усе ямы пазасыпалі і паверхню павыраўнівалі, праваждаліся амаль да абеду.

Потым іспанцы загадалі ўсім пагрузіць лапаты ў парожні кузаў самазвала, а палонных выстраілі і пагналі далей пехатою. Пры ўваходзе ў горад правялі міма нейкай незнаёмай машыны і адразу ж спынілі па краі плошчы, дзе перад лаўжом кірак і ламоў ляжала некалькі насілак.

Вартавыя прымусілі палонных рассесціся на бруку, а самі жывым ланцугом адгарадзілі іх ад абваленых руін. Адзін </b>за адным іспанцы атрымлівалі з пераносных тэрмасаў ежу і напераменку абедалі.

Перад вачамі Міхася паўстала жахлівае відовішча. Скрозь, як глянуць, на бруку павырастала трава. Густой зялёнай шчэццю яна выбівалася паміж камянёў. Бязлюдны горад здаваўся вымерлым. Пустымі невідушчымі вачніцамі, нібы чорнымі бельмамі, сіратліва глядзелі на свет каробкі разбітых будынкаў і знявечаныя, абезгалоўленыя цэрквы. Збоку вузкая вуліца, запруджаная ўзарванымі сценамі, нагадвала дарогу ў цясніне, наглуха перакрытую горным абвалам. Навокал патыхала збуцвелым запусценнем і змярцвелай здзічэласцю. Горад выглядаў так, як быццам ён перанёс жудаснае землетрасенне.

Сілічу здавалася, што ён бачыць пачварную паверхню невядомай планеты, якую зверху знарок ярка асвятляе вялізны зыркі пражэктар. Хлопец задраў галаву, глянуў на сонца, што ўжо сышло з паўдня, і горка ўхмыльнуўся: «Дзіва што хочацца есці! Значыць, іспанцы абедаюць не апоўдні, як немцы, а пазней, хаця і пераапрануліся ў падобную форму ахоўнай афарбоўкі».

На фронце ён чытаў нарыс у адной з цэнтральных газет пра тое, як іспанская «Блакітная дывізія» ў сініх блузах і чырвоных берэтах ішла на Усходні фронт праз Еўропу пехатою, цырыманіяльным маршам. «Блазны! Камедыянцкі маскарад наладзілі! А як уступілі ў бой з нашымі войскамі, дык тыя хутка збілі з іх пыху. Адстрэльвалі, як фазанаў! Каляровае ўбранне іспанцаў, нібы выскубенае пярэстае пер’е, стракацела на белым снезе. Ім прыйшлося паспешліва скінуць з сябе маскарадныя ўборы і напяліць для маскіравання форму ахоўнай афарбоўкі. Гэта вам не галовы адсякаць ерэтыкам! Не апраўдалі даверу гаспадароў, дык тыя знялі з фронту бітых ваяк і паставілі ахоўваць бяззбройных палонных». .

Паводдаль, наўскасяк праз плошчу, у разрыве зеляніны, што засланяла чырвоную цагляную сцяну, відаць была брама.

Сіліч глянуў угару і прыкінуў у галаве, што брама з крамля выходзіць прыкладна ў той бок, куды схіляецца сонца. «Калісьці, мабыць, адсюль дружыны Аляксандра Неўскага выходзілі вызваляць Пскоў ад тэўтонскіх рыцараў. Праз гэтую браму яны вярталіся пасля разгрому крыжакоў на лёдзе Чудскога возера. А цяпер нас як нявольнікаў прывялі сюды. Дый хто прывёў?.. Іспанскія інквізітары».

Пачуццё годнасці за славутых продкаў змянілася ў яго пачуццём сарамлівасці за іх шалапутных нашчадкаў. «Як магло здарыцца, што іспанскія ваякі ажно з другога канца Еўропы прыйшлі ў Ноўгарад? Нават у сярэдневякоўі іх грозныя продкі, заваёўнікі далёкіх заакіянскіх зямель, пе даходзілі сюды. Значыць, мы штосьці праглядзелі. Не ўсё рабілі, як трэба было... Калі б да вайны не расстралялі гэтулькі камандзіраў і маршалаў Чырвонай Арміі, фашысты не паглыбіліся б на такую адлегласць ад нашай мяжы. А іспанскія фалангісты не пабачылі б Ноўгарада як сваіх вушэй».

Яго то калаціла злосць, то мучыла прыкрасць, то прыгнятала горыч.

Пасля абеду іспанцы прымусілі палонных кіркамі і ламамі выкалупліваць камяні з вымашчанага бруку і насілкамі падносіць іх да грувасткай незнаёмай машыны, якая раптам затарахцела нібы малатарня, выкідаючы шэрыя клубы ці то пары, ці то дыму. Праўда, неўзабаве, як толькі падавальшчыкі ўкінулі ў яе першыя камяні і, захлынаючыся імі, машына глуха загрукатала, Міхась зразумеў, што гэта каменедрабілка, якая па халастым ходзе вытрасала каменны пыл.

— Наўмысна здзекуюцца, сволачы, — абурыўся Багдан Платонавіч, падкалупліваючы кіркаю і неахвотна выварочваючы зляжалы камень.— Для рамонту дарогі хапае цагляных руін. Дык не, прымушаюць яшчэ ўзрываць і драбіць брук.

— Нашчадкі тэўтонаў абняслаўляюць нас. Яны загадалі іспанцам сцерці Ноўгарад з твару зямлі. Каб не напамінаў пра Лядовае пабоішча, — разагнуўся Міхась з намерам перадыхнуць.

— Муэветэ!1 — штурхнуў яго ствалом у плечы бліжэйшы іспанец, які чуў, як яны перагаворваліся між сабою, а цяпер убачыў, што Міхась адпачывае.

Хлопец разумеў, чаго дамагаецца вартавы, хоць і не цяміў, што азначае слова «муэветэ». Міхасю таксама карцела агрызнуцца па-іспанску, але выраз «но пасаран!»2, што ведалі ўсе ягоныя аднагодкі, і адзінае слова «аміго»3, якое ён запомніў ад старэйшага брата, цяпер былі недарэчнымі. Бо фалангісты і ў Мадрыд прайшлі, і сюды дабраліся. І ніякіх сяброў і прыяцеляў сярод іх не можа быць.

Успомнілася, што якраз у той час калі ён штурмаваў граніт навукі ва Універсітэцкім гарадку Мінска, байцы Інтэрнацыянальнай брыгады ў акопах барыкад Універсітэцкага гарадка ў Мадрыдзе стрымлівалі націск мяцежнікаў. Тады яму і ў галаву не прыходзіла, што праз чатыры гады іспанскія фалангісты прымусяць яго апаганьваць гэтае святое месца паломніцтва на ягонай радзіме.

Незразумелым брэхам і гырканнем іспанцы прыспешвалі палонных, разгрупаваны ланцуг якіх марудна пасоўваўся па плошчы.

У Сіліча то было такое адчуванне, як быццам іх узганяюць на міннае поле, то яму здавалася, што яго прымушаюць выкопваць з зямлі чарапы продкаў, якія раструшчваюць каменедрабілкаю. Гэта прыводзіла ў роспач і кідала ў халодны пот.

Тыя, каму дасталіся ламы, хоць трошкі маглі абапірацца па іх і, не нахіляючыся, варушыцца. А ў яго ад частага згінання і разгінання кружылася галава і мільгалі ўваччу каляровыя іскры.

— Прагадалі мы з кіркамі, — паскардзіўся ён Багдану Платонавічу, што корпаўся побач. — Нагінайся ды разгінайся ўвесь час.

— Затое грэх адмольваема, раз-пораз адбіваючы паклоны святой Сафіі. І разам з тым гвалтаўнікам увесь час выстаўляем азадкі, — дасціпным жартам сусед трошкі развеяў яго пастрой і падбадзёрыў хлопца.

 

1 Варушыся!

2 Яны не пройдуць!

3 Сябра.

9

Пасля вячэрняй паверкі Міхась і Багдан Платонавіч адразу ж улягліся адпачываць. Перажытае за дзень і стаміла фізічна, і змардавала маральна. Абодвум хацелася пазбыцца прыкрага самаадчування і пра ўсё забыць. На нарах цяпер папрасторнела. Паўло, мусіць, яшчэ ўдзень пакінуў сваё месца. Ён перайшоў у самы канец стадолы, дзе атабарыліся наглядчыкі, кухары і перакладчык. Напэўна, перакладчык параіў яму перабрацца туды. Заставацца з ранейшымі суседзямі Паўлу было ніякавата. А каб не ўзнікла паміж імі непажаданых размоў і непаразуменняў, ён перасяліўся, не чакаючы, пакуль яны вернуцца з працы. Дзесьці ў глыбіні душы Міхась быў задаволены тым, што Паўло нарэшце пакінуў іх і перабраўся сам, без усялякіх апраўданняў і дакучлівых тлумачэнняў.

Абодвум суседзям усё роўна як хто пазавязваў языкі. Размаўляць не хацелася. Яны ляжалі моўчкі, кожны заняты сам сабою. Ляжалі-ляжалі дый, абцяжараныя, перапоўненыя да краёў маркотнымі думкамі і гаротнымі перажываннямі, непрыкметна аддаліся сну. Ён быў падманлівы: Міхась усю ноч трызніў, а Багдан Платонавіч варочаўся з боку на бок. І ўсё-такі, нягледзячы на гэта, іх абодвух ахінаў уяўны спакой.

Раніцаю лагер паднялі раней звычайнага. На дне прыбіральні палонныя ўгледзелі расхрыстанага тапельца. Прыцішаныя вохканні і спачувальныя ўздыхі па няшчасным імгненна перадаваліся з вуснаў у вусны. Пакуль найболей уражлівыя і руплівыя ламалі галовы над тым, як выцягнуць мерцвяка, лагерная абслуга ў сваім закутку схамянулася, што няма дзюбаносага наглядчыка з дзёрзкім позіркам. Яна выявіла гэта па ягонай шапцы з малінавым аколышкам, што ляжала ва ўзгалоўі. Як толькі погалас пра гэта распаўсюдзіўся па лагеры, палонных усё роўна як падмянілі. Шчырую спагадлівасць з людзей выцесніла зацятая злараднасць. У адно імгненне іх як ветрам садзьмула. Цяпер ніхто з іх нават і не думаў пра тое, каб выцягнуць тапельца.

«Наглядчыкі па вушы залезлі ў дзярмо. От няхай самі і вывалакваюць з яго ўтопленага хаўрусніка!» — не ўтойвалі сваёй думкі многія.

Ні для каго не было сакрэтам, што над наглядчыкам учынілі расправу смельчакі.

Па заўчасным прабуджэнні палонных вартавыя на ахоўных вышках адчулі, што ў лагеры штосьці здарылася. Яны насцярожана натапырыліся з ручнымі кулямётамі, але па-ранейшаму не пакідалі сваіх седалаў. Сярод наглядчыкаў таксама адчувалася разгубленасць. Адны з іх, як зацкаваныя сабакі, падціснулі хвасты, а другія, нібы мокрыя пеўні, апусцілі крылы. Начная трагічная развязка, вядома, не магла не пагнаць на іх падспуднага страху.

Калі раніцаю Міхась мяльком убачыў Паўла, ён прыкмеціў, як на хлопцавым твары імгненна выступілі белыя плямы. Паўло прашмыгнуў па праходзе, зашыўся ў кутку і болей не паказваў носа.

Толькі пасля таго, як у лагеры з’явіліся камендант, яго намеснік і дарожны майстра, наглядчыкі трохі ачомаліся і зноў пачалі ўздымаць галовы. Праўда, самі япы не сталі даставаць акачуранага хаўрусніка, а прымусілі палонных выцягваць яго бусакамі праз люк, што быў выгараджаны калючым дротам пасля няўдалага ўцёку двух нявольнікаў. На здзіўленне палонных, камендант нават не падаў выгляду, што ў лагеры адбылася надзвычайная падзея. Дый як мог шэф рассячы ці развязаць гэты гордзіеў вузел, калі не толькі канцы яго, а ўвесь ён быў схаваны ў дзярме? Без прынукі палонныя спяшаліся хутчэй выйсці з лагера, смурод ад якога бязветранай раніцаю не развейваўся ў наваколлі.

Сіліч здагадваўся, хто расправіўся з фашысцкім паслугачом. Ён не сумняваўся ў тым, што халую адпомсцілі тыя тры палонныя, якіх дазорац азвярэла дубасіў кіем на ягоных вачах. Хлопец жа бачыў тады, з якой смяртэльнай нянавісцю паласаваў прыхвасня паглядам стальных вачэй вёрткі дзяцюк. Напэўна, яшчэ тады ён мысленна прыкончыў пярэваратня. А потым трое сяброў прадумалі ўсё, абмазгавалі як след — і ўчынілі жорсткі самасуд. Уначы зрабіць гэта не цяжка. Маглі па чарзе дзяжурыць, чакаючы, калі наглядчык пойдзе ў прыбіральню. А як высачылі, разбудзілі астатніх і супольна правялі задуманую аперацыю. Задушылі, што не паспеў і пікнуць.

Канечне, на тую схватку іх з наглядчыкам на гравійцы наўрад ці звярнуў хто асаблівую ўвагу. Кожны асцерагаўся тады, як бы самому не атрымаць кіем па гарбе. На дне кювета Міхась быў у болей бяспечным становішчы, таму зблізку добра бачыў іхні паядынак.

Калі хлопец выказаў сваю здагадку Багдану Платонавічу і збольшага растлумачыў, чаму яго такое меркаванне, той насцярожана агледзеўся, ці няма каго паблізу, і паціху, але рашуча вымавіў:

— Малайцы! Яны і за сябе адпомсцілі, і ад імя ўсіх нас выканалі справядлівы прысуд.

Міхась яшчэ перад пастраеннем на ранішнюю паверку і пазней, працуючы на гравійцы, зайздросным позіркам адшукваў сярод іншых палонных і з цікаўнасцю падоўгу разглядаў трох смельчакоў, якіх западозрыў у дзёрзкім замаху, але па іх выглядзе не прыкмячаў нічога асаблівага. Яны паводзілі сябе спакойна і незалежна, толькі трымаліся ўвесь час разам. Праўда, ці таму, што хлопец запомніў, як спрытна абараняўся тады ад удараў наглядчыка шустры дзяцюк, ці таму, што пасля ў кювеце бачыў, як глядзелі яму ў рот абодва сябры, Міхась падазраваў, што верхаводзіць імі як завадатар менавіта ён, Хендога.

Вяртаючыся з працы, палонныя заўважылі збоку перад брамаю кучу выгружаных дошак і брусоў.

«Няйначай як прахадную зрабіць хочуць або нейкі заканурак да лагера прыбудаваць збіраюцца», — міжвольна ўзнікла здагадка ў Міхася.

Але неўзабаве, пасля выдачы баланды, як толькі перакладчык Ванька, два кухары і Паўло пачалі ўносіць усярэдзіну стадолы брусы, а трое наглядчыкаў узяліся адгароджваць імі свой закутак, усё высветлілася.

— Лагерныя прыдуркі са страху хочуць забарыкадавацца, — спадцішка пакеплівалі адны.

— Балазе што хоць нас не прымушаюць памагаць ім, — задавольваліся другія.

— Не давяраюць. Баяцца, што не ўсе дошкі папрыбіваем, дык павывалакваюць сонных, — пасмейваліся трэція.

— Яны ледзь выканючылі ў каменданта аполак. Дошак ён і на дамавіну ім пашкадуе, — не сцярпеў хтосьці.

Большасць палонных бавілася на двары, бо ў стадоле ад шоргату пілы і стуку малаткоў стаяў шум і грукат. Калі праз нейкіх пару гадзін нарэшце ўзвялі сцяну і навесілі дзверы, Багдан Платонавіч, які сядзеў з Міхасём на калодзе каля кухні, выказаў неўразуменнае здзіўленне:

— Дык прыбіральня ж — агульная. Хіба яны за кампанію будуць хадзіць у яе разам?..

 

Праз некалькі дзён на гравійцы, дзе працавалі палонныя, нечакана прыцішыла ход і, з’язджаючы на абочыну, спынілася каля дарожнага майстра легкавая аўтамашына. З яе нетаропка вылезлі камендант і грузны чалавек у незнаёмай вайсковай форме. Камендант спачатку перамовіўся з майстрам, потым, мусіць, нешта загадаў перакладчыку, бо той паслухмяна замітусіўся, кагосьці выглядаючы вачамі. Ванька абабег, можа, палавіну палонных, пакуль нарэшце адшукаў шыракатварага тыпа, які заяўляў каменданту, што хоча ўступіць у легіёны, і ўдвух яны падышлі да аўтамашыны. Камендант нават не звярнуў на падазванага ніякай увагі, па-ранейшаму размаўляючы з майстрам. Грузлы вайсковец адчыніў заднія дзверцы і нязграбна, ледзьве праціскаючыся ў аўтамашыну, напэўна, запрасіў у яе і палоннага, бо той з другога боку таксама пралез на сядзенне. З насцеж расчыненымі заднімі дзверцамі аўтамабіль прастаяў некалькі хвілін. Потым камендант сеў побач з шафёрам, і, як толькі пазачыняліся ўсе дзверцы, машына кранулася з месца, павольна завярнулася і рушыла ў той бок, адкуль прыехала. Усе палонныя праводзілі яе цікаўнымі, але няўцямнымі позіркамі.

— Мабыць, разведалі, што гэта важная асоба, калі павезлі ў легкавушцы, як пана, — паспачуваў Багдан Платонавіч.

Сіліч змоўчаў. У яго і цяпер не павярнуўся язык, каб сказаць страшную праўду пра шыракатварага. «Лепей хай просты чалавек верыць у сваю здагадку і не псуе сабе нервы, гнеўна абураючыся здрадніцкім учынкам. Яму хопіць і таго клопату, што задаў зямляк, які перайшоў да лагерных прыдуркаў. Няхай хоць трошкі забудзецца і адыдзе ад маркотных думак».

Хлопец непакоіўся пра суседа, ашчаджаючы яго, а самога апаноўваў пакутлівы одум. Усё-такі якое складанае і незразумелае жыццё, што калісьці здавалася такім простым і бесклапотным? Нездарма ж людзі кажуць: «Жыццё пражыць — не поле перайсці». А можа, яно не такое складанае і незразумелае для кемлівага і разумнага чалавека? Дык хіба ж Паўло і гэты шыракатвары — дурні? Яны занадта хітрыя. Ратуюць сваю шкуру, прадажныя стварэнні!

Калі пасля абеду Міхась вылазіў з-пад верхніх нараў, каб апаласнуць бляшанкі, з верхатуры міма яго шаснуў уніз сусед шыракатварага. Худы, высокі юпак трымаў у руках парожні кацялок і, відаць, таксама ішоў да рукамыйніка.

— Куды гэта немцы забралі твайго суседа? — не раздумваючыся, запытаўся Міхась, жадаючы завязаць з хлопцам гаворку.

— Які чорт яго забіраў? Ён сам напрасіўся да іх.

— Чаго?

— Наймацца на службу.

— Куды?

— У татарскі легіён.

— Хіба ён з Татарыі?

— Не. Мы абодва з Арэнбургскай вобласці.

— І ты татарын?

— Ага.

— А чаму ж не паехаў з ім, за кампанію?

— Ён падбіваў мяне. Але мне з ім не па дарозе.

— Вы аднапалчане?

— Не. Пазнаёміліся ў лагеры.

— Кім ён быў у арміі?

— Начпродам.

«Там з прадуктамі меў справу, дык тут спалохаўся, што на рацыёне палонных канцы аддасць,— ухмыльнуўся Міхась. — Легіянер знайшоўся! Нябось такі праныра і там на харчовы склад пралезе».

Хлопцы схадзілі да рукамыйніка, апаласнулі свой посуд і, размаўляючы між сабою, трохі затрымаліся на двары. Юнака з верхатуры звалі Хасанам. Той год, як пачалася вайна, ён скончыў дзесяць класаў. Вучыўся ў вясковай школе. Збіраўся паступіць на гістарычны факультэт Казанскага універсітэта. А лёс распарадзіўся іначай: зрабіў яго мінамётчыкам.

Сіліч адразу не прызнаўся, што ён настаўнік гісторыі. Але выклікала павагу хлопцава перакананне і падкупляла ягоная схільнасць да аблюбаванай прафесіі, у якую Міхась сам быў улюбёны змалку. Таму ён пранікся пачуццём локця і адчуў, як у ім зацеплілася сімпатыя да адзінокага юнака. «От табе і нацыянальнасць, і вясковая школа! У Паўла за плячамі педагагічнае вучылішча ў славутым абласным цэнтры. А мардаты начпрод з вышэйшай адукацыяй. Напэўна, усё залежыць ад маральнай устойлівасці і фізічнай загартоўкі чалавека, а не толькі ад трываласці грунту пад ім!»

 

10

На ранішняй паверцы адчувалася, што камендант не ў настроі. Ці мала што магло яго раззлаваць? Мо вышэйшае начальства дало наганяй? А можа, ён замаруджана ўспрыняў загадкавую смерць наглядчыка? Нікому не прыйшло ў галаву, што раздражніла камендантавы нервы. А ён быў не столькі разнерваваны, колькі пакрыўджаны ўмяшаннем іншых у ягоныя ўладанні. Калі гэтак пачнуць прыязджаць розныя прадстаўнікі, забіраючы сабе палонных, дык разбяруць увесь лагер. З кім тады застанешся на захопленых землях? З камандаю сваіх суайчыннікаў, што ўсё яшчэ дзесьці затрымліваюцца? А хто ж будзе рамантаваць дарогу?

Яго зрабілі гаспадаром, далі паўнапраўную ўладу, надзялілі неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Хто ў яго лагеры? Зборышча чалавекападобных істот ніжэйшай расы. Распараджайся імі як хочаш. Расстрэльвай ва ўпор, расколвай чарапы, адсякай галовы. Запалохвай ды трымай іх у паслушэнстве. З цябе не спагоняць, цябе не пакараюць. Бывала, ён і не сніў пра такую ўладу. Мог толькі распараджацца на калідоры свайго паверха. І то над ім быў яшчэ старэйшы чын. А тут шчасце прываліла! Калі не будзеш дурнем, а раскумекаеш і паварушыш мазгамі, дык і нажывы яшчэ прыдбаеш.

Раней ён думаў, што ўсе гэтыя ніжэйшыя істоты — аднародныя, з аднолькавымі непакорнымі характарамі і з вольналюбівымі звычкамі. Ажно не, аказваецца, сярод іх таксама трапляюцца розныя. Узяў ды самачынна паставіў пецярых наглядчыкамі над сваімі ж суайчыннікамі — і яны паслухмяна выслужваюцца. Толькі адзін нахабна адмовіўся падпарадкавацца. Затое і атрымаў па заслугах. Няхай усе ведаюць, як я распраўляюся з непакорнымі. Праўда, аднаго паслухмянага яны самі жорстка пакаралі. Але тут нічога не зробіш — канцы схаваны. Не будзеш жа ў дзярме корпацца.

А гэты, што добраахвотна папрасіўся ў легіёны, сам аблудны баран, хоць так называў сваіх суайчыннікаў. Мадзеў бы тут і спакойна, як грэшнік, аддаў богу душу. Дык не, памерці хоча пад баявую музыку. А што, калі тут яшчэ знойдуцца такія, як ён, якія таксама папросяцца ў легіянеры? Калі б на тварах было гэта напісана, дык узяў бы ды павылучаў такіх з даверанага мне статка, каб ён не разбрыдаўся. І каму толькі ў нас узбрыло ў галаву даваць у рукі зброю істотам ніжэйшай расы? Асабліва цяпер, калі мы заваявалі такія прасторы.

Перад тым як выгнаць лагер на працу, камендант паспешліва прайшоўся ўсцяж павернутых шарэнгаў, хапатліва заглядаючы ў твары палонных, і вылучыў са строю трох юнакоў, што стаялі разам, побач адзін з адным.

— Спытайся, хто яны? — не паварочваючыся, цераз плячо нядбайна кінуў ён перакладчыку, што, нібы палахлівы ардынарац, трымаючыся на значнай адлегласці, дробненька тупаў следам.

Ванька пераклаў юнакам камендантава запытанне. Змрочны прысадзісты здаравяк адказаў, што ён — казах, высокі, з прыгожым тварам і вузкімі вачамі назваўся ўзбекам, а сярэдні, з чорпаю як смоль стрыжанай галавою — кіргізам. Стоячы навыцяжку, Ванька пераклаў іхнія адказы. Па тым, як шэф сумеўся, адчувалася, што ён не толькі не мае ніякага ўяўлення пра гэтыя нацыянальнасці, але наогул першы раз у жыцці чуе іх назвы.

— Азіяты? — няўпэўнена перапытаў ён, яшчэ болей выдаючы сваю разгубленасць.

— Я-я-я, — падтакнуў перакладчык. І хоць у ягоным працяжным адказе таксама не вельмі адчувалася ўпэўненасць, але камендант паспешліва аддаў распараджэнне:

— З гэтага дня вы пастаянна будзеце працаваць на самазвале, — пераклаў Ванька. — Можаце ісці да яго. Шафёры скажуць, што вам рабіць.

«Няйначай як камендант хоча задобрыць іх, — усміхнуўся сам сабе Міхась, які выразна пачуў словы перакладчыка. — Мусіць, баіцца, каб яны таксама не падаліся ў легіянеры. Думае, калі з выгляду чорныя, дык не чырвонай веры. Напэўна, у яго такое ўяўленне, што савецкія — толькі славяне і што ўсе мы абавязкова бялявыя. Нябось не разумее таго, што ў ягоным лагеры акрамя славян шмат палонных іншых нацыянальнасцей. Праўда, іх не надта адрозніш па выглядзе, бо ўсе людзі як людзі: белыя, смуглыя, чарнявыя, рыжаватыя. Сам бы ў люстэрка добра прыгледзеўся да сябе. Ён жа з выгляду зусім непадобны да чыстакроўнага арыйца. Мардаты начпрод — русы, але ж ён не рускі. Вырадак, якіх днём з агнём не знойдзеш».

Ці то Міхась надарваўся ад перанапружання пры няўдалым прарыве з акружэння, ці то ў яго абарвалася штосьці ўсярэдзіне пры кантузіі, але душа ягоная была апустошана. Зранку на працы ён яшчэ трываў, яму было ніштавата. Напэўна, за ноч трохі адпачываў. Але праз некаторы час зноў адольвала слабасць. Спачатку набрынялі ногі, пасля дзеравянелі рукі. Пры нагінанні цямнела ўваччу і кружылася галава. Здавалася, ногі вось-вось падкосяцца, не ўтрымаеш раўнавагі і, як падрэзаны, грымнешся вобземлю. У такія хвіліны апаноўваў страх, што з кожным днём ты ўсё болей слабееш і што калі так працягнецца тыдзень-другі, дык і пры зручным выпадку не хопіць сілы, каб уцячы.

Ад штодзённага недаядання давала сябе знаць галадуха. Пажылыя і старэйшыя па ўзросце, як болей загартаваныя жыццём, пераносілі <b>яе лягчэй,<b> а маладзейшыя <b>не вытрымлівалі і адразу ж пачалі пераходзіць на падножны корм. </b>У <b>абедзенны перапынак яны рупліва поўзалі па схілах кюветаў, таропка вышчыпвалі шчаўе з заечай капустаю і папоўніцы запіхвалі ў рот, як першабытныя </b>людзі.

Сіліч, як і іншыя, стараўся зранку захапіць штыхавую рыдлёўку: з ёй не трэба нагінацца, як з кіркаю або з насілкамі, дый, ухітраючыся, можна непрыкметна абапірацца па дзяржальна і нават за працаю хапаць шчаўе, калі няма паблізу дазорцаў ці дарожнага майстра. На жаль, і шчаўя, і заечай капусты па кюветах расло не гэтулькі, каб хапіла ўсім удосталь. Многія ў гарачую страву пачалі дабаўляць вараную траву. Вясковыя яшчэ хоць трохі разбіраліся ў ёй, а гарадскія, небаракі, гатовы былі скубці любую, абы толькі буйная ды сакавітая. Спачатку і смех і грэх было глядзець, як яны наперабой адзін перад адным накідваліся на ўсё запар, асабліва не адрозніваючы, што прыдатна, а што непрыдатна для яды. Некаторыя ў спешцы хапанулі нават палыну, але вопытныя перасцераглі, што ён горкі, як іх доля.

А яго, буйнога і шызага, нарасло навокал гэтулькі, што, як глянуць удалечыню, нібы ўся трава паабапал гравійкі пасівела ад бяды. Здавалася, што палыновае гора разлілося па ўсіх шляхах і дарогах, пазатапляла пагоркі, леташнія акопы і супрацьтанкавыя равы, патыхала ў свеце гарам і гарэніла ў роце.

Сіліч калісьці чытаў, што людзі ядуць салату з маладога лісця дзьмухаўца і, як далікатэс, гатуюць бацвінне з маладой крапівы. Цяпер тыя весткі былі асабліва дарэчы і спатрэбіліся. У ліпені, вядома, і дзьмухавец не малады, і крапіва-жыгучка злосна джгае рукі. Але хлопец скуб і тое, і другое, упэўнены, што калі яго пракіпяціць, дык есці няшкодна.

У стадоле палонныя палілі дзве пліты і жалезны верх іх застаўлялі кацялкамі і бляшанкамі, туга напакаванымі прамытай травою. Яе асабліва не варылі, давалі збольшага пракіпець. Адвар адразу ж сцэджвалі, каб на ім не настойвалася гушча, якую разбаўлялі рэдзенькім кандзёрам, як быццам затаўкаю ці скаромнінаю запраўлялі нішчымнае варыва. Каб не пакутаваць ад голаду, людзі свядома падманвалі свае жываты, набіваючы іх абы-чым. Пры гэтым кожны, як толькі мог, праяўляў сябе ў гэтай справе.

Хаця Міхась не вытанчана гатаваў непрыдатныя да яды травы, але зусім выпадкова адкрыў адну страву, невядомую ў кулінарыі. Рыдлёўкаю выварочваючы на дне кювета кусцісты лопух, хлопец упершыню ў жыцці ўбачыў яго мясісты корань. «Ого, нібы клубняплод! Ён процьму травы заменіць! Цікава, які ў яго смак? Можа, таксама можна есці?»

Жалезняком Міхась акуратна адкроіў хвастаты канец кораня, але заўважыў, што набліжаецца наглядчык. Пакуль той прашпацыраваў міма і адышоў падалей, хлопец глытаў сліну. Потым імгненна нагнуўся і, таропка выцершы аб запыленую траву адрэзаны кавалак, выпростваючыся, зладзеявата адкусіў ад яго ладны кус. І, як нічога не было, разжоўваў ужо стоячы, толькі дзеля выгляду корпаючы рыдлёўкаю траву. Корань быў не сакавіты і пахрумстваў па зубах ці то ад цвёрдасці, ці то ад пяску і пылу. Па смаку ён трошкі нагадваў бручку. Есці можна было, і хлопец уплятаў яго за мілую душу. Спачатку ўвабраў адрэзаны канчур, а потым, не спяшаючыся, даеў рэшту. Так увайшоў усмак, што наважыў абавязкова прыхапіць лопух на запас, калі толькі пашчасціць яшчэ знайсці.

Пры самай абочыне гравійкі, дзе над пыльным разнатраўем прывольна буялі палын, дурнап’ян, асот, дзядоўнік і малачай, знайсці лопух, вядома, лягчэй, чым у таежных нетрах — жэньшэнь.

Пранізлівым позіркам абмацваючы дно і схілы здзічэлага кювета, Сіліч нагледзеў яшчэ дзве такія лапушыстыя расліны, карані якіх абцерабіў у абедзенны перапынак і прыхапіў з сабою ў лагер. Паколькі сырымі ўжо трохі заспакоіў голад і перабіў апетыт, то гэтыя рашыў зварыць і паспытаць, якія яны на смак гарачыя. Кандзёр ён цяпер атрымліваў у кансервавую бляшанку, што аддаў яму Багдан Платонавіч пасля таго, як зрабіў сабе дзюралевую пасудзіну. А траву Міхась варыў у бляшанцы з-пад дымавой шашкі. З тонкай бляхі, шырокая і невысокая, з тугой накрыўкаю, яна была зручная для варыва: у ёй хутка закіпала вада.

Вараны корань лопуху быў мяккі і на смак падобны да вадзяністай бульбы. Усцешаны, Міхась запрасіў Багдана Платонавіча паспытаць нязвычную страву, але сусед не спакусіўся гасцінным запрашэннем. Ён упарта пераносіў голад, трываў і, апрача шчаўя, не варыў ніякай травы.

Болей палавіны варыва Міхась разбавіў кандзёрам і з’еў упрыкуску з хлебам, а рэшту пакінуў на вячэру. Нават не сцэджваў узвар, што па колеры нагадваў чай і меў саладжавы прысмак. Але павячэраць хлопцу не прыйшлося. Астылы корань пачарнеў і выклікаў гідлівасць. Гэта расчаравала і засмуціла. Міхась не стаў яго есці. «Яшчэ атруцішся. Бульба, астываючы, дзеравянее. Дык жа яе можна есці і халодную. Усё-такі, што ні кажы, а з усіх раслін, якія тут змушаны спажываць у ежу, толькі лебяда — нішто сабе, — прыйшоў да высновы хлопец. — Асабліва бубачкі яе насення. Ледзьве закіпяць — і ўжо нібы развараныя крупы ў кашы. Не дзіўна, што нашы продкі пры нястачы лебяду дамешвалі ў хлеб. Невыпадкова ж і тут многія наперабой адзін перад адным накідваюцца на яе па схілах кюветаў. Нябось і ў небаракаў губа не дурная».

Апошнім часам хлопцу кінулася ў вочы, як дружна выцярэблівалі лебяду Хендога і абодва ягоныя таварышы. Як тады вёртка выкручваліся яны ад удараў наглядчыка, цяпер гэтак спрытна вышчыпваюць шчаўе па дне і схілах кювета.

— Каб з галадухі не выпрастаць ногі, дружней, братва, налягай на падножны корм! — уголас заклікаў Хендога палонных, скубучы сакавітую зелень.

На абочынах і ў кюветах ён і ягоныя таварышы не абміналі ні сухой ламачыны, ні дошкі: усё валаклі ў лагер, ідучы з працы. Вартавыя ў брамцы падазрона абмацвалі іх рэчмяшкі з травою, пільна аглядалі саміх з ног да галавы, але, бачачы, што яны нясуць паліва, не прыдзіраліся. Прыклад неразлучных таварышаў пераймалі іншыя. На дзвюх печках у стадоле не змяшчаліся кацялкі і бляшанкі з травою. Неразлучная тройня проста на двары пачала распальваць цяпельца, на якім гатавала ўбогае варыва. Гледзячы на іх, многія рабілі тое ж самае. У выхадны дзень нікога з немцаў не было ў лагеры. А без гаспадароў і наглядчыкі не давалі волі сваім рукам: пабойваліся процьмы люду. На ахоўных вышках вартавыя з ручнымі кулямётамі сачылі толькі за тым, каб ніхто з палонных не падыходзіў да агароджы. Іх мала цікавіла тое, што робіцца ўсярэдзіне лагера. Таму ў нядзелю лагерны двор, сярод якога вакол цяпельцаў купкамі стаялі і на кукішках сядзелі небаракі, гатуючы ў бляшанках і кацялках травяное варыва, Міхасю нагадваў салдацкі бівак мінулых часоў, апісаны ў даўніх кнігах.

Вядома, не Хендогавы заклікі, а голад прымушаў хлопца налягаць на падножны корм. Міхась баяўся знясілець, бо спадзяваўся па ўцёкі. А разлічваць ён мог толькі сам на сябе, таму і клапаціўся пра сябе самога. Надломленаму фізічна і маральна, яму нават і ў галаву не прыходзіла, што вакол яго ходзяць людзі, якія здольны думаць не толькі пра сябе, але турбуюцца і аб іншых. Менавіта гэтакім чалавека быў Хендога.

 

11

Вядома, усур’ёз наўрад ці думаў Хендога, што падножны корм падтрымае сілы згаладнелых небаракаў. У ім жа ні калорый, ні спажыўных сокаў. Трава застаецца травой у любым выглядзе — сырая ці вараная. Але Хендога спадзяваўся на тое, што, чым больш палонных будуць насіць з працы яе і паліва, тым болей шанцаў пранесці ў лагер што-небудзь іншае, істотнае і важнае. Бо што ўяўляў з сябе ў полі адзінокі жывёльны двор з калючай агароджаю і з чатырма ахоўнымі вышкамі? Камендант і майстра жылі дзесьці ў іншым месцы і раніцай прыязджалі сюды на машынах разам з салдатамі.

— Калі б хоць па адной лімонцы на кожную вышку, дык вартавых ля брамы ўзялі б голымі рукамі, — казаў Хендога сваім таварышам.

Палонныя яшчэ не ведалі, што з Германіі нарэшце прыбыла тая каманда, якую з нецярплівасцю чакаў камендант. Калі раніцаю аўтамашыны высадзілі каля лагера вайскоўцаў у ядавіта-жоўтай форме з павязкамі «тодт» на рукавах і паехалі прэч, многія насцярожыліся.

«Ну от, цяпер усім нам канцы прыйшлі, — мільгнула ў Міхасёвай галаве думка, адпаведная ягонаму настрою. — Камендант самачынна забіваў па адным, а яны супольна пачнуць сеяць смерць паскораным метадам».

Камендант рушыў да брамы, а вайскоўцы спыніліся перад ёю, здымаючы з плячэй і беручы напагатоў вінтоўкі. Наглядчыкі кінуліся выстройваць лагер. Збянтэжаныя араваю пасланцоў смерці, Міхась з Багданам Платонавічам інстынктыўна памкнуліся да Хендогі, якога раптам заўважылі ў мітуслівым натоўпе. У бязладнай штурханіне іх адцяснілі ў самы хвост калоны. Калі лагерная ахова перадала яе ў браме новай спецкамандзе, да лагера пад’ехаў вялізны грузавік з брызентавым тэнтам над кузавам. З яго кабіны вылез малады нямецкі афіцэр і падышоў да каменданта. Пасля іх кароткай гаворкі камендант крыкнуў штосьці канваірам. Тыя перадалі яго каманду ў галаву калоны і спынілі яе ў той момант, калі яна выйшла з брамы, выцягваючыся на гравійку. Тым часам афіцэр аддаў нейкі загад пецярым аўтаматчыкам, што вылезлі з кузава. Яны адлічылі з хваста калоны дваццаць палонных і загадалі ім залазіць у грузавік. Адбылося ўсё настолькі нечакана, што Міхась не паспеў апамятацца, як апынуўся ў кузаве. Чатыры пярэднія лавы занялі палонныя, а праз адну парожнюю, на самай задняй селі немцы, трымаючы ў руках аўтаматы. Як толькі бразнулі дзверцы кабіны, грузавік крануўся з месца. «Можа, і к лепшаму, што мы трапілі да франтавікоў. Усё-такі яны адвозяць нас падалей ад гэтай смертаноснай каманды, — думаў Міхась. А калі адчуў побач локаць і плячо Багдана Платонавіча ды ўгледзеў на задняй лаве Хендогу з абодвума таварышамі, яшчэ болей паспакайнеў.— Назіркам трэба трымацца іх. Мо прывязуць у такое месца, адкуль можна будзе хутчэй уцячы».

Грузавік спачатку імчаў па гравійцы, потым прыцішыў ход і крута павярнуў на ўезджаную прасёлачную дарогу. За постацямі аўтаматчыкаў, якія сядзелі па ўсю шырыню кузава, не відно было, што расце паўз яе. Толькі калі аўтамашына ўз’ехала на ўзгорак, ззаду, як акінуць вокам, паўкругам апахалам разгарнуўся далягляд. Па яго вясёлкавым спектры цёмна-зялёных, салатавых і залацістых колераў можна было здагадацца, што там чарадуюцца ўчасткі бульбы, лёну і жыта.

Міхась на імгненне ўявіў сваю расхрыстаную і абражаную маці-радзіму, з рук якой чужынцы вырвалі і кінулі сабе пад ногі гэтае стракатае апахала — і ягонае сэрца балюча зашчымела ад бяссілля і крыўды, што ён не можа дапамагчы ёй у бядзе.

Аўтамашына спынілася на раздольнай лугавіне, каля невялічкай выспы радкавых кустоў, пасярэдзіне якіх уздымалася купка бяроз. Салдаты нетаропка вылезлі з кузава, высадзілі палонных, загадалі ім пакласці на зямлю іх рэчмяшкі і шынялі, выстраілі і пакінулі стаяць. Афіцэр і салдаты паўкругам расселіся вакол на траве.

З трох бакоў удалечыні распасціралася зялёная мурожная роўнядзь. Грузавік павольна завярнуўся і паехаў у адваротным кірунку.

«Мусіць, пачакаюць, пакуль ён знікне з вачэй, адвядуць у кусты дый пусцяць у расход без лішніх сведкаў, — падумаў Міхась, самотным позіркам праводзячы аўтамашыну. — Бо каго ж ім яшчэ чакаць у бязлюднай пустцы, удалечыні ад паселішчаў?»

— Што яны будуць рабіць? — насцярожана прашаптаў хтосьці.

— Самі працаваць не стануць. Нам дадуць якую-небудзь працу, — спакойна і разважліва адказаў Хендога. — Бач жа, расселіся як гаспадары, а нас прымушаюць стаяць.

Па меры таго як грузавік аддаляўся, у людзей узрастала трывога. Але калі ён зусім растаў удалечыні, а салдаты па-ранейшаму спакойна сядзелі і не падымаліся, палонныя таксама патрохі супакоіліся. Гэтак і прастаялі яны да таго часу, пакуль хтосьці не ўгледзеў на даляглядзе аўтамашыну, што на сонцы паблісквала ветравым шклом і набліжалася сюды. Насцярожанымі позіркамі ўсе глядзелі за яе набліжэннем.

«Няйначай як чарговую партыю вязуць», — узнікла здагадка ў Міхася. Чамусьці занадта доўгімі здаліся хвіліны чакання. Нарэшце пад’ехаў вялізны крыты грузавік, з зашпіленым ззаду брызентам. Палонныя ўбачылі гэта, калі шафёр заварочваў машыну і заднім ходам даваў бліжэй да кустоў. Афіцэр, устаючы з долу, камандаю падняў салдат. З правага боку кабіны таропка вылез шафёр, а з левага, не спяшаючыся, нейкі вайсковы чын. Абодва яны пайшлі да задняга борта. Калі шафёр расшпіліў брызент і адчыніў борт, вайсковец жэстам рукі падаў нейкі знак. Афіцэр у сваю чаргу скамандаваў штосьці салдатам. Яны падагналі палонных да аўтамашыны і загадалі разгружаць яе.

Разгубленыя палонныя не ведалі, як падступіцца да кузава, што амаль упоравень з заднімі краямі і да самага верху быў шчыльна напакаваны, відаць, нейкім правіянтам. Спадыспаду ляжалі мяхі, па іх стаялі грувасткія кардонныя скрыні, да якіх немагчыма было дацягнуцца з зямлі, каб павымаць іх з кузава. Напэўна, аўтамашыну загружалі з дзвярэй вагона або з платформы пакгауза, не турбуючыся пра тое, у якіх умовах прыйдзецца яе разгружаць.

— Лёс! Шнэль! — пакрыквалі з бакоў салдаты, прыспешваючы збянтэжаных палонных.

Хендога паставіў адну нагу на зашчапку задняга борта, другой абапёрся на край падлогі і, абшчаперваючы рукамі раму каркаса, ускараскаўся ў кузаў. Але па тым, як ён не расчапляў абедзвюх рук, было відно, што чалавек адчувае сябе няўстойліва: ногі ў калодках ледзьве змяшчаліся на самым краі падлогі.

— Казнадзей, памажы з другога боку, — папрасіў Хендога.

На дапамогу яму кінуўся ягоны чарнявы таварыш, што таксама ўскараскаўся ў кузаў з другога боку. Адной рукою трымаючыся за каркас, а другую вызваліўшы, яны сумесна памкнуліся выцягнуць зверху кузава скрыню. Але адчувалася, што, калі ногі палонных не знойдуць трывалай апоры, усе іхнія спробы скончацца няўдачаю. А можа, на самай справе яны і не стараліся выцягнуць скрыню, бо Міхасю здалося, што Хендога не столькі спрабуе зрабіць гэта, колькі ўпотайкі імкнецца агледзець з вышыні мясцовасць за кустамі. Абодва палонныя марна праваждаліся з непадатлівай скрыняю да тае пары, пакуль салдаты не страцілі цярплівасці і не пачалі зноў пакрыкваць «лёс!» і «шнэль!».

— Ярмолік! — паклікаў кагосьці Хендога ў часе паўзы між салдацкіх выкрыкаў і, трымаючыся рукамі за самы верх каркаса, пасунуўся на пару крокаў ад краю, уступаючы месца свайму рыжаватаму таварышу, што ўжо караскаўся ў кузаў. Салдаты змоўклі, чакаючы, што будзе далей.

Адной рукою трымаючыся за край каркаса, а другую сашчапіўшы з рукою напарніка, абодва крайнія палонныя абхапілі Хендогавы плечы, а ён зноў паспрабаваў выцягнуць з кузава верхнюю скрыню. Спярша яна кранулася з месца, але далей не ішла. Пры сваім няўстойлівым становішчы, Хендога, мабыць, і не мог цягнуць скрыню з усяе сілы, таму што па інтуіцыі вымушаны быў сам трымацца за яе.

— Генуг! — крыкнуў афіцэр, які, напэўна, пераканаўся, што намаганні палонных марныя.

Хендога, які трымаўся за напарнікаў, нязгрэбна сагнуўся і, адпускаючы рукі, спружыніста скокнуў на дол. Абодва ягоныя таварышы таксама злезлі ўніз. У ружаватага ад натугі паружавеў твар, на якім выразней выступілі вяснушкі.

Калі салдаты зноў пачалі пакрыкваць, пагрозліва настаўляючы на небаракаў аўтаматы, Хендога параіў тром іншым палонным залезці ў кузаў, а пецярым падняць і падтрымліваць, як памост, задні борт. Болей упэўнена стоячы на ім, нібы на падлозе, новая тройня неўзабаве ўсё-такі выцягнула верхнюю скрыню і падала яе ўніз. Толькі такім чынам нарэшце быў распакованы і патрохі пачаў разгружацца гэты непрыступны кузаў.

Як толькі Хендога з Казнадзеем узялі першую скрыню, Міхась з Багданам Платонавічам не разгубіліся і ўзялі наступную, апярэдзіўшы Ярмоліка, што вымушаны быў з Хасанам узяць толькі трэцюю. Салдаты пачакалі, пакуль усе незанятыя палонныя ўзялі скрыні — і нязвычная працэсія рушыла з месца. Спераду, як праваднік, ішоў вайсковец, што прыехаў у кабіне, а паабапал, трохі воддаль — чатыры аўтаматчыкі: два з аднаго і два з другога боку. Афіцэр, салдат і шафёр засталіся каля грузавіка.

Палонныя, што падтрымлівалі падняты борт, цяпер маглі перадыхнуць, але ўсё роўна не апускалі, а падтрымлівалі яго, адпачываючы. Першы раз усе пары ўзялі скрыні нязручна: тварам у твар адзін да аднаго і неслі іх, ідучы бокам. Ісці гэтак было няёмка: на кожным кроку хадзьбе заміналі лазовыя кусты. Былі япы раскідзіста-бухматыя, хоць і невысокія: адны да пояса, другія — па грудзі.

Міхась з Багданам Платонавічам ні на крок не адставалі ад першай пары, ішлі за ёю амаль упрытык. Таму абодва пачулі, як Хендога расчаравана прамармытаў:

— Праклятая выспа! Як мазоль на далоні! Усё кругом праглядаецца.

Гэтыя словы ўдарылі Міхася, нібы ток невысокага напружання. «Няўжо і адсюль нельга ўцячы?» Ды Казнадзей абарваў ягоную думку, паціху прамовіўшы:

— Але затое, калі што дрэнна ляжыць, не будзем цырымоніцца.

Працэсія падышла да бяроз, між якіх была напята вялізная салатавая палатка, густа акроплепая цёмна-зялёнымі плямамі. Пад ёю стаялі чатыры аўтаматчыкі. Мусіць, яны распіналі і ахоўвалі палатку, чакаючы, пакуль іншыя прывязуць сюды груз.

«Часовы склад у палявых умовах, — здагадаўся Міхась. — Нічога не скажаш: месца выбралі зручнае, калі ўсе подступы да яго праглядаюцца».

Вайсковы чын, што прывёў палонных, паказаў, дзе лажыць скрыні, прымушаючы складаць іх адна на адну, суцэльнай сцяною.

— Мабыць, іхні каптэнармус, — шапнуў Багдан Платонавіч.

Вайсковец застаўся над палаткаю, а ўсе аўтаматчыкі павялі палонных строем, пара за параю.

Пры другім заходзе адзін з палонных кожнай пары, беручы з кузава ношу, вымушаны быў падмяняць правую руку левай, паварочвацца і за спінай праваю падхопліваць скрыню і трымаць яе ззаду. Ягоны напарнік ішоў за ім услед. Ужо ў ачапленні васьмярых аўтаматчыкаў, што па-ранейшаму трымаліся з бакоў трохі паводдаль, да палаткі ад грузавіка працэсія рухалася расцягнутым цугам, а назад ішла кароткім строем, пара за параю. У трэці раз давялося несці мяхі з цупкай шчыльнай мешкавіны, з чорным арлом і фашысцкай свастыкаю пад яго кіпцюрамі.

Смуглявы хлопец, што ссоўваў іх з кузава, ашчадна перадаў у Міхасёву руку рог мяшка і па-змоўніцку падмірнуў. Па тым, як у Сілічаў кулак цвыркнулі прахалодныя зярняты, Міхась адчуў, што мех прарваны, і мацней сціснуў руку, баючыся, каб яны не паліліся цурком. «Немцы заўважаць дый прычэпяцца. Абвінавацяць у сабатажы. Усіх пачнуць абшукваць і знойдуць зярняты ў гэтага смуглявага хлопца».

Міхась не сумняваўся ў тым, што хлопец распароў шво і хапянуў некалькі жмень круп за той час, пакуль палонныя адносілі скрыні. Перасоўваючы мяхі па дне кузава, няцяжка зрабіць гэта. Галодны чалавек не надта думае, што рызыкуе жыццём. Ён гатовы на ўсё. Пры зручным выпадку і Міхась на ягоным месцы зрабіў бы тое ж самае. Цяпер важна, каб каптэнармус пад палаткаю не заўважыў нічога падазронага. Мех і без таго цяжка несці, а з моцна сашчэпленай рукою трымаць яго яшчэ болей нязручна. Хваляванне праняло Міхася наскрозь. Яго сэрца перакалацілася, пакуль ён пазбыўся лішняга клопату. Апускаючы ношу на дол, хлопец крадком шапнуў Багдану Платонавічу пра сваё апасенпе, і яны паклалі мех дзюркаю да сцяны са скрынь.

Калі з грузавіка знялі грувасткія скрыні і цяжкія мяхі, аказалася, што ён быў наўмысна гэтак закаркаваны імі. Глыбей увесь кузаў быў запакаваны зверху невялікімі кардоннымі скрынкамі розных памераў, а ўнізе — квадратнымі ды круглымі пляскатымі бляшанкамі.

Палонныя апусцілі і больш не падтрымлівалі задні борт. Толькі трое па-ранейшаму падавалі з кузава груз, а ўсе астатнія адносілі яго ўжо ў адзіночку, цугам адзін за адным.

Прынёсшы пад пахамі па дзве скрынкі і па адной апускаючы на дол, Міхась і Багдан Платонавіч прыкмецілі, што каптэнармус ужо не звяртае ўвагі на тое, па колькі чаго яны прынеслі. Напэўна, пераканаўся, што палонныя складаюць скрынкі як трэба. Заслоненыя постацямі іншых ад аўтаматчыкаў, што стаялі воддаль, яны хуценька нагнуліся над прарваным мехам і працягнулі далоні да дзюркі.

— Толькі высыпай не ў кішэню, а ў порткі, — павучальна шапнуў на вуха Багдан Платонавіч.

Калі б не яго падказка, Міхась і не дадумаўся б да гэтага. «Штаніны ж унізе паверх ануч сапраўды туга перахоплены завязкамі портак і споднікаў. У кішэнях немцы могуць абшукаць, а ў калашынах шукаць не дадумаюцца». Выпростваючыся, Сіліч прыпадняў падол гімнасцёркі, падцягнуў жывот і пад расслаблены раменьчык портак хуценька высыпаў жменю зярнят. «Рыс, — маланкаю мільгнула ў галаве, калі прыкмеціў, як яны бліснулі снежнай белізною на фоне заношанай бялізны. А потым адчуў, як унізе праз споднікі замаруджана абдалі прахалодаю галёнку. — Мабыць, Ромель парабаваў яго ў Афрыцы. Таму Гітлер і празваў свайго любімца львом пустыні».

Прыносячы і спускаючы груз, асмялелыя напарнікі яшчэ некалькі разоў употайкі кланяліся запаветнаму меху, падстаўляючы далоні пад ягоны рог дастатку, пакуль іншыя палонныя не пахавалі яго пад плітою са скрынак. Каб калашыны ўнізе надта не адтапырваліся і не абвісалі, Міхась высыпаў крупы раўнамерна: адну жменю — у правую, а другую — у левую.

Тым часам ад пільных вачэй Хендогі не засталося ўбаку тое, што аўтаматчыкі зводдалеку назіраюць толькі за палоннымі і не цікавяцца, па колькі чаго яны бяруць з грузавіка і як складаюць прынесенае пад палаткаю. Пераканаўшыся ў тым, што і каптэнармус даверыўся і не надта сочыць за імі, Хендога нашэптваў то аднаму, то другому, каб яны не разяўлялі раты. а дзейнічалі смялей:

— Немцы ўвесь свет абрабавалі. Не грэх вярнуць хоць частачку захопленага ў нас. Не перабівацца ж нам адным падножным кормам.

Хендога ведаў, што голад не цётка, ён паняволі прымусіць палонных праявіць і знаходлівасць, і пранырлівасць. А тут жа і ўмовы спрыяльныя, і ёсць чым пажывіцца. Каларыйны нямецкі правіянт хоць трохі падтрымае сілы гаротнікаў. «Галодных асабліва падзадорваць не варта. Яны самі, як увойдуць у азарт, дык стрымліваць яшчэ прыйдзецца, каб ведалі меру і не завалілі добрую справу».

З кузава, падаючы Міхасю дзве скрынкі, смуглявы хлопец зноў хітравата падміргнуў і ва ўсмешцы прыадкрыў рот, агаляючы ўнізе па баках два залатыя зубы. Сіліч і без ягонага падміргвання заўважыў бы на вугле адной са скрынак пацучыную проедзь. Але Міхась жа не здагадваўся, што пацукі пратачылі толькі невялікую дзюрку, а хлопец пашырыў яе, каб пралазіла жменя, і ўжо нечым пажывіўся.

«Малады, а ўжо сапсаваў зубы, — падумаў Міхась пра смуглявага хлопца, што падаваў з кузава правіянт.— Мусіць, на цукеркі налягаў змалку».

Несучы скрынкі пад пахамі, Міхась на хаду таксама мог бы прасунуць руку ў дзюрку, але ўстрымаўся, асцерагаючыся аўтаматчыкаў. «Калі схопяць за руку, дык ужо не выкруцішся. Зловяць на месцы злачынства. Пры вобыску і ў калашынах абмацаюць крупы. Перад сценкаю са скрынь, за постацямі задніх палонных зрабіць гэта бяспечней і зручней».

Пад палаткаю Сіліч яшчэ на хаду прасунуў руку ў дзюрку і, зачэрпваючы локшыну, шэптам папярэдзіў Багдана Платонавіча, які, трошкі затрымліваючыся, крадком зрабіў тое ж самае і скрынкамі, што нёс пад пахамі, замаскаваў прагрызеную адтуліну. На гэты раз яна аказалася яшчэ не пахаваная пад іншымі скрынкамі, і Міхась з Багданам Платонавічам і ў наступны прыход зачэрпнулі з яе па жмені локшыны.

Паступова палонныя асмялелі і ператрыбушылі астатні правіянт. Некаторыя нават у бляшанкі праніклі. Шкада толькі, што ні мёд, ні масла, ні мармелад не пакладзеш <b>у кішэню,<b> </b>бо яны растануць дый выдадуць самога. Але затое найболей спрытныя пакаштавалі і гэтага ўсяго. Хендога задаволена ўсміхнуўся, прыкмеціўшы, як некаторыя з <b>палонных на </b>хаду засоўваюць у кусты бляшанкі і скрынкі, <b>мусіць, </b>спадзеючыся потым як-небудзь узяць іх.

Міхась і Багдан Платонавіч таксама не трацілі надзеі, што ім удасца захапіць у лагер што-небудзь з правіянту. Міхась адзін раз узяў з кузава ажно чатыры бляшанкі: пад пахі — дзве круглыя пляскатыя, а пад імі дзве квадратныя падтрымліваў выпрастанымі рукамі. Потым злаўчыўся дый на хаду апусціў у бухматы куст спачатку квадратную, а пасля ў другі — круглую, пляскатую. Багдан Платонавіч таксама схаваў у кустах скрынку і квадратную бляшанку.

— Калі не здолеем прыхапіць, няхай прападаюць. Але затое і немцам не дастануцца, — прашаптаў ён, як скончылі разгружаць аўтамашыну.

Але нікому з палонных не ўдалося захапіць у лагер бляшанку або скрынку, бо гэта ж не іголка, яе ў пілотку не пакладзеш і навідавоку ў аўтаматчыкаў не пранясеш. У рэчмяшок схаваць можна было б, ды салдаты дазволілі ўзяць з зямлі шынялі і рэчмяшкі толькі ў самы апошні час, перад тым як заганялі ў грузавік. Прыкра было ад таго, што разлічвалі на большае, а задавальняцца прыходзіцца дробяззю: кішэнямі круп ці прыгаршчамі локшыны. Праўда, гэтым пажывіліся ўсе. Нават і тыя, хто спачатку трымаў задні борт, пазней нагналі ўпушчанае.

Потым у небаракаў прыкрасць выцяснілася злараднасцю, што яны ўсё-такі растрыбушылі нямецкі правіянт і ладную долю схавалі ў кустах. Самі не скарыстаюць, затое і ворагам не дастанецца.

Хендогу спачатку расчаравала тое, што яму з таварышамі і адгэтуль не ўдалося ўцячы. Потым расчараванасць паступова саступіла месца заспакоенай цярпімасці, калі ён зразумеў, што гаротнікі хоць трохі змогуць пажывіцца нямецкімі прадуктамі. Таму ён шэптам і заахвочваў іншых, каб не губляліся і не разяўлялі рот. А калі ўбачыў, што прадукты ў гэтакай колькасці самі просяцца ў рукі, у яго ўзнікла спакуслівая думка. Хендога ведаў, што галодны чалавек не толькі набівае жывот, але клапоціцца і пра чорны дзень. А ў палонных жа наперадзе невядома колькі чорных дзён: не дні, а тыдні, можа, нават месяцы. Запас бяды не чыніць. Хендога разумеў, што немцы ў палявых умовах наспех абсталявалі тут свой склад. «Па ўсім відно, што ён часовы і надоўга не затрымаецца, а перавандруе ў іншае месца. Затое ў гэтых кустах, хоць і пад адкрытым небам, у нас таксама застанецца запасная капцёрка. У будучым, пасля ўцёку з лагера, яна спратрэбіцца. У намоклых кардонных скрынках прадукты могуць адсырэць і сапсавацца, а ў бляшанках будуць захоўвацца».

Яшчэ перад пасадкаю ў гразавік ён шапнуў Казнадзею і Ярмоліку, каб яны запаміналі мясцовасць і прыкмячалі дарогу да запасной капцёркі.

 

12

Тыя з двацацці шчасліўцаў, хто падзяліўся сягоняшняй спажываю з суседзямі па нарах або з землякамі, дзякуючы ўзаемнай услужлівасці апошніх, адвячоркам хутка ўшчамілі свае кацялкі ў цяпельцы на двары. Астатнія з іх, паколькі не прынеслі ў лагер ніякага паліва, тоўпіліся вакол дзвюх печак у абодвух канцах стадолы, чакаючы, пакуль на іх вызваляцца вольныя месцы.

У Сіліча не было нікога бліжэйшага за Багдана Платонавіча. А з ім дзяліцца спажываю не трэба. Праўда, Міхась адчуваў, што нечым абавязаны таму смугламу хлопцу, які распароў шво меха і, па-змоўніцку падміргваючы, заахвоціў яго дзейнічаць.

— Выбачай, не ведаю, як цябе завуць, — прамовіў Сіліч, калі яны ледзьве не сутыкнуліся лбамі над печкаю, і, вінавата апраўдваючыся, прамямліў: — Я нават дзякуй не сказаў табе за паслугу, хаця як на добры лад, дык абавязаны падзяліцца з табой набыткам.

— Ну што ты! Знайшоў пра што гаварыць. Пакінь думаць пра гэта, — здзівіўся той, ужо шэптам тлумачачы: — Пакуль вы адносілі груз ды вярталіся назад, у мяне хапала часу, каб неўпрыкмет паласавацца сім-тым. У вас такой магчымасці не было,— і, нібы між іншым, дадаў: — Завуць мяне Леанідам.

— А мяне — Міхасём.

— Значыць, беларус, — упэўнена вызначыў юнак.— Па-ўкраінску — Міхайла.

— А Леанід па-беларуску Лявон, — растлумачыў у адказ Міхась.

— Ну от і пазнаёміліся, — разважліва прамовіў Багдан Платонавіч, мяшаючы варыва. — Мабыць, мы з табой, Леанід, землякі? Адкуль ты родам?

— З Кіева.

— Дзе ты жыў там?

— На Храшчаціку.

— А я — на Падоле.

Расчулены новым знаёмствам, Леанід не ўстрымаўся і расшчодрыўся, сыпнуўшы з кішэні спачатку ў землякова дзюралевае вядзерца, а потым у Міхасёву бляшанку па дзве жмені нейкай светла-карычневай прыправы.

— Хоць дзеля акрасы. А то ваша варыва бледнае, як нашы твары.

— Што гэта? — Міхась пры цьмяным святле не разгледзеў на ляту тое, што сыпнуў Леанід, і памкнуўся размешваць варыва.

— Грэчневая крупа. Я хапянуў і яе.

Пры памешванні страва ў бляшанцы сапраўды нагадвала Міхасю спалатнелы, круглы, як поўня, твар, на якім густа высыпалі рудаватыя вяснушкі. Як толькі ён перастаў улагоджваць яго лыжкаю, твар пачаў то чхаць, то пыхцець, то абурацца мімікаю.

Абодва хлопцы хутка паразумеліся і так захапіліся гаворкаю, што Багдан Платонавіч вымушаны быў дабрадушна абарваць яе:

— Языкамі балбачыце, але ж не забывайце і лыжкамі час ад часу пабоўтваць, каб варыва не падгарала са дна.

— Як ні боўтай, а нішчымнае, яно ўсё роўна прыгарыць знізу, — апраўдваўся Леанід.

— Дый неаднародная сумесь, — удакладніў, падтрымліваючы яго, Міхась. — Адно ўжо разварылася, а другое яшчэ не гатова. Крупнік не крупнік, кулеш не кулеш і каша не каша. Эх ты, доля наша! Безназоўная страва. Папуры для музыкі ў жываце.

— Невядомае ў кулінарыі асарці без назвы, — пакпіў Леанід.

— Мяшанка, — адным словам заключыў Багдан Платонавіч.

Міхась у маленстве чуў гэтае слова. У іхніх мясцінах свінням рабілі мяшанку з варанай бульбы, вотруб’я і сырой травы, а коням у баўтуху запарвалі саламяную сечку з мукою.

Ці то ад усведамлення таго, што пад лагер пераабсталяваны кароўнік, ці то ад выгляду баланды, падобнай на пойла, ці то ад устойлівага паху шматлікіх траў, якія штодня варыліся на печках, у неправетранай стадоле звычайна патыхала жывёльным духам і дзікунскай неабжытасцю. А цяпер, відаць, таму, што ў кацялках булькатала больш-менш нармальная страва, распаўсюджваючы гарачую пару, Міхась адчуў нюхам ледзь-ледзь улоўны дух чалавечага жытла.

Яму чамусьці ўявілася зімовая раніца ў роднай вёсцы. Нерухома стаяць заінелыя дрэвы. Ціў-ціў,ціў-ціў,— пішчыць пад нагамі іскрысты снег, нібы галодныя птушаняты наперабой просяць у маці есці. З каміноў хат, вышэй падпіраючы хмурнае, навіслае неба, угару ўздымаюцца гонкія слупы дыму. І па паху кожнага з іх у марознай бязветранай настыласці можна беспамылкова вызначыць, <b>у якой хаце на сняданак </b>смажыцца мяса з цыбуляю, у якой <b>пякуцца бліны, а ў якой </b>сквірчыць яешня на сале.

Аказваецца, Леанід скончыў тры курсы філфака. Калі ён даведаўся, што і Міхась у мінулым студэнт, а Міхасёў сусед — яшчэ і Леанідаў зямляк, хлопца пацягнула да іх абодвух нейкая неадольная сіла. Ведама, адзінокі чалавек у няволі. Ён інтуітыўна хінецца да гурту, асабліва да землякоў і аднагодкаў, а тым больш да былых калегаў. Усё-такі з абодвума новымі знаёмымі Леаніда збліжала не толькі агульная гаротная доля, але і мінулыя супольныя інтарэсы: з Міхасём — успаміны пра бесклапотную студэнцкую пару, а з земляком — памяць аб родным і любым сэрцу кутку. На самоце гэта развейвае маркоту і сагравае душу.

Пасля вячэрняй паверкі, калі ахова замкнула на ноч палонных у стадоле, юнакі не пераставалі гаварыць між сабою, седзячы побач на нарах і ўмінаючы сваё варыва. І невядома, колькі часу прагаварылі б яшчэ, калі б не пачалі ашчадна выскрабаць са дна посуду прыгарэлую страву і скрыгатаннем лыжак не распалілі голад у некага на верхатуры.

— Калі ты нарэшце перастанеш скрэбці кіпцюрамі па сэрцы, нібы сярпом па я....?! Каб у цябе скрыгатала гэтак у жываце! — раззлавана вылаяўся ён.

Іх абодвух нібы абдало варам. Ім стала так няёмка, што яны не толькі перасталі выскрабаць лыжкамі посуд, але і зусім анямелі. Ад разгубленасці Міхась нават не паспеў запрасіць Леаніда застацца на Паўловым месцы, як той шмыгнуў і растаў у прыцемку стадолы.

 

Ёсць невялікая, зверху чорна-бурая, а знізу ржаважаўтаватая, з белым падбародкам птушка — чакан, што водзіцца на лугах, якія мяжуюць з лесам або полем. Яна вельмі прыемна спявае, часта ўплятаючы ў свой спеў галасы тых птушак, сярод якіх жыве. А, злоўленая, у клетцы робіцца самотнаю і перастае спяваць.

Здавалася б, нашто ўжо непрыхатлівыя ластаўкі. Яны селяцца ў вёсках і гарадах, нават гняздзяцца на жыллі чалавека, весела шчабечучы пры людзях. А ў няволі таксама жыць не могуць.

Або ўзяць звычайнага зімародка, з зеленавата-чорным і ярка-сінім апярэннем. Водзіцца ён у горных і лясных мясцовасцях, па берагах ручаёў і малых рэчак. Зімародак не пераносіць няволі. Не чапаючы ежы, ён безупынку б’ецца аб сценкі клеткі, пакуль не падае мёртвы.

Дык гэта ж птушкі. А якімі скаванымі, прыгнечанымі і абражанымі адчуваюць сябе людзі ў калодках на нагах, з кляймом на спіне, знаходзячыся за калючай агароджаю або на дарозе, у ачапленні канваіраў, пад пільнымі халоднымі позіркамі вінтовачных ствалоў! І дарога, якую яны вымушаны рамантаваць пад прымусам, вядзе іх зноў за калючы дрот. Толькі ў абедзенны перапынак яны могуць прысесці або прылегчы ў кювеце дый то нібы ў траншэі, надта не высоўваючыся, каб не атрымаць кулю ў лоб. Але ў людзей жа не птушыны розум і не птушыныя сэрцы. Ад роспачы людзі не стануць у бяссіллі біцца аб калючую агароджу. У сваіх марах і летуценнях чалавек, хоць і без крылаў, а ўздымаецца і лунае вышэй за птушку.

З першых дзён няволі палонныя пераканаліся, што яны ўсе — смяротнікі ў лапах фашыстаў. І замену ранейшых ахоўнікаў нейкай іншай камандаю ў ядавіта-жоўтай форме ўспрынялі як чарговую, малазначную для сябе пературбацыю. Чужамоўнае слова «тодт», напісанае на нарукаўных павязках новых вартавых, мала хто з палонных мог правільна прачытаць, а не толькі што зразумець ягоны сэнс. Да вайны ж нашы людзі наглядзеліся ў кінафільмах і начыталіся ў кнігах, колькі у гітлераўцаў розных службаў — СС, СД, СА, з формай разнастайных колераў і адценняў. Праўда, цяпер палонныя адразу ж заўважылі, што ў адрозненне ад ранейшых канваіраў, якія былі з аўтаматамі, новыя вартавыя ўзброены толькі вінтоўкамі. Спярша гэта абнадзеіла: пры групавым або масавым уцёку ўсіх не перастраляеш з вінтовак. Але неўзабаве, калі разгледзелі, што па колькасці новых ахоўнікаў болей, чым было аўтаматчыкаў, зноў расчараваліся.

Затое ў Міхася і ў Багдана Платонавіча, якому хлопец растлумачыў, што слова «тодт» па-нямецку азначае «смерць», прыбыццё цэлай спецкаманды з гэтымі надпісамі на павязках, выклікала трывогу. Міхасю кінулася ў вочы, што сярод іх не відно маладых па ўзросце, а ўсе, як на падбор, сталыя. «Мабыць, у каманду носьбітаў смерці адбіралі толькі самых мацёрых і напрактыкаваных у забойствах. Што яны збіраюцца рабіць з намі? Праводзіць акцыю па знішчэнні?» Хлопца насцярожыла тое, што камендант праз перакладчыка абвясціў раніцаю, каб усе забіралі з лагера асабістыя рэчы. А якія ў палонных рэчы? Кацялкі ды бляшанкі. Нават рэчмяшкі не ва ўсіх ёсць. Дык жа кацялкі і рэчмяшкі яны і раней штодня бралі з сабою, бо на працы ў часе абедзеннага перапынку напакоўвалі іх травою. Аднак тады ім ніхто не загадваў забіраць з сабою на працу свае рэчы.

Усю калону зноў выгналі на гравійку і адвялі кіламетры на два ад лагера, дзе на абочынах то з аднаго, то з другога боку былі панасыпаны конусы ператрушчаных руін. Там палонных чакалі выгружаныя лапаты і насілкі.

Міхась і Багдан Платонавіч цяпер міжвольна хінуліся да Хендогі і ягоных таварышаў. У адну кампанію, вядома, не напрошваліся, бо лічылі сябе лішнімі. У лагеры адчувалася, як паступова збліжаюцца між сабой суседзі па нарах, землякі знаходзяць землякоў, аднапалчане сыходзяцца з аднапалчанамі. І ўсе чамусьці згрупоўваюцца толькі па двое ды па трое. Мусіць, дзеля надзейнасці ў мэтах канспірацыі і дзеля зручнасці на выпадак уцёкаў. Апасенне выклікала падазроную насцярожанасць, а падчас і адкрытую непрыязнасць. Праўда, з боку Хендогі }гэтага не наглядалася. Наадварот, ён заахвочваў іншых дружней налягаць на падножны корм, заклікаў трыбушыць нямецкія прадукты пры разгрузцы аўтамашыны. Таму Міхась з Багданам Платонавічам назіркам трымаліся яго і ягоных таварышаў, бо паблізу адчувалі сябе надзейней.

А Леанід тым часам гарнуўся да Міхася і Багдана Платонавіча, пакуль што не на нарах, а ў душы абодвух патрохі займаючы месца, вызваленае Паўлом. Паўло па-ранейшаму не вылазіў з выгараджанай кануры і не выходзіў з лагера на працу. Мабыць, заўзята штудзіраваў нямецкую мову, бо Міхась аднойчы бачыў, як ён з кнігаю ў руцэ пераможна падыходзіў да каменданта.

Багдан Платонавіч саўковай лапатаю накідаў на насілкі ператрушчаны друз, а Міхась з Леанідам засыпалі імі выбоіны. Пакуль Багдан Платонавіч загружаў насілкі, Міхась бесцырымонна разглядаў за кюветам бліжэйшых вартавых. Яны стаялі тварамі да палонных і трымалі вінтоўкі напагатове. Злева быў высокі, з правільнымі рысамі твару і ружаватымі шчокамі. Правей яго стаяў камлюкаваты, даўганосы, сярдзіты з выгляду. Толькі цяпер Міхась звярнуў увагу на тое, што яны не ў ботах, а ў чаравіках, з калошынамі навыпуск. «Значыць, у немцаў не хапае абутку, калі ў палявых умовах вайскоўцы носяць не боты, а чаравікі».

Якраз у гэты момант па гравійцы праязджала легкавушка, і вартавыя ўзняццем правай рукі па-фашысцку прывіталі яе. У Міхася выклікалі зларадную ўхмылку іх нязграбныя жэсты і ненатуральныя паставы. Потым ён яшчэ некалькі разоў назіраў за тым, як яны віталі іншыя машыны. Асабліва смешна атрымлівалася гэта ў высокага: на дыбачках ён пнуўся выцягнуцца ў струнку, пры гэтым па-заліхвацку шчоўкаў абцасамі і неяк запознена выкідваў, прыпадымаючы, руку, ад чаго шчокі з натугі яшчэ болей ружавелі, а ўсё цела, страціўшы ўстойлівасць і раўнавагу, расслаблена вагалася, нібы маятнік. Здавалася, што калі б цяжар вінтоўкі не стрымліваў гэтага пагойдвання, дык амплітуда яго была б яшчэ большая.

Камлюкаваты, змрочны, стаяў нібы ўкопаны і, як толькі набліжаўся транспарт, загадзя прыпадымаў выкінутую ўперад руку, трымаў яе да таго часу, пакуль аўтамашына не праходзіла міма. У такой паставе ён чамусьці нагадваў Міхасю адкрыты чыгуначны семафор. Цяпер, калі хлопец глядзеў, як перад аўтамашынамі з абодвух бакоў гравійкі вартавыя неўпапад па чарзе выкідвалі ўперад прыўзнятыя рукі, кожны з іх здаваўся яму семафорам, які, бывала, гэтак адкрываўся перад прыбыццём цягніка на станцыі, дзе яны неаднойчы бавілі час, гулялі з Анютаю.

Міхась не разумеў, чаму ранейшыя аўтаматчыкі не віталі аўтамашыны, як вітаюць гэтыя вартавыя. Ці таму, што тыя стаялі далей за кюветам, ці, можа, таму, што гэтыя пнуцца болей выслужыцца.

Хлопцаву ўвагу адцягнуў сярэдняга росту вартавы, што лёгкай паходкаю ішоў па абочыне паміж палонных, адціскаючы ўніз кісцю і локцем сагнутай правай рукі вінтоўку, якая на рэмені звісала з ягонага пляча. Спачатку Сіліч падумаў, што гэта нейкі старшы па званні чын, уважліва агледзеў яго ўсяго, але, апрача чорнага жалезнага крыжа на грудзях і двух падсумкаў з патронамі на рэмені спераду, каля аднаго з якіх вісеў цясак, ды шыракаватай неглыбокай торбачкі ахоўнага колеру, біклажкі ў мяккім футарале і туга згорнутай сувоем плямістай плашч-палаткі, якія матляліся ззаду, не заўважыў ніякіх знакаў адрознення. Калі вартавы адышоў на ладную адлегласць, Хендога, што з другога боку конуса накідаў на насілкі Ярмоліку і Казнадзею патрушчаныя руіны, дзелавіта зазначыў:

— Гэтага пад сябе падмяць як плюнуць. Але з ягонай адной вінтоўкаю яны не дадуць падняцца з кювета. Калі б з аўтамата паласнуў па іх, дык усіх з гэтага боку гравійкі прыціснуў бы да зямлі.

«Як імгненна ў яго спрацоўвае рэакцыя! Рашучы і разам з тым разважлівы. З такім не трапіш упрасак, — пазайздросціў хлопец Хендогавым таварышам. — Услед за ім смела можна рынуцца ў агонь і ў ваду».

Адны палонныя накідалі на насілкі друз, другія адносілі і засыпалі імі выбоіны, трэція збольшага разраўноўвалі погарбы. Па меры таго як людзі паволі пасоўваліся наперад, адначасова рухаўся і жывы ланцуг ахоўнікаў. А ўслед марудна валюхаўся непаваротлівы дарожны каток, падмінаючы цяжарам насыпаныя грудкі і гладка адпрасоўваючы лапленую і пералапленую істужку гравійкі. Летняе сонца як ні высушвала выціснутую на паверхню латак вільготнасць, яны не выцвіталі і не лінялі пад пякучымі промнямі, а ўсё роўна выглядалі закарэлымі крывянымі плямамі.

Калі ахоўнікі абвясцілі абедзенны перапынак і загадалі палонным хавацца ў кюветы, Міхась у агульнай мітусні не паспеў агледзецца, як вартавы з жалезным крыжам на грудзях, што якраз праходзіў міма, узяў і некуды павёў за сабой Леаніда. «Куды ён павалок яго? — не разумеў хлопец. — Можа, прыкмеціў, што мы абодва ледзьве сноўдаліся з насілкамі?» — і прысеў побач з Багданам Платонавічам, што ўжо ляжаў на схіле. Яны застылі ў нерухомасці, нібы паралізаваныя, чуйна прыслухоўваючыся да кожнага гуку за кюветам. Толькі як некаторыя палонныя пачалі вышчыкваць па схілах шчаўе і латашыць лебяду, Багдан Платонавіч шэптам азваўся:

— Няйначай як выдаў нейкі зайздроснік. Калі ператрусяць за спінаю рэчмяшок ды знойдуць рэшткі круп, бяды не абярэцца.

— Усіх пачнуць абшукваць, — нарэшце дайшло і да Міхася тое, пра што ён сам не падумаў, і празарэнне асвятліла здагадку: — Можа, таму, і загадалі забраць з лагера ўсе рэчы? Каб не захапілі знянацку, трэба папярэдзіць Хендогу, — згорбіўшыся, хлопец прашмыгнуў наўскасяк праз кювет, на супрацьлеглым схіле якога ляжаў той са сваімі таварышамі, і, прызямляючыся каля іх, трывожна паведаміў: — Канваір з жалезным крыжам некуды павёў хлопца, што ўчора падаваў нам з грузавіка мяхі і скрынкі.

Ад ягоных слоў Казнадзей і Ярмолік прыўзняліся і селі, а Хендога, па-ранейшаму лежачы, усё роўна як нічога асаблівага не адбылося, спакойна адказаў:

— Немец прымусіць яго рабіць што-небудзь.

— У абедзенны перапынак? — здзіўлена асекся Міхась.

— Гэта для іх абедзенны перапынак. А нашаму брату яны заўсёды знойдуць працу, каб лішні раз папаздзекавацца. Калі б ім не трэба было абедаць, дык яны нас не заганялі б у кюветы. Я не думаю, што ўчарашняя разгрузка машыны мае нейкае дачыненне да ўсяго гэтага. Калі б немцы што-небудзь западозрылі, яны адразу пачалі б усіх абшукваць. А цяпер усе іхнія крупы пераварыліся ўжо ў нашых жыватах. Бо колькі ж іх можна было набраць у кішэні ды ў запазуху?

Сіліча не пераканалі Хендогавы довады. Расчараваны і па-ранейшаму ўстрывожаны, ён вярнуўся да Багдана Платонавіча. Адчувалася, што і сусед не супакоіўся.

— Пакуль суд ды справа, раздзелаемося з гэтай справаю, — пасля некаторага роздуму прамовіў ён і ўжо з іроніяй дадаў: — Для бяспекі рэшту мяшанкі зноў прыйдзецца перахаваць у больш надзейнае месца.

Ён таропка развязаў рэчмяшок, выняў з яго дзюралевы посуд і абедзве Міхасёвы бляшанкі і скрытна, каб надта не кідалася ў вочы іншым, жменяй пачаў ашчадна перасыпаць у порткі рыс, перамешаны з локшынаю. Міхась дапамагаў яму, крадком робячы тое ж самае.

А Леанід за гэты час перакалаціўся як асінавы ліст. І перадрыжаў ён не за нямецкія крупы, аб якіх нават не паспеў падумаць, а за сябе, за сваё жыццё. Канваір папрасіў хлопца назбіраць галля і распаліць цяпельца. Не загадаў, а папрасіў. Леанід, які валодаў нямецкай моваю, адчуў гэта па інтанацыі, з якой звярнуўся да яго немец, і па тым, як не па-вайсковаму трымаў ён вінтоўку (гэтак жа, як і тады, калі ўпершыню прайшоў міма іх па абочыне). Па спружыністай паходцы, па незалежнай паставе і па маляўнічай манеры трымаць зброю ён чамусьці нагадаў хлопцу, які начытаўся кніг, альпійскага стралка або віртуоза-паляўнічага. Калі б канваір загадваў і трымаў вінтоўку напагатове, мабыць, Леаніда не збянтэжыў бы так ягоны загад, як збіла з панталыку просьба немца і яго манера насіць зброю. Таму ў паводзінах вартавога хлопец западозрыў нейкі падман. Адведзены ад іншых палонных на палосу адчужэння, усцяж сярэдзіны якой сядзелі і стаялі ахоўнікі, ён адчуў сябе адзінокім і чужым. Нават сама назва палосы адчужэння ўпершыню ў жыцці здалася яму дзіўнаватай і недарэчнаю. Прыгадалася, як на яе ўскраі, у радкавым кусціку, аўтаматчыкі дзвюма чэргамі навылёт прашылі сарамяжлівага юнака. «Навошта немцу цяпельца ў цёплы дзень, пад пякучым сонцам? Мусіць, вывеў' мяне на палосу адчужэння дзеля пацехі чужынцаў?» Хлопец ледзьве перастаўляў ногі, быццам не адчуваючы пад імі грунту ці баючыся аступіцца, і ўвесь час касавурыў вачамі, каб надта не адхіляцца ўбок ад звілістага ланцуга ахоўнікаў, каб постаці вартавых перашкаджалі ім выстраліць у яго.

Там, дзе гравійка прабягала раней праз пералескі і хмызнякі, цяпер дрэвы і кусты былі высечаны і вывезены. На сотні метраў паабапал распасціраліся аголеныя палосы, зацярушаныя да самых кюветаў дробным сухім валежнікам. Збіраючы яго, Леанід раз-пораз нагінаўся, нібыта кланяўся роднай зямлі за тое, што яна яшчэ носіць яго на сабе і не аддала на згубу чужынцам. Толькі як назбіраў бярэма і, загадзя зарыентаваўшыся, паклаў яго перад немцам у ланцугу ахоўнікаў, трошкі супакоіўся: сэрца ў грудзях білася радзей і цішэй. На лагерным двары ён бачыў, як распальвалі цяпельцы іншыя палонныя. Таму гэтак жа, як яны, наламаў драбнейшага яловага сушняку і паабкладаў кругом галлём. Але калі спадыспаду падпальваў канваіравай запальнічкаю сухія галінкі, ягоныя рукі ўсё роўна дрыжалі. Вогненны язычок нясмела лізнуў павуцінкі сушняку, яны з трэскам успыхнулі, і полымя прагна накінулася абгрызаць вецце. Галлё спярша шыпела і дыміла, а потым павольна разгарэлася.

— Гут! Гут! — з пахвалою адазваўся немец, беручы з Леанідавай рукі запальнічку, і, раптам схамянуўшыся, запытаўся: — Як цябе завуць?

— Леон, — машынальна прамовіў хлопец.

— Дзякуй, Лео, цяпер можаш ісці.

Узрушаны, Леанід пад страхам смерці з разгону праз некалькі крокаў скокнуў у кювет, нібы заяц, што робіць зацяжны скачок, каб замаскаваць сваё лежбішча. Ад псіхічнага ўзбуджэння і фізічнага перанапружання ён ледзьве здолеў давалачы ногі да напарнікаў і як падкошаны асунуўся між імі на дол.

— Куды ён цягаў цябе? — уздыхнуў Міхась.

— Распальваць цяпельца, — прамямліў Леанід.

— Навошта яно яму? — здзівіўся Багдан Платонавіч. — Свая кроў ужо не сагравае?

— Сала на лаўцы падсмажвае, ці што? — выказаў няпэўную здагадку Міхась, ледзь-ледзь улаўліваючы пах дыму і цёплага хлеба.

— Не знойдзецца лаўца на яго самога. Каб яго сасмажыла тое вогнішча, што яны раздзьмулі ў свеце! — злосна прамармытаў Багдан Платонавіч.

 

13

Пасля абедзеннага перапынку, ужо на схіле дня, на небакраі над гравійкаю бясшумна запалыхалі далёкія зарніцы. Спярша яны нясмела ўспыхвалі і палахліва згасалі, як водблескі прыхаванага цяпельца, якое намагаецца патаемна раздзьмуць нябачны падарожнік. Потым незадаволена зараўлі і заварочаліся, нібы раскатурханыя ў бярлозе мядзведзі, матляючы галовамі і пагрозліва пабліскваючы разгневанымі вачамі. І нарэшце глуха заракаталі, як раскаты далёкай бітвы, час ад часу выоухамі асвятляючы пахмурны небакрай. Пошчак навальніцы многім нагадаў баявую кананаду, водгулле якой яшчэ канчаткова не сціхла ўвушшу і не пагасла ў памяці. Хаця яны і разумелі, што яна не нясе ім збавення ад пакут, але прагна чакалі набліжэння перуновых раскатаў і асвяжальнай залевы. Быццам лянівыя мурашы, ледзьве капошачыся, яны павольна рухаліся насустрач ёй, зларадна паглядаючы на канваіраў, якія, як па камандзе, але не ўсе адразу, а па чарзе, адзін за адным, разгортвалі і таропка накідалі на сябе плашч-палаткі, калі яна імкліва наплывала ўсё бліжэй і бліжэй, ахінаючы небасхіл калматым цёмна-шызым крылом. А самі, расхрыстаныя, проставалосыя, як Міхась, і нават тыя, у каго былі на плячах скаткі шынялёў, не апраналі іх, а нібыта пакорліва чакалі, пакуль яна акропіць іх, бласлаўляючы на стойкасць і вынослівасць.

Спачатку яна пругкімі струменямі выбівала пыл з іхніх гімнасцёрак. Пасля ачышчальнай залеваю змывала бруд і пот з іх саміх, а канваірам ужо не давала раскрыць ратоў. Здавалася, што ўсё навокал патанула ў суцэльным несусветным патопе, са дпа якога пе могуць усплыць небаракі са скаткамі шынялёў, нібы з выратавальнымі кругамі цераз плячо ды з насілкамі і грабарскімі лапатамі над галовамі. Дзесьці высока над воднай тоўшчаю час ад часу глуха бабахаў пярун, і ў прамежках паміж яго раскатамі прыглушана пазвоньвалі аб жалязнякі пругкія цуркі праліўнога дажджу, а з насілак цяклі і цяклі каламутныя вадаспады.

Навальнічная хмара доўга збіралася і запаволена наплывала. а пралілася імкліва і бурна. Залева на абочынах асадзіла і паразмывала конусы друзу, а за кюветамі выпаласкала прыдарожную траву. Марудна прапаўзаючы, хмара да бляску вышаравала блакітны небасхіл і да чырвані надраіла медны дыск сонца. Густа настоенае на палыне і разнатраўі, паветра пахла азонам і дажджавой вадою.

Як ні галёкаў на палонных дарожны майстра і як ні завіхаўся каля іх, блытаючыся ў полах доўгага шыняля, Ванька-перакладчык, а з працаю ў небаракаў не ладзілася. Ад разгарачаных целаў ажно дыміліся параю гімнасцёркі, а гліна ў кучах набрыняла, ператварылася ў нявымешанае цеста, якое прыліпала да лапат і насілак. Лягчэй спаўзалі з іх толькі тыя камякі, у якіх трапляла болей бітай цэглы: яны не былі такія ліпучыя.

Доўгі шынель трохі скрадваў Ванькаву нізкаросласць. У ім перакладчык выглядаў болей статным і салідным, калі б не прысмаленыя ці ў нешта выпацканыя і знізу абшлынданыя полы, якія нават не адмыў праліўны дождж.

— А ў гэтым шынялі ён сапраўды сышоў бы за малодшага лейтэнанта, — не то ўсур’ёз, не то жартам прамовіў Багдан Платонавіч, марна спрабуючы скінуць з лапаты на насілкі ліпучае глінянае цеста.

— Таксама знайшоў мне малодшага лейтэнанта! — з іроніяй у голасе адказаў яму Ярмолік, які стаяў з другога боку размоклай кучы, абапёршыся на дзяржальна лапаты. — Хіба не бачыш, што гэты задрыпаны вашаног поламі шыняля чыгуны з бульбаю адцэджваў свінням?

Міхася з Леанідам рассмяшыла сказанае. Якія могуць быць у арміі, а тым болей на фронце чыгуны з бульбаю і свінні? Але яны прамаўчалі, бо за сказаным угадваўся выхадзец з вёскі.

Напэўна, дарожны майстра нарэшце пераканаўся, што непадатлівым ліпучым цестам выбоіны як след не пазалепваеш. А мо таму, што да ніткі вымаклі ахоўнікі, ці, можа, таму, што рабочы дзень набліжаўся к канцу, але палонным загадалі строіцца. Прычым прымусілі іх строіцца з насілкамі і лапатамі, якія звычайна яны пагружалі на самазвал, што высыпаў на абочыны пясок і друз.

— Хто з лапатамі, станавіцеся ўсярэдзіну калоны, а хто з насілкамі — па баках! — камандаваў Ванька, перакладаючы загад дарожнага майстра.

Спачатку тыя, хто быў з насілкамі, не разумелі, як станавіцца з імі ў калону, і, збянтэжаныя, заміналі пастраенню. Перакладчык таксама не меў ніякага ўяўлення аб гэтым, таму не мог нічога толкам растлумачыць. Толькі калі майстра паказаў, як несці насілкі ў страі, небаракі нарэшце разабраліся, калона выстраілася і рушыла па гравійцы далей ад лагера.

— Куды яны вядуць нас? — трывожна прашаптаў Міхасю Багдан Платонавіч, які ішоў з ім побач. — У мокрых калошынах пры хадзьбе з локшыны таксама замесіцца цеста. Сёння трэба зварыць усю мяшанку, каб не сапсавалася.

Працэсія ўяўляла незвычайнае відовішча. З бакоў кожныя двое неслі за ручкі звешаныя ўніз адным краем насілкі. Здавалася, што калона абгароджана нізкім плотам з дошак. Палонныя за агароджаю трымалі на плячах лапаты, нібы вінтоўкі.

— Працаваць немагчыма, дык інструмент валачыце. Рабочы дзень яшчэ не скончыўся, — пакпіў Багдан Платонавіч.

Па баках за кюветамі ланцугом ішлі мокрыя зеленавата-плямістыя варэпаўкі, нібы конусападобныя двухногія пачвары з жоўтымі пілоткамі на галовах.

— Цяпер і мы — як балотныя салдаты з аднайменнага кінафільма, — зазначыў ззаду Леанід, які нёс з Міхасём насілкі. — Толькі што не ў паласатым адзенні.

— Дык тады ўжо не балотныя, а дарожныя, — паправіў яго Міхась, які таксама ўспомніў даваенны кінафільм пра паласатых нявольнікаў у канцлагеры фашысцкай Германіі. — Наша працэсія болей нагадвае хрэсны ход. Дарожны майстра ў гэтай плямістай плашч-палатцы нібы поп у рызе. І кіем размахвае быццам кадзілам. А побач з ім, як дзячок, дробна семяніць ножкамі перакладчык. Як толькі поп завядзе алілуя, дзячок таксама паслухмяна загупдосіць.

Чым далей калона адыходзіла ад лагера, тым болей насцярожваліся палонныя. Ніхто не ведаў, куды іх вядуць па гравійцы ў канцы рабочага дня. Пад сотняю ног аднастайна і нудна чвакаў мокры суглінак ды неўпапад манатонна стукалі аб жвір абцасы драўляных калодак. Міхасю здавалася, што ён чыкільгае ў страі калек, якія сотнямі мыліц дробна выстукваюць па бруку жалобны марш. Хлопцаў самотны позірк безуважна блукаў па наваколлі. Справа, метраў за дзвесце ад гравійкі цягнуліся дробныя хмызнякі, а злева — прасторныя палі, за якімі ўдалечыні ледзьве сінелі ўзлескі. Краявіды нечым нагадвалі яму мясціны роднай Полаччыны. І ад гэтага на душы рабілася яшчэ болей маркотна.

Праз кіламетры чатыры на іх шляху сустрэлася невялікая вёска. Злева хаты цягнуліся ўсцяж гравійкі, трохі паводдаль ад яе, а справа былі раскіданы ўдалечыню абыяк. Там, дзе ў супрацьлеглым канцы вёска заканчвалася пабудовамі пасялковага тыпу, калона звярнула налева, мінула справа доўгі прысадзісты барак і выйшла на пусты пляц. Справа ад яго на высокім падмурку стаяў драўляны будынак, абнесены калючай агароджаю, з ахоўнымі вышкамі на вуглах, а злева былі не то гаражы, не то майстэрні, не то складскія памяшканні. У іх палонным загадалі скласці лапаты і насілкі.

 

Аказалася, што пад гэты лагер немцы прыстасавалі будынак мясцовай школы. Былы кароўнік не задавальняў іх па дзвюх прычынах: па-першае, паблізу ім не было дзе жыць. Штораніцы яны дабіраліся туды аўтамашынамі. Па-другое, у чатырох ці пяці кіламетрах далей за кароўнікам у вёсцы быў другі лагер, палонныя якога таксама працавалі на гравійцы. Таму немцы перавялі лагер з кароўніка ў гэтую школу, непадалёку ад якой самі жылі ў прасторным бараку. І, такім чынам, раўнамерна падзялілі ўчастак гравійкі між двума лагерамі, палонныя якіх павінны былі яе ўпарадкоўваць.

Школьны будынак быў невялікі, ва ўсякім разе не такі, як двухпавярховы, драўляны ў Міхасёвай вёсцы. Стаяў ён да пляца фасадам, ганак з якога вёў у калідор. Злева па калідоры была настаўніцкая, што глядзела двума вокнамі на пляц, а двума, за вуглом — на вёску, а справа — доўгі вузкі клас, тры акны якога таксама выходзілі на пляц і адно за вуглом — на барак. Далей па калідоры быў клас злева і вузкі кароткі клас справа. Праз яго можна было прайсці яшчэ ў адзін. Абодва вуглавыя класы размяшчаліся ў прамавугольных выступах з тыльнага боку будынка.

Пераабсталёўваючы школу пад лагер, немцы амаль нічога не перараблялі ў ёй. Толькі да акон прымацавалі жалезныя краты, да настаўніцкай, пад яе вокнамі,— невысокую кухню і ў канцы калідора прарэзалі дзверы ў сцяне, да якой прыбудавалі прыбіральню. У абодвух вузкіх класах, узгалоўем да глухой сцяны, што іх раздзяляла, яны ўзвялі суцэльныя двух’ярусныя нары. А ў астатніх двух прымацавалі такія ж нары да падлогі і столі, з двух бакоў адным узгалоўем усярэдзіну. У настаўніцкай, як выключэнне, лагерным прыдуркам паставілі самаробныя двух’ярусныя тапчаны, для ўстойлівасці змацаваныя між сабою брусамі.

Міхась, Леанід і Багдан Платонавіч трапілі ў першы справа клас, дзе ім дасталіся самыя крайнія месцы пры ўваходзе.

— Спачатку нас, як быдла, трымалі ў кароўніку, а цяпер перагналі ў школу, каб вучыць вуму-розуму, — узрушана прамовіў Леанід, уладкоўваючыся на нарах паміж абодвума суседзямі.

— На заваяванай зямлі яны апустошылі жывёльныя двары, перарэзалі жывёлу, а дзяцей сваіх ворагаў вучыць не збіраюцца. Няхай змалку прывыкаюць працаваць. Навука і веды шкодны рабам,— адказаў Багдан Платонавіч, развязваючы завязкі мокрых портак і вытрасаючы з калашын у рэчмяшок ліпучую локшыну і слізкі рыс.

Міхась моўчкі пачаў рабіць тое ж самае.

— Навошта вы перахоўвалі ўсё гэта? — здзівіўся Леанід.

— Спалохаліся, што канваір павалок цябе абшукваць, — прызнаўся Багдан Платонавіч.

Сіліч маўчаў. Перасяленне ў школьны будынак моцна падзейнічала на псіхіку хлопца і сапсавала яму настрой. Мінулым летам Міхась павінен быў прыехаць у вясковую школу на сваёй Полаччыне, куды атрымаў прызначэнне на працу. Хіба ж мог ведаць хлопец, што праз год ён трапіць у лапы ворагаў, якія, нібы на здзек, прыгоняць яго ў лагер, абсталяваны імі ў школьным памяшканні? Дый не абы-дзе, а на наўгародскай зямлі! Як быццам спецыяльна, каб таптаць тваю годнасць і пляваць у тваю душу, настаўнік гісторыі! Як горка абняславіў цябе лёс! Ты павінен быў расказваць вучням пра тое, як Аляксандр Неўскі разграміў псоў-рыцараў на лёдзе Чудскога возера, як у 1918 годзе пад Псковам першыя атрады Чырвонай Арміі далі рашучы бой нямецкім акупантам. А цяпер іх нашчадкі цябе самога захапілі ў палон дый прыгналі ў лагер, пад які прыстасавалі будынак школы. І ты нічога не можаш зрабіць ім. Мала таго што ў гэтакі суровы час вораг не даў табе вывучаць з дзецьмі гісторыю іх слаўных продкаў, дык ён пазакрываў нашы школы, каб не было дзе вучыцца.

Пасля атрымання кандзёра суседзі як непрыкаяныя прасланяліся ў пошуках месца, дзе можна было б згатаваць крупы і локшыну. Школу так абнеслі двайной калючай агароджаю, што вакол яе не было прасторнага двара, на якім можна было б распаліць цяпельца. А ўсярэдзіне памяшкання стаяла ўсяго толькі дзве грубкі: адпа абагравала настаўніцкую і клас злева, а другая — астатнія тры класы справа. На дрывотні хапала паліва, але ўсярэдзіне грубак не змяшчалася гэтулькі кацялкоў і бляшанак, колькі можна было паставіць на дзве пліты ў кароўніку. Пакуль адны варылі ў бляшанках траву, а другія перад расчыненымі дзверцамі грубак высушвалі мокрае адзенне, мінула нямала часу.

— Тут няма такога прастору, які быў у тым лагеры,— услых пашкадаваў Хендога, які з Ярмолікам і Казнадзеем таксама размясціліся на ніжніх нарах за Міхасём і Леанідам.

Сіліч, калі пачуў гэтыя словы, адразу ж чамусьці падумаў, што Хендога ў такі момант ужо штосьці абмазгоўвае ў сваёй галаве.

Пакуль суседзі згатавалі сваё камбінаванае варыва ды трохі астудзілі яго (не есці ж гарачае), дык прыйшла пара вячэрняй паверкі. Лагер выстраілі перад калючай агароджаю ўздоўж фасада будынка. А пасля паверкі загналі палонных у памяшканне і з двара замкнулі дзверы. Немцы — народ пунктуальны, у іх свой пастаянны распарадак.

Суседзі, мусіць, даўно заснулі, а Міхасю доўга не спалася. Ляжаў моўчкі і ўяўляў сам сабе, колькі магло быць вучняў у гэтым класе, як тут стаялі парты, дзе вісела дошка. Яму здавалася, што з класа не выветрыўся пах вільготнай анучы і крэйды: хаця ён не ведаў, як пахне крэйда і ці пахне яна наогул. Потым зларадна падумаў пра Паўла, які з кухарамі і наглядчыкамі пасяліўся ў былой настаўніцкай. «Аб’явіўся самазваны настаўнік! Што ён сабе думае? Называецца, скончыў педвучылішча. Вывучылі чалавека па сваю галаву. Рыхтавалі з яго выхавацеля, а ён становіцца фашысцкім паслугачом. Цікава, чаму ён будзе вучыць іншых? Таксама возьме кій у рукі ці пасаромеецца? Няма ў яго аніякай страматы. Гэтая бессаромная істота сама набіваецца ў паслугачы да фашыстаў. Чаго ад яе можна чакаць?»

Заснуў Сіліч позна ўначы. Яму прысніўся дзіўны сон. Што толькі не прысніцца чалавеку? Мусіць, пра што ён думае, тое яму і сніцца. Нібыта Міхась стаіць на парозе двух сумежных класаў за сцяною і вядзе ўрок гісторыі. Падрабязна расказвае вучням пра тое, як Аляксандр Неўскі дакладна разлічыў, што нямецкія рыцары могуць пайсці на Ноўгарад найболей кароткім шляхам, праз Чудское і Пскоўскае азёры. Князь адвёў сваё войска да Узмені, перайшоў па ўсходні бераг Чудскога возера і размясціў дружыны пад Падбароўскай стромаю, насупраць вострава Варонін Камень. Такім чынам ён перагарадзіў захопнікам шлях да Ноўгарада. Войскі былі выстраены з такім разлікам, каб выкарыстаць перавагу пяхоты ў бітве на лёдзе і ахапіць ворага з двух бакоў. Наперадзе знаходзіліся стрэлкі-лучнікі і прашчнікі, а за імі — пешае войска, на флангах — адборныя дружыны апалчэння, а ў засадзе за адным з флангаў — у рэзерве конныя дружыны кпязя. На світанні пятага красавіка 1242 года крыжакі перайшлі праз Чудское возера, выстраіліся клінам, «свіннёю» і ўдарылі па цэнтры нашага войска. Ім удалося прарваць строй абаронцаў. Але з флангаў па «свінні» ударылі адборныя дружыны апалчэння, а з тылу — конныя дружыны кпязя. Крыжакі былі акружаны, большая частка іх перабіта, захоплена ў палон ці патанула ў возеры. Нашы войскі па лёдзе каля дзесяці кіламетраў гналі рэшткі ворагаў.

Толькі калі Міхась закончыў урок, тады ён разгледзеў, што праводзіў яго не з вучнямі, якія сядзяць за партамі, а з палоннымі, што расселіся на двухпавярховых нарах. Ад хвалявання хлопец прачнуўся. За вокнамі на калючай агароджы гарэлі электрычныя лямпачкі. Напэўна, немцы паставілі ў майстэрнях рухавік, які асвятляў электрычнасцю іх барак і лагерную агароджу.

Раніцаю пасля снядання палонных з асабістымі рэчамі выгналі на пляц, хаця была нядзеля і яны ўжо прывыклі, што ў выхадныя дні немцы не выганялі лагер на працу. «Можа, гэтая спецкаманда не дасць адкархнуць, а працуе без выхадных», — казалі некаторыя.

Да лагера прыйшоў камендант, наглядчыкі выстраілі палонных у чатыры шарэнгі, і вартавыя акружылі іх з усіх бакоў. Ванька пераклаў загад шэфа: павярнуцца ўсім тварамі да яго, першай шарэнзе зрабіць пяць крокаў наперад і накласці па зямлю свае рэчы. Двое канваіраў старанна ператрасалі пакладзеныя на дол рэчмяшкі, а двое абшуквалі кішэні палонных, абмацваючы на жываце і з бакоў гімнасцёркі ды выварочваючы кішэні портак. Яны нетаропка абмацалі ўсіх палонных, прыдзірліва ператрэслі іх рэчмяшкі, а пасля чатыры канваіры схадзілі яшчэ ў будынак школы і, відаць, абшныпарылі там усе нары. Мусіць, яны ўчора павінны былі правесці такі вобыск, але, вымаклыя на дажджы, адклалі гэтую справу на другі дзень.

Пасля вобыску палонных зноў упусцілі за калючую агароджу.

— Рабочага часу шкадуюць, дык выхадны дзень змарнавалі попусту, — з іроніяй прамовіў Леанід, уваходзячы ў свой клас.

— Спяшаюцца, — удакладніў Хендога. — Баяцца, каб мы не прынеслі сюды чаго-небудзь. Няхай гэта паслужыць урокам.

— Добра, што мы паспелі ўправіцца з крупамі ды локшынаю, — не вытрымаў Багдан Платонавіч. — А то бяды не абабраліся б.

— Гэта яшчэ бяда невялікая, — уставіў сваё слова Ярмолік. — Па ёй мадзець можна. Цяжэй дзень пражыць без падножнага корму.

— Калі нічога не рабіць, дык дзень-два праляжаць на нарах можна, — выказаў меркаванне Леанід. — Болей наўрад ці вытрымаеш надгаладзь.

Трохі пагаварылі між сабою, узагнаныя з нараў вобыскам, а як зноў улегліся, дык пакрысе і змоўклі, занятыя сваімі думкамі. Адных пацягнула на дрымоту, другія паціху перашэптваліся, трэція сланяліся з класа ў клас, не знаходзячы сабе занятку.

— Гладыш і наглядчык, на выхад! Прыйшлі жонкі! — па-вайсковаму выкрыкнуў хтосьці з калідора ў дзверы доўгага вузкага класа.

Спярша гэты незразумелы выкрык толькі насцярожыў усіх, але праз нейкі момант, нібы мятлою, змёў многіх з нараў. Адны кінуліся да вокнаў, другія, найболей цікаўныя, выбеглі на ганак.

За агароджаю, перад уваходнай брамкаю, стаялі намеснік каменданта лагера, два канваіры і дзве жанчыны з хлапцом год чатырнаццаці. Вартавыя з ахоўных вышак не падпускалі іх да брамкі, патрабуючы прыходу самога каменданта. Ягонага намесніка, відаць, не прызнавала лагерная ахова, бо ён ніколі не паяўляўся каля лагера дый не насіў вайсковай формы. Цяпер таксама стаяў у сваёй нязменнай зеленаватай спяцоўцы з пілоткаю на галаве. А калі ўбачыў, што вартавыя на вышках артачацца, абыякава махнуў рукою і нетаропка пайшоў да барака.

За ганкам перад брамкаю стаялі наглядчык Задзіра і палонны Гладыш, які таксама атабарыўся ў доўгім вузкім класе. Гэтага маладога чалавека год трыццаці Сіліч аднойчы на беларускі лад назваў Гладышом, за што ён ніколькі не пакрыўдзіўся, а толькі, смеючыся, прызнаўся: «Маё прозвішча Гладыш».

Да яго і да наглядчыка Задзіры прыйшлі жонкі. Мусіць, палонныя праз некага наказалі ім, што знаходзяцца тут, а можа, кабеты самі абышлі ўсе суседнія лагеры. Жанчыны плакалі ад радасці, што бачаць жывых мужоў. Задзіра разгневана зіркаў зенкамі на вартавых, якія не падпусцілі да брамкі намесніка каменданта, а многія палонныя задаволена злараднічалі ад таго, што ні яго, ні немца тыя не прызнаюць за начальства.

Неўзабаве прыйшоў камендант, адамкнуў брамку і выпусціў Задзіру з Гладышам да жонак. Тыя кінуліся ў абдымкі да мужоў. Задзіра моцна абняў сына. Яго маці была яшчэ маладжавая кабета.

— Мабыць, і Задзіра не такі стары, якім выглядае,— зазначыў Ярмолік. — Толькі прыкідваецца старым ды апусціўся.

Гладышава жонка была прыгожая маладзічка.

Пад аховаю вартавых, у суправаджэнні каменданта яны ўсе пайшлі ў барак. Некаторыя палонныя галоднымі вачамі прагна праводзілі невялікія хатулі за плячамі жанок. Вырвін, што размясціўся на нарах за Хендогавымі таварышамі, цяжка ўздыхаючы, нават пазайздросціў:

— Хоць наядуцца ўволю хатніх прысмакаў!

— Цяпер людзям не да ласункаў, калі ў іх няма хлеба, — асек яго Ярмолік.

Гладыш казаў, што ягоная сям’я жыве дзесьці каля Дна. Міхась не сумняваўся ў тым, што гэтая вузлавая станцыя, праз якую праходзіць чыгунка з Ленінграда на Віцебск, знаходзіцца на паўднёвы захад адгэтуль. Значыць, яна яшчэ бліжэй да ягонага роднага кутка. Ад Полацка ж да яе рукою падаць, напрасткі кіламетраў трыста, не болей. Калі б напісаў запіску бацькам ды папрасіў Гладыша, каб ён аддаў яе жонцы, дык вестка ад сына дайшла б дадому. Кожны, хто прачытае запіску, паспачувае гаротніку і абавязкова перадасць яе далей, у іншую вёску. Гэтак з вёскі ў вёску запіска і дайшла б да адрасата. Маці даведаецца, што сын жывы, і ад радасці заплача, як гэтыя жонкі палонных. Потым трохі супакоіцца і пачне збірацца ў небяспечную дарогу. Жонкі прыйшлі да мужоў, а якая маці не захоча наведаць сына, што трапіў у бяду? Напэўна, дома ў іх няма хлеба. Але яна натаўчэ ў ступе варанай бульбы, замесіць з лебядою і напячэ каржоў ці праснакоў. З хатулём за плячамі маці таксама прытэпае сюды.

Калі Міхась успомніў парэпаныя матчыны ногі і ўявіў, як яна ў цяжкой дарозе намуляе на іх мазалі і саб’е да крыві падэшвы, яму зрабілася сорамна за сябе і за сваю думку. Маці сама ў бядзе, і яшчэ невядома, як яна марнее там, на зямлі, захопленай ворагамі, а ён да чаго дадумаўся? Павінен быў сам загінуць, але не аддаць яе на здзек. Лепей няхай маці не ведае, што ён жывы. Яна досыць пагаравала па ім і ўжо звыклася з тым, што ён загінуў. А калі ты яшчэ жывы, дык выкараскайся з бяды і выратуй ад згубы маці.

Ад гэтых думак Міхася адарвала ўзрушаная гаворка палонных на абодвух паверхах нараў у іхнім доўгім пакоі. Хлопец пачаў прыслухоўвацца да яе.

— Ад іх нарэшце хоць даведаемся, што там робіцца на волі, — азваўся Вырвін, у голасе якога адчувалася нецярплівасць і цікаўнасць.

— На захопленай ворагам зямлі воля горш няволі,— зазначыў Хендога. — Яшчэ невядома, як яны там перабіваюцца з радна ў рагожку.

— Як бы там ні было, але яны не за калючым дротам, — апраўдваўся Вырвін. — Хадзілі чуткі, што раней немцы адпускалі нашых палонных да сваякоў, якія знаходзілі іх у лагеры. Можа, і гэтых аддадуць жонкам. Бач жа, павялі ў свой барак.

— Пад канвоем! — засмяяўся Хендога. — Можа, раней і адпускалі, як неразбярыха была, бо не ведалі, куды іх дзяваць. А цяпер, калі кароўнікі ды школы аблыталі калючым дротам, пабаяцца з лагераў выпускаць гэткія рэзервы жывой сілы. Цяпер мы ў іх заложнікі.

— Толькі чакай, дык яны адпусцяць на той свет, — умяшаўся ў гаворку Ярмолік. — Нябось падчыстую выграбаюць усё з нашай зямлі — і з палёў, і са свірнаў.

Паступова ажыўленая гаворка пайшла на спад. Міхась страціў інтарэс да яе і не заўважыў, як яго адолела дрымота. Спачатку драмаў чуйна, нібыта ў сне чуў яшчэ ўрыўкі гаворкі, а потым павекі міжвольна зліпліся, і ён праваліўся ў бездань. Суседзі разбудзілі яго толькі тады, калі трэба было станавіцца ў строй атрымліваць баланду. Мабыць, к гэтаму часу вярнуліся ў лагер Задзіра і Гладыш. Сіліч не бачыў, як іх вялі з барака канваіры. Абедзве жанчыны і хлопец стаялі на пляцы, воддаль ад калючай агароджы, і назіралі за тым, як наглядчыкі выстройвалі палонных. Задзіра пусціў у ход кій і хрыпла пакрыкваў на тых, хто кешкаўся з пастраеннем.

«Бач, як са скуры вылузваецца перад жонкаю! — думаў Міхась, гледзячы, як уваходзіць у сваю ролю наглядчык. — Хоць бы пасаромеўся свайго сына. Які прыклад падае хлапцу! Ляжачых не б'юць. А ён здзекуецца са зняважаных і абражаных! Знайшоў чым выхваляцца!»

Седзячы і лежачы на нарах, палонныя ўпрыкуску з хлебам сёрбалі рэдзенькі кандзёр ды не спяшаючыся распытвалі Гладыша пра жыццё на акупіраванай тэрыторыі.

— Лесавікі яшчэ не выкурваюць немцаў з вёсак? — насмешліва запытаўся Ярмолік.

— У нашай мясцовасці пакуль што ціха.

— Ці праўда, што раней немцы адпускалі палонных дадому? — не цярпелася Вырвіну.

— Жонка кажа, што мінулым летам дзве жанчыны ў нашай вёсцы забралі з лагера сваіх мужоў. А чацвёра акружэнцаў таксама аселі ў нас.

— Дурні, што пайшлі не ў лес, а ў вёску! — адрэзаў Ярмолік.

— І што яны робяць? — здзіўлена спытаўся нехта з верхніх нараў.

— Прысталі ў прымы і працуюць на гаспадарцы.

— Хаваюцца пад жончынымі спадніцамі і ад немцаў адкупляюцца грашамі? — насмешліва дапытваўся зверху той жа голас.

— Грошы ў немцаў не ў модзе, — удакладніў Гладыш. — Яны абкладаюць сялян падаткамі.

«Чынш не ўводзяць, — падумаў Міхась. — Грошы абясцэніліся».

— Натуральным аброкам, як пры паншчыне! — з’едліва падказаў Хендога, а пасля змяніў тон і пацікавіўся: — Немцы пільна трэслі жончыну перадачу? Не перапалавінілі яе?

— Перакорпалі. Ды паласавацца не было чым. Калі б яйкі або масла ці сала, тады іншая справа.

Задзіра, можа, і не быў такі згаладалы, як Гладыш, бо яму ўволю даставалася баланды, якую ён абменьваў па хлеб, але хатняй ежы яны даўно не каштавалі, таму абодва накінуліся на яе з прагнасцю. За доўгі час знаходжання ў бараку яны самі перапалавінілі жончыны хатулі. Дый у хатулях не было чаго дзяліць на гэтулькі галодных ратоў. Задзіра, вядома, яшчэ мог сім-тым пачаставаць невялікую колькасць лагерных прыдуркаў, а Гладышу ў жончыным хатулі не хапіла б ласункаў на ўсіх палонных, што жылі ў доўгім вузкім пакоі. Таму, каб нікому не было крыўдна, ён увабраў іх сам, а суседзям пароўну разліў свой кандзёр і падзяліў пайку хлеба. А сам сядзеў на нарах і штосьці жаваў усухамятку.

Сіліч спачатку падумаў, што Гладыш есць хлеб, але потым разгледзеў у ягонай руцэ пляскатую булачку з пшанічнай мукі простага памолу, з запечанай зверху тоўчанай бульбаю. Міхасёва маці некалі пякла такія ватрушкі з тварагом. Толькі яны былі з белай пытлёўкі. «Мусіць, пры немцах не да пытлёўкі і не да тварагу. А можа, у гэтых мясцінах завядзёнка пячы булачкі са слоем тоўчанай бульбы зверху. На фронце ж ён чуў ад украінцаў, што ў іх нават варэнікі гатуюць з бульбянай начынкаю. Беларусь — край бульбы, але ў іх не заведзена пячы булачкі з тоўчанай бульбаю зверху».

Хлопцу прыгадаліся хатнія пірагі, што маці калісьці пякла то з мясам, то з грыбамі, то з капустаю, то з варэннем — і цяпер ён умінаў кандзёр, ажно вушы хадзілі хадуном.

 

14

Раніцаю на пляцы, ачэпленым канваірамі, наглядчыкі выстраілі перад камендантам лагер. Шэф агледзеў усіх і па-нямецку загадаў перакладчыку:

— Пакліч сюды настаўніка!

— Схадзі і скажы Паўлу, што яго заве пан камендант, — голасам, у якім адчувалася перавага перад наглядчыкам, Ванька перадаручыў Задзіру выкананне камендантавага загаду.

Задзіра паслухмяна кінуўся ў будынак і мігам вярнуўся адтуль. Неўзабаве з ганка подбегам трусіў Паўло з кнігаю ў руцэ. Міхасю кінулася ў вочы, што ягоныя ногі былі ўжо не ў драўляных калодках, а ў чырвонаармейскіх ботах. «Бач, які шустры, праныра! Хутка выслужыўся! Калі, седзячы ў стадоле, напнуў на ногі салдацкія боты, дык у настаўніцкай і пагатоў будзе шчыгіляць у камсастаўскіх!»

Апошнім часам ні Міхась, ні Багдан Платонавіч не бачылі Паўла. У стадоле ён не вылазіў з адгароджанага заканурка. Мабыць, нехта з лагерных прыдуркаў атрымліваў яму хлеб і баланду.

Паўло падбег да каменданта, чакаючы распараджэння.

— Ну, Паўль, якія ў цябе поспехі? — фамільярна запытаўся па-нямецку шэф.

— Здаецца, някепскія, гер камендант,— таксама панямецку, толькі запаволена адказаў Паўло.— Паўтарыў тое, што вучыў раней, і выштудзіраваў тое, чаго не ведаў.

— Гут! — пахвальна адазваўся шэф. — Але па кнізе ўсяго не вывучыш. Цяпер вывучанае замацоўвай на практыцы, у размовах з майстрам. Дапамагай яму і наглядчыкам, — і паказаў рукою, каб ён далучаўся да строю.

— Яволь! — адказаў Паўло, але ў голасе яго адчулася разгубленасць.

Калі палонных павярнулі і загадалі браць са склада інструмент, ён, не ведаючы, куды дзяваць кнігу, збянтэжана далучыўся да наглядчыкаў, што з кіямі вялі калону. Праз некалькі хвілін яна, абгароджаная дашчаным плотам насілак, ашчаціненая лапатамі і ачэпленая ланцугом вартавых, павольна рушыла на гравійку. Адышла кіламетры тры ад лагера, і, як толькі палонных прымусілі прыступіць да працы, хтосьці заўважыў удалечыні нейкую працэсію, што рухалася насустрач.

Спачатку некаторыя падумалі, што па гравійцы ідуць палонныя суседняга лагера. Але потым усумніліся: цяпер той лагер быў на ладнай адлегласці ад іхняга і палонным адтуль нечага было ісці на чужы ўчастак гравійкі. Працэсія наблізілася, і да яе таропка пайшоў дарожны майстра з перакладчыкам. Усе разгледзелі там абоз фурманак, вакол якога не было ніякай аховы. Перастрэты майстрам, напэўна, па ягоным загадзе, абоз спыніўся метраў за чатырыста ад палонных і пачаў разгрупоўвацца на ўсю шырыню гравійкі. Па тым, як сярод яго застракацелі белыя хусціны і замітусіліся спадніцы, было відаць, што ў абозе пераважна жанчыны.

— Нейкая жаночая каманда, ці што? — няўпэўнена запытаўся Леанід, прыжмуранымі блізарукімі вачамі ўважліва разглядаючы абоз.

— Амазонкі спешыліся з коней, — з іроніяй адказаў Міхась.

Праз некаторы час, калі майстра з перакладчыкам вярнуліся адтуль, Хендога пацікавіўся ў Ванькі:

— Што гэта за абозніцы прыбылі нам на падмогу?

— Разумнікам станеш, калі ўсё ведаць будзеш, —ганарліва адказаў перакладчык. — Засыпай выбоіны!

— Сам ты засыпаная ўбоіна! — кінуў яму ў твар Хендога.

Ванька, мабыць, не чакаў гэтага, бо моўчкі праглынуў рэпліку палоннага і, здаецца, яшчэ болей паніжэў, увабраўшы ў плечы шыю. А Хендога пачуў, як перакладчык ахвотна адказаў цікаўнаму наглядчыку, што па разнарадцы на дарожныя работы прыбылі сяляне, і падумаў: «Мала таго што лагеры трымаюць пры гравійцы, дык яшчэ і навакольным вёскам не даюць спакою ў гарачую летнюю пару. Падкрэсліваюць перад мясцовым насельніцтвам сваю перавагу, паказваюць, што яны гаспадары. Ну чым не прыгоннае права? На паншчыну выгналі жанчын, а калі прыгледзецца, дык тут па-сапраўднаму і палонным няма чаго рабіць. Але палонныя — дармавая рабочая сіла, таму і трымаюць яе на выпадак бамбёжкі. О, калі б наляцелі сюды нашы самалёты ды пачалі бамбіць і абстрэльваць з кулямётаў! Гэтыя ахоўнікі распласталіся б на зямлі, прыціскаючыся да яе грудзьмі, а мы паразбягаліся б хто-куды, як зайцы ад паляўнічых».

А Паўло, не знаходзячы сабе пэўнага занятку, з кнігаю у руцэ, як непрыкаяны, моўчкі праходжваўся па абочыне, рассеяна паглядаючы на тое, як палонныя кешкаюцца з лапатамі ды з насілкамі. Ён зрэдку падыходзіў да майстра і пытаўся, як правільна вымаўляць некаторыя нямецкія словы. Немец з масляністаю ўсмешкаю на круглым твары спачатку адказваў на ўсе ягоныя пытанні, а потым не сцярпеў і, наскрозь працінаючы хлопца хітраватай ухмылкаю, хвастануў словамі, нібы пугаю:

— Шпацыруючы з кнігаю, не пракормішся. А іх, — ён кіўнуў галавою ў бок палонных, — вучыць працаваць трэба сілаю. Не выкручвайся, нікуды не дзенешся. Бяры кій у рукі!

Пасля гэтых слоў Паўло ўвесь абмяк, нібы майстра абдаў яго халоднай вадою дый, выкруціў. Хлопец хадзіў, не ведаючы, што рабіць, і не знаходзячы, куды дзяваць кнігу, якая цяпер была непатрэбна. Пазней, нібы незадачлівы вучань, ён заткнуў яе пад рэмень на жываце гімнасцёркі, але ўсё роўна ніяк не мог супакоіцца.

Як здані, па гравійцы сноўдалі з насілкамі палонныя, паводдаль корпаліся каля фурманак абозніцы, а з небакраю на іх абыякава паглядала сонца, гэтак жа, як яно глядзела з вышыні на прыгонных, што працавалі на паншчыне. З раніцы пяшчотна прыгравала, а к полудню няшчадна прыпякала спатнелыя твары, быццам намагалася прывяліць буйнае разнатраўе, што прывольна буяла паабапал гравійкі або імкнулася раней часу паспяліць палеткі, убіраць якія не хапала рук.

Сярэдзіна лета была настолькі спякотная, што знясіленыя палонныя не вытрымлівалі б цэлы дзень на нагах, калі б не полуднік у канваіраў, якія вымушаны даваць магчымасць небаракам пасядзець або паляжаць, пакуль самі палуднуюць. Таму Леанід неахвотна палез праз кювет услед за тым самым вартавым, якому ўчора распальваў цяпельца, хаця немец ветліва папрасіў, падаючы запальнічку:

— Лео, хадзем, зноў назбірай галля і распалі вогнішча.

«Навошта яно яму, калі няшчадна пячэ сонца! Каб лішні раз пакамандаваць? Але ж ён не загадвае, а просіць. Няйначай як нейкая прыхамаць у чалавека»,— падумаў хлопец, якому хацелася хутчэй раскінуцца на зямлі, усёю істотаю адчуваючы яе прахалоду, што ўліваецца ў цела і асвяжае, здымаючы стому. Але пры такой сітуацыі нічога не паробіш: і агрызнуцца няма падставы, і ў просьбе адмовіць не хапае смеласці. Чаго добрага, яшчэ штурхане ў спіну ствалом.

Ужо трохі смялей, як учора, Леанід нетаропка пачаў падымаць з долу прывялае галлё, але ўсё роўна стараўся надта не выходзіць з лініі, на якой размясціліся вартавыя на палосе адчужэння. Калі назбіраў бярэма, паклаў яго на дол і прысеў на кукішкі, адбіраючы сушняк для распалкі.

— Лео, табе цяжка? — нечакана запытаўся немец.

— Распальваць вогнішча? — не разумеючы яго, перапытаўся Леанід.

— Не, у палоне?

Хлопец улавіў у голасе немца не столькі цікаўнасць, колькі спачуванне. Калі само запытанне з’явілася неспадзяванкаю для Леаніда, дык яшчэ болей нечаканай была спагадлівасць немца. Яна збянтэжыла. Хлопец разгублена глянуў на вартавога, але не заўважыўшы нічога падазронага на ягоным твары, складаючы галлё ў кучу, прызнаўся:

— Канечне, цяжка.

— Сам ведаю, — уздыхнуў немец і, прысаджваючыся на траву, сказаў: — У тую вайну мяне тры гады пратрымалі ў французскім палоне. Табе колькі гадоў?

— Дваццаць два.

— А мне было васямнаццаць, калі пачалася мінулая вайна.

Канваір паклаў на ўлонне вінтоўку, дастаў з мяшэчка за спінаю скрутак, разгарнуў яго і выняў бутэрброды. Узяў ненамазаную лусту хлеба і, насаджваючы яе на пруток, што выбраў з галля, прамовіў:

— Ты, Лео, у палоне на радзіме. А я ж быў у чужой краіне.

Леанід са злосцю пстрыкнуў запальнічкаю і, спадыспаду галля падпальваючы сушняк, выпаліў:

— Канечне, чужына — не радзіма. Але сярод французаў жа тады не было фашыстаў.

Немец горка ўхмыльнуўся і перавёў гаворку на іншае:

— Лео, адкуль ты ведаеш нямецкую мову? Шмат хто з палонных разумее яе?

— Не ведаю. Можа, некаторыя і разумеюць, ды толькі не хочуць прызнавацца.

— Чаму?

— Баяцца, што возьмеце сабе памагатымі. А я і мой сябра Міхась вывучалі яе ў школе і ў інстытуце, — адказаў Леанід, аддаючы канваіру запальнічку.

— Дзякуй, Лео, можаш ісці, — прамовіў немец, адной рукою падаючы хлопцу бутэрброд, а другою працягваючы да полымя лавец з насаджанаю лустаю хлеба.

Леанід збянтэжыўся, але ўзяў бутэрброд і ад разгубленасці нават не падзякаваў, а ўжо толькі на хаду падумаў: «У такіх умовах нечага трымаць трубой хвост. Калі даюць — бяры, а калі б’юць — уцякай».

У кювеце, дзелячыся бутэрбродам з Міхасём і Багданам Платонавічам, хлопец здзіўлена расказваў ім пра гаворку з немцам.

— Калі ён сам зведаў пачым фунт ліха, дык няма чаго здзіўляцца, што разумее паша становішча і не можа не спачуваць нашаму брату, — памяркоўна прамовіў Багдан Платонавіч.

— Нейкая дзівацкая прывычка ў яго: на лаўцы разаграваць хлеб над полымем, — здзіўляўся Міхась. — Праўда, некалі мы гэтак падсмажвалі сала. А калі з яго, патрэскваючы, капаў у вогнішча тук, хутчэй падстаўлялі скібку пад скварку. Смаката! — і хлопец ажно аблізнуўся, моцна ўцягваючы носам паветра. — А сапраўды, які пах распаўсюдзіўся ад падагрэтай немцам лусты! Усё адно як толькі што вынялі з печы свежы хлеб.

— Іхні хлеб не такі духмяны, як наш, — запярэчыў Багдан Платонавіч.

— І не такі пульхны, — дадаў Міхась. — А ты малайчына, Лявон, што сказаў немцу пра фашыстаў. У маім уяўленні французы адрозніваюцца ад немцаў. Мабыць, французы — душэўныя, далікатныя.

— Немцаў мы ўжо ведаем, — разважыў Багдан Платонавіч. — А наогул людзі бываюць розныя, усіх адною меркаю нельга мераць.

— Хаця, сапраўды, італьянцы ж таксама лагодныя і сардэчныя, а фашызм нарадзіўся ў іх,— пагадзіўся Міхась.

 

15

Пасля таго як немцы перагналі лагер з кароўніка ў школу, каля якой самі жылі ў бараку. Хендога адчуў, што яны маюць намер атабарыцца ў гэтых мясцінах надоўга і што палонных тут збіраюцца трымаць не часова. Ён разумеў, што абставіны для нявольнікаў таксама ўскладняюцца. Вакол кароўніка ўначы стаялі на вышках толькі вартавыя з ручнымі кулямётамі, а тут паблізу знаходзіцца ў бараку ўся спецкаманда. Калі што якое, яна па першым сігнале трывогі падымецца на ногі і імгненна з’явіцца каля лагера. У гэтым сэнсе ў кароўніку былі болей спрыяльныя абставіны для палонных на выпадак узброенага выступлення і ўцёкаў. Адчувалася, што ўпушчаны зручны момант, які наўрад ці паўторыцца ў далейшым. Праўда, Хендога разумеў, што гэта адчуванне болей разумовае, тэарэтычнае. Пасля няўдалага прарыву з акружэння, пры якім у адзіным парыве чырвонаармейцы харкнулі ў твар захопнікам свінцом ды металам і выдыхліся, захлынуўшыся ў крыві і ў агні, цяпер, фізічна надломленыя, галодныя і бяззбройныя, яны бяссільныя для новага рашучага рыўка. А калі б у самаахвярным парыве і хлынулі на агароджу, дык пад скрыжаваным агнём чатырох кулямётаў толькі захліснулі б калючы дрот хваляю мёртвых цел.

Пра зброю Хендога пакуль што мог толькі марыць. Галоўнай прычынаю няўдачы была ізаляванасць палонных ад навакольнага свету. Яны не толькі не мелі ніякіх кантактаў з мясцовым насельніцтвам, але пакуль што наогул не бачылі яго ў вочы. Тое, на што спачатку спадзяваўся Хендога, таксама не здзейснілася. Ён меркаваў, што, налягаючы ва падножны корм, палонныя не толькі падтрымаюць сілы, але ў траве па кюветах знойдуць што-небудзь са зброі, пакінутай нашымі войскамі пры адступленні. Мо мінулым летам у гэтых мясцах і пазаставалася якая-небудзь амуніцыя і зброя, але пасля таго, як высякалі абапал гравійкі дрэвы і кусты, маглі пазбіраць яе і падчысціць усё навокал. Дый стрэленыя патроны і парожнія гарматныя гільзы, якіх шмат валялася па кюветах, сведчылі пра тое, што чырвонаармейцы абараняліся тут да апошняй хвіліны і, адыходзячы з баямі на ўсход, не пакінулі ў спешцы ні вінтовак, ні аўтаматаў. Бо, у абедзенны перапынак седзячы, лежачы і поўзаючы на коленцах па зямлі, палонныя так выклычвалі траву, што, калі б штонебудзь заставалася ў ёй, яны абавязкова абмацалі б: рэвальвер або граната мулялі б.

Згаладнелыя небаракі цяпер сама што пачалі налягаць на падножны корм, а ў лагеры на новым месцы і з гэтай справаю ім не было дзе разгарнуцца. Не хапала таго прасторнага двара, сярод якога яны распальвалі цяпельцы. А каля дзвюх грубак у школьным будынку да самага вечара, нібы ў завозным млыне, выстройваліся доўгія чэргі палонных з бляшанкамі і кацялкамі ў руках.

Хендога, канечне, ведаў, што на адным падножным корме доўга не пратрымаешся. Трава застаецца травою. Якая ў ёй спажыўнасць? Толькі падманлівае адчуванне, што нечым напоўнены жывот, а сілы ўбываюць. Трэба было неяк выкручвацца, штосьці знаходзіць, каб выблытацца з цяжкага становішча.

І таму, калі Хендога пачуў ад перакладчыка, што немцы пачалі выганяць на дарожныя работы сялян з навакольных вёсак ды яшчэ ўбачыў сам паблізу абозніц з фурманкамі, у ягонай душы зацеплілася кволае спадзяванне паспрабаваць наладзіць сувязь з мясцовымі жыхарамі. «Хоць немцы і трымаюць іх на ладнай адлегласці ад палонных, аднак жа не можа быць, каб на нашай зямлі, сярод сваіх людзей, нельга было перахітрыць чужынцаў», — думаў ён, паглядаючы ў той бок, дзе і сягоння на гравійцы корпаліся жанкі з некалькімі фурманкамі. Да іх двойчы хадзіў дарожны майстра з перакладчыкам. Мабыць, правяраў, як працуюць, або загадваў, што яны павінны рабіць.

Тым часам палонныя, што хадзілі на пару, разносілі друз, засыпаючы імі калдобіны, а тыя, хто накідаў лапатамі гліністы друз на насілкі, прастойвалі ў чакапні або толькі рабілі выгляд, што варушацца, нечым занятыя. Вартавы з жалезным крыжам на грудзях зрэдку пакідаў ланцуг ачаплення, як быццам яму надакучыла стаяць у ім, і праходжваўся па абочыне сваёй малайцаватай паходкаю, нібы спрактыкаваны паляўнічы з дубальтоўкаю збоку, артыстычна адпіхваючы локцем і кісцю правай рукі вінтоўку, што казённікам уніз трымалася за рэмень на ягоным плячы. Ідучы міма Леаніда і Міхася, што стаялі над насілкамі, на якія Багдан Платонавіч накідваў лапатаю патрушчаныя руіны, канваір, на момант затрымліваючыся, па-нямецку запытаўся:

— Ну што, Лео? Гэта твой сябра Міхель? — і, адыходзячы, дадаў: — Два студэнты.

Калі абвясцілі абедзенны перапынак, вартавы нечакана напрасіў Сіліча распаліць яму цяпельца. Паколькі ўчора Леанід ужо расказваў Міхасю і Багдану Платонавічу пра гаворку з немцам, дык сягонняшняя просьба канваіра не ўстрывожыла хлопца, хаця, праўда, не магла не выклікаць павышанай зацікаўленасці. «Чаму сягоння ён папрасіў менавіта мяне, а не Леаніда? — не разумеў Міхась, перад немцам пералазячы праз кювет. — Цікавіцца, што думаюць пра іх палонныя, або хоча пераканацца, ці праўда, што я таксама ведаю нямецкую мову?»

— Міхель, вы з Лео саромеецеся сваіх, што ведаеце нашу мову? — неспадзявана запытаўся па-нямецку вартавы, калі Міхась падымаў з долу галінку. Сіліч не чакаў такога пытання. Ён разгублена глянуў у канваіраў твар з пляскатым носам, што быў нібы перашчыкнуты вузкім пераноссем, ад чаго немец хрыплавата гундосіў, і выпрастаўся. Здзіўлена паціснуў плячамі і, раздумваючы, нетаропка адказаў:

— Чаго сваіх саромецца? Мы баімся вашых, каб не ўзялі нас сабе ў хаўруснікі.

Вартавы памаўчаў, не гледзячы на Міхася, і працягваў:

— А гэты ж ваш высокі, малады, сам напрасіўся на службу і па сваёй ахвоце кій возьме ў рукі?

Міхась разумеў, што вартавы мае на ўвазе Паўла, таму хацеў прамаўчаць, але не выцерпеў і з’едліва зазначыў:

— Ён малады, таму і не разважае. Думае, што разумнейшы за іншых.

— Спецыяльна вывучыў нашу мову толькі для таго, каб атрымаць у турэмшчыкаў пасаду наглядчыка, — з асу^ джэннем у голасе прамовіў немец.

— Якія турэмшчыкі? — пе зразумеў Міхась.

— Брэс і Штунц.

— А хто гэта?

— Брэс — камендант лагера, а Штунц — яго намеснік.

— А чаму турэмшчыкі?

— Яны працавалі ў турме наглядчыкамі. Штунц нават быў старшым наглядчыкам.

«Значыць, вось адкуль з’ехаліся ў лагеры свае наглядчыкі, — нарэшце дайшло да Міхася. — Турэмныя звычаі і астрожная тэрміналогія». Праўда, хлопца заінтрыгавала, чаму фашысты памянялі іх пасадамі: звычайнага наглядчыка паставілі камендантам лагера, а старшага — толькі ягоным намеснікам. Але не ў меншай меры Міхася цікавіў і жалезны крыж на грудзях вартавога. Паколькі ў прысутнасці палоннага немец асудзіў учынак Паўла, хлопец адчуў, што цяпер можна пацікавіцца пра гэта, і, кідаючы на дол перад вартавым бярэма галля, без хітрыкаў запытаўся:

— За што Гітлер узнагародзіў вас жалезным крыжам?

Немец незадаволена зморшчыў твар, нібы праглынуў горкую пілюлю, задумаўся і, відаць, каб не пачулі бліжэйшыя вартавыя, скорагаворкаю паціху прамямліў:

— Калі б узнагародзіў ён, дык я не насіў бы гэтага крыжа.

Міхась не чакаў такога прызнання. Разгублены, ён утаропіў позірк у жалезны крыж. А калі разгледзеў на ім дробныя лічбы: 1915, расслаблена прысядаючы на кукішкі, запытаўся:

— А што азначае нарукаўная павязка са словам «смерць»?

— У нямецкім слове «tod» — тры літары, — усміхнуўся вартавы, — а ў гэтым жа — чатыры,— і ягоны твар пасур’ёзнеў. З глыбакадумным выглядам немец не спяшаючыся растлумачыў: — «Тоdt» — назва ваенізаванай будаўнічай арганізацыі, па прозвішчы інжынера, які яе стварыў.

«От дык будучы настаўнік! І трэба ж гэтак схібіць перад немцам! — няёмка адчуў сябе хлопец. — Хоць ты скрозь зямлю праваліся!» Добра, што вартавы болей не затрымліваў яго, а падзякаваў за паслугу дый адпусціў да астатніх палонных.

— Дарэмна мы трывожыліся, што трапілі ў лапы смертаноснай спецкаманды. Звер не такі страшны, як яго малююць, — супакоіў Міхась абодвух таварышаў, калі сеў паміж імі на схіле кювета.— Аказваецца, намі распараджаецца ваенізаваная будаўнічая арганізацыя, што называецца «Todt». Усяго толькі адна лішняя літара ў канцы слова, а ўжо ў ім зусім іншы сэнс, — сарамліва прызнаўся ён, апраўдваючыся перад Багданам Платонавічам.

— Я сам збольшага ведаю нямецкія словы толькі па вымаўленні і не заўсёды помню, як яны правільна пішуцца,— прыйшоў на выручку яму Леанід.

— Мусіць, любая мова мае свае загадкавыя тонкасці, — усё яшчэ апраўдваўся Міхась. — Ёсць аднолькавыя па напісанні словы, а сэнс залежыць толькі ад таго, на якім складзе зрабіць націск пры вымаўленні: к?бель, каб?ль, не кажучы ўжо пра тое, як мяняецца значэнне слова, калі да яго дадаць адну літару або адзін гук — дож, дождж.

— Ці пнём аб калоду, ці калодаю аб пень — усё адно, — рассудзіў абодвух таварышаў Багдан Платонавіч. — Пад якую шыльду ні маскіравалася б гэтая арганізацыя, а ўсё роўна ж яна фашысцкая. І нам ад яе не чакаць дабра.

Сіліч яшчэ не ведаў, што ніякаватасць, якую ён адчуў перад вартавым і перад Багданам Платонавічам за сваю недасведчанасць у нямецкай мове, не ідзе ні ў якое параўнанне з тым сарамлівым пачуццём, якое давядзецца перажыць у гэты дзень, праз пару гадзін пасля абедзеннага перапынку.

Напэўна, канваіру з жалезным крыжам было болей даспадобы размінацца, праходжваючыся, чым нерухома падоўгу стаяць на адным месцы ў ланцугу ачаплення. Таму ён час ад часу пакідаў палосу адчужэння і праз кювет пераходзіў на абочыну, па якой шпацыраваў у нязменнай паставе паляўнічага.

Жывучы ў бараку на ўскраі вёскі, немцы, вядома, мелі зносіны з мясцовым насельніцтвам і, канечне, чулі ягоную гаворку. Канваір з жалезным крыжам ужо вывучыў на памяць некалькі рускіх слоў і цяпер, відаць, хацеў пахваліцца перад палоннымі сваімі ведамі. Ідучы па абочыне, ён прыпыніўся каля кучы друзу, з аднаго боку якой Багдан Платонавіч, а з другога Хендога лапатамі накідалі насілкі, і з усмешкаю на твары лагодна прамовіў: «Давай хлеб, картошка, капуста».

— Ты дай нам іх, — памяркоўна падказаў Хендога і павучальна дадаў: — Чым шпацыраваць туды-сюды, лепей схадзіў бы да сялян, што працуюць на гравійцы, ды сказаў, каб яны падкінулі нам чаго-небудзь.

— Міхель, што ён сказаў? — па-нямецку пацікавіўся вартавы.

Міхась разгубіўся. Яму няёмка было дакладна пераказваць словы Хендогі, у якіх адчувалася папрашайніцтва, таму хлопец трохі перайначыў іх змест на свой лад:

— Ён кажа, што ў нас няма гэтага. Лепей схадзіце да сялян, якія працуюць на дарозе, скажыце, каб яны далі.

Твар вартавога на імгненне асвятліла здагадка, потым ён пасур’ёзнеў, зрабіўся задуменны. Немец павярнуўся і павольна рушыў далей па абочыне.

— Нябось дайшло! — праводзячы яго насмешлівым позіркам, урачыста зазначыў Хендога.

— Завучыў чатыры рускія словы, якія яму патрэбны, і казырае імі! — з’едліва дадаў Ярмолік, падымаючы з Казнадзеем насілкі. — Ды, можа, яшчэ ведае: «Матка, яйкі!»

Але амаль адначасова з абедзвюма парамі палонных, якія засыпалі калдобіны і з парожнімі насілкамі вярнуліся да кучы, сюды зноў падышоў вартавы з жалезным крыжам.

— Міхель, скажы яму, — па-нямецку прамовіў ён, паказваючы рукою на Хендогу, — няхай возьме замест цябе насілкі.

Хлопец, запінаючыся, пераклаў тое, што сказаў немец, і разгублена перадаў Хендогу ручкі насілак.

— Міхель, ком,— запрасіў канваір, кіўком галавы паказваючы, каб хлопец пайшоў абочынаю паперадзе яго.

Збянтэжаны, Сіліч крануўся з месца, пе аглядаючыся на вартавога, што ішоў следам за ім са звешанаю з пляча вінтоўкаю.

Толькі абедзве пары палонных ды Багдан Платонавіч, які накідаў насілкі, з насцярожанаю цікаўнасцю паглядалі за імі ўслед, у той час як астатнія нявольнікі праводзілі іх няўцямнымі позіркамі, не разумеючы, куды яны ідуць.

Калі мінулі ўсіх палонных і наперадзе раскінулася аголеная гравійка, на якой метраў праз трыста корпаліся сяляне, разгублены Міхась, аглядваючыся, прыпыніўся, але немец словамі «ідзі-ідзі» даў зразумець яму, што трэба следаваць далей. Хлопец увабраў у плечы шыю і, неахвотна падпарадкоўваючыся канваіравым словам, нясмела ступаў перад сабою, нібы не адчуваючы пад нагамі трывалага групту. Цяпер Сіліч упершыню папракнуў у думках Хендогу: «У чалавека ні сораму, ні гонару! Чорт ведае што вярзе! Уздумаў папрашайнічаць перад немцам. Мала таго, дык яшчэ і мяне на ўсеагульнае пасмешышча выставіць! Немцу што? Ён заваёўнік! Ідзе сабе, па-гаспадарску звесіўшы вінтоўку (хлопец нават не бачыў, што вартавы ўжо зняў яе з пляча і трымае напагатове). Немец жа, вядома, запатрабуе ў сялян харчы. Хай сабе не запатрабуе, а папросіць. Але выглядаць жа будзе, што папрашайнічаю я, расхрыстаны і проставалосы. Злітуйцеся, пашкадуйце гаротніка! Я не адзін, нас шмат няшчасных. Даруйце нам, не праклінайце нас за тое, што мы не абаранілі вас ад бяды-напасці, а цяпер, нібы калекі мыліцамі, грукаем па сваёй зямлі драўлянымі калодкамі. Мы ведаем, што захопнікі абрабавалі вас да ніткі, і бачым, што яны выгналі вас на паншчыну, як прыгонных. Аднак падзяліцеся з няшчаснымі, чым можаце, выратуйце бедалаг ад галоднай смерці».

Па меры набліжэння да сялян Сілічу здавалася, што жвір і жарства ўсё болей напальваюцца пад ім, а ягоныя калодкі ўсё мацней муляюць ногі і замінаюць хадзьбе, нібы путы-ланцугі. Сяляне заўважылі іх і насцярожана паглядвалі, з трывогаю чакаючы, пакуль яны падыдуць.

— Матка, давай хлеб, картошка, капуста, — бязладна лапатаў канваір, спыніўшыся перад жанчынай, што лапатаю ссоўвала з калёс пясок.

Тая спярша з апаскаю глянула на ягоную вінтоўку, але калі ўбачыла, што ён усміхаецца, абедзвюма рукамі насунула да вачэй белую хустку, якая з’ехала на цемя, і, разгублена разводзячы іх у бакі, пашкадавала:

— Мы толькі што папалуднавалі.

— Міхель, што яна кажа? — пацікавіўся немец.

Убачыўшы, што вартавы трымае вінтоўку напагатове, хлопец уздыхнуў і сарамліва адказаў:

— Яны паабедалі.

Кабета спачувальна глядзела на Міхася.

Тым часам да іх падыходзілі іншыя жанкі і падлеткі.

— Сынок! А божа ж мой! — раптам усклікнула адна з жанчын і стрымгалоў кінулася туды, адкуль з’явілася. Неўзабаве яна вярнулася з акрайцам у руцэ і, працягваючы яго хлопцу, па-ранейшаму лямантавала: — Сынок, хіба ты не пазнаеш мяне? Гэта ж я паіла цябе казіным малаком. Потым прынесла табе адзежу і хлеб. Ды ўжо не застала. Дзе яны, акаянныя, схапілі цябе?

Па радзімцы на лбе Міхась пазнаў тую кабету, якая прыходзіла даіць казу, і стаяў разгублены, не ведаючы, што рабіць.

— Гут, матка! — адобрыў вартавы яе ўчынак і падказаў хлопцу: — Міхель, бяры хлеб.

Міхась дрыжачай рукою ўзяў акраец, але адчуў, што яго шчокі і вушы палаюць агнём. З натоўпу выйшла яшчэ адна пажылая жанчына і падала яму тоўстую лусту хлеба.

Разгублены, у адной руцэ ён трымаў яе, а ў другой — акраец.

— Там шмат палонных, — па-нямецку гаварыў вартавы, тыцкаючы рукою ў той бок, дзе працаваў лагер. — Я накладваю кантрыбуцыю, — і, усміхаючыся, па-руску растлумачыў: — Давай хлеб, картошка, капуста.

Міхась то ўтаропліваў позірк у дол, то адводзіў вочы ўбок, не ведаючы, куды іх падзець. Яму не хацелася глядзець на людзей, бо было сорамна перад імі і за сябе, і за гэтае мудрагелістае слова, якое вымавіў канваір і якое ўжываецца і ў рускай мове. «Добра, што яны наўрад ці разумеюць яго значэнне. Ды, зрэшты, ім цяпер усё роўна — кантрыбуцыя, ці натуральны аброк, або чынш».

— Міхель, перакладзі ім, што я сказаў,— рантам папрасіў вартавы.

У хлопца не паварочваўся язык, каб перакласці сказанае немцам. Міхась залыпаў асалавелымі вачамі, нібы вол, якога агрэлі доўбняю паміж вушэй, і адчуваючы, што яго кінула ў пот і сонца нясцерпна паліць стрыжаную галаву, ледзьве запытаўся:

— Зразумелі, што ён сказаў?

Неўпапад пачулася ажыўленае:

— Ага!

— А як жа!

— Вядома!

— Нейкі добры немец! — здзівіўся хтосьці.

— Не можа быць, каб немец! — умяшаўся другі голас.

— Але ж з вінтоўкаю, а чалавек спагадлівы! — апраўдваўся першы голас.

І ўслед, як пагрозлівыя раскаты перуна, заракатала:

— Вас зольс?! Аллес арбайтэн! Шнэль!1

Зіркаючы заплыўшымі масляністымі вочкамі на жанок і на падлеткаў, няўклюдна замахваўся кіем дарожны майстра, на грудзях якога каромыслам боўталася вінтоўка. Рантам ён заўважыў Міхася з акрайцам і лустаю ў руках і злосна закрычаў па-нямецку:

— А ты таксама ідзі працаваць! — а потым, калі яны ўтрох накіраваліся назад да палонных, незадаволена запытаўся ў вартавога: — Навошта ты прывёў яго папрашайнічаць? Яны толькі і глядзяць, каб адлыньваць ад працы!

— Ты бачыў, як яны галодныя, скубуць траву ў кюветах? — запытаўся раззлаваны канваір. — А яны ж не цяглавая жывёла. Карміць іх трэба.

— Яны жаруць не ў сябе! Іх пе накорміш! — агрызнуўся майстра.

Абодва немцы змоўклі і ішлі надзьмутыя, нібы індыкі: вартавы — услед за Міхасём, а майстра — па другой абочыне. Цяпер канваір не гаварыў і з палонным, можа, не хацеў выдаваць, што хлопец разумее нямецкую мову, а можа, яму цяпер было не да гаворкі.

Сіліча таксама задавальняла тое, што абодва немцы ўжо не адцягваюць ягоную ўвагу, якая і без іх не магла сканцэнтравацца на адным, а раздвойвалася і растройвалася. Хлопец ніяк не мог супакоіцца, усё ўсярэдзіне ў ім бурліла і клекатала. Ягоная крыўда на Хендогу сама па сабе пагасла. Але затое цяпер ён злаваў на вартавога. Відаць, пасля імперыялістычнай вайны немцам уелася ў косці слова «кантрыбуцыя». Бо навошта ж яму спатрэбілася яно? Мог жа ён неяк па-чалавечы сказаць сялянам, каб яны памаглі землякам. Потым ні з таго ні з сяго ў думках пачаў дакараць сябе, што не здолеў па-свойму перакласці жанчынам тое, што сказаў немец. А як падумаў пра цётку, што паіла яго казіным малаком, думкі пераблыталіся і ў галаве праяснілася. Тады ж ён прасіў, каб яна прынесла цывільную вопратку. І не саромеўся прасіць. Дык ён жа быў не палонны. Уцякаў ад немцаў, каб выручыць з бяды сваіх. Але не абараніў іх, а сам апынуўся ў няволі. І цяпер канючыць хлеб у гэтакіх жа гаротнікаў. «Папрашайнічае», як сказаў майстра канваіру. Сіліч глянуў на акраец з лустаю — і яму стала сорамна. Хлопец хацеў есці, але яму здавалася, што цяпер ён можа ўдавіцца гэтым хлебам. Каб акраец з лустаю не спакушалі і не наводзілі яго на прыкрыя думкі, ён схаваў іх у кішэні портак пры набліжэнні да палонных. «Няхай і ў іхніх вачах яны не выклікаюць ні спакусы, ні зайздрасці!»

Толькі як вярнуўся да сваіх, нічога не кажучы, працягнуў Хендогу акраец з лустаю і ўзяў у яго ручкі насілак. Хендога разламаў акраец на чатыры кавалачкі і раздаў іх Казнадзею, Ярмоліку, Багдану Платонавічу і Леаніду і, не спяшаючыся, азваўся:

— Ну, што там было?

Міхась узяў з ягонай рукі палавіну лусты, якую Хендога раздзяліў ім пароўну, трохі памаўчаў і неахвотна выціснуў з сябе:

— Немец сказаў, што накладвае на сялян кантрыбуцыю — хлебам, бульбаю і капустаю.

— Ты ж нябось сказанае растлумачыў па-свойму?

— У мяне язык не павярнуўся перакладаць тое, што ён сказаў, — прызнаўся хлопец і, апраўдваючыся, дадаў: — Яны зразумелі ўсё без майго тлумачэння.

 

1 Што тут?! Усе працуйце! Хутчэй!

16

У нядзелю пасля сняданка камендант і змрочны даўганосы вартавы прывялі да лагера дзвюх жанчын. Некаторыя палонныя адразу ж пазналі ў іх жонак Гладыша і Задзіры. Камендант адамкнуў брамку і выпусціў мужоў да жонак. Пакуль тыя ўзаемна абдымаліся, шэф замкнуў брамку і накіраваўся да барака. Услед за ім рушылі жанкі з мужчынамі, якіх пад аховаю павёў канваір.

— Шчасліўцы! — з зайздрасцю ўздыхнуў Вырвін, праводзячы іх самотным позіркам.

— Не дай бог, каб мая жонка ўбачыла мяне за калючым дротам у немцаў! — запярэчыў яму Хендога.— Не жадаў бы нікому гэтакага шчасця!

— Дык жа іх выпусцілі з-за агароджы на спатканне,— наіўна апраўдваўся Вырвін.

— А ты ўпэўнены, што ў бараку ў немцаў няма губы або карцэра? — на выручку Хендогу кінуўся Ярмолік. Вырвін нічога не адказаў.

Хендогавы словы лішні раз пераканалі Сіліча ў правільнасці ягонага першапачатковага рашэння адносна таго, каб нічога не паведамляць дадому пра свой лёс. Праўда, раней бывалі хвіліны, калі хлопец вагаўся і яму нават хацелася змяніць думку. Затое цяпер ён быў задаволены, што не дапусціў прамашкі і ўстрымаўся ад зманлівай спакусы. «Чалавек з вопытам разбіраецца ў жыцці. Тым болей, што ў яго аўтарытэт непагрэшны».

— Нешта ж у іхніх жонак і рукі нічым не занятыя, і за плячамі ніякай кладзі, — здзівіўся Багдан Платонавіч.

— Я адразу гэта прыкмеціў, — падтакнуў Вырвін.— Аніякіх сідараў. Не тое што мінулы раз, — і ён смачна прыцмокнуў губамі.

— Можа, пакінулі клункі перад баракам, — выказаў здагадку Леанід. — Навошта насіць сюды-туды лішні цяжар.

Сіліч таксама заўважыў, што жанчыны прыйшлі з парожнімі рукамі. Праўда, ён звярнуў увагу і на тое, што Задзірава жонка сягоння не захапіла з сабою сына. А гэтага не прыкмецілі іншыя. «Галодныя толькі і думаюць пра яду, — мільгнула прыкрая здагадка. — Нябось што кабета не прывяла сына — ніхто не прыкмеціў, а што ў жонак нічагусенькі ў руках і за плячамі — усім адразу ж кінулася ў вочы».

Сёе-тое высветлілася ў абед, калі Задзіру з Гладышам прывялі з барака ў лагер. Яны вярнуліся таксама амаль што ўлегцы: у руках з невялічкімі скруткамі ды з напакаванымі кішэнямі портак.

Пры пастраенні на абед Задзіра зноў ажно вылузваўся са скуры, увішна працуючы кіем. Палонныя шарахаліся ад яго ў бакі, не разумеючы, чаму наглядчык не ў настроі: яму не было перад кім паказваць свой спрыт, бо на гэты раз абедзве жонкі не прыйшлі да лагернай агароджы, а проста з барака рушылі ў далёкую дарогу.

«Мабыць, незадаволены жончынай перадачаю, таму і спаганяе сваю злосць на нас», — здагадваліся некаторыя. Але, пасля таго як прыкмецілі памяркоўнасць улагоджанага Гладыша, які раздзяліў сваю пайку і кандзёр паміж суседзямі, усумніліся ў гэтай здагадцы.

— Немцы пакідаюць вас у бараку адных, без прыгляду? — ні з таго ні з сяго пацікавіўся Вырвін, апаражняючы свой кацялок.

— Як гэта без прыгляду? — здзівіўся Гладыш. — Там прыстасаваны пакой, з кратамі на акне і з расчыненымі дзвярамі, каля якіх з вінтоўкаю стаіць немец — днявальны ці дзяжурны. — Па гаворцы адчувалася, што чалавек не можа здыхацца ад пераядання.

— Даюць спатканне, як у астрозе, — з’едліва падтакнуў Міхась.— Трэба стаяць ці можна сесці?

— У пакоі голыя сцены. Няма ні лавак, ні крэслаў.

— І Задзіра вымушаны стаяць? — здзівіўся Вырвін.

— Ну, а на што ён сядзе? На падлогу? — пытаннем адказаў на запытанне Гладыш. — Мы з ім там раўнапраўныя,— і ён задаволена засмяяўся.

— Таму ён на пастраенні і даказвае кіем, што ў яго правы большыя, — раптам азваўся Хендога, які да гэтага маўчаў.

— Значыць, крыўда заядае чалавека, калі ён лютуе зверам, — загадкава прамовіў Гладыш, хітравата ўсміхаючыся.

— Ён толькі з выгляду чалавек, — раззлаваўся Хендога. — А на самай справе — жывёліна, што перарадзілася ў звяругу.

— Хіба вашым жонкам у адну дарогу, што яны сюды і адсюль дабіраюцца разам? — запытаўся Міхась, усё-такі намерваючыся пераправерыць свае меркаванні адносна адлегласці да родных мясцін.

— Да Сольцаў — у адну, — адказаў Гладыш. —А далей мая дабіраецца сама. Па дамоўленасці япы сустракаюцца ў Сольцах.

— І колькі гэта кіламетраў?

— Адсюль да Сольцаў каля сарака і ад Сольцаў да Дна таксама сорак.

— Не блізкі свет, — уздыхнуў Багдан Платонавіч.— Як у гэтакі час людзям дабірацца даводзіцца?

— Неяк жа ўмудраюцца, — абыякава адказаў Гладыш. — Ды яшчэ з паклажаю за плячамі.

— Нешта ж не відно той паклажы, — экранізаваў Вырвін.

— Камендант не дазволіў узяць усю ў лагер, — растлумачыў Гладыш. — Прымусіў пакінуць у капцёрцы. Кажа, што пасля працы будуць выдаваць патрохі.

— Баіцца, каб не ўцёк з запасам харчу, — зноў азваўся Хендога. — З прадуктамі не трэба на людзі паказвацца. Можна прабірацца лясамі.

— Дык яны ж заплеснеюць, — не ўтрымаўся Вырвін. — Папсуюцца ў летнюю спёку.

— Там адны сухары. З імі нічога не зробіцца, — спакойна адказаў Гладыш.

Гаворка спынілася. Але Міхасю рупіла сваё, таму ён прадоўжыў яе.

— А колькі ад вас да Невеля? — нечакана запытаўся хлопец.

— Хіба ты з Невеля? — насцярожыўся Гладыш.

— Не. Я з-пад Полацка.

— Адтуль жонка сюды не дабярэцца, — пажартаваў Ярмолік. — Далекавата.

Некаторыя засмяяліся. А калі смех спіхнуў, Гладыш удакладніў:

— Ад Невеля да Дна па чыгунцы дзвесце кіламетраў.

Сіліч ведаў, што ад Полацка да Невеля меней сотні кіламетраў. Родам адтуль быў хлопец, з якім ён калісьці вучыўся ў педтэхнікуме.

«Значыць, я не памыляюся, — прыкінуў ён у галаве,— да маёй вёскі адгэтуль кіламетраў трыста семдзесят. Калі б маці даведалася, што я тут, дык дабралася б сюды».

Пасля абеду палонныя адлежваліся на нарах, размораныя адпачынкам і цёплым кандзёрам. Адных адолеў сон, другія разамлелі ад ліпучай дрымоты.

А пад вечар па доўгім вузкім пакоі вужакаю папаўзла назойлівая чутка. Гладыш пачуў яе ад сваёй жонкі, якой у сваю чаргу яшчэ ў дарозе па сакрэце прагаварылася жонка Задзіры. Аказваецца, наглядчыкаў сын, які мінулы раз пераканаўся, кім стаў у лагеры Задзіра, адрокся ад бацькі і не хоча бачыць яго. Таму ён і не прыйшоў цяпер з маткаю. Гэтая вестка не давала спакою Гладышу. Ён не змог яе доўга пратрымаць пры сабе і таксама па сакрэце перадаў некаму з таварышаў. Слова скажаш, а яно паляціць як верабей, і яго ўжо не зловіш. Погаласка між палонных папаўзла бяскрыўднай вужакаю, паціху сыкала і шыпела, выклікаючы ў іх злараднасць. Слізкая і халодная, яна і ўдзень і ўначы будзе туга абвіваць Задзіру, то кідаць яго ў гарачы пот, то ледзяніць ягоную кроў.

— Недарэкаў у народзе завуць недапечанымі. А Задзіра ў Сольцах атрымаўся перасолены, калі ад яго людзям солана да гаркоты, — паціху скаламбурыў Леанід. — Ён яшчэ шмат каму можа насаліць.

— Калі толькі яго не вымачаць у дзярме, — прашаптаў Багдан Платонавіч.

 

17

Канваір, які абвясціў жанчынам, каб яны прынеслі палонным хлеб, узбударажыў усіх сялян, што працавалі на гравійцы.

— Хаця б у гэтым не было якога-небудзь падману, — насцярожыліся мужчыны, якія чулі, што немцы не дазваляюць нічога перадаваць палонным.

— А можа, гэты салдат з аховы не немец, а чэх або славак, — выказвалі меркаванне падлеткі. — Бо не толькі ж у дарожнага майстра, але і ў гэтага вартавога нейкая незнаёмая форма, па колеры зусім не падобная да нямецкай.

Аднак што б ні казалі мужчыны, але ніякія перасцярогі не маглі стрымаць парыву пакутніц-жанчын, многія мужы і сыпы якіх канулі ў невядомасць з тае пары, як нашы войскі адступілі на ўсход. Таму, нягледзячы на тое, што пасля выхаднога дня па разнарадцы на дарожныя работы павінны былі выйсці жыхары іншай вёскі, жанчыны, якім канваір абвясціў, каб прынеслі палонным харчы, рашылі, што абавязкова яны зробяць пачын у гэтай справе і тым самым пададуць прыклад незнаёмым сялянам, якія будуць працаваць у той дзень на гравійцы. Бо як жа іначай перадасі каму-небудзь канваіраву абвестку, калі толькі немцам вядома, менавіта якое паселішча павінна па чарзе выйсці на паншчыну?

У канцы таго ж дня сяляне, што працавалі на гравійцы, прынеслі канваіраву абвестку ў сваю вёску, і праз некаторы час яе ўжо ведалі ў кожнай хаце. Асабліва затурбаваліся гаспадыні. Жаночае сэрца чулае і спагадлівае, яно не можа не адазвацца на чужое гора, а тым больш не паклапоціцца аб сваіх людзях.

Спачатку жапкі хацелі назбіраць па вёсцы акрайцаў, праснакоў і лустаў і адвезці палонным. Але потым перадумалі, што гэтак рабіць нягожа. Усё роўна як міласціну ці падаянне збіраць для старцаў. Няшчасныя ж пе жабракі ці абібокі, а пакутнікі, што трапілі ў бяду не па сваёй віне. Дый ворагі няхай бачаць, што мы клапоцімся аб сваіх людзях.

У запасе быў яшчэ выхадны дзень. Цётка, што паіла Міхася казіным малаком, і маладзічка, якая ссыпала з калёс пясок і першая пачула канваіраву абвестку, а таксама яе суседка падрадзіліся з гэтакай нагоды спецыяльна спячы хлеб.

Спакон вякоў на нашай зямлі павялося, што ў часіны бяды: засухі ці пажару, людзі, чым маглі, шчыра памагалі беднякам і пагарэльцам, ні перад кім не ўтойваючы свайго спачування і спагадлівасці. А цяпер вымушаны пават убогую міласціну прыносіць крадком, з асцярогаю, каб не бачылі нямецкія салдаты, каманда якіх раскватаравана ў вёсцы і дзяжурыць у бункерах па беразе возера. Бо хто ведае, як чужынцы могуць аднесціся да жаночых прыгатаванняў?

Праўда, для падстрахоўкі і надзейнай бяспекі канваіраву абвестку жанкі назвалі старасту загадам нямецкіх дарожных улад. Калі жанчыны захочуць зрабіць што-небудзь па-свойму, дык усё будзе шыта-крыта і ніякі чорт пад іх не падкапаецца.

Не збіраючыся гуртам, а па адной, кабеты ўпотайкі зносілі ў тры вясковыя хаты паўнюткія місы мукі. Тыя, каго маглі падмяніць кемлівыя падлеткі, замест сябе выпраўлялі іх. Кожная з трох гаспадынь яшчэ звечара расчыніла ў дзяжы цеста, якое за ноч паспела добра падысці.

А ў нядзелю раніцаю, выпаліўшы печы, гаспадыні ўвішна садзілі ў іх боханы з цестам. Абедзве маладзічкі пяклі хлеб у бляшаных формах. Цётка ж не прызнавала новага метаду хлебапячэння і карысталася старым, дапатопным. Канечне, куды прасцей качаргою выграбці з печы жар, засунуць туды формы, запоўненыя цестам, і шчыльна зачыніць засланку. Для цёткі выпечка хлеба была свяшчэннадзейпым рытуалам. Памялом яна чысцютка вымятала з печы ўвесь попел і на стале рабіла з крутога цеста круглыя боханы. Любоўна абгладжвала іх далонямі, змочанымі вадою, густа пасыпала мукою круглую драўляную лапату і ёю садзіла на гарачы под боханы. Цётка даказвала ўсім, што скарынка ў такім хлебе падрумяненая і смачнейшая, чым у фармавым. Апоўдні на вясковай вуліцы духмяны водар свежага хлеба перабіў прэсны пах рыбнай лускі і азёрнага багавіння.

Маладзічка, якая першай чула канваіраву абвестку, і цётка, што паіла Міхася малаком, узахвоціліся адвезці палонным перадачу. Аказваецца, муж маладзічкі быў мабілізаваны ў войска, а цётчын сын служыў тэрміновую ў арміі, таму абедзве яны асабліва спачувалі і спагадалі нашым салдатам, якіх фашысты захапілі ў палон. Кабеты запэўнілі зямлячак, што ў выпадку якіх-небудзь перашкод пастараюцца знайсці выйсце з цяжкага становішча, спасылаючыся на тое, што адна ўсё-такі ведае з выгляду проставалосага палоннага хлопца, а другая — добра запомніла ў твар канваіра з крыжам на грудзях. Хаця яны і не дамаўляліся між сабою, але кожнай з іх хацелася захапіць у дарогу якую-небудзь рэч, якая нагадвала б адной — пра мужа, а другой — пра сына і пры сустрэчы з чужынцамі, нібы сімвалічны талісман, аберагала б ад непрадбачаных напасцяў.

Гаспадыня дастала з гарышча абнавіць два лазовыя кашы, якія перад самай вайною гаспадар сплёў рыбацкай арцелі для пераноскі ўлову. Жанчыне здавалася, што кожны гнуткі дубец, разгладжаны і ўмела ўплецены мужам у іх аснову, яшчэ захоўвае цеплыню ягоных пяшчотных рук. А цётка прынесла два льняныя ручнікі, вытканыя ёю і вышытыя маляўнічымі ўзорамі. Седзячы за кроснамі і думаючы пра сына, яна шпурляла з рукі ў руку чаўнок, за кожным разам націскаючы нагамі на панажы, бёрдам прыстуквала да ўтоку ніткі. Гаспадыня таксама не ўстрымалася і выняла з куфра два вышываныя ручнікі. Імі жанкі крыж-накрыж заслалі ўсярэдзіне кашы, акуратна склалі туды хлеб і прыкрылі яго зверху вышыванымі ўзорамі з махрамі на канцах ручнікоў.

Назаўтра позняй раніцаю жанчыны не спяшаючыся запраглі каня, паставілі на воз кашы, селі спінамі да іх: гаспадыня ў перадку калёс, а цётка ззаду — і выехалі са двара. Яны бачылі, што вартавыя па гравійцы палуднуюць апоўдні, таму і разлічвалі прыехаць на месца ў такую пару, каб заспець палонных у абедзенны перапынак. Спадзяваліся на тое, што калі палонныя не за працаю, а канваіры заняты полуднікам, дык, можа, чужынцы будуць трохі лагоднейшыя, не стануць без прычыны лютаваць і дазволяць уручыць гаротнікам перадачу. Праўда, выязджаючы з двара, абедзве трохі хваляваліся, баючыся, каб на вуліцы да іх не прычапіліся немцы. Але калі праехалі вёску і паехалі прасёлачнай дарогаю, спачатку праз радкаватыя пералескі, а потым па раздольнай палявой роўнядзі, трывога паступова развеялася. Чалавек сам таго не заўважае, як навакольная цішыня і родная прырода здымаюць у яго напружанне і нервовую ўзбуджанасць. Кажуць, што час — найлепшы лекар. Але перш чым ён загоіць фізічныя раны, душэўныя прырода залечвае хутчэй.

Едучы, жанчыны то перабіралі вясковыя навіны, то расказвалі адна адной пра свае гаспадарчыя клопаты, а болей моўчкі глядзелі на бяскрайнюю роўнядзь, разнастайныя колеры якой бачыліся кожнай з іх па-свойму. Зыркае ліпеньскае сонца асляпляла цётчыны вочы. Яна прыплюшчвала вейкі, ад чаго ўсе адценні роўнядзі зліваліся ў адзін — зеленавата-жаўтлявы. Іскрыстыя промні з-за спіны маладзічкі, нібы пражэктарам, асвятлялі далягляд наперадзе і па баках. Ёй было выразна відаць, як там палавеюць палосы лёну, зелянеюць проставугольнікі бульбы, жаўцеюць квадраты збожжа. На іх фоне, азораныя сонцам, вогненна рыжэлі клубы і крыж каня, ад чаго ўвесь ён цяпер здаваўся ёй не гнядым, а чырвоным.

— Жніво не за гарамі, а рабочых рук — няхватка, — пашкадавала маладзічка.

— Дый праклятая немчура яшчэ на трудгуж выганяе, — падтакнула цётка.

Праязджаючы міма незнаёмых сялян, якія працавалі па гравійцы, жанчыны сказалі ім пра канваіраву абвестку і растлумачылі, што вязуць палонным перадачу ад сваёй вёскі. Тыя няўпэўнена паглядалі на іх, сумняваючыся, што нямецкі канваір ні з таго ні з сяго мог раздобрыцца. Іхнія сумненні перадаліся жанчынам, выклікаючы ў іх насцярожанасць. Яшчэ здалёк жанкі ўбачылі, што палонныя заняты працаю, таму спынілі каня, не ведаючы, што рабіць.

Працуючы на гравійцы, яны бачылі, як па ёй, хоць і вельмі рэдка, але ўсё-такі праязджалі сяляне на фурманках і нават часамі праходзілі пешыя падарожнікі. Немагчыма ж тутэйшаму чалавеку, якому па нейкай пільнай патрэбе неабходна праехаць у гэтых мясцінах, абмінуць па бездарожжы той участак, дзе пад аховаю вартавых корпаюцца палонныя. Але менавіта якім чынам такія фурманы і падарожнікі праязджаюць і праходзяць міма палонных і як паводзяць сябе ў гэты час канваіры, жанчыны не ведалі.

— Я вазьму акраец і як ні ў чым не бывала найду абочынай, — прапанавала цётка. — Угледжу знаёмага хлопца, на хаду аддам хлеб і шапну, што мы прывезлі ўсім перадачу.

— А як немцы не падпусцяць да яго? Ды яшчэ прыстрэляць каго-небудзь з вас? — запярэчыла маладзічка. — Хлопец жа не гаспадар там. Можа, лепей дачакацца абеду і пад’ехаць да палонных?

— З перадачай ехаць туды небяспечна. Людзі — галодныя. Падымецца паніка, дык немцы пазабіваюць многіх. Разведаць бы неяк, што там робіцца.

— Тады я пайду. Скажу таму канваіру з крыжам, што мы прывезлі хлеб. Ён жа гаварыў нам: «Хлеб, картошка, капуста». Значыць, разумее па-нашаму. А ты з канём пачакай, пакуль я вярнуся, — уладна загадала маладзічка, насунула на лоб хустку, злезла з калёс і па абочыне пайшла да палонных.

Цётка таксама злезла з фурманкі. Разгубленым позіркам яна правяла напарніцу, пакуль тая не патанула ў людской гурме, што корпалася ўдалечыні, і загарадзіла дарогу каню, баючыся, каб ён не сышоў у кювет па траву і не выкуліў з калёс кашы. Але конь паслухмяны стаяў нібы ўкопаны, як быццам ведаў цану паклажы, якую яму даручыла везці гаспадыня. Цётка нецярпліва паглядала ў той бок, дзе корпаліся палонныя, прыслухоўваючыся да кожнага шолаху ў насцярожанай цішыні. Яе чуйны слых улоўліваў раўнамернае дыханне каня. На нейкі момант ёй нават здалося, што па небе з шыпеннем рухаецца сонца. Яна глянула ўгару, але яно нерухома вісела над гравійкаю, яркімі промнямі асляпляючы яе вочы і прыпякаючы ў твар.

Марудна цягнуліся хвіліны трывожнага чакання.

А тым часам вось што адбывалася каля палонных. Калі маладзічка надышла да іх, яны пачалі расступацца перад ёю ў бакі, вызваляючы праход пасярэдзіне гравійкі, як гэта іх прымушалі рабіць дарожны майстра і наглядчыкі пры набліжэнні любога транспарту. Відаць, ім нязвычна было цяпер бачыць адзінокую жанчыну без хатуля за плячамі і з парожнімі рукамі, таму яны сустракалі яе здзіўленымі позіркамі.

Не аглядаючыся, яна інтуітыўна адчула, як у яе за спінаю яны, не спяшаючыся, зноў запаўняюць толькі што вызвалены праход, як быццам загароджваючы дарогу назад. Цяпер ёй заставалася ісці толькі наперад. Яна ішла сцяўшы зубы, і з кожным крокам яе ахоплівалі разгубленасць і страх, калі яна бачыла вакол сябе чалавечыя істоты, нібы здані ў драўляных калодках на нагах, у паношанай зашмальцаванай вопратцы, са схуднелымі, зарослымі шчэццю тварамі і глыбока запалымі вачамі, якія прасілі спагады і спачування. Ад жаласці яе вочы вільгатнелі, і яна, каб не расплакацца, прыкусіла губы і старалася не глядзець на змардаваныя абліччы палонных, хаця ўжо бачыла ўсё навокал нібыта праз шкельцы запатнелых акуляраў. Але, не жадаючы выдаваць ворагам свайго хвалявання і разгубленасці, насунула з ілба на бровы хустку і горда ішла далей, крадком зіркаючы на вартавых, што абапал выцягнуліся ланцугамі на палосах адчужэння. Скрозь слёзы, якія з кожным крокам усё болей накочваліся на вочы, яна ўжо не магла выразна разгледзець іхніх твараў, таму толькі абмацвала позіркам іх грудзі, спадзеючыся нарэшце ўбачыць як збавенне — чорны крыж. Калі б раптам ён не мільгнуў перад яе вачамі на грудзях канваіра, што спакойна стаяў на абочыне, наўрад ці здолела б яна ў такім стане разгледзець гэты крыж на далёкай адлегласці. У гэты момант яна адчула, што ўжо захлынаецца слязьмі, не вытрымае і загалосіць. Таму, расштурхоўваючы здзіўленых палонных і тым самым насцярожваючы ўстрывожаных вартавых за кюветамі, паскоранымі крокамі падышла да канваіра і скрозь слёзы неразборліва прамармытала:

— Мы прывезлі хлеб.

— Міхель, што яна хоча? — па-нямецку запытаўся збянтэжаны вартавы ў Міхася, які з Леанідам чакаў, пакуль Багдан Платонавіч накідае насілкі.

Хоць слова «хлеб» немец разумеў, ён не ведаў, што ў роспачы кажа яму гэтая жанчына. Міхась пераклаў яе словы.

— Гут, матка, гут! — пахваліў вартавы, разгублена дастаў гадзіннік, глянуў на яго цыферблат і, звяртаючыся да Міхася, ужо спакойна растлумачыў:

— Міхель, скажы ёй, няхай вяртаецца і чакае, пакуль пачнецца абед. Мы прыйдзем.

Сіліч пераклаў сказанае.

Маладзічка далонню выцерла са шчакі слязіну, паварочваючыся, паціху шморгнула носам і накіравалася туды, адкуль прыйшла. Ёй здавалася, што яна ўжо не выберацца з людской турмы. Але маўклівыя палонныя з павагаю расступаліся ў бакі, вызваляючы ёй дарогу, і праводзілі кабету позіркамі, у якіх адчувалася ўжо не здзіўленне, а захапленне.

Хендога, што накідаў насілкі, Казнадзей з Ярмолікам, Багдан Платонавіч і яшчэ некалькі чалавек, якія таксама знаходзіліся паблізу, чулі, што сказала канваіру жанчына. Праўда, сказанае наўрад ці маглі расслухаць вартавыя на палосе адчужэння, але яны таксама прыкметна супакойваліся.

Пасля адыходу маладзічкі Сіліча ахапіла нейкае невыразнае пачуццё — не то разгубленасці, не то няпэўнасці. Ад голаду ён пакутаваў гэтак жа, як іншыя палонныя. Яму хацелася есці, як усім астатнім. Але ён прадчуваў, што канваір з крыжам зноў павалачэ яго да сялян, якія працуюць па гравійцы. І там яму зноў давядзецца, нібыта жабраку, лыпаць вачамі перад людзьмі, што прывезлі міласціну. «Хай бы на гэты раз немец павёў туды Леаніда. Ён жа лепей за мяне разумее па-нямецку. А мяне пазбавіў бы чарговай сараматы». Пабойваўся Міхась і таго, што магло адбыцца з палоннымі, калі маладзічка прывязе сюды хлеб. Галодныя накінуцца на яго як звяры. Пачнецца штурханіна. Немцы ўзнімуць страляніну. Людзі загінуць ні за што. Яму ўспомнілася, як нямецкія салдаты прашылі аўтаматнай чаргою ягоных аднапалчан Драпезу і Абзалутдзінава, якія кінуліся да жолаба з вадою. Праўда, Міхась трохі супакоіўся пасля таго, як Хендога шапнуў яму з Леанідам, Багдану Платонавічу і, мусіць, абодвум сваім таварышам, што трэба тэрмінова перадаць усім палонным, непрыкметна для наглядчыкаў і вартавых, каб кожная дзесятка суседзяў па нарах вылучыла ад сябе дзесятніка, які будзе прадстаўляць яе інтарэсы. І каб дзесятнікі падышлі да Хендогі, як толькі немцы абвесцяць перапынак на абед. Перадаць такую просьбу палонным, што корпаюцца на гравійцы з лапатамі і сноўдаюць сюды-туды з насілкамі, пе складала вялікай цяжкасці. Тым больш што землякі і суседзі на парах, як правіла, і ў строй імкнуліся стаць побач, і працаваць на гравійцы стараліся сумесна, паблізу адзін ад аднаго.

«Раз Хендога штосьці задумаў, значыць, гэтак трэба, — супакойваў сябе Міхась. — Добра, што на свеце ёсць такія людзі. Без іхняй дапамогі не абыдзешся ў складаных абставінах. Чорт яго ведае што цяпер можна прадпрыняць?

Цікава, што ён збіраецца рабіць? Навошта яму дзяліць палонных на дзясяткі? І чаму менавіта браць толькі суседзяў па нарах?»

Але доўга разважаць Сілічу не прыйшлося, бо хутка дарожны майстра абвясціў перапынак на абед, і палонныя з абочын палезлі ў кюветы.

Хендога, якога суседзі па нарах прызначылі сваім дзясятнікам, хуценька перайшоў на той край, да якога магла пад’ехаць жанчына з перадачаю. Да яго паслухмяна перабраліся астатнія дзясятнікі, якіх вылучылі суседзі па нарах. Яны занялі ў кювеце схілы вакол Хендогі і няўцямна паглядалі па яго, не разумеючы, што ён будзе рабіць.

Канваір з крыжам на грудзях на здзіўленне Міхася не павёў з сабою ні яго, ні Леаніда, а моўчкі адзін пайшоў да сялян, што працавалі на гравійцы. Палонныя, якія чулі, што сказала яму маладзічка, цяпер нецярпліва паглядалі ў той бок, куды ён пайшоў, і чакалі, што будзе далей.

Нявольнікі мараць пра волю, а галодныя пра ежу. Але знясілены з голаду не павалачэ ног, а выпрастае іх. Галодныя, калі пачулі пра хлеб, дык пачалі аблізваць сасмяглыя губы. Кажуць, на чужы каравай рот не разяўляй. Але ж хлеб, пра які гаварыла маладзічка, спечаны нашымі людзьмі. І яны прывезлі яго сваім палонным, якім і ў снах і наяве цяпер мрояцца боханы, акрайцы ды лусты.

Неўзабаве Сіліч, які сядзеў на схіле кювета, каля Хендогі, заўважыў, што з таго боку, дзе працуюць сяляне, сюды едзе фурманка, побач з якою ідзе канваір. Хутка фурманка наблізілася. Немец жэстам рукі наказаў фурману, каб ён завярнуўся з канём. Насупраць крайніх палонных фурманка крута завярнулася ўпоперак гравійкі, ад’ехала метраў дзесяць назад і спынілася на другой абочыне. Калі яна павольна паварочвалася, Міхась разгледзеў, што ў перадку калёс кіруе лейцамі маладзічка, якая прыходзіла да канваіра, а ў задку сядзіць цётка, што частавала яго казіным малаком.

— Міхель і Лео, хадзіце сюды, — па-нямецку паклікаў вартавы і, здымаючы з пляча і беручы наперавес вінтоўку, грозна загадаў: — А ўсім астатнім заставацца на сваіх месцах!

Падымаючыся з зямлі, Леанід пераклаў бліжэйшым палонным немцаў загад, а Міхась, ідучы да фурманкі, падумаў: «Вартавы па горкім вопыце свайго палону ведае, што можа выклікаць у галодных людзей хлеб, таму і аддаў грозны загад ды ўзяў напагатоў вінтоўку».

Немец папрасіў палонных зняць з фурманкі абодва кашы. Ледзьве хлопцы паставілі іх на дно кювета, як сюды падышлі дарожны майстра з перакладчыкам, крайні вартавы і наглядчык Задзіра.

Дарожны майстра грэбліва адгарнуў зверху каша канец ручніка, убачыў боханы і незадаволена прамармытаў па-нямецку:

— Пад хлебам можа быць зброя! — і ён уладным жэстам рукі загадаў Задзіру перакуліць кашы.

Дазорац кінуўся выконваць майстраў загад, паслухмяна выкульваючы на траву змесціва аднаго і другога кашоў.

«Сабака не з’есць, пакуль не пакачае», — мільгнула ў Міхасёвай галаве. Хлопец не зводзіў вачэй з круглых і фармавых буханак, што вываліліся з кашоў двума погарбамі. Зверху іх прыкрывалі крыж-накрыж ручнікі, з-пад якіх, нібы з печы, павеяла водарам свежага хлеба. Пад ручнікамі ў кашах хлебны дух састаяўся і, вызвалены на волю, хутка распаўзаючыся, прыемна заказытаў у носе. Сіліч глянуў на гэтыя крыжы з ручнікоў, і яму ўпершыню ўявілася, як ягоныя землякі з ручніком заўсёды праводзяць і сустракаюць, жэняць і хаваюць чалавека. Гасцей сустракаюць з хлебам-соллю на ручніку, каля жаніха і нявесты завіхаецца сват з ручніком цераз плячо, а нябожчыка праводзяць у апошні шлях з ручніком на крыжы.

Тым часам з другога боку гравійкі да выкуленых буханак падышоў яшчэ адзін зацікаўлены вартавы.

— Каб у іх не запяклі чаго-небудзь, — не ўнімаўся дарожны майстра, падазрона аглядаючы высунутыя з-пад ручнікоў буханкі.

Абодва канваіры ўзялі цесакі і пачалі крыж-накрыж надразаць зверху кожную буханку, надрэзаныя чацвярцінкі якоіі трымаліся на суцэльнай ніжняй скарынцы.

— Асцярожна! Узарвеце гранату! — з’едліва пакпіў з іх вартавы з крыжам па грудзях, і ягоны твар не то ад злосці, не то ад сораму прыкметна пачырванеў.

Жэстам рукі немец паказаў Міхасю і Леаніду, каб яны паклалі на фурманку ручнікі з кашамі і каб жанчыны ад’язджалі.

Вытрашчанымі вачамі, поўнымі самоты і страху, абедзве кабеты глянулі на прывезеную перадачу, маладзічка таропка тузанула лейцамі каня — і колы з шоргатам пакаціліся па абочыне.

Ці то ад таго, што з буханак знялі ручнікі, ці то ад таго, што кожную з іх крыж-накрыж падрэзалі, хлебны водар усё больш узмацняўся. Сілічу здавалася, што ён адчувае, як на гарачым подзе небасхілу пячэцца залацісты бохан сонца, а ўдалечыні настойваюцца на хлебным духу палеткі налітых зярнят. Ад хлебнага паху ў яго кружылася галава. Сасмяглымі губамі і сухім языком ён нават ужо адчуваў смак свежага хлеба.

Калі вартавыя ўзялі надразаць два чарговыя боханы, пад імі агалілася некалькі булачак з пшанічнай мукі простага памолу. Напэўна, нейкая спагадлівая цётка спецыяльна спякла іх, каб наласаваліся галодныя людзі. Задзіра не разгубіўся і мігам ухапіў адну булачку. Але канваір з крыжам на грудзях, якога і без таго ўжо, відаць, вывелі з цярпення сваёй падазронасцю і прыдзіркамі дарожны майстра і абодва вартавыя, гэтак раўнуў на наглядчыка, паводзячы ствалом вінтоўкі, што той абмяк і выпусціў з рукі булачку.

«Асадзіў, як неаб’езджанага рысака! — зларадна ўхмыльнуўся Міхась. — Прышчаміў хвост сярдзітаму сабаку! Аказваецца, гэты памяркоўны немец — натурысты і, калі разыдзецца, таксама можа пульнуць з вінтоўкі!»

Нарэшце вартавыя скончылі падразаць буханкі, задаволілі сваю цікаўнасць і пайшлі на свае месцы ў ланцугу ачаплення. Дарожны майстра, мусіць, не хацеў браць на сябе адказнасць за ўдзел у раздачы хлеба палонным, бо нерашуча пакінуў канваіра з крыжам. Услед за ім вымушаны былі пайсці перакладчык і Задзіра.

— Хай не перашкаджаюць! — з іроніяй вымавіў панямецку канваір і няўпэўнена запытаўся: — Міхель і Лео, вы раздзеліце гэты хлеб на ўсіх палонных?

Абодва злопцы збянтэжыліся. Яны ведалі, што ў лагеры сто палонных: пры пастраенні ў калоне стаяла дваццаць пяць радоў па чатыры чалавекі. Падзяліць па такую колькасць людзей буханкі хоць і доўга, але не цяжка. А вось як выдаць пайкі палонным, якія могуць накінуцца на хлеб і падмяць пад сябе? Пры паніцы вартавыя ўзнімуць страляніну. Могуць быць ахвяры.

Азадачаны, Леанід паціснуў плячамі і разгублена прамармытаў:

— Трэба ж нож.

Канваір, па-ранейшаму трымаючы напагатове вінтоўку і паглядаючы, каб ніхто з палонных, што знаходзіліся воддаль у кювеце, не кінуўся да хлеба, праваю рукою шпурнуў хлопцам свой цясак. Леанід схапіў яго з зямлі, нібы выратавальны круг, кінуты тапельцу. Усхваляваны, Міхась разумеў, што ў такім становішчы іх можа выручыць толькі Хендога. Той заўсёды знойдзе выйсце. Тым болей што ён ужо надумаў штосьці, падзяліўшы палонных на дзесяткі, хаця і невядома, чаму менавіта паводле суседства па нарах. Міхась набраўся смеласці і па-нямецку папрасіў вартавога:

— Нам бы ў дапамогу яшчэ аднаго чалавека.

— Пазавіце! — дазволіў немец.

— Хендога! — паклікаў узрадаваны Міхась.

Канваір таксама падаў рукою знак, што дазваляе аклікнутаму падысці сюды, але здзіўлена запытаўся:

— Хэндэ хох?!1

— Хендога, — па складах растлумачыў Міхась. — Такое прозвішча ў яго. — І толькі цяпер успомніў, што на Беларусі ў некаторых мясцінах словам «хендога» завуць таго, хто любіць чысціню і ахайнасць.

Бліжэйшыя вартавыя з абодвух ланцугоў ачаплення насцярожанымі позіркамі праводзілі Хендогу, які нерашуча ішоў па дне кювета. Сённяшняе наведванне сялянак, што прывезлі палонным перадачу, парушыла спакойны абед вартавых, якія цяпер вымушаны паглядваць туды, дзе няведама што збіраецца вытвараць канваір з жалезным крыжам на грудзях. Пры з’яўленні Хендогі Міхась а Леанідам трохі супакоіліся. Разам яны перабралі і параскладалі на траве буханкі, якіх налічылі васямнаццаць: шэсць круглых і дванаццаць фармавых.

— На вока розніцу ў іх вазе не вызначыш, — па-дзелавому разважыў Хендога. — Будзем лічыць, што яны ўсе аднолькавыя. Атрымліваецца адна буханка на шасцярых. Дзесяць фармавых адкладзём, а астатнія разрэжам так, каб дадаць да кожнай адкладзенай яшчэ па дзве трэці буханкі.

Ад дзвюх фармавых і ад кожнай круглай на вока ён акуратна адвавуліў па дзве трэці, дадаў іх да васьмі некранутых, а да дзвюх астатніх адкладзеных дабавіў па чатыры з адрэзаных кавалкаў. Рэшту абрэзкаў склаў разам і з’едліва прамовіў:

— Яшчэ і лагерным прыдуркам засталося!

— Булачкі таксама ім? — здзівіўся Міхась.

— Не варта, — пашкадаваў Леанід.

— Усё роўна іх не падзеліш на ўсіх, — супакоіў Хендога. — Дый вартавыя могуць уступіцца за сваіх памагатых. Немцы любяць парадак. Хай нашых ведаюць!

— А пра трох нацмэнаў, што працуюць на грузавіку, не забыліся? — схамянуўся Міхась.

— Не пакрыўдзілі, — апраўдваўся Хендога. — Толькі іхнія тры пайкі возьмем разам з порцыямі нашай дзясяткі.

Настаў рашаючы момант. Хлопцы чакалі, што будзе рабіць Хендога. А той аддаў Леаніду цясак, паволі абвёў вачамі падзелены хлеб, як быццам пераправяраючы, ці не памыліліся яны, а потым сказаў:

— Папрасіце канваіра, каб дазволіў дзясятнікам падыходзіць сюды па адным. Яны забяруць хлеб на свае дзясяткі. А вы напаследак возьмеце порцыі нашай дзесяткі і скажаце яму, што абрэзкі мы пакідаем лагерным прыдуркам, — і ён спакойна пайшоў па дне кювета да палонных.

Леанід узабраўся на край абочыны і, працягваючы канваіру цясак, папрасіў немца дазволіць дзесяцярым палонным падысці па адным і забраць падзелены хлеб. Хендога, мусіць, папярэдзіў дзясятнікаў, каб тыя былі напагатове, бо, як толькі вартавы надаў рукою знак, што ён дазваляе палонным па чарзе падыходзіць сюды па адным, яны, спяшаючыся, адразу ж пачалі чаўночную аперацыю: адзін падыходзіў, забіраў хлеб і накіроўваўся назад, а адтуль насустрач яму ўжо ішоў наступны.

— Як арганізавана ўсё атрымалася! — здзівіўся канваір, як толькі апошні дзясятнік з хлебам адышоў па дне кювета да палонных. — Прызнацца, я не чакаў такога парадку!

«Калі б не Хендога, дык яшчэ невядома, чым бы ўсё скончылася, — з палёгкаю ўздыхнуў Міхась, забіраючы хлеб на сваю дзясятку. — Хендога выручыў нас. Ускладзены на нас абавязак мы самі не давялі б да канца. Буханкі на пайкі раздзялілі б, але не прыдумалі б, як без панікі і штурханіны раздаць іх усім палонным. А Хендога нават не стаў разразаць усіх буханак, але затое як спрытна ён рашыў складаную задачу. Аказваецца, што значаць кемлівасць, разлік і вытрымка! Кажуць, адна галава добра, а дзве яшчэ лепей. Але калі няма адной разумнай ды разважлівай, дык мала толку і з дзесяці пустых, хоць і гарачых».

Адыходзячы, хлопцы сказалі вартавому, што пакідаюць тут пайкі перакладчыка і наглядчыкаў. Іхняе рашэнне, відаць, уразіла канваіра, бо ён спачатку грэбліва зморшчыў твар. Але потым пасля некаторага роздуму ўсё-такі паклікаў перакладчыка Ваньку забраць хлеб, выдзелены для лагерных прыдуркаў. А сам схамянуўся, накінуў па плячо рэмень вінтоўкі, якую прывычна адціснуў уніз кісцю і локцем сагнутай рукі, і ўразвалку, як нічога не было, пайшоў у ланцуг ачаплення. Ці таму, што мінула ладная частка абедзеннага перапынку, ці таму, што вартавы не хацеў перашкаджаць хлопцам дадзельваць хлеб, калі канваір не папрасіў ні Міхася, ні Леаніда распальваць яму цяпельца. На гэты раз ён запіваў астылай каваю непадагрэтыя лусты бутэрброда, і яго задавальняла адно тое, што ў абедзенны перапынак гэтыя галодныя людзі будуць таксама есці хлеб, а не вышчыкваць у кювеце траву. Яму нечага было саромецца таго, што ён адзін змог зрабіць для іх нязначную, малюсенькую паслугу. Хаця, калі б немец заглянуў, што адбываецца зараз на дне кювета, ён папярхнуўся б ад даўкага камяка слёз.

Добра, што гэтага не бачылі таксама астатнія вартавыя, якім за полуднікам відаць былі толькі галовы ды плечы палонных. Калі б ахоўнікі ўбачылі, як на дне кюветаў купкі змардаваных людзей дзеляць буханкі, немцы ўволю пазлараднічалі б з дапатопнага занятку абяздоленых.

У палонных не было ні сцізорыкаў, ні самаробных нажоў, якія пры вобыску адабралі вартавыя. <b>Але </b>затое ў многіх яшчэ па салдацкім звычаі за абшлагамі пілотак ці за штрыфелямі шынялёў захоўвалася ўторкнутая </b>іголка з ніткаю. Чалавек здольны праяўляць вынаходлівасць пры любых умовах. А голь на выдумку здатная. І вось цяпер найболей кемлівыя хутка дадумаліся да таго, чым парэзаць буханкі. Палонныя раскройвалі іх самым прымітыўным спосабам — ніткаю. Згаладнелым людзям, што з нецярплівасцю чакалі скібкі хлеба, любая адрэзаная пайка ў чужых руках здавалася таўсцейшаю. Да таго ж усім карцела атрымаць акраец, які можна даўжэй пажаваць і тым самым як бы працягнуць асалоду. А па кожную дзесятку даставалася чатыры, ну сама болей шэсць акрайцаў. Таму васьмёра з кожнай дзясяткі дадаткова вылучылі яшчэ аднаго палоннага, які павінен быў павярнуцца спінаю да раскладзеных паек, у той час як дзясятнік торкаў рукою ў любую з іх і ўголас пытаўся: «Каму?» У адказ вылучаная асоба, што стаяла спіною да падзеленага хлеба, называла імя палоннага, а калі не ведала ягонага прозвішча, проста тыкала пальцам на таго, каму належыць браць указаную дзясятнікам пайку. Пасля такой дзяльбы тыя, хто не разжоўваючы, праглытвалі пайку з мякіша, з зайздрасцю паглядалі на шчасліўцаў, якія, смакуючы, падоўгу жавалі скарынкі акрайцаў.

 

1 Рукі ўгору?!

18

У юнацтве Карл Кольб быў гарачы і азартны. Маладому цяжка цвяроза разабрацца ў жыцці. Тым болей калі з усіх бакоў цвярдзяць, што твая айчына абдзелена доляю. А тут яшчэ пачалі распаўсюджвацца чуткі, нібыта французы хочуць адабраць ад Германіі Эльзас і Латарынгію, якія побач з яго роднымі мясцінамі. Юнак прымаў усё напавер. Ахмялелы шавіністычным чадам у першую сусветную на заходнім фронце, ён, рызыкуючы жыццём, не толькі атрымаў жалезны крыж, але і трапіў у французскі палон. Не соладка там жылося Кольбу. Тройчы ёы спрабаваў уцячы, але кожная спроба ўцёкаў заканчвалася няўдачаю. Хлопца апаноўвала крыўда. Праўда, доўгае знаходжанне ў палоне зрабіла яго не толькі разважлівым, але і абвастрыла ў ім спачуванне да абяздоленых. У мірны час за чвэртку стагоддзя працы на заводзе гэтае пачуццё трохі прытупілася дый для абуджэння яго да пары да часу не ўзнікала спрыяльных штуршкоў. А цяпер, калі Кольба прызвалі ў ваенізаваную будаўнічую арганізацыю і даручылі канваіраваць варожых палонных, спачуванне да нявольнікаў спакваля пачало ажываць, усё мацней напамінаючы пра сябе. Можа, калі б на дне яго душы не захоўваліся зярняты дабрыні і справядлівасці, яны пе далі б дабратворных усходаў.

Гледзячы на змардаваных людзей у драўляных калодках на нагах, з абвостранымі скуламі і запалымі вачамі, ён не мог не прыгадваць свайго паднявольнага жыцця. Прычым не ў сваю карысць параўноўваў сваё тагачаснае становішча з цяперашнім іхнім. Пасля таго як Міхась зазначыў Кольбу, што французскі палон не раўня фашысцкаму, канваір з кожным днём пераконваўся ў справядлівасці гэтых слоў. Што ні кажы, а ў французскім палоне іх не даводзілі да жывёльнага стану і яны не елі траву, як гэтыя галодныя людзі.

У свой час Кольб скептычна сустрэў прыход да ўлады Гітлера. Былы салдат, што зведаў цяжкасці вайны і нягоды палону, сумняваўся ў здольнасцях другога былога ваякі, які на фронце змог даслужыцца ўсяго толькі да яфрэйтара. Таму, раздражнёны Міхасём, Кольб і сказаў тады, што не насіў бы жалезнага крыжа, калі б ім узнагародзіў яго Гітлер.

Патрабаванне гарачых галоў уз'яднацца з судэцкімі немцамі і атрымаць калідор, які праз Польшчу злучыў бы Германію з Усходняй Прусіяй, Кольб успрыняў як належнае і не ўгледзеў у гэтым нічога звышзаконнага. Праўда, аншлюс з Аўстрыяй, якую Германія адну з першых далучыла да сябе ў выніку дзіўнаватага плебісцыту, ён сустрэў трошкі насцярожана. Але калі фашысты занялі Чэхію, Польшчу, Данію, Бельгію, Галандыю, Францыю і захапілі значную тэрыторыю еўрапейскай часткі Савецкага Саюза, Кольб зразумеў, што яго землякі займаюцца нічым не апраўданым сусветным разбоем. У ягоных вачах яго радзіма стала ўвасабленнем вялікай турмы народаў, у якой беззаконна караюць нявінных і ахоўваюць непаслухмяных. Цяпер немцы ўяўляліся яму карнікамі і вартавымі, якім зрабілі і яго самога. Нездарма ж лагеры ваеннапалонных даручаюць заўзятым турэмшчыкам.

Апошнім часам у Кольба ўзнікла падазронасць, што камендант Брас і яго намеснік Штунц зажульваюць прадукты іхняй каманды. Ад абодвух прафесійных турэмшчыкаў усяго можна чакаць. Калі яны запускаюць руку ў кішэні сваіх, дык што здольны рабіць з правіянтам для варожых палонных? Праўда, Кольб сумняваўся ў тым, што забеспячэнне харчамі чужых палонных прадугледжана фашысцкімі ўладамі. Міхась і Леанід расказвалі яму, што ў лагеры ім выдаюць на дзень чацвярцінку буханкі хлеба, а прыварак, які яны атрымліваюць, згатаваны не са стандартнага рацыёну, а з падмарожанай бульбы ды з прарослай гародніны.

У душы Кольб спачуваў галодным людзям. Таму, падзадораны Хендогам, ён і загадаў сялянам, якія працавалі на гравійцы, каб яны сабралі ў вёсцы хлеб для палонных. Кольб, канечне, ведаў, што дарожны майстра і вартавыя скажуць Брэсу пра ягонае самаўпраўства. Але ён не лічыў свой учынак асаблівым правапарушэннем, а бачыў у ім звычайнае праяўленне чалавечнасці.

У сталым узросце рашучасць і разважлівасць сталі галоўнай рысаю ягонага характару. З выгляду раскаваны і пачцівы, Кольб разам з тым быў цвёрды і непахісны ў сваіх учынках. Цяжка сказаць, што ў гэтым найболей выявілася: прыроджаная схільнасць, чалавечая годнасць ці капрыз улюбёнца лёсу? У мірную пару многія людзі і ў першую чаргу моладзь з павагаю глядзяць на суайчыннікаў, узнагароджаных ваеннымі ордэнамі. А дзякуючы нямецкай педантычнасці і пунктуальнасці такое стаўленне было ўзведзена ў культ у Германіі, якая выйшла пераможанай з першай сусветнай вайны.

Усе саслужыўцы іхняй каманды, не выключаючы, вядома, і самога каменданта лагера, адносіліся з зайздрасцю не столькі да Кольба, колькі да ягонага жалезнага крыжа. Ні ў каго з іх не было на грудзях ніякага медаля.

Мажліва, адчуваючы да сябе такія адносіны з боку саслужыўцаў, а можа, нават і не задумваючыся над тым, што робіць, Кольб трымаўся незалежна і паводзіў сябе значна вальней, чым іншыя. Ва ўсякім разе, ніхто з іх гэтак, як ён, не выходзіў з ланцуга ачаплення і не расхаджваў па абочыне, трымаючы вінтоўку не напагатове, а звіслую на рэмені з пляча. І ніхто не пайшоў бы да сялян загадваць, каб тыя сабралі і прывезлі палонным хлеб, а тым больш не стаў бы арганізоўваць яго дзяльбу. Хаця ніхто з вартавых і не падазраваў таго, што Кольб расхаджваў па абочыне не толькі ў сілу сваёй прывычкі паляўнічага, а яшчэ і таму, што яму агідна падоўгу стаяць у ланцугу ачаплення, дзе ён адчувае сябе не ў сваёй талерцы.

Як і трэба было чакаць, дарожны майстра расказаў каменданту пра канваірава самаўпраўства і правапарушэнне. Брэса вывеў з сябе і абурыў гэты расказ. І без таго змрочны з выгляду, камендант выслухаў дарожнага майстра пахмурны, як цень. Але адразу не кінуўся адчытваць Кольба за ганебны ўчынак і нават не падаў майстру ніякага выгляду, што сам трохі пасуе перад гэтым вартавым. Канечне, Брэс зайздросціў канваіраваму жалезнаму крыжу, але камендантава пасада давала яму права не звярнуць увагі пі на ўзрост Кольба, ні на яго ўзнагароду. Праўда, Брэс паспеў прыгледзецца да вартавога і адчуў, што ў яго рашучы і няўступчывы характар. Камендант асцерагаўся, што калі дасць наганяй Кольбу, дык у адказ атрымае ад таго не менш павучальную натацыю. Таму палічыў за лепшае адчытаць яго адзін на адзін, без лішніх сведкаў.

— Кольб, што ты цацкаешся з палоннымі? — павышаючы голас, запытаўся Брэс у канваіра, якога паклікаў у свой кабінет. — Ім забаронена ўступаць у кантакт з мясцовым насельніцтвам.

— А яны і не ўступалі ў кантакт, — спакойна адказаў Кольб.

— Але ж цывільныя перадалі палонным хлеб! — абурыўся камендант.

— Хлеб сяляне прывезлі мне. А я перадаў яго палонным.

— Спагадлівы! Можа, ты з імі падзяліўся б і нашым пайком?

— Распараджацца ім даверылі табе, — хітравата намякнуў на штосьці Кольб і пасля кароткай паўзы павучальна дадаў: — Ваеннапалонныя таксама людзі. Іх трэба карміць, каб не памерлі з голаду. А яны яшчэ і працуюць.

— Заступнік знайшоўся! — раззлаваўся Брэс, жэстам рукі паказваючы, каб вартавы пакінуў кабінет. — Вучыць мяне хоча! Я сам ведаю, што рабіць!

Кольб не па-вайсковаму павярнуўся і выйшаў. А камендант няўцямна паціснуў плячамі: маўляў, якое з яго запытанне? «У рэшце рэшт, гэта не ў Германіі. Я тут гаспадар і вышэйшая ўлада. Калі тубыльцам рупіць падтрымаць палонных, чорт з імі, няхай падкармліваюць! А то сапраўды працаваць не здолеюць, калі знясілеюць. Запалохваць-то я іх запалохваю, для панікі трох-чатырох можна прыстрэліць. Але ж без іх — хто я? Абы толькі цывільныя не наладзілі сувязі з палоннымі ды пе перадалі ў лагер зброі. За гэтым дарожпы майстра прыгледзіць, ён служака! Вартавыя яму таксама памогуць».

Надзелены неабмежаванай уладаю, Брэс баяўся, што без палонных пазбавіцца яе і застанецца тым, кім быў раней. Праўда, адсюль наглядчыкам у астрог ужо не вернешся, а хутчэй можаш трапіць на фронт.

 

19

Калі палонныя вярнуліся з працы і пакідалі ў складзе насілкі і лапаты, ад Міхасёвага ўніклівага позірку не засталося незаўважаным, як Багдан Платонавіч борздзенька ўхапіў з-пад ног абломак нажоўкі па метале і таямніча схаваў у кішэню. «Няўжо гэтай ламачынаю збіраецца перапілаваць абодва рады калючага дроту? — мільгнула ў хлопцавай галаве. — Дык жа да агароджы падыходзіць забаронена: вартавыя страляюць з вышак без папярэджання. А нанач немцы замыкаюць нас у памяшканні. Можа, сусед хоча з палатна нажоўкі вытачыць лязо? — Хлопец памятае, якія вострыя нажы рабілі сабе шаўцы з несамавітых жалязяк. — А суседавы ўмелыя рукі гэты абломак навостраць, як брытву».

— Хочаце вытачыць лязо? — шэптам запытаўся Міхась у Багдана Платонавіча, узыходзячы побач з ім на ганак лагера.

— Такая рэч у жыцці спатрэбіцца, — адказаў Багдан Платонавіч, і ў голасе яго адчувалася хітраватая загадкавасць.

Назаўтра ў часе абедзеннага перапынку Багдан Платонавіч выкалупаў з травы ў кювеце пацямнелую латуневую гільзу ад супрацьтанкавага снарада і пачаў зацікаўлена аглядаць яе. Вакол гравійкі валялася процьма парожніх гільз розных намераў, вінтовачных і буйнакаліберных патронаў, што сведчылі аб тым, з якімі ўпартымі баямі нашы войскі адстойвалі гэтыя мясціны. У мірную пару ўсё гэта людзі даўно пазбіралі б і здалі, як лом каляровага металу. А цяпер яно нікому не патрэбна.

Спачатку Сіліч не прыдаў асаблівага значэння таму, што сусед з усіх бакоў дапытліва разглядае гільзу. Ці мала пра што чалавек можа меркаваць і разважаць сваім розумам? На тое ж ён і вышэйшая жывая істота, каб думаць.

Але, пасля таго як Багдан Платонавіч задаволіў цікаўнасць і па-гаспадарску паклаў гільзу ў рэчмяшок, хлопец не ўтрымаўся і зз’ранізаваў:

— Навошта гэты лом, хоць ён і з каляровага металу?

— Трэба аддзячыць чалавеку, — непераканаўча прамовіў той у адказ. — Не за хлеб, канечне. Хлеб гэты наш. А за спагаду.

Міхась разумеў, што Багдан Платонавіч мае на ўвазе канваіра з жалезным крыжам, але не ўяўляў, чым сусед можа аддзячыць таму. Праўда, высвятляць гэтага не стаў, саромеючыся чапляцца з недарэчным роспытам.

«Што можна зрабіць з гільзы? — не цяміў хлопец. — Хаця я здзіўляўся, навошта ён прыхапіў тады пагнутую дзюралевую бляху. А глядзі ты, якое вядзерца ў яго атрымалася!»

Толькі пад вечар, калі Багдан Платонавіч на нарах моўчкі працягнуў Міхасю ўкарочаную надраеную да бляску гільзу, хлопец нарэшце зразумеў, чаму сусед падазрона затрымліваўся ў прыбіральні і доўга сланяўся каля сцен на падворку. «Значыць, употай, каб пе бачылі ні вартавыя з вышак, ні дазорцы, ён спачатку адпільваў шыйку, а потым нечым вышараваў гільзу».

— І што гэта будзе? — не разумеў хлопец, разглядаючы ўкарочаную блішчастую гільзу.

— Ужо ёсць! — задаволена прамовіў Багдан Платонавіч і, пібы даючы час, каб хлопец сам здагадаўся, што гэта такое, але не дачакаўшыся ягонага адказу, пасля кароткае паўзы, расчаравана растлумачыў: — Ваза.

— Ваза? — разгублена асекся Міхась.

Калі б з ім быў не Багдан Платонавіч, а хто-небудзь іншы, хлопец падумаў бы, што гэты чалавек здзяцінеў. Сіліч ведаў вазы для цукерак або садавіны. Цяпер, у пару ваеннага ліхалецця, яму было няўцям дый нават у галаву не прыйшло б, што з гільзы ад снарада можна зрабіць вазу для кветак. Здавалася, гэта зусім несумяшчальныя адна з адною рэчы. Аказваецца, для простага чалавека жыццё і смерць існуюць побач адно з адным. І гэта заканамерна. Навокал шугае пажар вайны, у якім захлынаюцца і гінуць людзі, а непадалёку ажыо буяюць расліны і растуць кветкі.

Хлопцу не хацелася крыўдзіць суседа. Таму, каб толькі як-небудзь згладзіць прыкрае адчуванне ад таго, што ён не мог здагадацца, дзеля чаго зроблена гэта рэч, наіўна запытаўся:

— Чым вы згладзілі яе краі?

— Кавалкам цэглы.

— Нават не прыкметна, што ў гільзе адрэзана шыйка. А чым гэтак надраілі?

— Пяском — пад сцяною, а за кухняю — попелам. Цяпер можна ўручыць.

Міхась змоўчаў. Яму не хацелася расчароўваць Багдана Платонавіча. Хлопцу здавалася недарэчнаю суседава выдумка. «Мяркуючы па тым разбоі, якім цяпер у свеце верхаводзяць немцы, не скажаш, што яны — сентыментальныя. Дый навошта салдату ваза для кветак? Хіба ж ён жанчына?»

Але калі трохі разважыў розумам, напал ягонай думкі паступова пачаў астываць. «Здавалася б, у адрозненне ад суседа я павінен быць болей сентыментальны і чуллівы. Дык не, нават не дапяў да таго, што ён выштукаваў з гільзы. А яму, простаму, да таго ж, вядома, не высокаадукаванаму чалавеку, дый яшчэ ў гэтакіх жахлівых умовах мрояцца вазы для кветак. Аднак калі мы з ім свае, браткі-славяне, па-рознаму глядзім па гэты самаробны сувенір, дык, хто ведае, як да яго паставіцца немец?»

Хаця Сіліч і сумняваўся ў тым, што канваір возьме гэтую недарэчную і зусім непатрэбную забаўку, аднак жа і Багдана Платонавіча шкадаваў і спагадваў яму. Хлопцу не хацелася, каб немец палічыў нашага чалавека дзіваком, у якога ў жахлівых умовах памутнеў розум. Так што калі б нават сусед не папрасіў падстрахаваць яго, недасведчанага ў чужой мове, тады як будзе аддаваць сувенір, Міхась усё роўна не пакінуў бы Багдана Платонавіча на волю лёсу, а стаяў бы напагатове, каб выручыць яго ў складаным становішчы.

А яно амаль так і адбылося. Як у ваду глядзеў хлопец.

Назаўтра, калі Міхась з суседам чакалі, пакуль Леанід накідае ім насілкі, да іх падышоў і прыпыніўся канваір з жалезным крыжам, што шпацыраваў па абочыне. Багдан Платонавіч не разгубіўся, выбраў момант і, нязграбна працягваючы да немца дно блішчастай гільзы, выпаліў:

— Камарад, гэта вам.

— Вас іст дас? — насцярожыўся вартавы, як быццам палонны вытыркнуў перад ім зыркае лязо або міну замаруджанага дзеяння.

— Ён зрабіў вам вазу для кветак, — па-нямецку растлумачыў Міхась, кідаючыся на выручку таварышу.

Па выразе немца адчувалася, як няўцямнасць выцясняе ягоную насцярожанасць. Вяла, усё роўна як нехаця, ён працягнуў руку, каб узяць вазу. Але калі ўзяў яе — і яна заззяла на сонцы, нібы люстэрка, азараючы ягоны твар, на ім спярша ўзнікла здзіўленне, якое, па меры таго як немец з цікаўнасцю разглядаў вазу, паступова змянялася захапленнем.

— Гут! — нарэшце сказаў ён Багдану Платонавічу, калі з усіх бакоў агледзеў надраеную вазу, і, звяртаючыся да Міхася, па-нямецку дадаў: — А каб выгравіраваць на ёй надпіс, было б зусім прыма, зэер гут!

Сіліч пераклаў суседу тое, што сказаў немец.

— Няма чым, — паціснуў плячамі Багдан Платонавіч, але пасля некаторага роздуму, чухаючы патыліцу, памяркоўна згадзіўся: — Няхай напіша, што трэба выгравіраваць, паспрабуемо зрабіць.

Калі Міхась пераклаў суседаў адказ, канваір спярша памкнуўся вярнуць палоннаму вазу, але потым штосьці перадумаў і, хаваючы яе ў торбачку, што вісела на баку азадка, хітравата ўсміхаючыся, растлумачыў: «Каб не адабралі іншыя».

Ні Міхась, ні Багдан Платонавіч так і не зразумелі, што ён вырашыў зрабіць з вазаю. Нічога не сказаў пра гэта канваір і Леаніду, якога ў абедзенны перапынак клікаў распальваць цяпельца.

Праўда, калі вярнуўся з працы, Сіліч бачыў, як немец заходзіў у майстэрню і заглядваў у гараж. Але ці мала чаго ён можа швэндацца па тэрыторыі падсобнай лагеру гаспадаркі?

Толькі назаўтра, дый то не з самае раніцы, усё стала зразумела. Мусіць, немец не хацеў, каб вартавыя бачылі, што палонны робіць яму сувенір, бо амаль да самага абеду не падыходзіў да Багдана Платонавіча і нават рабіў выгляд, што не заўважае яго, як заўсёды шпацыруючы міма па абочыне. Перад тым як майстра абвясціў абедзенны перапынак, канваір спыніўся каля трох суседзяў, калі тыя сышліся да погарба друзу. Міхасю ён неўпрыкмет перадаў агрызак алоўка з аркушыкам паперы, складзенай у некалькі столак, а Багдану Платонавічу вярнуў гільзу і даў пакуначак, загорнуты ў газету.

— Гэта задатак, каб сувенір не перакупіў хто-небудзь іншы, — усміхаючыся, удакладніў ён Міхасю і, адыходзячы, даў зразумець, каб той пераклаў ягоныя словы таварышу.

У абедзенны перапынак у кювеце Багдан Платонавіч нецярпліва разгарнуў газетны скрутак. У ім аказаліся бутэрброды з каўбасою і асобна загорнуты ў паперу не то керн, не то прабойнік з пляската адвостранай дзюбкаю. Канваіраў задатак Багдан Платонавіч раздзяліў пароўну між таварышамі. Калі яны з’елі яго, Міхась асцярожна, каб надта не кідалася ўвочы іншым, між каленяў разгарнуў складзеную крыж-накрыж паперку, якую неўпрыкмет перадаў яму канваір. У выдраным з вучнёўскага сшытка аркушы дзве верхнія лінейкі былі запоўнены разборлівымі нямецкімі літарамі: Andenken an Ru?land Ilmen-See, 19421.

«Застаецца акуратна адарваць напісанае — і от табе і папера, от табе і аловак. Толькі шрайбуй! З аднаго боку аркуша, што ты пакуль жывы, але мадзееш, а з другога — матчын адрас. Гладыш перадасць жонцы тваё слёзнае маленне. З яе лёгкай рукі яно і нойдзе па свеце... Не, няхай нічые вочы лепей не чытаюць такога! Бо ягоная ж вестка толькі асарамаціць бацьку... Той спадзяецца, што сын дзесьці калашмаціць ворагаў. А ён трапіў да іх у палон дый яшчэ разлічвае на матчыну дапамогу».

— Шмат чаго ён там накрэмзаў? — абарваў Міхасёву думку Багдан Платонавіч.

— Нямнога. На паперы пісаць літары лёгка, а як выгравіраваць іх на метале?

— Як-небудзь агораем. Задатак жа агадалі і збаёдалі. Назад яго не вернеш. Застаецца чакаць канчатковага разліку.

У той жа дзень, не адкладаючы справы ў доўгую скрынку, Багдан Платонавіч узяўся за працу. Спяшаўся, каб апярэдзіць чарговы вобыск у лагеры, у часе якога немцы маглі адабраць надраеную гільзу. Ад наглядчыкаў ён асабліва не хаваўся: рашыў схлусіць ім, што вартавы даў яму вазу і папрасіў зрабіць на ёй гравіроўку.

Сіліч алоўкам напісаў на гільзе канваіраў тэкст. Заняў ён чатыры радкі. Праўда, спачатку праца не паддавалася Багдану Платонавічу. Нават пад моцным націскам ягонай рукі керн не выгравіроўваў літар. Мабыць, ён быў несталёвы, а паверхня гільзы надта цвёрдая. Прыйшлося дзюбкаю керну выдзёўбваць літары з дапамогаю каменя. У рабочага чалавека вока трапнае і рука напрактыкаваная. А дзякуючы таму, што Міхась сіметрычна размясціў словы, надпіс у Багдана Платонавіча атрымаўся акуратны і прыгожы.

Вартавы быў задаволены вазаю, хаця пасля таго, як схаваў яе ў торбачку, трошкі пафіласофстваваў, з глыбакадумным выглядам на твары, пытаючыся ў Леаніда:

— Колькі нямецкіх салдат мог забіць снарад з гэтай гільзы?

Для хлопца было неспадзеўкаю такое пытанне. Ён разгубіўся. І, запінаючыся, пачаў тлумачыць, што гэтая гільза ад супрацьтанкавай гарматы.

— А хіба танк рухаецца сам? Ім жа таксама кіруюць людзі, — перабіў хлопца вартавы і болей памяркоўным тонам дадаў: — Затое гэты сувенір будзе нагадваць мне аб тым, што я ўцалеў там, дзе многія склалі галовы.

Праз дзень ён прынёс Багдану Платонавічу буханку хлеба і сказаў Міхасю, каб той параіў сябру не закідаць карыснай справы, якая падтрымае ў бядзе. Маўляў, нямецкія салдаты і афіцэры з задавальненнем будуць браць сувеніры за хлеб. Сіліч пераклаў сказанае, але калі немец пайшоў на абочыне, незадаволена зазначыў:

— Гэта ты купіў вазу, а іншыя твае землякі адабралі б яе задарма, бясплатна.

 

1 На памяць аб Расіі, возера Ільмень, 1942.

20

Сіліча надта ўразіла тады, што намесніка каменданта, які прыводзіў жонак Задзіры і Гладыша на спатканне з мужамі, вартавыя з ахоўных вышак не падпусцілі да брамкі лагера. Пасля гаворкі з Кольбам хлопец так і не зразумеў, чаму пасады лагерных начальнікаў не адпавядаюць іх былым званням: звычайны турэмны наглядчык — камендант, у той час як старшы наглядчык — ягоны намеснік.

Аказваецца, абодва гэтыя прыяцелі раней сапраўды займалі такія пасады. Паколькі выгляд Штунца цалкам адпавядаў арыйскаму, дык, можа, таму, ён і паспеў вышэй падняцца па службовай лесвіцы. Аднак ці то характар меў мяккі, ці то ў турэмнага наглядчыка не вытрымалі нервы, але ён пачаў усё часцей і часцей заглядаць у чарку. Ну, а які ж гэта старшы наглядчык, калі за ім самім трэба прыглядаць нібы за малым дзіцем? Чаго добрага, сп’яна яшчэ павыпускае вязняў з-за кратаў. Так ягоны прыяцель, звычайны наглядчык, вымушаны быў прыглядаць за старшым наглядчыкам.

Праўда, прырода не надзяліла Брэса вонкавымі нардычнымі рысамі. Мусіць, таму, ён і заседзеўся ў звычайных наглядчыках, хаця нораў меў круты і рашучы. А можа, чалавек выпруджваўся з усіх сіл і стараўся выслужыцца, але яго далей не прасоўвалі па службе. Адным словам, абодвум ім нечага было трымацца за наседжаныя месцы, калі па далёкіх, захопленых землях з’явіліся болей утульныя і прыбытковыя, для якіх неабходны не столькі нардычныя рысы, колькі цвярозыя галовы. Вось таму абодвух прыяцеляў адпаведна перамянілі пасадамі. У сябе дома, пад бокам было вышэйшае турэмнае начальства. Таму ў прыяцеляў штодня дрыжалі паджылкі. Калі не ў абодвух адразу, дык абавязкова ў аднаго — за стан і выгляд другога. А тут яны самі цары і багі. Вышэйшае начальства над лагерамі чорт ведае дзе. Ні праверак ніякіх, ні справаздач не трэба. Вытварай што ўздумаецца. Дзейнічай як паўнапраўны гаспадар у сваёй вотчыне. І Брэс вытвараў што хацеў і дзейнічаў, нічым не рызыкуючы.

Праўда, за Штунца часамі трохі перажываў, нават спачатку крыўдаваў за тое, што чалавек адбіўся ад рук і зусім разбязулеў. Але потым звыкся з гэтым і ўсмак адчуў, што аднаму яму гаспадарыць спадручней.

На кухні ў бараку гатавалі ежу для ўсёй лагернай аховы. А Штунц сам узахвоціўся гатаваць страву сабе і каменданту. Чалавек па сваёй волі добраахвотна прызначыў сябе персанальным кухарам. Брэс не звяртаў на гэта ўвагі. Ці мала што ўзбрыдзе ў галаву дзіваку? Дзівацтвы ў Штунца назіраліся і раней. Але калі камендант пераканаўся, што ад ягонага намесніка моцна патыхае падазроным духам, ён зразумеў, у чым справа. Яшчэ калі Штунц з дарожным майстрам у капцёрцы клеймавалі і кальцавалі Міхася, хлопец таксама ўлавіў гэты спецыфічны нах, але падумаў тады, што спіртам і пакостам разведзены бялілы. Аказваецца, у некага з мясцовых жыхароў Штунц за прадукты выменяў самагонку і даведаўся, як яе гнаць самому. Па душэўнай слабасці чалавек спалучыў карыснае з патрэбным: кухарыў і адначасова вінакурыў, патрошку здымаючы пробу то з аднаго, то з другога. Лацвей было вінакурыць, калі ўвесь лагерны правіянт пад рукамі. Каменданту выгадней гаспадарыць адзінаўладна. Таму ён паблажліва адносіўся да слабасцяў свайго намесніка, які ўжо толькі лічыўся ім і зусім не цікавіўся лагернымі справамі. Пакрываць Штунца Брэсу было няцяжка: намеснік каменданта не сноўдаўся па двары, а праседжваў у бараку, нікому не мазолячы вачэй. Ніхто не бачыў Штунца ў вайсковай форме. Насіў ён пілотку і нязменную палатняную спяцоўку зеленаватага колеру. Сярод палонных нават хадзілі чуткі, нібыта Штунц прапаноўваў лагернаму кухару праз Ільмень уцячы на лодцы да чырвоных. Праўда, толькі невядома, на цвярозую ці на п’яную галаву, ён рабіў гэтую прапанову. Ва ўсякім разе, лагерная ахова не давярала Штунцу. Таму вартавыя з вышак тады не падпусцілі яго да брамкі, каб выпусціць Задзіру і Гладыша на спатканне з жонкамі. Хто ведае, можа, сам камендант даручыў ахове прыглядаць за Штунцам, бо асцерагаўся, каб ён не натварыў чаго? Ад такога можна ўсяго чакаць: што ў цвярозага ў галаве, тое ў п'янага на языку.

 

21

Багдан Платонавіч скептычна ўспрыняў канваіраву нараду, каб вырабляць на продаж сувеніры. «Немцы адчуваюць сябе заваёўнікамі, а нас лічаць рабамі. Яны бясплатна возьмуць любую рэч гэтак, як пры вобыску адбірае ў пас усё лагерная ахова,— думаў ён. — Мала што гэты памяркоўны вартавы за вазу даў буханку. Ён сам зазнаў гора, таму і спачувае беднякам. Вядома, калі б збываць сувеніры з ягонай дапамогаю, дык, можа, што-небудзь і атрымалася б».

Але вольнай часінаю ў Багдана Платонавіча ажно свярбелі рукі, так яму карцела зрабіць што-небудзь такое, каб ворагі бачылі, што не скарылі яго, і разумелі, на што ён здатны нават у такіх умовах. У абедзенны перапынак ягоныя вочы так і шныпарылі па дне ды па схілах кювета, вышукваючы ў траве што-небудзь вартае ўвагі. Нават абодва суседзі, з якімі ён пароўну раздзяліў канваіраву буханку, здзіўляліся, калі бачылі, як ён пасля апошняга вобыску прывалок у лагер парожнюю гаўбічную гільзу.

— Што ён будзе рабіць з ёю? — нічога не цяміў Леанід.— Для вазы ж яна і нізкая, і шырачэзная.

— Зрабіць латуневы цабэрак самазванаму наглядчыку, свайму земляку, каб набурболіўся баланды і абапіўся! — пажартаваў Сіліч, тым самым намякаючы на Паўлова выслужванне перад ворагамі.

Як сціплы і просты чалавек, Багдан Платонавіч не меў звычкі раней часу абвяшчаць, што ён збіраецца рабіць. Хоць у прымхі не верыў, але заўсёды памятаў: пакуль не пераскочыш канаву, не кажы гоп! Таму суседзі яшчэ болей здзівіліся, калі ўбачылі, што ён адпілаваў дно гільзы і пайшоў шараваць яго пяском.

— Патэльню, ці што, падумаў зрабіць? — няўпэўнена запытаўся Леанід.

— А можа, надстаўку пад макацёр вазона? — гэтак жа няпэўна перапытаў Міхась.

Нават назаўтра, калі Багдан Платонавіч выкалупаў з травы ў кювеце некалькі парожніх буйнакаліберных патронаў і захапіў з сабою ў лагер, суседзі ўсё яшчэ не здагадваліся, што ён падумаў зрабіць на гэты раз. Толькі пасля таго як сусед прынёс на нары надраеныя, адрэзаныя ніжнія палавіны патронаў і раўнамерна расставіў іх кругом па дне гаўбічнай гільзы, хлопцы ўбачылі, што ў яго атрымаўся паднос з паўтузінам кілішкаў.

— Адно заглядзенне! — выдыхнуў уражаны Міхась. — Нічога сабе рэч адцацкалі! Трэба ж умець адстрапаліць такое!

— За такі прыбор для віна не грэх запрасіць і два боханы, — падтакнуў Леанід, беручы і разглядаючы бліскучы сувенір.

— Засталося толькі надпіс выгравіраваць, — сціпла ўставіў словы Багдан Платонавіч і пасля некаторай паўзы пяшчотна папрасіў:

— Будзь ласкаў, Міхайла, патрабуй алоўкам на беражку кругом падноса іхнія мудрагелістыя літары.

«На што здольныя ўмелыя рукі нават без усялякага інструменту! — захапляўся ў думках Сіліч, прымяраючыся, як найболей сіметрычна размясціць словы па нізкім беражку падноса. — Дзіва што Ляўша падкаваў блыху! Чалавек народжаны для ўрачыстасці жыцця, калі і ў шматпакутных умовах здатпы з прыладаў смерці рабіць прадметы хараства і весялосці».

Пісаць па беражку нізкага падноса было нязручна. Міхась заціснуў яго паміж паўсагнутых каленяў і з цяжкасцю выводзіў за літарай літару, не перастаючы ў думках здзіўляцца: «І трэба ж так роўна абрэзаць шырачэзную гільзу! Дый яшчэ без рашпіля і напільніка падраўняць і абгладзіць краі! Што значыць трапнае вока і напрактыкаваная рука!»

— Прадзешавіць яшчэ не бяда, — раптам прадоўжыў ён думку, выказаную Леанідам. — А вось зусім не пратаргавацца б. Шкада будзе, калі такую рэч адбяруць бясплатна.

Каб не апынуцца ў дурнях, хлопцы рашылі збыць выраб праз зычлівага канваіра. Яны меркавалі, што, калі папрасіць яго, ёы паможа. Спадзяваліся толькі на тое, што, калі Кольб скажа землякам, што рэч зроблена на продаж, тыя пры ім пасаромеюцца адбіраць яе задарма. Як ні кажы, а пры такой галадусе адхапіць пару буханак (хай сабе і нямецкіх) хоць што-небудзь ды значыць. Дзеля гэтага не ганьба выкарыстаць вартавога. Ён не адмовіцда памагчы. Тут жа няма ніякай заганнасці. З іх боку наточыць і прыніжацца не давядзецца. Усё будзе выглядаць па-людску. Раз сусед майструе такія вырабы ды яшчэ і дзеліцца заробленым хлебам, дык нягожа не паспрыяць, каб збываць іх.

Калі хлопцы папрасілі вартавога памагчы ў гэтай справе, ён, не раздумваючы, паабяцаў паспрыяць і нават не пацікавіўся, які сувенір зрабіў палонны. Мабыць, быў упэўнены, што Багдан Платонавіч зноў змайстраваў вазу для кветак.

Не так сам Багдан Платонавіч, як абое суседзі з нецярплівасцю чакалі, што выйдзе з іхпяе задумы? Ці ўдасца ажыццявіць яе?

А вартавы ўсё роўна як наўмысна толькі распальваў іхні апетыт. І чамусьці нічога не казаў пра сувенір іншым канваірам. Ці то не хацеў звязвацца са сваімі калегамі, ці спецыяльна чакаў, пакуль з’явіцца які-небудзь праезджы пакупнік. Хлопцы хваляваліся, чакаючы, што будзе далей.

Пасля абеду, калі непадалёку ад іх стаяў дарожны майстра, каля яго на абочыне спынілася легкавая аўтамашына. З яе вылез нямецкі афіцэр. Між імі распачалася гаворка. Калі да іх падышоў вартавы з крыжам, хлопцы насцярожыліся і вяла корпаліся, як быццам занятыя працаю, а на самай справе толькі і паглядалі ў бок немцаў. Але нічога асаблівага там не заўважылі. Немцы штосьці ажыўлена абмяркоўвалі. Потым майстра ці то ўгледзеў непарадак на працы, ці то жадаючы паказаць перад афіцэрам, што ён руплівы служака, нечакана рушыў да купкі палонных, якія згрувасціліся вакол кучы друзу. Вартавы з крыжам па-ранейшаму размаўляў з афіцэрам. Калі афіцэр ужо быў наважыўся сядаць у аўтамашыну, Кольб, напэўна, зацікавіў яго нейкай навіною. Бо афіцэр у чаканні затрымаўся, а вартавы звярнуўся да хлопцаў:

— Няхай падыдзе сюды палонны з сувенірам!

— Падыдзіце да іх, ён заве, — растлумачыў Леанід Багдану Платонавічу.

— Вымайце з мяшка выраб — і з ходу паказвайце, — шапнуў Міхась.

Багдан Платонавіч спрытна перакінуў з-за плячэй на сагнутую левую руку рэчмяшок і, на хаду разбэрсваючы яго завязку, нетаропка пайшоў да немцаў. Правай рукою ён выняў дно адпілаванай гільзы, перахапіў яе леваю, што падтрымлівала верхні край павіслага за почапку рэчмяшка, і, як азартны шахматыст фігуры, з вартасцю пачаў выстаўляць на паднос кілішкі. Яны кляцалі, як патроны, якія затвор падае з магазінніка ў патроннік.

У афіцэра перахапіла дыханне і ажно палезлі на лоб вочы, а вартавы ў нямым здзіўленні таксама глядзеў па сувенір як баран па новыя вароты.

— У гэтай свінні залатыя рукі! — нарэшце прамовіў па-нямецку афіцэр, беручы ў Багдана Платонавіча прыбор і ў захапленні разглядаючы выгравіраваны надпіс: — Прыма! Што ён хоча за яго?

— Філяйхт іст брот1, — няўпэўна адказаў Кольб і, звяртаючыся да палоннага, запытаўся: — Хлеб?

Багдан Платонавіч сцвярджальна кіўнуў галавою.

— Віфіль? Ганц веніг одэр філь?2 — зноў запытаўся вартавы з паблажлівай усмешкаю на твары.

Кольбава ўсмешка трошкі падбадзёрыла Багдана Платонавіча, і той наказаў два растапыраныя пальцы.

— Цвай ляйб брот3, — растлумачыў вартавы.

— Хуберт, хадзі сюды, — звярнуўся афіцэр да шафёра, які з кабіны таксама зацікаўлена разглядаў у ягоных руках бліскучы сувенір.

Шафёр хуценька адчыніў дзверцы кабіны і паслухмяна падбег да афіцэра.

— Яволь! — шчоўкнуў ён абцасамі.

— Пакладзі ў машыну, — працягнуў яму афіцэр прыбор. — Знайдзі там дзве буханкі хлеба і аддай яму, — кіўнуў ён галавою ў бок палоннага.

Абедзвюма рукамі шафёр асцярожна ўзяў дно гільзы з расстаўленымі на ім кілішкамі і, нібы навічок-афіцыянт, важна панёс да задніх дзверцаў легкавушкі, нясмела вызваліў правую руку, адчыніў дзверцы і, сагнуўшыся, нязграбна ўсунуўся да пояса ў машыну. Афіцэр тым часам абышоў легкавушку і з другога боку залез у пярэднія дзверцы.

Хлопцы пачалі хвалявацца.

— Няўжо ашукае і паедзе? — горача прашаптаў Сіліч.

Шафёр трохі затрымаўся, корпаючыся на заднім сядзенні. З-за ягонай сагнутай постаці не відно было, што ён робіць там: загортвае і хавае кілішкі ці шукае буханкі хлеба. Нарэшце ён высунуў плечы і галаву, выпрастаўся, левай рукою прыціскаючы да грудзей белае бярэмка, зачыніў дзверцы, падышоў да Багдана Платонавіча і грэбліва працягнуў яму два пакункі. Палонны недаверліва паглядзеў на іх, нерашуча апусціў у рэчмяшок, зашморгнуў завязку, насунуў на яе пятлю почапкі, пад якую прадзеў руку, і, закідваючы клунак за плечы, пайшоў на сваё месца, не азіраючыся на легкавушку, якая плаўна кранулася і паехала. Палонныя, што корпаліся паблізу і бачылі ўсё гэта, суправаджалі яго паглядамі, поўнымі тужлівай зайздрасці.

А Кольб задаволеным позіркам правёў аўтамашыну і, як быццам нічога і не адбылося, уразвалку рушыў па абочыне.

— Данке4 — ціха падзякаваў яму Леанід, калі канваір праходзіў міма.

— Няма за што. Падзякуйце майстру залатых спраў,— кіўнуў ён галавою ў бок Багдана Платонавіча і не спяшаючыся з насупленымі брывамі і задуменным тварам пашыбаваў далей.

У лагеры па нарах Багдан Платонавіч па-суседску падзяліўся заробкам і з Хендогавай тройняю, да якой хінуўся ўсёй душой. Міхась з Леанідам і Казнадзей з Ярмолікам нецярпліва чакалі, пакуль ён і Хендога трыбушылі абодва пакункі.

— Так загорнуты, што не толькі вільгаць, а нават вада не пранікне ўсярэдзіну, — прыцмокнуў губамі Багдан Платонавіч, асцярожна адклейваючы край упакоўкі. — Шкада рваць цупкую, усё адно як навошчаную паперу. На што-небудзь спатрэбіцца.

— Пергаментная, — удакладніў Хендога. — Яны даўно рыхтаваліся да вайны. Усё рабілі з разлікам, з нямецкай пунктуальнасцю. Нават хлеб упакавалі ашчадна, каб не заплеснеў і не зачарсцвеў ад часу.

— Нешта ж ён не пахне, — здзівіўся Багдан Платонавіч, ніткаю разразаючы буханку на тры роўныя часткі.

— Хлеб чужыны без паху, — глыбакадумна падтакнуў Ярмолік.

— Можа, ён не аржаны, — усміхнуўся Хендога. — У іх жа ўсё натуральнае замяняюць эрзацы.

Суседзі не загадвалі, каму даваць якую пайку. Не згаворваючыся, абодва дзялільшчыкі аддалі сябрам акрайцы, сабе ўзялі сярэдзіны буханак. У гэтым адчувалася не камандзірская заклапочанасць пра падначаленых і не спагада старэйшых аб маладзейшых, а сціпласць і чалавечая

— Дык у ім жа ніякага смаку! — здзівіўся Казнадзей, калі разжаваў і праглынуў першы кус, і ўжо са шкадаваннем прамовіў: — Не такі духмяны і пульхны, як наш, што надоечы перадалі жанчыны. Нават той, што даюць у лагеры, смачнейшы. Мабыць, выпякаюць яго ў нейкай мясцовай пякарні.

— Хто ведае, колькі гадоў праляжаў гэты па іхніх складах? — невядома да каго звяртаючыся, уздыхнуў Хендога. — І ўсё-такі, што ні кажыце, але ён лепей за траву. Нейкая ж спажыўнасць у ім ёсць, калі яны самі ядуць яго. Трэба памазгаваць, як бы ад іх ён часцей перападаў і нам, — загадкава заключыў ён, на штосьці намякаючы.

«У ягонай галаве ўжо выспявае нешта, — западозрыў Міхась. — Што значыць чалавек справы. Адразу ж нешта плануе, маракуе, як дзейнічаць».

А Хендогу было над чым задумацца.

Пасля таго як вартавыя старанна параскройвалі боханы, прывезеныя сялянкамі, ён зразумеў, што пры такой пільнай прыдзірлівасці немцаў жанчыны пабаяцца перадаць палонным зброю. А калі нават і рызыкнуць зрабіць гэта, перахітрыць вартавых усё роўна не ўдасца. Дый яшчэ самі могуць ні за што паплаціцца жыццём. Ну, а калі справа паварочваецца іншым бокам, тады няма чаго гарод гарадзіць. Аўчынка вырабу няварта. «Самі ж мы яшчэ не зломкі. Мужчынам сорамна быць нахлебнікамі. Нягожа сядзець на ўтрыманні жанок, што пакінуты на волю лёсу і невядома, як самі мадзеюць. Не жабракі ж мы, каб перабівацца міласцінаю. У нас ёсць рукі і ногі А імі можна нешта зрабіць, калі кумекаць галавою. Бач жа, гэты сусед якія рэчы з металалому робіць! Нават хлеб за іх немцы плацяць. Канечне, ён майстравы чалавек, у яго рукі ўмелыя. Але нястача любога навучыць майстэрству. Абы рукі ды галава на плячах».

— Не кожны змайструе такую рэч з гільзы ды з буйнакаліберных патронаў, — ні да каго канкрэтна не звяртаючыся, наіўнавата прамовіў Хендога, жадаючы пераправерыць сваю думку і адначасова завязаць дзелавую гаворку з Багданам Платонавічам.

— Чалавечыя рукі не такое робяць, — сціпла адказаў той і болей памяркоўным тонам растлумачыў: — Калі б сякі-такі інструмент, дык яшчэ не тое можна было б зрабіць. А гэта — дзіцячая цацка.

— Дзе ж возьмеш інструмент у такіх умовах? — не адступаў Хендога.

— Гэтулькі жалеззя валяецца пад нагамі! Падабраў што-небудзь прыдатнае дый аб камень ці аб цагліну адтачыў зубіла.

— З адным зубілам надта не разгонішся. Што ім зробіш?

— Зубілам шыйку гільзы адсячы як плюнуць. Латунь мякчэйшая за жалеза. Аб цэглу абточвай завусеніцы і падраўноўвай краі. А надраіць да бляску і дзіцё здолее. Канечне, лепей пачынаць з простых рэчаў. З гільзы гатовая ваза для кветак, калі трохі рукі прыкласці. А з буйнакаліберных патронаў можна зрабіць падсвечнікі.

— Падсвечнікі могуць быць ходкім таварам, — умяшаўся ў гаворку Сіліч. — Немцы набожныя. Падсвечнікі яны будуць браць нарасхват!

— Сілком вырываць з рук дарма! — насмешліва ўставіў Ярмолік.

— Дарма і скула не сядзе! Няма дурных, каб па сваёй ахвоце працаваць бясплатна! — не сцярпеў Хендога. — За наш тавар хай плацяць натураю, хлебам. Калі гэты вартавы з жалезным крыжам хоць трохі паспрыяе нам, немцы нідзе не дзенуцца, будуць купляць нашы вырабы. Толькі вы, Багдан Платонавіч, трошкі падвучыце нас, нягеглых. Збольшага на практыцы пакажыце, што да чаго. Мы пастараемся пераняць ваш вопыт.

— Бяда ўсяму навучыць, — лагодна адказаў Багдан Платонавіч, даючы зразумець, што ён гатоў памагчы.

У душы Хендога дзякаваў яму за тое, што Багдан Платонавіч зрабіў пачын у заманлівай справе і навёў на думку распачаць занятак, з якога можа быць карысць. Што значыць практычны чалавек з умелымі рукамі! І як гэта ён, Хендога, раней не дадумаўся да гэтага? Заклікаў палонных налягаць на падножны корм, прыносіць ламачча для паліва, каб гатаваць траву. Спадзяваўся, што разам з усім гэтым удасца пранесці ў лагер якую-небудзь зброю, калі яна знойдзецца ў кюветах. Рабіў стаўку на жанчын. Думаў, што праз іх можна будзе раздабыць што-небудзь.

Дзеля гэтага нават гатоў быў жабраваць, перабівацца міласцінаю тых, каго сам не здолеў абараніць, а пакінуў на здзек ворагам. Дык не сядзі склаўшы рукі, а пераймай вопыт знаходлівага чалавека ды бярыся за незнаёмы занятак. Вучыся рабіць забаўкі, за якія немцы плацяць хлеб. Варушы мазгамі, глядзіш, а там датумкаеш, дадумаешся яшчэ да чаго-небудзь.

І Хендога заварушыўся сам і разварушыў абодвух сяброў.

У абедзенны перапынак яны знайшлі ў кювеце некалькі парожніх буйнакаліберных патронаў. Кожны ўзяў па адным.

— Не трэба надта заядацца, няхай і іншым дастанецца, — пажартаваў Хендога. Але потым схамянуўся: — А ў народзе ж прынята класці на магілу цотную колькасць кветак. Можа, і свечкі запальваюць у цот. Ці ў немцаў іншая завядзёнка? Каб не прагадаць, давайце на усякі выпадак возьмем чатыры патроны.

— Хопіць і трох, — запярэчыў Казнадзей. — Па адным на кожнага.

— Правільна, — падтрымаў яго Ярмолік. — Калі яны запальваюць цотны лік свечак, хай ставяць дзве, а трэцюю хаваюць на запас.

Багдан Платонавіч параіў суседзям, як зрабіць падсвечнікі. Нават ахвотна дапамог сім-тым. Абломкам нажоўкі зверху паразразаў крыж-накрыж шыйкі патронаў і паказаў, як паадгінаць у бакі надрэзаныя долькі, нібы пялёсткі на кветцы. Суседзі старанна вышаравалі пяском латунь. Потым, каб на ёй не засталося ніякіх драпін, да бляску адпаліравалі паверхню попелам. Прыйшлося трохі праваждацца з адагнутымі пялёсткамі, якія нязручна было абгладжваць і чысціць. Тавар меў даволі прывабны выгляд і быў гатовы на продаж.

Аднак як толькі суседзі сабраліся збываць вырабы, адбылася непрадбачаная затрымка, якая выклікала ў іх замяшанне.

Дзень той з самай раніцы выдаўся хмурны і ў поўдзень таксама не прадвяшчаў праяснення. Палонным было трошкі лягчэй: над гравійкаю стаяў свежы халадок, знясіленых не палілі сонечныя промні.

Удалечыні паказалася легкавушка. Нягледзячы на тое, што палонныя расступіліся перад ёю, вызваляючы праезд, яна прыкметна збавіла хуткасць і рухалася запаволена, як быццам кагосьці выглядаючы. Нарэшце аўтамашына з’ехала на абочыну і спынілася там, дзе стаяў вартавы з жалезным крыжам. Пакуль з яе вылазіў афіцэр, туды падышоў яшчэ дарожны майстра з перакладчыкам Ванькам.

— Дзе той палонны, што збыў мне гэты падман? — па-нямецку злосна запытаўся афіцэр, разгортваючы ў руках газету, на якой ляжалі кілішкі з буйнакаліберных патронаў.

Адчувалася, што вартавы з жалезным крыжам трошкі збянтэжыўся.

— Хто прадаў гэта пану афіцэру?! — гучна выкрыкнуў перакладчык, тым самым выручаючы разгубленага Кольба, што стаяў па-ранейшаму нічога не цямячы.

— Я! А што такое? — нясмела адазваўся Багдан Платонавіч, машынальна вытыркваючы ўгору і зноў апускаючы руку.

— Ком хэр! — паклікаў афіцэр.

Палонны разгублена ўторкнуў у кучу друзу лапату, каб яна нікому не замінала, і нерашуча пайшоў да немца.

— Русішэс швайн!5 — нецярпліва крыкнуў афіцэр, пакуль палонны падыходзіў да яго.

— Украінішэс швайн6, — дзёрзка ўдакладніў Багдан Платонавіч, спыняючыся перад немцам і з горкаю іроніяй тлумачачы: — Яна болей пародзістая, бо выкармлена на чарназёме.

— Вас загт эр?7 — не разумеючы, што сказаў палонны, запытаўся афіцэр у перакладчыка.

Пакуль той з цяжкасцю перакладаў сказанае, твар афіцэра ад нецярплівасці наліваўся чырванню.

— Ты дыверсант, рэзідэнт? Ты хацеў атруціць нямецкага афіцэра? Чаму на іх выступіла ядавітая зелень? — аўтаматнымі чэргамі выкрыкваў ён за пытаннем пытанне і напаследак тыцнуў палоннаму газету з кілішкамі.

Багдан Платонавіч разгублена ўзяў яе абедзвюма рукамі, усё яшчэ не разумеючы, чым выкліканы афіцэраў гнеў.

Калі Ванька пераклаў тое, што 'выкрыкваў немец, палонны трошкі сумеўся і пачаў нясмела апраўдвацца:

— Яны паляжалі ў вільгаці, таму і пазелянелі. Калі патроны пакінуць у вільготным месцы, яны адсырэюць так, што не выстраляць. — А потым употайкі заўважыўшы, як пасля Ванькавага перакладу ягонага тлумачэння афіцэр паступова ўціхамірваецца, хітравата ўсміхаючыся, дадаў: — Зробленая для ўжытку рэч не павінна ляжаць без справы. Кілішкамі трэба часцей карыстацца. Шнапс дэзінфіцыруе метал.

Трэба было бачыць, як па-рознаму рэагавалі на гэтую сцэну дарожны майстра і канваір з жалезным крыжам. З насупленага выразу майстра ўвесь час не сыходзіў цень неўразумення. А Кольб, пасля таго як зразумеў, што адбываецца, насілу ўтойваў на твары ўсмешку.

Багдан Платонавіч тым часам вызваліў правае плячо з-пад лямкі рэчмяшка, разбэрсаў яго, пакорпаўся ўсярэдзіне і выняў кісет. Расшморгнуў яго і дастаў шматок сукна, абцярушанага ружаватым парашком. Нетаропка пачаў праціраць анучкай кілішкі, пасля кожнага густа абмакваючы суконку ў парашок. Кілішкі ўвачавідкі зазіхацелі, хоць і пе свяціла сонца. Калі ён працёр усе, хацеў адсыпаць трошкі парашку немцу і ўжо адарваў кавалак газеты. Але афіцэр апярэдзіў яго, сілком вырваў з рук кісет з анучкаю, забраў газету з кілішкамі і моўчкі пайшоў да легкавушкі. Усё гэта адбылося настолькі нечакана, што палонны не паспеў апамятацца. На душы ў яго зрабілася прыкра ад таго, што ён на імгненне паддаўся чалавечай слабасці і ўжо гатоў быў падзяліцца парашком з гэтым ненавісным тыпам. «Хай бы кілішкі, перад тым як з іх будуць піць, акісліліся нябачнай ядавітай зеленню, ад якой гэтыя вылюдкі патруціліся б». У маленстве ж ён чуў, што бывалі выпадкі, калі ад ядавітай зелені, якой акісляўся медны посуд, атручваліся людзі.

Але камандаю «ідзі працуй!» дарожны майстра вярнуў Багдана Платонавіча ў стан рэальнага існавання. Палонны вярнуўся на сваё месца і ўзяў у рукі лапату.

А вартавому з жалезным крыжам не спадабалася бесцырымонная выхадка афіцэра. Кольб нават не паспеў зрабіць яму заўвагу, настолькі хутка той рэціраваўся, ад чаго вартавы толькі грозна нахмурыўся, нібы небасхіл перад навальніцаю. Пасля таго як Багдан Платонавіч вярнуўся да сяброў, Кольб, прагульваючыся па абочыне, не ўстрымаўся, каб не спыніцца каля іх і не пацікавіцца:

— Што за парашок ён адабраў? — і ўжо са спачуваннем у голасе параіў: — Не трэба было перад ім вымаць увесь.

Сіліч пераклаў запытанне і немцаву параду.

— Суконкі з кісетам шкада, — адказаў Багдан Платонавіч. — А парашок свайго вынаходніцтва. Шаруючы цагліну аб цагліну, яго можна назапасіць колькі хочаш.

Па меры таго як Міхась перакладаў адказ палоннага, Кольбаў твар паступова прасвятляўся. Нарэшце канваір засмяяўся, у захапленні паківаў галавою, маўляў, ну й вынаходнік, і як бы нехаця пашыбаваў па абочыне.

З-за постацяў іншых палонных, што сноўдалі з насілкамі і мітусіліся з лапатамі, суседзям Багдана Платонавіча добра не відно было і па ладнай адлегласці не вельмі чутно, што там адбывалася з ім. Таму яны толькі ўзрадаваліся адыходу Кольба і хутчэй накінуліся з роспытамі аб гэтай прыгодзе.

Багдан Платонавіч расказаў пра ўсё.

— Так і падсвечнікі, як парашок з кісетам, адбярэ бясплатна які-небудзь злыдзень, — самотна прамовіў Казнадзей, выслухаўшы ягоны расказ.

— І тады ўся наша праца — кату пад хвост! — падтакнуў Ярмолік.

— Калі ў царкве плацяць за свечкі, дык як жа можна адбіраць падсвечнікі? Грэх адбіраць боскія прычындалы. Нават разбойнікі не пасмеюць зневажаць бога, — не то іранічна, не то сур’ёзна заспакоіў сяброў Хендога.

— Дык то ж разбойнікі, а гэта — бандыты. Дый то ж боскія прычындалы! — не пагаджаўся Казнадзей. — А ў гэтых падсвечніках штосьці богазневажальнае з выгляду.

— Чаму? — насцярожыўся Хендога. — Падсвечнік жа не прыбор для віна, а прадмет боскага ўжытку.

— Як ні круці, дык патрон застаецца патронам. Што ў ім боскае? А ў буйнакаліберным тым болей. Ды яшчэ са стрэленым капсулем, — дабрадушна пакепліваў Казнадзей. — Шыйка, расквечаная пялёсткамі, не аздабляе ягонага выгляду.

— Для былога салдата ён застанецца патронам, а для веруючага будзе падсвечнікам, — памяркоўна прымірыў абодвух суседзяў Ярмолік.

— Канечне, падсвечнікі мелі б болей унушальны выгляд, калі б на іх былі якія-небудзь боскія загагуліны ці фінціклюшкі, — пагадзіўся з Казнадзеевымі заўвагамі Хендога. — Але што паробіш? Нічога ж не прыдумаеш.

— А калі выгравіраваць на іх той надпіс, што ў немцаў на спражках? — нясмела прапанаваў Сіліч, які з Леанідам чакаў, пакуль Багдан Платонавіч накідае насілкі. — Бог з намі! Усяго тры словы і літар нямнога.

— А што? Сапраўды нічога! — пасля кароткага роздуму адрэагаваў Хендога. — Бог з намі! Адно слова «бог», а ўжо адразу напрошваецца свечка. Для падсвечніка ўпаўне падыдзе.

— А з кім бог? З тымі, хто страляў гэтымі патронамі, ці з тымі, хто загінуў ад іх куль? — не ўстрымаўся і з’іранізаваў Казнадзей.

— Раз патроны стрэлеyыя, значыць, з тымі, хто імі страляў, — разважліва рассудзіў Хендога.— З тымі, чыя справа справядлівая. Але цяпер нам не да гэтага. Важна раздабыць хлеб.

У лагеры Міхась і Багдан Платонавіч памаглі Хендогавай тройні давесці да боскага выгляду блюзнерскія падсвечнікі. Нямецкімі літарамі ў тры радкі Сіліч вывеў алоўкам на кожным патроне «Gott mit uns»8. А Багдан Платонавіч паказаў, як выдзеўбаць кернам гэты надпіс. Не спяшаючыся, Ярмолік выгравіраваў яго. Цяжэй было збыць вырабы. Але Міхась з Леанідам папрасілі Кольба, і той зноў памог палонным.

За дзень па гравійцы праходзіла нямала грузавікоў і легкавушак. Некаторыя зрэдку спыняліся каля дарожнага майстра, які з перакладчыкам безупынку сноўдаў сярод палонных ці каля вартавога з жалезным крыжам, што шпацыраваў па абочыне. У іх штосьці пыталіся афіцэры і шафёры, якія сядзелі ў кабінах.

З вялізнага грузавіка, што прыпыніўся каля Кольба, вылез мажны белабрысы фельдфебель ці унтэр-афіцэр са срэбранай акантоўкаю на пагонах. Спачатку ён, мабыць, удакладняў дарогу, а пасля разгаварыўся з вартавым, і той, напэўна, параіў яму набыць сувенір. За буханку хлеба немец купіў у палонных тры падсвечнікі.

— Дзешава аддалі! — пасля шкадаваў Ярмолік. — Можна было б узяць болей.

— За боскія прычындалы мы цану назвалі па-боску,— апраўдваўся Хендога. — Паверхня трох патронаў ПТР ненамнога большая за паверхню гільзы ад саракапяткі. Так што шараваць пяском ці адно, ці другое — аднолькава. Ну, а надпіс на вазе для кветак разы ў тры даўжэйшы, чым на падсвечніку. Хай гэты белабрысы унтэр паліць у іх свечкі на памінках сваіх сяброў! Ці каб у ягонай Нямеччыне паставілі ў гэтых падсвечніках свечкі за спачын яго самога! Бач жа, на чужых харчах раз’еўся, як вяпрук!

Неўзабаве гандаль сувенірамі пачаў пашырацца. Галодныя людзі ўбачылі, што знайшоўся пралаз, праз які можна даставаць хлеб. Удалы пачын зрабіў Багдан Платонавіч. Астатнія толькі як маглі капіравалі і пераймалі яго працу. Нескладана было трошкі ўкараціць гільзу ад саракапяткі ці зверху рассячы і паадгінаць пялёсткамі шыйку буйнакалібернага патрона. Аб цагліну падраўноўваліся і абгладжваліся абсечаныя краі. У дадатак пры гэтым шараванні яшчэ атрымліваўся ружовы парашок, якім да зіхатлівага бляску начышчалася паверхня латуні. Той самы парашок, што вынайшаў Багдан Платонавіч і які адабраў у яго афіцэр.

Адвольна, самі па сабе ўстанаўліваліся цвёрдыя цэны на сувеніры: ваза для кветак або тры падсвечнікі каштавалі буханку хлеба.

Вядома, у вырабе гэтых рэчаў ніхто не мог угнацца за Багданам Платонавічам. Прычынай таму былі яго ўмелыя рукі, дый памагаў яшчэ абломак нажоўкі, знойдзены на складзе. З шырачэзных гаўбічных гільз і з буйнакаліберных патронаў ён па-ранейшаму рабіў прыборы для шнапсу, а з гільз ад 85-міліметровай зенітнай і ад 122-міліметровай карпусной гарматы — прыгожыя попельніцы. Адпілоўваў дно гільзы і да абрэзаных і абгладжаных краёў яе, на роўных адлегласцях адну ад адной, прыклёпваў тры ўвагнутыя пласцінкі, на якія курцы маглі класці цыгаркі. А ў цэнтры, у адтуліну, што вяла да капсуля, замацоўваў арла з выгравіраванымі ў елачку крыллямі, якога зубілам высякаў з рэшты распілаванай латуні. За кожны такі выраб немцы давалі два боханы хлеба.

Чуткі пра гандаль сувенірамі разнесліся па навакольных вайсковых часцях. На гравійцы часцей сталі спыняцца грузавікі, з кузаваў якіх вылазілі нямецкія салдаты. Яны расхаджвалі сярод палонных і пыталіся, хто з іх прадае сувеніры. Вырабы размяталіся нарасхват і падчыстую.

Сіліча здзіўляла, што немцы так ганяюцца за гэтымі прымітыўнымі сувенірамі, якія сам ён не ўзяў бы і задарма. «Мабыць, у іх побыце пашырана мяшчанская завядзёнка? А можа, заваёўнікі ласыя на чужое дабро?» Яму было дзіўна, што ніхто з пакупнікоў бясплатна не адбірае ў палонных вырабы. Ці немцы адзін перад адным саромеліся рабіць гэта і выстаўлялі напаказ сваю культурнасць, ці як заваёўнікі праяўлялі цярпімасць і паблажлівасць да галоднай дармавой рабсілы? Вартавыя, што стаялі паабапал усцяж палосаў адчужэння, не звярталі ўвагі на бойкі гандаль: напэўна, як тылавікі, пачціва ставіліся да франтавікоў.

Бачачы, як ідзе ходкі тавар, многія палонныя ўжо не знаходзячы гільз ад супрацьтанкавых снарадаў, замянялі іх звычайнымі сямідзесяцішасціміліметровымі ад палкавых грамат. І ўжо нават не адсякалі шыйкі, а толькі выгравіроўвалі збоку надпіс ды надрайвалі выраб да бляску. У выніку таксама атрымліваліся своеасаблівыя вазы для кветак, праўда, хаця і шыракаватыя, але затое трохі завужаныя зверху.

Аднойчы, выдзёўбваючы дату «1942» у надпісе на вазе, Сіліч упершыню звярнуў увагу на тое, што яна па напісанні зрокава вельмі падобна да 1242 года, калі адбылося Лядовае пабоішча на Чудскім возеры. Як гэта ён раней не заўважыў такога? Аказваецца, ужо мінула ажно семсот гадоў з тае пары. За гэты час у жыцці змянілася прыкладна дзесяць пакаленняў. А далёкія нашчадкі псоўрыцараў зноў хлынулі сюды, на гэтыя землі. У хлопца ўзнікла зларадная спакуса выдзеўбаць другую лічбу ў даце з загагулінаю ўнізе, каб яна была болей падобна да двойкі. І замест «возера Ільмень» выгравіраваць «Реірusее»: Чудское возера. Сувенір з такім надпісам будзе нагадваць немцам пра тую векапомную для нас і ганебную для іх гістарычную дату. Сваёй задумаю хлопец падзяліўся з суседзямі. Тым яна здалася таксама заманліваю, хаця выклікала ў каго пакепліванне, а ў каго — перасцярогу.

— Блышыны ўкус, — пацвеліў Казпадзей. — Гэта ўсё адно што выстаўляць дулю, трымаючы яе ў кішэні.

Багдан Платонавіч той наадварот трошкі насцярожыўся:

— Каб самім сабе не сапсаваць абедню. Канечне, солі на хвост нам яны не насыплюць, бо не ўстановяць, хто зрабіў такі надпіс. Але каб не знайшоўся дурань, які са злосці прыкрые гандаль вырабамі?

— Калі яны наперабой расхопліваюць тавар, ніхто ў спешцы не будзе разглядаць надпіс, — умяшаўся ў гаворку Хендога, якому, відаць, імпанавала Міхасёва думка. — А як разгледзіць у сябе ў часці, дык пабаіцца паказваць іншым, а захавае далей або выкіне прэч.

— Галоўнае ў даце другую лічбу выдзеўбаць так, каб яна была падобна і на двойку, і на дзявятку, — падтрымаў Хендогу Леанід. — А мясцовасць у надпісе не мае значэння. Чудское возера не гэтак далёка ад Ільменя. Любая вайсковая часць магла дыслацыравацца паблізу аднаго і непадалёку ад другога.

Палонным карцела пазлараднічаць над сваімі гаспадарамі і хоць чым-небудзь насаліць ім.

Нібы старанны шкаляр, што слібізуе пропісы, Сіліч настойліва практыкаваў руку ў напісанні загадкавай лічбы, каб яна адначасова была падобна і на двойку, і на дзявятку. Закругленне ў верхняй палавіне яе атрымлівалася бездакорнае, горш выходзіла ў яго з ніжняй загагулінаю. Багдан Платонавіч са шкадаваннем наглядаў за марнымі стараннямі суседа, а потым, спачуваючы, сказаў, што паспрабуе сам падрабіць гэтую злашчасную загагуліну. І атрымалася яна ў яго няблага. Усе лічбы ў даце былі выгравіраваны глыбей, а загагуліна трохі мялей. Здалёку другая лічба выглядала дзявяткаю, але калі ўважліва прыгледзецца да яе зблізку, яна здавалася двойкаю.

Злараднічаючы, суседзі час ад часу ўпотайкі рабілі шырпатрэбаўскія вазы з такімі надпісамі і пры масавым наездзе пакупнікоў, што расхоплівалі вырабы наперабой, збывалі іх без асаблівых цяжкасцей.

— Вядома ж, адсылаюць нашы вырабы ў сваю Нямеччыну. — пацвельваў суседзям Сіліч, задаволены сваёй выдумкаю. — Няхай гэтыя сувеніры напамінаюць іх сваякам не толькі пра сённяшні Усходні фронт, але і пра колішняе Лядовае пабоішча.

Гаротнікі паступова працверазелі і адыходзілі ад стрэсавага становішча, у якім апынуліся ў фашысцкім палоне. Час ад часу збываючы сувеніры і атрымліваючы за іх нямецкі хлеб, яны адчулі, што фізічна здольны ўцякаць, але бачылі, што ўмовы для ўцёкаў неспрыяльныя. Яны не маглі выходзіць за ланцуг ачаплення. А кінуцца праз яго напралом было тое самае, што пайсці на верную смерць. На адкрытай мясцовасці ўцекачоў адразу скасілі б кулі вартавых. Нават у тых месцах, дзе каля гравійкі рос дробны хмызняк, ён быў выцераблены паабапал метраў на дзвесце. Кожны разумеў, што ўцёкі адсюль немагчымы. Хутчэй можна ўцячы з якіх-пебудзь работ, куды зрэдку салдаты бралі па некалькі палонных.

Хендога з яго назіральнасцю і кемлівасцю бачыў усё гэта лепей за іншых. Ён добра вывучыў абставіны, навакольную мясцовасць, і адчуваў, што цяпер можна арганізаваць людзей на калектыўныя ўцёкі. Іх паднялі б і павялі за сабою дзясятнікі на чале сваіх дзясятак. Але для такога выступлення неабходна зброя. Хаця б некалькі пісталетаў і гранат. З імі можна было б заняць кюветы, нібы траншэі, і з укрыцця ўдарыць па вартавых, што стаяць на адкрытай мясцовасці. Такім чынам можна было б захапіць што-небудзь з іхняй зброі. А бяззбройным кінуцца на канваіраў — значыць, падставіць палонных пад кулі. выправадзіць на верную смерць. Паабапал гравійкі болей двух дзясяткаў вартавых, у карабінах кожнага з якіх па пяць патронаў. На палоннага — адна куля. Пабягуць людзі ў два бакі — турэмшчыкі іх сустрэнуць прыцэльным агнём ва ўпор, кінуцца ў адзін бок — будуць расстрэльваць і спераду і ззаду. Не гравійка, а турэмны калідор, па якім корпаюцца з лапатамі проставалосыя прывіды і сноўдаюць з насілкамі здані ў драўляных калодках на нагах. Пад прымусам гаротнікі вымушаны людской бядою вымошчваць гэтую дарогу ў невядомасць.

Хендога болей за іншых перажываў безвыходнасць становішча, хоць і стараўся не выдаваць гэтага. Яму было сорамна, што жанкі навакольных вёсак збіраюць для іх міласціну, вымушаны дзяліцца кавалкам хлеба з гаротнымі землякамі. Усе яго спадзяванні на наладжванне сувязей з цывільным насельніцтвам не апраўдаліся. Турэмшчыкаў не перахітрыш. Яны занадта асцярожныя: вопыт маюць не малы, што набылі ў сваёй Нямеччыне ў астрогах ды канцлагерах.

Адзінай аддушынаю ў беспрасветным жыцці палонных быў цяпер гандаль сувенірамі. Самім і смешна і грэшна было ад таго, што за лом, хай сабе і каляровага металу, ім перападае нямецкі хлеб.

Па меры таго як на гравійцы павольна рухалася ватага расхрыстаных галодных людзей, кюветы паабапал апустошваліся падчыстую. Хендога разумеў, што металалому хопіць ненадоўга. Дастаткова палонным, рамантуючы гравійку, прайсці ўвесь участак з канца ў канец — і запасы стрэленых гільз і парожніх буйнакаліберных патронаў скончацца. Неабходна было паклапаціцца, каб яны неяк папаўняліся. А папаўняцца яны маглі, канечне, толькі нашымі людзьмі, іх захадамі і турботамі. І зноў у Хендогі зацеплілася кволае спадзяванне на штосьці заманлівае, а ў галаве варухнулася дзёрзкая думка, якою ён падзяліўся з Міхасём і Леанідам. Хендога параіў хлопцам напісаць сялянам пасланне. У ім шчыра падзякаваць за падтрымку і сказаць, што палонныя цяпер з артылерыйскіх гільз і буйнакаліберных патронаў робяць сувеніры, якія немцы купляюць за хлеб. Папрасіць, што калі сяляне ўбачаць дзе-небудзь згрувашчаныя запасы непатрэбнай амуніцыі, каб збіралі яе і, едучы на працу, раскідалі па кюветах. Хендога спадзяваўся на тое, што разам з такой амуніцыяй трапіць да палонных і якая-небудзь зброя. Вінтоўку ці ПТР жанкі, можа, і пабаяцца прывезці, а пісталет або гранату могуць падкінуць у кювет. Хендога не сумняваўся ў тым, што, калі хлопцы папросяць Кольба, той аднясе пасланне сялянам, якія працуюць на гравійцы.

На практыцы Хендогава задума ажыццявілася значна прасцей, і хлопцам не прыйшлося пісаць ніякага паслання. Калі пра яго яны намякнулі канваіру, той уважліва выслухаў іх, але нічога пэўнага не сказаў. А як толькі дарожны майстра абвясціў абедзенны перапынак, Кольб сказаў Леаніду, што яны пойдуць да сялян. Ці то немец пабойваўся паслання як пісьмовага доказу, у якім невядома што напішуць палонныя, ці хацеў хутчэй выканаць іх просьбу?

— На вазьмі з сабой вазу, — заспяшаўся Багдан Платонавіч, калі вартавы сабраўся весці Леаніда. — Пакажаш ім. Думаеш, яны надта ведаюць, якія тыя гільзы ды буйнакаліберныя патроны?

— Няхай падкідаюць у кюветы ўсё, што трапіць пад рукі, — незадаволена буркнуў Хендога.— Нам усё спатрэбіцца.

Калі Кольб павёў Леаніда перад сабою, дарожны майстра не пайшоў за ім услед, а застаўся ў ланцугу ачаплення з канваірамі, якія распачыналі полуднік.

Суседзі ляжалі на схілах кювета, з нецярплівасцю чакаючы звароту свайго таварыша. Ім рупіла хутчэй даведацца, як справіцца ён з ускладзенай на яго місіяй. Ля сяляп канваір з Леанідам затрымаліся нядоўга. Але калі вярнуліся адтуль, Кольб адразу не адпусціў хлопца, а папрасіў распаліць цяпельца.

— Ну, як твой паход? Ці ўвянчаўся поспехам? — запытаўся Хендога, калі Леанід шуснуў у кювет. — А то ў нас лопнула цярпенне.

— Парадак! Усё як мае быць, — адказаў Леанід, вымаючы з кішэняў портак два невялікія акрайцы і падаючы адзін Хендогу, а другі — Багдану Платонавічу.

— Усё растлумачыў? — цікавіўся Хендога, разломваючы акраец на тры роўныя часткі.

— Усё.

— І вазу паказаў? — не цярпелася Багдану Платонавічу.

— Паказаў.

— Ну, тады парадак. І сапраўды: усё, як мае быць,— супакоіўся Хендога.

 

1 Напэўна, хлеб.

2 Колькі? Мала-мала ці шмат?

3 Дзве буханкі.

4 Дзякуй.

5 Руская свіння.

6 Украінская свіння.

7 Што ён кажа?

8 Бог з намі!

22

Назаўтра ў абед Кольб папрасіў Міхася распаліць яму цяпельца. Калі хлопец назбіраў галля і прысеў на кукішкі, адбіраючы сушняк на распалку, вартавы, што стаяў над ім, раптам прашаптаў:

— Міхель, Лео — юдэ?

Міхася настолькі збянтэжыла нечаканае пытанне, што ён апусціў дрыжачыя рукі, якія не патраплялі выбіраць топкія сухія галінкі, і на імгненне зніякавеў.

— Ён — украінец. З Кіева. А што такое? — пасля вымушанай паўзы, разгублена прамямліў хлопец.

— Даўгалыгі палонны ў кароткім шынялі выбраў момант і таямніча шапнуў мне, што Лео — юдэ. Асабіста мне ўсё роўна, хто ён — рускі, украінец ці юдэ. Але каменданту гэта не ўсё роўна. Брэс роднага брата прадасць. А на дзве залатыя каронкі Лео ён пагаліцца тым болей. Даўгалыгі палонны можа шапнуць Брэсу, што Лео — юдэ. Ты, Міхель, нічога не кажы Лео, хай ён не трывожыцца. А з таварышамі парайся, як пазбегнуць бяды.

Яшчэ змалку Міхась бавіў час у супольных гульнях з яўрэйскімі дзецьмі ў сваёй вёсцы і штодзённа бачыў, якія па-суседску шчырыя адносіны ў іх бацькоў з ягонымі бацькамі. Ні ў школьныя, ні ў студэнцкія гады хлопец ніколі не звяртаў увагі на тое, хто яго аднакласнікі і аднакурснікі па нацыянальнасці. Займаючыся першы год у педтэхнікуме, ён кватараваў у былых аднавяскоўцаў-яўрэяў, сціплых і простых людзей. Іх старэйшыя дзеці параз’язджаліся з дому і мелі свае сем’і. З бацькамі жыў толькі малодшы сын, Герка, што вучыўся ў шостым класе. Гэта быў несусветны вісус і свавольнік, які выкідаў такія конікі, што Міхасю неаднойчы прыходзілася чырванець. Бывала, набожныя гаспадары дадуць сыну куру і пашлюць разам з Міхасём да разніка, каб той яе зарэзаў. Герка забярэцца ў куст, сам зарэжа куру і потым гуляе з Міхасём на беразе рачулкі, каб раней часу не вярнуцца дамоў і не выклікаць ніякай падазронасці ў бацькоў. Альбо, калі тых няма дома, возьме ды Міхасёвым салам на стале нашмальцуе з усіх бакоў бохан хлеба, са смехам прыгаворваючы: «Няхай ядуць трэфнае. Будуць здаравейшыя! А то абмяжоўваюць сябе толькі кашэрным1...»

Аднойчы праз Геркавы дурыкі Міхасю дасталося ад гаспадыні.

Седзячы на тапчане, хлопец рыхтаваў хатняе заданне, а Герка шумліва свавольнічаў побач. «Сціхні ты, бандыцкая цура!» — некалькі разоў пагражала з кухні гаспадыня. Але вісус яшчэ мацней дурэў і не збіраўся супакойвацца. Нарэшце, калі свавольнік адчуў, што матчына цярпенне скончылася, ён паваліў Міхася, накінуў на яго прасцірадла, а сам борздзенька шмыгнуў пад тапчан. Разгневаная гаспадыня імкліва ўляцела ў пакой і, пакуль Міхась выблытаўся з-пад прасцірадла, пару разоў паспела агрэць яго чапялою. Праўда, як убачыла, што перад ёю не сын, а кватарант, пабялела нібы палатно і доўга не магла апамятцца, гэтак перажывала за сваю прамашку. Баялася, ці не пакалечыла хлопца. Міхась шкадаваў перапалоханую да смерці жанчыну. Яна даглядала яго нібы клапатлівая маці.

На ўсё жыццё хлопцу запомніліся яўрэйскія стравы: смачная тушаная бульба з буйной каляровай фасоляй, селядзечны фаршмак, цымус і велікодная маца.

У педінстытуце Міхась пасябраваў з яўрэйскім юнаком Барысам. З ім яны вучыліся ў адной групе і ўсе чатыры гады займалі суседнія ложкі ў інтэрнатах. Барыс быў на тры гады старэйшы за Міхася і паспеў набыць некаторы жыццёвы вопыт, бо да інстытута працаваў электрыкам на Урале. Міхасю імпанавала сябрава сціпласць і стрыманасць. У гэтых адносінах яны нечым былі падобныя адзін да аднаго. Абодва па-сур’ёзнаму ставіліся да вучобы. Іх не спакушалі пустыя забавы і гулянкі.

Калі пад страхам смерці Міхась уцякаў з разбомбленага Мінска і па дарозе завітаў да Барыса дадому, ад шматкіламетровага бегу ў яго адняліся ногі. Дзесяць дзён яны не згіналіся, спруцянелыя. Хлопец ляжаў у ложку, а Барысава маці адпойвала яго гарачым малаком. Там абодва сябры добраахвотна пайшлі разам у войска, але іх разлучылі, бо, адпаведна ўзросту, узялі ў розныя часці.

Сіліч чуў, што нямецкія фашысты вынішчылі яўрэяў Германіі і цяпер знішчаюць іх ва ўсіх захопленых краінах. Але хлопец уяўляў сабе ўсё гэта неяк туманна, бо не бачыў на свае вочы. А тут раптам Кольб паведамляе яму страшную навіну пра таварыша, з якім ён паспеў зблізіцца ў няволі. Пагрозу, навіслую над Леанідам, Міхась успрыняў блізка да сэрца. Устрывожаны ёю, насілу распаліў вартавому цяпельца і ўвесь абедзенны перапынак перахваляваўся, не ведаючы, як паведаміць пра Кольбаву перасцярогу сваім таварышам, разам з якімі ў кювеце сядзеў Леанід. Толькі калі палонныя пачалі сноўдаць па гравійцы з лапатамі ды з насілкамі, Сіліч вычакаў зручны момант і па сакрэце перадаў трывожную вестку спачатку Багдану Платонавічу, а потым Хендогу з Казнадзеем.

— Сволач даўгалыгая! Усіх апярэджвае выграбаць памыйніцу, а тут застаўся ні з чым, — вылаяў Вырвіна Багдан Платонавіч. — Зайздрасць заела, што Леанід некалькі разоў распальваў вартавому цяпельца. Думае, хлопцу перапала што-небудзь. Выдае свайго, каб самому выслужыцца. Небяспечны тып. Нябось і гэты кароткі шынель яшчэ невядома якім чынам з чужых плячэй садраў!

Калі Міхась сказаў пра небяспечную навіну Хендогу, той з’едліва зазначыў:

— Не ведае камендант, каго прызначыць наглядчыкам. Чалавек сам напрошваецца,— і пасля некаторага роздуму дадаў: — Такога трэба абясшкодзіць, каб не натварыў бяды. Звычайна гэтыя тыпы баязлівыя. Прышчэмім яму язык.

— От анціюда пракляты! — не ўстрымаўся Казнадзей, абураны ўчынкам Вырвіна.

«Канечне, адзінае выйсце з такога становішча — прышчаміць язык Вырвіну. Але якім чынам? — не разумеў Сіліч. — Солі ж на хвост яму не насыплеш. А запалохваць або ўпрошваць, каб ён не балбатаў лішняга, — яшчэ болей рызыкоўна. Толькі сапсуеш усю справу. — Хлопец у думках праклінаў дзікунскія законы арыйцаў.— Адных яны вынішчаюць, другіх спрабуюць ператварыць у нявольнікаў, трэціх — плануюць анямечыць. Як быццам чалавек вінаваты ў тым, кім нарадзіўся на белы свет».

Шмат чаго перадумаў яшчэ хлопец, але ўсё роўна не ведаў, як выратаваць ад небяспекі сябра. Ён разумеў, што трэба неадкладна прымаць нейкія меры, але што рабіць канкрэтна, не цяміў. Ад гэтага яшчэ болей перажываў і хваляваўся за лёс таварыша. Заставалася толькі спадзявацца на Хендогу, на ягоныя ўмельства і знаходлівасць. А ў таго, як на злосць, мусіць, таксама не надта вытанцоўвалася задума. Ва ўсякім разе, добрых пару гадзін Хендога не гаварыў Міхасю ні слова. Хлопец пачаў ужо думаць, што Хендога забыўся пра ўсё або таксама не можа знайсці ніякага паратунку. Нарэшце ў канцы рабочага дня, калі Багдан Платонавіч і Леанід з накіданымі насілкамі адышлі ад кучы патрушчанага друзу, Хендога шэптам спытаўся ў Міхася:

— У цябе захаваўся надпіс, што гравіраваць на вазах?

— Яго я адразу ж адарваў. А рэшту чыстай паперы збярог.

— Хто-небудзь бачыў, як вартавы перадаваў яе табе?

— Наўрад. Ён перадаў яе разам з запальнічкаю, калі я распальваў яму цяпельца, — не разумеў Міхась, да чаго хіліць размову Хендога.

Якраз у гэты момант вярнуліся з парожнімі насілкамі Леанід і Багдан Платонавіч, і гаворка паміж Міхасём і Хендогам абарвалася. Як толькі Міхась нетаропка накідаў ім друзу і абодва напарнікі адышлі зноў, Хендога, накідаючы насілкі Ярмоліку з Казнадзеем, паціху сказаў.

— Канечне, алоўкам карыстацца рызыкоўна. Многія маглі бачыць, як мы на гільзах рабілі ім надпісы. А чарніла і днём з агнём не знойдзеш.

— У вартавога можа быць самапіска, — нечакана знайшоўся Міхась.

— Спытайся. Калі ёсць, папрасі на дзень. Скажы, што яна патрэбна, каб ратаваць сябра. Раз вартавы паведаміў пагрозлівую вестку, значыць, баяцца яго няма чаго. Толькі скажы, каб ён перадаў самапіску непрыкметна.

Сіліч не ўяўляў, што задумаў Хендога. Але паслухмяна выканаў ягонае даручэнне. Назаўтра, калі Кольб паклікаў яго распальваць цяпельца, хлопец даведаўся, што ў вартавога сапраўды ёсць самапіска. Міхась чыстасардэчна прызнаўся, чаму цікавіцца ёю, і папрасіў, каб той захапіў яе на працу і незаўважна перадаў яму. На наступны дзень вартавы прынёс хлопцу самапіску.

Назаўтра быў выхадны. Як па заказе, дзень выдаўся пагодлівы, сонечны. Многія палонныя бавілі час у двары лагера, кожны заняты чым-небудзь сваім. Хендога ўпотайкі ўзяў у Міхася самапіску і рэшту чыстага аркуша паперы, а хлопца папрасіў, каб ён з Леанідам затрымаўся на дварэ. Надзейна заслонены з бакоў Казнадзеем, Ярмолікам і Багданам Платонавічам, Хендога, не кажучы нікому ні слова, лежачы на пустых нарах, наспех штосьці напісаў на паперы і разам з самапіскаю борздзенька схаваў у кішэню. Ніхто з напарнікаў не бачыў, што ён рабіў пасля. Яны толькі ведалі, што Хендога аддаў Міхасю самапіску, якую той вярнуў вартавому. Але праз дзень-другі яны ўсе заўважылі, што Вырвіна нібы падмянілі. Ён прыціх, стаў сумны і насцярожаны. Стараўся быць толькі там, дзе збіралася шмат палонных. Як быццам пабойваўся заставацца ў пакоі на адзіноце.

— Бач, як ты аднадзіў звадлівага ад ягоных дурных звычак? — зларадна запытаўся ў Хендогі Казнадзей.

— Чым ты гэтак напалохаў яго? — пацікавіўся Міхась, калі побач не было Леаніда.

— Запіскаю, што паклаў у кішэню яго шыняля.

— А што ты напісаў у ёй?

— Папярэдзіў, што калі пе будзе трымаць язык за зубамі, дык у прыбіральні акачурыцца ў дзярме.

«Добра, што я тады не сапсаваў той аркуш паперы: не накрэмзаў на ім запіску мацеры, — нарэшце супакоіўся за Леанідаў лёс Міхась. — Ну, што з таго, што спачатку на хвіліну абрадаваў бы яе тым, што я жывы? Затое пасля, праз маю гаротную долю, толькі асудзіў бы яе на штодзённыя пакуты. Дый яшчэ гэтак асароміў бы старога бацьку, абняславіў ягоную сівізну, расчараваў ягоныя спадзяванні. А Хендога, бач, пагражаючы суровым прысудам, нягодніка паставіў на месца. Адна і тая ж папера, а што значыць, калі яе скарыстаць з розумам? — І раптам увесь яго твар ажно перакрывіла незадаволеная ўхмылка, калі ўспомніў, як некалі Паўло хаваў у кішэню прадажную газету, а Міхась тады нават западозрыў, навошта яна яму, і падумаў зусім пра іншае.— Таксама адна і тая ж газета, а выкарыстаць яе можна было па-рознаму».

 

1 Кашэрны — дазволены да ўжытку.

23

З таго дня, калі камендант загадаў паклікаць з лагера Паўла і выправадзіў яго на працу разам з усімі палоннымі, той фактычна стаў звычайным наглядчыкам. Цяпер яму не патрэбна была нямецкая мова. Замест падручніка ён вымушаны быў, як парадзіў дарожны майстра, узяць у рукі кій. Толькі з майстрам Паўло зрэдку і перакідваўся нямецкімі словамі, каб на практыцы не забываць вывучанага.

Адчувалася, што Кольб ігнаруе Паўла, бо ніколі не падыходзіць і не размаўляе з ім.

Паўло расхаджваў сярод палонных надзьмуты і пакрыкваў на тых, што адлыньвалі ад працы. Багдана Платонавіча і Міхася стараўся зусім не заўважаць, абыходзячы іх далей. Мусіць, саромеўся былых суседзяў, таму і пазбягаў трапляць ім на вочы. А тыя, у сваю чаргу, таксама не звярталі на яго ўвагі. Яшчэ пасля той вар’яцкай прапановы, якую ён зрабіў тады Міхасю, каб штосьці папісаць сумесна ў фашысцкую газету, Паўло стаў для хлопца чужым. Цяпер, пасля таго як ён узяў кій і стаў наглядчыкам, у Міхася Паўло выклікаў агіду. Міхасю было прыкра ўспамінаць, што ён быў знаёмы з гэтым чалавекам і нават еў з ім з аднаго кацялка. У Багдана Платонавіча даўно перабалела сэрца за паводзіны земляка, і ён таксама нічога не казаў і не ўспамінаў пра былога суседа. Як быццам таго ніколі не было побач і Багдан Платонавіч не ведае пра ягонае існаванне.

Таму на гэты раз для Міхася і Багдана Платонавіча было незразумелым тое, што адбылося з Паўлом.

Раніцаю, перад тым як вартавыя павінны выганяць палонных на працу, да лагера пад’ехаў крыты брызентам грузавік, з кабіны якога вылез афіцэр, а з кузава — два аўтаматчыкі. Палонныя разумелі, што салдаты возьмуць з лагера нявольнікаў на нейкія работы. Усе затаілі дыханне ў чаканні, каму выпадзе трохі шчаслівейшы лёс. Кожны спадзяваўся на тое, што там чым-небудзь пажывіцца, а самае галоўнае — можна ўцячы.

Міхась заўважыў, што афіцэр і салдаты апрануты не ў звычайную агульнавайсковую форму. «Мабыць, нейкі іншы род войск», — думаў ён, разглядаючы аўтаматчыкаў, што чакалі распараджэння афіцэра, які размаўляў з камендантам.

— Паўль, ком хэр! — раптам паклікаў Брэс.

Паўло паслухмяна падбег і выцягнуўся на ўвесь рост.

Камендант спачатку штосьці запытаўся ў яго, а потым аддаў нейкі загад. Паўло на момант затрымаўся, штосьці абдумваючы, а потым паспешліва кінуўся ў гурт палонных, што яшчэ не выстройваліся ў калону. Разгублена паштурхаўся сярод іх, адшукаў вачамі Багдана Платонавіча з Міхасём, падышоў бліжэй і, ні да аднаго не звяртаючыся па імені і ні аднаму не гледзячы ў вочы, суха сказаў:

— Абодва ідзіце да каменданта.

Суседзі ад нечаканасці зніякавелі. Яны не чакалі такога ад Паўла. Абодва збянтэжана пераглянуліся і пайшлі да Брэса. Але камендант нават не глянуў на іх. А афіцэр паказаў рукою, каб аўтаматчыкі залазілі ў кузаў. Калі тыя выканалі ягоную волю, ён загадаў абодвум палонным таксама залазіць туды. Аўтаматчыкі ўселіся на лаву, спінамі да кабіны, а палонным загадалі сядаць на дно кузава, спінамі да задняга борта.

«Гэтак нас яшчэ не вазілі, — мільганула ў Міхасёвай галаве. — Мабыць, на выпадак чаго, каб смела страляць ва ўпор, а не паласнуць аўтаматнай чаргою па кабіне, дзе сядзяць афіцэр з шафёрам. Са дна кузава, у сядзячым становішчы, не выскачыш праз борт».

Хендогава тройня таксама насцярожылася, калі пачула, што Паўло паклікаў Міхася з Багданам Платонавічам да каменданта. «Мабыць, наглядчык выдаў, што Міхась ведае нямецкую мову, — падумаў Хендога. — Куды ж іх павязуць?»

Многія палонныя прагнымі позіркамі, у якіх былі не то зайздрасць, не то роспачнае захапленне, правялі Міхася з Багданам Платонавічам, што залезлі ў кузаў грузавіка і паехалі ад лагера. Гэтакім паглядам адзін жабрак праводзіць другога, мяркуючы, што таму дастанецца болей міласціны.

Багдан Платонавіч і Міхась уздыхнулі з палёгкаю, калі грузавік павёз іх ад лагера. У абодвух зацеплілася нейкая спадзяванне на паратунак. «Куды яны могуць везці нас? — думаў кожны з іх сам сабе. — Вядома ж, на нейкія работы. Можа, у вайсковую часць пілаваць дровы пры кухні? Адтуль уцячы лягчэй. Салдат ашукаць прасцей, чым турэмшчыкаў па гравійцы».

Але разам з тым кожнага з іх здзіўляў сённяшні ўчынак былога суседа. «Чаму менавіта пас, а не каго-небудзь іншага Паўло вылучыў з гурту палонных?»

Багдану Платонавічу здавалася, што былы сусед раздобрыўся, каб Міхасю па знаёмстве, а яму па-зямляцку зрабіць палёгку ў паднявольным жыцці. А Сіліч наадварот не дапускаў такога ў сваіх думках. Ён лічыў, што Паўло вылучыў з гурту яго толькі таму, што Міхась разумее па-нямецку.

Па-першае, афіцэр мог папрасіць у каменданта менавіта такога палоннага. А па-другое, Паўло ў душы не хацеў, каб гэтакі сведка, які ведае яго як аблупленага. быў побач. Калі Міхась з Багданам Платонавічам і ўцякуць, Паўло ж не будзе адказваць за гэта перад камендантам. Уцякуць жа яны ад аўтаматчыкаў, а не з-пад нагляду Паўла. Адным махам ён адначасова заб’е двух зайцаў: хутчэй пазбавіцца ад непатрэбных сведкаў і разам з тым застанецца ў іхніх вачах дабрадзеем. Адным словам, і козы будуць сыты і сена будзе цэлае. «Не мог жа камендант загадаць Паўлу вылучыць з натоўпу менавіта нас, — апраўдваў Міхась свае здагадкі. — Мы яшчэ не паспелі насаліць Брэсу так, каб ён запомніў нас у твар або ведаў нашы імёны. А Паўлу ў косці ўеліся. Ён будзе адчуваць сябе значна вальней, калі яму ўдасца справадзіць нас куды-небудзь у іншае месца».

Абодва яны сядзелі моўчкі пад накіраванымі на іх дуламі аўтаматаў і пад пільнымі позіркамі невядомых ахоўнікаў. Яны былі маладжавыя па ўзросце і бялявыя з выгляду. Напэўна, бялявасць яшчэ болей адцяняла і выразней падкрэслівала іх срабрыста-блакітнаватая форма з гэткімі ж пілоткамі на галовах і з чорнымі аўтаматамі ў загарэлых руках. «Дэсантнікі? Ці, можа, аэрадромная ахова? Лётчыкі ж звычайна — афіцэры. Дый з пісталетамі, а не з аўтаматамі».

Па тым, як часта і дробна ўздрыгваў зад кузава, дрогка трасучы абодвух палонных, Міхась і Багдан Платонавіч адчувалі, што грузавік хутка імчыць па гравійцы. Седзячы спінамі да задняга борта, ім не відно было, дзе яны праязджаюць. Хаця аўтамашына везла іх у невядомасць, абодва яны спадзяваліся на штосьці лепшае. Ад яго адчування на іх тварах пакутлівы одум змяняла імгненнае прасвятленне. Багдана Платонавіча суцяшала тое, што на зацененых абліччах гэтага не разгледзяць аўтаматчыкі.

Па аднастайным мяккім уздрыгванні, якое перадавалася з паўгадзіны, адчувалася, што грузавік увесь час імчыць па гравійцы. Пазней яго колы цвёрда застукалі па бруку. Неўзабаве аўтамашына спынілася і гучна прасігналіла. Але аўтаматчыкі не збіраліся ўставаць з лавы. Чутно было, як наперадзе за кабінаю са скрыпам адчынілася цяжкая брама. Грузавік запаволена праехаў трохі далей і спыніўся. Аўтаматчыкі загадалі палонным вылазіць і ўсталі самі.

Сіліч падняўся з дна кузава, павярнуўся і, перш чым пералазіць праз борт, акінуў позіркам кругагляд, наколькі відаць было з-за брызенту. Хлопцу здалося, што грузавік заехаў усярэдзіну нейкай цытадэлі, са складскімі памяшканнямі і старадаўняй сцяною, у якой адразу ж зачынілася масіўная брама.

— Сафія! — выдыхнуў Багдан Платонавіч, калі вылез з кузава і вочы яму асляпіў зыркі купал сабора, што ўзвышаўся спераду злева ад грузавіка, які рушыў з месца пасля таго, як з кабіны вылез афіцэр.

«Дык вось куды яны прывезлі нас! У Наўгародскі крэмль»,— цяпер зразумеў Міхась, жмурачыся ад яркага купала, што асвятляўся промнямі, якія падалі аднекуль з-за крамлёўскай сцяны. Над ёю яшчэ не паднялося сонца, і хлопец зябкавата пацепваў плячамі, бо было заядрана ці то ад настоенай за настылымі сценамі свежасці, яшчэ не прагрэтай промнямі, ці то ад могільніку з белымі крыжамі, у напрамку якога палонных павялі аўтаматчыкі з афіцэрам.

На вызваленай ад ворагаў зямлі Міхасю ўжо даводзілася бачыць такія могільнікі з неакоранымі бярозавымі крыжамі і нахлабучанымі на іх нямецкімі каскамі. Таму яму здалося, што нашчадкГтэўтонаў у адплату за кожнага забітага свайго салдата спецыяльна помсцяць нам, для магільных крыжоў ссякаючы толькі бярозы. Гэтае дрэва чамусьці было для яго сімвалічным увасабленнем усяго славянскага. Яму здавалася, што менавіта таму ў нас фашысты і высякаюць падчыстую бярозавыя гаі. Ад злосці яны дайшлі да нечуванага кашчунства: апаганілі святыню славян — зрабілі свой могільнік перад Сафійскім саборам і помнікам тысячагоддзя Расіі. Сіліч адразу ж пазнаў гэты помнік, як толькі абрысы яго вынырнулі з-за зеляніны бухматых дрэваў. З выгляду ён чамусьці нагадаў хлопцу абеліск з пазалочанымі фігурамі, што ўсярэдзіне мінулага стагоддзя быў адліты з чыгуну і ўстаноўлены на цэнтральнай плошчы Полацка ў гонар воінаў, якія загінулі ў 1812 годзе пры вызваленні горада ад французскіх захопнікаў. Хаця Міхась бачыў той абеліск усяго некалькі разоў, калі прыязджаў з бацькам у райцэнтр, але запомніў яго назаўсёды. Пазней юнака глыбока абурала, што ў трыццатыя гады абеліск зруйнавалі. Як маглі зрабіць такое святатацтва свае невукі, калі навокал усё нагадвала пра векапомныя гістарычныя падзеі? І двухпавярховы будынак былой Кульнеўскай настаўніцкай семінарыі, які заняў іх педтэхнікум, і вулка направа, міма такога ж будынка ваеннага штаба і касцёла ўніз паўз вал Івана Грознага, на Чырвоны мост праз Палату. Мост гэтак названы ў памяць ахвяраў салдат і народных апалчэнцаў, якія з крывавымі баямі ўвайшлі па ім у горад і пачалі вызваляць ад французаў беларускую зямлю. Тым болей што і адважны Кульнеў загінуў у бітве непадалёку ад Полацка.

У маленстве хлопец падрабязна чытаў у дарэвалюцыйным падручніку «Сейбіт», як выглядае помнік тысячагоддзя Расіі, і падоўгу разглядаў яго на пажоўклых малюнках. Цяпер ужо наяве, як некалі ў кнізе, апаясаны двума радамі барэльефаў, на самай вяршыні з крыжам, анёлам і ўкленчаным чалавекам, ён сапраўды нечым падобны і на шапку Манамаха, і на вялізны звон. Набліжаючыся да помніка, Міхась убачыў, што на зямлі каля яго адпачываюць людзі.

— Стойце! — невядома каму: аўтаматчыкам ці палонным загадаў афіцэр — і тыя, і другія спыніліся.— Пачакайце, пакуль я вярнуся, — скамандаваў ён і пайшоў у супрацьлеглы ад сабора бок.

«Усё адно як незнарок пакінуў нас тут, каб мы бачылі, што яны вытвараюць», — падумаў Міхась, калі разгледзеў каля помніка паздыманыя з яго чалавечыя фігуры, у беспарадку раскіданыя навокал. Як быццам стомлены ў бітве, пад цяжарам даспехаў і кальчугі, толькі на імгненне прылёг Аляксандр Неўскі, не выпускаючы з рук меч. На ягоным ілбе, нібы кропелькі поту, паблісквала ранішняя раса. Паводдаль неразлучныя адзін з адным і пасля смерці, ляжалі побач Мінін і Пажарскі. Першы, трымаючы шчыт, а другі — цяжкі меч.

На Міхасёвы вочы накаціліся слёзы. Каб не выдаць Багдану Платонавічу сваёй слабасці, хлопец павярнуў галаву і пачаў аглядаць сцены сабора. Абшарпаны і падзяўбаны кулямі, з выгляду ён адрозніваўся ад беласнежнай Полацкай Сафіі. У той сцяны — зламаныя плоскасці прамавугольнікаў, а ў гэтым яны — паўкруглыя, авальныя. Аточаная крамлём і навакольнымі памяшканнямі. Наўгародская Сафія здалася Міхасю прысадзістаю, у той час як Полацкая, на строме, непадалёку ад Заходняй Дзвіны, выглядала ўзнёслаю ўвысь.

Хлопцу прыгадалася, як яны студэнтамі любілі гуляць каля яе ў прыгожым скверы з клумбамі духмяных кветак. Туды ад іхняга педтэхнікума падаць рукою: толькі перасячы пляц ды прайсці міма Мікалаеўскага сабора і кадэцкага корпуса. Мінула ўсяго чатыры гады з тае пары, а, здаецца, як даўно было ўсё гэта!

— Няўжо яны прывезлі нас разбіраць гэты помнік? — абарваў Міхасёвы ўспаміны шэпт Багдана Платонавіча. — Але ж каля яго няма ніякіх рыштаванняў.

— Можа, прымусяць падымаць на грузавік паскіданыя фігуры? — няўпэўнена прашаптаў Міхась.

— Двум не пад сілу, — зноў зашаптаў Багдан Платонавіч. — Для гэтага яны прыхапілі б сюды болей палонных.

— Маўчаць! — раптам гыркнуў аўтаматчык, які яшчэ здалёк заўважыў, што сюды вяртаецца афіцэр з нейкім другім вайскоўцам у такой жа форме.

Калі яны падышлі бліжэй, Міхась на шырокіх лампасах на брыджах і па ўвагнутай сядлом туліі на фуражцы другога афіцэра здагадаўся, што ў таго генеральскі чын.

— Мне сказалі, што адзін з вас ведае нямецкую мову, а другі — па прафесіі — дахаўшчык ды яшчэ і майстра залатых спраў, — з адчужанай пагардаю па-нямецку звярнуўся да палонных высокі чын.— А ў майстра высокага класа з такім дасведчаным падручным і праца павінна быць ганаровая! — і пасля кароткай паўзы здзекліва дадаў: — Праўда, перш чым даверыць вам золата, я пагляджу, як вы паздзіраеце з купала пазалочаную бляху. — І жэстам рукі ён даў знак афіцэру, каб той прасачыў за выкананнем ягонага задання, а сам нетаропка пайшоў назад туды, адкуль толькі што прыйшоў.

Афіцэр перадаў аўтаматчыкам невялікі сакваяж, які прынёс адтуль, куды хадзіў па высокага чына.

— Што ён загадаў? — на хаду насцярожана прашаптаў Багдан Платонавіч, калі афіцэр і аўтаматчыкі павялі палонных да сабора.

— Здзіраць пазалоту з купала, — з горыччу і прыкрасцю ў голасе адказаў Міхась, які ўжо зразумеў, што справа паварочваецца такім бокам, калі можна размаўляць услых, а не перашэптвацца.

Багдан Платонавіч нічога не адказаў, нават нічым не выдаў свайго хвалявання.

Сіліч палахліва глянуў на купалы сабора, і яго самотны позірк стаў недаўменны ад таго, што ён убачыў. Зверху па галоўны купал была надзета крыжавіна лесвіцы, якой яму былі бачны толькі тры канцы прыступак, што спадалі кудысьці на дах. «Зноў злашчасная крыжавіна, як тая з ручнікоў на дне каша з хлебам, які прывозілі жанкі, — мільганула ў яго прыкрая думка. — Мусіць, да скону наканавана ў жыцці несці гэты крыж». З даху да зямлі звісала лесвіца, што, напэўна, была прымацавана да асновы бакавога купала. Міхасю міжвольна прыгадаўся той малюнак, што ўявіўся тады, калі ён упершыню здалёк убачыў за крамлёўскімі сценамі Наўгародскую Сафію. Чатыры віцязі абступілі і падтрымліваюць пятага ў залатым шаломе, высокага волата, які знясілеў у бітве. Хлопец адвёў позірк направа, але ў вочы кінулася масіўная шыбеніца, усё адно як спецыяльна ўзведзеная для пецярых асуджаных. «Званіца, з якой паздымалі званы, ці што? — падумаў ён. — Тады, здалёк, я не здагадаўся, што гэта. На ён каты збіраюцца вешаць пецярых віцязяў, пасля таго як мы здзярэм з галавы волата залаты шалом. Фашысты хочуць зрабіць і нас сваімі памагатымі. Цікава, як люфтвафаўцы ўзвалаклі і надзелі на купал крыжавіну лесвіцы? Мабыць, назіральнік апусціў яе з паветранага шара. Калі на фронце немцы падвешвалі ўгары надзьмуты каўбух з назіральнікам, каб карэкціраваць артабстрэл, дык тут і пагатоў маглі выкарыстаць яго».

Настрой у хлопца пагоршыўся. Ногі адзеравянелі, не згіналіся ў каленях і адмаўляліся служыць. Ён напружваў сілы, каб перастаўляць іх. Яму здавалася, што ён ужо не здолее прайсці нейкую сотню метраў. Хлопец заняпаў духам і ў думках пачаў вінаваціць ва ўсім Паўла. Цяпер ён не сумняваўся ў тым, што іх з Багданам Платонавічам падвёў пад манастыр Паўло. Генерал мог даручыць афіцэру знайсці ў лагеры дахаўшчыка і палоннага, які разумее па-нямецку. Калі афіцэр сказаў пра гэта каменданту, Брэс, напэўна, тады і паклікаў Паўла дый загадаў яму знайсці такіх палонных. А Паўлу нечага было шукаць іх, бо ён жа ведаў, што Багдан Платонавіч — дахаўшчык, а Міхась разумее нямецкую мову. Хто ж, акрамя Паўла, мог сказаць, што Багдан Платонавіч — майстра залатых спраў? Жадаючы заслужыць пахвалу каменданта, Паўло сваім веданнем палонных казырнуў перад афіцэрам, а той, каб выслужыцца перад генералам, у сваю чаргу таксама гэтак ахарактарызаваў яму Багдана Платонавіча.

Палонных падвялі да сцяны, паўз якую з даху звісала лёгкая вяровачная лесвіца.

— Здымай рэчмяшок, і разувайцеся! — загадаў афіцэр.

Міхась зняў з плячэй рэчмяшок і паклаў яго на зямлю. Палонныя прыселі, каб разуцца. Калодкі, вядома, можна было зняць стоячы, але ж трэба было разбэрсаць завязкі портак, каб разгарнуць верхнія канцы ануч.

— Шнэль! — выкрыкнуў афіцэр і болей лагодным тонам сказаў аўтаматчыку, што трымаў сакваяж: — Дай ім інструмент.

Той раскрыў баул, выняў адтуль два брызентавыя паясы і аддаў палонным. На паясах матляліся металічныя ланцужкі з зашчапкамі. Міхась бачыў, як такімі паясамі некалі прышчэпліваліся да слупоў сувязісты, што няўклюднымі кіпцюрамі узбіраліся ўгару і закручвалі там крукі, навінчвалі ізалятары і прывязвалі правады. Услед за Багданам Платонавічам падпяразваючы пояс, ён разгублена глядзеў, як аўтаматчык дастаў з баула брызентавы канверт, разгарнуў яго і, кладучы на зямлю, холадна прамовіў:

— Хай самі выбіраюць, што ім патрэбна.

Сіліч утаропіўся ў канверт, з вузенькіх кішэнек якога тырчэлі пласкагубцы, адвёрткі, абцугі, прабойнікі. Ці таму, што паверхня іх паблісквала як адпаліраваная, ці ад таго, што яны былі разнастайных памераў, яму чамусьці ўявілася, як гэтымі інструментамі фашысты зрываюць з пальцаў сваіх ахвяр пярсцёнкі і выдзіраюць са сківіц залатыя зубы.

— Варушыцеся! — прыспешваў афіцэр.

Багдан Платонавіч нетаропка, але з годнасцю выбраў з канверта двое абцугоў і двое пласкагубцаў, большыя паклаў у кішэню портак, а меншыя перадаў Міхасю. Хлопец нерашуча ўзяў інструмент і ледзь патрапіў ім у кішэні, так дрыжалі яго рукі.

— Лёс! — прыкрыкнуў афіцэр. — Толькі лезьце па адным!

«Мабыць, не ўпэўнены, што двух вытрымае лесвіца? — зларадна падумаў Міхась. — Нябось клапоціцца не за наша жыццё. Баіцца, каб не сарвалі генералава заданне».

Багдан Платонавіч, як быццам дражнячы афіцэра, дэманстратыўна папляваў на далоні і, марудзячы, пацёр іх адна аб адну. Потым учэпіста абшчаперыў вяровачныя бакі лесвіцы і павольна палез угару. Лесвіца разам з ім злёгку пагойдвалася то бліжэй да сцяны, то далей ад яе, але чым вышэй ён падымаўся па ёй, тым пагойдванне суцішалася. Толькі ў Міхасёвых грудзях усё мацней і мацней калацілася сэрца. Хлопец палахліва назіраў за суседам, што нетаропка караскаўся ўгару. У самым версе сцяны Багдан Платонавіч затрымаўся, ці то пераводзячы дыханне, ці то навобмацак абшчаперваючы над карнізам нябачныя вяроўкі, потым падняўся яшчэ на адну прыступку, павольна перагнуўся на дах і, нязграбна падцягваючы ногі, знік з вачэй. Зверху адразу ж пачуўся раскацісты пошчак, мусіць, ад зыбання пад яго рукамі і каленямі даху. Гэты пошчак гулка адазваўся ў хлопцавых вушах, прыглушаючы афіцэраў выкрык «лёс!».

Сіліч нехаця ўзяўся за вяроўкі, насілу падняў босую нагу на ніжнюю прыступку, з цяжкасцю адарваўся ад зямлі і павіснуў у паветры. Ад таго, што яго рукі і калені дрыготка трымцелі, лесвіца пад ім пагойдвалася ў бакі і хадзіла хадуном. У яго сярэдзіне штосьці абарвалася, нібыта калісьці на арэлях, якія ў саракі моцна разгушкалі старэйшыя хлопцы. Цяпер на арэлях смерці яму прыгадаліся^ вясновыя арэлі маленства, што гушкаліся на бэльцы пад павеццю, прыкметна пагойдваючы яе страху. Міхась марудна караскаўся ўгару, а сонца наадварот падымалася хутчэй. Вось яно выглянула з-за будынкаў, перад светам асвятліла хлопца як злачынцу, адлюстроўваючы сваімі промнямі на сцяне яго пачварны цень і агідную лесвіцу.

І кожная пераадоленая прыступка яе на адну ступеньку набліжала яго да злачынства. Цяпер, быццам на экране, ён быў на віду перад вокнамі будынкаў, перад дрэвамі і перад сівымі помнікамі гэтага свяшчэннага месца паломніцтва.

Хлопца з ног да галавы абдало халодным потам. Кружылася галава. Каб не зваліцца, ён стараўся не глядзець уніз, але яго скасавураны позірк палохаўся ўласнага нязграбнага ценю, які марудна поўз па сцяне. Лез Міхась сапраўды запаволена, бо немцы знізу загалёкалі на яго, як на спалоханую малпу, якую ўзагналі на рэі парусніка, а яна не ведае, што рабіць, і то разгублена караскаецца ўгару, то спыняецца на месцы.

Калі галёканне суціхла, зверху, быццам запозненае водгулле яго, даляцеў пранізлівы крык:

— Цэж мій Кыіў! Дніпро-Славутыч і Подол! Даруй мэні, пробач, Софыя!

А потым з аглушальным шоргатам-звонам зноў раскаціста забарабаніў дах ды непадалёку ад Міхасёвага ценю імкліва мільгнуў па сцяне другі няўклюдны цень, ад якога хлопец ажпо скалануўся і адначасова пачуў, як унізе штосьці глуха чмякнулася.

Інтуітыўна Сіліч адчуў, што нешта здарылася, і разгублена застыў на лесвіцы ў стане адлучанасці і здранцвення. Нават не зрэагаваў на каманду «Злазь уніз!», якую двойчы падаў афіцэр. Толькі кароткая аўтаматная чарга, якою міма яго паласнуў салдат, вывела хлопца з шокавага стану і выкрык аўтаматчыкаў «Злазь назад!» нарэшце прымусіў заварушыцца і крануцца з месца. Цяпер ён зразумеў, што здарылася штосьці непрадбачнае, калі яму загадваюць злазіць. Але злазіць уніз было яшчэ цяжэй, чым падымацца ўгару. Чым даўжэйшы адрэзак лесвіцы вызваляўся зверху, тым болей ён разгойдваўся пад нагамі хлопца, разгушкваючы пад ім яе вольны хвост. А Міхась па-ранейшаму пабойваўся глядзець уніз і таму навобмацак нагамі з цяжкасцю трапляў на разгойданыя прыступкі. Яму здавалася, што ён злазіў цэлую вечнасць. А калі сышоў з лесвіцы і, паварочваючыся, убачыў на доле нерухома распластанае цела Багдана Платонавіча, не выпусціў з рук вяроўку, бо адчуў, як настылы дол апаліў босыя падэшвы і ўсё вакол пайшло кругам, нібы яго рушыла з месца карусель. Ён заплюшчыў вочы і, мусіць, паляцеў бы потарч, калі б выпусціў з рук вяроўку. Устаяў па нагах толькі таму, што прытрымаўся за яе.

— Абувай клюмпы і забірай рэчмяшок! — Сярдзітым сабачым гырканнем здаўся яму нямецкі загад, які скалануў яго і прымусіў расплюшчыць вочы. Няўцямным позіркам хлопец абвёў абодвух аўтаматчыкаў, не разумеючы, каторы з іх гэтак гыркнуў. Афіцэра з імі не было. Міхась бездапаможна апусціў на дол сваё расслабленае цела і, са спачувальным шкадаваннем паглядаючы на мёртвага таварыша, стаў памотваць на ногі анучы. Але калі забэрсаў завязкамі портак іх верхнія краі і прасунуў нагу у калодку, пятою не адчуў задніка. Хлопец толькі цяпер зразумеў, што ўзяў клюмпы і анучы Багдана Платонавіча, памер нагі якога быў большы. На імгненне Міхась сумеўся, потым змяніў калодкі і не стаў раскручваць з ног ануч. Усярэдзіне ён адчуваў нейкую апустошанасць і разам з тым ледзьве здолеў адарваць ад долу абцяжаранае цела. На фронце і асабліва ў апошнім акружэнні ён болей стрымана перажываў гібель аднапалчан. А тут чамусьці ўвесь раскіс і размяк. Ці то ў хлопца ўбывалі сілы і расслаблялася воля, ці то пачыналі здаваць нервы?

З Багданам Платонавічам яго зблізіла гаротная доля. Таму смерць сябра хлопец успрыняў вельмі блізка да сэрца, хаця не мог паверыць у яе, настолькі яна была нечаканая і нязвычная.

Сіліч употайкі паглядзеў на таварыша, спадзеючыся, што да таго яшчэ вернецца свядомасць і ён падасць прыкметы жыцця. Нават калі аўтаматчык загадаў узяць рэчмяшок. разгублены хлопец не стаў лажыць у яго ануч, калодак і пілоткі, якая валялася непадалёку. Ён лічыў, што ўсё гэта павінна быць з Багданам Платонавічам. Наадварот, Міхася здзівілі і збянтэжылі распараджэнні афіцэра, які аднекуль з’явіўся зноў і загадаў аўтаматчыку зняць з шыі Багдана Платонавіча і ўзяць з сабор жэтон, а Міхасю — пакласці ў рэчмяшок сеседавы рэчы. «Адразу відаць вышкалены гітлеравец. Назубок ведае свае парадкі Скнара! Скупярдзяй! Жэтон — дзеля справаздачы вышэй шым інстанцыям. Маўляў, быў палонны з гэтым нумарам ды аддаў богу душу. А ягоныя рэчы трапяць на склад. Яны яшчэ спатрэбяцца якому-небудзь гаротніку. Немцы і педантычныя, і эканомныя».

Толькі калі да сабора пад’ехаў грузавік і аўтаматчыкі ўскараскаліся ў кузаў ды загадалі Міхасю залазіць таксама, хлопец нарэшце зразумеў, што назаўсёды разлучаецца з таварышам. Перш чым выконваць загад немцаў, ён развітальным позіркам акінуў распластанае нерухомае цела, а потым ускараскаўся ў кузаў, павярнуўся і яшчэ раз спыніў і затрымаў на сябру праніклівы пагляд, поўны жалю і жалобы. «Куды яны запратораць, небараку, босага і проставалосага? Хоць бы абулі ногі ў клюмпы ды надзелі на галаву пілотку. Нябось гідуюцца. Грэбуюць нашым братам. Хай бы ж дазволілі мне зрабіць гэта. Дык не, нават не пахаваюць па-людску, як чалавека».

Сілічу не відно было, дзе яны едуць, але ён разумеў, што немцы вязуць яго назад у лагер. Куды ж ім цяпер везці яго? Яму здавалася, што грузавік імчыць хутчэіі, чым ехаў сюды. На лаве пры кабіне аўтаматчыкам лацвей: іх не трасе гэтак, як яго, каля задняга борта. Перад вачамі мітусня і рабацінне ад дрогкага падскоквання парожняга кузава. І ў такт гэтаму ўздрыгванню ў галаве мітусяцца і абрываюцца думкі пра гаротнага сябра. Міхась упэўнены, што Багдан Платонавіч ніколі не пайшоў бы на злачынства, зрабіць якое яго прымушалі ворагі. Для яго было кашчунствам пасягнуць на святыню, якая горда ўзвышаецца тут, як і ў яго родным Кіеве. У сябра і пад прымусам ніколі не паднялася б на гэта рука. Таму чалавек і рашыўся на самагубства, каб не запляміць сваіх рук перад фашысцкай поскуддзю. Міхась не ведае таго, што Багдан Платонавіч паспяшаўся зрабіць гэта, каб апярэдзіць хлопца і не даць яму падняцца на дах сабора. Бо наўрад ці здолеў бы Міхась злезці адтуль цераз карніз. Дый хто ведае, што зрабілі б з імі захопнікі? Хутчэй за ўсё расстралялі б абодвух, каб не засталося ніякіх сведкаў пасля зробленага злачынства. Ад гітлераўцаў не чакай паблажкі. Яны майстры крывавых спраў.

Раптам, прыцішаючы хуткасць, аўтамашына крута павярнула налева, ад чаго па інерцыі Міхася кінула на ўхаб да правага борта. Грузавік трохі праехаў і рэзка спыніўся. Чутно было, як адчыніліся дзверцы кабіны, за брызентам пачуліся галасы.

Салдаты ўсхапіліся з лавы, і адзін з іх рукою падаў Міхасю знак, каб ён злазіў на дол.

Хлопец падняўся, нетаропка пералез праз борт і, адштурхоўваючыся ад яго, скокнуў на зямлю. Пакуль з кузава вылазілі аўтаматчыкі, Міхась разгледзеў, што грузавік спыніўся перад тарцом прысадзістага барака, у якім атабарылася лагерная ахова. На ганку стаялі камендант і яго намеснік. Афіцэр ужо, напэўна, паспеў сказаць ім пра тое, што здарылася з палонным. Цяпер ён загадаў аўтаматчыку, які зняў з шыі Багдана Платонавіча жэтон, аддаць яго каменданту, і растлумачыў Брэсу, што рэчы нябожчыка ў палоннага. Міхась горка ўхмыльнуўся: «Турэмшчык Брэс уласнаручна раструшчвае кіркаю чарапы і адсякае лапатаю галовы палонным, не цікавячыся ні іхнімі жэтонамі, пі іхнімі рэчамі, якія закопваюцца разам з ахвярамі».

Брэс, мабыць, і сапраўды пе чакаў такога педантызму з боку афіцэра, бо абыякава махнуў рукою: маўляў, ці варта турбавацца дробяззю? Але калі ўбачыў, што твар таго, нібы халодная маска, не расслабіў ніводнага мускула і ўся пастава не змяніла вышкаленага выгляду, збянтэжана паказаў рукою свайму намесніку, каб ён забраў жэтон і рэчы.

Штунц грэбліва ўзяў з рук аўтаматчыка жэтон, няўцямна паціснуў плячамі і нехаця рушыў у насцеж расчыненыя дзверы барака, на хаду буркнуўшы Міхасю: «Ком хэр!»

Хлопец павалокся ўслед за ім па вузкім калідоры, што цьмяна асвятляўся трыма электрычнымі лямпачкамі і праходзіў па сярэдзіне барака, раздзяляючы яго на дзве палавіны. Па баках былі дзверы асобных пакояў, а ў самым далёкім канцы вялізнае загатаванае акно.

Штунц жэстам рукі загадаў Міхасю спыніцца, а сам дастаў з кішэні ключ, нетаропка адамкнуў і расчыніў насцеж дзверы справа, увайшоў у іх праём і ўслед за сабою перакрыў яго вузкім прылаўкам, што адкладаўся за вушак да ўнутранай сцяны. Спачатку шпурнуў на стол, што стаяў збоку, жэтон Багдана Платонавіча, а потым падышоў да дзвярнога праёма і незадаволена буркнуў:

— Ну, што ў цябе?

Сіліча абдало рэзкім спіртным перагарам. Хлопец не зразумеў, адкуль патыхае смуродам: з кладоўкі ці з сярэдзіны Штунца. Міхась грэбліва зморшчыўся, зняў з плячэй рэчмяшок, ссунуў зверху яго расслабленую лямку і, накінуўшы яе на карак, разбэрсаў завязку. Моўчкі выняў з сярэдзіны сябравы клюмпы, а потым анучы і моўчкі паклаў на прылавак. Штунц згроб усё гэта абедзвюма рукамі і панёс да паліц, што цягнуліся ўсцяж бакавой сцяны. Пакуль намеснік каменданта паклаў іх там і вярнуўся. Міхась дастаў з рэчмяшка пілотку і, няўмела жэстыкулюючы рукою, паказаў, што ён, проставалосы, хоча пакінуць яе сабе.

— Атрымаеш тады, калі будзем выдаваць усім галадранцам шынялі! — здзекліва раўнуў Штунц і вырваў з хлопцавых рук пілотку.

«Каравачнік! Калман!» — падумаў Міхась, па аналогіі ўспомніўшы, як такімі словамі калісьці называлі анучніка, што збіраў старызну, уголас выкрыкваючы на ўсю вёску: «Бабы, караўкі! Бабы, караўкі!»

Міхасю хацелася расслабіцца ад душэўнага стрэсу і хоць трохі пабыць на адзіноце. Ён спадзяваўся на тое, што аўтаматчыкі зараз завядуць яго ў лагер. Але камендант, напэўна, папрасіў афіцэра, каб грузавік адвёз хлопца на дарогу, дзе працуюць астатнія палонныя. Бо салдаты зноў залезлі ў кузаў і загадалі Міхасю таксама ўскарасквацца туды. Грузавік крануўся з месца, павольна завярнуўся на пляцы перад лагерам і выехаў на гравійку. Хвілін праз пяць ён прыцішыў хуткасць і спыніўся ў гурце палонных, што з насілкамі і з лапатамі расступіліся перад ім на абочыны. Афіцэр штосьці пагаварыў з дарожным майстрам, і аўтаматчыкі здалі яму палоннага. Майстра, відаць, хацеў паказаць перад афіцэрам свой спрыт, бо не паспеў яшчэ ад’ехацца грузавік, як немец хутчэй загадаў Міхасю браць у рукі лапату і засыпаць выбоіны.

Звычайна абедзве суседскія тройні і на гравійцы імкнуліся працаваць адна каля аднае: дзве пары палонных засыпалі калдобіны, а двое — лапатамі накідалі ім насілкі. Паколькі Міхася з Багданам Платонавічам раніцою забраў з лагера грузавік, сягоння такі распарадак працы парушыўся. Цяпер дарожны майстра паставіў хлопца ў іншым месцы, далекавата ад суседзяў па нарах. Міхась мімаволі вымушаны мірыцца з такім становішчам, бо адчувае сябе разбітым і абцяжараным. Як быццам яго толькі што ўпрагалі ў калёсы і вазілі на ім непасільны груз. Калі б суседзі па нарах працавалі побач, яны адразу накінуліся б з роспытамі, куды іх вазіў грузавік і дзе дзяваўся Багдан Платонавіч?

Але ў Міхася цяпер такі настрой, што яму хочацца маўчаць, і яго нават задавальняе тое, што ніхто ў яго нічога не пытаецца. Малазнаёмыя не лезуць у чужую душу. Да таго ж на ім няма твару і ягоны спакутаваны выгляд насцярожвае суседзяў па працы і ўстрымлівае ад усялякіх роспытаў.

Пануры і маўклівы, сноўдае хлопец з грабарскай лапатаю, зачэрпваючы на абочыне друз і засыпаючы ім выбоіны. Але адна справа маўчаць, калі да цябе ніхто не чапляецца з роспытамі, і зусім іншая справа адганяць прэч процьму думак, ад якіх піяк не пазбавіцца. А яны насядаюць на хлопца з усіх бакоў і пе даюць яму спакою. Багдан Платонавіч стаіць перад ім як жывы. Прыгадваюцца сцэнкі і паднявольнага побыту, прыкрасць і гаркоту якога падчас дасціпна ўмеў згладзіць вопытны сусед і старэйшы таварыш. Міхась не ўяўляе, як ён без яго зможа цяпер перабівацца ў няволі і валачыць гаротнае існаванне. Ад надакучлівых думак нельга адбіцца. Яны, быццам назойлівыя авадні ў спякоту, лезуць сляпіцаю.

Успомнілася, як, бывала, у прыпар на пашы бзыкавалі карова з цялушкаю і, падымаючы хвасты, уцякалі ў вёску, каб схавацца ў хляве ад сляпнёў. Ад роспачы, здаецца, сам, мыкаючы, забзыкуеш і кінешся наўцёкі праз ланцуг ачаплення, хаця і не хапае сілы падымаць лапату. Цела гняце цяжар, у галаве так віруюць думкі і усярэдзіне так бурліць адчай, што ледзьве хапае змогі трымацца на нагах. Цяпер яму здаецца, што да таго часу, пакуль ён не раздзеліць з іншымі сваю бяду, на душы ў яго не палягчэе. Таму як толькі дарожны майстра абвясціў полуднік, хлопец павалокся да суседзяў па нарах, цягнучы па жарстве савок лапаты, як падбітае крыло голуб, і моўчкі асунуўся каля іх на схіл кювета.

— Што з табою? — насцярожыўся Леанід, які чамусьці рашыў, што пры спробе ўцячы Багдану Платонавічу пашчаслівіла, а Міхася затрымалі.

Глыбока дыхаючы, як рыба, якую выкінулі з вады на бераг, Міхась маўчаў.

— Дзе Багдан Платонавіч? — нясмела запытаўся Хендога, хоць і бачыў, што хлопцу цяжка гаварыць.

— Загінуў, — выдыхнуў Міхась.

— Застрэлілі? — нерашуча дапытваўся Леанід.

— Сам скінуўся з даху сабора.

— Якога сабора? — нічога не цяміў Леанід.

— Сафійскага, — выдыхнуў Міхась і, удыхнуўшы ў сябе паветра, растлумачыў: — У Ноўгарадзе.

— Царства яму нябеснае! — скорагаворкаю прамовіў Казпадзей.

— Няхай яму будзе пухам родная зямля! — падтакнуў Ярмолік.

— А што ён павінен быў рабіць на саборы? — нічога не разумеючы, удакладняў Леанід. — Раскрываць дах?

— Здзіраць з купала пазалочаную бляху,— растлумачыў Міхась, цяпер ужо раўнамерней дыхаючы.

— Ірады! Антыхрысты! — гнеўна абураўся Казнадзей. — Рабаўнікі з вялікай дарогі, а яшчэ носяць спражкі з надпісам: «Бог з намі!»

— Іхні бог — Гітлер! От яны і моляцца яму за тое, што ён блаславіў іх забіваць людзей і рабаваць чужое дабро, — з’едліва рассудзіў Хендога.

 

24

Сіліч хваравіта перажываў гібель Багдана Платонавіча. Адсутнасць суседа адчувалася фізічна і ў лагеры, і на працы.

Раніцою, разбіраючы на складзе інструмент, палонныя бралі насілкі толькі пад прымусам наглядчыкаў. Спрытнейшыя раскопвалі лапаты. Лапату і на плячах несці лягчэй, і валачы па зямлі можна, і пры выпадку на яе дзяржальна лацвей абаперціся. А насілкі з грузам паспрабуй цягаць на вясу! Іх і ўлегцы нязручна несці на гравійку і назад у лагер. Абедзве тройні вымушаны былі браць насілкі толькі таму, што суседзям па нарах і на гравійцы не хацелася разлучацца. Палёгку ў працы яны рабілі сабе самі, па чарзе падмяняючы адзін аднаго з насілкамі ды з лапатамі. Цяпер жа, калі адна тройня распалася, Міхасю з Леанідам на гравійцы было цяжэй трапіць па суседстве з Хендогавымі таварышамі. Лапаты не заўсёды ўдавалася захапіць, а двум з насілкамі прымыкаць да суседскай тройні няёмка: тым самым як бы лішні цяжар узвальваеш і на свае і на іхнія плечы. Запрашаць жа абыкаго ў сваю кампанію не хацелася. Дый за гэты час у лагеры на глебе пабрацімства, зямляцтва і суседства па нарах палонныя пазгуртоўваліся па двое-трое.

Праўда, атрымалася так, што Сіліч як быццам задобрыў ужо суседскую тройню. Ён аддаў Хендогу суседаў керн і абломак нажоўкі. Хлопец ведаў, дзе ўсё гэта разам з самаробным нажом, пазбягаючы вобыску, захоўваў Багдан Платонавіч у шчыліне паміж дошкамі і прышытым да нараў плінтусам. Канечне, хлопец не збіраўся спецыяльна задобрываць суседзяў. Ён бачыў, што ў іх лепей напрактыкаваныя рукі, чым у яго з Леанідам. А з такім інструментам, хоць і прымітыўным, умелым рукам лягчэй прамышляць, ад іх толку будзе болей.

У спадчыну ад Багдана Платонавіча Міхасю дастаўся рэчмяшок. У ім быў ручнік, бляшанка ад дымавой шашкі і дзюралевае вядзерца, якое зрабіў Багдан Платонавіч. Звычайна гэтымі рэчамі яны карысталіся супольна, і хлопец, як малодшы, у знак павагі да старэйшага, часцей насіў мяшок за сваімі плячамі. Цяпер Сілічу не патрэбен быў лішні посуд. Але ён усё роўна не выкінуў з рэчмяшка бляшанку ад дымавой шашкі. Рашыў, што яна можа яшчэ спатрэбіцца, асабліва для варыва травы ці чаго-небудзь іншага. Каб не запэцкаць і не закапціць на агні, шкада было ўжываць для гэтага самаробнае вядзерца. Міхасю хацелася зберагчы чыстай і нічым не заплямленай памяць пра суседа. Простыя суседавы рэчы выклікалі ў хлопца шчымлівыя ўспаміны пра Багдана Платонавіча. Праўда, дзюралевае вядзерца стала злашчасным, бо з’явілася прычынаю яшчэ адной вымушанай размовы Міхася з Паўлом.

Размова тая адбылася неўзабаве пасля смерці Багдана Платонавіча, адразу ж, як толькі сярод палонных разышлася вестка пра ягоную гібель. Міхасю, канечне, не было пра што гаварыць з Паўлом. Паўло таксама ведаў пра гэта. Яшчэ з тае пары, калі паміж імі ўзнікла непрыязь, яны пазбягалі адзін аднаго.

А тут раптам ні з таго ні з сяго ў часе атрымання кандзёру Паўло перастрэў Сіліча на калідоры перад ганкам і ветла запрасіў у наглядчыцкую штубу. Раней Міхась нізашто не паслухаў бы яго, як бы ветліва ні запрашаў той. Але на гэты раз, калі побач на нарах замест Багдана Платонавіча агалілася пустата, нібыта месца ад вырванага зуба, якое ўсё яшчэ балела і крываточыла, хлопец у хвіліну душэўнай слабасці зжаліўся над Паўлом і рашыў, што той расчуліўся і хоча распытацца пра гібель земляка і, можа, нават пакаянна апраўдацца ў сваёй нявіннасці за ягоную смерць.

Як быццам падштурхнуты Паўлом, Міхась паперадзе яго неахотна ўвайшоў у пакой з прыкрай думкаю: «От як могуць уваходзіць разам у былую настаўніцкую два нежыццяздольныя настаўнікі!»

Увайшоў нехаця, а выскачыў адтуль як апараны кандзёрам з бляшанкі, дужка якой, здаецца, апякала руку.

Ад злосці, гневу і абурэння Міхась і тады не паспеў усвядоміць, як гэта ўсё адбылося, і пазней ніяк не мог прыгадаць ва ўсіх падрабязнасцях тое брыдкае здарэнне. Помніць толькі, як пасля ўваходу ў штубу насцярожана забегалі ў Паўла вочы, нібыта ў напалоханай мышы, што асцерагаецца мышалоўкі. Ды яшчэ запомнілася, як Паўло прымірэнча і чулліва ўспамінаў той час, калі яны елі кандзёр з аднаго кацялка. Міхась насцярожыўся, чакаючы ўсяго ад слізкага гада, які лісліва шыпеў і выкручваўся бяскрыўднай вужакаю. Хлопец інтуітыўна адчуў, што ліслівым шыпеннем гад хоча прыспаць ягоную пільнасць, а элегантна выкручваючыся, сваім целам ссоўвае сыпучы пясок у нетрывалы пагорак, з якога кожную хвіліну можа скокнуць і ўджаліць.

Аказалася, што Паўло сапраўды загаворваў зубы, а ўспомніў сумесную яду з аднаго кацялка, каб расчуліць хлопца і псіхалагічна падрыхтаваць да таго, дзеля чаго запрасіў. Наглядчык лісліва прапанаваў Сілічу свой кацялок у абмен на вядзерца Багдана Платонавіча, за якое ў прыдачу, калі толькі Міхась згодзіцца, абяцаў яшчэ некалькі порцый кандзёру.

Паўло, мабыць, наўмысна выбраў зручны момант, калі ў штубе не было нікога з наглядчыкаў, бо не хацеў, каб яны чулі ягоную гаворку з Міхасём. Дазорцы з перакладчыкам у гэты час па двары назіралі за парадкам пры выдачы кандзёру.

Кашчунная прапанова Паўла выклікала ў Сіліча выбух абурэння. «Ах ты, наглядчык-перакладчык! Дык ты для гэтага запрасіў у настаўніцкую выкладчыка гісторыі? Дзёшава купляеш мяне! Свайго земляка выправадзіў на верную смерць і цяпер нават дзеля прыліку не пацікавіўся, як ён загінуў! Не паспеў яшчэ той астыць у сырой зямлі, а ты паквапіўся ўжо на ягонае вядзерца! Канечне, у яго ўвойдзе процьма кандзёру! З яго і гушчы сабе болей вывудзіш, і поліўкі хопіць, каб выменьваць за яе хлеб у гаротнікаў! Салдацкі кацялок замалы для наглядчыка! Хай ён рукі табе агнём паліць, бо ён жа сведка тваёй чырвонаармейскай прысягі!»

Усё, што накіпела на сэрцы і мільганула ў галаве, Сіліч у гарачцы бязладна і невыразна выпаліў Паўлу, перш чым выскачыць з наглядчыцкай штубы. Кашчуннай прапановаю наглядчык ускаламуціў усё ў Міхасёвай сярэдзіне. І хаця з часам брудная муць паступова адстоялася, але ад яе застаўся брыдкі асадак, які не раставаў на дне душы. Праўда, затое агіднае ўражанне ад размовы з Паўлом паслужыла Міхасю штуршком для чарговай выдумкі.

Сіліч бачыў, як Хендогава тройня, прыдбаўшы керн і абломак нажоўкі, актывізавала выраб шырпатрэбаўскіх сувеніраў. Суседзі паставілі гэтую справу на шырокую нагу, як кажуць, наладзілі паточны канвеер з вузкай спецыялізацыяй працы: адзін адпілоўваў канцы гільз і адгінаў распілаваныя шыйкі буйнакаліберных патронаў, другі надрайваў пяском загатоўкі, трэці займаўся гравіроўкаю. Ад суседзяў не адставаў і Леанід. Ён пераймаў іхні вопыт і набіваў руку на практыцы. У асноўным яны практыкаваліся толькі на падсвечніках ды на вазах для кветак. Да складаных рэчаў у іх не даходзілі рукі. Набытым хлебам яны дзяліліся і з Міхасём.

— Чырвонаармейцы снарадамі ды кулямі не затрымалі фашыстаў на гэтых рубяжах. А мы нашымі парожнімі гільзамі да стрэленымі патронамі адгэтуль бамбім Германію і выбіваем сабе нямецкі хлеб, — неяк пакпіў Казнадзей, у голасе якога адчуваліся і прыкрасць, і горыч.

Міхася трошкі пакрыўдзілі гэтыя словы. Ён адчуваў сябе ніякавата ад таго, што пасля гібелі Багдана Платонавіча ў яго апусціліся рукі і ён, засмучаны, адстае ад суседзяў у гэтым промысле, стаў як бы іхнім нахлебнікам.

Хлопцу хацелася паказаць суседзям, што ён яшчэ не зломак, што ён таксама здатны на сёе-тое. Яму рупіла зрабіць што-небудзь такое, каб яны здзівіліся. З непрывычкі Сілічу было цяжкавата важдацца з металам, таму што ў школе ён меў справу толькі з дрэвам. Хаця, праўда, як выкладаў ім урок працы малапісьменны сталяр з іхняй вёскі? Часамі за адну невядома кім абгабляваную і прыхаваную за грубку ножку для табурэта многія вучні ў класе ўхітраліся атрымаць у яго адзнаку за чвэрць.

І ўсё-такі, што ні кажы, а Міхасю, як сыну вёскі, дрэва спадручней. У маленстве ён нічога не рабіў з металу. А з ляшчыны вырабляў адмысловыя кіі, акуратна вырэзваючы кару шашачкамі, прадаўгаватымі шасцернямі і звілістымі стужкамі. Праўда, чачоткавых кіёў не рабіў. Ды яны і не ў модзе былі ў іхняй мясцовасці. Пра іх ён толькі чуў ад слуцакоў, з якімі вучыўся ў педтэхнікуме. Затое якія прыгожыя і стракатыя кульбы рабіў, папярэдне абсмальваючы іх у вогнішчы да чарнаты. «А што? Калі б і тут змайстраваць такую, дык таксама збыў бы за мілую душу замест сувеніра? Зрабіць бы кульбу, вакол якой абвіўся падкалодны гад, як гэты наглядчык-перакладчык!» І Сіліч чамусьці ўспомніў, як яго па галаве выцяў кіем нямецкі афіцэр, у якога ажно звалілася з пераносіцы пенснэ. «Таксама падкалодная змяя, толькі — чужая, заморская. А наглядчык-перакладчык — свая, дамарослая».

Аднойчы Міхась знайшоў у кювеце касяк адколатай дылёўкі. Адламаў востры капец, уважліва агледзеў свежаадламаны край і пераканаўся, што дошка ліпавая. А ён жа ведаў, што ліповая драўніна мяккая і не расколваецца па слаях, як сасна. Зручны, падатлівы матэрыял сам напрошваўся яму ў рукі. Пад выглядам паліва невялікі, прыкладна метровы касяк дошкі хлопец прынёс у лагер. А паколькі цвёрда надумаў ужо зрабіць кульбу з абвітай вакол змяёю, дык адразу ж чатырохгранную загатоўку абстругаў і закругліў. Толькі пакінуў пляскатым шырэйшы канец, таму што яшчэ пэўна не ўяўляў, якую форму надасць булдавешцы.

Думка наконт таго, каб выразаць вакол кульбы звілістую змяю, яму вельмі імпанавала. Міхасю падабалася, што на кульбе сімвалічна будзе ўвасоблены фашысцкі прыхвасцень або ягоны гаспадар. Але разам з тым хлопец адчуваў, што ў гэтай сімволіцы не хапае яшчэ нейкага атрыбута. І таму яна павісае ў паветры, незалежна ад таго, як бы змяя ні абвівала кульбу. А яму хацелася, каб задума штосьці канкрэтызавала болей пэўнымі намёкамі. І ў яго ўзнікла жаданне зрабіць на кульбе дзяржальна ў выглядзе мядзведзя, які сядзеў бы на галаве змяі. Выдумка прываблівала, і хлопец спыніўся на ёй. Яму здавалася, што мядзведзя лёгка выразаць і, разам з тым, ён хораша ўвянчае балдавешку кульбы.

Суседзі бачылі, як Сіліч валок з працы касяк дошкі, але не сумняваліся, што хлопец нясе яе для паліва. А ў лагеры, занятыя вырабам сувеніраў, надта не прыглядаліся да таго, што робяць іншыя палонныя. Праўда, Леанід бачыў, як сусед абстругваў і закругляў драўляную загатоўку, але таксама не здагадваўся, што надумаўся рабіць сябра. Толькі пасля таго як Міхась з шырэйшага яе канца выразаў мядзведзя і, састругваючы, пачаў патончваць загатоўку, пакідаючы вакол выпуклую звілістую змяю, суседзі зразумелі, што ён робіць.

Лязо самаробнага нажа, якое Багдан Платонавіч адтачыў аб цагліну, было вострае як брытва і пад націскам Міхасёвай рукі паслухмяна ўваходзіла ў падатлівую ліповую драўніну. Хлопец з агідаю паглядаў на змяю, якая мёртвай хваткаю абвіла кульбу, і яму здавалася, што гэтак жа ўчэпіста, нібы ўдаў, Паўло абвіў Багдана Платонавіча і высмактаў яго кроў, а пасля яшчэ хацеў піць кандзёр з ягонага дзюралевага вядзерца.

Для таго, каб змяя была болей прыкметная на фоне кульбы, Сіліч зрашэціў яе дробнымі выемкамі. Праўда, калі ў грубцы абпаліў кульбу, як галавешку, гэтыя выемкі не надта кідаліся ў вочы. І тады ён знайшоў спосаб, як аднамасны жыган зрабіць хоць трохі рознакаляровым. Спачатку некалькі разоў старанна вышараваў яго сухой травою, каб абпаленая паверхня не бралася за рукі і не пэцкалася. А потым змяняў адценні паасобных фігур, у залежнасці ад таго, колькі часу надрайваў іх суконкаю. Аснову кульбы пакінуў чорнаю, мядзведзя зрабіў бурым, а змяю — іржаваю. Абпаленыя ўсярэдзіне выемкі не вышароўваліся. і таму змяя была густа ўсыпана чорнымі плямкамі.

Кульба атрымалася на заглядзенне. Гэта адзначылі ўсе суседзі. Каб на яе не паквапіліся вартавыя, Сіліч вымушаны быў хаваць кульбу пад гімнасцёркаю і ў портках. Кольб дапамог яму збыць яе афіцэру, які з нямецкімі салдатамі купляў у палонных сувеніры. Афіцэр як глянуў на кульбу, дык ужо не выпусціў яе з рук. Праўда, калі ўважліва разгледзеў, нечакана спытаўся:

— А чаму ў змяі расплюснута галава?

— Таму што ў мядзведзя цяжкі азадак, — міжволі сарвалася ў хлопца з языка нямецкая фраза. Схамянуўшыся, Міхась пашкадаваў, што выдаў сваё веданне нямецкай мовы. Але калі ўбачыў, як афіцэр насцярожыўся, рашыў. што адступаць позна, тым болей што вайсковец тут праездам — і збіўчыва растлумачыў: — Ва ўсіх жа гадаў пляскатыя галовы. Таму яны і недаразвітыя; не лятаюць і не ходзяць, а толькі поўзаюць.

— О, дык ты яшчэ і гаворыш па-нямецку! — усклікнуў афіцэр. — Колькі каштуе гэты кій?

— Цвай ляйб брот, — нерашуча адказаў Сіліч.

Афіцэр паклікаў салдата, напэўна, дзеншчыка, аддаў яму кульбу і загадаў прынесці два боханы хлеба.

У часе полудніка Міхась аддаў бохан Хендогу з таварышамі, а другі пароўну раздзяліў з Леанідам. У яго ажно палегчала на душы, калі адчуў, што ён не нахлебнік. Усё адно як скінуў з сябе непамерны цяжар.

 

25

Зусім не па Міхасёвай віне аднойчы адбылася мітрэнга, у выніку якой ён ледзь не аказаўся адлучаны ад суседзяў па нарах ды яшчэ ў дадатак атрымаў калом па гарбе ад каменданта. Здарылася гэта раніцай, пасля таго як палонных выпусцілі з-за агароджы. Калонаю яны рухаліся да склада, па чарзе ўваходзілі ў яго, бралі інструмент для працы і зноў выстройваліся.

Сіліч, Леанід, Казнадзей і Хендога ішлі ў першым радзе. Хендога з Ярмолікам, які ішоў у другім радзе, узялі насілкі, а астатнія трое — лапаты. Як толькі выйшлі са склада і выстраіліся, да іх падышлі камендант, перакладчык Ванька і чатыры нямецкіх аўтаматчыкі. Брэс адлічыў першыя тры рады палонных і праз перакладчыка загадаў, каб яны пакінулі свой інструмент каля склада і выстраіліся зноў.

Літаральна праз некалькі імгненняў і здарылася непрадбачнае. У часе мітусні, пакуль адлічаныя палонныя прысланялі да сцяны інструмент і зноў выстрайваліся, з калоны, што павінна была ўваходзіць у склад, да іх шустра прашмыгнуў Вырвін і стаў побач з Леанідам, апярэджваючы Міхася, які такім чынам апынуўся ў першым радзе пятым.

— Прэч адгэтуль! — крыкнуў Брэс. — Не ўмееш лічыць да дзесяці? Не бачыш, што ты — лішні?!

— Я тут стаяў, — паспрабаваў апраўдвацца збянтэжаны Сіліч, не адыходзячы ад суседзяў па нарах.

Але раз’юшаны камендант імгненна выламаў кол, да якога калісьці была прывязана пасаджаная бярозка, і з усяе сілы наводмаш пачаў дубасіць ім хлопца. Міхась не кінуўся наўцёкі, бо баяўся, што Брэс выхапіць з кабура парабелум і стрэліць наўздагон, таму толькі спрытна паварочваўся, падстаўляючы пад удары то плечы, то спіну з рэчмяшком.

— Што ты на нявінным спаганяеш злосць?! — з дакорам запытаўся ў Брэса Кольб, што быў каля калоны, якая ўваходзіла ў склад. — Ён сапраўды стаяў у першым радзе. Я сам бачыў, што, калі адлічаныя палонныя паставілі да сцяны лапаты і вярталіся выстрайвацца, адгэтуль прашмыгнуў да іх і стаў на ягонае месца вунь той даўганогі, які з ім побач.

Відаць, умяшанне канваіра збянтэжыла каменданта перад лагернай аховаю і аўтаматчыкамі, бо ён на нейкае імгненне разгубіўся. А потым перавёў разгублены позірк на Вырвіна і хацеў наўзмах агрэць яго калом па мазгаўні, але той спрытна ўхіліўся, і ўдар прыйшоўся на плечы. Не паспеў Брэс размахнуцца зноў, як даўгалыгі Вырвін у кароткім шынялі кінуўся наўцёкі і нырнуў у склад разам з апошнімі палоннымі, якія яшчэ не ўзялі інструмент, а збянтэжаны Сіліч заняў сваё ранейшае месца.

Брэс незадаволена адкінуў убок дрын і знакам рукі паказаў аўтаматчыкам, што яны могуць весці адлічаных палонных. Тыя прывялі нявольнікаў да барака, ля якога стаяў вялізны грузавік, накрыты брызентам, загадалі ім залазіць у кузаў. Калі палонныя залезлі, аўтаматчыкі расселіся на задняй лаве, тварам да іх — і аўтамашына рушыла з месца. Палонныя сядзелі ў кузаве на трох пярэдніх лавах, спінамі да кабіны.

Устрывожаным позіркам Сіліч абвёў іх і, пераконваючыся, што суседзі па нарах знаходзяцца тут, пачаў супакойвацца пасля нядаўняй узбуджанасці і перапалоху. Яму здавалася, што, дрогка ўздрыгваючы на хаду, грузавік таксама вытрэсвае з яго рэшткі ягонага ўзрушэння. Супакаенне як быццам наставала, а злосць на Вырвіна не пакідала хлопца. Яна свідравала яго мозг і паліла агнём ягонае нутро. Ні за што ні пра што атрымаць такую ўзбучку! Яшчэ добра, што толькі гэтым усё абышлося. Мог жа Брэс і ўлажыць напавал. У нямецкім астрозе правы ў яго былі абмежаваныя. А тут ён паўнапраўны гаспадар. Можа вытвараць што захочацца. Таму і наганяе ўпушчанае. «Яшчэ добра, што крайнім у першым радзе стаяў я, а не Леанід, — схамянуўся Міхась. — А так бы Вырвін стаў на ягонае месца, і невядома, чым бы скончылася ўсё. Калі б камендант лупцаваў не мяне, а сябра і Вырвіна, апошні ў гарачцы і, каб выратаваць сваю шкуру, мог бы выдаць каменданту Леаніда, назваўшы яго яўрэем».

Міхась разумеў, чаму Вырвіну хацелася ўшчаміцца ў невялікую групу палонных, якіх камендант адлічыў для аўтаматчыкаў. Палонныя імкнуліся трапіць на якія-небудзь іншыя работы, куды зрэдку з лагера бралі іх немцы.

Казалі, што бывалі выпадкі, калі некаторым нават перападаў там з кухні салдацкі крупнік. Ужо некалькі разоў гэтым выхваляўся перад суседзямі Гладыш. Камендант чамусьці ўпадабаў яго і заўсёды пасылаў туды, дзе патрэбен быў толькі адзін палонны. Мабыць, Брэс быў упэўнены, што Гладыш не ўцячэ, паколькі яго наведвае жонка і немцам вядомы ягоны хатні адрас.

Сіліч сумняваўся ў тым, што Вырвін імкнецца ўцячы. Па ягоных размовах з палоннымі на нарах гэтага не адчувалася. Хутчэй за ўсё ён пагаліўся на салдацкі крупнік. Нездарма ж у памыйцы за кухняю ён часта корпаецца і за сваю пайку хлеба выменьвае ў наглядчыкаў кандзёр. Цяпер Вырвін выклікаў у Міхася агіду і здаваўся яму чалавекам слабавольным і ненадзейным. На такога пакласціся рызыкоўна, ад яго можна ўсяго чакаць.

Грузавік прывёз палонных у нейкае паселішча, занятае нямецкай вайсковай часцю. На ўскраіне яго, за прысадамі маладых дрэваў быў прымітыўны склад гаручага, абнесены калючым дротам з ахоўнымі вышкамі па вуглах. З панылым настроем аглядалі яго палонныя, калі аўтаматчыкі ўпусцілі іх за агароджу. Небаракі зразумелі, што трапілі з агню ды ў полымя. Кожны бачыў, што ў яго няма шанцаў на уцёкі. Палонных прымусілі перакочваць бочкі з-пад гаручага. Праз увесь склад іх трэба было каціць па двухкалейных драўляных лагах, потым ускочваць на высокую эстакаду і з яе — у кузавы аўтамашын.

Аўтаматчыкі сачылі, каб палонныя не адставалі адзін ад аднаго, і прымушалі іх рухацца цугам.

Важдацца з парожнімі бочкамі не асабліва цяжка. Але паступова надакучаў аднастайны занятак. Асабліва прыгнятала тое, што трэба было ўвесь час быць сагнутым і не толькі падштурхоўваць бочкі, але і прытрымліваць іх за днішчы, каб яны не накочваліся на палоннага, які рухаўся наперадзе. Выпрастацца можна было толькі на адваротным шляху, ідучы назад строем, пад наглядам аўтаматчыкаў. Такая педантычная муштроўка таксама надакучала.

Пакуль склад ахінала ранішняя свежасць, яшчэ можна было сяк-так трываць. Але чым вышэй падымалася сонца, тым болей яно выпарвала промнямі гаручае, пах якога выклікаў галавакружэнне і ванітаванне. Невядома, як перанеслі б усё гэта палонныя, калі б абедзенны перапынак быў у немцаў не апоўдні. У часе яго аўтаматчыкаў падмянілі іншыя. «А мы будзем сыты пахам бензіну! — з прыкрасцю падумаў Міхась, прыгадваючы Гладышава выхваленне наконт салдацкага крупніку. — Чакай, яны пакормяць цябе, дагоняць дый яшчэ дадуць!»

 

26

Наступнай раніцаю, пасля таго як наглядчыкі з вартавымі выстраілі палонных з інструментам, каб весці на гравійку, раптам адбылося штосьці дзіўнае і нечаканае, ад чаго Сіліч разгубіўся. Ён пачуў, як Брэс гучна загадаў вартавому з жалезным крыжам:

— Кольб, вазьмі таго палоннага, якога я памылкова набіў учора, і вядзі да грузавіка. Хай пад тваім наглядам працуе сёння разам з азіятамі.

Кольб таксама трошкі разгубіўся: мусіць, камендантаў загад і для яго быў нечаканасцю. Але не падаў выгляду, што здзіўляецца, а толькі хітравата ўхмыльнуўся.

Нетаропкай хадою ён прайшоўся паўз калону, вачамі адшукаў у ёй Міхася і, не звяртаючыся да яго па імю, кіўком пальца паклікаў да сябе і не па-вайсковаму прамовіў:

— Выйдзі са строю.

Сіліч разгублена выйшаў. Кольб перачакаў, пакуль уся калона прайшла міма, і, падводзячы Міхася да невялікага грузавіка, каля якога ўжо завіхаліся два рослыя дзецюкі ў чорнай форме і ўбаку стаялі тры палонныя сярэднеазіяты, невядома да каго звяртаючыся, з урачыстаю і адначасова іранічнаю інтанацыяй абвясціў:

— Прымайце ў кампанію.

— Калі ласка! — адказаў дзяцюк з карабінам, рукою паказваючы палонным, каб яны праз задні борт залазілі ў кузаў, а сам палез туды паўз кабіну.

— Гут, Любамір, — задаволена адказаў Кольб і таксама палез следам за дзецюком.

«Няўжо дзецюкі славяне? — падумаў Міхась. — Гэтае Любамір гучыць неяк па-славянску».

Ён, як і палонныя сярэднеазіяты, праз задні борт укінуў у грузавік грабарскую лапату, а потым ускараскаўся сам і сеў побач з ім на дно кузава. Праўда, сядаючы, хацеў быў пакласці лапату перад сабою, але дзяцюк, які сядзеў з Кольбам на лаве каля кабіны, на-нямецку заўважыў:

— Лапату пакінь за спінаю.

«Бач, які прадбачлівы! Вуха трымае востра! — ухмыльнуўся хлопец, засоўваючы лапату за спіну да задняга борта. — Мог бы і па-свойму сказаць беларусу, калі толькі сапраўды славянін. Усё-такі ж славянскія мовы болей падобныя адпа да адной. Дык не, чэша па-нямецку! Цікава, як жа яго разумеюць сярэднеазіяты?»

Сягонняшні ўчынак каменданта быў настолькі дзіўны і нечаканы, што збіў Сіліча з панталыку. Хлопец пе верыў і нават не дапускаў у думках, каб такі зверыядавец, як Брэс, мог расчуліцца і паспачуваць палоннаму, робячы для яго палёгку ў працы. Праўда, якая магла быць палёгка на земляных работах, што спакон веку лічацца цяжкімі? Хлопец жа бачыў, як гэты самазвал штодня прывозіць і скідвае на абочыне пясок і друз. Хіба ж пясок лягчэй накідваць лапатаю ў кузаў, чым на насілкі — друз або засыпаць ім калдобіны? Можа, тут болей спрыяльныя ўмовы для таго, каб што-кольвечы падкалыміць? Канечне, цывільным людзям тут зручней, у іх болей магчымасцей перадаць палонным праснак ці акраец. Тут і галодных ратоў меней, і ахова, напэўна, не такая лютая. Але няўжо Брэс думае, што давёў нас да такога стану, калі кожнага абражанага і пакрыўджанага можна задобрыць жабрацкай міласцінаю? Вельмі ж танна ацэньвае ён чалавечую годнасць!

Для каменданта Сіліч быў толькі прывабнай нажыўкаю, на якую мог клюнуць Кольб. Праўда, якіх-небудзь пэўных, даволі канкрэтных планаў у Брэса таксама не было. Выскачка з турэмшчыкаў у каменданты недалюбліваў Кольба за самастойнасць і незалежнасць. Брэса раздражнялі дзівацкія выхадкі і манеры вартавога з жалезным крыжам, асабліва яго спагадлівасць да тых, каго ён павінен не толькі ахоўваць, але і ўсяляк прыніжаць. Спроба каменданта прыструніць і надавуміць Кольба занедазволены ўдзел у перадачы хлеба палонным ні да чаго не прывяла. Не сказаць каб камендант баяўся Кольба, але ўсётакі трохі дрэйфіў перад ім. Так нячысты на руку кар’ерыст адчувае сябе перад незалежным і рашучым чалавекам.

Учарашняе ўмяшанне Кольба ў камендантавы справы: заступніцтва вартавога за палоннага асароміла Брэса перад аўтаматчыкамі і ўсёй лагернай аховаю. Каменданта ледзьве не ўзарвала. Ён насілу стрымаўся, каб не выказаць свайго абурэння. Таму ў адплату і рашыў сягоння накіраваць вартавога з пакрыўджаным палонным на самазвал, што возіць пясок. Маўляў, няхай абодва думаюць, што камендант зжаліўся над нявінна пабітым палонным і паказвае сваю справядлівасць. Дый на гравійцы Кольб тым часам не будзе мазоліць вачэй астатнім вартавым. Хай цяпер паспачувае ля самазвала і азіятам, і гэтаму палоннаму, які павінен накідаць лапатай пясок. А можа, гэты палонны разгледзіцца там, выкарыстае Кольбаву слабасць дый махне драла. Тады можна будзе заадно і расквітацца з непажаданым вартавым.

Ці таму, што грузавік быў невялікі, ці ад таго, што імчаў ён не вельмі хутка, але металічны кузаў уздрыгваў не надта дрогка. Сіліч сядзеў крайнім справа і праз барты, краі якіх былі на ўзроўні яго плячэй, самотным позіркам аглядаў наваколле. Злева ад дарогі цягнуліся палі, а ўдалечыні за імі бачны былі купы дрэваў. Далёка ўбаку раскінулася сяло з царквою. Далей па шляху наперад, з боку пры гравійцы — невялікая вёска. Справа, метраў за трыста рос хмызняк, за якім уздымалася драбналессе. Адразу ж павеяла нечым блізкім і родным, бо ўсё навокал нагадвала знаёмыя змалку краявіды. Калі воддаль злева прамільгнула яшчэ адно сяло і неўзабаве ўзніклі абрысы невялікага гарадка, да Міхасёвых грудзей падкацілася цёплая шчымлівая хваля. Яму ўспомнілася, як некалі яны з бацькам на фурманцы ўязджалі ў свой раённы цэнтр.

Пры ўездзе ў гарадок грузавік крута павярнуў улева і праз нейкі момант, збаўляючы хуткасць, плаўна пакаціўся па драўляным мосце праз шырокую раку, за якой віднеліся пералескі. Рака чамусьці нагадала Міхасю Заходнюю Дзвіну. Як любіў ён, бывала, шпацыраваць па той вуліцы, што цягнулася ўздоўж яе зялёнага берага ў іхнім старадаўнім горадзе! На ёй была брацкая школа, Багаяўленскі сабор і домік, у якім цэлы месяц пражыў Пётр І, рыхтуючыся да разгрому шведаў. Вуліца знаходзілася ўсяго за сотню крокаў уніз, налева ад іхняга педтэхнікума.

Анюта ўсё роўна як ведала, што Міхасю падабаецца гэтая вуліца, бо наняла на ёй кватэру, калі паступіла ў акушэрскую школу. Разам са сваёй сяброўкай яны кватаравалі на другім паверсе мураванага доміка. З балкона іхняга ўтульнага пакойчыка адкрываўся маляўнічы краявід на паўнаводную Заходнюю Дзвіну. Вучыліся дзяўчаты ў двухпавярховым будынку сярэдняй школы, пад старымі цяністымі таполямі, на рагу дзвюх вуліц, непадалёку ад вакзала.

На зімовыя канікулы і ў пару студэнцкіх сесій, калі адводзілася некалькі дзён на падрыхтоўку да экзаменаў, Міхась, бывала, прыязджаў з Мінска дахаты, каб наведаць Анюту.

Паабапал кузава зноў паплылі палі, на якіх зрэдку паўставалі сіняватыя выспы драбналесся ды сям-там пад купамі дрэваў відаць былі паселішчы. Грузавік нраімчаў міма аднаго з іх, што раскінулася непадалёку ад шляху, потым перасек раздольныя палявыя прасторы і неўзабаве пад’ехаў да пясчанай выдмы па схіле пагорка, які асядлала вёска. Пакуль грузавік запавольпена заязджаў у кар’ер і зварочваўся перадам на выезд, Сіліч заўважыў на пагорку бетонны дот і здзіўлена разглядаў яго, пе разумеючы, кім, калі і дзеля чаго ён збудаваны ў гэтых мясцінах?

Як толькі грузавік спыніўся, Любамір з Кольбам моўчкі ўсталі адзін за адным. Любамір падняў дошку, на якой яны сядзелі, паставіў яе адным канцом на падножку кабіны і палез з кузава. Пакуль услед за ім паўз кабіну вылазіў Кольб, сярэднеазіяты выкінулі на пясчаны зрэз кар’ера лапаты і ўсе трое амаль адначасова праз бакавы борт палезлі туды самі.

Сіліч зразумеў, што яны добра вышкалены і ведаюць, чым павінны займацца тут, калі без усялякага загаду вылезлі з кузава — і яму нічога не заставалася, як таксама вылазіць. Ён выкінуў лапату і, пакуль вылазіў праз борт, сярэднеазіят з чорнай як смоль стрыжанай галавою, што некалі назваўся перакладчыку кіргізам, узяў з падножкі кабіны дошку, прыслоненую Любамірам да пярэдняга борта, падняў і паклаў яе на паверхню зямлі з краю кар’ера. «Адразу відаць, як браткі-славяне вымуштравалі слугаў-мусульман, калі тыя на памяць ведаюць, што павінны рабіць для гаспадароў. Хаця гэтыя славяне самі на службе ў гітлераўцаў, але нябось у душы злараднічаюць, што могуць уволю памуштраваць тых, хто нагадвае ім туркаў, якія некалі прыгняталі іх далёкіх продкаў», — думаў Сіліч, гледзячы, як шафёр з Любамірам усаджваюцца пад імі на дошку, звешваючы ў кар’ер ногі. На паясных рамянях у абодвух — рэвальверы, а ў Любаміра ў руках — карабін.

Кольб нават не стаў глядзець, што будуць рабіць палонныя. У сваёй звычнай паставе, звесіўшы з пляча карабін, як паляўнічую дубальтоўку, ён нетаропка пашыбаваў да дота. Услед за палоннымі Міхась неахвотна ўзяў лапату і, гэтак жа, як яны, пачаў накідваць ёй у кузаў пясок. «Тут не ўхітрышся, каб адлыньваць ад працы. Гэта не на гравійцы. Там у людской турме не надта прыкметна, хто б’е бібікі. А тут усе навідавоку. Трэба шураваць лапатаю адзін перад адным, пакуль кузаў не будзе нагружаны з коптурам. Яшчэ добра, што хоць самазвал невялікі, а то выматаеш усе духі».

Знясіленаму дый з непрывычкі Сілічу цяжкавата было накідваць пясок у кузаў, нягледзячы на тое, што самазвал стаяў ніжэй: яны працавалі як бы на вышэйшай тэрасе. Добра, што, пакуль небарака трохі асвойтаўся з непрывычным грабарскім рамяством, яго ашчаджала сонца, якое яшчэ надта не прыпякала, ды асвяжыў лагодны ветрык, што дзьмуў у кар’ер, нібы ў горную цясніну.

Кольб паблукаў вакол дота, заглянуў у яго сярэдзіну, вярнуўся назад і цяпер спакойна расхаджваў па краі кар’ера.

Хаця палонныя працавалі не спяшаючыся, аднак спатрэбілася, мабыць, каля гадзіны для таго, каб чатырма грабарскімі лапатамі нагрузіць пяском невялікі кузаў.

— Генуг! — устаючы, сказаў Любамір, перадаў шафёру свой карабін, борздзенька саскочыў зверху на ніжнюю тэрасу, з якой палонныя накідалі пясок, і сеў за руль.

— Ён таксама шафёр? — здзіўлена запытаўся Міхась у новых напарнікаў па працы, калі затарахцеў рухавік аўтамашыны і яна з натужлівым завываннем павольна папаўзла з кар’ера.

— Абодва — шафёры: і Ангел, і Любамір, — адказаў высокі палонны з прыгожым тварам і вузкімі вачамі.

— А хто яны па нацыянальнасці? — дапытваўся Міхась прыцішаным голасам.

— Кажуць, што балгары, — буркнуў змрочны прысадзісты здаравяк.

Сілічу чамусьці не верылася, што абодва гэтыя ахоўнікі — балгары. Ён намятаў, што дзед часта расказваў пра тое, як з рускай арміяй памагаў балгарам граміць турэцкіх янычараў. Хлопец у маленстве не разумеў гэтага слова. Толькі пазней, у школе, ён даведаўся, што яно азначае. Міхась ведаў, што балгарскі ўрад у гэтай вайне так, як і ў першай сусветнай, спачатку прыкрываўся нейтралітэтам, хаця на самай справе садзейнічаў Германіі, а потым адкрыта пачаў падтрымліваць яе. Аднак хлопец чуў, што балгарская армія не ваюе супраць нашых войск, хаця замяніла ў Македоніі, Сербскім Памараўі і Заходняй Фракіі нямецкія акупацыйныя часці і тым самым вызваліла іх для барацьбы з намі.

Ён разумеў, што фашысты маглі мабілізаваць балгараў як спецыялістаў: шафёраў. Але не дапускаў у думках, што балгары самі ўзялі ў рукі зброю, каб ахоўваць сваіх адзінакроўных братоў, продкі якіх калісьці памагалі вызваляць Балгарыю ад туркаў.

Канечне, ягоных напарнікаў-сярэднеазіятаў ахоўнікі маглі прымаць калі не за аднапляменнікаў туркаў, дык за блізкіх да тых па знешнім выглядзе. А ён жа ўсё-такі славянін.

А можа, яны не балгары. «Аднак хто б ні былі яны, а выгадных служакаў нанялі сабе фашысты! — прыкра ўхмыльнуўся Сіліч. — Адначасова і шафёры, і ахоўнікі.

Мусіць, і плату атрымліваюць двайную? І трэба ж, як на здзек, мець такія прыгожыя імёны. Любоў і мір! Боскі анёл! Суцэльная ідылія!»

Грузавік яшчэ не паспеў знікнуць з вачэй, як Міхасёвы напарнікі паўкругам паселі на пясок.

— Ну, што ж, давайце знаёміцца, — прамовіў хлопец таксама прызямляючыся насупраць іх. — А то імёны ахоўнікаў вядомы, хоць яны і непатрэбны нам, а як зваць вас, я не ведаю. Я па нацыянальнасці беларус. Завуць мяне — Міша.— Ён назваў сваё імя так, каб яно гучала і прасцей, і карацей, бо напарнікі былі яму амаль аднагодкамі.

— А я — казах, маё імя Сабіт,— першым ветліва адазваўся на Міхасёву прапанову змрочны прысадзісты здаравяк.

— Мяне завуць Юлдаш. Я — узбек,— прамовіў услед за ім хлопец з прыгожым тварам і вузкімі вачамі.

— А я — кіргіз, Акбар, — апошнім прадставіўся палонны з чорнай стрыжанай галавою.

— У краях абодвух тваіх сяброў, Сабіт, мне бываць не даводзілася. А тваю бацькоўскую зямлю трохі ведаю. У развольных стэпах ля Какчатава і Акмолінска займаўся страявой падрыхтоўкаю.

— Гэта паўночны Казахстан, — не ўтрымаўся Сабіт.— А я родам з паўднёвага.

— Бліжэй да майго і Акбаравага краю, — падтакнуў Юлдаш.

— Твае землякі, Сабіт, частавалі мяне бешбармакам. Толькі не паспеў навучыцца есці яго рукамі. Бачачы гэта, твае землякі аднаму мне падавалі відэлец. У гарадах я запомніў казахскія надпісы на шыльдах магазінаў: «Азыктулік»1, «Нан»2. У Акмолінску ў нашу часць улілося папаўненне з казахаў. Помню, што мяшкі ў іх былі напакаваны невялікімі, як абрыкосы, тлустымі булачкамі, зваранымі, відаць, у масле. Смаката! — прыцмокваючы, прамовіў Сіліч. — Штосьці павяло мяне на ўспаміны пра яду. Толькі апетыт раздражняю ў галодных.

— Пра добрае і ўспамінаць прыемна! — аблізнуў языком губы Юлдаш.

З расслабленымі мускуламі, адпачываючы, яны дружна змоўклі, кожны прыгадваючы аб сваім, родным і блізкім.

«І ўсё-такі ў гэтым кар’еры спакайней, чым на гравійцы. — нарэшце прыйшоў да высновы Міхась, выпростваючы ногі і прылягаючы на правы локаць. — Там, канечне, праца лягчэйшая, але ж усё роўна трэба варушыцца дзеля выгляду, стоячы цэлы дзень на нагах. Дый яшчэ з усіх бакоў швэндаюцца дазорцы з кіямі, прыдзірлівы дарожны майстра не дае спакою. А тут накідалі пяском кузаў, дый на бакавую. Пакуль самазвал адвязе яго на гравійку, не меней паўгадзіны пройдзе. А пакуль вернецца назад, добрая гадзіна міне. Пасля кожнага рэйса можна прылегчы на пяску. Братушка-славянін маўчыць, не загадвае ўстаць і стаяць на нагах. Можа, ён і прымусіў бы нас што-небудзь рабіць, калі б тут знайшоўся які занятак. Значыць, невыпадкова камендант, пасля таго як забралі ў легіёны татарына, паслаў сюды на пастаянную працу палонных-сярэднеаазіятаў. Прыхаваў іх ад пабочных вачэй. Баіцца, што хлопцаў таксама забяруць з лагера. А можа, камендант і нада мною зжаліўся пасля таго, як Кольб увёў яму ў вушы, што Брэс аддубасіў мяне ні за што? Не, гэты акаянны садыст і турэмшчык не зжаліцца над чалавекам. Фашыст не паспачувае нашаму брату. У яго ў галаве нейкія іншыя планы».

Раптам ранішнюю цішыню абудзіла знаёмае раўнамернае тарахценне колаў. Сіліч убачыў, што сюды павольна пад’язджае фурманка, на якой сядзяць дзве жаночыя постаці. Калі яна завярнулася з канём па дне кар’ера і спынілася каля гліністай ямы, выкапанай непадалёку на яго сярэдзіне, хлопец разгледзеў, што гэта дзве дзяўчыны, якія цяпер былі павернуты да яго тварамі.

Ялы нязграбна саскочылі з фурманкі, прыставілі да аднаго боку яе дзве доўгія дошкі, на якіх сядзелі, узялі лапаты і няўпэўнена палезлі ў яму. Неўзабаве, то патанаючы, хаваліся ў ёй з галавою, то выныралі да грудзей, выкідаючы лапатамі камякі гліны. Міхасю стала шкада дзяўчат, якія вымушаны займацца цяжкай мужчынскай працаю. Ён устаў на ўвесь рост і, звяртаючыся да Кольба, што хадзіў па краі кар’ера і час ад часу паглядаў на нязвычных землякопаў, нясмела папрасіў:

— Камарад, я памагу ім.

— Гут, ідзі, давай! — на змешанай нямецка-рускай мове дазволіў вартавы і з цікаўнасцю нетаропка накіраваўся да фурманкі.

Сіліч узяў сваю лапату і, падыходзячы да ямы, павітаўся, роблена жартуючы:

— Дзень добры, дзяўчаты! Памагай вам бог! Але пакуль суд ды справа, дык ён паслаў на падмогу мяне! Вылазьце з гэтага акопа. Я займу ў ім кругавую абарону.

— Добры дзень! — неўпапад адказалі абедзве дзяўчыны, мабыць, здзіўленыя тым, што нямецкі вартавы дазволіў савецкаму ваеннапалоннаму падысці да іх, і са штыхавымі рыдлёўкамі ў руках разгублена вылезлі з ямы.

Абедзве з белымі хусткамі на галовах, адна — статная, чарнабровая, а другая — русявая, пульхная, як пончык, з мілым ружовым тварам. У іншай сітуацыі Міхась, вядома, пастаяў бы і пагаварыў бы з імі. Але тут, навідавоку перад Кольбам і Ангелам, адчуў, што рабіць гэтага не варта, каб не раздражняць ахоўнікаў, таму ўторкнуў у пясок грабарскую лапату, а з рук русявай ружовашчокай дзяўчыны ўзяў штыхавую і, згінаючыся, спружыніста скокнуў у яму. У ёй адразу ж адчуў сябе ямчэй. Ці то ад таго, што схаваў на дне яе свае ногі з няўклюднымі драўлянымі калодкамі, за якія было сорамна перад дзяўчатамі, ці то таму, што яго, нібыта выштурхнутага з лазні ў прылазнік, усяго абдало свежай прахалодаю і знаёмым змалку вільготным пахам. Калісьці гэтак патыхала з ям, у якіх сяляне капалі гліну, а яны, хлапчукамі, гулялі у хованкі на выгане за вёскаю.

Шчыльны пласт гліны залягаў з усіх бакоў на ўзроўні Міхасёвых каленяў, паміж спрасаваным пясчанікам і цвёрдым суглінкам. Засохлую і скамянелую паверхню яе хлопец здзёўбваў і адграбаў прэч рыдлёўкаю, а вільготную, падатлівую, згінаючыся, зразаў на дно і, выпростваючыся, выкідваў адтуль на край ямы.

— Не чапайце, я зраблю ўсё сам, — спыніў ён дзяўчат, калі тыя памкнуліся лапатамі ўскідваць гліну на фурманку. — Гэта не дзявочая праца.

— Ого, якія пекныя паненкі! Толькі навошта паспяшаліся выйсці замуж? Бачыце, якога жаніха я прывёў? — усміхаючыся, па-нямецку пакпіў Кольб, падыходзячы з карабінам напагатове.

— Што ён швэркае пра шлюб і жаніха? — збянтэжана прашаптала пульхная, ружовашчокая дзяўчына, не разумеючы, ці давяраць усмешцы вартавога, ці асцерагацца ягонай вінтоўкі.

Па разгубленым выглядзе абедзвюх Кольб здагадаўся, што яны не зразумелі ягонага жарту, і, смеючыся, папрасіў:

— Міхель, перакладзі, што я сказаў.

Міхасю няёмка было гаварыць дзяўчатам, што вартавы назваў яго жаніхом. Дый наогул, якое можа быць жаніхоўства ў ягоным становішчы ў такі суровы і трагічны час? Усяму ёсць свае межы. Кольб хоць і чалавечны, але ж ён — вартавы, а не палонны. Мала якое дзівацтва ўзбрыдзе яму ў галаву? І хлопец, каб ямчэй адчуваць сябе, абапёрся на дзяржальна рыдлёўкі і, насілу выціскаючы са свайго твару кіслую ўсмешку, адводзячы ўбок вочы ад дзяўчат, прамовіў:

— Ён кажа, што вы надта прыгожыя. Толькі шкадуе, навошта паспяшаліся выйсці замуж?

— Няма куды спяшацца, — адказала статная, чарнабровая, мусіць, смялейшая за сваю сяброўку і, напэўна, намякаючы на цяжкасці ваеннай пары, пацвердзіла сваю думку прымаўкаю: — Паспех — людзям на смех.

— Міхель, што яна кажа?

Сіліч пераклаў словы дзяўчыны і сэнс прымаўкі.

— Дас Іст гут! — засмяяўся Кольб і задаволена дадаў: — Значыць, дамовіліся: ваш шнапс, а мой — жаніх. Зразумелі?

— Гут! Шнапс дык шнапс, — асмялела статная, чарнабровая, мабыць, не надта разумеючы тое, што сказаў вартавы.

Затое адчувалася, што русявая з мілым тварам збольшага зразумела сэнс яго слоў, бо яе ружовыя шчокі ўспыхнулі макавым цветам, і яна сарамліва прамямліла:

— Канечне, за працу трэба плаціць. А грошы цяпер не ў модзе.

Па яе невыразным вымаўленні Кольб адчуў, што дзяўчына сказала штосьці іншае, і, насцярожана, сустрэўшыся сваім позіркам з Міхасёвым, кіўнуў галавою ў яе бок: маўляў, што яна сказала?

Сіліч пераклаў адказ дзяўчыны. Вартавы ўсміхнуўся і паспешліва крыкнуў астатнім палонным, што сядзелі наводдаль на пяску.

— Усе трое хадзіце сюды! — і паклікаў іх жэстам рукі, а дзяўчатам, смеючыся, заўважыў: — Яшчэ тры жаніхі. Хлопцы як на падбор!

Твар чырванашчокай зноў заірдзеўся. Палонныя падышлі з лапатамі. Ангел таксама вымушаны быў устаць з наседжанага месца на ўскраі кар'ера і з карабінам напагатове падышоў трохі бліжэй. Сабіт узяў штыхавую рыдлёўку дзяўчат і скокнуў з ёю да Міхася. А Юлдаш з Акбарам грабарскімі лапатамі пачалі ўскідаць на фурманку выкінутую з ямы гліну.

— Чаму гэта немец рашыў, што мы замужнія? — нечакана спыталася чарнабровая, калі палонныя на момант змоўклі.

— А хто яго ведае? — няпэўна паціснуў плячыма Міхась і пасля некаторага роздуму ўсё-такі пераклаў Кольбу яе запытанне.

— Бо бачу, што яны прыехалі па гліну. Значыць, няйначай як будуюць сабе жытло і заводзяць сям’ю, — усміхаючыся, па-нямецку растлумачыў вартавы, словы якога Міхась пераклаў дзяўчыне.

Яна ўздыхнула і глыбакадумна прамовіла:

— Цяпер не да будаўніцтва і не да жаніцьбы. Вайна і хаты руйнуе, і сем’і развальвае.

Калі Міхась пераклаў Кольбу сэнс сказанага ёю, твар вартавога прыкметна засмуціўся, і разам з тым на ім узнікла нейкая неўразумеласць.

— Аднак раз прыехалі па гліну, значыць, штосьці ж будуюць? — не разумеў ён.

— Навошта паліць парожнюю рускую печ? У меншай гаспадарцы меней трэба гатаваць усяго, — адказала чарнявая, калі Міхась пераклаў ёй запытанне вартавога. — На пажарышчах мы навыкопвалі цэглы і ў хаце робім невялікую пліту. Трэба эканоміць дровы. Іх цяпер цяжка набываць.

Пасля таго як Сіліч пераклаў гэтае разважлівае і грунтоўнае тлумачэнне, Кольб яшчэ болей пасуровеў з твару і, паказваючы рукою ў бок вёскі, запытаўся:

— Гібтс хір дойчэ зольдат эн?3

— Нікс, — адмоўна кіўнула галавою чарнявая. — Яны жывуць у бліндажах на беразе возера.

Міхась пераклаў яе адказ. Кольб непадалёку пачаў хадзіць сюды-туды.

Палонныя тым часам пазнаёміліся з дзяўчатамі, не спяшаючыся выкідалі з ямы гліну і накідалі яе на фурманку, паціху размаўляючы між сабою. Чарнабровую звалі Вераю, а ружовашчокую — Любаю. Вера да вайны працавала з бацькамі ў калгасе, а Люба вучылася ў Наўгародскім педінстытуце. І ў школе, і студэнткаю яна вывучала нямецкую мову і трохі разумее яе. Ва ўсякім разе, памятае шмат нямецкіх слоў. Таму Любін твар і ўспыхваў чырванню, як толькі вартавы набіваўся з жаніхамі.

Сіліч расказаў дзяўчатам пра тое, як палонных вазілі ў Ноўгарад руйнаваць брук, дзе каменедрабілка раструшчвала яго на друз, якім потым засыпалі гравійку. Сказаў, што горад дашчэнту зруйнаваны і ў ім нідзе не відаць жывога чалавека.

Аказваецца, тутэйшыя жыхары ўжо ведаюць пра гэта. Хтосьці болей смялейшы з іх хадзіў у горад мяняць свае ўбогія пажыткі на соль, якую немцы трымаюць у крамлі.

— Педінстытут быў таксама ў крамлі? — пацікавіўся Міхась.

— Не. На супрацьлеглым беразе Волхава, лявей моста, — адказала Люба.

— А што гэта за масіўнае збудаванне каля Сафійскага сабора? Усё роўна як шыбеніца для пецярых асуджаных.

— Званіца. Званы з яе паспелі эвакуіраваць. Кажуць, адзін з іх зваліўся з баржы ў Волхаў.

— Хлопчыкі, досыць, — схамянулася Вера, таропка разматваючы накручаны на біла канец лейцаў. — А то гэтая выбракаваная канячына не пацягне такі груз. Дзякуй вам за дапамогу!

— Давай шнапс, — смяяўся вартавы.

— Гут! — усміхаючыся, адказала Вера. Абедзве рыдлёўкі Люба паклала на фурманку. Яе і сапраўды ледзьве зрушыў з месца худы буланы конь. Фурманка павольна выкіроўвалася з кар’ера, натужліва парыпваючы коламі. Вера кіравала лейцамі, а Люба ішла з ёю поруч.

Палонныя з лапатамі вярнуліся на ранейшае месца і зноў расселіся на пяску. Ангел таксама перайшоў і ўсеўся над імі на дошцы з краю кар’ера.

«Ангел-хранитель! — ухмыльнуўся Міхась. — І собіла ж, як на здзек, у няволі напаткаць ахоўніка з анёльскім імем? Чаго толькі не бывае на белым свеце!»

Хлопцу падабаліся новыя напарнікі. Ён ведаў, што яны жывуць дзесьці ў самым далёкім закутку лагера, але сягоння лёс звёў яго з імі ўпершыню. Сціплыя і зычлівыя, яны дружна трымаюцца між сабою і прыязна хінуцца адзін да аднаго. Сіліч прыслухоўваецца да іхпяй незразумелай гаворкі і яго не крыўдзіць і не раздражняе тое, што яны ў ягонай прысутнасці гутараць па-свойму. Наадварот, яму нават дзіўна, як гэта раней ён не ўяўляў, што казахі, кіргізы і ўзбекі разумеюць адзін аднаго, размаўляючы кожны на сваёй мове.

Пакуль парожні грузавік вярнуўся, палонныя паспелі адпачыць і вылежацца. Чатыром накідаць пясок у малую аўтамашыну з аднаго боку яе і нязручна, і цесна. Таму каб не замінаць пад рукамі дый не парнуць адзін аднаго жалезпяком, яны ўмудрыліся працаваць па чарзе, з пэўнай паслядоўнасцю: калі двое шпурлялі пясок у кузаў, у гэты момант іншыя двое зачэрпвалі яго з долу лапатамі.

На гэты раз, калі яны напоўнілі з коптурам кузаў і тут жа селі на пясок, шафёрскае месца ў кабіне заняў Ангел, а Любамір узяў з яго рук карабін і застаўся ахоўваць палонных. Аднак доўга сядзець на дошцы яму не прыйшлося. Як толькі грузавік знікнуў з вачэй, Кольб, які да гэтага часу ў задуменні сюды-туды расхаджваў паблізу, раптам ні з таго ні з сяго падняў з долу палонных.

— Ад расседжвання ў жылах застойваецца кроў, — па-нямецку прамовіў ён, з прыхаванай на твары хітраватай усмешкаю.— Ваўка ногі кормяць. Бярыце лапаты! Пайшлі, — і паказаў рукою ў бок дота.

«Няўжо ў прысутнасці балгарскага саюзніка і ў Кольба пачынае выяўляцца тыповая нямецкая натура? — нічога не разумеў Міхась, гледзячы на Любаміра, які вымушаны быў таксама падняцца з месца і з карабінам напагатове нехаця ісці побач з немцам. — Нябось гэты ўходаўся за абаранкам руля, а Кольб, як у насмешку, не дае адпачыць саюзніку! Але нічога не паробіш, не станеш адмаўляцца выконваць загад немца. Ён — гаспадар, а ты ўсяго толькі ягоны паслугач. Няйначай як Кольб, праходжваючыся вакол кар’ера, нагледзеў для нас нейкую працу. Можа, выкідаць што-небудзь з дота?»

Але мінулі дот і нават не звярнулі ў яго. Цяпер дарога вяла ў вёску, крайнія хаты якой былі ўжо непадалёку. «Няўжо немцу сапраўды ўзбрыло ў галаву за шнапс памагчы дзяўчатам скінуць з фурманкі і ўнесці ў хату гліну? Але як ён знойдзе іх? Ён жа не ведае, дзе яны жывуць».

Дзіўнаватая з выгляду працэсія, наперадзе якой без усялякага строю, з лапатамі на плячах ішло чацвёра расхрыстаных і проставалосых палонных, а ўслед за імі, з вінтоўкамі напагатове — двое вартавых, адзін — у чорнай, а другі — у ядавіта-жоўтай форме, падышла да крайняй хаты.

— Хальт! — загадаў Кольб, як толькі палонныя параўняліся з яе другім акном, што выходзіла на вясковую вуліцу.

Тыя, нічога не разумеючы, паслухмяна спыніліся.

Кольб падышоў да першага акна, якое ўжо мінулі палонныя, і ствалом карабіна паціху пастукаў у крыжавіну рамы. Праз нейкі момант да шкла прыхінуўся жаночы твар, у вачах якога мільганулі і трывога, і спалох.

— Матка, давай хлеб, картошка! — бязладна залапатаў немец, тыцкаючы ствалом у бок палонных.

Твар паспешліва адхіснуўся ад шыбіны, і насталі хвілі насцярожанага чакання. Можа, таму, што Міхасю зрабілася ніякавата за сваё становішча, яны здаліся яму асабліва доўгімі. Нарэшце шаргатнуў верхні шпінгалет таго акна, што было насупраць палонных, і яны ўбачылі, як сівая жанчына адшчоўкнула ніжні, выштурхнула вонкі дзве палавінкі расчыненай рамы і, нагінаючыся праз падаконнік, моўчкі працягнула ім паўбуханкі фармавога хлеба.

Акбар, які стаяў бліжэй да акна, зрабіў некалькі паспешлівых крокаў і, працягнутай рукою беручы хлеб, дрыжачым голасам прамовіў:

— Вялікае дзякуй, цётка!

У Міхасёвых вушах шчымлівым водгаласам адазваліся гэтыя словы. Хлопец хутчэй адвёў убок свой позірк і толькі пачуў, як Кольб загадаў: «Лёс!» ды як, брынкаючы незакітаванымі шыбінамі, зачынілася акно. Насупраць другой хаты ўсё паўтарылася амаль гэтак жа. Толькі вялізны акраец з круглай каўрыжкі, якую з акна працягнула ўжо маладзейшая гаспадыня, узяў не Акбар, а Сабіт.

У Сілічавай душы — раздвоенае адчуванне, якое раздзірае ўсё ўсярэдзіне і з якім ніяк не можа саўладаць ягоная свядомасць. Розум прасякнуты цвярозай удзячнасцю да Кольба за яго чалавечнасць, зычлівасць і спагаду, а нейкае няпэўнае пачуццё паліць хлопца ўсяго наскрозь. Пастаяннае недаяданне катуе яго фізічна. Цяпер пры адным выглядзе хлеба ён прагна глытае сліну. Канечне, гэта не кідаецца ў вочы іншым, тым болей мясцовым жыхарам. Але ён адчувае сябе неважнецка, што выстаўлены перад імі напаказ, як убогі і проставалосы, у вылінялай, потнай гімнасцёрцы, з няўклюднымі драўлянымі калодкамі па нагах. Яму здаецца, што на яго з нямым папрокам, як быццам ён у нечым вінаваты, глядзіць шырока расплюшчанымі вокнамі кожная пакрыўджаная хата незнаёмай вёскі. Ад крыўды і сораму ён гатоў праваліцца скрозь зямлю, каб толькі не бачыць і не адчуваць усяго гэтага.

А тым часам іх нязвычная працэсія ўжо мінула трэцюю хату, з акна якой жанчына падала ў рукі Юлдаша скавародзень. У адказ па Кольбава пастукванне ствалом вінтоўкі аб крыжавіну рамы і па яго аднастайнае і бязладнае лапатанне: «Матка, давай хлеб, картошка», ніхто з жыхароў не выходзіў на падворак, а жанчыны падавалі міласціну толькі праз расчыненыя вокны. Цяпер браць яе — чарга Міхася. Хлопец уцягвае ў плечы шыю, як быццам можа схаваць яе, нібы смоўж галаву ў ракавіну, напружвае рэшту сілы, каб ступіць неабходныя тры-чатыры крокі і, беручы міласціну, не праслязіцца і не папярхнуцца даўкім камяком слёз. Ён адчувае, як успыхваюць агнём яго вушы, робіць неймавернае намаганне, нязграбна бярэ з рук жанчыны ладны акраец і, замест таго, каб падзякаваць ёй, ужо не сваім, а чужым голасам невыразна мямліць штосьці бязладна. Яму здаецца, што раптам абарвуцца яго нервы — і зараз ён, як зламаная ўраганам сухастоіна, упадзе па дол.

Але Кольб, відаць, рашыў, што, паколькі кожнаму палоннаму ўжо дастаўся полуднік, далей няма чаго ісці па вёсцы. Ён нетаропкай хадою зайшоў спераду працэсіі і жэстам рукі і словам «цурюк!» павярнуў яе назад. Гэта дало магчымасць Міхасю перавесці дыханне, хоць трохі ачомацца і выйсці з памутнелага стану. Праўда, канчаткова ён усё роўна не пазбавіўся паганага настрою і адчуваў, што як быццам нешта абарвалася ў яго сярэдзіне. Хлопец ледзьве перастаўляў ногі, што не хацелі слухаць яго і падкошваліся, і выгіналіся, нібы гумовыя. Драўляныя калодкі пякуча мулялі падэшвы, як быццам ён ступаў імі не па зямлі, а па гарачым вуголлі. Толькі цяпер Сіліч заўважыў, што з абодвух бакоў вуліцы на іх недарэчную працэсію глядзяць не пустыя вокны хат, а прыхінутыя да шыб дзесяткі зацікаўленых вачэй. На адлегласці ён, вядома, не мог разгледзець, якая ў іх жаласлівасць і самоцішча, бо ніякавата адводзіў ад іх свой сарамлівы позірк. Толькі міжвольна акінуў ім сваіх суседзяў, што, як і ён, адной рукою падтрымлівалі на плячы лапаты, а ў другой трымалі нашпараную міласціну. І ягоны твар скрывіўся ад прыкрай і горкай ухмылкі.

Калі вярталіся міма дота, Сіліч з пагорка ўбачыў удалечыні вялізнае возера, на голым беразе якога відны былі бункеры. Хлопец зразумеў, што гэта Ільмень. Толькі, вядома, не з паўночна-заходняга берага, дзе яго затрымалі нямецкія салдаты, а дзесьці з паўднёва-заходняга боку. «Гладыш казаў, што даўжыня Ільменя — сорак пяць кіламетраў. Значыць, на другім баку яго — нашы войскі.

Фронт як спыніўся некалі перад гэтай воднай перашкодаю, дык так і затрымаўся на месцы».

Вартавы прывёў палонных на ранейшае месца, задаволена буркнуў, маўляў, цяпер вам будзе і ўлежней, і ўежней, і, каб пе перашкаджаць ім, як ні ў чым пе бывала, паблізу пачаў прагульвацца сюды-туды. Любамір, які, як Кольбаў цень, разгублены і ўсхваляваны, маўкліва і неадступна сноўдаў побач з немцам, цяпер трохі супакоіўся і ўсеўся над палоннымі на дошцы з краю кар’ера. Што ён можа зрабіць? Яму трэба весці сябе прыстойна, як належыць вернаму прыслужніку. Адкуль Любаміру ведаць, што гэтаму вартавому не лезуць у горла бутэрброды, калі ён бачыць, як галодныя палонныя глытаюць сліну? Там, на гравійцы, дзе іх процьма, Кольб вымушаны мірыцца з абставінамі, бо ў прысутнасці многіх вартавых нічым не можа памагчы бедакам. А тут жа ўсяго толькі чацвёра палонных. Як ён зможа палуднаваць, калі яны, галодныя, прагнымі вачамі будуць глядзець на яго бутэрброды? Побач жа — вёска. Дый у ёй, як сказалі дзяўчаты, няма салдат. Вясковыя жыхары заўсёды знойдуць, чым падзяліцца са сваімі землякамі. Тым болей што і палонных яму не трэба адрываць ад працы. Яны ж нічым не занятыя, пакуль вернецца парожні грузавік. Вось таму Кольб і рашыў перад полуднікам памагчы хлопцам раздабыць яду.

А палонныя тым часам падзялілі пароўну хлеб, каб нікому не дасталося болей і ніхто не быў пакрыўджаны, прагна паглыналі яго, духмяны, пульхны, ды ў думках дзякавалі спагадліваму вартавому.

— Нейкі дзіўны немец. Спачувае нашаму брату, — не ўстрымаўся Акбар.

Сіліч хоць і зведаў ужо Кольбаву чалавечнасць, але, прызнацца, не чакаў ад яго такога дзёрзкага ўчынку. Хлопца ўразіла, што вартавы не пабаяўся Любаміра. Ён жа можа расказаць пра ўсё каменданту або дарожнаму майстру, ад якіх немец не абярэцца бяды.

Знаёмы змалку хлебны пах прыемна казытаў у носе, і хаця людская міласціна не перасядала ў горле, але Міхася пасля вымушанага жабрацкага валачобніцтва па вёсцы ўсё яшчэ не пакідала прыкрае, паганае адчуванне. Ён гатоў быў лепш майстраваць з парожніх гільз вазы для кветак або з дошак — кіі і збываць іх за нямецкі эрзацхлеб (хай сабе той не духмяны і пе пульхны), чым пабірацца міласцінай няшчасных землякоў, якіх не здолеў уратаваць ад варожай навалы.

Чым старанней хлопцы насядалі на хлеб, тым болей уваходзілі ў смак і з не меншым азартам абуджалі ў сабе апетыт. Што ў іхнім становішчы есці без меры, асабліва не траву і не кандзёр, а хлеб — рызыкоўна, яны разумелі, але ніяк не маглі спыніцца, дый невядома, ці спыніліся б наогул, калі б не вярнуўся парожні грузавік. Добра, што пакуль накідалі пяском яго кузаў, зрабілі фізічную размінку і да пары да часу пакінулі ў спакоі рэшту недаедзенага хлеба, прыхаванага ў рэчмяшкі.

Паветра паступова прагрэлася, і свежасць змянілася гарачынёю. Сонца паднялося высока ўгару і праз павелічальную лінзу небасхілу прыпякала сваімі промнямі.

Палонныя ўжо амаль загрузілі кузаў, калі падышла пара полудніка. Спачатку Кольб, а потым напераменку адзін з адным і Любамір з Ангелам нетаропка елі бутэрброды. Полуднік заняў у іх не болей чвэрткі абедзеннага перапынку. Папалуднавалі яны адначасова з тым, як палонныя закончылі працу.

Якраз у гэты момант сюды з’явіліся Вера з Любаю. Напэўна, дзяўчаты ведалі, калі ў ахоўнікаў полуднік, таму і прыйшлі менавіта цяпер. Усе вартавыя сядзелі на дошцы з краю кар’ера. Вера смела падышла да Кольба і моўчкі нерашуча працягнула яму ладны высокі вузел, перахоплены не то абрусам, пе то хустаю.

— Вас іст дас? — насцярожыўся той, не рашаючыся браць вузел.

Бачачы гэта, Вера разгублена апусціла яго і нясмела прамовіла: «Шнапс».

Кольб засмяяўся, выняў з кішэнькі на жываце штаноў гадзіннік, глянуў на яго цыферблат, устаў з дошкі і, паказваючы рукою палонным, каб тыя таксама ўзбіраліся на край кар’ера, смеючыся, па-нямецку растлумачыў:

— Будзем спраўляць заручыны.

Яшчэ тады як хлопцы накідалі на фурманку гліну, дзяўчаты, бачачы пакепліванні вартавога наконт жаніхоў і шнапсу, адчулі, што немец не строгі, і дома надумалі выкарыстаць яго балбатлівасць для таго, каб перадаць палонным яду. Аднак цяпер, калі палонныя падышлі сюды і Кольб рукой паказаў, каб яны ўсе ішлі ў бок дота, абедзве дзяўчыны занепакоіліся. Маўляў, хоць канваір і жартаўлівы, але хто ведае, што ён надумаў. Калі вартавыя пачнуць крыўдзіць, палонныя ж не здолеюць заступіцца пры ўзброеных ахоўніках. Але цяпер нічога не зробіш. Адступаць позна.

А Кольбу не хацелася навідавоку дый на санцапёку праводзіць недазволенае зборышча, калі непадалёку — утульнае сховішча. Ён жа з раніцы наведваў дот і добра агледзеў яго ўсярэдзіне.

Абодва балгарыны вымушаны цяпер суправаджаць дзівака немца. Ангел трымае напагатове карабін, а Любамір, хоць і не вымае з кабура пісталет, але таксама глядзіць ва ўсе вочы. Пярэчыць Кольбу яны, вядома, не могуць, а палонных ахоўваць абавязаны, бо за іх адказваюць перад камендантам лагера.

Кольб разагнуў і адматаў дрот, якім была завязана клямка, са скрыпам расчыніў дзверы і, жэстам рукі запрашаючы ўслед за сабою ўсіх астатніх, першы ўвайшоў у дот. Насцярожаныя Любамір і Ангел моўчкі прапусцілі паперадзе сябе палонных з дзяўчатамі і таксама ўвайшлі туды, не прычыняючы за сабою дзвярэй.

Пасля спякоты Сіліча абдало прыемнай прахалодаю настылага бетону. У доце панаваў радкавы прыцемак, разлінаваны пыльнымі пучкамі святла, якое пранікала з вузкіх байніц і падсвечвалася нібы слабым пражэктарам, шырокім снопам, што ўрываўся з расчыненых дзвярэй. Сіліч здагадаўся, што немцы пабудавалі на гэтым пагорку дот, каб трымаць пад абстрэлам азёрны бераг на выпадак высадкі там савецкага дэсанта. З непрывычкі пасля дзённага святла ў яго міжвольна прыплюшчыліся вочы, і ён у прыцемку не адразу разгледзеў пры сцяне доўгі стол з лаваю. Кольб з вінтоўкаю падышоў да яго і, паказваючы рукою на лаву, ветліва прамовіў:

— Калі ласка, паненкі!

Вера разгублена паставіла на стол вузел і пасунула яго ўслед за сабою, нерашуча прабіраючыся з Любаю на сярэдзіну лавы.

— А вы стаўце да сцяны лапаты і таксама ўсаджвайцеся, — звярнуўся вартавы да палонных, рукою ўказваючы месцы паабапал дзяўчат.

Калі хлопцы паставілі лапаты і Міхась з Акбарам селі побач з Любаю, а Сабіт з Юлдашам — каля яе сяброўкі, Кольб падаў рукою знак, каб Вера гаспадарнічала. Дзяўчына разгублена развязала вузел і разгарнула рагі настольніка. Пасярэдзіне яго стаяла бутэлька, закаркаваная самаробным заткалам, абкладзеная лустамі хлеба. З двух бакоў іх прыкрывалі карчы зялёнай цыбулі, якія аддзялялі ад пляшкі дзве шклянкі. Вера старанна працерла іх ражком настольніка і пераставіла на край стала, бліжэй да вартавога. Потым выставіла туды бутэльку, спадыспаду якой дастала і раскрыла круглую бляшанку ад цукерак-ледзянцоў, напоўненую драбочкамі шэрай солі.

«Цяпер і жыццё сялян такое шэрае, як гэтая соль, і такое горкае, як гэта самагонка», — падумаў Сіліч, адводзячы позірк ад несамавітага пачастунку. Але тут жа зларадна ўхмыльнуўся ад таго, што вартавыя стаяць перад імі навыцяжку, а палонныя сядзяць у застоллі, усё роўна як на пачэсным покуці. Праўда, на гравійцы ён даўно пераканаўся, што Кольб наогул не прысядае, а ўсё расхаджвае па абочыне. Але ж гэтыя браткі-славяне, што шмат часу праседжваюць на дошцы з краю кар’ера, цяпер вымушаны стаяць на нагах. Хаця, канечне, у сэнсе бяспекі ім спакайней і надзейней, што палонныя адгароджаны ад іх сталом.

Настала агульная разгубленасць і насцярожанае чаканне. Ні дзяўчаты, ні палонныя не ведалі, што рабіць. Пасля некаторай замінкі Кольб схамянуўся і, адчуваючы, што паколькі заварыў усю гэтую кашу, дык і павінен весці рэй, па-гаспадарску ўзяў са стала пляшку, страсянуў у руцэ і на фоне расчыненых дзвярэй уважліва разгледзеў змешчаную ў ёй вадкасць.

Сілічу было відно, як самагонка ў бутэльцы на момант запухірылася дробненькімі маністамі і потым зноў стала празрыстая-празрыстая, з блакітнаватым адценнем ад прыцемку ў доце.

— Шнапс зэер гут! — пахвальна адазваўся вартавы, ставячы па стол пляшку і вымаючы з яе рыльца заткала.— Чысты як сляза!

Міхась неаднойчы чуў у народзе гэтае параўнанне, але цяпер здзівіўся, што яго ўжыў немец. «Няўжо яно і ў іх бытуе? А можа, ён чуў яго ад нашых сялян і ў гэтым доце перад палоннымі спецыяльна параўнаў шнапс са слязою, каб ахарактарызаваць наша гаротнае становішча?» — падумаў хлопец, гледзячы на тое, як Кольб запоўніў дно шклянкі самагонкай і паднёс да рота, дэманстратыўна прынюхваючыся.

— Гэта не яд? — усміхаючыся, гарэзліва запытаўся ён, гледзячы на Любу. — Немцу не будзе капут?

— Найн, — стрымана адказала дзяўчына.

— Ну, дык тады за тое, каб вы на гэтым свеце не засталіся вечнымі нявестамі і жаніхамі! — прамовіў пасуравелы Кольб і, смакуючы, усё роўна як скрозь зубы, нетаропка выцадзіў у рот самагонку, паставіў на стол шклянку і сказаў балгарам:

— Прыма! Пакаштуйце!

Але тыя нічога не прамовілі ў адказ, а толькі адмоўна пакруцілі насупленымі тварамі. Кольб адарваў ад карча цыбулі зялёнае пяро, адкусіў, разжаваў і праглынуў ладны канчур яго і, смакуючы, задаволена заключыў:

— Пасля горкага шнапсу цыбуля — салодкая як цукар. — Даеў рэшту пяра і, усміхаючыся, звярнуўся да ўсяго застолля: — Чаму седзіце як госці? Чакаеце асабістага запрашэння? Гаспадарнічайце за сталом. Спраўляйце заручыны.

Міхася кальнула слова «заручыны». Каб Люба не падумала, што немец гэтым самым здзекуецца з палонных (бо яна ж не падазрае пра яго дзівакаватасць і зычлівасць), хлопец адарваў ад карча цыбулі некалькі пер’яў, абмакнуў у соль, другой рукою ўзяў лусту хлеба і пачаў нетаропка есці. Ён як бы падаў прыклад сваім напарнікам, якія ўслед за ім таксама пачалі латашыць цыбулю і есці ўпрыкуску з хлебам і з соллю. Сіліч ведаў, што каўказскія і сярэднеазіяцкія народы разам з вострымі мяснымі стравамі спажываюць разнастайную зеляніну, якая распальвае апетыт і памагае засвойваць ежу. Пасля шматлікіх згрызот паднявольнага жыцця цыбуля з хлебам ды з соллю падсалоджвала іхнюю горкую долю. А калі яшчэ ўлічыць тое, што яны болей года не толькі не каштавалі яе ні ў якім выглядзе, але наогул не бачылі ў вочы, дык будзе зразумела, які апетыт яна выклікала ў палонных і здавалася ім надзвычай сакавітай і лапушыстаю.

Сілічу перад дзяўчатамі было трошкі няёмка за сваіх напарнікаў, якіх усё роўна як падмянілі. Нічога сабе жаніхі! Забыліся пра нявестаў. Капаючы і накідаючы на фурманку гліну, яны як быццам заляцаліся да дзяўчат. А цяпер так дружна налягаюць на яду, нібы толькі што вырваліся з галоднага краю. У глыбіні душы Міхась не мог не спачуваць сябрам па няшчасці, бо адчуваў сам па сабе дый ведаў, да чаго прыводзіць чалавека недахоп вітамінаў. Нездарма ж старажытныя егіпцяне на будаўніцтве пірамід штодня давалі кожнаму нявольніку галоўку часнаку. А нямецкія фашысты мораць галоднай смерцю савецкіх ваеннапалонных.

Бачачы, што ніхто ў застоллі не дакранаецца да самагонкі, Кольб памяркоўна пакпіў:

— А чаму ж не пакаштуеце шнапсу? Не хочаце спраўляць заручыны? Мусіць, нявестам не падабаюцца жаніхі? Ці жаніхам не даспадобы нявесты?

— У вайну і без гарэлкі горка. Дый якія пад канвоем памовіны? У сапраўднага свата цераз плячо звісае ручнік, а не вінтоўка, — нясмела азвалася Люба, якая збольшага зразумела сэнс Кольбавых слоў.

— Што яна кажа? — пацікавіўся вартавы.

Сіліч пераклаў сказанае. Па ўсім адчувалася, што Кольб асекся. Ён прыкметна пасур’ёзнеў і пасля некаторай паўзы паспрабаваў апраўдвацца:

— Не ведаю, як мусульмане. Можа, па іх законах шнапс забаронены. А ў славян без яго не бывае застолля ні па хрысцінах, калі народзіцца чалавек, ні на вяселлі, калі ёы жэніцца, ні на памінках, што спраўляюць па ім пасля яго смерці.

Міхась не стаў увязвацца ў гаворку, бо зразумеў, што Кольб чуў пра звычаі славянскіх народаў і, напэўна, ведае пра тое, што і заручыны не бываюць без гарэлкі або віна. Успамін пра тое, што ў некаторых мясцінах на Беларусі заручыны называюць памовінамі або запоінамі і людзі кажуць там, што маладую не засваталі, а запілі, выклікаў у хлопца кіслую ўхмылку. Праўда, сам ён у гарэлцы не адчуваў ніякага смаку і нават законных сто грамаў, якія, бывала, атрымліваў на фронце, ніколі не піў, а заўсёды аддаваў іншым. Дык не хлябаць жа цяпер самагонку ў нямецкім доце з гора ды з бяды. Бо хто ведае, чым усё гэта можа скончыцца пасля?

Палонныя хутка расправіліся з дзявочым пачастункам. З галадухі хлеб з цыбуляю і з соллю быў ім у навіну і сышоў за лепшыя прысмакі.

Кольб, відаць, хацеў ужо закрываць недазволенае зборышча, але калі глянуў на някранутую пляшку, разгублена развёў рукамі і па-нямецку прамовіў:

— Раз нявесты з жаніхамі не прыгубілі шнапсу, значыць, заручыны не адбыліся. А што рабіць з ім? Хіба ўзяць мне ды задобрыць Штунца? Можа, ён паспадзяецца, што я пастаянна буду ставіць яму магарыч, дый угаворыць Брэса, каб той часцей даручаў мне ахоўваць вас каля гэтай вёскі? — Але чамусьці перадумаў і злосна заключыў: — Няхай Штунц п’е свой. Ён умее рабіць яго. А гэта — слёзы людскія. Вазьміце зелле,— кіўнуў ён галавою ў бок дзяўчат.— Яно спатрэбіцца настойваць лекавыя зёлкі ці націранне, — і паказаў рукою палонным, каб тыя забіралі лапаты, а сам пайшоў у дзверы.

— Дзякуй вам, дзяўчаты, за перадачу! — неўпапад азваліся хлопцы, калі Ангел з Любамірам пад канвоем выводзілі працэсію з дота.

— На здароўе! — адказала Вера. — Дзякуй вам, што накапалі пам гліны!

— Шанцу і ўдачы вам у жыцці! — загадкава пажадала на развітанне Люба.

З прыцемку на святле Міхасю здаўся вельмі прыгожым яе твар, яшчэ болей паружавелым ад сонечных промняў.

З пагорка было відно, як удалечыні, у нізіне, пабліскваючы знічкамі, іскрацца азёрныя хвалі. Там, як ахопліваў пагляд, распасціралася бясконцая водная . роўнядзь. Прыплюшчваючы павекі, Міхась разглядаў яе самотным позіркам, а ў думках узнікалі далёкія роўныя мясціны і зусім іншае возера, блізкае яго сэрцу. Адтуль на яго глядзелі знаёмыя Анюціны вочы.

Дзьмухаючы выхлапным газам, натужліва завуркатаў грузавік, які Ангел вырульваў з кар’ера, а Міхасю здалося, што як быццам бы яго абдало дымком паравоза, пахам чыгунных рэек і прасмоленых шпал на невялікай станцыі, што прытулілася да лесу насупраць Анюцінай вёскі. Бывала, як любілі яны ўдваіх шпацыраваць па яе дашчаным пероне, зайздроснымі позіркамі праводзячы цягнікі ды захапляючыся спрытам машыністаў, якія, не збаўляючы хуткасці, на хаду падхоплівалі жазло з рукі дзяжурнага.

Чыгуначны насып ад возера аддзяляла пясчаная дарога, ускрай якой раслі цяністыя вольхі, а за імі зараснікі чароту і аеру. Здавалася, што, калі б не гэтая трывала ўкаранелая прыродная заслона, вада ў паводку даўным-даўно пазмывала б сыпучы дарожны пясок.

Міхасю да драбніц знаёмы кожны закутак у наваколлі. Калі ісці са станцыі ў вёску, з правага боку ўздымаецца бязлесы пясчаны пагорак, а з левага расце ў вадзе чарот з асакою. І адразу ж вольхавым драбналессем заканчваецца возера. Справа ў яго ўпадае невялікі ручай, і далей ліпавая алея вядзе ў вёску, што раскінулася злева, воддаль берага. Напэўна, калісьці тут на ўзвышшы быў невялікі маёнтак, бо сям-там захаваліся замшэлыя будынкі, зусім непадобныя на вясковыя хаты, ды ацалела нямала стогадовых кляноў. Недапалёку — памяшканне школы. Трохі лявей, за школьным садам, за валейбольнаю і футбольнаю пляцоўкамі, на беразе ў вадзе жалезнымі слупкамі выгараджана купальня, з мосцікамі вакол. Проста ад школьнага двара ў возера выступае ладны паўвостраў, густа зарослы бярозамі, клёнамі і вольхамі. У самым канцы яго паверхня паступова зніжаецца і зусім хаваецца пад вадою. Навокал расце шмат белых гарлачыкаў. Гэтую мясціну Анюта называла сваім запаведнікам, а для Міхася яна была таксама запаветная.

Бывала, колькі б яны ні баразнілі лодкаю раздольную азёрную гладзь, а ўсё роўна кожны раз абавязкова прычальвалі да гэтай утульнай прыстані. Праз цяністую навісь тут не паліла сонца, ад вады ледзь-ледзь патыхала свежасцю. Над галавою нябесны блакіт быў расквечаны зялёнай і салатавай лістотаю, а ўнізе пад празрыстай глыбінёю, як зоркі, цвілі белыя і жоўтыя гарлачыкі. Ад водсвету гэтай прыгажосці Анюціны вочы адсвечваліся загадкавымі колерамі і невыказнымі адценнямі.

Калі закаханыя ўпершыню заплылі ў гэта казачнае царства, хлопец стаў зрываць кветкі на букет дзяўчыне, але яна пачала ўпрошваць яго, каб ён не чапаў іх, бо яны, сарваныя, хутка завянуць і загінуць. Маўляў, лепей хай растуць на выгодзе, каб можна было падоўгу любавацца імі, жывымі. Усё лета, на працягу студэнцкіх канікулаў, гарлачыкі цвілі ў Анюціным запаведніку, радавалі дзяўчыну з хлопцам і прываблівалі закаханых у гэты закутак.

Даўным-даўно перад Міхасёвымі вачамі не паўставаў так выразна і яскрава гэты малюнак, як узнік сягоння. І ўсё дзякуючы Веры з Любаю, якія прынеслі палонным перадачу, а таксама дзякуючы азёрнаму берагу, што ўдалечыні адкрыўся яму з пясчанага адхону.

Упершыню за доўгі час насычаныя каларыйнаю ежаю, салодка спалі на пяску яго напарнікі, а ён, узрушаны ўспамінамі, нават у кароткай дрымоце не прымружыў вачэй, пакуль не вярнуўся парожні грузавік.

Калі Ангел з Любамірам расселіся на дошцы над палоннымі, якія пачалі накідаць у кузаў пясок, а Кольб расхаджваў па краі кар’ера, Міхасю чамусьці зарупіла распачаць гаворку з ахоўнікамі, каб усё-такі высветліць, хто яны на самай справе.

— Братушкі, праўда, што вы — балгары? — наіўна звярнуўся ён да іх па-беларуску, нетаропка зачэрпваючы лапатаю пясок.

— А табе хіба не ўсё роўна, хто мы? — разгублена азваўся па-нямецку Ангел, якога Любамір падтрымаў яхіднай рэплікаю.

— Братушка мне знайшоўся!

Яна задзела Міхася за жывое. Хлопец укінуў у кузаў пясок і, перш чым зачэрпнуць чарговую лапату, на нейкае імгненне прыпыніўся і з’едліва адказаў па-беларуску:

— Як-ніяк, а ўсё-такі мы нейкая радня, хоць і далёкая. Па Турэччыне ды па Нямеччыне. — І па-нямецку растлумачыў: — Мой дзед памагаў вашым продкам біць туркаў у Балгарыі, а бацька ва Усходняй Прусіі калашмаціў нямецкіх ваяк.

— Вы хацелі забіць нашага цара Барыса, — раптам вынес бязглуздае абвінавачванне Любамір.

Сілічу болей не было чаго гаварыць. Цяпер ён зразумеў, што абодва ахоўнікі сапраўды балгары. Ён ведаў, што балгарскі цар Барыс абапіраўся на рэваншысцкія пранямецкія элементы і праводзіў палітыку ўзмоцненай фашызацыі краіны. «Мабыць, вось на такіх, як гэтыя, ён ускладаў свае спадзяванні і надзеі».

 

1 Прадукты.

2 Хлеб.

3 Нямецкія салдаты ёсць?

27

Раніцаю, ледзьве палонныя распачалі працу на гравійцы, як да іх з боку лагера пад’ехаў вялізны грузавік з адкрытым кузавам. Прыцішаючы хуткасць перад людской турмою, ён на скрыжаванні з’ехаў на прасёлачную дарогу, адразу ж завярнуўся на ёй і, пад’язджаючы зноў да палонных, спыніўся. З кабіны, у якой застаўся шафёр, вылезлі камендант і невысокі драбнаваты фельдфебель з рознакаляровай істужкаю ў пятлічцы на грудзях і са срэбранай акантоўкаю на пагонах. Перакладчык Ванька ўслужліва кінуўся насустрач Брэсу, але камендант зрабіў выгляд, што не заўважае яго, і, выкрыкваючы прозвішчы, паклікаў трох вартавых. Ванька, як пакрыўджаны гаспадаром сабака, борзда шмыгнуў назад у гурт палонных, што снавалі з насілкамі ды з лапатамі, а да Брэса з розных месцаў у ланцугу ачаплення падышло трое вартавых: адзін — змрочны, каржакаваты, з вялікім носам, другі — высокі, нібы каланча, той, што, як семафор, няўклюдна прыўзнятай рукою вітае праезджыя легкавушкі і трэці — жвавы, прыдзірлівы служака.

— Кожны вазьміце сабе па чатыры палонных, — па-нямецку загадаў ім камендант. — Пад вашым прыглядам няхай яны выносяць з выцерабленай дзялянкі бярвенні і грузяць на машыну. Толькі выбірайце палонных не ў адным, а ў розных месцах натоўпу, каб не трапілі сябры. Ды пільна сачыце за імі.

«Адразу відно, што клышавень — абачлівы і напрактыкаваны турэмшчык, — падумаў Міхась, абапіраючыся на дзяржальна лапаты. — Падначаленых навучае розуму».

Ці то выраз хлопцавага твару выдаў гэтую думку, ці то на ім прамільгнула выкліканая ёю ўхмылка, толькі змрочны каржакаваты вартавы, што ў гэты момант праходзіў міма Міхася, раптам прамовіў яму: «Ком хэр».

Немец павёў хлопца перад сабою па абочыне і ў розных месцах натоўпу вылучыў яшчэ трох палонных. Астатнія двое вартавых, якіх Брэс выклікаў з ланцуга ачаплення, зрабілі тое ж самае, кожны падзываючы абранніка да сябе. Потым яны размеркавалі вылучаных парамі і скрозь частакол ачаплення, пад канвоем, павялі па раздольнай дзялянцы, што раскінулася ўсцяж гравійкі і метраў за дзвесце ад яе ўпіралася ў сіняватую сцяну лесу. Сіліч адчуў сябе вальней, хаця сярод вылучаных не аказалася нікога з ягоных таварышаў. Напарнікам яму дастаўся нізкарослы шустры дзяцюк, што жыў за сцяною іхняга пакоя. Звалі яго Валька, а палонныя далі яму мянушку «пад хмелем». Так і клікалі яго многія ў лагеры — Валька пад хмелем. Міхась даўно звярнуў увагу, што ён сваімі пацвельваннямі і прымаўкамі спрабуе пацешыць палонных, але тыя не асабліва рэагуюць на яго кепікі, бо, мабыць, прымаюць іх за недарэчныя. Сіліч неаднойчы спачуваў дзецюку, шкадуючы, што яго жарты не знаходзяць водгуку сярод гаротнікаў, і зайздросціў яго бестурботнаму, вясёламу характару. Хлопцу чамусьці здавалася, што чалавек з такой натураю ва ўмовах палону лягчэй пераносіць пакуты паднявольнага жыцця і не гэтак абвострана і балюча рэагуе на абразы і здзекі.

Чым далей вартавыя адводзілі іх ад палосы адчужэння па аголеным расцяробе, тым глыбей удыхалі Міхасёвы грудзі вільготнае ранішняе паветра, настоенае на сакавітым разнатраўі, якое ўдалечыні ад гравійкі не было прыцярушана дарожным пылам і абвявалася ледзь улоўным лясным водарам. Па засохлых і пацямнелых ад часу зрэзах на несамавітых пнях было відно, што тут рос, малады лес і што ссеклі яго або ў канцы мінулага лета, або позняй восенню. «Пад корань усё выцярэбліваюць, сволачы, і нашу моладзь, і лясны маладняк, — думаў Міхась, на хаду бегла акідаючы насцярожаным позіркам альховыя, бярозавыя ды асінавыя пні, што сіратліва вытыркаліся з зямлі, як нямыя сведкі спусташальнага рабавання. — Мусіць, адгэтуль гітлераўцы вывозілі бярэзнік для крыжоў на могільнік сваім ваякам у наўгародскім крамлі». Сярод пнёў збольшага было папрыбірана галлё. Скрозь, як глянуць, вырасталі з зямлі парасткі нізкарослага драбналесся. Шорсткі сівец ды лясная трава, што, незацененыя, цяпер буялі на выгодзе, папрашывалі прэлую леташнюю лістоту, якая высахла ад сонца і шорхала пад нагамі нібы каляная.

Не даходзячы крокаў сем да прысадзістага бярозавага пня, які, як прывід, узнік наперадзе, Сіліч заўважыў, што яго чорна-белую, нібыта сярэбраную аснову, акаймоўвае ўнізе прывабны залацісты вянок. Праява не магла ашукаць позірк заядлага грыбніка. Хлопец насцярожана сцяўся ўвесь і ў адно імгненне, спружыніста згінаючыся, на хаду расчапіў і з карэньчыкамі выдраў з зямлі ржава-бурыя каралавыя зросткі. Ужо ў прыполе гімнасцёркі прагным позіркам акіпуў крамяныя шляпкі ў крапінках бурых вяснушак і, пераконваючыся па паясках на ножках, што апенькі сапраўдныя, асцярожна апусціў іх у бляшанку ад дымавой шашкі, што была ў рэчмяшку, які ён спрытна скінуў з аднаго пляча і хуценька разбэрсаў.

Усё гэта адбылося настолькі хутка і нечакана, што змрочны вартавы, які ішоў ззаду, не паспеў ачомацца і толькі запознена прамармытаў па-нямецку:

— Як шкадлівая свіння, на хаду скубе патраву.

«Мала таго што высякаюць наш лес, дык яшчэ і грыбы ў ім лічаць сваёй уласнасцю», — раззлаваўся хлопец. Але ў той жа момант яго жар ахаладзіла каманда «хальт!, якую ззаду падаў жвавы вартавы. Яна прагучала ў паветры халодным кляцаннем вінтовачнага затвора.

— Хальт!

— Хальт!

Нібы падвоенае водгулле яе, адзін за адным пачуліся разрозненыя выкрыкі астатніх ахоўнікаў, калі шлях палонных перагарадзілі раскіданыя па зямлі бярозавыя, асінавыя ды альховыя бярвенцы. Яны ляжалі абы-як, нібы салдаты, што ў наступленні загінулі ад варожых куль. Цяпер толькі яны злёгку загрувашчвалі вузкую палосу расцяробу, што аддзяляў гаротнікаў ад лазовых кустоў і непралазнага зарасніку, дзе смуга бялёсага туману ахутвала доўгачаканую волю. Пакуль што неакрэсленая і туманная, як гэтая смуга, воля нейкай падспуднаю і неадольнай сілаю прываблівала да сябе і ўжо трымала ў полі свайго прыцягнення, якое раптам абарвала нямецкая каманда:

— Абедзве пары, бярыце па бервяне і выносьце на аўтамашыну! — якую падаў жвавы служака вартавы, што з вінтоўкаю напагатове загарадзіў сваёй чацвёрцы палонных шлях да лесу і жэстам адной рукі паказаў, каб яны падымалі з долу лясіны.

Нібыта цені гэтага служакі, астатнія двое вартавых з вінтоўкамі напагатове таксама зайшлі спераду сваіх чацвёрак і расслаблена скамандавалі неўпапад: «Лёс!»

«Кожны з іх сочыць толькі за сваёй чацвёркаю, — пераконваўся Міхась, падымаючы з напарнікам з долу бярозавае бярвенца. — А гэтая нямецкая педантычнасць нам на руку. Наш вартавы хоць з выгляду і змрочны, але ён цельпукаваты і непаваротлівы. Калі ўвішна дзейнічаць, яго можна аблапошыць. Асабліва тады, калі будзем браць бярвенцы бліжэй каля кустоў і зарасніку».

Бярвенца, якое яны неслі, было не цяжкое. Нізкарослы напарнік трымаў на плячы яго танчэйшы канец, а цыбаты Міхась — камель. Хлопец павярнуў галаву налева, а потым прыхінуўся шчакою направа, да настылага паркалю бяросты, акідваючы позіркам іншыя лясіны, якія неслі суседнія палонныя, і ўбачыў, што іх асінавыя і альховыя бярвенцы прыкладна такой жа таўшчыні. Гэтым дрэвам гадоў па пятнаццаць — дваццаць, не болей. Значыць, тут рос малады лес. Напэўна, немцы прымусілі сялян выцерабіць яго, каб для бяспекі агаліць з абодвух бакоў гравійку, аддзяляючы ад яе надзейныя і зручныя подступы, а драбнейшае ламачча з галлём аддалі ім на дровы.

Праз адчынены задні борт кожная пара палонных нетаропка засоўвала ў кузаў камлём да кабіны сваё бярвенца. У першы прыход яны прыкрылі імі амаль усю падлогу кузава.

Вартавыя вялі палонных па бярвенцы шырокім ланцугом: пара каля пары, а назад — вузейшым, бо кожны з двух напарнікаў ужо нёс лясіну, ідучы адзін за адным. Як толькі Міхасёва пара з бярвенцам на плячах падышла першы раз да грузавіка, хлопец адчуў, што яго напарнік Валька знарок марудзіць, даючы магчымасць іншым хутчэй разгрузіцца. Яны самымі апошнімі запхнулі ў кузаў сваю лясіну і нетаропка прыстроіліся збоку да ланцуга, каб ісці па наступную. І тады Міхась нарэшце зразумеў, чаму Валька выгадваў час. Ён разлічыў, каб стаць побач з Міхасём самым крайнім у ланцугу, дзе надзейней можна шапнуць пару слоў.

— Глядзі пільна. Будзь напагатове. У зручны момант нырнём у зараснік, — на хаду адрывіста шапнуў ён Міхасю, калі пад канвоем вартавых палонныя ўлегцы ішлі па выцерабленай дзялянцы.

Напарнікава папярэджанне падбадзёрыла і яшчэ болей абнадзеіла хлопца. «На пару і ўцякаць смялей, і двум спадручней, чым аднаму, — думаў Міхась. — Асабліва з гэтакім шустрым і бойкім. Дзяцюк — спрытны і паваротлівы, разам з ім будзе лягчэй пераносіць цяжкасці і нягоды».

Цяпер у Сіліча было такое адчуванне, як быццам чым бліжэй да кустоў палонныя прыбіралі лесазавал, тым хутчэй у яго за плячамі вырасталі нябачныя крылы. Яму здавалася, што, пакуль ён з напарнікам нясе лясіну, яна яшчэ прыціскае іх да зямлі, а як толькі пагрузяць яе на аўтамашыну, крылы адразу ж гатовы развінуцца ўшыркі — і ён вось-вось выпырхне з няволі.

Праўда, з кожным падыходам да лесазавалу Міхасю было відно, як у хмызняку ўвачавідкі радзее і рассейваецца смуга, прыадкрываючы бухматыя абрысы паасобных кустоў і прысадзістых дрэўцаў, што, канечне, трошкі засмучала, але канчаткова не бянтэжыла. Бо як выступалі з туману гэтыя кусты і дрэўцы, так і ў яго свядомасці ўсё болей выкрышталізоўваліся цвёрды намер і заманлівая задума. Кожны раз вяртаючыся зноў па бярвенца, ён быў задаволены, калі бачыў, як хто-небудзь з палонных на хаду падхоплівае з-пад пня залацістыя каралы апенек. Яму здавалася, што прагнасць небарак размагнічвае ўвагу вартавых і абяззбройвае іх пільнасць. Маўляў, раз палонныя хапаюць грыбы, значыць, будуць гатаваць іх у лагеры. Перад уцёкам яны не накідваліся б на падножны корм, што непрыдатны для ежы ў сырым выглядзе. Кожны палонны ўхапіў на хаду зросткі апенек. Нарасло тут процьма грыбоў. Каралавымі вянкамі апенькі акаймоўвалі пні. Жыхары навакольных вёсак, мабыць, баяліся хадзіць сюды. Дый не да грыбоў людзям у гэтакі час.

Сіліч прадчуваў, што яму нарэшце пашанцуе. Гаротная доля паварочвалася да яго іншым бокам. Сама сягонняшняя праца зручная для ўцёкаў. Ды яшчэ, як на шчасце, лёс паслаў цельпукаватага вартавога і шустрага напарніка. Складваліся абставіны, якія самі падштурхоўвалі да рашучых дзеянняў. Узбуджаны настрой як быццам наэлектрызаваў усяго хлопца. Рукі і ногі ў яго напружыліся, ён глядзеў ва ўсе вочы і чуйна прыслухоўваўся да кожнага шоргату і шапацення.

Кузаў усё вышэй і вышэй запаўняўся бярвенцамі. Ужо немагчыма было засоўваць іх туды з долу. Адзін напарнік абавязкова павінен быў залазіць на грузавік і падцягваць да кабіны камель, вяршыню якога знізу падштурхоўваў другі. З бакоў нельга было падступіцца да кузава з каркасам для брызенту.

Па меры таго як аўтамашына напаўнялася бярвенцамі, палоса лесазавалу, што аддзяляла грузчыкаў ад кустоў і зарасніку, увачавідкі звужалася. Калі кузаў быў загружаны амаль да краёў, Валька з Міхасём злаўчыліся запхнуць у яго сваё бярвенца самымі апошнімі і цяпер крайнімі ў ланцугу ішлі па наступнае, спадзеючыся ўжо наогул не вярнуцца на гравійку.

Нібы іскры пры кароткім замыканні, у Міхасёвай галаве ўспыхвалі і гаслі абрывістыя думкі. Ён разумеў, што не толькі яны з Валькам, але і іншыя палонныя мараць шмыгнуць у зараснік. Пашанцуе, вядома, таму, хто апярэдзіць. У вартавых па абойме патронаў у вінтоўцы. Кожны з іх з нямецкай педантычнасцю ў першую чаргу будзе сачыць толькі за сваёй чацвёркаю і страляць толькі па ёй. Чацвёрка жвавага служакі наўрад ці перахітрыць борздага і паваротлівага вартавога. А Міхась з Валькам павінны абвесці вакол пальца цельпукаватага немца. Пакуль ён павернецца ды разгледзіцца, дык яны вылузнуць ногі з драўляных калодак і ў адзін міг апынуцца ў гушчары. Няхай страляе туды, дзе затрашчыць ламачча ды зашастае голле. Нябось ён жа, як аўчарка, не палезе ў зараснікі — пабаіцца.

І хлопец, здаецца, ужо на поўныя грудзі ўдыхаў лясную вільгаць і адчуваў фізічна, як па яго гарачых шчоках і скронях, нібы распараны венік у лазні, сцёбае настылая росная лістота. Да вузкай палосы лесазавалу заставалася ўсяго толькі некалькі крокаў, калі ззаду ў Міхася раптам нехта прамовіў па-нямецку:

— Няхай аднясуць апошні раз, а мы паглядзім, ці шмат бярвенцаў застанецца на расцяробе.

— Колькі ні застанецца, а ўсё роўна ж прыйдзецца прыязджаць яшчэ, — адрывіста адказаў нехта другі.

Па металічным тэмбры голасу Міхась пазнаў, што гаворыць Брэс. Хлопец увесь сцяўся ад нечаканасці і, убіраючы шыю ў плечы, нясмела павярнуў галаву направа, наважваючыся пераканацца ў правільнасці сваёй здагадкі. Справа, абганяючы ланцуг палонных, да лесазавалу паспешліва ішлі камендант з фельдфебелем. Як быццам паказваючы сваю пільнасць і выслужваючыся перад Брэсам, вартавыя таксама пачалі абыходзіць ланцуг з двух бакоў, заходзячы спераду палонных і адразаючы ім шлях да зарасніку.

У Міхася адразу ж абмякла ўсё цела і расслабіліся ногі. Калі палонным загадалі браць з долу лясіны і ён з Валькам падняў асінавае бярвенца, у яго было такое адчуванне, нібыта ён надарваўся, носячы непасільны цяжар. Да грузавіка хлопец ішоў сам не свой. У яго падкошваліся ногі і дрыжэлі рукі. Не зважаючы на высокі рост, ён ледзь-ледзь падняў на пагружаныя канцы бярвенцаў камель сваёй асіны і насілу ўскараскаўся ў кузаў, каб з дапамогаю Валькі падцягнуць яе да кабіны.

Сіліч разумеў, што ўцячы не ўдасца. Ён страшэнна злаваў на фельдфебеля, якому ўздумалася ісці да лесазавалу і цягнуць туды за сабою кіжлатага Брэса. Праўда, у хлопца яшчэ цеплілася спадзяванне на тое, што аўтамашына адвязе бярвенцы і вернецца сюды па астатнія. Але, пасля таго як Брэс загадаў вартавым ісці на свае месцы ў ланцугу ачаплення, а сам сеў з фельдфебелем у кабіну, грузчыкі павінны былі зноў браць у рукі свае лапаты з насілкамі і разам з усімі палоннымі займацца нуднай працаю. «Калі нават грузавік і вернецца, дык неабавязкова ж мы будзем нагружаць яго лесам, — падумаў хлопец, вымаючы сваю лапату з кучы друзу, каля якой нетаропка кешкаліся ягоныя таварышы. — Вартавыя вылучаць з гурту іншых палонных для гэтай працы».

— А мы пазайздросцілі, што табе нарэшце пашэнціла. Думалі, дасі драла, — не ўстрымаўся Хендога. — Здавалася ж, адтуль рукою падаць да зарасніку.

— Блізка відаць, ды далёка дыбаць, — незадаволена адказаў Міхась і раззлавана прамармытаў: — Калі ж у апошні момант кадук пагнаў туды фельдфебеля з камендантам. Чаго гэтаму клышавеню ўздумалася клыпаць туды па пнёўі?

Хлопец не сумняваўся ў тым, што, калі б ён даў драпака, ягоныя таварышы толькі пазайздросцілі б яму ды пажадалі б удачы. Спадзявацца на групавы ўцёк з гравійкі няма чаго. Уцякаць трэба адусюль, дзе толькі спрыяюць умовы. Канечне, лепей бы ўцячы двум або тром разам. Але не чакаць жа зручнага выпадку. Пакуль яго дачакаешся, выпрастаеш ногі.

Спадзяванне на тое, што яшчэ прыйдзецца грузіць на аўтамашыну астатнія бярвенцы, таксама не спраўдзілася: грузавік болей не прыехаў.

Але затое калі дарожны майстра абвясціў абедзенны перапынак і палонныя пачалі рассядацца і разлягацца па схілах кюветаў, змрочны непаваротлівы вартавы, што вылучаў Міхася насіць бярвенцы і перад абедам стаяў у ланцугу ачаплення побач з Кольбам, паспешліва і ўсё роўна як насуперак апошняму ўзяў хлопца распальваць цяпельца. Тое, што немец даручыў гэта яму, ніколькі не здзівіла Міхася, які ў апошні час бачыў, як гэтаму вартавому распальвалі вогнішчы іншыя палонныя. Праўда, было трохі незразумела, чаму на гэты раз немец узяў менавіта яго. Міхась не думаў, што гэта адбылося толькі таму, што палонныя, працуючы, павольна прасоўваліся па гравійцы і адпаведна перамяшчаўся ланцуг ахоўнікаў, у выніку чаго хлопец апынуўся якраз насупраць непаваротлівага вартавога. Міхасю здавалася, што фанабэрысты саманадзейны немец захацеў пакуражыцца перад Кольбам, таропка беручы менавіта таго, каго неаднойчы прасіў распальваць цяпельца вартавы з жалезным крыжам. Не паспеў хлопец заняцца працаю, як убачыў, што побач на палосу адчужэння з цэментавай трубы праз гравійку бруіць ручаінка. Ён асмялеў, набраўся нахабства і рашыў выкарыстаць яе, спалучаючы прыемнае для немца з карысным для сябе. Перш чым збіраць галлё, Сіліч на імгненне спусціў з аднаго пляча лямку рэчмяшка, хуценька выняў дзюралевае вядзерца і зачэрпнуў праточнай вады. Назбіраў шмат ламачча, каб з яго было паболей вуголля, і спадыспаду распаліў сушняк. Калі галлё разгарэлася, хлопец жэстам рукі папрасіў, каб вартавы дазволіў прысуседзіцца да агню Міхасёваму посуду. Немец нічога не адказаў, і Сіліч успрыняў маўчанне як маўклівую згоду. Каб вартавы не перадумаў, хлопец хуценька дастаў з рэчмяшка бляшанку дымавой шашкі, з коптурам напоўненую апенькамі, наспех двойчы апаласнуў іх вадою з вядзерца, тут жа зліваючы яе, брудную, на траву, потым наліў чыстай, надзеў тугую накрыўку, на выпадак таго, калі галлё згарыць, каб грыбы дайшлі на тлеючым вуголлі, і ўсунуў нязвычны посуд з краю вогнішча. А сам, не жадаючы мазоліць вачэй немцу, шмыгнуў у кювет да сяброў. Міхась спадзяваўся, што ў канцы абедзеннага перапынку возьме посуд. Ён прадчуваў смак згатаваных на свежым паветры грыбоў і ўяўляў, з якім апетытам будзе ўплятаць іх у лагеры дый яшчэ пачастуе і ўразіць суседзяў. А яны ж, гэтакія крамяныя і мясістыя, не тое што якія-небудзь авярушкі, як завуць на Беларусі вясновыя апенькі.

Звычайна ў абедзенны перапынак толькі пажылыя, болей цягавітыя і загартаваныя палонныя бавілі час у размовах ці, панурыя, моўчкі ляжалі і сядзелі на схілах кюветаў. Маладзейшыя, як падкошаныя, падалі на траву і адразу ж засыналі, не прывычныя па паўдня выстойваць на нагах і змардаваныя недаяданнем. Раскатурханыя дарожным майстрам і наглядчыкамі, яны неахвотпа прачыналіся і адчувалі сябе як пабітыя. Ныла ўсё цела. Непакоіла ламота ў суставах рук і ног. Сягоння многія, агорнутыя дрымотаю, яшчэ пе паспелі разаспацца, як праз сон пачулі паблізу прыглушаны выбух і амаль адначасова з ім адзін, а праз нейкі момант і другі гулкі стрэл.

Тыя, хто не спаў і сядзеў па схілах кюветаў, аказаліся міжвольнымі сведкамі недарэчнага відовішча, пра якое цяпер расказвалі тым, хто прахапіўся і спрасонку разгублена праціраў вочы, не разумеючы, чаго рагочуць некаторыя вартавыя ў абодвух ланцугах ачаплення.

Аказваецца, Міхасёвы грыбы ад полымя хутка закіпелі, і пара, не знаходзячы выйсця са шчыльна закрытай бляшанкі, узарвала і высока падкінула ўгару тугую накрыўку, па якой Кольб на ляту паспеў выстраліць з вінтоўкі. Пры выбуху варыва абдало з ног да галавы змрочнага вартавога апенькамі нібы асколкамі. Ад нечаканасці ён выпусціў у вогнішча ражон са скібкаю хлеба і ўсхапіўся, праціраючы рукою апараны пырскамі твар ды абтрасаючы з грудзей і з жывата захлюпаны кіцель. Пакуль Кольб зацікаўлена разглядаў, у якое месца накрыўкі трапіла куля, раз’юшаны змрочны вартавы канцом вінтовачнага ствала выкінуў з агню бляшанку і з усяе сілы стукнуў па ёй прыкладам. Ад моцнага ўдару выстралілі ягоная вінтоўка. Пабялелы з твару немец сумеўся, але спачатку са злосцю пачаў таптаць нагамі бляшанку, а потым ствалом вінтоўкі падкалупнуў яе ў вогнішча.

Не здабраваць бы Сілічу, калі б куля забіла ці параніла каго-небудзь з ахоўнікаў. Аднак усё абышлося, хаця хлопец ужо да канца рабочага дня пабойваўся трапляць на вочы змрочнаму вартавому. На душы ў Міхася варочалася крыўда і на Кольба за тое, што ён выстраліў у накрыўку бляшанкі. Немец жа ведаў, чый гэта посуд, але не пашкадаваў яго, каб толькі пахваліцца, як трапна ён страляе. «Гэтак жа ён пульнуў бы з вінтоўкі і ў мяне, калі б убачыў, што я ўцякаю з-пад ягонага нагляду, — прыйшоў да сумнай высновы хлопец. — Кольб, вядома, чалавечны, але таксама акуратны, як усе немцы».

У лагеры пасля працы ўсім было ўжо не да гэтага смешнага здарэння, якое зацьміла і адсунула на задні план іншая, болей важная падзея. З дрывотні, з-пад акоп барака, у якім жылі ахоўнікі, незаўважаны нікім уцёк Гладыш. Раніцаю камендант паставіў яго пілаваць і калоць дровы. Напэўна, у той час калі Брэс адлучыўся ў грузавіку з фельдфебелем, Гладыш разгледзеўся дый задаў лататы.

Ягоны ўцёк ажыўлена абмяркоўвалі палонныя, стоячы ў страі за атрыманнем ежы і лежачы на нарах ды апаражняючы ад кандзёру кацялкі з бляшанкамі.

— Цяпер камендант спагоніць злосць на сваім намесніку, — пацяшаўся Леанід. — Дзе быў Штупц і куды ён глядзеў?

— Немцы знойдуць уцекача і ўчыняць расправу, — умяшаўся нехта з верхатуры. — Раз жонка прыносіла Гладышу перадачы, значыць, яны ведаюць ягоны хатні адрас.

— А калі ўцякач падасца ў лес, а не дахаты? — з іроніяй запытаўся Хендога.

— Тады возьмуць за жабры жонку, — адказаў зверху той самы голас. — Яна нідзе не дзенецца. Калі не прызнаецца, павесяць яе разам з дзецьмі.

— Чалавеку свяціла шчасце, а ён адмовіўся ад яго,— прамармытаў Вырвін, папоўніцы жуючы хлеб. — Сядзеў бы тут як у бога за пазухай ды спакойна еў жончыны перадачы.

«Двухногае быдла і мысліць па-свінску», — падумаў абураны Міхась і з’едліва зазначыў:

— Калі так, дык ён яшчэ не ўсё страціў. Яго завязуць у Нямеччыну. Там паспытае смачнейшага хлеба.

— А чаму гэта камендант паставіў пілаваць дровы аднаго, а не двух палонных? — здзівіўся Казнадзей. — Аднаму ж пілу цягаць нязручна. А двум і ўцякаць зручней.

— Мусіць, шэф быў упэўнены, што Гладыш не ўцячэ. А на іншых не спадзяецца, — памяркоўна разважыў Хендога. — Піла ў іх там усё адно як лучковая. Замест дзвюх ручак у ёй сагнута дуга. Такой пілою на сталюзе можна пілаваць дровы аднаму.

«Напрактыкаваў жа вока чалавек! — у думках Міхась пазайздросціў суседу. — Тут побач іншы раз не заўважыш чаго-пеоудзь, а ён здалёк выглядзеў, якая ля сталюгі піла».

У гэты дзень, перанёсшы два стрэсы, Сіліч не разумеў, што з ім адбываецца ў лагеры. Адразу ж як толькі сарваўся задуманы ўцёк, хлопец адчуў сябе надламаным. А пасля недарэчнага выпадку з грыбамі яшчэ дабавілася фізічнае спусташэнне. Лежачы на нарах, ён апаражніў ад кандзёру дзюралевае вядзерца і расчаравана паглядаў на пайку хлеба. Было такое адчуванне, як быццам у яго выгарала нутро і ўсярэдзіне ўсё смыліць. Адна порцыя рэдкай баланды не запоўніла бяздоннай пустаты і не патушыла пякучага смылення. У хлопца ўзнікла ненасытнае жаданне да вадкай стравы. Яму здавалася, што толькі яна, а не мізэрная пайка хлеба, пазбавіць яго ад незразумелага падманлівага адчування. Пасля доўгага вагання ён упершыню рашыў выменяць за хлеб порцыю баланды, хаця раней за падобны абмен у думках асуджаў іншых.

Звычайна самі наглядчыкі расхаджвалі па былых класах і прапаноўвалі за хлеб прафільтраваны кандзёр. Але сягоння яны чамусьці не прыходзілі. Спачатку Сіліча гэта нават суцяшала, як адзнака таго, што яму суджана абысціся без злашчаснага абмену. Але хутка такое суцяшэнне развеялася як ранішні туман. Хлопца пачала мучыць пякотка, якая зноў выклікала ранейшае неадольнае жаданне. Міхась ужо гатоў быў сам пайсці ў наглядчыцкую штубу са сваёй пайкаю. Стрымлівала толькі гордасць. Маўляў, як гэта самому ісці з паклонам да жывадзёраў? Але ж мяняць хлеб на баланду ў наглядчыцкую штубу ходзяць многія. А чым ён адрозніваецца ад іх? Ненасытная прага пераадолела цвярозае разважанне. Дый усё-такі ж ён пойдзе не з паклонам, а з хлебам. Што ні кажы, а хлеб ёсць хлеб. Хоць ён і эрзац, але ўсё роўна не раўня кандзёру, тым болей прафільтраванаму.

З пайкаю і з вядзерцам у руках Сіліч нязграбна ссунуўся з нараў, выпрастаўся на ўвесь рост і рашуча пайшоў да былой настаўніцкай. Без стуку адчыніў дзверы, нясмела ўвайшоў у пакой і з парога гучна запытаўся:

— Каму хлеб за кандзёр?

Адчувалася, што ягоны прыход выклікаў у штубе разгубленае здзіўленне. У адзін момант замест адказу з усіх тапчаноў яго працялі навылёт сярдзітыя калючыя позіркі.

— Хопіць, што аднаму абмянялі, дык і другі прыйшоў! — пасля кароткай паўзы злосна прамовіў Задзіра. — Разумнікі знайшліся!

— Вон адсюль! — усхопліваючыся з тапчана, крыкнуў Паўло, на паружавелых шчоках якога выступілі белыя плямы. Бачачы, што Міхась не выходзіць, ён ступіў да яго два крокі і з абурэннем гнеўна загадаў: — І каб тваёй нагі тут болей не было!

Разгублены, Міхась змоўчаў і выйшаў са штубы. «Чаго яны ўз’еліся? —не цяміў хлопец. — Што Паўло раскіпеўся, дык зразумела. Не можа дараваць таго, што я не змяняў вядзерца Багдана Платонавіча на ягоны кацялок. А Задзіра? Няўжо Гладышаў уцёк іх вывеў з сябе, што яны гэтак ашчэрыліся?»

Праўда, Сіліч не надаў сур'ёзнага значэння гэтаму выпадку. Маўляў, сабакі пабрэшуць дый сціхнуць.

Але назаўтра, перад выхадам на працу, многае не толькі праяснілася, але нават ледзь не скончылася для хлопца бядою. На ранішнім пастраенні камендант прайшоўся ўсцяж павернутай тварамі да яго калоны, пранізлівым позіркам расшукаў у ёй спачатку Міхася, а потым Вальку і кіўком рукі кожнаму з іх паказаў, каб яны выйшлі са строю і сталі побач адзін з адным.

Спярша Сіліч трохі насцярожыўся, але ўсё яшчэ не разумеў, што збіраецца рабіць Брэс. А той паклікаў перакладчыка Ваньку, стаў спераду абодвух палонных, памкнуўся быў расшпіліць кабуру, але чамусьці перадумаў і, павучальна ківаючы ўказальным пальцам правай рукі перад іхнімі тварамі, пагрозлівым тонам сказаў, як адсек:

— Калі б учора я не быў там, дзе грузілі на машыну бярвенні, сягоння ў мяне з вамі была б кароткая размова!

Папярэджваю! Улічыце гэта! — і даў Ваньку знак, каб ён пераклаў сказанае.

Ванька пераклаў пагрозлівую натацыю Брэса, хаця Міхась і сам зразумеў яе.

— Станавіцеся ў строй! — па-нямецку сярдзіта загадаў камендант.

Знянацку збітыя з панталыку, абодва палонныя разгублена сталі на свае месцы, лыпаючы вачамі. Сіліч не разумеў, што здарылася. Ёы толькі адчуў, што Брэс дазнаўся пра іхні з Валькам намер уцячы з лясной дзялянкі. Але калі б камендант быў цвёрда перакананы ў гэтым, ён дэманстратыўна застрэліў бы іх абодвух перад усім лагерам, асабліва пасля ўчарашняга ўцёку Гладыша.

Мусіць, Брэс аб нечым толькі здагадваецца, таму і абмежаваўся пагрозаю. Але якім чынам ён змог разведаць іх таямніцу? Можа, учора на лясной дзялянцы неабачлівымі паводзінамі ці змоўніцкімі позіркамі Міхась з Валькам выдалі сябе і таму камендант з фельдфебелем апярэдзілі іх учынак? У такім выпадку Брэс там перад палоннымі выказаў бы ім абодвум папярэджанне. Чаму ж ён не зрабіў гэтага ўчора? Хаця, праўда, тады камендант яшчэ не ведаў пра Гладышаў уцёк, які пазней мог раззлаваць і абурыць яго.

Сіліч ніяк не мог здагадацца, якім чынам Брэс разведаў пра іх намер уцячы. Разгадку гэтай таямніцы прыадкрыў на гравійцы наглядчык Задзіра, які праходзіў міма па абочыне і не ўстрымаўся, каб здзекліва не ўпікнуць хлопца:

— Знайшлося двое разумнікаў! Не пераскочыўшы роў, не кажы гоп! А як аднаму за пайку хлеба налілі поўны кацялок баланды, дык ён расчуліўся і паспавядаўся ў грахах.

Спачатку Сіліч не прыдаў асаблівага значэння Задзіраваму папроку. Ці мала што будзе вярзці фашысцкі прыхвасцень? Ён са скуры гатоў вылузацца, каб толькі дагадзіць сваім гаспадарам.

Але потым, калі хлопец задумаўся над сэнсам наглядчыкавых слоў ды яшчэ прыгадаў, што прыкладна пра тое ж самае Задзіра намякаў і тады, калі лагерныя прыдуркі не абмянялі Міхасю хлеб за кандзёр, а Паўло выгнаў хлопца з наглядчыцкай штубы, загадка праяснілася сама сабою. «Хопіць, што аднаму абмянялі баланду за хлеб, дык і другі прыйшоў!» — абураўся тады Задзіра. А цяпер ён пакеплівае, што двое разумнікаў знайшлося! Дый яшчэ здзекліва насміхаецца, што калі аднаму з іх за пайку хлеба налілі поўны кацялок баланды, дык ён расчуліўся дый паспавядаўся ў грахах.

Значыць, перад Міхасёвым прыходам у штубе пабываў Валька. За пайку хлеба ён выменяў поўны кацялок кандзёру і, задаволены выгадным абменам, пахваліўся, як яны з Міхасём ледзьве не ўцяклі з лясной дзялянкі. Вядома, пры такой сітуацыі Паўло не мог не напалохацца. Бо перакладчык Ванька і наглядчыкі раней заўважалі, як ён сябраваў з Міхасём. Каб цяпер яны не западозрылі, што Міхась прынёс абменьваць хлеб на кандзёр асабіста да яго, каб выгарадзіць сябе, Паўло перад лагернымі прыдуркамі дэманстратыўна выгнаў хлопца са штубы. А каб надзейна абясшкодзіць сябе і выслужыцца перад камендантам дый заадно пазбавіцца ад няўгоднага былога сябра, данёс Брэсу на палонных, што намерваліся ўцячы з лесапавалу. Невядома толькі, ці ён словамі трапна абмаляваў каменданту знешні выгляд хлопцаў, ці злаўчыўся непрыкметна паказаць яму абодвух, што Брэс без Паўловай дапамогі знайшоў іх сярод астатніх і вылучыў са строю.

Сіліч неаднойчы бачыў, з якой лютасцю камендант распраўляўся з безабароннымі ахвярамі, і таму зразумеў, што на гэты раз толькі нейкая шчаслівая выпадковасць пазбавіла іх з Валькам ад немінучай смерці. Невядома, што прымусіла Брэса ўстрымацца ад выканання жорсткай расправы: ці тое, што ён сам быў на гравійцы пры пагрузцы бярвенцаў на машыну і нічога падазронага не заўважыў там, ці непераканаўчая доказнасць віны абодвух палонных?

Пасля ўсяго гэтага Міхась яшчэ болей узненавідзеў Паўла і праклінаў сябе за тое, што даверыўся пустадомку Вальку, балбатуну і несур’ёзнаму чалавеку. Паўло ж хоць прадажная істота, што за паслугі чужынцам хоча выратаваць сваю шкуру. А гэты языкаплёт? Значыць, многія палонныя недарэмна грэбліва адносіліся да ягоных зубаскальскіх выхадак і далі яму мянушку Валька з пахмелля. Маўляў, у гэтакіх абставінах, калі людзям не да жарцікаў і кепікаў, ён без дай прычыны пацвельваецца. Міхасю цяпер здавалася, што гэты балабон на самай справе не Валька з пахмелля, а — хвалько-пустамеля. Выхваляецца, ідучы на раць, а не вяртаючыся з раці. Менціць языком як мянташкаю! Было б не сорамна праз які-небудзь промах загінуць ад кулі пры ўцёку на волю, чымся попусту праз ягоны доўгі язык паплаціцца жыццём у лагеры.

 

28

Марудна цягнуліся самотныя, аднастайныя дні. Ад яркага сонца блякнуў і непрыкметна выцвітаў нябесны блакіт, навокал увядала бухматая зеляніна, пакрываючыся плямінамі асенняй пазалоты. Пярэстую вылінялую футру нагадвалі прыдарожныя палеткі і аддаленыя пералескі. За кюветамі на запыленай пажухлай траве і на ржэўніку за палосамі адчужэння ляніва пагойдваліся ад ветру ніці павуціння. З непрывычкі палохала тое, як на стрыжаных галовах, нібы кволыя іголкі на маладым вожыку, увачавідкі выбіваліся натапыраныя сівыя валасінкі. Адчувалася змардаванасць у целе і стомленасць у прыродзе. Як быццам непасільную ношку хтосьці ўзваліў не толькі на чалавека, але і на зямлю, што намокла і пахла вільгаццю.

На гравійцы было ўжо не горача ад сонечных промняў, а зябка ад золкіх струменяў дажджу. У такія часіны маркотней вымакаць пад сіберным ветрам у чыстым полі, чымся нудзіцца пад дахам за бярвеннымі сценамі сярод калючай агароджы. Хаця гэта выпадала толькі ў пядзелю дый то выхадныя дні радзей бывалі пагодлівыя. У адзін з іх, калі надарылася добрае надвор'е, як гром з яснага неба палонных скаланула нечаканая падзея: ад барака, дзе жылі ахоўнікі, Брэс прывёў у лагер Гладыша.

— Усё-такі злавілі, сволачы, — паспачуваў небараку Ярмолік. — Ад іх ён не знайшоў схованкі нават і ў родных мясцінах.

— Мусіць, высачыць было няцяжка, ведаючы жончын адрас, — рассудзіў Казнадзей. — Цяпер пакараюць перад усім лагерам, каб іншым непанадна было ўцякаць.

— Ды ўжо ж не стануць цацкацца з ім, — асудзіў Гладышаў учынак Вырвін. — Камендант даваў яму паблажку. Дазволіў жонцы прыносіць перадачы. Пасылаў яго на такія работы, дзе можна было раздабыць жратвы. А ён замест падзякі свінню падклаў чалавеку.

«Сам ты свінтус, калі садыста называеш чалавекам», — ад абурэння скалануўся Міхась і ў думках пашкадаваў Гладыша. Як іншыя, ён не сумняваўся ў тым, што Брэс перад выстраенымі палоннымі жорстка расправіцца з уцекачом.

Як быццам адчуваючы за сабою нейкую віну і таму ні з кім не вітаючыся, разгублены Гладыш увайшоў у прадаўгаваты пакой, на хаду насцярожана пераправяраючы позіркам, ці пустое ягонае месца. Пераканаўшыся, што яно па-ранейшаму вольнае, ён як ні ў чым не бывала на чацвярэньках залез на ніжнія нары і ўсеўся паміж выпрастанымі на ўвесь рост былымі суседзямі.

У пакоі, дзе толькі што чулася ажыўленая гамонка, запанавала насцярожаная цішыня, якая звычайна ўзнікае паміж разгубленымі людзьмі, што нейкае імгненне адчуваюць сябе няёмка і лічаць, што лепей памаўчаць, чым сказаць штосьці неўпапад.

— Дзе яны злавізі цябе? — са спагадаю ў голасе запытаўся Хендога, парушаючы няёмкае маўчанне.

Усё роўна як пераводзячы дыханне пасля доўгай хадзьбы ці збіраючыся з рассеянымі думкамі або нешта ўспамінаючы, Гладыш трохі памаўчаў і нясмела прызнаўся:

— Я сам вярнуўся.

— Як гэта сам? — недаверліва перапытаўся Хендога. — Прыйшоў з павіннаю, ці што?

— Выходзіць, што так, — нехаця выціснуў з сябе Гладыш.

У пакоі зрабілася ціха-ціха. Здавалася, чутно было, як затоена дыхаюць дзясяткі насцярожаных людзей. У былым класе, дзе цяпер не вучні сядзелі за партамі, а на двух’ярусных нарах ляжалі дарослыя, Сіліч адчуў сябе, як збіты з панталыку настаўнік. Ён не разумеў, як мог адважыцца чалавек на такое. Гэтакі ўчынак Міхасю здаваўся неверагодным.

— Што цябе прымусіла вярнуцца сюды? — недаверліва дапытваўся Хендога.

— Запрапашчэнне. Безвыходнасць. З волі ж не ўцякаюць у няволю.

— Неяк жа перабіваўся гэтулькі. Хіба нельга было пратрымацца болей?

— Прыспічыла так, што не вытрымаў. Хаваўся дома. Туляўся па сваяках. Цяпер усіх, хто аднекуль з'яўляецца, немцы бяруць на ўлік па месцы жыхарства. А зарэгістраваных хапаюць і вывозяць у Германію.

— Бач, як мяняюцца часы! — здзіўлена абазваўся нехта з верхатуры. — А хадзілі чуткі, што летась немцы аддавалі з лагераў: жонкам — мужоў, а маткам — сыноў.

— Дык жа неаб’езджанаму каню заўсёды кажуць: «косю», «косю», пакуль не надзенуць на шыю хамут і не запрагуць у аглоблі,— разважыў Казнадзей.

«Немцы прыкідваліся наіўнымі, а на самай справе хацелі перахітрыць нас, — нарэшце ачомаўся Міхась. — Няўжо яны думалі, што мужы будуць сцерагчы толькі сваіх жонак, а сыны — сваіх матак, калі у тых не гэтакія клопаты і абавязкі? На тое ж яны — ваеннаабавязаныя. Абавязак у іх не толькі перад сем'ямі, але і перад бацькаўшчынаю. Таму адпушчаныя палонныя і пачалі збірацца ў лясах, набываючы сабе зброю». І ўжо не ўтрымаўся, каб таксама не паспачуваць Гладышу:

— Можа, было б надзейней мець прыстанішча ў лесе? Там знайшліся б хаўруснікі.

— У нашай мясцовасці адны кусты ды дробныя пералескі, — апраўдваўся Гладыш. — Лясоў блізка няма.

— Нічога страшнага. Калі сам прыйшоў з павіннаю, немцы ўлічаць і прымуць пад увагу, — кінуўся на выручку яму Вырвін. — Жонка таксама не пакіне ў бядзе. Будзе падкормліваць перадачамі.

«Сібіракі ды ўральцы адстойвалі беларускую зямлю, а ён не змог пастаяць за маці і за бацькоўскі кут,— думаў Міхась.— У такі суровы час жанкам асабліва неабходна падтрымка і заступніцтва мужчын. А Вырвіну не сорам раіць Гладышу ўсесціся на жончын карак».

— І па дарозе цябе нідзе не затрымлівалі з гэтым кляймом на плячах? — здзівіўся Леанід.

— Зверху на мне была паддзёўка.

— А дзе ж яна?

— Прыйшлося пакінуць у бараку. Чаравікі таксама замянілі там калодкамі.

Сілічу не давалі спакою думкі пра Гладышаў учынак. «Можа, Гладыш дома даведаўся, што такіх, як мы, хто ўцёк з фашысцкага палону, асабісты не пакідаюць у лесавікоў, а справаджваюць у іншыя месцы? Таму, напалоханы, і вярнуўся назад у няволю».

Міхасю здавалася, што само слова «палон» мпогіх на радзіме палохае і кідае ў дрыжыкі. У іхнім разуменні яно заўсёды атаясамліваецца з паняццем здрады. Таму і не дзіўна, што гэтае слова і пасля фінскай, і ў часе гэтай вайны замоўчвалася, нягледзячы на тое, што цэлыя падраздзяленні нашых войск пры акружэнні траплялі ў палон. Хлопец таксама пабойваецца, што пасля вызвалення такіх, як ён, чакае незайздросная доля. Ім не даруюць, што яны былі ў фашысцкім палоне.

Думкі пра гэта не раз прыходзілі яму ў галаву, але ён заўсёды стараўся адагнаць іх прэч. Міхась не сумняваецца, што падобныя думкі турбуюць і іншых. Але ён адчувае, што нашы людзі так былі прывучаны дома трымаць язык за зубамі, што нават і тут пазбягаюць гаварыць пра гэта адзін аднаму.

Праўда, аднойчы ён нясмела пачаў гаворку на гэтую тэму з Хендогам, але той хаця і з разуменнем успрыняў Міхасёва апасенне, аднак жа адмахнуўся ад яго, глыбока не ўнікаючы ў сутнасць справы.

«Цяпер гэтым нечага забіваць галаву. Яна ад іншых думак распухае, а гэтыя толькі размагнічваць будуць, — адказаў Хендога. — Усю энергію і сілу волі трэба засяродзіць на тое, як вылузнуцца адгэтуль. А там пабачым, што будзе. Калі што якое, дык на волі і паміраць лягчэй».

Канечне, Хендога праў. Ён разважае цвяроза. Цяпер нельга размагнічвацца. Трэба сканцэнтраваць усю ўвагу на тое, як уцячы на волю. Там чакае дапамогі знясіленая Радзіма, якую трэба ратаваць ад небяспекі. А пасля чаму быць, таго не мінуць.

Сіліч разумее, што просты чалавек не надта задумваецца над складанымі праблемамі. Якое з яго запытанне?

А вось у цябе, гатовы палітрук, без году камісар, запытаюцца па-другому. З табою размова будзе іншая. Маўляў, цябе гэтулькі вучылі, а штосьці не відно, каб ты чаму-небудзь навучыўся. Ты ж павінен быў знішчыць не толькі сакрэтную зброю, але і на сябе налажыць рукі. А ты апынуўся ў палоне.

Што скажаш у апраўданне?

Праўда, пасля таго як стала вядома, што ў палоне знаходзіцца сын Сталіна, многія пачалі спадзявацца на паблажлівасць бацькі народаў, мяркуючы, што цяпер ён адумаецца і вымушаны будзе аддаць няпісаны загад, каб не ўсіх палонных стрыглі пад адзін грэбень, а дэталёва разбіраліся, дзе, калі і пры якіх акалічнасцях чалавек трапіў у палон. Міхась ведае, што на іхнюю ўдарную армію камандаванне ўскладала вялікія надзеі. Спачатку яна апраўдала іх: глыбока ўклінілася ў размяшчэнне варожых сіл. Але пазней, калі гітлераўцы адрэзалі яе ад нашых войск, іхні лёс склаўся трагічна.

Канечне, вышэйшаму начальству ўсё гэта вядома. Аднак пры крушэнні цягнікоў заўсёды вінаваты стрэлачнікі.

Як бы там ні было, а ўсе ў лагеры спачувалі Гладышу і непакоіліся аб ягонай долі, ведаючы садызм каменданта, аматара жудасных караў. Таму ўсю другую палавіну дня суседзі ў пакоі стараліся суцяшаць небараку і не надакучвалі яму роспытамі пра жыццё-быццё ягоных сваякоў і родзічаў пад уладаю фашысцкіх захопнікаў. А назаўтра, у часе ранішняга пастраення, баяліся, што Брэс учыніць над ім жорсткую расправу. Але на самай справе гэтага не здарылася. Наадварот, усіх надта ўразіла, што камендант нават не стаў адчытваць уцекача, а зрабіў выгляд, нібыта ў лагеры нічога не адбылося.

— Немцы — народ пунктуальны. Любяць парадак і дысцыпліну, — не сціхаў Вырвін. — Яны ўмеюць дараваць віну, калі чалавек абвіхнуўся, але сам прызнаў сваю памылку і своечасова выправіў яе.

— Адразу відаць, што Брэс выгнаў з цябе дур. калі агрэў дрылем па гарбе, — не сцярпеў Казнадзей. — А каб жа ён тады не даў прамашкі ды ўгадзіў па мазгаўні, дык выбіў бы з яе і розум.

Сіліч таксама быў задаволены тым, што з Гладышам усё абышлося як належыць, хаця паводзіны каменданта здзівілі і насцярожылі хлопца. Яму ніяк не верылася, каб гэтакі садыст і турэмшчык ні з таго ні з сяго ды раптам палагоднеў і падабрэў. Калі толькі за тое, што яны надумалі ўцячы, ён прачытаў ім з Валькам пагрозлівую натацыю, дык за ажыццёўлены ўцёк Брэс і пагатоў не дараваў бы Гладышу. І ніякія змякчальныя акалічнасці, што ўцякач вярнуўся з павіннаю, камендант не прыняў бы пад увагу. Сам хлопец ніколі не дапяў бы да тае думкі, якую ўвёў у яго вушы вартавы з жалезным крыжам, які ў абедзенны перапынак папрасіў Міхася распаліць яму цяпельца. Толькі варта было хлопцу завесці з ім гаворку пра зварот уцекача і выказаць здзіўленне адносна паводзін каменданта, як Кольб растлумачыў усё па-свойму:

— У такі час пранырліваму лёгка заўладаць чужым скарбам. А турэмшчыкі на яго асабліва падкія. Хутчэй за ўсё, што жонка гэтага палоннага выкупіла мужа з няволі за золата і каштоўнасці. Калі яна прыносіла перадачы, дык без лішніх сведкаў магла ўручыць каменданту адчапную.

Сіліч пе мог не пагадзіцца з меркаваннямі сталага чалавека з жыццёвым вопытам. Тым болей што некаторыя факты пацвярджалі здагадкі вартавога. Напрыклад, чаму Брэс ніколі не пасылаў туды, дзе патрэбен быў толькі адзін працаўнік, нікога іншага, акрамя Гладыша? Калі ён быў упэўнены, што Гладыш не махне драла, паколькі вядомы ягоны адрас, дык чаму цяпер паблажліва аднёсся да ўцекача? А тое, што Гладыш раней не даў лататы адтуль, куды пасылаў яго камендант, напэўна, тлумачылася тым, што там была пільная варта. Канечне, Брэсу было б выгадней, каб Гладыш сігануў з якой-небудзь вайсковай часці, чымся з-пад вокнаў барака лагернай аховы. Але што зробіш, калі склаліся гэтакія абставіны?

Дый сапраўды, чаму камендант даручыў пілаваць дровы аднаму Гладышу, а пе паставіў двух палонных, каб адзін пілаваў, а другі — калоў? Не выклікала ніякага сумнення і тое, што Гладышава жонка магла ўпотайкі ўручыць каменданту адчапную: залатыя дзясяткі або пярсцёнкі ці завушніцы. Калі Кольб кажа, што Брэсу нічога не варта расправіцца з Леанідам толькі з-за ягоных залатых зубоў, дык ці ж пасаромеецца ён прадаць жывога чалавека за каштоўны выкуп?

Сваімі думкамі пра ўсё гэта Міхась падзяліўся з Леанідам і з Хендогавымі сябрамі. Тых ніколькі не здзівіла навіна аб камендантавай камерцыі. Толькі па-ранейшаму ў іх выклікаў непаразуменне ўчынак Гладыша. Яны ніяк не маглі асэнсаваць яго, хоць і ўсведамлялі, наколькі невыносныя ўмовы стварыў вораг для нашых людзей па захопленых землях. Палонныя самі адчулі, як лютуюць фашысты, таму ўяўляюць, як яны здзекуюцца з грамадзянскага насельніцтва, хапаючы і вывозячы нявольнікаў у Нямеччыну. Канечне, многія, як умеюць, па-свойму спрабуюць пазбавіцца гэтакай долі. Але ўявіць немагчыма, каб чалавек добраахвотна вяртаўся з волі, якая б яна ні была, за калючую агароджу, у лапы ворагаў. Няўжо яго гэтак абалванілі?

— Значыць, чалавек хітруе, — заключыў Казнадзей. — Пакуль нявыкрутка, хоча спакойна адсядзецца. Выгадвае. Але глядзі, каб не прагадаў.

Хендога таксама не сцярпеў і экранізаваў:

— Смешна было, як ён выкручваўся. Кажа, лясоў блізка няма. Гэта ж гучыць нібы марны лямант у пустыні. А нябось лясы не далей за гэты лагер. Драпануў бы ў іх ды расказаў Схмельчакам, дзе можна лёгка абзавесціся і людзьмі, і зброяй. Як-ніяк, а тут жа болей дваццаці вінтовак, хай сабе і нямецкіх. Каб справіцца з нашымі ахоўнікамі, калі яны стаяць у ланцугу ачаплення, хапіла б і пары аўтаматаў. Мы яшчэ таксама ж не зломкі. Памаглі б у рашаючы момант. А сотня гатовых байцоў — знаходка для вопытнага камандзіра.

«Во калі б яму ўдалося вырвацца на волю, ён разгарнуў бы там кіпучую дзейнасць! — думаў Міхась, слухаючы Хендогу. — Услед за ім, здаецца, пайшоў бы ў агонь і ў ваду».

 

29

Пабочнаму чалавеку не маглі не кідацца ў вочы — паказны парадак і ўяўная акуратнасць няпрошаных прышэльцаў. А ў выніку педантычнага прымусу гэтыя рысы іхняга характару ператварыліся для нашых людзей у абразлівы здзек і невыносную муштру. Часткова гэта выяўлялася пры вобысках і асабліва наглядна ў часе мыцця, якое немцы, нібы ў насмешку, празвалі санітарнай апрацоўкаю. Спачатку яно прыносіла нейкую асалоду, а потым стала садысцкаю экзекуцыяй.

Паколькі палонныя заўсёды працавалі ў ачапленні вартавых, дык, вядома, не маглі мець кантактаў з цывільнымі жыхарамі. Але ахова ў мэтах сваёй бяспекі ўсё роўна сістэматычна абшуквала іх: баялася, каб не знайшлі ў кюветах і не прынеслі ў лагер зброі.

Вобыск праводзіўся не ў пэўныя дні, а нечакана, знянацку і абавязкова ў прысутнасці каменданта. Вярнуўшыся з працы, палонныя адносілі ў склад лапаты з насілкамі і зноў выстройваліся ў калону, якую ўважліва пералічвала лагерная ахова. Тры ці чатыры вартавыя ўваходзілі ў будынак былой школы і пільна аглядалі ўсё ўсярэдзіне. Закончыўшы агляд, яны выходзілі адтуль і па чарзе пачыналі старанна абшукваць небаракаў, што спераду калоны ланцужком выцягваліся да брамкі ў агароджы.

Асабліва прыдзірліва праводзіўся вобыск, калі палонных перагналі ў гэты лагер. Тады вартавыя марудліва ператрэсвалі іх рэчмяшкі, нетаропка выварочвалі кішэні, забіралі самаробныя нажы, сцізорыкі і ўсё, што лічылі непатрэбным і лішнім.

Іншыя разы, як тут, гэтак і перад былым кароўнікам, палонных абмацвалі-абшуквалі таксама пільна, але ўсётакі з боку начальства дапускалася і некаторая паблажлівасць.

Камендант пераканаўся, што ў летніх і ў асенніх умовах знаходлівыя небаракі пратрымаюцца і па падножным корме, ад чаго сам ён атрымае двайную выгаду. А яшчэ як убачыў, што гаротнікі заняліся промыслам сувеніраў для нямецкіх салдат і афіцэраў, дык і зусім супакоіўся. Маўляў, гэтым заняткам яны і ягоным суайчыннікам прынясуць малюсенькую ўцеху дый самі будуць мець пабочны харч. Тым часам, глядзіш, і яму лягчэй будзе заначваць сёе-тое з мізэрнага лагернага правіянту. Таму Брэс і не прымушаў вартавых адбіраць у палонных парожнія гарматныя гільзы са стрэлянымі буйнакалібернымі патронамі ды траву з налівам, што тыя валаклі з працы. Няхай цешацца тым, што маюць, а на большае раты не разяўляюць.

Пры кожным вобыску трэба было бачыць, з якоіі грэблівасцю жоўтыя двухногія пачвары абшукваюць рэчмяшкі палонных, з якой гідлівасцю выварочваюць кішэні ды абмацваюць зашмальцаваныя, закарэлыя гімнасцёркі і заношаныя шынялі. Калі пад дажджом у ланцугу ачаплення яны ў плашч-палатках здаваліся Міхасю зеленавата-плямістымі варэпаўкамі, дык у часе вобыску нагадвалі яму ядавіта-жоўтых жаб, што лэпаюць па грудзях ды па баках аслізлымі халоднымі лапамі. Сіліч ніяк не мог змірыцца са здзеклівай працэдураю вобыску. Ён адчуваў, што яна абразлівая і для ягоных знаёмых і суседзяў, у якіх кожны раз таксама выклікае злосць і агіду.

— У страха — вочы вялікія, — здзекліва пакпіў аднойчы Хендога ў часе чарговага вобыску. — Страх прымушае нічым не грэбаваць, забываць пра гідлівасць. Бач, з якой рупатой і спрыяннем, нібы каравачнікі, яны перабіраюць нашы рызманы ды абмацваюць рэбры і маслакі, як быццам хочуць пераканацца ў тым, наколькі мы пахудзелі.

— Толькі гэты з жалезным крыжам пе прыніжаецца, — разважліва ўмяшаўся Казнадзей.

— А ён і сапраўды ніколі не корпаецца ў нашых рэчмяшках і не выварочвае нашых кішэняў, — падтакнуў яму Ярмолік. — Ці чалавека стрымлівае грэблівасць, ці ён лічыць гэты занятак ніжэй сваёй годнасці?

Міхась з Леанідам даўно заўважылі, што Кольб не прымае ўдзелу ў вобысках, але не знаходзілі ў гэтым нічога дзіўнага. Маўляў, чалавек, які сам перажыў усе нягоды варожага палону, ведае ім цану і таму не хоча крыўдзіць і зневажаць небаракаў. Калі ў яго не хапала цярплівасці падоўгу выстойваць у ланцугу ачаплення, дзе ён усё-такі адносна нейтральны, дык як ён будзе адчуваць сябе, корпаючыся ў рэчмяшках гаротнікаў ды абмацваючы худзізну іхніх цел? Абодвум сябрам яго паводзіны здаваліся заканамернымі і не выклікалі ніякага здзіўлення. Яшчэ і так доля злітавалася над імі, калі сярод цэлай каманды мярзотных пачвар паслала адну чалавечую істоту, якая хоць у нейкай меры можа аблегчыць іх паднявольнае існаванне. Хаця Сіліч бачыў, што Кольб сярод сваіх суайчыннікаў выглядае белай варонаю, але яму з ягонай рамантычнай натураю ён здаваўся сіняй птушкаю шчасця.

Калі з вобыскам палонныя яшчэ сяк-так мірыліся і цярпліва пераносілі яго, дык з мыццём у іх атрымлівалася значна горш. Лазпі ў лагеры не было. Таму на людзей напалі вошы. Яны не давалі спакою і ў сне. А ўдзень нясцерпна свярбела і ад поту смылела пакусанае цела.

— Тут сам хоць ты выпроствай ногі знеедзі. А яшчэ яны поедам ядуць галоднага, — аднойчы ўзлаваўся Казнадзей. — І чым толькі яны жывяцца ў нас?

— Крывёю ды потам, — пакпіў Хендога. — Бач жа, як ад бруду распладзіліся плоймаю!

Баючыся, што палонныя закараслівеюць або ў лагеры ўспыхне эпідэмія тыфусу, немцы ўспалашыліся і наладзілі прымітыўнае мыццё. Для гэтага аблюбавалі побач з гравійкай невялікую прыродную ўпадзіну, затопленую вадою, і ў яе разы два ў месяц пасля працы заганялі палонных, папярэдне прымушаючы іх распранацца. У ліпені ды ў жніўні і самі небаракі не ўхіляліся ад гэтакай лазні. Людзям, якіх за дзень напаліла сонца, канечне, хочацца акунуцца ў вадзяную прахалоду ды хоць трохі спаласнуць з перагрэтага цела брудны пот. Праўда, у іхнім становішчы ні купанне, ні шараванне не замянялі сапраўднага мыцця. Бо мыла ж у іх не было. Тыя, што адчувалі сябе дужэйшымі, заходзілі на самую сярэдзіну ўпадзіны, дзе вада была ім па грудзі, і плюхаліся ў ёй, узбіваючы раі пырскаў, а знясіленыя боўталіся паўз бераг, нібы свінні з краю вялізнай лужыны. Але і тыя, і другія як быццам намагаліся змыць з сябе не толькі брудныя потныя пісягі, але і назойлівых насякомых, што не давалі ім спакою.

Вада абдавала прахалодаю, лагодна казытала цела, здымала стому і бадзёрыла. Настоенае на зёлках і кветках, паветра навокал паступова разбаўлялася пахам прэснай вільготнай свежасці, ад якой кружылася галава. Дробныя вадзяныя пырскі па ляту звонка раструшчвалі сонечныя промні, дзівосна адсвечваючыся вясёлкавымі адценнямі. Праз іх водсвет уся далячынь выглядала ружаватаю.

Сілічу чамусьці здавалася, што менавіта ў такім святле цяпер перад многімі ягонымі пабрацімамі паўстае іхняе мінулае. Ва ўсякім разе, яму самому прыгадалася, як яны калісьці хлапечым гуртам купалі ў глыбокай азярыне коней. Адны сядзелі на конскіх спінах, трымаючыся за грывы, другія, найболей смелыя, чапляліся за хвасты, добра ведаючы, што ніводзін конь. плывучы, ніколі не ўбрыкне. Гучна храпучы і незадаволена фыркаючы, коні на самай глыбіні праплывалі ўрачысты круг і, скіраваныя завадатарам да берага, нібы казачныя стварэнні, па водмелі выходзілі з вады пад вечаровым сонцам, пабліскваючы белай, буланай, гнядой ды вараной масцю. Здавалася, што выкупаныя і пажвавелыя, яны ахвотней ішлі ў начное.

Палонныя пасля купання таксама выходзілі з вады пасвяжэлыя, але вымушаны былі зноў залазіць у заношаную бялізну, бо іншай на запас не мелі. А па ёй жа поўзалі вошы. Яны з прагнасцю накідаліся на чыстае цела, бесперашкодна пладзіліся. Трэба было неадкладна прымаць рашучыя меры, каб змагацца з імі не на жыццё, а на смерць, бо не гінуць жа ў няволі ад напасці, на якую можна знайсці ўправу. І неўзабаве Казнадзей прыдумаў, якім чынам распачаць супраць іх барацьбу.

У часе чарговага мыцця ён падахвоціў Міхася, каб той на некалькі хвілін выпрасіў у Кольба запальнічку. Суседзі распалілі цяпельца (балазе ламачча валялася навокала дый сякое-такое паліва яны валаклі з працы) і над ім пачалі знішчаць пражэрлівых крывасмокаў, што ўжо кішма кішэлі ў бялізне. Разагрэтыя над вогнішчам, яны самі ляніва скочваліся ў яго з вывернутай бялізны і безупынна патрэсквалі. Сілічу ўспомнілася, што якраз гэтак некалі патрэсквалі мурашыныя яйкі, што вясковыя падшыванцы сыпанулі ў полымя з разгрэбленага мурашніка. Яму было шкада нявылупленых мурашанят, і ён прысароміў малых шкоднікаў за іхні ўчынак. А цяпер дарослы сам бязлітасна знішчае ў агні жывыя стварэнні, што, акрамя агіды, не выклікаюць у яго ні жалю, ні спагады. Якая-небудзь пустая справа не надта паслужыць прыкладам для пераймання, а да зарэзу патрэбны занятак імгненна падхопліваецца людзьмі. Як толькі іншыя палонныя ўбачылі, чым займаецца купка іх дружных суседзяў, яны таксама пачалі распальваць невялікія цяпельцы. Калі адным недакуркам умудраюцца прыпальваць дзясяткі цыгарак, дык ад малога цяпельца можна распаліць значна біолей вогнішчаў.

Вядома, спачатку лепей падрыхтаваць трохі чысцейшую бялізну, перш чым вымытаму вылазіць з вады дый апранацца. Таму праз некалькі хвілін паўкругам усцяж вадзяной упадзіны палалі цяпельцы, вакол якіх старанна завіхаліся купкі небаракаў са сподняй бялізнаю ў руках. Паветра навокала пахла дымам, гарам і смуродам.

Вартавыя, што воддаль стаялі паўколам у разгрупаваным ланцугу ачаплення, адварочвалі ўбок насы ды час ад часу, перагаворваючыся між сабою, зларадна пасмейваліся.

— Чаго адварочваеце свае нюхаўкі? — абурыўся Казнадзей. — Самі ж давялі людзей да таго, што яны, нібы блазны, займаюцца выпружваннем! Плакаць трэба, а не смяяцца!

— Плачуць жа толькі людзі, — растлумачыў Хендога. — А нелюдзі, глядзі, каб не завылі па-звярынаму. Плакаць яны не ўмеюць. Калі іх навучаць плакаць, тады яны зарумзаюць. А мы будзем смяяцца.

Але пазней санітарная апрацоўка пачала праходзіць не вельмі гладка і выдыхнулася. Прымітыўную дэзінфекцыю палонныя яшчэ сяк-так вымушаны былі праводзіць, а з купаннем у іх нічога не атрымлівалася.

Вераснёвым сонечным адвячоркам пад прымусам яны ўжо неахвотна ўваходзілі ў ваду, якая адчувальна пахаладнела і з непрывычкі абдавала зябкасцю. Паветра за дзень як след не прагравалася, і таму ўспатнелае цела яшчэ нават не акунаючыся чуйна ўспрымала холад. Ад яго скура ў вадзе станавілася падобнай на дробненькую рыбіну луску, а на паверхні з выгляду нагадвала гусіную.

— Як некалі князь Уладзімір прымушаў ахрышчваць у праваслаўную веру язычнікаў, гэтак фашысты сілком хочуць ахрысціць нас у арыйскую расу, — уваходзячы ў ваду, экранізаваў Леанід, злёгку пакурчваючыся ад холаду.

— Дык Уладзімір жа, напэўна, хрысціў язычнікаў улетку. Тады вада ў Дняпры была цяплейшая, — жартам удакладніў Міхась, таксама ідучы побач і з непрывычкі зябка пацепваючы плячамі і грымаснічаючы тварам.

У кастрычніку немцы аднекуль прывезлі ношаныя чырвонаармейскія шынялі з пілоткамі і ў нядзелю выдалі іх палонным, якія былі толькі ў гімнасцёрках і проставалосыя. Абмундзіроўвалі іх не па росце, а ў парадку жывой чаргі, не зважаючы на тое, які памер каму дастаецца.

— Значыць, збіраюцца трымаць нас тут доўга, — заключыў Хендога сваім напарнікам, калі яны, прымяраючы, узаемна абменьваліся выдадзеным абмундзіраваннем. Леанід з Міхасём таксама ўдзельнічалі з імі ў прымерцы. Неўзабаве яны ўсе больш-менш падагналі пад сябе адзенне па сваёй камплекцыі і росце. А некаторыя да самага вечара ўсё яшчэ сланяліся па пакоях, бясконца прымяраючы чужыя шынялі і пілоткі.

Позняй восенню палонных па-ранейшаму прыганялі на санітарную апрацоўку. Праўда, вартавыя праводзілі яе ў адносна пагодлівыя дні, бо, мабыць, самі не хацелі мокнуць пад імжою або слотаю. Але якое б ні было ўстойлівае надвор’е, а восень — ужо не купальны сезон.

Цяпер прыгнаныя сюды людзі ў першую чаргу імкнуліся прадэзінфіцыраваць сваю споднюю бялізну. Яшчэ не паспявалі яны заняцца выпруджваннем, як ахоўнікі гідліва адварочвалі ўбок насы і некаторы час не ўтыркалі іх у занятак небаракаў. Толькі Кольб кожны раз дэманстратыўна падаваў Міхасю запальнічку, каб той распаліў цяпельца для сваіх таварышаў. Іншыя палонныя чакалі ўжо нападхопе, каб ад яго падпаліць назапашанае ламачча. Далей па ходзе дзеяння спрытнейшыя наспех здымалі з сябе бялізну і на голае цела наапашкі накідалі шынялі.

Як правіла, дэзінфекцыя праходзіла хоць і мітусліва, аднак без асаблівых кур’ёзаў. Усё-такі самі палонныя ў сваіх жа інтарэсах воляй-няволяй вымушаны былі рабіць яе. Наглядчыкі ў гэты час баяліся блізка падыходзіць да іх, каб не набрацца вошай. Лагерныя прыдуркі даўно абзавяліся запасной бялізнаю і нават умудраліся мыцца ў наглядчыцкай штубе.

Канечне, вартавыя разумелі, што позняй восенню знясіленых голых людзей не надта загоніш у халодную ваду. Аднак нямецкая акуратнасць прымушала трымацца заведзенага парадку. Дый адным з іх надта хацелася паказаць, што яны звышчалавекі і таму могуць пакуражыцца перад прыніжанымі. А другім, як заваёўнікам, лішні раз карцела папаздзекавацца з палонных. Як толькі яны бачылі, што апошнія заканчваюць свой занятак, як адразу ж па-сабачаму гыркаючы на іх з разгрупаванага і выгнутага паўколам ланцуга, загадвалі ўваходзіць у ваду.

Але палонныя па-ранейшаму валаводзіліся і марудна бавілі час, каб толькі як-небудзь адцягнуць хрышчэнне ў халоднай купелі. За якіх-небудзь пятнаццаць крокаў ад іх мітуслівага гурту ахоўнікам было цяжка разабрацца, чым займаецца ў ім кожны чалавек. Раззлаваныя вартавыя пачыналі галёкаць, як на паляванні загоншчыкі, але для сваёй бяспекі вымушаныя трымацца воддаль, бачылі, што рады не дадуць, і зларадна нацкоўвалі на небаракаў сваіх памагатых. Наглядчыкі раз'юшана кідаліся на безабаронных, паўраздзетых людзей, кіямі наўзмах пракладаючы ў гурце дарогу ды крыж-накрыж перахрышчваючы непаваротлівых. У гэтай калатнечы бедалагам, вядома, некалі было выгадваць, якую адну бяду выбіраць з дзвюх. Хаця, напэўна, шмат хто згадзіўся б лепей быць ахрышчаным кіем, чымся — у ледзяной вадзе.

Пачыналася неразбярыха, пры якой чатыром дазорцам нельга было ўправіцца з непаслухмянаю сотняю палонных, што, як толькі маглі, выкручваліся з-пад удараў і, выкарыстоўваючы кожную прамашку фашысцкіх паслугачоў, імкнуліся перахітрыць іх. Прычым апранутыя наглядчыкі былі добра прыкметны палонным здалёк, а голыя небаракі нават паблізу мітусіліся перад прыхваснямі да рабізны ўваччу.

Пакуль наглядчыкам удавалася вылучыць з натоўпу і загнаць у ваду трох-чатырох небаракаў, дык тым часам шэсць-сем іх для адводу вачэй назнарок шумліва плюхаючыся збольшага апаласквалі твары і беглі хутчэй апранацца, нібыта пасля купання. Сярод ажыўленай мітусні, шумлівага плюхання і пырскання цяжка было разгледзець, хто ўжо сапраўды акунуўся ў ваду, а хто ўскочыў толькі па калені ды сяк-так апаласнуў твар. Але як бы спрытна ні выкручваліся небаракі, а ўсё роўна кожны раз некаторыя з іх, перахрышчаныя кіямі дазорцаў, вымушаны былі яшчэ не пераводзячы духу, цярпліва несці свой крыж і прымаць вадохрышча.

Аднойчы лістападаўскім днём гэтакай долі не абмінулі і Хендога з Міхасём. Пагода стаяла тады хоць і бязветраная, але золкая. Па небе нізка плылі цяжкія свінцовыя хмары. Ад іх руху водная паверхня адсвечвала пахмурным сталёвым адценнем. Страшна было не толькі ўваходзіць у ваду, але нават пры адным позірку на яе, рабілася зябка і па целе прабягаў холад.

Здарылася якраз так, што ў часе чарговай неразбярыхі Хендога з Міхасём апынуліся твар у твар перад Задзірам і Паўлом. Не сказаць, што наглядчыкі спецыяльна вылучылі іх з гурту: палонныя выпадкова трапілі ім пад гарачую руку. Хендога з ходу не паспеў увільнуць ад Задзіры і, ёмка агрэты па плячы ягоным кіем, вёртка ўхіліўся ад другога ўдару і потырч плюхнуўся ў ваду, якая астудзіла апёк ад кія, але абмарозіла разгарачанае ад беганіны цела.

Пры сутыкненні Паўла з Міхасём у абодвух на нейкае імгненне адбылася замінка, відаць, як вынік нечаканай сустрэчы. Але ў наступны міг Сіліч убачыў, як зларадна забегалі ў Паўла мышыныя вочы і сутаргава захадзіла рука, ямчэй абшчаперваючы кій. Хлопец адчуў, што Паўло ўвачавідкі не гатоў ахрысціць яго кіем (ззаду, па-здрадніцку, ён даўно выцяў бы), а выбірае момант, каб нанесці падманны ўдар. Таму Міхась, не паварочваючыся, адступаў задам і ні на міг не выпускаючы праследавацеля з-пад увагі, адным вокам касавурыўся на яго твар, а другім — на руку з кіем. Між абаімі пачаўся зацяты паядынак на выпрабаванне пільнасці і на вытрымку нерваў. Толькі ён прадаўжаўся значна карацей, чым апісваць на паперы. Калі Паўло схамянуўся, што ўпускае апошні момант, і размахнуўся кіем, Міхась, адскокваючы назад, спатыкнуўся і, мармычучы: «Шкурнік!» — дагары плюхнуўся ў ваду. Паўло ў адзенні з размаху таксама ледзьве не паляцеў потырч. Сіліч знянацку ажно войкнуў, гэтак абдала голае цела халодная вада. Нібы сотні вострых ільдзінак балюча ўпіліся ў яго з усіх бакоў. Здавалася, што вось-вось сутарга скурчыць рукі і ногі. Са страху хлопец усхапіўся і, у вадзе недасягальны ні для чыйго кія, разгледзеўся, куды яму бегчы да свайго адзення. Мокраму целу па паветры было яшчэ халадней. Пакуль ён дабег да сяброў, яно пасінела і пакрылася гусінай скураю.

— Гэтак нядоўга і дуба даць, — ледзьве вымавіў Сіліч, ляскаючы зубамі і таропка нацягваючы на сябе споднюю кашулю.

— У такіх умовах ніякая хвароба не бярэ, — разважыў Казнадзей, рады, што ашукаў наглядчыкаў, і нават паспеў ужо надзець шынель.

Апранаючы гімнасцёрку, Хендога таксама дробна калаціўся. Але як нацягнуў порткі, беручы шынель, чыстасардэчна прызнаўся:

— А Задзіра ёмка агрэў мяне кіем, хоць і трапіўся знянацку. — І, ужо дабрадушна пакепліваючы з Міхася, дадаў: — Перакладчык-наглядчык хоць спярша і сумеўся трохі перад табой, але потым па знаёмству не праявіў паблажлівасці.

— Ён цяпер быў бы рад, каб ніхто не ведаў пра тое знаёмства, — злосна адказаў Сіліч.

— Няўжо яны і зімою будуць заганяць нас у ваду? — азадачана запытаўся Ярмолік, перабіваючы гаворку суседзяў.

— Ад іх можна ўсяго чакаць, — адказаў Казнадзей.— Ім абы толькі папаздзекавацца з людзей.

— Калі будуць гэтак настойліва заганяць у ледзяную ваду, дык загартуюць, як тых маржоў, што не баяцца ніякага холаду і купаюцца ў палонках,— кпліва разважыў Хендога.

 

30

Хаця зіма прыйшла без спазнення, у снежні, але здавалася, што яна легла раней сваёй пары, таропка забінтоўваючы марляю раны і драпіны здратаванай зямлі, перад маразамі клапатліва ўкрываючы яе пуховай белай коўдраю.

Снег пачаў падаць з ночы. Суцэльным белым покрывам была заслана зямля кругом лагера. Толькі не павісаў снег на калючай агароджы, хаця па-ранейшаму церушыў і церушыў безупынку. Яе густая чорная сетка, нібыта накрэсленая тушшу, выступала з белага мроіва сняжынак прывідным нератам. Яго злавесна расстаўленыя цянёты псавалі настрой нядзельнага ранку, азмрочваючы і святочнасць выхаднога дня, і ўрачыстасць прыходу зімы. Праўда, калі святочнасць выхаднога яшчэ адчувалася па тым, што не трэба выходзіць на працу і можна за ўвесь мінулы тыдзень адляжацца на нарах, дык урачыстасць прыходу зімы крыж-накрыж перакрэслівалася аконнымі кратамі і затушоўвалася густой сеткаю драцяной загароды. Непрыступная, яна адгароджвала мяккі снежны спакой і чысцюткую-чысцюткую, па-святочнаму накрухмаленую бель. А ў яе загарадзе панавалі насцярожанасць і трывога.

Пасля снядання Хендога з напарнікамі і Сіліч з Леанідам ляжалі на нарах.

— Снег уляжацца, дык, можа, і нам дадуць паляжаць, пакуль прыдумаюць якую-небудзь працу,— выказаў наіўнае меркаванне Леанід.

— А хто ж будзе расчышчаць гравійку? — з іроніяй у голасе запытаўся ў яго Казнадзей і пасля кароткай паўзы важка ўдакладніў: — Рух жа на ёй не спыніцца.

— Без снегаачышчальнай тэхнікі саўковымі лапатамі, як лыжкамі, снег не перачэрпаеш, — апраўдваўся Леанід. — За дзень і паўкіламетра пе расчысціш.

— Толькі таго клопату! Няхай пра гэта немцы дбаюць, — супакоіў іх Ярмолік. — На тое ж у іх ёсць дарожны майстра.

Аднак назаўтра Леанідава прадказанне не спраўдзілася. Палонных па-ранейшаму выгналі з лагера. Праўда, на складзе замест грабарскіх прымусілі ўзяць шырокія фанерныя лапаты, з акаванымі бляхаю ніжнімі краямі.

На дварэ было марозна і ветрана. Сіберны холад прабіраўся пад вынашаныя шынялі і разлезлыя ад поту гімнасцёркі. Мароз пашчыпваў за пасы. Палонныя паадкасвалі на вушы абшлагі пілотак, злёгку пацепвалі плячамі і, стоячы на месцы, прытанцоўвалі нагамі, зларадна пакепліваючы з заваёўнікаў, якія не спадзяваліся, што ім на чужыне давядзецца ў пілотках сустракаць зіму.

Канечне, з непрывычкі холад адчувалі і ахоўнікі. Але ж яны павінны трымаць фасон і захоўваць форму. Арыйскі гонар не дазваляе ўдарыць тварам у гразь перад нявольнікамі.

Адзін камендант аказаўся прадбачлівы і сёе-тое захапіў з сабою з Германіі. Нябось загадзя прадбачыў, што ўсё можа здарыцца. Невыпадкова ж цяпер напнуў на вушы гэтыя чорныя заткалы, што вельмі нагадваюць радыёнавушнікі. Праўда, яны авальныя, а не круглыя. Але таксама прымацаваны да дужкі, якую ён надзеў па галаву пад пілотку. З імі камендант у кароткім ядавіта-жоўтым шынялі, з чорнымі крагамі на крывых нагах выглядае загадкавым іншапланетным радыстам, што аднекуль прымае і перадае вартавым нейкія незразумелыя загады.

І ўсё-такі зіма не застала палонных знянацку. Навучаныя горкім вопытам, яны трохі падрыхтаваліся да яе прыходу. Вядома, цёплага адзення ў няволі не набудзеш. Але затое свой драўляны абутак да зімовых умоў яны прыстасавалі як след. Пераймаючы адзін аднаго, праяўлялі знаходлівасць, падбіралі выкінутыя абрэзкі суконак і аўчын, рэшткі стаптанага абутку і з усяго гэтага выкройвалі ўкарочаныя халявы, якія папрыбівалі да калодак цвічкамі, пасечанымі з танюсенькага дроту.

І таму цяпер, ідучы па гравійцы пад аховаю вартавых, яны апынуліся нібыта ў зручнейшым становішчы, чым самі ахоўнікі. Апошнія вымушаны пратоптваць сабе сцяжыну па цаліку на палосе адчужэння і, абедзвюма рукамі трымаючы напагатове вінтоўкі, яшчэ ўмудрацца на хаду расціраць свае насы і вушы, якія пашчыпваў мароз. У той час як кожны палонны з насунутым на вушы абшлагам пілоткі адной рукой трымаў лапату або насілкі, а другою мог у любы час пацерці свой нос дый, акрамя таго, ішоў па расчышчанай дарозе: нядаўна невялікі трактар правалок па ёй самаробны трохвугольны снегаачышчальнік з драўляных брусоў. Ушыркі ён захапіў правую палавіну гравійкі, як акучнік рассунуў абапал свежы снег, а рэшту яго прыціснуў да пясчанай паверхні, шчыльна ўтрамбаваўшы ім усе нябачныя выбоіны. Адпаведна таўшчыні ягонага пласта і глыбіні калдобін, ён на розныя лады піскліва парыпваў пад драўлянымі абцасамі і падэшвамі гаротнікаў, што ішлі, скурчыўшыся ад холаду і ўвабраўшы ў плечы шыі. Гэтая самотная, піскліва-рыпучая мелодыя неадступна суправаджала іх, раздзіраючы душы і шарпаючы слых, нібы патрэсканая пласцінка, што круціцца пад затупленаю іголкаю патэфона.

Палонных прывялі да мяжы ўчастка, які добраўпарадкаваў іхні лагер. Адсюль па левым баку дарогі, міма іх трактар пацягнуў назад прымітыўную валакушу, а дарожны майстра прымусіў небараку зразаць фанернымі лапатамі рыхлы пруг, што ўзнік на стыку абедзвюх расчышчаных палос, пасярэдзіне гравійкі, і насілкамі адносіць і скідаць снег за абочыны.

Вядома, сыпкі, яшчэ незляжалы снег лягчэйшы за друз або вільготны пясок. Таму на гэтую працу не трэба было затрачваць шмат сілы, хаця для змардаваных і згаладалых людзей, якіх навылёт праймаў холад, яна ўсё роўна была прыкрая і невыносная. Выратоўвала толькі тое, што свежаадвалены снегаачышчальнікам пруг быў нешырокі, і таму яны расцягнуліся па гравійцы ўдалечыню. а ў такіх умовах зручней замаруджана варушыцца дзеля адводу вачэй ды каб не мерзнуць. Бо дарожны майстра і чацвёра дазорцаў не маглі пільна прасачыць, як працуе сотня чалавек, што расцягнулася на ладную адлегласць. А вартавым хапала іншага клопату: ад холаду яны прытанцоўвалі на месцы і, трымаючы напагатове вінтоўкі, час ад часу расціралі рукамі насы і вушы.

Праўда, неўзабаве і збянтэжаныя ахоўнікі знайшлі, якім чынам па холадзе можна трохі аблегчыць сваё незайздроснае становішча. Першым да гэтага дадумаўся змрочны прысадзісты вартавы, які ў абедзенны перапынак угледзеў у кювеце металічную бочку з выбітым днішчам. Ён прымусіў Міхася выкаціць яе на палосу адчужэння, даў хлопцу запальнічку і загадаў распаліць у бочцы вогнішча.

У той час калі ўсе палонныя захінуліся ад ветру ў зацішных кюветах, Сілічу не хацелася на адкрытым месцы займацца лішняй працаю. Хлопец разумеў, што вартавы затаіў на яго злосць за ўзарваную бляшанку з грыбамі, і, шукаючы прычэпкі, хоча адпомсціць. На засыпанай снегам зямлі не відно, дзе валяецца галлё і сухое лісце з веццем. Аднак Міхась быў вымушаны штосьці рабіць, выконваючы недарэчны загад вартавога. Наском то адной, то другой калодкі ён паступова навыворваў з-пад снегу ламачча, сярод якога зрэдку траплялася і вецце з пажухлай лістотаю.

Калі голля назбіралася бярэма, хлопец старанна атрос з яго снег, паклаў бочку, засланіўшыся ад ветру ўцалелым днішчам, і ўсярэдзіне яе пачаў распальваць цяпельца. Але мінаў час, а нічога не атрымлівалася. Сухое лісце, што праляжала пад снегам, набрыняла вільгаццю і не разгаралася. Сіліч пабойваўся, каб вартавы не падумаў, што ён валаводзіцца наўмысна, і не выцяў ствалом або прыкладам. Таму скурчыўся ўвесь, увабраўшы ў бочку крыж і азадак, нібы слімак, што адчувае небяспеку і хаваецца ў ракавіну.

Нарэшце лістота, падсушаная агеньчыкам запальнічкі, успыхнула, прагна лізнула зморшчаную кару завялых галінак — і тыя, патрэскваючы, пачалі разгарацца. Міхасёў твар абдало цеплынёю, ноздры казытаў пах гарэлай драўніны, а вочы заслязіліся ад нябачнага дыму. Як толькі хлопец задам выпаўз з бочкі, галлё ў ёй разгарэлася дружна.

— Штэльс раўф!1 — нецярпліва загадаў вартавы, наказваючы жэстам правай рукі, каб Міхась хутчэй ставіў бочку насторч.

Хлопец выканаў яго загад. Але як толькі вартавы падышоў да бочкі, з яе, нібы з коміна печы, у якой раптоўна прыхлупілі агонь, паваліў густы дым, і засмярдзела гарам.

— Вас іст дас?! — здзівіўся немец, адхінаючыся ад бочкі нібыта ад чагосьці пагрозлівага.

Сіліч падумаў, што на сценах бочкі выгарае газа або бензін, таму рашыў пачакаць, пакуль яна канчаткова выгарыць. Але мінаў час, а дым не радзеў і смурод не памяншаўся. Хлопец заглянуў усярэдзіну бочкі і ажно аслупянеў: вогнішча ў ёй патухла. Разгублены, Міхась не разумеў, што здарылася. Ён паваліў бочку на снег, паварочваючы жэрлам так, каб вецер раздзьмуў з жарынак згаслае полымя. Але вецер завыў у жэрле і захлупіў Міхася едкім дымам.

Вартавы сапраўды мог падумаць, што палонны марудзіць знарок.

Невядома, што было б далей, калі б Міхася не выручыў Ангел, які на абочыне скідаў з самазвала пясок і ўбачыў, у якім безвыходным становішчы апынуўся хлопец.

Балгарын падышоў з кіркаю. Размахваючыся з ўсяе сілы, яе вострай дзюбкаю ён пачаў прабіваць адтуліны па ніжнім баку бочкі. Не спяшаючыся, з прыдыхам «гых!» раз за разам гваздзіў кіркаю, нібы дрывасек сякераю, прабіваючы дзюрку за дзюркаю. Пасля перавёў дух, адхінаўся, нетаропка перадаў кірку хлопцу і параіў папрабіваць гэтакія ж адтуліны з усіх бакоў бочкі, трохі вышэй яе днішча.

Спярша Сіліч не зразумеў сэнсу ягонай парады, хаця па сур’ёзным знешнім выглядзе балгарына адчуваў зычлівасць яго намеру. Хлопец узяўся выконваць яго параду чыста механічна, болей дзеля таго, каб неяк заспакоіць няўрымслівага вартавога, ад якога можна было ўсяго чакаць. Нават і тады, калі кругом зрашэціў дзюркамі ніжнюю частку бочкі і аддаў кірку Ангелу, які пайшоў з ёй да самазвала, Міхась лічыў гэтую працу марнаю. Толькі пасля таго калі ў другі раз распаліў у бочцы вогнішча і пачуў, як яно, разгараючыся, са свістам уцягвае праз дзюркі паветра і ажно гудзе, нібы ў коміне, да хлопца дайшло, што яны з Ангелам мімаволі змаракавалі для вартавога штосьці накшталт буржуйкі з паддувалам.

«Усё-такі балгарын памог адзінакроўнаму брату выкруціцца з цяжкага становішча. Не пакінуў чалавека ў бядзе», — расчуліўся хлопец, якому і ў галаву не прыйшло, што гэтае вынаходства яшчэ вылезе бокам іншым палонным.

Самаўпэўнены немец, перш чым адпусціць Міхася ў кювет, прымусіў хлопца яшчэ навыграбаць з-пад снегу галля і падкінуць у бочку. Вартавы задаволена грэўся каля яе, прыцягваючы да сябе зайздрослівыя позіркі бліжэйшых ахоўнікаў. Ягонае выгоднае становішча бачылі таксама і многія іншыя вартавыя. Пазней яны і для сябе дамагліся гэткае выгоды. Праз пару дзён самазвал, што вазіў на гравіўку пясок, які цяпер палонныя рассыпалі па ўтрамбаваным расслізганым снезе, выкінуў з кузава на абочыну яшчэ дзевяць металічных бочак. У кожнай з іх было высечана днішча і ўнізе кругом папрадзюраўлены бакі. Такім чынам зараз кожны з двух суседніх вартавых на чарзе мог таксама грэцца каля прымітыўнай буржуйкі, якую павінны былі распальваць і забяспечваць галлём палонныя.

Канечне, ахоўнікі не ўсе адначасова, а кожная пара для сваёй бяспекі, з нямецкім педантызмам, па чарзе прымушала нявольнікаў прыслужваць ім, з такім разлікам, каб тыя пры гэтым не ўзнялі беспарадак або не паспрабавалі авалодаць зброяй.

Небаракі, якім цяпер па няволі даводзілася задавальняць новыя капрызы ахоўнікаў, у думках пракліналі змрочнага вартавога за тое, што яму ўзбрыло ў галаву распаліць вогнішча ў бочцы з-пад гаручага, а тым самым з ягонай лёгкай рукі ў іхнім паднявольным жыцці прыбавілася яшчэ адна дадатковая прыкрая праца. Бо, асвойтаўшыся з абставінамі, куды спакайней патрохі варушыцца з лапатаю ці з насілкамі, толькі дзеля выгляду паказваючы, што нешта робіш, чым калодкамі выграбаць з-пад снегу ламачча ды распальваць зімою вогнішча або пры перамяшчэнні палонных па гравійцы, перакочваць ахоўнікам настылыя ад холаду ці напаленыя агнём бочкі, якія і ў тым і ў другім становішчы апякалі голыя рукі.

Па меры перакочвання бочак, імі, нібы дарожнымі каткамі, прымінаўся незляжалы снег, ад чаго вартавым па свежапракладзенай палосе было зручней пераходзіць на новае месца.

Ахоўнікі не цацкаліся з нявольнікамі: заваёўнікам абы толькі знайсці прычыну, каб здзекавацца з палонных.

Іншым часам Сілічу рабілася няёмка: як быццам ён вінаваты ў тым, што міжвольна, не па сваёй ахвоце зрабіў самаўпэўненаму вартавому несамавітую буржуйку, якую за ўзор перанялі і астатнія ахоўнікі і якая стала прычынаю новых пакут для палонных.

Праз некаторы час вартавым замянілі пілоткі ядавіта-жоўтымі вайсковымі шапкамі з адкладнымі абшлагамі, а палонным выдалі яшчэ анучы і камізэлькі з мяккай бруднаватай паперы, паверхня якой была не гладкая, а ў драбнюсенькіх зморшчынках.

— Насміхаюцца, сволачы! — не змоўчаў Казнадзей, напінаючы на сябе на нарах нязвычную апранаху. — Падкрэсліваюць, хто мы.

— Яны самі ядуць эрзац-хлеб, а ты хочаш, каб цябе прыбіралі ў адзенне з натуральнай тканіны, — адказаў Хендога. — Выгадваюць, каб мы абышліся ім дзешавей.

— А можа, хочуць выпрабаваць на нас доследную партыю такога адзення, — няўпэўнена выказаў здагадку Леанід. — Праверыць яго на трываласць і пераканацца, як яно засцерагае ад холаду.

— Дабрадзеі знайшліся! — не сцярпеў Казнадзей.—

Дык хай бы і выпрабоўвалі на сабе.

— Не салідна для пыхлівых заваёўнікаў, — растлумачыў Хендога. — Транты болей да твару ўбогім.

Невядома, што хацела прадэманстраваць арганізацыя «Тодт», апранаючы падапечную рабочую сілу ў ліпавае абмундзіраванне — зэканоміць на ўтрыманні палонных ці сапраўды падкрэсліць ім, чаго яны варты. Аднак папера застаецца папераю і не заменіць сабою тканіну. Папяровыя анучы, накручаныя на ногі, ад хадзьбы параздзіраліся і пазбіваліся камякамі, а камізэлькі хоць і не распаўзаліся, але, канечне, не засцерагалі ад холаду.

Зіма паступова набірала сілу і ўсё болей падсыпала снегу. З-пад яго глыбокага пласта ўжо немагчыма было выграбаць галлё, якога наогул не было ў чыстым полі і на лугавінах.

Штодня самазвал пачаў прывозіць на абочыны паўнюткі кузаў наколатых дроў. Распальваць іх было цяжэй, чым галлё, але затое яны гарэлі дружней. Вартавыя, як чэрці, напераменку падыходзілі да напаленых бочак і заглядвалі ўсярэдзіну, нібыта правяраючы, як там кіпяць у смале грэшнікі. А грэшнікі, ачэпленыя імі з двух бакоў, ледзьве перастаўлялі ногі і, скурчыўшыся ад холаду, скідалі з гравійкі снег ды пасыпалі яе пяском.

 

1 Пастаў яе.

31

Сярод вартавых Кольб паводзіў сябе па-ранейшаму: толькі зрэдку стаяў у ланцугу ачаплення, а часцей спружыністай паходкаю задуменна і моўчкі шпацыраваў па абочынах. З тае нары, як зіма пакрыла снегам зямлю, ён болей ні разу не папрасіў ні Міхася, ні Леаніда распаліць яму цяпельца і ніколі не падыходзіў, як іншыя ахоўнікі, грэцца да напаленай бочкі.

Міхась з Леанідам успрымалі яго паводзіны па-свойму: ім здавалася, што Кольб не толькі разумее, як невыносна цяжка знясіленым людзям выкалупваць з-пад снегу галлё і адубелымі ад холаду рукамі распальваць вогнішча, але і адчувае, што яны могуць падумаць пра яго, калі ён прымусіць іх прыслужваць яму ў халадэчу. Хаця яны і ўяўлялі, якія нягоды яму давялося зведаць у варожым палоне, але ўсё роўна не чакалі ад яго спартанскай вытрымкі і непахіснай волі, бо ведалі, што даўнія суровыя выпрабаванні з цягам часу сціраюцца ў памяці, ад чаго загартаваны імі характар таксама мякчэе. Значыць, сумленнасць не дазваляе Кольбу нават перад чужымі людзьмі ганьбіць чалавечую годнасць. Наадварот, ён як бы дэманстратыўна падкрэслівае і перад ахоўнікамі, і перад палоннымі сваю вытрымку і загартаванасць, якім не страшны чужы мароз і сіберны вецер.

Аднойчы ў канцы рабочага дня на гравійцы адбылося здарэнне, якое потым увесь вечар абмяркоўвалі між сабою палонныя і якое навяло многіх на роздум. Стомленыя небаракі, нібы здані, ледзьве сноўдалі з лапатамі і насілкамі ў руках, калі ў хвасце іхняй расцягнутай ватагі раптам грымнуў стрэл, што гулка скалануў прасцяг і запавольненым водгуллем глуха адазваўся ў марозным бязветраным наваколлі.

Усе ўстрывожыліся, насцярожана ўглядаючыся ў той бок адкуль данёсся пагрозлівы пошчак: вартавыя ў чаканні прыняць меры перасцярогі, а палонныя — апасаючыся дазнацца пра чарговую нявінную ахвяру бандыцкага свавольства.

Але, мяркуючы па тым, як ахоўнікі ў ачапленні неўзабаве перадалі адзін аднаму тлумачэнне «ўсё ў парадку!» і як палонныя ў далейшым таксама супакоіліся і не паведамілі адтуль нічога трывожнага, можна было здагадацца, што там адбылося нейкае непаразуменне.

«Мабыць, вартавому з жалезным крыжам надакучыла моўчкі шпацыраваць па абочынах, дык ён, з нечага рабіць, стрэльнуў дзеля забавы», — падумаў Хендога, які з Казнадзеем корпаўся ўсярэдзіне расцягнутай ватагі палонных і бачыў, як у самы канец яе толькі што нетаропка прасунуўся Кольб.

Спачатку Сіліч таксама ўстрывожана паглядзеў у той бок, адкуль пачуўся стрэл, але праз мітуслівы натоўп яму немагчыма было разгледзець, што там адбываецца. Праўда, праз нейкае імгненне хлопец усё-такі ўбачыў, як удалечыні, за апошнімі палоннымі, загрузаючы ў снег, Кольб уразвалку перабраўся праз кювет і пашыбаваў за палосу адчужэння.

Самыя крайнія палонныя, каля якіх знянацку грымнуў стрэл, толькі паспелі заўважыць, што ў тым напрамку, куды быў скіраваны ствол канваіравай вінтоўкі, спружыніста падскокнуў, нібы вялікі мяч, і расслаблена чмякнуўся на дол, узбіўшы снежныя пырскі, нейкі шэры клубок.

— Бач, які зіркасты: нас пільнуе і адначасова палюе! — здзівіўся адзін з крайніх палонных, што фанернай лапатаю зразаў снежны пруг, калі Кольб пасля кароткачасовай адлучкі зноў набліжаўся да іх, песучы ў выпрастанай левай руцэ здабычу, якая звісала амаль да самага долу. — У яго напрактыкавана вока, як у вопытнага паляўнічага.

— Не толькі напрактыкавана вока, але і рука цвёрдая, — падтакнуў чарнявы драбнатвары сусед, што побач рассыпаў лапатаю пясок. — Трэба ўмець на такой адлегласці патрапіць у цэль з першага стрэлу. Дый не шротам, а куляю!

— Ад такога не надта ўцячэш, — удакладніў той, што першы пачаў гаворку. — Ён не дасць прамашкі. Здалёк уложыць напавал, хаця як быццам і вінтоўку не трымае напагатове.

Калі вартавы падышоў бліжэй, палонныя разгледзелі ў ягонай руцэ вялікага зайца-русака, кончыкі вушэй якога чырыліся па снезе. Можа, на самай справе заяц быў меншы, чым здаваўся выпрастаны ўдаўжыню ў Кольбавай руцэ, што ашчаперавала абедзве заднія нагі здабычы. Каля лапаткі, на шэрай поўсці русака чырванела невялікая крывавая пляміна. Напэўна, заяц чакаў, пакуль яму вызваліць дарогу рухомая ватага, але занадта паспяшаўся і трапіў па вочы вартавому.

Не спыняючыся каля палонных, Кольб як ішоў, гэтак і пайшоў далей з абыякавым выглядам, ні паставаю, пі паглядам, ні выразам твару не паказваючы ніякага выхваляння сваім учынкам. Нават ні слова не прамовіў у адказ вартавому, які з ланцуга ачаплення зайздросна выкрыкнуў: «Добрая дзічына трапіла ў рукі!»

Палонныя праводзілі Кольба праніклівымі позіркамі. У вачах адных было здзіўленне паляўнічым спрытам, у другіх — прагная зайздрасць да здабычы, у трэціх — самотнае шкадаванне выпадковай ахвяры. Якраз у той момант, калі Кольб наблізіўся па абочыне да Міхася з Леанідам, хлопцы скінулі з насілак у кювет снег і ўбачылі ў руках вартавога зайца. У іхніх вачах мільгнула і здзіўленне, і зайздрасць.

— З удачаю! — не ўстрымаўся Леанід, каб пе сказаць пра паляўнічую кемлівасць вартавога.

Кольб нечакана спыніўся.

Міхась зразумеў, што і яму зараз трэба нешта сказаць, але менавіта што, не знаходзіў.

— Нішто сабе здабыча! — нарэшце прамовіў хлопец, падтакваючы свайму напарніку.

Кольб няўпэўнена падняў перад сабою ў сагнутай руцэ зайца, як быццам пераконваючыся, ці сапраўды ён вялікі, і раптам разгублена працягнуў яго Міхасю: «Вазьмі!»

Хлопец збянтэжыўся, бо не чакаў гэтага. Яму стала няёмка ад таго, што нібыта яны з Леанідам выпрошваюць у вартавога здабычу.

Сіліч невыразна прамямліў:

— Самі адведайце дзічыны. А з футра будзе зімовая шапка.

— Бяры! — настойліва загадаў вартавы, не апускаючы рукі з выцягнутым у ёй русаком.

Хлопец нерашуча і няўмела ўзяў за заднія ногі зайца і разгублена прамармытаў:

— Дзякуй.

— Заяц — ваш, дык і бярыце яго сабе, — трохі палагоднеў Кольб. — Падзеліцеся са сваімі і суседзямі,— і, як нічога не бывала, пайшоў далей па абочыне.

Міхась інтуітыўна адчуў, як на яго з гэтай здабычаю зайздросна глядзяць навакольныя палонныя. У душы ён быў абрадаваны незвычайным набыткам, хаця яму па-ранейшаму чамусьці здавалася, што яны з Леанідам выпрасілі ў вартавога ягоную здабычу. Узрушаны незразумелым супярэчлівым пачуццём, хлопец трымаў у руцэ зайца, не ведаючы, што з ім рабіць.

— Хавай у рэчмяшок! А то, чаго добрага, яшчэ паквапіцца на яго дарожны майстра, — падвучыў Хендога.

Суседава парада трохі працверазіла хлопца. Ён скінуў з аднаго пляча лямку, расшморгнуў завязку і, прасоўваючы русака ў рэчмяшок, рукою адчуў, што заяц яшчэ цёплы. «Бач ты: ногі — тонкія, дык у іх ад холаду кроў астыла адразу ж. А ў цельпукаватым целе, пад шаўкавістай поўсцю, яна яшчэ захоўвае цяпло».

— Прызнацца, нават і ад Кольба я не чакаў гэтакага ўчыпку, — абарваў Міхасёву думку Леанід, калі яны падставілі Хендогу апарожненыя насілкі. — Тут яму трапіла ў рукі рэдкая здабыча, а ён не спакусіўся паласавацца дзічынаю.

— А табе не здалося, што мы ў яго выпрасілі яе? — прагучалі крыўдліва-іранічныя ноткі ў голасе Міхася, які ўсё яшчэ не пазбыўся ніякаватасці.

— Яшчэ што сказаў?! — здзівіўся Леанід. — Мы нават не пахвалілі яго па-людску за паляўнічы спрыт, а табе здалося чорт ведае што.

— Досыць высвятляць тое, што зразумела без усялякіх тлумачэнняў, — памяркоўна супакоіў сяброў Хепдога, накідаючы фанернай лапатаю снег на іх насілкі. — Нямецкі вартавы ўпаляваў зайца, але не ўзяў яго сабе, а аддаў палонным. Па-мойму, гэта шляхетны ўчынак.

— Думаеце, самому немцу не хацелася пакаштаваць дзічыны? — нібы падтрымліваючы суседа, запытаўся Казнадзей, што лапатаю рассыпаў па спезе пясок.

— Дый яшчэ не абы-якой дзічыны — іншаземнай! — у захапленні прыцмокнуў губамі Ярмолік, які побач рабіў тое ж самае. — Тым болей што ў немцаў пераважаюць розныя эрзацы, а не натуральныя прадукты.

— Ён сказаў, маўляў, заяц — ваш, дык і бярыце яго сабе, — абазваўся Міхась, пастрой у якога пачаў трохі мяняцца.

— Напэўна, і некаторыя ахоўнікі ўжо глыталі слінку. Спадзяваліся разам з вартавым адведаць чужой дзічыны, — пацвельваўся Ярмолік. — А ён узяў дый аддай палонным. Гэтым толькі накліча на сябе крыўду і злосць з іхняга боку.

— Ён і не шманае. Робіць усё па-свойму, — падсумаваў сказанае ўсімі Хендога. — Спагадае нашаму брату і не ўтойвае свайго спачування.

Сіліч слухаў, як суседзі расхвальваюць Кольбаў учынак, і ўсё болей супакойваўся. Да ягоных грудзей спакваля падкочвалася пачуццё ўдзячнасці да спагадлівага вартавога. Як і ягоных суседзяў, хлопца не магла не радаваць нечаканая і неспадзяваная здабыча. Праўда, ён разумеў, што яны з Леанідам самі не аблупяць зайца. Дый неразабранага, яго няма дзе згатаваць. А дзяліць сырую свежаніну — марока. Уся надзея ў хлопцаў была толькі на Хендогу і ягоных болей практычных напарнікаў.

Аднак Кольб і сам паклапаціўся пра палонных. Вяртаючыся назад па абочыне, азадачаны, ён зноў спыніўся каля хлопцаў.

— Аднаго зайца на ўсіх вас не хопіць. Дый дзяліць сырое мяса не надта зручна. Я скажу кухару, хай ён неразабраную тушку згатуе ў агульным катле і аддасць вам. Такім чынам, і суп для усіх будзе наварысты, і мяккую свежаніну вам дзяліць будзе лягчэй.

Калі палонных прыгналі з працы ў лагер, Леанід з Міхасём прасачылі, як Кольб сказаў штосьці перакладчыку Ваньку і той адразу ж пайшоў па кухню. Неўзабаве ён вярнуўся адтуль з кухарам, што выпрастаўся перад вартавым па стойцы «смірна!». Праз агароджу Кольб аддаў кухару нейкае распараджэнне. Калі Ванька пераклаў яго, хлопцы пачулі, як заклапочаны вартавы гучна запытаўся:

— Зразумеў?

— Я-я-я! — выкрыкнуў кухар, яшчэ прутчэй выпростваючыся ў струнку.

— Бач, як выпруджваецца перад немцам, хаця той за калючым дротам! — зларадна пакпіў Леанід. — Нябось дрыжыць за сваю шкуру!

— Як жа яму не дрыжаць за яе? Дзе яшчэ будзе кухару гэтак уежна і ўлежна, як тут! — падтакнуў Міхась.

Стоячы ў чарзе па кандзёр, палонныя ўсё яшчэ абмяркоўвалі нядаўняе здарэнне на гравійцы. Тыя, хто не быў яго сведкаю, скрупулёзна высвятлялі, каму дасталася здабыча. Ззаду, непадалёку ад Міхася, хтосьці растлумачыў, што вартавы аддаў зайца хлопцу, які неаднойчы распальваў яму цяпельца. Сіліч пачуў, як там нейчы голас адразу ж заключыў:

— Усё-такі сумленнасць падказала немцу аддзячыць палоннаму за паслугі.

А спераду ў чарзе нехта з тых, хто, напэўна, бачыў, як Кольб аддаваў Міхасю зайца, расказваў суседзям, што вартавы з жалезным крыжам аддаў здабычу хлопцу, чые грыбы ў вогнішчы ўзарвалі бляшанку. Хтосьці з ягоных слухачоў выказаў здагадку наконт асабістай непрыязнасці паміж абодвума ахоўнікамі. Маўляў, вартавы з жалезным крыжам аддаў зайца менавіта гэтаму палоннаму назло змрочнаму канваіру, які тады спляжыў прыкладам і растаптаў нагамі хлопцаў посуд.

У лагеры многія нявольнікі не толькі здзіўляліся ўчынку нямецкага вартавога, але, канечне, і зайздросцілі палоннаму, якому ён аддаў сваю здабычу. Асабліва гэта выявілася тады, калі Ярмолік пачаў лупіць зайца. Спачатку ён размясціўся на падлозе, разразаючы нажом шкуру на жываце русака. А потым, калі на драцяным кручку падвесіў яго за верхнія нары і далей прадаўжаў працу, дзверы ў пакой, дзе жылі Міхасёвы суседзі, не зачыняліся. Палонныя заходзілі па адным і купкамі, для адгаворкі, нібыта паглядзець на Ярмолікаў занятак, а на самой справе, канечне, паглыналі вачамі яшчэ не аблупленую тушку. Дзіва што! Людзі паўгода не толькі не трымалі ў роце скаромніны, але і на ўласныя вочы не бачылі, як выглядае мяса, хай сабе і не свойскай свежыны, а дзічыны.

Хоць Ярмолік як быццам і не звяртаў на іх ніякай увагі, але па тым, як вострае самаробнае лязо з нажоўкі ўвішна і спрактыкавана хадзіла ў ягонай руцэ, можна было здагадацца, што ён хоча, каб яны ўвачавідкі пераканаліся ў ягоным майстэрстве. І ўсё-такі з зайцам ён трохі праваждаўся, пакуль вылузнуў яго са шкуры. Пасля моўчкі намацаў першы пазванок на шыю, нетаропка адрэзаў на ім чэрап, паклаў яго са шкураю на нарах, каля напарнікаў, а тушку панёс кухару. Калі вярнуўся адтуль, з веданнем справы растлумачыў:

— Сказаў яму, каб ён заліў яе халоднай вадою і добра вымачыў. Баюся, што з яго гэтакі ж кухар, як з мяне кравец. Нябось не ведае таго, што нават парэзаную на кавалкі зайчаціну трэба гадзін пяць вымочваць у вадзе. І толькі пасля ўжо можна шпігаваць яе салам і смажыць або тушыць з бульбай ці з гароднінаю.

— Дзе ж ён возьме той бульбы ці гародніны? — пашкадаваў Казнадзей. — На лагернай кухні і не засмажыш неразабраную тушку.

— А калі яшчэ згатуе, нявымачаную, дык і зусім сапсуе дзічыну, — настойваў Ярмолік.

— Некалі будзе смакаваць: праглынецца нежаваная! — з'іранізаваў }Казнадзей.

— Усё-такі няварта марна пераводзіць прадукты, — не пагаджаўся Ярмолік, беручы ў рукі аголены чэрап зайца. — Калі яны ўжо дасталіся нашаму брату, дык і спажыць іх трэба па-людску.

— Што ты надумаўся рабіць з яго? — насцярожыўся Хендога, гледзячы на тое, як Ярмолік спачатку выняў з чэрапа вочы, а пасля пачаў выкалупліваць мазгі. — Пудзіла. каб некага напужаць, ці што?

— Пудзілам чалавека не напужаеш, а от чучалам — уцешыш, — загадкава адказаў Ярмолік, прадаўжаючы свой незразумелы занятак.

Сіліч няўцямна глядзеў на чэрап у ягоных руках, і пад уражаннем Хендогавых слоў хлопцу раптам успомніліся пудзілы, што некалі рабілі іхнія вясковыя падшыванцы. З чужых град яны кралі спелы круглы гарбуз, зразалі з яго цемя і з сярэдзіны выкалупвалі мякіш з гарбузікамі. Потым у парожнім гарбузе сцізорыкам вырэзвалі круглыя вочы і разяўлены рот, у які замест зубоў утыкалі знізу і зверху прадаўгаватыя чырвоныя ягады барбарысу. Праз аснову адламанага хваста пратыкалі ўсярэдзіне гарбуза цвік. на вастрыё якога насаджвалі свечку. Упоцемку запальвалі яе і зверху да парожняга гарбуза прыколвалі затычкамі зрэзанае цемя. Такімі прымітыўнымі пудзіламі, бывала, у бязветраныя цёмныя вечары падшыванцы пужалі наіўных вясковых дзяўчат. Напалоханыя, тыя адны баяліся выходзіць з хат і звалі на дапамогу юнакоў. Калі сталыя хлопцы з’яўляліся з дзяўчатамі на вуліцы, падшыванцы разбягаліся, хаваючыся па завуголлях.

Тым часам Ярмолік апусціў чэрап у кацялок з вадою, нажом акуратна выняў з вушэй у шкурцы храсткі, а пасля разаслаў яе на нарах поўсцю ўніз і пачаў старанна выскрабаць рэшткі тлушчу і мяса.

Міхась рашыў, што ён хоча згатаваць з чэрапа халадзец, а шкурку вырабіць для зімовай шапкі. Але калі ўбачыў, як Ярмолік чыста выскраб яе і з мокрага чэрапа таксама стаў выскрабаць мышцы і рэшткі мяса, усумніўся ў правільнасці сваёй здагадкі.

А Ярмолік выскраб і вымыў з усіх бакоў чэрап, загарнуў яго ўсярэдзіну шкуркі і, аддаючы тугі скрутак Міхасю, прамовіў:

— Ну от, мы яе не падзелім на ўсіх. Дый жываглоты адбяруць пры вобыску. А яму за тое, што дагадзіў нашаму брату, зробім хоць невялічкую прыемнасць.

Сіліч паклаў скрутак у рэчмяшок, трошкі ўражаны словамі Ярмоліка. Ён, безумоўна, меў на ўвазе вартавога з жалезным крыжам. Кольб аддаў нам дзічыну, а Ярмолік думае, што мы зробім немцу невялічкую прыемнасць, калі вернем шкурку і аголены чэрап! Толькі не хапае яшчэ дзвюх складзеных крыж-накрыж касцей, як на эсэсаўскай эмблеме! Хто яго ведае, можа, Ярмолік хоча намякнуць пра гэта немцу? Бо навошта ж вартавому чэрап зайца? Са шкуркі, вядома, можна пашыць шапку. Але ж і шкуру вяртаць непрыгожа. Атрымліваецца неяк смешнавата. Маўляў, мяса мы з’елі, а шкурку можаце ўзяць сабе.

Хлопец так узрушыў сябе гэтымі супярэчлівымі думкамі, што да паўночы не мог заснуць.

Калі назаўтра на гравійцы Ярмолік пачаў прыспешваць яго аддаць Кольбу скрутак і растлумачыў, што хоча зрабіць вартавому чучала, Міхасю стала няёмка за ўчарашнюю недасведчанасць.

«Аказваецца, от што ён меў на ўвазе, уручаючы мне загорнуты ў шкурку зайцаў чэрап. А я падумаў чорт ведае што! Значыць, ён сапраўды хоча зрабіць вартавому невялічкую прыемнасць у падзяку за яго чалавечны учынак».

— Ну, смачная зайчаціна? Маладая ці цвёрдая? — напрошваўся на гаворку Кольб, спыняючыся на абочыне каля Сіліча з Ярмолікам, калі тыя з насілак скідвалі ў кювет снег.

— А мы яшчэ не адведалі яе, — разгубіўся Міхась. — Кухар яе згатуе сёння. Паспытаем, як вернемся ў лагер. — Але, падахвочаны напарнікам, дый карыстаючыся зручным выпадкам, асмялеў, хуценька выняў з рэчмяшка і аддаў вартавому згорнутую заячую шкурку і, паказваючы рукою на Ярмоліка, дадаў: — Ён з яе зробіць вам чучала.

Кольб, відаць, не чакаў такога павароту справы, бо трошкі сумеўся. Але праз нейкі момант нетаропка паклаў скрутак у торбачку за спінаю і адразу ж ажывіўся:

— А чым я павінен памагчы? Што ад мяне патрэбна?

— Нічога асаблівага, — супакоіў яго Ярмолік, калі Міхась пераклаў пытанні вартавога. — Канечне, было б добра, калі б дасталі мыш'яковага раствору і пару штучных вачэй. Але цяпер гэтага, відаць, не раздабыць.

Сіліч пераклаў Ярмолікавы словы.

— Цяпер не да штучных вачэй, — самотна разважыў Кольб. — У зямлю не паспяваюць хаваць мёртвыя чалавечыя, — але, напэўна, жадаючы адкараскацца ад журботных думак, роблена з’іранізаваў. — А шнапсам пельга замяніць мыш'яковы раствор?

— Шнапсам толькі вочы заліваюць, — не разгубіўся Ярмолік, калі Сіліч пераклаў словы вартавога. — А шкурку ім не вырабіш. Лепей ужо выдубіць яе прымітыўным дзедаўскім спосабам — радкаватым аўсяным цестам. Нябось цяпер сяляне таўкуць у ступах авёс, каб гатаваць жур. Папрасіце ў іх паўкацялка тоўчанай аўсянай мукі з шалупіннем.

Міхась пераклаў сказанае Ярмолікам.

— І што з ёю рабіць? — праявіў цікаўнасць вартавы.

Калі Міхась пераклаў яго пытанне, Ярмолік, не спяшаючыся, пачаў тлумачыць:

— У гліняным або ў драўляным посудзе вадою разбавіць цеста да гушчыні смятаны, добра пасаліць яго і дадаць трохі разведзеных дражджэй. Накрыць посуд і на пяць-шэсць дзён паставіць у цёплае месца. Пасля таго, як цеста адбродзіць і запахне спіртам, можна ім вырабляць шкурку.

Хаця ён гаварыў нетаропка, але Міхасю з непрывычкі цяжкавата было знаходзіць у нямецкай мове патрэбныя канкрэтныя словы, і таму хлопец ледзьве паспяваў услед за Ярмолікам перакладаць ягонае тлумачэнне.

— А як гэта робіцца? — ужо не цярпелася Кольбу.

Сіліч пераклаў напарніку гэтае пытанне.

— Унутры намажаце шкурку цестам, складзеце ўдвая, футрам наверх і пакладзеце на адны суткі, — удакладніў Ярмолік і трохі пачакаў, пакуль Міхась перакладзе сказанае. — Потым цеста саскрабеце нажом і зноў намажаце яе ў другі раз і ў такім жа складзеным выглядзе пакладзеце яшчэ на адны суткі, — і зноў пачакаў, пакуль Міхась перакладзе ягоныя словы. — А пасля, ужо не саскрабаючы цеста, развесіце шкурку сушыцца, але толькі не на сонцы і не над печкаю, а ў сухім месцы. Па меры высыхання цеста адваліцца само — і шкурка будзе выдублена.

— Складаны гарбарны промысел, — з глыбакадумным выглядам на твары зазначыў Кольб, калі Міхась да канца пераклаў грунтоўнае Ярмолікава тлумачэнне.

Хлопца таксама здзівілі напарнікавы веды. «Няйначай як сапраўды ён працаваў у гарбарні». А Кольб неяк міжвольна памацаў за спінаю торбачку са скруткам і зусім нечакана пацікавіўся:

— Што гэта загорнута ў шкурку?

— Чэрап зайца, — растлумачыў Міхась.

— Яго таксама трэба апрацоўваць? — разгублена насцярожыўся вартавы.

Калі Міхась пераклаў гэтае запытанне, Ярмолік навучыў:

— Няхай з гадзіну вымачыць чэрап у салёнай вадзе, а потым, выняўшы, мокры, густа пасыпле з усіх бакоў дробнай соллю і пакладзе сушыцца.

Сіліч пераклаў Кольбу Ярмолікава павучэнне.

— А што яшчэ спатрэбіцца для чучала? — ужо не адставаў ад палонных вартавы.

Міхась таксама пераклаў Ярмоліку гэтае пытанне.

— Мяккі дрот — на каркас. Пакулле і ачоскі лёну — для начынкі. У вушы — тонкі кардон, — нетаропка пералічваў Ярмолік, чакаючы, пакуль Міхась перакладзе. — Два вялікіх пукатых гузікі — для вачэй. Драўляны корак — у вялікую патылічную адтуліну. Суравыя ніткі з іголкаю і акуратная дошчачка — для падстаўкі.

— Сапраўды дробязь! Але ўсяго не запомню. Што-небудзь магу забыць, — усміхаючыся, шчыра прызнаўся вартавы і, пасур’ёзнелы, дадаў: — Заўтра я прынясу вам аловак з папераю. На адным баку яе вы напішаце, як выдубіць шкурку, а на другім — пералічыце ўвесь матэрыял, што патрэбен для чучала. А зайцаў чэрап я сёння апрацую так, як вы параілі. Гут?

— Гут! — адказаў Сіліч.

Задаволены Кольб, як быццам нічога і не было, нетаропкай хадою пакрочыў па абочыне.

— Ну от, хоць чучалам уцешым чалавека, як некалі Багдан Платонавіч уцешыў яго вазаю для кветак, — нарэшце супакоіўся Ярмолік і хуценька ўзяў ручку насілак, употайкі сочачы за дарожным майстрам, што нетаропка прабіраўся да іх паміж палоннымі.

А Кольбава абяцанне прынесці аловак з папераю вывела Сіліча з сябе, зноў абудзіўшы ў ім падспуднае жаданне напісаць маці запіску. А тут яшчэ гэтая Ярмолікава згадка пра Багдана Платонавіча! Яна перавярнула ўсё ўсярэдзіне. Хлопца ахапіла нейкае душэўнае разладдзе. Як гэта ён мог зусім забыць чалавека, які ў няволі быў яму старэйшым сябрам і неаднойчы выручаў з цяжкога становішча? Колькі імі перажыта і перагаворана разам! Успомнілася іхняя звада і канчатковае разыходжанне з Паўлом. Прыгадалася, як Багдан Платонавіч зрабіў Міхасю бляшанку з дымавой шашкі, а потым навучыў суседзяў рабіць з гарматных гільз вазы ды попельніцы, а з буйнакаліберных патронаў — падсвечнікі. Яны трохі прамышлялі імі, выменьваючы хлеб у нямецкіх салдат. Успомнілася раптоўная і нечаканая смерць суседа. Кажуць, людзі пазнаюцца ў бядзе. Сапраўды, бяда іх зблізіла. Але ж яна і прытупіла Міхасёвыя пачуцці. У бядзе ён забыўся пра Багдана Платонавіча. Хлопцу стала сорамна перад сваім сумленнем. Добра, што гэтага не ведаюць суседзі.

Як быццам цяпер усёю істотай ён фізічна адчуваў, наколькі закарэла паверхня яго цела. Праўда, ён разумеў, што гэтакі стан яшчэ не можа быць апраўданнем забыўчывасці. У якіх бы жахлівых умовах ні жыў чалавек, як бы ні існаваў, але, нават думаючы толькі пра хлеб надзённы, усё роўна ён павінен практыкаваць і трэніраваць сваю памяць, каб не даць ёй прытупіцца або, крый божа, зусім атрафіравацца. «Няўжо я патрохі дзічэю і ператвараюся ў малпападобную істоту, у якой пад уплывам навакольнага асяроддзя чалавечыя пачуцці паступова выцясняюцца жывёльнымі інстынктамі?» — схамянуўся Сіліч, і ў ім зноў варухнулася і пачало абуджацца забытае жаданне.

Варта яму толькі заікнуцца Кольбу наконт лішняга аркуша паперы — і той, вядома, заадно прынясе яго. Цяпер самы зручны момант. Нават упрошваць Кольба не прыйдзецца: ён ахвотна згодзіцца перадаць Міхасёву запіску сялянам, калі пойдзе да іх па аўсяную муку. А тыя перададуць яе далей, у іншую вёску. І гэтак з рук у рукі вестка дойдзе да маці. Як яна абрадуецца, калі даведаецца, што сын жывы! Спячэ хлеба ці скавароднікаў. Возьме з кубла сала. Збярэ ўбогую перадачу і прынясе сыну.

Чамусьці Міхасю раптам прыгадаліся расказы бабулі пра тое, як яна з ягонай маці і цёткаю хадзілі ў Кіева-Пячорскую лаўру пакланіцца мошчам святых. А цяпер маці вымушана будзе ўбачыць мошчы жывога сына і адмольваць ягоныя грахі, укленчваючы перад руінамі Пана Вялікага Ноўгарада.

Што натварылі на яго зямлі нашчадкі праклятых крыжакоў? Адпомсцілі за ўсе ганебныя прамашкі сваіх бясслаўных продкаў. Адным махам расправіліся і з Ноўгарадам, і з Кіевам, і з Полацкам. Іх крывавае нашэсце ні ў якое параўнанне з былымі міжусобіцамі паміж князямі гэтых старажытных гарадоў, якія то ўваходзілі ў Кіеўскую Русь, то адасабляліся ў самастойныя княствы і феадальныя рэспублікі.

З гісторыі Сіліч ведаў, што ў канцы Х стагоддзя наўгародскі князь Уладзімір, раззлаваны тым, што Рагнеда, дачка полацкага князя Рагвалода, адмовілася выйсці за яго замуж, напаў на Полацк, забіў князя з сынамі і ажаніўся з Рагнедай. А ў пачатку ХІ стагоддзя полацкі князь Брачыслаў авалодаў Ноўгарадам і адасобіў Полацкае княства ад Кіеўскай Русі. Яшчэ пазней, у 1008 годзе ў выніку паўстання народнага апалчэння і ўцёку з Кіева князя Ізяслава там часова захапіў уладу сын Брачыслава полацкі князь Усяслаў.

Канечне, Ноўгарад ад Полацка бліжэй, чым Кіеў. Ісці сюды маці не гэтулькі, як ад Кіева-Пячорскай лаўры. Толькі зімою дабірацца кепска. Трэба было летам падаць ёй вестку пра сябе. Улетку зручней ісці босай. Лягчэй несці хатуль за плячамі. Зімою яна можа падбірацца ў дарозе. Дый яшчэ заб'юць нямецкія захопнікі, што з непрывычкі мерзнуць ад нашага холаду. Яны пагаляцца на яе кажух і валёнкі. Мала таго што ён сам пакутуе ў палоне, дык яшчэ і маці загіне праз яго.

Паўтара года, як ён пайшоў з войскам абараняць бацькаўшчыну. І даваяваліся яны да таго, што захоплены ворагамі ў палон. Цяпер яго родную зямлю дратуюць падкаваныя боты фашыстаў. Замест таго каб выручаць з бяды маці, ён яшчэ спадзяецца на яе дапамогу. А чым яна можа памагчы яму? Перадачаю? Галоднага і знясіленага не выратуе ўбогая перадача. Лепей хай маці не ведае, што ён у палоне. Няхай думае, што ён загінуў у баі. Яна ўжо змірылася з такой доляю. Хай не ўбіваецца і не перажывае за яго. Весткаю пра сябе не стане ён зняслаўляць бацьку і сарамаціць аднавяскоўцаў. Бо што яны падумаюць пра яго? Гэтулькі вучыўся чалавек, а застаўся недарэкаю. Можа. яму яшчэ ўдасца ўцячы і прабрацца да сваіх або прабіцца да лесавікоў. Не можа быць, каб нашы людзі не атабарыліся ў дрымучых барах ды пушчах. І ў гэтых мясцінах можна будзе помсціць за маці. Вось тады не сорамна будзе падаць ёй вестку пра сябе.

На гравійцы гэтыя думкі на розныя лады вар’іраваліся ў ягонай галаве. Хлопца наводзіла на іх і спадарожнічала ім ягонае маўклівае сноўданне з насілкамі. А варта было калоне рушыць у напрамку да лагера, як настрой змяніўся, і ранейшыя думкі выцясняліся з галавы зусім іншымі намерамі і турботамі.

Нават нармальны чалавек, прызвычаены есці ў пэўныя гадзіны дня, і той інстынктыўна адчувае набліжэнне гэтай пары. А што ўжо казаць пра людзей змардаваных голадам і знясіленых дакучлівай працаю? Яны не толькі абвострана адчуваюць набліжэнне часу яды, але яшчэ задоўга да яго пачынаюць глытаць сліну. Таму няцяжка ўявіць, пра што маглі думаць Міхась з Леанідам і Хендога з напарнікамі, якія паўгода не бачылі ў вочы мяса, а цяпер прадчувалі, што неўзабаве пакаштуюць не поснага кандзёру, а наварыстага булёну і адведаюць згатаванай у ім зайчаціны.

Па меры таго як палонныя з бляшанкамі і кацялкамі ў руках размяшчаліся на абодвух ярусах нараў, адусюль чуліся іх пахвальныя водзывы аб кандзёры.

— Ого! Сягоння нішто сабе прыварак!

— Нават скалкі плаваюць!

— Канечне, кухар збольшага павылоўліваў іх зверху.

— Без гэтага не абышлося!

— Але ўсё роўна кандзёр — тлусты! Хоць і не запраўлены затаўкаю.

— І не толькі з выгляду, але і на смак нічога!

Нягледзячы на тое, што Ярмолік прынёс у пакой абсохлую зайцаву тушку, якая, відаць, загадзя была вынята з катла, у носе заказытаў нязвычны, даўно забыты пах свежаніны. «Дзічына, а пахне свойскай свежыною, — здзівіўся Міхась. — Мы адвыклі ўжо ад паху свежаніны».

— Адхапіць кавалак мяса кухар не пасмеў, але наварысты сок з тушкі сцадзіў, — зларадна пакпіў Казнадзей. — Нябось сабе паўкацялка халадцу выгадаў!

Аднойчы Сіліч заўважыў праз акенца, як кухар зладзеявата ўмінаў ружаватыя камы. Хлопец не сумняваўся, што ўрвіцель сцягнуў з агульнага катла апошнія бульбіны і замест прыправы стоўк іх сабе з вараным бураком. «Хоць і не тлуста, затое — густа і з выгляду — апетытна», — абурыўся тады хлопец і сказаў суседзям гіра бачанае.

І нязвычным пахам, і прывабным выглядам тушка неймаверна распальвала апетыт у галодных людзей. Па нявопытнасці Леанід з Міхасём гатовы былі разгавецца ёю, расперазаўшы дзягі. Але Ярмолік ведаў, што з галадухі чалавеку небяспечна есці многа мяса, дый бачыў, з якою прагнасцю вачамі праглынаюць тушку іншыя палонныя. Таму ён рашыў і дагадзіць абодвум хлопцам, якім вартавы аддаў сваю здабычу, і заадно пачаставаць дзічынаю ўсіх палонных у пакоі. Бо калі раздзяліць мяса толькі паміж напарнікамі і сябрамі, дык яны ўсё роўна не наядуцца ім навекі, а ў астатніх выклічаш зацятую зайздрасць.

Вострым самаробным пажом Ярмолік умела, па-майстэрску разбіраў тушку. Леаніду з Міхасём адпаласаваў па кумпяку, Хендогу з Казнадзеем — па лапатцы, сабе выразаў кавалак азадка, а ўсю рэшту, каб нікога не пакрыўдзіць, невялікімі порцыямі раздаў усім палонным у пакоі.

— Пасля вялікага посту ўсім не грэх разгавецца скаромнінаю, — дабрадушна пажартаваў ён суседзям па парах пасля свайго свяшчэннадзейства.

Спярша Сіліч паскнарнічаў і пакрыўдзіўся на суседа за самаўпраўства: маўляў, чужым дабром распараджаецца як сваім. Але ўбачыўшы, з якім натхненнем шчыруюць над выдзеленымі порцыямі астатнія палонныя, адчуў ніякаватасць за прагнасць і эгаізм, які здаўся яму заскарузлым у параўнанні з Ярмолікавым сталым калектывізмам і зайздроснай таварыскасцю. «У простага чалавека ўсё атрымліваецца прасцей і прыгажэй. Не тое што ў інтэлігентнага недавука!»

 

32

Па нямецкай гаворцы адчувалася, што язык у Сіліча падвешаны, але пісаць па-нямецку хлопец руку не набіў. Шпрэхаць ён сяк-так шпрэхаў, а шрайбаваць яму, ненапрактыкаванаму, было цяжэй. Таму, калі Кольб прынёс аловак з папераю, Міхась папрасіў Леаніда, каб той напісаў, якія матэрыялы спатрэбяцца для чучала і якім спосабам выдубіць заячую шкурку. Хлопец адчуваў, што сябру напісаць гэта па-нямецку лягчэй, чым яму самому.

Але затое праз нейкі тыдзень, як толькі Кольб перадаў ім начынне, Кольб не адышоў ад Ярмоліка да таго часу, пакуль той не зрабіў чучала.

Хлопец уважліва пазіраў, як сусед адпаведна памеру шкуркі замест хрыбта і ног зайца звязаў драцяны каркас і шчыльна абматаў ачоскамі яго шыйны ўчастак і канцавіны. Як распляскаў і забіў верхні канец дроту ў драўляны корак, які наглуха ўмацаваў у вялікай патылічнай адтуліне чэрапа. Вачніцы набіў пакуллем і ўставіў у яго вялікія пукатыя гузікі, а ў шкурку вушэй усунуў кавалкі тонкага кардону. Міхасю было цікава, як Ярмолік нацягваў на чэрап шкурку галавы і прасоўваў у канцавіны шчыльна абмотаны ачоскамі дрот. Потым туга пабіў шкурку пакуллем і зашыў ніткамі разрэз на жываце. А вострыя канцы дроту, што вытыркаліся з ног, распляскаў і пазабіваў у дошчачку. Заяц стаяў на падстаўцы як жывы. Нават не верылася, што гэта — чучала.

Сіліч не сумняваўся, што многія ахоўнікі, якія яшчэ нядаўна асуджалі Кольба за тое, што ён аддаў палонным зайца, цяпер пазайздросцяць уладальніку гэтага нязвычнага сувеніра. Хлопец глядзеў на яго, як на аддарунак вартавому за чалавечы ўчынак, і, вядома, не спадзяваўся, што Кольб заплаціць за працу палоннаму, які зрабіў чучала. А вартавы потым чатыры разы, праз дзень-два, прыносіў Ярмоліку па паўбуханкі хлеба, што ў сваю чаргу саслужыла тады якую-ніякую падтрымку, як дадатковая надбаўка да ўбогага рацыёну кожнага з пецярых суседзяў.

Тыя дні запалі ім у памяць, бо якраз папярэднічалі вячэрняй мітрэнзе, што праз ноч неспадзеўкі ўзняла ў лагеры вэрхал, які назаўсёды разлучыў многіх сяброў, суседзяў і знаёмых.

Пачалося ўсё з таямнічай лыжні, якую раніцаю заўважылі і вартавыя і палонныя. Яна пралегла з боку фронту ўглыб запятай ворагам тэрыторыі і перасекла гравійку метраў за трыста ад лагера. Мясцовасць была тут аголеная, з рэдкімі кустамі, нявыгадная для ўкрыцця і маскіроўкі. Відаць, лыжнікі праявілі дзёрзкасць і не выбіралі абходнага шляху. Мяркуючы па глыбіні следу, які лыжы праклалі па снезе, было відаць, што па лыжні прайшло болей дзясятка чалавек.

— Армейская разведка! — абрадаваўся нехта з палонных. — У белых маскіровачных халатах незаўважнаю прайшла па Ільмені.

— Адкуль ты ведаеш, што армейская дый яшчэ ў маскхалатах? — іранічным голасам астудзіў запал прамоўцы хтосьці другі. — А можа, палкавая?

— Няхай сабе палкавая. Але ж без маскіровачных халатаў на такой адлегласці разведчыкаў прыкмеціла б з вышак лагерная ахова.

На гэты довад першы палонны пічога не адказаў.

Затое многім было зразумела, што самі разведчыкі таксама пе маглі не заўважыць асветленую электрычнымі лямпачкамі агароджу з ахоўнымі вышкамі. Аднак бою вартавым япы не навязалі. Значыць, пайшлі ў варожы тыл з нейкай іншай мэтаю і не хацелі выдаваць сябе, а выяўлены імі лагер, мусіць, пе быў для іх асаблівым адкрыццём. Многія палопныя не сумняваліся ў тым, што тодтаўскія лагеры ўсцяж гравійкі вядомы савецкаму камандаванню і існуюць тут дзякуючы таму, што ў гэтых мясцінах надоўга стабілізаваўся фронт. А варта толькі баявым дзеяннем парушыць франтавое зацішша, як невядома, што з імі будуць рабіць немцы? Перавядуць лагеры ў іншыя месцы або знішчаць палонных?

Па тым, як рэагавалі на лыжню і ахоўнікі, і нявольнікі, адчувалася, што і тыя, і другія надаюць ёй немалаважнае значэнне. У вартавых яна выклікала насцярожанасць і трывогу, а ў палонных — злараднае ажыўленне і абнадзейлівае чаканне.

Сілічу чамусьці здавалася, што таямнічая лыжня ў поўным сэнсе слова падвяла рысу пад іхнім лагерам і сімвалічна перакрэсліла абрыдлую гравійку. Як бы там ні было, але праз пару тыдняў у лагеры адбылася падзея, што занепакоіла і насцярожыла палонных.

Здарылася гэта ў нядзелю, пад канец дня. У пакоі, дзе жыло пяцёра неразлучных суседзяў, панавала расслабленая цішыня. За выхадны палонныя з непрывычкі разамлелі: адны драмалі, другія моўчкі сядзелі і ляжалі на нарах, калі на двары пачуліся ажыўленыя галасы і выкрыкі.

Леанід першы кінуўся да аконных кратаў, з ходу абвяшчаючы:

— Прыбыла падмога! — і, асекшыся, няўпэўнена растлумачыў: — Прыгналі нейкую партыю палонных.

Расслабленая цішыня адразу ж наэлектрызавалася. Іншыя зацікаўленыя таксама пакінулі нары і прыліплі да акоп.

«Ого! Дзе ж яны размесцяцца? — здзівіўся Міхась, убачыўшы на пляцы ладную калону палонных. Самых пярэдніх з яе ахоўнікі ўжо прапускалі за калючую агароджу. — Таксама дахадзягі. У вынашаных, непадагнаных па росце шынялях, з калодкамі — на нагах».

Тым часам на ганку і па падлозе ў калідоры спорна загрукаталі драўляныя падэшвы, як быццам з кузава самазвала павольна ссыпаліся на гравійку патрушчаныя руіны — і ў пакой, не зачыняючы за сабою дзвярэй, дружна павалілі незнаёмыя людзі. З ходу навічкі перамешваліся са старажыламі і наперабой гаманілі:

— Дайце прытулак выгнаннікам!

— У цеснаце, ды не ў крыўдзе.

— Адкуль вас прыгналі?

— З суседняга лагера.

— А што з ім? Згарэў?

— Не. Цэлы.

— Дык чаму ж выгналі з яго?

— Хто яго ведае? У канцы выхаднога дня паднялі ўсіх на ногі, загадалі ўзяць рэчы і пагналі напроці ночы.

Нібы электрычны разрад слабога напружання, многіх скаланулі насцярожанасць і трывога. Абставіны напальваліся.

Суседні лагер адгэтуль за якіх-небудзь дзесяць кіламетраў. Яго палонныя ўпарадкоўвалі свой участак гравійкі. Адсюль ганяць іх на працу ў такую далеч немцам нявыгадна. Дый па колькасці людзей той лагер не меншы за гэты. Усе палонныя тут усё роўна не размесцяцца. Навошта ж спатрэбілася ў нядзелю тэрмінова пераганяць іх сюды? Значыць, немцы наважваюцца штосьці рабіць. Вядома, гэта многіх непакоіла.

Разам з тым жывых людзей не маглі не турбаваць першачарговыя надзённыя клопаты. У пошуках месца для начлегу і землякоў, з якімі можна адвесці душу ды падзяліцца навінамі, навічкі паступова асвойталіся з абставінамі і зноў фізічна расслабляліся, часова забываючы на нядаўнюю трывогу. Праўда, толькі нямногім з іх удалося ўшчаміцца паміж землякамі, таму што на нарах месцы не пуставалі. Ва ўсіх пакоях небаракі размясціліся нанач на падлозе ўздоўж сцен. Толькі лагерныя прыдуркі адразу ж паразумеліся між сабою і атабарыліся ў наглядчыцкай штубе.

— Сабакі здалёку нюхам адчуваюць адзін аднаго, — пацвельваўся Казнадзей з іхняга хаўрусу.

Аказалася, што фашысцкія прыхвасні ў суседнім лагеры называліся не наглядчыкамі, а паліцаямі і носяць на рукавах белыя павязкі.

— Мала таго што на кожным кроку белым колерам пацвярджаюць сваю капітуляцыю, дык яшчэ ўвачавідкі падкрэсліваюць гэтым, што вераю і праўдаю служаць ворагам, — абурыўся Леанід.

— Раз у іх наглядчыкі называліся паліцаямі, значыць, камендант у тым лагеры — не турэмшчык, а нейкі фашысцкі палітыкан,— разважліва супакоіў яго Міхась.

Упоцемку за поўнач у лагеры не змаўкала гаворка.

А раніцаю сэнс прыказкі «Пераначуем — болей пачуем» пацвердзіўся не адразу. Як заўсёды, палонным выдалі на снеданне кіпень, але на працу не выганялі. А кожны з іх ведаў, што немцы адпачыць не дадуць і лішняга выхаднога не зробяць. Што яны задумалі?

Чым болей мінала часу, тым болей узмацняліся насцярожанасць і падазронасць. Нарэшце позняй раніцаю да агароджы прыйшлі ахоўнікі абодвух лагераў. З двух бакоў яны ачапілі пляц, на які праз брамку пачалі выпускаць палонных. Наглядчыкі і паліцаі выстраілі іх у калону і павярнулі тварамі да склада.

Неўзабаве ад барака падышлі камендант і два нямецкія афіцэры: адзін — прысадзісты, важны, напэўна, высокі чын, з незадаволеным тварам і другі — малады, з лейтэнанцкімі пагонамі на плячах, мусіць, ягоны ад’ютант. Калі яны спыніліся перад павернутым да іх строем, Брэс спачатку акінуў яго з краю ў край пранізлівым позіркам, потым, уладна ўскідваючы руку, гучна абвясціў: «Ахтунг!» і ветліва звярнуўся да высокага вайсковага чына:

— Біттэ зэр, хэр обэрст!1

— Ого! Палкоўнік! Чаго заляцела да нас гэта стрэленая птушка? — шэптам запытаўся Леанід у Міхася, стоячы побач з ім у страі.

— Зараз пабачым, — прашаптаў сябра.

Палкоўнік грузна пераступіў з нагі на нагу, як быццам пераконваючыся, наколькі трывалы пад ім грунт, і глухім хрыплаватым голасам, усё роўна як ні да каго канкрэтна не звяртаючыся, прамовіў:

— Дэр готт хат Дойчлянд айнэ эрэнхафт э місіён ауф эрлегт — дэн большэвізмус аусцуроттэн унд ді нойе орднунг ауфцуэрітэллен, — і зрабіў паўзу ці то ў чаканні, пакуль перакладуць сказанае, ці то думаючы, што гаварыць далей.

— Бог усклаў на Германію пачэсную місію — выкараніць на зямлі бальшавізм і ўстанавіць новы парадак, — паслужліва і ўрачыста пераклаў ягоныя словы лейтэнант, хаця Сіліч, які зразумеў іх без перакладу, адчуў у інтанацыі палкоўніка халодную высакамернасць і не ўлавіў ніякай урачыстасці.

А калі яшчэ высокі вайсковы чын сказаў: «Ужо ўсе народы Еўропы далучыліся да вялікай Германіі і ўносяць свой пасільны ўклад у ажыццяўленне высакароднай мэты», хлопец, перш чым сказанае пачаў перакладаць ад’ютант, канчаткова пераканаўся, што палкоўнік вымавіў сказ без усялякага запалу.

— Нешта ж гэта стрэляная птушка пяе без імпэту,— шэптам пацвердзіў сябраву думку Леанід.

Сіліч глядзеў на фанабэрысты, незадаволены выраз палкоўнікавага твару, і хлопцу здавалася, што або высокі чын кепска сябе адчувае, або грэбуе тымі, да каго звяртаецца.

— Вялікая Германія заклікае вас стаць пад сцягі яе доблесных узброеных сіл і плячо ў плячо з нямецкімі салдатамі пераможна завяршыць гэтую ганаровую місію, — нарэшце проста, без хітрыкаў выказаў палкоўнік мэту свайго прыезду.

— Бач, да чаго дадумаўся! — не сцярпеў Леанід, калі лейтэнант пачаў перакладаць палкоўнікавы словы.

— Выдыхаецца вермахт! Парушаючы міжнародныя правілы, фашысты хочуць з палонных навербаваць памагатых, — гнеўна прашаптаў Міхась.

Калі ад’ютант пераклаў палкоўнікаву фразу, па калоне спакваля пракацілася хваля збянтэжанай узрушанасці і абурэння, як быццам высокі вайсковы чын шпурнуў у строй палонных прыхаваны за пазухай камень. Палкоўнік адчуў гэта і паспяшаўся згладзіць выкліканае ўражанне:

— Бог не забудзе вашы заслугі, — але, мабыць, успомніў, што савецкія людзі абыякавыя да рэлігіі, і хуценька схамянуўся: — А за добрую службу вы атрымаеце ўзнагароды.

Змрочныя палонныя з акамянелымі тварамі маўчалі.

Бачачы, што сказанае не ўздзейнічала на іх, палкоўнік рашыў узмацніць свой довад, і, як толькі лейтэнант скончыў перакладаць, доўга не раздумваючы, для большай пераканаўчасці дадаў:

— Унд ді эрцэ.

— І зямлю, — трошкі разгублена, таропка пераклаў ад’ютант, каб згладзіць непрыемнае ўражанне, якое магло зрабіць гэтае слова, сказанае адасоблена і са спазненнем.

Але і ў перакладзе яно ўсё роўна прагучала двухсэнсоўна і выклікала ў адных палонных кіслую ўхмылку, а ў другіх — міжвольна прыглушаны смех.

Палкоўнік не звярнуў на гэта ўвагі і, жадаючы хутчэй закончыць даручаную яму справу, адным духам выпаліў:

— Хто гатоў адклікнуцца на заклік вялікай Германіі, выйдзіце са строю наперад!

Пакуль ад’ютант пераклаў палкоўнікавы словы, сябры перамовіліся між сабою.

— Няўжо знойдуцца здраднікі? — насцярожана пратаптаў Леанід.

— Хто ж яго ведае? — разгублена, таксама шэптам перапытаў Міхась, ужо навучаны горкім вопытам бачыць агідныя ўчынкі ў паводзінах, здавалася б, маральна здаровых людзей, што апынуліся ў жахлівых абставінах, — і прыплюшчыў вочы, каб не быць сведкам яшчэ чаго-небудзь нечаканага і брыдкага.

Настала цягучая цішыня. Можа, на самай справе яна і не была такой працяглаю, як здалося хлопцу ў ягоным стане. У вільготным паветры чутно было, як насцярожана дыхае процьма людзей. Потым яго слых улавіў, як па мокрым снезе спярша ціха зашасталі, а пасля мацней зачвякалі нейчыя крокі, якія калона заглушыла ўразнабой бязладным выдыхам ці то здзіўлення, ці то гневу.

Вытрашчанымі вачамі ён убачыў, што са строю выйшаў наперад у сваіх наглянцаваных ботах перакладчык Ванька і да яго тупаюць у калодках з аднаго краю калоны — Вырвін, а з другой — двое незнаёмых палонных, з тых, якіх учора прыгналі з суседняга лагера.

Хлопца ўсяго скалануў выбух абурэння. На нейкі момант усё перавярнуў у ягонай сярэдзіне ўчынак гэтых адшчапенцаў. Але цвярозая разважлівасць усё-такі ўзяла верх над мімалётным гневам. «А чаго ж яшчэ чакаць ад вашапруда перакладчыка і ад звадлівага Вырвіна? Адзін дастукаўся да таго, што ўжо даўно выставіў сябе на пасмешышча. Цяпер схамянуўся і думае, што ў прадажным войску выслужыцца лейтэнантам. А другі за кандзёр прадасць роднага бацьку. Недарэмна ж хацеў выдаць Леаніда».

Невядома, у якім кірунку пайшло б развіццё Міхасёвай думкі, калі б яе ход раптам не абарваў палкоўнікаў ультыматум:

— Іх геб ойх айнэ штундэ бэдэнкуайт. Юбэрлегт с ойх ін аллер руэ унд фаст дэн энтшлусс.

— Пан палкоўнік дае вам гадзіну на развагу. Спакойна падумайце — і прыміце канчатковае рашэнне,— пераклаў лейтэнант.

— З наскоку не атрымалася, дык хоча ўзяць зморам,— зларадна прамовіў Леанід, калі палонных пачалі ўпускаць назад за агароджу.

— З наглядчыкаў ды паліцаяў няхай вярбуе наймітаў, — падтакнуў Міхась. — Яны прадаліся адразу ж, не раздумваючыся.

Пляц перад агароджаю апусцеў. Першымі яго пакінулі камендант і абодва нямецкія афіцэры. Следам за імі да свайго барака купкамі пайшлі вартавыя. Палонныя зноў разбрыліся па сваіх пакоях. Тыя, хто меў месцы, паразлягаліся на нарах, каб не замінаць тым, хто сноўдаў у праходах.

Вядома, ніхто з іх не збіраўся мяняць свайго рашэння адносна закліку палкоўніка. Наадварот, многія не пераставалі абурацца ягонай спробаю вярбоўкі здраднікаў. Яны і так пакутліва перажывалі тое, што апынуліся ў варожым палоне, якім як бы заплямілі сябе перад сваім народам. А гэты фашысцкі пасланец хоча навербаваць з іх здраднікаў радзімы. Няўжо ён лічыць іх дурнямі? «Трэба ж дадумацца! — з гневам паўтаралі адны. — Дае гадзіну на развагу! Якая тут можа быць разважлівасць?!» «А што немцам рабіць, калі яны выбіліся з сіл? — злараднічалі другія. — Трэба ж шукаць нейкі выхад са становішча». «Няхай у сваёй Германіі мабілізоўваюць старых, жанчын і дзяцей!» — кпілі трэція. І хто шэптам, а хто ўголас асуджалі чатырох адшчапенцаў, што па закліку палкоўніка выйшлі са строю.

Хвілін праз пятнаццаць у доўгі пакой, дзе жылі Міхась з Леанідам, з калідора ўляцеў камендант і, не загадваючы, як заўсёды, а нейкім палагоднелым голасам з ходу папрасіў:

— Біттэ руэ2.

Ужо само з’яўленне яго ў пакоі ды яшчэ без усялякай світы і без перакладчыка выклікала ў палонных здзіўленне і прымусіла ўсіх сціхнуць.

— Вэр фон ойх іст эбен фо гетрэтэн? — зацікаўлена і памяркоўна запытаўся Брэс.

Хаця па інтанацыі ўсе адчулі, што ён штосьці пытаецца, аднак ягонае пытанне павісла ў паветры без адказу, бо, акрамя Леаніда і Міхася, ніхто яго не разумеў. А абодва сябры, збянтэжаныя раптоўным з’яўленнем Брэса, не ведалі, як сябе паводзіць, баючыся вытыркацца перад ім са сваім веданпем нямецкай мовы.

— Што ён пытаецца? — здзіўлена прашаптаў Хендога.

— Хто з нас толькі што выходзіў са строю паперад? — шэптам адказаў Міхась.

Вырвін, што заўсёды быў нападхваце, з выпрацаваным, нібы ў шакала, слыхам і спрытам усё-такі расслухаў Міхасёў шэпт, шустра саслізнуў з нараў, падбег да Брэса і, з гатоўнасцю выслужыцца, бязладна пралапатаў:

— Іх, хэр камендант!

З Брэсавага твару як рукой зняло зацікаўленую памяркоўнасць. Ён вокамгненна пахмурнеў і набыў заўсёдашні выраз.

— Вільст ду гегэн дайнэ ландслёйтэ камфэн?! — абурыўся камендант. — Віст ду дайнэ брюдэр эршлагэн?!

Вырвін, вядома, не разумеў, што пытаецца Брэс, але не мог не бачыць яго абурэння і таму толькі няўцямна лыпаў вачамі.

— Ду біст айн троттэль!3 — вымавіў камендант, дзеля большай пераканаўчасці тыцкаючы ў сваю скронь і круцячы ўказальным пальцам правай рукі — і гэтак жа борзда, як увайшоў, вышмыгнуў з пакоя.

Вырвін стаяў як аслупянелы. Камендантаў жэст быў зразумелы ўсім без тлумачэння. Гэтымі словамі дарожны майстра і вартавыя неаднойчы лаялі палонных, таму гаротнікі ведалі, што яны азначаюць.

— Ну, што? Выслужыўся?! — абурыўся Казнадзей і злосна папракнуў: — Раней бацькі ў пекла не лезь!

Вырвін маўчаў.

— А што ў яго пытаўся раззлаваны камендант? — зацікавіўся хтосьці з верхатуры.

Ад гэтага пытання Вырвін схамянуўся і, відаць, хацеў заняць сваё месца па парах, але ў гэты момант азваўся Міхась:

— Камендант пытаўся: «Ты хочаш ваяваць супраць суайчыннікаў? Будзеш забіваць сваіх братоў?»

Гэтыя словы канчаткова збянтэжылі Вырвіна. На нейкі момант ён як бы застыў у нерухомасці, не ведаючы, што рабіць. Потым страпянуўся і, мусіць, баючыся яшчэ болей сярдзітых папрокаў і абгавораў, моўчкі выйшаў у калідор.

Усіх у пакоі і без таго ўразілі паводзіны каменданта. А калі яшчэ Сіліч пераклаў тое, што Брэс пытаўся ў Вырвіна, здзіўленыя палонныя не маглі растлумачыць учынак немца і наогул не разумелі, што здарылася з камендантам.

З тае пары як іх перагналі з кароўніка ў будынак школы, у Брэса не было асаблівай патрэбы заходзіць за калючую агароджу. Праўда, калі ў рэдкіх выпадках ён і заглядаў на кухню або ў наглядчыцкую штубу, дык прыходзіў заўсёды з дарожным майстрам або кім-небудзь з вартавых. А тут нечакана з’явіўся ў пакой палонных адзін. Дый яшчэ як за якую правіннасць адчытаў Вырвіна ў прысутнасці непажаданых сведкаў? Калі б зрабіў гэтакае Кольб, тады іншая рэч. Ад таго можна ўсяго чакаць. Кольб перад ахоўнікамі не ўтойвае свайго спачування да палонных.

А гэта ж люты камендант, садыст, што ўласнаручна расстрэльваў гаротных, жывым раструшчваў кіркаю чарапы і лапатаю адсякаў галовы. Ап’янелы ад крыві кат ды раптам працверазеў? Занепакоеныя сваёй доляю, палонныя не дапускалі гэтага ў думках, што не пакідалі іх да таго часу, пакуль не прагучала каманда выходзіць на пастраенне.

— Камендант баіцца, што яго забяруць на фронт, калі расфарміруецца лагер, — па-свойму растлумачыў учынак Брэса Хендога.

Цяпер наглядчыкі выстраілі калону ў лагеры, паміж сцяною будынка і калючым дротам, там, дзе звычайна выдрайвалі яе для атрымання кандзёру. За агароджаю не відно было вартавых, а стаялі камендант, два тыя ж нямецкія афіцэры, высокі фельдфебель з партфелем у руцэ і два аўтаматчыкі.

Аўтаматчыкі таропка расклалі паходнае крэсла і раскладны столік, на які фельдфебель паклаў партфель і выняў з яго самапіску і пухлы гросбух. Палкоўнік тым часам рукою падаў знак, каб у агароджы расчынілі брамку. Як толькі камендант выканаў ягонае пажаданне, высокі вайсковы чын глухаватым голасам адрывіста прагергетаў абвестку.

— Як бачыце, перад вамі адкрыты шлях на волю, — пераклаў лейтэнант ягонае выступленне.— Цяпер усе жадаючыя могуць выходзіць з-за агароджы. Калі ласка!

Ад гэтых слоў угары на абедзвюх бліжэйшых вышках прыкметна нахохліліся абодва ахоўнікі з ручнымі кулямётамі.

Цяпер толькі адзін перакладчык Ванька пакінуў строй і выйшаў за брамку. З калоны сотні пахмурных, насупленых вачэй праводзіл яго гнеўнымі позіркамі.

— У чым справа?! — здзівіўся палкоўнік, твар якога ад натугі ажно наліўся крывёю. Немец перавёў дыханне, паказаў рукою, каб Ванька вярнуўся ў строй, і злосна прагергетаў: — Калі вы ўсе разам нічога не надумалі за гадзіну, дык я адзін вырашу ўсё за імгненне, — і аддаў нейкі загад аўтаматчыкам.

Пакуль ад’ютант перакладаў ягонае выслоўе, аўтаматчыкі паслужліва шчоўкнулі абцасамі і подбегам кінуліся ў бок барака.

Неўзабаве адтуль пад’ехала пяць вялізных грузавікоў, крытых брызентам. З кожнага кузава вылезлі па чатыры аўтаматчыкі.

Пасля таго як палкоўнік перамовіўся аб нечым з Брэсам, камендант уголас паклікаў:

— Паўль, хадзі сюды!

Паўло неахвотна выйшаў са строю і нехаця рушыў за брамку. Брэс нешта растлумачыў яму і рукою паказаў на крэсла за столікам. Паўло нерашуча заняў вакантнае месца, відаць, разумеючы, што яно прызначалася для кагосьці іншага.

Палкоўнік злосна нрашвэркаў два сказы, якія лейтэнант адразу ж пераклаў:

— Раз вы добраахвотна не выходзіце гуртам, прыйдзецца сілком выводзіць па адным. Паліцаі, выцягвайце іх!

Прадчуваючы небяспеку, строй насцярожана скурчыўся і пад ударамі наглядчыцкіх кіёў сутаргава захадзіў хадуном.

Выгараджаная перад школаю тэрыторыя была цеснаватая для палонных, сагнаных з абодвух лагераў. Каб зручней размясціць іх тут, паліцаі з наглядчыкамі вымушаны былі выстраіць калону ў шэсць шарэнгаў. Зашчэмленая паміж будынкам і агароджаю, яна раз-пораз балюча ўздрыгвала як суцэльная жывая істота, з якой нацкаваныя, нібы сабакі, наглядчыкі жыўцом выгрызалі непадатлівыя ахвяры.

«Сярожа!», «Петрык!», «Андрэйка!» — жаласліва лямантавалі няшчасныя, просячы літасці ў прыганятых. Але найміты ў адказ толькі злосна пакрыквалі: «Маўчы!», «Не трапячыся!», аднаго за адным асуджаных выштурхоўваючы аўтаматчыкам, якія выстрайвалі іх па два дзясяткі і заганялі ў грузавікі пасля таго, як Паўло запісваў нейкія звесткі пра кожнага.

Палонным некалі было сачыць за тым, менавіта каго павалаклі ўжо са строю, таму што кожны быў заняты самім сабою і, насцярожана скурчыўшыся, толькі і думаў, як бы не прыглянуцца раз'юшаным наглядчыкам і не трапіць ім у лапы.

Сіліч спачатку інтуітыўна адчуў, як ў яго за спінаю, брыдка лаючыся, валтузіцца нехта з паслугачоў, і толькі потым убачыў, што Задзіра з нейкім паліцаем павалаклі пад рукі Леаніда. Сябра ўпарціўся з усяе сілы, не перастаўляў ног і калодкамі да самай зямлі разворваў зляжалы снег. Міхасю чамусьці здалося, што гэта прымусова вырываюць з калоны не людзей, а зубы — са сківіцы. Яму зрабілася балюча-балюча, як быццам у яго самога замест хворага вырвалі здаровы зуб.

— Пан, я не салдат, — заканючыў перад палкоўнікам высокі сутулы здаравяк, якога два паліцаі ледзь выпхнулі за браму. — Я — наглядчык з дома псіхічнахворых. Іх расстралялі вашы салдаты, а мяне прывезлі ў лагер.

Палкоўнік не разумеў, што ён лямантуе. Лейтэнант пераклаў словы здаравяка.

— О, дык ты ж — асілак! Табе лёгка будзе выцягваць раненых,— знайшоўся палкоўнік.

Аўтаматчыкі далучылі здаравяка да купкі адлічаных палонных.

Час ад часу ў паветры чуліся глухія ўдары кіёў, якімі як быццам выбівалі шорсткія палавікі ці шчыльныя дываны.

Двое паліцаяў загрудкі вывалаквалі са строю Вырвіна, але той, як клешч, упіўся ў калону. На дапамогу ім кінуўся Задзіра, які наўзмах агрэў кіем па адной, а пасля па другой руцэ палоннага.

Калі выштурхнутага Вырвіна за брамкаю падхапілі аўтаматчыкі, ён разгубленым няўцямным позіркам паглядзеў на каменданта і толькі абыякава махнуў рукою.

Апусцелыя месцы ў вышчарбленай калоне імгненна запаўняліся: спрытнейшыя спяшаліся схавацца ў глыб яе, а болей марудлівыя спераду і ззаду адразу ж змыкалі разарваныя шарэнгі, не жадаючы заставацца прыступнымі, бо спадзяваліся, што наглядчыкам цяжэй падступіцца да шчыльнага строю і нязручна вырываць з яго кожную ахвяру паасобку.

— Як ні хітрыў чалавек, а ўсё роўна нічога не выгадаў, — пачуў Сіліч за спінаю Хендогаў голас. — Не схаваўся ў лесе, а добраахвотна вярнуўся за калючы дрот. Але і тут не далі спакойна адседзецца.

Хлопец убачыў, як справа два паліцаі павалаклі са строю Гладыша. Той, як ні ўпіраўся, але не здолеў супрацьстаяць дужым бамбізам, што выштурхнулі яго праз брамку.

— Гер камендант! Гер шэф! — звярнуўся Гладыш за дапамогай да Брэса, калі аўтаматчыкі падхапілі яго пад пахі.

Але Брэс наўмысна адвярнуўся, робячы выгляд, што нічога не чуе і не бачыць. «Значыць, недарэмна некаторыя падазравалі, што Гладышава жонка за золата выкупіла мужа з лагера. Бо інакш, чаго б Гладыш напаследак шукаў заступніцтва ў каменданта?»

— Сволачы! — выдыхнуў у Міхасёў карак Хендога — і насцярожаны хлопец убачыў, што два паліцаі павалаклі да брамкі Казнадзея.

«Яшчэ добра, што Паўла Брэс пасадзіў за столік. Па знаёмстве ён адразу выцягнуў бы мяне са строю. — падумаў хлопец, не трапляючы зуб на зуб ад хвалявання. — Няўжо яны думаюць, што набранае гэтакім чынам войска сапраўды будзе ваяваць на іх баку?»

Ці таму, што раніцаю адлёг мароз і падзьмуў заходні вецер, ці ад празмернага напружання і нервовай узбуджанасці хлопец не адчуваў ніякага холаду, хаця наглядчыкі правалаводзіліся з палоннымі ўжо нямала часу. Калі чацвёра апошніх аўтаматчыкаў хацелі дадаць да купкі адлічаных яшчэ некалькі палонных, каб дагрузіць астатнюю аўтамашыну, за брамкаю адбылася затрымка.

— Пан, я не ваеннаабавязаны. У мяне белы білет. Я каўбаснік з мясакамбіната. Мяне ўзялі з земляных работ, дзе мы капалі супрацьтанкавы роў, — збіўчыва лапатаў дробны лядашчы палонны, якога адзін паліцай лёгка выправадзіў за брамку.

— Што ён кажа? — насцярожыўся палкоўнік.

Лейтэнант паслужліва пераклаў.

— Там таксама будзе мяса, — не раздумваючы, выпаліў палкоўнік і паказаў рукою, каб аўтаматчыкі далучалі лядашчага да апошняй купкі.

Нарэшце гвалтоўная мабілізацыя закончылася. Камендант упусціў Паўла за агароджу і зачыніў за ім брамку. Калі фельдфебель узяў у рукі партфель, папярэдне схаваўшы ў яго самапіску і гросбух, аўтаматчыкі склалі столік з крэслам і залезлі у кузау задняй аўтамашыны. Напэўна, для бяспекі нямецкія чыны занялі ў грузавіках месцы адпаведна званням: у кабіну першага сеў фельдфебель, у кабіну другога — лейтэнант, у кабіну трэцяга — палкоўнік. Адразу ж адзін за адным стрымана завуркаталі рухавікі — і калона аўтамашын рушыла ў дарогу. Следам за ёй камендант крывым цыркулем ног мераў адлегласць ад агароджы да барака. Сягоння ён упершыню не аддаў ніякага загаду раскілзанаму і нявыраўненаму строю.

Не чакаючы каманды разгубленых паліцаяў і наглядчыкаў, змучаныя ў чаканні вырашэння сваёй долі, расслабленыя палонныя самавольна пакідалі калону і валачыліся ў будынак.

На тым месцы, дзе штодзённыя пастраенні па кандзёр шчыльна ўтрамбавалі снег, на якім толькі што адбылася разбойная валтузня, цяпер чарнела перамяшанае з зямлёй котлішча, здратаванае сотнямі няўклюдных калодак.

Набухлыя хмары, што нізка навіслі над зямлёю, не ўтрымалі снежнага цяжару і зацерусілі зверху рэдкімі белымі камякамі. Нібы мёртвыя матылькі, яны падалі на дол, зацярушваючы выбітае, як бубен, котлішча і глыбокія шурпатыя каляіны, выціснутыя коламі цяжкіх грузавікоў...

 

1 Калі ласка, пан палкоўнік!

2 Ціха.

3 Ты — дурань!


1991?

Тэкст падаецца паводле выдання: Аўрамчык М. Палон: аповесць. - Мн.: Маст. літ., 1991. - с. 3-342
Крыніца: скан