epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Гамолка

Сокалы-сакаляняты

Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзінаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
Раздзел чатырнаццаты
Раздзел пятнаццаты
Раздзел шаснаццаты
Раздзел семнаццаты
Раздзел васемнаццаты
Раздзел дзевятнаццаты
Раздзел дваццаты
Раздзел дваццаць першы
Раздзел дваццаць другі
Раздзел дваццаць трэці
Раздзел дваццаць чацвёрты
Раздзел дваццаць пяты
Раздзел дваццаць шосты
Раздзел дваццаць сёмы
Раздзел дваццаць восьмы
Раздзел дваццаць дзевяты
Раздзел трыццаты
Раздзел трыццаць першы
Раздзел трыццаць другі
Раздзел трыццаць трэці
Раздзел трыццаць чацвёрты
Раздзел трыццаць пяты
Раздзел трыццаць шосты


 

Раздзел першы

Калі заканчваўся сняданак, у хату Пашукоў без стуку, як гэта звычайна бывае ў вёсках, увайшоў калгасны брыгадзір Герасім Рыкайла. Гадоў трыццаці пяці, каржакаваты, наліты сілай, ён павітаўся і з ходу сказаў:

— Цётка Ганно, нарад вам сёння, палоць проса.

— А дзе ето?

— Ля Міронавай горкі.

— Добра, Герасімко, пайду.

— Вы ўжо ж старайцеся,— папрасіў брыгадзір.— Каб стаханаўкай стаць,— і, глянуўшы на Лявона, які ручніком выціраў рукі, збіраючыся выйсці з-за стала, кінуў: —Во яшчэ работнік добры вырас. Лявон, заняткі закончыліся? Гуляеш?

— Ну і пагуляў! Толькі два дні, як апошні экзамен здаў.

— Сымон Міхайлавіч,— звярнуўся Рыкайла да гаспадара хаты.— З заўтрашняга дня Лявона забіраю ў брыгаду.

— У памочнікі ці як? — усміхнуўся Сымон Пашук у рыжыя пракураныя вусы, даядаючы масляны блін.

— Ух, які вы скоры, дзядзько,— весела ўсклікнуў Герасім.— Пакіруе хай спярша канём,— і растлумачыў : — Заўтра трэ бульбу абганяць. Падскочыла, як на дражджах. Згодзен, Лявон?

Лявон выйшаў з-за стала, танклявы, высокі, варухнуў белую чупрыну і з годнасцю адказаў:

— Вядома, згодзен. Пахадзіць за сошкай — любата.

— Во на полі і дакажаш тэарэму Піфагора,— паважна адзначыў брыгадзір.

— Піфагоравы штаны на ўсе стораны раўны,— зухавата выгукнуў Лявон.

— Чуеце, дзядзько,— рассмяяўся брыгадзір,— які ў вас сын. З навукай у поле выйдзе, во ўраджаю будзе...

— А што ты думаеш? Во я нічога не знаў, не ведаў пра Піфагора... У яго нават штаны вымералі. Мабыць, дабрэзныя былі штаны, не картовыя, як мы носім.

Лявон гучна і шчыра зарагатаў. Тут жа зыркнуў на бацьку, растлумачыў:

— Піфагор, тато, вялікі вучоны-матэматык. А пра штаны — гэта жарт, для забавы прыдумана.

— Ага, дык вы нада мной жартаваць? Вунь яно як, знацца, калі ў чалавека тры класы і адзін калідор...

— Не прыбядняйцеся, дзядзько,— сказаў брыгадзір.— Вы ж у нашай вёсцы як пракурор. Усе да вас ідуць-бягуць: «Што гэта, дзядзько, падатку на мяне многа наклалі?», «Ці правільна, Сымоне, у мяне соткі хочуць адрэзаць?», «Во сын школу канчае, падкажы, дзядзько, куды хлопца прыспасобіць?». І ўсе ведаюць, калі вы скажаце, то ўжо ніхто лепш не дакажа,— так яно і будзе.

— А што тут мудрыць-даказваць,— закурваючы папяросу, адказаў гаспадар,— як я душой чую, так і гавару. Не ведаю, можа, складна, можа, і не надта.

Брыгадзір крутнуўся на месцы, заспяшаўся з хаты.

— Ето ж ты не турбуйся, Герасімко,— наўздагон кінула гаспадыня.— На работу прыйду, прыйду!

— На сёння табе заданне, Лявон,— сказала маці, адыходзячы на работу,— схадзі ў лес, нарві ношку бабоўніку. Ето ж свінням няма чаго даваць.

Неўзабаве ў лес, каб рыхтаваць драўніну для калгаса, заткнуўшы за пояс сякеру, пакіраваў і бацька. Лявон астаўся адзін. Ён падышоў да люстра, што вісела ў прасценку, агледзеў сябе. Расчоскай узлахмаціў чуб, прыгладзіў віхры ля скроняў і перавёў позірк ніжэй люстра. Тут доўгім радам віселі сямейныя фотаздымкі. У цэнтры ў невялікай рамцы пад шклом прыцягваў увагу даўні здымак бацькі і маці. Яны, яшчэ зусім маладыя, сядзяць на мяккай канапе, напружана глядзяць перад сабой. Побач здымак брата Андрэя. Ён стаіць на ўвесь рост у дыхтоўнай форме пагранічніка-камандзіра. Рамяні праз гімнасцёрку, кабура з пісталетам на баку — цяжка адарваць вочы.

«Я ж пісьма яму не напісаў,— схамянуўся хлопец.— Ён так прасіў. Экзамены перашкодзілі...»

Выхад у лес на вядомую балацінку, дзе бабоўніку гаць гаці, прыйшлося адкласці. Хлопец вырваў з тоўстага агульнага сшытка аркуш паперы, сеў за стол, макнуў пяро ў чарніла.

Пісалася хутка. У першую чаргу Лявон паведаміў брату, што паспяхова закончыў сямігодку, яму ўручылі нават Пахвальную грамату. Потым расказаў, як апошнім часам вясковыя хлапчукі праводзяць свой вольны час. Так дапалі да ваенных гульняў, што куды там. Нарабілі трашчотак, драўляных наганаў, рагатак, лукаў. Па вечарах за вёскай паміж узгоркамі, зарослымі вербалозамі, кіпіць-віруе «бой». Гучыць «ура!». Два ваенныя лагеры ўтварыліся. Першым кіруе ён, Лявон. У «камісары» свайго «батальёна» прапісаў Нікадзіма Саладухіна. Маўляў, ты ж ведаеш гэтага хлопца — сціплы, старанны.

А вось Юрка Лішай — завадатар «варожай арміі». У гэтай гульні, маўляў, нікому спуску не даём. Але, як кажуць, добра пападае і нашым і вашым.

«Ну во, Андрэй, такія ў мяне навіны-пуцявіны,— напісаў Лявон, хвіліну падумаў і зноў схіліўся над паперынай.— Праз чатыры гады і я пайду ў Чырвоную Армію і абавязкова папрашуся, каб паслалі, як і цябе, на граніцу. Бачыш, я ўжо рыхтую сябе да гэтага, жыву гэтым. Напішы, як ідзе твая служба. Твой брат Лявон».

Пісьмо трэба было занесці да Зосі-паштальёнкі. Глянуў на ходзікі, якія нястомна чахкалі на сцяне, стрэлкі паказвалі дзевяць гадзін раніцы. Ён яшчэ мог заспець дзяўчыну дома — і хуценька выбег з хаты.

Раніца надарылася ядраная, вабіла душу сваім хараством. Неба было вялікае з загусцелым блакітам. Сонца ляжала ў ім распластанае, як круг толькі што збітага масла. Каля плота, на высокіх травах, млела рассыпанае ноччу серабро расы.

Насупраць хаты, перад ганкам, цераз невялічкі агародчык — хлеў. Доўгі, з высокай пачарнелай саламянай страхой. Справа, на страсе, кучоміцца, як бы шапка,— буслава гняздо. Буслы прысуседзіліся да сям’і Пашукоў даўно, год пятнаццаць назад. А дакладней, як расказвае маці, у дзень, калі нарадзіўся Лявон.

Ці была ў гэтых падзеях нейкая сувязь, ніхто не ведаў. Але птушкі тут прыжыліся і кожны год з выраю кіраваліся сюды. Аглядалі сваё гняздо-прыстанішча, рамантавалі яго, нарошчвалі з сухіх галін і сучкоў берагі, высцілалі пухам дно.

Лявон палюбіў буслоў. Кожнай раніцай ён перш-наперш цікавіўся, дзе сонца, і тут жа адразу скіроўваў позірк на буслянку, каб пабачыць, што робяць буслы. Сонца і буслы былі на месцы — і гэта давала радасць, супакоенасць, упэўненасць у тым, што нічога за дзень кепскага не здарыцца.

І бусліны клёкат стаў звычным і родным. Бацька і Лявон часта ўслухоўваліся ў яго і часам умелі адгадаць, аб чым перагаворваюцца гордыя белыя птахі, што іх трывожыць, хвалюе.

Лявон зыркнуў на бусла, што таптаўся ў гняздзе, дбайна нешта папраўляў дзюбай пад нагамі, і выгукнуў :

 

Бусел, бусел, клекатун,

Узяў бабу за каўтун.

У балоце памачыў,

Жыць як трэба навучыў.

Ходзіш ты ў чырвоных ботах

Па лугах і па балотах.

Праляці ты над парогам,

Скінь нам хлопчыка малога...

 

І пабег сваёй дарогай. Вёска Белыя Сарокі ўся ў садах, рэдкі двор не мае пладовых дрэў. Любіць сваю вёску Лявон. Яму здаецца, што няма лепшай і прыгажэйшай на свеце. Во як ладна адна ля адной размясціліся сялібы. Хаты, праўда, самыя разнастайныя. Ёсць вялізныя, на каменных падмурках, такіх на ўсю вёску аж дзве — гэта хаты былых кулакоў. У першай хаце, каля Пясчанай гары, цяпер школа, у другой размясцілася праўленне калгаса «Чырвоная воля».

Шмат хацін зусім новых, пад чарапіцай ці смаляной гонтай. Будуюцца людзі з разлікам, каб дом быў як звон, з пагабляванага дрэва, высокі, прасторны, з вялізнымі вокнамі.

Паштальёнка Зося — сястра Нікадзіма. Жывуць яны ў хаціне ля самай Прыпяці, амаль у канцы вёскі. Не бывае дня, каб Лявон не забягаў да Саладухіных. Тут яго сустракалі прыветна, шчыра, як роднага, і дзед Нічыпар, і Нікадзімава маці. Цётка Настасся заўсёды ў клопаце, паспявае і ў калгасе шчыраваць, і гаспадарку весці як належыць. Муж пайшоў на фінскую вайну і не вярнуўся. Яна, перажыўшы гора, навучылася і касіць, і дровы калоць, і за плугам хадзіць.

Увайшоўшы ў хату, Лявон убачыў Зосю за разборам газет, часопісаў. Яна, схіліўшыся над сталом, раскладвала іх на кучкі, каб не блытацца, калі будзе разносіць па дварах.

— Зоська, во пісьмо. Трэба, каб дайшло хутчэй.

— Дойдзе, дзе яно дзенецца,— адгукнулася дзяўчына.— Ты толькі пішы болей.

Хлопец хацеў пабачыць і Нікадзіма, пагаварыць з ім. Аказалася, сябрук пабег у Дажджынава, суседнюю вёску, да цёткі. Папрасіў, каб Зося перадала яму, што сёння на рыбалку яны пойдуць недзе пад вечар.

Калі вяртаўся Лявон дамоў і мінаў праўленне калгаса, пачуў буслінае клекатанне.

Зіркнуў у бок роднай сялібы. Убачыў: каля іхняга хлява стаіць, схіліўшы галаву, дзяўчынка. Хлопец прыбавіў крок і сцяжынкай, паўз платы, пашнураваў па вузкай пясчанай вуліцы, якая вяла ўніз да прырэчных паплавоў. Дзяўчынка пачула крокі, павярнулася. Гэта была Лена Буй. Позірк яе быў самотны, таіў боль.

— Лявон, ой добра, што ты з’явіўся.

— Што такое?

— Пабач, буслы скінулі дзіцянё. Ці мо яно само ўпала?.. Яшчэ жывенькае, трапыхаецца,— сказала дзяўчынка.

— Пакажы, пакажы...

Лявон хуценька падышоў. Бела-ружовенькае буслянятка ляжала на баку. Ногі яго тузаліся, вочкі былі адплюшчаны, зіркалі на юнакоў.

— Відаць, выкінулі,— сказаў Лявон са шкадаваннем.— Само дзіцянё ўпасці не можа. Праўда, у буру здараецца...

— Ой, як шкада. Бедненькае, бач, калоціцца. Залезь, пасадзі яго ў гняздо.

— Паспрабую, Лена. Але не знаю, што з гэтага будзе. Бацькі яго зноў могуць выкінуць.

— А раптам прымуць. Бяры, Лявон, лезь!

Лявон адчыніў вароты двара, зайшоў у хлеў, дастаў лесвічку, прыставіў да страхі.

— Ану, давай яго сюды,— хлопец прытуліў буслянятка да грудзей, пахукаў на яго галоўку і памалу палез уверх. Па страсе ўзбірацца было цяжэй, але хлопец нарэшце такі дасягнуў гнязда.

Бусел, калі хлопец падымаўся, спудзіўся, распрасцёр крылы і паляцеў. У сінім прахалодным небе ён рабіў разгоністыя кругі, трымаючыся недалёка ад роднага гняздоўя.

— Колькі там іх? — пыталася знізу Лена.

— Двое. Выкінулі трэцяе.

— Гэта вельмі жорстка. Як ты лічыш, Лявон?

— Канечне, жорстка. Але, Леначка, не забывай, у іх свае законы.

— Кажуць, гэта дужа кепская прыкмета. Буслы, быццам, прадракаюць голад.

— Я таксама чуў, людзі гавораць. Але тут, відаць, іншая прычына,— уладкоўваючы буслянятка ў гняздо, прамовіў хлопец.

— А што яшчэ можа быць?

— Разумееш, калі засушлівае лета, на балотах мала корму буслам. Во яны і скарачаюць сям'ю.

— Гэта калі глядзець па-вучонаму,— адгукнулася дзяўчына. І тут жа дадала: — Але я ў гэта не веру. Паглядзі, колькі ў балоце жаб ды вужоў. Іх насіць не перанасіць... А яны ўсё ж скінулі...

— Ну, сядзі, сядзі! — загаманіў хлопец да буслянятка.— Маму папрасі, каб не скідвала. Скажы, Лявон Пашук і Леначка Буй тут былі, папярэджвалі, што ў выпадку... Скажы, што гразіліся!.. Перадасі? Ну, то бывайце здаровенькія, расціце. Хутка ў вырай збірацца трэба. А вырай, ведаеце, як гэта слаўна! Трэба ляцець. Зямля наўсцяж вялікая, бясконцая, а потым — мора. Мора пабачыце, караблі на ім...

— Шкада, выраю ў чалавека няма,— як бы прадаўжаючы Лявонаву думку, прамовіла Лена і павяла вачыма па наваколлі.

— Як няма? — запярэчыў Лявон.— Ёсць. Ты хіба не бачыш, як ад многіх сем’яў адлятаюць дзеці,— ён саскочыў з лесвічкі на зямлю, абтрос рукі ад смецця і пылу.— Адлятаюць у вялікія гарады. І мы з табой, Ленка, паляцім, пабачыш.

— Навошта тыя вялікія гарады. Мне, Лявонка, і ў нашай вёсцы добра. Настаўніцай хачу стаць, як наша Наталля Пятроўна, батанічка.

— Тады я буду таксама настаўнікам, як Пятро Ермачэнка,— стрэльнуў смяшлівымі вачыма хлопец.— І таксама застануся тут.

— Ану цябе! Выдумляка ты вялікі, Лявон. Загаварылася я з табой. Пабягу,— страсянуўшы густымі каштанавымі валасамі, Лена пабегла ў сваіх беленькіх брызентавых тапачках у бок вуліцы.

Лявон у самоце прыжмурыў карыя вочы. Якая была цікавая размова і, бач, абарвалася так хутка, нечакана.

Разгаралася раніца, паветра губляла прахалоду, напаўнялася звонкасцю. Недзе на вуліцы стукацела коламі падвода, галасіста і задзірыста кукарэкалі пеўні, а з балота пад лесам, дзе гарэў торф, цягнула горкім едкім дымам. Хлопец сачыў за дзяўчынай, пакуль яна не знікла за вуглом сядзібы Архіпа Зюзі.

Зайшоў у хату, узяў у сенцах дзягу і цераз загуменне падаўся ў лес.

Гадзіны праз дзве Лявон вярнуўся дамоў, прыцягнуўшы ладную вязанку бабоўніку. Адчыніў хлеў, у цёмным кутку апусціў з плячэй цяжкую ношу. У хляве востра пахла гноем і леташнім сенам, якое ляжала на вышках.

Цяпер трэба нанасіць у карыта вады — на гэта таксама быў матчын наказ. Заваждаўся каля калодзежа і не пачуў, як адчыніліся весніцы і ў двор увайшоў чалавек.

Схамянуўся тады, калі гэты чалавек, стаўшы побач, падхапіў вядро, якое ён цягнуў з калодзежа.

— Андрэй!

Андрэй, маладцаваты, у хромавых ботах, шчыгульнай форме пагранічніка, стаяў і ўсміхаўся, задаволелены, што ўразіў брата нечаканым з’яўленнем.

— Дай жа цябе абняць! Пастаў ты гэта вядро! — крыкнуў у радасным узбуджэнні Лявон. Праз нейкую секунду ён ужо вісеў на плячах Андрэя, пляскаў рукамі па ягонай спіне, туліўся шчакой да твару.

— А ты падрос, Лявон! Цягнешся, на лес гледзячы. Вышэй за мяне будзеш.

— А што ж думаеш! Рыхтуюся ў пагранічнікі,— Лявон любаваўся новенькай з зялёным верхам і такой жа акантоўкай фуражкай брата.— Дай памераць.

Сам зняў фуражку, насунуў на сваю галаву. Але яна адразу ж асунулася на вушы.

— Велікаватая...

— Выглядаеш ты ў ёй што трэба,— заўважыў брат.— Невялікі салдат, а грозны.

— Праўда? Ты насміхаешся, Андрэй! — і тут жа кіўнуў галавой на партупею: — З пісталетам?

— Усё як мае быць.

— Дасі пастраляць, не пашкадуеш? Я, брат, у нашым асаавіяхімаўскім гуртку цаляў з мелкакаліберкі ў дзевяткі і дзесяткі. Разумееш, якое ў мяне вока!

— Амаль снайперскае,— задаволена ўсміхнуўся Андрэй.— Але страляць не дам. Нельга.

Ад калодзежа Андрэй вярнуўся да веснічак, каб забраць свой чорны дэрмацінавы чамадан.

— Ого, які новенькі, бы толькі з крамы,— радаваўся Лявон.— Дай я паднясу,— узяўся за чамадан, падхапіўшы за акуратную ручку.

У хаце прайшлі праз кухню ў святліцу. Лявон паставіў чамадан каля шырокай лавы, павярнуўся, махнуў рукою:

— Занімай сваю пазіцыю.

Андрэй падзякаваў позіркам, пачаў аглядацца. Усё было на старых месцах: карткі, вывешаныя ў рамках на сцяне, прамавугольнае люстра ля акна, стол, накрыты вышываным абрусам, чорны куфар з пукатым векам, два ложкі, што стаялі насупраць з горкамі беласнежных падушак, высокая грубка з чыгуннымі чорнымі дзверцамі ў дальнім кутку.

— Не пазнаеш?

— Пазнаю, як жа. Але, здаецца, столь як бы апусцілася. Што новага дома? Усё ў парадку?

Лявон сеў на лаву, побач з братам.

— Я пусціў табе сёння раніцай пісьмо, там аб усім напісаў. Хачу далажыць: экзамены здаў за сёмы клас.

— Ну, гэта, Лявон, зусім добра. Малайчына!

— Ты, відаць, і пра Зосю хочаш ведаць? — стрэльнуў Лявон хітраватымі вачыма.— То павінен сказаць — усё ў парадку: часта на нашы вокны паглядвае. Задаволены?

— Ну, брат, ты сапраўды чарцяка. Як мае думкі чытаеш! Ужо, відаць, і дзяўчатак праводзіш?

Лявон выскачыў з хаты. Мінуў дваровы агародчык, бразнуў весніцамі. У гняздзе стаяў бусел. Убачыўшы хлопца, важка калыхнуў дзюбай і пачаў карміць птушанят. Зайшоўшы за вугал хлява, Лявон прыгледзеўся да зямлі. Узбоч сцяны кусцілася крапіва, а далей дыбіўся шчаціністы мурог. Па першым часе вочы нічога не ўбачылі, і хлопец узрадаваўся: прынялі! Але калі прыгледзеўся больш уважна, у зарасніку крапівы заўважыў прагалінку. Зіркнуў туды — бацюхны! — ляжыць буслянятка з адкінутай убок галоўкай. Хлопец падхапіў яго, паклаў на далонь левай рукі. Птушаня ўжо было халоднае.

— Ах вы, нягоднікі! Як жа так?! — узняўшы галаву, абурана крыкнуў хлопец на буслоў.

Нечакана побач зашаргацелі крокі.

— Што гэта ў цябе? — каля Лявона запыніўся Нікадзім.

Ён амаль такога ж росту, як і Лявон, круталобы, з шэрымі вочкамі, якія зухавата свяціліся, бліскалі. Над губой прарастаў чарнаваты пушок. Хлопец быў у старэнькай з латкамі на рукавах кашулі, у шырокіх штанах.

— Што, што? Не бачыш? — незадаволена буркнуў Лявон.— Загубілі птушаня.

— Выкінулі? Забілася? Ага, не варушыцца. Ну, скажу табе — гэта не на добрае!

— Во яшчэ прадказальнік знайшоўся. Трэба бусліка пахаваць.

— Занясі кату́ . Ён яго хутка пахавае.

— А табе б усё смяяцца. Хадзем, маленькі, пад дубок, там ямачку выкапаем,— жаласліва прашаптаў Лявон і паціху пайшоў.

Нікадзім не адставаў. Па бульбяным полі падышлі да адзінокай старой бярозы, спыніліся каля баразны, што межавала з пясчаным астраўком.

— Ёсць у цябе шашка?

— Ёсць,— адгукнуўся Нікадзім, выцягваючы з кішэні ножык-складанчык з раменным шнурком.

Праз некалькі хвілін бусліка паклалі ў ямінку, засыпалі пяском.

Вярталіся назад пасумнелыя.

— Ты нічога не ведаеш? — раптам павярнуўся да Нікадзіма Лявон.

— Калі ў цябе нейкая тайна, вядома, не ведаю.

— Наш Андрэй прыехаў,— пахваліўся Лявон.— Камандзір — два кубікі ў пятліцах!

 

Раздзел другі

У вёсцы ўжо многія даведаліся, што прыехаў Андрэй. Пераказалі аб радаснай навіне Ганне. І яна хуценька прыбегла дамоў. Абдымаючы сына, заплакала.

— То гэта што такое, мамо? От гэтага не трэба...

— Сыночак мой родненькі. А мы і не чакалі. Расказвай, як ето цябе адпусцілі, ці надоўга?

— На два тыдні, мамо. Пахаджу па нашых лясах, рыбку палаўлю. Правільна кажу, Лявон?

Лявон сядзеў на лаве, гартаў кніжку «Як гартавалася сталь», якую перачытваў не адзін раз. На братава пытанне згодна кіўнуў галавой.

— Сом тут на адным плёсе ходзіць. Калі пастараемся, можам упаляваць.

Маці затупала на кухні, рыхтавала, чым пачаставаць госця. Неўзабаве з лесу з’явіўся бацька. Абедалі з нагоды прыезду госця ў святліцы. Маці, бы тая чараўніца, выстаўляла на стол такія закускі і стравы, што даводзілася толькі здзіўляцца: адкуль гэта ўсё ў яе?

— Еш, сынок, еш,— прыгаворвала яна, ласкаючы цёплым позіркам Андрэя, на хвілінку падсаджвалася побач, далікатна падтрымлівала размову.

А пад вечар у Пашукову хату сабраліся сваякі, знаёмыя, суседзі. Кожнаму было цікава пабачыць былога брыгадзіра, пагутарыць з ім. Ведалі, прывёз ён нямала новага: як-ніяк на граніцы служыць.

Андрэй сядзеў на канапе за сталом. Падстрыжаны «пад вожыка» — і гэта надавала яму значнасць, строгасць,— хлопец увесь свяціўся ад урачыстасці і радасці сустрэчы.

Злева ад стала на вузкай самаробнай лаўцы горбіўся Зміцер Адамец, пажылы дзядзька, паўнаваты, са спакойным позіркам сініх вачэй, добры гаспадар і бацька аж дзесяцярых дзяцей, ён у калгасе загадваў малочна-таварнай фермай; побач з ім дыміў папяроскай Антон Буй — высокі, моцны ў касці, машыніст млына. Чалавек са стрыманым і лагодным характарам; на краі лаўкі масціўся Архіп Зюзя, якому, як і Сымону Пашуку, было пад пяцьдзесят. Ён запусціў бараду і выглядаў дзедам. Так яго і клікалі на вёсцы — «дзед Архіп». Не займаў ён у калгасе пасад, працаваў у паляводчай брыгадзе. Калі касіў, то, як кажуць, аж гай шумеў, калі араў, то баразну вёў больш хвацка, чым той пісар на паперы радкі выводзіў. Але па характару быў задзірысты, зласлівы. Так і шукаў, каб нешта зганьбіць, да нечага прычапіцца. А ўсё для таго, каб самому выставіцца, маўляў, паглядзіце, які я!

Набеглі ў хату і жанчыны-суседкі. Яны сядзелі за куфрам на ложку, жвава гаманілі, лускалі семкі.

— Шпіёнаў на граніцы нямала,— працягваў размову Андрэй,— і больш за ўсіх Гітлер пасылае.

— Відаць, вайна хутка...— прамовіў Адамец, прыгладжваючы пяцярнёй густыя з сівізной на скронях валасы.

— Хутка ці не, але порах трэба трымаць сухім.

У хату ўвалілася чародка малечы — хлопчыкі і дзяўчынкі. Шморгаючы насамі, пасопваючы, яны затупалі на адным месцы.

— Ого, акцябраты прыйшлі. Ды якія прыгожанькія. Я і не разбяруся, чые гэта.

— Вунь тая дзяўчынка — Парасчына,— паказала рукой Ганна.— А вунь Змітраў унук, а гэта Адоліны дзеці.

— На пагранічніка прыйшлі паглядзець? — ласкава ўсміхнуўся Андрэй.— Во малайцы. А дзе мой чамадан?

Андрэй заглянуў пад лаву — чамадан быў там. Паставіў перад сабой, расчыніў яго, дастаў два папяровыя кулькі.

— Ану, падстаўляйце рукі,— з гэтымі словамі Андрэй пачаў раздаваць дзецям цукеркі.— Вавёрка прыслала. Са свайго магазіна. А магазін яе ведаеце дзе — на самай граніцы, на высокай-высокай сасне.

— То як жа вы, дзядзько, дасталі? — ускінуў зыркія вачаняты тоненькі хлопчык у чырвонай кашульцы.

— Нялёгка было дастаць. Але, бачыце, дастаў. Лесвіцу прыйшлося рабіць... Але затое якія цукеркі...

І праўда, цукеркі былі прыгожыя — адны ў серабрыстай абгортцы, другія — доўгія, як алоўкі, абвітыя рознаколернымі стужкамі.

Дзеці радаваліся, разглядвалі на ўсе вочы нечаканы дарунак.

— То і мне ж дай, Андрэй,— папрасіў Лявон, заходзячы ў святліцу з кухні.— Хіба вавёрка пра мяне забылася?

— Не, не забылася. Атрымлівай і ты! — ён даў брату асобны кулёк. Хлопец разгарнуў паперу — у кульку было поўна шакаладных батончыкаў.

— Чакай, тут яшчэ і нейкая шышка. Ого, гэта таксама цукерка? — хлопец выцяг, паклаў на далоні сапраўды доўгую яловую шышку, на якой дыбілася сухая луска. У непаразуменні павярнуўся да брата.

— Бач, завалілася куды. Да цукерак. Аддай сюды,— Андрэй забраў шышку, гулліва падкінуў яе, схапіў на ляту і тут жа разняў на дзве часткі. Гэта была не шышка, а падробка пад яе — з сярэдзіны высыпалася пяць папярос. Андрэй паклаў іх на стол, прапанаваў дзядзькам: — Закурвайце!

— Як у цырку,— заўважыў Зміцер Адамец.— Быў я ў Піцеры ў рэвалюцыю, дык артысты аднойчы выступалі. Во гэтаксама рабілі, паказвалі...

— Гэты цырк, дзядзька, ледзь бокам мне не выйшаў,— прамовіў Андрэй. На яго твар лёг цень засяроджанасці.— Месяц таму назад, калі хочаце ведаць, яна была звычайнай гранатай. З-за пазухі дыверсанта выцягнуў. Хітры трапіўся д’ябал. Двойчы пераходзіў граніцу на нашым участку, і не маглі спаймаць.

— Як жа спаймалі?

— Доўга расказваць.

— Раскажы,— папрасілі ўсе.

Андрэй памаўчаў, як бы разважаючы, ці варта гэта рабіць, потым спакваля правёў рукой па вожыку валасоў і пачаў:

— Бачу, давядзецца расказаць,— ён каўзануў позіркам па прысутных, сеў на лаву каля Архіпа Зюзі.— Значыць, было гэта пасля майскіх свят. Раніцай з бліжэйшага ад нас сельсавета пазванілі на заставу. Так і так, кажуць, пастухі з вёскі Брады ўчора пад вечар стрэлі незнаёмца — яму гадоў трыццаць пяць, у пінжаку і ў кепцы з маленькім казырком — наогул, дакладна абмалявалі з ног да галавы. Дык вось хацелі з ім, гэтым незнаёмцам, пагаварыць. Але незнаёмец зрабіў выгляд, што не пачуў, як да яго звярталіся, клікалі, і хуценька нырнуў у лес.

Капітан Сініцын, наш начальнік пагранзаставы, не на жарт устрывожыўся. Няўжо граніцу перайшоў шпіён? Але ж апошнімі днямі ніводзін з пастоў не паведамляў аб яе парушэнні. То што ж такое? Можа, той незнаёмец звычайны наш чалавек. Гаварыць з пастухамі проста не схацеў. І так бывае... Пастухам жа памроілася...

Аднак званок ёсць званок. Начальнік заставы, вядома, насцярожыўся. Байцоў і камандзіраў, якія заступалі ў чарговы нарад — хто ў дазорцы, хто патрулём,— ён папярэдзіў аб з’яўленні бліз граніцы незнаёмца. Было загадана — патроіць увагу, узмацніць пільнасць.

Надыходзіла ноч. Мы разышліся па сваіх участках, замаскіраваліся, прыціхлі. У кожнага дазорцы, у кожнага патруля свой маршрут, свой абсяг назіранняў.

На ўсе вочы і вушы пільнавалі ноч. Раніцай вярнуліся на заставу. Даклады ва ўсіх былі аднолькавыя:

— Парушэння граніцы не было!

— Калі не было, значыць, добра,— задаволена адказаў Сініцын.— Але папярэджваю, не паслабляць пільнасць. Сёння ўсё спакойна, парадак. А заўтра, глядзіш, вораг і прарвецца... У яго свая тактыка. Ён, майце на ўвазе, стаіўся, чакае...

Гэта было ўранку. А днём прыйшла тэлеграма са штаба пагранвойск, у якой гаварылася, што ў паласе нашай пагранзаставы ноччу перайшоў граніцу агент зарубежнай разведкі. Гэтая вестка прагучала як гром з яснага неба. Во што атрымліваецца. Як ніколі павялічаны пільнасць, уважлівасць, усё падрыхтавана, каб дастойна стрэць парушальніка граніцы. А ён, бач, ужо недзе тут, блукае па нашай зямлі. Выходзіла, мы яго прамаргалі, выходзіла, ён нас абвёў, як кажуць, вакол пальца. Як жа ўсё атрымалася?

Зноў капітан Сініцын перапытвае: няўжо ніхто нічога не чуў і не бачыў?

Усе мы дружна адказваем:

— Парушэння граніцы не было!

— Таварыш камандзір,— раптам далажыў баец Цішкін, даўгавязы такі, сутулаваты.— У маім сектары ноччу прабег лось...

— Лось? — роздумна запытаў камандзір.

— Лось, таварыш камандзір, памылкі не можа быць — прабег у кустах, гэтакі вялізны, імклівы, на галаве галіны рагоў.

— Можа, на ім сядзеў хто верхам?

— Нікога не было, таварыш камандзір. Галаву і спіну добра бачыў.

— Во дык парушальнік! Во далажыў! — сказаў нехта з байцоў.— Раніцой у маім сектары праляцела цэлая чарада варон... Знаць, таксама парушальнікі...

Байцы ў страі не вытрымалі, зарагаталі. Але, бачым, наш камандзір не ўсміхнуўся. Наадварот, нахмурыўся, засяродзіўся. А потым падняў галаву і кажа:

— Адставіць смех, таварышы байцы! Тут не да смеху. Зараз жа праверыць участак, дзе прабег лось. Лейтэнант Пашук, бярыце Цішкіна, сабаку і спешна туды.

— Ёсць! — казырнуў я.

Праз паўгадзіны мы былі на кантрольна-следавой паласе. Паабапал лес, досыць глухі, з кустарнікамліпняком ды зараснікамі ажынніку. Сабака адразу ўзяў след. Занерваваўся, напяў дзягу. Цішкін углядаўся ў сляды. Я ж зыркаю па баках — можа, дзе тут побач след чалавека. Гляджу-гляджу — чыста, роўна, ні да чаго, як кажуць, не прыдзярэшся. А след, які выклікаў у сабаку раздражнёнасць, неспакой, во ён тут, навідавоку. Схіляюся да зямлі, напружана разглядаю. Размашысты след! Капытная праскочыла жывёліна.

— Калі лось, дык сапраўды не маленькі. Бадай на паўтоны.

— Як жа, дужы лось. Гэта я прыкмеціў добра,— пацвярджае Цішкін.— Але запэўняю, ніякага седака на ім не было.

— Не было дык не было. Ніхто цябе не папракае.

— Я хацеў было смальнуць яму ў бок,— прызнаецца Цішкін,— ды не адважыўся, усё ж нявінная жывёліна...

Пераканаўшыся, што след ласіны, мы з Цішкіным пусцілі сабаку. Кіламетры тры беглі. Сабака азартна імкнуўся ўперад, і ўсё лесам і лесам. Там, убаку, стаіць вёска, але на вёску лось не пайшоў, як бы добра ведаў свой шлях. На бягу стараліся пільна разглядаць дол, думалі, можа, што-небудзь заўважым. Ну, напрыклад, рэчы нейкія, шматкі паперы...

Як толькі перайшлі ручай, які цёк па неглыбокім лозе, сабака закруціўся, след згубіў. Мы сюды-туды, у адзін бок кінуліся, у другі, не бярэ сабака след, што ты скажаш... Загадка нейкая, і толькі. Не паляцеў жа лось па паветры. А след знік... Дзве гадзіны таўкліся, аблазілі і кусты і паляны, прайшлі балотца, зарослае чаротам,— сабака нервуецца, круціцца, толкам не разумее, што ад яго хочуць.

Стомленыя, панылыя, вярнуліся на заставу.

Камандзір сядзеў на ганку, чакаў нас. Я далажыў пра ўсё, што бачылі, як ішлі па следзе. Даклад мой ён выслухаў з пільнай увагай. Яму, я зразумеў, не спадабалася, што след гэты так нечакана абарваўся.

— Накарміць сабаку, а самім — адпачываць,— глуха сказаў камандзір.

Наступныя ночы мы зноў былі на сваіх участках. Дзе што рыпне, ускрыкне — вінтоўку напагатоў, затойваемся, чакаем, во-во...

Лес паволі агортвае цішыня, падазроныя зыкі і шолахі не ўзнікаюць. І лася таго, што выклікаў гэтулькі трывогі і хвалявання, таксама няма.

Вярнуўшыся на заставу, дакладвалі камандзіру:

— Парушэння граніцы не было!

Камандзір даклады нашы прымае стрымана, засяроджанасць на яго твары не знікае. Мы разумелі, ён не быў упэўнены, што ўсё, як кажуць, стала на месца, чакаў, а раптам зноў тэлеграма са штаба пагранвойск, раптам зноў непрыемнасць. Але тэлеграмы не было.

Недзе ўжо мінаў тыдзень, як мы ўзмацнілі назіранне за граніцай, узмацнілі яе дадатковымі пастамі і дазорамі.

— Глядзіце, каб і птушка не праляцела,— адпраўляючы нас у нарад, гаварыў капітан Сініцын.— Вуха трымайце востра.

Мы разумелі, як важна перакрыць праз граніцу шлях для лазутчыкаў і шпіёнаў, якія імкнуліся прабрацца на нашу тэрыторыю з чорнымі мэтамі.

У ноч перад нядзеляй зноў заступілі на свае пасты. Неба было зацягнута слаістымі нізкімі хмарамі, церушыў дожджык. Дожджык цёплы, ад якога, мы ведалі, дружна ідуць у рост травы, якога вясной усё жывое чакае з прагай і радасцю. Кроплі сеяліся дробнай пацярухай, звінелі, напявалі нейкую своеасаблівую песню. Яна кранала сэрца, гэта песня, адначасова ўлагоджвала, як бы закалыхвала. Лёгка было задрамаць. Побач са мной — Цішкін. Гляджу на яго: ён стаіць, напалову прыкрыты галінкамі густой елкі, пераступае з нагі на нагу. «Бадзёрыцца,— думаю.— Малайчына, клопатны, уважлівы хлопец. Нават на лася звярнуў увагу». І толькі я гэтак падумаў, як пачуў, удалечыні, дзесь наперадзе, нібы трэснула галінка. Насцярожыўся, прытаіў дыханне. Выпадковы гэты гук ці вымушаны? Праз момант закугыкала сава ды так страшна, быццам спецыяльна нас, пагранічнікаў, імкнулася запалохаць. А дождж сеецца, шапаціць, абмывае дрэвы, травы, кусты, падае на нашы плашчы. Цішкін таксама пачуў той трэск, напружыўся, падаўся ўвесь наперад.

Дождж не перастае. Мох зрабіўся мяккім, спружыністым, ігліца не цубкая, разбракла, прыўзнялася, і пад нагамі не патрэсквае, як звычайна. Шапаценне дажджу чую, як бы павялічваецца, наплывае хваляй. Але дзіўна, дождж сеецца па-ранейшаму самотна і ціха. Чакай! Што такое? Тое, узнікшае, як хваля, шапаценне расце, мацнее, і во выразна пачулася, як зашархацелі кусты. Нехта прабіраецца праз лес — гэта ясна.

Бачу, Цішкін крута павярнуўся, хіснуў у мой бок галавою: маўляў, чуеш? Чую, браце, чую! — гатоў адказаць уголас, але рабіць гэта нельга, нельга! Так, уперадзе нешта сунецца, ідзе. Чалавек, жывёліна? Гадаць аб гэтым няма калі.

Я прытоена напружваюся, указальны палец на спускавым кручку вінтоўкі. Шамаценне кустоў набліжаецца, і во на невялікую палянку, бачу, высоўваецца доўгая постаць лася. Ён ідзе спакваля, пагойдвае на высока ўзнятай галаве вянком рагоў. Як добра, што вецер дзьме на нас, і ён не чуе чалавека. Значыць, мы можам яго добра агледзець з блізкай адлегласці. Ну, падыходзь, падыходзь! Мо і праўда з тваімі пераходамі звязана нешта таямнічае.

Жывёліна лёгка пераступае нагамі, рыпіць ігліца ў доле, шаргацяць па траве капыты. Позірк свой скіроўваю на спіну. Спіна як спіна — нічога падазронага.

«Няхай ты і жывёліна, а блукаць, сноўдацца тут табе няма чаго. Я цябе зараз правучу, каб у наступны раз разумеў: гэты шлях не для цябе, тут граніца!» Ускінуў вінтоўку і націснуў на спуск. Бабахнуў выстрал. Вогненная ўспышка разарвала цемень на шматкі.

Што тут было! Лось, відаць, не чакаў такой сустрэчы. Ён ашалела падхапіўся на дыбкі, ногі ўзвіліся вышэй альховых кустоў, жывёліна перакулілася. Пачуўся тупы ўдар аб зямлю. Але ў наступны момант лось падхапіўся і, крута павярнуўшы, бурай панёсся назад, адкуль толькі што з’явіўся. Тым часам бачу, што Цішкін сарваўся з месца і кінуўся стрымгалоў на палянку. Чаго ён, думаю? Здаганяць лася? Але вазьмі здагані, ужо нават не чуваць ягоных гулкіх капытоў — недзе за паўкіламетра ад нас.

Я пачапіў на плячо вінтоўку, пераступіў з нагі на нагу, каб зняць з сябе напружанасць. Але ў наступны момант убачыў, як Цішкін падае з разгону ў дол, на нешта цёмнае, што паўзло, варушылася. Пачулася тузаніна, хрыпенне, потым прыглушаны ўскрык. Цішкін, чую, крычыць: «Лейтэнант — хутчэй! Дапамажы!..»

Я шаргануў проста цераз кусты, каб скараціць шлях. Бачу, Цішкін ужо ўнізе, на ім камлюкаватая постаць. Дыверсант! Ну, чакай жа! З размаху апускаю прыклад вінтоўкі на яго шырокую спіну. Нешта хрупнула, мякка паддалося.

Мы звязалі дыверсанта. Тут падаспелі з бліжэйшых пастоў пагранічнікі. Здаровы быў, што бораў. Выкручваўся, не хацеў ісці... Ну во, здаецца, усё...

— Я так разумею,— гаворыць Зміцер Адамец,— усё ж ён прыстроіўся нейк на ласі. А як? Да мяне не даходзіць...

— Як? Вельмі проста,— ціха адказаў Андрэй.— Унізе пад жыватом жывёліны была зроблена як бы калыска, ён там і ляжаў. Апроч усяго, на галаве лася была аброць, ён ім кіраваў, як хацеў, нібы вы, дзядзька, сваім канём.

— Ну і чарцякі! Бач, якія спецы-штукары. Прыдумалі ж,— крактануў Архіп Зюзя і пачаў набіваць тытунём сваю люльку.

— Во так, дзядзькі, у нашых руках апынуўся небяспечны і хітры вораг. У час вобыску ў яго знайшлі вось гэтую шышку, яна была начынена дынамітам. Ён, як бачыце, ішоў з «дарункам...».

— Ліха яму ў бок,— заўважыла маці.— Ето ж, чаму ім, сынок, не жыць мірна, чаго на ражон лезуць?

— Хочуць панавання сусветнага,— адказаў Андрэй, папраўляючы кабуру пісталета.— Ды панаваць ім прыйдзецца ў курганах.

— Правільна, Андрэйка,— падтрымаў госця Зміцер.— Хай толькі паспрабуюць разявіць рот — падавяцца...

Лявон замілаваным позіркам глядзеў на брата. Які Андрэй малайчына! Во нават і ў дзядзькоў вочы поўныя захаплення.

Лявон пакруціў у руках «яловую шышку» і нават панюхаў яе. Праўду казаў брат — ад яе патыхала порахам. Незвычайны трафей прывёз брат. Можна сказаць, з поля бою.

Хлопцу закарцела выбегчы з хаты, на вуліцу. Ён адчуваў сябе сапраўдным імяніннікам. Ну як жа! Прыехаў з граніцы брат. Шпіёна затрымаў, бомбу ў яго адабраў! Тым не менш стрымана сказаў:

— Андрэй, то я пайшоў. Ты не ўсё ім расказвай, пакінь на заўтра.

Дзядзькі задаволена ўсміхнуліся.

На вуліцы Лявон заўважыў Юрку. Засунуўшы рукі ў кішэні, ён стаяў насупраць свайго плота і, ускінуўшы галаву, глядзеў на старую ліпу, што густа лапушылася шырокай кронай.

— Гэй, атаман! — гукнуў весела Лявон.— Прыводзь сваё войска. На граніцы неспакойна...

— Ага, гэта ты! — усклікнуў Юрка і цыркнуў слінай праз зубы.— Паўгадзіны стаю. Думаю, здагадаешся, выйдзеш.

— То, бач, і выйшаў...

— Як яно там,— і ён кіўнуў галавой у бок Лявонавай хаты.— Расказвае? Бачу, цікаўных дужа шмат, усё ідуць і ідуць, як на кірмаш.

— Андрэй з пісталетам прыехаў.

— Ну, вядома, ганарыцца...

— Пры чым тут ганарыстасць. Так трэба. Ваеннаму неабходна быць заўсёды пры форме.

— Я хачу глянуць на яго. Дазволіш?

— На гэта дазволу пытацца не трэба. Ідзі, глядзі, колькі захочаш.

 

Раздзел трэці

Назаўтра ў хаце Пашукоў прачнуліся позна. Спяшацца не было куды, дзень жа — нядзеля. Лявон надзеў новыя картовыя штаны, клятчастую кашулю на замку «маланцы», каля люстра прыгладжваў бялявы чуб.

Андрэй у сіняй майцы ваксаваў на ганку хромавыя боты. Ён чуў, як тупаў па хаце брат.

— Як спалася, Лявон? Што сніў?

— Нейкія чорныя сабакі ганяліся,— адказаў Лявон, выходзячы на ганак.— Ледзьве ўцёк.

— Куды ты?

— Нікадзіма хачу праведаць.

— А я хачу на возера схадзіць, пакупацца.

— Калі так, і я з табой,— загарэўся хлопец.

— Давай!

Перакінуўшы цераз плячо новы вышываны ручнік, Андрэй ішоў вузкай сцяжынкай па бульбяным полі. Хутка яго дагнаў Лявон. Шырока ступаў брат — хлопец, як ні намагаўся, ніяк не мог патрапіць у ягоныя сляды.

Дзьмуў сустрэчны цёплы ветрык. Сярод белых дробных воблакаў песцілася сонца. Лёгкай сіняватай смугой прыкрыта далячынь. Прыгожы выдаўся дзянёк!

Возера было за альховым гаем. З-за кустоў адкрылася доўгая пясчаная каса. Лявон, падскокваючы, выбег наперад. Каля лодкі, што звінела нацягнутым ланцугом, стаяў з вудай Юрка.

— Усю рыбу пацягаў? — падбег да яго Лявон і заглянуў у вядро.

— Можа, і ўсю, калі ў возеры былі толькі два акунькі,— пазяхнуўшы, адказаў сябар.

— Здароў, Юрка! — прывітаўся Андрэй, кінуўшы на лазовы куст ручнік.— Я не спуджу тваю рыбу?

— Купайся. Сёння яна нешта санлівая. Не хоча брацца.

Першы ўбег у ваду Лявон. За ім кінуўся і Андрэй. Рэзка нахіліўшыся, ён шырокімі грудзьмі лёг на ваду. Вада завірыла пеністымі струменьчыкамі.

І Юрку захацелася пакупацца. Ён зматаў вудачку, пачаў сцягваць з плячэй кашулю. Раптам уніз на зямлю, з-за белых воблакаў, хлынуў натужны гул. Юрка прыслухаўся. Потым стаў углядацца ў неба.

Гулі самалёты. Лявон з Андрэем таксама зацікавіліся, выйшлі на бераг.

— Восем штук,— палічыў Юрка.

— А вунь, над самым небасхілам, яшчэ,— заўважыў Лявон.— Адзін, два, тры,— пачаў лічыць ён.

Андрэй акінуў позіркам неба, нахмурыўся. Самалёты ішлі баявым парадкам. І адкуль — з захаду.

— Куды яны паляцелі, Андрэй? — запытаўся Лявон, курчачыся ад халаднаватага ветрыку.

Не паспеў ён адказаць, як з-за лесу даляцелі грымоты.

— Хутчэй дамоў! — скамандаваў Андрэй.

— Чаго? — недаўменна глядзелі на яго хлопцы.

Андрэй, было відаць, не на жарт усхваляваўся.

Абуваючыся, спытаў, ці няма ў вёсцы радыё.

— Яшчэ не правялі,— сумна адказаў Лявон.— Слупы толькі паставілі...

— І радыёпрыёмніка, вядома, няма?

— Таксама няма,— прамовіў Юрка.— Бацька мой збіраецца купіць. Праўда, у школе ёсць, але дэтэктарны, ледзь-ледзь шэпча...

— У школе, кажаш? — падхапіўся Андрэй.— Бяжым туды?

Школа стаяла ў цэнтры вёскі, абкружаная садам. Лявон па дарозе забег да вартаўніцы, узяў ключы. Следам за ім спяшаліся малыя хлапчукі.

— Вы ў школу? Чаго? — дапытваліся яны.— Там жа нікога няма.

Андрэй паспешліва адамкнуў дзверы, пашыбаваў да дырэктаравага пакоя. На акне там стаяў дэтэктарны прыёмнік. Андрэй зняў павешаныя на сцяну навушнікі, прыладкаваў на галаву, сеў за стол.

Хлопчыкі стаялі ззаду, цікаўныя, уважлівыя, баючыся паварушыцца. Што ён хоча паслухаць? І навошта? Нейкі момант у пакоі стаяла цішыня. Андрэй круціў рычажок настройкі, папраўляў правадкі, што ішлі на антэну. Аб чым ён думаў, што яго хвалявала?

— Ну, вось і Масква,— нарэшце прамовіў ён.— Цішэй, дзеці, цішэй! Што, што? — запытаў ён не то самога сябе, не то скрынку радыёпрыёмніка. Потым устаў, прамы, строгі, з нахмуранымі брывамі: — Вайна, хлопчыкі!

Расчыніліся дзверы, і ў пакой увайшоў старшыня калгаса Какора.

— Радыё слухаеш? Пра што там гавораць?

— Вайна, дзядзька Улас!..

Юрка і Лявон недаўменна пераглядаліся: не можа быць.

— Няўжо фашысты?

— Яны. На гасцяванне прыехаў, ды не ў пару. Нашы там ужо ваююць. Трэба назад вяртацца...

Дзядзька Улас, круглатвары, каржакаваты, у саламяным капелюшы, заклапочана апусціў галаву.

— Няўжо гэта сур’ёзна, Андрэй?

Андрэй не адказаў. Ён паспешліва выйшаў. Следам за ім на вуліцу высыпала дзятва. Вестка пра вайну ляцела з вуснаў у вусны. Рыпнуў у апошні раз і змоўк у крайняй хаце гармонік — і туды ўжо даляцела чорная, як ноч, вестка.

Назаўтра Андрэй, пасля сняданку, падхапіў чамадан, што стаяў ля парога, выйшаў з хаты. Маці ішла за сынам, наўзрыд плакала. Каля варот ён узяў яе пад руку, ласкава пагладзіў па светлых родных валасах:

— Не трэба, мама. Не трэба... Усё будзе добра. Мы разаб’ём ворагаў...

— А мой сыночак, мой ненаглядны каласочак! Ды ето ж куды ты?

Лявон паважна ўлез на воз, узяўся за лейцы.

— Сядай, Андрэй,— сказаў ён,— як бачыш дамчу да станцыі.

Брат, вырваўшыся з абдымкаў маці, скокнуў у воз, наладаваны духмяным сухім сенам. Лявон узмахнуў пугай, і калёсы заляскаталі па мяккай, вузкай, бы пасцелены ручнік, дарозе.

Вёску праехалі хутка. Адсоўваліся назад крайнія хаты, памяншаліся ад далечыні. Над лугам кружыліся буслы. Прыпякала. Непадалёку, ля дарогі, у зарасніках асакі і лазы булькатаў ручай.

Лявон маркотна аглядаў прастору. Потым павярнуўся і спытаў:

— Як ты думаеш, Андрэй, фашысты дужыя? Мы хутка іх разаб’ём?

— Біцца трэба будзе ўсур’ёз,— стрымана прамовіў Андрэй.— Сілы ў іх вялікія, амаль уся Еўропа.

— У нас жа такія гарматы, такія самалёты...

Гаворка не ладзілася. Андрэй адказваў коратка, стрымана. Потым выцягнуў з кабуры пісталет, праверыў магазін з патронамі і зноў засунуў назад.

Неўзабаве пачаўся лес. Колы загрукаталі па выпучаным карнявішчы дрэў. Ехаць было нязручна, і Андрэй саскочыў з воза. Спачатку ішоў узбоч, каля каня, потым паглыбіўся ў гушчар. Лявон бачыў, як ён прыгінаўся на ўзгорках, збіраў суніцы.

Пад дробны стук колаў нараджаліся думкі. «Вось каб папрасіцца ў Андрэя,— думаў хлопец,— і разам з ім паехаць да самай граніцы. Такі час — вайна! І яму там знойдзецца работа — патроны будзе падносіць, забінтоўваць раны, насіць данясенні. А калі сустрэнецца з фашыстамі? Лявон не спалохаецца, ён не з такіх. Выхапіць з-за пояса гранату, размахнецца і — трах-тарарах! Дым і полымя — і зноў ідзі сабе спакойна — дарога свабодная!»

У лесе было цемнавата. Густыя цені змяняліся сонечнымі астраўкамі, імшыстыя балацінкі — сухімі палянкамі. Птаства гаманіла на ўсе лады: вось дзе было для яго раздолле — тут і дом, і сталоўка.

Праз паўгадзіны векавы бор скончыўся, фурманка выехала на асветленую сонцам дарогу. Абапал яе цягнуліся зараснікі маладога бярэзніку. Кожнае дрэўца было такім белым і чыстым, што, здавалася, выпраменьвала святло. Над бярэзнікам навісла прасторнае неба, насцеж расхінутае ўперадзе,— пачыналіся палі.

Раптам пачуўся стрэл. Лявон насцярожыўся, прыпыніў каня. Хто стрэліў — Андрэй? Навошта? Ён тузануў за лейцы, каб ехаць далей, ды нечакана зноў спыніў каня. З-за бярэзніку проста ў неба вылецела наўскасяк зялёная ракета.

— Гэй, Андрэй! — закрычаў Лявон, не на жарт напалохаўшыся.

Убаку затрашчала ламачча, і, расхінаючы кусты, на дарогу выбег задыханы брат. Позірк яго трывожна каўзануў па наваколлі.

— Нікога не бачыў? — прытоена спытаў ён.

— Ракета зялёная ўпала,— паказаў рукою хлопец.

— Ракета? — усхваляваўся брат.— Няўжо? А я не бачыў...— Твар адразу зрабіўся сярдзітым. Лявон бачыў, як Андрэева рука пацягнулася да кабуры, адшпіліла засцежку.

— Можа, гэта ваенныя? — выказаў думку Лявон.

— Маўчы! — раптам загадаў Андрэй і, схапіўшы лейцы, спыніў каня. Лявон прыслухаўся. Да слыху даляцеў рокат матора. Ён набліжаўся, нарастаў з кожнай хвілінай.

— Самалёт! — усклікнуў Лявон, прыстаўляючы да вачэй далонь.

Ён ляцеў зусім нізка. Над полем, за бярэзнікам, з самалёта выкінуліся тры чорныя мячыкі.

— Бомбы! — усклікнуў Лявон.— Едзем, Андрэй, назад!

— Чакай! — адказаў брат.— Мне здаецца, мы тут якраз дарэчы.

У той жа момант чорныя мячыкі ўспыхнулі белымі воблачкамі. Самалёт развярнуўся і праляцеў над дарогай, што ішла ад Свержаня на Замосце. Хлопцы выразна бачылі на яго крылах чорныя крыжы.

— Парашутыстаў скінуў, гад! — растлумачыў Андрэй.— Ты едзь, а я пабягу наперад, іх трэба перахапіць.

— Іх жа трое, не бачыш,— папярэдзіў Лявон.

— Няхай хоць сотня! Разумееш? — і пабег наперад.

Лявон астаўся адзін. Хоць самалёт даўно знік, хлопцу здавалася, што ён недзе кружыць — трывожны звон стаяў яшчэ ў вушах. Лявон тузануў за лейцы:

— Но-о, сівы!

Воз засакатаў коламі. На вобад накручваўся спіцамі пясок, мякка шамацеў, асыпаючыся ўніз. Лявон хваляваўся за Андрэя, ведаў — брат абавязкова схопіцца з ворагамі. А хто пераможа? Андрэй з пісталетам, фашысты, напэўна, з аўтаматамі. Хлопец на момант уявіў сутычку паміж імі. Лявон ужо чуе страляніну, выразна бачыць, як падае падкошаны кулямі Андрэй...

— Андрэй! — крычыць Лявон, каб неяк падбадзёрыць сябе.

Хлопец не заўважыў, як нечакана спыніўся конь, высока ўскінуў галаву. Глянуў уперад і не паверыў вачам: на дарозе з дубальтоўкай у руках стаяў Кузьма Лішай — Юркаў бацька.

— І вы тут, дзядзько? — спытаў узрадаваны Лявон.— Бачылі парашутыстаў?.. Андрэй пабег іх пераймаць.

— Аддай лейцы,— загадаў Кузьма, бліснуўшы вострымі халоднымі вачыма.— Наездзіліся, ліха матары. Злазь! — гаркнуў ён так, што аж з рота пырснула сліна.

— Дзядзечко, навошта вы? Андрэй жа прыйдзе...

— Андрэй быў за ўсіх мудрэй. Капаў людзям яму, а ляжаць будзе ў ёй сам!

Хлопец размахнуўся і секануў пугай па крыжы каня. Потым другі раз, трэці...

Конь ашалела ўзвіўся ў аглоблях і апантана панёсся наперад.

 

Раздзел чацвёрты

Андрэй бег напорыста, размашыста, аж вецер гуў у вушах. Парашутыстаў адносіла ўбок, і пагранічнік звярнуў з дарогі, прабіраючыся да поля, што было за сцяной лесу, нацянькі, праз дробны нізкарослы бярэзнік. Пад нагамі трашчала галлё, шамацелі грывы сіўцу. Нарэшце Андрэй выбег на ўзлессе. Перад ім, як акінуць вокам,— вялікая паляна. За ёю пачынаўся хмызняк з сыпучымі пясчанымі ўзгоркамі. А далей, за глыбокім ярам,— скрыжаванне дзвюх гравейных дарог. Праз прасветы дробных ляскоў мільгатнулі будынкі раённага цэнтра.

Адзін з парашутаў, белы, як воблака, набліжаўся да зямлі. Ён быў з нейкім грузам. Няўжо іх тут чакалі?

Парашутысты прызямліліся амаль адначасова. Яны хвацка вызваліліся ад нябесных парасонаў і, азірнуўшыся, пабеглі да трэцяга парашута, што зачапіўся на бярозе. «Што там у іх?»

Чужынцы не марудзілі. Яны абрэзалі стропы парашута, вялізны мех ссунуўся на зямлю, з яго выцягнулі матацыклы. Спрактыкаванымі рухамі завялі іх і панесліся да дарогі. Парашутысты былі, як ні дзіўна, у савецкай міліцэйскай форме. «Маскіруюцца, гады! Але гэты нумар не пройдзе! Не пройдзе!»

Андрэй аглянуўся, прыслухаўся, ці не чуваць, як едзе Лявон. Маўкліва, ціха ў лесе. Толькі дзесьці за палянай лапочуць чужыя матацыклы. «Каб іх пярун пабіў,— вылаяўся ў думках Андрэй.— Як жа іх дагнаць?»

Што б там ні было, трэба як найхутчэй дабірацца да райцэнтра, да Свержаня, паведаміць пра высадку дэсанта. Андрэй падбег да бліжэйшага парашута. Ён ляжаў пакамечаны і брудны, патаптаны цяжкімі ботамі. На зямлі віднеліся плямы мазуту.

Андрэй адкінуў ботам разарваны мяшок. Нельга марудзіць. Хутчэй трэба падымаць трывогу, чужынцы могуць нарабіць нямала шкоды.

За купчастым сасоннікам загрукаталі колы. «Лявонка ці нехта іншы?» Праз калючыя вастраверхія вяршынькі мільганула белая грыва. Конь ляцеў галопам. «Лявонка!—зарадаваўся Андрэй.— Вось малайчына! Цяпер мы мігам дамчымся да райцэнтра».

Андрэй выбег на дарогу, замахаў пісталетам. Але конь не спыняўся. Ён ляцеў напралом, гатовы падмяць пад сябе чалавека... Андрэй адскочыў на абочыну. На перадку воза, учапіўшыся ў лейцы, сядзеў ні жывы ні мёртвы Лявон. Забыўшыся пра ўсё на свеце, ён хвастаў пугай жарабка. Хлопец не заўважыў Андрэя і, здалося, нават не хацеў заўважаць.

— Стой, Лявон! Д’ябал, стой! — закрычаў Андрэй.

Лявон пужліва сцепануўся і толькі цяпер убачыў брата. Ён падхапіўся на ногі, нацягнуў лейцы. Жарабок адразу запыніцца не мог, заскакаў на задніх нагах. Потым, бразгаючы цуглямі, апусціў галаву. Бакі яго хадзілі, як кавальскія мяхі, пад пахамі задніх ног пузырылася пена.

Андрэй, задыханы, усхваляваны, падбег да воза, учапіўся ў драбіну, сеў побач з братам.

— Гані! — толькі і выдыхнуў ён.

Лявон зноў хвастануў жарабка.

— Дзе яны? — спытаў ён.

— На матацыклы паселі, нягоднікі. І як ветрам здзьмула! А куды паляцелі, невядома. Добра, што ты хутка падскочыў. Паспрабуем адшукаць гадаў.

— Іў мяне ж прыгода, Андрэй,— крыва ўсміхнуўся Лявон.

— Ды што ты?!

— Кузьма Лішай хацеў запыніць, з лесу выйшаў. Як гаркне: «Наездзіліся, ліха матары. Злазь!»

— Кузьма?

— Ага, ён. Відаць, і сігнал падаў. Здраднік!

— Бач ты, а жыў, як тхор, прытаіўшыся. Ну, даскачацца на сваю галаву.

Паабапал дарогі сунуліся, адыходзілі назад чэзлыя хвойнікі, касагоры, паляны. Праз хвілін дзесяць лес з ценямі і прахалодай астаўся ззаду. Андрэй убачыў за логам узвышша, на якім цягнулася доўгая паласа прысад. Там быў шлях, які ішоў ад Свержаня на захад аж да самай граніцы. Андрэй пільна аглядаў дарогу. Як паказвалі дзве рубчастыя стужкі, матацыклісты нікуды не зварочвалі, шнуравалі проста да мястэчка.

«Якія ў іх планы? Што задумалі? Ну, міліцыянеры!..»

У лагу-даліне, справа, між кустоўя, пасвіўся статак кароў. Каля кашлатай вярбы, дзе бруілася ручаіна, сядзеў юнак, іграў на берасцяной трубе. Ці ведаў ён, што свет запаланіла вайна?

Убачыўшы, што людзі на возе нялітасціва гналі каня, пастух у здзіўленні запыніў сваё ігранне. Па выпнутых карэннях колы адбівалі нейкія дзікунскія рытмы, ззаду воза дыбіўся шэры дарожны пыл.

Мястэчка вырастала, развінала свае разлегласці, з разнастайнымі будовамі — хатамі, дамамі, гаспадарчымі памяшканнямі.

Гравійка была непадалёку. Ужо выразна бачыліся белыя слупкі, якімі абазначалася скрыжаванне. На шляху рух зусім невялікі: сунуцца дзве-тры падводы ды вунь, між прысадамі, відаць адзінокія постаці.

На скрыжаванні, у самым цэнтры, нехта стаіць. Хто такі? Ці не падарожнік, у якога клопат некуды паехаць?

Скрыжаванне ўсё бліжэй і бліжэй. Андрэй кладзе руку на плячо Лявона. Хлопец тузае за лейцы. Конь гэтаму рады, адразу пераходзіць на дробны крок.

Душна. Лявон расшпільвае каўнер кашулі, аблізвае засмяглыя губы. Андрэй зняў фуражку і далоняй раз за разам выцірае з ілба пот. А ў галаве мітусяцца неспакойныя думкі.

— Калі што якое, ты памажы мне,— папярэдзіў Андрэй брата.

— Ды ўжо ж! — узрадавана выдыхнуў Лявон.

Выехалі на лабаты ўзгорак. Адсюль усё відаць як на далоні: і скрыжаванне дарог, і чырвоныя чарапічныя дахі дамоў Свержаня, і высокая вадакачка на станцыі. Дзесьці самотна пагукваў паравоз.

Позірк перш за ўсё прыцягвае гравійка. Так, пасярод яе сюды-туды ходзіць міліцыянер! Андрэй паклаў пісталет у кішэню штаноў.

— Матацыкл! — Лявонка кіўнуў убок.

— Бачу!

«З якой мэтай стаіць тут парашутыст?» — насцярожыўся Андрэй.

Адказ на пытанне атрымаў, калі воз выкаціўся на гравійку, агінаў дарожны слуп з паказальнікамі. Адзін з паказальнікаў значыў дарогу на Бабруйск, другі — ніжэйшы — на Пінск. Паказальнік «Бабруйск — 98 км» быў павернуты ў бок дарогі, што вяла да Пінска. «Вось якія ў вас намеры! Войска хочаце збіць з кірунку...»

Міліцыянер, вядома, сочыць за іх возам. Ён пахаджвае па шашы, як і раней, сочыць спакойна, але вочы — гэтага не схаваеш — так і зіркаюць у бок Андрэя. На возе сядзеў вайсковец у форме пагранічніка, і ехаў ён з лесу, па той дарозе, адкуль зусім нядаўна прыкаціў сам на матацыкле.

« У руках — паласатая палка,— заўважыў для сябе Андрэй,— на баку — кабура. Усё, як у сапраўднага міліцыянера. Як жа ўзяць бандыта?»

У галаве акрэсліваўся план дзеяння.

Конь ішоў неспакойна, рыўкамі, матляў галавой, адганяючы надакучлівых аваднёў.

— Лявон, кіруй бліжэй да яго,— шапнуў Андрэй.

Лявон сцебануў каня пугай, і калі ён пабег трушком, рэзка павярнуў на дарогу, што вяла на Пінск. Воз падкаціўся да міліцыянера. Той хацеў збочыць, адступіць, але было позна. У гэты момант Андрэй як маланка зляцеў з воза, наваліўся на плячыстага, дзябёлага дзецюка. Яны пакаціліся па шэрай дарожнай жарстве.

Лявон кінуў лейцы, саскочыў з воза.

Андрэй быў знізу, на ім верхам сядзеў дыверсант, круглатвары з адтапыранымі чырвонымі вушамі.

Як дапамагчы брату? Чым? — ён ліхаманкава закруціўся на месцы. Непадалёку ляжаў абрубак нейкай жардзіны. Хлопец падбег, схапіў яго абедзвюма рукамі, замахнуўся. Але жардзіна засвістала ў пустым паветры. «Прамашка!»

Дыверсант зразумеў, што перамога яго часовая.

— Людзі, на дапамогу! — закрычаў ён немым голасам.— Міліцыю б’юць!..

Сабраўшы ўсе сілы, ён тузануўся, адарваўся ад Андрэя, скокнуў у прыдарожны равок. Андрэй стаў на калені, націснуў на спускавы кручок пісталета. У паветры бумкнулі адзін за адным два стрэлы.

Да скрыжавання збягаліся людзі. Спынілася некалькі машын. З адной, доўгай — гэта быў ЗІС,— саскочылі чырвонаармейцы. Яны з вінтоўкамі ў руках акружылі месца ўзброенай сутычкі. Спачатку глядзелі на ўсё з вясёлым бляскам у вачах: маўляў, што такое здарылася? Чаго не падзялілі між сабой пагранічнік і міліцыянер? Але пачуўшы Андрэевы словы: «Дыверсант! Парашутыст! Бярыце яго хутчэй!» — накінуліся, схапілі міліцыянера.

І Андрэя абступілі таксама.

— Аддайце зброю, пакажыце дакументы! — уладна загадаў Андрэю маёр-пехацінец. Пагранічнік выканаў загад. Праверылі дакументы і ў міліцыянера. Яны былі таксама ў парадку.

— Дык хто тут у вас парашутыст і дыверсант? — раздражнёна спытаў маёр.

Андрэй сцёр з ілба пот, павярнуўся да слупа і кіўнуў галавой.

— Паглядзіце, што ён тут нарабіў, таварыш маёр,— сказаў, аддыхваючыся.

Маёр зірнуў на паказальнікі, потым расшпіліў планшэтку, нейкі час вывучаў карту.

— Правільна. Паказальнікі перастаўлены,— ён перавёў позірк на «міліцыянера».— Хто такі? Адказвай!

— Таварыш маёр, я выконваў загад начальства. Я нічога не ведаю...

Да маёра падступіўся Лявон.

— Таварыш камандзір,— сказаў хлопец, перамагаючы нейкае нязвычнае трымценне ў нагах.— Андрэй — мой брат. А гэты белабрысы — ад Гітлера. Зірніце, вунь у рове яго матацыкл ляжыць.

— Уга, і трэці тут, аказваецца, ваяка,— прамовіў маёр, не без цікавасці разглядаючы хлопца.— Табе, брат, мы не можам не верыць. Таварыш лейтэнант, бярыце свой пісталет. Паедзем у камендатуру.

— Ёсць, таварыш маёр! — казырнуў Андрэй.

«Міліцыянера» павезлі ў Свержань.

Была тэрмінова паслана тэлеграма ў бліжэйшыя пасёлкі перахапіць другога дыверсанта.

— А што мне рабіць? — запытаўся Андрэй у начальніка камендатуры.— Як да граніцы дабрацца?

— Як? Сядайце на машыну пехацінцаў. Цягнікі на Брэст адменены.

— Дзякую, таварыш камендант.— Андрэй выбег з памяшкання.

На вуліцы яго чакаў Лявон.

— Куды цяпер? На станцыю?

— Давай чамадан — станцыя мая тут,— і ён кіўнуў на грузавік, у якім на лаўках рассаджваліся пехацінцы.

Лявон памог яму ўладкавацца ў машыне. Андрэй на развітанне моцна абняў брата і пацалаваў яго неяк вельмі незвычайна — у вочы. Да горла Лявона падкаціўся даўкі камяк.

— Ты ж там глядзі, моцна бі чужынцаў,— сказаў ён ціха.

— Промаху не будзе,— запэўніў Андрэй.— Ты бачыў, пачатак ужо ёсць.

— Добры пачатак,— згадзіўся Лявон.— Пра Кузьму ў камендатуры не гаварыў?

— Гаварыў. Усё запісалі. Так што будзе яму клямка. Нідзе не дзенецца.

 

Раздзел пяты

Лявон без прыгод вярнуўся ў вёску. На вуліцы стаяла некалькі фурманак, нагружаных куфэркамі і самаробнымі чамаданамі. На мурожным пляцу, каля крамы, тоўпіўся народ. Усеўшыся на прызбе хаты, жаласна іграў гарманіст, бабулькі і жанкі ўсхліпвалі, выціраючы слёзы. Мужчыны гучна гаманілі, пракліналі Гітлера. У натоўпе вераб’іным вывадкам гойсалі малыя. Ім вайна ўяўлялася нейкім дзівосным святам, дзе, сабраўшыся разам, маршыравалі з вінтоўкамі наперавес калоны войск.

Калі воз, на якім ехаў Лявон, параўняўся з крамай, людзі адразу з дапытлівасцю павярнуліся.

— Завёз Андрэя? — спытаў, кратаючы рыжы вус, старшыня калгаса Улас Какора.

— Завёз.

— Гані, брат, і распрагай сам. Конюхаў няма. Бачыш, байцы ўжо...

У гэты час нехта з натоўпу выгукнуў:

— Каго мы чакаем? Паехалі! Хутка вечар...

— Пачакаем хвілін пяць,— адказаў дзядзька Улас.— Мо Кузьму Лішая адшукаюць.

— Адшукаеш яго,— заўважыла маладая кабета ў квяцістай хустцы, накінутай на плечы,— ён недзе ў каноплях сядзіць...

— Як гэта сядзіць? — памкнуўся запярэчыць чарнявы юнак.— А на абавязак забыўся?

— Абавязак яму не закон. Калі хочаце ведаць, ён чакаў гэтага дня...

Лявон спыніў каня і, павярнуўшыся, сказаў:

— Цётка Тэкля праўду кажа. Кузьму Лішая не чакайце...

— Як гэта? — здзіўлена ўтаропіўся на хлопца дзядзька Улас.— Што ты вярзеш, хлопча?

— Ён нямецкіх парашутыстаў сустракаў,— паведаміў Лявон.— Мы з Андрэем бачылі.

Пачуўшы гэта, Лявона абкружылі ўзбуджаныя мужчыны-запаснікі. Яны папрасілі ўсё як след расказаць. Лявон, вядома, згадзіўся.

І вось натоўп глуха, трывожна загаманіў:

— Ірад акаянны! Прадажная шкура!

— Бачыш, куды павярнуў аглоблі! — чулася наўкол.

— Вось што, хлопцы,— сказаў Улас Какора,— вы едзьце. А Кузьму мы тут пастараемся адшукаць.

Фурманкі рушылі. Ззаду крочылі маладыя і пажылыя мужчыны. Іх праводзілі жанкі і маці: хто песнямі і плачам, хто слязьмі і галашэннем.

Вайна!.. Жорсткая, неміласэрная, адрывала ад ніваў і родных хат добрых сейбітаў, шчырых бацькоў, клапатлівых гаспадароў.

Лявон глядзеў услед незвычайнай працэсіі, і журба цяжкім каменем лягла на яго сэрца. Як усё павярнулася за нейкі адзін дзень! І вёска цяпер, лічы, адпалавінілася, асталіся толькі жанчыны, старыя ды дзеці.

Хлопец прыгнаў каня да канюшні. Двор пусты, асірацелы. Лявон распрог каня, падвёў да карыта, напаіў.

«А цяпер што рабіць? — як бы сам у сябе запытаўся хлопец.— У канюшню весці? Жарабок жа галодны. Значыць, трэба на пашу, у статак!» Хлопец учапіўся за грыву каня, ускочыў яму на спіну.

Жарабок, гулліва выгінаючы шыю, затанцаваў. Лявон нацягнуў павады. Буран звонка забразгаў цуглямі, выхапіўся на вуліцу.

Да небасхілу кіравалася ціхае зняможанае сонца. Насустрач яму паўзла вуглаватая хмара. Яна клубілася, успучвалася, налівалася цяжкай чарнатой. Здавалася, гэта вайна расхінала свой жудасны штандар.

За ваколіцай, на выгане, Лявона сустрэў старшыня.

— Ты ведаеш, дзе пасвяцца коні? — спытаў ён, прыпыніўшыся.

— На Мазурскім балоце.

— Вось і гані туды Бурана,— ён раптам змоўк, як быццам чагосьці не дагаварыўшы.

— І вам, дзядзько, цяжка. Сына Яўхіма праводзілі?..

— Вядома, цяжко, муха-скруха. Сітуацыя, хлопча. Не ведаю нават, каму сёння загадаць коней пасвіць...

Лявон зразумеў клопат старшыні.

— Я папасу,— шчыра прапанаваў ён.

— Было б добра,— твар у дзядзькі Уласа палагаднеў.— За гэта дзякуй скажу. Але аднаму табе, відаць, не справіцца. Ды і боязна будзе. Вазьмі каго-небудзь з хлопцаў у напарнікі, га?

— Добра, дзядзька Улас,— узрадаваўся Лявон.

— Ну дык гані! — махнуў рукой на развітанне Какора.

Хлопец сцебануў жарабка. Ён вышэй ускінуў галаву, увесь напружыніўся і галопам панёсся па дарозе.

Мазурскае балота адразу за вёскай разлеглася паміж ракой і лесам. Пасвіць жывёлу тут вельмі зручна. Нідзе паблізу няма шкоды.

Лявон саскочыў з жарабка, спутаў яго. Потым, як гаспадар, абышоў, падлічыў табун. На балоце пасвіліся разам з жарабятамі пяцьдзесят шэсць коней. Коні ведалі хлопца. Не адзін раз даводзілася браць іх Лявону, каб прывезці то дроў, то сена, а то з’ездзіць разам з маці ў Свержань.

Закінуўшы вуздэчку на плячо, хлопец хвацка прабіраўся напрасткі праз балота ў вёску.

Над хатамі, хоць быў ужо вечар, не віліся, як звычайна, кучаравыя дымкі — гаспадыні ўпершыню, відаць, не гатавалі вячэру. Ці пра вячэру быў у іх клопат? Яны стаялі — хто за ваколіцай, хто на вуліцы — і затуманеным позіркам глядзелі на дарогу, на прыцішаную далячынь.

Лявон ішоў і шмат пра што думаў: і пра вайну, і пра Андрэя, і пра наказ старшыні. І праўда такі, ноччу будзе боязна аднаму на балоце. Уся вёска ўжо ведае, што Кузьма Лішай падаўся ў бандыты.

«Добра было б, каб пайсці ў начлег з кім-небудзь з дарослых,— падумаў хлопец,— скажам, з дзедам Нічыпарам. Ды ён, відаць, не пагодзіцца, у яго пад наглядам калгасная пасека. А Нікадзім? Ён лоўкі, напорысты».

Нікадзім жыве разам з дзедам, маці і сястрой Зосяй. Бацька яго пайшоў на вайну з белафінамі і не вярнуўся. Яго фотакартку хлопец не раз прыносіў у школу. На ёй Нікадзімаў бацька зняты ў вайсковай форме — вастраверхім шлеме і даўгім шэрым шынялі, абцягнутым новенькімі блішчастымі папругамі. Ён так ветліва, так хораша ўсміхаўся на той картцы...

Вось і Нікадзімава хата з трыма вокнамі на вуліцу. Адразу за хатай — стромкі бераг ракі. Адчыніўшы брамку, Лявон адразу ўбачыў сябрука. Той сядзеў на ганку, латаў рыбацкую сетку.

— Я да цябе,— сказаў Лявон, скідаючы з пляча аброць.

Нікадзім павярнуўся, утаропіў здзіўлены позірк.

— Што здарылася? Мы з дзедам у рыбу збіраемся...

— Мабілізацыя! — сказаў катэгарычна Лявон.— Кавалерыю на начлег няма каму весці.

— Дык што? — паспрабаваў запярэчыць Нікадзім.— Сёння ноччу самы павінны выйсці на пагулянку. Бачыш, хмара якая валачэцца... І мы з дзедам...

На ганак, трымаючы ў зубах тоўстую люльку, выйшаў дзед, нізенькі, з пасівелай бародкай. Ён нёс бадыллё і нож, відаць, збіраўся рабіць тытунь. Пачуўшы спрэчку хлопцаў, разагнуў спіну, паглядзеў на ўнука.

— А Лявон дзела кажа,— заўважыў ён ціхім хрыпаватым голасам.— Самы нікуды не дзенуцца. Хай гуляюць яшчэ...

Нікадзім маўкліва падхапіўся з лаўкі, павесіў на плот сетку, вярнуўся ў хату. Неўзабаве выбег, трымаючы пад пахай саматканую пасцілку.

— Вазьмі сала. Насмажыце,— нагадаў дзед.

— Сала трэба берагчы. Вайна, дзеду...— і хлопец, штурхаючы ў спіну Лявона, пабег да адчыненай брамкі.

Лявон таксама збіраўся нядоўга. Стоячы каля стала, з’еў кіслага малака з хлебам, зняў са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу, закінуў на плечы і — з хаты.

І вось хлопцы бягуць па балоце.

Сонца даўно зайшло, але ў наваколлі светлавата. Над балотам сноўдаюць, сцелюцца рэдзенькія дымкі туману. Па ўсім відаць, росная будзе ноч, прахалодная.

Спакой і цішыня паступова агортваюць прастору. Хлопцы бягуць па пакручастай сцежцы міма высокіх купін, зараснікаў вербалозу, балотнай кугі.

Вось і ўзлессе. Каля самага балота стаяць маладыя высокія дубы, асіны, сосны. Хлопцы выбіраюць сухі ўзгорак, кідаюць на зямлю прыпасы, што захапілі на начлег, і адразу прымаюцца распальваць касцёр.

Сухога ламачча тут колькі хочаш. Лявон складвае яго ў невялікі стажок, чыркае запалку.

Навокал пасвятлела, і ў душах хлопчыкаў таксама як бы запаліўся агеньчык.

Стрэльбу Лявон павесіў на сук сасны.

Нікадзім разаслаў пасцілку, і хлопчыкі зручна разлегліся каля кастра, няспешна загаманілі пра свае справы. На захадзе патухла зарніца, і чорная хмара амаль не заўважалася.

Потым хлопцы, пачапіўшы на плячо стрэльбу, па чарзе абыходзілі табун. Коні старанна скублі росную траву, грукалі капытамі.

Калі ў абход пайшоў Лявон, Буран пазнаў яго, падняў галаву, сочачы за рухамі хлопца бялкастымі вачыма. Пяшчотна паляпаўшы жарабка па аксамітнай цёплай шыі, Лявон зычліва сказаў:

— Еш, еш! Наядайся.

Вяртаючыся назад, хлопец прыкмеціў каля кастра дарослага чалавека. У Лявона ўздрыгнула ўсё ўсярэдзіне: «Ці не Лішай, ліха яму ў бок? Тады лепш не падыходзіць...» Хлопец з апаскай наблізіўся да кустоў, прыслухаўся. Голас быў знаёмы.

«Ды гэта ж дзядзька Улас!» — узрадаваўся Лявон і скіраваўся да вогнішча.

Старшыня калгаса быў пануры, нечым нездаволены.

— Коні ў парадку? — спытаў ён, убачыўшы Лявона.

— У парадку, дзядзько Улас.

— Добра, пасвіце. І, відаць, у апошні раз...

— А што такое? — захваляваліся хлопцы.

— Гітлераўцы прарвалі граніцу. Іх танкі ідуць да Свержаня. Загадана заўтра ж гнаць коней і кароў да Гомеля.

— Не можа гэтага быць! — ледзь не закрычаў Лявон.— Наша граніца такая моцная. Туды ж Андрэй паехаў!..

— Не даедзе,— уздыхнуў старшыня.— Нашых войск там мала. Вось якая бяда, палі яе агнём... Ну, я пайшоў. Добрай ночы вам, хлопцы,— і, апусціўшы галаву, пашыбаваў, цяжкі, няўклюдны, праз кусты, праз высокую пякучую крапіву.

Хлопцы доўга не маглі апамятацца. Падумаць толькі — ворагі на нашай зямлі! Няўжо ў іх і праўда такі вялікая сіла?

— Ну, самалёты пераляцелі граніцу — у гэта можна яшчэ паверыць. А танкі, а салдаты?.. Іх жа можна гранатамі закідаць, кулямёты развярнуць і — касі!..

Нікадзім самотна закруціў галавой.

— Вайна, брат, страшная, не кажы. Вось мой бацька з фінамі ваяваў. Маці чытала лісты, расказвала. Хітрыя яны, д’яблы. Пазалазяць на дрэвы, схаваюцца ў галлі, а хто паткнецца, жых з аўтамата — і няма!.. Во, бацька не прыйшоў, прапаў. Думаеш, не ўмеў страляць? Трапным стралком быў.

— Каб Андрэй хутчэй дабраўся,— занепакоена прамовіў Лявон.— Можа, граніцу на іх участку не прарвалі. Як ты думаеш?

— Можа, і не прарвалі,— згадзіўся Нікадзім.

— Шкада коней,— зазначыў Лявон.— І, відаць, надоўга пагоняць. Да Гомеля сутак чацвёра трэба дабірацца...

Гутарка была сумная, непрыемная, і хлопцы хутка замоўклі. Лявон прапанаваў дзяжурыць каля кастра па чарзе. Другі мог нават і паспаць. На гэтым яны і пагадзіліся.

Плыве ціхая цёплая ноч. На ўзлессі барвовым матылём скача полымя. Пагрукваюць капытамі спутаныя коні, прагна скубуць траву. Не спяць хлопцы...

 

Раздзел шосты

Юрка чакаў бацьку. Паглядаў у акно, выходзіў на вуліцу, нарэшце, на змярканні выбег за ваколіцу. Дзе ён дзеўся? За бацькам прыбягалі аж тройчы. У ваенкамат трэба ісці, а яго больш сутак няма... Казаў, вернецца хутка, толькі праверыць, як шчыруюць пчолы, што жывуць у вуллі-калодзе, які ён летась усцягнуў на дуб ля Чорнай грэблі. Юрка хацеў з бацькам пайсці, але той нездаволена буркнуў:

— Без цябе абыдуся.

Што ж, калі нельга, пачакае. Лес нікуды не ўцячэ. Ды ён яшчэ амаль пусты, хіба толькі пачалі паспяваць суніцы. Вось пазнейшы лес надзвычай цікавы. Блукаць па ім — адна любата! Ён становіцца своеасаблівым царствам, у куточках якога, куды ні зірнеш, бачыш, як ляжаць, нібы хітра падкінутыя нейкім добрым чараўніком, падарункі — то дзялянка суніц, то лапінка чарніц, то чырвонагаловікі ў ганарыстым убранні, то беленькія, зусім як мармуровыя, падбярозавікі, то краса лесу і яго прыгажосць — самавітыя баравікі...

З пашы, валюхаючыся то бурымі, то чорнымі спінамі, сунуўся калгасны статак. За ім, згорбіўшыся, ішоў Цімох Банадык, пажылы чалавек, які амаль усё жыццё быў пастухом. Юрка падбег да яго.

— Дзядзько, ці не бачылі бацьку?

— Чуў, стральнуў нехта ў лесе. Можа, ён...

Хлопец рушыў далей. Абапал дарогі ціха шапацела пад ветрам стрункая збажына. Амаль усюды яна ўжо добра падрасла, выкінула ўгару каласы. Будзе добры ўраджай! «Ды што за карысць,— разважаў хлопец,— пачалася вайна, і ніхто не ведае, калі яна скончыцца. А можа, і жаць не будзе каму, вось сёння колькі мужчын пайшло на вайну... І бацька пойдзе... Гэта ён яшчэ нічога не ведае...» — апраўдваў яго хлопец.

За невялікім балотцам, з чорнай лужынай пасярэдзіне, пачынаюцца зараснікі нізкага лазняку. І толькі хлопец параўняўся з імі, як раптам пачуў:

— Ку-ку!

Кукавала, гэта было зусім відавочна, не птушка: гукі нейкія ненатуральныя.

Юрка запыніўся, насцярожыўся:

— Хто тут?

— Ідзі сюды! — пачуў хлопец бацькаў голас.

Юрка рассунуў кусты, узбег на прагалінку. Бацька стаяў ля высокага мурашніку ў ботах з даўгімі халявамі, у чорнай сарочцы, перахопленай шырокім рэменем. На плячы дулам уніз звісала стрэльба.

— Чаго ты, тато, хаваешся, га? — спытаў хлопец і зіркнуў на яго з дакорам.

— Не твайго носа справа. Маўчы! Раскажы лепш, што ў вёсцы.

— Табе, тато, трэба ісці ў армію. Прыходзілі з ваенкамата. А ты хіба не ведаў?

Бацька не адказаў, толькі адвёў убок узбуджаныя вочы.

— Пайшлі ўжо? — спытаў ён.

— Усе пайшлі. Толькі ты астаўся,— зноў знарок падкрэсліў Юрка.— Маці таксама хвалюецца, думае, можа, якое няшчасце...

На маршчыністым загарэлым бацькавым твары з'явілася ўхмылка.

«Чаго ён радуецца?» — мільгнула ў галаве хлопца.

— Вось цяпер, сынок, зажывём,— абазваўся бацька, абдымаючы Юрку за плечы.

Хлопец пранікліва паглядзеў на яго, але зразумець нічога не мог.

— Маці нічога не прыслала?

— Нічога.

Яны ўвайшлі глыбей у кусты.

Кузьма Лішай наказаў Юрку збегаць дамоў, прынесці фуфайку і хлеба з салам.

— А як з арміяй?

— Ваяваць будзем, сынок. А як жа! — і ссунуў над вачыма калматыя рудыя бровы.— Ну, ідзі!

Юрка ніякавата паціснуў плячыма, павярнуўся і рушыў назад на дарогу.

Вячэрні змрок усё больш і больш згушчаўся. Вунь ужо гоніць дадому гусей Лена Буй. Дзяўчына ўбачыла Юрку, замахала рукой:

— Пачакай!

Хлопец не адгукнуўся, толькі рэзка матлянуў галавой, маўляў, няма калі.

Юркава маці ў белай хусціне і пярэстым фартуху стаяла на вуліцы ля сваіх варот. Хлопец паспешна пратупаў па дашчатым тратуарчыку, запыніўся:

— Мама, ён есці хоча...

Маці, відаць, усё зразумела, бо хуценька штурхнула сына ў спіну, заспяшалася ў хату. Адчыніла камору, загрукала вечкам кубла, у якім ляжала сала. І вось Юрка ўжо стаіць з напакаванай торбай.

— Вазьмі нож,— падала яму маці.— Вось гэты — вастрэйшы.

— Ён прасіў фуфайку.

— Ага, добра,— маці клапатліва заспяшалася, зняла з крука адзежыну, падала сыну.

Юрка пакіраваў у лес загуменнай сцежкай.

 

Раздзел сёмы

Ля вогнішча сядзеў Нікадзім. Лявон, скурчыўшыся, спаў. Нікадзіма таксама хіліла да сну, але ён стараўся трымацца: некалькі разоў хадзіў па ламачча, потым абышоў табун, паглядзеў, ці не разбрыліся коні. Вярнуўшыся назад, сеў каля крывой сасны, заціснуў паміж ног стрэльбу і пачаў сачыць за агнём. Як весела скача полымя над грудай чорных пакручаных галін! Галінкі паступова чырванеюць, зіхацяць, свецяцца наскрозь, потым агортваюцца шараватай пялёнкай і ад уласнага цяжару раптам развальваюцца, ператвараюцца ў попел. Тады полымя, быццам ад сполаху, прысядае да самага вогнішча і ўжо не трашчыць, не злуецца, а ціхенька лапоча, выкідаючы ўгару пасмы чарнаватага дыму.

Ціха на балоце. Толькі чуваць, як недзе далёка-далёка ў лесе рагоча сава ды за балотам, у збажыне, пакрыквае драч. На ўсходзе за лесам ужо ледзь-ледзь ружовіцца небасхіл.

Нікадзім пераводзіць позірк у неба, спрабуе лічыць у купцы каля Вялікай Мядзведзіцы зоркі. Але так, бядак, і не далічвае. Ад зморанасці засынае...

Прачнуўся Нікадзім ад холаду. Сцепануўшы плячыма, хацеў быў падсунуцца бліжэй да вогнішча. «Разбуджу Лявона, хай папільнуе апошнюю гадзіну»,— рашыў хлопец і, працёршы кулаком вочы, устаў. Раптам нервова азірнуўся, аж збялеў. Што за ліха? У яго руках была стрэльба! Дзе яна? Нікадзім крутнуўся вакол сасны — няма! Скажы ты! Можа, Лявон пажартаваў?

Ён падбег да сябра, затармасіў за плячо.

— Ды я ўстаю, чаго ты! — нездаволена забурчаў Лявон.

— Ты схаваў стрэльбу?! — накінуўся на яго Нікадзім.

— Што? — здзівіўся сябар.— Ачмурэў?

А калі да свядомасці Лявона нарэшце дайшло, ён схапіў Нікадзіма загрудкі.

— Ты спаў? — закрычаў ён.— Адказвай, спаў?

— Ага,— выціснуў з цяжкасцю сябра.— Я нават не заўважыў, лічыў зоркі...

— Эх ты, варона!..— і, павярнуўшыся да балотнай нізіны, кінуў: — Трэба палічыць коней.

— Хадзем! — ахвотна згадзіўся Нікадзім. Ён пераскочыў цераз вогнішча, і хлопцы зніклі ў кустах вербалозу.

Хоць на небасхіле прыкметна ружавела неба, але да ўсходу сонца было яшчэ далекавата. На ўзлессі сям-там ценькалі птушкі, спрабавалі свае галасы. На траве ляжала буйная халодная раса, аж ногі нылі ад яе. Лічыў коней Лявон. Нікадзім бег побач, паўтараў:

— Вунь Гарбун, Стрыж, Будзёнавец, Ветрагон...

— А дзе Архар і Буран? — павярнуўся Лявон да сябра.

— Недзе ў кустах...

— Ты бяжы ў асіннік, а я сюды — у лазняк,— паказаў Лявон рукой.

Хлопцы насіліся па балоце як апантаныя. Але дзе ні шукалі, куды ні заглядвалі — самых лепшых калгасных жарабкоў не было.

Нікадзім апусціў галаву, замаркоціўся.

— Укралі,— сказаў ён панылым голасам.

— І ўсё праз цябе, соня! — кінуў злосна Лявон.— Ану распутвай Стрыжа, паеду ў вёску...

Лявон узабраўся на каня, учапіўся ў грыву. Потым схапіў у Нікадзіма з рук пута, хвастануў ім па мяккіх баках. Жарабок ірвануўся з месца.

— Ты ж наглядай тут,— крыкнуў Лявон.

Хутка трывожны стук капытоў Стрыжа пачаў цішэць, паглынацца прасторай, потым зусім растаў, знік.

Нікадзім, засмучаны і перапалоханы, вярнуўся назад да вогнішча. Пасядзеў крыху, баязліва азірнуўся і рашыў, што сядзець ля агню небяспечна. Вярнуўшыся назад да табуна, злавіў белага ў яблыках каня, сеў на яго і пачаў паволі ездзіць па балоце, чакаючы надыходу раніцы.

* * *

Стрыж грузнуў па калені ў балотнай твані, чапляўся нагамі за гнілыя калоды. Лявон нерваваўся. Як толькі мінуўся лазняк, конь выскачыў на дарогу, пайшоў у галоп. Лявон з трывогай узіраўся ўдалячынь.

З-за невысокага ўзвышша вынырнула вёска. Яна спала, патанаючы ў змроку. Ні ў адной хаце вокны не свяціліся, Да каго ж ехаць? Вядома, да дзядзькі Уласа. Ён жыве ў вулцы, што адыходзіць у бок ад могілак. Хлопец мінае першыя хаты, прыцішае каня, заглядвае ў двары. Вось і іхняя хата. Праз дарогу, з прыгожымі аканіцамі,— Кузьмы Лішая. Нідзе — нікога. Спіць вёска, маўчыць.

Раптам Лявон асадзіў каня. У краме, што стаяла на ўзгорку, у самым цэнтры вёскі, ля клуба, былі насцеж расхлістаны дзверы. З акон пазірала трывожная цемра. Саскочыўшы на зямлю, хлопец забег у двор. Лявон з апаскай наблізіўся да дзвярэй, асцярожна заглянуў. Нікога. Аклікнуў прадаўшчыцу Вольку Казлову — не адгукаецца. Тады хлопец асцярожна ўвайшоў у памяшканне. Пад нагамі на падлозе ўбачыў шматок нейкай тканіны, раскіданыя паперкі. Падняў адну з іх і здзівіўся: грошы!

Лявон імпэтна скаціўся па нізкіх прыступках ганка на двор, адтуль — на вуліцу. Услед па пятах бег страх. Хлопец нават і не прыкмеціў, як праз нейкае імгненне сядзеў на спіне Стрыжа. І толькі цяпер залямантаваў на ўвесь голас:

— Зладзеі ў вёсцы! Зладзеі!..

Дзядзька Улас, пачуўшы Лявонаў крык, адразу выхапіўся на двор. Ён быў амаль апранены, праўда, без верхняй кашулі. Відаць, так і спаў у чобатах і штанах, адчуваючы, што ў такую трывожную ноч трэба быць напагатове.

Лявон тарабаніў палкай па штыкецінах і ў роспачы крычаў:

— Краму абакралі! Коней забралі!..

Дзядзька Улас адразу ўсё зразумеў, кінуўся назад у хату, праз хвіліну выбег у кепцы, у верхняй кашулі, са стрэльбай у руках.

— Злазь з каня,— загадаў хлопцу.

— Ён жа без вуздэчкі.

— Нічога! — старшыня калгаса мякка плюхнуўся на спіну Стрыжа, запусціў нязграбную пяцярню ў чорную грыву і даў каню шпоры.

Жарабок памчаўся назад да крамы, напаўняючы трывожным тупатам усю вёску. Лявон бег следам па мяккім сыпучым пяску, збіваючы да крыві аб каменне і нейкія чурбакі ногі.

На ўсходзе, над лесам, уставала раніца.

 

Раздзел восьмы

Пра начныя здарэнні ў Белых Сароках, якія адбыліся на трэці дзень вайны, было шмат усялякіх размоў і разважанняў. Людзі меркавалі так і гэтак, выказвалі здагадкі, дзівіліся.

У той жа дзень, у аўторак, Улас Какора аб аграбленні крамы паведаміў у сельскі Савет і ў раён, прыняў меры да пошуку злачынцаў. У якасці панятых ён прызначыў Антона Буя, Змітра Адамца і брыгадзіра Герасіма Рыкайлу. Яны сабраліся разам, стрымана, разважна абмеркавалі, што рабіць. Вядома, у першую чаргу пачалі аглядаць сляды, пакінутыя ў двары крамы.

Было добра бачна, што ля ганка стаяў воз, што нехта тупаў каля яго ў ботах досыць ладнага памеру з паўкруглымі абцасамі. Знайшлі чорны гузік, не новы, відаць, адарваны ад вопраткі. Разглядалі яго так і гэтак. Былі абследаваны Міронава горка за вёскай, дзе шмат ям з-пад забуртаванай бульбы, лазнякі на левым беразе Прыпяці, некаторыя сялянскія амбары.

Знайсці хоць нейкую нітачку не ўдалося. Але па вёсцы ўзмоцнена хадзілі чуткі, што тут не абышлося без удзелу Кузьмы Лішая. Па-першае, ён не падначаліўся загаду ваенкамата, не з’явіўся на прызыўны пункт; па-другое, нават носа не паказваў у вёску, недзе хаваўся.

А падзеі вайны развіваліся бурна, ліхаманкава. Газеты паведамлялі, што вораг танкавымі і пяхотнымі полчышчамі ўварваўся на тэрыторыю савецкай краіны, заняты буйныя гарады. Нямецкая авіяцыя зрабіла налёты на Кіеў, Мінск, Ленінград, Адэсу.

Па начах беласарокінцы бачылі на захадзе не мірную добрую зарніцу, а крывавыя зарывы пажараў. Гэтыя зарывы абдымалі ўсё большую і большую частку небасхілу, шырыліся, раслі, як паводка. А праз тыдзень далячынь забумкала тугімі цяжкімі выбухамі.

У Белых Сароках стала трывожна і незвычайна ціха. Каля лавачак пры сядзібах, каля калодзежаў збіраліся мужчыны і жанчыны, перадавалі адзін аднаму весткі, судзілі-радзілі аб вайне.

Сёння сышліся мужчыны каля двара Антона Буя. Спачатку Антон гаманіў з Сымонам Пашуком. Потым да іх далучыўся Зміцер Адамец. Ён ішоў у лес з тапорыкам за поясам. Антон Буй мяў у руках кісет з махоркай, задумлівасць ляжала на яго заўсёды добрым, вясёлым твары.

— Прысядзь на хвіліну,— кіўнуў ён Змітру і тут жа як бы паскардзіўся: — Нешта не ладзіцца ў нашых.

Хмурны, клопатны позірк кінуў на сваіх аднавяскоўцаў Сымон. Непрыемная гаворка, але што зробіш: атрымліваецца так, горш і не прыдумаеш. Але ён ніколі не любіў ныцця і разгубленасці, лічыў, што чалавек павінен верыць у лепшае, не пасаваць перад горам-бядою. І сказаў проста, разважліва:

— Спачатку не ладзіцца, а потым загладзіцца. Спачатку бокам, а потым — скокам. Няўжо мудрыя людзі памыляліся, даючы нам такую раду. Па-мойму, не...

Чыкільгаючы, да мужчын падышоў пажарнік Іван Крывая нага.

— Ох, гэны Гітлер, гэны анціхрыст,— пачаў ён, спыніўшыся перад лавачкай.— Пажар раздзьмухаў на ўсю Еўропу.

— На пажар ёсць пажарнікі,— з’едліва кінуў Зміцер Адамец.— То чаго ж ты марудзіш, Іване?

— Э-э, маўчы, Зміцер. Маёй помпы на такі пажар не хопіць. Яго крывёй, бачыш, трэба тушыць. Адзіная ў гэтым выкрутка.

Справа на вуліцы загуў матор. Мужчыны павярнуліся і ўбачылі легкавушку, якая імкліва набліжалася. «Эмка» запынілася каля праўлення калгаса.

— Бачыце, нехта з раёна,— прамовіў з добрай надзеяй Антон.

Мужчыны пакінулі лаўку, пашыбавалі паўз плот да цэнтра вёскі.

На вуліцу выбеглі дзеці і падлеткі. Кінуўшы карміць цяліцу, выскачыў і Лявон. Ён пазнаў сінюю легкавушку. У ёй ездзіў звычайна сакратар райкома Іван Іванавіч Буднік. Праз момант са свайго двара выхапіўся Нікадзім. Запыханы, усхваляваны, з’явіўся аднекуль Юрка.

У машыне сядзеў шафёр, малады хлопец, скуласты, вузкатвары, без галаўнога ўбору. У салоне, ззаду яго, былі навалены нейкія скруткі і скрынкі.

— Няйначай, Буднік прыехаў,— заглянуў у акенца машыны Сымон Пашук.

— Але, ён. У праўленні з вашым старшынёй,— адказаў ціха шафёр.

Праз паўгадзіны вестка аб прыездзе сакратара райкома абляцела ўсе хаты. Да праўлення калгаса, над ганкам якога чырвоным птахам трапятаўся сцяг, з усіх бакоў групамі і ў адзіночку спяшаліся людзі. Кожны прагнуў пачуць праўду пра вайну, уведаць, ці сапраўды ўсё так страшна, як аб гэтым разважалі некаторыя.

І во шырока расчыніліся дзверы, і на ганак выйшлі Улас і Буднік, нізкарослы, з загарэлым валявым тварам, у кашулі вайсковага пакрою і ў цёмных штанах пад чаравікі. На жоўтым рэмені была начэплена маленькая кабура.

Лявон і Нікадзім наблізіліся да самага ганка. Непадалёку з засяроджанымі тварамі стаялі, гаманілі жанкі і мужчыны. Лявонава маці прыткнулася да прызбы хаты, нервова папраўляла хусціну на галаве.

— Таварышы,— прамовіў сакратар райкома сумна і ціха.— Не буду таіцца: вораг прарваўся, ідзе па нашых дарогах, паліць гарады і вёскі. Мы адступаем. Але зразумейце правільна: адступаем часова. Наш народ ніколі ні перад якім ворагам не скараўся...— Ён цёмнымі насупленымі вачыма правёў па натоўпе.

— Што ж нам, родненькі, рабіць? — запыталася Лявонава маці.— Вы кажаце: ідуць немцы. А хто ж нас абароніць ад іх?

— Хавайце збожжа, прадукты, адзежу,— сказаў Буднік.— І яшчэ — прызапашвайце зброю. Мы паклічам вас. Будзем біць фашыстаў смертным боем. Даўней яшчэ сказана: хто з мячом да нас прыйдзе, ад мяча і загіне!

— Сярод нас аб’явіліся здраднікі...— нерашуча кашлянуўшы, сказаў Антон Буй, які стаяў у глыбіні натоўпу.— Яны Савецкай улады ўжо не баяцца.

— Так, я ведаю: у вашай вёсцы абрабавалі краму, па лесе блукае памагаты фашыстаў. Савецкая ўлада не толькі ў сельсавеце, яна ў сэрцы кожнага чалавека. Значыць, ад імя гэтай улады трэба такога чалавека пакараць. Значыць, рабіць гэта давядзецца вам самім. Я не развітваюся. Мы яшчэ сустрэнемся,— з гэтымі словамі Буднік сышоў па прыступках ганка. Яго суправаджаў да машыны Улас Какора.

— Уцякае Буднік. Дальбог, уцякае...— кінуў нехта прыцішана, зларадна.

— Што за нагаворы!

— На такога чалавека!..

У натоўпе заварушыліся, загаманілі. Людзі гурбой павалілі з двара на вуліцу.

Аўтамашына сакратара гукнула сігналам і, набіраючы хуткасць, узяла кірунак ад цэнтра вёскі на дарогу, што вяла да Калінкавіч.

 

Раздзел дзевяты

Як толькі першыя бронетранспарцёры ўварваліся ў вёску, угору з посвістам шуганула ракета. Яна павісла зіхатліва-асляпляльным парасонам.

Людзі ў сполаху выбягалі з хат, ім здавалася, што дзесьці нешта гарыць. Але пажару нідзе не было, гарэла неба.

З чорных доўгіх машын саскоквалі на хаду салдаты ў жалезных касках, з аўтаматамі, нешта, размахваючы рукамі, крычалі. Затрашчаў нечы паркан, і праз момант запалаў касцёр — касцёр сярод вёскі.

А тым часам вуліцу запаўнялі новыя бронетранспарцёры, танкі, аўтамашыны. Танк зачапіў старую ліпу, што расла каля двара Кузьмы Лішая, і дрэва, трэснуўшы, з грукатам павалілася на зямлю, вяршыняй сцебанула па адным з акон хаты. Са звонам на прызбу пасыпаліся аскабалкі шкла...

Спалоханая Дар’я выбегла на двор.

— Што вы робіце?! — закрычала.— Не бачыце, ледзьве хата не развалілася...

Танк, важка гойдаючы доўгай гарматай, раўнуў маторам і папоўз, нібы чарапаха, далей. Праз некалькі хвілін у двор, расхліснуўшы нагой весніцы, увайшоў фашыст. На грудзях у яго чарнеў начэплены аўтамат. Даўгашыі, як гусь, ён запыніўся, крутнуў галавой убок, дзе ляжала ліпа, перавёў позірк на разбітае акно, задаволена ўсміхнуўся і пайшоў да ганка.

Дар’я, убачыўшы чужынца так блізка, спалохалася. Рукі яе затрэсліся.

— Паночкі! Дык гэта вы? Ох, саколікі, ох, любыя... А мы зачакаліся вас,— лапатала Лішаіха, схіляючы голаў у паклоне.

— Я-я, матка, гут! — усміхаўся салдат.— Ком шнель!

Салдат увайшоў у хату, адразу завярнуў у кут да шафы.

— О-о, матка, гут! Хайль Гітлер! — Захапіўшы ў кішэню некалькі яек, ён выйшаў на двор і, валюхаючыся, пайшоў да хлява, дзе рохкала свіння з вывадкам.

Дар’я зразумела, чаго захацеў чужынец. Яна забегла наперад, кінулася яму ў ногі, загаласіла:

— Ой, салдацік, ой, родненькі! Не чапайце нас, мы і так нацярпеліся, надрыжаліся за ўсе гады. Зжыць са свету нас хацелі, на Салаўкі загнаць...

Але Дар’і не ўдалося пераканаць фашыста. Салдат бесцырымонна адчыніў дзверцы, адпіхнуў убок жанчыну і, наставіўшы ў хлеў аўтамат, разануў чаргой. Пачуўся страшэнны віск. Праз момант гітлеравец увайшоў туды, схапіў ладнае, пуды на два, парася, якое яшчэ дрыгала нагамі, і панёс на вуліцу, да сваіх.

Дар’я як села каля кучы гною, так і не магла ўстаць. Юрка тармасіў яе за плячо. Маці трэслася як у ліхаманцы, галасіла.

З хлеўчука выбеглі парасяты з вялікай худой свіннёй, пачалі насіцца па доўгім вузкім дворыку.

— Мамо, уставай,— сказаў Юрка.— А то яны ўсіх парасят пазабіваюць.

Гэта, відаць, дайшло да свядомасці Дар’і, яна ўскочыла на ногі.

— Дзе бацько, дзе яго чарты носяць? — накінулася Дар’я.— Яны ж нічога не ведаюць, яны ж яшчэ і хату спаляць...

Юрка сціснуў кулакі, з нянавісцю паглядзеў у бок чужынцаў:

— Няхай толькі паспрабуюць. Няхай толькі...

— Бяжы, сынок, па бацьку. Я баюся іх. Баюся... Яны страшныя, лютыя...

— Бацька хутка прыйдзе,— запэўніў Юрка.

І праўда, не паспела Дар’я загнаць у хляўчук свіней, як у варотах паказаўся Кузьма. Каля паваленай ліпы запыніўся, нездаволена паківаў галавой, потым заспяшаўся ў хату. Убачыўшы жонку ў слязах, з дакорам кінуў:

— Чаго, Дар’я, румзаеш? Нашыя ж збавіцелі прыйшлі.

Жонка выцерла пачырванелыя вочы, злосна кінула :

— Збавіцелі, збавіцелі... Ты адно чаўпеш, а яны робяць сваё. Такога парсючка забілі.

— Што? — вытарашчыўся Кузьма.— Ды як яны маглі? Як?..— Рэзка павярнуўся, бразнуў дзвярыма. На вуліцы, стрэўшы салдат, дапытваўся: — Мне обер-лейтэнанта! Дзе ён, панове?

Лішаю паказалі на хату Антона Буя. Там спынілася нямецкае начальства. Обер-лейтэнант уладкаваўся ў чыстым пакойчыку, дзе жыла настаўніца Люба Замойская, сядзеў пры акне на табурэце, рыхтаваў прыладак да галення.

Убачыўшы ў дзвярах усхваляванага Кузьму, обер-лейтэнант сурова бліснуў сінімі вачыма.

— Was ist das? (што такое?)

Кузьма пачаў расказваць паспешліва, блытана. Гітлеравец нічога не разумеў. Быў выкліканы перакладчык.

Зноў Кузьма, нервова жэстыкулюючы, распачаў сваё тлумачэнне.

— О-о, цябе крыўдзіла савецкая ўлада? Ты рады, што мы прыйшлі. Добра! Мы знойдзем твайго парсючка...

Обер-лейтэнант незадаволена крактануў, зашпіліў фрэнч, тужэй зацягнуў рэмень з кабурой і рушыў з хаты.

Следам за ім ішлі нізенькі брывасты салдат-перакладчык і Кузьма.

Вуліцу цяжка было пазнаць, яна стала вузкай, цеснай ад танкаў і аўтамашын. Усюды шныпарылі, мітусіліся салдаты. Адны былі ў форме, другія без фрэнчаў, у майках. На танках ляжала іх зброя — карабіны, аўтаматы. На адным з танкаў сядзеў зухаваты малады немчык і, паставіўшы на калені алюмініевы кацялок, абедаў. Калі заўважыў обер-лейтэнанта, імпэтна падхапіўся, казырнуў.

Але той не звярнуў на яго ніякай увагі.

Недзе ў канцы вёскі, за купай старых дрэў, шуганулі ўгару клубы дыму. Кузьму хвалявала адно: ці верне ён парсючка. Мяркуючы па энергічных паводзінах афіцэра, выходзіла, што ёсць нейкая надзея. Ён адстаў ад обер-лейтэнанта, прыстроіўся ззаду і на хаду разглядаў яго вузкія плечы, хуткія ногі ў бліскучых ботах. Кузьму падабалася афіцэрская выпраўка, падабалася, што так шчыра адгукнуўся на яго бяду ўладны немец.

Высокія пацямнелыя вароты ў двор крамы былі расчынены насцеж. Каля плота стаяў накрыты брызентам цяжкі грузавік. Пасярод двара палыхала вогнішча з сасновых смалякоў. Каля яго было людна і шумна. На высокіх козлах вісеў над агнём вялізны чан. У ім штосьці булькатала. Ружовашчокі яфрэйтар круціў чарапком у чане і нешта весела гаварыў. Побач сядзелі салдаты — адны варылі кашу ў алюмініевых кацялках, другія, насадзіўшы на ражны кавалкі мяса, смажылі іх над вуголлем.

Непадалёку ад салдат стаялі сталы. Кузьма зірнуў на адзін з іх і не паверыў вачам: ад яго ладнага парсючка астаўся толькі задраны лыч ды чорныя валасатыя ногі.

Убачыўшы обер-лейтэнанта, салдаты падхапіліся з месц.

Афіцэр нешта хутка залапатаў. Потым тыцнуў у грудзі Кузьме. Салдаты перавялі на яго маўклівыя позіркі. Глядзелі ўчэпіста і злосна. А афіцэр гаварыў, гаварыў. Нарэшце падышоў да стала, узяў у рукі куртаты лыч парсючка.

— Гэта твой? — спытаў ён Кузьму. Перакладчык быў побач, пераклаў.

— Ага, мой,— адказаў Кузьма і збянтэжыўся.

— Тады забірай. Гэта — тваё.

Кузьма ўлавіў у адказе афіцэра іранічны здзек. Ён схамянуўся, вінавата залыпаў вачыма.

— Паночак!.. Дарагі паночак! Я зразумеў усё! Усё зразумеў! Лічыце, што мой парсючок — шчыры падарунак вашым салдатам...

Афіцэр наблізіўся да чана, вылавіў чарпаком ладны кавалак мяса, паклаў на талерку. Кузьма не заўважыў, як і яму нехта падсунуў відэлец з мясам.

— Харошы парсючок,— сказаў обер-лейтэнант, смакуючы.

— Харошы, пан, надта харошы,— пацвердзіў Кузьма.

Зноў ля вогнішча ўзняўся бадзёры салдацкі гармідар. У агонь ляцелі новыя смалякі, і полымя пыхкала ўгару чорным кучаравым дымам. Сквірчэла на прутках свежына. Увесь двор поўніўся смачным пахам.

— Шнапсу! — запатрабаваў обер-лейтэнант.— Пан Лішай, мы дамовіліся, мы зразумелі адзін аднаго. Ці не так? Хайль Гітлер!

— Хайль! — заўзята варухнуўся Кузьма, перакуліў пякучую шклянку, абцёр вусы. «Божухна,— падумаў ён,— які шчаслівы час прыйшоў. Цяпер я вольны, як той казак, няма цяпер нада мной савецкага начальства. Трасцу ім у бок! Колькі давялося перажыць, пахвалявацца. Прыціскалі, лезлі ў душу, прымушалі працаваць. Цяпер хай хто асмеліцца паказваць на мяне пальцам, сказаць крыўднае, абразлівае слова...»

 

Раздзел дзесяты

Нікадзім прачнуўся ад рокату машын. Хуценька саскочыў з ложка і — да акна. Расчыніў яго, прыгледзеўся. Па вузкай вуліцы паўзлі, падымаючы хмары пылу, плюскатыя танкі з доўгімі жэрламі гармат. На іх сядзелі салдаты ў зялёных фрэнчах. Яны нешта галёкалі — ці то спявалі, ці то лаяліся. Нікадзім падбег да ложка:

— Уставай, дзеду. У вёсцы фашысты.

Дзед Нічыпар, белагаловы як лунь, пакрактаў, падняўся, босы затупаў да акна. У паветры плыў сталёвы жорсткі рокат, ад яго аж ламіла ў вушах. Густы пыл несла проста ў акно. Было відаць, як на лісці бэзу і маладых вішань тухлі росы.

— Бач, пруць, ліха іх матары,— сказаў дзед Нічыпар, шкрабучы пяцярнёй за пазухай.— Ой, будзе, унучак, вялікая калатня.

З кухні прыбегла Зося. Румяная, з бліскучымі вачыма, яна прыхінулася да Нікадзімавага пляча, са страхам глядзела на страшыдлы чужынцаў.

— От, Зося, і скончылася тваё паштальёнства,— сказаў дзед.— Цяперака заместа пошты будзе бяда хадзіць...

— Што вы, дзядуля? — нездаволена замахала рукамі Зося.

— Успомні маё слова, унучка, гэнак яно і будзе...

Праз паўгадзіны з хлява прыйшла маці — даіла карову. Паставіўшы вядро з малаком, бледная, перапалоханая, яна мітусілася, не ведаючы, дзе знайсці цадзілку. Нарэшце знайшла, накінула на гладыш, пачала ліць малако. Але больш разліла, чым нацадзіла. І не дзіўна, рукі ў гаспадыні трэсліся, нібы яе біла ліхаманка.

А з двара плыў натужны вуркатлівы гул. Нікадзім не вытрымаў, выбег з хаты.

— Куды ты? — прыкрыкнуў на яго дзед.— Не лезь на ражон.

— Я толькі пагляджу,— данеслася з сенцаў,— і хуценька назад.

— Ці пагоняць сёння скаціну? — тупаючы ля стала, запыталася не то ў дзеда, не то ў самой сябе гаспадыня.— Ой, божухна, што робіцца. Свет белы перавярнуўся...

— Скаціна, Настасся, патрывае,— адказаў дзед Нічыпар.— А во я думаю, як ето ўсё здарылася. Не паспела пачацца вайна, а ўжо, бач, ворагі гойсаюць па нашых дарогах.

— Вазы ў іх жалезныя,— сказала Настасся, выціраючы фартухом рукі.

— Яно так, дочка, але і жалеза можна паламаць.

Сеўшы на лаву, дзед дастаў люльку, пачаў набіваць тытунём.

Нечакана бразнулі дзверы, у хату ўбег Нікадзім. Твар яго быў разгублены, вочы поўныя трывогі.

— Мама! Дзядуля! Немцы ходзяць па хатах, усё забіраюць. У двары Буя курэй ловяць.

Зося і маці выбеглі на ганак. Наўкол цішыня. Ланцужком стаяць хаты, хвалюецца жытняе поле за прыгуменнем, прыгажэе прырэчны луг з рэдкімі дрэвамі і стагамі. Крутая лукавіна ракі падыходзіць да самай іх сядзібы. Колькі ў ёй святла, ціхага хараства, сонечнай зіхатлівасці. Нават адсюль чуваць, як шумяць, набягаючы на бераг, хвалі.

Раптам ля калодзежа трэснуў і ўпаў на зямлю зламаны плот. Зося павярнулася. Да іх у двор, падмінаючы цяжкімі ботамі частаколіны, прабіраліся двое фашыстаў. Усё яны рабілі не па-людску, для іх нібы не існавала ні брамак, ні варот...

Дзяўчына прыціснулася да маці.

— Мамачка,— яны!.. Да нас...

У сенцах, трымаючы ў зубах люльку, дзед нечага поркаўся ў цёмным кутку. Каля яго круціўся Нікадзім.

— Ой, забяруць усё,— з роспаччу сказала Настасся.— А мы і не дадумаліся схаваць. Што ты, бацько, робіш?

— Ды во ратую наш мядок. Падай, Нікадзім, дзёгаць, што ў пляшцы,— сказаў ён, пыхкаючы люлькай.

Нікадзім працягнуў дзеду пляшку.

— Ну во, і прыйшоў час, калі ў бочку мёду трэба лыжку дзёгцю пакласці...— у словах дзеда прагучалі скруха і адчай.— Хай іх жываты пачарнеюць ад нашага дабра...

Але дзед не паспеў лінуць пад вечка кадушкі дзёгцю. На ганку загрукалі боты чужынцаў. Зося, Нікадзім, маці і дзед застылі ў маўклівай анямеласці.

Салдаты на парозе спыніліся. Той, што ішоў уперадзе, хударлявы, з дзюбатым носам, наставіў аўтамат, нешта злосна загугнявіў, кіўнуў галавой напарніку.

Салдаты ўваліліся ў хату.

Нікадзім уважліва сачыў за імі. Дык во яны, тыя, што хочуць заваяваць увесь свет. Звычайныя валацугі, аброслыя шчаціннем, запэцканыя граззю, прапахлыя чымсьці смярдзючым: ці то дымам, ці то бензінам.

У хударлявага ўсё як бы навострана: і нос дзюбай, і падбародак, як шыла, і вочы, нібы джалы. Здавалася, іх доўга трымалі недзе ў цёмным сутарэнні. І вось нарэшце вырваліся на волю. Ім тут усё ненавісна, усё іх раздражняе — і нашы светлыя, прасторныя хаты, і зіхотныя ранішнія лугі, і песня, і дзеці. Нават сонца, відаць, ім не міла. Во пройдуць па зямлі, прашыюць увесь свет аўтаматамі, а потым, глядзі, зробяць лесвіцу і палезуць, каб і сонца скінуць з неба.

Салдаты пачалі тупаць па хаце, аглядаць яе. Хударлявы зацікавіўся фотакарткамі, што віселі ў рамках на сцяне. Тры гады назад Зося скончыла сямігодку, прынесла дамоў калектыўны здымак выпускнікоў. Над здымкам красаваўся герб Савецкай краіны.

Гітлеравец сарваў са сцяны здымак, шпурнуў на падлогу, пачаў таптаць нагамі.

Зосю скаланула ад болю. Яна нагнулася, хацела вырваць картку. Гітлеравец піхнуў яе аўтаматам у бок. Зося ўпала.

Гітлераўцы зарагаталі, паклалі на стол аўтаматы, загадалі:

— Матка, млека, яйкі...

Настасся заспяшалася на кухню. За ёй следам падаліся ўсе. Шчыльна прычыніўшы дзверы святліцы, дзед пальцам пазваў дачку і, калі тая блізка падышла, сказаў:

— Ты ім, Настасся, налі малака, а я прынясу яек.

Вочы старога Нічыпара свіціліся дзёрзка, з выклікам. Настасся, заўважыўшы іх неспакойны бляск, спалохалася :

— Ой, тато, ты нешта надумаў. Прашу цябе, не лезь на злом галавы. А то яны спаляць, паб’юць нас...

— Што зробіш, Настачка,— дзед Нічыпар ссутуліўся і пашкандыбаў у сенцы. Следам за ім памкнуўся Нікадзім.

Разгаралася раніца. За ракой над лазнякамі сіняватым воблачкам гойдаўся туман. Неба было чыстае, поўнае зіхатлівага блакіту. У прыдарожным дубе заліваліся на ўсе галасы птушкі. Непадалёку на плот ускочыў рыжы певень, закукарэкаў на ўсю ваколіцу.

— Кыш, дурань! — злосна крыкнуў дзед і, выхапіўшы з-пад ног палку, кінуў у пеўня.

Ішоў дзед да хлеўчука, дзе несліся куры, не спяшаючыся. Двор быў засаджаны бульбай. Над некаторымі найбольш купчастымі карчамі ўжо лагодна гойдалася белае суквецце. Дзед гаспадарліва адхіляў у бакі парасткі бульбяніку, каб выпадкова не падмяць іх. Падышоўшы да плота, дзе сушылася рыбацкая сетка, клапатліва склаў яе і загадаў Нікадзіму занесці ў сенцы. Толькі пасля гэтага зайшоў у хляўчук. Тут было паўзмрочна, ціха. Праз тонкія шчыліны ў страсе прабівалася сонца, і пасярэдзіне хлеўчука, нібы напятыя драты, віселі, уздрыгвалі праменні.

Дзед вобмацкам падаўся ў кут, да бочкі з саломай, дзе атабарылася квактуха. Пачуўшы чалавека, курыца раз’ятрана надзьмулася, пагрозліва зашыпела. Дзед схапіў яе, выкінуў. Потым скінуў свой патрапаны чорны картуз, налажыў у яго яек.

Рыпнулі дзверы, у хляўчук убег Нікадзім.

— Многа набралі, дзеду? — пацікавіўся хлопец.

— Хопіць, каб злыдням рот заткнуць,— сказаў дзед.

— Дык вы, дзеду, баўтуноў? Во ўзлуюцца!..

Нічога не адказаўшы, дзед, згорбіўшыся, пайшоў назад у хату.

Нікадзім сачыў за дзедам з адкрытым захапленнем — во смелы! Адначасова трывожыўся: хаця б не было бяды. На парозе іх чакала маці.

— Хутчэй, бацько. Немцы нервуюцца...

Дзед падышоў да стала, высыпаў пад нос немцам свой здабытак. Гітлераўцы задаволена загергеталі, пачалі распіхваць яйкі па кішэнях. Бялявы паўнатвары немец патрымаў яйка ў руках, па-заліхвацку падкінуў яго, схапіў і тут жа стукнуў аб край стала. На яго твары ў здзіўленні падскочылі рыжыя бровы. Вытарашчыў вочы і зароў:

— О-о-о!

Хударлявы, вастрадзюбы дастаў з кішэні яйка, з асцярогай раструшчыў. На гэты раз дзівавацца давялося больш — проста на стол вываліўся трапяткі ярка-жоўты камячок.

— Рускі міна,— зарагатаў паўнатвары гітлеравец.

Не ўтрываў і дзед — нешта накшталт усмешкі прабегла па яго маршчыністым сухім твары.

Хударлявы салдат выскачыў з-за стала, пачаў кідаць у дзеда яйкі.

— Рускі швайн! — крычаў на дзеда, пырскаючы слінай.— Табе будзе капут. Ты — бальшавік!..

Дзед разгублена развёў рукамі:

— А ў нас, паночак, інакшых нямашака... Якія былі, такімі і прывецілі...

З кухні прыбегла Настасся. Яна заламала рукі, кінулася да немца:

— Ой, паночак, не сіраці дзяцей. Не зважай на старога! Ён неразумны, нездагадлівы... А божачка, а міленькі!..

Хударлявы салдат пагнаў дзеда з хаты. Побач бегла, галосячы, Настасся.

На ганку салдат шчоўкнуў аўтаматам, навёў на дзеда. Здавалася, старому не мінаваць смерці. Ён ссутуліўся, увабраў галаву ў плечы, чакаў немінучага.

Над шырокім засмужаным прасторам плыў зіхатлівы чэрвеньскі ранак. І ад таго, што сонца падымалася ў вышыню, здавалася, усё набліжалася, падступала да вёскі — і далёкія стагі на прырэчнай даліне, і палявыя дарогі, што скрыжаваліся на пагорку, і сіняваты грабянец лесу. Недзе ў зыбкай цішыні тарахцеў матор, крычалі кнігаўкі, натужна вішчаў на вуліцы калаўрот.

Дзед, нібы развітваючыся з гэтым вялікім светам, напоўненым свежымі вятрамі, сонцам і ласкай, заплюшчыў вочы. І тут яму ў твар пляснула халодная хваля нейкага надзвычай зіхатлівага зялёнага агню.

— Царства нябеснае...— прашаптаў дзед, узрадаваны, што так лёгка падае ў невядомае, але вельмі прыгожае прадонне небыцця.

Ды праз момант дзівосна-яркае святло знікла, і стары адчуў, што ён яшчэ стаіць, стаіць уласнымі нагамі на грэшнай зямлі...

Убачыўшы ракету, немцы загергеталі, замітусіліся.

Хударлявы размахнуўся і прыкладам з усяе сілы ўдарыў дзеда між лапатак. Стары, як падкошаны, зваліўся на зямлю.

— Ай-ай, забілі! — загаласіла Настасся.

Салдаты пашыбавалі да брамкі. Нікадзім сашчапіў пальцы ў кулак, пагразіў услед салдатам. Потым падбег да дзеда, намагаючыся яго падняць. Стары быў абмяклы, цяжкі і, здавалася, не падаваў ніякіх прыкмет жыцця.

З сенцаў ужо спяшалася Зося з карцом у руках. З дапамогай маці яна ўліла дзеду ў рот вады. Вада цякла па сівых рэдкіх вусах, капала на худыя грудзі.

Халодны струмень вады бы цудадзейна падзейнічаў: дзед расплюшчыў вочы, варухнуў галавою.

— Дзеду! — узрадаваўся Нікадзім.— Дзеду, яны пайшлі... Вось здорава ты іх...

Стары быў панылы, кволы. У галаве плыў аднастайны надакучлівы звон, балела ў паясніцы, ныла ў грудзях. Дзед цярпеў, стрымліваўся, не стагнаў.

— Трэба ў хату,— сказала Зося.

— Не, не,— запярэчыла маці.— Яны прыйдуць зноў. Чуе маё сэрца, дачушка... Лепей на загуменне, пад дуб, у цянёк.

Дзеда абхапілі з усіх бакоў, памаглі ўстаць. Абапіраючыся на плечы ўнука і дачкі, дзед Нічыпар марудна паклыпаў за прыгуменне. Там яго асцярожна паклалі на лужок.

— Настасся,— прашаптаў ён, з цяжкасцю варушачы вуснамі.— Ты прыхавай дабро, калі паспееш. Я, здэцца, наклікаў бяды...

Але гаспадыня ўсё добра разумела сама. Яна загадала выносіць з хаты пажыткі. Нікадзім перш-наперш узабраўся на гарышча і пачаў зрываць падвешаныя на круках каўбасы, кумпякі. Склаў усё гэта ў мяшок.

Маці і Зося завіхаліся ля чорнага куфра. Колькі год яны складвалі тут свае найлепшыя ўборы, клапатліва перасыпалі іх нафталінам, каб хаця не завялася моль, не папсавала дабра. Тут і падвянечнае плацце Настассі, якое яна берагла, каб перадаць Зосі, тут і андаракі, і сарафаны, і палатно, і жоўтыя Зосіны лодачкі, якія яна купіла з першай сваёй зарплаты. Нікадзім бачыў, як ляцелі на падлогу квяцістыя хусткі, вышываныя кашулькі, доўгія з чырвонымі пеўнямі ручнікі.

— Зося! — гукнуў Нікадзім.— Ды кінь ты гэтае шмаццё. Памажы мяшок занесці.

— Адчапіся! Не звіні над вухам.

— Каўбасы прападуць!

Зосі і праўда такі падумалася: навошта яна таўчэцца каля гэтага куфра? Калі браць што, дык, вядома, у першую чаргу толькі цёплае і носкае — паліто, хустку ці што-небудзь іншае, што неадкладна спатрэбіцца. А Нікадзім, скажы ты, кемлівы хлапчына. Ён ведае, што з мехам каўбас і кумпякоў і цёпла будзе, і добра будзе, і нідзе не прападзеш.

Зося падбегла да брата:

— Сам занясеш? Паддаць на плечы?

— Паспрабую, можа, занясу! — адказаў хлопец.— Ну!

Хлопец подбегам кінуўся за хлеў да ліпавых прысад, дзе ўжо загадзя быў выкапаны спецыяльны скляпок. Калі бегчы, груз, здаецца, робіцца намнога лягчэйшы. Але на лужку рукі ўсё ж самлелі і расшчапіліся. Мех цяжка гэпнуў на зямлю. Нікадзім азірнуўся. Нідзе — нікога. Толькі каля дуба заварушыўся дзед, намагаючыся ўстаць. Хлопец падскочыў да яго:

— Вам, дзеду, лягчэй?

— Лягчэй, Нікадзім, лягчэй, унучак. Толькі ў галаве звініць ды рукі трасуцца... Коб іх трэсла ліхаманка, коб яны спруцянелі, гады акаянныя.

Нікадзім памог дзеду сесці, хуценька вярнуўся да свайго меха. Адно намаганне, другое — і вось тая шчыліна, прыкрытая ссечанай дубовай галінай. Хлопец спрытна, нібы кот, прабраўся ў цёмную вузкую шчыліну. У скляпку ён завіхаўся нядоўга. Высунуў са шчыліны галаву, на ўсякі выпадак азірнуўся, каб пераканацца, што за ім ніхто не назірае, і зноў гэтак жа спрытна выскачыў на лужок.

— Ну, дзеду, цяпер можна жыць,— сказаў хлопец, радуючыся, што з плячэй скінуў самы галоўны клопат.

Дзед глядзеў на ўнука журботным позіркам, нібы штосьці ўспамінаючы. Потым абапёрся на руку, прыўзняўся, павёў навокал вачыма.

— Вы некага хочаце бачыць?

— Дзе Настасся? Дзе ето тыя злыдні?

— Ракету ўбачылі і пабеглі,— адказаў Нікадзім.— І вам, дзеду, пашанцавала.

— Э-э, голубе, не кажы ето. Зямля-матухна ўжо мяне чакае... Нейкую жылу перабілі, праклятыя, во не магу падняцца.

Раптам удалечыні грозна і магутна заракатаў матор. Праз хвіліну гул, нібы горны абвал, ужо каціўся праз усю вёску, ападаючы сваім цяжарам на сады, палі, збуцвелыя стрэхі хат.

Нікадзім уздрыгнуў, напружыўся. У нечаканым сталёвым громе ён адчуў небяспеку.

— Дзеду, зноў яны...— шапнуў хлопец пабялелымі губамі і пабег папярэдзіць маці і Зосю.

На лужку веяла прахалодай, цягнула пахамі перапрэлай травы, церпкім настоем дубовага лісця, спявалі і скакалі проста ў твар ашалелыя ад неспакою конікі, але Нікадзім не заўважаў усяго гэтага. Для яго ўвесь свет страціў свае фарбы, ператварыўся ў суцэльную жудасць.

Хлопец мінуў лужок, пераскочыў невысокі парканчык. І вось ён у двары. Маці і Зося мітусяцца на ганку ля напакаваных клункаў. Нікадзім крычыць ім, прыспешвае, каб хутчэй уцякалі, хаваліся. Але яны нічога не чуюць, занятыя сваім клопатам.

Рокат цяжкай машыны запаланіў вуліцу, паветра. Ужо відаць, куды яна кіруецца, сталёвая зеленагорбая пачварына, за ёю па ўсёй вуліцы цягнецца шэра-сіні шлейф пылу і дыму.

Маці і Зося, закінуўшы за плечы цяжкія клункі, бягуць, угнуўшыся, па двары. Новае чорнае ліха набліжалася да сядзібы Саладухіных. І во з жэрла гарматы вырваўся агонь, і ў той жа міг страха хаты падскочыла, як шапка з галавы, рассыпалася ў паветры на асобныя няроўныя кавалкі.

Нікадзім на нейкі момант ад жаху закрыў рукамі вочы, а калі рукі апусціў, убачыў, што маці і Зося паўзуць да хлеўчыка па глыбокай разоры між бульбяніку. Ён кінуўся да іх. Маці схапіла яго за руку, горача зашаптала:

— Сыночак! Родненькі мой. Што ж гэта на нашу галаву! Ой, божухна, ратуй нашы душанькі!..

Зося бегла побач, спатыкалася, падала. Здавалася, яна пазбавілася ўсіх пачуццяў, усіх тых адценняў дрыгатлівай маладой душы, якія, як сонечныя сполаху бывала, мільгацелі і скакалі то ў зухаватым позірку, то ў лагоднай ці паблажлівай усмешцы.

А ззаду, угінаючы зямлю, скрыгатала жалезам і раўло цяжкае страшыдла. Нікадзім усё зразумеў: тыя гітлераўцы вярталіся назад, вярталіся, каб адпомсціць за іх непакорнасць...

Вецер данёс смурод дыму — гарэла хата. Але гэтага немцам было, відаць, мала. Яны разагналі машыну і абрушылі ўдар халоднай броні на сцены будыніны — хацелі зруйнаваць хату гусеніцамі, знішчыць жыхароў, калі тыя не паспелі ўцячы. Але тут раптам адбылося непрадбачанае. Хата стаяла моцна. І фашысцкі танкіст, відаць, раззлаваўся. Ён рашыў прабіць і другую, супрацьлеглую сцяну. Танк ірвануўся, як закілзаны раз’ятраны конь. Вельмі лёгка прабіўшы сценку паміж вокнамі, танк, не адчуваючы перашкоды, вырваўся на волю.

За хатай, не адлічыш і дзесяці крокаў,— высокі стромы абрыў. Унізе плюскоча і сваволіць хвалямі Прыпяць. У самае апошняе імгненне вадзіцель-механік заўважыў небяспеку. Танк тузануўся і застыў на месцы. Але было позна. Ад цяжару, ад дрыгатлівага трымцення з-пад гусеніц выкаўзнуў груд зямлі, і танк, кульнуўшыся некалькі разоў у паветры, зарыўся чорнай прадымленай бранёй у кіпучы вір.

І адразу запанавала цішыня. Моцна пахла рачнымі хвалямі, цінай і водарасцямі.

Нікадзім выглянуў з-за пуні. Дзе танк? Чаму не чуваць яго сатанінскага скрыгатання? Хлопец бачыў уперадзе ладны абсяг рачной далі, ён свяціўся праз выламаныя сцены іх хаты. З-пад ацалелай страхі, што завісла над ганкам, шугала полымя і клубкамі вырываўся дым.

Нікадзім усё зразумеў. Танк уваліўся ў Прыпяць...

 

Раздзел адзінаццаты

Пад вечар, на другі дзень прыходу немцаў, Сымон Міхайлавіч запрог каня, кінуў некалькі мяшкоў са збожжам на воз, прыкрыў іх сенам і выехаў са двара. Тут жа спыніўся, загадаў:

— Лявон, прынясі рыдлёўку.

Хлопец умомант выканаў загад, запыханы, вярнуўся, папрасіўся:

— I я паеду, тато.

— А ты ведаеш куды?

— Ведаю! — цвёрда сказаў хлопец.— Да Мартынавай смалярні.

— Падслухаў нашу размову з маці?! — пагразіў пальцам бацька.

— Якое там падслухаў! — збянтэжыўся Лявон, бо выйшла сапраўды так.— Здагадваюся...

— Здагадлівых люблю. Можна!

Бацька ішоў за возам, глядзеў пад колы і, здавалася, прыслухоўваўся, як шамаціць, перасыпаецца пад імі пясок. Неўзабаве дарога нырнула ў зялёны доўгі тунель: пачаўся лес. Ехалі моўчкі. Кожны думаў пра сваё. А калі моцна сцямнела, нават страшнавата стала. Лявону за кожным пнём і вываратнем мроіліся ворагі. Што, калі яны дзе зрабілі засаду? Чым адбівацца? Сякерай і рыдлёўкай, што ляжаць на возе? Лявон добра ведае гэтую дарогу: вось масток цераз лясны ручай, паляна з высокай абгарэлай сасной, арэшнік, што цягнецца наўсцяж вузкага балота.

Ноч выдалася месячная, светлая. Калі воз вынырвае з гушчэчы асін, бяроз і дубоў, што сплялі свае кроны ў адзін густы шацёр, і коціцца між драбналесся, тады ўсё навокал відаць, як удзень. Конь ідзе спорна, хоць цяжка, натужна парыпваюць колы. Іншы раз ён пудзіцца. І не дзіва. З-пад самых ног яго вырываюцца сытыя, задрамаўшыя каля самай дарогі цецерукі.

Праз добрую гадзіну язды паказалася шырокая паляна з высокім узгоркам. Бацька збочыў з дарогі, паехаў прама па верасе, між нізкарослага сасняку. Потым спыніў каня, кінуў яму травы, адышоўся ўбок.

— Трэба паслухаць, ці няма каго ў лесе,— прамовіў ён. І толькі паспеў гэтак сказаць, як да слыху даляцеў гул. Хлопец дапытліва зірнуў на бацьку.

— Машыны ідуць. Немцы...

Лявон навастрыў слых, насцярожыўся. Дарога была непадалёку, за бродам.

— Тато, хачу паглядзець.

— Хадзем,— сказаў бацька.

Яны павярнулі да лясной дарогі. Перайшлі доўгі брод, поўны вады, пралезлі праз густы асіннік, потым па балоце сталі выбірацца на пагорак, на якім густа кусціўся алешнік. Чмякала пад нагамі вада, рыпелі, угінаючыся, імшыстыя купіны. Ды нішто — вось ужо і беражок з сухой ігліцай і нізкім вераском.

Гул набліжаўся. Бацька абмінуў узгорак, палез у роў, рассунуў у бакі маладыя алешынкі. Дарога была — рукой падаць. Яны ляглі і пачалі назіраць.

На паляну з-за сцяны хвойніку вынырнула чорная нізкая машына. За ёю выскачыла другая, трэцяя. Потым папаўзлі падводы абозу.

— Нашы? — затаіўшы дыханне, спытаў Лявон.

— Хіба не бачыш? — глуха адказаў бацька.— Адступаюць.

— Без бою...

Бацька сеў, адчайна махнуў рукой.

— Э-эх!..— з цяжкасцю выдыхнуў ён.

А па дарозе ішлі і ішлі машыны і падводы. Адтуль вецер данёс прагорклы бензінавы пах, ціхія галасы. Лявону здавалася, што ён бачыць дзіўны сон. Каб нашы ды так таіліся, ратаваліся, выбіраючы глухія дарогі і сцежкі!

Бацька падцягнуў халявы ботаў, вылез з рова і паволі пашыбаваў назад. За ім услед падаўся і Лявон. Вярнуўшыся на паляну да Мартынавай смалярні, яны схавалі ў пясчанай яме збожжа, асобна пад дубам закапалі лепшую вопратку.

Пад раніцу вярталіся ў вёску. І толькі конь выйшаў на дарогу і па карэннях загрукаталі колы, як ім наперарэз кінуўся чалавек.

Лявон скаціўся з воза і — у кусты, бацька на ўсякі выпадак схапіў у рукі сякеру.

— Не бяжы далёка,— папярэдзіў ён сына.

Да воза падбег узброены чалавек. Быў ён без шапкі, з забінтаванай галавой.

— Стой, дзядзька! — сказаў ён, падняўшы ўгару руку.

— Ну, стаю. А далей што? — незадаволена буркнуў Сымон Міхайлавіч.

Чалавек падышоў да воза. Яго ўжо можна было добра разглядзець — высокі, чарнявы, у вайсковым забруджаным адзенні. На нагах боты-кірзачы.

Лявон пасмялеў, выйшаў з кустоў.

— Ці не зробіце нам ласку, дзядзька,— сказаў вайсковец мяккім голасам.— Разумееце, наш таварыш паранены, мы яго нясём на шынялі. Баімся, каб не памёр... А нам трэба выбірацца...— адчуваючы сябе ніякавата, апраўдваўся вайсковец.

— Дзе ён? — спытаў Сымон Міхайлавіч.

— Хадземце пакажу.

За гайком на скрыжаванні дзвюх лясных дарог стаялі тры постаці. Сымон Пашук, пад’ехаўшы, ціха павітаўся. Пад бярозай на насілках, зробленых з шыняля, стагнаў малады чырвонаармеец.

— Вазьмі, бацька, і пастарайся паставіць хлопца на ногі,— сказаў цыбаты вайсковец у фуражцы з малінавым аколышам, кладучы раненага на воз.— Тут у гімнасцёрцы ўсе яго дакументы. А вось і карабін. Бярыце, спатрэбіцца,— нібы між іншым, заўважыў ён.

Лявон працягнуў руку да карабіна, але вайсковец пагразіў яму пальцам і перадаў асабіста бацьку.

— І куды ж мне яго везці? — задуменна спытаў Сымон Міхайлавіч і ўзяўся за лейцы.— У вёсцы — немцы...

— Схавай яго, дзядзька, у лесе. Можа, ёсць паблізу леснічоўка?

— У тым-то і яно, што нямашака. Ды ўжо ж мы нешта прыдумаем...— і таргануў каня.

Зашамацелі па пяску колы, зарыпелі нямазаныя восі.

— Бывай, таварыш,— салдаты, зняўшы пілоткі, замахалі ўслед.

Лявон ішоў ля воза, углядаючыся ў твар вайскоўца. Паранены ў сне стагнаў. Гімнасцёрка расшпілена, бачны валасатыя грудзі, губы сціснуты, не варушацца. Хлопец паправіў адкінутую на драбіну руку вайскоўца і адчуў, што яна дужа гарачая.

— Куды мы яго павязём? — спытаў Лявон.

— Пра гэта я і думаю,— ціха адказаў бацька.

— А што, калі павернем назад, да Жураўлінага вострава?

— Добрае месца. Лепшага не знайсці.

 

Раздзел дванаццаты

Жураўліны востраў у пяці кіламетрах ад вёскі, у глыбіні лесу. Каб дабрацца да яго, трэба мінуць некалькі брадоў, балотныя нізіны, прабірацца вузкай, малаезджанай дарогай. А старому Пашуку давялося туды ехаць ноччу. Нямала нацярпеўся паранены вайсковец — ён стагнаў, трызніў, скрыгатаў зубамі.

Дабраліся да вострава на досвітку. На ўсходзе нясмела загарэлася зара, абдымаючы небасхіл трапяткім пунсовым крылом.

Востраў знаходзіўся за багністым балотам, поўным вады. Сымон Міхайлавіч спыніў каня, перадаў лейцы Лявону, а сам пайшоў шукаць вядомую яму аднаму мясціну, дзе ёсць і купіны, і астраўкі з шэрага асінніку, дзе хоць і будзеш брысці па пояс у вадзе, але не правалішся ў чорную бяздонную дрыгву.

Добрую паўгадзіну не было яго чуваць. Нарэшце ён вынырнуў са змроку і коратка кінуў:

— Знайшоў.

Бацька загадаў сыну дапамагчы ўскласці параненага яму на спіну. Лявон шчыраваў з усіх сіл. Потым яны асцярожна сталі прабірацца па балоце.

І вось паранены на востраве. Ён ляжыць на мяккай мурожнай траўцы, пад галаву пакладзена торбачка, напакаваная сенам. Баец глядзіць у неба, на мігатлівую рознакаляровасць апошніх зорак, але нічога не бачыць і не чуе — непрытомны.

— Можа, перабінтуем нагу? — спытаў Лявон.— Яму стане лягчэй...

— Бачыш, бінт свежы... У нас будзе іншы клопат — трэ зрабіць будан. Пайшлі, сынок.

Сымон Міхайлавіч з сякерай у руках спешна падаўся да купкі маладога бярэзніку. Пачаў выбіраць і ссякаць дрэўцы. Лявон падхопліваў іх за камялькі, сцягваў да выспы вострава. Выспа была вялікая, успучвалася над навакольнай мясцовасцю доўгім ланцугом узгоркаў. На ёй сярод шырокіх пясчаных пляшын раслі высокія хвоі. А з бакоў падступала чарналессе — зараснікі асіны, ліпы, бяроз. Сям-там сустракаліся і разлапістыя дубы. Яны былі паважныя, самавітыя, ганарыста пазіралі на вечна мітуслівых, не ведаючых спакою суседзяў.

Будан рос увачавідкі. Сымон Міхайлавіч недарма лічыўся ў вёсцы найлепшым сталяром-цеслем. Ён умее і любіць працаваць з дрэвам. Пойдзе ў лес, прынясе два кляновыя чурбакі. Здавалася б, куды яны вартыя? Хіба толькі на дровы. А Сымон Міхайлавіч паколе іх, пастругае, і раптам бачыш сапраўднае дзіва: перад табой то пузатая дзежка, гатовая прыняць рошчыну для хлеба, то высокі кубельчык пад сала, то начоўкі, якія заменяць гаспадыні тазік ці ванначку.

Сымон Міхайлавіч карыстаўся ў аднавяскоўцаў вялікай павагай. Сталярствам і бондарствам мала хто займаўся. І дзядзька Пашук часта думаў, каму ён перадасць сваю нямудрую, але яшчэ так патрэбную навуку. Вядома, было б вельмі прыемна, каб уласныя дзеці пайшлі па яго шляху, палюбілі лашчыць фуганкам і гэблікам драўніну. Але так склалася, што Андрэя пасля заканчэння сярэдняй школы абраў агульны сход калгаснікаў брыгадзірам. Час ад часу ён, праўда, дапамагаў бацьку рабіць вазы, сані. Але бачыў стары: не прыкіпеў як след да рук сына ні фуганак, ні звычайная сякера. А потым Андрэй пайшоў у армію і, бачыш ты, за якіх два гады стаў лейтэнантам.

Сымон Міхайлавіч разумее: цяпер не тыя часы. Колькі з’явілася новых прафесій! Цяпер аднавяскоўцы выйшлі хто ў аграномы, хто ў трактарысты ці настаўнікі. А як яму, Сымону, давялося выбівацца ў людзі? Ой, нялёгка, і ўспамінаць аб гэтым не хочацца.

«Дзе ж гэта Лявон? — Пашук аглядае палянку і недалёкі хмызнячок.— Пара ўжо пераносіць байца — будан гатовы».

— Лявон! — ціха гукае бацька.

Але адказу няма. Ужо світанне гаспадарыць не толькі ў небе, але і на зямлі. З палянкі адступаюць у глыб гушчару дрымотныя цені, і ўсё як бы весялее наўкол. Паступова адкрываецца прастора — у адных месцах перакрэсленая меднымі стваламі сосен, у другіх — закіданая бураломам, у трэціх — з невялікімі пеньчукамі і пясчанымі гарбінкамі.

Пашук падыходзіць да байца, сядае каля яго, слухае, як той дыхае. Дыханне няроўнае, зменлівае. Баец спіць, забыўшыся на рану, на пакуты. «От і добра,— думае Сымон Міхайлавіч.— Сон бывае гаючым».

У двух-трох кроках стаіць невысокай пірамідай будан. Страха яго старанна прыкрыта дзёрнам. Нават у дождж тут будзе слаўна.

«Дзе ж, на самай справе, Лявон?» — азірнуўся бацька. Стары абыходзіць сямейку маладых рабінак, што ўзбеглі і як бы застылі на пагорку, потым ідзе далей, у алешнік, да балотца. Хоць Жураўліны востраў лічыўся цяжка даступным месцам, куды рэдка хто дабіраўся, хіба толькі паляўнічыя ды ляснікі, але і тут былі сцяжынкі, і пеньчукі з круглымі лысінамі ад пілы, і чорныя плямы ад кастроў.

Лявона Сымон Міхайлавіч усё-такі ўгледзеў. Хлопец сядзеў, прываліўшыся да дрэўца, і соладка спаў. Раніца паружовіла твар. Над ягонай галавой нямоўчна, апантана сыпалася срэбра птушыных песень. І так было хораша бацьку на душы ад гэтай мірнай карціны, што ён утрымаўся і не пабудзіў сына.

Хоць была праведзена трывожная ноч, але яму самому спаць не хацелася. Ён рашыў тым часам заняцца якой-небудзь справай. «Што будан зроблены, гэта добра,— разважаў ён.— Тут байцу давядзецца жыць. Вядома, хтосьці павінен даглядаць за ім. А хто? Відаць, даручыць трэба будзе ці жонцы, ці Лявону,— рашыў Пашук.— Клопатна будзе, небяспечна. Але што зробіш? Не кінуць жа байца аднаго...— І тут яму міжвольна прыгадаўся Андрэй.— Дзе ты, сынку? — спагадна прашаптаў стары.— Па якіх дарогах, шляхах ідзеш? Можа, як і гэты баец, недзе паранены». Самота агарнула сэрца, але Сымон Міхайлавіч сцепануў плячыма і як бы адкінуў яе прэч. Клопат павёў старога праз балота да каня. Зноў чвякала пад нагамі балотная хлюпата, зноў давялося хапацца, каб глыбока не праваліцца, за купіцы, за чубы кустоў.

Конь ад доўгага чакання і адзіноты непакоіўся, бразгаў вуздэчкай, касіў на гаспадара вялізным ружовым вокам і, па ўсім было відаць, прасіўся, каб яго вызвалілі ад збруі, пусцілі на пашу.

Пашук спагадна паляпаў каня па шыі, падышоў да воза, дастаў з-пад сена рыдлёўку. Закурыўшы, зноў пайшоў цераз балота.

Вярнуўшыся на востраў, доўга тупаў туды-сюды па палянцы, заглядваў у цяністыя гайкі, шукаў мясціны, дзе можна было б выкапаць невялічкі калодзеж. Ля самага балота капаць было нельга, калодзеж заплыў бы рудой стаячай вадой.

І вось, папляваўшы на рукі, ён ударыў лязом рыдлёўкі ў грунт. Калі быў адгорнуты ўбок цяжкі травяністы дзёран, справа пайшла лягчэй. Калодзеж памалу набываў свае абрысы, рос углыб. Неўзабаве пад рыдлёўкай зачвякала вада.

Праз якую гадзіну лясны калодзеж быў гатовы. Сонца хоць узышло, але яго не было відаць. Яно варочалася недзе за густым веццем дрэў. Неба было чыстае і свежае, поўнае ранішняй прахалоды і мірнай лясной цішыні.

Пашук выцер далонню ўзмакрэлы лоб, адклаў рыдлёўку. Ён садраў вялізную бяросту і пачаў рабіць вядзерца. Бяроста мяккая, пахучая, б’е ў твар настоем свежага соку, але асабліва яна мілая і прывабная, таму што ўпрыгожана дробнымі чорнымі рысачкамі.

Вядзерца атрымлівалася як мае быць. Засталося прыладзіць дужку — і бяры, калі ласка, у рукі, чэрпай з вільготнай лясной ямінкі асвяжальны, настоены на карэннях і травах, напітак.

Нечакана неба ўгары запаланілася громам. Праз якую хвіліну ў ясным блакіце праплыла чарада цяжкіх фашысцкіх бамбавозаў. Пашук аж прыгнуўся ад нейкага няяснага ўтрапення. Гул матораў заглушыў разлівісты спеў птушак, мяккія лясныя шолахі. Але Пашук раптам пачуў скрозь грозны натужны рокат чалавечы голас.

Ён рэзка павярнуўся, думаючы, што на востраў зайшоў нейкі старонні чалавек.

Але голас належаў параненаму байцу.

Ён крычаў, махаў рукамі, намагаючыся ўстаць. Галава была задзёрта к небу. Пашук подбегам кінуўся да байца. Калі Сымон Міхайлавіч наблізіўся, паранены здзіўлена і насцярожана ўтаропіўся ў яго гарачымі вачыма.

— Фашысты ляцяць! Фашысты! — крыкнуў ён проста ў твар Пашуку.— Дзе мой самалёт?..

Пашук схапіў яго за плечы, прыціснуў да зямлі.

— Супакойся, таварыш! Супакойся!.. Табе нельга кратацца. У цябе ж рана...

— Якая рана? — вытарашчыў вочы баец.— Мне напляваць на рану. Дзе мой «ястрабок»? Дзе?—і, схапіўшы сябе за галаву, не загаварыў, а застагнаў: — Я быў у небе. Так, я біўся... О, паганцы! Як жа гэта здарылася? «Ястрабок» загарэўся... Так, так. Я добра помню, загарэўся. Яны прашылі яго кулямі, білі з гармат... І я... Чаму я тут?..

— Супакойся, таварыш! — суцяшаў Пашук.— Твае сябры пайшлі к Гомелю. Табе будзе добра. Мы цябе вылечым, выхадзім. Ты будзеш іх зноў біць-калашмаціць, праклятых.

Ад рокату матораў прахапіўся Лявон. Ён бег, на хаду праціраючы кулаком заспаныя вочы.

— Што з ім, тата?

— Гэта ж, сынок, лётчык. Аказваецца, яго збілі... Ён хвалюецца...

— Збілі? — здзівіўся Лявон.

Паранены зрабіў яшчэ некалькі рэзкіх рухаў, а потым раптам абмяк. Галава яго ўпала на падушку.

— Піць...— прашаптаў ён.

— Лявон, там калодзеж,— паказаў бацька рукой.— Прынясі ў вядзерцы.

Хлопец падхапіўся і імпэтна, у адну хвіліну, прынёс вады. Лётчык прагна дапаў да вядзерца. Наталіўшы смагу, зірнуў на сваіх выратавальнікаў са спагадлівай удзячнасцю, ціха застагнаў.

Цяжка было вызначыць, колькі год параненаму. Яго твар, замурзаны пісягамі ад дыму, з прыпухлінкамі пад вачыма, з тоўстымі патрэсканымі губамі, здаваўся немаладым. Шчацінне няголенай барады было рэдкае і мяккае.

Зноў завуркатала разлеглым гулам неба. Але як ні ўглядаліся Лявон з бацькам у блакіт, на гэты раз яны не ўбачылі самалётаў. А так іх хацелася пабачыць! У душы жыла, цяплілася надзея: вось-вось з'явяцца ў вышыні ясназорныя, доўгачаканыя «ястрабкі», пасланыя Масквой. Тады можна было б падняць лётчыка і сказаць: «Глядзі, хлопча, ляцяць твае сябрукі. Яны адпомсцяць за цябе».

— Што будзем рабіць? — спытаў Лявон.

— Аднаму трэ ехаць дадому, а другому аставацца. Лётчыка нельга пакідаць аднаго,— прамовіў бацька.— Тым часам давай перанясём яго ў будан. Толькі асцярожна,— папярэдзіў стары.

Акуратна ўзяліся, падхапілі і занеслі ў лясную хатку. Лётчык застагнаў, затузаўся, але тут жа супакоіўся. Паклалі ўзбоч яго карабін.

— Я застануся, тата. А ты едзь,— Лявон сеў ля ўзгалоўя лётчыка, паправіў падушку, каб яму было ямчэй ляжаць.

— Калі прачнецца, паі вадой і, барані божа, не давай уставаць. Бач, як разнесла нагу,— папярэдзіў сына Пашук. Потым падняў з долу рыдлёўку, прыставіў яе да будана. Сякеру заткнуў за пояс і выйшаў на сцежку.— Прышлю сюды маці.

Пад нагамі Пашука зарыпела старая ігліца, высланая дываном пад гонкімі соснамі, і неўзабаве яго постаць знікла за дрэвамі і кустамі. Прызыўна дзесьці за балотам заржаў конь. А навокал звінела птушыным гоманам цішыня. Па шыбіне неба, пакладзенай у раму лесу, слізгалі рыхлыя белаватыя воблакі.

Лявон устаў, азірнуўся. Вось ён і на Жураўліным востраве, трапіць куды было даўнім яго жаданнем.

 

Раздзел трынаццаты

Сымон Пашук вярнуўся ў вёску пасля раніцы. Дома яго чакала ля варот жонка. Убачыўшы, што гаспадар едзе адзін, яна збялела, кінулася да воза.

— Сымоне! Божухна! Што здарылася? Дзе Лявон?

Сымон нацягнуў лейцы, прытрымліваючы каня, і прыцішана сказаў:

— Не галасі, Ганно. З сынам усё добра. Лепей раскажы, што тут у вас.

— Што ў нас? Ето ж, што і было. Гэныя анціхрысты рабуюць, скачуць, не раўнуючы, як перад канцом свету.

Сымон уехаў у двор і пачаў распрагаць каня. Тым часам Ганна, выціраючы заплаканыя вочы, расказвала ўсё па парадку. Вядома, яшчэ і яшчэ раз успамінала сям’ю Саладухіных.

— Як яны цяпер будуць жыць? Куды падзенуцца?

— Няхай да нас ідуць...

— Папросяць і не адкажамо,— згадзілася маці.

— Ганно, хацеў я цябе паслаць у лес...

— Ето ж чаго? — страпянулася кабета.

— Як чаго? Да Лявона. Яму аднаму не справіцца там,— і, памаўчаўшы, дадаў:—Цяпер я ведаю, каго паслаць туды — Зосю!

Ганна з недаўменнем глядзела на Сымона. Аб чым ён гаворыць? Паехаў, каб што-кольвечы прыхаваць са збожжа, а вярнуўся з нейкімі не то даручэннямі, не то просьбамі. Да таго ж Лявона аднаго ў лесе пакінуў.

— Не мучай, калі ласка. Раскажы, што ето за планы ты дзіўныя строіш?

Сымон вывеў за сядзібу каня, стрыножыў і пусціў пасвіцца. Праходзячы міма бальшака, спыніўся, доўга разглядаў напластаваныя ўдоўж і ўпоперак сляды гусеніц і цяжкіх колаў. Потым плюнуў сабе пад ногі, ляснуў пугаўём па галянішчы і пашыбаваў да хаты. Ганна ставіла на стол абед.

— Во што, жонка,— сказаў ён.— Я схаваў не толькі наша збожжа, але і добрага чалавека.

— Бог з табой! — пляснула рукамі Ганна.

Сымон паспешліва адрэзаў лусту хлеба, пасыпаў яе, як звычайна, соллю і, раптам адклаўшы ўбок, пачаў расказваць аб нечаканай сустрэчы ў лесе, аб будане на Жураўліным востраве, аб Лявоне. Ганна слухала зачаравана, як казку, штохвіліны перапыняючы расказ то цяжкім уздыхам, то ціхімі «божухна», «бацюхна».

— А Лявон нічога не еў? Бедненькі... І адзін тамака? Што ж будземо рабіць?

Ганна хадзіла па хаце, заглядвала нечага ў вокны, перастаўляла на лаве посуд, было відаць, збянтэжылася, разгубілася ад усяго пачутага.

— Во я і кажу,— прамовіў Сымон, варочаючы лыжкай у місе са шчаўем.— На выспу трэ паслаць Зосю. Там будан... І мы будзем наведваць, памагаць, яду насіць. Трэ ж неяк паставіць чалавека на ногі.

— Ой, Сымоне, ублытаўся ты ў гэтую справу. Глядзі, спаляць анчыхрысты нас, павесяць...— сказала здаўленым, прыгнечаным голасам. Яна хавала свае вочы ад вачэй мужа, бо баялася, што ён убачыць нешта большае, чым адчай і страх.

— Дык што ж, па-твойму, чалавеку паміраць, ядрона качалку? — узлаваўся не на жарт Сымон.— Мне лётчыка перадалі камандзіры нашай арміі.

— Шкада лётчыка. А ўжэ ж, шкада...— замармытала кабета.— То хіба я не разумею... А табе, Сымоне, могуць за гэта ражно ўсадзіць у бок.

— Не мянці языком. Што будзе, таго прычакаем,— строга адказаў Сымон.— А цяпер хутчэй ідзі да Саладухіных, пакліч Зоську. Чуеш?

Ганна пачакала хвіліну, нібы раздумваючы аб усім, потым накінула на галаву хустку і выйшла з хаты.

Сымон паснедаў, закурыў, выйшаў на ганак. За прыгуменнем, на лужку, было чутно, як скубе траву конь. Вёска, атуленая зялёнымі шатрамі садоў, прыціхла, насцярожылася. Толькі сяды-тады то ў адным канцы вуліцы, то ў другім чулася, як гарланяць на ўсё горла пеўні. Сонца свяціла ціха і хораша, хмурынкі спяшаліся да яго, імкнучыся прыкрыць, каб каўзануцца па зямлі прахалодным, мяккім ценем. Але гэта ім не ўдавалася: усякі раз яны вокамгненна драбнелі, таялі і, нарэшце, бясследна знікалі, як здані.

Сымон пайшоў да брамкі, каб зірнуць, што робіцца ў другім канцы вёскі. Вуліцу засцілала сіняватая смуга: сям-там дыміліся, дагаралі кастры. Але гітлераўцаў не было ні чуваць, ні відаць, яны, наласаваўшыся прысмакамі, свежанінай, ляжалі дзе-небудзь уверх жыватамі ў густым цяньку.

Падумалася аб Ганне. У душы варухнуўся неспакой — хаця б яна не наткнулася на немцаў. Нечакана з двара Змітра Адамца выйшаў Антон Буй. Ён разгублена азірнуўся, а як убачыў Сымона, рашуча падаўся да яго.

— Добры дзянёчак, Сымоне,— сказаў Антон, уваходзячы ў двор.

— Які там добры, чарней ночы, каліна-маліна,— махнуў рукой Сымон.

— Ох, і не кажы, братачка,— спахмурнеў Антон.— Што за напасць такая? Здаецца, страшны сон...

— Кажуць жа: не баіцца мельнік шуму,— паспрабаваў пажартаваць Сымон.— Што цябе непакоіць?

Твар Антона балюча перасмыкнуўся. Ён павярнуўся ў паўночны бок вёскі і, тыцнуўшы пальцам у невялікі цагляны будынак, з доўгай вузкай трубой, сказаў:

— Бачыш, што там стаіць?

— Як не бачу — млын!

— Дык што мне рабіць, братачка? — Антон зноў спалохана азірнуўся і збянтэжана заміргаў.— Ці ўзарваць кацёл лакамабіля? Ці проста адцурацца ад млына: што будзе, то будзе. Я ж адказваю за яго, сэрца маё баліць...

Сымон зацягнуўся папяросай, задумаўся. Маршчакі на яго твары зрабіліся суровыя, строгія. Вочы глядзелі некуды далёка, за вёску.

— А ты Уласа Какоры не пытаўся? — раптам прамовіў Сымон.

— Быў у яго. Ды, кажуць, нямашака дома. Відаць, хаваецца. Яго шукалі немцы.

— Дык што ты рашыў сам?

— Па-мойму, трэба ўзарваць кацёл,— няўпэўнена прамовіў Антон.

— Дурная ў цябе галава,— узлаваўся Сымон.— Ты лепшага нічога не мог прыдумаць? Ты хіба не бачыў, як бамбілі Свержань? Ага, бачыў. Дык ведай, бомбамі там раскрышылі-размалацілі амаль увесь пасёлак. А ад прамкамбіната — з млынам і лесапільняй — мала чаго асталося. Дык ты ведаеш, садовая твая галава, што наш млын цяперака астаўся адзін на ўсю акругу. Адзін!

— Значыць, трэ ратаваць? — вочы ў Антона неспакойна забегалі.— Братачка, а як жа?

— Трэ знайсці Какору Уласа. Ён галава ўсім нам, ён і скажа, што рабіць. Хадзем разам,— загарэўся Сымон.— Зразумей, як мы будзем жыць, калі млын немцы забяруць ці разбураць? Жорны круціць, як некалі? Не, дудкі, на гэта я не згодзен, ядрона качалку.

Мужчыны рушылі ў завулачак, што ўпіраўся апошнімі хатамі аж пад самы лес. Дамок Какоры быў перадапошні. Каб не выклікаць падазрэння ў немцаў, мужчыны рашылі ісці паасобку. Першым шыбаваў Антон. Доўгі, з прыгнутымі плячыма, у ношанай скураной кепцы, ён выглядаў чалавекам, які, здавалася, адчуваў, як ззаду па яго пятах ішло нейкае вялікае неадчэпнае гора. Сымон крочыў, як звычайна, з папяросай у руках. Крочыў нібы так сабе, каб падыхаць свежым паветрам, сустрэць суседа, пагаманіць з ім, даведацца аб навінах.

У многіх хатах былі наглуха зачынены аканіцы. У двары Лішая, на здзіўленне Сымона, таксама не было парадку: зламаны невысокі парканчык, праз увесь агарод ляжыць разлапістая ліпа.

Падышоўшы да дамка Уласа Какоры, Сымон спыніўся, нібыта прыпаліць папяросу. А тым часам непрыкметна азірнуўся. У завулку нікога. Не відно нідзе і Антона Буя. Сымон рашуча ўзышоў на ганак, адчыніў сенечныя дзверы. Да слыху даляцела гаворка. Антон размаўляў з старшынёвай жонкай.

Сымон затупаў у сенцах. І адразу з хаты выйшаў Антон.

— Няма? — спытаў Сымон, хоць пытанне гэта было недарэчнае.

— Няма. Хадзем,— ціха прамовіў Антон.— Усё раскажу пасля.

Упэўніўшыся, што навокал няма небяспекі, назад яны ішлі разам. Спачатку маўчалі. Антон, здавалася, стаў спакайнейшы і больш бадзёра ступаў па зямлі.

— Ну, што сказала Кацярына? Надоўга ён схаваўся? — не сцярпеў Сымон.

— Братачка, ненадоўга,— прамовіў Антон, часта міргаючы вачыма.— Кацярына сказала, што, як пройдуць немцы, ён вернецца. А на выпадак, калі застануцца, прасіла наказаць праўленцам, каб усе тайна паслязаўтра сабраліся ў хаце лесніка Ігната Дулі. Там іх будзе чакаць Улас.

Сымон прыцішана крактануў. Што ж, няблага прыдумана.

— А ты, братачка, прыйдзеш? — спытаў Антон.

— Хоць не член праўлення, а буду. У мяне да Уласа размова.

Мужчыны дамовіліся, што паведамяць усім праўленцам аб наказе Уласа Какоры.

 

Раздзел чатырнаццаты

Бацька пайшоў. Неўзабаве за ім заціхла бульканне вады і шамаценне лазняку. Лявон адчуў сябе гаспадаром вострава. На ўсходзе стаяў сасняк, на поўдні лесвіцай-горкай пачыналася чарналессе, поўнач і заходні бок былі замкнуты дробным асіннікам і лазняком. І сапраўды выходзіць, што тут востраў маладаступны, неабжыты. Раней сюды мала заглядвалі людзі. Прыйшоў, аднак, час, і ён, гэты востраў, бач, аказаўся дужа патрэбны. Вось ужо на ім стаіць буданчык, ёсць лясны калодзеж. А праз колькі дзён могуць сюды прыйсці Улас Какора, настаўнік Пятро Ермачэнка... Іх хочуць злавіць фашысты, і яны недзе хаваюцца.

Вось як абярнулася сустрэча з адступаючымі вайскоўцамі. Яны з бацькам правільна зрабілі, што прывезлі сюды лётчыка. Ніякі фашысцкі сабака сюды не прабярэцца. Праўда, лячыць яго будзе цяжэй. Ды і карміць таксама. Але нішто. Маці сюды хутка прыйдзе, а рукі ў яе залатыя.

Гэтак разважаючы, Лявон тупаў каля будана, разглядаў востраў, прыкмячаў, дзе ляжаць гнілыя калоды, дзе і якія растуць травы. Потым падышоў да ўвахода ў будан, прыслухаўся, як дыхае лётчык. Той ляжаў бокам, параненае бядро было аголенае, у заскарузлых, барвовых ад крыві бінтах. Лётчык спаў, але праз сон калі-нікалі прарываўся ціхі стогн.

Шкада лётчыка. Ён прысеў і рукой дакрануўся да яго хромавых запыленых ботаў — ласкавасць душы вылілася ў гэтым жэсце. Хлопцу было радасна, што бацька даручыў яму лётчыка, што цяпер ён за яго ў поўным адказе. Калі нават здарыцца, што раптам сюды нахопяцца фашысты, Лявон павінен усё зрабіць, каб яны не захапілі лётчыка.

«Чакай? А чым ён будзе адбівацца ад іх? У яго ж няма ніякай зброі. Сякеру і тую забраў бацька. Ёсць жа карабін! Бацька прыхаваў яго ў будане. Во ляжыць у доле пад самай стрэшкай».

Рукі самі пацягнуліся да зброі. Лявонава душа аж затрапяталася. Карабін? А цяжкаваты ўсё-такі! Лявон павярнуўся к сонцу, прыўзняў карабін на ўзровень грудзей, нейкі момант яго разглядаў. Блішчастая, адпаліраваная ложа, прыклад з жалезнай накладкай і руля... Прыцэльная рамка на рулі і мушка. Ускінуўшы карабін да пляча, Лявон прыжмурвае вока.

Рука моцна абхапіла ложа карабіна, і хлопец раптам адчуў, што ўказальны палец лёг на спускавы кручок і вось-вось націсне на яго.

«Чакай, а ці зараджана зброя?» Ён тузануў затвор, адвёў яго назад, з патронніка выскачыў патрон, пераляцеў цераз плячо і ўпаў у мурог. Лявон нагнуўся, падняў яго. На далоні ляжаў жоўты патрон з шэрай куляй на канцы. Хлопец глянуў у проразь магазіннай каробкі і ўбачыў патроны. «Павінна быць пяць,— разважыў хлопец.— Есць чым адбівацца, калі якое ліха».

Ён запіхнуў назад у патроннік патрон, зачыніў затвор. Карабін быў гатовы да бою. Хлопец падышоў да будана, стаў каля ўвахода, як сапраўдны баец, прысланіўшы справа да нагі карабін. Гэта ён паказваў сам сабе, як трэба стаяць на пасту ў каравуле.

Стаяў хлопец нерухома хвілін дзесяць, разглядаючы ўперадзе бляклае ранішняе неба, хмаркі на ім ды сочачы, як пад ветрам гойдаюцца вяршыні соснаў, як пералятаюць над імі нейкія птушкі.

От жа хацеў хлопец, каб гэтай парой з’явіўся сюды хто-небудзь з яго сяброў, ну хаця б Нікадзім. А калі Юрка? Юрку сюды, на востраў, пускаць нельга. Ён — сын здрадніка. Убачыць, куды схавалі савецкага лётчыка, пойдзе ды раскажа бацьку. А той — фашыстам... Не, ад Юркі трэба быць падалей. Ніякіх яму сакрэтаў. Ніякіх!..

Лявон радасна ўздыхнуў, сышоў з месца. Цяпер на востраве ён адчуваў сябе як дома.

Сонца падымаецца ўсё вышэй і вышэй. Раса на травах высахла. Мацнейшы стаў вецер. Ён тузае за вяршыні дрэў, матляе іх галіны, гулліва лётае па востраве, шамаціць травой і дробным асіннікам.

Хутка прыйдзе маці. Яго з карабінам яна не павінна бачыць. Адразу спытаецца, дзе ўзяў, чый. А калі даведаецца, што гэта лётчыкаў карабін, прымусіць пакласці на месца. Вядома, Лявон назад не пакладзе. Цяпер ён будзе яго, пакуль не паправіцца лётчык. Трэба спешна прыхаваць.

Адышоўшы ад будана крокаў на пяцьдзесят, схаваў карабін у густую асаку, якая шарэла вялікай лапінай пры беразе вострава.

Хлопцу закарцела піць. Спакваля падаўся ў бок калодзежа. Спыніўся над ямай, на адзін край якой была пакладзена тоўстая калодка, глянуў уніз. І ўбачыў самога сябе, як у люстэрку: бялявы калматы чуб, круглаваты твар і дзве жарынкі вачэй. Усміхнуўся, нібы ўбачыў даўняга знаёмага. Папіў з вядзерца. Вада не сказаць каб была смачная, але прахалодная.

Даўно ўжо мінулася пара сняданку. Хацелася есці. Калі ехалі з бацькам у лес, нічога не прыхапілі з сабой. Хлопец зазірнуў пад некалькі пянькоў. Ля аднаго з іх, сасновага, старога, была лапінка сунічніку.

Яна і падарыла хлопцу некалькі ягадзінак. А пах які яны мелі! Ён не падобны ні на мядовы, ні на любы кветачны. Своеасаблівы, тонка-салодкі, народжаны, відаць, на сумесі ўсіх зямных сокаў. Яшчэ абышоў некалькі пеньчукоў, але ўсюды было пуста. Сям-там трапляўся чарнічнік, але ягады на ім былі яшчэ няспелыя.

Хлопец з нецярплівасцю стаў чакаць маці. Яна павінна прынесці чаго-небудзь абавязкова. Лявон павярнуўся да балота, праз якое яны прабіраліся з бацькам уранку сюды, стаў услухоўвацца.

Балотныя зараснікі шамацелі лісцем асінак, праціналіся піскам дробных птахаў. Хлопец падлічваў, што ў поўдзень, не пазней, павінна з’явіцца маці. Ён нават вымераў крокамі свой цень. Тры крокі было. Два ў сярэдзіне лета паказвалі вышыню дня.

На чаканне заставалася добрая гадзіна. Хлопец глянуў на будан, на калодзеж і тут раптам зразумеў, што ў яго ёсць важны занятак. Маці спатрэбіцца гарачая вада для раненага. Значыць, трэба хутчэй брацца за справу, цягаць да месца вогнішча ламачча. Яго тут хапала ўсякага: і сасновага, і дубовага, і бярозавага. Хлопец выбіраў сухія, смалістыя абломкі сасны — для кастра проста такі незаменныя. Набіраў абярэмкі не абы-якія: калі ішоў, дык ледзь не валіўся ад цяжару. У адным месцы зачапіўся за куртаты пяньчук і з ламаччам паляцеў на дол. І во — прапароў калена на востры сук. Закасаўшы калашыну, агледзеў рану. Па назе бегла кроў. Ён схапіў лісток папаратніку, расцёр і прыклаў да нагі. З хвіліну чакаў, не адрываючы рукі ад ранкі. Боль паступова паменшыўся.

У такім клопаце застала яго Зося Саладухіна. Лёгкая, нячутная, яна, як здань, паўстала перад хлопцам.

— Лявон, што з табой? — невысокая, з пышнымі валасамі, прыціснутымі бэзавай касынкай, яна ў здзіўленні глядзела на яго.

— Чакаў маці, а прыйшла ты. Во здорава. Гэта лепш,— адзначыў задаволены хлопец і дадаў:—Не бачыш, прызямліўся.

— Ну, пакажы калена,— падсела побач дзяўчына. На дол яна апусціла невялікі мех, напалову нечым напакаваны. На пянёк паставіла лямпу без шкла.

— Ого, як ты падрыхтавалася.

— А то як жа. Паранены чалавек, як яго даглядаць ноччу?

— Твая праўда. Маладзец,— пахваліў хлопец Зосю. Адняў руку ад калена. З ранкі паказалася кроў.

— Дай забінтую.

— Не турбуйся. Зажыве як на сабаку.— Хлопец папляваў на калена, размазаў пальцам сліну.— Вось і ўсё лячэнне.

— Як хочаш,— паднялася з долу Зося.— Дзе паранены?

— У будане ляжыць. У сне стогне. Відаць, рана вельмі балючая.

— Распальвай касцёр,— папрасіла Зося.

Мяшок яна скінула каля будана. Лявон паставіў каля яго лямпу. Дзяўчына спачатку агледзела будан, абышла яго вакол.

— Умее твой бацька рабіць. Як лялька.

— Дрэва ў яго руках аж смяецца — людзі так кажуць.

Дзяўчына зняла касынку, валасы яе, густыя, каштанавыя, рассыпаліся, яна іх паправіла, прыхарашылася.

— Прыгожая, прыгожая,— назіраючы за Зосяй, шчыра адзначыў Лявон. І вось яны ўдваіх, стаўшы на каленкі, разглядаюць лётчыка. Зося кранула бінты рукой, незадаволена пакруціла галавой. Потым падсела да ўзгалоўя лётчыка, пачала лічыць на яго руцэ пульс.

— Сэрца ляціць...— ціха і засмучана прамовіла яна.— У яго — жар. Справа сур’ёзная,— тут жа падхапілася, глянула на ногі лётчыка і з папрокам кінула : — Эх, мужыкі, мужыкі! Чобата з нагі зняць не дадумаліся.

— Навошта яго здымаць? — не зразумеў хлопец.

— Хм, навошта? Нага яго распухла, чобат яе сціснуў, туды ж не даходзіць кроў.

— Вось яно як! Дык давай сцягнем. Невялікі клопат.

— Нож у цябе ёсць?

— Ёсцека. Во,— дастаў ён з кішэні сцізорык.— Перад канікуламі ў даўгавязага Алёхі выменяў. Востры, як брытва.

— Пары галянішча. Не, давай я сама,— раптам перамяніла рашэнне дзяўчына.

Зося засунула лязо сцізорыка пад галянішча, і тут жа ён пабег уніз. Чобат зняўся зусім лёгка.

— Палі касцёр. Цяпер я сама ўпраўлюся.

Лявон стараўся як мог. Добра было з Зосяй. Бач, яна шмат што можа. Дзе навучылася? Пасля сямігодкі за паштальёнскую торбу ўзялася. А ведае, як абыходзіцца з раненым.

Калі касцёр запалаў як мае быць, Зося падышла да мяшка, выцягнула з яго коўдру-саматканку, белы, вышываны на канцах ручнік, жалезны кубак, тры лыжкі і чыгун. Дастала хлеб, кілаграмы два бульбы і ладны кус сала, загорнуты ў белае палатно. У хлопца пацяклі слінкі.

— Дай хлебца,— папрасіў ён.— Галодны як чорт.

— А што, я табе не даю? Бяры,— мякка прамовіла Зося, — і сальца адрэж. Яго твой бацька мне перадаў.

— Што там у вёсцы? — зацікавіўся хлопец, калі пачаў сілкавацца.

— Што, што? Фашысты... Як зграя варон. Усё хапаюць, рабуюць, нішчаць. Шукаюць Какору, Ермачэнку. А Лішай во так нос задраў, кійком не дастанеш.

— Дастанем,— паабяцаў Лявон.

— Уга, які ты храбры! — выказала недавер дзяўчына.

— Вось і храбры! — стаяў на сваім Лявон.— Пабачыш.

— Будзем глядзець пасля, а цяпер прынясі мне вады. Тут ёсць вада?

— Бацька калодзеж выкапаў. Вунь там,— і паказаў рукою.

Зося падала хлопцу чыгун, і Лявон праз некалькі хвілін быў ля кастра з вадою. Зося прыладзіла чыгун на вогнішча з падветранага боку, прыкрыла яго бляшаным кружком.

— Што робіць Нікадзім? — папытаўся хлопец.

— Анічога. Маці яго на вуліцу не пускае. Але ён, анціхрыст, вырываецца і гойсае па вёсцы. Мы баімося, каб ён не ўпароў якую штуку. Шыбенік такі ж, як і ты,— задзірыста глянула ў твар хлопцу.

— Бач, а без шыбеніка ты не можаш абысціся.

— Гэта праўда, не магу,— лагодна ўсміхнулася Зося.

— Фашысты вашу хату разбурылі, дзеда скалечылі...

— Магло быць і горш.

— Трэба іх за гэта правучыць,— зазначыў Лявон.

— Правучыш! Бачыў, якія яны ўзброеныя. З ног да галавы. І ўсё крычаць: «Хайль Гітлер!»

— А мы павінны адказаць: «Смерць Гітлеру!»

— Лявон, Лявон, дальбог, ты мне падабаешся. Галоўнае, носа не вешаеш. А некаторыя — пра дарослых кажу — насы паапускалі. Кажуць, гарадзілі, гарадзілі агарод — і селі макам.

— Хто сеў, таго трэба падняць,— выціснуў, як мудры дзед, Лявон.

— Цяжка будзе. Мы, не забывай, у палоне.

— I ў палоне можна нож натачыць. Ды — у спіну!

Зося весела ўсміхалася.

— Ой, Лявон. Гляджу і не пазнаю — перамяніўся ты. І як быццам падрос. Мужчынам становішся.

— Час такі прыйшоў, Зося,— уздыхнуў хлопец. Дзяўчына нахмурылася, уздыхнула таксама.

— Вось і вада закіпела,— яна адсунула чыгун, які пырскаў на касцёр варам.— Дапаможаш мне перабінтаваць лётчыка і бяжы дамоў. Так твой бацька загадаў.

Зося і Лявон каля гадзіны завіхаліся каля вайскоўца. Бінты так закарэлі, што мала дапамагалі і адмочкі.

Лётчык прачнуўся, здзівіўся, што каля яго людзі.

— Дзе я? — спытаў ён асмяглымі вуснамі.

— Не хвалюйцеся. Сярод сваіх. Мы во рану прамыем, і вам стане лепш,— з пяшчотнасцю ў голасе сказала Зося.— Патрывайце крыху. Патрывайце, ведаю, баліць.

Абмыўшы рану вадой, дзяўчына папрасіла:

— Падай, Лявон, пляшачку,— і растлумачыла: — Спірт патрэбны, але і самагонка, мне здаецца, сыдзе.

Яна абліла рану самагонкай і тут жа пачала падціраць тампонам з паркалю сукравіцу.

Лётчык тузаўся, нешта як бы мармытаў. Потым папрасіў:

— Піць!

Тут Лявон пачаў ужо старацца. З берасцянага вядзерца, што стаяла пры будане, зачэрпнуў карэц вады, падсеў да лётчыка і дапамог напіцца. Гімнасцёрка яго была падпяразана жоўтым новым рэменем з падсумкам. «У ім павінны быць патроны». Ад гэтай думкі пабеглі, закружыліся развагі. Хлопец глянуў на Зосю, потым на лётчыка, адставіў убок карэц і сказаў:

— Рэмень трэба паслабіць, а то дыхаць замінае.

— Паслаб, Лявон, паслаб,— згадзілася дзяўчына.

Хлопец не проста паслабіў, а зусім расшпіліў рэмень, нават выцягнуў з-пад лётчыка і беражліва паклаў у кут будана.

— Як вас завуць, таварыш лётчык? — спыталася Зося, папраўляючы рассыпаныя на плячах валасы. Глядзела на яго замілавана.

— Арцём Белы,— кволым нямоглым голасам адгукнуўся лётчык.

Мала ў чалавека было сілы. Яго трэба было ратаваць, трэба было добра паіць і карміць.

— Есці хочаш? — зноў звярнулася Зося.

— Не-а,— і пакруціў галавой.

— А мы цябе, Арцём, пакормім. Табе трэба сіла, здароўе. Разумееш? Толькі ты мне, калі ласка, не пярэч. Тут я цяпер камандзірка. Завуць мяне Зосяй, а вось гэтага хлопца з белым чубам,— і яна кіўнула ў яго бок,— Лявонам.

— Зося... Лявон...— паўтарыў лётчык і варухнуў цяжкімі павекамі.

— Мы на востраве, у лесе,— паведаміла Зося, завязваючы бінт.— А гэта, дзе ты ляжыш,— шпіталь. Не сумнявайся, мы цябе выхадзім. Ты зноў паляціш. Зноў будзеш у небе.

— Неба... Я бачыў неба. Яно чорнае...— мармытаў Арцём, нешта ўспамінаючы.

— Не, Арцём,— паправіла яго дзяўчына,— неба прыгожае, сонечнае.

І раптам спахапілася, устрывожылася.

— Чакай,— сказала яна ўсхвалявана,— ты мяне бачыш?

— Бачу-у.

— А хлопца?

— Бачу-у.

— Вось і добра,— і з палёгкай уздыхнула.

Лявон з цікавасцю сачыў за гутаркай Зосі з лётчыкам. Разумеў, што Арцёму тут давядзецца ляжаць доўга. У яго расло, мацнела перакананне, што тое, аб чым ён задумаў, трэба рабіць спакойна, бязбоязна. Рэмень з падсумкам адкладзены. Да карабіна трэба патроны, і ён іх возьме. Пакуль будзе хварэць лётчык, уга як многа чаго можна зрабіць.

Ужо час збірацца дадому. Зося заканчвае перавязку. Хлопец спрытным рухам зняў з рэменя падсумак, устаў і выйшаў.

У вушы ўдарыў птушыны гоман, перазвон высокага яснага дня. На поўныя грудзі хлопец глытнуў паветра, хвіліну стаяў як заварожаны. Зося зноў нешта пытала ў лётчыка, але Лявон нічога не чуў. Ён быў ва ўладзе сваіх думак. А яны неслі яго на сваіх крылах далёка-далёка, клікалі, пераконвалі. Ачомаўшыся, хлопец адышоў к балоту, паклаў каля карабіна падсумак.

Касцёр патухаў. Лявон сабраў галавешкі-недагаркі, кінуў іх у сярэдзіну вогнішча. А наверх невялікі сасновы выварацень.

Касцёр задыміў, заіскрыўся. З будана выйшла Зося.

— Ну і дзень. Гарыць, як золата,— сказала яна, задаволеная сабой. Ёй было радасна, што дагледзела рану лётчыка, што цяпер, магчыма, яму стане лепш.

— Я пайшоў,— сказаў Лявон, цыркнуўшы праз зубы слінай.— І мяшок забяру.

— Навошта? — ускінула зацікаўлены позірк дзяўчына.

— Буду ісці праз балота, бабоўніку нарву. А то гэтая вайна і свіней голадам падушыць.

Зося нічога не адказала, толькі махнула рукой: бяры.

У Лявона ўжо ўсё было прадумана, прадугледжана. Ніякага бабоўніку ён, вядома, не рваў. Калі перайшоў балота, углыбіўся ў лес і напрасткі, праз гушчэчу, пашыбаваў да вёскі. Перад тым як выйсці з лесу, знайшоў утульны куточак — старую, зарослую верасам яміну, саўгануў туды карабін, побач з ім кінуў мяшок і яміну зверху прыкрыў дробным сухім ламаччам.

 

Раздзел пятнаццаты

Калі добра змерклася, праўленцы па аднаму, асцярожна прабіраючыся загуменнем, пачалі сыходзіцца да лесніковай хаты.

Дамок Дулі пабудаваны з смольнай моцнай сасны аж на пятнаццаць вянкоў. Дрэва не шкадаваў — побач жа лес. Ён у тым лесе быў паўнапраўны гаспадар.

— Хе-хе-хе! Дудкі! — рагатаў Ігнат Дуля, бывала, прыходзячы ў нядзелю на вёску і сядаючы на лаўцы каля крамы сярод святочна апранутых і самавітых мужчын.— Няхай шаўцы ходзяць без ботаў, краўцы без добрага паліто, а ў лесніка, запэўняю вас, будзе дом, як лялька. Пабачыце!

І людзі ўбачылі. За якое лета каля самага лесу, ля вузкай і неглыбокай рэчкі, вырасла тая мара, якую насіў з сабой і пра якую так часта расказваў Ігнат Дуля. Была тая «мара» пяцісценная, з высокімі шырокімі вокнамі, з цэментным комінам і ярка-чырвоным чарапічным дахам. Неўзабаве з’явіліся і прасторны хлеў, варыўня, калодзеж. Зажыў Ігнат адзін, зажыў добра, еў і піў чаго хацеў, як кажуць, на поўную губу. А ў душы смяяўся з многіх, як яму здавалася, няўдачнікаў, якія штогод к вясне збіваліся на голую бульбу.

Ігнат засвоіў сабе навуку: «Жыць — значыць хітрыць, старацца, каб не падмялі цябе, каб не перабег хто дарогу». Лесніком ён стаў не таму, што любіў лес, птушак, любіў прахалодныя гушчары з чорнымі грэблямі і чарацянымі балотцамі, а па іншай прычыне.

Гэтая прычына сядзела глыбока ў яго нутры. Ігнат некалькі год працаваў у калгасе. Але потым бачыць: невыгодная гэта справа. Ідзі на працу кожны дзень, а разлік дадуць, лічы, толькі ў канцы года. Не з яго натурай было прымірыцца з гэтым.

Ігнат рашыў шукаць лёгкага хлеба. Вядома, на партфель ён не замахваўся: у яго былі толькі тры класы пачатковай школы. У леспрамгас ісці не хацелася: каб зарабіць, трэба было добра пацягаць дзень пры дні пілу, валіць дубы, сосны, елкі. І задумаў ён падацца ў леснікі. А каб яго адразу заўважылі...

Гады тры назад, было гэта якраз у нядзелю, пачуўшы, што ў вёсцы сабралася раённае начальства і будзе начаваць, бо меўся быць важны агульны сход калгаснікаў, Ігнат запрог каня і паехаў у лес па дровы.

Дроў насек хутка — па лесе столькі стаіць сухастоін, ляжыць спляжаных бураю дрэў. Вывеўшы каня на дарогу, ён азірнуўся і, убачыўшы, што ў лесе ціха, нікога няма, выхапіў з-пад драбін жмут сена, запаліў яго і кінуў у сухі папаратнік. Агонь, падбадзёраны свежым ветрыкам, весела каўзануўся па зямлі і раптам зашумеў, загуў і праз хвіліну, сквапны і няўмольны, рынуўся на дрэвы, закруціўся клубамі дыму ў зялёным верхавінні.

У лесе нарастала вогненная, лютая бура. І калі занялася агнём ладная дзялянка, Ігнат рашыў, што пара дзейнічаць. Кінуўшы на воз старэнькі пінжак, ён схапіў сякеру, і ссекшы з размаху купчастую елку, падхапіў яе і пабег у лес напярэймы разлютаванаму агню. Сцебануў па языках полымя адзін раз, другі і, увайшоўшы ў запал, так пачаў біцца з агнём, нібыта той пажыраў не лес, а ягоную ўласную гаспадарку.

Пажар разрастаўся, Ігнат скакаў, як дзікун, прагна хапаючы разяўленым ротам паветра, якога не хапала лёгкім, іншы раз падаў і тут жа падхопліваўся, зноў, з яшчэ большай лютасцю, накідваўся на агонь. У лесе стала цёмна ад дыму і чорнага пажарышча.

Па дарозе, спалоханы пажарам, бег конь з калёсамі, нагружанымі дровамі. Кінутыя гаспадаром лейчыны блыталіся пад яго нагамі. Потым раптам яны трапілі пад цяжкія колы, і рэзка іх затармазілі. Конь стаў на дыбкі і тузануўся ўбок. У той жа момант трэснула аглобля, бегчы далей конь не мог, бо за адну аглобліну воз яму пацягнуць не ўдалося.

Пажар заўважылі ў вёсцы. І неўзабаве ў лес імчалася цэлая грамада людзей з рыдлёўкамі, вёдрамі, сякерамі. Ззаду іх грукатала пажарная павозка з бочкамі і помпай, якой камандаваў пажарны інспектар калгаса Іван Крывая нага.

Убачыўшы каня на дарозе, Іван прыпыніў пажарную павозку, саскочыў і, чыкільгаючы, падбег. Каб распрэгчы каня, спатрэбілася роўна адна хвіліна.

Пажарнік быў першы, хто ўбачыў Ігната. Яго цяжка было пазнаць — твар чорны, разгублены, змардаваны, на плячах і на каленях дыміцца вопратка, рукі ў вадзяністых пухірах і драпінах.

Іван адштурхнуў Ігната ўбок і пачаў тушыць на ім адзенне. Калі падбеглі людзі, Ігнат быў у поўнай бяспецы.

На пажар пайшлі наступленнем усёй вёскай. Неўзабаве ў лес прыехаў намеснік старшыні райвыканкома. Іван Крывая нага, выпампаваўшы з бочак усю ваду, стаяў пры сваёй павозцы, змарнелы і задаволены. Пажар патушаны. Убачыўшы начальства, ён зачыкільгаў да прадстаўніка раёна і стаў паспешліва расказваць пра Ігната.

Як жа, паказаў сябе чалавек! Калі падумаць, напралом палез у агонь. А што ратаваў? Не сваё, не ўласнае, а дзяржаўнае, народнае. Хіба ў гэтым учынку не выявіўся той новы чалавек, з новым поглядам на жыццё, на свет, аб якім павінны ведаць не толькі ў роднай вёсцы Белыя Сарокі.

Пакуль Ігнат адлежваўся дома, тым часам Іван Крывая нага напісаў заметку ў раённую газету. Праз некалькі дзён яна была надрукавана.

А калі спатрэбілася замяніць старога лесніка ў Белых Сароках, усе рашылі, што лепшай кандыдатуры, чым Ігнат Дуля, не знайсці.

Так аб сапраўдным «геройстве» Ігната ніхто нічога і не ведаў.

І вось у ягонай хаце павінны сабрацца людзі. Зноў палаў пажар, і не абы-які — пажар на ўсю краіну.

Улас Какора назначыў сустрэчу праўленцам, а сам нават не папярэдзіў аб гэтым лесніка. Свой чалавек, думалася, наводшыбе вёскі жыве, хаты не пашкадуе.

Першы прыйшоў Сымон Пашук, калі ўжо добра сцямнела.

— Добры вечар у хату! — прывітаўся ён і, не чакаючы запрашэння гаспадара, падышоў да стала, сеў на лаву.

Ігнат Дуля адклаў хамут, які ладзіў, седзячы каля печы, абабіў ад пылу і смецця калені і спытаў:

— Што здарылася, Сымоне? У такі час — і да мяне на хутар?

— А хіба ты не ведаеш? Тут не было Уласа?

— Какоры? — здзіўлена ўтаропіў позірк на госця Ігнат.— Не, не было.

— І нічога ён табе не казаў?

— Я яго і ў вочы не бачыў,— неяк ужо злосна кінуў Ігнат.— Ён мне, як ведаеш, ні сябар, ні прыяцель.

Яны сядзелі ў пярэдняй палавіне хаты. Тут, займаючы цёмны кут, стаяла вялікая руская печ. Пры сцяне, каля печы,— ложак, засланы грубай посцілкай. Далей былі відаць дзверы з занавескамі, якія вялі ў святліцу. Над сталом гарэла падвешаная да столі лямпа.

Ігнат у яловых чобатах з высокімі халявамі, у цёмна-сінім галіфэ, у простай з адкладным каўняром сарочцы, падцягнуты, з хітраватымі вочкамі, якія не то палахліва, не то збянтэжана выглядалі з-пад пукатага абцяжаранага лба. Гадоў яму было пад сорак, усё ў ім жыло і дыхала рухавасцю і зухаватасцю.

Размова з Сымонам не клеілася. А Сымон не на жарты ўсхваляваўся. Можа, сустрэча перанесена ў іншае месца, бач, прыйшоў да чалавека, а ён нічога не ведае. Хацеў было пайсці назад. І раптам пачуў: на ганку затупацелі нечыя ногі. Расчыніліся дзверы, і паявіўся Антон Буй. З-за яго высокіх плячэй вытыркаўся рыжы твар Архіпа Зюзі. Пашук з палёгкай уздыхнуў — збіраюцца праўленцы. Значыць, правільна ўсё, тут будзе збор, тут.

— А дзе Улас? — спытаў Антон, абводзячы вачыма пакой.

Ігнат спачатку неяк няўцямна пазіраў на мужчын, потым падхапіўся з табурэта як уджалены.

— Вы што? Жартуеце нада мной? Што я вам адказчык за яго, паняты які? І потым — не тут жа калгаснае праўленне. Вы, хлопцы, заблудзіліся.

— Усё правільна, Ігнат. Не шумі! Хутка прыйдзе Какора — разбяромся,— Сымон падміргнуў Антону, і той, абмінуўшы лесніка, што раптам стаў каля дзвярэй і як бы засланіў уваход, падышоў да стала, засланага пярэстай цыратай, і сеў. Архіп Зюзя на цыпках, нібы баючыся разбудзіць некага, пасунуўся следам за Антонам.

Ігнат толькі развёў рукамі. Ён збіраўся, відаць, сказаць нешта злоснае, але зноў у сенцах затупацелі бадзёрыя крокі. На парозе стаялі яшчэ тры праўленцы — Зміцер Адамец, Іван Крывая нага і брыгадзір Герасім Рыкайла.

— Ты, Ігнат, не трусіся,— сказаў Сымон, скручваючы нязграбнымі патрэсканымі пальцамі папяроску.— Нічога благога мы табе не зробім. Ты лепш вазьмі прасцірадла і заслані вокны. Ведаеш — ліхі час. Не кожнаму трэ бачыць, што робіцца ў тваёй хаце.

Ігнат патупаў да ложка, над якім на жардзіне-вешале былі скіданы розныя лахманы. Праз хвіліну ён з дапамогай праўленцаў завешваў вокны.

І тут у хату увайшоў Улас Какора.

Усе прыветліва заўсміхаліся.

— Ой, які госць! — ужо зусім іншым голасам сказаў Ігнат і закруціўся, як ваўчок, па хаце.— Юлька, чуеш, Юлька, прынясі тварагу, мёду,— загадаў ён жонцы.— Бацюхны, а мы не зналі, не ведалі. Думаю, жартуюць хлопцы... Аж, бач, і праўда такі... Ды я хуценька...

Какора папераджальна ўзняў руку.

— Ігнатка, нічога не трэба, як той кажа...

Але Дуля ўжо бразнуў двярыма і пабег у склеп.

Неўзабаве ўваліўся ў хату з трыма бутэлькамі, якія трымаў, прыціскаючы да жывата. Бутэлькі былі закаркаваны затычкамі з сена, ад іх рэзка патыхала брагай.

— Дзякуй, Ігнатка. Але мы прыйшлі да цябе не ў госці,— ціха сказаў Какора.— Не такі час, сам бачыш. Было б вельмі добра, каб ты, Ігнатка, пастаяў каля сваёй брамкі. Паглядзі, каб часам фашысты не наляцелі. А мы,— і ён кіўнуў на мужчын,— пагамонім.

Ігнат Дуля цяпер ужо не на жарт спужаўся.

— Улас Данілавіч! Даражэнькі... Калі яны даведаюцца, яны ж мяне спаляць!.. Я думаў, вы так сабе, у госці... Не папытаўшыся... Я ж ад лясніцтва працую, не ад калгаса... Божухна...

— Ты, Ігнат, не стагні, не божкай, а рабі. Калі будзеш віляць хвастом, галавы не выратуеш. Во такая муха-скруха.

Ляснік бліснуў зласнаватым позіркам на Какору, потым неяк сцяўся і выйшаў да брамкі.

А тым часам Улас Какора заглянуў у святліцу. Гаспадыня недзе на двары, каля каровы. Прыгладзіўшы рыжаватыя вусы, папрасіў, каб усе перайшлі ў большы пакой. Зачыніліся.

— Сябры! — сказаў Какора.— Пасяджэнне праўлення калгаса «Чырвоная воля» дазвольце лічыць адкрытым. На парадку дня: уборка ўраджаю, пытанне аб млыне, справа аб грабяжы нашага сельпо.

Улас Какора гаварыў, здавалася, зусім спакойна. Але ў яго стрыманых, нетаропкіх словах адчувалася кіпенне моцных пачуццяў.

— Мы сеялі, мы павінны і зжаць. Запомніце гэта,— цвёрда сказаў ён.— Ніводнага каліва збожжа ворагу. Хай ён наесца зямлі, а не нашага хлеба! Жніце калгасную ніву днём і ноччу, дабро хавайце ў лясах і ямах. Усю вёску мы разбіваем па дзесяцідворках. Старшымі дзесяцідворак будуць праўленцы. Калгас ніхто не распускае. Во тут Антон Буй,— павярнуўся Какора да машыніста,— хвалюецца за свой млын. Правільна хвалюецца. Млын пакуль цэлы, нечапаны. І замок, здаецца, яшчэ вісіць?

— Ага, братачка, вісіць! — падхапіў Антон.

— Сёння вісіць, а заўтра могуць збіць. Яны ўсё возьмуць, возьмуць і прыбяруць да сваіх рук. Так што млын трэба ратаваць. Во якая муха-скруха.

— Скажы ты! — аж павесялеў Адамец.— Значыць, пытляванка не перавядзецца?

— Трэба пастарацца, як жа! Калі прамаргаем млын, нашы людзі за гэта не пахваляць. У мяне план: сабраць чалавек пяць з ламамі, баграмі, разламаць сцяну і выцягнуць лакаматыў. А Герасіму Рыкайлу заданне: падагнаць шэсць пар валоў. Чуеш, Герасім? Запражом іх, і лакаматыў будзе там, дзе трэба.

— Хвацка і смела, братачка. Дзякуй табе, Улас,— вочы Антона зырка засвяціліся.

— І запіхнуць у ціхае месца,— падаў свой голас Сымон.— Калі рабіць справу, дык з галавой.

Улас павярнуўся да Пашука:

— Ты больш за ўсіх нас па лесе ходзіш, куды б ты параіў?

— На Жураўліны востраў.

— Э-э... У нас жа нічога не выйдзе,— адразу запярэчыў Герасім Рыкайла.— Хіба не ведаеце, наўкруга выспы — балоты. Лакаматыў там з трубой схаваецца.

— А я кажу, што выйдзе і добра выйдзе,— стаяў на сваім Сымон.

— Давайце паслухаем Сымона Міхайлавіча,— сказаў Улас, просячы сцішыцца праўленцаў.

— А што тут слухаць,— ціха пачаў Сымон.— Памяркуйце самі, на востраве і сам д’ябал нас не дастане, не то што нейкі фашыст. Антону там будзе, як кажуць, і не пыльна, і не горача. А ўспіхнуць наш паравік туды — гэта аднаго дня справа. Збяром пятнаццаць чалавек, насцелем грэблю, тады, брат, ідзі смела да хаты і насыпай мяшкі. Будзе зерне, будзе і мліва. Не так я кажу, мужчыны?

— Правільна! — падхапілі праўленцы.— Сымон справу кажа. Жураўліны востраў — законнае месца. Заўтра ж, не адкладваючы, трэба ратаваць млын.

У пакоі на момант запанавала цішыня.

Твары ў праўленцаў задуменныя, строгія. Яны нагадваюць людзей, якіх сярод белага дня раптам застала зацьменне сонца. Яны і спужаліся, і збянтэжыліся, але ведаюць, што страх і збянтэжанасць іх ненадоўга, бо абавязкова хутка выблісне сонца, зноў на зямлі будзе светла, прасторна.

Улас Какора, выгаварыўшыся, выцірае з шырокага лба, акрэсленага рэдкімі маршчынкамі, пот. Сымон Пашук сядзіць, абапёршыся локцем аб падаконнік, на ніжняй губе павісла, прыклеіўшыся, дакураная цыгарка, вочы застылі нерухома ў нейкім цяжкім одуме.

Антон Буй, камечачы ў руках скураны картуз, раптам заўважае, што ў адным месцы ён вельмі запудраны пылам, лічыць, што якраз цяпер яго варта абабіць. Ён ляпае картузом па каленях. Белы пылок плыве ў твар Герасіма Рыкайлы, ён моршчыцца, адхіляецца ўбок.

— Дзядзька Антон,— незадаволена бурчыць Герасім,— не бачыце, тут людзі...

— Ты, Улас Данілавіч,— наш старшыня,— раптам пачынае Зміцер Адамец.— Быў і кажаш, застаешся на сваім пасту. Гэта добра. Але скажы, тое, што ты гаворыш,— ад цябе самога ідзе? Калі ад самога, хаця б не перастарацца. Можа, нашы таварышы збяруцца з сілаю і тыцнуць у рыла фашыстам, што яны і зубоў не пазбіраюць. Прыйдуць, а млын мы распатрашылі, сцяну выбілі... Што ты на гэта скажаш?

Вочы ў Змітра ўчэпістыя, зыркія, свецяцца зухавата, хаця твар змарнелы, пастарэлы.

Какора нібы чакаў пытання.

— Вось што, Змітро. Наша войска адступае. Ніхто не ведае, калі вайна скончыцца. Загадана: усё, што можна, эвакуіраваць на Усход — заводы, жывёлу, людзей. Ворагу нічога не пакідаць, хай ён апынецца, як звер, сярод пустыні — ні вады вакол, ні дарог. А лакамабіль мы перацягнем, бо ўсё тут і так ясна. Запознімся — шкадаваць будзем.

Какора змоўк, вялікая ўпэўненасць у тую справу, якая даручана яму, хвалявала яго. Працаваць і жыць цяпер даводзілася ў новых, нязвыклых умовах.

Во яны, яго сябры і паплечнікі, якімі яны будуць, калі чорны цень новых парадкаў абложыць людзей?

— А дзе наш галава раёна Буднік? — спытаў раптам Архіп Зюзя.— Было начальства і няма начальства,— развёў ён рукамі.

— Ён выехаў са Свержаня,— адказаў спакойна і самавіта Какора.— А дзе цяпер, нам знаць не абавязкова. Сакрэт. Тайна. Во такая муха-скруха.

— Чаму сакрэт, тайна? — дапытваўся Архіп.

— А цяпер аб грабяжы ў вёсцы...

— Пераліваць з пустога ў парожняе? Навошта? — зноў утыкнуўся ў гаворку Зюзя.— Лаві ветру ў полі.

— Кажуць, гэта работа Лішая.

— Ну і што, калі кажуць. Вы яму солі на хвост насыпце. Няма ўлады, няма і закона...

— Во дык сказаў! — абурана прамовіў Какора.— Ты ў няверцы запісаўся: «няма ўлады». А што, уласна, разумееш пад уладай? Гэта табе нейкая здань, пачварына? Хукнуў на яе — і няма. Калі праўда, што краму абрабаваў Лішай, мы не можам яму гэткага дараваць. Чыё ён краў? Наша, народнае.

— Правільна! — кіўнуў галавой Сымон Пашук.

— Ну і б'е — проста па вачах,— зазначыў Антон, паглядаючы на Зюзю.

— Яно-то правільна,— пачаў муляцца Архіп.— Але...

— Ды во і сакратар райкома нам параіў,— гаварыў далей Какора.— Трэба злачынца вывесці на чыстую ваду, пакараць, каб заказаў дзесятаму.

— Як жа будзеце караць? — зноў не вытрымаў і бліснуў вачыма Архіп.

— Судом! — адсек Какора.— Праведным народным судом.

Мужчыны загаманілі. Кожны з іх лічыў, што трэба абавязкова выкрыць злодзея.

І яшчэ шмат аб чым раіліся праўленцы — вайна паставіла рубам многія пытанні, і іх неяк трэба было вырашаць.

Выходзілі з хаты не гуртам, як бывала раней пры добрым мірным часе, а з асцярогай, па аднаму.

Ігнат Дуля цярпліва правёў са двара апошняга госця, узлавана плюнуў пад ногі, вылаяўся і, шчыльна зачыніўшы брамку, патупаў у хату.

— Скажы ты, напасць якая,— мармытаў ён, паніклы і разгублены.— Яшчэ, чаго добрага, штаб тут зробяць, як той кажа...

Жонка ўжо мітусілася ў пакоі, наводзячы парадак. Ігнат падышоў да стала, здзіўлена прамовіў:

— Бач ты, гарэлкі не чапалі... А сядзелі — з гадзіну...

 

Раздзел шаснаццаты

Млын стаяў недалёка ад вёскі. Побач — прыдарожныя прысады з высокіх пірамідальных таполяў, тры хаты справа, за якімі пачыналіся агароды і бачылася шырокая калгасная ніва з даспяваючай збажыной; далей праз частакол дрэў віднелася вёска, што выцягнулася на пагорку доўгім ланцугом стрэх.

Нізавога ветру не чулася, але па небе беглі, круціліся тонкія аблачыны. Толькі там, на захадзе, куды апала, нібы ў яму, спякотнае сонца, воблакі стаялі нерухома, быццам прыклееныя.

З вёскі даносіліся звычайныя зыкі жыцця: брахалі сабакі, бразгалі вёдры, чуліся дзіцячыя крыкі. А вось на ўсё наваколле заляскатаў малаток, нехта адбіваў касу для заўтрашняга сенакосу.

Антон Буй прыйшоў да млына першы. Ён хапатліва паляпаў па кішэнях і, знайшоўшы ключ, крутануў у цяжкім, крыху паржавелым замку. Скаба адкінулася.

Антон зняў замок, расхінуў дзверы на ўсе дзве палавіны. Проста перад ім у поцемках машыннай залы паўстала аспідна-чорная грамадзіна лакамабіля, які ўпіраўся коламі ў цэментныя пліты.

— Ну, жалезны рабацяга, збірайся ў дарогу,— уголас звярнуўся да машыны, як да жывой істоты, Антон Буй.— Адстаяў ты, братачка, тут сваё? Адстаяў...

Было тут усё роднае, абжытае. Вунь столік каля акна, дзе ён чаяваў, сыходзячы потам ад спякоты, на ім кніга, у якую заносіў запісы прывезенага паліва для лакамабіля. Пасярод століка — алюмініевы чайнік. Пакратаў яго — поўны, наліў вады ў медную кварту, прагна выпіў. Тут жа, ля стала,— скрынка з рознымі прычындаламі.

Пакуль прыйдуць людзі, Антону трэба шмат што зрабіць. А першая справа — зняць лакамабіль з фундамента. Ніколі ён гэтага не рабіў. Машына спецыяльнымі лапамі трывала прывінчана да тоўстых дубовых плах. Гайкі на лапах — дай божа! Вялізныя — з кулак. Антон падаўся ў закутак, выцягнуў адтуль ліхтар «лятучую мыш», заправіў газай, запаліў. Зала адразу раздалася ўшыркі. З цяжкім доўгім ключом Антон схіліўся над пярэдняй лапай, стаў тузаць гайку. Машыніст прыладжваўся так і гэтак — нічога не атрымлівалася. Во прыкарэла за дзесяткі год! Антон нават не ўстрымаўся, вылаяўся. І ў трывогу кінуўся — ого, калі так, то, глядзі, можа і не адвінціць. Што ж тады? Тралёўка лакамабіля будзе сарвана. Хоць зубамі грызі гэтую гайку. Яшчэ мацней напнуўся Антон, яшчэ мацней ухапіўся за ключ, той сарваўся, зляцеў з гайкі і, вылузаўшыся з рук, бразнуўся на тарцовую падлогу.

— Эге,— аж крактануў ад прыкрасці Антон.

Падняўшы ключ, Антон рашыў праверыць іншыя гайкі. Накінуў ключ на гайку на другой лапе, націснуў з усяе сілы — зарыпела, пайшла. Антон запрацаваў з усёй стараннасцю. Гайкі адна за адной грукалі на падлогу. Урэшце ён разагнуўся, абвёў журботна-пакутным позіркам каменныя сцены, высокую столь, закопчаную дымам і млівам, паравую машыну з вялізным махавым колам, на якім быў уздзеты шырокі пас. Шкада стала млына.

У гэты момант на двары пачуліся крокі, у памяшканне ўвайшоў Улас Какора.

— Ты тут адзін? — спытаў ён, здымаючы з галавы кепку, быццам ён зайшоў кудысь у хату.— Дзе астатнія?

— Падыдуць, Улас Данілавіч. Павінны падысці,— адказаў Антон.— Справу задумалі няпростую. Во пачаў здымаць з фундамента. Пяць гаек адкруціў. А шостая — ні з месца. Заржавела, ліха на яе...

— Ану, пакажы, пакажы,— пацікавіўся Улас Данілавіч.

Антон паднёс ліхтар да перадка лакамабіля, начапіў яго на кранік, які тырчаў якраз над лапай.

— Закруціць закруціў, а адкруціць, кажаш, не можаш... Бач, якая муха-скруха.

— Закручана сумленна,— зазначыў машыніст.

Какора дбайна агледзеў гайку, пакратаў яе куртатымі пальцамі, потым пачаў важдацца з ключом. Але і яго намаганні вынікаў не далі.

— Ёсць у цябе важкі малаток?

Антон яго ўжо трымаў напагатове.

— Ага, замашысты,— адзначыў Какора.— Паспрабуем,— і зрабіў некалькі ўдараў па баках гайкі.

Тым часам рыпнулі дзверы, у памяшканне млына ўваліліся тры мужчыны — Зміцер Адамец, Сымон Пашук, Іван Крывая нага.

— Бог вам у помач,— сцішана сказаў Зміцер. Ён, паўнатвары, жылісты, стаяў наперадзе, трымаючы ў апушчанай руцэ сякеру.

— Змітро,— звярнуўся Антон Буй,— паглядзі на гайку і загадай, каб яна адкруцілася.

— А што такое? — Адамец паважна разгарнуў плечы.— Няўжо чакала мяне?

— Што вы тут усе да гайкі прычапіліся? — нездаволена буркнуў Сымон Пашук.— Трэ спяшацца. Вунь колькі работы — дзверы трэба пашыраць. А сцяна ў паўметра...

— Сымон Міхайлавіч,— заклапочана спытаў Какора,— як з пастамі?

— І пасты ёсць, і вартавыя.

— Надзейныя?

— Дабравольцы, напрасіліся: гэта мой Лявон, Нікадзім Саладухіных і дачка Антона — Ленка.

— Правільны падбор, нічога не скажаш. Падлеткі кемныя, пільныя. А цяпер давай разбяромся з гайкамі.

Ён, здалося, налёг на гайку спакваля, але яна раптам ціха рыпнула.

— Ну і вока ў дзядзькі Змітра...— ухвальна пахістаў галавой Антон.— Жалеза нават мякчэе...

— Бяры і даводзь да канца,— адлажыўшы ключ, сказаў Улас Какора машыністу.— А мы, мужчынкі...

Яны падышлі да дзвярэй усе гуртам. Аглядалі сценку, прыкідвалі, з чаго пачаць і як пачаць.

— У цябе, Сымоне, лом,— адразу зазначыў старшыня.— Знімем дзверы, а ты, браток, як сталяр і плотнік, займіся вершнікам і шуламі.

Работа пачалася. Сымон Пашук з сякерай у руках узлез на табурэт і некалькімі моцнымі ўдарамі выбіў вершнік з гнязда. На дол пасыпаліся тынкоўка, дробныя цаглінкі. Запахла сасновым дрэвам, зляжалым пылам.

Гэтак жа хвацка, амаль без цяжкасці былі вывернуты касякі дзвярэй пад сцяну. Адсюль, з млына, бачыліся сялянскія сялібы. У адной з хат свяціліся вокны. З сяліб далятаў сабачы брэх.

— Пачуў сабака, трывожыцца,— асцярожна нагадаў Іван Крывая нага.— Глядзі, з хутара сюды прыйдуць.

— Няхай прыходзяць. Мы дапамозе рады.

— А дапамога, Улас Данілавіч, можа быць розная. Іншая — не дай бог... Цяпер жа такі час...

— Будзем браць дапамогу ад добрых людзей. Дзе, Іване, твае малайцы? — ускінуў калматыя бровы на пажарніка старшыня.

— Во чакаю...

— Пакуль хлопцы падыдуць, паглядзі, памяркуй, як да трубы прыступіцца. Тут табе не гайка, а поўная балалайка.

— Добра, Улас Данілавіч, пагляджу. Але і так знаю: спушчу трубу, не пачуеце...

— Іване, Іване, наперад не загадвай. Запомні, за трубу адказваеш галавой. Во так, муха-скруха!

Зміцер Адамец і Сымон Пашук не марудзілі. Адзін абухом, другі ломам дзяўблі цэглу. Старшыня спачатку ім дапамагаў, а потым, калі друз і цэгла завалілі праход у дзвярах, стаў падбіраць гэтую крышаніцу, адносіць за вугал млына.

Чулася, як клопатна тупаў, звінеў гаечнымі ключамі Антон.

Замашыста біў ломам Сымон Пашук, падважваў цагліны, выкалупваў іх са сцяны. Яго ўсё мацней і мацней даймалі трывожныя думкі. Яны ляцелі праз лясы, палі і разлогі да Андрэя, сына. Дзе ён цяпер? Што з ім? Вядома, да граніцы хлопец даехаць не паспеў. Сымону давялося ўжо пахвалявацца за Андрэя, калі Лявон расказаў, як той гнаўся за парашутыстамі. Добра, што падаспелі чырвонаармейцы на грузавіку. Сымон, які ўвесь аддаўся сваім думкам-развагам, адразу не заўважыў, як раптам у праёме дзвярэй паказалася постаць.

— Добры вечар, мужыкі,— прывіталася постаць, выходзячы ў паласу святла. І адразу адлягло ад сэрца — усе ўбачылі прысадзістага, круглага, як цяляш, Ігната Дулю. Ён быў у брызентавым шэрым плашчы, апаясаны патранташам, туга набітым патронамі. Сымон і Зміцер пераглянуліся, спынілі працу.

— Што ж вы робіце, браткі? Млын руйнуеце?.. Я хацеў заўтра жыта прывезці змалоць...

— Цяпер не жыта, бяда мелецца,— прыжмурыўшы вочы, сказаў Сымон Пашук.

— Няўжо не ведаеце, за ўсё гэта германцы возьмуць за каршэнь.

— Што ты сказаў? — падышоў да Ігната Антон Буй з закасанымі па локаць рукавамі. У руках ён трымаў развадны ключ з доўгай рукаяткай.

— А што сказаў? Нічога...

— Як нічога? Нешта пра германцаў?..

— Хіба гэта навіна. Хто мацнейшы, таго і ўлада. Вас вучыць, не ведаеце?

— Што ты хочаш гэтым сказаць, таварыш Дуля? — прыставіўшы да сцяны лапату і атрэсваючы з рук цагляны пыл, выйшаў наперад Улас Какора.— Калі прыйшоў памагчы — бярыся, помач нам трэба, а калі паніку сеяць, душу раніць, мы табе гэта не дазволім. Чуў, што сказана?

— Ну, як сабе хочаце, хлопцы. Маё дзела — старана. А млын, па-мойму, руйнаваць не трэба.

— Слухай, Ігнат, як гэта ты патрапіў сюды? — зыркнуў на лесніка Сымон Пашук.— І ўзброіўся да зубоў.

— Што тут дзіўнага. Гэта ж мая леснікоўская хворма. Ты хіба першы раз мяне бачыш такім? А іду я з лесу. Увечары нешта моцна бабахнула ў трэцім квартале. Я рашыў праверыць. Пайшоў. Наш савецкі самалёт разбіўся. Згарэў да тла. Ад лётчыка толькі ногі адарваныя знайшоў. Пахаваў. Хутка адваяваўся хлопец. Ну то як хочаце...— нарэшце кінуў ён.— А то я думаў: заўтра... А вось яно якое заўтра, як той кажа,— павярнуўся, падправіў стрэльбу на плячы і пасунуўся ў цемрадзь.

— Бачылі, якая птушка,— падаў голас Зміцер Адамец пасля прытоенай маўчанкі.— Не то настаўнікам хоча быць, не то начальнікам. Не разбяруся...

— Хутчэй за ўсё — здраднікам,— Улас Какора выглянуў за дзверы млына, нібы збіраючыся даганяць Ігната Дулю.

— Не трэ было збірацца ў яго хаце...— заклапочана сказаў Пашук.

— Глядзі, яшчэ адсюль пойдзе да немцаў...

— Хай паспрабуе! — гнеўна выдыхнуў старшыня.— Хай толькі паспрабуе, муха-скруха,— ён хапатліва ўзяў у рукі лапату: —Паспяшаемся, хлопцы!..

Спяшацца сапраўды трэба было. Трэба парваць жылы, а зрабіць добрую справу. Праз дзень-другі ўвесь гэты клопат з перабазіроўкай наўрад ці можа быць магчымы. Немцы яшчэ як след не аселі, толькі пачалі, слухі пайшлі, арганізоўваюць воласці, камендатуру, паліцэйскія ўчасткі. Момант, што і казаць, пакуль спрыяльны. А як павесяць на млын свой замок, як прышлюць у вёску жандараў...

Уласу Какору робіцца горача. І ад думак, і ад пахоплівай работы. «Ігнат Дуля... Бач, злыдзень... Хвост падымае... А мы-то меркавалі...» — разважаў ён, хмурачы пукаты лоб, наліваючыся злосцю. Ён ведаў, што небяспека, звязаная з гэтай начной аперацыяй, цяпер значна павялічылася. Аднак упартасць зрабіць так, як вырашана праўленцамі, павялічвалася таксама. «Мы не можам папусціцца... Не можам, каб нейкія пачвары-прыблуды глуміліся над намі, над нашым дабром. Млын схаваем, млын наш будзе малоць жыта».

Каб аддыхацца, крыху ахалануцца, Улас Данілавіч выйшаў з млына. Хапіў на поўныя разагрэтыя грудзі мяккага начнога паветра. Вячэрняя зара не патухала, чырвоніла небакрай. Яна і не патухне, праз гадзіны тры непрыкметна пяройдзе ў зару ранішнюю, забуяе новымі фарбамі і адценнямі.

Улас прыслухаўся. Далячынь маўчала, акунуўшыся ў дрымоту ночы. Толькі чутно было, як у сажалцы кракталі жабы ды пазвоньвалі ў зарасніках крапівы, што акружалі млын, цвыркуны. Ага, нехта кашлянуў. Справа ля сцяны прасунулася постаць. Так яно і ёсць — Іван Крывая нага. Ён падплыў, чыкільгаючы, адмахваючыся ад машкары.

— Мае хлопцы прыйшлі,— прытоена прашаптаў пажарнік.— Сядзяць вунь там, на калодзе,— і кіўнуў убок галавою.

— То пачынайце. Часу ў нас у абрэз. Толькі глядзі, каб і ціха было, і галоў не паскручвалі. Бачыш, цемрадзь, муха-скруха...

— Ігнат Дуля...— як бы між іншым паведаміў пажарнік.— Бурчыць, старшынко. Я кажу яму: «Не лезь, не твайго носа справа».

— А ён што?

— Ат,— махнуў рукой Іван Крывая нага.— Хіхікнуў і пайшоў.

— То, можа, і ў цябе сумненне?

— У мяне, старшынко, злосць! Не люблю во гэткіх падкалодных гадзюк. Хацеў схапіць у яго стрэльбу ды па галаве! А патранташ — бачылі? Ашчэрыўся патронамі...

— Але, так яно і ёсць, Іване,— пацвердзіў Улас Данілавіч.— Але ведай: пакуль ён прыцэліцца, не ўгледзіць, як на тым свеце пасцелецца.

— Можа, яму трэба сказаць, папярэдзіць? Усё ж такі наш чалавек. Як ты глядзіш, старшынко?

— Ты вельмі дабрэзны, Іване. А разумець трэба так, гарбатага магіла толькі выправіць.

— Ці не вельмі крута? Па прымаўцы можна і дроў наламаць.

— Калі трэба, то і наламаем. Ну, досыць. Мы губляем час. Камандуй, Іване. На штурм вядзі сваю гвардыю.

— І праўда ж, атрымліваецца, як штурм,— і ён, павярнуўшыся, нацянькі пакрочыў да дрывяной павеці.

Іван Крывая нага размеркаваў абавязкі — і хлопцы, старанныя, увішныя, ухапіліся за справу. Праз паўгадзіны некалькі адвесак былі аслаблены, і труба пагрозліва скасабочылася на адзін бок.

— Ну, хлопчыкі, пачнём! — і сам Іван Крывая нага ўхапіўся за драціну-адвес.— Цягніце к сабе, я ж буду прытрымліваць.

Хлопцы напяліся, тузанулі адвесы. Труба гайданулася, скрыгатнула, але спусціцца на зямлю не мела намеру.

— Дзядзька Іван, сюды б брандспойт і бочку з вадою...

— Гэ, прыдумаў,— адгукнуўся пажарнік.— А навошта?

— Як навошта? — даводзіў танклявы з гуллівым голасам юнак.— Каб вас крыху астудзіць. Хіба не бачыце, нічога не паможа — труба вінтамі прымацавана да даху.

— Ага, дык ты ўсё добра ведаеш,— падхапіў Іван Крывая нага.— Тады лезь наверх. Лезь і разманціруй. Каб праз пяць хвілін...

Хлопец спрытна ўхапіўся рукамі за чарапічную стрэшку, падцягнуўся і ўжо там — на даху! Ён напорыста караскаецца да трубы, прысядае каля яе, хвацка завіхаецца ключом. І раптам труба рэзка нахіляецца, чутно, як брынчыць, ірвецца бляха. Праз момант, крута гайдануўшыся, яна з усяго размаху кладзецца каля ног пажарніка.

Іван Крывая нага ад сполаху смешна падскоквае. З даху будыніны на зямлю саскоквае хлопец. Падыходзіць да трубы, разглядае яе, як быццам бачыць упершыню.

— А як адсюль яе будзем траляваць?

— Усё распісана, хлопча, не хвалюйся. Бач, ляжыць як міленькая.

Прыкладна праз гадзіну падрыхтоўчыя работы былі закончаны. Улас Какора, прытомлены, але задаволены, выйшаў з памяшкання млына на двор. Выціраючы пот, што густа наплываў на твар, агледзеў прастору, неба, паслухаў цішыню. У вышыні ў бляклым блакіце тлелі зоркі, спакойна і велічна слаўся паміж імі Млечны Шлях. Какору парадавала гэта цішыня.

Можна было спадзявацца, што і заключны этап па эвакуацыі млына пройдзе паспяхова.

А яшчэ праз гадзіну да млына чатыры мужчыны падагналі па пары дужых валоў. І тут пачалося самае важнае: прыладка да тралёўкі лакамабіля. Спецам у гэтай справе паказаў сябе Архіп Зюзя. Ён адмераў пастромкі, прыладзіў дышаль, а потым пачаў ставіць валоў у запрэжку.

На двор з млына выбег Сымон Пашук, перапытаў у Івана Крывой нагі, які стаяў пры трубе, нібы вартуючы яе:

— Немцаў не чуваць?

— Пакуль бог мілуе. Ну і ночка!..

— Во нарабілі праклятыя — за сваё дабро трусішся, як злодзей.

На небе замільгацелі нясмелыя сполахі зарніцы. Усё было гатова. Дзед Архіп стаў паперадзе валоў, клопатны і трохі ўрачысты, ціха, патрабавальна гукнуў.

Валы напружыліся і тузанулі. Лакамабіль, цяжкі, няўклюдны, рыпнуў коламі, пачаў скочвацца з фундамента. Прайшоў, не зачапіўся ў дзвярах ні трубой, ні махавым колам. А на двары валам мужчыны дубцамі паддалі імпэту, і лакамабіль паплыў у цемры, як нейкі дзіўны карабель, у далечыню ночы.

 

Раздзел семнаццаты

Юрка прачнуўся ад звону саганоў — маці ладавалася ля печы. Яна нетаропка тупала, нешта перастаўляла, ліла ваду. У печы, разгараючыся, трашчалі дровы. У хаце было душна, бзынкала на акне мітуслівая аса. Раніца толькі пачыналася, бо сонечны слуп з кухоннага акна біў напрамкі ў дальнюю, супрацьлеглую сцяну. Слуп гэты быў тугі, вузлаваты і жоўты-жоўты, як кураслеп.

Юрка адкінуў убок посцілку, працёр вочы кулакамі, каб зусім адагнаць дрымоту. Яшчэ вечарам хлопец рашыў, калі будзе ўдалая раніца, схадзіць на рыбалку, налавіць ляшчоў. Надта захацелася свежай рыбкі. Малако ды бульба ўжо так надакучылі, што куды там. Праўда, хацеў ён і раней схадзіць да жоўтага вербалоззя — на Сіні плёс, што за Мазурскім балотам. Але гэтая вайна...

Няма дня, каб не ляцелі праз Белыя Сарокі немцы. А там, дзе з’яўляліся немцы, абавязкова ўзнікала нешта і нечаканае і страшнае. Во на іх агародзе ляжыць ліпа, вывернутая танкам. Прыгожая, стройная ліпа. Аднак яе назад не паставіш. Чорнае перакручанае карнявішча выпнулася з зямлі, і з вуліцы, калі ідзеш, здаецца, што ў іх агародзе ўселася марская пачварына — спрут. Казаў Юрка бацьку — трэба прыбраць дрэва. Але ён толькі махнуў рукой, маўляў, не да гэтага. І праўда такі, бацьку закружыла. Як прыйшлі немцы, ён прыліп да іх, быццам намагнічаны. Немцы — гэта ж ворагі, фашысты. Не разумеў Юрка бацьку...

Пачуўшы, што Юрка прачнуўся, у святліцу ўвайшла маці ў чыстым сарафане, падпяразаная квяцістым фартухом. У руках трымала талерку, якую выцірала насуха ручніком.

— Мог бы яшчэ спаць,— сказала ласкава.— Толькі сонца паднялося.

— Я выспаўся, мамо,— сказаў хлопец і падбег да акна, расчыніўшы яго, выпусціў на волю асу.

— То адзявай сёння штаны навейшыя. Хопіць табе ето дзіркамі ды латкамі свяціць. Вунь, бач, на канапе ляжаць.

— Навейшыя? — у здзіўленні спытаў хлопец.— Што яны за такія? — падышоў, асцярожна разгарнуў.— Шарсцяныя, у палосачку?

— Якраз на цябе,— шчыравала маці.— Бацько наш не промах. Ён хоць і на вока браў, а бач, цюцелька ў цюцельку.

— А калі гэта купілі?

— Даўнавата. Табе не паказвалі. А цяпер насі на здароўе. Цяпер, сынок, і мы людзі.— Яна падышла да сына: — Адзявай, паглядзець хачу.

— Я іду на рыбалку. Гэныя не падыходзяць.

— Ну, то хоць памерай...

— Не, мамо,— адклаў штаны ўбок Юрка.— Пасля. Трэба бегчы. Я і так запазніўся. Самы клёў пачынаецца.

Юрка хуценька сабраўся, выбег на двор. З-пад застрэшка хлява выцягнуў вуду, доўгую і праменькую, як струна. Закінуў на плячо і пабег з селішча цераз агароды. Раса ляжала, шчодра насыпаная на травы і мурагі, халодна-пякучая. Але ногі хутка прывыклі да яе, і беглася лёгка, звычна.

Хутка Юрка па палявой дарозе, што праставала праз гушчыню жытнёвай лавы,— жыта стаяла вышэй за хлопца! — убіўся ў чэзлы хвойнік, за якім бачылася Прыпяць. Берагам ракі праз гайкі і ракітнік прайшоў яшчэ з добры кіламетр.

І во запаветная мясціна. Чарада старых чорных ліп стаіць над самым берагам, глядзіць у ваду. Вада тут ад вечнага ценю густая, халодная, яна амаль нерухомая, праўда, у самым цэнтры выразна бачыцца варонка, у якую засмоктваецца ўсё, што трапляе з ракі,— лісце, сухія галінкі, шматкі імху, калоды.

Хлопец паставіў на дол баначку з распараным гарохам, які нарыхтаваў яшчэ звечара, разматаў вуду. Рака за ямай імкліва бегла, шамацела шырокімі касматымі струменямі, нешта шаптала, быццам спрасонку. Сям-там над рэчышчам тоўпіліся дымкі туману, яны то нізіліся да вады, то крута лезлі, цягнуліся ўверх, пранізаныя мяккім сонечным свячэннем.

Насупраць, на другім беразе, таксама быў алешнік, але сям-там паміж яго гушчыні вытыркаліся то мажныя дубы, то расахатыя вербы. Там жа, правей, высвечвалася гала — ляжала куп’істае балота з высокімі травамі. Якраз насупраць гэтага гала рака рабілася шырокай, прасторнай, але на водмелі яе бераг моцна зарос асакой і чаротам.

Там, у чаротах, былі таксама прынадныя мясціны для рыбалкі. Найбольш лавіліся шчупакі ды акуні. Над чаротам стаяў густы туман — белае доўгае прасцірадла. Штосьці там плёхнулася, і Юрка падумаў, што гэта, відаць, шчупак, выжыльваючыся за здабычай, выхапіўся з вады. Шчупакі на гэты раз, аднак, яго не цікавілі.

Насадзіўшы гарошыну на кручок, хлопец закінуў вуду. Паплавок лёг на ваду ціха, асцярожна — налаўчылася ў Юркі рука. А вочы гарэлі нецярплівасцю, разглядалі абсяг рэчышча, шукалі прыкмет, якія маглі зычыць рыбацкае шчасце. Што ў гэтай яміне дзесь хадзілі ў зацятай санлівасці ляшчы, не было сумнення. Але ці падыдуць яны да кручка? Ці паквапяцца на пачастунак? Хлопец для пэўнасці нават ціхенька прашаптаў нешта накшталт замовы: «...у вадзе зялёнай, чыстай, лешч блукае серабрысты. Ты, браточак, не блукай, мой сняданак атрымай...»

Наўкола — царства цішыні і раздолля. Падабалася Юрку во такое адзіноцтва ў далечыні ад вёскі, ад дому. Тут і думалася добра, і жаданні раптам выплывалі з душы адно найлепей другога. У Юркі даўно нарадзілася мара стаць мараком, плыць на вялізным з высокімі мачтамі караблі па тых шляхах і дарогах, па якіх плылі некалі Хрыстафор Калумб, Магелан. Хацелася пабачыць і далёкія дзівосныя краіны, напрыклад, Інданезію, Цэйлон, Мадагаскар і што за людзі там жывуць, ды і як яны жывуць. На марака-капітана трэба вучыцца... А тут вайна...

Нярадасна ад гэтага Юрку. Ды во яшчэ дома нешта робіцца... Хоць бы гэтыя штаны: новенькія, з іголачкі — адзявай ды насі. Але Юрку мутарна ад гэтых штаноў. Адзень іх і выйдзі на людзі. На яго ж адразу тыцкаць пальцам будуць. Скажуць во, бачыце, дзе наша апынулася крама!

Вельмі моцныя чуткі ходзяць па вёсцы, што нібыта яны, Лішаі, разрабавалі краму. А маці кажа: бацька купіў! Калі купіў, дык чаму ж хавалі, не паказвалі?

Не, тут штосьці ёсць. Хаця Юрка не можа нават і падумаць, што бацька стаў злачынцам, паквапіўся на нейкія анучы. Краму разрабавалі, і, як відаць, каля яе пахадзіў нехта іншы. Ва ўсякім разе, рашае Юрка, ён штаны тыя ніколі не адзене. Няхай яны агнём гараць.

Тут, над ракой, пад шатамі дрэў, адно кепска — моцна даймае камарэча. Хлопец адламаў лазовую галінку, стаў адбівацца, адмахвацца. Ад камарыных укусаў моцна свярбелі лыткі. Юрка прыладжваецца, падкручвае пад сябе ногі. Сядзіць, назірае за наваколлем і, вядома, пільна сочыць за паплаўком. А паплавок нібы заснуў, нязрушна стаіць на месцы.

Зноў нешта плёхнула на тым беразе ў чароце. Юрка павярнуў галаву, насцярожыўся. Ага, туман з чароту сплывае, і ўся тая рыбная мясціна адкрылася. Чарот стаяў густымі купамі, якія паважна глядзеліся ў люстэрка вады. Было бачна, як вецер разгойдвае доўгія сцябліны, як зыбаюцца хвалі. А што там чарнее за дальняй сцяной-купай? Юрка аж на ногі падхапіўся, стаў углядацца. І разгледзеў — у чароце стаяла лодка. Сяды-тады прыкмячалася, як на лодцы нехта варушыўся. Хто ж гэта? Карцела хлопцу даведацца, хто ж ён, той рыбак. Але хіба кінеш вуду без нагляду? Раптам клюне лешч. Трэба быць напагатове, не прамаргаць паклёўку. І цікавасць у хлопца да рыбака памалу прытухла.

Ён стаў засяроджана глядзець за сваім паплаўком, вядома, сяды-тады кідаў позірк у бок чароту, на лодку. Калі шчыра сказаць, не брала цікаўнасць хлопца ні да рыбака, ні да яго лодкі. Сядзіць ён там, і нешта не відаць, каб хвастаў вудзільнам, падымаючы з рыбай вуду. Можа, на донкі ловіць? Ведае Юрка, што ёсць такія спрытнюгі, знойдуць мясціну, накідаюць донак з малькамі на кручках. Праз якую паўгадзіну падымаюць снасці, а на кручках трапечуць ладныя, такія прыгожыя акуні-гарбачы — заглядзенне. «Няхай сабе ловіць хоць на донкі,— прымірэнча думае Юрка.— Яшчэ пабачым, хто болей наловіць. Ляшчы во-во ўгледзяць прынаду, падыдуць, пачнуць з розных бакоў яе разглядаць, біць у яе насамі, а, нагнаўшы такім чынам апетыту, абавязкова знойдзецца нейкі пляскач, разявіць рот, каб пасмактаць такую зваблівую пахучую гарошынку — і тут ужо, як кажуць, не зявай».

Справа, за Юркавай спіной, ціснучыся да сырога алешніку, ідзе, звіваецца бойкая дарога, што прастуе ад Белых Сарок да Свержаня. Гэтая дарога падыходзіць да самай ракі якраз насупраць чарацянага гаю.

Бывае так, што па дарозе як пачнуць тарахцець адна за адной фурманкі, тады добрага ўлову ў чароце не чакай. Пужаецца рыба, насцярожваецца, разбягаецца. Але сённяшняй раніцай дарога ціхая. Хоць бы хто праехаў ці прайшоў. І Юрка разумее, што гэта якраз на руку рыбаку.

Але хто ж там такі? — карціць хлопцу. Хоць бы ўстаў, паказаўся. Можа, хто з сябрукоў? Скажам, Лявон. Лодка ў іх ёсць, дубам называецца, шырокая, цяжкая, з уключынамі. На ёй стары Пашук з-за ракі звычайна сена перавозіць. А можа, Нікадзім? Немцы ж іх хату ўшчэнт разбурылі, і есці, відаць, няма чаго. Але ў Саладухіных няма лодкі. Можа стацца, той рыбак з суседняй вёскі, незнаёмы чалавек.

Зноў глядзіць Юрка ў чарот, вецер узмацняецца, хістае лавы-купы зарасніку. Рака заварушылася хвалямі, сям-там яны шыпяць, пачынаюць пеніцца. Куточак гэты, дзе сядзіць Юрка, не прадзімаецца ветрам. Плёс перад ім чысты, спакойны, толькі як бы з-пад дна, з глыбіні, выкручвае нехта на гэтым плёсе дзірку-адтуліну. Вадаварот у адтуліне напорысты, але ціхі, вада толькі ледзь-ледзь ляпеча.

Ага, варухнуўся паплавок? Юрка насцярожыўся, падабраўся, сціснуў вудзільна. Што далей будзе? Можа, гэта нейкая драбяза хоча паласавацца — хапае гарошынку, а праглынуць не можа?

Аднак паплавок зноў застыў і зноў, здаецца, надоўга. Хіба паглядзець, ці не сарвалася з кручка нажыўка? Юрка адмахваецца ад камароў, хвошча па нагах лазінкай, міжвольна паварочвае галаву да чарацянага гаю. І тут не ўбачыў, а хутчэй адчуў, як нырнуў паплавок. Глянуў на плёс — няма паплаўка. Хлопец шмаргануў вудзільнам, леска напялася, зазвінела. І адразу рука затрымцела ад упартай тузаніны. Ага, нешта ёсць, прытым вялізнае! Усё-такі выседзеў! Цяпер, калі кручок ухапіў за жабру, з рыбінай ён расправіцца ў адзін момант.

Хлопец асцярожна напяў лёску. Рыбіна паказалася з вады. Гэта быў лешч, дужы, самавіты, з тупаватым рыльцам. Як толькі ён хапіў паветра, адразу зніякавеў, вывернуўся бокам на ваду. Праз нейкую секунду трапятаўся ў травяным доле. Прыемна было глядзець на важкі, сліпуча-яркі злітак жывога серабра. Лешч жмакаў дробным роцікам, біў раз’ятрана хвастом. Юрка ў радасным узбуджэнні ўхапіў рыбіну ў руку і, павярнуўшыся да рыбака, што сядзеў у чароце, паведаміў:

— Паглядзі, што за прыгажун. А як у цябе та-ам?

Юрка чакаў адказу. Чакаў, што з-за чарацянай сцяны пакажацца галава рыбака,— павінен жа ён пацікавіцца, што за ўлоў у суседа. Але адбылося зусім іншае. Над чарацянай сцяной імпэтна выкінуўся кулак, які як бы пагразіў Юрку. І дзіўна, сам рыбак не паказаўся. «Што яшчэ за пагроза?» — аж зніякавеў Юрка, сцішыўся.

Зноў, насадзіўшы гарошынку, закінуў кручок Юрка. Адышоўся да грады з тальніку, выламаў дубец, насадзіў на кукан ляшча, прыстроіўшы яго ў лужынцы пры беразе. Яшчэ і яшчэ раз дзіваваўся на здабычу — рыбіна важыла не меней двух кілаграмаў. Во будзе радасці ў маці. Не часта і ён і бацька прыносілі ў хату такіх во рыбін.

Дзянёк выдаўся на рэдкасць. Сонца Юрка не бачыць, яно за спіной, за алешнікам, але цяплынь разліваецца такая мяккая, лагодная, што, здаецца, зямля паруе, як бохан, выняты з печы. Во і ляшчы развесяліліся. Добра ім там у пяшчотных струменях ракі, ля гліністага дна, якое шчодра і асветлена і абагрэта.

А рыбак-сусед, што ні кажы, дзівак нейкі. Ён, можа, жартуе? А можа, ён грозіцца па-сапраўднаму, нядобры, люты гэта чалавек? Як узнікла такая згадка, аж сэрца замерла.

Юрка зіркнуў на паплавок і кінуўся да вуды. Паплавок на вадзе скакаў, бы на спружыне. І во хлоп — праваліўся ў пучыне, якраз у віры-варонцы. Во гэта спрытнюга, нават не пазабаўляўся з гарошынай! Хлопец тузануў вудзільна, адразу адчуўшы — падсек, ухапіў здабычу. Лешч ці нешта іншае? Ён асцярожна пацягнуў леску ўбок, рыбіна заўпарцілася, завіляла хвастом — але куды там — Юрка хвацка выхапіў яе з вады. Ага, зноў лешч і зноў жа гэткі ж ладны і прыгожы!

Удача прынесла адчуванне радасці. Хлопец не ўтрымаўся, павярнуўся да дзіўнага суседа-рыбака, у запале крыкнуў:

— Чаго сядзіш? Едзь сюды. Бач, якая тут рыба...

Звонкі хлопцаў голас пакаціўся па рачных хвалях, яго падхапіла рэха і панесла ў далячынь лугоў і ляснога сутарэння.

Рыбак на лодцы, было бачна праз чарот, варухнуўся, мабыць, намагаючыся ўстаць. Але, як і ў першы раз, замест яго постаці паявіўся над чарацянай сцяной сціснуты кулак, які вагаўся доўга, непрыхільна-варожа.

«Дурны ён, ці што? — не на жарт раззлаваўся хлопец. Разам са злосцю прыйшоў, прыхлынуў да сэрца страх.— Хто ж гэта такі? Няйначай, чужак. Кулаком грозіць. От дзіва! Калі расказаць людзям, не павераць. Скажуць, прыдумаў, набрахаў... А яно ж так і ёсць...»

І раптам удалечыні завуркатаў матор. Юрка ўздзеў на кукан другога ляшча, асцярожна паклаў у лужынку і, разагнуўшыся, прыслухаўся. Нават забыўся на тое, што трэба сачыць за паплаўком. У прасвет паміж дзвюма сценамі лесу вынырнулі два доўгія грузавікі.

Яны набліжаліся да лукавіны ракі. Кузаў першай машыны быў абцягнуты брызентам. Па тым, як яна цяжка раўла, як рэзка валюхалася на ўхабах, сведчыла, што нагружана яна нечым да канца.

Следам паўзла машына меншага памеру. У кузаве яе сядзела некалькі салдат у касках з аўтаматамі.

І раптам... Не, Юрка нават не паспеў уцяміць, што адбылося. Раптам дарога перад першым грузавіком уздыбілася чорным пукатым бугром. Машына неяк зусім лёгка ўзбегла на гэты бугор і пачала ўвачавідкі развальвацца на часткі.

У гэты ж міг лопнула, раскрышылася на часткі і цішыня. Зямля захадзіла пад нагамі... Юрка пахіснуўся, ледзь не зваліўся з кручы ў раку.

Калі выпрастаўся, стаў моцна на ногі — наваколле ўжо было запоўнена траскатнёй аўтаматаў і кулямёта. І самым дзіўным было тое, што ляскат кулямёта даносіўся з чарацянага гаю, з лодкі. «Во табе і рыбак! — мільганула ў галаве.— Зрабіў засаду... Міну падклаў...»

Над ракой вірыла, калацілася рэха страляніны, агідна пасвіствалі кулі. Хлопец, апантана азірнуўшыся па баках, нацэліўся ў гушчар, падалей ад бяды. Бег разгоніста, не разбіраў, што перад ім,— праз канавы, кусты, нейкае ламачча, зараснікі ажынніку і малады ліпняк.

Прыпыніўся праз хвілін дзесяць, калі наваколле прыціхла, не тузалася ад бабахання стрэлаў. Пачаў аддыхвацца.

Куды ён забег? Наўсцяж паляна, атуленая з бакоў старым высокім лесам. Справа, край паляны,— шэры закутак з арэхавых раскідзістых кустоў. А во высіцца горды і стройны, нібы франт, граб. Ён перасягнуў усіх сваіх сапернікаў, вынес вяршыню-галаву аж пад хмарнае неба, калыхае ёю там, на нешта дзівіцца, шэпча і мроіць аб нечым сваім, запаветным. Юрка зразумеў: ён непадалёку ад ракі, тут недзе шнуруе дарога да Мокрай Дубровы, славутай багатымі сенажацямі.

Правая нага смылела. Прыпыніўся, прыгледзеўся — абдрапаў аб нейкі сук ступню, аж пырснула кроў. Хлопец ацёр жмутом травы кроў, папляваў на ранку, прытуліў да яе далонь. Ранка схапілася рванымі беражкамі.

Знаходзячы праходы між кустоў і буралому, Юрка паволі брыў уперад. Рассунуўся лес, дыхнула рачной прасторай, якая трымала ў сабе пахі воднай духмянай свежасці. Выйшаў хлопец на высакаваты сухі бераг, па якім вілася і прападала ў гушчэчы моцна раз’езджаная дарога. Сям-там дарогу апляталі як бы жылы — выпучаныя карэнні дрэў.

Ехаць па такой дарозе, Юрка ведае, адна пакута. Аднойчы яны з бацькам везлі з Мокрай Дубровы сена. Воз наладавалі не так ужо і высока, але па дарозе гэтак яго кідала ў бакі, што ў адным месцы воз нечакана перакуліўся і сенам накрыла яго, Юрку. Во было бацьку клопату: ледзь уратаваў сына.

«Бацька! — нечакана цюкнула хлопцу ў галаву.— Ён жа сёння не начаваў. І мог з гэтымі немцамі ехаць дамоў. Машыны ж у Белыя Сарокі ляцелі...»

Гэтая думка і апякла, і ўстрывожыла. Юрка рашыў вярнуцца назад, паглядзець, што там ды як. І потым, трэба ж было забраць вуду і ляшчоў. «А калі там немцы, ды схопяць?» Аж халадок прабег між лапатак ад гэтай думкі. Хлопец прыпыніўся ля каржакаватай старой ліпы, задумаўся.

Унізе вірыла і неслася што ёсць моцы рака. Каля самага берага ў вадзе пад напорам плыні слаліся, матляючыся то туды, то сюды, водарасці і плакун-трава. Нізка, прыпадаючы да ракі, з піскам насіліся стрыжы. А неба на ўсім адкрытым прасцягу таксама здавалася ракой. І па ім цякла, нізалася плынь пярэстых драбнюткіх, не болей за далонь, хмарак.

Раптам з-за павароту рака вынесла нешта чорнае, тоўстае. Юрка спачатку падумаў, што плыве звычайны выварацень ці калода. Прыкідваў хлопец, што рабіць: вяртацца ці не вяртацца да чарацянага гаю. Усё ж пераадолеў нядобрае ўнутранае супраціўленне, рашуча матлянуў цёмным чубам.

Тым часам позірк зноў ухапіў раку і тое, што яна на сабе несла па цячэнні. Хлопец аж ахнуў ад неспадзеўкі. Па рацэ, пагойдваючыся, сунулася вялікая чорная лодка з высокімі ўключынамі, у якіх тырчалі вёслы. Адно дзівіла — у лодцы нікога не было. Як ні прыглядаўся хлопец, чалавека не знаходзіў. «Ого, дык гэта ж лодка таго, відаць, рыбака,— нарэшце ўцяміў хлопец.— То што ж адбылося? У лодцы нейкія рэчы...»

Хлопец назіраў яшчэ з хвіліну за імклівым бегам пасудзіны і раптам зразумеў: трэба пераняць лодку, паглядзець, што ў ёй, прыгнаць к берагу.

Юрка кінуўся па пясчанай ускраіне ракі. І калі апынуўся на метраў дзвесце ўперадзе лодкі, хапатліва здзеў штаны, сарочку, кінуў іх пад корч і тут жа з высокага травяністага берага кульнуўся ў раку.

Вада казытнула цела, зашамацела жгутамі-струменямі. Плыў Юрка лодцы наперарэз, баяўся, што не паспее. Стараўся з усіх сіл, але плынь ракі адносіла яго, цягнула ўбок.

Во на лодку, на край борта села нейкая птушачка, з вогненнай грудкай і доўгім хвосцікам. Пакруціла галоўкай, паматляла хвосцікам і — пырх! — узнялася, паляцела.

Лодка ўсё бліжэй і бліжэй. Яе імчыць сярэдзінай ракі, па самай глыбіні. Чутно, як хвалі пляскаюць, як стукаюць ва ўключынах вёслы. Ад частых напружаных узмахаў у хлопцавых руках адчулася здрадлівая знямеласць. «Хаця б не ўхапіла сутарга. Сярэдзіна ракі... Вакол — нікога. Во надумаўся... Навошта? Хай бы плыла... Хай бы... Але ж лодка асаблівая... Як жа яе такую не злавіць!..» Пакуль у душы круціліся такія думкі, лодка параўнялася з Юркам. Параўнялася і пачала яго апярэджваць. Да лодкі асталося не болей дзесяці метраў.

Няўжо ўцячэ? Хлопец засяродзіўся, паддаў духу, запрацаваў імклівымі сажонкамі, як пліцамі параход. І што ж — адлегласць да пасудзіны пачала прыкметна скарачацца. Яшчэ рывок, яшчэ хвіліна, і цоп — рука ўхапілася за край кармы!

Уздых палёгкі і радасці вырваўся з Юркавых грудзей. Дробнае паколванне прабеглася па мышцах рук, яны нервова тузануліся, занылі.

Ён напружыўся і вёрткім загарэлым целам перакінуўся цераз борт. Сеў на лавачку, акінуў лодку вачыма.

Так, гэта была лодка таго чалавека, што быў у засадзе, вёў бой. Ззаду на карме валяецца пілотка, яго пілотка. Хлопец яе падняў, разгледзеў — усё як мае быць, з зорачкай.

Чакай! Ён хіба не бачыць: у лодцы ж процьма вады, яна, чутно, недзе цурчыць, набягае. Ды во — адтуліна! І не адна, некалькі. Во як пашчапана лодка кулямі.

Проста ў вадзе, абапіраючыся дулам на пярэднюю лавачку, ляжаў кулямёт, чорны, рабрысты, ад яго тхнула парахавым дымам. У вадзе, на дне лодкі, ляжалі гранаты. Стаяла пасярод лодкі і нейкая скрынка. Аж дух заняло ў Юркі.

Во лодку прыдбаў! Тут цэлы вайсковы арсенал — кулямёт, гранаты і яшчэ, відаць, штось знойдзецца. Але цяпер найпершы клопат — уратаваць лодку, не даць ёй патануць.

Тут жа на карме Юрка нагледзеў чарпак. Тоячы трывожнасць і радасць, запрацаваў чарпаком. А лодку несла, круціла на вірах, пагойдвала.

Абапал, па абодва бакі берагоў, маўкліва сунуліся абсягі цёмнага, падсвечанага з вышыні сонцам гушчару. Над абрывамі-кручамі стаялі мажныя дубы — грудзі наросхрыст, вяршыня — у самае неба! Дубы самавіта памахвалі галінамі, нешта важнае, таямнічае пераказваючы адзін аднаму. Яны чулі людскую трывогу, чулі вялікую чорную небяспеку, што набліжалася, расла, як чорны абвал, як злая немінучасць.

Лодку несла ўсё далей і далей...

 

Раздзел васемнаццаты

Зося дома была не болей дзвюх гадзін. Яны цяпер жылі ў падсуседзях у старога Грыбка. Дзед гэты некалі ваяваў з японцамі, быў матросам і добра памятае Цусімскі бой. У гэтым баі іх карабель быў патоплены, і Захар Грыбок трапіў у палон. Аж два гады ён працаваў на шахтах пад Токіо, пасля вызвалілі, і Захар вярнуўся ў родную вёску. На ўласнай скуры чалавек зведаў, што такое вайна, зведаў здзек і пагарду ворагаў, нагледзеўся на белы свет. І калі вярнуўся ў вёску, людзям сказаў: «Прайшоў я нямала дарог і краін. Нічога няма лепшага, чым наша. І гэта наша трэба, браткі, берагчы і любіць».

Дзед Нічыпар і Захар — аднагодкі. Яны сябравалі з маленства, можна сказаць, жыць не маглі адзін без аднаго. Як выдарыцца вольная хвіліна, так і шукаюць, каб сустрэцца, каб пагаварыць аб навінах, аб гаспадарчых патрэбах, абмяняцца тытуньком.

Чутку аб тым, што хата Саладухіных знішчана нямецкім танкам, што Нічыпара фашысты збілі прыкладамі, дзед Захар успрыняў, як уласнае гора, запрасіў усю сям’ю перабрацца да яго.

У той жа вечар Зося, Нікадзімка, маці і дзед Нічыпар той невялікі скарб, што застаўся ад гаспадаркі, перацягнулі ў хату Грыбка. Во і жывуць пад адной страхой, дапамагаючы адно аднаму. Варыва ў печы адно, і паліва ніхто не дзеліць.

Хутка ў хаце даведаліся, што Зося прыстаўлена старшынёй калгаса даглядаць за раненым лётчыкам. Настасся не хацела, каб Зосю ўблытвалі ў такую рызыкоўна-небяспечную справу. «Ужо мы хапілі гора — сытыя, дзякуй богу».— «Ну то як жа, Настасся,— пайшоў у наступ дзед Захар,— чалавеку прападаць? Божую яна справу робіць, хай і робіць. Калі ўжо мы яму не паможам, то хто ж тады паможа. Га, Настачка, адкажы?» — «Ну то дзе вы бачылі, дзеду, каб усё кінуць-рынуць. У нас жа клопату колькі, да вас навязаліся, назаляем...»

— Во ето, Настасся, ты не тое кажаш. Вы не навязаліся, адкуль ты ето ўзяла? Чалавек чалавека павінен ратаваць, асабліво калі прыйшло ў наш край ліхалецце.

У вачах Настассі ўспыхвае ўдзячная прыхільнасць да дзеда, але яна не хоча, каб Зося рызыкавала, не хоча. І даказвае сваё:

— Унь колькі ў вёсцы дзяўчат ёсць. Дык убачылі Зосю, хадзі, дзеўка, па лязу нажа. Я, дзеду Захар, не хачу, каб яе павесілі. Раджала ж не для гэнага.

— Правільна ты ўсё кажаш, правільна, галубка. Але зразумей, калі мы будземо ўсе баяцца-страшыцца, то вораг нас усіх ператрэ на мякіну, перадушыць. Зося дзяўчына спрытная і кемная. Розуму ў другіх не пазычаць. Сама ведае, чаго баяцца, чаго стараніцца. Так што, Настасся, няхай будзе, як ёсцека. Хай дапаможа раненаму, уратуе яго.

— То няхай на суткі яшчэ сходзіць,— нарэшце ўздыхнуўшы, сказала Настасся.— А там каб шукалі другіх.

Зося не чула гэтай гаворкі. Увішна ўвайшла ў хату з вядром малака, прыкрытым ручніком. Толькі што яна падаіла карову. Звычна паставіла вядро на лаву, схадзіла ў сенцы, прынесла два ладныя гліняныя гладышы і праз цадзілку стала разліваць малако.

Усе былі дома: і маці і два дзяды. Вось толькі Нікадзім недзе на вуліцы насіўся са сваімі сябрамі.

Настасся ўважна сачыла за клопатамі дачкі, радавалася — гаспадарлівая дзяўчына. Бач, разліла малако і ніводнай кроплі не праліла. Рухі ў яе звычныя, упэўненыя. Разагнуўшы вузенькую спіну, матлянула густымі пышнымі косамі, панесла ў сенцы, у халадок гладышы. Потым лінула ў даёнку вады, папаласкала цадзілку і тут жа выйшла на двор — павесіла і вядро і цадзілку на частаколінах.

Вярнуўшыся ў хату, ускінула чорныя бровы, запытала:

— Можа, ёсць яшчэ работа?

— Ты хіба спяшаешся?

— Вядома, мамо, трэба ісці.

— Ох гэта «трэба»,— з прыкрасцю ў голасе сказала маці.— Паскручваеце вы, дзеткі, галовы. Папомніце маё слова.

— Вы гэта аб чым, мамо?

— Я кажу, што трэ бачыць, што робіцца вакол. А вы...

— Ой, мамо, памаўчыце,— усё зразумела дзяўчына.— Мы бачым больш, чым вы. І не войкайце, калі ласка.

— От жа вы якія павырасталі, і харошыя і лоўкія, адно бяда: старэйшых не слухаецеся. А было гэта раней? Ой не! Мой бацько калі што сказаў, бы звязаў — паспрабуй запярэчыць, галаву адкруціць. Во гэта былі парадкі. А цяпера і школа іх вучыць, і ў кніжкі ўсё глядзяць, чытаюць, а каб саступіць старым — у іх і ў завядзёнцы нямашака.

— То табе ж Зося сказала, што спяшаецца,— падпальваючы цыгарку, сказаў дзед Захар.— То мы хіба з Нічыпарам падрыхтуем перадачу ў лес.

— Так вы і падрыхтуеце,— нездаволена буркнула Настасся. Яна падышла да шуфляды, што вісела ўзбоч печы, адгарнула белую фіранку і зняла добра наладкаваны вузельчык.

— Тутака і масла ў шклянцы, і тварог. І чарніца сушаная. Чай з чарніцы дужа гаючы,— сказала яна на гэты раз спакойна, ураўнаважана і перадала вузельчык дачцэ.

— От за гэта дзякуй, мамо,— Зося ледзь прыкметна ўсміхнулася, выйшла з хаты. У пуні прыхапіла серп, павесіла яго на левае плячо,— і гэтак з вузельчыкам і сярпом выйшла за прыгуменне. Вочы адразу пацягнуліся к роднаму селішчу. Вунь паміж хатамі як бы нейкая праломіна. Там яны тры дні назад жылі, там была іх хата, быў уласны кут. Цяпер жа застаўся на ўскраіне сядзібы толькі іх прыземісты, стары, пад саламянай страхой хлеў. Карова, калі ідзе з пашы, адразу паварочвае ў ранейшы двор, хоць і пустэльны. Можна, вядома, трымаць карову і ў сваім хляве, але дзед Захар сказаў, што гэта будзе Саладухіным нязручна. Карову перагналі ў ягоны хлеў.

На селішчы стаіць якраз перад хлявом высокая груша. Крона яе густая, пышная і здаля падобная на зялёны шар, што нібы апусціўся з неба. Вось і ўсё тое мілае і роднае, што яшчэ асталося на зямлі, прыцягвае і думкі і зрок, што выклікае ціхае і турботнае хваляванне. .

І яшчэ думкі-згадкі Зосіны пра Андрэя. Хлопец ёй падабаўся. Аднойчы з вечарынкі ён праводзіў яе дахаты. Ой, як гэта было нязвычна. Яна, помніць, бегла з сяброўкамі. А ён выскачыў аднекуль з ночы, гарачы, імпэтны, напорысты і — хоп яе. Пачала адбівацца, як птушка, што трапіла ў сіло. Але ён моцна яе трымаў за руку і рагатаў на ўсё ваколле. «Ага, Зоська, нідзе ты не схаваешся,— гаварыў ён горача.— Думала, цябе не знайду, думала, без цябе прападу. Калі так, прападаць будзем разам. Ну, то хопіць трапятацца, біцца, ты ж дзяўчына, а не сініца...» Во так як загаварыў, як засакатаў, яна і крылы апусціла, але, натапыраная, насцярожаная, кінула яму:

— А ты ведаеш, Андрэйка, сілаю міл не будзеш.

А з яго як з гуся вада. І брывом не павёў, не збянтэжыўся. Зноў жа зарагатаў і гэтак спакойненька адказвае: «Канечне, ведаю. Але сіла ў мяне асаблівая, яна будзіць чалавека: маўляў, прачніся. Маўляў, ты спіш і нічога не бачыш. Я сілай сваёй хачу цябе разбудзіць. Прачніся, Зоська! Чуеш!» — і ён зноў зарагатаў па-юнацку гарэзна, бестурботна.

Яны ўсё ж пайшлі разам да Зосінай хаты. Яна вырвала руку з яго рукі, скокнула ўбок. І во так бокам, касавурачыся, ішла. А ён усё гаварыў, спяваў частушкі, сыпаў жарты.

А калі дайшлі да сядзібы, калі з-за паркана выглянула Зосіна хата, дзяўчына як бы ў адказ, як бы насуперак хлопцу, зазвінела вострай дасціпнай частушкай і — раз! — кінулася ў калітку і зашмаргнула засаўку.

— Зоська! — крыкнуў Андрэй.— То як жа так? Здзекуешся! Як усё зразумець?

— А вось так,— горда трасянула капой валасоў дзяўчына.— Гэта значыць: ад варот паварот!

— Жорстка загадваеш, Зоська. І гэта на вякі вякоў?

— Там бачна будзе.

— Ты не жартуй, калі ласка. А то твае жарты, знаеш, чаго варты?

— Ну, чаго? — было зусім відавочна, што дзяўчына пацяшаецца з хлопца.

— Злаўлю цябе і пацалую.

— Ну што ж, дай нашаму цяляці воўка спаймаці...

— Зоська, не дурыся! Называецца, правёў. Схавалася за паркан, вось вазьмі яе дастань! Але я дастану!

— Хутчэй месяц дастанеш, чым мяне.

— То што табе трэба, Зоська? Гавары, загадвай. Усё зраблю. На сёмае неба ўзлесці? Узлезу! З-пад зямлі золата дастаць? Дастану! На калені стаць? Стану!

Зоська залілася, як званочак, тоненькім смехам, ласкава сказала:

— Нічога не хачу, нічога не вазьму. Я ўсё ўжо атрымала.

— Атрымала?..— здзівіўся хлопец.— Што? Як? Ад каго?

У той жа момант Зоська крутнулася, рассыпала звон свайго смеху, узбегла на ганак і знікла за рыпучымі дзвярыма.

Андрэй яшчэ доўга стаяў каля паркана, узіраўся ў цёмныя вокны Зосінай хаты.

У наступную суботу ў клуб на танцы завітала Зоська, і першы, хто трапіўся ёй на вочы,— Андрэй. Ён стаяў у купцы хлопцаў каля гарманіста, прыгладжваў віхорысты свой чуб. Позіркі іх сустрэліся. Зоська зардзелася, стала пунцовай, як ружа. Андрэй усміхнуўся, стрымана, радасна. А калі загучалі акорды вальса, Андрэй адразу кінуўся да Зоські, у паклоне схіліў перад ёю галаву.

— Патанцуем? — спытаў ён.

— Ой, Андрэй. Хіба потым... Бачыш, як людзі глядзяць.

— А што — гэта дрэнна? Наадварот, Зоська, добра — хай глядзяць.

Як яны кружыліся, ляцелі ў гэтым разгоністым урачыстым танцы! Іх ахапіла нейкая няўрымслівая поклічная сіла і ператварыла кожную клетку цела ў рух, у салодка-млявае трапятанне. Ніякай напружанасці — раскаванасць душы і сэрца, вось што адчувалі ў вірлівым патоку музыкі ён і яна. Іх, вядома, прыкмецілі. Старыя бабулі і маладзіцы, што сядзелі тут жа на лавах, святочна апранутыя, не адрывалі ад іх вачэй. А некаторыя ківалі галовамі, як бы робячы нейкае адкрыццё, гаварылі:

— Во гэта парачка... Як з неба зляцелі...

Гэты вечар наогул быў нейкі асаблівы. Калі яна выбегла з клуба, ён яе чакаў, стоячы каля плота, пайшоў побач, парыпваючы новымі чаравікамі. Ад яе і яго як бы ішлі нейкія сустрэчныя нябачныя токі, і яны ў гэтай сцішанасці адчувалі іх асабліва ярка — то быў маўклівы і трапяткі дыялог маладых душ.

Ой, яна не можа, не можа прызнацца! Але ён тым вечарам яе пацалаваў.

Во гэтак прыйшла яе любоў, у нечым простая, як жыццё, а ў нечым незвычайная, як казка. Аднак пагулянкі і вечарынкі, дзе вірлівая іх любоў набірала моцы, прыгажосць былі нядоўгімі. Нейк у сераду, перад Кастрычніцкімі святамі, яна ў сельсавеце, перабіраючы пошту, натрапіла на пісьмо, адрасаванае Андрэю. Па штэмпелю, што быў унізе на канверце, прачытала адрас райваенкамата. Яна і ў галаве не трымала, што хлопцу, як і ўсім, давядзецца ісці на вайсковую службу. Вось яно як?! Іх чакае ростань.

І во мінула амаль два гады. Прыехаў Андрэй у адпачынак, а яна яго нават і не пабачыла. Увесь першы вечар ён аддаў бацькам, а на другі дзень, калі яны павінны былі сустрэцца, на іх шчасце прыйшло зацьменне — яркае мірнае сонца засланіла вайна.

Зося страпянулася ад сваіх думак, убачыла, што стаіць на сцяжыне, якая збягае ў нізіну да шэрых лаў лазняку.

— Праклятыя! — выдыхнула яна з адчайным болем, гледзячы на роднае разбуранае селішча, і ў гэтым выгуку прагучала сіла любві да роднай зямлі, сіла вернасці і адданасці добрым і прыгожым чалавечым пачуццям.

Сонца ўжо сходзіла з поўдня, побач з Зосінай постаццю ляжаў куртаты шэры цень. Дзяўчына варухнула вузкімі плечукамі, мацней сціснула ў руках вузельчык і пайшла напрасткі праз лугавую абшарыну ў лес. Ногі ў брызентавых чаравічках блыталіся ў высокай перастоенай траве.

У хуткім часе яна выйшла на гарысты ўзлобак, на якім раней рос лес, а цяпер тут сярод пясчаных праплешын тырчалі лабастыя сасновыя пні. Нешта ў душы варухнулася і прымусіла яе зноў спыніцца, павярнуцца. Адсюль, з узлобка, добра бачылася родная вёска. Яна выгнулася дугой — два рады хат з надворнымі будовамі і садамі былі нанізаны на стрыжань дарогі, якая злучала вёску з навакольным светам. Якраз да сярэдзіны вёскі левым берагам блізка падыходзіла Прыпяць, яна там цьмяна сінела і адсвечвала сонцам.

Зося лічыла з усіх вёсак раёна свае Белыя Сарокі самай прыгожай, утульнай. Праўда, яна яшчэ далёка нідзе не была. Там, за лясамі і доламі, недзе стаяць іншыя вялікія паселішчы і гарады, і самы вялікі горад Беларусі — Мінск. Туды, закончыўшы школу, звычайна едуць вучыцца. Там, кажуць, прыгожа-прыгожа, вуліцы асфальтаваныя, роўненькія, як шкло, а дамы-гмахі, паглядзіш — шапка спадае, такія яны высозныя, пад самым небам.

Часта марыла Зося пра Мінск, хацелася ёй хоць вокам глянуць на гэты славуты горад. Пра Мінск гаварыў і Андрэй. Пасля арміі ён меркаваў паехаць туды, каб паступіць у інстытут народнай гаспадаркі.

Андрэй... Ён павінен жыць! Ён павінен вярнуцца дамоў, на радзіму. І мы сустрэнемся. «Ох, Андрэй, Андрэй! — вялікі непакой агортвае дзяўчыну.— Ты не разумееш, як мне цяжка без цябе, без таго, што не чую твайго дыхання, твайго нетаропкага голасу, не бачу тваіх добрых вачэй, у якіх тоіцца столькі пякельнага агню і спагады».

Недзе як быццам загрымела, і Зося няўцямна агледзелася. Во як атрымліваецца, яна не столькі ідзе, колькі ўсё думае, перабірае, варушыць у сваёй памяці. А яе ж чакаюць. Лётчыку чамусьці не лепшае, як ні стараецца, і рану, здаецца, абмывае, забінтоўвае. Во прыдбала грамаў пяцьдзесят ёду, выпрасіла ў брыгадзіравай жонкі. Што, што, а ёд пры летняй спякоце першае лякарства — гэта яна добра ведае.

Мінуўшы пагорак, што цягнуўся ўсцяж лугу, Зося ўвайшла ў лес. Каб не трапіць стрэчным падарожнікам на вочы, рухалася паўз дарогу, трымаючыся правага боку. Лес быў знаёмы да драбніц, кожная яго сцежачка, прагалінка.

На паўдарозе да вострава была невялікая грэбля, па баках якой цягнуўся гнілы ўзбалотак. Вось тут яна выйшла на дарогу.

Каля старога, звонкага бору дарога рабіла круты паварот. А за паваротам адразу вынырнуў шэры, парослы сіўцом горб Даманавай гары. Ускрай дарогі Зося ўбачыла крушню каменняў, парослых шызым імхом, тут яна запынілася, агледзелася.

Гара выпучылася ўпоперак дарогі, падставіўшы пад сонца круты з пясчанымі праплешынамі бок. Тут некалькі гадоў назад высілася трыганаметрычная вышка, якую скарыстоўвалі леснікі, каб сачыць улетку за ляснымі пажарамі. Але ад даўнасці вышка згніла, павалілася. Больш яе не аднаўлялі. І вось там, дзе была вышка, Зося ўбачыла бусла. Ён стаяў нахохлены, безуважны. Дзюба была падцягнута да тулава, кідалася ў вочы яе зыркая чырвань. «Гэта ж той, што паранены,— здагадалася дзяўчына.— Яго ўчора тут лавілі дзеці, ды не злавілі. Кажуць, у бусла фашысты стралялі... Паспрабую спаймаць і занесці на Жураўліны востраў. Буду лячыць і лётчыка, і бусла».

Зося пачала ўзнімацца на гару, не адводзячы позірку ад журботнай птушкі. Старалася не шумець. Але ўсё ж нейк недагледзела, і пад нагамі трэснула сухая галінка. Бусел пачуў гэта, сцепануўся, варухнуў дзюбай. Дзяўчына марудна, з асцярогай узнімалася вышэй. Каб вызваліць рукі, паклала пад купчастую елачку, што адзінока тут расла, вузельчык і серп. Бусел неадрыўна сачыў за чалавекам, было бачна, што ён устрывожаны. Бусел ціхенька тузануў правым адвіслым крылом, паклыпаў па травяністай глебе, у такт хадзе падрыгваючы дзюбай.

— Ну што ж ты, буслік, уцякаеш? — шэптам прытоена спытала Зоська.— Дай паглядзець тваю рану. Табе ж балюча? — і яна пайшла следам за птушкай. Бусел яшчэ больш устурбаваўся, хутчэй стаў перастаўляць цыбатыя ногі. Ён кіраваўся да жоўтага ракітніку, за якім пачынаўся лес.

— Ну дык што гэта? — з папрокам сказала дзяўчына.— Я да цябе з дабром, а ты адварочваешся? Пачакай, пачакай,буслік!

Ён азіраўся, тузаў рытмічна ўзад-уперад дзюбай. Зося запынілася, стала сачыць за птушкай здаля. Бусел таксама запыніўся, павярнуўся бокам і стаіўся ў напружанай маўклівасці.

«Можа, пабегчы за птушкай, спаймаць?» — падумалася дзяўчыне.

І толькі было расставіла рукі, рушыла ўперад, бусел скок-прыскок, кінуўся прэч, шукаючы ратунку.

«Хіба зусім не чапаць. Можа, сам акрыяе, вылечыцца? Птушкі і дзікія жывёлы, яна чытала, умеюць знаходзіць гаючыя травы, ратавацца ад хвароб і ран». Аднак думку гэту адкінула. Калі бусел забрыдзе ў лес, яго абавязкова схопяць ці то лісіца, ці то воўк. Птушка, відаць, чакае помачы ад чалавека. І адначасова баіцца яго. Што ж рабіць?

У настроі дзяўчыны запанавалі сцішанасць, разважнасць. На схіле гары ляжаў вялікі крутабокі камень. Падышла, узабралася і села на яго. Зноў памкнуліся думкі, пабеглі рознымі кірункамі-шляхамі. Прыглядваючыся да бусла, раптам пачала прыкідваць, адкуль ён, дзе ягонае гняздо.

У Белых Сароках толькі адна буслянка — на пуні Сымона Пашука. Колькі разоў яна чула, як Лявон, выбягаючы з хаты ці ідучы са школы, слаў прывітанне птушкам няхітрым вершыкам, які гучаў накшталт замовы. Запомніла гэты вершык і Зоська. Яна яго тут жа ўголас паўтарыла:

 

Бусел, бусел, клекатун,

Узяў бабу за каўтун.

У балоце памачыў,

Жыць як трэба навучыў.

Ходзіш ты ў чырвоных ботах,

Па лугах і па балотах,

Праляці ты над парогам,

Скінь нам хлопчыка малога...

 

Зосьчын голас мяккі, пяшчотны, пявучы. Не паспела яна закончыць вершык, як убачыла: бусел сцепануўся, варухнуў хвастом і зрабіў як бы крадком крок.

 

Бусел, бусел, клекатун,

Узяў бабу за каўтун.

У балоце памачыў,

Жыць як трэба навучыў...

 

Бачыць дзяўчына: бусел зусім асмялеў, памалу, з асцярогай, але ўсё ж набліжаецца да яе, да каменя. Каб чараўнічы момант не ўпусціць, яна прадоўжыла:

 

Ходзіш ты ў чырвоных ботах,

Па лугах і па балотах.

Праляці ты над парогам,

Скінь нам хлопчыка малога...

 

Бусел ішоў на замову, як на прамень, які абаграваў яго. У птушкі дзюба прыўзнята, ногі напружаныя. Не чакала дзяўчына, што птушка так адрэагуе на яе прызыўны заклік. Выходзіла, бусел з Пашуковай буслянкі.

Не дайшоўшы да дзяўчыны метры два, бусел запыніўся. Гарошынкамі-вочкамі павёў па баках, тыцнуў дзюбай пад ногі, нібы там убачыў яшчарку ці жабу, і тут жа, высокі і стройны, застыў, як бы акамянеў.

Зося зноў ціхенька і пяшчотна зашаптала замову, галавы не паварочвала. І рукі, пакладзеныя на калені, ляжалі спакойныя, важкія. Але іменна гэтыя рукі павінны былі раптоўна схапіць бусла. Зося адчула, як рукі сталі гарачыя і нецярплівыя. Вельмі баялася, каб яны раптам не выдалі прытоенага намеру.

— Ну, чаго запыніўся? — звярнулася дзяўчына да бусла.— Падыдзі бліжэй. Я ж ведаю, табе баліць. Во як адвісла крыло. Хутка твая сяброўка паляціць у вырай. А ты?.. Ты ж не зможаш падняцца ў неба, узмахнуць крыламі і плыць, плыць белай хмаркай па нябеснай мройна-трапяткой сінечы. Ты застанешся тут, на зямлі, такі прыгожы і такі непрыстасаваны да халадоў, сцюжы, маразоў. Я цябе падлячу, буслік, дапамагу, каб крыло тваё набралася моцы, дужасці. Не бойся, буслік. Я хачу табе дабра.

Бусел варухнуў дзюбай і спакваля рушыў уперад уздоўж гары. Няўжо адыдзе?

Бусел адышоўся крокаў на пяць. Нарэшце ў нейкай задуменнасці спыніўся. Пастаяў хвіліну, пераступіў нагамі-спружынамі і пайшоў у абход каменя. Здавалася, ён не пазіраў на Зосю, ішоў сабе, як звычайна, але дзяўчына бачыла, што птушка ўся наструнена, у напружаным чаканні.

— Я памагу табе, буслік,— нягучна ўголас гаварыла Зоська.— Ёд — лякарства што трэба. Адразу здыме боль. Дамовіліся? Не пужайся. Я ведаю Лявона, Лявон не толькі твой сябар, але і мой. Разумееш, мой. Мы разам даглядаем параненага лётчыка. І табе паможам. Як ён будзе рады, калі ўбачыць цябе... Бусел, бусел, клекатун...

Зося сядзела на камені нерухомая, як статуя. Толькі варушыліся губы ды цурчала чыстым ручайком замова. Нарэшце птушка зрэзала вугал, прасунулася зусім блізка. Зося падрыхтавалася, напружылася, разумела, што толькі зараз яна абавязкова павінна схапіць бусла, больш такога зручнага моманту не будзе.

І толькі было яна нарыхтавалася, як бусел сеў у траву, прыспусціўшы да самага долу параненае крыло. Зося аж разгубілася. Бусел сядзеў, як бы запрашаючы: бяры мяне, рабі што хочаш. Яна працягнула рукі, хапатліва кінулася ўперад, і во бусел у яе руках! Зося шчакой прытулілася да птушкі, імкнучыся заспакоіць яе, перадаць ёй пяшчотнасць і ласку чалавечага сэрца.

Праз хвілін дзесяць дзяўчына з незвычайным лясным здабыткам ціха ступіла на Жураўліны востраў.

 

Раздзел дзевятнаццаты

Сёння ў хаце Пашукоў пануе разліты па ўсіх кутках смачны пах. Каля печы на табурэце паважна высіцца шырокая, ахопленая трыма абручамі, дзяжа з наздравата-пухкім цестам. Ганна цеста добра вымесіла, чэрпае яго шырокімі прыгаршчамі, пестуе ў руках, і за нейкую хвіліну ўтвараецца «калабок», бохан хлеба, які кладзецца на драўляную лапату і засоўваецца ў печ на гарачую чарэнь.

Лявон сядзіць за сталом, заканчвае сняданак, радуецца боханам, якія вырастаюць у руках маці, важкія і светлыя, як сонца.

Дзень, калі выпякаецца хлеб, заўсёды ў вёсцы набывае ўрачыстасць, адметнасць. У Лявонавай душы — спагадная ўдзячнасць маці за яе клопат, стараннасць. Праз нейкую гадзіну хату захлісне новы, своеасаблівы пах, пах таго ж самага хлеба, але ўжо выпечанага.

Зноў маці будзе стаяць ля печы, даставаць круглыя, пыхкаючыя спякотай караваі, абмываць іх залацістую скарынку вадой і ўрачыста, як вялікі скарб, класці на стол.

Якая пахка-духавітая пульхная луста хлеба, адрэзаная ад такога каравая! Ясі яе і адчуваеш, як цела наліваецца спрытам, дужасцю.

Хлеб! Калі шукаць вытокі чалавечага шчасця, дык яны, відаць, знаходзяцца іменна ў ім, у гэтым незвычайным, дарагім дарунку прыроды. І калі славіць жыццё, дык першым чынам трэба ўславіць хлеб, дзякуючы якому спазнаецца любоў, натхненне, прыгажосць, барацьба.

Тут, за сталом, некалькі хвілін назад сядзеў і бацька. Заўсёды ў часе сняданку ідзе своеасаблівая рада: якія клопаты прыспелі на гэты дзень, што кожнаму трэба зрабіць. Бацьку сёння неабходна падправіць плот на агародзе. Ён сабраўся і пайшоў. Лявон задання ніякага не атрымаў і яшчэ добра не ведаў, чым зоймецца.

Бацька і маці, ведучы размову, пракліналі Лішая за яго здраду. Хваляваліся, каб ён не навёў часам на іх сям’ю якой напасці.

— Чмут няшчасны! Вылезе бокам уся яго служба. Дурная справа нікога яшчэ не ашчаслівіла. Будзе ў Хвядоса дуля пад носам,— ціха гаварыў бацька.

— Ты хоць не настырайся з ім,— папрасіла маці.— А то прыстане-прыдзярэцца: сын — камандзір... І бог ведае, што можа атрымацца. І во лакамабіль з млына прапаў... Ты ведаеш, колькі гаворкі ў вёсцы. Зноў хаця б падазрэнне на нас не ўпала...

— Не будзь палахліўкай, Ганно,— самавіта прамовіў бацька.— Ты ўсяго пачынаеш баяцца. За гэта не хвалю.

— Ето ж і на ражон не трэ лезці. Галаву падстаўляць пад абух.

Вельмі баяўся Лявон, што бацька нагадае пра лётчыка, а потым скажа, што прапаў ягоны карабін. Прапаў, маўляў, нечакана-негадана, і востры, пранізлівы позірк скіруе на яго, Лявона. Што тады гаварыць, як усё растлумачыць? Не сказаў бацька нічога, не ўспомніў. «Няўжо ён яшчэ нічога не ведае?»

Раптам бразнула клямка, адчыніліся дзверы, і на парозе вырас Нікадзім. Кашуля наросхрыст, босы, з парэпанымі нагамі, ён каўзануў позіркам па дзяжы, глыбей уцягнуў пахкае паветра.

— Маці хлеб пячэ,— растлумачыў Лявон.— Куды сабраўся?

— Во ішоў міма і забег,— сябар неўпрыкмет хіснуў галавой, даючы зразумець, што ёсць важная гаворка.

Праз некалькі хвілін яны былі за прыгуменнем, сядзелі ў цяньку пад купчастай ракітай.

— Ты, Лявон, гаварыў, што трэба вывесці Лішаёў на чыстую ваду.

Сябар падкурчыў па-турэцку ногі і, кусаючы травінку, пачаў даводзіць, што трэба знайсці і вярнуць украдзенае ў краме, што прапала, як расказвае прадаўшчыца крамы, пяцьсот метраў сукна, каля тысячы метраў паркалю, дзесяткі пар штаноў і сарочак, касцюмы.

— Цэлае багацце,— падкрэсліў Нікадзім.— Пакуль ніхто не ведае, дзе яно. Пагудка, аднак, ідзе... І я ведаю, як распутаць гэты клубок. Трэба нітачка. Разумееш, нітачка гэта — Юрка. Па-мойму, ён ведае, дзе што трэба нам шукаць. Трэба захапіць Юрку, прыстрашыць. Пабачыш, прызнаецца.

Лявон уважна выслухаў сябра.

— План цікавы, але рызыкоўны,— сказаў ён.— Нам толькі б не пагарэць.

— Баішся Лішая? Няхай яны нас баяцца! Зразумеў?

— Зразумеў.

План Нікадзімаў быў прыняты. Папярэдзілі Сярожу Канапатага, сына брыгадзіра Герасіма, і Янку Адамца.

Юрку паланілі на наступны дзень, недзе ў поўдзень, калі хлопец пасвіў за сядзібай, за агародамі, паросную свінню. Ён сядзеў пад кустом вярбы, у цяньку, стругаў кіёк, упрыгожваючы яго адмысловай разьбой. Сярожа і Янка прыціснулі Юрку да зямлі, звязалі яму рукі, сціснулі вочы чорнай павязкай і, падхапіўшы пад бакі, павалаклі да лесу. Лес быў недалёка, за логам, што пераразаў вялізнае поле, на якім бунтавала збажына.

Юрка ўпарціўся, падняў крык. Але хлопцы далі яму пад бок добрых кухталёў, і той аціх. Перайшлі ручай, што цурчаў ва ўпадзіне логу, выбіліся на палетак жыта. Юрка заблытваўся ў збажыне, падаў. І хутчэй, відаць, не заблытваўся, а знарок валіўся з ног. Каля лесу «канваіраў» і «палоннага» дагналі Лявон і Нікадзім.

Прыкладна мінут праз сорак калдобістая сцежка вывела хлопцаў на паляну. Паляна была асветлена сонцам, буяла кветкамі і травамі. Юрку паставілі да цыбатай сасны, што выпнулася на край лесу. Сярожа і Янка прыкруцілі Юрку вяроўкай, якую ім падаў Нікадзім, да камля.

— Зніміце павязку. Вы парушаеце правілы гульні...

— Ого, як загаварыў: гульні,— абурана выгукнуў Нікадзім.— Дык ведай, будзем судзіць цябе за злачынства...

— Якое такое злачынства? — здзівіўся Юрка.

— Здымі, Сярожа, павязку,— распарадзіўся Лявон і выйшаў наперад.

Юрка міргаў вачыма, прыстасоўваючыся да яркага сонечнага дня. Спакваля правёў позіркам па паляне, адгадваючы, дзе ж ён апынуўся.

— Юрка Лішай,— ціха і цвёрда прамовіў Лявон.— Мы пакончым з гэтай справай, калі ты чэсна выкладзеш усё начыстату, нічога не ўтоіш... На другі дзень вайны ў нашай вёсцы была абрабавана крама. Ведаеш?

— Ведаю.

— З крамы знікла некалькі рулонаў сукна, паркалю, жаночыя хусткі, касцюмы. Ведаеш?

— Чуў, як жа,— згодна хіснуў галавой Юрка.

— Падазрэнне падае на твайго бацьку — аб гэтым гаворыць не толькі наша вёска, але і навакольныя. Ведаеш?

— Ведаю...

— Цяпер павінен сказаць: дзе схавана ўсё дабро, дзе яно дзелася?

— Пашукайце, можа, знойдзеце. Што вы ў мяне пытаецеся?

— Ах во як! Во як ты загаварыў! — занерваваўся Нікадзім і дастаў з-за пазухі самапал.— Бачыш, што ў мяне?

— Пачакай, Нікадзім, не спяшайся,— адціснуў убок сябра Лявон.— Юрка,— тут жа звярнуўся ён,— не разумею цябе. Навошта ўпарціцца? Смела і мужна скажы: дзе?

— Я смела і мужна кажу: не ведаю! Ну чаго прычапіліся? — голас яго ўздрыгнуў, асекся.

— Пакляніся! — запатрабаваў Лявон.

— Няхай пада мной зямля праваліцца. Хай я ператваруся ў камень, у попел, у чарвяка. Не ведаю, хлопцы, не ведаю!

— Бач, як лёгка раскідваецца клятвамі. Яго падвучылі, Лявон. Ён са сваім бацькам адной вяровачкай звязаны. Яго трэба расстраляць,— узгарэўся Нікадзім і пагрозліва замахаў перад Юркавым тварам самапалам.

— Хлопцы,— тузануўся Юрка,— хопіць вам. Паздзекаваліся, адпусціце. А то крычаць буду-у! Гэ-эй!..— на ўсё горла гукнуў ён.

Пошчак ад Юркавага крыку ўдарыўся ў сцяну сасонніку і заляскатаў рэхам: э-эй, э-эй!.. Лявон і Нікадзім пераглянуліся. Сярожа рвануўся з месца да «палоннага».

— Пачакай, няхай яшчэ раз крыкне,— злосна бліснуў вачыма Нікадзім.— Як толькі крыкне, я...— і ён пагрозна наставіў самапал.

— Нічога вы не зробіце. Ні ў чым я не вінаваты. Чаго прывязаліся? Адпусціце-е-е! — зноў гукнуў хлопец.

І тут адбылося зусім нечаканае. Нікадзім як бы згубіў над сабой уладу. Рука машынальна варухнулася з карабком запалак. У той жа момант сярнічка каўзнула па запалцы, прыкладзенай да адтуліны рулі.

— Ты забіў Юрку! — крыкнуў Сярожа ў адчаі.

Лявон уздрыгнуў, пахіснуўся ад жудасці: што яны нарабілі!

У гэты момант з левага боку паляны выхапіўся, выставіўшы аўтамат, немец.

Хлапчукі з усіх ног кінуліся ў гушчар.

* * *

Калі на станцыі Свержань спыніўся доўгі таварны састаў, з платформы, на якой пад брызентам стаяў, выткнуўшы гармату, танк, саскочыў нямецкі салдат і накіраваўся да прыстанцыйных пабудоў. Спыніўся ля паркана, што адгароджваў тэрыторыю станцыі ад прывакзальнай плошчы, паправіў шэра-зялёны мундзір, што мешкавата сядзеў на ім, пачаў разглядаць мястэчка — дамы, сады, вуліцы.

Праз хвілін дзесяць гукнуў паравоз, і таварны састаў пакаціўся, пагрукваючы на стрэлках, на ўсход. Салдат таксама заспяшаўся. Ён абмінуў паркан, узбоч чыгункі пашыбаваў назад, беручы кірунак да лесу, цераз які вяла дарога да Белых Сарок.

Салдат ішоў спачатку спакваля, потым прыбавіў крок. Сяды-тады ён азіраўся, аглядаў пешаходаў, сачыў за рухам машын і падвод. Правая яго рука ўвесь час ляжала на важкім жалезе чорнага аўтамата.

Нарэшце мястэчка з пыльнымі вуліцамі, з агародамі і палісаднікамі адсунулася назад, апынулася далёка за спіной салдата. Добра вытаптаная сцежка, што вілася цераз невялікія палі, равы і лугавыя ўпадзінкі, вывела немца да пясчанага шляху.

Тут адразу пачыналіся сасновыя гайкі, рассыпаныя па задзірванелых выспах. Салдат прыпыніўся, агледзеў дарогу. Дарога на выхадзе з лесу была моцна раз’езджана калёсамі і аўтамашынамі. Сыпучы жаўтлявы пясок запаўняў каляіны. Салдат узяў кірунак у лес, тупаючы па сцяжыне, што вілася па абочыне. Неба звінела сонечнымі промнямі, было душна, і салдат расшпіліў каўнер мундзіра, адразу адчуўшы, як ветрык лёгка прабраўся да грудзей.

Хутка да дарогі падступіў лес, спачатку густы кустарнік, а потым па баках выпнуліся дужакі дрэвы. Салдат уважна разглядаў лясную мясцовасць, павароты дарогі, якія адкрывалі ўсё новыя і новыя прыгожыя куточкі. Калі перад позіркам салдата раскінулася за доўгім бродам паляна, ён схамянуўся, раптам павярнуў управа і пашыбаваў напрасткі па густым верасе. Каля купчастай высокай бярозы запыніўся і нейкі час разглядаў дол. Убачыўшы пляму мазуту, усміхнуўся.

Неўзабаве вярнуўся на дарогу. Няцяжка было заўважыць, што ісці яму нязручна, ён прыкметна накульгваў. Каля бярозавага гаю, які аж свяціўся зіхотнасцю-белізной, збочыў з дарогі і сеў на тоўсты пень. Нецярпліва тузануў, зняў левы чобат. Нага была без анучы. Салдат убачыў на вялікім пальцы чырвоны пухірок — крывавы мазоль. Ён абмацаў мазоль, паварушыў анямелымі пальцамі.

На дарозе затарахцела коламі падвода. Салдат насцярожыўся. З-за павароту выплыў сівы конь, запрэжаны ў дабротныя, на жалезным хаду, калёсы.

На возе сядзелі мужчына і жанчына. Салдат пазнаў — гэта быў Ігнат Дуля.

Дуля, убачыўшы немца, сцепануўся, імпэтна прыўзняў шапку. І потым некалькі разоў і ён і яго спадарожніца аглядаліся.

Калі ляскат колаў праглынула лясная глухамань, салдат вырашыў, што яму пара падымацца. Ён асцярожна запіхнуў голую нагу ў чобат, падняўся з пня, падправіў аўтамат, што вісеў на грудзях, чорны як галавешка, і ціха пакіраваў на дарогу. Дарога слалася па прыгожых мясцінах: бярозавыя гаі змяняліся густым шчаціністым сасняком, калі прападалі саснякі, узнікалі паляны, за якімі адразу пачынаўся ці то чорны змешаны лес, ці то медна-гучны сасновы бор. На шляху ўзнікла некалькі нізін-распадкаў, па баках якіх высіліся пяшчаныя выспы, густа зарослыя травой-сіўцом.

Не даходзячы да Белых Сарок кіламетры тры, сышоў з дарогі і пашыбаваў праз лес. Салдату былі знаёмыя тут і сцежкі, і ўсе закуткі. Ён ажывіўся, зухавата хапаў рукамі за чубы кустоў, вышморгваў з галінак лісце, падносіў да носа, цешыўся яго даўкім моцным пахам.

Раптам збоку ад паляны грымнуў стрэл. Салдат спыніўся, насцярожыўся.

Стрэлаў больш не было. Салдат памкнуўся да паляны. Пад нагамі патрэсквалі галінкі. Ён прыспешыў крок, і праз нейкую хвіліну перад ім расхінулася прастора, ударыла ў вочы зелянінай і святлом. Справа, на пераходзе паляны ў лес, каля тоўстай сасны маячыла група дзяцей. Салдат, не зважаючы на боль у назе, выхапіўся з кустоў на паляну.

* * *

Юрка не паверыў вачам: па паляне шыбаваў нямецкі салдат.

Немец запыніўся ў двух кроках ад хлопца, з хвіліну глядзеў на яго ў вялікім здзіўленні.

— Юрка,— раптам прагаварыў ён голасна.— Што здарылася? Чаму прывязаны? Хто прывязаў?

Юрка, вытарашчыўшы вочы, апантана пазіраў на немца. Як ні дзіўна, немец гаварыў голасам Андрэя Пашука ды і тварам быў падобны на яго.

— Андрэй! — страху як і зусім не было.— Гэта ты?

— Канечне, я,— усміхнуўся зычліва хлопец.— Ну і сустрэча! Хто ж цябе так? За што?

— Развяжы, Андрэй. Тут цэлая гісторыя. Страляў Нікадзім, каб яго качкі ўбрыкнулі. Ну і злюка. Зусім проста мог забіць...

Праз нейкую хвіліну Андрэй развязаў вяроўчыну, адкінуў яе ўбок.

— Ну, сядай, расказвай,— сказаў Андрэй.— Вядома, ты дзівішся, чаму я ў такім адзенні. Трэба так. З палону вяртаюся...— Раптам спахапіўся, запыніў сябе: каму ён скардзіцца! Юркаў бацька — памагаты фашыстаў...

І Юрка расказаў усё, як было. Абвінавачваў Лявона і Нікадзіма. Нават заплакаў.

— Яны за бацьку мяне вінавацяць,— усхліпваючы, гаварыў хлопец.— Не вераць мне... Думаюць, я ведаю тайну. Краму разрабавалі. Некаторыя паказваюць на бацьку. А ці праўда гэта — не ведаю. Яны ж прысталі, не адчэпліваюцца — скажы ды скажы! Праўда, я маю тайну, але іншую...— Ён асекся, спалохаўшыся.

— Тайна ў цябе ёсць?

— Ага,— горда адказаў хлопец і дадаў: —Вялікая, добрая тайна, Андрэй.

 

Раздзел дваццаты

Дзень, што згаснуў, быў надзіва поўны нечаканасцей. Як яны ляцелі з той паляны, без перадыху адолелі тры кіламетры. Тут жа паразбягаліся па сваіх дварах. Ніхто не адважыўся пайсці да Юркавай маці. Лявон вінаваціў ва ўсім сябе. Што цяпер будзе, што? Ён хадзіў па двары разгублены, зніякавелы. Выходзіў на прыгуменне, углядаўся ў дарогу...

Мінаў дзень, садзілася за зубчастую сцяну лесу сонца. Маці выйшла на ганак, забразгала вёдрамі, намерваючыся ісці да студні. Лявон на ўсякі выпадак яшчэ раз зіркнуў праз плот на лясную дарогу і не паверыў вачам. З лесу, пылячы босымі нагамі, зухавата шыбаваў Юрка. Нібы нічога не здарылася, ён заварочвае на ляда, дзе пасецца яго свіння, і гоніць яе дамоў.

«Во дык праява! Юрка жывы і здаровы!» —бурная радасць захліснула хлопцава сэрца. Юрка іх проста напалохаў, увёў у зман. Ну і чарцяка!

Лявон выхапіўся з двара і панёсся да Нікадзіма. Маці толькі ў здзіўленні ўспляснула рукамі, войкнула: «Ну і шыбенікі! Быццам шэршань яго ўкусіў».

А як звечарэла — новая нечаканасць. Лявон ужо ляжаў у ложку, ды раптам пачуў на кухні нейкі шум. Выбег і... убачыў немца, якога абдымала маці. Немец здымаў аўтамат і ціха, пяшчотна шаптаў: «Мама! мамачка!» Гэта ж Андрэй! Лявон павіс на братавых плячах.

З двара ў хату прыбег бацька. Во было радасці!

Праз хвілін пяць, калі ўзбуджанасць крыху апала, Андрэй сеў на табурэт ля стала і стаў расказваць пра тое, што здарылася з ім.

 

Раздзел дваццаць першы

Змораны, але пасвяжэлы пасля лазні, пераапрануты ў чыстае, Андрэй лёг у ложак. Мяккая прахалодная пасцель абхапіла цела ласкай, пяшчотнасцю. Ого, як даўно ён не быў у родным доме!

На сцяне, над ложкам, той жа, вытканы матчынымі рукамі дыванок. Ён кідкі на рознаколерныя ўзоры, створаныя бёрдамі на кроснах. Андрэй не раз назіраў, як маці ткала посцілкі, як зухавата бегаў пад яе абветранымі спрытнымі рукамі чаўнок. А падушкі якія! Таксама маці пастаралася, не падушкі, а пуховыя гурбы. У іх проста патанаеш. На вокнах белыя фіранкі з карункамі. Яны, быццам нейкі экран, на якім вось-вось ажывуць успаміны дзяцінства. Часта, вельмі часта, засынаючы, асабліва калі вяртаўся дамоў пасля далёкіх, працяглых паездак, у памяці ўсякі раз усплывала тая паездка ў поле.

...Ён яшчэ зусім малы, едзе на возе цераз узаранае поле. Калёсы стукацяць, парыпваюць, хіляцца то ў адзін, то ў другі бок.

— Но, сівы! Но-о!..— падганяе каня бацька. Ён сядзіць у перадку з пугай у руках. Упоперак драбін, перавернутая ўверх зуб’ямі, ляжыць барана. Андрэй моцна трымаецца за яе край.

Радасная паездка для хлопчыка. Яго першы раз вязе бацька так далёка на палетак, які трэба засеяць.

Раніца разгараецца, дыхае пахкім туманком і прахалодай. Па баках невялікія гайкі з бярозак і вольхаў. Між імі хораша і дбайна разасланы шнуры сялянскіх ніў. Угары чыстае і высокае неба. Яно напоўнена густой сінявой і несціханым звонам. Звон гэты, як тлумачыць сыну бацька, ад птушачак — жаўранкаў. І дзе гэтыя жаўранкі? Хлопчык разглядае, сіліцца іх пабачыць, але не знаходзіць.

— Ды вунь пад сонцам яны,— паказвае выцягнутай пугай бацька.

Глядзіць хлопчык, аж прыўстае на возе, круціць сюд-тут галавою, але дарэмна — не трапляюць на вока тыя звонка-нястомныя птушачкі. Песня-званочак не сціхае, трымціць, сеецца, падае ўніз — на гаі, палі, разлогі — ціхім урачыстым вадаспадам.

Нарэшце воз спыняецца. Бачыць непадалёку хлопчык шатрысты дуб, а за яго плячыма ціхае маладое ўзлессе.

— Прыехалі,— кажа бацька. Сыходзіць з воза, здымае з перадка няпоўны мяшок пшаніцы.

— Во Савецкая ўлада дала,— усміхаецца шчаслівым тварам.— Цяпер і мы, сынок, пакаштуем пірагоў. А то ела іх адно панства.

Вядома, хлопчыку яшчэ цяжка ўсё гэта зразумець. Яго адразу зацікавілі матылькі, маленькія, што пырхалі, кружылі над узмежкам поля. Ён бяжыць, тапоча ў доўгай да пят кашульцы па мяккай маладой траўцы...

А бацька тым часам пачапіў цераз плячо сявеньку, няспешна ўзышоў на край загона, зачэрпнуў жменю зярнят і, пайшоўшы ўперад, пачаў сыпаць іх размашыста і лоўка на цёмную, дыхаючую парным цяплом раллю. І хлопчыку падалося, што зярняты зазвінелі. Падалі, падскоквалі, як жывыя, і звінелі. І цяпер цяжка было зразумець, дзе нараджаецца тая звонка-нястомная песня — ці то ў высокім небе, ці тут, на вузкім і доўгім загоне, па якім хвацка, напорыста з сяўнёй цераз плячо шыбаваў бацька...

Ганна, уладкаваўшы ўсё каля печы, прыкрыла ручніком на стале бохан хлеба, узяла газнічку і прайшла ў святліцу.

Справа ад грубкі — іх з Сымонам ложак. Гаспадар ляжаў на спіне і ўжо соладка хроп, падрыгваючы востра выпнутым кадыком.

На другім ложку, ля акна, ляжыць Андрэй. Вочы заплюшчаны, твар спакойна-ўціхаміраны: таксама спіць. У душы Ганны варухнулася штось глыбінна-шчымлівае. «Сынок,— ледзьве не ўголас прашаптала яна з пяшчотнай любасцю.— Ці ведаеш, родненькі-міленькі, як мы трывожыліся з бацькам, гаравалі-пакутавалі. Ох, колькі думак перадумалі, каб жа ўгадаць, дзе ты ды што з табою».

І ўспомнілася Ганне, як аднойчы пабачыла яна свайго Андрэя. Сказалі ёй людзі, што ёсць даўняе-даўняе павер’е: маўляў, якраз, калі надыдзе поўнач, трэба падысці ціхенька да калодзежа, схіліцца і тройчы клікнуць-гукнуць сына. Вада ў калодзежы ўсплёснецца-ўскалыхнецца — сын, лічы, жывы-здаровенькі: ні куля, ні бяда яго не кранулі. «Ніколі я ў ніякія заметы-прыкметы, сынок, ты ето ж ведаеш, не верыла,— звярнулася Ганна ў думках да сына.— Але пачуўшы етакое, падумала: ці не праверыць — праўда ето ці не. І ў тую ж ноч, не марудзячы, надоўга не адкладваючы, рашыла-нарыхтавалася. Прычакала, калі ето стрэлкі ходзікаў сашчапіліся на лічбе дванаццаць, борздзенька выбегла на парог і туды... Зруб у нашым калодзежы, ведаеш, нізкаваты, з дубовых плашак. Во я ўчапілася за край зруба, зіркнула ўніз. Цемрадзь — густая-густая — нічога не бачно: ні вады, ні дна. А сама ето сцішылася, замерла. Матухна боская, памажы, родная,— прашу ў думках,— пакажы хоць на адно імгненне, што мой Андрэйка жывы, што будзе ў нас сустрэча-спатканне. Засяродзілася на гэтай думцы, гукнула-клікнула адчайна:

— Андрэйка-а-а!..

І гэтак паўтарыла, як вучылі-навучалі, аж тройчы. Я ето на ўсе вочы гляджу ў глыб калодзежа, у густую цемрадзь. Глядзела, чакала... Чакала, глядзела... І раптоўна... Я нават ето сама не паверыла. Дзіва адбылося, няйначай. Я не ўбачыла ваду, яе роўнядзі, здавалася, ето яе зусім тамака няма, я ўбачыла два зыркія, трывожна-турботныя вокі, якія ўспыхнулі-бліснулі ў цемры, засвяціліся радасцю. Ето ж былі, я пазнала,— як не пазнаць! — твае, сынок, вочы. Знацца, неяк ты пачуў мой голас, маю тугу-роспач, ты ето адгукнуўся з сваёй далечыні. Я ўся сцепанулася-скаланулася ад шчасця. Ето ж ты жывы, сынок, жывы! То няхай жа будзе і далей так, хай поўняцца твае чыстыя, як неба, вочы жыццём, надзеяй, клопатам. Хай баіцца іх вораг і смерць...

Не помню, як вярнулася-прыцягнулася назад у хату. Я не ўцярпела, разбудзіла Сымона, расказала аб дзіве. А ты ж ведаеш, сынок, ён у нас такі — не паверыў у гэтую падзею-праяву, але сказаў: «Не турбуйся, Ганно, мне здаецца, усё добра будзе. Сын жывы і жыць павінен. Жыць і фашыстаў калашмаціць-малаціць — во як!» Не паверыў мне, а ето сваё загадаў. І во, бач, ты дома, ты каля нас... Сыночак!..»

Раптам позірк яе ўпаў на Андрэеву нагу, што паказалася з-пад посцілкі. На вялікім пальцы, вышэй пазногця, яна ўбачыла ладны пухір, наліты сінявой. Паставіла газнічку на край куфра, прыгледзелася. Скажы ты, у хлопца на пальцы крывавы мазоль, ды такі буйны, што сліва. Як жа Андрэй прыпас яго сабе? Чужыя боты былі на нагах! Яна з нянавісцю зіркнула на боты з кароткімі халявамі.

Ганна схілілася, пахукала на Андрэеву нагу, дакранулася і ціхенька палашчыла рукой. Андрэй спаў, не адчуў матчынага трапяткога дотыку.

Маці не адпускаў неспакой. Як жа будзе хлопец хадзіць? Яна ўзяла газнічку, вярнулася ў кухню. У шуфлядзе ў шклянцы стаяў гусіны тлушч. Паклала каліва яго на белую анучку і зноў ціхенька ўвайшла ў святліцу. Асцярожна прыклала анучку да мазаля, зрабіла павязку. Асцярожна прыкрыла Андрэевы ногі рудаватай посцілкай і, заспакоеная, яшчэ доўга сядзела ля сына, думала, уздыхала...

Маці, маці!.. Ты пакутуеш, нараджаеш, спавіваеш, ахоўваеш, вучыш і любіш!.. Дзякуй табе! Ад цябе ідзе адлік нашага жыцця, нашых клопатаў, нашага шчасця. Маці — мы схіляемся перад табою ў нізкім паклоне. Ты заўсёды ідзеш неадступна па нашых слядах, па нашых дарогах, з нашымі сэрцамі.

 

Раздзел дваццаць другі

Раніцай Лявон, прачнуўшыся, зацікавіўся, дзе Андрэй. Дома была маці. Аказалася, што Андрэй і бацька на світанку некуды пайшлі. А куды, маці толкам не ведала. Лявон разумеў, што брату нельга паказвацца ў роднай вёсцы. З бацькам яны, відаць, скіраваліся шукаць хованку-прыстанішча. «То няхай бы вёў на Жураўліны востраў,— пажадаў хлопец.— Там жа і лётчык, там жа і Зося».

Што ні кажы, добра атрымліваецца: цяпер побач з ім будзе Андрэй. Брат узброены аўтаматам, які адбіў у ворагаў. І ў Лявона ёсць зброя — лётчыкаў карабін. Нагадаўшы аб ім, хлопец не мог супакоіцца: так закарцела патрымаць у руках карабін, што куды там!

Нічога не кажучы маці, Лявон ціхенька вышмыгнуў за прыгуменне, па жытняй сцежцы пакіраваў у напрамку лесу.

* * *

Дагараў доўгі ліпеньскі дзень. Юрка сядзеў на бярозавым пеньчуку збоч лясной дарогі, што бегла на Куцэцкае — так звалася калгасная сенажаць,— услухоўваўся і ўглядаўся ў наваколле. Хоць ён быў у лесе адзін, але не адчуваў ні боязі, ні адзіноты. Усё было тут звычнае, знаёмае. Колькі разоў ён па гэтай дарозе хадзіў з маці ў ягады, а потым, калі паспявалі арэхі — латашыць іх на дзялянку, густа зарослую купчастым арэшнікам.

Кожны закутак лесу па-свойму прыгожы і любы.

І во гэты, дзе ён сядзіць, таксама досыць маляўнічы. Вунь чарада высокіх кудлатых елак — яны стаяць строгія, пірамідальныя, быццам адчаканеныя разцамі— справа тоўпяцца вясёлым табунком гонкія бярозкі — яны імпэтна імкнуцца ў блакіт неба, да сонца — вяршыні іх пахістваюцца пад ветрам амаль на ўзроўні шчыкастых елак; бліжэй да ракі, у нізіне, стаяць вольхі — яны, як заўсёды, самотныя, змрочныя, праўда, іх самотнасць хочуць развеяць шэрыя тоўстыя асіны, якія бесперастанку шапацяць грывенікамі-лісткамі, ды так і не развейваюць.

К вечару апанавала камарэча. Аднак гэта Юрку ніколькі не перашкаджала яшчэ раз абдумваць тое, што во тут, у лесе, павінна адбыцца. Так, у Юркавы рукі, дзякуючы шчасліваму выпадку, трапіла грозная баявая зброя. Тады ж, тыдзень таму, лодку, якую пераняў на Прыпяці, падагнаў к берагу і гэтую зброю разгрузіў і схаваў пад сасновым вываратнем. Цяпер ён павінен яе перадаць у рукі Андрэя. Так дамоўлена. Так ён сам парашыў яшчэ там, на паляне, дзе хлопцы на чале з Лявонам чынілі над ім «суд». Хлопец хацеў пераканаць сваіх «судзільшчыкаў», што ён і сапраўды не ведае, ці замешаны ягоны бацька ў рабаўніцтве сельскай крамы. «І паверце, я не з бацькам заадно, я, калі хочаце ведаць, асуджаю яго».

Згушчаюцца, цяжэюць цені пад навіссю лясной кроны.

Але, здаецца, чуюцца крокі! Юрка падхопліваецца з пеньчука, асцярожна зіркае з-за ствала старой елкі на дарогу. Ішлі двое, і хлопец адразу пазнаў Андрэя і яго бацьку — Сымона Пашука.

* * *

Лявон прадзіраецца праз лясны гушчар, яго падганяе нецярплівасць. За плячыма прыхоплены на востраве мяшок. Але ў ім не бабоўнік, а мох, у які таямніча зашыўся карабін. Хлопец сам задаволены, што прыдумаў такую маскіроўку.

Хлопец ідзе няспешліва, праўда, трошкі і боязна яму.

У Лявона ёсць свае планы. Ворагаў прыйшло, як цёмная хмара. Чуў ён, як Андрэй ноччу даводзіў бацьку, што трэба фашыстам хвост прышчаміць. І Лявон не застанецца ўбаку. Таксама падпільнуе салдата ці афіцэра.

Трэба апрабаваць карабін. З дробнакаліберкі Лявон цаляў у самае яблычка. А з гэтага?.. Во хлопцу і закарцела зрабіць некалькі трэніровачных стрэлаў.

Лявон паглыбляўся ў лес усё далей і далей. Перайшоў добра знаёмую каляіністую дарогу. Па баках стаяў сасоннік, кашлаты і пышны, бо тут нішто не засланяла дрэўцам сонца. Па небе беглі нізкія прадаўгаватыя аблачыны.

Хлопец здагадаўся, што гэта быў дым. Нешта гарэла. Вецер дзьмуў з захаду, з боку блізкай ад Белых Сарок вёскі Замосце. Там жыла Лявонава цётка Дар’я. «У Замосці пажар»,— зразумеў ён. Доўга не думаючы, паклаў карабін у мяшок, закінуў яго на плечы і паспешна нырнуў у лес.

* * *

Карны атрад гаўптштурмфюрэра Клемке быў падняты па трывозе. Агент паведаміў, дзе схаваўся адзін з камуністаў раёна настаўнік Пятро Ермачэнка.

Не мінула і некалькіх хвілін, як да будынка палявой паліцыі падкаціў цяжкі закамуфляваны грузавік. Салдаты кінуліся да машыны. Да Замосця ад Свержаня пятнаццаць кіламетраў. Ляцелі так, аж гуло ў вушах паветра. Клемке сядзеў у кабіне, вывучаў разгорнутую на каленях карту.

Праз дваццаць хвілін грузавік апынуўся каля крайніх хат вёскі. Раўнуўшы магутным дызелем, спыніўся. З кузава адпалавінілася салдат. На чале з даўгавязым малодшым чынам яны, выцягваючыся ланцугом, акружылі заходні бок вёскі. Грузавік памчаўся далей. З трывожным крыкам, ламаючы крылы, кідаліся з дарогі куры. З калітак на вуліцу выбягалі людзі.

Грузавік, мінуўшы вёску, павярнуў да невысокай гары, зарослай соснамі і бярозамі. Гэта былі могілкі. Каля агароджы, старой, збуцвелай, машына спынілася. Клемке выскачыў з кабіны, рэзка ўзмахнуў рукой у напрамку капліцы, што віднелася пасярод гары. Туды ўжо беглі салдаты, беглі маўкліва, трымаючы напагатове аўтаматы. Дзверы капліцы расчыніліся, адтуль выхапіўся чалавек з паляўнічай стрэльбай у руках. Салдаты кінуліся наўздагон. Праз момант грымнуў стрэл.

Ермачэнку ўсё-такі злавілі. Салдат, што вёў яго, штурхаў у спіну аўтаматам.

Пятро Ермачэнка, збялелы, з вялізным кровападцёкам каля правага вока, сціснуўшы зубы, маўчаў.

«Нехта, відаць, прыкмеціў маю схованку,— ліхаманкава думаў ён,— данёс немцам. Значыць, бывай, жыццё... Толькі два гады пасля інстытута папрацаваў я ў школе. Даверылі ўзначаліць партыйную ячэйку Беласарокінскага сельсавета...»

Не заўважыў Пятро Ермачэнка, як яго падвялі да машыны, падхапілі пад рукі і кульнулі ў кузаў. Моцна ўдарыўся галавой аб днішча, падвярнуў нагу. Яму не дазволілі падняцца, сесці.

Машына запынілася ў цэнтры вёскі. Ермачэнку выкінулі з кузава ў дарожны пыл. Нясцерпны боль пранізаў яго цела. Ермачэнка з натугай прыўзняў галаву. Першае, што ён убачыў — расхлістаныя весніцы сваіх варот.

Да машыны немцы зганялі жанчын, мужчын, старых, дзяцей. Пятро пачуў, як паблізу загаласіла Анюта, яго жонка. Яна кідалася да фашысцкага начальніка, прасіла спагады. Потым пачала рвацца праз шчыльны строй гітлераўцаў да яго. Яе адпіхвалі, на яе крычалі.

Па камандзе Клемке, Пятра Ермачэнку падхапілі з долу, паставілі. Шустры малады немчык пачаў яго абшукваць. З адной кішэні дастаў партсігар, пстрыкнуў ім. Тры папяросы, якія ляжалі пад вечкам, ён здзьмухнуў на зямлю і растаптаў. Праз хвіліну выцяг партбілет. Павярнуўшыся да Клемке, узбуджана замахаў ім у паветры.

— Гут! О-о, гут! — па твары гаўптштурмфюрэра расплылася ўсмешка.— Камуніст!

Тым часам на вуліцы, на самай яе сярэдзіне, раскладаўся агонь. Полымя агортвала сухія смалякі, біла ўгару дымам. Трывожна брахалі сабакі.

Калі касцёр разгарэўся як мае быць, Пятра Ермачэнку падвялі пад самы агонь. Полымя гуло каля самага твару. Гарачыня выціскала з вачэй слёзы. Пятро іх ацёр рукой. Галавы не схіляў, глядзеў на людзей, глядзеў на Анюту. Яна не магла стаяць, яе падтрымлівалі суседкі — Сымонава Ганна і Саладухіна Настасся.

— Заб’юць!.. Заб’юць, ліхадзеі,— чуў ён яе бездапаможны адчайны шэпт.

— Божухна-божа...— уздыхалі старыя бабулі і хрысціліся.

— Эй, бальшавік! — Клемке скрывіў пагардлівую грымасу.— Ты яшчэ можаш захаваць сваё жыццё. Кінь у агонь, спалі сваю чырвоную кніжку, свой д’ябальскі партыйны білет,— і я адпушчу цябе!..

Нічога не адказаў Пятро Ермачэнка. Толькі вочы яго, вялікія, журботныя, пацямнелі ад нянавісці.

Зноў партбілет у ягоных руках. Ён разгарнуў яго, і людзі ўбачылі, як Ермачэнка пасвятлеў тварам, прыціснуў партбілет да сэрца і пайшоў проста ў агонь.

Натоўп узарваўся стогнам-гулам. Клемке выхапіў парабелум і стрэліў. Пятро ўпаў у чырвона-зыркае вогнішча.

— Спаліць бальшавіцкае гняздо! — крыкнуў Клемке і выразна паказаў вачыма. Хата Ермачэнкі была яшчэ новая, з двума вокнамі на вуліцу, пад прыгожай чарапічнай страхой. Адгароджвалі яе ад вуліцы чатыры маладыя яблыні і кусты бэзу, што стаялі каля кветніка.

У адну секунду даскочыў да кастра Лішай, які ўвесь час круціўся каля карнікаў, выхапіў самую спякотна-дымную галавешку і праз натоўп кінуўся ў брамку. За ім следам, таксама з галавешкамі, беглі два салдаты.

Хата была падпалена з трох бакоў. Гітлераўцы стаялі шырокім колам вакол хаты, пакуль бязлітасны агонь не з’еў звонкую драўніну дашчэнту.

* * *

Усё наваколле каля Белых Сарок і Замосця Лявон ведаў так добра, што мог ісці з завязанымі вачыма. Яму, заядламу грыбніку, вядомы тут кожны куточак. Лявон ведае, у якім месцы растуць баравікі, дзе прызвычаіліся рыжыкі. Добра ведае ён паляны і лужкі, на межах якіх можна ў грыбную пару нарэзаць за паўгадзіны кошык выдатных крамяных падасінавікаў.

Густы лес неўзабаве парадзеў, пашырыліся пакручастыя лясныя сцяжыны. Пабольшала, раздалося над галавой неба. Дымныя касмылі ляцелі зусім нізка, і ад рэзкага атрутлівага паху пажару было цяжка дыхаць. Хлопец нават закашляўся.

Ішлося хутка. За плячыма ў мяшку шамацеў мох, па спіне, нагадваючы аб сабе, стукаў карабін. Думкам у галаве было цесна.

Яму здавалася, што гарыць абавязкова цётчына хата. Летась толькі пабудавана. Бацька рабіў сталярку. Яны разам — цётка, бацька і Лявон — устаўлялі рамы. Муж цёткі працаваў у калгасе за конюха. Хлопец не ведае, ці дома ён. Відаць, пайшоў на вайну, як многія з вёсак. Вось ворагі і прычапіліся, і падпалілі цётчыну хату. Гэтым фашыстам толькі паліць ды страляць.

Сцежка выбегла на імшысты грудок, лес кончыўся, і ўперадзе вынікла гала паляны. Хлопец спыніўся, агледзеўся. Нечакана, за купай прысадзістых елачак, пачуўся тупат і трэск сухіх галінак. Лявон прысеў, прытуліўся да пня-вываратня і тут убачыў, што па паляне бег малады мужчына, буйнагаловы ў расхлістанай кашулі і чорных картовых штанах. Хлопец пазнаў бухгалтара Замосценскага калгаса. Ён, відаць, недзе касіў ці рыхтаваў у лесе дровы і вось бег у вёску. Магла ж гарэць і яго хата. Калі крокі заглухлі, Лявон паспяшаўся следам за ім. Ішоў, вядома, не адкрытым месцам, а тулячыся да купняку кустоў, да ўзлесся. Ад шпаркай хады, а найбольш, відаць, ад хвалявання затахкала сэрца, забілі ў скроні малаточкі.

Паляны, што чаргаваліся з бярозавымі гаямі, абарваліся, і адкрылася шырокая разлегласць з палеткамі, нізінамі-паплавамі, з вёскай, якая прыляпілася да сіняй вірлівай Прыпяці.

Над вёскай стаяла, пучылася хмара дыму. Пад яркім сонцам цяжка было ўгледзець полымя, яно глытала шалёнай пашчай нейкую хаціну ці дваровую пабудову. З вёскі даносіліся крыкі, брынчанне жалеза, брэх сабак. З палёў збягаліся людзі. З усходняга боку, ад Казацкага яра, нехта імчаў верхам на кані. Услед за коннікам цягнуўся шлейф шэрага пылу.

Страха цётчынай хаты была добра відаць. У хлопца адлягло на сэрцы. Тады, значыць, ён, Лявон, як бы вельмі дарэчы тут. Не трэба ніякай прыстрэлкі. Ён павінен пакараць ворагаў. А як жа! У руках такі лоўкі карабін, у душы — лютая злосць. І пасля ўсяго гэтага спакойна і цярпліва за ўсім назіраць? Дык хто ён такі тады на самай справе? Не, трэба адпомсціць акупантам. Ён, Лявон, пальне па іх, хай толькі з’явяцца на вочы. Пальне адсюль, здалёку. Што будзе, дык будзе. Пападзе — добра, а не пападзе, што ж, і безрэзультатны стрэл нечага будзе значыць. А то хіба не?

Шлях віўся па ўзгорках, нізінах, між палёў і разлогаў амаль паралельна рацэ. За шырокім жытнім полем, якое пад ветрам зыбалася хвалямі, паўзла фурманка. Крыху ў баку ад яе на жоўтым бугры сярод невялікага балота ляжаў на прыпёку гурт авечак. Хлопец хацеў адшукаць пастуха, але не знайшоў.

Пажар, між тым, бунтаваў з ранейшай сілай. Праўда, чорныя касмылі дыму сталі вузейшыя, але выкідваліся ўгору гэтак жа напорыста, як раней. Маўчанне, якое панавала ў прасторы, было трывожным і хмурным.

Нечакана хлопец пачуў, як нехта тузануў за плячо. Ён пужліва сцепануўся, ірвануўся ўбок. Калі разгледзеўся, каля яго стаяў чалавек.

— Ты што тут, канаплянік, выглядаеш? — з хітраватай ухмылкай запытаўся мардаты з чырвоным носам чалавек.

— На пажар дзіўлюся. Хіба не бачыш?

Гэта быў Мікола Шыла. Гэтага п’яніцу ў навакольных вёсках добра ведалі. Нідзе доўга не працаваў. Быў і на падсочцы, і ў леспрамгасе, у Свержані на нейкі час прыстройваўся на работу. Але потым зноў вяртаўся ў вёску. Учыняў бойкі, панажоўшчыну. З год ці не болей сядзеў у турме.

— Бачыў, якая заграніца прыйшла,— дудзеў ён прапітым голасам.— Гэта табе не калымагі калгасныя. Пруць, як чэрці, на жалезе.

— І жалеза пераціраецца...

— Ого, сказаў, як бальшавік сапраўдны.

— Бальшавік і ёсць.

— Паскручваюць яны вам галовы. Во пабачыш! — зарагатаў ён, пырскаючы слінай з шырокага рота.

— Каму паскручваюць, а каму і не.

— Ну, ты не вельмі, канаплянік. Чаго да нас у Замосце прывалокся? — запытаўся ён раптам і глянуў на мяшок, што ляжаў убаку каля кучаравай нізкай хвойкі.

Лявон напружыўся, рыхтуючыся пры выпадку скокнуць да мяшка і заступіць дарогу, калі Шыла нечакана захоча пацікавіцца, што ў ім.

— От нарваў моху,— захоўваючы спакой, сказаў Лявон.— Бацька наказаў. Лазню перасыпаць будзем.

— І так далёка пёр за мохам? — засмяяўся Шыла.

— Я ў лесе быў. Убачыў дым, вось выбег. Думаў, наша Дар’я гарыць.

— Чэрці яе не возьмуць. Жыве, багата жыве,— падкрэсліў Шыла.

— То, мабыць, добра працуе.

— У стаханаўках, як жа! Прэмію — гадзіннік — на руку пачапілі.

— І табе б маглі пачапіць, Мікола.

— Яны чаплялі мяне за каўнер. Але дудкі! Бачыў вашага Лішая.— Раптам пахваліўся ён.— Расцвіў чалавек. Галаву падняў. Неба ўбачыў. Гразіўся, што там, у Белых Сароках, ён таму-сяму пакажа дзе ракі зімуюць. І на цябе, канаплянік, скардзіўся. Так што...

— А ты перадай яму, што я яго баюся, як леташняга снегу.

— Ну, канаплянік, задзірысты ты. Хочаш, дам табе ў морду. Рука нешта вельмі засвярбела.— І ён паднёс кулак да хлопцавага твару.

Лявона закалаціла ад абурэння. Але ён стрымаўся.

«Чмут няшчасны,— паслаў ён услед Шылу праклён,— каб цябе зямля праглынула...»

Здаля Шыла павярнуўся, нібы пачуў хлопцавы думкі, і затрос у паветры кулаком. Лявон таксама ўскінуў уверх кулак. Абмяняліся пагрозамі. Хлопец меркаваў, што Шыла не даруе яму, вернецца і сапраўды пусціць у ход кулакі. Але гэтага не здарылася. Ён пайшоў між дробнага кустоўя, пакручваючы важкімі плячыма.

Лявон змяніў месца, выйшаў да трох кудлатых елак, што стаялі на граніцы поля-пусташы, зашыўся пад лапнік. Вось тут яго ніхто не заўважыць. Затое яму, Лявону, адсюль усё бачна як на далоні. Галоўнае, перад вачыма за жытнім палеткам ляжыць шлях. Добра бачны і масток цераз канаву. Сонца то хаваецца ў воблакі, то выходзіць. Спякота спадае. А ў Замосці дзень гудзе трывогай. Пажар не тухне, б'е ўгору кудлатым лахмоццем дыму. І крыкі не спыняюцца.

Лявону не церпіцца пабачыць на шляху фашыстаў. Адлегласць да шляху значная, каля кіламетра. Можа, для надзейнасці падкрасціся бліжэй? Пасля стрэлу трэба ўцякаць. Выходзіла, што пазіцыя, якую аблюбаваў ён, досыць прыдатная. Далечыня для яго карабіна значэння не мае, затое ззаду, рукой падаць, лес.

Лявон разглядае далячынь. Пад елкамі душна. Пахне смалой, сырасцю, пажухлай старой ігліцай. Выціраючы з твару пот, думае пра бацьку.

Што ён зараз робіць? Бацька павінен сустрэць Какору, расказаць, што на Жураўліным востраве схованка для лётчыка, што там ужо знаходзіцца Зося, што і Лявон знае пра гэты востраў і аб усім, што там адбываецца...

Дзень ужо моцна павярнуў на захад. У небе пабольшала воблакаў. Яны на поўдні збіраліся ў гурт, завязваліся ў цёмны вузел. Статак авечак, што адпачываў за дарогай, каля Прыпяці, хадзіў па лузе. Пастуха не было відаць.

З лесу, з боку Белых Сарок, вынырнулі дзве фурманкі. Яны былі нагружаны дрывамі. Фурманкі сунуліся марудна, нібы ў сне. Адзін з вазакоў кінуўся бегчы да вёскі. Відаць, спужаўся, ці не гарыць яго хата. Другі стаў узмоцнена падганяць коней. Ззаду фурманак закурыўся рэдкі пылок.

Хлопцу пачало надакучаць чаканне. А тут яшчэ аднекуль павыпаўзалі рыжыя мурашы і пачалі джыгаць за ногі. У наваколлі, у кустах, трашчалі дразды, спявалі зяблікі, дзесьці падавала свой голас зязюля.

«Загадаць, колькі мне накукуе?» І толькі ён гэтак падумаў, як убачыў — з Замосця вылецеў грузавік. Ён быў падобны з далечыні на вялізнага жука. Лявон рыўком выцяг з мяшка карабін.

Позірк зноў перакінуўся на грузавік. Машына бегла па пяску дарогі, дакладна паўтараючы ўсе яе павароты. У кузаве было поўна салдат.

Вось яны, тыя, хто падпаліў вёску. Хлопец скіраваў карабін у бок пагорка, цераз які перабягаў шлях. Як толькі там пакажацца грузавік, трэба страляць.

Ямчэй прыладкаваўшыся пад зялёным крысом елкі, ён упёр у дол левы локаць, паклаў на вузкую далонь карабін, стаў цэліцца.

Прахалода прыклада прайшла праз канапляную кашулю, астудзіла плячо. Хлопец чуў, як на лытцы нагі бегла мурашка. Але ён замёр не варушачыся. Грузавік увайшоў у бярозавыя прысады, што ланцугом стаялі справа ад жытняга палетка. Нейкі час яго не было бачна. Але вецер нёс нястрымны рокат матора.

Лявон ведае, куды трэба цаляць, крыху ўбок,— бярэ на мушку перадок машыны.

Гулка бабахнуў стрэл. Прыклад моцна тузануў хлопцава плячо, аж заныла ключыца. У вушах зазвінела. Лявон падхапіўся з долу, увапхнуў у сыраваты зляжалы мех карабін. З усіх ног рынуўся праз кусты, дробны ажыннік да лесу. Сэрца калацілася. Ён, Лявон, стрэліў па фашыстах, не пабаяўся іх, не пабаяўся!..

 

Раздзел дваццаць трэці

Па бляшанай кабіне грузавіка моцна забарабанілі. Гаўптштурмфюрэр Клемке, які сачыў за бегам дарогі, аддаўшыся салодкім летуценням, незадаволена сцепануўся. На запытальны позірк шафёра буркнуў: «Не спыняць». Прыадчыніўшы кабіну, высунуў галаву, запытаў :

— Каму прыспічыла? Загадваю пацярпець...

— Па нас страляюць,— далажыў ротэнфюрэр.— Забіты Фрыц Баўэр...

Машына віскнула тармазамі, спынілася. З кузава грузавіка сыпанулі на дол салдаты. Клемке з парабелумам у руках, палахліва азіраючыся, загадаў ротэнфюрэру Ланге прачасаць мясцовасць, знайсці бандытаў. Ротэнфюрэр стаў паспешліва аддаваць каманды. У кожны бок рынуліся па два чалавекі.

Бегалі па прыдарожных кустах, тупацелі каванымі ботамі. Пад іх ногі падалі падсечаныя кулямі галінкі і лісцё. Каля Прыпяці, між стагоў, замітусіўся спуджаны гурт авечак. За гуртам бег хлопчык-пастушок. На плячы яго матлялася белая палатняная торбачка.

— Спыніць агонь! — раптам загадаў Клемке.

У тую ж хвіліну на дарогу, на выспы, на жытні палетак, які марудна валюхаўся збажыной, апала цішыня.

— Ротэнфюрэр Ланге!..

Ланге выхапіўся наперад.

— Прывесці пастушка!

— Слухаюся, гаўптштурмфюрэр!

Салдат, выслухаўшы заданне, пабег, падмінаючы травы, да Прыпяці. Клемке падышоў да забітага, схіліўся над ім. Распытаў, дзе ён сядзеў. Выходзіла, стралялі аднекуль з лесу, што падступаў да палёў з усходу, бо быў прабіты правы бок.

Клемке стаяў каля грузавіка, цёмны, нібы хмара.

Тым часам хлопчык заўважыў салдата, які набліжаўся, адчуў пагрозу і, спуджана азірнуўшыся, з усіх ног кінуўся да Прыпяці, але салдат дагнаў яго ля самага берага ракі.

— Ты страляў? — запытаўся ў хлопчыка Клемке.

— Дзядзечка, я нічога не ведаю. Я нічога не ведаю,— збялелымі губамі замармытаў хлопец.— Я — пастух. Пастух... Там,— і ён паказаў рукой,— мае авечкі. Пусціце...

— Апошні раз пытаюся, хто страляў?

— Не ведаю...

— Павесіць шчанюка! — загадаў Клемке.

Хлопчык заліўся слязьмі, пачаў прасіцца, каб адпусцілі. Салдат, жылісты, даўгарукі, схапіў пастушка за каўнер і павалок да дрэва.

Наўкол, прыкрытая, бы сеткай, тонкім мроівамзіхценнем, маўчала прастора. Не чуваць было ні стракатання конікаў у траве, ні спеваў птушак, нават шуму ветру.

Праз дзесяць хвілін усё было скончана...

 

Раздзел дваццаць чацвёрты

Белая пялёнка туману шчыльнай фіранкай прыхавала дрэмлючую зямлю. Апошнія зоркі, прывідна-бледныя, дрыготкімі кроплямі сцякаюць з небасхілу, растаюць у абцяжэлай за ноч траве, шэраватыя і бледна-блакітныя фарбы ледзь згушчаюцца. І ў гэты момант, калі неба абтрасае з сябе апошнія лахманы ночы, туманная фіранка разрываецца адразу ў некалькіх месцах і праз гэтыя прасветы лугавыя травы, пранізаныя залаціста-матавым святлом апалых зорак, раптам пачынаюць нараджаць цэлую гаму пахаў.

Жывым струменем пульсуе цішыня. Неўзабаве крык першай ранішняй птушкі ўрываецца ў свет. Неба расквечваецца чараўнічым пэндзлем. Яркія пырскі, залатыя сполахі скачуць, мітусяцца па ўсім небасхіле, па травах, дрэвах, кустах.

Раніца прыйшла. Рыжакудрая, яна, як дзіцянё, скача на адной ножцы па зямлі, пракладаючы росны след...

Гэты дзень для Лявона пачынаўся, як звычайна. Ён рана падхапіўся з пасцелі, выбег на ганак. Маці, прычыніўшы вароты ў хляве, ішла з даёнкай. Такая ж, як заўсёды, засяроджаная і ўвішная, у сіненькай кофце і чорнай картовай спадніцы, валасы акуратна заплецены ў касу, якая спадае ўніз дзесь за яе шырокімі плячыма. Глянула на сына цёпла і ласкава.

— Добра, што ўстаў. Выгані, сынок, карову ў статак,— прамовіла, аглядаючы ранішнюю прастору, суседскія сядзібы.

— Дзе бацька? — пацікавіўся хлопец.

— На вёску пайшоў. Да Архіпа Зюзі.

Лявон аж страпянуўся. Хутка вернецца і, відаць, абавязкова прынясе навіну. Ён яшчэ толкам не ведаў аб выніках свайго стрэлу. Бачыў адно — запынілася машына і немцы высыпалі з кузава, бегалі па полі.

Павольна ідзе па вуліцы рагуля, Лявон падганяе яе дубцом. Непадалёк зарыпелі вароты — гэта двор Грыбка. З іх подбегам выхапіліся дзве рагулі і пярэстая цяліца. Выганяў на вуліцу скаціну Нікадзім.

— А-а, гэта ты!..— зарадаваўся ён і, параўняўшыся, зашаптаў:—Во закруціліся немцы! Во падпякло ім.

— Што такое? — зацікавіўся Лявон, быццам нічога не ведаў.

— Што такое? — і, робячы вялікія вочы, растлумачыў : — Немцаў нехта пабіў. Вярталіся з Замосця, дзе настаўніка Пятра Ермачэнку на кастры спалілі... Усё Замосце ў роспачы.

— Пятра Віктаравіча? — жахнуўся Лявон.— Ён што, не паспеў схавацца?

— Схаваўся, але яго знайшлі! Бачыў пажар?

— Бачыў, як жа... Я ў лесе быў, па бабоўнік хадзіў.

— Гавораць, Андрэй ваш з’явіўся. Не ён смальнуў па іх?..

— Ты што,— абурыўся Лявон.— Выдумкі гэта. Нехта іншы...

— Іншы дык іншы,— згадзіўся Нікадзім.— А мне здалося...

— Во, браце,— папярэдзіў Лявон.— Ты асцярожней са сваімі выдумкамі. Ляпнеш, нехта падхопіць. І ведаеш, што будзе?

— Ведаю...

У душы Лявона радасць перамяшалася з болем. Усё-такі ягоная куля знайшла ворагаў, зрабіла сваю справу. Але смерць Пятра Ермачэнкі?.. Вестка была жахлівая. «Фашысты... Цяпер трэба ім адплаціць за настаўніка...»

Калі разыходзіліся па сваіх дварах, Нікадзім заклапочана сказаў:

— Баюся я... Звязаліся мы з Юркам. Бацьку паскардзіцца, а той — фашыстам.

— А на што ён будзе скардзіцца? Ты, глядзі, болей не пары гарачку...

— Мне б сапраўдную вінтоўку,— летуценна прамовіў сябар і, матлянуўшы рыжым чубам, дадаў: — Пайшоў бы шукаць таго, што біў з засады... Смяльчак, герой! Во як трэба дзейнічаць!..

Так і развіталіся хлопцы. Лявон нічым не нагадаў, што мае дачыненне да ўчарашніх падзей. Во ён згаворыцца з Андрэем, яшчэ недзе добра ўлепяць фашыстам, тады і Нікадзіма можна будзе далучыць у іх групу.

У веснічках Лявон міжвольна запыніўся. Бацька быў ужо дома, ён з маці сядзеў на ганку. Маці, пачуў, усхліпвае, плача. Што такое? Хлопец насцярожыўся, хуценька ўвайшоў у двор.

— Ой, праклятыя! Ой, што яны, кручаныя, робяць з нашымі людзьмі...

— Чаго плачаш, мамо? — Лявон падышоў да ганка.

— Ето ж ты, відаць, нічога не чуў, Лявонка! Зноў смерць, зноў гора!.. Няма Алеські, браточка твайго, няма хлопчыка... Не пашкадавалі дзіця. І завошта? Ён жа ні ў чым не вінаваты. Божухна-божа, праклятыя льюць кроў, а ты не бачыш...

— Нехта стрэльнуў у фашыстаў, як яны ехалі з Замосця,— сказаў бацька.— Забілі салдата. Дык яны за гэта Алеську павесілі. Авечак ля Прыпяці пасвіў. Алеську Дар’інага.

— Алеську! — усклікнуў апантана Лявон.— Што я нарабіў! Што я нарабіў!.. Мамо...— з вачэй хлопца пырснулі слёзы, і ён, абедзвюма рукамі схапіўшыся за галаву, кінуўся з ганка за прыгуменне.

Маці падскочыла з лаўкі, глянула спуджана на гаспадара.

— Сымоне, што ён чаўпе-гаворыць? Што з хлопцам?..

— Не ведаю, Ганно,— разгублена паціснуў плячыма Сымон.

— Лявон! Лявонка!.. То чаго ж ты, сынку?! — Ганна памкнулася бегчы ўслед за хлопцам.

— Пачакай, Ганно. Я сам... Пачакай,— і ўхапіў яе за плячо. Сымон штось адчуў, аб нечым здагадваўся.

— Ой, навошта ето ты расказаў,— вінаваціла Сымона Ганна.— Насмерць перапужаў хлопца...

Сымон павярнуў на сцежку, абмінуў калодзеж і, прасунуўшыся праз прыадчыненыя дваравыя вароты, выйшаў за прыгуменне. Пад дубам на маладой дзятлавіне ляжаў Лявон, рукі яго былі выкінуты ўперад са сціснутымі кулакамі. Бацька апусціўся на калені, крануўся рукой сынавага пляча.

— Супакойся, сынку! І што ты нарабіў? Ну што? Фашысты ўсё нарабілі — во якая штука, каліна-маліна...

— Та-то-о,— прыўзняў вочы Лявон, якімі праз слёзы нічога не бачыў.— Гэта ж я забіў Алеську... Я вінаваты...

— Ты? — здзівіўся бацька.— Што ты чаўпеш, быццам учадзеўшы? Пры чым тут ты?

— А во і пры тым!..

— Чакай, чакай! — спахапіўся бацька і павярнуў сына тварам да сябе.

— Каб не я, Алеська... Але, каб не я...— І, недасказаўшы, захлынуўся ў плачы.

Дзень быў шэры, без сонца. Па небе беглі, слаліся льнянымі пасмамі нізкія хмары. У гняздзе на вільчыку хлява ў адзіноце тапталася бусліха. Каторы дзень яна корміць, даглядае сваіх дзетак сама. Няма гаспадара, не прылятае. І нудзіцца бусліха ад скрухі і адзіноты...

— Тато...

— Я слухаю, ну гавары...

— Гэта — я...

— Разумею, сынок, разумею. Усё нечакана і непамысна не толькі для цябе, але і для нас. На тое яны, зразумей, фашысты. Нелюдзі... Ну сядай і не хлюпай. Мужчына павінен быць мужчынам. Я разумею, цябе не вінавачу. Толькі маці пра ето не трэба казаць. А карабін аднясі назад. А мы, сынок, палоханыя ўжо. Мы ім адказ пашлём. І ад цябе, і ад Андрэя, і ад мяне, ад Замосця і Белых Сарок. Мы шчырыя і добрыя, а ў нянавісці мы — неадступныя...

 

Раздзел дваццаць пяты

— Наядайся лепей,— сказала маці, убачыўшы, што Лявон збіраецца выходзіць з-за стала.— Дзень доўгі.

Бацька крыху патупаў па хаце, усцягнуў на галаву кепку — падаўся на двор.

Пявуча дзынкнула каса, лягла на бацькава плячо. Лявон стаяў ля акна, бачыў, як крочыў бацька, крыху ссутулены, высокі, але лоўкі і дужы. Бачыў, як супыніўся ён ля двара Антона Буя, як машыніст млына выйшаў яму насустрач.

Прыспела ісці і яму з маці. Яны выйшлі на агароды, пералезлі цераз жардзяны плот. Пашыбавалі па мурожнай сцежцы да круглай невялікай сажалкі, за якой знаходзіўся іх палетак-дзялянка, засеяны бульбай.

Маці ў старых чаравіках на босую нагу, ідзе ходка, толькі паспявай. Росы ранішнія, чыстыя і звонкія, аж шкада іх абіваць.

Некалькі разоў запыняліся, ускідвалі ў неба галовы, слухалі, як заліваюцца жаваранкі.

— Во стараюцца...— заўважыў Лявон, матлянуўшы бялявай галавой. Маці не адказала. Яна па-ранейшаму ва ўладзе самотных думак, навеяных падзеямі, што адбыліся ў Замосці. Нудзіцца, перажывае. Суткі сядзела ў Дар’і, галасіла з ёй па пляменніку, па Алеську. У трэцім класе вучыўся хлопчык. Паслухмяны, ласкавы. І няма яго... Няма. Маркотна, нядобра на душы і ў Лявона. Добра, што маці не ведае пра яго стрэл. І няхай не ведае...

Лявон бяжыць босы, ногі заблытваюцца ў траве, смыляць ад халаднавата-сырой зямлі.

У маці на плячы — матыка, без якой не абыходзяцца палявыя работы. Лязо матыкі серабрыста-вострае, так і хапае святло прамяністага ранку.

Ля дзялянкі, на ўскраі разоры, стаіць на тоўстым камлі вярба. Маці запынілася каля яе, паставіла ў густы цянёк гліняны гладыш з вадой. У Лявона цераз плячо торбачка. Яна наладавана сякім-такім прыпасам для лётчыка.

Хлопец спагадна ківае галавой маці і, не запыняючыся, прастуе ў лес.

— То ты ж глядзі. Асцярожна!..— даляцела яму ўслед.

 

Раздзел дваццаць шосты

Вось і паварот на Жураўліны востраў. Раней сюды ад лясной дарогі вяла звычайная, як шнурок, сцяжынка, а цяпер шлях пазначаны двума слядамі-стужкамі, пакінутымі лакамабілем.

Лявон забягаў на востраў два дні назад, калі дзяжурыла Зося, прынёс карабін, аддаў лётчыку. Хлопец павініўся перад Арцёмам, што без дазволу ўзяў у яго зброю.

Арцём, убачыўшы свой карабін, усміхнуўся.

— Ага, вярнуўся? А я шукаў, думаў, гадаў. І, бач, каму ў рукі трапіў... — ён прыўзняў галаву з пасцелі, сеў, міргаючы блакітнымі пад чорнымі брывамі вачыма. — Зося! — клікнуў ён дзяўчыну, якая сядзела ля кастра, смажыла яешню. — Паглядзі, карабін вярнуўся. Значыць, павінна вярнуцца і здароўе.

— То ты хіба не бачыш, Арцём, здароўе памаленьку наладжваецца.

— Дзядзько Арцём, каб вы ведалі, што робяць фашысты,— самотна прамовіў Лявон, сядаючы перад уваходам у шалаш на кукішкі.— Забілі настаўніка Ермачэнку. Ён быў камуністам... А хату яго спалілі. Потым яшчэ на дарозе ўчынілі расправу — павесілі на дубе хлопчыка-пастушка. Кажуць, стрэл быў нейкі з лесу. Якраз яны ляцелі на машыне з Замосця. І аднаго іхняга — напавал!

— Малайчына! — у захапленні ўсклікнуў лётчык.— І хто ж гэта быў там у лесе? Бач, усё робіцца без мяне,— са шкадаваннем зазначыў ён.— Відаць, нехта з нашых чырвонаармейцаў-акружэнцаў.

— А тры дні назад што было каля ракі! У паветра ўзляцела машына. Відаць, таксама чырвонаармеец пастараўся : міну падклаў.

— Гэта толькі кветачкі, Лявон, пабачыш, якія ягадкі будуць. Хутчэй бы паздаравець. Я лятаць хачу, Лявон, хачу ў неба...

— Вось бы захапіць у фашыстаў самалёт?..

— Калі б недзе быў паблізу нямецкі аэрадром, можна было б рызыкнуць.

— Во было б здорава! Самалёт узлятае, вы за штурвалам... Падымаеце самалёт за хмары, кіруецеся на Берлін. Фашысцкая сталіца. Унізе — доўгія камяніцы. Гэта — фабрыкі і заводы, у якіх робяцца танкі, гарматы, мінамёты. А во вуліцы... Добра бачны рэйхстаг, дзе сядзіць пачвара Гітлер. Вы націскаеце на рычаг — ляцяць бомбы, і нідзе нічога — ні Берліна, ні Гітлера...

— Малайчына, Лявон! Трэба марыць гэтак смела, як ты. Недарэмна ж кажуць: марыць — гэта перамагаць. І мы, ведай, хлопча, абавязкова пераможам.

...І вось зноў хлопец павінен убачыць лётчыка. Бацька наказаў, што сёння трэба падзяжурыць.

Раніца разгаралася. Сонца было за лесам, але ўсё ж прарывалася пругкімі промнямі праз шчыльна ўзнятыя ў неба вяршыні дрэў, напаўняючы прастору залацістай зыбкасцю, і гэта стварала стыхію казачнасці і таямнічасці.

Лес пакалыхваўся, гаманіў, і было чуваць, як то тут, то там упадзе, сарвецца з сасны шышка, як парыпваюць пераплеценыя старыя галіны. Паветра было густое, як сырадой, лёгка заплывала ў грудзі.

Лявон ступаў не па сцежцы, а па дарожцы, утворанай лакамабілем. Прадаўгаватыя, адціснутыя гурбачкі пяску хрусцелі пад яго нагамі, развальваліся. Два ланцугі следу міма нізкіх з густым голлем сосен збягалі ў лагчыну, за якой пачыналася балотная твань. Ад лагчыны балота шчыльна было адгароджана цёмна-шэрай сцяной асінніку і алешніку. А во і насціл, па якім тралявалі лакамабіль. Нямала давялося папрацаваць людзям, каб заслаць галлём і жэрдкамі праход па балоце. Выручыла тое, што побач, у пятым лясным квартале, былі нарыхтаваны трохметровыя адрэзкі, якія павінны былі перад вайной адвезці ў Данбас, на шахты. Імі, гэтымі адрэзкамі, услалі большую палавіну дарогі. Атрымалася грэбля. Лакамабіль цягнулі тут не чатырма, а шасцю парамі валоў.

Лявон узышоў на грэблю. Хлопцу давялося пільна глядзець пад ногі, каб не спатыкнуцца, не ўпасці. У некаторых месцах насціл з жэрдак і галін засмактала багна, і дарога перапынялася лужынамі з гнілой, чорнай, як дзёгаць, гразюкі.

Грэбля да вострава цягнулася метраў на трыста. Абапал яе стаяў невялікі, купкамі, лазняк, абкружаны вадой і зараснікамі бабоўніку, які сціпла цвіў,— кветкі былі някідкія, бела-мармуровыя. Пракідаліся і адзінокія магутныя дрэвы. Моцна пахла перапрэлай расліннасцю і стаячай вадой.

У адным месцы, якраз пасярэдзіне грэблі, Лявон вымушаны быў запыніцца. Уперадзе праз нейкіх два крокі, скруціўшыся вузлом, ляжалі чорныя вужы. Хлопец ведаў, што яны не кусаюцца, але ўсё-такі ў душы не мог перасіліць жудасць. Ён адышоўся назад, знайшоў палку і кінуў яе ў балотных пачварын. Вужы тут жа плюхнуліся ў ваду і паплылі, вытыркнуўшы ўверх галоўкі.

Лявон кінуўся бегма ўперад, выхапіўся на травяністы бераг вострава і амаль тварам у твар сутыкнуўся з Уласам Какорай.

— Што такое? Быццам за табой ваўкі гоняцца,— дапытліва разглядаў хлопца старшыня калгаса.

— Не ваўкі. Вужы на грэблю ўзлезлі. Разлягліся, грэюцца на сонцы...

— То вужы ж не кусаюцца, муха-скруха.

— Усё роўна, дзядзька, паскудства. Не люблю і баюся іх. Ды і можна памыліцца. Думаеш, вужы, а гэта гадзюкі.

— Дык ты іх забіў?

— Не, кінуў палку, прагнаў. Навошта біць. Жывыя істоты.

— А гэта што за сценка-завала? — здзівіўся Лявон.— Там пазаўчора ўранку яе не было.

— Падыдзі бліжэй, тады і зразумееш.

Лявон зрабіў некалькі крокаў наперад. Якраз насупраць грэблі, на пакатым узвышэнні вострава ляжалі два, адзін на адным, доўгія дубовыя бервяны, яны былі свежыя, тхнулі церпкім дубовым сокам. Адразу за бярвёнамі, у зямлі,— шчыліна-акоп.

— Ого! — у захапленні ўсклікнуў хлопец.— Зброя! Ды якая — ручны кулямёт!

— Сістэмы Дзегцярова,— паважна сказаў Улас Какора.

— І гранаты? І скрынка нейкая?

— Ты не здагадваешся, адкуль гэта?

— Не.

— Усю гэту зброю мы атрымалі ад Юркі.

— Дзядзько Улас, вы нешта не тое гаворыце? Ад Юркі? Адкуль у яго такая зброя? Знайшлі Юрку прыяцеля.

— Ты не знайшоў, а мы знайшлі,— з усмешкай сказаў старшыня калгаса.— І атрымалася ўсё таму, што і ты да гэтай зброі рукі прыклаў. Помніш, вы «судзілі» Юрку ў лесе. Андрэю ён гаварыў, што ёсць у яго тайна. І аказалася тайна во гэтым кулямётам ды гранатамі.

— Дзе ж ён усё гэта прыдбаў?

Какора кораценька расказаў пра выбух на дарозе каля Прыпяці, пра лодку, якая была перахоплена Юркам.

— Ой, дзядзько Улас, як лоўка. Цяпер востраў наш непрыступны. Ніякі фашыст сюды не прарвецца. Колькі дыскаў да кулямёта? Два?

— Але, сам бачыш. А тая скрынка, муха-скруха, пра якую ты пытаўся, даверху напакавана патронамі, больш тысячы — мы падлічвалі з тваім бацькам.

Лявон не ўтрываў, скокнуў у акоп, і ўхапіўшы ў рукі кулямёт, паклаў яго на бруствер, пачаў разглядаць.

— Цяжкаваты,— адзначыў ён, праводзячы рукой па кругламу варанёнаму дыску.— З ножкамі. Як жа яго тут прыстроіць?

— Вельмі проста. Глядзі,— старшыня калгаса прыцягнуў да сябе кулямёт.— Во гэтыя, дарэчы, не ножкі, а сашнікі, трэба замацаваць у глебу. А руля кладзецца ў шчыліну. Бачыш, галава прыкрыта бервяном, прыкрыта надзейна. Ты можаш смела цэліцца, назіраць за грэбляй праз шчыліну. Дайшло?

— Дайшло, дзядзько Улас,— скорагаворкай выпаліў Лявон.— А як страляць, раскажыце.

— Страляць? Ого чаго захацеў,— прыжмурыўшы вочы, паблажліва сказаў дзядзька Улас.

— Вайна ж, дзядзько. Зброю трэба ведаць абавязкова. А раптам...

— Глядзі, во мушка. Прыцэльная планка пастаўлена на трыста метраў, якраз каб дастаць на краі грэблі тых, хто памкнецца сюды прыйсці. А дыск калі трэба змяніць, націсні на зашчапку і — гатова.

— А гэта затвор. Пацягнуў назад, адпусціў — ён кляцне, значыцца, патрон — у патронніку. Можна страляць, кулямёт гатовы да бою. Ясная арыфметыка?

— Ясная, дзядзько.

— Ага, во ледзь не забыў.— І ён тыцнуў пальцам у левую шчаку ложы.— Гэтая зашчапка рэгулюе стральбу адзіночнымі стрэламі і, калі яна во так павернута, аўтаматычнымі.

— Усё ясна. Цяпер я стральну,— зухавата ўсклікнуў Лявон.

— Я табе стральну. Бач, жэўжык!..

— То калі ж?

— Пачакай крыху. Усяму, як кажуць, ёсць свой час.

— Эх, дзядзько Улас! — толькі і выгукнуў Лявон. Падняў кулямёт, яшчэ раз паважкаў яго ў руках і тут жа паклаў на дол акопа, на разасланую дзяружку.

Раніца, набраўшы моцы, ззяла разагрэтым небам, гаманіла птаствам, якое, не тоячыся, пырхала ў кустах, на дрэвах, у балотных спляценнях лазняку.

Улас Какора выцер рукі, да якіх прыліпла змазка кулямёта, глянуў на сонца.

— Мне пара, Лявон,— сказаў ён.— Ты застанься да вечара, пакуль не прыйдзе Зоська. І пакармі Арцёма. Ясна?

— Ясна, дзядзько Улас,— зусім па-вайсковаму адказаў хлопец.

Старшыня калгаса ссунуў на лоб кепку-шасціклінку, зашпіліў на ўсе гузікі шэры ў чорную палосачку пінжак і, падмінаючы цяжкімі ботамі дзятлавіну, якая каймой слалася па схіле вострава, пайшоў на грэблю. Раптам ён запыніўся і, абярнуўшыся, сказаў:

— Лявон, перадай Арцёму: ён тут за камандзіра.

 

Раздзел дваццаць сёмы

Улас Какора перайшоў грэблю і, перад тым як ісці далей, запыніўся і азірнуўся. Да Жураўлінага вострава высцелены сапраўдны шлях. У душы варухнулася трывога. «Шлях гэты зараз непатрэбны,— падумаў ён.— Не толькі непатрэбны, але небяспечны. Трэба будзе яго раскідаць».

На грэблі трымцелі цені і ўсплёскі святла, здавалася, яна як бы гойдаецца. Але ж лакамабіль тут прайшоў і заняў сваё месца ў дальнім закутку вострава. Недзе к восені будзе збудавана для яго памяшканне, ён трывала стане на падмурак, закруцяцца жорны, і з латка пацячэ цёплая, як сонца, мука. Пячыце хлеб, жывіце, людзі!

Сёння ў вёсцы Дажджынава збяруцца камуністы і камсамольцы сельсавета. Задача адна — пачаць арганізацыю партызанскага атрада, збіраць на месцах баёў зброю. Улас Какора чуў, што пад Петрыкавам у лесе, непадалёку ад Навасёлак, была разбіта наша часць. І там, як быццам, можна знайсці і вінтоўкі, і гранаты, і нават кулямёты.

Навасёлкі — радзіма дзеда Талаша. Можна завітаць да славутага героя грамадзянскай вайны, цікава, што робіць дзед? Хутчэй за ўсё, ён ужо арганізаваў атрад, водзіць яго па лясах-балотах, робіць засады, налёты, адным словам, калашмаціць немцаў і ў хвост, і ў грыву. З такім камандзірам можна і ў спаборніцтва ўступіць: хто больш пакладзе на бальшаках і сцежках, на скрыжаваннях пуцявін і на мастах гітлераўскай свалаты.

Аж горача стала Какору ад нахлынуўшых думак.

Улас Какора выйшаў на лясную дарогу. Пайшоў разгоніста, бо трэба было паспець на сход роўна к дванаццаці гадзінам. Дарога слалася то па пагорках, падобных на вярблюджыя гарбы, то збягала раптам у мокрую змрочную ад густога алешніку катлавіну, то выпрамлялася, хаваючыся пад пышныя кроны бяроз і дубоў.

Дарога нарэшце выбягае на пясчаную жоўтую выспу, прадзьмутую вятрамі. Пясок пад нагамі сыпучы і дробны, як мука. Сям-там на схілах выспы зачапіліся сасонкі, але растуць яны марудна, заскарузлыя, непрыглядныя. Уласу Какору тут давялося выбіраць мясціны, дзе не вельмі грузлі ногі.

Адразу за выспай — лагчына з дубняку. Дубы ўсе як на падбор, з тоўстымі камлямі. Галіны на дрэвах важкія, кожны дуб стаіць моцна і горда.

Любіць Улас гэты куточак лесу. Часта прыходзіць сюды. І добра прыкмеціў, што калі пабудзе тут з нейкую паўгадзіну, паходзіць сярод гэтых лясных веліканаў, дык пачынае адчуваць, што ў самога з’яўляецца дужасць, жаданне зрабіць нешта добрае...

Дубняк скончыўся, ён тут, як апошняя заслона, што закрывае далячынь, вольную прастору. Дарога выбягае на палетак, змяёй выгінаецца па перасечанаму з невялікімі гаямі ландшафту. Позірк ахоплівае ўсю разлегласць адразу.

І раптам убачыў: з Белых Сарок рухаецца калона немцаў. Узбоч калоны гарцавалі два коннікі. «Во яшчэ не хапала. Куды ж гэта яны, муха-скруха?» У душы ўспыхнула трывога, адчуванне бяды.

Калі калона абмінула выган і спусцілася ў лагчыну — адтуль былі відаць толькі ўздрыгваючыя галовы коннікаў,— Улас збянтэжана азірнуўся. Гэтая дарога, на якой ён стаяў, вяла ў лес, да сенакосаў. Праўда, за дзесяць кіламетраў адсюль сярод лесу стаіць вёска Палянка, якая налічвае не болей трыццаці хат. Прытым вёска ўжо іншага, не Свержанскага раёна. «Каб у Палянку ды такім атрадам? — падумаў Какора.— Тады, мабыць, да нас, на Жураўліны востраў!..»

Марудна выцягваецца на дальні пагорак калона. Салдацкія постаці пабольшалі. На грудзях у іх пабліскваюць аўтаматы. Рукавы гімнасцёрак закасаны па локці. На шэрым буйнагаловым кані — афіцэр. На другім кані нехта ў цывільным. Здаля не пазнаць.

«Што рабіць?» —не на жарты ўстурбаваўся Улас Какора. Яго чакаюць у Дажджынаве, і ён павінен быць там. Але ворагі, здаецца, узялі кірунак на Жураўліны востраў. А там — лётчык і Лявон. Вялікая набліжаецца бяда! Здраднікі данеслі, дзе захаваны млын, дзе ён, Какора, падрыхтаваўся зрабіць партызанскую стаянку. «Рашэнне ў такім выпадку адно.— Улас зняў з галавы кепку, ацёр з ілба пот.— Трэба вяртацца назад».

 

Раздзел дваццаць восьмы

Запыханы, успацелы, Улас Какора выбраўся на востраў, падбег да шалаша.

— Хлопцы, ідуць фашысты!..

Пачуўшы голас, з шалаша на карачках выхапіўся Лявон. Ён недаўменна міргаў вачыма, сэнс яшчэ не поўнасцю дайшоў да яго.

— Што такое, дзядзько Улас? — нарэшце перапытаў ён.

— Фашысты ідуць... Нейкі д’ябал падказаў... Арцём, ты чуеш? — Улас Какора заглянуў у паўцёмны шалаш.

— Кепска, калі ідуць,— адгукнуўся Арцём і, падняўшы галаву з падушкі, сеў.— А колькі іх там?

— Чалавек прыблізна дваццаць. З імі два коннікі. Дык ты выходзь, трэба параіцца. Можаш выйсці?

— Паспрабую. Рукі працуюць. А нага яшчэ баліць, тузае, хай на яе ліха.

Арцём памалу выпаўз з шалаша, яго падхапіў Улас, дапамог усесціся на пень. Лявон паспешліва нацягнуў на сябе сацінавую шэрую кашулю, падышоў да мужчын. Какора выцер хусцінкай з твару пот і прысеў на бервяно, насупраць лётчыка.

— Дык во, браткі,— сказаў ён ціха і цвёрда,— на нашу долю выпала першымі прыняць бой. Зброя ў нас ёсць — кулямёт, карабін, гранаты. А як ты мяркуеш, Арцём? — ён сашчапіў рукі і апусціў іх паміж каленяў, утаропіў засяроджаны позірк на лётчыка.

Арцём падняў галаву ў неба, глядзеў нейкі момант, як бы шукаючы ў ім адказу, потым кашлянуў і хрыпла сказаў:

— Трэба неяк Лявона ратаваць, калі такая справа. Можа, няхай схаваецца ў балоце.

— Як гэта ратаваць Лявона? — аж пакрыўдзіўся хлопец.— Дзядзько Арцём, нікуды я не пайду.

У Какоры аж скаланулася нешта ў душы — ён зірнуў на хлопца і з гордасцю і са шкадаваннем.

— Добра,— тузануў ён хлопца за рукаў,— бяжы да акопа, глядзі, ці не ідуць, а мы тут пагаворым.

Хлопец пабег да грэблі.

— Ёсць яшчэ варыянт,— праводзячы вачыма Лявона, прамовіў Какора.— Адступіць, пакінуць востраў, адсядзецца ў багне.

— А навошта было гарод гарадзіць? — кіўнуў лётчык на лясны закутак, дзе высіўся лакамабіль.

— Гэта я так,— аж сумеўся Какора.— Ты ж паранены, пра цябе клапачуся ды пра Лявона. Вядомая справа, я з вострава не адступлю. Камуністы не адступаюць...

— Не адступаюць,— ціха і цвёрда паўтарыў Арцём. Падняўся з пня і дадаў: — То хадзем.

Улас Какора ўбачыў, як лётчык пахіснуўся, падхапіў яго.

— Бярыся за мяне,— сказаў ён.— Так будзе зручней.

Яны памалу, але суладна пакрочылі ўперад па вузкай між высокага донніку сцяжыне.

— Табе трэба расхаджваць нагу,— як аб вельмі важным, заўважыў Улас Данілавіч.

— Пра гэта Зоська казала. От лоўкая дзяўчына. І рука ў яе лёгкая — рана стала ўвачавідкі загойвацца.

На другім канцы вострава нешта заляскатала. І Улас Данілавіч і Арцём міжвольна павярнулі галовы. На тварах іх разлілася ўсмешка.

— Бацян клякоча. Вось каго трэба таксама абараніць, муха-скруха,— сказаў Какора.

— Неяк на світанку падыходзіў да шалаша. Прачнуўся, бачу — стаіць белае дзіва, пакручвае галавой, нагамі пераступае. Я стаіўся. Думаю, што будзе: зойдзе ці не? Не зайшоў. Пастаяў-пастаяў, штось дзеўбануў на зямлі і падаўся сваёй дарогай.

— Ідуць! — крыкнуў Лявон, прыўзняўшыся з акопа.— Дзядзько Улас, паглядзіце,— ён тыцнуў рукой у бок грэблі.— Трое іх...

—На агнявой пазіцыі застаюся я і Арцём,— па-камандзірску сказаў Какора.— А ты, Лявон...

— Я буду тут,— запярэчыў адразу хлопец, здагадаўшыся, што хацеў сказаць старшыня калгаса.

— Лявон, не дуры, справа сур’ёзная. Ідзі ў шалаш, падрыхтуй бінты, знайдзі ёд. Будзь напагатове. Зразумеў?

Лявон паныла ўздыхнуў, з папрокам пазіраючы на дзядзьку Уласа. Аднак што зробіш, і хлопец неахвотна пакінуў акоп. На момант прыпыніўся, зіркнуў на грэблю. Удалечыні востры позірк натыкнуўся на тры куртатыя постаці. Ворагі набліжаліся.

* * *

— Арцём, станавіся з карабінам во тут, каля шчыліны. Я буду з кулямётам, — загадаў Какора. — Агонь адкрываць па маёй камандзе.

— Ясна, Улас Данілавіч.

— Калі мяне заб’юць, з Лявонам адыходзь.

— Ясна, Улас Данілавіч.

Какора ўмацаваў сашнікі кулямёта, паклаў рулю ў адтуліну амбразуры, праверыў, як пастаўлена прыцэльная планка. Не зводзіў вачэй з грэблі. Адсюль усё добра бачна. На пачатку грэблі, на ўзвышшы, што парасло бярэзнікам, мільгалі салдацкія постаці. На момант паказаўся на кані афіцэр. Ён быў з біноклем у руках.

— Улас Данілавіч, трэба зняць афіцэра. Дазвольце? — прашаптаў з запалам Арцём.

— Не варта палохаць, — адказаў Какора. — Хай падыходзяць бліжэй. Я ім паднясу наш хлеб-соль. — Ён прыпаў да кулямёта.

Пацягнуліся пакутныя хвіліны.

Справа і злева стаялі магутныя шэрыя асіны, яны трымалі свае галіны высока ў небе, ціха, паважна пакалыхваючыся. А лісткі, як матылькі, узбуджана трапяталі, не знаючы супакою. Шум асінавай лістоты асаблівы, нагадвае шапатлівы бег ручая па параскіданых на дне каменьчыках.

Грэбля шнуруе проста на поўнач, сонца ідзе па небе, трымаючы кірунак у зеніт. Паветра робіцца сухім і мроіста-дрыготкім. Не зважаючы ні на што, у дрэвах і кустах ідзе птушыная рада. А вось падала свой голас зязюля. «Дзякуй табе, шэрая птушка! Лічы нам гады, пабольш толькі! А ворагам мы ўжо адлічым самі — кулямётам»,— усміхнуўся Какора.

Арцём таксама падцягнуўся, засяродзіўся, навастрыў і слых і зрок. Стаяць яму нязручна, ные левая нага, але ён сціскае зубы, гасіць намаганнем волі боль.

Не думаў, што так хутка адкрыецца тайна Жураўлінага вострава. Лётчык разлічваў, што з дапамогай Зоські і добрых людзей з Белых Сарок хутка падлечыцца, акрыяе і рушыць на ўсход, да лініі фронту. Хацелася забегчы да сваіх бацькоў, што жывуць пад Рэчыцай у невялічкай вёсачцы Заазер’е. Там жа жыве яго дзяўчына Арынка, рахункавод калгаса. Як яна ганарылася, што ён закончыў лётную школу, што лятае на імклівых «ястрабках». Аднойчы напісала, каб ён паказаўся над іх вёскай на самалёце, памахаў крыламі і ёй, і ўсім землякам. Ён паслаў ёй картку ў параднай лётнай форме, запэўніў, што хутка сустрэнуцца. Праўда, ён не можа прыляцець на самалёце, прыедзе цягніком. Яму за выдатныя поспехі ў службе камандаванне палка абяцае двухтыднёвы адпачынак. Во так і не дачакаўся адпачынку.

А час ідзе. Ворагі зусім блізка. Чаго ж марудзіць Какора?

Але ў гэты момант гулка і рэзка разляглася кулямётная чарга.

— Дзядзька Улас,— не змог стрымаць захаплення Арцём,— паклалі ўсіх, бы цэпам махнулі.

Ад дальняга канца грэблі, дзе знаходзілася асноўная група гітлераўцаў, ударылі стрэлы. Кулі з брыдкім ціўканнем пранесліся над акопам.

Пачынаўся зацяты бой.

Арцём прытуліўся да зямлі — яна вільготная, пахне жвірам,— а вока не спускаў з далягляду. Праз шчыліну бачна, як адна з постацей на грэблі раптам заварушылася, папаўзла. Немец рухаўся ўмела, прыгнуўшы галаву. З правага боку матляўся аўтамат. Чутно было, як ён удараўся аб насціл грэблі.

— Арцём,— горача выдыхнуў, павярнуўшыся да лётчыка, Улас Данілавіч,— памажы яму супакоіцца. Бач, паўзе, вужака.

Арцём старанна ўглядаецца ў проразь. Нарэшце стрэліў, але куля праляцела міма.

Фашыст па-ранейшаму ўпарта пераадольваў адлегласць. Арцём зноў прыпаў да проразі прыцэла. Націснуць на кручок не паспеў, бо фашыст спружыніста падняўся і шпурнуў з усяе сілы гранату. Арцём бачыў, як яна, серабрыстая, з доўгай рукаяткай, куляючыся ў паветры, неслася на акоп. Ад нечаканасці лётчык адкінуўся ад бруствера і нырнуў галавой у акоп.

Пачуўся выбух. Амаль адначасова коратка тумкнуў кулямёт Какоры. У акоп пасыпаліся кавалкі зямлі, трэскі ад пашчапанага бруствера. Моцна запахла порахам. Лётчык тут жа прынік да шчыліны. Ён думаў, што фашыст падбягае к акопу і можа кінуць другую гранату. Значыць, трэба біць ва ўпор.

Але немец ляжаў упоперак грэблі. Па Арцёмавым твары прабегла святлінка радасці, ён павярнуўся ў бок Уласа Какоры. Тым часам Какора, адкінуўшы ўбок прыклад кулямёта, схіліў галаву да свайго правага пляча.

— Улас Данілавіч, траіх нібы карова языком злізала. І ўсіх паклалі вы.

— А ты ведаеш, мяне зачапіла. Здаецца, драпінка, а кроў бяжыць. Во муха-скруха.

— Вас параніла?! — усклікнуў Арцём.— То трэба хутчэй забінтаваць.

— Лявон! — гукнуў Арцём, паварочваючыся ў бок шалаша.— Нясі бінты.

Лявон тут жа падпоўз да краю акопа, яшчаркай зваліўся ўніз.

— Дзядзька Улас, як жа так?

— Ды во асколкам. Але рана невялікая. Цярпець можна.

Уласу дапамаглі зняць кашулю. Кроў цадзілася з верхняга бугарка пляча. Арцём памацаў гэтае месца і пераканаўся, што косць цэлая. Разам з Лявонам ён старанна паклаў на плячо павязку.

Увесь час Арцём і Лявон не забываліся назіраць за грэбляй. Новых ахвотнікаў наблізіцца да акопа не было. Ворагі мітусіліся ў канцы грэблі, вялі бязладны беглы агонь. Кулі люта праляталі над галавой, чмякаліся ў грунт, траплялі ў бліжнія дрэвы.

— Апранайцеся,— падаў Лявон кашулю дзядзьку Уласу і стаў яму дапамагаць управіць руку ў рукаў.

— Усё добра. Дзякую. Можна зноў ваяваць. Бачыце, ніякага знаку,— кіўнуў ён на правае плячо.— А ты, Лявон, тут не заседжвайся. Чуеш, як смаляць. Не шкадуюць патронаў.

— Дзядзько Улас,— раптам умольна зірнуў хлопец на старшыню калгаса.— Дазвольце...

— Што такое?

— Я падбяру ў забітага немца аўтамат.

Бровы Уласа Данілавіча ссунуліся.

— Я табе падбяру. Бач ты яго... Не хапала, каб яшчэ і цябе...

— Я паўзком-паўзком. Нічога не здарыцца.

— Лявон, назад у шалаш! І каб пакінуў дурныя думкі.

Лявон незадаволена бліснуў спадылба разгарачанымі вачыма. Слова ў дзядзькі Уласа цвёрдае. Хлопец, тулячыся да сцяны акопа, выхапіўся наверх і пабег уздоўж берага вострава.

Тым часам ворагі ўзмацнілі страляніну. Перад брустверам фантанчыкамі ўскідвалася зямля, ляцелі ўніз на дол ссечаныя кулямі галінкі дрэў, мроіўся ў паветры тонкі пыл.

Зноў на грэблі выраслі салдацкія постаці. На гэты раз іх было чатыры. Салдаты туліліся па баках грэблі, перабягаючы ад куста да куста.

— Бачыш? — кіўнуў галавой Улас Данілавіч.

— Бачу.

Ён узлёг грудзьмі на край акопа, стаў прыцэльвацца.

— Улас Данілавіч, аднаго няма,— далажыў Арцём, заганяючы новы патрон.

Улас Какора пераступіў нагамі, пад ботамі на дне акопа затрымцелі гільзы. Па-гаспадарску здзьмуў з кулямётнага дыска пясок, зірнуў у байніцу. Грэбля ляжала перад вачыма ў ззянні сонца. Вецер матляў за калматыя чубы лазнякі, расхістваў адзінокія дрэўцы, што стаялі на ўсім прасцягу гнілога балота.

Ён бачыў траіх. Немцы то падалі і паўзлі, то раптам кідаліся да дрэў, хаваліся за іх ствалы і адтуль адкрывалі шалёны агонь.

— Арцём, гваздані вунь таго, што схаваўся за старой алешынай.

Арцём па-вайсковаму адказаў:

— Ёсць гваздануць!

Карабін і ён зліваюцца ў адно цэлае. Калі мушка рулі падпаўзла павучком пад галаву немца, тут жа грымнуў стрэл. Фашыст асунуўся пад камель алешыны.

— Малайчына! — пахваліў Какора.

З супрацьлеглага краю грэблі разануў чаргой кулямёт. Арцёма кінула да сцяны акопа. Моцна пекануў боль у назе, дзе была рана, і ён, не ўтрымаўшыся, мехам асунуўся ў дол.

«Скажы ты,— з прыкрасцю падумаў лётчык.— Во так і выйду са строю. Перад камандзірам няёмка. Яму аднаму давядзецца за ўсіх адбівацца...»

— Улас Данілавіч,— гукнуў ён,— памажыце, ці што...

Адказу не пачулася.

Какора пасля ўдару кулямётнай чаргі, марудна адарваўшыся ад «дзегцяра», асунуўся ўніз, як бы ў задуменнасці прысеў, схіліўшы буйную з сярэбранымі скронямі галаву. Кепка на галаве ссунулася на патыліцу, ледзь-ледзь трымалася.

Зразумеўшы, што адбылося нешта страшнае, непапраўнае, Арцём напружыў рукі, прыўзняў галаву. І тут усё ўбачыў.

— Улас Данілавіч! — усклікнуў у адчаі лётчык.— Вас параніла?..

Какора не варушыўся.

— Улас Данілавіч!..— аж застагнаў Арцём.— Лявон! Дзе ты, Лявон!

А Лявона і гукаць не трэба было. Пачуўшы, што з акопа доўга чамусьці няма стрэлаў, хлопец занепакоіўся. Падхапіўшыся з калоды, што ляжала каля шалаша, кінуўся да акопа.

— Арцём, чаму не страляеце? — і толькі гэта паспеў вымавіць, як убачыў дзядзьку Уласа. Асцярожна крануў яго за плячо.

— Улас Данілавіч!.. Дзядзько!..

— Яго забілі!..— у адчаі ўсклікнуў хлопец.— Арцём, яго забілі!..— тармасіў за плечы Какору, спадзеючыся, што той раптам ажыве...

— Праклятыя!..— сціснуўшы зубы, прастагнаў Арцём.— Такога чалавека...

— Як жа мы цяпер без яго? Арцём, га? — глытаючы пякучыя горкія слёзы, перапытваў Лявон.

Лётчык схамянуўся, рыўком вертануўся да бруствера. За гэты час гітлераўцы паспелі прайсці большую частку грэблі. Грукаючы цяжкімі ботамі па насціле грэблі, кінуліся ўперад.

— Лявон,— крыкнуў Арцём,— рыхтуй гранаты!

Ворагаў і абаронцаў вострава падзяляла паласа зямлі не больш як у сто метраў. Грымнуў стрэл Арцёмавага карабіна. Тым часам Лявон выхапіў з земляной нішы гранату, выцягваючы шыю, глянуў праз шчыліну бруствера. Немцы былі побач. Беглі трое. Лявон выразна бачыў гітлераўцаў. Першы быў доўгі, імклівы, з чырвоным тварам. Ненавісна зыркаў маленькімі, пад нізкім ілбом, вачыма. Свой аўтамат ён упёр у жывот і беспрыцэльна сыпаў гарачым свінцом. Другі, камлюкаваты, з дужымі плячыма, страляў з вінтоўкі не цэлячыся. Трэці адставаў, але рухаўся таксама напорыста. Твар яго быў круглы, як рэшата, рот разяўлены, ён нешта крычаў на адной працяглай прарэзлівай ноце.

— Арцём! Страляй! — крыкнуў хлопец. Рашалі літаральна секунды. З акопа грымнуў стрэл, і адзін з немцаў з разгону тыцнуўся ў насціл грэблі. Астатнія, не спыняючыся, набліжаліся да акопа. Арцём нечага марудзіў. Ён, чутно было, ляскаў затворам.

Ворагі грукацяць ботамі побач, віхурна ляцяць, набліжаюцца іх постаці. Бачна, як ярасныя твары азараюцца ўсмешкай жаданай удачы. Не! Не будзе вам удачы, ворагі! Марудзіць Арцём, не страляе. Але ж у яго, у Лявона, у руках граната. І не нейкая падманная, вучэбная, а сапраўдная, круглая, зялёная, і вельмі замашыстая. Першы раз ён трымае такую, у якой дбала запрасавана смерць. Першы раз ён яе павінен кінуць. Ці атрымаецца што з гэтага? Павінна атрымацца. Павінна!..

— Арцём!..— крыкнуў хлопец ужо для таго, каб лётчык убачыў, як ён уступае ў бой.

— У мяне заела. Не заходзіць абойма...

Тым часам паўзверх бруствера шуганула, разразаючы паветра, граната. Лявону здалося, што ён кінуў звычайны мячык. Такі мячык, якім ён так часта па вечарах гуляў з хлопцамі ў лапту.

Наваколле тузануў, аж пасыпалася са сцен акопа зямля, выбух. Лявон імпэтна павярнуўся да земляной нішы і выхапіў адтуль новую гранату. Ён быў гатовы яе кінуць, але ў гэты міг убачыў перад сабой...

Гітлераўцы, што апантана рваліся да акопа, ляжалі на грэблі, як снапы. Аўтамат цыбатага быў адкінуты ўбок, адсвечваючы на сонцы патронным ражком. Камлюкаваты ляжаў ніцма, вінтоўка, заціснутая пад пахай, руляй была скіравана на востраў. Трэці знаходзіўся ўводдалі, бачны былі толькі ягоныя ногі, галава хавалася за пнём-вываратнем.

«Чаму ён за вываратнем?» — зацікавіўся хлопец і стаў пільна прыглядацца. Раптам ногі гітлераўца варухнуліся. «Жывы! Ён, глядзі, яшчэ наробіць шкоды».

— Арцём! — гукнуў хлопец лётчыку.— Што там у цябе?

— Абойма чамусьці не лезла. Ледзь не прапалі, Лявон,— вінавата ўздыхнуў Арцём.— Во была страшная мінута. Але ты маладзец. Здаецца, усе наеліся зямлі.

— Не ўсе, Арцём,— адказаў хлопец. Ён быў узбуджаны. Лоб блішчаў ад гарачага поту.

— Як не ўсе? Ляжаць, не варушацца.

— А вунь той, што за вываратнем... Схаваўся!..

Лявон абтрусіў з кашулі пясок, паклаў побач гранату.

Сонца паднялося ўжо высока. Паветра было напоўнена мяккай душнай цеплынёй. Хацелася піць.

Вусны Лявона засмяглі, ён іх аблізваў языком, але ад гэтага было мала карысці, яны тут жа абсыхалі, смылелі. Хлопец мелькам зірнуў у бок Уласа Какоры. Старшыня калгаса сядзеў па-ранейшаму ў сваёй мужнай паставе, падпёршы дужымі плячыма чорную сцяну акопа. Здавалася, вось ён устане, блісне вачыма, скажа нешта ціха і мудра.

— Улас Данілавіч, бачыце, мы без вас...— як бы дакладваючы, зашаптаў хлопец.

«Малайцы, справіліся!» — здавалася, адгукнуўся той журботнай сваёй нерухомай постаццю.

Угары, над брустверам, пануюць не толькі сонца і перасушанае спякотай паветра, але і пранізлівае завыванне куль. Гітлераўцы здаля, ад дальняга краю грэблі, не спыняюць страляніны.

Яна асабліва ўзмацнела пасля выбуху Лявонавай гранаты. Уперамешку з вінтовачнымі залпамі стукае, рыгае чэргамі кулямёт. Над брустверам люта праносяцца кулі, ствараючы своеасаблівы свінцовы навес. Але ні Арцём, ні Лявон не кідаюцца ў роспач. Пакуль ім шанцуе. Вунь ужо колькі акачурылася ворагаў. Ага, а кулямёт Уласа Данілавіча? — схамянуўся хлопец.— Ён не павінен маўчаць! Дзядзька Улас вучыў яго, Лявона, як ім карыстацца, як весці бой. Значыць...

Лявон прасунуўся па акопе, але каб стаць за кулямёт, яму замінаў Улас Какора, які па-ранейшаму сядзеў, падпёршы дужымі плячыма сцяну акопа. Хлопец нахіліўся, падхапіў яго за плечы. Упершыню ён датыкаўся да мёртвага чалавека. У душы нешта ўздрыгнула. Хлопец, перамагаючы сябе, скрануў яго з месца. За ўсім гэтым назіраў Арцём.

— Пакладзі як трэба. Пасля пахаваем. От не магу табе памагчы.

Але Лявон справіўся сам. Цяпер Улас Какора ляжаў у акопе. Знямелы шырокі яго твар быў урачыста-спакойны. Акруглы падбародак прыўзнімаўся над сіняй сацінавай кашуляй.

— Ты пільнуй таго, што пад карчом. Не думай, што ён забіты,— нагадаў Арцёму Лявон.

Арцём глянуў праз шчыліну.

Над імі апантана скуголілі кулі, упіваліся ў бярвенне бруствера, дзынкалі, зарываючыся ў жарству глебы.

 

Раздзел дваццаць дзевяты

Ворагі злавалі, былі ў непаразуменні і ў замяшанні. Як жа, зроблены дзве атакі, два кідкі на абаронцаў вострава, а вынікаў амаль ніякіх. Загублена ажно сямёра салдат. Акоп, аднак, жыве, адстрэльваецца, яго абаронцы, здавалася, сядзяць за браніраванай сцяной.

Гітлераўцы ведалі, што з акопа вядуць агонь з ручнога кулямёта і карабіна. Яны разумелі, што партызан мала, што з такімі агнявымі сродкамі доўга супраціўляцца нельга.

Гаўптштурмфюрэр Клемке сядзеў на старым бярозавым пні, у двух кроках ад яго матляў галавой прывязаны да лясіны гняды добра дагледжаны жарабок. Клемке трымаў на каленях карту, уважліва яе разглядаў. Побач стаяў ротэнфюрэр Ланге.

Каля нізкай маладой елкі, на гурбіне выпучанага кораня сядзеў, падкурчыўшы ногі, Ігнат Дуля. Настрой у яго быў паганы. Ён ваўкавата зыркаў спадылба то на Клемке, то на салдат, якія за пагоркам перад грэбляй вялі агонь па востраве.

Ігнат вельмі баяўся, каб Клемке раптам не паслаў і яго разам з салдатамі штурмаваць партызанскі акоп. «Тады, лічы,— усё! — аж закалаціўся Дуля, абліваючыся ад хвалявання едкім потам.— А калі не падначаліцца? Ага, паспрабуй адмовіцца... Закажаш і дзесятаму. А можа, пакуль у іх тут замінка-неразбярыха, даць лататы? Вунь ззаду якая гушчэча — шукай, свішчы! Чалавек у лесе, як іголка ў стозе,— не знойдзеш. А далей што? Яны, здаецца, прыйшлі назаўсёды. Кажуць, Масква будзе ўзята. Што тады? Тады табе, браце-пане, будзе клямка! Знойдуць, схопяць за каршэнь, павесяць! Во як выходзіць бесталкова,— ледзь не застагнаў Дуля.— Трэба, відаць, змірыцца з лёсам: што будзе, то будзе».

Міжвольна працягнуў руку і пачаў зрываць тугія сцяблінкі бяссмертніку. Зрываў і мяў іх у руцэ, крышыў на дробныя кавалачкі.

— Ком, ком! — пачуўся рэзкі вокліч.

Ігнат Дуля засяродзіўся на сваім занятку, не здагадваўся, што афіцэр кліча яго.

— Ком! Гер ляснік...

Дуля сцепануўся, падхапіўся, залыпаў у сполаху вачыма.

— Паночку, слухаю,— падбег да афіцэра Дуля.

— Гер ляснік, растлумачце, ці доўга будуць супраціўляцца бандыты. І хто там? Я слухаю,— і паглядзеў у твар лесніка калюча-пранізлівымі вачыма.

Ад гэтага позірку Дулю стала зусім ніякавата.

— То ж я вам казаў, павінен тут быць старшыня калгаса Улас Какора. Могуць быць тут і чырвонаармейцы. Я краем вуха чуў, што ім носяць з вёскі ежу. Вы самі бачыце, страляюць двое. То, можа, так яно і ёсцека — усяго двое.

— Гм, двое... Яны забілі нашых семярых. Трэба, каб бандыты здаліся. Гер ляснік, добра, што вы тут, разам з намі.

Ногі ў лесніка здрадліва затрымцелі, ён пахіснуўся. У галаве мільганула: «Вось тое страшнае, чаго я так баяўся...»

— Гер ляснік, падыдзіце бліжэй,— як праз сон, данеслася да яго.

Ігнат Дуля адступіў два крокі назад, быццам яго штурхалі ў нейкае прадонне, збянтэжана заміргаў вачыма.

— Паночак, ды я ж...— замармытаў ён, ушчэнт разгублены, змізарнелы.

— Вы можаце чытаць карту? Вось тут...

— Не, дарагі паночак, я магу толькі іграць у карты...

— Не тое, не тое,— адмахнуўся афіцэр.— Во гэтае балота трэба абысці, выйсці ў квадрат 24 і адсюль перабрацца на гэты д’ябальскі востраў, ці як ён называецца?

— Жураўліны востраў...— удакладніў Ігнат Дуля.

— Прабрацца і схапіць жывымі гэтых камуністаў.

Ігнат Дуля прыжмурыў вочы, збіраючыся з думкамі. Што адказаць немцу?

— Дарагі паночак,— ціха пачаў Дуля.— Даруйце, калі ласка. Не ведаю, што там у вас у карце, але зразумейце, паночак...— ён апусціў вочы, замаўчаў, быццам яму перахапіла дух.

— Гаварыце, чаму спыніліся? — загадаў Клемке.

— Камуністаў трэба захапіць, было б добра, каб жыўцом. Але...

— Не цягніце. Вы нешта хочаце параіць сваё?

— Даруйце, калі ласка, паночак, але зайсці з другога боку на востраў немагчыма. Багна. Усюды — багна...

— Што вы сказалі? — насцярожыўся афіцэр.— Я думаў паслаць вас туды з салдатамі. Гэтае рашэнне адмяняецца. З тылу на д’ябальскі востраў пойдзеце вы — гер ляснік.

— Паночак! Дарагі паночак!..— упаў на калені Дуля і стаў цалаваць блішчастыя боты Клемке.— Даруйце, паночак... Я сказаў праўду... Нават тут, каля грэблі, гэнае гібельнае балота цяжка перайсці... А там... Пашкадуйце, паночак, маіх дзетак. Там прорва прорвай... Не прайсці, не прабрацца... Паночак, я загіну. Няўжо вам патрэбна лішняя смерць? Можа, прыдумаеце нешта іншае, толькі не гэта. Толькі не гэта! Я ўсё зраблю...

 

Раздзел трыццаты

Арцём прымушае сябе сабрацца, папраўляе рэмень карабіна, каб не замінаў цэліцца, і скамянела засяроджваецца. Грэбля ад краю да краю пустэльная, ніводнай варожай постаці. А было... Як беглі, як ірваліся з усіх жыл. Во і, сапраўды, угаманіліся. Але за карчом-вываратнем...

Адзін з ворагаў выратаваўся, але куды падлез, можна сказаць, пад самую іх пазіцыю! Ён, відаць, з аўтаматам. Ага, так яно і ёсць, вунь вытыркнулася руля-джала. Значыць, рыхтуецца сыпануць кулямі. Адкрывае свой манеўр, прытоенасць. Ці не занадта рана?

Арцём суцішае дыханне, чакае ўдалага моманту, калі варухнецца галава. Указальны палец лёг на кручок спускавой скабы.

Усё ясна Арцёму: вораг чакае, калі адтуль, з дальняга канца грэблі, густа загрыміць страляніна. Вось тады падладзіцца і ён, вынырне з-пад карча, прымерыцца, куды біць аўтаматам і як бегчы, каб уварвацца ў акоп.

Ну, паспрабуй! Паглядзім, хто каго. Я ўжо трымаю цябе на прыцэле. Вытыркайся, пакажыся! «Чакай! — успыхнула, як прамень, думка.— А можа, у яго ёсць гранаты? Ён там, за карчом, падрыхтаваўся, сцяўся ўвесь, як спружына, і вось-вось пакажацца не галава, а граната. Яна разгоніста, са свістам шугане крута ўгару і — прама ў акоп, на Лявона і яго, Арцёма. Усё тады будзе скончана ў адзін міг».

— Лявон, як ты там?

— Рыхтую кулямёт.

Сонца ўсё вышэй і вышэй. Яго праменні, адточаныя, як іголкі, упіваюцца, пранізваючы вопратку, у цела. Арцём адчувае, як пад кашуляй бягуць потныя ручайкі. Пот сцякае і на вочы, даводзіцца штораз выціраць яго далоняй. Неба ад сонечнага зіхцення выцвіла, стала матавым. На ім пасцелена тонкая вуаль белых воблакаў. А вось вялізных і грузных, як вясновыя льдзіны, нідзе не відаць. Хай бы падышлі, хай бы хоць на момант прыкрылі гэты вулкан нябеснага агню. Тады было б лягчэй і дыхаць, і біцца з фашыстамі.

Арцём чуе, як Лявон бразгае патронамі, запіхвае іх у дыск. Ён хоць не бачыць, але ўяўляе, як сядзіць хлопец, схіліўшы галаву, выпнуўшы маслакаватыя плечы, і спрытна арудуе рукамі.

Яму прыгадваюцца словы Какоры: «Калі мяне заб’юць, з Лявонам адыходзь». Што гэта было — загад ці просьба? Непакоіўся і за мяне і за хлопца.

Але што значыць—«адыходзь»? Пакінуць акоп, агнявую пазіцыю? Ці можна так зрабіць? Гэты маленькі акоп, які парадніў яго і з Уласам Данілавічам, і з Лявонам.

Здаваць акоп нельга, ні ў якім разе! Вунь з ляснога кутка пазірае лакамабіль. Арцём ведае, як яго выдзіралі з памяшкання млына, з якімі трывогамі везлі па лесе, як рабілі для яго во гэтую дарогу-гаць.

Каля самага балота сяды-тады чуецца клекатанне параненага бусла. Хіба яго таксама можна аддаць ворагам? Бусел таксама наш, часціна нашага жыцця.

«Так што выбачай, Улас Данілавіч,— Арцёмава думка незаўважна для яго самога перайшла ў шэпт.— Загад твой, на жаль, выканаць не можам. Будзем абараняцца да канца».

Адтуль, з дальняга канца грэблі, зноў сыпанулі кулямі. Перад брустверам, здалося, закіпела зямля.

Раптам адкрыў агонь немец, што ляжаў за карчом-вываратнем. Арцём праз амбразуру ўбачыў, як ён усхапіўся на ногі і, трымаючы перад сабой аўтамат, кінуўся ўперад.

Арцём націснуў на кручок. Але той у расхрыстаным мундзіры, з закасанымі рукавамі бег, як бы і не пачуў выстралу.

«Промах!..» — Арцём тузануў за рукаятку затвора, каб перазарадзіць карабін. Але немец быў ужо ў трох-чатырох кроках ад бруствера.

Усё адбылося ў адзін момант. Арцём, крутнуўшыся, убачыў перад сабой немца, які гэпнуўся на дно акопа. Вочы вытарашчаны, рот адкрыты ў бязгучным ваяўнічым крыку. Ён левай рукой хацеў абаперціся, устаць, але Арцём паспеў стрэліць першы. Фашыст па-заечы екатнуў, асеў на дно акопа.

Лявон ужо стаяў побач, трымаючы ў руках моцна заціснутую гранату.

— Лявон, асцярожней з гранатай.

— Добра, што немец з аўтаматам. Я яго здыму, Арцём,— цвёрда сказаў хлопец.

— Бяры, ясная справа — бяры...— кіўнуўшы галавой, дазволіў лётчык: — Праз мяне ледзь бяды не набраліся. Скажы ты, а здавалася: добра цэліўся,— вярнуўся ён думкай да свайго перадапошняга стрэлу.

Боль раны ў назе, які да гэтага не быў чутны, зноў даваў сябе адчуць. Боль нарастаў, расплываўся, нагу затузала дробная агідная сутарга. Яму хацелася ўпасці, расцягнуцца, расслабіць мускулы, каб спыніць пакуты.

Ля яго ног ляжаў вораг, прыціхлы, нікчэмны.

Арцём перавёў позірк на нагу, сцепануўся, быццам атрасаючы з плеч штось непрыемнае, цяжкое, і стаў дапамагаць Лявону павярнуць фашыста, каб выбавіць з-пад яго аўтамат.

Зброя фашыста, нарэшце, у Лявонавых руках.

— Увесь жалезны. Цяжкі,— паважкаў хлопец.— І гарачы...

Арцём, глядзі, яшчэ двое бягуць.— Лявон прыпаў да шчыліны бруствера.

Арцём паспешна павярнуўся, не разлічыў, і галава выпнулася над брустверам. Ён нават не паспеў ускрыкнуць, адчуць боль. З прабітай галавой лётчык упаў на дно акопа.

Лявон спачатку не зразумеў. Яму падумалася, што Арцёму трэба дапамагчы, ён устане і зноў будзе побач.

— Арцём! Што з табою, Арцём?

Лётчык не варушыўся.

— Фашысты!.. Праклятыя фашысты! — хлопец падскочыў да Арцёма, укленчыў каля яго. Падхапіў Арцёмаву галаву, трымае яе беражліва, асцярожна, як незвычайнае і неацэннае багацце.— Арцём! — з вачэй Лявона пырснулі буйныя, як раса, пякучыя, няўцешныя слёзы.— Арцём! Я не хачу, каб ты памёр. Арцём, чуеш, не хачу! Устань!

Раптам яму ў твар пырснуў фантанчык зямлі. Да слыху даляцела скорагаворка аўтаматаў.

Хлопец зразумеў, да яго, нарэшце, дайшло, што ён, іменна ён цяпер у адказе за акоп, за абарону вострава. Трэба было займаць агнявую пазіцыю, працягваць бой.

Праз шчыліну бруствера было добра відаць прагаліну грэблі. Ён убачыў, як беглі да акопа яшчэ двое фашыстаў. Хлопец аж уздрыгнуў, усё цела працяла чорная жудасць. Фашысты былі побач. Яны выкарысталі момант перапынку агню, беглі адкрыта, гулка тупаючы па насціле.

Лявон ухапіўся за цёплыя рукаяткі. Кулямёт разгоніста, гулка засакатаў, як курыца на седале. Спачатку ўпаў, звонка бразгаючы зброяй, адзін з фашыстаў. Потым спатыкнуўся, асеў на стракаты насціл грэблі другі. Ён нешта закрычаў, зноў падхапіўся і пабег назад, да сваіх.

Лявон навёў мушку кулямёта пад паясніцу фашыста, кароткай чаргой злева направа перакрэсліў яе. Таго рэзка павяло ўбок, і ён уткнуўся галавой у корч, што чарнеў каля грэблі. З хвіліну хлопец назіраў за ім, каб пераканацца, што немец забіты.

Спачатку Лявон не зразумеў прычыны свайго раптоўнага неспакою. У наваколлі панавала цішыня, звычайная цішыня, якой яна бывае ў глухім цёмным лесе. Тое векавечнае таямніча-ўрачыстае: пошум выносістых карабельных сосен, шамаценне ветрыку ў купах кустоў, зухаваты посвіст чорнага дразда, немудроная песенька конікаў у траве. «Адкуль такая цішыня?» — здзівіўся хлопец. Нарэшце здагадаўся — няма страляніны. Немцы замаўчалі.

Лявонава сэрца зайшлося шчымлівым болем. У жаўтлява-чорным акопе, сцены і дно якога дыхалі холадам сутарэння, нерухома ляжалі Улас Данілавіч і Арцём.

Здалося хлопцу, што ў глыбіні Какоравых вачэй нешта варухнулася, кароткае, трапяткое, бы падаючая з неба знічка. Старшыня калгаса ляжаў вялізны, раўнадушны да ўсяго, як сама вечнасць. Па левай руцэ беглі дробныя земляныя мурашкі...

Па хлопцавых шчоках пакаціліся слязінкі. Яго агарнулі роспач і гора. Крыўдна было і балюча.

Позірк каўзануў праваруч, сутыкнуўся з пракаветнай шатрыстай асінай. Яна закалацілася, затрымцела, як Лявонава душа...

Хлопец крутануўся і, пераскочыўшы цераз труп фашыста, які ляжаў скурчаны, агідна-нікчэмны ля тыльнай сцяны акопа, выхапіўся са шчыліны напаверх.

У адзін момант хлопец перасягнуў паляну вострава і ўбіўся ў балотны прыбярэжны хмызняк. Па твары заляскаталі калючыя галінкі, але гэтых пякучых удараў ён не заўважыў, не адчуў. Схамянуўся толькі тады, калі аж пад самыя плечы абрынуў у балота. Лявон сутаргава ўхапіўся за шчэць асакі, якая тырчала зялёным жмутом на купіне, і тут да яго свядомасці прыйшло разуменне ўсяго, што адбываецца.

«Хутчэй! Трэба ўцякаць, хавацца!» — калацілася ў грудзях сэрца. Тахкала кроў у скронях. Жудасцю, здавалася, была запалонена і прастора.

«Што гэта! Я ў балоце?..»

Хлопец убачыў перад сабою застаялую, з перапрэлай травой ваду. У нос біў атрутлівы смурод. Лявон апантана азірнуўся. Востраў быў у дзесяці — пятнаццаці кроках. Цішыня агортвала яго прасцягі.

Ён, Лявон, пакінуў гэты востраў, каб выратавацца.

І во, называецца, уцёк. Трапіў, як рыбіна ў нерат: ні ўзад ні ўперад. Балота схапіла, быццам страшны вораг.

Як жа выкараскацца з гэтай пасткі? Хлопец напружыўся, тузануўся ўсім целам, адначасова абапёршыся на абедзве раскінутыя ў бакі рукі. Здалёку можна было падумаць, што на балоце не чалавек, а нейкая нязграбная вялізная птушка.

Першае намаганне не дало Лявону асаблівых вынікаў. Моцна захлюпала багна, на вадзе ўспучыліся жаўтлява-празрыстыя пухіры. «Можа, закрычаць?» Аднак ён не крыкнуў, атарапела сцяўся, прыглушыў унутры халодную жуду. «Хто мне паможа? Хто пачуе?»

Якраз з гэтага моманту прыйшла да яго разважлівасць. Усё як бы праяснялася, набывала новае значэнне, абрысы. Абшар балота, у аблямоўцы шэрага лазняку, ляжаў непераадольнай перашкодай. Хлопец зразумеў, што ўратавацца ён можа толькі на сушы, на востраве.

І тады ён пачаў біцца з багнай. Ад яго рэзкіх і моцных рыўкоў вырывалася з балота гразюка, пырскамі ляцела ў твар.

Як жа выбрацца з яе? Лявон дыхаў цяжка, задышна. А вочы прагна шукалі, за што б можна было ўхапіцца, што можна было б выкарыстаць для паратунку.

Раптам ён з вялікай прыкрасцю адчуў віну ў тым, што разгубіўся, не саўладаў з сабой. Гэтая вінаватасць няйначай дадала яму сілы. У наступны раз, калі ён, наструніўшыся, зрабіў рывок, багна разышлася, і ён лёг на яе грудзьмі.

Ногі, праўда, яшчэ знаходзіліся ў багністым чорным месіве, але цяпер іх выбавіць не ўяўляла цяжкасці. Ён прагавіта ашчаперыў абедзвюма рукамі нейкі чорны валасаты корань, што выпнуўся нечакана з вады, і рэзка падцягнуўся. Хлопец, як чаўнок, прасунуўся па балоце. Ногі, нарэшце, былі таксама на волі.

Лявон уздыхнуў. Скажы ты, ляцеў, імчаў падалей ад смерці, а яна, праклятая, аказваецца, паўсюдна цікуе за ім. Во як ухапіла...

Барацьба з балотам далася хлопцу ў знакі, ён адчуваў у целе зняможанасць. Хацелася паляжаць.

Па-ранейшаму ярка, на ўсю моц свяціла сонца. Яно стаяла амаль над галавой.

Спякотная парнасць вісела пад купністымі балотнымі прасцягамі. Хлопец ляжаў, распластаўшыся, на паверхні балота. Ён зразумеў, што павінен вярнуцца назад. Радаваўся, што ніхто не бачыў ягоны ўчынак.

Разважаючы гэтак, хлопец устрывожана адчуў, што нехта стаіць побач, назірае за ім.

Ля берага балота, на чыстай прагаліне між дзвюх куцых бярозак стаяў бусел. Адтапырыўшы параненае крыло, ён глядзеў на Лявона, на шырокі балотны прасцяг ціха і журботна, з вялікім птушыным шкадаваннем. «Няўжо ён бачыў, як я тапіўся? Няўжо зразумеў, што я ледзь не загінуў?»

— Бацянок! Родненькі мой! Ты думаў, што я цябе пакінуў? — загаварыў раптам вінавата Лявон.— Маладзец, што падышоў. Чакай, я зараз...— і хлопец яшчаркай папоўз да берага. Адчуўшы цвёрдую глебу, падняўся. З адзення, з рук і ног пацякла шэра-чорная балотная твань.— Бацянок! Родненькі!..— хлопец працягнуў рукі насустрач птушцы.

Птушка прыўзняла чырвоную дзюбу, варухнулася і, павярнуўшыся на адным месцы, задыбала ў бок ад балота. Хлопец усміхнуўся. Цяпер ён ведаў, што гэту безабаронную ціхмяную птушку ён не пакіне ў бядзе.

 

Раздзел трыццаць першы

Вёска Дажджынава мае нейкіх пяцьдзесят хат. Стаіць сярод лесу, у баку ад гулкіх пуцявін. Хораша жылося тут людзям. Побач, каля хат, усе выгоды — і лес, і рэчка, і лугі, і палеткі на сонечных, атуленых бярэзнікам ці пракаветнымі соснамі палянах, тут табе такое пахка-хмяльное паветра, што куды там, дыхай — не надыхаешся.

Мсціслаў Гарошка даводзіцца дваюрадным братам Сымону Пашуку. Пуня ў яго яшчэ не старая, крытая саломай, стаіць наводшыбе за дваром.

Мсціслаў — яму пад пяцьдзесят,— высокага росту, з русявай барадой, з тварам, ужо добра пабітым маршчынамі, тупае па двары з сякерай у руках. Да плота падыдзе, калок падаб’е, да варот прыгледзіцца, дошку, што адсунулася ўбок, паправіць. Здаецца, важным клопатам заняты, а на самай справе ён стаіць «на часах». Даручана дзядзьку пільнаваць вуліцу і дарогі, што ідуць у Дажджынава, адна з усходу, другая з захаду, ад Белых Сарок. Даручана яму, калі што якое, спешна падаць сігнал.

Такі давер да Гарошкі не выпадковы. Людзі памятаюць, як яшчэ ў часы грамадзянскай вайны Мсціслаў, спец па кавальскай справе, моцна правучыў захопнікаў-пільсудчыкаў.

Хата ў Мсціслава была адбудавана так, што людзі з іншых вёсак прыязджалі, каб паглядзець, як пакладзена ліштва на вокнах, ашаляваны вуглы, як прыладаваны ганак. Адным словам, не хата была, а палац.

І вось калі неяк у вёску заехалі на сытых канях жаўнеры,— іх было дзевяць чалавек,— яны адразу прыкмецілі Мсціслававу хату, уваліліся ўсім гуртам у яго двор.

Паклікалі гаспадара. Мсціслаў быў дома, выйшаў на ганак. Жаўнеры да яго: так і так. Едзем у Свержань, пераначаваць тшэба.— «Калі тшэба, то калі ласка»,— ветліва адказаў Мсціслаў.

Палякі тут жа пасаскоквалі з коней, пачалі здымаць сёдлы, нейкія скураныя торбы. Адзін з жаўнераў застаўся пры калодзежы паіць коней, астатнія за гаспадаром патупалі ў хату.

Зайшлі, азірнуліся, а ўсярэдзіне хата яшчэ лепшая, чым знадворку. Зацмокалі языкамі палякі,— заможны селянін трапіўся. Афіцэр адразу запатрабаваў ад гаспадара:

— Кладзі на стол сало, яйкі, мёд, вудка. Нам тшэба!

— Калі тшэба, то калі ласка!

Здзівіліся памяркоўнасці селяніна жаўнеры, заўсміхаліся. Ім трохі нязвычна было. У іншых месцах, якія яны прайшлі, было іначай. Прасілі, загадвалі, а сяляне як згаварыліся: «Нічога не маем. Хрыстом просім, пашкадуйце. Дзе тыя ў нас яйкі ды сала?..» А тут — «калі ласка»!

Зарадаваліся жаўнеры. Заблямкалі карабінамі, пачалі іх здымаць, складваць на шырокую канапу, што была прыткнута да сцяны пры ўваходзе.

А потым чынна за стол паселі. Афіцэр, вядома, у чырвоным куце, пад абразамі. Гаспадар з гаспадыняй хуценька ў клець, у пограб, а адтуль, спагадліва і ласкава ўсміхаючыся панам, нясуць кумпякі, кілбасы, сала, масла, кладуць, не шкадуюць, на стол.

У жаўнераў слінкі аж пацяклі, калі пабачылі такі пачастунак. Рукі паціраюць, падміргваюць, маўляў, во дзе пагуляем, адсвяткуем перамогу над чырвонымі.

Афіцэр таксама задаволены. Аднак вус тугі падкручвае, чмыхае, вокам сюд-туд кідае.

— Добжэ, пане гаспадар,— кажа ён.— Добжэ.

Але павінна быть вудка.

— Вудкі няма, залаты паночак,— схіліўшыся ў паклоне, вінавата сказаў гаспадар.— Ёсцека толькі, па-нашаму калі сказаць — самагонка...

— Пане гаспадар,— аж падскочыў афіцэр.— То гэта ж здрова! Самагонка лепей вудкі ў сто раз. Цягні яе до сюда.

Гаспадар пастараўся як трэба. Выставіў на стол гляк, а перад самім панам афіцэрам апусціў дубовае на літраў дзесяць барыла.

Афіцэр не ўтрымаўся і ў захапленні крыкнуў:

— Брава!

— Брава! — падхапілі жаўнеры.— Хай паможа нам матка боска.

І баль пачаўся. Стукацелі-звінелі нажы, блямкалі кубкі, гучалі адзін за адным бадзёрыя тосты. А праз колькі часу загаманілі жаўнеры, рагатаць пачалі, расказваць адзін аднаму пра вясёлыя салдацкія прыгоды.

Льецца самагонка, булькае ў горлах, цэдзіцца хмель у жылы,— захадзіла хата хадуном! Паны песні заспявалі, выбрыкваць нагамі пачалі,— ад люлек і папярос дым пад столяй кудзеляй завязаўся.

А гаспадар з гаспадыняй адно і робяць, нясуць і нясуць прысмакі розныя.

— А госцейкі вы нашы харошыя. Колькі гэта мы вас ждалі-чакалі.

— Дзенькую, пане гаспадар, дзенькую! — афіцэр усміхаецца расчырванелым тварам і высока падымае чарговы кубак над сталом.

— Калі тшэба, то тшэба. Хіба мы не разумеем,— адказвае Мсціслаў і лямпу вешае пад столлю, бо на дварэ цёмна стала.

Балявалі жаўнеры да позняй ночы. Самагонку ўсю да кроплі выжлукцілі, яйкі папілі, кумпякі і кілбасы паелі,— на стале куча касцей ды аб’едкаў засталася.

І пачаў сон класці салдат: аднаго пад стол, другога ў кут за куфар, трэцяга на падлогу пад прыпечкам.

Афіцэра гаспадар з гаспадыняй пад рукі на мяккую пасцель адвялі, беражліва паклалі. Разулі, раздзелі, каб усё чын-чынам было.

А калі ўсе захраплі, ядрана, соладка, у сны пачалі свае глядзецца, Мсціслаў з жонкай пачалі ладавацца ў хаце, каб сякі-такі парадак навесці.

Вядома, яны не посуд збіралі, не маслы і смецце зграбалі, выкідвалі,— ухапіліся за іншае — збіраць зброю жаўнераў, амуніцыю іхнюю. Так увішна ўхапіліся, дзе і спрыт у іх узяўся.

Мсціслаў запрог рысака самага лепшага жаўнераўскага ў калёсы, падагнаў пад ганак. Карабіны — туды, гранаты на раменных вочапах таксама туды, сёдлы жоўтыя зверху — і ходу з двара!

Жонка за гаспадаром спяшаецца, на вуздэчцы рысака афіцэрскага вядзе.

Ці доўга адсюль, з двара ў лес. Вось ён — рукой падаць. Хуценька нырнулі ў гусцечу-пусцечу — шукай, свішчы!

А жаўнеры на ранку прачнуліся, лупатыя вочы крыху працёрлі, зіркнулі направа, зіркнулі налева, матка боская: дзе яны, што за нейкая хата невядомая? І зброя іхняя дзе — карабіны, гранаты жалезныя, замашыстыя? Коні куды зніклі, імклівыя, як вецер?

Такі пярэпалах усчыніўся. Кожны знаходзіў вінаватага. Гэта падліло масла ў агонь. Як схапіліся за чубы ды як пачалі тузацца, біцца жаўнеры, вёску ўсю на ногі паднялі, хоць сонца яшчэ толькі на небасхіле вокам міргнула. Бягуць людзі да Мсціслававага двара, як на пажар.

На двары ў Мсціслава стала ясна: жаўнеры ўсё на свеце праспалі — ні коней у іх, ні карабінаў хвацкіх. А з афіцэрам яшчэ горай здарылася: не знайшоў ён у хаце ні кіцеля з англійскага сукна, ні галіфэ з чырвоным кантам, ні канфедэраткі з белым арлом, ні ботаў хромавых, з Парыжа выпісаных. Кідаўся ён па кутках хаты ўвесь у белым, як здань, лаяўся брыдка і люта, кулакамі махаў, гразіўся. Але як ні машы, як ні гразіся, тое, што з воза ўпала — прапала!

Знайшлі жаўнеры афіцэру нейкія неданоскі Мсціслава — вузенькі пінжак ды дзіравыя штаны, нацягнулі на яго.

— Прэнтка адсюль. Хату бандыта спаліць! — загадаў афіцэр і кінуўся апантана на двор.

Жаўнеры беглі, спатыкаліся, клялі на чым свет стаіць Мсціслава і яго жонку. Выбіўшыся на дарогу, кінуліся ў лес — толькі і бачылі.

Хату Мсціслава выратаваць не змаглі — згарэла датла. А Мсціслаў праз нейкі тыдзень з’явіўся ў вёсцы з вясёлымі маладымі хлопцамі, якія былі ўвешаны з ног да галавы зброяй. Выбеглі іх сустракаць усёй вёскай.

А потым Мсціслаў партызаніў, біў няпрошаных гасцей-акупантаў.

Шырокія дашчаныя дзверы ў пуні прыадчынены. Тут досыць светла. Пахне старой пераляжалай, перацёртай мышамі саломай, гліняным токам. Справа ў застаронку ляжаць ячменныя кулі. Тут жа, у кутку, лесвіца, якая вядзе на вышкі. Ля сцяны, на лаўцы, сядзяць трое мужчын. Яны ўсе з Белых Сарок — Антон Буй, Архіп Зюзя, Зміцер Адамец.

Каля дзвярэй ходзіць Андрэй. Гімнасцёрка на ім чырвонаармейская, без пятліц, штаны, чорныя ў белыя палоскі, запраўлены ў моцныя боты-кірзачы. На галаве шэрая кепка.

У страсе перад дзвярыма прылеплена некалькі ластаўчыных гнёздаў, ластаўкі снуюць, як чаўнакі, у пуню і з пуні, не зважаюць, што побач людзі.

Андрэй непакоіцца. Ён штораз глядзіць у дзвярны праём, праз які добра бачыцца загуменная сцежка, разлегласць блізкага жытняга поля.

— Закруцілася-завярцелася,— уздыхае Архіп Зюзя, пагладжваючы рыжаватую клінам бародку.— Надумалі жыць не тужыць, а тут на табе...

— Гітлер даўно на нас нож тачыў,— уключыўся адразу ў гаворку Зміцер Адамец, пакусваючы пухлаватыя губы.— Во нарадзіўся ўрод, каб яму сто балячак у бок. Ды як жа так атрымалася, Андрэй? Ты з палону?

— Ой, дзядзька Зміцер, і не кажыце, як бы ў пекле пабываў. Вялі нас калонай — чырвонаармейцаў, можа, тысяча. Па баках немцы пры аўтаматах і з аўчаркамі. Не кармілі, не паілі два дні, гналі і гналі. Вядома, чалавек не жалезны. Пачалі салдаты нашы слабець, з ног валіцца. Хто зваліўся, размова кароткая — б’юць з аўтамата. Уся дарога ад Стоўбцаў да Кобрына была ўсеяна трупамі. Праходзілі мы міма невялікага сасняку, якраз к вечару бралася, і калі канваіры дабівалі аслабелага салдата, я выхапіўся з гушчы палонных, нырнуў у хмызы. Стралялі па мне. але ніводная куля не зачапіла. Пагоні не было, гэта і ўратавала мяне. Я выйшаў праз гадзіну к нейкаму хутару. Добры гаспадар вынес мне хлеба, збан малака. Я падмацаваўся і пачаў шукаць дарогу дадому.

— Колькі ўжо часу? — занепакоіўся Зміцер Адамец.— Сядзім, а людзі нешта не ідуць. Ды і бацькі твайго нямашака. Яму што — не наказвалі?

— Наказвалі,— адгукнуўся Антон Буй, пагладжваючы свой картуз, пакладзены на калені.— Абяцаў, значыць, будзе.

— Ідзе! — выгукнуў весела Андрэй.— З касой, як сапраўдны работнік.

— Стары ваяка, ведае, што да чаго,— ухвальна прамовіў Архіп Зюзя.— З Брусілавым у імперыялістычную на прарыў хадзіў. Расказваў, што ўхапіў бяды. Заваліла аднойчы выбухам снарада ў траншэі. Адкапалі нежывога. А потым, калі хацелі пахаваць, аднаму салдату яго боты дужа спадабаліся. Ён крыкнуў: «Пачакайце, братцы! Боты дабрэзныя прападуць. Дайце я іх на свае памяняю». Санітары спыніліся, паклалі Сымона на дол. А той хапуга-салдат як тузане Сымона за чобат! Сымон як падхопіцца, як закрычыць: «Хто мяне разувае-раздзявае? Ану, аддай!» А салдат вачыма залыпаў, закалаціўся ўвесь. «Аддай, гад,— паўтарыў Сымон.— Я яшчэ па зямлі пахадзіць хачу». І во, бачыце, ходзіць.

Сымон, увайшоўшы, павітаўся, зняў касу, прыткнуў яе да сцяны і звычна прыладаваўся на лаўцы каля Антона Буя.

— Каго мы чакаем? — запытаў ён, выціраючы з твару пот.

— Уласа Какору. Таксама спазняецца. А часу ў нас, мужыкі, небагата,— заўважыў з папрокам Зміцер Адамец.

— Куды спяшаешся, Зміцер? Той, хто спяшае, пустыя шчы хлябае, чуў?

— Чуў, ну і што?

— А тое, што трэба пачакаць.

У пуню праз колькі хвілін адзін за адным увайшлі мясцовы настаўнік Іван Іванавіч і чацвёра юнакоў. Хлопцы напачатку як бы разгубіліся, не ведалі, куды стаць, прыткнуцца. Выручыў іх Андрэй:

— Сядайце на лаўку. Там жа ёсць яшчэ месца.

Хлопцы паселі, пачалі прыслухоўвацца да гаманы дарослых. Настаўнік прысуседзіўся да мужчын з другога канца лаўкі.

Размова далей пайшла пра чуткі, што хутка быццам немцы будуць дзяліць калгасную зямлю і калгасную маёмасць.

— Гэта ўсё роўна што дзяліць скуру незабітага мядзведзя,— паважна сказаў Антон Буй, і твар яго насмешліва перасмыкнуўся.

— Мяркуюць Маскву ўзяць да зімы. Мяркуюць, а потым, пабачыце, закукуюць...

— Каб Маскву ўзяць, ім пупа не хопіць. Развяжацца. Гэта ж не што-небудзь — Масква! Нашы хутка вернуцца.

— Было: Маскву браў Напалеон. Але захопнікі ад гэтага нічога не выйгралі. Давялося ім рэціравацца назад. Не толькі рэціравацца, але і бегчы,— загаварыў настаўнік.

— Браў, кажаш, Напалеон? Калі гэта было? Пры цару. А зараз іншы табак, хлопча. Гітлеру мы выставім такі кулак, пабачыце! Ды па носе!..— самавіта зазначыў Сымон Пашук.

— Яно так,— згадзіўся настаўнік.— У нашых, можа, тактыка нейкая асаблівая. Вось мы сабраліся на сходку. Можа, мы, мужчынкі, спяшаемся. Трэба, можа, пачакаць...

— Іван Іванавіч, нешта не тое ты гаворыш,— запярэчыў Антон Буй.— Чакаць, чакаць. А фашысты, бач, што робяць? Усё наша руйнуюць, знішчаюць пад корань. А мы — цярпець? Ніколі!

На нейкі момант усе замаўчалі. Настаўнік зразумеў, што яго словы не спадабаліся не толькі Антону Бую і Сымону Пашуку. Вунь і Андрэй неяк пастражэў тварам, моршчыцца, як ад зубнога болю. А Зміцер Адамец голаў апусціў, быццам нешта разглядае ў сябе пад нагамі.

— Вядома, рыхтавацца трэба...— рашыў удакладніць свае думкі настаўнік.

— Мы падрыхтаваны, Іван Іванавіч. Ваяваць трэба! — адсек Андрэй і рашуча ўзмахнуў рукою.— Трэба за зброю брацца. Вось! Я, вайсковец, камандзір, сядзець, склаўшы рукі не буду. Прызнаюся, думка ёсць у мяне — прабірацца буду да Масквы.

— Не дойдзеш. Далёка, сыну. Лепш тут.

Раптам на двары пачуліся шпаркія крокі. У праёме дзвярэй з’явіўся Мсціслаў, ён кіўнуў Андрэю. Хлопец хуценька выйшаў.

— Андрэйка, бяда,— трывожна пачаў гаспадар.— Вунь там на вуліцы верхавы з вашай вёскі.

— Нікадзім Саладухін?

— Ён.

— А што такое?

— Кажа, у лесе, каля Жураўлінага вострава, страляніна.

— Сходу, таварышы, не будзе,— паведаміў Андрэй сялянам.— Можна разыходзіцца...

— Што такое, Андрэйка? Толкам раскажы,— пачуліся з розных бакоў нецярплівыя галасы.

— Што расказваць? Пакуль нічога няясна. Улас Какора затрымаўся, і, відаць, надоўга.

Людзі разыходзіліся.

Сымон Міхайлавіч і Андрэй паспешліва пакінулі Дажджынава. Калі яны апынуліся ў далечыні ад сяліб, убіліся ў альховае кустоўе, якое цёмнай градой праставала ўзбоч невялікай канавы, Андрэй загаварыў трывожна і паспешна:

— Тато, адбыўся напад на Жураўліны востраў.

— Бацюхны,— усклікнуў усхвалявана Сымон Пашук.— Там жа наш Лявон!

— Трэба ім дапамагчы,— разважліва прамовіў Андрэй.— А як, во давай, тато, параімся. У першую чаргу трэба зброя. У цябе што-небудзь ёсць?

— Нямашака.

— Пры мне пісталет.

— А аўтамат?

— У лесе. Па дарозе захаплю.

Ішлі порстка. Сымон Міхайлавіч прапанаваў прабрацца на Жураўліны востраў з поўначы, ад лясной рачулкі. Калі ж Андрэй у здзіўленні падняў на яго вочы, бацька растлумачыў:

— Не бойся, не патонем. Я праклаў кладкі. Прадугледжана. А як ты думаеш...

 

Раздзел трыццаць другі

Абышоўшы густы альховы зараснік, Лявон выхапіўся на паляну вострава. Трывожны яго позірк адразу прыляпіўся да мыса, адкуль пачыналася грэбля. Ці не прабраліся на востраў за той час, пакуль ён валтузіўся ў багне, ворагі? Можа, сядзяць у акопе, чакаюць?

Усярэдзіне нешта затрымцела. Гэта зноў даў аб сабе знаць ягоны вораг — страх. Але хлопец сціснуў зубы, варухнуў плячыма — і яму стала лягчэй.

Лявон кінуўся бегчы. Яму трэба зноў заняць акоп, агнявую пазіцыю, не дапусціць ворага да акопа, да вострава. Ён бег, прыгнуўшыся, каб не падставіць сябе пад варожую кулю.

Задыханы, ён нырнуў у акоп, зачапіўся за нешта і з разгону зваліўся ў дол. Падаючы, ён бачыў, як набліжаецца да яго твар немца, якога забіў Арцём. Хлопец упёрся рукамі ў жаўтлявы жвір дна і адвёў убок галаву. Жах сустрэчы з мерцвяком для юнай душы асабліва бывае востры і нецярпімы.

Лявон убачыў сінія, пакутна скрыўленыя губы, расшпілены каўнер фрэнча, з якога тырчаў высокі, зарослы рыжай шчэццю кадык.

У наступны момант хлопец быў на нагах. Ён брыдліва сплюнуў, абтрусіў ад пяску рукі і прасунуўся ў цэнтр акопа. Ухапіўся за кулямёт і стаў углядацца праз шчыліну бруствера ўдалячынь. Тое, што ўбачыў хлопец, нямала яго здзівіла.

Замест салдат па доўгай пустэльнай грэблі марудна рухаўся плячысты чалавек, без зброі. Праўда, нешта іншае ён трымаў у руках. Хлопец прыгледзеўся. Чалавек нёс белую хусціну і час ад часу падымаў яе ўгару, размахваў, як флагам.

«Парламенцёр фашысцкі,— здагадаўся Лявон.— Але чаму ў цывільным?» Добра ўжо бачна картовая шэрая кашуля, падпяразаная шырокай папругай.

«Ды гэта ж валачэцца сюды Ігнат Дуля,— нарэшце пазнаўшы, ледзь не ўсклікнуў Лявон.— Во яно як павярнулася! Фашысты вырашылі скарыстаць лесніка для сваіх патрэб. Што яны задумалі? А можа, ляснік папрасіўся сам на гэтую ролю, хоча выкарыстаць выпадак, далучыцца да тых, хто абараняе акоп?»

Было дзіўна, трывожна, страшна. Думкі мітусіліся. «Далучыцца да нас? — разважаў хлопец.— Не, Ігнат Дуля не з такіх. Хутчэй за ўсё яму даручана зрабіць нейкі падвох. Во крычыць, размахвае белым флагам, а падыдзе бліжэй, выхапіць з-за пазухі гранату ды — у акоп! І дарога да вострава фашыстам расчышчана. Такога не будзе, не будзе!»

— Не страляйце! — данеслася з грэблі. Ігнат Дуля ступаў нерашуча, быццам баяўся, што пад яго нагамі праваліцца зямля.

«Што рабіць? Навошта, з якой мэтай пасланы Дуля фашыстамі?..»

У памяці мільгануў, прыгадаўся выпадак. Было гэта некалькі гадоў назад. Ён, Лявон, пасвіў ля лесу невялікі гурток авечак. Авечкі хадзілі, старанна шчыпалі мурожную траўку, а Лявон рашыў углыбіцца ў лес, знайсці каля вады вярбу і зрабіць дудачку. Дужа хацелася яму паіграць. Во сядзе на пянёчку перад статкам, прыкладзе да губ дудачку...

Нагледзеў маладую шчыкастую вярбу і палыгаў босымі нагамі па неглыбокай вадзе. Наперадзе, справа і злева ад вярбы, тоўпіўся паўкружжам лазняк. І раптам у лазняку нешта варухнулася, зашамацела.

Ён спуджана прысеў, мацней заціснуў у руках сцізорык, якім збіраўся адрэзаць парастак вярбы. Вочы ўпіліся ў гушчар. Што там варухнулася? Воўк, лясны таптун — мядзведзь? Лявон хацеў пабегчы, але ў гэты момант убачыў, што ў лазняку бліснулі чалавечыя вочы. Яны былі агніста-напружаныя, гнеўныя. Выразна вылучылася і постаць чалавека.

— Дзядзька Дуля?! — страху як не было.

— Ты чаго сюды залез, падшыванец? Ану, прэч адсюль! — пачуўся абурана-гнеўны вокрык.

Лявон атарапеў, заміргаў павекамі. Чаго ўзлаваўся ляснік?

Хлопец стаяў, не ведаючы, што адказаць, што рабіць. Ён раптам разгледзеў у кустах цялё, якое корчылася ў сутаргах. «Ласяня! — здагадаўся хлопец.— Во, дзядзька Дуля, чаму ты такі раззлаваны. Паціху нішчыш тое, што абавязаны берагчы, ахоўваць?..»

— Прэч адгэтуль! — зноў ненавісна-задышлівым голасам крыкнуў ляснік з зарасніку лазы.— Чуеш?

Ляснік не разгінаўся. Толькі крыху пасунуўся правей, каб прыкрыць ласяня.

«Во які ты, дзядзька Дуля!» — хлопец спуджана страпянуўся і стрымгалоў нырнуў у гушчар.

Вярнуўся на ўскрай лесу, заняў гурток сваіх авечак і перагнаў іх у іншае, дальняе месца, толькі б не сустрэцца з лесніком, які адкрыўся хлопцу з такога прыкрага, нядобрага боку.

Вядома, пра гэты выпадак Лявон расказаў дома. І бацька і маці толькі недаўменна паціскалі плячыма.

«Пра яго пісала газета,—сказаў пасля бацька.— А ён, бач, што вырабляе. Ну і лесніка прыдбалі!»

Тым часам Ігнат Дуля, шоргаючы ботамі па грэблі, набліжаўся. Лявон бачыў круглы, як аладка, твар, палахліва-хітрыя вочы, шырокія паношаныя шэрыя штаны з напускам на боты і не мог узяць у толк: гэта добра, што тут з’явіўся Дуля, ці кепска?

«Можа, спляжыць яго? Але ж Дуля з белым флагам!»

Выходзіла, што Дуля пасланы на перагаворы. «Але з кім ён будзе перагаворвацца? Калі б Улас Данілавіч і Арцём былі жывыя, яны б з ім «пагаманілі»! Можа, ударыць агнём, не дапусціць сюды гада?»

Маючы кулямёт, аўтамат і карабін, ён палічыў, што Дуля яму ніколькі не страшны.

— Чуеце мяне? Не страляйце! — зноў выгукнуў спалохана-даўкім голасам ляснік і барзджэй над галавой замахаў белым флагам.

Лявон прытоена маўчаў. На ўсякі выпадак глянуў убок, каб вызначыць, куды адскочыць, калі раптам Ігнат Дуля шыбане гранатай. У грудзях разгарачана тахкала сэрца. Вочы неадчэпна сачылі за рукамі лесніка, за яго тварам. Няпрошаны госць набліжаўся. Бачны ўжо добра ссутуленыя плечы, шыя, рот.

Ад хвалявання Лявона прашыбла потам. Гэты пот расплыўся на лбе, на твары, на руках. І піць захацелася, што куды там: у роце перасохла, у грудзях як бы нешта гарэла.

Чобаты лесніка стукацяць ужо зусім блізка. Вось ён кінецца... Вось паляціць граната...

Лявон сутаргава ашчаперыў ложу кулямёта, палец на спускавым кручку напагатове.

Ігнат Дуля вышэй падымае белы флаг, спыняецца. Адлегласць ад акопа дзесяць метраў, не болей.

— Хто ў акопе?! — выгукнуў ляснік.— Улас Какора, ты тут?

Лявон падняўся над брустверам:

— Я за Какору!

— Хто ж ты? — Ляснік разглядаў хлопца, не пазнаючы.

— Я, Лявон Пашук...— і, крыху падумаўшы, дадаў: — Партызан Жураўлінага вострава...

— А хто тут яшчэ ёсцека?

— Усе тут ёсць.

— Хай выйдзе старшы!

— Самы старшы тут я,— горда выгукнуў хлопец.

— Не блазнуй, Лявон,— незадаволена буркнуў ляснік.— Я — ад германцаў, яны чакаюць адказу. Дзе Какора, пакліч яго. Чуеш, Лявон!

— Дзядзько Какора адлучыўся, за сябе пакінуў мяне. Усё, што вы скажаце, перадам яму.

Ігнат здагадваўся, што нікуды Какора адлучыцца не мог. Калі яго няма, значыць, ён ці цяжка паранены, ці забіты.

— Камандзір германцаў загадвае здацца. Хто здасца, тым гарантуе жыццё.

— Гэта ўсё?! — у тоне Лявона прагучала непрыкрытая пагарда да фашысцкага прыхвасня.

— Усё! — адказаў Дуля.— На роздум даецца паўгадзіны. Эх, Лявон, дзівак, навошта марудзіш? Хіба я не бачу. Ты тут застаўся адзін-адзінюткі. І жыць табе трэба, жыць. Ці ж твая справа кулямі кідацца? І бацька твой наказваў: калі пабачыш сына, скажы, каб дадому хутчэй бег, не ўблытваўся ў бяду-лебяду. Відаць, Улас дурны цябе тут пасадзіў. Няхай бы сына свайго, дык жа не — цябе. Эх, Лявонка, сынок ты мой...— ён усміхнуўся і рушыў да Лявона.

Лявон націснуў курок, грымнула кулямётная чарга. Ад нечаканасці Дуля прысеў, кінуўся на зямлю.

— Не страляй, Лявон! — закрычаў ён.— Богам прашу — не страляй!

Цяпер і Лявон зразумеў, што пагарачыўся. З канца грэблі, дзе стаялі немцы, у адказ затахкалі стрэлы. Відаць, падумалі, што Дуля расстраляны.

Але калі ён падхапіўся і зноў замаячыў на сярэдзіне грэблі, стрэлы спыніліся.

— Ох, ох, гэтыя фашысты!..— пачаў клясці ляснік сваіх гаспадароў.— Прымусілі, расстраляць пагражалі, і я змушаны быў, не крыўдуй, Лявон, сюды валачыцца. Каб яны так валачыліся на тым свеце, мяне, мірнага чалавека, і ў такое дзела каверзнае ўблыталі. То ты, Лявон, даруй. Рабі так, як хочаш. А я пайду. Толькі ты глядзі, не страляй. Помні, з тваім бацькам як-ніяк дружкі.

— Пачакай, дзядзько Ігнат...

Ігнат Дуля жвава азірнуўся.

— То і ты, можа, са мной? — і бліснуў спагадна вачыма.

— З вамі?.. Ох і жартаўнік вы, дзядзько. Гаворыце і не ведаеце што...

— Я хачу цябе выратаваць ад смерці... Дзіцё ты маё гаротнае.

— Дзядзька Ігнат, я хачу спытаць. Што там, у вёсцы,— вы ж адтуль нядаўна, ці ціха, ці не арыштавалі каго?

Хлопцу вельмі карцела даведацца аб усім гэтым, ён меркаваў, што фашысты, перш чым ісці сюды, зрабілі аблаву ў вёсцы на ўсіх падазроных. Маглі схапіць бацьку, Зосю, Антона Буя, Нікадзімку.

— Яшчэ не арыштавалі, Лявон,— адказаў ляснік.— Але ў цябе галава на плячах, павінен зразумець, што цяпер германцы ўзліліся. Зрабіць могуць такое, што божа мой... То я пайду. Толькі,— зноў ён як бы між іншым дадаў: —Аднаму ісці нейк неспадручна.

— Ідзі, дзядзько, не агітуй. І перадай фашыстам, каб яны ішлі сюды хутчэй. Каб бягом беглі. Скажы, нікога тут няма. Хвасты падкурчылі, збаяліся іх, паўцякалі.

— Ох, Лявон, Лявон...— Ён хацеў сказаць нешта крыўднае, але толькі пахістаў галавой. Крактануў, павярнуўся і затупаў па грэблі. Нечакана ён абярнуўся. Праз хвіліну пачулася:—А ты ведаеш, Лявон... Я ж казаў: мы з тваім бацькам дружкі, жылі, хадзілі, як коні пад адной дугой... Нешта, павер, не хочацца мне ісці назад да гэтых дурных германцаў. Мне здаецца, хутка твой бацька прыйдзе сюды... Не можа не прыйсці. Во і я далучуся да вас. І весялей будзе, і спрытней. Свае людзі, адзін аднаго ў крыўду не дадзім. Не хочацца ісці, душа нядобрае чуе...— ён асекся, замаўчаў. Стваралася ўражанне, што ляснік як бы сапраўды ў нейкім непаразуменні, што ён шчыры ў сваім прызнанні.

Але Лявон разумеў, для чаго Дуля гэткі плот гародзіць.

— Чашы, дзядзько, адсюль. А то калі я цябе пачашу...

— Ох, і не разумееш ты мяне, Лявон. Я хачу, каб добра. А ты... Не хочацца мне, павер, назад ісці. Дальбог, каб праваліцца праз зямлю, не хочацца.

Ляснік нацягнуў глыбей на галаву кепку, зашморгаў ботамі па грэблі. Лявону карцела ўляпіць здрадніку чаргу, але стрымліваўся, разумеў, што не ён лясніку суддзя. Прыйдзе час, людзі разбяруцца, іхняга прысуду, справядлівага, непазбежнага, яму не абмінуць.

Уперадзе, перад брустверам, на лапіне дзятлавіны ляжала пакінутая лесніком белая хусціна. «Хацеў абдурыць, абвесці вакол пальца. Не атрымалася! І не атрымаецца! Чуеш, фашысцкі падбрэхіч!»

Ігнат Дуля аддаляўся. У душы, вядома, нёс немалы сполах. Было бачна, як ён назіраў за Лявонам. На ўсякі выпадак ішоў не па прамой, а рабіў зігзагі, як той заяц.

Асіна побач шамацела, а ветру не было. «Няўжо і дрэва адчувае страх? — падумалася Лявону.— А што — яно ж жывое...»

Гутарка з фашысцкім парламенцёрам Лявона ўстрывожыла. Фашысты даведаюцца, што ён у акопе адзін. Няхай сабе, турбавала іншае: праз яго пацерпіць уся сям’я. Фашысты сёння ж будуць у іхняй хаце, наляцяць і на бацьку і на маці. Могуць і застрэліць. Скажуць: «Выгадавалі сынка! Вунь ён што нарабіў — колькі салдат нашых спляжыў. Ану — да сценкі!»

Як жа ім памагчы, як адвесці ад іх страшную бяду? Можа, сапраўды, здацца? «Ага, што надумаў,— папракнуў Лявон самога сябе.— З гора дурнем раблюся. Калі я здамся... Будзе ўсё тое ж самае... Прывязуць у вёску, паставяць пад вісельню... І будзе хістаць вецер нас траіх... Не, не,— адбіваўся хлопец ад кашмарнага наслання.— Маці і бацька будуць жыць, не такія яны недарэкі. Вядома ж, у вёсцы ўжо ведаюць, што фашысты аблажылі грэблю, ірвуцца да Жураўлінага вострава. Ды і стрэлы, відаць, чутны. Больш дзвюх гадзін, як ідзе тут бойка. А калі ведаюць, бацьку вучыць не трэба, ён прадумае ўсё як след. Магчыма, пастараецца і яму, Лявону, памагчы».

І хлопец уявіў сабе, як бацька выходзіць на вуліцу, звяртаецца да аднавяскоўцаў:

«Браточкі, людзі добрыя! Гэта ж прыйшла бяда на нашу зямлю. Вы самі бачыце, што фашысты робяць з людзьмі, з нашым дабром і шчасцем. Руйнуюць, паляць, знішчаюць. А во зараз іхняя хеўра палезла на Жураўліны востраў. Чуеце ляскатанне стрэлаў? Там з імі б’юцца не на жыццё, а на смерць наш слаўны старшыня калгаса Улас Какора, паранены лётчык і мой сынок Лявонка. Ці ж дадзім мы сваіх людзей у крыўду?! Дык бярыце хто што можа — сякеры, косы, вілы, а ў каго ёсцека прыхаваная вінтоўка ці рэвальвер, і хутчэй у лес. Вораг не такі і страшны. Мы іх змяцём, гіцаляў няшчасных. Жураўліны востраў быў наш і застанецца нашым! За мной, браточкі! За мной!»

Карціна, якая ўзнікла ў хлопцавым уяўленні, прымусіла яго страпянуцца, адчуць упэўненасць. Можа, бацька ўжо спяшаецца недзе, прабіраецца лесам, праз кусты і балоты.

«Тато! — прашаптаў асмяглымі вуснамі хлопец.— Ты ж глядзі, не лезь на ражон, паспрабуй абхітрыць ворагаў. Іх тут многа. Во каб у цябе было некалькі гранат. Ты мог бы падкрасціся да ўзгорка перад грэбляй і, прычакаўшы момант, закідаць імі ўсю салдатню. Яны там цэлым гуртам стаяць... Тато, я цябе чакаю. Мы б удвух тут... Ты з кулямёта, я з аўтамата. Цяпер я адзін! Але не сыду з акопа. У мяне хапае патронаў, хапае і цярпення. Я тут за нейкую гадзіну налаўчыўся ўсяму: і біць па ворагах, і бінтаваць раны, і весці размову з парламенцёрамі. Яны падаслалі сюды Ігната Дулю. Во парламенцёр знайшоўся. І давай мне галаву марочыць, маўляў, здавайся! А сам, разумееш, трасецца, за душу сваю паганую баіцца. Але я яму адказаў як і мае быць, каціся, маўляў, адсюль, пакуль не позна...»

Хлопец глянуў у шчыліну. Грэбля, як разасланая кулямётная стужка, бегла праз хлюпоту старога балота пад сцяну лесу, ля якога вілася пясчаная, добра выезджаная дарога і дзе тырчалі фігуры нямецкіх салдат. Ігната Дулі на грэблі не ўбачыў.

Страляніны няма. Зацішша. Плыве доўгі летні дзень. У небе з’явіліся белыя хмурынкі. Адно воблачка падобна на льдзіну, другое на скручаную кудзелю, трэцяе на белае ягнятка. Спякотна і парна. Зноў хлопец адчуў смагу... Калодзеж побач. Чутно, як ціха цурчыць крыніца. Хіба пабегчы набраць вады?..

Ён ужо было наважыўся выскачыць з акопа, як раптам угледзеў, што грэбля на тым канцы ажыла, заварушылася.

Лявон узлёг грудзьмі на край акопа, стаў узірацца. Па грэблі спешна крочылі чатыры фашысты. Рухаліся ланцугом, заняўшы ўсю шырыню дарогі.

Хлопец стаў прыладкоўвацца да кулямёта. Чорная талерка дыска адсвечвала пад сонцам, крыху сляпіла, але хлопец прыжмурыўся. Шчыльней прылёг да кулямётнай ложы, стаіўшы дыханне, напружыўся, падводзіў мушку ствала пад шэрыя далёкія постаці.

Дзесяць секунд, дваццаць. Постаці сунуцца, бліжэюць. І — раптам: тра-та-та! Чарга выбухнула громам, рассыпалася, заляскатала рэхам. Кулі, горача-пякучыя, нябачныя, сыпанулі над грэбляй. Адзін фашыст упаў, другі спатыкнуўся, трэці прыгнуўся аж да зямлі і кінуўся стрымгалоў уперад. Чацвёрты, аднак, захаваў спакой, крочыць, як і крочыў.

Хлопца абдало парахавым смуродам. Ад парыву ветру зайшліся ў трапятанні дрэвы, што стаялі блізка ля акопа. Гэты парыў ветру быў прыемны, крыху астудзіліся рукі, твар.

Лявон адчуваў задаволенасць — не прамахнуўся. Але ж засталіся двое. Адзін з іх не перастае бегчы, кіруе прама на акоп, кідаецца то ў адзін, то ў другі бок. Хлопец ведае, блізка падпускаць да акопа нельга. Было ўжо такое, немцы, выкарыстаўшы ўкрыцці, закідвалі акоп гранатамі.

Постаць вырастае, павялічваецца, адлегласць памяншаецца.

Мушка трымціць, калоціцца, раствараецца, як бы ў нейкім тумане. Ды гэта ж вочы залівае потам. Трэба выцерці рукавом, трэба...

Але немец блізка, зусім блізка! Вахлакаваты, у расхлістаным на грудзях фрэнчы, здаецца, во-во напорацца на ствол кулямёта.

Хлопец націснуў на спуск. Кулямёт затрусіўся, выплёўваючы стрэляныя гільзы, якія адна за адной, жоўта-бліскучыя, падалі ў глыбіню акопа, адмалаціў доўгую гулкую чаргу. Ад ствала непрыемна патыхнула перагрэтым жалезам.

І настала цішыня. Ды такая роўная, звонка-прытоеная, што аж зазвінела ў наваколлі. Лявон перавёў дыханне. Ацёр з твару пот.

Купіна асакі ля краю грэблі — і вакол яе густая масляністая вадкасць. З балота вытыркнуліся тоўстыя рукі.

Хлопец ледзь не закрычаў ад радасці. Ратуючыся ад куль, фашыст скокнуў у балота.

Рукі фашыста яшчэ раз вытыркнуліся, сутаргава праваліліся ўніз, пад булькаючую балотную твань, і больш не паказваліся.

Другі немец, што крочыў, як заведзеная машына, запыніўся, але праз момант прарэзліва крыкнуў і штосілы апантана кінуўся назад. Цяжкія, падкаваныя боты загрукалі па грэблі.

Зноў вярнулася на грэблю, на балота, на востраў цішыня.

«Ах, як хочацца піць! Цяпер, відаць, можна і напіцца, грэбля ж з канца ў канец свабодная».

Лявон абтрусіўся ад пяску, уважліва агледзеў наваколле. Паважна і строга стаялі рассыпаныя наўсцяж старыя дрэвы. Каля балотнага берага шарэлі лазнякі і асіннік. За плячыстым ясенем, на выспачку ўзышоў бусел. Правае крыло было прыспушчана, здавалася, птушка мела намер во-во прысесці.

Хлопцу радасна было ўбачыць яшчэ адну жывую душу на востраве. «Буслік, буслік-клекатун!..»

Бусел стаяў па-ранейшаму, думаючы сваю птушыную думу. Лявон з асцярогай абмінуў целы Уласа Данілавіча, лётчыка, лёгка, спружыніста выскачыў з акопа і пабег да калодзежа. Укленчыўшы каля зруба, ухапіў берасцяны карэц, чарпануў густое звонкае серабро крыніцы.

 

Раздзел трыццаць трэці

Ганна, не разгінаючыся, біла і біла матыкай па зямлі, старанна рыхліла каля кожнага бульбянога карча. Бульба набіралася сілы, лапушылася, цягнулася, цёмна-сіняя, к сонцу. У глебе вільгаці было малавата, і яна лёгка рассыпалася.

Вокам гаспадыні Ганна ацэньвала, які вырасце ўраджай. І радавалася — прыкметы, што ні кажы, не благія. Зусім было б добра, думала яна, каб у ліпені ўпала некалькі спорных дажджоў.

Непадалёку на суседніх участках таксама людзі ў клопаце. Завіхаецца нявестка Змітра Зюзі ў сіняй блузцы — Арына рабенькая, як яе называлі ў вёсцы. Лена Буй, тоненькая, як арабінка, шчыруе на загоне.

Па вёсцы ішлі чуткі, што калгаснае хутка будуць дзяліць. Ганна, як і Сымон, упэўнены — фашысты ўсё зробяць, агіды, каб падгрэбці і калгаснае і людское к сваім рукам.

Калгасны палетак адсюль добра відаць — вунь на адхоне шырокага пагорка радкі-барозны. Як пяром напісаны — роўненька, старанна! Пара іх ужо акучваць, але хто патурбуецца аб гэтым цяперашнім часам. Закалаціла вёску жудасць, затузала неразбярыха.

Некаторым, ведае Ганна, гэта як бы на руку. Адкрыта косіць сабе сена на калгасным лузе дзед Анціп. Паспяшаўся за ім і ягоны сусед Іван Сарока, даглядчык коней. Адным словам, у каго сумленне заснула, ухапіліся багацець...

У небе без перадыху звінелі жаваранкі. Паліла сонца. Даймала смага. Ганна адклала ў баразну матыку, разагнулася. Зацякла спіна, забалела ў паясніцы. Яна некалькі хвілін стаяла, пакуль мінецца гэты боль. Прыставіла казырком руку да вачэй, глянула ўвышыню, хацела ўбачыць нястомных птушак, што так хораша весялілі ваколле.

І раптам да слыху даляцелі нейкія далёкія, як з-пад зямлі, гукі. Ганна ператварылася ў слых.

Жанчына павярнулася тварам к лесу. Адтуль далятаў незразумела-загадкавы пошчак. «Гэта ж — страляніна!» — Ганну абдало холадам страху. Стрэлы чуліся ў тым баку, дзе знаходзіцца Жураўліны востраў. «Божачкі, там жа, на востраве, Лявон!..»

Спачатку мільганула думка, што трэба бегчы на сенакос па Сымона, хай кіруецца туды, к востраву, паглядзіць, што там сталася: чаму страляюць, хто страляе? Потым пераконвала сябе, што немцы кагось стрэлі на дарозе, увязаліся ў бой. Па дарогах, расказвалі людзі, яшчэ часцяком, звычайна па начах, ішлі і ехалі акружэнцы-чырвонаармейцы.

Але ў свядомасці, як цвік, сядзела думка — па хлопцу страляюць, па Лявонку! Як яна берагла яго, папярэджвала. І сёння так не хацелася ёй, каб Лявон ішоў на востраў, да лётчыка. Паслухала Сымона, пусціла.

Ганна зноў тузанулася на сцежку, якая вяла на сенакос, да Піліпавай грады.

Праз момант да яе прыйшло іншае перакананне. Пабяжыць яна. Пра ўсё праведае, пабачыць на свае вочы.

Можа, дарэмна яна хвалюецца? Можа, Лявону нічога не пагражае. От узяла ў галаву, баба.

І Ганна пабегла. Пабегла без сцежак і дарог, напрасткі, спачатку праз шырокі загон даспяваючага жыта, а потым па сінім канюшынішчы.

Думак ужо не было, яе гнала адно жаданне: хутчэй! Лазовыя кусты, зараснікі высокай крапівы... Яна выбілася на дарогу, што вяла ў вёску Палянкі.

Лес за плячыма, лес па баках, а наперадзе гэтае страшнае: ду-ду-ду! Тут, у лесе, тарахценне стрэлаў стала выразным і ясным.

Яна адчувала, што губляе сілы, ёй не ставала дыхання. Аднак прымушала сябе бегчы, толькі бегчы! Па травяных купінах, выпучаным карэнні, калдобінам, дарожным каляінам.

Абышоўшы гарбаты пагорак, яна выхапілася да сасновага гаю, за якім убачыла купку людзей. Адразу пазнала: фашысты! Сэрца ёкнула ў страху, пакацілася некуды ўніз-уніз... Жанчына хацела спыніцца, але нешта больш уладнае, вялікае пагнала яе далей.

Адышка рвала грудзі, татахкала ў скронях кроў, звінела ў вушах.

І яна нарэшце стала, запынілася. Перад ёю была сцяна — шарэнга фашыстаў. Уперадзе салдат стаяў, пахістваючыся на насках, цыбаты афіцэр. Рукі былі ў пальчатках.

— Хальт! — пачулася зычнае, жорсткае.

Жанчына спынілася. Адужаўшы хвілінную кволасць, пачала кідаць позіркі па баках, спадзеючыся ўбачыць сына.

Справа ад сасновага гаю пачыналася балота, праз яго бачылася грэбля, высцеленая жардзінамі і тонкім калоддзем. Злева ад дарогі на пагорку стаяў пад сядлом конь. Каля яго варушыўся чалавек у цывільным адзенні. Кабета адразу пазнала — Ігнат Дуля.

— Ігнатко, родненькі, што тут робіцца-дзеецца? Ето ж я бягу, жахаюся, недзе тут мой Лявонка, кручаная галава,— адразу кінулася ў тлумачэнне Ганна.— Ты не ведаеш, не чуў?

Ігнат Дуля, падмінаючы пад боты лясное шыгалле, пратупаў паўз салдацкую шарэнгу, спыніўся каля афіцэра. Заглядваючы з глыбокай пачцівасцю яму ў вочы, сказаў:

— Пан афіцэр, во маці таго хлопца, што ў акопе. Можна сказаць, яе бог паслаў. Трэба, каб пайшла забрала яго. Каб ён перастаў... таго... порах траціць. Адным словам, здаўся...

— Гут. Зэр гут! — выгукнуў задаволена афіцэр і, зіркнуўшы ў бок Ганны, сказаў: — Матка. Ты шукаеш сына? Ён там, у акопе, страляе, забівае салдат. Ідзі, прывядзі сына сюды. Скажы: яму нічога не будзе. Гарантуем жыццё табе, матка, і сыну.

 

Раздзел трыццаць чацвёрты

На тым канцы грэблі панавала маўчанне. Вядома, гэта не сведчыла аб тым, што ўсе немцы перабіты. У распараджэнні гаўптштурмфюрэра Клемке заставалася яшчэ больш пятнаццаці салдат. Яны, бачыў хлопец, перабягалі з месца на месца. Але ворагі не стралялі. Лявон губляўся ў дагадках: чаму ворагі прыціхлі, што мяркуюць рабіць далей?

«Можа, адступяцца? Ідзіце, ідзіце адсюль прэч! — як бы падтрымліваючы ўзнікшую думку, прашаптаў хлопец.— Усё роўна вам на востраў не прарвацца. Паб’ю ўсіх, не пушчу!»

Але Лявон ведаў, што немцы ніколі не змірацца з паражэннем. Хутчэй за ўсё, яны зрабілі перадышку, каб выпрацаваць новы план узяцця партызанскага акопа.

Што гэта будзе за план? Магчыма, яны будуць шукаць нейкі абходны шлях да вострава. А ці ёсць такі шлях — пра гэта Лявон і сам не ведаў. Праўда, пры іх знаходзіцца Ігнат Дуля, які добра помніць кожную сцежку, кожны лясны закутак. Калі ведае нейкі праход па балоце, абавязкова павядзе гітлераўцаў. «Але ж ён мог бы ўжо павесці,— ледзь не ўсклікнуў ад радасці хлопец.— Значыць, з тылу пакуль небяспекі няма. Але чым чорт не жартуе. На ўсякі выпадак трэба не забывацца, аглядаць, што робіцца ззаду, у тыле».

А больш верагодным у іхнім маўчанні было тое, што яны, відаць, мелі намер засесці тут надоўга, блакіраваць востраў ці то паслалі за падмацаваннем і во чакаюць яго прыходу.

Лявон стаў прыкідваць, як яму дзейнічаць пры новых абставінах.

Стаяў пры кулямёце, напагатове. Напружанне бою яшчэ моцна яго трымала. Хлопец клопатна азірнуўся. У яго яшчэ ёсць добры запас патронаў, дзве гранаты. З запаламі, гатовыя да кідка.

Ці спатрэбіцца ўсё гэта?

Калі ворагі рашылі блакіраваць грэблю, атак і страляніны не будзе. Яны будуць цярпліва сядзець і дзень, і два, і тры, чакаць, пакуль не дойме яго, Лявона, голад, і ён, зломлены, кіне акоп, зброю і выйдзе да ворагаў з узнятымі ўверх рукамі.

«Хай рашаюць як хочуць,— думаў хлопец, аглядаючы грэблю, прасцяг балота, што раскінуўся абапал яе.— Мне застаецца адно — абараняцца, біць гадаў».

Сонца ўжо сышло з паўдня, але спякота і парнасць яшчэ хвацка трымалі ўсю прастору.

Пасля калодзежнай вады цела напоўніла сіла бадзёрасці, жвавасці. Лявону карцела выбрацца з акопа, пахадзіць па востраве, панаглядаць, як растуць дрэвы, кусты, пашукаць птушыныя гнёзды. Вядома, ён абавязкова наведаў бы бусла, пастаяў каля яго, праверыў, як гоіцца ягонае крыло.

Але паспрабуй пакінуць акоп...

Немцы маўчалі, і ўжо досыць доўга — больш паўгадзіны. Цені дрэў паварочвалі на паўночны ўсход. Лявона апанавалі здагадкі-трывогі.

Усё-такі як прыкра склалася: ён — адзін. Ці ўдасца яму доўга пратрымацца ў акопе?

Канечне, бацька і Андрэй ужо, відаць, недзе мяркуюць-гадаюць, як яму памагчы. Вядома, яны не ведаюць, што няма ўжо Уласа Данілавіча і Арцёма.

Лявон прыгадаў сяброў. Прыгадаў перш-наперш Нікадзіма. «Дзе ён цяпер, ці ведае, што тут робіцца-творыцца каля Жураўлінага вострава? Вось каб мы былі ўдвух,— раптам зажадалася хлопцу.— Мы тут такую абарону наладзілі б. Нікадзім спрытны, мог бы па купінах ды астраўках балота прабрацца на той бераг, у тыл ворага. Ціхенька прабраўся б паўзком да агнявой пазіцыі немцаў ды як кінуў бы гранаты! Гах! Тарарах! І мы выйшлі б на дарогу. Я з кулямётам, Нікадзім з аўтаматам — і адразу б скіраваліся ў родную вёску. А там, за ваколіцай, нас ужо чакаюць. Людзі пачулі, як моцна вухнулі тут гранаты, і адразу здагадаліся, што гітлераўцам прыйшлі канцы і месца мокрага ад іх не засталося. Во сустрэча была б, во была б радасць! Але няма побач Нікадзіма, няма. Эх!..»

Прыгадалася і Зося. Як яна ўважна і старанна даглядала і лячыла Арцёма. Абеды яму гатавала, прымочкі рабіла, на рану яго, можна сказаць, хукала, каб хутчэй зацягвалася, зажывала. Арцём паступова набіраўся сілы, марыў прабірацца за лінію фронту. Там зноў хацеў сесці ў самалёт-знішчальнік, падняцца ў неба насустрач ненавісным ворагам. І во ўсе клопаты Зосіны прапалі. Няма Арцёма. Во ён ляжыць побач і журботна-сумна пазірае нерухомым тварам у выцвілае ад спякоты высокае неба, дзе плывуць-сунуцца белыя хмаркі-аблачынкі, дзе без яго недзе кіпяць паветраныя баі.

Лявон за згадкамі-ўспамінамі не заўважыў, што на тым канцы грэблі пачалася мітусня. Салдацкія фігуры то групамі, то ў адзіночку ва ўвесь рост пачалі перасоўвацца ўздоўж берага балота.

Раптам Лявон аж страпянуўся. Ён убачыў жанчыну. Была яна ў сіняй хусціне, у белай кофтачцы, з фартухом паверх спадніцы. Лявон спярша не паверыў, падумалася, што ў яго ўзнікла галюцынацыя. Ён на момант адарваўся ад карабіна і прагным позіркам прыляпіўся да постаці, што з’явілася перад грэбляй. І праўда, там, каля фашыстаў, стаяла жанчына. Яна чагось махала рукамі, згіналася, як бы папраўляючы абутак. Хто такая? Няўжо Зося? Можа, нічога не ведаючы, ішла на востраў, а можа, ведала і сама прыйшла?

Навошта гэта? Яна ж нікому не падсобіць, безабароннае дзяўчо. Эх, Зося, Зосечка!

І во жанчына пайшла, ступіла на грэблю. Лявон бачыў, як яна рухалася, асцярожна, марудліва. Потым крок яе як бы пажвавеў.

«Няўжо Зося? То чаго ж яе пусцілі? Нешта зноў задумалі фашысты. Але што? Чакай! А можа, гэта зусім не Зося? Можа, фашысты пераапранулі салдата, далі яму гранаты, загадалі блізка падысці і знішчыць яго — абаронцу акопа? — Лявон аж страпянуўся ад жудаснай здагадкі.— Ну, не,— ваяўніча запярэчыў хлопец.— Не на таго напалі. Няхай ідзе «жанчына». Будзе ёй такі ад варот паварот, што куды там. Пабачыце! »

Жанчына паступова і няўхільна набліжалася. Яна іншы раз не патрапляла на бярвёны грэблі, асоўвалася ўніз у калдобіну, потым выхоплівалася адтуль, абівала ад твані чаравікі і зноў крочыла. Фашысты маўчалі, не парушалі цішыню, што ўсталявалася, ніводным стрэлам.

«Што скажа дзяўчына? Навошта яе паслалі ворагі? Можа, скажа тое самае, што сказаў Ігнат Дуля? Яна параіць яму здацца? Ці, можа, хоча паведаміць нейкую навіну? Раптам няма ўжо ягоных ні бацькі, ні маці — іх схапілі, расстралялі, павесілі...»

Хлопцу здавіла горла. Ён пракаўтнуў сліну, але гэта мала памагло. Па-ранейшаму штось падступалася, давіла. Яму захацелася заплакаць. Лявон як бы губляў вытрымку. «Што са мной? Няўжо з’яўленне гэтай жанчыны так падзейнічала? Але я не заплачу, не!» — загадаў сам сабе хлопец.

Калі жанчына апынулася на сярэдзіне грэблі, Лявон нават вачам сваім не паверыў. Гэта ж маці, маці яго!.. Як жа ён адразу не пазнаў яе?! І паходка, і хустка сіняя ў гарошынкі, і фартух — усё яе, роднае, блізкае...

— Мамо!..— Лявон не вытрымаў, выхапіўся над брустверам, каб паказацца, запэўніць, што гэта ён.

Раптам з таго канца грэблі грымнуў стрэл. Хлопец саскочыў уніз акопа і прыпаў да шчыліны.

Маці хрысцілася на хаду і ўжо не ішла, а бегла. Хустка з яе галавы ссунулася на плечы.

— Не паказвайся, сыночак! — даляцеў да яго папераджальны, поўны трывогі і роспачы крык.

Маці спяшалася. Спатыкнулася аб нейкі сук, ледзь не павалілася. Ужо чутно, як пад яе чаравікамі грукае насціл грэблі.

Маці бегла, задыханая, ушчэнт змардаваная пякельнай дарогай. Уперадзе быў яе сын, і яна не зважала ні на што — апантана падганяла сябе: хутчэй, хутчэй!

Маці падбегла да бруствера, цяжка ўпала-звалілася на калені, папаўзла, выцягнуўшы яму насустрач рукі. Ён іх ухапіў, гарачыя, трапяткія...

І вось яна побач. Твар чырвоны, мокры, маці шарыць па шчыліне рукамі, бы сляпая.

— То я тут, мамо!..

— Сынок!..— яна ашчаперыла яго за плечы, прыцягнула да грудзей.— Ты жывы, сынок, жывы?!

Яна аддыхвалася, шырока адкрываючы рот, бы рыбіна, выкінутая з вады. Адкінула, паправіла касу, атуліла твар хусцінай. Паступова прыходзіла да раўнавагі. І калі яе позірк каўзануў па дне акопа, маці аж прыкрыла твар рукамі.

— Божухна, што тут робіцца!.. Пабітыя!.. То ето ж і Улас тутака, і лётчык, якога лячылі... То чаго ж ты, сынок? Не бачыш, пагібель якая прыйшла? Хадзем, сынок, адгэтуль... з етой магілы.

— А куды, мамо?

— Як куды? Дадому. Ты не бойся, сынок. Ахвіцэр мне сказаў, што ён нас чапаць не будзе...

— Каб ты мяне прывяла да іх? — жорстка падхапіў Лявон.

— Ой, сынок,— здрыганулася маці, і па твары яе прабег цень роспачы,— мабыць, так яны хочуць. Але, але, ты, маўляў, маці, выратуй сына. Ето ж калі выратуеш яго, то тым самым выратуеш і сябе.

— То ты думаеш, калі мы прыйдзем, яны не будуць нас чапаць?

Яна маўчала, пераадольваючы штосьці ў самой сабе. Тут жа абхапіла Лявона за галаву, забожкала, загаласіла :

— Бацюхны! Ето ж якая я дурная баба. Не расшалопала. Усё ўзяла напавер. А яны лютыя-лютыя. А яны ж — шалёныя-шалёныя...

— Во, бачыш, мамо. Усё зразумела. Ты толькі не плач, не хвалюйся. Усё будзе добра,— і Лявон ласкава правёў рукой па яе дрыготкім плячы.

— То хадземо, сынок, хадземо! — абхапіла сына за плечы, пацягнула за сабой.

— Куды?

— Дадому, сынок. А куды ж ісці — дадому! Ето ж магіла тута якая. Жывая магіла...— вочы яе бегалі па баках, гарачыя, ліхаманкавыя.

— Гэта акоп, мамо. А дадому, мамо, паспеем.

— Як паспеем? Трэ зараз... Трэ, сынок. Іначай цябе заб’юць, засыплюць тута. І не будзе вачанят маіх родных, не будзе радасці маёй ненагляднай...

Яна гаварыла, спяшалася ўсё выказаць, дрыжала ад страху. Рукі яе, мяккія і добрыя, дакраналіся да сына, выказваючы то нецярплівасць, то ласку і спагаду.

Пры ёй было так добра і ўтульна. Здавалася, што ўсё, пра што яна кажа,— вельмі важна і правільна. Але ў Лявонавай душы словы яе і парады ўзважваліся на свой лад. Узважваліся і выспявалі адказы, якія ён не баяўся ёй гаварыць рашуча і адкрыта.

— Мамо, пачакай, я хачу глянуць, што там на грэблі,— Лявон нецярпліва тузануўся ўбок, да шчыліны. Глядзеў напружана, доўга, уважліва. Ірвануў рукаяць затвора кулямёта, ён звонка блямкнуў, не выкінуўшы патрона.

— Мамо, падыдзі сюды,— сказаў Лявон ціха, патрабавальна,— дыск пусты. Буду перазараджаць. А ты вось сядай сюды,— і ён паказаў рукою.

— Сынок! — атарапела ўспляснула рукамі маці.— Ето ж я думала, што ты паслухаешся мяне. Трэ дадому, а ты за сваё.

— А як жа. Іначай, мамо, не выходзіць. Вакол балота, багна страшэнная. Дарога дадому — праз грэблю. І толькі. Будзем, мамо, трымацца. Можа, падаспеюць бацька, Андрэй, аднавяскоўцы. Можа, яны штось прыдумаюць.

— Ох, сынок! Галава твая неразумная. Калі будземо чакаць, ліха начакаемо. То хіба ў балоце, хай яно і такое, як ты кажаш, гіблае ды ненадзейнае, ільга схавацца? Ето ж па купінах, сынок, ды па лазняку можна добра адысціся, век яны нас не знойдуць. А сюды — прыйдуць. Ох, і багата іх тамака. Вінтоўкі паначаплялі, бомбы пры баках, каб яны чапляліся на вяроўках. Набачылася я, надрыжалася.— Кажучы так, яна падышла, наблізілася да мясціны, дзе быў устаноўлены кулямёт.

— Ето ж што за кола ў цябе? — запыталася.

— Не кола, а дыск. Бачыш, патроны ў яго набіваю.

— То ты што, страляць мо будзеш, сынку?

— А што ж нам засталося з табой рабіць?

— Лявонка, не забілі цябе, дык, глядзі, заб’юць. Кідай усё етое паскудства. Хрыстом-богам прашу — кінь усё етое, і хутчэй бежымо хавацца. Мы ўратуемся, во пабачыш. Я лёгкая, спрытная, не памылюся, дзе купіна, а дзе чорная прорва — зашыемся, сынок, у лазняк, толькі нас і бачылі.

Ох маці! Колькі пераканальнасці, зычлівасці было ў яе таропка-ліхаманкавай гаворцы. Яна адчувала бяду і па-мацярынску хацела яе адвесці.

 

Раздзел трыццаць пяты

Яны беглі. Не шукалі ні дарог, ні сцежак. Жытняе поле прамінулі хутка, выбіліся на лугавую прастору, якая раней была балотам. Наўсцяж бунтавала трава, ахопленая летнім красаваннем. Асабліва шмат было кураслепу. Жарынкі яго кветак зырчэлі так ярка, што здавалася, тут упала і раскрышылася сонца. На лузе было шмат купін, якія хаваліся ў траве,— аб адну з іх спатыкнуўся Сымон Міхайлавіч, а потым — Андрэй. Бацька неяк утрымаўся, захаваў раўнавагу, а Андрэй з усяго маху паляцеў на дол, вывіхнуў калена. Цяпер давялося хаду прыцішыць, бо боль у калене не праходзіў. Сымон Міхайлавіч збянтэжана назіраў за сынам:

— Не праходзіць?

— Пячэ агнём. Але нічога... Вытрымаю.

— Дзе твой аўтамат?

— За Драеравай палянай, у дупле дрэва. Каля лесу, тато, пачакай. Я збегаю...

— Табе ж цяжко, то мо я?

— Не знойдзеш таго дрэва. Алешына ў самай гушчыні лесу. Для вока непрыкметная.

— Ох, у нас мала часу, сынку, чуеш стрэлы... Ды што зробіш — бяжы сам, забірай. Я пайду на кладкі. І ты туды ж ляці. Ведаеш, дзе яны? Каля Чорнага дуба. Як падыдзеш да яго, бяры лявей метраў на сто і прастуй на балота. Ад купчастай вярбы яны пачынаюцца.

— Знайду, тато, не хвалюйся.

Яны, увайшоўшы ў лес, узялі розныя накірункі.

У галаве Сымона Міхайлавіча віхурыліся думкі, трывожна, несуладна. З кожнай хвілінай, ён ведаў, там, на востраве, павялічваецца небяспека. Напружана абвостраным слыхам лавіў ён зыкі бою, якія то заціхалі, то зноў успыхвалі, тузаючы лясную глухамань. Хутчэй, трэба хутчэй! Прабегшы метраў чатырыста, ён выхапіўся на лясную прагаліну. Разумеў, што сын яго там не адзін, калі ідзе бой, значыць, жывыя і Улас Какора, і Арцём, лётчык.

Кладкі... Во купчастая вярба. Хутчэй, трэба хутчэй! Сымон Міхайлавіч запыняе бег, пад нагамі — каламуць балота. Кладка знайшлася — доўгая з алешыны жардзіна ляжала паміж засохлых купін у гнілой вадзе. Ён спрытна скокнуў на жардзіну, стаў рухацца ўперад па балотным сутарэнні. З адной жардзіны Пашук пераскокваў на другую, з гэтай на трэцюю. Атрымлівалася ў яго ўсё як мае быць — лоўка, упэўнена.

Стрэлы даляталі з вострава цяпер гулка, траскуча. Сымона Міхайлавіча надта ўстрывожыла, што чуліся толькі чэргі кулямёта. Чаму не б’е карабін? Ён жа добра ведае, якая зброя нарыхтавана для акопа. Няўжо нехта забіты — Арцём ці Улас? Дзе і што робіць Лявон?

Была ўжо сярэдзіна балота, Жураўліны востраў выпінаўся ўперадзе дружным хараводам чарналесся, позірк Сымона Міхайлавіча, нібы намагнічаны, цягнуўся туды.

І раптам... Прыспешваючы, ён не разгледзеў, што кладкі ў адным месцы ацяжэлі і схаваліся ў ваду. З разгону хацеў пераскочыць на шыракаватую купіну, зарослую асакой. І тут яму не хапіла спрыту — ён гэпнуўся ў гушчыню твані, прыкрытай жабінай раскай, і ад неспадзеўкі нават ускрыкнуў.

Балота забулькатала, зашыпела, быццам у яго сярэдзіне было патрывожана змяінае царства. Пашук з жахлівасцю адчуў, як ён цяжэе, апускаецца ўніз. Пад нагамі — ніякай апоры, іх як бы нехта звязаў, стрыножыў. Вольнымі былі толькі рукі, распасцёртыя на азызла-смуроднай багне. Чорная, як дзёгаць, твань акружыла з усіх бакоў. Непадалёку была тая злашчасная купіна, да якой Пашук не даскочыў. Справа, у нейкіх двух метрах, маячыла кволая, тоненькая, у палец, алешынка.

Сымон Міхайлавіч пачаў рукамі, бы вёсламі, грэбці твань, пачаў тузацца, паварочвацца, імкнучыся ўсё падначаліць сваёй сіле і спрыту. Але адчайныя намаганні мала дапамагалі.

— Андрэй! — гукнуў Сымон Міхайлавіч.— Андрэйка!

Млела ў спякоце зыбун-балота, у галлі кустоў, адзінокіх, раскіданых сям-там дрэў шумеў вецер. Самотна і жалліва крычала кнігаўка.

 

Раздзел трыццаць шосты

Падымаўся вецер, моцна лапатаў лісцем, галінкамі, прыбягаў сюды, да акопа, варушыў травы, узвіхурваў над брустверам пылок. Цішыня стаяла тугая, непарушная.

— Мамо,— сказаў Лявон, зарадзіўшы дыск,— гэта ўстаўляецца сюды,— і паказаў рукой на ствол кулямёта.

— Сынок, хрыстом-богам прашу. Ето ж трэ бегчы, уцякаць. Яны цябе заб’юць, сынок, заб’юць!..

— Бачыш? — спытаў Лявон. Яна падышла да краю акопа, паглядзела ў шчыліну.— Стаяць сцяной. Яны чакаюць. Чакаюць цябе і мяне. Баяцца іх няма чаго. Хай яны нас баяцца.— Хлопец спрытнымі рукамі ашчаперыў ложу кулямёта.

— Лявонка! Божухна! Прыйшла пагібель наша. Адчапіся, сынок, ад гэтага жалеззя. Хіба не бачыш, якая ў іх сіла.

У гэты момант дрогка, апантана ўдарыў кулямёт. Маці завойкала, схапілася за галаву. Стаяла, прыткнуўшыся да сцяны акопа, збялелая, атарапелая. А кулямёт захлёбваўся ў свінцовай скорагаворцы.

— Падаюць, мамо! Дастаў! Падаюць,— узбуджана крыкнуў Лявон.

Маці асела, асунулася на дно акопа.

— Мамо!.. Табе што, кепска?

— Нічога, сынок, нічога...— яна квола махнула рукой, прыкрыла вочы.

Лявон стаяў у разгубленасці, не ведаючы, што рабіць.

Наваколле запаланілася ляскатаннем стрэлаў... Густа тумкаў варожы кулямёт, у яго голас упляталіся галасы карабінаў і аўтаматаў.

Хлопец падсеў да маці, схапіў яе за рукі.

— Мамо! Даруй мне, я не ўлічыў... І праўда, нам трэба ратавацца. Уставай, мамо! У балота пабяжым...

Маці няўцямна пазірала ў адну кропку, як бы да яе не даходзіў сынаў голас.

— Уставай, мамо! Ты бачыш, я з табой. Бяжым адсюль...— хапатліва паўтараў хлопец.

Нарэшце ў твары маці нешта зрушылася, дрогка перасмыкнуліся губы:

— Ага, трэ бегчы. Трэ, сынок! Ага, во ето ж я і ўстала...

Яна паправіла хустку на галаве, заспяшалася. Лявон падтрымліваў яе.

— Тут трэба нагінкам. Прыгні галаву, мамо!

Ён выхапіўся напаверх, дапамог маці вылезці з акопа.

Наваколле пашарэла. Сонца зацягвалася тугой, як бубен, мнагаслойнай хмарай. Вецер узмацняўся, тузаў за чубы дрэвы, кусты, лазняк. На змену парнасці, спякоце плыла разам з ветрам прахалода.

А грэбля калацілася, грымела стрэламі.

Маці і Лявон кінуліся ў бок калодзежа. Раптам хлопец запыніўся, крыкнуў у адчаі:

— Мамо, я хуценька вярнуся. Карабін жа трэба...— і пабег.

Маці павярнулася, замахала рукамі, хацела запыніць сына. Але дзе там! Лявон нагінкам кінуўся да акопа, нырнуў уніз. Праз хвіліну выскачыў, хуткі, адчайны, спрытны. У правай руцэ трымаў карабін. І раптам... спатыкнуўся.

Карабін адляцеў убок, а хлопец з абедзвюх ног грымнуўся на зямлю. Маці стаяла ля калодзежа, чакала.

— Хутчэй, сынок! Хутчэй! — крыкнула яна ў трывожнай нецярплівасці. І тут жа, відаць, усё зразумела, адчула матчыным сэрцам.— Лявонка! Мой сынок!..— закрычала яна на ўвесь востраў і кінулася назад. Падбегла да сына, упала на калені.— Сынок!..— і пякучыя горкія слёзы закапалі на Лявонаў твар.— Божухна! Цябе ж не забілі? Ты жывы!.. Уставай, родны сыночак! Нам трэ бегчы, уцякаць. Сынок, ды што з табой!.. А-а-а!..— Яна ўпала Лявону на грудзі, тармасіла яго, прасіла пашкадаваць яе, устаць, каб хавацца ад чорнай сілы, ад праклятых фашыстаў-нелюдзяў.

А над грэбляй шырэла, разгаралася страляніна. Кулі, жорсткія, бязлітасныя, слаліся над травамі, над акопам, над востравам.

Маці ўхапіла сынаву галаву, стала цалаваць твар, вочы...

— Забілі! Матухны! Забілі сынка! Лявонка!.. Ці ж праўда гэта? Падыміся, глянь на сваю маці, глянь на сонейка. Ты ж етакі спрытны і ўвішны! Падыміся, устань!.. А-а-а! Забілі!.. Дзе ты, Сымоне! Андрэйка!.. Паглядзіце, што тута нарабілася! Няма... Няма Лявонкі... Крывінкі маёй... А-а-а...— і яна звалілася ў дол.

Побач хістала цёмнай купай сасна, шамацеў доннік, які вылез на пагорак і красаваўся буйнымі кветкамі, цурчала крыніца-калодзеж, між рыжага старога верасу па дарогах-лабірынтах паўзлі ў вечным сваім клопаце рыжыя мурашы.

А над грэбляй снавалі, пераплятаючыся, гарачыя трасы куль. Ворагі білі па акопе доўга, раз’ятрана. Акоп не адказваў. Толькі чорны рабрысты ствол кулямёта маўкліва глядзеў адтуль сваім зыркім вокам.

І вось маці ўстала, выпрасталася, і ў постаці яе выразна ўбачылася нейкая ўспыхнуўшая сіла. Яна агледзелася, правяла позіркам па балоце, лазняках, па востраве, на якім у дальнім закутку ўбачыла вялізны чорны, як груган, лакамабіль, ускінула, заламала рукі, і цяжкі пакутны стогн вырваўся з яе вуснаў.

У наступны момант яна ціха, асцярожна падняла на рукі сына і, прыціснуўшы яго да сябе, пайшла.

Яна ішла, кіруючыся да грэблі. Чорная хмара везла ўгары бліскуча-сінюю каламуць выспяваючай навальніцы, пагрозліва пагруквала. Маці абмінула акоп, спусцілася па адхоне да грэблі.

Спынілася страляніна. Ворагі заварушыліся, загаманілі. А потым, па камандзе афіцэра, выстраіліся перад грэбляй чорнай суцэльнай сценкай.

А маці ішла. У яе ўсё калацілася і балела — рукі, ногі, твар, грудзі. Гэты боль ішоў ад сына, ад яго халадзеючага з кожнай хвілінай цела.

Маці цяжка дыхала, задыхалася ад гора і няшчасця, што абрушылася так нечакана, так бязлітасна, несправядліва на яе натруджаныя немаладыя плечы.

Яна несла сына, несла стогн і боль. Позірк яе быў гарачы, ліхаманкавы, скіраваны некуды ў вышыню, у неба. Адтуль, з неба, наплываў на зямлю морак.

І раптам хмара грамыхнула, раскалолася на дзве роўныя часткі-крыгі, з сінявы, з разводдзя, вынырнула сонца і гарачым позіркам азарыла зямлю. Усё ўспыхнула, заварушылася, ажыло. Птушыная звонкая гамана ўплялася чараўнічым вянком у лясную цішыню.

І маці страпянулася. Яна спынілася на момант, агледзелася. І калі ўбачыла на краі грэблі чорную сцяну ворагаў, ад якой адкідваўся доўгі цень, дыхала пякельная пагроза, зябка сцепанула плячыма і зноў пайшла. Пайшла насустрач ім, ворагам.

Сонца разгаралася. І пелі птушкі, і хісталіся пад ветрам дрэвы, і калыхаліся грывастыя купы-травы, і звінелі ўвішныя ручайкі-крыніцы.

Здалёк за ёю ціха, асцярожна клыпаў бусел.

Ён ішоў па той сцяжыне, якую пракладала маці. І калі яна запынялася, каб агледзецца, перавесці дых, запыняўся і бусел. Калі яна зрушвала з месца, імкнуўся наперад і ён. Іх як бы нешта злучала, радніла, збліжала — ці то боль, ці то гора, ці то нешта іншае, таемнае і значнае.

Свяціла сонца, налятаў астуджаны вышынёй вецер, пакалыхваліся дрэвы, прытоена булькатала па баках спрадвечная твань, а па грэблі нячутна ішла пачарнелая ад гора і страшнай бяды маці.

Следам за ёй белым ценем рухаўся бусел.

Ворагі маўчалі. Усё бліжэй і бліжэй чорная шарэнга-сцяна.

Рукі млеюць, ногі дрыжаць, падкошваюцца. Сэрца стогне, трапеча, плача. Але ў вачах — кіпень гневу, у вачах — гордасць і дзёрзкасць.

«Во я тут, з сынам! Паглядзіце, які ето ў мяне сын!» — хоча яна крыкнуць, вымавіць голасна, адчайна, на ўвесь свет, але не можа. Сціснуты грудзі горам, як каменем, зліпліся апаленыя слязьмі вусны.

Маці спынілася за некалькі крокаў ад гэтай страшнай сцяны. Прыўзняла галаву, вышэй ускінула сына. У яе руках ён быў лёгкі і зграбны. Белагаловы, ён быў, як воблака.

Гаўптштурмфюрэр Клемке выйшаў наперад.

— Ты дрэнная маці, ты нарадзіла звера! — крыкнуў ён апантана і выстраліў ва ўпор з пісталета.

Чорная сцяна пагрозліва забрынкала жалеззем...

На грэблі стаяў бусел. Ён павёў па баках доўгай чырвонай дзюбай, агледзеўся. Маці нерухома ляжала на зямлі, моцна абняўшы сына.

Бусел варухнуў параненым крылом, варухнуў лёгка і спрытна. Боль знік, крыло стала на месца. І тады бусел зрабіў два імклівых падскокі, шырока і радасна распасцёр крылы. Паветра спружыніста ўдарыла ў яго мяккія белыя грудзі, падхапіла, падкінула, панесла.

Бусел хутка і спрытна набіраў вышыню. Здавалася, Лявонава мужнасць, любоў маці нейкімі патаемнымі імпульсамі перакінуліся да птушкі, далі ёй дужасць, упэўненасць рухаў.

Чорная сцяна раскалолася, пагрозна ракатнула чорным жалеззем. Салдаты ўхапіліся за карабіны і аўтаматы. Загрымелі стрэлы.

Але птушка, лёгкая, як воблачка, яркая, як прамень, падымалася к сонцу, к жыццю.

1961 — 1980 гг.


1961-1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Гамолка М. Сокалы-сакаляняты: Аповесць: Для ст. шк. узросту / Маст. Ю.В. Пучынскі. - Мінск, Юнацтва, 1987. - 205 с.: іл.
Крыніца: скан