epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Гіль

На дваццатай вясне

У самым цэнтры вёскі Доктаравічы Капыльскага раёна, якраз насупраць аўтобуснага прыпынку, расце малады сквер. Сярод дрэў узвышаецца шэрагранітны абеліск. Справа ад сквера — Дом культуры, злева — будынак пошты і гасцініцы, а ў глыбіні — невялікі белацагляны дамок. Вузкая асфальтаваная сцяжынка вядзе да яго высокага ганка. Шыльда ля дзвярэй паведамляе, што у гэтым дамку — саўгасны «Музей баявой і працоўнай славы».

Будучы ў Доктаравічах у камандзіроўцы, завітаў я ў музей. Абмінуць яго не мог. І не таму, што спадзяваўся знайсці там нешта асаблівае, невядомае, незаўважанае раней нашым братам-газетчыкам. Зайшоў туды хутчэй па прычыне чыста чалавечай цікаўнасці — што там і як на самой справе, бо шчыра кажучы, не так і шмат яшчэ ў нас калгасных ды саўгасных музеяў, ды яшчэ вось такіх, як Доктаравіцкі, што месціцца ў спецыяльна выбудаваным для такой справы дамку. Зайшоў — і не пашкадаваў. Нечакана пашчасціла мне дакрануцца, а мо крышачку і далучыцца да аднаго на дзіва чыстага, светлага, натхнёнага жыцця — на жаль, вельмі кароткага...

У першым пакоі, а па сутнасці ў калідорчыку на сцяне вісяць партрэты тых жыхароў Доктаравіч і іншых саўгасных вёсак — воінаў і партызанаў,— якія не вярнуліся з вайны, якія аддалі свае жыцці ў змаганні з фашызмам. Сярод іх кінуўся ў вочы партрэт юнака, амаль падлетка. Прачытаў подпіс: Уладзімір Ясючэня. Пад ім — даты: 1924—1944. Гэтыя даты найбольш запынялі позірк: усяго дваццаць. Потым, пільней ужо, узіраўся я ў прыгожы, малады, зусім яшчэ юначы твар: багатая і, відаць, непадатлівая чупрына, высокі лоб, прамы, вастраваты нос, тонкія, нервовыя вусны, праніклівы, нейкі самотна-трывожлівы пагляд вачэй. І ці таму, што больш ні пад адным партрэтам даты нараджэння і смерці не збягаліся так блізка, ці таму, што ў паглядзе юнака было сапраўды штосьці балесна-трывожлівае, твар Валодзі Ясючэні (называць яго сталым імем Уладзімір неяк не хацелася) доўга яшчэ стаяў перад маімі вачамі.

У мемарыяльнай зале музея маю ўвагу прыцягнула папка з надпісам: «Пісьмы з фронту». Разгарнуў яе. Пажаўцелыя ад часу лісткі былі складзены салдацкімі трохкутнічкамі, а цяпер старанна разгладжаны. Узяў адзін з іх у рукі. Уверсе — дата: 20 снежня 1944 года. Вочы прабеглі радкі:

«Лёс вырашае жыццё. Хай загіну і я ў будучых рашаючых баях, але за кроў сваіх любімых братоў я клянуся сурова адпомсціць праклятым фрыцам...»

Перавярнуў лісток і — не паверыў сваім вачам: гэта быў ліст Валодзі Ясючэні, яго пісьмо ў родную вёску Станькі, адрасаванае маці, бацьку, сястры і брату..,

У папцы аказалася больш чым дзесяць Валодзевых пісьмаў. Наступнае было датавана 10 студзеня 1945 года:

«Дарагі Ваня! Вельмі буду прасіць цябе, прагледзь харашэнька ўсе мае папяровыя архівы, але нічога не выкідвай, асабліва мае вершы (сшыт. «Раннія творы», «Першыя крокі», «Мара» і ліст з пяццю вершамі пад псеўданімам Б. Каліна). Там ты сустрэнеш шмат чаго цікавага з літаратуры — прачытай і зноў акуратна зберагай, як і розныя выразкі, дзённікі, а таксама газеты...»

Стоп! Вось яно што! «Мае вершы»? Сшыткі «Раннія творы», «Першыя крокі», «Мара»? Малады паэт? Няўжо? Няўжо гэта ўгадвалася мне ў тым праніклівым паглядзе юнака?

Я прысеў да стала і пачаў гартаць астатнія пісьмы. /

«14 студзеня 1945 года.

Наступнага пісьма чакайце ўжо з-за Віслы, калі лёс не здрадзіць і я шчасліва фарсірую раку...

26 студзеня 1945 года.

Не крыўдуйце, што доўга не пісаў. Мы ідзём усё далей на захад, так што пошта не паспявае нас даганяць. Мне ўжо вядома, што 27 снежня 44 года прыехаў дадому Ваня. Я гэтаму вельмі рады. Дарагі Ваня! Глядзі па карце горад Бромберг (яго мы ўжо даўно ўзялі), Віслу перайшлі з 16 на 17 студзеня ўначы. Прасоўваемся імкліва...

28 студзеня 1945 года.

Паведамі, Ваня, ці атрымалі вы мае вершы, дакументы, хусцінку і інш., якія я выслаў у пачатку студзеня...

30 студзеня 1945 года.

Дарагія мае! Паведамляю, што я жывы і здаровы, знаходжуся ўжо на тэрыторыі Германіі...

3 лютага 1945 года.

Дарагі Ваня! Хачу табе паведаміць, што мяне прадставілі да ўзнагароды Славай трэцяй ступені. Гэта мяне радуе, я буду біць ворага яшчэ лепш. У апошні час мы прынялі шмат баёў, магчыма, скора пойдзем на адпачынак...

13 лютага 1945 года.

Чытаў сваю заметку «Блізкі час расплаты». Яе прыслалі мне з рэдакцыі «К. К.»...

16 лютага 1945 года.

Пасылаю падзяку за ўдзел у баях за горад Дойч-Кроне. Зберажы, Ваня. Усё, што я перасылаю, зберагай, дарагі брат... З навін скажу, што я ўзнагароджаны медалём «За адвагу»...

22 лютага 1945 года.

Да Берліна засталося кіламетраў з пяцьдзесят...

25 лютага 1945 года.

Дарагі Ваня! Літаратуру беражы, асабліва мае рэчы — вершы і апавяданні. Напішы, ці атрымалі мае вершы, якія я паслаў яшчэ ў студзені. Зберажы іх...

3 сакавіка 1945 года.

Яшчэ раней я паслаў вам падзяку за г. Дойч-Кроне, зараз пасылаю другую — за сталіцу Польшчы Варшаву...»

Наступны ліст напісаны іншаю рукою:

22 сакавіка 1945 года.

Паважаныя бацькі! Цяжка пісаць, але ўсё ж пішу і паведамляю, што ваш сын Уладзімір адважна загінуў у жорсткіх баях 12.ІІІ.1945 года з нямецкімі захопнікамі, а скора пасля гэтага пісьма вы атрымаеце і пахавальную запіску і дакументы і даведаецеся, дзе ён пахаваны. Быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Вось што я вам хацеў паведаміць. Гэта пісаў пісар роты Ільін Міхаіл Мацвеевіч».

І яшчэ адно пісьмо аказалася ў папцы:

«Добры дзень, тав. Ясючэні!

У першых радках прашу вас прабачыць мне за маё пісьмо да вас. Але я вырашыў паведаміць вам пра лёс вашага сына Уладзіміра. Я яго баявы таварыш, з ім я ўдзельнічаў у баях са жніўня 44 г. Спачатку былі ва ўчэбным батальёне. Валодзя быў курсантам, а я быў яго камандзірам аддзялення. Ён быў лепшым курсантам майго аддзялення. Пасля, як яму прысвоілі званне сяржанта, мы з ім трапілі на перадавую, дзе ўдзельнічалі ў баях да ракі Одэр. Разам фарсіравалі раку Віслу, бралі гарады. Заўсёды ў цяжкую хвіліну памагалі адзін аднаму. Былі разам узнагароджаны медалямі «За адвагу». І вось у адным гарачым баі на р. Одэр мне давялося страціць лепшага таварыша па зброі Валодзю, дзе яго забіла мінай, а мяне параніла ў нагу. Пахаваны Вова ў мястэчку Грайфенхаген на беразе р. Одэр. У мяне застаўся яго аўтамат № 526, з якім ён фарсіраваў раку Віслу і ўдзельнічаў у баях па ўзяцці Варшавы. З яго аўтаматам я фарсіраваў р. Одэр, быў у баях за Берлін, за што атрымаў падзяку і ордэн Айчыннай вайны ІІ ст., і выйшаў на р. Эльбу...

Валодзеў друг Аляксей Гімпель».

Вось і ўсё. Я машынальна перагортваў папку, нібы спадзеючыся адшукаць яшчэ што-небудзь, але больш там нічога не знаходзілася. Жанчына, якая адчыніла мне музей, не магла нічога ні дадаць, ні растлумачыць. Праўда, яна дазволіла мне пакорпацца ў шафе, дзе ляжала тое, што не трапіла на музейныя стэлажы і стэнды. Знайшоў там дзве кніжкі, прысланыя рэдакцыяй газеты «Піянер Беларусі» лепшаму «дзяткору Валодзю Ясючэня)», грамату, якой Валодзя быў узнагароджаны гэтай жа рэдакцыяй за актыўны ўдзел у літаратурнай гульні, некалькі газетных выразак з яго допісамі і некалькі вершаў — таксама газетныя выразкі — з подпісам: «В. Ясючэня. Доктаравіцкая СШ».

І ўсё? А сшыткі, пра якія Валодзя так турбаваўся ў пісьмах да бацькоў і брата, а вершы, якія ён дасылаў дадому з фронту?

— Больш у музеі нічога няма,— адказала жанчына.

— А бацькі яго дзе жывуць?

— Хто яго ведае. Гэта ж у Станьках. А брат яго, той, што ў пісьмах упамінаецца, Ваня, бухгалтарам у саўгасе робіць...

Сустрэўся я з Іванам Мікалаевічам Ясючэнем. Ён шмат расказаў пра Валодзю, пра тое, з якой ахвотай ён вучыўся — спачатку ў Ванелевіцкай сямігодцы, а пасля, адзін год перад вайной, у Доктаравіцкай СШ, з якой прагнасцю чытаў кнігі; пра тое, як хораша — з самых малых гадоў — маляваў, пра Валодзеву дружбу з паэтам-земляком Аляксеем Коршакам (цяпер іхнія партрэты ў музеі — побач); пра тое, з якой сур’ёзнасцю ставіўся да сваіх літаратурных спроб...

— Міша, старэйшы брат, прыахвоціў яго да чытання, да літаратуры. Брат настаўнікам быў. Не прыйшоў з вайны, як і Федзя, трэці мой брат. Міша быў разумны хлопец, а Валодзя, відаць, абскакаў бы і яго. Чыталі пісьмы, бачылі, як ён піша? Ніводнай памылкі! А почырк які?.. Ды што цяпер казаць... Каб жыў, то... На дваццатым годзе галаву склаў...

— Іван Мікалаевіч, а сшыткі Валодзевы? Дзе яны? Захаваліся?

— Няма сшыткаў. Толькі тое, што ў музеі. Было шмат папер, але ж — такое жыццё было, хай яно спрахне! Бацька і маці ад гора зайшліся, памерлі, потым — сястра-гаротніца... Хату перацягваў на новае месца... Каб жа тое знаццё, што зацікавіцца хто... А мо і аддаў каму. Помню, пасля вайны прыязджаў да мяне адзін чалавек з газеты раённай, з Капыля. Мо ў яго што захавалася...

Удалося мне спаткацца і з тым чалавекам, які працаваў неўзабаве пасля вайны ў Капыльскай раённай газеце. Але ў адказ пачуў:

— Памятаю, быў у Ясючэні і сшыткі тыя бачыў, нават гартаў, але ж я нічога, ніводнага сшытка не браў...

Значыць, загінулі. А шкада. Тая настойлівасць, з якой Валодзя наказваў у пісьмах з фронту берагчы яго сшыткі, сведчыць, што пісанне вершаў было для яго душэўнай патрэбай, што ён вельмі даражыў сваімі спробамі пяра і звязваў свой лёс з будучай сур’ёзнай літаратурнай працай. Чамусьці хочацца думаць, што каб не тая фашысцкая міна, якая абарвала яго жыццё на дваццатай вясне, сярод імёнаў сённяшніх нашых паэтаў было б і імя Уладзіміра Ясючэні — юнака (ён назаўсёды застаўся юнаком) з чыстай душой, гарачым сэрцам патрыёта і светлымі, высокімі помысламі. Гэта, мне думаецца, пацвярджаюць і тыя яго вершы, якія выпадкова ацалелі. І таму да гэтай згадкі пра светлы воблік юнака з капыльскай вёскі Станькі хочацца далучыць і ягоныя — няхай сабе няспелыя яшчэ — паэтычныя радкі.

Вось яны. Чатыры вершы Уладзіміра Ясючэні — не, Валодзі Ясючэні, якія нейкім чынам зберагліся ад даваеннага часу. Не ведаю, як каму, а мне яны падабаюцца, мяне яны хвалююць. Асабліва — «Прыйдзі на мілае спатканне». Чамусьці верыцца, што гэты верш трапіць урэшце на вочы якому-небудзь нашаму кампазітару і стане песняй.

 

КРАІНА

Быццам сад вясною, ты цвіцеш, краіна,

Пад яскравым сонцам слаўнага Крамля.

Расцвітаюць ўсюды ружы, бэз, вяргіня,—

Пяе, весяліцца радасна зямля.

Мы жывём багата, весела, шчасліва —

Знік і праваліўся бескультур’я след,

Дарагою стала кожная хвіліна —

Мы расцём, мужаем, творым новы свет.

На заводах нашых сталь ракою льецца,

Ля станкоў работа дружная кіпіць.

Каля школы ранкам дзетвара смяецца —

Як шчасліва й добра у краіне жыць!

 

НОЧ НА РЭЧЦЫ

Кінуў месяц на рэчку святло,

Заблішчала, бы люстра, вада.

Каля поплаву спала сяло.

Над вадою драмала вярба.

Кучаравы спавіў вербалоз

Бераг рэчкі — круты, як абрыў.

Спала ўсё. Толькі вецер між лоз

Безумоўку шаптаў-гаварыў...

Бор за рэчкай маўкліва стаяў,

Як той дзед-вартаўнік ля гумна.

І туман у нізіне апаў —

Панавала вакол цішыня.

 

ПРЫЙДЗІ НА МІЛАЕ СПАТКАННЕ

Прыйдзі на мілае спатканне,

Дзяўчынка любая мая!

Прабудзем разам да світання

І будзем слухаць салаўя.

Нас стрэнуць першыя праменні,

Узыдзе сонца за гарой,

І папаўзуць даўгія цені —

Тады расстанемся з табой...

Рака дыміцца у тумане,

Шуміць пад ветрам вербалоз.

Дзяўчынка, сэрца не трывож —

Прыйдзі на вернае спатканне.

 

НА НАЧЛЕЗЕ

Рассыпаліся ў небе зоры,

Нібы сярэбраны пясок.

Ўзлятаюць іскры-метэоры,

І дрэмле месяц-каласок.

За рэчкаю пасуцца коні.

Туман валокны разаслаў.

Цямнее лес. На бабкі ў полі

Адзела пацеркі раса.

Алешнік стыне над ракою,

Звіняць музыкі-камары

І не даюць спачыць нікому

Ля куста свежае травы.

Усход ружовасцю палае,

І песню драч сваю вядзе...

Чакаць нядоўга — рассвітае,

Настане новы ў шчасці дзень.

 

Усяго чатыры вершы. І, можа быць, не лепшыя сярод таго, што паспеў напісаць Валодзя Ясючэня. Ды пэўна ж не лепшыя, бо вершы — напісаныя рукою вучня сёмага-восьмага класа. Аднак жа будзем памятаць тое, што пісаў іх падлетак, які праз нейкія тры-чатыры гады аддасць жыццё за Радзіму.

Валодзя Ясючэня «адважна загінуў у жорсткіх баях»... Ужо за адно гэта ён варты нашай памяці. Ды памяць гэта робіцца куды больш балючай ад таго, што разам з ім загінулі няспетыя ім песні, якія — хто ведае! — сагрэлі б, усцешылі б не адно чалавечае сэрца...

У паэтычнай творчасці Уладзімір Ясючэня паспеў зрабіць толькі першыя крокі. Але яго імя мы можам ставіць у адзін рад з імёнамі Міколы Сурначова, Аляксея Коршака, Леаніда Гаўрылава і іншых беларускіх паэтаў, якія аддалі жыццё за Савецкую Радзіму ў час Вялікай Айчыннай. Рана, дачасна абарваліся іх маладыя жыцці. Усе яны яшчэ вельмі многа не паспелі зрабіць... Паспелі адно, галоўнае — да канца здзейснілі свой грамадзянскі подзвіг.

От і ўсё. За светлы край азёрны,

За вясну ў палёх,

Неба сіняе у кроплях зорных Я навек тут лёг.

Гэтыя словы Аляксея Коршака быццам прамаўляюць ад імя ўсіх, хто загінуў у суровай бітве з фашызмам, у тым ліку і ад імя Уладзіміра Ясючэні.


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Гіль, М. Пасеянае – узыдзе.: Нарысы. [Для ст. шк. узросту]. - Мн.: Юнацтва, 1985. - 109 с.
Крыніца: скан