epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Гіль

«Наш дарагі пісьменнік...»

І
ІІ
ІІІ


І

Шчаслівы, зайздросна шчаслівы лёс, які не так і часта выпадае на долю пісьменнікаў!

Ужо ў няпоўныя трыццаць гадоў да яго прыйшла шырокая — ці не ўсесаюзная — слава. І — прызнанне чытачоў.

З той пары слава гэтая расла і шырылася, даўно перасягнуўшы межы нашай неабсяжнай краіны. Кнігі яго знайшлі шырокую чытацкую аўдыторыю. Не ведаю, ці ёсць дзе-небудзь падагульняльныя звесткі аб колькасці ягоных чытачоў у Беларусі і ў краіне, толькі ўпэўнены, што колькасць гэтая вымяраецца дзесяткамі і дзесяткамі мільёнаў: вось ужо добрыя тры дзесяцігоддзі ён належыць да самых чытальных, самых папулярных савецкіх пісьменнікаў.

Лёс, вядома, быў да яго спагадны, аднак жа...

Яшчэ ў 1945 годзе, калі яму было ўсяго дваццаць чатыры, ён вызначыў для сябе задачу на ўсе наступныя гады: «пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць, не спыняцца ні на хвіліну». І ўсе наступныя гады цвёрда прытрымліваецца гэтага свайго самазапавету. Па здзіўляючай працавітасці і, натуральна, па дзівоснай шчодрасці свайго творчага плёну з ім наўрад ці можна каго параўнаць. За амаль чатыры пасляваенныя дзесяцігоддзі (а гэта гады яго творчай дзейнасці, бо першая аповесць апублікавана ім менавіта ў пераможным сорак пятым) ён напісаў надзвычай шмат. Так шмат, што нават ягоныя блізкія сябры (пра гэта не раз даводзілася чуць) часам здзіўляліся і здзіўляюцца: як ён паспявае, як выкройвае час сярод сваёй заўсёднай занятасці, як яго стае на такую знясільваючую працу пры ягоным далёка не волатаўскім здароўі?

«Пісаць і яшчэ раз пісаць...» Гэтыя словы сталі дэвізам ягонага жыцця не ад юначага самалюбства, не ад жадання што б там ні было здабыць вядомасць і славу. У дваццацічатырохгадовага настаўніка і сакратара сельсавецкай партарганізацыі за плячамі былі гады вучобы і працы і чатыры гады вайны (ваяваў на Поўначы, перамогу сустрэў на Одэры) — гады горычы і болю, страт і пакут, гады подзвігаў і велічы чалавечага духу, гады цяжкіх роздумаў, заўчаснай сталасці і суровых пераацэнак многіх ранейшых каштоўнасцей. Гады вайны былі для яго адначасова і гадамі літаратурнай вучобы — у зацішныя між баямі хвіліны ён шмат пісаў (найбольш вершы, па-беларуску і па-руску, друкуючы апошнія ў армейскіх газетах, пісаў між радкамі руска-фінскіх слоўнікаў, якія купіў у Кандалакшы некалькі штук, бо з паперай па тым часе было цяжкавата).

З маладой апантанасцю акунуўся ён і ў мірную працу. Яго хапала на ўсё. Удзень працаваў у школе, увечары ішоў у адзін з шасці калгасаў сельсавета, каб сустрэцца з камуністамі, пагутарыць з імі, правесці сход ці семінар агітатараў. А ўначы — пісаў. Пісаў пры газнічцы, пры акне, праз якое дзьмуў халодны вецер і на стол церусіўся снег, бо паловушыбак у акне замяняла фанера, а рэшта была злеплена з розных кавалачкаў шкла...

Затое пазней, калі прыступаў да напісання рамана пра пасляваеннае жыццё вёскі, ён меў багата жыццёвага матэрыялу. У аўтабіяграфіі, змешчанай у кнізе «Пяцьдзесят чатыры дарогі», напісанай ужо ў верасні 1962 года, ён адзначыў: «У мяне быў вагон цудоўнага матэрыялу для рамана аб першых пасляваенных гадах вясковага жыцця (я гэта перажыў сам)».

Той малады імпэт — быць у курсе жыцця, прага сустрэч з самымі рознымі людзьмі, ведаць іх клопаты, радасці і турботы, жыць адным жыццём з народам і краінай — спадарожнічае яму ўсе гады, і менавіта гэтая яго чалавечая і грамадзянская няўрымслівасць давала і дае яму багаты і цікавы матэрыял для яго раманаў і апавяданняў, п’ес і аповесцей. І гэтая ж няўрымслівасць, глыбокая зацікаўленасць жыццём народа і краіны нараджала пафас ягоных кніг, вызначала іх надзвычайную надзённасць і актуальнасць.

Жыццё не стаіць на месцы. Яно ніколі не стаяла на месцы. Але асабліва бурны і імклівы яго поступ у наш рэактыўны, атамны, касмічны, электронны дваццаты век. Куды ні кінь вокам, паўсюль адбываюцца дзівосныя, часта жаданыя, а зрэдзь часу пе зусім жаданыя, перамены. Перамены не толькі вонкавыя, але і ўнутраныя. Перамены пе толькі ў побыце, у звычках і паводзінах людзей, але і ў іх псіхалогіі, светаўспрыманні. На вачах мяняецца тое, што яшчэ зусім нядаўна ўяўлялася непарушным, непадуладным ніякім зменам.

Вось, калі ласка. Мы, нядаўнія дзеці вёскі, вяртаючыся ў яе сёння, ужо пе знаходзім яе, вёскі пашага пасляваеннага дзяцінства. Не пазнаём часта, на жаль, і людзей, якіх ведалі, здавалася, надта добра і блізка. У вёсцы за апошнія гады вырас новы чалавек — адукаваны, дасведчаны, культурны, узброены першакласнай тэхнікай, сапраўдны гаспадар зямлі і свайго лёсу. А мы па звычцы бачым сваіх землякоў усё тымі ж колішнімі дзядзькамі Тодарамі ды цёткамі Марылямі. Занадта часта нас, і старэйшых, і маладзейшых літаратараў, абганяе хуткаплынны час.

Затое яго, нашага пісьменніка, папракнуць у такім граху ніяк нельга. Бо няма ў нас, бадай, нікога, хто б так чуйна адгукаўся на покліч жыцця, як ён. Хто б так аператыўна заўважаў парасткі новага ў нашым жыцці, як ён. Хто б так дакладна акрэсліваў новыя, спароджаныя часам, канфлікты і праблемы, як ён. Хто б так мэтанакіравана і з усёй самааддачай змагаўся за вырашэнне гэтых канфліктаў і праблем, як ён.

Гэта — адна з самых характэрных адметнасцей яго ваяўнічай — у самым добрым сэнсе гэтага слова — творчасці. Ужо гэтай сваёй рысай яго творчасць прыцягвае пільную ўвагу чытача. Сваю ж сапраўдную вартасць яна набывае ў спалучэнні з другой сваёй адметнасцю. Пісьменнік на покліч жыцця адгукаецца не аднадзёнкамі, не бяскрылымі агіткамі, а паўнакроўнымі мастацкімі творамі, у якіх дзейнічаюць не выдуманыя героі, не носьбіты пэўных якасцей, лозунгаў дня ці аджыўшых уяўленняў, а выхапленыя з жыцця рэальныя чалавечыя асобы, характары і тыпы, пададзеныя з тонкім разуменнем складанасці чалавечага жыцця, людскіх лёсаў, спраў і ўчынкаў. Многія з герояў яго кніг выпісаны з такой сілай мастацкага абагульнення, іх вобразы з такой паўнатой выявілі тыя ці іншыя з’явы нашага жыцця, што, прыйшоўшы з кніг, сталі назыўнымі імёнамі гэтых з’яў у рэальным жыцці.

І трэцяе, што спрыяе незвычайнай папулярнасці кніг пісьменніка сярод чытачоў,— іх займальнасць. Пісьменнік надзелены зайздросным умельствам пісаць цікава. У ніводнай з ягоных кніг не знойдзеш паўзучай апісальнасці, сюжэтнай нявыверанасці, кампазіцыйнай рыхласці. Яго кнігі чытаюцца з захапленнем ад першай да апошняй старонкі. Часам нават здаецца, што пісьменнік ці не занадта шмат увагі аддае сюжэтна-кампазіцыйнай будове сваіх твораў, ці не знарок са здзіўляючай віртуознасцю падтрымлівае чытацкі інтэрас «а што далей?». Можа быць, і так. Але затое — і гэта вельмі і вельмі немалаважна — чытач над старонкамі яго кніг не сумуе.

Хто ж гэты пісьменнік?

Чытач, напэўна, даўно здагадаўся. Так, гэта народны пісьменнік рэспублікі Іван Пятровіч Шамякін, аўтар кніг «Глыбокая плынь», «У добры час», «Крыніцы», «Трывожнае шчасце», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Гандлярка і паэт», «Шлюбная ноч», «Вазьму тваю боль», «Петраград — Брэст»... Бадай, кожная з іх па меры выхаду ў свет станавілася не проста з’явай нашага літаратурнага жыцця, а набывала шырокае грамадскае гучанне, выклікала ўсеагульную і гарачую зацікаўленасць самага масавага чытача.

У Івана Пятровіча ёсць, і гэта таксама шчасце пісьменніка, свой чытач — надзейны, даверлівы, адданы. Пра тое, як нараджаўся і мацаваўся гэты ўзаемны чытацка-пісьменніцкі давер, пра пісьменніцкую пошту Шамякіна, пра яго ўзаемадачыненні з чытачом — гэты расказ.

ІІ

У розны час чытач адкрывае свайго пісьменніка. Адкрывае часам і выпадкова. Але калі гэтае адкрыццё адбываецца, калі чытач сапраўды ў нейкі момант адчуў, што аўтар той ці іншай кнігі — «яго» пісьменнік, тады гэты чытач не праходзіць міма ніводнай наступнай кнігі, напісанай гэтым пісьменнікам.

Да Шамякіна ягоны чытач, як я ўжо казаў, шчасліва прыйшоў з першай кнігай — «Глыбокай плынню». Раман не мог не прыцягнуць увагі хоць бы ўжо тым, што гэта была адна з першых кніг пра партызанскую барацьбу на Беларусі. Менавіта тады, пасля «Глыбокай плыні», атрымаў малады яшчэ аўтар першыя чытацкія пісьмы. Яны ўсцешылі яго, трэба думаць, не менш, чым добрыя словы крытыкаў і старэйшых таварышаў па пяру, бо разуменне таго, што прызнанне чытача — самая вышэйшая і самая сапраўдная ацэнка вартасці пісьменніцкай працы, прыходзіць да літаратара яшчэ задоўга да паяўлення ягонай першай кнігі.

Зрэшты, мне не варта, бадай, і рабіць тут гэтае дапушчэнне. Пісьменнік з першых крокаў сваёй літаратурнай работы, канечне ж, думаў пра свайго чытача. Думаў не для таго, каб падладзіцца пад яго, патрапіць яму, заваяваць яго сімпатыі і давер. Думка пра чытача стрымлівала яго ў хвіліны, калі раптам бег пяра па паперы рабіўся занадта лёгкі; падбадзёрвала ў час, калі вочы змружвала стома; натхняла і падтрымлівала тады, калі хацелася кінуць-рынуць усё і ніколі больш не сядаць за стол — бываюць у пісьменнікаў і такія хвіліны. Ён думаў пра чытача, бо спадзяваўся, бо хацеў, каб ягонае слова адазвалася жывым водгукам у чыёйсьці душы, каб узышло там добрым зернем цеплыні, дабрыні, справядлівасці. І чытач адказаў яму даверам на давер, сказаў першае «дзякуй», якое напачатку асабліва дарагое і патрэбнае пісьменніку.

Пра сваіх чытачоў Іван Пятровіч гаворыць і піша з вялікай павагай, нават з любоўю. Мне неаднойчы даводзілася гутарыць з пісьменнікам, браць у яго інтэрв'ю. І, памятаю, заўсёды, калі заходзіла гаворка пра ягоныя пісьменніцкія ўзаемадачыненні з чытачамі, твар яго святлеў, паяўлялася на ім тая добрая шамякінская ўсмешка, якая заўсёды паяўляецца тады, калі пісьменнік прыгадвае ці гаворыць пра дарагіх для сябе людзей — пра сяброў і блізкіх.

Не, ён не перабольшвае значэння і вартасці чытацкіх пісьмаў. Вядома, прыемна ведаць, што цябе чытаюць, што твае кнігі любяць, што зусім незнаёмыя людзі прысылаюць табе добрыя словы ўдзячнасці, зычаць здароўя, новых творчых здабыткаў. Аднак жа тыя чытачы, што пішуць, дакладней — асмельваюцца пісаць пісьменніку, бываюць і надакучлівыя, і бесцырымонныя (пра гэта — пазней). Іван Пятровіч куды з большай ахвотай гаворыць пра чытача ўвогуле, пра тых безыменных і зусім незнаёмых людзей розных узростаў, заняткаў, становішча ў грамадстве, якія сам-насам разгортваюць ягоныя кнігі і твораць над ім, пісьменнікам, свой маўклівы і строгі суд. І дарма, што кожны такі канкрэтны прысуд застаецца невядомы пісьменніку. Затое яго сумарны водгук усё ж — рана ці позна — вяртаецца да пісьменніка, вяртаецца рознымі шляхамі і ў рознай форме. Найперш вяртаецца той агульнай думкай, якая паступова перарастае ў грамадскую ацэнку ягонай творчасці.

Вось найперш гэтага масавага чытача і шануе Іван Шамякін, яго ён меў на ўвазе, калі называў кнігу сваіх артыкулаў, выступленняў і дзённікавых запісаў «Размова з чытачом».

На адной са старонак гэтай кнігі пісьменнік з уласцівай для яго шчырасцю піша: «Нядаўна я недзе прачытаў, што пісьменніку ўсё творчае жыццё прыходзіцца трымаць экзамен. Як вечнаму студэнту. Гэта сапраўды так. Кожная кніга, кожны твор і, нарэшце, кожная сустрэча з чытачамі ў любой іншай форме — гэта экзамен. І такое ж хваляванне, як у студэнта, толькі, відаць, больш працяглае і моцнае. Адным словам, усё жыццё на нервах.

Праўда, усе мы розныя як чалавечыя асобы. Адны стараюцца трымаць гэты экзамен перад крытыкамі. Іншыя ж аддаюць перавагу чытачам, перад якімі экзаменуюцца. Я, напэўна, належу да апошніх. Ведаю, што некаторыя крытыкі-прафесіяналы такім пісьменнікам кідаюць папрокі: маўляў, працуюць на чытача. Але што зробіш — такая асаблівасць, народжаная ці выхаваная — цяжка сказаць. Я — грэшны, прызнаюся — стараўся працаваць на чытача. Па ўзору партыйных прапагандыстаў. Відаць, сапраўды гэта выхавана ў мяне, бо я ўсё жыццё быў прапагандыстам: сакратаром камсамольскага бюро ў тэхнікуме, камсоргам і парторгам у арміі, сакратаром партарганізацыі ў сельсавеце, сакратаром партбюро СП і, нарэшце, пасада сакратара праўлення СП, якую я займаю многа год,— гэта таксама ў пэўнай ступені абавязкі партыйнага прапагандыста ў творчай арганізацыі».

Гэта Іван Пятровіч гаварыў яшчэ ў 1971 годзе, на ўрачыстым вечары, прысвечаным свайму 50-годдзю. «Стараўся працаваць на чытача...» Прызнанне прагучала як своеасаблівае падсумаванне зробленага, як акрэсленае пісьменніцкае крэда. А кіраваўся ён ім, зазначу яшчэ раз, здаўна, з самага пачатку. Не ўвага літаратурных снобаў, можа, нават не ўвага прафесіянальных крытыкаў трывожыла, турбавала яго, дадавала ахвоты працаваць. Найпершым клопатам яго была ўвага чытача, чытацкая ацэнка і разуменне.

У 1954 годзе ён гаварыў з трыбуны ІІІ з’езда пісьменнікаў Беларусі: «Мы не маем права пісаць нецікава. Па ўласнаму вопыту кожны з нас добра ведае, што кніжка, якая чытаецца з цяжкасцю, праз кожныя дзесяць старонак якой хочацца пакурыць, адпачыць і перакусіць,— такая кніжка губляе свае эмацыянальнае ўздзеянне на чытача, а значыцца, губляе сваё выхаваўчае значэнне. Сумныя творы могуць прыносіць карысць толькі адной катэгорыі людзей, а іменна тым, якія пакутуюць ад бяссонніцы.

Не на такога чытача мы павінны арыентавацца, а на чытача здаровага целам і духам, бадзёрага, уражлівага і ўдзячнага за ўсё тое добрае, што мы, пісьменнікі, адкрываем яму.

Мы павінны пісаць такія творы, пры чытанні якіх у чытача, асабліва маладога, учашчаўся б пульс і ён забываўся б на ўсё і не здолеў бы закрыць кніжку да таго часу, пакуль не прачытаў бы апошнюю старонку, а пасля некалькі дзён хадзіў бы пад уражаннем прачытанага. Мне здаецца, толькі такія творы, безумоўна, напісаныя з пазіцый сацыялістычнага рэалізму, акажуць дзейсную дапамогу нашай партыі ў высакароднай справе выхавання маладога пакалення».

Я прывёў гэтую даўгаватую цытату таму, што яна мае дачыненне не толькі да прадмета нашай гаворкі: Шамякін і яго чытач. Ягонае пажаданне не страціла свайго значэння і сёння, а можа, гучыць нават яшчэ больш актуальна, чым у 1954 годзе. Будзем шчырымі і пагодзімся, што многія нашы кнігі занадта падоўгу спакойна стаяць на паліцах бібліятэк і не трапляюць да чытача часта менавіта па той прычыне, што напісаны яны нецікава, што ў іх замала неабходнай — здаровай, канечне — займальнасці.

І. Шамякін, з павагі да свайго чытача, ніколі не дазваляў сабе апускацца да простай фіксацыі жыццёвых з’яў і выпадкаў. Ён распрацоўвае сюжэты кожнай сваёй кнігі. Пытанні формы мастацкага твора ён лічыць прынцыпова важнымі, яны займаюць яго пастаянна. І ў кожнай яго развазе, у ягоных турботлівых клопатах пра літаратурную творчасць — сваю і сваіх калег-таварышаў — заўсёды на першым плане чытачы, тыя, каму ён самаахвярна служыць кожным сваім радком, ад каго спадзяецца пачуць сардэчнае і самае справядлівае — бо аб’ектыўнае, не залежнае ні ад якіх павеваў моды і кан’юнктуры — слова ўдзячнасці, разумення і падтрымкі.

Пісьменніцкая пошта І. Шамякіна надзвычай аб’ёмістая. Яму пісалі і пішуць з самых розных куткоў краіны. Ён у гэтым сэнсе, канечне, не нейкае выключэнне. Пастаянная і цесная сувязь пісьменніка са сваімі чытачамі — самая адметная, самая характэрная рыса савецкай літаратуры. У капіталістычным грамадстве ніводзін пісьменнік не сустракаецца так часта са сваімі чытачамі (прыгадаем шматлікія чытацкія канферэнцыі, творчыя вечары, шматлюдныя кніжныя базары, літаратурныя дні, тыдні і дэкады, розныя іншыя сустрэчы і кантакты пісьменнікаў з чытачамі) і не атрымлівае столькі чытацкіх пісьмаў, як савецкі пісьменнік. За гады Савецкай улады ў нашай краіне выхаваны прынцыпова новы чытач, які даўно і начыста адкінуў колішнюю форму ўзаемаадносін пісьменнікаў і чытачоў: пісьменнік папісвае, чытач пачытвае. Наш савецкі чытач ведае, што пісьменнік працуе для яго, і таму лічыць не толькі сваім правам, але і абавязкам напісаць пісьменніку, падзяліцца з ім сваімі думкамі і развагамі аб прачытаным творы, атрымаць ад пісьменніка адказы на пытанні, што ўзніклі ў яго пры знаёмстве з кнігай.

Напачатку Іван Пятровіч стараўся адказваць на кожнае пісьмо чытачоў. Але з цягам часу пісьмаў пачало прыходзіць столькі, што адказваць на ўсе ўжо не было магчымасці — не хапала ні часу, ні фізічных сіл. Асабліва багатую чытацкую пошту меў раман «Сэрца на далоні»: пасля яго выхаду ў свет пісьменнік штодня атрымліваў дзесяткі пісьмаў. І тады, каб не крыўдзіць сваіх чытачоў няўвагай, пісьменнік парашыў адказаць ім праз газету.

Так у 1965 годзе нарадзіўся ягоны артыкул «Размова з чытачом», які спачатку быў апублікаваны ў газеце «Советская Белоруссия», а ў 1973 годзе ўвайшоў у згаданую ўжо аднайменную кнігу. У «Размове з чытачом» І. Шамякін адказвае галоўным чынам на чытацкія пытанні адносна рамана «Сэрца на далоні», аднак шмат гаворыць і наогул аб сваіх узаемадачыненнях з чытачамі, а таксама, задавальняючы іх неспатольную цікаўнасць, прыадчыняе дзверы ў сваю творчую лабараторыю.

Пытанні, з якімі чытачы звярталіся да пісьменніка, былі самыя розныя. Часта пісалі не толькі пра раман. Многія карэспандэнты пісьменніка, усхваляваныя драматычнымі калізіямі твора, прыгадвалі нешта падобнае, што адбывалася з імі самімі ці з іхнімі знаёмымі, дзяліліся з аўтарам гэтымі згадкамі, шукалі ў яго адказу на свае сумненні, прасілі парады, чакалі спагады і падтрымкі. А што да рамана, то пытанні былі ў асноўным падобныя: раскажыце, як вы пісалі свой раман, як узнікла задума, як збіралі матэрыял, з чаго ўсё пачалося, у якой меры падзеі ў рамане адпавядаюць падзеям у жыцці і яго вобразы — канкрэтным людзям і г. д.

«У іх, у гэтых пытаннях,— пісаў І. Шамякін у артыкуле,— відно прагнае жаданне чытачоў пранікнуць у творчую лабараторыю пісьменніка. Матывы такога жадання розныя. У адных — добрая інтэлігентная зацікаўленасць усё ведаць, другія думаюць, што ёсць асаблівы «пісьменніцкі» сакрэт, здабыўшы які можна самому лёгка і проста напісаць кнігу. Трэцім гэта патрэбна для сур’ёзнай практычнай работы, настаўнікам, напрыклад, выкладчыкам літаратуры».

Разумеючы ўсё гэта, пісьменнік тым не менш вядзе з чытачом гаворку памяркоўную, спаважную, засяроджаную і адказную. Перш чым адказаць на тое ці іншае канкрэтнае пытанне, ён шмат разважае аб прыродзе мастацкай творчасці наогул, падкрэслівае, што асноўны пісьменніцкі матэрыял — мільённаграннае, няспыннае ў сваёй імклівай плыні жыццё, якое і «дае мастаку і тэму, і ідэю, і вобразы, і фарбы мовы, гукі, палітру, і падказвае архітэктоніку — сюжэт, кампазіцыю».

І тут жа шчыра прызнаецца: «Напісаўшы некалькі раманаў, аповесцей, п’ес, дзесяткі апавяданняў, я не адважваюся з гэткай лёгкасцю сказаць, з чаго пачаўся той ці іншы твор, як з’явіўся зародак сюжэта ці вобраза і што было першае — тэма, ідэя, сітуацыя, характар. Усе гэтыя, на першы погляд, простыя рэчы на самой справе з’яўляюцца даволі глыбокімі аспектамі псіхалогіі творчасці».

Далей пісьменнік пераходзіць да размовы непасрэдна пра раман. З чаго і як пачалася работа над «Сэрцам на далоні»? — паўтарае ён пытанне чытачоў. І адказвае: «З маёй чалавечай, пісьменніцкай, партыйнай цікавасці да адной з гераічных старонак Вялікай Айчыннай вайны — гарадскога падполля, да гэтай своеасаблівай галіны ўсенароднай партызанскай барацьбы супраць акупантаў».

Падрабязна расказвае пісьменнік пра тое, як шукаў форму рамана, як дамагаўся таго, каб раман не расцягнуўся ў хроніку, не распаўся на часткі па перыядах жыцця — вайна і пасляваенны час, на што падштурхоўваў сам характар жыццёвага матэрыялу, які лёг у яго аснову.

«Я прыхільнік і дынамічнага сюжэта і адпаведна гэтакай жа дынамічнай кампазіцыі,— заўважае пісьменнік.— І мне прыйшлося патраціць яшчэ нямала часу, каб сканструяваць той каркас, які пасля і склаў сюжэтную аснову «Сэрца на далоні».

Мой метад: я не магу сесці за стол і «будаваць» з усімі «аддзелкамі» да таго часу, пакуль не маю ў галаве гэтага «сюжэтнага каркаса».

Гэтак жа падрабязна адказвае пісьменнік і на пытанні чытачоў аб адпаведнасці сітуацый рамана жыццёвым фактам, аб прататыпах асноўных герояў твора. З той жа шчырасцю і даверлівасцю ўводзіць чытача ў сваю «пісьменніцкую кухню», расказваючы аб рабоце над раманам, аб тым, у прыватнасці, як вывучаў працу хірургаў і працу маладых рабочых на заводзе.

Аб вялікім даверы пісьменніка да свайго чытача надзвычай красамоўна сведчаць яго наступныя радкі: «Многія чытачы, ды і многія крытыкі, сцвярджаюць, што медыкаў аўтар вывучыў лепш, чым брыгаду камуністычнай працы. Не буду спрачацца з імі. Скажу толькі, што ў працэсе гэтага вывучэння я зрабіў для сябе многа цікавых вывадаў, практычных і тэарэтычных. У асяроддзі маладых рабочых я зрабіў «адкрыцці» (бяру гэтае слова ў двукоссе таму, што адкрыцці такія вядомы многім), якія не лезлі ў даны раман, але, безумоўна, спатрэбяцца для будучай работы. З тэарэтычных высноў галоўная — гэта пацвярджэнне думкі, якую кожны з нас неаднойчы чытаў у сваіх настаўнікаў — вялікіх мастакоў мінулага: каб пранікнуць у сутнасць з’яў жыцця пэўнага сацыяльнага асяроддзя, пісьменнік павінен сам пажыць з гэтымі людзьмі, гэтым жыццём, а не вывучаць яго з пазіцыі старонняга сузіральніка».

Перапіска з чытачамі прыносіць пісьменніку, вядома, нямала клопатаў, адрывае ад працы, забірае дарагі час. Але ж яна прыносіць і вялікае задавальненне. І не толькі задавальненне. Такія непасрэдныя кантакты з чытачом даюць пісьменніку магчымасць яшчэ і яшчэ раз пераканацца ў справядлівасці тых ці іншых сваіх высноў, у плённасці тых ці іншых сваіх мастакоўскіх пошукаў і знаходак, адкінуць тыя ці іншыя свае сумненні, бо, урэшце, менавіта чытачы — самыя дакладныя барометры творчай працы пісьменніка.

Часам жа чытацкія пісьмы даюць пісьменніку і нешта большае — узбагачаюць іх, напрыклад, жыццёвымі ўражаннямі і назіраннямі. Дзелячыся з аўтарам кнігі ўражаннямі аб прачытаным, асобныя чытачы як бы дапаўняюць кнігу сваімі расказамі пра жыццё, нават, здараецца, прапануюць пісьменніку цэлыя жыццёвыя сюжэты. Такія пісьмы могуць быць для літаратара штуршком для задумы, а то і для напісання твора.

У «Размове з чытачом» І. Шамякін, напрыклад, прызнаецца: «...сюжэт аповесці, над якой я працую зараз, быў падказаны пісьмом настаўніцы: мне нават мала што прыйшлося мяняць у яе расказе, толькі... трансфарміраваць яго на больш высокае эмацыянальнае напружанне, што звычайна дасягаецца абвастрэннем канфлікту, увядзеннем больш моцнага «праціўніка», пошукамі пэўных дэталяў у абмалёўцы характараў, пейзажаў і г. д.». (Пісьменнік у той час працаваў над аповесцю «Ах, Міхаліна, Міхаліна...».)

І, канечне, не застаецца пісьменнік абыякавы да тых крытычных заўваг, якія выказваюць чытачы ў сваіх пісьмах.

І. Шамякін пра гэта гаворыць так: «Яны бываюць самыя розныя: трапныя і слушныя (часам пільнае вока простай, але разумнай хатняй гаспадыні заўважае тое, чаго не прыкмеціць нават ніводзін прафесійны крытык), а бываюць і вельмі недарэчныя. Калі такія недарэчнасці піша чалавек малапісьменны, аўтару застаецца толькі ўсміхнуцца і прабачыць свайму чытачу. Але здараецца, што рэчы наіўныя і недарэчныя выказваюць людзі з сярэдняй і нават вышэйшай адукацыяй. Тады, прызнаюся, мне робіцца сумна і балюча...»

Пісьменніцкія кантакты з чытачамі не абмяжоўваюцца, вядома ж, чытацкімі пісьмамі. Іван Пятровіч шмат ездзіць па рэспубліцы і па краіне, дзе сустракаецца і гаворыць з дзесяткамі і сотнямі людзей — з партыйнымі і савецкімі работнікамі, з кіраўнікамі калгасаў і саўгасаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, з рабочымі, калгаснікамі, студэнтамі, вучнямі, воінамі Савецкай Арміі. А гэта ж — таксама ягоныя чытачы. Чытачы часта (мо занадта часта) запрашаюць яго на чытацкія канферэнцыі па ягоных кнігах, на розныя вечары і сустрэчы. Урэшце, яму даводзіцца мець справу з многімі людзьмі — таксама сваімі чытачамі — па лініі сваіх грамадскіх і службовых абавязкаў: як дэпутату, Старшыні Вярхоўнага Савета рэспублікі, як галоўнаму рэдактару выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя П. У. Броўкі», як аднаму з кіраўнікоў пісьменніцкай арганізацыі Беларусі.

І ўсе гэтыя людзі лічаць Івана Пятровіча сваім чалавекам, прынамсі — не чужым, бо неаднойчы сустракаліся з ягонымі кнігамі, неаднойчы зведвалі шчаслівыя, хвалюючыя хвіліны параднёнасці з героямі гэтых кніг, калі іхнія душы поўніліся ягонымі, пісьменніцкімі, замілаваннем, радасцю, гневам, абурэннем.

Мне думаецца, што і Іван Пятровіч, разумеючы гэта, сваіх чытачоў таксама лічыць блізкімі, знаёмымі людзьмі і па гэтай прычыне аддае ім так шмат свайго дарагога і заўсёды недастатковага часу.

ІІІ

З дазволу пісьменніка, пагартаем некаторыя з пісьмаў, дасланых І. Шамякіну ў розныя гады.

Перадаючы іх мне, Іван Пятровіч заўважыў:

— Я не рабіў тут ніякага адбору. Па праўдзе кажучы, няма часу, каб рабіць нейкі адбор, класіфікаваць іх. Проста адказаць на пісьмы і то занадта шмат клопату... Пазнаёмцеся, калі ёсць такое жаданне і неабходнасць, хоць, шчыра скажу, я не надта ўпэўнены, што гэта будзе некаму цікава...

Я пазнаёміўся з пісьмамі, уважліва прачытаў іх і рашуча не пагадзіўся з апошняй заўвагай Івана Пятровіча: чытацкія пісьмы да яго выходзяць далёка за межы прыватнай перапіскі і ўяўляюць несумненную цікавасць для нашай літаратурнай — ды і не толькі літаратурнай — грамадскасці.

Само сабой, канечне, зразумела, што сярод некалькіх дзесяткаў пісьмаў, з якімі я пазнаёміўся, найбольш такіх, у якіх чытачы проста дзеляцца з пісьменнікам сваёй радасцю ад сустрэчы з ягонымі кнігамі. Такі ліст, напрыклад, напісала пісьменніку маладая чытачка (хутчэй за ўсё вучаніца) з сяла Маскоўскае Стаўрапальскага краю: «Паважаны Іван Пятровіч! Я чытала Вашы раманы «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Крыніцы». Але вось у «Роман-газете» я ўбачыла Вашы аповесці і вельмі ўзрадавалася. Чытала іх і жыла жыццём герояў, хвалявалася за іх, перажывала разам з імі. Прайшло ўжо некалькі дзён, як я прачытала Вашы творы, а перад вачамі ўсё тыя ж Вольга Ляновічыха і партызанка Валя (і нават зараз, калі я пішу Вам ліст). І бачу я Вольгу не такой, якой яна была раней, а такой, якой яе зрабіла каханне да Алеся — чалавека, на мой погляд, духоўна багатага і чыстага, які надзелены пачуццём патрыятызму і аптымізму... Я вельмі рада, што прачытала гэтыя дзве Вашы аповесці. З нецярпеннем чакаю ўсё новых і новых».

Ветэрана вайны, былога разведчыка, армяніна па нацыянальнасці, які жыве ў Туапсэ, таксама ўсхвалявалі аповесці пісьменніка «Гандлярка і паэт» і «Шлюбная ноч», і ён не ўстрымаўся, каб не напісаць пісьменніку па-паўднёваму эмацыянальны ліст: «Дарагі Іван Пятровіч, добры дзень! Прашу дараваць мне за турботы і за тое, што адбіраю ў Вас час. Да Вас звяртаецца Ваш чытач. Я прачытаў Вашы аповесці. Яны нагадалі мне маіх дарагіх хлопцаў, саслужыўцаў-аднапалчан. З якой вялікай душой і веданнем справы пішаце Вы пра сціплых людзей, якія служылі справе роднай партыі і Радзіме. Чытаючы аповесці, я ў Вашых героях бачыў сваіх баявых сяброў. Вялікае Вам дзякуй ад сябе і ад маіх сяброў, жывых і загінуўшых. Будзьце здаровыя і шчаслівыя, усяго Вам найлепшага і творчых поспехаў! Пішыце як мага больш: Вас людзі, чытачы, цудоўна разумеюць; справу, пра якую Вы пішаце, ведаеце выдатна!..»

Пенсіянерка, жыхарка Ленінграда, дзеліцца думкамі пра раман «Атланты і карыятыды»: «Раман гэты — твор сапраўднага майстра, магутнага таленту. Раман чытаецца з хваляваннем ад пачатку да канца. Чытаючы кнігу, жывеш жыццём герояў, бачыш жывых людзей, пакутуеш за іх, абураешся разам з імі. Можа быць, гэта і ёсць галоўная вартасць мастацкага твора? Разумець эпоху, памагчы чалавеку разабрацца ў супярэчнасцях жыцця, а часам і ва ўласных памылках — значыць сляпому паказаць дарогу. Ва ўсе часы мастацтва служыла менавіта гэтай мэце. Дык, можа, гэта галоўная вартасць твора?..»

Студэнтка Магілёўскага педінстытута прыслала чыста «рабочы» ліст: «Паважаны Іван Пятровіч! Тэма маёй курсавой работы — «Праблема аўтабіяграфічнасці ў творчасці Івана Шамякіна». Працуючы над гэтай тэмай, я сустрэла некаторыя цяжкасці. Іван Пятровіч, я Вас вельмі прашу параіць мне, да якога матэрыялу мне лепш за ўсё звярнуцца, якія Вашы творы пакласці ў аснову сваёй работы. Вельмі прашу адказаць на маё пісьмо».

Ёсць сярод лістоў і такія, пра якія Іван Пятровіч у артыкуле «Размова з чытачом» гаварыў, што яны выклікаюць проста паблажлівую ўсмешку. Так, адзін з жыхароў вёскі Вялікі Гразівец Чавускага раёна паведамляе пісьменніку, што пасля прачытання рамана «Снежныя зімы» ён «зжаліўся над пакутамі Надзеі Пятроўны і яе дачкі Віталіі» і просіць: «Калі яна была і ёсць, дык, калі ласка, напішыце мне яе дакладны адрас».

Пісьмы сапраўды надзвычай розныя. Адна чытачка просіць пісьменніка апрацаваць успаміны бацькі; члены літаратурнага клуба «Брыганціна» з горада Арцёмаўска просяць у Івана Пятровіча «ўспамінаў, апавядання пра самую важную ў Вашым жыцці падзею, фотаздымкаў, кніг і іншых матэрыялаў»; чытачка просіць дазволу напісаць на аснове адной аповесці пісьменніка п’есу.

А вось ужо зусім іншы ліст. Прыслаў яго з Рагачоўскага раёна арганізатар грамадскай бібліятэкі. Ён піша: «Сёлета выйшла з друку Ваша кніга «Гандлярка і паэт». Усе нашы спробы набыць Вашу кнігу праз мясцовыя магазіны і магазіны «Кніга — поштай» не прынеслі жаданага выніку. І вось мы парашылі звярнуцца да Вас, Іван Пятровіч. Калі ёсць магчымасць у Вас, будзьце ласкавы, вышліце на наш адрас сваю кнігу «Гандлярка і паэт».

Пісьменнік знайшоў такую магчымасць: на пісьме ёсць паметка, зробленая рукою Івана Пятровіча, што кніга выслана. Аднак жа пісьмо гэтае наводзіць на сумны роздум. Чым вытлумачыць, што чытачы ў Рагачоўскім раёне не змаглі набыць кнігу і вымушаны былі турбаваць пісьменніка? Хто ў гэтым вінаваты?

З цікавасцю чытаў я ліст інваліда вайны з пасёлка Першамайскі Выбаргскага раёна Ленінградскай вобласці: «Паважаны Іван Пятровіч! Заказную бандэроль з двухтомнікам Вашых выбраных твораў, высланую Вамі мне, я атрымаў, за што, канечне, сардэчна і вельмі дзякую. Іван Пятровіч, прашу прабачыць мне за турботы, але я старэйшы за Вас на 12 гадоў і прытым быў цяжка паранены, у выніку аднята зусім левая нага (вышэй калена) і паранена правая. Большасць часу я ляжу ў пасцелі і чытаю кнігі. Вось, дзякуючы Вам, зараз буду знаёміцца і з Вашымі творамі. Праўда, на вельмі кароткі час. Я іх хутка прачытаю. А далей зноў буду галодны на літаратуру. Іван Пятровіч, прачытаў прадмову А. Адамовіча да Вашых кніг. І даведаўся, што ў Беларусі ёсць шмат пісьменнікаў, як, напрыклад, В. Быкаў, І. Мележ, Я. Брыль, І. Чыгрынаў, і больш маладыя: М. Стральцоў, В. Адамчык, Я. Сіпакоў, А. Кудравец і іншыя, пра якіх я паняцця не маю. Праўда, В. Быкава чытаў у «Роман-газете», як, напрыклад, «Воўчая зграя», але кніг ягоных няма. Хацеў бы мець і яго. Дайце мне яго адрас. Паспрабую напісаць і яму ліст...»

Гэтае пісьмо не можа не ўсхваляваць, за ім паўстае лёс чалавека, якому творы літаратуры памагаюць жыць, даюць сілу пераадольваць пакуты.

Аднак у гэтым пісьме ёсць і тое, што нас засмучае. Чалавек шмат чытае, а вось нашых пісьменнікаў адкрывае для сябе ўпершыню, і таму даруем яму з гэтай прычыны ягоны падзел на старэйшых і маладзейшых. Відаць, тут таксама ёсць над чым задумацца. Пэўна, усім трэба праяўляць больш клопату аб тым, каб наша літаратура шырэй выходзіла да ўсесаюзнага чытача, тым больш што яна варта гэтага.

Нельга не сказаць, зноў жа, і пра гэтыя просьбы да пісьменніка — прыслаць кнігі. Справа ў тым, што ў чытацкіх пісьмах, адрасаваных І. Шамякіну, такіх просьбаў надзвычай шмат. На многія з іх Іван Пятровіч адгукаецца — напрыклад, на просьбы грамадскіх бібліятэк, на просьбы настаўнікаў і вучняў.

Аднак жа ёсць і іншыя кнігалюбы. Яны не так просяць, як патрабуюць, вымагаюць тую ці іншую кнігу. Праўда, сваім патрабаванням яны стараюцца надаць ветлівую форму, накшталт: «Будзьце ласкавы, выканайце маю просьбу. Кнігі пастаянна напамінаюць мне аб той вялікай дружбе, якая ў нашай краіне звязвае пісьменнікаў з чытачамі». Так пісаў адзін надта «дасведчаны» кнігалюб з горада Рэўда Свярдлоўскай вобласці. Кнігалюб з рабочага пасёлка Грыбанаўка Варонежскай вобласці таксама просіць прыслаць кнігі, але ўжо націскае, так сказаць, на іншае: маўляў, я рабочы чалавек, а рабочаму чалавеку вы не адмовіце. Канечне ж, сапраўдны рабочы чалавек не будзе спекуляваць на гэтым сваім высокім званні. А нехта К. Хромаў з Сумгаіта ажно ці не «спакушае» пісьменніка гонарам быць прадстаўленым у яго калекцыі: «У мяне ў бібліятэцы звыш 2200 кніг з аўтографамі савецкіх пісьменнікаў. Хочацца мець і Ваш аўтограф...» Няйначай, гэты «кнігалюб» рассылае такія просьбы пад капірку, карыстаючыся пісьменніцкім даведнікам...

І добра, што такіх аматараў літаратуры, мяркуючы па пісьменніцкай пошце І. Шамякіна, у нас няшмат. Большасць чытачоў піша зусім іншыя пісьмы.

Вось надзвычай хвалюючы ліст, які прыслала ад імя сваёй сям’і жанчына з Еўпаторыі: «Наш дарагі пісьменнік! Даруйце, што звяртаемся афіцыйна, на жаль, не ведаем Вашага імя па бацьку, вельмі доўга раіліся ў нашай сям’і, як напісаць, ні да чаго не прыйшлі і пішам вось так. Наша сям'я нізка кланяецца Вам за Вашы кнігі. Нам пашчасціла прачытаць Вашы дзве кнігі — «Трывожнае шчасце» і «Глыбокая плынь». Прачытаўшы першую, мы спачатку падумалі, што гэта кніга напісана пра нашу маму, розніца толькі ў тым, што мы жылі ў Еўпаторыі. Наша мама тройчы была прыгаворана да расстрэлу і цудам уратавалася. Зараз яна старэнькая, але не ўяўляе свайго жыцця без працы і ўсё працуе простай рабочай. Мне было сем гадоў у вайну, але добра памятаю, як пачалася вайна, як праводзілі на фронт бацьку, памятаю ўсе ваенныя гады, горыч адступлення, гібель бацькі. Хацелася б, каб нашы дзеці не ведалі жахаў вайны».

Чытач з Сімферопаля піша: «Зусім нядаўна мне пашчасціла прачытаць напісаную Вамі кнігу «Сэрца на далоні», выдадзеную ў 1964 годзе. У канцы кнігі ёсць зварот ад выдавецтва да чытачоў з просьбай прысылаць водгукі і пажаданні. Мне б хацелася напісаць водгук і пажаданне аб гэтай кнізе асабіста Вам і паведаміць некаторыя факты, падобныя на тыя, якія выкладзены ў Вашай кнізе. Калі за даўнасцю часу гэтае пытанне не страціла свайго сэнсу, прашу паведаміць мне...»

Такіх пісьмаў, у якіх чытачы як працягваюць ці дапаўняюць тое, пра што прачыталі ў кнігах, пісьмаў, накшталт пісьма настаўніцы, якая падказала І. Шамякіну сюжэт аповесці «Ах, Міхаліна, Міхаліна...», у пошце шмат. Пішуць іх звычайна людзі пажылога ўзросту, ветэраны вайны і працы.

Мяне асабіста, бадай, найбольш узрушыла пісьмо чытача з горада Пярмі (юрыст, капітан Савецкай Арміі, 1939 года нараджэння). Яго ліст хочацца прывесці цалкам: «Дарагі Іван Пятровіч! Неяк так сталася, што раней мне не давялося чытаць Вашых кніг, а тут я хварэў, і мне прынеслі «Гандлярку і паэта» ў часопісе «Молодая гвардия». Прачытаў, як кажуць, на адным дыханні і адразу ж дастаў усё, што мог, з Вашых кніг. Прачытаў і «Крыніцы», і «Сэрца на далоні», і «Атланты і карыятыды». Што я магу сказаць? Так, напэўна, і жыў бы, і лічыў бы сябе культурным чалавекам, аматарам літаратуры і мастацтва, не ведаючы, што, акрамя Сіманава, Трыфанава, Астаф'ева і іншых праслаўленых празаікаў, у Мінску жыве і працуе цудоўны, непаўторны, сапраўды выдатны пісьменнік. Дарагі Іван Пятровіч! Усе Вашы героі — гэта жывыя і непаўторныя людзі, мне часам здаецца, што Шыковіча, Лемяшэвіча, Бародку, Гукана, Карнача, Сасноўскага, Макаеда я ведаю асабіста, і ведаю вельмі даўно. Нават, здавалася б, другарадныя Вашы персанажы — і яны жывыя, яркія індывідуальнасці. Той жа Адам Рагойша, тыя ж Прабабкіны, пракурор з «Крыніц», сакратар гаркома камсамола Грыбок з «Сэрца на далоні». Вашы кнігі, Іван Пятровіч, так мне спадабаліся, што я прыняў цвёрдае рашэнне не толькі грунтоўна пазнаёміцца з беларускай літаратурай, якую я, на жаль, ведаю куды горш за ўкраінскую, але і абавязкова ў час адпачынку прыехаць у Беларусь, пабываць у Мінску, у іншых гарадах, на Хатынскім мемарыяле. Летам ці, наадварот, зімою абавязкова прыеду...»

Ліст гэты — жывое сведчанне той радасці, якую прыносіць чалавеку далучэнне да высокага мастацтва! Сведчанне жыватворнага ўздзеяння літаратуры на чытача!

І ў гэтым, відаць, галоўнае шчасце мастака. Шчасце літаратара Савецкай краіны, дзе ганаровае званне народны пісьменнік так красамоўна пацвярджаецца ўсенароднай увагай, любоўю і пашанай, дзе чытач звяртаецца да аўтара сваіх любімых кніг вось так: «Наш дарагі пісьменнік!..»


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Гіль, М. Пасеянае – узыдзе.: Нарысы. [Для ст. шк. узросту]. - Мн.: Юнацтва, 1985. - 109 с.
Крыніца: скан