epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Гіль

Пасеянае — узыдзе

Расказ пра аднаго харошага чалавека з лірычнымі і не зусім лірычнымі адступленнямі

1
2
З
4
5
6
7


1

«Мы лянотныя і нецікаўныя...»

Зусім не весела (услед за Пушкіным) прызнавацца ў гэтым, ды што зробіш, калі яно і праўда так. Не весела ў гэтым прызнавацца, аднак яшчэ горш, мусіць, шукаць прычыны, каб апраўдваць і гэтую сваю лянотнасць, і гэтую самую нецікаўнасць. Але ж — і прызнаёмся, і шукаем. Што да прычын, дык іх і шукаць не трэба — вунь колькі! І ўсе самыя што ні ёсць аб’ектыўныя і ўважлівыя. Тут і работа з яе штодзённым клопатам, і сямейныя турботы, і наогул уся гэтая бясконцая, спароджаная нашым вірлівым — на скрут галавы! — векам, патрэбная, а часам жа і не надта патрэбная мітусня, што змушае цябе круціцца ад панядзелка да пятніцы.

Мітусня дзён, мітусня спраў... Ад яе, мусіць, і праўда немагчыма сёння ні ўцячы, ні схавацца куды-небудзь. Ды толькі ж ці не яна, гэтая мітусня, і спрыяе таму, што ты раптам, як спахапіўшыся, убачыш нешта неяк асабліва абвострана, свежа, па-маладому, і задумаешся над гэтым імклівым кругабегам дзён, і здзівішся зусім шчыра і наіўна, як у дзяцінстве, не яму, гэтаму кругабегу, а таму, што ў ім, аказваецца, ёсць яшчэ і нешта надта ж пастаяннае і харошае, і тады знячэўку прыйдуць у душу ціхая радасць, і добрая замілаванасць, і шчаслівае супакаенне, і зайздросная прага новага, чыстага, светлага, чалавечага...

Можа быць, на добры лад, пра ўсё гэта і гаварыць не трэба было б. Мо варта было б адразу, як кажуць, браць быка за рогі і пачынаць свой абяцаны расказ пра аднаго харошага (у тое я паверыў яшчэ да сустрэчы) чалавека. Ды толькі здаецца мне, што калі б не было спачатку той нечаканай узрушанасці, таго радаснага здзіўлення, той шчырай душэўнай прасветленасці, дык не было б ні самой сустрэчы з тым харошым чалавекам, ні гэтых маіх радкоў.

А быў спачатку звычайны каляндарны лісток, адарваны па звычцы ранічкаю. За многія гады выпрацавалася ў мяне такая звычка — пачынаць новы дзень вось з гэтага: адарваць учарашні каляндарны лісток, кінуць вокам на тое, колькі дзён прабегла ад пачатку года і колькі засталося яшчэ тых, што таксама прамільгнуць гэтак жа незаўважна і імкліва (з гадамі дні бягуць усё імклівей), паглядзець, на колькі хвілін падоўжыўся (ці пакарацеў) прамежак паміж усходам і захадам сонца, калі наступіць чарговая квадра месяца (засталіся са мною назаўжды спадзяванні маці, што са зменай квадры прыйдзе і змена надвор'я), і, нарэшце, зазірнуць на другі бок лістка і хуценька прабегчы вачамі кароткую, чыста інфармацыйную, як з энцыклапедычнага слоўніка, заметачку пра тое, што мела (альбо не мела) дачынення да пражытага дня.

Дык вось, на адвароце таго каляндарнага лістка я ў той дзень нечакана прачытаў, што ветэран Мінскага трамвайнага парка вадзіцель Ніна Казіміраўна Лютынская водзіць трамвай па вуліцах роднага горада вось ужо... Колькі б вы думалі? Пяцьдзесят гадоў! Я спачатку ажно вачам не паверыў, ажно паднёс лісток бліжэй да носа, каб лепш разгледзець драбнюткі (таксама энцыклапедычны) шрыфт. Памылкі не было: пяцьдзесят гадоў!

Чакай, чакай, сказаў я сам сабе, хіба можа такое быць? Тут жа прыйшло на памяць:

Добры дзень, аснежныя прасторы, добры дзень, сталіца хараства!

Скора ў бляску вечара, ой скора празвініць на вуліцах трамвай...

Гэта — Паўлюк Трус, яго «Дзесяты падмурак». Паэма, напісаная ў канцы 1928 года, напярэдадні першага дзесяцігоддзя БССР. А тым часам мы паспелі адзначыць 60-гадовы юбілей роднай рэспублікі. Паэму Паўлюк Трус напісаў, калі яму было дваццаць чатыры гады, а неўзабаве мы будзем адзначаць яго васьмідзесяцігоддзе. Час, сапраўды, бяжыць імкліва!

Не памятаю ўжо, у якім класе «праходзілі» мы паэму «Дзесяты падмурак» і наогул Паўлюка Труса. Памятаю толькі, што я вельмі захапіўся яго паэзіяй. Найбольш хваляваў мяне верш «Не заспі — пабудзі мяне рана...». Калі чытаў яго, штораз на вочы нагортваліся слёзы...

Але гэта — між іншым, к слову...

І вось жа прызнаюся. Той парою, калі мы вывучалі П. Труса ў школе, я ўжо бываў у Мінску, не адзін раз катаўся на трамваі, і хоць кожны раз згадваліся мне Трусавы радкі пра бляск вечара, у якім скора празвініць на вуліцах трамвай, я ўсё ж не надта падзяляў паэтава захапленне гэтай падзеяй. Падумаеш — трамвай! Грукоча, скрыгоча па рэйках на ўсю вуліцу, паўзе памалу, як чарапаха, ад прыпынку да прыпынку, толькі зрэдку разгоніцца, дык і то тады цябе кідае, шпурляе з боку ў бок так, што ледзь на нагах утрымаешся! Аўтобус, легкавік — гэта сіла, гэта любата! А трамвай...

Яшчэ больш змізарнеў у маіх вачах трамвай, калі ў Мінску, у 1952 годзе, быў пушчаны тралейбус. Мякка, ціха, бяздымна — едзь, куды табе трэба, і не вылазь!..

Тым не менш, прачытаў я той каляндарны лісток, і быццам нейкае ўтрапенне на мяне найшло. Вось табе і маеш: мінскі трамвай, аказваецца, адсвяткаваў ужо сваё пяцідзесяцігоддзе! А галоўнае, сярод тых, хто водзіць гэты самы трамвай, ёсць вадзіцель з пяцідзесяцігадовым стажам! Уяўленню гэта не паддавалася.

Не сустрэцца з Нінай Казіміраўнай я не мог...

2

— Не верыце? Не такая, кажаце, я і старая, каб паверыць, што пяцьдзесят гадоў за рулём? Гэта ж, дайце веры, памаладзела пад старасць. Мне многія кажуць: ну, Казіміраўна, ніколі не дасі табе тваіх гадоў, выглядаеш на пяцьдзесят, не болей! А я смяюся: ага, нарадзілася і проста з пялёнак за трамвай села...

А я ж, каб вы ведалі, у трыццатым годзе, як за трамвай села, ужо і замужам была, і дачушку мела, хоць самой, праўда, усяго васемнаццаць было.

Ага, дык от кажуць: не старэеш ты, Казіміраўна! А я, дзякаваць богу, і праўда не старэю. Камісію нядаўна праходзіла, дык і ціск нармальны, як у маладой, і вочы добра бачаць, і нервы спакойныя... А ўжо ж, калі на тое пайшло, дык прызнаюся вам, што па дакументах я яшчэ больш старэйшая — не дванаццатага года, а восьмага. Пасля вайны ніякіх папер не збераглося, усіх пасылалі, каб пашпарт палучыць, на наружны від. Ну, і мяне паслалі. А сама худая, учарнелая, змэнчаная — ведама, пасля бядоты і гора такога. Дык яны, каторыя ў камісіі, не паверылі і запісалі мяне з восьмага года нараджэння, на чатыры гады старэйшай зрабілі. І ліха з імі! Абы мне добра было. А я во езджу ўсё і езджу, і на пенсію нізавошта не хачу. Што буду я рабіць без свайго трамвая? От вы самі памяркуйце, ці лёгка гэта — падумаць нават, не тое што зрабіць,— каб пасля столькіх гадоў без любімай работы застацца? Хто ж вытрывае? Не, пакуль магу, дык і буду рабіць, па сваім маршруце ездзіць. Хіба ж толькі здароўе падвядзе, няўрокам кажучы, бо вось жа каторы дзень дома сяджу — застудзілася, запаленне прызнаюць, сказалі, вылежаць трэба... Ды не дамся я трасцы якой, яшчэ паезджу!

Ніна Казіміраўна смяецца. Смяецца ад душы, не знарочыста, бадзёра, хоць ёй і праўда нядужыцца. Перад гэтым на маё прабачэнне — што, маўляў, мо я зайду іншым разам — яна адмахнулася:

— А не зважайце вы на старэчыя хворасці! Калі ж будзе той іншы час, як не хварэючы? А так во ніхто ў спіну не падганяе, можна і пагаварыць спакойна...

Не, яна сапраўды не выдае на свае гады ні тварам, які захаваў адзнакі маладосці, ні кучаравымі, не вельмі каб сівымі валасамі, ні жывым, трохі смяшлівым выразам вачэй, ні ўсёй сваёй непаседлівай, па-маладому рухавай паставаю.

Акрыўшы плечы цёплай шарсцяной хусткаю, яна ўрэшце сядае ў крэсла на другі бок нізенькага — шахматнага — століка і пытаецца:

— Дык што ж вам расказаць пра сябе? З самага пачатку, кажаце? Дзе радзілася-хрысцілася? У Мінску я нарадзілася, на Камароўцы. Бацька сталяром быў, а маці дома рабіла, па-цяперашняму хатняй гаспадыняй была. Бацьку дык я надта і не помню. Мне ўсяго чатыры было, як ён памёр. Дык і не ведаю, ці ён дзе на фабрыцы рабіў, ці проста па дварах хадзіў, каму што чыніў,— мама адно казала, што сталяром быў. Мама так і засталася адна, больш замуж не пайшла, мяне жалела, адна я ў яе была. Тата памёр у шаснаццатым, у вайну тую. Што маме адной рабіць у горадзе? Кінула Мінск, у Калодзішчы да бацькі вярнулася. Там і цёткі мае, маміны сёстры, жылі. Там мае малыя гады і прайшлі. Там пяць класаў скончыла. А пасля зноў з мамай у Мінск падаліся. Прыйшлі, а што рабіць? Работы — ніякай. Гэта ж якраз нэпманаўшчына была. Хадзіла мама па дварах па найму — грады палола, падлогі мыла, бялізну, усякую работу рабіла, хто якую дасць, і я з ёй на пару... Ну, а пасля замуж выйшла. Маладой зусім. Муж вайсковец быў, старэйшы за мяне нашмат, але вельмі добры чалавек. Праз год, у дваццаць дзевятым, Галя ў мяне нарадзілася...

Слухаць Ніну Казіміраўну — адна асалода. Рысоўкі — ніякай, адна шчырасць. І слоўка да слоўка кладзецца так, быццам усё роўна адно другое за сабой кліча. І быццам без аніякага адбору ўзнаўляе памяць перажытае, пабачанае, а паглядзіш пасля — якраз жа самае галоўнае і сказалася. Таму і парашыў, як кажуць, «злезці з даху і не псаваць гонты» — хай Ніна Казіміраўна сама пра сябе расказвае.

— А тут якраз трамвай паявіўся ў Мінску. Усё спачатку рэйкі клалі. Думалася: што гэта будзе хадзіць тут? Не поезд жа па вуліцах будзе чмыхаць! Раней конка была. Колькі ў яе пасажыраў сядала? Мусіць, чалавек з дваццаць, ад ліха дваццаць пяць. Больш наўрад ці сядала. Два конікі тую конку цягнуць, фурман наперадзе сядзіць, конікаў спыніць на прыпынку, пасажыры хто зойдзе, хто сыдзе, фурман на конікаў нокне — далей паедзе... От не помню, ці быў кандуктар, бо сама я на концы ні разу і не ехала — грошы ж трэба было плаціць.

І от трамвай паявіўся. Мы з мамай жылі зноў блізка ад Камароўкі, дык тут ля нас і хадзіў. Ад вакзала да радыёзавода цяперашняга, па Савецкай на Пушкінскую, а праз нейкі час і далей троху, за Дом друку, дзе выстаўкі былі, дзе цяпер парк Чалюскінцаў...

І загарэлася я, каб гэта на трамваі рабіць. От хлебам мяне не кармі, а трамвай той дай! Пайшла ў аддзел кадраў. Кажу: хачу вадзіцелем быць. А на мяне вочы вылупілі: вадзіцелем?! А вадзіцелямі тады былі толькі мужчыны. Спачатку нават і кандуктары былі мужчыны. Ну, па-першае, што тэхніка, а па-другое, дык там жа і сіла мужчынская трэба была. Цяпер во — тормаз паветраны, адно толькі ручачку павярні. А тады на прыпынках, каб вагон не пакаціўся, трэба было ручны тормаз круціць...

Гэта цяпер, скажу я вам, вагончыкі прыгожыя, цёплыя, шчыльненькія, вадзіцель сядзіць, як на троне, на мякенькім сядзенні, чысценька, акуратненька апрануты. А раней, ведаеце, як мы зімой апраналіся? Валёнкі абувалі, кажух, шапку цёплую, штаны ватовыя нацягвалі, бо ў вагоне — лядоўня. У моцныя маразы тормаз як замерзне, ну кампрэсар той, на восі, паветраны тормаз, дык тады бярыся і ручны круці. Памятаеце, у старых вагонах у кабіне кола такое было? Яго ў дзве рукі толькі і крутанеш, а так рады не дасі... Стрэлачніцы былі, але і самой часта даводзілася вылазіць з вагона і стрэлкі пераводзіць. Часта і рэйкі самі чысцілі. У кожнага вадзіцеля рыдлёўка, вядро, венік. Бывае, задзьме мяцеліца, замяце пуць, дык вылазіш, прачышчаеш і далей едзеш паціхеньку...

Але што гэта я з баразны ў баразну? Ну, дык у аддзеле кадраў са мной і гаварыць не хочуць. А я на сваім: хоць што буду рабіць, толькі вазьміце! Ну, і ўзялі. Ямкі пад слупы капала, так што-небудзь рабіла, пасля кандуктарам была троху... Але ж усё вадзіцелем хацела быць. І трапіла ўрэшце на курсы. Яны былі кароткія, ці не месяцы са два ўсяго. Бжазоўскі быў такі, ён мяне вучыў спачатку. А пасля прыехала з Масквы жанчына, Корнева прозвішча яе, з ёй яшчэ троху паездзіла. У нас жа дзяўчат-вадзіцеляў не было, Корнева ў Мінск за мужам прыехала, ён у яе вайскоўцам быў, як і ў мяне... Паказалі, расказалі, што да чаго, а потым села — і паехала. Баялася спачатку! І нялёгка было. Во, і цяпер па праспекце спуск з Цэнтральнай плошчы да цырка круты, а тады ж да рэчкі спускацца — страхоцце адно! Як уніз галавой. Асабліва восенню ці зімой. Рэйкі слізкія, дык і кампрэсарам, і ручным тормазам карыстаешся, каб не панесла цябе з гары...

Але палюбіла я гэту работу. Ведаеце, з радасцю заходжу ў кабіну, з радасцю выпраўляюся ў дарогу. Пад’язджаю да прыпынку, бачу — пасажырыкі мае стаяць, чакаюць. Спынюся, пастаю, пакуль пасядуць, далей кранаюся ехаць. Пабачу — бяжыць нехта, рукою махае, дык зноў прыпынюся: пэўна ж, спазняецца чалавек. Горад жа невялікі тады быў, маршрут спачатку ўсяго адзін, дык многіх пасажыраў у твар ведала. Як жа не пачакаць! Ускочыць такі пасажыр у вагон, галавой кіўне, скажа: дзякую, таварыш вадзіцель, добра, што пачакалі, спазняюся...

Цяпер як згадаю, дык ужо і сама не веру, што тады ўсё іначай было, чым сёння. Кабіна вадзіцельская адкрытая. Можна сказаць, ніякай кабіны зусім не было. Адно што парэнчы маё сядзенне ад пасажыраў адгароджваюць. Але ж усё адно людзі за спіною ў цябе стаяць, у плечы дыхаюць... Слесараў харошых не было, каб падрамантавацца, самім усё даводзілася рабіць... А трамваі якія былі! Яны ж грымелі, барабанілі, брынчалі — хоць вушы затыкай! Сядзенняў мяккіх, як цяпер, і ў паміне не было. Дзе вы бачылі! Вадзіцель сядзеў на такой кругленькай табурэтачцы. Прыедзеш з вакзала да парку Чалюскінцаў, бярэш з сабой табурэтачку, пераходзіш у другі канец вагона, а кандуктар дугу пераносіць-перачэплівае, каб можна было назад, да вакзала, задам наперад ехаць, бо, я ж казала вам ці не, кальца разваротнага спачатку не было. Па канцах маршрутаў два пуці сыходзіліся ў адзін, каб можна было выехаць на другі пуць і ў другі бок паехаць. Таму і табурэтачку сваю даводзілася штораз у канцы пераносіць... А пасля ўжо ля выстаўкі кальцо зрабілі, станцыю паставілі, і на Таварнай кальцо і станцыю зрабілі, і на вакзале, дык ужо лацвей стала, не трэба было валаводзіцца, а закругліўся па разваротным кальцы і далей паехаў...

Адзін маршрут быў, але людзей шмат ездзіла. Не тое што конкай. Ну, трамвай жа і едзе хутчэй, чым конка, і плата за праезд намнога таннейшая стала. Памяць адшыбла, не памятаю ўжо, колькі гэта тады білет каштаваў — ці трыццаць капеек, як пасля вайны, ці дзесяць. Не, здаецца, усё ж дзесяць. Людзей бітком набівалася. Часам і боязна было — каб з падножкі каторы не сарваўся, бо дзверы не зачыняліся, як цяпер, аўтаматычна, часта дзвярэй і зусім не было. А як да мяне, дык, дальбог жа, ці не болей сядала, як да каго. Убачаць, што дзяўчына за рулём, дык каб гэта глянуць, як яна павядзе трамвай. У навіну ўсё ж! Ну, а сёй-той, хлопцы каторыя, дык і загаворвалі: таварыш вадзіцель, калі работу канчаеце, мо ў кіно вечарам сходзім?..

Многія, каторыя карэнныя мінчане, і цяпер памятаюць. Гэта ж паверыце, як адзначалі маё пяцідзесяцігоддзе за рулём, дык адна жанчына на вечары, пажылая ўжо, мо і за мяне старэйшая, падыходзіць, падае кветкі і кажа: а я вас памятаю з давайны яшчэ...

Я ж дзякуючы трамваю свайму і з вялікімі людзьмі пазнаёмілася. Маладзейшыя каторыя дык і не вераць, а я ж і Купалу і Коласа ведала. Коласа часта сустракала ля Акадэміі навук. Часам у мой трамвай заходзіў. Яшчэ здалёк бачу, што Колас на прыпынку стаіць. Ці ж я не пазнаю яго? Коласа і Купалу да вайны ўвесь Мінск ведаў у твар... А ў трыццаць дзевятым годзе ўключылі мяне ў склад беларускай дэлегацыі, якая вітала XVIII з’езд партыі. Перад ад’ездам сабралі дэлегацыю ў Доме ўрада. Там і пазнаёмілася з Коласам. Падаў мне руку і кажа: от цяпер буду заўсёды ездзіць на вашым трамваі. А я яму: дык вы і так ездзілі. А ён смяецца: а цяпер буду ездзіць толькі на вашым... Прыехалі ў Маскву. Агледзелася — туфлі забылася ўзяць. Села і плачу: не пойдзеш жа на з’езд у ботах! Колас падыходзіць, кажа: чаго плачаце, Ніна? Я кажу са слязамі: туфлі забылася. Пайшоў ён, а неўзабаве прыносяць мне туфлі — як цяпер помню, такія прыгожыя лодачкі-лакіркі. І грошай з мяне не ўзялі, сказалі — падарунак...

Гэта было ў сакавіку ці ў красавіку, а ў пачатку кастрычніка мяне зноў уключылі ў дэлегацыю для паездкі ў Беласток — тады ж толькі вызвалілі Заходнюю Беларусь. І зноў у дэлегацыі былі і Колас і Купала, Александроўская, артыстка, яшчэ была, памятаю. У Беластоку вечары праходзілі, канцэрты, сустрэчы розныя. Многія пісьменнікі выступалі, вершы чыталі... Баюся памыліцца, але, здаецца, і Танк быў, і Пестрак; і Машара...

Пасля гэтага з Коласам, можна сказаць, я знаёмства вадзіла. Канстанцін Міхайлавіч выйдзе з будынка Акадэміі і чакае майго трамвая. Зойдзе, паздароўкаецца, скажа: прапусціў два, каб на ваш сесці... А мне ад сораму хоць скрозь зямлю праваліся... Аднаго разу зайшоў так у трамвай, падышоў да кабіны і кажа: я ў Маскву еду, мо купіць вам што? Я вазьмі ды і ляпні: купіце берэтку белую. Тады ж надта мода пайшла на белыя берэткі. Ён кажа: добра, куплю. І што вы думаеце? Купіў! Не забыўся!.. Я ў той берэтцы яшчэ і сфатаграфавалася, яна мне доўга служыла. А картачка і цяпер ёсць, збераглася. Яе павялічылі і ў нашым музеі павесілі. Калі зойдзеце, дык пабачыце...

З

Не, што ні кажыце, а слухаць простых людзей нам трэба часцей і чуйней. (Ніхто мяне не пераканае, што ў вызначэнні «просты чалавек» ёсць нешта абразлівае, крыўдлівае ці пагардлівае. Няпраўда! У народзе спрадвеку гэтак казалі пра каго-небудзь з ухвалаю: ён — просты чалавек. І гучала гэта, як — харошы! Просты — значыць, сціплы, шчыры, сумленны, праўдзівы, працавіты нават, без мух у носе, без фанабэрыі і зазнайства, без рознага іншага круцельства.) Слухаць нам людзей не проста трэба, а неабходна! Вучыцца ў іх слову, сінтаксісу, натуральнасці гаворкі, а то ж — заштампаваліся мы і закалькаваліся, прэ з нашых твораў газетчына. А тыя ж простыя людзі пра ўсё ўмеюць сказаць-расказаць і словамі адпаведнымі, і з адпаведным тактам. Так, як гаворыць тая ж Ніна Казіміраўна Лютынская. Нават вось пра такое датклівае, як знаёмства з вялікімі людзьмі, сказалася ў яе без панібрацтва, аднак жа і без ліслівасці, і без самапрыніжэння...

А што да музея трамвайнага дэпо, дык пабыў я і там...

5 студзеня 1959 года ў сувязі з 40-годдзем БССР і Кампартыі Беларусі ленінградцы прыслалі мінчанам падарунак — трамвайны вагон. Шмат гадоў бегаў ён па мінскіх вуліцах, а пасля, абноўлены камсамольцамі дэпо, стаў там на вечную стаянку — у яго салоне разгарнулі сціплую экспазіцыю, прысвечаную мінскаму трамваю.

21 верасня 1928 года прыступілі ў Мінску да будаўніцтва першай трамвайнай лініі. А праз год, 13 кастрычніка 1929 года, па горадзе прайшоў першы трамвай.

У той дзень — у нядзелю — на Прывакзальнай плошчы адбыўся мітынг, прысвечаны ўрачыстаму пуску трамвая. Прамоўцы гаварылі аб тым, што будаўніцтва трамвайнай лініі закончана ў тэрмін, без перарасходу сродкаў (яно абышлося ў 2 мільёны 100 тысяч тагачасных рублёў), аб тым, што пуск трамвая — выдатны падарунак працоўных Мінска дванаццатай гадавіне Вялікага Кастрычніка.

На мітынгу было зачытана прывітанне будаўнікам ад Старшыні СНК БССР М. М. Галадзеда. У ім былі такія словы: «Беларусь, краіна балот, ператвараецца ў краіну электрычнасці, трамваяў і Асінбудаў». Гэтыя словы мяне ўразілі. Зноў згадаўся Паўлюк Трус. У тым жа «Дзесятым падмурку» пасля цытаваных ужо мною радкоў ідуць такія:

І тады я стану пад гарою, каб пазбыцца смутку і журбы, буду слухаць песні Асінстрою, захаплюся музыкай турбін...

Што гэта: паэт загаварыў словамі дзяржаўнага кіраўніка ці дзяржаўны кіраўнік — словамі паэта? Як бы там ні было, а час быў незвычайны. Трудны і шчасліва-прыгожы час!

У той жа дзень, 13 кастрычніка 1929 года, адбыўся ўрачысты пленум Мінскага гарсавета. У прынятай рэзалюцыі пленум адзначыў, што пуск трамвая з’яўляецца яшчэ адным буйным дасягненнем працоўных Мінска ў галіне камунальнага будаўніцтва і добраўпарадкавання горада. Трамвай звяжа рабочыя ўскраіны з цэнтрам і наблізіць культурна-асветнае жыццё горада з цэнтра да ўскраін. Пуск трамвая мае вялікае палітычнае і культурна-эканамічнае значэнне. Пленум з асаблівай радасцю адзначыў, што 98 працэнтаў абсталявання мінскага трамвая выраблена на нашых савецкіх заводах. Гэта сведчыць пра тое, што лінія Камуністычнай партыі на высокія тэмпы індустрыялізацыі ўжо дае практычныя вынікі...

На стэндах музея-вагона — газеты тых дзён. У іх — радасныя паведамленні аб прыбыцці ў Мінск з Масквы першых пяці трамвайных вагонаў і што чакаецца прыбыццё яшчэ пяці; што адкрыццё трамвайнай лініі Вакзал — Плошча Свабоды намячаецца на 25 кастрычніка; што 7 лістапада адкрыўся трамвайны рух па маршруту Плошча Свабоды — Старажоўка; што заканчваецца будаўніцтва трамвайнага парка...

А сёння ў нашай беларускай сталіцы працуе першая чарга метрапалітэна, і праз многа гадоў, напэўна ж, і метро будзе мець свой музей, і нехта будзе ўчытвацца ў пажоўклыя старонкі сённяшніх газет, і будзе здзіўляцца, і па-добраму ўсміхацца, быццам зайздросцячы той далёкай ад яго людской радасці,— як я сёння з ціхім смуткам зайздрошчу колішнім мінчанам. Зайздрошчу хоць бы таму, што яны ўмелі вось так шчыра, ад душы радавацца пуску трамвая, а мы ўжо і метро ўспрымаем спакойна, абыякава, нават яшчэ і пабурчым: «Што гэта за метро, калі нават эскалатары не на кожнай станцыі?! Кратовыя норы, а не метро!..»

Экспазіцыя музейчыка мінскага трамвая, на жаль, занадта сціплая. Аднак жа сёе-тое ў ёй ёсць, што прываблівае ўвагу і па-сапраўднаму хвалюе. І сярод таго — фотаздымак першага вадзіцеля трамвая Мікалая Аляксеевіча Барысава. Яшчэ ў 1927 годзе ён быў накіраваны ў Маскву на вучобу, а 13 кастрычніка 1929 года, пасля заканчэння мітынгу на Прывакзальнай плошчы, павёў па Мінску першы трамвай. Мікалай Аляксеевіч і сёння, можна сказаць, член калектыву мінскіх трамвайшчыкаў. Трамвай, канечне, ён ужо не водзіць, але ў дэпо бывае часта, перадае моладзі свой вопыт.

А побач з фотапартрэтам М. Барысава — і партрэт першай жанчыны-вадзіцеля Ніны Казіміраўны Лютынскай. На фатаграфіі яна маладая, «даваенная». У тым самым берэціку, які прывёз ёй з Масквы сам Якуб Колас...

4

— Ведама, нялёгка было. Галя яшчэ не памочніца, Алік малы пад нагамі таўчэцца, а ў мяне ж акрамя работы іншага клопату хапала. У той жа год, як у парк прыйшла, камсамолкай стала, а неўзабаве і ў партыю мяне прынялі. Дык — то партыйныя заняткі, то сходы, выбары, памятаю, першыя праходзілі, дык па хатах хадзіла, спісы выбаршчыкаў складала... А ў самым пачатку сорак першага Толік у мяне нарадзіўся. Але работу не кінула ўсё роўна...

І от помню... 22 чэрвеня я ў першую змену выйшла. У гадзін пяць, пэўна, шасці то точна яшчэ не было. Дзянёк надта ж харошы пачынаўся — сонечны, светлы, нядзельны. Усе радасныя едуць, вясёлыя, песні пяюць. На адкрыццё Камсамольскага возера едуць. Камсамольскае, бо камсамольцы будавалі яго. Кожны камсамолец павінен быў адрабіць там чатыры дні — ці з рыдлёўкай, ці з тачкай... Ужо ж туды, да возера, і трамвай пусцілі. Ну, не зусім да возера — адзін ці два прыпынкі не даходзіў, хоць пуць і быў. Помню, людзей ля кальца на плошчы Свабоды — не злічыць, танцуюць, песні пяюць... А недзе ў гадзін дванаццаць, напэўна, пад’язджаю я да плошчы, гляджу — зноў людзі сабраліся, нешта з рэпрадуктара слухаюць, а ён так громка крычыць. Выйшла я з вагона, падышла і ўваччу цёмна зрабілася — вайна пачалася, чую!

А 24-га Мінск пачалі бамбіць. Помню, прыехала ў дыспетчарскую, а там кажуць: загад — усім у парк. Дыспетчар яшчэ прасіў, каб я вагоны ў парку палічыла, ці ўсе вернуцца. Толькі загнала я свой вагон, толькі палічыла ўсе астатнія, а над горадам — самалёты, ды так нізенька! Выскачылі мы з парка з Сяргеевай — гэта падружка мая была, а з самалётаў, як пёркі з птушкі, бомбы пасыпаліся. І проста на парк. Ён адразу і загарэўся. Так гарэла, так трашчала... Гляджу я, а і мой вагон гарыць. А ён быў убраны, гардзіны шоўкавыя павесілі, аддзялілі імі вадзіцеля ад пасажыраў, і на вокны шоўкавыя фіраначкі, і люстэрачкі ля дзвярэй, а наверсе — сцяжкі чырвоныя. Убралі так, бо наш экіпаж камсамольскі быў...

Прыбегла я дахаты, да малога, а па радыё кажуць, каб ішлі на ўсход, каб не хаваліся ў падвалах дамоў, бо на Даўгабродскай падвал бомбай заваліла, людзі пагінулі... Мужа не пабачыла, ён недзе быў у Доме ўрада, служыў там у ахове. Сабрала дзяцей, сёе-тое ў клунак звязала і выправілася ў бежанцы. Дабралася да Барысава — пашанцавала на машыну ўзбіцца. А там пачалі бамбіць, шафёр недзе знік. Пайшла, як і іншыя бабы, назад. А на дарозе машын перавернутых, разбітых, абгарэлых — уга колькі! Цяжка ісці, боязна, ужо фашысты пруць і пруць па дарозе днём і ноччу. У нейкай вёсцы да людзей добрых прыбіліся, пажыла з дзецьмі з тыдзень, пакуль аціхла трошку. Прыйшлі дамоў, на Камароўку сваю, а ўся хата ачышчана, усё чысцютка пазабірана. Адна толькі машынка швейная засталася. Перад адыходам я яе пад печ запхнула, дык і ацалела.

Вярнуліся, а з чаго жыць? Немцы трамвайны парк троху адбудавалі і трамвай пусцілі, адзін маршрут усяго, здаецца. Сёй-той з нашых вярнуўся ў парк, мяне клікалі, але я не пайшла. Свае людзі, ведама, але ж — хто не знае, што партыйная я, дэпутатка гарсавета? Дык — далей ад ліха, бо і дзяцей асіраціць лёгка... Пайшла ў Дом друку. Там сталяром рабіў мой брат стрыечны, Юзік Доўнар, памог, каб і мяне ўзялі. Паставілі наборшчыцай. Калупалася я з тымі літарачкамі, ды не надта ў мяне атрымлівалася. А тут бабы і дзеўкі неўзабаве даўмеліся знарок тыя літаркі блытаць, каб шкодзіць немцам. Спачатку ж дурныя былі, не ведалі, як і шкодзіць разумна. Немец-наглядчык прыкмеціў, прыгразіў, дык я спаслалася, што неадукаваная — папрасілася ў прыбіральшчыцы. Там вальней было, бо не так сачылі. Дык і заданні падпольшчыкаў лацвей было выконваць — прыбіральшчыца магла сёе-тое вынесці. Колькі разоў шрыфт выносіла — пакрысе, па дзве-тры жмені, каб не кінулася ў вочы. І паперу выносіла. На шпульках з-пад рулонаў заставалася нямала паперы. Дык я некалькі шпулек укіну ў мех са стружкамі, Толіка на другую руку пасаджу і іду цераз прахадную. Нашто табе шпулькі? — пытаюцца. А я кажу: грубку паліць. Ну, пакрычаць-пакрычаць, але прапусцяць... І лістоўкі расклейвала. Спачатку іх у Доме друку друкавалі, а пасля, як стала няможна, партызаны іх у горад прыносілі. Партызаны да мяне і дадому заходзілі. Ёд, бінт ім перадавала. Аднойчы дзесяць запальнічак перадала — падпольшчыкі ў Доме друку зрабілі, пяцілітровы бітончык авіяцыйнага бензіну... І цяпер многія жывуць з тых, з кім я ў вайну звязана была. Скажам, Вера Вершаль, Янка Плаўнік, потым — Зыкаў, ён цяпер таксістам робіць, Мармулёў, Герой Савецкага Саюза, у Барысаве зараз жыве...

Колькі разоў, здавалася, жыццё на валаску вісела! Колькі накалаціліся ад страху таго, а колькі нагараваліся-нагаладаліся! І Галя старалася хоць бульбіну якую здабыць, і Алік малы хадзіў боты чысціць, дык немец каторы дасць марку, а другі — выспятка, а не марку... Але ж от неяк перакачаліся, дачакаліся нашых...

А як толькі вызвалілі Мінск, я зразачку пайшла ў трамвайны парк. Сабраліся нашы трамвайшчыкі, хто ў горадзе быў, хто з эвакуацыі вярнуўся, хто з партызанаў. А рукі за што зачапіць? Немцы ж усё чысцютка пазнішчалі. Нават рэйкі, што былі пакладзены да возера, знялі і вывезлі.

Горад увесь разбураны і згарэлы. Савецкая вуліца, Ленінская, Карла Маркса — куды ні глянеш, усё разбіта, спалена, жаль глядзець. Помню, на вуліцы Энгельса кінатэатр быў — «Спартак», такі прыгожы, я часта туды хадзіла, яшчэ і тады, як гуку не было, чытаць надпісы даводзілася,— дык ад яго ж нічога не засталося...

Пра мужыка свайго праз усю вайну не ведала. Толькі пасля вызвалення дачулася, што на фронце быў, два разы ранены. Лячыўся ў арлоўскім шпіталі, асколак быў у лёгкім. Прывезла ў Мінск, рабілі тут аперацыю, не вытрываў, памёр... Замуж я, як і мама мая, таксама болей не выходзіла. Гаравала, вядома, па дзве змены запар рабіла, каб капейчыну большую мець, цяпер так не дазваляюць, а тады можна было, пенсію за мужа атрымлівала... Ну, а пасля і Галя на работу пайшла, да нас, у парк. Галя як старэйшая, дык толькі сем класаў скончыла, а хлопцы — па дзесяць, Галя для іх ужо старалася...

Сам будынак парка ацалеў, хоць і быў замініраваны, немцы не паспелі ўзарваць. Але ж каб паехаць, дык адразу не паедзеш. Уся ж гаспадарка разбурана, пабіта. Двух коней дасталі, каб можна было падвезці што — шпалы, рэйкі тыя ж, слупы... Трамваяў некалькі адрамантавалі. Дальбог жа, у сорак чацвёртым вагонаў у нас не больш было, чым у дваццаць дзевятым-трыццатым, як толькі трамвай пачынаўся. Ды, пэўна, яшчэ меней: пяць ці шэсць вагонаў паставілі на колы. Першай аднавілі лінію ад станцыі Таварнай да парку Чалюскінцаў. Вось з восені сорак чацвёртага і пачала зноў ездзіць...

Кажуць, што толькі добрае забываецца, а благое — не. Чаму ж не — і благое забываецца. Гэта ж пасля вайны трамваі ці не горшыя былі, чым да вайны. Многія вагоны нават дзвярэй не мелі. Сядзіш, бывала, вецер дзьме, зімою поўную кабіну снегу намяце... Але ж рабіла, падабалася мне гэта работа. Лепшай, здавалася, і няма, бо заўсёды — сярод людзей, на людзях. І дзеці з мяне прыклад узялі. Галя во ўжо трыццаць пяты год трамвай водзіць, а Алік больш чым дваццаць гадоў на тралейбусе ездзіць, і Толік у дэпо рабіў, і зяць таксама...

Во пра што не забыцца расказаць...

У сорак пятым выклікаюць мяне ў кантору і кажуць: даручаем табе, таварыш Лютынская, адну адказную работу, згодны? Чаму ж, кажу, не згодна, а сама думаю: што там за работа адказная такая? Бачу, прычапілі да майго вагона адкрытую платформу, пілавіння ў яе насыпалі, чацвёра рабочых у яе сядаюць, а мо і болей... Аказваецца, трэба перавезці з Таварнай станцыі да Дома ўрада помнік Леніну. Фашысты ж узарвалі яго, знішчылі помнік. А пасля вайны ў Ленінградзе яго зноў адлілі. Дык от я з Таварнай яго і перавозіла. Ноччу працавалі, каб трамваям не перашкаджаць. Да чыгуначнай платформы быў спецыяльны пуць пракладзены. Кранаў не было, рабочыя рукамі грузілі і згружалі помнік па частках.

Пілавіння насыпалі, каб не падрапаць, не папсаваць помнік... Два ці тры рэйсы, памятаю, зрабіла...

Цяпер, як праходжу ля Дома ўрада, дык кожны раз прыпынюся, пагляджу на Леніна, тую ноч успомню і зарадуюся, што мела дачыненне да гэтага помніка і я, везучы такі дарагі груз па цемнаватым пасляваенным Мінску...

5

Спачатку быў звычайны каляндарны лісток...

Але была яшчэ і кніга...

Добрая кніга, як і добры чалавек, таксама прыносіць нам вялікую радасць. А гэта была не проста добрая кніга. Гэта была незвычайная, дзівосная кніга: «Лад» Васілія Бялова. Кніга з такім падзагалоўкам: «Нарысы аб народнай эстэтыцы».

Можа быць, нехта ўсміхнецца і здзіўлена пацісне плячамі: якое, маўляў, дачыненне мае гэтая кніга да расказу Ніны Казіміраўны Лютынскай? Што ж, непасрэднага дачынення мо і не мае. Аднак жа, аднак...

Кніга гэтая — пра неабдымную і ні з чым несувымерную стыхію народнага жыцця, пра тое, як стагоддзі гранілі і шліфавалі жыццёвы ўклад народа, сфарміраваны яшчэ, бадай, у пару язычніцтва, пра адвечную прагу народа да прыгожага, пра вытокі народнай эстэтыкі. Кніга гэтая — пра гадавы рытм працоўнага жыцця селяніна, пра ягоную працу зімою, вясною, летам і восенню, пра работу цесляроў, кавалёў, пастухоў, шаўцоў, лодачнікаў, печнікоў, ганчароў, каталёў, млынароў, бондараў... Пра тое, як іх праца спалучала ў сабе карысць і прыгажосць.

Я чытаў яе з велізарнай зацікаўленасцю і асалодаю. Божа мой, які багаты, шматстайны і маляўнічы свет жыцця паўночнарускага селяніна раскрываўся на яе старонках! Свет, што ў значнай ступені назаўсёды адышоў у нябыт і працягвае адыходзіць. І ад гэтага было адначасова крыху і сумна, скрушна. І не толькі ад гэтага. А яшчэ і ад таго, што ніхто з нашых пісьменнікаў не прыйшоў да думкі зрабіць нешта падобнае. Яно, вядома, усе мы пакрысе сёе-тое робім у гэтым кірунку, на старонках нашых кніг занатавана шмат з таго, чым жыў наш народ на працягу стагоддзяў і што імкліва разбураецца і знікае сёння на нашых вачах. Але каб вось так, як Васіль Бялоў, сёння, не зважаючы на нястрымны наступ НТР, раптам задумаць і ажыццявіць такое!..

Ну, ды гэта, напэўна, сапраўды з іншай оперы. А каб было зразумела, дзеля чаго прыгадваю я тут кнігу В. Бялова, дазволю сабе працытаваць з яе некалькі мясцін.

«Так ужо ўладкаваны свет: калі ўзараў, дык трэба і сеяць, а калі пасеяна, дык і ўзыдзе. А што ўзыдзе, тое і вырасце і дасць плод, і хочаш не хочаш, ты будзеш рабіць тое, што прадвызначана боскаю воляю. Ды чаму — хочаш не хочаш? Нават гультаяватаму прыемна араць і сеяць, прыемна бачыць, як з нічога ўзыходзіць сіла і жыццё. Вялікая тайна нараджэння і ўвядання штогод спадарожнічае селяніну з вясны да восені. Цяжкасць працы — калі ты дужы і не хворы — таксама прыемная, яе проста не існуе. Ды і сама праца асобна як бы не існуе, яна непрыкметная ў побыце, жыццё цэласнае. І праца, і адпачынак, і будні, і святы настолькі заканамерныя і настолькі не могуць адно без аднаго, настолькі натуральныя ў сваёй чарговасці, што цяжкасць сялянскай працы скрадвалася. Да таго ж людзі ўмелі ашчаджаць сябе...»

«Працаваць прыгожа не толькі лягчэй, але і больш прыемна. Талент і праца непарыўныя. Цяжкасць працы неадольная для бяздарнага работніка, яна лёгка спараджае пагарду да працы. Вось чаму пэўная лянотнасць, а таксама нетаропкасць і ўдача ў працы таленавітага чалавека выклікае іншы раз зайздрасць і неразуменне ў чалавека пасрэднага, які не шкадуе ў працы ні сілы, ні часу.

Сапраўдная прыгажосць і карысць таксама ўзаемазвязаны: хто ўмее прыгожа касіць, само сабой, накосіць больш. Гэтак жа, як і той, хто ўмее прыгожа цяслярыць, збудуе больш і лепш, прычым зусім не абавязкова ў пагоні за доўгім рублём...»

І яшчэ: «Умельства, майстэрства і, нарэшце, мастацтва жывуць, відаць, у межах любой працы. І, канечне ж, толькі ў сувязі з працай і пры наяўнасці працы можна гаварыць пра гэтыя тры паняцці...

Значыць, усё пачынаецца з нястрымнага і невытлумачальнага жадання працаваць... Творчы пачатак абумоўлены жаданнем працаваць, жаданнем дзейнасці ».

Ці не карысна і сёння нам, людзям, што працуюць зусім у іншых умовах і абставінах, памятаць сёе-тое з таго, што было выпрацавана, выпакутавана людзьмі за стагоддзі цяжкай, часта паднявольнай, знясільваючай працы? І не толькі — памятаць, але і не адкідаць прэч, а і — укараняць і распаўсюджваць?

Чалавек прыходзіць у гэты свет, каб працаваць. Не высільвацца, а працаваць. Працаваць умела, дбайна. А дзе ўмельства, там і прыгажосць. А дзе прыгажосць працы, там і колькасць, там і якасць яе, там і асалода на душы ў таго, хто працуе. Як усё, аказваецца, проста і натуральна!

І згадалася мне кніга В. Бялова пад час гутаркі з Нінай Казіміраўнай Лютынскай таму, што ў яе расказе відочна сцвярджаюцца многія з гэтых, цытаваных вышэй, прынцыпаў народнай эстэтыкі, мо правільней будзе сказаць — народнай працоўнай этыкі.

І шкада, вядома, што яшчэ досыць часта трэба даводзіць гэтыя неабвержныя ісціны (што чалавек прыходзіць у гэты свет, каб працаваць) некаторым людзям. І як важна, каб гэтыя немудрагелістыя ісціны ведалі, прымалі да душы маладыя людзі, тыя, што толькі пачынаюць сваё жыццё...

6

— Я ўжо і кінула б мо рабіць, але ж надта блізенька ад дэпо жыву. Як ведала ўсё адно, калі кватэру атрымлівала, што тут жа, на Батанічнай, новае трамвайнае дэпо пабудуюць. Дарогу толькі перабегчы — і на рабоце... Наш дырэктар Ермачэнка, ён галоўным інжынерам быў, а цяпер дырэктарам, кажа мне неяк: праверыў увесь Саюз, нідзе няма, каб жанчына правяла за рулём трамвая пяцьдзесят гадоў; мо вам, кажа, цяжка, мо на другую работу перавесці? Як сказаў ён мне так, дык я і пакрыўдзілася. Кажу: калі так, дык напішу заяву і пайду на пенсію. А ён таксама збянтэжыўся: не, не, кажа, я проста так спытаў, каб як лепей... А я яму: камісію прайшла, урачы дазваляюць, дык яшчэ пару гадкоў папрацую, а там відаць будзе. Тады, можа, і на другую работу папрашуся, але тут, у дэпо, каб не расставацца з трамваем...

На юбілей мой, вядома, не забыліся. Святкавалі, адзначалі. Тут во, у хаце, гасцей поўна было. Падарункаў нанеслі, слоў добрых нагаварылі, казалі і колькі кіламетраў я за пяцьдзесят гадоў наездзіла, і колькі пасажыраў перавезла. Вядома, ніхто ж не падлічваў спецыяльна, прыблізна прыкінулі, але ўга якія лічбы вялікія! Я й рада была за такую ўвагу і павагу. А ўзнагарод розных у мяне шмат. Самая вялікая радасць была, як узнагародзілі ордэнам Леніна, у 1966 годзе, у той год, як і горад Мінск узнагародзілі ордэнам Леніна. Знак ёсць — «500 тысяч кіламетраў без аварый», грамат розных ажно больш чым дзесяць.

Ну, і кніжка вадзіцеля першага класа, у якой з сорак чацвёртага года — ніводнай заўвагі. У кніжцы запісы робяць, калі правілы якія парушаеш, яна ж у мяне чыстая...

Але што я ўсё выхваляюся перад вамі, га? Вы падумаць можаце, што работа наша лёгкая, лягчэйшай няма, калі баба на сёмым дзесятку на пенсію не збіраецца. Дык от не думайце! Проста скажу — цяжкая, нялёгкая гэта работа. Яно, праўда, мы зараз і зарабляем добра, як тыя інжынеры,— і па дзвесце рублёў, і па болей нават, і трамваі не раўня колішнім, дзяўчаткі, тыя сядзяць за рулём, як на выстаўцы якой — разадзеўшыся, напамадзіўшыся, накруціўшыся, як на агледзінах, але ж гэта — адно, а работа — другое. Людзей у Мінску шмат стала, набіваецца пасажыраў у вагон як дзверы зачыніць. Раніцаю асабліва шмат і пасля абеду, у чатыры-пяць гадзін. Транспарту ў горадзе многа. Калісь едзеш сабе спакойна — ні тых машын, ні сфетафораў. А цяпер і машын процьма, і сфетафоры тыя на кожным скрыжаванні. Шафёры не глядзяць, правілы парушаюць, не прапускаюць трамвай, калі трэба прапусціць. На прыпынках ім не церпіцца хутчэй праехаць, калі яшчэ пасадка не закончана і дзверы не зачынены. І пешаходы не тыя, што раней. Яны цяпер надта ганаровыя парабіліся, пешаходы! Трамвай павінен перад імі спыніцца, прапусціць яго, і гэта пешаход ведае і не спяшаецца, ідзе сабе, быццам шпацыруе, яшчэ і ручкай вадзіцелю памахае — паспееш з козамі на торг!.. А ў нас жа — графік!..

Светафораў вельмі шмат. Разумееш, што ўсё гэта, каб лепей нам было, каб мы без аварый ездзілі, але затое і стамляешся болей, бо ўвесь час у напружанні трэба быць, пільна сачыць за ўсім... І не разгонішся надта. І рэйкі лепшыя, і трамваі не параўнаць з даваеннымі, а хуткасць амаль тая ж, што і да вайны, мо нават крыху меншая, раней ці не хутчэй мы ездзілі, бо і прыпынкаў меней было, і людзей, і машын, і скрыжаванняў з тымі ж сфетафорамі...

Да вайны, асабліва спачатку, нас не правяралі, як мы ездзілі, з якой хуткасцю. Пасля ўжо, як паявіліся канцавыя станцыі, пачалі запісваць, за колькі мінут праедзеш туды і назад. А цяпер картачкі ў кожнага вадзіцеля, увесь маршрут па секундах распісаны. Спознішся на колькі мінут — усё, рэйс гэты бракуецца, за яго ты нічога не палучыш... А дыспетчары не толькі за графікам сочаць. Яны ўсімі трамваямі, што на пуцях, камандуюць: куды трэба болей вагонаў паслаць, якому пуць скараціць, каб людскі паток разгрузіць хутчэй...

Калектыў у нас харошы, дружны, усе адзін за аднаго, ці радасць у каго, ці гора якое. Хто стараецца, не лянуецца, таго і начальства заўважае, у крыўду не дае. Санаторый-прафілакторый у нас свой ёсць, у Волме, там вельмі хораша адпачываць, ездзяць нашы туды сем’ямі, з дзецьмі. Моладзі ці шмат? Ёсць, вядома, і шмат. Але ж адны дзяўчаткі. І не надта трымаюцца. Пытаюся ў каторай: чаму звальняешся, хіба заробкі благія ці крыўдзіў хто? Муж, кажа, не дазваляе, не пускае. А чаму, каб хто спытаў? У нас жа можна і тым працаваць, у каго дзеці, можна такі графік выбраць, каб не цэлы дзень быць на рабоце, а троху зранку, троху пасля абеду...

Што яшчэ вам сказаць?.. Да вайны, мне здаецца, і пасля вайны нават ці не культурнейшы пасажыр быў. От успамінаю, і здаецца, што неяк не так сябе людзі паводзілі. Заходзяць — паздароўкаюцца, выходзяць — дзякуй скажуць, не лезлі адзін аднаму на галовы. Мо таму, што меней іх было, людзей? А цяпер жа... Моладзь быццам і вучоная, культурная, а дысцыпліны — дык няма. Сталейшыя людзі больш культурныя, больш ветлівыя... І «зайцоў» тых самых сярод каго больш? Сярод моладзі!

Памятаю, пайшоў наш вагон без кандуктара. Мой першы вагон такі ў горадзе зрабілі. Паставілі ў салоне касы, апускай манеткі, адрывай білет і едзь. Дык спачатку ўсё быццам добра. Часам грошы нават лішнія былі. Зайшлі ўтрох, рубель укінулі, тры білеты адарвалі, а дзесяць капеек рэшты не ўзялі. Іншы замест трыццаці капеек трыццаць пяць укіне... А пасля ж чаго толькі ў тых касах не знаходзілі! І царскія медзякі, і жалезныя балванкі розныя, і ліха яго ведае што... І «зайцоў» шмат было. Вядома, каторыя і пры кандуктары стараліся «зайцам» праехаць, дык цяпер тым больш... Але ж, здаецца мне, як не стала кандуктараў, дык людзі як саромецца болей пачалі, кантраляваць адзін аднаго, няўзнак сочачы — а не дай бог хто падумае, што я без білета еду! Ну, а мы, вадзіцелі, яшчэ і падахвоцім: таварышы пасажыры, хто зайшоў, білецікі паказвайце адзін аднаму, талончыкі кампасціруйце... Маладыя вадзіцелі, праўда, не надта стараюцца сачыць за салонам, як саромеюцца ўсё адно, а старэйшыя дык умеюць і падказаць, каб талончыкі прабівалі, і прыпынак аб’явіць, і паведаміць вясковым цёткам ці прыезджым, што тут во базар Камароўскі, ЦУМ недалёка...

План і цяпер робім, пры талоннай сістэме. Але і не надта лёгка. Усё-такі шмат яшчэ несвядомых людзей. Цяпер зрабілі штраф па два рублі за безбілетны праезд, дык паменела троху «зайцоў»... Сярод рабочых людзей, заўважыла, «зайцоў» амаль няма, яны бяруць праязныя. Во, па сынах мяркую, па ўнуках — праязныя ўсе купляюць...

Бабуля? Дзе вы бачылі! Ужо даўно не проста бабка, а прабабка! І во ўсё езджу. На сёмым маршруце рабіла, пасля на другім, а цяпер на пятым маршруце: Возера — Сельгаспасёлак. Загружаны маршрут. На ім жа галоўны наш базар — Камароўскі, дык людзей заўсёды поўна — ці раніцаю, ці днём. Але затое і весела. Коціцца сабе мой 239-ты вагон, на стыках рэек пастуквае, часам, хоць і не паложана, пазвоньвае, бо што гэта за трамвай без званочка, на скрыжаванні з-пад дугі сінюю іскру пусціць і далей бяжыць, мае новыя кіламетры лічыць...

7

Штодня, ідучы на працу і з працы, пераходжу я вуліцу Якуба Коласа — колішні Лагойскі тракт, цяпер адну з самых ажыўленых магістралей горада. Па ёй сюды-туды бягуць трамваі. У адзін бок — да Сельгаспасёлка і Зялёнага Луга, у другі — да Камсамольскага возера, да вакзала, да трактарнага і аўтамабільнага заводаў. І як бы ні спяшаўся, а ўсё адно прыпынюся на хвіліну і паўзіраюся, ці не будзе ісці «пяцёрка» пад нумарам 239-м. І калі, бывае, угледжу, дык так і падмывае мяне выскачыць напярэймы і памахаць рукою: «Шчаслівай дарогі, Ніна Казіміраўна!» Ды спахаплюся: на пенсіі ўжо старэйшая вадзіцелька мінскага трамвая, на заслужаным адпачынку.


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Гіль, М. Пасеянае – узыдзе.: Нарысы. [Для ст. шк. узросту]. - Мн.: Юнацтва, 1985. - 109 с.
Крыніца: скан