epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Гіль

Слова да чытача

Юны сябра!

Кніжку гэтую я назваў «Пасеянае — узыдзе». Аднак гаворка ў ёй пойдзе не пра жыта, авёс ці грэчку і не пра звычайную сяўбу. Гаворка пойдзе пра іншую сяўбу і іншыя парасткі. Пра парасткі, якія ўзыходзяць у душы чалавека. Пра парасткі дабрыні, шчырасці, спагадлівасці, працавітасці, вернасці ў дружбе, пра парасткі прынцыповасці, любові і адданасці Радзіме.

З маленства чуў я словы: пазнаёміўся з чалавекам — пабагацеў на чалавека. Тады я не разумеў усёй глыбіні і значнасці гэтых слоў. Нават, здаецца, здзіўляўся: як гэта можна пабагацець на... чалавека?! І толькі з гадамі адкрылася мне, што самы найвялікшы чалавечы скарб — скарб душэўны, што чалавек багаты не тады, калі мае шмат грошай ці дарагіх рэчаў, а тады, калі ў яго вялікі душэўны набытак. А набытак гэты напаўняецца праз адносіны з іншымі людзьмі.

«Чалавек — гэта цэлы свет»,— гаварыў наш вялікі пісьменнік Кузьма Чорны. І чым шырэйшае кола тваіх знаёмстваў — дачыненняў з людзьмі, чым больш чалавечых светаў расчыняецца перад табою, тым больш людскіх ведаў, вопыту і пачуццяў узбагачаюць твае ўласныя веды, вопыт, пачуцці.

Я шчаслівы, што мая праца журналіста і літаратара дае мне магчымасць сустракацца з рознымі людзьмі. Многія з гэтых сустрэч прыносяць шчырую радасць і задавальненне, надоўга пакідаюць след у сэрцы. Дарагія, незабыўныя абліччы, светлыя справы, высокія помыслы, чыстыя словы, моцная повязь гэтых людзей з роднай зямлёй, іх адданасць Радзіме і Партыі — усё гэта жыве праз гады. Я шчаслівы, што яны былі ў мяне, гэтыя сустрэчы, што засталіся яны не толькі ў блакноце, але і ў сэрцы.

Дарагі юны дружа! Ты — на парозе вялікага самастойнага жыцця. Трэба думаць, не ўсё ў ім будзе лёгка і гладка. Зрэшты, гэта і нецікава, калі ўсё гладка і лёгка. Чалавек, каб быць чалавекам, павінен пераадольваць перашкоды, асільваць пад’ёмы і кручы, каб зведваць радасць перамог, каб спазнаваць сябе, каб набываць упэўненасць у сваіх сілах і магчымасцях.

Хочацца спадзявацца, што табе будзе не толькі цікава, але і карысна пазнаёміцца з людзьмі, пра якіх расказваецца ў гэтай кніжцы, што знаёмства гэтае дапаможа табе на парозе ў вялікае, сталае жыццё. Калі хоць якое-небудзь зярнятка з душэўнага набытку гэтых людзей узыдзе ў тваёй душы добрым парасткам — буду шчыра рады.

АЎТАР


1985?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гіль, М. Пасеянае – узыдзе.: Нарысы. [Для ст. шк. узросту]. - Мн.: Юнацтва, 1985. - 109 с.
Крыніца: скан