epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Гроднеў

Салодкі боль

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ, АБО І ЯШЧЭ АДЗІН ДЗЕНЬ


 

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

Прыадчыніліся дзверы купэ, і правадніца прапанавала чай, быццам ведала, што Гарадцу сёння яшчэ не выпала не тое што павячэраць, нават паабедаць. Аднак яму не хацелася ні піць, ні есці. Хацелася аднаго: толькі адключыцца ад думак аб неадкладных задачах і праблемах, супакоіцца і заснуць. Можна было прылегчы — у купэ ён быў адзін,— заснуць, але ён усё глядзеў на вячэрнія агні Масквы, пакуль цягнік не нырнуў у цемень. Нарэшце выключыў святло. Самжыў вочы, стараўся засяродзіць сваю ўвагу на аднатонным перастуку вагонных колаў, але ранейшыя думкі зноў і зноў лезлі ў галаву. Нават калі на момант надыходзіла дрымота, перад ім з’яўляўся з вялікай лысай галавой чалавек, што ледзьве відаць быў з-за стала — намеснік міністра Сумак — і, асцярожна папраўляючы свой гальштук, манатонна, але непахісна адстойваў нібыта пазіцыю міністэрства, а больш за ўсё сваю, гаварыў: «А чаго лезці на ражон, чаго, калі загадзя ведаеш, што абколешся? Можа, хто скажа, можа, хто стане асуджаць, маўляў, калі Сумак каштуе мёд, заўсёды асцерагаецца джала. А што тут ганебнага? Гэта, як бачыш, нажытая даўнімі гадамі якасць. Затое, калі гляджу сабе пад ногі, хоць нічога не знайду, галоўнае не спатыкнуся». Гэтак неадчэпна думаў Сумак. А то з’яўлялася Раіса з сынам. Яна, хваравітая і змораная, накінуўшы на сябе белую вязаную хустку, здавалася, усё сядзіць на тым крэсле ў гасцініцы, сядзіць, чакае, пакуль яе Алёша нагаворыцца з бацькам. Алёша нібы ўсё расказвае: «Я не паехаў бы сёння, ды мамка кажа: «Паедзем, татку пакажу табе». Сёння па тэлевізары зноў «Чатыры танкісты і сабака», хацеў паглядзець, а мамка: «Паедзем ды паедзем». А ці вы мне татка?»

Гарадзец варочаўся, раскрываўся — у купэ было душна,— уздыхаў: трэба ж такому здарыцца, каб у адзін дзень на яго абрынуліся дзве такія акалічнасці, але не падаў духам, стараўся ўзважыць усе плюсы і мінусы і ўсё ж плюсоў знаходзіў больш. Куды больш выйгрышная была пазіцыя менавіта яго, Гарадца. Тое, што сказаў Сумак, яшчэ не значыць, што сказаў міністр. Калі б такое навязваў яму сам Чабрасаў, міністр, то і з Чабрасавым ён бы не пагадзіўся. Прагнозы партыйных дырэктыў трэба не толькі правільна разумець, але і па-гаспадарску, з улікам часу і новых магчымасцяў, ажыццяўляць. У дырэктывах сказана, што за бягучую пяцігодку павялічыцца працаёмкасць сельскагаспадарчых машын, у тым ліку і новага трактарнага парка прыкладна на трыццаць сем — сорак працэнтаў. То няўжо нарошчваць гэтыя працэнты на іхнім заводзе, як гэта рабілі дзесяць — пятнаццаць гадоў назад, паступова, паралельна асвойваючы мадэль новае машыны? Няўжо толькі так паўтараць, як некалі, будучы дырэктарам завода, рабіў Сумак, як гэтага хочацца яму і цяпер?

Калі Сумак працаваў дырэктарам таго ж завода, які цяпер узначальвае Гарадзец, і калі яму трэба было рашаць новыя праблемы, рашаць неадкладна і ў складаных абставінах, ён ніколі не ішоў на рызыку, а заўсёды страхаваўся практыкай і вопытам старэйшага завода. Старэйшы завод, скажам, пераходзіў на выпуск новай мадэлі трактара паступова, на працягу трох — пяці гадоў, хоць гэта было не зусім выгадна як заводу, так і дзяржаве, акурат гэтак жа паўтараў і Сумак. Будучы дырэктарам, ён заўсёды страхаваўся: «Не вялікая бяда, калі менш дамо трактароў, затое — не адступаючы ад інструкцыі». Менавіта з гэтага пункту гледжання, здавалася, з добрых намераў, будучы ўжо намеснікам міністра, Сумак і навязваў заводам свае правераныя ўласнай практыкай рашэнні, хоць яны ўжо ў нейкай меры былі архаічнымі. Разам з серыйным выпускам настойліва раіў асвойваць паралельна другі канвеер, на які можна не спяшаючыся, прадумана паставіць колькі новых мадэляў машын і паступова нарошчваць іх выпуск. Налета, да прыкладу, зняць з новага канвеера пяць тысяч мадэрнізаваных трактароў, на трэці год — пятнаццаць, да канца пяцігодкі — восемдзесят тысяч.

Слухаў Мікалай Ігнатавіч Сумака доўга, слухаў цярпліва, нарэшце ўлучыў момант і, каб да канца ўсё ж раскусіць яго, з’едліва пахваліў:

— З вамі, Захар Пятровіч, пагаварыць, што мёду напіцца.

Хацеў дадаць: «Аднак чым больш п’еш ваш мёд, тым больш ён становіцца горкім»,— ды змоўчаў.

— Я, шчыра кажучы, зрабіў, што мог, і няхай хто з маіх калег у міністэрстве пастараецца, каб зрабіць лепей. Можа, хто за вуглом і ўпікае мяне: «А ён, Сумак, стары груган, дарэмна не каркне». А чаго мне з пустога ў парожняе пераліваць? Можа, і вы, таварыш Гарадзец, выйшаўшы за дзверы, скажаце: «Сумак не падтрымлівае мяне, бо баіцца новага». А чаго мне лезці?

— А я, прызнацца, калі рызыкую, тады нешта і атрымліваю,— перабіўшы Сумака, выставіў свой козыр Гарадзец. — І што дзіўна, заўсёды знаходжу там, дзе асцярожны губляе. Таму не баюся і спатыкнуцца і асароміцца, калі, скажам, вазьму і перайду адразу на выпуск новай мадэлі трактара. Арганізую справу так, каб не праз тры — пяць гадоў даць восемдзесят тысяч новых трактароў, а налета! Карацей кажучы, калі мяне падтрымаеце, наш завод за якіх пяць гадоў дасць на трыста тысяч новых трактароў больш. Як вы думаеце, Захар Пятровіч, пашкодзім мы такой прыбаўкай народнай гаспадарцы?

Тое, што гаварыў Гарадзец, для Сумака не было доказам. Ці ж ён сам не асвойваў і не выпускаў новую мадэль трактара. І ніколі дроў не наламаў. А таму, якія б аргументы не выстаўляў Гарадзец, Сумак непахісна заставаўся на сваёй пазіцыі. Ну, а каб і Гарадца ўсё ж пераканаць, што куды больш надзейна прытрымлівацца гадамі праверанай практыкі і стылю, нібы заходзіў з другога боку.

— Можна, усё, вядома, можна зрабіць. Калі заварыш кашу, не пашкадуеш масла.— І Захар Пятровіч метадычна і тактоўна па-ранейшаму вёў сваю атаку: — І хоць вы, таварыш Гарадзец, абяцаеце, што вам завод за якія пяць гадоў дасць на трыста тысяч новых трактароў больш, трэба памятаць галоўнае: завод можа быць карысны дзяржаве не вашымі абяцанкамі, а рэальным выкананнем плана. Вось кожны член калегіі міністэрства, калі, скажам, станеце настойваць на сваім, і спытае: калі гэта вы дасце больш за трыста тысяч новых трактароў? Праз пяць год? А што канкрэтна атрымае дзяржава ад вашага завода, калі пачнеце пераводзіць усю вытворчасць на поўны пуск новай мадэлі? Шыш, вядома, атрымае. Так жа? Сёння спыніце серыйны выпуск — сёння плана няма. А колькі б вы ні пераабсталёўваліся, хай месяц часу, нават адзін тыдзень, столькі і плана не будзе. Факт? Факт. А трэба заўсёды памятаць, што не той ударнік, хто языком мянташыць, а хто канкрэтна план і выконвае і перавыконвае. Я такое кажу, вядома, зыходзячы з уласнага вопыту. А перайсці, як вы кажаце, адразу на асваенне новай мадэлі — гэта ўсё роўна, што сесці на неаб’езджанага каня — пакуль выедзеш куды, спачатку бяды набярэшся.

— А што значыць гнацца за двума зайцамі? — Гарадзец усё ж не адступаў ад свайго.— Што значыць паралельна рабіць два трактары? Ды гэта ж, уявіце сабе, колькі трэба лішніх дэталяў. Наколькі ўзрастае працаёмкасць.

— А вы падумалі пра маральны фактар? Кажаце, наколькі ўзрастае працаёмкасць. Затое рабочыя колькі губляюць заработнай платы — падае прагрэсіўка. Прычым рэзка. Вы падумалі пра гэта?

— А затое наколькі выігрывае народная гаспадарка.

Тут Сумак аж перасмыкнуўся. Праўда Гарадца. І груба паграшыць супраць яе, тым больш прывесці якія-небудзь довады, каб выбіць асноўны козыр у Гарадца, Захар Пятровіч не мог. Тады ён, спасылаючыся на калегію міністэрства, сказаў:

— Каб спыніць на які тэрмін канвеер, мы на такое пайсці не можам. Вось Харкаў на сённяшні дзень мае васемнаццаць тысяч новых машын. Васемнаццаць тысяч! Так і вы будзеце асвойваць новую мадэль трактара. Па дзесяць дык па дзесяць тысяч у год.

— Я не разумею, Захар Пятровіч, што вырашаюць для краіны, скажам, гэтыя дзесяць тысяч, калі мы за год выпускаем на заводзе паўмільёна трактароў. Зрабіць, як вы кажаце, асвоіць і ўкараніць у вытворчасць новую машыну паралельным спосабам можна. Гэта мы здолеем. Але ж толку ніякага. Абсалютна ніякага. Па-мойму, Захар Пятровіч, два гады мы не будзем рабіць новае машыны. У надыходзячыя два гады мы не дадзім ні дзесяць, ні васемнаццаць тысяч новых трактароў. Затое адразу пяройдзем на стопрацэнтны выпуск новай машыны! Вось давайце прыкінем.

Мікалай Ігнатавіч узяў аловак і падлічыў, наколькі ўзрасце ўзброенасць сяла.

Сумак, вядома, разумеў Гарадца. Хай ён малады і не мае яшчэ вялікага вопыту, аднак як дырэктар разумна бярэ вышыню. Яго можна было б і падтрымаць, ды ў Захара Пятровіча ёсць найлепшы настаўнік, гэта ягоны ўласны вопыт, здабыты з вялікімі цяжкасцямі. Ды хоць бы, скажам, ён, Захар Пятровіч, падтрымаў Гарадца, а раптам іншы член калегіі не пагодзіцца з маладым дырэктарам. Навошта, падумае, з-за рызыкі якога-небудзь там Гарадца насіць гузак на лбе? Таму ў Захара Пятровіча да творчасці дырэктароў, да так званых новых пачынанняў выпрацаваўся належны імунітэт.

— Я зразумеў вас, Захар Пятровіч,— нарэшце ўздыхнуў Гарадзец.— Зразумеў, што калі б вы ішлі, напрыклад, а на вашым шляху ляжала б дзіця і яго трэба было б падняць, абавязкова і неадкладна падняць, то вы падумалі б яшчэ, ці варта яго паднімаць, бо загадзя невядома, які з яго чалавек можа вырасці. Вось каб не рызыкаваць, не памыліцца, вы наогул баіцеся брацца вырашаць тое ці іншае пытанне. Перад пенсіяй вам не хочацца падстаўляць свой лоб пад пстрычкі. Вам трэба дайсці да самага фінішу па роўнай дарожцы, толькі па роўнай, праверанай іншымі, каб, барані бог, не аступіцца. Вось якое ваша цяперашняе крэда. Вы ўсё робіце нібыта законна. Так што, з вамі мне няма аб чым болей гаварыць. Бывайце.

Гарадзец выйшаў ад намесніка міністра ўзрушаны і пакрыўджаны. Расказаць каму пра Захара Пятровіча — не павераць. Кожны здзівіцца: няўжо можа быць такое ў нашым міністэрстве? Як ні дзіўна, але ёсць і такое.

Мікалай Ігнатавіч стараўся зразумець, як мог такім задужа баязлівым зрабіцца Захар Пятровіч. А быў жа некалі рамантыкам, востра адчуваў і падтрымліваў новае. Інакш бы не падняўся па службовай лесвіцы: не быў бы некалі дырэктарам завода, не сядзеў бы і тут, у міністэрстве.

Зусім па-іншаму ставіцца да справы ён, Гарадзец. Імкнецца рабіць, як падказвае яму ўласная логіка. У яго няма адчування страху перад вынікамі. Нягледзячы ні на што, траціць свой асабісты час, энергію, ставіць на карту ўсё, каб дасягнуць свае мэты. На першым часе гэта яму не прыносіць асаблівага задавальнення, наадварот. І ўсё ж, як ні цяжка, ён імкнецца даказаць вось такім Сумакам, што ісці ўчарашнімі тэмпамі — значыць таптацца на месцы, заведама адставаць. А шукаць новае рашэнне на новым шляху, і, канечне, паспяховае рашэнне, гэта хаця і рызыкоўна, але неабходна. Гэтага патрабуе само жыццё...

...Міналі станцыі, праляталі ў цемры ночы кіламетры, а думкі пра міністэрства не пакідалі Гарадца. Ён не зусім удалы выбраў дзень. Перад святам не застаў нікога з высокага начальства. А Сумаку не даказаў нічога. Вось толькі трэба было спытаць, няўжо, выпускаючы адначасова два трактары, выгадна рабіць паралельна сотні тысяч лішніх дэталяў, на канвееры ладкаваць лішнюю наменклатуру вузлоў? Няўжо варта тэрарызаваць і людзей, і завод толькі таму, што адначасовы паралельны выпуск старой і новай мадэлі трактара пакуль што лічыцца законным. А якой гэта цаной? Які з гэтага выйгрыш для народнай гаспадаркі? Усё ж Гарадцу трэба было заявіць, што гэта не дзяржаўны падыход. Кан’юнктурны.

Дарэмна ездзіў у міністэрства, дарэмна псаваў нервы. Ну, а калі ўлічыць, што гэта толькі пачатак вялікай справы, якую неабходна ажыццявіць, пераводзячы завод на поўны пуск новае мадэлі трактара, то, не сакрэт, яшчэ давядзецца не раз папсаваць нервы. Не абыдзецца без нерваў і ў сябе на заводзе, наводзячы парадак з кадрамі. Каго-небудзь прыйдзецца вызваліць з высокай пасады. Вось, напрыклад, начальнік прэсавага цэха Якуш. Харошы ён чалавек, і як спецыяліст быў на ўзроўні. Цяпер, на жаль, адстаў. Не спраўляецца. І наўрад ці справіцца. На вытворчасці ўвесь час трэба ўкараняць новую тэхніку, асобныя працаёмкія працэсы пераводзіць на аўтаматызацыю, а ён, Якуш, сорамна каму сказаць, доўгі час не змог знайсці прымянення нават чатыром монаэлектродным машынам. Што ж, за такое руцінёрства давядзецца рабіць нейкія вывады.

Ды што Якуш. Што мог, ён зрабіў для завода, і нішто яго добрае не застанецца без следу.

Так, нішто ў жыцці не праходзіць бясследна, ні добрае, ні кепскае.

Гэта так і толькі так.

Перад яго вачыма зноў стала Раіса. Даўно тое было — нядоўгія сустрэчы з ёй — а вось адгукнулася.

У той ціхі вечар цвілі каштаны на праспекце. Гарадзец вяртаўся дадому ад сяброў. Аднак прагульвацца па каштанавай алеі не было калі: заўтра заступаць на першую змену. Пачакаў трамвая. Калі ўвайшоў у вагон, заўважыў дзяўчыну. Яна сядзела адна.

— Можна прыстроіцца? — запытаў.

Яна зірнула на яго і паціснула плячыма.

— Калі ласка.

На яе пышных бялявых валасах ледзьве трымалася збітая набакір белая хлапчукоўская кепка. Гарадзец сказаў:

— Па-мойму, вы ў гэтай кепцы і нарадзіліся.

Неўзабаве пазнаёміліся. Яна назвала сваё імя — Раіса. Толькі б разгаварыцца, а тут на наступным прыпынку ёй выходзіць. Як было не правесці дзяўчыну. Гарадзец выйшаў за ёю ўслед.

Калі перайшлі трамвайную лінію, Гарадзец ужо ведаў, што яна вяртаецца з работы — працуе на заводзе; ля пад’езда дзевяціпавярховага дома, у якім кватаравала Раіса, спыніліся. Гарадзец паказаў ёй зорку далёкага Алькора, яна яму — Млечны Шлях і Вялікую Мядзведзіцу. Пастаялі, пагаварылі. А як развітваліся, Раіса сказала:

— Калі трамваі ўжо не ходзяць, вам трэба арыентавацца на Млечны Шлях і толькі тады зможаце трапіць дадому.

— А па якіх арыенцірах мне можна ў наступны раз прыйсці да вас... на спатканне? — спытаў Гарадзец.

Яна назвала нумар кватэры, тэлефона.

Наконт будучага спаткання канкрэтна не дамовіліся. Паабяцаў Гарадзец патурбаваць, як выбера час, а вольнага часу — тады ён працаваў майстрам — заўсёды неставала.

На пачатку зімы Раіса пазваніла сама. Прама ў цэх. Пацікавілася поспехамі, настроем.

— Цяжка расказаць адразу ўсё па тэлефоне,— адказаў Гарадзец і прапанаваў: ці не пара ім сустрэцца.

Нейкі момант у трубцы было ціха, не інакш Раіса думала, як паставіцца да яго прапановы, потым сказала:

— Добра, паколькі адклад не ідзе на лад, я сёння прыеду ў Палац культуры.

У той вечар Гарадзец дачакаўся Раісу роўна а сёмай гадзіне. Замест прывітання, сказала шэптам: «Рада вас бачыць». Гарадзец усклікнуў: «О, якая вы снягурачка». На ёй было белае футра, белыя валёнкі, белая шапачка — ну, сапраўды, што снягурачка. Толькі шчокі яе гарэлі. Не сказаць, што ад марозу — якраз бралася на адлігу. Хутчэй за ўсё чырванелася ад сарамлівасці — яна ўпершыню прыйшла на спатканне.

І чамусьці вось тут, на людзях, ёй стала няёмка за сваё белае футра і шапачку. Спужалася, што за такое шыкоўнае адзенне яе могуць назваць птахай лёгкага палёту. Яна ж рабочая, штампоўшчыца з прэсавага, Раіса Пракопчык, зарабляе, як усе. А прыфранцілася таму, што хоча быць прыгожай, каб яшчэ больш спадабацца яму.

Гарадзец знарок больш не звяртаў увагі на яе ўбранне, глядзеў толькі ёй у вочы і ўсё расказваў, дакладней, не мог нахваліцца, як сёння ён набраў тэмп на лыжнай дыстанцыі. Днём марозіла трохі — лыжня была звонкая, ішоў з такой хуткасцю, што аж вецер свістаў у вушах, спадзяваўся, што першае месца сярод зборнай завода па лыжах нікому не ўступіць, а тут, як на тое ліха, на павароце ў яго зламалася палка.

— Журавель у руках быў, і на табе,— закончыў Гарадзец і чакаў, што Раіса хоць паспачувае або пасмяецца з яго, а яна маўчала. Тады спытаў: — А вы як адносіцеся да спорту, можа, таксама спаборнічаеце на лыжнай дыстанцыі?

— Няма таленту.

Раісе хацелася доўга і бясконца слухаць Гарадца. Слухаць яго пявучы, трошкі гартанны голас, чыстае вымаўленне, бачыць усмешку. А ўсміхаўся ён толькі вачыма. Вочы тады яго рабіліся цёплымі і лагоднымі-лагоднымі. І Гарадзец расказваў, расказваў пра свайго сябра слесара-лякальшчыка Ціўчанку, з якім, дарэчы, давялося і спаборнічаць на лыжах.

— Харошы таварыш,— хваліў Гарадзец. — Не ў гарачай вадзе купаны і майстар сваёй справы. От толькі не вучыцца нідзе. Вяртаемся сёння са спаборніцтва, я кажу яму: «Давай, Пашка, канчай дзесяцігодку, потым не позна будзе і інстытут асіліць». А ён мне, ну, такое не чакаў ад яго: «Ты, Коля, можа, зайздросціш майму пяршынству па лыжах, дык на чарговых спаборніцтвах магу ўступіць». Вядома, зайздрошчу, кажу...

Чым больш расказваў Гарадзец пра Ціўчанку, тым гусцей чырванела Раіса. Яна ж таксама нідзе не вучыцца. Да вучобы, прызнацца, у яе душа не ляжала. Настаўнікі часта казалі: «Ты, Пракопчык, нібыта і ўважлівая, а галава твая пра вучобу не думае». Пасля сямі класаў прывёз яе бацька ў горад да цёткі — тая працавала на трактарным.

«То ў якія людзі цябе, пляменніца, вывесці? — спытала тады цётка. А Рая толькі лыпала вачыма. Што ж, цётка за руку яе ды ў аддзел кадраў. Адтуль накіравалі вучаніцай у прэсавы.

У той вечар Раіса падумала: а што калі б пайсці вучыцца далей, у вячэрнюю школу ці тэхнікум? Хацела параіцца з Гарадцом, ды пасаромелася. «Паступлю, буду вучыцца, потым і пахвалюся»,— рашыла яна.

Хораша і міла было Раісе ў палацы.

Потым быў дзень Восьмага сакавіка, дзень нараджэння Раісы.

У той дзень Гарадзец ішоў па заснежанай алеі парку і думаў, чым жа парадаваць Раісу? Хацелася адразу пайсці да яе, але нечага яму нездаровілася — крыху балела галава.

Гарадзец спыніўся, зірнуў угору. Між зялёных соснаў віднелася далёкае, халоднае блакітнае неба, па ім густой чародкай праплывалі белыя аблокі. «У Раісы дзень нараджэння,— думаў ён.— Ёй трэба нешта купіць на памяць».

Рашыў купіць Раісе кніжку. Падышоў да кіёска. Шкляная вітрына зіхцела рознакаляровымі вокладкамі часопісаў, кніг. Позірк яго затрымаўся на невялікай у каленкоравай цёмнай вокладцы з двума галубамі і белымі пялёсткамі. Папрасіў паглядзець: «Шэкспір. Санеты». Адгарнуў колькі лістоў, прачытаў. «Што натварыла ты са мной, любоў! Мяне ты слепіш і сама сляпая...» Падпісаў: «Дарагая Раіска! Любоў — мой грэх, народжаны тваёй красою. Як ты мне свеціш, так і буду вечна абавязаны табе. Твой Коля».

Калі Раіса ўзяла кніжку, нейкі момант, як нешта небяспечнае ці гарачае трымала ў руках, потым асцярожна, каб ніхто не пачуў, спытала:

— Няўжо малітоўнік?

— А ты разгарні, прачытай.

Не інакш Раіса чакала ад Гарадца, калі не букет пышных руж з шампанскім, то хоць якую бразготку, забаўку, а то — кніжка. Для прыліку падзякавала. Вось толькі пакласці куды? Паклала на падаконнік, дзе стаялі дзве талеркі са студнем.

«Ну, хоць бы на шафу, на прыёмнік»,— падумаў Гарадзец, а тут каманда: «Усім за стол!», і цётка Раісы, жанчына з размаляванымі вуснамі, як будучага родзіча, узяла Гарадца за руку і павяла на покут.

У той вечар выпівалі, закусвалі, гарланілі песні, а вось каб пачытаць хоць адзін санет Раісе, Гарадзец не выбраў моманту, а хоць бы і выбраў — кампанія падабралася зусім не паэтычная,— асалавелыя хлопцы і дзяўчаты гаварылі пра моды, закускі, курорты. Ды і Раісе, прызнацца, не было калі слухаць тыя вершы. Яе імяніны, ёй і даставалася — то падносіла закуску, то адносіла мыць талеркі. Моўчкі і цягавіта старалася дагадзіць кожнаму. Гарадца неяк сарамацілася. Праўда, аднаго разу падышла, ціха сказала: «Ну, ты хоць еш, а то...», а вось што мела на ўвазе пад гэтым «то» — не інакш баялася, каб не ап’янеў. Сказала, і хоць бы на хвіліну затрымалася ля яго — усё дагаджала іншым гасцям, бурна і горача рэагавала на кампліменты марскога лётчыка. Гарадца быццам і не заўважала. Толькі цётка Раісы неяк старалася ўдзяліць яму ўвагу: то распытвала пра заводскіх знаёмых, то цікавілася, колькі ён зарабляе і ці часта выпівае? «Кожны дзень»,— падражніўся Гарадзец. Тут жа заўважыў, як у цёткі падняліся грудзі — яна ўздыхнула. Потым адвяла вочы на марскога лётчыка — дарэчы, Раіса называла яго Пецем і загадзя, калі яшчэ не садзіліся за стол, справілася папярэдзіць Гарадца, што ён, гэты лётчык, для яе не больш, як былы школьны таварыш. Але чамусьці на танец лётчык запрасіў толькі яе, Раісу.

І ўсё нешта гаварыў ёй ласкавае і забаўнае — яна звонка смяялася. Затым, вось гэтага Гарадзец не чакаў, лётчык правёў яе ў суседні пакой. Здавалася, успомняць пра былое, пагавораць — як жа не пагаварыць адзін на адзін са школьным таварышам — але праз які момант, калі Гарадзец падышоў да люстэрка, якое вісела на прысценку між акон, каб паглядзець на сябе, няўжо ён такі брыдкі, што Раіса прыліпла да гэтага лётчыка, убачыў неверагоднае — белая яе рука ляжала ў лётчыка на плячы, яны цалаваліся. Гарадца адразу паласнула вострая рэўнасць. Спачатку не ведаў, што рабіць: пасарамаціць Раісу ці ўзяць загрудкі лётчыка, але не стаў ні тыцкацца паміж імі, ні назаляцца. Папрасіў у цёткі чарку гарэлкі, выпіў і, не развітаўшыся ні з кім, пайшоў.

Помніць, як ляпнуў дзвярыма, як чакаў трамвая. А вось дзе блукаў усю ноч — да сябе ў інтэрнат заявіўся недзе пад раніцу — не помніць.

Праспаў увесь дзень, а пад вечар адчуў, што яму нядобра, але духам не падаў. Заўтра, маўляў, стане лепш — перапіў трохі. Але і назаўтра яму не палепшала. Выклікалі доктара — той западозрыў запаленне лёгкіх і адправіў у бальніцу.

Даведалася Раіса, што ён хворы, прыйшла ў палату. Прыйшла, здалося Гарадцу, без колішняй прыязні — маўклівая і самотная. Прынесла яму мёду, апельсінаў... Прыйшла да яго, чамусьці быў перакананы, не так як да хворага, не каб сказаць хоць ласкавае слова, як — папярэдзіць, каб ён дараваў ёй, дараваў, што яна пакахала свайго былога школьнага таварыша Пятра.

— Як табе? — асцярожна, з затоеным спачуваннем спытала яго.— Можа, лепш ужо, можа, скора выздаравееш? Што табе яшчэ прынесці? Скажы, я пастараюся, прынясу. Можа, зёлак якіх, можа...

Ён маўчаў, адвёўшы вочы ўбок, маўчаў зацята і цярпліва.

— Разумею, я ўсё разумею, што ў цябе нягоды,— прадаўжала спачуваючы яму.— То з кім не бываюць яны; ты паздаравееш, я веру, ты паздаравееш...

Нарэшце ён зірнуў ёй у вочы і, цяжка ўздыхнуўшы, сказаў:

— І што нягоды дробныя тады, калі цябе губляю наўсягды?.. Ці я не бачу, што ты адыходзіш ад мяне. Аб адным цябе прашу: калі знялюбіш — знелюбі хутчэй.

Пасля таго імяніннага вечара Раіса чакала ад Гарадца ўсяго, усяго, толькі не гэтае просьбы.

Нейкі момант сядзела збянтэжаная — не ведала, што яму адказаць. Потым пакрыўдзілася: ну, чаго ён такі злосны, за што, за якую віну гоніць ад сябе? Праўда, з Пятром патанцавала, пацалавалася. Завёў ён тады яе ў спальню цёткі. Гэта каб ніхто, ніхто не пачуў яго слоў. А сказаў ён такое: «Я за табой, Райка, яшчэ ў школе страляў, а потым, помніш, як мы адышлі ад клуба, я на табе хацеў разарваць плацце, я тады яшчэ хацеў, каб ты была маёй. Цяпер ты ад мяне не ўлізнеш, не, не і не думай,— і тут ён абляпіў яе пацалункамі.— Дармо, што кавалер прыйшоў да цябе з кніжачкай, сядзіць, як святы божа. Ды бачу я, што ты яго толькі церпіш».

Адпіхнула тады Раіса ад сябе Пятра. А ён, не выпускаючы яе руку, стаў прасіць прабачэння за свае словы, за нетактоўнасць, спасылаўся, што перапіў крыху.

— Ты дарэмна тады пайшоў,— Раіса стала апраўдвацца,— дарэмна мяне прыраўнаваў, пакрыўдзіў.

Больш Раіса не прыходзіла да Гарадца ў бальніцу. Не прыходзіла і не званіла. А ён часта са скрухай і непрыязню ўспамінаў яе загадкавы візіт. Аднак з цягам часу вярнулася да яго здароўе, а калі ўспамінаў Раісу, нібы дзякаваў: «І добра, што знелюбіла».

Калі растаў снег і сплыла талая вада, паступова сплыло ў Гарадца і колішняе пачуццё да Раісы.

Пасля бальніцы яго накіравалі ў санаторый паправіць здароўе. Там прабыў усю вясну. А ў пачатку лета вярнуўся на завод. Ціўчанка ад радасці крыкнуў: «Жыў, курылка!» Акружылі яго сябры — здароўкаліся, віншавалі, гаварылі, што падрос, пасвяжэў. І па ўсім дызельным пракацілася прыемная вестка: «Вярнуўся наш Коля».

Вярнуўся здаровы, каб жыць, працаваць.

Падышоў да дзядзькі Васіля, таго чарнявага барадача, з якім аднойчы ледзьве не пайшоў у заклад. А было такое. Колішні майстар паставіў дзядзьку працаваць за стары, даваеннага ўзору, станок. Можа б, які маладзён і чмыхнуў, маўляў, я стану толькі за новы, а дзядзька прамаўчаў. Спакойна і цягавіта даваў на тым станку калі план, а калі і больш. Нарэшце — не ўсё вечнае — станок аддаў сваё.

Дзядзька Васіль пакорпаўся зранку ў ім, потым сеў і закурыў.

— Няўжо і на звалку яго? — Гарадзец паклаў руку на станок.— А на выгляд, здаецца...

— Станкі, як дрэвы, яны стоячы, сынок, паміраюць. А яму ўжо, калі не гадоў сорак, то ўсіх пяцьдзесят. То колькі ж ён яшчэ будзе трываць. Канечне, на звалку.

Агледзеў Гарадзец станок і спытаў у дзядзькі, а што калі ён рады яму дасць?

— Ды гэта ўсё роўна, як мяне амаладзіць,— не раіў дзядзька дарэмна валэндацца з тым станком.

Гарадзец заікнуўся пра магарыч, але рукі не падаў, хутчэй стаў закасваць рукавы. Не такія, бывала, разваліны пускаў у ход. Спадзяваўся, за якую гадзіну-дзве даць рады і гэтаму станку. А як стаў корпацца — ну, што за дзіва — адно наладзіць, другое просіцца.

Недзе перад абедам дзядзька Васіль махнуў рукой і зноў закурыў, а Коля па-ранейшаму, замурзаны і запэцканы, з пісягом на лбе, не адыходзячы, зацята і настойліва корпаўся ў станку.

Назаўтра дзядзька Васіль уключае станок і не верыць, што гэта яго, той стары, даваеннага ўзору, станок. Працуе бездакорна.

З тае пары дзядзька Васіль неяк прывязаўся да Мікалая. Не раз праводзіў яго з цэха да прахадной, аднойчы нават запрасіў Гарадца разам паабедаць.

Што заставалася рабіць Гарадцу?

Пагадзіўся.

Калі пераступіў парог кватэры дзядзькі Васіля — пачуў вясёлую гамонку, нехта цягнуў тэнарком, падыгрываючы на гітары: «Шаланды полные кефали в Одессу Костя приводил...»

Аказалася, што за сталом была кампанія. І тую кампанію складалі амаль адны жанчыны.

Гарадзец заўважыў, што дзядзька Васіль разгубіўся.

— Нічога, нічога,— пайшоў на выручку Гарадзец,— я разумею...

А тут выскачыла дачка дзядзькі Васіля. Учапілася і за бацьку і за Гарадца.

— У нас мужчын няма, а вы ўцякаць!.. Так не выйдзе,— і запрасіла да стала.

Калі пасадзілі Гарадца за стол, ён спачатку не прыглядаўся да прысутных.

— Дзень добры, Коля!

Раіса, тая самая Раіса-бялянка. Яна падала руку. Па-ранейшаму прыгожая, праўда, крышку асалавелая і даволі балбатлівая. Адразу пачала з санета Шэкспіра: «Хварэю. Хвароба ўся — любоў. Неўтаймаванай смагай паліць сэрца. Атруты раз пакаштаваўшы, зноў яе п’е і не нап’ецца».

Мікалай паціснуў плячыма, маўляў, ён нічога не разумее.

— Прысядзь да мяне, зразумееш.

У голасе яе столькі тугі.

— Шкадую я цябе, Коля,— пачала Раіса.— Даўно пра цябе думаю і шкадую.

— Я не настолькі нікчэмны, каб мяне шкадаваць,— прысеўшы побач з Раісай, адказаў Гарадзец.

— О, ты за апошні час, бачу, ганарлівы стаў. А я падумала, ці не выясніць зноў з табой нашы адносіны.

— Па-мойму, хай застанецца так, як ёсць, а лепш за ўсё, калі зусім не будзе ніякіх адносін.

— Скажы, Коля, прызнайся, ці не хвароба надзяліла цябе такой жорсткасцю? Я наскрозь цябе бачу — ты сам без мяне пакутуеш і мяне прымушаеш пакутаваць. Ні разу не пазваніў, не сустрэў.

Нейкі момант Гарадзец сядзеў моўчкі: няўжо яна праўду кажа? Але ўспомніў, як абдымаў яе той прыгожы марскі лётчык, як яе рука ляжала на яго плячы, і неяк само сарвалася з языка:

— О, святая прастата! Ды ты ж яго кахаеш. То як жа мне званіць, сустракаць цябе? Выходзіць, каб шкодзіць чужому шчасцю.

— Шчасце,— уздыхнула Раіса,— шчасце не каменьчык, у рукі не возьмеш.

Нічога не зразумеў Гарадзец з яе адказу. Спытаў больш канкрэтна:

— Ну, а што, што ў цябе з Пецькам? Можа, замужам ужо?

— Якое замужам? — адказала Раіса і адвярнулася.

Відаць, не хацела расказваць пра цяперашнія адносіны з Пятром, і Гарадзец не стаў больш дапытвацца. Адзінае зразумеў, што Пятра няма ў горадзе, не інакш у дні свайго адпачынку ён да Раісы мімаходам завітаў. Правёў колькі часу з ёй і, вядома, вярнуўся на сваю службу. Цяпер Раіса адна і, бадай, з няпэўнай надзеяй, што зноў будзе з Пятром. Вось і хвалюецца, а можа, і пакутуе. Вось і прашаптала:

— Сёння мне хочацца быць з табой, з табой...

Тут, перабіваючы шум і гоман падвыпіўшай кампаніі, звярнуўся да Гарадца дзядзька Васіль, ці не пара і яму, Гарадцу, чарку падняць. І ўсе, хто быў за сталом, падтрымалі гаспадара — прымусілі выпіць госця «штрафную».

Раіса таксама перакуліла чарку.

Калі Гарадца ўзяў хмель, бесклапотна і гулліва пайшоў танцаваць з Раісай. І яна танцавала да стомы.

Пасля праводзіў Раісу. Можа б, дайшлі да яе кватэры, а тут насустрач легкавушка з блакітным агеньчыкам. Селі ў таксі. Вадзіцель спытаў, куды везці. «Туды, дзе мы не бывалі»,— сказала Раіса, і яны паехалі. Перасеклі горад, аб’ехалі па «кальцавой»... Каталіся недзе да трэцяй гадзіны ночы.

Перад тым, як расставацца, Раіса папярэдзіла:

— Заўтра таксама паедзем — я павязу. Павязу далёка-далёка. Каб наблізіцца да цябе і трошкі аддаліцца, бо калі ты далёка — не бачу цябе, а калі ты блізка — не магу глядзець на цябе. Вось каб разгледзець, больш пазнаць цябе. А цяпер, добрай дарогі табе,— пырхнула ад яго ў цёмны пад’езд.

У тую ноч Гарадзец ішоў дадому з незразумелым пачуццём. Яму здавалася, быццам нешта раптоўна згубіў, можа, свой гонар? Кіўнула яму пальцам, і ён хутчэй павёз яе невядома куды. А разам з тым у яго душы цяпліўся агеньчык ці то якой надзеі, ці то радасці, цяпліўся і з кожным крокам, здавалася, паступова ярчэў і разгараўся — заўтра, дакладней, сёння пасля работы ён зноў будзе разам з ёю. Не той марскі лётчык, а ён!

У тую ноч яму саснілася, быццам ён з Раісай ідзе па парку, хоча ўзяць яе пад руку, а яна саромеецца. Потым яны прыселі на парэнчу моста, што павіс над глыбокім абрывам. Ён хоча яе пацалаваць, яна адхінаецца: «Ой, дзень глядзіць у вочы», потым усё ж цалуе, а яна баіцца, просіцца: «Ой, лётчык убачыць». І раптам падзьмуў вецер, увесь парк, як снегам, занесла тапаліным пухам. Праз пэўны час, здаецца, ён вяртаецца з работы, хоча зайсці ў парк, ды толькі смага сушыць у роце, і тут якраз наперадзе ларок — ля ларка мужчыны. Ён спяшаецца, каб заняць чаргу, і, зірнуўшы праз жалезную агароджу парку, заўважае Раісу. Яна ў белай сукенцы па залітай сонцам алеі перад сабой коціць белую дзіцячую каляску. Ён бяжыць, спяшаецца, крычыць ёй: «Пачакай, я зараз». А потым і дагнаў яе, і дзіця браў на рукі, от толькі як ні стараўся адчуць тое дзіця, прытуліць яго да сябе, яно — як воблачка.

Калі прачнуўся, у акно ўжо глядзела белая раніца. Аказваецца, усё, што толькі перажыў, быў сон, з палёгкай уздыхнуў. Зірнуў на гадзіннік — было без пяці сем, хутчэй падхапіўся, каб не спазніцца на завод.

У той дзень з мінуты на мінуту, з гадзіны на гадзіну Гарадзец чакаў званка ад Раісы. Нават пасля работы забавіўся, усё яшчэ спадзяваўся, чакаў: вось пазвоніць — не пазваніла. «Што здарылася? — не разумеў ён.— Няўжо ўчора яна была няшчырая?»

Калі глядзеў на мінутныя стрэлкі і тэлефонны апарат, чакаючы званка, яго яшчэ больш забірала трывога: што здарылася з ёю, чаму не пазваніла, як абяцала. Выходзячы з прахадной, ён рашыў зараз жа паехаць да яе на кватэру: праведаць, можа, захварэла... Што толькі не перадумаў. І раптам нечакана, неспадзявана,— ну, такое, мабыць, прадбачыць цяжка — Раіса яму насустрач.

— Вось і я.

На момант Гарадзец разгубіўся, развёў рукамі:

— Ды я ўвесь дзень...

— Знаю, ты званка чакаў. Я цябе бачыла, міма цябе праходзіла, а ты на мяне нуль увагі. Я і не пазваніла.

— Ну, гэта ўжо задужа...

— Коля, не трэба,— папрасіла яна.

— Што ж,— падумаўшы, не адразу адказаў Гарадзец,— тады прымі мой дзякуй за твой сюрпрыз.

— Калі шчыра кажаш, прымаю. І чакай новых маіх сюрпрызаў.

— Ты мне пачынаеш падабацца.

— Гэта кветачкі, ягадкі яшчэ будуць.

— Няўжо я звар'яцею ад тваёй красы?

— Ат, не мялі пустое. Лепш паедзем на рэчку загараць. Такі сёння добры дзень.

Здаецца, куды б ні запрасіла ў той час Раіса, Гарадзец паехаў бы, пайшоў...

У той дзень яны ездзілі на рэчку.

Потым хадзілі на танцы.

Потым... Пра той вечар Гарадзец ніколі не забудзе. Яшчэ ўдзень, у час абедзеннага перапынку, ён адшукаў Раісу ў буфеце. Яна даядала булку з малаком. Засаромелася, калі ўбачыла яго. Пакінула булку, малако ў пляшцы, хутчэй яму насустрач.

— Ты што хацеў? — спытала, выціраючы вусны.

— Хацеў,— і на паўсур’ёзе, на паўжарце прапанаваў, як скамандаваў: — Пасля змены мець гатоўнасць нумар адзін. Зборы роўна а васемнаццатай на плошчы ля Вечнага агню.

— Месца аперацыі? Мэта яе? — пацікавілася яна.

— Пакуль зусім сакрэтна.

— А форма?

— Форма парадная.

Роўна а васемнаццатай гадзіне Раіса падышла да ўмоўленага месца і адрапартавала Гарадцу:

— Таварыш яфрэйтар, радавая Пракопчык па вашаму загаду з’явілася.

У рэстаране замест першага тоста Гарадзец сказаў Раісе, сказаў шчыра, ад сэрца:

— Сёння мне захацелася пабыць толькі з табою. Карацей, я прапаную выпіць за тваю красу, за маё вар’яцтва.

— За цябе,— адказала Раіса і выпіла поўны фужэр шампанскага.

Потым зноў выпілі.

Потым танцавалі. А потым... Калі падышлі да акна, Гарадзец прытуліў Раісу да сябе і пачаў гаварыць вершамі: «Вечар ціхі, зоры ў зборы, месяц па-над гаем... Ну давай жа на часінку выйдзем, пагуляем».

І выйшлі. Напаткалі таксі. Раіса прапанавала паехаць туды, дзе блукае месяц над гаем.

Нейкі момант вадзіцель маўчаў, бадай, адразу не скеміў куды ехаць, потым, рэзка газануўшы, паехалі.

Не ўчулі, як апынуліся за горадам, як даехалі да гаю.

Разлічыліся з вадзіцелем і пайшлі па сцежцы.

Куды іх вяла сцежка і куды яны ішлі — ні яна, ні ён не ведалі. Сышлі з асфальту, тая сцежка павярнула на скошаны луг і згубілася.

Прыселі на ўзлеску. Нейкі момант Раіса глядзела ўгору, дзе «зоры ў зборы», нарэшце страпянулася і паказала:

— Глядзі, глядзі, зорка з неба ўпала...

У пахаладзелым паветры тады было свежа і маўкліва. Чуваць былі прыглушаныя шумы, што даляталі з горада, і крык перапёлкі. І гэтак свежа, нават прахладна. Гарадзец накінуў на яе плечы свой пінжак...

Потым яна клычыла яму чупрыну, клычыла і гаварыла летуценна:

— Мне хочацца ўзляцець на неба, падняцца высока, высока і зоркай упасці, упасці прама табе на рукі. Упасці, прытуліцца да цябе і маўчаць. Ты ў мяне тады спытаеш, ну, што з табой рабіць? А я табе адкажу: «Няўжо мужчына з жанчынай будзе тое і рабіць, што чытаць ёй «ойча наш». І ты мяне апячэш гарачым пацалункам, апячэш так моцна, моцна і горача, горача, каб я, ну, як табе сказаць, каб на момант знепрытомнела, каб потым, ну, што потым... Калі расплюшчыла б вочы, каб была назаўсёды тваёй.

Паслязаўтра зноў ля таго гаю ўсю ноч над імі падалі зоркі.

Калі падалі зоркі, не бачылі, а калі палі на іх першыя промні ўзыходзячага сонца, пайшлі ў горад.

Недзе на працягу тыдня, калі сустракаліся, а сустракаліся яны кожным надвячоркам, Гарадзец гаварыў: «Што ж, вечар ціхі, зоры ў зборы»,— і яны зноў і зноў ехалі пад тыя зоры. А потым — гэта адбылося недзе на наступным тыдні — Гарадца папрасілі да тэлефона. У трубцы ён пачуў голас Раісы. Па яе тону адчувалася, што яна нечым узрушаная, гаварыла доўга, блытана. Адзінае зразумеў Гарадзец: яна задумала памяняць месца работы, а на спатканне сёння, заўтра і ў бліжэйшыя дні ў яе не будзе часу, карацей, каб ён чакаў званка, яна пазвоніць сама.

Мінуў месяц часу, другі, а Раіса ні разу не пазваніла. Тады Гарадзец пайшоў да яе ў цэх. Аказваецца, і праўда, памяняла работу. Толькі ніхто не ведаў, куды яна перайшла працаваць.

І вось ён націскае кнопку званка яе кватэры. Адчыняюцца дзверы, і перад ім — цётка Раісы. Гарадзец павітаўся і тут жа, не пераводзячы дыхання, пацікавіўся, дзе Раіса.

— Тваёй Раісы даўно ўжо і след прастыў. Даўно рогі табе наставіў Пецька, а ты во калі спахапіўся Раісу шукаць,— з’едліва засмяялася цётка.— Раіса ўжо нажылася замужам, а ён калі спахапіўся, ай, яй, яй... Такую дзяўчыну ўпусціў. А Пецька — хват, прывёз з вёскі яе бацькоў і сваіх бацькоў. Сёння, скажам, выпілі, заўтра запісалі іх у сельсавеце, а паслязаўтра павёз яе да сіняга мора. Ну, чаго стаіш, заходзь у кватэру.

...Мінула больш дзесяці гадоў. Раіса ні разу не пазваніла Гарадцу. Не было як ці не хацела трывожыць былое. З цягам часу ажаніўся і Гарадзец.

Працаваў, расціў дзяцей і сам рос. На свой лёс не скардзіўся. Толькі вось жонка часам на сэрца кволілася, што ж, такі зараз час. Многія скардзяцца на сэрца.

Сэрца ў яго жонкі, упэўнены Мікалай Ігнатавіч, вытрымае ўсё. Яна — аптыміст. Калі нават становіцца ёй зусім дрэнна, здаецца, няма і надзеі на ачуньванне, яна суцяшае дзяцей і яго: «Не клапаціцеся пра мяне, я дыхаю, значыць буду жыць...» Спадзяецца і Мікалай Ігнатавіч на ўсё добрае. Вось дабыў для яе новы прэпарат, дабыў і зёлак. А яшчэ — хрызантэм. Букет пышны, багаты. Па дарозе ў гасцініцу хацеў заехаць у букіністычны магазін, каб выбраць які томік паэзіі — Ліна любіць чытаць вершы,— а тут тралейбус спыніўся насупраць гасцініцы.

Калідор у гасцініцы доўгі. Гарадзец з кветкамі ішоў паволі — часу хапала. Засталося наведаць толькі букіністычны, а цягнік дадому адыходзіць позна вечарам.

Калі браў ключы ў дзяжурнай па паверху — за столікам сядзела немаладых год жанчына са скуластым тварам,— яна адразу паведаміла, што яго даўно чакае нейкая грамадзянка з хлопчыкам.

— З хлопчыкам? — Мікалай Ігнатавіч на нейкі момант сумеўся.— Якая можа быць жанчына з хлопчыкам?

Ведаў, што Ліна ўслед за ім паехаць не магла — пасля хваробы добра калі ў магазін сходзіць, ды і наогул, яна не ахвотніца ездзіць, тым больш — з дзецьмі. У яго дзве дачкі. А жанчына — з хлопчыкам...

Не паспеў ён павесіць пінжак на спінку крэсла, як нехта асцярожна пастукаў у дзверы.

— Калі ласка, прашу вас,— і Гарадзец паспяшаўся насустрач.

На парозе паказалася жанчына ў зімовым заношаным паліто, цёплай хустцы. «Няўжо адкуль з поўначы?» — першае, што падумаў пра яе Гарадзец. Калі лепш прыгледзеўся, насцярожыўся: ці не сустракаўся дзе раней з ёю? Аблічча знаёмае. То ці не Раіса? З ёю хлопчык. Рослы. У зімовым простым паліто, у шапцы з апушчанымі вушамі. Сапраўды, ёсць нешта падобнае ў яе з той Раісай, а вось сказаць пэўна, не, Гарадзец пакуль сумняваўся. У Раісы павінна яшчэ застацца прыгажосць, мілая жаноцкасць. За якіх дзесяць ці дванаццаць гадоў не можа быць, каб так непазнавальна змянілася.

— Даруйце, вы да каго?

— Да вас,— ціха сказала жанчына.

— То праходзьце, калі ласка, праходзьце,— хацеў прапанаваць распрануцца, ды што распранацца, відаць, жанчына з хлопчыкам па якой пільнай справе і ненадоўга. Не інакш з завода, растрацілася ў горадзе, можа, няма за што заехаць дадому, то мусіла зайсці да яго, свайго дырэктара, каб выручыў.

Жанчына і хлопчык ступілі колькі крокаў наперад.

— Я вас слухаю,— Гарадзец на момант забыўся, што ён у гасцініцы. Чакаў, што вось жанчына пачне расказваць пра сваю бяду.

— Гэта во Алёшка,— жанчына пагладзіла рукой па галоўцы хлопчыка і, зірнуўшы Гарадцу ў вочы, спытала : — Ці ты не ўгадваеш мяне?

Такая фамільярнасць трошкі збянтэжыла Гарадца. Іншы, можа б, спачатку развёў рукамі, паціснуў плячыма, Гарадзец пацікавіўся адразу:

— Даруйце, вас завуць не Раіса часам?

— Мяне цяпер ніхто не пазнае,— жанчына падышла да крэсла, відаць было, што яна дужа стомленая, прысела: — Я загадзя ведала, што і ты мяне не пазнаеш. Вось ужо ля сарака год, як я Раіса. Тая Раіса, помніш?.. Думаю, што ты ўсё помніш. Ці ж даўно тое было? Тады я хварэла... на любоў. Цяпер... Ат, што табе казаць. А гэта,— яна прытуліла хлопчыка да сябе,— Алёшка, той Алёшка... Помніш, як зорка з неба ўпала? Алёшка — твой сын.— Памаўчаўшы, уздыхнула.— Ведала, што ў цябе свая сям’я. Жонка, дзеці... Не хацела я цябе шукаць. І не паехала б шукаць,— на яе вачах навярнуліся слёзы, голас трымцеў. Здавалася, вось-вось яна заплача.— А падумала, падумала...— Далей гаварыла праз сілу.— Пазваніла я табе. Сказалі, што ты перад святам будзеш у Маскве. Сказалі, у якой гасцініцы шукаць. Вось я сабрала Алёшку. Сабрала, каб паказаць, паказаць табе сына, а яму — бацьку,— і заплакала.

Гарадзец падышоў да хлопчыка, каб зняць з яго паліто. У пакоі цёпла, сапраўды, нядоўга і спацець.

А Раіса плакала, плакала горка і наўзрыд. Гарадзец спрабаваў яе супакоіць, прасіў, каб расказала, што з ёй здарылася, дзе цяпер жыве і працуе. А яна плакала.

Нарэшце супакоілася, выцерла хусцінкай вочы. Гарадзец зноў стаў дапытвацца ў яе:

— То раскажы, раскажы, што з табой?

Бадай, не так лёгка было Раісе расказаць пра сябе. Тады яна не пазваніла яму — за тры дні выйшла замуж і выехала з горада. А потым, потым што было... Відаць, не пашанцавала ёй са здароўем... І сын, няўжо сын яго?

— Ты расказвай, расказвай...— усё дамагаўся Гарадзец.

— Што расказваць...— нейкі момант яна памаўчала.— Усё расказана.— Яна пагладзіла па галоўцы Алёшу.— Лепш пагавары з сынам.

З сынам... Няўжо і праўда,— Алёшка яго сын? Аб чым жа з ім гаварыць, як бліжэй пазнаёміцца, пасябраваць?

— Ты колькі класаў скончыў? — пераадольваючы душэўную слабасць, спытаў Гарадзец.

— Тры. У чацвёртым цяпер. У школе-інтэрнаце.

— А як вучышся?

— За першую чвэрць паводзіны прыкладныя. Пяцёрка па фізкультуры. Па астатніх — «чацвёркі», толькі па рускаму «тройка». Па дыктанту. За дзве памылкі «чацвёрка» была б. А ў слове «расказ» я напісаў адно «с», дык мне і «тройка». Цяпер канікулы ў нас. І мамку з бальніцы выпусцілі. Я не паехаў бы сёння, а мамка кажа: «Паедзем, татку пакажу табе». Сёння па тэлевізары зноў «Чатыры танкісты і сабака», хацеў паглядзець, а мамка: «Паедзем ды паедзем». А ці вы мне татка?

— Татка.

— І не падманьваеце?

— ?

— Тады купіце мне самалёт. Ён недарагі, усяго два рублі пяцьдзесят капеек. Ну, ці гумак жавальных.

— Усё я табе куплю, Алёшка. Што скажаш, усё куплю.

— А яшчэ, ці возьмеце мяне з сабой у камандзіроўку? Вунь, Юрку бярэ татка ў камандзіроўку. Адзін раз я захацеў, дужа захацеў паехаць з Юркавым таткам у камандзіроўку, а Юрка сказаў, што няма калі яго татку са мной ездзіць. І сказаў яшчэ: «Знайдзі сабе татку і ездзі з ім у камандзіроўкі».

— Вазьму цябе ў камандзіроўку, абавязкова вазьму,— паабяцаў Гарадзец.

— А ручка ў вас якая, шарыкавая?

Мікалай Ігнатавіч паказаў.

— Шарыкавая, магу падарыць табе.

— Во, здорава! — абрадаваўся Алёшка і хутчэй схаваў тую ручку ў кішэню, нават забыўся падзякаваць.

— Ты, можа, яшчэ што хочаш у мяне папрасіць, не саромейся.

— А чаму ў вас валасы сівеюць? Мне казалі, што ёсць жа парашок такі. Можна развесці той парашок, памыць валасы і сівець не будуць.

— Зазімак, сынок, паяўляецца, таму і сівеюць.

— А ты не саромейся, прысядзь у мяне на каленях,— дазволіў Мікалай Ігнатавіч.— Пасядзі, раскажы аб чым. Ці я табе што раскажу.

Асцярожна Алёшка прысеў на калені Мікалаю Ігнатавічу.

— Сядай, як трэба, не саромейся.

Мікалай Ігнатавіч пагладзіў Алёшку па галоўцы — над высокім ілбом у яго яршыўся радок бялявых валаскоў. І ў яго ў дзяцінстве, помніць Гарадзец, вось гэтак яршылася над ілбом. З тае пары захавалася фота. Ён акурат вось так, самавіта і строга, як Алёшка, сядзіць на тым фота.

— Ты харошы. А маму ці слухаеш?

— Калі прыехала з бальніцы, клікала мяне ад Юркі, каб хутчэй прыйшоў, а мы з пластыліна касманаўта ляпілі. Дык я не паслухаў тады, не прыйшоў, пакуль не закончылі.

— Маму трэба слухаць. Яна харошая.

— А скажыце, ці ёсць людзі на іншых планетах?

Тут прыўзнялася Раіса.

— Алёша, нам жа трэба рэчы свае забраць. Апранайся, хутчэй апранайся. Вернешся, тады пагаворыш з таткам. Мы хуценька. Апранайся.

— І я з вамі паеду,— прыўзняўся Мікалай Ігнатавіч.

— Не, мы адны,— не дазволіла Раіса.— Не трэба, мы адны. Мы зараз вернемся. Апранайся, Алёша.

Хлопчыку не хацелася нікуды ісці, але ўспомніў словы дзядзькі: «Маму трэба слухаць». Хутчэй дык хутчэй — адной рукой ускінуў шапку на галаву, другой — на плечы паліто...

— Не турбуйся, мы вернемся,— адыходзячы, сказала Раіса.— Мы толькі на адну гадзіну. Пагаворым, возьмем...— Яна замялася, быццам не хацела выдаваць, з кім яна будзе гаварыць, што браць.— І вернемся. Пачакай нас. І праводзіць не трэба. Мы хуценька.

Адзінае, што зразумеў Мікалай Ігнатавіч — настойлівую просьбу. Што ж, правёў іх толькі да дзвярэй.

Час ішоў марудна. Мінуты здаваліся гадзінамі, вечнасцю. Але ж неяк вытрымаў гадзіну, спадзяваўся, што вось-вось пачуе асцярожныя крокі ў калідоры. Ён іх сустрэне ў дзвярах, выйдзе насустрач. І выйшаў.

У доўгім калідоры — ні душы. Пачакаў яшчэ паўгадзіны — нікога. Тады мусіў падысці да дзяжурнай па паверху. Дзяжурная перадала яму запіску. У ёй, спяшаючыся — словы ледзь разабраць, літары невыразныя — было напісана: «Дарагі мой Коля! Даруй за мой імгненны візіт. Першы і апошні. Мабыць, больш мы не ўбачымся. Я сабрала апошнія сілы, каб паказаць табе сына... Тады я Пятру нарадзіла твайго Алёшу. З Пятром мы разышліся. Ён мяне пакінуў... А ты ўжо быў жанаты. Я жыла без цябе і яго, гадавала Алёшу. Цяпер падвяло здароўе. Дрэнна сябе адчуваю... Калі што са мною здарыцца, а яно абавязкова здарыцца і прытым хутка, не забывай пра свайго сына. Алёшка прыедзе да цябе. Наш адрас знарок не даю. Не хачу цябе турбаваць. Прыедзе Алёшка, ён табе ўсё раскажа. А цяпер бывай. Рая».

Гарадзец зайшоў да сябе ў пакой, прысеў на крэсла, абшчапіў абедзвюма рукамі галаву. У яго сын! Дзве дачкі — Марынка, Вера дома і Алёша! Алёша вырас без бацькі. Мой Алёша. Добра не пасядзеў у бацькі нават на каленях...

Нікуды не пайшоў з гасцініцы. Усё чакаў, а раптам Раіса вернецца.

Чакаў да позняга вечара. Нехта пастукаў у дзверы.

— Адчынена, заходзьце,— Мікалай Ігнатавіч ні аб кім іншым не мог падумаць, як толькі пра Алёшу і Раісу. Хутчэй кінуўся ім насустрач.

За дзвярыма стаяла дзяжурная па паверху.

— Гарадца просяць да тэлефона,— сказала яна.

«Няўжо блукаюць недзе? — спяшаючыся да тэлефона, яшчэ больш захваляваўся Мікалай Ігнатавіч.— То добра, што пазванілі!»

Узяў трубку.

— Я вас слухаю.

Чакаў жаночага ці дзіцячага голасу — раптам — мужчынскі.

— Мікалай Ігнатавіч?

— Гарадзец слухае.

— Аркадзь Гарадзец на провадзе. Салют! — То быў яго стрыечны брат. Ён па справах завода ляцеў у Афрыку.— Як добра, што цябе застаў. Гэта ж, разумееш, маёй Танечцы ляльку купіў, то каб перадаў яе. Піскуху, што трэба: пішчыць, плача, ледзьве казкі не расказвае. Карацей, у панядзелак у маёй Танечкі дзень нараджэння... Я праз паўгадзіны ў цябе, пачакай.

Мікалай Ігнатавіч да дзевяці гадзін вечара выязджаць з гасцініцы не думаў. А раптам, усё яшчэ спадзяваўся, заявіцца Раіса з Алёшам.

— Што ж, прыязджай, буду чакаць,— адказаў Гарадзец Гарадцу.

Няма Раісы, няма Алёшы. Відаць, сёння і не будзе. Паказалася з сынам і памінай, як звалі.

Вярнуўся ў свой пакой, зноў апусціўся ў крэсла і стаў дакараць сябе: навошта было адпускаць.

Зірнуў на гадзіннік — без пяці сем.

Па калідоры нехта ішоў — крокі запаволеныя, цяжкія. Гарадзец прыслухаўся: не, не Раіса: не Алёша... І не Аркадзь. Аркадзю рана яшчэ. Паходку яго Мікалай Ігнатавіч адразу пазнае. Аркадзь у хадзе шустры. Ды як не пазнае — выраслі ж разам. Разам бацькоў з вайны чакалі — яны ў іх родныя браты. На Ігната прынеслі з ваенкамата несуцешную вестку, а Іван бацька Аркадзя, вярнуўся. Праз колькі вёснаў помніцца, калі цвіла лотаць — Аркадзь і яго брат Сярожа хадзілі яшчэ ў школу, а Мікалай ужо вучыўся ў машынабудаўнічым тэхнікуме,— памёр дзядзька Іван. Памёр ад сухотаў, лёгкія яго былі прастрэлены.

Потым Мікалай забраў да сябе Аркадзя. Уладкаваў вучыцца на токара. Хлопец прыжыўся на заводзе. З цягам часу закончыў інстытут, завёў сям’ю.

Неўзабаве без стуку, без просьбы і дазволу ўрываецца Аркадзь Іванавіч. Жыццярадасны, як заўсёды. Выцірае лоб. Гэтак жа спяшаўся. Перш чым скінуць паліто, расказвае, як знайшоў яго тэлефон, як прасіў дзяжурную па паверху, каб яго паклікалі да тэлефона.

— Ды распраніся ты, а то ўпрэеш,— прапанаваў яму Мікалай Ігнатавіч.

Аркадзь асцярожна паклаў на яго ложак вялікую каробку — то была тая лялька. Тут жа дастаў з кішэні бутэльку шампанскага. Паставіў на стол.

— На гэты раз,— Аркадзь Іванавіч выцер пот белай хусцінкай,— ляльку, спадзяюся, Ігнатавіч, ты даставіш цалюткую і не пашкоджаную. Ну, а вось гэтае шампанскае вып’ем за маю цяперашнюю камандзіроўку.

Не раз Аркадзь Іванавіч ездзіў, лятаў за мяжу. Па месяцу і больш часу праводзіў у камандзіроўках і менавіта там, дзе працуюць на нашых трактарах. Вучыў тамашніх уладальнікаў, як карыстацца і трактарамі і прычапным інвентаром. На гэты раз місія яго была ажно ў Афрыку.

Шампанскае выпілі. Паколькі Аркадзю Іванавічу не было як затрымлівацца — ён спяшаўся ў аэрапорт,— Мікалай Ігнатавіч правёў яго да пад’езда, там якраз чакала таксі.

— Ну, што ж,— на развітанне Мікалай Ігнатавіч падаў руку.— Да хуткай сустрэчы на заводзе.

— А дзе ж інакш! — Аркадзь Іванавіч трымаўся аптымістычна. І перш чым адчыніць дзверцы таксі, прыўзняў левую руку, маўляў, як жа на развітанне, перад такой дарогай, дарагі мой браценік, ды не расцалавацца нам.

...Поезд ляскатаў буферамі, спыняўся, кранаўся з месца, зноў і зноў набіраў імклівы рух, а ў Гарадца з галавы не выходзіла адно: як знайсці Раісу з сынам?

Шкада, да болю шкада Алёшы. Ці не замалы ён для чацвёртага класа? Няўжо Раіса, як некалі ягоная маці, прывяла за руку шасцігадовага і стала прасіць настаўніка: «Прыміце, можа, будзе вучыцца, можа, раней на свой хлеб пойдзе, ён жа без бацькі». Бацька яго загінуў на фронце. А ён, Гарадзец, жывы. І на табе...

Не спалася Гарадцу. А калі з вагона ранкам убачыў высокі комін завода — сёння ён не дыміўся, сёння ўсе рабочыя выйдуць на святочную дэманстрацыю,— думкамі перанёсся дадому. Вось ён націскае на кнопку званка — дзверы звычайна адчыняе яму старэйшая дачка Марынка. Загадзя ведае, што татка заўсёды прывозіць нешта смачнае. Услед за Марынкай вылятае Верка — яна прызнае за падарунак толькі апельсіны ці гранаты. На гэты раз ён заявіцца да сваіх журавінак-дачок з пустымі рукамі. Такога наогул ніколі не было. «Затое, мае дарагія журавінкі,— скажа ім,— вязу найвялікшую навіну: у вас знайшоўся Алёшка. Дасціпны і цікавы брацік». Пра гэта, вядома, ён сёння не скажа — дачок можна абрадаваць, а жонку засмуціць. Тым больш што ў яе не ладзіцца з сэрцам. А можа, не крывіць душою, сабраць усіх траіх, папярэдзіць, каб толькі радаваліся, і расказаць пра ўсё, усё?.. Ды ці не зарана? Дочкі, вядома, абрадуюцца, а Ліна? Яна таксама павінна ўсё зразумець... Не, сёння не будзе калі расказваць. Поезд прыбывае а восьмай гадзіне. Трэба справіцца пагаліцца, апрануць новы касцюм і... на дэманстрацыю.

На момант у яго закружылася галава. Ён, дырэктар, і ўсё ж, апроч адміністратара, сякі-такі яшчэ і выхавацель. Колькі разоў даводзілася рэзка выступаць супраць тых бацькоў, якія дрэнна выхоўвалі сваіх дзяцей. Выхоўвалі... А ён дзесяць год наогул не ведаў пра сына. Не ведаў. А хоць бы і ведаў, ці аддала б Раіса яму Алёшу? Цяпер яна хворая. Алёша можа застацца адзін, не паехаць да бацькі. Дарэчы, усё цяпер залежыць ад Раісы. Ён дастаў з кішэні запіску, перачытаў. «Алёшка прыедзе да цябе». А раптам не цяпер, не адразу. Прывядуць да яго ў кабінет дарослага падлетка і скажуць: «Палюбуйся, паважаны таварыш Гарадзец, змагар за ўзорнае выхаванне дзяцей, сваім хуліганам».

Едучы дадому на таксі, Мікалай Ігнатавіч рашыў, што ён адразу ж пасля свята аб усім раскажа спярша жонцы — яна талковая жанчына, павінна зразумець яго,— потым — дзецям.

Засталося вырашыць апошняе: як жа заявіцца дадому з пустымі рукамі? Мусіў папрасіць вадзіцеля, каб падвярнуў на праспекце да гастранома.

Мікалай Ігнатавіч абышоў усе аддзелы і не знайшоў, што ўзяць. Торт, ведаў ён, гэта не тое. Цукерак хіба? Ад шакаладных у дзяцей зубы псуюцца... А калі ўбачыў кукурузнае хлоп’е, абрадаваўся. Папрасіў звязаць дзесяць пачак.

І дочкі абрадаваліся «маскоўскім» ласункам. Калі пачалі хрумстаць, Марынка заўважыла:

— Тата, татка! Якія ж гэта маскоўскія, ды гэта ж во напісана, вырабы лідскія.

— Абы смачныя, ешце,— сказала дочкам Ліна.— А якая розніца, хто вырабляў.

Мікалай Ігнатавіч з палёгкай уздыхнуў: малайчына яго Ліна.

Зірнуў на гадзіннік — марудзіць не было калі. Хутчэй уключыў электрабрытву. Ліну папрасіў, каб дастала з шафы святочны касцюм.

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

Востра паласнуў па нервах будзільнік. Забрынчаў ён неяк знячэўку. Калі б Іван Тарасавіч Якуш добра адпачыў, выспаўся, а то супакоіўся толькі пад раніцу, толькі звёў вачыма — амаль усю ноч у яго кіпела злосць і на дырэктара, і на галоўнага інжынера, хапаў валідол, піў валяр’янку — і на табе, здаецца, яшчэ тая таблетка не растала пад языком, а ўжо, як назнарок, гэты будзільнік.

Не валадзён Іван Тарасавіч, не прывыкаць яму да будзільніка. Дваццаць год як ён паднімаецца досвіткам пад мілагучны бой маскоўскіх курантаў, а каб не праспаць, не спазніцца на змену, роўна на шостую гадзіну раніцы звычайна заводзіць будзільнік. Але, як правіла, уставаў раней званка. Спакойна, без нерваў. На гэты раз ён падхапіўся, як апантаны. Здавалася, што выклікаюць па тэлефоне ў цэх настойліва і патрабавальна.

А калі ачомаўся, калі ўспомніў, што сёння свята, лягчэй не стала. І каму свярбелі рукі заводзіць гэтую таратайку!

Якуш шумна ўздыхнуў і цяжка апусціў галаву на падушку.

Вокны яшчэ цёмныя. Ноч. Ды і на вуліцы не чуваць ніякага руху — каму сёння рупіцца ў такую рань пакідаць цёплую пасцель? Спіць горад. Спяць і суседзі. Толькі яму, Якушу, няма спакою.

Зноў і зноў точыць сэрца адна і тая ж думка, што не стала ладзіцца ў яго на службе. На гэты раз ён спрабаваў разважаць: «Ці шэнціць мне перастала ў апошні час, ці пад старасць чагосьці нестае ўжо ў маёй галаве?»

А ўсё нібыта ішло зладжана. Хоць без скрыпкі і дуды, а музыка была што трэба. Варта заікнуцца, зрабіць намёк на аператыўцы майстрам: «Хлопчыкі, у гэтым месяцы даць фаеру», як назаўтра гуло на ўсіх участках. За адну гадзіну вылятала з-пад прэсаў столькі штампаў, колькі іншы раз за цэлую змену цэх не даваў. У канцы месяца па заводзе падаб’юць бабкі, глядзіш — прэсавы цэх у паўтара раза план перакрыў. Тут Іван Тарасавіч зноў запрашае да сябе ў кабінет майстроў, іншы раз перадавых рабочых. Памногу не гаворыць. Назаве дзве-тры лічбы, дзеля якіх трэба добра паднатужыцца, каб не адстаць ад іншых, а там яшчэ колькі рыўкоў, глядзіш: і план перакрыты — тады, вядома, і прагрэсіўка, і прэміяльныя.

Рабочыя суседняга цэха, бывала, нясуць дамоў адну зарплату, а рабочыя прэсавага — яшчэ і прагрэсіўку. Прэсавы цэх на чале з Іванам Тарасавічам не адзін раз заваёўваў і пераходны Чырвоны сцяг завода. Ды што сцяг. У прэсавым больш чым дзе паяўлялася вынаходнікаў і рацыяналізатараў, з прэсавага выходзілі кемныя хлопцы і на майстроў і на начальнікаў іншых цэхаў... Многія хвалілі яго як вопытнага арганізатара і спецыяліста, а наконт выхаванцаў казалі: «Добрае карэнне, добрае і насенне».

Ні дваццаць гадоў назад, калі ён пускаў свае карэнне на заводзе, дакладней, калі прыйшоў сюды ў салдацкім шынялі і пачынаў са слесара-інструментальшчыка, ні цяпер, калі вось ужо восьмы год, як узначальвае прэсавы цэх, ніколі не быў выскачкай. Ніколі знарок не выстаўляўся перад начальствам, каб прыкмецілі, пахвалілі, запомнілі, ніколі і на пуп не браў дзеля славы. Ну, а калі ў яго падначаленых не хапала адвагі для бою, знаходзілася ў Івана Тарасавіча і рабочая кемнасць і дзелавы падыход, карацей, тое, што патрабавалася для справы. Працаваў колькі сілы ставала. Іншы раз, калі даводзілася паваяваць, у кішэню па слова не лез. А наспела пара вучыцца, станок не пакінуў. Упрогся ў два вазы: днём не выходзіў з цэха, увечары — з інстытуцкай аўдыторыі. Не раз уначы засынаў над сталом, рыхтуючыся да семінарскіх заняткаў, экзаменаў. Тады на экзаменацыйную сесію дадатковага адпачынку не давалі. За пяць гадоў, пакуль закончыў інстытут, не тое што не давялося куды да мора ці ў які санаторый з’ездзіць, за горад не было часу выбрацца. Усе выхадныя гарбеў над канспектамі, чарцяжамі, падручнікамі. Нарэшце з палёгкай уздыхнуў: атрымаў дыплом інжынера і пахваліўся дома, што цяпер, у зімовыя выхадныя, ён не сыдзе з лыжні, у летнія не прапусціць карася ў рэчцы. Але тут пайшлі чуткі, што яго збіраюцца ўпрэгчы на майстра сталеліцейнага цэха. «Па ўласнаму жаданню, толькі без націску начальства»,— употай разважаў Якуш. Нарэшце тыя чуткі пачалі ажыццяўляцца. Аднаго разу атрымлівае запрашэнне на прыём да Гарадца, дырэктара завода.

— Сілком мяне ні дырэктар, ніхто другі не заручыць у тую ліцейку,— выйшаўшы за прахадную завода, разважаў Іван Тарасавіч.— Ну, а пагутарыць можна.

Як толькі Якуш паявіўся ў прыёмнай, сакратарка Леначка, што сядзела за старым двухтумбавым сталом, ветлівая, прыгожая дзяўчына сказала:

— Іван Тарасавіч, Мікалай Ігнатавіч рады вас бачыць,— і паказала рукой на дзверы кабінета.

Пакуль Якуш прыўзняўся — у такіх выпадках звычайна, калі яго запрашаюць, ён не спяшаўся — і на гэты раз уразвалку ступіў колькі крокаў да дырэктарскага кабінета,— тут і Мікалай Ігнатавіч нечакана выйшаў яму насустрач.

Дырэктар у параўнанні з Якушам выглядаў молада. Калі ў Якуша з-пад шэрага, заношанага пінжака ўжо вывальваўся жывоцік, адвісаў падбародак і гэта падкрэслівала ягоную сталасць, то Гарадзец быў яшчэ стройны, падцягнуты і, між іншым, калі не модна, то з густам апрануты. На ім быў светлы, бадай з-пад іголкі, касцюм, белая кашуля з гальштукам пад колер неба — карацей, па сваёй знешнасці дырэктар хутчэй нагадваў культработніка якога дома адпачынку, чым кіраўніка буйнага прадпрыемства. І па натуры быў даволі ветлівы, тактоўны. Умеў з першага слова, позірку ці нават усмешкі выклікаць да сябе прыхільнасць субяседніка. Гарадзец падышоў да Якуша, з пачцівасцю паздароўкаўся і сказаў: «Рады вас бачыць, Іван Тарасавіч». Якуш адразу адчуў прыліў добрага настрою і бадзёрасці — усё ж дырэктар не кожнаму інжынеру выходзіць насустрач.

Зачыніўшы за сабою дзверы, Якуш на момант прыпыніўся ля парога. Прасторны кабінет дырэктара з доўгім паліраваным сталом, што стаяў паўз вокны, з вялізным, як шафа, гадзіннікам на покуце, з барвовымі дарожкамі, наогул з усімі сваімі строгімі і, здавалася, даволі афіцыйнымі атрыбутамі здаўся яму задужа змрочным і халодным. Вось зараз, уяўляў Якуш, дырэктар зойдзе за свой стол, справа ад якога ёмісты перагаворны апарат, апусціцца ў крэсла, спачатку пачне распытваць пра настрой, завядзе гаворку пра надвор’е, а потым ужо стане, як кажуць, браць яго за жабры. Не, Мікалай Ігнатавіч доўга не даў яму стаяць, запрасіў прайсці. І адразу, не інакш, каб зачаць гаворку, пацікавіўся, ці даводзілася яму, Якушу, бываць раней у гэтым абноўленым пасля рамонту кабінеце? Якуш моўчкі развёў рукамі — ён, наогул, упершыню, колькі існуе завод, пераступіў парог дырэктарскага кабінета.

Мікалай Ігнатавіч паказаў на сваю бакоўку, дзе ён распранаўся, дзе стаяў яго гасцінны столік, і тут жа прапанаваў — чаго, чаго, а такога, шчыра кажучы, Іван Тарасавіч не чакаў — пачаставацца чаем.

— Калі б каньячком,— не разгубіўся Якуш і, зірнуўшы ў васільковыя вочы дырэктара, затаіў дыханне: а што ты думаеш, раптам Мікалай Ігнатавіч, будучы гэтакім лагодным і мілым, расшчодрыцца і на каньяк.

— Каньячком потым,— зразумеўшы жарт, адказаў Мікалай Ігнатавіч і дадаў: — Каньячком тады, ну, скажам, калі пад вашым кіраўніцтвам, Іван Тарасавіч, ліцейка з адстаючай выйдзе хаця б у сераднякі.

— Значыць, магарыч я з вамі ніколі і не вып’ю,— Іван Тарасавіч даў зразумець адразу, што ісці на якое-небудзь вылучэнне, тым больш майстрам у ліцейку, ён ніколі не пагодзіцца.

— Ну, а падумаўшы,— не адступаў ад свайго дырэктар,— тым больш што, апроч вас, Іван Тарасавіч, я пакуль не бачу другой кандыдатуры.

Непрыкметна наблізіліся да акна. Дзень быў сонечны, за акном цвіла ліпа.

— Не магу я пайсці ў ліцейку, Мікалай Ігнатавіч, не магу,— на поўным сур'ёзе пачаў адмаўляцца Іван Тарасавіч і тут жа выставіў свой аргумент: — Самі падумайце: толькі што закончыў інстытут, а як даводзілася працаваць і вучыцца, самі ведаеце — свету не бачыў. Чакаю жніўня. У жніўні мне па графіку чарговы адпачынак. Грошы ў кішэню і... услед за рамантыкай. На Каўказ ці на Памір, а можа, і на Байкал. Хачу пабачыць на Байкале ўзыходзячае сонца — нідзе яшчэ не быў... Хоць адпачну, па свеце праеду.

— А я, прызнацца, падрыхтаваўся і загад напісаць,— Мікалай Ігнатавіч паклаў па-сяброўску руку на плячо Івана Тарасавіча і, прама паглядзеўшы яму ў вочы, дадаў: — Я ўжо вас бачу майстрам у ліцейцы.

— Не,— Іван Тарасавіч нават адвёў вочы ўбок.— Не магу я пайсці. І не пайду.

Мікалай Ігнатавіч зняў з яго пляча руку, моўчкі ступіў колькі крокаў наперад, падышоў да стала, потым вярнуўся да Івана Тарасавіча, у кабінеце панавала даўкая цішыня. Адчувалася, што дырэктар знарок зрабіў паўзу, каб Якуш усё ж падумаў, прыўзняў галаву, паглядзеў яму ў вочы. Нарэшце, злавіўшы яго позірк, ціха сказаў:

— Зразумейце, Іван Тарасавіч, не пойдзеце — значыць адступіце. А шлях да адступлення — апошняя дарога.

— Папрацую інжынерам, адпачну...

— Вы прыпыняецеся на паўдарозе,— працягваў дырэктар,— губляеце пазіцыю, якая дае рост і задавальненне, адпавядае мэтам і задачам...

— Цяжкі ўчастак,— уздыхнуўшы, Іван Тарасавіч падняў руку, каб пачухаць патыліцу, і тут жа наважыўся спаслацца на нешта грунтоўнае, пераканаўчае. І спаслаўся: — Пасля вучобы, пасля экзаменаў ніяк не адпачну яшчэ. А ў ліцейцы, кажу, цяжкі ўчастак, не пацягну.

— Бывае, што і на сонцы адпачываць цяжка.— І каб Іван Тарасавіч не перабіў, не прывёў больш важкія аргументы, дырэктар, не пераводзячы дыхання, гаварыў далей: — Тут я большае скажу, што працаваць абы-як — хай гэта ў ліцейцы ці вось на гэтым крэсле,— ён паказаў на сваё,— кожны зможа. А працаваць добра, на што і запрашаю вас, вядома, нялёгка.

Дырэктар, мусіць, чакаў ад Якуша пярэчання, пярэчання справядлівага і законнага: не таму, што ён, будучы ў сталым узросце не пабыў на Паміры, Байкале,— гэта, вядома, дзіцячая адгаворка, а чакаў, што Якуш вось раптам катэгарычна і рашуча заявіць: пасля вучобы ён павінен хоць адзін год папрацаваць па спецыяльнасці, замацаваць практыкай набытыя ў інстытуце веды. Пасля такой аргументаванай заявы, разумеў Гарадзец, нічога яму не скажаш. Але Іван Тарасавіч маўчаў.

Дырэктар наліў сабе вады з сіфона, глынуў раз, другі.

— Уявіце сабе, Іван Тарасавіч, вось вы прыпыніліся на жыццёвай сцяжы год-два — і... згубілі час. Але майце на ўвазе — жыццё не такое ўжо і доўгае... Вось недзе перад абедам,— Мікалай Ігнатавіч зірнуў на наручны гадзіннік,— да мяне зойдзе інжынер. Рос гэты інжынер, здавалася, як трэба, гарэў на рабоце. Я ўпэўнены, сёння ён быў бы галоўным энергетыкам завода. Але сышоў з дарогі. Адпачыў недзе гады тры-чатыры. А потым апамятаўся. Цяпер, вядома, таксама працуе. Працуе на іншай рабоце. Але сваіх патэнцыяльных магчымасцяў гэты інжынер не выкарыстоўвае. Не пройдзе і пяці гадоў — яму ўжо за сорак,— і пытанне яго вырашана. Яму позна будзе расці, дакладней, позна будзе яго вылучаць. А вы ж, Іван Тарасавіч, можна сказаць, яшчэ малады чалавек.

Ідучы да Гарадца, Якуш нёс галаву высока і ганарліва, быў гатовы адбівацца ад дырэктарскага наступу калі не лёгкімі рэплікамі, то жартам. Быў упэўнены ў сваёй непахіснасці, ведаў, што неяк жа адмовіцца. Цяпер апусціў галаву, задумаўся: які чарадзей гэты Гарадзец — бач, як за душу ўзяў, запаланіў яго жалезнай логікай: ты яшчэ, Іван Тарасавіч, малады, табе яшчэ няма сарака, цябе вылучаюць запрашаюць прыўзняцца на вышэйшую ступеньку. Пакуль ты яшчэ малады, то чаму не праявіць сябе, калі ёсць магчымасць. Навошта сапраўды прыпыняцца на паўдарозе?

Ну і азадачыў Якуша дырэктар! І што характэрна — паставіў яго ў цяжкія абставіны, адначасова прыпёршы да сценкі. Дзіва што! На яго спадзяюцца, яму прапануюць рост, у яго вераць. А ён?..

Нарэшце Якуш прыўзняў галаву і сказаў:

— Вось толькі работа ў ліцейцы неважнецкая.

— А хто яе зробіць лепшай? Хто, як не я, не вы? Хто, Іван Тарасавіч? — ужо сур’ёзна, па-дзелавому запытаў у яго дырэктар.— У адным цэху быў нядбайны кіраўнік і ў другім. Што ж, замянілі іх. Замянілі і, шчыра вам скажу — няўдала. Паглядзець на іх збоку — інжынеры вопытныя, людзі нібыта з зыркім агеньчыкам. Яны паспяваюць, ну, як бы вам сказаць, за задачамі, а вось самага галоўнага ў іх і няма — не прагрэсіруюць. А многія адказныя работнікі на заводзе, я сказаў бы, у тым ліку і асобныя кіраўнікі ўчасткаў не жывуць сённяшнім днём, не горбяцца ад першай цяжкасці. Яны думаюць і як на малым агні спячы вялікую яечню і як з іголкі долата зрабіць,— карацей, растуць спецыялісты, прагрэсіруюць... Ну, а вось вы, Іван Тарасавіч, адмаўляецеся ад маёй прапановы. Адмовіцца, скажам, і наступны інжынер. А хто будзе выпраўляць становішча менавіта ў ліцейным?.. Я, зразумейце мяне правільна, не абавязваю вас. Інжынераў на заводзе таленавітых многа. Знайду таварыша. Але ж вам таксама трэба сталець...

Угаварыў тады дырэктар Івана Тарасавіча на ліцейку.

Праз некалькі год тая ж сакратарка Леначка зноў сустракала Івана Тарасавіча.

— Ну, зараз, таварыш Якуш...— толькі хацела нешта сказаць яму заўсёды вясёлая і гаваркая сакратарка, як паднялася і пайшла ў кабінет да Гарадца, не інакш сказаць, што прыбыў Якуш.

На гэты раз дырэктар адразу прапанаваў Івану Тарасавічу крэсла — відаць было, што ён не збіраўся доўга марудзіць, падбіраць нейкія там словы, наводзіць Якуша на добры лад, праўда, на момант задумаўся.

Якуш здагадаўся, што дырэктар запрасіў яго не проста пабачыцца, пацікавіцца ягоным настроем, здароўем. Заўсёды, калі ні запрашаў да сябе, то выключна па справе. Бывала, і не спраўляўся з чым Якуш, няма чаго граху таіць, ішоў да дырэктара на ўзбучку, за тую ці іншую прамашку варта было і шыю намыліць яму, а Мікалай Ігнатавіч ніколі не сек з-за пляча, хутчэй дапамагаў, выручаў. Таму і на гэты раз Якуш зайшоў да Гарадца, як да шчодрага добразычліўца. Мікалай Ігнатавіч даўно выклікае ў яго калі не асаблівую прыязнь, то нейкую даверлівую і чыстую прыхільнасць. Сказаць, што характарам падабаецца яму Гарадзец — не так ужо часта даводзілася яму сустракацца з дырэктарам, каб нешта пэўнае зазначыць пра яго характар. А больш за ўсё паважае Якуш дырэктара за тое, што ён своечасова заўважыў яго, вылучыў, даў магчымасць праявіцца ягоным патэнцыяльным магчымасцям.

Мікалай Ігнатавіч, перш чым спытаць што ці пачаць гаворку, колькі разоў правёў рукою па скроні, нібыта збіраўся рабіць масаж. Потым сказаў:

— Сасуд нейкі заціснуты. Раніцай укол зрабілі, паляжаў, прайшло нібыта. А сёння зарубежная дэлегацыя прыбывае, сустракаць трэба. Ды і з вамі трэба вырашыць пытанне. Вылучаць вас пара, Іван Тарасавіч. Якраз ёсць магчымасць. З прэсавым цэхам у нас не ладзіцца.— Гарадзец прыўзняўся, зрабіў некалькі крокаў, не інакш думаў, што Якуша зноў, як некалі, давядзецца пераконваць. Адышоўшы ад стала, працягваў : — А цэх — гэта не ўчастак у ліцейцы. Цэх — гэта вельмі складаны механізм. Яго з паўабарота не завядзеш. Яго трэба заводзіць гадамі. Мне здаецца, Іван Тарасавіч, што менавіта вы зможаце завесці гэты механізм. Магчыма, станеце адгаворвацца, я не раіў бы. Толькі на вас выпаў выбар, паверце мне, толькі на вас.

Мікалай Ігнатавіч вярнуўся да стала, прысеў на сваё месца, потым прыўзняўся. Здавалася, дырэктар больш хваляваўся, чым Якуш.

Іван Тарасавіч сядзеў доўга. З галавы яго не выходзілі словы: «Толькі на вас паў выбар». Нарэшце ўстаў. Перад тым, як сказаць нешта пэўнае, падзякаваць за давер ці для прыліку пачаць адгаворвацца, падаў дырэктару руку і ціха сказаў:

— Будзем, Мікалай Ігнатавіч, працаваць. Я перад вамі, як афіцэр перад генералам. Ваш — загад, маё — выкананне.

Якуш верыў кожнаму слову Гарадца. Ды што слову. Варта было заікнуцца Гарадцу, каб Іван Тарасавіч узяў малаток і пайшоў аббіваць дэталі пасля адліўкі, ён пайшоў бы. Ён і сам падаваў ініцыятыву, замахваўся рабіць, здавалася, немагчымае. Напачатку, праўда, яго адгаворвалі, а ён, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, смела парываўся дзейнічаць. Спатрэбілася, напрыклад, рэканструяваць задняе крыло да трактара, каб яно не пружыніла, а заадно, каб адпавядала і лепшым сусветным стандартам. Іван Тарасавіч, ужо будучы начальнікам прэсавага цэха, сабраў лепшых рабочых, спецыялістаў, рацыяналізатараў, інжынераў і сказаў, што пастаўленую задачу яны павінны выканаць, а ў дадатак, каб не заказёніць ініцыятыву, падміргнуў вокам: «Не святыя ж гаршкі лепяць».

Паўгода карпелі ў лабараторыі, не адзін інжынер гатовы быў махнуць рукой. Асобныя спецыялісты перад тым, як стукнуць за сабой дзвярыма, здзекліва гаварылі: «Хопіць, далі перцу з імберцам» — і больш не прыходзілі ў лабараторыю. А Іван Тарасавіч цярпліва і настойліва шукаў найлепшага вырашэння сваёй задумы. Як там ні было, а знайшоў.

Якуш ніколі не казыраў, не выхваляўся гэтым. Часам, калі хто на заводзе захапляўся ягонай дзейнасцю, ён звычайна адказваў: «Што ж, трэба было зрабіць — зрабілі». Іншы, можа б, падкрэсліў: маўляў, «трэба будзе зрабіць і яшчэ зробім» — не, сціпласці ў Якуша хапала. Хапала і вытрымкі, настойлівасці і ўмення, каб завесці цэх, гэты складаны механізм. Ён і завёў. Ніколі не лічыўся ні са здароўем, ні са сном. Іншы раз суткамі трымаўся на адной каве. І вытрымаў.

Многія зайздросцілі Якушу, нават прарочылі яму высокі пост.

Не слухаў Якуш тых прарокаў, ніколі не кружылася ў яго галава ад тых поспехаў, а каб не выбіцца з каляіны, заўсёды стараўся працаваць, як мог. Знарок рэкламы сабе не рабіў. Затое жыццю цэха стараўся аддаваць усю сваю душу. Стараўся, каб усюды, каля кожнага прэса і станка, было ўзорна і па-гаспадарску. За модай не гнаўся, а глядзеў, каб цэх і план даваў і прэміяльныя заўсёды былі ў рабочых.

І вось раптам жыгнулі Івана Тарасавіча. Шчыра кажучы, такое трэба было чакаць. Хаця б па той прычыне, што на працягу года ў цэху не хапала штампоўшчыкаў. Спачатку — чалавек трыццаць. Нядоўга думаючы, Іван Тарасавіч пайшоў тады да начальніка кадраў — той развёў рукамі, маўляў, няма прытоку рабочай сілы, але недзе знайшоў колькі вучаніц.

План трымалі. Здавалася, і першынства не ўступяць. Ды праз які месяц-другі ў цэху не хапіла чалавек семдзесят. Якуш — адразу да галоўнага інжынера. Той выслухаў і, перш чым параіць што канкрэтнае, пачаў з філасофіі, з аб’ектыўных законаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, што ў наш час у цэхах неабходна, як мага хутчэй і больш укараняць аўтаматыку. Якуш махнуў рукой і пайшоў да дырэктара. Мікалай Ігнатавіч доўга не разважаў: выклікаў таго ж галоўнага інжынера, двух спецыялістаў з аддзела галоўнага тэхнолага і прапанаваў, каб для зваркі задніх крылаў на першым часе ўкараніць чатыры монаэлектродныя машыны. Праўда, гэтыя чатыры машыны праблему рабочай сілы ў прэсавым не вырашаць, заўважыў тады дырэктар, а ўсё ж такая-сякая падмога для цэха будзе, а заадно і спецыялісты і начальнік прыгледзяцца, як трэба будзе надалей пераводзіць асобныя працаёмкія вузлы на больш прагрэсіўнае тэхналагічнае абсталяванне.

Назаўтра прывезлі тыя машыны, паставілі ў цэху. Іван Тарасавіч спадзяваўся: калі прывезлі, паставілі, то і наладзяць іх, потым запросяць яго, начальніка, і скажуць: «Прымай аўтаматыку, прызначай на яе адказнага спецыяліста і сачы, каб машыны давалі пэўную аддачу». Аднак стаіць тая тэхніка тыдзень, другі. Потым Іван Тарасавіч сустракае чалавека з аддзела галоўнага тэхнолага, які памагаў дастаўляць у цэх тыя машыны, і пытае:

— А калі гэта мяне пачнеце пераводзіць на тэхнічны прагрэс, ну, так сказаць, укараняць тыя навінкі, электродныя машыны?

— Хто сам не рупіцца, на тым скура лупіцца,— неяк загадкава адказаў чалавек з аддзела галоўнага тэхнолага. Можа б, Іван Тарасавіч з яго слоў наогул нічога не зразумеў, калі б той, падміргнуўшы, не дадаў: — А хто сам не дбае, той трасцу мае.

Іван Тарасавіч зразумеў: калі ты, Якуш, завёў гэты складаны механізм, то мусіш сам укараняць яго.

Успомніў Якуш пра тое задняе крыло. Яно ў параўнанні з аўтаматыкай, вядома, дробязь. А што спатрэбіцца ад яго, як ад начальніка цэха, каб паставіць на службу вытворчасці гэтыя электродныя машыны?

«Значыць, трэба шырэй ступаць,— думаў Якуш.— Без сямідзесяці рабочых даваць план і перавыконваць яго. Да таго яшчэ ўкараняць гэтыя машыны. Добра, калі ступіш не ў пусты след, калі суладна пакрочыш, як кажуць, з часам».

Гарантыі на поспех з новымі машынамі Якушу ніхто не даваў. Адзінае — прыспешвалі, каб браўся за справу.

«Узяцца — штука няхітрая,— разважаў ён.— У маладосці, скажам, даравальна было іншы раз і пагарачыцца, нават даць каманду: «Наперад, хлопцы, потым разбяромся, галоўнае ўстанавіць машыны». Цяпер Якуш прывык спярша разабрацца, што да чаго. Добра, калі іх установіш за тры-чатыры месяцы. Нейкі час будзеш выконваць план, нейкі час будуць цябе, Якуш, зняслаўляць на кожнай нарадзе. Пачне коса глядзець на цябе і дырэктар завода, нават упікаць: што ты за начальнік, Якуш, калі не выконваеш план. Ды і рабочага таксама нядоўга пакрыўдзіць — не будзе плана, не будзе яму не толькі прагрэсіўкі, але і добрага заробку.

Іван Тарасавіч мусіў прасіць намесніка дырэктара па кадрах, каб той знайшоў нейкія магчымасці, усё ж набраў для прэсавага цэха на першы выпадак хоць чалавек пяцьдзесят. Той і знайшоў. Справы адразу палепшыліся.

А недзе праз год, помніцца, у той дзень было холадна і ветрана — з таполяў спадалі апошнія лісці — вяртаўся Іван Тарасавіч з абеду.

Лёгка, з настроем узышоў на трэці паверх прэсавага корпуса, дзе быў яго кабінет.

У калідоры сустрэў Ціўчанку.

Шчыра кажучы, колькі Якуш сустракаў гэтага чалавека, ніколі не радаваўся. Дармо, што Ціўчанка сусед — кватэры іх у адным доме, хаця ў розных пад’ездах, аднак, сутыкнуўшыся, скажам, з ім нос у нос дзе ў цэху ці на заводскай алеі, Якуш паздароўкаецца нехаця, толькі дзеля нейкага там прыліку. Ціўчанка, не забываючы, што Якуш начальнік, пацікавіцца абавязкова пра яго здароўе. Іван Тарасавіч звычайна ў такім выпадку адвядзе вочы ўбок, каб адказаць для адчэпнага нешта няпэўнае: «Сам бачыш, яшчэ не стаптаўся — жыву».

На гэты раз Ціўчанка, яшчэ здалёк заўважыўшы Івана Тарасавіча, імпэтна скіраваў да яго — адразу заўважалася, што быў нечым узрушаны ці ўзрадаваны, здавалася, гатовы яшчэ на адлегласці ўрачыста і ад душы павітацца. А калі наблізіўся, Якуш прыкмеціў у яго на твары салодзенькую ўсмешку. Сапраўды, падумаў Іван Тарасавіч, няўжо ў суседа нешта прыемнае, от ён гэтак і спяшаецца падзяліцца сваёй радасцю.

Хутчэй падаў руку і павіншаваў Якуша са «славай», потым дадаў:

— У газеце цябе памянулі, Тарасавіч, прапясочылі нават. І здорава прапясочылі.

Якуш спачатку не абрадаваўся, што памянулі яго ў газеце. Але падумаў: як ні кажы, прэсавы цэх не раз трымаў першынство, ды і цяпер вылучаецца і выкананнем плана, і абавязацельствамі. А колькі ў цэху перадавікоў! Іншы раз з прэсавага ўхваляюць рацыяналізатарскіх прапаноў больш, чым з якога. То чаму Івану Тарасавічу, як вопытнаму арганізатару і кіраўніку не прыняць віншаванне? А што «прапясочылі», то Ціўчанка часам любіць ўжыць такое слоўца, якое, можа, і сам добра не разумее.

Вось толькі не спадабалася Якушу, што Ціўчанка, калі віншаваў яго, зрабіў такую салодзенькую ўсмешку.

Пра Ціўчанку, між іншым, Іван Тарасавіч мае пэўную думку — гэта той чалавек, якога сапсавалі незаслужанай славай. Колькі пра яго трубілі, хвалілі, ставілі ў прыклад іншым. Нарэшце перасталі. Вось толькі чаму, Якуш не ведае дакладна. Адны кажуць, што нібыта ў інструментальным цэху паявіліся лепшыя слесары-лякальшчыкі і Ціўчанка як бы адышоў на другі план, другія сцвярджаюць, што быццам у яго, Ціўчанкі, без пары ад тае славы закружылася галава. Так гэта ці не, Якуш асабліва не цікавіўся. У яго сваіх спраў хапае.

«Толькі ад зайздрасці змянташыў такое Ціўчанка»,— падумаў Якуш, заходзячы ў кабінет, і тут жа пазваніў намесніку дырэктара завода Блешчыку. Распытваў, як прайшоў пленум райкома партыі, ці была якая крытыка.

— Была крытыка, таварыш руцінёр, была і якраз у твой адрас,— адразу сказаў Блешчык, ну, а каб Якуш не прыняў яго паведамленне за жарт, дадаў: — Сакратар райкома партыі ў сваім дакладзе так і назваў цябе, Іван Тарасавіч, руцінёрам.

— Не можа быць, Канстанцін Міхайлавіч,— не паверыў Якуш.— Можа, з кім пераблытаў мяне сакратар. Як жа ён назаве мяне руцінёрам, калі сам ведаеш, увесь час мой цэх амаль не ўступае першынство?

Больш не стаў Якуш гаварыць з Блешчыкам. Паклаў трубку. Значыць. Праўда. Пакрытыкавалі. «А можа, і добра, што крытыкнулі?»,— спрабаваў супакоіць сябе Іван Тарасавіч.— Крытыка, яна, што тая наждачная папера, калі на цябе напластавалася якая ржа. Але ж якая на мне ржа?»

Да канца змены Якуш ні за што не мог узяцца і не мог пайсці ў партком, каб распытаць, за што менавіта яго крытыкавалі на пленуме. Проста сядзеў у кабінеце. Бывала, заўсёды не адбіцца ад наведвальнікаў, а то хоць бы хто дзверы адчыніў. Хоць бы які майстар зайшоў.

І дома месца сабе не знаходзіў. От жа гэтая крытыка. А можа, не так крытыка, як нервы ўжо здаюць. Спрабаваў уключаць тэлівізар — ні адну передачу не мог дагледзець да канца. Узяў газеты — прачытаў толькі загалоўкі артыкулаў, пахадзіў па двары, па вуліцы — нікога з сяброў не сустрэў і вярнуўся яшчэ больш растрывожаны. Тады мусіў прыняць халодны душ. Спадзяваўся, што хоць трохі супакоіць нервы — не памагло.

Назаўтра да канца змены ў цэху ўсё ішло, як заўсёды: спачатку Якуш правёў аператыўку — на асобныя ўчасткі размеркаваў дадатковыя заданні, каб да Кастрычніцкіх свят трымаць вахту, як і належыць. І ўсё ж на душы было неспакойна. Чакаў ад дырэкцыі званка да абеду — не было. І пасля абеду ніхто не выклікаў яго, ніхто не турбаваў. Нарэшце Іван Тарасавіч трохі супакоіўся і рашыў, што, відаць, не так ужо і моцна «прапясочылі». Калі б што якое, то ўжо з васьмі гадзін раніцы яму пачалі б рабіць прачуханца. А пасля змены, калі выйшаў з прахадной, калі ля будынка заводакіраўніцтва зірнуў на гадзіннік — спяшацца не было куды, і ён мусіў заглянуць на якую хвіліну хоць у прыёмную дырэктара, спадзяваўся, можа, там пачуе што пра крытыку на пленуме,— падышоў да яго сусед па пад’езду, начальнік аддзела па арганізацыі працы і заработнай платы Слекацень, падаў руку. Прызнацца, лепш бы з ваўком ён сустрэўся ў лесе, чым з гэтым Слекаценем — дужа часта тыцкае нос гэты Слекацень куды не трэба. Не так даўно зрабіў дырэкцыі данос, што хоць з прэсавага і многа выходзіць рацыяналізатараў, а ў самім прэсавым дрэнна ўкараняецца навуковая арганізацыя працы. Дырэктар у сваім дакладзе і прывёў такі факт. А цяпер гэты даносчык падае сваю руку і смяецца на ўсе свае жоўтыя зубы.

— Да мяне не прыслухаўся, Тарасавіч, то дазволь цябе павіншаваць цяпер, як законнага руцінёра.— Слекацень тут жа тыцнуў яму «вячорку», разгарнуў яе.— Не верыш словам, во, пачытай у газеце, пачытай.

І праўда, за тое, што ў прэсавым цэху недзе больш як паўгода не ўкараняюцца ў вытворчасць тыя чатыры монаэлектродныя машыны для зваркі задніх крылаў, сакратар райкома партыі начальніка прэсавага Івана Тарасавіча Якуша, па віне якога яны не ўкараняюцца, назваў руцінёрам.

Прачытаўшы пра сябе адзін раз, другі, успомніў Якуш словы дырэктара, якія той казаў пра нядбайнага гора-інжынера: «...усё робіць, але не прагрэсіруе». Відаць, і ён, Якуш, ужо не прагрэсіруе.

Такой ганьбы Іван Тарасавіч яшчэ не перажываў. Ну, хай бы і назвалі яго руцінёрам на пленуме. Хай. Дык не — вячэрняя газета паведаміла словы сакратара ўсяму гораду, усяму свету. Дакажы цяпер і Ціўчанку і гэтаму Слекатню, што ты, Іван Тарасавіч, не руцінёр.

Вяртацца дадому, нічога не высветліўшы, Якуш не хацеў. Што скажуць жонка і дачка?

Узышоўшы на ганак заводакіраўніцтва, падняўшыся на другі паверх і адчыняючы дзверы прыёмнай дырэктара, Іван Тарасавіч усё думаў, за што ж яго так, за што? Хай адкажа яму дырэктар. А не адкажа — ён, Якуш, раскрые Мікалаю Ігнатавічу сваю душу. Здаецца, дырэктар, толькі дырэктар здолее зразумець і адчуць яго боль. А ў прыёмнай, ну, такой жорсткасці Іван Тарасавіч не чакаў, дарогу ў кабінет да дырэктара яму перагарадзіла сакратарка.

— Нельга, нельга, Мікалай Ігнатавіч заняты,— катэгарычна заявіла яна.

У апошні час, заўважаў Іван Тарасавіч, колішняя мілая Леначка змянілася. Дзе падзеліся яе добразычлівасць, ветлівасць. Ці сямейнае жыццё падзейнічала, ці гады. Няўжо яна зусім счарсцвела, забюракрацілася, бач, з якой афіцыйнасцю: «Нельга, нельга...» А некалі ж яго ледзьве не з кветкамі сустракала.

— Ягадка ты мая,— Іван Тарасавіч, хоць адно думаў, а другое мусіў гаварыць, каб падкрэсліць сваю неабходнасць, прычым пільную і неадкладную, зайсці да дырэктара, нават абедзве рукі паклаў на сэрца,— ягадка, ты не можаш зразумець, як мне трэба да Мікалая Ігнатавіча.

— Нельга, нельга,— стаяла на сваім сакратарка.— Дырэктар сёння нікога прымаць не будзе.

— Леначка, дарагая...

Не інакш Іван Тарасавіч крануў яе сваёй мальбою, і Алена Браніславаўна растлумачыла:

— Раніцай вярнуўся з ГДР. Стомлены. І на табе — жонку трэба класці ў бальніцу. З сэрцам нешта не ладзіцца ў яе.

— Не прапусціш — мяне ў труну пакладзеш.

— Нельга, нельга... Як сабе хочаце, да Мікалая Ігнатавіча нельга.

— Ну, што ж, прыйду заўтра.

І назаўтра раніцай, яшчэ да васьмі гадзін, Іван Тарасавіч ужо сядзеў у прыёмнай. Як толькі Алена Браніславаўна зайшла, здзівілася:

— Ці вы не ведаеце, Іван Тарасавіч, што сёння трэніровачнае вучэнне па грамадскай абароне. Мікалай Ігнатавіч а восьмай гадзіне выязджае.

«І трэба ж забыцца»,— Іван Тарасавіч аж ляпнуў сябе па лбе.

Праз колькі дзён Якуш спярша пазваніў у прыёмную, хоць загадзя, але павіншаваў Алену Браніславаўну з надыходзячым святам Вялікага Кастрычніка, затым далікатна і з намёкам пацікавіўся, ці ёсць якая магчымасць пераступіць парог да Мікалая Ігнатавіча.

— Аніякай,— прама адказала Алена Браніславаўна.— Няма і не будзе да свята. Заўтра едзе ў Маскву. Прыходзьце, Іван Тарасавіч, пасля свята ўжо.

У голасе сакратаркі Якуш злавіў нотку спачування. «Пасля свята ўжо». Значыць, не без ведама дырэктара яна цягне валынку. Цягне і як можа суцяшае. Вось адкуль у яе голасе «нельга». Быў Якуш на добрым рахунку, заўсёды можна было да дырэктара. Цяпер, калі ён руцінёр, а такое, мабыць, сказалі пра яго на пленуме райкома не без ведама дырэктара, то Гарадцу, сапраўды, як прымаць Якуша? А прыняўшы, трэба яго пераканаць, што ён ужо не адпавядае, не спраўляецца са сваімі абавязкамі, не прагрэсіруе.

«Што ж, дарагі Мікалай Ігнатавіч, хай будзе па-твойму»,— з болем і крыўдай выйшаў Якуш з прыёмнай.

Цэлы дзень перад святам ён хадзіў па цэху як сам не свой.

А на заводзе на кожным участку было ажыўлена. Завод, як адзін арганізм, працаваў зладжана і рытмічна. Рабочыя завяршалі перадсвяточную вахту...

Да канца змены кожны ўчастак даў звышпланавую прадукцыю... Вось толькі на якую суму, Якуш не пацікавіўся. Нават калі сакратар парткома спытаў у яго, дзе заўтра раніцай лепш сабраць святочную калону прэсавага: тут, на заводскай плошчы, ці — ля Палаца культуры, Якуш нічога пэўнага не параіў. Ён неяк безуважна глядзеў на ўсё, глядзеў і думаў: «За дваццаць год заслужыў руцінёра, і годзе. Дзякуй табе, Мікалай Ігнатавіч, за святочную ўзнагароду».

...Іван Тарасавіч павярнуўся на другі бок, нацягнуў на сябе коўдру і, паколькі вырашыў выспацца, стараўся выкінуць усё з галавы.

Можа б, і заснуў, можа б, яшчэ і саснілася што, а тут, як на тое, нехта ўключыў магнітафон. «Джамайка, Джамаа-айка...» — разанула па нервах Якуша.

— Ну, гэта ўжо!..— ускіпеў Іван Тарасавіч, скінуў з сябе коўдру і рашуча накіраваўся да дзвярэй, каб... Але спахапіўся: як жа ў адных сподніках ён стане наводзіць парадак? Мусіў апрануцца. Уключыў святло — на крэсле ляжаў яго новы касцюм. Адпрасаваны. На касцюме — гальштук: маўляў, апранайся, Іван Тарасавіч і... на дэманстрацыю. Гэта жонка пастаралася. Сама пайшла на работу, а яму падрыхтавала касцюм.

Якуш усцягнуў на сябе рабочыя штаны і, шлёпаючы босымі ступакамі, рашуча накіраваўся да доччынага пакоя, у якім, чуваць было, на ўсю моц раскрычаўся магнітафон. «Ну і дачушка,— кіпеў Іван Тарасавіч,— гэта ж надумацца, каб у такую рань...»

Узяўся за ручку — дзверы замкнуты.

— Ах ты, бурбалка няшчасная,— нарэшце лопнула ўсё цярпенне ў Якуша, і ён стукнуў у дзверы кулаком.— Ад бацькі роднага зачынілася.

«Бурбалкай» Іван Тарасавіч называў дачку даўно. Упершыню такое сарвалася ў яго з языка, калі Людзе было годзікі два. Дзяўчынка расла поўненькая, дужая. Аднаго разу, калі забаўляў Людку і неяк назваў яе бурбалкай, яна паўтарала потым гэтае слова «бубата, бубата». А ён, жартуючы, дражніўся з ёй. Ды неяк жонка, Марыя Іванаўна, заступілася за дачку. «Ты думаеш, што ты на яе пляцеш? Пачуюць у двары — навек прыліпне да яе, гэтая мянушка». З тае пары Іван Тарасавіч называў Люду «бурбалкай» рэдка, у выключных момантах, калі на яго находзіла толькі злосць.

На гэты раз Іван Тарасавіч быў гатовы крычма крычаць, але шчоўкнуў замок і шырока адчыніліся дзверы.

Люда сустрэла бацьку з распушчанымі доўгімі валасамі і з папяросай. Ля стала, заўважыў Іван Тарасавіч, стаяў высокага росту дзяцюк. Ён таксама курадыміў, і ў пакоі было хоць сякеру вешай.

Не спадзяваўся Якуш у сваёй кватэры бачыць сёння, менавіта ў такую рань, падобную сцэну. Насупіўшы бровы, ён гнеўна бліснуў на дачку калючымі вачыма, можа б, і не стрымаўся і сказаў ёй што, калі б той дзяцюк хоць бы збянтэжыўся трохі. Наадварот, ён стаяў, быццам казыраючы: «Вось я які...» Прыгледзеўся Іван Тарасавіч да цыбатага — пазнаў, працуе ў іх на заводзе. То, можа, зайшоў па Люду на дэманстрацыю? Вось яна і ўключыла сваю «Джамайку».

— Татачка, мой дарагі татачка,— адвёўшы ўбок цыгарэту, з якой віўся шызы дымок, Люда прыгарнулася да бацькі.— Ты спрасонку, спрасонку, татачка. І не ў гуморы. А таму мяне называеш «няшчаснай». Банальна, татачка. Дазволь я цябе цмокну ў шчаку.

— Прэч! Я не пазнаю цябе, Людка.

— Ты пазнаваў мяне, татачка, калі я была няшчасная бурбалка, цяпер я проста... шчаслівая Людка,— і яна смачна зацягнулася цыгарэтай.

— То хто ж цябе ашчаслівіў? — скрозь зубы працадзіў Іван Тарасавіч і, неяк набычыўшыся, зірнуў на цыбатага дзецюка. Той незалежна і самавіта спакойна глядзеў на Івана Тарасавіча са сваёй, ледзьве не двухметровай вышыні. Здавалася, вось ён нешта пэўнае і сур’ёзнае скажа яму. Не, ён стаяў сабе моўчкі, відаць, чакаў нечага ад Люды. Ды хоць бы яна прапанавала пазнаёміцца з бацькам.

Якуш ніколі і ні перад кім не цырымоніўся ні ў цэху, ні тым больш у сваёй кватэры. Калі Люда на момант разгубілася, ён уедліва спытаў у яе:

— Ці не велікан гэты цябе і ашчаслівіў?

— Татачка, ты чамусьці ў апошні час не падбіраеш прыстойных слоў,— нарэшце ўзяла сябе ў рукі дачка.— Па-першае, гэта не такі ўжо велікан — у яго рост усяго адзін метр восемдзесят дзевяць сантыметраў, а імя яго — Ваня. Разумееш, Ваня... Ну, каб табе ўжо зусім арэшак раскусіць — гэта мой Іван. Ну, і па-другое, калі зайшоў Ваня, то будзьце знаёмы.

Цыбаты дзяцюк падаў з кішэні сваю шырокую, як сподак, руку і басам назваў сваё прозвішча:

— Астаневіч.

Якуш крыху паспакайнеў і пільней прыгледзеўся да Астаневіча. Ці не той гэта канструктар, якога не так даўно давялося бачыць у прыёмнай дырэктара. Зайшоў гэта ён неяк пачціва і важна, зняў капялюш, паздароўкаўся з усімі, хто быў у прыёмнай,— не спытаўшы нават у сакратаркі, ці ёсць дырэктар, адразу шырокім крокам сігануў да кабінета. Івана Тарасавіча тады здзівіла: як гэта такі юнак і адразу да дырэктара?

«Канструктар»,— растлумачылі яму. «Канструктар-то канструктар,— як бы кінуў тады яму рэпліку ўслед,— а паліто сабе не надточыць. Сам нішто сабе з выгляду, умее, відаць, сябе паводзіць, а вось паліто ў яго... Ці ён назнарок адчыкрыжыў крысы да апошняе магчымасці, ці на такі цыбаты рост у магазінах нельга было даўжэйшае падабраць». Тады Якуш толькі падумаў пра канструктара, дакладней, пра яго паліто, цяпер гэты канструктар падаў яму руку.

— А зваць, зваць як? — нервова перапытаў Якуш.

— Іван.

— І мяне — Іван.

Люда паклала цыгарэту ў жалезную попельнічку, якая нагадвала стаптаны чаравік з загнутым носам, і запляскала ў ладкі.

— Як хораша атрымалася: два Іваны! Не турбуйся, татачка, блытаніны ў мяне ніякай не будзе. Аднаго буду называць Іван-меншы — гэта цябе, Астаневіча — Іван-большы.

Што мянташыць дачка языком, што адбываецца ў яго кватэры — Якуш нічога не разумеў. Чаму ў такую рань завітаў да яе гэты канструктар? Ну, хай сабе дачка ведае гэтага канструктара — яна таксама працуе ў канструктарскім бюро, хай у іх наспела якое спрэчнае пытанне...

— А каб у тваёй галаве, татачка, не паявілася мільён думак, чаму гэты Іван сёння тут, скажу: ахмурыць задумаў мяне... Прынёс во пляшку віна, не верыш — паглядзі, во «Каберне», хочаш — табе чарку адзычым.

— Не, не, я не магу, Людачка,— адразу памякчэў Іван Тарасавіч. Не інакш падумаў: такая ўжо доля жаночая — не тады ідуць замуж, калі хочуць, а калі бяруць.

— Глыні, татачка,— Люда набулькала таго віна ў шклянку.— Глыні, а то нейкі ты строгі сёння з раніцы. Глыні, татачка.

— Ат, было ні было,— Іван Тарасавіч узяў шклянку, выпіў.

— А закусіць, татачка, сам бачыш... цукеркі. Ведаю, ты іх не ўжываеш. То ідзі, пашукай сабе скварку ў халадзільніку. Добра падмацуйся ды разам на дэманстрацыю пойдзем.

Хацеў Іван Тарасавіч сказаць, што руцінёры на дэманстрацыю не ходзяць, але спахапіўся — навошта назаляцца маладым, лепш пайсці памыцца. А калі правёў далоняй па калючай шчацэ, задумаўся: ісці ў цырульню — рана. Мусіў пагаліцца дома. Пакуль шукаў памазок, лязо, пакуль маладзіўся, думаў пра сваю долю. Наракаць на яе, здаецца, няма чаго. Зорак з неба доля яму не сыпала, але і горкай не дасталася. Можа, калі яго кашуля была бруднаватай, ды сумленне заўсёды было чыстае. Помніць Якуш, як ішла лавіна немцаў, як нагрэлася дула яго кулямёта, а вось колькі цягнуўся той паядынак з немцамі, як ён апынуўся ў шпіталі — ну, быццам, усё гэта канула ў вечнасць. Апрытомнеў ён праз колькі дзён. За абарону той вышыні далі ордэн. А яшчэ было пад Варшавай... Усю ноч кіпеў бой. Левы бок вуліцы, якраз той дом, у які прабралася колькі нашых смельчакоў, упарта трымалі фашысты. З правага боку вуліцы няшчадна білі па доме нашы. Невядома, колькі б цягнулася тая баталія, калі б на досвітку не ўварваліся на вуліцу савецкія танкі. Адзін танк развярнуўся насупраць таго дома... Колькі разоў ударыў па ім, і, здавалася, дом быў узяты. Узышло сонца, і стала ціха, ціха. Якуш вылез з танка. Стаў на ўвесь рост, азірнуўся наўкола. На балконе заўважыў дзяўчыну. Прыўзняўшы аўтамат, павітаў яе: «Прывет, паненка». Дзяўчына ў адказ памахала яму хусцінкай. Толькі хацеў сказаць ёй яшчэ што, як раптам грымнуў стрэл — тая паненка схапілася за грудзі і, абвяўшы, павісла на парэнчы. Тут жа зацюкалі кулі і па брані танка. Куля прабіла шлём на галаве ў Якуша, прастрэліла аўтамат, а самога, на шчасце, не зачапіла.

Вярнуўся Якуш у сваё Стараселле, калі не лічыць кантузію, не пашкоджаны. Ні шалёнай куляй, ні асколкам. Грудзі ў ордэнах і медалях. Пагоны з дзвюма лычкамі — малодшы сержант. «А што да камандзіра не даслужыўся,— гаварыў бацьку,— відаць, малады яшчэ». «Галоўнае, сын, што наша ўзяла! — радаваўся бацька.— І дармо, што прыходзіцца часам з квасам, парой з вадой. Гэта ўрэменна, галоўнае, што наша ўзяло». Старыя мадзелі на нішчымніцы. Якуш тады паехаў у горад, там накупляў мукі. Ажно пяць мяхоў. Адзін — цётцы, другі — дзядзьку, астатнія бацькам. А праз колькі дзён сказаў старым, што яму трэба падавацца ў людзі. На ўскраі горада зачыналі будаваць два заводы: аўтамабільны і трактарны. Ён сабраў свой паходны чамаданчык і... Заводы не выбіраў. Спынілася спадарожная машына ля трактарнага, ён — на трактарны. Пайшоў у аддзел кадраў. Там чарга такіх, як ён, дэмабілізаваных. Адзін па спецыяльнасці муляр, другі — тынкоўшчык, а ён... Калі ў Якуша спытаў начальнік аддзела кадраў, што ўмее, адказаў:

— Танцаваць.

Начальнік, хоць чалавек сталы, на выгляд даволі сур’ёзны, нават строгі, але зразумеў ягоны жарт і выпісаў яму накіраванне на адну з будаўнічых пляцовак. Уручыўшы, папярэдзіў:

— На паднос цэглы. А будзеш добра танцаваць, дарэмна ногі не наб’еш. Ну, а станеш нос высока несці, сам разумееш. Тут у нас як на фронце.

Што ж, пайшоў цэглу падносіць. На які аб’ект — яму ўсё роўна было. У першыя два дні пашчыраваў, на трэці — рукі нылі, на далонях мазалі па шапцы. Прысеў ён на рыштаванні, пасядзеў колькі... Муляры падганялі, каб цэглу падаваў, а яму ўставаць не хацелася. Нарэшце зарабіў ад прараба едкі дакор. Наважыўся кінуць усё, завярнуцца і паехаць дадому, ды неяк устрымаўся. Назаўтра праспаў, з’явіўся на работу недзе перад абедам. Прараб даў, вядома, добрага прачуханца. Якуш махнуў рукой, маўляў, памінай, як звалі, і на вакзал. Але пастаяў ля касы, перадумаў: няўжо прараб сабе той корпус будуе, яму ж таксама даюць узбучку, каб хутчэй закончыў, а ён што — у зубы кожнаму будзе глядзець? Ён жа не са злога ўмыслу і падганяў і ўпікаў.

Вярнуўся. Але нікому не прызнаўся, што змаладушнічаў.

А калі новаму заводу спатрэбіліся рабочыя, Якуш зноў у аддзел кадраў. Да таго ж начальніка. Ён па-ранейшаму быў сур’ёзны і строгі. Праўда, пахудзеў трохі. Не інакш, і яму даставалася. Спытаў наконт спецыяльнасці.

— Танцор,— адказаў Якуш.

Начальнік прыўзняў вочы, бадай, хацеў спытаць, што за артыст, але яго чорныя бровы паступова збегліся ў адзін шнурок, і ён пачаў успамінаць.

— Ці не той ты танцор, якога некалі я блаславіў цэглу падносіць?

— Вы тады мяне папярэдзілі, што я дарэмна ногі не наб’ю.

— Помню, помню, было такое.— І начальнік зачухаў патыліцу.— Толькі куды цябе?.. А слесарам хочаш быць?

— Пачну са слесара,— пагадзіўся Якуш і тут жа спытаў: — У інтэрнат паселіце?

— У інтэрнат законна.

Ля станка куды цяжэй было, чым падносчыкам цэглы. Завод тады рыхтаваўся да выпуску першай машыны. Інструментаў не хапала. А дэталяў колькі спатрэбілася! Асобныя даводзілася рабіць пры дапамозе мазалёў — націскаць на зубіла, нажоўку, напілак.

Нарэшце вытворчасць трохі наладзілася — прыбавілася вольнага часу. Якуша сталі падгаворваць сябры, каб пайшоў вучыцца ў вячэрнюю школу. «Ды вы што, хлопцы,— спачатку здзівіўся ён.— Мне ж сорамна садзіцца за парту, ды яшчэ ў шосты клас». А калі паглядзеў, што ў пяты паселі не меншыя за яго дзядзькі, пайшоў і ён вучыцца. Не агледзеўся, як закончыў сямігодку. Потым сказаў, ці не даволі ламаць галаву. Інжынерам усё роўна не стане, а для яго, як для сярэдняга рабочага, дастаткова і гэтай адукацыі. Аднак многія слесары, заўважыў ён, адразу падаліся ў механічны тэхнікум. Падахвоцілі і яго: «А ты што, Ваня, цяля ў бога з’еў». За кампанію і ён пайшоў вучыцца далей. Не ўчуўся, як і тэхнікум застаўся ўчарашнім. Нарэшце з палёгкай уздыхнуў. А тут асобныя яго аднакурснікі, не пераводзячы дыхання, адразу падаліся ў інстытут. Ён, махнуўшы рукой, сказаў: «Годзе, трэба хоць трошкі для сябе пажыць». Тут яшчэ якраз падвярнулася дзяўчына. Ды зусім выпадкова. Заняў гэта ён чаргу ля касы, каб зарплату атрымаць. Стаіць, чытае газету, раптам чуе:

— Ваня, а ты чаго тут?

Зірнуў на яе — зямлячка, Манька са Стараселля.

— Я тут працую,— адказаў Якуш.

— I я працую. То заходзь,— запрасіла яна.— У жаночы інтэрнат. А то можа прозвішча забыўся? Спытай Маскалёнак.

— Не, не забыўся.

Ідучы ў інтэрнат, будаваў планы: што ж, пасяджу, пагавару з ёй аб знаёмых — як ні кажы, у адной школе вучыліся. Праўда, яна на клас ішла вышэй. І прыгожая была. Прыгажэй яе не было ў Стараселлі. Ох, і ўлягалі за ёй тады хлопцы.

Маскалёнак сустрэла яго ў доўгім калідоры. На ёй быў сіні квяцісты халат, у валасах бігудзі.

— І добра, што прыйшоў,— абрадавалася яна.— Заходзь у трынаццаты пакой, я зараз цябе царскім крупнікам пачастую. Заходзь, заходзь, не саромейся. Там голых няма, усе ў халатах. А я толькі на кухню схаджу.

У трынаццатым пакоі ўсе дзяўчаты былі прыбраны, хто ў шоўкавай сукенцы, хто ў белай накрухмаленай блузе, і, як адна, з пышнай завіўкай. А калі запрасілі Якуша распрануцца і прысесці — бадай, ведалі загадзя, што да Марыі госць прыйдзе — адразу пачалі збірацца і дружна некуды пайшлі.

Неўзабаве Марыя прынесла накрытую каструлю і, што асаблівае заўважыў Якуш, замест халата на ёй была з высокімі плечыкамі, модная па тым часе крэпдэшынавая сукенка і, як у яе сябровак, завіўка. Дзе яна магла за гэты час ператварыцца ў такую каралеву — для Якуша было загадкай, але спытаць ён не адважыўся.

Пакуль млеў крупнік у каструлі, Марыя прысела да Якуша, папрасіла, каб расказаў, каб пахваліўся чым.

— Ды чым хваліцца? — спачатку хлопец саромеўся.— У Стараселлі мала пабыў. Даўно ўжо на заводзе, можна сказаць, ветэран...

Пагаварылі пра Стараселле, пра тых, з кім вучыліся, хто не вярнуўся з вайны, а потым Марыя паставіла на стол той крупнік, пляшку віна...

За віном і смачным крупнікам не ўчуліся, як звечарэла.

А калі выпілі ўсё і паелі ўсё, зрэшты, аб усім перагаварылі. Якуш зірнуў на свой трафейны швейцарскі гадзіннік — было ўжо дваццаць мінут на дзесятую вечара — і даў зразумець, што яму пара ісці. Марыя першай прыўзнялася з-за стала. На развітанне моцна, па-мужчынску цісканула яму руку і нібыта пякуча апаліла яго сваім позіркам, шчырым, пяшчотным.

— Добры ты хлопец, Ваня, але...— уздыхнула.— Я разумею, што ты думаеш пра мяне. А думаеш, калі я ўсім падабалася ў Стараселлі, дык у мяне было жаніхоў тых...

У той вечар ён блізка, блізка прытуліў Марыю да сябе. У наступныя вечары хадзіў з ёю ў парк, губляўся часам ад думкі: а раптам яна, ад такіх прыгажунь усё можна чакаць, абдумаецца ды не захоча з ім сябраваць. На шосты вечар — то было якраз перад выхадным — зноў раздзялілі пляшку віна, а ў нядзелю роўна а дванаццатай гадзіне дня Марыя ўжо была яго жонкай.

Цяпер Марыя Іванаўна, яго жонка, працуе камендантам інтэрната. Харошая і душэўная жанчына, строгая ласкавая маці двух яго дзяцей — Анатоля і Люды.

Паважаюць яе, цэняць за прамату і тактоўнасць, знаходлівасць і дзелавітасць. Любіць, паважае па-ранейшаму жонку і ён, Іван Тарасавіч. Як жа не любіць і не паважаць яе — яшчэ досвіткам прачнулася, папрасавала яму касцюм, маўляў, апраніся, дарагі, ва ўсё святочнае, і як усе людзі,— на дэманстрацыю. Нават напісала запіску: «Можа, сустрэнемся ў калоне. А не— пасля дэманстрацыі каб нідзе не затрымліваўся, пойдзем да Толіка». А вось пра начнога госця словам не абмовілася. Не бачыла, што Люда з ім, ці...

Здавалася, не так даўно Люда была зусім наіўнае дзяўчо. Будучы вучаніцай восьмага класа — да таго часу яно ўжо выцыбалася — прыходзіць са школы вясёлая і кажа: «Татачка, віншуй мяне і не пашкадуй бурных апладысментаў», кажа такое, радуецца і паказвае свой камсамольскі білет. Потым прысела на канапу і пачала гартаць той білет. Была яна засяроджаная, задумлівая. Заўважыў тады Іван Тарасавіч, што яго дачка як бы адразу пасталела і стала сур’ёзна разважаць: «Узносы, якія буду плаціць ад гэтага часу, пойдуць на камсамольскія будоўлі. Мае ўзносы, усе ўзносы з нашага класа...» — Раптам яна спахапілася.

— А чаму так мала трэба плаціць узносаў — усяго па дваццаць капеек у месяц? Гэта ж дужа мала на камсамольскія будоўлі.

Іван Тарасавіч, як сталы камуніст, тады доўга гутарыў з Людай пра камсамол, будоўлі, узносы, а больш — пра тое, каб яна вучылася, добра вучылася.

Люда старалася закончыць дзесяты клас на залаты медаль, а так здарылася, што не выцягнула і на срэбны — пад канец вучобы па геаметрыі і чарчэнню ёй вывелі дзве «тройкі».

— Ну, і што, калі «тройкі»? — з алімпійскім спакоем адказала Люда.— Няўжо гэтыя «тройкі» мне перашкодзяць быць канструктарам?

Калі дайшло да Івана Тарасавіча, што яго дачка вытрымала конкурс на інжынерны факультэт, ён здзівіўся: «Ды гэтай пястусе думаць бы пра тое, каб умець забаўляцца з дашкалятамі ў дзіцячым садзіку, а яна... Ну і дзеці цяпер пайшлі...»

А Людміла вучылася. Пасрэдных адзнак не мела, праўда, рэдка траплялі ў яе заліковую кніжку і выдатныя, але з цягам часу заўважалі выкладчыкі ў Людмілы Якуш каштоўную якасць, што дзяўчына ўмее глыбока мысліць, прычым — творча.

«А што ёй замінае мысліць?» — Іван Тарасавіч па-ранейшаму быў незадаволены, што яго пястуха збіраецца сваё кволае плечыка падставіць пад той тэхнічны прагрэс, які ўжо справіўся струшчыць хрыбет не аднаму асілку на іх заводзе. І сваё незадавальненне часта выказваў услых:

— Пра моды, яна можа і тумкае нешта.

— Татачка, мой родны татачка.— Люда часта ўспакойвала яго.— Ды як гэта ты недаацэньваеш талент свайго нашчадка?

Іван Тарасавіч стараўся навучыць дачку, каб яна не ўяўляла жыццё ў ружовых фарбах, стараўся, калі можна было і ўдавалася, падпілоўваць ёй рожкі, падсякаць крыльцы, каб ведала, што яна не будзе заўсёды пырхаць у паветры, будзе, як і ўсе, хадзіць па зямлі, а яшчэ колькі разоў сцвярджаў, што жыццё — гэта не што іншае, як і пот салёны, і хлеб чорны, больш таго — стараўся пераканаць, каб у рэшце рэшт зразумела сэнс жыцця наогул, і тут жа папярэджваў на ўсякі выпадак, калі раптам напаткае яе заўтра горкае расчараванне, каб ведала, што калі ёй шанцавала ўчора і сёння, калі яна кожны дзень носіць добрую сукенку, есць пірог з макам, то зямныя шанцы залежаць не толькі ад яе жадання, і тут жа стараўся абавязкова рабіць акцэнт на тое, што пакуль жывуць і працуюць яе бацькі, у прыватнасці, пакуль моцна трымаецца на заводзе ён, Якуш, датуль ёй, Людміле, будзе і шанцаваць у жыцці, будзе і спадарожнічаць шчаслівая фартуна. Людміла, будучы тактоўнай, ніколі не пярэчыла бацьку, пагаджалася з ім, маўляў, словы яго, як і вечная ісціна, справядлівыя — ніхто супраць ісціны, каб яе аспрэчваць, не заікаецца, і яна, як чалавек і грамадзянін, прымае да ведама гэтую ісціну, а што датычыцца яе сэнсу жыцця, аптымізму не губляла. Тут жа ў адказ бацьку заўважыла, каб ён дарэмна не хваляваўся наконт яе здольнасці ў тэхніцы, напомніла яму народную прыкмету, што няма таго дрэўца, каб на яго птушачка не села, няма таго чалавека, каб у яго талент не начаваў.

І вось Людміла закончыла інстытут. Без адзінае «тройкі». Пакуль абяцалі яе ўзяць у канструктарскае бюро, папрацавала інжынерам у гаргазе, потым — чарцёжніцай. А калі ўзялі ў канструктарскае, Іван Тарасавіч усё яшчэ сумняваўся: які з яе будзе канструктар? Няўжо, думаў, калі бралі, мелі якую рацыю ці, можа, узялі яе толькі таму, што была вакансія. Але ішоў час, і кожны дзень Людміла спяшалася на работу, прыносіла дадому вялікія скруткі папер, чаравала над нейкімі чарцяжамі, не інакш, разважаў Іван Тарасавіч, напачатку, каб прайшла выпрабавальны тэрмін, ёй даручылі сканструяваць якую-небудзь простую дэталь. Але не ўмешваўся. І яна чарціла нешта, ірвала тыя паперы, потым рабіла эскізы будучых чарцяжоў. Ірвала і эскізы. Але ж заўсёды была радая і вясёлая. З цягам часу, ну такога Іван Тарасавіч не чакаў, Людміла «сканструявала» сабе касцюм. Штаны расклёшыла. Калі апранае тыя штаны, то збоку цяжка разабраць, у штанах яна ці ў доўгай, па пяты, сукенцы. Блузу пашыла задужа кароценькую, затое — каўнер як у світэры.

Іван Тарасавіч спрабаваў даказаць, што гэта нікчэмнасць, безгустоўшчына. Аднак яе цяжка было пераканаць.

Нарэшце сказаў жонцы, што на іхнюю дачку патрэбны тэрмінова нейкія меры ўздзеяння, бо што яна толькі не натворыць з сабой, чаго толькі можа не начапляць на сябе, калі даваць ёй волю. А пакуль даказваў, Людміла агарошыла сваіх «продкаў» новай праявай — абвясціла, што нарэшце ў яе паявіўся талент сачыняць. Не вершы, не якую там белетрыстыку, а навуковую фантастыку. І пакуль яна гаварыла, што менавіта яе прымусіла сачыняць, Іван Тарасавіч падумаў: няўжо ў яго дачкі і сапраўды пачынаюць праяўляцца прызнакі якога таленту. Ніколі талковай запіскі не напісала, не гаворачы ўжо наконт пісьма, і раптам у яе праявіліся творчыя здольнасці ды яшчэ ў навуковай фантастыцы.

— Ну, гэта ўжо занадта,— не змоўчыў Іван Тарасавіч.

— Дарэмна, татачка, думаеш, што ўсё гэта не на мае зубкі,— стаяла на сваім Людміла.

— Правільна, фантазіраваць куды прасцей, чым ствараць што-небудзь істотнае.

— А гэта каму што на душу ляжа: аднаму канструяваць ракеты, на якіх, магчыма, паляцяць у міжпланетныя прасторы, другому — кошыкі плесці.— І каб залагодзіць бацьку, дадала: — Я не думаю, татачка, што ты нейкі там сухар. Вось я пачытаю табе фрагменты. Фрагменты з маёй навуковай фантастыкі.

З шуфляды стала Людміла дастала тоўсты ў шэрай каленкоравай вокладцы сшытак, адгарнула першую, другую старонку і папрасіла, каб татка затаіў дыханне і не перабіваў яе, пакуль яна не дачытае да канца. Усяго толькі фрагмент. Тут жа падышла маці і, склаўшы на грудзях рукі, прамовіла:

— Ну, ну, паслухаем, што ты там нафантазіравала.

Людміла пачала чытаць.

«У кабінеце прафесара Яраца зазвінеў тэлефон,— званілі з навуковага цэнтра.

— Так, так,— абрадаваўся прафесар.— Хваліцеся, як там у вас?

— На чатырыста пятым зерне ў васковай спеласці. Неабходна яшчэ раз уключыць юпітэры.

— Добра, а што на васьмідзесятым?

— Ідзе сяўба.

Прафесар паклаў трубку, падышоў да пульта. Усхліпнула лямпачка з лічбай «80», засвяціўся блакітны экран. Па полю роўнымі шарэнгамі ішлі трактары. За кожным з іх культыватары, бароны, распыляльнікі ўгнаенняў...

Ярац заглянуў у аператарскую да трактарыстаў. Там свяціліся пяць экранаў. Ля кожнага аператары пільна сачылі за ходам сяўбы. Кіраваць дзесяццю машынамі, хоць і ля пульта, не так проста. Да таго яшчэ неабходна закончыць усе работы за некалькі гадзін.

Упэўніўшыся, што тут усё ў парадку, прафесар перайшоў у суседні кабінет. Яшчэ раз запрасіў чатырыста пяты і сказаў маладому вучонаму, які толькі што падышоў да яго:

— Ці не дужа захапіліся штучным сонцам?

— На гэты раз не. Зерне ў васковай спеласці, а па плану праз дзень уборка. Трэба даць магчымасць даспець хлебу».

Людміла адклала ўбок свой каленкоравы сшытак і зірнула ў вочы бацьку. Ён пакуль нічога не разумеў з яе фантастыкі.

— Так,— пачала тлумачыць яна.— Гэта пакуль што фантазія. Я на некалькі мінут заглянула ў будучыню. Мне ўяўляецца, што праз пяцьдзесят год такой будзе праца нашых сельскіх механізатараў. Палі механізаваныя. На іх фабрыкі па вырошчванню ўсіх сельскагаспадарчых культур, дзе адначасова з дапамогай штучнага сонца, магутных дажджавальных установак за летні сезон можна будзе здымаць два-тры ўраджаі. І, вядома, нязменнымі памочнікамі ва ўсіх аперацыях будуць нашы трактары. Ужо сёння ў нас, у аддзеле галоўнага канструктара, вядзецца вялікая работа па стварэнню сістэмы аўтаматычнага кіравання трактарам.

Гэта будзе не што іншае як электрычная машына. Адзін аператар зможа кіраваць дзесяццю — дваццаццю машынамі! Вадзіць стальных коней будуць інжынеры. Пераходным этапам да стварэння такіх машын з’яўляецца тое, што мы прыступілі да распрацоўкі гідрапамерных трансмісій. А таму гэта і дае мне права сёння на фантазію.

Такое расказала Людміла зусім нядаўна. То, мабыць, за фантастыку і заўважылі яе ў аддзеле галоўнага канструктара. Заўважылі, і вось нешта агульнае з ёй знайшоў гэты вялікі Іван. А яна, як і некалі мамка, умее паўвівацца ля хлопца, як тая ластаўка перад дажджом, умее заваражыць яго, да таго яшчэ ўмее цану набавіць сабе. Бач, на фантазію замахнулася. Пры дапамозе радыё трактарамі кіраваць. А ён, Якуш, не мог выкарыстаць у цэху нейкія там монаэлектродныя машыны і трапіў у руцінёры. Не, ён не лічыць руцінёрам сябе.

Іван Тарасавіч яшчэ раз намыліў бараду — пойдзе на дэманстрацыю ці не, а на свята трэба добра падмаладзіцца.

Толькі ўзяў брытву, як пачуў зноў: «Джамайка, Джама-айка...»

— Ах, каб ты спрахла, — не стрымаўся Якуш.

Калі б не з намыленай барадой, ён не змоўчыў бы, прыстойна было б ці не, а пайшоў бы і спытаў: «Ці не годзе вам шумець, надрываць нервы гэтай «Джамайкай»? І ўсё ж не стаў змываць белую пену, узяў брытву. Асцярожна, каб не падрэзаць бародаўку, вадзіў брытвай па шчацэ і ўсё думаў — гіз на іх напаў — адну «Джамайку» і круцяць. Быццам лепшых песняў няма. Ці можа гэты Астаневіч... Але ж не, паказвае сябе дужа самастойным. З выгляду хлопец ён, здаецца, нішто сабе. Вось толькі насцярожваюць ягоныя паводзіны. Ці не залішне ў яго незалежнасці. Іншая справа, калі чалавек саромеецца, прыйшоўшы першы раз у чужую кватэру. А то ж нешта нібы каменны. Цяжка з ім будзе дачцэ. Многа незалежнасці ў чалавека — мала шчырасці.

Колькі разоў кляўся Якуш: калі ў руцэ брытва, не думай аб іншым і на табе — надрэзаў тую бародаўку. Што значыць падношаныя нервы.

А за дзвярыма ўсё ніяк не супакойвалася старая пласцінка: «Джамай-ка, Джа-ма-айка...»

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

Ніколі не лічыў Кірэйчык ступенькі да сваёй кватэры. А сёння пад добры настрой узяў і палічыў: дваццаць дзве. І дваццаць два гады, як ён на заводзе.

Дваццаць два гады... Калі б акінуць думкамі, узважыць, асэнсаваць гэтыя дваццаць два гады, то Кірэйчык пражыў іх гэтак жа звыкла і проста, як праходзіць кожны дзень і па некалькі разоў гэтыя дваццаць дзве ступенькі, калі падымаецца ў сваю кватэру. Пражыў нібыта зусім непрыкметна, быццам толькі ўчора ён прыйшоў на завод, быццам учора і стаў падымацца па гэтых ступеньках. А вось за дваццаць два гады, хоць ён заўсёды чэсна працаваў, на заводзе не прыўзняўся ні на адну службовую ступеньку. Як сеў некалі за дашчаты двухтумбавы стол у лякальным аддзяленні, сядзіць за ім і цяпер. Ведае адно: сваё рабочае месца, сваю лякальную справу, свой дом, сваю сям’ю.

Добра гэта ці не — адразу не скажаш, як і не скажаш адразу, што ён за чалавек. Першае, што кідаецца ў вочы — ростам бог не пакрыўдзіў, вымахаў недзе метраў каля двух. А яшчэ — здаравяка. За свае пяцьдзесят гадоў Кірэйчык не толькі не пачуў у якім баку яго сэрца,— ніколі не трымаў пад пахай тэрмометр. Апрача таго, бог не пашкадаваў яму і прыгажосці. З выгляду ён стройны, падцягнуты, тварам прывабны, шавялюрай багаты. Іншы на яго месцы мог бы вунь як ганарыцца. Не, Кірэйчык ніколі не выстаўляўся наперад. Нават з жанчынамі паводзіў сябе строга. Да ўсіх. ставіўся абыходліва і тактоўна. Можа, з жонкай і агрызнуўся, калі тая за што дапякла, а так нікому і вады не замуціў. Працаваў сумленна і жыў проста. Шыкаваць не любіў. Аднаго разу ўгаворвалі яго ў мясцкоме ўзяць пуцёўку на курорт: «Пагрэешся са сваёй Аленай Станіславаўнай ля цёплага мора, пасмакуеш каўказскага віна». «Нам і тут з жонкай не холадна,— адказаў Кірэйчык,— а да віна я не ахвочы». Як перабраў аднойчы ў маладыя гады, з тае пары нібы вузялок завязаў, да чаркі і цяпер не квапіцца. А то неяк угаварылі яго з’ездзіць у дом адпачынку. Сабраў вуды, паехаў. Пасядзеў ля рэчкі, пакуль пагодзілася ды клёў быў, а потым вяртаецца раней свайго тэрміну дадому.

У вольныя хвіліны ад работы чытаў прыгодніцкія раманы або гуляў у «гарадкі». Да іншых вольнасцяў у яго душа не ляжала. І дзяцей сваіх настаўляў, каб яны нікому не назаляліся, каб лепш вучыліся ды працавалі. Відаць, бацька і паўплываў на іх. Старэйшы сын яго, Вячаслаў, пасля школы адразу падаўся на завод. Доўгі час яго бачылі ў інструментальным у зашмальцаваным камбінезоне з пісягамі на твары, цяпер ён закончыў політэхнічны: працуе ў тым жа інстытуце лабарантам, збіраецца абараняць дысертацыю. Праўда, дачка Галя пасля школы выскачыла адразу замуж, а потым пайшла вучыцца ў вячэрні тэхнікум. Цяпер вучыцца і працуе. Што датычыцца яго жонкі, то Алена Браніславаўна паважаны чалавек на заводзе. Вось ужо колькі год нязменна працуе сакратаркай у самога Гарадца, дырэктара завода. Так што Кірэйчык увогуле на сваё жыццё ніколі не скардзіўся. А што ў інструментальным цэху за дваццаць два гады ён не падняўся ні на адну службовую ступеньку, што ж, відаць, не праявіў сябе. Затое, як слесар-лякальшчык, быў ён заўсёды на сваім месцы. Ведаюць, што зорак з неба Кірэйчык не хапае, затое, што трэба, заўсёды робіць, робіць сумленна і цягавіта. Дармо, што ён лічыўся спецыялістам сярэдняй рукі, затое, колькі працаваў у лякальным аддзяленні і калі ўжо браўся рамантаваць які прыбор, не было таго выпадку, каб не даў яму рады.

Вось гэтая цягавітасць, прызнацца, нібыта раптоўна і вылучыла Кірэйчыка. Помніцца, у інструментальным цэху праходзіў справаздачна-выбарны партыйны сход. На тым сходзе выступалі многія, гаварылі, як заўсёды, што трэба лепш працаваць, куды больш сачыць за якасцю выпускаемай прадукцыі. Кірэйчык сядзеў моўчкі, слухаў гатовае. Між іншым, калі б хто панёс з-за трыбуны якую лухту, то ён не ўседзеў бы, абавязкова выступіў і сказаў бы сваё. Але прамоўцы хоць выступалі не так і жыва, цікава, ды гаварылі ўсё правільна.

У канцы сходу, перад тым, як вылучаць кандыдатуры ў склад новага цэхавага партыйнага бюро, узяў слова малады чалавек. Сказалі, што ён прадстаўнік райкома партыі, па прозвішчу таварыш Цітавец. Кірэйчык і ад яго не чакаў чаго-небудзь асаблівага. Думаў: што ён можа сказаць рабочым, гэты юнак Цітавец? Магчыма, добра нават не ведае, як да станка падысці, як уключыць яго, а, бач, узяўся абедзвюма рукамі за трыбуну.

І той пачаў. Спярша нагадаў, што ў Старшыні Саўнаркома У. І. Леніна была вывешана памятка «Як трэба працаваць». У ёй гаварылася, што сапраўдны горды рабочы павінен быць абавязкова стрыманы. А ў нас нярэдка маленькі поспех выносіцца зараз жа на вуліцу; аб гэтым пачынаюць пісаць і стракатаць, а праз які тыдзень ужо ўсё зачахла. Потым таварыш Цітавец перайшоў да факта, жывога канкрэтнага факта. «Нярэдка ў інструментальным,— сказаў ён,— выносяць зараз жа які-небудзь маленькі, зусім незаслужаны поспех, выносяць на ўвесь завод, на ўвесь раён». Тут Кірэйчык не вытрымаў, папрасіў, каб таварыш Цітавец расказаў, чый гэта такі поспех выносілі з цэха? Што ж, таварыш Цітавец назваў канкрэтнае прозвішча Ціўчанкі. Каму не вядома, што дзяржаўным павярыцелем некалі было забракавана пяцьдзесят набораў мер даўжыні, так званых мерных плітак. Яны сцёрліся. Хай кожная ненамнога, на адзін мікрон, але, як вымяральныя інструменты, яны сталі непрыгодныя. Іх і спісалі, паколькі яны згубілі свой стандартны памер. Але ж у аддзяленні, зноў-такі, каму невядома, калектыўна прыдумалі, як аднаўляць дарагія пласцінкі. Калектыўна і аднавілі. А поспех прыпісалі аднаму Ціўчанку. Той доўгі час не мог нахваліцца «сваім» поспехам. «Што праўда, то праўда»,— думаў Кірэйчык. Пра тое, што Ціўчанка ў іхнім аддзяленні выскачка і хвалько, усе ведалі. Ведаў і цярпеў яго Кірэйчык. «Хай пацешыцца сабе,— думаў,— аднаўленне мерных плітак усё роўна гэта ж не яго заслуга». І на табе, пра гэтыя мерныя пліткі, пра Ціўчанку цяпер гаворыць прадстаўнік раённага камітэта партыі. Далей таварыш Цітавец назваў прозвішчы менавіта тых, хто незаслужана прыпісвае Ціўчанку рацыяналізацыю, хто памясціў яго, Ціўчанкі, партрэт у шматтыражцы. У заключэнне таварыш Цітавец прапанаваў:

— Абмяркоўваючы кандыдатуру ў новы склад бюро, а таксама на агульназаводскую партыйную канферэнцыю, варта было б назваць не выскачак, а чэсных, працавітых рабочых, лепшых камуністаў.

Кірэйчык далей не чуў слоў Цітаўца, бо заўважыў, што многія камуністы пачалі паглядаць на яго, Кірэйчыка. «Чаго,— падумаў,— гэтак зіркаюць на мяне?», а потым зразумеў, калі вылучылі яго дэлегатам на агульназаводскую партыйную канферэнцыю.

На канферэнцыі ж яго абралі членам партыйнага бюро трактарнага завода.

Пасля канферэнцыі да Кірэйчыка падышоў сусед Якуш — кватэры іх мяжуюць на адным паверсе — павіншаваў і разам з тым нібы паспачуваў:

— Вось толькі калі ты, Сцяпан Дзянісавіч, пачаў прагрэсіраваць.

У Кірэйчыка ад гэтых слоў нешта зашчымела ў душы. Здавалася, што тут крыўднага сказаў Якуш? Столькі год Кірэйчык сядзеў непрыкметным у лякальным аддзяленні, а цяпер вось і заўважылі яго, вылучылі, і ён, бач, пачынае сапраўды прагрэсіраваць. Але ж... Трошкі і крыўднавата было пачуць такое ад Якуша. Адразу пасля вайны, як і тысячы дэмабілізаваных, яны прыехалі сюды на завод; Якуш — рознарабочым, Кірэйчык — інструментальшчыкам. Жылі разам у адным інтэрнацкім пакоі. Потым лёс Якуша склаўся куды зайздросней: цяпер ён начальнік прэсавага цэха, а Кірэйчык па-ранейшаму застаўся рабочым. Заўсёды, калі часам сустракаюцца яны, хай гэта ў двары, на лесвічнай пляцоўцы ці на заводзе, Якуш абавязкова пацікавіцца яго здароўем.

— Што здароўе,— адкажа Кірэйчык,— здароўе пакуль не падводзіць.

— Відаць, умееш сябе берагчы,— пазайздросціць Якуш.

— Не дазваляю сабе лішняе ў жыцці, таму і на здароўе пакуль не скарджуся.

Потым, гэта ўжо як правіла, Якуш пацікавіцца ягонымі дзецьмі, як яны вучацца, ці паслухмяныя.

І дзецьмі пахваліцца, бывала, Кірэйчык — харошыя яны ў яго. Скажа, што і з жонкай заўсёды ў ладах. Таму і Якушу прыемна было пачуць такое, а Кірэйчыку пахваліцца.

Здаецца, Якуш і слоў добрых не казаў, а заўсёды пасля сустрэчы з ім на душы ў Кірэйчыка рабілася неяк святлей, і ён не раз думаў: «Што значыць пагаварыць з прыемным чалавекам». А то аднаго разу Якуш пакрыўдзіў Кірэйчыка. Без ніякага на тое злоснага намеру. Сам, відаць, таго не заўважыў, як сарвалася ў яго з языка не тое слова і пакрыўдзіў чалавека. Спыніў неяк яго на дарозе. Якуш якраз ішоў на завод, Кірэйчык — з завода. Зайшоў наперад яму. Спыніўся, каб падаць руку і, як заўсёды, дзеля прыліку спытаць пра здароўе і пайсці сваім кірункам. Ды не, пачаў лезці ў душу, распытваць, як жывецца-маецца, ды як працуецца, ды якія адносіны ў яго з начальствам.

— А што мне тое начальства? — не залюбіў Кірэйчык.— Не б’ю лынды на рабоце, ды і начальства мяне паважае.

— Ты што, па-ранейшаму, там жа ў лякальным?

Кірэйчык паціснуў плячыма: ці ў Якуша клёку нестае, ці ён робіцца назойлівым — добра ж ведае, што колішні і цяперашні яго сусед прырос да аднаго месца, яго толькі жыўцом адтуль вырвеш, а нечага ж перапытвае.

— Ну, а дзе ж мне быць, як не там,— стрымана адказаў Кірэйчык.

— Так...— зрабіўшы нядоўгую паўзу, Якуш нібыта горка паспачуваў яму: — Значыць, ты па-ранейшаму, Сцяпан, так і не прагрэсіруеш.

А цяпер, пасля партыйнай канферэнцыі, Якуш нібыта пазайздросціў Кірэйчыку і, відаць, пазайздросціў таму, што не яго, Якуша, абралі членам партыйнага бюро, а Кірэйчыка.

І тады, калі горка паспачуваў яму Якуш, і цяпер, калі пазайздросціў, Кірэйчык мог бы сказаць Якушу наступнае: калі б склаўся мой лёс па-інакшаму, можа б, і я быў інакшы. А ўвогуле, калі сказаць шчыра, то на свой лёс Кірэйчык ніколі не наракаў. Наадварот, іншы раз прыемна яму было ўспомніць былое, расказаць пра тое, як склалася жыццё.

...У дзяцінстве Сцёпка не шукаў ні прысмакаў, ні нейкіх там асаблівых прыгод. Магчыма, тады быў інакшы час, не тая, як у цяперашніх дзяцей, рамантыка. Але і тады кожны раз узыходзіла сонца. Яркае і спакойнае, яно паволі выплывала з-за кашлатых ялін і асвятляла хаты, вуліцу.

Як цяпер, ён бачыць сваю тую вуліцу і хаты, ахутаныя малочным туманам. Здавалася тады, што гэта прызямліліся белыя воблакі, рассыпаліся на ўсё наваколле.

Тады Сцёпка браў пугу, бегаў па выгане і рассякаў той туман. Пуга адразу рабілася мокрай, а босым нагам ох як золка было ад расы.

— Сцёпка, Сцёпка! Дзе ты, ці чуеш, сынок? — То маці, Праскоўя Макараўна клікала снедаць.

Яна гукала Машу, гукала Насту, Клаву і Анюту. Гукала Ваню і Тацяну. Самага меншага, Колю, не гукала. Малое яшчэ было ў калысцы.

За семярых маці спакойна. А Сцёпку ўсё клікала з туману, клікала доўга і бедавала: трэба ж у такую рань па выгане босым гойсаць.

Нарэшце ў хаце збіралася ўся сям’я.

Маці высыпала на стол з вялікага чыгуна бульбу. Бульба — сопкая. Возьмеш рукой — на кашу рассыпаецца.

Над сталом клубілася, як туман, густая пара. За сталом уцеха: кожны стараўся ўзяць большую бульбіну, а яна кусаецца, гарачая. У кожнага ох як весела свяціліся тады вочы, у кожнага апетыт.

Мала бульбы — бацька адразаў па танюткай лусце хлеба і папярэджваў, каб не прасілі дабаўкі. Дзе ж набрацца на такую сям’ю хлеба?

Здаецца, мала, дужа мала елі, а пад’ядалі. Усе былі радыя, вясёлыя. Маці гладзіла па галоўцы Колю. Разумнік Коля, ведае, што мамцы столькі работы, а ён спакойна ляжыць, смокча сабе падманку. От толькі Сцёпка спадылба паглядае на бацьку. Ён строга казаў яму, каб не бегаў босым па халоднай расе, босаму нядоўга і прастудзіцца. Сцёпка вінаваты, канечне. А ўсё роўна карціць узяць пугу і пабегчы на выган. Хто ж туман разгоніць.

Пасля снядання, пакуль той доўгачаканы абед, займаўся ў сям’і хто чым. Ваня памагаў бацьку вазіць на сцелішча лён.

Калгасны конь худы, воза вялікага нельга было ўкласці, от яны і вазілі два разы за адзін воз. Большыя сёстры памагалі маці рассцілаць тую льносаломку. Праўда, у маці раўней слалася дарожка і хутчэй. Маці рассцілала два снапы, а дзяўчаткі, ды яшчэ гурбой,— толькі сноп. Але не падганяла іх. Хай, думала, вучацца. Падрастуць — і ў іх ладна будзе выходзіць. Сцёпка таксама памагаў маці — развязваў снапы.

Глядзеў Дзяніс Данілавіч на сваіх дзяцей, радаваўся — хоць Сцёпка свавольнік у яго, але ж бач, як стараецца. І добра, што растуць працавітымі.

Аднак Дзянісу Данілавічу не давала спакою вялікая па тым часе мара: ён хацеў, каб з васьмярых дзяцей вывучыць хоць аднаго на настаўніка. Чаму менавіта на настаўніка — сказаць цяжка. Не інакш, што ў іх вёсцы адзіным і самым адукаваным чалавекам, якога ведаў Дзяніс Данілавіч, быў настаўнік. Настаўнік, калі выступаў на сходзе, відаць было людзям, усё ведаў. Настаўнік і на нішчымніцы не жыў, у крамніну апранаўся. Настаўнік, як ні кажы, а брату ці сястры, калі пільна трэба, мог памагчы і рублём.

Надумаўся бацька вывучыць на настаўніцу Насту. Дзяўчына яна, заўважалі ў сям’і, была кемная, на памяць ведала шмат вершаў, прыгожа пісала, а галоўнае, не было таго дня, каб у кніжцы што не вычытала.

— Будзеш на жалаванні,— угаворваў яе бацька,— паможаш Івану, давучыш Сцёпку. У добрых жа людзей спакон веку такая завядзёнка: старэйшы памагае падняць на ногі малодшага. А там, глядзіш, і Таня з Колем падрастуць.

А пакуль Наста расла, вучылася, спаўняліся бацькавы мары, ішлі сваім чарадом будні і святы. Святы мала хто помніць, а будні былі падобныя адзін на другі. Надвячоркам, калі з пашы вярталіся каровы, звычайна ўсе дзеці выходзілі на вуліцу. Сцёпка прыкмячаў, якая рагуля брыдзе паперадзе: калі рабая, то заўтра раздажджыцца. Не, кожны раз паперадзе ішла іхняя белая карова. Яна спяшалася дадому, каб хутчэй паласавацца накошанай дзятлінай. Сям’я дзякуй богу, якая! Малака трэба многа, таму белай рагулі заўсёды была назапашана цэлая посцілка дзятліны.

Маці выносіла з хаты даёнку, ставіла ля каровы ўслончык, прымошчвалася на ім... Тугія струмені сырадою цурчалі, напаўнялі даёнку.

Цёплае малако, гарачая бульба... І цішыня, вечаровая цішыня. Маці клікала сям’ю вячэраць.

Усе, бывала, садзіліся за стол дружна. Толькі Сцёпку маці ўсё клікала. Раніцай ён разганяў туман, удзень памагаў бацьку вазіць снапы, для маці развязваў тыя снапы, пасвіў свінней, збіраў у лесе грыбы, а яшчэ бегаў на курган цікаваць сонечны вецер. Сказаў яму старэйшы брат Іван, што нібыта на кургане, калі прысесці гадзіны на дзве і не зводзіць вачэй з неба, то можна ўбачыць сонечны вецер. Бегаў ён на гару, што за бярозавым урочышчам, і там доўга ўглядаўся ў неба, а сонечны вецер так і не паказаўся яму... За дзень набегаецца, стоміцца. Потым ні вячэры яму, ні забаў, нават і ласункаў не трэба. Адзінае яго вабіла — дзе прылегчы. Ён цішком клаўся на голы куфар. Будзі не будзі — дарэмна.

Назаўтра маці казала яму:

— Ты малы яшчэ, Сцёпка, многа чаго не разумееш. Падрасцеш — усё ўбачыш. І мроіва, і сонечны вецер. Усё ўбачыш.

І Сцёпка падрастаў. Старэйшы брат і сястра працавалі ўжо ў калгасе, малодшая вучылася ў школе. Сцёпка памагаў маці і бацьку. Памагаў і вучыўся.

Наста таксама вучылася цяпер ужо ў інстытуце, на настаўніцу.

Кожны раз, калі Наста прыязджала з горада на канікулы, для бацькі было свята. Ён даставаў з куфра сваю белую кашулю, якая, напэўна, бераглася яшчэ ад жаніцьбы, апранаў яе і прыносіў з крамы цукерак. Для Насты, вядома. Сабе — пляшку простага віна. Наста свае цукеркі дзяліла пораўну на ўсіх, а бацька частаваў віном маці і казаў:

— Не вялікая бяда, дзеці, што іншы раз на нішчымніцы сядзім. Абы вайны не было. Там, глядзіш, Мікалая і Сцёпку пашлю ў навуку, каб інжынерамі былі, каб масты ўзводзілі на рэчках ды машыны рабілі.

Закончыўшы інстытут, Наста прыехала да бацькоў з незнаёмым хлопцам.

— Гэта Віктар Шпакоўскі.— А менавіта хто такі Віктар, растлумачыла: — Ён замуж мяне бярэ.

Не спадзяваўся тады бацька, не чакаў, што Наста адразу выскачыць замуж. Але хлопец нішто сабе, будзе працаваць дырэктарам школы. Згулялі вяселле.

Можа, думаў, што дачцэ рана было выходзіць замуж, а можа, перахапіўшы на вяселлі лішнюю чарку, бацька дужа плакаў. Не саромеючыся слёз, плакаў, як дзіця. А менавіта чаму плакаў — сказаў:

— Не магу сваё гора суняць.

Бацьку палічылі тады залішне п’яным. Бо якое ж гора — столькі дзяцей падняў на ногі. Дзеці як дзеці, самавітыя, пуцёвыя, і зяць трапіўся харошы.

Першая бяда абрынулася недзе праз год.

Той снежаньскі дзень быў дужа марозны і ветраны. Прынёсшы ў хату бярэма асінавых дроў, бацька доўга хукаў на голыя рукі і нібы між іншым спытаў: «Чаго гэта так сцюдзёна сёння?» «Зіма, дык і сцюдзёна»,— адказала маці. А тут на парог зяць — з Настай дужа дрэнна.

Пакуль прывезлі доктара з раённай бальніцы, Насты не стала. Яна пакінула замест сябе на свеце немаўлятка...

Ні ўнук, ні суцехі — нішто не магло заглушыць бацькавай горкай жалобы. Здавалася, разам з дачкою ён пахаваў і сваю мару, сваю надзею.

З цягам часу ён быццам замкнуўся ў сабе, змарнеў і аслаб. Нарэшце зусім злёг.

Якая хвароба падкасіла яго — ні адзін доктар дакладна не вызначыў. Лежачы ў ложку, бацька зыбаў малодшага сына Колю і ў думках спачуваў: «Як жа ты, Праскоўя, адна з імі?..» А праз некалькі месяцаў загаласіла маці. У хату зноў прынеслі збітую з сасновых дошак труну.

Праскоўя Макараўна з чатырма дочкамі і трыма сынамі зноў ішла на могілкі.

Без бацькі жылося цяжка. Помніцца, як аднойчы на досвітку ой як хацелася Сцёпку спаць. І раптам чуе — будзіць яго маці.

— Сыночак, устань, устань, маё сонейка. Коля меншанькі. Не пашлю ж яго... а ты ўстань, устань, маё сонейка.

Маці нездаровілася. Яна прасіла яго выправіць на пашу карову. Прасіла, угаворвала:

— Устань, пашкадуй мяне.

І Сцёпка, нягледзячы, што сон, здавалася, у тую хвіліну быў даражэй за ўсё, уставаў. Рабіў, што прасіла маці. У печы распальваў, абед варыў. Трэба было карову падаіць — і карову даіў.

І ўсё ж неяк мадзелася. Іншы раз канцы з канцамі маці не зводзіла, а дзеці ўсе вучыліся.

Калі Сцёпка скончыў сем класаў, сказаў маці:

— Цяпер я буду памагаць табе, мама.

— Што памагаць, сынок,— гаротна ўздыхнула маці.— Ты ж і так памагаў і памагаеш.

Маці глядзела на рослага, але трохі кволага хлопчыка і думала: «Колькі яшчэ трэба, каб з яго дачакацца памочніка».

Многія сябры яго перайшлі ў восьмы клас, збіраліся набываць сярэднюю адукацыю, а ён сказаў маці:

— Я заяву напісаў у горад, у ФЗН, буду вучыцца на рабочага.

Маці забедавала:

— А хто цябе, сынок, павязе ў той горад? Ты ж дарогі туды не ведаеш. А станеш блукаць у горадзе, яшчэ, не дай бог, пад машыну трапіш.

— Я ўжо, мама, не маленькі. Мне ж пятнаццаць гадоў. Пара ісці на свой хлеб. І табе буду, мама, памагаць.

На свой хлеб... Залілася тады слязьмі Праскоўя Макараўна. Людскія дзеці яшчэ ў пыжа гуляюць, ведаюць адно: паспаць ды паесці, а ён ужо думае пра свой хлеб.

Як ні адгаворвала Праскоўя Макараўна, каб хоць годзік яшчэ пабыў дома — хто ведае, што там будзе праз год, пра вайну сталі гаварыць,— але не адгаварыла. Давялося сабраць яму ў куфэрак бялізну, купіць новую ватоўку, даць на білет грошы...

Калі праводзіла за ваколіцу, сказала:

— Ты ж, сынок, у рабочыя ідзеш, старайся вучыцца. І начальства слухай. Што загадаюць рабіць — каб стараўся.

З куфэркам за спіной Сцёпка ўзышоў на пагорак, што пад лесам, азірнуўся. Маці ўсё яшчэ стаяла і махала белай хусцінкай.

Вясной сорак першага Сцёпка пісаў ліст дадому: «Дарагая мамачка! Вось і вывучыўся я на рабочага.

А цяпер даў згоду паехаць на Усход. Прасіўся на Далёкі. Можа, пазней і на Далёкі траплю, а пакуль паедзем да Новасібірска. За мяне, мама, не хвалюйся. Твайго Сцёпку хвалілі за вучобу ў ФЗН. Пастараюся, каб і за работу хвалілі».

Аднак не паспелі яго пахваліць за работу. Пачалася вайна. У першы дзень пайшоў у ваенкамат і стаў прасіцца на фронт. «Там жа, дзе мама засталася, кроў льецца, а няўжо я на заводзе буду? Калі на які год ці паўгода мне да навабранца, то, во, паглядзіце, на маіх руках не толькі арэхавыя мазалі, а мускулы якія».

Але ў ваенкамаце Сцёпку Кірэйчыку перш за ўсё далі тэрміновае заданне: разнесці па горадзе мабілізацыйныя павесткі. Справіўся. Пахвалілі за аператыўнасць. А наконт фронту сказалі пачакаць.

Праз колькі дзён Кірэйчыку ў цэху прапанавалі рабіць розныя інструменты. Спачатку ён не разумеў: чаму інструменты. На зямлі бушуе вайна, людзі гінуць, а яго сталі вучыць на слесара, каб нейкія там інструменты рабіў.

— Ты, Сцёпка, слухай, што табе кажуць,— супакойваў малады токар Іван Гамашоў. Супакойваў і раіў: — Ты, адчуваецца, па натуры не ў гарачай вадзе купаны, цярплівы. З цябе можа атрымацца добры інструментальшчык. А калі загадваюць вучыцца на слесара, то вучыся. А як жа.

Кірэйчыку ўсё роўна было незразумела: менавіта чаму яго хочуць на інструментальшчыка вучыць. Хай займаецца інструментамі хто-небудзь іншы. А ён куды больш спатрэбіцца на фронце. Нарэшце, калі даведаўся, што Гамашоў зямляк, спытаў у яго:

— Ну, скажыце мне шчыра, вайна, фронт куды зайшоў, а мы тут нейкія інструменты робім. Хоць бы снарады, а то інструменты.

— Ды без інструмента, галава твая яловая, снарада не зробіш. Ты кумекаеш што? Як без іголкі кажуха не пашыеш, так без інструмента снарада не зробіш.

У тыя дні ішло імклівае пераабсталяванне амаль усёй айчыннай прамысловасці на ваенны лад. Інструменты, пры дапамозе якіх, скажам, рабілі дзіцячыя самакаты, нельга было выкарыстаць на канвееры, з якога пачалі выходзіць мінамёты.

Інструментаў патрабавалася многа. І выключнай дакладнасці.

— Чым дакладней будзем рабіць інструменты,— Гамашоў казаў Кірэйчыку,— тым дакладней нашы снарады будуць трапляць у праціўніка.

... А вясною — быў ужо чацвёрты мірны год пасля вайны — Сцяпан ішоў палявой дарогай, над ім увесь час вісеў жаваранак і настолькі шчыраваў сваімі песнямі, што Сцяпану захацелася прыпыніць крок і сказаць яму: «Паляцеў бы, дружа, ды сказаў маці, што яе сын вяртаецца дадому».

Сцяпан пастаяў на пагорку, з якога вясной саракавога бачыў, як маці махала яму на развітанне белай хусцінкай. Угледзеўся ў неба — блакіт, аж вочы рэжа. Ці такі ён быў у той саракавы год? Не, здаецца, тады былі хмаркі на небе. На гэты раз неба чыстае, спакойнае.

Зірнуў з пагорка ў бок вёскі. Ці не ідзе насустрач яму маці, ці не сустракае праз дзевяць гадоў расстання свайго Сцёпку?

Не, то насустрач ішла незнаёмая жанчына.

Праскоўя Макараўна чакала сына даўно. Вайна ж скончылася.

З рэчавым мяшком за плячыма Сцяпан Кірэйчык прутка крочыў па вуліцы, прыглядаўся да двароў — хаткі самшэлыя, хлявы пахілыя. Вёску, бадай, зусім не зачапіла вайна, а вось час наклаў на яе свой адбітак. Павітаў жанчыну. У адказ яна кіўнула галавой. А менавіта хто яна, Кірэйчык спачатку не пазнаў. Да вайны Варка была статнай маладзіцай з доўгай касой цераз плячо. Вясёлая, прыгожая. Цяпер асунулася — у доўгай спадніцы, босая... Змарнела за апошнія гады, паднасілася. А цётку Матруну зусім не пазнаць — з кіём у руках, згорбленая, яна ледзьве пераходзіла вуліцу. І яго ніхто не пазнаваў. Жанчыны азіраліся, адна ў адной пыталі: «Чый гэта?» Паціскалі плячыма, разводзілі рукамі. Дзіва што — пайшоў з матчынае хаты падлеткам, а цяпер, бач які — мажны, высокі.

Маці якраз корпалася ў градах. Сцяпан падышоў да яе. Каб аклікнуць, кашлянуў. Яна азірнулася — хто гэта да яе завітаў? Па вачах пазнала — яны ў яго па-ранейшаму блакітныя, як неба, вось толькі заслязіліся...

Праскоўя Макараўна паклала свае худыя рукі на плечы сыну, прытулілася да яго грудзей. Вось і дачакалася.

Сцяпан слова не мог вымавіць — яго душылі слёзы. Яму не раз трапляліся лютыя гадзіны, калі не спадзяваўся ўбачыць маці. Такая вайна была, мабыць, і маці не спадзявалася на сустрэчу з сынам. Цяпер вось яна — такая ж добрая і мілая. Праўда, апусціліся яе плечы, пастарэла, паменшала. А ён вось які!

Ні за сталом, ні ў таварыскай бяседзе Сцяпан падоўгу не расказваў пра сябе. Што расказваць — адслужыў сваё, нідзе не пасароміў род Кірэйчыкаў. Толькі лажыўся камень на сэрца ад матчыных слоў пра страшныя гады акупацыі, як Аню хацелі забраць у Нямеччыну. Аня ж расказвала, як вясной сорак шостага пухлі ад голаду ды на сабе аралі. Як сусед вярнуўся кантужаны з вайны. Уначы, бывала, як стане спрасонку крычаць: то роту вядзе ў атаку, то агонь выклікае на сябе. Два гадочкі адпакутаваў дома. А як асколак падышоў да сэрца...

На трэці дзень Сцяпан сказаў маці:

— Думаю, мама, шукаць сабе месца.

Маці здагадвалася, ведала, што Сцяпан доўга не будзе дома. Пойдзе па сваёй спецыяльнасці. Вось толькі куды ён падасца? Сцяпан адаслаў ліст у аддзел кадраў трактарнага, запытаў, ці патрэбны на заводзе слесары-лякальшчыкі.

А пакуль гасцяваў дома, маці ўгаворвала:

— Чаго табе так далёка ехаць? Можа б, паблізу дзе аблюбаваў сабе месца. Глядзі, часцей і да дому прыязджаў бы. А то застаўся б у калгасе, мужчыны ж не вярнуліся з вайны. Ці ж табе і тут работы не знайшлося б? Ты ж пуцёвы, сынок. Дзяўчыну сабе аблюбуеш, ажэнішся. Хата ў цябе гатовая, на сваіх людзях і абжывацца прасцей.

— Паеду, мама, калгасу памагаць. Каб больш на сабе не аралі. Паеду трактары рабіць.

— Ці ж на табе, сынок, свет клінам сышоўся? Ці ж без цябе не наробяць трактароў для калгаса?

Можа б, і ўгаварыла маці, можа б, і не паехаў, а тут пісьмо з трактарнага. Ды ад каго — ад Івана Гамашова, таго Гамашова, які сказаў яму ў Новасібірску, што без інструмента снарада не зробіш.

«Прывет, дарагі мой Сцёпка! — пісаў Іван Ільіч Гамашоў.— Дужа рады, што ты ёсць на свеце. Хачу быць з табой разам. Прыязджай. У нас такія, брат, справы творацца. Прыязджай на наш трактарны. У перспектыве — гэта гіганцкае прадпрыемства ўсесаюзнага значэння».

Сцяпан згарнуў ліст, задумаўся.

— Можа, вестка нядобрая прыйшла? — спытала маці.

— Трэба ехаць, мама, на трактарны.

— А ці ёсць жа ў цябе на дарогу?

Грошы, якія прынёс са службы, распусціў. Ды і колькі тых грошай было ў старшага сержанта.

І зноў маці праводзіла яго за вёску.

У аддзеле кадраў Кірэйчык заняў чаргу да начальніка. Пакуль ішла чарга, чытаў газету. Нарэшце заўважыў таго начальніка, мужчыну маладых год. Аказваецца, гэта быў Гамашоў. Прабрацца да яго не так проста. Да яго — чарга. Гамашоў сядзеў за сталом і прымаў навічкоў. Амаль кожнага, хто быў у салдацкім шынялі ці зашмальцаванай ватоўцы, ён угаворваў:

— Спачатку, пакуль сырыца з цябе выйдзе, паўкалваеш рабочым. А як ты думаў? Масква і тая не адразу строілася. А там, можа, і дырэктар завода з цябе палучыцца. Помню, на нашым заводзе Лёнька-крыкун запявалам быў. Як пачне: «Броня крепка и танки наши быстры...» — за дзесяць вёрст чуваць. Нядаўна сустракаю таго Лёньку — вачам сваім не веру. На штанах чырвоны кант. На пагонах генеральская зорка. Ды я сам з токара пачынаў...

Кірэйчык хацеў адразу падаць яму руку, спытаць, дзе ты, Іван Ільіч, так хораша гаварыць навучыўся, але не палез напралом. Калі падышла чарга, пачаў ціхім голасам:

— Я па спецыяльнасці слесар-лякальшчык.

Гамашоў зірнуў яму ў вочы, і ўсе заўважылі, як у намесніка начальніка аддзела кадраў запраменілася ўсмешка. Ён прыўзняўся.

— Чакай, чакай, дык гэта ты, Сцёпка...— Ён выйшаў з-за стала, памкнуўся падаць руку, ды што руку... Гамашоў абняў Кірэйчыка. Потым сказаў: — Ай, Сцёпка. Сцёпка, от галава яловая, стаіш і не прызнаешся. Ды ты ж мне як брат родны. Колькі разоў я ўспамінаў цябе, і на фронце, і нядаўна. А тут палучаю вестачку ад цябе... Глядзі, якая сустрэча. Ну, ты малайчына, падрос, узмужнеў... А хто па спецыяльнасці ты — ведаю як аблупленага. Карацей, з моманту, калі я цябе абняў, ты рабочы нашага трактарнага.

У час абедзеннага перапынку Гамашоў папрасіў Кірэйчыка, каб пасядзеў у яго кабінеце, папярэдзіў: «Калі хто будзе званіць, адказвай: «Сцяпан Кірэйчык слухае». Навічок — з душой запрашай на завод, незалежна ад спецыяльнасці, рабочы люд патрэбен, а хто прыйдзе разлічвацца, гані ў шыю. Скажы: «На зямным шары лепшага завода не будзе, як наш трактарны». Словам, трымай, Сцёпка, вахту за мяне, а я толькі скокну ў магазін».

Праз колькі часу Гамашоў прынёс нешта загорнутае ў газету. Не інакш, паўлітэрку, хлеб...

Гамашоў разгортвае скрутак. Ставіць на стол адну пляшку, другую... крэм-соды.

Аказваецца прынёс крэм-соды і халвы.

— Ведаю, Сцёпка, гэта твае любімыя харчы. Ты любіў крэм-соду з халвой яшчэ ў Новасібірску.

Сапраўды, лепшай смакаты, як халва з крэм-содай, прызнацца, Кірэйчык не ведаў. Гамашоў таксама частаваўся, расказваў:

— Пасля таго як цябе з Новасібірска адправілі на Усход, маё плячо спатрэбілася пад Масквой. Даваў я прыкурыць фрыцам. Ну і мне далі. Не абмінула шалёная куля. Але ж як на жывое, бачыш, выжыў. Пасля вайны куды, думаю, падацца. Прыйшоў на трактарны. Мне адразу і партфель намесніка галоўнакамандуючага па кадрах. Прызнацца, сяджу я на гэтым крэсле, а мяне як хто шпількамі ў тыл так і коле. Ой, думаю, Іван, яловая твая галава, не на сваім месцы ты. У інструментальны табе трэба. Помніш, як без іголкі кажух не пашыеш, так без інструмента снарада не зробіш. Гэта, брат, ісціна. Вось трохі згарбузую кадры і ўцяку ў інструменталку. Там мая стыхія і паэзія.

Непрыкметна мінуў абедзенны перапынак, і Гамашоў зноў увайшоў у сваю ролю. Адказваў на тэлефонныя званкі, падпісваў паперкі. Нарэшце запытаў у Кірэйчыка:

— У інструменталку, значыць?

— Выпісвай накіраванне.

Роўным почыркам Гамашоў пачаў выводзіць прозвішча. Потым заўважыў:

— Спачатку давядзецца папыхцець. Ды табе, па-мойму, не прывыкаць. Сам ведаеш, гэтая работа на выключную дакладнасць. Мікроны. Словам, работа складаная, а галоўнае — творчая.

— Уяўляю, па чым фунт ліха.

Тут жа Гамашоў прыўзняў трубку тэлефона, набраў нумар. Папрасіў старшага майстра Наздрачова:

— Прывет, Сяргей Якаўлевіч... Як жыццё-быццё? Не дужа, кажаш? Зараз дапамагу. Толькі, брат, падкасай штаны ды хутчэй на Камароўку. Купляй лепшы букет з Абхазіі. Не віно, а кветкі. Я такога зараз табе стаханаўца ўдружу! Ужо накіраванне выпісваю... Уцячэ, кажаш? Хлопец маёй закваскі. З сорак першага года ведаю.

Не, уцякаць Сцяпан не збіраўся. Пасялілі яго ў інтэрнацкі пакой — хлопцы харошыя. Пасябраваў з Ванем Якушам, з Пашкам Грачыхам. Яны былі хоць і маладыя хлопцы, але падкаваныя ўжо — раней працавалі на інструментальным заводзе слесарамі-лякальшчыкамі, Якуш і Грачыха неўзабаве пажаніліся. Пасля вяселля ім выдзелілі ў тым жа інтэрнаце па асобным пакойчыку, а Кірэйчык працягваў халасцякаваць. Ды куды яму было спяшацца з жаніцьбай. На завод прыйшоў у шынялі. Хацелася, каб на касцюм які разжыцца ды на паліто. Завод толькі яшчэ будаваўся. Бывала, што нерэгулярна і зарплату выдавалі. А ўкалваць, хочаш не хочаш, трэба. Перад інструментальшчыкамі былі пастаўлены цвёрдыя задачы: своечасова забяспечыць вытворчасць інструментамі, штампамі, прэс-формамі. У лякальным аддзяленні даводзілася не разгінацца па дзесяць — дванаццаць гадзін. Часта нават да ночы затрымліваліся. То як жа тады было яму прагрэсіраваць, думаць пра вучобу ў тэхнікуме. Бывала, чакае — не дачакаецца выхаднога, каб паехаць, скажам, з хлопцамі на возера, ці за горад куды, а ў суботу падыходзіць брыгадзір і кажа: «Хлопцы, трэба і ў нядзелю пабыць на вахце». Пакуль хлопцы чухаюць патыліцы, Кірэйчык ужо адказвае: «Што ж, трэба дык трэба». І працаваў з тымі хлопцамі. І ў нядзелю давалі па дзвесце працэнтаў. А ўвечары, здаецца, ні рукой ні нагой нельга паварушыць. Ды дзе там! Ішлі на пятачок, на танцы. Пашка Грачыха і Ваня Якуш за вечар ні аднаго танца, бывала, не прапусцяць, а Кірэйчык, хоць і прыгожы, і ростам высокі, а на пятачку больш адседжваўся. А калі і запрашаў якую дзяўчыну на вальс ці танга, то неяк нехлямяжа з ёй таптаўся. Аднаго разу Якуш не вытрымаў: «Ну, ты Сцяпан, як мядзведзь на лёдзе,— і параіў: — А ты смялей, і пад музыку». Што ж, было ні было, Кірэйчык адважыўся. І тут жа сваёй партнёршы наступіў на нагу. Не справіўся папрасіць у яе прабачэння, як чуе ад некага: «Гэй ты, стары, асцярожна на паваротах». Кірэйчык тады адразу разгубіўся. Дзіва што! У такія гады пачуць, што ён стары. Але як бы там ні было, назаўтра, гэта ўжо ў панядзелак, старшы майстар вітае з новым працоўным тыднем і абавязкова папярэджвае: «Толькі не падвядзіце, хлопчыкі». І зноў шаблоны, проймы, зборны вымяральны інструмент. І зноў, што ні дзень, дзве нормы!

* * *

Пасля заводскай партыйнай канферэнцыі, пасля першага пасяджэння новага партыйнага бюро, недзе праз тыдзень, а можа, і таго менш, у Кірэйчыка пачалося не тое, што неспакойнае, а нібыта новае жыццё. Вось і на гэты раз Кірэйчык спяшаўся ў прэсавы цэх, каб не спазніцца, бо недзе пасля чатырох дня тут збіраецца камісія райкома партыі, дарэчы, у члены якой уведзены і ён, Кірэйчык, збіраецца, каб праверыць і аўтарытэтна засведчыць, як на трактарным укараняецца новая тэхніка, у прыватнасці аўтаматызацыя.

У нечай бакоўцы не інакш якога майстра, а менавіта якога, Кірэйчык не ведаў і не пацікавіўся, сабралася сем чалавек. Двух ён ведаў: прадстаўніка райкома партыі, таго ж таварыша Цітаўца, які выступаў у іх на партыйным сходзе, а яшчэ — намесніка галоўнага канструктара Астаневіча. Астатніх Кірэйчык не ведаў, але па ўсяму было відаць, што яны аднекуль з іншых заводаў, толькі не з трактарнага, бо адзін з іх напачатку спытаў, менавіта кім працуюць тут, на трактарным, Астаневіч і ён, Кірэйчык.

Пасля агульнага знаёмства таварыш Цітавец коратка растлумачыў, што райком партыі напярэдадні свайго чарговага пленума рашыў праверыць не наогул, як завод пачынае перабудоўвацца ў святле наспеўшых задач новага тэхнічнага прагрэсу, а канкрэтна, як укараняецца новая тэхніка ў прэсавым і менавіта чаму з-за нейкіх там суб’ектыўных, хутчэй за ўсё руцінёрскіх меркаванняў столькі часу не пастаўлена на канвеер чатыры монаэлектродныя машыны, якія даўно прывезены да прэсавага і якія паспелі на жаль, ужо заржавець.

— То як жа гэта так? — здзівіўся ці не паверыў Кірэйчык. А каб яго зразумелі правільна, удакладніў: — Няўжо і праўда, што гэтыя машыны Якуш не пусціў у дзела? Няўжо яны заржавелі?

— Таму райком партыі і стварыў камісію, каб мы засведчылі гэта,— адказаў Цітавец.

— То што ж,— заклапочана прыўзняўся Кірэйчык.— Чаго сядзець, пойдзем ды праверым.

Пайшлі, праверылі. Сапраўды, каля цэха ляжалі абабітыя шалёўкай, дакладней, яшчэ з заводскай упакоўкай чатыры машыны. Дарэчы, Кірэйчык бачыў іх яшчэ летась, бачыў і праходзіў міма. Праўда, аднаго разу між іншым падумаў: хоць бы падагналі кран ды паставілі, як след, а то згрузілі абы-як і ляжаць абы-як. Аказваецца, гэта былі новыя машыны! І столькі часу яны праляжалі пад дажджом і снегам!

— Столькі дзяржаўных грошай выкінута на вецер! Я проста не ведаю што і сказаць,— захваляваўся Кірэйчык і тут жа прапанаваў: — Ды тут, па-мойму, адзін сказ: трэба выявіць вінаватага, руцінёра, як кажа таварыш Цітавец, і за гэта дзела так усыпаць, каб ён і другім наказаў такое не рабіць.

Што ж, вярнуліся назад у тую бакоўку і сталі пісаць акт. У акце памянулі менавіта Якуша. Ён начальнік цэха, ён і павінен быў своечасова ўкараніць у вытворчасць гэтыя чатыры монаэлектродныя машыны. Акт змацавалі сваімі подпісамі ўсе члены камісіі, у тым ліку і ён, Кірэйчык.

Калі ішоў вечарам дадому, яму карцела наведацца да Якуша на кватэру і хоць паўшчуваць яго: як гэта можна так папусціцца, каб іржа паела машыны, а ў заключэнне сказаць: «Ды гэта ж не што іншае, як злачынства перад дзяржавай», але перадумаў — няўжо сам Якуш такога не разумее? Ды ўрэшце на тое ж ёсць і райком партыі, і дырэкцыя. Яны аўтарытэт, вось і разбяруцца. А ў яго, Кірэйчыка, іншы клопат: заўтра а палове сёмай яму трэба сустракаць замежнага спецыяліста, які прыбывае на завод, каб наладзіць тры эвальвентамеры.

Кірэйчыка, прызнацца, яшчэ ўдзень насцярожыла тая вестка, што спецыяліст прыбывае ўсяго на трое сутак. Сапсавалася ажно тры эвальвентамеры, а ён прыбывае на такі кароткі тэрмін. Кірэйчык тады ж адразу і пазваніў у прыёмную дырэктара. З прыёмнай пацвердзілі, што сапраўды прыязджае толькі на трое сутак. Кірэйчык падумаў, што ў тэлеграме не інакш, як памылка. Бо каб наладзіць тры оптыка-механічныя прыборы, таму спецыялісту спатрэбіцца не менш як дзесяць сутак. Няўжо яго давядзецца заўтра ўгаворваць, каб застаўся на заводзе хоць бы на тыдзень. Але не стаў больш думаць, пра таго спецыяліста і прыборы, спаслаўшыся на даўно правераную ісціну, што заўтрашняя раніца будзе куды мудрэй за сённяшні вечар.

* * *

Звечара Кірэйчыку не спалася. Бясконца пляліся думкі пра таго спецыяліста, які прыязджае ўсяго на трое сутак, пра інструментальны ўчастак, на якім вось ужо столькі часу стаяць тры няспраўныя оптыка-вымяральныя прыборы эвальвентамеры. Іх трэба наладзіць, паставіць у строй. Шчыра кажучы, Кірэйчык хацеў узяцца раней за гэтыя эвальвентамеры. Можа б, кіраўніцтва завода і дазволіла яму навесці юстыроўку тых прыбораў, аднак у інструкцыі было сказана, што рамонт эвальвентамера, пакуль не кончыўся гарантыйны тэрмін, павінна і будзе рабіць сама фірма.

Чакалі спеца амаль цэлы год. За гэты час завод атрымаў яшчэ два такія прыборы з тае ж фірмы. І астатнія, навейшыя прыборы, таксама забарахлілі.

І вось нарэшце, калі верыць тэлеграме, на завод выбраўся наладчык. Яго трэба сустракаць.

Кірэйчык зірнуў у акно. На дварэ церусіў дождж. Сапраўды, восень заўсёды на рабым кані едзе, у канцы кастрычніка інакшай пагоды нельга чакаць, ён мусіў дастаць капялюш, хаця звычайна хадзіў без галаўнога ўбора.

«А што і добра,— ідучы па вуліцы, разважаў Кірэйчык — так бы дождж трапляў акурат за каўнер, а капялюш, як ні кажы, лепшы шчыт... Вось толькі...»

З рупара, які ўстаноўлены на фасадзе будынка заводакіраўніцтва, пачуліся пазыўныя і тут жа, як па заказу, палілася мелодыя марша.

Ля прахадной Кірэйчык сустрэў дырэктара завода. Мікалай Ігнатавіч падаў яму руку і пацікавіўся, менавіта а якой гадзіне яны сустракаюць замежнага спецыяліста.

Тут жа дырэктара пераняў начальнік вытворчасці Сімак і адразу да яго са сваімі клопатамі:

— Ой, Мікалай Ігнатавіч, засталося два дні жыцця.

Мікалай Ігнатавіч усміхнуўся. Што за жарты? Сімак гэтакі жыццярадасны, энергічны, і на табе: два дні жыцця яму засталося. Аказваецца, Сімаку прапанавалі новую пасаду: узначаліць завод пускавых рухавікоў. Прызнацца, такога ён не чакаў. Яму параілі падумаць два дні. Як быць: ісці на самастойную работу ці не? І вось ён пераняў дырэктара, каб параіцца.

Кірэйчык зірнуў на гадзіннік. Трэба забегчы ў цэх. Прыбавіў кроку.

* * *

Неўзабаве Кірэйчыку пазваніў Гамашоў і сказаў, што пара ехаць у аэрапорт сустракаць Вакера Нагеля. Гэтак ён назваў замежнага спеца.

Узялі заводскую «Волгу», паехалі.

Самалёт прызямліўся дакладна па раскладу.

Калі сціх матор і падкацілі трап, з салона пачалі выходзіць пасажыры. Усе незнаёмыя.

— Як таго Вакера Нагеля ўгадаць? — прыглядаючыся да кожнага з пасажыраў, спытаў у Кірэйчыка Гамашоў.

— Па адзенню, можа,— няпэўна адказаў Кірэйчык і тут жа дадаў: — То каб жа не памыліцца.

Наперадзе крочыў высокага росту, элегантна апрануты мужчына. У руцэ ён нёс пузаты сакваяж. Як толькі мужчына дастаў з кішэні папяросу, затым запальнічку, каб прыкурыць, да яго падышоў Гамашоў:

— Даруйце, вы будзеце Вакер Нагель?

Пранізлівы вецер пагасіў запальнічку. Мужчына паставіў сакваяж, адвярнуўся, каб усё ж прыпаліць папяросу. Па ўсяму было відаць, заядлы курэц. А адказ прагучаў на чыстай рускай мове:

— Не, хлопцы, я не Макар.

Гамашоў да наступнага пасажыра:

— Даруйце, можа, вы Вакер Нагель?

Пасажыр, падміргнуўшы Івану Ільічу, нібы ўпікнуў: «Прывет, Шышкін» (маўляў, трэба ведаць, каго сустракаеш) і пайшоў сваім кірункам.

Перапыталі чалавек дзесяць — няма Вакера Нагеля.

Калі пасажыры разышліся, Кірэйчык заўважыў ля багажнага памяшкання мужчыну ніжэй сярэдняга росту, прыкладна год трыццаці пяці. Ён быў у моднай кепцы, з невялічкім чамаданчыкам.

Можа б, Кірэйчык не падышоў да яго, калі б не прыкмеціў, як мужчына з чамаданчыкам зіркаў па баках, некага настойліва шукаў.

— Вы Вакер Нагель? — спытаў у яго Кірэйчык.

— Я, я...

Кірэйчык проста, па-рабочаму, падаў яму руку, назваў сябе: «Кірэйчык, з трактарнага», а заадно і павітаў Нагеля з удалым прызямленнем на беларускай зямлі.

— О, так, я ў вашым горадзе не бываль,— сказаў на ломанай рускай мове Нагель.

Падаў яму руку і Гамашоў. Адрэкамендаваўся. Запрасіў госця прайсці на плошчу — там чакала машына.

Калі ад’ехалі ад аэрапарта, Гамашоў перш за ўсё пацікавіўся, куды спачатку хацелася б Вакеру Нагелю: паехаць паснедаць, у гасцініцу ці на завод?

Вакер Нагель сказаў, што пасля вялікага паветранага палёту яму зараз пажадана адно: адпачыць у гасцініцы, бо прыбыў ён сёння раніцай у Маскву ажно з Японіі. Іхняя фірма выпускае вымяральныя прыборы выключнай дакладнасці. Прадукцыя фірмы ідзе ў многія краіны свету. Ён, Вакер Нагель, інжынер-наладчык. Ездзіць амаль па ўсяму свету, у тыя краіны, дзе закуплены прыборы фірмы, і робіць ім наладку. Пасля трактарнага ён паляціць па свайму прызначэнню, карацей — туды, адкуль прыйшлі рэкламацыі на прыборы фірмы.

Давялося Нагеля адвезці ў гасцініцу, пасяліць яго ў люксе і развітацца да заўтра.

Да завода ехалі моўчкі. Гамашоў лічыў, што ён сваю місію на сённяшні дзень выканаў — сустрэў наладчыка, пасяліў яго ў гасцініцы. Кірэйчыка ж непакоіла, што Вакер Нагель прыбыў на завод сапраўды толькі на трое сутак. Няўжо за гэты час ён справіцца адрамантаваць усе тры прыборы?

* * *

Назаўтра роўна а дзевятай гадзіне заводская «Волга» падкаціла Нагеля да інструментальнага цэха. Яго павіталі Кірэйчык, Гамашоў. Правялі ў лабараторыю. Перш за ўсё Іван Ільіч паказаў на першы, другі і трэці оптыка-механічныя прыборы.

Вакер Нагель, паківаўшы галавой, сказаў:

— Так, так...

— Вашы,— дадаў Гамашоў.

— Нашы,— і Вакер Нагель адразу пачаў пераапранацца. Накінуў на сябе чорны рабочы халат, зашпіліў на ўсе гузікі. Дастаў з чамаданчыка свае інструменты. Спакойна, без лішніх рухаў, расклаў іх на стале... А вось табурэтка яму не спадабалася. Табурэтка была моцная. Пад Пашкам Грачыхам, якога клічуць «сто пяць кілаграм», і то не пахіснулася б, а Вакер Нагель адставіў яе, папрасіў крэсла, тое, што абабітае дэрмацінам. Перш чым прысесці, праверыў, ці моцнае. Дубовае, нават не рыпнула.

Вакер Нагель ёмка ўмасціўся на тым крэсле. Механічна, без лішніх рухаў і з алімпійскім спакоем даставаў ён з прыбора асобныя дэталі, акуратна клаў іх на стол. Не інакш, ён добра ведаў на памяць сакрэты складанага механізма і дэманстраваў сваё, нікім яшчэ не пераўзыдзенае ў свеце майстэрства па рамонту самых найтанчэйшых оптыка-механічных прыбораў.

Кірэйчык час ад часу паяўляўся ў лабараторыі і заўважаў, што Вакер Нагель працаваць не спяшаўся. Часта выходзіў на перакур. Цікавіўся ў рабочых, ці быў трактарны разбураны ў час вайны. «Не, наш трактарны,— тлумачылі яму рабочыя,— пачаў будавацца пасля вайны, летам сорак шостага года».— «Ці можна ў вас купіць лён?» — Вакер Нагель шырока разводзіў рукамі, паказваў на тканіны з ільну. Рабочыя разумелі яго. Адказвалі, чаму ж не, можна. Аляксей Няборскі, напарнік Кірэйчыка, запэўніў:

— Законна купіце. Шоўк, крымплен — дрэнь, а вось ільняная сарочка, ды яшчэ калі трапіцца з талачынскага льну,— прыма.

Скончылася змена, і ён пачаў адразу складваць свае інструменты.

Кірэйчыку не раз даводзілася рамантаваць прыборы, праўда, не такой складанасці, але калі ён садзіўся за прыбор, то для яго не існавала ні змены, ні ночы. А Вакер Нагель пільна сачыў за гадзіннікам і захоўваў пунктуальнасць: закончылася змена — і ён канчаў работу.

Ля варот Кірэйчык сутыкнуўся з Вакерам Нагелем, спытаў у яго пра самаадчуванне.

— Карашо, карашо, таварыш слесар-лякальшчык,— гаварыў ён.

Прызнацца, Кірэйчыку яшчэ з раніцы карцела бліжэй пазнаёміцца з Вакерам Нагелем. Прысесці ля таго эвальвентамера, паназіраць, як ён будзе рамантаваць. За тры дні, можа б, што і ўлавіў. Добра, калі гэтага спеца ўдасца ўпрасіць яшчэ на колькі дзён. А раптам ён адмовіцца, што тады? Няўжо два эвальвентамеры застануцца неналаджанымі? Няўжо давядзецца тады самому закасваць рукавы? Іншага выйсця не будзе. А тут Вакер Нагель запрашае прайсціся разам, магчыма, заўтра і прысесці з ім побач ля таго эвальвентамера. Аднак Кірэйчык добра ведаў, што замежныя спецы не любяць дзяліцца сваім вопытам.

Не так даўно Кірэйчык сустракаўся з земляком, ветэранам беларускай энергетыкі, Іванам Якаўлевічам Ефімоўскім. Той расказаў, як манціравалі першую турбіну БелДРЭС. Сваіх спецыялістаў тады ў Беларусі не было. Урад мусіў запрасіць майстроў з-за мяжы. От тыя спецыялісты, манціруючы турбіну, збяруцца, бывала, і давай што да чаго прыстаўляць. Нашы хлопцы, хто з цікаўных,— да іх. А раптам, калі паедуць тыя спецы, што сапсуецца? Трэба ж усяму самім навучыцца.

— Я, значыць, падыходжу да Карла, што са Швейцарыі,— расказваў Ефімоўскі.— Падыходжу і пытаю: «Навошта вы адгароджваецеся ад нас брызентам?» А ён кажа: «Русіш яшчэ маль, маль...» Гэта значыць, наш брат нічога не разумее, толькі перашкаджае працаваць. А таго не ведала «еўропа» — гэтак мы называлі тых спецаў,— што нашы хлопцы даўно раскусілі іхні арэшак... Раптам праз два дні чуем крык, лямант, кажуць — «еўропа» ваюе. Бяжым, каб сціхамірыць. Бачым, Карл з Швейцарыі і Ганс з Германіі за чубкі схапіліся. Ды за што? Абое ўлялюшчыліся ў нашу перакладчыцу. Я разняў іх і кажу: «Хлопцы, лепш не псуйце міжнародных адносін. Гэта ж наша Маруся. У крыўду мы яе не дадзім». Карл тады на мяне коса паглядзеў. І калі толькі я падыходзіў да турбіны, усе спецы прасілі мяне і ўсіх хлопцаў не перашкаджаць ім... Зманціравалі, значыць, яны турбіну, падзалацілі добра руку і паехалі. На трэці ці чацвёрты дзень турбіна — чых-чмых,— лямпачкі — плюсь-плюсь,— і хоць вока выкалі.

Думалі тыя спецы, што Беларусь зноў шапку будзе здымаць перад імі,— не, знайшліся хлопцы, падабралі да іх сакрэту свой ключык, і станцыя працавала як трэба.

— А што было пасля вайны...— працягваў расказваць Ефімоўскі.— Спатрэбілася аднавіць адзін генератар, у які на чыгунцы трапіла бомба. Звярнуліся да колішніх спецаў у Швейцарыю. Адтуль паведамілі, каб прывезлі генератар. Так і зрабілі. Іншага выйсця не было. Праз нейкі час чую: маўляў, са Швейцарыі на электрастанцыю даставіў генератар вядомы на ўсю Еўропу спецыяліст на энергетыцы. Іду зірнуць на таго спецыяліста. Пазнаю — Карл! І ён мяне пазнае. Успамінаем былое, цікавіцца, дзе зараз Маруся. Пытае, за што я ўзнагароджаны ордэнамі. За энергетыку, вядома. Тады Карл дастае з нагруднай кішэні загорнутую кніжачку і паказвае. Чытаю — замежным мовам не вучыўся, не разумею. Ён кажа: «Я член прафсаюза,— затым тлумачыць: — па Леніну: вайна — не, мір, электрастанцыі... Усё рабочым». На гэты раз мы з Карлам рассталіся шчырымі сябрамі.

Прыгадаўшы расказ Ефімоўскага, Кірэйчык асабліва не стаў выдыгаць перад Вакерам Нагелем. А паколькі той прапанаваў прайсціся разам, што ж, Кірэйчык пайшоў. Якраз распагоджвалася, сціх вецер. Па ўсяму было відаць, што бралася на добрае надвор’е. Калі выйшлі за прахадную, Вакер Нагель папрасіў, каб таварыш слесар паказаў яму горад і памог «купіль» ільнянога палатна.

— Што ж, можна,— пагадзіўся Кірэйчык.

— О, карашо, карашо,— абрадаваўся Нагель.— Заўтра купляць, а сёння, сёння пакажыце мне горад.

Кірэйчык і Нагель разам з рабочымі выйшлі на заводскую плошчу.

Пасля змены прыемна было і прайсціся.

Кірэйчык ідучы побач з Нагелем расказаў, што тут, на месцы цяперашняга заводскага пасёлка яшчэ вясной сорак шостага года шумеў сасновы бор, а непадалёку пыліліся руіны разбураных будынкаў гарадской ускраіны. Расказаў, як у той жа год сюды прыйшлі першыя будаўнікі, на скорую руку паставілі палаткі, узвялі некалькі драўляных будынкаў. Адным словам, пачалі ў літаральным сэнсе з нуля ўзводзіць завод, які за суткі будзе выпускаць пяцьдзесят гусенічных трактароў! Многім помнілася, што ў 1924 годзе, калі яшчэ рэспубліка апрацоўвала свае палі сахой і драўлянай бараной, урад закупіў сорак трактароў «Фардзон». А тут за адны суткі пяцьдзесят! І не кожны з будаўнікоў дакладна мог уявіць, што праз трыццаць год завод стане за суткі даваць трыста і больш. Ды якіх трактароў!

Кірэйчыку хацелася расказаць, як выраслі людзі, аб культуры вытворчасці, аб той аўтаматызацыі, якая становіцца вялікім памочнікам рабочым, аб навукова-тэхнічным прагрэсе, аднак Вакеру Нагелю карцела пабыць у тым магазіне, дзе прадаюць ільняныя вырабы.

Што ж, і там пабылі. А назаўтра, як і належала, Вакер Нагель дакладна а дзевятай гадзіне прыбыў у цэх. І першае, аб чым ён паклапаціўся, як яму дастаць на паслязаўтра білет да Масквы. Кірэйчык спачатку падумаў, што Нагель агаварыўся, а калі ён назваў дзень і дату, Кірэйчыку стала не па сабе. «Ён жа не паспее наладзіць усе прыборы. І чаму так спяшаецца?» Хацелася прывесці прыклад: летась на завод прыйшла тэлеграма з Нігерыі: «Затрымліваюся яшчэ на адзін месяц». Даслаў яе заводскі спецыяліст. Яму трэба было прасачыць, як працуе партыя нашых трактароў у гарачых умовах экватара. І наш спецыяліст не палічыўся з часам.

Але Кірэйчык не стаў турбаваць госця ні пытаннямі, ні сваімі разважаннямі, маўляў, няхай працуе.

І вось на трэці дзень Вакер Нагель наладзіў першы прыбор. Дзяржаўная праверка на дакладнасць паказала, што ўсё ў норме.

Гамашоў зірнуў на гадзіннік — да абедзеннага перапынку заставалася мінут пяцьдзесят — і наважыўся праводзіць Вакера Нагеля ў бюро тэхнічнага кантролю, да другога эвальвентамера. Але Нагель адмоўна хіснуў галавой, сказаў, што ён павінен быў правесці юсціроўку толькі аднаго прыбора. Заданне сваё выканаў. Для гэтага і запрашалі яго на завод.

— Правільна,— пагадзіўся Гамашоў і растлумачыў: — Наступныя два прыборы выйшлі са строю пасля таго, як фірме была адпраўлена рэкламацыя. Новую рэкламацыю не пасылалі, спадзяваліся: прыедзе спецыяліст фірмы — заадно наладзіць і астатнія прыборы. Во як нашы спецыялісты — калі абставіны патрабуюць затрымацца хоць бы і на месяц, затрымліваюцца.

Вакер Нагель зноў хіснуў галавой і пачаў сваё даказваць, што на наладку яшчэ двух прыбораў у яго няма распараджэння.

— Мы заплацім вам за работу,— паабяцаў Гамашоў.

— У мяне часу няма,— сказаў Вакер Нагель і тут жа параіў: — І вы не губляйце дарэмна часу, выклікайце другога спецыяліста з фірмы.

Ён дастаў з кішэні паперку, на якой патрэбна было адзначыць, што Вакер Нагель сваё заданне выканаў, і тут жа дадаў:

— Заўтра раніцай адлятаю.

Начальнік АТК завода Мікалай Латышаў зірнуў на інжынера Гамашова і даў зразумець, што нічога не будзе, трэба здымаць шапку, кланяцца. Гамашоў стаў упрошваць Нагеля.

— Зразумейце наша становішча. Калі б такое ведалі...

Прасіў яшчэ і Латышаў — нічога не дапамагло.

Кірэйчык не стрымаўся, заявіў:

— У такім выпадку мы самі паспрабуем наладзіць і настроіць гэтыя вашы мудрыя прыборы.

— Самі? — на твары Нагеля паявілася ўсмешка.— Што ж, паспрабуйце. Буду рады, калі вам удасца гэта зрабіць...

Хацеў Кірэйчык сказаць Нагелю, што на трактарным ён працуе больш як дваццаць гадоў. За гэты час колькі самых тонкіх і дакладных інструментаў, вымяральных прыбораў, усялякіх прыстасаванняў пакаралася яму. Тэхніка пастаянна развіваецца; колькі разоў удакладнялася, мадэрнізавалася канструкцыя машын, намнога складаней сталі прыборы і інструменты. І не памятае ён такога выпадку, каб яму што было непадуладна. Аднак Кірэйчык не стаў выстаўляць свае казыры.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

Пасля пленума райкома партыі, ды яшчэ перад святам, Астаневічу, прызнацца, не хацелася заходзіць ні ў прэсавы цэх, ні на кватэру да Якуша. Не хацелася і не зайшоў бы, ды пазваніла Людміла. Яна магла б і заявіцца да яго ў кабінет — працуюць яны пад адным дахам: дык не, пазваніла, паставіла яго перад фактам.

— У мяне,— сказала,— два білеты ў філармонію,— і адразу пачала наступаць: — Я проста адна не люблю хадзіць на вечары.

Шчыра кажучы, Астаневічу не выпадала ісці на той канцэрт — перад святам абяцаў наведацца да бацькоў. Жывуць яны не так ужо і далёка — якіх гадзіны дзве язды — а вось ён не часты госць дома. На выхадныя то чарцяжы бярэ на кватэру, то ў камандзіроўках затрымліваецца — так і праходзіць іншы раз паўгода і да бацькоў выбрацца няма як. Спадзяваўся на Кастрычніцкія святы наведацца абавязкова, а тут Людміла са сваімі білетамі.

Каму-каму, а Людміле ён не мог адмовіць. Было ў яго многа знаёмых дзяўчат: у інстытуце і на заводзе, нават прыгажэйшых, была некалісь і жонка, дарэчы, пра гэта ён не расказваў яшчэ, а вось Людміла нечакана і непрыкметна запаланіла яго душу.

Калі вярнуліся з філармоніі і выпілі па шкаліку «хванчкары», Людміла прапанавала:

— Я табе на піяніна сыграю. Добра?

— Узбудзіш бацьку, і я вылячу пробкай адсюль.

— Ён храпе, як пасля ўкаранення сваёй рацыяналізацыі.

— Ды я, прызнацца, да музыкі...

— А я табе «чыжык-пыжык, дзе ты быў...»

— Тады ўжо вазьмі што вышэй.

Прысеўшы да піяніна, Людміла плаўна і ўрачыста апусціла свае пальцы на клавіятуру — пачулася чароўная мелодыя.

Людміла грала натхнёна, як ніколі. Захапіла Астаневіча. Ён прыгадаў той момант, калі да яго ў канструктарскае бюро зайшла ва ўсім чырвоным дзяўчына — на ёй было паліто чырвонае, штаны-клёш чырвоныя, шапачка і тая чырвоная. Яшчэ з парога сказала:

— Да вас, начальнік, прыйшла, прыйшла на хлеб зарабляць,— і падала яму накіраванне аддзела кадраў.

Пакуль Астаневіч чытаў накіраванне, яна працягвала:

— Мяне блаславілі ў прэсавы, а я не захацела працаваць пад кіраўніцтвам свайго продка. Там што — прэсы, штампы... Я хачу тварыць і, па сакрэту вам кажучы, што-небудзь стварыць. Вось чаму і папрасілася ў канструктарскае.

Астаневічу спадабаўся аптымізм дзяўчыны. Толькі наконт яе жадання, папярэдзіў:

— Дар речи присущ всем, мудрость души — немногим,— а каб яна не пакрыўдзілася, растлумачыў : — На жаль, не ў кожнага канструктара збываюцца мары. Тварыць — не простая штука.

— Вы хацелі сказаць, што паэтамі і канструктарамі нараджаюцца, аратарамі становяцца. Так бы і сказалі.

— Ну, што ж. Я да вас абавязкова прыгледжуся. Мне здаецца, што ў вас нешта такое ёсць.

— Прыгледзіцеся,— незалюбіла Якуш.— Які вы, дарэчы, самаўпэўнены. Нават Апалон і той не заўсёды нацягваў лук.

Як ні стараўся пасля зачапіць яе Астаневіч на лятучках ці вытворчых нарадах, аднаго разу зачынаў гаварыць з ёю на заводскім двары, Якуш была ганарлівая і непадступная. Па рабоце выконвала свае абавязкі акуратна, нават узорна — некалькі яе чарцяжоў пахваліў нават галоўны канструктар. На завод не спазнялася. Карацей, работніца, што трэба.

Неяк раз з Украіны прыйшла рэкламацыя на адзін трактар. Астаневіч прапанаваў ёй камандзіроўку на тыдзень.

Паехала.

Праз сем дзён дала тэлеграму: «Прадоўжыць тэрмін камандзіроўкі яшчэ на столькі».

Замест дазволу атрымала вестку: «Эканомце заводскія сродкі. Астаневіч».

І ўсё ж яна затрымалася.

Калі вярнулася, адразу напісала справаздачу. Астаневіч прачытаў — што ж, заданне яна выканала, а паколькі тады прасіла, каб прадоўжылі ёй тэрмін камандзіроўкі, пахадайнічаў перад галоўным. Той напісаў рэзалюцыю: «За звыштэрміновыя дні аплаціць». Але яна адмовілася атрымліваць грошы.

— Чаму? — здзівіўся Астаневіч.

— Эканомлю заводскія сродкі,— адказала.

— Дзякую за высокую свядомасць.

Больш тады Астаневіч ёй нічога сказаць не мог.

І яна больш нічога не мела да свайго начальніка. Па-ранейшаму, як заўсёды, свае абавязкі выконвала акуратна.

Нарэшце, калі аднойчы на сходзе разгарэліся буйныя спрэчкі, Якуш папрасіла слова. Прызнацца, Астаневіч прывык больш слухаць прамовы мужчын. Дарэчы, ён загадзя ведаў, хто ўмее выступіць рэзка, цікава, з толкам. Ад Якуш нічога не чакаў. Як ні кажы, у дзяўчыны ні жыццёвага вопыту, ні рабочага стажу, хіба толькі яна можа з-за трыбуны паказаць свой характар. А свой настырны характар, расказвалі Астаневічу, Якуш справілася паказаць, калі адразу пасля інстытута ёй давялося пабыць інжынерам у гаргазе.

Было гэта сярод лета. Пад яе кіраўніцтвам у раёне Круглай плошчы газавікі пракапалі траншэю. Да канца змены на адным участку праклалі трубы, а засыпаць тыя трубы і траншэю не справіліся, хоць наперадзе былі два выхадныя. Тады інжынер Якуш выконвала абавязкі прараба, распусціла рабочых дадому, сама спяшалася трапіць у Палац спорту. Калі дома пераапраналася, раптам званок да яе на кватэру. Пазнала голас свайго начальніка Шыбана:

— Тры дні даю адгулу за адну ноч. Ты мяне разумееш, дарагая мая Людміла Іванаўна? За адну ноч даю тры дні адгулу. Тры дні.

Перш чым выслухаць, разабрацца, што менавіта хоча ад яе начальнік, Людміла рассмяялася:

— Няўжо вы, таварыш Шыбан, у гэтую ліпеньскую ноч захацелі мяне туманамі атуманіць!..

— Таварыш Якуш, я з вамі на поўным сур’ёзе. Даю тры дні адгулу. А траншэю,— Шыбан назваў менавіта якую траншэю — трэба да раніцы засыпаць. Да раніцы, вы разумееце, да раніцы трэба засыпаць.

З усяго свайго лексікона ў той час Людміла паважала слова «трэба». Сказалі б ёй пасля выпускнога вечара: «Трэба паехаць пракопваць траншэі для пракладкі труб за Палярны круг, дзе вечная мерзлата», паехала б. Як можна было адмаўляцца, калі трэба.

Паспяшалася ў раён Круглай. Якраз сабраліся рабочыя, прыбыў і начальнік.

— Што здарылася, чаму такі аўрал? — першае, што спытала ў начальніка Людміла.

Шыбан быў пажылы, з выгляду хваравіты чалавек, стараўся як-небудзь на сваёй пасадзе дацягнуць да пенсіі, а таму асцерагаўся якіх бы там ні было заўваг зверху. І на табе — пазваніў яму на работу вышэйшы яго начальнік Дзяніс Дзянісавіч і спытаў: «Як гэта вас разумець, таварыш Шыбан? Заўсёды мне гаварылі пра вас, як пра вопытнага арганізатара, а вы... Ды вашы рабочыя ўсё раскапалі перад маім домам, нават нельга ў двор заехаць. Хоць бы праезд зрабілі»,— і паклаў трубку.

Шыбан тэрмінова сабраў сваіх падначаленых, падначаленыя — рабочых і дамовіліся, калі сапраўды за адну ноч тры дні адгулу, траншэю не толькі засыплюць, нават заасфальтуюць.

— Каб толькі праехаў у выхадныя да свайго пад’езда ваш Дзяніс Дзянісавіч, даруйце, я такое рабіць не буду,— заявіла Якуш.— Не буду! — паўтарыла яшчэ раз і пайшла дадому.

У панядзелак Шыбан патрэбаваў ад Якуш, каб яна напісала тлумачальную запіску, каб растлумачыла, чаму менавіта пакінула рабочы пост. Яна напісала заяву з просьбай, каб яе наогул вызвалілі.

І вось яна выйшла на трыбуну. Што, здавалася, ёй гаварыць? Папрацавала колькі месяцаў, і, бач, нешта наспела ў яе. У зале насцярожыліся: няўжо новенькая скажа што новае. Тым часам Астаневіч шапнуў, каб усе пачулі: «Нараджаецца нешта больш вялікае, чым «Іліада»,— і па радах прабег лёгкі смяшок.

— Ніякай новай «Іліады» я вам не выдам, таварышы,— папярэдзіла Якуш.— Хачу толькі сказаць, што люблю жывінку ў дзеле. Тут я намякаю на свайго начальніка. Вось я паехала за тысячу кіламетраў у адно раённае аддзяленне «Сельгастэхнікі». Была рэкламацыя, што наш новы трактар папрацаваў які тыдзень і стаў — у асобных вузлах дэталі аказаліся нягодныя, выйшлі са строю. Я пасядзела каля таго трактара дзень, другі і выявіла, што рэкламацыя рабілася знарок, каб з завода атрымаць новыя запасныя часткі. І што яны зрабілі — з новай машыны, якую атрымалі ад нас, паздымалі асобныя дэталі на запчасткі, а са старой машыны, якая працавала некалькі гадоў у саўгасе, паставілі ў новую спрацаваныя не толькі дэталі, але і вузлы. І вось пачалі шумець, што трактарны завод даслаў ім не што іншае, як брак. Я разабралася, склала акт. Засталося падпісаць яго. Раптам захварэў дырэктар саўгаса. Чакаю яго выздараўлення трое, чэцвера сутак, даю Астаневічу тэлеграму, каб прадоўжыць камандзіроўку. Ён тэлеграфіруе, каб эканоміла заводскія сродкі. Гэта значыць, кідай дзела і вяртайся. А тут ніхто не хоча падпісваць акт. Я зноў да яго намесніка — якраз быў абедзенны перапынак. Намеснік — чалавек у гадах, пасівелы. Сядзіць сабе ў сваім крэсле і жуе сервілат з хлебам. Скрылькі кілбасы танюткія. Пытаю ў яго, а ці часта бывае ў вашых магазінах сервілат? «Бывае,— адказаў ён,— смачная кілбаса ды толькі дарагая». Я яму: «А ведаеце, чаму ў нас яшчэ сервілат дарагі, пяць рублёў за кілаграм?» Ён адразу ў філасофію, я — прама яму: «Ды таму, што вы такімі справамі займаецеся. Вось падумайце, колькі дзяржаўных сродкаў, часу вы страцілі на падманную рэкламацыю, колькі сродкаў пайшло на маю камандзіроўку? Я нешта карыснае за гэты час зрабіла б на заводзе.

Я да таго ўсё гэта кажу: факт, як вы бачыце, абуральны. Аб гэтым я напісала майму непасрэднаму начальніку, таварышу Астаневічу. Спадзявалася, вось тут я і крану яго. Ён прачытаў маю дакладную запіску і пад сукно яе. Праўда, схадзіў яшчэ да галоўнага канструктара, каб усё ж прадоўжыць мой тэрмін камандзіроўкі, аплаціць мне вымушаную затрымку. Калі, таварышы, я ў чым не дакладна, хай мяне Астаневіч і паправіць.

Пакуль Людміла зрабіла паўзу, прысутныя ў зале між сабою пераглянуліся. Факт, бясспрэчна, абуральны, але пры чым тут Астаневіч?

— Нашы таварышы ездзілі і будуць ездзіць па падобных рэкламацыях,— прадаўжала Якуш.— Падумайце, колькі сродкаў вымушаны выдаткоўваць завод, каб даказаць кожнаму нячэснаму чалавеку, што ён нячэсны. А перад унутраным і знешнім рынкам мы абавязаны адстойваць гонар нашага калектыву. У нас і адстойваюць — робяць машыну са знакам якасці, а падобных рэкламацый многа. То чаму б Астаневічу не сабраць вось такія ліпавыя рэкламацыі і не абнародаваць іх? Можна ж выступіць нават у цэнтральнай прэсе. Сам не валодае пяром, хай карэспандэнта запросіць.

— Правільна, абсалютна правільна,— падтрымаў тады Якуш галоўны канструктар завода, больш таго, абавязаў Астаневіча тэрмінова і неадкладна гэтай тэмай зацікавіць карэспандэнта. А тут паявілася рэпліка ў цэнтральнай прэсе, што хвалёны трактар хвалёнага завода, нават са знакам якасці, заўчасна, да гарантыйнага тэрміну пачаў пыхкаць, чмыхаць у баразне і нарэшце хоць адпраўляй яго ў капіталку.

Астаневіч узахвоціўся паехаць на месца. Галоўны канструктар накіраваў Якуш. «Яна можа лепш за цябе выявіць прычыну»,— сказаў ён. Яна і выявіла, што трактарыст «даваў дразда» на той машыне дзень і ноч, хацеў трапіць у перадавікі. Тым часам, адпаведныя арганізацыі справіліся падрыхтаваць дакументы, каб трактарыста за яго «самаадданую працу ў развіцці сельскай гаспадаркі» ўзнагародзіць. Якуш выявіла, што трактарыста трэба не ўзнагародзіць, а тэрмінова прыцягваць да адказнасці: з таго часу, як ён сеў на новы трактар, ніколі не памяняў масла. Стала Якуш зліваць тое масла — ніяк. Аказваецца, яно зацвярдзела. Давялося прабіваць.

Пра такое дзікунскае абыходжанне з машынай Якуш напісала ў газету. Неўзабаве яе матэрыял быў надрукаваны. Зноў пахваліў яе галоўны канструктар.

Да Якуш сталі прыглядацца. Прыгледзеўся і Астаневіч. Стараўся зачапіць яе на рабоце, пацэліць, каб разам з ёю ісці дадому. Дайшло да таго, што ў апошнія дні Астаневіч, апроч Людмілы, быццам нікога не заўважаў.

Аднак ён ведаў, што доўгія заляцанні, хай гэта да Якуш ці да якой іншай дзяўчыны, прывядуць да жаніцьбы. А ён ужо раз апёкся. Таму пра жаніцьбу пакуль нічога пэўнага не намякаў Людміле.

... Нарэшце Людміла, пасля таго, як пакаштавала віно, калі адчула сябе больш смелай, пачала нібы дражніцца з ім.

— А я ведаю, пра што ты думаеш,— сказала яна.— Ведаю, што ты хочаш пазбавіць мяне самага дарагога ў жыцці — волі. А жыццё без волі, сам ведаеш, нішто. То пакуль я жыву, буду карыстацца жыццём. Вясной паеду на курорт, да цёплага мора. Апрану самае, што ні ёсць прыгажэйшае на сябе, прычаплю залатыя завушніцы. Куплю японскі парык. От, прайдуся па алеі раз, другі... Трэці раз мне прайсціся не ўдасца, бо за мной будзе ісці плойма паклоннікаў. Я выбіраю сабе найлепшага. Ён элегантна бярэ мяне пад ручку. З ім я ўрачыста іду ў рэстаран. Там п’ём кактэйль і курым турэцкія цыгары.

Ведаў Астаневіч, што Людміла фантазіруе: няма і не будзе ў яе ні залатых завушніц, ні японскага парыка. От, сядзіць, выдумляе неверагодныя гісторыі, а ўсё роўна адчуў, што быццам рэжа яго без нажа. Паяўляецца нясцерпная рэўнасць да ўяўляемага яе паклонніка.

— Ну, які толк ісці за цябе замуж? — Людміла дражнілася далей.— Будзеш ты раўнаваць мяне. Сам ведаеш, што рэўнасць, як іржа, губіць сэрца.

— Гэта не што іншае,— дадаў Астаневіч,— як тая зайздрасць, калі яна хоча трымаць каханага мужчыну ў сваёй манапольнай залежнасці, мець на яго тую ж манапольную ўласнасць...

— Адкуль ты ўсё гэта ведаеш?

— Чытаў, цікавіўся, вывучаў.

— Вось я і хачу, каб ты мяне раўнаваў, не меў на мяне манапольнай уласнасці, а раўнаваў.

— Буду раўнаваць,— не стрымаўся Астаневіч.— І нікуды я цябе адну не пушчу. Ні да цёплага, ні да халоднага мора. Вось зараз пайду разбуджу твайго бацьку і скажу, што хачу быць яго зяцем.

— Татка з цябе толькі пасмяецца, скажа: «Аказваецца, дурныя Іваны яшчэ не перавяліся на свеце».

— А ты мне пачынаеш падабацца.

— Затое ты мне не падабаешся. Хоць бы прызнаўся, ці кахаеш.

Гаварылі, смяяліся доўга. Не ўчулі, як праляцела ноч. А сёмай гадзіне раніцы ўключылі магнітафон, і палілася песня «Джамайка, Джама-айка...».

* * *

Раней, колькі гадоў запар, кожную раніцу Іван Тарасавіч абліваўся да пояса халоднай вадой, расціраўся махровым ручніком, а цяпер баіцца прастудзіцца. Спаласне твар, памые рукі па локці, і ўсё. І на гэты раз ён закончыў свой ранішні туалет тым, што пырскнуў на паголены твар, пасівелыя скроні трайным адэкалонам. Не шкодзіла б схадзіць да цырульніка. Аднак Івану Тарасавічу сёння было не да сваёй знешнасці. Яму не заляцацца да чужых маладзіц. Свая неўзабаве вернецца з дзяжурства. І дачка вунь збіраецца замуж. Гэта ж трэба, жаніх усю ноч прасядзеў у яе. Развесяліў, абрадаваў. Але не можа быць, каб за ноч збіў яе з панталыку. Якуш не раз папярэджваў Людмілу, што калі годнасць згублена, лічы, што ўсё згублена. То не можа быць, каб Людміла прапусціла яго словы міма вушэй.

Якуш звычайна такой парой снедаў — разаграваў сабе што на пліце альбо смажыў яечню. Піў чай.

Сёння Іван Тарасавіч не стаў важдацца з чаем. Адчыніў халадзільнік. Дастаў салату з рэдзькі, талерку студню і мінскай кілбасы. Гэтую кілбасу Іван Тарасавіч купляў заўсёды таму, што без свінога мяса і шпіку, а галоўнае, што ў ёй даволі спецый. Для настрою і каб трохі супакоіць нервы, перакуліў чарку гарэлкі.

Паснедаў з апетытам. Наладзіўся і настрой.

Цяпер, здавалася Івану Тарасавічу, не хапала аднаго: пайсці пакалякаць з Астаневічам. Столькі год ён аддаў заводу. Напачатку працаваў без намесніка. А ў цэху тысячы рабочых. Ён і за начальніка быў, і за намесніка. Тады яшчэ пачаў перапланіроўку цэха. Без заводскай падмогі, сваімі сіламі перанёс цэлы ўчастак з месца на месца. Хацеў стварыць на першым часе хоць якую паточнасць, арганізаваць лепшыя ўмовы для працы. Тады цаніў яго і дырэктар завода. Якушам ён даражыў больш, як якім-небудзь іншым начальнікам цэха. Аказваецца, даражыў, як цыган канём. Даражыў пакуль той вёз. А таго не ведае, што ў кожным квадратным метры цэха закладзена душа Якуша, больш таго, ні ў адным цэху, ні на адным заводзе горада няма прамежкавага склада. Ды чаму не ведае. Усё ведае. Гарадзец не раз заходзіў у прэсавы, любаваўся гэтым складам, хваліўся нават свайму начальству, гасцям, што склад зроблены на прастака, што як бы рабочы ні хацеў паставіць няправільна дэталь, не паставіць. І ўсё гэта зрабіў Якуш як бы сваімі рукамі. Ён і праект зрабіў і склад. Захапляліся тады Якушам, апладзіравалі яму. Прыемна было і дырэкцыі. І раптам, у райком партыі паступіла ананімка, што нібыта пад выглядам буйнай рацыяналізацыі ў цэху, за кошт звышурочнага часу, Якуш рукамі сваіх падначаленых робіць сабе кар’еру. Ну, а калі паступіла такая ананімка, у райкоме, вядома, зацікавіліся фактамі. З суседняга завода прыслалі камісію.

У адзіночку перамолваць і праўду і крыўду на сваіх і так ужо хворых, зношаных нервах, Якуш доўга не хацеў. Парашыў зайсці да дачкі, расказаць пра сваю крыўду Астаневічу. Як ні кажы, ён усё ж намеснік галоўнага канструктара — не апошняя скрыпка ў кіраўнічым ансамблі. Калі не падкажа, не дапаможа, як яму апраўдацца, то хоць паспачувае. І то лягчэй стане на душы.

Так і зрабіў. Пастукаў у дзверы. Праўда, у сваёй кватэры ён не прывык ні да каго стукацца. Але паколькі з дачкой пабочны чалавек, мусіў паступіць па правілу далікатнага этыкету. А раптам яны сакрэтнічаюць. Не, яны сядзелі не разам: Людміла — у крэсле, ён — ля століка і нечага корпаўся ў магнітафоне.

— Што, мову адняло ў гэтага песняра? — загаварыў Іван Тарасавіч.

Астаневіч маўчаў — чамусьці не ладзілася ў яго з магнітафонам, не мог адкруціць нейкі там шуруп. Тады Якуш дастаў з-пад стала табурэтку, прысеў.

— Гэта табе не трактар,— Івану Тарасавічу хацелася разгаварыцца з Астаневічам.— Трактару хутчэй можна рады даць, а вось гэтаму песняру... Тут, калі хочаш, на свята можна і без музыкі застацца.

У Астаневіча прафесійная звычка, калі, скажам, сядзіць ён над чарцяжом ці яшчэ што робіць, на пабочныя раздражальнікі не звяртаць ніякай увагі.

Нарэшце Якуш параіў Астаневічу:

— А кудык яго бяры з гэтым магнітафонам. Пасля свята аднясу ў майстэрню.

— Тут трэба ўстраніць прычыну, тады пройдзе і хвароба,— заўважыў Астаневіч, але Іван Тарасавіч не зразумеў, каму ён сказаў гэтую прапісную ісціну: сам сабе, Людміле ці проста так.

— Хто жадае, таго лёс вядзе, ну, а хто не жадае, таго цягне.

Узахвоціўся перайсці на філасофію і Якуш. Пачухаўшы патыліцу, як бы падтрымаў Астаневіча:

— Што і казаць — адзін разважае проста: абы козы сыты былі, а там хоць і трава не расці, другі — яду да заўтра адкладзе, а справу сёння зробіць.

— Правільна, Іван Тарасавіч, адклад не ідзе ў лад,— пагадзіўся Астаневіч. Тут пацэліўся крутнуць адвёрткай, шчоўкнуў клавішам — пайшла стужка, пайшла і музыка.

— А я думаў, што перад якім майстрам давядзецца шапку здымаць. А тут, аказваецца...— Івану Тарасавічу захацелася пахваліць Астаневіча, і ён не пашкадаваў фарбы: — Бачыў я ўсялякіх майстроў: ад аднаго, напрыклад, і масла не ўспыхне, ад вашых рук, па-мойму, і снег загарыцца.

Перамотваючы стужку, Астаневіч маўчаў. Іван Тарасавіч, паклаўшы далоні на калені, нахіліўся аж наперад, каб пачуць ад госця хоць якую падзяку за пахвалу. Вядома, чаму ж ад ягоных рук снег не загарыцца, калі яму яшчэ і трыццаці гадоў няма, а ўжо ён намеснік галоўнага канструктара. Калі не спатыкнецца, пойдзе ў яго ўсё ладам, праз які год-два можа выбіцца і на галоўнага. Цяпер маладым падоўгу не даюць заседжвацца. Сам не рухаецца наперад, падштурхоўваюць. Іван Тарасавіч, нічога не дачакаўшыся ад Астаневіча, загаварыў сам:

— Гэта я сяджу і думаю. Праўду вы сказалі: хто жадае, таго лёс вядзе, а хто не жадае, таго цягне.— Калі заўважыў, што Астаневіч намерыўся ўважліва паслухаць, Якуш, усеўшыся зручней, працягваў: — сяджу і думаю: як, во, гэтыя вашы словы, скажам, прымяніць да мяне. Лёс гэты, як вы намякнулі, вядзе мяне ці цягне? Вось як вы думаеце, таварыш Астаневіч?

Ён жа рот раскрыў, каб улавіць ад Астаневіча нешта спачувальнае да сябе, падтэкст нават. Не павінен ён абы-што загнуць, не павінен і змоўчаць, усё ж у зяці набіваецца.

— Я не разумею вашага пытання, Іван Тарасавіч,— шчыра прызнаўся Астаневіч.

— Ну, вось мяне, вы добра ведаеце, назвалі руцінёрам не абы-дзе, а на пленуме райкома, ды яшчэ ў газеце абняславілі. Гэта, па-вашаму, як разумець: каб дапамагчы мне, каб вырашаць са мною і надалей праблему тэхнічнай рэвалюцыі на заводзе ці каб прыбраць мяне з дарогі?

Спачатку ўздыхнуў Астаневіч: прыспічыла ж старому запусціць жураўля, выведаць, што там у вярхах пра яго думаюць. Хай бы пра гэта спытаў пасля свята, пасля таго, як дамовяцца наконт яго жаніцьбы. Праўда, гаворка, якая павінна адбыцца з бацькамі Людмілы, не мае асаблівага сэнсу, але ж, як павялося, фармальнасць гэтую трэба будзе яму захаваць, каб не пакрыўдзіць старых. А тут на табе: доўга ці коратка, рэж, Астаневіч, гавары праўду. Але ж як псаваць чалавеку настрой, як выкладваць яму горкую праўду на свята ды яшчэ перад дэманстрацыяй? Астаневіч парашыў неяк адысці ад прамога адказу і пачаў:

— Калі ахопліваць з’яву з пункту гледжання вечнасці, то варта сказаць, як сказаў некалі галандскі мудрэц Спіноза, што дзе няма нічога, там няма нічога.

— Таварыш Астаневіч,— Іван Тарасавіч, прызнацца, забыўся, як імя па бацьку канструктара, таму назваў яго афіцыйна,— па-мойму, навошта вам спасылацца на таго мудраца Спінозу, натужвацца ды выпінаць жылы на тую філасофію. Я хачу ведаць праўду пра сябе. Я, сказаць вам шчыра, у жыцці атрымаў такую-сякую вывучку, карацей, я ўжо на заводзе і зубы з'еў, і ногі стаптаў, то хачу ведаць: хто гэта мяне такім чортам асвістаў?

— Вось вы сказалі «тэхнічная рэвалюцыя». Тут, дарагі Іван Тарасавіч, яшчэ адзін тэрмін напрошваецца: навукова-тэхнічная рэвалюцыя. А такая рэвалюцыя, самі ведаеце, адносіцца і да грамадскіх фармацый і да прамысловасці. Яна тады наспявае, калі развіццё прамысловасці адстае ад патрэб часу.

— Даруйце, таварыш Астаневіч, перш чым філасофстваваць, мне трэба жыць і працаваць, у мяне таксама: «Бытие определяет сознание».— Іван Тарасавіч як бы наводзіў Астаневіча на троп, хацеў, каб ён адказаў прама і канкрэтна: усё ж, хто яго чортам асвістаў і ці астанецца ён на ранейшай пасадзе? — Вось калі я буду ўпэўнены, што пасля пленума наконт мяне не зробяць ніякіх арганізацыйных вывадаў, тады і я буду філасофстваваць.

Якуш з тых людзей, якому не ўсё роўна: ці чорнае, ці белае. Таму не любіць, калі замест праўды Астаневіч стараецца туману напускаць. Бач, як ён хоча ўвільнуць ад прамога адказу. А ўсё ж знае, усё.

Астаневіч зірнуў на Людмілу, маўляў, што яму рабіць: разануць, як было, як па рашэнню райкома яго ўвялі ў тую камісію, ці, сапраўды, сёння такое нельга гаварыць. Але што тады гаварыць?

— Скажы аб усім і яшчэ аб чым-небудзь,— параіла Людміла і, памаўчаўшы, дадала.— На праўдзе свет стаіць.

Гэтыя словы нібы падштурхнулі Астаневіча: што ж, як гукаюць, так трэба і адгуквацца. Ён падняўся, прайшоўся па пакоі. Падумаў, з чаго лепш пачаць.

— Сказаць вам шчыра... Каб не пакрывіць душой...

— Толькі шчыра,— падахвоціў Якуш.

— Менавіта я падсунуў вам гэтую пілюлю. Хоць яна горкая і прыкрая, але, даруйце, вам яе трэба мужна праглынуць. Не ведаю, ці будзе гэта вам на карысць, але вы вымушаны яе, гэтую пілюлю, прыняць.— Тут Якуш наяршыўся, заікнуўся нешта сказаць, але Астаневіч папярэдзіў: — Толькі спакойна. Вы прасілі мяне казаць толькі праўду, то слухайце. Пачалося, як вы знаеце, з таго, што райком партыі ўключыў мяне ў камісію па праверцы, як выкарыстоўваецца на нашым заводзе новая тэхніка. Вось гэтыя чатыры монаэлектродныя машыны я і не мог утаіць. І пісаўшы акт пасля праверкі, я не мог не назваць вас руцінёрам. Члены камісіі пагадзіліся, дырэктар завода — таксама. Таму чортам я вас не асвістаў. Я паступіў чэсна, хоць загадзя ведаў, што вы на мяне або толькі пакрыўдзіцеся, або затоіце лютую злосць. Інакш, дарагі Іван Тарасавіч...

— Не называйце мяне дарагім, не спявайце мне вечную памяць.

— Я вас назваў шчыра,— даказваў сваё Астаневіч.— Менавіта вы, Іван Тарасавіч, заводу былі дарагі. І ёсць дарагі. Заслужаны чалавек. Вы многа зрабілі, каб сёння нам гаварыць на заводзе аб тэхнічным прагрэсе. То як жа вас не назваць дарагім. У свой час вы былі дзелавы таварыш, рухалі, калі можна так сказаць, рухалі прагрэс на заводзе. Цяпер, цяпер, на вялікі жаль, аказаліся руцінёрам. Руцінёрам, дарагі Іван Тарасавіч... Я не з тых, каб не чапаць нікога і баяцца некага.

— І я не з тых, дарагі намеснік галоўнага канструктара, каб пасля таго, што на мяне нагаварылі мех і кайстру, падняць лапкі ўгору.— Іван Тарасавіч рашуча прыўстаў. Твар яго наліўся чырванню.— Я касцьмі бараніцца буду, а не дапушчу, не дапушчу, каб на мяне лягла гэтая пляма. Падумаць толькі! На дваццатым годзе работы і — на табе, руцінёр. Не, такое я не дарую.— Ён падаўся да дзвярэй. Але не хацеў выходзіць з пакоя. Не хацеў, каб гэты Астаневіч, хоць і мае нейкі сур'ёзны намер да яго дачкі, заставаўся ў яго кватэры. Ён павінен зараз жа выйсці за дзверы. Выйсці і назаўсёды забыць і яго, і яго дачку. Бач, як ён спадцішка капаў яму на яго, аўтарытэтнага, вопытнага, больш таго, заслужанага ветэрана завода. І выкапаў. Вось таму ён лапкі не падніме, яшчэ пастаіць за сябе. З кім трэба і паваждаецца, дойдзе да найвышэйшай інстанцыі, дакажа, што ён заўсёды працаваў чэсна і аддана. Відаць, райком перадаверыў гэтаму Астаневічу.

Толькі хацеў сказаць, каб і духу яго не было, а тут Людміла націснула на клавіш магнітафона, і зноў палілася музыка. І зноў той жа голас не інакш, як нейкага падлетка: «Джамайка, Джамайка...»

— Ты мне выключы гэтую шарманку,— Іван Тарасавіч акрысіўся на дачку. Астаневічу сказаў спакойна: — А вас, малады чалавек, я папрашу за сабой зачыніць дзверы. Так, так. Не хачу, і ніколі не будзе ў маёй кватэры ацірацца такі невук, выскачка, кар'ерыст, паклёпнік, даносчык...

— Няўжо вы сур’ёзна, Іван Тарасавіч?

— Абсалютна.

Астаневіч, перш чым ступіць крок да дзвярэй, паціснуў плячыма: што за дзіва і, заўважыўшы на поўным твары Івана Тарасавіча рашучасць і бязлітаснасць, сказаў як бы сам сабе:

— Значыць, пры згодзе малыя справы растуць, пры гневе вялікія справы разбураюцца,— і пайшоў да дзвярэй.

Людміла пераняла яго, стала ўгаворваць:

— А ты не звяртай увагі на татку. Прашу цябе. Не звяртай. Гэта ж не ён, яна вінавата, гарэлка. Перабраў ён яе трошкі. Вось і пляце абы-што.

— Ён мне ліха робіць, зводы, а я павінен яму што, што павінен за гэта яму? — разышоўся Іван Тарасавіч.

— Ён праўду пра вас сказаў, татка, праўду,— умяшалася Людміла.— Толькі не крыўдуйце на мяне, татка. Што датычыцца тых машын, вы — руцінёр. Законны руцінёр. Гэта наконт машын. А ўвогуле, татачка, як чалавек, вы прагрэсіўны, добры, дарагі...— І ўзяла яго пад руку.— Пойдзем, татачка, разам на дэманстрацыю. Пойдзем у першай шарэнзе.

Іван Тарасавіч яршыста стаяў ля дзвярэй і шумна соп. Відаць, з апошніх сіл ён трымаў свае нервы.

— Ведаю, вы і сёння гатовы пасадзіць Якуша на манную кашу,— выліваў свой боль.— Канечне, сёння Якуш вам руцінёр, а заўтра стане друз. Але Якуш не сыдзе з дарогі. Не сыдзе да апошняга дыхання.

Выказаўся Іван Тарасавіч і выйшаў.

Людміле няёмка было за бацьку, а яшчэ больш трывожылі словы Астаневіча, што пры гневе вялікія справы разбураюцца. Няўжо ўсё і разбурыцца ў іх? Няўжо ён пакрыўдзіўся? То гэта ж татка намалоў яму лухты.

— Зразумей, Ваня, адно,— папрасіла Людміла,— што ўсё перамагае каханне. Дык скарымся і мы каханню.

— Нічога, нічога,— зірнуў на гадзіннік Астаневіч.— Час лепшы лекар. Да пабачэння. Я пазваню,— і хутчэй, не інакш баяўся, каб не зайшоў Іван Тарасавіч ды зноў не намалоў лухты, вылецеў за дзверы.

У кватэры павісла нязвыклая цішыня. Цэлыя суткі тут бурліла жыццё: граў магнітафон, шапталіся закаханыя — карацей, зачыналася душэўная дзелавая гаворка пра новае жыццё, і нарэшце ўсё закончылася непрыемнай сваркай. Потым цішынёй. Нязвыклай і цяжкай цішынёй.

Няёмка стала Людміле, ой, як закружылася ў яе галава! Яна сціснула далонямі скроні і апусцілася на канапу.

Заўсёды, калі Астаневіч развітваўся з ёю, удакладняў наступную сустрэчу, а сёння толькі сказаў, сказаў холадна, абыякава: «Да пабачэння. Пазваню». А ці пазвоніць? Дамаўляліся ж разам пайсці на дэманстрацыю. Пасля дэманстрацыі ён збіраўся пагутарыць з яе бацькамі, каб потым, на другі ці на трэці дзень свята прыехаць да іх са сваімі бацькамі.

І на табе, пагутарылі...

Усё было б так хораша, каб не стала так сумна.

* * *

Раніца выдалася хмурая і туманная. Патыхала сіберным ветрам. Здавалася, што вось-вось паляцяць з неба белыя мухі, закружацца і ляжа зіма. Аднак неўзабаве набрынялае паветра замжыла вільгаццю.

«Асенняе надвор’е пераменлівае,— ідучы па вуліцы, разважаў Астаневіч,— увосень у адзін і той жа дзень чакай дажджу і снегу, а то і сонца...» Разважаў, а ў галаву неадчэпна лезлі прыкрыя думкі аб непрыемнай размове з Якушам. Цяпер зрэшты для яго было ўсё роўна — пагода ці дождж.

Яшчэ і яшчэ раз пакаяўся: не трэба было пераходзіць з Якушам на шчырасць, не трэба. Асабліва сёння. Быў бы Іван Тарасавіч цвярозы, з ім можна было б пагаварыць па-дзелавому. Праўда, Астаневіч, калі гаварыў, то меру знаў, а вось сапсаваў і яму свята і сабе. Нарабіў ён і сабе шкоды і Людміле. З таго, што здарылася, цяпер хоць дзівам дзівіся і надзівіцца няможна. Здаецца, апала душа і да Людмілы. Да таго, што сказаў бацька, яна, вядома, ні пры чым, а ўсё роўна між імі быццам раптам паўстала халодная сцяна.

На вуліцы віраваў паток людзей. То рабочыя, па-святочнаму апранутыя, ішлі да завода. Там фарміравалася калона на дэманстрацыю.

Астаневіч узышоў на мост — адтуль была відаць заводская плошча, на якой стракаталі рознакаляровыя фарбы — чырвоныя сцягі, белыя шапачкі жанчын, блакітныя і зялёныя пано...

Заводская калона праз пэўны час рушыла. Астаневіч памкнуўся насустрач, але перадумаў, вярнуўся. Ён лепш пастаіць, пачакае, калі калона дойдзе да моста, вось тады і далучыцца да яе шарэнгаў.

Па бліскучых рэйках пад мост прамчаўся пасажырскі цягнік. І зноў, бы срэбныя павуціны, стальныя рэйкі ў некалькі пар пайшлі далей, далей. Там, за даляглядам, калі ехаць электрычкай, жывуць яго бацькі. Пэўна, яны чакаюць сёння сына дадому, а ён... Вось стаіць панылы і з галавы ў яго не выходзіць адно: не, выскачкай ён ніколі не быў, не быў і невукам...

Успомніў Прынямонне, бацькаўшчыну.

Апошні свой адпачынак — гэта было зусім нядаўна — правёў дома. Якраз стаяла грыбная пара, і ён амаль не вылазіў з лесу. Штодня праходжваўся па-над рэчкай, у пахмурныя дні, калі губляў арыенціроўку, трапляў бывала ажно за глухое балота. І вось аднаго разу вяртаўся дадому хоць з поўным кошыкам баравікоў і падасінавікаў, аднак ледзьве ішоў, за дзень натаміўся да знямогі. Надвячорак быў ціхі. Калі Астаневіч набліжаўся да вёскі, пачуў, як заляскацелі калёсы. Азірнуўся — за ім ехаў чалавек на падводзе. Калі дагнаў, спыніў каня і прапанаваў: «Сядай, падвязу». Спярша па голасу, потым па абліччы Астаневіч пазнаў свайго былога настаўніка фізкультуры Пятра Пятровіча і адразу абрадаваўся. Дзе падзелася стомленасць. Які гэта для яго чалавек!

Пасля школы Астаневічу, як медалісту, можна было паступіць у любы інстытут. Падаў заяву ў авіяцыйны інстытут. Пакуль экзамены, трэба было прайсці медыцынскую камісію. Здароўе, адчуваў ён, было адменнае, таму спадзяваўся на ўсё лепшае.

Прайшоў і камісію. Тэрапеўт, хірург, уролаг далі выдатнае заключэнне; аналізы таксама што трэба. Колькі хвілін стаяў у калідоры і ад радасці не ведаў, што рабіць. Ён ужо на кані, ды што на кані, на сёмым небе! А тут залучае яго жанчына ў белым халаце і пытае, ці праверыў ён зрок? Што ж, калі ласка! Пайшоў да акуліста. Тая жанчына і акуліст у пенснэ сталі правяраць яго зрок. Паставілі перад алфавітам, што вісеў на сцяне, і папрасілі: перш чым чытаць, каб ён заплюшчыў адно вока. У верхнім радзе літары, як птушкі — усё прачытаў, у сярэднім, што казяўкі — «О» разабраў, астатнія ўгадаваў, «А» пераблытаў з «К». І другое вока падвяло.

— З вашым зрокам, малады чалавек, у авіяцыі няма чаго рабіць,— сказаў яму акуліст.

Астаневіч быў аглушаны. Папрасіўся, каб яшчэ праверылі яму зрок. Праверылі ў той дзень і назаўтра — усё роўна лепш не стаў бачыць.

А сапсаваў яго не дзе-небудзь, а дома, будучы школьнікам. З хатнім заданнем па матэматыцы, звычайна, распраўляўся хутка, потым чытаў. Многа чытаў. Калі за сталом станавілася цёмна — надвячоркам змрок у хаце згушчаўся хутчэй, чым на дварэ,— ён з кніжкай падаваўся бліжэй да акна. Чытаў, пакуль і ля акна не цямнела.

Прапаў настрой у хлопца. Тым больш што да пачатку заняткаў у інстытутах заставалася якіх дзён пятнаццаць. Значыць, адзін год у вучобе пэўна згублены. А там як пашанцуе.

Вярнуўся дадому расчараваны. І паколькі ў жыцці яго была першая няўдача, спярша не знаходзіў сабе месца, потым не спаў да позняй ночы, думаў, усё думаў, чым будзе займацца цэлы год. Так нічога суцешлівага і не прыдумаў.

Раніцай падняўся, узяў касу і пайшоў з бацькам на луг. А касіць ён любіў. Звычайна, як стане на сенажаці з бацькам — абодва высокія ростам, здаровыя, кожны як размахнецца, глядзіш, гоніць сабе пракос двухмятровай шырыні. Абліваючыся потам, з бадзёрым заклікам: «Хлопцы, не адставай!» — вёў на росным лузе за сабой рэй, а маці дома плакала і не магла наплакацца. Трэба ж гэтак не пашэнціць хлопцу. Ды каб іх поле было насеяна. Адзін у сям’і і той вырас слабы на вочы.

Якраз да іх у хату завітаў настаўнік Пётр Пятровіч. Маці, бядуючы, расказала яму пра сына.

Пётр Пятровіч прысеў на лаўцы, здавалася, вось ён паспачувае, уздыхне разам з ёю, на развітанне скажа, каб дужа не расчульвалася, бо слязьмі справе не дапаможаш, і пойдзе. Але, доўга не думаючы, Пётр Пятровіч загадаў:

— Хутчэй хлопца да мяне.

Прыбягае маці на луг, гукае сына: «Хутчэй, кліча настаўнік».

«Што магло здарыцца?» — спяшаючыся дадому, думаў Іван.

Пётр Пятровіч адразу загадаў:

— Збірайся, паедзем са мной. Толькі дакументы не забудзь.

Маці правяла іх да чыгуначнага паўстанка. Памахала ўслед хусцінкай. Паехаў зноў сын у белы свет, як у капейку.

У вагоне Пётр Пятровіч доўга не гаварыў з Астаневічам. Толькі папярэдзіў:

— У авіяцыю не атрымалася, пойдзеш вучыцца ў інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі.

Што заставалася рабіць хлопцу? Падумаў, разважыў: там, у авіяцыйным, тэхніка і тут тэхніка. Але, шчыра кажучы, глыбока тады не асэнсоўваў, менавіта чаму ягоны лёс павінен быць звязаны з тэхнікай. Проста тэхніка неяк бліжэй была яму. Таму і хацелася набыць любімую спецыяльнасць, каб ішоў на работу, як на свята.

Здаў дакументы ў інстытут, вярнуўся дадому і зноў за касу. Косіць з мужчынамі луг, стагуе сена і раптам атрымлівае выклік з таго інстытута.

Не ўчуўся, як праляцеў час за студэнцкай партай. Пасля заканчэння, помніцца, жартаваў: чаму за вучобу яму не далі ордэн. Не за вучобу, за дысцыпліну. За пяць гадоў не прапусціў ні аднае гадзіны заняткаў. Помніцца, аднойчы трапіў да сябра на вяселле. Пабыў колькі гадзін і стаў збірацца. Прасілі яго пераначаваць, застацца да заўтра, не ўпрасілі. Усё ж паехаў на заняткі. Не таму, што баяўся адстаць па праграме, баяўся даць сабе нават маленькую слабінку.

Пасля вучобы пакінулі яго на кафедры пры інстытуце, як лепшага, да таго яшчэ і здольнага студэнта. Праўда, дыплома выдатніка ён не атрымаў. З усіх дысцыплін на працягу вучобы здаў адну на «чацвёрку». Прапаноўвалі пераздаць.

— Не буду,— адмовіўся, а чаму — растлумачыў: — Гэта ўжо будзе называцца вымаганнем дыплома выдатніка.

Будучы ў інстытуце, Астаневіч пастаянна ўдзельнічаў у навуковым гуртку. Яшчэ з трэцяга курса яго захапіла тэма па дынаміцы машыны. Якраз прафесар Гудакоў, у якога ён займаўся, пісаў кніжку на гэтую тэму. Аднаго разу Астаневіч выказаў сваё жаданне зрабіць да кніжкі Гудакова чарцёжныя ілюстрацыі.

Далейшы яго лёс вызначыў просты выпадак. Гэта было ў пачатку вясны. Астаневіч прыйшоў на кафедру неяк дужа рана, недзе к васьмі гадзінам. Спадзяваўся закончыць да работы адну даволі складаную і каверзную ілюстрацыю. А тут у кабінеце ўжо сядзіць прафесар. Адразу падзяліўся з Астаневічам сваёй няўдачай.

— Вось другі дзень раблю перастаноўку ў формуле і ніяк не магу прыйсці да патрэбнага выніку.— І паказаў, колькі ён сапсаваў паперы.

Можа б, у той дзень прафесар і сам вывеў тую формулу, а тут у яго лекцыі, пасля лекцый трэба было адразу ісці на пасяджэнне ў рэктарат.

— Ну, калі вы маеце жаданне, паглядзіце,— і перадаў сваю формулу Астаневічу.— Паглядзіце, а я пастараюся скора вярнуцца.

Прысеў Астаневіч над формулой, пачаў думаць.

Праз гадзіну-дзве вярнуўся прафесар, адчувалася, што формула не давала яму спакою.

— Ну, як справы? — пацікавіўся ён.

— Ды вось, усё,— Астаневіч падаў яму некалькі лістоў.— Давёў да патрэбнага выніку.

Праверыў, разабраўся, сапраўды, давёў. Тады прафесар Гудакоў абняў Астаневіча, абняў моцна і ўсклікнуў: «Ды гэта ж эўрыка!» Потым сказаў:

— Пісаць вам кніжкі, дарагі мой выхаванец. Пісаць, пісаць...

Можа б, і яшчэ што дадаў прафесар — ён быў узрадаваны двойчы: па-першае, што формула даведзена, па-другое, што давёў яе не хто-небудзь, а яго любімы выхаванец, ды Астаневіч пад настрой прафесара ўлучыў сказаць сваё:

— Леанід Маркавіч, наконт маіх кніжак справа будучыні. Цяпер у мяне ўсё ідзе да таго, што давядзецца завесці сям’ю. Давайце ўявім сабе, што я ажаніўся. У мяне, як лабаранта кафедры, самі ведаеце які заробак. Жонка, скажам, студэнтка — у яе стыпендыя. Ажаніцца — трэба недзе ў горадзе здымаць які прыватны катух. А чым плаціць? А перспектыў для атрымання кватэры ў інстытуце, самі ведаеце, ніякіх.

Прафесар вёў сваё:

— У вас ёсць свой почырк... Вам трэба працаваць, тварыць...

Астаневіч сваё:

— Леанід Маркавіч, у сувязі з маім становішчам, адпусціце мяне лепш на завод.

— На завод? — прафесар падняў акуляры.— На завод хочаш? Вось і тут ты, відаць, падумаў лепш за свайго настаўніка. Напэўна, так будзе разумней. Сапраўды, на заводзе і жыллё атрымаеш, на заводзе і навукай займацца можна.

Назаўтра прафесар пазваніў галоўнаму канструктару завода:

— Пётр Васільевіч, у мяне добры работнік, вазьмі яго сабе на завод.

Быць вынаходнікам! І хоць гэта гучала высакародна — быць вынаходнікам, але такое, прызнацца, яму ніколькі не ўскружыла галаву, бо ён жа і рэкамендаваны сюды прафесарам дзеля вынаходніцтва.

І тут Астаневічу праз колькі дзён прапанавалі зрабіць адліўку корпуса каробкі перадач. Як ні кажы, з’явіўся ён з інстытута ды яшчэ з высокай характарыстыкай прафесара.

Астаневічу ў той час здавалася ўсё простым. Каробку перадач... Колькі ёсць гатовых схем каробак перадач, пачынаючы ад Фардзона і канчаючы сучаснымі цягачамі. Іншая справа мадэрнізаваць новую. Што ж, не такія галаваломкі даводзілася рашаць з прафесарам. Пасядзеў колькі над чарцяжом, сканструяваў тую адліўку. Аддаў у цэх, там зрабілі, сабралі корпус каробкі, і Астаневіч, вядома, быў акрылены поспехам.

З цэха выйшла машына з ягоным вынаходніцтвам. Іншыя, магчыма, над гэтай адліўкай сядзелі б не адзін тыдзень, аб нечым спрачаліся б, нешта даказвалі, а ён вынайшаў проста. І яго вынаходніцтва камісія блаславіла на заводскае выпрабаванне.

Пасля першых метраў, якія прайшоў за колькі секунд трактар з яго каробкай перадач, Астаневічу хацелася крыкнуць на ўвесь голас: «Што і трэба было даказаць!» Але ўстрымаўся, маўляў, навошта самому выхваляцца. Кожнаму відаць: вунь трактар ідзе поўным маршам. Зараз пачне манеўраваць хуткасцямі... Аднак радасць у Астаневіча была заўчасная. Пераадольваючы другую сотню метраў, трактар раптам чмыхнуў, заскрыгатаў. Адчувалася, што нешта заела ў яго нутры і... ні з месца.

Разабралі тую каробку і сам Астаневіч ахнуў: «Што не трэба было даказваць». Заварыла. Калі б раней не была вынайдзена зварка трэннем, то Астаневіч на гэты раз стаў бы яе вынаходнікам.

Давялося зноў вярнуцца да той каробкі, рабіць новыя чарцяжы, адліўкі. І зноў заварвала. Ды не адзін раз. І зноў праседжваў ночы напралёт, шукаў найлепшага варыянта. Не раз было яшчэ горкае расчараванне, не раз гатовы быў адмовіцца ад той каробкі, узяцца за нешта новае, ды ўпотай сам сябе падбадзёрваў: «Шукай, Астаневіч, і спадзявайся».

І ўсё ж, як бы там ні было, як ні пляскалася і не выпадала з рук, як ні расчароўваўся, а ў рэшце рэшт давёў да ладу тую каробку.

Калі яна прайшла заводскае выпрабаванне, нехта з канструктараў не пашкадаваў нават пахвалы, той захапляючай і ўрачыстай, якую прынята называць дыфірамбам. Ну, а паколькі Астаневіч ужо адзін раз апёкся на малацэ, то гатовы студзіць і на ваду, злаваўся, калі чуў пра свае нейкія там поспехі. Толькі калі трактар з яго адліўкай выйшаў на поле, калі сам папрацаваў на ім, калі папрацавалі на ім і бязлітасна прыдзірлівыя выпрабавальнікі, Астаневіч нарэшце зразумеў, што ніколі не трэба фігурыцца загадзя, каб потым не аканфузіцца.

Вярнуўся на завод з двайным пачуццём: прыемна было, што каробка з яго даводкай нарэшце пойдзе ў серыйную вытворчасць, а разам з тым на душы ў яго была і трывога: ён увесь час думаў і хваляваўся, ці не лёгкая выпадковасць у яго з гэтай адліўкай? Калі дапамагла яму шчаслівая выпадковасць, то хто ён тады ў канструктарскім бюро? Хваляваўся, думаў, пакуль не выклікаў яго да сябе галоўны канструктар завода. Ну, а пакуль галоўны не пачаў гаварыць, Астаневіч сам паскардзіўся:

— Аканфузіўся я, Пётр Васільевіч, чэснае слова, аканфузіўся з гэтай каробкай.

— Ты думаў, што адразу ўсё пайшло і паехала,— заўважыў яму галоўны канструктар.— А я табе раю: калі за новую справу ўзяўся, то зараней не хваліся. А наконт тае каробкі ты не аканфузіўся. Ніколькі не аканфузіўся. Добрую справу зрабіў і кажаш, аканфузіўся. То няўжо ты гэтакі канфузлівы і труслівы? А мы ж цябе збіраемся вылучыць на начальніка самага буйнага канструктарскага бюро, каб ты ўзначаліў бюро серыйнага трактара. А ён, бач, ты яго, канфузлівы які.

Пасля гэтых слоў Астаневіч адчуў, нібыта зямля захісталася пад ім. Ён ледзьве справіўся з той адліўкай, а тут на плечы яму непасільную ношу — давесці машыну да належнай нормы. А ў ёй жа страшэнны дэфект — на хаду знянацку адбываецца самавыключэнне перадач. Вось ідзе трактар з прычэпам пад гару і раптам адключаецца перадача — тармазі яго не тармазі, безнадзейна коціцца назад і, горшага нельга ўявіць. Таму перад галоўным канструктарам стала неадкладная задача: як найхутчэй ліквідаваць у новым трактары, які запушчаны ў серыйную вытворчасць, гэты дэфект. І выбар паў менавіта на Астаневіча.

— На сённяшні дзень у нас большай праблемы няма,— сказаў Пётр Васільевіч.— Надзейнасць машыны — вось што галоўнае. Трэба згуртаваць увесь калектыў.

Новая пасада — гэта, вядома, новая справа. Пакуль над тым злашчасным дэфектам не ўскрыкнуў на ўвесь голас: «Эўрыка», не адна бяссонная ноч прайшла ў яго, не раз падаў і ўзвышаўся духам, не раз паўтараў: «Дыхай, шукай, спадзявайся». І ўсё ж знайшоў. Дэфект у шасцярні рэдуктара быў ліквідаваны.

Потым,— а гэта адбылося недзе праз год,— Астаневіча вылучылі намеснікам галоўнага канструктара. На новай пасадзе ён яшчэ нічога асаблівага не зрабіў...

...Калона, упрыгожаная шматлікімі транспарантамі, чырвонымі сцягамі, урачыста і велічна набліжалася да моста. Астаневіч заўважыў Пятра Васільевіча, Гарадца... Яны ішлі наперадзе макета новага трактара. Астаневіч далучыўся да святочнай калоны.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

На першы погляд калона трактаразаводцаў, як і ўсе калоны іншых прадпрыемстваў горада, нічым асабліва не выдзялялася, хіба толькі сваёй даўжынёй — на дэманстрацыю выйшла недзе каля дзесяці тысяч рабочых.

Калі наблізіліся да Цэнтральнай плошчы, з урадавай трыбуны ўрачыста данеслася: «Слава рабочаму класу ордэнаноснага трактарнага!» — Прыемна пачуць прыемнае. Тут падзяка, і слава! Пашана, вядома, і дырэктару. Але Мікалай Ігнатавіч не дужа заспакоены гэтай «славай». Адразу пасля свята на заводзе ўсё пачне пераабсталёўвацца, наладжвацца на новую машыну. Будуць, вядома, зрывы, часам — няўвязкі па розных непрадбачных прычынах. У такіх выпадках, не сакрэт, з канвеера выходзіць меншая колькасць машын. Графік валавай прадукцыі рэзка падае. Хоць часова, але падае. Дзіва што. Завод не выконвае план — рабочым завода менш выдзяляюць нават і кватэрнага фонду. Што значыць рашуча і рэзка пераходзіць на новую машыну. Вось чаму асобныя кіраўнікі завода трымаюцца за старое. Іх ніхто не крытыкуе, не лае. Ім выгадна.

Але ці выгадна такое дзяржаве? Павялічыць вытворчасць на трыццаць сем — сорак працэнтаў, раяць Гарадцу ў міністэрстве, варта і магчыма паступова, на працягу пяці год. А ён насуперак правераным традыцыям імкнецца перайначыць па-свойму. Хай адразу з канвеера сыдзе менш трактароў, хай колькі месяцаў рабочыя не атрымаюць той прагрэсіўкі, затое завод зробіць рэзкі і небывалы разбег. Перакрые план на другі, на трэці год. Няўжо такое яму не ўдасца?

Шматтысячная калона трактаразаводцаў прайшла згуртавана і дружна.

Тым часам заводскі духавы аркестр зноў зайграў марш. То як жа інакш! З маршам прыйшлі на дэманстрацыю, з маршам і з дэманстрацыі.

Адкуль узялася зноў урачыстасць. Хто яшчэ ішоў пасярод вуліцы, пачаў падцягвацца. Паступова выраўняліся шарэнгі. Пасля марша, пад гукі аркестра калона дружна падхапіла песню:

 

С неба полуденного жара — не подступи!

 

Ну, а пасля дэманстрацыі, як правіла, за гасцінны стол. Дома ці ў суседа, а ўсё роўна за гасцінны.

Прызнацца, Мікалаю Ігнатавічу хацелася толькі дадому. Дома, ведаў ён, правядзе вольныя хвіліны сярод сваёй сям’і.

Нарэшце, калі Гарадзец стаў развітвацца з кім побач ішоў у калоне, адкуль узяўся Пётр Васільевіч — пасля Цэнтральнай плошчы, здавалася, ён адлучыўся наогул,— узяў Гарадца пад руку, сказаў:

— Ты ж ведаеш, Мікалай Ігнатавіч, я люблю арганізацыю.

Гарадзец насцярожыўся: няўжо галоўнаму інжынеру і на свята прыспічыла вырашаць якое пытанне? Бо кожную раніцу, калі Пётр Васільевіч заходзіць да яго ў кабінет, абавязкова пачынае: «Я люблю арганізацыю». Іншы раз вечарам, недзе а дзесятай гадзіне звоніць да яго на кватэру і зноў: «Мікалай Ігнатавіч, пакуль ты яшчэ не спіш... Здаецца, ты ведаеш, што я валагодскі мужык, не прывык з пустога ў парожняе пераліваць. Ну, дык вось, і «паколькі я люблю арганізацыю»,— і як пачне окаць, прагаворыць недзе з паўгадзіны. Няўжо Пётр Васільевіч цяпер зноў пачне пра сваю арганізацыю? І Мікалай Ігнатавіч набраўся цярпення паслухаць яго.

— Пакуль ты быў у Маскве, — пачаў Пётр Васільевіч,— я ўзяў на сябе ініцыятыву арганізаваць адно мерапрыемства.

— Можа, усе мерапрыемствы перанясём на пасля,— перабіў яго Мікалай Ігнатавіч, бо на вуліцы ён не хацеў зачынаць наогул ніякае дзелавое гаворкі.

— Не, не, толькі сёння,— стаяў на сваім Пётр Васільевіч.— Толькі сёння правядзем пасяджэнне на чале з вамі, генеральным дырэктарам. Праўда, надакучылі нам пасяджэнні, але што зробіш, на гэты раз правядзем непадобнае на ўсе пасяджэнні. Удзельнікаў запрошана чалавек трыццаць. Якраз і дзядзька мой прыехаў з Волагды. Мужык што трэба. Чырвоных ягад прывёз. А якіх ягад! Унук яго служыць на флоце. От яму, дзеду, за ўсё ягонае добрае надумаў прыслаць пасылку. Прыслаў пляшку каньяку і некалькі кансерваў. Пакаштаваў дзядзька той каньяк. «Нішто»,— кажа. Канфуз атрымаўся з кансервамі. Адкрыў, бачыць, нешта чырвонае ў кансерве, падобнае на дробныя ягады. Не спадабаліся яму тыя ягады. Дык от і прывёз мне тыя кансервы і кажа: «Можа, ты, Пятро, смак знойдзеш у гэтых ягадах, што пахнуць рыбай». Аказваецца, то — кансервы з чырвонай ікрой. Па-мойму, адменная закусь. От, трэба арганізаваць жонак...

— Дзякую за запрашэнне, пастараюся.

— Не, не...— Пётр Васільевіч злавіў на слове Гарадца.— Бачу, у цябе арганізацыя не тая. Запрашаю з жонкай, а ты... «пастараюся».

— То пастараемся.

І ўсё роўна Гарадцу не паверыў, бо ведаў, што не дужа ахвотна ён ходзіць на якія б ні было банкеты. Нават не прыйшоў на наваселле да яго, Пятра Васільевіча. А мог бы. І павінен быў бы прыйсці. Не проста па абавязку службы, як да галоўнага канструктара завода, а як да сябра свайго юнацтва.

Помніцца, заўсёды будзе помніцца Гарадцу, як пасля заканчэння машынабудаўнічага тэхнікума ён прыбыў сюды на трактарны і яго пасялілі ў інтэрнаце з маладым хударлявым канструктарам. У хлопца была пакалечана рука. Гарадзец спачатку падумаў, ці не на вайне собіла канструктару. Аказваецца, у вайну, маючы ўжо за спіной першы курс авіяцыйнага інстытута, Пётр працаваў у АТК каленчатых валаў на адным з ваенных заводаў. У сорак чацвёртым вярнуўся на вучобу. Пасля абароны дыплома папрасіўся на трактарны. Яго, як спецыяліста, з ахвотай прынялі ў канструктарскае бюро шасі. Неўзабаве, калі праявіў сябе, прызначылі начальнікам бюро новага праектавання.

Доўга прыглядаўся Мікалай Гарадзец да маладога канструктара, усё хацеў спытаць: дзе яму пашкодзіла руку, ды ўсё неяк не адважваўся. Нарэшце, калі давялося працаваць на суботніку — пілаваць бярвенні,— Мікалай прапанаваў ручку пілы Віктару Войцікаву, дужаму, жылістаму і цягучаму хлопцу, з якім Волагда прыбыў на трактарны. «Ты што? — ледзьве не пакрыўдзіўся Волагда.— Не глядзі так на маю калечаную руку. Я з маленства правай арудую, як і левай». Расказаў, калі яму ішоў сёмы год, ён памагаў старэйшаму брату Хведару па гаспадарцы — сена накасіць карове, дроў прывезці з лесу. Аднаго разу Хведар зачэсваў кол, а ён, Пятро, збіраў трэскі. Не ўчуўся, як падсунуў пад сякеру руку і Хведар незнарок цюкнуў яму па руцэ. Прывезлі ў бальніцу — тры пальцы былі чорныя, іх ампутавалі. Але Пётр не лічыў сябе калекам. Нават прасіўся добраахвотнікам на фронт. Адмовілі. Але ён ніколі не адставаў ад сваіх равеснікаў. Працаваў як трэба з рыдлёўкай, пілой, сякерай.

Ішоў час. Рос на заводзе малады канструктар. Рос і Коля Гарадзец. Непрыкметна Пятро Волагда вырас да галоўнага канструктара завода. Коля Гарадзец — да дырэктара. У кожнага з іх паявілася сям’я, дастатак. Адзінага не было — больш менш прыстойных жыллёвых умоў. У галоўнага канструктара на чатыры душы сям’і двухпакаёўка, і ў дырэктара — такая ж. Нарэшце гарвыканком выдзеліў кватэру. Раскошную, чатырохпакаёвую. А менавіта каму: дырэктару завода ці галоўнаму канструктару ў рашэнні гарсавета канкрэтна не было запісана. Не інакш, члены гарвыканкома думалі, што Гарадзец і Волагда між сабой хутчэй разбяруцца, каму з іх гэтая кватэра. Гарадзец, як толькі атрымаў рашэнне гарвыканкома на кватэру, адразу і павіншаваў Волагду з наваселлем.

Праз пэўны час, калі трохі абжыўся, абставіў пакоі неабходнай мэбляй, Волагда запрасіў на наваселле блізкіх знаёмых, суседзяў і — абавязкова Гарадца. Мікалай Ігнатавіч абяцаў, нават цвёрда абяцаў прыйсці з жонкай Лінай. І не прыйшоў.

...Цяпер, у час такога свята, зноў няпэўна Гарадзец абяцае Волагду. Пётр Васільевіч засумняваўся.

— Нешта не зусім веру ў тваю арганізацыю.

Дарэмна Пётр Васільевіч не давяраў Гарадцу. Мікалай Ігнатавіч не ханжа. І трошкі выпіць у кампаніі можа, і павесяліцца. Сяброў у яго многа. Ён самотна ніколі не бавіў свой час. І жміндай не быў. Знойдзенае сабе ў торбу не клаў. Нават апошнім рублём мог падзяліцца. Праўда, аднаго разу з-за свае шчодрасці займеў сабе ўрок надоўга. Помніцца, як за першую сваю рацыяналізацыю атрымаў ганарар. Сабраліся хлопцы, павіншавалі яго. Нехта намякнуў: «З цябе, Коля, належыць сёе-тое». Належыць дык належыць. Ён грошы на стол... Стаў частаваць хлопцаў, а сам пакаштуе, як дзяўчына, і моршчыцца. Тады Віктар Войцікаў не вытрымаў: «Не будзеш сам выпіваць, і мы не будзем». Што ж, перакуліў тады Гарадзец не адну чарку. А назаўтра свет быў не міл. От, з тае пары, як адсек. Нават на сваім вяселлі больш за кілішак шампанскага не ўзяў. І ўвесь час стараецца абыходзіць усялякія выпіўкі. Не раіць захапляцца гэтым «зеллем» і сваім падначаленым і блізкім сябрам. А сёння ж свята, такое свята! Можна пабываць у кампаніі, павесяліцца. Не абавязкова ж выпіваць. «Трэба, сапраўды, угаварыць Ліну»,— парашыў Мікалай Ігнатавіч.

* * *

Па праезджай частцы і тратуарах, урассыпную і купкамі, народ валіў ад Цэнтральнай плошчы ва ўсе канцы горада. Мікалай Ігнатавіч таксама спяшаўся дадому. Паабяцаў жа Пятру Васільевічу прыбыць да яго на кватэру. Каб жа не спазніцца. Самому якія зборы. Можна было б адразу і рушыць да Пятра Васільевіча. Але ж Ліна. А ў яе зборы дай божа. Хай у тэатр ці куды да сяброў — па меншай меры ёй, каб апрануцца, прычасацца, патрэбна добрая гадзіна. Тады ён парашыў пазваніць дадому. Хай пачынае збірацца. Ёсць жа магчымасць сэканоміць колькі мінут. Але не пашанцавала — не было двухкапеечнай манеты. Ідучы, думаў: не вялікая бяда, што не пазваніў жонцы. Пакуль яна будзе збірацца, тым часам ён выкліча таксі, у час паспеюць да Пятра Васільевіча.

Ліна Антонаўна — ахвочая пабываць на людзях, у кампаніі.

Як толькі пераступіў парог, гукнуў жонку. На кухні яе не было, у зале — таксама. Спальня зачынена. На кухні дзевачкі дружна хрумсталі кукурузныя палачкі.

— Дзе мама? — спытаў у дачок.

— Была ж дома.

Пастукаў у спальню: «Ліна, Ліна!» Мацней забарабаніў: «Ліна, што з табой? Адчыні». Яна ні слова. У такіх выпадках звычайна Мікалай Ігнатавіч нямее ад жаху: «Няўжо ў яе што з сэрцам? Няўжо? Вось табе і свята». Зноў клікнуў, зноў пастукаў у дзверы.

— Няўжо пайшла куды?

— Пальто ж яе вісіць,— сказала старэйшая, Марынка, не выпускаючы з рук пакет кукурузных палачак.— Ды і дзверы хто мог зачыніць у спальні з таго боку?

— Ліна! Ліна!

— Мама, мама, мамачка!..

Нарэшце шчоўкнуў замок — адчыніліся дзверы.

— Што здарылася? — Усе ахнулі ў адзін голас, заўважыўшы на яе вачах слёзы.

Яна часта кволілася сэрцам, але не падала духам, наадварот, казала: «Дайце супакоіцца. Я яшчэ павесялю вас». І слёзы на яе вачах рэдка можна было ўбачыць. Паплача калі над кніжкай, а каб са сваёй бяды — ніколі. І раптам у яе на вачах слёзы, буйныя, як боб, слёзы. Ды яшчэ не можа і слова прагаварыць.

— Буду выклікаць «хуткую».— Мікалай Ігнатавіч быў перакананы, што бяда і слёзы ў яе толькі ад сардэчнага прыступу. Але як ні дапытваўся — маўчала. Нарэшце павярнулася ніцма і зарыдала ў падушку. Тут ён кінуўся да аптэчкі, каб узяць валідол, дочкам загадаў: «Хутчэй вады».

— Ды што, што з табой? — не разумеў Мікалай Ігнатавіч.— Вазьмі валідолу ці валяр’янкі, можа? Ты супакойся, яно пройдзе. Толькі не расстрайвайся. Падыміся, вазьмі таблетку.— Стаў памагаць, каб прыўзняць яе.— Ліна, Ліна...

— Адыдзіся ад мяне. Прашу цябе, адыдзіся...— Голас яе адчайны і рашучы.

Нічога не разумеў Мікалай Ігнатавіч: ці яе хто пакрыўдзіў, ці што ў галаву набрала?

— Тата, ёй пройдзе, вось толькі паляжыць мама, і добра стане ёй,— сказала Марынка.

«Так-то так,— падумаў Гарадзец, — але ж...»

— Ліна, я прашу цябе, супакойся.

— То няўжо гэта можа быць няпраўда? — яна прыўзняла галаву. Плечы яе зноў закалаціліся.

— Ты пра што, Ліна?

— Пра тваю жонку...

— ?

— Пра твайго сына...

Гарадцу ўсё стала зразумела. Вось толькі хто ёй сказаў, адкуль яна даведалася?

А здарылася такое не выпадкова. Звычайна, калі Мікалай Ігнатавіч прыязджаў на абед з завода, а Ліна Антонаўна тым часам была ў школе, то, як трэба было што перадаць жонцы або дочкам, пісаў запіску. Аднойчы такую запіску машынальна паклаў сабе ў кішэню пінжака. А там было запрашэнне ў тэатр. Сам прыехаў туды ў час, а жонкі няма. Пазваніў дадому і сказаў, што ён жа запіску ёй пісаў. Ліна Антонаўна здзівілася: «Якую запіску, дзе яна ляжыць?» Тады Мікалай Ігнатавіч успомніў, куды паклаў запіску. І Ліна Антонаўна з цягам часу прызвычаілася заўсёды правяраць кішэні яго пінжака, спадзеючыся, можа, у кішэні яго зноў ляжыць якая тэрміновая запіска. На гэты раз, калі Мікалай Ігнатавіч паспяшаўся на дэманстрацыю, а Ліна Антонаўна ўзяла пачысціць яго касцюм, з кішэні якраз відаць была паперка. Разгарнула, стала чытаць. Няўжо куды зноў запрашае? Спачатку нічога не разабрала. Потым прысела, перачытала раз, другі... Аказалася, што запіску напісала яму жанчына. А ў той жанчыны ад яго расце сын. Значыць, скора прыедзе сын. Рая хворая. А можа, і яна прыедзе? І вырашыла, што ён ездзіў у Маскву толькі таму, каб сустрэцца з ёю і сынам. Значыць, ён жыве на дзве сям’і. Жыве і не прызнаецца. Столькі прайшло год, а ён самае патаемнае хаваў ад яе. Значыць, вось ён які зацяты. Хаваў ад сям’і, ад людзей.

Паклала тую запіску ў кішэню, кінула касцюм на вешалку. А сама, нібы ўчадзелая, зайшла ў спальню. Паглядзела ў акно — нічога не ўбачыла, зірнула на сябе ў люстэрка — твар збялелы... Спачатку старалася супакоіцца, каб не заўважылі яе крыўду дзеці. Ды раптам нясцерпны боль паласнуў па нервах.

Роспачы не было канца.

Заставалася адзінае — выліць крыўду слязьмі. І яна вылівала. Плакала, пакуль не выплакала ўсе слёзы.

Як ні ўгаворваў Мікалай Ігнатавіч, як ні тлумачыў, што Раю ведаў да жаніцьбы, сына толькі ўпершыню ўбачыў учора — не хацела слухаць, не верыла. А калі пазваніў яму Пётр Васільевіч і спытаў, што здарылася, чаму затрымліваецца, Гарадзец чэсна і шчыра адказаў: рады бы прыйсці, але не можа.

— І зноў не падабаецца мне твая арганізацыя, Мікалай Ігнатавіч,— уздыхнуў Пётр Васільевіч.— Заўсёды ты рады прыйсці, ды не можаш.

— Лічыце ў такім выпадку, што я прысутнічаю з вамі.

— Не прызнаю гасцей-завочнікаў.

— Ліна не можа, а таму і я не магу,— растлумачыў Мікалай Ігнатавіч і, перад тым, як пакласці трубку, яшчэ раз папрасіў прабачэння, што з-за жонкі не можа прыйсці.

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

Пасля таго як Астаневіч ляпнуў за сабой дзвярыма, Якушу стала нібыта крыху лягчэй на душы, лягчэй і спакайней, што не быць таму яго зяцем. Праўда, можа, Людміла і не зразумела яго, думаў Якуш, яна яшчэ зялёная, многа чаго ў жыцці не разумее. Не разумее, мабыць, і таго, што Астаневіч, будучы толькі знаёмы з ёю, ужо гатовы тут верхаводзіць, а калі зяцем стане, то загаспадарыць не менш, як у сябе дома. Відзён, відзён адразу гэты Астаневіч. Што ні слова, то калючкай і нарэшце — от жа дзялец які! — спадцішка, ды яшчэ з нейкай там сваёй філасофіяй рашуча і без промаху дзяўбе ў самае цемя. Ды за што? Калі гаварыць шчыра, то ён, Якуш, не так ужо і абразіў яго, Астаневіча, а паказаў, што ўмее пастаяць за сябе. Не, Якуш яшчэ не спісаны, рана на яго пальцамі тыцкаць.

Праўда, разумеў Якуш, што з Астаневічам у яго атрымалася не дужа прыгожа. На пачатку дня, як у добрых людзей, у кватэры грала музыка, смяялася дачка і на табе — з-за нейкай там нетактоўнасці амаль што ўсё: і радасць дачкі, і святочная настраёвасць — звяліся на пусты канец. Сапраўды, навошта было яму зневажаць Астаневіча, ну, хай напісаў ён тую дакладную. Калі райком задумаў праверыць, як укараняецца на заводзе новая тэхніка, не ён, Астаневіч, іншы напісаў бы. Можа б, іншы і больш рэзка абазваў яго. Супакоіўшыся, Якуш стараўся разважаць аб’ектыўна. Але адно слова «руцінёр» працінала яго наскрозь. Што можа быць ганебней для яго? Няўжо за дваццаць год работы на заводзе толькі і заслужыў публічную знявагу...

Гневаўся, злаваўся Якуш на Астаневіча, а разам з тым разважаў інакш: і ўсё ж не тут, у сваёй кватэры, трэба было зачынаць з ім гаворку пра пленум. Будзе ён зяцем ці не — гэта ўжо іншае, а вось не трэба было паказваць яму на дзверы.

Зайшоў на кухню, расчыніў халадзільнік. Мора закусі — якой толькі рыбы няма. І ў пляшцы не пуста. Ёсць чым і крыўду заліць і чарвяка замарыць. Пастаяў, разважыў: вось ён глыне яшчэ і яшчэ. Можна набрацца аж да чорцікаў. Жонкі ж няма дома — ніхто не перашкодзіць. Пад добрай мухай ён стане героем. Ды раптам — такое свята сёння — хто патыкнецца да яго ў госці. З цвярозым чалавекам ён пачне малоць лухту. А будучы п’яным, нядоўга ж і гонар згубіць, чалавека пакрыўдзіць. Праўда, ён не зласлівы, потым сам не рады будзе, а пакрыўдзіць можа адразу. Таму халадзільнік мусіў зачыніць.

Прайшоўся па калідоры. У кватэры, як у пустым вуллі. Толькі чуваць, як на кухні з крана капае вада.

Закруціў. А чаго ёй капаць? Вунь у суседа накапала, што праз столь прасачылася. І пляма рудая засталася. Калі не глядзець угору, пляму можна і не заўважыць, але ж усё роўна непарадак. З-за суседа, вядома. Але што суседа вінаваціць — сусед, як і ён, Якуш, начальнік цэха. Як пойдзе раніцай на завод, вяртаецца дадому толькі нанач.

У калідоры таксама не свежа. Што ў калідоры, у зале, калі добра прыгледзецца, нават сцены абшарпаны. Будучым летам, думае Якуш, пачнецца ў яго кватэры вясёлае жыццё. Хочаш не хочаш, а давядзецца закасваць рукавы. От толькі дзе ўзяць фарбы і ўсё да фарбы. Але ж дасць бог дзень...

Падышоў да кніжных паліц. Якой толькі літаратуры няма ў яго. Тут зборы твораў і Герадота, і Дастаеўскага, і Цвэйга... Стаў прыгадваць, што ён не прачытаў з уласнае бібліятэкі. Дакладней, лягчэй назваць, што прачытаў. У маладыя гады асіліў «Марыю Сцюарт» Цвэйга, а вось «Идиота» Дастаеўскага так і не дачытаў да канца.

Позірк затрымаўся на тоўстай, як цагліна, кніжцы — «Біблія». Стаіць яна сярод кніг вось ужо гадоў пяць і ніякае карысці з яе — ніхто ў сям’і не прачытаў. А вось страту яна прычыніла, прычым, двойчы. Першы раз, калі вяртаўся з завода — якраз тады нёс палучку — сустракае яго пажылы чалавек ля Палаца культуры. Перш чым павітацца, сказаў яму нараспеў: «Блажен, кто посетил сей мир», а потым пытае па сакрэту: «Біблія» трэба?» — і паказаўшы з-пад крыса, сказаў: «Цягнуцца не буду, за чырвонец аддам». Якуш паглядзеў тую кніжку, адгарнуў вокладку — славянскі шрыфт, сапраўды, рэдкая кніга. На першым лісце, дзе пачынаецца «Первая книга Моисеева» быццам уласнаручна сам Марк Твэн фіялетавым чарнілам наклаў строгую рэзалюцыю «Даваць Біблію дзецям — злачынства (М. Твэн)». Дзяцей у Якуша не было, ды і чырвонец не вялікія грошы — раскашэліўся. А другі раз яна прычыніла страту зусім нядаўна — неяк схаваў ён за Біблію пляшку спірту. Жонка, думаў, святымі кнігамі не цікавіцца, дык дзе ж той пляшцы больш надзейнае месца, як не за Бібліяй. Стаяла тая пляшка месяц, другі. Не было з кім яе распіць. А позняй восенню, калі зачыхаў — баяўся, каб не захварэць на грып — надумаўся зрабіць сабе тым спіртам сякую-такую прафілактыку. Аднаму, вядома, не з рукі. Да кампаніі запрасіў суседа. Тым часам жонка і закусь падрыхтавала. Нават з-пад крана ў два кубкі халоднай вады наліў. Пайшоў браць той спірт, дастаў Біблію, а за Бібліяй — пуста. Быццам той святы Майсей і прычасціўся яго спіртам, нават пляшку здаў. Спытаў у жонкі — тая смяецца: «Во, калі ты ўспомніў пра яго». Аказваецца, прыехаў да Марыі родзіч. Кніжкі ён любіў і чытаў многа. Пацікавіўся, што за вялізны такі том. А за ім — поўная пляшка. Зняў пробу — спірт. Як было Марыі не пачаставаць госця. Якраз і водаправодчык тады зайшоў. Выпілі. Марыя даўно і забылася пра той спірт. А ён толькі цяпер спахапіўся. Давялося тады Якушу бегчы ў магазін. У суседа ахвота была выпіць, ды і ў самога настрой з-за таго спірту сапсаваўся — от ён і расшчодрыўся, купіў ажно дзве пляшкі «Экстры». Так што Біблія яму каштуе двойчы па чырвонцу... А так многа кніг у яго зачытаных, усе па тэхніцы — старыя падручнікі, даведачная літаратура...

Пачуўся званок. Пакуль Іван Тарасавіч варажыў: тэлефон зазваніў ці хто прыйшоў, Людміла хуценька выбегла ў калідор, узяла трубку. Больш слухала, чым гаварыла. Потым сказала: «Я зараз» і паспяшалася да сябе ў пакой.

Калі ў калідоры перад люстэркам Людміла глянула на сябе, паправіла шарф, калі стала адчыняць дзверы, Іван Тарасавіч пацікавіўся:

— Ты пойдзеш куды?

— Замуж пайду,— рэзка адказала яна і, павярнуўшыся тварам да бацькі, паўтарыла: — Пайду замуж, татачка.

Ведаў, добра ведаў Іван Тарасавіч, што яго Людміла любіць падражніцца. Змалку яна капрызуля і свавольніца. Калі што не па ёй, надзьме губкі, уставіцца вачыма ў адну кропку і, як мумія, будзе маўчаць. Спытаеш, напрыклад, дзе конаўка, каб вады напіцца: «У магазіне»,— адкажа. Альбо калі, скажам, раніцай ці ўдзень пачне збірацца куды, не інакш у школу ці кіно, і, калі спытаеш, маўляў, куды пойдзеш, зноў нешта выдумае, накшталт: «Зоркі з неба даставаць». І на гэты раз ляпнула, відаць, што трапіла на язык. Пайшла і нават не папярэдзіла, калі вернецца. От жа, характар. Хацеў Іван Тарасавіч падацца ўслед за ёй, адчыніць дзверы і ўпікнуць з лесвіцы, каб яна сказала, калі дома будзе, але не стаў назаляцца. «Можа, узахвоцілася пайсці на дэманстрацыю,— падумаў,— свята, то няхай сабе пагуляе».

Прысеў Іван Тарасавіч на канапе і ўцюрыўся ў красворд: «Партовы горад на Дняпры». То які ж можа быць партовы горад на рэчцы? На моры, лічы, яны ўсе партовыя, а вось на Дняпры... Тут нейкі дзівак, мабыць, пажартаваў. Круці мазгамі цяпер. Гэта нешта падобнае на тое, як некалі яму задалі загадку: як паставіць чатырох салдат у адным боце? Думаў ён на рабоце, думаў і дома. Не спаў і ўночы. А разгадка зусім простая: трэба зняць у кожнага салдата па аднаму боту і будуць сабе стаяць чатыры салдаты ў адным боце.

Зноў забрынчэла ў калідоры. Колькі разоў Іван Тарасавіч збіраўся перамяніць сігнальны званок. І ўсё неяк не выпадала: то няма калі схадзіць у магазін, то не знаходзіў ніштаватых, каб сігналы яго неяк адрозніваліся ад тэлефонных. Цяпер вось і думай: тэлефон гэта званіў, ці хто просіцца ў дзверы? Спадзявацца не было на каго, пайшоў у калідор. На ўсякі выпадак падняў трубку, сказаў:

— Я вас слухаю.

— Ці ты не пайшоў на дэманстрацыю? — пачуў голас жонкі.

— Не пайшоў,— а чаму не пайшоў, удакладніў: — Не здаровіцца.

— Чым вы займаецеся там? — пацікавілася яна.

— Гледзячы хто,— на Івана Тарасавіча раптам напаў кашаль. Калі адкашляўся, адказаў: — Я, напрыклад, плаваю па Дняпры. Шукаю партовы горад... А Люду паклікаць не магу. Люда пайшла. Куды, пытаеш, пайшла? Замуж пайшла... Я не зусім яшчэ п’яны і ніколькі не жартую. Я спытаў у яе, куды пойдзеш? «Замуж»,— адказала.

У трубцы пачуліся кароткія гудкі. Не інакш раззлавалася жонка і больш не захацела з ім гаварыць. Паклаў і ён трубку. Прайшоўся па калідоры. Развёў рукамі, ахнуў: чорт ведае, што атрымалася. Зяця ён прагнаў, дачка без дазволу замуж пайшла. Усё шыварат-навыварат. Вось і жонка, ніколі раптоўна не перапыняла размовы, на гэты раз — рашуча і рэзка. А можа, ён які вар’ят? Навошта быў яму той Астаневіч, навошта было агрызацца з ім? Цяпер гэты Астаневіч зманіў яго дачку. Пайшла сама да яго. Канечне, да яго. І не пасаромелася, не пабаялася. А ўвогуле чаго ёй баяцца? Дарослая дзяўчына жаніха не баіцца.

Цяпер яму хоць чортам свішчы. Жонка яшчэ досвіткам пакінула яго ў пасцелі. Пазваніла і не сказала, калі вернецца. Свята і на табе... На макава зерне тае віны ў яго, а хоць галасі голасам ці збірай манаткі ды ідзі ўпрочкі з хаткі.

* * *

Звечара Марыя Іванаўна ўсё чакала, варочалася з боку на бок, прыслухоўвалася, ці скора пойдзе Астаневіч. А дванаццатай, першай і другой гадзіне ночы выходзіла ў калідор, усё баялася: «А раптам! З маладымі цяпер усё можа быць — каб без пары, барані божа, не паверыла яму. Дарма, што адукацыі хапае. Ды ўсё яшчэ вецер у яе галаве — калі ўцюрылася ў яго, калі не праганяе ад сябе, то каб цёмная ночка не збіла яе з панталыку, каб не ашукаў яе». Не, у пакоі ўвесь час гарэла святло, ён усё нешта гаварыў ёй, яна смяялася, смяялася звонка і шчасліва. Потым Марыя Іванаўна стала нервавацца: «От жа паршыўка, ведае, што ўсе спяць, што глыбокая ноч, а яна ўсё не нацешыцца. Не тоіцца ні таткі, ні маткі». Вярнулася ў спальню, паляжала, падумала, і ўсё ж паспачуваўшы дачцэ, разважыла: — «А што таіцца? Кашлю і любві не ўтоіш,— і ўздыхнуўшы, заключыла: — І ўсё ж, трэба было ёй цішэй ».

Пазней, ужо а трэцяй гадзіне, наважылася пастукаць да іх у дзверы і спытаць, калі нарэшце яны ўгамоняцца, нават зазлавала і гатова была папрасіць Астаневіча, дакладней, напомніць яму, што ўжо трэцяя гадзіна ночы, ці не пара падумаць, каб хоць колькі адпачыць перад дэманстрацыяй. Злезла з ложка, ускінула на сябе халат ды не адважылася, нядоўга ж і адбіць жаніха. А доля дзявочая незайздросная. Замуж, калі хочаш — не скочыш. Пахадзіла па калідоры, зазірнула ў шчыліну — усё гавораць. Зноў лягла. Раз-пораз уздыхаючы, думала: хто дачок не мае, той гора не знае, а яшчэ думала: ці добры з яго муж будзе, ці будзе яе любіць і слухаць...

Так і не ўчулася, як звяла вочы, заснула. А калі прачнулася досвіткам, першае, што прыйшло ў галаву, ці выбраўся з кватэры Астаневіч? На вялікае дзіва, у пакоі Людмілы ўсё яшчэ блішчэла святло і яны, маладыя, гаварылі сабе, гаварылі, як і звечара. Не стала ім перашкаджаць — сабралася і пайшла на службу, да сябе ў інтэрнат, каб жа людзей арганізаваць на дэманстрацыю. А спаць, о, як хацелася спаць. Пазяхала, пазяхала і думала: не ёй першай, не ёй апошняй насталі такія перажыванні. Спакон веку павялося: калі дачку аддаваць — ночак не спаць. Вось толькі гледзячы за каго аддаваць. У вёсцы, здаецца, для маці нявесты куды прасцей, там жаніха кожны ведае, а ў горадзе...

За шаснаццаць гадоў, як Марыя Іванаўна працуе нязменным камендантам рабочага інтэрната, колькі яна павыдавала замуж дзяўчат, ажаніла хлопцаў. Не проста гуляла на вяселлях, вяселлі — гэта ўжо вянец усёй справе, а пакуль тое вяселле, як магла, старалася спярша выведаць жаніха: ад якіх ён бацькоў, колькі зарабляе, каб жа і не гуляка быў і не п’яніца. Быць сваццяй для Марыі Іванаўны, здавалася, большай узнагароды не было. Не проста сваццяй з боку нявесты. Менавіта той нявесты — хай яна інжынер ці штампоўшчыца — а каб яна і работніца добрая была. А яшчэ, каб нявеста не адной прыгажосцю вылучалася, а каб умела з толкам апрануцца і капейку сэканоміць, карацей, каб будучы муж сказаў пра сваю будучую маладзіцу, што жыве, як у казцы, і пра лепшую долю не памышляе нават.

Да хлопцаў у Марыі Іванаўны была больш строгая мерка. Па-першае, каб ён не быў гулякам. Варта заўважыць ёй хлопца, які падбівае кліны да той ці іншай дзяўчыны, падпітым,— назаўтра, не тое, што адгаворвае ад яго нявесту, а рашуча папярэджвае, каб шукаў сабе прыватную кватэру. У рабочым інтэрнаце яму не месца. Па-другое, не цярпела гультаёў. Калі ён абыякавы да работы і мала палучае — гэтак асарамаціць яго на людзях, што моташна яму стане. Больш таго, калі палянуецца, скажам, пагаліцца ці папрасаваць касцюм, а ідзе куды на вечар — не выпусціць з інтэрната. Адзінае, што магла дараваць жаніху, гэта калі ён курыць. Ведала, што хоць курэнне і шкодзіць здароўю, але ж разважала яна адкрыта пры дзяўчатах нават, што дзе такіх набярэшся жаніхоў, каб і не піў, і не курыў ды яшчэ не падгульваў. У рэшце рэшт з яе лёгкай рукі і ладзіліся ўвогуле добрыя сем’і.

Калі начальства хваліла каго з яе выхаванцаў, Марыя Іванаўна не забывала падкрэсліць потым: «Што значыць — не прапусціць зарніцу!» Яно і праўда, на заводзе з майстрамі яе інтэрнатчыкі восем гадзін, а з ёй, Марыяй Іванаўнай, увесь астатні час сутак ды яшчэ два выхадныя. «Ну, а калі яшчэ і ў майстра не казённая душа,— гаварыла яна,— калі і ён, майстар, не прапусціць зарніцу, паклапоціцца пра сваю змену — лічы, што мы дарэмна не працавалі, што заўтрашні дзень будзе куды лепшы». Менавіта такі дзень Марыя Іванаўна зычыла кожнаму і ўсім. Сваёй дачцэ — таксама.

Астаневіча мала ведала. З выгляду, здаецца, нішто сабе хлопец: рослы, самавіты, спакойны. І з галавой, відаць. Не скажаш, каб у яго тая мудрасць сыпалася з языка, як з поўнага меха проса, але ж калі ў такім узросце падняўся да намесніка галоўнага канструктара, то, мабыць, нечага варты. Не падабаецца толькі адзінае ў яго: чаму нанач прыйшоў? Запрасіў бы яе, ну хоць бы на танцы, кіно ці ў тэатр, урэшце хай бы ўвесь выхадны правёў з ёю, а то ўначы. І, глядзі ты, да раніцы прадудзіў. Сам не спаў і яе бедную мучыў. Ці ён выхваліцца захацеў, што гэтак кахае яе, сохне па ёй, ці на самай справе такі ўжо ўлюбчывы. Паспрабуй цяпер раскусіць яго, тым больш, што ў жаніха — гэта ўжо ісціна — мех золата і мех падману.

Пасля таго, як пазваніла дадому і муж сказаў, што Людміла «замуж пайшла», Марыя Іванаўна вырашыла неадкладна выведаць усю паднаготную Астаневіча. Хоць бы той Астаневіч віды меў не на яе дачку, на якую дзяўчыну з інтэрната, усё роўна пастаралася б навесці даведкі: адкуль ён родам, хто яго бацькі, і, абавязкова, колькі яму год? Хоць Астаневіч, разумела яна, сам можа расказаць пра сябе, але ж, калі верыць той ісціне, што ў жаніха мех падману, то чыстае праўды ад яго, як і ад многіх цяперашніх жаніхоў, не чакай.

На другім паверсе ў сорак дзевятым пакоі жыў з сям’ёй слесар-наладчык па прозвішчу Астаневіч. Марыя Іванаўна мусіла зайсці да яго, пацікавіцца, можа, ёсць якія скаргі на суседзяў, можа, халасцякі, што жывуць побач, рана не кладуцца спаць, дэбашыраць, а заадно — гэта ўжо як бы між іншым — спытаць, кім яму даводзіцца намеснік галоўнага канструктара: зямляк, родзіч ці проста ў іх адно прозвішча?

На той час слесара Астаневіча ў інтэрнаце не было — пайшоў на дэманстрацыю. На руках з малым дзіцем, падобным на прыгожую ляльку, сядзела на ложку, падставіўшы пад ногі невялічкую табурэтку, жонка Астаневіча. Валасы яе былі павязаны белай хусткай, праз якую прыкметна вытыркаліся бігудзі. Не інакш, пасля дэманстрацыі Астаневічы некуды збіраліся пайсці.

Зачыніўшы за сабой дзверы, Марыя Іванаўна перш за ўсё павітала гаспадыню са святам. Потым акінула позіркам пакой: ці чыста, прыбрана? А як жа! Калі займаюць пакой у інтэрнаце, то няхай і парадак належны вядуць. Праўда, у пакоі было ўтульна і чыста. Прыдрацца не было да чаго.

Слесару Астаневічу зусім нядаўна мясцком выдзеліў гэты пакой. Помніць Марыя Іванаўна, як прывёў ён вечарам сваю, вось гэтую жонку. На ёй тады ледзьве сыходзілася паліто. Яна ціха пайшла з ім у пакой. Ціха і пражылі яны, пакуль сям’я прыбавілася ў іх. І цяпер не чуваць, каб гэтае дзіцё калі падавала голас. Самі ціхія людзі, і дзіця іх спакойнае.

— Праходзьце, прысядзьце, Марыя Іванаўна,— запрасіла каменданта Астаневічыха і тут жа спахапілася, дзе ж ёй прысесці — на адным крэсле стаіць швейная машына, на другім — ляжыць толькі што адпрасаваная бялізна. Дзіцяці дала соску, паклала яго на ложак, а сама хутчэй вызваліла для Марыі Іванаўны крэсла, з-пад тае бялізны.

— Гэта муж ваш выпадкова не родзіч Астаневічу, намесніку галоўнага канструктара? — прысеўшы на крэсла, раптам без ніякага падыходу спытала Марыя Іванаўна. А навошта яшчэ падыход які? Што тут сакрэтнага? Родзіч дык родзіч, а можа, гэты Астаневіч наогул не ведае таго Астаневіча, то чаго дарэмна гуляць у хованкі, рашыла яна.

— Не, не родзічы яны,— зноў узяўшы дзіця на рукі, адказала жанчына.— Гэта маёй маці яго бацька нейкая там радня, а Толіку майму той Астаневіч не родзіч. З аднае вёскі мы: і я, і Толік мой, і Астаневіч, той канструктар.

— А я думала, што родзічы яны, а то б і цюкнула яму: «Як гэта ты, канструктар, ды сваякам не паможаш кватэру дабіцца».— Тут Марыя Іванаўна сказала няшчыра. Хоць бы і родзічы яны, канструктар, вядома, не заікнуўся б пра кватэру. Тым больш што гэты Астаневіч усяго без году тыдзень, як працуе на заводзе. Хай дзякуй скажа, што пасялілі іх у інтэрнаце.

— Ды ў нас сям’я невялікая, пажывём яшчэ і тут.

— Гэты пакой цёплы, сонечны,— Марыя Іванаўна акінула гаспадарлівым вокам і сцены, і столь.— То, канечне, можна пажыць і тут. Ну, а калі прыбавіцца сям’я, то можна будзе і земляка патурбаваць, Астаневіча, кажу.

Марыя Іванаўна працярэблівала сцежку ў адным кірунку.

— Калі тое будзе яшчэ,— засаромелася Астаневічыха.— Тут аднаму дзіцёнку рады не даць. Бабкі ні ў яго няма, ні ў мяне. А ў яслі рана яшчэ. Дык во я і няньчу сама. А што ж рабіць? Цяпер знайсці няньку ого. Калі сядзіць дзе вольная бабка, ёй пенсіі хапае. Не хоча мучыцца з чужым дзіцёнкам.

— У таго Астаневіча, канструктара, ці ёсць хоць бабка?

— Ды ці ж цётка Хрысціна сюды паедзе? У яе ж і гаспадарка і дзед.

— Крэпкая яшчэ кабета, Хрысціна, пытаю?

— Нічога. Помню, на Іванавым вяселлі падпіла трохі і скакала яшчэ.

— На вяселлі якога Івана? — насцярожылася Марыя Іванаўна. Няўжо яны гавораць пра розных Іванаў.

— На вяселлі сына свайго,— растлумачыла Астаневічыха.— Во, які ў нас тут на заводзе канструктарам.

— Івана Астаневіча, намесніка галоўнага канструктара?

— Ага, канструктара гэтага.

У вачах Марыі Іванаўны адразу ж пацямнела, і сэрца яе затухкала часта. Ды чаго ёй палохацца? Ні калі было, ні калі будзе гаворка тая пра вяселле, ды, можа, і ніколі яе не будзе, а ўжо, ну, што за бабскае нутро, гэтак за душу яе ўзяло. Ды, праўда, неяк ачомалася, няёмка ж выдаваць сябе перад гэтай Астаневічыхай.

— А дзе ж цяпер жонка яго, Астаневіча гэтага? — тут Марыя Іванаўна нават сама заўважыла, што не стрымала сваё хваляванне.

— Пажылі яны адзін год і разышліся.

— Дык ён цяпер што, адзінокі?

— Ну, я ж кажу, разышліся,— паўтарыла Астаневічыха.

Пасля гэтых слоў у Марыі Іванаўны як гара звалілася з плячэй. І на душы палягчэла і ў вачах пасвятлела. Настроілася далей слухаць.

— А што вы так дужа пра яго? — Астаневічыха заўважыла павышаную зацікаўленасць Марыі Іванаўны да Астаневіча.— Пра канструктара? Пэўна ж, ведаеце добра Івана Акімавіча?

— Пажаніліся, кажаш, і разышліся,— Марыя Іванаўна цягнула за язык Астаневічыху. А каб распытаць, чаму развёўся з жонкай, зноў зманіла: — Гэта ж ён тут клінне падбівае да адной нашай дзяўчыны, дык я во прыйшла праведаць у цябе, што ён за чалавек і чаму развёўся.

— Чалавек ён харошы,— не адразу пачала Астаневічыха.— І бацька харошы яго, і матка. Як кажуць у нашай Сенніцы пра іх, з людзей людзі яны. Ажаніўся, а як жа, і жыць збіраўся. Яно можна б было Таісе і жыць прыпяваючы з ім. Іван палучае многа. Жалаванне ў яго высокае. А яшчэ часцяком прыбаўкі бярэ за свае новыя чарцяжы. Тут, у рэстаране, вяселле яны ладзілі... Адных музыкаў пятнаццаць чалавек было. Вяселле дык вяселле наладзіў. А яна, Таіса яго, у фату якую прыбралася. Праўда, у чужую, напракат брала. На вяселле начальства высокае прыйшло. З жонкамі. А як жа? Падарункаў цэлы стол нагрузілі. Не абы-якіх там прасцірадлаў — калі гадзіннік, то пазалочаны, лыжкі і тыя пазалочаныя... Да багацця ды яшчэ багацце яму. Ёй можна было б і жыць прыпяваючы, кажу. Ну, і пачалі яны жыць. Яна таксама інжынер нейкі, толькі не канструктар. Бацька рабочы чалавек, шафёр. Ціхі, спакойны. А мамка — ад яйка адалье і скажа, што такое курыца знесла. Праўда, двое малодшых дачок, не інакш, па бацьку пайшлі — такія спакойныя, самавітыя, а што за Іванам была — уся мамуля. Ды і мамулі той, калі б да толку, фанабэрыцца не было чаго. На швейнай фабрыцы прасаўшчыцай была, рублёў якіх па семдзесят у месяц зарабляла. А пястуху сваю ва ўсё моднае апранала. Спекуляцыяй займалася — чым толькі не гандлявала: і крышталём, і пуховымі хусткамі. Абы свежая капейка. Муж ёй грошы не даваў. «Даць ёй грошы,— казаў,— усё роўна, што вар’яту брытву». Затое яна яго і не глядзела. Ні есці не варыла, ні абмывала. Зносіць ён адну кашулю, а носіць заўсёды нямытую, от, яна закарэе, тады спаліць яе ў печы і купляе новую. А грошы ёй не даваў. І ўсё роўна яна фанабэрылася. Удаюцца ж такія людзі — хоць у кішэні грыўня, а на рубель задавання. Во, такая цешча ў Івана была. І дачка ад яе ўсе крошачкі падабрала. І пасля вяселля жывуць яны месяц — есці ў рэстаран ходзяць, жывуць другі — і другі месяц з рэстарана харчуюцца. Тады Іван пытае, дакуль гэта будзе? Сама варыць не ўмела — прывезла да сябе сваю матку. Іван прынясе зарплату, аддасць ёй, а цешча пакуль гешэфт які зробіць — не тое, што ў рэстаран, іншы раз бульбы не было за што купіць... А сустрэў яе Іван... калі б у сваім горадзе, а то недзе — у чужой дзяржаве. Ён туды ад завода ездзіў па што, а яна — з турыстамі свету пабачыць. Ён дарогай і ўцюрыўся ў яе. На вяселлі потым усе разводзілі рукамі — ні чырвані на яе твары, ні ўсмешкі, ну жывая мумія. Іншы раз стане што казаць, быццам ад мамчынай цыцкі нічога не ела, ну, усё роўна, што плача. Але аднаго разу як зазлавалася, казалі, на Івана — секла, што з кулямёта. Хрысціна, як убачыла першы раз нявестку і ўтонула ў крэсле: «А мой ты сыночак,— адчайна пляснула рукамі? — Дзе ж ты такую заморачку знайшоў? Яна ж і старэнькая, і нядужанькая. Ці ёй есці дома не давалі, ці яе пошасць якая точыць». Старая, што думала, тое і казала. А нявестка затаіла на яе лютую злосць. Спачатку маўчала. Што ёй свякруха — тая жыла недзе за сто вёрст. А потым, калі старой трэба было зубы паставіць, Іван запрасіў яе да сябе. Пакуль карэнні павырывалі ёй, пакуль зажыло ў роце, ды прымеркі ўсялякія рабілі, старая і жыла ў сына. Іван то ў камандзіроўцы, то на заводзе позна, а нявестка — са свякрухай. Сядзіць дзень са старой у хаце — хоць бы слоўца ёй сказала. А калі старая дзе ступіць не так, адразу бурчыць ды бяжыць з анучай падціраць за ёй. А варыць нічога не варыць. Сама ідзе ў сталоўку снедаць, абедаць і вячэраць, а старая сядзіць галодная. І не скажа ёй, каб што ела. Гэтак помсціла свякрусе за тую заморачку... Прыйдзе Іван увечары, пакорміць чым яго, а старая, што чужая, сядзіць сабе на канапе. Ні людскага слова ёй, ні кавалка хлеба. Але сыну расказваць не хоча, каб з-за яе сварку не ўшчыналі. Зварыць сабе нішчымнае бульбы і сядзіць, чакае новых зубоў... І што здарылася потым. Ішла гэта яна ў бальніцу, дзе зубы рабілі ёй, і ўпала. Прыскочыла «хуткая дапамога». Праверылі — сэрца як сэрца ў яе, здаровае. А чаму знепрытомнела — аслабла з голаду, Іван да яе: «Што, мама, з табой?» Паплакала, паплакала старая і прызналася. Іван, канечне, не стаў хваліць за гэта сваю жонку, а яна ў злосці і выпаліла: «Шкада, што не апруцянела твая мамачка». Што яму заставалася? Праўду кажуць старыя людзі: перш чым выбраць нявесту, даведайся хто яе матка. Дык я кажу, што яна ўся мамуля. Тая есці мужыку не давала, а дачка — свякрусе. Тое самае дачакаўся б і Іван. Дык ён пажыў, пажыў з ёй і развёўся. Хто ж з такой сцервай ужыве. А маладзіца, калі не паважае маткі свайго мужа, яна столькі паважае і мужа. Во як, Марыя Іванаўна, быў уліп наш Астаневіч. То калі харошая дзяўчына, няхай выходзіць за Івана. Каяцца не будзе. Чалавек ён добры і бацькі яго, я ж кажу — з людзей людзі.

Падзякавала Марыя Іванаўна Астаневічысе за параду і пайшла. А выйшаўшы ў калідор, яшчэ не зачыніўшы за сабой дзверы, пашкадавала, што падзякавала. Не дужа паверыла яна Астаневічысе. Так ужо нявестка і замарыла свякруху голадам. У іх нешта было іншае, далібог, іншае. Калі сям’я распадаецца, адну жонку вінаваціць няма чаго. А яна, Астаневічыха, хоць і далёкая родзічка, ды бач, як выгарадзіла сваяка. Маліся цяпер на яго, і толькі. А Людміле, бадай, не прызнаўся, што быў жанаты. Значыць, вось у чым яго мех падману. Не, пакуль яна жыве, такому не бываць. Ды хоць бы ён і арол, а калі быў жанаты, то як сабе хоча, арол курыцы не пара. Ці ж яна, Людміла, старая дзева? Нават апошняй дзяўчыне з інтэрната Марыя Іванаўна і то не параіла б выходзіць за такога. Хай выбірае сабе жонку з тых, якія таксама пабылі замужам. Столькі цяпер адзінокіх баб. А яе дачцэ няма чаго падбіраць мужчыну, якога пакінула нейкая там жанчына. Тут яшчэ невядома, хто каму з іх рогі наставіў. Калі ён, то не трэба забываць, што першую жонку бог дае. А родзічка, бач хітруха, кажа, калі харошая дзяўчына, то няхай выходзіць. Для яе дачкі першага ды і адзінага мужа таксама бог дасць. І хлопца! Сама не выходзіла абы за каго і дачцэ сваёй не дазволіць.

 

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

Як толькі выйшла Людміла, мінут праз пяць, а можа, і таго меней, Якуш пачуў званок. Дзынкнуў ён асцярожна — быццам хто крадком прасіўся ў яго кватэру. Сам ён, калі вяртаўся дадому, націскаў на кнопку моцна, званок так брынчэў, што мог нават соннага разбудзіць. Яго Марыя таксама не саромеецца пасігналіць. Не любіць падоўгу стаяць пад дзвярыма. Людміла ніколі і нікога не просіць — заўсёды носіць свой ключ. «То хто ж можа гэтак асцярожнічаць?» — ідучы да дзвярэй, думаў Якуш.

Адчыніў. За парогам стаяў Ціўчанка. Прыфранціўся — ну, хоць у першую шарэнгу дэманстрацыі станаві яго. У цёмна-шэрым габардзінавым паліто, не інакш, толькі што з атэлье, у капелюшы з шырокімі палямі... Наогул, колькі памятае Якуш, Ціўчанка заўсёды любіць апранацца. Нават у цэх прыходзіць, як служачы — у добрым касцюме, пад гальштукам. Бывае, што нават у белай кашулі. Там пераапранаецца ў рабочы камбінезон.

Ціўчанка чакаў, што вось зараз Іван Тарасавіч усклікне, маўляў, рады душой цябе прыняць, Павел Яўгенавіч. А Якушу на той момант нібы мову адняло. Толькі лыпаў вачыма: калі заявіўся Ціўчанка, то не інакш, яго абавязала дырэкцыя, каб выявіў прычыну, чаго ён дома. Што ні кажы, а візіт Ціўчанкі не выпадковы. У начальства ён быў на добрым уліку. Перадавіком. Любіць выступаць на сходах. Ён з сакратаром парткома, нават з дырэктарам завода ледзьве не на «ты». У кабінет да іх заходзіць без ніякае чаргі. Дзіва што! Абіраўся дэпутатам гарадскога Савета.

— Стаю гэта я ля свайго пад’езда,— усё ж пачаў Ціўчанка,— бачу ідзе ваша Людміла. На дэманстрацыю. Я пытаю: «А татка з мамкай ці пайшлі?» — «Не,— кажа,— мамка пайшла, а татка дома, нечага нездаровіцца яму, адзін сумуе». То я во...

— Няўжо і ты не пайшоў?

— Не пайшоў, Тарасавіч,— уздыхнуў Ціўчанка.— Вось так, як і вы, засумаваў. Таксама нездаровіцца нечага. Дай, думаю, пайду да Тарасавіча. Удвух, можа, весялей будзе.

— Што ж, заходзь тады.— Якуш шырэй адчыніў дзверы.— Распранайся. Уключу тэлевізар. Парад і дэманстрацыю паглядзім.

Каб павесіць сваё паліто, Ціўчанка папрасіў у Якуша вешалку з плечыкамі. Толькі з плечыкамі, бо не хацелася яму ў агульным гардэробе мяць новае габардзінавае паліто. Якуш не такі ўжо ашчадны да свайго адзення, таму ледзьве не агрызнуўся, маўляў, гэтакі ты ўжо пан, каб табе шукаць недзе ў шафе тую вешалку, але што было рабіць — гаспадар перад госцем заўсёды нявольнік — мусіў ў шафе ўсё ж вызваліць вешалку з-пад сваіх сарочак і падаць Ціўчанку.

Павесіўшы паліто, Ціўчанка насоўкай сцёр уяўляемы пыл на століку каля тэлефона, паклаў капялюш. Потым нагнуўся, каб зняць свае лакіраваныя чаравікі.

— Не трэба разувацца,— Якуш спрабаваў адняхаіць Ціўчанку. Баяўся, калі распрануўся, ды яшчэ разуецца, то можа доўга і заседзецца. А таго не ведаў, што Ціўчанка не толькі ў гасцях акуратыст. Ён і дома, асабліва перад кожным святам, не давярае ні жонцы, ні дочкам праводзіць, як ён называе, генеральную ўборку. Жонка, скардзіўся, заўсёды спяшаецца, не толькі пыл, павуціну можа дзе не дагледзець.

Карацей, у сваёй кватэры ўсё сам даводзіў да бляску. Вось чаму ён і ў Якуша разуўся. У адных шкарпэтках — Іван Тарасавіч ці забыўся прапанаваць яму тапачкі ці лішніх не было — Ціўчанка, сігаючы шырокімі жоўтымі ступакамі, скіраваў у залу, дзе стаяў тэлевізар.

Здагадаўся Якуш, што Ціўчанка прыйшоў да яго не паглядзець на святочныя перадачы па тэлебачанні. Ля тэлевізара мог бы пасядзець і дома. Завітаў, мабыць, па іншай патрэбе. Ну, а перад тым, як уключыць тэлевізар, Якуш прапанаваў:

— То, можа, чарку возьмеш?

— Тут і без чаркі нездаровіцца нечага,— перад тым, як прысесці на мяккае крэсла, уздыхнуў Ціўчанка.

Хай бы на заводзе ці на вуліцы, Якуш не змоўчаў бы Ціўчанку за яго няшчырасць — відаць жа, што ён, як кроў з малаком, да таго яшчэ гэтак прыфранціўся, ну, а ў сваёй кватэры ды на свята ўстрымаўся ад такога камплімента. Якуш даўно ведае Ціўчанку, не толькі як суседа па доме, але — як і рабочага лякальнага аддзялення. На працягу пятнаццаці год нічым ён асабліва не вылучаўся. Усе выконвалі план, і Ціўчанка выконваў. Ніхто з рабочых не спазняўся на змену, і ён прагулаў не меў. І раптам сталі заўважаць Ціўчанку. За якія заслугі, за што — ніхто з лякальшчыкаў толкам не ведаў. А між іншым Ціўчанку паднялі зусім выпадкова. Аднаго разу дырэктару завода спатрэбілася ў сваім дакладзе назваць лепшых рабочых. Ён папрасіў хоць адно прозвішча — з інструментальнага. Начальнік цэха, прызнацца, нікім асабліва не захапляўся, усе неяк роўна ішлі — ні ўдарнікаў не было, ні прагульшчыкаў. «Але ж, ну, хто, хто ў цябе больш-менш?» — дамагаўся дырэктар. «Ну, хто, хто, — начальнік з ходу асабліва нікога не мог назваць і, хто трапіўся на язык, сказаў: — Ды вось, супраць Ціўчанкі нічога не маю...» І ў сваім дакладзе дырэктар, пералічваючы лепшых прадстаўнікоў завода, назваў і Ціўчанку. Пасля таго Ціўчанка пачаў актыўнічаць: не так на рабоце, як на сходах: калі не выступаць, то стараўся хоць задаць якое пытанне. Ну, а калі, скажам, хутчэй за Кірэйчыка на якія паўгадзіны раней мог зрабіць юстыроўку прасцейшага прыбора, то пра тыя паўгадзіны каму толькі не хваліўся: і начальніку цэха, і сакратару цэхавога партыйнага камітэта... Нарэшце ўсе заўважылі, што Ціўчанка праяўляе ініцыятыву ў грамадскім жыцці. І калі сталі вылучаць кандыдатаў ў дэпутаты гарадскога Савета, нехта на сходзе выгукнуў і яго прозвішча. Што ж, супраць кандыдатуры Ціўчанкі пярэчанняў не было. Ніхто яго не забалаціраваў і на выбарах. Так Ціўчанка трапіў у гарадскі Савет і з ахвотай паставіўся да сваіх дэпутацкіх абавязкаў. Калі нават і грыпаваў, на дэпутацкія пасяджэнні ўсё роўна з’яўляўся. Ну, а калі ўдавалася яму зрабіць нешта карыснае, афішыраваў грамадскасці. Аднаго разу ў аўтамагазіне «налева» прадавалі пакрышкі. Стаў Ціўчанка збоку, паназіраў, палічыў, колькі выбілі чэкаў, а калі работнікі прылаўка заявілі, што ўсё прадалі, ён, як дэпутат, да дырэктара і выявіў жулікаў. На гэты раз і рабочыя адзначылі яго заслугі.

Можа б, і цяпер Ціўчанка быў на ўзлёце, калі б не прыгледзеўся да яго паўважлівей сакратар парткома завода Свірыдзёнак. Інжынер па адукацыі, ён доўгі час працаваў у райкоме партыі і навучыўся добра разумець людзей. Калі Ціўчанка трапіў да яго на прыём і стаў расказваць пра свае дэпутацкія поспехі, пра тую ахвоту, з якой ён адносіцца да грамадскай работы, Свірыдзёнак адразу спытаў, менавіта, што ён, Ціўчанка, хацеў бы ад партыйнага камітэта завода?

— Што хацеў бы я...— не адразу пачаў Ціўчанка.— Спачатку хацеў бы сказаць, хто я такі. Па біяграфіі я з беднякоў, з мнагадзетнай сям’і. Як трохі выцыбкаўся, не пайшоў лёгкага хлеба шукаць, а пасля ФЗН як паслалі мяне на Урал прынімаць, так сказаць, рабочую загартоўку, там я і загартаваўся, ды так, што і тут, на заводзе, самі ведаеце, ніколі маху не даю. А падумаць толькі, колькі я здароўя аддаў, каб сённяшні наш трактар паказаў клас ва ўсім свеце. Вы пытаеце, што я хацеў бы ад парткома — скажу. Па-рабочаму, чэсна скажу. Каб партком завода такіх, як во я, не абыходзіў увагай. Дзеці мае падрастаюць — не сёння, заўтра могуць спытаць: а што ты, татка, заслужыў ад завода?.. Я ўжо не кажу пра ордэн, хоць бы я паказаў дзецям медаль які. А я што, шыш пакажу ім? То каб партком, таварыш Свірыдзёнак, не быў чорствым да такіх рабочых, як я. Вось што хачу ад парткома.

Свірыдзёнак не ведаў, што адказаць Ціўчанку. А тут пазванілі яму, што праз колькі дзён на завод прыедзе рабочая дэлегацыя з Урала. Яе трэба сустрэць. Пажадана б некаму з рабочых перад гасцямі і выступіць. Тут якраз, падумаў Свірыдзёнак, Ціўчанку і козыр у рукі.

— Вось так мы дамовімся, Павел Яўгенавіч,— паклаўшы трубку, загаварыў сакратар. — Тое, што вы сказалі ў адрас парткома, я цяпер не магу ні прыняць, ні абвергнуць. Пра гэта мы яшчэ пагаворым. А цяпер я вас папрашу, каб вы выступілі перад уральцамі. Госці да нас з Урала прыязджаюць. Раскажаце, як вы на Урале атрымалі рабочую загартоўку.

— Трэба, дык выступлю,— пагадзіўся Ціўчанка.

А недзе за суткі перад тым, як віншаваць дэлегацыю, прыходзіць да сакратара і пытае:

— А калі маё выступленне будзе гатова?

— Калі падрыхтуеце, тады будзе і гатова.

Тады Ціўчанка больш канкрэтна спытаў:

— А хто мне пісаць будзе тое выступленне?

— Як хто? — здзівіўся сакратар.— Самому трэба падрыхтавацца выступіць. Калі патрэбны якія дадзеныя, вазьміце ў парткоме. Самі будзеце выступаць, самі і рыхтуйцеся.

— Тады я выступаць не буду,— адмовіўся Ціўчанка і наважыўся пайсці. Але Свірыдзёнак не стаў яго затрымліваць.

Вітаць уральцаў запрасілі іншага рабочага, у якога таксама пачыналася працоўная дзейнасць з Урала. А Ціўчанка нават не прыйшоў на сустрэчу з гасцямі. Ну, а калі ў парткоме сталі абгаворваць кандыдатуры для выбараў у гарадскі Савет наступнага склікання, Свірыдзёнак выказаў пра Ціўчанку сваю думку.

— Ды гэта, па-мойму, чалавек, які адасабляецца ад мас, ставіць сябе ў выключнае становішча, я супраць яго кандыдатуры,— і рашуча паўтарыў: — Супраць катэгарычна.

Так Ціўчанка больш і не трапіў у дэпутаты. Мала таго, на нядаўнім партыйным сходзе гэтак скубянуў яго інструктар райкома партыі таварыш Цітавец, што Ціўчанка пачаў скардзіцца на бяссонніцу, расстройства нервовай сістэмы. І цяпер, на свята, у яго яшчэ бальнічны лісток.

Хто, хто, а Якуш разумеў Ціўчанку да драбніц. Таму са шчырай прыязню хацеў сказаць таму нешта прыемнае. Толькі што? Пахваліць яго шыкоўнае габардзінавае паліто, крымпленавы касцюм — Ціўчанка не жанчына. То чым залагодзіць яго? Хай бы спачатку ў суседа паявіўся добры настрой, а там, глядзі, і ён падзяліўся б сваімі думкамі. Во і яму, Якушу, зараз не соладка.

Недарэчы ўспомніў Якуш пра ягонага пляменніка Віктара Кудрэйку, пахваліў таго, маўляў, дзядзьку абганяе ў тым-сім.

— Што цяпер маладым,— аж зморшчыўся Ціўчанка.— На талерачцы ім адукацыю, спецыяльнасць падносяць. Не паспее абцерці з вуснаў мамчына малако, яго пачынаюць і заўважаць. А стане лезці ўверх па службовай лесвіцы, сам нагу не падніме, яму — памогуць. Напачатку я памагаў яму, цяпер — Свірыдзёнак. Замест таго, каб мне памагаць, кадраваму рабочаму, дык ён жаўтароціку, пляменніку майму памагае. Во як палучаецца.

— Маладым усюды ў нас дарога,— сказаў Якуш.— Таму пляменнік і абганяе дзядзьку.

— А ці даўно гэта было,— уздыхнуўшы, пачаў успамінаць Ціўчанка...

...Спярша Цімох даслаў ліст Ціўчанку, каб ён, швагер, загадзя падумаў пра пляменніка, куды лепш яму падацца? Каго-каго, а сына Цімох мог даручыць толькі Ціўчанку. Ён доўга працуе на заводзе, да таго яшчэ — сам жыццё нагамі перамераў. То хто ж, як ні ён, швагер Ціўчанка, параіць хлопцу, куды падацца.

Калі Цімох прыехаў з сынам да Ціўчанкі, той спытаў:

— А куды ты сам, Віктар, хочаш?

— Уласна кажучы, мяне вабіць інжынерная дзейнасць. І наогул, у наш век што можна лепшае прыдумаць.

Ціўчанка запрасіў пляменніка на завод, паказаў той пакой, які адведзены слесарам-лякальшчыкам, дакладней — сваё рабочае месца. На прасторным стале Віктар заўважыў драўляныя футаралы з наборамі дакладных прыбораў. Дзядзька апрануў шэры халат. Дастаў з кішэні акуляры. Прысеў. Паказаў пляменніку адзін, другі прыбор, расказаў, як вядзецца замярэнне вуглоў пры дапамозе прыбора. І першае, што Віктар заўважыў: яго дзядзька вельмі падобны на інжынера, занятага доследнай работай, а светлы і чысты пакой, дзе ён працуе, на лабараторыю.

— Тут мы рамантуем і правяраем самыя дакладныя вымяральныя і оптыка-механічныя прыборы,— сказаў Павел Яўгенавіч.

— Прыборы для чаго? — не разумеў Віктар.

— Ну, як табе прасцей сказаць...— Ціўчанка разумеў, што хлопцу трэба растлумачыць усё, трэба неяк і зацікавіць сваёй работай, а раптам ён і займее ахвоту стаць слесарам, і ён, падбіраючы словы, тлумачыў:

— Тыя прыборы, што мы правяраем, рамантуем, разыходзяцца па ўсіх цэхах завода. Імі карыстаюцца інжынеры, канструктары, тэхнолагі, майстры, рабочыя. Такім чынам, разумееш, калі рамантуеш які прыбор, не маеш права памыліцца нават на тысячную долю міліметра.

Тады Віктар звярнуў увагу на рукі Паўла Яўгенавіча. Рукі яго мяккія, адчувальныя, позірк — уважлівы. Не інакш, падумалася тады Віктару, што яго дзядзька хоць і просты слесар-лякальшчык, а майстар высокага класа. Ён, нібы чараўнік, пранікае ў дзівосны свет мікронаў. Яшчэ Павел Яўгенавіч пахадзіў з Віктарам па цэху, паказаў галоўны канвеер.

Пакуль Віктар хадзіў з дзядзькам па заводзе, вырашаў куды яму падацца, бацьку яго, Цімоху, не было як сядзець без справы — сабраўся дадому, а сыну сказаў:

— Даручаю цябе дзядзьку. Хочаш быць чалавекам — слухай яго.

Віктар кіўнуў галавой, нібы падзякаваў бацьку. А правёўшы яго да трамвайнага прыпынку, сказаў:

— Калі, тата, я не прыеду ўслед за табой, пісьмо прышлю.

Увечары Віктар не пайшоў нікуды: лёг спаць а дзевятай гадзіне, але доўга варочаўся. Усё думаў. Назаўтра прачнуўся рана. Дзядзька спытаў, ці паедзе дадому.

— Не, разам з вамі пайду, Павел Яўгенавіч.

Пакуль дзядзька галіўся, мыўся, Віктар, седзячы за сталом, сапсаваў колькі чыстых аркушаў паперы. Потым спытаў у дзядзькі, на чыё імя заяву пісаць?

— Якую заяву? — не зразумеў Ціўчанка.

— Ну, што я ў рабочыя хачу, на ваш трактарны.

— Што ж, калі ў рабочыя, то давай пішы: «Прашу прыняць мяне вучнем у інструментальны цэх».

На першым часе Віктар жыў ў дзядзькі на кватэры. Многа аб чым распытваў у яго. Што ведаў, Ціўчанка расказваў пляменніку, расказваў, як ён прыжываўся тут, на заводзе, і ўсё думаў: а як жа Віктар прыжывецца?

— Недзе праз месяц-другі Віктар пачаў з абурэннем расказваць дзядзьку, як асобныя станочнікі працуюць: абы дзень да вечара, з халадком, іншы раз спазняюцца на змену, больш таго — выпіваюць на ўчастку.

Аднаго разу Віктар нават зрабіў заўвагу аднаму халтуршчыку. Той адказаў: «А табе, малакасос, больш за ўсіх трэба?» Тады ён счапіўся з ім і яго дружбакамі, спытаў, хто тут гаспадар? Няўжо іх сумленная работа неабходна толькі дырэктару? Гаспадары — гэта ты, я, усе рабочыя. Усе ў адказе за работу завода, таму што яна, гэтая работа, складаецца з тых крупінак, якія кожны ўносіць у агульную справу. Ад гэтага ў канчатковым рахунку залежыць і выкананне плана, і фонд матэрыяльнай зацікаўленасці, і ўсё астатняе... Вам толькі б адбыць сваё ды хутчэй у «забягалаўку».

Пазней Ціўчанку расказалі, як Віктар быў узяўся за аднаго свярдлоўшчыка. Залатыя рукі ў таго чалавека. Але ж такі ўжо п’яніца, што не адыходзячы ад станка пахмяляўся. Віктар сарамаціў яго, маўляў, што ты робіш, няўжо ты прапіў і гонар, і сумленне. Той толькі пасміхаўся: «Сорам не дым, вочы не выесць. А сумленне не сала — працёр і адстала». Дайшло да таго, што Віктар Кудрэйка заявіў начальніку цэха: «Або ён, гэты свярдлоўшчык, застанецца тут, або я». Зволілі п’яніцу. А бракаробы! Зробіць іншы дэталь з дэфектам і ўсякімі праўдамі-няпраўдамі стараецца здаць кантрольнаму майстру. «Падумаеш,— кажа,— брак жа невялікі». І не задумваецца над тым, што, калі бракаваная дэталь будзе пастаўлена на трактар, машына раней часу выйдзе са строю, а то можа нават апынуцца ў аварыйным становішчы. Віктар неяк сказаў аднаму: «А калі б гэтую дэталь для самалёта рыхтаваў, здаў бы ў АТК, яе паставілі б на лайнер, уяўляеш, што магло б з самалётам і пасажырамі здарыцца ў палёце?» — «Эх, куды хапіў,— без згрызоты сумлення адказаў той,— то самалёт, а гэта трактар».

Не раз выступаў Віктар і на сходах. Па-дзелавому, чэсна і смела ён ставіў праблемныя пытанні ў цэху. «Разумны хлопец»,— сталі гаварыць пра яго рабочыя і кіраўнікі цэха. А неўзабаве Віктар Кудрэйка паступіў у інстытут. «Во, чаго ён рэдзьку драў! Каб кар’еру сабе зрабіць»,— пагаворвалі потым асобныя дзялягі. Пасля заканчэння інстытута Віктар вярнуўся ў той жа цэх. І адразу яго прызначылі майстрам.

Спачатку радаваўся Ціўчанка за свайго пляменніка — як ні кажы, а пад яго ўплывам хлопец уліўся ў рабочае асяроддзе. Радаваўся і, калі шчыра сказаць, то крыху і зайздросціў. Усё жВіктар куды глыбей пачаў гнаць сваю баразну, чым некалі Ціўчанка. А то аднаго разу пахваліўся сваей сястры, што сын яе, Віктар, усё ж апраўдвае яго надзеі. Калі не звяжацца раптам з благой кампаніяй, можа стаць добрым гаспадарнікам, перад ім можа адкрыцца нават зайздросная будучыня. Не, Віктар быў не з таго дзесятка, каб траціць набыты, хоць яшчэ невялікі, аўтарытэт. І Ціўчанку было прыемна за племянніка, прыемна да таго часу, пакуль той не выступіў з дакладам перад дырэкцыяй. Ён даказваў, што пасля таго, як у рэспубліцы створана адзінае трактарнае аб’яднанне, якое ўвабрала ў сябе восем вялікіх і малых заводаў, «інструментальную» праблему неабходна вырашаць на адным галоўным заводзе. Тады астатнія заводы, даводзіў ён, у аб’яднанні пазбавяцца інструментальных аддзяленняў, якія часам не зусім адпавядаюць патрабаванням тэхнічнага ўзроўню сённяшняга дня. Такая рэарганізацыя ў сваю чаргу, вядома, сканцэнтруе на вышэйшым узроўні нават слесараў-лякальшчыкаў. І тут Віктару задалі пытанне: «А хто, на вашу думку, можа ўзначаліць слесараў-лякальшчыкаў?» Віктар зрабіў паўзу. І катэгарычна заявіў, што такой кандыдатуры ён пакуль не бачыць сярод нашых лякальшчыкаў.

Як нажом па сэрцы Віктар Кудрэйка разануў тады Ціўчанку. Сказаў бы, што адразу цяжка яму назваць такую кандыдатуру, трэба падумаць, а то, як адсек — не бачыць такой кандыдатуры. Заявіў бы такое хто іншы — чужому можна было б дараваць, чужое ні свеціць, ні грэе, а то — свой.

Да глыбіні душы Ціўчанка тады пакрыўдзіўся на Віктара. Нават калі той запрасіў яго на сваё вяселле, не пайшоў.

З цягам часу ў Ціўчанкі крыху прайшла злосць на пляменніка — што зробіш, думаў ён, калі ў Віктара халодная кроў, калі для яго ўласная кар’ера, можа, даражэй за родную матку. І ўсё ж, калі хто памінаў пра Віктара, адварочваўся або стараўся зрабіць выгляд, што наогул не чуе пра свайго пляменніка. А тут Якуш, ціпун яму на язык, запытаў пра Віктара. Лепш бы ўжо маўчаў, глядзеў свой тэлевізар.

А камеры паказвалі дэманстрацыю. Якраз ішла калона трактаразаводцаў.

— На гэты раз наша сябрына сабралася, бач якая,— Якуш паказаў на экран.— Толькі нам з табой нечага нездаровіцца.

Наконт сябрыны ён сказаў шчыра, сапраўды, трактаразаводцы і на дэманстрацыі паказалі сябе дружна, а вось наконт таго, што ім нездаровіцца, тут Якуш няшчыры. Хто, хто, а ён, Якуш, мог бы пайсці на дэманстрацыю, збіраўся нават, калі б не сапсаваў настрой Астаневіч. А наконт Ціўчанкі... Але тут ён сам прадаўжаў:

— Вось ты пра Віктара гаварыў. Віктар, я табе казаў, пачаў рабіць сабе кар’еру, як толькі паявіўся на заводзе. Галава ў яго не тое, што ў нас.— Ціўчанка заўважыў, як Якуш перасмыкнуўся пасля яго слоў: «не тое, што ў нас». Працягваў: — Сказаць па праўдзе, мы сваё зрабілі, зрабілі што змаглі. А ён і з адукацыяй, і арганізатар што трэба, карацей, падкаваны на ўсе чатыры. Прызнач яго сёння старшынёй калгаса, нават старшынёй савета вытворчага аб’яднання, ён павядзе гаспадарку, і павядзе не абы-як. У яго нічога не прападзе дарэмна. Ён сабраны, удумлівы. Да таго яшчэ, трэба сказаць, і таленавіты. Вось і заўважылі яго.

Не хацелася Ціўчанку адразу аглушыць Якуша. Ну, але паколькі замахнуўся — адступаць не хацеў, ды і сказаўшы «а», трэба было гаварыць «б». І ён працягваў:

— Тут час такі. Начальству няма калі з табой няньчыцца. Калі ты, скажам, хоць адзін раз спатыкнуўся, то на цябе ўжо шукаюць замену. Вось такіх, як мой пляменнік, і паднімаюць.

Якуш насцярожыўся: няўжо пра яго нешта скажа Ціўчанка?

— Адзін раз я аступіўся,— далей вёў сваё Ціўчанка,— пайшоў да Свірыдзёнка прасіць, каб выступленне мне напісалі. Аступіўся? Аступіўся. Ён мне і даў ад варот паварот. А ты думаеш, Тарасавіч, цябе проста назвалі руцінёрам? Гэта каб цябе і на вараных яшчэ пракаціць. А як жа! Думаеш, яны проста няньчылі майго пляменніка? Няньчылі на новага начальніка прэсавага цэха. Ужо і дакументы ўсе аформлены на яго. Кудрэйку засталося толькі зацвердзіць на бюро райкома партыі. А так ужо ўсё абгаворана, вырашана.

Якуш сядзеў нібы аглушаны.

 

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

Раніцай пасля свята роўна а шостай гадзіне Гарадзец ужо быў на нагах. Тое-сёе падрыхтаваў сабе паснедаць — вось ужо тры дні жонка зацята маўчала,— а паснедаўшы, сабраўся і пайшоў на завод.

У той дзень рашыў канчаткова заняцца самым што ні на ёсць галоўным — заручыцца падтрымкай уплывовых гарадскіх, нават рэспубліканскіх арганізацый наконт пераходу на выпуск новай машыны. А пакуль запрасіць да сябе галоўнага інжынера Пятра Васільевіча і выконваючага абавязкі галоўнага канструктара Астаневіча... Аднак Мікалай Ігнатавіч не быў упэўнены, што вось так, як ён думае і плануе, складзецца яго рабочы дзень. Колькі разоў было — заходзіць ён у прыёмную, а там ужо ляжыць папераджальная паперка, што сёння, скажам, а дзесятай гадзіне быць у райкоме партыі на нарадзе, заўтра — у гаркоме, паслязаўтра — яшчэ ў якой арганізацыі. Таму часта, не выходзячы з кабінета, яму даводзілася прыхопліваць вечары, а часам бываць на рабоце і ў выхадныя, каб рашыць тое ці іншае заводскае пытанне.

З дому Гарадзец выйшаў раней звычайнага. Да завода ад яго кватэры, калі ехаць гарадскім транспартам, трэба паўгадзіны часу, ісці спорнай хадой — гадзіну. І Гарадзец хадзіў пешшу. Дарэчы, можа, каму здасца дзівацтвам, што дырэктар, як просты рабочы, недзе за пяць кіламетраў ходзіць на завод. Тым больш што за Гарадцом, дырэктарам індустрыяльнага гіганта, была замацавана персанальная «Волга», каб раніцай шафёр падагнаў яе да кватэры і своечасова даставіў яго на службу. На восьмым годзе дырэктарства Гарадзец зразумеў, што карыстацца штодзённа такімі паслугамі — ехаць на работу ў той легкавушцы — хоць шыкоўна і лёгка, затое шкодна для здароўя. І вось ён пачаў казаць Эдуарду-шафёру: «Газуй ты, браце, паражняком, а я прыбуду на службу сваім адзінаццатым нумарам». І маршыраваў ад кватэры да завода. Ды раптам Яўген Іванавіч, сакратар гаркома, неяк пазваніў яму на работу раніцай. Гарадца не было. Алена Браніславаўна адказала, што яшчэ не прыходзіў. Потым сакратар далікатна зрабіў яму заўвагу, што ранішнімі мацыёнамі, вядома, займацца не шкодзіць наогул, ды толькі не за кошт рабочага часу. Прызнацца, два разы Гарадзец спазніўся на колькі мінут. У той час да Гарадца якраз і пазваніў Яўген Іванавіч. Урэшце даў яму зразумець, калі ад сваіх падначаленых ён патрабуе строгай дысцыпліны, то і сам павінен быць узорам. Канечне, заўвагу Гарадзец прыняў і на нейкі час адмовіўся ад ранішніх мацыёнаў. Потым, здарылася гэта ранняй вясной, на сваім целе, дакладней, пад пахай, на грудзях і спіне, прыкмеціў невялікія чырвоныя плямы. Паказаў доктару. Той выпісаў рэцэпт на дзесяціпрацэнтны раствор ёду. Змазаў кожную пляму двойчы. Ранейшыя ліквідаваў, а новыя паявіліся. Паехаў на курорт. Ад марской вады і новыя плямы сагнаў, а наступнай вясной цела зноў пакрылася плямамі. Раскаваў неяк Астаневічу. Той, вядома, ніякага дачынення да медыцыны не меў, а параіў менавіта, як вылечыць хваробу. Праўда, спярша спытаўся: «Як вы думаеце, Мікалай Ігнатавіч, вось калі наш, савецкі ледакол быў заціснуты палярнымі льдамі і асабоваму складу давялося заставацца на зімоўку, то чаму з Зямлі была тэлеграма наступнага зместу: «Кожнаму мараку незалежна ад надвор’я абавязкова штодзённа рабіць прагулкі».— І сам растлумачыў: — Тут невялікая хітрасць. Арганізм патрэбна ўзбагачаць кіслародам. Такое магчыма, калі больш рухацца. Чалавек, гэтую азбуку ведае кожны, за дзень як мінімум павінен зрабіць восем кіламетраў пехам. А вы? Колькі рухаецеся? Вас возяць, вы ездзіце. Гэта значыць, ашукваеце сябе. Вось вам і плямы на целе».

Назаўтра досвіткам Гарадзец апрануў спартыўны касцюм і за дзверы. Праз паўгадзіны вярнуўся расчырванелы, у меру стомлены. Жонка здзівілася, што гэта ён робіць, дырэктар завода і на табе — бегае, як хлапчук.

— Не бегаю,— удакладніў Мікалай Ігнатавіч,— я ўцякаю.

— Ад каго ты ўцякаеш?

— Ад маёй будучай алергіі, ад цынгі, ад інфаркту,— а каб пераканаць Ліну, спытаў: — А ты не задумвалася, вось, скажам, калі на зімоўцы застаюцца палярнікі, чаму іх абавязкова прымушаюць кожны дзень рабіць мацыёны? Каб арганізм рэгулярна папаўняўся кіслародам. От і я пераняў вопыт палярнікаў.

І зноў праз некалькі дзён да Мікалая Ігнатавіча пазваніў Яўген Іванавіч. Сваім стальным басам між іншым пацікавіўся, які ў яго настрой пасля ранішніх мацыёнаў па горадзе? Перш чым адказаць, Мікалай Ігнатавіч спярша ўздыхнуў:

— Што рабіць, Яўген Іванавіч, калі здароўе пакрыху ўцякае, то мусіш мацыёнамі і даганяць яго.

— Баюся, каб твае мацыёны не сказаліся на плане завода,— Яўген Іванавіч даў намёк наконт выканання плана за бягучы квартал і, не развітаўшыся, паклаў трубку.

Канчаючы размову, звычайна Яўген Іванавіч жадаў: «Усіх поспехаў», а тут раптоўна паклаў трубку. Няўжо і праўда нечым незадаволены? Менавіта чым, Гарадзец не ведаў дакладна. Адзінае было вядома, што ў Яўгена Іванавіча круты характар — калі загневаецца, не ўздумай яму пярэчыць. Гэта, мабыць, таму, што Яўген Іванавіч доўгі час працуе на высокай кіруючай пасадзе, прывык, калі не камандаваць, то каб разумелі яго з паўслова.

У апошні час заўсёды Гарадзец паспяваў на работу. Толькі сёння баяўся спазніцца. Да васьмі гадзін заставалася мінут пятнаццаць, а хады на ўсіх дваццаць пяць. Спыніўся, мусіў пачакаць трамвая.

Пакуль корпаўся ў кішэні — шукаў талонаў, прайшло і яшчэ дзве-тры мінуты. Нарэшце вынырнуў з-за пагорка трамвай. А тут, і трэба ж такому падвярнуцца, як па выкліку, падкаціла да яго чорная «Волга», піснула тармазамі. Адчыніліся дзверцы.

— Сядай, Мікалай Ігнатавіч, падвязу.

Гарадзец спярша пачуў стальны бас і адразу насцярожыўся. «Няўжо сам?», потым, нырнуўшы ў машыну, павітаў:

— Дзень добры, Яўген Іванавіч.

* * *

Зачыніўшы за сабой дзверцы, Мікалай Ігнатавіч праз лабавое люстэрка зірнуў на Яўгена Іванавіча і заўважыў, што вочы яго былі падпухлыя. Што з ім сёння такое: недаспаў ці кволіцца на ныркі, Гарадзец не настолькі блізка ведаў сакратара гаркома Яўгена Іванавіча Пазняка, каб зразумець ягоны стан здароўя. Калі машына рушыла, першым загаварыў Яўген Іванавіч:

— Мацыёны свае закончыў ці ўсё яшчэ працягваеш?

— У якім сэнсе: сёння ці наогул? — перапытаў Гарадзец.

— Наогул.

— Працягваю, Яўген Іванавіч.

— А што,— Яўген Іванавіч павярнуўся і паглядзеў на Гарадца.— Можа, маеш рацыю — свежанькі, як агурчык. І стройны. Не тое, што я — расплыўся. Хіба толькі разамнуся на беразе мора, калі ў санаторый траплю. А то ўсё некалі ды некалі.

— Планы вялікія, Яўген Іванавіч, таму даводзіцца і мацаваць здароўе.

Нейкі момант Яўген Іванавіч маўчаў. Няўжо, здавалася Гарадцу, Яўген Іванавіч зноў шукае прычыну, каб зрабіць якую заўвагу, прыгадаць нешта нядобрае, спытаць менавіта пра план і вал, а заадно пацікавіцца стылем і метадам яго работы? Аднак калі, скажам, паўстане пытанне: як выпускаць новую мадэль трактара (паралельна са старой ці адразу пераходзіць на выпуск новай), ён абавязкова пацікавіцца, на прыкладзе якога завода мы можам у сваім наватарстве гарантаваць поспех? То дзе ж такога прыкладу шукаць? «Так што,— употай уздыхнуў Гарадзец,— барацьба толькі пачынаецца».

Па вуліцы безупынна і марудна рухаўся паток машын. То спыняўся перад чырвоным светафорам, і адразу гэты паток утвараў вялізны хвост, то, грукочучы кузавамі і фыркаючы маторамі, гэтак жа марудна і паволі прасоўваўся наперад.

— Усё ж трэба падумаць, каб меней пробак такіх на вуліцах было,— нарэшце загаварыў Яўген Іванавіч.— Ёсць жа кальцавая адна, другая. А ў горадзе ўсё роўна пробкі. Як ні спяшаешся раніцай, на службу ледзьве паспяваеш.

Мікалай Ігнатавіч зірнуў на гадзіннік — сёння ён якраз трапіць на работу своечасова. Вось якая мінута-дзве, і яны падкоцяць да завода.

Калі заставалася метраў дзвесце, каб параўняцца з прахадной, Гарадзец пачаў загадзя дзякаваць Яўгену Іванавічу, што падкінуў.

— Спярша падкіну да свайго кабінета,— папярэдзіў Яўген Іванавіч.— Адтуль завязу на завод, потым будзеш дзякаваць.

«Вось табе і раз, дахадзіўся»,— і Гарадзец адчуў, як яму адразу стала крыху трывожна.

Абмінаючы, дзе можна, грузавыя машыны, «Волга» імчала прамым кірункам да праспекта. Яўген Іванавіч сядзеў надзвычай засяроджаны, здавалася, ён усё думаў, як жа ў рэшце рэшт разгрузіць гэтыя пробкі на вуліцах, потым, зірнуўшы праз люстэрка на Гарадца, запытаў:

— У цябе, можа, раніцай якое мерапрыемства прызначана?

— Раніцай няма.

— Ну, то заскочым да мяне, пагаворым.

Тон Яўгена Іванавіча быў спакойны, позірк добразычлівы, больш таго, лагодны. Аднак гэтая памяркоўнасць, рэдкая ўраўнаважанасць Яўгена Іванавіча ўсё роўна не давала поваду Гарадцу супакойвацца. Ён не быў упэўнены, што за знешняй яго лагоднасцю не грымне гром.

Ды што гром. Відаць, Яўген Іванавіч разгневаецца бурна і няшчадна, бо калі б толькі зрабіць якую заўвагу, не вёз бы да сябе ў кабінет. Не інакш, мае да яго сур’ёзную справу.

Доўгі час Яўген Іванавіч прыглядаецца да Гарадца. І чым больш назірае, сочыць за ім, як за кіраўніком буйнейшага прадпрыемства горада, тым больш не разумее яго. Нейкі ён не падобны на іншых. Стараецца ўсюды вылучыцца, трэба такое ці не — абавязкова звярнуць на сябе ўвагу. Прыйшло яму ў галаву перайсці на новую мадэль трактара, і пачынае біць ва ўсе званы. Бударажыць такі калектыў! Мала таго, пачынае непакоіць вышэйстаячыя інстанцыі, нягледзячы на тое, што вопыт айчыннага машынабудавання не дазваляе, каб сёння ўвечары, скажам, прыпыніць выпуск старой мадэлі, а заўтра раніцай паставіць на канвеер новую. Нельга так! Ніхто такое не рабіў. Ніхто нікому, вядома, і не дазволіць праводзіць падобныя доследы. А ён жа, настырны, імкнецца прабіць ілбом непрабіваемую сцяну. Міністэрства — супраць, гарком з міністэрствам згодзен. Што будзе далей, з кім ісціна: за міністэрствам ці Гарадцом?

Да нядаўняга часу Яўгену Іванавічу было вядома: як бы ні стараўся Гарадзец, колькі б ні турбаваў людзей, як бы ні даказваў, усе яго патугі дарэмныя. Цяпер жа, пасля нядаўняга пленума Заводскага райкома партыі, дакладней, пасля дзелавой гутаркі з сакратаром ЦК партыі Яўгену Іванавічу даводзіцца лічыцца з Гарадцом і мяняць свае адносіны да яго.

Той пленум райкома, здавалася Яўгену Іванавічу, прайшоў, як і многія папярэднія. Даклад першага сакратара райкома партыі па навукова-тэхнічнаму прагрэсу і задачах камуністаў быў праслуханы ўдзельнікамі ўважліва. Потым выступалі дырэктары заводаў, у тым ліку і Гарадзец. Дарэчы, прамову Гарадца сакратар ЦК праслухаў надзвычай уважліва. Пасля Гарадца слова бралі асобныя сакратары партарганізацый. Усе гаварылі па сутнасці, з веданнем справы — можна сказаць, што, як заўсёды, на пленуме адбылася даволі дзелавая размова. Сакратар ЦК нешта доўга запісваў сабе ў блакнот. Яўген Іванавіч здагадаўся, што Віктар Міхайлавіч абавязкова выступіць. Увогуле не было таго пленума райкома ці гаркома, калі на ім ішла гаворка наконт прагрэсу, каб не выступаў Віктар Міхайлавіч. Дарэчы, у ЦК партыі ён займаўся пытаннямі прамысловасці.

На апошнім пленуме, хоць і многа чаго запісваў, аднак ні ў пачатку, ні ў канцы не выступіў.

Пасля таго пленума, дзён за колькі да свята, Віктар Міхайлавіч пазваніў Яўгену Іванавічу. Перш за ўсё пацікавіўся яго здароўем. «Пакуль яшчэ не ржавею,— аптымістычна адказаў Яўген Іванавіч і дадаў: — Праўда, бывае, калі чыхну ці кашляну, але гэта не ў залік». Пра большае, што ў апошні час кволіцца на ныркі, часта апухае ў яго нават пад вачыма, не сказаў, бо адразу насцярожыўся: чаму гэта Віктар Міхайлавіч пацікавіўся менавіта яго здароўем? Сам занядужаў, гаворка якая маецца быць ці проста так, для прыліку? «Тут, відаць, нешта тоіцца,— рашыў Яўген Іванавіч. Ну а калі сакратар спытаў пра настрой, па яго целе адразу прайшла асвяжаючая бадзёрасць, і ён адказаў: — Настрой перадсвяточны».

— Тады, можа, пасля работы паднімешся да мяне? — і дадаў:

— Калі ёсць настрой, вядома. Пасядзім, у шахматы згуляем.

Такая прапанова заінтрыгавала Яўгена Іванавіча: Віктар Міхайлавіч ніколі не запрашаў яго нават у выхадныя дні на рыбалку, а тут пасля рабочага дня, на табе, згуляць у шахматы.

Першыя дзве партыі згулялі ўнічыю. Гулялі яны, можна сказаць, на роўных, ні адзін ні другі не зявалі, але і на абастрэнне не лезлі. Калі і трэцюю партыю звялі ўнічыю, Віктар Міхайлавіч загаварыў:

— Вось што мяне трывожыць, Яўген Іванавіч, і здорава, прызнацца, трывожыць...— Пакуль сакратар збіраў са стала шахматныя фігуры, Яўген Іванавіч стараўся ўгадаць, пра што ж ён пачне гаворку: пра розыгрыш на сусветнае першынство па шахматах, ці...

— Слухаеш выступленні асобных нашых работнікаў,— адразу з нейкім прыцэлам пачаў Віктар Міхайлавіч,— я маю на ўвазе нядаўні пленум Заводскага райкома партыі — і думаеш, а ці ўсе яны, хто выступае з трыбуны і хто сядзіць у зале, працуюць? Ці ўсе прыносяць карысць грамадству, патрэбны яны людзям ці не? Рабочы, скажам, дае прадукцыю на сто з лішнім працэнтаў, прадукцыю высокай якасці. Тут адразу відаць, які ён работнік. Або возьмем старшыню калгаса. Калі гаспадарка дамаглася высокага ўраджаю, прыбаўкі мяса, надою — значыць, у гэтай гаспадарцы дбайны кіраўнік. Тое ж можна сказаць і пра дырэктара завода. А як вызначыць на сваім месцы ці не партыйны работнік, прыносіць ён карысць грамадству, людзям ці не?

— Ну, гэта пытанне, па-мойму, тэарэтычнага плана.

Віктар Міхайлавіч усміхнуўся, гаварыў далей:

— Ёсць такі няпісаны вызначальнік для людзей занятых на грамадскай рабоце, у першую чаргу для партыйных работнікаў. Калі ў прыёмны дзень да цябе доўгая чарга,— значыць, ты патрэбны людзям, ты вырашаеш пытанні, людзі да цябе ідуць са сваім горам і радасцю. А калі ты ў прыёмны дзень сядзіш і чакаеш людзей, яны да цябе не прыйшлі — можаш пісаць заяву на звальненне.

Да Яўгена Іванавіча заўсёды ішлі людзі і выходзілі ад яго, як правіла, калі не цалкам задаволеныя, то хаця б абнадзеяныя, з ясным усведамленнем, чаму менавіта не сёння, а праз месяц ці значна пазней можна канчаткова вырашыць тое або іншае пытанне.

Цяжкавата Яўгену Іванавічу было, калі яго абралі сакратаром гаркома. Такі горад! З такой вялікай камунальнай гаспадаркай, будаўніцтвам, транспартам, культурнымі ўстановамі. А столькі заводаў! Не ўсе дырэктары, кіраўнікі ведамстваў і ўстаноў адпавядалі свайму прызначэнню. Адных трэба было пераводзіць на лягчэйшую работу, другіх вучыць і працаваць з імі, бо кадравая палітыка партыі, ведаў Яўген Іванавіч, накіравана на тое, каб кіраўнікі ўсіх ступеняў спалучалі высокую палітычную свядомасць і добрую спецыяльную падрыхтоўку, каб з глыбокім веданнем справы вырашалі пытанні гаспадаркі і культуры, валодалі сучаснымі метадамі кіравання. А разам з тым яны, кіруючыя работнікі, павінны валодаць і пачуццём новага, бачыць перспектывы развіцця, асабліва цяпер, калі ў грамадскім жыцці і вытворчасці адбываюцца хуткія і глыбокія змены.

І Яўген Іванавіч, не шкадуючы сіл, не лічачыся з часам, працаваў, вучыўся сам і вучыў сваіх падначаленых.

Але з кожным днём, з кожным крокам наперад як прамысловасці, так і грамадскага жыцця, Яўгену Іванавічу, гэта ён сам пачаў адчуваць, кіраваць партыйнай арганізацыяй горада і вучыць людзей усяму новаму станавілася цяжэй і цяжэй.

* * *

Ды нічога лёгка не давалася яму. Помніцца, як басаногім хлапчуком па роснаму лузе ён прыбег да рэчкі. У кішэні акрайчык хлеба, за пазухай кніжка. Хацелася адразу захінуцца некуды ў цянёк і чытаць, чытаць, але спярша пакупаўся ў Арэсе. Пасля чытаў тую кніжку, чытаў не спяшаючыся па некалькі радкоў. Потым угледзеўшыся ў блакітнае неба, задумаўся: «Вам (арлянятам) на памяць Серп і Молат даравала доля». «Серп,— разважаў падлетак,— значыць жаць, молат — каваць, каваць новае жыццё». «Каб з вас кожны быў, як волат, не гнуў плеч ніколі». Доўга тады думаў хлапчук пра тое, што «рукам падмогай служаць машыны». Вось і яго бацька робіць на трактары: арэ, сее, малоціць. Вернецца дадому недзе ўвосень тыдні на два, прывязе хлеб і зноў ідзе, на гэты раз ужо на рамонт сваёй тэхнікі. Потым калі закончыў шэсць класаў сямігадовай школы, зноў пачалося звонкае лета. У той дзень ён з бацькам шыбаваў у чоўне па Арэсе. А тут пачуў голас маці, яна кліча бацьку, кліча з нейкай трывогай: «А Іване, Іванка...» У гаспадарцы бяда якая? Ажно вайна пачалася. Бацьку тады ішоў пяцьдзесят чацвёрты год — на вайну яго не ўзялі. А ў вайне ўдзельнічаў — быў партызанскім сувязным. Помніцца, як бацька запрог каня, развітаўся з дзецьмі, Настай, Марыяй, Верай, з ім, Жэнем, развітаўся з маці, а перад ад’ездам сказаў: «Калі што якое, Вольга, глядзі дзяцей». Бацькі не было некалькі дзён, як зайшоў у хату — ні піць, ні есці не ўзяў — адразу на печ. Пасля вайны, калі атрымаў першае пісьмо ад былога камісара партызанскага атрада Тарана, Яўген даведаўся, чаму тады з ім з усёй сям’ёй развітаўся бацька. «Дарагі Іван Васільевіч,— пісаў Андрэй Цімафеевіч Таран,— калі ты застаўся жывы, мы будзем сваімі да канца нашых дзён». Аказваецца, зімой сорак трэцяга года праз рэчку Арэсу перапраўляўся партызанскі атрад. Яго акружылі карнікі. Многія партызаны загінулі. Параненага камісара Андрэя Тарана выратавалі. Яго трэба было пераправіць да партызан праз вёску Горкі, дзе размяшчаўся нямецкі гарнізон. Пераправіў Іван Васільевіч.

Потым у хату прыходзілі партызаны. Малады партызан сказаў тады чатырнаццацігадоваму Яўгену Пазняку:

— Мы, старэйшыя, ваюем. Бацька твой дапамагае нам. Ну, а вось ты, чым можаш памагчы? — І параіў: — Трэба ў вёсцы стварыць камсамольскую арганізацыю. Пагавары з хлопцамі.

Лёгка сказаць: стварыць. Ён жа сам яшчэ не камсамолец.

Спачатку яго, Яўгена Пазняка, прынялі ў камсамол партызаны, потым ён прымаў.

Арганізацыя з адзінаццаці чалавек сачыла, хто ў вёсцы падпявае гітлераўцам, якія часці нямецкай арміі паяўляліся непадалёк ад вёскі, якія на іх знакі... Здавалася, гэта была дробязь, аднак неабходныя весткі партызанам.

А пасля вайны, пасля службы ў арміі нацэліў Яўгена Пазняка на курс жыцця першы сакратар райкома партыі Рыгор Сяргеевіч Панасюк. Тады Яўген Пазняк быў першым сакратаром таго ж райкома камсамола.

Рыгор Сяргеевіч вучыў маладога сакратара працаваць. Адзін раз на тыдзень сакратар райкома партыі лічыў сваім абавязкам запрасіць Пазняка да сябе і пацікавіцца, якія праблемы вырашае камсамол раёна, распытаць, што пакуль ў іх не атрымліваецца, што камсамол раёна хацеў бы зрабіць.

Тады камсамольцы вырошчвалі кукурузу, ачышчалі палі ад каменняў, будавалі сіласныя вежы... І, вядома, не ўсё добра атрымлівалася, то распадаліся асобныя звенні, то ў іншых арганізацыях фармальна праводзілі выхаваўчую работу сярод моладзі. А хацелася, каб усё ішло добра. А тут аднаго разу, напярэдадні камсамольскага суботніка, пазванілі Пазняку, што захварэла яго маці. Наведацца дадому трэба было абавязкова. Паехаць жа да маці — значыць сарваць суботнік. Пазняк прыйшоў да сакратара райкома партыі і пачаў раіцца:

— Не ведаю, як быць,— спачатку задумаўся Рыгор Сяргеевіч.— Паехаць табе... А без цябе ж тут нічога не будзе.

— Што ж, нельга паехаць дык нельга,— цяжка ўздыхнуўшы, сказаў Пазняк і пайшоў з кабінета.

Праз колькі хвілін Рыгор Сямёнавіч пазваніў яму, каб вярнуўся. Ён спытаў, дзе жыве маці, потым сказаў:

— Вось што, бяры зараз жа маю машыну і з’ездзі да маці. Калі з ёй усё добра, вернешся к суботніку, а калі трэба ёй якая дапамога, вырашай на месцы.

Спачатку Пазняк не паверыў, як гэта сакратар аддае сваю машыну. У райкоме ж партыі ўсяго адна машына, і ён, бач, аддае яе.

Да гэтага часу Яўген Пазняк ведаў Панасюка як партыйнага кіраўніка з добрай злосцю, нястомнага і прынцыповага сакратара, нарэшце Панасюк адкрыўся перад ім як чулы чалавек, са шчодрай і строгай дабрынёй.

Пасля таго выпадку словы першага сакратара райкома партыі для Яўгена былі самым высокім законам. Для яго Панасюк ужо заўсёды гаварыў справядліва, ён ужо не мог сказаць не правільна.

А калі Яўген закончыў экстэрнам сярэднюю школу, Панасюк запрасіў яго да сябе і пацікавіўся:

— Ну, а як ты думаеш далей сваё жыццё ладзіць?

— Думаю паступаць у інстытут народнай гаспадаркі,— прызнаўся Пазняк.

— А мне здаецца,— пасля нядоўгай паўзы заўважыў Рыгор Сяргеевіч,— што з цябе павінен атрымацца партыйны работнік. Агульную мову ты знайшоў з камсамольцамі, старшынямі калгасаў. От, падумай пра вышэйшую партыйную школу. Спадзяюся, што райком камсамола цябе падтрымае. Райком партыі табе дасць рэкамендацыю. То падумай пра гэта.

Пасля вышэйшай партыйнай школы Яўген Іванавіч колькі год працаваў інструктарам абкома партыі, потым загадчыкам арганізацыйнага аддзела. І вось каторы год ён першы сакратар гаркома. Належнай эканамічнай адукацыі ў яго, вядома, пакуль што не было. І перад тым, як ісці яму на завод, Яўген Іванавіч уяўляў, што дырэктар абрадуецца яго візіту і абавязкова правядзе па цэхах, падзеліцца планамі, раскрые перспектывы, а потым, як правіла, спытае, якія ў вас, сакратар, будуць заўвагі? Ну, што ён, Пазняк, мог тады сказаць? А каб было што сказаць, давялося праштудзіраваць праграму яшчэ адной вышэйшай установы — сядзець вечарамі, захопліваць ночы, каб усё ж неяк вывучыць законы эканомікі прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, камунальнай гаспадаркі. Трэба было ведаць горад і ўсё ў горадзе. І ён праз пэўны час ведаў. Мог гаварыць з дырэктарам завода на першых парах, калі, як не настаўнік з вучнем, то маючы ўсё ж такія-сякія веды па тым ці іншым пытанні вытворчасці.

Не сакрэт, былі моманты, калі ён задумваўся: а ці на сваім ты месцы, Яўген Іванавіч?

І ўсё ж за нейкі час вывучыў усе кадры. Здаецца, і справы лепш пайшлі ў горадзе, а тут Віктар Міхайлавіч завастрае яго ўвагу на тым, што асобныя таварышы не на сваім месцы. Няўжо падае тонкі намёк менавіта і на яго персону?

— Узяць да прыкладу нашага сённяшняга рабочага,— Віктар Міхайлавіч дастаў цыгарэту, закурыў: — Рабочы — гэта гучыць горда. Хоць не варта было б змяняць класічны выраз Горкага: «Чалавек гэта гучыць горда». А рабочы... І Пазняк зірнуў у блакітныя, поўныя шчырасці і даверу, прастаты, а разам з тым глыбокай праніклівай думкі вочы Віктара Міхайлавіча. Сакратар ЦК гаварыў спакойна, дзяліўся думкамі.— Часам мы яшчэ не можам так, як трэба, сказаць пра сваіх людзей. Рабочы ў нас не толькі чалавек, які выконвае норму, ён не толькі працуе, ён жыве тым, чым жыве наша краіна. У нашага рабочага высакародны, багаты парыў. Варта звярнуць увагу на тое, калі рабочы перадавік, выходзіць на перадавы рубеж, у яго куды багацей і шырэй душэўны свет. Калі ён перакрывае норму, у яго не працуе той спрадвечны рухавічок уласніка, каб, маўляў, больш зарабіць. Рабочы наш не які-небудзь здзельшчык, старацель. Ён, працуючы, ведае, што пакідае свой след на зямлі. А працуе ён натхнёна, ён мае асалоду ад сваёй працы. Наш рабочы цяпер не проста працуе, а працуе, як мастак, імкнецца нешта стварыць... Выраслі і камандзіры вытворчасці.

А вось асобным партыйным кадрам у горадзе, я маю на ўвазе і ў раённых камітэтах, варта пажадаць лепшага. Яны павінны мець выдатную тэхнічную адукацыю. А то іншы партыйны работнік стане выступаць з трыбуны з аналізам спраў на заводзе або гаварыць з дырэктарам завода пра тыя ж зноў-такі пытанні тэхнічнага прагрэсу, ну, даруй мне за такое параўнанне, што вучань з настаўнікам. Дырэктар свабодна апеліруе навукова-тэхнічнымі тэрмінамі, глыбока ведае вытворчасць, а іншы інструктар райкома ці гаркома, нават асобныя загадчыкі аддзелаў, дарэчы, можна ўзяць асобных таварышаў і вышэй трохі, на вялікі жаль, не падрыхтаваны кваліфікавана гаварыць з камандзірамі вытворчасці. У нас працуе многа кадраў пасля заканчэння вышэйшай партыйнай школы. Вось яго багаж: агульная сярэдняя адукацыя, стаж партыйнай работы і ВПШ. Ён, гэты таварыш, прама скажам, не зусім падрыхтаваны, каб быць у авангардзе нашага сённяшняга тэхнічнага прагрэсу. Ды яго, прызнацца, і вінаваціць нельга. Гэта хвароба нашага росту. Так, я пра выступленні на пленуме. Прабачце, апроч Гарадца, я не задаволены ні адным прамоўцам. Да Гарадца, дарэчы, я прыглядаюся даўно. Мне падабаецца ён як чалавек, спецыяліст. Я ўжо не гавару пра яго арганізацыйныя здольнасці. Думаю, што яго чакае выдатная перспектыва.

— Увогуле Гарадзец...— прызнацца, Яўген Іванавіч не знаходзіў тых якасцей у Гарадца, якімі можна было б захапляцца, а таму і змоўк. А Віктар Міхайлавіч працягваў:

— Я не ўвогуле кажу. Вазьмі, далёка за прыкладам можна не хадзіць, цяперашні склад членаў бюро гаркома. Сам ведаеш, ёсць таварышы з тэхнічнай адукацыяй. Але, будзем гаварыць прама, па сваіх здольнасцях ні аднаго нельга параўнаць з Гарадцом. Па-мойму, неўзабаве павінна адбыцца гарадская партыйная канферэнцыя. Трэба напачатку Гарадца ўвесці ў склад бюро гаркома партыі.

Выйшаў тады Яўген Іванавіч ад сакратара ЦК з супярэчлівым пачуццём. Правільна, своечасова падказвае не толькі Віктар Міхайлавіч, само жыццё, што партыйныя кадры, якія займаюцца пытаннямі прамысловасці, павінны мець тэхнічную адукацыю. Нядрэнна, калі, скажам, той жа інструктар аддзела прапаганды гаркома па спецыяльнасці інжынер. Тут усё правільна. Яўген Іванавіч з заўвагай сакратара ЦК партыі быў цалкам згодны. Вось толькі насцярожыла яго адно: калі вышэйшыя партыйныя органы гэтак патрабавальна ставяцца да камандзіраў вытворчасці, партыйных работнікаў райкомаў, гаркомаў, то няўжо наспявае час, каб і сакратар гаркома меў за сваімі плячыма не толькі багаж вышэйшай партыйнай школы?

* * *

Назаўтра Яўгену Іванавічу парог прасторнага і ўтульнага кабінета, у якім ён працаваў ужо не першы год, здаўся і высокім, і не настолькі прывычным, як здаваўся да гэтага часу. Зачыніў за сабой дзверы і, перш чым прайсці да рабочага стала, нейкі момант пастаяў ля дзвярэй. Можна было б зараз жа прыступіць да справы, а спраў, прызнацца, прыбаўлялася з кожным днём. Вось і ўчора Віктар Міхайлавіч сказаў пра Гарадца, каб увесці яго ў склад бюро гаркома партыі.

Лёгка было сказаць, а як на гэта паглядзяць камуністы?

Падышоў да акна. Па вуліцы бясконца каціліся машыны, ішлі людзі. Хто спяшаўся з работы, хто на змену, а хто... Тут Яўген Іванавіч заўважыў знаёмага рабочага з трактарнага. Той быў у паліто, пад гальштукам. Не інакш у адпачынку.

Не так даўно Яўгену Іванавічу давялося мець размову з гэтым рабочым. Неяк выпадкова падышоў да яго ў цэху, пацікавіўся пра жыццё, колькі ён зарабляе, як у яго ў сям’і, ці выконвае асабісты план. Слова за словам завязалася шчырая гаворка. Рабочы сказаў:

— Калі майстар своечасова забяспечыць работай, каб я працаваў, а не бегаў, я тады і план дам, а можа, і паўтара. Калі б вось далі мне профільны метал. А то, каб вытачыць болт, даюць балванку. Закладваю балванку ў станок і дзве гадзіны дастаю болт з гэтага металу. Карацей, ганю метал у стружку. Якая ж тут прадукцыйнасць працы і якія ж тут заробкі? А я ж за гэты час з профільнага, патрэбнага металу вытачыў бы чорт ведае колькі.

Для Пазняка адразу стала зразумела, што на заводзе дрэнна працуе служба забеспячэння. Ён пацікавіўся ў Гарадца, дзе ж барацьба за эканомію сыравіны і часу, калі рабочы па дзве гадзіны дастае болт з балванкі? Праўда, Гарадзец тады адразу і прыняў меры, каб служба забеспячэння паправіла становішча. І цяпер Гарадца ўводзіць у склад бюро? То сапраўды, што скажа пра Гарадца той рабочы, які па дзве гадзіны выточвае болт з кавалка няпрофільнага металу?

Яўген Іванавіч памкнуўся да стала, каб пазваніць Віктару Міхайлавічу, па тэлефоне прадоўжыць учарашнюю гаворку, расказаць, як у Гарадца працуе служба забеспячэння, абавязкова прывёўшы жывы факт, што токары гоняць метал у стружку, а заадно і выказаць сваё канчатковае стаўленне да Гарадца: маўляў, няхай Віктар Міхайлавіч падумае наконт іншай кандыдатуры ў бюро гаркома. Нават падняў трубку, набраў некалькі лічбаў ды ўспомніў святое правіла. Не так даўно яму трапілася прачытаць пра старажытнагрэчаскага палкаводца Актавіяна Аўгуста — і што ўрэзалася ў памяць — Аўгуст не прызнаваў паспешлівасці, таму яго любімай прымаўкай была: «Спяшайся павольна». Парашыў спяшацца павольна і Яўген Іванавіч. Ён адышоў ад стала, набулькаў з графіна ў шклянку вады, каб паліць кветкі на акне — ужо другі год растуць ясноткі, а не цвітуць, паліў шчодра, паправіў вазоны, а з галавы ўсё не выходзіў Гарадзец. Трактарны — прадпрыемства параўнаўча не маладое, на ім больш дваццаці тысяч рабочых, недзе каля трох тысяч чалавек інжынерна-тэхнічных работнікаў, а на працягу апошніх год завод ідзе дужа роўна, дробнымі крокамі. Цягне сваю праграму нібыта надрыўна, натужліва, калі і дае якую прыбаўку, скажам, у параўнанні з папярэднім годам, то зусім невялікую. Дык урэшце якая ж тут заслуга Гарадца? Можа, ён і добры, як чалавек, спецыяліст. Дарэчы, і арганізатарам напачатку сваёй дырэктарскай дзейнасці быў не благім. Прынамсі, наконт арганізатара варта ўлічыць, што на працягу апошняга года ён толькі і робіць, што мабілізуе спецыялістаў і рабочых на выпуск новай мадэлі трактара. І толькі трактара. Вядома, тут нельга не адзначыць, што яму даводзіцца змагацца і за павышэнне якасці прадукцыі, сачыць за выхаваннем тых жа спецыялістаў. І ўсё ж яго работа абмяжоўваецца адным сваім участкам, адным заводам. А ўзяць горад, дзе такая маштабнасць, дзе столькі прадпрыемстваў, навукова-даследчых інстытутаў. Члену бюро трэба ва ўсё ўнікнуць, на ўсё мець і адпаведную падрыхтоўку.

Так думаў Яўген Іванавіч наконт прапановы сакратара ЦК. Думаў і каяўся: чаму своечасова не спахапіўся, адразу не запярэчыў супраць кандыдатуры Гарадца. А званіць цяпер, вяртацца зноў да гэтае тэмы — добра, калі Віктар Міхайлавіч зойме нейтральную пазіцыю, а калі пачне настойваць на сваім?

Яўген Іванавіч не стаў турбаваць сакратара ЦК. Зайшоў за стол, сабраўся з думкамі: паколькі адбылася з Віктарам Міхайлавічам, праўда, не афіцыйная гаворка наконт Гарадца, што ж, Яўгену Іванавічу, хацеў ён гэтага ці не, а давялося мяняць сваё колішняе стаўленне да дырэктара. Можа, так называемая тэхнічная рэвалюцыя і прыўзніме Гарадца на грэбень хвалі, можа, Гарадзец і варты падтрымкі, а ён, Яўген Іванавіч, не здолеў заўважыць яго рэдкіх якасцей. Бач, як адгукаюцца пра яго ў вярхах: перспектыўны, з арганізатарскімі здольнасцямі.

Адзінае пакуль што зусім невядома было Пазняку: як Гарадзец сам паглядзіць на тое, што яго кандыдатуру мяркуюць вылучыць у склад бюро гаркома партыі.

Хацеў пазваніць на завод адразу, але зноў перадумаў: па тэлефоне такое не высвятляюць, і мусіў запрасіць да сябе, каб пасля прапановы зазірнуць яму ў вочы, узрадуецца ён ці дзеля прыліку пачне адмаўляцца? А паколькі Яўген Іванавіч «спяшаўся павольна», то запрасіць Гарадца парашыў адразу пасля свята.

Вось і залучыў яго да сябе ў кабінет. Перш чым спытаць у яго пра галоўнае, пацікавіўся ўсё ж урэшце, на якой пазіцыі засталося міністэрства наконт паралельнага выпуску новай мадэлі трактара.

— Пазіцыю міністэрства пакуль не ведаю, а пазіцыя намесніка міністра Сумака нязменная,— адказаў Гарадзец.

Тут можна было б Яўгену Іванавічу і пераходзіць да справы, але для Гарадца ён бярог горкую пілюлю. І перш чым даць яе, задаў пытанне, здавалася, больш чым недарэчнае:

— А як у апошні час наконт прыпісак на заводзе?..— І ён дастаў з шуфляды стала паперу.— Я маю на ўвазе запчасткі. Дакладней, наконт рэкламацыі запчастак.

— Я вас не разумею, Яўген Іванавіч, якія могуць быць на заводзе прыпіскі?

— Няўжо ты думаеш, што я сачыняю? — і перад Гарадцом паклаў тую паперу.

Мікалай Ігнатавіч прабег вачыма па першаму, другому радку... З трактарнага завода, калі пасылаюць запчасткі заказчыкам, у пасылцы, напрыклад, знаходзіцца дзесяць штук дэталяў, у накладной значыцца сто. Дзевяноста прыпісана. Далей у рапарце на імя сакратара гаркома называюцца дакладныя адрасы і лічбы. У Хабараўск было адаслана сорак тры наменклатуры, а ў накладной — сто сорак тры. У Стаўрапольскі край — дзевяноста, у накладной — дзвесці дзевяноста... Сапраўды, прыпіскі. Вось толькі чаму, здзівіўся Гарадзец, адразу паступіў сігнал у гарком? Ён, дырэктар, па сутнасці нічога не ведае пра такія прыпіскі, а Яўген Іванавіч адразу патрабуе ад яго нейкага тлумачэння.

Паклаўшы на стол паперу, Гарадзец шчыра і даверліва зірнуў Яўгену Іванавічу ў вочы і запэўніў:

— Сёння ж, зараз жа займуся.

— Па-мойму, тут нейкае злоўжыванне, вось толькі кім і з-за чыёй халатнасці,— ён узяў тую злашчасную паперу.— Але для нас важна, што ёсць сігнал. Цяпер, спадзяюся, усё будзе разблытана. Толькі я цябе запрасіў не па гэтаму сігналу,— Яўген Іванавіч грузна аблакаціўся на стол і нібы падбіраючы словы, зірнуў на кіпу свежых газет. Працягваў неяк няўпэўнена: — Запрасіў... Дакладней, ёсць такая думка... Праўда, на ёй ніхто не настойвае, але была выказана такая думка.— Тут зазваніў тэлефон. Яўген Іванавіч падняў трубку. Нейкі час слухаў, ківаў галавой, пагаджаўся, потым, даўшы згоду: «Я вас разумею, рабіце», паклаў трубку і зноў: — Дык вось ёсць такая думка, Мікалай Ігнатавіч: увесці цябе ў склад бюро гаркома партыі. Я паўтараю, на гэтым ніхто не настойвае, аднак не шкодзіла б, каб сярод членаў бюро быў дырэктар завода. Думаю, што ты мяне зразумеў.

— Разумею, але прашу, каб і мяне зразумелі — знялі маю кандыдатуру.— Мікалай Ігнатавіч памкнуўся з крэслам бліжэй да стала.— Тут столькі спраў на заводзе. Паставіць на канвеер новую мадэль трактара, думаю, вы ўяўляеце, што гэта значыць. Ды яшчэ рэкламацыі гэтыя... Я, вядома, шчыра дзякую за давер, Яўген Іванавіч. Калі можна, пакіньце мяне без гэтае ганаровае нагрузкі. Дайце магчымасць управіцца на заводзе.

— I я цябе разумею, Мікалай Ігнатавіч. Перш за ўсё ты адказваеш за завод. Тваё становішча складанае. І тваю пазіцыю я буду адстойваць. Нават змагацца, хай не зусім адкрыта, а змагацца за кроўныя інтарэсы трактарнага.

Такое прыязнасці з боку Яўгена Іванавіча, шчыра кажучы, Гарадзец не чакаў.

Падзякаваўшы сакратару за давер і шчырую прыхільнасць, Мікалай Ігнатавіч папрасіў дазволу развітацца.

Візіцёраў у прыёмнай (а прыёмная — гэта па сутнасці прадаўжэнне рабочага кабінета дырэктара) ужо а восьмай гадзіне раніцы было хоць адбаўляй. З асаблівым нецярпеннем чакаў дырэктара часова выконваючы абавязкі начальніка па арганізацыі працы і заработнай платы Слекацень. Худы, цыбаты і сутулы, з салодзенькай усмешкай і маленькімі вочкамі, ён усё праходжваўся і гаварыў наконт перавыдаткавання асобнымі службамі фонду заработнай платы. Абураўся, што пад выглядам пераймання перадавога вопыту асобныя кіраўнікі злоўжываюць камандзіровачнымі сродкамі, а гатовае, што даўно вынайдзена на сваім заводзе і заслугоўвае ўвагі, ніхто не хоча ўкараняць у вытворчасць. Прозвішчы вінаватых чамусьці не называў. Казырнуў і тым, што ў пачатку года па яго асабістай прапанове на складзе запчастак скарочана трыццаць шэсць чалавек — што склала вялікую эканомію заводскіх сродкаў. Перакладваючы з рукі ў руку пухлую дэрмацінавую папку, Слекацень аўтарытэтна запэўняў прысутных, што ўсіх, абсалютна ўсіх прыстасаванцаў выведзе на чыстую ваду. Час ад часу пазіраў на гадзіннік і заўважыў, што вось ужо дваццаць мінут на дзевятую, а дырэктара ўсё няма і тут жа падказаў сакратарцы:

— То, можа, дзынкніце яму на кватэру. Можа, што здарылася з Мікалаем Ігнатавічам. Чаго не бывае, надвор’е стаіць кіслае, можа, захварэў. А то...— тут жа Слекацень палічыў, што дырэктара чакае дзевяць візіцёраў,— вось ужо, бачыце, толькі за дваццаць мінут мы згубілі тры чалавека-гадзіны. Дзынкніце яму на кватэру... Людзі ж чакаюць.

Відаць, што Алена Браніславаўна больш не магла цярпець Слекаценя, бо адразу адпарыравала:

— Чым тут назаляцца, вы б дробнай рыссю шамоль-шамоль дый праведалі дырэктара.

— Адзін-ноль у вашу карысць,— уздыхнуў Слекацень і тут жа завёўся: — Правільна паднімаюць пытанне ў друку, што ў нашых прыёмных многа грубяць. Не хапае галоўнага — абыходлівасці, гасціннасці... Вось табе і факт,— Слекацень паказаў на Алену Браніславаўну,— я ёй сур’ёзна, колькі чалавека-гадзін згублена, а яна меле пустое і яшчэ ўпікае. А што ў нашай прыёмнай нават нікчэмнае вырашыць не могуць, то яе гэта не датычыцца.

— Нікчэмных пытанняў, да вашага ведама, таварыш Слекацень, не рашалі і рашаць не будзем.

— Не перабівайце, Алена Браніславаўна, я не пускаю словы на вецер — ісціну кажу. Ходзіш з адным і тым жа сюды па сто разоў, і ўсё вы не пускаеце да дырэктара, эканоміце рабочы час кіраўніка, а кваліфікаваную параду ці разумны адказ атрымаць тут, гэта ўжо даруйце, рэдкасць. А ўсё таму, што вы тут проста, даруйце яшчэ раз за шчырасць, проста месца займаеце. Так, так, не думайце, што я агаварыўся, месца займаеце, кажу.

Крыўдна, да болю крыўдна стала Алене Браніславаўне. Але яна змоўчала. Трэба цярпець. Няхай сабе плявузгае. Ведаў бы, якая яна сакратарская работа, ніколі і такога не сказаў. Вось толькі пачаўся рабочы дзень і на табе, ужо настрой у яе сапсаваны. К вечару ад гэтых візіцёраў галава гудзе — карацей, кожны дзень клопатаў хоць адбаўляй. А праца аплачваецца далёка не лепшым чынам — ні кваліфікаваных табе разрадаў, ні прэмій. І ўсё ж яе завабіла работа сакратаркі ў прыёмнай з першага дня. Але чым даўжэй працавала, тым больш пачала заўважаць, што ў яе не хапае ведаў, каб менавіта тут, у прыёмнай дырэктара, быць сапраўдным спецыялістам. Стала прапытваць, дзе рыхтуюць сакратароў — нідзе. А варта было б рыхтаваць такіх спецыялістаў, бо, як ні кажы, быць тэхнічным сакратаром на заводзе — трэба многа чаго ведаць. Трэба разбірацца ў вытворчасці, трэба ўмець і з людзьмі працаваць. Не сакрэт, што кваліфікаваны, добра падрыхтаваны сакратар можа нават сэканоміць кіраўніку амаль трэць рабочага часу. Вось, скажам, дазволь абы-каму заходзіць да дырэктара — што будзе? На вялікі жаль, пакуль яшчэ не ўсе лічацца з сакратаром, як правіла, існуе нейкая недаацэнка яго ролі.

У прыёмную заглянуў Пётр Васільевіч.

— Няма? — паказаў ён на дзверы кабінета дырэктара.

— Няма,— адказала Алена Браніславаўна.

— І не будзе?

— Не званіў — значыць будзе.

Тут якраз лёгкім на ўспамін паявіўся Мікалай Ігнатавіч. Павітаўся з прысутнымі і, перш чым заходзіць у свой кабінет, здзіўлена спытаў:

— Няўжо ўсе на прыём?

Слекацень са сваёй пульхнай папкай выставіўся наперад: не зважаючы ні на кога, стаў прыставаць да дырэктара:

— Мікалай Ігнатавіч, у мяне... Мікалай Ігнатавіч, я з прапановай да вас. Неадкладнай прапановай...

— Сёння нікога не магу прыняць,— адказаў дырэктар Слекаценю.— Ні вас, нікога.— І папрасіў Алену Браніславаўну, каб яна тэрмінова выклікала да яго Дашкоўскага, і каб ён прынёс усе рэкламацыі па запчастках.

У прыёмную зайшоў чалавек у мешкаватым, ледзьве не па пяты дэмісезонным паліто, у кепцы васьміклінцы з гузікам наверсе, якіх у горадзе, пэўна, ніхто ўжо не носіць, у белай, без гальштука кашулі, з чырванаватым тварам — няйнакш завітаў выпіўшы або — пасля значнага перапою.

— Прывет, Ігнатавіч,— чырванатвары прыўзняў над галавой сваю васьміклінку.— Прывет табе ад тваёй калыскі дзяцінства, персанальны прывет ад тваіх землякоў.— І тут жа разлічваючы на эфект, дадаў: — Калі землякі дачуліся, што ты галоўнакамандуючы такога гіганта, то заявілі ў адзін голас: «Так яму і трэба...» — і сам засмяяўся: маўляў, вось як хораша кажуць у тваёй вёсцы Гарадзец пра цябе, дырэктар.

— Добры дзень вам,— падаў руку яму Гарадзец.— Вось толькі, даруйце, я не памятаю вас.

— Мітрафанавіч я, Цімох Мітрафанавіч Мароз.

— А-а, вось яно што.

Мікалай Ігнатавіч успомніў Мароза. Правільна, зямляк...

— То я не надоўга да цябе, Ігнатавіч,— гаварыў далей Мароз.— Быў я тут на вяселлі. Можа, помніш, Аркадзя Аверку, ты ў адным класе з ім штаны свае праціраў. Прывет табе ад Аркадзя. Дык ён дачку сюды замуж аддаў за харошага хлопца, інжынерам ён тут недзе ў цябе. Дык я за свата быў у яго. Ну, а сёння рашыў да цябе візіт зрабіць. Прыемна ж сустрэцца, як ні кажы, з аднаго поля бульбу елі... Дык вось пагаварыць колькі мінут, наказ табе перадаць ад землякоў і просьбу, канечне, адну.

— Што ж, тады заходзьце, Мітрафанавіч,— Гарадзец паказаў яму на дзверы кабінета.

Падышоўшы да стала, Мароз азірнуўся наўкола.

— М-да,— шматзначна заўважыў ён.— Ты нядрэнна ўладкаваўся тут. Ну, што ж, як кажуць у нас: «Так табе і трэба». А я ўжо, Ігнатавіч, узяў курс на заслужаны адпачынак. Не так і многа засталося, усяго 1885 дзён...— Мароз прысеў ля стала, дастаў цыгарэту, закурыў. І, пыхкаючы дымком, працягваў: — А я, шчыра табе кажучы, аддаў лепшыя гады свайго жыцця ўздыму і развіццю сельскай гаспадаркі на бацькаўшчыне, цягнуў вялікі воз і выцягнуў, канечне. А як жа!

Мікалай Ігнатавіч ведаў, што нейкі час Мароз працаваў старшынёй калгаса. Але як ён вёз той воз, некалі расказваў яму сакратар райкома партыі. Ледзь канчаткова не разваліў калгас. Гарадцу было цікава, чым пахваліцца сам Мароз. Хоць не было часу ў дырэктара слухаць успаміны Мароза, а ўсё ж набраўся цярпення, прысеў насупраць яго.

— Я хваліцца не буду, а калгас у раёне пад маім асабістым кіраўніцтвам выйшаў у перадавыя, быў лепшы ўраджай, па тым часе, канечне, многа было свабодных грошай у банку, я маю на ўвазе пераходную рэшту. І заўсёды я быў ініцыятыўны. А як жа, без ініцыятывы нельга...

...Гарадзец глядзеў на Мароза і думаў: Цімох Мітрафанавіч і дзвюх тысяч дзён вам не засталося да пенсіі, а вы яшчэ гэтак нахабна маніце. Каму, дзеля чаго? Навошта?

Але цікава, што будзе гаварыць далей. І Мароз гаварыў :

— У гаспадарцы сам ведаеш, Ігнатавіч, гладка ніколі не ідзе. Бываюць і спады, бываюць і ўздымы. Ну, а калі браць у цэлым, мы агульнымі намаганнямі і вывелі з адставання нашу сельскую гаспадарку, у прыватнасці, ты — сваімі трактарамі, я — канкрэтнай работай на месцы. Жывой, канкрэтнай і, канечне, дзейснай.

Не здагадваўся Мароз, што Гарадзец ведаў гісторыю развіцця калгаса «Серп і молат», калгаса, у якім пракладваў першую баразну яго бацька.

Мароза, відаць, трэба было выключыць з партыі і аддаць пад суд.

Пасля яго «гаспадарання» перш за ўсё трэба было выпраўляць і прытым неадкладна, тэрмінова, становішча ў калгасе.

— Ды я з гонарам магу сказаць, Ігнатавіч,— гаварыў як заведзены Мароз,— што і мы былі некалі рысакамі... Цяпер не тое... Цяпер я загадваю складам ад калгаснай майстэрні. Дык я от і завітаў да цябе ад імя нашых механізатараў, каб ты выручыў нас, выдзеліў колькі запчастак для нашых трактароў. Вось і мне будзе чым пахваліцца; зайшоў да земляка, зямляк і выручыў мяне. А як жа, рука руку заўсёды мые. Так яно і павінна быць.

— Калгасных механізатараў выручу, толькі не вас,— адказаў Гарадзец і прыўзняўся, даючы гэтым зразумець Марозу, што пара і вам, Цімох Мітрафанавіч, пайсці, колькі ж можна дурыць галаву.

— Ты, Ігнатавіч, відаць затаіў на мяне помсту за тое, што некалісь, калі ты кіраваўся з цяжкім куфэркам у горад на вучобу, не падкінуў цябе да шашы,— успомніў Мароз.— Было, прагнасць заела.

— Не толькі за тое, за сённяшняе больш. Вы ж, Цімох Мітрафанавіч, вось тут ні аднаго слова не сказалі праўды. Ад пачатку да канца лгалі. Я ведаю, як вы працавалі старшынёй калгаса, як вас вызвалілі. Так што, думаю, нічым вы не пахваліцеся, калі вернецеся ў калгас. Не веру нават у тое, што вы прасілі ад імя механізатараў. Я скора буду на бацькаўшчыне, у Гарадцы. Калі механізатарам патрэбны запчасткі для трактароў, завод выдзеліць, абавязкова выдзеліць. То будзьце здаровы, а больш не заходзьце да мяне такім ілжывым. Бывайце, я заняты.

Нейкі момант Мароз лыпаў вачыма: няўжо і праўда, Гарадзец ведае пра яго кар’еру, асабліва чым закончылася яна, потым апусціў галаву: а чаму ж і не ведае, часта ездзіць на бацькаўшчыну, то, мабыць, нехта і расказаў яму пра ўсё.

Тут якраз у кабінет зайшлі людзі. Кожны паасобку пачаў гаварыць з дырэктарам, гаварыць аб справах канкрэтных і неадкладных. Вось толькі што гаварылі, Мароз не мог улавіць. Не даходзіла. Шкадаваў аб адным: навошта яму было наогул ісці сюды? Потым зірнуў на дзверы і, апусціўшы галаву, панылым і нікчэмным, нават не развітаўшыся з Гарадцом, пасунуўся з кабінета.

 

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

Якуш даставаў ваду са студні. Апускаў вочап, чэрпаў поўнае вядро. Пакуль выцягваў, вядро пусцела. Аказваецца, дзіравае. Дно таго дзіравага вядра закрываў нейкім лапухом і зноў чэрпаў. Цягнуў, нахіляў, каб глынуць нагбом, хоць бы ў роце прамачыць — ну, ні расінкі ў тым вядры. Нарэшце расплюшчыў вочы — наўкола, як у той студні, цёмна і халодна. Стаў цяміць, дзе ён і чаму ў роце суха. Аказваецца, ляжыць на сваёй пасцелі, дома. Побач жонка. Вось толькі яна, як і належыць, накрытая коўдрай, а ён у верхняй вопратцы, кулем. Мабыць, таму і прабрала яго да касцей — фортачка ж у спальні раскрытая. Пацягнуўся, от бы нырнуць пад коўдру. Ды што пад коўдрай. Ураз ачомаўся і ўспомніў, што гэта ж з ім пасля ўчарашняга, нават пасля заўчарашняга такое здарылася. А ўсё... Ах, каб яно спрахла — цяжка адразу і прыгадаць, з-за чаго менавіта ўсё пачалося. Нават памяць адняло. Хоць страляй — ніяк не ўспомніць, як згубіў розум, як апынуўся на пасцелі. Сам дапяў сюды, ці хто прывёў? А ўсё яна вінавата, гарэлка. Навошта было столькі піць. Але, калі разабрацца на цвярозую галаву, тыя пляшкі ні ішлі, ні ехалі, калі б Астаневіч спадцішка не крамсануў яго па жывому. Вось ён і хапіў тады нашча адну, потым другую чарку. Хацеў заліць боль, а тут нячыстая сіла прынесла гэтага Ціўчанку. Яшчэ і ён калупнуў яго свежую рану, нават солі сыпнуў на яе. І вось, каб заглушыць на свята боль ці хоць прытупіць яго — куляў чарку за чаркай. Спачатку нечым заядаў, потым, замарыўшы чарвяка, толькі смактаў з пляшкі. Глык за глыкам — не ўчуўся, як назбіраўся. І ачмурэў. І вярнуў лухту непадсяваную спярша на дырэктара і Астаневіча, потым — на жонку. Можа б, выгаварыўся — Марыя Іванаўна сядзела на канапе і маўчала, быццам у рот вады набраўшы — а тут якраз зазваніў тэлефон. Пайшоў браць трубку — ногі яго ўжо запляталіся, як і язык. Званіў якраз малады майстар Лёня Якубка, запрашаў да сябе раздзяліць яго радасць — дачка нарадзілася. Замест таго, каб нешта добрае сказаць яму — ісці, вядома, Якуш ужо не мог — толькі гыркнуў: «Што дачка, калі б сын»,— і паклаў трубку. Марыя Іванаўна аж узрадавалася, ці не змогся ён, ці не супакоіцца. Не, дастаў з халадзільніка поўную пляшку.

— Дакуль жа ты будзеш жлукціць, апівошына ты няшчасны,— і выхапіла ў яго з рук тую пляшку, а каб яго неяк утаймаваць, затараторыла: — А ці ж ты з жыру збясіўся, а ці ж ты мошчы задумаў свае пахаваць? Гэта ж столькі піць, меры не знаць... Ды алкаголікі і тыя ж сёння да кампаніі горнуцца, а ты хіба адзічэў ці знялюдзеў...

— А мне ніхто,— махнуў ад сябе рукой,— ні кампанія твая, ніхто... Мяне выкідаюць за борт... Вось і п’ю...

— Ажно ты яшчэ і п’яніца,— уела жонка.— Руцінёр і п’яніца.

Здавалася, Якуш лыка не вязаў, а вось слова «руцінёр» як токам яго ўдарыла, і ён, чаго не чакала Марыя Іванаўна, адразу працвярэзіўся. Ну, а калі аглуздаўся, падумала яна, чым заўтра яму выбіраць дубняк з бярэзнікам, лепш адразу — па свежых слядах. І як узарвалася, як пачала, што з кулямёта. Думала, што затлуміць яго, зацюкае, аглушыць. Не, Якуш не з палахлівага дзесятка. Тым больш што рэдка які падвыпіўшы муж умее зважыць жонцы. Не зважыў і ён. У гневе, што траплялася на язык, тое і гаварыў. Марыя Іванаўна памкнулася за дзверы шмыгнуць, але куды? Да інтэрната далёка, да суседзяў — навошта ж выносіць смецце з хаты? Сама людзей настаўляла, каб не хапіліся за чубкі, а калі адзін хто рэхнецца часам, чаго не бывае паміж мужам і жонкай, каб другі панікі не паднімаў. Глядзі, у апошні час не чуваць, каб хто ў інтэрнаце нават сварыўся. А рэдзьку часцей за ўсё і пачынаюць драць, калі муж падап’е, а жонка не змоўчыць яму, стане нешта даказваць п’янаму. А даказваць п’янаму, што шалёнаму, от звычайна і разгараецца між імі сыр-бор. Нешта падобнае ў іх адбылося. То куды ёй бегчы са сваіх вуглоў, каму скардзіцца? Сама ж падтыкнулася. Памаўчала б тую мінуту, дык не, у агонь ды масла шухнула.

Іван Тарасавіч, пакуль яго кроў бударажыла значная доза выпітага, сноўдаўся па калідоры і, сцяўшы кулакі, ужо невыразна і бессэнсоўна нешта даказваў: вось толькі каму — сабе ці чорту лысаму — Марыя Іванаўна, як ні прыслухоўвалася, зразумець не магла. Але тым часам схавала гарэлку. А каб ён, чаго добрага, не пайшоў у магазін, бо п’янаму ж закон не пісаны, схавала і паліто яго.

Не, Іван Тарасавіч не стаў смяшыць людзей. Калі выгаварыўся, забурыўся на канапе і праз якую мінуту-дзве захроп на ўсе застаўкі. Назаўтра прачнуўся — апроч, як пахмяліцца, нічога яму не хацелася. Нікла апусціўшы галаву, колькі пасядзеў на канапе, потым прайшоў на кухню. На ўсякі выпадак адчыніў халадзільнік — дудкі, замест «Экстры» стаяла пляшка кефіру. Папрасіць чарку? Не дасць. Марыя Іванаўна хадзіла надзьмутая. «Ну і дзьміся сабе, ліхая скула»,— падумаў пра жонку, і тут нарадзілася думка: а што калі папрасіць прабачэння ў Якубкі за ўчарашнюю сваю нетактоўнасць? Якая розніца дачка ці сын — усё роўна чалавек нарадзіўся. От, за яго дачку можна было б сёння і выпіць. Якуш адразу і пазваніў. Праз якое паўгадзіны Якубка заявіўся з дзвюма пляшкамі.

Выпілі. Узбуджаныя і бесклапотныя, пачалі адзін аднаму пець дыфірамбы: то Якубка захвальваў Якуша за яго неацэнны ўклад у айчыннае трактарабудаванне, то Якуш прарочыў Якубку хуткі і высокі рост. Падхвалены і ўзрадаваны, Якубка, як харобры пеўнік, падскочыў з месца і, паставіўшы Івана Тарасавіча перад фактам, што да абедзеннага перапынку ў гастраноме засталося дваццаць пяць мінут, заахвоціўся скокнуць па трэцюю пляшку. Але Марыя Іванаўна не выцерпела: Якубку папярэдзіла, калі ён раптам заявіцца на парог з паўлітэркай, будзе званіць у міліцыю; Івану Тарасавічу загадала распрануцца і лезці пад халодны душ.

На гэты раз Якуш не толькі зняважыў Марыю Іванаўну, але замахнуўся наогул турнуць яе з кватэры, ды пасаромеўся Якубкі — навошта маладому майстру даваць нядобры прыклад.

Якубка, папрасіўшы ў гаспадыні прабачэння, тут жа, не развітаўшыся нават, шмыгнуў за дзверы, а Іван Тарасавіч, адчуваючы сябе задужа цяжэзным і нямоглым — дзіва што, гэтулькі выпіць! — трымаючыся за сцяну, неяк дапнуў да свайго ложка ў спальні і, не распранаючыся, разваліўся на новым, толькі што купленым пакрывале.

Цяпер ён ляжаў на тым пакрывале і каяўся: навошта было яшчэ і ўчора сварыцца з жонкай? Ну, замянташыла яна — у бабы заўсёды язык доўгі, трэба было махнуць рукой, ліха з ёй, а то нагаварыў...

Пайшоў смагу прагнаць. Брэнкаўся на кухні. Знайшоў нейкі кампот з бурбалкамі. Напіўся. Яно пасля такой п’янкі лепш кіслага чаго або чаю, ды калі з тым чаем важдацца. Але пасядзеў, разглуздаўся, здаецца, трохі, і ад кампоту акрыяў.

Пачухаў патыліцу — на душы неспакойна. Вось прыйдзе жонка і задасць, абавязкова задасць добрага прачуханца. Тут жа разважыў: «А што калі б самому пачаць спавядацца?» Ну, падпіў трохі, ці ж ён часта набіраецца. А што лаяўся — ёй трэба было помніць, што п’янага і чорт абыходзіць. От бы яна і зважыла б яму. А немаведама за што і сабе нервы парвала і яму цяпер думай, як паддобрыцца.

Вярнуўся ў спальню. Але падумаў, не шкодзіла б зайсці ў ванну, пагаліцца, за двое сутак барада зарасла густой шчацінай. Але што барада — з жонкай трэба неяк паладзіць. Прысеў на яе ложку. Наколькі ён гаваркі, іншы раз красамоўны, цяпер быццам анямеў, дакладней, не ведаў, што рабіць: ці пачаць адразу абараняцца, прасіць прабачэння, каб даравала яму за ўсё, ці рушыць у наступ: чаму гэта яна ўчора не паслала яму пасцель, не распранула яго?

— Як праз сон мроіцца: я табе, Марыйка, заўчора і ўчора нешта нядобрае нагаварыў. А што нагаварыў, ну страляй мяне зараз — не помню.

Марыя Іванаўна не варухнулася нават. Трымаючы рукуна яе плячы, Іван Тарасавіч працягваў:

— Я ж цябе папярэджваў: ніколі не лезь да п’янага. А ты... Вось бы цяпер, цвярозаму, і падсыпала жару. А што ты казала ўчора, чэснае слова, не помню. Цяпер, во я гатоў цябе слухаць, а ты ні слова, ні паўслова. Ой, Марыйка, Марыйка... Ёсць у цябе што сказаць сёння, кажы. Толькі папярэджваю, каб зноў не наламаць дроў. Ці ж мы з табой першы год ваюем. У цябе язык, як калаўрот, даруй мне, Марыйка, за шчырасць, як распусціш яго, аж пакуль аскому не нагоніш, не ўтаймуешся, ну, а я, як бы ты ні кудахтала, выдыгаць перад табой не памераны. А што пасварыліся — сварка, кажуць старыя людзі, гэта добрая запраўка. Уставай, зараз мне чаго кіслага, гарачага на сняданак, і няхай паміж намі будзе лад і згода.

— Табе што — набраўся да чорцікаў,— уздыхнула Марыя Іванаўна,— і ўсю ноч храпеш сабе на здароўе. Галава ў цябе кружыцца ад гарэлкі, а ў мяне баліць ад бяды.

— То я ж, здаецца, табе сказаў...

— Ды ты мне што?.. Галава ў мяне баліць з-за Люды.

— А па-мойму, чаго ты пальцы тыцкаеш паміж імі. Яна любіць яго, ён хінецца да яе, то, можа, няхай і вырашаюць, як самі хочуць.

— Ды не пра Астаневіча ў мяне галава баліць. Сёння хацела «хуткую дапамогу» выклікаць.

— Ты што, занядужыла чаго? — насцярожыўся Іван Тарасавіч.

— Не я, Люда...

— Люда?

— Пад раніцу супакоілася трохі,— Марыя Іванаўна нарэшце павярнулася.— Ці яна з ім перакалела, ці перахвалявалася чаго. Праўда, скардзілася і раней, што баліць у паясніцы, а сёння ўсю ноч не заснула. І што з ёй такое? Ой, нешта нядобрае з нашай нявестай... Падумала я, падумала — які толк выклікаць «хуткую»? Дадуць укол, часова здымуць боль, і ўсё... Не падобна, што ў яе радыкуліт. У мяне бываюць прыступы — нагой варухнуць немагчыма, ні прысесці, ні сагнуцца, а ў яе... Адкуль такое насланнё на дзяўчыну? З поўдня прыехала ўжо нездаровая. Здавалася, адпачыла, пакупалася ў моры, пазагарала. Дык не, вярнулася змораная і з боллю. Пазваніла я сваёй доктарцы, расказала ўсё. Прыйдзе скора, паглядзіць яе, паслухае. Сказала, каб заўтра абавязкова яе паставіць на рэнтген. Калі радыкуліт — не такая ўжо бяда, а раптам...

Іван Тарасавіч прыўзняўся, каб пайсці да дачкі, але Марыя Іванаўна папярэдзіла:

— Ты цішэй, а то ходзіш, як мядзведзь. Супакоілася, заснула, то няхай паспіць.

Цяжкі одум абрынуўся і на Івана Тарасавіча.

Кожную раніцу, асабліва пасля свята — за дваццаць гадоў добра праверыў Якуш — ішоў ён на работу з прыўзнятым настроем. Як ні кажы — адпачыўшы. Пасля гэтага свята, падыходзячы да заводскай прахадной хоць і пачуў з рупара знаёмую мелодыю аптымістычнага маршу, колішняя бадзёрасць не аднаўлялася. Ногі пудовыя. Выпіўка вінавата, разумеў Якуш, ніхто пасля яе не кідаецца ў скокі. Да таго яшчэ і на душы горка — сёння ён ідзе на завод груба зняважаным і афіцыйна абазваны руцінёрам, а яшчэ, над ім навісла дамашняя бяда: з Людмілай сапраўды нешта не ладзіцца, звяло дзяўчыну на абалонь, збялела, як ліпіна, ледзьве ногі перастаўляе. То як жа яму, не ведаючы чым гэта кончыцца, весяліцца? Таму ішоў засяроджаны і панылы. Калі знаёмыя віталіся з ім, у адказ дзеля адчэпнага толькі моўчкі ківаў галавой. Цікаўных і дасціпных гаваруноў стараўся не заўважаць. А натыкаўся на каго, адварочваўся.

Пасля крытыкі на пленуме, разумеў Якуш, дырэкцыя абавязкова і неадкладна пачне рабіць захады: па-першае, прымусіць устанавіць і пусціць тыя электродныя машыны, хоць, можа, яны ўжо дастаяліся да непрыгоднасці; па-другое, калі не стане здымаць яго, Якуша, з пасады, то ўздасць яму публічна добрага пытлю. Ім жа трэба неяк рэагаваць на крытыку. Аднымі размовамі, канечне, не абмяжуюцца.

За прахадной перад Іванам Тарасавічам, як і год і пяць таму назад паўстала шырокая, абсаджаная дзвюма радамі высачэзных ліп, алея, або, як яе называюць у апошні час, алея Славы. Узбоч абодвух тратуараў недзе на паўкіламетра — партрэты перадавікоў завода. Былі і ёсць партрэты яго знаёмых. А вось яго, Якуша, партрэт ні разу не трапіў на гэтую алею. На пачатку, калі быў простым рабочым, хоць і стараўся, а ў перадавікі не выбіўся. Потым, калі ўзначаліў прэсавы і яго цэх заваяваў першае месца на заводзе — на жаль, партрэты начальнікаў не вывешвалі. Так ён і не меў гонару быць прадстаўленым тут да гэтага часу, цяпер — тым больш.

Цэх глуха і натужна гудзеў. Тут працавалі двухсот, трохсот, нават пяцісоттонныя станы, чуваць было, як лязгалі лісты жалеза, вылі цягачы, краны... Дрыготкае трымценне, нават вібрацыя падлогі пад нагамі для Івана Тарасавіча былі даволі звыклымі. Яго тут нішто не раздражняла. Наадварот, ён хутчэй вызваляўся з палону душэўнай скрухі. Нават рабіўся больш аптымістычным і больш патрабавальным да сябе. Адчыніў дзверы свайго кабінета, разважыў: калі ты, Іван Тарасавіч, нечага варты, застанешся на пасту. А пакуль суд ды справа, трэба таму-сяму падвінціць гайкі. Такое варта было б зрабіць раней, а ён усё ліберальнічаў, сачыў толькі за выкананнем плана, на ўсё астатняе, ну, нібыта памяць адсохла ў яго. Ды крутнуў бы раней гэтыя гайкі, падціснуў бы як след спецыялістаў, глядзі, знайшліся б і кемлівыя хлопцы, і працавалі б тыя электродныя машыны. Цяпер бы ніхто і рота не раскрыў супраць яго.

І адчуўшы ў сабе прыліў энергіі, Якуш вырашыў дамагацца справядлівай і своечасовай рэабілітацыі. З сённяшняга дня! Пасля першае змены ён пойдзе на прыём... Вось толькі спачатку да каго? У райком не варта! У гарком! А пакуль стане дзейнічаць зверху, трэба зараз жа і неадкладна выпраўляць становішча на месцы.

А восьмай гадзіне парашыў сабраць спецыялістаў на лятучку.

Сакратарка пайшла выконваць загад. Іван Тарасавіч застаўся ў кабінеце сам-насам. Прайшоўся да дзвярэй, пацёр рукамі. Не з такіх ён пераплётаў выкручваўся. Не можа быць, каб цяпер уліп.

А сказаць па праўдзе, то ніколі ён не злоўжываў ні службовым становішчам, ні сваім характарам, таму і не выкручваўся. Хіба, можа, калі быў задужа строгі. То як жа інакш было? Помніцца, калі прызначылі яго начальнікам цэха, а гэта было, здаецца, зусім нядаўна, спярша прайшоў ён каля прэсавых станаў, задаў некалькі выключна тэхнічных пытанняў рабочым, майстрам, потым вярнуўся ў гэты кабінет. Прайшоўся гэтак жа, як цяпер, да дзвярэй, пацёр рукамі. З чаго пачынаць спачатку — дакладна не ведаў. Пасядзеў за сталом, супакоіўся. Хацелася засяродзіцца на самым галоўным. Вось толькі, менавіта, што самае галоўнае было на тым этапе і ў той дзень, не мог уявіць сабе. Мусіў напачатку прашчупаць кожнага майстра паасобку. Выклікаў сакратарку і падаў ёй лісток паперы. Насупраць прозвішча кожнага майстра стаяла лічба 8.50, 9.25...

— Графік,— сказаў ён і растлумачыў: менавіта ў гэты час, які абазначаны, забяспечце яўку, калі ласка, названага ў спісе спецыяліста.

Некалькі чалавек не з’явілася ў дакладна прызначаны час. Хто спазніўся на пяць,— хто на дзесяць мінут. Якуш не прыняў нават таго, хто затрымаўся на тры мінуты.

Адны сталі абурацца, наракаць, маўляў, які педант, бюракрат іхні новы начальнік, другія стараліся выгарадзіць: «Парадак жа павінен быць. Калі дырэктар завода ды начальнік цэха не стане берагчы мінуты, то што тады чакаць ад іншых».

Назаўтра Якуш выклікаў да сябе Крупчанку, начальніка ўчастка. Той падышоў да яго стала, падаў руку. Крупчанка ў ліку першых будаўнікоў прыбыў з фронту на пляцоўку новага завода, паклаў першую цагліну ў падмурак галоўнага корпуса. Узводзіў сцены прэсавага. Будучы токарам, рабіў першую дэталь для першага трактара. Першы з ветэранаў вайны закончыў тэхнікум. Не так даўно яго прызначылі начальнікам участка. І тут ён не спаў у шапку. Хоць у апошні час пачало здаваць патроху здароўе — пасівеў, паднасіўся, але яго ўчастак ні разу не здаваў першынство ў цэху.

— Растлумачце, чаму асобныя рабочыя лайдачаць? — строгім голасам спытаў Якуш.

— Па-мойму, не тое слова: лайдачаць,— заікнуўся Крупчанка.

— Балбатня,— перабіў яго Якуш.— Рабочы не даў плана, значыць лайдачыў. А калі вы абараняеце лайдакоў, то і вы разам з імі лайдачылі. Цяпер падпяваеце ім, хочаце, каб словы нейкія да вас падбіраў. Я за вас, Крупчанка, працаваць не буду, не буду, каб вы ведалі. Вы начальнік участка і за свой участак галавой адказваеце.

Разгубіўся Крупчанка, рукі яго закалаціліся. Прамаўчаў Якушу, нібы і прызнаў сябе вінаватым.

З цягам часу крутасць Якуша падвінціла дысцыпліну. Ну, а далей ішло па-рознаму: калі з уздымам, калі са спадам. Часам на аператыўках Якуш гаварыў слушна, указанні яго былі разумныя, а вось падносіў іх у такім раздражняльным тоне, што ўсё, аб чым ні гаварыў начальнік цэха, здавалася, праходзіла ў кожнага міма вушэй. Заўсёды ён быў нечага незадаволены, даваў накачку ў адной меры зацятым лайдакам і добрасумленным рабочым. Штодня ён паяўляўся на кожным участку па некалькі разоў і абавязкова назаляў сваімі павучаннямі. Зноў-такі не скажаш, што павучэнні яго былі не карысныя, аднак людзі, шчыра кажучы, пабойваліся яго візіту і на лятучкі збіраліся з неахвотай, зналі, што іх чакае разнос.

Але як бы там ні было, з цягам часу нават скептыкі сталі прызнаваць, што з прыходам Якуша ў цэху павеяла свежым ветрам перамен. Прыемна было такое чуць і самому Якушу. Ну, а калі крануў з месца калёсы, стаў мацней тузаць за лейцы. Часам быў грубы, невытрыманы, бестактоўны, не заўсёды мог прыслухоўвацца да думкі іншых. Яму падказвалі: усё ж ты, Іван Тарасавіч, кіруючы цэхам, націскаеш не на кнопкі машын, вакол цябе жывыя людзі, якія патрабуюць як узаемаразумення, так і простай элементарнае ўвагі да сябе. А ён, калі не па яго, зрываўся, сек з пляча, маўляў, чаго там далікатнічаць, ён жа патрабуе менавіта не для сябе лепшых заказчыкаў.

Настрой у людзей прыкметна пачаў падаць. Пасыпаліся заявы з просьбай зволіць. Тут бы яму і прыслухацца да настрою і голасу рабочых. Не, Якуш, мабыць, добра не падумаўшы, гаварыў: «Уцякаюць, значыць працаваць не хочуць». Вядома, з тых, хто пакідаў цэх, мажліва і былі, якія не хацелі працаваць, а галоўнае ў той час цэх не далічыўся многіх выдатных спецыялістаў.

Сігналы дайшлі да парткома: «Якуш круты», «Якуш не ўважлівы да людзей». Там разабраліся, сапраўды, Якуш, хоць і пачаў выводзіць цэх з адставання, але грубіць. З ім не раз гаварыў дырэктар завода, павучаў сакратар парткома, і кожны з іх, як мае быць, настаўляў на лад.

Аўтарытэт, які набыў будучы начальнікам цэха, здавалася, працаваў ужо на яго самога. І раптам, от, каб яно пратанула... Не адсохла таму галава, хто выдумаў слова «руцінёр». Цяпер яму застаецца адно — сабраць усе рэзервы і ўсё, што толькі магчыма, кінуць на ўстаноўку электродных машын.

Пачалі збірацца людзі. Моўчкі рассядаліся на крэслах. Для некалькіх чалавек не хапіла месц, яны пасталі ля акна. Ведалі, што лятучку начальнік, звычайна, не зацягвае, можна і пастаяць якіх мінут дзесяць — пятнаццаць.

Іван Тарасавіч гатовы быў пачаць лятучку, ды якраз у дзвярах зноў заўважыў сакратарку — яна без справы ніколі не заходзіла ў кабінет. На гэты раз паведаміла непрыемны, больш таго, абуральны, з пункту гледжання Якуша, факт. Майстар Якубка сваю аператыўку, якую праводзіў у гэты час, адмяняць не збіраецца. Калі закончыць, прыйдзе. Такога Якуш не чакаў ад Якубкі. Адразу набраў яго нумар. Спытаў:

— Ты што сабе думаеш?

— Не перашкаджайце, Іван Тарасавіч, у мяне аператыўка,— адказаў Якубка і паклаў трубку.

Якуш зноў набраў яго нумар. Якубка нават не стаў слухаць. Паклаў трубку — кароткія гудкі.

Сам колькі разоў папярэджваў, што калі аператыўка ў майстра, не пажадана ні скарачаць яе, ні пераносіць. І ўсё ж, калі лятучка ў начальніка, усе майстры з’явіліся, а Якубка, бач ты яго.

Даўно лічыў сябе Якуш, што ён — вярхоўны аўтарытэт у цэху. І на табе. Хай бы Крупчанка гэтак зрабіў — ён сталы чалавек, ветэран завода, а то Якубка... Няўжо думае, што начальнік з ім будзе гэтакі лагодны на службе, як за сталом. І Якуш пачаў пад уражаннем таго ж Якубкі.

— Мне боязна застою, таварышы... Трэба, па-мойму, нідзе не замыкацца, ні дома, ні на заводзе. А замыкацца ад агульна-цэхавых задач той жа сваёй аператыўкай — гэта ўжо застой. Ну, ды пра Якубку потым, а цяпер...

Спярша Іван Тарасавіч прыўзняў амаль кожнага, каго выклікаў на лятучку і спытаў, хто менавіта на яго думку вінаваты, што ў цэху своечасова не былі ўкаранёны монаэлектродныя машыны. Адзін паціснуў плячыма, другі развёў рукамі, трэці сказаў неяк няўпэўнена: «А можа, лічылі, што яны не дадуць эканамічнага эфекту», чацвёрты зусім лухту панёс: «Можа, не ведалі, як іх укараняць». Тады падняўся Крупчанка:

— Што тут цягнуць кожнага за язык: «Хто вінаваты, ды хто». На пленуме райкома партыі было ясна сказана, хто вінаваты, мала таго, у вячэрняй газеце чорным па беламу надрукавана. Навошта з пустога ў парожняе пераліваць.

Івану Тарасавічу не спадабалася заўвага Крупчанкі: пакуль ён тут яшчэ адказвае за цэх, то каму-каму, а майстру ўсё ж трэба захоўваць нейкую субардынацыю перад сваім начальнікам. А падрываць яго, Якуша, аўтарытэт, ён нікому не дазволіць нават тады, калі будзе на заслужаным адпачынку.

— Вось за такія штучкі,— нарэшце ўзарваўся Якуш,— я цябе, Крупчанка, зараз за дзверы выстаўлю. Што тыцкаеш мяне носам у газету? Чытаў, а як жа, чытаў. Тут яшчэ разбяруцца, хто руцінёр. А за дэзарганізацыю табе, Крупчанка, трэба запісаць такое...— Якуш запнуўся...

— Пішы! — не сцярпеў Крупчанка, прыўзняўся і памкнуўся пайсці да дзвярэй.

Яго не пусцілі: «Не гарачыся»,— сусед узяў за руку і пасадзіў на месца.

Якуш таксама асеў, відаць адчуў, што перагнуў палку. Тут ён як бы зрабіў ход канём — прапанаваў, каб менавіта Крупчанка на сваім участку прыступіў укараняць тыя монаэлектродныя машыны і прадыктаваў сакратарцы:

— Запішы так: выканаць усе работы Крупчанку да першага красавіка.— Раптам спахапіўся, унёс папраўку: — Да першага красавіка — не. Лепш да трыццатага сакавіка. Першага красавіка не пойдзе.

Далей захапіўся цякучкай. Пачаў правяраць, ці ўсе дэталі падрыхтаваны згодна графіка. Удакладніў наконт трэцяй, чацвёртай, пятай аперацыі... Аказваецца, у аднаго зрываецца на тры дні аперацыя, у другога, наогул, прастой. А там, аказваецца, станок на пятым участку трэба мяняць. А гэта па сутнасці ўсё роўна, што галавой налажыць. О, як з-за станка кіне на ўхабу. Дужа марудна працуюць наладчыкі. Не раз сам бачыў, як замест таго, каб на якім аварыйным участку па аднаму ці па двух працаваць — таўкуцца цэлымі аддзяленнямі. То што наконт гэтага думае інжынер? Якуш адзначыў:

— Няважныя там справы, Мікалай Аляксеевіч, з рук вон, няважныя — і стаў удакладняць: — А хацелася б ведаць, калі мы на пятым убачым парадак. Калі ты сарвешся з месца?

— Пазней трохі, калі пахаладнее.

— Як — пахаладнее? — зноў узарваўся Якуш, але тут жа супакоіўся, стаў разважаць больш памяркоўна: — Нельга ж так: «Калі пахаладнее, калі пацяплее». Там жа селі на першых дзвюх аперацыях і ніяк.— І зноў, нібы кальнула Якуша.— Ты што маўчыш, Мікалай Аляксеевіч?

— А што?

— Ну, калі ты яшчэ будзеш гаварыць, калі пахаладнее, калі пацяплее, тады можаш не гаварыць. Я і пытаць не буду.

Нервознасці ў Якуша было замнога. А таму не заканчваў адно пытанне, пачынаў другое. Яму не пярэчылі. Сядзелі, слухалі.

На парозе паявіўся Якубка. Якуш аж уздрыгнуў:

— А ты, хлапчук, яшчэ не апярыўся, а ўжо любіш кроў псаваць. Цяпер можаш зачыніць за сабой дзверы з таго боку, а перш чым заўтра прыступіць да работы, каб мне была тлумачальная запіска.

Якубка спачатку падумаў, што Іван Тарасавіч няўдала жартуе. Каму гэта ён, Якубка, псуе кроў? Што не з’явіўся на лятучку — ніколі ж лятучкі не праводзілі адначасова з аператыўкамі. То чаму ён павінен быў кідаць людзей і бегчы да Якуша? А вось што хлапчуком абзывае яго — крыўдна.

Дваццацідвухгадовым Лёня Якубка прыйшоў у прэсавы. Не вучнем, не падсобным рабочым, а — майстрам.

Яго вылучалі не раз. І, як правіла, адмаўлялі, хоць асобныя кампетэнтныя людзі гаварылі, што Якубка з галавой. А што малады, што яму ўсяго дваццаць адзін год, то Гайдар у шаснаццаць год камандаваў палком, Ландау у дваццаць чатыры гады ўзначальваў кафедру тэарэтычнай фізікі. І ўсё ж начальства аддавала перавагу не Якубку, а больш сталаму чалавеку. Можа б, яшчэ прыглядваліся да Якубкі, пакуль бы ён сталеў, набіраў гады, а з гадамі і вопыт, калі б Гарадзец у адным сваім выступленні не ўспомніў прозвішча Якубкі... Нарэшце, а гэта было месяцы чатыры таму назад, старшы майстар прывёў у прэсавы цэх Якубку і перад дваццаццю васьмю рабочымі спярша прадставіў яго — «Знаёмцеся», потым ахарактарызаваў: «Адужаў політэхнічны інстытут хоць завочна, затое на «выдатна». На заводзе праявіў сябе здольным інжынерам».

Калі стаў майстрам, дваццаць восем рабочых, старых і маладых, дваццаць восем характараў трэба было вывучыць Лёню Якубку. Адразу паўсталі цяжкасці. Такія, пра якія не гаварылі ні ў інстытуце, пра якія не чытаў і ў кніжках. Памянялі, скажам, рабочага. Добра, калі б навічка памянялі на ветэрана, а то — на лайдака. І адразу пабольшала браку. «Што рабіць?» — спачатку не ведаў Якубка. Пачаў прабіраць яго на пяцімінутцы. Сказаў колькі слоў, пасарамаціў, звярнуў яго ўвагу на рабочую годнасць, на якасць іхняй маркі трактара. Пяцімінутка не сход, доўгіх прамоў тут не развядзеш. Ды і не ўмеў ён яшчэ пагаварыць па-гаспадарску з рабочым. Але калектыў дапамог. Адзін — рэпліку навічку, другі... Глядзіш, таго лайдака, прагульшчыка аж у пот кіне. Тут Лёня Якубка і зразумеў значэнне пяцімінутак. Праз колькі часу дваццаць сем рабочых пачалі паважаць дваццаць восьмага за яго адносіны да працы, нават за майстэрства, але па-ранейшаму не даюць спуску яму за паводзіны, не так часта стаў выпіваць, бярэ сябе ў рукі. Ды наогул, у Якубкі ўсё паляпшаецца на ўчастку. А Якуш, на табе, гэтак абурыўся, што ён своечасова не прыйшоў. Не разумее Якубка, чаму Якуш гэтак на яго... А калі вяртаўся на свой участак, думаў: «Няўжо стаміўся Іван Тарасавіч, няўжо нервы яго здаюць? Харошы ж быў чалавек. А бач, ужо стаміўся. Яму б адпачыць. Відаць, і пашлюць яго на іншую работу. Пагаворваюць, што заменяць». Цікава было Якубку, хто ж прыйдзе на месца Якуша? Прыйдзе новы, тады і парадкі стануць новыя. Можа, новы з паўслова цябе зразумее і, калі што якое, не прымусіць пісаць тлумачальную запіску.

* * *

Амаль ніколі Іван Тарасавіч не хадзіў абедаць дадому, хаця жыў недалёка ад работы. У абедзенны перапынак звычайна заходзіў у буфет, браў шклянку кавы ці кефіру і які бутэрброд. Затое пасля работы мог паесці з ахвотай.

На гэты раз падаўся дадому. Не думаў, не збіраўся — самі ногі павялі.

...Выскачыў ён з кабінета дырэктара, як абвараны, здаецца, толькі павярнуўся там, можа, нават і прысесці не паспеў. Прайшоў па прыёмнай, нібы здань, нават не зірнуў ні на кога, хоць там сядзела некалькі чалавек. Спусціўся з другога паверха. Пастаяў колькі на ганку. Не інакш, яшчэ вагаўся, куды яму пайсці — у цэх, ці?.. Сышоў з прыступак, ступіў крок, другі і ціха стаў аддаляцца ад будынка заводакіраўніцтва.

Як усё змянілася. Колькі гадзін таму назад ён ішоў яшчэ малайцаватым, хоць, праўда, і закрадвалася нейкае прадчуванне трывогі, але не ведаў, што адбудзецца з ім неўзабаве, не ўяўляў нават, больш таго, не спадзяваўся, што так рашуча і рэзка з ім абыдуцца.

Пасля лятучкі пазваніла яму ў кабінет Алена Браніславаўна. Зусім нядаўна чуў яе галасок у трубцы яшчэ даволі ўзбадзёрваючы: «Дарагі Іван Тарасавіч, прашу вас ад імя Мікалая Ігнатавіча, каб вы пераступілі да нас парог» або «...калі вам сёння сніўся прыемны сон, то, па-мойму, спраўдзіцца, вас хоча бачыць дырэктар». На гэты раз голас Алены Браніславаўны быў нібы прастуджаны, тон афіцыйны: «Таварыш Якуш, роўна а першай гадзіне вам з’явіцца да дырэктара завода». Іван Тарасавіч не заікнуўся нават спытаць чаго. А сэрца ёкнула. Паклаўшы трубку, цяжка ўздыхнуў: «Усё, Іван Тарасавіч. На гэтым песенька твая спета». Праз які момант у яго душы варухнулася, хоць маленькая, няпэўная, але надзея, і ён набраў нумар прыёмнай дырэктара, пацікавіўся ў Алены Браніславаўны, можа, у дырэктара якая нарада, вось яго як начальніка цэха і выклікае?

— Вас аднаго выклікае,— адказала Алена Браніславаўна.

І вось ён з’явіўся.

Пасля кароткай афіцыйнай прапановы дырэктара: «Вам трэба, Іван Тарасавіч, папрацаваць на лягчэйшай рабоце», у яго закружылася галава. А вось на якую работу, куды яго мяркуюць перавесці, дырэктар не паспеў сказаць — яму пазванілі нечага з Масквы. Гаварыў ён па тэлефоне мінут пяць. Потым зайшлі галоўны інжынер, Астаневіч, сакратар партбюро і яшчэ некалькі чалавек — не інакш, збіраў іх дырэктар, каб аб нечым параіцца, важным і неадкладным. У дадатак, як бы падагульваючы сказанае, дырэктар заключыў: «Вось так, Іван Тарасавіч, так патрабуе жыццё». Можа б, і яшчэ што дадаў, аднак Іван Тарасавіч павярнуўся і, ледзьве не хістаючыся, пакрочыў да дзвярэй.

Зашумелі сосны над галавой, і пругкі вецер ледзьве не скінуў з яго галавы капялюш. Іван Тарасавіч абедзвюма рукамі паправіў яго.

Насустрач ішлі рабочыя — хто больш знаёмы, вітаўся. Якуш зацята глядзеў пад ногі, не рэагаваў ні на чые «добры дзень». На душы было пуста.

Няўжо і праўда ўсё? Няўжо праз колькі дзён, будучы на лягчэйшай рабоце, ён стане працаваць нараўне з нейкім Якубкам? Не, ён канчаткова не падніме рукі, не пагодзіцца з тым, што на яго напісаў Астаневіч, што яго дарэмна і незаслужана зняважылі на пленуме райкома. А што дырэктар сказаў наконт лягчэйшай работы, то, відаць, баіцца браць на сябе адказнасць, каб адстаяць яго, Якуша. Спадзяецца, што Якуш адразу і здасца.

Не, ён яшчэ паваюе. Ветэраны так лёгка не сыходзяць з дарогі. Вось зараз ён пераапранецца і пойдзе біць у званы.

— З паслясвятам вас, Іван Тарасавіч! — Якуш пачуў знаёмы голас. Зірнуў — да яго далучыўся сусед Слекацень. Жывуць яны ў адным пад’ездзе. Іншы раз спяшаюцца разам на завод.

Іван Тарасавіч для адчэпнага кіўнуў галавой. Слекацень скардзіцца:

— Праўду кажуць, Іван Тарасавіч, што панядзелак нешчаслівы дзень.

Якуш насцярожыўся: няўжо Слекацень так імгненна даведаўся пра яго размову з дырэктарам? Вось зараз і прыстане з кароткімі гужамі: чаму, ды як?

А Івану Тарасавічу не хацелася, ой, як не хацелася, каб ведаў хто, што ён папярэджаны наконт звальнення.

Але ў Слекаценя было другое:

— Ну, і панядзелак... Адны асечкі ў мяне сёння. Першая асечка — пасварыўся з Аленай Браніславаўнай. Гэта, я вам скажу, толькі пачынаўся панядзелак. Другая асечка — дырэктар не прыняў... Ну, што, думаю, з гэтымі асечкамі можна яшчэ мірыцца. Толькі зайшоў да сябе, пачаў працаваць — званок. Чую голас Алены Браніславаўны. Папярэджвае, каб з’явіўся да дырэктара з тлумачэннем, на якой падставе аддзел прапанаваў скараціць са склада запчастак трыццаць шэсць чалавек. Што, думаю, за наіўная пастаноўка пытання? Цяпер жа паўсюдна ідзе барацьба за зберажэнне сродкаў, эканомію... Вось я і падтрымаў лабараторыю навуковай арганізацыі працы. Столькі фонда зарплаты сэканомілі. Цяпер я, аказваецца, вінаваты. Вось, кажу, і трэцяя асечка. Калі на тое пайшло, ці ж я падпісваў загад скарачаць людзей?

Нічога не адказаў Якуш. Што — рабочых? Трэба будзе аднавіць, адновяць. А вось што з ім будзе?

— Як вы думаеце, Іван Тарасавіч? — лез сляпіцай да яго Слекацень.— Па-мойму, не было б панядзелка, не было б і гэтых асечак.

Не хацелася Івану Тарасавічу гаварыць са Слекаценем: пры чым тут яго асечкі да сённяшняга панядзелка? А хоць бы і пачаў што гаварыць, той стане даказваць сваё. Заўсёды ён задужа энергічны, адразу хапаецца за некалькі спраў. І без шанцаў. Спрабаваў пісаць п’есы, вершы. Калі не атрымалася з яго літаратара, пачаў спрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Але не напісаў не толькі людскага рэпартажа — ды што рэпартажа, газетнай інфармацыі. Ні ў адну рэдакцыю яго не ўзялі, прыйшоў на завод. Падумалі, прыкінулі, дзе яго выкарыстаць — накіравалі ў аддзел працы і зарплаты. Цяпер канчае політэхнічны інстытут. Думалася, што чалавек у гадах, амаль з двума дыпломамі — яшчэ і філалагічную адукацыю мае,— стане больш сабраны — не, многа яшчэ ў яго дурасці. Таму Якуш адказаў яму нешта няпэўнае:

— Усякае бывае ў жыцці.

Можа б, Слекацень яшчэ пра што пачаў, але яны ўжо падыходзілі да свайго пад’езда. І ўсё ж зрабіў няпэўнае заключэнне:

— А што вы думаеце, можа, жыццё наогул складаецца з адных асечак.

А таго не ведаў, што яго зноў чакае асечка.

Яшчэ ў двары Слекацень пачуў, як звонка і сакавіта сварыліся ў пад’ездзе жанчыны. Хто з суседак гэтак шчыраваў — ні Якуш, ні Слекацень не маглі разабраць, пакуль не сталі паднімацца па прыступках.

Каб не паказвацца на вочы суседзям, Якуш на момант спыніўся. Стаў і Слекацень. Але яго цікавіла — хто гэта сварыцца? Сігануў вышэй і адразу пазнаў голас сваёй жонкі Веры Аўхімаўны. Сварылася яна з суседкай. Вось толькі па абрыўках фраз нельга было разабраць сэнсу, менавіта чаго сварылася. Падняўся яшчэ вышэй.

Суседка, ведаў Слекацень, па натуры крыклівая жанчына, да таго яшчэ пляткарка і зводніца, ніхто з ёй не мог паладзіць, добрым людзям не верыла, на сонцы і то знаходзіла плямы, таму ні ў маладыя гады, ні пазней ні адзін хлопец яе не зачапіў — засталася ў дзеўках. Пад старасць стала яшчэ большай зласліўкай і зайздросніцай. Чуваць было, што называла яго жонку і лухтой непадсяванай і дурніцай неабчэсанай. Яшчэ гаварыла, што ёй не патрэбны ніякі мужык. «Мужык у вёсцы трэба,— даводзіла сваё — во дзе мужык трэба. Каб дроў прывёз ці там якой сечкі карове нарэзаў, а на чорта ён мне ў горадзе. Прыслугай толькі быць у яго? А спатрэбіцца часам мне мужык, дык сам прыйдзе, ды яшчэ пляшку гарэлкі прынясе».

Што жонка яго, што суседка, лічыў Слекацень, аднаго поля ягады. Праўда, Веры Аўхімаўне ўдалося залучыць да сябе на пастаяннае жыхарства яго, Слекаценя, а так бы, як і суседка, па-ранейшаму заставалася адзінокай. От, зайздросціць тая і сварыцца. Жонка яго не ўступала: «Ды на цябе ж, гэтакую каракаціцу, ніхто не глядзеў і глядзець не хоча. А чаўпеш яшчэ: з гарэлкай».

Суседка да яго жонкі: «Ну, а ты кім хвастаешся? Ды калі б не гэты шкілет, Слекацень, загавела б і ты ў дзеўках».

Вера Аўхімаўна зарагатала і тут жа казырнула: «А ў мяне, можа, і мужык ля бока і на рабоце два хахалі ёсць. Адзін аднаго лепшы. А на цябе, ну, хто на цябе зірне?»

Слекацень хутчэй ірвануўся наверх.

Суседка, як толькі ўбачыла яго, запляскала ў ладкі, абрадавалася: «Во, во, як добра. Ты чуў, як твая казырала сваімі хахалямі і палюбоўнікамі. Во дагаварылася, во добра як...»

Калі суседкі нагаварыліся, калі разышліся па кватэрах, Іван Тарасавіч узяўшыся за парэнчу, сутулы і абцяжараны, пасунуўся далей. У яго была свая бяда.

Выходзіў сёння з дому начальнікам цэха, вярнуўся — нікім. Як крыўдна, як балюча.

Аднак, от жа гэты панядзелак, а праз якія дзве-тры мінуты і Якуша чакала новая бяда. А бяда куды большая, чым звальненне яго з пасады начальніка цэха.

Дзверы ў кватэру былі прыадчынены. Якуш адразу насцярожыўся: што магло здарыцца? Ніколі і ніхто з сям’і не пакідаў дзверы расчыненымі. Значыць, нешта здарылася. Яшчэ з-за парога пачуў, як усхліпвае жонка.

— Мамка, ну, перастань,— супакойвала яе Людміла.— Не расстрайвайся. Усё будзе добра. Вось пабачыш. Я не баюся ніякае хваробы. Я смелая. А смелым лёс дапамагае. Толькі не плач, не плач, мамка...

— А каб жа ў мяне было вас поле насеяна. А божа ж мой... А дачушка ты мая...

Іван Тарасавіч перш чым распрануцца, стаў дапытвацца, што менавіта здарылася?

Людміла моўчкі пайшла ў свой пакой, а Марыя Іванаўна адказала плачучы:

— Няшчасце, во што здарылася,— і набраўшы паветра прагаварыла: — У бальніцу Людку на цэлы год кладуць.

Яшчэ ўчора Марыя Іванаўна гаварыла яму, што ці не абрынулася на Людмілу хвароба якая: уначы балела ў яе ў паясніцы, не спала. Іван Тарасавіч, прызнацца, тады жончынай трывозе не надаў асаблівага значэння. Вечна яна сама кволіцца: то на сэрца, то на ногі. А вось каб дзень калі паляжала ў пасцелі, хоць бы адпачыла, дык заўсёды ў яе часу няма. Калі радасць напаткае — захапляцца не стане, ну, а калі, скажам, забаліць што ў самой ці дачкі — арыентуецца на самае горшае.

А чаго гэта яе ў бальніцу ды яшчэ на цэлы год?

Марыя Іванаўна выцерла ручніком слёзы.

— І я, і доктар, і ўсе думалі, што радыкуліт у яе. А рэнтген паказаў... Паказаў...— і яна заплакала зноў.— Сухоты ў яе, сухоты пазваночніка... Год трэба ў бальніцы. І ні з месца... А потым, потым... ці будзе яшчэ хадзіць...

Нейкі момант Якуш стаяў нерухома. Вось табе і панядзелак. Адразу дзве бяды. Але цяпер першая яго бяда адразу здалася нікчэмнай. Быць яму начальнікам цэха ці кім на лягчэйшай рабоце — якая розніца. Дзе ні працаваць, абы працаваць. Не абавязкова на высокай пасадзе. Хай колькі папрацуе на яго месцы пляменнік Ціўчанкі. Ён на сённяшні дзень, мабыць, больш падрыхтаваны. Якушу мажліва і сапраўды трэба адпачыць, пабыць на лягчэйшай рабоце. То якая ж гэта бяда? Бяда, што Людміла захварэла. Вось гэта бяда. Дзяўчына на выданні і на табе, трэба на цэлы год класціся ў бальніцу.

— Можа, памылка якая? — са слабай надзеяй спытаў Якуш.

— Я таксама спачатку так думала. Настояла, каб другі раз яе праверылі. І другі раз...

— Толькі духам не трэба падаць,— адзінае, што мог сказаць Якуш.

 

РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ

І ў Гарадца гэты дзень быў не зусім удалы. Яшчэ з раніцы жонка шкуматнула нервы. Стаяла яна перад трумо — прычоску папраўляла ці бровы падводзіла, каб загаварыць з ім (амаль трое сутак не чуў ад яе слова), цяжка, цяжка ўздыхнула: «Як красу дзялілі, я спала, а як долю — прачнулася». Мікалай Ігнатавіч ведаў яе нораў і стараўся не звяртаць на яе ўвагу. Бо варта што сказаць наконт красы ці долі — добрае палічыць за камплімент, памяркоўнае прыме за знявагу. Тады ён спытаў у яе, як звычайна пытаў перад тым, калі збіраўся на работу: якую кашулю апрануць? І тут яна ўлучыла момант, каб укалоць: «Цяпер ты ўжо ў сваёй Раі будзеш пытаць, якую сарочку ў які дзень надзяваць». Апрануў, якая трапілася пад рукі. Жончыным словам не надаў ніякага значэння, а ўсё ж настрой сапсаваўся. Відаць, і ў самога пачынаюць нервы здаваць. Але спадзяваўся, што пакуль пройдзе да завода, супакоіцца і забудзе пра жончыны капрызы. Ды раптам успомніў пра тыя рэкламацыі. Няўжо Дашкоўскі, начальнік аддзела збыту, што наблытаў? Трэба зараз жа высветліць. Хоць Яўген Іванавіч раіў не спяшацца, а ўсё ж... Як толькі распрануўся, загадаў выклікаць Дашкоўскага. На стале ўсхліпнула вочка апарата — зазумерыў тэлефон. Алена Браніславаўна адчыніла дзверы і папярэдзіла: «Масква».

Мікалай Ігнатавіч узяў трубку і адразу пазнаў голас намесніка міністра Сумака. Той дзеля ветлівасці спытаў, як Гарадзец правёў свята, потым пацікавіўся, ці мае ён ахвоту заўтра зноў наведаць сталіцу?

— Ахвоты вялікай, прызнацца, няма,— адказаў Мікалай Ігнатавіч,— толькі ж вярнуўся са сталіцы, ды спраў на заводзе, самі ведаеце, колькі, але калі трэба, то прыеду.

Потым Сумак папярэдзіў, каб быў Гарадзец у міністэрстве роўна а дзесятай гадзіне. Па настаянню міністра адбудзецца нечарговае пасяджэнне калегіі, на якім вырашыцца пытанне, пераходзіць на поўны пуск новай мадэлі ці пачынаць пераабсталёўвацца па метаду Харкаўскага трактарнага. Сумак не ўтаіў, што рыхтуецца праект рабіць новую мадэль трактара па метаду харкаўчан, гэта значыць паралельна з выпускам трактара старой мадэлі.

Гарадзец хацеў сказаць, што калі будзе загадзя падрыхтавана такая пастанова, то няхай прымаюць без яго — але не стаў гаварыць так і, затаіўшы абурэнне, сказаў:

— Я пастараюся,— і паклаў трубку.

«Значыць, заўтра...— ён устаў з-за стала і пачаў хадзіць па кабінеце. Трынаццаць крокаў да дзвярэй, трынаццаць — назад,— заўтра ў бой».

Тут нехта памкнуўся да яго ў кабінет. Не дазволіў. Алену Браніславаўну папярэдзіў, каб пакуль нікога не пускала.

Значыць, заўтра, заўтра ў бой.

У Гарадца было спадзяванне на міністра Чабрасава — ён у параўнанні з Сумаком куды больш прагрэсіўны. Ветэраны завода расказвалі, што не было таго дня, каб Чабрасаў, будучы дырэктарам завода, не зайшоў да галоўнага канструктара.

— Ну, што ты робіш? — цікавіўся ён.

Калі бачыў, што галоўны канструктар над нечым вартым ламае галаву, пытаў:

— Ну, і калі гэта будзе?

Раптам па вытворчай нарадзе заходзіла якая спрэчка пра новую машыну, Чабрасаў у прысутных пытаў:

— Можа, запросім галоўнага канструктара?

Калі ж узнікалі, скажам, якія непаразуменні між галоўным тэхнолагам і галоўным канструктарам, Чабрасаў заўсёды быў на баку галоўнага канструктара. То няўжо Чабрасаў не зразумее пазіцыю яго, Гарадца. І Гарадцу не верылася, каб калегія не прыняла яго прапанову. Ну, а калі не, пойдзе вышэй. Дакажа, што калі завод і затраціць якое паўгода на поўны пуск новае мадэлі і часова не дадасць некалькі сот трактароў, не бяда. Затое энергаўзброенасць за пяцігодку завод павялічыць, як патрабуецца ў дырэктывах, менавіта на сорак пяць працэнтаў.

«Хай мяне крытыкуюць,— думаў Гарадзец,— хай нават здымаюць з пасады, а дзве мадэлі выпускаць на сённяшні дзень паралельна — гэта злачынства... На гэтым і буду стаяць, цвёрда, непахісна. А пакуль трэба параіцца са сваімі галоўнымі спецыялістамі».

Пазваніў галоўнаму інжынеру Пятру Васільевічу.

Пазваніў Астаневічу, які выконваў абавязкі галоўнага канструктара.

Пазваніў...

* * *

Рэкламацыі Дашкоўскі прынёс адразу. Паклаў на стале перад Гарадцом — іх была цэлая пачка, і сказаў:

— Гэта яшчэ не ўсе. Астатнія, відаць, дастаўляюцца па пошце.

— Я ведаў, што рэкламацыі такія ёсць,— пачаў Гарадзец.— Адзінае не ведаў і цяпер не ведаю, чаму яны ёсць?

Дашкоўскі прысеў да стала і пачаў перагортваць тыя рэкламацыі.

— Пастараюся растлумачыць. Па-першае,— ён загнуў на левай руцэ палец,— на заводзе няма склада для серыйных запасных частак. Каму-каму, а вам, Мікалай Ігнатавіч, вядома, што каштоўнасці ляжаць пад адкрытым небам. Па-другое,— загнуў другі палец,— з-за адсутнасці належнай варты асобныя дэталі маглі быць раскрадзены. Апрача таго, гэта ўжо па-трэцяе, у выніку скарачэння штата на складзе адсутнічае належны кантроль. Вось гэта, па-мойму, асноўныя прычыны, якія паспрыялі такім рэкламацыям.

Далей Дашкоўскі даводзіў, што толькі на экспарт выпускаецца штодзённа каля чатырох тысяч назваў. А весці кантроль няма каму. У пачатку года было скарочана трыццаць шэсць чалавек. Дзеля чаго? Хто такое мог надумаць? А без кантролю — запчасткі хто хацеў, той і браў. Толькі, вядома, не за межы завода.

Дашкоўскі сцвярджаў, што за межы завода маглі трапіць толькі адзінкі. А бралі дэталі, ён сам не раз заўважаў, у цэх зборкі. Падкоцяць цялежку, нагрузяць тых жа гідраўзмацняльнікаў і вязуць на галоўны канвеер. А праводзілі іх, як толькі што зробленыя. Вось чаму для адсылкі ў Прыморскі край і на Алтай не хапіла належнай колькасці. Тады, у рэшце рэшт прызнаўся Дашкоўскі, работнікі склада пачалі неяк выкручвацца — рабіць прыпіскі.

Дырэктар цярпліва слухаў Дашкоўскага, потым не стрымаўся:

— Па-вашаму, можна апраўдаць любое злачынства?

— Можа на першы погляд і так здацца. Але ж склад запчастак менавіта вамі быў пушчаны на самацёк. Скажыце, у выніку скарачэння штата, у што ператварылася планава-размеркавальнае бюро? Думаеце, яно выконвала свае абавязкі, сачыла за размеркаваннем? Зусім не. Работнікі яго сталі проста ўчотчыкамі. Дык што ж магло тут іншае быць?

— Чаму раней не прыйшлі і не сказалі мне аб гэтым?

— А чаму абавязкова дакладваць вам? Я сігналізаваў аддзелу кадраў.

Мікалай Ігнатавіч аблакаціўся на стол, задумаўся. Улік. Пры сацыялізме, вядома, толькі ўлік. Не хапіла гідраўзмацняльнікаў на складзе — недастатковы ўлік, а яшчэ адсутнічала належная варта. Запчасткі за тэрыторыю завода не пайшлі. Імі не пакарысталіся спекулянты. Няўжо і праўда, што тут, на заводзе, знайшліся спажыўцы тых гідраўзмацняльнікаў? То чаму, чаму толькі цяпер яму сказаў Дашкоўскі? Ведаў і маўчаў...

Можа б, адразу Гарадзец і прыняў меры да Дашкоўскага, але не хацеў крута ламаць. Ведаў, што Дашкоўскі ў нечым быў вінаваты, а менавіта ў чым і ў якой меры? Успомніў, як вясной зайшоў да яго ў кабінет старшы майстар па абкатцы трактароў Сінякоў. Дарэчы, майстар працаваў на заводзе зусім нядаўна, прыкладна год ці паўтара пасля заканчэння факультэта механізацыі Сельгасакадэміі, і пачаў настойліва прасіць кватэру. Нядаўна абзавёўся сям’ёй, дзіця малое, часта хварэе. Гарадзец паспачуваў яму. Трэба, што ні кажы, трэба майстру кватэра, але ён мог толькі паспачуваць, бо на чаргу для атрымання жылля ставілі тых спецыялістаў і рабочых, якія папрацавалі на заводзе не менш пяці год. Дырэктару засталося параіць, каб Сінякоў уступіў у кааператыў. Нават паабяцаў нейкім чынам дапамагчы.

Пераступіўшы з нагі на нагу, Сінякоў пачухаў патыліцу, потым кінуў рэпліку, маўляў, а ці ён крадзе, каб у яго былі такія грошы на кааператыўнае будаўніцтва.

Дырэктару, вядома, не спадабалася яго рэпліка, і ён мусіў паправіць майстра.

— Няўжо тыя, хто ўступае ў кааператыўнае будаўніцтва крадуць?

— Можа, і крадуць.— А каб не быць галаслоўным, удакладніў:

— Нават на нашым заводзе крадуць. Запчасткі.

У той час наконт нейкай там значнай кражы сігналы Гарадцу не паступалі. Таму ён не даў веры Сінякову. А паколькі майстар усё ж хацеў даказаць дырэктару сваю праўду, казырнуў:

— У нас можна і трактар украсці. Хочаце — украду!

— Выхваляцца вам не раіў бы,— сказаў яму Гарадзец,— калі ў вас іншых пытанняў няма, то на гэтым нашу размову закончым.

— Размову — можна,— неяк загадкава сказаў майстар і, не развітаўшыся, пайшоў з кабінета.

Праз колькі гадзін Сінякоў уварваўся ў кабінет дырэктара і яшчэ з парога крыкнуў:

— Палюбуйцеся от, паглядзіце ў акно. Я ж казаў, што трактар украду. І ўкраў! Вунь, паглядзіце, стаіць пад вашым акном. З цялежкай!

Сапраўды, з прычэпленай цялежкай, побач з яго легкавушкай стаяў трактар. Аказваецца, пайшоў Сінякоў да трактарыста, папрасіў яго, каб з цэха вывезці смецце. Той дазволіў. Сінякоў набраў у цялежку смецця і гайда з завода. У варотах вартавы памкнуўся спытаць пропуск, ды Сінякоў паказаў яму на цялежку: маўляў, смецце вось толькі выкіну. Вахцёр і прапусціў Сінякова на трактары з завода.

Каравульная служба пасля фокуса Сінякова, вядома, узмацніла сваю пільнасць на кожным выхадзе і выездзе з завода. За лета Гарадзец не пачуў ніводнага сігналу наконт нейкай там кражы. І вось на табе — рэкламацыі. Тая ж самая кража, толькі ў межах завода.

— Тут некага давядзецца аддаваць пад суд,— нарэшце сказаў дырэктар.— Будзем разбірацца.

* * *

Пётр Васільевіч, галоўны канструктар завода, заўсёды змагаўся за тое, каб падоўгу не цешыцца старой мадэллю машыны, хоць яна на сённяшні дзень, магчыма, і выдатная. «Старое,— падкрэсліў ён,— хвалі ды з дому гані. Сёння гэтая машына карыстаецца попытам на ўнутраным і знешнім рынках, заўтра пакупнік патрэбуе лепшай». Вось пра новую, лепшую ён заўсёды і дбаў. Бо для нашай сельскай гаспадаркі больш падыходзіць на цяперашнім этапе васьмідзесяцісільны трактар. Праўда, амерыканцам, напрыклад, адпавядае наш сённяшні пяцідзесяцісільны. На яго вялікі попыт і ў заходніх дзяржавах, дзе сярэдняя гаспадарка налічвае да дваццаці гектараў ворыва. То навошта, ці па-гаспадарску сёння зусім адмаўляцца ад той машыны, якая, па сутнасці, выключна паказала сябе больш як у шасцідзесяці дзяржавах свету? Усё адладжана на ёй: ад кожнага вінціка да кожнага вузла.

А гэта, вядома, нялёгка далося і канструктарам, і калектыву.

Калі прыйшоў ён з групай таварышаў з інстытута і пачаў працаваць у канструктарскім бюро, ім, маладым спецыялістам, адразу ж даручылі займацца праектаваннем трактара. Дзень і ноч яны сядзелі над чарцяжамі. Як цяжка было зрабіць першыя дэталі.

І ўсё ж зрабілі, сабралі трактар. Потым яшчэ адзін і яшчэ. Некалькі штук. Праўда, гэта былі ўсяго толькі доследныя ўзоры. І ўсе як адзін маладыя спецыялісты, што сядзелі над чарцяжамі ці займаліся даводкай машыны, паверылі ў свае сілы і ўпотайку нават заганарыліся. Маўляў, бачыце, што мы ўмеем — зрабілі трактар, і ён пайшоў! Праз год-два першыя машыны вывелі на дзяржаўны доследны палігон. З першага дня пачалі выяўляць дэфекты. Кожнаму канструктару давялося правесці на доследным палігоне не менш за месяц. А чаму так — даведаліся потым. Загадзя выпрабаванне першаму трактару не рабілі — не было тады ні заводскай базы, ні лабараторый. На дварэ, праўда, абкаталі трохі, абкаталі без сапраўднага апрабоўвання, сякія-такія знешнія недаробкі кантрактавалі, і ўсё. У полі перш за ўсё пачала ламацца бартавая перадача, стала падводзіць рулявое кіраванне, выходзілі са строю агрэгаты навясной сістэмы. Карацей, стаіць трактар у баразне, а канструктары прывозяць неабходныя дэталі і рамантуюць яго. З цягам часу фанабэрыі як не было. Кожны спецыяліст прыйшоў да пераканання, што надзейная машына не так хутка атрымліваецца. Вычарціць добрую канструкцыю на паперы, гэта толькі адна трэць справы. Галоўнае — давесці машыну да працаздольнасці.

Вось так першую радасць збалансавала няўдача. Потым, гадоў так праз дзесяць — дванаццаць загаварылі: «І добра, што ламалася напачатку. Гэта паслужыла сур’ёзнай практычнай школай!»

Стварыўшы трактар, трэба было стварыць і базу для яго выпрабавання.

І зноў цяжкая, напружаная праца на некалькі месяцаў. Але як бы там ні было — не пазнаўшы бяды, не ўчуеш дабра — усё ж стварылі і належную доследна-палявую базу.

Затым жыццё паднесла другі ўрок. Тое, што выпрабоўвалі, рыхтавалі ў доследных узорах, не атрымлівалася ў серыйнай вытворчасці. Трактар атрымліваўся куды горшы. А справа была ў тым, што за доследнай машынай, як правіла, неадступна сачылі канструктары, ёй ушчыльную займаліся тэхнолагі. Падганялі, даводзілі. Калі патрэбна, то кожную дэталь падганялі індывідуальна. Такая даводка ўласціва толькі эксперыментальнай вытворчасці. У масавай — свае асаблівасці. Там дэталі павінны быць узаемазамяняемы і дакладна падыходзіць адна да другой. А гэтага пакуль што не было дасягнута. Тады першыя трактары масавай вытворчасці былі спачатку толькі знешне падобны на ўзорныя. Хоць былі і пад пільнай увагай, аднак на іх прыходзіла да дзесяці працэнтаў рэкламацый. Ламаліся асобныя дэталі. А каб трактары не прастойвалі па віне завода, канструктарам даводзілася ездзіць у гаспадаркі і рамантаваць іх. То была таксама добрая школа сённяшнім канструктарам і спецыялістам.

Урэшце, хоць не адразу, а ўсё ж цяперашні трактар заваяваў сабе аўтарытэт. Яго стваралі марудна, але затое надзейна. І спецыялістам завода даравалі маруднасць. А калі новую мадэль трактара зрабіць хутка і дрэнна? У паспешлівасці, без паралельнай яе даводкі і праверкі, хто можа гарантаваць якасць? Такую паспешлівасць, у гэтым Пётр Васільевіч абсалютна перакананы, ніхто не даруе.

Пераходзіць адразу на новую машыну — гэта значыць рызыкаваць і знешнім рынкам і прэстыжам.

Законы ў развіцці машынабудавання пакуль што для ўсіх аднолькавыя. Кіраўнікі заводаў гэтыя законы, праўда, выконваюць кожны па-свойму, толькі яшчэ нікому не ўдалося іх змяніць. То навошта Гарадцу лезці на ражон? Мабыць, яшчэ ні адна з суседніх машынабудаўнічых фірм не адважылася пайсці на падобную рызыку, а Гарадзец...

У дзелавой спрэчцы з капіталістычнымі канкурэнтамі, калі нам цікавы знешні рынак, мы павінны прадаваць усё лепшую і лепшую машыну... Гэтым мы выб’ем яшчэ адзін козыр у капіталістаў. Ва ўсім свеце будзе заяўлена і даказана, што ўсё ж не амерыканскі і не чый-небудзь іншы, а савецкі трактар лепшы! Для гэтага на сённяшні дзень ёсць абсалютна ўсе магчымасці. Фінляндыя доўгі час купляла англійскія трактары. Фіны прывыклі да іх, называлі манеўровымі, вынослівымі. І тут паяўляюцца нашы савецкія. Яны ўзялі некалькі. Машына бездакорная. Цягне добра. Замест дзесяці кубаметраў драўніны фіны на наш трактар грузяць дваццаць пяць. І вось прададзім фінам новую, васьмідзесяцісільную машыну, якая сыдзе з таго ж канвеера, які адразу ж перавядзём на поўны пуск. Хоць што-небудзь, а ў новай машыне будзе яшчэ не адладжана. Той жа фін, які на пяцідзесяцісільным трактары замест дзесяці прывык вазіць дваццаць пяць кубаметраў лесу, на васьмідзесяцісільны нагрузіць пяцьдзесят. Пад перагрузкай трактар можа сапсавацца, і з-за недахопу той ці іншай дэталі пэўны час можа прастаяць. На рынку пра новую мадэль нашага трактара пусцяць кепскую славу. То навошта Гарадцу, не будучы загадзя ўпэўненым у поспеху, настойваць, каб адразу ж пераходзіць на поўны пуск новай мадэлі? Тут трэба яшчэ не забываць і тое, што чалавецтва па меры росту свайго дабрабыту дазваляе сабе рэчы, на якія раней не звяртала ўвагу. І ўсё гэта, вядома, на сённяшні дзень пры стварэнні мадэлі новага трактара трэба ўлічваць. Раней, каму гэта невядома, задавальняў на трактары адзін тормаз, цяпер трэба два. Трэба пнеўматармазы і для прычэпа. У пачатку на трактары для механізатара не стваралі ніякіх зручнасцей. І ніхто на гэта не звяртаў асаблівай увагі. Мінула колькі гадоў. Людзі сталі жыць куды лепш. Цяпер механізатар дбае аб нармальных, нават палепшаных умовах працы. Раней ездзілі на трактары з металічнымі коламі. Руль чыгунны. Сядзенне на пружынах. «Ох, як здорава!» — усклікалі спачатку. Пазней на трактар паставілі кабіну. «Во, як здорава!» — чуліся галасы. А яшчэ пазней на тую ж мадэль трактара з той жа кабінай наш механізатар стаў гаварыць: «О, як дрэнна...» Ён стаў патрабаваць, каб у трактары была і падрэсорная амартызацыя, каб у той жа кабіне было ахаладжэнне і ацяпленне. На стварэнне зручнасцей для механізатараў давялося выдаткоўваць трэцюю частку сродкаў з кошту трактара. Цяпер на трактар трэба ставіць і тэрмас — карацей, не адставаць ад запатрабаванняў сённяшняга механізатара. А ўсё гэта адразу не зробіш. Толькі не спяшаючыся, паступова адладжваючы новую мадэль, паралельна, як гэта робяць лепшыя айчынныя і зарубежныя фірмы, пераходзіць на яе поўны выпуск.

Такая пазіцыя ў рэшце рэшт склалася ў Пятра Васільевіча. Сваю думку і збіраўся даўно выказаць Мікалаю Ігнатавічу.

І вось пазваніў дырэктар, што на заўтра прызначана калегія міністэрства. Пытанне: як менавіта асвойваць выпуск новае мадэлі. Што наконт гэтага думаюць вядучыя спецыялісты завода?

Чакаў Пётр Васільевіч такога званка, даўно чакаў.

Пётр Васільевіч пазваніў Астаневічу і, перш чым удакладніць яго пазіцыю, выказаў сваю:

— Я буду раіць Мікалаю Ігнатавічу не лезці на ражон.

Астаневіч памаўчаў, потым прамовіў:

— Сустрэнемся, пагаворым,— і паклаў трубку.

* * *

Астаневіч добра ведаў пазіцыі як дырэктара, так і галоўнага інжынера. А вось выказаць ім сваю думку ўсё не ўдавалася. Ды, шчыра кажучы, і не было на тое асаблівае патрэбы. Праўда, галоўнаму інжынеру, калі той загаварыў быў наконт рызыкі Гарадца, сказаў:

— Пётр Васільевіч, а ўсё ж трэба падтрымаць дырэктара. Самі падумайце — рабіць паралельна два трактары абсалютная бяссэнсіца. Яно, канечне, можна рабіць. А ці па-дзяржаўнаму гэта?

Тады Пётр Васільевіч некуды спяшаўся: на абед ці на нараду — трэба было хутчэй ехаць, унізе чакала яго машына. Ускінуўшы на сябе паліто, заўважыў:

— Вы, Астаневіч, разважаеце па прынцыпу: «Наперад, потым разбярэмся». А вось я не раіў бы вам гэтак рабіць. Ды мы яшчэ пагаворым. Спадзяюся — вы зразумееце мяне.

І застаўся Пётр Васільевіч тады па-ранейшаму на сваёй пазіцыі, Астаневіч — на сваёй.

Астаневічу хацелася сказаць, што на сённяшні дзень у свеце існуе тэндэнцыя да ўзбуйнення дробных гаспадарак. Нават у капіталістычных краінах. Праз пятнаццаць — дваццаць год, калі не раней, у ЗША, напрыклад, з двух мільёнаў гаспадарак стане трыста — чатырыста тысяч. Менавіта гэтае непазбежнае і рэзкае ўзбуйненне дробных гаспадарак у свеце і вызначыць куды вышэйшы попыт на наш новы, больш магутны трактар, які патрэбна неадкладна і адразу запускаць у вытворчасць. Вось пра заўтрашні попыт рынку мы павінны дбаць ужо сёння.

Астаневіч, вядома, яшчэ малады. Але ў чым перакананы — не адступіць. Не так даўно ён пабываў за мяжой — завод камандзіраваў яго на парыжскі рынак. Калі падыходзіў да сваёй машыны ў салоне, здавалася, што бачыў яе ўпершыню. Бачыў на сваёй машыне менавіта тое, што не мог заўважаць дома. Бачыў яе на фоне іншых. І тады для яго машына стала не толькі чарцяжом, вытворчасцю. Цяпер ён дбае, як трактар будзе выглядаць на сусветным рынку, як будзе працаваць на ім чалавек. Так, напэўна, будучы галоўным канструктарам клапаціўся пра кожную партыю трактароў і Пётр Васільевіч. Менавіта клапаціўся і перажываў. І няўжо цяпер для яго, Пятра Васільевіча, кожная машына нішто іншае, як адзінка, якая сышла з канвеера. Няўжо ўчарашняга галоўнага канструктара перасталі цікавіць абавязкі фірмы?

Дакладней, ён не паспявае, як некалі, будучы на пасадзе галоўнага канструктара, за канструктарскай думкай. Цяпер яго, галоўнага інжынера завода, у аднолькавай меры цікавяць, як праблемы канструктара, так і тэхнолага. Значыць, Пётр Васільевіч за колькі месяцаў крыху адстаў ад блізкай яму галіны. Ды яно, мабыць, і не дзіўна: калі спецыяліст працяглы час не будзе цікавіцца навінкамі літаратуры па свайму профілю, ён непазбежна адстане. І вось Пётр Васільевіч, не карыстаючыся, мабыць, навейшай інфармацыяй ці яшчэ па якой прычыне, як ні дзіўна, але не ўлічвае, што праз два-тры гады і не пазней попыт на васьмідзесяцісільны трактар будзе куды большы, чым на цяперашні. Не ідзе ж гаворка сёння, каб заўтра на канвеер паставіць стопяцідзесяцісільны. Гэта магчыма, але нявыгадна. Ёсць магчымасць, напрыклад, налета вырасціць і дзвесце цэнтнераў пшаніцы на гектары — гэта, калі сёння збіраем па трыццаць пяць-сорак. Хто-небудзь не верыць у дзвесце цэнтнераў. Кажуць, што гэта ліпа. А ўсё ж вынайдзены такі фермент, які ўздымае гэтую пшаніцу, і яна расце. І сёння гэты фермент ёсць, але каштуе ён столькі, што гэтыя дзвесце цэнтнераў не акупяць яго. Праз дваццаць год вытворчасць гэтага ўзмацняльніка росту стане танней, і тады можна будзе практычна гаварыць пра ўраджаі, у якія сёння не кожны верыць. Альбо: у марской вадзе ўтрымліваецца многа золата. Прыкладна на кожнага чалавека тры тоны! Вось толькі яно растворана ў вадзе. Але, каб менавіта сёння здабыць з марской вады адзін грам золата, трэба выдаткаваць дзесяць грамаў зямнога. І марское золата ніхто не збіраецца заўтра здабываць,

А вось заўтра ставіць на канвеер васьмідзесяцісільны трактар неабходна, бо адтэрміноўку ніхто не даруе.

Менавіта такая была пазіцыя Астаневіча. Ён гатовы быў выказаць яе і Пятру Васільевічу і нават міністру.

Не толькі выказаць, адстойваць!

* * *

Калі прыселі ля стала Пётр Васільевіч, сакратар партбюро Свірыдзёнак, Астаневіч і яшчэ колькі чалавек спецыялістаў, зайшоў і Леанід Сідаравіч, старшыня мясцкома. Прызнацца, Гарадзец не запрашаў яго, ды той сам даведаўся, што ў кабінеце адбудзецца нарада на вышэйшым узроўні, і прыйшоў.

Усе чакалі, тым больш Пётр Васільевіч і Астаневіч, што дырэктар не проста выкажа свае агрументы — абгрунтуе, на што спатрэбіцца, па крайняй меры, добрая гадзіна, як і належыць, пачнуцца бурныя і доўгія, рэзкія і прынцыповыя дэбаты. Аднак Гарадзец заявіў:

— Па-мойму, усё тут ясна, як дзень. Даказваць праўду — усё роўна, што з нічога рабіць шум. Калі мяне заўтра стануць пераконваць, што праўда не на маім баку, скажу ім прама і адкрыта: навошта нам, пераходзячы на паралельны выпуск новай мадэлі, заведама паўтараць нечыя памылкі?

Зазваніў тэлефон. Рэзка і настойліва. Мікалай Ігнатавіч узяў трубку:

— Адну хвілінку,— папярэдзіў ён прысутных.— Міжгорад. Няўжо зноў з міністэрства?.. Так, так, я слухаю вас. Дырэктар. Дырэктар Гарадзец слухае... Што за непрыемная вестка? Гаварыце, я слухаю.— Раптам вочы Гарадца сталі насцярожаныя. На яго твары адбіўся боль.— Самалёт разбіўся ці згарэў? Загарэўся, значыць, над Афрыкай?

Нейкі час ён трымаў трубку над сталом, потым асцярожна апусціў яе і пайшоў да дзвярэй.

У той дзень, будучы ў службовай камандзіроўцы, загінуў над Афрыкай яго стрыечны брат Аркадзь Іванавіч Гарадзец.

Усе прыўзняліся. Хвіліна маўчання здалася пакутнай і доўгай.

Кожны з прысутных ведаў вясёлага і гаваркога, душэўнага і шчырага Аркадзя Іванавіча. Здавалася і сёння ён сустрэне, хай гэта ў калідоры, на плошчы ці зойдзе ў кабінет і жартуючы скажа Мікалаю Ігнатавічу: «Даволі табе, братка, забіваць галаву, залішне сівець, давай пасля работы, можа, скокнем на рыбалку». Мікалаю Ігнатавічу заўсёды не хапала часу, каб з Аркадзем Іванавічам пабываць на рыбалцы, прайсціся, пагутарыць з ім на вуліцы. Цяпер ён ніколі яго не сустрэне. Ніколі...

Нарада ў дырэктара на гэты раз не адбылася.

* * *

Хоць «Волга» імчалася хутка, дарога да кватэры Аркадзя Іванавіча здалася доўгай. Ні Гарадзец, ні Астаневіч, ні Пётр Васільевіч і Свірыдзёнак, ніхто не прамовіў слова. Якое паўгадзіны часу назад Аркадзь Іванавіч для іх яшчэ быў жывы, цяпер... Цяпер заставалася пра яго толькі ўспамінаць.

Усе думалі, як зачаць гаворку з яго роднымі і блізкімі, як больш далікатна і асцярожна паведаміць пра непапраўнае гора, што раптам звалілася на іх.

Машына звярнула з вуліцы, заехала ў двор і спынілася ля пад’езда пяціпавярховага дома. Шафёр удакладніў: кватэра пяцьдзесят восьмая і выключыў матор.

Мікалай Ігнатавіч моўчкі накіраваўся ў пад’езд, за ім — астатнія.

Дарогай так і не дамовіліся між сабой, як скажуць пра смерць Аркадзя Іванавіча.

Падняліся па лесвіцы.

На пляцоўцы перад дзвярыма пяцьдзесят восьмай кватэры ўсе знялі шапкі.

Дзверы адчыніла цётка Аўгіння, маці Аркадзя. Паднасілася, пастарэла цётка... Ссутулілася, здрабнела, твар, як печаны яблык, і валасы сталі белыя. Ёй ужо недзе за семдзесят.

— Мы да вас, цётка Аўгіння,— павітаўся Мікалай Ігнатавіч.

— А чаго? — насцярожылася старая, сапраўды, чаго ідуць незнаёмыя людзі, калі сына няма дома?

— Я пляменнік ваш, цётка Аўгіння. Пляменнік Мікалай.

— Хто, хто, пляменнік, кажаш? — не пускаючы ў кватэру, дапытвалася цётка. Потым успомніла: — А ці не Коля Ігнатаў ты?

— Ігнатаў.

— Ай, яй-яй, во які ты стаў,— здзівілася ці абрадавалася цётка Аўгіння — дазволіла зайсці.— А я ж во і не пазнала цябе. Эйш, які ты. Я ўсё пытаю ў Аркадзіка, як там Коля Ігнатаў? А ты во які. Ну, распранайцеся, вешайце, дзе месца ёсць. А гэтыя людзі таксама, можа, адтуль, ад нас?

— Не, яны з нашага завода.

— Ну і добра, што зайшлі. Хоць Аркадзік у адлучцы, ведаеце, дома пакуль няма... Паслалі яго на колькі дзён, во я і забылася, у якую дзяржаву... Ну, дзе зімы ніколі не бывае і дажджоў многа. Дармо, што Аркадзік у адлучцы, Настуля зараз прыйдзе — у магазін пайшла.

Паявілася Настуля. Ружовашчокая, запыхканая — не інакш дужа спяшалася дадому. Калі пазнала дырэктара, абрадавалася:

— Якія госці ў нас! А ў нашай жа Танечкі якраз імяніны. Мікалай Ігнатавіч, таварышы, ды праходзьце ж вы, распранайцеся. Аркадзь Іванавіч у камандзіроўцы, але не думайце, што я горш за яго прыму гасцей.

Моўчкі, не спяшаючыся, Мікалай Ігнатавіч, а за ім Астаневіч, Свірыдзёнак, Пётр Васільевіч павесілі на вешалку шапкі, паліто. Як жа не пабыць у гэтую гадзіну ў сям’і Аркадзя Іванавіча.

У большым пакоі на шырокім зялёным дыване гулялі дзеці ва ўзросце прыкладна гадоў чатырох-шасці. Усе прыбраныя. Сярод іх дзяўчынка ў белай сукенцы і белых калготках, з белымі, як лён, валосікамі. Імянінніца.

— Дачушка, Танечка, патанцуй.

Дзеці запляскалі ў ладкі — таксама прасілі патанцаваць Таню.

Сарамліва азіраючыся на незнаёмых дзядзькоў, Таня, як вучылі яе ў дзіцячым садзіку, асцярожна ўзялася пальчыкамі за падол сукенкі і адразу стала падобна на маленькую балярыну. «Гусі, гусі, га-га-га», і ўсё шпарчэй, імклівей, весела і бадзёра пачала танцаваць.

Цётка Аўгіння аж праслязілася ад шчасця: во, якая ўнучка ў яе.

— Коля, а Коля,— з суседняга пакоя пачуўся голас цёткі Аўгінні.— Хадзі, радасцю сваёй падзялюся. А, Коля, ці чуеш ты?

Паказала пісьмо.

— Гэта ж во толькі-толькі прыслала мне ўнучка Светачка, Сяргеева большая. Я і Светачку выняньчыла. А як жа. І Сярожкавых і Аркадзевых.

— У мяне, цётка Аўгіння, таксама дзве дачкі,— і тут Мікалай Ігнатавіч адчуў, што зманіў старой. У яго ж яшчэ і сын Алёшка!

— Дык я першую яе няньчыла, Светачку.

— Во, вы ўжо адразу, мама, і з пісьмом сваім.— Бадай, Настуля збіралася нечым іншым заняць гасцей.— Хто ні прыйдзе, да кожнага яна з гэтым пісьмом.

— Гэта ж пісьмо ад маёй Светачкі,— нібы апраўдвалася старая.— Хай во Коля пачытае і людзі гэтыя паслухаюць.

— То зараз пасядзем за стол, тады ўжо за сталом.

— Пасядзім яшчэ і за сталом, пасядзім, пагаворым.— Старая аддала пісьмо Мікалаю Ігнатавічу.— Пакуль ты збярэш што на стол, хай, во, пачытае Коля пісьмо ад маёй Светачкі. Яны ў чужой дзяржаве жывуць. Дык сумуе мая галубка,— і ўсхліпнула бабка: — А вой, гэта ж вочы ў мяне на мокрым месцы. То чытай, чытай, Колечка, няхай усе паслухаюць.

— Слаўныя ў вас унучкі, цётка Аўгіння,— кончыўшы чытаць пісьмо, сказаў Гарадзец.

— А сыны, сыны мае, вось, скажы, Колечка, хай паслухаюць гэтыя людзі, скажы пра сыноў маіх Аркадзіка і Сярожку.

Перш чым сказаць пра яе сыноў і пра сваіх стрыечных братоў, Мікалай Ігнатавіч на момант задумаўся, бадай, задумаўся пра тое, што ў гэтай кватэры радасць — апошнія хвіліны. Зараз абарве яе адно слова, паведамленне пра Аркадзя. Тут, дзе цяпер гэтакае дзіцячае вяселле, праз адзін ці два дні будзе стаяць дамавіна, пакрытая барвовым плюшам. Цётка Аўгіння будзе разрывацца душою, ламаць сабе рукі і прасіць, каб адкрылі дамавіну і апошні раз паказалі яе сына. А ў дамавіне толькі прах.

— Сыноў мы вашых ведаем, маці,— сказаў Пётр Васільевіч. — І Сяргея ведаем і Аркадзя. Сяргей наш спецыяліст. І Аркадзь да апошняга часу працаваў.

— Як гэта да апошняга часу працаваў? — не зразумела Настуля.— Вы агаварыліся, што Аркадзь працаваў да апошняга часу, ці... Ці можа што здарылася з ім? — Да Настулі нарэшце дайшло: ніколі да іх на кватэру не прыходзіў Гарадзец, хаця ён і родзіч, а то раптам — ўсё заводскае начальства. — То скажыце, скажыце... Як гэта да апошняга часу? — яна звярнулася да свякрухі: — Мама, мама, з нечым нядобрым яны да нас. Ці не здарылася няшчасце з Аркадзем?

— Вазьміце сябе ў рукі, Настуля, будзьце мужнай, падрыхтуйце маці да гора,— пачаў Мікалай Ігнатавіч, але Настуля не вытрымала, загаласіла.

Да яе кінулася Танечка. Заплакала, абшчапіла ручкамі.

— Мамацька, мамацька...

— Настуля, не трэба слёз,— узяў яе за руку Мікалай Ігнатавіч.— Яго не вернеш. Прашу цябе, не расстрайвайся. Пойдзем адсюль, хай дзеці гуляюць, пойдзем. Я ўсё раскажу. Раскажу, як апошні раз мы сустракаліся. Раскажу, як ўсё адбылося. Не адзін жа Аркадзь быў у тым самалёце.

Як цень пасунулася ў суседні пакой маладая ўдава, за ёю яшчэ нічога не ведаючы,— бабка Аўгіння. У калідоры яна спытала:

— Ці гэта хто памёр? — але не ведала да каго звярнуцца, менавіта ў каго запытаць, тады падышла да Мікалая Ігнатавіча: — Коля, ты мне скажы, чаго так Настуля, як па нябожчыку? То, можа, з Сярожкам што? Дужа мне сон надоечы дрэнны сніўся. Акурат, як Іван тады мой паміраў... — і яна пачала расказваць пра свой нядобры сон.

 

РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

Хоць Ліна Антонаўна пражыла больш за сорак год, яна ніколі ні на кога яшчэ не скардзілася, хіба толькі ў дзяцінстве маме — на першакласніка Андрэйку. Настаўніца пасадзіла тады яе за адну парту з Андрэйкам — хлопчык наогул не любіў сядзець побач з дзяўчынкамі. От ён і пачаў на ўроку біць Ліну пад партай сандалем. Прыйшла яна дадому — левая нага ў сіняках. Мама спалохалася.

— Што з табой, Ліначка?

— Андрэйка мяне біў,— паскардзілася яна.

— А чаму ты настаўніцы не сказала?

— А на ўроку нельга размаўляць, я і не сказала.

А потым, добра гэта ці не, усё ў яе жыцці пайшло як па-пісанаму. Будучы адзінай дачкой у бацькоў яна мела ўсё, каб добра вучыцца, бесклапотна жыць. Не горш за сваіх аднакласнікаў закончыла школу. Вось толькі не ведала, куды далей падацца. Старшыня калгаса ўгаворваў застацца рахункаводам: як ні кажы, работа не пыльная — сядзець у канторы і суміраваць па брыгадах працадні. Але на мэце ў Ліны быў педагагічны інстытут. Здала прыёмныя. Яшчэ не ведала, залічаць яе студэнткай ці не, але вярталася дадому ўзрадаваная — на прыёмных у яе ні аднае тройкі.

Дзень быў спякотны, дарога — пыльная.

Насустрач ёй з ранцам за плячыма ішоў хлопец. А хлопец, не інакш таму, каб пачаць гаворку ці наогул дзеля жарту зайшоў наперад і быццам даўно знаёмы павітаў яе добрым днём. Ліна кіўнула ў адказ галавой і збочыла, маўляў, што з незнаёмым гаварыць. Ён запытаўся:

— А куды гэта дарога?

Слова за слова — пазнаёміліся. Яна — Ліна Адзінец, ён — Мікалай Гарадзец. Тое, што яна Адзінец і з суседняе вёскі, Гарадзец ведаў. Ведала і яна, адкуль ён і хто. І ўсё ж адно аднаму пачалі здзіўляцца. Ён: «Няўжо ў Бярозаўцы такія прыгожыя дзяўчаты?» Яна: «Ну, не ведала, што ў Гарадцы такія філосафы: «гэта дарога ці гэтай дарогай?»

Разгаварыліся. Выявілі, што ў іх многа агульных знаёмых. Ліна запрасіла яго на танцы.

Гарадзец узрадаваўся. Але ж заўтра яму на работу. Папрасіў дазволу напісаць ліст.

— Навошта пісаць? — сказала яна. Лепш спаткаемся. Першага верасня, а шостай гадзіне вечара. Вось толькі дзе?

— Дзе ж інакш, як не ля Вечнага агню.

Дакладна ў прызначаны час Гарадзец стаяў ля Вечнага агню. Час ад часу кідаў позірк на гадзіннік, што вісеў на вуглу магазіна. Раней шасці не чакаў, не чакаў і роўна а шостай — ведаў, што дзяўчаты як правіла мінут на пяць, дзесяць спазняюцца. Мінула дзесяць, пятнаццаць мінут на сёмую... Набраўся мужнасці пачакаць яшчэ мінут дзесяць. Раптам падыходзіць да яго дзяўчына і кажа: «Я — Таня Сапрыка, прыйшла вас засмуціць: Ліна сёння не зможа прыйсці». Як варам абліло тады Гарадца. Ён крута павярнуўся і пайшоў. Каяўся потым, чаму не спытаў, дзе кватаруе Ліна.

А недзе праз год — трэба ж такому здарыцца,— калі Гарадзец вяртаўся дадому, каля вёскі сустрэў Ліну Адзінец. Яна зайшла яму наперад і сарамліва спытала:

— Даруйце, а гэта дарога ці гэтай дарогай?

— Гледзячы для каго,— адказаў Гарадзец і, памаўчаўшы, дадаў: — Па ўсяму відаць, што нашы дарогі не па адной дарозе.

— А я чакаў яе без меры, яна ж марудна так ішла... — узнёсла, вершамі пачала Ліна.— І быў калісьці я ў адчаі... Што зробіш, вечнага няма — згубілася пісулька тая. А потым знікла і сама.

— Не разумею, дзеля чаго тут паэзія?

Ліна паставіла чамаданчык, Мікалай — ранец.

— Раззлаваўся за тое першае верасня?

— Ты не прыйшла, значыць, другі пераняў цябе на дарозе.

— А ты так лёгка ўступіў мяне другому?

Гарадзец зірнуў на Ліну. Вочы яе былі поўныя шчырасці. А сапраўды, чаму ён не пашукаў сустрэчы з ёю? Усё роўна, што ўступіў другому. І Гарадцу стала сорамна.

— Затое я не хачу ўступаць цябе нікому,— сказала Ліна.

Не ўчуліся, як з-за хмары на лес апусцілася сонца, як пачало змяркацца і цямнець. Ліна Адзінец вярнулася дадому, каб заўтра раніцай паехаць з ім разам.

Спачатку яны ўдваіх ездзілі дадому і — з дому. Яна — на канікулы, ён — у адпачынак. Потым — гэта ўжо было гады праз чатыры — Ліна зноў не прыйшла на спатканне. Каб не ўступіць, сапраўды, другому, Мікалай паспяшаўся да яе ў інтэрнат. Яна сядзела адна ў пакоі і плакала. Што з ёю?

— Усё роўна, відаць, нашы дарогі розныя. Праз тыдзень, другі я паеду працаваць куды пашлюць, а ты...

У той вечар яны напісалі заявы, каб быць разам. Пажаніліся.

І жылі.

Яна пайшла ў школу выкладаць хімію, ён па-ранейшаму працаваў на заводзе.

І дзяцей нажылі.

За дзевяць гадоў ён, здавалася, ні разу не падманіў яе. І яна хваліла яго як мужа, сем’яніна. Ні да кога не раўнавала. І на табе! Аказваецца, у яго ёсць другая жонка і сын.

Тры дні ў Ліны Антонаўны кіпела на душы — да болю крыўдна было за сябе. Не ведала, што рабіць, як помсціць. Часам гатова была паверыць, што ён ведаў яе, Раісу, толькі да жаніцьбы. З тае пары мінула столькі год, ніякіх сувязей не меў з ёю, наогул нічога не ведаў аб ёй да шостага лістапада. Гатова паверыць і выгнаць з душы трывогу, а сэрца дыктавала сваё: мужчына заўсёды скрытны і хітры. Не магла загаварыць з ім, узважыла благое і добрае, на чацвёртыя суткі пасля кароткіх рэплік знямела. Набралася цярпення, каб не гаварыць недзе тыдзень, месяц, але перадумала, што трэба дзейнічаць, крычаць на ўвесь голас, каб захаваць сям’ю. Ды вось каму крычаць? Паскардзіцца ў партыйную арганізацыю — сакратар парткома, вядома, паверыць больш яму, свайму дырэктару, чым ёй. У райком пайсці — ці стане сакратар райкома партыі кампраметаваць дырэктара завода, члена райкома, калі не так ужо многа ў раёне такіх буйных заводаў, такіх Гарадцоў?

Ліна Антонаўна ўзяла вышэй: калі і куды ісці, то да сакратара гаркома. Пайсці і аб усім расказаць яму, а свае словы пацвердзіць запіскай Раісы.

На чацвёрты дзень, калі Мікалай Ігнатавіч быў на кватэры Аркадзя Іванавіча, Ліна Антонаўна падышла да гаркома партыі.

Пастаяла ля дзвярэй, падумала, сапраўды, а ці прыстойна гэта, каб скардзіцца на мужа? Столькі гадоў яны жылі душа ў душу і цяпер скардзіцца.

Вярнулася. Калі ішла ад гаркома, ёй раптам стала сорамна за сябе. Некалі ж вучыла дзяцей: «Калі сказаў «а», то скажы «б». Калі замахнуўся, то ўжо сячы». І яна рэзка павярнула назад.

У прыёмнай за сталом сядзела чарнявая, строгая на выгляд жанчына. Падышла да яе і нясмела сказала:

— Я Гарадзец, жонка дырэктара завода, хацела б на прыём... У мяне справа асабістая, сямейная.

У Яўгена Іванавіча сёння не прыёмны дзень. Ён вельмі заняты. Рыхтуецца да партыйнай канферэнцыі.

Якраз з свайго кабінета выйшаў Яўген Іванавіч. Здавалася Ліне Антонаўне, што сакратар сваёй чарняўцы калі не камплімент, усмешку падорыць, не, Яўген Іванавіч быў вельмі засяроджаны, нават не зірнуўшы на яе, на хаду сказаў:

— Ала Пятроўна, я мінут на дваццаць адлучуся. Калі хто будзе званіць, запішыце на календары.

Сакратар выйшаў. Ліна Антонаўна, каб ніхто не перашкодзіў, адразу да Алы Пятроўны:

— Думаю, што Яўген Іванавіч мяне прыме.

— Ну, а калі вы пасля канферэнцыі... Сакратару будзе трохі вальней. Цяпер, разумееце, канферэнцыя на носе. Пасля канферэнцыі ён удзеліць вам больш увагі.

— Будзе ён вяртацца, я павітаюся з ім,— не адступала Ліна Антонаўна.— Ён пазнае мяне, абавязкова пазнае. Я папрашуся хоць на хвіліну.

— То што ў вас такое?

— Пытанне маё асабістае. Я спадзяюся, што ён мяне, як жанчыну, як маці, зразумее.— І набраўшы паветра, рашуча сказала: — У Мікалая Ігнатавіча, майго мужа, дзве сям’і.

Ліна Антонаўна чакала, што ў сакратаркі ад здзіўлення зробяцца вялікія вочы. Але тая, спакойна папраўляючы паперы на стале, адказала:

— У Мікалая Ігнатавіча такога не можа быць.

— Калі я прыйшла, то, мабыць, ведаю.

Ала Пятроўна зірнула на Гарадзец, як на дзівачку, і замест таго, каб зноў сказаць, што «такога не можа быць», ледзьве не абразіла яе:

— У Мікалая Ігнатавіча дзве жонкі, дзве сям’і — ды вы што?!

— Не верыце, вось, калі ласка,— Ліна Антонаўна дастала з сумачкі запіску,— пачытайце.

Ала Пятроўна прабегла вачыма напісанае.

— Ну, і што?

— Як што? Хіба гэтага не дастаткова?

— Дык ён што, жыве з сынам і той жонкай?

— Не, не жыве. Калі верыць яму і гэтай запісцы, ён толькі адзін раз бачыў сына, але...

— Тады я не разумею, што вы хочаце ад гаркома?

— Я вас не разумею,— Ліна Антонаўна гатова была ўсхліпнуць.— Вось-вось рухне сям’я. Як гэта можна дапусціць?

— Мне здаецца, ды яно так і ёсць,— не адразу адказала Ала Пятроўна,— што вы, менавіта вы прыплюсавалі свайму мужу яшчэ адну сям’ю. Як я зразумела з запіскі, з гэтай жанчынай ён меў сувязь яшчэ да жаніцьбы. А цяпер яна толькі паказала яму сына. То што вы хочаце ад свайго мужа? Па-мойму, у вас няма ніякіх падстаў скардзіцца на яго. Абсалютна ніякіх.

Гарадзец апусціла галаву. Няўжо і праўда, што яна дарэмна сюды прыйшла? Усе спадзяванні ў яе былі на гэтую запіску. І на табе — абсалютна ніякіх падстаў няма скардзіцца на Гарадца.

— Няўжо па-вашаму мне сядзець і чакаць, калі мой Гарадзец афіцыйна абвесціць пра другую сям’ю або ўцячэ да той шэльмы?

— А вы ў гэтым упэўнены, маеце рацыю так заяўляць ці вам проста так здаецца?

— Я прыйшла ў гарком папярэдзіць хваробу, а калі хвароба ўжо будзе, самі ведаеце, цяжка яе лячыць...

Не ведала Ала Пятроўна, што рабіць з Гарадзец. Да сакратара яна можа прабіцца. А каб такое не здарылася, зачала з ёй гаворку.

— Шчыра кажучы, і ў мяне нешта падобнае, як у вас. Ды што ў вас? У вас усё добра. А ў мяне... Першы мой муж памёр. Замужам я цяпер за другім. І другі муж харошы ў мяне. Тут усё, мабыць, ад жанчыны залежыць. Вы ў жыцці, таварыш Гарадзец, мабыць, атрымалі першую запіску ад колішняй сяброўкі Мікалая Ігнатавіча. І то, што гэта за запіска. Раіса нічога не патрабуе ні ад вашага мужа, ні ад вас. А я, напрыклад, ад колішняй палюбоўніцы майго цяперашняга мужа атрымліваю лісты кожны дзень. Яна патрабуе, каб я ўступіла ёй свайго мужа. А ў вас... Што ж, калі вы настойваеце, схадзіце да Яўгена Іванавіча, схадзіце, толькі,— Ала Пятроўна набрала нумар тэлефона: — Прыёмная завода? Злучыце мяне, калі ласка, з Гарадцом.

— Што вы? — падхапілася Ліна Антонаўна.— Навошта вы яго? Навошта, каб ён ведаў?

— Дырэктар паехаў па няшчаснаму выпадку? — перапытала Ала Пятроўна.— Хто, хто загінуў? Вось яно што... — і, паклаўшы трубку, працягвала: — Я турбую вашага мужа таму, што вы яго турбуеце. Лепш пачакайце, ён скора вернецца — паехаў праведаць сям’ю нябожчыка. Я выклічу яго тэрмінова. Вось вы разам і сходзіце да сакратара. Усё роўна ж пасля вашай скаргі сакратару давядзецца абавязкова запрашаць на гутарку і Мікалая Ігнатавіча. Дык вы разам і пойдзеце. Так, думаю, будзе лепш, так, спадзяюся, параіць і Яўген Іванавіч.

— То што здарылася на заводзе? — пацікавілася Ліна Антонаўна,— хто памёр ці загінуў?

— У час аварыі самалёта загінуў Аркадзь Іванавіч.

— Аркадзь Іванавіч? — жахнулася Ліна Антонаўка.— Гэта ж наш родзіч. Браценнік Мікалая Ігнатавіча. Ой, даруйце, я не буду чакаць сакратара.

— Чаму ж, пачакайце. Я выклічу Мікалая Ігнатавіча. Ён вернецца скора.

— Не, я лепш у другі раз, даруйце,— развіталася Гарадзец і бядуючы: «...Ай-яй, яй, гэта ж трэба, няшчасце такое з Аркадзем Іванавічам»,— хуценька пакінула прыёмную.

* * *

Гарадзец вярнуўся дадому позна і ненадоўга. Як толькі зайшоў у кватэру, паведаміў Ліне Антонаўне, што з Аркадзем Іванавічам здарылася няшчасце. Яна не прамовіла ні слова: маўляў, да яе таксама даходзяць сякія-такія весткі. Тады Мікалай Ігнатавіч папрасіў падрыхтаваць яму белую кашулю і касцюм, у якім звычайна ездзіў у міністэрства. Падышоў да люстэрка, правёў рукой па барадзе — правяраў, ці не пара пагаліцца. Ліна Антонаўна хацела пацікавіцца, куды гэта ён збіраецца: на сход ці на нараду — позна. Толькі запытала:

— Вячэраць будзеш?

— Калі ёсць што. Толькі хутчэй.

Павячэраўшы, Мікалай Ігнатавіч папрасіў, каб прынесла грошы. Сапраўды, як яна забылася на грошы? Камандзіровачныя само сабою, а лішні чырвонец не пашкодзіць у дарозе. Можа, купіць што — не прап’е ж, не прагуляе.

— Гэтак сотні дзве-тры,— удакладніў ён і, памаўчаўшы, дадаў: — Ёсць пяць, давай пяць.

— Паедзеш па Аркадзя Іванавіча?

— На калегію.

— І толькі?

— Толькі.— Праўда, хацеў сказаць, што яму ўсё ж трэба знайсці Раісу і Алёшу, ды, ведаючы адносіны жонкі да другой сям’і, прамаўчаў.

— Ты мне даруй. Калі не сакрэт, скажы, навошта табе, едучы на калегію, столькі грошай?

Што заставалася рабіць Мікалаю Ігнатавічу? Маніць — значыць, заведама здраджваць. І ён мусіў прызнацца :

— Здаецца, я табе ўжо казаў, ды і запіску сама чытала. Яны прыйшлі, паказаліся і зніклі. Яна зусім хворая, відаць, безнадзейна хворая. Ну, а Алёшку, як па-твойму, я павінен знайсці? Алёшу, сына? А калі знайду, я ж павінен і дапамагчы яму.

Ліна Антонаўна праз колькі мінут прынесла грошы, са злосцю кінула на стол.

— Вось усё, што ёсць дома,— сказала і павярнулася, каб пайсці, але спалохалася, дастала з кішэні халата запіску Раісы. На гэты раз, кінуўшы на стол і запіску, не стрымалася:

— Пропуск табе да сына.

Мікалай Ігнатавіч не стаў заядацца. Адлічыў сабе колькі грошай, астатнія пакінуў на стале.

Развітаўся з дзецьмі. Перад тым, як пайсці, пацікавіўся, які падарунак прывезці?

— Траскушак, траскушак, як тады...— хорам адказалі Марынка і Вера.

— Няўжо кукурузных палачак? Ну, такую радасць і ў нашым магазіне мама купіць. А я прывязу вам... Абавязкова прывязу. Канкрэтна што — казаць не буду. Гэта, каб лепей чакалі.

Зірнуў на гадзіннік — мінут праз сорак павінен адправіцца яго цягнік. Часу малавата. Але ля пад’езда яго чакаў шафёр на заводскай легкавушцы.

Калі пайшоў, Ліна Антонаўна адразу паспяшалася да стала, каб паглядзець, ці ўзяў запіску Раісы.

Узяў.

* * *

Экспрэс прыбыў у сталіцу ў пачатку дзевятай гадзіны раніцы.

Пакуль пачнецца пасяджэнне калегіі і, калі ўлічыць, што дабірацца яму да міністэрства ўсяго паўгадзіны, то ў рэзерве было даволі часу. Гарадзец парашыў дарэмна не губляць ні мінуты, зараз жа звярнуцца ў «гардаведку». Калі Раіса жыве і прапісана ў горадзе, яму ўкажуць яе каардынаты адразу. Вось толькі на якім яна прозвішчы? Дзявочае яе — Пракопчык. Але ж яна выходзіла замуж. Добра, калі засталося дзявочае. Год нараджэння яе — трыццаць другі. Нават дзень помніць — восьмага сакавіка. Усё астатняе... Але была ні была, паспяшаўся да «гардаведкі». Не раз ён карыстаўся яе паслугамі. Трэба ўдакладніць, скажам, хатні адрас знаёмага, нават — каго па службе,— калі ласка. Хутка і надзейна. На гэты раз ля «гардаведкі» была доўгая, прыкладна, чалавек з пяцідзесяці, чарга. Спытаў, хто апошні. Хвіліну-дзве пастаяў — крокі на тры падаўся наперад і не ўчуўся, як ужо далёка за ім пыталі: «хто апошні?»...

Чарга рухалася не сказаць, што марудна, але і не хутка. Мікалай Ігнатавіч прыкінуў, што самае малое яму давядзецца пастаяць недзе з паўгадзіны. І добра было б, каб хоць за гадзіну, нават за дзве яму пашанцавала навесці даведку, бо шукаць Раісу па дзявочаму прозвішчу ці варта. Больш надзейна — па трох дадзеных, нават па чатырох: вядома яе імя, імя па бацьку, год нараджэння, нават дзень. Але невядома, ці пагадзіцца дзяўчына, што сядзіць за акенцам, шукаць па няпоўных дадзеных.

Калі наблізіўся да акенца, сказаў:

— Я шукаю жанчыну і разумееце, усе неабходныя дадзеныя яе ведаю, апроч прозвішча.

— Наступны! — клікнула дзяжурная. Мікалаю Ігнатавічу параіла: — Успомніце прозвішча, імя і імя па бацьку, год нараджэння.

— Ды я нават дзень нараджэння яе ведаю, а вось прозвішча...

— Я сказала вам, грамадзянін, даходлівай мовай, каб назвалі прозвішча. А не ведаеце... Наступны!

— Пракопчык, Раіса Фёдараўна Пракопчык,— была ні была назваў яе прозвішча, потым год нараджэння...

— З вас пяць капеек. Вазьміце, калі ласка, квіток. Адказ ці пачакайце, ці пазваніце вось па гэтым тэлефоне. Наступны!

* * *

Кожны раз, калі Мікалай Ігнатавіч падыходзіў да будынка, абсаджанага беластволымі бярозкамі і густымі елкамі — хай гэта ён прыязджаў на кансультацыю да спецыялістаў міністэрства або па выкліку высокага начальства,— надзвычай хваляваўся, хоць і ведаў, што людзі тут добразычлівыя, заўсёды можна спадзявацца на іх падтрымку. Больш таго, многія з іх адносяцца да яго па-сяброўску, прадбачліва папярэджваюць як сябе паводзіць, як трымаць у тым ці іншым выпадку, каб не нарабіць па маладосці непатрэбшчыны. На гэты раз увайшоў у міністэрства і з хваляваннем, і з трывогай. Сёння, бадай, толькі з-за яго настойлівасці і прынцыповасці сабрана нечарговае пасяджэнне калегіі. З-за яго ідэі, загадзя ўяўляе ён, адбудзецца гарачая спрэчка: адны паспрабуюць падтрымліваць, другія... Другіх, адчуваў Гарадзец, будзе значна больш. Не ведаў, каго падтрымае высокае начальства пасля таго, як ён, Гарадзец, яшчэ раз рашуча і настойліва пачне адстойваць сваю пазіцыю. Доўга гаварыць не стане. Зробіць галоўныя выкладкі, і ўсё; будуць пярэчыць: маўляў, рызыка. Правільна. Падобнага яшчэ не было на іншых заводах. Але ж некаму трэба быць піянерам і ў гэтай справе. Навошта перадаваць такое нашчадкам, рабіць заўтра, калі можна зрабіць сёння. Сваімі рукамі.

Было якраз без пяці дзесяць, калі падышоў Гарадзец да дзвярэй прыёмнай. У прыёмнай апроч сакратаркі нікога не было.

— Здаецца, я не спазніўся,— зірнуў на гадзіннік Гарадзец.— А можа, пасяджэнне перанесена?

— Пасяджэнне пачалося,— мужчынскім хрыплаватым голасам адказала сакратарка і пацікавілася, якія курыць ён сігарэты.

— Наогул не грашу...

Гарадзец чакаў ад сакратаркі, што яна пазайздросціць, як асобныя зацятыя курцы, ці паспачувае, маўляў, як гэта, каб ад нармальнага мужчыны ды не пахла тытунём. Не, сакратарка з мужчынскім голасам засяроджана рабіла сваё — дыраколам прабівала нейкія паперы, нумаравалі іх, сшывала...

— Даруйце, Гарадца не выклікалі яшчэ?

— Ведаю, ведаю, што вы Гарадзец,— сакратарка дастала са стала клей у невялічкай пляшцы і глядзела на святло, ці не загус.— Вамі пакуль не цікавіліся. Пасядзіце, пачакайце. Не курыце, то, можа, чайку вам арганізаваць?

— Дзякую, я пачакаю,— Гарадзец не ведаў, куды падзець свой партфель, але ўспомніў, што ў яго ёсць каробка цукерак, дастаў яе і прапанаваў сакратарцы: — За тое, што ведаеце мяне.— А каб яна не адмовілася ад падарунка, сказаў: — Вам ад нашага старажытнага Віцебска.

— Якая прыгожая каробка,— загледзелася на малюнак сакратарка.— Дзякую. І цукеркі, відаць, адменныя, ну, а каробка за сувенір у мяне будзе. То што ж мне вам узамен?

— Што ж узамен? Усмешку, вядома.

Сакратарка, як умела, усміхнулася і, заўважыўшы, што Гарадзец неяк топчацца на месцы, яшчэ раз прапанавала сесці.

— Дзякую, можа, зараз запросяць.

— Разумею, сэрца ваша ў пятках,— і, прыкурыўшы ад запальнічкі, сказала: — Вам не чайку, а вось бы чарачку.

— Не грашу ўдзень.

— Супакойцеся, прысядзьце, таварыш Гарадзец,— і як бы між іншым дадала: — З-за вашай мадэлі з дзевяці раніцы спрэчка ідзе. Пачалі шпагі скрыжоўваць яшчэ ў прыёмнай... Няхай, няхай ахвоту згоняць. У іх рэдка такое бывае. Нагаворацца, пыл уляжацца, потым вас выклічуць. А вы пасядзіце. Во, газеты пачытайце. Сёння цэнтральныя далі прагноз надвор’я на будучы месяц. Зіма сёлета чакаецца ранняя. З маразамі, завірухамі. Нарэшце, можа, наладзіцца ў нябеснай канцылярыі. А то каторы год зімой маразоў няма, а ўлетку — сонечных дзён... Ну, а калі газеты не хочаце чытаць, уключыце музыку...

— Музыка ўжо ўключана,— Гарадзец паказаў на дзверы, абабітыя дэрмацінам.— Вось зараз мяне запросяць танцаваць туды.

— Во і партнёрка якраз для вас,— сакратарка паказала на ўваход. У парозе стаяла немаладая жанчына ў шырокіх штанах і чаравіках на высокай платформе.

— Я не спазнілася? — першае, што яна спытала ў сакратаркі, і тут жа стала апраўдвацца: — На маіх залатых яшчэ без аднае мінуты дзесяць.

— Не, не спазніліся. Ваша пытанне, таварыш Зуркова, перанесена на пазней, пасля Гарадца,— супакоіла сакратарка жанчыну.— У вас яшчэ ёсць час. Можаце па магазінах нават прайсці.

— А ў мяне, дзякуй богу, усяго даволі,— дастаўшы з сумачкі «Арбіту», Зуркова спярша прапанавала сігарэту Гарадцу — той, вядома, адмовіўся, потым — сакратарцы. Калі тая прыкурыла ад запальнічкі, працягвала: — Кажу, што ў мяне даволі ўсяго, апроч аднаго, апроч шапкі. — І нібы назнарок зрабіла доўгую паўзу.

Гарадзец і сакратарка звярнулі ўвагу на яе пышную і багатую прычоску. Зурковай з першага позірку можна было даць гадоў сорак, ну, а калі ўлічыць, што цяпер жанчыны выглядаюць куды маладзей сваіх год, то ёй, мабыць, ужо ўсіх пяцьдзесят, а вось прычоска яе надзвычай маладзіла.

Трымаючы сігарэту, Зуркова прысела на канапу і, заклаўшы нагу на нагу, вяла сваю гаворку далей:

— Дык вось кажу наконт шапкі. У мяне ўсё ёсць: і план, і вал, нават трэці год не выпускаю пераходны Чырвоны Сцяг па міністэрству, не гаворачы ўжо пра кватэру, мэблю, гардэроб... А вось шапкі няма.

— Ну, вы такая відная жанчына! — Гарадзец нічога не знайшоў сказаць, як камплімент.

Зуркова, відаць, адразу не ўлавіла сэнсу, што сказаў Гарадзец: відная яна, вядома, ва ўсім горадзе. Як ні кажы, дырэктар завода. А вось, ці відная яна з пункту гледжання мужчыны...

— Калі б я была відная,— нарэшце разабралася Зуркова,— я б да сваіх трыццаці гадоў была б маці-гераіня. А так да сарака чатырох заставалася адзінокай. Калі стала дырэктарам, на мяне пачалі звяртаць увагу «шапкі» — ды ўсё мае падначаленыя. Цяпер ажно трое гатовы руку і сэрца мне аддаць. Думаеце, што, во, бабе пашанцавала. Не, не скажу, што мае жаніхі зацятыя гулякі — выпіць і пагуляць яны могуць, усё могуць, як усе добрыя людзі. А вось ні з адным я не звяжу сваю долю. Баюся. Кожны на дзесяць гадоў за мяне маладзей. То падумайце самі, навошта мне такія шапкі? Каб людзей потым насмяшыць? Дык я кажу, усё ў мяне ёсць, апроч шапкі. А такую «шапку», якая мне патрэбна, ні ў адным магазіне не купіш.

— А ўвогуле, вы цікавы чалавек,— на гэты раз Гарадзец пра Зуркову сказаў шчыра.

— То пачакайце мяне,— прапанавала Зуркова,— пасля калегіі хоць паабедаем разам. Мне, здаецца, што і вы цікавы чалавек.

— Часу няма, — адказаў Гарадзец і, заўважыўшы, што Зуркова адразу перасмыкнулася («Эх ты, мужчына, калі б я была трохі прыгажэй, ты ўсё ж і час знайшоў бы»), растлумачыў: «Даў заказ у «гардаведку», жанчыну шукаю. Адзінаццаць гадоў не бачыліся. Прозвішча... — Тут Гарадзец успомніў, што надышоў час пацікавіцца наконт сваіх пошукаў і папрасіў у сакратаркі дазволу пакарыстацца тэлефонам.

— Калі ласка,— сакратарка пераставіла тэлефон бліжэй да Гарадца: — Званіце, куды хочаце і колькі хочаце.

Гарадзец падсеў да стала. Набраў нумар. Назваў нумар квітка, сваё прозвішча.

— Як, як вы сказалі імя па бацьку? — перапытаў Гарадзец у трубку. — Не Фадзееўна, а Фёдараўна. Даруйце, Фёдараўна... Добра, яшчэ раз прадыктуйце, я запішу... Нова-Ельненскі завулак, дом...

Калі паклаў трубку, сакратарка з той жа прыхільнасцю загаварыла:

— Гэта вам трэба сесці спачатку на тралейбус нумар...— потым назвала самы што ні ёсць зручны від транспарту — таксі.

Мікалай Ігнатавіч падзякаваў за параду і, цяжка ўздыхнуўшы, заклапочана прамовіў:

— Не Фёдараўна, а Фадзееўна...

Адчыніліся дзверы, і памочнік міністра, лысаваты мужчына сярэдніх год, пацікавіўся, ці прыбыў Гарадзец, а калі ўбачыў яго, прапанаваў хвіліну пачакаць і вярнуўся ў кабінет.

І яшчэ адну гадзіну Гарадзец прасядзеў на той канапе. Нарэшце пазваніў тэлефон, сакратарка падняла трубку, адказала: «Зараз» і адразу да Гарадца:

— Вас запрашаюць. — Калі ён накіраваўся да дзвярэй кабінета, пажадала ўслед: — Ні пуху, ні пяра...

Міністр — чалавек высокага росту, у гадах, з сівай і пышнай чупрынай — выйшаў з-за стала і, падаўшы руку Гарадцу, запрасіў сесці.

Гарадзец, адставіўшы крэсла далей ад стала, прысеў.

Мікалай Ігнатавіч,— звярнуўся міністр да Гарадца. — Даруйце, што пачалі без вас. У нас сутыкнуліся пярэчлівыя пазіцыі. Таму і пачалі раней. Але без вас не можам прыйсці да агульнае думкі... То калі вы хочаце ведаць, так сказаць, нашы пярэчлівыя пазіцыі, калі ласка: палова членаў калегіі схільна падтрымаць вас, палова супраць.

— Тут, я думаю, мне не трэба асабліва пераконваць тую палову членаў калегіі, якая супраць мяне, што наспела не толькі магчымасць, а нават неабходнасць, каб вытворчасць новай мадэлі трактара пачынаць не паралельна, як гэта рабілі раней, а менавіта адразу. Думаю, што гэта ісціна, а ісціну не варта даказваць. — Гарадзец зрабіў паўзу, зірнуў на членаў калегіі, не інакш спадзяваўся, што вось-вось, калі хто не стане выступаць, то хоць кіне рэпліку. Не, усе сядзелі засяроджаныя — у кабінеце павісла даўкая цішыня. Ні ў кога нават крэсла не скрыпнула. Бадай, усе нагаварыліся ўволю. Тады Гарадзец звярнуўся да Чабрасава: — А якую пазіцыю, даруйце, асабіста вы падтрымліваеце не як міністр, а як член калегіі?

Чабрасаў няспешліва выйшаў з-за стала. Дайшоў амаль да самых дзвярэй, нейкі момант пастаяў і, калі вяртаўся назад, спыніўся побач з Гарадцом. Здавалася, вось ён нешта спытае ў Гарадца. Не, звярнуўся да членаў калегіі:

— Няўжо будзем галасаваць? — Відаць, ён чакаў адказу на сваё пытанне, потым нібы спахапіўся: — Дык я не адказаў вам, таварыш Гарадзец, якую менавіта я падтрымліваю пазіцыю. Як член калегіі, шчыра кажучы, я падтрымліваю, Мікалай Ігнатавіч, вашу пазіцыю. — Міністр зрабіў паўзу, доўгую паўзу. Зайшоў за свой стол, сеў.

— Тады ў мяне будзе прапанова,— загаварыў Сумак,— прапанова такога парадку...

Чабрасаў прыўзняўся і сказаў:

— Думаю, што не можа быць іншай прапановы, як пагадзіцца з Гарадцом. Пагадзіцца і дазволіць яму пераходзіць на поўны пуск трактара новай мадэлі. — І тут жа міністр зрабіў агаворку: — Але дазволіць у парадку выключэння. Стрымае слова, адстаіць сваю пазіцыю на справе — будзем хадайнічаць аб узнагародзе Гарадца, а не... Далей, думаю, гаварыць не трэба. — Чабрасаў зірнуў на гадзіннік — было ўжо недзе блізка да абедзеннага перапынку,— заключыў: — Так што, таварышы, дазвольце ад вашага імя пажадаць Мікалаю Ігнатавічу поспехаў. — Міністр выйшаў з-за стала і пад апладысменты паціснуў руку Гарадцу.

* * *

На трэція суткі Мікалай Ігнатавіч вярнуўся дадому ні з чым. Не знайшоў ён Раісу Фёдараўну. Пабыў у Нова-Ельненскім завулку — там сапраўды не Фёдараўна, а Фадзееўна. Потым яшчэ стаяў у чарзе ля «гардаведкі», звяртаўся ў пашпартны аддзел гарадскога і абласнога ўпраўленняў міліцыі. Ездзіў на Свярдлоўскую і Зарэчную вуліцы, пабываў не ў адной бальніцы. Ездзіў за сто кіламетраў на будаўніцтва атамнай электрастанцыі — там, сказалі яму, пражывае Р. Ф. Пракапчук. І там аказалася не Раіса, а Рагіна. Нарэшце пагадзіўся з тым, што Раіса з Алёшам можа сапраўды прыязджала тады аднекуль з Урала ці Кубані.

І ўсё ж настрой у яго быў прыўзняты — калегія міністэрства, хай сабе і ў парадку выключэння, а падтрымала яго. О, калі б ён знайшоў і Раісу з Алёшам.

«Эх, Алёша, Алёша,— не выходзіў з думак Гарадца вобраз сына. — Ты ў мяне пытаў, ці ёсць людзі на іншых планетах? Тут я ніяк не знайду цябе на сваёй планеце, нават у сваёй краіне».

А ўначы Гарадцу сніўся сон, што ён едзе з завода. Эдуард гоніць «Волгу» на поўную моц, а на дарозе галалёд. І якраз на тым месцы, дзе няма знакаў абмежавання хуткасці, на асфальт выскоквае хлапчук. Эдуард рэзка тармозіць, і «Волгу» заносіць убок. Гарадзец вылазіць з машыны. На асфальце Алёша. З віхрастым чубком, вясёлы і танцуе. Танцуе басанож.

«Алёша, Алёша!» — Гарадзец кліча сына. Толькі б яго злавіць за руку, але ён знік.

Прачнуўся Гарадзец і не верыў, што гэта быў сон.

 

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

Астаневіч ведаў і гаварыў іншым, што ўдвайне ўважлівы той, хто аднолькава адгукаецца і на радасць і на бяду. А сам, прызнацца, нават не адразу разабраўся, што здарылася з Людмілай. Толькі ў аўторак заўважыў, што яе няма на рабоце. «Можа, узяла адгул ці загрыпавала»,— падумаў ён. Пазваніў у сераду. Адказалі, што Людміла захварэла. «Яна яшчэ тады, перад святам, скардзілася на дрэннае самаадчуванне,— успомніў ён і прыкінуў: — Калі загрыпавала, то дні два-тры, канечне, пабудзе дома. У чацвер пазваніў зноў. Трубку падняў Ігнат Тарасавіч. З ім Астаневіч гаварыць, вядома, не адважыўся — Якуша толькі што вызвалілі ад абавязкаў начальніка прэсавага цэха. У суботу мусіў зайсці на кватэру. За колькі дзён, спадзяваўся, Людміла, пэўна, ачуняла. Не павінна быць, каб Якуш папрасіў яго за дзверы. Нават калі і зазлуецца, Людміла слова закіне за яго. Ды ў Івана Тарасавіча за колькі дзён, мабыць, і спала злосць. Потым звыкнецца і з новай работай, і ўсё, карацей кажучы, наладзіцца.

Зайшоў у магазін, купіў кветак. З кветкамі, думаў, нават зачарсцвелы душой чалавек не прагоніць. Якуш, пэўна, адразу зразумее, што кветкі для Людмілы. А яны для яе, што радасная раніца.

Дзень быў хмарны, церусіў дробны дожджык. У такое надвор’е рэдка каго ўбачыш на вуліцы — усе стараюцца схавацца, а калі хто дабіраецца куды, то абавязкова — гарадскім транспартам. Але Астаневіч ад магазіна кветак ішоў пехам. Хацелася неяк засяродзіцца.

Як ні ціснуў Астаневіч на кнопку кватэры Якуша, званка не было. Тады ён пастукаў кулаком. Спадзяваўся, што зараз шырока расчыняцца дзверы, у Івана Тарасавіча зробяцца вялікія вочы, і толькі пасля доўгай паўзы ён працэдзіць: «Што ж, прайдзіце». Ды на дзіва ніхто не адчыняў. Тады Астаневіч зноў пастукаў.

І зноў глуха. Бадай, нікога няма дома. Выхадны дзень — паразыходзіліся. Уздыхнуў і пакаяўся: ўсё ж трэба было пазваніць спачатку па тэлефоне.

Выйшаўшы з пад’езда, Астаневіч пастаяў у двары, зірнуў на наручны гадзіннік. Хоць і спяшацца не было куды, пайшоў.

...Кватэра Астаневіча была ў старым двухпавярховым доміку з чырвонай цэглы па-над ціхай Свіслаччу, густа заросшай мячэўнікам і асакой. Колькі разоў гарадскія ўлады збіраліся зносіць гэты домік, прыходзілі аглядаць кватэры, перапісвалі жыхароў, каб потым выдзеліць у іншым месцы горада жыллё, а домік з чырвонай цэглы па-ранейшаму ўсё яшчэ стаіць. Бадай, дабяруцца да яго, калі пачнуць расчышчаць рэчку, адзяваць яе берагі ў бетон. Па плану вось тут, дзе рэчка паварочвае, нібыта будзе лодачная станцыя і прыгожая набярэжная.

Астаневіч пастаяў колькі ля рэчкі, між іншым пападумаў: вось цячэ рэчка недзе з кіламетр прама, потым робіць рэзкі паварот. Мабыць, і ў чалавека так: доўгі час у яго нібыта ўсё ідзе ладам, а потым нечакана здараюцца непрадбачныя акалічнасці, якія кідаюць яго на ўхабы. Відаць, так здарылася і з Людмілай. Не бачыўся з ёю цэлы тыдзень. І сёння, у першы выхадны пасля свята, не застаў яе дома. То, можа, яна задумала рэзка і назаўсёды адысці ад яго? Што ж, у рэчкі свае павароты, у чалавека свае.

Дамоў не хацелася вяртацца, ды яшчэ з букетам, што купіў і нёс для Людмілы. Пайсці на завод, зачыніцца ў сваім кабінеце? Работы там хапае, аднак ці возьмецца за што, калі з галавы не выходзіць Людміла? Паехаць куды ў кіно — таксама не хацелася аднаму.

Вуліцу пераходзіла старая згорбленая бабуля, пільна азіраючыся па баках, не інакш баялася, каб раптам адкуль не вынырнула машына. Тут якраз старую і аклікнуў Астаневіч.

Яна спынілася, Астаневіч падаў ёй кветкі. «Вам, мабыць, даўно ўручалі букеты, то прыміце, калі ласка, ад мяне».

Астаневіч пайшоў да доміка з чырвонай цэглы. Дома спадзяваўся ўзяць кнігу і «что ему книга последняя скажет, то на душе его сверху и ляжет».

З паштовае скрынкі дастаў свежыя газеты, разгарнуў іх, заўважыў запіску. Знаёмым роўным почыркам было напісана:

«Тав. Астаневіч! Я хачу тым-сім пакарыстацца з тваёй бібліятэкі, а таму пажадана, калі не сёння а пятай гадзіне дня, то заўтра ў сёмай вечара застаць цябе дома. Твая першая палавіна Т.»

Значыць, яна, Таіса. Астаневічу адразу стала дзіўна: чым жа яна захацела пакарыстацца?

Ён перачытаў запіску, прыгадаў, як клялася яна, давала чэснае слова, што будзе ўсё жыццё пазбягаць яго і на табе: недзе праз паўгода пасля развода захацелася ёй тым-сім пакарыстацца з яго бібліятэкі. То ці не стала ты будучы адной, ды яшчэ, як кажуць, пры ўласных інтарэсах, каячайся евангельскай Магдалінай?

Астаневічу не хацелася бачыць Таісу, тым больш у сябе дома. Не таму што асцерагаўся плётак — злых языкоў ён не баяўся,— не хацелася варушыць былое. Ну, а калі яна папярэдзіла, што прыедзе, то мусіў чакаць. Хай заявіцца. Яе прывядзе нейкая хітрасць. Хітрасці яна не схавае — у хітрасці заўсёды казяўчыны ножкі.

Роўна а пятай гадзіне не прыйшла. Астаневіч пасядзеў яшчэ мінут пятнаццаць — не чытаецца, прайшоўся па пакою, паглядзеў у акно, прыслухаўся, ці не ідзе, ці не яе крокі на лесвіцы? Праз які момант ляпнулі дзверы ў суседа, значыць, не яна. Не інакш і тут, зразумеў Астаневіч, задумала паказаць свой гонар. Не кідае свайго, любіць, каб яе чакалі. Яна заўсёды што мела на грош імкнулася выдаць на тры. Таму не выпадкова, што паміж імі часта ўзнікалі спрэчкі. Астаневіч не раз гаварыў, што сціпламу ён гатовы кланяцца да зямлі, перад ёй, напышлівай і пустой ганарліўкай, будзе паднімаць галаву да неба. А тут, дома, усё ж мусіў цярпець, чакаць яе.

Уключыў праігрывацель, паставіў пласцінку. Толькі заграла музыка, толькі заспяваў тэнар: «У любви свои бывают сроки», як нехта зашаркнуў ключом у замочнай шчыліне. Пакуль Астаневіч здзіўляўся, хто гэта можа быць, няўжо сусед пераблытаў кватэру, як адчыніліся дзверы і ўвайшла яна, Таіса. У барвовым новым паліто, лёгкім барвовым капялюшыку. Увайшла і замест таго, каб сказаць, чаму сама адчыніла дзверы, а не пазваніла і папрасіла дазволу ўвайсці, бо яна тут не гаспадыня, стала ў парозе і ганарліва ўзняла галаву. Але паколькі Астаневіч спакойна стаяў сярод пакоя і не думаў да яе ні падыходзіць, ні пытаць, чаму яна раптоўна ўварвалася, сама загаварыла. Нібы апраўдваючыся:

— Гэта стары ключ у мяне заваляўся, то я паспрабавала адчыніць і вось... адчыніла.

— А ты, выпадкова не падумала, ці не нахабства гэта — чужым ключом адчыняць чужую кватэру?

— Па-мойму, гасцей спярша запрашаюць прайсці, потым пачынаюць з імі гаварыць. Дарэчы, і не такім тонам.

Астаневіч выключыў праігрывацель.

— А яшчэ,— працягваў ён,— пара б засвоіць элементарныя правілы ветлівасці: калі заходзіш у чужую кватэру, то абавязкова спярша трэба павітацца, а потым чакаць, каб цябе запрасілі прайсці.

— Ну, то добры дзень табе.

— Добры,— холадна адказаў ён і, прапанаваўшы прайсці ад парога, паказаў на крэсла.

— Можа дазволіш распрануцца? — спытала яна і стала расшпільваць гузікі свайго новага барвовага паліто.

— Жанчыны ў маёй кватэры не распранаюцца.

— То можа выпадковыя жанчыны, а я ж табе... — і Таіса ўсё ж зняла з сябе паліто, павесіла ля шафы. Потым села. Акінуўшы позіркам кватэру, заўважыла: — А не скажаш, каб у цябе жанчыны не распраналіся. Фіранкі і гардзіны накрухмалены. Толькі вось не відаць, каб прыколкі валяліся.

— Пакуль сачу за парадкам, а прыколкі... — і Астаневіч не стрымаўся: — А прыколкі... Не выключана магчымасць, што скора будуць валяцца і прыколкі, бо нікому не сакрэт, што жыццём карыстаецца той, хто жыве.

— Жыццё пражыць — не поле перайсці,— уздыхнула Таіса і зрабіла доўгую паўзу. Не інакш спадзявалася, што Астаневіч нарэшце, калі не разгадае прычыну яе загадкавага візіту, то хоць прысядзе, супакоіцца — нечага ж ён узвінчаны — а калі пасядзіць крыху ля яе, то, можа, і палагоднее, ці ж насіць яму ўсё жыццё камень за пазухай, а супакоіўшыся, то, можа, і зразумее яе. Яна ж была яго жонкай. А жонка ж і не чаравік, і не рукавіца... Вось яна і прыйшла нагадаць яму такую ісціну. А што развяліся...

— Я прыйшла пагаварыць з табой,— нарэшце больш канкрэтна пачала Таіса.— Мінула столькі часу, а час, сам знаеш, і дарадца, і лекар. Мой татка казаў, што не грабеньчык галаву чэша, а час. То, можа, мы цяпер без гарачкі пагаворым, здаецца, ты і я за гэты час справіліся праверыць, ці можам мы адно без аднаго. Не ведаю, як ты, а я, напрыклад, не магу без цябе. Асуджай мяне ці смейся, а я шчыра кажу. Калі ў чым і вінавата я, гэта толькі ў тым, што дурная была.

— Калі гэта ты навучылася каяцца?

— Калі нацерпішся гора — даведаешся, як жыць. А што дура я, то час паказаў. Цяпер, здаецца, я па-інакшаму б стала ладзіць сямейнае жыццё.

— Ці ж я цябе не ведаю. З табой, не сакрэт, піва не зварыш, а калі і зварыш, дык не разап’еш яго. У гэтым я ўпэўнены, хоць ты і прыйшла сказаць, што ты ўжо не тая, якой была.

— Няўжо не верыш?

— Веру таму, у чым упэўніўся, у чым перакананы. Таму мне застаецца сказаць словамі аднаго генерала. Калі яму прапанавалі міравую, ён адказаў: «Хай застаецца так, як ёсць, або зусім не будзе».

— Ты, здаецца, не зусім шчыры. Па-мойму, адно гаворыш, другое думаеш.

— У маім розуме, прызнаюся шчыра, няма нічога такога, што не ўтрымлівалася б раней у пачуццях.

— Бачу, ты змяніўся, нервы цябе падводзяць, ці...

— Так, я змяніў, што трэба было змяніць.

— Значыць, гнеў у цябе не паменшыўся на мяне. То, можа, гнеў закаханых — аднаўленне кахання?

— Не падумай, што гэта ісціна адносіцца да нас. Былое ўжо не вернем. Таму, я папрасіў бы на гэтым нашу размову закончыць.

— Я знала, што з твайго языка капае і мёд і яд. На гэты раз толькі яд... Што ж ...— І Таіса без ахвоты прыўзнялася. Калі нам не суджана быць разам, то што ж... Адзінае, чаго шкада, гэта што я столькі часу спадзявалася на тваю дабрыню, столькі берагла твой ключ, дакладней, ключ ад нашай кватэры. Цяпер,— яна кінула ключ на стол,— цяпер ты зрабіў сваю справу — назаўсёды замкнуўся ад мяне... Я ўпэўнена, што пакаешся, ды будзе позна. Ты яшчэ прыйдзеш да мяне, прыйдзеш... А цяпер хоць падай паліто.

Яна апраналася неахвотна і марудна. Не інакш спадзявалася, што сэрца ў яго не камень, што ён хоць дзеля ветлівасці скажа што добрае. Аднак Астаневіч па-ранейшаму быў хмуры. З нецярпеннем чакаў, каб гэтая нязваная госця хутчэй пайшла.

Прыадчыніўшы дзверы, Таіса на нейкі момант спынілася:

— Ну што ж, да пабачэння.

— Бывай,— адказаў ён.

І яна нехаця зачыніла за сабою дзверы.

Калі спусцілася з прыступак, калі крокі яе аддаліліся і зусім заціхлі, Астаневіч зноў уключыў праігрывацель. І зноў палілася знаёмая мелодыя.

* * *

А тым часам са здароўем у Людмілы станавілася горш. Астаневіч жа стараўся выбраць зручны момант, каб сустрэцца з ёю, толькі не ў прысутнасці бацькоў. Праўда, бацькі яе, хоць бы і хацелі забараніць ім сустракацца, не змаглі б — у апошні вечар Людміла паабяцала, што пасля таго, як будзе аформлены шлюб, яна пяройдзе да яго, і яны пачнуць жыць разам. Няхай сабе і без вяселля. Аднак лёс распарадзіўся па-свойму — замест загса давялося ехаць у бальніцу.

Бальніца...

Трынаццатая палата. Людміла зайшла ўслед за сястрой. У палаце было тры жанчыны. Ля парога ў чорнай хустцы, склаўшы рукі на грудзях, нібы падрыхтавалася паміраць, ляжала бабуля. (Пазнаёміўшыся пазней, Людміла даведалася, што гэта капітан Арцёменка). Дзве маладзіцы, ложкі якіх стаялі зусім побач, абапёршыся на ўзлокаткі, гулялі ў падкіднога.

— Да вас, бабанькі, новенькая,— яшчэ з парога заявіла сястра.— Можа, падыдзе. А не, дык павяду ў чатырнаццатую.

— А ў дурня ці ўмее гуляць? — пацікавілася маладзейшая, у валасах якой былі закручаны бігудзі.

— Не ўмее, дык навучыце,— сястра скіравала да вольнага ложка, што стаяў ля акна. — Вам яшчэ тут бакі забаляць, ды і яна, відаць, належыцца. То не адну калоду карт збузуеце. — Паказала Людміле на ложак. — Во, даражэнькая, твая пасцель. Кладзіся, калі хочаш выздаравець, ляжы і не рыпайся.

У бальніцы Людміла лячылася не раз: калі прастудзілася дужа — ляжала з правабаковым ачагом запалення лёгкіх і — калі выразалі апендыцыт. У першыя дні хваліцца, вядома, не было чым. Не тое, што карты, кніжкі ў рукі не магла ўзяць, а потым...

— Каб цябе не агарошыць, як некаторых,— папярэдзіла сястра,— ляжаць будзеш не на пярыне, на дашчатым шчыце. Так трэба... Калі пытанняў больш няма, кладзіся і набірайся цярпення.

— А ці доўга, як вы кажаце, мне не рыпацца на гэтым ложку? — перш чым падысці да пасцелі, спытала Людміла ў сястры.

— Я ж не доктар, даражэнькая,— развяла рукамі сястра.

— А гэта як фартуна пакажа,— з выглядам знаўцы адказала на запытанне Людмілы жанчына з бігудзямі.

Сястра яшчэ паказала на тумбачку, якой будзе карыстацца Людміла, звярнула ўвагу на падушку: калі мала адной, можна будзе другую пакласці, у дадатак строга папярэдзіла, каб яна толькі ляжала і толькі дагары, каб паварочвалася ў крайнім выпадку, бо ад спакою залежыць поспех лячэння, і пайшла.

Людміле хацелася легчы. Скінула халат, адгарнула коўдру — спадзявалася, што адразу заплюшчыць вочы і засне. Ды пасцель не зусім ёмкая, нізка пад галавой, мулка пад бокам. Заўважыла на сцяне кнопку. Можна было адразу выклікаць сястру, але перадумала, ляжаць дык ляжаць. Вось толькі ці многа ёй ляжаць? Няўжо дактары будуць трымаць яе цэлы год на гэтым мулкім шчыце? О, Фартуна, Фартуна!.. Людміла ўяўляла вобраз гэтай багіні рымскай міфалогіі. Яна непастаянная, зменлівая і няўлоўная з павязкай на вачах стаіць на шары. Шар качаецца пад ёю, вось-вось выб’ецца наогул з-пад яе, а гэтая Фартуна, на выгляд бесклапотная і спагадлівая, але зласлівая і каварная, кіруе яе лячэннем. Не, калі такая Фартуна возьме ў рукі яе лёс, можна будзе трапіць з гэтага шчыта ў пашчу вогненнай пачвары Хімеры...

Пасля абеду, калі настаў ціхі час, жанчыны не ўзяліся за карты, накрыліся коўдрамі, бадай, прывыклі такой парой паляжаць спакойна, суцішыцца і заснуць... А Людміле з кожнай мінутай станавілася ўсё больш трывожна на душы. Толькі цяпер яна пэўна і канчаткова ўсвядоміла, што з ёй здарылася і куды яна трапіла. На яе абрынулася цяжкая хвароба. Калі верыць дактарам, праз пэўны час яна пазбавіцца гэтай хваробы, выйдзе з бальніцы здаровай, вернецца на работу. З цягам часу, магчыма, і забудзецца на ўсё гэта. Ды вось толькі будучае выздараўленне не прынясе ёй радасці, бо цяперашняя хвароба, у гэтым яна ўпэўнена, разлучыць яе з Астаневічам назаўсёды. Ён не рызыкне звязаць свой лёс з хворай на сухоты. На першым часе, каб падтрымаць маральна, магчыма, і наведае яе ў бальніцы, а потым, спаслаўшыся на занятасць па рабоце, паступова адвыкне і забудзецца наогул.

Горка на душы, балюча на сэрцы. Тым больш што яна не падхопіцца са шчыта, нават не пазвоніць яму... Не адразу, але ўсё ж супакоілася, заснула.

Прачнулася толькі назаўтра, калі нехта ўключыў святло — то медсястра прыйшла са шпрыцам у руцэ, прыйшла рабіць ёй укол. Перш чым адкінуць з яе коўдру, пацікавілася настроем.

— Прынясіце, сястра, мне каменьчык, толькі чорны каменьчык,— цяжка ўздыхнуўшы, адказала Людміла.— Старажытныя рымляне свой пражыты шчаслівы дзень адзначалі белым каменьчыкам, а мне прынясіце чорны,— і ледзьве не ўсхліпнуўшы, праўда, стрымліваючы сябе, хапіла духу, каб вымавіць толькі шэптам: — О, колькі спатрэбіцца мне яшчэ чорных каменьчыкаў.

— Не вы першая з такой хваробай у мяне, можа, і не вы апошняя,— паспрабавала суцяшаць сястра. — Выхадзіла ўсіх, выхаджу і вас... Вось толькі крышку павярніцеся, я вам порцыю радасці адзычу. Ну, смялей, смялей, прывыкаць трэба.

Калі сястра перайшла да яе суседкі, Людміла задумалася: не яна першая... Вядома, не першая, калі глядзець толькі на адну яе хваробу, як на факт, а калі яшчэ на тое, што яна толькі прылегшы на гэты злашчасны шчыт, назаўсёды рассталася з каханым, то з такім дыягназам яна тут, мабыць, першая.

На трэці дзень доктар Шыкіна рабіла ранішні абход. Людміла запытала ў яе:

— Ад чаго я захварэла?

Марыя Мікітаўна Шыкіна працуе ў бальніцы больш за дваццаць год. Прыйшла сюды дзяўчынкай адразу пасля заканчэння медыцынскага інстытута, і вось ужо ў яе валасах поўна сівізны. За гэты час колькі хворых прайшло праз яе рукі, і амаль усіх яна паставіла на ногі, вярнула да нармальнага жыцця. І тым не менш ёй цяжка было адказаць на пытанне Людмілы.

Пачала з таго, што ў кожнага чалавека жыве ў арганізме палачка Коха ў дрэмлючым стане. А калі арганізм слабее, палачка актывізуецца, блукае, шукае ўчастак са слабай ахоўнай заслонай і знаходзіць, хай гэта на лёгкіх ці дзе на коснай тканцы, дзе некалі той участак быў пашкоджаны, скажам, запаленнем ці якой фізічнай траўмай. Там і пачынаецца захворванне на сухоты. Вось, да прыкладу, у яе тая палачка прарвалася на паяснічным пазванку... Так у агульных рысах доктар Шыкіна растлумачыла, чаму чалавек захворвае на сухоты. А вось чаму захварэла яна, Людміла? Задумалася. Так, яна пашкодзіла некалі свой пазваночнік. Гэта было даўно. Парашылі яе бацькі правесці летні адпачынак у вёсцы. Паехалі да родзічаў у Стараселле. Узялі з сабою і яе, Людмілку. Удзень хадзілі ў лес, купаліся ў рэчцы Гутлянцы. А вечарам маці з выпадку сумеснага адпачынку, дазволіла татку адкаркаваць пляшку гарэлкі. Да бацькі далучыліся, вядома, і сябры. А там, дзе адна пляшка, паявілася і другая, трэцяя. Бацька хапіў лішнюю чарку і сказаў, што пойдзе спаць. У хляве на гарышчы было складзена свежае, духмянае сена, там і была яго пасцель. Як ні ўгаворвала яго маці, каб не лез туды, а то яшчэ, не дай бог, абшахнецца ды бяду якую ўчыніць сабе — не ўгаварыла. Калі разышліся госці, маці ўзяла сабе ў галаву трывожнае: а раптам ён сярод ночы задумае выйсці на двор, забудзецца, што спіць на тым гарышчы ды, барані божа, чмякнецца вобземлю, пакалечыцца. І сама палезла на сена. Ад мамкі не адстала, вядома, Людмілка... Што ж, ноч цёплая, падумала, Марыя Іванаўна, няхай.

Да самае раніцы бацька не варухнуўся нават. А калі зарыкала карова, Людміла захацела на гаршок, ціхутка вынырнула з-пад коўдры і шамоць, шамоць па сене... Пакуль маці падхапілася, яна ўжо чмякнулася вобземлю. Ад сполаху і болю, што ўдарылася, а ўдарылася яна аб лесвіцу ніжэй спінкі, нема зайшлася. Думалі, што пакалечылася. Паднялі на рукі, супакоілася — здаецца, усё абышлося, а што сіняк паявіўся, нібы ранка на спінцы, ніхто на тую ранку не звярнуў асаблівай увагі: маўляў, дзеці не з такімі сінякамі бегаюць, перабегае і яна.

Зажыла ранка на тым месцы, даўно забылася і сама, як абшахнулася, як скінулася з таго гарышча. Можа б, і цяпер не прыгадала, каб доктар Шыкіна не напомніла аб нейкай фізічнай траўме. І вось калі тая неасцярожнасць дала аб сабе знаць.

Лягчэй не стала Людміле пасля размовы з доктарам.

Суседкі аб нечым гаманілі між сабой. Дама, якая была ў чорным парыку, расказвала пра сон, што нібыта да яе, дзяўчыны, сватаўся Косця, той Косця, што загінуў потым пры фарсіраванні Дняпра каля Рагачова. От, нібыта прыходзіць той Косця да іх у хату і ўгаворвае яе маці, каб аддала за яго дачку, і кажа: «Самагонкі выганім і вяселле згуляем. А то як забяруць Ірыну ў Нямеччыну, ні вам Іры не будзе, ні мне».

«А я,— расказвала далей Ірына,— як удару лыжкай па стале: я за Васю замуж пайду».

— Думала пра Косцю, то ён і прысніўся,— растлумачыла жанчына з бігудзямі.

— То, можа, надвор’е зменіцца, што нябожчык прысніўся, — уставіла бабка сваё, і зноў усе стаіліся, пакуль жанчына з бігудзямі не прапанавала згуляць у карты.

Заўважыла Людміла, як у Ірыны скінуўся чорны парык — галава яе нібы паголеная. О, якая яна непрыгожая без валасоў, нібыта здань нейкая. Ірына, відаць, разумела сваю загану і хуценька ўскінула на галаву свой парык. Потым ужо ўзяла карты і раскінула калоду.

Мулка на шчыце Людміле, ой, як мулка. Ад нізкага ўзгалоўя рукі млеюць, і з кожнай мінутай здаецца, усё больш і больш вяне душа. Вяне па ім, па Астаневічу. Ён тады, на першым дні свята, пайшоў з іхняе кватэры зняважаным. Потым, у другой палове дня, сустрэліся — паабедалі разам у рэстаране і доўга, да самае начы хадзілі па праспекту. Потым ён падвёз яе на таксі дадому, у пад’ездзе напаследак горача пацалаваў і... з таго часу не званіў, не цікавіўся ёю. Няўжо на гэтым усё і кончана? Невыказны жаль агарнуў яе, і яна ўпотай, накрыўшыся коўдрай, заплакала.

— Чаго гэта ты нюні распусціла? — пачула Людміла голас жанчыны з бігудзямі. — Плач, дарагая, ці галасі, а рады слязьмі не дасі. У кожнай з нас тут доля шчарбатая. Паклалі сюды, то цярпі і лячыся. Ты яшчэ маладая, насупраць веку. Мы і то духам не падаем, а табе... Табе тваё застанецца. То няма чаго, кажу, нюні распускаць.

Да кожнага сказанага слова Людміла прыслухоўвалася ўважліва, а больш запала ёй у памяці: «у нас тут доля шчарбатая». Яна выцерла слёзы, зірнула на жанчыну ў бігудзях. Тая працягвала:

— Я здагадваюся, чаму ты плачаш. Смерці баішся. А недалёка да смерці таму, хто думае пра яе. Вось капітан,— жанчына ў бігудзях паказала на бабку, што ляжала ля парога — адстаўны капітан Антаніна Сяргееўна часта напамінае нам: жыць — значыць змагацца... А той, хто толькі і думае аб сваёй канчыне, той, кажа Антаніна Сяргееўна, гэта ўжо нябожчык сярод жывых. Цяжка было напачатку Антаніне Сяргееўне. Мы думалі, што па ёй памінкі скора справім, а яна адно цвярдзіла: «Не, гадаўка, капітан Арцёменка не здаецца».

У палатку зайшла доктар Шыкіна с добразычлівай, але загадкавай усмешкай. Дарэчы, калі Марыя Мікітаўна заходзіла раней, была хоць трошкі, але нечым заклапочаная. На гэты раз, здавалася, гатова была звонка засмяяцца. Спынілася насупраць ложка Арцёменка і з той жа ўсмешкай запытала:

— Ну, адгадайце, жанчынкі, хто з вас сёння скажа: «Мне не дорог твой подарок, дорога твоя любовь». Я зайшла пацікавіцца вашым настроем і папярэдзіць, што зараз парог у вашу палату пераступіць мужчына. Праўда, не дазваляла я, ды ўсё ж упрасіў.

Людміла адразу выцерла вочы, вышэй прыўзнялася на падушку. Канечне, толькі яна чакала мужчыну і толькі Астаневіча.

Праз колькі мінут усе пачулі асцярожны стук у дзверы і, калі дзверы прыадчыніліся, пачулі голас:

— Можьно?

— Так, так, заходзьце, можна,— хорам адказалі жанчыны.

З пульхным вялікім партфелем у палату зайшоў каржакаваты мужчына — мангол не мангол, кіргіз не кіргіз... Ён акінуў позіркам хворых і, спыніўшыся ля ложка Арцёменка, спярша па-вайсковаму казырнуў, потым адрэкамендаваўся:

— Таварыш капітанкэ, сальдат Карымкэ знова прышля.

Арцёменка нейкі момант маўчала, строга гледзячы на «сальдата Карымкэ», не інакш угадвала, хто мог да яе заявіцца, потым усклікнула:

— О, таварыш Карымаў! Колькі летаў, колькі зім. Помню, помню цябе, сальдат Карымкэ. То праходзь, прысядзь.

Калі Карымаў нагнуўся паставіць партфель, з яго пляча спаў бальнічны халат, і ўсе заўважылі на лацкане яго пінжака ордэны Славы ўсіх трох ступеняў.

— Ну што, таварыш Карымаў, у нашым горадзе быў? — адразу зачала гаворку Арцёменка.

— Так тошно, таварыш капітанкэ, у вашым горадзе быля,— прысеўшы на табурэтку, загаварыў Карымаў: — Быля на Хатынь, быля на Курган Слава, а ў капітанкэ Арцёмка як не быля? — Ён развёў рукамі, даўшы зразумець, што ў каго-каго, а ў капітана Арцёменка не мог не пабываць.— А капітанкэ ў бальніца.

— Нічога, нічога, што я ў бальніцы,— як заўсёды, аптымістычна трымала сябе бабка.— Капітан Арцёменка пакуль ніякім смерцям не здаецца.

Распытала Арцёменка, дзе працуе Карымаў, аказваецца, у тэатры імя Хамзы, што ў Фергане — спачатку быў акторам, цяпер — на адказнай пасадзе ва ўзбекскім тэатральным таварыстве.

За развіццё нацыянальнага мастацтва ўзнагароджан ордэнам «Знак Пашаны», мае сям’ю: тры дачкі і шасцёра сыноў-джыгітаў, да таго — чатырнаццаць унукаў.

Арцёмка расказала жанчынам, як пазнаёмілася з Карымавым:

— Аднойчы, калі мяне накіравалі прыняць падраздзяленне, я парашыла пагутарыць з кожным салдатам. Пагутарыла з усімі паасобку: раптам выяўляю, што няма салдата па прозвішчу Карымаў. Пытаю старшыну. Ён гаворыць: «Карымаў сёння на кухні. Вызваліцца а 22 гадзіне». Я, вядома, чакаю да 22 гадзін і чую стук у дзверы. «Можьно?» — пытае Карымаў і дакладвае: «Таварыш капітанкэ, сальтат Карымкэ па вашым загадам прышля».— «Курыш?» — пытаю. «Так тошно, курім». Узяў папяросу, закурыў. Пачынаю з ім гутарыць: «Ну, што, таварыш Карымаў, на фронце быў?» Адказвае: «Так тошно, таварыш капітанкэ, на фронце быля».— «Ваяваў?» — «Так тошно, таварыш капітанкэ, ваяваль».— «Ну, а чаму ў цябе ордэнаў няма? — пытаю,— і медаляў ніводнага?» — «Хэ-хэ... Камандырка быль рускі, таварыш капітанкэ, такой нэхарошы, ардэноў не даваль».— «Відаць, таму не даваў, што ты дрэнна ваяваў». Ажно, як потым выяснілася, Карымаў парашыў паказаць свой акторскі талент перада мною. Я далей пытаю ў яго: «Ну, хоць які эпізод ты помніш з вайны?..»

— Канэчно, помню.— Гэта ўжо ў палаце Карымаў падхапіўся, скінуў з сябе халат і як актор, успамінаючы былое, пачаў выступаць перад палатай.— Адын раз, таварыш капітанкэ, мы пасідзеля на фронце. Гэта зямля — дзюрка. Ну, гэта самае панымаш, гэта сама зямля — дзюрка. Не, не акоп. Гэта сама, як яго, і не ячэйка. О, о! Ячэечнік. Пасідзець мы гэта сама ячэечнік. Бірынібойназажыгацельна. Трасірычнік. Вогуля, усякім, усякім... Красным галоўка, чорным галоўка, красна і зялёным галоўка мазана. Патронка. Ну вот. Мы пасідзеля, пакурыля. Хрыцачнік старана паглядзеля. Ну, пасідзеля, яшчэ пакурыля. Другі раз паглядзеля, таварыш капітанкэ, паўзуе жалезны домік. Як яго фаміля? Ну, гэты самы, як яго, жалезны домік? Тыгарашнік, тыгарашнік, о!.. Эхэ, мая ўзяль мультоўка, паляжыля туда гэта сама пулькай бірыныбойназажыгацельным, красным, чорна галёўка мазана. Як шпандарахне мая, ых! Гэта сама, тыгарашнік пакрутылся, пакрутылся і... пашля на хрыцачнік. Бачыля? Мы яшчэ пасідзеля... Паглядзеля яшчэ хрыцачнік старана. І, таварыш капітанкэ, бачыць мая, паўзуе, гэта сама, як яго... з доўгім носам. Фамілія яго, гэта сама, хырдынанка. Ну, гэта самае, правільна — Хырдынант. Пакрутыля, пакрутыля і прама на мяне паглядзель. Я за мультоўка, красна, чорна галёўка мазана, а ён мяне як шпандарахне! Ух, таварыш капітанкэ, калі мая трошка паглядзеля — кругом не відаць быля. Чуе мая, як лейценантка крычаля: «маці мацюкаля» думаль лейценантка паранеля, а лейценантка маці мацюкаля. Карымаву крычаля «атака». Мая за мультоўка, патронка красна чорным галёўка мазана. Лейценантка, таварыш капітанкэ, бежаля, а капітанкэ тожа бежаля... Што ёлка-палка ялдаш зямля-дзюрка будзе. І салдат Карымкэ лейценантка даганяля, дзе сёльнышка залязя.

— Ну, а як жа ты,— Арцёменка запытала ў Карымава,— раненне меў? У шпіталь трапіў? — Запытала, каб Карымаў яшчэ павесяліў яе суседак па палаце.

— Хо-э! Канэчнэ імеля, ранен быль рука,— для выгляду Карымаў пачаў закасваць рукаў, каб нібыта паказаць сваё раненне.

— Ты лепш раскажы, як было гэта? — запытала Арцёменка.

— Хо-э! Сядзім мы гэта зямля-дзюрка. Ну, гэта сама акопашнік. Я хрыцачнік старана паглядзела, мая чуе, хрыц крычыць: «Русь Іван, здавайся плен,— у нас водка, самагонка, патыфонка і дэўчонка. Э, русь, русь». Мая ўзяля мультоўка, патронка красна, чорна галёўка мазана. Пакуль цэляль, мая паказаль яму дуля: і русь няможна і ялдаш няможна плен. Ён мяне, як шпандарахнуль, на рука папаль.

Калі Карымаў закончыў сваю ранейшую франтавую імправізацыю, усе па палаце запляскалі ў ладкі. Арцёменка пахваліла:

— Ваяваў ты, бачу, здорава. Усе грудзі твае ў ордэнах.

— Таварыш капітанкэ! — успомніў нешта Карымаў і тут жа дастаў з партфеля вялікую, прыкладна кілаграмаў на восем паласатую дыню.— Вам, таварыш капітанкэ.

Карымаў разрэзаў на вялікія кавалкі дыню, першы скрыль падаў Арцёменка, астатнія раздаў жанчынам па палаце.

— Ну, і дыня, якая смаката,— пакаштаваўшы, пахваліла Арцёменка. Потым сказала: — Толькі што дыня, Карымкэ,— «Мне не дорог твой подарок, дорога твоя любовь». Дзякуй табе за добрую памяць, дзякуй, што наведаў мяне.

— А цяпер, таварыш капітанкэ, да Карымка ў госці, сонечная Фергана. Не паедзеш, мае джыгіты, мае ўнукі, на руках цябе занясуць сонечная Фергана. Там плоў, там кумыс, люлякебаб... Сто лет будзе жызня.

Калі развітаўся Карымаў, калі пайшоў з палаты,— а развітаўся ён ненадоўга — перад ад’ездам з горада паабяцаў яшчэ завітаць да бабкі Арцёменка, Людмілу не толькі здзівіла, нават уразіла тое, што Карымаў, расказваючы пра няўклюду, палахліўца і недарэку, не інакш многа чаго ўзяў з уласных перажыванняў — гэта адно; другое, што з яго вырас адважны воін, перамогшы смерць, каб потым, будучы акторам, раздзяліць сваю радасць жыцця з людзьмі. Які чалавечына! А бабка Арцёменка? Здавалася, яна ўжо і рукі склала — сабралася развітацца з белым светам, а якая яна жыццялюб, колькі ў яе запалу, духоўнай энергіі, нават пафасу!

То вось хто побач з ёй!

І Людміла адчула пэўны прыліў энергіі, той энергіі, якая нарадзіла перакананне, што сапраўды, каб жыць, трэба ўпарта змагацца за жыццё.

Раптам перад вачыма нібы з’явіўся Астаневіч. Вось ужо каторы дзень, а ён не ідзе да яе, можа, ніколі і не прыйдзе. Што ж, не прыйдзе — крыўдаваць яна не стане. Калі нельга яму прыходзіць, калі немагчыма хоць трошкі пацешыць яе, што ж, няхай.

«Трэба жыць»,— прашаптала Людміла і заплюшчыла вочы.

— Ну чаго ты зноў занудзілася? — суцешна спытала жанчына з бігудзямі.— Усё роўна слязьмі бядзе не паможаш.

— Лес гарыць — усе бачаць, душа гарыць — ніхто не бачыць,— адказала Людміла, усхліпваючы.

— Не гавары так пра людзей,— не змоўчала Ірына Міхайлаўна, жанчына ў парыку.— Ты яшчэ маладая. Жыцця добра не ведаеш і людзей не ведаеш.— Пасля нядоўгай паўзы працягвала.— А як са мной бяда здарылася, здавалася, што... Карацей, у тую вясну я збіралася замуж за настаўніка. Татка прадаў карову, каб абновы купіць, самагонкі прыстараўся. А тут перхаць завялася ў маіх валасах. Не дай бог, думаю, мой Селівестравіч убачыць. Паехала ў бальніцу, расплакалася. Дактары абступілі мяне, можна, кажуць, вылечыць. Я, канечне, прызналася, што вяселле на насу, то каб жаніх гэтую перхаць не ўбачыў. Мяне ў працэдурную, ды пад лямпу. Ляжу, грэю галаву, дзесяць мінут, дваццаць... Гляджу — паўгадзіны прайшло, а я ўсё ляжу... Чую — войкнула мая працэдуршчыца. Ажно забылася на мяне. Загаварылася з некім у калідоры і забылася. Пакуль вяселле, у мяне на галаве ні аднаго воласа не засталося. Мне тады хоць у палонку. «Што рабіць?» — кусаю сабе пальцы. Мусілі адкласці вяселле. Праходзіць месяц, другі — не растуць валасы. Тады я прызнаюся свайму Селівестравічу, чаму вяселле адклалі. Назаўтра ён паехаў некуды. Дзень, другі, цэлы тыдзень няма яго ў Пракопаўцы. А на дзевятыя суткі, помню, павячэралі ўжо, чую, нехта стукае ў шыбу. Анямела, кроку ступіць не здолею, ногі адняліся... Прыйшоў ён у хату з чамаданам. Думаю, усё, зайшоў развітацца. А ён дастае з таго чамадана адзін парык, другі. «Выбірай»,— кажа. Першы прымерыла — султан на галаве, а другі — ну, што мае валасы, праўда, косы нельга заплесці, то я перавязала іх гумкай, хвосцік атрымаўся. Гляджуся ў люстэрка і вачам сваім не веру. Ой, як я ўзрадавалася, ды раптам думка мне такая ў галаву: нешта ж ён пра вяселле нічога не кажа, няўжо падорыць мне гэтыя парыкі, а сам — куды вочы глядзяць.

Не, і пра вяселле сказаў у той вечар. Тады я з салдацкай гімнасцёркі выкраіла сабе кофту і да самае раніцы вышывала. Касцюм атрымаўся на славу. «Пашый сабе яшчэ такі,— параіў ён.— У ім ты вельмі прыгожая». Вяселле адгулялі, пачалі жыць. І вось трыццаць гадоў, як з Селівестравічам ідзём разам. Я педвучылішча скончыла за ім. Дзяцей вырасцілі. Дачка замужам ужо, у дачкі дочачка расце, у сына — сынок. І што галоўнае,— у заключэнне дадала Ірына Міхайлаўна,— ні ён, мой Селівестравіч, калі, бывала, і паспрачаемся за што, ні суседзі, нават з кім даводзілася і апастыліцца, ніхто мяне ў Пракопаўцы не назваў аблезлай, безвалосай, кожны маёй бядзе спачуваў, ніхто ніколі і не зняважыў. А ты кажаш, што калі душа гарыць — людзі не бачаць. Не гавары, дарагая, так пра людзей. Не гавары так,— не змоўчала Ірына Міхайлаўна.

— Ты яшчэ маладая. Жыцця добра не ведаеш. — Калі выйшла на мыліцах з палаты жанчына з бігудзямі — яе левая нага была загіпсавана — Ірына Міхайлаўна стала гаварыць далей. — А вазьмі ты, во Мілянціну Паўлаўну. Здавалася, больш няшчаснага чалавека, як яна, няма на свеце. Годзікаў сем ёй было, калі ножку ўдарыла на вуліцы. Да ранкі прыкінулася невядома што. Тое месца стала балець, балець і так выбалела, што пятка падалася наперад. Ножка карацей зрабілася. Дзяўчына калекай вырасла. Пайшла на завод. Працавала пасудамыйкай, потым — у буфеце. А прыгожая, прыгожая была. Паглядзець на яе — што вады напіцца. У яе і цяпер яшчэ красы даволі бачыш, заўсёды бігудзямі валасы накручвае. А тады... Зазіраліся на яе аблічча многія, ды вось нага ўсё псавала. А вёсны міналі, міналі яе вёсны. Бога маліла, каб хоць удавец які знайшоўся. І вось нараджае дачку. Ляжыць у радзільным доме дзень, другі, трэці... Да ўсіх маладзіц мужы кветкі, пісулькі, перадачы перадаюць, а яна плача сабе ў падушку — ніхто яе не адведвае. А яшчэ плача, баліць яе галовачка, куды ёй з дзіцем падзецца? Няўжо ж у інтэрнацкі пакой? А там жа, апроч яе, тры жанчыны прапісаны і жывуць пастаянна. Не ідуць да Мілі ў адведкі і на сёмы, і на восьмы дзень. На дзевяты раптам заяўляецца мужчын чалавек пятнаццаць, ды ўсе з прэсавага цэха, усё знаёмыя, яна больш пяці год іх карміла абедам, прыходзяць дзяўчаты з падарункамі, перавязанымі чырвонымі лентамі. Божа мой! Ніхто яшчэ ў радзільным доме не бачыў такой дэлегацыі. «Ды гэта не ўсё,— кажа Генка, старшы майстар, які заўсёды заказваў Мілі старажытны напітак з крутой заваркай — чай і дадае: — Усіх нас паўтары тысячы рабочых. Ды толькі ўсе ў таксі не памясціліся...» Прывезлі Мілю з дачкой да інтэрната. Вядуць Мілю пад рукі ў інтэрнат, наперадзе нясуць яе дачку. Не на другі паверх, на трэці... і — у асобны пакой! А там ужо стаіць і дзіцячая каляска, на стале — шампанскае... А пялёнак і распашонак наклалі цэлую гару. Падрасціла дачку Міля, адправіла ў дзіцячы садзік. А тым часам і яшчэ адна дачка ў яе знайшлася. Шукала сына, і што ж, знайшла дачку. Пажыла ў інтэрнаце колькі з дзвюма дзяцьмі, потым цэхком асобную кватэру ёй выдзеліў. Праз колькі год сустракаюць Мілю знаёмыя, бачаць, зноў маладзіца раздабрэла. «Ці не здурэла ты, Міля? — здзіўляюцца жанкі. — Тут з мужыком не кожная рызыкуе на трэцяе дзіцё, а ты...» «Сына хачу,— адказала тады Міля.— Калі цяпер не будзе хлопчык, чацвёртае буду нараджаць...» Нарэшце дзве Міленых дочкі, дзве сястрычкі, дачакаліся сабе браціка. Цяпер абедзве дачкі Мілянціны Паўлаўны замужам. Старэйшая — кандыдат медыцынскіх навук, а прыгажуня — уся мамуля, малодшая канчае інстытут замежных моў, цяпер на практыцы на Кубе, перакладчыцай будзе, сын Эдзік недзе на спаборніцтвах, усесаюзны чэмпіён па самбе... Вось бачыш, і без мужа, а дзяцей якіх выхавала. А ці ж адна магла яна трое на ногі падняць? Людзі, канечне, памаглі, усё людзі. А ты кажаш...

Людміла задумалася, задумалася, што сказаць Ірыне Міхайлаўне. Прызнацца, не пра людзей яна гаварыла — людзі, вядома, як людзі, строгія і добрыя, спагадлівыя і шчодрыя. Гаворачы пра тое, што душа гарыць, а ніхто не бачыць, яна мела на ўвазе самага дарагога і ў той жа час, самага што ні ёсць ненавіснага ёй чалавека, Астаневіча.

Недзе пасля абеду Людміла ўпершыню за гэтыя дні заснула соладка і моцна. А на зыходзе ночы палату разбудзіла бабка Арцёменка. Часам, а такое бывала неаднойчы, калі бабцы сніліся страшныя сны, яна падавала каманды. На гэты ж раз яна не камандавала, а патрабавала: «Лажыся! Я табе кажу, лажыся». Праз хвіліну-другую зноў: «Ты ляжаш, ці я дзяжурнага ўрача паклічу?» Аказваецца, Людміла ўскінула на сябе халат і, як ні ў чым не бывала, расходжвала па палаце.

Раніцай Арцёменка заявіла доктару Шыкінай, што новенькая парушае рэжым і не першую ноч: калі ўсе пазасынаюць, робіць па палаце прагулкі.

Доктар Шыкіна была строгая і надзвычай патрабавальная да сябе і да хворых. Яна часта паўтарала сваім калегам на пяцімінутках: «Працаваць дык працаваць», хворым: «Лячыцца дык лячыцца». Таму Людміле адразу прапанавала на выбар адзін з двух варыянтаў: або, як дзіця, яе прывяжуць да шчыта, або распрануць, усё з яе здымуць і галяком, як маці нараділа, будзе ляжаць пад коўдрай.

У наступны панядзелак, на восьмы дзень, роўна а пятай газіне, калі яшчэ спалі жанчыны і драмала бабка Арцёменка, Людміла заўважыла, як асцярожна прыадчыніліся дзверы і ў белым халаце на парозе паўстаў чалавек высокага росту. Доктар? Як быццам не. То хто ж гэта? І калі ён падышоў да яе, узяў яе за руку і пацалаваў, усё зразумела. Людміла ўсхліпнула. Ён!

— Гэта ж я толькі сёння даведаўся, гадзіны дзве таму назад, што ты ў бальніцы,— сказаў ён і пачаў суцяшаць: — Ну, годзе табе, годзе. Усё будзе добра, не плач. Прашу цябе.

Суцяшае, просіць, каб не плакала, а ў самога, заўважыла Людміла, таксама навярнуліся слёзы. Ён строга насупіў бровы, відаць, стараўся сабраць волю, каб не змаладушнічаць. Волю ўдалося мабілізаваць — не захныкаў, а вось слёзы... Ды яны самі няпрошаныя пакаціліся.

— Няўжо і ты прыйшоў памагаць ёй нюні тут распускаць? — не вытрымала Арцёменка.

— Не, не, што вы...— нарэшце ўзяў сябе ў рукі Астаневіч і штучна ўсміхнуўся.— Я — не... Я толькі што даведаўся, што яна тут, нават нічога не прынёс.

— А ёй, відаць, нічога і не трэба, хіба толькі вось порцыю радасці. Калі ты і будзеш той радасцю, то больш ёй нічога і не трэба. Ці праўда, Людміла?

— Праўда,— шчыра прызналася яна. Памкнулася прыўзняцца, а не тое было — рамяні моцныя.

— Ляжы, ляжы, табе трэба ляжаць.— Астаневіч зноў узяў яе за руку і моцна паціснуў.— А я буду прыходзіць да цябе амаль кожны дзень. Буду прыносіць табе ўсё, усё: заводскія навіны, кніжкі, свежыя газеты, кветкі... ну, усё, усё... І сваю радасць.

Пакутліва, дужа пакутліва ўздыхнула Людміла, адвяла вочы ўбок — няўжо ён, Астаневіч, такое трапло? О, як у яго ўсё лёгка. Ці ж не вядома, хто лёгка абяцае, той цяжка робіць.

— Я толькі для цябе, толькі для цябе ўсё буду рабіць,— працягваў ён на поўны голас.— Каб ты спакойна лячылася, каб да нашага вяселля выздаравела.

З гэтых слоў аж рассмяялася Людміла: ну і артыст!

І ўпершыню пачулі ў палаце яе звонкі смех.

— Не ведала, што ў цябе такія здольнасці,— яна зразумела, што адразу ў яе ўсё перамянілася да Астаневіча, стаў ён для яе абыякавым, нікчэмным і чужым. Сапраўды, калі ён умее кідацца такімі словамі: «каб да нашага вяселля ты выздаравела», то на самай справе, ці ж ён не балбатун. Добра, калі дзеля ветлівасці ён наведаецца сюды яшчэ адзін раз ці два. І пасля кароткай паўзы цяжка ўздыхнуўшы, сказала яму: — Што ж, нагаварыць можна многае, вось толькі зрабіць.

— Аказваецца, ты не даеш веры маёй шчырасці.

— Вера без справы — мёртвая.

Астаневіч задумаўся. Потым прыўзняўся, ступіў крок-другі наперад, крок-другі — назад. Нарэшце пагадзіўся:

— Так... Сказанае, канечне, гэта яшчэ не даказанае. Але ў кожнай справы ёсць свая чарга.

— Я зразумела, што ты выказваеш нейкія няпэўныя, блытаныя думкі.

— Ты маеш рацыю, што і мне дадзены язык для таго, каб часам скрыць свае думкі... ад цябе, толькі ад цябе.

У яго вачах яна заўважыла іскаркі. Толькі якія яны?

— Тады я чакаю ад цябе сюрпрызік.

— Не сюрпрызік,— удакладніў ён,— а сюрпрыз! Прыстойны, чалавечны, які будзеш помніць усё жыццё. Толькі прашу цябе, чакай... А заўтра прынясу табе... Ну, што табе яшчэ прынесці?

— Тады дазволь, я зраблю заказ. Прынясі, калі ласка, свежых газет і, як сёння, зноў прынясі порцыю радасці.— І, зірнуўшы яму ў вочы, перапытала:— Добра, прынясеш?

— Прынясу,— залагоджана адказаў ён і, сашчапіўшы рукі над сабою, усім — Мілянціне Паўлаўне, бабцы Арцёменка, Ірыне Міхайлаўне — на развітанне пажадаў не сумаваць без яго і пайшоў.

 

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

На дварэ мацнеў вецер. Ён урываўся паміж карпусамі завода і з вялікай сілай, знайшоўшы для сябе нейкі акрэслены прастор, гатовы быў схіліць і толькі што пасаджаную ліпку і сарваць з прахожага шапку.

На небе вецер ірваў шэрыя воблакі, разганяў іх. Нарэшце выглянула сонца.

Кірэйчык падаўся да прахадной. Вецер раздзімаў крысы халата, працінаў холадам, а ён ішоў, ішоў размашыста, імкліва.

Шумлівыя таполі ўсё сыпалі пад ногі пажоўклае лісце, хіліліся ад ветру. Не так даўно, прыкладна гадоў пятнаццаць назад, памятае Кірэйчык, гэтыя таполі ад ветру хіліліся амаль да самага долу. Цяпер яны вунь якія.

«Вей, вецер, вей, свежы»,— гэтыя словы Кірэйчыку хацелася выгукнуць на поўны голас.

На прахадной ён паказаў пропуск, бестэрміновы пропуск ветэрана завода. Можна было і не паказваць — на прахадной яго ўсе ведалі.

Зірнуў на гадзіннік. Праз якія дзесяць мінут пачнецца абедзенны перапынак. Хацеў пайсці дадому, але звярнуў направа, зайшоў у будынак заводакіраўніцтва, у той пакой, на дзвярах якога на шыльдзе напісана: «Дэпутацкая прыёмная».

Не думаў, не збіраўся званіць у цэх. Ды невядомая сіла прымусіла ўзяць трубку, набраць нумар.

Пачуў голас Аляксея Няборскага:

— Ты Сцяпан Дзянісавіч, ты? Алё! Алё...

Вось зараз, падумалася Кірэйчыку, Лёша Няборскі разане: «Запароліся, дружа». Ён глыбока ўздыхнуў і, прыклаўшы шчыльней трубку да вуха, спытаў:

— Што чуваць, Лёша?

— Цябе тут кінуліся шукаць. Я таксама кінуўся, каб цябе залучыць... Ну, дзе ты падзеўся?

— Лёша, хутчэй кажы, пашкадуй мае нервы.

— Перамога! — крыкнуў у трубку Няборскі.

Кірэйчык выцер з ілба буйныя кроплі поту...

...Пасля свята ён прыйшоў на завод раней, чым звычайна. У бюро тэхнічнага кантролю яго сустрэў Гамашоў. Заўсёды, бывала, пры сустрэчы Гамашоў нешта скажа. На гэты раз прамаўчаў.

Кірэйчык ведаў, што Гамашоў пра яго заўсёды быў добрай думкі. Не раз гаварыў на сходах, што Кірэйчык работнік жывой, практычнай справы, упарты ў дасягненні мэты, а на гэты раз, калі здароўкаўся, хоць бы рэпліку якую кінуў. А прамаўчаў таму, што Кірэйчыка палічыў за выхваляку: ці варта было рабіць выклік таму спецыялісту. Ну, сказаў бы, што, можа, і ўдасца сваімі сіламі даць рады тым прыборам, дык не, заявіў катэгарычна. Хто яго прасіў гэтак казыраць. Можа, і сапраўды давядзецца зноў запрашаць на завод Вакера Нагеля. Бадай, яму і толькі яму падуладны таямніцы гэтых складаных прыбораў.

Асобныя работнікі бюро тэхнічнага кантролю раней і цяпер гаварылі прама і адкрыта, што для сапраўднай наладкі аптычных вымяральных сістэм патрэбныя прыезджыя цуда-майстры, гэтакія Ляўшы, якім удаецца падкаваць нават блыху. Менавіта такім Ляўшой на гэты раз лічылі Вакера Нагеля. Ён інжынер-наладчык, майстар сваёй справы, а што Кірэйчык...

А той прыйшоў да Гамашова і, стоячы ля яго стала, чакаў не тое, што бласлаўлення, чакаў дазволу. Гамашоў нервова барабаніў пальцамі па стале, пазіраў у акно, некалькі разоў спрабаваў некуды пазваніць, нарэшце кінуў трубку і сказаў:

— Умеў казырнуць, умей і слова стрымаць,— і ў дадатак папярэдзіў: — Толькі паспрабуй мне апрастахвосціцца.

Кірэйчык моўчкі павярнуўся і зачыніў за сабой дзверы.

Кожны раз, калі Сцяпан Дзянісавіч браўся ажывіць новы прыбор, заўсёды адчуваў, што ў яго наперадзе шмат чаго загадкавага, таямнічага. Толькі потым, калі дамагаўся свайго, яму здавалася, што ўсё было проста і лёгка.

Вось і цяпер. Зноў перад ім загадкавасць і таямнічасць, ды яшчэ якая.

Кірэйчык некалькі разоў абышоў вакол прыбора, як бы прымяраўся, з якога боку падступіцца.

Запрасіў свайго памочніка Аляксея Няборскага. Той быў заўсёды паслухмяны — падышоў, адразу прысеў на стул.

— Падкуём, Лёша, гэтую блыху? — Кірэйчык паказаў на эвальвентамер.

— Падкуём, Сцяпан Дзянісавіч.

Сказаў, нібы жартам. Не падумаўшы нават. Пасядзеўшы крыху, уздыхнуў:

— Лёгка сказаць, падкуём...

Нейкі момант Кірэйчык глядзеў на Няборскага і думаў: «Эх ты, Лёша з цыгарэткай за вухам. Хоць бы ты, мой першы вучань, падтрымаў свайго настаўніка». А ўслых сказаў:

— Трэба, Лёша. Разумееш? Трэба. А пачнём з разборкі.

Разабраць нядоўга. А далей?

Работа даволі складаная і рызыкоўная. Напрыклад, асабіста Няборскі не ўзяўся б рамантаваць гэты прыбор, і сваю думку ён выказаў Кірэйчыку. Спадзяваўся, што Сцяпан Дзянісавіч паслухае яго. Усё ж першы вучань ніколі не падводзіў свайго настаўніка. Яму яшчэ не позна ўзяць свае словы назад. Аднак Кірэйчык закасаў рукавы і, горача пацёршы далоні, сказаў:

— Не святыя ж гаршкі лепяць,— і пачаў разбіраць эвальвентамер.

Узяўся памагаць яму і Няборскі.

Быў які повад ці не, а да Кірэйчыка заходзілі рабочыя. Не ўсе адразу, па аднаму. Брат Аляксея Няборскага, Мікалай, заходзіў часцей. Пастаіць збоку, паназірае і пойдзе. Шчыра кажучы, ён хваляваўся за брата: такая складанасць. Кеміць ён што ў гэтым эвальвентамеры ці не, а глядзі, корпаецца, памагае Кірэйчыку.

Лякальшчык Палянічкін, адзін з вопытнейшых спецыялістаў на заводзе, адчувалася, таксама перажываў. На гэты раз не за Кірэйчыка. «Што яму Кірэйчык... На яго месцы,— разважаў Палянічкін,— аддаўшы столькі энергіі лякальнай справе кожны нечага дасягнуў бы і таксама казырнуў перад Нагелем». Перш за ўсё Палянічкін перажываў за рабочую годнасць. Наладзіць Кірэйчык эвальвентамер — значыць, можна будзе на поўны голас заявіць: не дзе-небудзь у свеце, не ў Японіі, не ў Канадзе, а менавіта на нашым трактарным і нашы рабочыя далі рады складанаму замежнаму прыбору.

Кіраўнікі завода ведалі, што Кірэйчык словы на вецер не кідае. Верылі ў яго кемнасць, цярплівасць. А вось, што ён адрамантуе эвальвентамер, прызнацца, ніхто да канца не быў упэўнены, хоць Кірэйчык не так даўно зноў парадаваў калектыў сваім майстэрствам.

А было такое. Раней, як толькі забарахліць які з аптычных прыбораў, начальнік цэха сігналізуе цэнтральна-вымяральнай лабараторыі. Прыемна ці не, а вымяральная лабараторыя звычайна вымушана запрашаць лякальшчыкаў з іншых гарадоў. У прыватнасці, каб зрабіць наладку аптычнай сістэмы каардынатна-расточных станкоў, даводзілася запрашаць спецыялістаў з Масквы.

Масквічы, як правіла, заўсёды выручалі. Аднак Кірэйчыку рупіла: «Няўжо самі не можам справіцца з гэтай аптычнай сістэмай станкоў?»

Аднаго разу, калі на заводзе працавалі камандзіровачныя таварышы па рамонту і юсціроўцы менавіта гэтых каардынатна-расточных станкоў — у іх былі ўсе прыстасаванні, прывезеныя з Масквы,— Кірэйчык прыгледзеўся да іх работы і інструментаў. Аказваецца, каб самім рамантаваць падобныя станкі, неабходны кантрольны вугольнік з адхіленнем, як зразумеў Кірэйчык, не больш як у пяць мікрон.

Якраз тады да Кірэйчыка падышоў механік Аляксандр Хацько. Пачухаў патыліцу, уздыхнуў:

— От, калі б у нас была магчымасць зрабіць такі вугольнік самім.

— Трэба падумаць,— як бы між іншым адказаў Кірэйчык і пайшоў да сябе ў лякальнае аддзяленне.

Хацько не надаў тады словам Кірэйчыка асаблівага значэння. Нешта трэба было сказаць, от і сказаў. А недзе дзён праз пяць Сцяпан Дзянісавіч запрасіў да сябе Хацько і паказаў яму прыстасаванне для праверкі вуглавых рам. Уключае — стрэлка паказвае на шкале дакладнасць да аднаго мікрона, і тут жа Сцяпан Дзянісавіч пахваліўся:

— Цяпер мы на кані.

Калі зноў прыехалі на завод маскоўскія спецыялісты, адзін з іх адразу пацікавіўся ў Аляксандра Хацько:

— Хто ў вас мог зрабіць такое прыстасаванне ды з такой дакладнасцю?

— У нас ёсць такі майстар — Сцяпан Дзянісавіч.

— А як вы замяралі вуглы? — першае, што спытаў масквіч у Кірэйчыка. Той падвёў госця да новага прыстасавання, падрабязна растлумачыў канструкцыю і прынцып работы.

Пасля гэтага адпала неабходнасць выклікаць брыгады наладчыкаў з Масквы: слесары-механікі, што ўзброіліся прыстасаваннем, змайстраваным Кірэйчыкам, сталі самі рабіць наладку каардынатна-расточных станкоў.

Такім чынам, дзякуючы рацыяналізацыі і вынаходніцтву Кірэйчыка, на заводзе ў выніку своечасовай наладкі прыбораў сэканомлена шмат сродкаў. Гэта не лічачы тых камандзіровачных выдаткаў, якія растрачваліся на выклік спецыялістаў з іншых гарадоў краіны.

Аднак, зноў-такі, якія б ні былі цяжкасці, а калі яны пераадолены, перажыты, чалавеку з цягам часу яны ўспамінаюцца як звычайныя, нічым не адметныя працоўныя будні. І тое, што зрабіў Кірэйчык, многім рабочым, ды і кіраўнікам завода, здавалася звычайным. А вось што будзе з эвальвентамерам — невядома. Ключы да эвальвентамера засакрэчаны. У адваротным выпадку не ездзіў бы Вакер Нагель па ўсяму свету.

Канструкцыя кантрольнага вугольніка ў параўнанні з эвальвентамерам была куды прасцей. Нездарма, ад’язджаючы з завода, Вакер Нагель заявіў, што ў Кірэйчыка нічога не атрымаецца.

Аднак Кірэйчык даў гарантыю — самастойна, сваімі сіламі адрамантаваць прыбор.

Цяпер хто каго, чыя гарантыя спраўдзіцца.

Мінутная стрэлка, заўважыў Сцяпан Дзянісавіч, бяжыць як ніколі. Вось рабочыя вярнуліся з абеду, а ён толькі з прыбора дастаў шпіндэль.

Кірэйчык нутром адчуваў, што прычына таілася менавіта ў гэтым шпіндэлі. «Нешта ж стрымлівае яго вярчэнне. Яго трэба цалкам разабраць і потым дакладна давесці па цыліндры».

Вочы Кірэйчыка заліваў пот. У горле, адчуў, засеў сухі камяк. Мог бы перадыхнуць. Не, калі ён браўся за што, перапынку не рабіў. Хай і змена закончыцца, ён не адыдзе ад гэтага прыбора. Не можа быць, каб рады не даў. А ў вушах не-не ды адгукаліся словы Вакера Нагеля: «Пабачым, як кажуць у вас».

Рабочая змена канчалася, а Кірэйчык усё яшчэ не мог дабраць толку са шпіндэлем.

Ды і Вакер Нагель, успомніў Сцяпан Дзянісавіч, калі падганяў гэты шпіндэль па цыліндры, корпаўся не гадзіну, не дзве.

«Не святыя ж гаршкі лепяць»,— паўтарыў у думках Кірэйчык і зноў пачаў корпацца ў прыборы. Па ўсяму здавалася, што ён пасля змены зачыніць на замок дзверы, застанецца адзін і будзе сядзець, пакуль не знойдзе таямнічую адмычку.

Нарэшце закончылася змена. Кірэйчык падняўся са стала. Прайшоўся, разважыў:

— Як ні валаводзіўся Нагель з гэтым прыборам, а ўсё ж працаваў у адну змену. А што мы, Лёша, горшыя за Вакера Нагеля? Не можа быць, каб не раскусілі гэты арэшак. Раскусім, Лёша!.. А зараз пара дадому.

І абодва выйшлі з цэха.

...Назаўтра зноў Кірэйчык за гэтым эвальвентамерам. Зноў пачынаць са шпіндэля? Няўжо паўторыцца ўчарашняе? Тут, мабыць, перш чым брацца за шпіндэль, трэба адрэгуляваць... Толькі што? Нарэшце і Аляксей Няборскі ўпэўнены, што прыбор магчыма наладзіць.

Ён ужо не адгаворвае, што не варта было брацца. Не адгаворвае таму, што Кірэйчык неяк сказаў яму:

— Многа ад чаго адгаворвалі нашых бацькоў, маўляў, не бярыцеся не за сваю справу. А бацькі браліся.

Браліся за рэвалюцыю і сацыялізм. Як там ні кавалася ў іх, а ніколі не пляскалася.

Аляксей Няборскі глядзеў на стрэлку шкалы. Ён непрыкметна паварочваў ручку, і стрэлка то адхілялася ўлева да адказу, то ўправа. Няборскі ўздыхаў: як разгадаць таямніцу мудрага прыбора? І раптам падхапіўся:

— Сцяпан Дзянісавіч, а што калі б...— Ён пачаў выкладваць Кірэйчыку сваю думку. Той слухаў, моршчыў лоб. Нарэшце ўздыхнуў:

— Ды я яшчэ ўчора рабіў гэтую аперацыю.

Настаўнік у думках хваліў свайго вучня: ён не проста сядзіць за сведку, а робіць пошукі... Праўда, са спазненнем на адны суткі, але ж мысліць правільна.

Кірэйчык засяроджана глядзеў у чэрава складанага прыбора, нарэшце схамянуўся:

— Пачакай, пачакай...

Здалося яму, нібы бліснуў прамень у цемрадзі. Бліснуў і пагас. Не бярэцца рыбка, не раскрывае свае тайнікі мудры замежны прыбор.

А тут нехта звоніць па тэлефоне, звоніць даўно, настойліва. Не інакш, хто з парткома просіць Кірэйчыка.

— Мае дарагія таварышы...— Сцяпан Дзянісавіч засяроджана ўставіўся ў прыбор, нешта робіць у ім, нарэшце нешта намацаў важнае і кажа ўслых: — Пачакайце, таварышы, хвілінку пачакайце. Пачакайце сёння. Пачакайце, усё вырашым. Вы мне не дапаможаце. А я вам памагу. Толькі не турбуйце, не званіце.

Так, так, ён, здаецца, нарэшце падабраў да гэтага складанага тайніка свой просты рабочы ключык.

Вось толькі нервовы сверб у руцэ. Кірэйчык супакойвае сябе. Гэта не ад перажытых гадоў, не ад тонкай ювелірнай работы. Проста ад хвалявання.

Сцяпан Дзянісавіч падняўся, адышоў ад прыбора, каб размяцца, супакоіцца.

Цяпер яму хацелася аднаго: каб ніхто яго не патурбаваў, ні сёння, ні заўтра.

— Вось цяпер, Лёша, мы з табой дакажам, што не святыя гаршкі лепяць,— сказаў Няборскаму, падміргнуўшы.

На гэты час перапынку не рабілі недзе да сямі гадзін вечара. Калі вылазілі з-за прыбора, тым-сім можна было і пахваліцца, аднак Кірэйчык папярэдзіў:

— Пакуль не наладзім другі прыбор, пакуль не здадзім дзяржаўнаму павярыцелю — нікому ні слова.

...Наступны прыбор адрамантавалі за якія два дні, дакладней, за дзве рабочыя змены.

...На трэці дзень Кірэйчык стараўся прыйсці на работу недзе раней. Трэба было падрыхтаваць два эвальвентамеры да здачы дзяржаўнаму павярыцелю.

Праверыў. Раз. Другі. Здаецца, усё добра. Потым зноў праверыў. Каб жа ў апошнюю хвіліну не выйшла якое непаразуменне...

...На ўчастку сабраліся рабочыя на чале з Палянічкіным, прыйшоў Гамашоў, прыйшлі многія работнікі цэнтральнай вымяральнай лабараторыі. Усе чакалі дзяржаўнага павярыцеля, чакалі і глядзелі на Кірэйчыка. На гэты раз, у тым ліку і для Палянічкіна, Сцяпан Дзянісавіч паказаўся незвычайным чалавекам. Хто мог даць веры, што ён, зусім не ведаючы прыбора, наладзіць яго.

Гамашоў падышоў да Кірэйчыка бліжэй і, не хаваючы свайго хвалявання, урачыста падаў яму руку.

— Ад душы віншую, Сцяпан Дзянісавіч.

— Авансам не хачу прымаць віншаванні.

Кірэйчык адчуваў сябе няважна. Здавалася, ён пераадолеў дарогу не ў адну сотню кіламетраў, без спачынку, без прывалу. Пераадолеў, і вось дайшоў да фінішу. Аднак цвёрдай упэўненасці, што ўсё будзе добра, не было. Хутчэй бы ўжо!..

Сцяпан Дзянісавіч падышоў да тэлефона, набраў нумар — усе падумалі: няўжо ён сам непакоіць прадстаўнікоў дзяржаўнага павярыцеля, а калі сказаў: «Ці варта прымушаць людзей столькі чакаць», многія зразумелі, што Кірэйчык упэўнены, што нешта зроблена. Можа, не на выдатна адрэгуляваны прыборы, але ж будуць працаваць.

Нарэшце зайшлі трое: высокага росту, пасівелы, у пенснэ мужчына. З ім дзве маладыя жанчыны. Гэта і былі прадстаўнікі дзяржаўнага павярыцеля. Кіўком галавы мужчына ў пенснэ павітаўся з усімі і, заўважыўшы Кірэйчыка, спытаў:

— Які эвальвентамер правяраць першым?

За першы эвальвентамер Кірэйчык быў больш спакойны. Над ім ён больш працаваў. Другі наладзіў хутчэй. То ў другім, магчыма, і засталася якая пагрэшнасць...

Калі маладыя жанчыны памаглі чалавеку ў пенснэ расставіць свае вымяральныя прыборы, каб падключыць іх для праверкі першага эвальвентамера, Кірэйчык выйшаў з цэха.

...Сядзеў Кірэйчык у «Дэпутацкім пакоі», трымаючы ля вуха тэлефонную трубку. Яму не цярпелася пачуць, як жа прыняты прыборы.

— Лёша,— нарэшце не вытрымаў Кірэйчык,— ты заікаешся ці тэлефон адключаецца? Доўга будзеш шкуматаць мае нервы? Кажы, як прыняты першы эвальвентамер?

— З адзнакай «добра», а другі...

— Няўжо?..— І раптам у Кірэйчыка мільганула нядобрае прадчуванне: «Няўжо другі сапсавалі?» Але мужна слухаў далей.

— А другі... другі, дарагі мой Сцяпан Дзянісавіч...— Голас Аляксея Няборскага бадзёры: — Віншую цябе. Другі прыняты на «выдатна».

Кірэйчык апусціў трубку і адчуў, як паступова да яго пачаў вяртацца настрой.

Яму хацелася зноў ісці насустрач ветру. Буйнаму, упартаму, але пайшоў у цэх, да сваіх хлопцаў.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

Мікалай Ігнатавіч яшчэ раз зірнуў на гадзіннік. Магчыма, Пётр Васільевіч нарэшце зразумее, што гаворка задужа зацягнулася. Прыселі роўна а восьмай гадзіне на якія пяць мінут, каб высветліць такія-сякія пытанні па арганізацыі асваення новай мадэлі, і не агледзеліся, як настала дзесятая гадзіна. А недзе мінут праз пяцьдзесят Гарадцу трэба быць у гаркоме — на апошняй гарадской партыйнай канферэнцыі яго абралі членам бюро. І вось сёння першае пасяджэнне новага бюро. Трэба абавязкова быць. Няёмка спазніцца. А Пётр Васільевіч усё гаварыў:

— Мяне трэба зразумець правільна. Яшчэ раз падкрэсліваю, як галоўны інжынер, я стаяў і буду стаяць за тое, каб пераходзячы на выпуск новае мадэлі, мы не згубілі высокую марку сваёй фірмы. Калі ўжо на калегіі міністэрства нам дазволілі ў парадку выключэння пераходзіць адразу на поўны яе пуск, што ж, будзем рыхтаваць базу. Пастараемся, каб і тэхналогія не падвяла. Каб ні на адзін экземпляр новай мадэлі не прыйшла рэкламацыя. Вось тады мы нешта скажам сваё, менавіта сваё, пэўнае ў развіцці айчыннага машынабудавання. Калі не зганьбуем нашу марку, перайшоўшы на поўны пуск, то за поўны пуск я галасую абедзвюма рукамі.

— Думаю, што не зганьбуем,— падабраўшы паперы на стале і склаўшы іх у асобную папку, адказаў Гарадзец.

— I я так думаю,— нейкі момант памаўчаўшы, сказаў Пётр Васільевіч.— Думаю, што маху не дадзім.— І перайшоў канкрэтна да справы: — Сёння ў цэху кабін я прызначыў лятучку. Трэба, каб ты пабыў. Не ўсё там гладка яшчэ.

— З дарагой душой, ды зразумей, Пётр Васільевіч,— Гарадзец зноў зірнуў на гадзіннік,— праз сорак мінут пачынаецца бюро.

— Ат, не падабаецца мне такая арганізацыя,— Пётр Васільевіч зрабіў кіслы выгляд.— Тут, на заводзе, такое вырашаецца... Бюро, бюро... Я, канечне, разумею. Але табе трэба і ў прэсавым пабываць. Дарэчы, Якуш быў захарахорыўся спачатку, прынёс мне скаргу на пяці лістах — маўляў, не згодны з рашэннем дырэкцыі. Потым адумаўся, забраў. Цяпер прывыкае да новай работы. Толькі дачка ў яго захварэла. Яна ў нас у канструктарскім. Казаў Астаневіч, што ўсё будзе добра з дачкой, год паляжыць — стане на ногі... З новым начальнікам прэсавага, думаю, што мы не памыліліся. Дармо, што малады, а дзелавы таварыш. І ў цэху кабін ты павінен пабыць абавязкова...

— Сёння не магу, Пётр Васільевіч. З дарагой душой, але не сёння. Ты ж бачыш...

— Я-то бачу. І разумею,— Пётр Васільевіч паклаў свае акуляры ў футляр.— Што ж, трэба на бюро, едзь на бюро.

Мікалай Ігнатавіч паспяшаўся на выхад.

Да пачатку лятучкі заставалася прыкладна мінут дзесяць. Дарэчы, Пётр Васільевіч не любіць гэтае слова «прыкладна». Зірнуў на гадзіннік — без сямі дзесяць. Прыбавіў крок — не было яшчэ такога выпадку, каб сам прызначаў нараду, пасяджэнне ці лятучку і спазніўся.

А да цэха кабін яшчэ ісці ды ісці. І не пабяжыш — начальству і спазняцца не зусім прыстойна, а яшчэ больш — бегчы наўгрунь.

Пётр Васільевіч, каб скараціць дарогу, узяў напрасткі. Сам дапамагаў уносіць праўку ў праект цэха кабін, не адну гадзіну сядзеў над даўжэзным, метраў шэсць лістом паперы, на якім былі нанесены ўсе праходы і выхады цэха. Таму і скіраваў у бліжэйшыя дзверы.

Цэх вялікі, прасторны. Спраектаваны, зроблены і аснашчаны ён па апошняму слову тэхнікі.

На праходзе стаяў трактар з прычэпам. На трактары — малады рабочы. Валасы яго доўгія, ну, што ў юнага Скарыны. Сядзеў ён за рулём і чытаў кніжку. «Няўжо работы яму няма? — падумаў Пётр Васільевіч,— краіна чакае новае мадэлі трактара, тут на ўліку кожная мінута, а ён чытае сабе». Заводзіць гаворку з ім не стаў. Не з рабочага трэба пачынаць.

У кабінеце начальніка цэха было чалавек пятнаццаць. Сабралася ўсё начальства, пачынаючы ад майстроў. Быў нават галоўны тэхнолаг завода Прыходзька. Ездзіў ён на аўтамабільны завод у г. Тальяці, каб пераняць вопыт па абсталяванню новага цэха кабін аўтаматыкай. І пераняў. Недзе на семдзесят працэнтаў цэх аўтаматызаваны. Таму на першую лятучку Пётр Васільевіч і запрасіў галоўнага тэхнолага.

Пётр Васільевіч акінуў позіркам прысутных: ці ўсе? Позняцца нечага спецыялісты тэхналагічнай аснасткі. Гэта не спадабалася галоўнаму інжынеру, але наконт дысцыпліны і пунктуальнасці тых, каго няма яшчэ, не стаў гаварыць. Дарэчы, і асобных канструктараў няма.

— Чаму канструктараў не запрасілі? — спытаў у Азарчыка галоўны інжынер.

Азарчык, начальнік цэха, паціснуў плячыма: маўляў, каманды не было канструктараў запрашаць, і звярнуўся да свайго намесніка, маладога, з бакенбардамі мужчыны, які сядзеў побач з ім. Той адказаў:

— Канструктары сваё зрабілі — навошта іх турбаваць?

— З інструментальнай аснасткі нікога няма, канструктараў няма, то ці ж я прыйшоў да вас на чай? — Пасля нядоўгай паўзы зрабіў вывад: — Вы сёння нейкія неарганізаваныя. Вам трэба было стажыроўку прайсці ў пятым цэху.

Пагартаў журнал, дзе быў пералік усіх дэталяў, якія ў вытворчасці і якія ўжо гатовы.

— Аказваецца, у вас ніхто не працуе і над дэталямі,— Пётр Васільевіч паказаў на экземпляр журнала, які толькі што гартаў — вось ён, без паметак, чысценькі.

Усе загулі. Вылучыўся голас Азарчыка:

— Што вы! У нас, во, экземпляр свой. А той без паметак — вам.

Тут, вядома, Пётр Васільевіч даў маху. Перабраў трохі: што ж, на рабоце бывае і такое.

— Так, цяпер канкрэтна,— Пётр Васільевіч злёгку прыстукнуў далоняй па журнале.— Пагаворым аб гатоўнасці цэха халоднай штампоўкі і цэха кабін. Вось да прыкладу, дэталь дроб — 81, што з ёй?

— Дапрацоўваем у цэху,— далажыў Азарчык.

— Тэрмін?

— Пятнаццаць дзён.

— Запісваю.— Пётр Васільевіч адзначыў у журнале — дваццаць восьмага праверыць.— Пры невыкананні графіка — цэх пазбаўляецца прэміяльных... Наступная дэталь: 67—087?

— Гэта працяжка,— удакладніў Азарчык.— Яна адшліфавана. Дапрацоўваем. Думаю, што праз месяц асвоім.

— Ды мы трактары думаем збіраць праз месяц, а вы дэталямі ўсё яшчэ будзеце займацца... Я прапаную паскорыць тэрмін.

— Няма каму, Пётр Васільевіч, паскараць,— развёў рукамі Азарчык.— Адправіў майстра ў аддзел кадраў. Магчыма, колькі рабочых пярэйме. А пакуль няма каму паскараць.

— Рабочых дадзім... Цяпер скажыце, колькі асвоена вузлоў?

— Тут па-мойму трэба рабіць...— Азарчык хацеў нешта сказаць, але Пётр Васільевіч перабіў яго:

— Ты пакуль рабі тое, што я табе кажу, а потым я буду рабіць тое, што ты мне будзеш казаць. Я пытаю, колькі асвоена вузлоў?

— Тут трэба гаварыць аб кожным паасобку.

— Мы будзем паасобку гаварыць з вамі.

Здавалася, калі з трапнага дакору галоўнага інжынера не выбухне агульны смех, то хоць адбудзецца якая разрадка. Але ўсе былі ўважлівыя, засяроджаныя. Кожны разумеў, што трэба, трэба як найхутчэй асвоіць тысячы дэталяў. А колькі яшчэ не асвоена. За кожнай дэталлю, вядома, прэстыж кожнага, аўтарытэт, прагрэсіўка спецыялістаў, рабочых, карацей — тут пастаўлена на карту многае.

Пётр Васільевіч строгі, больш таго — здаецца, задужа прыдзірлівы. Дакарае за вялікія адыходы металу, маўляў, завод губляе фонды, матэрыялы, а ў часе штампоўкі той ці іншай дэталі абразаюцца вялікія кавалкі ліставога жалеза.

— Тут некага трэба прыцягваць да адказнасці, абавязкова да адказнасці. — Голас яго павышаны, нервовы.— Вось толькі каго, я разбяруся. Буду да пеўняў сядзець, а разбяруся.

Курыць толькі галоўны тэхнолаг. І то крадком. Астатнія баяцца ці кожны чакае ад Пятра Васільевіча дакору. Вось ён пералічыць усе дэталі, якія павінны быць ужо гатовыя да зборкі, праверыць, што зроблена, што не, а потым, вядома, стане дакараць. Як жа без дакору? Не падгані майстроў у прысутнасці галоўнага тэхнолага, начальніка цэхаў — дабра не чакай. На падобных лятучках, ведае Пётр Васільевіч, трэба кожнага актывізаваць. Зрабіў добра — кажы, што недастаткова, адстаў. Зрабіў выдатна — кажы, што мог бы і лепш. Калі будзеш заўтра так рабіць, як сёння, лічы, што ты можаш апынуцца ў хвасце. Калі сёння ты пабіў рэкорд, то заўтра твой рэкорд стане нормай для ўсіх. А ты сёння спраўляешся са сваім заданнем толькі на добра. Гэта сёння добра, а заўтра, паслязаўтра? Для цэха кабін, здаецца, добра. А як будзе выглядаць тваё «добра» на ўзроўні завода, у параўнанні з іншымі цэхамі. Калі ўсё будзе на «добра», завод увесь — на «пасрэдна». Выходзіць, што новая мадэль трактара будзе зроблена на «пасрэдна». Што тады можна казаць пра аўтарытэт фірмы? З пасрэдна зробленай машынай, як можна захаваць ранейшы прэстыж і на сусветным рынку? Таму Пётр Васільевіч рэзкі, можа, задужа і патрабавальны.

А дэталяў дзесяткі, сотні... Іх трэба зрабіць і зрабіць як след. Начальнікі цэхаў, майстры, усе, хто на лятучцы, разумеюць, што гэта патрэбна не толькі галоўнаму інжынеру, дырэктару завода, гэта — справа кожнага. Зрабіць своечасова і якасна кожную дэталь — захаваць аўтарытэт фірмы, выстаяць; не зрабіць — зганьбіць тое, што было дасягнута ўчора, заўчора, тваімі папярэднікамі, прайграць. Не дзіва, што кожны балюча рэагаваў на заўвагі, рэплікі галоўнага інжынера.

Адчыніліся дзверы, у кабінет зайшлі двое. Пётр Васільевіч зірнуў на гадзіннік — вось ужо дваццаць мінут ён праводзіць лятучку.

— Юрчанка? — Галоўны інжынер звярнуўся да маладога чалавека з густымі бакенбардамі. — Цябе зараз караць ці потым?.. Было сказана на мінулым тыдні: праз дзень правяраем цэх кабін — у панядзелак, сераду, пятніцу. І, калі ласка, сёння вы спазніліся. Мне не падабаецца такая арганізацыя. Здаецца, ты ведаеш, чаго мы сабраліся?

— Ведаю, Пётр Васільевіч,— папраўляючы густую шавялюру, з усмешкай адказаў Юрчанка.— Сабраліся для вывучэння кандыдатур пад будучых віноўнікаў.

— Калі вы сюды ішлі пасмяяцца, то дарэмна,— адказаў Пётр Васільевіч.— Мы сабраліся працаваць. І будзем працаваць. А таму заклікаю вас да парадку.

Праверка гатоўнасці цэха кабін працягвалася.

* * *

Мікалаю Ігнатавічу ў той дзень не было нават калі паабедаць — мала таго, што пасяджэнне бюро зацягнулася недзе да трох гадзін дня, пазваніў у гарком Пётр Васільевіч, каб ён, дырэктар, калі ёсць малейшая магчымасць, прыбыў на завод. Не пераводзячы дыхання, тут жа папярэдзіў, што ён збірае на высокім узроўні нараду. «Калі не прыняць зараз жа экстраныя меры, то праз два-тры тыдні цэх кабін здорава затармозіць галоўны канвеер». Такога, вядома, колькі працуе Гарадзец дырэктарам, не было. Не будзе і цяпер. На ажыўленне цэха кабін, на хутчэйшую здачу яго ў эксплуатацыю і ўзняццё ў цэху высокай арганізацыі працы будуць кінуты неабходныя рэзервы. Мог бы сказаць такое галоўнаму інжынеру па тэлефоне, але ж калі ўжо Пётр Васільевіч склікае нараду ды яшчэ на высокім узроўні, мусіў запэўніць: «Я зараз буду».

...Нараду адкрыў Пётр Васільевіч. Коратка і ясна расказаў спецыялістам, дакладней, усім удзельнікам нарады, што для цэха кабін трэба неадкладна знайсці рэзервы, прычым заўважыў, што яны, неабходныя рэзервы, на заводзе ёсць. Іх трэба толькі па-гаспадарску, без шкоды для іншых артэрый завода, узяць. Усе ведалі, як узяць. А для гэтага неабходна была толькі агульная згода, засведчаная адпаведным дакументам.

З думкай і прапановай галоўнага інжынера ўсе пагадзіліся, у тым ліку і Гарадзец.

— Калі так,— Пётр Васільевіч заўсёды нешматслоўны,— лічу пасяджэнне закончаным. Толькі Мікалаю Ігнатавічу давядзецца зараз прайсці ў свой кабінет і падпісаць неабходныя паперы.

Усе адразу і дружна разышліся.

Зайшоў у свой кабінет, сеў за стол Мікалай Ігнатавіч.

Дакументаў на подпіс сабралася цэлая папка. Мікалай Ігнатавіч мог бы ўзаконіць іх адразу, адным росчыркам пяра. Тым больш што ніхто яго з дакументамі яшчэ не падводзіў і, мабыць, не падвядзе. Але, як заўсёды, пачаў уважліва і строга чытаць кожны радок.

Зазваніў тэлефон. У трубцы пачуўся незнаёмы голас:

— Ігнатавіч, Ігнатавіч — гэта Валеры Дзянісавіч, сусед. Сусед Валеры Дзянісавіч. Мікалай Ігнатавіч, ці ёсць у вас ад кватэры ключ? Я кажу, ключ ад вашай кватэры.

— Што здарылася? — устрывожыўся Гарадзец.

— Калі ў вас пры сабе ключ, то просьба, каб вы цяпер прыбылі дадому.— І Валеры Дзянісавіч, каб дарэмна не хваляваўся Гарадзец, дадаў: — Ліна Антонаўна ключ забылася ў кватэры, а дзверы зачыніліся. Здаровая, з ёй усё добра, а пазваніць папрасіла мяне.

Што магло здарыцца — не разумеў Мікалай Ігнатавіч і, пакінуўшы непадпісаныя дакументы на стале, устаў з крэсла, каб паехаць дадому, а тут настойліва і патрабавальна зазваніў тэлефон. Гарадзец падняў трубку.

— Дзень добры, Мікалай Ігнатавіч,— павітаў яго знаёмы голас. Вось толькі хто гэта, дырэктар адразу не ўспомніў, пакуль ён сам не сказаў: — Радзюш вас турбуе, Валянцін Радзюш.

Некалькі дзён да свята да яго ў кабінет зайшоў невысокага росту, стройны і падцягнуты малады чалавек. Калі заставалася да стала, за якім сядзеў Гарадзец, прыкладна крокаў дзесяць, малады чалавек працягнуў наперад руку, і па яго прамяністых вачах можна было зразумець шчырае задавальненне не інакш толькі з-за таго, што ён усё ж застаў дырэктара на месцы. Мікалай Ігнатавіч сустракаўся з ім у абкоме партыі, а вось адкуль ён, з абкома ці яшчэ з якой арганізацыі, Гарадзец не ведаў. Не даводзілася і знаёміцца з ім, а таму паспяшаўся яму насустрач, узаемна падаў руку, назваў сваё прозвішча, каб усё ж адрэкамендаваўся і ён. Радзюш тады і адрэкамендаваўся, сказаў, што ён з інстытута сацыялогіі. Прызнацца, дырэктару ў той дзень не было часу, каб удзяліць яму колькі ўвагі. А Радзюш, прысеўшы ля стала, адразу пачаў з таго, што нібыта дзелавыя бяздзельнікі могуць праліваць кракадзілавыя слёзы, раздзімаць з мухі слана, што вы, дырэктар, і нібыта «рыцарь без страха и упрека» зняважылі аднаго з начальнікаў цэха, Якуша. Не пераводзячы дыхання, ўдакладніў, што тыя «дзелавыя бяздзельнікі» ніякіх слёз не пралівалі па Якушу, ні скаргі, ні ананімкі не пісалі, а паколькі ён, Радзюш, распрацоўвае навуковую тэму, менавіта, як тэхнічная рэвалюцыя ўплывае на станаўленне спецыялістаў, іх рост, прафесійнае ўдасканаленне, то яму хацелася б пачуць менавіта ад яго, Гарадца, думку, каб сыходзячы ад канкрэтнага факта, у прыватнасці ад Якуша, даць сваё рэзюме, абгрунтаванне. Мікалай Ігнатавіч тут жа адказаў Радзюшу, што кіраўнік, хай гэта вялікі ці малы, карацей, спецыяліст, калі не ўмее арганізаваць працу сваіх падначаленых, арганізаваць правільна, па-навуковаму, з веданнем справы, калі не ўмее навучыць людзей новаму, прагрэсіўнаму, не мае права ні аднаго дня, ні аднае гадзіны быць кіраўніком, лічыцца спецыялістам. І паколькі мы яшчэ церпім падобнае, то толькі да тых пор, пакуль на іх месцы падбярэм патрэбных людзей. Радзюш пагадзіўся з гэтым тэзісам Гарадца, аднак ён пачаў наводзіць як бы на жаданую для яго размову, расказаў, як падышоў ён да аднаго рабочага. Пацікавіўся пра жыццё, колькі ён зарабляе, як у яго ў сям’і, ці выконвае асабісты план? Слова за словам, завязалася шчырая гаворка. Выяснілася, што ён халтуршчык, кажа, што зарабляе столькі, колькі хоча і калі хоча. Ну, а паколькі цяперашняе спаборніцтва, як вядома, патрабуе новага падыходу да справы — асаблівай унутранай дысцыпліны, то па сваёй сутнасці яно накіравана супраць халтуры. Але будзем гаварыць пра халтуру шырэй. Не проста, як пра дэталі, зробленыя абы-як, маючы на ўвазе звычайны брак. А пра халтуру ў маральным сэнсе слова. Хоць дакладней было б казаць — амаральным. Дык гэты рабочы лічыцца спецыялістам высокай кваліфікацыі. У яго няма браку, ён выконвае норму. Але я не магу прыняць гэтага чалавека. Нешта ўва мне супраціўляецца, і прыходжу да пераканання, што ён не хто іншы, як халтуршчык. Даруйце, я не агаварыўся. Ён, гэты рабочы, можа больш, разумееце, больш! Лепш рабіць. І ведае гэта. Вы, напрыклад, спытаеце: чаму ж ён не ўдасканальваецца? А таму, што яго цяперашняе становішча ўпаўне забяспечвае яму нядрэнны заробак і здавальняючае, без клопатаў, жыццё. Ён, паўтараю, працуе нібыта нармальна, але горш, чым мог бы. Дык ці гэта не халтуршчык? Вось, мабыць, і Якуш так працаваў, будучы начальнікам цэха. Працаваў, выконваў план, аднак працаваў па-ўчарашняму. Становішча для яго было задавальняючае, жыў сабе без клопатаў. Карацей кажучы, працаваў куды горш, чым мог бы, працаваў халтурна.

Тады яны дамовіліся сустрэцца яшчэ адзін раз, адразу пасля свята. Вось Радзюш папярэдне і патурбаваў Гарадца па тэлефоне. А ў Гарадца з галавы не выходзіла, што магло здарыцца з жонкай, няўжо сусед што недасказаў, ці не захварэла яна, ці не патрэбна ёй, як найхутчэй дапамога, але разважаў: няўжо Валеры Дзянісавіч утаіў бы ад яго бяду? Хутчэй за ўсё выйшла з кватэры, а ў кватэры застаўся ключ. То чаму сама не пазваніла? Бадай атрымалася якая недарэчнасць. І Мікалай Ігнатавіч прапанаваў Радзюшу сустрэцца недзе пасля шасці гадзін вечара. Той пагадзіўся. Гарадзец пайшоў да машыны.

Сеў за руль і паехаў дадому.

«Цікавы чалавек, Радзюш»,— думаў Мікалай Ігнатавіч, думаў і пра Якуша, думаў, як тэхнічны прагрэс вымагае ад яго, кіраўніка прадпрыемства, менавіта такіх рашучых мер, якія вымушаны быў прыняць да Якуша. Так, Якуш прыйшоў на завод без ніякае спецыяльнасці, вырас да начальніка буйнага цэха. І вось, давялося яго вызваліць. А ці мог бы Якуш надалей узначальваць цэх, арыентавацца ў павышаных патрабаваннях да вытворчасці наогул? За апошняе дзесяцігоддзе, не сакрэт, адбылося амаль што поўнае абнаўленне станочнага парка. І калі раней кіраўнік, у прыватнасці той жа начальнік цэха, мог карыстацца тым запасам ведаў, якія ён набыў некалі ў інстытуце, то цяпер яму застаецца з двух адно: або працаваць над самім сабой, засвойваць усё новае, што маецца на вытворчасці, або, як руцінёру, пераходзіць на іншую работу. Гэта з пункту гледжання тэхнікі. Усё ж на вытворчасці цяпер, дзе станкі, станкі з лікавым праграмным кіраваннем, у аснове якіх ляжыць электроніка, патрэбны даволі эрудыраваны чалавек, тым больш начальнік. А разам з узбраеннем нашай вытворчасці ўзрос як грамадскі, так і інтэлектуальны ўзровень рабочага класа. Сапраўды, рабочы працуе, як дырыжор, як мастак, імкнецца нешта стварыць. І калі раней можна было камандаваць вытворчасцю, даваць толькі адны каманды, то цяпер патрэбны і эканамічны і псіхалагічны метад кіравання. Таму старой плеядзе кіраўнікоў, плеядзе, якая выхоўвалася ў мінулым, якая прывыкла больш стукаць кулаком па стале, загадваць, цяжка пераламвацца. А гэта асабліва датычыцца начальніка цэха, бо майстар і начальнік цэха найбольш блізка выходзяць у сутыкненне з рабочым. А ўзяць цяперашні паток інфармацыі. Колькі ідзе інфармацыі начальніку цэха. Тут жа неабходна яму тэрмінова асэнсаваць інфармацыю і прынімаць рашэнне... Усё гэта настолькі шырока, грандыёзна, што чалавеку ва ўзросце сарака — сарака пяці год проста не хапае фізічнай сілы, энергіі, каб пераварыць усё гэта. А Якушу ўсё ж пад пяцьдзесят. Яму ўжо патрэбна знаходзіць працу куды лягчэйшую. Ён можа расці, павышаць свой узровень, ён можа, дарэчы, быць намеснікам начальніка аддзела, начальнікам аддзела, урэшце рэшт можа быць і намеснікам дырэктара завода, аднак у цэху для яго ўжо не тыя абставіны, дзе ён змог бы працаваць гэтак проста і лёгка. А малады... Якая перавага маладога! Ён смела, не азіраючыся назад, прынімае рашэнне. У яго яшчэ, напрыклад, у таго ж Віктара Кудрэйкі, які замяніў Якуша, няма той палахлівасці, боязні, перасцярогі, маўляў, сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Каму невядома, што ўмець хутка прымаць правільнае рашэнне, надзвычай важна. Нездарма кажуць людзі, што самая першая думка з’яўляецца самай вернай. Аднак ёсць асобныя катэгорыі старых кіраўнікоў, якія хутка перабудаваліся, і сёння яны нараўне з іншымі, куды больш маладымі і энергічнымі, працуюць і выдатна кіруюць вытворчасцю. І як бы там ні было, а кіраўніку працаваць на адным і тым жа месцы доўгі час, нават хай ён будзе самым добрым кіраўніком, нельга. З цягам часу ён ужо, як правіла, перастае заўважаць тыя недахопы, якія існуюць вакол яго. Ён звыкаецца з гэтымі абставінамі, якія вакол яго склаліся, карацей, ён не бачыць недахопаў, і дастаткова яго памяняць, можа нават даць раўнацэнную яму работу на іншым месцы, як ён неадкладна, зараз жа знаходзіць сябе. Тут Гарадзец падумаў, як ён працуе. Вось ужо столькі год ён дырэктар. У апошнія два-тры гады, ідучы на завод, загадзя ведае, хто задасць якое пытанне, чым будзе займацца ад пачатку дня да канца, якія будзе вырашаць пытанні... Дык няўжо і ён заседзеўся на адным і тым жа крэсле, няўжо і ў яго няма належнага творчага энтузіязму, карацей, няўжо і ён у нейкай ступені прытупіўся? Цяжка яму было даць аб’ектыўны адказ пра самога сябе. У сувязі з гэтым ён абавязкова падкрэсліць Радзюшу, што настаў той момант, што Якуша трэба было або перамясціць у іншае месца, або даць работу адпаведную цяперашняй. А што ён засядзеўся столькі, будучы начальнікам аднаго і таго ж цэха, што перастаў заўважаць новае, гэта не віна Якуша, гэта, у першую чаргу віна яго, Гарадца. Ён, як кіраўнік завода, павінен быў бачыць тую мяжу, калі неабходна вызваліць або перамясціць спецыяліста на іншую работу. Але ж восем год Якуша трымалі начальнікам цэха. Восем год! На працягу гэтага часу ён задавальняў. Выконваў план і ў нейкай ступені і да нейкага часу прагрэсіраваў. А калі задавальняў кіраўніцтва завода, то трэба было яго расціць, займацца ім, берагчы, павышаць яго кваліфікацыю і ў нейкі пэўны перыяд узяць і перасунуць яго вышэй па службовай лесвіцы. Аднак у гіганцкім маштабе яму, Гарадцу, цяжка было прадбачыць такое, і ўсё ж, як бы там ні было, павінен быў прадбачыць. Але не змог.

Такія думкі Гарадца даўно хвалявалі, імі збіраўся падзяліцца і з Радзюшам.

Той дзень для Ліны Антонаўны пачаўся як і ўсе апошнія дні: аднастайна і будзённа. Досвіткам, як звычайна, падрыхтавала сняданак мужу, выправіла на работу. Дзецям не было куды спяшацца — у школу яны ішлі недзе а палове чатырнаццатай. Не было куды спяшацца і ёй, Ліне Антонаўне — у сувязі з хваробай сэрца яна ўзяла на год адпачынак. Прылягла каля дзяцей. Спаць не хацелася — ноч вялікая, выспалася. Проста не было чаго рабіць. Яна ўжо выкінула з галавы ўсе думкі пра колішнюю палюбоўніцу мужа і пра яго сына. Ну, а калі і прыходзіла што ў галаву пра тую Раісу, разважала: не інакш, як нейкая прайдоха. О, калі б сын ад яго, не тое б яна нарабіла.

З цягам часу ўсё нібы стала на сваё месца ў сям’і. Аднавілася спакойнае жыццё. Ліна Антонаўна паверыла свайму вываду, што Раіса і сапраўды нейкая прайдоха, што, відаць, і ён яе мала ведаў. Паверыла і супакоілася.

Паляжала, успомніла, што забылася ўзяць учора вячэрнюю пошту.

Адамкнула паштовую скрынку, узяла газеты. Не справілася іх разгарнуць, як са стоса выпала пісьмо.

Падняла — яно адрасавана тав. Гарадцу. Не інакш, з ліку службовай карэспандэнцыі. «А можа, што тэрміновае? — падумала Ліна Антонаўна.— Прачытаю і, калі сапраўды што важнае — пазваню яму на работу».

Разарвала канверт. Роўным, спакойным почыркам былі выведзены першыя словы:

«Мілы, дарагі Колечка!..»

Як токам ударыла Ліну Антонаўну: няўжо яна, Раіса? А што ж далей?.. «Няхай не раўнуе цябе твая жонка...» Позірк яе выхопліваў з пісьма асобныя фразы: «Я даведалася, што ты мяне і Алёшу шукаеш...» Значыць, ён шукаў іх, шукаў. Ліна Антонаўна адчула, як пачалі дранцвець рукі, але чытала далей: «Са мной ты ўжо ніколі, ніколі не сустрэнешся, а Алёша прыедзе да цябе, роднага бацькі, або з’ездзі і сам забяры яго — ён пад Масквой, у навасёлкаўскай школе-інтэрнаце. Алёша часта ўспамінае цябе, усё просіцца паехаць да таткі».

Больш яна не магла чытаць — усё было зразумела: праз колькі дзён на парозе яе кватэры паявіцца непажаданы госць, пасынак... «Ён, Гарадзец, сёння ж, адразу паляціць да сына... А можа, парваць гэтае пісьмо? — Ліна Антонаўна разгубілася.— Парваць, каб ён пакуль не ведаў»,— і яна скамячыла пісьмо. А вось парваць — не адважылася.

На трэці паверх узнялася, як не на сваіх нагах. Пастаяла на пляцоўцы. Зірнула на канверт — пакамечыла. «А можа, ах, была ні была,— зноў падумала, каб яго ўсё ж знішчыць — за акном вецер, вецер. Парваць пісьмо, пусціць дробныя кавалкі за ветрам». І на гэты раз не адважылася. Не цяпер, дык пазней муж даведаецца пра ўсё. Што тады скажа?

Паныла зайшла ў кватэру. Кінула газеты на стол. Сама прысела на крэсла і цярпліва прачытала ўвесь ліст ад Раісы.

Так, яна сур'ёзна хворая. Калі верыць таму, што піша, мабыць, хутка і сканае. Таму і не стрэнецца з ім, а вось Алёша...

Хлопчык рос і выхоўваўся без бацькі. Не інакш, ён і распуснік, і свавольнік. Прывык гойсаць у тым інтэрнаце і вось тут, бегаючы з пакоя ў пакой, пачне дурэць, крыўдзіць дзяўчатак...

Каб не прачыталі дочкі пісьмо, паклала яго ў сумачку. У яе сумачцы і ён не знойдзе гэтае пісьмо. Калі трэба, яна сама аддасць. А пакуль няхай будзе схавана.

Цяжка і горка было на душы ў Ліны Антонаўны. Здавалася, ўсё наладзілася ў сям’і. Аказваецца, тое зацішша было перад бурай. Цяпер даканае яе пасынак. Не бачачы, яна ўжо зненавідзела яго. Не, яна не зможа прыняць чужое дзіця. Не прыме пасынка. Хоць бы ён раней, калі яна была здаровая, сказаў пра свайго сына, а цяпер...

Пад горла падкаціўся даўкі і горкі камяк нявыказнай крыўды. Памутнела ў вачах — яны густа зарасіліся.

Пайшла ў спальню. Спадзявалася, што там выплачацца. У падушку, тайком.

Успомніла той дзень калі сустрэла яго, калі ён прыкінуўся дзівачком і спытаў: «А гэта дарога ці гэтай дарогай», успомніла, як адзін раз не хацела ісці да яго на спатканне. «Дурная, што пайшла»,— уздыхнула Ліна Антонаўна, і ёй стала пакутліва і прыкра: былое не перайначыш, а вось цяперашняе...

Якраз зазвінеў будзільнік — ён перабіў яе цяжкія думы, усё благое на момант выйшла з яе галавы. За паўгадзіны трэба пакарміць дочак і адправіць у школу...

Калі засталася адна, адна ў нямых сценах, здавалася, зараз яна дасць волю сабе — выплачацца, выгаварыцца. Пазваніла яму на работу, каб без адбору слоў, выказаць усё тое горкае і балючае, што зараз у яе на душы. Але тэлефон яго не адказваў. Падумала, ці не едзе абедаць. От, яна накорміць яго цяпер, усё выкажа. Лепш яна застанецца адна, з дочкамі. А ён, ён хай з ёю, хай з сынам.

Як ні давала волю свайму ўяўленню, як ні будавала планы свайго далейшага жыцця толькі з дочкамі, але сярод нямых сцен бездапаможны і жалобны яе голас быў пустым, нікому непатрэбным гукам.

Потым, калі перадумала ўсе планы — толькі з дочкамі, толькі з дочкамі яна будзе — на траіх ім два пакоі, яму, пакуль без сына, а хоць і з сынам — адзін пакой; калі выплакала слёзы, калі ўсё перагаварыла, стомленая прысела на кухні. Убачыла, пліту трэба пачысціць. Узяла анучу. Патрэбен парашок. Парашком добра пліту чысціць, ды якраз ён кончыўся. Парашыла схадзіць у магазін. Трэба і парашок, трэба і мыла купіць. Ды і халадзільнік апусцеў. Праз паўгадзіны магазін зачыняць на абедзенны перапынак.

Зірнула ў акно, як там на дварэ. Адчыніла фортку — надвор’е ветранае і золкае. На небе нізкія снегавыя хмары — пэўна, не сёння-заўтра ляжа першы зазімак.

Апранула футра. Узяла гаспадарчую сумку для прадуктаў і маленькую, дзе заўсёды насіла грошы. Потым праверыла, каб не забыцца ўзяць ключы — ключы, як заўсёды, ляжалі ў гаспадарчай сумцы.

Пайшла.

Чарга ля касы, чарга ля прылаўка, потым візіт у аптэку, а з галавы не выходзіла адно: як быць ёй далей, што рабіць, калі заявіцца пасынак? А ён можа заявіцца з мінуты на мінуту. Сустрэць яго з распасцёртымі абдымкамі, не зважаць ні на што і цярпець, быць акторкай — не, доўга яна не зможа выконваць такую ролю. Не зможа і не будзе ўпотай пераносіць на сваім хворым сэрцы цяжэзную, поўную болю і расчараванняў, скруху. Лепш адразу, без сваркі і нерваў, рашуча і прама заявіць мужу аб разводзе: «Ты, паважаны Мікалай Ігнатавіч, дажывай веку са сваім сынам, я — са сваімі дочкамі». Тады і сэрца яна зберажэ і нервы не пашкодзіць. Так і давядзецца зрабіць. Сёння ж, калі ён вернецца з работы.

Стамілася, узапрэла ў мехавым футры. Ледзьве хапіла духу падняцца на трэці паверх. А сумкі нібыта самі вываліліся з рук. Большая, што з прадуктамі, апынулася ля дзвярэй, ручная — ля парэнчы. Не марудзячы адамкнула дзверы, узяла сумку ды хутчэй за парог.

Ключы, як заўсёды паклала ў гаспадарчую сумку. Распранулася.

Ой, як стамілася, ой, як спацела.

Хутчэй у ванну. Пакуль ванна напаўнялася летняй вадой, надумалася яшчэ развесці марскую соль і хвойны экстракт, што купіла ў аптэцы. А мыць галаву не захацела. Галаву лепш памыць нанач.

Памацала ваду — ці не задужа гарачая? Яе сэрцу, ой, як шкодзіць гарачая вада.

Падбавіла халоднай. Засталося ўсыпаць порцыю марской солі і капнуць хвойнага экстракту. Ды ўспомніла, што той хвойны экстракт і марская соль у сумцы, а сумка ў калідоры ля дзвярэй.

Памкнулася з ванны голая, але спахапілася, як жа патыкацца з ванны раздзетай. Хоць і нікога няма дома — самой сябе сорамна. Накінула на сябе халат. А што шлёпанцы не знайшла — такое бяды, мыцца ж будзе.

Дастала з гаспадарчай сумкі і соль, і экстракт, раптам успомніла: а дзе ж сумачка? У ёй і грошы, і дакументы, і пісьмо, і рэцэпты...

«То ці не засталася яна за дзвярыма, на пляцоўцы? — спахапілася Ліна Антонаўна.— Так, так, ці не на пляцоўцы? Калі ніхто не ішоў... А можа, і ляжыць яшчэ».

Прыадчыніла дзверы, і колькі радасці хлынула на яе — ля парэнчы ляжала сумачка! Памкнулася хутчэй узяць. Крок, другі... Узяла! Хацела праверыць, ці ўсё цэла, і тут жа спахапілася, што яна ў адным лёгкім халаце ды яшчэ з незашпіленымі гузікамі, а тым часам, о, каб яно пратанула, праз расчыненую фортачку на кухні дзьмухнула скразняком і, якое няшчасце, пачула нават як пстрыкнуў замок. З усяе сілы піхнула плячом у дзверы — ні з месца. Націснула на кнопку — у кватэры рэзка і патрабавальна забрынчэў званок.

Ды што з таго, што ён забрынчэў — дома ж няма нікога. А ключы, ключы, як на тое, у гаспадарчай сумцы, з якой хадзіла ў магазін. То што ёй рабіць? Раптам хто ўбачыць. А тут якраз уверсе стукнулі нечыя дзверы.

Заставалася адно — кінуцца да суседскае кватэры. Можа, хто з суседзяў дома?

Націснула на кнопку.

Пстрыкнуў замок, і шырока расчыніліся дзверы.

О, божа, які канфуз! Калі б Тамара Уладзіміраўна, а то Валеры Дзянісавіч. Разгублена, блытана растлумачыла Валерыю Дзянісавічу, што з ёю здарылася. І ён адразу запрасіў яе:

— Заходзьце, калі ласка, а то яшчэ хто ўбачыць. Ды не саромцеся вы. Усяк жа бывае.

Ліна Антонаўна без аглядкі шмыгнула ў кватэру суседа. Толькі там, калі Валеры Дзянісавіч зачыніў за ёю дзверы, зашпіліла халат...

— Ой,— Ліна Антонаўна закрыла далонямі твар,— які сорам.

— Не хвалюйцеся, Ліна Антонаўна, я ж кажу, што ўсяк бывае. Пасядзіце, супакойцеся. Зараз Тамара Уладзіміраўна прыйдзе. У магазін пайшла. Нешта ж прыдумаем. Калі фортачка адчынена, то можна залезці ў кватэру цераз балкон.

— О, толькі не цераз балкон. Нядоўга ж і зваліцца.

— Тады трэба ўзломшчыка запрасіць. Мінутнае дзела — і вы будзеце дома. Толькі замок трэба будзе новы паставіць потым. А то, можа, пазваніць Мікалаю Ігнатавічу, калі ў яго ключ ёсць.

Тут якраз зазваніў званок — Валеры Дзянісавіч пайшоў адчыняць дзверы. Яшчэ на парозе пачаў гаварыць жонцы:

— Тамара Уладзіміраўна, не здзіўляйся, скразняк загнаў да нас Ліну Антонаўну.

Ліна Антонаўна паспяшалася насустрач Тамары Уладзіміраўне і пачала расказваць, як яна апынулася ў такім бездапаможным становішчы.

— Я ж кажу, усяк бывае,— адно і тое ж паўтараў Валеры Дзянісавіч.— Летась у нас скразняк шыбу на балконе разбіў і дзверы шкляныя, што на кухню. Скразняк бывае каверзны. Ад яго і прастудзіцца нядоўга.

Тамара Уладзіміраўна доўга слухала абодвух і ўсё глядзела на збянтэжаную Ліну Антонаўну, потым адказала мужу і суседцы.

— Чаму гэта са мной ніколі такога не бывае,— і панесла на кухню сумку.

* * *

Ліна Антонаўна спадзявалася, што Тамара Уладзіміраўна паставіць сумку, распранецца і ўсё ж прысядзе каля яе, распытае, як магла яна апынуцца ў такім непрадбачлівым, да таго яшчэ канфузлівым становішчы. Тамара Уладзіміраўна не толькі не стала з ёй гаварыць, а нават нічога не сказаўшы ні мужу, ні ёй, Ліне Антонаўне, куды пойдзе і ці надоўга, узяла пустую сумку і, ляпнуўшы дзвярыма, выйшла са сваёй кватэры.

Валеры Дзянісавіч здзівіўся, як магла жонка не паверыць яму, мужу.

Нейкі момант ён глядзеў на дзверы, якія толькі што зачыніліся за жонкай, потым, махнуўшы рукой, стаў суцяшаць Ліну Антонаўну:

— Бывае і такое з маёй Тамарай. Бывае... Не хвалюйцеся толькі,— Валеры Дзянісавіч зірнуў на наручны гадзіннік.— Вы пачакайце, а я пайду і пазваню з аўтамата Мікалаю Ігнатавічу.

Ліна Антонаўна на нейкі час засталася адна ў суседскай кватэры. Хвалявалася, перажывала: і за пасынка, які прыедзе да яе мужа, і за гэты канфуз, які толькі што здарыўся, і за тое, што яе не зразумела Тамара Уладзіміраўна.

Марудна цягнуўся час. Ліна Антонаўна пасядзела на канапе якіх мінут дваццаць, а здалося — больш гадзіны. Прыслухоўвалася да кожнага стуку, кожнага шораху ў пад’ездзе.

Нарэшце над дзвярыма забрынчэў званок.

Дзверы адчыніў Валеры Дзянісавіч. За ім зайшоў Мікалай Ігнатавіч.

Ліна Антонаўна кінулася насустрач яму і, перабіваючы Валерыя Дзянісавіча, пачала расказваць, што здарылася.

— О, непрадбачныя скразнякі! — уздыхнуў Мікалай Ігнатавіч,— вы можаце тварыць такія сюрпрызы, якія і не сніліся нашым мудрацам,— і тут жа шматзначна дадаў: — Але ж нішто не ўзнікае з нічога.

— Пойдзем дадому,— Ліна Антонаўна ўзяла яго пад руку.

Ліна Антонаўна, пераадольваючы неспадзяваную і рэзкую ўзрушанасць, дома расказала мужу падрабязна, з усімі, здавалася б, нюансамі, як вярталася з магазіна, як узыходзіла і ўзышла на пляцоўку трэцяга паверха, як паставіла сумкі ля дзвярэй... Адзінае ўтаіла, менавіта што і пра каго думала, калі вярталася з магазіна, узыходзіла на трэці паверх, калі адчыняла і зачыняла дзверы...

Гарадцу зноў не спалася ў вагоне — на гэты раз ён ехаў па адрасе да Раісы і сына, ехаў не толькі пабачыцца і пагаварыць з ёю, а калі магчыма, то дапамагчы, вось толькі менавіта чым, спадзяваўся ўдакладніць на месцы. Алёшу, як бы там ні было, намераны быў забраць адразу да сябе, дарэчы, і Ліна Антонаўна, нарэшце, пагадзілася, каб хлопчык усё ж рос і выхоўваўся ў адной сям’і. Калі верыць таму, што напісала Раіса пра сваё здароўе, то яна, канечне, не парадуе ні яго, Гарадца, ні Алёшу.

Поезд бы знарок ішоў ціха. Часта спыняўся амаль на кожнай станцыі, нават паўстанку, стаяў падоўгу. Гарадзец выходзіў з купэ, нават — з вагона, цікавіўся ў правадніка, а якой гадзіне яны прыбудуць на месца, прыкідваў, колькі яму часу заўтра выпадзе на сустрэчу з Раісай і сынам, уяўляў, як ён зойдзе да Раісы ў палату, як сустрэне сына... І колькі б ён не займаў сябе думкамі, планамі, якія паўставалі перад ім загадзя, цягнік хутчэй не ішоў, і на душы яму не рабілася лягчэй. Потым прылёг, каб супакоіцца, задрамаў...

Да яго пляча датыкнулася нечая рука, і скрозь сон ён пачуў:

— Грамадзянін, прыехалі.

Гарадзец падхапіўся — у купэ гарыць святло, зірнуў на стрэлкі цыферблата — была шостая гадзіна раніцы.

Хуценька выскачыў з вагона. На прывакзальнай плошчы сеў у таксі, і вадзіцель, які добра ведаў горад, усе бальніцы, праз якое паўгадзіны падвёз яго да анкалагічнага аддзялення.

Дзяжурны ўрач, грузны і пажылы чалавек, спачатку распытаў Гарадца, хто ён Раісе Фёдараўне: муж, брат?

— І не муж, і не брат.

— То, можа, родзіч ці добра знаёмы?

— Хутчэй за ўсё апошні. Я прыехаў здалёк, каб пабачыць яе, пагаварыць з ёй.

Доктар устаў з-за стала, ступіў колькі крокаў па пакоі, нарэшце, цяжка ўздыхнуўшы, сказаў:

— Пабачыць яе можна, а гаварыць позна ўжо з ёй,— і, памаўчаўшы, дадаў: — Родную маці яна не пазнала сёння... Ну, а паколькі вы прыехалі здалёк, апраніце халат, сястра вас правядзе ў палату.

З неадольным пачуццём страты Гарадзец выйшаў з бальніцы, яшчэ ў палаце ён зразумеў, што гэта яго сустрэча з Раісай апошняя. Ні дактары, ні тым больш ён, ніхто ўжо не мог дапамагчы ёй не толькі вярнуць жыццё, нават — прыўзняцца.

Самотна і крыўдна. Перш за ўсё за Алёшу: так рана ён застаўся без маці.

Пасядзеў колькі мінут у скверы, яшчэ раз зірнуў на акно палаты, у якой апошнія свае дні, мабыць, гадзіны, дажывала яго Раіса, і рашучым крокам пайшоў на вуліцу.

* * *

Школа-інтэрнат размяшчалася наводшыбе гарадскога пасёлка, якраз на ўзгорку. Яе можна было ўгледзець амаль з кожнае вуліцы. Час быў ранні — пайшоў да школы пехам. Хацеў па дарозе што купіць, але перадумаў: ці варта, каб сярод дзяцей у школе частаваць толькі Алёшу.

Хоць была восень, школа патанала ў зеляніне дрэў. На клумбах яшчэ гарэлі кветкі. У садзе хлопчыкі і дзяўчынкі завіхаліся з рыдлёўкамі граблямі — падбіралі апалае лісце, капалі ямкі пад маладыя саджанцы. Мікалай Ігнатавіч прыпыніўся, каб пільней прыгледзецца да школьнікаў. Можа, тут, сярод гэтых рупліўцаў і яго Алёша. Не, не было.

Ад мемарыяльнага парку да школы алея ўся ў кветках. Гарадзец спыніўся ля таго мемарыяльнага парку. Кожнае дрэўца тут пасаджана ў памяць загінуўшага воіна-земляка. Ля пастамента помніка — кветкі. Канечне, іх паклалі сюды дзеці.

Мікалай Ігнатавіч заўважыў на алеі чалавека з партфелем. Дзеці акружылі яго, перабіваючы адзін аднаго, стараліся нешта расказаць.

І тут жа заўважыў Гарадзец, як хлапчукі змоўклі, чалавек з партфелем спыніўся і апусціў галаву. Няўжо што здарылася ў школе?

Гарадзец падышоў да купкі хлапчукоў, дзеці павіталіся з ім. Чалавек з партфелем адрэкамендаваўся, што ён дырэктар школы Міхаіл Апанасавіч, потым спытаў:

— Вы, мабыць, да каго з дзяцей прыйшлі?

— Да Алёшы...— тут Гарадзец запнуўся, бо не ведаў дакладна прозвішча сына: Пракопчык ён, ці...

— Да Алёшы Гарадца?

Мікалаю Ігнатавічу хацелася ўсклікнуць: няўжо ён, яго Алёша, і сапраўды па прозвішчу Гарадзец, і ўсё ж раптоўнага здзіўлення і радасці не паказаў. Ціха прамовіў: — Так, да Гарадца,— і падаючы руку дырэктару, назваў сваё прозвішча: — Гарадзец.

— А вы, аказваецца, бацька Алёшы.— На твары дырэктара можна было заўважыць цень асуджэння: столькі часу Алёша ў інтэрнаце, а бацька толькі што заявіўся.— Тады вось што, таварыш Гарадзец, гадзіны дзве пагуляйце, цяпер я заняты буду, а потым зойдзеце да мяне ў кабінет. Вось на другім паверсе. Даруйце, вас такі тэрмін не абцяжарвае?

— О, ніколькі.

— Ну тады, таварыш Гарадзец, да сустрэчы,— і дырэктар ветліва пакланіўся.

...Роўна праз дзве гадзіны Гарадзец быў у кабінеце дырэктара школы-інтэрната. Міхаіл Апанасавіч, як толькі заўважыў у парозе Гарадца, зняў з вачэй акуляры і выйшаў з-за свайго стала яму насустрач. Прапанаваў распрануцца, потым запрасіў прысесці. І адразу пачаў расказваць:

— За апошнія дзесяць год я не адчуваў большай трывогі, чым сённяшняя,— твар дырэктара адразу зрабіўся суровы. Уздыхнуўшы, працягваў: — Сёння ўзыходжу на алею, бягуць да мяне насустрач хлапчукі, спадзяюся, нарэшце абрадуюць. Ажно і сёння без ніякае змены.— Падняўшы стомленыя вочы на Гарадца, дырэктар нарэшце сказаў прама: — Вось ужо чацвёртыя суткі няма ў школе вашага сына. Прызнацца, спачатку мне было вельмі дзіўна, што Алёша ўцёк; звычайна ў школе-інтэрнаце дзеці прывыкаюць, адчуваюць сябе як дома. Здавалася, прывык і Алёша. І на табе, зноў уцёк. У каторы раз!

Міхаіл Апанасавіч цяжка ўздыхнуў і расказваў далей. За які год Алёша перамяніў не адну школу. Дэбашырыў, хуліганіў. Нават аднойчы ў міліцыі ледзьве не завялі на яго справу. Таму яго школы як бы адфутбольвалі.

Нарэшце лейтэнант міліцыі з дзетпрыёмніка дастаўляе хлапчука ў гэтую школу-інтэрнат. Дарэчы, калі прывялі яго ў кабінет, Алёша пацікавіўся:

— Гэта ты дырэктар?

— Я.— І ў сваю чаргу спытаў: — А гэта ты той хлапчук, які хоча вучыцца ў нашай школе?

Алёша адразу насцярожыўся.

— А я не буду вучыцца і ў вашай школе.

— Ну, гэта мы пабачым яшчэ. А пакуль адна просьба.— Міхаіл Апанасавіч абняў яго за плечы, падвёў да акна і, паказаўшы на край школьнага двара, папрасіў: — Збегай, калі ласка, і выгані з кветніка гусей... Бачыш, якія ў нас газоны прыгожыя... Нягожа, калі гусі іх папсуюць.

Алёша збянтэжыўся.

— Ну, збегай, збегай.

Тут не вытрымаў работнік дзетпрыёмніка, зайшоў Алёшу наперад.

— Не, таварыш дырэктар, спачатку падпішыце дакумент, што вы яго прынялі, а потым куды хочаце пасылайце.

— Не турбуйцеся, падпішу. Бяжы, бяжы,— але тут жа спытаў: — Толькі як цябе зваць?

— Алёша...— і, падумаўшы, дадаў: — Аляксей Мікалаевіч.

— А мяне — Міхаіл Апанасавіч. Не забудзеш, пакуль гусей выганіш?

— Не забуду, я зараз.

І пабег, задаволены, што яму даверылі хоць такую справу.

Выгнаў гусей з газона і вярнуўся ў кабінет. Спытаў, як стары знаёмы:

— А цяпер што будзем рабіць?

— Думаю, што ты памыешся, пастрыжэшся, апранешся. Мы табе вопратку дадзім. Ды і пазногці трэба абрэзаць. Добра пад’ясі ў сталоўцы, а потым будзем вырашаць, што рабіць.

Работнік дзетпрыёмніка папярэдзіў:

— Толькі добрае вопраткі не давайце, а то, як уцячэ, шкада будзе.

— Ну, калі знясе, то будзе помніць, што добрую вопратку ў нас атрымаў.

— І праўда, вы добрую вопратку дасцё? — не паверыў Алёша.

— Праўда,— запэўніў яго Міхаіл Апанасавіч і распарадзіўся, каб кастэлянша выпісала яму самы лепшы касцюм, кашулю, чаравікі.

Пасля таго, як Алёша прыфранціўся ва ўсё новае, Міхаіл Апанасавіч запрасіў пяць хлапчукоў і дзяўчынак да сябе ў пакой. Трэба ж было, каб новага жыхара яны пазнаёмілі са школай.

У цэлым Алёшу спадабалася і школа, і адносіны вучняў да яго. Потым ён паклікаў Сашу і Лёню ў прыбіральню і там пачаў частаваць іх «Прымай». Маўляў, дзеля знаёмства. Саша рашуча заявіў, што гэта рабіць нельга, потым дадаў:

— Мы самі не курым і табе не дадзім,— і адабралі ў яго цыгарэты.

Прыйшоў Алёша да Міхаіла Апанасавіча скардзіцца, што яго пакрыўдзілі — адабралі цыгарэты.

Давялося растлумачыць, што курыць у школе забараняецца.

— Я ж таксама не куру,— ставіў сябе ў прыклад Міхаіл Апанасавіч.— Не куру і вось, бачыш, жывы. Можа, і ты не будзеш? А там, калі вырасцеш, відаць будзе.

Назаўтра Міхаіл Апанасавіч завёў Алёшу ў клас.

Цярпліва Алёша вытрымаў адзін урок. На першым перапынку ўцёк са школы. Недзе пасля абеду апынуўся ажно ў горадзе.

Пазванілі з аблана. Дырэктар паслухаў рэзкі дакор за няправільнае выхаванне дзяцей, потым — распараджэнне, каб прыехаў у дзіцячы прыёмнік і забраў Алёшу.

Давялося звязацца па тэлефоне з дзіцячым прыёмнікам, растлумачыць, што няма ў яго часу ездзіць.

— А вы думаеце, што ён сам прыедзе? — спыталі з дзетпрыёмніка.

Дырэктар папрасіў да тэлефона Алёшу.

— Калі пусцяць, прыеду,— паабяцаў і папярэдзіў: — Толькі заеду ў заапарк паглядзець звяроў.

Вярнуўся Алёша назаўтра. Трэба ісці на заняткі — не хоча, трэба вучыцца — не хоча. Давялося дырэктару прывучаць яго сядзець на ўроках. Хочаш не хочаш, а мусіш ісці на кожны ўрок, сядзець каля Алёшы, заахвочваць яго да вучобы, бо ў той час, калі, скажам, настаўнік тлумачыць новую тэму, ён зараз недарэчныя пытанні, накшталт: «Чаму мне прыснілася каза?»

Або: «А чаму людзі нараджаюцца маленькімі?» Іншы раз зрываў заняткі. Потым Алёша стаў патрабаваць сабе прывілеяў, не пагаджацца з адзнакамі. Вымагаў чацвёркі, пяцёркі. Міхаіл Апанасавіч па-свойму ацэньваў гэта: значыць, у хлопчыка паявілася зацікаўленасць да аўтарытэта сярод яго равеснікаў.

Каб Алёша не ўцякаў са школы, дырэктар зрабіў яго амаль сваім памочнікам. Хлопчыку падабалася выконваць сур’ёзныя даручэнні. Аднаго разу Міхаіл Апанасавіч накіраваў Алёшу да старшыні райвыканкома. У канверце была папера, у якой — просьба адпусціць дадатковыя сродкі на патрэбы школы. Алёша прачытаў дарогай тую паперу і стаў пераконваць старшыню, што дадатковыя сродкі ўсё ж патрэбна адпусціць.

Праз колькі дзён на двары школы дзеці заўважылі малое цялё. Алёша трымаў яго на павадку. Усе збегліся: што за дзіва? Ён абвясціў:

— Будзем гадаваць, пакуль не вырасце з яго карова.

Аказваецца, Алёша забраў цяля каля суседняй вёскі на выгане. Неўзабаве знайшоўся гаспадар гэтага цяляці. Алёша завёў яго назад. Папрасіў прабачэння і тут жа сказаў гаспадару, каб надалей добра глядзеў сваё цялё. Трапіла б у іншыя рукі — маглі не вярнуць. Заадно не забыў пахваліць сябе, што ён сумленны чалавек.

Неўзабаве, а дакладней у другім паўгоддзі таго ж навучальнага года, Алёша «праславіўся» па-за школай.

Калі Міхаіл Апанасавіч ехаў у суседні раён, у такую ж школу-інтэрнат пераймаць педагагічны вопыт, мусіў з сабой узяць і Алёшу, бо ніхто з выхавацеляў не хацеў заставацца з ім, не мог ручацца, што хлопец не ўцячэ.

Там Алёша адразу вызначыўся: расказаў пра сябе ўсялякія небыліцы, прыкінуўся перад настаўнікамі, што ён самы няшчасны, пакрыўджаны лёсам чалавек, што яму страшэнна жылося. І чулыя, спагадлівыя людзі надавалі Алёшу падарункаў. Пасля гэтага Міхаілу Апанасавічу давялося апраўдвацца за яго.

У сваёй школе Алёша, бывала, прыйдзе ў кабінет Міхаіла Апанасавіча і пачынае гаварыць, што яму хочацца стаць гіпнатызёрам. Міхаіл Апанасавіч раіў, каб ён больш чытаў кніжак, хадзіў у бібліятэку. А калі ў яго будуць вялікія здольнасці, дык стане і гіпнатызёрам.

Бацькі свайго хлопчык не ведае. Маці таксама жыла без яго. Алёша нейкі час выхоўваўся ў дзеда. Таму малому не давялося адчуць бацькоўскае ласкі, от ён і прасіўся хоць пасядзець на каленях у дырэктара.

Потым Міхаіл Апанасавіч запрашаў Алёшу да сябе на кватэру, яны разам пілі чай, глядзелі тэлеперадачы. Хадзіў з ім у раённую бібліятэку, памагаў выбіраць кнігі.

Аднаго разу пайшлі да настаўніцы, у якой Алёша зрываў заняткі, і папрасілі прабачэння.

Алёша сур’ёзна зацікавіўся пытаннямі снабачання, гіпнозу. Мог забрацца ў кабінет і над кніжкай прасядзець колькі гадзін.

Пасля прызнаўся дырэктару, што ён, Міхаіл Апанасавіч, не паддаецца гіпнозу.

Гэта здзівіла дырэктара: як мог так разважаць яго шалапутны Алёша?

— Чаму так думаеш?

— Вы самі гіпнатызёр,— адказаў Алёша.— Гэта я вычытаў у кніжцы. — А калі заўважыў, што дырэктара ўсё роўна не пераканаў, выпаліў апошняе: — То чаму вас слухаюць вучні?

Якраз у той дзень да Алёшы прыехала маці. Стала распытваць, як яму тут, угаворваць, каб паехаў да яе. Доўга думаў Алёша. Нарэшце адказаў:

— Не, не паеду адсюль. Тут дырэктар добры.— Пасля паўзы дадаў: — Ды я з ім, як таварыш, як сын з бацькам.

Алёша правёў за школьны двор маці і вярнуўся на ўрок. А пасля заняткаў яго не стала.

Рознае перадумаў Міхаіл Апанасавіч пра Алёшу. А раптам ён не вернецца? Што скажуць яму выхавацелі? Папярэджвалі ж, маўляў, чалавека з яго не атрымаецца. Не пагадзіўся тады з імі, узяў над Алёшам асабістае шэфства. І вось уцёк Алёша.

Сядзеў Міхаіл Апанасавіч у школе гадзін да дванаццаці ночы, займаўся сваімі справамі і ўсё чакаў падапечнага. Чакаў і не дачакаўся. А недзе сярод ночы пачуў, як нехта ўзышоў на ганак, кашлянуў, а потым пастукаў у дзверы.

Міхаіл Апанасавіч адчыніў. На ганку стаяў Алёша.

— Добрай ночы, Міхаіл Апанасавіч,— павітаўся ён і, уваходзячы ў кватэру, загаварыў: — Я адчуваю, што вы непакоіцеся. А таму і рашыў зайсці да вас.

— Чай будзеш піць? — спытаў у яго Міхаіл Апанасавіч.

— Выбегаўся, есці дужа хачу.

За сталом Алёша расказаў, чаму ён пасля заняткаў пайшоў са школы. Аказваецца, ён нешта не ведаў на ўроку, настаўніца растлумачыла яму, ён зноў не зразумеў, тады яна сказала: «З цябе, Гарадзец, як з гусі вада».

— А чаму я гусь, чаму? — І Алёша расплакаўся.— Можа, таму, што вы мяне папрасілі тады з кветніка выгнаць гусей? Дык я заўсёды і гусь буду? Я, можа б, не вярнуўся, ды той лейтэнант мяне на дарозе пазнаў. Пачаставаў абедам у сталоўцы і сказаў, каб вярнуўся. А позна было, вось, пакуль дайшоў, і ноч ужо.

У той раз Алёша даў Міхаілу Апанасавічу цвёрдае слова, што больш са школы ўцякаць не будзе.

Міхаіл Апанасавіч паверыў яму. І вось зноў яго няма. Зноў выпадак, які не можа растлумачыць ні адна педагагічная тэорыя.

Што толькі не перадумаў Міхаіл Апанасавіч пра Алёшу. Чаму ён уцёк, няўжо зноў хто пакрыўдзіў яго?

Няма Алёшы. Няма вось ужо якія суткі. Куды падзеўся, што з ім — ніхто не ведаў. Нават міліцыя не знаходзіць яго. Эх, Алёша, Алёша!

А сядзеў жа ў той дзень на занятках спакойны, нават па гісторыі атрымаў пяцёрку. Настрой у яго быў добры, і раптам не стала ў школе.

Далей, калі Міхаіл Апанасавіч гаварыў Гарадцу, што тварыць чалавека не менш важная справа, чым здзяйсняць подзвігі, навуковыя адкрыцці, у дзверы нехта настойліва пастукаў.

Шырока расчыніліся дзверы, спярша паказаўся букет кветак, потым — Алёша!

Падышоў, павітаў Міхаіла Апанасавіча і букет кветак паклаў на стале.

— Атрымалася так,— пачаў Алёша. Вочы яго свяціліся радасцю, настрой быў прыўзняты.— Атрымалася, што і пазваніць вам не мог. А пачалося яно... Іду, значыць, па вуліцы. Бачу — чалавек хапіўся за левы бок. Збялеў-збялеў. Яму стала нядобра, і ён перада мною ўпаў. Я не разгубіўся, пабег да тэлефона, выклікаў доктара. Падкаціла «хуткая дапамога»... Ну, самі падумайце, Міхаіл Апанасавіч, як я мог кінуць хворага? Чалавек жа ў бядзе. Мяне палічылі за яго сына. Тут у нашай бальніцы рады не далі Паўлу Паўлавічу, выклікалі з горада самалёт. Я ў самалёт з Паўлам Паўлавічам. Як жа я мог адстаць? І калі аперацыю рабілі Паўлу Паўлавічу, стаяў пад дзвярыма ў аперацыйнай. І калі Павел Паўлавіч пасля аперацыі ляжаў непрытомны, не адыходзіў ад яго. А ўчора Павел Паўлавіч ачуняў, загаварыў, сёння ўсміхнуўся. Прынеслі яму вось гэты букет. Ён кажа, што гэты букет не яму, а мне.

— Дзякуй табе, мой дарагі Алёша,— дырэктар падышоў да хлопчыка, прытуліў да сябе.

Дзякаваў Міхаіл Апанасавіч, што Алёша становіцца сапраўдным чалавекам. Значыць, яго педагагічная інтуіцыя спраўдзілася. Верыў, што Алёша вернецца. І вось ён яршысты, спацелы, стаіць перад ім. І тут жа на Міхаіла Апанасавіча напала трывога. Як ён мог паверыць з аднаго слова Алёшу? А можа, Алёша ўсё выдумаў? Можа, дзе натварыў бяды і вось заявіўся з букетам да дырэктара.

Міхаіл Апанасавіч папрасіў дазволу ў Алёшы, каб пазваніць у горад і ад яго імя падзякаваць за гэты букет.

— У хірургію пазваніце,— параіў Алёша,— папрасіце да тэлефона ўрача. Сёння Клаўдзія Якаўлеўна дзяжурыць, спытайце, як сябе адчувае Павел Паўлавіч.

Праз колькі мінут дырэктар гаварыў з абласной бальніцай. Ад імя Алёшы ён папрасіў падзякаваць за букет Паўлу Паўлавічу. Міхаілу Апанасавічу падзякавалі за Алёшу.

Прыемна было такое пачуць. Адно кепска, што Алёша не паведаміў своечасова ў школу, куды адлучаецца. Ён тады не падумаў пра ўвесь калектыў, які хваляваўся, перажываў. І ўсё ж, рашыў Міхаіл Апанасавіч, на агульнашкольнай лінейцы ад Паўла Паўлавіча, ад усяго педагагічнага калектыва, ад сябе асабіста ён вынесе Алёшу падзяку. А пакуль падышоў да яго, спытаў:

— Дарагі Алёша, а ці скажаш мне, хто перад табой сядзіць?

Нейкі момант Алёша глядзеў на Гарадца, успамінаў, сапраўды, хто ж перад ім, потым вочы яго заплюскалі часта, часта, відаць, што ён абрадаваўся:

— Гэта ж татка, мой татка!.. — і кінуўся Гарадцу на грудзі.

* * *

Калі дырэктар гаварыў пра Алёшу, Гарадзец, хаваючы бацькоўскую прыязнь, стараўся вылучыць нават з непрыстойнага ўчынку сына нешта добрае: уцякаў, то навошта настаўніца зняважала ў ім чалавечую годнасць, навошта, сапраўды, было назваць яго гусем. І ўсё ж ён вярнуўся, пачаў вучыцца добра. На гэты раз, калі стала вядома, што Алёша дапамог хвораму, Гарадзец гатовы быў нават сказаць Міхаілу Апанасавічу: «Я зрабіў бы гэтак, і мой сын вось зрабіў». Але калі дырэктар пахваліў Алёшу, такія словы не спатрэбіліся.

Мікалай Ігнатавіч папрасіў дырэктара, каб ён дазволіў яму прайсціся пагаварыць з сынам.

— На мужчынскі дыялог.

— Толькі ненадоўга,— сказаў Міхаіл Апанасавіч,— Алёша з дарогі. Яму трэба памыцца, паесці, адпачыць, потым садзіцца за ўрокі. Столькі дзён на занятках не быў.

— Ды я не хачу есці і не стаміўся, а што прапусціў, даганю.

— І ўсё роўна ненадоўга,— яшчэ раз папярэдзіў Міхаіл Апанасавіч.

На школьную алею выйшлі два Гарадцы, бацька і сын. Выйшлі моўчкі, каб тут, дзе яшчэ цвітуць хрызантэмы, пітуня, пагаварыць, ды што пагаварыць, дамовіцца, як яны надалей будуць ладзіць свае адносіны.

— Прыходзіць восень, ды і зіма ўжо блізіцца халодная,— як дарослы, загаварыў Алёша.

— Восень прыйшла ўжо,— паправіў бацька,— а зіма, канечне, блізіцца, толькі апошнія зімы не такія ўжо і халодныя.

— Што і на лыжах не пакатаешся,— дадаў Алёша.

— А ў цябе ці ёсць лыжы?

— Вунь,— Алёша паказаў на драўляны будынак, пакрыты шыферам,— вунь там наша лыжная база. Колькі хочаш і лыж і канькоў. Каб толькі зіма снежная.

— Так, каб зіма снежная...

Размова не вязалася. Тады Мікалай Ігнатавіч пацікавіўся:

— Як табе тут, ці добра?

— Прывык.

— Цябе тут ніхто не крыўдзіць?

— А што вы мне прывезлі? — раптам спытаў Алёша і зірнуў бацьку ў вочы.— А чаму ж, да каго ні прыязджаюць бацькі, абавязкова нешта прывозяць. Вунь Жэню прывезлі ласты, у іх ён хутчэй за ўсіх плавае, Ваню — транзістар, калі хоча, тады і слухае песні па «Маяку», Юрку — веласіпед, навучыўся ездзіць, што нават за руль не трымаецца.

— А што табе купіць, цукерак, можа, шакаладу?

Алёша пакруціў галавой: ці ж ён дзяўчынка?

— Тое, што мне трэба, вы не купіце,— уздыхнуў Алёша і, як дарослы, заклаўшы рукі за спіну, ішоў далей. Раптам спыніўся: — Тады, можа, пазычыце мне грошы. Не бойцеся, я вам распіску напішу, вырасту, зараблю і вярну, а цяпер пазычце мне на фотаапарат.— І ён пачаў марыць: — От бы здорава было. Я навучыўся б рабіць здымкі. Мог бы потым пайсці працаваць у фотаатэлье, а то, можа б, і ў газету якія мае здымкі трапілі. Фотаапарат — гэта рэч...

— Куплю табе фотаапарат, Алёша, хочаш — сёння куплю,— але спахапіўся.— Не, не сёння, можа. А калі пераедзеш да мяне жыць. Я куплю табе і фотаапарат, і ўсё, усё да яго, каб сам фотаздымкі рабіў: і фотаплёнку праяўляў сам, і карткі сам рабіў.

Відаць, Алёшу не спадабалася такая прапанова — ён ішоў моўчкі.

— Я і веласіпед табе куплю, хочаш — нават спартыўны. А яшчэ катэр у мяне ёсць. Катэр, што па рэчцы плавае. А хуткасць якая — як плывеш, вецер шапку з галавы зрывае. Я навучу цябе катэрам упраўляць. Эх, і любата на рэчцы. Вось як прыйдзе вясна, мы з табой адразу на катэр. Рыбу будзем лавіць, юшку варыць. І ў выхадныя дні сустракаць сонца. На рэчцы ціха-ціха, і бачыш, як паступова пачынаецца дзень, сонца выплывае з-за лесу. О тады рыба як ловіцца.

— А вуды ёсць у вас?

— Ажно дзве. Для цябе і мяне.

— Наловім рыбы,— ажывіўся Алёша,— і, як дзед Заяц, павязём на рынак. Прададзім рыбу і купім мне... А ведаеце, што я хачу купіць — кніжак, каб гіпнатызёрам стаць. У мяне трохі палучаецца. Хочаце, я вас рассмяшу. Ат, не буду сёння.

— Мы гэтыя доследы іншы раз праробім. А кніжкі тыя я не за рыбу табе куплю. У мяне грошы ёсць. Буду ў Маскве, я табе кніжкі куплю. Не знайду ў магазіне, з бібліятэкі прышлюць кніжкі, якія трэба будуць.

— Здорава будзе,— Алёша аж пацёр далонямі.— Я тады пачну лячыць маму гіпнозам. А чаму, хворых і гіпнозам лечаць. Ці вы не ведаеце?

— Ведаю. Ну, пра гэта потым. А цяпер скажы мне, Алёша, калі ты гатовы паехаць са мной? У цябе будуць дзве сястрычкі — харошыя дзевачкі. Яны будуць любіць цябе.

— О каб брацікі. А дзевачкі...— бадай, хацеў сказаць, што дзевачак ён не любіць, але пасаромеўся. І дадаў няшчыра: — Дзевачкі, яны плачуць.

— Мае смяюцца заўсёды.

— Што, пустасмешкі?

— Не, яны смяюцца, калі смешна. Дык што, дарагі мой сын,— Мікалай Ігнатавіч па-сяброўску паклаў руку на плечы Алёшку,— паколькі я цябе знайшоў, табе трэба развітацца са школай-інтэрнатам. То калі я магу цябе адсюль забраць: сёння, заўтра?

— Трэба з мамкай пагаварыць. Дазволіць яна, паеду, а калі...

Тут Мікалай Ігнатавіч памкнуўся паказаць Алёшу ліст яго маці, але ўспомніў, што ў тым лісту прамы намёк на тое, што яна ўжо не жыхар на гэтым свеце. Навошта, каб ведаў Алёша, навошта засмучаць яго.

— Мамка мне сказала, каб я цябе забраў са школы-інтэрната.

— А я ўсё роўна хачу пагаварыць з ёй. Яна скора з бальніцы прыйдзе, і я пагавару. Тады паедзем. Толькі катэр не прадавайце. Рыбу лавіць будзем на катэры і прадаваць. А дзе ж грошы на бензін возьмем? За рыбу і бензін будзем купляць. Ну, я пайду, а то Міхаіл Апанасавіч пусціў мяне ненадоўга,— і пабег Алёша, пабег, нават не развітаўся.

Нейкі час стаяў Мікалай Ігнатавіч і не ведаў, што рабіць: гукаць яго ці ісці ўслед. Ні аб чым жа не дамовіліся.

Мікалай Ігнатавіч пайшоў услед за Алёшам, пайшоў дамаўляцца з дырэктарам.

* * *

Гарадзец у той дзень не ўгаворваў Алёшу. Хлопчык усё яшчэ чакаў маму, вось-вось, казаў, яна прыедзе да яго, прынясе сшытак для малявання і рознакаляровых алоўкаў, бо школьныя ён згубіў недзе. А тады ён і спытае, ці можна яму паехаць да таткі. Міхаіл Апанасавіч таксама не параіў Гарадцу турбаваць хлапчука, хай пакуль застаецца ў школе-інтэрнаце.

І Мікалай Ігнатавіч вярнуўся дадому адзін. А праз колькі дзён атрымаў тэлеграму ад дырэктара школы-інтэрната: «Пахаванне Раісы Фёдараўны заўтра а пятнаццатай гадзіне».

Гарадзец адразу паспяшаўся ў аэрапорт. Аднак вылет самалётаў з-за метэрыялагічных умоў не гарантаваўся ў дакладны час. Давялося ехаць поездам да Масквы. І далей паехаў цягніком. А з абласнога цэнтра парашыў ляцець самалётам. Мусіць, якіх мінут сорак. А чатырнаццатай гадзіне спадзяваўся быць на месцы. Узяў білет, самалёт зрабіў вылет, нават даляцеў да гарадскога пасёлка, але з-за густога туману пасадку яму не дазволілі. Што ж, Міхаіл Ігнатавіч вярнуўся назад.

Давялося ехаць і далей цягніком.

Дабраўся недзе надвячоркам. І адразу пайшоў на могілкі. На свежым прыгорку жоўтай зямлі ўзвышаўся чырвоны слупок з надпісам «Пракопчык Р. Ф.» ... Калі нарадзілася і калі... Гарадзец зняў шапку, паклаў на магілку букет хрызантэм, пастаяў колькі ў самотным маўчанні — за які момант перад яго вачыма паўстала і першае спатканне з ёй, мілай і добрай Раісай, расстанне... І вось яе апошні шлях. Тут яна навечна пад гэтым жоўтым прыгорачкам зямлі. Спіць спакойна. А навокал помнікі такім жа людзям, абеліскі. І тут жа пачуў нечы жалобны голас, недзе зусім блізка, вось тут жа ля могілак нехта плакаў. Гарадзец прыўзняў галаву, прыслухаўся.

То плакаў Алёша, Гарадзец паспяшаўся да яго. Няўжо ён адзін? Няўжо зноў пайшоў са школы?

Гарадзец падышоў да сына, узяў яго за плячо. Алёша зноў павіс на агароджы.

Бацька не стаў яго супакойваць...

Потым, недзе на трэці дзень, павёў Алёшу да чыгуначнай станцыі, каб паехаць разам дадому.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ, АБО І ЯШЧЭ АДЗІН ДЗЕНЬ

Здаецца, учора і настрой ніхто не сапсаваў, а ўсю ноч кепска спалася Івану Тарасавічу. Ды што ўчора — вось ужо на працягу некалькіх месяцаў на рабоце ён спакойны, ніхто на яго голасу не павышае, нікога і ён, канечне, не крыўдзіць, то і нервы заўсёды на месцы. Больш таго, у апошні час, а гэта, мабыць, галоўнае, Іван Тарасавіч перастаў крыўдаваць і на свой лёс. Пасля таго, як пайшоў з прэсавага, паступова пачаў прывыкаць да новай работы — яго прызначылі намеснікам начальніка тэхнічнага бюро запасных частак. Пасада ў параўнанні з ранейшай куды ніжэйшая, затое і адказнасць меншая. Добра, што падмянілі яго, хай на гэтай пасадзе пабудзе маладзейшы — у Віктара Кудрэйкі і здароўе лепшае і нервы на месцы. Можа, яму ўдасца ўкараніць і аўтаматыку ў асобныя працэсы, не гаворачы пра тыя монаэлектродныя машыны.

Можа, што і абновіць. З цягам часу, гэта ўжо месяцаў праз пяць, Якушу стала падабацца і новая работа. Ніхто не лае ні за план, ні за вал, карацей — што з ім ні рабілі — усё да лепшага.

Колькі разоў за зіму, калі не ішоў да Людмілы ў бальніцу — яна па-ранейшаму ляжала, лячылася — выбіраўся за горад на лыжныя прагулкі, выязджаў на рыбалку. Будучы ў адпачынку, з групай турыстаў ездзіў ажно ў Карпаты...

Калі сышоў снег, калі пачало наўкола зелянець і цвісці, калі прастор напоўніўся прыемным водарам вясны, птушыных галасоў, для Івана Тарасавіча адкрылася куды большая, бясконца ваблівая і непаўторная прымхаць падацца туды, дзе шумяць сосны, дзе булькоча раўчук, дзе высока ў небе спявае жаўрук. І ён ехаў, ехаў у кожную вольную хвіліну на ўлонне прыроды. Хай не прывозіў дадому ні падснежнікаў, ні бярозавага соку, затое, як ніколі, вяртаўся з новымі сіламі, добрым настроем, бадзёры і нібы памаладзелы. З кожным разам яго ўсё больш захапляла тое непаўторнае ўлонне з яго чароўнымі фарбамі і гукамі.

Іван Тарасавіч напярэдадні выхаднога пачаў збіраць свой ранец, напаўняць яго хлебам, кансервамі, відаць было, што ён збіраўся надоўга. Марыя Іванаўна пацікавілася:

— То куды ж гэта ты?

— Адраса не ведаю, а дакладней, паеду па салаўіныя песні,— шчыра адказаў Іван Тарасавіч.

Божкала Марыя Іванаўна, здзіўлялася, дзіва што! У маладыя гады яго не цягнула прырода, а цяпер што з ім здарылася? Ці ў яго з-за нейкае там прычыны стала мяняцца натура, а калі так, то няўжо новая яго звычка стала заменай яму шчасця?

— З прыродай я жыццём пачынаю дыхаць,— адказаў Іван Тарасавіч і тут жа пажартаваў: — Яна мой уладальнік і начальнік, карацей — загадае прырода — заўтра ж буду акушэрам.— А каб жонка правільна яго зразумела, растлумачыў: — То як жа мне не дружыць з прыродай. На прыродзе я дужэю і маладзею. А ўвогуле, як кажуць, часы мяняюцца, і я, дарэчы, мяняюся разам з імі.

Адкуль і калі ў яго паявілася захапленне прыродай — радавалася і трывожылася Марыя Іванаўна, радавалася, што нарэшце ён пачаў берагчы сваё здароўе, вызваляцца ад лішняга тлушчу і спазнаў спакойныя ночы, а трывожылася, каб гэтыя частыя прагулкі не сталі яго звычкай, каб ён не стаў абыякавым да сваёй работы, завода. Аднак пакуль не выказвала свае думкі.

І трэба ж было ўчора такому здарыцца. Калі прыйшоў з работы і сеў за стол, каб павячэраць, якраз зазваніў тэлефон. Марыя Іванаўна падняла трубку. Разабрала, ці не голас Ціўчанкі? Той прасіў да тэлефона Івана Тарасавіча.

Не хацелася Якушу адрывацца ад стала, але што зробіш — калі тэлефон у тваёй кватэры, кажуць, то гэта не што іншае, як твой друг і вораг.

Падышоў, узяў трубку. Ён, Ціўчанка. Той проста так ніколі яму не званіў. «Няўжо,— падумаў Іван Тарасавіч,— і на гэты раз паведаміць што-небудзь непрыемнае». Бо Ціўчанка рэдка калі радаваў Якуша: то перадасць, што пра яго, Якуша, нехта нагаварыў начальству, то як яго самога пакрыўдзілі, то яшчэ што падобнае. А каб пазваніў калі з нагоды якой прыемнай падзеі, такога не было. На гэты ж раз Ціўчанка нечакана парадаваў.

— Яшчэ заўчора я даведаўся, што на вас, Іван Тарасавіч, аформлены дакументы для ўзнагароды,— сказаў ён.— У сувязі з вашым пяцідзесяцігоддзем і за заслугі, канечне. Так што віншую.

Нейкі момант Іван Тарасавіч маўчаў. Не ведаў, што адказаць. Вызвалілі ад пасады начальніка як руцінёра, і на табе, прадстаўляюць да нейкай там узнагароды «за заслугі». То як гэта разумець?

— Ды лепш ты, Ціўчанка, мне не гаварыў бы такое,— адказаў Іван Тарасавіч і паклаў трубку.

Навіну, пра якую паведаміў Ціўчанка, Іван Тарасавіч напачатку пастараўся прапусціць міма вушэй. Не сказаў нават жонцы. Ды дзе там — яна, тая навіна, як нешта жывое, пасялілася ў ім. Возьме газету, стане чытаць, а ўяўляемы ордэн засцілае яму вочы, прысядзе каля тэлевізара — ўсё роўна не выходзіць з галавы ордэн. Тады ён пайшоў у спальню, разабраў пасцель і лёг. Спадзяваўся, што вось зараз выключыць святло, суцішыцца і засне. Але не спалася. «То як гэта разумець? — разважаў Іван Тарасавіч.— Жыгнулі спадцішка, а потым недзе праз паўгода надумаліся ўзнагароджваць».

І паплылі, паплылі думкі. Успомніў сваё юнацтва і як прыйшоў на завод. Пакуль не выбіўся ў людзі, пакуль не закончыў інстытут, не тое што зведаў якое шчасце, рэдка калі высыпаўся. Нарэшце яго вылучылі на начальніка цэха. Тут, здавалася, ён уздыхнуў на поўныя грудзі, ды не тое было: цяжкі груз лёг на яго плечы. Думаў, год-два патрымае яго ды скіне, але, глядзі ты, пранёс ледзьве не дзве пяцігодкі. То чаму б дырэкцыі і не пахадайнічаць аб узнагародзе. Усё-такі ён сваю долю ўнёс спаўна ў развіццё айчыннага трактарабудавання.

І чым далей успамінаў перажытае, чым больш азіраўся са свайго высокага поўдня на пройдзенае, тым больш пераконваўся, што да свайго пяцідзесяцігоддзя сапраўды зрабіў не так і мала.

Успаміны паступова адцяснялі сон і нарэшце зусім адагналі. А калі ў вокнах пачаў сінець ранак, калі ўпэўніўся, што ўжо не засне, ціхутка, каб не разбудзіць жонку, падняўся з пасцелі, апрануўся і выйшаў на вуліцу.

Было яшчэ так рана, што нават дворнікі спалі. А раніца — ну, што па заказу, свежая, парная. Абяцаўся добры дзень — на небе ні хмурынкі.

Прыслухаўся Іван Тарасавіч да цішыні. Праўда, хоць горад яшчэ спаў, ды ўжо крыху шумеў — дыхаў сваім прытоеным жыццём. А ўсё ж цішыні было куды больш. І ў гэтай прывабнай цішыні недзе, не так ужо і далёка, цялёхкалі салаўі. Іван Тарасавіч ведаў, што шчыруюць яны ў альшаніку каля рэчкі.

Пайшоў туды, пайшоў імкліва, імпэтна. Мог бы і пабегчы наўгрунь, але не стаў гарэзнічаць.

Дарога здалася лёгкай і кароткай. Не ўчуўся, як дыхнула на яго рэчка туманам, густой вільгаццю. Падышоў да берага.

Пасля доўгай непагадзі рэчка нарэшце залагодзілася густым блакітам. Ці то неба гэтак празрыста адлюстроўвалася ў ёй, ці была такая чысцюткая вада. Так і карцела зачэрпнуць прыгаршчамі тае вады і апаласнуць твар, ды што твар, напіцца, напіцца вады і таго водару вясны.

Іван Тарасавіч зірнуў наўкола — усё зелянела, ля рэчкі цвіла лотаць. На зямлю зноў вярнулася вясна са светлым маем, з салаўінымі песнямі, з хмяльным пахам бэзу. І ўсё жывое радуецца вясне. А ў Івана Тарасавіча нібыта двайная радасць. Яму здавалася, што не толькі на зямлю, але і ў яго асабістае жыццё вярнулася вясна.

А салаўі, о як шалеюць у прыбярэжным кустоўі салаўі. Іван Тарасавіч памкнуўся бліжэй падысці да густых кустоў, нават ступіў колькі крокаў, але тут жа падаўся назад: навошта наводзіць спалох на салаўёў. Прысеў на траве, прытаіўся: няхай шчыруюць. Прыслухаўся. І ўпершыню за ўсё жыццё ўлавіў, што трэлі салаўя складаюцца з асобных музычных фраз, цесна звязаных паміж сабой. І фразы гэтыя — дзівосныя.

З-за небакраю ўрачыста выплыла сонца — пара было заканчваць свой, мабыць, першы ў жыцці такі ранішні паход у вясну з хмяльнымі пахамі зямлі і непаўторнымі салаўінымі песнямі.

Дамоў Іван Тарасавіч не пайшоў. Адразу скіраваў на завод.

Ісці не спяшаўся. Ведаў, што да яго рабочага месца крочыць павольнай хадою недзе мінут дзесяць. Гэта паўз першы механічны, потым прэсавы...

Кожны раз, калі праходзіць ён паўз прэсавы, здаецца, мінае свой родны дом, і, які б у яго ні быў добры настрой, з кім бы ні сустракаўся, з кім бы ні гаварыў, на душы робіцца трохі шчымліва. Як ні кажы, гэтаму цэху аддаў ён лепшыя гады свайго жыцця.

Леташняй восенню сустрэў тут свайго пераемніка Віктара Кудрэйку. Якуш ішоў сабе на работу па праваму баку алеі, а Віктар Кудрэйка спяшаўся некуды да прахадной. Тады Іван Тарасавіч не захацеў пераходзіць дарогу, каб забегчы Кудрэйку наперад. Ды хоць бы ён і сутыкнуўся з ім на прахадной ці дзе на вуліцы, Якуш не зачапіў бы яго. Крыўды ніякае не затаіў на Кудрэйку, а не зачапіў бы. Ну, а калі б загаварыў Кудрэйка першы з ім, Іван Тарасавіч паставіўся б да свайго пераемніка, вартага яго ці не, а ўсё ж пераемніка, паставіўся б, вядома, са шчырай прыязню. На гэты раз вырашыў зайсці ў прэсавы. Час у яго быў.

Вырашыў, то чаму б не сустрэць каго са знаёмых, пацікавіцца, не распытаць, як жывецца, маецца і, наогул, як працуецца пры новым начальніку. Але ні ў дзвярах, ні ў цэху Івану Тарасавічу, як на тое, не трапляліся на вочы знаёмыя. Зірнуў на цэхавую дошку Гонару і адразу вочы яго затрымаліся на знаёмым партрэце. Няўжо Бабічаў, той наладчык, які так даўся яму ў знакі? Падышоў бліжэй, прачытаў подпіс, сапраўды, ён, Бабічаў! Няўжо памылка якая? Бабічаў працуе на заводзе больш за дзесяць гадоў. Чатыры разы Якуш звальняў яго за прагулы і п’янкі і чатыры разы па просьбе райвыканкома прымаў зноў. «Слава» аб ім даўно перайшла межы прэсавага цэха і стала агульназаводскай. Цяпер, глядзі ты, Бабічаў на дошцы Гонару!

Нечая рука асцярожна лягла Якушу на плячо. Азірнуўся — побач стаяў і ўсміхаўся Лёня Якубка.

— Добрай раніцы вам, Іван Тарасавіч,— сказаў нараспеў Якубка.— Даўно вас не бачыў.

Але перш чым пацікавіцца хоць бы пра тое, што ў яго, Якубкі, новага, як жывецца, працуецца, Якуш, паказаўшы на дошку Гонару, спытаў пра Бабічава:

— Няўжо перамяніўся?

— Уявіце сабе, што так,— з падкрэсленым гонарам адказаў Якубка і тут жа дадаў: — Апынуцца тут, на дошцы Гонару, у Бабічава было права чалавека і грамадзяніна. Можна, вядома, сказаць, што не ўсякаму чалавеку ўдаецца дасягнуць Карынфа, а Бабічаву ўдалося. Канечне, не без нашай дапамогі. Самі ведаеце, бывала, Бабічаў як зап’е — тыдзень не прасыхае. Можна было Бабічава каленам пад мяккае месца, і, маўляў, каціся ты, апівошына, на ўсе чатыры бакі. Кудрэйка сказаў: «А Бабічаў жа ўдзельнік вайны, у танку гарэў, ды і рукі залатыя ў яго. То няўжо і за борт Бабічава?» І Кудрэйка і мы ўсёй грамадой узяліся за Бабічава. Доўга важдаліся з ім, сам Кудрэйка не раз хадзіў да яго дадому, выклікалі на цэхавы камітэт. Не хачу сказаць, што адразу перастаў выпіваць... Цяпер трымаецца. Калі трэба, дзве змены не выходзіць з цэха. Мы яго пахвалілі, ён і падняў галаву. Дома — бацька добры дзецям, тут — лепшы спецыяліст. А што ж, мы яго і на дошку Гонару. Ды ён скора трапіць у лепшыя спецыялісты завода. А як жа! У чалавека трэба верыць.

На вуснах Івана Тарасавіча паказалася ўсмешка: здавалася, тут ён, як бывала дасць сваё заключэнне, маўляў, колькі ад казла малака дачакаешся, столькі ад Бабічава пастаяннай прыстойнасці, але з палёгкай уздыхнуўшы, заўважыў:

— Што значыць не адступаць.— І, прайшоўшы колькі крокаў, дадаў: — Праўду кажуць, што вера горы варочае.

— «Но вера без дел мертва есть»,— Якубка казырнуў нечай цытатай — гэта каб звярнуць увагу на тое, што яны верылі Бабічаву, а разам з тым даў зразумець, што раней Бабічава толькі гонам гналі з цэха, нават з завода, а яны, бач, з яго чалавека выхавалі.

Прыемна было такое чуць Якушу і непрыемна. Добра, што з Бабічава, думаў ён, выбілі дурніцу — тут нічога не скажаш, пастараліся, паставілі чалавека на ногі, а непрыемна было для Якуша тое, што з Бабічавым яны цяпер сталі насіцца, як з пісанай торбай і ўсе заслугі, відаць, прыпісваюць Кудрэйку, маўляў, былы начальнік цэха Якуш на Бабічава некалі махнуў рукой, а Кудрэйка, бач, як выратаваў яго. Але Якуш не мог такое сказаць Якубку.

Пайшлі па цэху. Усё тут Якушу знаёмае і блізкае. Знаёмыя праходы, станкі... Блізкае таму, што ён вырас і пасталеў на гэтых праходах, сярод гэтых прэсаў.

І тут не мог не спытаць Якуш наконт тых чатырох монаэлектродных машын.

— То дробязі,— адказаў Якубка.— Мы іх за трое сутак устанавілі і пусцілі. За апошнія пяць месяцаў тут аўтаматыкі панаставілі многа, бачыце, во, новыя прэсы, новае абсталяванне...

Іван Тарасавіч аглядаў усе навінкі і, прызнацца, не дужа захапляўся. Як і не захапляўся Бабічавым. Захапляцца, гэта значыць публічна хваліць свайго пераемніка, маўляў, от ён, новы начальнік, хоць і малады, а які выдатны арганізатар. Хваліць Кудрэйку — значыць у нейкай меры зневажаць самога сябе. Ну, а каб і Якубка не перахвальваў Кудрэйку.

Іван Тарасавіч выказаў сваё меркаванне:

— Канечне, тут дырэкцыя завода не палічылася з капейкай.

— Па-мойму, Іван Тарасавіч, ні пры чым тут дырэкцыя,— адказаў Якубка.— Я вам скажу адно: за пяць месяцаў пры Кудрэйку аўтаматыка ў нас замяніла больш, як дзвесце рабочых. Кудрэйка ледзьве не за грудкі браўся з Гарадцом, каб больш укараніць аўтаматыкі. То пры чым тут дырэкцыя да заслуг Кудрэйкі?

— Ну, тады Кудрэйка народжаны для начальніка цэха,— здаўся Якуш.

— А калі прыйшоў у цэх Кудрэйка,— ідучы далей, працягваў Якубка,— многія сталі кпіць з яго, адзін у аднаго пытаць, ці скора ён уцячэ? Такое і ў вочы яму казалі — а Кудрэйка толькі пасмейваўся. Праўда, у яго яшчэ не хапала вопыту работы з людзьмі. І тым не менш пачаў адразу згуртоўваць калектыў. Вось, скажам, пройдзе па цэху, пагаворыць, напрыклад, з маім рабочым — адна справа, што я, майстар, пагавару з ім, а то — начальнік цэха. Можа, яго ўвагу і адхіліць ад прэса на якія дзве-тры мінуты, але распытае, як у яго сямейнае жыццё, якія ў яго прэтэнзіі, а гэта дужа важна. Важна для самога рабочага, рабочы бачыць, што начальства ніколькі нос не задзірае; важна, канечне, і для Кудрэйкі. Перш чым згуртаваць калектыў, начальніку трэба ведаць душу кожнага рабочага. Кудрэйка цяпер ведае, хто чым дыша. Каму невядома: калі будзе ў цэху калектыў, будзе і план. Вось Кудрэйка пастаянна і займаецца культурай вытворчасці, псіхалогіяй людзей. Вось так... Ды вунь ён сам маячыць, бачыце? Кажу, Віктар Кудрэйка,— паказаў Якубка.

З левага праходу набліжаўся да іх высокага росту, хударлявы і трошкі сутулы малады чалавек у цёмна-сінім берэце. То быў Віктар Кудрэйка. Яшчэ здалёк ён заўважыў Івана Тарасавіча, прыўзняў руку, вітаючы: о, які госць сёння ў цэху!

І яны абодва, былы начальнік цэха і новы, паспяшаліся адзін аднаму насустрач.

* * *

Гарадца не пакідала думка, ці справіцца ён з работай на новай пасадзе. Тут, на заводзе, ён як рыба ў вадзе, у яго спецыяльная адукацыя, вопыт. А ў гаркоме? Ніколі ж не працаваў у партыйных органах. Калі ў час афіцыйнай размовы высокі партыйны работнік у яго спярша пацікавіўся пра настрой, Гарадзец запытаў:

— Шчыра?

— Толькі шчыра.

— Не хачу з завода. На новым месцы... раптам не спраўлюся.

— Не трэба забываць аднаго, што мы з табой — афіцэрскі корпус партыі,— заўважыў яму той работнік.— І прадстаўнікі гэтага корпуса не выбіраюць, дзе лягчэй, куды хочуць, а куды не хочуць. Ідуць туды, куды трэба.— І, не пераводзячы дыхання, працягваў: — Ведаю, што гарком — не завод. Цяжэй, вядома, будзе. Але, спадзяюся, справішся. Трэба будзе, ва ўсіх добрых тваіх пачынаннях падтрымаем. Ну, а калі што стане не пад сілу, што ж, заходзь, будзем памагаць.

І вось сёння пленум гарадскога камітэта партыі. Мабыць, асобныя таварышы здзівяцца: Гарадца, дырэктара завода, практыка, раптам вылучаюць на адказны партыйны ўчастак. То з чаго ж ён пачне работу сакратара? Няўжо, зыходзячы з вопыту заводскіх аператывак? Многім, канечне, будзе незразумела такое вылучэнне, але ж Гарадцу помніліся словы таго высокага партыйнага работніка, што прадстаўнікі афіцэрскага корпуса партыі не выбіраюць, дзе лягчэй, не ідуць куды яны хочуць, ідуць туды, куды трэба.

Калі засвяціла сонца ў вокнах, зазвінеў будзільнік, адразу падхапіўся з пасцелі Алёша. Узрадаваны, вясёлы. Дзіва што! Учора ён закончыў чацвёрты клас без адзінае чацвёркі, з пахвальнай граматай. Сёння, як некалі дамаўляўся з бацькам, яны паедуць заводзіць катэр. Вось ён учора і навёў будзільнік, каб не праспаць.

Мікалай Ігнатавіч апрануўся. Так, ён некалі абяцаў Алёшу, як толькі надыдуць летнія канікулы, абавязкова паехаць заводзіць катэр. Вось і першы дзень канікулаў. Аднак сёння паехаць не было як.

— Заўтра, сынок, паедзем,— мусіў сказаць Мікалай Ігнатавіч і, падумаўшы, удакладніў: — Калі не заўтра, то паслязаўтра, у нядзелю, абавязкова.

Алёша прысеў на ложку, перапытаў:

— А што, сёння не выпадае?

— Не выпадае.

Якраз зайшла ў пакой Марынка, спярша абвіла татку рукамі за шыю, потым, каб ніхто, ніхто не пачуў, стала гаварыць татку па сакрэту, на вуха:

— Скажы Алёшку, каб ён любіў мяне. А то ён не любіць усіх, усіх дзевачак. І на мяне кажа, во, каб ты была брацік. Дык мамка штаны мне купіла і шапку купіла.

— Што ты нашэптваш татку? — не залюбіў Алёша.

— А я не нашэптваю, а гавару, што ў мяне ўжо штаны ёсць.

— Ой, дзеці, дзеці мае...— Мікалай Ігнатавіч прысеў на ложку да Алёшы і абодвух, Марынку і Алёшу, моцна-моцна прытуліў да сябе.

* * *

Другую пятніцу мая месяца Людміла чакала даўно, з нецярпеннем. І не толькі таму, што ёй споўніцца роўна дваццаць тры гады і да яе, імянінніцы, прыйдуць з віншаваннямі сяброўкі. Людміла, прызнацца, заўсёды чакала свой дзень у маі. Некалі ў садзіку ў гэты дзень яна раздавала ўсім, усім дзецям лепшыя цукеркі і старалася быць у групе добрай-добрай: у школе — гэтага Людміла ніколі не забудзе, як класны кіраўнік Іван Міхайлавіч дазволіў ёй на апошнім уроку нават пасмяяцца — за дзень яна атрымала ажно шэсць «пяцёрак». «Смейся, Якуш,— сказаў Іван Міхайлавіч тады перад усім класам,— смейся сёння ў школе і дома». Потым, калі вучылася ў інстытуце, у дзень яе нараджэння прыходзілі да яе сяброўкі. Аднаго разу яна забылася, што ў яе дзень нараджэння — назаўтра трэба было здаваць залік па англійскай мове. І раптам увечары чуе званок, бацькоў тады якраз не было дома, чуе як нехта настойліва стаў прасіцца ў кватэру. Людміла нават зазлавалася: «Ну, каму там не церпіцца?» Ажно — Валя, яе аднакурсніца. Новую пласцінку прынесла.

— Знаю, табе спадабаецца,— сказала Валя.— Другая сімфонія Бетховена. Помніш? — і ў парозе прыгадала мелодыю тае сімфоніі.

— Заўтра, як завалім залік, вось тады нам...— не справілася сказаць Валі: «вось тады нам будуць слёзы з-за гэтай сімфоніі», як зноў забрынчаў званок над дзвярыма.

— Адчыніла — Галка. «Якое супадзенне, быццам дамаўляліся»,— падумала Людміла.

— Гэта я прынесла табе, во... — Галка разгарнула ў газеце дзве кніжкі.— Ты даўно хацела прачытаць Чэчневай: «Начныя вядзьмаркі». Вось табе і Чэчнева і Сент-Экзюперы.

Толькі расчасаліся дзяўчаты перад люстэркам, як зноў званок.

— Ну, што гэта сёння такое? — употай спытала Людміла; пайшла адчыняць.

Калі за дзвярыма ўбачыла Ніну з пышным букетам цюльпанаў, здагадалася, менавіта чаму да яе прыйшлі сяброўкі.

На гэты раз Людміла чакала другую пятніцу мая месяца яшчэ і таму, што нібыта ў гэты дзень яна адчуе сябе зусім здаровай і дактары дазволяць ёй, хай можа, як выключэнне, не тое, што прыўзняцца з ложка, а — нават прагуляцца па двары. Хацелася такога, спадзявалася на такое, а больш за ўсё чамусьці верыла такому. А яшчэ на гэты дзень, пятніцу, у яе цяплілася таямнічая і загадкавая, няпэўная і трывожная надзея — на сюрпрыз Астаневіча. Не сюрпрызец, як ён сказаў, а менавіта сюрпрыз, прыстойны і чалавечны, які яна будзе помніць усё жыццё. Праўда, Людміла яго словам нейкага асаблівага значэння не надавала: маўляў, сказаў, каб проста суцешыць яе. Аднак, што абяцаў тады, выконваў пунктуальна: амаль кожны дзень пасля работы прыязджаў да яе, прывозіў свежыя газеты, расказваў навіны. А неяк раз — той візіт яна не забывае — зайшоў у палату нечым усхваляваны, прысеў ля яе і папрасіў, каб заплюшчыла вочы, а калі заплюшчыла, адчула, як ён нешта ўздзяваў на яе сярэдні палец левай рукі. «Няўжо пярсцёнак?» Так, калі зірнула, на яе руцэ быў залаты пярсцёнак. Памкнулася спытаць, навошта ён такое зрабіў, але ўбачыла і на яго руцэ такі ж пярсцёнак, а ў вачах — іскаркі радасці. То, мабыць, што абяцаў некалі, вось і выканаў — такі пярсцёнак, канечне, сюрпрыз для яе. Толькі за якую ласку падарыў яго? Аж няёмка. Хацела адразу ж вярнуць Астаневічу той пярсцёнак, але баялася пакрыўдзіць. Потым Астаневіч дастаў з папкі чысты аркуш паперы, прапанаваў, каб яна напісала заяву... у загс. «Ну, а паколькі ты не ведаеш, як пісаць падобныя заявы, то скапіруй вось з маёй». Людміла прабегла аркуш вачыма: сапраўды, ён прасіў, каб зарэгістравалі іх шлюб, шлюб яго, Івана Акімавіча Астаневіча, і яе, Людмілы Іванаўны Якуш, у маі месяцы, якраз у дзень яе нараджэння.

— Здурэў жа ты! Вар’ят!

— Пакуль такіх сімптомаў за сабой не заўважаю.

— Ды я ж буду недзе каля года лячыцца, каля года прыкавана вось да гэтага ложка, а потым яшчэ лячэнне ў санаторыі, а потым невядома, як усё будзе... То праўда, ці не звар’яцеў ты? Перш за ўсё мне трэба выжыць, а потым ужо філасофстваваць на такія тэмы. Парві заяву, забудзь пра тое, што гаварыў.

— Я не кідаю слоў на вецер.

Як ні ўгаворваў Астаневіч у той раз Людмілу, не ўгаварыў напісаць заяву. Закончылі размову тым, што ён даў ёй дужа кароткі тэрмін: падумаць адны суткі.

Падзякавала Людміла яму за ўцеху, пасмяялася, а потым папрасіла да сябе бабку Арцёменка — Антаніне Сяргееўне тады ўжо другі тыдзень, як дазволілі праходжвацца. Папрасіла, каб падзяліцца з ёй, як са старэйшым таварышам, сваім патаемным.

Доўга і падрабязна расказвала аб іх з Астаневічам адносінах і рашуча закончыла:

— Не трэба, не трэба мне яго ахвяра. Уявіце толькі: я буду ляжаць, а да майго ложка прыйдзе прадстаўнік з загса рэгістраваць шлюб. Тут віншаванні, шампанскае, а я не магу нават варухнуцца. О, гэта нейкая кашмарная, ашаламляючая фантасмагорыя.

— А я табе вось што скажу,— нарэшце загаварыла Антаніна Сяргееўна.— Помню, было гэта ў сорак другім, пад Вязьмай. Тады я фарміравала сваё падраздзяленне. Праз дзень-другі мы павінны былі ісці ў бой. Некаторыя паапускалі насы. І вось прыходзяць да мяне двое: радавы Самусеў, звалі яго Дзіма, родам ён аднекуль з-пад Разані, і медсястра Тамара, з-пад Гомеля аднекуль. Прыходзяць прасіць у мяне бласлаўлення, каб стаць мужам і жонкай. «Застанемся жывы, будзем жыць,— кажа Самусёў,— а загінем...» Тамара дапаўняе яго: «То будзем хоць ведаць, што былі сваімі». Што ж, я тады загадала старшыне знайсці хоць грамаў дзвесце спірту. Той, канечне, пастараўся... Блаславіла я жаніха і нявесту. Назаўтра мы, канечне, пайшлі ў бой. Мяне ў тым баі параніла, я апынулася ў шпіталі. Калі вярнулася назад у сваё падраздзяленне, ні Самусёва, ні Тамары не сустрэла. Ды і не да іх было. Новыя баі, новыя мукі, страты...

А пасля вайны, недзе гадоў дзесяць таму назад, прыходзяць да мяне на кватэру мужчына і жанчына, абое падаюць мне рукі — Самусёвы. У абодвух грудзі ў ордэнах. Выжылі, аказваецца. Цяпер ён, Дзмітрый Якаўлевіч — дырэктар, не помню, якога завода ў Разані. Тамара Фёдараўна — доктар медыцынскіх навук.— Антаніна Сяргееўна зручней уселася на табурэтцы.— То чаму я расказваю табе пра іх. Яны хацелі жыць, кахалі адно аднаго, бераглі сябе, верылі ў жыццё. Праз які агонь і мукі яны не ішлі, не адну смерць падтапталі пад сябе. І, глядзі, выжылі. То, можа, і памагла ім вера? І табе, Людачка, няма чаго фанабэрыцца. Калі чалавек хінецца да цябе, калі просіць твае рукі... Я баба бітая, кожнага бачу навылёт. А Іван твой талковы, з душой да цябе. Ён запісацца хоча, каб ты хутчэй на ногі стала.— І ў заключэнне як бы дала распараджэнне: — То не крыўдзі мне Івана.

У той вечар Людміла напісала заяву.

І вось яна чакала гэты дзень, доўга чакала. Што толькі не перадумала, лежачы на сваім злашчасным шчыту. Іншы раз і каялася, навошта тады паслухала бабку Антаніну, навошта пагаджалася на нясвоечасовую рэгістрацыю шлюбу, хто яе падганяў, хто прымушаў пісаць тую заяву. Усё роўна ж заўчасна, не закончыўшы лячэння, ёй не дазволяць падняцца, выйсці з бальніцы. А калі наканавана ёй быць разам з Астаневічам, можна было б не спяшацца.

Аднак няўмольна і пэўна набліжаўся той дзень, калі вось тут, у бальнічнай палаце нумар трынаццаць, збяруцца дактары і хворыя, збяруцца, каб паглядзець, як будуць рэгістраваць іх шлюб... Праўда, хоць ведала, што адбудзецца такая ўрачыстасць, тыя мінуты яна не перажыве, аднак перайначваць той дзень, той момант, адтэрмінаваць яго ўжо было немагчыма.

Іншы раз карцела прызнацца бацькам, што тут, у бальнічнай палаце, іхняя адзіная дачка неўзабаве стане жонкай Астаневіча, карцела, але баялася. Баялася адзінага: рашучага пярэчання бацькі. Маці, ведала, забараняць не стане. «Табе, дачушка, з ім жыць,— скажа,— табе і рашаць». А бацька можа не дазволіць. То ці варта ўводзіць ім загадзя такое ў вушы? Можа, яшчэ, чаго добрага, і Астаневіч перадумае. Ну, а калі адбудзецца, што ён задумаў, можна будзе потым сказаць і бацькам...

...Зірнула ў акно. Раніца сонечная. Неба чыстае, чыстае. І такая духмянасць у палаце, столькі водару. Адкуль? Павярнула галаву і ўбачыла на тумбачцы цюльпаны. Букет вялікі і пышны. Ля букета паштоўка: «З днём нараджэння» і подпіс — «Галка». Тут жа ў каробачцы — духі. Духі і паштоўка ад Валі, вядома, і кніжка, перавязаная ружовай стужкай. Канечне, ад Ніны. Узяла кніжку, зняла стужку. Толькі разгарнула, каб прачытаць, што ж на гэты раз напісала на кніжцы Ніна — яна ўмее дужа хораша падпісваць кніжкі, падарункі да яе дня нараджэння — а тут з-пад вокладкі на яе грудзі выпаў пашпарт. Яе пашпарт! Нейкі момант яна трымала ў руках свой пашпарт і не разумела, чаго ён тут апынуўся? Потым стала здагадвацца, ці не знарок Ніна ўклала яго ў кніжку. Здагадалася: дзяўчаты ведаюць усё, ведаюць, што менавіта сёння... А яшчэ падумала, што не інакш, калі Ніна брала ў яе бацькоў пашпарт, калі схавала яго пад вокладку кніжкі, спадзявалася зрабіць для яе прыемнае, падкрэсліць сваю ўвагу, а тут не тое было — неяк раптоўна сціснула ёй горла. «Пашпарт, пашпарт прынеслі»,— а больш не здолела прагаварыць ні слова — заплакала. Хацела тут жа схаваць пашпарт і зарыдаць на ўсю палату, зарыдаць не таму, што да яе праявілі чуласць, прынеслі нават пашпарт, хацелася больш зарыдаць ад таго пякучага болю, які толькі што ўсвядоміла: сёння яна апошні дзень ды і то не ўвесь, лічыцца дзяўчынай, незамужняй, нават хоць нерухомай, але вольнай душою. Можа б, і не ўтрымалася, і зарыдала, ды заўважыла, як з нейкай юнай, замілаванай усмешкай на яе глядзела Антаніна Сяргееўна.

— I я выходзіла замуж у маі месяцы, — неяк летуценна пачала Арцёменка.— Бэз, помню, пад акном цвіў. Наламалі таго бэзу і ў хату нанеслі. Сёстры мае, аказваецца, такога нарабілі. Наставілі на вокнах бэзу, натыркалі ў сцены. Нашто, падумала я, столькі бэзу наглумілі? Ажно нам жа, нявесце і жаніху, на вяселлі выпіваць нельга было, дык сёстры хацелі, каб мы з Нічыпарам хоць ад бэзу захмялелі. Харошы быў чалавек мой Нічыпар,— раптам уздыхнула бабка,— а як пайшоў на фінскую недзе ў першыя дні вайны, так і не вярнуўся.

Зайшла сястра са шпрыцам і адразу, як заўсёды, папярэдзіла:

— Падрыхтавацца, дзевачкі, зноў вам па порцыі радасці...

Дзевачкамі сястра называла Людмілу, а заадно — і бабку Арцёменка. Ірына Міхайлаўна і Мілянціна Паўлаўна пасля бальніцы справіліся пабыць ужо ў санаторыі, абсалютна выздаравелі, надоечы прыходзілі да іх у госці. Таму ў палаце цяпер яны ўдваіх, а два ложкі, на якіх лячыліся Мілянціна Паўлаўна і Ірына Міхайлаўна, пакуль вольныя.

Пасля снедання зайшла доктар Шыкіна. Павіншавала Людмілу з днём нараджэння, а разам з тым, каб падбадзёрыць, а можа, і пахваліцца сваімі поспехамі, што не дарэмна яна, доктар, старалася, паведаміла: калі і надалей гэтак добра будзе праходзіць у Людмілы лячэнне, то недзе праз месяц атрымае накіраванне ў санаторый. Тут жа агаварылася:

— Гэта маё такое заключэнне. Не знаю, што скажа прафесар. Сёння прыязджае прафесар і будзе абход рабіць, то пацярпіце ўжо колькі. Цікава, што ён скажа,— і пайшла.

Праз месяц у санаторый... І хоць няпэўна выказала сваю думку доктар Шыкіна, для Людмілы такое паведамленне было вельмі дарагім сюрпрызам. Праз тры, хай праз чатыры месяцы, недзе ў пачатку восені яна будзе ўжо дома, вернецца на завод... Праз месяц у санаторый! Значыць, недзе ў пачатку лета яна ўстане з гэтага шчыта здаровай. Папросіць, каб з дому прынеслі бялюткую сукенку, апране яе і выбяжыць на двор. І, ні на кога не зважаючы, узніме рукі і пабяжыць лавіць сонца. Будзе звонка, як дзіця, смяяцца. Смяяцца, колькі ў яе сілы. От, толькі каб не заплакаць. Не, яна наплакалася тут. Яе падхопіць на рукі ён, Іван, і стане кружыць, доўга кружыць, пакуль яна не захмялее ад шчасця, пакуль ён не стоміцца. Той яе дзень будзе недзе праз месяц, але тут жа Людміла ўспомніла перасцярогу доктара Шыкінай: вось толькі што скажа прафесар.

А потым быў абход дактароў. З ёй доўга гаварыў, слухаў яе суровы і строгі прафесар, разглядаў яе рэнтгенаўскія здымкі, чытаў і перачытваў гісторыю хваробы, задаваў пытанні. Напаследак сказаў:

— Хочацца пажадаць табе, прыгажуня, каб і надалей быў здаровы дух у тваім здаровым целе. А для гэтага патрэбна табе, як раіў некалі Гіпакрат, спазнаць сакрэт вечнага здароўя. А сакрэт той зусім просты, каб харч, піццё, каханне — карацей, усё каб было ў цябе ўмеркаваным.

Калі пайшлі з палаты дактары, ад вялікага нечаканага прыліву радасці Людміла не ведала, што рабіць. Нейкі час яна нерухома глядзела ўгору, глядзела бяздумна і летуценна, а калі ўспомніла, што прадбачанні доктара Шыкінай усё ж былі правільнымі, калі ўжо было пэўным тое, што праз месяц яна выбяжыць на вуліцу і пабяжыць да сонца, чамусьці, ну, што за натура ў яе, хлынулі слёзы. Каб ніхто не ўбачыў, прыкрыла твар ручніком. Ды і трэба ж у такі момант ёй змаладушнічаць — у палату якраз зайшлі людзі. Менавіта хто зайшоў, не паглядзела: сорамна было адкрыць заплаканы твар. Яна спадзявалася, што пройдзе колькі мінут, выплачацца, вылье назаўсёды ўсё, усе свае слёзы. І будзе смяяцца, цяпер заўсёды будзе смяяцца...

Нехта асцярожна крануў ручнік, каб зняць яго. А яна ж яшчэ не выплакала свае слёзы. І сказаць не было як.

— Людачка...— Гэта голас яго, Астаневіча.

— Людка, ды што з табой?

І Галка тут!

— Людмілка!

І Валя тут.

— Людмілачка, пара мяняць пласцінку.

І Ніна тут!

— Людачка,— Астаневіч нахіліўся над ёй.

Тут яна скінула з сябе ручнік, зірнула заплаканымі вачыма, потым моцна, моцна абвіла яго белымі рукамі і зноў захліпала.

— Людачка, супакойся,— прасіў яе.

А яна, не адпускаючы яго, усё мацней туліла да сябе і ў парыве бязмежнай радасці ўсё яшчэ ўсхліпвала і казала, здавалася, казала толькі яму аднаму:

— А я буду жыць... буду здаровая. Буду жыць...— Плакала і ўсё казала скрозь слёзы: — А я буду жыць...

* * *

Якуш правёў у прэсавым амаль палову змены — здавалася, толькі сустрэўся з Кудрэйкам, а пакуль абышлі цэх, паглядзелі, што змянілася тут за апошні час, пакуль пагаварылі, не ўчуўся, як настала дванаццатая гадзіна — праз колькі мінут абедзенны перапынак.

Не шкада было Якушу праведзенага часу з Кудрэйкам, шкада, чаму ён не сустрэўся са сваім пераемнікам раней. Ну, хоць бы з паўгода назад. Можа б, не столькі давялося перажываць. Усё ж, як бы там ні было, а Гарадзец падабраў на яго месца вартага і даволі прагрэсіўнага спецыяліста. Калі аб’ектыўна меркаваць, калі зрабіць перспектыўную прыкідку, то, будучы начальнікам, Кудрэйка за сваіх восем гадоў куды больш зробіць для цэха, чым ён за такі ж час. Дык няўжо яму, Якушу, без згрызоты сумлення, ведаючы, што збіраюцца яго ўзнагародзіць, спакойна чакаць ордэна за нейкія там заслугі?

Выйшаў з прэсавага азадачаным.

Пайшоў да прахадной, каб вось зараз, у час абедзеннага перапынку, зайсці да Гарадца і сказаць, што не пад гарачую руку, а пасля глыбокага і грунтоўнага абдумвання адмаўляецца ад узнагароды. Не заслужыў. Пахвалы нават не заслужыў. А што яму спаўняецца пяцьдзесят, дык гэта яшчэ нічога не значыць. Хай лепш на яго ўрачысты вечар прыйдуць сябры, хай — хто з дырэкцыі. Будзе час Гарадцу, з дарагой душой ён будзе рады Мікалаю Ігнатавічу. Хай на яго пяцідзесяцігоддзі скажуць яму шчырае слова, толькі каб шчырае і з такой умовай, каб не захвальвалі. Пасля вечара ён застанецца адзін на адзін і яшчэ раз усё да драбніц перадумае. Узважыць кожнае слова кожнага добразычліўца, узважыць, збярэ новыя сілы і, пераадольваючы свой высокі поўдзень, сваё пяцідзесяцігоддзе, зноў стане на працоўную вахту. З новымі сіламі, з новым, яшчэ большым гарэннем. А ордэн... Калі ён заслужыць урадавае ўзнагароды, ордэн не будзе позна яму прыняць і ў сваё шасцідзесяцігоддзе.

З такімі думкамі, з цвёрдым і канчатковым рашэннем ён падышоў да дзвярэй прыёмнай дырэктара завода.

Кожны раз, калі падыходзіў да гэтых дзвярэй, Якуш нечага хваляваўся, нават бянтэжыўся. На гэты раз падышоў сюды спакойна. І дзверы якраз былі адчынены. Гучна, на ўсю прыёмную, нават у калідоры было чуваць, крычала некаму ў тэлефонную трубку Алена Браніславаўна:

— Хутчэй, хутчэй, кажу, прыязджайце, Іван Іванавіч. Тут навіны ў нас такія. Пленум, пленум сёння гаркома партыі. І, на жаль, Мікалая Ігнатавіча забіраюць ад нас. Куды, пытаецеся? Іван Іванавіч, вы добра мяне чуеце? Ужо забралі ад нас Мікалая Ігнатавіча... першым у гарком... А хто будзе на яго месцы — начальству, канечне, відней... Ну, якое там надвор’е ў Маскве? Цёплае? І ў нас цёпла. Усё цвіце. Так, і яшчэ навіна ў нас. Астаневіч сёння афармляе шлюб з Людмілай Якуш. У бальнічнай палаце. Адгаворвалі многія, казалі, хай выздаравее, тады ўжо. А ён сваё — аформлю, кажа, тады хутчэй і выздаравее. Ай ды малайчына Астаневіч. Дык прыязджайце хутчэй, Іван Іванавіч. Павіншаваць Мікалая Ігнатавіча. А на вяселле, на вяселле справіцеся. Ну, да сустрэчы, Іван Іванавіч. Прыязджайце.

Алена Браніславаўна паклала трубку, а Іван Тарасавіч усё стаяў у калідоры і не верыў сваім вушам: няўжо ўсё, што ён пачуў, праўда? Стаяў і не ведаў: заходзіць яму ў прыёмную ці не.


1974-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Гроднеў М. Салодкі боль. Аповесць. - Мн. : Маст.літ., - 1977 г. - 288 с. з іл.
Крыніца: скан