epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Лупсякоў

Пераправа

I
II
ІІІ


I

 

Маёр Плешчавеня паціху пастукаў па бярвеннях прыкладам аўтамата і шэптам аддаў батальёну загад рыхтавацца да пераправы. Ён першм ўзышоў на плыт, што быў схаваны ў затоцы яшчэ з учарашняга вечара. За ім рушыў і батальён - па адным, па два ўзбіраліся на плыт. Пры святле зорак маёр, што стаяў збоку і быў нечым нездаволены, прапускаючы паўз сябе байцоў, бачыў блізка пахмурыя, аброслыя і такія ж нездаволеныя твары. Гоп-гоп! - нехта сарваўся ў ваду. Гучны ўсплёск і міжвольнае «ах!» - ад неспадзяванасці. У вадзе, побач з плытом, забоўтала нагамі цёмная здань пехацінца - выцягнуўшы ўгору рукі, яна трымала над сабою самае каштоўнае для сябе - зброю. Плешчавеня адразу пазнаў камсорга Мікалая Забілу. І праз тое, што ў вадзе апынуўся камсорг - яго першы памочнік у цяжкі час, - Плешчавеню зрабілася да крыўднага балюча.

- Лажыся! - прахрыпеў маёр і сам адразу расцягнуўся на плыце, а ўслед за ім і іншыя. Толькі камсорг астаўся нерухома стаяць у вадзе з выцягнутымі ўгору рукамі, у якіх ён сціскаў аўтамат.

З шэлестам і як бы з сіпеннем узвіліся над ракой дзве жоўтыя ракеты, асвяціўшы наваколле, і на тым баку затахкаў кулямет. Маёр нават бачыў зялёныя частыя ўспышкі са ствала і намагаўся як мага дакладней запомніць тое месца, дзе яны цяпер відаць. Забіла стаяў у вадзе з выцягнутымі рукамі, баючыся зварухнуцца, нават дыхнуць, і ўбё больш бляднеючы. Пад жоўтым святлом ракет здавалася, што яго твар з шырока расплюшчанымі вачыма нават зелянее. Ён стаяў у такім месцы, дзе зараснікі чароту расступіліся, і быў добрай мішэнню, калі толькі яго заўважаць. Ракеты патухлі, а кулямёт не сціхаў, і Забіла адразу здагадаўся, што пад грукат стрэлаў самы зручны момант выбрацца з вады. Намацваючы дно, ён падаўся да плыта, а потым пачаў узбірацца на яго. Плетчавеня, азірнуўшыся, задаволена і нават не без гонару хмыкнуў. Нейкі час ззаду яго чуцён быў шэпт, а потым усё сціхла. Загрымелі артылерыйскія залпы. Маёр Плешчавеня нервова кусаў губы: баявая, вельмі рызыкоўная і вельмі адказная справа ў самым пачатку пачыналася няўдала, і ўсё з-за аднаго, нават і не вельмі каб моцнага, усплёску вады.

Стаяла цёплая веснавая ноч - адна з многіх баявых начэй. Але гэта была і асаблівая ноч: батальён Плешчавені першы павінен быў фарсіраваць раку, выбіць ворага з заходняга берагу і замацавацца на ім. Батальён - так значылася ў штабах палка і дывізіі. У сапраўднасці ж гэта былі рэшткі яго - не больш за паўсотні байцоў. Добрая палова іх была з папаўнення, з рэштай Плешчавеня прайшоў цяжкі баявы шлях ад Курскай дугі. Камсорг Забіла быў прысланы ў батальён усяго некалькі дзён назад і ўпершыню ўдзельнічаў у сур'ёзнай справе.

Нарэшце кулямёт сціх. Аднак Плешчавеня не падаваў голасу, і байцы не падымаліся. На тым беразе зноў заскакаў сіні агеньчык і зноў затахкала. Сціхла, а потым і яшчэ раз. І яшчэ раз загарэліся ракеты, але не пад грукат зброі - у цішыні.

Рака маўкліва несла свае воды. Яна ў гэтым месцы была нешырокая - усяго якіх сто пяцьдзесят метраў. Але прыкладна кіламетры праз два адсюль справа - ведаў Плешчавеня - на беразе асталіся трупы нашых байцоў, што былі паспрабавалі перабрацца па вадзе днём, з ходу. Гэта адбылося суткі назад, і за гэтыя суткі гітлераўцы паспелі добра ўмацавацца, падцягнуць што-нішто з тылу. Цяжкія сталі цяпер гэтыя сто пяцьдзесят метраў.

А ззаду, дзе сціхлі стрэлы, паляўнічы і рыбалоўны слых Плешчавені ўлавіў знаёмую гамонку начных птушак на паплавах.

Каму і што рабіць на тым беразе - гэта даўно было размеркавана, але цяпер той бераг здаваўся маёру недасягальнай марай. Ён нават спалохаўся гэтага свайго настрою, але бераг, з якога толькі што тахкаў кулямёт і ўзляталі ў неба ракеты, пачынаў выклікаць у душы пачуццё дарэмнай самаахвярнасці. Плешчавеня сціснуў кулакі, і вочы яго ў цемені ўпыхнулі ўпартымі агеньчыкамі: ён змагаўся сам з сабою, са слабасцю, якая раптам пачынала падступацца. Ён рабіў усё, каб вярнуць сабе нядаўнюю ўпэўненасць, бо ад яе залежала ўсё.

І чым больш во так сцішана ляжаў у чаротах на бярвеннях плыта яго батальён, а на тым беразе заспакоена маўчалі, тым больш спакайнеў і сам Плешчавеня.

Яму падабалася, што над ракою панавала цішыня, хоць ляжалі яны больш за гадзіну, і ў думках ён ганарыўся камандзірам палка, які хоць і астаўся далекавата адсюль, аднак нібыта быў разам з ім і таму гэтак жа, як і ён, разумеў становішча.

Маёр уздрыгнуў. Справа, далёка за заваротамі ракі, адразу ўзнялася шалёная страляніна і пакаціліся глухія крыкі. Гэта байцы другога батальёна, падтрымліваючы Плешчавеню, выклікалі агонь на сябе.

Плешчавеня толькі варочаў галавой, прыглядаючыся і прыслухоўваючыся. За некалькі кіламетраў адсюль над ракою загараліся і тухлі ракеты і трасіры ўвесь час праразалі цемень. Тут жа панавала ранейшая цішыня.

Маёр паклаў перад сабою аўтамат і загадаў адпіхвацца ад берага. Ніхто не падняўся на плыце. Нават тыя, што трымалі ў руках даўгія шасты, працавалі імі седзячы. Плыт марудна павярнуўся, выплыў на чыстае месца. Яшчэ некалькі метраў - і вось ужо наперадзе толькі рака. Не больш за сто пяцьдзесят метраў. Маёр падлічыў, што прыкладна праз чатыры хвіліны немцы выпускаюць па ракеце. Плыт крануўся якраз тады, калі ў небе патухла апошняя ракета. Пакуль ён выходзіў з завадзі, прайшла хвіліна. Цяпер за якія тры хвіліны трэба было праплысці аж сто пяцьдзесят метраў. А што будзе, як ворагі асвецяць раку раней? І Плешчавеня шэптам прахроп:

- Хутчэй, хутчэй!

Гэтага і гаварыць не трэба было. Байцы з шастамі працавалі ўмела і шпарка. Вось плыт ужо вынесла на сярэдзіну ракі, вось ужо зачарнеўся наперадзе лазняк, а за ім і ўзгорак. Цяпер усё залежала ад лічаных секунд. Плешчавеня нервова ўглядаўся ў лазнякі, што ўвесь час набліжаліся. Блізка булькатала плынь, варушылася спіна салдата, што напружана працаваў шастом.

Плыт з шумам урэзаўся ў лазовыя кусты, што танулі яшчэ ў вадзе. Без ніводнага стрэлу, без крыку - пры поўнай цішыні!

- За мной! - прашаптаў ён, але так, каб усе чулі, і скочыў, як яму здалося, на зямлю, але ў сапраўднасці па калені ў ваду.

Успыхнула ракета над галавою - і супрацьлеглы бераг, рака, плыт і ўвесь яго батальён сталі адразу ясна відаць. Нехта спалохана крыкнуў наперадзе па-нямецку, нейкі момант Плешчавеня нават чуў кароткі бег, што аддаляўся, і адразу ж за гэтым крыкі, стрэлы і ўзрывы гранат скаланулі паветра.

Бераг быў абрывісты, у ямінах - зусім не такі, якім ён здаваўся, калі на яго пазіралі праз біноклі, і Плешчавеня, а ўслед за ім і байцы ўжо неяк зусім інстынктыўна знаходзілі вузкія сцяжынкі да нямецкіх акопаў. І наперадзе ў маёра, у святле ракет і выбухаў, увесь час матлялася цыбатая, сухарлявая і сутулая постаць, якая здавалася вельмі добра знаёмай, нечым нават вельмі блізкай, але хто гэта быў, маёр, змораны бяссоннымі начамі, ніяк не мог адгадаць. Аднак яны абодва, як заварожаныя, беглі да таго месца, дзе ў цемені вельмі таропка і часта ўспыхвалі сінія агеньчыкі кулямёта. Цяпер маёр зразумеў, што не адзін ён нацэльваўся з таго боку на гэты кулямёт, а і во гэты, хоць нечым і вельмі блізкі, аднак няўлоўны для памяці чалавек. Аўтамат у яго руках, як і аўтамат Плешчавені, увесь час успыхваў то справа, то злева. Нарэшце баец прыпыніўся, шпарка ўзмахнуў рукою і гэтак жа ўпаў, а ўслед за ім, зразумеўшы ўсё, упаў і Плешчавеня. Бабахнуў узрыў, прасвісталі асколкі, наперадзе нешта глуха звалілася, і кулямёт заціх. Баец, як і сам Плешчавеня, таропка мяняў у гэты час аўтаматны дыск.

Потым яны разам ускочылі ў акоп і пабеглі адзін управа, а другі ўлева па акопе, і тут Плешчавеня зразумеў, што яго напарнікам, гэтым блізкім і вельмі дарагім чалавекам, быў камсорг Забіла. Міжволі прыгадалася, як зусім нядаўна стаяў ён пад кулямі з бездапаможна выцягнутымі рукамі і як яго твар усё больш бляднеў, а пасля - як лоўка выбраў ён момант узабрацца на плыт. Можа, іменна гэтым і ўвайшоў ён у душу маёра?

Ззаду беглі байцы і не сціхалі аўтаматы. Пад кулямі ўскрыквалі і падалі фашысты. Пасля трэцяй траншэі Плешчавеня выпусціў ракету і ўбачыў перад сабою лагчыну, па якой, спатыкаючыся, беглі адступаючыя. Далей ісці нельга было. На гэтым узгорку трэба было спыніцца і чакаць падмацавання. Стрэлы вакол заціхалі.

Тады Плешчавеня выпусціў яшчэ дзве зялёныя ракеты - умоўны знак, што батальён паспяхова выканаў заданне. Пасля гэтага ён таропка пачаў абходзіць траншэі, у цемені пазнаючы байцоў, расстаўляючы іх на выпадак контратакі.

 

II

 

Ён ведаў, што ўслед за ім павінен адразу ж пераправіцца наступны батальён з артылерыяй і што там для гэтага падрыхтаваны такія ж плыты, але батальён чамусьці не перапраўляўся, хоць Плешчавеня і яшчэ раз выпусціў у цемень дзве зялёныя ракеты. Раптам над галавою загулі самалёты, павіслі на парашутах ракеты, і ўсё закружылася ў цяжкіх выбухах, енках і стогнах.

Пачыналася раніца. Барвовела неба на ўсходзе, расступаўся змрок, агаляючы абпалены і ўзрыты варонкамі высокі прырэчны бераг. На тым месцы, адкуль ноччу біў варожы кулямёт, валяліся толькі нейкія анучы, тырчала станіна ды блішчалі пераблытаныя кулямётныя стужкі. Траншэі былі завалены трупамі - найбольш варожымі. Плешчавеня пералічыў байцоў і спахмурнеў. Пасля бамбёжкі іх асталося дваццаць пяць. З дваццаць пятым, старшыной, ён сутыкнуўся ў самым кутку траншэі - той сядзеў, трымаючы між каленяў аўтамат, і перавязваў акрываўлены палец на левай руцэ.

- Ты? - толькі і знайшоўся што сказаць Плешчавеня, пільна прыглядаючыся да збялелага твару з вялікімі вачыма.

- Я, - аздказаў Забіла.

- Цяжка будзе, - сказаў Плешчавеня. - Да вечара нашым не перабрацца - іхняя авіяцыя не дасць. А да вечара яны паспрабуюць выбіць нас.

Маёр памаўчаў, чамусьці зноў успомніў, як гэты Забіла стаяў мінулай ноччу ў вадзе пад кулямі, а цяпер гэтак старанна перавязвае свой скрываўлены палец, і нечакана для самога сябе раптам запытаўся:

- Жанаты?

- Не яшчэ, - адказаў Забіла, усё больш раскрываючы вочы.

- А маці ёсць?

- А як жа. Ды гэта не так важна, - памарудзіў, зацягнуў вузел на пальцы і таксама запытаўся: - А ў вас, таварыш маёр, ёсць маці?

- У мяне! - хмыкнуў маёр. - У мяне сын старэйшы такі, як ты, - і, спахапіўшыся, сказаў ужо зусім інакшым голасам: - Зараз жа абыдзі байцоў, дазнайся, колькі асталося гранат і патронаў. Без каманды, скажы, каб не стралялі, - і ўжо зусім па-старэчы паскардзіўся некаму: - Ох, і дзянёк! Ох, будзе ж і дзянёк. Ды скажы яшчэ, - крыкнуў ён услед, - каб боепрыпасы ад забітых забралі ды каб НЗ бераглі. Там ля разбітага кулямёта ёсць гарматная гільза. Хай зараз жа, пакуль не позна, прынясуць у ёй вады і паставяць у зямлянцы, што ля першай траншэі, - туды раненых будзем зносіць. Ці чуеш?

- Ёсць! Будзе зроблена! - крыкнуў Забіла, усё больш адбягаючы ад траншэі.

Плешчавеня скінуў заплечны мяшок, адрэзаў ад бохана лусту хлеба, фінкай раскрыў кансервавую бляшанку, пачаў есці. Ён ненавідзеў сам сябе за гэта - за празмерны апетыт, які выклікаўся хвілінамі найбольшай небяспекі. Ён добра ведаў, што ў штабе палка і ў штабе дывізіі многія і знаёмыя і незнаёмыя кпліва і з'едліва пасмейваюцца з яго. Пра яго апетыт і пра яго страўнік ходзяць ледзь не анекдоты. Аднак, ведаючы і гэта, усё роўна не мог стрымаць сябе. Ён удзельнічаў у вайне з першага ж дня, быў тры разы паранены, увесь час хадзіў па перадавых - у самым грукаце і тлуме, кожны момант быў пад смерцю і даўно звыкся з гэтым, пра смерць нават пакінуў думаць, а вось з-за празмернага апетыту сумленне ўвесь час мучыла яго. Яму нават здавалася, што толькі праз гэта ў апошні час яго хацелі перавесці ў інтэнданцкую часць, але ён наадрэз адмовіўся. Ён ужо зжыўся з перадавой і даўно пачаў лічыць пяты кіламетр ад свае спіны далёкім тылам. Але яго ўсё ж не мог не ўразіць выгляд той пазіцыі, якую ён цяпер займаў. Увесь узгорак з трыма траншэямі, у якіх сядзелі яго дваццаць пяць байцоў, быў голы і чорны, як галавешка. Там, дзе павінна была б быць трава, сівеў толькі попел. Пахла абгарэлай зямлёй. Справа, цераз лагчыну, быў яшчэ адзін такі ўзгорак, але там сядзелі фашысты. Злева, за хмызнякамі на ўзгорку, таксама былі фашысты. Ззаду была рака.

У кіцелі з пагонамі маёра, з сумкай цераз плячо, напоўненай гранатамі і патронамі (патроны былі і ў кішэнях штаноў), з пісталетам «ТТ», заткнутым за рэмень, увесь у сівым шчацінні, з даўгімі пасмамі валасоў (бо калі ж галіцца і стрыгчыся на перадавой!), з забруджаным тварам, бледным ад страшэнных перажыванняў, ён сядзеў, сарамліва калупаў нажом кансервы і шпарка жаваў, увесь час навакол аглядаючыся.

Мозг яго, аднак, працаваў напружана і ўсё ўзважваў. І тое, што немцы яшчэ не апамяталіся як след пасля налёту і пастрэльваюць зрэдку і ў беспарадку, і тое, што прынеслі ўжо гарматную гільзу з вадою, і што Забіла ўжо спяшаецца да яго траншэі.

- Патронаў не лічылі, але іх на дзень хопіць, а гранат пяцьдзесят ды пяць нямецкіх, - далажыў той.

- А цяпер бяжы збяры ўсе індывідуальныя пакеты, складзі ў сумку, а сумку тую пакінь у зямлянцы. І перадай: калі каго здорава параніць, хай туды і паўзе.

Забіла сарваўся з месца, але праз некалькі крокаў прыпыніўся і, на хаду павярнуўшыся, сказаў, успомніўшы:

- Ага, там яшчэ дзве супрацьтанкавыя міны хлопцы знайшлі. І запалы да іх таксама.

Гэтае паведамленне прымусіла маёра шпарка сунуць бляшанку кансерваў у рэчавы мяшок і падхапіцца. На яго твары раптам з'явілася смяртэльная бледнасць. Ён яшчэ раз акінуў вачыма наваколле. Усё больш днела, і ўсё выразней выступаў хмызняк з паўзмроку ў канцы таго поля, па якім адыходзілі адступаючыя.

- Міны і запалы зараз жа нясіце да мяне. Тым, што прыносілі ваду, скажы: зараз жа хай імчацца да ракі. Там у лазняку, дзе прычальваў наш плыт, ляжыць жардзіна. Я аб яе яшчэ спатыкнуўся, калі на бераг выбіраўся. Нішто жардзіна - метраў дванаццаць, бадай, у даўжыню будзе. Зараз жа каб прынеслі гэтую жардзіну сюды. Ды хутчэй, хутчэй, пакуль зусім не развіднела. Хутчэй, чуеце? - і ён нервова пляснуў сябе далонямі па сцёгнах.

- Ёсць! - казырнуў камсорг, а Плешчавеня, павярнуўшыся тварам да захаду, пачаў уважліва разглядаць поле перад сабою.

Узгорак, як і ўсякі ўзгорак ля ракі, быў пясчаны. Відаць былі глыбокія сляды ворагаў, што ўцякалі адсюль. Але далей, метраў за трыста ніжэй узгорка, зямля дзірванела, расла густа трава, вытырквалася куп'ё.

Дзве важкія міны - металічныя талеркі - маёр разглядаў з выглядам добрага знаўцы. Нездаволена пакруціў галавой:

- Каб гэта іх тры. Трэцяй не было?

- Не было, - адказалі байцы.

- А можа, яна была, ды ўзарвалася, калі бамбілі? - пацікавіўся Плешчавеня.

- Не, міны мы знайшлі да бамбёжкі.

- Хм, - хмыкнуў Плешчавеня. - Малайцы немцы!

Пасля гэтай пахвалы ў адрас ворага ён пакруціў каля самага свайго носа запалы, і байцы, што ўвесь час асцерагаліся іх, падступіліся да Плешчавені бліжэй.

- Запалы добрыя, - сказаў маёр.

- Тую жардзіну знесла вадою, - далажылі ў гэты час яму, - плыт таксама знесла. А мы знайшлі тры нашы шасты.

- Добра, - сказаў Плешчавеня. - Звяжыце ўсе тры тады ў адзін, ды так моцна, каб гэта было як усё роўна адзін шост. Забіла, астанешся тут за мяне. А ты, - і ён тыцнуў пальцам у знаёмага байца, - папаўзеш са мной. Будзем паўзці паралельна - я справа, ты злева, а між намі гэты самы шост. Міны моцна не прысыпаць. Канцы шаста пакласці на запалы і ўмацаваць калкамі. Ды глядзі ж, каб не было так, як мінулы раз, помніш?

- Помню, - сказаў баец.

- Эх, каб гэта нам трэцяя міна! - пашкадаваў маёр.

Прынеслі звязаны шост. Плешчавеня пакратаў яго, праверыў трываласць звязкі, сказаў:

- Там мой рэчавы мяшок у траншэі. Занясіце ў зямлянку.

Пасля гэтага яны папаўзлі - кожны з мінаю пад пахай, паралельна адзін аднаму, як і хацеў таго маёр.

Днела з казачнай шпаркасцю. На абодвух берагах раптам разгарэлася ранішняя перастрэлка, праскавытала, як падбіты сабака, першая міна, плёхнуўшыся недзе ў прырэчных лазняках. Па ўзгорку Плешчавені - як значыўся ў штабах цяпер гэты кавалачак зямлі - стралялі ўсё яшчэ як бы нехаця - праціўнік, відаць, яшчэ не ведаў ні сілы, якая змагла пераправіцца і замацавацца на гэтым беразе, ні граніц плацдарма. Таму трасіры часам ішлі значна далей трох траншэй, якраз над тым месцам, куды папаўзлі Плешчавеня і баец. Там нават аднойчы ўзарвалася міна, выкінуўшы ў паветра снапок апню. Залаты час на фронце - ноч. Толькі днём па-сапраўднаму пазнаюцца ўсе змены, што неяк адбыліся ў змроку. І Плешчавеня гэта добра ведаў, спяшаючыся.

У траншэях усё больш насцярожваліся. Забіла паглядаў то наперад, то ўгору, дзе кружыўся ўжо карэкціроўшчык. Ні маёр, ні баец не вярталіся. Ужо так развіднела, што відаць была жардзіна, пакладзеная імі ад міны да міны і злегку прысыпаная дзе-нідзе пяском. Час пачаў цякці нязвыкла марудна, адчуваліся нават удары маятніка, хоць дзень па-ранейшаму імчаўся з ліхаманкавай шпаркасцю. Забілу захацелася крыкнуць маёру, каб ён не марудзіў і хутчэй вяртаўся, і ён крыкнуў, але голас яго як бы назаўсёды патануў у агульным трэску і грукаце страляніны, што ні на момант не сціхала і справа, і злева, і нават недзе наперадзе. Як камсорг ён абвінавачваў маёра за рызыку сваім жыццём, але разумеў, што, апрача яго ды таго байца, ніхто так добра не ўладкуе справы з супрацьтанкавымі мінамі. Прысутнасць маёра выклікала ў Забілы міжвольную пачцівасць, а калі ён успамінаў, як той еў кансервы ў траншэі, дык і падначалены страх і здзіўленне, аднак Забіла адчуваў сябе і мацнейшым за маёра, бо мог не толькі ўбачыць яго душу, але і як след разабрацца ў ёй, як і ў іншых. Цяпер да ўсяго гэтага прымешваўся непакой страціць гэтага чалавека, які зрабіўся для яго родным, якраз тым, што на фронце называюць «бацькам», і Забіла, не вытрымаўшы, крыкнуў яшчэ раз.

Яны не вярталіся, і ўсе таксама пачыналі непакоіцца. Нарэшце, бледныя, з галавы да ног у пачарнелым пяску, абодва зваліліся ў траншэю, і баец цяжка задыхаў, седзячы на дне, а Плешчавеня, павагаўшыся, загадаў:

- На месца назіральніка за ракою паставіць во яго, - і зноў тыцнуў пальцам у свайго напарніка. - Ну, цяпер чорт ма! Можа, як да вечара пратрымаемся, - і ўжо суха і строга: - Без каманды не страляць, патроны і гранаты берагчы. Ды не вытыкацца без загаду: на тое ў нас назіральнікі.

І пакрочыў да зямлянкі. Там прыпаў да гарматнай гільзы і доўга піў ваду мізэрнымі, ледзь прыкметнымі глыткамі - найбольш мачыў губы ды язык.

Сеў, намерыўшыся падрамаць, але не мог; праклінаючы самога сябе за слабасць, яшчэ раз абышоў траншэі, яшчэ раз усё праверыў і, як след зразумеўшы, што, не ў прыклад іншым, заснуць і нават адпачыць хоць і некалькі кароткіх хвілін не зможа, нездаволены самім сабою, ненадоўга прымасціўся ля назіральніка. Нешта выцягнуў з кішэні і зноў зажаваў.

Прырэчны бераг захлынаўся стралянінаю. Праскавыталі міны і ахнулі недзе між трэцяй (у немцаў яна была першая) і другой траншэямі.

- Ага, разабраліся, - хмыкнуў маёр, падаючы на дно.

У наступны момант, быццам у доказ гэтых слоў, узгорак Плешчавені патануў у дыме і пыле. Дваіх цяжка параненых прывалаклі ў зямлянку. Нядаўні назіральнік ужо ляжаў мёртвы.

- Забярыце ў іх патроны! Патроны і гранаты! - крычаў Плешчавеня байцам, якія цягнулі параненых.

Калі налёт скончыўся, Плешчавеня азірнуўся і застыў у здзіўленні. Сонца, якое к таму часу ўзнялося над зямлёю, здалося яму пасля пылу і дыму цёмным. Па полі і хмызняку беглі ў гэты бок гітлераўцы, часта падалі і стралялі.

Плешчавеня спахмурнеў. Ён чакаў, што ў першую атаку гітлераўцы пашлюць танкі.

- Назіральнікам астацца на месцы, а ўсім у першую траншэю. І запомніце: без майго загаду не страляць!

Пасля гэтага Плешчавеня прымасціўся ў траншэі, наглядаючы праз вузкую канаўку, зробленую ў брустверы. Ворагі падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. Паўзлі групамі і па адным. Паблісквалі каскі, палохалі нажы на вінтоўках. А ён сядзеў, сабраўшы ўсю сваю волю, і толькі скулы хадзілі па бледных шчоках. Трохі як бы алавяныя вочы часам пачыналі ўзбліскваць жыццём. Над траншэямі ўвесь час пасвіствалі кулі. Пра сябе ён даўно не думаў. Ён нават не існаваў як бы. Але ў гэтым як бы неіснаванні хавалася праўда бясконцасці свету і жыцця, якую ён яшчэ няясна, але пачынаў адчуваць. Усе яго пачуцці былі сабраны ў шкадаванне, што немцы паслалі не танкі, а толькі пяхоту.

І разам з ім маўкліва, як заварожаныя, сядзелі дваццаць два байцы, пазіраючы, як немцы бесперашкодна падпаўзаюць да траншэй. Пярэднія ланцугі ўжо зусім наблізіліся да трох шастоў, што дзе-нідзе былі прысыпаны пяском. Маёр зварухнуўся, потым урачыста скупа ўсміхнуўся. Потым упаў на дно траншэі. Блізка, яму здалося, паветра скалануў выбух неверагоднай сілы. Гэта ўзарваліся тыя дзве міны, бо фашысты ўспаўзлі на шост, а ўмацаваны калкамі шост націснуў на запалы мін. Разам абедзьве міны ўзарваліся! І разам з узрывам шыбануў у вушы нечалавечы крык і енк.

- Агонь! - закрычаў Плешчавеня, выскачыўшы з траншэі, аднак памарудзіў крыху, а тады пабег наперад, увесь час страляючы з аўтамата.

І зноў убачыў блізка ад сябе Забілу з перавязаным пальцам на левай руцэ.

Пазней, на сваім узгорку, у зямлянцы, маленькімі глыткамі цягнуў з гарматнай гільзы ваду, аглядаў раненых. Левая яго рука, хоць і згіналася, невыносна балела: куля, не крануўшы касці, прайшлася па кісці.

...Танкі, як і чакаў маёр, выпаўзлі з хмызняку і пайшлі наўпрост на траншэі. Здаровай рукою Плешчавеня дастаў з кішэні акраец, пачаў жаваць. Сярэбраныя скроні яго пачалі пабліскваць на сонцы.

Адчуваючы ніякаватасць, ён прыкмячаў, аднак, што байцы зусім як бы і не заўважаюць яго слабасці.

Танкі набліжаліся, і ён застыг, сціскаючы звязку гранат. Вось пярэдні... і зусім блізка, немцы крычаць і бягуць наўпрост. Маёр размахнуўся і кінуў гранаты.

У гэты ж час нешта апякло яго, надоўга прыціснула да зямлі.

Усё цячэ, усё мяняецца...

Маёр Плешчавеня ляжаў у зямлянцы, цяжка, з хрыпам дыхаў, кроў залівала кіцель. Ён толькі што апрытомнеў і не памятаў, як яго раніла. Як бы алавяныя вочы яго яшчэ больш памутнелі, запалыя шчокі сталі падобныя на паперу. У зямлянцы не было дзвярэй, сонечнае святло шчодра асвятляла маёра.

- Атаку адбілі? - запытаўся ён.

- Адбілі, - адказаў нехта вельмі знаёмым голасам. - А танк вы спалілі. Вас падбіў гітлеравец з аўтамата.

- Ты, Забіла? - запытаўся маёр.

- Я, - адказаў камсорг.

Постаці матляліся перад вачыма, як невыразныя здані. Часам яны і зусім падалі, і тады Плешчавеня адчуваў нязносны боль у галаве і ва ўсім целе. Быццам хто стукаў аб што яго галавой - бязлітасна, моцна. Раптам, сабраўшы ўсю сілу волі, ён паспрабаваў устаць. Яго беражліва падтрымлівалі. Маёр скінуў кіцель і астаўся ў адной сподняй кашулі, залітай крывёю.

- Дзе Забіла? - запытаўся ён.

- Тут, таварыш маёр, - адказаў той.

- Апранай мой кіцель, - загадаў Плешчавеня. - Зараз жа. Апранай і будзь за мяне. Да ночы, пакуль пачнецца пераправа, каб пратрымаўся - чуеш? Як убачыш тры сінія ракеты - сігнал, ці можна перапраўляцца, - дай у неба дзве зялёныя. І скажы байцам, каб слухаліся, як мяне, маёра. Чуеш? Да падмацавання ты тут - маёр.

Упаў на зямлю і прахроп:

- Там, у кіцелі, адрасок. Дык калі што - напішы...

Забіла моўчкі надзяваў кіцель, а байцы, што былі ў зямлянцы, са спачуваннем глядзелі на маёра, які ўсё больш бляднеў і ўсё больш выпростваўся, так што не хацелася гэтаму і верыць.

 

ІІІ

 

Ноччу, акрываўлены Забіла ляжаў ля траншэі, часта страляў з аўтамата, перапаўзаючы з месца на месца. Блізка ад яго гэтак жа поўзаў і страляў баец. Ён і баец - гэта было ўсё, што за дзень асталося ад батальёна...

Яны вытрымалі яшчэ тры атакі. Ля ўзгорка Плешчавені цяпер узвышаліся два абгарэлыя танкі, на полі валяліся трупы гітлераўцаў, ды не сціхалі два аўтаматы, якія ноччу можна было прыняць і за дваццаць.

...Ніяк не верылася, што ён дачакаўся гэтае ночы. Цяпер пратрымацца б якую гадзіну, пакуль з таго боку прыйдзе падмацаванне. І Забіла поўзаў і страляў. Аднак ён адчуваў, што як бы памірае, бо сэрца надоўга заходзілася. Таму ён увесь час трымаўся блізка ад байца, а ўрэшце і зусім падпоўз да яго.

- Як адчуваеш сябе? - запытаўся ён.

- А нічога, таварыш камбат, - адказаў баец, помнячы загад маёра. - Нага во толькі перабітая, дык баліць.

- А ў мяне, брат, сэрца нешта спыняецца, - прызнаўся камсорг. - Крыві шмат страціў.

Адчуваючы блізкасць адзін да аднаго, яны ляглі поплеч і пачалі страляць у цемень.

Раптам над ракою загарэліся тры сінія ракеты. Камсорг выцягнуў з-за пазухі ракетніцу і выпусціў на той бок дзве зялёныя.

Перамяніў дыск і застрачыў па ўзгорку, на якім акапаліся гітлераўцы.

Новае жыццё адкрывалася перад ім. Нешта большае, чым сэнс самога жыцця, перадаў яму разам са сваім кіцелем Плешчавеня, і нездарма гэтыя пагоны і дакументы маёра ў кішэні і яго партыйны білет увесь напружаны дзень падтрымлівалі Забілу. І, яшчэ раз успомніўшы ўсё гэта і ўспомніўшы анекдоты пра маёра, ён захацеў заплакаць ад крыўды і жаласці, але слёзы не ішлі.

Ззаду плескатала рака і шасталі лазнякі, прымаючы першы плыт.

 

1960 г.


1959?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая