epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Мятліцкі

Чатырыста сорак тры

Згараюць у промняў кастры

Чырвоныя цельцы і гены.

Чатырыста сорак тры

У вёсачцы мілірэнтгены.

 

У той калысцы, якая

У хаце пустой засталася,

Бяссонне маё гушкае

У новым Ядзерным часе

Да самай світальнай зары -

Чатырыста сорак тры.

 

У крыніцы, з якой

Зоркі дрыготка п'юць

І на сусвет ліюць

Вечнасці мерны спакой,

У згубным яе віры -

Чатырыста сорак тры.

 

У аеру сцябле,

Што горка з вады прарасло,

І ў ранішнім зябкім святле,

Якое душу заліло,

На родным бацькоўскім двары -

Чатырыста сорак тры.

 

Як жа мне абысці

Згубнае іх прычасце,

Знаючы: у жыцці

Нават сляза і шчасце

Шэпчуць адно: - Згары,

Чатырыста сорак тры!

 


1986-2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая