Ля хаціны тваёй сасновай
Скрозь байцы ў шынялях, бушлатах.
Маці! Стрэнь іх там добрым словам,
Пачастуй, чым наш край багаты.
Ведай, родная маці, -
Дзеці
Пакідаюць свае дубровы,
Сенам пахнучыя павеці,
Водар пасек сваіх ліпнёвых,
Недаспелую канюшыну
І жыты, як чарот, густыя,
І адзіную ў свеце дзяўчыну,
І юнацтва сны залатыя.
Можа стацца,
Ад кулі злое
Злягуць многія ў час атакі,
На акопах і буераках
Адцвіце іх жыццё маладое.
Ты прыкрый іх павекі,
Мятай
Усцялі іх магілы-курганы
І паплач, як над сынам чаканым,
Майскай раніцай сіняватай.
1943, Запарожжа