epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Адвучыў

І вось ён на дварэ! Новенькі, бліскучы, такі прыгожы «Масквіч». Калі глядзіш на яго, то згадваеш, што бульба з капустай, як асноўны сродак эканоміі, вельмі выгадная і даволі каларыйная ежа.

Але ўсё гэта цяпер перажыта. Цяпер мы набылі рэч, вартую эпохі, у якой жывём. Уласнікі сродкаў руху! І вядома, перш-наперш усёй сям’ёю рушылі за горад, на ўлонне прыроды.

— Ваня, кожны выхадны дзень мы будзем выбіраць новы маршрут,— чмелем гула над вухам схуднелая за апошнія гады жонка. Я ў душы з ёю згаджаўся, але адказаць нічога не мог, бо, як толькі спрабаваў адкрыць рот, машына чамусьці адразу пачынала віхляць у бакі.

«Як жа інакш! — думалася мне.— Машына свая, куды захачу — туды палячу!» Але як я пасля пераканаўся, хацець — адно, а ляцець — другое.

У наступную суботу яшчэ з самай раніцы да нас зайшоў мой дваюрадны брат Рыгор і адразу з парога пакрыўджана загаварыў:

— Я, як той дурань, таўкуся на аўтобусным вакзале, а ён, пан, раз’язджае на сваёй машыне! Нічога сабе — браток! Вось што, даражэнькі, газуем сёння да нашых у Плёхаўку!..

Жонка, каб не перашкаджаць мне адбрахацца, пабегла на кухню. Я хацеў адразу запярэчыць, але сваяк папярэдзіў:

— Ніякіх адгаворак! Раз у месяц ты можаш уважыць брата ці не? Разочак у месяц...

— Разочак можна...— працадзіў я, не разумеючы яшчэ значэння гэтых звычайных слоў.

— Тады я пабег збірацца! Заедзеш роўна ў тры...

— Але ж табе зручней самому...

— У мяне там чатыры мяхі напакаваны,— адрэзаў брат.— Розныя банкі-шклянкі, два вядры, вотруб’е... У вёсцы маці ўсё спатрэбіцца. Чакаю!

І пабег за дзверы.

«Сто дзесяць туды і сто дзесяць назад — дзвесце дваццаць кіламетраў! — аж пахаладзела ў грудзях.— Бывай, выхадны! Даруй, родная жонка, прабачце, дзетачкі...»

Я чуў, як жонка грымела на кухні патэльнямі і каструлямі, як нешта са звонам разбілася...

Так я пачаў карыстацца ўласным транспартам. Мяне раптам усе палюбілі. Мяне пачалі наведваць, успамінаць маіх бацькоў, майго дзеда. Адкульсці стала вядома, што мая прабабка лячыла ад розных хвароб «цэлую губерню», не беручы за гэта ніводнай капеечкі. А мой нейкі прапрадзед быў удзельнікам паўстання яшчэ пры Кастусю Каліноўскім...

Дванаццаць сваякоў, пяць задушэўных сяброў і сем супрацоўнікаў — кожны хваліў мяне, як мог. І пры гэтым лічыў, што мае права хоць раз у месяц праехаць са мною туды, куды яму патрэбна. Многія загадзя крыўдзіліся, што я не запрашаю іх «падскочыць» куды-небудзь. І мне даводзілася ездзіць, газаваць і падскокваць, каб не лічыцца «кулаком», які толькі і дбае аб сабе...

На другі месяц мы пачалі хітраваць.

Аднойчы, памятаю, толькі гэта я выкаціў машыну з гаража, як на двор з’явіўся жончын далёкі сваяк Піліп.

— Пад машыну! — шапнула мне жонка, і я мігам, як акрабат, слізгануў пад заднія колы. Лёг на спіну і грукаю паціху ключом па восі.

— Далёка сабраліся? — чую лагодненькі голас і ляпаю яшчэ мацней.

— Ды нікуды! Нешта сапсавалася яна ў нас,— кажа жонка.

— То я пачакаю, не гарыць,— адказвае Піліп, сядае на лаўку, закурвае папяросу ды яшчэ кпіць з мяне: — Май машыну і не май свабоднага часу. Хе-хе-хе-хе!

— Эге,— адказваю я і пачынаю адкручваць гайку, якая выпадкова трапіла мне на вочы.

— А ты што хацеў? — асцярожненька, не сваім голасам пытае ў яго жонка.

— Ды тут недалёчка. На дачу да аднаго трэба падскочыць, кіламетраў сорак...

Сто разоў я адкручваў і закручваў тую праклятую гайку, а сваяк хоць бы хны — курыць і сядзіць. Сядзіць і курыць. Не стрываў я, вылез з-пад машыны і кажу:

— Дрэнь справа. Трэба шукаць вопытнага механіка. Сёння нікуды не давядзецца ехаць.

— Шкада,— устаў нарэшце Піліп.— Мне ж так пільна трэба... Але бог з ім! Раз так — пойдзем у хату, па чарцы зробім. Заўтра зайду...

Пасля трэцяй чаркі я цвёрда паабяцаў Піліпу, што заўтра падкіну яго на дачу...

Потым мы мянялі тактыку. То выязджалі з гаража давідна, то пакідалі машыну далёка ад дому, то выязджалі з гаража на буксіры, быццам на рамонт.

На трэці месяц мы ўсё часцей і часцей пагаворвалі, што машыну можна і прадаць. І магчыма яе ўжо не было б у мяне, калі б не адзін цікавы выпадак...

Неяк у мяне дома сабралася аж пяць ахвотнікаў ехаць на рыбалку. Двое самых блізкіх сваякоў, найлепшы сябар і два супрацоўнікі, якім я непасрэдна падпарадкоўваюся.

Чатырох яшчэ ўзяць можна. А куды ж дзецца пятаму? Думалі мы, думалі і вырашылі выкінуць з багажніка запасное кола. Туды пасадзілі самага малога — майго лепшага сябра.

Жонцы я шапнуў, што гэта паездка апошняя, заўтра паганю машыну на камісію. Яна глядзела, як мы выязджалі з двара, і слёзы каціліся з яе затуманеных вачэй...

Машына гула незвычайна. Яна была яўна перагружана. І я зусім не здзівіўся, калі недзе на дзесятым кіламетры ў баку ад асфальтавай дарогі матор колькі разоў стрэліў і заглух.

Усе высыпалі пагуляць па лесе і пакурыць. Мой лепшы сябра, якога сваякі выцягнулі з багажніка, доўга ніяк не мог выпрастацца. Нарэшце яго пацягнулі за рукі і за ногі. Ён стаў чалавекам. І пацягнуўся за іншымі ў лес...

Я адчыніў капот машыны і ад злосці гыркнуў на матор. Шчыра кажучы, той матор я ведаў прыкладна так, як вучань першага класа арабскія літары. І таму, тыцнуўшы туды-сюды пальцам, я зноў залез на сядзенне і ўключыў старцёр. Хоць бы што! Цішыня такая, што здавалася дзіўным, як гэта мы наогул здолелі прыехаць у такую глухмень. Пры самай дарозе стаялі хвоі. Яны здзекліва ківалі верхавінамі і, здавалася, ціха нашэптвалі: «Не завядзеш-ш-ш... Не завядзеш-ш-ш...»

І раптам мне прыйшла шчаслівая думка!

Я узяў некалькі ключоў, малаток і залез пад машыну. Крыху паляпаў там, склаў усё ў адно месца і ўлёгся ямчэй.

Мусіць, я заснуў адразу, бо калі прачнуўся, то доўга не мог зразумець, дзе я. Правая рука аж здранцвела. Хтосьці цягнуў мяне за ногі.

— Жывы! Жывы! — закрычаў хтосьці.— Хутчэй знайдзіце халоднай вады!..

Мне лінулі ў твар вадою.

— Ну як? — спытаў мой лепшы сябра.

Я ўзяў у яго з рук тэрмас з вадою і лінуў яму ў твар.

— Яму к-крыху л-лепш... Учадзеў, бядак...— выціраючы рукавом кашулі твар, прамовіў сябар.— Пройдзе...

Тым часам сонца ўзнялося высока, і мае рыбакі павесілі насы. Ехаць далей ужо ніхто не спадзяваўся. Мы думалі над тым, як нам вярнуцца ў горад.

— Адзіны выхад — піхаць,— сказаў я.— Трэба завідна дабрацца да асфальту. Там ходзяць машыны, возьмуць на буксір...

Як на тое ліха, цэлых два кіламетры дарога паступова ўздымалася ўгору, і мой рухавік у пяць чалавечых сіл ледзьве адужаў гэтую адлегласць. Супрацоўнікі, якім я непасрэдна падпарадковаўся, раздзеліся да трусоў, сваякі бясконца выціралі твары хусцінкамі, а самы лепшы сябра паліваў галаву вадою з тэрмаса. Вельмі яму гэта спадабалася...

Калі наперадзе нарэшце паказалася шырокая дарога, усе хорам закрычалі «ўра» і разагналі машыну так, што мне давялося затармазіць.

І раптам у кожнага з’явілася неадкладная справа дома.

Не паспеў я зноў зазірнуць у матор, як мае пасажыры пакінулі мяне аднаго, пагаварыўшы на развітанне безліч суцяшальна-спачувальных слоў. Без машыны я ім, аказваецца, не дужа быў патрэбен.

Пасля гэтага здарэння гасцей у нас было ўсё меней і меней. Паступова мяне перасталі хваліць. Ніхто больш не ўспамінаў пра маіх продкаў. Ні сябры, ні сваякі, ні супрацоўнікі.

— З табою мы больш не паедзем! Не-е-е! — гаварылі яны, калі бачылі мяне за рулём.

Затое з жонкай і дзецьмі мы цяпер ездзім усюды. Куды ўздумаем і калі ўздумаем.

1966


1966