epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Ці вінаваты?..

Высокі і шыракаплечы, Андрэй Завацкі ішоў па вуліцы Пабярэжжа як гаспадар. Да ўсяго прыглядаўся, прыслухоўваўся. А вёска ў гэты гарачы поўдзень нібы вымерла. Дзеці і тыя збеглі на раку. У цень пазашылася ўсё жывое: у вішнячку, дакапаўшыся аж да самага карэння, ляніва палопвалі крыллямі разамлелыя куры; чорны, як галавешка, сабака ляжаў у засені ліпы, высалапіўшы чырвоны язык, ледзь здыхваўся; гняды спутаны конь, якога даняў гнюс, прыскакаў аж з лугу пад галінастую вярбу і, звесіўшы галаву да самай зямлі, махаў ёю так заўзята, што аж разляталася грыва. Збавення ад спёкі не было нідзе.

Хоць Андрэй і расшпіліў ужо каўнер белай вышыванай кашулі — не памагала. Пот так і абварваў усё цела. «Мог бы спусціцца з вуліцы-пагулянкі на рэчку і добра пакупацца,— думаў ён,— дык дзе там, усё няма калі. Брыгадзіру сапраўды трэба мець сабачыя ногі, каб за дзень паспець пабываць дзе трэба. А ў мяне, хадака, адна нага, як на пратэзе,— не гнецца. Гадоў ужо, мабыць, з дзесяць прайшло, як зваліўся быў з прычэпа і трапіў пад трактарныя плугі. На тым тады і скончылася твая механіка, Андрэй. Прыстроіўся да брыгадзірства. А час, ліха на яго, ляціць! Ляціць як утрапянелы».

Час рабіў сваё.

Андрэя Завацкага не дужа цягнула да навукі. Сяк-так адолеўшы сямігодку, пайшоў сам сабой прабіваць дарогу. Спярша — падпаскам у «палкоўніка», старога пастуха Рыгора. Але там, на радасць статка, больш тыдня не пратрымаўся. От ужо дасталося тады каровам ад Андрэя! Прачнулася ў ім нейкая хваравітая прага ўзяць хоць над чым-небудзь зверхнасць. Хацелася кіраваць. Хоць кім ці чым — абы кіраваць.

І якое ж гэта было свята, калі аднойчы назначылі яго, тады яшчэ зусім маладога, чырванашчокага дзецюка, старшым па вывазцы ўгнаенняў. Хоць і сам тады ўманежыўся да сёмага поту, але дасталося і падначаленым і коням. Гаманы ды каманд было на ўсё поле. Брыгадзір тады якраз і прыкмеціў яго старанне, пахваліў. Пасля таго за старанне ўсюды прызначаў старшым. Да смеху даходзіла. Аднаго разу выклікае Андрэя.

— Пойдзеш,— кажа,— хлопец, выган ад ракі адгароджваць. Жэрдкі там ужо ляжаць. Прызначаю старшым.

А ён, пакуль і не скончыў тую агароджу, не прысеў, не закурыў. Дня не хапіла, шарай гадзінай надтачыў.

Потым ужо, калі старшынёю стаў яго колішні школьны таварыш, акрыяў Андрэй. Умалёгаў таго спачатку прызначыць яго старшым свінаром на ферме. Аж два гады ўсё пяўся там у перадавыя, пакуль не ўмасціўся на пасаду загадчыка фермы ў трэцяй брыгадзе. Людзі з гэтай яго прагнасці да кар’еры кпілі, і калі толькі заводзілася гаворка пра Андрэя, таго і чакай, што хто-небудзь секане напрамкі: «А-а, Завацкага хлебам не кармі — толькі дай лейцы ў рукі». Гаварылі пра яго паганы характар, пра самаўпраўства, але на гэтыя нараканні начальства не звяртала ўвагі.

Толькі аднойчы, калі Міколіха, жонка загінуўшага франтавіка, прыгразіла была «вывесці князька на чыстую ваду», старшыня перасцярог свайго школьнага сябрука:

— Глядзі, Андрэй, стопчуць цябе калі-небудзь людзі за твой паганы характар!

Андрэй адбрыкаўся тады жартачкамі:

— Не качаня — не стопчуць. Быць не можа, каб Завацкага стапталі!

І яшчэ больш пакруцеў з калгаснікамі.

Скаргі не спыняліся, і старшыня неўзабаве выклікаў да сябе Завацкага другі раз на больш сур’ёзную размову.

— Ведаеш, Андрэй, пашлю я цябе на курсы ў горад. Акадэміка ты там з пасады не сапхнеш, а ў нас на полі будзеш добрым аратым. Хопіць табе каровам хвасты круціць.

Добрая характарыстыка, напорыстасць і час зрабілі сваю справу: у калгас вярнуўся спецыяліст з адукацыяй. Старшыня адразу:

— Прымай, Андрэй, трэцюю брыгаду! Парадкі там, як той казаў,— свінні мех калашмацяць, а брыгадзір усё ў чарку глядзіць, так што ты там падыдзеш у самы раз.

З тае пары і брыгадзірнічае ў трэцяй...

«Вунь яны, прысады! — збаўляючы крок, падумаў Андрэй.— Кожны дзень іх бачу, а Зінку ўсё ніяк не сустрэну...»

Над самай ракой тоўпіліся купкамі высокія ліпы і клёны. Сярод прысад ледзь віднелася старая хата пад дранкаю. А над хатай — старая груша.

Андрэй зусім быў спыніўся і паглядаў на знаёмую хату, да якой не раз прыходзіў і раней, каб і цяпер, нібы выпадкова, сустрэцца там з Зінай. Зіна Квяткоўская не была якой-небудзь Міхалкавай Зосяй ці Марфачкай. З даяркамі Андрэй па-свойму, крыху грубавата, мог і жартаваць, і смяяцца, і ляпнуць, што ўзбяжыць на язык. Зіна ў калгасе лічылася адзінкай сельскай інтэлігенцыі. У невялічкай прыбудове да клуба яна была сама сабе гаспадыня. І часта, праходзячы ля дзвярэй з шыльдай «Медпункт», Андрэй чытаў напаўголаса: «Мёдпункт!» Калі здаралася гэта чуць Зіне, яна ў адказ з’едліва пыталася: «Ну, а як кароўе здароўе?» Андрэй, як змылак з’еўшы, адразу хмурнеў і падаваўся крыху далей, да абрыву, з якога амаль усёй постаццю навісла над вірам старая чачота-бяроза.

Андрэй зірнуў у невялічкую вулку, што вяла праз гародчык на двор Квяткоўскіх. Там, на прызбе, сядзеў сам гаспадар — стары Рыгор і пыхкаў люлькай.

— Дзень добры, бацька,— павітаўся ён з напускной весялосцю. Прайшоў на двор і сеў побач.

— Дзіва што добры,— ажывіўся той, абрадаваны субяседніку.— Такі ўжо добры, што й не прыгадаеш, у якую пагоду такі выдаваўся. Хоць сена грабі, хоць жыта жні. А ўсё ж наспела, аж крышыцца.

— Усё,— згадзіўся Андрэй, пстрыкаючы дзеля забаўкі запальнічкай.— А вы, Рыгор Мікалаевіч, не думаеце ў брыгаду на колькі дзён? Цяпер кожны чалавек даражэй за золата...

— Куды там мне,— паківаў ссівелай галавою стары.— І цяпер, чалавеча, не кожны золата. Я вось ужо не золата і не серабро, а спарахнелы пень, ледзьве дыхаю.

Сказаў і хутка-хутка запыхкаў. Яго худыя шчокі западалі і надуваліся. Гледзячы на іх, Андрэй думаў: «Няўжо і я калі стану гэткім? Чалавек-порхаўка...»

Каб разагнаць сумоту, лагодна спытаў:

— А куды ж гэта ваша золата ўсё знікае?

Нібыта цень прабег па твары старога.

— А-а-а, ты пра Зінку... Гэта — хто як цэніць. Яно-то праўда — спраўная дзяўчына вырасла, уся ў матку.— Падумаўшы, дадаў: — Як жа ёй, чалавеча, дома быць, калі ў нас аж чатыры брыгады! А людзі ўсе на полі. Дык яна дзень ездзіць, а вечар у сваім тым пункце сядзіць, дзяжурыць.

— Пара, дзед, і мне на поле! Заседжвацца няма калі. Можа, дзе і з Зінай сыдземся...

Устаў і з ухмылкай зірнуў на старога, як бы прыкідваючы, што адкажа стары на яго намёкі.

Усміхнуўся і стары. Акінуў брыгадзіра калючым позіркам сініх вачэй.

— А што табе з таго прыбудзе, што сыдзешся з ёй?

— Чаму — што?

— Таму. Ці ты не ведаеш, што кавалер, каторы цяпер на былым тваім месцы, кожны вечарок сюды наведваецца. Выправяцца пад вербы да ракі і аж да дня ўсё прыродай любуюцца! Чуў ты гэта? Прырода-то яно і так, але ці тая прырода! Кхе-кхе-кхе...

Стары закашляўся, зачырванеўся, і на маршчыністым ілбе натужыліся вузлаватыя сінія жылы.

— Пятро Войцік?! — Вузенькія, як нафарбаваныя, брыгадзіравы бровы ўзняліся ад здзіўлення. І як быццам чалавеку адразу пагарачэла ўдвая. Ён да апошняга гузіка расшпіліў кашулю, рукой наводлег збіў са штаноў пыл і закульгаў напрасткі праз бульбянішча ў напрамку да абрыву.

— Гэй ты, чалавеча, ты ж там толькі з гарачкі не боўтні ў вір галавой! — схамянуўся, адкашляўшыся, стары Квяткоўскі. Андрэй не азірнуўся, але дзедавы словы, як дакор, надоўга заселі ўвушшу.

Старая бяроза з ніцым вішшом аж млела над ракой.

Андрэй абапёрся на сухі і цвёрды, як костка, бярозавы сук і зірнуў уніз. Па цёмным віры, на самай яме, хадзілі варонкі. Ён упершыню адчуў, што ў грудзях уздымаецца бура пратэсту. Як жа гэта магло здарыцца, што яго, ужо не пастуха, а брыгадзіра, тут не толькі не паважаюць, а і не любяць, насміхаюцца з яго? А можа, гэта адны Квяткоўскія з-за тых сваіх гусянят, якіх ён летась пазабіваў паскаллем на калгасным аўсе? «Эх, людзі-людзі! Дык я ж сам хварэю за калгаснае дабро, за кожны сноп — няўжо такое нельга дараваць! Але ж і другія касавурацца, як ваўкі — усім я, выходзіць, іхнюю мяжу пераараў. Таму соткі абрэзаў да самага двара, таму адмовіў у транспарце лес на новую будыніну прывезці...»

Пазіраў далей, на плёс ракі, паступова супакойваўся. Строма ракі блішчэла, як друз шкла. На бераг павявала прыемным халадком. Не хацелася думаць ні пра што. Нават пра таго кірпатага Войціка. І ўсё ж думалася. І думалася з болем. «Дзеля каго ж я стараўся, калі не для яе? Дзеля каго ў брыгадзіры выбіўся? А ён, гэты адстаўны сержанцік, якое мае права прыходзіць сюды? Падумаеш — загадчык фермы!»

Думалася. І з’яўляліся нейкія новыя планы супраць тых, хто стаяў яму ўпоперак дарогі.

Ён устаў і берагам пайшоў у канец вёскі, дзе на пагорку стаяла некалькі новых будынін брыгаднай фермы. Андрэй прайшоў на прыёмны пункт і спытаў у даярак, якія толькі што скончылі дзённае даенне і варам мылі бітоны:

— Падкормку падвозілі?

— Сёння не будуць,— абыякава адказала яму прыёмшчыца Каця, высокая, русавалосая дзяўчына, з надзвычай чыстым белым тварам — малодшая Зініна сястра. Андрэю чамусьці заўсёды здавалася, што яна, няйначай, мыецца адным малаком.

— Чаму ж не будуць? Цяпер толькі і даваць,— Андрэй пайшоў між стойлаў.— Бач, як каровы перапалі за гэтыя гарачыя дні. А куды ж вашага сержанта змяло? — спытаў ён са злосцю.

— Дзе ж беднаму сержанту цяпер быць, як не на рацэ? — пытаннем на пытанне адказала Каця і ўсміхнулася.— Купацца пайшоў. Там недзе і Зінка каля касцоў.

«Параспускаліся тут на дармовых вяршках, шэльмы!» — прашаптаў сам сабе, і аж закіпела ўсё ўсярэдзіне, аж пачырванеў ад злосці. Ён зразумеў і смелы позірк дзяўчыны і яе здзеклівыя словы. «Помсціць, белабрысая,— падумаў.— Гэта яна не дагледзела тады сваіх гусянят...»

Толькі выйшаў з фермы, як насустрач, нябачны здалёку ад пылу, вынырнуў калгасны «газік», і з яго гарбузом выкаціўся чырвоны, як з лазні, старшыня. Прыхворваючы на сэрца, ён за апошнія часы так растаўсцеў, што шэрая кашуля на ім, здавалася, вось-вось распаўзецца па швах.

«Буду-ткі я ездзіць на гэтай машыне!» — спадылба пазіраючы на старшыню, які штосьці гаварыў шафёру, прыкідваў у думках Андрэй. Яны павіталіся стрымана, афіцыйна. Старшыня загаварыў адразу:

— Што ж гэта людзі табой незадаволены? Пераціскаеш супонь, брыгадзір.

— Як гэта разумець? — заклаўшы рукі за спіну, брыгадзір зірнуў у бок ракі.

— А так... Многа крычыш, многа камандуеш. Насядаеш на народ. Пугу часта пускаеш у ход, як з тымі каровамі колісь, помніш?

Яшчэ больш нахмурыўся Андрэй, але, скрывіўшыся, змоўчаў.

— Не злуйся за праўду. Давай лепш пойдзем да ракі, пакупаемся...

— Я плаваю, як сякера. Нага...

Памаўчалі. Калі першая злосць прайшла ў абодвух, старшыня прымірэнча сказаў:

— З людзьмі, дурань ты гэткі, трэба па-людску. А ты як? Ты ж нікому не даеш нават і рот раскрыць. Усё сам і за ўсіх сам.

— І сам! — зноў павысіў голас брыгадзір.— Толькі што быў на ферме. Каровы лежма ляжаць, на выган амаль не выганяліся, пад мордамі ў іх фіга, а Войцік сабе купаецца! Вось я і думаю, а ці патрэбен нам загадчык фермы? Ці не лепш брыгадзіру часцей туды заглядваць? Які ён спец, той Войцік, калі нават у арміі праслужыў добры дзесятак год і толькі да сержанта дайшоў...

— А ты ведаеш, на якой службе ён быў?

— Не.

— Дык і не загінай! Там, дзе быў Войцік, сержант — тое самае, што ў іншай часці капітан! А на ферме, яно і праўда, яму няма чаго рабіць, калі тваё вока і туды дапінае.— Старшыня падумаў, дадаў: — Што ж, перакінем хлопца на тэхніку! Увесь наш аўтапарк і майстэрні яму больш да душы прыйдуцца.

— Сам ты загінаеш, Мікалай! — узяўшыся ў бокі, засмяяўся Андрэй.— Мае хлопцы яго і ў прычэпшчыкі не возьмуць!

Таройкаючыся, яны і не прыкмецілі, як падышлі да ракі. Унізе, за пясчаным адгор’ем віднеліся загарэлыя спіны хлопцаў, стракатыя купальнікі дзяўчат. Зводдаль, ля кустоў, як вінтоўкі, у «козлы» былі састаўлены граблі і косы.

«От гэта сенакос! — ледзь не вырвалася ў брыгадзіра.— Сонца смаліць, сена ляжыць у пракосах, а яны сабе купаюцца». Па звычцы ён ужо хацеў быў падаць сваю ўлюбёную каманду, як адчуў на плячах старшынёву руку.

— Не скачы, Андрэй! Няхай касцы асвяжацца. Людзі змыюць пот, аддыхаюцца і зноў возьмуцца за работу. Пабачыш, пасля аддухі і праца пойдзе спарней.

— Сэрца ж баліць, на луг гледзячы...

— Мне, думаеш, не баліць? А я вось таксама з імі...

Старшыня подбегам павалюхаў да ракі.

Андрэй пільна глядзеў на другі бераг, на лугі, дзе між кустоў праходзілі двое. Сэрца трывожна білася. «Яны ці не? Мусіць, яны, бо на кусце вунь вісіць нешта накшталт сержантавай гімнасцёркі...»

Андрэй рашуча ўстаў, зашпіліў кашулю на ўсе гузікі і паціху пайшоў ад ракі.

«Лагодненька абыходзіцца з людзьмі...— падумаў ён са скептычнай усмешкай.— Добра, мае любыя дарадчыкі, я буду абыходзіцца лагодненька. Але ж якая трасца на працадзень перападзе?.. Не, прыйдзе коза да воза!»

І сапраўды, з таго часу сталі заўважаць, што брыгадзіра нібы падмянілі. Перастаў гыркаць на людзей, калі гаварыў з кім, то лагодна, «на поўным сур’ёзе», як сказаў бы і сам старшыня. Не забываўся Андрэй і на ферму. Кожную раніцу забяжыць, параіцца па справах, дасць усім на дзень заданне і далей у свой абход. Проста душа-чалавек, аж не верылася. І наўрад ці крыўдавалі на яго пабярэжцы, калі ён гаварыў каму з іх:

— Коніка табе разараць бульбачку трэба? Яно-то і трэ было б даць, але ж, як на гора, сёння ў нас усе коні заняты! Кажаш, а як назаўтра? Не ведаю, даражэнькі... Калектыўная, так сказаць, дзяржаўная справа. Яна, канечне, перш за ўсё. Уласная паспеецца, не ў першую ж чаргу...

Аднойчы, ужо глыбокай восенню, калі над Бярозай агаліліся кусты і лугі заліло вадою, Андрэй Завацкі спыніў на дарозе калгасную машыну і спытаў у вадзіцеля:

— Куды ж гэта ты, скараход мой, ляціш? Дарога ж, сам ведаеш, не асфальт, а машына ў нас не на адзін год...

— Ведаю. Але ў Квяткоўскіх няшчасце,— тлумачыў вадзіцель.— Стары зусім аслаб. Іхняя Зіна паслала мяне адвезці старога ў горад, у бальніцу. Яна чакае!

Андрэй недаверліва паглядзеў на вадзіцеля, падумаў і лагодна спытаў:

— Кажаш, Зіна паслала? А можа, той сержант?

— Не, Зіна.

— А як ты думаеш, мае яна права распараджацца калгаснай маёмасцю ці не?

— А калі ў чалавека бяда?

— Бяда. Дык ці ж гэткага асілка даваць на святыя мошчы? Хопіць яму і каня,— холадна адказаў Андрэй.— А пяцітонку ўжо даўненька чакаюць нашы лесарубы на дзялянцы. Грамада. Ім трэба падвезці сякі-такі правіянт... Вось табе паперка, не камандуй тут мною.

Андрэй дастаў з кішэні пінжака блакнот, паклаў яго на крыло машыны і штосьці напісаў. Вырваў лісцік і падаў вадзіцелю.

— Да кладаўшчыцы газуй! Усё, што трэба, пагрузі і кіруй на Стары Брод.

— Я ж сёння не спраўлюся вярнуцца,— быў запярэчыў вадзіцель, але Андрэй толькі плячамі паціснуў.

— Не справішся сёння, вернешся заўтра...

І пайшоў дадому.

Ужо вечарэла, калі ў сенцах грукнулі дзверы і на парозе — Андрэй гэтага і чакаў, на гэта і разлічваў! — са збітай набок хусткай, у адной кофтачцы, спынілася ўзрушаная Зіна.

«Прыбегла коза да воза!» — радасна падумалася брыгадзіру.

— Андрэй! — проста з парога пачала яна, паволі ідучы да яго.— Тату патрэбна неадкладная аперацыя. Як урач я ведаю, што ў такіх выпадках значыць кожная гадзіна спазнення. Дзе машына? Чаму ты яе паслаў у лес?

Завацкі стаяў ля акна, склаўшы рукі на грудзях. Ён думаў сваё: «А ты не спяшайся, козачка, скакаць, хоць і прыгожая, хоць і гордая, але не скачы. Сэрцу, як ты казала, не загадаеш. Вось табе, любая, і маё прызнанне...»

Адказаў афіцыйна:

— У лесе брыгада, грамада. Як брыгадзір я адказваю за своечасовы падвоз правіянту! У вашым жа распараджэнні цэлы парк машын.

— Можа, тату на трактары загадаеш везці? — прыжмурыўшы вільготныя ад слёз вочы, падалася да яго Зіна, але спынілася, не дайшоўшы да Андрэя на які крок.— Ці на камбайне?

— Вазьмі каня.

— Не здзекуйся! Пяць гадзін — гэта для таты канец!

— Збегай да старшыні, ён дасць «газік», дальбог, не адмовіць...

— Старшыня паехаў у вобласць.

— Вазьмі «Ластаўку», тая дамчыць, як на крыллях...

Твар каменны, аж шэры.

Зіна адхіснулася ад гэтага твару, выбегла на двор, знікла ў цемры.

Яна прастаяла на шашы з гадзіну, а здалося, што ўсю ноч.

Нарэшце такі яшчэ далёка-далёка за павароткам з узгорка мільганулі жоўтыя фары.

Яшчэ хвіліна чакання, і засвяціла ўжо ў вочы трохтонка.

Зіна стала пасярэдзіне дарогі, узняла ўгору абедзве рукі і заплюшчылася.

Праз слёзы яна не бачыла, як незнаёмы шафёр, рэзка затармазіўшы, спыніў машыну перад самымі яе грудзьмі...

...Калі назаўтра раніцою Андрэй праходзіў вуліцай, яму кінулася ў вочы, што ля хаты Квяткоўскіх стаялі купкамі калгаснікі. Найбольш старыя і жанчыны з дзецьмі.

«Чаго ж гэта яны тут сабраліся?» — трывожна падумалася Андрэю.

Ля калодзежа бралі ваду дзве бабы. Спыніўся зводдаль, слухаючы іх гучную гаворку.

— Вось і адышоў Рыгор...— уздыхнуўшы, сказала старая маладзейшай.— Позна цябе прывезлі ў горад, мой Рыгорка,— і выцерла слязу.

— Кажуць, каб хоць на гадзінку раней, то ўратавалі б! — адказвае другая.— А ўсё ён, злыдзень.— І кіўнула ў бок Андрэя.— Кажуць, судзіць будуць гада...

— Якое там, галубка, судзіць! Старшыня ўжо званіў пракурору, дык той кажа, пры чым жа тут брыгадзір. Лічыць, бачыш, невінаватым...

— Вунь як! Невінаваты! Выкруціўся, значыць, хітры, як чорт...

— Слізкі выкруціцца, галубка мая. Але старшыня кажа — усім народам яго будзем судзіць. Бачыць яго, кажа, недавярка, не хачу ў сваім калгасе...

Андрэй быў ужо амаль побач з кабетамі, і старэйшая штурхнула злёгку локцем у бок маладзейшай. А калі параўняўся, яны апусцілі галовы, пабралі вёдры і разышліся. Нават не даўшы «дзень добры», як заўсёды.

І там, ля Квяткоўскіх, заварушыліся людзі. Даганялі ззаду, ішлі міма брыгадзіра, таксама апусціўшы галовы, быццам не ён, а яны ва ўсім былі вінаваты. І ніхто з ім не вітаўся.

Андрэй сунуўся па вуліцы, як у сне. Які ж ён чужы тут, нялюбы, адвергнуты! Цешылі ці здзекаваліся падслуханыя словы: «Лічыць невінаватым... Лічыць невінаватым... Ага! Невінаваты!»

За вёскай яшчэ хадзілі каровы. Андрэю здалося, што нават і яны адвярнуліся ад яго.

Ён змяніў напрамак і азірнуўся на сваю вёску. Убачыў голую прысаду, голую грушу над дахам, пакрочыў далей.

Спыніўся над абрывам, зірнуў уніз. На нейкі момант пацямнела ў вачах, закружылася галава. Андрэй апусціўся на счарнелую траву.

І раптам зазвінела ў вушах перасцярога самога Квяткоўскага: «Ты ж там толькі з гарачкі не боўтні ў вір галавой!..»

1969


1969