epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Да заўтрага...

Яшчэ з раніцы Пятру не сядзелася дома.

Прадчуванне нечага незвычайнага хвалявала ўвесь дзень. Яго цягнула да людзей, на шумлівыя вуліцы горада. І не таму, што было свята. Дзень Перамогі, вядома, хвалюючы дзень, але сёння ён быў нейкім асаблівым, надзвычай радасным. Неяк вастрэй адчувалася радасць паспяховай абароны дысертацыі, віншаванні сяброў. Да таго як стаць доктарам філалогіі, Пятро многія гады аддаў сваёй любімай справе. Іменна — аддаў, нягледзячы ні на што. Было цяжка, было да болю крыўдна, калі нават жонка, здаралася, уцякала да маці, пакінуўшы яго аднаго са сваімі кнігамі і канспектамі. Цяпер яна ўжо не пакіне ніколі, цяпер яна ганарыцца ім, быццам ён не той жа, што быў дагэтуль. Пятру часта здавалася, што цяпер для жонкі ён проста дарагая рэч, якую яна нечакана набыла па таннай цане. І гэта часта засмучала. Потым, з часам, абвыкся са сваёй думкай, хоць усё часцей і часцей жонка, здаралася, папракала:

— Які ты вучоны... у двух пакойчыках жывеш... А якая ў нас мэбля? Як у самых звычайных...

Калі аднойчы жонка паўтарыла свой папрок, ён дабрадушна прамовіў:

— Зінок, пойдзем пагуляем у парк.

Яна нібы працяла яго сваім калючым позіркам:

— Нешта ты сёння вельмі ўрачысты. Партрэцік — хоць у рамку ўстаўляй.

— А таму, Зінка, што сёння хораша мне.

— Не задзірай носа.

— Чаму? Я ж не абы-хто, а доктар навук,— умысля падкрэсліў Пятро.

— Твая вечная вучоба мне вельмі многага каштавала. Можа, самага дарагога...

Пятро змоўк.

Ён ведаў, на што намякае Зіна. Раней яна не хацела мець дзіця, каб не «звязваць рук», а цяпер ужо, каб і надумалася, позна: яна асталася бяздзетнаю.

Пятро часта лавіў сябе на думцы, што Зіна не любіць яго, у свае дваццаць восем яна выйшла замуж, каб часам не застацца векавухай. А ён? Ці кахаў Зіну, як некалі, даўным-даўно, кахаў другую?

«Тое ніколі не паўторыцца, ніколі...»

Пятро міжволі крануў рукою свае парадзелыя валасы. Гэта ж такі густы чуб быў, а што засталося!

Як ні рваўся Пятро на вуліцу — усё не мог сабрацца. Калі яны нарэшце выйшлі,— звечарэла, там-сям пачалі запальваць агні. А на душы ў яго было ўсё гэтак жа хораша, хвалююча.

— Не ляці так. Мне за табою не ўгнацца.

Жонка гаварыла гэта ўжо недзе ззаду. Ён нібы забыўся, што яны ідуць разам, і прыбавіў кроку. Яго сёння чамусьці вельмі цягне наперад, яму проста хочацца бегчы, а Зіна ледзь цягнецца.

Вось і парк.

Старыя дрэвы нашэптваюць былое, не забытае з гадамі. Тут дыхаецца лягчэй: рака, шматлікія раўчукі і фантаны аддаюць паветру вільгаць і збіраюць цяпло.

— Пойдзем у зялёны тэатр,— сказала жонка і цяпер ужо сама пайшла наперад.

Яна малая ў параўнанні з Пятром, кругленькая, нават высокія шпількі служаць нібыта адваротнаму: яны яшчэ больш падкрэсліваюць яе нізкі рост.

Ля самай брамкі, дзе збілася даволі многа народу, Пятро на нейкі момант згубіў жонку.

І адразу яму на плячо лягла чыясьці рука. Ён азірнуўся і спачатку нічога не ўцяміў. Што з ім здарылася? Ногі раптам аслаблі, у вушах пачуўся звон, нібы хто нечакана стрэліў яму проста ў твар. Пятро ўважліва зірнуў наперад. Перад ім стаяла высокая чарнявая жанчына ў светлым лёгкім касцюме, які так пасаваў да яе строгай прыгожай паставы. На акуратна зачэсаных на стары манер валасах, з «куксай» ззаду, сям-там роўнымі пасмамі свяцілася сівізна.

— Добры вечар, Петрык,— як некалі, назвала яго жанчына.— Я ўсё ішла за табою і думала: ты ці не ты?

— Галя?! Бог мой, адкуль ты ўзялася! — нарэшце хрыпла прамовіў Пятро.— Я сёння ўспамінаў цябе...

— Толькі сёння? — ледзь прыжмурыла яна вочы.

— І сёння,— паправіўся ён.— Ты адна ці з мужам?

— Я была далёка адгэтуль і вельмі доўга хварэла,— ухілілася ад прамога адказу Галя.— Ты помніш мае апошнія словы?

Ёп помніў. Ён проста не верыў у цуда, запозненае цуда, якога чакаў доўгія гады.

— Пе-ця! Чаго ты там стаіш? — паклікала з-за варот жонка.— З кім гэта ты там?

— Іду! — механічна вымавіў Пятро і ўзяў Галю за руку.— Я хачу з табою сустрэцца... без яе,— кіўнуў галавою за вароты.— Скажы толькі дзе...

— Тут. Заўтра. У гэты ж час...

— Ясна. Бог мой, столькі шчасця ў адзін дзень. Так і звар’яцець нядоўга. Да заўтрага.

— Да заўтрага!

— Пе-ця-я-а-а!

— Іду-у!

Яны сядзелі недзе на восьмым ці дзевятым радзе, а за імі, праз два рады, сядзела Галя, і Пятро ўсёй сваёй істотай адчуваў, што яна глядзіць на іх, глядзіць уважліва, не зводзячы вачэй. Ён не чуў музыкі, якая далятала з эстрады, не бачыў артыстаў. «Што б са мною ні здарылася, ведай, што я кахаю цябе. Чакай і помні...» Так гаварыла некалі Галя. Ён зноў — у які ўжо раз! — да драбніцы ўспомніў пражытае...

...Пеця ішоў дарогай вайны. Адзін, забыты людзьмі і богам, чатырнаццацігадовы светлавалосы хлопец. Дзіцячы дом, у якім Пеця прабыў доўгія пяць год пасля таго, як трагічна загінулі ў пажары яго бацькі, цяпер не існаваў. Яго разбамбілі фашысты, разбамбілі дашчэнту, нібы гэта была армейская казарма ці якая крэпасць. Меншых справіліся вывезці некуды, а большыя, такія, як ён, разышліся па трывожных дарогах у пошуках сваякоў або проста добрых людзей, у якіх з дапамогаю сякога-такога ўмельства можна было б перачакаць ліхалецце.

Дарога, па якой ішлі на ўсход людзі і бясконца рухаліся перапоўненыя грузавікі, прывяла Пятра да адзінокай хаткі дарожнага майстра. Пеця зайшоў проста так, адпачыць, напіцца вады. А калі гаспадар будзе мець ласку, ён, вядома, не пашкадуе кавалачка хлеба.

Гаспадаром аказаўся высокі белабароды стары з пасівелымі скронямі, дабрадушным хударлявым тварам і жывымі сінімі вачамі. Ён стаяў сярод невялічкага свайго двара, між дашчаным хлевам і хатай, склаўшы на грудзях рукі, і сумна ўзіраўся на дарогу.

Заўважыўшы Пецю, стары схамянуўся, ступіў некалькі крокаў яму насустрач.

— Што, малец, скажаш? — яго сумныя вочы падабрэлі.

— Ды вось...— разгубіўся Пеця.— Падбіўся крыху.

— А дзе ж твае астатнія?

— Адзін я... Быў у дзіцячым доме,— адразу, каб пазбегнуць лішніх роспытаў, растлумачыў Пеця.

— І куды цяпер думаеш падацца?

— Не ведаю... У мяне ёсць цётка, але яна аж за Масквою, недзе на Урале.

Стары ўважліва паглядзеў на яго, паклаў руку на плячо.

— Мо аставайся ў мяне...— сказаў добразычліва.— Памочнікам будзеш, а дачцэ — малодшым братам. Удваіх мы жывём, без гаспадыні. Так што падумай...

Ды што там думаць! Гэтага Пеця і чакаў, але цяпер чамусьці разгубіўся, сэрца сціснулася ад жалю да самога сябе, да свайго адзіноцтва. Ён адвярнуўся, каб схаваць няпрошаныя слёзы. І ўсё ад таго, што некаму будзе братам, што людзі яго не кідаюць.

Потым, калі ўжо добра пазнаёміўся з гаспадаром, Пеця сядзеў за дубовым сталом і апетытна ўмінаў хлеб з гарачай духмянай капустай. І яна нагадала яму гэткую ж нізкастолую хату з вялізнай печчу, стол з белым абрусам, маці, што завіхалася ля печы, і бацьку, які заўсёды вялікімі лустамі кроіў свой, сялянскі хлеб. Ад раптоўных успамінаў на душы стала цёпла і хораша, было такое адчуванне, быццам ён на хвіліну забег дамоў...

Памагаць дзядзьку Хведару, гаспадару-дарожніку, не было асабліва чаго. Цяпер ён і сам не ведаў, за што ўзяцца, і таму адразу пасля полудня яны ўдвух сядзелі на тоўстых бярвеннях, складзеных каля хлява, і ўсё глядзелі на дарогу.

І ў мірны час дарога была бойкая, а цяпер на ёй — як на мурашынай сцежцы.

Часам наляталі самалёты з чорнымі крыжамі, і тады дарога ўраз пусцела, людзі і машыны туліліся да хмызу, да кучаравых бяроз, якія роўнымі радамі стаялі абапал. Ад жытла Хведара да дарогі было метраў якіх сто, і таму хвалявацца асабліва не варта было, але яны ўсё ж забягалі ў склеп, які знаходзіўся тут жа, пад хатай.

З-за хлява, з боку хвойніку, які амаль падступаў да хутара, выйшла цыбатая дзяўчына з цяжкай ношкай какошніка. Пеця адразу пазнаў своеасаблівую балотную траву, за якой некалі не раз хадзіла і яго маці, хадзіла ў такія дні, калі зусім не было чаго кінуць парсюкам у карыта.

— Цяпер я буду памагаць ёй насіць траву! — адразу загарэўся Пеця, шкадуючы дзявочыя плечы сваёй нарачонай сястры. І падаўся насустрач.

— Ды ўжо ж... Сала будзем есці разам,— згадзіўся стары і патупаў у хлеў, дзе даволі настойліва рохкаў парсюк.

Вось дзяўчына ўзышла на двор і перад хлевам кінулася на спіну, проста на ношку. Нейкі час яна ляжала нерухома — аддыхвалася. Пеця адразу хацеў памагчы развязаць на грудзях вузел, але зірнуў на яе змакрэлы твар і, зачараваны яго прыгажосцю, ужо не мог крануцца з месца.

— Ну, чаго стаіш? Памагай, калі кінуўся,— сказала яна ціхім голасам, і Пеця дрыжачымі рукамі пачаў тузаць непадатлівы вузел. Потым нахіліўся, ірвануў рог лясёнкі зубамі, пры гэтым нечакана дакрануўся падбародкам да дзявочых грудзей.

— Дзяўчо ты, а не хлопец! — засмяялася яна, лоўка выбіваючыся ад лясёнкі. Стаяла і ўсміхалася, чарнявая, крышку вышэйшая за яго, сінявокая прыгажуня. А ён не ведаў, куды схаваць свае такія нязграбныя рукі, свае вочы.

— Як жа цябе завуць?

— Пятро... Захаравіч.

— Петрык, значыць... А мяне — Галіна Хведараўна.

— Ён пакуль будзе жыць у нас,— кінуў з хлява стары.— Так што не крыўдзі, Галька, свайго браціка.

— А я і не крыўджу. Ён не хоча памагчы мне занесці лясёнку ў хлеў...

— Я? Не хачу-у? — Пеця паддзеў пад вузлы ношкі правую руку і мігам аднёс траву ў хлеў.

— Бач ты! — шчыра здзівілася Галя, ідучы ўслед.— Цяпер і праўда мне будзе лягчэй...

Пеця ляжаў на духмяным сене, якога сам нанасіў на вышкі хлява з хмызнякоў, і не мог звесці вачэй. Не таму, што ў начным небе натужна гулі чужыя самалёты. Да іх трывожнага гулу ён ужо крыху прывык. Вайна неяк непрыкметна для яго пракацілася побач. Па дарозе ўжо ходзяць плямістыя нямецкія машыны і танкі з крыжамі. Яны прыйшлі знянацку, у адну ноч... Пеця ж не мог заснуць зусім па іншай прычыне. Тут, у гэтай цемры, яму выразна бачыўся Галін твар з вялікімі прыгожымі вачамі, з ружовымі, быццам падфарбаванымі, вуснамі.

Пасля першых дзён страшнай вайны, пасля ўсяго, што ён перажыў, Пецю здалося, што ён нарэшце трапіў у надзейнае месца, якое стала для яго даражэй за ўсё на свеце. Цяпер ужо ён ведаў, што зноў закахаўся і што нялёгка будзе зноў расстацца з гэтым другім, яшчэ мацнейшым каханнем.

Дзіўна ўсё неяк у яго.

Першы раз гэта была выхавацелька, на цэлых адзінаццаць гадоў старэйшая за яго, тады яшчэ дзевяцігадовага хлопчыка. Яму проста падабалася глядзець на ружовы дзявочы твар, на вясёлыя, крыху гарэзныя вочы. І калі на тых вачах аднойчы ён убачыў слёзы, то, сам нават не ведаючы чаму, расплакаўся. Так ніхто і не даведаўся пра сапраўдную прычыну дзіцячага плачу.

Цяпер, праз столькі год, яе замяніла Галя. Яна таксама старэйшая за Пецю. Праўда, не на столькі, як тая выхавацелька, і ён цяпер не такі. Галі ўжо стукнула васемнаццаць, яна, вядома, глядзіць на Пецю як на хлапчука, хоць ростам яны амаль роўныя, хоць у яго голасе ўжо чуюцца басавітыя ноткі. Няхай бы лёс звёў іх крыху пазней, калі б, скажам, Пятру стукнула дваццаць. Нейкія лішнія чатыры гады тады б не браліся ў разлік, але цяпер...

Вядома, пра такія яго пачуцці ніхто не павінен ведаць, інакш усё страціць сваё хараство. І Галя таксама не павінна здагадвацца. Ён будзе любавацца ёю толькі ўпотай.

Наіўнае хлапчанё! Ён нават і не падазраваў, што бяда сцеражэ яго на кожным кроку, кожны дзень.

Аднойчы пад вечар з-за хлява выйшаў высокі белавалосы вайсковец. Яго левая рука была забінтавана і трымалася на павязцы. Убачыўшы ля ганка Пятра, ён спытаў:

— Немцы да вас часта наведваюцца?

— Яшчэ не было,— адказаў Пеця, уважліва прыглядаючыся да чалавека.

— Цябе як завуць?

— Пятро.

— Значыць, цёзкі мы... А хто ў хаце?

— Дзядзька Хведар.

Вайсковец адразу пакіраваў у хату.

Як выявілася, яму быў патрэбен ёд і кавалак чыстага паркалю, каб перавязаць рану. Усё гэта знайшлося. А спрытныя Галіны рукі ў момант забінтавалі рану.

І тут здарылася тое, аб чым ніколі ў жыцці не падазраваў Пеця. Спярша яму не спадабалася, што яго цёзка вельмі ўважліва пазірае на Галю.

— Казаў, што ў хаце дзядзька,— падміргнуў ён Пецю,— а тут — цётка! Ды яшчэ якая! Казачная царэўна. Быць такой прыгожай цяпер, я вам скажу, вельмі небяспечна.

— А што, хіба мяне з’ядуць?

— З’есці не з’ядуць, але... Фашысты — яны, як звяры. Прыйдзецца ўзяць вас пад сваю ахову!

Паранены нахіліўся над Галяй і пацалаваў яе ў смуглявую шыю.

— Ой, што вы! — засмяялася і пачырванела яна.

Пеця куляй выскачыў з хаты. Ён ледзь не заплакаў ад крыўды, ад сваёй бездапаможнасці.

Чаму яна не адхілілася, няўжо ёй прыемна было, што ён пацалаваў? І чаму яна пачырванела?..

Грукнулі дзверы. З хаты выйшлі вайсковец і Галя.

У яго быў вельмі шчаслівы твар, а Галя глядзела долу, сарамліва захінуўшыся хусткай.

Яны моўчкі прайшлі за хлеў і спыніліся. Вось ён кашлянуў, і адтуль пачулася нейкая валтузня.

— Пусціце, не трэба так,— вырывалася і прыглушана прасілася Галя.

— Я буду прыходзіць да вас... У лесе збіраецца партызанскі атрад. Хачу, каб вы былі толькі маёю...

— Што вы робіце... Пусціце!..

«Ён цалуе яе!» — здагадаўся і аж пахаладзеў Пеця. Ледзь стрымаўся, каб не крыкнуць, ледзь устаяў на нагах. Хапіўся за вілы, прыстаўленыя да сцяны, і яны гучна дзынкнулі аб каменны круг.

— Пусціце, нас бачаць...

Галя прабегла па дварэ і спынілася ля ганка. Хустка яе з’ехала на шыю, адкрыўшы ружовыя шчокі. Рот быў раскрыты, вусны ільсніліся...

Пеця рашуча выйшаў са свайго сховішча, стаў сярод двара, нахмураны, зніклы.

— Я... не пушчу яго больш сюды!

Галя зірнула на яго насмешліва, дабрадушна.

— Ці не думаеш сам стаць маім кавалерам?

— Кавалерам?! — У яго аж перахапіла дыханне.— Гэта груба... У мяне сэрца па табе баліць, а ты...

Ён хацеў пабегчы, але Галя спыніла яго. Строга глянула ў вочы і ціха прагаварыла:

— Прабач, Пеця, я не ведала, што ты так... Толькі не трэба злавацца. Я ж цябе таксама люблю як брата...— і, памаўчаўшы, дадала: — Пакуль вайна, ніхто мне не патрэбен. А калі нейкі хлопец і пацалаваў — не бяда. Бачыў, які ён мужны? Такая рана, а ўсміхаецца, жартуе...

— У вайну можа быць шмат параненых. Калі кожны будзе прыходзіць і...

— Не будзе, не будзе!

Галя замахала на Пецю рукамі, схапіла яго пад пахі і закружыла па дварэ. І толькі тады, калі яна пабегла ў хату, Пеця ўцяміў, што Галя пацалавала яго ў шчаку...

Пасля той размовы Галя пацішэла, пачала больш уважліва адносіцца да Пеці, прыглядацца да яго, быць заўсёды разам.

Неяк нават сказала:

— Бач, як ты вылюднеў пасля таго як прыйшоў да нас! Проста кавалер...

— Я ненавіджу гэтае слова...

— Прабач, забылася.

Пеця і праўда неяк хутка перамяніўся. З твару знікла хлапечая легкадумнасць, ён памажнеў, абветрыўся. Кожны дзень яны з Хведарам ходзяць то ў лес па дровы, то на дарогу. «Трэба, сынку, заўсёды спраўнай дарогу трымаць,— казаў ён.— Менш басурманы чапляцца будуць». У Пеці ж быў і свой клопат. Калі немцы будуць менш чапляцца, то менш будуць і прыходзіць да іх. Ён усё ж запамятаў словы вайскоўца: «Быць прыгожай цяпер вельмі небяспечна... Фашысты — яны, як звяры». Так, трэба хаваць Галю ад фашыстаў.

І ён даўмеўся, як гэта найлепшым чынам зрабіць. У адным месцы ў хляве падгнілі дошкі. І калі яны з гаспадаром мянялі іх, то Пеця сказаў:

— Давайце, дзядзька Хведар, так зробім, каб вось гэтая шырокая дошка адсоўвалася, калі трэба, убок... З двара ў хвойнік ход будзе.

Стары падумаў, усміхнуўся ў вусы і сказаў:

— Бач, як хітра прыдумаў! Так і зробім...

Трэба сказаць, што Пятроў «сакрэт» саслужыў немалую службу. Як толькі з дарогі да хутара зварочвалі фашысты, Галя забягала ў хлеў, адсоўвала дошку, зноў стаўляла яе на месца і бегла ў хвойнік...

Аднойчы — было гэта ўжо на другім годзе вайны — такім чынам уратавалася трое партызан, калі знянацку наляцелі фашысты. Калі б не пільнае вока Пятра, то быць бы бядзе. Хацеў тады і ён бегчы з усімі, але дужа хварэў дзядзька Хведар. І гэта, можна сказаць, уратавала яго ад нямеччыны, куды гвалтам вывозілі моладзь. Праўда, партызаны сказалі яму, каб спярша дабыў сабе хоць якую вінтоўку, каб не з голымі рукамі прыйшоў. Асабліва здзекаваўся той, першы Пятроў знаёмы.

— Ты, цёзка, дастань вінтоўку з крывой руляй, з яе вельмі зручна з-за вугла страляць.

Запалі тыя крыўдныя словы ў душу, не на жарты задумаўся хлапчына, як здабыць сабе зброю. Ён бачыў яе ў юначых снах. То сніўся новенькі аўтамат з круглым дыскам, то ручны кулямёт на расстаўленых ножках, то новенькі пісталет. І мроіліся-сніліся баі з фашыстамі, якіх ён, Пятро, заўсёды лёгка перамагаў. Галя гладзіла па галаве і казала: «Ты — мой герой, Петрык...»

Але не раз ён заўважаў, што не ў сне, а на самай справе Галя часта выходзіла на двор і падоўгу глядзела ў бок хвойніку, адкуль, бывала, прыходзіў Пятро-партызан. І сумнымі-сумнымі былі тады яе вочы.

— Ты ўсё яго чакаеш? — спытаў аднойчы Пеця.

— Ды так... Гляджу, ці будзе сёння дождж,— відавочна схлусіла Галя.

— Не трэба так гаварыць! — строга глянуў на яе Пеця.— Я ўсё разумею... Але чакай, вось хутка дастану аўтамат, і ўбачыш тады, якія бываюць партызаны...

— А ён — хіба не сапраўдны?

Пеця яшчэ больш нахмурыўся.

— Даруй мне, Галя... Толькі мне здаецца, што ён нейкі баязлівы. Пачуе на дарозе гул машыны — адразу ў лес уцякае. А трэба да дарогі бегчы, страляць...

— Каб нашу хату спалілі?

На гэтым размова спынялася. Сапраўды, падбі машыну, дык потым без хаты застанешся. А з чым у лес ісці? Дзе што ўзяць? Без зброі не абароніш свайго шчасця, не ўберажэш.

Яго каханне да яе мацнела, разгаралася з кожным днём.

І ўсё ж ён не ўбярог сваю Галю.

Здарылася гэта на трэцім годзе вайны, калі і Пятро і Галя былі ўжо не толькі назіральнікамі, але і ўдзельнікамі грозных падзей. У меру сваіх сіл яны памагалі партызанам, выконвалі розныя даручэнні. У апошні час па дарозе ішло больш машын на захад, чымся на ўсход. Трэба было неяк выведаць, у чым справа. Галя днямі назірала за дарогай, запісвала нумары і колькасць машын. І хутка ўсё стала ясна: немцы рыхтуюць блакаду. Дзеля гэтага яны знялі з фронту цэлую вайсковую часць.

Неяк пад вечар прыйшоў з лесу партызан Пятро. Быў ён чамусьці ўзрушаны, нават разгублены.

— Мне трэба пагаварыць з табою, Галя. Справа вельмі сакрэтная,— сказаў ён і шматзначна паглядзеў на Пятра.

— Гавары пры ім, не бойся! — Галя падышла і стала побач з Пецем.— Бачыш, які ўжо ён? Большы за мяне.

Пеця адзначыў, што яны ўжо адзін аднаму гавораць «ты». Нават не заўважыў, калі ў іх гэта стала. •

— І ўсё ж няхай цёзка пагуляе ў хвойніку,— запярэчыў тады партызан.

Галя сказала:

— Выйдзі на хвіліну, Петрык... Няхай ён скажа мне свой сакрэт сам-насам.

Пеця пайшоў у хвойнік. Пасля ён ніяк не мог уцяміць — чаму іменна ў хвойнік, а не проста на двор?

Прайшло не дужа шмат часу, як ён спярша пачуў, а потым убачыў партызана. Той бег, як апантаны, не зважаючы на галіны, што перашкаджалі бегчы.

— Немцы! — крыкнуў на хаду Пятро і знік за іглістымі хвойкамі.

Гэта адбылося так нечакана, што на нейкі момант Пятро нібы абамлеў, абяссілеў.

А дзе Галя? Чаму ён кінуў яе?

Яму адразу ўявіўся жудасны малюнак: фашысты страляюць самых дарагіх людзей. І адразу захацелася заплакаць. Але ж гэтым бядзе не дапаможаш. Патрэбны дзеянні. Сілы зноў вярнуліся да яго. Ён хутка пайшоў назад, зусім не ўяўляючы, што будзе рабіць, чым дапаможа Галі і дзядзьку Хведару.

Калі падышоў да вугла, спыніўся, прыслухаўся.

На дварэ ціха гурчала машына, былі чутны няясныя галасы, смех.

Асцярожна прабраўся Пятро ў хляўчук. Адтуль ён убачыў, як адзін рослы фашыст трымаў дзядзьку Хведара за бараду і грозна пытаўся:

— Дэ ест партызан?!

Другі, маладзейшы, цягнуў Галю да плямістай легкавушкі, Галя ўпіралася і нема крычала. І ў гэтым крыку чулася:

— Петры-ык, дзе ты, Пе-етры-ык?!

А ў Пятра кроў застыла ў жылах, ён стаяў і не ведаў, што рабіць. Выскачыць з віламі на дваіх — дарэмныя намаганні. У іх аўтаматы ў руках, секануць — ляжаш, нічым не дапаможаш...

Прыгледзеўся Пятро лепш і ўбачыў, што аўтамат толькі ў старэйшага, у афіцэра. Ён трымае Хведара за бараду і ўсё нешта дапытвае.

Дзе ж другі аўтамат?

— Пе-етры-ык! — безнадзейна вырывалася з моцных рук Галя. Яе старэнькая, вынашаная сукенка рвалася, як павуціна. А фашыст рагатаў і ўсё цягнуў яе да машыны. Яго пілотка звалілася на зямлю, і рудаватыя валасы саломай звіслі на лоб, на вадзяністыя вочы. Ён трос галавою і задаволена рагатаў...

І тут Пятро ўбачыў другі аўтамат.

Ён ляжаў на капоце машыны.

Астатняе адбылося ў адно імгненне. Пятро кінуўся да машыны, схапіў аўтамат і ўзвёў затвор.

— Хальт!!! — на ўсю сілу крыкнуў ён.— Ні з месца. Буду страляць!..

Ад нечаканасці фашысты аслупянелі. Выпусцілі Хведара, Галю і ўскінулі рукі ўгору...

Хведар адразу асеў на зямлю, а Галя кінулася да хлеўчука.

Пятро зразумеў, што гэты кароткі момант дае яму перавагу над ворагам. Спярша кароткай чаргою ён скасіў, таго, з аўтаматам. У другога выпусціў усе астатнія патроны. Калі б там, у ражку, было яшчэ столькі, то, напэўна, Пятро і іх расстраляў бы.

І вось на дварэ настала цішыня.

Нават не чутно, як ціха працуе матор машыны. Пятро стаяў з нямецкім аўтаматам сярод двара, і твар яго быў суровы, нібы каменны.

Устаў Хведар. Бы нічога і не здарылася, абтрос штаны, падышоў да Пятра. Ні слова не гаворачы, моцна, па-мужчынску трасянуў руку. А вусны дрыжаць ад узрушанасці, ад удзячнасці за ўсё...

— Чаго ты стаіш? — звярнуўся ён да дачкі.— Цалуй яго, Галя! Рукі яму цалуй, а не таму баязліўцу, што са сваім аўтаматам уцёк...

Толькі ўжо хлопец сам падбег да дзяўчыны і пачаў цалаваць яе рукі.

— Даруй, Галя, што не было мяне тут... Білі цябе фашысты? Моцна білі?

Яна глядзела на яго поўнымі слёз вачамі і скрозь шчаслівую ўсмешку круціла галавой.

— Не білі, Петрык! Звезці хацелі, дужа страшна было. Любы ты мой, дарагі ты мой партызан... Цяпер я веру — ты сапраўдны баец, адважны...

Аставацца на хутары было небяспечна. Кожную хвіліну маглі наехаць фашысты.

— Давай, сынку, звязём нечысць са двара. Я ж калісьці шафёрам быў...— падыходзячы да машыны, сказаў стары.

Потым удвух яны знеслі забітых у машыну, паклалі на задняе сядзенне, і Хведар сеў за руль.

— Павязу ў яр і спалю там разам з іхнім тарантасам, а вы бяжыце за хвойнік, на ўзлессе да старога дуба. Там і вырашым, што рабіць далей.

Калі Пятро і Галя ішлі хвойнікам, ён сцішана гаварыў:

— Не магу жыць без цябе, Галя, кахаю...

— Памаўчы, Петрык,— адказвала яна і блізка-блізка тулілася да Пеці. Яна адчувала ў ім сілу, волю, рашучасць.

— Усё роўна кахаю цябе, Галька. На ўсё жыццё...

— Веру, Петрык...

Яны спыніліся, сталі адзін насупраць аднаго. І ўжо нічога не існавала для іх: ні прыгожых асветленых, сонцам галін хвоек, ні прыцішанага шчэбету птушак, ні п’янючага водару разагрэтай за дзень жывіцы.

Яны былі нібы п’яныя ад свайго шчасця.

Галя абвіла яго загарэлую шыю рукамі, нейкі час глядзела ў вочы, а потым парывіста прыпала да вуснаў...

І зноў адчуў Пятро дзявочыя грудзі, зноў адчуў прыемную млявасць свайго сэрца...

Дарэмна думаў стары Хведар, што яго дзеці так хутка прыбягуць на ўзлессе.

Ужо ў яры дагарэла машына і перастала дыміцца, а дзяцей усё яшчэ не было.

І вось нарэшце ён заўважыў іх. Наперадзе ішоў Пятро, Галя — следам. Падышлі, спыніліся, нібы вінаватыя.

Стары наблізіўся, спытаў строга:

— Значыць... вырашылі абое?

— Вырашылі, тата! — хутка адказала Галя.— Вырашылі.

— Добра... Ідзіце, ваюйце. А мне ад свайго седала, відаць, ужо не адарвацца. Так я вырашыў, так і будзе. Пайду замяту сляды — і канцы ў ваду. Партызаны тых немцаў пабілі ды спалілі. Стары ўжо я. Ідзіце...

Яны стаялі пад высокім галіністым дубам, блізка прыхінуўшыся адно да аднаго, і засмучана глядзелі, як паволі аддаляўся стары Хведар...

Партызанская брыгада, куды яны трапілі, вяла цяжкія абарончыя баі разам з іншымі атрадамі і брыгадамі. Так пачалася цяжкая блакада сорак трэцяга года, на якую фашысты кінулі дванаццаць дывізій рэгулярных войск, не лічачы шматлікіх гарнізонаў.

І вось аднойчы Галю паслалі да бацькі на хутар. Трэба было разведаць, які рух на дарозе, як яна ахоўваецца, і ўдарыць потым там, дзе фашысты менш за ўсё чакаюць нападу, ударыць і выйсці ў Домжарыцкія балоты, дзе потым ніякая блакада не страшная.

Перад тым як пайсці, Галя сказала Пятру:

— Што б са мною ні здарылася, ведай, што я кахаю цябе. Чакай і помні...

Яна пайшла і не вярнулася больш.

І ніхто не ведаў, дзе прапала дзяўчына.

Пасля ўжо, калі мінула блакада, Пятро выкраіў час сустрэцца з Хведарам.

На ўзлессі ён пастаяў пад знаёмым да болю ў душы любым дубам, прайшоў знаёмымі сцяжынкамі па хвойніку і спыніўся зводдаль ад хлеўчука.

Усё стаяла на месцы, быццам тут не праходзіла чорная навала, быццам грымоты пракаціліся далёка адгэтуль.

Стары сядзеў на ганку і курыў.

Пятро рашуча падышоў да яго і аклікнуў:

— Дзень добры, бацька!

Той узняў на яго прыжмураныя вочы і нібыта не пазнаў. За гэты кароткі час Хведар пастарэў, здавалася, на шмат гадоў. Падслепаватыя вочы слязіліся, левая рука вісела як нежывая.

— Гэта ты, сынок?! — нарэшце пазнаў і ўзрадаваўся ён і паківаў галавою.— Дзякуй богу, жывы...

— А Галя? Дзе яна? — нецярпліва спытаў Пятро, прысаджваючыся да яго.— Вы бачылі яе?

Стары пыхнуў цыгаркай, уздыхнуў і ціха сказаў:

— Лепш бы я таго не бачыў, сынок... Загубілі яны дачку, супастаты. І павезлі ў цёмнай машыне. Шмат там было такіх, як яна, пакутніц... Мяне таксама, во, інвалідам зрабілі,— і схіліў галаву на плячо.

Гэта было пакутліва для абодвух...

— Я адпомшчу ім за ўсё, бацька... За ўсё!

Пятро помніў і помсціў. Любімец атрада, ён не ведаў страху, ён імкнуўся быць там, дзе была магчымасць знішчыць хоць аднаго фашыста. Так ён стаў спачатку снайперам, потым — падрыўніком...

Скончылася вайна.

Толькі праз два гады Пятро дэмабілізаваўся з арміі і зноў з’явіўся на сядзібе дарожніка.

Але звестак пра Галю — аніякіх.

Вечарамі ля хаты спыняліся адпачыць шафёры, і Пятро са здзіўленнем назіраў, як Хведар частаваў іх, уладкоўваў на начлег, а потым, адвёўшы ўбок вочы, гаварыў:

— Прызнавайся, што ў цябе лішняе ёсць. Бензін, масла, камера ці што іншае... Усё бяру.

Стары хляўчук быў застаўлены каністрамі, вёдрамі, завалены рознай непатрэбшчынай.

Неяк Пятро спытаў:

— Навошта ўсё гэта вам, бацька?

Той нездаволена адказаў:

— Зашмат будзеш ведаць — палысееш. Мая справа, што хачу, тое і бяру. Інакш ніхто не заедзе...

Шафёры ехалі на агеньчык. Яны, далёкія і блізкія, ведалі Хведараў прытулак. І калі з якім у дарозе здаралася бяда, яму раілі:

— А ты дацягні як-небудзь да Хведаравага двара, што на сто сёмым кіламетры. У яго ўсё знойдзецца...

Пятро зразумеў, чаму Хведар бярэ «лішкі». У аднаго яно быццам і праўда лішняе, а ў другога можа не быць. Двор старога стаў як бы рамонтным пунктам, праз які Хведара і ведалі на сотні кіламетраў вакол. І ў кожнага, хто першы раз заязджаў, ён нязменна пытаўся:

— Мо сустракалі ці чулі што пра дачку маю, Галю? Фашысты яе звезлі... У нямеччыну...

Дзень ішоў за днём, год за годам, а пра Галю ніхто нічога не чуў і не ведаў.

Калі гады праз тры Пятро зноў наведаўся сюды, то ўбачыў, што хаты ўжо няма, тое месца зарасло быльнягом і кустамі, будыніна развалілася, згніла. У пастушка, які непадалёк пасвіў карову, ён даведаўся, што яшчэ летась старога забрала маладая жанчына. Яна прыехала на грузавіку з нейкім мужчынам і ў той жа дзень выехала. А куды — невядома.

Дачакаўся-такі Хведар дачкі!

А Пятру яшчэ больш не стала спакою. Ён пісаў у розныя гарады, ездзіў сам, распытваў па розных даведачных бюро. І нарэшце даўмеўся пагаварыць з шафёрамі. Старога ведалі ўсе, а Галю — ніхто.

Якраз знайшоўся адзін малады хлопец, не старэйшы за самога Пятра.

— Ведаеш што, таварыш...— сказаў ён, яўна незадаволены, што па такой дробязнай справе яго спынілі.— Бачыў я тую Галю. Яе мужа, здаецца, Пятром завуць.

— Мужа?!

— А чаму ж не? Ён так ласкава да яе: «Галечка, Галечка». І ўсё стараўся дагадзіць.

— А яна?

— Што — яна? Нічога... Села ў кузаў да бацькі ды паехала. Усё ўздыхала нешта. Сумная была.

Машына рэзка гыркнула і паволі пакацілася далей, а Пятро застаўся на дарозе. Горыч і крыўда даўкім камяком падкаціліся да горла. Яму хацелася кінуцца на зямлю і ўжо больш не падняцца.

Але час гоіць любыя раны.

Пятро з галавой акунуўся ў вучобу. Скончыў універсітэт, абараніў дзве дысертацыі, ажаніўся...

...Нечакана рэзка грымнула музыка на эстрадзе, і Пятро нібы ачнуўся.

— Ты што — спіш? — упікнула яго жонка.— І не азірайся назад! Вось я табе прыпомню дома. Усё прыпомню. Вечна ты ўбок глядзіш...

Пятро нібы не чуў яе слоў.

Ён яшчэ не ведаў, што будзе заўтра, але радасць сустрэчы запоўніла ўсю яго істоту. «Да заўтрага... любая Галя,— міжволі шапталі яго вусны.— Да заўтрага...»

1970


1970