epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Госці, называецца...

Гасцей сабралася многа.

Змітро Андрэевіч Шклоўскі, чалавек па натуры сціплы і ціхі, толькі дзіву даваўся, як гэта яны так дружна прыйшлі павітаць яго з добрым здароўем, заслужаным адпачынкам і пенсіяй.

— Любяць цябе, Дзіма! — радавался жонка, умільна пазіраючы на Змітрака, як не глядзела ўжо, можа, добры дзесятак год.— Чуеш, як гамоняць? Усё пра цябе, пэўна...

— Толькі б не хвалілі, калі будуць падымаць тосты,— ціха сказаў ён сваёй палавіне.— Цярпець не магу фіміяму і рознай там лішняй гаманы...

— Нічога, вытрымаеш,— адказала жонка, паклаўшы на блюда смажанае парася з пятрушкай у зубах.— От, скажы, ці мала ты ім за жыццё дабра зрабіў?

— Усяго было...— згадзіўся Змітро Андрэевіч, прыгладзіўшы парадзелыя валасы.— Колькі ім кніг адрэдагаваў — уга-а-а! Бывала, такога наплятуць, што цэлыя старонкі даводзілася перапісваць нанава... А чаму? Бо ў іх — талент, а ў мяне што? Толькі і ведаю, як трэба правільна сказ пабудаваць...

І ён паволі, накульгваючы на левую нагу, паплёўся ў залу, дзе ўжо ад цыгарэтнага дыму пагойдвалася пад столлю сіняватая хмарына, а шматгалосая гамана, як грукат грому, не сціхала ні на хвіліну...

Нейкі час Змітро Андрэевіч пазіраў на ўсё гэта і ад радасці не мог даць веры, што такія вядомыя людзі, майстры слова і кісці, пакінулі ўсе свае справы і ўважылі, аддалі дарагі ўсім час дзеля такога непрыкметнага чалавека, як ён, Змітро Шклоўскі...

— Сябры мае, таварышы! — стараючыся перакрычаць сіплаватым голасам дружную грамаду, узняў угору абедзве рукі юбіляр.— Як кажуць, салаўя байкамі не кормяць...

— А-а-абсалю-ютна верна! — пачулася ў кампаніі, і ўсе зарагаталі, бо гэта сказаў вядомы крытык і перакладчык з любой мовы на любую Варабейчык. Ён заўсёды пачынаў гаворку са слова «абсалютна».

— Дык вось і прашу ўсіх за стол! — гаспадар паказаў на доўгую эстакаду, застаўленую бутэлькамі і закускамі.

Госці не дужа марудзілі. Праўда, менш знатныя прапусцілі наперад больш салідных, а потым закаркавалі сабой усе хады і выхады застолля. А тут увайшла гаспадыня з ружовенькім парасём на блюдзе, і ўсеагульнае ажыўленне ледзь не перайшло ў авацыю.

І раптам стала ціха. Пачуўся мудры голас таго, хто, нягледзячы на сваю знатнасць і высокую пасаду, знайшоў час прыйсці да Шклоўскага ў такую ўрачыстую хвіліну.

— Таварышы! — падняў ён да краёў напоўненую чарку.— Я вельмі рады, што сёння бачу за сталом людзей розных як па ўзросце, так і па таленце, як па творчай манеры, так і па стылю... Аб чым гэта гаворыць? Гэта гаворыць аб тым, што мы, таварышы, не замыкаемся ў рамках нейкай абмежаванасці, не хаваемся ў вежах са слановай косці, выходзім на вялікі прастор неабсяжнай нівы і сеем разам вялікае, добрае, вечнае... Я нядаўна закончыў свой новы раман, які называецца «Жураўліная песня». Хто яе чуў калі? Хто яе бачыў? Цяпер пачуюць і пабачаць... Дык вось, галоўны герой у маім новым рамане амаль аднагодак нашага юбіляра. Думаю, што створаны мною вобраз паслужыць добрым прыкладам для моладзі, для ўсіх, хто шукае ў жыцці сваю дарогу. Дык жа вып’ем, таварышы, за тое, што ёсць яшчэ, як кажуць, порах у парахаўніцы!

Госць выпіў, папярхнуўся, і слёзы навярнуліся на вачах. Загрукаталі чаркі, відэльцы ды талеркі.

І раптам:

— Дазвольце мне, таварышы, малодшаму, так сказаць, пакаленню...— Гэта падняўся пачынаючы паэт, Карпенка, часты і даўні госць выдавецтва. Яго масляныя вочы ззялі задавальненнем, танклявы голас узрушана дрыжэў.— Першы раз я сустрэўся з юбілярам гадоў гэтак з дзесяць назад. І трэба сказаць, ужо тады Змітро Андрэевіч заўважыў і падтрымаў мяне добрым ціхім словам. «Ты, Карпенка,— сказаў ён мне,— ідзеш у паэзію з багатым запасам назіранняў і цікавым жыццёвым вопытам». І гэта, даражэнькія таварышы, святая праўда. Я шмат працаваў, і ад працы маёй быў плён... Мая шматпланавая лірычная паэма «Матчыны гурочкі» — споведзь пакалення, якое, маючы вышэйшую адукацыю, не забывае на сваю вёску і... помніць яшчэ пах маласольных агурочкоў, што вырасціла на сваім агародзе родная матуля...

 

Вёска, вёска, як ты люба-міла...

Паплавы, рака і засень ліп,

І гуркі, што маці засаліла,

І кароў мычанне з-за сяліб...

Эх, прыехаць бы туды калі б!..

 

Ён так разжаліў, гэты Карпенка, што ў многіх бывалых людзей завільгатнелі вочы.

Але бывалыя людзі не плакалі! Яны толькі яшчэ шпарчэй запрацавалі чаркамі і больш заўзята задымілі. І калі падняўся выступаць чарговы аратар, то твару яго ўжо не было відаць. Толькі чутно было, як хваліць ён свае карціны, якія хутка на рэспубліканскай выстаўцы прынясуць яму калі не неўміручую славу, то ўжо напэўна — сусветную вядомасць.

Потым падымалі тосты яшчэ нейкія людзі, дзесьці ў канцы стала, побач з юбілярам, басавіты голас зацягнуў «Усю Еўропу за тры перакуры...», а гаспадар так і не пачуў аб сабе ніводнага слова.

— П’ю за в-вас, паважаны калега,— чокаліся за сталом крытык і паэт.

— А я... А я...— пнуўся нешта ўспомніць кучаравы бландзін і ўсё цёр далоняй масляністы рот.— Во — успомніў! Я ўчора дастаў на дачу шыферу...

— Шыфер ерунда! — махнуў на яго парасячым кумпячком сусед, барадаты мастак.— Лепш за ўсё — парасяціна з хрэнам. Не верыш, не? На, паспытай...

І тыцкаў кумпячком у нос бландзіну.

Малады празаік, які да гэтага часу ўсё нешта ўздыхаў і маўчаў, нарэшце загаварыў:

— Я люблю Кацярыну! Якая гэта жанчына, бог мой, якая цудоўная жанчына!..

Адным словам, у кожнага было нешта сваё. Гаварылі аб кнігах, аб карцінах, аб дачах, аб цешчах, аб суседзях, але толькі не аб Шклоўскім. Яго нібы не існавала...

А потым, у перапынку, той, хто выступаў першы, раптам наткнуўся на віноўніка гэтай урачыстасці і, некалькі разоў ікнуўшы, сказаў:

— Ба-а-а, Змітро Андрэевіч! Як гэта ты да нас трапіў, стары, якім чынам?

Шклоўскі, таксама лішняе перахапіўшы, крыва ўсміхнуўся і махнуў рукою:

— Сам здзіўляюся...

1973


1973