epub
 
Падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Керагаз

Сярод мноства ўсялякіх запаведзей, на маю пераканаўчую думку, не хапае яшчэ адной: «Ніколі не пярэч жонцы сваёй!» Запаведзь істотная. Не пярэч, бо пакаешся — будзе позна. І прападзе сон. У крайніх выпадках могуць назірацца больш цяжкія захворванні — нервовы цік і заўчаснае пасівенне скроняў...

Для нармальнага чалавека павінна быць ясна, што жонка заўсёды і ва ўсім мае рацыю. Я ж хацеў пайсці супраць гэтага правіла і стаў ахвярай уласнага невуцтва...

Была цёплая чэрвеньская раніца, адна з тых, калі, прачнуўшыся, не ведаеш пэўна, што рабіць. Жонка ведала добра, што трэба рабіць. Яна ўзняла галаву над падушкай і лагодна сказала:

— Міхасёк... Мы сёння паедзем за горад. Адпачываць. Так што хопіць табе ўжо дрыхнуць...

Апошняе слова здалося мне крыху няўдалым для такой раніцы. Яно ніколечкі не ўзняло настрою.

— Я не сплю ўжо цэлую гадзіну,— паспрабаваў я ўнесці яснасць і адначасова апраўдацца,— устанем і паедзем...

Жонка паглядзела на мяне так, быццам я толькі што зваліўся з іншай планеты ці вылупіўся з яйка.

— Як гэта — устанем і паедзем? — у яе голасе я ўлавіў жалезабетонныя ноткі.— А збірацца хто будзе?

— Ты, я, Сяргейка...

Сяргейка — гэта сын. Ён таксама прачнуўся, але, як і мы, не ўстае, з цікавасцю пазіраючы на нас са свайго дзіцячага кутка, дзе стаіць яго ложак, абцягнуты паабапал валейбольнай сеткай.

— Божа! — усклікнула жонка. — З самай раніцы ты пачынаеш сварыцца. Што за паганы характар! Каб я гэта ведала раней...

Я ўжо шкадаваў, што ўвязаўся ў гутарку, і таму моўчкі пачаў апранацца.

— Прынясі мне халат...

Прынёс.

— Засцялі свой ложак і пастаў чай.

Зрабіў.

— Адзень Сяргея!

Адзеў.

— Цяпер збірайся... Чуеш? Чаго маўчыш, як ідыёт, ды лупіш вочы?! Не прыкідвайся дурнем: я ведаю, што табе хочацца сарваць нам паездку, сапсаваць настрой. Адзіны выхадны дзень і той ляціць прахам...

Жонка гаварыла доўга. А я адчуваў, як у мяне ўсярэдзіне вырастае нейкая дзікая жывёліна, што яна вось-вось вырвецца на волю і тады ўжо будзе позна яе ўтаймаваць. Перамогшы тую жывёліну, я, як мага спакойна, пытаю:

— Што мне браць, любая, падкажы?

— Тэрмас, коўдру, гамак, чамадан, раскладушку, тры талерачкі і лыжкі, тры шклянкі, нож і стары керагаз,— чамусьці пералічыла ўсе нашы дамашнія рэчы жонка. Гэта мяне развесяліла і я прастадушна засмяяўся:

— Ну і жартаўніца! Раскладушку... Керагаз... Здорава!

— І раскладушку і керагаз! І хопіць табе пераймаць клоуна,— абсекла мяне жонка, прыхарошваючыся перад люстэркам. Я пахаладзеў.

— Няўжо і керагаз?! — зноў перапытаў у жонкі.

— А што ж... Рэч патрэбная...

— Мы будзем катацца на каруселі! Абедаць у кафэ! Адпачываць у грамадскіх гамаках...

— Хто ж гэта едзе ў дарогу, спадзеючыся на ўсё гатовенькае, не маючы пад рукою ўсё неабходнае? — далікатна перабіла мяне жонка.

— Керагаз?! — не стрываў, павысіў голас.

— Керагаз... А на чым, па-твойму, я буду гатаваць сасіскі? На сонцы?

— На сонечных плямах!

— Што?.. Божа, як мне надакучылі вечныя скандалы! Ні адна жанчына на свеце не вынесла б гэткага жыцця і трох дзён...

— Татка... Не клыўдзі маму, бялы кілагас,— пачуў я спакойны, самаўпэўнены Сяргейкаў галасочак і рынуўся з чацвёртага паверха ўніз, у цёмнае скляпенне, вышукваць сярод рознай непатрэбшчыны стары, запылены керагаз...

— У ім поўна газы,— вярнуўшыся, лагодна прамовіў я.

Цяпер маўчала жонка.

— Выліць яе ці не?

Позірк, які ўсё сказаў.

Я абгарнуў керагаз новай газецінай і ўціснуў яго ў рэчавы мяшок, трэці па ліку...

Калі мы выбраліся з дому, сонца смаліла нясцерпна. Я ішоў па тратуары і не глядзеў на людзей. Затое яны пазіралі на мяне з усмешкай, яны, здавалася, чакалі, калі я крыкну на ўсю вуліцу: «Вайстру, паяю, луджу, латаю!»

Селі мы толькі ў трэцюю электрычку, і ва ўсім быў вінаваты я! То вельмі далікатны ды ветлівы — усіх жанчын прапусціў наперад. То непаваротлівы, як слон — не пралез са сваёй ношай у дзверы...

Вось чаму, калі падышла трэцяя электрычка, я, не зважаючы на енкі і крыкі, як вар’ят, распіхаў пасажыраў у бакі, пакідаў у тамбур свае рэчы і ад шчасця аж зарагатаў, за што атрымаў вуснае папярэджанне.

— З табой жыць толькі сярод дзікуноў. Ніякай культуры...

Яна ўвесь час глядзела ў акно, выбіраючы для высадкі «дзікае» месца, дзе б паменей было людзей.

Нарэшце мы выгрузіліся. Мясціна і сапраўды выглядала дзікай: унізе, за адхонам палатна, сярод алешніку, працякаў нейкі брудны ручай, а за ім, на ўзвышшы, цямнеў непрывабны ельнік. Туды мы і накіраваліся...

Толькі расклалі ўсё на жухлай траве, як прыбег аднекуль Сяргейка з марожаным у руцэ.

Мы ў адзін голас усклікнулі:

— Дзе ты ўзяў?!

— Унь там,— паказаў ён на белы слупок з указальнай фанернай стрэлкай. На ёй чорнымі літарамі было напісана: «Буфет».

Я сеў на траву і дастаў папяросы. Жонка паглядзела на мяне вельмі ўважліва.

— Ты будзеш курыць, а я што? — спытала яна.

— А ты... адпачывай!

— На гэтай пякельнай палянцы?

— Павесь у цень гамак.

— А ты будзеш курыць?

— Не буду! У мяне няма запалак! Праз твой керагаз я забыўся запалкі, ясна? Я павінен збегаць у буфет і купіць запалкі...

— А марожанае? А сітро? А сасіскі? А дастаць вады? Для чаго мы, па-твойму, бралі керагаз? І калі ты перастанеш...

Што жонка гаварыла далей, я не чуў, бо быў ужо аж за белым слупом з указальнай стрэлкай. Вярнуўся, як і сын, толькі з марожаным.

— У буфеце няма запалак. А сасіскі толькі гарачыя, з капустай,— вінавата адказаў я.

— З капустай? Тушонаю? — аж загарэліся жончыны вочы.— Сярожка, пайшлі!!!

Калі я застаўся адзін, мне здалося, што сёння сапраўды выхадны дзень, што наўкола так хораша, а ў гэтым лесе нават спяваюць птушкі. Падумаць толькі! Я павесіў гамак, паставіў у цень раскладушку, дастаў свежыя газеты і...

— Прывезлі сітро! Бяжы, а то там вялізная чарга...— жонка гаварыла здалёк, аднекуль з ельніку.

— У нас ёсць поўны тэрмас халоднага квасу! — кінуў пераканальнае ў ельнік.

— А Сяргейка хоча сітра! — настойліва чулася ў адказ.— Праўда?

— Я-а-а хачу-у сітл-а-а...

Чакаць іх з ельніку не мела ніякага сэнсу. Я праходзіў міма слупка са стрэлкай і адчуваў, што магу выпадкова зачапіцца за фанерыну і зламаць!

Два разы прыбягаў Сяргейка і глядзеў — у чарзе я ці не? Адзін раз мне здалося, што з кустоў пазірае жонка. І я пачаў прапускаць перад сабою людзей — усіх, хто пажадае! Цэлую гадзіну я таптаўся на адным месцы і толькі тады, калі аб’явілі, што сітро скончылася, пайшоў у наступ:

— Я буду скардзіцца,— крычаў я, назіраючы, як непадалёк, за кустом, хаваецца жонка.— Гэта не адпачынак, а чорт ведае што... Пакуты!

«Вось табе! Пі, мая даражэнькая! — спявала душа.— Сітра захацелася... А паўнюткі тэрмас квасу я дарэмна цягнуў сюды? А керагаз?..»

Прыкурыўшы ў незнаёмага чалавека папяросу, паволі падаўся назад. Чуў, як наперадзе, ламаючы сучча, бегла жонка...

Калі я прыйшоў на сваю «базу», яна ўжо гушкалася ў гамаку.

— Ну, дзе ж тваё сітро? — сустрэў мяне лагоднейшы ў свеце голас.

Я выцер лоб, твар і шыю хусцінкай і выкруціў тую хусцінку перад жонкай:

— Вось...

— Гм-м... Куды ж гэта ты зноў ляціш?

— Дзе-небудзь прыкурыць!

— Пазыч адну запалку і запалі керагаз. Можаш тады прыкурваць хоць кожную хвіліну.

Гэта была ідэя! Я пазычыў у аднаго зусім-зусім незнаёмага чалавека запалку і кавалачак карабка, прыпаліў кнот, дачакаўся сіняга полымя і... прыкурыў!

Кожны раз, калі я пасля падыходзіў да керагаза, жонка ўмільна глядзела на мяне, нібыта гаворачы: «Вось бачыш, дурненькі, я ж казала, што керагаз у дарозе — рэч патрэбная...»

А калі сонца пачало хіліцца за лес, мы ўтраіх сядзелі вакол керагаза, як ля кастра, падпальвалі яловыя лапкі і разганялі імі камароў. Асабліва падабалася гэтая работа Сяргейку.

— Калі б не керагаз — яны нас загрызлі б,— сур’ёзна гаварыла жонка.

Вось чаму, калі мы ехалі назад, у горад, я, паказваючы на вялізны свой багаж, пахваліўся суседу па купэ:

— Керагаз бралі... Ад камароў — лепшы паратунак. Патрэбная рэч! Ці не жадаеце вы, паважаны, выпіць шкляначку халоднага квасу?

1966




Беларуская Палічка: http://knihi.com