epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

«Клуб чатырох»

Іх можна было бачыць заўсёды, штодня, з сямі гадзін вечара і да позняй ночы ў альтанцы, што пад вішшом старой бярозы. Імёны ў іх, як і характары, як і знешні выгляд, розныя.

Гардзей — тоўсты мужчына гадоў пад сорак, жартаўнік і весялун — іх галоўны завадатар. У дварэ яго завуць «Маргуновым». Іван, хударлявы і даўгалыгі, крыху старэйшы за Гардзея,— гэта «Філіпаў». Яшчэ завуць Муха-Цвік. Андрэй, бурклівы і вечна незадаволены, досыць яшчэ малады чарнявы мужчына лічыцца «панам дырэктарам», бо вельмі ж падобны да артыста Мішуліна. І чацвёрты — «Віцын», гэткі ж наіўны, дабрадушны і нездагадлівы, мае гэткую ж, як і ў артыста Віцына, гогалеўскую грыву. Толькі вось імя і прозвішча ў яго неадпаведныя, проста несумяшчальныя,— Апалон Качарга.

Калі ў Гардзея, скажам, ёсць свой «Масквіч», то Апалон вечна трасецца на сваім старэнькім матацыкле з даволі пагнутай каляскай.

Жонка яго неяк паскардзілася суседкам:

— Які аболтус выдумаў такое прозвішча і такое імя?! Стаю я, людцы добрыя, на аўтобусным прыпынку, народу безліч, а аўтобусаў — ніводнага. Аж бачу — мужык на сваім дрындулеце газуе. Ужо і рот разявіла, каб крыкнуць, спыніць, але дзе там! Як яго назавеш? Апалонам клікнуць — людзей сорамна. Качаргой — зноў жа няёмка... Так і праехаў гэты Апалон Качарга з вецярком, а я на гарачыні ды ў духаце пяклася, каб яму такая доля...

— А мой Іван, думаеце, лепшы? — азвалася кабеціна «Філіпава».— Ён жа амаль сляпы! А як піва нажлукціцца, то і зусім нічога не бачыць... Неяк былі мы ў гасцях. Дык яму гаспадыня сказала, каб павесіў палітон у калідоры на цвік, бо вешалка аж трашчала ўжо. Чакаем хвіліну, другую, трэцюю — няма чалавека. Глянулі, а ён стаіць ля бялюткай сцяны і цікуе, як бы павесіць свой палітон... на муху! Тая, вядома, не сядзіць на месцы, пералятае... У вас тут, кажа, цвік па сцяне бегае... Ці ж гэта, людцы мае, не сорам?

— Казлы няшчасныя! Ніякай помачы ад іх дома...— папікнула трэцяя.

Адным словам, жонкі скардзіліся на сваіх мужыкоў. А тыя, гуляючы ў альтанцы ў даміно, часам казалі:

— Харошыя ў нас кабеціны, дружныя, усё, бач, разам збіраюцца, як і мы...

Гаварылі і пацягвалі піва з воблай, якую заўсёды недзе даставаў усемагучы дырэктар магазіна «Маргуноў».

— Наш клуб чатырох, відаць, хутка стане клубам васьмі! — дабрадушна зазначыў «Віцын».

Але ён глыбока памыліўся: кабеціны нарэшце згаварыліся і дружнай калонай рушылі да альтанкі. Іх вочы жыхалі маланкамі, а з языкоў, як з гаўбіц, што б’юць прамой наводкай, ляцелі цяжкія снарады:

— Досыць! Нацярпеліся! Самі пасля работы ў магазіны хадзіце, у чарзе пастойце...

Вэрхалу нарабілі, і сябрукам ганьба была на ўвесь двор. Пасля гэткага артналёту «клуб чатырох» закрыўся.

Удзень у альтанцы гулялі дзеці, а ўвечары збіраліся даўгагрывыя бэйбусы з гітарамі і да паўночы галёкалі на адной ноце нешта накшталт «...бэй-бэй, гай-ду-дзі-ду-у».

Ды вось неяк Гардзей, сустрэўшы сяброў у магазіне з авоськамі, сказаў:

— Айда ў гараж да мяне. Пагуляем! Халодненькага піва пап’ём...

— Я не магу. Так нельга,— гугнявіў сабе пад нос Андрэй.

— А... а што ж дадому прынясём? — сумеўся і Апалон.

— Мой клопат! — рассек шырокай далоняй паветра Гардзей.— Гэта вам кажу я, «Маргуноў»...

У гаражы было ўтульна, гарэла электрычная лямпа, паціху гуў у куце невялікі халадзільнік, уступіўшы ў кватэры месца новаму. Пад самай лямпай стаялі складны паходны столік і чатыры крэселцы са спінкамі.

— Прашу, падпольшчыкі, пару гадзінак пасядзім! — «Маргуноў» дастаў з халадзільніка чатыры пляшкі піва, залацістую рыбіну.— Ганіце па рублю, каб было на што і заўтра пасядзець... Падпольны «клуб чатырох» аб’яўляю адкрытым!

І яны, гэтыя заядлыя «казлы», зноў павесялелі, ажылі. Грукалі костачкамі, булькалі півам і грызлі воблу. А пасля Гардзей даў усім па пакунку, дзе былі свежанькія кураняты і па кавалку адменнай бараніны. На паліцы, што вісела на сцяне, быў невялічкі «сейф» — бляшанка з-пад селядцоў, куды Гардзей склаў атрыманыя за прадукты грошы.

— Заўтра пасля работы зайду да цябе, Іван, што скажу — адмаўляйся. Уразумеў?

— А чаму адмаўляцца?

— Не твая справа. І вы — таксама... Уразумелі?

— Так точна! — адказалі разам Іван і Андрэй.

Назаўтра а шостай гадзіне, як і дамовіліся, Гардзей зайшоў да Івана. Прычыніўшы за сабою дзверы, спытаў з парога:

— Вам свежамарожаныя судакі не трэба?

— На ліха яны нам! — гучна, каб пачула жонка, адказаў Іван.

І тут з кухні, нібы за ёю хто гнаўся, выскачыла Іванава кабеціна.

— Табе вечна нічога не трэба! Ён, бачыце, святым духам жыве, фаршыраванага судака і на зуб не возьме! Вось грошы, вось сумка...— забегала, заспяшалася яна.

— Дык там жа... чарга,— запярэчыў Іван, надзеючы на доўгі нос акуляры і разглядваючы рублі і траячкі, што дала жонка.

— Нічога, пастаіш, ногі не адваляцца...

Такая сцэна адбылася і ў двух другіх кватэрах. Жанчыны былі рады, што іх мужыкі нарэшце пры справе, што яны пачалі даставаць такія прадукты, якіх у магазінах не кожны дзень знойдзеш. Разы два «падпольшчыкі» прыносілі вэнджаных вугроў і асятровы балык, прагуляўшы ў Гардзеевым гаражы чатыры гадзіны і выпіўшы пры гэтым па тры пляшкі піва.

Вось гэта, мабыць, іх і падвяло.

Як раней жанкі залішне сварыліся на сваіх мужыкоў, так цяпер пачалі залішне хваліць іх і выхваляцца перад суседкамі, маўляў, якія яны ў іх паслухмяныя ды лоўкія.

— Добра вам, калі гэны дырэктар магазіна «Маргуноў» кожны дзень на сваім «Масквічы» па чатыры клункі возіць у гараж,— як стрэліла рудая Кацька, жанчына адзінокая, дапытлівая і вострая на язык.

І пайшло... І дайшло да адпаведнай установы. Рэвізія выявіла вялікую нястачу ў «Маргунова» і шмат розных злоўжыванняў па рабоце. Такім сумным быў канец «клуба чатырох».

1973


1973