epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Левыя ногі

Пра тое, што «барон Мухаўзя», як празвалі ў вёсцы Івана Бібіка, удачлівы паляўнічы, ведалі ва ўсім раёне. Казалі, што ён, калі ўжо ўскіне стрэльбу, то абавязкова трапіць у цэль. А то і ў дзве. Ці нават у тры. Так, так, шаноўныя, не здзіўляйцеся. Уявіце самі: аднойчы падбіў не толькі каршуна з жывым куранём у лапах, у якога цэліў, але нейкай шраціною зваліў яшчэ і дзікую качку, якая мела неасцярожнасць якраз пралятаць з балота.

— Акурат барон Мухаўзя,— зазначыў тады калгасны кнігалюб конюх Нупрэй. І прыляпіў Івану гэтую мянушку на векі вечныя. А ў вёсцы яно так: калі бацьку, то і дзецям, і дзецям дзяцей, і аж да скону часу...

Ды трэба казаць праўду: паляўнічы запал нярэдка і падводзіў Івана. Неяк не ў пару ён застрэліў зайца, дык яго толькі папярэдзілі. А сёлета...

Вось уліп Бібік, дык уліп! Маючы на руках ліцэнзію на адстрэл аднаго дзіка, ён аблажыў дуплетам аж двух. Спужаўся спачатку Іван, азірнуўся па баках — ці не бачыў хто? Ці не чуў ягоных стрэлаў? Доўга пасля прыслухоўваўся...

Ды каго ў такое ранне пагоніць у балота, хіба што самога нячысціка...

Падбег потым да прыхаванага ў ельніку запрэжанага коніка, ускочыў на сані-розвальні, сцебануў ляйчынай сівога: «Но-о-о!» Падруляваў да яшчэ цёпленькіх вепрукоў і сумеўся: бялюткі снег наўкола заліты чырванню, а яны, дзікі, ляжаць, што тыя тарпеды, кожны пудоў на дзесяць, няйначай, дзе ж ты іх адзін ускінеш на сані? А каго паклічаш? Кожны сведкай будзе, гавэнду развядзе, да раёна дойдзе, і тады развітайся, Іване, са сваёй стрэльбай...

«Хіба што Ямельку Падкалодкіна паклікаць? Той змоўчыць, не выдасць»,— раптам прыйшла шчаслівая думка.

Быў такі ў вёсцы здаравенны чырванашчокі гультай-абібок, які любіў пажывіцца на дармавінку, хоць за якую работу возьмецца...

Давялося прыкрыць вепрукоў яловымі лапкамі, носячы дзеля прыліку сухастоін, і ехаць дадому.

А пад вечар, калі пачало шарэць, Іван з Ямелькам паехалі на сівым па стараму следу ў лес, нібыта зноў па дровы. Пад’ехалі, зірнулі на снег, на сляды — усё ў парадку, нікога не было, нічога не кратана.

— Ай ды Мухаўзя! — аж прытанцоўваў ля вепрукоў Ямелька, калі Іван адкінуў яловыя лапкі ўбок.— Ай ды стралок! Такой свежыны нарабіў! Табе адзін і мне адзін!

— Не тлумі, Ямелька! Аднаго здамо, па ліцэнзіі застрэліў, па закону, значыцца...

— Па закону яшчэ аднаго кокнеш...

— Не! Дзяржаву я не стану ашукваць!..

— Чорт з табой, здавай аднаго,— нарэшце пагадзіўся Ямеля.— Толькі другога — напал!

Іван аж угнуўся ад тых слоў: во дзярэ, гад!

— Не, табе сцягно, вуха і... дзве нагі,— лыпаючы падслепаватымі вачыма, цішэй пачаў Іван.

— І лапатку-у,— вёў сваю «захопніцкую» лінію Ямеля і пры гэтым нават яшчэ адышоўся ад тых вепрукоў, быццам зусім не збіраўся дапамагаць Івану.

Спрачаліся яны доўга, аж сцямнела ўжо. Нарэшце пагадзіліся на тым, што разбяруцца дома, прывезлі здабычу ў пустую Іванаву адрыну, пасмалілі аднаго вепрука на кавалку нейкай бляхі, асвежавалі. Толькі ногі паадразалі не смаленыя.

Калі ўсё ўладкавалі, пачалі дзяліць.

— Эй, эй, ты сабе таўсцейшыя ногі кладзеш! — абураўся Ямеля, які быў сквапны больш за Івана.— Табе ж, калі будзеш здаваць, і ад другога вепрука лыч ды ногі аддадуць, ведаю я іхні парадак...

Ізноў схапіліся яны, вырываюць адзін у аднаго то нагу, то вуха, то кумпяк. Аж да рання разбіраліся...

Ачмурэлы за ноч Іван ледзь не заснуў у саломе, калі ехаў у раён здаваць вепрука. Лезла ў галаву ўсякае. Трывожыўся. І не дарэмна...

Прыёмшчык, нізенькі, шчупленькі, з хітрымі быстрымі вочкамі, спачатку дужа хваліў стралка:

— Бач, у самы лоб пацэліў, а не пад лапатку, як іншыя. Таму і мяса чысценькае, без крывападцёкаў, першым сортам яно пойдзе...

Зважылі, падлічылі, колькі заплаціць Івану, а потым і пытаюць у яго:

— А дзе ж ногі? Навошта паадразаў?

— Бо мінулы раз адзін тут так паадразаў, што толькі я іх і бачыў... Калі ласка, вось ножкі...

Іван выклаў з каша чатыры чорныя валасатыя нагі вепрука. Зірнуў на іх прыёмшчык, пакруціў галавою з самым сур’ёзным выглядам і, прыжмурыўшы вочы, кажа свайму кладаўшчыку:

— Паглядзі, Рыгор, які дзіўны вяпрук трапіў: заднія ногі нармальныя, а пярэднія — абедзве левыя!

— Штосьці новае? — спытаў з’едліва той Рыгор.

— Ага, навуковае адкрыццё. Трэба ў такую-сякую ўстанову пазваніць, каб засведчылі такоё адкрыццё...

І не вытрымаў, зарагатаў, аж за жывот схапіўся.

А ў Івана пацямнела ўваччу ад такога жарту. «Прапаў! Гэта ж трэба — паблытаў ногі двух вепрукоў. А ўсё з-за таго сквапнага Ямельку!»

— Сапраўды, ліха на яго, вырадак нейкі,— паспрабаваў хітрыць Іван, круцячы-верцячы перад сабою дзве пярэднія нагі, быццам ён бачыў іх упершыню.— Дзі-іва! Я-то гляджу, што ён як бег, дык усё неяк бачком, бачком, ліха яго матары!

— Бачком?

— Ага... Усё ўлева, улева верне...

— Налева — гэта ўжо зразумела,— неяк дужа падазрона заўважыў кладаўшчык.

— Ну, брат, цяпер ужо і я скажу, што ты сапраўдны Мюнхаўзен! — яшчэ мацней рагоча прыёмшчык.— Ану, вязі і другога дзіка, якога пакінуў дома з дзвюма пярэднімі правымі... Ды хуценька, пакуль мы не пазванілі ў адну ўстанову...

«Мусіць, канец твайму паляванню, Мухаўзя дурны»,— лаяў сябе за сквапнасць Іван, едучы па другога вепрука. Ён-то ведаў, што Ямеля не аддасць сваю долю. А гэта ўжо сапраўды канец...

1978


1978