epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

На дзікай паляне

Паляна была непрыгожая, зарослая дробнымі кусцікамі, уся на ямах і купінах. Пасярэдзіне расла адна камлюкаватая, невысокая бярозка, пахіленая да зямлі так, што, здавалася, яна вось-вось зваліцца зусім. Крыху зводдаль, ад лесу, шчацініўся малады хвойнічак. Ён узбягаў на пагорак і зліваўся з высокімі гонкімі соснамі. З другога боку, ад ракі, паляну аддзяляў густы хмызняк. Віктару яна здалася зусім дзікай.

— Вось мы і дома! — скідаючы з плячэй туга набіты рукзак, сказаў Каляда, выкладчык фізкультуры, а цяпер проста кіраўнік невялічкай групы дзевяцікласнікаў, мужчына гадоў пад трыццаць, у меру высокі, крыху чарнявы.

Хлопцы — іх пакуль што прыйшло трое — таксама паскідалі свае ношы і нездаволена агледзеліся. На такой дзікай паляне будаваць лагер ім зусім не хацелася. Сюды ж хутка прыедуць на вясёлым рачным трамваі ўсе дзевяцікласнікі разам з класнай Палінай Іванаўнай. Засмяюць...

Віктар заўважыў ля аднаго кусціка шырокі пень, падышоў і зморана сеў на яго.

— Паляна, трэба сказаць, не дужа...— Загладзіў рукою непаслухмяныя русыя валасы і зірнуў на Каляду.— Дзікаватая. Ад ракі не так блізка...

— Што дзікаватая, то не бяда. Прыбяром, падчысцім. А што далекавата ад ракі, то добра, менш будзе камароў! — адказаў на гэта Каляда. Ён адразу пачаў развязваць вялізны цюк з палаткамі.

— Вось іменна — менш камароў! — падхапіў прыгажун Міхась. Ён адразу наладзіў свой фотаапарат і паглядзеў у вочка.— Можна, Іван Барысавіч? Шчоўкну на ўспамін...

Каляда толькі махнуў рукою:

— А-ат, другім разам. Цяпер у нас не зусім фотагенічны выгляд. Пачакаем астатніх і адразу за справу. Самі ж кажаце, што паляна дзікая...

Астатнія нешта доўга не ішлі. Яны засталіся на пераправе і павінны былі прыйсці следам.

Міхась нездаволена схаваў фотаапарат зноў у футарал і прысеў на сваю ношу. Там таксама былі палаткі.

— На той хліпкай лодачцы яны не скора пераедуць, тоне яна дужа,— сказаў ён, ні да каго не звяртаючыся.— Дзяўчаты дык зусім баяцца.

Выгляд у яго быў заўсёды спраўны. Валасы аж прылізаны, зялёны спартыўны гарнітур чысты, адпрасаваны. Не тое што Сарокін. Высокі, нязграбны, усё на ім тырчком. Вось і цяпер, як быў у чыстай кашулі, кінуўся пад куст, разлёгся.

— Э-эх, асалода якая! — аж пакачаўся. І вядома ж, кашуля адразу месцамі пацямнела. Ды яму і клопату мала. Зноў усхапіўся на ногі і да Каляды, як да камандзіра: — Дазвольце, Іван Барысавіч, памагчы дзяўчатам груз прынесці!

— А ці варта? — Віктар устаў з пня і дастаў з рукзака біклагу з квасам. Глынуў разы два, смачна прыцмокнуў.— Самі справяцца, не маленькія.

Каляда падтрымаў яго:

— Вось іменна. Усе дарослыя, няхай прывыкаюць і да работы. Кожны адказвае за сябе.

— І каб ніякіх распарадкаў,— падхапіў Віктар, перадаючы біклагу Сароку, як называлі Сарокіна ў школе. Хлопец ён быў неблагі, спакойны. Міхась жа наогул лічыўся прыкладам паводзін і вучобы, эталонам культуры. І невядома, чаму толькі адзін Віктар недалюбліваў яго. Лічылі — ад зайздрасці.

— Прыедзе Паліна Іванаўна — дасць яна табе распарадак — усё па-свойму пераверне,— Міхась сказаў гэта не столькі Віктару, колькі для Каляды. І паглядзеў на яго — ці адкажа што?

Ды адказаў Віктар:

— Што значыць — па-свойму? Раіцца ж яна будзе, як нам тут жыць...

— Ні з кім яна не будзе раіцца! Зробіць як захоча,— і канцы ў ваду. Падкрэсліваю — як захоча...

— Ты ж, здаецца, яе самы любімы вучань,— цішэй, каб не чуў Каляда, упікнуў Віктар.— А так гаворыш...

— Бо так яно ёсць. А я ва ўсім люблю парадак...

— І я люблю парадак! — падхапіў Сарока, ледзь адарваўшы губы ад біклагі.— Свабода ва ўсім! Што хачу, тое і варачу...

— Кінь, кінь, Сарокін,— умяшаўся ў гутарку Каляда.— Анархіст знайшоўся.

— Дык я ж, Іван Барысавіч, па Віктаравай тэорыі...

Спрэчку перапыніла невысокая, даволі кругленькая дзяўчына з кучаравымі русымі валасамі, што закрывалі ўсе плечы, у блакітнай сукенцы з кароткімі рукавамі. Яе вялікія круглыя вочы міргалі, як заведзеныя.

Хвалюючыся і збіваючыся, яна паведаміла, што Алесь і Андрэй, двое неразлучных сяброў, перакулілі лодку. Увесь хлеб сплыў.

— Толькі хлеб? — спытаў Каляда, адразу спахмурнеўшы.— Ты, Алена, не ўсё, відаць, сказала...

— Ага, не ўсё... Яшчэ кілбасы,— адказала Алена, чырванеючы.— Цукар размяк. А крупы і кансервы патанулі... Нічагуткі не засталося. Той вясковы хлопец нырае, нешта ловіць, а нашы стаяць як слупы...

Сарока засмяяўся так гучна і нечакана, што ўсе адразу зірнулі на яго.

— Дазвольце, Іван Барысавіч...— пачаў ён і асекся.

— Не дазвольце, а шагам марш! — сказаў Каляда.— Пайшлі на падмогу. Ты, Віктар, астанься...

Засталася яшчэ і Алена. Нейкі час яна ўсё адварочвалася ад Віктара, і ён чуў, што дзяўчына ледзь стрымліваецца, каб не зарагатаць. Смех душыў яе. Сеўшы на пень, Алена сказала:

— Шкада, Віктар, цябе там не было. Пацеха! Буханкі плывуць, рыбкі іх з усіх бакоў акружылі, цэлы карагод. Алесь крычыць: «Чэрпайце ваду з цукрам, яна салодкая!» Андрэй бегае па беразе, за галаву хапаецца, уся адзежа на ім мокрая, аж прыліпла...

— Весела пачалося,— у тон ёй сказаў Віктар.— Абы хлеб выратавалі. Рыбы тут хапае. Яшчэ ягады. Пажывём рабінзонамі на дзікай паляне, а то набралі ўсяго, як дачнікі.

— І мне нічагусенькі не шкада.

— Бо ў нас з табой аднолькавыя характары,— падкрэсліў Віктар, падыходзячы да яе.— Такія ў жыцці ніколі не прападуць, не згінуць!

Алена паківала галавою:

— Ой, прападуць! Яшчэ як. Не сур’ёзныя мы, Віктар, а гэта дрэнна.

Віктар паклаў ёй руку на плячо і ціха ўздыхнуў. Ён ведаў, што яна гаворыць няпраўду. Больш сур’ёзнай дзяўчыны, як Алена, наўрад ці знойдзецца ва ўсёй школе. Не пярэчыў, а толькі жартам заўважыў:

— Сур’ёзнымі і сталымі, Аленка, мы яшчэ будзем, а вось маладымі і вясёлымі — дудкі!

— Не век жа дзяцініцца...

Яна адразу задумалася. Твар стаў строгі, прыпухлыя вусны самкнуліся. Віктар любіў глядзець на такі яе твар. Міжволі нахіліўся і зазірнуў у вочы.

— Твая праўда...— Ён раптам падышоў да рэчавага мяшка і дастаў з кішэнькі, што наверсе, маленькую кніжачку ў старой сіняй вокладцы.— Вось, паслухай, што іншы раз бывае. Прачытаць?

— Чытай...

Ён набраў у грудзі як мага болей паветра, пачаў ціхім трагічным голасам:

— «Сцяпан ведаў, што Валя ніколі ўжо не будзе з ім вось так, як было нядаўна, жартаваць, бегаць басанож па расе, цягаць яго за вушы. Позна! За нявіннай гульнёй ён прагледзеў сваё каханне. Валя пайшла з гэтай гульні ў жыццё, пайшла за разважлівым, строгім Сяргеем...» Чуеш, Аленка?

— Угу.

— Цяпер я ведаю, чаму ты так сказала — не век дзяцініцца. Ведаю, што падумала... Добра. Я буду сур’ёзным. І павяду цябе з гульні ў жыццё. Мы пабудуем сваю цытадэль і ні разу не ўсміхнёмся. Будзем самыя сур’ёзныя людзі на зямлі...

Алена паглядзела на яго добрым спагадлівым позіркам. Заўсёды ён так, жартам. Хоць бы раз сур’ёзна. Хоць бы слова пра свае пачуцці да яе. Адно — вочы выдаюць. Дужа яны ласкавыя, яго вочы.

Сказала знарок:

— Вярзеш абы-што...

Віктар падсеў да яе, на самы край пня, блізка-блізка. Загаварыў больш ціха:

— Усё гэта, безумоўна, глупства. Я проста не магу быць сур’ёзным па сваёй натуры. Ну, скажам, як наш Міхась не можа быць вясёлым. Іншы раз мне здаецца, што яму не менш, як тысячу год.

— Міхась удумлівы.

— Ён ніколі нічога сур’ёзнага не думае, дробязь розную...

— Чаму ты яго не любіш?

— Досыць таго, што ён сам сябе любіць. Імператар Перон, носіць не твар, а маску глыбакадумнасці. І прыкідваецца добрым...

Нейкі час яны памаўчалі, услухоўваючыся ў далёкія галасы аднакласнікаў. Ці выратавалі яны там што?

Вакол іх цэлым роем кружыліся, гулі авадні. Сонца ўжо высока ўзнялося над лесам, пякло нясцерпна. Нават у цяні было душна.

Віктар устаў з пня, зламаў галінку і разагнаў ёю аваднёў.

Алена спытала ў яго:

— А ты, Віктар, якую маску носіш?

Ён адказаў адразу, быццам чакаў гэтага пытання:

— Яшчэ сам не ведаю. Раблю вопыт. Ведаеш які? Калі я стаў чалавекам. Так, так, не смейся. Мне здаецца, што чалавек адышоў ад жывёлы тады, калі навучыўся...

— Працаваць і будаваць жыллё,— падказала Алена.

— Не. Жыллё будуюць сабе звяры і птушкі. А каб ты бачыла, як працуюць бабры, калі ўзводзяць плаціну! Чалавек стаў самім сабою, калі навучыўся хітраваць, прыкідвацца не такім, які ён на самай справе. Бачыла, як наш Міхась перад класнай сцелецца? «Паліна Іванаўна! Паліна Іванаўна!» Чула б ты, што ён аднойчы перад намі, хлопцамі, сказаў пра яе... Вонкава ён выглядае вельмі прыстойным, разумным, уважлівым, а на самай справе... У вочы адно, а за вочы другое. А я хачу, каб усе людзі жылі з адкрытымі сэрцамі. Тады было б усё так ясна, так проста. А пакуль нічога не ясна, усё вельмі складана.

— Выдумляеш ты...

— Не! Аленка, рабі, як я. Што думаю, тое і гавару, што думаю, тое і раблю.

Алена засмяялася:

— Дзівак! А яшчэ член камітэта камсамола... Вось скажы, якія думкі ў цябе цяпер? Што б ты хацеў зрабіць, скажам, для мяне?

Захапіўшыся, яны і не прыкмецілі, як з-за бярозы паказаўся Міхась. Моўчкі паклаў на зямлю рэчавы мяшок і захінуў твар галінкаю. Схапіў было свой фотаапарат, з якім ні на хвіліну не разлучаўся, але чамусьці зноў навесіў на плячо. Проста стаяў і назіраў.

— Што я думаю? Што б хацеў зрабіць? — Віктар зноў прысеў побач, абняў Алену і зазірнуў у твар.— Прыгожая ты...— І ўжо зусім нечакана пацалаваў яе ў шчаку.-— Вось што хацеў...

Нібы ён укусіў дзяўчыну.

Алена ўсхапілася, прыкрыла далоняй шчаку і, ледзь стрымліваючы дыханне, сказала:

— Як табе не сорамна, Віктар! Май на ўвазе — гэтага я табе ніколі не дарую. Ніколі...

Яна адбеглася ад яго, спынілася каля ляшчынніку, не ведаючы, што рабіць далей. Ёй было сорамна, бо ў той момант, як усё гэта здарылася, яна заўважыла Міхася.

Цяпер ужо і Віктар убачыў яго.

— А-а, ясная справа,— сказаў ён.— Міхася спалохалася. Спадзяюся, ён не справіўся нас сфатаграфаваць.

— І вельмі шкадую! Навошта гэта я ўсю плёнку патраціў на рацэ, здымаючы нашу трагедыю? — Ідучы да Віктара, Міхась увесь час глядзеў на Алену.— Гэта быў бы незвычайны эцюд для любога часопіса. «Каханне». Альбо: «На дзікай паляне», «Дзеці прыроды»... Тысячы загалоўкаў! — Паклаў рэчавы мяшок, падбег да Алены. У руках ён ужо, як той факір, трымаў невялічкі букецік кветак.— Гэта табе... Не хвалюйся, я нічога не бачыў...

І пайшоў да Віктара зноў. Алена глядзела на кветкі і не бачыла іх. Слухала хлапечую гаворку і думала, што калі б хто іншы іх убачыў тады, то была б непрыемнасць. Міхась жа, думалася ёй, умее трымаць язык за зубамі...

— Усё сплыло, амаль нічога не ўхапілі,— гаварыў Міхась, быццам ужо забыўшыся на здарэнне.

— Дык чаго ж ты прыбег раней за ўсіх?

— Спяшаўся, каб не звялі кветкі.

— Яны ўсё роўна звянуць.

— Не думаю.

— Каб думаць, трэба спярша мець чым...

Міхась гучна засмяяўся, ляпнуў Віктара па плячы.

— Брава! Адзін мудрэц сказаў, што калі з цябе кпяць, смейся першы! — І ўжо цішэй: — Каб гэта бачыла Паліна Іванаўна! Яна б адразу вытурыла цябе з лагера дамоў. Падкрэсліваю — адразу. Для дзяўчыны асабліва вельмі важна, каб сведкаў не было, ясна? Падкрэсліваю — для дзяўчыны...

Міхась гаварыў, а Віктар нібыта думаў што сваё. Нарэшце плюнуў праз зубы на зямлю і з ухмылкай сказаў:

— Кінь ты сваю старую песню! Я ўсё ведаю на памяць — вельмі карысна быць важным і вельмі важна быць карысным. Гэтак? — і ўжо мацней: — Алена! Пайшлі на раку, Міхась тут без нас папільнуе дабро.

— Але ж, папільную...

Ды Алена нават не зварухнулася з месца, не адказала. Тады ён усунуў рукі ў кішэні штаноў і пайшоў у кірунку ракі, насвістваючы вясёлы, просценькі матыў старой песні вадавоза...

 

* * *

Міхась паволі, ціха, як кот, падкраўся да Алены. Азірнуўся, кашлянуў. Яна рэзка павярнулася тварам да яго. Твар быў замкнуты, сухі.

— Чаго падышоў?

— Дзікун ён, твой Віктар...— папракнуў яе Міхась.— Ніякай этыкі... Вось гэта — ведаеш што? — паказаў на кветку.— Анюціны вочкі. Гэта браткі.— І ўзяў яе за руку.— Табе... непрыемна было, Алена?

— Пусці руку.

— Калі ж яна такая халодная.

Руку ён пусціў адразу ж. І нават на крок адступіў ад яе, бо пачуў, што на паляну выходзяць. Неўзабаве тут з’явіліся Каляда, Ніна, Ігар і Сарока. Скінулі ў груд рэшткі грузу. Ніна, дзяўчына высокая, з кароткай хлапечай стрыжкай, падышла да Алены, паскардзілася:

— Ты проста шчаслівая, Аленка! Табе і кветачкі і ўвага. А мне ўсё, як хлопцу. І груз цягай, і ніякай увагі.

Міхась заступіўся за яе:

— Гэта ў нас хлопцы такія няўважлівыя. Казлы... Пра цябе-то я не забыўся.

Адкуль ён узяў другі букецік кветак — для дзяўчат засталося таямніцай. Ніна аж заззяла ад шчасця. А Ігар, той Ігар, які вечна спазняецца з модай, які ўсё чуе і бачыць, падышоў, упікнуў:

— Не крыўдуй, Ніна, але ў штанах ходзяць хлопцы...

Ніна не пакрыўдзілася. Не з’явіўся яшчэ той чалавек на свет, які змог бы яе пакрыўдзіць. Ды і за словам у кішэню ёй не трэба лазіць. Яны ў яе на кончыку языка.

— Ведаеш, Ігар...— Ніна знарок памаўчала.— Не ўсе тыя хлопцы, што носяць штаны. Смешны ты нейкі чалавек...

— Ого! — Ігар залыпаў вачыма.— Не язычок, а джала. Хай цябе качкі...

Ігар і сапраўды выглядаў дзікавата, смешна. Ніхто ўжо такіх стракатых кашуль, як ён, не носіць. Ды і штонікі ўжо шырэйшыя пачалі шыць. Усё на ім старамоднае, з замежнага набору, як сам кажа — «мадэ ін уса».

Каляда ўладкаваў каля куста палаткі і падышоў да хлопцаў. Яны чакалі яго каманды і таму адразу змоўклі.

— Вось што я думаю,— сказаў Каляда, адганяючы аваднёў галінкаю.— Самі нарабілі клопату, самі і выкручвайцеся. Паглядзім, на што вы здатныя. Тупайце. Ваўка ногі кормяць. Хто ў рыбу, хто па ягады, а хто, можа, і на сена...

Ігар паскроб зарослую патыліцу і махнуў на ўсё сваёй доўгай рукою:

— Жылі калісьці людзі з вуды, але не ўсе і не ўсюды,— сказаў завучанае.— Я магу двое сутак і не еўшы паспаць.

Ён тут жа адышоўся за куст, пад якім былі складзены палаткі, і кінуўся на зямлю.

— Дзе ж гэта вінаватыя, Алесь і Андрэй? — Каляда нібы толькі цяпер заўважыў, што іх няма.

Алена паказала ў бок ракі.

— Як выскачылі на бераг, то і пайшлі ўздоўж ракі. Напэўна, сушацца недзе.

— А дзе Віктар?

Тут ужо адказаў Міхась. Падляцеў да Каляды, захіхікаў:

— Віктара авадзень укусіў, збег недзе.

Потым адышоўся да Сарокі і штосьці шапнуў яму на вуха. Той схапіўся за галаву і вылупіў ад здзіўлення вочы.

Алена ўсё зразумела — не стрымаў тайны Міхась. Кінула яму пад ногі кветкі і паволі пайшла па паляне, пакуль не схавалася зусім. Міхась нібы незнарок стаў нагою на кветкі і паспрабаваў жартаваць. Але жарту не атрымалася.

— Што ў вас тут было? — строга спытаў Каляда.

Тады Міхась пачаў хітраваць:

— Віктар практычна выказаў сваю тэорыю свабоднай думкі і пачуццяў.

Сарока растлумачыў больш зразумела. Стаў, як перад камандзірам, і адрапартаваў:

— Дазвольце далажыць! Віктар пацалаваў...— і кіўнуў галавою ў той бок, куды пайшла Алена.

— Я так і думала. Я так і думала. Я так...

Міхась перапыніў Ніну:

— Досыць, досыць! — і штосьці шапнуў ёй.

— Нахабнік! — як прысуд, са злосцю выгукнула Ніна.

— Хто гэта бачыў? — Каляда, здавалася, не зазлаваў, а зацікавіўся здарэннем.

— Выпадкова — я,— пахваліўся Міхась.

— Ага... Вось ты і застанься. А вы, таварышы, бярыцеся за справу. Вуды ляжаць каля бярозкі...

Калі ўсе, пашаптаўшыся, разышліся, Каляда стаў насупраць Міхася.

— Расказвай...

Міхась на хвіліну задумаўся. Хутчэй за ўсё, зрабіў выгляд, што задумаўся,— прыклаў указальны палец левай рукі да лба, прыжмурыў вочы.

— Значыць, так...— глыбакадумна пачаў ён.— Нарваў я на лузе красак...

— Карацей,— кінуў Каляда.

— Іду я сюды і думаю...

— Запомні: ты ўжо тут.

— Ага. Прыйшоў я сюды і бачу, што Віктар цалуе Алену...

— Вось гэта ўжо добра!

— Што... добра? — разгубіўся Міхась, не ведаючы, чаму так зарадаваўся Каляда.

— Добра, кажу, пачаў. Ну, а што Алена?

— А яна хоць бы хны!

— Цудоўна! — Каляда пляснуў далонямі і абышоў вакол здзіўленага Міхася.— А што потым?

— А потым прыйшлі вы...

— Стоп! Цяпер схадзі ў лес і паліжы на сасне зачосы. Ведаеш, што гэта?

— Не...

— Смала, жывіца. Паліжы, каб язык прыліп да зубоў. Бачыў і маўчы. Непрыгожа навушнічаць. Сур’ёзны хлопец, а мелеш абы-што. Непрыгожа...

І пайшоў рыхтаваць месца пад першую палатку будучага лагера. А Міхась задумаўся. Бура пратэсту ўзнялася ў яго грудзях. Каго абвінавачваюць у пляткарстве? Гэткага яшчэ ніколі не было. Міхась прывык толькі да пахвальбы. Каляда з ім не лічыцца. Няхай. Усё гэта будзе вядома Паліне Іванаўне...

А тут яшчэ з ракі прыбег Віктар. Відаць, толькі пакупаўся. Валасы гладка зачэсаны, мокрыя. Амаль уся адзежа ў руках. Паглядзеў на разгубленага Міхася, які адразу пачаў хаваць позірк, спытаў ціха:

— Расказаў?

— Не ўсё,— агрызнуўся Міхась.

— Што яшчэ?

— Сакрэт...

— Сакрэт? То і хавай яго, нікому не паказвай. Хвалько. Сакрэты ў яго...

Каляда гукнуў здалёк:

— Хлопцы-ы, пайшлі па жэрдкі.

Міхась быў памкнуўся ісці, але затрымаўся. Кінуў незадаволена, злосна:

— Чуеш? Клічуць, дык і бяжы, а я пайду лавіць рыбу, жэрдкамі сыты не буду.

Віктар пайшоў, а ён яшчэ доўга збіраўся з думкамі — куды кінуцца, што рабіць. Ужо наважыў узяць вуду, як з-за куста, дзе былі складзены палаткі, знянацку высунулася кудлатая Ігарава галава. Вочы не глядзяць, твар у лапіках — адлежаў. А мо спаў. Міхась аж зжахнуўся, тры разы плюнуў.

— Каб ты спух!

Ігар соладка пацягнуўся, адказаў:

— Пухнуць ад голаду. Калі пойдзеш лавіць, то цапні што і на маю долю. Хоць маленькую рыбку. Памалюся я тут за тваю грэшную душу. І смалу лізаць не трэба будзе.

Міхась прыклаў правую руку да сэрца.

— Ігар, дарагі, рад бы злавіць табе рыбку, але ж, сам ведаеш, прынцып: адзін не на ўсіх, а за ўсіх, а ўсе не на аднаго, а за аднаго.

— Э-э, прынцып... Калі б усе яго прытрымліваліся...

Ён доўга яшчэ разважаў наконт гэтага прынцыпу, але слухаць не было каму, бо Міхась ужо апынуўся, мабыць, аж ля ракі. У яго там быў свой сакрэт, пра які ён нікому і не заікнуўся. Адзінае, што ўстрывожыла Міхася,— гэта тое, што з рукі знік гадзіннік. Ці не паклаў ён яго дзе на беразе? Потым успомніў: яшчэ ў дарозе ён аддаў свой гадзіннік Сароку. Так, на час...

У хуткім часе Ігара ўсё ж пачулі. Гэта былі Алесь і Андрэй, двое бялявых невысокіх хлопцаў, пастрыжаных пад «вожыка». Роўненькія, як брацікі, яны спыніліся зводдаль і стаіліся.

— А што датычыцца працы,— разважаў Ігар,— то не-е! Я гультай справядлівы. Мяне, можа, за гэта паважаюць і любяць. Ого! Не хвалюся, не хаваюся, не апраўдваюся, што жывот баліць ці паясніцу ломіць. Не хачу працаваць — і ўсё! Бо я філосаф. Ляжу сабе і думаю. Пра што думаю? Ды ні пра што. Гэта таксама трэба ўмець — думаць ні пра што.

Хлопцы не стрывалі, выскачылі з засады са смехам. Толькі Ігар нават не схамянуўся. Ці ён сапраўды такі санлівы ды лянівы, ці проста ведаў, што яго нехта слухае.

— Думаць ні пра што. Здорава! — усклікнуў Андрэй, размахваючы гаспадарскай сумкай, якую прынёс з сабою.

— Ён проста геній! — падхапіў Алесь.— На свет нарадзіўся новы геній...

Ігар адказаў усё гэтак жа лена і абыякава, тонам прапаведніка:

— Запомніце, лайдакі, святую ісціну: геніі ніколі не нараджаюцца, яны толькі паміраюць.

— А есці ім іншы раз хочацца?

— Есці?!

Ігар падхапіўся так спрытна, быццам яго там, пад кустом, укусіла гадзюка. Паспрабаваў зазірнуць у сумку, але Андрэй захінуў яе за сябе.

— Чакай, філосаф...

— Што ў вас ёсць, браткі Андрэй і Алесь? Не крыўдзіце бліжняга свайго брата Ігара. Я раскажу вам дзіва дзіўнае, грэх найвялікшы, які чорнай хмарай зваліўся на наш стан. Хутка будзе канец свету...

Хлопцы пераглянуліся. Яны адразу падумалі, што гутарка пойдзе пра іх ганебны ўчынак. Нават сюды яны прыйшлі, калі нікога, апроч Ігара, не засталося. І таму, каб дазнацца ўсё, што тут гаварылася пра іх, Андрэй дастаў з сумкі вялікага смажанага шчупака і адламаў кавалак Ігару.

— На, лайдак, нашчыся!

Ігар схапіў пачастунак аберуч. Сеў на пень і моўчкі пачаў есці, прыцмокваючы і аблізваючыся. Хлопцы моўчкі назіралі за ім, а калі ад ладнага кавалка ў Ігаравай руцэ застаўся голы хрыбет, Андрэй спытаў:

— Ну, гавары, якое тут дзіва дзіўнае здарылася?

— На нашага Віктара сёння моцна ўздзейнічаў закон прыцягнення двух целаў,— загадкай адказаў Ігар і дадаў: — Другое цела было Алёнчына. Дайце яшчэ кавалак, скажу чым гэта скончылася...

Яму зноў далі рыбы, але больш, колькі ні пыталіся, Ігар не вымавіў ні слова. Нічога ён не ведае, нічога не бачыў, а калі хто што і гаворыць, то ці трэба таму даваць веры. Андрэй ажно зазлаваў і схапіў Ігара за каўнер стракатай кашулі. Ды толькі не памагло і гэта.

— Ну, а пра нас, пра патоп — ці гаварылася што? — дапытваўся Алесь, цягнучы хлопца за кашулю з другога боку. Гэта, нарэшце, надакучыла Ігару, ён вырваўся, адбегся і крыкнуў:

— Нічога не ведаю, я спаў! Не падыходзь каторы, а то так стрэлю, што нечая маці будзе потым аплакваць свайго любімага сына!

І даў драла, толькі пяткі замільгалі.

 

* * *

Што там ні кажы, а голад не цётка. Ігар сабраў усю дробязь, якая знайшлася ў хлопцаў, і прынёс з бліжэйшай вёскі вядро бульбы.

Яшчэ не звечарэла, як паляна набыла жывы выгляд. Гэта Каляда і Віктар пастараліся паставіць некалькі палатак, змайстравалі з дошак стол, дзве лаўкі. Добра, што на беразе некалі стаяла бакеншчыкава хатка.Там і цяпер рознай непатрэбшчыны хапае. Цяпер ужо ёсць дзе паставіць і вядзерца з вадою, і такі-сякі посуд. Гэта на той лаўцы, што ля палаткі. Другую прыставілі да стала, на якім нехта з дзяўчат паставіў у кубку букецік палявых красак.

Вецер млява калыхаў лісце арэшніку, каля якога над нябачным на сонцы агнём гатавалася пахучая юшка. Каляда вырашыў згатаваць адразу абед і вячэру.

— Сем плотак, пяць акунёў,— лічыць ён,— трыццаць яршоў, дзесяць бульбін, цыбуліна і вядро вады. Юшка для бедных. Пах рыбы і смак цыбулі. Падыходзьце, пакаштуйце, нічога не згубіце і нічога не знойдзеце...

Сам пакаштаваў, скрывіўся. Як раптам нехта незнаёмы хрыплым басам з-за куста:

— Брэшаш, знойдзем. Хоць вушамі не дачую, але нос маю, не раўнуючы, як у сабакі.

З-за куста паказаўся высокі стары ў гумавых ботах, у цёплай (гэтак жа смаліць сонца!) фуфайцы і злінялай міліцэйскай фуражцы. Ён неяк асцярожна, бязгучна пратэпаў да лаўкі ля стала і сеў. Не ўседзеў, прайшоў да вядра і зазірнуў туды.

Каляда моўчкі назіраў за ім. І калі стары падышоў да агню і зірнуў у вядро з юшкай, сказаў:

— А я думаў, што наша юшка пахне толькі тады, калі ўсунуць у вядро нос...

— Што-о? — недачуў стары.— Не сунуць у вядро нос? А я, ента, усуну. Крадзенае не спажывеш...

— Што крадзенае? — насцярожыўся Каляда, адчуваючы, што стары прынюхваецца да ўсяго нездарма.

— Вядома што. Рыбка. Мая рыбка. Хто, ента, тут будзе за начальніка, га?

— Старшы — я.

— Які старшыня?

— Кажу, я — старшы.

— А-а, старшы. Старшы не страшны. Добранька-а...— Цяпер дзед абышоў палаткі, не прамінуў зазірнуць у кожную. І надзіва знайшоў тую сумку са смажанай рыбай, аб якой Каляда нічога не ведаў. Наблізіўся да кастра, тыцнуў старшаму печаным шчупаком проста ў нос.— Панюхай! Вось яно, ента, і знайшлося. Папяклі. Маіх шчупакоў папяклі. Ну-у, старшыня!

Што тут адкажаш. Каляда глядзеў на таго шчупака, як на дзіва.

— Адкуль што ўзялося? — паціснуў ён плячыма.— Мы налавілі адной дробязі...

— У маім садку было — вось адкуль. Раніцай былі, а цяпер зніклі. Бачыў ты гэта? — і зноў шчупака пад нос.

— Нішто сабе рыбіна.

— Што абрыдала? Красці?

Стары і праўда быў глухаваты. Амаль кожнае слова ён тлумачыў па-свойму. Калі шчупакі яго знайшліся, ён, здавалася, падабрэў, нават пажартаваў над няўдалымі зладзеямі, якія не ўмеюць хаваць канцы.

— Хто ж гэта зрабіў? — не ведаючы на каго і падумаць, спытаў Каляда. Яму было непрыемна перад старым, што так здарылася.

Стары сеў да стала, паставіў сумку сабе на калені.

— Хто зрабіў? — перапытаў ён.— Там па беразе хадзілі два хлопцы. Я іх добра прыкмеціў. Абодва такія роўненькія, шустрыя, як брацікі. І яшчэ галёкалі: «за-стаануц-ца па-шы сляды-ы». Вось і засталіся. Цапнулі чужое. Ці, ента, можна так рабіць?

«Ды гэта ж Андрэй з Алесем!» — адразу здагадаўся Каляда. Дзеду ж сказаў:

— Я дазнаюся, хто цапнуў...

Стары толькі махнуў рукою:

— А мне што з ентага? Ты мне, начальнік, грошы гані. Уразумеў?

Грошай было не дужа багата. Каляда думаў прыдбаць на іх што-кольвечы з правіянту, і таму не раскашэліўся. Пачаў гуляць у хованкі. Спярша нюхнуў рыбіну.

— Хвацка засмажылі, гады! Аж слінкі цякуць. Проста чарадзеі хлопцы...

— А хто ж вінаваты, што зладзеі хлопцы? — быў папрок.

— Я ўжо ім усыплю! — Каляда рашуча адламаў кавалак рыбы, пакаштаваў.— І дзе яны павучыліся так смажыць?

Рыбак скінуў шапку, прыгладзіў лысіну, на якой дзе-нідзе тырчалі сівыя валосікі.

— Хе! — ямчэй усеўся ён.— Спляжыць — навука не вялікая. Убачыў, што дрэнна ляжыць,— цап! — і ў торбу. Даўней, ента, мы гарбузы цягалі. От, брат, цягалі! — захапіўся стары.— Мяхамі. А ўсё з-за гарбузікаў. На патэльні іх сушылі. А палавінкі па рацэ сплаўлялі. Паце-еха! Неяк раз, помніцца, залезлі мы ў Панасаў агарод, усё да апошняга абабралі, сплавілі, а Панасіха ніжэй бялізну паласкала. Палавіла тыя «караблікі» і прыцягла дамоў. Радуецца. Будзе што парсюку напарыць. А потым — зірк у гарод і ўголас... Паце-еха!

Ён змоўк, дастаў з кішэні капшук, люльку і задыміў.

— Ну, ну,— падбадзёрыў яго Каляда, рады, што пра грошы той больш не заікаецца.— Што яшчэ цікавага было раней? Люблю паслухаць,— і прысеў на лаву побач.

— Шмат чаго было,— папыхкаў люлькай стары.— Неяк арцель тут лавіла невадам самоў. Два вазы нацягалі. Узважылі ўсё, як след, здалі нарыхтоўшчыку яшчэ жывенькіх. І пачалі ў цяні харчавацца. А нам, малым, хочацца самяціны — аж зубы рыпяць. І што думаеш? Ухітрыліся-ткі. Каменняў назбіралі, падкраліся да вазоў ды тым самам у пашчы, у пашчы! З пуд напіхалі. А ў замен двух самянкоў спляжылі. І сена цэла, і козы сыты. Паце-еха!

Абодва засмяяліся. Каляда ў тон яму адказаў:

— А я помню, як мае хлопцы ў аднаго рыбака двух шчупакоў сцягнулі. Паце-еха!

Стары адразу спахмурнеў, устаў.

— Ну-ну! Ты не блытай ранейшае з цяперашнім. Яшчэ, ента, ні камсамолу, ні піянерыі не вадзілася. Калі-то было-о!

— А калі яшчэ гэткае будзе-е,— зноў засмяяўся Каляда.

Стары пачаў адразу збірацца. Націснуў на лысіну фуражку, адышоўся.

— Зазірну да вас заўтра,— сказаў ён і сам сабе забурчаў: — То калі было, а то цяпер...

«Адны непрыемпасці,— падумаў Каляда, здымаючы вядро з агню.— Няўжо праўда за Палінай, якая лічыць, што хлопчыкаў трэба трымаць моцна ў цуглях?» Яму ж хацелася давяраць, выхоўваць у юнакоў пачуццё ўласнай адказнасці, самастойнасць. Аж яно вось як выйшла. Лодку перакулілі, а цяпер пайшлі на нядобры промысел. «Заганю-ткі я ўсіх на сена, няхай зарабляюць, калі так! — падумаў у злосці.— Няхай адробяць усё...»

Потым злосць адышла. Зноў адламаў сабе рыбіны. Астатак загарнуў у газеціну, а сумку перакуліў і вытрас костачкі. І сярод тых костачак знайшоў стары, з аблезлым цыферблатам, ручны гадзіннік. Паслухаў — цікае. Паклаў яго ў кішэню. Гаспадарчая сумка была Сарокіна, але ж ён гадзінніка не насіў...

Агонь дагарэў, а ў лагеры ўсё яшчэ нікога няма. Прыслухаўся — аж ідуць. То была Алена. Следам за ёю, з вудай у руцэ, на канцы якой трапятаўся малы калючы ёрш, ішоў надзьмуты Міхась. Шчокі аж пашарэлі.

— Іван Барысавіч! — адразу загаварыла Алена.— Альбо — ён, альбо — я. Нехта павінен ехаць дамоў вячэрнім параходам.

— Што яшчэ здарылася? 1

— Ходзіць па беразе і разносіць плёткі,— паказала на Міхася.— Ды яшчэ б’ецца...

— Якія гэта плёткі? — абурыўся Міхась.— Я толькі сказаў Алесю, што яна ні ў чым не вінавата. Дык у чым жа я вінаваты, калі вінаваты зусім другі... Падкрэсліваю...

— Кінь ты, дзядзька! — перапыніў яго Каляда.— Вінаваты, невінаваты... Сорам! Дзе яны басцяюцца, Алесь і Андрэй?

— Не ведаю,— са злосцю адказаў Міхась.— Я за імі не хаджу,— і па звычцы зірнуў на левую руку. Гадзінніка там не было. Толькі яскрава вырысоўвалася белая палоска на загарэлай руцэ.

«Дык вось чый гэта гадзіннік!» —здагадаўся Каляда, але змоўчаў, бо і Міхась нешта не кінуўся шукаць свой гадзіннік. Спытаў у Алены:

— З кім яны там біліся?

Адказаў сам Міхась:

— Я хацеў заступіцца за яе, мы паспрачаліся, а Віктар і замахнуўся... Ці ж я вінаваты?

— Хто замахнуўся?

— Я... А Віктар ударыў першы. Вось сюды,— паказаў на твар Міхась.

— І больш нікуды?

— Не...

— Шкада...— Каляда абышоў вакол Міхася, як бы прыкідваючы, чаго ён варты, потым, ужо больш спакойна, дадаў: — Я думаў, гэтая хвароба ў цябе пройдзе, аж не. Сёння ж папросіш прабачэння. І ў Віктара, і ў Алены. Пры ўсіх...

— Падкрэсліваю — ні за што! — успыхнуў Міхась.

— Тады — збірайся ў дарогу,— гэтак жа спакойна сказаў яму Каляда.

Міхась сумеўся. Нібы яшчэ не зразумеў сэнсу гэтых слоў. Змяк. Галаву ўцягнуў у плечы, адразу нібы паменшаў ростам.

— Вы... мяне гоніце? — спытаў глуха.— За што? — І пасмялеў.— Я буду скардзіцца. Я раскажу, што вы іх падтрымліваеце. Іх! Яе, вось. І таго...

Яшчэ Міхась гаварыў, што ён самы чэсны і справядлівы, што ўсе гэта ведаюць. Яго, Міхася, усюды і заўсёды ставілі ў прыклад. А цяпер няма Паліны Іванаўны. Ён жа, Каляда, не разумее, што гаворыць, падтрымлівае толькі Віктара.

Калі ж Міхась скончыў, Каляда звярнуўся да Алены:

— Чаму гэта так бывае? Аднаго чалавека слухаць — усё роўна, што кветкі збіраць, а другога — што смецце з двара месці?

— Не ведаю,— сумелася Алена.

— А я ведаю. Вам гэта непрыемна,— яшчэ больш разышоўся Міхась.— Бо вы — з імі. Вось з ёю. Нас вам не зразумець...

— Хто гэта «яны», а хто — «вы»? Артыст! — Каляда паківаў галавой.— Бачыла ты, Алена, гэткага? І хто яму ўбіў у галаву, што ён нейкі асаблівы? Ці не тыя некалькі ўдалых эцюдаў, якія змясціў, на жаль, часопіс?

Міхась паспешліва збіраўся ў дарогу. Узяў рукзак, скідаў туды свае пажыткі, падхапіў на плечы і падаўся ў хмызняк.

На душы было цяжка, брыдка. Чамусьці зноў прыгадалася гэтая апошняя размова з Аленай. Непрыемная размова. Што такое крыўднае ён сказаў? Нічога. Сказаў, што цалавацца антыгігіенічна. Яна засмяялася:

— Я гэта чула ад цябе тысячу гадоў назад.

Тады ён ускіпеў:

— А-а! Вось чаму ты і падсела да Віктара! Дужа цалавацца захацелася.

— А чаму ж...

Ён выказаў усё, што думаў. Што яна заўсёды была гэткая — то ёй у кіно білецік купі, то марожанае. А Віктар не скупіўся.

— Не гэтак, як іншыя,— адказала яна і зноў засмяялася. Чаго яна смяялася? З каго?

— За грошы ты заўсёды вясёлая! — не стрываў ён.— Задарма і кроку не ступіш.

— А табе з тваёй сур’ёзнасцю ведаеш што? На грамадскіх пачатках працаваць у пахавальным бюро. Суцяшаць сваякоў памёршага...

Гэта быў той рубеж, за якім здарылася самае горшае: ён назваў яе непрыгожым, брыдкім словам. Яна збялела і пляснула яго па твары. Яшчэ і цяпер гарыць тое месца, пячэ...

Хвойнік не скончыўся, як чакаў Міхась, а перайшоў у чысты стромкі бор. Шумлівы, вясёлы, як сад. Сонца заблыталася ў бліскучых іголках вершалін. Аддаючы апошнюю падзяку дню, наперабой славілі яго птушкі.

А Міхась усё ішоў і ішоў, нават не думаючы над тым, што ўжо даўно збіўся з дарогі, што нават сцяжына недзе знікла. Пад нагамі пругка ўгінаўся ўсланы ігліцай дол...

 

* * *

Дні пайшлі сваім парадкам, жыццё пакрысе наладжвалася. Адно абурала Каляду — гісторыя з крадзенымі шчупакамі. Ён не сварыўся на Алеся і Андрэя, не пагражаў ім расправай. Проста, як таварыш, параіў:

— Калі вы гэткія спецы, то злавіце не меншых рыбін, занясіце дзеду і пакланіцеся яму ў ногі.

Хлопцы выслухалі свайго старэйшага таварыша ўважліва. Потым гэтак жа спакойна адказалі:

— Шчупакоў мы знайшлі на сцежцы ля ракі...

Гэта ўжо выглядала фантастыкай. Рыбак гаварыў, што ўзялі з садка.

— Вось што, даражэнькія, хопіць! — Каляда сеў да стала і ўважліва паглядзеў на хлопцаў, якія стаялі насупраць са здзіўленымі тварамі.— Сарокін і той зарабіў свой хлеб потам, цэлы дзень насіў копы з балота. Віктар адпасвіў за людзей дзве радоўкі, дык і сала і яек прынёс. А вы...

Хлопцы стаялі на сваім — не бралі рыбы, і ўсё тут. Вельмі ж ужо ўпэўнена яны гавораць. Можа, і праўда невінаватыя. Здагадка, якая спярша здавалася неверагоднай, цяпер не давала спакою Калядзе. «Значыць, гэта Міхасёва работа!» — намацаў ён у кішэні гадзіннік. Але нічога не сказаў.

— Ідзіце, клічце ўсіх на нараду,— загадаў ён, і хлопцы з радасцю кінуліся да ракі.

Сабраліся не хутка, бо разышліся па беразе, як гусі. У Віктара на спінінгу целяпаўся вялізны, кіло на два, шчупак. Усе крычалі «ў-ю-юй» і браліся за жылку паважыць. Віктар задаволена жмурыўся і хваліўся, што зловіць яшчэ не гэтакага. Тут ён, як кожны заўзяты рыбак, крыху перабольшваў свае магчымасці і здольнасці, бо і гэтага ледзь выцягнуў, ледзь не спусціў.

Шчупака абклалі крапівой-пякучкай і схавалі ад мух у вядро. Да вечара, калі зноў забулькае ў тым жа вядры штодзённая пахучая юшка.

Калі ўсе сышліся, калі паселі, хто дзе, Каляда сказаў:

— Як гэта ні дзіўна, але рыбу ў старога ўкраў Міхась. Вось гэта ён забыўся ў сумцы...

І паказаў гадзіннік. Яго ўсе пазналі, бо ўсё Міхасёва вельмі добра ведалі вучні. Загаварылі ўсе адразу. Хто абураўся, хто патрабаваў сурова пакараць вінаватага. Адзін Сарока маўчаў. Глядзеў на гадзіннік, на Каляду так, нібы для яго гэта было найвялікшым адкрыццём на свеце.

— Ды я яго... у барані рог скручу! — гарачыўся Ігар, размахваючы рукамі.— Гэта ж такая пляма на наш лагер. Прывесці яго сюды і павесіць на асіне...

— Ціха, ціха, Ігар, не псуй нерваў, беражы сваё здароўе,— супакоіў яго Каляда.

— Навошта? У мяне здароўя хопіць на дваіх. Вось на гэтых,— паказаў на Алеся і Андрэя.— Не верыце?

Каб паказаць сваю сілу, Ігар схапіў хлопцаў за каўняры. Ды толькі Алесь і Андрэй лёгка закруцілі яму рукі назад. Дужы з выгляду Ігар прысеў і заенчыў, папрасіў спагады.

— Дзе ж тваё здароўе? — засмяяўся Каляда.

— Засталося ў спартыўнай зале,— пакорліва адказаў Ігар, апусціўшы рукі і схіліўшы галаву.

— А каб яно сюды прыбегла, табе трэба папрацаваць. Сёння нарыхтуеш дроў, бо ўвечары ў нас павінна быць відна і весела. Сякера ведаеш дзе...

Нарада цягнулася не доўга. Вырашылі Міхасёвы паводзіны абмеркаваць пазней, калі прыедзе ўвесь клас. А цяпер зноў кожны павінен узяцца за сваю справу.

Ігар і не апомніўся, як застаўся ў лагеры адзін.

Нейкі час ён хадзіў ад палаткі да палаткі, не ведаючы, за што ўзяцца. «Накаркаў сабе, як стары крумкач,— падумалася нявесела.— Жартачкі — нанасіць дроў на вечар. Колькі ж іх трэба?» Кінуў позірк на свае рукі, на адзежу. Куды яму ў такой стракатай кашулі цягаць дровы. Паспрабаваў прынесці — штаны аж трашчаць, вузенькія задужа. «Нагрэецеся вы ў мяне і павесяліцеся. Вось хіба што спінінг... Вясковыя за яго прыцягнуць увесь лес!» — спакусіла думка. Узяў у рукі ёмкі бамбукавы спінінг з бліскучай катушкай, пакруціў. Страшнавата. Паставіў на месца. Пачуў чыесьці крокі, азірнуўся. У лагеры невядома адкуль з’явілася сціпла адзетая вясковая дзяўчына. Што вясковая, ясна — босая. Яна гарэзліва зазірнула ў палатку, падбегла да стала і панюхала кветкі. А заўважыла Ігара — сумелася. Паглядзела на яго, як на дзіва. Твар строгі, а вочы ўсміхаюцца. Невысокая, зусім беленькая. Толькі бровы і вейкі цемнаватыя, быццам падфарбаваныя. Цярэбячы ў руках жоўты рамонак, загаварыла разгублена:

— Мяне сюды... паслаў тата.

Не менш здзіўлены незнаёмкай, Ігар адказаў:

— А я сюды сам прыехаў,— і падышоў да дзяўчыны блізка.

Яна нібыта спалохалася, адступіла крок назад. Вочы перасталі ўсміхацца.

— Мой тата працуе лесніком,— не ведаючы чаму, сказала яна і пачырванела.

— А мой тата навуковы супрацоўнік Бел-дзяржні-сельгас-маш-пра-екта,— па складах выгаварыў Ігар.— Будзем знаёмы. Ігар Драмлюга,— і працягнуў руку.

— Ай! — дзяўчына схавала свае рукі за спіну і пакруціла галавой.— Мяне завуць Алеся...

— Алеся? — нібы не паверыў Ігар.— Вось гэта загаловачак! У лесе жыла Алеся, дачка лесніка...

— Я прыйшла не знаёміцца! — перапыніла яго Алеся.— Я не такая, як вашы гарадскія. Некалі мне знаёміцца...

— І я не такі, як вашы, вясковыя...

Гэта забаўная гульня, мабыць, спадабалася абаім, бо Алеся адразу засмяялася і, сарамліва адвярнуўшыся, сказала:

— Бачу, што не такі, як нашы...

— Горшы ці лепшы?— пакруціўся перад ёю Ігар.

— Ты артыст? Іграў на сцэне стылягу? — шчыра спытала яна, паказваючы на яго адзежу.

— Ага!

— Ой, некалі мне! — спахапілася Алеся,— Мяне прыслаў тата...

— Ведаю.

— На паляне была наша сырадэля, не дужа многа. Яе нехта з вашых знёс...

Ігар адказаў не адразу. Па разгубленым твары можна было здагадацца, што нечага ён не зразумеў.

— Як ты сказала? Што ў вас там знеслі з паляны? — перапытаў ён насцярожана.

— Сырадэлю.

— Сырадэлю? Здаецца, ніхто не прыносіў,— паціснуў ён плячыма.— Шукай, калі хочаш...

Яна азірнулася на лагер.

— Дзе шукаць?

— Дзе хочаш. У вёдрах, у сумках, у місках...

— Сырадэлю?! — Вочы ў Алесі акругліліся, таўставатыя вільготныя вусны расплыліся ва ўсмешцы.

— Ага... Я не браў. Сардэлькі я еў. Яшчэ — сардзіны і нават сасіскі, а сырадэлі... не нюхаў.

Зноў Алеся забылася на свой абавязак, з якім паслаў яе сюды бацька. Яна смяялася, як малая дзяўчынка. А Ігар, здаровы дзяцюк, можа, упершыню не ведаў, з чаго смяецца гэтая малая, ад якой чамусьці ніяк не адвесці поўнага невядомым захапленнем позірку. Яму было проста радасна на душы ад яе прывабнай усмешкі, ад мяккага, лагоднага голасу.

— Гэта ж трава такая! — растлумачыла нарэшце Алеся.— Яе сеюць для жывёлы.

— А-а... Навінка культуры? — запытаўся ён.— Адкуль жа яе нам падкінулі?

Яшчэ раз зірнуўшы на яго кашулю, на штонікі, аздобленыя замкамі-маланкамі, Алеся пачала кпіць:

— Вядома ж, з-за мяжы.

— Мадэ ін уса! — Ігар падняў угору вялікі палец і потым тыцнуў ім сябе ў грудзі.— Усё моднае адтуль. Культура! Страшэнная культура...

— Яшчэ якая страшэнная. Незвычайная,— зусім сур’ёзна падтакнула Алеся.— А сырадэля, ведаеш, у чым была?

— Ну?

— У рэзгінах.

Ігар кіўнуў пальцам убок.

— І гэта — адтуль?

— Адтуль. Незвычайная прылада — рэзгіны.

— І ты незвычайная. Мадэ ін уса. У мяне ёсць для цябе дарагі падарунак! — Ігар кінуўся ў палатку і неўзабаве выйшаў адтуль з невялічкай тонкай пляшачкай у руках.— Вось, духі «Святая Марыя». У аднаго тыпа выменяў ля гасцініцы на сталічную гарэлку.

Алеся асцярожна, як нешта жывое, узяла пляшачку ў рукі і, не адкаркоўваючы, панюхала. Адразу спахмурнела, зірнула на этыкетку. Вусны ледзь улоўна ўсміхнуліся.

— Тонкі водар! — сказала яна.

— Мадэ ін уса! — Ад задавальнення Ігар заплюшчыў воды і гучна пацягнуў носам паветра.

У той жа момант Алеся адкаркавала пляшачку і лінула яму пад нос. Ён схапіўся за твар рукамі, закашляў.

— Вой! Што гэта такое? Якой брыдотай ты мяне абліла? — залямантаваў Ігар.

— Мадэ ін уса! — засмяялася Алеся і паказала на пляшачку. Ігар выхапіў, панюхаў.

— Бензін,— разгублена вымавіў ён.

— Але ж... Бензін для запальнічак. Канцэрна эсо. Вось тут напісана. Трэба ўмець чытаць.

«Уліп! Сорам на ўсю вёску. Нават больш. Раскажа!» — мільганула ў галаве, але ён не падаў выгляду. Смяяўся разам з ёю, жартаваў.

— Махляр! Вып’е ён у мяне сталічную. Я ўсунуў яму дыстыляваную ваду...

— Адзін аднаго варты...

— Ага,— згаджаўся Ігар.

— Чым больш стракатая птушка, тым яна горш спявае,— Алеся паказала на яго кашулю.

— Ага... Як ты сказала? — спахапіўся.— Здорава! Сіла!

— Дык дзе ж гэта наша сырадэля і рэзгіны?

Смех прапаў. Гэтая дзяўчына ўмела надзвычай хутка ад жартаў пераходзіць да сур’ёзных спраў.

— Знойдзем! — сур’ёзна паабяцаў Ігар.— Пойдзем спытаем у нашага Івана Барысавіча. Ён усё ведае. Усё на свеце. Вы не ведаеце нашага Івана Барысавіча?

Адкуль столькі энергіі, столькі жадання памагчы? Ігар жа быў самы ціхі, самы абыякавы да ўсіх. Ён не цярпеў ніякіх абраз, ніякіх насмешак. А тут, нейкая малая з вёскі, фактычна высмеяла яго, як хлапчука. А ён нават нібыта і рад. «Артыст, стылягу іграю»,— нявесела падумалася яму. Цяпер ён саромеўся сваёй кашулі, надзвычай яркіх шкарпэтак і штонікаў з замкамі. Ён быў як голы. Адчуванне няёмкасці не пакідала яго ні на хвіліну.

 

* * *

Набліжаўся дзень, калі павінны былі прыехаць галоўныя сілы на чале з Палінай Іванаўнай. Да гэтага дня «разведчыкі», як называлі групу Каляды, рыхтаваліся асабліва дбайна.

Вакол лагера сабралі ўсё ламачча, засыпалі ямкі, паставілі ўсе палаткі, зрабілі сапраўдную кухню з доўгім сталом з абчасаных бярозавых жэрдачак. Адным словам, базу наладзілі сапраўдную. Дзікую паляну стала не пазнаць.

За гэты час Алеся пасябравала з Аленай і Нінай. Яна ўгаварыла свайго бацьку, і ён прывёз у лагер два вазы сухіх вершалін і пнёў. Дрывотнік выбралі ў хмызняку, наводшыбе.

Неяк дзяўчаты шчыра загаварылі пра Віктара. Апошнім часам ён пацішэў, нібыта замкнуўся. Сядзелі яны каля агню, над якім было падвешана невялічкае вядзерца з бульбай. Яна ўжо згатавалася, і прыемны пах разносіўся наўкола.

— От скажы, Алена... Якое ў цябе было адчуванне, калі Віктар пацалаваў? — чырванеючы, спытала Ніна. Алеся толькі хіхікнула. Яе хітраватыя вочкі цікаўна бліснулі. Алена паціснула плячыма. Яна не ведала, што адказаць.

— Я ледзь не памерла ад страху,— ні то жартам, ні то сур’ёзна адказала Алена.— Гэта было так нечакана. Ты ж ведаеш Віктара.

— Ведаю! — Ніна махнула рукой.— Ну, а потым? Што потым?

— А потым ледзь не плакала. Мяне ж — падумай толькі! — яшчэ ніхто-ніхто не цалаваў...

Ніна спачувальна ўздыхнула.

— І мяне — ніхто-ніхто,— прызналася яна.— Я б яму за гэта, ведаеш што... Я б яму проста ў вочы сказала: «Эх ты, звер, а не чалавек! Калі яшчэ хоць раз пацалуеш, то атрымаеш... Адразу...»

Алена падумала.

— А ці прыстойна гэта будзе?

— Што? — спытала Ніна.

— Ну... атрымаеш...

— Няма чаго з гэтымі хлопчыкамі цырымоніцца! — махнула рукой, як адсекла, Ніна.— Не шкадуй іх. Праўда, Алеся?

— Не ведаю...

— А я ведаю! Другі раз так і зраблю! — У Алены шчокі паружавелі, з’явілася хітраватая гарэзлівая ўсмешка.— Ён мяне пацалуе, а я яго назад... пацалую. Ой...— і залілася звонкім ненатуральным смехам. Потым усхапілася з месца, узяла Алесю за рукі і пачала кружыць з ёю вакол разгубленай Ніны.

— Алена... Што ты сказала? — Ніна не магла вымавіць гэтыя словы спакойна, голас яе дрыжаў.

— Я нічога не гаварыла! Зраблю так, як ты раіла. Зраблю! Ніна, Ніначка, ён жа нічога благога... Ён харошы!

У гэты час аднекуль з ракі пачулася:

— Але-е-еська-а!

Ігараў голас. Алеся нібыта ўздрыганулася, насцярожылася, як дзікая каза. Не стрывала, вінавата зірнула на сябровак, вырвала рукі, пабегла. Алена толькі памахала ўслед.

А Ніна засумавала.

— Я, мусіць, самая нешчаслівая...— Яна села да стала.— Вось скажы, Алена, чаму я такая ўрадзілася? Мусіць, язык мой нікому не падабаецца.

Гэта была праўда. На кожны хлапечы жарт яна магла адказаць вострым слоўцам. І таму Алена проста параіла:

— І яшчэ прычоска не для дзяўчыны. А штаны пакладзі на выпадак паходу. Яны так псуюць твой знешні выгляд. У іх ты як даўганогая чапля. Бяры прыклад з Алесі...

— Дык яна ж вясковая.

— А наш самы модны Ігар аж млее. Не пазнаць стала чалавека, папрыгажэў, паразумнеў.

Так яны, дзве зязюлькі, закукаваліся, што не ўгледзелі, як пачала падгараць бульба. Спахапіліся, калі ўжо запахла гарэлым. Ніна памкнулася зняць вядро, але толькі апякла рукі. Добра, што ў гэты час нанесла Сароку. Ён адсунуў вядро на край кія, зморшчыўся.

— Эх, мухі-сакатухі! Сапсавалі гэтулькі бульбы, якую я здабываў кроўю і потам, сваімі мазалямі! — і працягнуў доўгія, як вёслы, рукі. Рыжыя валасы ў яго аж гарэлі на сонцы, а твар быў сумны-сумны. Не твар, а мокрая ануча.

Сарока сеў проста на зямлю, узяўся аберуч за галаву, нібыта забалела яна.

Ніна спытала:

— Што з табою, Сарока? Ці не з пахавання ты прыйшоў? Ці, можа, таксама закахаўся?

— Горш! — Сарока стукнуў кулаком па зямлі.— Сакрэты трымаць умееце?

— А што? — загарэлася Ніна.

— Дазвольце далажыць! — адразу падхапіўся Сарока.— Рыбку ў старога я сцягнуў.

Неверагодна! Тым больш што Сарока лічыўся самым чэсным у гэтых адносінах. Было неяк у школе. Прапала чыясьці аўтаручка. Выпадак непрыемны. Усе захваляваліся, занепакоіліся — хто б гэта мог? Ужо на апошнім уроку, калі не засталося ніякай надзеі знайсці прапажу, Сарока раптам пытае: «А якая яна была, ручка, якой маркі?» — «Ленінградская,— кажуць,—чорная». А Сарока: «Вось, я ля парты знайшоў»,— і падаў, чырванеючы пад хітравата-недаверлівымі позіркамі таварышаў, чорненькую ручку ленінградскай вытворчасці. Нехта нават упікнуў: «Знайшоў — сякеру пад лавай». За злодзея палічылі. А назаўтра высветлілася, што аддаў ён сваю ручку, бо ручка таго вучня знайшлася дома. Проста забыўся ён яе...

Так тады задумаў Сарока абараніць чэсць класа. А цяпер...

— Як жа гэта ты, Сарока? — Алена ад спачування аж заміргала вачыма, быццам сабралася заплакаць.

— А вось так! — Ён усунуў рукі ў кішэні, крутнуўся на каблуку.— Сем донак, тры вуды, дзве старожні, спінінг — і гэта на аднаго! Ці ж дазволена аднаму столькі прылад? Ці спартыўная гэта лоўля?

— Чакай, чакай,— перапыніла яго Ніна, стала побач, склаўшы на грудзях рукі, прыжмурылася.— А гадзіннік-то ў сумцы быў Міхасёў! Ці не надумаўся ты яго выручыць?

— Не! — Сарока апусціў рукі, пакруціў галавою.— Гадзіннік... Я ў яго купіў. За дзесятку. Думаў вярнуць потым... Вось як усё няскладна выйшла...

— Няскладна,— згадзілася Алена.— Горш не прыдумаеш. Трэба ва ўсім прызнацца Івану Барысавічу. Так і сказаць, як нам. Што той рыбак хапуга, жмот.

— Але ж браць чужое, нават і жмотава, усё роўна нельга,— уставіла Ніна.

Нейкі час яны памаўчалі, напружана думаючы, як выйсці з такога цяжкага становішча.

Раптам Сарока ўсміхнуўся.

— Ёсць! — усклікнуў ён.— Пайду наймуся да таго рыбака памочнікам. Адраблю.

— І не думай! Вось так і кулакі вырасталі. Адзін ішоў адрабляць, другі. Батрак яшчэ знайшоўся,— кпліва прагаварыла Алена.— Лепш атрымаць вымову, але быць чэсным, трымацца свайго погляду. Правёў рэквізіцыю ў браканьера — і ўсё!

— На другое нам нічога не застаецца,— развёў рукі Сарока.— Так і запішам.

 

* * *

Мінуў яшчэ дзень, і на дзікай паляне чырвоным агеньчыкам затрапятаў на ветры вымпел. Вакол стала з’явіліся парусінавыя складаныя крэслы. Недзе ля ракі чуўся шматгалосы гоман, смех. Гэта прыехалі галоўныя сілы.

А за сталом, засланым квяцістай цыратай, Каляда і Паліна Іванаўна пілі сапраўдны чай і вялі мірную гаворку.

Паліна Іванаўна жанчына такога ўзросту, калі ўжо і не ўспамінаюць пра гады, а толькі кажуць: «Вы зусім яшчэ маладая». Альбо: «У вас вельмі маладжавы выгляд». Бывае. Усякае. На выгляд дваццаць, а на самай справе — трыццаць. І наадварот. Усё залежыць ад таго, як чалавек сочыць за сваім знешнім выглядам. Паліна Іванаўна толькі тым і жыла, тым і займалася ў вольныя ад работы хвіліны.

— Месца мне падабаецца,— гаварыла яна тонам старэйшага, патрошкі адпіваючы са шклянкі сваім маленькім роцікам.— Суха, зацішна, рака не блізка. І палаткі размясцілі не блага. А як усё астатняе?

— Ды так сабе...— Каляда не дужа хацеў гаварыць пра ўсё астатняе, але так ужо выйшла.— Вядомая справа — молада-зелена. Адразу яно і пачалося...

— Што пачалося? — Дапытлівыя, насцярожаныя Палініны вочкі застылі, сталі нібыта са шкла.— Што пачалося?

— Ды гэта самае... Тое не гэтак, гэта не так,— пачаў выкручвацца Каляда.

— Што — не гэтак, а што — не так?

— Усякае...

— Не слухаліся хлопчыкі?

— Ды як сказаць...

— З імі трэба — ого! — як строга. Трымаць у цуглях. Не ўсіх, вядома. Скажам, Міхась...

— Не верце яму! — перапыніў яе Каляда.— Выдумаў. Не так ужо і страшна ўсё, як здаецца.

— Пра што вы гаворыце, Іван Барысавіч? — Паліна паставіла шклянку і зноў, як кобра, уставілася на сваю ахвяру.

— Як пра што? Вам жа, відаць, Міхась чорт ведае чаго нагаварыў, наплёў...

Паліна аж устала.

— Ды я яго тут проста яшчэ не бачыла...

Вось яно што! Значыць, Міхась не зайшоў у школу, нічога не расказаў. Дарэмна толькі ён, Каляда, баяўся, дарэмна гаварыў абы-што. Падумаўшы, сказаў:

— І не ўбачыце цяпер свайго Міхася! Вырваўся звер на волю — не зловіш. Горад яму ў лесе падавай!

— Дык Міхась у горадзе?

— А то дзе ж яшчэ.

— Не прыходзіў ён на збор,— зноў села Паліна.— Ой! Утапіўся! — Схапіла шклянку, глядзіць у яе.

— Такі не ўтопіцца.

— Камар, кажу, у шклянцы ўтапіўся...

Каляда ў душы рассмяяўся. Знаёмая звычка! Паліна можа аднолькава спакойна гаварыць пра розныя рэчы. І пераскокваць з аднаго на другое без усялякага пераходу. Помніць ён, як на педсавеце яна дакладвала пра адзін выпадак у восьмым, дзе была тады класнай. Справа звычайная — двое паспрачаліся. Адзін, больш нявытрыманы, і засадзіў другому ў шчаку пяро. Давялося адправіць яго на «хуткай». «Іван, кажуць, першы пачаў біцца,— спакойна гаварыла Паліна, а Пятро ў адказ крыкнуў... Зачыніце, калі ласка, вокны, а то дужа равуць машыны. Зачыніце, кажу...» Потым сама прайшла і зачыніла вокны на вуліцу. Бачыў Каляда, што ўсе міжволі ўсміхнуліся.

Так і цяпер. Узяў з рук Паліны шклянку, крыху адышоўся, выкінуў лыжачкай камара і вярнуўся назад.

— Вось, свежага чаю наліў...

— Дзякую,— узяла з рук шклянку, глынула аж два разы.— Дык чаму ж гэта Міхась не прыйшоў на збор?

— Хто яго ведае.

Праз нейкі час, як на ліха, у Палініну шклянку зноў уваліўся камар. І зноў Каляда выкінуў яго, бо ў чайніку амаль нічога не было.

— Так я адна ўвесь чай вып’ю! — усміхнулася Паліна, калі ён зноў прынёс яе шклянку.

— Увесь! — адказаў Каляда, маючы сваё на ўвазе.— Усё да дна, на здароўе...

І сам узяўся за шклянку.

— Трэба будзе па яго паслаць,— праз нейкі момант загаварыла зноў пра Міхася.

— Ды ну яго! — махнуў рукою Каляда.

— Іван! — з націскам над «і».— Як гэта ты... вы...

— Ты! — падказаў ён.— Мы ж старэйшыя на свеце сябры, Поля... Былі...

— Былі,— згадзілася яна.— Як гэта ты так гаворыш? Адпусціў аднаго хлопчыка ў горад і не хвалюешся.

— Ось, паслухай, як гарцуюць хлопчыкі...

Яны ўслухаліся. Бясконцы гул галасоў далятаў ад ракі, са скошанага лугу. Аж зямля гула там у іх пад нагамі. Футбольны мяч бухаў, як бубен. Аж звінеў.

А тут, запыхаўшыся, забег Ігар.

— От дае! От дае! — Шчаслівы адкрыты позірк, чырвоныя вушы, раскудлачаныя валасы.— Вы б толькі паглядзелі, як дае!

Паліна ўстала са шклянкаю ў руцэ. Здзіўлена, як на незнаёмага, паглядзела на Ігара.

— Хто дае? Што дае?

Каляда схаваў сваю ўсмешку, звесіўшыся над шклянкай. Ён-то ведаў, пра што гаворыць ачунялы гультай Ігар.

— Алеська...

— Якая яшчэ Алеська?

— Ды гэта, што сырадэлю з рэзгінамі шукала...

— Якую сырадэлю? З якімі рэзгінамі?

— Іван Барысавіч ведае! — Пад позіркам класнай Ігар адступіў на крок, асеў.

— Ведаю, ведаю,— загаварыў Каляда.— Вясковая дзяўчынка. Мале-енькая такая. Вось тачкая,— паказаў ён ледзь вышай стала.

Ігар весела зарагатаў:

— Яна ўсіх нашых пабіла...

Каляда нібыта абрадаваўся:

— Алеська? Маленькая? — Ён падаў Ігару знак, каб той бег ад іх, але Ігар не зразумеў. Затое Паліна адразу здагадалася, у чым справа.

— Ігар, што там за Алеська? — нахмурылася яна.

— Во — валейбалістка! — паказаў ён вялікі палец.— Дзяўчына што трэба. Не праходзьце міма! Ясна?

Шклянка выпала ў Паліны з рук і разбілася на кавалачкі. Трэба ж было трапіць якраз на каменьчык. Каляда падбег, сабраў ашкалёпкі.

— Што з вамі? — занепакоіўся ён.

— Ой! — Цяпер Паліна глядзела на Ігара са страхам.— Хто гэта перада мною?

— Ігар Драмлюга. Наш Ігарочак..— зноў замахаў яму рукою Каляда.

— Як ты сказаў, Ігар?! — зноў пачала наступаць на яго Паліна. Ігар задам пайшоў ад яе.— Паўтары, як ты сказаў!

— Я сказаў... харошая валейбалістка.

— А міма? Што — міма?

— Міма... не прапусціць ніводнага мяча. І наогул — во якая дзяўчына! Сіла! — І ён памчаўся з паляны, як падстрэлены лось, ламаючы галлё сваімі дужымі нагамі.

Паліна зморана апусцілася ў падстаўленае крэсла. Каляда на гэты раз быў больш чулым да сваёй даўняй сяброўкі.

— Іван,— праз момант сказала яна.— Што здарылася з Ігарам? Ён звар’яцеў, га?

— Ды не-е.

— Значыць, я звар’яцела.

— Ды не-е.

— А хто?

— Аніхто...

— Ён жа быў такое цяля, Ігар. Хадзіў як у ваду апушчаны, як санлівы. Што здарылася?

— Што здарылася? — Каляда ўсміхнуўся, туды-сюды прайшоўся.— Можа, тая, вясковая, абудзіла яго душу. Бачыла — заскакаў, як малады козлік.

Паліна пакрыўдзілася:

— Іван! Як табе не сорамна, яны ж яшчэ дзеці...

— Якія вырастаюць у юнакоў. І абуджаюцца ў іх душы, як у нас некалі.

— Было-о...— Паліна паглядзела на Івана.— Не, не дазволю! Без мяне — няхай... А пры мне... Вось я ўтаймую іхнія душы! Яшчэ, чаго добрага, пачнуць тут, на гэтай дзікай паляне любоў круціць?! Не дазволю! Не дазволю ўсякім вясковым прыходзіць у лагер і спакушаць нашых хлопчыкаў. Можа, распуста якая...

Яна шмат чаго яшчэ не дазваляла, шмат гаварыла, а Каляда маўчаў. І так яшчэ добра, што Паліна не ведае большага. Што, напрыклад, у апошні час з лагера сёе-тое пачынае знікаць невядома куды.

Гэтую непрыемную размову перапыніў рыбак. Той самы, у якога ўкралі шчупакоў. Ён з’явіўся так дарэчы і так недарэчы. Спыніўся зводдаль, зняў шапку.

— Вітанне вам, людцы.

Каляда адразу памкнуўся насустрач, паціснуў старому сухую, як дошка, руку.

— А-а, Рыгор Прохаравіч! Прабачце, даражэнькі, у нас тут маленькая нарада...

— Га? Чаму гэта паненка не рада? — скрывіў той галаву.

— Нарада, кажу.

— А-а, награда. Ды ўжо ж, за такіх шчупакоў і награда, ента, павінна быць адпаведная.

Стары азірнуўся, як бы выбіраючы, куды яму сесці. Стаяла вакол столькі крэслаў, што аж разгубіўся. Але госця, як відаць, не спяшаліся запрашаць.

— Прыйдзіце, калі ласка, заўтра. Нам некалі,— ужо лагодней папрасіў старога Каляда.

— Што?

— Паслязаўтра! — зазлаваў і адвёў рыбака ўбок, хоць той і ўпіраўся, як вол.

Нарэшце зразумеў:

— Калі прыйсці?

— Заўтра... Паслязаўтра. Пасля дожджыка ў чацвер,— ужо весела жартуючы, сказаў Каляда, спадзеючыся, што рыбак усё роўна нічога не пачуе. Але ён усё добра пачуў.

— Ты мне не чмуры — пасля дожджыку! Я, здаецца, сваімі рукамі...

— Колькі ў вас донак, жэрліц і іншых прылад? — спытаў Каляда.

— Іншым разам — дык іншым разам,— зноў недачуў, але супакоіўся стары і пайшоў з лагера. Бо адчуў у сваёй руцэ знаёмы хруст паперкі, якую падсунуў Каляда.

Калі стары пайшоў, Паліна спытала:

— Іван, што ён гаварыў?

— Ат, абы-што...

— Што тут было яшчэ, Іван?

— А халера яго ведае. Па-мойму, дык нічога не было. Ціхае месца.— Ён азірнуўся ў той бок, куды пайшоў рыбак.— Жывём, як на іншай планеце... Я так люблю, калі ты гаворыш на мяне Іван. Ах, Поля...

— Гэта я люблю, калі ты кажаш —- Поля. Але справа...

— З таго часу, як я хацеў цябе пацалаваць...

— Іван!

— Не буду...

— Пойдзем па луг і ўсё высветлім.

Статная, у меру поўная, у вясёлай стракатай сукенцы, якая ладна аблягала яе стан, Паліна ўладарна пакрочыла паперадзе. Каляда, як пакорлівы вучань, паплёўся ззаду.

«Не, з ёю нельга жыць у згодзе. З ёю трэба, як з ліхой скулой. Дагаджай і падтаквай. А сам сваё знай. Незразумелы характар. Незразумелы і цяжкі»,— думалася яму тым часам...

 

* * *

Лагер па нейкі час апусцеў. Але ненадоўга. Не справіліся далёка адысціся Каляда і Паліна, як між палатак злодзеем пракраўся аброслы, нячэсаны, у пакамечанай бруднай адзежы невядомага колеру чалавек. Калі б хто з дзевяцікласнікаў уважліва да яго прыгледзеўся, то пазнаў бы ў ім яшчэ нядаўна чысценькага прыгажуна Міхася. Гэта быў ён. І прыйшоў Міхась з нядобрай мэтай. Нешта ўкінуў у вядро з вадою, схапіў са стала пачак цукру, хлеб у цэлафанавым мяшэчку. Забег у палатку, вынес адтуль вядзерца, усё склаў у яго, прыслухаўся.

— Яшчэ і праўда нічога страшнага не здарылася,— ціха сказаў сам сабе.— Але хутка здарыцца. Вы ў мяне яшчэ паскачаце і паплачаце, запомніце вы мяне, Іван Барысавіч.

Падбегшы да стала, Міхась дастаў з кішэні сіні запячатаны канверт і паклаў на самае віднае месца — перад кветкамі. Зноў азірнуўся. Нікога. І тады яму захацелася пакінуць след. Пашастаў у кішэні запалкамі. Не, падпаліць палатку — гэта занадта адказна, гэта страшна. Падумаў. Потым пачаў бегаць ад палаткі да палаткі і зрываць іх з колікаў. Скінуў з лаўкі чысты посуд, параскідаў па лагеры набітыя сенам падушкі. Што ж яшчэ? Ага, вунь стаяць вуды. Раскідаў і іх. Папрацаваў як мае быць. Няхай цяпер шукаюць вінаватага. Іван Барысавіч скажа: «Яшчэ адна непрыемнасць!» Вось ужо ён, Міхась, папсуе крыві ўсім. За сваю крыўду, за абразу...

Пачуўшы, што нехта ідзе ад ракі, Міхась схапіў вядзерца і знік у хвойніку. Нібы і не было яго...

Першы ўбачыў гэты вэрхал у лагеры Андрэй. Стаў як слуп, падзівіўся:

— Бацюхны! Што яны тут нарабілі! Я ж казаў — Паліна Іванаўна ўсё перайначыць.

— І няхай! — падхапіў Алесь.— Мы ёй паможам. Люблю, калі вось так. Рэвалюцыя-я!

Толькі дзіву даваліся Ігар і Алеся, як яны з Андрэем лоўка пачалі падбіваць нагамі мяккія падушкі. Як футбольныя мячы. Яны звонка шапацелі сенам, быццам падзадорвалі хлопцаў.

Андрэй спыніўся, выцер пот рукавом.

— Алеся, Алеся, бачыш, як тут весела! Заходзь да нас кожны дзень, сумаваць не будзеш!

— Некалі мне кожны дзень.

Алеся прыжмурылася на сонца, і твар яе, здавалася, прасвяціўся наскрозь. Такі ён быў чысты, свежы...

— Мы будзем чакаць, сумаваць,— пакінуўшы нарэшце гэтую гульню, падышоў да яе Алесь. Яны стаялі побач.

— А вы займіцеся працай — некалі сумаваць будзе, таварыш Алесь! — Алеся зыркнула на Ігара, і ён задаволена ўсміхнуўся ёй. Адбрыла!

— Алеся і Алесь! — падхапіў Андрэй, зводзячы іх рукі.— Як гэта здорава. Цэлая Алісея!

Ён павярнуўся да Ігара і, набліжаючыся да яго, пачаў фальшыва насвістваць матыў песні з кінафільма «Шлях да прычала».

— Разумееш? Трэці павінен пайсці,— растлумачыў таварышу Алесь.— Гэта датычыцца цябе, Ігар!

Ігар ірвануўся да іх, нібы яго ўкалолі.

— Што?! Я павінен пайсці? — Ён схапіў Алеся і Андрэя за каўняры, развёў, як малых, у бакі.— Адказвайце, хто з нас пойдзе, а то грымну!

Алеся запляскала ў далоні і засмяялася.

— Бач, сіла вярнулася,— паспрабаваў вырвацца Алесь, але гэта яму не ўдалося.

— Аджыла! — гыркнуў Ігар.— Яна да пары да часу спала пад маёй кашуляй. Ясна?

Лепш бы ён не ўспамінаў пра сваю кашулю! Андрэй, які пачаў ужо злаваць, ухапіўся за гэтае слова.

— Эй ты, кашуля мадэ ін уса, паціху! — агрызнуўся ён.— Папугай, пудзіла гарохавае!

Ігар выпусціў Алеся і стаў насупраць Андрэя. Кулакі яго сціснуліся.

— Паўтары, недаростак!

Андрэй, мабыць, здаў. Павярнуўся да Алеся і з кепікамі прамовіў:

— Цярпець не магу крыўляння гэтай стракатай малпы. Калі ён хоча біцца, то няхай здыме кашулю. Барахольшчык...

— Кашулю я магу зняць! Змяніць. Але вось як ты зменіш сваю паганую фізіяномію?

Ігар зноў схапіў Андрэя загрудкі і ўдарыў па твары. Потым падхапіў і зваліў на зямлю. Яны пачалі тузацца, перакачвацца адзін цераз аднаго, як двое задзірыстых катоў. Ігарава кашуля затрашчала.

Алеся падбегла да іх, крыкнула:

— Ігар! Я думала — вы жартам!..

Алесь супакоіў яе:

— I я думаў — жартам. Няхай паабдымаюцца, лагаднейшымі стануць! — І ўбачыўшы, што Андрэй ужо ляжаў на лапатках, пачаў лічыць: — Раз... Два... Тры...

Ніхто і не заўважыў, як з'явіліся Каляда і Паліна. Пры такім відовішчы яна ўскрыкнула і схапілася за грудзі:

— Ой, што гэта?

Алесь узяў Алесю за руку, і яны шаснулі за бліжэйшую палатку. І добра зрабілі, бо ў тую ж хвіліну пачалося самае непрыемнае. Паліне Іванаўне стала дрэнна. Яна цяжка апусцілася ў крэсла і ледзьве вымавіла:

— Што гэта? Іван, куды я трапіла?

— Хлопчыкі-і! — крыкнуў Каляда.

Хлопцы, цяжка сапучы, узняліся. Але не пабеглі. Стаялі, як пеўні, гатовыя зноў схапіцца за чубы.

— Іван... Вады, калі ласка,— папрасіла Паліна. Яна не знаходзіла слоў ад абурэння.

Каляда зачэрпаў у вядры кубкам і падаў ёй вады. Яна заплюшчыла вочы, глынула. Чагосьці зжахнулася, зірнула ў кубак. І раптам, усклікнуўшы, зноў схапілася за грудзі. Вочы заплюшчыліся.

Каляда ледзьве справіўся падхапіць кубак.

— Што з вамі? — нічога не зразумеў ён.

Паліна паволі адкрыла вочы і дзіка ўскрыкнула:

— Кракадзі-іл!

— Хто — я?

— У кубку-у!

Каляда зірнуў у кубак і супакоіўся. Нават крышку ўсміхнуўся.

— Ніякі не кракадзіл,— як мог, лагодна прамовіў ён.— Гэта апалонічак з ножкамі.

— Апа-апа-лоні-іча-ак?! — усхапілася Паліна.— Яны падкінулі! Усё яны-ы...

— Хлопчыкі, гэта вы? — чамусьці лагодна спытаў Каляда.

— Не мы,— буркнуў Андрэй.

— А гэта? — Ён паказаў на палаткі, на падушкі.— У што вы гулялі, хлопчыкі?

Ігар, якому ўся гэтая камедыя надакучыла, адказаў злосна:

— У братоў-разбойнікаў.

— Чуеце? — звярнуўся Каляда да знямелай Паліны.— Яны гулялі... у братоў гулялі. Брацікаў. І трэба сказаць, гэта ў іх нядрэнна атрымалася.

— Проста здорава! — падтакнуў Ігар, захінаючы парваную кашулю. Каляда гэта заўважыў.

— Падыдзі сюды, Ігар,— паманіў ён пальцам.— Што ты там хаваеш ад нас, га?

— Кашулю ў лесе парваў, зачапіўся...

— А навошта ты чапляўся?

— Каб парваць. Абрыдла...— Ён тут жа скінуў кашулю, зняў яркія шкарпэткі, кінуў пад ногі.— Хопіць. Пагуляў крышку і хопіць. Абрыдла...

Тут жа Паліна зноў ачуняла. Сціснутыя кулакі ўзляцелі ўгору, твар аж зайшоўся сінню.

— І мне абрыдла! — грымнула яна.— Хопіць! Я паскідаю вам не толькі кашулі, але...

Яна недагаварыла, бо, па-першае, чамусьці ніхто не спалохаўся (падумаць, як выраслі хлопчыкі — нічога не баяцца!), а па-другое, Каляда схапіў яе за руку, пачаў угаворваць:

— Не хвалюйцеся, Паліна Іванаўна, супакойцеся. Усё ўладкуецца, абыдзецца. Разбяромся ціха...

— Цяпер-то я ўжо ніколі не супакоюся. Ніколі...

 

* * *

Недзе ў вялікім лесе захавалася маленькая, пяць крокаў ушыркі і дзесяць удоўжкі, палянка. З нядаўняга часу на ёй іншы раз віўся ўгору дымок, патрэсквала ў агні сучча.

Пад маладой елачкай, што стаяла ледзь не на сярэдзіне палянкі, вырас буданок. Яловыя лапкі шчытна ўкрывалі яго, і толькі вузенькі ўваход цямнеў над павіслымі бярозавымі галінкамі. Усё-такі прыемней, калі пры ўваходзе не калючыя іголкі, а мяккія пахучыя лісцікі.

Побач з буданом, у грудку, ляжала крыху дроў, сухога галля. Каля вогнішча стаяла вядзерца, пакрытае яловай карыною. Па ўсяму было відаць, што месца тут абжытае. Толькі цяпер на палянцы нікога не было...

Цішыня.

Але вось недзе трэснула галінка. Пачулася ледзь улоўнае: «Цс-с!»

Цікаўная шэрая птушачка, скрывіўшы чубатую галоўку, насцярожылася, пачула небяспеку. Скочыла з галінкі, ціўкнула, нібы падала сігнал іншым.

Але небяспекі для птушкі не было. На яе проста ніхто не звяртаў увагі. Віктар і Алеся, якія асцярожна выйшлі на палянку, уважліва назіралі за буданом — ці ёсць хто там, ці акажацца. Буданок маўчаў, бо ў ім нікога не было...

— Вось тут жыве ваш Міхась,— паказала на буданок Алеся.— Я падпільнавала яго, як бег у крыніцу па ваду.

Віктар абышоў будан, зазірнуў усярэдзіну.

— Кудысьці сцёгся на паляванне, лайдак.

Алеся ціха:

— А можа, ён стаў бандытам?

— Такі не стане,— упэўнена адказаў Віктар.— Такі хутчэй ператворыцца ў гадзюку, каб кусаць спадцішка. Нездарма ж ён пасяліўся ў такім месцы. Адно пісьмо чаго варта...

Трэба сказаць, што Міхась у апошняе наведванне лагера падкінуў на стол пісьмо. Быццам ад маці. У ім было: «Дзень добры, сыночак. Як табе там, у лагеры? Ці не крыўдзіць, часам, хто? Пішы нам...» І гэтак далей. А ў канцы подпіс: маці.

— Навошта ён падкінуў той ліст? — спытала Алеся.

— Эх ты, малая! — уздыхнуў з дакорам Віктар.— Усе ж думаюць, што ён паехаў дамоў. А тут — пісьмо. Значыць, яго там няма. Вось і кінуцца шукаць, нервавацца, строіць розныя здагадкі. Дзе Міхась? Што з ім? Дзяшовы трук. Добра, што я першы ўбачыў...

Віктар дастаў з кішэні сіні канверт і ўкінуў у будан. Зазірнуў глыбей і паклікаў Алесю.

— Зірні, там твае рэзгіны...

Алеся падбегла.

— Рэзгіны? — Прысела, зірнула.— Ага, яны! Вось хто, аказваецца, іх сцёг. Што будзем рабіць?

— Пачакаем,— устаў Віктар.— Ты яго, малая, толькі не бойся.

Яна пакрыўдзілася:

— Сто раз казала — не малая, не малая, не малая...

— Хоць тысячу. На цэлую галаву меншая за мяне,— стаў з ёю побач Віктар. Алеся неспадзеўкі схапіла яго за плечы і пачала падскокваць.

— Вот і не меншая, роўныя. Роўныя!..

Віктар падхапіў яе пад пахі. Таксама неспадзеўкі. Крышачку патрымаў. Нейкую хвілінку. Ды абое адчулі няёмкасць, сарамлівасць. Паціху паставіў яе на зямлю. Асцярожна, нібы яна была са шкла.

— Роўныя,— сказаў прымірэнча.— Дык... будзем чакаць таго чмура ці не?

Алеся паціснула плячыма, узняла на яго даверлівыя вочы.

— Лепш пайсці, а то спахопяцца ў лагеры, што цябе доўга няма, яшчэ адна бяда будзе. А вінаватая — зноў я...

Не дужа хацелася Віктару ісці назад, не пабачыўшы Міхася. Ды і лагер цяпер стаў не ў радасць. Пасля таго здарэння дужа жорсткія законы завяла ў ім Паліна Іванаўна. Але ж доўга чакаць таксама не выпадала.

— Пайшлі.

І забыліся нават на рэзгіны.

Не справіўся астыць іх след, як з-за дрэва высунуўся Міхась. У руках ён трымаў свой неразлучны фотаапарат. Хлопца нельга было пазнаць. Схуднелы, здзічэлы як лясун.

— Вось гэта стрэл! Вось гэта ўдача! — Прабег у кірунку Алесі і Віктара, вярнуўся.— Ледзь не напароўся на іх. Але затое здымак будзе хвацкі...

Міхась, як той Рабінзон Круза, размаўляў сам з сабою. Ёы радаваўся, што падлавіў свайго ворага ў самым крытычным моманце. Віктар трымаў Алесю ў руках, здымак будзе ў профіль, твары відаць.

Падышоў да пакінутых рэзгін, усміхнуўся.

— Гэтая штука, аказваецца, ім непатрэбна. Ну і Віктар! Ну і тып! Праслаўлю...

Гаварыў едка, помсліва. Зайшоў у будан і ўбачыў сваё пісьмо. Здагадаўся, што Віктар раскрыў яго сакрэт. Усюды__ён стаіць на дарозе. Стала ніякавата, аж засмактала пад лыжачкай. Успомніў — ад голаду гэта. Есці так хочацца, хоць ты кулакі грызі, а нічога няма. Ля будана, пад лісцем, ляжала некалькі бульбін, і Міхась надумаў іх спячы.

Паправіў на халодным вогнішчы галлё і хацеў яго запаліць, як пачуў вясёлы смех. Віктар і Алеся вярнуліся знянацку. Ён нават не справіўся схавацца.

— Ой! — збянтэжылася дзяўчына.— Хто гэта?

Міхась падняўся, навэдлях абтрос калені.

— А-а, злавіўся, бандзюга! — усклікнуў Віктар, падыходзячы да Міхася.

— Гэта вы... злавіліся! — Ён хітравата ўсміхнуўся, дадаў больш мірна: — Я тут жыву, калі ў лагеры месца не знайшлося. І ніякі не бандзюга...

— А гэта што? — Віктар падняў рэзгіны.— Скажы яму, Алеся, хто іх украў у вас?

Алеся ад разгубленасці ледзь вымавіла:

— Ага... Укр... узяў.

— Дык гэта ваша сена было на паляне ля крыніцы? — Міхась — ён умее быць кавалерам! — прыклаў руку да грудзей, папрасіў прабачэння.— Каб я ведаў, што ваша...

— Ага, наша. Мой тата працуе лесніком.

Віктар толькі дзівіўся — куды зніклі Алесіна смеласць, упэўненасць? Дзяўчыну не пазнаць.

А Міхась разышоўся:

— Ляснік! Цудоўная пасада. Вось я пажыў тут і думаю таксама вучыцца на ляснічага. А ты... сапраўдная Алеся. Лясуначка...

— Ну, ну, лягчэй на паваротах,— падышоў і стаў паміж імі Віктар. Міхась хуценька ўсунуў руку ў кішэню і дастаў два пакамечаныя рублі.

— Я павінен разлічыцца з ёю за сена і за гэтую вось сетку. А твая справа тут малая. Падкрэсліваю...— І да Алесі: — Вось, дзетка, вазьмі на цукеркі...

Алеся пакрыўджана падалася за Віктара, які адразу ўдарыў па працягнутай Міхасёвай руцэ. Грошы вываліліся. Міхась моўчкі згроб іх і зноў усунуў у кішэню. Сказаў пагрозліва:

— Вы гэтак? Добранька...

— Баялася кошка старога пацука ды з’ела ад страху,— усміхнуўся Віктар.— Біцца я не буду. Лепш пайшлі з намі ў лагер і там пагаворым як след. Купец, гадзіннік выкупіць грошы спатрэбяцца...

Амбіцыя знікла. Міхась памякчэў:

— І купец. Усё ў мяне ёсць.

— Гэта праўда,— у тон яму адказаў Віктар.— Усё ёсць, аднаго розуму бракуе. Але гэта дробязь. Пайшлі, кажу, з намі, лепш будзе...

— Мне і тут не блага.— Ён памаўчаў.— Набрэшаш у лагеры?

— Сабакі брэшуць, людзі гавораць.

— Можаш гаварыць. Лес вялікі, перайду на новае месца, не знойдзеце.

— Хоць у вір галавой. Гэткая бяда. Пайшлі, Алеся.

І калі яны ўжо зрабілі некалькі крокаў, Міхась не стрываў. Яму, відаць, цяжка было зноў заставацца аднаму.

— Чакай! — міжволі вырвалася ў яго.

Віктар павярнуўся тварам да яго. Міхась пакорпаўся ў кішэні і дастаў складзеную ў некалькі столак паперку. Падаў яе Віктару, гаворачы:

— Вось чаго ты варты. Чытай...

Віктар узяў паперку. Толькі зірнуў на почырк, як адразу пазнаў яго. То пісала Алена. Вось што прачытаў здзіўлены хлопец: «Пляваць я хацела на твайго Віктара, калі ён такое табе гаварыў. І наогул — мне ўжо абрыдлі твае падазрэнні і папрокі. Ты ж сур’ёзны хлопец і павінен сам разабрацца ў нашых адносінах...»

Віктар усміхнуўся, аддаў паперку назад. Кінуў Міхасю проста ў твар, як прысуд:

— Правакатар!

— Так думаеш? — не разгубіўся той.

— Думаю. Што ты ёй нагаварыў ад майго імя? Калі казаў што брыдкае, то трымайся, рабінзон няшчасны! — і ўзяў Алесю за руку.— Пайшлі адгэтуль. Тут пахне цвіллю...

— Стой! — Міхась хваравіта ўсміхнуўся, няёмка патаптаўся на месцы.— Я невінаваты, што яна так напісала. Ды чорт з ёй! Лепш раскажы, як там у лагеры...

— Як у казцы. Ігар сядзіць пад арыштам, Алесь і Андрэй атрымалі па тры нарады, устаноўлена каменданцкая гадзіна. Працуюць гурткі: спевы, танцы, вязанне на прутках і гэтак далей.— Віктар растапырыў усе дзесяць пальцаў.

— Так вам і трэба.

— Дык ты не пойдзеш з намі?

— Цяпер — не. Пасля...— Адчувалася, што Міхась спакваля здаецца.— Толькі... як гэта зрабіць? Як з’явіцца ў лагеры?

Віктар паківаў галавою.

— Хто б казаў... Вопыт маеш. Дай тэлеграму такога зместу: «Еду, сустракайце, цалуйце, любіце... Міхась». І атрымаецца, быццам прыехаў.

— А куды пісаць? — ухапіўся за думку Міхась.

— Вось ёй,— паказаў на Алесю Віктар.— А яна прынясе ў лагер. Прывітанне, лясун! Я нікому на свеце не скажу, што меў шчасце гаварыць з табой.

Алеся і Віктар пайшлі.

Міхась доўга глядзеў ім услед, як бы штосьці мяркуючы. Хвілінная заклапочанасць азмрочыла твар. Толькі на час. Вось ужо твар прасвятлеў, на ім з’явілася нешта накшталт усмешкі.

— Меў шчасце, кажаш, гаварыць са мною? — У вачах з’явіліся хітрынкі.— Будзеце мець шчасце. Не так лёгка мяне пакінуць у дурнях. Падкрэсліваю... Адным стрэлам уходаў трох. Яго, Алену і Алесю. Пакруціцеся яшчэ ў мяне...

Міхась рашуча падышоў да будана, узяў вядзерца і пакрочыў у крыніцу па ваду. Ён надумаў неадкладна праявіць стужку. А потым пайсці да адзінокага бакеншчыка ў яго маленькую хатку і зрабіць фотакарткі. Дарэчы, там хлеб заўсёды ёсць. Іншы раз і рыба застаецца...

 

* * *

У лагеры панаваў парадак і спакой. Адчувалася, што якаясьці ўладарная рука добра пагаспадарыла тут.

На стале, у новай бліскучай вазе, красаваўся вялікі, як памяло, букет палявых кветак. На коліку, убітым непадалёк ад стала, на бярозе, на палатках — усюды віднеліся плакаты, якія заклікалі не кідаць пад ногі косткі ад рыбы, не смяяцца вельмі гучна, строга выконваць распарадак дня. І ўсё гэта, відаць, мела сілу.

Вось і цяпер дзесьці зводдаль ад лагера глуха гучаў хор. Спявалі зладжана, аднатонна, як у царкве.

— Зацягнулі ўжо сваё «алілуя»,— нездаволена зморшчыўся дзяжурны па лагеры Сарока. Ён стаяў, прыпёршыся спіною да бярозы, і глядзеў, як Алесь і Андрэй глумілі бульбу. Яны абіралі яе па-свойму... Выразалі кубікі, піраміды і іншыя геаметрычныя фігуры.

Раптам з бліжняй палаткі данёсся жалобны Ігараў голас:

— Беднаму вязню, ні ў чым не вінаватаму, падайце што-небудзь для падтрымкі штаноў і духу.

— Заткніся, даўбня! — Андрэй кінуў бульбінай у палатку.— Праз цябе мы тут бульбу знішчаем...

— Вось іменна! — падышоў Сарока.— Знішчаеце... Няўжо нельга без фокусаў, па-людску?

— І ты заткніся,— агрызнуўся Алесь.— Ходзіш па лагеры як прыдурак і ўяўляеш, што вельмі вялікі начальнік.

Сарока апраўдаўся:

— Пасля таго як усё пачало прападаць... Закон ёсць закон. Вось вазьму і данясу Паліне Іванаўне.

Алесь непрыкметна падміргнуў Віктару:

— Давай уважым закон, абыдзем яго, каб не зваліць з ног. Зловім варону?

Сарока зразумеў іх намер, адышоўся.

— Сунься толькі — разаб’ю катораму вазу. Не змеціш...

У тую ж хвіліну хлопцы кінуліся на дзяжурнага, звязалі яму рукі, упіхнулі ў палатку, дзе сядзеў Ігар. А самі, як ні ў чым не бывала, зноў узяліся за бульбу.

— Адвяжы, мы іх ураз уходаем! — папрасіў Ігара Сарока.

— Шукай дурняў! Давай лепш сваю павязку...

Праз нейкі час з палаткі выйшаў адзін толькі Ігар з павязкай дзяжурнага на руцэ. Сарока лаяўся і пагражаў, але яго не слухалі.

Ігар падышоў да Андрэя і Алеся. Цяпер ён быў у простай белай кашулі і светлых штанах. У руцэ трымаў нейкі кій.

— Дзякую вам, рэвалюцыяй выхаваныя! — узняў ён кій у знак прывітання.— За маё вызваленне з гэтай цямніцы пасвячаю вас у рыцары! — і паціху паляпаў кіем кожнага па плячы.

— Якое вызваленне? — здзівіўся Алесь.— Мы цябе адвязвалі? Не? Дык і бяры ўсю адказнасць на сябе, ясна?

— Ага-а,— у роздуме сказаў Ігар,— адказнасці спалохаліся. Добранька. Гэта я Сароку ўпіхнуў у турму і прывязаў. Згодзен. А цяпер... ведаеце, што ён зрабіў? — Ён падбег да стала і ўдарыў па вазе кіем. Ваза разляцелася на ашкалёпкі.— Вось што ён зрабіў. Так і скажам Паліне Іванаўне. А мы яго злавілі, арыштавалі, загадалі пашпарт паказаць...

Хлопцы паглядзелі на Ігара, як на вар’ята. Такое ў іх планы не ўваходзіла.

— Ды ты... ды ты з глузду з’ехаў? — усклікнуў Алесь.

— Ніколечкі. Чулі ж, як Сарока гаварыў — разаб’ю вазу. Вось і разбіў...— Ігар паволі наблізіўся да хлопцаў.

— Не падыходзь, а то...— Андрэй замахнуўся.— Ведаем мы цябе. Звернеш на нас, а сам у кусты. А нам сядзець у гэтай палатцы...

— Сядзець! — крыкнуў з палаткі Сарока.— Усім сядзець як піць даць! Точна!

Ён чамусьці так развесяліўся, што пачаў дзіка рагатаць.

Ігар падышоў да палаткі і супакоіў:

— Вінаваты, дык сядзі! Ніхто табе не даваў права знішчаць дзяржаўную маёмасць...— Заўважыў Каляду і Паліну Іванаўну, падбег да іх, далажыў: — Дзяжурны па лагеры Ігар Драмлюга. За час майго дзяжурства адбылося здарэнне. Сарока вазу разбіў — во! Мы яго і пасадзілі. Здорава?

Паліна ўсклікнула і кінулася да стала.

— Такая ваза! Як ён мог!

— Не мо-ог,— застагнаў у палатцы Сарока.

— Маўчы, варвар, людаед! — заглушыў яго Ігар.

Паліна ўважліва паглядзела на дзяжурнага.

— Чакай, чакай... Ці не ты сядзеў у палатцы?

— Было,— згадзіўся Ігар.— Але ж, калі мы ўсе ўтрох пасадзілі туды Сароку, у лагеры не засталося дзяжурнага.

Пакуль ён так гаварыў, Алесь і Андрэй паціху панеслі бульбу на кухню, далей ад граху. Ігар прыкмеціў гэта і пабег услед.

— Гэта ўсё тваё выхаванне, Іван,— ціха папракнула Паліна, паказваючы ў напрамку, куды пайшлі хлопцы.

— Маё,— уздыхнуў Каляда.

— Кісель!

Паліна паволі пайшла да лаўкі ля стала і села. Паглядзела на Івана сумна.— Чаму гэта ты заўсёды згаджаешся са мною?

— Не заўсёды...— Ён сеў побач.

— Дык гэта тваё выхаванне ці не?

— Не маё!

— Правільна. І хто іх так разбэсціў?

— Не я.

— Правільна.— Яна падумала.— Чакай, чакай... А хто ж? Можа, скажаш — я? Га? Ты на нешта намякаеш. Іван, нягожа так.

— Мы ўдваіх разбэсцілі хлопчыкаў,— усміхнуўся ў адказ Каляда.

Паліна ўскіпела:

— Што-о?! Удваі-іх?!

— Я адзін іх разбэсціў,— хуценька згадзіўся Іван.— Адзін, зусім адзін...

— Тое ж і яно...

Яна ўстала, адышлася да сваёй палаткі, у самы куток лагера, села на крэсла. Нешта абдумвала. Абыякава пазірала адтуль, як прыйшлі хлопцы, нешта гаварылі з Калядою. Той ківаў на іх пальцам. Потым прыбег Ігар, і Паліна пачула:

— Там рыбак стаіць. Хоча вас бачыць...

— Ніякіх рыбакоў! — катэгарычна адказаў Каляда, і Ігар хуценька пабег у хмызняк.

Потым з палаткі пачулася жаласлівае:

— Я невіна-а-ава-аты-ы!

Паліна нібы ачнулася. Таропка падышла да палаткі, спытала строга:

— Разбіў Сарокін вазу ці не?

Андрэй пачаў выкручвацца:

— Не тое, што там — адразу. Але, калі памеркаваць, то ўсё ж кідаўся. Спярша на нас, потым — на дзяжурнага.

— На дзяжурнага? Значыць, на сябе? — спытала Паліна.— Тут нешта не тое. Давайце Сарокіна сюды...

Андрэй прывёў Сароку. Той быў такі разгублены, што не заставалася і сумнення — вінаваты. Твар хавае, вочы бегаюць.

— Ну, што скажаш? — Паліна ўзяла яго за падбародак, прымусіла ўзняць галаву, адпусціла. Рукі ўперла ў бакі, чакала адказу.

— Я толькі сказаў...— пачаў быў Сарока, ды Алесь перабіў яго.

— Сказаў! — усклікнуў ён.— Уставіўся на мяне і кажа: «Хочаш, разаб’ю вазу!» Спытайце ў яго...

— Я не тую вазу хацеў разбіць,— пачаў апраўдвацца Сарока. Ён проста не ўмеў гаварыць ясна.

— Другой жа ў нас няма,— паціснула плячыма Паліна.

— Гэта так гаворыцца — вазу разбіць. А на самай справе я меў на ўвазе галаву разбіць.

Сарока недарэчы засмяяўся, а Паліна аж сапраўды схапілася за галаву.

— Што-о?! — Яна адступіла ад Сарокі.— Каму ты хацеў разбіць галаву, Сарокін?

Ён заблытаўся яшчэ больш:

— Ой, прабачце, Паліна Іванаўна! І галавы я не хацеў разбіваць, а толькі так, трэснуць у нюхаў-ку... у вазу, значыць. Ваза — гэта нюхаўка, а нюхаўка — ваза, якая называецца нюхаўкай... Прабачце, нюхаўка называецца вазай...

— Божа, што ён вярзе? — Паліна паглядзела на Каляду.— Іван Барысавіч, ці не патрэбен нам псіхіятр?

— Думаю, не патрэбен. Пройдзе...— Каляда змераў Сароку насмешлівым позіркам.— Часовае нервовае расстройства.— І да ўсіх: — Ідзіце, хлопчыкі, адпачывайце...

Калі яны засталіся ўдваіх, Паліна прыгразіла:

— Я, як класны кіраўнік, магла б паскардзіцца на цябе дырэктару, але, улічваючы, што з табой пайшлі самыя непаслухмяныя вучні, спачатку падумаю...

— А за што скардзіцца дырэктару?

— Лічы... Давай спярша сядзем. Вось так... Значыць, харчы ўтапілі — раз. Распусціліся — два. Рыбака пакрыўдзілі — чатыры.

— Тры,— паправіў Каляда, але Паліна працягвала лічыць, як ёй уздумаецца.

— Лесніка — пяць, Міхася пусцілі немаведама куды — сем. Кракадзіла ў ваду падкінулі. Бойка. Ваза. Адны непрыемнасці...

— Адны непрыемнасці,— згадзіўся Каляда.

— І ўсё пад чыім кіраўніцтвам?

— Пад нашым... Маім, маім, маім! — Каляда пераняў яе пагрозлівы позірк.— У хлопчыкаў пераломны ўзрост, вось і ломяць усё. Энергіі лішкі, а разгон маленькі. На волю просяцца, у паходы! Ды яшчэ трэба ўлічыць характары. Яны ў іх розныя, як неба і зямля. Як у нас з табою — во!

Нейкі час пасядзелі моўчкі, бо, мусіць, адразу абое ўспомнілі далёкае мінулае. Дзесяцігадовай даўнасці, калі ўпершыню пачалі вучыць дзяцей у адной школе, упершыню пазнаёміліся. Потым шмат яшчэ чаго было ўпершыню — словы, усмешкі, поціск рук. Не было ўпершыню таго, што збліжае людзей больш за ўсё. Вельмі строгай і жорсткай была маладая Поля. Як і цяперашняя. А Іван быў крыху легкадумны. Як і цяпер. Не сышліся яны характарамі, як кажуць, ачарсцвелі душою адно да аднаго. Не расцвіло іх каханне, на корані завяла...

— Дык хто з нас неба? — асцярожна спытала Паліна.

— Ты. Я — зямля.

— А хіба можа зямля існаваць без неба? — У голасе не надзея, а хутчэй безнадзейнасць.— Без сонца, без зорак...

— Зямля і неба існуюць для людзей,— ухіліўся ад прамога адказу Каляда. Ён-то разумеў Паліну! Непаўторная прыгажосць прыроды, ласкавае сонца, шчодрасць фарбаў і гукаў абудзіла і яе душу, прымусіла азірнуцца назад, на пражытае, калі вольнага часу было так мала. Вучоба, урокі, сшыткі, семінары. Вечна не хапала таго часу, і ён прайшоў непрыкметна. Быў і ў яго свой рубеж, свае адлічаныя хвіліны для маладосці...

Паліна заспявала жартам: «Мы з табой два берагі — неба і зямля». Ім стала крышку лягчэй, вальней.

— Парадачак! — весела сказаў Каляда, устаў і прайшоўся.— Дзеткі на лузе, як авечкі тыя, загараюць. І ніякіх турбот. Вось толькі б зняць гэтыя забароны,— паказаў на плакаты.

— Не дазволю! Неба і зямля...

І тут проста да іх, запыхаўшыся, падбегла Алеся. Лёгкая, як каза, быстрая. Вочкі аж гараць.

— Вось... Тэлеграма ў лагер.

— Тэлеграма? Ад каго б гэта? — Паліна ўсхапілася, узяла тэлеграму, прачытала: — «Вяртаюся ў лагер. Прабачце. Міхась». Калі ж ён вяртаецца? Якім транспартам?

— Можа, вячэрнім параходам,— падказаў Каляда.— А можа, і аўтобусам..

— Хутчэй за ўсё аўто-босым,— засмяялася гарэза Алеся.— Голад не цётка, хутка будзе парасё ў хляве...

— Што? — не зразумела яе Паліна.

— А нічога... Успомніла, што парасяткі галодныя. Трэба бегчы карміць!

І яна, пераскокваючы пні і купіны, памчалася назад, нешта весела заспявала.

— Блудны сын вяртаецца,— зазначыў Каляда.— Адна бяда з плеч. А ўсё таму, што акрыяла ты крыху, прывыкла да нашага дзікага жыцця, да паляны.

— А-ат! — махнула рукой Паліна. — Неба і зямля... Сам гаворыш. Даўно ўжо, Іван, ты не глядзіш нават у мой бок. Чаго гэта ты цяпер усміхаешся? Чаму стаў такі ўважлівы? Га?

— Успомніў, як мы былі маладыя, як я ледзь цябе не пацалаваў, а ты збегла...

— Збегла. Мне было так сорамна. Такое строгае выхаванне... Не тое, што цяпер, у шаснаццаць цалуюцца і не чырванеюць.

— Калі б не збегла...

Яна перабіла яго:

— А цяпер? Ці ж нельга нам выправіць сваю памылку?

У голасе хутчэй жартаўлівасць, чым сур’ёзнасць.

— Цяпер? Старыя мы ўжо, няёмка неяк...

Каляда засмяяўся і асцярожна, як сын маці, пацалаваў Паліну ў шчаку. І ад гэтага дотыку твар яе ўспыхнуў ружай.

— Ах, Іван!..

Нехта кашлянуў за палаткай. Яны спалохана азірнуліся, разышліся ў бакі.

Да стала, як пабіты сабака, падышоў Міхась. Скінуў рукзак, паставіў побач вядзерца. Валасы нячэсаныя, калісьці зялёны гарнітур пачарнеў. На нагах адны шкарпэткі, ды і тыя падраныя.

Паліна сціснулася ўся, насцярожылася. Потым працягнула руку і сіпла спытала:

— Ты? Міхась?

— Я...

— Прыехаў?

— Ага...

— Што ў вас дома здарылася? Ты зусім босы...

— Тапачкі нейкі сабака ўкраў. Як ехаў.

— Божа! Ён быццам вываліўся з малатарні. На чым жа ты ехаў, дазволь ведаць?

— На сене,— зманіў Міхась.— На самым версе машыны. А яна потым перакулілася, халера, і я пайшоў пешкі.

Як лёгка, аказваецца, маніць! Варта толькі пачаць, і тады ўжо не стрымацца. Ідзе, як па маслу.

Усе паглядзелі на яго ногі, на брудныя, падраныя шкарпэткі.

— І што там у горадзе чуваць? — спытаў Каляда.

— У горадзе? — Міхась падумаў.— Шмат чаго чуваць. Кругом землетрасенні, ліўні бушуюць. Неспакойна ў прыродзе. Гарачыня, шум. Яшчэ гэта...— Раптам ён схапіўся за шыю рукой.— Упіўся, зараза! Клешч...

— Гарадскі? — усміхнуўся Каляда.

— Ага. З вёскі іх туды навезлі. Страхоцце. І тут ёсць?

— Здараюцца...

— Ну, вось што,— перапыніла іх размову Паліна.— Ты тут адпачывай з дарогі. Пагаворым з табою потым.

 

* * *

Міхась яшчэ не здагадаўся, што яго «раскусілі». Ён агледзеўся, пасмялеў. Падышоў да дошкі распарадку, прачытаў: «Пад’ём у сем... Бег на месцы... Чай. Паход у ягады. Абед... Гурткі... Вячэра... Адбой».

— У мяне і то цікавей было,— сказаў па звычцы рабінзона.— Касцёр да поўначы, бульба печаная круглыя суткі. Кігіканне савы. Потым сон да дня. Дзве гадзіны палявання на кляшчоў...

Нехта засмяяўся. Зірнуў — Алеся. Яна прынесла яго тапачкі.

— Наш Пірат прыцёг,— растлумачыла.— Адразу пазнала, што твае, бяры...

— Дзякую.

Ён узяў тапачкі. Здагадаўся, што ёй яшчэ нічога не вядома пра фотакарткі, якія аддаў сёння малым у лесе. Тыя паглядзелі, здзівіліся: «Алесю гарадскі цалуе!» І пабеглі, панеслі ў вёску небывалую навіну...

— Хітры ў вас сабачка, сапраўдны пірат,— сказаў з папрокам.— Мне з-за яго чырванець давялося.

— Ён у нас заўсёды нешта цягне з лесу. А то і ад ракі,— апраўдалася Алеся.

Міхась сеў на крэсла, пачаў абувацца. А дзівачка Алеся ўсё гаварыла і гаварыла пра сабаку, пра яго праявы.

Сама не памятала, як дастала з галавы грабеньчык і пачала прычэсваць зблытаныя, прасмаленыя Міхасёвы валасы.

Вось у такіх інтымных абставінах і заўважылі іх дзяўчаты на чале з Ігарам. Ніна, што бегла паперадзе, сумелася, стала. Папярэдзіла Алену. Тая схапіла Ігара за руку: «Цс-с!» Ды Ігар не стрымаўся:

— Глядзіце, Міхась прыехаў! Ур-ра!..

Міхась ад нечаканасці аж падхапіўся з грэбенем у галаве, бо Алеся цяпер не магла дацягнуцца да яго. Падскочыла, выхапіла свой грабеньчык і зачырванелася.

— Дарога вельмі цяжкая была,— сказала яна з ухмылкай.— Як з неба зваліўся...

Схавала грабеньчык у сваёй густой кудзелі, падышла да Ігара, бо ўбачыла, што ён сярдзіта надзьмуўся.

— Дзе гэта ты ўжо з ім пазнаёмілася? — не хаваючы сваёй непрыязні, спытаў Ігар.

— У лесе.

Міхась удакладніў:

— Як ішоў у лагер, то заблудзіўся. Добра, што яе спаткаў.

Ні слова больш не гаворачы, Ігар узяў Алесю за руку і пацёг ад Міхася далей. Паволі яны адышліся далёка. Алеся ўвесь час гарэзліва глядзела цераз плячо назад, на дзяўчат. А вачаняты аж гарэлі ад шчасця.

— Дзевачкі, пайшлі купацца! — кінула яна ўжо здалёк.— Я вам нештачка смешнае раскажу-у...

Міхась насцярожана зірнуў на Алену.

— Вы ўжо ведаеце?

— Што? — спытала яна.

— Віктар вам нічога не гаварыў? — Убачыў, што Алена нічога не ведае, дадаў: — А на мяне ён яшчэ злуецца? І ты злуешся?

— Ат! Сядзеў бы лепш там, адкуль прыйшоў,— адмахнулася ад яго Алена.— Гаворкі табе больш ніякай няма.

Яна крутнулася і пабегла ўслед за Алесяй і Ігарам. Засталася толькі Ніна. Яны калісьці добра сябравалі. Ды Міхась не дужа даражыў тым сяброўствам, усё часцей пазбягаў яе, цягнуўся больш да Алены.

— Усе ўцякаюць ад мяне, адна ты засталася...— у роздуме сказаў Міхась.— Як яны тут?

— Хто? — Ніна абыякава глянула на яго.

— Віктар і Алена.

— Як мае быць!

— Зноў цалуюцца? — спытаў яхідна.

— Ці ж гэта грэх? Асёл ты з доўгімі вушамі, хіба не бачыш, што ў іх усё так хораша, так прыгожа... Не легкадумна, як ты гаворыш... Сапраўды, не прыязджаў бы ты лепш, не чмурыў бы Алене галаву.

— А я хачу яе папярэдзіць! — Ён наблізіўся да Ніны, загаварыў у самае вуха.— Як таварыш і друг... Гэты Віктар умее пыл у вочы пусціць. Слепнеце вы тут ад яго, як совы на сонцы. Во! Глядзі, хто такі Віктар. Любуйся! Ён з усімі гэтак... сур’ёзна.

Міхась не адшпіліў, а так ірвануў гузік на кішэні, што ён аж адскочыў. Дастаў некалькі фотакартак. Адну аддаў Ніне.

Тая зірнула і адразу змянілася ў твары. Аж пабялела.

— Алеся?! Ён яе абдымае? Жах! — І зірнула на Міхася строга.— Дзе ты гэта ўзяў?

Міхась адвёў позірк:

— Быў тут у мяне свой чалавек.

— Хітры ты...

— Яшчэ які. Пакажы гэта Алене, няхай не дужа ганарыцца сваім Віктарам...

Падняў з зямлі свой рукзак і паволі пайшоў па лагеры, прыглядаючыся да палатак. Ён-то добра ведаў, у якой з іх ёсць лішняе месца.

Ніна яшчэ нейкі час глядзела на фотакартку. Заўважыла Сароку, паклікала яго.

— Дзівіся, Сарока! — і паказала здымак.

— Мяне ўжо нішто не здзівіць,— абыякава зірнуў той.— Што ў нас тут робіцца? Ніхто мне не верыць. Я назваў галаву вазай, бо так гаворыцца. І не вазу хацеў разбіць, разумееш? І галаву не хацеў разбіць. А цяпер-то ўжо ўсё паб’ю, пакрышу, калі ніхто не верыць! Дзе яны? Дайце мне іх! — Ён энергічна, пад здзіўленым позіркам Ніны, абышоў вакол стала.— І Паліна Іванаўна таксама добрая. Паверыла тым гарлапанам. А я вот не баюся, нічога не баюся і нікога! Вось пакліч мне дзяжурнага...— І ўжо на ўвесь лагер: — Дзяж-урны-ы! Дзе дзяжурны-ы?

«Звар’яцеў. Усе звар’яцелі на гэтай дзікай паляне. Іван Барысавіч і той пацалаваў нашу класную!» — думала Ніна, паволі крочачы да ракі...

 

* * *

Дзяжурны з’явіўся адразу. Ім аказаўся Віктар. Чырвоная злінялая павязка ледзь прыкметна на бронзавай ад загару руцэ.

— Хто тут мяне клікаў? — спытаў ён у Сарокі.

— Я...

— Што хацеў?

— Як — што хацеў? — пакрыўджана спытаў Сарока.— Хіба ты не ў курсе? Я ж нікога не крануў нават пальцам. Цяпер, выходзіць, што я бандыт!

— Каб жа ты мог даказаць...

— Вось у тым мая і бяда — не ходзіць гладка мой язык, як пісаў Пушкін...

— То пісаў Купала.

— Усё роўна вялікі чалавек. Зусім заблытаўся. Чорт мяне нацкаваў назваць галаву вазай. Вось што выйшла з жарту...

Тут яны ўгледзелі Ігара. Ён пёр праз хмызняк напралом, ломячы сучча. Кашуля расхрыстаная, валасы, як калючкі ў вожыка, тырчком.

— Братцы! Здарылася! Самае вялікае ў маім жыцці здарылася. Кропка...

— Ціха, ціха,— паказаў на плакат Віктар.— Што здарылася? Ды не калаціся ты, садзіся і расказвай.

Ігар, як конь, матнуў галавою:

— Не ўседзець мне цяпер! Я сказаў ёй. Намякнуў. Адным словам, мы пагаварылі як трэба!

— З кім пагаварылі, пра што? — нічога не зразумеў Віктар.

Сарока аж засмяяўся:

— Яшчэ адзін вар’ят!

— Не вар’ят! — падступіў да яго Ігар.— Я сказаў Алесі вось як табе... Алеся, сказаў я, давай наблізім вёску да горада. Давай, кажа яна, толькі наадварот, горад наблізім да вёскі. Разумееце, аслы цара Саламона?

— У цара Саламона былі вярблюды,— з усмешкай зазначыў Віктар.

— Тым горш для вас! Слухайце і маўчыце. Дык вось... Сэрца маё ад тых яе слоў кудысьці правалілася. Зноў намякаю. Давай, кажу, Алеся, сатром грані паміж горадам і вёскай. Давай, кажа, ідзі пастрыжыся па-людску, і не будзе ніякіх граней. Тады я сціснуў яе руку і больш нічога-нічога не сказаў. Яна, ведаеце, усміхнулася, як тысяча сонцаў, глядзіць мне ў вочы і таксама маўчыць. Не верыце?

— Ну, ну, гавары далей,— сказаў Сарока.— Дужа ўжо цікава ў вас было.

— Далей было так... Мала, кажа Алеся, у цябе фантазіі, выдумкі. Для цябе, кажа, месца толькі на Месяцы. Палячу і на Месяц, кажу я, калі спатрэбіцца, калі ты загадаеш. Вершы, кажу, для цябе напішу. Напішы, кажа яна са смехам, хоць адзін. Тут я набраўся смеласці і... пабег ад яе. Напісаў на беразе верш і прыкапыцеў вось сюды.

— Як ты сказаў? — спытаў Віктар.

— Прыкапыцеў...

— Вось цяпер веру — наблізіўся да вёскі. Лупі свой верш!

Ігар стаў сур’ёзным, выцягнуў з глыбокіх кішэняў нейкія паперкі, склаў іх разам і зірнуў на хлопцаў.

— Верш называецца «Натхненне». Вось ён,— і прачытаў:

 

Буйны дождж кроіць неба ў палоску,

На асфальце звіняць раўчукі.

А мне хочацца ехаць у вёску,

Дзе жывуць басанож хлапчукі,

Дзе палеткі гамоняць за садам,

Дзе пастушкі авечак пасуць,

Дзе старыя дымяць самасадам

І чубаткі яечкі нясуць...

 

Ён глубока ўздыхнуў і зірнуў на Віктара.

— Здорава! — пахваліў той.— Асабліва мне падабаецца канцоўка. Яечкі... Сала... Патэльня... Устаў у верш як-небудзь патэльню, га?

— А ці добра будзе?

— Выдатна! Ты толькі паслухай, як гэта загучыць. Патэльня! Якое ёмістае слова.

— Ёмістае,— згадзіўся і Сарока.

Яны селі проста на зямлю і пачалі прыдумваць рыфмы да свайго ёмістага слова.

— Патэльня, пякельня, ельня,— мармытаў узрушаны Ігар.

Але гэты іх мірны занятак быў нечакана спынены самым звычайным чынам.

З-за кустоў выйшлі змрочныя, як ноч, Алена і Ніна. Спыніліся каля хлопцаў. Ніна катэгарычна сказала:

— Ігар, ты яшчэ сядзіш з гэтым вужам? — і паказала на Віктара.

— Што здарылася? — Віктар адразу ўстаў, бо адчуў, што дзяўчаты не жартуюць.

— Убачыш,— паабяцала Ніна.— Вось твая праўдзівасць, артыст! — і паказала яму фотакартку.

Алена дэманстратыўна адвярнулася. Ігар і Сарока таксама зірнулі на здымак.

— Ну, што скажаш, прынцыповы чалавек? — не зводзіла з Віктара злых вочак Ніна.— Аказаўся самы беспрынцыпны...

Віктар крануў Алену за плячо:

— Алена, гэта праўда? Я — беспрынцыпны?

— Адкуль я ведаю? — перасмыкнула яна плячыма.

— Дык я ведаю! — Віктар выхапіў з Нініных рук здымак.— Там, дзе нас так лоўка падлавілі ў аб’ектыў фотаапарата, я чытаў, што нехта хацеў пляваць на Віктара. Нават почырк пазнаў. І ўсё роўна не паверыў, не пакрыўдзіўся, бо перакананы — гэта была правакацыя. Так ці не? Што табе, Алена, гаварыў Міхась ад майго імя?

Алена адышлася на крок, рукі прыціснула да грудзей, вінавата заміргала вачыма.

— Мне Міхась казаў, што ты... што ты назваў мяне ліпучкай-мухалоўкай,— ледзь вымавіла яна. Усе засмяяліся.

— Як? — перапытаў Віктар..

— Ліпучкай...

— І слова ж прыдумаў па сабе! — аж слёзы ад смеху.— Ліпучка... Не ведаў я гэтага раней. Даў бы яму такую ліпучку...

— Дык ты не гаварыў гэтага? — Рукі ў Алены самі апусціліся, павіслі.

— Я гэта чую ўпершыню ад цябе.

— А фота?

Ігар, які моўчкі слухаў дагэтуль, узяў у Віктара з рук фотаздымак і тыцнуў у яго пальцам?

— А фота, мы ў цябе пытаем, гэта таксама невядомка?

— Фота цудоўнае,— усміхнуўся Віктар.— Нас сфатаграфавалі з засады. Бывае і ў злосці людзі не-не ды і зробяць дабро.

— Гэта — дабро?! — зароў Ігар.— Што вы рабілі? Ну, Віктар, абараняйся. Я спачатку знішчу горад, а потым — вёску!

Ігар пайшоў на Віктара, набычыўшыся. Віктар стаў у баксёрскую паставу.

— Пачалі! — весела скамандаваў Сарока.

— Чакай, яшчэ зірну,— зноў пад самыя вочы паднёс фотаздымак Ігар.

— Толькі не лопні ад злосці...

Віктар расказаў, як гэта здарылася, чаму ён падхапіў Алесю пад рукі. А Міхась з-за елкі іх сфатаграфаваў.

— Дык... Міхась увесь час і жыў у лесе? — спытала Ніна.— Ну, цяпер мне ўсё ясна... Мне-то ён гаварыў, што тут, у лагеры, у яго быў свой чалавек.

— Ты — яго чалавек! Ён і цябе ўтравіў! — Віктар схапіў Ніну за вуха і падвёў да Алены, якая, слухаючы гаворку, паволі адышлася далей.— Гэта яна прынесла табе Міхасёву фальшыўку?

— Пусці-і! Бі яго, Аленка-а! — заенчыла Ніна, і Алена адразу накінулася на Віктара, пачала грукаць у спіну кулакамі.— Так яго, так! Ігар, памажы-ы!

Ігар усё глядзеў на фота. Абыякавым голасам адказаў:

— Няма больш Ігара, памёр ён...

Потым сеў на зямлю і звесіў галаву.

Віктар выпусціў Ніну і паказаў на Ігара.

— Глядзіце! Якім ён быў, такім і застаўся. Вось што я вам скажу... Не паддавацца на правакацыю! Не правакатары страшны людзям. Страшна тое, што людзі лёгка пападаюць пад іх уплыў і становяцца фактычнымі памочнікамі. Правакацыя, як і здрада,— аднаго поля ягады.— Ён паступова наблізіўся да Ігара.— Гэтыя фатаграфіі вельмі нагадваюць адну хусцінку, якую падкінулі Маўру. А ты, Атэла, ужо гатоў задушыць сваю Дэздэмону...

Ігар узняў вочы.

— Гэта не хусцінка, а дакумент.

— Вось і пакінь яго сабе на памяць, даўбешка! Пасля дзякаваць будзеш. Памяць першага кахання. Ну, як — быць ці не быць?

Ігар усхапіўся на ногі, замахнуўся здаравенным кулаком. Віктар аж адхіснуўся.

— Маўчы ты, прынц дацкі! Так, я — Атэла. А ты проста дзяжурны па лагеры. Дык давай знішчым гэтыя забароны-плакацікі. Цяпер-то я ўжо нікога не баюся. Я скажу Паліне Іванаўне, што думаю! Кліч яе, дзяжурны. Я ўсё ёй скажу, мы ўжо не хлопчыкі...

І раптам, як яна тут была, пачулася:

— Ціха, ціха, Ігар! — Паліна Іванаўна наблізілася.— Чаго гэта ты раскрычаўся на ўвесь лес? Што хочаш мне сказаць?

Ігар разгубіўся. Яна выплыла з-за бярозкі, як здань, у сваёй стракатай сукенцы з кароткімі рукавамі. Ад загару скура на руках пачала лупіцца.

— Я... я хацеў вам сказаць...— Ігар падбег да распарадку дня, тыцнуў пальцам.— Што трэба ўсё гэта... усё гэта трэба перапісаць чырвонымі літарамі. Каб лепш было відаць здалёк...

Хлопцы і дзяўчаты ледзь стрымліваліся, каб не зарагатаць. Да таго смешным і бездапаможным быў Ігар у гэтую хвіліну. Твар пашарэў, вочкі забегалі, як злоўленыя мышы ў клетцы.

Паліна Іванаўна падумала.

— Можна і чырвонымі,— згадзілася яна.— Што яшчэ?

— І яшчэ... Запішыце мяне ў гурток па вязанню на прутках...

Тут ужо не мог бы стрымацца любы. Дружны смех выбухам разлёгся па паляне.

— Што? — нібы недачула Паліна.

— Па вязанню,— скосіў на сяброў вочы Ігар і дадаў, нібы ён увесь час гаварыў жартам: — Гэта будзе здорава! Я звяжу сваёй бабульцы цёплыя шкарпэткі, а яна мне купіць магнітафон. І будзем квіты...

— Ідзіце лепш да ракі,— як ад мух адмахнулася Паліна.— Там Іван Барысавіч наладзіў спаборніцтвы па плаванню.

— Па плаванню?! — Ігар хуценька пакруціў галавой.— Не-е... Я магу толькі спаборнічаць — хто больш прабудзе пад вадой. Толькі трэба загадзя зрабіць труну.

— Пайшлі, пайшлі,— пацягнуў яго Віктар.— Трэба ж калі-небудзь навучыцца плаваць і табе.

— Не трэба! Я і так па ўсіх прадметах плаваю! — упіраўся Ігар, але сам рады быў хутчэй пакінуць паляну.

 

* * *

Паліна падышла да стала і зморана апусцілася ў парусінавае крэсла. Цяжка было на душы. Хоць і ясны дзень, хоць так прыгожа навокал. А вось цяжар. І не ад таго, што пачула апошнія Ігаравы словы пра плакаты. Дысцыпліна, якую, як ёй здавалася, навяла ў лагеры, аказалася кругом вонкавай. Цяпер, як і раней, кожны робіць што хоча, але ў падполлі, за яе спіной. А Каляда ім патакае, як роўным. Ды ён і сам не супраць пагуляць з вучнямі. Ніяк не зразумець Паліне гэтага перастарэлага хлопца. Ці кахаў ён яе раней? Невядома. У яе быў тады свой жаніх, яна прагледзела тады той момант. А пасля, калі жаніх раптам з’ехаў, было позна. Каляда ўжо нібыта замкнуўся. Ды і яна, Паліна, яшчэ жыла першым сваім каханнем. Так, паступова, яны сталі чужымі...

Паліна ўзняла галаву і аж зжахнулася: непадалёк стаяў стары рыбак. Калі ён так падышоў, што яна нават не пачула?

— Дзяньдобры вам,— здымаючы шапку, прывітаўся стары.

— Добры дзень. Сядайце, калі ласка.

Паліна ўстала, паднесла крэсла.

— Можна сабе і сесці...— Рыбак пакруціў у руках крэсла, паглядзеў, ці моцнае.— Мяккае, халера на яго.

Разгладзіў рукамі лысіну, крэкнуў.

— Можа б, вы, госць, чаю выпілі? — прапанавала Паліна. •

— Ага, усе як ёсць, выпалі,— на свой лад зразумеў яе рыбак.— А быў калісьці кучаравы — ого! Такой бяды. Лепей, ента, галаву мыць.

— Я пра чай, а не пра валасы...

— Гучаць галасы! На ўвесь бераг. Вясёлая ў вас, ента, кумпанія.

Стары дастаў з кішэні акуратна складзеныя тры рублі і паклаў на стол.

— Што гэта? — здзівілася Паліна.

— Перадайце вашаму Івану...

— Завошта?

— За рыбу. Хлопцы мне двух шчупакоў прынеслі. Вялізных, як бярвенні.

«Вось як! — падумала Паліна.— Хлопцы ловяць, а Іван прадае. Яму грошы...» Спытала ціха:

— Ён вам прадаў? Гэтак?

— Ніхто не прадраў сетак. Арцельную дык выдра прагрызла. Панадзілася, халера, гатовенькую цягаць ды ўчора ўблыталася ў сець, трасца на яе. А думалі ўжо, што і там вашы хлопцы пахадзілі.

— Дык нашы хлопцы не награшылі? — парадавалася Паліна.

— Што-о? Вашы хлопцы з грашыма? А мне што з ентага? — Стары нахмурыўся, далей адсунуў траяк.— Чужое я не вазьму, не-е. Даўней, бывала, малы, мог. Гм-м... Помню, неяк выправілі мяне старыя суседкі па святую вадзіцу аж у Загацце, за блізкі свет. Па рубліку далі, каб на святы амбон паклаў. Перахрысцілі, ента, і пайшоў я. Ды, мусіць, не ў добры час перахрысцілі. Іду, ента, а чорт так і падмывае: «Вазьмі сабе грошы, Рыгор, ды купі чаравікі-самаходы». У лапцях тады мы ўсе... Та-ак... І ведаеце, звалэндаў мяне д’ябал. Схаваў рублікі ў шапку, набраў поўныя пляшкі крынічнай вады і паціснуў у лес. Цалюткі дзень, ента, вавёрак ганяў ды па гнёздах лазіў. А потым, як кароў прыгналі, заходжу дамоў, ледзь на нагах трымаюся. Аддаў вадзіцу і спаць...

— І што — не агледзелі? — пацікавілася Паліна. Яна радавалася, што прыйшоў гэты дзед і разагнаў самотныя думы.

— Дзе там! — махнуў ён рукою.— Назаўтра, ента, совесь мяне адолела. Думаю, аддам грошы, грэх. Аж забягае тым часам суседка Тэкля і гаворыць маці: «Памазала я святой вадзіцай жывоцік сваёй дачушцы — ён у яе балеў,— дык як рукой зняло». Смех мяне разабраў, стаю, рагачу, як дурань. Пакуль не выгналі. Паце-е-ха!

Рыбак і Паліна гучна засмяяліся. І не таму, што дужа смешнае расказаў стары. Проста пад настрой.

«Усё, калі добры настрой, здаецца дабрэй і прыгажэй». Паліна зірнула на свае плакаты, перастала нават усміхацца. Яны здаліся проста недарэчнымі тут, у гэтым лясным лагеры, на дзікай паляне. Загаварыла зноў:

— Нічога дзіўнага. Лячэнне ўнушэннем даказана на практыцы. А вашы кабеты паверылі, што вада святая...

— То калі ж было-о! Яшчэ пры цары Гароху. Гм... Ох і жулік жа я тады быў!

— А гэта хвароба... не прычапілася?

— Не-е! Усё забылася, прапала.— Стары паківаў галавою.— Дзіцяці, ента, заўсёды карціць што-небудзь адкалоць. Калі ў каго душа чорная, то як яго ні выхоўвай, хоць маліся на яго, а злодзеем астанецца. Ды і які вясковы хлопец не злазіў у чужы сад або агарод? А ці многа вырасла злодзеяў?

— Значыць, вы за поўную свабоду такім, як нашы? — асцярожна пацікавілася Паліна. Ёй хацелася пачуць ад старога добрую параду. Ён адказаў проста:

— Няхай бегаюць па волі. Прырода, яна вучыць мудрасці жыцця. Усё ў ёй моцна зроблена, нічога лішняга...

— Ваша праўда! — Паліна ўспомніла сённяшні выпадак і дадала: — Я вось бачыла, як маці птушка выганяла з гнязда сваё птушанё. Божа, як яно ўпіралася, як пішчала, прасілася. А птушка-маці ўсё ж вытурыла яго з гнязда. І што вы думаеце? Спярша птушанё і ляцела, як малое ходзіць, бокам-скокам. Потым асвойталася, пачало ганяцца за мухамі ды матылямі. Набралася смеласці і паляцела аж за раку. А як весела заціўкала!

— Дзіва што! Бо адчула волю. Усякаму, што падрастае, лішнія клопаты аб ім шкодзяць. Самастойнасць трэба шанаваць. Каб кожны, ента, адчуў сваю сілу, навучыўся жыць без нянькі. А то і праседзіць у гняздзе да старасці няўмекам, за чужой спіною. Гмм. А другая дзеўка — хе-хе! — і маладосць праседзіць. Гмм... Ну, то я пайшоў.

Стары устаў, пачаў набіваць люльку.

— Заходзьце.

— Ды ўжо ж. Так, ведаеце, прыемна пагаварыць з вучоным чалавекам. Гмм... Выхавацелем людскіх душ.

Ён асцярожна і хуценька, як кот, патэпаў да хвойнічку. І ўжо няма яго. Ці быў ён наогул, гэты дзіўны стары? Прыйшоў непрыкметна і пайшоў нячутна.

Паліна зноў зірнула на свае плакаты. Усярэдзіне штосьці нібыта кальнула. Аж нядобра стала. «Выхавацель людскіх душ»,— нагадаліся словы старога. А ці добры яна выхавацель? Ці так як трэба выхоўвае моладзь? Ці, можа, Каляда бліжэй да ісціны? Нездарма ж вунь цягнуцца да яго, як да бацькі. А яе — сама бачыла! — пазбягаюць...

Паліна рашуча падышла да першага плаката, сарвала яго і кінула на зямлю. Туды паляцеў і другі, трэці. «Ва ўсіх абмежаваннях бываюць перагібы. Менш абмежаванняў — менш памылак». Так гаварыў ёй Каляда. І цяпер — праз колькі год! — яна паддалася. Толькі б ніхто не надышоў.

Паліна не ведала, што ў гэты час, непадалёк ад дзікай паляны, у хмызняку, радасна ўсміхаўся Каляда. Ён святкаваў сваю перамогу, радаваўся за яе, Паліну...

 

* * *

Заплаканая, прыбегла з вёскі да ракі Алеся. Гэта ж трэба было Міхасю так зняславіць дзяўчыну! Вясковыя хлопцы проста не даюць праходу: «З гарадскім цалавалася!» А старыя толькі ківаюць галовамі: «Распуста!» Сказала, што дамоў больш не вернецца. І пабегла немаведама куды. На беразе ўсе ўстрывожыліся.

А ў гэты час Каляда гаварыў Паліне:

— Няхай нашы хлопчыкі цяпер смяюцца на ўвесь лес. Ты ўспомні сваё юнацтва, Поля!

— Успомніла ўжо! — махнула рукой Паліна.— Я і цяпер яшчэ не старая. Увечары ўсё гэта і спалім,— паказала на груд.

— Пасля адбою, Поля. Неба ты наша...

— Не хачу быць небам! Запомні! Іван! — Падышла да яго блізка.— Няхай гэта будзе не педагагічна, але я здаюся,— і падняла рукі.

Каляда падхапіў яе пад рукі і закружыў на месцы. Паліна смяялася, як дзяўчынка. А калі зноў апынулася на зямлі, то ледзь устаяла на нагах. І не таму, што кружылася галава. Адплюшчыла вочы і зноў заплюшчыла іх.

— Іван, круці ў другі бок, а то мне здаецца ўваччу...

— І мне здаецца,— засмяяўся Каляда.— Зірні!

Яна зірнула. Іх цесна абступалі хлопцы і дзяўчаты.

— Ну, вось... Нарэшце і я здзяцінілася,— прамовіла Паліна.

— Што ж,— дадаў Каляда,— пабудзем крыху вучнямі, а яны — настаўнікамі. Хто першы? Ты, Алена?

— Не, я вельмі легкадумная,— усміхнулася яна.— Лепш няхай хто іншы.

Наперад выйшаў Віктар. Твар яго быў хмуры, вочы гарэлі.

— Дайце мне слова... Усе мы, як раней вучылі папы, авечкі боскія,— пачаў ён.— І што ж нам цяпер рабіць, калі сярод авечак зачасаўся воўк?

— Пабіць і прагнаць ваўка,— смеючыся, адказала Паліна гэтаму «настаўніку» на пытанне.

І раптам пачулася насмешлівае:

— Ты, Віктар, вельмі хітры настаўнік.

Гэта сказаў Міхась. Ён ужо недзе паспаў, набыў свой ранейшы выгляд. Гарнітур памыў і пад бокам адпрасаваў, валасы прылізаў, як і раней, цераз плячо павесіў фотаапарат.

Віктар паказаў на Міхася пальцам:

— Хто гэта? Ігар, ты яго ведаеш?

— Першы раз бачу,— адказаў той, паціскаючы плячыма.

— А вы, Андрэй і Алесь? — зноў спытаў Віктар.

— Недзе бачылі, але не помнім — дзе,— за дваіх адказаў Андрэй.

Міхась засмяяўся:

— Вы што, хлопцы, ачмурэлі?

Віктар паволі наблізіўся да яго.

— Мы не ачмурэлі,— сказаў ён.— А вось — што ты? Нам ужо ўсё ясна, нам прасцей было разабрацца. Алесі ж у вёсцы куды горш...

— Я ўжо нічога не разумею,— развяла рукі Паліна.— Гэта хіба не гульня?

Каляда адвёў яе крыху далей.

— А вось паслухай — ці гульня! — шапнуў ён.

Яны стаялі зводдаль і слухалі, як Віктар расказваў пра Міхасёву подласць з фотаздымкам, называў яго чалавекам у масцы.

— Сур’ёзная, разумная, удумлівая маска,— гаварыў ён Міхасю ў вочы.— А здымеш яе і ўбачыш агідны хцівы тварык... Вось так, падчас ходзіць такая маска сярод людзей, вярэдзіць душы, а людзі па дабраце сваёй прыкідваюцца, што нічога не бачаць, не разумеюць. А трэба адразу...

Віктар махнуў рукою і адышоўся ад Міхася. А той стаяў і нахабна ўсміхаўся.

«Праўда гэта! Праўда! — думала Паліна.— У Міхася — маска, а не твар. Інакш ён бы хоць засаромеўся, а то хоць бы што. Быццам гаворка пра каго іншага...»

— Ён нідзе не быў, жыў, як злодзей, у лесе і краў нашы харчы. Ён запляміў брудам наш лагер, зганьбаваў таварышаў, няхай яны і думаюць, як пакараць яго! — гаварыў Віктар, і ўсе згаджаліся з ім. Раптам загаварылі ўсе адразу. І ўсе абвінавачвалі Міхася ў подласці. Патрабавалі выключыць яго з камсамола.

Нарэшце Міхась паказаў, на што яшчэ здатны.

— Добра, няхай так! — Усунуўшы рукі ў кішэні, ён плюнуў праз зубы на зямлю.— Калі я тут лішні, то магу пайсці. Не дужа напалохалі. Я магу даказаць. Падкрэсліваю...

Ён крутнуўся, каб ісці, але Ігар моцна схапіў яго за каўнер.

— Не-е, брат, цяпер ужо ты тут не ўцячэш! Садзіся! — Міхась, надзіва пакорліва, сеў, звесіў галаву.— Словы твае нам не патрэбны! Пойдзеш спярша ў вёску, станеш перад лесніком на калені і будзеш прасіць спагады да таго часу, пакуль ён табе не даруе. Алеся-то ўжо ніколі...

— Ніколі ў жыцці! — данеслася ад бярозкі. Усе зірнулі туды і ўбачылі Алесю, яе строгі, напружаны твар.

Ігар кінуўся да яе.

— Алеська! Не бядуй. Мы пойдзем у вёску ўсе і раскажам людзям праўду. Нам павераць...

— Вось бачыш, Поля, яны ўжо не дзеці, як ты думала! — гучна сказаў Каляда.— Што нам застаецца дадаць, га?

— Што дадаць? — Паліна падышла да ўсіх, расчулена загаварыла: — Я проста не ведала, што тут, на прыродзе, так ярка прасвецяцца вашы душы. І не толькі вашы... Але, хлопчыкі... Пабудзьце крыху дзецьмі. Хоць адзін яшчэ годзік. Не ўсе вы здатны самастойна ляцець у вялікі палёт. Згодны? А з ім,— яна паказала на Міхася,— мы пагаворым дома, у горадзе...

Увечары на дзікай паляне ярка гарэў касцёр і аж да світання гучалі задорныя, вясёлыя песні.

Лагер жыў сваім жыццём. Моладзь заўсёды моладзь. Яна любіць жыць весела. Яна ўмее любіць, але і ўмее моцна ненавідзець. Усёй душою.

1968


1968