epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Надзеі і здзяйсненні

Дзень выдаўся цёплы, вільготны.

Раніцай прайшоў спорны дождж, і дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі.

Па размытай дарозе, віляючы між калдобін, імчалася аўтамашына. Учапіўшыся аберуч за барты, у кузаве моўчкі сядзелі каля сваіх клункаў зазерскія жанчыны. Лена Жураўская адчувала на сабе іх дакорлівыя позіркі: яна ведала, чаму Алесь Зыблюк так гоніць машыну.

Яна ўспомніла ўсё да драбніц.

...У калгасным клубе грымела радыёла, моладзь танцавала. Лена стаяла каля стала, мяняла пласцінкі, не зводзячы воч з дзвярэй. Чакала Алеся, хвалявалася. «Няўжо ён зноў напіўся з Віктарам Бадзягам? Слова ж даў...»

Хлопец слова не стрымаў.

Назаўтра, у нядзелю, да Лены завіталі Алесевы пасланцы — сваты. Прыйшоў сам старшыня калгаса, а яна пажартавала ды — выправадзіла нязваных гасцей.

Глядзела ўслед, падняўшы ражок фіранкі, выцірала слёзы: «Чаму ж не піша мой Толя? Ці забыўся ўжо? Алесь сватаецца... Грош цана яго каханню, калі зноў п’е, прытворства адно... Няхай сабе як хоча, так і жыве».

Многае перадумала тады Лена.

...Дзяўчына ўпотай зірнула на хмурыя твары жанчын і ціха ўздыхнула: асуджаюць, відаць. Ніхто з ёю не пагаворыць як з чалавекам, не распытае аб жыцці, а вось асуджаць кожны можа. Няўжо зайздрасць людзям вочы засцілае? Многім у Зазер’і не падабаецца, што якраз яе, Жураўскую, прызначылі бібліятэкаркай, а не каго другога.

Але ж у яе спецыяльная адукацыя! Яна праводзіць і клубную работу, ведае ноты, мае добры голас.

— Кніжачкі нябось з нашых працадзён...— зірнуўшы на некалькі важкіх пакункаў у тоўстай рудой паперы, што ляжалі ля кабіны, падкалола Лену каваліха Зося, жанчына малая і пякучая, як крапіва.

— Чужых грошыкаў ёй не шкада,— уставіла і другая, чырванатварая, ёмкая маладзіца Ліда, якую ў сяле ўсе звалі Сарока-варона. Жыла яна пры маці, у калгасе не была ні дня. Усё замуж выходзіла. Разоў дзесяць пакідала яна з музыкай Зазер’е і гэтулькі ж разоў вярталася дамоў адна. Было двое прымакаў, ды і тыя збеглі...

«Такім язычком, як у Ліды, каго хочаш зжывеш... Гандляркі праклятыя! Колькі ў вас тых працадзён...» — даўшы волю злосці, падумала Лена.

Яна ўспомніла сваю маці, заўсёды занятую, ціхую. Ад яе Лена навучылася быць сціплай, праўдзівай. Маці і памерла, як жыла, ціха, непрыкметна. Устала да дня, напякла бліноў ды прылегла адпачыць. І не ўстала...

Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка, паволі паўстаюць успаміны. І нейкі невядомы лагодны матыў мроіцца ў абуджаных марах.

То раптам заглухне, астыне ўсё, і тады з’яўляецца аднекуль чужая злая думка: чаму яна не кіне гэтае сяло, чаму не паедзе ў горад, як іншыя? Што яе тут трымае, адну-адзінокую, сярод зайздросных, суровых людзей?

Але ж тут, у Зазер’і пахавана яе маці. Тут прайшло хоць і цяжкае, але непаўторнае дзяцінства. Тут упершыню Лене адкрыўся свет, тут яна спазнала першую радасць і першае гора.

Машына выйшла з лесу, і Жураўская адразу нібы ажыла. Яна ўбачыла здалёк наводшыбе клуб за зялёнымі кустамі бэзу, пасаджанага яе рукамі яшчэ восенню. Той бэз рос пад яе акном. Пакінуўшы бацькоўскую хату, Лена ўсё, што ёй было патрэбна, перанесла і перавезла ў клуб, пасялілася там у невялічкім пакойчыку.

Зазер’е — сяло вялікае. Адзін канец яго ўпіраецца ў возера, а другі хаваецца ў лесе. Двухкіламетровае поле раскінулася паабапал. Як кінуць вокам хвалюецца на ветры збажына...

Машына спынілася далёка ад сяла, дзе дарогу ахінаў густы хмызняк.

Медзведзяваты Алесь высунуў з кабіны непрычасаную галаву і гучна прабасіў:

— Прыехалі, квактухі! Прашу — дваццаць капеек за дарогу — гэта нямнога! А хто прыбядніцца, з таго — трыццаць! Жыва, грамадзяначкі, не затрымлівайце дзяржаўны транспарт.

Жанчыны хутка пакідалі праз борт парожнія кашы і вёдры, саскочылі на зямлю, дасталі з-за пазухі хусцінкі і, не спрачаючыся, разлічыліся з шафёрам. Лена сышла апошняю, не пазіраючы на Алеся, працягнула новенькі рубель:

— Дробных няма...

Алесь насупіўся:

— Схавай свае грошы. З працоўнага чалавека не бяру! Садзіся, давязу ў сяло.

Яна села і даехала да магазіна, што стаяў амаль у цэнтры Зазер’я. Занёсшы на ганак нялёгкія пакункі і падзякаваўшы шафёру, Лена азірнулася: няўжо нікога не знойдзецца, хто памог бы занесці кнігі ў бібліятэку. Да клуба ж не меней як паўкіламетра.

Ніхто яе тут не чакаў, не сустракаў: час гарачы, сенакос. Усе на лузе, ад малога да вялікага... «Мог бы давезці ўжо да месца! — у злосці і крыўдзе падумала Лена.— Ці ж я для сябе стараюся?»

Наводшыбе непрыязна цямнеў лес, маўкліва і насцярожана глядзелі на яе расчыненыя вокны хат, а здалёк даносіліся цяжкія ўздыхі возера.

З магазіна выйшаў Віктар Бадзяга, высокі бялявы хлопец у клятчастай кашулі. Быццам не заўважаючы Лены, падміргнуў шафёру:

— Здарова, Алесь! Цукар прывёз? А паркаль? Малайчына!..

— Я-то малайчына,— адказаў Зыблюк і падаў накладныя.— А мяхі свае куляй сам. І так ад іх сярэдзіна баліць...

— Паправім сярэдзіну! Чуеш? Кульнём цукар, а пасля кульнём што-небудзь іншае. Не салодкае, але моцнае. ..

Алесь адмаўляўся нядоўга. Урэшце махнуў рукою:

— Давай! Змей ты пракляты. Угаварыў.

Лена зразумела — гэта сказана ў яе адрас. «Ну і няхай п’е... Хоць захлынецца!» —узяла цяжкую сваю ношу, звязала хусткаю, закінула на плечы і паціху падалася ў сяло.

— Мамзель, прашу прабачэння! — пачула яна і азірнулася.

Алесь падышоў неяк бокам, злосны, рукі ў кішэнях. За ім асцярожна, нібы крадучыся, наблізіўся і Віктар. Яго масляністыя светлыя вочы насмешліва бліснулі. Лена адвярнулася: вельмі ж нахабны позірк у гэтага «казла», як называлі Бадзягу ў сяле.

— Што ж, дзетачка,— пачаў з-за плячэй таварыша Віктар.— Няўжо мы такія непрыгожыя, што ты нос вернеш? Гарадскога чакаеш? Глядзі, дзетачка, каб у дзеўках не засталася,— выскаліў ён жоўтыя зубы.— Падумай... Пагавары вось з ім.

Алесь, з выглядам пакрыўджанага, надзьмуўся як індык.

Лена перамагла пачуццё непрыязні да гэтага чалавека, адказала стрымана:

— Пра што ж гаварыць? Зноў усё пачынаць спачатку?

— Бачыш, ён зноў запіў! Не з добрага жыцця! — сказаў Віктар.

— Піце, хлопчыкі, труціцеся...

Віктар прыжмурыў адно вока, нібы прыцэліўся на дзяўчыну. Адразу загаварыў лагодна:

— А навошта труціцца? Ты зірні да нас за кулісы... Дальбог, шампанскае п’ём! Пачастуем. Бутэлечку адкаркуем, пра любоў пагаворым. Згода?

Лена зірнула на маўклівага Алеся:

— Пра любоў не гавораць...

Гэта было сказана яму, і ён зразумеў.

— Пайшлі, Віктар! — сказаў злосна.— Я з дарогі зусім засмяг...

Яны пайшлі.

«Пра любоў пагаворым... Кавалеры, каб вас халера! Ні адзін нават не ўздумаў паднесці пакункі». Яна ішла і злавалася, што на вуліцы ні душы. Хоць бы малыя трапіліся. Дык і тыя на возеры.

Выйшаўшы на сцяжынку ля плота, Лена апусціла ношку на траву. Ад цяжару і гарачыні яе твар пакрыўся кропелькамі поту. Яна абцерла твар хусцінкай, перадыхнула.

Насупраць праз вуліцу з сіняй форткі выйшла чарнявая дзяўчына, але яна нават не зірнула ў гэты бок. Малая, быстрая, у лёгкай стракатай сукенцы, яна, здавалася, не пабегла — пакацілася на сваіх кароткіх нагах.

«І Волька нешта злуецца. Усім я тут як бяльмо на воку».

Пакуль Жураўская вучылася, Волька загадвала зазерскай бібліятэкай. Няўжо яна не разумее, што была часова? Ці ж варта з-за гэтага цурацца бібліятэкі і сяброўства?

Лена зноў ускінула пакункі на спіну, пайшла. Сяло доўгае, а гарачыня нясцерпная. Сонца дасушвала апошнія срабрыстыя хмурынкі і, здавалася, спыніла свой бег, павісла над самай галавою. Вецер улёгся. Цішыня стала такая, што лісце на ліпах абвяла — не зварухнецца. Раскрыўшы дзюбы і раскінуўшы крылы, у пяску пад плотам «купаліся» раскудлачаныя куры.

Вось з-пад варот высунуўся санлявы руды сабака. Гэта кавалёў Гром, вядомы ў сяле як самы заядлы і злосны вартаўнік Зосінай «спадчыны», што знаходзілася за дубовымі варотамі. Але, відаць, і яго размарыла спякота: ляніва гыркнуўшы, Гром знік у падваротні.

Хавалася ў цень усё жывое. Адны вераб’і бадзёра пырхалі ў вішняку за плотам.

А вось і хата старшыні калгаса Кораня.

Лена абрадавалася: Корань быў на дварэ. Ён глядзеў на яе і ўсміхаўся. Гэты шыракаплечы магутны чалавек падабаўся Лене. У яго прыемны адкрыты твар, шчыры пагляд, лагодны голас.

— А-а, прыехала!.. Што новенькага прывезла?

Лена прывіталася, моўчкі падала паперку, копію рахунка на кнігі. Корань зірнуў на рахунак, усміхнуўся ў рудаватыя вусы:

— З гэтым разбяромся пасля, а цяпер зойдзем у хату.

Ён адчыніў шырэй фортку, узяў адной рукой кнігі і пайшоў паперадзе.

«Мусіць, здагадаўся, што за сваю прэмію трохі купіла. Яго не абдурыш, верабей страляны»,— падумала яна. І стала крышку сорамна: ці ж мала ён дае з калгаснай касы, ці мала перадаў кніг са сваёй бібліятэкі? Жураўская не раз выслухвала яго папрокі.

Але сёння старшыня не сварыўся, не папракаў. Паклаўшы пакунак на лаву, ён паківаў галавою:

— Эх, дзеўчанё, дзеўчанё! Ці ж табе такі цяжар насіць? Вось папалуднуем, памагу...

Лена сумелася, пакруціла галавой:

— Ды я не галодная, дзядзька Рыгор!

— Сядай, сядай. Не часта ў нас бываеш. Тэкля! — паклікаў ён жонку.

Тэкля прыйшла з другой паловы хаты, малая, кульгавая. Кіўнула Лене галавой і загрымела засланкай. Хутка на ўсю хату запахла варанай капустай, запраўленай старым здорам.

Лена даўно не ела такой капусты. Пахваліла:

— Смачная. Каб ведала, што капуста,— не адмаўлялася б!..

— А я на другое і не запрашаў бы,— усміхнуўся Корань.

Заўсёды маўклівая, Тэкля таксама разгаварылася:

— І чаму ты, Гэлька, такую хату кінула? Чаму ад сяла адраклася ды ў тым клубе жывеш? Няўжо не боязна там адной? А людзі ж чорт ведае што надумаюць і што нагавораць...

Што на гэта сказаць?! Не можа Лена ў хаце сваёй жыць — і ўсё! Там кожная рэч напамінае аб мінулым, а яго не вернеш. Дык навошта мучыць душу? Ледзь дачакалася, калі скончыўся полудзень.

Ішла за старшынёю і думала:

«Чаму, чаму? А чаму такі дужы, такі прыгожы чалавек узяў сабе ў жонкі самую непрыгожую ў сяле, кульгавую Тэклю?»

Ля самага возера, дзе набягалі на жоўты жвір срабрыстыя хвалі, стаяў новы клуб — даволі прыгожая будыніна з вялікай верандай і светлымі вокнамі.

З аднаго боку клуба зіхацела жоўтай фарбай невялікая прыбудова. Там нядаўна і пасялілася Лена. Абапал дарожкі, што вяла з дарогі да ганка, ужо не буяла пустазелле, як раней. Цяпер тут густа раслі рамонкі, півоні, астры і незабудкі. Руплівая жаночая рука адчувалася на кожным кроку.

— А жыць магла б і ў мяне. Хата на дзве палавіны,— калі падышлі да будыніны, сказаў Корань.— Ведаеш жа — не пашанцавала мне з дзяцьмі. Двое было і абое...

Ён не дагаварыў, уздыхнуў.

Лена маўчала. Яна ведала, што двое сыноў старшыні не вярнуліся з вайны. Яны загінулі ў тым партызанскім атрадзе, у якім быў і яе бацька.

— Вы мне прышліце каго-небудзь у дапамогу, дзядзька Рыгор... Трэба добра клуб памыць ды і вокны...— ужо на ганку сказала Лена.— Адной цяжкавата...

— Ну, а вечарамі як — людна? — нібы не звяртаючы ўвагі на просьбу дзяўчыны, спытаў старшыня.

— У чытальню нешта зусім не ходзяць. Больш на танцы ў клуб.

Корань прамаўчаў. Ён ведаў, што ў бібліятэцы заўсёды было пуста, не палюбілася яна чытачам. І калі было! Якія дзве сотні кніг з падрапанымі вокладкамі, засліненыя дзетварой, не вельмі ахвотна чыталіся дарослай публікай. Калгасная бібліятэка, можна сказаць, толькі-толькі пачынала сваё жыццё.

— Бібліятэка нам таксама патрэбна,— у роздуме сказаў старшыня.— Чым яна будзе большая, тым мы будзем багацейшыя, ці не праўда?

Жураўскай па душы былі гэтыя словы старшыні, і яна падтакнула:

— Праўда, дзядзька Рыгор!

Бібліятэчнае памяшканне было даволі прасторнае. За бар’ерам стаяла некалькі паліц з кнігамі. Убаку, між грубкай і вялікім фікусам — невялічкія столікі, крэслы. Злева, на стэндзе, была вітрына з фотаздымкамі перадавікоў калгаснікаў.

— Цікава, а пры школе вялікая бібліятэка? — распакоўваючы новыя кнігі, спытала Лена.

— Здаецца, нішто сабе,— адказаў старшыня, праглядаючы навінкі.— Ды ты не зайздросці. Набудзем! Усё набудзем, калі гэта на карысць пойдзе...

— Ды ўжо ж... Буду старацца, каб толькі на карысць ішло,— зразумела старшыню дзяўчына.

На развітанне Корань сказаў:

— А памочніцу табе прышлю...

Усю дарогу Корань думаў, што нарэшце пры клубе працуе чалавек, які здолее наладзіць работу. Трэба прыслаць сёння ёй у дапамогу дзяўчыну. Хоць і карцела спачатку адмовіць: дзень суботні, падлогу ў клубе можна было б і не мыць! Усё роўна пасля першай полькі яна стане, як зямля. Але ж няхай памыюць, калі Лена так наважыла.

Ішоў Корань, разважаў.

Бібліятэкарка нагадала яму даўняе, забытае. Яна вельмі падобна да маці. Як гэта даўно было!

Корань прыслухаўся: ад клуба далятала песня. Яе спявала Лена. Нават голас дзяўчыны, лагодны, задушэўны, навяваў успаміны аб далёкіх днях маладосці...

 

* * *

Пад вечар прыйшла Волька. Стала сярод веранды, закапыліла малы кірпаты нос:

— Я дык усё сама рабіла...

— І раз па тыдні клуб адчыняла,— адказала Лена.

Так яны прывіталіся.

«Чаму старшыня прыслаў Вольку?» — незадаволена падумала Лена. Яна прынесла вядро, дзве анучы, кіўнула:

— Пайшлі на возера...

— Сёння можна было б і не мыць...— памякчэла Волька.

— Можна... Але заўсёды трэба так сустракаць гасцей, каб часцей хадзілі.

— Добрай прыкідваешся... Ведаем мы цябе! — Волька ўзялася за вядро.— Стараешся, каб хвалілі, каб пры клубе і трымалі. Кароў, нябось, не ахвота даіць...

Круглатварая, поўненькая, з малой, нібы ў дзяўчынкі, галавою, з дужымі загарэлымі нагамі, Волька мела сваю непаўторную прыгажосць. І малы, па-дзіцячаму прыпухлы, ярка акрэслены рот, і дзве малыя коскі з заплеценымі чырвонымі стужкамі, і простая квяцістая сукенка — усё ў Вольцы было прывабнае.

«Цікава, якая чорная кошка прабегла між намі»,— думала Лена і ніяк не магла дадумацца. Цягаючы з возера ваду, яны ішлі разам і маўчалі. Моўчкі мылі ў клубе падлогу, выціралі вокны.

«Калі мы сталі дарослымі? — згадвала Лена. — Ці даўно тое было, што разам бегалі ў школу, гулялі ў хованкі? А вечарамі, сабраўшыся ў адной з сябровак, абгаворвалі хлопцаў і ўпотай адна ад адной хавалі першыя запаветныя пачуцці да тых жа абгавораных і абсмяяных?»

З узростам мяняліся погляды, ідэалы. І не заўважылі, як апярэдзілі сваіх хлопцаў-аднагодкаў у росце. Ім амаль у адзін час спадабаўся малады выкладчык фізкультуры, і таму яго ўрок быў для дзесяцікласніц самы жаданы. Якое ж было балючае расчараванне, калі аднойчы да маладога выкладчыка прыехала жонка.

— Памятаеш, Волька, як мы з табою кожную раніцу сварыліся, а вечарам зноў беглі адна да адной,— загаварыла Лена.— Давай і цяпер жыць мірна.

Волька выкруціла над вядром анучу і абыякава паглядзела на сяброўку.

— Некалі мне цяпер ні сварыцца, ні мірыцца,— адказала непрыязна, суха.— Працы хапае і дома, і ў калгасе...

— Але ж мы заўсёды сябравалі...

Волька паціснула круглымі плячамі:

— Даўно гэта было. І мы тады былі не такія, усё шчыра гаварылі, адносіліся адна да адной... Не так, як цяпер.

— А хто цяпер не шчыры?

— Ды ўсе! Вой, вой, і чаго гэта ты прычапілася: сябравалі, сябравалі. Знаю я, якое табе цяпер сяброўства трэба.

— Дык скажы!

— І скажу! Каб пражыць лягчэй ды жаніха ў каго адбіць! — загарэлася Волька.— Няпраўда, можа?

— Адкуль ты гэта ўзяла? — збянтэжылася Лена.— І як у цябе язык варочаецца казаць такое? Хіба тут лёгка пражыць? Колькі працы! — яна акінула позіркам вялізную залу, зняможана абаперлася на падаконнік.— Я, калі хочаш ведаць, не толькі сілы, а і грошы свае...— не дагаварыла, ускінула галаву: — А жаніх у мяне свой ёсць! Не сніць табе такога! Навошта ж мне чужы?..

Волька насцярожылася, падышла да Лены, шэптам спытала:

— Праўда? Гэта праўда?.. Чаму ж ты раней мне не сказала!

Лена адчыніла акно і зірнула на возера. Яно было спакойнае і, здавалася, нібы адлітае са шкла. «Каго яна мае на ўвазе — Алеся ці Пятра, гэтага смуглявага настаўніка?» — думала Лена.

— Пойдзем купацца,—у голасе Волькі адчувалася прымірэнне. Лена згадзілася. Яна зразумела, што прычынай Вольчынай непрыязні быў зазерскі новы настаўнік, той Пётр Жывіца, які часта прыходзіць на возера лавіць рыбу...

Дзяўчаты выйшлі да возера. У канцы сяла, за пагоркам, віднеўся комін крайняй хаціны. Над ёю, пад цяжарам сваіх незлічоных год, схілялася старая бяроза, амаль да зямлі звесіўшы доўгія косы-галіны.

Моцна-моцна затухкала сэрца ў Лены, калі яна зірнула на тую бярозу. Ды і як было дзяўчыне не хвалявацца, калі цэлыя дні тая бяроза была для яе добрай нянькай! Бывала, маці звязвала ўнізе тонкія зялёныя галінкі, і атрымлівалася добрая гушкалка. Лена залазіла ў зялёны вянок і, напяваючы свае любімыя песні, гадзінамі ціха гушкалася ў ім, удыхаючы свежую вільгаць возера.

Задумалася дзяўчына, забылася на сяброўку.

— Што ты глядзіш туды? — спытала Волька, беручы Лену за руку.— Шкадуеш сваю хату?

— Не, не шкадую... Успомніла, як гушкалася на бярозе. Маму прыгадала...

Лена цяжка ўздыхнула і хутка пайшла паперадзе.

Волька ўжо шкадавала, што пачала такую гаворку.

Яна праніклася жалем да сяброўкі, да яе цяжкага лёсу сіраціны...

Моўчкі распрануліся, зайшлі па калені ў ваду. Волька з зайздрасцю і захапленнем глядзела на высокія грудзі, на прыгожую белізну рук і ног, на тонкі стан Лены, і яшчэ не зусім згаслая рэўнасць зноў ажыла ў яе сэрцы: а што будзе, калі Пятро, прыйшоўшы аднойчы да возера лавіць рыбу, убачыць Лену вось такую, у адным купальніку? І чаго гэта яна пасялілася тут? І чаму, як яна стала жыць каля возера, Жывіца дужа часта пачаў прыходзіць сюды з вудамі?..

Што толькі можа не прыйсці ў Вольчыну галаву! Аб сваёй рэўнасці, як і аб каханні да Пятра, дзяўчына нікому не гаварыла, гэта была таямніца яе душы. Так, ва ўсякім выпадку, здавалася аслепленай каханнем Вольцы. Яна, амаль штодня сустракаючы Пятра каля школы, не была ўпэўнена, што хлопец здагадваецца аб прычыне гэтых штодзённых сустрэч, хоць усё сяло ўжо з паўгода гаварыла ёй услед — настаўнічыха! Яна ж жыла аднымі надзеямі...

Воддаль прайшоў паўз бераг рудавалосы высокі хлопец, і дзяўчаты прыселі ў вадзе.

— Хто гэта? Нешта я не пазнала...— жмурачыся ад сонца, спытала Лена.

— Цалавальнік... Васіль,— адказала Волька.

Лена спахмурнела. Яна не любіла сустракацца з Васілём дзе б там ні было, тым больш — на возеры. Як ні старалася пераканаць сябе, што сын за бацьку не адказвае, усё роўна з непрыязнасцю думалася пра Васіля — сын здрадніка. Успамінаўся свой бацька. Лена вельмі добра памятае яго, чарнабровага, яснавокага, заўсёды вясёлага.

Моцна, да болю, сціснулася сэрца ў Лены. І ёй трэба жыць тут, сярод гэтых цяжкіх успамінаў, зусім адной. У яе няма сваякоў, няма сапраўдных сяброў, яна нікога не кахае. Ці ж не кахае? А той чубаты артыст, кіраўнік мастацкай самадзейнасці курсантаў? Хто ён ёй, сінявокі весялун з залатым зубам наперадзе? Забраў бы хоць да сябе, у горад. Не раз жа абяцаў пры спатканні...

«Трэба сёння напісаць пісьмо, нешта ён доўга маўчыць»,— падумала Лена, акунаючыся ў ваду.

Купаліся нядоўга, бо змарыліся, пакуль вымылі клуб. Апрануліся і пайшлі ў сяло.

Але не прайшлі яны і паўдарогі, як напаткалі Віктара Бадзягу і Алеся. Яны, відаць, ішлі на возера купацца.

— Гэтым злыдням заўсёды з дарогі саступі,— нахмурылася Волька і яшчэ бліжэй пайшла каля Лены, нібы хаваючыся за яе. І хавалася нездарма. Ледзь толькі яны параўняліся, як Віктар зрабіў крок наперад і загарадзіў дарогу.

— Ой, Волечка ты мая, ластаўка вясенняя! — зацягнуў ён сіпатым голасам і, схапіўшы дзяўчыну за руку, пачаў абдымаць яе. Волька крутнулася раз, другі, але яшчэ больш завязла ў моцных абдымках.

Лена разгубілася. Яна з нянавісцю глядзела на п’яную ўхмылку Бадзягі.

— Пусці-і ты, п’янчужка! — закрычала Волька, усё яшчэ імкнучыся вырвацца, а Віктар толькі жмурыўся і скаліў зубы.

— Га-га-га, не толькі настаўнікам абдымаць цябе, мая лас...

Ступіўшы крок наперад, Лена раптам штосілы ляснула Віктара па шчацэ. Той змоўк і выпусціў Вольку.

— Што? Што ты мне сказала, гнілая інтэлігенцыя? — паціраючы рукою чырвоную шчаку, Віктар наблізіўся да Лены, грозна зірнуў на яе зверху ўніз. Але яна не адступіла. Смела глядзела ў адказ, ледзь прыжмурыўшы халодныя, як ільдзінкі, вочы.

— Я сказала тое, што ты пачуў,— задыхаючыся, вымавіла дзяўчына.

— Вось як! Алесь, чуеш? Дзе ты, мядзведзь, прапаў? — моцна вылаяўся Віктар і адвярнуўся.

Волька скарыстала момант і, схапіўшы Лену за руку, пацягнула яе на дарогу, абмінаючы Алеся. Той памкнуўся быў за імі, але спыніўся і махнуў рукою:

— Ану іх...

Віктар наўздагон пракрычаў:

— Ты, інтэлігенцыя... Не хадзіць мне па зямлі, калі ты не адплаціш мне за гэта! Недаткнентая!..

— Ха-ха-ха, недаткнентая! Святая Інеса Хосэ ды Рыбера!..

«Божа мой! — з жахам думала Лена.— І гэты мядзведзь да мяне сватаўся... Чытае, бач, нямала, Хосэ ды Рыбера ведае, а культуры ні на грош...»

— Ты добра зрабіла, што ад варот дала паварот гэтаму таўсцяку... Кавалер знайшоўся! Цьфу!..

Нейкі час дзяўчаты ішлі моўчкі. Пасля такой сустрэчы ім зусім не хацелася гаварыць.

— Ты не думай, Волька, што Алесь заўсёды гэтакі,— нарэшце парушыла маўчанне Лена.— Усё праз Віктара ліха гарыць. Ён і ў школе, бывала, зводзіў яго. Чула, як бедная Каця пакутуе?

— Дык чаго ж усе маўчаць?

— Каця маўчыць, не хоча смецця з хаты выносіць — вось і ўся прычына.

— А суседзі? — неяк са злосцю спытала Волька, хоць сама добра ведала тых суседзяў, якія не раз баранілі і мірылі Віктара з Кацяй.— Куды яны ўсе глядзяць?

— Куды глядзяць... Як прыціснуць Віктара, дык ён авечкай прыкідваецца і абяцае выправіцца. Ну і вераць чалавеку...

— Вераць... Каму, скажы, баліць чужая болька? Каго гэта хвалюе?

— Я, Волечка, і сама не раз так думала, з людзьмі гаварыла: ён жа ў магазіне працуе, пратаргуецца, прап’е ўсё. Як грошы такому давяраць? Нічога, кажуць, хлопец свой, раней ён такім не быў, выправіцца.

— А ліха яго ведае,— ужо спакайней сказала Волька.— Можа, і перап’е нарэшце сваё. Тавару дастаць усякага ён спец. І ніколі не пратаргаваўся яшчэ. Нядарам кажуць, што кінь Віктара ў возера з каменем на шыі, дык ён выплыве з рыбінай у зубах...

«Чужая бяда... Гэта праўда. Яна нікога не турбуе. А гэта ж эгаізм, злачынства»,— з горыччу думала Лена.

Яна прыкінула — хто можа ў Зазер’і ўздзейнічаць на такіх, як Віктар? Настаўнікі заняты сваімі справамі, старшыня вельмі добры, ён любому даруе любыя грахі. Застаецца адно — моладзь. Трэба давесці моладзі, што такія, як Віктар, не павінны блытацца пад нагамі, што грамадству ад іх вялікая шкода.

Лена ўспомніла сваю першую спробу выдаць сатырычную насценгазету «Калючка». Правісела тая газета ў клубе роўна гадзіну, пакуль прыйшлі тыя, хто трапіў у яе першы і апошні нумар. Прыгадала Кацю, Віктараву жонку, якая сама прыбегла сварыцца за тое, што пакрытыкавалі яе мужа. Няўжо Каця, калісьці баявая дзяўчына, цяпер баіцца яго? Ці так моцна кахае? Сама ж гаварыла ўсім, што з Віктара не будзе чалавека...

Віктара Лена не любіла заўсёды. Ледзь давучыўшыся да восьмага класа, ён кінуў школу і не пайшоў працаваць. Адзіным заняткам яго былі вечарынкі. Ён іх збіраў штодня, арганізоўваў настойліва, заўзята. А пасля ўсю энергію аддаваў полькам ды вальсам, да знямогі даводзячы дзяўчат. Адна Каця не паддавалася першаму зазерскаму танцору. Лёгкая як пярынка, яна, здавалася, не датыкалася нагамі да падлогі, лётала, быццам матылёк вакол полымя. «Ці не згарэла яна, нібы матылёк, кінуўшыся ў полымя тых танцаў?» — міжволі падумалася Лене...

Пакуль дайшлі да сяла, дзяўчаты зноў памірыліся. Лена расказала Вольцы пра Анатоля, пра сваё з ім каханне. Волька зусім павесялела.

— Пажыві пару дзён у мяне! — запрасіла яна Лену.— Ведаеш жа — хата на тры пакоі, а жывем утраіх...

Лена згадзілася. І пражыла больш як два дні...

 

* * *

Кожную раніцу дзяўчаты разам выходзілі з дому, развітваліся на вуліцы. Лена бегла да сваёй блібліятэкі, а Волька — на луг.

Прымірэнне з Волькай і асабліва добрыя адносіны старшыні акрылілі Лену. Яна вырашыла, карыстаючыся момантам, напомніць старшыні аб яго ранейшых абяцаннях «адпусціць сродкі на культуру». У першую чаргу яна вырашыла арганізаваць свой хор. А для хору патрэбен баян.

Да пачатку работ старшыню можна было штодня знайсці каля кузні. На тым вялізным дварэ, паміж кузняй, гаражом і канторай, заўсёды а шостай гадзіне збіраліся брыгадзіры, механізатары. Там яны атрымлівалі заданні на дзень і адтуль ішлі на работу.

Хоць Лена ведала, што старшыня не адмовіць, як не адмаўляў дагэтуль, але сэрца трывожна забілася, калі падыходзіла да кузні. На тое яно і сэрца. Няхай тахкае. Не хавацца ж дзяўчыне толькі ў бібліятэцы, калі ёй даручан яшчэ і клуб, які пабудаваны не толькі дзеля вечарынак. Больш за ўсё непакоіла думка: а што, калі Толя, для якога яна хоча купіць баян, не прыедзе?..

Ідучы на калгасны двор, Лена надзела новую сукенку, на галаву ўскінула блакітную, з вялікімі жоўтымі ружамі касынку, завязаўшы ражкі каля шыі. Касынка прыгожа акрэслівала крыху бледны, але такі прывабны твар, што мужчыны, калі Лена падышла да іх, спынілі сваю гаворку і, нібы ўпершыню бачылі дзяўчыну, з цікавасцю праводзілі яе позіркамі. «Марыля! Уся ў маці...» — ціхім шэптам данеслася да Лены. Яна спынілася каля жанчын, спытала:

— Скажыце, калі ласка, ці яшчэ старшыні не было?

— Не. Сёння ў яго раённае начальства. Дык у канторы,— адказала старшыніха.

Побач з ёю спрачаліся дзве кабеціны: рэзаць цяля для агульнага катла на сенакос ці не.

— На луг дык на ўвесь дзень ідзі, а цяляці ім шкада! — даказвала адна.

— Цяля вырасце — карова будзе! — пярэчыла другая. І за ёю была большасць калгасніц.

«Як добра,— думала Лена, паволі ідучы да канторы,— што людзі гавораць пра калектыўнае, як пра сваё, клапоцяцца...»

— А-а, Кацярына, як цябе лоўка абсеклі! — сказаў якісьці дзед, Лена нават не памятала яго.— Папрывыкалі цялят есці, а не сена грэбці!..

— Я ж за вас б’юся, злыдні! — агрызнулася жанчына.

Лена адчыніла дзверы і спынілася на парозе.

— Божа, як тут накурана! — замахала яна перад сабою рукамі, разганяючы сіні дым, што воблакам вылятаў на волю.— Дзень пасядзець і — сухоты нажывеш. Добрай раніцы вам...

— Ах, гэта ты? Добрай раніцы! — старшыня чамусьці адразу падняўся з-за стала. Высокі, ледзь не да самай столі, ён працягнуў дзяўчыне сваю шырокую далонь і вінавата дадаў: — Прабачце нам за такія грахі, ды без папярос мы не кіраўнікі. Ну, што ў вас там, як работа?

— Ды ў нас усё ў парадку. Толькі адна я, дзядзька Рыгор!

— Ведаю... Казала ж, што хутка памочнік прыедзе. Дзе ён?

— Будзе...

— Што ж, пачакаем... Сядай тут. Васіль, падай крэсла!

Лена глянула на бухгалтарскі стол і сумелася: там сядзеў Васіль Цалавальнік. «Вось дзе ён працуе ўжо! Пранырлівы, як і бацька...» — падумала і зноў загаварыла да старшыні:

— Дзядзька Рыгор. Кніжак у нас пакуль што хапае, а вось іншая работа... Карацей кажучы, я зайшла па грошы. Вы, памятаеце, абяцалі купіць баян...— напомніла яна.

Васіль моўчкі паднёс крэсла, паставіў ля стала і гэтак жа нячутна пайшоў на сваё месца, яшчэ ніжэй схіліўся над паперамі.

Старшыня райвыканкома, два заатэхнікі і аграном, што прыехалі з раёна, праглядалі з сакратаром калгаснай партарганізацыі Віктарам Зыблюком, братам шафёра, племянную кнігу.

— Што ж, таварыш Корань! — весела зазначыў старшыня райвыканкома.— Ваш калгас можа быць вопытнапаказальнай гаспадаркай. Каровы — чыстапародныя кастрамічкі. Ураджай лепшы ў раёне...

— Мы таксама згодны,— пацвердзіў адзін з заатэхнікаў.

Лена села на край крэсла і настойліва пачала чакаць адказу на сваё пытанне. «Няўжо не дасць? Пры чужых людзях адмовіць?»

І дачакалася. Корань адпусціў спачатку гасцей з раёна, а потым звярнуўся да Цалавальніка.

— Можа, мы ёй што-небудзь выкраім?

Васіль, не падымаючы галавы, адказаў:

— Там на дварэ мяса просяць, а тут грошай. Калі ўсім толькі даваць, то...

— Васіль, змоўкні! — груба перабіў яго старшыня.— Зрабі Гэльцы дзве сотні рублёў, і ніякай гамонкі! Ды не забудзь выпісаць квіток на ферму.— Ён павярнуўся да Лены і спытаў: — Табе два літры малака ў дзень хопіць? Гэта ў лік авансу...

Лена ўсміхнулася:

— Хопіць... Але галоўнае не малако. Баян! Ці ж без яго што зробіш?

— Дык вам грошы на баян? — ажывіўся Цалавальнік, ускінуў рудаваты чуб, бліснуў залатым зубам — усміхнуўся.

— Няўжо ж на капронавыя панчохі! — абыякава адказала Лена, а сама падумала: «Які прыгожы хлопец... І зуб залаты наперадзе, як у Анатоля».

— Дык адразу б так і сказалі! Я ў момант. Вы толькі, калі ласка, не злуйцеся на мяне... Пачакайце.

Лена ўсміхнулася: яна ведала, што Васіль трохі рыпаў на баяне. Але каб ён ды іграў у клубе — гэтага яна, пакуль жыве тут, не дапусціць. Хоць не ён вінаваты ў смерці яе бацькі, але ж дужа падобен да сапраўднага віноўніка: такія ж светлыя вочы, такія ж рудаватыя валасы, барада з ямінкай пасярэдзіне, бледны твар. Сын здрадніка. Сэрца не мірылася з гэтым.

З канторы Лена выйшла, трымаючы ў руках грошы. Сэрца яе поўнілася радасцю: з ёю лічацца, яе слухаюць і паважаюць!

«Дзвесце рублёў! Гэткую суму я яшчэ ні разу не трымала ў руках. Цяпер я сама куплю для клуба звонкі баян!»—думала яна.

Вольку яна сустрэла ля хаты.

— Ты глянь, што мне старшыня даў! — пахвалілася.— Я сёння ж паеду купляць баян.

— Вой, дзіва! — усклікнула Волька.— Ён жа ў нас такі скупы, што рубля на што якое не выпрасіш. Кажа, як станем мільянерамі на новыя грошы, тады прасіце. Ціка-ава...

Яны зайшлі ў хату і абедзве сумеліся: каля акна з кнігаю ў руках сядзеў чарнявы хлопец. Яго жвавыя карыя вочы і прыгожы, з ледзь прыкметнай гарбінкай нос надавалі твару строгі выраз.

Заўважыўшы дзяўчат, хлопец устаў. Лену, самую прыгожую ў сяле дзяўчыну, ён бачыў не ўпершыню. Яны сустракаліся ў бібліятэцы, ля возера. Усміхнуўся і, звяртаючыся да Волькі, сказаў:

— Прабач, гаспадынька, што зайшоў без дазволу... Але ў хаце нікога не было...

— А я не адна. У абедзвюх прасі прабачэння! — усклікнула Волька. Лена заўважыла, як круглы твар яе заружавеўся, вочы заззялі шчасцем. Цяпер яны былі нейкія светлыя, хоць звычайна здаваліся цёмнымі.— Пазнаеш, хто гэта? Знаёмся...

Хлопец уважліва зірнуў на Лену і, працягнуўшы моцную руку, сказаў:

— Пятро... Жывіца.

— Лена,— адказала дзяўчына і шырока ўсміхнулася — Нарэшце пазнаёміліся па ўсіх правілах!

Яна нібыта заваражыла хлопца сваёй усмешкаю, сваімі вялікімі яснымі вачамі, якія, нібыта азёрцы, паблісквалі блакітным холадам між цёмных доўгіх вейкаў і вабілі.

Пятро міжволі затрымаў яе руку даўжэй, чым таго вымагала звычайнае знаёмства, і Лена ад такога шчырага поціску зачырванелася. Усім траім стала ніякавата.

Волька глянула на Пятра злосна, хоць усмешка не сыходзіла з яе твару.

— Вельмі добра, што вы сюды прыйшлі! — загаварыла Лена.— Нам з вамі ёсць аб чым пагаварыць. Давайце сядзем...

Пакуль Волька, наўмысля пакінуўшы іх адных, прыбіралася ў суседнім пакоі, Лена расказала Пятру аб сваіх планах. А іх было нямала.

— Памажыце вы, настаўнікі, мне. Наш калгасны клуб павінен стаць культурным цэнтрам, а не месцам вечарынак і аўдыторыяй для праслухвання лекцый, а раз у тыдзень — кіназалай... Трэба арганізаваць гурткі, зацікавіць моладзь, выявіць таленты і размахнуцца так, каб наш голас загучаў не ў адным сваім сяле...

Пятро слухаў дзяўчыну вельмі ўважліва. Калі яна скончыла, сказаў:

— Ваша праўда. Я пастараюся што-небудзь прыдумаць, як дапамагчы вам. У нас ёсць некалькі вучняў з добрымі галасамі. Няхай яны выступяць перад калгаснікамі, заахвоцяць. І гімнастычная секцыя неблагая... А хор арганізуем разам з вамі...

— Гэта было б вельмі добра! Хоць для пачатку. Старшыня мяне падтрымлівае.

— Толькі наш старшыня крыху скупаваты,— задумліва прамовіў Пятро, устаючы з крэсла. Ён, як гаспадар тут, адчыніў акно і вярнуўся на месца.

— Я б так не сказала! Сёння на баян даў. Вось!

Лена паказала яму грошы. Жывіца здзіўлена падняў чорныя бровы.

— Заваражылі! Вам, Лена, нават гэты суровы чалавек і то не здолеў адмовіць,— зусім сур’ёзна сказаў ён.

— Чаму?

— Гэта няцяжка зразумець... У вас такія вочы, быццам вы ўсё дзяцінства глядзелі на возера,— пажартаваў Пятро.

— Ваша праўда, я жыла каля самага возера,— усміхнулася Лена.— А яшчэ чаму?

Жывіца не адказаў. Ён падышоў да вялікага люстэрка, што вісела на сцяне, і пальцам паклікаў Лену. Яна мігам стала побач. Яе бялявы матавы твар з ярка акрэсленымі ружовымі вуснамі і загарэлы твар Пятра ўразілі абаіх рэзкімі кантрастамі. Моўчкі пастаялі яны і моўчкі вярнуліся кожны на сваё месца.

— Хутка ты там, Волька? — гучна спытала Лена, беручы са стала кнігу, якую раней трымаў Пятро.

Волька стаяла каля дашчанай перагародкі, што раздзяляла пакоі, і, ледзь стрымліваючы хваляванне, адказала:

— Ужо іду...

Яна акуратна закрыла кавалачкам адарванай шпалеры маленькую адтуліну між дошак...

На вуліцы, калі развіталіся з Пятром, Лена спытала:

— Чаго ён прыходзіў?

— З бацькам на рыбу збіраюцца,— холадна адказала Волька.

 

* * *

Васіль вяртаўся дадому позна. Ён сёння налічваў калгаснікам аванс і не хацеў гэтай справы адкладваць на заўтра. Цяпер жа думкі яго мелі другі кірунак: хлопец успомніў старое, вечна балючае і крыўднае... «А твой бацька паліцай! А твой бацька паліцай!» — так дражнілі яго малыя, і гэтыя словы глыбока паранілі дзіцячае сэрца на ўсё жыццё. Васіль ужо тады разумеў, што паліцай — благі чалавек, што яго бацьку ненавідзіць усё сяло. І Васіль не сябраваў з хлапчукамі-аднагодкамі. Ён жыў і рос у адзіноце, цэлымі днямі бадзяючыся па лесе ці праседжваючы з вудамі ў самым глухім кутку возера.

Старэйшая сястра, у якой пасля таго як памерла маці, жыў Васіль, шкадавала брата і не раз, бывала, калі ён прыбягаў дадому са слязамі, гаварыла:

— Не журыся, Васілёк. Што дзеці разумеюць? Ты вырасцеш добрым, сумленным, і людзі палюбяць цябе. Вось убачыш!..

Васіль вырас. Ён стаў шчыры і сумленны, але тая дзіцячая скаванасць, нясмеласць асталіся. Працуючы бухгалтарам, Васіль, як ніхто іншы, ведаў эканоміку свайго калгаса, адчуваў штогадовы рост даходаў і спадзяваўся, што надыдзе час, калі яму не давядзецца так, як сёння, шкадаваць нейкіх дробязных выдаткаў на баян, так патрэбных многім. Скупы да таго, што гатоў быў адмовіць Лене, калі б на то яго воля, адмовіць той, хто ні разу не папракнуў бацькам-паліцаем.

Цяпер Васіль не мог дараваць сабе тых злосных слоў, што самі сарваліся з языка. Прыгнятала кплівая ўсмешка Лены, яе непрыязны позірк, грубы адказ: «Няўжо ж на капронавыя панчохі!» Ён адчуваў, што хоць дзяўчына адкрыта ніколі не папракнула яго бацькам, яна ўсё ж таіла ў душы злосць. Адно, што суцяшала хлопца, гэта надзея на будучыню. Ён увесь час жыў марамі, што надыдзе час і аб ім людзі загавораць, яго нарэшце палюбяць. Што такое асаблівае зробіць — не ведаў, але верыў, што зробіць! Да ўсяго прыглядаўся, прыслухоўваўся. Быў уважлівы з людзьмі, дапамагаў кожнаму ў бядзе як мог.

Ад высокіх ліп, што вартаўнікамі стаялі ўздоўж вуліцы, разносіўся саладкаваты водар квецені. Васіль міжволі збаўляў пад імі крок і на поўныя грудзі ўдыхаў густы настой. Не адчувалася зморанасці, хацелася зрабіць яшчэ штосьці, зрабіць вялікае. Клікаў і вабіў да сябе далёкі Млечны Шлях, здавалася, што за спіною выраслі крылы...

Убачыў, як моладзь кіруецца да клуба, пашкадаваў: «Э-эх, баян бы ў рукі! Да рання іграў бы...»

Раптам Васіль спыніўся: за плотам у густым вішняку ён убачыў Алеся і Віктара. Яны сядзелі на лаўцы і, гаворачы адзін аднаму «будзь здароў», дзынкалі шклянкамі.

— А ты плюнь на яе, чуеш! — пачуўся хрыплы Віктараў голас.

— Не магу я, Віця, гэтага зрабіць. Кахаю. Як піць даць! Ой, пякучая, халера, чысты спірт!

— Добра! Калі не пойдзе за цябе, то я ёй такое зраблю, што пасля ўжо ні адзін браць не захоча. Ха-ха-ха!

— І зрабі! Налі яшчэ, пярун хай яе спаліць...

Васіль зразумеў, пра каго ідзе гутарка, і стаіўся, прыслухаўся.

— Раз бачыў — позна каля возера хадзіла. Падпільнаваць бы калі і коўдру на галаву, чуеш? Ну, будзь... Спіш, Алесь?

І зноў дзынкнулі шклянкі.

Слухаць далей не хацелася, і Васіль пайшоў.

«Калі гэтыя два цмокі згаварыліся, то дабра не чакай. Прыдумаюць пакасць. Ад іх, Леначка, не так лёгка адчапіцца», — заклапочана думаў хлопец.

І замест таго каб ісці дадому, ён звярнуў у вулачку, што вяла да клуба.

 

* * *

У куце прасторнай залы, на высокім вузкім століку, надрывалася радыёла. Рытмічна шоргалі па падлозе ногі.

Не знайшоўшы тут Лены, Васіль пайшоў у бібліятэку. Ля стала, за якім схіліўшыся сядзела Лена, стаяў Пятро і ціха гаварыў:

— Прызнайцеся, колькі сваіх грошай аддалі на кнігі, што ў вашай бібліятэцы?

Лена ўзняла на яго ласкавыя хітрыя вочы:

— За ўвесь час я купіла сабе на дзесяць рублёў.

— Ай-я-яй! Аж на дзесяць рублёў? — прыжмурыўся Пятро.— А чаму гэта вы паставілі свае кнігі на агульную паліцу?

— У мяне пакуль што няма дзе ставіць...

— Зразумела. Уласнае — агульнае, калектыўнае...

— Хоць бы сабе і так.

Пятро паглядзеў на свае чаравікі, на сляды, якія ён пакінуў на чыстай падлозе, і паківаў галавою.

— Нічога асаблівага,— пераняла яго позірк Лена.— Пакуль што не часта слядзяць тут, ператру...

Нечакана яна ўбачыла Васіля, спахмурнела. А ён стаяў ля дзвярэй і не кранаўся з месца. Пакуль Пятро разглядаў паліцы з кнігамі, Лена хуценька прайшла за перагародку, выбрала кнігу і спытала:

— Чыталі гэтую? Даведаецеся, як нарадзілася атамная бомба...

— «Ярче тысячисолнц»,— прачытаў Пятро.— Гэткія не люблю. Я вазьму што-небудзь мірнае...

— Тады вось гэтую! Тут усё, што ні пажадаеце, ёсць...

Васіль прайшоў да аднаго са столікаў, якія стаялі ў невялікім, але такім утульным пакоі, што ён здаваўся залаю. На століку былі газеты, часопісы. Прысеўшы ў крэсла, Васіль разгарнуў часопіс.

Выбраўшы нарэшце дзве кнігі, выйшаў у чытальню і Пятро.

— Вось вам і наведвальнік! — ажывіўся ён, убачыўшы Васіля.— А вунь, чуеце, яшчэ ідуць...

З вуліцы даносіліся п’яныя галасы Віктара і Алеся.

— Сапраўды... Ідуць ужо тыя танцоры,— незадаволена адказала Лена.— Пагналі б вы іх...

— Баіцеся? Віктар бяды не зробіць...

— Вы ўпэўнены? — падаў голас Васіль.

— Чаму ж... Гэта такі чалавек, што шкодзіць толькі свайму здароўю.

— А жончынаму здароўю? — спытала Лена.— Ой, глядзіце, каб не шкадавалі пасля... А Зыблюк?

— Ну, гэты — іншая гаворка, цялё цялём! Яго крыху Віктар збівае...— Пятро ўзяў кнігі пад паху.— Вы, Лена, цяпер, здаецца, у Волькі?

— Ага.

— Яна ваша равесніца. Але дзяўчына капрызная.

— Чаму вы так думаеце?

— Сёння скардзілася мне, што вы хоць і сяброўка ёй, але робіце нешта такое не па-сяброўску. Што вы не падзялілі?..

— Не ведаю... Здаецца, нічога не дзялілі.

— Вось як! Тады, напэўна, яна нешта выдумляе. Ну, я пайшоў. Калі тыя пачнуць вырабляць не тое што трэба, Васіль навядзе тут парадак! — сказаў Пятро і выйшаў.

Лена села за кнігу, але чытаць не магла: яе прыгнятала прысутнасць Васіля, клікала музыка. Хацелася ж і ёй патанцаваць разам з усімі, павесяліцца. Але могуць знайсціся і чытачы, бібліятэку зачыняць яшчэ рана.

Неўзабаве ў калідоры пачуўся дружны тупат ног, і Лена міжволі паправіла рукамі свае пышныя валасы. «Ідуць... Лёгкія на ўспамін!» — падумала яна. І як жа шкадавала, што не зачыніла бібліятэку! Дзверы адчыніліся, і на парозе з’явіўся, як заўсёды, непаголены Алесь, за ім зайшоў Віктар.

Сэрца яе адразу абарвалася. Сяк-так авалодаўшы сабою, прамовіла:

— Прашу, заходзьце...

Хлопцы моўчкі прайшлі да стала і, як па камандзе, адбілі нізкі паклон, хорам прывіталіся:

— Добры вечар!

Лена адчула, што яны нездарма так спеліся, але адказала на прывітанне стрымана і шчыра:

— Вам тут пачытаць ці з сабою?

— Нам з табою,— падхапіў Віктар і падміргнуў Алесю.— Дайце, калі ласка, што-небудзь гэткае касмічнае, незвычайнае!

— І каб у тым незвычайным — каханне, канешне... Пацалункі, ясныя ночы...

— І вось такія вочы! — паказаў на Лену Віктар.

— Ці нельга, таварышы, лагодней, без рук? — умяшаўся Васіль з месца.

«Добра, што хоць гэты ёсць»,— падумала Лена і ўстала.

— Вам, відаць, выспацца трэба, а не кнігі,— сказала яна, з агідай пазіраючы на Алеся.— Эх, Алесь, Алесь... Лепшых сяброў табе ў Зазер’і няма!

— Бачыў, заступнік у яе знайшоўся! Ха-ха-ха...— Віктар памкнуўся да Васіля, але Зыблюк схапіў яго за каўнер.

— Яго не руш... Прыйшоў па кнігі — бяры,— стараючыся не хістацца, Алесь адцягнуў Віктара далей ад стала.

— А я і бяру, але мне не даюць,— выскаліў той жоўтыя зубы.— Вось дай мне «Жахлівыя ночы» ці «Танец шкілетаў»!

— Падбяры яшчэ такога, як сам, напаі яго — гэта і будзе тое, што патрэбна: і жахлівыя ночы, і танец шкілетаў...— смела адказала Лена.

На хвіліну ў бібліятэцы ўсталявалася цішыня. Нават чуваць было, як цікае насценны гадзіннік. А потым раптоўны дружны смех аглушыў Лену. Алесь ударыў свайго «духоўнага настаўніка» ў плячо, ад чаго той ледзь утрымаўся на нагах.

— Што, з еў, шкілет нумар адзін? Казёл двуногі... Гаг-а-га... І ты, Васіль, ідзі сюды. Устроім танец шкілетаў. Вось будзе відовішча як піць даць! — І ён, закасаўшы рукавы клятчастай кашулі, падаўся да Васіля.

— Мяне ты не блытай з гэтым! — грозна адказаў Цалавальнік.— Мы з Ленай будзем гледачамі...

Лена заўважыла, што Алесь сумеўся ад такога папярэджання, хоць і быў п’яны. Ён адразу перакінуўся на Віктара. Злавіў яго і загадаў:

— Танцуй адзін!..

— Ой! — закрычаў Віктар.— Пусці жывога...

— Паўлітэрку паставіш — пушчу.

— Дык жа грошай няма...

— Тады будзеш танцаваць!

Лена падзадорыла Алеся:

— Правільна! Раз няма грошай — хай танцуе...

Алесь выпусціў Віктара і здзіўлена зірнуў на дзяўчыну. Каштанавыя валасы яго прыліплі да лба касмылямі. Няёмка ўсміхнуўшыся, наіўна, як дзіця, Зыблюк глядзеў на Лену і не ведаў, што адказаць.

«Цялё цялём»,— успомніўшы словы Пятра, падумала Лена і таксама ўсміхнулася. Алесь паскроб патыліцу і, махнуўшы рукою, хуценька выпхнуў Віктара за дзверы...

«Яму стала сорамна!» — задаволена падумала Лена. Але, застаўшыся з Васілём, яна засумавала, зайшла за паліцу, ледзь стрымаўшы наплыў пякучых слёз. Ёй стала вельмі балюча: з яе здзекуюцца. І не было з кім падзяліцца сваім горам. Яна адна, зусім адна. Волька зноў стала яе пазбягаць. Брала некалькі сшыткаў, кнігі і ішла да Пятра. Вярталася позна, калі Лена ўжо спала.

«Праўда Пётр казаў — капрызная»,— падумалася ёй.

Васіль устаў і паклікаў Лену. Яна падышла да стала. Ён прынёс сваё крэсла і, стоячы, загаварыў хутка, нясмела:

— Вы прабачце... Я не з такіх, як тыя. Ужо хутка дваццаць год, як мы, жывучы ў адным сяле, не перакінуліся і словам.

— На гэта ёсць важкія прычыны,— перабіла яго Лена і смела зірнула хлопцу ў твар. Яна ўбачыла ясны адкрыты позірк і сумелася.

— Ведаю! — адказаў Васіль.— Асабіста вам я нічога благога не зрабіў і не збіраюся.

— Яшчэ гэтага не хапала! А я не збіраюся слухаць вашу споведзь! — ледзь вымавіла ад гневу Лена. Ён спалохана адхіснуўся, апусціў галаву, ад чаго рудаватыя, як салома, валасы закрылі твар.

— Вы... не можаце дараваць мне з-за бацькі...

— Не магу. Праз яго... тата загінуў.

Узмахам галавы Васіль адкінуў доўгія валасы назад.

— Толькі я тут ні пры чым. Ён жа за гэта паплаціўся жыццём.

«У яго такі ж, як і ў бацькі, крыху кірпаты нос»,— падумала дзяўчына і прамовіла:

— Жыццём паплаціўся не толькі ён...

Васіль апусціўся ў крэсла і сціснуў кулакамі скроні.

— Сын паліцая! — сказаў ён з горыччу.— Але ж я не паліцай! Я сам ненавіджу таго, каго вы называеце маім бацькам!

«Гэта праўда... І я яе ведаю. Дык чаго ж мне яшчэ трэба ад хворай душы? Якога прызнання? Трэба дараваць...»

Яна больш лагодна зірнула на Васіля, на яго сінюю кашулю і ціха сказала:

— Даруй мне, Васіль... Думаю, што з цягам часу крыўда пройдзе...— Потым уздыхнула, дадала больш сур’ёзна: — Увогуле — якое гэта мае значэнне? Мы абое сіроты...

— Не! — устаўшы з крэсла, Васіль ускінуў валасы назад, строга зірнуў на дзяўчыну.— Вы — не сірата! У вас цэлае сяло бацькоў і матак. А я — зусім адзін, бо я — сын паліцая! Ад мяне ўсе адвярнуліся. І вы...

Васіль недагаварыў і выбег на вуліцу.

Лене стала шкада яго. «Навошта прыйшоў, расхваляваў... І без таго на душы цяжка»,— падумала яна.

Потым устала з-за стала і, выключыўшы святло, выйшла ў клуб.

Хоць і ёсць там дзяжурныя, але ўсякае можа здарыцца, калі прыходзяць такія, як Віктар ды Алесь.

Адчыніла дзверы і на парозе сустрэла Вольку.

— Ты не ў чытальню? — спытала.

Волька зірнула непрыязна і, не адказаўшы, выскачыла.

«Што з ёю робіцца? — не здагадвалася Лена.— Зноў нейкая муха ўкусіла. Не пайду больш да яе».

Лену заўважылі адразу, пацягнулі ў круг танцаваць. Ёй тут рады быў кожны.

 

* * *

Аднойчы Лене давялося пазнаёміцца з Пятром бліжэй. І каб яна ведала загадзя, што з гэтага знаёмства атрымаецца, то лепш не пайшла б тады на возера, лепш бы замкнулася ў сваім пакойчыку.

Дзень быў сухі, гарачы. Усё жывое хавалася ў цень. Сядзець за сталом было пакутліва. Лена ўстала, падышла да акна і адчыніла яго. Вецер і над возерам дыхаў гарачынёю, нібы з вялізнай печы.

Вабіла да сябе вада. Белыя пеністыя хвалі адна за адною набягалі на жоўты жвір, аб чымсьці лагодна нашэптваючы соннаму берагу. А за возерам, далёка на небасхіле, вісела чорная хмара. Час ад часу яе прарэзвала маланка, і праз момант далятаў глухі, працяглы гром.

«Будзе навальніца!» —падумала Лена. Села на падаконнік і залюбавалася трывожным небам. Паволі набліжаючыся, хмара бясконца мяняла сваю форму і адценне.

А возера перад навальніцай! Яно, нібы змарыўшыся за дзень, паступова цішэла. І нарэшце ўляглося зусім, насцярожылася...

Звечарэла. Хмара запоўніла сабою ўсю прастору ад зямлі да неба. І не відаць ужо супрацьлеглага берага, і не чуваць за раскатамі грому роспачных крыкаў кнігавак. Раптам сцішылася прырода, замерла. Нават вяз не варухнецца на беразе, нават паветра застыла. Анямела і чорная хмара.

Але не! Вось праз усё неба паласнула бліскавіца, і здалёк, нібы конніца, імкліва імчыць-шуміць жывая шэрая сцяна дажджу. Паперадзе — вецер! Скалануў возера драбнюткімі хвалямі, сыпануў у сцяну пяском ды буйнымі кроплямі. І вось ужо сапраўдны лівень забарабаніў па даху, па зямлі — усюды.

Калі Лена зачыняла акно, ёй здалося, што сярод шуму дажджу і грымоты пачуўся чыйсьці крык. Яна прыслухалася: так і ёсць! Прыгледзелася і ўбачыла, як у тумане дажджу далёка ад берага плыў човен. Ён гойдаўся на хвалях і, здавалася, вось-вось схаваецца пад імі назаўсёды.

«Вывернецца, утопіцца!» — падумала Лена. Хуценька забегла ў свой пакойчык, зняла з цвіка дзвярэй белы капронавы плашч і пабегла на возера.

Дождж бязлітасна сцёбаў па твары, моцны вецер збіваў з ног, а над галавою несціхана грымела. Лена стаяла на беразе і не ведала, як памагчы чалавеку.

А човен плыў сабе і плыў да берага, падхоплены ветрам, узняты хвалямі.

— Го-го-ого-го-о! — данёсся знаёмы голас Пятра.

Неўзабаве Лена ўбачыла і яго самога. Хлопец усміхаўся і з усёй сілы налягаў на вясло. Калі нарэшце човен уткнуўся носам у пясок, Пятро спытаў:

— Чаго вы мокнеце?

— Вы лепш скажыце, чаго крычалі,— адказала яна.

— Рыба сплыла... Увесь улоў. Вось я і крыкнуў ад роспачы!

Мокры з галавы да ног, ён хуценька сабраў вуды, прывязаў да вярбы човен і пад праліўным дажджом пайшоў за Ленай.

— Чаму вы ездзіце на рыбу ў такім маленькім чоўне? — ужо ў сенцах спытала яна. Тут было зацішна ад ветру і дажджу.

— Ён лёгкі,— адказаў Пятро.

— Але лёгка і перакульваецца на хвалях...

— Ці ж гэта відаць?

— Скідайце ўсё мокрае тут. Я прынясу крэсла...

— Калі ласка...

Яна прынесла крэсла, і Пятро пачаў скідаць гумовыя боты. Лена зноў вярнулася ў пакой.

«Што б яму даць такое, каб трохі прасушыў сваю адзежу? — думала яна, не заўважаючы, што сама вымакла да ніткі.— Хіба летняе паліто».

І яна прынесла паліто. Сама надзела другую сукенку, крыху прыбрала ў пакоі і паклікала Пятра.

Ён увайшоў не адразу. Яшчэ выкруціў кашулю, павесіў на вяроўку ў сенцах.

— Як добра, што вы тут жывяце! Загінуў бы зусім,— сказаў Пятро, заходзячы ў пакой. Паліто нязграбна вісела на ім.

— Летам яшчэ не бяда, а вось калі б такое восенню...

— Бывае і восенню. Нездарма ж кажуць, што ахвота горш няволі. І перамерзнеш, і перамокнеш, а прыемна!

— Трэба будзе паспытаць гэтага рыбацкага шчасця,— смеючыся, адказала Лена. Яна падсунула Пятру крэсла, а сама ўзяла электрычны чайнік, наліла ў сенцах з вядра вады і паставіла на стол. Пятро моўчкі назіраў за ёю. Калі ж яна зноў падышла нарэшце, сказаў:

— Якая вы здагадлівая. Цяпер за шклянку чаю я заплаціў бы, як за добрае віно.

— Я не шынкарка і грошай не вазьму.

Відаць было, што жарт ёй не спадабаўся.

— Тады я вып’ю дзве шклянкі,— адказаў Пятро, зачэсваючы мокрыя валасы. Захінуў ямчэй паліто і задумаўся.

— Вам холадна? — спытала Лена.

— Не тое што холадна. Неяк няёмка ў вашым паліто.

— Няўжо?

Лена глянула на Пятра і ўсміхнулася: яе адзежыны яму хапала толькі да каленяў.

— Ой, наш чай зусім выкіпіць! — усклікнула яна і выключыла чайнік.

«Наш чай! Наш...» — чамусьці з прыемнасцю падумаў Пятро. Яшчэ ён падумаў пра другую, што сустракае штодня, што раптам захацела вучыцца і задае сотні пытанняў, абы толькі быць разам. Ён чытаў у Вольчыных вачах пакорлівасць, нявыказанае каханне. Дазваляў прыходзіць да яго штодня і лавіў сябе на думцы, што, калі б аднойчы Волька не прыйшла, ён сумаваў бы без яе.

«Тая — прывычка, а гэтая... Ці ж толькі мне яна падабаецца? Лена такая цудоўная, што з ёю прыемна быць кожнаму, прыемна гутарыць, вось так сядзець за сталом...» — думаў Пятро. І хоць ад Волькі ведаў, што ў Лены ёсць «свой» у горадзе, гэта ніколькі не засмуціла яго.

Лена дастала з шафы дзве шклянкі, цукар і пачак пячэння. Потым выйшла на ганак, памыла твар. А заадно забегла ў чытальню, дастала з шуфляды стала сваё маленькае люстэрка і толькі раз зірнула на сябе. І дзіва! Побач са сваім бледным тварам яна яскрава ўявіла смуглявы твар Пятра. Як тады, у Волькі, ён і цяпер нібыта быў побач. Схавала люстэрка, азірнулася, быццам яе злавілі на месцы злачынства. Але ў чытальні нікога не было. Прычасала валасы, падфарбавала вусны і схамянулася: «Ой, навошта я прыбіраюся перад ім?»

Вярнуўшыся ў пакой, Лена заўважыла, што Пятро нібыта чымсьці ўзрушаны.

— Лена,— сказаў ён, наліваючы ў шклянкі чай.— Якая вы прыгожая, Лена! Каб вы толькі ведалі...

Яна спалохалася гэтых слоў, адступіла крок назад.

— Калі ласка, не гаварыце так.

— Чаму?

Лена сарамліва ўсміхнулася:

— Дзяўчыне вельмі шкодна ведаць аб тым, што яна прыгожая ці непрыгожая. Ой, вы накідалі поўную шклянку цукру!

— Вось бачыце, нават не заўважыў. Што ж, давайце будзем піць, а то сухі язык намеле столькі мукі, што пасля не абярэшся.

На дварэ яшчэ грымела, нібы там хто варочаў каменне.

У пакоі ж было ціха, утульна. Калі напіліся чаю, Лена прынесла з сянец Пятрову кашулю і пад прасам высушыла яе.

— Вось ваша, аддайце маё! — трымаючы перад Пятром кашулю, сказала яна.

Пятро ўстаў, нізка пакланіўся дзяўчыне.

— Шчырае дзякуй, Лена. Я вельмі ўдзячны вам і гэтай навальніцы...

Тут Лена заўважыла за акном чыйсьці твар. Ад нечаканасці аж адхіснулася, схавалася за Пятра.

— Што з вамі? — зірнуўшы на яе, спытаў той.

— Нічога. Здаецца, нехта ходзіць ля акна!

— Гэтага яшчэ не хапала! — крутнуўся на месцы Пятро.— Я вось пагляджу, каго там чэрці носяць...

Хуценька пераапрануўшыся ў сенцах, Пятро выйшаў. Але нідзе нікога не знайшоў. Грымота пайшла далёка на поўнач. Дробны дождж ціха сыпаў з цёмнага неба.

Лена выйшла ўслед за ім, моўчкі стала побач.

Пятро зірнуў на дарогу і сказаў:

— Пайду. Можа, даганю каго.

Лена неспакойна паглядзела яму ўслед, зайшла ў пакой і зачыніла дзверы на засаўку.

 

* * *

Хвалявалася Лена нездарма. Праз некалькі дзён, ідучы на луг са свежымі газетамі, яна даведалася, што ў сяле аб ёй загаварылі на новы лад.

Па дарозе захацелася зайсці на калгасную ферму, якая стаяла не дужа далёка ад клуба, у канцы возера, за хмызняком. Праз той хмызняк прабягала невялічкая рэчка Азярынка. Вясной Азярынка разлівалася так шырока, што вада залівала ўвесь зазерскі луг на той бок фермы. З гэтага боку было невялічкае ўзвышша, на якім і стаяла некалькі будынін фермы.

«Жанчыны яшчэ не бачылі Германа Цітова... Няхай запомняць нашага другога разведчыка космасу! Пачытаю даяркам аб палёце...» —думала дзяўчына, а выйшла зусім не так, як хацелася...

Каля фермы сустрэла Віктара. Ён усміхнуўся ёй і, развёўшы рукі, загарадзіў дарогу.

— Тпр-ру. Можа, крыху пагамонім? — спытаў, па-зладзейску азірнуўшыся назад.

Лена рашуча адвяла яго руку і пайшла далей.

— Глядзі ты! З Вольчыным жаніхом паспала, дык і не да носа! — кінуў ёй наўздагон Віктар.

Жураўская спынілася, нібы ёй у спіну стрэлілі.

«Вось яно, сяло... Нехта падгледзеў, кума — куме, а кума — па ўсім сяле»,— узрушана падумала яна. І пасля, п’ючы з вядра сцюдзёную ваду і пазіраючы ўпотай на Віктараву Кацю, сціплую на выгляд, бялявую, з прыгожымі ружовымі вуснамі і хударлявым тварам жанчыну, Лена не магла супакоіцца. Каця здалася ёй чужою, вельмі сталай, хоць яны лічыліся аднагодкамі. Такое ўражанне было ад глыбокіх, не па гадах, маршчын, што спаласавалі лоб, ляглі пад вачамі.

— Бач, сасмягла як... Не адап’ецца! — кінула Каця да другіх даярак.— Мусіць, смачна наелася...

— Ты чаго гэта? — паставіўшы вядро на зямлю і насцярожана зірнуўшы на Кацю, спытала Лена.

— Ды так...

— А ўсё-такі! Ясней...

— Што ж можа быць ясней? Калі мой Віктар і то цябе кожан вечар успамінае. З чаго б гэта, га?..

А ў вачах — хітрынкі. Бачыць Лена тыя хітрынкі, і яе разбірае злосць.

— Эх, Каця! І ты паверыла?

— Усе паверылі, дык і я...— памякчэла Каця.— Але ж мой Віктар нешта з кожным днём горшае...

— Твой Віктар проста п’яніца і бабнік! Зусім разбэсціўся... Дык прычым тут я? — ледзь не плачучы, прагаварыла Лена.

— Як гэта разбэсціўся? — Каця ўперлася кулакамі ў бакі.— Утрымай цяпер гэтага казла, калі добрая козачка падвярнулася! Бачыла я, як ты яго на дарозе пераняла...

— Я... пераняла?

— А хто ж? Не спыніўся ж ён каля слупа.

Лена зразумела Кацю. Значыць, уся віна яе ў тым, што яна прыгожая і ходзіць па зямлі, дзе ёсць яшчэ такія Віктары.

— На твайго Віктара я і глядзець не хачу, не тое што размаўляць з ім! — сарвалася ў яе з языка. — Ты гэта добра ведаеш, Каця!

Лена павярнулася і паволі пайшла ад фермы ў кірунку да лугу. Жанчыны глядзелі ўслед і маўчалі. Відаць, яны крыху шкадавалі, што Каця пакрыўдзіла дзяўчыну, а яны не заступіліся.

Лене ж зусім не хацелася чытаць ім гэтае незвычайнае паведамленне. Яна адчувала, што па сяле разнеслася другое «паведамленне», крыўднае і бязлітаснае...

Але на луг пайшла. Ёй цяпер не так патрэбна было пачытаць тыя газеты, як даведацца ўсё, выпіць гэтую горкую чашу да дна.

Ледзь толькі наблізілася да пракосаў, дзе завіхаліся зазерцы, як адразу заўважыла, што дзяўчаты пачалі збірацца каля Волькі.

«Пайду проста да яе. Няўжо і яна паверыла?» — вырашыла Лена і, падышоўшы, гучна прывіталася:

— Дзень добры, таварышы!

— Гусь свінні не таварыш! — адразу аглушыла яе Волька сваім надрыўным голасам.— І ў мяне каб тваёй нагі больш не было... Вось прыгрэла гадзюку на сваю галаву! — заенчыла тая на ўвесь луг.

— Гэта ж няпраўда, Волька... Я табе ўсё раскажу!

— Мне ўжо і так расказалі. Гарэлку разам пілі, ведаю... Цалаваліся. А той нястыднік на калені станавіўся! Вось да чаго давяла, гадзюка...

— Мы пілі не гарэлку, а чай... Пятро трапіў пад дождж...

— Дык ты сагравала? — здзекавалася Волька пад смех жанчын.— Бачыла я вас яшчэ тады, як мілаваліся ў маім пакоі каля люстэрка. Сваімі вочкамі!

— Каб яны табе павылазілі, Волечка! — не стрывала Лена,— Ну, мілавалася! Хацела так. Вось вазьму і адаб’ю твайго жаніха... Што, забароніш?

Волька ад злосці аж пасінела. Як трымала граблі, так і кінулася на Лену.

— А от біцца вы тут не будзеце! — стала між імі старшынёва жонка.— Кінь, Волька, граблі. Кінь, кажу!..

Лена апусцілася на мяккую капу, горка заплакала.

Тлум адразу ўняўся. Волька спалохана адышлася назад, пачала апраўдвацца, гледзячы на нядаўнюю сяброўку, на яе плечы, якія часта ўздрыгвалі.

І адразу знайшлося многа заступнікаў, асабліва сярод старэйшых жанчын.

— Ну, чаго.вы прычапіліся да чалавека, саромніцы? Думаеце, як самі, так і ўсе? — больш за ўсіх навалілася на дзяўчат старшыніха. Яна памагла Лене падняцца, абтрэсла з яе сукенкі пацяруху.

— Дзякуй,— ціха сказала ёй Лена і паволі пайшла ў сяло.

— Вось вашы газеты! — кінула наўздагон Тэкля, але тая нават не азірнулася.— Гэта ж яна хацела пачытаць вам, а вы... Гляньце, якая ракета! «Усход-2»... Ды гэта ж, што па радыё перадавалі! А вось і партрэт. Эх, сучкі бясхвостыя, наплявалі дзяўчыне ў самую душу!

Лена чула ўсё гэта, і боль у грудзях узмацняўся. «Паеду! Калі яны такія — няхай. Паеду ў горад, пражыву...» — падумалася адразу. Ёй успомнілася старая прымаўка: сярод варон жыць — варонаю каркаць. Яна так не можа. І шкадавала, што паддалася на зман, што не хапіла вытрымкі ў спрэчцы з Волькай. Ведала — праўда пераможа. І ўсе яны, хто абражаў яе, пашкадуюць аб гэтым пасля. Важна, каб яны самі зразумелі сваю памылку.

Такія думкі крыху супакоілі.

Ісці назад каля фермы не хацелася, і Лена ўзяла правей.

Мясціны тут ёй былі добра вядомы, выхаджаны ў дзяцінстве мо тысячу разоў. Вось вытаптаныя каровамі сцежкі між купін. Далей — узгорак. Ён аддзяляе ад фермы сяло і цягнецца далёка да лесу.

Каля самага ўзгорка, на раўніне, зарослай бярозамі,— зазерскія могілкі. Яны відны адусюль, нават з нізіны.

Лена міжволі прыбавіла кроку. «Пайду зірну на магілу»,— падумала яна.

Чым бліжэй падыходзіла да могілак, тым цяжэй станавілася дзяўчыне. І насмешкі дзяўчат, і папрокі Каці, і Вольчыны нападкі — усё, што перажыла яна некалькі хвілін назад, узмацняла боль душы. І нездарма Лена падумала, што не хапае ёй добрага і моцнага таварыша, які б заступіўся за яе, суцешыў. Яна ведала такога чалавека, чакала штодня вестачкі, а яе ўсё не было.

Дзе ж ён, Анатоль, чым заняты, што не можа ліста напісаць? Хіба не кляўся ў каханні, не абяцаў прыехаць? Калі забыўся так хутка, то каму ж болей верыць? А можа, ўгнявіла яго чым, не дагадзіла?..

Думкі, думкі...

Выйшла на сцяжынку між жыта, пайшла яшчэ цішэй.

Неба ад пылу пацямнела. Густы вецер даносіў з лесу цёплы прэлы пах лісця і грыбоў. Ад нагрэтай сонцам зямлі струменілася паветра. Ісці было цяжка, быццам ногі наліліся свінцом. Прыгнятала і цішыня...

Але гэта толькі так здавалася. Варта было прыслухацца да наваколля, і адразу вуха ўлоўлівала мноства розных гукаў. У траве, у жыце цвыркалі конікі; над галавой чыстым ручаём звінелі жаўранкі; недзе далёка-далёка заціхаў і ўзмацняўся гул трактара, быццам машына імкнулася вырвацца з якойсьці пасткі на волю; у хмызняку, што быў каля лугу, хадзілі авечкі, чулася аднастайнае і бясконцае «мм-ма-а-а»; а з сяла далятала шматгалосае кудахтанне курэй.

Ступіўшы ў змрочную засень могілак, Лена спынілася. Ёй чамусьці стала страшна. Яна ніколі не хадзіла сюды ў дзяцінстве: баялася. Гэты густы бярозавы пералесак, устаўлены старымі, аброслымі доўгім зялёным мохам крыжамі, цяжкімі каменнымі помнікамі заўсёды веяў холадам, студзячы ў жылах кроў.

Перасіліўшы страх, Лена паволі пайшла па сцяжынцы, што вяла паўз могілкі. У тым месцы, дзе сцяжынка абгінала даволі вялікі роў, зарослы хмызняком, Лена заўважыла знаёмы вялізны дуб на краі могілак, спынілася, перавяла дух.

Побач з дубам была зялёная агароджа. У капцы яе стаяў жалезны крыж. Гэта і была матчына магіла...

Як цяжка адчыніць жалезную фортку! Як цяжка наогул крануцца з месца! Перасільваючы млявасць, падышла да форткі, адчыніла яе і ступіла за агароджу. Адразу адчула сябе маленькай, пакрыўджанай. Увесь боль душы, усю крыўду яна прынесла сюды. І не стрымалася, упала на густую шаўковую траву, якой зарасла магіла, дала волю слязам.

— Матуля... родная,— шапталі перасохлыя вусны.— Нашто ты пакінула мяне адну? Навошта...

Колькі часу Лена праляжала на матчынай магіле, яна не памятала. Калі высахлі слёзы і боль прытупіўся, яна пачула, як хтосьці падышоў. Яна не спалохалася, не ўсхапілася, а паволі ўстала, аберуч абтрасла сукенку. І толькі тады ўбачыла, што гэта старшыня. Ён стаяў, абапёршыся аб агароджу рукамі, і з жалем глядзеў кудысьці ўбок, міма яе...

— Вы? — здзівілася Лена.

— Я, Гэлька... гэта я,— паківаў ён галавою.— Ішоў на луг ды цябе ўбачыў. Чаго, думаю, звярнула сюды. Даруй...

І ў патухшым яго позірку, і ў голасе адчувалася, што ён тут доўга стаяў. Яна сумелася, паказала на магілу і прамовіла, нібы ў апраўданне:

— Даўно была тут, вось і зайшла.

— Гэта добра, Гэлечка...— уздыхнуў старшыня.—Маці твая была вельмі харошы чалавек...

— Яна столькі пакутавала праз сваю дабрату! — сказала Лена, і слёзы пырснулі з воч.

Каб суцешыць дзяўчыну, старшыня загаварыў пра многіх, хто аддаў жыццё і ў вайну, і пасля, хто згубіў сваё здароўе ў балотах, у бясконцых паходах і баях, у пастаянным голадзе і холадзе, у нягодах ваеннага часу...

— Усім было нялёгка,— закончыў ён і тут жа дадаў: — Затое вам, дзеці, добрае жыццё адстаялі...

— Адстаялі, ды не ўсе! — Лена падышла да агароджы і шчыра глянула на старшыню, а ён пяшчотна пагладзіў сваёй цяжкай рукою яе густыя каштанавыя валасы.

— Нічога, дачка, здрадніка народ і пакараў...— І весела: — А вось сын вырас на славу! Дужа харошы чалавек Васіль, проста золата!

Лена адвяла позірк, паціснула плячамі:

— Не ведаю я Васіля... Не магу звыкнуць: вельмі на бацьку падобен...

— А ты — уся маці... І твар, і вочы...

Лена выйшла з-за агароджы, узяла старшыню пад руку і павяла яго назад, на сцяжынку.

— Раскажыце мне што-небудзь пра маму,— папрасіла яна, калі мінулі могілкі.

Корань маўчаў. Яму цяжка было гаварыць пра Марылю. Ды і пра што расказваць? Пра тое, як у іхнім сяле пасяліўся прыезджы каваль з дачкой Марыляй, белатварай, сінявокай прыгажуняй, да якой сваталіся ледзь не ўсе зазерскія хлопцы? Сватаўся і ён, Рыгор Корань. Ці сказаць пра тое, як Марыля разам з дыпломам агранома прывезла сабе з горада мужа, а калгасу — новага старшыню? Напэўна ж не скажаш цяпер Лене пра тое, як ён, Рыгор, пасля няўдалага сватаўства напіўся гарэлкі ды, не раздумваючы, ажаніўся з самай непрыгожай у сяле дзяўчынай.

Памятае старшыня, што неяк пасля вайны Марыля сказала яму:

— Гарачая твая галава, Рыгор. Цяпер ужо нічога не паправіш, позна...

Глыбока ў сэрца запалі тыя словы Рыгору. Цэлымі вечарамі праседжваў ён пад бярозай, што стаяла каля Марыльчынай хаты. Іншы раз выходзіла і Марыля, але гэта было так рэдка! А пасля пад свіст і гігіканне аднавяскоўцаў, пад лямант раз’юшанай Тэклі вяртаўся Корань з апушчанай галавою дамоў.

І не гаварыць жа цяпер дзяўчыне, як аднойчы ён не прыйшоў дадому, а застаўся ў Марылі да раніцы, сказаўшы Тэклі, што ад яе ён ідзе ўпрочкі.

Пасля гэтага выпадку давялося кінуць сваё сяло і з’ехаць у горад на заработкі, з сякерай за поясам. Марыля пайшла працаваць у суседні саўгас, а Тэкля, пажыўшы месяц адна, пусцілася шукаць мужа. І знайшла яго, і прывезла дадому.

— Чаму вы маўчыце, дзядзька Рыгор? — спытала Лена.

Ён спыніўся, паглядзеў у яе ясныя халаднавата-строгія вочы і адказаў:

— Цяжка мне гаварыць, Гэлька. Твая маці была добрая жанчына, прыгожая... Яна тут у мяне, у сэрцы! — І, як бы спахапіўшыся, што сказаў лішняе, рэзка змяніў гаворку: — Вось успомніў! Сёння я гутарыў з Пятром, настаўнікам. Ты яго чаем частавала, абагрэла, а гэты ржавы цвік Віктар чорт ведае чаго набрахаў! Ох і язычкі ў людзей! Прыйдзецца таму-сяму крыху падкараціць.

— Дык гэта Віктар лазіў каля акна? — задумліва спытала Лена, як бы нешта згадваючы.— Ну, усё роўна, няхай пабрэшуць. Людскія языкі не завяжаш. Я цвёрда вырашыла — паеду адсюль...

Корань аж спыніўся ад нечаканасці.

— Як гэта вырашыла? Куды паедзеш?

— У горад...

— А ў каго ты дазвол спытала?

— Спытала. У свайго сэрца, дзядзька Рыгор... Вы ж не ведаеце, як мяне сёння на лузе абразілі, на ферме! Колькі ж я магу цярпець? За што абражаюць? Ці я каму благое зрабіла, ці жаніха ў Волькі адбівала? Падгледзелі, выдумалі, а цяпер усё сяло насміхаецца...

— Дык вось як справа павярнулася! — у роздуме сказаў старшыня.— Толькі ехаць, дзеўка, табе цяпер нельга. З’едзеш — падумаюць, што праўда ўсё гэта, вінаватая ты... Нельга, Гэлечка.

— Што ж рабіць?

— Застацца. Жыццё пакажа ўсім, дзе праўда, а дзе крыўда! Гэта старая ісціна... А злосных брахуноў мы на ланцуг пасадзім.

Лена падумала і згадзілася пакуль што нікуды не ехаць. Калі ж нічога не пераменіцца і яе па-ранейшаму будуць абражаць, то шлях у горад ёй вельмі добра знаёмы.

— Мне, дзядзька Рыгор, патрэбна не толькі ваша падтрымка, а і дапамога.

— А як жа! — адказаў старшыня.— Толькі ты не бойся плётак і парайся з Пятром. Ён табе таксама многа паможа. А тыя, хто сёння брэшуць, пасля будуць хадзіць ля цябе, як сабакі, хвост падтуліўшы. От пабачыш!

— Праўда? — ажывілася Лена, радасна зірнуўшы на старшыню, які так удала выказаў яе ранейшыя думкі.

— Дзіва што!

— Дзякую вам, дзядзька Рыгор. Вы адзін мяне разумееце...

— Ты не прыбядняйся. Цябе многія разумеюць, але ты іх не заўважаеш. Крыўда вочы засціць...

«Гэта ж праўда... Варта мне з’явіцца ў клубе, як моладзь ажывае, усе мне рады. Такіх, як Віктар ды Волька, нямнога знойдзецца...»

Развіталіся каля фермы. Пасля доўгіх горкіх хвілін, якія перажыла Лена, яна сёння ўпершыню адчула сябе шчаслівай. Хіба гэта не шчасце, што маеш нарэшце такіх надзейных заступнікаў, як старшыня і Пятро Жывіца. Яны заўсёды памогуць, калі трэба будзе: свая ж, не чужая ў сяле! Яшчэ і Каця і Волька стануць ёй сяброўкамі. А цяпер — няхай гавораць што хочуць.

 

* * *

Дапамога, на якую разлічвала Лена ў сваёй нялёгкай працы, прыйшла не хутка. У гэтым была не яе віна. Вельмі ўжо непаваротлівымі аказаліся памочнікі, у якіх былі свае клопаты. Не ўсе, напрыклад, настаўнікі, што вучылі дзяцей у зазерскай школе, жылі летам дома. Тыя ж, што засталіся, не ладзілі між сабой. Аб гэтым Лена са здзіўленнем даведалася ад Пятра зусім нядаўна.

Неяк раз, ідучы паўз школу, яна пачула спрэчку. Спрачаліся трое: жанчына і два мужчыны. Сярод іх чуваць быў голас і Пятра. Лена зацікавілася. З-за высокага плота да яе даляталі словы:

— Не, Іван Савіч, гэта, прабачце, не політэхнізацыя, а нешта горшае! — гаварыў Пятро.— Такая пасяўная плошча школе не патрэбна. Тым больш што ўраджай вы рэалізуеце, як кажуць, налева...

— Як гэта налева? — пісклявіла дырэктарава жонка Ліпа.— Мы вартаўніка трымаем, парты фарбуем, лыжы купляем...

— І ўсё ж я вам раю шчыра,— стаяў на сваім Пятро.— Праполкай займіцеся самі.

Ён выйшаў на вуліцу і, заўважыўшы Лену, прывітаўся.

Ёй стала няёмка. Атрымалася так, быццам яна падслухала чужую размову. Але Пятро выручыў яе:

— Чулі? Кожны раз даводзіцца ваяваць, калі спатрэбіцца правесці збор ці арганізаваць паход. І гэта — дырэктар! Куды глядзяць кіраўнікі!

— Велікаваты ўчастак для школы,— згадзілася Лена.— Навошта вам такі?

— Не нам ён патрэбен, а яму, дырэктару,— нахмурыўся Пятро.— Скляпы на зіму трэба насыпаць, жывёлу трэба карміць...

— Школьную?

— Больш уласную.

— Я чула, вам дырэктар на дзень нараджэння матацыкл падарыў. Усе лічаць яго добрым чалавекам.

— Той матацыкл я перадаў школе, бо ён куплены на школьныя грошы,— адказаў Пятро.

Так Лена даведалася пра школьныя справы, пра спрэчкі настаўнікаў. Пятро расказаў ёй, што гады тры назад дырэктар зазерскай дзесяцігодкі Круцько пасяліўся ў школьным памяшканні і адразу праявіў сябе як заўзяты політэхнізатар. На прышкольным участку ва ўсю сілу і магутнасць разгарнулася яго кіпучая дзейнасць. З пяцідзесяці сотак зямлі Круцько давёў плошчу да двух гектараў, на якіх кожны год расло ўсё, ад ранняй радыскі да памідораў. Кожны вучань прыносіў на той гарод трохі ўгнаенняў, расады, насення. Даволі малады сад з трыццаці яблынь прыносіў школе немалы прыбытак. Пад бульбу быў адведзены таксама немалы ўчастак, лепшая зямля каля ручая. Там яна радзіла ў любое засушлівае лета.

Не забыўся Круцько і на жывы куток. Каля сотні трусоў розных парод таксама даглядалі дзеці.

Лена слухала і не верыла сваім вушам.

— Чаму ж вы маўчыце? — спытала яна ў Жывіцы.

— Я не маўчу. Гаварыў у райана, але там у Круцько, як кажуць, рука. Пабачыце, ён яшчэ будзе скардзіцца на мяне...

Гэта была праўда. Дзейнасць дырэктара падтрымлівалі ў райана. Сказалі: «Няхай вучні набываюць працоўныя навыкі. Гэта ж добра».

Круцько не шкадаваў сіл і старання. «Дзеці набываюць практычныя веды! Чым гэта кепска?» Так думалі і бацькі. Яно і сапраўды няблага, калі, скажам, аднойчы прыйшоўшы са школьнага ўчастка, хлопчык ці дзяўчынка раптам паказвалі сваё ўменне засолкі гуркоў, памідораў. Каму з бацькоў не прыемна, што яго дзіця заўсёды пры справе, не бадзяецца абы-дзе ды яшчэ набывае веды. Разлік дырэктара быў дакладны. Яго абаранілі ад «нападкаў зайздроснікаў», якімі былі Жывіца і малады выкладчык фізкультуры. Хіба ж маглі ведаць зазерцы, што дырэктар злоўжывае іх даверам?

Іван Круцько, нягледзячы на свае трыццаць пяць год, набыў выгляд далёкі ад узросту. Амаль заўсёды аброслы рыжай шчацінай, апрануты абы-як, з дабрадушна-бесклапотным тварам і даволі аб’ёмістым жывоцікам, Круцько нагадваў заўзятага гаспадара-аднаасобніка. Яго беражлівасць межавала са сквапнасцю. Ён забараняў дзецям, якія працавалі ў школьным садзе, зрываць сабе спелыя яблыкі, а дазваляў браць толькі тыя, што ляжалі на зямлі. Тады дзеці ўхітраліся так патрэсці маладыя дрэвы, што на зямлі станавілася больш яблыкаў, чым на дрэве. За ўсе гэтыя страты Круцько нёс поўную адказнасць перад ціхай, як ласкавая кошка, і драпежнай, як рысь, жонкаю. Ні адна душа не знала, што дырэктарам Іван Савіч стаў дзякуючы сваёй жонцы, у якой усемагутная радня працягнулася ланцужком ад райана да міністэрства, як ніхто ніколі не падазраваў, якой сілай валодала дырэктарыха і кім яна была ў жыцці Івана Круцько.

Адразу пасля спрэчкі з Пятром яна строга сказала мужу:

— Ад гэтага Жывіцы трэба пазбавіцца..,

— Як гэта зрабіць? — пацікавіўся Круцько. Ён глядзеў па курэй, што пацягнуліся паўз плот у калгасны ячмень, і вочкі задаволена масляніліся.

Яго цалкам задавальняла школьная сяліба наводшыбе, між двух сёл, у прыгожым кутку ля ціхага ручая і шчаціністага хвойніку.

— Як... А звычайна! Амаральны ён чалавек. Хіба ты не чуў, што хлапчукі гаварылі? Волька — раз, бібліятэкарка — два, добра складзеная паперка ў раён — тры...

Усміхнуўся дырэктар:

— Хітрая ты ў мяне, Ліпа! А не будзе ўсё гэта ліпай?

— Інспектар — свой чалавек...— быў яе строгі адказ.

— Не буду пісаць... За гэта цяпер, ведаеш...

— Іван! Я сказала — будзеш...

І неўзабаве ў раён паляцела паперка. Круцько пастараўся дагадзіць жонцы. Больш тыдня вышукваў тыя «сучкі і шурпатасці» ў паводзінах Пятра, за якія можна было б зачапіцца, каб хоць крыху было праўдападобна.

І вось што «здабыў» дырэктар: «Жывіца ашукаў даверлівую дзяўчыну В., якой абяцаў жаніцца, а потым, пакінуўшы яе, ашуканую, сышоўся з бібліятэкаркай Л. Ёсць чуткі — дзяўчаты ледзь не пазабівалі адна адну. І калі б у іх справу не ўмяшаўся старшыня, то вынік быў бы зусім трагічны. В. труцілася, але яе выратавалі. Завуч п’е гарэлку, гуляе ў карты і ўсіх шальмуе...»

Дні праз тры пасля таго, як запіска была накіравана ў раён, адтуль на ўласным матацыкле прыехаў інспектар райана, нізенькі хударлявы чалавечак у акулярах, у шэрым плашчы, які вісеў на ім як на коліку.

Інспектар адразу зайшоў да В., якой аказалася вядомая зазерцам Волька, і без усякіх лірычных адступленняў спытаў:

— З настаўнікам Жывіцам Пятром знаёмы? — і ўставіўся акулярамі, як кобра, на дзяўчыну.

— А навошта гэта? — разгубілася тая, хоць у хаце, апрача іх, нікога не было.

— Для вельмі важнай справы.

— Ну, знаёма, а што?

— Ясна... Ён у вас часта бываў?

— Часта, а што?

— Вы яго кахалі, праўда?

— Праўда...

— Ён абяцаў вам, што будзе вашым мужам, а цяпер... круціць з другой?

— Абяцаў... Круціць! — сярдзіта падхапіла Волька.— Каб яна там галаву ля возера скруціла!

— Яс-сна! Вы былі з ім... э-э, як бы гэта...— інспектар скасавурыўся на дзяўчыну, спахмурнеў.— Ясна! Вы чакаеце, ці не так? Ясна!

Волька цяжка ўздыхнула і, не зразумеўшы інспектара, па сваёй наіўнасці, адказала:

— Вам-то ясна, а мне пакуты... Даверлівая была, сляпая...

— Ясна! Усё! — інспектар закрыў свой блакнот і паехаў да возера «дапытваць» Лену.

Проста з парога інспектар падышоў да стала з першым пытаннем на вуснах, якое, на яго думку, павінна было адразу ўсё высветліць:

— Скажыце, таварыш Жураўская, што лепш — ратаваць чалавека, калі ён топіцца, ці тапіць чалавека, які ратуецца?

— Лепш ратаваць,— з усмешкай адказала Лена.— А вы, прабачце, хто будзеце, адкуль?

— Я?

— Ага...

— Ясна! Я — інспектар Дзеравяга. Будзем знаёмы і пагаворым па душах. Адкажыце мне яшчэ на два-тры пытанні...

«Хоць бы прывітаўся, Дзеравяга ты, адкуль толькі ўзяўся такі?» — падумала Лена і прамовіла:

— Калі ласка, што вас цікавіць?

— Вам вядома, што адна грамадзянка, якую завуць Волька, была ў цеснай сувязі з настаўнікам Жыніцам?

— Жывіцам,— падказала яму Лена.

— Гэта не мае значэння! — абурыўся інспектар.— Вам было вядома, што тая дзяўчына праз тую сувязь хутка стане маці?

— Не,— ледзь стрымліваючы хваляванне, адказала Лена.

— Ясна. Вы, значыць, не ратуеце, а топіце!

— Прычым тут я?

— А пры ўсім астатнім! Можаце быць свабоднымі. Адзью, як казаў бы на маім месцы француз...

Лена не паспела ўцяміць, што тут да чаго, як інспектар выбег на вуліцу, сеў на свой матацыкл і знік...

Дзеравяга спяшаўся са сваімі вынікамі «следства» да дырэктара.

Круцько, як звычайна, быў у гародзе, калі ля школьнага ганка спыніўся матацыкліст. «Гэта ён!» — адразу здагадаўся Круцько і бягом кінуўся насустрач, пакінуўшы свае гурочкі, якімі ён толькі што так міла любаваўся.

— А-а, таварыш Дзеравяга! — распасцёршы рукі, нібы збіраючыся лавіць інспектара, прагаварыў дырэктар і, схапіўшы маленькую далонь, аберуч паціснуў яе так шчыра, што госць аж прысеў.

— Але ж... Нічога сабе здароўечка! — крыва ўсміхнуўся інспектар.— Ледзь касцей не патрушчылі.

— Ад вялікай радасці я... Такі госць! — грукнуў сябе кулакамі ў грудзі Круцько.— Заходзьце ў хату, даражэнькі, заходзьце!..

Яны зайшлі ў прыбудову, дзе жыў Круцько, і спыніліся ў першым пакоі, з адзіным акном у сад. Селі за стол, шчыльна прыстаўлены да перагародкі. Круцько цяжка ўздыхнуў і акінуў сваё сутарэнне сумным позіркам. Дзеравяга — да чаго разумны! — адразу заўважыў і зразумеў дырэктарскі позірк.

— Цеснавата,— зазначыў ён, услед за дырэктарам агледзеўшы пакой.— Цесна...

— Яшчэ як! — згадзіўся Круцько і грукнуў у перагародку локцем.— Ліпа! Ліпачка... А ў нас госць...

— Хто-о? — пачулася адтуль.

— Угадай!

— Не ведаю...

Праз некалькі хвілін з другога пакоя выйшла поўная, круглатварая жанчына з заспанымі вачамі. Убачыла Дзеравягу, ляніва ўсміхнулася.

— Казіміравіч! Душачка...— пляснула рукамі.— Вы тут пагаманіце, я хутка...

Калі жонка выйшла, Круцько не стрымаўся.

— Ну? — коратка спытаў ён з застыглым тварам і выцягнутай, як у гусака, шыяй.

— Ам-кгм,— кашлянуў Дзеравяга і паціснуў плячамі: маўляў, не зразумеў дырэктара.

— Не муч...

— А што?

— Ездзіў жа. Ведаю цябе...

— Факты... э-э, як бы гэта...

— Рэжаш! Без нажа!..— Круцько ўстаў, сціснуў кулакі.

— Пацвердзіліся.

Зваліўшыся ў крэсла, дырэктар аж знямог. Ледзь аддыхаўся.

— Дзякуй богу! Пацвердзіліся... Фу ты-ы, пракляты... Давёў...

— Што?

— Давёў, кажу, мяне той Жывіца...— выцершы хусцінкай потны лоб, з палёгкай уздыхнуў.— Ха-ха-ха! Дырэктару трэба ўсё ведаць! Усё!..

— Вось паказанні абедзвюх,— інспектар дастаў з кішэні плашча свой блакнот.

— Бач ты, паганы! Значыць, праўда? Абаіх зводзіць?

— Калі ты напісаў, то павінна быць праўда...

— А ты правяраў!

— Бо ты напісаў...

— І што цяпер яму будзе?

— Усыплюць па самыя зашмаргі. Так яму і трэба! — махнуў кароткай рукой Дзеравяга.

— Так яму і трэба...

— Няхай пачухае цяпер патыліцу.

— Няхай паскрабе! — паківаў галавою Круцько.— А то такі, ведаеш, стаў, што нельга было і жыць. Заядаў...

— Іш ты? Заядаў?

— За-я-да-аў!

У хуткім часе на стале з’явілася закуска, бутэлька гарэлкі.

Дзеравяга ажыў. Ён хуценька скінуў плашч, зняў акуляры і нешта такое замурлыкаў, як кот, сабе пад нос. Ад задавальнення і асалоды пачаў церці рука аб руку. Зноў начапіў акуляры і агледзеў закусь, ад маласольных гурочкаў да вяндліны. Потым зірнуў на шчаціністы твар гаспадара.

Круцько наліў чаркі, Ліпа паклала на талерку смажаную трусяціну. Дзеравяга аж зажмурыў вочы.

Калі былі выпіты першыя чаркі, інспектар запытаў:

— От скажы, Іван э-э...

— Савіч,— падказаў Круцько.

— Савіч... Скажы, як табе ўдалося ўсе гэтыя інтымныя падрабязнасці выведаць?

— Ха! Проста... У мяне ў садзе і ў гародзе кожны дзень дзеці.

— А прычым тут дзеці? Дазволь, ты нешта не тое вярзеш...

— Дзеці, мілы мой, самы цікаўны народ! — падміргнуў Круцько.— «А скажыце-тка мне, дзеці, што новага ў вас чуваць»,— пытаю я, напрыклад, у іх, і яны — о, цяперашнія дзеці! — усё ведаюць. Асабліва адзін хлапчук ёсць, чорны такі шальмец. Ён мне пад вялікім сакрэтам пра Пятра паведаміў. І што, і як, і чаму... Заўважыў! І казаў, што Волька труцілася! — зноў наліваючы чаркі, закончыў Круцько.

— У-ух-ха... Тэк, тэк,— перакуліўшы чарговую порцыю, Дзеравяга выцер вусны рукою, хітра прыжмурыўся і працягваў: — У цябе, Іван э-э-э...

— Савіч!

— Савіч! У цябе дакуменцікі на дзяляначку, на ўраджайчык, на такі-сякі даходзік — усё ў парадку? Можа, якія цяжкасці?

— У мяне парадак! А цяжкасці... яны бываюць. Вось лыжы зімою купіў, парты фарбаваў, музыкальныя там інструменты для самадзейнасці — усё за грошы з дзялянкі!

— І лыжы, і ўсякія там інструменцікі ты купляў летась...

— Старое спісваем, новым замяняем...

— Ясна. Са спісваннем цяжкасці... Бульбу летась ты як прадаваў?

— Як усе... Але дробная была і... і пагніло шмат. Ізноў-такі — спісалі. Яшчэ за машыну заплаціў, што ў раён завезла, яшчэ...

— Ясна! — Дзеравяга сам наліў сабе гарэлкі і выпіў,— Ясна...

— Што ясна? — насцярожыўся Круцько, падстаўляючы новую бутэльку, якую лоўка падсунула яму Ліпа.

— А тое,— адказаў інспектар,— што я таксама маю пр-рава спісаць частку ўраджаю.

— А як жа! — ажывіўся Круцько.— Спішам. Удвух яно яшчэ лягчэй. Спішам, ліха яе матары! Нам бы толькі вось разлічыцца з гэтым прайдзісветам і авантурыстам Жывіцам! Дабіраецца да горада,— цішэй дадаў дырэктар.

— Пазбавімся! Гэта я табе кажу, Дзеравяга. Ты толькі налівай не па поўнай. Дос! Дос, кажу...

— Будзь здароў!

— Жэ ву пры, як сказаў бы француз!

Дзынкнулі чаркі, хрумснулі гуркі, і гутарка зноў ажыла.

— Хто такі Жывіца! Хлапчук! Ён падрывае мой заслужаны аўтарытэт! Згодзен?

— Згодзен...— гледзячы на Круцько шклянымі вачамі, паўтарыў на свой лад інспектар.— Абавязкова...

— Ён можа мяне з месца... гэтага самага... пагнаць! Згодзен?

— Згодзен, дарагі мой І... Іван э-э-э...

— Савіч.

— Савіч! Я з усім гэтым згодзеп!

— І яшчэ... Во, трусяціна ў смятане, пакаштуй,— падсунуў Круцько інспектару талерку са смажаным мясам.— Ліпа мая гатуе, як у рэстаране — ого!

Дзеравяга ўзяў кавалак на відэлец і, паклаўшы яго ў рот, гнусава прамовіў:

— І мая Вераніка — ого! І сам, можа, ого! А што датычыць дзяцей, то старэйшы, Светазар, жаніўся на гарадской, а малодшы, Любамір, той яшчэ дома, але — галава! І жонка — галава... І я — галава...

— Дзіва што! — згадзіўся Круцько.— Х-ха! Каб нашы дзеці, ды мы, ды жонкі...— Ён змоўк, намагаючыся нешта ўспомніць, але не ўспомніў і спытаў: — Аб чым гэта мы толькі што гаварылі, га?

— А чорт яго ведае,— махнуў рукой інспектар і пачаў па кішэнях шукаць папярос. Не знайшоўшы іх, ён устаў і, хістаючыся, паплёўся да дзвярэй. Круцько — следам.

І толькі гэта яны адчынілі дзверы, як нос у нос сустрэліся з Пятром. Ён быў узрушаны, вочы яго палалі рашучасцю.

Абмінуўшы інспектара, Жывіца спыніўся каля Круцько.

— Іван Савіч! — пачаў ён.— Што гэта робіцца? Я дачуўся...

— Усё праверана і ўстаноўлена,— перабіў яго дырэктар.— Вось інспектар з райана, ён можа пацвердзіць...

— Ясна! — выпаліў Дзеравяга, ткнуўшыся плячом у спіну Пятра.— Тапельцы і вісельнікі разверзлі вусны свае. І жывём мы на свеце, каб знішчаць нядолю і з ёю ўсё, што дастойна быць знішчана...

Ён паказаў Жывіцу язык і, зацягнуўшы «Маруся отравилась», падаўся на двор.

Пятро зачыніў за ім дзверы і кіўнуў на стол:

— Ці ён ад гарэлкі такі, ці ад прыроды?

— Гарэлкі я не пі-і-іў,— ікнуўшы, адказаў Круцько.— Проста па-алуднавалі...

— Тады —ад прыроды,— усміхнуўся Пятро.—Дык я дачуўся, што ваш інспектар Дзеравяга вёў нейкі допыт. Што гэта ўсё значыць?

Круцько прыжмурыўся на завуча, нібы нешта ўспамінаючы.

— Ах, вось што цябе цікавіць! Хвалюе! Ха-ха-ха! — рассмяяўся ён і строга дадаў: — Вось што, Жывіца, ці не хопіць табе тут ля мяне жывіцца?

— Што такое? — не зразумеў Пятро.

— А тое, што ты пойдзеш пад суд!

— Я?

— Ты...

— За якія грахі?

— А што ты думаў, галубок... Пакінуць жанчыну з дзіцем, а другой круціць галаву ў нашай дзяржаве нешта дазволена? Не! Не і яшчэ раз — не! Ад Жураўскай, бач, прыбег. Днюе і начуе ўжо там...

— Гэта мая справа, Іван Савіч Круцько! — падступіў да яго Жывіца.— Я ведаю — вы здольны на любую подласць, але папярэджваю: не капайце яму другому! Вам у ёй ляжаць, таварыш дырэктар!

Пятро выбег на двор і наткнуўся на інспектара. Той схапіў яго за руку і ледзь здолеў вымавіць:

— Я — што? Абавязкі! Шкада мне вас, але я што? А-ба-вяз-кі!

— Добра, добра, заканчвайце свае абавязкі і выспіцеся,— проста параіў Пятро. І выйшаў на дарогу...

Яму стала ясна, што дырэктар штосьці задумаў нядобрае, задумаў іменна супраць яго. Але Пятру нават і ў галаву не прыйшла б думка, што на другі дзень, падбадзёраны дырэктарам, Дзеравяга будзе дакладваць у райана аб выніках сваёй праверкі ў зазерскай дзесяцігодцы.

 

* * *

У тым, што «Волька труцілася», вінавата была сама Лена. Выпадак, які мог бы і не быць.

Неяк аднойчы, зачыніўшы чытальню, Лена апранула лепшае, што мела, падфарбавала крыху губы і пайшла ў сяло. Яна мела намер забраць на пошце свежыя газеты ды па дарозе забегчы ў краму.

Там былі толькі дзеці. Яна запрасіла іх часцей хадзіць у бібліятэку і ўжо хацела ісці, як адзін чорнагаловы хлопчык спытаў:

— Цёця, гэта праўда, што вы з Волькай біліся на лузе?

«І гэтых цікавіць... Вось паглядзім, што заўтра выдумае сяло, калі я дам новую тэму для плётак!» — з горыччу падумала Лена і адказала:

— Ад каго ж ты чуў?

— Кажуць...

— Раз кажуць, значыць, праўда.

— От здорава! І хто перамог?

— Вядома, я перамагла! А пасля Волька труціцца хацела — ты не ведаеш?

— Не...

— Ну дык ведай.

Размовы гэтай не чуў нават Віктар, бо быў на складзе. Ці ж думала Лена, што той чорнагаловы блазнюк панясе гэтую навіну Івану Савічу, як кажуць, зусім цёпленькай? Калі б яна ведала, то не стала б жартаваць з агнём.

Цяпер, успамінаючы пра гэта, Лена папракала сябе ў легкадумстве. Злавалася, што жартавала тады на карысць тых, хто супраць яе і Пятра.

Як ніколі, адчувала сябе адзінокай. Пасля — апанавала журба. Хацелася з некім падзяліцца думкамі, ды не было з кім.

Тады Лена паспрабавала прыбіраць у клубе, але праца валілася з рук.

Зайшоўшы ў бібліятэку, яна села за стол, узяла аркуш чыстай паперы і акуратна зверху напісала: «Дарагі Толя...»

Напісала і задумалася: «Дарагі Толя... Ці дарагі ён мне цяпер? Два месяцы — ніякай вестачкі... Ды і там, на курсах, я да яго больш звярталася, чым ён да мяне. Бо — дарагі. А цяпер — асабліва...»

І Лена папісала ліст. Напісала шчыра, адкрыта. Ёй надакучыла адной, далёка ад таго, каго ў душы лічыць сваім... Лічыць па праву, бо яны ж даўно знаёмы, прызнаваліся адно аднаму ў каханні. Лена абяцала зберагчы тое каханне, зберагчы сваю маладосць і дзявочую вернасць.

Лена ўспомніла, як напярэдадні выпуску Анатоль Ліхавец зайшоў да яе ў пакойчык, які наймала яна ў адзінокай бабулі на ціхай, у садах вуліцы. Лена не чакала тады яго, разгубілася. А ён, расчырванелы, вясёлы больш звычайнага, злавіў яе ў моцныя абдымкі, апаліў гарачым пацалункам.

Пасля адчыніў паходны чамаданчык, што прынёс з сабою, і з усмешкаю паставіў на стол бутэльку добрага віна, насыпаў дарагіх цукерак...

— Табе, Леначка! Каханне маё, радасць мая... Адна ты, каб ведала, трымаеш мяне на свеце! Нічога больш не міла, не люба!..

І слёзы, і смех, і журба...

— Вось ты паедзеш, а я застануся... Адзін са сваім горам, са сваёй бядою...

І абняў Лену за плечы. Высокі, з вялікімі яснымі вачамі, з кучаравай светлай галавою, Анатоль здаваўся дзяўчыне надзвычай прыгожым. Пры ім Лена, заўсёды смелая, рашучая, станавілася сарамлівай і пакорлівай.

Яна піла віно, смяялася і не заўважыла, як над зямлёю апусцілася шэрая ноч, як прагрукацеў на апусцелай вуліцы апошні трамвай.

Галава прыемна кружылася ад выпітага, а губы аж балелі ад моцных пацалункаў.

Апамяталася дзяўчына тады, калі, на момант выпусціўшы яе з абдымкаў, Анатоль хутка выключыў святло і, гарачы, узрушаны, зноў абхапіў яе.

Яна спакойна і шчыра прытулілася да яго, пацалавала, а потым, выкаўзнуўшы, уключыла святло. Не сказала ні слова. Глядзела на яго расчырванелы твар халодным дакорлівым позіркам.

Анатоль адвярнуўся.

— Што ж... Я магу пайсці,— глуха вымавіў ён.— Магу пайсці.

Лена баялася яго, прамаўчала.

І ён пайшоў.

Лена кінулася на ложак. Ад крыўды цесна было ў грудзях, не хапала паветра. А потым знемаглася, заснула...

З таго вечара Ліхавец хоць і кожны дзень прыходзіў да яе, але расставаўся завідна. Ён стаў нейкі разгублены, задумлівы. Нават на сцэне ў яго не хапала ранейшага задору, весялосці. Каханне іх пайшло на спад. Яны не знаходзілі слоў пры сустрэчах, маўчалі пры развітанні...

Толькі ў той апошні дзень Ліхавец зноў быў вясёлы, гаварыў ёй аб сваім вялікім да яе каханні, моцна цалаваў Лену...

— Пішы мне. Да запатрабавання. Я заеду да сваіх, а пасля магу працаваць дзе хочаш. Мусіць, я вырвуся нарэшце з гэтых абцугоў...

— З якіх? — не зразумела Лена.

— Ёсць такія, дарагая. На жаль...

Ён заўсёды нешта недагаворваў. Лена прывыкла да гэтага і лічыла проста звычкай чалавека.

— Лепш ты мне пішы... — сказала.

— Добра. Заўсёды буду рады з табой быць разам... Працаваць.

Гэта было сказана шчыра, і Лена радавалася, што іх адносіны зноў наладзіліся пасля нядобрага вечара. Непакоіла адно: пісаць да запатрабавання. І яна спытала — чаму? Анатоль растлумачыў: пакуль што яму самому невядома, дзе будзе жыць, бо старую кватэру ён, напэўна, пакіне.

Занёсшы пісьмо на пошту, Лена забегла да старшыні. Сёння меўся адбыцца вечар пытанняў і адказаў.

Старшыня сустрэў яе ля парога:

— Як жывеш, Гэлечка? Нешта не чуваць, каб хто іграў на новым баяне...

— За баян — дзякуй, дзядзька Рыгор,— ухілілася ад далейшай гутаркі Лена.

Старшыня зразумеў яе.

— Нешта сёння невясёлая... Можа, зноў хто пакрыўдзіў?

— Ды так... Ездзяць розныя Дзеравягі. Не ведаю, што ім трэба. Толькі новыя плёткі пойдуць...

— Ты не хвалюйся! Збяром сёння ў клубе людзей, каму трэба — укароцім языкі,— сказаў старшыня, па-бацькоўску паклаўшы важкую руку дзяўчыне на плячо.— Мужчын сам запрашу да цябе, а жонкі ўслед прыбягуць — пажартаваў ён.— Толькі сустрэчу ім падрыхтуй як след, па-гаспадарску...

— Ды ўжо ж, пастараюся... Ведаеце, дзядзька Рыгор... Я хацела вас папрасіць вось аб чым... Напісала я свайму знаёмаму, каб прыехаў. Без мастацкага кіраўніка нам ніяк не абысціся...

Старшыня схіліў галаву, падумаў. Пасля з усмешкай спытаў:

— А сам ён спяваць умее?

— Не толькі спяваць... Ён і музыкант, і танцор, і хорам кіраваць можа...

— Такі няхай едзе. Чалавекам быў бы толькі. А то вунь у суседзяў з’явіўся адзін кіраўнік такі, спакуснік... Устроіў ён канцэрт у Бараўлянах! Век помніць будуць. Кіямі з сяла гналі...

— За гэтага я магу паручыцца,— пачырванела Жураўская.

— То добра! Згодзен... Няхай прыязджае.

Не ішла — ляцела дзяўчына ў клуб. Яе ўжо менш за ўсё хвалявалі вясковыя плёткі, Віктары ды Алесі. Вось прыедзе яе Анатоль — усе змоўкнуць! Будзе ў яе свой заступнік!..

Да вечара час праляцеў — не заўважыла. Пакуль прыбрала ў клубе, у бібліятэцы, пакуль змяніла фіранкі, паліла вазоны, пакуль падмяла дарожку ды пасыпала жоўтым пяском — звечарэла. Ледзь справілася замяніць старыя плакаты новымі, азірнулася, а па дарозе ўжо ідзе хтосьці...

Забегла ў свой пакойчык, узяла гладыш з ружамі — ды ў чытальню. І тут пастукалі ў дзверы.

— Заходзьце! — звонка прамовіла Лена і ўстала. На твары — радасная ўсмешка, вочы свяціліся тым няўлоўным халодным агеньчыкам, у якім было столькі прывабнага, чароўнага і яснага, што той, хто хоць раз зірнуў у іх глыбіню, ужо не ў сілах быў стрымаць свайго захаплення.

Так здарылася гэты раз і з Віктарам. Ледзь толькі ён пераступіў парог і глянуў перад сабою, як лёгкі, міжвольны вокліч вырваўся з яго грудзей:

— Ух, Лена!.. Як ты тут... і наогул, да чаго ж я быў раней сляпы! Прыгажосць і хараство... — ён не мог падабраць яшчэ цяплейшых слоў, каб выказаць сваё захапленне, і таму, парывіста падышоўшы да стала, працягнуў руку: — Клянуся, я не заўважаў, што ты такая. Вось мая рука, Лена.

Але ім перашкодзілі: у дзвярах паказаўся Алесь. Чыста паголены, у новым шэрым касцюме, ён шумна ўваліўся ў памяшканне і раптам застыў на парозе: Лена глядзела на яго і ўсміхалася.

Яго цяпер нельга было пазнаць. Каштанавыя валасы былі акуратна зачэсаны. Нават круглы твар не здаваўся такім тоўстым, а быў радасна-здзіўлены, расцягнуўся.

Падышоўшы да стала, Алесь стрымана прывітаўся з Ленай і павярнуўся да Віктара з застылым пытаннем на твары.

— Віктар хоча выбраць кнігу,— зразумеўшы Алесеў позірк, сказала Лена.

— Ага,— падхапіў той.— Дайце, калі ласка, пра маладагвардзейцаў.

— Х-ха! Маладагвардзейцаў... — не стрымаў Алесь.— «Жахлівыя ночы» табе ўжо не трэба?

— Што было, пра тое забыўся. Ясна? — непрыязна адказаў на гэта Віктар, нават не зірнуўшы на Алеся.

— А жонку дома ты, выпадкова, не забыўся? — зноў спытаў Алесь, наступаючы грудзьмі на Віктара.— Чаму прыйшоў адзін?

Той з незалежным выглядам узяў з Леніных рук кнігу і пайшоў за столік.

Алесь сеў за другі, у самым куце, надзьмуты як індык. «Вось прынесла нялёгкая,— думаў ён, гартаючы старонкі новага часопіса.— Не, брат, я цябе больш слухаць не буду. Дудкі! Старшыня сказаў, што Лена не хоча са мной і гаварыць праз цябе».

Лена злавіла сябе на думцы, што ёй прыемна глядзець на Алеся. «Калі ён не п’е, ён прыгожы і добры».

Хацелася глядзець на Алеся, хацелася знаходзіць у ім толькі добрае.

Сёння зазерцы збіраліся асабліва дружна.

Увайшло адразу двое мужчын, за імі — яшчэ адзін, гэткі ж прыбраны, як і ўсе.

Убачыўшы, што яны тут не першыя, мужчыны весела віталіся з астатнімі, з ахвотай браліся за газеты і часопісы. У кожнага раптам з’яўлялася цікавасць да міжнародных падзей, да жыцця краіны.

— Бач! — гаварыў адзін.— Турысты! Нашы вайсковыя аб’екты фатаграфавалі... Шпікі праклятыя!

— А ракета «Атлас» зноў узарвалася! — смяяўся другі.— Не дагнаць амерыканцам нашых касмічных караблёў!

Як прыемна было глядзець Лене на гэтых «зацікаўленых»! Яна спачатку здзівілася, што зазерцы ўпершыню з’явіліся як на свята, усе прыбраныя. Калі ж у новым касцюме зайшоў і каваль Мікола, Жураўская зразумела, што старшыня, відаць, не жартаваў, калі гаварыў, што збярэ мужчын.

Але цішыня і парадак культурнага адпачынку зазерцаў раптоўна былі парушаны. З надворку даляцеў спачатку невыразны гоман. Ён раз-пораз узмацняўся і ўзмацняўся. І вось ужо можна было пачуць асобныя ваяўнічыя воклікі жанчын:

— Рабіць ім няма чаго — у клуб цягнуцца! Мы ёй пакажам той клуб! Вокны павыбіваем...

— Правільна! Досыць з ёй няньчыцца. Лялька...

— Зачыні дзверы, Насця, каб ніхто не ўцёк! Мёд абнюхалі...

— Не адставайце там, бабы!

— Ну, чаго вы глупства гаворыце? Што з таго, што мужчыны сталі лепш апранацца. Значыць, культурнейшымі сталі! Багацей жыць пачалі... А што — у чытальню трэба ў рабочай вопратцы хадзіць? Правільна яны робяць..

Мужчыны насцярожыліся. У зале стала ціха. Не чуваць было нават шэлесту старонак. Ніхто не вымавіў слова нават і тады, калі, узрушаныя і адважныя жанчыны ўварваліся ў памяшканне. Уварваліся... і заціхлі. Яны ўбачылі незвычайную карціну: Лена рабіла ў сшытку нейкія запісы, схіліўшы задуменны спакойны твар. Мужчыны ўткнуліся насамі ў газеты і часопісы.

— Заходзьце, калі ласка,— з добрай усмешкай сказала Лена, і ніхто не мог здагадацца, якога намагання, якога напружання нерваў каштаваў ёй гэты спакойны выгляд.— Каця, Зося... Заходзьце.

Пачуўшы сваё імя, Каця ганарова, незалежна падышла да Віктара, ад чаго той яшчэ ніжэй сагнуўся над кнігаю.

— Ха!.. Глянь, Каця, на гэты малюнак,— як ні ў чым не бывала, сказаў Віктар, узняўшы на жонку позірк, поўны гневу і нянавісці.— Бачыш, дар-рагая? Ты бачыш, я цябе пытаю?!

— Ціха, дурань...

Каця зразумела, што тут надта не разыдзешся, і пакорліва села побач з мужам.

Затое каваліха Зося падляцела да свайго як аса. Сыкнула, ушчыпнула:

— Ідзі дамоў, кажу! Прыфранціўся... Без цябе тут жаніхоў хапае!

— Здурнела ты, кабеціна, ці што? Зірні вось лепш сюды. Бачыш, да чаго чалавек налізаўся той гары?

— І цябе малюнак цікавіць? — пад агульны смех Зося зноў ірванула мужа за пінжак.— Ты ж у Ніўкі збіраўся пайсці!

— Ішоў! Але спаткаў вось хлопцаў, і забеглі сюды,— гучна апраўдваўся каваль.

Лена глядзела на ўсё гэта і хавала ўсмешку.

— Гэта табе сюдой дарога ў Ніўкі? Га? — не здавалася Зося.— Выходзь, кажу!

І тут пачуўся голас старшыні:

— Ану, бабы, крыху цішэй! Раз сабраліся — садзіцеся, будзем весці гаворку... Не стойце на праходзе! І ты, Насця, садзіся да свайго Януся, не саромейся, не першы год замужам!..

Пад смех і гоман старшыня ўвёў з калідора за руку немаладую ўжо, разгубленую жанчыну ў пышнай квяцістай спадніцы, у фартуху, з закасанымі рукавамі, відаць, ад печы.

Жанчына ўпіралася і размахвала пад самым носам старшыні вялізным кулаком:

— Я табе не маладзёшанька, што цягнеш, як воўк авечку!

— Ну, ідзі, ідзі, мая галубка, да мяне,— распасцёр магутныя рукі Янусь, калгасны трактарыст.— Я табе пачытаю апавяданне, як паспрачаліся два Іваны. Ці — як чорт месяц украў. Хочаш? Тут і не такія жахі ёсць...

— Пачакай, галубок, будуць табе жахі! — прыгразіла Насця.— Прыйдзеш дамоў...

Корань мігам рассадзіў усіх і пастукаў костачкамі пальцаў па стале.

— Ціха, таварышы! Спрачацца будзеце дома. А тут, калі ўжо прыйшлі па сваёй добрай волі, паслухайце і адпачніце.

У пакой увайшоў лектар, нізенькі лысы чалавек у чорным і, здавалася, цесным касцюме. Людзі адразу перайшлі ў клуб, расселіся.

Лектар зайшоў быў за трыбуну, але выявілася, што тая трыбуна зроблена не па яго росту. Куды зручней стаяць побач з ёю.

У зале нехта хіхікнуў. Чалавек павярнуў у той бок галаву і даволі басавіта сказаў:

— Мяне завуць Самсонам... Самсон Кірылавіч Кныш...

Цяпер ціхі смех пачуўся з другога боку. Кныш павярнуў галаву на гэты смех і, як нічога не было, гаварыў далей:

— Я вам, таварышы, раскажу не пра атамы і зоркі, не пра падарожжа на Месяц і Венеру, а пра людзей, якія жывуць на зямлі, сярод нас, але жывуць не так, як мы...

У зале адразу стала ціха.

Лектар расказваў пра сектантаў, пра тое, як у суседнім раёне з-за іх загінула маладая жанчына.

Чалавек гаварыў, не заглядаючы ў канспект.

Калі Кныш кончыў лекцыю, на сцэну выйшла Лена Жураўская. Яна была ў светлай сукенцы. Тугая каса, закручаная ў куклу, надавала твару строгасць.

— Цяпер, таварышы, пачнём наш традыцыйны вечар пытанняў і адказаў,— крыху схіліўшы набок галаву, сказала Лена. Адказы будзе даваць доктар філасофскіх навук Самсон Кірылавіч Кныш...

Каваліха Зося штурхнула мужа локцем і ціха спытала:

— Чаму гэта — доктар, а гаворыць пра рэлігію? Хай бы лепш пра хваробы...

— Чула ж, што казаў... Сектанты — гэта самая небяспечная і цяжкая хвароба,— усміхнуўся ў адказ каваль.

— Ат, дуры галаву... Спытай лепш, чаму цяпер маладыя ды вучаныя, а ў царкву бегаюць...

— Ты ж сама казала, што ў Бараўлянах малады, прыгожы поп заявіўся, спявае, як артыст. Вось дзяўчаты і бягуць паслухаць ды паглядзець на таго папа...

Першае пытанне, як заўсёды, задаў барадаты і сівы дзед Гаўрыла, калгасны пчаляр. Малы, жвавы, ён прайшоў да сцэны і, павярнуўшыся тварам да людзей, акінуў залу хітрым прыжмураным позіркам. Тыповы літаратурны дзед. Напішы пра гэткага, дык скажуць, што ён запазычаны з другой кнігі. А такія шустрыя, разумныя дзяды ёсць у кожным сяле!

— Вось такое маё пытанне будзе,— пачаў Гаўрыла, звяртаючыся да ўсіх.— Кажуць, бога няма... А нам вядома, што здаўна бог вёў вайну з д’яблам. Дык ці не здарылася ў іх там такое, што д’ябал перамог бога? Чаму я, мілыя людзі, так думаю... А таму, што па ўсім відаць — бога няма, а д’ябал існуе! Гэта ж ён даў людзям розум зрабіць атамную бомбу, каб пасля ўсё чалавецтва спяклося на тым д’ябальскім агні, як прусакі. Ці не праўда, га?

І пайшоў на месца, задаволены сваім хітрым пытаннем.

Кныш зразумеў жартаўлівага старога, усміхнуўся і правёў яго позіркам аж да месца.

— Добра, я адкажу,— прамовіў ён, калі стары ўсеўся.— Магчыма, усё ў гэтым пытанні было б правільна, калі б не ўлічваць трэцюю сілу — чалавека. Як вядома, чалавек заўсёды вёў вайну і супраць бога, і супраць д’ябла. Калі ўжо, як тут казалі, бог адолены, то з адным д’яблам справіцца будзе лягчэй. Ды і з усім, што звязана з гэтым д’яблам. Ну хоць бы з тымі атамнымі бомбамі.

— Іэ-эт, лоўка выкруціўся! — задаволена выгукнуў Гаўрыла і першы запляскаў у далоні.

Пытанняў было шмат, адказы былі цікавыя, дасціпныя. Жанчыны смяяліся, мужчыны жартавалі. Нарэшце сцішыліся. Слова ўзяў старшыня.

Лена зірнула на яго і чамусьці захвалявалася. Яна адчувала, што Корань нездарма памог ёй сабраць столькі народу.

— Перш-наперш,— спакойна сказаў старшыня,— прашу прабачэння, што пачну не з вясёлага. Прашу, шаноўныя, прыняць да ўвагі, што ў нашым сяле ёсць людзі, якія крыўдзяць адзінокую дзяўчыну. Вы ўсе ведаеце, пра каго я кажу. Ці ж можна думаць толькі благое пра таго, хто жыве адзін, без бацькоў, без радні? У Гэлькі тут нікога няма... Дык на яе ўсякае можна і выдумляць? Сорам!..

— Брахалі ж не ўсе,— нясмела ўставіла Зося.

Старшыня паківаў на яе пальцам.

— А чаму ж вы не спынілі брахуноў? Маўчыце? Дык я скажу. Бо зняважылі чужога чалавека, не вас асабіста. Адзін п’янчужына сватаўся, а другі, каб абразіць дзяўчыну, настаўніка ў яе пакоі ўбачыў і нагаварыў усялякае, навыдумваў. А вам і весела! Не пра вас плёткі пускаюць, няхай ляцяць... Дрэнна! У Гэлькі ёсць жаніх, ён хутка прыедзе, а вы такую славу нядобрую пра яе разносіце. Яшчэ горш! — махнуў ён сваёй вялізнай рукою і змоўк. Маўчалі і зазерцы. Толькі Зося ціха сказала:

— Хай бог сцеражэ...

— Трэба, каб людзі сцераглі! Каб ахоўвалі, біліся за праўду, а не хаваліся ад яе... Жураўская сумленны работнік, чэсны чалавек... І не было б нашай Вольцы жаніха, калі б яна была такою, як вы думаеце! — зноў сказаў Корань.

Не глядзела Лена на Алеся ў гэтую хвіліну! Калі б яна зірнула на яго хоць раз, то заўважыла б, як нізка схіліў ён сваю галаву, як гарэлі яго вушы.

— Ці праўда гэта? — спытаўся каваль у Алеся.

— Праўда! — не ўзнімаючы галавы, ціха адказаў той.— Усё мы з Віктарам выдумалі. Лена ж і Вольцы казала, што ў яе ёсць гарадскі нейкі. А што ў дождж настаўнік трапіў да яе, дык кожнага з нас яна не прагнала б! Як піць даць...

— Смалы вам з Віктарам піць даць! — з’едліва кінула Каця.— Знюхаліся, брацікі, каб вас...

— Разлучым! Калі ўсе возьмемся за іх, то шаўковымі стануць,— прыгразіў старшыня.

Усе засмяяліся і адразу павесялелі. Пачаліся тыя вясковыя жарты, ад якіх любы не вытрымае, каго яны закрануць.

Віктар першы выскачыў з залы, быццам з гарачай лазні. Добра прапарылі. Алесь жа толькі закрыў твар газетаю, усё да канца выслухаў.

Лена радавалася. Не чакала, што іменна сёння пачнецца гэтая гаворка. Ёй таксама было ніякавата. Яна чырванела і не ведала, дзе схаваць вочы ад сораму. Старалася думаць пра што іншае.

«Алесь малы быў вельмі худы. Віктар — наадварот. А цяпер яны памяняліся,— успамінала Лена.— Вось толькі Зося такая ж, як і была, малая, злосная, калючая. Бедны каваль, ён пакорліва церпіць усе яе здзекі, як дзіця! А Віктар і малы быў нягодны».

Быў у клубе толькі адзін чалавек, нібыта лішні, нікім не заўважаны. Задумённы і маўклівы, ён сядзеў у самым куце. Бачыла яго адна Лена. Яна адчувала, што прыйшоў ён не проста так, што ў яго ёсць свае нейкія прычыны маўчаць, быць непрыкметным. Што гэта за прычыны? І чаму ён увесь час глядзіць на яе? То збялее хлопец, як папера, то зальецца чырванню. І не хапае адвагі сказаць сваё слова. Бедны Васіль!

Калі ўсе ахвотнікі выгаварыліся, Лена зачытала план работы клуба на наступны месяц.

— Нам трэба будзе неўзабаве арганізаваць свае гурткі мастацкай самадзейнасці,— сказала яна нарэшце і ўжо зусім неспадзявана для ўсіх дадала: — Васіль, склаў бы ты спісы, хто ў які гурток хоча...

Васіль страпянуўся, як птушка, напалоханая знянацку.

— Гэта можна,— сказаў ён прыглушана.

— Гурткі — гурткамі, але глядзіце, каб і кнігі на паліцах не пыліліся! Хадзіце сюды часцей, таварышы,— сказаў, звяртаючыся да ўсіх, старшыня.

— Запрашаеце-то вы ўсіх, Рыгор Пятровіч, але ці ўсіх мне сюды пускаць? — заўважыла на гэта Лена.

Старшыня здзіўлена зірнуў на яе:

— Пра што гэта ты?

— Я зноў пра Алеся. Брат — парторгам у калгасе, сам — камсамольцам быў, а такое сабе дазваляе, што проста сорам! Падумайце, ці варта давяраць яму калгасную машыну? Ён жа нап’ецца калі-небудзь ды мала таго, што сам скалечыцца ды людзей пакалечыць, а і машыну паломіць, спаліць.

— Падумаем пра гэта,— сказаў старшыня.— Справа правільная...

— І яшчэ... — зноў пачала Лена.— Цяпер людзі ўсім цікавяцца, да ўсяго імкнуцца. Ім, акрамя хлеба надзённага, нешта трэба і для душы! Людзі хочуць жыць весела. А тут у клуб нельга парога пераступіць з-за двух-трох п’яніц.

— Правільна! — падняў руку каваль.— Усып яму па самую пятніцу! Хто ж яшчэ можа прыструніць Алеся...

— Ты лепш маўчы! — паківаў на яго пальцам старшыня.— І тваю Зоську прыструніць варта. Каб курэй на базар не вазіла...

— А я не курэй, а яйкі! — агрызнулася Зося.— Сама не ем, дзецям не даю, каму якая справа? Мне трэба хату перасыпаць...

— Хлусі, ды меру знай! Дачушцы пасаг збірала, а дачушка — шусь замуж ды на цаліну! Цяпер сама грошы прысылае ды просіць, каб яе той пасаг на легкавушку сабе я ўзяў! — адказаў каваль.

— Так ужо і просіць!

— А навошта пісьмо тое схавала, не дала пачытаць? Ве-е-даю... Кажы, Гэлька, далей...

— Ну, што казаць? — паціснула плячамі Лена.— У нас і клуб ёсць, і баян нядаўна набылі, але што мы маем, апрача танцаў? Вось людзі хочуць у драмгуртку займацца. Хутка свой аркестр будзе, а дзе наш рэквізіт, дзе музычныя інструменты?

— Ты мне спярша свайго мастацкага кіраўніка пакажы! — нахмурыўся старшыня.— А то здарыцца такое, што дарма толькі грошы патрацім.

Лена зачырванелася і махнула рукой:

— Яшчэ не ўсё! Пры клубе павінна быць і спартыўная зала. Лыжы, гарнітуры, валейбольная сетка, мячы. Бачыце, колькі нагаварыла!

— Можа, і рэстаран свой адкрыць! — звёў бровы трактарыст Мікола, які дагэтуль маўчаў.— І джаз завесці...

— Джаз — гэта ідэя! — падхапіў старшыня.— Я, дальбог, сам удзельнічаў бы. Першым кларнетам калісьці быў! Даўненька тое дзынкала... А рэстаран нам не патрэбен. Усё ж астатняе, таварышы, абмяркуем як небудзь. Не толькі Зазер’е — наш калгас. І Ніўкі, і Баркі, хоць не вялікія, але вёскі. Там народ таксама культурна жыць хоча...

Разыходзіліся позна, калі ўжо садзілася за лес сонца і з возера пацягнула прыемным халадком. Многія неслі дадому кнігі. Але не гэта было галоўнае для Лены. Яна зразумела, што з гэтага дня зазерцы ўжо не будуць касавурыцца на яе з-за фіранак. Яны адкрыта выйдуць на вуліцу і шчыра павітаюцца. Яна зразумела, што пераадолен той рубеж, які доўгі час перашкаджаў ёй размахнуцца ў сваёй рабоце, як касцу на лугу, дзе зрэзалі купіны.

Усё цяпер будзе залежаць галоўным чынам ад таго, як здолее паказаць сябе «новы», наколькі хопіць у яго цярпення і вытрымкі, умення прыладкавацца да звычаяў, да вясковых людзей. Лена ведала, што Анатоль сам калісьці жыў у вёсцы, але ўсё ж непакоілася за яго. Зазер’е — вялікае сяло, тут любяць моцную, валявую натуру. Тут аўтарытэт адной прабіўной сілай ды моцным горлам не заваюеш: любую сілу скруцяць у барані рог зазерцы, калі яна насуперак дарогі стане. Зазерцы любяць сціпласць, добрасумленнасць. Нават будзь чалавек немаведама ў чым вінаваты, а калі ён скарыўся, папрасіў прабачэння — яму даруюць любую віну, падтрымаюць. Ці не таму працуе Віктар у магазіне, што заўсёды ў час раскайваецца і пускае слёзы? Вось і цяпер ён «раскаяўся», хоць і выскачыў з чытальні злосны.

Калі Лена выйшла разам з Кацяй, ён падышоў моўчкі, вінавата, як пабіты сабака.

— Ты даруй, Леначка, што я тады на ферме... — пачала Каця, але Віктар перапыніў яе.

— Абое апраўдвацца будзем на судзе! — сказаў жартам.— А цяпер бяжы да Волькі і вытры ёй слёзкі. Алесь! — гукнуў ён шафёра.— Пайшлі, зробім на радасці па адной...

Алесь злосна зірнуў на Лену і адрывіста кінуў:

— Пайшлі!

Каця пляснула далонямі.

— Каб вы ўжо атруты якой напіліся, смаўжы! — сказала яна рашуча і пакрочыла за мужам.— Не-е, галубок, не дазволю! Досыць табе ўжо кроў маю піць!..

— Але-эсь,— ціха паклікала Лена.

Ён спыніўся, недаверліва павярнуў назад галаву і паглядзеў на дзяўчыну.

— Клікала?

— Ага. Пакатай мяне на лодцы. Помніш, як мы малыя ездзілі?

Алесь разгублена зірнуў на яе, на Віктара і раптам стукнуў сябе кулаком у грудзі.

— Са мной? І табе цяпер, пасля ўсяго, што нагаварыла, не страшна?

— Ніколечкі,— усміхнулася Лена. І ўсмешка тая вырашыла многае.

Алесь быў памкнуўся за Віктарам, потым спыніўся.

— Тады вось што, Віктар... — знайшоўшы нарэшце сілы, сказаў Алесь.— Будзь здароў! Кульнеш там за мяне і не памінай ліхам...

Яны стукнуліся кулакамі, нібы шклянкамі, адрэзалі разам «будзь здароў» і разышліся.

І вось Лена засталася з Алесем адзін на адзін. Яна зрабіла гэта не толькі дзеля таго, каб хоць на сёння разлучыць сяброў. Лена адчувала сваю віну перад Алесем, хацела ўпэўніцца, ці сапраўды добры характар у хлопца, ці зразумеў ён — чаму яна так жорстка абышлася з ім?

— Ты пачакай, я хутка,— папрасіла яна Алеся, забегла ў свой пакойчык, надзела жакет і выйшла да возера. Алесь ужо выліваў коўшыкам з лодкі ваду.

— Паедзем так, а то сцямнее,— сказала яна.— Ужо дзесяць гадзін.

— А сцямнее толькі ў адзінаццаць, гэта як піць даць...

— А калі не даць піць — выжывеш? — усміхнулася Лена.

Алесь крыху пачырванеў і не адказаў. Ён зразумеў гэты недвухсэнсоўны намёк. І ўжо калі садзіўся ў лодку, сказаў:

— А пра машыну ты дарэмна... Нікому яе не аддам. Словы на вецер кінула...

— А ты? Не абяцаў больш не піць? Вось гэта — сапраўды словы на вецер...

— Думаеш, мне дужа хочацца гарэлку піць?

— Дык чаму ж вы жлукціце яе?

— Сітуацыя...

— Прычым тут сітуацыя?

— Сумна... Жыць не цікава.

— Вось жа няпраўда! — запярэчыла Лена.— Проста не навучыліся жыць як людзі, нікога не паважаеце...

Алесь успомніў усе свае паводзіны. Як заракаўся піць гарэлку, як няўдала сватаўся і, быццам бы камусьці на злосць, зноў здружыўся з Віктарам. Радасці ад гэтай дружбы не было, хутчэй наадварот. Кожную раніцу ён прачынаўся з думкай парваць хаўрусніцтва, а пад вечар ішоў да Бадзягі, і ўсё паўтаралася спачатку. Чаму ён так рабіў, наперакор сваёй волі і жаданню? Няўжо і праўда «мазгі адпіў», як казала яму Волька? Цяпер вось прыйшлося катацца разам з той, каго не раз крыўдзіў і абражаў. І Лена, як наліха, села на самую карму, тварам проста да яго. Не падняць вачэй, не зірнуць шчыра, адкрыта.

Лена раптам засмяялася:

— Як гэта ў цябе добра выходзіла: па дваццатцы за дарогу — гэта нямнога, а хто прыбядніцца — з таго — трыццаць! — грубым голасам прадэкламавала яна і дадала: — Помніш? І цяпер возіш «квактух»?

— Бывае...

Энергічнымі рухамі ён так разагнаў лодку, што толькі хвалі разляталіся ў бакі. Дубовыя вёслы аж гнуліся ад напору тугой вады.

— Я не вазіла б... — Лена апусціла руку ў ваду, сарвала вялікую белую кветку гарлачыка.— У нядзелю — калі ласка, а ў будні — нізашто! Цяпер жа і сенакос, і жніво падаспела...

Алесь спадылба зірнуў на Лену. Яна пераняла яго позірк цёплай усмешкай, ад якой пацяплела ў грудзях шафёра.

«Што гэта? — думаў ён.— Са мной такога не здаралася нават тады, калі сватаўся. Цяпер ведаю, што ў яе ёсць сваё каханне, а вось сэрца не ўтаймую... Баліць... Кахае...»

— Чаго маўчыш? Павязеш «квактух»? — зноў спытала Лена.

— Няхай чакаюць! — неяк са злосцю раптам выпаліў Алесь.—І каваліху, каб на яе ліха, і Сароку-варону, і астатніх... Пракачу як піць даць!.. Цьфу з гэтым піць! — яшчэ больш нахмурыўся ён і змоўк.

Лена засмяялася. Яна адчувала, што душа ў Алеся чыстая, чалавечая. Гэтай душы патрэбна звычайная падтрымка друга. «Яму б строгую жонку, каб у руках трымала. Хлопец прыгожы, здатны. А характар — мяккі, што той воск!»

— Во што я скажу, Алесь: Віктар табе не таварыш,— проста пазіраючы на яго, сказала Лена.

—- Гэта праўда,— уздыхнуўшы, згадзіўся Алесь. — Толькі і я... таксама добрая цаца...

— Ты яшчэ акрыяеш, да цябе дзяўчаты прыглядаюцца. Усё думаюць-гадаюць: ісці за такога ці не.

— Няўжо так думаюць? — з наіўным здзіўленнем спытаў Алесь. — Ну, ці нельга за такога, як я, цяпер замуж пайсці?

— Не-е,— пакруціла галавой Лена.— Цяпер — нізашто! Які цяпер ты жаніх?

— Няўжо ніякі? — нібы папярхнуўся Алесь, зноў налягаючы на вёслы.

— Ніякі! — хітравата кіўнула Лена.— Дзяўчаты ж бачаць, як за п’яніцам Каця жыве...

— Я ж не п’яніца...

— Лепш памаўчы. Колькі разоў абяцаў кінуць піць, а ўсё не кідаеш. Эх, Алесь, Алесь. Яшчэ сватаўся...

— А той, гарадскі? Ты яго дужа чакаеш? Ён не такі просты, як я?

— Ён — просты... Зусім просты,— ухілілася ад прамога адказу Лена.— Чым, напрыклад, чалавек прасцейшы, тым ён лепшы...

Алесь заўважыў, што Лене вельмі падабаюцца гарлачыкі. Ён увесь час ехаў бліжэй да берага, дзе асабліва многа было гэтых пахучых кветак. Быццам незлічоныя чароды белых гусей услалі прыбярэжную ваду — такімі здаваліся яны здалёк. А ружовы небасхіл падфарбаваў ваду, пазалаціў кусты ракітніку. Такога прыгожага вечара Алесь не бачыў даўно. І ці бачыў калі наогул?

«Паглядзім, што ён за гусь, той яе артыст! — думалася хлопцу.— Калі будзе добры — няхай жывуць, а не — дык я не аддам цябе, Лена, прайдзісвету!..»

Неўзабаве яны вярнуліся назад.

— Ну вось і цудоўна! — сказала Лена, працягваючы на развітанне руку.— Спакойнай ночы... І не крыўдуй на мяне. .

— А я не крыўдую! — Алесь махнуў рукой і шчыра паціснуў малую яе далонь.— Я ведаю — ты пачала націскаць на мяне «з пазіцыі сілы». А, як вядома, гэтая палітыка нікому не прыносіла поспеху! — і калі позірк яго сустрэўся з позіркам дзяўчыны, дадаў: — Эх, і нап’юся ж я сёння! Ад вялікай радасці, Лена. Як піць даць нап’юся! — і шпарка пайшоў у сяло, нават ні разу не азірнуўшыся.

«Ну вось,— думала Лена, зачыняючы за сабою дзверы.— Угаварыла, называецца. Як піць даць...»

 

* * *

Папера, пушчаная з лёгкай рукі адгароджанага ад навакольнага свету дырэктара, падпісаная інспектарам Дзеравягай, паступова пачала абрастаць рэзалюцыямі. У гэтую непрывабную справу быў уцягнуты нават райком.

І добра, што па сваёй асабістай справе Пятро Жывіца якраз зайшоў да сакратара ў той дзень і час, калі, прачытаўшы ўсю «справу Пятра Жывіцы», Аляксей Аляксандравіч Заронак ламаў галаву над тым, якую кару прыдумаць новаяўленаму лавеласу.

— А-а, даражэнькі, дачуўся! — ледзь толькі Пятро ступіў за парог кабінета, як адразу пачуў голас сакратара.— Садзіся тут!

Ці злаваўся Аляксей Аляксандравіч, ці быў у добрым настроі, ён заўсёды называў людзей «даражэнькімі».

— Што — дачуўся, Аляксей Аляксандравіч? — не зразумеў Пятро.— Слухаю...

Заўсёды спакойныя, з лёгкім адценнем зморанасці, добрыя вочы сакратара райкома цяпер гарэлі гневам. Заўсёды бадзёры і энергічны,— хоць і нялёгка чалавеку ў пяцьдзесят год захоўваць юначы задор і жвавасць,— цяпер Аляксей Аляксандравіч быў павольны ў рухах. Ён нават руку падымаў, здавалася, з вялікім намаганнем. Выгляд у яго быў такі, нібы ў чалавека, які соладка спаў, а яго разбудзілі з-за нейкага там глупства.

— Слухаю... Табе — слухаю, а мне, даражэнькі, клопатаў хапае і без інтымных спраў завуча. Вось, чытай! — непрыязна зазначыў сакратар і падсунуў Жывіцу паперу, дзе чорным па беламу значылася, што «праведзенае следства непрыстойных паводзін настаўніка Пятра Жывіцы цалкам пацвердзілі факты, аб якіх паведамлялася ў пісьме дырэктара Зазерскай школы Круцько Івана Савіча...

Даведаўшыся аб тым, што ашуканая і пакінутая ім Волька не атруцілася, а Лена Жураўская «ўчыніла на лузе грамадскі скандал», Жывіца не рассмяяўся. Ён глыбока задумаўся, звёўшы чорныя шырокія бровы.

— Ну што, даражэнькі, будзем рабіць? — нарэшце спытаў Аляксей Аляксандравіч, паклаўшы абодва кулакі на стол і ва ўпор пазіраючы на Пятра.

— Сам не ведаю,— паціснуў плячамі,— што з ім трэба рабіць...

— З кім гэта?

— З Іванам Савічам! — Жывіца смела глянуў Аляксею Аляксандравічу ў твар.— У нашым кодэксе, здаецца, ёсць такое права — прыцягваць да крымінальнай адказнасці шантажыстаў і паклёпнікаў... Калі такога права і няма, то для Круцько можна знайсці іншае абвінавачванне! Я сёння хацеў якраз весці размову аб яго непрыстойнай дзейнасці як дырэктара. Але цяпер вы падумаеце, што я загадзя падрыхтаваў контрудар. Адно скажу вам, Аляксей Аляксандравіч, што ў Зазер’і ніхто не труціўся. А калі хто яшчэ можа ўчыніць грамадскі скандал, то гэта будуць Круцько і Дзеравяга!

— Пачакай, пачакай... Нешта ты вельмі цікавае гаворыш,— прамовіў сакратар. Ён жвава адсунуў сваё крэсла, падсеў бліжэй да Жывіцы: — Гавары ўсё, начыстату! Мусіць, усё ж давядзецца ехаць да вас...

— Тым лепш,— усміхнуўся Пятро.— Прысуд знойдзе сапраўднага злачынцу... Там сёння, здаецца, збіраюцца пакараць мяне.

— А ў сяле нічога не здарыцца, што б магло падарваць твой аўтарытэт? Калі ты сапраўды не вінаваты...

— У сяле, апрача канцэрта, якім парадуюць сялян Дзеравяга і Круцько, нічога не здарыцца...

— Тады — па конях!

Праз якую гадзіну яны імчаліся на райкомаўскім «газіку» ў Зазер’е, хоць Аляксей Аляксандравіч ужо мог спакойна адпачываць дома: было каля васьмі гадзін вечара. Аднак тое, што ён пачуў ад Жывіцы, усхвалявала і насцярожыла яго. Можна было паслаць і другіх людзей, нават цэлую камісію, але Заронак ведаў, што ніякія камісіі не заменяць яму ўласных вачэй і вушэй. Чуць і бачыць самому — такі ўжо прынцып у Заронка.

І вось ён едзе за трыццаць кіламетраў, каб прысутнічаць на той камедыі, аб якой гаварыў завуч.

 

* * *

А на калгасным дварэ ўжо сапраўды збіраліся людзі. Дзеравяга і Круцько без усялякіх аб’яў дамагліся таго, што сюды самі калгаснікі ішлі з ахвотаю і цікавасцю. «Настаўніка будуць судзіць!» — з вуснаў у вусны перадавалі сенсацыйную навіну жанчыны. Сам старшыня пацвердзіў, што гэта будзе смешны суд. Ён таксама прыйшоў, але ад прэзідыума адмовіўся.

З канторы вынеслі стол, некалькі крэслаў. Дзеравяга і Круцько занялі месца ў цэнтры, а Васіль Цалавальнік, як нязменны сакратар сходаў і пасяджэнняў, прымасціўся збоку.

Здагадвалася аб незвычайным такім зборы і Волька. Яна ўбачыла таго дзіўнага старога з раёна і зразумела, што справа тут будзе датычыць Лены, Пятра і яе. Таму яна загадзя схавалася за спіны сябровак і старалася не пападацца на вочы дырэктару і Дзеравягу. Краем вуха Волька чула, што адбывалася там, ля возера, і што гаварыў зазерцам старшыня, і што адказвалі людзі. Цяпер жа ёй стала сорамна, яна адчула сваю віну перад Ленай. І толькі трэба ўявіць, як яна здзівілася, пачуўшы наступнае:

— Та-ва-ры-шы! — раздзельна, пісклявым голасам, нібы выціскаючы з сябе апошнія сілы, ад чаго адразу надуліся на тонкай шыі вены, пачаў Дзеравяга. Было такое ўражанне, што гаварыў ён, па крайняй меры, гадзіны дзве.— Мы, гэта значыць я, інспектар райана, і дырэктар школы Іван э-эм-э...

— Савіч,— ціха падказаў Круцько.

— Савіч! — узняў угору ўказальны палец інспектар.— Дакладна вызначылі наступнае: а — што завуч школы Пятро Жывіца сваімі непрыстойнымі паводзінамі падрывае аўтарытэт савецкага педагога і чалавека наогул, чалавека, які павінен ісці ў светлае заўтра ў першых шарэнгах, без адзінай радзімае плямы праклятага намі і нашымі бацькамі мінулага, без тых перажыткаў, якія таму і называюцца перажыткамі, што перажылі наш век і нас з вамі, таварышы, і яшчэ сям-там сустракаюцца на нашым велічным шляху ў выглядзе, самі ведаеце, розных пнёў і купін, якія трэба руйнаваць, вырываць з карэннем і зразаць іх у гнілой аснове...

Закончыўшы гэтую глыбакадумную тыраду, Дзеравяга задаволена абвёў прысутных цёмнымі шкельцамі акуляраў.

— Аб чым ён? — спытаў, падышоўшы, Алесь у сівога дзядка. Ён дачуўся пра сход і таксама прыбег пацікавіцца. Пачуў толькі апошнія словы.

— Ды зноў пра сухадол, відаць,— адказаў яму стары.— Пні, кажа, трэба рваць ды купіны рэзаць. А дзе ў нас тыя пні, калі не ў Рудачках, на тым сухадоле?

— А-а, вось яно што,— махнуў рукою Алесь і хацеў ужо ісці, як пачуў нешта больш цікавае.

— Бэ,— загнуўшы на левай руцэ яшчэ адзін палец, прадаўжаў інспектар.— Жыхарка вашага сяла, ашуканая гэтым адсталым элементам, чакаючы, самі ведаеце, прыбытку ў хаце, ледзь не выпіла атруту, і такім чынам, ледзь не загубіла сваё маладое жыццё, так патрэбнае і ёй, і яе нашчадкам, і нам з вамі, таварышы! І вэ — яшчэ адна ахвяра. Гэта бібліятэкарка, таксама маладая, нявопытная, ды затое прыгожая, жыццярадасная, спакушаная зноў жа тым нягоднікам...

І толькі ён гэта сказаў, як сярод напружанай цішыні пачуўся залівісты дзявочы смех. Усе адразу павярнулі галовы на той смех і ўбачылі Вольку. Яна чырванела, як наліўны яблык на сонцы і, закрыўшы рот рукою, ніяк не магла суняцца ад смеху.

Раптам твар яе пачаў траціць сваю фарбу. Вочы з блакітных сталі шэрымі, пацямнелі. Энергічна падышоўшы да стала, Волька спынілася насупраць збянтэжанага інспектара і падперла бакі рукамі.

— Дык хто гэта чакаў прыбытку ў хаце і труціўся?! — грозна спытала яна.— Ці не я, тая няшчасная, га? Хіба я падобна на няшчасную ахвяру? Вось я зараз вам абскубу пух на лысіне, дык будзеце ведаць, як паклёп на людзей узводзіць!

І Волька на самай справе ўчапілася Дзеравягу ў валасы, ад чаго той закрычаў казлом. Зазерцы загалёкалі на розныя галасы, яшчэ больш падахвочваючы дзяўчыну. Тлум стаяў такі, што чуваць было аж у другім канцы сяла.

— ...Здаецца, мы прыехалі на самы кірмаш,— паказваючы Пятру сцэну каля стала, сказаў Аляксей Аляксандравіч. Каб не звярнуць на сябе ўвагі, яны спыніліся каля старшынёвай хаты і сюды прыйшлі пехатою. Моўчкі далучыўшыся да астатніх, Пятро і сакратар райкома пачалі назіраць за падзеямі зводдаль. Аднак дырэктар школы заўважыў іх і не на жарт захваляваўся. Хоць і па рашэнню райана ўстроілі яны гэтае зборышча — вынесу факты на суд грамадства,— але страх перад адказнасцю за тыя «факты» адняў у дырэктара мову.

«Ч-шорт!.. Уліп, мусіць, я з гэтай гісторыяй... Навошта толькі і звязаўся з ім, Дзеравяга няшчасная! Не мог усё шыта-крыта зрабіць!» — падумаў Круцько, наступаючы інспектару на нагу. Той войкнуў і зноў пачаў адбівацца ад вострага язычка дзяўчыны:

— Ты ж сама гаварыла, што чакаеш! — ківаў ён вузлаватым пальцам на Вольку.— Можаш цяпер прызнацца перад усімі, га?

— Дык я ж чакала Пятра,— схіліўшы галаву і склаўшы на грудзях рукі, цішэй адказала тая.— Адкуль жа мне ведаць, якія думкі былі ў вашай галаве? Пятра я чакала, і ён прыйшоў, дапамог мне з матэматыкай разабрацца... Я ж у інстытут хачу паступіць... Эх вы, Шэрлак Холмс!..

Яна крута павярнулася і пайшла ад стала. Гром апладысментаў праводзіў яе, і разам з калгаснікамі біў у далоні Аляксей Аляксандравіч.

Круцько зноў, яшчэ мацней, наступіў на нагу інспектару. Той аж падскочыў, зірнуў нездагадліва на дырэктара ды са злосцю выпаліў:

— Што ты мне ўсё на ногі лезеш? Там у мяне і так балючыя мазалі!

Дырэктару нічога не засталося, як устаць і, кланяючыся, павітацца з сакратаром.

— Вечар добры, Аляксей Аляксандравіч! — расплыўся ён ва ўсмешцы.— Просім сюды... Вось вам крэсла, Аляксей Аляксандравіч...

Дзеравяга хацеў нешта гаварыць, падняў абедзве рукі ўгору і раскрыў рот, але, пачуўшы гэтыя словы дырэктара, раптам застыў на месцы. Потым страпянуўся, як певень, і такім уладарным вокам зірнуў на прысутных, што здавалася, вось-вось падасць каманду «зважай».

— А-а, прыехалі і вы! — натуральна ажывіўся Дзеравяга.— Я ж казаў — зацікавіцеся! Я ж казаў...

— Ваша праўда, я зацікавіўся! — Аляксей Аляксандравіч, вясёлы і энергічны, стаў прабірацца да стала.— І трэба сказаць — дужа! Растлумачце, калі ласка, што ў вас тут?..

— Зачытайте пратакол! — загадаў Васілю Дзеравяга.

Васіль падняўся і паднёс да воч паперыну.

— Тут вось я запісаў амаль даслоўна тое, што было сказана інспектарам... Праўда, крыху апрацаванае выступленне,— ціха пачаў Васіль і зусім неспадзявана прадэкламаваў, набіраючы голас: — А — адсталы элемент, завуч безгаловы, адарваў аўтарытэт ад гнілой асновы. Бэ — жахлівая падзея...

Ніхто не пачуў астатніх радкоў гэтага незвычайнага пратакола. Усё патанула ў суцэльным гуле воплескаў і смеху. Трос плячамі і сакратар райкома. Толькі інспектар з дырэктарам не смяяліся: аднаму з іх было не да смеху, а другі яшчэ нічога не зразумеў. Ён зняў акуляры і ўвабраў галаву ў вострыя плечы, нібы хаваючыся ад удару.

— Што тут можа быць за смех? — звярнуўся ён да сакратара райкома, які, схіліўшыся над сталом, праглядаў паперы.

— Спытайце ў дырэктара Івана Савіча,— адказаў той, не ўзнімаючы галавы.

— Ціха! Ціха вы там! — раптам пасмялеўшы, Дзеравяга падняў руку ўгору.— Працягваем нашу размову...

— Размовы больш не будзе, таварышы! — звярнуўся да ўсіх Аляксей Аляксандравіч.— Прабачце, даражэнькія, за непаразуменне, віноўцаў якога, я думаю, мы знойдзем. А цяпер ідзіце адпачываць, пачытайце лепш цікавую кніжку ў сваёй бібліятэцы, дзе, як я даведаўся з пратакола, працуе маладая, прыгожая, жыццярадасная дзяўчына. Вось і ідзіце да яе. Пратаколам хай зоймецца ваша самадзейнасць: ён якраз падыдзе для смешных нумароў. А вы,— звярнуўся ён да Дзеравягі і Круцько,— зайдзіце ў кантору. Там і пагутарым...

Людзі разыходзіліся задаволеныя: такіх вясёлых сходаў у іх, бадай, не было ніколі. І не дзіва, што многім захацелася сапраўды прайсціся да возера. Вечар быў прыгожы, цёплы і надзвычай ціхі.

Волька дагнала Васіля і пацягнула яго за рукаў сіняй кашулі:

— Вася, пачакай... Слухай, Вася, што ж мне цяпер рабіць?

Хлопец наморшчыў нос і пакруціў галавою:

— Н-не ведаю, Волька, што б табе хацелася рабіць у такі вечар.

— З Ленай я, дурніца, пасварылася... Абразіла яе ні за што.

— Вось гэта ўжо грэх! — Васіль падхапіў пакорлівую дзяўчыну пад руку і загаварыў: — Волечка, якая яна харошая! Хто з хлопцаў ні зірне на яе — загіне. Вось і я так — глядзеў бы і глядзеў. І нават сваёй грубай рукою не дакрануўся б! Эх, Волечка-а...

— Не тваім носам маліны кляваць, Васіль...

— Гэта праўда...

— Дык чаго ж ты радуешся?

— Што ёсць такія харошыя людзі на зямлі!

— А што ж мне рабіць? — думаючы аб сваім, зноў спытала Волька.— З Пятром я паладжу, раскажу яму ўсе, што выпытваў у мяне той лысы. Пасмяецца і даруе, а вось Лена...

Без усякай на тое патрэбы, яна пачала пераплятаць свае тонкія касічкі. Добрыя быстрыя вочы яе цяпер патухлі. Васілю стала шкада дзяўчыны...

— Падыдзі да яе, пагавары...— параіў ён.

— А ты?

— Я не пайду... Не хачу мазоліць вочы...

Волька махнула на яго рукою і хуценька пайшла да Лены.

Хвалявалася яна дарэмна. Лена сустрэла яе, нібы між імі ніколі нічога не здаралася. Падышла сама, загаварыла:

— Бачыш? Хутка ўсім кніг не хопіць! Але старшыня абяцаў, што яшчэ купіць. А Жывіца дакляраваў аддаць сваю ўласную бібліятэку...

Лена спахапілася, але ўжо было позна: сказала пры Вольцы лішняе. Тая пачырванела і апусціла галаву. Тады Лена падняла яе галаву за падбародак і глянула ў твар:

— Глядзі людзям заўсёды шчыра ў вочы, Волька!

— Вой, маўчы ты лепш! Мне так сорамна перад табой, што не ведаю, як і апраўдацца... Вой, вой!

— Калі не баліць, то і не войкай,— зазначыла Лена і, узяўшы сяброўку за руку, пацягнула на вуліцу.— А памятаеш, як мы малыя на дзень разоў па пяць сварыліся і мірыліся? Пойдзем да мяне, пагутарым, каб больш так не рабіць, як малыя...

У пакойчыку было ўтульна. Стол ля акна, накрыты цяжкім габеленавым абрусам, драўляны ложак у куце з дзвюма падушкамі пад белым карункавым пакрывалам, новая люстраная шафа ля дзвярэй, два крэслы і белыя як снег фіранкі на вокнах — усё надавала пакою строгі, сціплы выгляд. Адно толькі псавала ўражанне — старая скрынка для посуда, на сцяне побач з печкаю. Лена ўсё збіралася яе выкінуць, але пакуль не было куды дзяваць талеркі ды каструлі.

Так і вісела тая шафа-скрынка, завешаная фіраначкамі...

Волька падышла да стала, зірнула ў акно і, павярнуўшыся, сустрэлася са строгім позіркам Лены...

— Лена...— пачала Волька, ідучы да яе.— Табе тут не страшна адной ноччу?

— Не ведаю,— паціснула тая плячамі.— Ноччу я сплю, а завалы тут моцныя, пастараліся нашы будаўнікі.

— Я нізашто не заснула б! Тут, кажуць, ноччу над возерам здані блукаюць...

Лена засмяялася:

— Вось гэта праўда! Адну здань я аднойчы ледзь чаем адагрэла, а другая ў акно паглядзела і нагаварыла немаведама што...

Волька зноў пачырванела. Лена заўважыла, што яна нешта хоча сказаць, але чамусьці ніяк не адважыцца. І яна вырашыла памагчы дзяўчыне. Нібы між іншым заўважыла:

— Калі чалавек сам няшчыры, дык ён і другім не верыць, падазрае, хавае не толькі свае ўчынкі, а і думкі... Гэта дрэнна! Я так думаю: цяжка на душы — падзяліся сваім горам, лягчэй стане. Можа, табе і параяць што... Часам збоку відаць лепш.

— Гэта праўда! — ажывілася Волька.— Сядзем, Лена, я табе нешта такое скажу, што бяда, дый годзе...

Яны селі каля стала. Лена паправіла кветкі ў гладышыку, абарвала некалькі звялых лістоў.

— Ну, гавары...

— Як бы гэта сказаць прасцей... Ашукала я Пятра, падвяла, і цяпер не ведаю, як прасіць прабачэння.

— Як гэта ты яго ашукала? — не зразумела Лена.

— Так, так, я ашукала яго! Я сказала, што паступаю ў політэхнічны інстытут, накупляла падручнікаў і папрасіла памагчы мне падрыхтавацца. Ён добры, ён любому паможа... І хлусіла, што мне вельмі цяжка самой вучыцца... Вось ён і пачаў прыходзіць да мяне. Я думала, што ён прывыкне, пакахае... Што я нарабіла! Столькі непрыемнасцяў яму з-за мяне, а я ж так яго моцна кахаю...

Волька выхапіла з рукава хусцінку і прыклала яе да вачэй.

— Нічога страшнага...— Лена строга зірнула на Вольку.— Ты не кідай сваю вучобу і хадзі да яго...

— Колькі ж можна цягнуць тую вучобу, не вечнасць жа...

— Цягні, пакуль не паступіш у інстытут.

— Да ты што? — спалохалася Волька.— Думаеш, я сапраўды магу паступіць?

— Чаму ж не? Пятро зразумее, што ты напорыстая, што вучылася не толькі дзеля яго, і пакахае! От пабачыш!..

— Каб гэта ды праўда! — у шчырым захапленні ўсклікнула Волька.— Я б кожную вольную хвіліначку за кнігай сядзела...

А пасля, калі ў чытальнай зале нікога не засталося, Лена правяла сяброўку да дарогі, вярнулася ў свой пакойчык і падумала: «Значыць, ён прыходзіў да Волькі дапамагчы ёй у вучобе! Відаць, яна моцна любіць Пятра, а ён, можа, і не...»

Яна злавіла сябе на гэтай думцы і дакорліва паківала галавою. Узяла люстэрка і, гледзячы на свой бледны твар, прамовіла:

— Ай, Лена, Лена, як табе не сорамна! У цябе ж свой жаніх ёсць. Хутка прыедзе... Прыедзе? А калі не? Так і засохнуць дарэмна мае мары...

Ёй успомніліся словы адной сяброўкі, якая нізашто не хацела ехаць у вёску працаваць: «У сяле нават замуж выйсці — праблема... Хлопцы як падрастуць, у армію адразу. А з арміі кожны ў горад пнецца, сяло ўжо яму, бач, не падыходзіць. А нам што, дзяўчатам, у сяле адным рабіць? Не паеду я туды...»

І дабілася, каб накіравалі ў абласны цэнтр.

Усё гэта Лена па-сапраўднаму ацаніла толькі цяпер. Нават у Зазер'і дзяўчат непараўнаўча больш, чым хлопцаў. І такой дзяўчыне, як тая яе сяброўка, цяжка было б тут знайсці сабе жаніха. А колькі хлопцаў з Зазер’я, механікаў розных ды інжынераў, пажаніліся ў гарадах ды жывуць там! Гэта несправядліва, шкодна для сяла...

«Трэба ў сёлах ствараць такія ўмовы для жыцця, каб кожны, дзе б ён ні быў часова, дадому хацеў,— падумала яна, рассцілаючы ложак.— І не толькі матэрыяльна зацікавіць... Трэба, каб кожны тут, у сяле, знайшоў сабе працу па спецыяльнасці. Старшыня казаў, што яму ўжо не шкодзіла б свайго інжынера-будаўніка мець, інжынера-механіка... Расце трактарны і машынны парк! А калі яшчэ сцэна ажыве, тэлебачанне прыйдзе! Вялікая бітва за культуру сяла пачалася правільна... Трэба толькі на месцах умела паставіць справу...»

Гэтыя не новыя думкі мелі для Лены асаблівы сэнс: яна, можна сказаць, не толькі думала пра новую вёску, яна бачыла яе ў сваіх марах летуценных, у снах дзявочых.

І Лена імкнулася зрабіць усё магчымае, каб яе роднае Зазер'е стала сялом вялікай культуры. Дзеля такой задумы варта недаспаць, варта паспрачацца! Ды не так ужо і цяжка цяпер ёй працаваць: моладзь у сяле дружная, усе маюць сярэднюю адукацыю. Калі яшчэ сустракаюцца вылюдкі накшталт Віктара ды Алеся, то гэта ўжо не вялікая бяда. Самі аднавяскоўцы іх паставяць на месца...

 

* * *

Больш тыдня Алесь працаваў на трактары: такое пакаранне прыдумаў яму старшыня. І ўсё ж, нарэшце, змілаваўся, зноў даў яму трохтонку.

— Глядзі, блазнота! Яшчэ раз нап'ешся гэтай гары — праганю і з трактара! — пагразіў ён кулаком.— І каб спекулянтаў не вазіў..,

— Ды ну іх...— махнуў рукою Алесь. І цыркнуў праз зубы на зямлю.— Квактух больш не павязу. Як піць даць!

Ды не стрымаўся...

Кожную сераду, пятніцу і нядзелю да Алеся ў хату прыбягалі зазерскія хлапчукі, каб даведацца, ці паедзе ён у раён і калі. Так павялося здаўна. Каб ніхто не бачыў, ён падбіраў квактух за сялом, дзе абапал дарогі рос густы хмызняк.

Так здарылася і ў гэтую пятніцу...

З акна сваёй хаты Алесь налічыў ужо каля дзесяці жанчын і, як заўсёды, быў задаволены: будзе добры магарыч! Каго баяцца?

Адно толькі крыху непакоіла — Лена. Перад ёю ён вінаваты. Абяцаў жа больш не вазіць, а возіць! Калі дазнаецца — больш ніколі не паверыць.

Зыблюк часта лавіў сябе на думцы, што возіць жанчын ён выключна дзеля таго, каб быў лішні рубель у кішэні, за які потым можна будзе з Віктарам выпіць. Не аднаму, а іменна — з Віктарам! Выпіць без Віктара для яго не мела ніякага сэнсу. Без Віктара ён, напэўна, і не панюхаў бы гарэлкі. Уся бяда ў тым і была, што яны часта сустракаюцца. А сыдуцца, і нібы чорт за язык пацягне: «Адну на дваіх? Давай!»

І клаў на прылавак Алесь сваю выручку ад чарговай паездкі, і зноў яны напіваліся. Дык ці варта дзеля гэтага парушаць абяцанне? Нап’ешся, накурышся папярос, а раніцою да таго брыдка, хоць воўкам вый. Галава цяжкая...

Разважаючы такім чынам, Алесь падышоў да сваёй машыны, моўчкі, у душы, прывітаўся з ёю. Завёў матор, паехаў. Спыніўся каля канторы, узяў у Васіля пуцёўку і выехаў на дарогу.

Хутка і хмызняк. Там ужо бялеюць між зелені хусткі. «А цяпер жа і сена, і жніво падперла! — успомніў ён словы Лены.— Дам газ — і будзьце здаровы, кабеты...» — нарэшце вырашыў Алесь.

Але задума гэтая не доўга цешыла хлопца, не доўга мела сваю сілу. Убачыў Ліду, Сароку-варону, адразу выключыў хуткасць. А нага сама націснула на тормаз...

— Хутчэй, хутчэй, квактухі! — прывычна скамандаваў жанчынам.

Але тыя свае абавязкі ведалі добра. Як натрэніраваная пажарная каманда, яны мігам разгнездзіліся ў кузаве, кожная ля свайго паўнюткага каша ці клунка.

— Паехалі! — гучна і неяк асабліва ўрачыста ўсклікнула каваліха Зося.

Машына рванулася з месца, нібы прышпораны конь. Але седакі, прывыкнеш да такой язды, нават не зварухнуліся.

У кабіне Алесю было душна. Непакоіла адна неадступная думка: «Які ты цяпер жаніх? Дзяўчаты ж бачаць, як за п'яніцам Каця жыве...» Значыць, людзі называюць яго п’яніцам, хоць сам ён у душы не згаджаўся з такім бязлітасным прысудам, смяяўся над ім. П’яніца, вядома, чалавек кончаны, лішні і непатрэбны ў нашым грамадстве. Чаму ж яму, Алесю, быць гэткім, калі яшчэ ўсё жыццё наперадзе? Дык навошта ж радавацца той драбязе, што збярэ ён з зазерскіх кабет? Чаму ў яго не стае сілы раз і назаўсёды расквітацца з гэтай слабасцю натуры? Няўжо ён проста хапуга? Хапуга, адзін з тых, пра каго пішуць у фельетонах, высмейваюць... Ці сапраўды... п’яніца?!

Алесь выцер з ілба рукавом пот і высунуўся, каб асвяжыцца. Гэта яму ўдалося, а вось думкі не выдзьмула ветрам. Яны толькі спыніліся на слове «п’яніца» і, нібы тая сапсаваная пласцінка, бясконца паўтараюць яго, назойліва, упарта. І не ўцячы яму ад сваёй думкі нават на чацвёртай хуткасці...

Вось наперадзе вымытая дажджамі каляіна. Тут хутка не паедзеш. Алесь зменшыў імклівы бег машыны і паволі наехаў левым колам у яміну. Матор заглух. Алесь уключыў стартэр і рыўком тузануў машыну. Ад раптоўнай перагрузкі матор зноў заглух.

— Заселі! — адчыніўшы дзверы, крыкнуў Алесь.— Трэба трохі падштурхнуць! Вылазьце, а то прастаім да вечара як піць даць!

Жанчыны нехаця пачалі перакульвацца цераз борт. І пакуль яны хадзілі па галлё ды падтыкалі яго пад колы, Алесь выйшаў па прыдарожны мурог, сеў і закурыў. Калі б цяпер хоць адна з жанчын зірнула на яго, дык яна заўважыла б вясёлы, крыху насмешлівы твар і хітрыя гарэзлівыя вочы. «Я вас сёння, здаецца, падвязу! Век не паедзеце, квактухі!..» — думаў Алесь, сам здзіўляючыся, як гэта будзе ўсё ясна і проста, калі ён возьме ды пакіне тут жанчын з іх кашамі і клункамі. Трэба толькі не падаць выгляду, не засмяяцца. Няхай зразумеюць, што гэта не жарт, а сур’ёзнае рашэнне, да якога не так лёгка было прыйсці, а яшчэ цяжэй — адважыцца...

Сплюнуўшы папяросу, Алесь хутка ўскочыў на сядзенне, моцна ляпнуў дзверцамі. Потым зноў адчыніў іх і сказаў:

— У каго там яйкі ці што такое — здыміце, а то яечня будзе.

Грамавога голасу і ўпэўненага рашучага твару было дастаткова, каб кузаў у момант апусцеў. Толькі два кашы, абвязаныя старымі хусткамі, заставаліся там.

— Чые кашы? — спытаў ён.

— Мае! — выставіўшы поўныя грудзі, усміхнулася Ліда.— А што? Перашкаджаюць?

— Што ў іх?

— Пеўні...

— Леташнія ці сёлетнія?

— Леташнія.

— Дык ты не ведаеш, што ад перапуду старыя пеўні могуць здохнуць? — паківаў галавою Алесь.

— Ды ну? Вось ліха!

Ліда, хоць і тоўстая, але вёрткая дзяўчына. Нібы адлітая з гумы. А шчокі, як пафарбаваныя, аж гараць. Скочыла на зямлю з кашамі, усміхнулася шафёру:

— Дзякуй за параду...

— Трымай на здароўе! А цяпер крыху падпіхніце... Толькі дружна!

Алесь зачыніў дзверцы. Машына загула. Вось яна тузанулася раз, потым — другі... Потым — яшчэ раз! Матор весела загуў, і пад моцны тлум жанчын, трохтонка паволі пакацілася ўперад, на роўную дарогу, штораз набіраючы хуткасць...

Спачатку жанчыны знямела глядзелі на зялёны борт, яшчэ на нешта спадзеючыся, а потым, калі гэты борт быў ледзь бачны, загаманілі разам, гучна, са злосцю.

— У-у, злыдзень тоўсты, каб ты лопнуў! — пагразіўшы кулаком наўздагон, вылаялася Зося.— Чула маё сэрца, што нездарма ён сказаў кашы зняць. Ой, чула!..

— А мяне як падвёў... Пеўні здохнуць! Ха-ха-ха! — залілася задорным смехам Ліда.— Паверыла ж, дурніца! І дзе ў мяне тады мазгі былі...

Яна не бедавала. Дужая, вясёлая, энергічная, падхапіла сваю ношу ды падалася назад, у сяло.

Самая кволая сярод квактух, бледнатварая Хрысця, зірнула на свае клункі і спалохана спытала:

— Колькі ж мы ад’ехалі, га?

— Кіламетраў з дзесяць... А то і пятнаццаць,— сказала ёй Зося, і Хрысця, здавалася, яшчэ паменшала ад гэтых слоў. Яна падышла да клункаў, падняла іх і паставіла зноў.

— Не данясу, — пачуўся яе слабы голас.— Буду чакаць падарожнай машыны...

— От жа!.. І якая муха, які авадзень укусіў яго так, што аж зазыкаваў? З глузду ён з’ехаў, ці што? — уставіла немаладая жанчына з чырвоным як бурак носам, адзінокая і сквапная Аўгіння, якая замест грошай кожную суботу расплачвалася з Алесем паўлітэркай добрага першаку і пры гэтым кожны раз бажылася: «...дальбог, не сама гнала. Пазычыла ў добрых людзей».

Колькі яны ні вохкалі, а ісці трэба.

І вось незвычайная працэсія — дзесятак жанчын з кашамі, вёдрамі і клункамі — паволі рушыла назад, праклінаючы звар’яцелага шафёра, які ўпершыню ашукаў іх...

— Я-то знаю, які авадзень укусіў нашага Алеся! Знааю! — хітра страляючы ў жанчын сваімі вочкамі, Зося шапнула штосьці Лідзе. Тая аж спынілася і паставіла на зямлю свае кашы.

— Ды ну? Ды не можа быць!.. Ды ён жа сам смяяўся з яе, калі быў у мяне...— развяла яна рукамі, яшчэ з дзесятак успомніўшы розных «ды».

— Кажу — яе навука! — стаяла на сваім Зося.— Пачакай, галубіца, яна яшчэ не адно ліха нам падсуне. Пачакай!..

— А калі я... ёй падсуну ліха? Чула — хутка жанішок прыкоціць! Гарадскія яны порсткія! Ха-ха-ха!..

Смех у Ліды задорны, свавольны, як яна сама.

З гэтых слоў жанчыны зразумелі, што гаворка ішла пра Лену. І ўсе, як адна, пагадзіліся на тым, што авадзень, які ўкусіў Алеся, была гэтая «інцілягенція», якой толькі тых і спраў, каб «насаліць» па зайздрасці тым, хто шукае «сваю капейку» не ў калгасных працаднях.

Гадзіны праз тры пасля гэтага здарэння ў Зазер’і назіралі незвычайнае відовішча: з лесу, ледзь перастаўляючы ногі, адна за адной цягнуліся стомленыя жанчыны. Выгляд іх быў далёка не кірмашовы: з галоў паз’язджалі хусткі, валасы раскалмаціліся...

Добра пасмяяліся зазерцы з таго Алесевага жарту. Гаварылі, як заўсёды, з’едліва, з тым гумарам, ад якога хутчэй заплачаш, чым засмяешся, з новымі падрабязнасцямі, якіх у сапраўднасці ніколі не было, але якія куды цікавейшыя і больш калючыя.

А каваль, якога жонка ніколі не баялася і не слухала, добра не падумаўшы, пачаў папракаць і смяяцца з яе. І застаўся без полудня. Ледзь сам справіўся выскачыць з хаты. Вялізны, дужы, што мядзведзь, ён ужо не раз збягаў гэтак ад раз’юшанай Зосі да суседзяў. І як смешна ім было слухаць яго скаргі на цяжкі характар жонкі і свой горкі лёс, на тое, што кіпцюры ў Зосі, як у рысі...

Дазналася пра Алесеў учынак і Лена. Яна радавалася гэтаму ад душы і верыла, што прыйдзе час і Алесь стане добрым хлопцам, якіх нямала ў Зазер’і.

 

* * *

Міналі дні, поўныя хвалюючага чакання. Ад Анатоля ліста ўсё не было.

Увесь гэты час Лена не сядзела без справы. З дапамогай Пятра яна правяла два вечары любімай кнігі. На адным вечары зазерцы былі суддзямі рамана вядомага сталічнага аўтара, які быў сярод іх, слухаў заўвагі, дзяліўся сваімі думкамі. Гэта быў незабыўны вечар...

Памог Пятро і пры падборы артыстаў для драматычнага і харавога гурткоў, а кіраваць гэтымі гурткамі, як выявілася, не было каму. Паспрабавала Лена сама расставіць харыстаў — зацягнулі «Рэчаньку», засмяяліся. Нічога не выйшла: хто ў лес, хто па дровы.

І зноў узяліся круціць кіно ды танцаваць...

«Ці прыедзе Толя? Чаму ён нічога не піша? Няўжо так хутка забыўся?»

Пра Анатоля думалася штодня. Асабліва цёплымі летнімі вечарамі, калі шчаслівая моладзь разыходзілася з клуба дадому, калі ледзь віднеліся на ўзгорку каля сяла апошнія пары, а яна заставалася на клубным ганку зусім адна...

І часта — ой, як часта! — сніўся ёй кучаравы Анатоль! Не раз прачыналася Лена з адчуваннем гарачых пацалункаў на вуснах. Неаднойчы, бывала, у бясконцых марах-летуценнях да рання не заплюшчвала вачэй. Смуткавала. Ды ніхто не бачыў яе дзявочага смутку, ніхто не чуў тужлівых уздыхаў. На людзях яна трымалася бадзёра, хоць надзею на прыезд Анатоля траціла з кожным днём усё больш і больш...

Ды людзей не ашукаеш, не прыкінешся вясёлай штодня...

Неяк раніцай Лена забегла на пошту. Там, як заўсёды ў такі час, быў Алесь. Яны сустрэліся на ганку. Ён нёс да машыны нейкую скрынку. Зірнуў на Лену хмурна, нават не прывітаўся, толькі саступіў з дарогі.

Лена спыніла хлопца.

— Чаго гэта ты, Алесь, воўкам глядзіш? — усміхнулася, схіліўшы набок галаву.— Ці не выспаўся добра, ці пераспаў трохі?

Выгляд у яго, сапраўды, быў як у вераб’я пасля добрай бойкі — надзьмуты.

— Хочаш — скажу...

— Гавары.

— А крыўдзіцца пасля не будзеш?

— Не.

Алесь паклаў скрынку на ганак і дастаў з кішэні маленькае люстэрка:

— Зірні на сябе.

— А што? — зірнуўшы ў люстэрка, насцярожылася: не зразумела нічога.

— Не пазнаць цябе — вось што! — Алесь уздыхнуў, забраў люстэрка назад і падняў скрынку.— У сухоты загоніць цябе твой артыст... Эх, Лена!..

І шпарка пайшоў да машыны. Лена прыкмеціла: вялікі смутак адбіўся на яго твары. Ёй стала сорамна за сябе, за сваё недарэчнае чаканне, за тое, што пакахала яна на сваю бяду.

«Не пазнаць... Калі заўважыў Алесь, то, напэўна, бачаць і другія, як схуднела... Што ж гэта я зусім раскісла? Так, сапраўды, і да сухотаў недалёка. І чаму гэта я ўзяла сабе ў галаву, што Анатоль абавязкова павінен прыехаць? За гэты час ён мог пакахаць другую. А можа, у яго даўно была свая, сэрцу любая дзяўчына, а я так сабе...»

Думкі, думкі, думкі...

Як бы яно ні было, Лена вырашыла, што называецца, узяць сябе ў рукі.

Далей так нельга: хутка ўсе стануць пальцамі на яе паказваць...

Пошта была ў праўленні калгаса. Раней Лена здзіўлялася, што кожны раз, калі яна сюды прыходзіла, нязменна ківаў ёй праз акно залацістым чубам Васіль. «Няўжо яму цэлымі днямі няма чаго рабіць?» —думала яна тады. Цяпер зразумела, што ён, мусіць, ведаў, чаго яна сюды ходзіць, і сачыў за ёю — ці атрымала ліст.

Лена перастала сюды хадзіць, пазбягала выпадковых сустрэч з Коранем, які таксама цікавіўся, ці хутка прыедзе той мастацкі кіраўнік,

Аднойчы Лена сказала яму:

— Відаць, баіцца, што мала грошай тут заробіць, вось і не едзе!

Сказала жартам, але падумала сур’ёзна. І перастала чакаць зусім...

Толькі дарэмна.

Сустрэць гэтага чалавека першаму выпала Алесю. Было гэта неяк пад выходны дзень...

Пагрузіўшы ў спецыяльную скрыню свежы хлеб для сваёй крамы, Алесь выехаў на зазерскую дарогу. Дзень стаяў гарачы. Шчодра прыпякала сонца. Ненадоўга знікаючы за белыя воблакі, яно нібы гуляла з зямлёй у хованкі. На выгане, што быў недалёка ад райцэнтра, нязменна пасвіліся сытыя коні. Іх Алесь бачыў тут штодня. Цяпер яму здавалася, што гэта вялізная карціна, намаляваная на сінім палотнішчы неба. Алесь успомніў, як у маленстве любіў сесці на добрага рысака ды прамчаць наўскач па сяле, усім людзям на дзіва.

Многа тады ў іхнім калгасе было коней. А цяпер, напэўна, не больш трох дзесяткаў. Затое амаль столькі ж аўтамашын і трактараў... «Няўжо так і звядуцца на зямлі коні, няўжо іх з’ядуць сталёвыя машыны?» — журботна падумалася хлопцу.

Думкі перарваў высокі хлопец з прыгожымі кучаравымі валасамі, якія роўнымі хвалямі ляжалі на высока ўзнятай галаве. Ён бадзёра крочыў па абочыне з лёгкім чамаданам у правай руцэ. Цераз плячо быў перакінуты шэры пінжачок. Сіняя шоўкавая тэніска трапяталася на ветры.

Не ведае сам Алесь, чаму затармазіў, чаму зазірнуў, высунуўшы галаву з кабіны, невядомаму ў твар. Спытаў, усміхаючыся:

— Далёка тупаць? Мо падвязу...

Хлопец прыжмурыўся ў адказ, правёў рукою па валасах.

— А сам куды едзеш?

— Адсюль не відаць.

— А я...— Хлопец прыемна ўсміхнуўся, паказаў рукою наперад.— Шукаю сваё шчасце... Недзе ёсць сяло Зазер’е. Там, кажуць, ёсць каля возера добры клуб. А ў клубе жыве жар-птушка. Хачу злавіць яе, і калі не ўдасца ўтрымаць усю, вырваць, хоць крылца, хоць пярынку...

«Ён!» — Алесь мігам выскачыў з кабіны, схапіў у разгубленага хлопца чамадан.

— Прашу! — паказаў на кабіну.— Дастаўлю да самай жар-птушкі. Я — з Зазер’я...

— Вось гэта супадзенне! — усклікнуў незнаёмы, спрытна ўскочыўшы на падножку.— Скажы, мілы, многа такіх Іванаў-царэвічаў туды вазіў?

— Першага...

— Тады ўсе пакуты і радасці дастануцца мне! — засмяяўся, паказаўшы два рады белых зубоў.

— Ды ўжо ж...

Алесь раптам засумаваў. А новенькі сыпаў без перадыху:

— Мне прапанавалі ў горадзе пасаду кіраўніка мастацкай часткі пры Палацы культуры! Адмовіўся ў карысць перыферыі. Прытым, прызнацца, у сяле я адпачываю і душою, і фізічна. Перспектыва звіць сямейнае гняздо таксама садзейнічала рашэнню пакінуць шумлівую сталіцу, сохнуць без талентаў,— ціхім манатонным голасам, быццам які нудны дакладчык, гаварыў Анатоль Ліхавец, не зводзячы позірку з Алесевага каменнага твару.

«Няўжо ў той сталіцы ўсе так гавораць? Гэта, відаць, ад таго, што праз меру чытаюць газеты...— са злосцю думаў Алесь.— Перспектыва... садзейнічала рашэнню. Чаму не сказаць прасцей, па-нашаму: кахаю Лену, не магу без яе — вось і еду».

Першыя хвіліны радасці за Лену, якая — ведаў Алесь — дужа чакала Анатоля, змяніліся злосцю на дзяўчыну. Знайшла каго пакахаць! Фігляр нейкі, пустальга...

Ён ужо шкадаваў, што спыніўся на дарозе. І калі ў думках, бывала, не раз хлопец пагаджаўся са сваім становішчам «адстаўнога жаніха», то цяпер невядомае пачуццё рэўнасці ўскалыхнула душу, падняло буру пратэсту. Ды хіба ён, Алесь Зыблюк, горшы за гэтага вышчараку? Пакруціў бы дзянёк вось так баранку ці паглытаў пылу на трактары — паглядзелі б тады на яго! Адпала б ахвота і зубы выскаляць...

— Значыць, вырашылі загубіць свой талент у глухім кутку,— асцярожна пачаў Алесь спачувальным тонам.— Шкада...

— Мастацтва патрабуе ахвяр! — мігам выпаліў завучанае Анатоль, не перастаючы ўсміхацца.— Буду шчыры: мэтазгоднасць такога кроку прадыктавана яшчэ і складанасцю абставін, у якія іншы раз трапляюць нават геніі...

«Проста заблытаўся ў якой-небудзь непрывабнай гісторыі і застаўся без грошай»,— вырашыў у думках Зыблюк.

Сказаў з хітрынкай у голасе:

— Бывае, асабліва з маладымі!..

— Хіцёр хлопец! Бач куды мазгой дапяў...

— Не лыкам шыты...

— Ну, а Лену ты добра, відаць, ведаеш? — раптам крута спытаў Анатоль.

— Чаму ж не! Свая дзяўчына, вясковая...

— Дзяўчына вясковая! Чайная ружа вырасла сярод дзядоўніку! Ці не праўда?

— Вырасла сярод руж...

— Цікава. Як яна там? Амурыць?

«Амурыць... Думае, што, я не зразумею. Прыжмурыўся і ўсміхаецца... Абмежаваны, відаць, чалавек...» — падумаў Алесь і, не зводзячы з дарогі позірку, адказаў:

— Калі ружу зрываюць, яна вяне... А Лена цвіце! Бо ёю толькі любуюцца. Жыве, не сумуе...

— Бач ты! Цікава! — усклікнуў Анатоль і змоўк. Потым ціха-ціха заспяваў «Зорку Венеру».

Алесь заслухаўся, і ў яго паволі адлягло на сэрцы: да чаго чароўную сілу мае добрая песня!

Паступова голас спевака мацнеў, узлятаў усё вышай, вышай. І звінеў задорны тэнар, плылі ўслед за ім лагодныя мары.

Алесю ўявілася ціхая яркая ноч. Зіхаціць на небасхіле амаль блакітная зорка Венера. З-за белай хмурынкі выплывае месяц-поўня. На ўзгорку, асветленыя дзіўным ззяннем, схіліўшы галовы, стаяць двое. Хвалюючае спатканне. Трапяткія сэрцы...

— Ух ты, чорт! Здорава...— сказаў Алесь, калі Анатоль змоўк.— Дык вось чым ты прываражыў нашу Лену!

— Дзівак! — усё гэтак жа ненатуральна ўсміхнуўся Анатоль.— Можам і не гэткае...

Зноў засумаваў Алесь, забалела хлапечае сэрца. Каго ён вязе, навошта? На пагібель сваю. Апошнія надзеі рухнулі. І ніхто не дапаможа цяпер, ніхто не дарадзіць. Не адумаецца Лена, не пакахае яго: позна!

Імчыць па дарозе машына, сумуе шафёр. Абапал залатым абрусам жаўцее збажына, даспявае. Хутка жніво, а там і восень. Зазвіняць галасістым гармонікам, прагрукочуць бубнамі ды стукам капытоў шумлівыя вясковыя вяселлі. Толькі ён, Алесь Зыблюк, будзе сумаваць, як цяпер, глыбока ў душы затаіўшы сваё каханне...

Гудзе сталёвае сэрца матора, дрыжыць.

— Не гані! — чуецца чужы далёкі голас.— Збаў на павароце!

Налева хвоя, направа таксама хвоя. Рэзка крутнуў баранку— тр-ррах! Грукнуў кузаў па хвоі, трэснулі дошкі. Скрыгатнулі тармазы. Пярэднія колы паволі спаўзлі ў прыдарожную канаву...

— Ч-шорт! Пракаціў! Ці не п’яны? Яшчэ момант і... прывёз бы Лене мой малады прыгожы труп!

«Ідыёт... Яшчэ жартуе! — Алесь адчыніў кабіну, скочыў на зямлю.— Добра, што кузавам, а не крылом. Быў бы табе труп...»

— Не разлічыў... Задумаўся...

— Даўно пара адвыкнуць думаць! Не маладзенькі ўжо...

Алесь адламаў пашчапаныя дошкі, адкінуў прэч. Паехаў паволі, каб не скінулася скрыня з хлебам. І так невядома яшчэ — што прывязе на месца: хлеб ці бліны...

І дзівіліся зазерцы, кідалі ўслед:

— Даездзіўся, п’янчуга...

Алесь чуў гэтыя словы і да болю ў руках сціскаў баранку. Каля будынка праўлення стаялі брыгадзір, Пятро Жывіца, старшыня і Лена. Яны здзіўлена, моўчкі глядзелі на Алесеву машыну, чакалі.

«Ну і няхай глядзяць, няхай лае старшыня, няхай адбірае машыну! Напляваць...» Першы да машыны падбег старшыня.

— Дыхні, паразіт! — кінуў ён шафёру.

Той, не спяшаючыся, адчыніў дзверцы, стаў насупраць:

— Не браў ні слязінкі...— і дыхнуў. Не дыхнуў — уздыхнуў, цяжка, самотна.— Вось, знаёмцеся, артыста прывёз...

Анатоль выйшаў з-за машыны. Лена, убачыўшы яго, збянтэжылася, разгубілася, збялела і ціха сказала:

— Толя... Прыехаў!

І адразу заружавела, ажыла. Наліліся чырванню вушы. Кінулася да хлопца, пацалавала пры ўсіх.

Старшыня звёў густыя светлыя бровы, злосна кінуў Алесю:

— Адвязі хлеб і гані машыну да майстэрні! Няма чаго табе тут вочы мазоліць.

Ехаў Алесь да майстэрні, думаў: «Адрамантую за свае грошы! Сам вінаваты...»

Надзеі, здзяйсненні...

Многае перадумала Лена з таго часу, як прыехаў Анатоль. Кожную раніцу яна прачыналася са светлай радасцю: «Прыехаў! Значыць, кахае...» І ад гэтай думкі настрой не мяняўся цэлы дзень. Добры, вясёлы. Розныя дробязі больш не хвалявалі яе, не псавалі настрою...

Ліхавец па просьбе Лены часова пасяліўся ў Волькі. Два-тры дні ён знаёміўся з сялом, з людзьмі. Прыглядаўся да кожнага чалавека, як бы мяркуючы, чаго варты той ці іншы зазерац. Вечарамі ён прыходзіў у клуб, іграў на баяне і ўсё прыглядаўся. А потым, развітаўшыся з Ленай каля яе пакойчыка, ішоў у сяло.

«Сумуе... Мусіць, яму тут не спадабалася. Ці я не вельмі ўважліва да яго...» — разважала Лена пасля. Разважала і чакала новага дня, новай сустрэчы...

Так было і на гэты раз. Чакала Анатоля, а першы прыйшоў Пятро. Ён, здавалася, быў вельмі ўзрушаны, але, як заўсёды, стрыманы і маўклівы. Такі ён не падабаўся Лене.

Прывітаўшыся, Пятро доўга і засяроджана разглядаў новы нумар «Вожыка». Лена, чакаючы, пакуль ён нарэшце загаворыць, займалася сваёй звычайнай справай: наводзіла парадак у чытальні, на паліцах. Яна не любіла першай пачынаць гаворку.

— Аказваецца, таварыш Ліхавец — артыст! — зусім не адпавядаючым настрою голасам нарэшце прамовіў Пятро і, устаўшы з-за стала, падышоў да Лены. Яна раскладвала на сваім стале кнігі-навінкі.

Пятро быў у палатняных белых штанах і светлай тэнісцы. Лена бачыла яго адкрытыя загарэлыя рукі і здзіўлялася: так загарэць можна было толькі на поўдні. «Гэта, відаць, ад таго, што на вадзе загарае, у чоўне...» — падумала яна.

Расклала кнігі, прайшлася між сталамі і, сеўшы на крэсла, узяла ў рукі газету. «Чаму прыйшоў ён, а не Анатоль?» — непакоіла думка, а спытала другое:

— Дык чаму Анатоль — артыст? Што ён там, у сяле, такое паказваў ці дэкламаваў?

— Ён спяваў...

— І што ён спяваў?

— «Зорку Венеру»...

— Ну і як слухачы... спадабалася ім?

— Яшчэ як! Ліда ў вас такая ёсць... Дык яна аж праслязілася, дзівачка. Добрыя воплескі сарваў! А пасля сыграў на трубе ды без трубы. Пацеха! Таленавіты, чорт...

Гутарка не клеілася: Лена думала сваё, Пятро — сваё. Ён моўчкі назіраў за дзяўчынай. Па сутнасці, яму не абавязкова было што-небудзь дадаваць да сказанага, бо Лене, вядома, гэта не навіна. Яна ведае здольнасці Анатоля больш за яго, за ўсіх... Ён жа сёння прыйшоў, каб сказаць зусім не тое, з чаго пачаў. Трэба было не хваліць Анатоля, а зусім наадварот: яго паводзіны Пятру не падабаюцца. Але з чаго пачаць гаворку? Можа, няхай усё так і застаецца? Але ж гэта было б злачынствам...

Лена адчувала, што Пятро павінен ёй сказаць нешта важнае. А што? Ці не кахае ён яе? Лена ведала, што ў гэты самы час, можа, нізка схіліўшыся над кнігай, цярпліва чакае сваё каханне Волька. Чаму ён не пайшоў да яе? І ці толькі дзеля таго, каб дапамагчы ў вучобе, ён хадзіў не адзін дзень і месяц? Тут штосьці не так...

Лена ўважліва паглядзела на разгубленага настаўніка. Ён маўчаў, зачараваны яе позіркам, чакаў яе слоў. І яна сказала:

— Чаму вы без Волькі?

— Таму, што з вамі...

— А ці добра гэта?

— Думаю, не блага... Я пачакаю Вольку тут.

Тады Лена рэзка змяніла гутарку.

— Ці хутка пераселяць Круцько?

Ён незадаволена насупіўся, адказаў цішэй:

— Сяліба пайшла пад калгаснае поле, як і было раней. Тых паўгектара для школы хопіць...— І, памаўчаўшы, дадаў: — Сёння дырэктара выклікалі ў райком...

— На бюро?

— Не ведаю.

І зноў настала цяжкая цішыня. Лена баялася гэтай цішыні. Яна не магла авалодаць сабою, не магла падняць вачэй і гаварыць з Пятром гэтак жа лёгка і проста, як яна гаварыла з ім тады, у дождж...

«Хоць бы хутчэй прыйшоў Анатоль!» — у каторы раз падумала яна.

Як бы ў адказ на яе думку, у калідоры пачуліся таропкія крокі, і неўзабаве ў дзвярах з’явіўся Васіль.

У адной руцэ ён трымаў кнігу, а ў другой — вялікі букет руж.

Васіль заўважыў Пятра і пачырванеў.

— Ой, ці не мне столькі кветак? — выручыла Лена, і Васіль, з палёгкай уздыхнуўшы, перадаў букет.

Лена прыхінула кветкі да грудзей.

— Падабаюцца? — ціха спытаў Васіль.

— Ты быццам ведаў, што я вельмі люблю ружы,— адказала Лена.

Васіль паціснуў плячамі і адказаў:

— Ведаць, яно канешне, не ведаў, але помню, дзеля каго растуць па свеце кветкі.

Лена ўсміхнулася і паківала пальцам:

— Ой, мусіць, ведаў! Ці раз я цябе ганяла з нашага гародчыка... Там заўсёды раслі ружы. Ты помніш, Васіль?

— Помню, Лена.

— Пойдзем паставім іх у ваду. Яны хочуць піць...— Лена і Васіль выйшлі, пакінуўшы ў чытальні Пятра.

— Я неяк казаў, што для цябе, Лена, жыцця не пашкадую,— пачаў Васіль, ідучы побач.— Дык вось, памятай, што гэтае абяцанне застанецца ў сіле, пакуль б’ецца маё сэрца... Можа, залішне ўзнёсла я гавару?

— Нічога, нічога, Васіль, гавары...

— Алесь і Віктар неяк згаворваліся супраць цябе. Не ведаю, як адносіцца цяпер Алесь, але Віктар — агрэсіўна... Ды і Лідка нешта круціцца ля Анатоля. Не к дабру ўсё яно...

«Добра, што хоць гэты — шчыры. Без усякіх прызнанняў...» — з палёгкай уздыхнула Лена.

— Што яны мне зробяць? — спытала яна.

— Ліха іх ведае! Толькі напаскудзіць могуць. Ліда, тая бясхвостая Сарока-варона, увіваецца ўюном... І ніхто хлопцу не скажа, што гэта за птушка...

— А ты? Хай бы ты сказаў...

— Дык я і сказаў...

Лена адчыніла пакой, зайшла першая і прапусціла Васіля. Паставіла кветкі ў гладыш з вадою і спытала зноў:

— Як ты сказаў?

— Ну, ён пытае ў яе — як завуць? Ліда, адказвае яна. Засмяялася і пабегла, як гарэзлівая дзяўчынка. Не Ліда, кажу я Анатолю, а Сарока-варона. Чаму, пытае. А таму, кажу, што ёсць такая казачка: Сарока-варона кашку варыла, на прыпечку студзіла... Не зразумеў твой Анатоль, а я кажу: не па першай палове яе Сарокай-варонай празвалі, а па другой. Задумаўся, а пасля давай смяяцца. Зразумеў... Паганае, кажу, стварэнне, а не дзяўчына. Дзякуй, сказаў...

— I я скажу — дзякуй, Васіль, за перасцярогу...

У пакойчыку было душна, і Лола адчыніла акно. Но хацелася пі аб чым думаць. Было балюча і крыўдна...

Калі яны зноў вярнуліся ў чытальню, Пятро па-ранейшаму гартаў часопіс. Васіль скоса зірнуў на яго і, падаўшы Лене кнігу, сказаў:

— Памяняйце...

Лена заўважыла між старонак кнігі белы аркуш паперы і адразу здагадалася, што там нешта такое напісана, чаго Васіль не мог перадаць вусна. Моўчкі паклала кнігу ў шуфляду стала. А калі ён пайшоў, падумала, што вельмі цяжка ёй з Васілём, хоць ён і добры, шчыры хлопец. Нават гэты пераказ пра Сароку-варону, з усімі, не для дзяўчыны, падрабязнасцямі, Лена слухала і злавала: «Навошта ён гэта гаворыць? Не будзе ж Анатоль глупства рабіць, ды яшчэ — на людзях...»

І яшчэ Лена ніяк не магла згадзіцца з тым, што Васіль невінаваты, што ён і сам быў нешчаслівы праз той бацькаў учынак...

Пятро скончыў гартаць часопіс і падышоў да століка. Лена спалохана падняла на яго вочы і дапытліва глянула на рашучы твар. Прадчуваючы, што нарэшце хлопец адважыўся сказаць ёй штосьці асаблівае, загаварыла сама:

— Васіль няшчасны чалавек... Праўда, Пятро? — і ўстала.

Ён пераняў яе позірк, усміхнуўся:

— Чаму вы, Лена, так насцярожана сочыце за мной? Калі вы думаеце, што я легкадумны, то ведайце — не ў каханні прызнацца я прыйшоў сюды, а перасцерагчы вас...

— Ад каго? — перабіла яго Лена, раптам знясілена апусціўшыся на крэсла. Упэўненасць пакінула яе.

— Ёсць адзін такі чалавек...

— Ведаеце, Пятро... Ліхавец прыехаў у Зазер’е як мой даўні знаёмы,— толькі і здолела прамовіць Лена.

— А калі Анатоль, якога вы называеце сваім даўнім знаёмым, пазнаёміцца з другой? — з нейкай злосцю спытаў Пятро.

«Ён-то маніць не будзе... Значыць, гэта праўда, што Анатоль там у сяле паводзіць сябе непрыстойна»,— падумала Лена, але тут жа адкінула гэтую думку як недарэчную.

Не, яна ніякім плёткам не паверыць, пакуль не ўпэўніцца сама!

— Калі ён пазнаёміцца з другой,— усміхнулася Лена,— то ў гэтым яго ўчынку крышачку будзеце вінаваты і вы, Пятро... Усё нядобрае трэба знішчаць у зародку.

— Так-то яно так, але...

— Але ж вы, Пятро, так мала ведаеце мяне...— перабіла яго Лена, і ўпэўненасць вярнулася да яе.— І яшчэ. Ніколі ў жыцці я не стану на чужой дарозе! Вольнаму — воля...

Загарэлы твар Пятра стаў шэрым. Хвіліну хлапец стаяў моўчкі.

— Так... Я разумею, Лена,— нарэшце вымавіў ён.— Толькі помніце: я ваш сябар і... сёння нічога не гаварыў! — нешта накшталт усмешкі з’явілася на яго скамянелым твары.

— Нічога! — задуменна паглядзела на яго Лена.

Паволі наблізіўшыся да дзвярэй, Жывіца павярнуўся і ледзь нахіліў галаву — развітаўся. Ды спакою дзяўчыне ўсё ж не было: чаму ўсе так спачуваюць ёй? Што робіць у сяле Анатоль?

Лена сядзела за сталом, не зводзячы воч з дзвярэй: чакала, што Ліхавец вось-вось зойдзе і ўсё высветліцца.

Прыйшлі новыя наведвальнікі, хлапчукі з Нівак. Яны атрымалі кожны па кніжцы, гарталі на сталах часопісы, размаўляючы, весела смеючыся. Якая цудоўная пара дзяцінства: ніякіх турбот, ніякіх клопатаў! Лена і сама павесялела з імі. Выбрала некалькі газет, адзначыла некаторыя артыкулы алоўкам і папрасіла старэйшых, каб яны абавязкова пачыталі іх дома ці людзям на працы. Хлопцы абяцалі, што ўсё выканаюць дакладна.

Анатоль так і не прыйшоў...

 

* * *

У Зазер’і з’явіўся талент!

Гэтая вестка абляцела сяло з маланкавай хуткасцю. Анатоль Ліхавец стаў вядомым чалавекам. Сяло загаварыла пра яго дружна, як пра самую незвычайную і радасную з’яву года. У першы ж вечар, на які сышліся ўсе, ад малога да старога, Анатоль зачараваў залу сваім прыемным тэнарам, заліхвацкай ігрой на баяне, агністымі танцамі. Ён умеў выключна ўсё, і выконваў свае нумары з небывалай лёгкасцю, запалам. Гледзячы на яго, здавалася, што і спяваць, і танцаваць так здолее кожны.

Людзей прывабіла сцэна. За адну рэпетыцыю Анатоль выпусціў на падмосткі Вольку і Ліду. Яны сапраўды задушэўна і цёпла выканалі «Дзявочую лірычную». Без усялякай падрыхтоўкі выступіў з чытаннем урыўка з паэмы Твардоўскага «За далеччу далеч» Васіль. Спявала Лена...

Многім захацелася выступаць, іх асляпіла яркае, прывабнае святло самадзейнай рампы. Лік «артыстаў» усіх жанраў катастрафічна рос. Хутка Ліхавец і Жураўская заўважылі, што слухачоў у Зазер’і засталося менш, чым выканаўцаў, і яны спынілі раздуваць сцэнічныя штаты, а пачалі гэтак жа энергічна, як і запісвалі, выкрэсліваць тых, у каго, апрача жадання выступаць, ніякіх талентаў больш не было.

Нарэшце гурткі былі ўкамплектаваны, спісы зацверджаны. Заняткі пачаліся...

Лена і не прыкмеціла, як у бясконцых рэпетыцыях, у віхуры танцаў Анатоль адыходзіў ад яе ўсё далей і далей. Ён быў з ёю стрыманы, уважлівы, але... халодны. «Нарэшце Анатоль стаў сур’ёзным чалавекам. Легкадумнасць прайшла!» — думала дзяўчына. Цяпер яна зайздросціла Вольцы, для якой гэтыя дні былі днямі суцэльнай радасці. Яе намаганні стаць студэнткай-завочніцай інстытута народнай гаспадаркі завяршыліся паспяхова. Але — нікому Волька ў гэтым не прызнаецца! — больш за ўсё радавала дзяўчыну тое, што Пятро стаў з большай увагай і павагай адносіцца да яе, да яе заняткаў. Вольга ж была ўпэўнена, што ні яе звонкі голас, ні маладосць, ні чысціня кахання, ні нават інстытут не вярнулі б ёй каханага, калі б у Зазер’е не прыехаў Анатоль. Яна малілася на яго, як на бога, які прынёс ёй шчасце, хоць і сам той «бог», і Лена добра ведалі, што каханне да кожнага чалавека прыходзіць само, без чужой дапамогі. І не заўсёды яно прыносіць шчасце.

Усё сяло ўжо гаварыла, што Анатоль — гэта той, якога даўно, яшчэ ў горадзе, пакахала Лена. Яго зазерцы палюбілі, прызналі сваім. Усе зазерскія жаніхі, у тым ліку і Алесь, зразумелі, што сапернічаць з Анатолем — значыць, марна траціць час і падрываць свой уласны аўтарытэт. Для Волькі прыезд Анатоля меў асаблівую радасць: цяпер Лена не была адзінокай.

Нарэшце яе рукі развязаны! Яна верыла, што яе пакутам прыйшоў канец. Волька ведала, што Пятро малады хлопец. А дзе маладосць — там і каханне. Яно не чакае, не хаваецца, не гасне. Яно разгараецца ўсё ярчэй і ярчэй. Для яго спяваюць птушкі, гудуць пчолы, свеціць ноччу поўня — цудоўны ліхтар!

Летнія вечары! Што можа быць больш цудоўнае ў прыродзе! Вось у адзін з такіх вечароў і ўзышла Вольчына зорка: дзяўчыну праводзіў дадому Пятро. Яны апошнія выйшлі з клуба, нават не згаворваючыся. Залітыя малочна-ружовым святлом месяца, ішлі наперадзе хлопцы і дзяўчаты. Лунала ў прасторы іх песня, рэхам разляталася над возерам, над палямі. Сцішылася жнівеньская ноч, заслухалася. Сівым туманам улёгся ў лагчынах вецер. Самкнулі сухія вусны спелыя каласы — не варухнуцца. Бяжыць з дарогі сцяжынка, губляецца ў жыце...

— Пойдзем сцежкай! — нясмела ўздымаючы галаву, сказала Волька.— Я так люблю ісці жытам...

Пятро збочыў, узяў дзяўчыну пад руку, сказаў жартам:

— А труціцца больш не будзеш? Тады пайду...

Добра, што Волька стаяла спіною да месяца, і Пятро не ўбачыў, як зачырванелася яна ад сораму! Волька ўткнулася гарачым тварам яму ў грудзі, хацела засмяяцца, ды раптам заплакала. Гарошынамі пасыпаліся няпрошаныя слёзы. Не схаваць іх, не стрымаць, бо з набалелых дзявочых грудзей яны, з самага сэрца...

— Навошта ты так, Пятро... Што таіць мне цяпер? Не магу без цябе — і ўсё!.. Далібог, атручуся, калі...

— А я не дазволю!

Ён абняў яе, малую, і пацалаваў у вільготныя вочы, у гарачыя вусны. І ўжо не адчувала дзяўчына зямлі. Паляцела пад лёгкімі белымі хмурынкамі. Пад высокімі зорамі. Доўга ляцела. І спынілася не на зямлі, а на іншай планеце. Не жыта расло на ёй — залатое калоссе. Месяц быў блакітны. Неба — ружовае-ружовае. Паветра напоўнена п’янючым водарам...

— Як тут хораша! Праўда, Пятро?

— Хораша...

— Так будзе заўсёды?

— Так будзе заўсёды...

«Так будзе заўсёды... Не разгледзеў я за чужым бэзам сваёй чаромхі, прабач, любая... Ты, аказваецца, знайшла сваё месца ў маім сэрцы — і гэта было не сёння, не ўчора. Даўно».

Узняў яе, як пушынку, на рукі і панёс пад залатым калоссем. Зноў паляцела Волька. Паляцела назад, на зямлю...

...Зямля была росная. Волька адчула гэта, шукаючы рукамі на сцежцы маленькую брошку-жучка. Пятро сагнуўся, таксама пашукаў. Знайшоў яе малыя рукі, лёгенька паціснуў.

— Заўтра знойдзем,— сказаў ён ціха, уздымаючы за рукі Вольку.— Прыйдзем завідна...

Пятро змоўк і прытуліў дзяўчыну да сябе: па сцежцы ішлі двое.

Пачуўшы звонкі смех дзяўчыны, Волька і Пятро адышліся ў жыта, стаіліся. Неўзабаве яны ўбачылі, як па сцежцы, цесна абняўшыся, прайшлі Ліда і... Анатоль!

— Табе гэта падабаецца? — пачулі Пятро і Волька.— А як такія радкі... З грудзей каханне маё рвецца, і кроў бурлівая кіпіць. Я прыхіну цябе да сэрца і буду вусны твае піць! — узнёсла дэкламаваў Ліхавец, ціскаючы Ліду. Яна ўскрыквала, смяялася. На хвіліну яны змаўкалі, і зноў чуўся голас Анатоля. Усё цішэй, цішэй...

— Вой, што ж гэта? Га? — нясмела спытала Волька, зноў выйшаўшы на сцяжынку.— Як жа гэта ён?..

— Не магу ўцяміць: ці то яны што развучваюць, ці... проста жартуюць...

— Жартуюць? Ліда ніколі яшчэ не жартавала. Не з першым яна так! Трэба абавязкова сказаць Лене!.. Каб глядзела за сваім.

«Як у цябе ўсё проста, дурненькая! За сваім... Чаму гэта Лена зноў адна засталася? Нешта трэба будзе высветліць... А што? Хіба мне не ясна ўсё і так?» — падумаў Пятро.

...Лена сустрэла іх стрымана:

— З Лідай пайшоў? Вершы чытаў? Дык ён гэта нешта развучваў сам... Іншы раз і не ўгадаеш, як пачне чужымі словамі гаварыць, ці ён гэта сур’ёзна, ці жартам... Артыст!

«Артыст... у ролі здрадніка!» —падумаў Пятро, але не сказаў гэтага Лене: прыйдзе час — сама ўпэўніцца.

— Пойдзем, Волька! — сказаў ён і ўзяў дзяўчыну пад руку.

Яны адышліся далёка-далёка, а Лена ўсё глядзела на дарогу, усё думала: «Надзеі... Да чаго ж вы зманлівыя! Адзін спадзяецца, ды нічога так і не дачакаецца, а другі, не спадзеючыся, мае...»

 

* * *

Лена адчыніла акно. Ад гэтага ў пакоі не стала халадней. Хутчэй наадварот: ноч была цёплая. Спаць не хацелася. У такую ноч хацелася марыць. Адной. Анатоль сказаў, што яму пакуль трэба трымацца далей ад яе, каб людзі не мелі падстаў гаварыць лішняе. Можа, дзеля гэтага і з Лідкай пайшоў, каб людзі не гаварылі, што застаецца ў яе? Калі гэта так, то трэба пачакаць. Ён надзвычай пасталеў за час, які яны не бачыліся. І Лена пачала ўспамінаць сённяшні вечар...

Атрымалася замінка з выступленнем драмгурткоўцаў. Сцэнка-жарт, якую яны развучылі слаба і паставілі без натхнення, нагнала на гледачоў сум. Гэта быў апошні нумар праграмы. Людзі пачалі разыходзіцца. Лена хвалявалася: няўжо Анатоль нічога так і не прыдумае, каб выправіць становішча? І ён прыдумаў.

— Хвілінку ўвагі, таварышы! — стаўшы на сцэне, Ліхавец ірвануў баян, прабег спрытнымі пальцамі па гузічках.— А польку зусім закінулі? Польку-трасуху! На прыз першага танцора!..

— Давай польку! Да ўпаду! — адгукнуўся Алесь і, ухапіўшы адразу некалькі крэслаў, панёс іх да сцяны.

Людзі ажылі. Яны спяшаліся ачысціць залу для сваёй любімай полькі. Было нібыта сорамна, што за самадзейнасцю ўсе забыліся на польку, і таму, калі Анатоль зайграў, у зале адразу стала цесна. Закружыліся ў віхры імклівыя пары, застукалі-загрукалі па падлозе абцасы. Паддай, музыка, не шкадуй мяхоў!

Пачаўшы танец паволі, Анатоль з кожнай хвілінай набіраў хуткасць. Шалёны гэта танец — полька, заліхвацкі! Не ўсякі вытрымае яго, не ўсякі адужае. Ды не перавяліся яшчэ танцоры ў Зазер’і, жывуць!

— Кр-руг злева! — скамандаваў Алесь.

На момант спынілася зала, дзяўчаты перайшлі да новых кавалераў, і зноў закруцілася-завярцелася мяцеліцай усё навокал.

Лене здавалася, што над ёю круціцца столь, люстра, што сцэна, крэсла і Анатоль на ім — носяцца кругам...

— Не магу, Саша, пусці...— папрасілася яна.

Алесь выпусціў Лену, усклікнуў неяк сярдзіта:

— Круг злева!

Круг паменшаў напалавіну. А праз хвіліну засталося некалькі пар. Потым — Алесь з Волькаю. Яны датанцаваліся аж да апладысментаў і не чулі зморанасці. Ногі самі насілі Алеся. Ён стаў лоўкі, спрытны. Адкінуўшы кучаравую галаву і ёмка падхапіўшы дзяўчыну дзвюма рукамі за стан, Алесь то насіў яе ў рытм музыцы па прасторнай зале, то ваўчком круціўся з ёю на адным месцы...

Вольку змяніла Ліда, Сарока-варона. Музыка зайграў яшчэ весялей. Вёрткая, моцная, Ліда, здавалася, сама насіла пад рукі Алеся. Але змаглася і яна. Тады Алесь падхапіў наступную дзяўчыну.

Музыка абарвалася. Танцы спыніліся.

— Здаюся! — паставіўшы баян на крэсла, Анатоль падняў рукі ўгору.— Пераможца — Алесь Зыблюк... Віншую.

Аднекуль з-за куліс Анатоль вынес пляшку дарагога віна і, дабраўшыся да Алеся, сказаў:

— Трымай, чэмпіён!

Алесь адвёў яго руку.

Расчырванелы, узрушаны, ён знайшоў яшчэ сілы дабрацца да дзвярэй і выйсці на вуліцу.

«Да чаго схуднеў хлопец — не пазнаць!» — пашкадавала яго Лена. Яна выйшла на ганак і ўбачыла, як Алесь стаяў ужо адзін зводдаль і курыў. Моладзь разыходзілася. Пятро трымаў Вольку за абедзве рукі і шчасліва глядзеў ёй у твар.

— Больш двух кругоў я польку не пракручу! — гаварыў ён з запалам. Калі выйшла Лена, яны разам пайшлі на дарогу.

«Значыць, Волька свайго дачакалася... Ён кахаў яе»,— думала Лена.

Апошнім з клуба выйшаў Анатоль. Лёгка паціснуў Лене руку, усміхнуўся і сказаў:

— Да заўтра! За табой сочаць сотні воч! Пайду, каб не падумалі чаго благога... Пра цябе...

І пайшоў...

...Лена зачыніла акно, выключыла лямпачку і лягла. Не думала, не гадала, што над яе шчасцем збіралася чорная хмара бяды...

Мінула некалькі дзён. Анатоль забягаў да Лены ў пакойчык, цалаваў рукі, называў яе пяшчотна птушанём. Пра каханне яны больш не гаварылі. «Ясна і так, што ён кахае мяне»,— супакойвала сябе Лена.

Ды раптам...

Зачыніўшы клуб, Лена пайшла ў свой бэзавы сад каля клуба. Яна любіла адпачыць там, на лаўцы, сярод зелені бэзу, памарыць...

На лаўцы сядзела дзяўчына.

— Ты, Ліда? — аж жахнулася Лена.— Каго гэта тут чакаеш?

Тая ўстала, рукі ў бокі, засмяялася:

— А таго чакаю, хто прыйдзе! Ха-ха-ха!

І пабегла да возера, нядобра бліснуўшы на Лену круглымі, як у савы, вачамі.

«Таго чакаю, хто прыйдзе... Зусім неразумна — хто прыйдзе! Анатоль даўно пайшоў у сяло...»

І толькі так падумала, як заўважыла Ліхаўца. Ён ішоў аднекуль збоку, з дарогі. Стаілася. Нядобрыя думкі ўскалыхнулі грудзі. «Няўжо сюды?»

Анатоль расхінуў кусты рукамі.

— Пайшлі,— ціха прамовіў, убачыўшы на лаўцы сілуэт дзяўчыны.

Скамянела. Адняўся розум: ні думак, ні пачуццяў. Толькі цямнейшаю стала ноч.

— Чуеш, пайшлі...

«Лідку... кліча! Які сорам! Ліду, Сароку-варону...»

Лена ўстала, скінула хусцінку з плячэй, разагнала камароў, быццам яны засцілі вочы, перашкаджалі.

— Ліда пайшла да возера,— сказала меладычным голасам.

— Лена? — Анатоль прасунуўся праз куст, стаў побач.

— Я.

— Значыць, ты... Што ж, гэта яшчэ лепш. Я даўно хацеў табе сказаць, але адкладваў...

— Мне ўсё ясна і так.

Яна здзівілася, што здолела перамагчы свой душэўны боль і цяпер гаворыць так спакойна.

— Не ясна, пойдзем, раскажу...

— Бяжы лепш да возера, не трымаю. Мусіць, паскардзіўся, дык цябе і пашкадавалі. Не першага Ліда шкадуе...

Лена павярнулася, пайшла. Яна ішла шпарка, нібы хацела ўцячы ад Анатоля, ад самой сябе. Ды ён дагнаў яе на ганку. Сілай упіхнуў яе ў пакой, зачыніў за сабою дзверы.

— Стой! — заўважыўшы, што Лена хоча выйсці назад, Анатоль схапіў яе за руку.— Стой і слухай... Я кахаю цябе, Лена. Даўно...

— Не кажы такія словы! — прамовіла яна і адышлася ад акна, адвярнулася. — Ты не кахаў мяне і тады...

Анатоль зноў падышоў да яе, стаў побач.

— Гэта было спачатку — захапляўся... Памятаеш? Мы разышліся. Цяпер я прыехаў зусім не з тымі намерамі! Я зразумеў, што кахаю цябе па-сапраўднаму, але ж зразумеў і іншае — ніколі не прынясу табе шчасця: у мяне ёсць жонка...

Лена спалохана зірнула на Анатоля і адсунулася.

— Жо-онка? — перапытала, яшчэ не верачы яго словам.

— Так, жонка... Ты маладая, і я не хачу губіць твае мары... І ў мяне яны былі і ёсць, мары. Толькі да здзяйсненняў далёка... Вось і ўсё, Лена. А на Ліду не крыўдуй, яе віны тут няма... Усё здарылася не так, як бы хацелася, ды соллю рану не загоіш. Даруй, Лена...

Анатоль падышоў да дзвярэй і ўзяўся за ручку, як пачуў за плячамі:

— Чакай!.. Як жа гэта? Ты ніколі не гаварыў мне пра жонку..

— Ты ж не пыталася...

— А цяпер — дзе яна? Чаму ты яе кінуў?

— Зіна кінула мяне сама. Была са мною, пакуль вучылася ў медыцынскім. Скончыла — паехала на цаліну, да свайго першага мужа... І сына забрала, нашага сына! Колькі цяпер там прабудзе, не ведаю.

— І ты прымеш яе зноў?

— У нас жа сын расце...

Лена не апраўдвала Анатоля, але і не вінаваціла яго. Яна проста па-чалавечы шкадавала ўсіх: і няўдачніка жаніха, і малога, якому, вядома ж, жывецца не вельмі соладка.

— Ідзі, Толя...

Ліхавец ірвануў дзверы, адвярнуўся і выгукнуў:

— Я напішу табе, Лена!

Ён пайшоў. Пайшоў, каб больш ніколі не вярнуцца сюды, да вясёлай грамады зазерцаў...

 

* * *

На другі дзень Анатоля ў Зазер’і ўжо не было. Аб ім пагаварылі хлопцы, пажурыліся дзяўчаты і забыліся. «Лена прагнала. З-за Ліды...» — так вырашыла сяло.

Ды адна бяда ніколі не ходзіць. За ёю следам цягнуцца новыя беды, яшчэ большыя і злейшыя.

Захапіўшыся працай і самадзейнасцю, зазерцы зусім забыліся на Віктара Бадзягу. А ўсё якраз і здарылася з-за яго...

Неяк адвячоркам у клуб да Лены забеглі Волька і Каця. Прадчуваючы нешта нядобрае, Лена хуценька ўстала з-за стала.

— Што з вамі? — насцярожана спытала яна.

— Са мной — нічога, а вось з ёю,— пачала Волька,— бяда...

— Сядзем, Леначка, я ўсё табе раскажу. Бандыт ён — вось хто! Ці ж добры чалавек так зробіць? — Каця падняла хусцінку да сваіх вільготных воч і ціха заплакала.

Лена пасадзіла дзяўчат побач з сабою, прынесла шклянку вады і паставіла на стол. Каця глынула са шклянкі і, крыху супакоіўшыся, прамовіла:

— Зусім звар’яцеў мой Віктар... Во, паглядзі! — і агаліла ўсё ў сіняках плячо.— І спіна гэткая ж... Жывога месца не пакінуў, п’янчужына.

— За што ён? — ціха спытала Лена.

— Каб жа я ведала! Прыйшоў п’яны як зямля. Спытала, дзе ён так набраўся. І ўсё... А п’е ж кожны дзянёк. Ой, чуе маё сэрца, што з касы бярэ ён грошы. І, відаць, нямала набраў...

Лена строга зірнула на Кацю:

— Бачыш, да чаго давяла твая пакорлівасць! Абы ціха... Цяпер хоць не хавайся ад людзей, кажы праўду. Даўно ён рукам волю дае?

Памаўчаўшы, Каця як бы нехаця адказала:

— З год ужо... Але я думала — пройдзе ліха, а ён звярэе з дня на дзень. І не толькі звярэе — вар’яцее. Учора вунь прыйшоў дадому ды рагоча без дай прычыны, печы язык паказвае. Во да чаго дапіўся! А сёння яму здалося, што я некага ў шафе схавала. На трэсачкі пакалоў, злыдзень! Дзіця тое так перапужаў, што аж пасінела ад страху. Дык я малую да Волькі занесла, а мы вось да цябе ўцяклі... Што мне рабіць, Леначка, што рабіць? Як бы хоць збавіцца ад яго, злыдня...

Волька адмоўна пакруціла галавою і цяжка ўздыхнула:

— Што ты гаворыш, Каця! Дзіця — без бацькі, а ты — удава? Падумаем яшчэ, можа, знойдзем іншы выхад...

— Які ён бацька? Чорту лысаму ён бацька. А я дык ужо даўно ўдава. Каб вы ведалі, як ён мне абрыд. Але каму раскажаш такое, што і самой балюча ўспомніць? А на людзях Віктар — ого як трымацца ўмее! Пашкадаваць толькі! Гэта я ўсё вінавата...

Каця змоўкла і прыкусіла верхнюю губу. Яна хацела расказаць пра ўчарашняе, але не змагла. Ёй было сорамна, Віктар прыйшоў п’яны, здзекаваўся з яе... Як жа расказаць такое людзям, адкрыць перад імі рану сваёй душы?

— Збавіцца б ад яго...— паўтарыла Каця і з надзеяй зірнула на Лену.

— Я ведаю, што рабіць... Трэба перш-наперш перавесці яго на іншую работу! — сказала Лена.— Схадзіць да доктара, узяць даведку аб пабоях. Тут, у клубе, пры ўсіх людзях, устроіць грамадскі суд — пацішэе!

— Хаця б не пашкодзіць! — паківала галавою Волька.— Яму ж цяпер законы не пісаны, абы-чаго натворыць.

І ўсё ж Каця згадзілася з’ездзіць у раён, расказаць аб здзеках людзям, старшыні.

На развітанне яна параіла сёння больш нікога не пускаць і дзверы заваліць, бо Віктар п’яны не раз гаварыў, што ён яшчэ дабярэцца да «недаткнентай». Што пад гэтым разумець, здагадацца было няцяжка. Не было яшчэ ў сяле той жанчыны, да якой Віктар не прыставаў бы.

Застаўшыся адна, Лена ўявіла сабе п’янага Віктара і пабегла замыкаць дзверы. Сустрэча з ім адзін на адзін цяпер, калі яна столькі перахвалявалася, была зусім непажаданай.

Перад тым як запаліць святло, Лена стала на падаконнік, каб завесіць акно коўдрай. Міжволі глянуўшы на цёмны куст лазы каля возера, яна жахнулася: там, за кустом, ёй уявіўся чалавек. Можа, гэта толькі здалося, але на нейкае імгненне яна ясна ўбачыла, як хтосьці расхінуў рукамі галлё. Ёй упершыню стала тут страшна. Акуратна завесіўшы акно, Лена скочыла на падлогу і, адхінуўшы ражок коўдры, яшчэ раз зірнула на куст. Вецер калыхаў галлё. Нікога там цяпер не ўбачыла.

«Глупства, здалося»,— супакоіла яна сябе, але страх не прапаў. Зірнула на дзверы, і ёй уявілася, што яны вось-вось з грукатам адчыняцца і хтосьці ўварвецца ў пакой.

Лена села за стол, засланы белым абрусам, і ўбачыла на ім кнігу, якую прынёс Васіль. Успомніла пра ліст, што быў у кнізе. Як жа яна забылася на яго? Чаму не прачытала раней? Лена злавіла сябе на думцы, што раней ёй было не да Васілёвых лістоў, раней у яе былі іншыя клопаты і інтарэсы. Цяпер жа ўсё тое адышло, мінула...

Дастаўшы з кнігі акуратна складзены ліст, Лена, каб адцягнуць увагу, забыцца на страх, села каля грубкі і падумала-загадала: «Што ж ён мог напісаць?» Зажмурылася і разгарнула паперу. А калі расплюшчыла вочы, убачыла акуратна выпісаныя словы...

«Лена, даруй! Гэта не любоўнае пасланне, а душэўная споведзь... Мы абое сіроты. Твой бацька загінуў героем, маці памерла чалавекам. Ты не адна, Лена, у цябе шмат бацькоў і матак у Зазер’і.. У нас жа дома быў кат. Сваім дзецям, жонцы, а пасля — усім людзям... Бедная мая маці! Колькі перанесла яна гора — ні адна жывая душа не стрывала б. А сёстры! Заўчасна пастарэўшы, яны і цяпер жахаюцца ў сне, ім і цяпер сняцца п'яныя фашысты, якім кінуў іх пад ногі бацька-звер, хатні кат...»

Тут Лена спынілася, яе ўразіла гэтая споведзь. Яна спярша нават не паверыла, што гэткае мог вытвараць родны бацька, але Васіль прымусіў яе паверыць сваімі наступнымі радкамі, дзе гаворка ішла пра тыя факты, якія, нібы далёкае водгулле, дакаціліся да яе яшчэ недзе ў сорак пятым... У гэтым пасланні-споведзі была адна просьба, каб Лена не пазбягала сустрэч з ім, Васілём, не адварочвалася, а шчыра, як сястра, глядзела яму ў вочы...

Лена не цярпела розных пісьмаў-прызнанняў. Гэтае ж схавала, як самае дарагое. І не таму, што нарэшце ёй адкрыліся вочы на гаротнае жыццё Васіля. Лена адчула душою — Васіль пакутуе яшчэ і з-за яе, з-за яе халоднасці. Цяпер ён пакутаваць не будзе. Лена сама скажа яму пра гэта...

Ведала яна, што ў сяле многія любілі Васіля. Пры кожным выпадку жанчыны не праміналі сказаць, што Васілёвым сястрычкам жывецца лепш, чым іншым за бацькамі. І гэта была праўда. Васіль любіў сваіх сясцёр, дапамагаў ім, як толькі ставала сілы, каб яны не ведалі гора, нястачы.

Шчыры працаўнік, ён жыў марай аб лепшай будучыні, радаваўся, калі з году ў год раслі тыя простыя лічбы, за якімі ён, звычайны бухгалтар, бачыў багацце сваіх аднавяскоўцаў.

«Ты не адна, Лена... Яму цяпер цяжэй, чым мне»,— падумала Лена. Ёй хацелася адкінуць прэч рэшткі старой злосці, што перашкаджалі раней разгледзець гэтага прыгожага душою чалавека. Ад такіх дум стала лягчэй на сэрцы. І прайшоў усякі страх...

Лена хацела ўжо нават скінуць з акна коўдру, як адразу адскочыла назад: у гэтае імгненне хтосьці моцна забарабаніў кулаком у раму. Зазвінелі шыбы. Лена адышлася да дзвярэй. Востры халодны боль пранізаў усю істоту. Інстынктыўна выключыўшы святло, Лена хацела схавацца за шафу, як пачула за акном знаёмы Васілёў голас:

— Бяжыце ў сяло, клічце людзей! Кароўнік гарыць!..

 

* * *

Што ж было да гэтага?

Перад Віктарам дзень за днём уставалі ўспаміны. Так, ён цяпер адзін, зусім адзін. Нават Алесь адвярнуўся ад яго. Спярша ён саромеўся свайго ўчынку, тады-сяды забягаў яшчэ ў краму выпіць «маленькую на дваіх», потым заявіў адкрыта:

— «Квактух» не важу, грошай няма. Будзь здароў, Віктар, я табе не кампаньён!

І Віктар пачаў частавацца сам. Раз яго не разумеюць —не трэба. Ён-то сябе разумее, і ён сябе не пакрыўдзіць. Колькі таго жыцця — нуль? А без гарэлкі, разважаў ён, нават жаўранкі не пяюць, а рыпяць, як непадмазаныя калёсы. Віктар штодня «цалаваў белую галоўку». Ён прыкладваўся да яе ў дзень разоў дзесяць, да вечара быў з пакупнікамі вясёлы, жартаўлівы. І ніхто не задумваўся над тым — адкуль у Віктара бярэцца весялосць. А Каця баялася яго і маўчала. Яна яшчэ смутна спадзявалася на цуда, што Віктар прыйдзе аднойчы дадому цвярозы, і ўсё пачнецца спачатку. Ён жа калісьці быў добрым хлопцам...

І вось настаў дзень, калі маўчаць больш не было сілы. Каця паскардзілася суседзям. Ён за гэта «палічыў ёй рабрыны». Пасля — зноў. І нарэшце ён абрыд ён наогул. Каця заявіла аб гэтым Віктару — той азвярэў зусім. «А-а, спадабаўся табе загадчык фермы, той таўсцюк Гаўрыла! Я ўжо табе не патрэбны? Вось, атрымай!..»

Ён пачаў раўнаваць яе да кожнага, хто хоць слова гаварыў Каці на вуліцы. Яна баялася спыніцца, пастаяць са знаёмымі і суседзямі. Яна была як запалоханая вавёрка, якая ўрэшце пачынае баяцца свайго ўласнага хваста...

І вось ён зноў пабіў сваю жонку...

Спярша яшчэ тое-сёе разумеючы, Віктар прыкідваў у галаве, на колькі ён напіў. Потым, зірнуўшы ў «чорную кніжку», куды ён запісваў растрату, Віктар убачыў страшную лічбу. Каб пагасіць яе, каровы ўжо было мала. Гэта сапсавала настрой. А тут падвярнулася Каця...

Застаўшыся адзін, Віктар агледзеўся. Дома нікога не было. Уся падлога закідана кавалкамі пасечанай шафы, адзежай. А той, каго, як яму здавалася, Каця там схавала, недзе знік. «Мусіць, пабег з ёю»,— мільганула ў галаве вострая, хваравітая думка. Віктар адчыніў дзверы і выйшаў. Ён знойдзе жонку, дзе б яна ні схавалася.

У суседзяў Каці не было. Віктар папрасіў у іх прабачэння за турботы і пайшоў далей. І суседзі не спыталі ў яго, навошта ён шукае Кацю, не спынілі: бяда была чужая, не свая! Навошта ж і клапаціцца, умешвацца ў суседскія справы. Муж з жонкаю паб’юцца, а потым і памірацца...

Абышлі п’янага і на вуліцы па дзедаўскай прымаўцы: «Дзіцяці ўступі, а п’янаму саступі». Так ногі і занеслі Віктара на ферму...

— Знайду, сучка!.. Ты ад мяне нідзе не схаваешся, нідзе! — спыніўшыся каля кладоўкі, Віктар тупа зірнуў на невялічкі замок. Знайшоў камень і збіў замок. Шукаючы жонку між бітонаў, ён перакульваў іх — і рэшткі вячэрняга ўдою цяклі па нахіленай падлозе да дзвярэй.

У кароўніку, куды ён трапіў пасля, было цёмна, як у склепе: на ноч там выключалі святло. Віктар вобмацкам дабраўся да супрацьлеглых дзвярэй, дзе ў куце, за дошкамі, ляжаў падрыхтаваны ранішні рацыён, чыркнуў запалкай. Там было з пуд сена, у засеку — крыху аўса.

Віктар сеў на сена і заплакаў. Ён плакаў ад свайго бяссілля, ад злосці і больш — ад гарэлкі. Ого, папалася б цяпер яму пад гарачую руку жонка! Але яе, на шчасце, не было, і Віктар толькі моцна скрыгануў зубамі. Закурыў...

Потым, пыхкаючы папяросай, ён зноў аблазіў гэты куток, зазірнуў у засек. Віктар не бачыў, як папяроса вывалілася з перасохлых вуснаў у сухі, нібы порах, авёс.

Ён адчуў гэта толькі пасля, калі едкі дым паплыў па кароўніку, але не ведаў — адкуль той дым. Калі ж Віктар знайшоў палаючую скрыню, то зрабіць што-небудзь ён ужо не мог...

«Чаго гэта я там поўзаў у кароўніку? Як я апынуўся там наогул?» — успамінаў пасля Віктар, калі пажар вярнуў яму розум. І ніяк не мог успомніць. Ён проста здзіўляўся, і нічога больш. Але сваім здзіўленнем ні з кім не падзяліўся: ні з Васілём, які прабег воддаль ад яго, ні з Ленай, ад якой шаснуў у хмызняк, калі яна стрэлася на дарозе...

Віктар прыбег дадому жытам, загуменнямі. Прабраўся ў адчыненую хату і, распрануўшыся да сподняга, лёг на ложак. «Добра хоць, што яшчэ вартаўніка не было... Ён з дванаццаці. Пройдзе!» — суцешыў ён сябе думкаю і неўзабаве пачуў, што да яго ідуць. Моцна-моцна заплюшчыў вочы і нават крышку захроп. Яго «разбудзілі». Віктар адкрыў вочы і ўбачыў поўную хату людзей.

— Гэта не ён,— сказаў адзін.

— Ён нават падняцца не можа,— сказаў другі.

Так яны сталі сведкамі таго, што Віктар быў моцна п'яны і спаў дома...

 

* * *

Спярша Лена падумала, што Васіль пажартаваў. Грукнуў у раму, крыкнуў бегчы ў сяло і знік. Чаго ён тут блукаў наогул? І ці не яго гэта яна бачыла за лазовым кустом?

Лена адчыніла дзверы і выглянула на двор. Вечар быў даволі відны, нейкі ружовы. На фоне цёмнага неба з дзіўнай пазалотай віселі нейкія празрыстыя, лёгкія і далёкія воблакі.

Але вось Лена заўважыла нечы сілуэт, які паволі знікаў за ўзгоркам. А далей Лена ўбачыла, як падымалася з зямлі чорная хмара. «Гэта пажар! Агонь толькі разгараецца»,— падумала яна і кінулася за Васілём. Не пабегла ў сяло, бо туды было далей, чым да фермы. Лена бегла на пажар, хоць сама страшна баялася пажараў. Праўда, бачыла яна іх даўно, калі на гэтай зямлі грымела вайна. Але ў памяці недзе глыбока-глыбока захаваўся жах гэтай стыхіі...

Бегчы цяжка-цяжка. Спатыкнуўшыся аб купіну, Лена ўпала. А калі падымалася, убачыла, як хтосьці пабег ад яе праз кусты. «Гэта ж Віктар!» Але разважаць, чаму ён уцякаў ад яе, не было часу, і яна зноў прыбавіла ходу.

На ферме гарэў крайні кароўнік, стары. Лена ўбачыла, як з доўгай будыніны Васіль выводзіў кароў і, моцна б’ючы іх доўгім кіем, адганяў далей.

— Чаму вы тут?! — неяк грозна спытаў Васіль, убачыўшы Лену каля сябе.

— Я памагу... Мы ўдваіх хутчэй справімся,— адказала яна і пабегла за Васілём у адчыненыя вароты, з якіх паволі вярнуў густы едкі дым.

Унізе яшчэ можна было дыхаць. Сагнуўшыся, Лена падбегла да стойла, адвязала карову. Жывёліна ўставілася на яе чырвонымі ў цемені вачамі і цяжка, трывожна дыхала. Яна дрыжала ўсім целам, баялася крануцца з месца! Лена хацела вывесці яе, але тая — ні з месца.

— Вы за рогі бярыце, за рогі! — данёсся адкульсці Васілёў голас.— Яны баяцца адны ісці!..

За рогі браць рукамі Лена сама баялася. Яна зняла з сукенкі пояс і накінула яго на рогі.

— Пайшлі, мілая! Пайшлі... Згарыш тут... Ну! — ледзь не плачучы, прамовіла Лена, і карова, гучна чмыхнуўшы колькі разоў, пайшла рыўкамі, хутка.

Пакуль Лена вывела каля двух дзесяткаў кароў, у кароўніку стала горача, нібы ў печы. Дашчаны дах ужо гарэў, як свечка. Наўкола стала відна. Ні Лена, ні Васіль не думалі, што па даху полымя можа хутка перакінуцца на другі канец будыніны. Яны маглі яшчэ, закрыўшы ад гарачыні твар, тое-сёе зрабіць. І яны выводзілі адну карову за другой. Шмат дапамагала ім адзіная бочка вады, што стаяла побач з варотамі...

Калі Лена выводзіла апошнюю карову, яна заўважыла ў куце нешта чорнае. Яна яшчэ вярнулася і вобмацкам устанавіла, што гэта цяля. Яно было блізка, проста за варотамі, але як яго ёй вывесці, калі такім жарам дыхае ў твар. Лена ўпала каля цяляці, блізка прытуліўшыся да яго...

Васіль, выйшаўшы з кароўніка, закрычаў:

— Усё! Лена, усё...— Агледзеўся наўкола і, не знайшоўшы Лены, гукнуў: — Ле-ена!!!

Адказу не было. Тады Васіль апошні раз намачыў свой пінжак і, накінуўшы яго на галаву, праскочыў за вароты, якія, нібы пашча дракона, дыхалі агнём.

— Ле-ена! — як з-пад зямлі, данёсся да дзяўчыны Васілёў голас. Яна хацела адказаць, але не здолела. Закашлялася і страціла прытомнасць. Той кашаль і пачуў Васіль.

— Лена! Жывая... — трывожна прамовіў хлопец. Скочыў убок і, нахіліўшыся, абкруціў сваім пінжаком яе галаву. Потым падняў дзяўчыну на рукі, моцна прыціснуў да сваіх грудзей і яшчэ раз зірнуў, куды ісці. Зірнуў — і адчуў пякучы боль у вачах, у галаве, ва ўсім целе. Зрабіў крок, другі, трэці...

Ён задыхаўся. Яму здавалася, што нешта гарыць у яго ўсярэдзіне, але крок за крокам ён нёс сваю непамерна цяжкую ношу. Васіль нёс, а выйсця ўсё не было. Кругом было полымя і ноч...

Ён не ведаў, што ўжо даўно выйшаў з палаючага кароўніка, што гэта вопратка гарыць на ім. Ён нёс дзяўчыну насустрач шумлівай грамадзе, якая набліжалася з сяла, і не чуў яе гулу. У вушах толькі аддаваўся трэск ды шум пажару. Нарэшце Васіль зваліўся, так і не выпусціўшы з анямелых рук выратаваную дзяўчыну...

На ім разарвалі вопратку, адкінулі прэч. Васіль не стагнаў. Яго паклалі на разасланыя хусткі, нікім не пазнанага, з апухлым чорным тварам і закрытымі вачамі. Побач з ім сядзела Лена і курчылася ад болю. Хтосьці падаў ёй вады. Яна напілася проста з вядра, абмыла твар. Волька дала ёй сваю хустку, і Лена перавязала ёю абпаленую руку.

— Завяжы, Волечка. Агнём пячэ...— папрасіла Лена.

Волька нахілілася над ёю і асцярожна завязала ражкі.

Падышоў сюды і Корань.

— Вас трэба хутчэй адвезці ў раён... Дзе ж гэта машына? — занепакоіўся ён і стаў азірацца навокал.

Лена падняла галаву, хацела ўстаць, але толькі застагнала. Аказалася, што ў яе абпалена яшчэ і нага.

Старшыня падхапіў яе пад рукі і сказаў:

— Малайчына ты, Гэлька... Вы ж,— кіўнуў ён на Васіля,— столькі зрабілі! Удваіх...

Лена павярнула галаву і, зірнуўшы на Васіля, закрыла вочы рукою.

— Яму цяпер не выжыць, дзядзька Рыгор,— сказала яна і ціха, стрымана заплакала. Услед за ёй загаласіла каваліха Зося, зачмыхалі насамі кабеты. Яны стаялі над Васілём, як над нябожчыкам. Васілёвы сёстры асцярожна прыкладвалі да твару мокрыя хустачкі і плакалі. А ён маўчаў. Толькі часта-часта ўздымаліся грудзі...

Воддаль, дзе дагараў кароўнік, было тлумна, чуліся каманды і воклічы. Людзі расцягвалі драўляныя сцены бусакамі, і полымя гасла. Чорны дым расплываўся над фермай. Здалёк ён быў падобны на вялізную навальнічную хмару.

Толькі тады, калі пажар быў патушаны, а Васіля і Лену павезлі ў бальніцу, людзі загаварылі аб прычыне пажару.

— Вось вам і вынік! Я казаў... Я многа раз казаў, што трымаць статак у драўляным кароўніку небяспечна,— гаварыў калгасны пастух Язэп, чалавек у гадах, але шустры і вясёлы бабыль.

Людзі пачалі ўспамінаць, хто з мужчын быў вечарам на ферме. Першым назвалі Алеся. Шафёр сапраўды падвозіў туды віку і заходзіў у кароўнік. Але Каця, з якой Алесь размаўляў, сказала, што яны пастаялі каля варот і ён пайшоў да машыны, ні разу не закурыўшы. Аб тым, што Алесь кінуў курыць наогул, ніхто яшчэ не ведаў, бо хлопец саромеўся пра гэта гаварыць.

— Хто ж яшчэ мог запаліць, ад чаго такая бяда? — згадваў старшыня. Ён да таго змарыўся, што ледзь плёўся ў сяло.

Каця зірнула на яго і схапілася за грудзі рукою. «Бяда... Чужая бяда... Мусіць, ён тут быў, Віктар, мяне шукаў...» — падумала яна.

— Ой, мусіць, гэта Віктарава работа! Яго, дзядзечка! — сказала ціха старшыні. Той паглядзеў на яе ўважліва.

— Ты што гаворыш? Ён вунь спіць без задніх ног, які чорт панясе яго ноччу на ферму?

— Вось тое і яно, што Віктара даўно чорт носіць, а вы не бачыце! Ніхто не бачыць... Бяда чужая, нікому да яе і спраў няма. Пачакайце, дорага абыдзецца вам гэтая бяда!..

Корань ведаў, што жыццё ў Каці не клеіцца, але не мог здагадацца, чаму яны не ладзяць. Таму, што Віктар п’е гарэлку? Ці таму, што ён заляцаецца да другіх жанчын? Так, прынамсі, думаў ён і добрая палова сяла. І зусім не ведаў Корань, што самае паганае ў Віктару — яго натура. З чужымі ён быў абыходлівы і проста смешны добры дзядзька, а дома станавіўся зверам. Аб гэтым ведала толькі Каця, аднак доўгі час яна не магла вынесці тое смецце на людзі. Яны, праўда, слухалі, спачувалі, але былі далёка ад веры ў тое зло, аб якім іншы раз гаварыла жанчына...

«Чорт яго ведае, можа, і праўда Віктар запаліў? Калі жонка гаворыць, нешта ж яна знае»,— падумаў Корань. І як ён ні быў змораны, вырашыў зайсці да Віктара.

Як толькі ляпнулі дзверы, Віктар усхапіўся і сеў на ложку. Калі б у старшыні была хоць кропля назіральнасці, то па гэтым нервовым, неспакойным сне п’янага ён зразумеў бы многае.

Пры яркім электрычным святле Віктар выглядаў мерцвяком. Худы, сіні ад гарэлкі, непаголены, з глыбока запалымі вачамі, ён спалохана пазіраў на старшыню, які паволі прайшоў да стала і сеў на крэсла.

— Дакаціўся! Да ручкі дабіўся, галубок! — ён паказаў на абломкі шафы, што валяліся на падлозе.— Сёння ж буду званіць участковаму і ў раён! Як жа з табою жыць Каці, га?

Віктар маўчаў, тупым позіркам глядзеў на падлогу і думаў зусім аб іншым. У яго працверазелай галаве з’явілася адна неадступная думка: бачыла яго каля фермы Лена ці не? Ён ляжаў і думаў толькі аб гэтым.

Сеў — і зноў тыя ж думкі. Што там здарылася на пажары — пагарэлі ўсе каровы ці толькі частка,— яго зусім не цікавіла і не займала. Яго страшыла толькі адказнасць. Цяпер нават растрата ў магазіне і «чорная кніжка» здаваліся мізэрнай віною перад той, што так нечакана звалілася на яго галаву. Віноўнікам сябе ён не лічыў. Ён быў толькі пакутнікам ад розных няшчасцяў, якія неадступна ідуць за ім усё жыццё...

— Ты ведаеш, што гавораць людзі? — раптам спытаў старшыня і толькі цяпер пільна зірнуў на Віктара, шукаючы на яго твары збянтэжанасці. Але яе не было, Віктар на момант узняў галаву і спакойна спытаў:

— Што?

— Цябе бачылі каля фермы да пажару...

Віктар усміхнуўся. «Трасцу ты мяне зловіш на гэтым! Да пажару мяне ніхто не бачыў. Лена бегла, калі ўжо гарэла»,— падумаў ён і адказаў:

— Не маглі людзі бачыць чалавека там, дзе яго не было. Гэта хлусня...

— Трэба будзе праверыць — ці хлусня...

— Правярайце... А што, каровы пагарэлі? — проста спытаў Віктар.

— Людзі пагарэлі,— устаўшы, адказаў старшыня.— І якія людзі! Васіль, Лена...

— Лена і Васіль? — узняў галаву Віктар.— Што з імі?

— Ты вось адкажы мне — што з Кацяй, дзе яна? Дзе тваё дзіця? Нашто ты пабіў шафу? Ох, прагледзелі мы многае! Усё верылі, давяралі... не-е ўжо! Цяпер я вазьмуся за вашу скуру! Ой, вазьмуся!..

Корань грукнуў па стале кулаком і выйшаў.

Віктар хуценька сабраў на падлозе абломкі шафы і вынес іх на дрывотнік. Потым злазіў на гару, дзе ў яго было напасена каля дзесяці бутэлек гарэлкі, усунуў адну ў кішэню і вярнуўся ў хату. Сеў у цемнаце каля стала, паставіў перад сабою паўлітра, з палёгкай уздыхнуў.

— За тое, што ўсё шыта-крыта, не грэх і выпіць! — наліваючы ў шклянку гарэлку, захіхікаў ён.— Лена згарэла? Тым лепш: а раптам ды бачыла? Га? А што б тады было рабіць?.. Ох, якая горкая гарэлка, бадай яе пярун! Але ж і без яе...— На хвіліну Віктар задумаўся.— Што ж гэта без яе? Ага, во — даўранкі рыпяць, як непадмазаныя калёсы! Колькі таго жыцця? Нуль! А раз нуль, то буду піць! Варона салаўём здасца! Здасца... Трасца... Га? Чаму гэта я адзін? А дзе ж Каця? — у хаце... Вось вып’ю яшчэ і тады...

Рэвізор, што прыехаў раніцою з раёна, застаў Віктара за гэтым жа сталом і ў тым жа стане. Каля стала валяліся парожнія бутэлькі. На стале — разбітая шклянка, кавалак чэрствага хлеба, зялёная цыбуля.

— Ісці з вамі? Калі ласка,— не маючы сілы падняцца, Віктар зваліўся на падлогу, захроп...

 

* * *

Лена зусім не магла спаць. І хоць ёй строга загадалі не падымацца з ложка, яна падыходзіла да дзвярэй суседняй палаты і ціха пыталася:

— Сястра, ну як ён?

— Крыху лепш... Спіце.

Васілю не было лепш. Твар яго быў забінтаваны так, што калі б не чорныя, запечаныя вусны, якія ярка віднеліся між белай марлі, то наогул цяжка было б здагадацца, што гэта твар.

Васіль аслеп адразу, раптоўна. Цяжкія раны ад апёку на руках і спіне, ад болю якіх ён страціў прытомнасць, цяпер, здавалася хлопцу, перасталі ныць. Гэта яму далі штосьці выпіць, каб зменшыўся боль. Васіль ціха паклікаў:

— Доктар...

— Я тут, ля вас,— адказаў галоўны ўрач бальніцы, здзіўлены незвычайным цярпеннем чалавека.

— Гэта... няпраўда, што... Лена згарэла? Не? Гэта сон?.. Скажыце, доктар...

— Паклічце Жураўскую! — раптам загадаў доктар сястры.— Хутчэй, калі ласка!..

Лена сама чула гэты загад. Яна адчыніла дзверы і, стараючыся не кульгаць, падышла да ложка, на якім ляжаў Васіль. Хвіліну глядзела на яго і ад хвалявання не магла вымавіць ні слова.

— Гаварыце да яго,— шапнуў доктар.

— Васіль! — вымавіла Лена, і сама не пазнала свайго слабага голасу.

Вусны Васіля задрыжалі, левая рука зварухнулася.

— Добра...— нарэшце выдыхнуў ён.— Цяпер-то ты мне даруеш...

— Мне няма чаго дараваць табе, Васіль,— выціраючы слёзы, адказала яна.— Ты ніколі не быў вінаваты...

Рука Васіля ўзнялася і павісла ў паветры.

— Шкада... Больш ніколі я не ўбачу... Там, пад тваім акном, я пасадзіў кветкі... ружы. Яны застаюцца з табою, Лена...

Гэта былі яго апошнія словы. Васіль паклаў руку на грудзі і заціх. Лена зірнула на доктара. Той толькі паціснуў плячамі і правёў яе да дзвярэй.

— Калі да раніцы вытрымае, то застанецца жыць,— сказаў ён.— Вялікая плошча апёку, перасадку рабіць нельга...

Яна гэта ведала.

Лягла на ложак такая змораная, быццам цяжка напрацаваўшыся. «Калі да раніцы вытрымае... Няўжо яму няма як памагчы, няўжо ўся надзея на сэрца?» — падумала яна. І гэтая думка не давала спакою да самай раніцы. Лена лічыла хвіліны, гадзіны. Яна не зводзіла воч з насценнага гадзінніка. І ён падвёў яе. Ён раптам расплыўся на сцяне і знік...

У тую ж хвіліну Лена ўбачыла, як адчыніліся дзверы суседняй палаты і медсястра вывела за руку Васіля. Ён усміхаўся ёй. Моўчкі падышоў да яе ложка і, нахіліўшыся, пацалаваў у вусны. Лена абвіла яго шыю рукамі і спытала:

— Усё ўжо? Не баліць табе, Васіль?

Ён пакруціў галавою.

— Доктар так і казаў, што калі да раніцы вытрымаеш, то будзеш жыць! Але ж яшчэ не раніца...

Лена зірнула на акно, на электрычнае святло і паднялася з ложка. Працягнула руку, каб дакрануцца да Васіля, але ён неяк плаўна адсунуўся ад яе. І паплыў, паплыў, махаючы рукою і ўсміхаючыся. Усё далей, далей, пакуль не ператварыўся ў чорную кропку. Потым тая кропка пачала расці, расці і вырасла ў насценны гадзіннік...

Лена расплюшчыла вочы.

...У акно палаты свяціла сонца. Гадзіннік паказваў роўна восем. «Божа! Гэта ж я заснула»,— падумала Лена і, ускочыўшы з ложка, крыкнула:

— Сястра!..

Дзяжурная сястра стаяла каля белых фіранак адчыненага акна. Яна нават не зварухнулася, нібы і не чула воклічу.

— Сястра.— Лена падышла да яе.— Скажыце, што з ім? Я так неасцярожна заснула...

— А што б вы маглі зрабіць, калі б і не спалі? Што?..

Медсястра павярнулася. Лена ўбачыла на яе твары слёзы і збялела...

Пасля з Ленай рабіліся жахлівыя праявы: прыходзілі Васілёвы сёстры, мітусіліся па палаце каровы, шугала полымя. Цямнела і развіднівала...

То бачыўся Віктар. Худы, аброслы. Лена глядзела на яго і гучна гаварыла: «А за смерць Васіля хто адкажа? А кароўнік хто падпаліў?» — «У смерці Васіля вінаваты ўсе»,— спакойна адказваў Віктар. «Як гэта ўсе?» — «Усё сяло... Гэта вы не трымалі мяне, вы спойвалі гарэлкай, вы!..» Віктар замахнуўся на Лену, але аднекуль з’явіўся Пятро, схапіў яго за руку і крыкнуў: «Стой, хопіць! Па цябе прыйшлі!..»

Лена адкінула коўдру: было душна. Не хапала паветра.

— Да вас прыйшлі! — раптам пачула яна. Узняла галаву і зноў апусціла яе: у дзвярах стаяў Пятро. У руках ён трымаў пакунак. Тым імгненным позіркам прыкмеціла, што хлопец яшчэ больш загарэў, ад чаго твар стаў смуглявым. Але сёння, цяпер, пасля столькіх пакут, Лена не хацела б сустракацца з Пятром. Яна зноў узняла галаву і паказала на крэсла каля ложка. Перасіліўшы сябе, сказала:

— Праходзьце, сядайце.

Падбіла вышай падушку, села, абапёршыся плячамі.

Пятро паволі падышоў да Лены і моўчкі паціснуў яе хударлявую руку. Паклаўшы на тумбачку пакунак, ён нарэшце загаварыў:

— Я пра ўсё даведаўся толькі сёння раніцою... І вось прыехаў на веласіпедзе. Скажыце, калі ласка, як вы сябе адчуваеце?

— Нічога сабе, дзякую... Мне няма на што скардзіцца. Крыху апяклася, пройдзе, а вось Васіль...

Яна не дагаварыла: слёзы набеглі на вочы.

— Васіля шкада,— уздыхнуў Пятро.— Ён аказаўся добрым салдатам: не кінуў таварыша ў бядзе...

Гэты напамін непрыемна ўкалоў Лену. Яна нахмурылася і сказала:

— Лепш бы хай я сама...

Лена лічыла, што ў смерці Васіля і яна вінавата.

Пятро не ведаў, які непамерна вялікі цяжар ляжаў на яе сэрцы. Ён мог думаць толькі аб тым, што яна бязмежна ўдзячна Васілю, але ўдзячнасць сваю ўжо няма каму выказаць. Таму і туманяцца яе ясныя цудоўныя вочы...

Раптам Лена ўспомніла свае ранейшыя думкі і мроі пра Віктара, ціха спытала:

— Вы ведаеце, хто запаліў кароўнік?

— Пакуль яшчэ не. А што?

— Ва ўсім вінаваты той чалавек, пра якога ўсе забыліся. І вы ў тым ліку...

Пятро запытальна паглядзеў на Лену.

— Віктар... падпаліў кароўнік,— растлумачыла яна.— Я сустрэла яго, калі бегла на пажар...

— Вось яно што! — усклікнуў Пятро.— Вы аб гэтым нікому не гаварылі?

— Не...

— Віктара арыштавалі. Праўда, за растрату. А тут яшчэ гэтая віна!.. От чалавек.

— Вы ведалі гэта даўно. І маўчалі. Як усе...

— Я ж у Зазер’і чужы,— паспрабаваў апраўдацца Пятро.— Быў у нас інспектар райана нехта Дзеравяга... Дык пакуль справа да райкома не дайшла, мне на слова ніхто не хацеў верыць, што інспектар злоўжывае сваімі абавязкамі. А за Віктара было ўсё сяло...

І хоць з гэтым довадам Лена пагаджалася, цяпер чамусьці ёй не хацелася дараваць Пятру нават самую малую частку яго віны ў чым-небудзь. Ёй не хацелася, каб ён наогул тут быў. Не таму, што ў яе былі крыху абпалены бровы і нават доўгія прыгожыя вейкі, што рука і нага былі забінтаваны, што яшчэ кружылася ад слабасці галава. У яе душы яшчэ не ўлягліся хвалі перажытай буры.

Пятро адчуваў яе настрой, устаў і на развітанне прамовіў:

— Я буду прыходзіць да вас часта. Вы не пярэчыце?

— Калі вы будзеце прыходзіць разам з Волькай,— адказала Лена.

— Згодзен! Папраўляйцеся хутчэй. Памятайце — вас чакаюць у Зазер’і.

І пайшоў.

Так вось і пацяклі для Лены цяжкія дні бальнічнага жыцця. За гэты час яе наведвалі многія, і самым частым госцем быў Алесь. Толькі гэта быў ужо не той Алесь, якога Лена ведала раней. Цяпер перад ёю быў сарамлівы, немнагаслоўны хлопец, чыста апрануты. Замест папярос яго кішэні былі заўсёды поўныя цукерак. З ім Лене было куды вальней і прыемней, чым з Пятром.

Неяк аднойчы яна сказала:

— Пэўна, зноў квактух возіш? Адкуль у цябе цукеркі?

Алесь азірнуўся на суседнія ложкі і ціха прызнаўся:

— Курыць адвыкаю... Дык смакчу замест папярос.

— Праўда? — здзівілася і ўзрадавалася Лена.

— Як піць даць!..

Яны абое засмяяліся. Аднак ёй стала не да жартаў, калі Алесь паведаміў, што ў Віктара вялікая растрата, што Каця з дзіцем перайшла да каваля жыць, а Віктар, якога адпусцілі, пакуль ідзе следства, раз напіўся і ледзь не спаліў сваю хату. Тады яго зноў арыштавалі...

— Якое там яшчэ следства, калі я сама бачыла, як ён уцякаў з фермы, калі быў пажар? Хто яго праводзіў, тое следства? — абурылася Лена.

— Прыязджалі з раёна... Пагутарылі са старшынёю і паехалі. Цяпер-то ўжо не выпусцяць! Як піць даць...

Алесь крыху пачырванеў пры словах «як піць даць», ды цяпер Лена не звярнула на гэта ўвагі.

— А памятаеш,— сказала яна,— ты з ім хаўруснічаў. Ты ж тады не лепшы быў за Віктара...

Алесь упершыню асмеліўся папікнуць Лену:

— Навошта чапаць тое, што мне самому брыдка ўспомніць?

— Гэта праўда, Алесь, прабач...

— Прабачаць тут няма чаго,— пачаў ён, апусціўшы галаву.— Я перад табою вінаваты куды больш, чым ты думаеш...

— Чаму ж?

Алесь паглядзеў на яе сумнымі, даверлівымі вачамі і ўстаў з крэсла, на якім сядзеў.

— Н-не магу я сказаць... Бывай, Лена, другім разам як-небудзь! Цяпер — не магу!..

Але яна схапіла яго за рукаў і зноў прымусіла сесці.

— Ты мне скажаш сёння...

Алесь узняў галаву і сустрэўся з халодным рашучым позіркам Лены. «Такім вачам не зманіш ніколі і не схаваеш ад іх нічога»,— падумаў ён і сказаў:

— Толькі ты не злуйся на мяне. Па-дурному ўсё вельмі выйшла. Сардэчная лінія, як кажуць, заела! — і, памаўчаўшы, дадаў: — Віктара тады пад вокны я паслаў... Калі ты Пятра абсушвала. Дужа ж мне тады крыўдна было... Я хацеў...

— Давесці, што Пятро са мною быў нездарма, як потым казалі. Але які ж ты нягоднік, Алесь! Волька кахае Пятра па-сапраўднаму, у іх ужо і да вяселля недалёка,— у задуменні прамовіла Лена.— А чаго сам дабіўся? Сораму...

— Што ж мне цяпер рабіць?

— Быць чалавекам... Не такім, што чакае, калі гэта можна будзе не рабіць, а есці...— адказала дзяўчына.

— Чалавекам я буду... Але што цяпер мне рабіць? — зноў паўтарыў ён сваё пытанне, падаўшыся наперад і застыўшы ў нямым чаканні, быццам яна, гэтая хворая душою дзяўчына, магла раптам вырашыць тое адвечнае пытанне.

— Жыві, Алесь, сумленна, любі людзей, рабі для іх усё, што можаш зрабіць, а шчасце само прыйдзе. Не ганяйся за ім, а то адпудзіш,— разумеючы хлопца, проста параіла Лена.

Алесь шчыра паціснуў ёй руку і сказаў:

— Дзякую, Лена... Ну чаму ў цябе ўсё так ясна, проста? З табою так лёгка, так хораша на душы,што не ведаю, як і дзякаваць, што не гоніш мяне...

— І не трэба! — строга прамовіла Лена.— Я — зазерская, свая. Чаму не параіць добраму добрае? Ды, урэшце, не вялікая і не мудрая гэта парада...

Алесь уважліва паглядзеў Лене ў твар, на яе прыпухлыя вусны і малы просты нос.

— Марыльчына Гэлька... Як ты вырасла! Вышай за ўсіх нас...

— Праўда? — усміхнулася яна.

— Праўда... Малая Марыльчына Гэлька была непрыгожая, непрыкметная...

— І пад носам у яе заўсёды было што выцерці! — з усмешкаю дадала Лена.— А цяпер?

Алесь стукнуў кулаком сабе па калену.

— Эх, чорт, а не дзеўка! Каваліху, язву тую, і то прымусіла на поле пайсці! А за той—усе квактухі папляліся. Я абяцаў іх бясплатна вазіць у раён кожную нядзелю! — сказаў ён.— Ну, трымайся, Лена, бягу... цалую цябе, Лена! Моцна!..

Медсястра, што ўвайшла ў палату, здзіўлена паглядзела на такога ўзрушанага наведвальніка.

— Не падумайце чаго...— прамовіла Лена, калі дзверы за Алесем закрыліся.— Ён — закаханы... Скажыце, мілая, ці доўга мяне яшчэ тут будуць трымаць, зусім здаровую?

— Дні два,— адказала дзяўчына, паволі набліжаючыся да Лены.— Вось гэта... пачытайце.

І, паклаўшы на тумбачку газету, выйшла.

Лена ўзяла газету і прывычна прабегла па загалоўках позіркам. Краіна, увесь народ, абмяркоўвалі праект новай Праграмы КПСС. Гонар за нашу партыю, якая дала людзям такую Праграму, веліч падзей, радасць і натхненне працоўнага чалавека — вось што было зместам газеты. І раптам... На апошняй старонцы, усярэдзіне, была невялічкая карэспандэнцыя пад загалоўкам «Геройскі ўчынак». Лена захвалявалася, перавяла дыханне, зажмурылася: душою адчула — пра іх гэта, пра Васіля і яе...

Нарэшце прачытала. Там лаканічна паведамлялася, што ў калгасе «Ленінскі шлях» нечакана ўспыхнуў на кароўніку пажар, што калгасны бухгалтар В. Цалавальнік, які быў непадалёку, і бібліятэкарка Л. Жураўская самааддана і мужна кінуліся на месца здарэння і выратавалі калгасны статак. Лену ўзнагародзілі медалём «За адвагу», а Васіля, пасмяротна,— ордэнам Чырвонай Зоркі.

Лена прыціснула газету да грудзей, усё-ўсё перажыла спачатку, паплакала ўдосталь. А потым падумала: «Вось як гэта ясна і проста! Самааддана і мужна... А колькі цяпер жыццёвай горычы, душэўных пакут! Ну няхай бы Васіль застаўся жыць!..»

Яна, можа, у соты раз абдумала ўсё спачатку, ад загаду Васіля бегчы ў сяло да таго цяляці, якое дорага каштавала ім абаім. І ўсё, што было б там, на пажары, без яе, Лены ўяўляла на розныя лады.

 

* * *

«...І яшчэ паведамляю вам, што вышэйупамянуты П. Жывіца, маючы на ўвазе захоп поўнай улады над школаю, дабіўся-такі змяшчэння маёй асобы з пасады дырэктара, якім стаў часова сам, не ў карысць агульных інтарэсаў, а з карыслівымі поглядамі на гэтую пасаду...» — нізка схіліўшыся над паперай, Іван Савіч Круцько пісаў скаргу ў вобласць. Яго пакрыўдзілі. Знялі з пасады, далі вымову і прапанавалі перасяліцца далей ад школы... Такога краху Круцько не пацерпіць...

Мякка крэкнуўшы, ён з асалодай пазяхнуў і, прыкрываючы шырокі рот далонню, сказаў сам сабе:

— Я ўжо дам задачу! Не на таго нарваліся,— і, пагразіўшы камусьці вузлаватым пальцам, дадаў: — Да міністра дайду! Па інстанцыі, па інстанцыі, галубкі... Субардынацыя, парадак і закон — у першую чаргу. Так-то, мае дарагія і шаноўныя, трасцу б вам на вячэру!..

Каля акна, на старым расшатаным крэсле, чырвоная і санлявая, сядзела Ліпа. Яна абірала бульбу. На падлозе з аднаго боку стаяў кош з бульбай, а з другога — чыгун.

— Што ж там у сяле за жыццё будзе, га? Жыць дзе будзем? — кідаючы бульбіну ў чыгун, жаласлівым голасам пыталася яна і, не атрымаўшы адказу, зноў брала з каша бульбіну.

Жонка перашкаджала думаць, пісаць. Яе радня не дапамагла. Уся надзея цяпер на гэтую паперку, якую так цяжка напісаць...

Іван Савіч заткнуў вушы рукамі, задумаўся. Ліпа крычала мацней бясконцае «што ж там у сяле за жыццё будзе, га?». Круцько ўсклікаў «зарэзала» і «атруціла», але жонка настойліва, як аўтамат, паўтарала сваё пытанне. Напісаўшы ў сваёй скарзе ўедлівы сказ «што ж там у сяле за жыццё будзе, га?», Іван Савіч нарэшце не стрываў. Як толькі жонка зноў падала голас, адказаў:

— Раскулачаць цябе, заядзь! Ава... Авадніца ты! Саранча!..

Не знёсшы такой абразы, Ліпа перабралася на ганак. Іван Савіч задаволена ўздыхнуў і прыняўся перапісваць усё спачатку. Ледзь толькі ён дайшоў да сказа «што ж там у сяле за жыццё будзе, га?», як пачуў на ганку крокі. Хуценька ўткнуў галаву ў паперыну і выставіў на дзверы хвігу.

Дзверы адчыніліся. І раптам Круцько пачуў, што хтосьці смяецца. Узняў галаву і сумеўся. На парозе ўбачыў адразу трох чалавек: старшыню, Жывіцу і Алеся Зыблюка.

— Першы раз у жыцці мяне так сустракаюць! — звярнуўшыся да Жывіцы, з ухмылкай зазначыў старшыня.

— Гэта не я! Гэта — Ліпа — жонка,— шырока раскрыўшы свае маленькія палахлівыя вочкі, апраўдваўся Іван Савіч.— Праз яе ўсё ліха гарыць. Праз яе адную... Заела яна мяне, зарэзала! Давяла да сораму такога, купчыха!..

— Дык, можа, дазволіш у хату зайсці? — перабіў яго старшыня.— Апраўдвацца будзеш на судзе...

— Га? На судзе? На якім судзе, завошта? — яшчэ больш спалохаўся Іван Савіч, паціху збіраючы напісаную паперыну ў кулак.— Ці ж я злодзей? Ці забіў каго? У мяне ўсё ў парадку, закон!..

— Гэта жарт... Прымаўка такая ёсць,— растлумачыў Алесь і дадаў: — Дык зайсці да вас можна?

— Ах, калі ласка!

— А зайшлі мы, Іван Савіч, параіцца з табою,— сказаў Пятро, спыняючыся каля вялізнай шафы. Старшыня сеў да стала, а Зыблюк застаўся ля дзвярэй.

— Параіцца? Са мной? — здзіўлена спытаў Круцько.— А што я магу параіць, калі мяне з дырэктараў. Гэта самае... У мяне самога бяда, баба заела... Што ж там у сяле за жыццё будзе, га?

— Вось аб тваёй бядзе мы і прыйшлі параіцца,— адказаў яму старшыня.

— Ну, дык сядайце ўсе да стала... Ліпа! Дзе ты, Ліпа? — гукнуў жонку Круцько.— Прынясі нам тут чаго-небудзь...

— А несці нічога но трэба! — гучна прамовіў Пятро.— Размову з гэтага «прынясі чаго-небудзь» мы і пачнём... Згодны ўсе, таварышы? — ён абвёў прысутных суровым позіркам, дадаў: — У нас гэтае пытанне даўно трэба было паставіць першым.

— Што праўда, то праўда,— пацвердзіў старшыня.— Ёсць яшчэ людзі, якія скардзяцца на майго брыгадзіра Зыблюка так: чорт, а не чалавек! І гарэлкі не бярэ, і каня не дае... Мала такіх, але ёсць! Да вас не заходзілі такія людзі, таварыш Круцько?

— Былі... Заходзілі,— уздыхнуў той.— Ды я і сам не лепшы, бо прымаў. Але гэта не я! Ліпа ўсё, праз яе ліха...

— Ну, досыць вініць жонку,— перабіў яго Пятро.— Давайце падумаем пра тое, дзе вам лепш будзе. Можа, у хату Жураўскай пераедзеце. Пустуе... Трэба, каб школа была падобна на школу, а не на хутар які ці птушнік... Хутка пачнуцца заняткі...

— Сапраўды, мнагавата курэй развёў ты, Іван,— па-свойску заўважыў яму Корань.— Калгаснікі па столькі не трымаюць... А твае трое парсюкоў? Што ты — гандляваць сабраўся ці сам будзеш спажываць гэтулькі?

Пачуўшы, што гаворка ідзе пра тое, дзе ім жыць, Ліпа падкралася ззаду і шапнула Івану на вуха:

— Няхай пабудуюць каля ручаіны хату... За хвойнікам. Там цэлая паляна зямлі...

— Трасцу! — крута павярнуўшыся, гыркнуў Круцько.— Кукіш з маслам табе, а не хату! Заела! Зарэзала! Досыць!.. Гэта ты нагаворвала: грукай — адчыняць. Грукнулі мы! Зачынілі! Чаго табе яшчэ? Зямелькі?.. Трасцу!

Ліпа стаяла, нібы аглушаная громам з яснага неба, і здзіўлена глядзела на свайго «ціхага» і «пакорлівага» Івана. «Адкуль узялася такая смеласць?» — думала, не ў сілах вымавіць слова. Потым павярнулася і пайшла да дзвярэй.

— Дзе тут у вас можна знайсці халоднай вадзіцы? — спытаў Алесь і ўслед за Ліпай выйшаў на ганак.

Корань падміргнуў Івану Савічу і таямніча сказаў:

— Яшчэ скажы дзякуй, што ў вобласць не пісаў. А то ўздумаў бы туды напісаць — прапаў бы зусім! За паклёпы ды хлусню моцна б’юць. А тут толькі з Пятром месцамі памяняліся. Калі ў культурную работу ўключышся ды сваіх свіней кінеш — добрую хату дам...

Круцько непрыкметна ўсунуў скамечаную паперыну ў кішэню і з упэўненасцю адказаў:

— А які гэта дурань будзе пісаць у вобласць? Са сваімі... яно лепш палаяцца. Ды ну яе, гэтую работу, да д’ябла! Пісаць! Я сам ніколі не думаў нават. Жонка!..

— Табе сказалі — не валі ўсё на жонку,— заўважыў Корань.— Сам жа не лепшы. Не яна падпісвала паперку ў раён... Ну, дык гавары — едзеш у сяло? Можаш і да мяне. Цэлая палавіна хаты пустуе!..

Зірнуўшы на школьны двор, дзе стаяла калгасная машына, Іван Савіч махнуў рукой, як адрэзаў:

— Грузіце! Пераеду да вас...

 

* * *

Шмат падзей адбылося ў гэтыя дні ў Зазер’і.

Зноў прыязджаў сюды сакратар райкома, пракурор, следчыя... Каця расказала ў сяле, што Віктара абвінавачваюць у пажары.

— Во гад, што натварыў! — абураліся жанчыны.— Няйначай, кончыць ён шыбеніцай...

Аднак самай важнай навіной быў усё ж той роздум людзей над сваім жыццём, над сваёй роляй у жыцці.

Як выхад на арбіту першага спадарожніка зямлі, як палёт чалавека ў космас, авалодаў думкамі людзей праект Праграмы. Прызвычаеныя да небывалых, амаль фантастычных навін, зазерцы і гэтую навіну, што яны будуць жыць яшчэ лепш, прынялі як звычайную, заканамерную. Упэўненасць прыходзіла штодня. Аднойчы вечарам старшыня гаварыў зазерцам, што трэба зрабіць ім канкрэтна, каб наблізіць той вялікі дзень. Ён давёў, што толькі прыбытак ад возера, калі на ім пабудаваць птушкаферму, намнога памножыць багацце калгаса. Нямала дасць і сад, калі палеткі пакрыюцца дрэвамі. Надзеі — здзяйсненні!

Да позняй ночы гаварылі тады зазерцы, меркавалі...

Не прымала ўдзелу ў той гутарцы адна толькі Каця. Ёй было нявесела. Застаўшыся адна, яна раптам востра адчула адзіноту. Ёй здавалася, што жыццё спынілася, застыла: адна! Надта ж страшна пускацца ў жыццё адной! Як выгадуе яна сваю дачку? Ці хопіць у яе сілы? Адна... На ўсё жыццё. Каці часам думалася, што варта было Віктару хоць захварэць на тыдзень, і ён бы змяніўся. А цяпер надзеі няма...

Жанчына сядзела адна ва ўсёй хаце і ні за што не хацела брацца. Дзеля якой мэты наводзіць тут парадак? Дачку яна пакінула ў маці, каб хоць трохі ачуняла там, супакоілася. А сама засталася. Ёй трэба пабыць адной і падумаць над сваім лёсам. Калі было весела — Каця гуляла весялей за ўсіх. А здарылася гора — яна сумуе і перажывае больш, як хто другі. Нават па чужой бядзе яна загалосіць першая. Такая ўжо ў яе натура...

Кацю нават не ажывіла, не абудзіла навіна, якой жыло ўсё сяло. Яна чакала Лену. Лена адна можа ёй памагчы, навучыць, як жыць далей. І не памылілася.

Ледзь толькі Лена вярнулася ў сяло — адразу пайшла да Каці.

Каця заўважыла Лену на сваім дварэ зусім неспадзявана. Яна забегала па хаце. Але дзверы адчыніліся так хутка, што яна нічога не справілася зрабіць. Нават ложак быў не засланы.

— Ну, здарова, Каця, як жывеш? — ступіўшы цераз парог, прывіталася Лена і, не стрымаўшыся, кінулася да яе, як да сваёй сястры, абняла за плечы.— Ах ты, савуля-грызуля! Чаго нос павесіла? Жыццё толькі пачынаецца, Кацька!..

Тая так расчулілася, што не магла вымавіць ні слова. Адзінае, на што яна была здатна ў гэтую хвіліну, гэта — пусціць слёзы. І яна заплакала бязгучна, з душэўным надрывам, з ліўнем буйных слёз.

— Ты не зважай, Леначка... Не зважай на мяне, дурную. Я заўсёды была дурніца,— выціраючы ражком квяцістай хусткі, што была на плячах, свае чырвоныя ад плачу вочы, гаварыла Каця. Яна абняла Лену, і тая не стрымалася, таксама заплакала. Так стаялі яны сярод хаты і плакалі, паддаючы адна адной ахвоты...

А на дварэ ўжо сабраліся суседзі. Былі тут і Волька, і каваліха, і Алесь.

— Паглядзі, Алесік, што яны там робяць,— не вытрымала дапытлівая Зося.— Трэба прывітаць Гэльку, пажадаць ёй, даражэнькай, здароўя...

Алесь асцярожна зазірнуў у акно праз куст бэзу і, панурыўшыся, адказаў:

— Плачуць...

— Што? — насцярожылася каваліха.

— Плачуць. Стаяць сярод хаты і плачуць...

Зося скрывіла вусны, часта-часта заміргала вачамі і раптам загаласіла на ўвесь двор так, што аж суседскія дзеці, якія прыйшлі з імі, спалохана падаліся за вароты.

— Волечка, уключайся і ты, цэлая сімфонія будзе,— сказаў дзяўчыне Алесь.

Лепш бы ён так не гаварыў! Волька павярнулася да яго і дакорліва заківала галавой:

— Бервяно ты бяздушнае! З чаго жартуеш? З чужой бяды?..

— I са сваёй бяды, Волька! — звёўшы бровы, сказаў Алесь.— Нічога ты не бачыш, авечка сляпая...

— Што? — ціха спытала Волька. Падышла да Алеся і здзіўлена паглядзела на яго, зусім не падобнага на бервяно, як сказала ў злосці, схуднелага.

Алесь паглядзеў на яе зверху ўніз і, глыбока ўздыхнуўшы, прамовіў:

— Ты шчаслівейшая за мяне... Трэці год, як няма спакою майму сэрцу! Ці ж здолее яно трываць далей? Ці ў возера галавою, Волечка!..— і, махнуўшы рукою, шпарка пайшоў з двара.

«Што ж гэта ён мне нагаварыў? — пазіраючы ўслед Алесю, падумала Волька.— Лену любіць... А яе ж кучаравы можа вярнуцца. Дык, чаго добрага, яшчэ сапраўды ўтопіцца хлопец... Адважная ён галава!..»

З суседкамі пайшла ў хату і Волька. Там ужо было многа народу. Яна прабралася каля печы ў кут і адтуль пазірала на Лену. А тая ўжо расказвала жанчынам пра сваё жыццё ў бальніцы, пра тое, як пакутаваў і памёр Васіль...

Зося зноў загаласіла, а ўсе астатнія схапіліся за свае хусткі.

«Няўжо Лена не пакахае беднага Алеся? — думала Волька.— Яна ж такая добрая, чулая... Як тут быць? Трэба спярша даведацца, ці праўда, што Лена сама прагнала Анатоля, і тады...»

Волька вырашыла памагчы Алесю.

 

* * *

Жыццё ніколі не стаіць на месцы. У тым яго сіла, у тым яго магутнасць. Што б там на свеце ні было, што б ні здаралася, а жыццё бяжыць сваім парадкам...

Ужо на другі дзень Лена з самай раніцы нанасіла з возера вады і паліла ружы пад акном, якія той страшнай ноччу пасадзіў Васіль. «Кветкі застаюцца з табою»,— успомніла яна яго апошнія словы. Лена чакала чытачоў, без якіх так сумавала ў бальніцы. І да яе ішлі ўвесь дзень. Ішлі дзеці, старыя, маладыя...

«Ну, вось... прайшло ўсё, забылася. Быццам нічога і не было. Засталіся кветкі. Кветкі і ўспаміны. І дзеці, як нашы кветкі... І ўсе людзі, што прыходзяць сюды па кнігі... Жыццё імчыць, імчыць...»— думала Лена, зусім не падазраваючы таго, што мінулі яшчэ не ўсе нягоды, якія выпалі на яе долю, што лёс падрыхтаваў ёй новае суровае выпрабаванне...

Быў звычайны летні адвячорак. У чытальнай зале было людна. Волька цяпер штодня займалася ў бібліятэцы, чакаючы свайго Пятра. Алесь прыходзіў адразу пасля працы, садзіўся да Волькі і моўчкі назіраў за выразам яе твару, чакаў навін. Навін не было. Волька ўздыхала і калючым позіркам глядзела на Лену.

Седзячы за сваім сталом з раскрытай кнігай, Лена ўлаўлівала іх позіркі, здагадвалася, што садзяцца яны побач не так сабе, не выпадкова. «Нешта, мусіць, уздумалі. Чым яны не задаволены? І няўжо не можа зразумець Алесь, што яшчэ вельмі жывыя ўспаміны аб Анатолю, яшчэ не згасла маё каханне?..»

Як толькі ў чытальню ўвайшоў Пятро, Волька адразу ўпілася ў яго сваімі маленькімі вочкамі. Лена аж усміхнулася: як моцна кахае яна свайго настаўніка! Быццам на агні сядзіць дзяўчына, адразу забылася на Зыблюка.

— Пятро! — гукнула Лена.— Ці не здаецца вам, што прыходзіце вельмі позна? У зале вас даўно чакаюць драмгурткоўцы...

— Ведаў, спяшаўся, але вось што затрымала...

Пятро вярнуўся ў калідор і прынос прыгожую палічку-шафу. Паставіў каля стала і сказаў:

— Прыміце, Лена, падаруначак ад нашых хлопцаў-майстроў. Самі зрабілі! — і ўжо цішэй дадаў: — У вас, я там бачыў аднойчы...

І хітра зірнуў на Вольку. Іх позіркі сустрэліся. Усе, хто быў тут, засмяяліся, а Волька пачырванела, як бурак.

— Я там бачыў,— працягваў Пятро,— на сцяне нейкую скрынку. Для посуда. Гэта будзе лепш...

— Дзякую,— смеючыся, адказала Лена.— Перадайце вашым майстрам, каб яны часцей наведваліся ў бібліятэку, а то некаторыя па два тыдні кнігі трымаюць.

І ніхто тады яшчэ не думаў, што гэтая паліца для посуду будзе мець і для Лены вельмі важнае значэнне, апрача посуда...

А пакуль што Волька назірала за Ленай і думала: «Яна ніколі не пакахае Алеся. Яна вельмі многае перажыла за апошні час, страціла дарагога чалавека. Чаму? Няўжо з-за той паскуднай Ліды?»

Пятро падняў палічку, каб занесці яе ў пакойчык да Лены, але яна раптам схамянулася і жартам загаварыла:

— Пакіньце гэта нам з Алесем, а самі, калі ласка, дапамажыце Вольцы справіцца з задачамі...

Пятро засмяяўся. Ён дзівіўся сваёй сарамлівасці перад Ленай, сарамлівасці, неадоленай да гэтага часу. Як падысці да Волькі — не ведаў. Цяпер жа, падбадзёраны Ленай, рашуча падсеў да каханай...

Алесь узяўся дапамагчы Лене з ахвотай. Ён схапіў аберуч тую палічку і хуценька выйшаў за дзверы. У пакой яны ўвайшлі моўчкі, не запальваючы святла.

— Стаўляй тут, пойдзем,— сказала Лена.

— Запалі святло...

— У мяне не прыбрана.

— Дарма...

— Дык мне ж будзе сорамна!

— Гэта здарыцца першы раз...

Лена запаліла святло, прыбрала са стала раскіданыя кнігі. І ўсё. Гэта яна называла «непрыбраным». Алесь засмяяўся:

— Калі за гэткае табе сорамна, Лена, то ў маім пакоі мне трэба счарнець ад сораму на вуголь! Дзе ў цябе малаток?

Лена падала яму малаток. Алесь разбіў ім на сцяне старую скрынку, якую зняць аказалася не зусім проста: кожная дошка была прыбіта да сцяны вялізным цвіком. Павесіўшы новую паліцу, Алесь хацеў вынесці старыя дошкі на двор, але дзяўчына махнула рукою і сказала:

— Няхай ляжаць ля грубкі. Я іх заўтра раніцою спалю...

Калі ж яны вярнуліся ў чытальню, то ні Волькі, ні Пятра там ужо не было. Збіраліся дадому і другія наведвальнікі.

— Што ж рабіць мне? — спытаў Алесь, калі яны нарэшце засталіся адны.

— Я прыдумала.

— Што?..

— Адну хвіліначку...— Лена стала на крэсла і зняла з паліцы кнігу апавяданняў Чэхава.— Вось... На два-тры вечары хопіць. Прачытаеш — прыйдзеш па другую...

— І ўсё?

— А што ж ты яшчэ хацеў? — прыжмурылася ва ўсмешцы Лена.

— Твая праўда,— згадзіўся Алесь.— Іншага выйсця няма...

— Як піць даць! — падхапіла Лена.

Раптам Алесь угледзеўся праз акно на дарожку, што вяла паўз возера, і шпарка выбег на двор. Вярнуўся з ухмылкай на твары.

— Што здарылася? — насцярожана спытала Лена, нічога не разумеючы.

— Цалуюцца...— аднымі вуснамі вымавіў Алесь.— Волька вісіць у Пятра на шыі, і яны... цалуюцца!

Лена засмяялася:

— Зайздросціш?

— Дзіва што! — і стукнуў кулаком у грудзі: — Эх! Навошта растравілі душу! Напіцца б... халоднай вадзіцы...

Лена падала яму шклянку вады і, пазіраючы знізу, ціха прамовіла:

— Прыгожы ты, Алесь, ды нешчаслівы! Як і я... Адна ў нас зорка, відаць.

— Гэта праўда?— зірнуўшы ў адкрыты позірк блакітных воч, спытаў Алесь.— А той, гарадскі?

— Ты ж бачыш — праўда. У гарадскога сваё жыццё, у нас — сваё... Цяжка, але я забудуся. Праўда, Алесь?..

Алесь пахіснуўся, нібыта п’яны, схапіў яе руку і прыціснуў да сваіх вуснаў. Лена паклала другую руку яму на галаву і лагодна сказала:

— Ідзі... Заўтра ж рана падымацца...

— А ты? — узняў ён твар.

— А я застануся.

Лена правяла Алеся да дарогі, вярнулася ў пакой, распранулася і лягла ў ложак, нават не запальваючы святла. Адразу адчула сябе вельмі зморанай. Ні аб чым стараючыся не думаць, Лена пачала ўжо засынаць, як халодны дотык чыёйсьці рукі пранізаў яе ад плячэй да самых пят.

— Хто тут?! — ускочыўшы з ложка, ускрыкнула Лена. Яна схапіла коўдру і забілася ў кут. Халодным потам пакрыўся твар, млявасць разлілася па ўсім целе. Няўжо яна не зачыніла дзвярэй на засаўку?

— Хто тут?! — паўтарыла яна, адчуваючы, што чалавек не выходзіць.

— А той, каго кінулі ў возера з каменем на шыі, а ён выплыў з рыбінай у зубах! — пачуўся ў адказ хрыплы Віктараў голас.

— А-ай-і-і! Людзі-і!!!—закрычала Лена, скочыла на падлогу, але Віктар схапіў яе за руку.

— Я не бандыт... Не заб’ю цябе ні за данос, ні за тую аплявуху...— Ён моцна пацягнуў Лену да сябе, але яна ўперлася ў яго худыя грудзі рукамі.

— Пусці-і, нягоднік! — зноў закрычала Лена. «Божа... Што ж гэта такое? Нікога тут не засталося... Прапала я...» — не маючы сілы абараняцца, падумала яна. Але гэтае раптоўнае здранцвенне хутка прайшло. Дзяўчына крутнулася і адчула, што падае. Моцна ўдарылася спіною аб край ложка. Віктар, дыхаючы проста ў твар перагарам, кінуў яе на ложак, схапіў аберуч за горла і сціснуў з усёй сілы.

— Будзеш крычаць — задушу! — прыглушана і страшна вымавіў ён. Потым адпусціў рукі і, ірвучы яе кашулю, драпаючы вострымі ногцямі грудзі, зарагатаў, як вар’ят:

— Данесла-а, га-га-га! Трапіла ў мае рукі, гадзюка!

Сагнула ногі ў каленях як магла і, сабраўшы ўсю сілу, штурхнула Віктара ў жывот. Як пярынка, адляцеў ён і грымнуў спіною на дошкі...

— А-а-а!!! — цяпер ужо немым голасам зароў Віктар, лежачы на падлозе.

Лена выкаўзнула з ложка і ў момант апынулася на ганку. Яна імчалася нібы віхор. Нават і не заўважыла, як прабегла каля першых хат. І толькі, калі ўбачыла на лаўцы пад рабінаю хлопцаў і дзяўчат, спынілася.

— Там... у маім пакоі... Віктар...— задыхаючыся, прамовіла Лена і заплакала ўголас.

Алесь, які толькі што падышоў да лаўкі, падхапіў Лену на рукі, зірнуў на падраную кашулю і ўсклікнуў:

— Заб’ю гада!..

Праз момант за ім пабеглі ўсе, хто быў на вуліцы. Але вярнуліся яны ні з чым, Віктар збег, і яго нідзе паблізу не . знайшлі...

Усю ноч прасядзеў Алесь каля ложка Лены. У яе паднялася тэмпература. Яна трызніла, кідалася з боку на бок і зноў засынала.

Волька клала ёй на галаву кампрэсы і ўздыхала. Яна пайшла спаць толькі пад раніцу.

 

* * *

А Віктар, застаўшыся адзін, ледзь падняўся. Заклаўшы руку назад, ён з цяжкасцю, сцяўшы зубы, адарваў ад спіны дошку, зірнуў на вялікі ржавы цвік і кінуў яе вобземлю. Сеў на ложак, скрыгануў зубамі. Перад ім цьмяна паўсталі ўсе яго злачынствы, ад першага чужога рубля да гэтага бандыцкага налёту. Ён, змораны і разбіты, сядзеў у чужым пакоі і ніяк не мог уцяміць — чаго апынуўся тут? «Пачакай... Пачакай, зараз успомню»,— думаў Віктар, тручы далоняй лоб. І ён успомніў...

...Яго адвялі ў камеру папярэдняга зняволення і пакінулі там да вечара. Увечары ён папрасіўся выйсці з канваірам на двор. Ён прыкінуўся такой няшчаснаю авечкай, што міліцыянеру стала шкада яго. Нават адпусціў яго на слова. А Віктар, адышоўшыся, пералез праз высокі плот і, з вуліцы ў вуліцу, выбег за мястэчка.

Воддаль на выгане пасвіліся коні. Ён распутаў добрага каня і мігам прымчаў у зазерскі лес. Адтуль прабраўся на свой двор, залез на гару, захапіў там добры кавалак вяндліны, дастаў з саломы ў куце поўны партфель гарэлкі і занёс усё гэта ў роў ля могілак. Там ён і напіўся...

«Не варта было звязвацца з ёю, толькі паказаў сляды...» — злаваў на сябе Віктар.

Ён нахіліўся і падняў акрываўленую дошку. Цвік вытыркаўся сантыметраў на дзесяць. «Дзіва што так баліць спіна...»

Ён падняўся і, хістаючыся, выйшаў. Наўкол было ціха. Толькі лагодна шумеў між ракітніку вецер ды глуха ўздыхала хвалямі возера.

Але вось да яго слыху данесліся няясныя далёкія гукі.

«Дабегла ўжо, відаць»,— падумаў Віктар і, не спяшаючыся, пайшоў у напрамку могілак. А спіна ад болю аж дубянела...

Сышоўшы ў роў, Віктар знайшоў сваю гарэлку і з ёю падаўся ў лес. Ён вырашыў пакуль што хавацца. Растрата ў магазіне, падпал кароўніка, дзе згарэў чалавек, уцёкі і гэтае апошняе злачынства — усё абяцала яму добры тэрмін...

Алкагалізм яго ўжо межаваў з вар'яцтвам. Вочы глядзелі страшна, як у дзікуна, рукі дрыжалі, галава калацілася, нібы ў стогадовага дзеда.

«Вып’ю тут і пасплю»,— прайшоўшы каля трох кіламетраў, вырашыў Віктар. Ён паслухаў ціхі шум лесу, апусціўся на мяккі мох і крыху паляжаў.

Дзесьці далёка-далёка праспявалі пеўні. «Гэта ў Асінаўцы. Я ўзяў дужа ўлева»,— падумаў Віктар, устаючы. Дастаў з партфеля паўлітэрку, пералічыў астатнія. Было яшчэ чатыры. Гэта надало бадзёрасці.

Калі выпіў, здалося, што боль у спіне крыху суняўся. Глынуў яшчэ з пляшкі некалькі разоў і праз момант заснуў...

 

* * *

Аб усім, што здарылася ў бібліятэцы ноччу, сяло загаварыла ўжо раніцою, як толькі сабраліся на калгасным дварэ зазерцы. Разгневаныя і абураныя мужчыны толькі курылі, хмурыліся і маўчалі. Жанчыны ж судачылі без перадыху. Яны войкалі і ва ўсім вінавацілі мужчын.

— Дадому ён не пойдзе,— упэўнена гаварыў у канторы старшыня.— Пакуль яшчэ цёпла, ён будзе сядзець у лесе. Трэба пільнаваць на нівецкай дарозе і ў Паддуб’і. Там яго сястра замужам.

Алесь, які толькі што прыйшоў і стаяў каля расчыненых дзвярэй, нарэшце ўмяшаўся ў гутарку:

— У Віктара характар цвёрды! Што хоць раз у жыцці задумаў — выканае... Злавіць яго можна будзе і каля возера...

— Што ж, можна будзе зрабіць засаду і там. На такую прынаду пападаліся і больш вопытныя злачынцы,— згадзіўся ўчастковы.

Было вырашана не шукаць Віктара ў лесе, як спярша прапанаваў лейтэнант міліцыі з раёна, а пачакаць яго дзе-небудзь тут, паблізу вёсак. Для таго каб апамятацца і пасмялець, Віктару спатрэбіцца не больш двух-трох дзён. Тэрмін невялікі...

Алесь, калі пачалі разыходзіцца, зноў вярнуўся да Лены.

Было восем гадзін, а яна спала так моцна, што ён не адважыўся яе турбаваць, і сам прыклаў галаву на спінку крэсла...

Першай прачнулася Лена. Яна ўбачыла каля свайго ложка Алеся і здзівілася: няўжо ён так усю ноч спаў? Асцярожна скінуўшы коўдру, Лена працягнула руку і дастала з білкі новую кашулю і сукенку. Гэта пастаралася прыдбаць Волька. Апранулася і ступіла на падлогу. «Пакуль ён спіць, прыбяруся трохі»,— падумала Лена і падышла да люстэрка. Жахнулася — да таго змяніўся твар. На шыі заўважыла два сінякі. Яны напомнілі ёй мінулую ноч, пакуты. Ледзь дайшла да крэсла каля акна. Толькі села, як адчула, што баляць грудзі, млеюць ногі, не слухаюцца рукі. «Больш не пайду жыць да возера...» — вырашыла. Заўважыла на стале запіску. Пазнала Вольчын почырк, падышла і прачытала: «Леначка! Мама прыйдзе ў дванаццаць. Усё стаіць на стале пад абрусам. Бліны ў печы... Я цябе люблю, як сястру, Лена! Не ідзі ад мяне больш нікуды. Я цяпер самая шчаслівая...»

«Самая шчаслівая... Гэта добра...»

Склаўшы паперку напалам, яна спынілася каля крэсла, на якім спаў Алесь. Нягледзячы на бяссонную ноч, твар шафёра ледзь ружавеўся. Каштанавыя валасы звісалі на пасінелую руку. «А ён прыгожы... У яго цудоўная душа... Ды нешчаслівы, як і я. Анатоль таксама нешчаслівы...»

Ступіўшы крок, яна нахілілася і пацалавала Алеся ў шчаку.

Той адразу прачнуўся. Нічога яшчэ не разумеючы, убачыў Лену і здзіўлена спытаў:

— Ты ўжо ўстала?

— Не... Яшчэ сплю,— усміхнулася Лена.

— Табе ўжо лепш? — тручы левую руку, спытаў ён зноў.

— Лепш...

Алесь падняўся і стаў насупраць. Якую хвіліну ён разглядаў яе твар, з якога паступова сыходзіла чырвань. Потым, наблізіўшыся так, што ледзь не дакрануўся вуснамі да яе твару, сказаў:

— Лена. Не жыві больш у клубе. Лепш — у мяне...

Яна пакруціла галавою.

— Н-не ведаю, Алесь... Тут мне будзе спакайней, у Волькі.

Ён моўчкі адышоўся і стаў глядзець у акно. Усё было ясна. Яна не кахае. Яна чакае яшчэ свайго гарадскога...

— Пайду... Трэба ехаць у раён. Можа, што табе прывезці з горада? — сказаў, не паварочваючыся.

— Прывязі...

— Зноў кнігі?

— Кнігі...

Крута павярнуўшыся, Алесь зірнуў на спакойны і строгі твар Лены.

— Не жартуй, Лена...

— Я не жартую... Ідзі сюды,— ціха паклікала яна.

Ён падышоў.

— Аддай мне мой пацалунак...

— Значыць, ён не прысніўся мне?! — усклікнуў Алесь.— Гэта было?..

— Было...

Ён асцярожна абняў Лену, закінуў яе галаву і нязграбна пацалаваў у вусны.

— Значыць, сватоў можна пасылаць зноў?

— А навошта? Куды спяшаешся?..

— Ды я... Сто год магу чакаць, Лена! Леначка!.. Любая мая Гэлечка... Будзе так, як ты скажаш!

...Увечары ў клубе зноў гарэлі агні, чулася музыка.

А ў маленькім пакойчыку, зусім апусцелым і няўтульным, стаялі двое — Алесь і Лена. Яны ўсё перагаварылі і цяпер маўчалі...

Хлопец наблізіўся да акна і зірнуў на дарожку, што вяла паўз возера. Па ёй, абняўшыся, ішлі Пятро і Волька.

— Што там? — спытала Лена і таксама падышла да Алеся.

Яны стаялі маўклівыя і глядзелі праз акно на чужое шчасце.

За расчыненым акном шумела на ветры пахіленая вярба, цяжка ўздыхала возера. Недзе далёка за лесам чуліся глухія раскаты грому.

1963


1963