epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Не мая віна

У жыцці кожнага нармальнага чалавека бываюць хвіліны, калі ён раскайваецца ў сваіх учынках, шкадуе, што зрабіў так, а не інакш. Учынкі ж, як вядома, бываюць розныя — добрыя і благія. Людзі больш за ўсё раскайваюцца ў благіх учынках. Ды, часам, яшчэ бывае...

А што бывае — паслухайце...

Чалавек я, можна сказаць, немалады, здароўем слабы. Раматус пракляты пад дрэннае надвор’е да таго грызе, хоць ты воўкам вый. Але ўсяго гэтага, апроч жонкі, ніхто не ведае. Не будзеш кожнаму сустрэчнаму скардзіцца на свае хваробы. Ды і каго тое цікавіць, каму баліць чужая болька? Яшчэ, чаго добрага, пасмяюцца. Ды так яно, урэшце, і здарылася...

Ехаў я з работы дадому. Змарыўся, ледзь на нагах трымаюся. У тралейбусе цесна — не павярнуцца. А тут адзін хлапчук, гадоў дзесяці, дзякуй яму, устаў і да мяне:

— Сядайце, калі ласка, я пастаю.

Гляджу я на гэтага віхрастага малайца ў лыжным гарнітурчыку і нарадавацца не магу. Вось яна, наша цудоўная змена, нашы нашчадкі. А яшчэ кажуць, што цяпер моладзь пайшла не тая, нядобрая, значыць, няўважлівая, эгаістычная.

Сяджу, разважаю, радуюся...

Неўзабаве праціснуліся да мяне дзве кабеты, аж застагнаў нехта на іх дарозе. Маладзіцы — кроў з малаком. У адной, праўда, гаспадарчая сумка ў руках, напакаваная як завязаць. Вядома, з такім грузам у цеснаце нязручна. І я, зусім не падумаўшы, дабрадушна прапанаваў:

— Давайце вашу сумку, даражэнькая, патрымаю на каленях, вам ямчэй будзе...

Няхай бы я лепей у гэтую хвіліну прыкусіў свой язык, чым казаць такое! Жанчына бліснула на мяне нядобрым вокам:

— Можа, вам яшчэ і ключ ад кватэры аддаць?

Яе сяброўка зарагатала на ўвесь вагон:

— Кавалер знайшоўся! А каб самому ўстаць, даць жанчыне месца — розуму не дабраў. Бачылі ўжо мы такіх, што чужыя сумкі на сваіх каленях трымалі...

— Шукае дурняў.

— Ну і людзі пайшлі...

Быццам хто сыпаў на маю галаву гарачае вуголле, быццам пасадзілі мяне на калючага вожыка! Стала так сорамна, хоць ты скрозь зямлю праваліся.

Сяк-так дацярпеў да свайго прыпынку і выпхнуўся, як той злодзей, з тралейбуса. Дома сказаў, што абед перасолены і, што са мною ніколі не бывала, грымнуў лыжкаю па стале. Жонка надзьмулася, дзеці прыціхлі.

Адным словам, як кажуць фізікі, пайшла ланцуговая рэакцыя...

«Дурань! — дакараў я сябе потым.— Чаму не растлумачыў тым маладзіцам, што напрацаваўся за дзень, што пракляты раматус у нагах... што зусім хворы чалавек і не які-небудзь там прайдзісвет, а наадварот — культурны, выхаваны, як належыць, немалады чалавек...»

Адным словам, навука мне была добрая. Я гэта запомніў і надалей вырашыў быць больш асцярожным. Іншы раз трэба тлумачыць людзям — хто ты і што ты. Ніхто ж табе ў нутро не залезе, не праверыць, як тыя кішэні...

І вось неўзабаве здарыўся такі выпадак.

Ехаў я на работу. Прыпынак у нас канцавы, і сесці, калі маеш крыху спрыту, можна.

Я сядзеў сабе, ехаў і ні аб чым сур’ёзным не думаў. У галаву прыходзілі розныя думкі: мець бы сваю легкавушку, жыць на загародняй дачы ці, у крайнім выпадку, атрымаць бы дачасна, як некаторыя, пенсію...

Раптам адчуў, што нехта ўпёрся локцем у маё плячо. Я ўзняў галаву і ўбачыў даволі смела намаляваны твар: барвовыя вусны сэрцэйкам, шчочкі — ружовыя яблычкі, гладкі, як адпаліраваны, лоб і даволі кірпаты нос, белы ад пудры, а вейкі чорныя, з кропелькамі той фарбы, якой, бадай, хапіла б на траіх. Шэрыя, з зялёным адценкам вочы, пра якія даволі выразна кажуць «каціныя», глядзелі на мяне, як на маладое і дурное мышанё.

Я падхапіўся, як падстрэлены — не дай бог, каб паўтарыўся той недарэчны выпадак!

— Сядайце, калі ласка...

Яна крута павярнулася назад, паклікала:

— Сярожа! Вось дзядзя табе месца ўступіў. Даўмеўся, нарэшце, што дзіцё стаіць.

І на тое месца, дзе сядзеў я, усеўся не па гадах тоўсты хлапец. Было яму таксама гадоў з дзесяць, толькі ў плячах тое дзіця нагадвала калі не Жабацінскага, не Мядзведзя, то ўжо Аляксеева — напэўна.

І я запратэставаў:

— У такім выпадку, цётачка, дазвольце мне сесці на сваё месца. Ваш сынок, думаю, пастаіць...

— Я вам не цётачка, а вы мне не суддзя!

Вось табе, бабка, і юр’еў дзень! Зрабіў, называецца, чалавеку ласку.

А тут густы бас з задняй лаўкі:

— Дзіцё пастаіць, а ён, бугай, пасядзіць. От пайшоў нар-р-ро-од!

— А што тут такога? — яшчэ больш абурыўся я, адчуваючы сваю правату, абавязак барацьбіта за праўду.— Хлапец малады, дужы. Ды такому, прабачце, не толькі стаяць, але і за тралейбусам прабегчы не пашкодзіла б. Карысна. Цяпер, вунь, шмат якія бегаюць, каб пахудзець...

— Дык і прабяжы, разумнік,— ашчэрыла востранькія зубы намаляванае стварэнне.

— Дазвольце нам ведаць, што нашаму сыну карысна, а што не карысна,— падтрымаў жанчыну басавіты татка.

Я таксама перайшоў у наступ:

— Вось вы б, татуля, і ўсталі, далі месца свайму кволаму дзіцяці!

— Не твая справа, нахабны тып! — гучны бас адразу ж за жонкай перайшоў на «ты».

— Яшчэ які тып! — падтрымала яго жонка.— Прычапіўся, як смала. Стаіш і стой каменем!

— У мяне раматус у нагах! — хапіўся я за апошнюю надзею, каб пазбавіцца непрыемнай размовы. І, як выявілася, зрабіў вялікую памылку. Непрыемная размова, аказваецца, толькі пачыналася...

— У яго яшчэ і падагра, і радыкуліт,— сказала маці таўсцюка, які ад смеху аж тросся.

— І жоўтая ліхаманка з язвай страўніка! — пырскаючы слінай, дадаў татка.— Трасца...

— Жаўтуха...

Што яны гаварылі далей, я не чуў, бо быў на вуліцы.

Ідучы дадому, думаў, што вось ужо колькі разоў аказаўся без віны вінаваты.

З таго часу на працу і дадому хаджу больш пешшу. А калі і еду, то стоячы. Так зручней. Па праўдзе кажучы — хай яны згараць, тыя сядзячыя месцы!

1973


1973