epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Не радуйся чужой бядзе

Нупрэй Чалы і Гаўрыла Брахун былі суседзямі. Жылі яны на канцы вёскі, ля самага лесу.

Як толькі пачынаўся дзень, пачыналіся і спрэчкі ў суседзяў, спрэчкі з-за розных глупстваў.

— А ваш парсюк наш плот падрыў! — крычала са свайго двара Гаўрылава Зося.

— А вашы куры ўсе нашы грады спляжылі! — аж заходзілася Нупрэева Тэкля.

— Каб ён выпрастаўся, ваш парсюк!

— Каб яны паздыхалі, вашы куры!

Адным словам, між суседзяў ішла даўняя і безнадзейная вайна, канца якой не было відаць.

Аднойчы, выйшаўшы досвіткам на двор, Нупрэева Тэкля пачула спалоханы крык курэй і заўважыла, як за плотам, на грады, апусціўся вялізны шэры каршун. Яна забегла ў хату і адразу да мужа:

— Ой, ліханька, каршун курэй дзярэ! Бяры хутчэй стрэльбу, Нупрэй, пабеглі...

Нупрэй моўчкі схапіў стрэльбу, выйшаў за жонкай на двор і... спыніўся. Усміхнуўся.

— Дык гэта ж не наша курыца? Бачыш? Рудая спінка. Гэта Брахуновых...

Зірнула Тэкля, і твар яе прасвятлеў.

— Праўдачка, не наша... Ціха! Няхай дзярэ! Так яе! Так...

Яны стаялі, глядзелі, як каршун узняў угору цяжкую ношу, і смяяліся. Так смяяліся, што аж самыя далёкія суседзі выбеглі пацікавіцца тым смехам.

— Каршун Брахунову курыцу панёс! — задаволена тлумачыў цікаўны Нупрэй Чалы.— Няхай ведае, як у чужы агарод хадзіць... Так ёй, поскудзі! Дзяўбі яе там, тузай, рві-і!!!

Суседка Зося бегла за каршуном аж да самага лесу і ўсё крычала:

— Аддай, жываглот! А-ату-у, пракляты басурман! Каб ты здох, гад!

Але каршун, мусіць, не разумеў тых абразлівых слоў і таму не крыўдзіўся.

А Нупрэй і Тэкля ўсё смяяліся. Аж заходзіліся. Аж ікота іх узяла.

Мінула два дні, і каршун-ласун зноў прыляцеў.

І зноў — на Нупрэеў агарод. Як і ў першы раз, схапіў Нупрэй стрэльбу і выбег з Тэкляй на двор.

— Ты ж добра глядзі, ці нашу курыцу гэта ён душыць! — раіла жонка мужу.

— Нашу! — усклікнуў Нупрэй і ўскінуў стрэльбу.

— Плі! — скамандавала жонка.

Моцны стрэл аглушыў абаіх. Усё патанула ў сінім едкім дыме. А калі ён разышоўся, Нупрэй і Тэкля ўбачылі, як вялізны шэры каршун нёс у напрамку лесу чарговую ахвяру...

— Не трапіў! Прамахнуўся! — заенчыла кабеціна, грукаючы малымі кулачкамі ў магутныя плечы разгубленага мужа, які стаяў з апушчанай стрэльбай і толькі лыпаў вачамі.

А на суседнім дварэ цяпер смяяліся Брахуны.

— Не прамахнуўся! Трапіў! — аж заходзіўся Гаўрыла.— У самы лыч трапіў! Зірніце, суседзі добрыя, пад наш плот...

Суседзі глянулі пад плот і анямелі: там у апошні раз дрыгануў нагамі і назаўсёды сцішыўся іхні валацуга-парсюк.

1966


1966