epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Пад чужым паролем

Зося
Акрываўлены след
Напярэдадні паходу
Два прышэльцы
Першы напад
Дарога пад бомбамі
Вораг сярод сваіх
Пастка
Дамоўленасць
Першая развязка
Уцёкі
Начны бой
На другі дзень
Сувязь ёсць
Вяртанне
Прарыў
Смелае рашэнне
Па слядах таварыша
Паядынак
Трывога
Трапны стрэл


Аповесць

 

Зося

Яна з’явілася ў лагеры на майскае свята. Прыйшла і адразу стала сваёй, жаданай.

Абаяльная, русавалосая, з вясёлымі, крыху гарэзлівымі вачамі, Зося авалодала сэрцамі многіх бывалых байцоў. Асабліва ўпадабаў яе радыст Алесь, хлопец непастаяннага характару і лёгкіх паводзін.

— Адкуль ты такая ўзялася? — часта пыталі ў Зосі хлопцы, і яна, ускінуўшы акуратную галоўку з туга заплеценымі косамі, нараспеў адказвала:

— Я не таткіна, я не мамчына, я на вуліцы расла, мяне курыца знясла...

А колькі новых партызанскіх песень прынесла з сабою гэтая неўгамонніца! Асабліва падабалася ўсім адна, самая задуменная і сумная песня пра бабулю, якая, страціўшы свайго дзеда і дачку, падалася з сынамі ў партызаны. Часта Зося спявала і лірычную песню пра зорку свайго шчасця.

 

...Зо-орка, мая зо-ора-ачка,

Вы-ыблісні з-за хмар,

Ра-аскажу ўсю го-орыч я

Ды-ы дзяво-очых ма-ар...

 

Голас у Зосі быў мяккі, лагодны. Адным словам, разам з дзяўчынай у лагеры пасялілася ціхая радасць. Людзі ўвачавідкі пачалі мяняцца. Суровыя падрыўнікі падабрэлі, усе неяк адразу настроіліся на лірычны лад. Нават такі нелюдзімы чалавек, як капітан Крайко, высокі, з даволі сумным тварам, і той часцей пачаў усміхацца і мармытаць сабе пад нос аднаму яму вядомую песню.

Што ж датычыцца штабных радыстаў, Алеся і Кастуся, то яны напачатку проста разгубіліся. Справа ў тым, што яны мелі сваё ціхае, захаванае ў сэрцах каханне. Іх кумірам была медыцынская сястра Зіна, дзяўчына непрыкметная і сарамлівая. Хлопцы называлі яе Зорачкай. У яе была вельмі пышная, з залацістым адценнем каса, у якую Зіна заўсёды ўплятала што-небудзь яркае. Навошта ж было цяпер з’явіцца другой, прыгажэйшай, хоць у нечым і падобнай да Зіны, Зоські? Алесь адразу катэгарычна заявіў:

— Ведаеш, Кастусь, у мяне ўсярэдзіне як бы нешта зрушылася. Пакідаю Зіну табе на вечныя часы, каб да гэтай, новенькай, нават не падступаўся. Ясна? Цалуйся цяпер са сваёй сінявокай Зорачкай.

Вочы ў Зіны і сапраўды былі надзвычай сінія, глыбокія, як вячэрнія зоры на ясным небе.

— Ясна,— сказаў Кастусь.— Толькі прашу, дарагі Алесь, ад сваіх слоў потым не адмаўляцца.

— А чаму?

— Ды таму, што не тваім носам пшанічку дзяўбці...

— Гэта яшчэ паглядзім.

Зося ж да ўсіх заляцанняў была абыякавая. Родам яна з-пад Брэста. Як сама расказвала, жыла з маці і братамі. Бацька яе памёр яшчэ ў трыццаць дзевятым. Два старэйшыя браты адступілі з часцямі на ўсход. І калі, нарэшце, маці перабралася да сястры ў горад, яна, Зося, вырашыла падацца ў які-небудзь атрад. Як казала, хоць бульбу абіраць, абы якую карысць прыносіць нашым. Сустрэлася ў дарозе з падрыўнікамі, якія і прывялі дзяўчыну ў лагер...

Ва ўсёй гэтай кароткай і такой звычайнай гісторыі капітан Крайко чамусьці ўгледзеў невялічкую недакладнасць. І тады ж адразу задаў пытанне:

— Вось вы кажаце, з-пад Брэста... Партызан там, як вядома, няма. Дык адкуль жа, дазвольце, вы ведаеце столькі навейшых песень, якія толькі ў лясах і пяюць цяпер?

І глядзеў на дзяўчыну немігаючымі вачамі, чакаў, што яна на гэта скажа. А яна ніколечкі не разгубілася.

— Прыроджанае чуццё,— сказала яна са смехам.— Талент, калі хочаце... Дзе што хоць раз пачую, то ўжо на ўсё жыццё запамінаю. Даходзілі і да нас вашы песні, народ прыносіў...

На тым і скончылася размова.

Зося, прызнаная ўсімі ўпрыгожаннем лагера, сапраўды вяла кухонную гаспадарку, прыдзірліва адносілася да старога кухара, навяла там такую чысціню, што проста люба было цяпер і сталавацца.

Знаёмства яе з Зінай адбылося адразу ж, і трэба сказаць, што ў нечым дзяўчаты так сышліся, што сталі неразлучнымі сяброўкамі.

Гэта вельмі спадабалася Кастусю, які яшчэ больш душою пацягнуўся да сваёй Зіны-Зорачкі. Праўда, яго крыху насцярожылі паводзіны новенькай. Неяк адвячоркам, убачыўшы дзяўчат ля шпіталя, Кастусь ціха паклікаў:

— Зорачка!..

Дзяўчаты азірнуліся, як па камандзе. І Кастусю здалося, што на нейкае імгненне Зосіны вочы па-асабліваму ўспыхнулі, у іх адбіўся нейкі спалох.

— Як вы сказалі? — спытала яна.

— Зорачка... Гэта Алесь так Зіну ахрысціў, калі яшчэ разам у школу хадзілі. З адной вёскі яны...

— А-а...

Зося весела засмяялася, ад чаго яе малы кірпаты носік яшчэ больш задраўся ўгору. Вельмі ж яна прыгожая, калі вось так смяецца.

— Давайце і я таксама буду Зорачкай,— загаварыла яна пасля. І тут жа ціха заспявала сваю любімую песню пра шчаслівую зорку дзявочага шчасця...

У сваёй зямлянцы Кастусь расказаў пра выпадак Алесю. Той як сядзеў спіною да таварыша, нават не зварухнуўся.

— Вазьмі на стале запіску, прачытай,— сказаў ён суха.

Кастусь угледзеў на невялічкім століку побач з рацыяй запіску, падышоў, узяў у рукі.

Гэта было данясенне нашага разведчыка з-пад Барысава, якога заслалі ў варожы лагер яшчэ ў пачатку вайны.

«У злучэнне Кавальчука паслана разведчыца з заданнем перадачы дадзеных для дубліравання партызанскіх кастроў у часы прыёму грузаў з самалёта. Мае асобае заданне выйсці на сувязь з дыверсантамі, якіх плануюць паслаць у атрады ў час блакады...— прачытаў Кастусь.— Пароль выхаду на сувязь — Зорка. Аперацыя мае кодавую назву «Сувязь», гэта значыць, захоп або знішчэнне радыстаў...»

Нейкі час ён маўчаў, пільна ўглядаючыся ў няроўныя радкі, напісаныя нейкім вадзяністым чарнілам.

— Ты думаеш, што Зіна...

— Зося,— коратка адказаў Алесь і ўстаў.— Іменна Зося. Толькі што тут быў капітан Крайко. Ён гаварыў, каб мы трымалі вуха востра, каб павялічылі пільнасць і гэтак далей. Нарэшце сказаў, што магчымая «Зорка» — Зося.

— Магчымая? Я пайду і раскажу, як яна рэагуе на гэтае слова! То ж яе, мабыць, пароль...

І Кастусь тут жа выскачыў з зямлянкі. А калі вярнуўся, то Алесь не пазнаў яго твару.

— Што з табою? — узрушана спытаў ён.

— Зося... Толькі што атруцілася.

— Як?!

— Звычайна... У яе была ампула з ядам.

— Крайко выкрыў?

— Не... Яе тут пазнаў адзін сувязны з суседняй брыгады. Убачыў і кажа: «Дзень добры, пані Зося!» А яна збялела і ў адказ: «Усюды ты на маёй дарозе, брыдота!» І хрумснула ампулу. Аказваецца, гэта дачка аднаго былога польскага турэмшчыка і ката заходнебеларускіх камуністаў...

— Хутка ж яна здалася,— расчаравана вымавіў Алесь.

— Крайко памог... Перад гэтым ён назваў яе Зоркай і дадаў, што фашысты памыляюцца, калі разлічваюць на дурняў, маўляў, дарэмна яны сваіх курсантаў прымушаюць развучваць партызанскія песні...

— Што ж, дзякуй богу, што ўсё так гладка абышлося,— цяжка ўздыхнуў Алесь.

І хлопцы пачалі рыхтавацца да чарговага сеанса сувязі з Вялікай зямлёй...

 

Акрываўлены след

Сонца паволі, нібы нехаця, падымалася над лесам. Чырвонае, быццам, набрынялае крывёю, яно, здавалася, дрыжала, плавілася. Першыя праменні заблыталіся ў верхавінах старых асін, пазалацілі іх бліскучае, шырокае лісце. І адразу пасвятлелі хмурыя шаты тоўстых елак. Заспявала, загаманіла лясная птушыная драбната. Лес ціха шумеў, абуджаны сонцам, птушкамі.

Недзе ў гушчары нягучна пераклікаліся зязюлі. Здавалася, што ўсюды па зямлі, як у гэтым лесе, пануюць цішыня і спакой. Якая падманлівая цішыня! Які нетрывалы спакой!

Колькі ўжо год Кастусь не бачыў іншага пейзажу, а вось сёння ён быў для яго нейкі нібы новы — і ўрачысты і як быццам сумны. Штосьці трывожнае адчувалася ў лясным спакоі, невядомае. Можа таму, што шмат думалася ноччу. Думалася пра Зосю. Жыў чалавек на свеце, пайшоў не па той дарозе, заблытаўся, і не стала яго. Колькі б той чалавек мог зрабіць карыснага людзям! Вораг ён Кастусю, а вось шкада, дужа малады ён пайшоў з жыцця, той няшчасны чалавек...

За гады партызанскага жыцця Кастусь звыкся з вечнай небяспекай, звыкся з лесам. Яму амаль перастаў сніцца горад з яго ўтульнымі вуліцамі і шырокімі плошчамі, горад, у якім ён, Кастусь, пражыў усё сваё невялікае жыццё...

Якое-ж яно было?

Спярша, калі яшчэ не хадзіў у школу, штодня гуляў з такімі ж, як сам, пэцкалямі ў вялізным агульным садзе, які раздзялілі між сабою небагатыя жыхары Столкінага двара. Столкін — гэта былы ўладар дзесятка драўляных дамоў, растаўшчык і гандляр, адзінокі і сквапны. Свае збудаванні ён здаваў у арэнду гарадской беднаце за вялікую плату. Кастусь тады ніяк не мог зразумець — навошта аднаму чалавеку столькі дамоў, як ён здолеў іх пабудаваць? Малому думалася, што Столкін — чалавек незвычайнай сілы і ўмення. І ніяк не мог уцяміць, чаму яны, чатыры душы сям’і, жывуць у адным, не вельмі ўтульным пакоі і нікому не цесна. Толькі падчас галаднавата было ў тыя далёкія гады...

Пазней, калі ўжо добра ведаў, адкуль у Столкіна ўзяліся дамы, калі сам пачынаў чытаць кнігі і спяваў з таварышамі «ад веку мы спалі, і нас разбудзілі», калі замест аднаго пакойчыка яны атрымалі два, жыццё пайшло лепшае. З’явіліся першыя клопаты: школа, нескладаныя, але такія цяжкія тады ўрокі, лагодныя словы маці кожную раніцу: «Уставай, сынку, у школу пара!»

Галоўным жа заняткам зімою было катанне з крутой гары, што збягала проста ад варот да самай ракі. На той гары шумлівая дзятва гартавалася, мужнела.

Улетку заўсёды прыязджалі з вёскі сваякі і забіралі Кастуся на ўсё лета гусапасам.

Калі якое лета гусі зводзіліся, дык ён ганяў па лесе вавёрак, спорваў птушыныя гнёзды, а то цэлымі днямі глядзеў у празрыстую ваду невялікай рэчкі, што бегла ў раку Бярозу.

У той ручаіне вадзілася розная рыба, і было яе процьма. Гэта самы цудоўны занятак — лавіць рыбу! З валасні конскага хваста Кастусь віў вуду, чапляў кручок, куплены ў праезджага каравачніка за старое рыззё, і на чарвяка лавіў тоўстых і крыху ляных плотак.

А то, бывала, мацаў у ледзяных порах ракаў і ментузоў.

Здаралася, паляваў з васцямі і на зеленаватага, юркага шчупака...

Потым — тэхнікум. Бывай, вёска! Кастусь ніяк не мог звыкнуцца з думкай, што яму заўсёды прыйдзецца жыць у шумлівым горадзе. Ды звыкся і з думкаю і з горадам. Ужо быў на трэцім курсе, як пачалася вайна...

Дзесяць дзён амаль без прывалаў ішоў і ехаў Кастусь на ўсход. І апынуўся ў Маскве. Потым — школа радыстаў, тры трэніровачныя скачкі з парашутам — і вось ён трэці год у лесе...

Кастусь стаяў ля сваёй зямлянкі і згадваў, колькі пражыве на свеце. Ён верыў зязюлям. Верыў, што пражыве доўга, што змен у жыцці будзе шмат.

Непадалёку ад яго ў густым ельнічку ледзь віднелася штабная зямлянка. Там стаяў з карабінам вартавы. Ён адначасова ахоўваў і іхнюю зямлянку, радыстаў.

Кастусь хацеў падысці да вартавога пагутарыць, як раптам дубовыя дзверы зямлянкі адчыніліся і з-за іх паказалася калматая галава з заспанымі вачамі. Гэта прачнуўся Алесь.

— Зорачка яшчэ не прыходзіла? — жмурачы, як кот, вочы, Алесь гучна пацягнуў таўставатым носам паветра і пачухаў патыліцу.

Такое пытанне ён задаваў свайму сябру кожную раніцу, як заведзены.

— Ты ж адмовіўся ад яе назаўсёды,— абыякава адказаў Кастусь, папраўляючы на папрузе пісталет. Цёмная гімнасцёрка роўнымі складкамі аблягала яго танклявую постаць. І сам ён, чарнявы, рухавы, з жывымі карымі вачамі здаваўся не лясным салдатам, а франтам. Да бляску начышчаныя боты, адпрасаваныя па студэнцкаму метаду звычайныя чорныя штаны, заўсёды белы падкаўнерык, акуратна зачэсаны,— Кастусь быў такім штодня.

— Слухай, Кастусь,— зноў пачаў Алесь.— Зося — гэта мая памылка. Так што лічы — нічога не было, усё застаецца па-ранейшаму.

— Не выйдзе.

— Пажывём — убачым. А цяпер, дружа, скажы, ці праўда, што ўчора доктар Свістуненка, аглядаючы аднаго забітага фашыста, сказаў так: «Першая рана — смяртэльная. Затое дзве другія, на шчасце, лёгкія». Як ты думаеш, ён не памыліўся пры аглядзе, ворага дапытаюць?

— Дактары, бывае, памыляюцца,— адказаў Кастусь, ведаючы, што гэта чарговы Алесеў жарт.

— Так яно і будзе! — паківаў галавою Алесь і схаваўся за дзвярамі.— Як Зіна прыйдзе — грукні! — пачуўся адтуль яго глухі голас.

— Грукну, што не ўстанеш...

Кастусь ухмыльнуўся.

Ён ведаў, што хоць Зіна, іх Зорачка, яшчэ даваенная сяброўка Алеся, але ходзіць яна сюды па іншай прычыне. Вядома, не толькі дзеля таго, каб паслухаць зводку ды жарты, якіх у Алеся на ўсякі выпадак прыпасена багата. Вось жа знойдзе ён час наведаць які-небудзь атрад! А народ там баявы, вясёлы. Ёсць такія аматары-апавядальнікі, што бакі надарвеш, слухаючы іх. Як шкада, што палкоўнік Кавальчук, камандзір злучэння, не дазваляў Кастусю пакідаць зямлянку ні днём ні ноччу! І калі б у хлопца спыталі, якая самая паганая служба, ён адказаў бы — у радыста-шыфравальшчыка. Хоць спраў тут і не дужа многа. Ёсць радыёграмы ў Маскву — перададуць за некалькі хвілін. Няма — толькі наладзяць сувязь у пэўны час і адпачываюць сабе на месцы, у лагеры. Самае далёкае, куды Кастусю дазволена хадзіць, гэта на паляну, побліз лагера.

Тая паляна была цяпер яму самым мілым кутком на свеце: там ён часта, употай ад Алеся, сустракаўся з медсястрой Зінай.

Адным словам, хлопцы-радысты — самі сабе начальнікі. Падпарадкоўваліся яны выключна камандзіру злучэння палкоўніку Кавальчуку, якога проста называлі Паўлам Антонавічам. Таго рэдка калі можна было знайсці ў лагеры: усё гойсаў па брыгадах. Спраў хапала і днём і ноччу. Бывала, вяртаўся пад раніцу, а гадзіны праз тры, ледзь перадыхнуўшы, зноў садзіўся ў сядло...

Паколькі штаб злучэння знаходзіўся пры невялічкім атрадзе з простай назвай «Баец», то аб жыцці і дзейнасці ўсяго злучэння радысты меркавалі па радыёграмах і рэдкіх гутарках з палкоўнікам. Часта новыя звесткі прыносіла хлопцам і Зіна. Яны чакалі яе кожную раніцу, чакалі з невыказнай радасцю і хваляваннем: ці прыйдзе сягоння, чым новым парадуе, на каго лагодней гляне?

Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. А з такімі дакуменцікамі, вядома, не разгуляешся, бо за іх адказваеш галавой. Каб пазбавіць злучэнне сувязі з Вялікай зямлёй, ворагу не патрэбны арміі. Дастаткова паслаць з асобым заданнем вось такую дзяўчыну, як Зося. Добра яшчэ, што ў яе было зусім іншае заданне. За радыстамі, вядома, вораг заўсёды сочыць асабліва заўзята, але з радыстаў не зводзілі вачэй і нашы разведчыкі. Між тымі і другімі ішла свая вайна, нябачная звычайнаму байцу. Гэты нябачны фронт знаходзіўся ўсюды і нідзе. Яго цяжка было заўважыць нават спрактыкаванаму воку.

Як стала вядома з апошніх радыёграм, вораг паўсюдна ўзмацніў дыверсіі. Сотні дыверсантаў з розных школ і курсаў, як павукі, разбегліся па ўсёй партызанскай сетцы.

Хто яны, тыя людзі? Як іх адрозніць ад сваіх? Вось жа знайшла сабе прытулак Зорка, уцёрлася ў давер. А цяпер жа кожны дзень у партызанскія рады ўліваюцца ўсё новыя і новыя людзі. Адны ідуць з канцлагераў і палону, другія, «адслужыўшы» ворагу сваё, нарэшце перайшлі да тых, каму сапраўды служылі — да партызан. Трэція, хоць і запознена, браліся за зброю таму, што вайна хутка скончыцца, а яны, бачыце, заўсёды былі патрыётамі сваёй радзімы, толькі ніяк не выпадала пакінуць сваё гняздо. Розныя людзі ішлі да партызан. Іх было шмат. Грузіны, армяне, латышы і літоўцы, беларусы і ўкраінцы, людзі розных нацый і ўзросту, раскіданыя па зямлі вайной, кожны ў меру сваіх сіл і здольнасцей праглі адпомсціць ворагу за пакуты родных і блізкіх, за свае ўласныя пакуты.

І як сярод іх знайсці ворагаў? Яны ж ніякіх спецыяльных адзнак не маюць...

Чакаючы, пакуль Алесь апранецца і выйдзе з зямлянкі, Кастусь яшчэ разы два лічыў кукаванне зязюль.

Але той так і не выйшаў.

Алесь быў ласы на сон. Ён любіў паўтараць: каб чалавек смачна не паеў ды ўволю не паспаў, то навошта і жыць яму, навошта неба капціць.

Кастусю ніяк не ўдавалася высветліць, якому сцвярджэнню з гэтых дзвюх сваіх «жыццёвых канцэпцый» Алесь аддаваў перавагу. Непаваротлівы і ляны, ён мог цэлы дзень праваляцца на мурагу ў цяні, парушаючы гэты свой адпачынак паходам на кухню, дзе спагадлівы кухар-вусач заўсёды меў для яго добры пачастунак, ад якога Алесь пух, як на дражджах. Ён быў дужы хлопец, рослы. Валасы ў яго на галаве раслі такія, што нават не скажаш, якога яны колеру. Ні салома і ні лён. Як ні зачэша іх бядак — усё адно рассыплюцца. Алесь казаў, што яго валасы пасварыліся з маленства і прымірыцца не жадаюць. Да жартаў ён быў вялікі ахвотнік і ведаў іх незлічонае мноства. І яшчэ адна зайздросная рыса падабалася Кастусю ў таварышу — смелы быў, як чорт. Толькі неяк дзіўна смелы, па-звярынаму. Перш спалохаецца, а пасля, як той воўк, пачне цікавіцца — а хто ж яго напалохаў і чаму? А ці нельга таго палохальшчыка ды за рогі ўзяць?

Алесь — вясковы хлопец. Ён гаварыў, што як толькі помніць сябе, помніць і начлежныя ночы. Даводзілася часта аднаму вадзіць каня на начлег. Усякіх, казаў, страхаў было. І ні разу ён не прамінаў, каб дазнацца прычыну тых страхаў. А іх — яўных і ўяўных — хапала тады.

Лес, дзе знаходзіўся штаб, сам па сабе невялікі, але надзвычай густы: між высокіх асін і ялін суцэльнай шчэццю рос малады ельнік. З гэтага лесу праз балотца можна выйсці ў Баркоўскую пушчу, якая цягнецца на дзесяткі кіламетраў. Там і цяпер знаходзіцца старая база злучэння. Гэта — зямлянкі, сякі-такі запас жыта, статак кароў ды частка галоўнага багацця — боепрыпасы...

Спыніўшыся на лічбе пяцьдзесят — гэта, паводле зязюль, яшчэ столькі год Кастусю жыць! — ён азірнуўся: да іх ішла Зіна. Прыязджаючы ў шпіталь за медыкаментамі, яна яшчэ ні разу не прамінула радыстаў. Заадно брала ў іх ранішнюю зводку і ехала назад у брыгаду.

«Нешта ж сёння раней звычайнага»,— падумаў Кастусь і непрыкметна грукнуў у дзверы зямлянкі.

Зіна ішла паволі, неяк зусім не сваёй хадою: крок у яе заўсёды бадзёры, хоць і дробны. А тут — ледзьве перастаўляе ногі, ідзе нібы нехаця.

У адной руцэ яна трымала злінялую квяцістую хустку, а ў другой — сваю санітарную сумку. І сіні жакет, і стракатая сукенка, і наглянцаваныя нейкім тлушчам боты — усё, як і на Кастусю, было на ёй акуратна, да ладу.

«Якая яна медсястра! Гора адно — дзяўчынка... Ці ж здолее такая вынесці, калі спатрэбіцца, з бою партызана? Ёй бы ў шпіталі працаваць»,— падумалася Кастусю. Яшчэ ён падумаў, што для іх яна была не проста медсястрою, а крышачку болей, чым роднай сястрою...

— Дзень добры, радысцікі! — падышоўшы, прывіталася Зіна і неяк асабліва ўважліва паглядзела на Кастуся.— Алесь, відаць, яшчэ спіць?

— Як заўсёды, спіць, Зіна.

Кастусь узяў яе за руку і лёгенька, аберуч, паціснуў ружовую цёплую далонь.

— Цішэй ты, баліць...

— Бачу, сумуеш ты нешта. Ці не па той выпадковай сяброўцы, га?

— Не сумую, Косця, а проста вар’яцею. Усё так нечакана атрымалася...

— Выкінь яе з галавы.

Кастусь яшчэ хацеў нешта сказаць, але не паспеў.

— Прывітанне, маё каханне! — расчыніўшы з грукатам дзверы, раптам выгукнуў Алесь, на хаду зачэсваючы пяцярнёй непаслухмяныя валасы.

— З нашэго кохання пэўна ніц не бэндзе! — прадэкламавала Зіна і ўсміхнулася яму, але ўсмешка хутка сышла з яе твару.— Хопіць табе, Алесь, пра адно і тое ж кожны дзень. Каханне, каханне,— дадала яна.— Вы ведаеце, што зноў пачынаецца вялікая блакада? Як і ў мінулым годзе. А можа, і яшчэ горшая, страшнейшая...

Хлопцы не адказалі.

Яны яшчэ нічога не ведалі. Яны яшчэ не забыліся жахаў і голаду леташняй блакады, якая пачалася ў гэткі ж час, калі сыходзіў квяцісты май і набліжалася лета. І вось — зноў. Не хацелася верыць, што зноў паўторыцца старое.

— Пойдзем на нашу паляну, пагаворым,— прапанаваў Кастусь, бачачы, што Зіне не вельмі стаіцца на месцы.

— Пойдзем! — адразу згадзілася яна.— Магчыма, хлопцы, мы яе больш не ўбачым...

Ад гэтых слоў і выразу Зінінага твару Алесь адразу спахмурнеў: хоць яна і сказала «хлопцы», але за руку ўзяла аднаго Кастуся. Хацеў, як звычайна, падкалоць яе жартам, але нешта ўсе жарты вылецелі з галавы.

Пасля, калі ўтраіх яны зноў былі на сваёй паляне, Алесь недаверліва спытаў:

— Адкуль ты ўзяла, што будзе блакада?

— Узяла...

— Палкоўнік у брыгады паехаў і нічога нам не сказаў. Калі б што якое наспявала, то мы ўведалі б.

— Але ж не ўведалі.

— Нешта ты апошнім часам вельмі дасведчанай стала, Зорачка! З чаго б гэта?

— Прашу больш не называць мяне так... Чуеце? Гэта датычыць і цябе, Кастусь...

— Слухаем...— адказаў той.— Але ж скажы Алесю — адкуль табе стала вядома пра блакаду?

Яна нібыта задумалася.

— Адкуль узяла? Сама бачыла... Фашысты пераправіліся на гэты бок Бароўкі,— строга адказала Зіна, зрываючы ружовыя смолкі і сінія званочкі.

— Вось табе, танцор, і вечарынка! — усклікнуў Алесь.— Адразу? А дзе была брыгада Смольскага? Яна ж, як мне помніцца, там займала рубяжы.

— Відаць, адышлі, не спытаўшы твайго дазволу,— непрыязна ўставіў Кастусь. Ён ведаў, што разам з блакадай надоўга губляе сваю каханую. Зноў яна будзе ў паходах і баях, далёка ад іх, а ён, захаваны далей ад грукатні, зажыве, як барсук у нары, пакуль яго не выпаруць, пакуль усе не пойдуць на прарыў блакады...

Зіна перакінула сваю адзіную тоўстую касу наперад і, уплятаючы ў яе званочкі, на хаду прамовіла:

— А мяне перавялі ў штабны шпіталь. Цяпер заўсёды буду з вамі, радысцікі!

Гэта быў як бы адказ яму, Кастусю, але чамусьці ажывіўся адзін толькі Алесь.

— Праўда? — заблішчэлі яго вочы.— Ну, тады, Зіна, нам нішто не страшна!

Кастусь і Зіна, як згаварыўшыся, пераглянуліся.

Алесь заўважыў гэта. Ён не падаў выгляду, што зразумеў нарэшце сваю ролю і месца. Ён умеў, калі трэба, хаваць свае думкі і пачуцці.

У гэты час да іх слыху данёсся аддалены гул самалётаў. Дзесьці ўпалі першыя бомбы, разносячы па лесе глухія грымоты выбухаў.

Растрывожаны лес насцярожана зашумеў. І ўжо не чуваць было птушыных галасоў, нават сонца, здавалася, пачало свяціць горш, яно нібыта пацямнела.

— Вось яно і пачалося,— прамовіў Кастусь, мнучы нагамі ружовыя смолкі. Ён не заўважаў іх. Родная, даўно знаёмая паляна раптам змяніла сваё аблічча, стала чужою, няўтульнаю. Гэта напэўна таму, што яе хутка прыйдзецца пакінуць. А з ёю — і ўсё лепшае, перажытае тут.

Раптам Кастусь спыніўся, падняў руку ўгору.

— Стойце, браткі, нехта стогне,— ціха сказаў ён і насцярожыўся.

Усе трое прыслухаліся.

— А вось, глядзіце, акрываўлены след! — дадаў Алесь, прыпадаючы да зямлі.

Усе ўбачылі прымятую траву, на якой гарэлі чырвоныя кроплі крыві. Яна была яшчэ зусім свежая...

 

Напярэдадні паходу

У лагер пачалі прыходзіць трывожныя весткі. А за імі — грымоты. Самалёты бамбілі лес бясконца. Хоць зямлянкі добра хаваліся ў густой зеляніне, але заставацца ў лагеры было небяспечна. Усіх людзей вывелі на абаронныя рубяжы. У лагеры знаходзіліся толькі дзяжурныя ды сувязныя з брыгад.

Неўзабаве сюды прыехаў на сваім каштанавым жарабку палкоўнік Кавальчук. За ім следам з’явіўся і ад’ютант Ілья. Ён адразу павёў коней на канюшню, што была ў якой сотні метраў ад лагера.

Палкоўнік зайшоў у сваю зямлянку, спыніўся ля маленькага акна і расчыніў яго парывістым, нецярплівым рухам, расшпіліў гузікі светла-зялёнага кіцеля. Душна.

У акенца відаць маленькія елачкі. Яны значна падраслі з таго часу, як пабудавалі тут для палкоўніка зямлянку. Яна тады здавалася прасторнай і светлай. Цяпер жа ў ёй няўтульна і цесна. Гэта, мабыць, таму, што за апошнія суткі палкоўнік аб’ездзіў цэлы свет.

Кавальчуку робіцца страшна, ахоплівае трывога. Ён у апошні час чамусьці не любіць адзіноты. Часта ўспамінаецца жонка, дачка Валя. Ужо два гады, як ён знайшоў іх і На самалёце накіраваў за лінію фронту, а вось вестак няма ніякіх. Жывуць, вядома. А як жывуць? Ды ці мала іншых пытанняў у жывога чалавека аб родным, жаданым?

А пакуль — адзінота. Сумная, трывожная адзінота, хоць ён, палкоўнік, кіруе тысячамі людзей. Вось чаму і страшна. Адзін памылковы загад, няўдала распрацаваны план аперацыі можа скончыцца для партызан катастрофай.

Кавальчук перакананы, што калі чалавек адзін, ён нават думаць можа памылкова.

З выгляду палкоўнік быў даволі прыгожы. Высокі, зграбны, з дабрадушным маладым тварам, з пышнымі чарнявымі валасамі, якія заўсёды былі акуратна выкладзены, хоць расчоскі ў руках палкоўніка ніхто ніколі не бачыў. У яго былі лагодныя васільковыя вочы і раздвоены падбародак, строгі профіль і гучны, сакавіты бас. Сапраўдны камандзір! Але ўсе, хто нават ведаў, што палкоўніку Кавальчуку мінуў сорак трэці год, гаварылі — малады. На выгляд яму больш трыццаці і не дасі. Маршчынкі на твары і пад вачамі зусім непрыкметныя, яны нават неабходны, без іх ён быў бы сапраўды яшчэ хлопцам! Кажуць — яго жыццё было добрае. Якое там добрае, калі яшчэ ў дзевятнаццатым годзе чалавека ставілі да сцяны з завязанымі вачамі...

Але на тым барацьба не скончылася. Пазней — поўдзень. Там хаваліся банды басмачоў і розных лазутчыкаў. Туды і накіравалі вопытнага байца Кавальчука. Адтуль трапіў у шпіталь. Прыехаў дахаты, дык і тут спакою не было: кулацкая куля прабіла плячо. Цяпер зноў пачалося...

...У зямлянку грукнулі. Гэта Віктар Гарун, начальнік штаба злучэння. Палкоўнік павесялеў, павярнуўся яму насустрач, ступіў два крокі.

— З якімі навінамі? — спытаў, стараючыся сам здагадацца, якія навіны прывёз начштаба.

Гарун поўны таямнічай урачыстасці. Апрача кароткага прывітання, ён не гаворыць пакуль нічога. Вочы — невыказная радасць. Свецяцца, як фасфарычныя. Ён, безумоўна, прывёз з сабою новы настрой, новыя думкі.

У яго заўсёды навіны свежыя, добрыя, як сам, бадзёрыя.

Палкоўнік згарае ад нецярпення, але больш нічога не пытае. Няхай той пачне сам.

— Цяжка,— нарэшце вымаўляе Гарун, кладучы на стол дарожны плашч, аператыўны планшэт і свой неразлучны маўзер у драўлянай кабуры. Гэтым словам ён здзіўляе палкоўніка.

— Што — цяжка?

— Націскаюць, гады, з усіх бакоў. Паўзуць, што тыя мурашкі. Сціжма...

Палкоўнік ведае, што начштаба ездзіў у брыгаду Смольскага, каб разам выпрацаваць план абароны, памагчы брыгадзе затрымацца на новых рубяжах.

У зямлянцы можна гаварыць усё, ніхто не пачуе. Дык чаму ж Віктар не гаворыць галоўнага? Няўжо брыгада зноў адышла, не прыняўшы бою?

Апрача нараў і маленькага століка тут ёсць дзве самаробныя табурэткі. Селі.

— Значыць, націскаюць? — не хаваючы ўсмешкі, спытаў палкоўнік і дастаў з кішэні тугі капшук з махоркай.— Закуры і раскажы ўсё як след. А то нешта ў цябе сёння непрычэсаныя думкі.

Віктар спрытна скруціў самакрутку і, пусціўшы сіні дым, звычайна, нібы гаворка ішла аб надвор’і, сказаў:

— Рубеж на Бароўцы мы адбілі яшчэ ноччу...

Дык вось што значыць тая таямнічая ўрачыстасць! Колькі ўжо год ваююць яны разам, а ніяк не зразумее палкоўнік Віктара да канца. Што ў яго за натура? А ні радасці ніколі асаблівай, калі бываюць шчаслівыя хвіліны, ні гора, калі і надарыцца, не заўважыш на яго замкнутым, засяроджаным твары. Усё гэта адбіваецца толькі ў вачах.

Віктар прайшоўся па зямлянцы, зноў паглыбіўшыся ў свае вечныя думкі.

Ніжэй сярэдняга росту, дужы, круглатвары, патрабавальны і акуратны ў справах — вось што мог бы сказаць пра яго кожны партызан. А ці ведалі партызаны, што Віктар Гарун, начштаба, гэты, на першы погляд, прыроджаны ваяка, піша вершы? Не, гэтага ніхто не ведаў, бо цяпер вершы — не галоўнае ў жыцці Гаруна. Галоўнае цяпер — абавязкі начштаба, планы, раз’езды, маршы, загады і план-карта з чырвоным алоўкам у планшэце — яго аператыўная сіла.

— Штаб і ўсю нашу гаспадарку трэба тэрмінова выводзіць у пушчу,— больш не распытваючы аб справах на рачным рубяжы, сказаў Кавальчук.— І ў першую чаргу трэба паклапаціцца пра забеспячэнне атрадаў гаручым. Помні, Віктар.

Не боепрыпасамі, не патронамі, а гаручым. Так заўсёды гаварыў палкоўнік.

— Запасы, уласна кажучы, не дужа вялікія,— адказаў Гарун, спыняючыся каля століка.— Два-тры ўдары, хаця б сабе такія, як на рацэ, і ...пшык!

— Гэта бяда — не бяда. Радысты ж у нас ёсць. Як прыйдзем на старыя базы, дадзім тэлеграму. Аэрадром у нас добры. Няхай раскашэліцца наш Беларускі Штаб партызанскага руху. Дарэчы, цяпер гэтага дабра нам не лімітуюць...

Начштаба глядзеў у расчыненае акенца на зялёную шчэць ельнічка і ўспамінаў ранейшыя гады, калі кожны патрон прыходзілася браць на ўлік. Успамінаў і леташнюю блакаду. Тады вораг ішоў са значна меншымі сіламі. Было меней тэхнікі. Цяпер жа, як данесла разведка, рухаюцца не толькі карнікі ды розныя паліцаі, а рэгулярныя часці пры поўным аснашчэнні, з танкамі, артылерыяй і авіяцыяй. Цяпер у пушчы не адседзішся, заняўшы кругавую абарону, бо вораг скрышыць, спаліць усё такою сілаю. А ў пушчы ж знойдуць прытулак тысячы жыхароў навакольных вёсак. Пушча — іх апошняя надзея на выратаванне, на жыццё. І падзею гэтую трэба здзейсніць...

«Збяромся з камбрыгамі і разам параімся, што рабіць. Ці ўяўляе сабе палкоўнік тую пагрозу, якая павісла не толькі над нашым злучэннем? Сорак тысяч варожых штыкоў — гэта сіла. Фашысты нездарма рушылі такой арміяй...»

— Будзем, значыць, адыходзіць у Баркоўскую пушчу? — Віктар дапытліва зірнуў на Кавальчука, як бы ацэньваючы яго вартасць на вока.— Усім злучэннем?

— Усім... Вядома, Баркоўскай пушчай нам не абысціся,— як бы ўлавіўшы думку начштаба, адказаў палкоўнік.— Зону трэба будзе пашырыць. Вось толькі не ведаю, куды потым выйсці. Ёсць два варыянты. Падкажа, думаецца, абстаноўка...

«Значыць, ведае, што будзе цяжка! Значыць, знойдзем выйсце!» — радасна падумаў Віктар і сказаў:

— На гэта вопыт ёсць!

— Вядома. Але ўсё трэба рыхтаваць загадзя. Планаваць запасныя базы, каб у выпадку чаго пад рукою заўсёды быў матэрыял для нашых гарачых цахоў...

— Гаручае?

— Вядома... Асабліва трэба будзе запрасіць паболей гранат. Яны — наша галоўная артылерыя. Кішэнная, як кажуць.

— Гранаты — гэта рэч,— у роздуме сказаў начштаба і накіраваўся да дзвярэй.— Пайду гляну, хто з брыгад што прыслаў. Сувязныя цяпер у хадзе...

— Пайду і я папярэджу радыстаў, каб нікуды не адлучаліся і дбайна рыхтаваліся да паходу. Ад іх цяпер многае залежыць, нават наша жыццё.

Услед за Віктарам выйшаў і Кавальчук.

 

Два прышэльцы

Папрасіць «гаручага» не давялося. І не таму, што дужа націскаў вораг, а таму, што так склаліся абставіны, якіх ніколі наперад не прадугледзіш.

У гэты дзень разведчыкі прывялі невядомага чалавека. Ён паведаміў, што больш за месяц ідзе з палону. З самай Германіі. Куды ён ішоў? Проста — на ўсход. Шукаў сваіх. Да гэтага сваіх не сустракаў? Сустракаў. Але пэўна не ведаў — партызаны ці паліцаі. Ды і, сказаць па праўдзе, баяўся: ці павераць яму, што не правакатар які? Сустрэўся ж ён з невядомымі людзьмі ноччу, а яны, тыя людзі, абстралялі, ледзь уцёк. Чаму ў яго ёсць зброя? А як жа ў вайну ды без зброі? Стукнуў на дарозе фашыста. Той рамантаваў матацыкл, грукаў так, што не пачуў крокаў. Дакументаў ніякіх. Якія ж там дакументы, калі на руцэ добра відаць наколка нумара: ён са смяротнікаў Асвенціма. З дзесяці ўцекачоў выжыў і выратаваўся адзін...

Малады высокі бландзін з загарэлым худым тварам, яснавокі і змардаваны, прасіў адно:

— Дайце мне кулямёт! Я ўсю вайну марыў адплаціць фашысцкаму зверу за скалечанае жыццё... Я — добры кулямётчык!

Кулямёта яму не далі.

Капітан Крайко на тое і пастаўлены на чале асобага аддзела, каб правяраць прышэльцаў. Яму чамусьці не спадабаліся словы «фашысцкаму зверу». Гэта ўжо, калі хочаце, не шчыра. Так людзі не гавораць, так толькі пішуць у газетах. Мала таго, што капітан не паверыў чалавеку, дык ён яшчэ прыставіў да прышэльца свайго работніка. «Ясна — шпік! Ці яшчэ горш — дыверсант, той, каго павінна была сустракаць Зорка!»

Быў у гэты дзень і незвычайны выпадак...

Сярод невялічкай паляны з адзінай кучаравай бярозкай на старым абымшэлым пні сядзеў чалавек, апрануты ў лётны камбінезон, без шапкі. Цёмныя, з прыкметнай пацярухай сівізны зблытаныя валасы былі абпалены ля счарнелага вуха, камбінезон забруджаны і падраны. Немалады, з непаголеным шэрым тварам, шыракаплечы, дужы на выгляд, чалавек адпачываў. Пад густымі навіслымі бровамі блішчэлі галодныя вочы. Ён час ад часу стагнаў, схіляў набок галаву і правай рукой дакранаўся да левага пляча. Там была рана...

Па пушчы пракаціўся гул далёкага выбуху, дзесьці пачуўся глухі рокат матораў.

Чалавек таропка ўстаў, зірнуў на сонца і пайшоў проста на гэты гул. Ён ішоў даволі шпарка, злёгку прыкульгваючы на левую нагу.

Неўзабаве лес парадзеў.

Чалавек спыніўся. Ён, відаць, зусім не чакаў, што апынецца на краі лесу. Заўважыўшы паперадзе прасвет, ён крута павярнуўся, падаўся ў лясны гушчар.

І лухая цішыня, якой поўніўся лес, памалу вярнула спакой. Чалавек абапёрся правым плячом на дрэва і пачаў аддыхвацца. Агледзеў наваколле, паправіў адзенне, дастаў з-пад камбінезона невялічкі скрутак у рудой паперыне. Зірнуўшы праз густое вецце на сонца, зноў пасігаў рашучымі буйнымі крокамі, нібы прыняўшы якое важнае рашэнне.

Гэта было цяжкае і небяспечнае падарожжа. І на душы — неспакой. Дзікім загнаным зверам туляўся ён па глухіх кутках, дзе можна было ўнікнуць непажаданых сустрэч.

Па выхадзе з пушчы, перад балотам, чалавек зноў зрабіў прывал. Ён сеў проста на зямлю, прыхіліўшыся плячамі да бялюткага бярозавага камля. Згледзеў струхнелы пень, парослы мохам, і адразу забегалі, замітусіліся вочы. Устаў і, падышоўшы да пня, зноў азірнуўся. Нідзе нікога. Чалавек хуценька адламаў кавалак пня, усунуў у дупло скрутак, прыладзіў адламаны кавалак і абклаў шчыліну мохам.

Потым перабраўся цераз балота і ўвайшоў у лес. Заўважыў вытаптаныя сцежкі, узрадаваўся. Выбраў адну, шырэйшую, і пайшоў па ёй. Пайшоў, мнучы ботамі мурожную траву. І капала на сляды чырвоная кроў з яго пляча...

Сонца ўжо добра свяціла і грэла, калі чалавек апынуўся на вялікай паляне, нібы спецыяльна абстаўленай дубамі. Далей ісці ён, відаць, ужо не мог, ледзьве трымаўся на нагах. І ў гэтым была свая горкая праўда: ён змарыўся, спакваля сцякаў крывёю...

Заўважыўшы на паляне траіх, чалавек захваляваўся, ступіў яшчэ некалькі крокаў, зваліўся і моцна застагнаў...

Вось гэты стогн і пачулі радысты.

...Кастусь першы падбег да чалавека, нахіліўся над ім і ціха спытаў:

— Што з вамі? Хто вы?

Пачуў у адказ:

— А вы... хто?

— Мы — свае,— запэўніў Кастусь чалавека, заўважыўшы пад камбінезонам гімнасцёрку з пагонамі, на якіх віднеліся пацямнелыя ад дыму і агню зорачкі.— Зірніце на нас... Свае-е... Таварыш капітан...

— О-о-ой,— застагнаў чалавек і адплюшчыў вочы. Яны былі да ўсяго абыякавыя, тыя чорныя вочы. Памкнуўся падняцца, упёрся ў зямлю рукамі, але галава пацягнула назад, да зямлі. Не ўзняць яе чалавеку, у якога, відаць, і дух ледзьве трымаецца, да таго знявечаны.

Падышоў Алесь. Ён аж прыкленчыў ля незнаёмага, загаварыў хутка, расчулена:

— Ляжыце, ляжыце, не турбуйцеся, мы вам паможам. Усё будзе найлепшым чынам...— Дастаў хусцінку, выцер капітану твар.— Не бойцеся, мы свае, партызаны.

— Вам цяжка, таварыш? — спытала Зіна, якая нейкі час разгублена назірала за хворым і радыстамі.

— Пі-іць,— пачулася ў адказ.

Алесь падаў Зіне каманду:

— Прынясі вады! І насілкі захапі ў шпіталі!

Кастусь пачуў, што сказаў Алесь. Пайшоў за Зінай следам, толькі пагразіўшы Алесю кулаком. Той недаўменна пасціснуў плячамі — не зразумеў. За кустом Кастусь дастаў свой пісталет і паказаў Алесю. Потым паказаў на чалавека.

— Яго аднаго пакідаць нельга! — сказаў Зіне.— Нездагадлівы Алесь, як мне здаецца, задужа расчулены. Яшчэ хто яго ведае, што гэта за чалавек...

Зіна нахмурылася:

— Ты, Кастусь, у кожным бачыш толькі ворага... Аставайся, я адна прынясу насілкі.

І пабегла хутка, без аглядкі.

Кастусь вярнуўся да Алеся, стаяў у нерашучасці і пільна глядзеў на незнаёмага капітана, як бы згадваючы: свой ён ці чужы? Потым, адважыўшыся, імкліва нахіліўся над чалавекам і выцягнуў з кішэні камбінезона пісталет.

Той павярнуў галаву, і здалося Кастусю, што ўсміхнуўся, выскаліў жоўтыя зубы.

— Баіцеся, што я... Давяраю, рабіце, што хочаце, толькі дайце пі-іць,— прастагнаў лётчык і зноў заплюшчыў вочы.

Кастусю стала ніякавата.

— Пісталет ТТ, наш,— сказаў ён, кладучы зброю ўсё ж у сваю кішэню. Такая ўжо натура. А можа, і тут адыгралі ролю тыя перасцярогі, з якімі Кастуся накіроўвалі ў варожы тыл працаваць радыстам.

Алесь дык проста развёў рукамі:

— Вось яшчэ выдумаў! Хіба не бачыш, хто перад табою? Лётчык ён, наш, савецкі, збіты лётчык... І чаму гэта нешта доўга Зіны няма?

Зіна прыйшла не адна. З ёю з’явіўся на паляне ўстрывожаны капітан Крайко. Кастусь зірнуў па іх, задаволена падумаў:

«Хоць зазлавала была Зіна, але пасля згадзілася, што без капітана тут не абысціся. Разумная асцярожнасць ніколі не перашкода. Нездарма кажуць, што беражонага і сам пан бог беражэ...»

Несці лётчыка ў шпіталь было цяжка, але хлопцы ні разу не адпачылі: спяшаліся, каб хутчэй даставіць хворага дактарам. Капітан спрабаваў загаварыць з лётчыкам, але той нібыта задрамаў, ціха стогнучы, і Крайко пайшоў.

Зіна моўчкі ішла следам за ўсімі. Твар яе быў хмуры. Ні то яна злавалася на Кастуся за недавер да людзей, ні то на капітана за допыт хворага чалавека, якому, можа, і жыць засталося нядоўга.

Алесь усё ж падкалоў таварыша:

— Каб ты бачыла, Зіна, як Кастусь бязлітасна абяззброіў таварыша, то, напэўна, не паверыла б сваім вачам. Ён наляцеў на гэтага няшчаснага, як тыгр...

Хворы хоць і ўчуў гэта, але не сказаў ні слова. Ён толькі стараўся запомніць, як завуць хлопцаў, імкнуўся здагадацца, хто такі гэты капітан.

Замаўчаў і Кастусь. Ён ведаў, дзеля чаго сказаны тыя калючыя словы. Наіўны Алесь! Ён і не ведаў, што яго нястрыманы язык заўсёды працуе супраць яго...

Хворага перадалі доктару Свістуненку, якога ўсе называлі Айбалітам. Немалады, лысы, у акулярах, як сапраўдны Айбаліт, ён адразу ж узяўся выходжваць лётчыка.

Пасля таго як прамылі і перавязалі раны, хворы слабым голасам папрасіў есці. Хоць яго накармілі, як госця, але не дужа сытна: з галадухі любая цвёрдая страва можа пашкодзіць. Ды хворы адмовіўся не толькі ад мяса, але і ад хлеба. Ён з ахвотай з’еў крыху рэдкага супу.

Пасля ўжо спытаў:

— А хто гэта, скажыце, калі ласка, знайшоў мяне ў лесе непрытомнага і прынёс сюды? Такія, ведаеце, спрытныя хлопцы, нават абяззброілі...

— Гэта ж нашы радысты! — не без гонару адказала Зіна і ціха-ціха заспявала песню, якую вывучыла ад той пепуцёвай Зосі, песню пра шчаслівую зорку свайго кахання. Яна наогул вельмі ўважліва і клапатліва аднеслася да гэтага знявечанага вайной чалавека, які прыляцеў адтуль, з Вялікай зямлі. Ён, напэўна, раскажа шмат цікавага...

Лётчык прыўзняўся на нарах.

— Радысты... Малайцы хлопцы, дзякуй ім, даражэнькія. А за тое, што абяззброілі, я не крыўдую. Пільнасць не перашкодзіць у любым выпадку. І за гэта малайцы, даражэнькія... А вы, калі няцяжка, праспявайце яшчэ пра зорку... Вельмі харошая песня...

Зноў лёг і паціху застагнаў, пакуль не заснуў.

Капітан Крайко наведаў шпіталь толькі на другі дзень. Рослы, чырванатвары, з густымі белымі бровамі над светлымі вачамі, ён быў энергічны і, відаць, фізічна моцны. Нават голас яго звінеў металам.

У шпіталі былі якраз толькі хворыя, і гэта радавала капітана. Ён не любіў рабіць допыты пры пабочных людзях. Хворыя ж не дужа цікаўныя, не вельмі прыслухоўваюцца. У іх свая бяда, ім не да чужых спраў.

Сеўшы на край нараў, капітан уважліва паглядзеў лётчыку ў твар. Твар быў спакойны, крыху нахмураны, крыху сумны. Вядома ж, чалавек гарэў у самалёце. Ляжыць і ўспамінае перажытае. Яму цяжка. Дык ці варта турбаваць чалавека, ці варта напамінаць яму аб той жахлівай ночы, калі яго машына яркай знічкай ляцела на зямлю?

І ўсё ж пагаварыць трэба ў любым выпадку. Крыху заікаючыся, капітан асцярожна спытаў:

— В-вам цяжка?

— Было значна цяжэй, даражэнькі,— нібы чакаючы такога пытання, адразу адказаў той і ў сваю чаргу дапытліва паглядзеў на капітана.

О, колькі дакору і скрухі было ў тым жалезным позірку!

«Натура — крэмень! — вырашыў у думках капітан, і цікавасць яго ўзрасла.— З такой натурай можна быць не толькі лётчыкам, а кім хочаш. Можна...»

— 3-значыць, вы лётчык?

— Хіба не відаць?

— Прабачце, мне трэба ведаць прозвішча, каб паведаміць за фронт, што вы ў нас. Там, напэўна, ужо лічаць, што вы або загінулі, або трапілі да фрыцаў у палон. А гэта, як ведаеце, яшчэ горш...

— Безумоўна, даражэнькі...

Хоць чалавек быў ветлівы і далікатны, але па ўсяму відаць, што яго апанавала абыякавасць. Зразумела: ён згубіў машыну, баявых сяброў. Вайна выбіла яго, як кажуць, з франтавых дарог і прывяла да партызан. Ён сам ледзь астаўся жывы...

— Дык вы не жадаеце, каб мы паведамілі за фронт? — дастаючы аловак і паперу, зноў напомніў капітан.— У вас там няма родных, сям’і? Хто ў вас там ёсць? Можа, вам няма каму пісаць? Каму перадаць звесткі?..

— О, добра, перадайце! — нібы спахапіўся хворы.— Я — Барсукоў... Барсукоў Валянцін Паўлавіч, капітан. Там знойдуць усіх маіх... Калі ласка, даражэнькі.

Лётчык працягнуў абпаленую кніжачку з цёмнай фатаграфіяй. Затое прозвішча было відаць добра, нібы толькі напісанае. І Крайко занатаваў, што трэба.

А пасля спытаў:

— Дзе вас збілі?

— Пад Маладзечна.

— І да нас нідзе не сустракалі партызан?

— Я хаваўся па глухіх кутках, пазбягаў выпадковых сустрэч на дарогах...

— Усе глухія куткі поўняцца партызанамі.

— Але ж у Баркоўскай пушчы іх не было.

«Ён прайшоў па Баркоўскай пушчы! Адкуль жа ведае назву? Такі знясілены, паранены, а прайшоў... Сапраўдны волат, а не чалавек...»

— Раней, бывала, я вазіў вам парашуты ў гэтую пушчу. Аж па дзесяць грузаў скідаў,— перабіў капітанавы думкі лётчык.

— Хто яшчэ з экіпажа застаўся?

— Не ведаю. Здаецца, выратаваўся толькі я...

— Ці памятаеце нумар сваёй машыны?

Лётчык усміхнуўся, сеў.

— Гэта ўсё роўна, калі б вы спыталі — ці памятаю я свайго бацьку або маці...

— Прабачце, але...

— Без ніякіх «але», даражэнькі! — перапыніў капітана паранены.— Ведаю, што так трэба. Запісвайце: самалёт «ЛІ-2», нумар 2148. Дзевятка. Гэта наш палкавы нумар, унутраны. Што цікавіць вас яшчэ, капітан?

— Дзякую.

— Цяпер я ведаю, хто вы. Я раней думаў, што разведчыкі так адкрыта не працуюць.

— Нам няма чаго хавацца адзін ад аднаго.

— Хіба і так не відаць, хто я?

— Вось я і кажу, што відаць.

Цяжка дыхаючы, лётчык зморана лёг на падушку. Капітан Крайко адчуў сябе ніякавата.

— Чалавеку давярай, ды правярай... А што датычыцца разведчыка, то ў нашым становішчы кожны чалавек павінен быць ім. Улік, самі ведаеце, які тут, кожны дзень новенькія...— адказаў капітан Крайко нібы ў апраўданне, а сам падумаў: «Вось чорт! Непрабіваемы! Не памагае нават мая старая прафесія следчага...»

Лётчык зноў зірнуў на капітана і прымірэнча сказаў:

— У вас ёсць радысты. Калі ласка, перадайце за лінію фронту вестачку маёй жонцы Галіне, сынам Пятру і Васілю, што я жывы, хоць не зусім здаровы...

— П-парадак ёсць парадак. Перадам! — запэўніў Крайко.— Бачыце, для вас жа стараюся. Вы трапілі ў такі час, калі, гаворачы шчыра, на нас ідзе страшная навала фашыстаў. Насоўваецца блакада, а гэта не жартачкі.

Ён пакінуў Барсукова, пажадаўшы яму хуткага выздараўлення. І паабяцаў, што з першым самалётам накіруе яго за лінію фронту. Гэта будзе хутка, дні праз тры.

«Мусіць, не ўдасца накіраваць: блакада... Дзе самалёт сядзе?» — падумаў лётчык, не на жарт пакрыўдзіўшыся на капітана за непатрэбны допыт.

 

Першы напад

Мінула некалькі дзён.

Як ні стрымлівалі партызаны варожы наступ, як ні змянялі сваю лінію абароны, наносячы нечаканыя ўдары і з флангаў і з тылу, аднак сілы былі далёка не роўныя, і давялося нарэшце адступіць.

Радысты працавалі апошні раз перад паходам у сваёй учарнелай ад куродыму зямлянцы з патрэсканай цаглянай печкай. У падслепаватае акенца выходзіла антэна. На століку стаяла планшэтная радыёстанцыя «Белка», ляжалі паперыны з шыфроўкамі. Працы было шмат. Алесь перадаваў радыёграму, а тым часам Кастусь шыфраваў новую.

Пачытаў тэкст апошняй радыёграмы, усміхнуўся:

— Вось бачыш, Алесь, не толькі я недаверлівы ды асцярожны! Капітан намаляваў лётчыка, як мастак, апрача прозвішча ўсе прыкметы дае. Просіць пацвярджэння, што іменна гэта і ёсць Барсукоў...

— Дык на тое ён і капітан, каб правяраць! Ён і нам не зусім давярае,— не перастаючы выстукваць свае лічбы, адказаў Алесь.— Яму здаецца, што ўсе шпікі прыходзяць толькі сюды. Пасля той Зоські да Зіны прыглядаецца. Бачу я! Вось чаму і лётчыка...

Хлопец недагаварыў: нечакана зусім блізка секанулі аўтаматы, пачуліся вінтовачныя стрэлы, каманды.

— Што гэта? — насцярожана спытаў Алесь і, узняўшыся з-за стала, зірнуў у акенца, засланіўшы яго сваімі грудзьмі.

Кастусь пачуў, як дзынкнула шкло, убачыў, як Алесь нешта ліхаманкава выкідваў з зямлянкі.

— Лажыся! — раптам крыкнуў ён і так штурхнуў Кастуся, што той мігам апынуўся на падлозе.

Побач зваліўся і Алесь, папоўз за печку.

— Раз... два... тры...— пачаў лічыць ён. І тут за акном грымнуў моцны выбух.

Кастусь узняў галаву, ціха спытаў:

— Што гэта?

— Бяжым! — адразу ўсхапіўся Алесь, вымаючы пісталет.— Ён яшчэ блізка! Хутчэй!..

— Хто — блізка? Што здарылася? — нічога не разумеючы, зноў спытаў Кастусь.— Скажаш ты нарэшце мне ці не?

— Той, што кінуў гранату проста на мае грудзі...

Бегчы ім нікуды не давялося:, з зямлянак са зброяй напагатове выкульваліся патрывожаныя людзі. Капітан, палкоўнік, начштаба — усе, хто быў у лагеры, абступілі зямлянку радыстаў, на якую яшчэ асядаў узняты выбухам пыл.

— Х-хлопцы, ш-што тут у вас? — першы з парога спытаў капітан, заікаючыся больш звычайнага.

— А чорт яго ведае! — дабрадушна ўсміхнуўся Алесь.— Нам у акно нехта шпурнуў гранату ды папаў у мяне. Дык я — назад!

Пры апошніх Алесевых словах капітан ціха свіснуў і прапусціў наперад палкоўніка, які таксама зайшоў у зямлянку.

Праз акенца наваліла многа пылу і дыму. Алесь сеў за пахілены стол, дзьмухнуў на радыёстанцыю.

— Усё, браткі! — ледзь не плачучы, выгукнуў ён.— Аджыла сваё, асколкамі яе пасекла. І як я не схапіў тады, дурань гэтакі! Такая «Белачка» была...

— Рацыя? — ціха, збянтэжана спытаў Кастусь.

— А што ж яшчэ? Папаўся б мне той даўганогі д’ябал, ахвяра Асвенціма, я б яму...

Усё гэта здарылася так нечакана, што здавалася неверагодным.

І толькі шчаслівы выпадак выратаваў радыстаў ад яшчэ большай бяды.

Кавальчук сказаў капітану:

— Табе не здаецца, што аперацыя «Хваля» ў дзеянні? Відаць, Шпак-Сікорскі трапіў іменна да нас, а не да суседзяў, як дакладвала разведгрупа. Гэта вельмі небяспечны дыверсант, няўлоўны. Глядзі, капітан...

Крайко паціснуў плячамі.

— Здаецца, няблага гляджу... Лётчык ледзь ходзіць, а той, нумараваны, дык у атрадзе, далёка адгэтуль, за ім сочыць надзейны чалавек. Мусіць, ты абазнаўся, Алесь.

— Я ніколі не памыляюся, капітан,— катэгарычна адказаў радыст.— Іменна — то быў нумараваны...

Выйшлі з зямлянкі ўсе, стаялі, курылі. І людзі і лес насцярожана сцішыліся, знямелі. Ды недзе далёка гэтую цішыню зноў парушыла рэзкая аўтаматная чарга. За ёю — залпы некалькіх аўтаматаў зліліся ў адзін суцэльны працяглы гул.

— Вось, відаць, і дагналі ўцекача,— ажывіўся капітан.— Ад тых маіх хлопцаў яшчэ ніхто ніколі не ўцякаў.

— Адно ўжо гэта пахвальна,— у задуменні сказаў палкоўнік і да Алеся: — Але ж і спрытны ты! Гэта ж трэба — выкінуць гранату.

— А што, яе ў запазуху класці?

— Сумна было б вам, каб не кемлівасць ды такія грудзі, як у гэтага хлопца! — пахваліў Алеся і капітан Крайко.— Спрытны. Пастарэе — гэткім не будзе... Вось пабачыш.

— Буду! — усміхнуўся радыст.

— Такога, браце, на жаль, не бывае,— Кавальчук паказаў на свае сівыя скроні.

— А ведаеце, Павел Антонавіч, выпадак, як аднаго чалавека ды пытаў другі чалавек? — адказаў на гэта Алесь.

— Аб чым пытаў? — пацікавіўся і Крайко.

— «Што ты,— кажа,— Сымон, робіш, што ў цябе на твае гады такі малады твар?» — «Нічога не раблю ўсё жыццё»,— адказаў знаёмаму Сымон. Дык вось і я... Нават граната не бярэ!

— Ну і жартаўнік! Сто год пражывеш — не састарэеш...

Палкоўнік ступіў некалькі крокаў, азірнуўся на хлопцаў, паківаў пальцам.

— Адчулі, што трэба вуха трымаць востра? Так вось...

Калі яны засталіся адны, Кастусь спытаў:

— Што нам цяпер рабіць? Мы ж не ўсе шыфроўкі перадалі.

— А другая рацыя нашто?

— Да яе ж другія батарэі... Цэлы новенькі камплект, шкада...

— Усё табе шкада. Яшчэ вышлюць...

Пачуўшы гаворку, вярнуўся капітан.

— За батарэямі таксама трэба глядзець як след. Аперацыя «Хваля», дарагія, як вы самі ўпэўніліся, больш за ўсё тычыцца іменна вас, радыстаў. Ведайце, што ад пільнасці залежыць не толькі ваша жыццё...

— А пільнасць больш за ўсё, капітан, залежыць ад вас,— не зусім тактоўна адказаў Алесь.— Дык вось і разблытвайце гэтую нітачку — хто шпурнуў гранату, а хто яшчэ застаўся, каб прадоўжыць тую аперацыю.

Хіба капітан не ведаў, што вораг ходзіць недзе тут? Ён ужо колькі дзён як атрымаў папярэджанне, абдумваў гэтае пытанне, а вось недагледзеў... Пакуль вядома толькі адно, што ў аперацыі «Хваля» ўдзельнічае шэсць дыверсантаў. Дзе і калі яны з’явяцца? Адзін азваўся тут. Правільней — двое. Першая — атруцілася. Другога калі не забілі, то ўжо злавілі, хутка прывядуць. Тады можна будзе дапытаць, сёе-тое высветліць. Галоўнае — знайсці б канец таго клубочка...

Капітан ішоў ад радыстаў і адчуваў, што яго работай незадаволены не толькі палкоўнік, а і гэтыя хлопцы. І праўда на іх баку. Ці варта было ставіць аднаго дзяжурнага на дзве зямлянкі? А што, калі б тая граната адыграла сваю паганую ролю. Апрача таго, што з яго, капітана, спагналі б поўнай мерай, застацца без сувязі, калі пагражае небяспека блакады, значыць — мець вялікія страты ці нават загінуць.

Усё гэта разумеў капітан Крайко. І ён вырашыў узмацніць ахову радыстаў, не выпускаць з поля зроку лётчыка. Былі ў яго яшчэ такія-сякія меркаванні, як лепш дазнацца, вораг лётчык ці не, але аб гэтым ён пакуль што нікому не прагаварыўся. Гэта яго ўласная тайна...

 

Дарога пад бомбамі

У паход збіраліся нядоўга.

Перш-наперш пачалі эвакуацыю шпіталя. Хворых было нямнога. Усе ішлі самі. За шпіталем рухаўся штаб з радыстамі і каменданцкі ўзвод...

А ўслед, нібы падганяючы партызанаў, недзе ад ракі грымела. Нібы там узрывалі каменне. Глухое водгулле кацілася па гушчары, танула ў ім.

Усё гэта так знаёма хлопцам, што ім здавалася, быццам яшчэ не скончана леташняя блакада. Гэткія ж зборы, лясныя дарогі пад бомбамі, сцяжыны, балоты, прывалы. І сон і абед — таксама пад бомбамі. Усё паўтараецца штодня...

Калі адышліся даволі далёка, Кастусь прыбавіў хады і дагнаў Зіну. Яна была ў сваім нязменным сінім жакеце і стракатай сукенцы. Толькі боты так не гарэлі, як заўсёды: на іх ляжаў пыл гэтых нялёгкіх дарог. Валасы былі заплецены ў адну тоўстую тугую касу. Унізе тая каса падвязана белай стужкаю ад парашутнага шоўку.

«Зусім яшчэ дзяўчынка...» — міжволі падумаў Кастусь, і па сэрцы прабегла хваля ўмілення. Зіна сапраўды выглядала дзяўчынкай. Толькі надзвычай упэўнены крок і моцныя загарэлыя ногі рабілі яе хаду паважнай, сталай.

Параўняўшыся з ёю, Кастусь зірнуў на самотны твар і ціха спытаў:

— Аб чым ты думаеш, Зіна?

Убачыў толькі, як на нейкі момант успыхнулі ў яе ва чах іскаркі-зорачкі і адразу згаслі.

— Думаю, Косця... Што прымусіла гэтага чалавека кінуць гранату? Якая сіла? Вайну ж фашысты прайгралі, на што ён спадзяецца?

— Мала ёсць на свеце ўсялякага зброду?..

— Ах, лепш бы мне пайсці ў атрад! Крайко забараніў прыходзіць да вас...

— Вар’ят! Я з ім пагавару...

— А я, дарагія мае, абавязкова выклічу яго на дуэль і не прамахнуся! — раптам пачуўся ззаду Алесеў голас. Усё ж дагнаў, хоць соп, як вол у ярме.

— Мне шкада цябе, Алесь,— ні то ў жарт, ні то сур’ёзна адказаў Кастусь.— Крайко страляе, як сам д’ябал! На ляту ў муху трапляе. Улічы.

— Вось гэта дру-ужба! Бач — шкадуе... Тады, мілы Кастусь, паднясі трохі гэтую торбу. Тут, апрача анодных батарэй, дальбог, нічога няма.

— Дык нясі сам.

— Але ж тых батарэй — пуд! І мае кволыя плечы аж знямелі, а ногі перастаюць слухацца.

— Шануючы друга, не панясу.

— Чаму — шануючы?

— Такому, як ты, любая трэніроўка пойдзе толькі на карысць, мілейшы!

— Дзякую за параду, дарагі мой друг! Ты намякаеш, што я занадта тоўсты?

— А хіба ты тоўсты?

— Ммм...

Зіна засмяялася, хоць такія сяброўскія размовы чула не ўпершыню. І як заўсёды, нягледзячы на Алесева красамоўства, Кастусь заганяў яго ў тупік. Алесь крыўдзіўся. Потым яны мірыліся і пачыналі ўсё спачатку. Часам справа даходзіла да спрэчак. Між імі вялася таямнічая вайна супернікаў. Яны адчувалі, што з цягам часу такія спрэчкі могуць перарасці ў больш сур’ёзныя сутыкненні, і ўсяляк імкнуліся загладзіць папрокі і кпіны жартам.

Да большага ніколі не даходзіла...

Неўзабаве пачалося балота, парослае чэзлымі бярозкамі ды лазняком. Хадзіць па такім балоце не так ужо і страшна. Трэба толькі мець моцныя ногі, каб выцягваць іх з тванкага моху, пад якім заўсёды трымаецца халодная гразь, быццам там бягуць тысячы маленькіх крынічак.

Алесь хутка выбіўся з сіл. Выбраў сабе высокую купіну і зморана сеў на яе, адвальваючыся на спіну.

Кастусь жа мог зваліцца ад знямогі, але не падаць выгляду, цягнуць, як той вол.

Вось і цяпер. Алесь выцер са шчок рукавом чорнай гімнасцёркі пот і сказаў:

— Братцы, я гатоў...

— Пайшлі, пайшлі! Хутка востраў,— падхапіў яго пад руку Кастусь, але падняць не здолеў, сам асеў побач.

Затое варта было Зіне дакрануцца да іхніх рук сваімі, як хлопцы адразу — дзе ўзялася і сіла! — падняліся на ногі, як па камандзе. Асабліва пастараўся Алесь. Ён ірвануў наперад, не раўнуючы, нібы той лось...

Над балотам вісеў лёгкі туман-дымок. Сонца не было. Яно адчувалася за белай дымкай, што вісела ўгары, закрываючы сабою неба. На захадзе яна цямнела, утвараючы чорную хмару. З кожнай хвілінай хмара набліжалася.

Калі дабраліся да першага вострава — так партызаны называлі сухія грудкі сярод балота, парослыя магутным ельнікам, асінамі ды алешнікам,— Алесь здаўся зусім. Сеў на першае паваленае дрэва і, здзіўляючыся надзвычайнай вытрымцы Кастуся і Зіны, сказаў:

— Рэжце мяне ці вешайце: далей я ні кроку! Вось, мае дарагія-каханыя, і ўся казань.

Кастусь зняў з плячэй сумку з радыёстанцыяй, паклаў ля дрэва на сухое і, нібыта згаджаючыся толькі дзеля Алеся, прымірэнча адказаў:

— Лады... На гэты раз, як пакутніку, даруем табе грахі. Даруем, Зіна?

Яна разумела, што і Кастусь падбіўся не на жарты, што і яму цяжка цяпер падняцца, але адказала:

— А ўсе ж, чуеце, падаліся ў гушчар. Не адстаць бы да прывалу...

— Табе лацвей! Твае медыкаменты ў абозе паехалі,— не стрываў, зазлаваў Алесь.

Кастусь не любіў, калі пры ім так нетактоўна адносіліся да Зіны, устаў, кпліва прамовіў:

— Трэба будзе папрасіць палкоўніка, каб і цябе здаў у абоз, як нестраявога.

Зіна засмяялася і, умасціўшыся побач з Алесем на парослую мохам калоду, прызналася:

— Я ж і сама ледзь стаю на нагах. Дык і мяне — у абоз? — і ўзняла на Кастуся вочы.

— Значыць, я дужэйшы за ўсіх! — адказаў Кастусь і так апусціўся на дрэва, што гнілякі аж трэснулі пад ім.

Так сядзелі яны ўтраіх, маўчалі спярша, назіраючы за цёмным небасхілам, слухаючы сумны шэпт гэтага змрочнага лесу, які заўсёды дае надзейны прытулак.

Неўзабаве ў гушчары пацямнела так, быццам надышоў вечар, але дажджу яшчэ не было. Ды праз хвіліну адна-другая буйныя кроплі прарваліся на зямлю праз густыя галіны. І раптам зашумеў, засвістаў у верхавінах вецер.

Зіна ўсхапілася першая, гукнула:

— Хутчэй плашч-палатку!

Утраіх імгненна змайстравалі нешта накшталт будана, пацягнулі Алесеву плашч-палатку. І адразу, нібы ён толькі гэтага і чакаў, лінуў моцны дождж, з гулам, з грымотамі, якія, вядома, былі куды як прыемней за тыя, што сыпаліся з яснага неба, што ссякалі галіны і валілі цэлыя дрэвы.

Траім у будане было цесна, і Кастусь, дастаўшы з рэчавага мяшка сваю плашч-палатку, вылез і стаў пад елкаю. Пад суседнім дрэвам ён заўважыў трох аўтаматчыкаў з каменданцкага ўзвода.

«Ахова... Нарабіла тая аперацыя «Хваля» капітану клопатаў»,— падумаў радыст і спытаў:

— Хлопцы, не чулі — можа, дзе каго злавілі там?

— Злавіць — не злавілі, а кокнуць — кокнулі,— пачулася ў адказ.

— Каго? — хоць ужо і ведаў, зноў спытаў Кастусь.

— Ды худога... Ахвяру Асвенціма, што быў у атрадзе брыгады Смольскага.

— І як жа гэта ўпусцілі яго?

— Прыкінуўся, што спіць, а хлопец з аховы і даў зевака. А ён — гранату ў зубы ды цягу... Ну і кокнулі.

— А бег жа, халера, што той заяц! Сіні пінжачок аж мільгаў між дрэў. Калі б не кулі, то дудкі яго злавіў бы ў такім гушчары,— пачуўся і другі голас.

Кастусь слухаў партызан ды думаў: «У кніжках гэтыя шпіёны бываюць вельмі хітрыя і лоўкія. Чаму ў жыцці ўсё прасцей і ясней? Ніякіх табе таямнічых спляценняў, ад якіх сам чорт галаву зломіць. Узяць бы Зосю. Пазналі яе — і крышка. А вось гэты, якога кокнулі. Дурань-дурнем. Сярод белага дня надумаўся кідаць гранату і ўцякаць. Толькі вар'ят мог адважыцца на такое...»

Тады Кастусь яшчэ не ведаў, што гэты «дурань» выканаў сваё заданне на «выдатна», што ён дзеля таго і быў пасланы, каб адцягнуць увагу на сябе, прытупіць пільнасць разведчыкаў, завесці іх у зман...

Кастусь перайшоў да аўтаматчыкаў: з імі будзе весялей. Ды і закурыць разам неяк ахвотней.

А ў будане спачатку прыслухоўваліся да гаворкі, а пасля Алесь падсеў бліжэй да Зіны. Зірнуў па-зладзейску ў вочы і, як калісьці, падміргнуў Зіне:

— Помніш, як мы з табою вось гэтак пад лодкаю ў дождж сядзелі? Ды ці раз...

— Помню.

— Я тады малы быў і дурны, бо не ведаў, што ты вырасцеш такая прыгожая, Зіна...

— Ніякая я не прыгожая.

Алесь прыжмурыў адно вока, нібы прыцэліўся.

— Ой, прыгожая, пярун бы цябе спаліў! Цяпер бы нам дваім пад тую лодку, а?

— А хіба мы не ўдваіх?

— І праўда! Кастусь, канечне, кемлівы! — і паклаў руку дзяўчыне на плячо.— Як думаеш, мая Зорачка, чаму ён пакінуў нас?

Яна адказала з дакорам:

— Ты ж не здагадаўся тое ж самае зрабіць першы. Баязлівец ты і, прабач, трошкі хвалько...

— Я?! — Алесь блізка дыхнуў ёй у твар.— Ты кажаш, што я — баязлівец?

— А чаму ж не...

Нечакана схапіўшы Зіну за плечы, Алесь прыпаў да яе пульхных вуснаў, як касец у спякотны дзень да крыніцы. Не адарвацца яму, не ўтаймаваць смагу...

Суха ляснула далоня па шчацэ.

Зіна выскачыла з будана і пад дажджом пабегла ў гушчар шукаць сваіх людзей. Яна злавалася на сябе за тое, што лішне разгаварылася там з Алесем...

Алесь, праўда, таксама апамятаўся, але позна. Асеў. Звінела ўвушшу і цяжка дыхалася парнай вільгаццю. І было ніякавата, нават сорамна.

А дождж усё ляпаў і ляпаў па нацягнутай плашч-палатцы, нібы па блясе.

Калі ён нарэшце супыніўся, у будан прасунулася Кастусёва галава. Разгублена зірнуўшы кругом і не ўбачыўшы Зіны, суха спытаў:

— А дзе ж яна?

Алесь адвярнуўся, працадзіў праз зубы:

— Адкуль я ведаю, дзе яна... Ідзі, шукай ветру ў полі. Вярціхвостка...

— Зноў лезеш да яе?

— Толькі хацеў захінуць ад дажджу, абняў адной рукою, а яна падумала...

— Што падумала?

— Што хачу цалаваць яе.

— Левую шчаку, відаць, дажджом насекла, што аж гарыць? — сарваўшы плашч-палатку, злосна спытаў Кастусь.

Алесь падняўся.

— Я ўсё ж такі пацалаваў яе! Табе назло. Зайздросці цяпер, хоць воўкам вый, хоць трэсні ад зайздрасці! Пацалаваў — і ўся казань.

— Вось я табе зараз дам казань!

— А я — табе. І да чаго гэта прывядзе? Не зліняюць жа яе вусны... Калі і пажартаваў.

Гаворцы канец.

Моўчкі склалі мокрую плашч-палатку, сабралі рэчы, моўчкі рушылі далей. У кожнага ў грудзях яшчэ бушавала бура, але яны рабілі выгляд, што больш не злуюцца адзін на аднаго.

Да чаго ж любае сонца пасля дажджу!

Яркае, быццам вымытае, яно слепіць, куды ні глядзі. Здаецца, няма ценю. Лісце і трава высахлі ўвачавідкі. Толькі балота стала больш гразкае, глыбей правальваюцца ногі, цяжэй іх выцягваць...

Ды балота хутка мінавалі.

Узлессе Баркоўскай пушчы пасля такога паходу здалося садам. Да таго прыемна ісці па цвёрдай зямлі, па тугіх ігліцах, па зарослых мохам дарогах, што і змора не бярэ.

Сосны і бярозы добра хавалі людзей ад паветраных драпежнікаў, двухфюзеляжных «фоке-вульфаў», якія, здавалася, улаўлівалі нават нязначныя гукі, заўважалі малейшы рух.

Ды не абышлося без іх і на гэты раз...

Толькі кухары расклалі невялічкае цяпельца пад самымі тоўстымі ялінамі, як аднекуль, быццам яны таго і чакалі, вынырнулі тыя праклятыя «рамы» і, страляючы з кулямётаў, прамчаліся над самымі верхавінамі дрэў.

— Можна падумаць, што ім нехта перадае каардынаты нашых прывалаў па радыё! — абурыўся Алесь, пераходзячы пад больш галінастую бярозу.

Некалькі рэзкіх выбухаў суха грымнулі ў суцэльным гуле кулямётаў і матораў. Кідалі міны. Кідалі абы-куды, без разбору і мэты — абы нарабіць вэрхалу! І ў адказ, з зямлі, дружна, залпамі, ударылі супрацьтанкавыя ружжы, кулямёты. Адным словам, грукату было дастаткова. У пушчы можна і з самалётамі паспрачацца.

— Пагляджу, хто гэта страляе! — не стрываў Алесь. Узваліў свой рэчавы мяшок на плечы і, прадзіраючыся між бярозак, падышоў да тоўстай сасны.

Воддаль ад яе ўзарвалася міна. Другая — зусім блізка, і Алесь залёг. Ён пашкадаваў, што адышоўся ад сябра далёка. Пры такіх абставінах усякае можа здарыцца, тады і помачы сабе не дачакаешся.

Лежачы, Алесь усё ж не зводзіў вачэй з неба, дзе, як дзівосныя вялізарныя драпежнікі, насіліся варожыя самалёты. Яны пятлялі, пікіравалі, сеючы вакол міны і кулі. І міны і кулі разрываліся ў паветры, не даляцеўшы да зямлі. Кожная галінка была ім перашкодай, а галінак тут процьма, сонца і то ледзь прабіваецца да зямлі.

І раптам, зусім неспадзявана, вялізны цень ненавіснай машыны, пакідаючы за сабой чорны хвост дыму, шаснуў па верхавінах дрэў і пачаў гулка крышыць іх. Недзе зусім блізка шуганула полымя, дзьмухнула ў твар пругкае гарачае паветра. Магутны выбух скалануў зямлю, аглушыў:

Г-га-ааа!

І над лесам навісла вялізарная чорная хмара.

«Збілі! Збілі!» — радасна загрукала Алесева сэрца. Прабегшы метраў сто, ён, баючыся новых выбухаў, зноў залёг між мяккіх купін з «зязюльчыным ільном» і пазіраў, як дагарала варожая машына. Высока, амаль роўна з лесам, узняўшы абвугленае крыло з чорным крыжам, яна паступова асядала, нікла...

«Будзе каманда ў паход»,— надумаў Алесь і заўважыў маленькую шэрую птушачку, што сядзела ў гушчыні дрэўца і, скрывіўшы чубатую галоўку, цікавым чорным вочкам глядзела на яго.

— Ну, вось і збілі гада! — сказаў радыст, звяртаючыся да птушачкі.— Чаго гэта ты так на мяне глядзіш? Што я вялікі ды баюся? А таму, даражэнькая, баюся, што і мне, каб аддаць канцы, трэба не болей, як табе, малой. Вось такога кавалачка хопіць, з ногаць. Ясна? Так яно, мілае стварэнне...

Птушка паляцела, а радыст, азірнуўшыся вакол сябе, раптам хуценька падняўся і пабег назад, да сасны. Усю яго істоту пранізала гарачая хваля. Гэта быў зусім іншы, яшчэ нязведаны страх, ад якога ажно пацямнела ў вачах, і Алесь цёр іх кулаком, нібы яны пакрыліся туманам. Спатыкаўся і бег з адною думкаю: батарэі!

Вось тая сасна, ад якой ён спярша пабег. Абышоў вакол раз, другі, уважліва прыглядаючыся да зямлі, але рэчавага мяшка з батарэямі нідзе не было відаць...

Пасля першага спалоху прыйшла развага. Алесь быў упэўнены, што батарэі знойдуцца, яны недзе тут, і таму зусім перастаў хвалявацца.

«Напэўна, яны ля купін, дзе я першы раз залёг. Не паглядзеў добра і пабег сюды, як дурань»,— падумаў ён і ўжо цяпер паволі пайшоў назад, аглядаючы дол.

У небе больш не было самалётаў, а да збітай машыны адусюль збіраліся партызаны. Там было тлумна.

Толькі Алеся ўжо нічога не цікавіла. Пасля часовай душэўнай раўнавагі зноў пачала ўзрастаць трывога, бо і ля купін рэчавага мяшка не было...

Вяртаючыся зноў да сасны, Алесь ўзяў трохі лявей. Адтуль, ад сасны да купін,— з другога боку, правей. З кожным новым заходам хваляванне яго нарастала. Ён ужо ліхаманкава абмацваў рукамі кожны кусцік, кожную яліну на ўсім шляху ад сасны да купін. Супакойваючы сябе, Алесь дзесяткі разоў паўтараў адно і тое ж: «Знойдзецца, знойдзецца... Ведаю, што знойдзецца». Гэтыя словы перайшлі самі сабою ў сваеасаблівую песню, якую спяваюць іншы раз малыя дзеці...

Рэчавы мяшок знік, нібы праваліўся скрозь зямлю, нібы яго зусім не было ў Алеся. Здавалася, усё гэта адбываецца ў цяжкім непрабудным сне. Трывога ўжо нарастала, як навальніца: раптам моцна пацямнела ў лесе. Не ў лесе — на душы.

Алесю ўявілася, як ён будзе тлумачыць аб страце палкоўніку, а той загадае капітану арыштаваць яго, Алеся, як ворага. А пасля... Што ж будзе пасля? Без сувязі, без харчоў, без боепрыпасаў, акружаныя ў Баркоўскай пушчы,— ці перамогуць партызаны? Цяжка ім давядзецца. І ўсё праз яго, недарэку Алеся, які не збярог батарэй...

Яму было крыўдна да слёз. І ўрэшце не хацелася верыць, што батарэі згублены назаўсёды. Яму ўсё яшчэ здавалася, што яны вось-вось знойдуцца, і ён пачынаў шукаць іх, поўзаючы ўжо ў новых месцах, дзе нават і не быў. Потым лаяўся, цёр вочы і зноў пачынаў пошукі...

— Але-есь, дзе ты знік, адгукніся-аа! — раптам пачуў ён Кастусёў голас і ўздрыгануўся, быццам яго злавілі за нейкай злачыннай справай. А потым узрадаваўся, як малое дзіця, якое нечакана заблудзілася.

— Я ту-ут, Кастусь! Ідзі хутчэй сюды! Бяда...— крыкаў у адказ і сеў на зямлю.

Нават здзівіўся — чаму гэта раней не паклікаў Кастуся: удвух яны даўно знайшлі б тыя праклятыя батарэі.

Кастусь ледзь пазнаў сябра. Валасы раскудлачаныя, кашуля і штаны брудныя, на твары — цёмныя плямы, а вочы аж чырвоныя. Адразу закралася трывога.

— Што з табою, Алесь? — з затоеным хваляваннем усклікнуў Кастусь.— Ты не паранены?

Алесь адмоўна пакруціў галавою:

— Горш... Я... згубіў батарэі. Не магу знайсці!

— Што?! Што ты гаворыш? Апомніся, дурань! Дзе ты быў са сваімі батарэямі?

— Нідзе... Вось ля той сасны і тут, больш нідзе. А калі апамятаўся, то нічога не знайшоў... Не ведаю, братачка, што і падумаць, быццам насланнё нейкае, д'ябальская праява, не іначай...

— А дзе клаў мяшок?

— Не помню... Як самалёт збілі, я пабег ад сасны. Браў мяшок ці не — нічога не памятаю. Быццам у сне ўсё адбылося, зацямненне нейкае.

— Дзе шукаў?

— Усё наўкола аблазіў, рукамі абмацаў. Кожную купіну, кожны кусцік... І нічога.

— Давай удвух.

Пачалі шукаць удвух.

Ды Алесь ужо ведаў, што колькі б яны ні поўзалі — нічога не знойдуць. «Што будзе?.. Што будзе?..» — безуважна думаў ён, абыякава аглядаючы кусты, траву.

Яму прыгадаўся выпадак. Даўні, з дзяцінства.

...Амаль гэткі ж быў лес. Заходзіла сонца. Басанож, шчаслівы, ён шыбаваў па пыльнай дарозе. Пыл у каляінах быў цёплы, як прысак. Алесь шлёпаў па ім, і ён разлятаўся з-пад ног цяжкім срэбрам. Спяшаўся хлопчык як толькі ставала сілы. Трэба было ў час прынесці бацьку ў кузню адзіную на два сялы машынку для стрыжкі. Кожную суботу ён пасля працы галіў малых ды прыхарошваў хлопцаў-вечарыннікаў.

І раптам пад самымі нагамі прашмыгнула рудая вавёрка. Чорт яе нанёс! Нават не памятаў Алесь, як улёг за ёй. Метраў сто прапятляў лесам, і калі звярына чырвоным агнём шуганула на дрэва, пачаў шпурляць у яе вялізнымі яловымі шышкамі. З аднаго дрэва перагнаў на другое, з другога — на трэцяе. І толькі тады, калі рудая нарэшце знікла, Алесь успомніў пра машынку. Дзе ён яе клаў, пад якім дрэвам? Пад першым, пятым ці дзесятым? Дрэў у лесе тысячы, і ўсе між сабою падобныя, як адно...

Дацямна шукаў.

А як добра сцямнела, тайком прабраўся, нібы той злодзей, гумнамі ў свой хлеў, зашыўся ў духмянае сена, што ляжала на жардзінах гарышча, ды і заснуў. Спалася трывожна. А раніцою зноў непрыкметна выслізнуў за вёску і пабег у лес шукаць тую машынку...

Толькі на трэці дзень знайшлі Алеся.

Ён, галодны і змораны дарэмнымі пошукамі, моцна спаў пад арэхавым кустом. Ад радасці, што знайшоўся, даравалі яму тады...

...Цяпер жа было згублена самае дарагое, што мелі партызаны на сваім узбраенні — радыёсувязь! Цяпер не ўцячэш і не схаваешся, як было калісьці...

Гаспадарчы і каменданцкі ўзводы рыхтаваліся ў паход. Але як толькі Кастусь расказаў аб страце і звярнуўся за дапамогай,— усе былі накіраваны на пошукі. Пайшла з імі і група са шпіталя, якую ўзначаліў лётчык.

— Што ж гэта вы, такія спрытныя хлопцы ды так падкачалі? — з дакорам спытаў ён у радыстаў.— Ай-я-яй, як нядобра! Можна сказаць, згубілі сваю зброю, даражэнькія...

Кастусь ледзь стрымаўся, каб не сказаць лётчыку, што гэта не яго справа і няма чаго ўмешвацца. Няхай падзякуе, што ён тут госць. І наогул чалавек ён непрыемны, гэтае далікатнае «даражэнькія» ўжо рэжа вушы.

Рана на плячы ў Барсукова зажывала, і ў шпіталі ён ужо дапамагаў па гаспадарцы. Ён умеў расказваць розныя гісторыі з паветраных баёў і начных палётаў на варожыя войскі, далёкія гарады. Памалу ўсе ў шпіталі прывыклі да яго: чалавек ён калі і не герой, то, ва ўсякім выпадку, адважны, ён жа ніколі не ведаў страху.

Асабліва, надзіва, пасябравала з лётчыкам Зіна. І хоць той называў яе дачкою, Кастусь усё роўна неўзлюбіў гэтага чалавека. Можа, прычынай таму быў нейкі дзіўны позірк, якім Барсукоў часта палохаў радыста. Востры, калючы, поўны схаванай нянавісці.

— Гэта табе здаецца! — іншы раз гаварыла Зіна.— Ён добры чалавек...

Цяпер жа Кастусь падумаў, што варожасць у іх з лётчыкам не толькі праз Зіну...

І на гэты раз пошукі аказаліся дарэмныя: батарэй нідзе не знайшлі. Партызанам нічога не заставалася, як рушыць у паход без батарэй, бо адпомсціць за збіты самалёт сюды, як пасля выявілася, ляцела цэлая эскадрылля цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў.

А праз колькі хвілін зусім блізка, амаль за плячамі партызан, страшэнным громам скаланулася зямля. І гуло там яшчэ добрых дзесяць хвілін.

 

Вораг сярод сваіх

Вечар надыходзіў нейкі надзвычай ласкавы, ружовы. Нават дрэвы сцішыліся, застылі, нібы перад навальніцай. На небе ж не было ні хмурынкі. І не чутно стрэлаў.

Здавалася, што ніякай блакады не будзе. Пяшчотна, зусім мірна драмаў векавы лес. Ды толькі на душы радыстаў была цёмная ноч, іх гняла бездапаможнасць.

Кастусь пазіраў на ручны гадзіннік і хваляваўся. А што з таго? Хутка сеанс, а працаваць з Масквою няма чым. Ісці ў стары лагер і шукаць пакінутыя батарэі не было ніякага сэнсу: калі адыходзілі, Алесь злучыў аголеныя канцы дроцікаў, зрабіў кароткае замыканне, як і патрабавалася ў такіх выпадках.

Такім чынам, на сёння радысты засталіся без сувязі. А ці на сёння толькі? Калі вораг замкнуў кальцо і зносіны з суседнім злучэннем спынены, то яны, радысты, наогул нікому не патрэбны, як тыя пакінутыя батарэі...

Цямнела, калі нарэшце прыйшлі ва ўрочышча Старына. Гэта зусім недалёка ад старых баз з утульнымі зямлянкамі, з мяккімі мурожнымі сцежкамі. Але і тут вельмі хораша. Побач з вялізнай палянай цячэ нешырокая рэчка з празрыстай, як сляза, вадой. Колькі ментузоў і ракаў цягаў тут залетась Кастусь! Яны вельмі любяць адлежвацца днём пад альховым карчэўем. Цяпер хлопца і кіем не загоніш у раку. Пасля таго як замест ментуза ён выцягнуў чорную падкалодную гадзюку, Кастусь ні разу не засунуў руку ў нару. Яны з Алесем і на вуду тут налоўлівалі столькі рознай рыбы, што ўдваіх не з’ядалі. А колькі чорных і чырвоных парэчак расце на тваністых берагах гэтай невядомай рэчкі!

Урочышча Старына... Адсюль недалёка і да лагера. Недалёка, а не даскочыш, бо наперадзе яшчэ кладкі праз непраходнае балота. Кіламетры два трэба ісці па высокіх кладках, з аднаго паваленага дрэва на другое...

Зрабілі апошні прывал. Трэба было падумаць аб начлезе. Тут ужо ўсюды чуўся грукат: партызаны ладкаваліся нанач на ўскраіне паляны, дзе раней стаяла хатка лесніка.

Радысты сядзелі каля сваёй адзінай радыёстанцыі пад разгалістым клёнам і маўчалі. Ім нічога не хацелася рабіць, нават адганяць ненажэрных, надакучлівых камароў, якія хмаркамі насіліся ў вячэрнім змроку.

— Трэба параіцца з палкоўнікам, ён жа яшчэ нічога не ведае. Можа, што-небудзь падкажа... Ці — пазычыць дзе тых батарэй, га? З першым самалётам усё вышлюць,— гаварыў нібыта сам сабе Кастусь.— Толькі б перадаць дадзеныя пляцоўкі і сігналы. Адну радыёграму, толькі адну...

Алесь маўчаў. Яго апанавала нейкая абыякавасць да ўсяго. Калі весела — ён самы вясёлы. Калі ж якое гора — ён самы сумны, бяздзейны. Думаць і прымаць якія захады ў такіх выпадках трэба было толькі Кастусю.

Хлопцы перажывалі самыя цяжкія хвіліны, самую вялікую сваю няўдачу. А тут прыехаў аднекуль ад'ютант палкоўніка Кавальчука Ілья і якраз прывёз радыёграму з новымі каардынатамі пляцоўкі для прыёму грузаў.

— Сувязі няма,— халодна адказаў яму Кастусь.— Мы згубілі батарэі. Так вось і перадай палкоўніку, дарагі Ільюша.

— І ўся казань,— апатычна дадаў Алесь.

Не трацячы часу, ад’ютант паехаў назад.

А трывога бясконца нарастала. Цяпер аб усім дазнаецца палкоўнік. Ён адразу ж прыедзе і вырашыць лёс пакутнікаў радыстаў. Толькі якая ад гэтага карысць?

Сапраўды так і здарылася. Пад раніцу ў лагеры з’явіўся не толькі палкоўнік Кавальчук. З ім прыехаў і капітан Крайко. Абодва ўзрушаныя, злосныя, з пачырванелымі ад недасыпання вачамі, яны спярша распыталі хлопцаў аб усіх падрабязнасцях. Кавальчук слухаў, і твар яго паступова змрачнеў. Нарэшце ён сказаў:

— Што ж мне цяпер з вамі рабіць? Судзіць вас мала! Штрафной у нас няма... За згубленыя батарэі можна прыцягнуць да адказнасці, як за згубленую зброю...

Капітан Крайко, які ўвесь час стаяў побач з застылым выцягнутым тварам, перапыніў палкоўніка.

— Павел Антонавіч,— неяк звычайна звярнуўся ён.— Батарэі не згублены...

— Дзе ж яны ў такім выпадку?

— У-украдзены.

Кавальчук аж адхіснуўся.

— І ты так спакойна гаворыш гэта?

— А што мне — крычаць? — у сваю чаргу адказаў капітан.— Досыць таго, што гэта факт.

— Тым горш для цябе, капітан! — з дакорам і злосцю кінуў Кавальчук.— Ты ж абяцаў узмацніць ахову радыстаў. Дзе яна, твая ахова?

— Узмацнілі... А як Алесю собіла, што ён апынуўся недзе ў баку, ведама толькі яму аднаму. Не ўпільнавалі... Дзе ён сам? Няхай раскажа...

Алеся не бачылі, бо ён адышоўся далей, схаваўся, як толькі скончыўся іх допыт.

— Але ж дыверсант забіты! Хто мог такое зрабіць? — нясмела спытаў Кастусь.

— Каб жа я гэта пэўна ведаў! Ёсць толькі падазрэнне...— Раптам Крайко звёў бровы і звярнуўся да палкоўніка: — Дазвольце арыштаваць лётчыка!

— Глупства, капітан... Мы не маем права. Разведчыкі ўстанавілі, што пад Маладзечна сапраўды была збіта машына з апазнавальнымі знакамі, якія ўказаў нам Барсукоў.

— Але ж пацверджання Масквы ў нас няма.

— Дык навошта ж ты займаеш месца пры штабе?! Дзе твой вопыт следчага?

— На вялікі жаль, мой вопыт следчага недастатковы для такой важнай справы, як разведка. У гэтым я прызнаюся, таварыш палкоўнік...

Выходзіла так, што ва ўсім быў вінаваты капітан. Такога павароту спраў хлопцы не чакалі. І таму, усё гэта чуючы, неўзаметку падышоў і Алесь. Яны слухалі, як спрачаліся палкоўнік з капітанам, і між сабой пераміргваліся: усё ў парадку, маўляў, навальніца можа прайсці міма.

Так яно і было.

Алеся палкоўнік абвінавачваў толькі ў недастатковай пільнасці. Аб тым, што батарэі ўкрадзены, ён, палкоўнік, таксама перакананы. Значыць, той вораг недзе між партызан. Свайго злодзея ў сваёй хаце ўпільнаваць цяжка. За гэта ўжо цалкам адказвае капітан. Дык няхай ён і выпраўляе сваю памылку...

Ніколі яшчэ Кавальчук не гаварыў так афіцыйна і катэгарычна. З людзьмі ён заўсёды быў уважлівы, нават добры, а тут — злосць. Але ні адна рысачка на твары не змянілася, змяніўся толькі тон голасу, і гэта капітан Крайко адразу ўлавіў. Ён адчуў сваю віну, хоць яшчэ і сам не цвёрда верыў у тое, што ворага зловіць хутка. Калі тут, пры штабе, ёсць чалавек, які працуе на ворага,— бяда. Хто ён? Знайсці аднаго сярод сотні людзей — усё роўна, што знайсці іголку ў стозе сена. Ёсць, праўда, падазрэнне на лётчыка, але дужа ён акуратны ды руплівы, заўсёды выказвае толькі правільныя думкі, страшна ненавідзіць фашыстаў. Падазрона ўсё гэта, бо адчуваецца фальш. А вось людзей у капітана мала. Ды і якія гэта людзі! Не спецыяльна падрыхтаваныя разведчыкі. Проста камсамольцы, здатныя, разумныя, шчырыя. Іх трэба яшчэ вунь як вучыць, а на гэта няма ні часу, ні навыкаў у самога капітана... Не няньчыць жа гэтых радыстаў. Самі ўзброеныя, не зломкі. І пра аперацыю «Хваля» чулі першыя, людзей усіх, што пры штабе, ведаюць...

«Лётчыка ўсё ж трэба праверыць больш крута»,— вырашыў капітан Крайко, хоць мала надзеі было і на той сакрэт, аб якім апроч яго ведаў у лагеры яшчэ адзін чалавек.

Услед за палкоўнікам ён накіраваўся ў шпіталь.

Застаўшыся адны, радысты спярша маўчалі, а потым спахапіліся, загаварылі.

— Казаў я табе не адыходзіцца! — першы пачаў Кастусь.

— Калі ж вельмі цікава было, як самалёт збілі...

— Што цяпер будзеш рабіць, цікаўны?

— Кавальчук нам нічога не сказаў... Я ведаю, што мы не дужа вінаватыя. Значыцца, трэба перш-наперш добра выспацца, за цэлыя суткі.

— На тваім месцы я не заснуў бы наогул, або — назаўсёды.

— Дык вось і паспрабуй спярша сам.

Сказаўшы гэта, Алесь скруціўся каля бярозкі, пакрыў галаву ад камароў пінжаком і неўзабаве ціхенька захроп...

 

Пастка

Брыгады займалі абарону на подступах да Баркоўскай пушчы. На дарогах рабілі завалы, капалі рвы, ставілі міны. Чуўся звон піл і грукат сякер. На больш адкрытых мясцінах, куды могуць прарвацца танкі, ставілі вялізныя круглыя дыскі супрацьтанкавых мін.

Усюды капалі акопы.

У пушчу цягнуліся цэлыя абозы. Сюды ехалі і ішлі жыхары навакольных вёсак, сюды зганялі жывёлу, везлі і неслі хатнія пажыткі. Адным словам, рух быў, як у першыя гады вайны, калі ва ўсіх напрамках сноўдалі бежанцы.

Палкоўнік Кавальчук і двое партызан-праваднікоў ехалі ўвесь час трухам, падганяючы змораных коней. Трэба было самому праверыць рубяжы, упэўніцца, дзе і як давядзецца стрымліваць ворага. Ад недасыпання ў палкоўніка балела галава, абцяжэлі векі, але ён і не думаў пра адпачынак. Ён заўсёды імкнуўся ўсё пабачыць на свае вочы, упэўніцца, што кругом парадак. Тады можна будзе і адпачыць.

Было людна на ўсіх лясных дарогах, туд-сюд бегалі сувязныя, ішлі разведгрупы, перабіраліся з рубяжа на рубеж атрады і злучэнні аўтаматчыкаў, стралкоў пэтээраўцаў, кулямётчыкаў.

Дзеці і жанчыны, сустракаючы партызан, праводзілі іх журботнымі вачамі. «Ці стрымаеце вы ворага, як летась? Ці хутка ўжо канец нашаму гору?» Вось што можна было прачытаць у іх самотных позірках. Законныя, хвалюючыя пытанні! Вельмі ўжо многа пакут перанеслі знясіленыя вайной людзі, многа нацярпеліся голаду і страху. Дык няўжо не ўсё да астатку зведана, не ўсё ліхалецце мінула?

Так думаў і палкоўнік, гледзячы на змучаны люд.

Дзесьці збоку, у гушчары, нясмела спяваў малады пеўнік. Яго сіплы, нібыта прастуджаны голас зрываўся і зноў гучаў сярод ляснога шуму. Гэта было так нязвыкла і дзіўна, што многія пачалі жартаваць з няўдалага спевака.

Пад’ехалі да Сухога канала.

Ля спаленага моста палкоўніка сустрэў начштаба Віктар. Як заўсёды энергічны, бадзёры, ён узяў Лысага за аброць і паляпаў рукой па тугой выгнутай шыі, пакуль палкоўнік злазіў з сядла. Затым прывязаў жарабка да бярозкі і, паціснуўшы палкоўніку руку, загаварыў адразу аб справе:

— Вось што я думаю, Павел Антонавіч... Ці не прабіцца нам адной брыгадай праз кальцо? Га? Ды па тыле крыху пагрукаць, каб не дужа храбрыліся фашысты...

— А свой фронт мы часам не аслабім? — з хітраватай усмешкай спытаў Кавальчук і пачаў аглядаць канал, дзе ўсюды партызаны рыхтаваліся да бою.

— Фронт у нас застанецца моцны! Сам ведаеш — дванаццаць гармат і сорак мінамётаў толькі на канале — ладны аркестр. На гэтую абарону вораг асабліва настойліва будзе насядаць... А мы і дадзім па зубах як трэба! Сыпанём гурочкамі...

— Не забывайся, Віктар, што сувязі ў нас пакуль што няма, не дужа сыпанеш... Пяць дзён баёў — і гаручага не застанецца ні каліва. Пра харчы я ўжо маўчу, як небудзь пераб’ёмся, не першы раз.

— Мне здаецца, Кастусь што-небудзь прыдумае. Ён не будзе сядзець склаўшы рукі...— Віктар убачыў, што Кавальчук ледзь трымаецца на нагах. Рэзка змяніў гутарку: — Ведаеш, Павел... Пакуль я займуся тут абаронай, з’ездзі ў лагер. Гадзіны тры-чатыры табе і паспаць не шкодзіць. А пра выхад брыгады ў варожы тыл мы пасля памяркуем. Гэта ж не тое, што на шпацыр выйсці,— сказаў Віктар і скупа ўсміхнуўся.

Палкоўнік прыжмурыўся на яго, пакруціў галавою.

— Ты, Віктар, як заўсёды, гаворыш ісціну! Еду, дружа, еду адпачываць. Перадасі Смольскаму, што Сухі канал — апошні рубеж. Трымаць яго. Далей дарогі няма, трэба, каб усе людзі ўладкаваліся. Мясціны тут знаёмыя, кожны жыхар мае на ўвазе свой куточак. Няхай набудуюць зямлянкі, замаскіруюцца.

— Слухаю!

Палкоўнік адразу паехаў.

Лысы, змораны за дзень, ціха плёўся па лясной дарозе. У палкоўніка павекі пачалі зліпацца. Не спаў, а мроілася...

...Сад увесь у квецені, белыя ад пялёсткаў сцежкі. Па адной такой сцежцы, у светлай сукенцы, з распушчанымі косамі, са шчаслівай усмешкай на льсняных вуснах, ідзе насустрач Надзя. Вясёлыя вочы аж гараць, ззяюць...

— Паўлік! Як я цябе люблю, дарагі мой! Гэта наша вясна, Паўлік...

— Наша...

Недзе ў падстрэшшы хлява крумкалі галубы. Яны заўсёды, зімой і летам, восенню і вясной, здавалася, гаманілі толькі пра каханне. Вечна маладыя птахі! Колькі мараў навявалі яны тады Паўлу Кавальчуку, маладому хлопцу, які гадзінамі, бывала, стаяў у чаканні і слухаў іх лагодную, ціхую размову, зразумелую і людзям.

Даўно гэта было. І нядоўга цягнулася шчасце, бо Радзіма паклікала камуніста туды, дзе цяжэй.

А цяжка было ўсюды.

Кулакі рыхтаваліся даць бой калектывізацыі...

...Рэхам прагулі па лесе выбухі, і развеяліся мары-мроі. І прапала тое далёкае, роднае і хвалюючае. І ён, Павел Антонавіч, зноў вярнуўся да суровай рэчаіснасці.

У лагер прыехаў, калі ўжо сонца пераваліла за поўдня.

Нікуды не заходзячы, палкоўнік дабраўся да зямлянкі, адчыніў цяжкія дзверы.

Зямлянка была напалена. Ужо нават ніколечкі не патыхала цвіллю. Ён скінуў амуніцыю і хутка заснуў цяжкім, трывожным сном.

Хлопцы адразу дазналіся, што прыехаў палкоўнік. Перш-наперш падчапурыліся, выйшлі з зямлянкі і селі на лаўку пад елкай. Яны даўней часта сядзелі на гэтай лаўцы. З год таму назад штаб выйшаў з Баркоўскай пушчы ў вёску, бліжэй да дарог. З таго часу лаўка стала зялёнай. Яна зарасла нейкім аксамітным машком, маленькім, ледзь прыкметным, але такім яркім, свежым.

Лагер тут вялікі, не тое што за балотам. Штабны шпіталь, як прасторная сялянская хата, зямлянкі доўгія, з нарамі ў два рады. І месца тут сухое. Проста ад зямлянак, ад ельнічку пачынаўся прыгожы кляновы гай. Добра было б там размясціць лагер, але зімой той гай не хаваў бы так, як летам: лісце не іголкі, з надыходам восені злятае...

Хлопцы не ведалі, што рабіць.

— Пойдзем да палкоўніка! — настойваў Алесь.— Я не магу так больш. Трэба ж нешта рабіць.

— Чакай, няхай адпачне, сам прыйдзе,— адказваў Кастусь і ўсё пазіраў на штабную зямлянку.

Ён не ведаў, што Кавальчук спіць. Адно разумеў: самім ісці да палкоўніка не варта, толькі пашкодзіш той задуме, якая вось ужо колькі часу не дае яму, Кастусю, спакою. Трэба падпільнаваць момант, падпільнаваць і выкарыстаць.

Міма зямлянкі прайшла Зіна. Зірнула толькі ў іх бок — і ні слова. Ды Кастусь прыкмеціў, што яна паклікала яго, паклікала аднымі вачамі, зусім непрыкметна. А можа, сэрцам адчуў, што паклікала, можа, здалося?

Ён раптам устаў з лаўкі, паправіў гімнасцёрку.

— Глядзі тут, а я... пайду кляновага лісця пазграбаю на подсціл,— сказаў ён Алесю.

Таму было ўсё роўна.

Кастусь узяў сваю плашч-палатку і праз момант падаўся следам за Зінай, крыху воддаль ад яе.

Дагнаў Зіну за апошняй зямлянкай. Крочыў услед па сцяжыне і слухаў, як яна напаўголасу чытала:

 

...Дым ад вёсак узняўся да хмар,—

Пачарнелі разгневана хмары!

Прыйдзе час — людзі згасяць пажар,

А чужынцы згараць у пажары!

Росы вымыюць край дарагі,

Сонца далі кране пазалотай...

А мы ўспомнім лясы, мурагі

І туманы твае над балотам...

 

Што Зіна чытала верш, Кастусь ніколькі не здзівіўся: яна заўсёды любіла вершы, ведала іх шмат. Хлопца здзівіла іншае: чаму гэта раптам дзяўчына сышла са сцежкі і накіравалася ў кляновы гушчар.

Кастусь параўняўся з ёю, узяў за руку.

— Ты добра чытала, Зіна.

— Таму, што Віктар добра напісаў,— не павярнуўшы галавы, адказала яна. Кастусь адчуваў, як дрыжэла яе рука, і яшчэ больш здзівіўся. Чаго яна хвалюецца? Чаму чытае вершы і чагосьці баіцца? Тут штосьці ненатуральнае...

— Адкуль ты ўзяла, што гэта напісаў іменна Віктар? Ён дарыць табе свае вершы? — насцярожана спытаў Кастусь, імкнучыся зразумець дзявочае хваляванне.

— Не дарыць. Узяла вось адкуль.

Зіна дастала з кішэні жакета рудую паперыну, разгарнула яе і паказала Кастусю.

— Што гэта?

— Газета. З яго вершамі... Я так люблю яго вершы! — захапілася.— Яны такія ж светлыя, аптымістычныя, як і ён сам.

— Вось яно што-о! — не без рэўнасці вымавіў радыст і, памаўчаўшы, з зайздрасцю дадаў: — Эх, Зіна, каб я мог складаць вершы, то не такіх бы табе напісаў! Усю душу ўклаў бы ў іх...

— Ой, дык навошта ж так бессардэчна ціснеш руку? — дабрадушна зірнула на яго Зіна.

Ён адразу ж збянтэжана выпусціў яе руку і вінавата адказаў:

— Гэта ад шчырасці, Зіна! Не адчуў, дальбог, само яно так атрымалася.

Размаўляючы, яны нават і не прыкмецілі, як апынуліся далёка ад лагера, ужо ў нейкім бярэзніку з ляшчыннікам.

— Як тут хораша! — нарэшце агледзеўшыся, сказала Зіна і паказала рукою наперад.— Я так люблю бярозавыя гайкі! Ты помніш наш першы бярозавы гай, Косця?

— Помню, Зіна...

Прабеглі, спыніліся.

І раптам... Не, не здалося! Зіна спалохана азірнулася і паглядзела на Кастуся з нейкім невыказным хваляваннем і жалем, як ніколі не глядзела да гэтага часу. Ён думаў, што вочы яе проста сінія, а цяпер ясна ўбачыў маленькія залацістыя кропелькі абапал зрэнкаў, бы вяснушкі.

— Ой, Косця, я нешта баюся...

— Чаго баішся? — недаўменна спытаў Кастусь і ўзяў яе пад локаць.— Гавары, чаго клікала?

— А ты здагадаўся, што клікала?

— Здагадаўся.

— Ведаеш, Кастусь... Не, не скажу, нельга табе гаварыць, не дазволена. Усё можаш сапсаваць...

— Зіна... Зіначка! Чаму ты недагаварваеш?

Ён абняў яе за плечы, і яна даверліва паклала галаву радысту на грудзі.

«Эх, і дурны ж я! Мы так даўно кахаем адно аднаго, а хаваемся, як дзеці. Больш ніколі не будзем хавацца. Вось вазьму і скажу. Моцна, на ўвесь лес!»

А вымавіў ледзь чутна:

— Я люблю цябе, Зіна...— і асцярожна, нібы баючыся, што дзяўчына адвернецца ад яго, пацягнуўся вуснамі да яе ружовай ад хвалявання шчакі.

— Што?! — Яна нібы спалохалася гэтых слоў, закрыла яму рот рукою, ціха дадала: — Не трэба гэтага. Я пайду, заўважаць яшчэ, немаведама што падумаюць. Няёмка...

— Тут ніхто не заўважыць.

— Ты думаеш?

— Думаю...

Смеласць надыходзіла раптоўна. Ён яшчэ мацней абняў Зіну, сказаў больш гучна:

— І няхай бачаць! Каго нам баяцца? Мы ж не дзеці, Зіна! Зіначка мая любая...

— Пусці, Кастусь, не трэба...— і азірнулася.

Ён адчуў у яе голасе трывогу, адчуў, як дрыжаць яе рукі, усё цела, адпусціў.

— Што з табою сёння робіцца? Што цябе так хвалюе і палохае? Скажы мне ўсё, Зіна...

— Не, Косця.

— У цябе такі бледны твар...

— Памаўчы.

Зноў прыпала да яго грудзей, быццам яны расставаліся назаўсёды. Ды Зіна так і думала. Яе летуценная натура ў адно імгненне перабрала ўсё, што было дагэтуль. Як у самым пачатку вайны засталася без маці. Як яе самую ледзь не вывезлі ў нямеччыну, але партызаны, дзякуй ім, выручылі. Як стала партызанкай, як прыйшло каханне... А ці надоўга? Яму ж пагражае такая небяспека! Вораг прабраўся да партызан, хоча забіць яго, адзінага, хто цяпер так дораг, так патрэбен ёй, Зіне. Хто ён, той вораг? О, каб Зіна ведала! Яна б знішчыла яго, не пашкадаваўшы дзеля гэтага нават свайго жыцця. Яна б перагрызла яму горла...

Так думалася.

А не сказала ні слова. Толькі глянула на яго шчыра, аддана, абвіла Кастусёву шыю сваімі рукамі і моцна пацалавала. Сама. І адразу слёзы набеглі на вочы, не схаваць іх ад Кастуся, не стрымаць. Навошта яны цяпер, слёзы?..

Сабралася з сілаю, цвёрда сказала:

— Пабудзь тут, Кастусь, трохі... Нікуды не ідзі, чуеш? Так трэба. Мацуйся... Я так баюся за цябе ў гэтую хвіліначку, але ты ведай, што нічога страшнага сёння не будзе... Ведай!

І пайшла, нават ні разу не азірнулася.

Не яна сказала — вецер прашаптаў між дрэў. Загойдалася вецце, і сонца зірнула з-за хмарыны. Убачыла разгубленага хлопца, засаромелася, знікла.

Нібыта пацямнела навокал. Адзінота. Зіны і след прапаў, быццам і не было яе, быццам усё гэта яму прыснілася. «Нічога страшнага сёння не будзе. Ведай...» Чаму яна так сказала? Чаму прасіла быць тут, нікуды не ісці?

Кастусь сеў пад бярозу на мяккую, як падушка, рудую купіну, задумаўся.

Вецер гушкануў голле, прабег нізам. Ціхенька зашамацела леташняе сухое лісце. Думкі вярнулі яго ў даўняе мінулае...

Некалі, як вучыўся ў тэхнікуме, вось так хвалявала яго другая дзяўчына. Хвалявала не толькі пры спатканнях. Нават ад успамінаў аб ёй сэрцу было цесна ў грудзях, нават лекцыі, якія ён моцна любіў, страцілі для яго цікавасць.

Зіна ніколькі не падобна на тую, што ўжо сціраў з памяці час, а хвалюе яшчэ больш. І рады быў, што нарэшце прызналіся ў каханні. У каханні? А колькі іх бывае ў чалавека за жыццё? Адно, два, тры?.. Невядома... Што, калі Кастусь згубіць і гэтае? Няўжо зноў прыйдзе новае?

Думкі, думкі, думкі... Аж трашчыць галава. Не пазбавіцца ад іх, не ўцячы.

І лягчэй на сэрцы, што прызналіся ў каханні, і адначасова цяжэй. Адразу з’явілася новае хваляванне: не згубіць бы гэтае шчасце, зберагчы. А як зберажэш, калі гэта ад цябе не залежыць: вайна яшчэ не скончана...

Кастусь хацеў падняцца, каб нарэшце пайсці назбіраць кляновага лісця, ды глянуў перад сабою — зжахнуўся. Аж у вачах пацямнела ад нечаканасці. Не больш як за чатыры, пяць крокаў ад яго, шырока расставіўшы ногі ў новых ялавых ботах, у новай вайсковай гімнасцёрцы, падпяразаны шырокім рэменем з вялікай латуннай спражкай, як здань, стаяў... лётчык! У правай руцэ ён трымаў нямецкі пісталет парабелум, які быў прыхаваны ў старым пні. Жорсткая ўсмешка застыла на яго шэрым, да непрыемнасці нахабным твары...

— Што за жарты? — халадзеючы, яшчэ здолеў усміхнуцца Кастусь.— Вы што гэта, палохаеце?

— Добры дзень, шчасліўчык! Зяцёк! Да маёй дочанькі сватаешся, да Зорачкі? Вось і сасватаем...— ціхім голасам загаварыў «лётчык».— Нарэшце мы з табою адны, дзякуючы тваёй Зіначцы, а нашай Зорачцы. Цяпер вось і пагаворым ад душы, без непатрэбных сведак...

У яго тоне Кастусь улавіў нешта страшнае, не падобнае на жарт, і ад гэтага думкі яго, ліхаманкава зблытаныя спачатку, пачалі пабываць стройнасць, паслядоўнасць.

— Што табе трэба? — стрымліваючы хваляванне, спакойна спытаў радыст. А ў гэты час думалася: «Што рабіць? Як папярэдзіць сваіх, палкоўніка, Алеся? А Зіна? Няўжо капітан нешта заўважыў у яе паводзінах, што забараніў прыходзіць да нас? Няўжо яна па загаду «лётчыка» заманіла мяне ў гэтую пастку? А што тады значаць словы «нічога страшнага сёння не будзе»? І што такое Зорачка? Нешта ж помніцца...»

Ды раптам загад:

— Што трэба? Ісці са мною і не задаваць больш ніякіх ідыёцкіх пытанняў... Ну! — і «лётчык» узняў пісталет.— Рукі! Хутка, зяцёк!

Кастусь устаў.

Ён ведаў, што страляць дыверсант — у гэтым Кастусь ужо ніколькі не сумняваўся — будзе толькі ў крайнім выпадку. Але ж і ён, Кастусь, першы стрэліць не паспее: кабура з пісталетам, як на тое ліха, з’ехала аж на спіну, не дужа выхапіш...

— Рухайся!

— Я не ведаю куды.

— Ідзі проста на сонца і не разважай, а то атрымаеш кулю ў спіну. Будзеш разумны — застанешся жывы. Я ведаю, што шыфры заўсёды пры табе. А рацыю мы знойдзем надзейную...

«Шыфры! — толькі цяпер здагадаўся аб усім Кастусь.— Няўжо фашысты маюць намер прымусіць мяне працаваць на іх? Даваць фальшывыя данясенні? Наіўныя дурні! Каб і прымусілі, то на гэты выпадак у радыста ёсць спецыяльны сродак. Варта зашыфраваць забароненымі лічбамі адну кропачку, як там зразумеюць, што радыст у палоне...»

Кастусь паволі крочыў між дрэў, маланкава абдумваючы сваё незайздроснае становішча. У такі ранні час партызан у лесе не стрэнеш. Крычаць небяспечна і бескарысна: пісталет сваім смяротным чорным вокам глядзіць проста ў спіну. Націсне — і ўсё. Што ж застаецца? Можа, паспрабаваць бегчы? Ці — выхапіць пісталет з кабуры?

Бегчы і на хаду выхапіць зброю. Няхай вораг нават і стрэліць першы. Ёсць надзея, што ён можа прамахнуцца...

З рашучым намерам падыходзіў Кастусь да тоўстага дуба, што стаяў наперадзе, якраз на шляху...

 

Дамоўленасць

Што ж было да гэтага выпадку?

Зіна вельмі любіла слухаць апавяданні «лётчыка» пра паветраныя баі. Яна захаплялася яго смеласцю і адвагай. І часта, бывала, застаўшыся ўдваіх, яна пыталася:

— І шмат вы самалётаў збілі?

Той адказваў абыякава, нібы збіваў ён не самалёты, а якіх птушак. І пры гэтым задаволена жмурыў вочы.

— Нямала... Усіх не ўспомню, любая-даражэнькая.

— А скажыце, тых лётчыкаў, варожых, вам было не шкода? У іх жа таксама ёсць жонкі, дзеці. Іх жа таксама дома чакаюць,— цішэў яе голас.

«Лётчык» смяяўся:

— Які з цябе народны мсціўца? Сапраўдная сястра міласэрная,— і яго калючыя вочы лагаднелі. Потым зноў гаслі: — Ворагу ў нашым сэрцы не павінна быць ніякай літасці! За пакуты, за разбуранае шчасце, за ўсё, што ён прынёс, мы павінны толькі помсціць. Ненавідзець і помсціць!

— Людзі ёсць людзі,— з уздыхам гаварыла Зіна і ішла ад «лётчыка» па сваіх справах, напяваючы песеньку пра зорачку шчасця. А ён заўсёды крыху праводзіў яе. Потым блукаў па лесе вакол лагера, усё сочачы за ёй, падпільноўваючы, каб зноў пагаварыць, паслухаць яе песню...

Перад заходам сонца лес заўсёды сціхаў. Доўгія цені клаліся на зямлю, і «лётчык» ішоў па гэтых ценях на захад, потым вяртаўся назад, садзіўся на які пянёк і курыў. Па ўсяму было відаць, што ён сумаваў. А калі чалавек сумуе, хіба не прыйдзеш да яго, не падзеліш з ім яго адзіноту?

І ў той першы вечар, калі прыйшлі на старыя базы, «лётчык» выпадкова сустрэў Зіну на сцежцы зусім адну. Захінуўшы галаву хусткаю, яна шпарка сігала між дрэў, неяк нібыта спалохала азіраючыся па баках.

«Куды яна так спяшаецца?» — зацікавіўся «лётчык» і непрыкметна падаўся за дзяўчынай, перабягаючы ад дрэва да дрэва.

Яму давялося хавацца яшчэ больш асцярожна, бо дзяўчына часцей пачала азірацца, спынялася, прыслухоўвалася да наваколля.

Вось яна падкралася да тоўстай раздвоенай елкі, пастаяла каля яе, нібы ў роздуме, і раптам хуценька ўсунула руку ў невялічкае дупло між стваламі...

І ўжо зусім паволі пайшла назад, напяваючы ўсё адну і тую ж песеньку. Калі трапляліся ў кустах кветкі, яна зрывала іх, акуратна складвала ў букет.

«Лётчык» зусім схаваўся, стаіўся.

Потым, калі Зіна адышлася даволі далёка, перабег да раздвоенай елкі і зірнуў між стваламі, але нічога не зразумеў. Ён убачыў толькі сівы мох. Рассунуў яго, і ўсё стала ясна: там было дупло! Прасунуў руку, і сэрца яго радасна захвалявалася, у руцэ апынулася маленькая паперка. Барсукоў разгарнуў яе і ўбачыў, што гэта шыфроўка, адны лічбы. Толькі ўнізе стаялі словы: «Прышліце прыправу». На адвароце алоўкам нанесен план абароны пушчы. Гэта Барсукову адразу спадабалася, і ён шчасліва ўсміхнуўся.

— Вось яно што-о-о! — ціха ўсклікнуў ён і, спісаўшы ўсё як ёсць, паклаў паперку назад. Акуратна, як і было, закрыў адтуліну мохам.

«Заўтра яна будзе ў маіх руках! Заўтра... Гэта, відаць, і ёсць тая Зорка, пра якую гаварыў Кеніц. Пароль — Зорка, пазнаць — па песні, адказаць: «Дзень добры, Зорачка!»

Калі прыйшоў у лагер, Зіна з доктарам Свістуненкам рабіла агляд хворых.

— Вам, Барсукоў, яшчэ шкодна так многа хадзіць,— афіцыйна сказаў доктар, з-пад акуляраў пазіраючы на «лётчыка».— Вы парушаеце рэжым.

Той махнуў рукою:

— У мяне цудоўнае самаадчуванне, даражэнькі доктар! Гэтыя прагулкі надаюць бадзёрасць. Іншы раз, дазвольце заўважыць, яны памагаюць больш, чым лекі. Ды і з людзьмі бліжэй пазнаёмішся, вельмі цікавымі людзьмі... Не толькі я прагульваюся адзін...

Гаворачы гэта, «лётчык» увесь час назіраў за Зінай, за яе тварам. У яе ж быў проста заклапочаны выгляд. Ніякага хвалявання, ніякіх змен.

«Лоўкая птушачка! Хоць бы табе што... Ну, даражэнькая, дам я табе заўтра страху. Злаўлю птушачку ў сіло, будзе мая... Ды яшчэ такая прыгожая...»

Увечары, калі зноў засталіся ля шпіталя адны, «лётчык» запрасіў яе на лаўку. Калі селі, спытаў:

— Зіна, дык што ў вас з тым кучаравым радыстам? Любіце яго, цыгана фанабэрыстага? Глядзіце проста ў вочы, не хавайцеся ад мяне, Зорачка!

Яна рэзка ўскінула галаву.

— Ай, навошта вам гэта?

Ён узяў яе за руку, прыціснуў да сваіх грудзей.

— Я так прывык да вас, а пра каханне ж не гавораць, любая-даражэнькая. Яно само відаць...

— У вас ёсць жонка.

«Лётчык» засмяяўся, выхапіў руку. Яму хацелася адразу ж сказаць ёй, хто яна, але было боязна: а раптам там ды памылка, раптам гэта не тая. Нешта ж яна марудзіць, не адказвае на пароль...

— Вы не ведаеце,— глуха вымавіў ён.— Жонка ёсць, але... я не вярнуся да яе. Мне яшчэ ў часць пісалі, што яна паводзіла сябе непрыстойна. Там у яе ажыло старое каханне... Адным словам, вы не маленькая, павінны здагадацца, што маё пачуццё да жонкі памерла...

— Кастусю я не буду такой жонкай, як ваша,— адвяла позірк Зіна. Потым усхапілася, пабегла.

«Ты заўтра будзеш поўзаць ля маіх ног!» — задаволена думаў «лётчык».

І назаўтра ён увесь дзень сачыў за Зінай, за кожным яе крокам.

Калі ж, накінуўшы на голаў хустку, яна зноў падалася ад зямлянак у лес, ён пайшоў следам, зноў краўся па пятах, як рысь, каб злавіць сваю здабычу тады, калі яна менш за ўсё чакае нападу.

«Ага! Зноў ідзе туды, па адказ... Няўжо яшчэ тут ёсць нашы людзі?»

Вось і раздвоеная елка.

Зіна спынілася, азірнулася. У адно імгненне апусціла руку ў дупло.

— Стой, Зорка, ні з месца! — крыкнуў «лётчык», дастаўшы з кабуры пісталет.

Зіна ўздрыганулася, збялела. Маленькая скручаная паперка вывалілася з яе рукі на зямлю. Зіна няўмела наступіла на яе нагою.

— Ой, папалохалі,— уздыхнула яна, убачыўшы «лётчыка».

— Што вы тут шукалі?

— Птушачкі... Тут былі птушачкі, паляцелі.

— Птушачкі? — насмешліва паўтарыў за ёю.— Паляцелі, кажаш, тыя птушачкі?

— Ага?..

— А гэта таксама птушачкі? — Барсукоў штурхнуў Зіну плечуком, схапіў за руку. Сагнуўся і падняў паперку, не выпускаючы Зіну з рук.— Што тут? Ці не прыправа, га? Прыправа, мусіць, для катлоў, Зорачка? Так цябе завуць? Адкуль у цябе такое прыгожае імя? — не даваў ёй апамятацца «лётчык».— Дзень добры, Зорачка...

— Гэта не маё, я нічога не ведаю! — Зіна ўзняла на «лётчыка» здзіўленыя вочы.

«Мусіць, не наша... Нешта не рэагуе на адказ. А можа, не давярае яшчэ?» — падумаў Барсукоў.

— Не ведаеш? А гэта ты ведаеш? Вось твой шыфр, твой план абароны пушчы...

Зіна маўчала. Яна адразу абмякла. Толькі чуваць было, як цяжка дыхаюць яе грудзі.

— Я... не вінавата! Мне перадалі, і я не ведала — што і для каго,— раптам яна закрыла вочы рукою, заплакала.— Мне казалі, што гэта для нашых... Я не ведаю, што ў гэтай паперцы.

— Тут парашочак для катлоў, каб атруціць нас усіх! — Барсукоў абхапіў Зіну дужымі рукамі і, пазіраючы зверху ўніз, цішэй дадаў: — Вось што, дзетка... Ты вельмі прыгожая, каб паміраць цяпер. Мне шкада цябе, і яшчэ... я такі ж, як і ўсе, слабы чалавек, хоць і старэйшы намнога. Чуеш? Цябе можна ўратаваць, калі сама пажадаеш гэтага і будзеш разумнай...

«Лётчык» сціснуў яе грудзі так, што Зіне цяжка стала дыхаць. І прыпаў вуснамі да яе вуснаў, да болю.

«Вось і прапала я! Божа, што ж гэта такое?» — з трывогай падумала Зіна. І тут убачыла, як між сосен паказаліся партызаны, з аўтаматамі.

Гэта было збавенне...

— Ціха, сюды ідуць,— шапнула яна «лётчыку».— Пасля...

Партызаны былі з каменданцкага ўзвода. Яны прывіталіся і прайшлі міма, ды адзін раптам вярнуўся.

— Вось гэта клопаты! — памахаў ён на Зіну пальцам.— Наша Зіначка любіць так дагледзець хворага, каб той адразу быў здароў. А радыстам, выпадкам, нічога не гаварыць, га?

— Як сабе хочаш,— адказала з усмешкай Зіна. І ўжо не адстала ад яго да самага лагера.

Непадалёк ад шпіталя, зноў застаўшыся адны, спыніліся.

— Як усё нядобра атрымалася! — закрыла рукамі вочы Зіна.

— Не хвалюйся... Цяпер ты зробіш тое, што я папрашу,— раптам «лётчык» перайшоў на «ты».— Я ведаю — Зорка — твой пароль. Гэтак?

Яна нібыта ўзрадавалася:

— Дык вы — Шпак?

— Ці-іха...

— Божа, а я думала...

— Да твайго пароля ў мяне адказ: «Дзень добры, Зорачка». Чаму не верыла?

— Баялася...

— Вось што... Заўтра ўранні я павінен адзін на адзін пагутарыць з тваім жаніхом. Ясна?

— Ясна...

— Ты замані яго далей ад лагера і пакінь нас удвух. А што датычыць нашых адносін, то... я сапраўды пакахаў цябе, Зіна. І ніякай жонкі ў мяне няма.

— Усё?

— Пакуль усё. Калі што спатрэбіцца, скажу. Згода?

— Згода.

— Вось бачыш, як нам цяпер лёгка згаварыцца!

Яны развіталіся, быццам нічога не здарылася.

 

Першая развязка

Рашэнне было прынята.

Ледзь апынуўшыся за дубам, Кастусь адразу скочыў убок і пачуў за плячамі стрэл. Следам за стрэлам голас:

— Рукі ўгору!

Кастусь прысеў, крутнуўся, выхапіў пісталет, але страляць не давялося: з-за дрэў разам з узрушаным, расчырванелым капітанам Крайко выбеглі яго нязменныя памочнікі, маладыя хлопцы з аўтаматамі.

«Лётчык» застыў на месцы. Ён моцна сціскаў у руцэ зброю, збялелымі вуснамі нешта шаптаў, але стрэліць ніяк не мог.

— Кінь! Кінь г-гуляць гэтай цацкай, капітан Барсукоў! Яна ўсё роўна не стрэліць. Там, прабач, як ты кажаш, даражэнькі, халастыя патроны. Прыём не новы, але надзейны...

«Лётчык» кінуў пісталет на зямлю, абыякава, нават з усмешкай, адказаў:

— А я і не збіраюся страляць. Мы жартуем... У нас свае рахункі з радыстам.

— Рукі ўгору! — зноў загадаў капітан.

— Калі гэта вам патрэбна — калі ласка! — «Лётчык» падняў рукі, спахмурнеў.— Толькі вы дарэмна стараецеся. Не па тым следзе пайшлі, капітан. А я вось на сапраўдны след напаў! Хутчэй шукайце Зіну, пакуль яна не ўцякла. Яе пароль — Зорка. Я ўсё ведаю...

«Лётчык» здзівіўся, што ўсе пры гэтым засмяяліся. Усе, апрача Кастуся. Потым і ён зразумеў — Зіна дзейнічала пад чужым паролем. І той пароль належаў, бясспрэчна, Зосі, той першай дыверсантцы, якая дэбютавала вельмі няўдала...

Шукаць Зіну не трэба было, бо яна сама выйшла з-за дрэў. Твар яе па-ранейшаму быў бледны, а вочы ўсміхаліся. Раптам яны пацямнелі, нахмурыліся.

— Цяпер то ты, гадзюка, сапраўды не вернешся да сваёй жонкі! — прамовіла Зіна і падышла да Кастуся, які разгублена глядзеў на яе.— Бачыш, я казала, што нічога страшнага...

— Як?! — не здаваўся дыверсант.— А план абароны пушчы, а шыфроўка, а атрута? — Ён разняў кулак, дзе была паперка з парашком — звычайнай дробнай соллю,— і дадаў: — Я хацеў выследзіць усё да канца...

— А папаўся сам! З’еш тую атруту... Ха-ха-ха! Маладзец, Зіна, перахітрылі мы з табой яго,— задаволена сказаў Крайко і звярнуўся да Кастуся: — Ты нам таксама нямала памог. Прабач, што такімі сродкамі. Усё атрымалася натуральна. Інакш стрэлянага воўка не зловіш! Гэта быў вельмі хітры вораг. Не адразу на нашу падсадную качачку клюнуў! А які з’явіўся ў лагер? Ледзь не жывы труп...

Кастусь ужо крыху апрытомнеў, чырвань заліла твар.

— Ды я ж, каб ведаў, куляй пачаставаў бы...

— Ого! Думаеш, ён разгубіўся б? А калі б гэты «лётчык» раней управіўся ды па кацялку табе?

— Было б значна горш! — чамусьці рассмяялася Зіна.

Ворага абшукалі, павялі. Ля штабной зямлянкі іх ужо чакаў палкоўнік. Ён адпачыў і меў добры, бадзёры выгляд.

Капітан выйшаў наперад, казырнуў:

— Таварыш палкоўнік, дазвольце далажыць!

— Дакладвай! — відаць, аб усім ужо здагадаўшыся, усміхнуўся ў адказ Кавальчук.

— Дыверсант злоўлены! Як і падазраваў, ім аказаўся «лётчык». Прозвішча капітана Барсукова, савецкага лётчыка, які загінуў над Маладзечна, было скарыстана...

— Навіна прыемная! — перапыніў капітана палкоўнік і да дыверсанта: — Толькі не для цябе, пан Шпак-Сікорскі... Бачыш, ніякая маскіроўка не памагла, Язэп Францавіч... Так, здаецца, велічаюць вашу светласць?

Дыверсант уздрыгануўся. Яго вусны пасінелі, твар пабіла на плямы.

— Ну і прыдумалі ж абвінавачанне! — ціха сказаў ён, з-пад ілба пазіраючы на палкоўніка, а мацней дадаў: — Я ніякі не Шпак! Вы памыляецеся. Усё гэтае недаразуменне з-за медсястры і радыста. Рэўнасць вочы засланіла.

— Старэеш, пан Шпак! — паківаў галавою капітан Крайко.— Мы даўно чулі пра твае вынаходніцтвы. А тут — уліп...

— У-у, чортаў госць! — Кастусь падсунуў дыверсанту пад нос кулак.— Бандзюга пракляты. Сам я цябе расстраляю, як сабаку. Кавалер знайшоўся...

— Дапытаць! — загадаў капітану палкоўнік і, паклікаўшы радыста, пайшоў з ім у сваю зямлянку.

Кастусь даўно хацеў параіцца з палкоўнікам, але ніяк не выпадала. Таму цяпер ён абрадаваўся выпадку. Чакаў пытання, якое непакоіла радыстаў усе гэтыя дні.

— Сядай,— калі яны апынуліся ў зямлянцы, сказаў Кавальчук.— Нам трэба ўсё вырашыць...

Кастусь сеў на край нараў, засланых тоўстай саматканай коўдрай, і пачаў уважліва назіраць за палкоўнікам. А той спыніўся ля акна, пазіраў туды і, здавалася, не ведаў, як пачаць гаворку. Потым, скідаючы кіцель, спакваля сказаў:

— Што ж, дружа, будзем рабіць далей? Сувязь патрэбна, сам ведаеш, як жыццё, як паветра. Без яе я сляпы і глухі. Спрабаваў паслаць групу да суседзяў — не прайшлі...

Палкоўнік сеў да століка, пачаў круціць цыгарку.

— Я разумею, нашы батарэі знішчаны Шпакам,— пачаў Кастусь.— Цяпер з ім пакончана...

Кавальчук перапыніў яго:

— Нам ад гэтага не лягчэй.

— У мяне ёсць нейкая думачка...

— Якая?

— Вораг, скажам, таксама мае радыёстанцыі...

— Безумоўна.

— Значыць, і ў яго ёсць батарэі. Іх трэба як-небудзь «пазычыць» хоць на адзін сеанс, каб перадаць каардынаты пляцоўкі.

— Якім жа чынам, дазволь даведацца?

— А вось гэтага, Павел Антонавіч, на жаль, я не ведаю. Стратэг з мяне слабы, а камандзір, самі ведаеце, ніякі: з адным Алесем не спраўляюся.

Палкоўнік яго зразумеў.

Прыжмурыўшы вочы, ён хвіліну падумаў і, ні то адказваючы Кастусю, ні то пытаючыся ў яго і разважаючы, сказаў:

— Здабыць батарэі можна толькі ў баі... Радыёстанцыі, як вядома, знаходзяцца пры якім-небудзь штабе...— І раптам ажыў, павесялеў: — Чакай, чакай! Сёння Віктар пасылае разведгрупу, якая павінна прашчупаць ахову вёскі Мсціж. Там нейкі штабік ёсць. Трэба заадно паспрабаваць шчасця, удар узмацніць! Ідзі, Кастусь, пакуль маўчы ды дыш. Бог дасць, нам сёння і другі раз пашанцуе. Ты гэта здорава прыдумаў!

Падбадзёраны і акрылёны выйшаў Кастусь са штабной зямлянкі. Хацеў проста бегчы да Алеся, парадаваць яго, але заўважыў у ельнічку Зіну, завагаўся: дужа карцела падысці да яе, пагаварыць. Пачакаў, пакуль яна павесіла на нацягненую вяроўку ўсе бінты, паволі пакіраваў туды, нібы наўзбоч.

Зіна заўважыла яго, аклікнула.

Кастусь прыкмеціў, што крыху змяніўся яе твар, ён пабялеў, выцягнуўся. Дзяўчына відавочна пасталела.

— Прабач, Косця,— загаварыла адразу сцішана,— я і сама яшчэ не магу ачомацца. Не злуйся, што ўсяго не сказала тады. Мне так загадаў капітан Крайко. Для цябе ж... Яго людзі сачылі за намі кожную хвіліначку...

— А я і не злуюся! — весела адказаў Кастусь, кладучы ёй руку на плячо.— Я проста, Зіна, рад за цябе, што ты такая вытрыманая. Каб ты ведала! Гэта ж трэба такога хітрага звера ды перахітрыла! Сапраўдная разведчыца! Ды пад чужым паролем...

— Праўда? — узняла яна галаву, чырвань набегла на твар.— А я ж нявытрыманая, я так хвалявалася! Ой, Косця, як хвалявалася! Плакала.

— Дурненькая.

— Ага... Я і цяпер яшчэ пад чужым паролем павінна дзейнічаць. Гэта на выпадак, калі новага дыверсанта закінуць да нас ворагі...

— Малайчына! Я цябе вельмі, вельмі, вельмі...— зашаптаў ён на вуха.— Бачыш? — павярнуў Зіну тварам да зямлянак.— Алесю зайздросна, але цяпер яму не да нас. Ён усё глядзіць на Крайкову зямлянку, дзе сядзіць тая паганая птушка Шпак, якога ты памагла злавіць. Хоча кінуць туды гранату...

— Дзівак! Гэты Шпак, можа, яшчэ каго выдасць.

— Як міленькі!

Зіна ўздыхнула, адняла сваю шчаку ад Кастусёвай, загаварыла сурова:

— Хто б мог падумаць, што ён зусім не лётчык: так яскрава, праўдзіва расказваў пра жыццё лётчыкаў, пра начныя палёты... Капітан усё прасіў мяне аставацца з ім у шпіталі ўдваіх, сачыць, спяваць тую дурацкую песню, часта глядзець угору і пра зоркі гаварыць. Я злавалася на капітана за такое, як мне здавалася, глупства. Бо нічога не ведала. А цяпер так рада, так рада... Шпак падумаў, што гэта я — Зорка, яго памочніца. Мы ж адказу на пароль не ведалі...— Яна ўсміхнулася і дадала: — Такі вопытны Шпак, а ўліп!

— Ён, Зіна, як ты пайшла, адразу напаў на мяне там...

— Я гэта ведала, мы назіралі за вамі...

Кастусь яшчэ жыў гэтым ранішнім перапалохам. Кулакі самі па сабе сціскаліся, твар хмурнеў. Зіна зірнула на яго, захвалявалася зноў.

— Давай не будзем больш гаварыць пра яго. Я сама так верыла! Дачка, дачка... А ўчора... Брыдкі чалавек.

— Ён пакрыўдзіў цябе?

— Так я і дазволю, каб мяне крыўдзілі! — Зіна пачырванела, схавала вочы за доўгімі вейкамі.— Ой, Кастусь, праўда ж дурная я зусім! Як пень... Ну, маўчы, маўчы ты. Мне страшна ўспамінаць гэтыя апошнія дні...

Зіна неяк абмякла ўся, амаль павісла ў яго на плячы.

— Я Алесю пра наша каханне расказаў, дык ён аж уздыбіўся,— каб змяніць гутарку, схлусіў Кастусь.— Кажа, што ў вашай вёсцы ўсе хлопцы пакляліся не аддаваць цябе ў чужыя рукі. Гэта праўда, Зіна?

— Хай ён не хлусіць! — яна махнула рукой, а ў вачах — зорачкі! — У нашай вёсцы, вунь, сапраўды прыгожых дзяўчат не пералічыш. Алесь сам заўсёды мінаў мяне...

— Тады я не буду нікога баяцца,— усміхнуўся Кастусь, моцна паціснуў Зіне руку, і яны разышліся.

Толькі цяпер, застаўшыся адзін, Кастусь адчуў, што ён бясконца змораны, галодны, ледзь трымаецца на нагах. Ад шпіталя пайшоў проста ў сваю зямлянку.

На халоднай пячурцы стаяў салдацкі кацялок, накрыты лустай хлеба. Кастусь падняў хлеб, панюхаў жытнюю зацірку. Потым дастаў з паліцы над комінам лыжку і памяшаў у кацялку.

— Бал-лан-да,— працадзіў Алесь.

— Але ж пахне здорам!

Алесь, седзячы ў куце на нарах, назіраў за таварышам. Ён яшчэ ні пра што не ведаў, бо другі дзень не адыходзіўся ад зямлянкі, ні з кім не сустракаўся, не гаварыў. Свет для яго звузіўся. Гумар прапаў. Старая звычка добра паесці на нейкі час знікла. Прапаў нават і сон.

— Гэта згатавалі для штаба,— нарэшце падаў голас.— Што ж будзе далей?

— А нічога! Прыляцяць самалёты, скінуць нам з неба ўсё, што трэба... Слухай! Слухай і запамінай!

Кастусь расказаў Алесю ўсё па парадку. Пра Зіну, пра тое, як яна выконвала ролю дыверсанткі, пра сустрэчу ў лесе, пра Шпака. Потым — пра гаворку ў зямлянцы палкоўніка.

Алесь спярша маўчаў: не даваў веры. Потым высунуўся з зямлянкі, убачыў вартавога з аўтаматам, узрушаных людзей, якія нешта гаварылі пра дыверсанта, ажыў:

— Праўда! Кастусь! Дык я ж зусім не вінаваты!

— Трохі...

— Трохі — згодзен!

Павесялеўшы, Алесь накінуўся на страву з такім апетытам, што калі б Кастусь не праявіў уласную ініцыятыву, то застаўся б галодны...

 

Уцёкі

А Шпак (усе з гэтага часу так называлі дыверсанта), седзячы ў зямлянцы, думаў: «Толькі б не расстралялі да начы! Толькі б не расстралялі...» Ён вырашыў маўчаць, ні ў чым не прызнавацца. Няхай яго дапытваюць колькі хочуць, няхай накіруюць за фронт. Лепш самае дальняе падарожжа, чым самая блізкая смерць. Допытаў ён не баяўся, а смерці баяўся заўсёды. І калі сам забіваў, калі здраджваў, калі служыў у паліцыі, і калі ішоў сюды, на гэтае апошняе заданне.

Служыў у паліцыі...

Гэтага амаль ніхто не ведае, бо тады Шпак насіў «прапаршчыцкія» вусікі і доўгія валасы, па каўнер, як у Махно. Тады ён любіў чапляць на нос вялізныя акуляры з цёмнымі шкельцамі. Цёмныя акуляры, як яму здавалася, рабілі яго больш страшным, усемагутным. І што добра — ніхто не мог пазнаць Шпака нават на яго радзіме, у Загацці. Радні там у яго ніякай не засталося, аднагодкі былі ў партызанах, але яшчэ трапляліся знаёмыя жанчыны. Ён ведаў, чые мужы былі камуністамі, а чые — партызанамі. І ён прыставаў да гэтых кабецін, пагражаў. Яму плявалі ў твар, а ён здзекаваўся, гвалтаваў, бо ў яго была зброя. І пасля падбрэхваў на няшчасных удоў. Фашысты гэтага толькі і чакалі. Маючы свае планы на знішчэнне беларусаў, яны не сталі разбірацца ў падрабязнасцях, а спалілі ўсю вёску разам з людзьмі. Мала хто тады ўратаваўся...

А што было яшчэ раней?

Раней Шпака называлі не інакш, як «пан аконам». Ён насіў рыпучыя, на бяросце, боты з бліскучымі халявамі. З рук не выпускаў кароткі скураны бізун. Шпак любіў ляпаць тым бізуном па халявах ботаў. І любіў пры гэтым гаварыць:

— Я вас, пся крэў!

Пану Круціцкаму ён служыў аддана, як сабака. Круціцкім служылі ўсе Сікорскія: прадзед, дзед, бацька, браты. З кожным новым пакаленнем яны атрымлівалі вышэйшыя пасады. Калі прадзед быў звычайным конюхам, то Язэп стаў аконамам, самым блізкім чалавекам у пана. Яшчэ нябожчык бацька гаварыў Язэпу: «Служы верна, але дзе можна — уварві! Будзеш багаты — сам панам станеш».

І аконам захацеў стаць панам.

Перш за ўсё трэба было ачысціць дарогу ў маёнтак ад малога белагаловага паніча.

Аднойчы, як было не раз, паніч Вячэслаў Круціцкі пайшоў на ўласнае возера купацца. Язэп тады непадалёк, як звычайна, лавіў сеткай карасёў пану на абед. Але незвычайным было другое. Толькі паніч скочыў са сваёй вышкі ў возера, як адразу пайшоў на дно. Плывец ён быў выдатны, і таму ніхто не ведаў, што здарылася.

Касцы на лузе ўзнялі лямант. Язэп, як згледзеў гэта, кінуўся на дапамогу. Нырнуў раз — не знайшоў малога: дужа глыбокую зрабілі копанку для нырцоў. Нырнуў другі, прабыў пад вадою яшчэ больш — зноў няма.

Аж сам ужо змогся, але за трэцім разам, на шчасце, выцягнуў паніча з рассечанай галавою...

І ўжо ніхто не даў рады: ні пан аконам, ні пан лекар. Забраў малога, як казалі кабеты, пан Езус. Пасля ўжо выцягнулі з тае яміны плуг з вострым парогам, аб які і разбіўся малы.

А потым, не перанёсшы гора, цяжка захварэла і згасла пані. Гэта было ўжо напярэдадні верасня 1939 года...

Да сямейнага няшчасця дабавілася новае: паноў прагналі.

Такім чынам Шпак эмігрыраваў у Прусію.

Калі пачалася вайна і фашысцкія орды рынуліся на ўсход, паднялі галовы былыя ўладары. Дачуліся — зноў ім маёнткі вернуць. Ды раптам ні з таго ні з сяго пан Круціцкі «атруціўся». Шпака схапілі, дапыталі, але не пакаралі: дужа некалі было фашыстам разбірацца з такімі дробязямі.

Яму проста пашанцавала: новыя ўлады ўзялі Шпака пад нагляд.

А праз нейкі час, ачышчаны ад грахоў удзелам у расстрэле групы польскіх яўрэяў, Шпак пайшоў служыць фашыстам. Спачатку быў звычайным правакатарам, а потым — паліцаем. Выслужыўся на пагромах — узялі яго ў «павуку». За кароткі тэрмін зрабілі выдатным дыверсантам.

...Апоўдні яго не дапытвалі. Яго дапыталі пазней. І ён не гаварыў, хто яго паслаў, не адказваў на пытанне — дзе схаваў батарэі, не выказваў саўдзельнікаў.

— Мяне ніхто не пасылаў, я — лётчык! — упарта цвярдзіў Шпак, напружваючы жылістую шыю.— Я нікога не ведаю... З-за дзяўчыны ўсё гэта здарылася...

— А прагаварыўся ж, што Зорка — пароль. Адкуль ведаў? — тут жа лавіў яго Крайко.

— Мне так падумалася...

— Брэшаш! Мы злавілі тваю Зорку! — крычаў капітан Крайко.— Скажаш, чортава твая душа, пра ўсё. Я не буду з табой няньчыцца. Дзень-два патрымаю — ды да сасны!

Сякая-такая практыка была ў капітана, хоць ён і не быў прафесійным разведчыкам. Ён меў надзвычай моцную памяць, быў назіральны, валодаў той спецыфічнайінтуіцыяй, якая памагала яму ў рабоце больш, чым практычны аналіз. А вось дапытваць ён не ўмеў.

Вопытны дыверсант, улавіўшы словы «дзень-два патрымаю», загадзя ведаў, што ў яго наперадзе не адна ноч. Прызнацца ніколі не позна. А ноч — год. Хто ведае, што можа здарыцца на вайне за ноч...

Пасля допыту капітан зрабіў сваю другую памылку: ён зноў замкнуў дыверсанта ў зямлянцы і прыставіў вартавога, які, як вядома, топчацца заўсёды каля дзвярэй.

Дыверсант агледзеўся. Нідзе ні адтуліны. Маленькае акенца забіта тоўстымі дошкамі. Шпак бачыў — дзве шырокія сталёвыя ленты ўздоўж і дзве ўпоперак, накшталт кратаў, ляглі на дошкі.

«Наіўныя людзі! Лягчэй за ўсё ўцякаць з зямлянак...»

Шпак падняў руку ўгору, дакрануўся да тоўстых пахіленых плашак— і закалацілася сэрца: шчыліна! Адламаў ад адной плашкі трэску, тонкую і сухую, як костка, схаваў за халяву бота. Нібы гэта быў нож, той выратавальны нож, які так неабходны ў крытычную хвіліну.

Доўга ляжаў на голых нарах і адлічваў час. Гэта быў пакутлівы занятак.

Мінула, здавалася, вечнасць, калі за дзвярамі пачуліся галасы — змянялася варта.

«Дванаццаць гадзін!» — адзначыў Шпак, услухоўваючыся ў начныя гукі. А гукаў было шмат. Вось ён улавіў далёкія выбухі. Ведаў, што гэта фашысцкія батарэі абстрэльвалі астравы.

Потым проста над лагерам праляцелі самалёты, бомбы кідалі зусім блізка, а Шпак маліў бога, каб хоць адна трапіла побач з зямлянкай, у самага вартавога. Ды самалёты паляцелі, а зямлянка засталася. І застаўся страх, боязь за жыццё.

«Час пачынаць самому!» — вырашыў дыверсант і вобмацкам прасунуў трэску ў адтуліну між няроўных плашак, на якія накідана зямля. Мох быў сухі, зляжалы, выкалупваўся цяжка, сантыметр за сантыметрам. І вось першыя пясчынкі пасыпаліся на жэрдкі нараў. Іх нямнога, з напарстак, але як абнадзеілі яны Шпака!

Ціха сеецца пясок. І не трэба ўжо шоргаць у адтуліне трэскай. Варта крыху крануць плашку плячом, як адразу лягчэе яна: з круглага верху сыплецца сухая зямля і цячэ, як вада. І ні шуму, ні грукату. А бясконцы абстрэл пушчы так добра глушыць гэты ледзь чутны шоргат.

Прыемны шоргат!

Страляйце, гарматы!

Сюды, у Баркоўскую пушчу, можна выпаліць снарады многіх складаў, нават не параніўшы ні аднаго чалавека.

Страляйце, гарматы!

Біць па лесе — усё роўна, што сцёбаць пугай па вадзе: гук ёсць, а следу ніякага.

А тут — след!

Улучыўшы момант, Шпак асцярожна падняў плашку, зірнуў у цемнату. Ён убачыў зорнае неба, чорныя цені дрэў і не стрымаўся, усунуў у дзірку галаву. Адразу за галавой паказаліся яго рукі, шыя, плечы,— і толькі мільгануўся яго цень! Мільгануўся і знік, растаў...

Ельнік, бярэзнік, ручаіна — шукай ветру ў полі!

— Стой, страляць буду!

Як запазніўся гэты вокліч!

Секануў аўтамат — толькі голле пасыпалася, толькі пошчак па лесе. За плячамі — тупат. За плячамі — смерць. Не дагоняць людзі, не зловіць смерць!

Пушча вядомая і сховы знаёмыя, а сілы ў нагах яшчэ хопіць, яны вынесуць з бяды. Ім не ў першы раз такая работа...

Чапляюцца за вопратку галіны, а здаецца, што гэта вострыя кіпцюры хапаюць за твар, хочуць спыніць чалавека. Неразумныя галіны! Ці ж стрымаць вам, кволым, вецер? Чалавек не бяжыць — снарадам ляціць. Чалавек дужа баіцца той смерці...

«Так-так-так!» — азваўся недзе кулямёт.

Толькі пад раніцу вярнуўся ў лагер падняты па трывозе каменданцкі ўзвод: уцекача не злавілі.

 

Начны бой

Алесь лічыў, што ў жыцці яму ніколі не шанцавала, што ўсе людскія няшчасці і нягоды дасталіся выключна на яго долю. Няшчасці і нядолі былі дробязнымі: то ён «правальваў» экзамен і два гады не мог паступіць у тэхнікум, то, паступіўшы нарэшце, выяўляў, што спецыяльнасць, дзеля якой ён аддае свае лепшыя гады, не яго прызванне.

І шукаў сабе Алесь тое прызванне ў газетных аб'явах, кідаўся з курсаў на курсы, аж пакуль не трапіўся на вочы заклік: «Усе на самалёты!»

Толькі лётчыка з яго таксама не атрымалася: дактары знайшлі нейкую хваробу сэрца, і аэраклуб для яго закрыўся назаўсёды. Затое праз той аэраклуб Алесь і стаў радыстам. Тут, як ён лічыў, яму першы раз выпала шчасце: гэтую працу ён любіў, нават меў да яе, хоць і невялікае, прызванне.

Прыехаў аднойчы ў адпачынак дамоў і дамогся, каб у іхнім калгасе быў свой радыёвузел. Сам узяўся за справу. Не адзін тыдзень аддаў, а вузел наладзіў. Рэдка тады дзе было радыё ў вёсках, а спецыялістаў яшчэ менш. І таму Алесь сышоў, як ён казаў, за інжынера, ганарыўся гэтым. Любая кабеціна ў вёсцы палічыла б за гонар, каб ён да яе дачкі пасватаўся, а вось Зіна чамусьці не дужа хілілася да яго. Ды не бедаваў Алесь: былі там і другія дзяўчаты!

Паехаў у Маскву давучвацца, а тут — вайна, як снег на галаву, радысты вельмі патрэбны былі.

І здарылася такое, што яны з Зінай зноў сустрэліся!

«Гэта мая другая ўдача ў жыцці»,— вырашыў тады ў думках Алесь. Потым пазнаёміў з дзяўчынай Кастуся — на сваю бяду. Цяпер зноў няўдачы, яшчэ горшыя, адна за адною зваліліся на беднага хлопца...

Навіну, што Зіну накіравалі ў атрад, які сёння ноччу пойдзе ў бой, Алесь прынёс як бы задаволены: няхай пакруціцца Кастусь, няхай пахвалюецца.

— Чаму яе, а не каго другога? — адразу зачырванеўся той, моцна засоп.

— Адкуль я ведаю? Крайко настояў...

Пасля Кастусь даведаўся: у шпіталі раненых нямнога, і Свістуненка спраўляецца адзін. А калі возьмуць Мсціж, то там можа аказацца і Шпак. Хто ж, апроч Зіны, яго пазнае? Не ісці ж дзеля гэтага палкоўніку ці капітану...

Бачыў Алесь, як Кастусь правёў Зіну за лагер, і заныла хлапечае сэрца. Хацеў пайсці разам, ды гонар не пусціў. Няхай адзін правядзе, далёка не адыдзецца, не дазволена.

Але Кастусь паклікаў:

— Але-есь, хадзі з намі!

— Я ўжо не Алесь, а Вася... І наогул — трэці лішні,— адказаў з ноткамі жарту. Чуў, як там, за зямлянкамі, засмяяліся, падумаў: «А ці шчаслівыя яны? І ці можа быць цяпер шчасце наогул? Вось праводзіць каханую не дамоў, не ў кіно, а ў бой, з якога можна і не вярнуцца. Вядома ж, што гэта нялёгка. Дык чаго ж я радуюся? Чаго?..»

Кастусю сапраўды было цяжка.

Хацеў сказаць многае, прыгалубіць, падбадзёрыць, а вымавіў толькі, як той камандзір:

— На, вазьмі на шчасце, у баі спатрэбіцца,— і працягнуў гранату-лімонку.

Але позірк сказаў больш. Позірк, здавалася Зіне, прасіў, маліў: «Глядзі ж, будзь асцярожная. Я кахаю цябе, буду чакаць нецярпліва, буду хвалявацца за цябе...»

І ад гэтага Кастусёвага позірку моцна, да болю, сціснулася Зініна сэрца.

Зіна нічога не адказала. Схавала лімонку ў кішэню санітарнай сумкі і развіталася, звычайна, па-сяброўску паціснуўшы Кастусю руку. Адышлася, падняла ўгору хусцінку і памахала ёю.

Адразу агарнуў сум, хоць ведала, што расстаюцца ненадоўга, на адну толькі ноч. І сярод гэтай ночы, поўнай трывог і неспакою, будуць суладна біцца два гарачыя сэрцы...

Па дарозе трапілася фурманка, і Зіна прыехала ў атрад апоўдні. Людзі адпачывалі. Густы малады бярэзнік, якім парос адхон яра, добра ўкрываў гэты часовы партызанскі лагер.

Камандзіра атрада яна знайшла непадалёку ад дарогі, каля тоўстага дубовага пня, на якім была раскладзена карта двухвёрстка. Засяроджаны і сумны, камандзір глядзеў на адну кропачку, дзе было напісана «Мсціж». Гэта — вёска ля шашы, варожы гарнізон. Яго сёння трэба ўзяць з боем, узяць хоць на паўгадзіны, хоць на дзесяць хвілін...

Прывітаўшыся, Зіна далажыла, што прыйшла ў атрад па загаду камандзіра злучэння.

— Вось і добра! — ветліва кіўнуў густачубай галавою камандзір атрада і ўстаў. Ён высокі, загарэлы, у лёгкай чорнай тужурцы. Зіна ведала, што яго завуць Валодзя. І атрад так называўся: «атрад Валодзі». А як прозвішча гэтага камандзіра, яна ні разу ні ад каго і не чула. Адчувала, што камандзір крыху ўсхваляваны, яму, відаць, не да яе. І не стала больш ні аб чым распытваць, пайшла шукаць сваіх санітараў, з якімі давядзецца быць побач.

Партызаны дбайна рыхтаваліся да гэтай складанай аперацыі: правяралі і чысцілі аўтаматы, рупіліся захапіць усё неабходнае да бою і не ўзяць нічога лішняга, каб было лягчэй у паходзе, у атацы.

Каля самага ўскраю лесу, пры выхадзе з пушчы, была добрая дарога. На ёй акапаліся фашысты. Гэта ўжо вядома. А колькі іх там у вёсцы? Дзе асноўныя агнявыя кропкі, доты? Разведчыкаў яшчэ не было. Вось чаму камандзір і хваляваўся...

З мінулай блакады партызанам вядома, што галоўную сілу вораг трымае ў лясных абаронных пунктах, а вёскі ахоўваліся менш, туды не так доўга і падмацаванне падкінуць.

Як там, ля Мсціжа, цяпер? Вось над якім пытаннем ламаў галаву камандзір Валодзя...

Увечары, так і не дачакаўшыся разведчыкаў, атрад зняўся з прывалу ў яры і рушыў у паход.

Зіна не першы раз ішла на такую аперацыю, але чамусьці, як ніколі раней, хвалявалася. Ці не перадаўся ёй настрой камандзіра, трывога партызан, што чакалі разведчыкаў? Яна сачыла за імі, лавіла іх позіркі, кожнае слова. Так было доўга, бо рухаліся вельмі асцярожна, за дазорамі...

І вось на адным прывале Валодзя павесялеў: вярнуліся нарэшце разведчыкі. Змучаныя, брудныя, але шчаслівыя, яны паведамілі, што ля вёскі на шашы выстаўлены толькі групавыя дазоры, а штаб ахоўвае ўзвод аўтаматчыкаў. Значыць, лінія абароны яшчэ не ўмацавана, вораг спадзяецца прасунуцца глыбей у лес, да другой дарогі.

Ішлі асцярожна і доўга — галіна пад нагамі не трэсне. Рухаліся, як цені, сотні — бы адзін чалавек.

Пад лесам, недзе ў верхавінах, пачуўся дружны шум. Гэта нечакана сыпануў спорны дождж. Да зямлі ён яшчэ не прабіўся праз густое вецце і шугаў толькі ўгары. Але ніхто не шкадаваў, што змокне. У дождж лягчэй падысці непрыкметна. Ды і ноч больш цёмная, непраглядная.

І вось нарэшце па шарэнгах подыхам ветру прабегла чаканая каманда: «Да бою!» Партызаны мігам перастроіліся групамі, рушылі з лесу...

Зіна адчувала сябе больш упэўнена з дужымі санітарамі, ніколечкі не баялася, але чамусьці было вельмі млосна, проста не хапала паветра. Чорны партызанскі бушлат прамок на ёй да ніткі, і цяпер не павярнуцца ў такой вопратцы. Яна расшпіліла гузікі, крыху адпусціла рэмень.

«Ён вунь у зямлянцы, можа, спіць ужо»,— не без зайздрасці падумала пра Кастуся, услухоўваючыся ў наваколле. А навокал было ціха, быццам нічога і не рыхтуецца, быццам хутка не выбухне ў гэтай цішыні такі знаёмы гул і грукат бою. Толькі шоргат ног здаваўся ветрам, што прабягае па спелым жыце.

Зіну знайшоў Валодзя, шапнуў бадзёрае:

— Зараз пераб’ём фашысту сон, маленькі перапалох устроім, а то разлёгся тут у нас, як дома. Ты ж глядзі, Зіна, не забягай наперад... А калі каго незнаёмага зловім — пакажам. Я тут не першы раз, амаль усіх ведаю...

І пайшоў.

Недзе на дарозе гучна зараўла машына. Магчыма, яна там стаяла і, крануўшыся з месца, наблізілася. Зіна пачала ўглядацца і прыкмеціла яе, чорную машыну, падобную на бранявік. Яе браніраваныя барты раптам рассыпалі зорачкі. Гэта на бартах ударылі кулямёты. Партызаны рвануліся наперад, нібы то ім была каманда. Цяпер хоць не чуваць тупату. А зусім блізка, лявей ад сяла, ачнуліся фашысты. Яны бязладна пачалі страляць з аўтаматаў. І загалёкалі ля мноства кастроў, загаманілі.

Вораг усё рабіў дзеля таго, каб паказаць, што ён не спіць у шапку. Правей, на Домжарыцкім узгорку, батарэя за батарэяй, білі па балоце. Яны заўсёды, кожны дзень, пачыналі абстрэл роўна а дванаццатай гадзіне.

Побач з Зінай нехта прашаптаў:

— Хутка пачнецца...

Нехта падпоўз ужо да самай дарогі.

І раптам, як стрэл над вухам,— выбух! Умоўны сігнал да атакі. Адразу шугануў агонь, быццам каменная гара абрушылася людзям на галовы. Цеплынёй ударыла ў твары. Партызаны рвануліся наперад, за дарогу. І стрэлы, і выбухі, і шматгалосае «ўра» — усё злілося ў суцэльны гул...

Чарнеюць наперадзе хаты, хлявы. Адтуль б’е вораг. Ужо трашчаць платы за дарогай. Партызаны, не спяшаючыся, бягуць у вёску, залягаюць у градах, у бульбянішчы.

Зіна бегла апошняй, за санітарамі. Ніяк не паспявала за імі, але баялася і адстаць. І таму бегла, выбіваючыся з апошніх сіл. Яна заўважыла, як злева на дарозе нехта ўзарваў тую машыну, з борта якой сыпаліся іскры.

Бранявік быў высокі. Ён паволі споўз у адхон, зваліўся набок. Як падбіты звер, яшчэ разы два гыркнуў перад смерцю і змоўк.

Зіне няма калі ўглядацца, яна перабегла цераз дарогу і там заўважыла першага параненага. Схілілася пад ім, спачатку разгубілася, а потым хуценька пачала шукаць рану...

За вёскай там-сям успыхваюць і нясуцца сюды чырвоныя пацеркі, адна за адною. Яны не страшныя: гэта патрулі з другой лініі абароны б’юць трасіруючымі кулямі, паказваюць напрамак, адкуль наступаюць партызаны.

Але і варожых патрулёў, здаецца, паменшала. А партызанскія кулямёты і аўтаматы сякуць несупынна, і грыміць кішэнная артылерыя.

Зіна ўглядалася ў цемру. Страшнавата. Нейкім чынам яна засталася зусім адна, са сваім параненым байцом. Ды вось нехта ідзе...

Прынеслі на насілках другога параненага. Яна зрабіла перавязку і таму. Санітары паклалі абодвух на насілкі, паднялі і зніклі ў тумане, нібы іх тут і не было.

Зіна ўжо хацела рушыць далей, як пачула — ляпнула паблізу жалеза, скрыганула. Азірнулася і бачыць: у абернутым браневіку паволі адчыніўся люк і тры сагнутыя постаці ўзніклі ля канавы, зусім недалёка. Не пазнала, хутчэй адчула — вораг! Страх адняў ногі, звязаў рукі. А побліз са сваіх — нікога. Не памятала, як спаўзла ў канаву, падумала: «Трэба гранатай...» Дастала з кішэні гранату, тую, што даў ёй Кастусь. Нібы пачула яго спакойны голас: «На, вазьмі, Зіна, у баі можа спатрэбіцца». Выцягнула кальцо і шпурнула з-за пляча насустрач постацям. Выбух аж аглушыў, і стала крыху смялей: граната выручыла...

А калі высунула з канавы галаву, то ўбачыла, што чорны і страшны вораг зусім побач, ідзе проста на яе, насоўваецца, як здань. Выхапіла з кабуры пісталет і, не цэлячыся, стрэліла тры разы запар. Трапіла ці не? Вораг залёг, і адразу побач секанула па дзірване чарга з аўтамата. Камякамі ўзляцела зямля. Значыць, яна не трапіла, вораг жывы.

Зіна ўткнулася тварам у адхон, зноў чакаючы абстрэлу, але яго не было. Толькі над галавой трэснула нешта, быццам хто дошку зламаў. Усхапілася, скочыла ўбок і тут пачула:

— Гэта я, Зіна...

Глянула — Валодзя, камандзір. Стаіць на поўны рост, як які волат. Цёплая хваля радасці разлілася па ўсім целе, і яно як ажыло нанова.

— Дык гэта былі вы?

— Не, быў фашыст...

— Ой, як вы мяне выратавалі! — вымавіла Зіна.— У мяне ўжо не было ніякай сілы.

— У баі галоўнае — выручка...— Камандзір пачакаў, пакуль дзяўчына клала ў кабуру пісталет.

— Усё роўна страляць з яго нельга, гразі набілася,— сказала ў апраўданне.

— А навошта страляць? У нас ужо ўсё зроблена! З тваёй дапамогай, Зіна,— весела адказаў Валодзя.— Апрача языка захапілі і батарэі для радыёстанцыі... Трафеяў процьма. Немцы думаюць, што прарыў блакады, кінуліся ўмацоўваць другую лінію сваёй абароны, а штаб кінулі.

Зіна радавалася не менш за камандзіра. Яна думала яшчэ, што калі б не Кастусёва граната, то ці сустрэліся б яны зноў?

Прайшла да таго месца, адкуль у яе стралялі, і ўбачыла двух забітых фашыстаў. Так, гэта зрабіла яе граната.

Трэцяга знішчыў камандзір...

 

На другі дзень

Адбегшыся даволі далёка, Шпак залез пад густую елку, лапкі якой слаліся па зямлі, і стаіўся, прыслухаўся.

Навокал было ціха: дзякаваць богу, не дагналі! Ды і нялёгка злавіць тут чалавека, які пушчу ведае, як свае пяць пальцаў. Яму дарога адна, а партызанам — сто. Ой, як доўга пятляў Шпак па самых глухіх мясцінах! Яму і цяпер здаецца, што яшчэ чуе галасы, чуе стрэлы, чуе, як лязгаюць за плячамі затворы карабінаў.

Не сядзелася нават пад густой елкай, хоць лапкі яе і надзейна ўкрывалі дыверсанта.

Вылез, агледзеўся. Яго палохала цемра. Здавалася, што з усіх бакоў насоўваюцца на яго нейкія калматыя страшыдлы. Кожны куст, кожнае дрэва падступаліся жывымі істотамі, як некалі ў дзяцінстве з казак, якія даводзілася чуць. Смеласць раптам знікла. Застаўся толькі страх, звычайны страх чалавека за сваё жыццё. Ці ўцёк ён ад смерці? Перш здавалася, што ўцёк. Нават на душы паспакайнела, а цяпер — зноў ноч. Змрок і ў вачах, і на душы. Куды ён пойдзе? Каму ён патрэбен?

Шпак ясна ўсведамляў, што загубіла яго не Зіна, як думалася спярша. Усё гэта не выпадковасці. Яна штодня выконвала канкрэтнае заданне капітана Крайко. Значыць, рана ці позна капітан усё роўна выкрыў бы яго, бо падазраваў з таго першага дня, калі ён, Шпак, сапраўды абпалены, з балючай ранай прыйшоў да партызан. Дыверсант быў ашарашаны: яму гаварылі яшчэ перад адпраўкай на заданне, што «сваіх» у лесе поўна, трэба толькі іх знайсці, звязацца і дзейнічаць супольна.

Гаўптштурмфюрэр Кеніц асабіста паведаміў Шпаку, што ў злучэнні Кавальчука ёсць адна дзяўчына. Трэба яе знайсці. Фашыст не ведаў, што тую дзяўчыну разведчыкі расшыфравалі адразу і карыстаюцца яе паролем. Не ведаў гэтага і Шпак. Цяпер ён зразумеў сваю галоўную памылку: асабіста не праверыў Зіну, даверыўся інтуіцыі, а яна і падвяла. «Сапраўды, старэю»,— падумалася нявесела. За што ён так пакутаваў? За што перанёс цяжкія раны? За што загінуў яго памочнік, былы правакатар і фашысцкі халуй, з якім Шпак праходзіў кароткатэрміновыя курсы дыверсантаў у Барысаве?

У таго было заданне адцягнуць галоўную ўвагу партызанскай разведкі на сябе, «нашумець», як гаварылася між дыверсантаў, зрабіць пры выпадку любую дыверсію і ўцячы або... загінуць. Той — смяротнік, бо меў тэрмін, у які павінен быў выканаць заданне. Шпаку ж заданне больш складанае: паступова ўвайсці ў давер, абавязкова захапіць радыста з дакументацыяй. У крайнім выпадку — знішчыць. Той смяротнік быў не галоўны выканаўца аперацыі «Хваля» ў злучэнні Кавальчука. Ён сваю ролю выканаў на «выдатна»: адвёў увагу.

«А ты, Шпак?»

Думкі, думкі, думкі...

Ад іх нідзе не схавацца, ад іх не ўцячы. Апанавала злосць. Яму хацелася некага знішчыць, некаму адпомсціць. Каму? Усім, хто стаіць на яго шляху да шчасця. Яно хоць і невялікае, але заманлівае. Быць гаспадаром маёнтка яму марылася раней. А цяпер, калі, здавалася, гэты час прыйшоў, Шпаку ўжо не да маёнтка. Жыццё — вось што галоўнае. Выратаваць бы сваё жыццё...

Ці не гуляюць з ім фашысты ў дзіцячую гульню: хочаш панам быць — калі ласка! Толькі спярша паслужы. А служба гэтая, як цяжкая хвароба: ці выжывеш, ці памрэш, бо лекаў ад яе няма. Як павернецца лёс. А лёсам, вядома, кіруюць іншыя, больш моцныя, тыя, што стаяць над ім, Шпакам...

— Паглядзім! Я яшчэ вярнуся,— скрыгатнуў ён зубамі.— За ўсе няўдачы адпомшчу.

Шпак-Сікорскі любіў помсціць за няўдачы, хоць тыя помсты шкодзілі больш яму.

Як быў малады, пакахаў ён ціхую ды набожную Анелю, дачку млынара. Але тая нават і глядзець не хацела ў яго бок: дрэнная слава хадзіла пра Сікорскіх на многія вёрсты наўкол.

Ды не суняўся юны кавалер, не змірыўся з лёсам, а замысліў нядобрае да каханай.

Былі ў яго «лясныя сябры» — кантрабандысты. Часта ён праводзіў іх да самай граніцы і паказваў, куды лепш прайсці. Часта начаваў з імі ў старой зямлянцы сярод пушчы. Тая зямлянка была што святліца. Сам пан Круціцкі, калі ў часе палявання находзіла непагадзь, адпачываў у ёй. Не зямлянка, а цэлы пакой, абабіты ўсярэдзіне паркалем...

Па ўзлессі пушчы ішла дарога ў Новую Гуту. Там быў касцёл. І вось аднойчы, калі Анеля, як звычайна, вярталася дамоў адна, некалькі дужых рук схапілі яе, завязалі вочы, заткнулі анучаю рот...

Чакаў Шпак, як крумкач, сваю здабычу, седзячы ў зямлянцы, ухмыляўся: лоўка прыдумаў! Прыцягнуць яму сюды Анелю, а ён ужо ведае, што зрабіць, каб яна назаўсёды стала ягонай. Хто ж асмеліцца ісці супраць волі Сікорскага-малодшага! А пасля, зняважаная, каму будзе патрэбна Анеля?

Змірыцца са сваім лёсам, скарыцца...

Добрую плату даў Шпак сваім «лясным сябрам». А да ўсяго прывёз гарнец гарэлкі і вэнджанае сцягно на закуску.

Толькі не дачакаўся Шпак Анелі.

І «сяброў» сваіх больш не бачыў. Яны падаліся некуды далей, у бок Карпатаў... Анелю ж знайшлі ў лесе мёртваю. Там, дзе балявалі п’яныя бяздомнікі, у іхнім логаве, у часовых буданах. Аднаму лесу вядома, што вытваралі бандыты над беднай дзяўчынай, якія здзекі давялося ёй вынесці...

Не стала сінявокай прыгажуні, не стала кахання, ды не забалела хлапечае сэрца, а яшчэ больш азвярэла, новай ахвяры захацелася. Той ахвярай стала спачатку панская пакаёўка, затым — паніч і пані. Лоўка звёў ён панскі род! А колькі крыўды было сялянам ад ганарлівага і хцівага пана аконама. Ні адна чалавечая душа не пазбегла дотыку валасатых рук пана Сікорскага...

...Паправіўшы на сабе вопратку, Шпак рушыў далей, час ад часу спыняючыся і прыслухоўваючыся. Сюды было трапіць нялёгка, а назад яшчэ цяжэй. Адзінае для яго збавенне — схавацца на час дзе-небудзь у ціхім месцы, перачакаць ліхалецце. Але дзе цяпер тое ціхае месца? І чаго чакаць? Куды б ты ні з’явіўся, людзі пачнуць дазнавацца: а хто ты, адкуль? І зараз жа паведамяць партызанам. Гэта Шпак разумеў.

І ён канчаткова вырашыў вярнуцца да сваіх новых гаспадароў, расказаць, як загінуў яго памочнік, як цяжка выканаць заданне, далажыць, што Зорка ці служыць партызанам, ці яна ўжо не тая, каго паслалі.

«А калі не павераць? Павесяць жа, даражэнькія! Вось ты і адпеў сваё, Шпак, адсвістаў. З немцамі жарты кепскія, любы ты мой васпане...»

Што б там ні было, а назад ходу няма. А тут ёсць маленькая надзея на вышэйшую літасць. І ён схапіўся за гэтую надзею, як тапелец, які можа ўхапіцца нават за вострую брытву. Проста хацелася верыць, што над ім злітуюцца.

Прынамсі, трапіць да фашыстаў не так ужо і цяжка. Трэба толькі знайсці месца, дзе няма партызан. А такіх мясцін колькі хочаш, тут не фронт. Выйшаў з пушчы, хусцінку ў рукі, а рукі ўгору — вось і ўвесь страх.

Агледзеўся: усё тут знаёмае, не раз бываў з панам, калі палявалі цецерукоў. Бор, нізінка, балотца...

Толькі вось бяда: бывае, трапіш на якога фашысцкага баязліўца — застрэліць і з паднятымі рукамі, не аблізнецца. Нават блізка не падпусціць, падумае — правакацыя. Або проста так, для пацехі, лупцане з аўтамата, і тады даказвай яму, што ты свой. Здаралася і такое.

Шпак яшчэ помніць, як у час адной карнай экспедыцыі шарэнгі фашыстаў адкрылі агонь па паліцаях, якія хадзілі ў вёску на разведку і вярталіся назад. І скасілі іх да аднаго. І ніякага табе ні суда, ні следства. Толькі адны свежыя магілы...

Сонца яшчэ не ўзнялося над лесам, як ля невялічкай рэчкі, што ўпадала ў Бароўку, Шпак заўважыў тых, да каго вялі неслухмяныя ногі. Было мласнавата. І ў нагах, і на сэрцы.

Зводдаль мундзіры здаваліся шэрыя, зялёныя, рудыя. Войска было шматкаляровае, а значыць і зборнае: паліцаі, уласаўцы, вайскоўцы.

Шпак залёг ля невялічкага кусціка і пачаў пазіраць. Куды ж лепш падацца? Устанеш і не зробіш кроку. Толькі рэха па лесе ад кулямёта. А кулямёт стаяў якраз наперадзе, на ўзвышшы. Лявей, каля плямістай машыны, нагледзеў скопішча зялёных мундзіраў, падумаў: «Вось на іх і пайду. Кагалам яны смялейшыя...»

Дастаў з кішэні хусцінку і прывязаў яе на сухі дубец, што так дарэчы трапіўся пад рукі. Спачатку высока ўзняў гэты «сцяг» здрадніка, стаіў дыханне: што будзе? А потым і сам падняўся, ступіў крок, насцярожана спыніўся.

Каля машыны ўбачылі, бо адразу некалькі галоў павярнуліся ў яго бок, пачуўся гоман, спрэчкі. Сэрца ажыло: не страляюць!

Шпак нібыта падцягнуўся ўвесь, напружыўся і бадзёра рушыў наперад, на хаду ацэньваючы паводзіны фашыстаў. Яны не хапаліся за зброю і не залягалі. Значыць, паверылі, што перабежчык — свой чалавек.

Калі ж Шпак наблізіўся, да яго адразу падбеглі трое рослых салдат з аўтаматамі напагатове, загалёкалі, торкаючы жалезам у грудзі:

— Партызан... Партызан...

— Ваш я, паны... Ваш! — усміхнуўся Шпак.— Мне патрэбен гаўптштурмфюрэр Кеніц і групэнфюрэр Кайнер...

Шпак разважыў, што Кеніца могуць і не ведаць, а генерала ведаў кожны салдат. І не памыліўся.

— О, ён хоча трапіць да Кайнера! — крыкнуў хтосьці з фашыстаў, і Шпак падаўся да яго.

— Вядзі мяне да Кайнера, я — аперацыя «Хваля»! — пасмялеўшы ўжо, загадаў ён на нямецкай мове.

Гэта было на другі дзень пасля ўцёкаў Шпака з партызанскага лагера...

 

Сувязь ёсць

Калі раніцою ў зямлянку радыстаў партызаны прынеслі анодныя і накальныя батарэі для рацыі, Алесь, што называецца, ажыў. За сняданкам нават пажартаваў: жыццё наладзілася.

Налілі яму з Кастусём, як звычайна, кацялок заціркі на дваіх, далі дзве танюсенькія лустачкі хлеба і два кавалачкі сухога, як костка, мяса. Алесь з'еў сваю порцыю так хутка, што нават сам не прыкмеціў — калі. Ён паклаў лыжку і сказаў:

— Ну і становішча, хай яго! Як у таго Пятра на вяселлі.

— Што ж гэта за становішча было ў Пятра на вяселлі? — пацікавіўся Кастусь, адчуваючы, што Алесь паклаў лыжку не так сабе, з’еўшы палову заціркі, нешта вымудрагеліць.

— А такое... Сядзіць Пятрок за сталом ды думае: «Вось ліха! Вазьму я сабе яшчэ кавалак — скажуць: бач, абжора, есць і есць. Не вазьму — зноў скажуць: бач, абжора, як напхаўся, не лезе больш...»

У «сталоўцы» засмяяліся, а Кастусь сказаў:

— Разумею... Табе ніхто нічога не скажа, калі яшчэ крыху пасярбаеш заціркі і возьмеш вось гэты кавалачак хлеба,— і адламаў ад свайго палову, паклаў перад Алесем.

— Даюць — бяры, а б’юць — бяжы,— сам сабе прамовіў Алесь, і пачастунак знік. Жуючы, сказаў: — Скончыцца вайна, дык аддам, што пазычыў.

— А калі не скончыцца? — жартам спытаў Кастусь.

— Калі не скончыцца, то сам ведаеш, на тым свеце вугельчыкамі...

А пасля снедання давялося пахвалявацца.

З вялікай надзеяй Кастусь сабраў патрэбны камплект трафейных батарэй, разгарнуў радыёстанцыю, закінуў на елку антэну і пачаў выклікаць Маскву.

Якраз к пачатку сеанса надышоў палкоўнік Кавальчук. Прывітаўся і сеў на адрэзаны дубовы кругляк, які замяняў радыстам крэсла. Знешне спакойны, палкоўнік хваляваўся не меней за Кастуся: як на здабытых у цяжкім баі батарэях будзе працаваць партызанская радыёстанцыя, ці пачуе Масква?

Вось Кастусь скончыў выстукваць ключом пазыўныя і перайшоў на прыём. Ад хвалявання твар яго крыху пабялеў, рукі нервова дрыжалі.

Алесь, які да гэтага часу сядзеў моўчкі, пазіраючы выключна на шкалу напружання, ціха, з хваляваннем, вымавіў:

— Падае... Глядзі, Кастусь, напружанне падае! Батарэі старыя...

Пры гэтых словах палкоўнік хуценька ўстаў і сам зірнуў на тую праклятую шкалу, стрэлка якой не хацела трымацца каля патрэбнай чырвонай рыскі, а паступова спаўзала ўніз...

Ды раптам Кастусёў твар прасвятлеў, вочы радасна заззялі.

— Чуе! — гучна, дзелавіта сказаў радыст.— Напружанне падала да аптымальнай нормы. Цяпер больш не будзе падаць...

У гэтым голасе адчувалася ўпэўненасць.

— Вашы радыёграмы, таварыш палкоўнік! — звярнуўся да Кавальчука Алесь. Ды толькі палкоўнік, як надзіва, абыякава адказаў:

— Каардынаты пляцоўкі сёння даваць не будзем. Абстаноўка рэзка змянілася, невядома яшчэ, дзе заначуем. А вось наступнай раніцай і перададзім...

Не паспеў Кастусь дамовіцца з Масквой, як над лесам каршуном праплыў легкакрылы карэкціроўшчык. Ён зрабіў разварот і ўжо ішоў проста на зямлянку радыстаў.

Кастусь выключыў станцыю.

— Разведчык,— ціха, нібы там, на самалёце, маглі яго пачуць, сказаў Кастусь.— Не дадуць працаваць, адразу запеленгавалі...

— А ты не зважай! Уключай, і ўсё,— махнуў рукою палкоўнік.

Але загаду Кастусь не выканаў: рацыя і сапраўды была запеленгавана. Праз якую хвіліну цёмнай хмарай закрылі сонца самалёты. Ад гулу іх матораў дрыжала зямля. Шугануўшы на вялікай хуткасці над пушчай, яны гэтак жа нечакана зніклі, як і з’явіліся. Было ясна, што самалёты падняліся не для бамбардзіроўкі наогул. Яны дзяжурылі ў паветры і чакалі каманды ад карэкціроўшчыка. Але той, выклікаўшы самалёт, згубіў пеленг, не давёў пошук да канца. Значыць, правільна зрабіў Кастусь! Вось і цяпер кружыць гэты «матыль», шукаючы згубленую мішэнь. Кружыць далёка ад лагера...

Хвіліну ў зямлянцы маўчалі.

Палкоўнік Кавальчук закурыў, з ухмылкай зірнуў на Кастуся.

— Ну і чуццё! — не стрымаўся ён.— Яшчэ трошкі — і ад нашай базы не асталося б і знаку... Дамо радыёграму ў наступны сеанс, па раскладу. А цяпер зберажы гэтае напружанне,— паказаў ён на батарэі.— Нялёгка яно дасталося...

— Але ж карэкціроўшчык кружыць цэлы дзень,— нясмела ўставіў Алесь.

— Ворага трэба заўсёды перахітрыць! Выбраць такі момант, каб радыёграму перадаць хутка і дакладна,— адказаў Кавальчук.— Зразумела?

— Але ж... Радыёграма будзе перададзена, калі спатрэбіцца,— запэўніў яго Кастусь.— Без ніякіх ускладненняў.

Калі палкоўнік выйшаў, Алесь спытаў:

— Цікава, як гэта ты перахітрыш унь таго? — і тыцнуў угору пальцам.

— Калі сказаў, то зраблю.

— Мала што сказаў...

— Не мала. Перш чым што-небудзь гаварыць, я думаю, Алесь, і ў гэтым, як мне здаецца, мы з табой крыху адрозніваемся...

Алесь нічога не адказаў, бо ў лагер прыехалі сувязныя, і ён паспяшаў да іх пачуць свежыя навіны.

А калі вярнуўся, то прынёс трывожныя весткі. На Сухім канале абарона прарвана. З боку шашы, ад вёсак Рэм і Макаўе фашысты паглыбіліся ў пушчу. Там ідуць цяжкія баі. Было ясна, што пускаць ворага далей нельга. Тут знайшлі прытулак тысячы і тысячы жыхароў наваколля. Што з імі будзе? Адкінуць варожую армію — цяжка, не хопіць сіл, як не хопіць сіл і стрымаць такі шырокі фронт.

Хлопцы чакалі новых рашэнняў палкоўніка і штаба, новых паходаў. І не памыліліся. У гэты ж вечар палкоўнік прыняў смелае рашэнне зблытаць варожыя планы: ноччу ж сцягнуць брыгады на базу, раздаць рэшткі харчоў і боепрыпасаў, падысці да адрэзку шашы Баркі — Новае сяло і паспрабаваць прарвацца. За шашой шырокае, як мора, Домжарыцкае балота, дрыгвяністае, з густымі і вялікімі астравамі. Туды і выйсці ўсім злучэннем, пакінуўшы для аховы жыхароў невялікія групы аўтаматчыкаў...

З мінулага вопыту палкоўнік ведаў, што фашысты асабліва баяцца прарываў. Яны абавязкова здымуць блакаду Баркоўскай пушчы, каб ахапіць жалезным кальцом балота. Для гэтага ім спатрэбіцца не менш тыдня. За гэты час партызаны адпачнуць. Жыхары будуць выратаваны...

На нарадзе камбрыгаў усе аднадушна адобрылі і прынялі гэты план. Каманда ў паход была дадзена.

 

Вяртанне

Нейкае нядобрае прадчуванне гняло дыверсанта ўсю дарогу, калі ён ішоў у Новае сяло, дзе цяпер знаходзілася галоўная стаўка фашысцкага камандавання з усімі адпаведнымі штабамі і службамі.

«Генерал Кайнер стары і хворы. Калі пад добры настрой — ён можа толькі махнуць рукой. А калі засіпіць, як гадзюка,— чытай малітву! Гестапавец Кеніц — служака. Гатоў да паўсмерці збіць, але пакіне жывым. Каб на другі раз было аб што кулакі пачасаць. Але ўсё ж спачатку трэба зайсці да Кеніца, субардынацыя...»

Так думаў дыверсант.

Ды не так здарылася, як думалася...

Шпака прывялі да генерала. Той якраз адпачываў у адным з пакояў школы.

Школа — гэта прасторная цагляная будыніна на два паверхі. Яе парог яшчэ не пераступаў ніводзін вучань, бо яна была скончана перад самай вайной. З храма навукі будыніна ператварылася ў засценак катаванняў і гвалту.

Вось і цяпер, ідучы па вуліцы апусцелага сяла, Шпак здалёк пачуў здушаны жаночы крык. А непадалёку ад школы ён убачыў на тоўстых суках ліпы двух павешаных дзядоў, якіх фашысты палічылі партызанамі і цяпер цешыліся сваёй перамогай. Усё гэта адразу зразумеў Шпак, і ўсё гэта цяпер студзіла ў яго жылах кроў, хоць ён і нямала аціраўся ля фашыстаў, можна сказаць, сам такім стаў.

«Тук, тук, тук»,— заадно з кованымі ботамі тухкала сэрца дыверсанта. Гранітны вестыбюль аж грымеў у яго вушах — да чаго страшны гэты грукат уласных ботаў!

Генерал быў на першым паверсе, бо на другі ён не мог падняцца з-за ўдушша.

Высокі, крыху згорблены, ён стаяў ля акна, заклаўшы худыя жылістыя рукі за спіну. Калі яму далажылі, што прывялі Шпака, ён узяў свой бамбукавы кій, ляніва павярнуўся, падышоў да дыверсанта і доўга моўчкі глядзеў яму ў твар застылым абыякавым позіркам.

— Бог мой! — нарэшце вымавіў ён сіпла.— Гэта наш тытулаваны майстра па ператварэнню жывых душ у мёртвыя? Ды ён ужо сам амаль труп! Жывы труп...

«Жартуе ён ці кпіць? Вясёлы ці разгневаны?»

Гледзячы на генерала, Шпак ніяк не мог улавіць яго настрою. На ўсякі выпадак сказаў:

— Нават у самага лепшага майстра, пан генерал, могуць быць выпадковыя няўдачы. Пракляты пароль «Дзень добры, Зорка» мяне моцна падвёў...

Гэта ўжо быў намёк і яму, генералу, які не дасягнуў поспехаў сваёй блакадай, а страты панёс значныя. Кайнер насупіўся, прайшоў да стала і сеў. Адразу заплюшчыў вочы, нібыта яму было брыдка глядзець на Шпака.

— Дакладвай, што там здарылася,— безуважна загадаў генерал, не ўзнімаючы галавы.

Шпак расказаў усё. Як памочнік шпурнуў гранату ў зямлянку радыстаў, а тыя чамусьці засталіся жывыя. Як выкраў батарэі, і ў партызанаў вось ужо колькі часу няма сувязі. Як яго злавілі, а ён уцёк...

Калі Шпак скончыў, генерал націснуў на стале чорную кнопку. З’явіўся дзяжурны.

— Гаўптштурмфюрэра Кеніца! — загадаў генерал і зноў, як здавалася, заснуў за сталом, бо вельмі ўжо санлявыя былі яго вочы, вельмі нізка звісала галава, быццам стары не спаў цэлы тыдзень.

Неўзабаве прыйшоў Кеніц, малады таўсташчокі гестапавец. Ён выцягнуўся перад санлявым генералам і шчоўкнуў абцасамі, а Шпаку здалося, што стрэліў. Вельмі гулкі пакой. Кожны гук аддаецца, як у бочцы.

Генерал устаў, прайшоўся па пакоі, тупаючы трыма нагамі: бамбукавы кій грукаў паміж крокамі. Шэры генеральскі твар неяк раптоўна пачырванеў, вочы наліліся чырванню, калі ён зірнуў на дыверсанта. Зірнуў і плюнуў яму проста ў твар...

Цяпер Шпак чакаў платы за свой вялікі страх, за перажытыя пакуты. Ён нават не ўяўляў, што генерал гэтак раптоўна раззлуецца. За што злавацца? Сувязі ж партызаны не маюць. Ён сам ледзь вынес ногі...

Пратупаўшы яшчэ разы са два вакол Шпака, генерал спыніўся ля капітана Кеніца.

— Вось, мілейшы, твой герой, дзівіся! — амаль закрычаў Кайнер, торкаючы Шпаку ў спіну бамбукавым кіем.— Ён пашкадаваў радыстаў! Ты, капітан, не знайшоў лепшага дыверсанта на такое адказнае заданне? Тады мне давядзецца шукаць лепшага капітана! Так справа не пойдзе.

Кеніц яшчэ больш выпрастаўся і маўчаў. Калі старшы начальнік гаворыць, перабіваць яго ні ў якім разе нельга, хоць і не дужа яго баішся. Небяспечна. За гэта можна пазбавіцца пасады, чарговага павышэння па службе і ўзнагароды. У старога генерала былі моцныя сувязі ў вярхах.

Шпаку ж было ўсё роўна. У вайсковай справе ён разумеў мала. А жыць хацелася. Узняўшы галаву, узмаліўся:

— Пан генерал, я выкраў батарэі...

— Маўча-а-аць! — гыркнуў генерал. Яго твар і шыя пасінелі ад натугі і злосці.— Што гэта, капітан, за жывёліна! Каму патрэбны такія дыверсанты?! Бачыце, яму наш пароль не спадабаўся, яму трэба яшчэ паролі выбіраць асобыя...

Тут трэба нешта адказаць. Капітан яшчэ раз стукнуў абцасамі і залпам выпаліў:

— Усё зробім. Пакуль партызаны сядзяць без сувязі, мы знішчым радыстаў любымі сродкамі! У нас ёсць магчымасць знішчыць нават увесь штаб...

— Але ж гэты асёл выкраў батарэі, якія сёння ноччу нам каштавалі крыві лепшых афіцэраў штаба адной нашай групы,— генерал нібыта ўсміхнуўся.— Разумееш, капітан, партызаны чамусьці не хочуць сядзець без сувязі! Яны літаральна знішчылі наш невялікі штаб і захапілі батарэі! — пырскаючы слінай, адказаў генерал Кайнер.

— У мяне ёсць план размяшчэння асноўнай базы штаба злучэння,— нясмела ўставіў Шпак.— Я раскажу пра становішча ў атрадах і брыгадах...

— Становішча нас не цікавіць! — павярнуўшыся да дыверсанта, развёў рукі генерал.— Нас цікавіць заданне. Канкрэтнае і катэгарычнае. Выканаць!..

Капітан Кеніц пры гэтым выцягнуўся, як смык.

— Выканаем! — адным духам выгукнуў ён, ускінуўшы руку ўгору.

Шпак трымаў у запасе самае галоўнае. Ён спадзяваўся, што яно, тое галоўнае, выратуе яго ў любых абставінах. Цяпер жа, калі генерал крыху памякчэў, дыверсант таямніча паведаміў:

— Пан генерал... Ваша Зорка закацілася...

— Што-о?! — зароў доўгі жылісты чалавек.— Што ты, смурод, сказаў?

Шпак збялеў. Замест жартаўлівага адцення атрымалася двухсэнсоўнасць. І навошта яму было так неасцярожна жартаваць? З кім? Хіба яны зразумеюць, што з-за гэтай «Зоркі» ён ледзь не паплаціўся жыццём?

— Я сказаў, што наша і ваша... так сказаць, «Зорка»... Ну, разумееце, больш ваша...— блытана пачаў Шпак і з мальбою зірнуў на капітана.

— Зорка — гэта разведчыца, якая павінна была перадаваць сігналы пасадачных пляцовак для дубляжу,— растлумачыў гестапавец.

— Ну і што яна? — нібы зацікавіўся генерал, намагаючыся нешта ўспомніць.

— Яна здрадзіла,— за Шпака адказаў Кеніц.— Гэта я ўлавіў адразу.

— Здрадзіла?! Павесіць! — запырскаў слінай генерал.

— Не зусім так,— удакладніў дыверсант.— Мне здаецца, што нашу Зорку павесілі адразу, як яна туды з’явілася. А за яе працуе партызанка. Яна прадала мяне... па вашай рэкамендацыі... Ледзь не павесілі. У іх там свой капітан, хітры, як ліс...

Гэта ўжо было сказана задужа смела, але акалічнасць змякчала віну дыверсанта.

Раптам генерал ступіў крок да Шпака, стаў перад ім, шырока расставіўшы ногі, быццам намерваўся нанесці страшэнны ўдар.

— Тры дні тэрміну...— прагугнявіў ён.— Калі за тры дні радысты не будуць знішчаны, мы самі ж павесім цябе на першай асіне. Гаўптштурмфюрэр, праінструктуйце вашага пратэжэ,— пагардліва дадаў ён, звяртаючыся да капітана.— Мне патрэбен адпачынак. Ідзіце... І пеленгуйце, чорт вас вазьмі! У час сеанса самалёты будуць падняты ў паветра і па першаму сігналу пеленгатара-карэкціроўшчыка накрыюць базу...

Маўклівымі і панурымі выйшлі з пакоя Шпак і Кеніц. У калідоры Кеніц што сілы стукнуў Шпаку ў патыліцу кулаком. Шпак паляцеў потырч, застагнаў.

— А-а! Паганая свіння! Я навучу цябе, праінструктую! — прыглушаным голасам прамовіў капітан.— Уставай!

«Гэта і ёсць плата за ўвесь мой страх! Дзякаваць богу, цяпер-то ўжо не павесяць!» — падумаў Шпак, устаючы з падлогі. З носа цякла кроў, але ён усміхнуўся.

— Вось гэта кулак! Ай ды капітан... Я выканаю. Я зраблю ўсё. Усё, што трэба...— выціраючы кулаком кроў, запэўніў Шпак.— Толькі «лётчыкам» не трэба больш паказвацца. Трэба пад выглядам каго-небудзь іншага. Мужычка, скажам. Прыдуркаватага мужычка, га?

Стойкасць і бясстрашша дыверсанта падзейнічалі больш, чым пахвальба. Капітан нібыта пашкадаваў Шпака.

— У цябе ёсць час — тры дні,— сказаў ён, калі яны нарэшце апынуліся ў новым пакоі.

Амаль суткі Шпак праседзеў у тым пакоі. Тут ён і даведаўся, што партызаны разбілі штаб у Мсціжы, захапілі і знішчылі радыёстанцыю, а батарэі забралі. Значыць, па сутнасці, ён, Шпак, нічога не зрабіў. А ці зробіць што? Гестапаўцы з ім не лічацца, б’юць, зневажаюць. Куды ж табе кінуцца, падбіты ды недабіты Шпак? Яны моцна трымаюць цябе ў сваіх кіпцюрах, бо ведаюць: куды б ты ні хадзіў, што б ні рабіў — прыйдзеш да іх. Здрадніку адна дарожка...

Пад раніцу другога дня Шпак перайшоў рэчку ля Новага сяла. Заданне было катэгарычнае: праз двое сутак радыстаў знішчыць любымі сродкамі, на трэція суткі яго будуць лічыць здраднікам. Вось гэта сітуацыя! Двойчы здраднік. Такога Шпак яшчэ нават і не чуў. Удасца ўцячы ад партызанаў на трэці дзень — значыць, ратунак, а не ўдасца...

«За што ж гінуць? — думаў дыверсант на ўзлессі.— За той гнілы панскі маёнтак? Ды і навошта мёртваму багацце?»

Але доўга разважаць Шпак не мог. Страх падганяў яго наперад. Паправіўшы на папрузе гранаты, Шпак сціснуў халодную рукаятку аўтамата і падаўся ў гушчар.

 

Прарыў

Радысты падрыхтаваліся да паходу хутка. Кастусь узяў, як звычайна, сумку з радыёстанцыяй, а Алесю даў несці трафейныя батарэі, якія былі крыху меншыя, лягчэйшыя за згубленыя.

— Вось,— сказаў ён сябру,— зноў будзеш несці. Калі цяпер хоць на хвіліну кінеш, то...

— Цяпер мне хоць галаву здымі, не кіну! — адказаў той.— Цяпер я — не я... Як тыя двое.

— Якія двое?

Алесь, нібы нехаця, адказаў:

— Сустрэліся аднойчы двое незнаёмых. Вось адзін і кажа другому: «Прабачце, ці гэта я вас у нядзелю спаткаў у Вільні?» — «Не,— кажа другі,— як на свеце жыву, не быў у Вільні».— «Цікава! — зноў першы.— Я таксама там ніколі не быў... Гэта сустрэліся там, напэўна, дзве іншыя асобы...»

— Глядзі ж, асоба! — ухмыльнуўся Кастусь.— Дывсрсант яшчэ на волі.

— Аб гэтым не варта забываць і табе... Менш ву-унь з той па кустах бадзяйся.

— З кім?

Тут Кастусь заўважыў Зіну. Яна чакала іх ля нагружанай шпітальнымі рэчамі фурманкі.

Вось фурманка кранулася, хлопцы рушылі ў паход.

— Шырэй крок, гвардыя! —усклікнула Зіна, і радысты пусціліся ледзь не навыперадкі.

Чорны берэт, скасабочаны на левае вуха, сумка цераз плячо, туга падпяразаны бушлат, пісталет збоку, а выглядае Зіна зусім дзяўчынкай. Толькі позірк пасталеў, ён стаў больш насцярожаны і пільны: немалую адказнасць нясе і Зіна, гэтая новаспечаная разведчыца, якая дзейнічае пад чужым паролем...

Кастусь усміхнуўся такому яе выгляду. Падышоў, аберуч паціснуў яе малую далонь.

— Рад бачыць цябе вясёлай пасля бою! Думаю, падарунак не спатрэбіўся?

Зіпа моўчкі паказала яму санітарную сумку, кішэньку, дзе яна клала гранату. Цяпер яе там не было.

— Шчаслівы чалавек! Хоць бы расказала нам, як фашыстаў знішчала! — пажартаваў Алесь і пайшоў побач з Зінай. Яна была яму толькі па плячо. Зразумела. Грукнула кулаком у дужыя грудзі, дакорліва паківала галавою.

— Не турбуйся, Алесь, вайна скончыцца — падрасту. Вось на такіх абцасах шпацыраваць буду,— паказала.— А то і на вышэйшых...

Яны ішлі і размаўлялі.

А пасля, калі Алесь змарыўся і зрабілі невялічкі прывал, Зіна расказала аб начным паходзе, аб цяжкіх хвілінах бою. Яна не хавала ад хлопцаў свайго перажытага страху, і яны жыва ўявілі той жудасны малюнак паядынку кволай дзяўчыны з фашысцкімі граміламі.

— І каб не твая граната, Кастусь...— сказала яна нарэшце і змоўкла, цяжка ўздыхнула. І ўсім было ясна, што б магло здарыцца.

— Мы цяпер будзем заўсёды разам з табою ісці, Зіна,— у задуменні прамовіў Алесь.— Будзем берагчы. Калі хто адзін з нас і загіне, то другі...

— Балбатун! — перабіла яго Зіна.— Ніхто не загіне. Ужо нядоўга тут фашыстам быць, нездарма яны так лютуюць, бо, няйначай, пагібель чуюць...

— Вось іменна! — падхапіў яе словы Алесь.— Вайна скончыцца. А без цябе мне ў нашу вёску дарогі няма. Галаву скруцяць, калі дазнаюцца, што былі разам ды не збярог...

Кастусь ішоў паперадзе, слухаў іхнюю размову і думаў сваё: «Бадай ці вернецца Зіна ў сваю вёску... Нікуды яе не пушчу, заўсёды са мною будзе, калі выжывем. Фашысты і праўда ўзяліся за нашы душы не на жарт. І за тое, што я яшчэ жывы, павінен аддзякаваць перш за ўсё Зіне...»

Неўзабаве зноў зрабілі прывал.

Зіна пайшла да сваіх, пакінуўшы радыстаў з іх даўняй спрэчкай: як будуць жыць пасля вайны людзі. Пазнаўшы шмат гора, перажыўшы нястачу, страх, пажары і смерці, людзі яшчэ больш згуртуюцца, зблізяцца.Яны будуць больш чыстыя душою, будуць шанаваць цішыню ў свеце, як самае дарагое, яны не дазволяць азмрочваць чыстую сінь неба. Так гаварыў Кастусь. Алесь жа даводзіў, што вайна зрабіла людзей суровымі, жорсткімі.

— А разруха, а тысячы сірот! — гаварыў Алесь, махаючы кулакамі ў паветры, быццам некаму пагражаючы.— Якая ўжо тут чысціня душы, шчасце...

— Чым больш цяжкасцей у чалавека, тым больш душа яго цягнецца да светлага, лірычнага. Такі, браце, відаць, закон чалавечага быція... Хіба не суровыя ваенныя гады нарадзілі тысячы лагодных песень, няхай іншы раз і наіўных, але чыстых, сардэчных.

І Кастусь ціха-ціха заспяваў:

 

Бьется в тесной печурке огонь,

На поленьях смола, как слеза...

И поет мне в землянке гармонь

Про улыбку твою и глаза...

 

Алесь задумаўся, слухаючы, як сумуе па каханай голас героя, як ён, герой, хоча, каб пачула яго сум каханая... Ці ж і яго душа не рвецца ў свет летуценных мар і надзей? Ці ж не хочацца і яму, Алесю, светлага, чыстага чалавечага шчасця?

Але думкі бяруць другі кірунак:

— Сціснуць зубы і працаваць — вось як павінен жыць пасля вайны чалавек. Працаваць, покуль не загояцца раны. І ў зямлі, і ў людзей. Потым можна цягнуцца і да лірыкі.

Кастусь змаўкае. Ён адчувае, што па сутнасці ў іх няма разыходжанняў у думках. Проста — Алесь перажыў больш. Ён страціў на вайне брата, адважнага танкіста Міколу. Фашысты звезлі ў Германію сястру...

Міналі сцежкі, дарогі, паляны.

На выхадзе з пушчы была вялікая, роўная паляна, якую абапал абступалі магутныя дубы. Такіх палян вакол пушчы многа, а гэта асаблівая. То — урочышча Старына. Калісьці тут стаяла адзінокая хата лесніка. Цяпер ад яе застаўся толькі цагляны падмурак. Сюды, на паляну, і збіраліся атрады і брыгады злучэння палкоўніка Кавальчука.

А як добра сцямнела — загула зямля ад тупату тысячаў ног. Партызаны рушылі на прарыў блакады.

Алесь не адставаў ад Кастуся ні на крок, стараўся. Бедаваў толькі, што ідуць у самым цэнтры калоны і ці давядзецца ўбачыць сапраўдны бой, ці давядзецца сустрэцца сам-насам з ворагам.

Далёка наперадзе кароткімі перабежкамі пасоўваліся штурмавыя групы, а з флангаў ахіналі дзве моцныя брыгады. Тыл прыкрывала трэцяя брыгада. А шашу, што аддзяляе пушчу ад балота, перабегчы нядоўга...

Апошні прывал перад боем зрабілі роўна а дванаццатай гадзіне ночы, а ноч, на шчасце, выдалася не цёмная, але і не дужа відная. Сярпок-месячык ледзь праглядаўся праз тонкае прасцірадла хмар. Адсюль відаць хмызняк перад дарогай, у якім стаіліся, замерлі штурмавыя групы. Чуваць, як равуць на выбоінах машыны. Недзе зблізу б’юць гарматы. Снарады ляцяць цераз галовы і рвуцца далёка ў бары. Ірвуцца рэзка, з гулам. Не змаўкаюць і «зязюлі», варожыя аўтаматчыкі, замаскіраваныя на дрэвах. Гэта добра, што навокал стаіць такі тлум.

Вушы прывыклі да страляніны. Яе іншы раз нібы не чуеш, як не чуеш цікання гадзінніка ў хаце.

Але вось нечакана сярод гэтага аднастайнага шуму грымнуў магутны залп ручных гранат. Гэта на шашы. Туды ўжо ўпрыціск падпаўзлі партызанскія штурмавікі. Магутнае водгулле хваляй пракацілася па лесе. За гулам нават не чуваць уласных стрэлаў.

Хлопцы стралялі ўсё больш угору, бо і наперадзе, і з бакоў — усюды свае. Вось тут і адкукавалі «зязюлі», змоўклі, як па камандзе, бо, вядома ж, апроч радыстаў угору смалілі сотні партызан, грымелі ўсе тылы.

Алесь выскачыў на шашу, крутнуўся, каб разгледзецца, ды нехта штурхнуў яго ў плечы. Кульнуўся раз, другі і апынуўся ў канаве.

— Не лаві варон, радыст, бяжы!

«І тут за намі назіраюць... Як за дзецьмі!» — з крыўдай падумаў Алесь, устаючы і азіраючыся на таго, хто гаварыў. Ясна — аўтаматчык з каменданцкага...

Для радыстаў бой быў скончаны: шаша пройдзена. Страляніна засталася ззаду. Алесь штурхнуў Кастуся ў бок.

— Хоць бы аднаго жывога фашыста сустрэць! А то вайна скончыцца, а лік не адкрыты. Сорамна будзе людзям прызнацца. Спытаюць у вёсцы — колькі ты, Алесь, фашыстаў кокнуў? Што адкажаш? Лыпай вачамі ды чырваней...

Кастусь паціснуў плячамі. Ён несупынна бег наперад, усё шукаючы вачамі Зіну. Заўважыў каля параненых, супакоіўся, спыніўся. І тады адказаў Алесю так:

— Не ўсякі генерал, Алесь, фашыста забіў, але без генерала і салдат не ваяка. Лічы сябе генералам!

— Мудрэц! — Алесь ляпнуў таварыша па плячы.

— А можна і так... Угору ты страляў?

— Страляў...

— Дык вось і памяркуй... На дрэвах сядзелі фашысты. І аднаго з іх ты прыкончыў. Выпадкова, скажам, але насмерць...

— Яшчэ большы мудрэц. Угаварыў!..

Калі пачало світаць, над астравамі Домжарыцкага балота з’явіліся варожыя эскадрыллі. Яны бамбілі наўгад. А з узгоркаў, ад вёскі, шалёна ўдарыла артылерыя.

Значыць, вораг клюнуў на хітрасць Кавальчука, паверыў, што ўсе партызаны «ўцяклі» з Баркоўскай пушчы. Чакай цяпер блакады балота. А гэта ўжо не страшна, калі ёсць сувязь з Масквой, калі ў пушчы засталася моцная ахова мірных жыхароў, да якіх напэўна, ужо не сунуцца фашысты...

— Вось дык трапілі! — весела гаварыў Алесь, грызучы сухі кавалачак хлеба.— З агню ды ў полымя. Думаю, што яшчэ не ўсё, яшчэ дастанецца нам на арэхі...

 

Смелае рашэнне

План Кавальчука здзейсніўся!

Разведчыкі адусюль паведамлялі, што фашысты здымаюць блакаду Баркоўскай пушчы і паспешліва абкружаюць балота, у першую чаргу пераразаючы дарогі.

Пакуль яны разгорнуцца са сваёй тэхнікай, партызаны адпачнуць, а там можна будзе або такім жа чынам перабрацца назад, або выйсці куды хочаш. Весці адкрытыя баі няма сэнсу: страціш дарэмна сілы, а іх трэба берагчы для разумных і карысных аперацый. Баі яшчэ будуць. Палкоўнік Кавальчук збярэ свой баявы штаб — усіх камандзіраў брыгад і атрадаў,— і яны супольна што-небудзь прыдумаюць. Сядзець у балоце доўга не давядзецца.

«Вось цяпер і трэба даць у Маскву радыёграму, каб падкінулі гаручае і харчы»,— падумаў Кавальчук і адразу пайшоў да радыстаў.

Яны адпачывалі ў цяні маладой елачкі.

Алесь першы заўважыў палкоўніка, ціха сказаў:

— Павел Антонавіч ідзе. Відаць, з радыёграмай...

Кастусь адразу падняўся з зямлі, правёў пальцамі пад рэменем, абцягваючы гімнасцёрку на сваёй тонкай, да немагчымага схуднелай паставе. За ім падняўся і Алесь, зірнуў на гадзіннік.

— І ведае ж, што неўзабаве сеанс з Масквой...

Палкоўнік падышоў, прывітаўся, а пасля спытаў:

— Ну, як вы тут уладкаваліся? Не дужа цяжка было ў баі, нічога не разгубілі?

— Бой мы толькі чулі, а не бачылі,— у тон яму адказаў Кастусь.— А згубілі надзею фрыца забіць, хоць аднаго...

Палкоўнік засмяяўся.

— Прызнацца, я таксама, як і вы! — цішэй адказаў ён.— Затое штурмавікі папрацавалі на славу. Ды яшчэ тылу давялося сустрэцца, як і думалася, з «тыграмі». Пакуль шаснаццаць гэтых звяруг не запалілі — не маглі прабіцца.

— Вось гэта была работка! — у захапленні сказаў Алесь.— Паляванне на «тыграў».

— Нічога, не шкадуйце, бо яшчэ самае цікавае наперадзе. Кожнаму воіну — свой абавязак... Вось, перадайце лепш так, каб усё было ціха. Каардынаты новай пляцоўкі, сігналы старыя...

Кавальчук напісаў на невялічкай паперцы радыёграму і перадаў Кастусю.

— Думаю, хлопцы, што нашу першую дыслакацыю не запеленгуюць фашысты, га? Ты, Кастусь, абяцаў нешта прыдумаць. Дык вось і прыдумай. На востраве тысячы людзей...

— Ясна, Павел Антонавіч! — адказаў Кастусь.

Кавальчук хітравата прыжмурыўся на яго, потым з усмешкай сказаў:

— Не — «Ясна, Павел Антонавіч», а — «Слухаю, таварыш палкоўнік!» Прывыкайце да дысцыплінкі. Хутка і вы пагоны начэпіце, таварышы малодшыя лейтэнанты!

Кавальчук пайшоў.

— Прыдумаеш тут,— уздыхнуў Алесь, схіліўшы галаву набок, як гусь.— Чуеш, гудзе...

Прыслухаўся і Кастусь.

Над балотам чуўся знаёмы гул «матыля». Здавалася, што недзе далёка працуе трактар. Але варта толькі націснуць на ключ, паслаць у эфір сігнал, як чорны цень абрыдлага «матыля» адразу з’явіцца над востравам. За карэкціроўшчыкам прыляцяць і бамбавозы. А Кастусь яшчэ нічога не прыдумаў...

Ён спярша сеў ля сваёй радыёстанцыі і дастаў шыфр. Зашыфраваўшы радыёграму, Кастусь адразу спаліў тэкст, што напісаў палкоўнік. Цяпер на паперцы былі толькі лічбы. Потым уключыў радыёстанцыю на прыём. Асноўная хваля, на якой павінен быў працаваць радыст, глушылася. Была яшчэ запасная. Вораг яе не ведаў. Трэба было пачынаць сувязь на запасной, дамовіцца аб новых хвалях і перадаць радыёграму хутка, не зважаючы ні на што, бо могуць «сесці» батарэі і тады — бяда. Значыць, трэба адысціся куды-небудзь далей з вострава, бо тут адпачываюць тысячы людзей. Трэба знайсці новы востраў — гэта адзінае выйсце для радыстаў, бо без высокіх хвой антэну не ўзнімеш угору, Масква не пачуе...

— Што будзеш рабіць? — абудзіў Кастуся Алесеў голас.

— Яшчэ не ведаю.

— Застаецца дваццаць хвілін...

— Нічога, на працягу гадзіны будуць слухаць.

«Калі сказаць Алесю, што пайду адзін, то не адчэпіцца, а браць з сабою нельга: навошта абодвум рызыкаваць жыццём? Ды наўрад ці згодзіцца палкоўнік, каб мы ішлі з вострава. Пайду лепш адзін. Непрыкметна. І гэтак жа непрыкметна вярнуся...»

Так думаў Кастусь, збіраючы ўсё неабходнае для сувязі: антэну, батарэі, рацыю. Ён упэўніўся ў правільнасці сваёй задумы, калі пачуў, што гул аднакрылага самалёта набліжаецца.

Выбраўшы зручны момант, Кастусь сказаў:

— Пайду спярша параюся з Паўлам Антонавічам... Ды трэба яшчэ дашыфраваць, каб разам з батарэямі нам скінулі новую радыёстанцыю...

— Дык навошта сумку бярэш?

— Сумка павінна быць заўсёды пры мне.

— Ясна, не давяраеш...

— Як бачыш. Дык ты чакай, калі што якое прыдумаем — абавязкова скажу.

— Скажы абавязкова, пачакаю...— з крыўдай у голасе адказаў Алесь.

Кастусь пайшоў.

Ля штабнога будана азірнуўся і, нікога не ўбачыўшы, шаснуў у густы ельнік.

Непрыкметна выйшаўшы за востраў, ён з паўгадзіны блукаў сярод чэзлых бярозак, па калені правальваючыся ў топкую твань. Ды нарэшце ўзышоў на цвёрдае — натрапіў на востраў. Гэта быў даволі вялікі грудок, парослы густым чарналессем, у асноўным елкамі, асінамі і тоўстымі алешынамі, сярод якіх было безліч зусім сухіх, без лісця і галін. Яны бронзавымі слупамі высіліся між цёмнай зеляніны.

«Кіламетры з два, мусіць, адышоўся»,— падумаў радыст. Выбраў пад елкай высокую купіну, хутка разгарнуў рацыю, закінуў на елку антэну, пацягнуў супрацьвагу і пачаў працаваць, услухоўваючыся ў манатонны гул самалёта.

«Няўжо я не перасілю свайго страху?» — стараючыся не заўважаць карэкціроўшчыка, які адразу з’явіўся над востравам, падумаў Кастусь. Ёп міжволі ўзняў галаву і ўбачыў, як самалёт імклівым ценем праплыў над самымі вяршалінамі, потым развярнуўся і зноў, ужо з другога боку, праляцеў проста над ім. Значыць, станцыя засечана дакладна...

Шчыльна прыціскаючы рукамі навушнікі, Кастусь на момант заплюшчыў вочы, услухаўся. Масква яго чула. Трэба адказваць. Адняў ад навушнікаў рукі і зноў перайшоў на перадачу. Азірнуўся — нідзе нікога. З кім бы падзяліцца радасцю? Трыццаць пяцізначных груп радыст першага класа перадасць за якую хвіліну.

Кастусь паклаў чорненькі тэлеграфны ключ «жабку» сабе на калена і хутка дамовіўся аб запасной хвалі. Гэта — на выпадак. Потым пачаў перадаваць радыёграму...

Амаль у тую ж хвіліну фашысты пачалі абстрэл вострава з гармат. Некалькі снарадаў разарвалася зусім блізка, але Кастусь нават не азірнуўся: ён ведаў, што цяпер ад яго вытрымкі залежыць вельмі многае...

 

Па слядах таварыша

«Мудрэц... Да палкоўніка раіцца. Шукай дурняў!» — падумаў Алесь і крадком пайшоў за таварышам. Ён убачыў, як Кастусь сігануў за штабны будан. Спярша хацеў пайсці следам, але затрымаўся ў дарозе: яго аклікнула Зіна.

Падбегла і з хваляваннем у голасе прагаварыла:

— Куды ты ідзеш?

— Па сваіх справах...

— Чакай... А дзе Кастусь?

— Пайшоў па сваіх справах...

— Ты не балабонь. Сёння мы з капітанам яшчэ аднаго з атрутай злавілі, каля кухні аціраўся, на той пароль адгукнуўся. Такі, ведаеш, труслівы ды дурны, што нават не верыцца, каб такога ды пасылалі. Палкоўнік перадаў, каб асцерагаліся...

— Асцеражомся,— відаць, нават не слухаючы Зіны, абыякава адказаў Алесь, пазіраючы праз яе плячо туды, дзе ўжо знік з вачэй Кастусь.

— Ну, тады я пабегла да сваіх параненых, бо мая місія, відаць, скончана...

— Якая місія? '

— Разведчыцы. Калі Шпак дабярэцца да фашыстаў, то ўжо раскажа, як папаўся. Аднак яшчэ вось бадзяюцца старыя ваўкі-адзіночкі. Відаць, Зоська не малым агентам была...

У Алеся не хапіла цярпення.

— А мяне гэта менш за ўсё цікавіць! — згубіўшы ўсякую надзею зноў убачыць Кастуся, непрыязна адказаў ён і махнуў рукою.— Так што, выбачай, рэзідэнтка...

Зіна не чакала такога адказу, збянтэжылася. Але, калі ўбачыла, што Алесь подбегам накіраваўся ў бок балота, здагадалася, што ў хлопца сапраўды ёсць нейкі клопат. Хуценька заспяшалася да капітана Крайко...

Мінуўшы невялічкі раўчук, што выцякаў проста з вострава і віўся між балота, Алесь спыніўся. «Вось жа нанёс чорт гэтую дзеўку! Быцам спецыяльна,— зазлаваў ён.— Куды ж пайшоў мой слаўны рыцар? Калі ў балота, то дзе антэну нацягне? Нідзе ніводнага людскага дрэва, усе нейкія мізэрныя, два метры ад зямлі, а трэба ж не менш дзесяці...»

Абыходзячы востраў наўкруг, Алесь злаваў усё больш. Ён ужо і сапраўды гатоў быў даць веры, што Зіну наўмысна падаслаў Кастусь, каб затрымаць яго.

Раптам Алесю прыйшла шчаслівая думка. Выбраў адну высокую елку на самым краі вострава і пачаў карабкацца да тоўстых сукоў. Потым хутка, як па драбіне, залез на самую верхавіну, агледзеўся. І адразу ўбачыў Кастуся, які прабіраўся па балоце да новага вострава. Ён то з’яўляўся між дробных бярозак і хвоек, то зноў хаваўся за імі...

Не злез, а проста скаціўся Алесь з елкі — так шпарка перабіраў ён рукамі і нагамі. Зірнуў па звычцы на сонца і праз момант ужо цёпкаў па балоце, задаволены тым, што на гэты раз Кастусь яго не перахітрыў. Алесь абавязкова насцігне яго ў гэтай пагоні.

Па сутнасці, нічога хітрага ў тым не было, што Кастусь выбраў для працы другі востраў. Пра тое ж не раз думаў і Алесь. І цяпер яму было крыху сорамна, што ён першы не выказаў Кастусю такую прапанову, што проста збаяўся пайсці на рызыку. Фактычна гэта азначала выклікаць агонь на сябе. Інакш не назавеш. Самалёт пеленгуе дакладна з розніцай у адлегласці дзесяць — дваццаць метраў.

І было крыху крыўдна, што Кастусь не паклікаў з сабою, а ўцёк адзін, нічога нікому не сказаўшы. Ён пайшоў на рызыку — гэта праўда. Праўда і тое, што калі б палкоўнік дазнаўся, то за такое свавольства па галаве не пагладзіў бы. Але ж двум было б весялей і смялей...

Хутка ісці па балоце вельмі цяжка. Пераскакваючы з купіны на купіну, Алесь усё глядзеў, каб не збіцца, каб сонца ўвесь час было справа. І кожны раз, калі ён уздымаў вочы, сонца сляпіла яго. Перад вачамі доўга плылі жоўтыя кругі. Ды і не дзіва: ён галодны, ён вельмі знясілеў. Пасля такой ночы, амаль не адпачыўшы, не паспаўшы, як той затраўлены воўк, які ты хадок па балоце! А ў роце аж смажыць, язык аж пячэ, быццам лізнуў гарачую патэльню.

Алесь нахіліўся і сарваў некалькі буйных, як арэхі, ружовабокіх журавін. Толькі цяпер ён заўважыў, колькі іх на балоце! Імі, як пацеркамі, усланы ўсе купіны, імі прашыт аксамітна-зялёны мох.

Ад карлікавых бярозак і хвоек на зямлю клаўся рабы цень. Дзіўна, але факт: на балоце дрэвы вялікія не растуць. Яны хоць і старыя, але заўсёды маленькія.

А сонца проста сляпіла.

Раптам жоўтыя кругі ўваччу зніклі, і тады ад рабога ценю аж павяло ў бакі. Алесь прыпаў спіною да дрэўца і зажмурыўся. Ды не адпачывалася, бо вельмі выразна чуўся гул разведчыка. Алесь напружыўся і зноў рушыў у сваю бясконцую пагоню. Яму здавалася, што гэтай дарозе не будзе канца, што нарэшце сілы зусім пакінуць яго. «Няўжо гэта страх аднімае ў мяне ногі?» — зноў спыніўшыся, падумаў радыст. Нейкае нязвыклае пачуццё страху перад гэтым надакучлівым тарахценнем варожага самалёта, які кожную хвіліну можа стаць эскадрылляй або цэлым авіяпалком, скавала яго волю, адвагу. З кім біцца? Іншая справа, калі перад табой жывы варожы салдат. А вось самалёты...

Набягалі спакуслівыя думкі: яго ніхто не пасылаў сюды, ён можа ў любы час вярнуцца. І ўсё стане звычайным, простым, і ніхто яго не папракне...

Ступіўшы яшчэ колькі крокаў, Алесь раптам убачыў востраў. Было такое ўражанне, быццам радыст вынырнуў з вады і ўбачыў выратавальны бераг. Зусім блізка. Ён адкрываўся за вербалоззем.

На ўскраі вострава, побач з калматай елкаю, Алесь зусім неспадзявана ўбачыў нейкага чалавека. У звычайным, даволі паношаным адзенні, у старых кірзавых ботах, з аўтаматам цераз плячо, той чалавек чамусьці раптам схаваўся за яліны і як бы пачаў за кімсьці пазіраць, сачыць. Што гэта быў не Кастусь, Алесь пазнаў адразу. Дык хто ж тады? Няўжо Кастусь узяў сабе ахову з каменданцкага ўзвода? І чаму гэта ўдарыла артылерыя?

Паціху прабіраючыся наперад, Алесь не зводзіў вачэй з незнаёмца. А той ужо зусім схаваўся між галін, і толькі чорны аўтамат віднеўся здалёк. Аўтамат быў нацэлены ўгору, на высокае дрэва, голлі якога моцна хісталіся.

Над галавой з бясконцым гулам ляцелі снарады і страшэнным громам узрываліся на востраве. Хвалюючая здагадка разанула Алесева сэрца. Дастаўшы з кабуры пісталет, ён перабежкамі, ад дрэва да дрэва, пачаў набліжацца да высокага дрэва на ўскраі вострава...

 

Паядынак

Зноў, як і некалькі дзён назад, блукаў Шпак па цёмных лясных нетрах, хаваючыся ад усяго жывога. Перш яму здавалася, што справы яго пайшлі на лад: капітан Кеніц урэшце змяніў гнеў на міласць. Ён паказаў Шпаку нейкую зеленаватую паперку і, смакуючы кожнае слова, сказаў:

— Вось, гер Сікорскі, наша сапраўдная плата!

Шпак дрыжачымі рукамі ўзяў паперку і прачытаў: «Уся нерухомая і рухомая маёмасць, як і землі ў межах да 1939 года, што раней належалі вотчыне Круціцкага, замацоўваецца на вечнае карыстанне і перадаецца пад уладу Сікорскаму Юзэфу Францавічу, як адзінаму нашчадку фальварка...»

Што за несусвеціца! Чаму ён не падумаў тады, раней, што фашысты плацілі яму тым, чаго самі не мелі? Дзе яна, тая рухомая і нерухомая маёмасць? Усе будынкі спалены, людзі ў партызанах, а зямля... Яна — не залатая табакерка, у кішэню не пакладзеш, у новую эміграцыю з сабою не возьмеш...

Але ён так толькі падумаў.

Уголас Шпак сардэчна дзякаваў гаўптштурмфюрэру за вялікую міласць да яго, Шпакавай, асобы.

Ён пастараўся хутчэй пазбавіцца ад неўраўнаважанага капітана, які так хутка мяняе свае адносіны да дыверсантаў...

Шпак рады быў даведацца, што злучэнне Кавальчука вырвалася з Баркоўскай пушчы і перайшло ў Домжарыцкія балоты. Там лягчэй унікнуць сустрэч з людзьмі.

Так яно і здарылася.

Дыверсант пратэпаў добры дзесятак кіламетраў і нідзе нікога не сустрэў. Пад раніцу ён узбіўся на пусты востраў і да світання прасядзеў пад ялінай, услухоўваючыся ў далёкі гул кананады. Страляніна была куды мацнейшая, чым тая, што чуецца штодня. Шпак адчуваў — коціцца назад фашысцкі фронт, коціцца нястрымна. Дык няўжо ж цяпер, нічога не ведаючы пэўнага, гінуць яму тут, у гэтым праклятым балоце? І што рабіць яму далей, як трымацца? Выконваць заданне ці не? Прабрацца ў партызанскі штаб злучэння ён і не думаў. Лягчэй было б знішчыць радыстаў у час якога-небудзь паходу. А для гэтага трэба ўсё разведаць, ноччу непрыкметна далучыцца да калоны і выканаць заданне.

А як разведаць? Яго ж цяпер пазнае не толькі капітан Крайко, а кожны партызан з каменданцкага ўзвода, медсястра Зіна, партызаны, што былі ў шпіталі. Радысты, напэўна, ахоўваюцца вельмі дбайна, да іх проста не падступішся.

Развіднела.

Шпак дастаў з кішэні маленькае круглае люстэрка і зірнуў на свой аброслы шэры твар. «Як жа я за апошні час пастарэў!» — міжволі падумалася яму. Мізэрным і брудным здалося і заданне, калі ён і выканае яго. Фронт няспынна насоўваецца. Шпаку іншы раз прыходзілі бязглуздыя думкі ў галаву, што калі б ён, пакуль не позна, пайшоў да капітана Крайко і расказаў яму ўсё, што ведае, што перажыў, пакаяўся, то, мажліва, яму і даравалі б. Або судзілі як бандыта, выслалі, нарэшце...

Але заўсёды, калі ён так думаў, у памяці ўсплывалі жудасныя малюнкі яго мінулага, за ім вечна цягнуліся яго крывавыя сляды. Асабліва тыя, апошнія...

— Грамадзянка Астахава, выходзь!

Ён не ведаў, што ў сувязной партызанкі была дачка, хударлявая чарняўка.

— Не пушчу маму! Дзядзечка, не чапайце яе!..

Вялікія прыгожыя вочы. Яны глядзелі на Шпака з жахам, мальбою, і яму раптам стала страшна. І ён выстраліў проста ў вочы. Позірк іх не згас у яго памяці да сённяшняга дня. Ён усюды бачыць іх, як свой прысуд...

...Шпак пацёр здранцвелую нагу. «Не, вяртанне немагчыма, застаецца адно»,— падумаў дыверсант і, каб разагнаць гэтыя хмурныя думкі, зірнуў угору.

Сонца ўзнялося ўжо даволі высока, а ён нават не сагрэўся. Вылез з-пад елкі і падставіў твар пад цёплыя сонечныя праменні. Прыемна было адпачываць вось так, пыхкаць папяросай, ні аб чым не думаючы. Ціха, утульна, нават камары не дужа дакучаюць. Яны, як і совы, баяцца сонца, трымаюцца днём у гушчары, пад елкамі, у траве.

Над востравам праляцеў самалёт. «Разведчык! Ён падкажа мне, дзе партызаны»,— зірнуўшы на самалёт, падумаў Шпак і пачаў уважліва сачыць за разведчыкам — куды ён паляціць, які возьме кірунак.

Але разведчык нікуды не паляцеў, а развярнуўся і пачаў кружыць над востравам. Шпак адразу загасіў папяросу і, як асцярожны драпежнік, натапырыў вушы...

Гарматных стрэлаў ён не чуў, глушылі магутныя выбухі снарадаў, што разрываліся на востраве. «Разведчык падаў каманду! Значыць, ён тут нешта засек... Што?» — занепакоіўся Шпак і стаў прабірацца краем вострава.

Артылерыя ўзмацніла агонь, і дыверсанту часта даводзілася залягаць між купін. Аб тым, што партызанаў тут не было, ён упэўніўся яшчэ раней. І гэтая ўпэўненасць наводзіла яго цяпер на думку, што або разведчык памылкова перадаў гэтыя каардынаты артылерыі, або... «Няўжо такое можа здарыцца? Няўжо тут, на бязлюдным востраве, працуюць радысты?» — радасная здагадка працяла дыверсанта. І тут пачуўся магутны гул дзесяткаў цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў...

А Кастусь перадаваў радыёграму.

Снарады ўзрываліся побач, але радысту было не да страху: спяшаўся. «Аказваецца, можна працаваць і пад агнём, калі ведаеш, што гэта нікому не шкодзіць, апроч цябе... Алесь праўду казаў, што страх мае самае кароткае жыццё — імгненне».

Ён заўсёды, калі працаваў, аб чым-небудзь ды думаў. Рука сама беспамылкова перадавала лічбы. І цяпер хлопец стараўся не звяртаць увагі на выбухі, ад якіх аж уздрыгваў увесь востраў. Вось перададзена і апошняя група лічбаў...

Не чуў, калі з’явіліся самалёты. Яны раптам закрылі сваімі ценямі гэты груд і скінулі бомбы. Здавалася, усё навокал узнялося ўгору і асела...

Кастусь трасянуў галавою і агледзеўся. Жывы! Заставалася атрымаць з Масквы квітанцыю на радыёграму. Як выбуховай хваляй ці асколкам сарвала з дрэва антэну. Адразу падумалася: можна і без квітанцыі, не той час... Але ж і не кідаць тут антэну, запасной няма. А ладны канец яе целяпаўся высока на дрэве.

Не доўга думаючы, Кастусь дацягнуўся да ніжніх сукоў елкі і, спрытна, як калісьці на турніку, падцягнуўшыся на руках, ухапіўся за вышэйшыя сукі — і палез! Падымацца цяжка і небяспечна, але трэба. Да крыві абдзёр твар і рукі, але ці да гэтага цяпер!

А тут зноў праляцелі самалёты, і над Кастусёвай галавой пачуўся тонкі посвіст бомб. Замёр на месцы, моцна прыціснуўшыся да дрэва, чакаючы выбухаў. Потым успомніў — калі чуцен свіст, значыць бомбы ўпадуць далей. І з новай сілай пачаў узбірацца ўгору, не зважаючы ні на што...

Вось і абрэзак антэны. Яе перасекла асколкам на самым версе. Схапіўшыся адной рукой за тонкі ў верхавіне ствол, Кастусь асцярожна адкінуўся і другой рукою злавіў антэну, пачаў здымаць, каб пасля на зямлі злучыць.

І тут быццам хто павярнуў яго галаву да сухой алешыны, што стаяла між дзвюх ялін. Глянуў на яе і ледзь не паляцеў старчма галавой уніз: ля алешыны, з аўтаматам напагатове, стаяў дыверсант Шпак! Але ні шэры твар бандыта, ні нацэлены аўтамат так не ўразілі Кастуся, як вочы. Яны глядзелі на радыста з цікавасцю і нейкай хваравітай зайздрасцю, здзіўленнем. І ніякіх рухаў, быццам то быў не чалавек, а нейкая здань.

— Хто тут?! — вырвалася само сабою.

У вачах пацямнела, нібы раптам насунуўся вечар. І нікога. Елкі, асіны, алешыны ды рабінка ўнізе ані шалахнуцца. Ці гэта здалося, ці ўявілася ад страху?

«Няйначай, здалося»,— механічна адчэпліваючы антэну, падумаў Кастусь і тут пачуў, што зноў ляцяць варожыя самалёты, заўважыў, як з першых жа машын пасыпаліся дробныя бомбы. Заплюшчыў вочы і зноў прыпаў да дрэва.

І трашчалі старыя алешыны, крышыліся ад магутных выбухаў, свісталі асколкі, ссякаючы безліч галінак з дрэў.

Калі ж Кастусь крануўся, каб з абрыўкам антэны злезці далоў, пачуў страшнае:

— Стой, ні з месца! Цяпер-то я вазьму цябе жывым...

Зірнуў і зноў убачыў ранейшы прывід: на тым жа самым месцы стаяў Шпак. Толькі цяпер ён, як вар’ят, выскаляў рудыя зубы. Кастусь так разгубіўся, што на нейкі момант у яго адняліся ногі і рукі, гарачая хваля апякла ўсё нутро. Ён літаральна скаціўся з елкі, але ўжо нічога не паспеў зрабіць, бо ў той жа момант недзе збоку суха трэснуў стрэл, а за ім дзесяткі выбухаў зноў страсянулі востраў ад краю да краю...

Кастусь толькі згледзеў, як крутануліся і зямля, і лес, як усё навокал зялёна-шэрай коўдрай праплыло перад вачамі і навалілася на яго...

 

Трывога

У кожнага свой фронт. У Кавальчука ён рэальны, бачны, а ў Крайко — нябачны. Гэта, вядома, горш. Бывае, б’еш у адным кірунку, у лоб, а вораг, як выяўляецца, прытаіўся ў цябе з тылу. Гэтага не разумее Кавальчук. Вось, скажам, дыверсант уцёк. А чаму? Бо палкоўнік не даў яму, капітану, дастаткова людзей для аховы. Досыць, сказаў, аднаго вартавога ля дзвярэй, якія і так на замку. А што атрымалася? Ноч, яна вельмі каварная штука. Аднаго хіліць на сон, а другога падымае на смяротны бой за сваё жыццё, надае яму сілы і смеласці...

Крайко яшчэ памятае, як летась праз палкоўніка ледзь не трапілі яшчэ ў большую бяду. Цяпер такога ваяку трэба слухаць, а рабіць па-свойму, па-разведчыцку...

Так разважаў капітан Крайко, лежачы на вільготным, пахучым лісці.

Падымалася сонца. Абзываліся птушкі. Драмалася пасля начнога бою і паходу. Не хацелася ўставаць, і таму міжволі ўсплывалі ўспаміны леташняй блакады.

...Гэтаксама сядзелі яны тады ў балоце. Аднойчы пад вечар дзесьці ля шашы, у тым месцы, дзе мінулай ноччу партызаны прарывалі блакаду, раптам разгарэўся невялікі бой.

Хто б то мог быць? Капітану добра вядома — сёння ні адна група не ішла ў разведку боем, дзейнічалі толькі слухавыя дазоры, бо партызаны адпачывалі. Заставалася адно — магчыма, якая-небудзь група, што была на заданні, прарывалася да сваіх. Тады блакада пачалася раптоўна, і многія аператыўныя і падрыўныя групы засталіся далёка ад сваіх баз, у розных раёнах.

«Трэба хутчэй даведацца, у чым справа»,— падумаў тады Крайко. Але бой быў такі кароткі, што ў капітана мільганула сумненне — ці бой гэта? Можа, проста фашысты захацелі пастраляць. Ці які звер іх напудзіў. Вось толькі нашы гранаты там узрываліся, эфкі. Ад нямецкіх зусім не такі гук, яны ўзрываюцца, як хлапушкі, глуха...

Адкаціліся рэхам апошнія стрэлы, і над балотам стала ціха.

Убачыўшы ля штабнога будана начштаба Віктара, Крайко падышоў да яго.

— Чуў, эфкі грукалі?

— Па ўсім відаць, нехта прабіўся да нас,— сказаў Гарун катэгарычна.— Трэба выслаць тваіх хлопцаў на сустрэчу.

Гэта яшчэ больш пераканала капітана ў тым, аб чым адразу не падумалася: а што, калі вораг?

— Калі так, то не толькі маіх... Трэба ўзяць хаця б узвод,— адказаў на гэтую прапанову капітан.

— Людзі ж адпачываюць.

— А мае — не людзі?

— Твае не ішлі на прарыў у штурмавых групах.

Палкоўнік, падышоўшы, падтрымаў Віктара:

— Хто ж сюды прарвецца, акрамя нашых?

— Могуць і пад выглядам нашых...

Крайко дамогся свайго: узяў у паход цэлы ўзвод і сам павёў яго да шашы.

Адзінаццаць гадзін. Цямнее. Хутка пачнецца абстрэл, трэба спяшацца.

І людзі адчувалі гэта, ішлі шпарка, наколькі можна было ісці шпарка па балоце.

На ўсякі выпадак далёка наперадзе і абапал ішлі па аднаму разведчыкі: а раптам тут правакацыя ці засада? Так нядоўга трапіць і ў пастку.

Крайко, што называецца, дзейнічаў заўсёды напэўна, ён не любіў працаваць прыблізна, абы-як. Паколькі балота абкружана, патрэбна максімальная дакладнасць. У такі час могуць з’явіцца розныя людзі: свае і чужыя.

Неўзабаве групу спыніў галоўны дазорны. Ён далажыў, што двое невядомых партызан нясуць трэцяга на самаробных насілках. І хоць гэтае данясенне крыху збіла насцярожанасць, група ўсё ж прыняла баявы парадак.

Праз нейкі час між хмызняку з’явіліся ледзь прыкметныя сілуэты. Вось яны бліжэй і бліжэй. Разгублены Крайко сам выйшаў ім насустрач усяго з двума аўтаматчыкамі.

Убачыў — сапраўды партызаны. Іх было двое. Трэцяга, цяжка параненага, неслі на двух бушлатах, у рукавы якіх прасунуты бярозавыя жэрдкі. Людзі з групы абкружылі невядомых, хтосьці падхапіў насілкі.

Адзін з тых двух, што неслі, нахіліўся і ціха паклікаў, крыху картавячы:

— Пейця... Ну, як ты сябе адчуваеш? Ці жыў?

Адказу не было.

Тады партызан прыпаў вухам да яго грудзей, паслухаў, дакрануўся да твару далоняй.

— Жывы? — нецярпліва спытаў другі.

— Халодны,— ледзь чутна выдыхнуў партызан і зняў з галавы шапку.

У глыбокім маўчанні стаялі ўсе партызаны. І ў тым маўчанні было штосьці непрыемнае. Ніхто не ведаў яго, таго партызана, што ён за чалавек, адкуль, якія ў яго баявыя справы, ніхто не шкадаваў яго, хоць па ўсяму відаць, што ён быў свой, той няшчасны чалавек. Навошта толькі нагнаў суму на жывых людзей, навошта ўстрывожыў душы?

— Панеслі,— сказаў хтосьці.— Трэба хоць пахаваць па-людску, на сухім...

І праз гадзіну пахавалі.

Потым двое расказалі, як яны прызямліліся ноччу ў пушчы на парашутах, як шукалі сваю другую групу, з якой павінны былі перабрацца ў Літву, ды дазналіся, што ўсе партызаны выйшлі ў балота. Вырашылі сюды прабіцца і яны. Падпаўзлі да самай дарогі, улучылі момант, перабеглі, але... бой невялікі быў, у якім іх трэці таварыш і загінуў...

— Ужо на гэтым баку дарогі? — спытаў капітан Крайко.

— Вядома,— быў адказ.

Між тым Крайко разважаў: «Разведгрупа, дэсантнікі... Цікава, што яны маюць у рэчавых мяшках?»

— Значыць, нядаўна з Масквы? Так, так... У вас, прабачце, чаго-небудзь нашанскага закурыць не знойдзецца? А то мы сапраўднай махоркі ўжо з тыдзень не нюхалі,— з вясёлымі ноткамі ў голасе спытаў капітан.

— Закурыць? Колькі хочаце. Маскоўскі «Казбек», «Беламор», а ёсць і махорка, эх, махорачка, як у песні пяецца. Што жадаеце, тым і пачастуем...

У дваіх было ўсё: цукар, кансервы, нават некалькі плітак шакаладу. На ўзбраенні былі новенькія ППШ, гранаты, пісталеты ТТ. Вопратка — партызанская форма: чорныя бушлаты, кірзавыя боты, чорныя гімнасцёркі, штаны. На першы погляд ніякіх падстаў для падазрэння не было, але капітан, як заўсёды новенькім, асаблівай веры ім не даваў: вельмі ўжо яны насцярожаныя нейкія, палахлівыя, залішне ўважлівыя, быццам трапілі сюды з якой іншай планеты. Іх чамусьці вельмі цікавілі справы на фронце і зусім не хвалявала блакада, не турбавала тое, што ў брыгадах настаў голад. Яны, як надзіва, больш за ўсё баяліся налётаў. Варта было з’явіцца двум-тром варожым самалётам, як новенькія не знаходзілі месца, адбягаліся далей ад лагера, залягалі ля самага тоўстага дрэва.

— Акрамя нярускага паходжання, пакуль што ніякіх доказаў няма,— дакладваў пазней капітан палкоўніку.— Аднак рэкамендую і прашу — пакуль не атрымаем пацверджання з Масквы, дваіх арыштаваць.

— Як! Арыштоўваць людзей без падстаў? — здзівіўся палкоўнік.— Толькі таму, што табе так хочацца? Не, капітан, гэтага я не дазволю, забараняю...

Але капітан не выканаў загаду палкоўніка і новенькіх раззброіў і арыштаваў.

Назаўтра звязаліся з Масквой, з Цэнтральным Штабам. Адказ атрымалі адразу: трое дэсантнікаў-аператыўнікаў — свае людзі, але сувязі з імі чамусьці няма...

Злосны і ўзрушаны, капітан вырашыў праверыць затрыманых сам. Свае ці чужыя? Гэтае пытанне гняло яго, не давала спакою. Таму і з радыстамі ён быў афіцыйна строгі, калі даваў новую радыёграму ў аператыўны аддзел Штаба.

Алесь стаяў перад ім, як салдат перад генералам.

— Перадаць, і адказ сёння! — катэгарычна заявіў капітан.

Алесь узяў радыёграму, зірнуў на яе, прыжмурыў адно вока і нечакана весела заспяваў:

— Ой, козала ж мэні маты та й прыказувала!..

— Што так весела? — з дакорам кінуў Крайко.

А той зноў сваё:

— А чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець? — і зірнуў на капітана.— Калі я ў бало-о-оце жы-ву, як мядзведзь... Мяркую, таварыш капітан, што адказ Штаба ад нас не залежыць...

— Не дужа весяліся...

Капітан хацеў пайсці, але радыст затрымаў яго. Дужа ж не любіў Алесь афіцыйнага тону і загадаў. Загадаць яму мог толькі палкоўнік, непасрэдны начальнік, а тут капітан...

— Ці праўду, таварыш капітан, кажуць, што сёння ад’ютант быў п’яны і спрачаўся з палкоўнікам?

— Калі ад’ютант спрачаўся з палкоўнікам, дык гэта яшчэ не доказ, што ён быў п’яны,— запярэчыў капітан.

— Так. Але ж калі ад’ютант спрачаўся з палкоўнікам, то ніякага палкоўніка побач не было...

Кастусь ціха засмяяўся: спрытна дапамог Крайко расказаць Алесю новы жарт.

— У цябе ўсё? — звёўшы белыя бровы, спытаў капітан.

— Яшчэ пра шафёра... Прыйшоў шафёр у краму дый кажа: «Дайце мне чаравікі».— «Ваш нумар?»— пытаецца прадавец. «88—96»,— выпаліў шафёр. Вось што значыць прафесійная прывычка...

— Вось я далажу палкоўніку, які ў яго балбатун на рацыі...

— Знаходка для шпіёна! — падхапіў з усмешкай Алесь.— Не ўсякім дакладам дарвешся да ўлады...

Пасля гэтага капітану нічога не заставалася, як пайсці. А пасля Алесю ўсё ж дасталося ад палкоўніка...

Непрыязнасць да капітана ў Алеся з’явілася яшчэ пры знаёмстве. Тады капітан часта заходзіў да радыстаў у зямлянку, прасіў уключыць прыёмнік і настроіцца на Маскву. Потым пакрысе і пачаў загадваць, то гэта зрабі, то тое. Не спадабалася хлопцу, і ён дамогся, каб у зямлянку радыстаў, апрача палкоўніка, ніхто не заходзіў.

Гэта, у сваю чаргу, абразіла капітана. Яны сустракаліся ў лагеры і не размаўлялі, нават паступова перасталі вітацца. Іх адносіны яшчэ больш пагоршыліся пасля таго як капітан дамогся праз палкоўніка, каб ля штабной зямлянкі кожны дзень радысты вывешвалі ранішнюю і вячэрнюю зводкі франтавых падзей. З таго часу так і павялося і стала добрай традыцыяй...

Выйшаўшы ад радыстаў, капітан збіраўся ў дарогу нядоўга. Узяў двух сваіх памочнікаў і падаўся з вострава. Ён вырашыў сам праверыць шлях двойкі ад дарогі. Упэўніцца самому — дзе забілі трэцяга, дзе двое ссеклі бярозкі на насілкі, ці далёка ад дарогі? «Самому пайсці, самому праверыць!» — сціснуўшы зубы, цвёрда вырашыў Крайко.

Тоўсты слой моху-тарфяніку зялёным кажухом пакрываў балота.

Але варта было ступіць на той кажух, як сярод зелені пачыналі цямнець, налівацца чорнай вадой вялізныя сляды.

Вось цэлая дарога ўчарашняй групы. З самалёта гэтая дарога, безумоўна, можа быць відна. І капітан вырашыў параіць палкоўніку надалей пераходзіць балоты гуськом, у адзін след, а не калонамі.

Вось і мясціна, дзе група сустрэлася з незнаёмымі партызанамі. Далей пайшлі сляды толькі дзвюх пар ног...

Ішлі ад бярозкі да бярозкі, прыглядаючыся, прыслухоўваючыся. Ужо добра чуваць, як гудуць машыны, выразна даносяцца галасы людзей. Значыць, дарога блізка. І — дзіўная рэч! — ніводнай ссечанай бярозкі каля пракладзеных слядоў. Двое неслі параненага, здавалася, ад самай дарогі.

«Параненага ці забітага?» — раптам падумалася капітану. Ён цяпер забыўся на ўсё: што побач вораг, што магчыма засада альбо «сакрэт», што можа трапіцца замініраваны ўчастак.

Капітан даў знак партызанам паўзці. Асцярожна, як вужы, падкрадваліся яны да дарогі, метр за метрам.

Ужо добра відна густая грыва соснаў з таго боку дарогі, а пянькоў ад бярозак няма. Усё тыя ж дзве пары слядоў...

Вось тут двое адпачывалі, бо сляды пераблытаны, ля купін вытаптана, трава на купінах змятая.

Крайко нахіліўся і ад здзіўлення аж ціха войкнуў: сярод моху ляжалі недакураныя папяросы. Так, яны тут курылі, побач з дарогай! І, магчыма, у той час, калі фашысты так дружна адкрылі агонь, калі рваліся нашы эфкі...

Капітану стала ясна — забітага неслі ад дарогі, бой — звычайная імітацыя, інсцэніроўка...

Паўзці назад было лягчэй.

Цяпер з кожным метрам небяспека змяншалася, далёкі шлях станавіўся блізкім, лёгкім. І на душы лёгка: нездарма ён, капітан, арыштаваў прышэльцаў-чужакоў, нездарма ішоў на рызыку, падпаўзаючы да дарогі. Вось які ты нахабнік і хітрун, вораг, але Крайко цябе перахітрыў! Добра прыдуманая падробка пад партызан-дэсантнікаў выкрылася адной іх памылкай, адной недакладнасцю, на першы погляд зусім непрыкметнай. Але яе капітан заўважыў. Цяпер трэба прымусіць ворага адкрыцца, расказаць, адкуль у яго такая экіпіроўка...

На востраве, дзе размяшчаўся штаб, было надзвычай ажыўлена: партызаны рыхтаваліся да паходу. Капітан гэтага яшчэ не ведаў. Ён проста з дарогі зайшоў у цёмны будан палкоўніка. Там быў і Віктар. Яны курылі самакруткі, якія пры кожнай зацяжцы ўспыхвалі агнём: вельмі многа было ў махорцы сухога рабінавага лісця.

— Нарэшце! Мы цябе тут чакаем не дачакаемся, капітан,— устаўшы са скрынкі, што замяняла крэсла, абрадавана сказаў палкоўнік Кавальчук.

Крайко хмура адказаў:

— Чакалі і дачакаліся... Я, таварышы, тое-сёе ўдакладніў адносна гэтых двух затрыманых.

— Хопіць, капітан, пераліваць з пустога ў парожняе,— пыхнуўшы самакруткай, з усмешкай сказаў начштаба.— Арыштаваць сваіх людзей, якія падзяліліся з намі апошняй жменяй махоркі, апошнім сухаром, ды яшчэ ўдакладняць вядомае — гэта, па крайняй меры, смешна.

— Думаю, не да смеху...

Палкоўнік перабіў капітана:

— Мы тут атрымалі радыёграму і верым ёй. Спецгрупа ў складзе шасці чалавек была скінута ў нашым раёне па трое...

— Радыёграмам трэба верыць, але... Ці не трапілі нашы групы ворагу ў рукі, таварыш палкоўнік? Ці ўдала прызямліліся нашы спецгрупы? А што датычыць гэтых двух, то вось вам доказы! — і Крайко працягнуў палкоўніку два акуркі.

— Што гэта? — не зразумеў той.

— Звычайныя недакуркі... У той час, калі фашысты, як мы гэта чулі, абстрэльвалі іх ля самай дарогі, яны, гэтыя дэсантнікі, спакойна курылі папяросы там жа, ля дарогі. А насілкі, таварышы паважаныя, яны зрабілі на самай дарозе. Так што «паранены» быў запланаваны загадзя...

Палкоўнік і начштаба маўчалі.

— Капітан,— ціха пачаў Кавальчук,— я адмяніў арышт... Сёння ідзём на прарыў блакады, дораг кожны баец... Здымаемся роўна ў гадзіну ночы.

— Тады, таварыш палкоўнік... л-лавіце дыверсантаў самі! — не стрымаўся ад абурэння капітан, ажно пачаў заікацца больш звычайнага.— Вы выпусцілі ваўкоў з клеткі. Ноччу ў час прарыву яны могуць перарэзаць увесь штаб разам з вамі, у іх аўтаматы зусім новыя, патронаў хопіць, а страляць ноччу можна і ў спіны, хто там разбярэ...

І давялося тады адкласці прарыў на цэлыя суткі, пакуль зноў не палавілі тых дыверсантаў, якіх фашысты паслалі замест сапраўды загінуўшай тройкі нашых дэсантнікаў...

...Узышло сонца. Крайко ўстаў з кучы лісця і ўзяўся за самакрутку. Ён прыгадаў уцёкі сёлетняга дыверсанта і непрыемна зморшчыўся: да чаго ж не шанцуе! А тут прыйшла Зіна і паведаміла, што Алесь некуды пайшоў як апантаны на ўскрай вострава. Ён быў вельмі ўзрушаны...

— А дзе другі радыст? — спытаў Крайко.

— Не ведаю.

Толькі капітан хацеў ісці да палкоўніка, як той сам з'явіўся. Прывітаўшыся, ціха паведаміў:

— Фронт зусім блізка! Сёння даў радыёграму, каб падкінулі «гаручае» на пары самалёцікаў, а заўтра ўдарым на выхад у новую зону— і па тылах! Час ужо...

— Ага, час,— згадзіўся Крайко.— Нездарма і ноч была цішэйшая, і цяпер вось...

Толькі Крайко так сказаў, як адразу вухнулі выбухі, быццам вораг падслухаў іхнюю размову.

— Карэкціроўшчык,— зірнуўшы ўгору, паведаміў Кавальчук.— Ды нешта ж ён далекавата кружыць, здаецца, над пустым востравам асеў...

А тут з’явіўся разведчык штаба:

— Дазвольце далажыць!

— У чым справа? — павярнуўшыся да партызана, насцярожана спытаў Кавальчук.

— На суседнім востраве хтосьці ёсць. Наш дазор наткнуўся на сляды. Яны вядуць з гэтага вострава...

— Што?! — палкоўнік ускінуў галаву, нахмурыўся.— Здрада? Не можа гэтага быць...

— Там, напэўна, радысты! — выгукнула Зіна.

— Хутка праверыць і прыняць меры! — загадаў капітану палкоўнік.

Праверылі. Радыстаў на месцы не было.

— Ясна,— паківаў галавою Кавальчук.— Дык вось як Кастусь надумаўся перадаць радыёграму... Я сам яго на гэта штурхнуў, іншага выйсця ў хлопца не было...

— Паслалі на суседні востраў аўтаматчыкаў,— ціха ўставіў капітан Крайко.

— Добра...

І неўзабаве над тым востравам з’явіліся бамбардзіроўшчыкі, скінулі свой смяротны груз.

У лагеры была аб’яўлена трывога.

 

Трапны стрэл

Партызаны знайшлі Кастуся непрытомнага, але яшчэ жывога. І там жа, на скрышаным востраве, доктар Свістуненка аказаў яму першую медыцынскую дапамогу. Агледзеў ён і труп дыверсанта Шпака.

Алеся нідзе не было. Замест яго быў знойдзен забіты дыверсант. Уразіла доктара і тое, што плячо ў Кастуся было перавязана...

Кастуся прынеслі ў недабудаваны штабны шпіталь. Тая збудова падобна на вялікую загародку з галля. Але затое ў гэтым шпіталі было светла і прасторна.

Бледны, як смерць, Кастусь, здавалася, за кароткі час так схуднеў, што немаведама як ён жыў і дыхаў.

Зіна стаяла ля збудовы і аб чымсьці раілася з начштаба Віктарам. Убачыўшы, што сюды нясуць Кастуся, яна змоўкла на паўслове і нейкую хвіліну стаяла як скамянелая.

Потым ціха ўскрыкнула, кінулася да радыста, але тут яе папярэдзіў доктар, які ішоў побач:

— Ціха, Зіна, ціха...— і памог партызанам пакласці хлопца на зямлю. Схіліўся над ім, у які ўжо раз сказаў: — Цікава, хто гэта яму так умела перавязаў рану? Нясіце на аперацыйны стол, асцярожна нясіце...

Ніякага стала там не было. Кастуся паклалі проста на шырокую купіну, прыкіданую папараццю, паверх якой была паслана плашч-палатка.

Свістуненка разбінтаваў рану.

— Што з ім? — трывожна спытала Зіна.

— Страціў прытомнасць. Тут не так вінаваты асколак, як голад, самы звычайны голад...

Яна ўздыхнула і хуценька пачала памагаць доктару. Падавала ўсё неабходнае, пакуль той не выцягнуў з Кастусёвага пляча невялікі, з бабіну, асколак ад бомбы.

А пасля, калі Кастусь ужо ляжаў на нарах, Зіна сядзела побач і не зводзіла вачэй з нерухомага васковага твару радыста. Як ён зблажэў і аслабеў! Проста не чалавек, а цень...

Зводдаль, раз-пораз пазіраючы сюды, Кавальчук гутарыў з Алесем.

— А ты дзе быў? — строга пытаў Кавальчук.

— Шукаў Кастуся, увесь востраў абышоў — нідзе не бачыў...

— Трэба ж было разам!

— Трэба... Ціха, здаецца, Кастусь варухнуўся!

Кастусь і сапраўды апрытомнеў. Убачыў Зіну і слаба ўсміхнуўся:

— Радыёграму я ўсё ж перадаў!

Зіна лагодна пагладзіла яго кучаравыя валасы.

— Маўчы, маўчы, Косця,— ціха прагаварыла яна.— Бачыш, ледзь не загінуў.

— Пакліч сюды Алеся і палкоўніка,— папрасіў Кастусь.— Я ім скажу нешта вельмі важнае.

Клікаць іх зусім не трэба было: і Кавальчук і Алесь ужо даўно чакалі яго першых слоў. Цяпер яны пачулі іх, і абодва зайшлі ў агароджу.

Кастусь убачыў іх, захваляваўся, слаба ўсміхнуўся і памкнуўся быў устаць.

— Вы... чулі, Павел Антонавіч?

— Чуў, Кастусь. Радыёграму ты перадаў...

— I я чуў! — уставіў Алесь.— Толькі... чаму пайшоў адзін? Я шукаў цябе ўсюды.

— Калі б загінуў я — астаўся б ты...

Гэта была праўда, і Кастусю ніхто не пярэчыў, апрача капітана. Як віхор уляцеў ён у будан і адразу накінуўся на беднага Кастуся:

— Ты ж бы, смяротнік, хоць мне сказаў! Ёсць у вас, нарэшце, я ці не? Не трэба было б уступаць у паядынак з тым бандытам! Жартачкі, хлопец быў пад куляй дыверсанта...

Кастусь глянуў на яго іскрыстымі вачамі, намагаючыся нешта ўспомніць.

— Паядынак? З бандытам? Ніякага паядынку і не было,— нарэшце адказаў Кастусь.

— Расказвай! — яшчэ больш нахмурыўся капітан.— Пасля такога трапнага стрэлу не надта ўцячэш. Ты навылёт прабіў яму галаву. Мае хлопцы закапалі таго Шпака, як сабаку, у балоце...

— Я... ні ў каго не страляў,— зноў адказаў здзіўлены радыст.

— Як — не страляў?

— Першы, відаць, стрэліў дыверсант... Не верыце? Дзе мой пісталет? — спытаў Кастусь.

Пісталет падалі без абоймы. Крайко пералічыў патроны і паціснуў плячамі:

— Нічога не разумею! Сапраўды, патроны ўсе.

— І тут нагару няма,— узяўшы ў капітана пісталет і панюхаўшы рулю, заўважыў палкоўнік.

— Дык хто ж забіў дыверсанта, хто? — нават зазлаваў капітан.— Не мог жа ён сам сябе застрэліць!

— Мог,— данеслася з-за будана.

Усе павярнуліся на гэты голас. Да шырокага праёму ўвахода ў загарадзь наблізіўся доктар. На яго плячах нязграбна вісеў бялюткі халат.

— Як гэта? — сустрэў доктара пытаннем капітан Крайко.

— Звычайна. У такім становішчы, як было на тым востраве, дыверсант усё мог... Нават пусціць сабе ў лоб кулю. Неверагодна, але факт. Няясна другое — хто перавязаў Кастусю плячо? Дапусціць, што гэта таксама зрабіў дыверсант, немагчыма, гэта звыш усякай логікі...

— На жаль, я нічога не памятаю... Мне здалося, што зямля абрушылася на мяне ўсім сваім цяжарам — і ўсё, крышка,— ціха прамовіў Кастусь.

— А радыёграму ты перадаў ці не? — раптам крута змяніў гаворку доктар.

— Радыёграма перададзена, доктар,— сказаў Кавальчук.— Сёння ноччу вы атрымаеце свае медыкаменты! Паўнюткі мяшок. Масква нас чуе добра!

Масква чуе!

Як дорагі гэтыя словы кожнаму партызану! Калі чуе Масква, значыць, прыляцяць самалёты. А калі прыляцяць самалёты, то будуць у партызан харчы, боепрыпасы, медыкаменты, батарэі да рацыі. А значыць — і перамога. Ніякая блакада цяпер не страшна партызанам...

Кастуся віншавалі. Давалі яму хто што мог. Прыходзілі камандзіры, ціснулі руку. Прыходзілі радавыя байцы, жадалі хутчэй станавіцца на ногі. Зазіралі сувязныя, штабнікі, гаспадарнікі. Усе яны казалі адзін аднаму:

— Масква чуе!

І з вуснаў у вусны, з атрада ў атрад паляцела гэтая радасная вестачка...

А пасля, калі ўсе пайшлі, калі радыста перанеслі ў асобны будан, паднесла Кастусю лусту чэрствага хлеба і Зіна. Які ён духмяны быў, той засушаны ў паходнай сумцы хлеб, папалам з асцём, мякінай!

— Еш, Косця! — пяшчотна гаварыла Зіна, не адыходзячы ад радыста і не саромеючыся Алеся.

— Дзякую, Зіна... Зорачка мая,— адказваў Кастусь і, узяўшы яе руку, прыклаў да свайго гарачага твару.

А побач з буданом, аглядаючы на шырокім пні рацыю, Алесь мармытаў: «Калі б я не ўбачыў таго Шпака ды не падкраўся ззаду, то наўрад ці было б каму есці твой хлеб, Зіна! І як гэта доктар не заўважыў, што галава ў дыверсанта прастрэлена ззаду наперад? Палкоўнік зусім не ведае аб тым, што і я быў на тым востраве. Добра! Інакш дасталося б зноў толькі мне...»

Глуха шумеў угары растрывожаны лес: над ім зноў ляцелі самалёты. Але яны не кідалі бомбы над лесам. Самалёты ляцелі далей, на захад.

Гул далёкай кананады набліжаўся.

Фронт быў недалёка.

Хутка вызваленне!

Хутка перамога!

1971


1971