epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Пераломнае лета

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19


1

Пачыналася лета. Ужо больш двух тыдняў не было дажджу. Нагрэтыя сонцам цагляныя гмахі дамоў дыхалі гарачынёю, нібы печы. Ліпы каля тратуараў пажоўклі, пачалі скідаць лішняе лісце, не здолеўшы напаіць яго вільгаццю. А яшчэ ж толькі чэрвень...

Вечар не прынёс халадку.

Асташонак стаяў ля ўваходу ў гарадскі парк і абыякава глядзеў на афішы. Яго бялявыя доўгія валасы спадалі на вушы. Высокі, узмужнелы не па гадах Змітрок Асташонак нагадваў рабочага, зморанага дзённай працай.

Ён толькі ўчора атрымаў атэстат сталасці, але сталасць прыйшла раней, у сакавіку, калі памерла маці і хлопец застаўся ў сям’і за гаспадара...

Што рабіць, як жыць далей? Такія пытанні прыходзілі часта. Спачатку ён хацеў кінуць школу і пайсці шукаць працу, бо Алік і Ганя яшчэ зусім малыя, на іх ідзе шмат грошай, пенсіі не хапае. Але Змітрок вельмі добра вучыўся. Настаўнікі, сябры, суседзі дапамаглі завяршыць вучобу. І вось ужо ў яго на руках атэстат, якога ніхто ў іхнім класе не мае — з аднымі пяцёркамі!

«Далёка пойдзеш, Дзіма!» — прыгадаў ён словы сваёй сяброўкі Іны Коўшык і схамянуўся. Што, калі схадзіць да яе? Яна вельмі па-даросламу разважае. Змітраку чамусьці заўсёды здавалася, што ёй куды больш гадоў, чым яе аднакласніцам. Прыгадаўся твар яе, чысты, нібы белая ружа, прыпухлыя вусны і вочы-васількі. Не забыць яму тых вачэй праз усё сваё жыццё!

— Змітрок! — ён адчуў, як чыясьці рука лягла яму на плячо.— Ну, чаго тут стаіш? Мы з ног збіліся, шукаючы...

Змітрок азірнуўся і ўбачыў Пятра, рабога Петрака, з якім тры гады сядзеў на адной парце.

— Навошта я вам спатрэбіўся? — непрыязна спытаў ён.

— Як — навошта? На развітальны вечар!

— На вечар? — толькі цяпер Асташонак успомніў, што сёння ў іх неафіцыйны вечар, развітальны баль.— Не, я не пайду...

— Ну, чаму? Там я, там усе... Іна...

— Вось бачыш? — Змітрок працягнуў рукі.— Перарос, брат, свой вучнёўскі касцюм. Рукавы да локцяў...

Пятрок хацеў прапанаваць яму свой касцюм, але толькі змераў таварыша вачыма.

— Ну і праўда — выцягнуўся ты, таварыш Асташонак! — паспрабаваў жартаваць Пятрок.— Нічога, ісці трэба ўсё роўна. Можа, больш не давядзецца так вось разам весяліцца. Удвух што-небудзь прыдумаем...

— Пачакай! — Змітрок схапіў яго за руку.— Здаецца, я прыдумаў адзін... Пайшлі да мяне!

Яны зайшлі да Асташонка на кватэру.

Проста з парога Змітрок падышоў да шафы і спыніўся ў нерашучасці. Асцярожна перавёў позірк на партрэт бацькі, што вісеў на сцяне.

— Не,— нарэшце вымавіў ён,— не падыдзе...

— А ты паспрабуй,— зразумеўшы яго намер, падказаў Пятрок.— Цяпер гэта тваё, будзь аптымістам, дружа!

З бакавых дзвярэй раптам выйшла Ганя. На свае трынаццаць год яна была залішне высокая, хударлявая. Але вельмі падобная на брата. Вочы ў яе карыя, матчыны.

— А-а, гэта ты, Дзіма? — прамовіла Ганя.— Пойдзеш на выпускны вечар?

— Не ведаю...

Ганя шпарка падышла да шафы і адкрыла яе. Асцярожна зняла з вешалкі бацькаў касцюм і звычайна, нібы Змітрок ужо даўно яго насіў, сказала:

— Я адпрасавала крыху... Вось, трымай.

Змітрок глянуў на таварыша і мігам апынуўся каля сястры. Абняўшы яе бялявую галаву з тугімі касіцамі, ён расчулена пацалаваў Ганю ў лоб.

— Дзякуй, Ганя... Дзякуй,— хутка міргаючы вачыма, прамовіў ён.— Ты ў мяне сапраўдная тут гаспадыня...

І, трымаючы ў руках бацькаў цёмна-сіні касцюм, Змітрок выйшаў у другі пакой. Там было ўтульна, чыста. «Гэта Ганя стараецца, каб у хаце быў такі ж парадак, як і пры маці...»

Пятрок зайшоў следам, наблізіўся да акна. На невысокай тумбачцы стаяў прыёмнік. Хлопец уключыў яго. З дынаміка паплылі меладычныя гукі скрыпкі. Ганя адчыніла дзверы, прыпала плячамі да вушака і задумалася.

— Як хораша! — прамовіла яна, калі музыка скончылася.— Каб я так магла калі...

— Зможаш, Ганя! У цябе здольнасцей хопіць... Толькі пастарайся,— адказаў ёй брат, скідаючы свой стары вучнёўскі касцюм.

Неўзабаве Пятрок падвёў сябра да люстэрка і ўсклікнуў:

— Ты толькі зірні на яго, гэтага незнаёмца!

— Так,— ціха адказаў Змітрок.— Парог сталасці я, здаецца, пераступіў.

Перад тым як пайсці з дому, ён зноў шчыра пацалаваў сястру, як некалі цалаваў маці...

У зале грымела музыка, кружыліся пары, і прыход Асташонка заўважылі нямногія. Але затое многія заўважылі другога хлопца, гадоў дваццаці. Ён быў апрануты ў дарагі светла-шэры касцюм. На нагах гарэлі яркай чырванню сандалеты. Белыя манжэты кашулі крыху віднеліся з-пад рукавоў пінжака. На плячы вісеў фотаапарат. Разумныя карыя вочы хлопца кагосьці шукалі.

Юнак заўважыў Іну і накіраваўся проста да яе. І цяпер толькі Асташонак убачыў сваю сяброўку. Белая пышная сукенка прыгожа аблягала яе стан, надаючы яму небывалую лёгкасць. Сэрца ў Змітрака раптам сціснулася ад крыўды і злосці, калі ён убачыў побач з Інай гэтага незнаёмага хлопца. Дзеля яе, толькі дзеля яе Асташонак прыйшоў на вечар!

— Прабачце....— Іна адчула на сваім плячы руку і задаволена павярнулася. Але яе ружовы твар адразу спахмурнеў, васільковыя вочы глянулі злосна.

— Я не танцую,— імгненна сказала яна і адвярнулася.

Хлопец, уражаны асаблівай прыгажосцю дзяўчыны, усміхнуўся:

— І я не танцую! Толькі скажыце мне, дзе знайсці Ганну Аляксандраўну. Я да яе...

— Ідзіце вунь туды,— не гледзячы на хлапца, Іна паказала ў правы куток залы.

— Дзякуй,— разважна адказаў той і пайшоў павольнай хадою праз усю залу.

Іна паглядзела яму ўслед якраз у той момант, калі і ён азірнуўся. І нічога асаблівага, яны толькі ўсміхнуліся адно аднаму. Гэтую ўсмешку заўважыў самалюбівы Змітрок. Ён ужо быў гатовы пакінуць залу, але Іна ўбачыла яго і падляцела як на крыллях.

— Нарэшце... Ну, хутчэй, хутчэй у круг! — пацягнула яна Асташонка за руку, але, заўважыўшы на ім новы касцюм, спынілася.

— Што, не падыходзіць? — скрывіўшы вусны, спытаў той.

— Цудоўны!.. Пашыты якраз на цябе. Толькі ў плячах, здаецца, шыракаваты...

Не, ён не мог сёння пакрыўдзіць дзяўчыну!

— Цяпер гэткая мода,— пажартаваў Змітрок, і яны, вясёлыя, пусціліся ў круг...

Патанцавалі, а потым ля буфета, седзячы за столікам, ласаваліся марожаным, гутарылі. Як многа ім сёння трэба сказаць адно аднаму! Ды, мабыць, такое, аб чым ніколі-ніколі яшчэ не гаварылі...

— Ты — медаліст, табе ўсё ж ёсць нейкая магчымасць стаць студэнтам. А я вось не ведаю, што буду рабіць. Хоць марожанае станавіся прадаваць! — гаварыла Коўшык, сумна пазіраючы на свайго таварыша, які быў для яе цяпер крыху больш, чым проста сябра, бо тры апошнія гады, якія яны разам правучыліся ў школе,— гэта ўсё ж дастатковы тэрмін, каб зразумець, што прыйшло каханне...

Асташонак маўчаў. Яму зусім не хацелася гаварыць пра вучобу, тым больш — пра будучую вучобу. Аднак і аб сваім каханні ён гаварыць не мог: Іна не жадала такой размовы, гэта Змітрок зразумеў адразу.

Прайшоў той самы незнаёмы хлопец з фотаапаратам цераз плячо. Цяпер Змітрок разгледзеў на яго правай шчацэ чырвоную пляму, з пятак. Заўважыўшы Іну, хлопец спыніўся.

— Адну хвіліначку! — скамандаваў ён. І не паспеў Змітрок што-небудзь уцяміць, як хлопец ужо сфатаграфаваў іх. Усміхнуўся, памахаў над галавой рукою і пайшоў далей.

— Што за непрыемны тып? Ён так глядзіць на цябе...— незадаволена прамовіў Асташонак.

Іна ўзяла яго за доўгі нос і моцна сціснула.

— Раўнуеш?

— Раўную...

— Вось гэта мне падабаецца! Ведаеш, хто гэта? Пляменнік нашай Ганны Аляксандраўны... Памятаеш, яна казала, што ён прыйдзе фатаграфаваць.

Адчуўшы сябе ніякавата, Змітрок сказаў:

— Табе так да твару гэтая сукенка... Ты ў ёй, як дзяўчынка, кожны закахаецца...

— Дзяўчынка? Не, Дзіма, я ўжо... вырасла з гэтага ўзросту. Даўно...

Асташонак прыклаў правую руку да сваіх грудзей.

— Для мяне ты на ўсё жыццё цудоўная, прыгожая дзяўчынка...

Яна пяшчотна паглядзела на яго, як маці глядзіць на сваё наіўнае дзіця, і тут жа стала сур’ёзнаю.

— Ты гэта цяпер гаворыш. А паступіш у інстытут, нават не ўспомніш...

— Думаеш?

Іна не адказала. Яна працягвала выказваць свае думкі ўголас:

— Будзеш, скажам, галоўным інжынерам якога-небудзь вялікага завода. Пашана, гонар, уласная машына, сям’я...

— Сям’я? — лагодна запытаўся Асташонак.

— Сям’я,— адказала Іна, апусціўшы галаву і памешваючы лыжачкай марожанае ў вазачцы.— Усе людзі, калі становяцца дарослыя, ствараюць сям’ю, жывуць для яе, працуюць...

Хвіліну абое маўчалі.

— У мяне ўжо ёсць сям’я,— парушыў паўзу Змітрок.— Сястра, брат... Пра іх я павінен клапаціцца ў першую чаргу. Клапаціцца штодзень, каб яны не адчувалі ні ў чым патрэбы. Ні ў адзенні, ні ў ядзе...

Іна ўстала. Ёй чамусьці стала сумна з Асташонкам, і Змітрок адчуў гэта, але не ведаў, чаго сумуе дзяўчына.

— Ці не думаеш ты ісці працаваць? — абыякава спытала Коўшык, прыкрываючы рот рукою.

Гэтае пытанне сёе-тое праясніла.

— Сёння я ні аб чым не магу думаць,— адказаў Змітрок.

Ідучы дадому, Асташонак усё ж думаў, думаў пра свой далейшы лёс. «Як хочацца стаць студэнтам!» —ледзь не сказаў уголас Змітрок і падумаў пра Пятра, які, як казалі, недзе дастаў даведку, што два гады працаваў карэктарам на тэлеграфе, і цяпер паступае ў інстытут.

«Але ж і ў мяне ёсць шанцы — выдатнік, медаліст... Праўда, не зусім выпадае куды-небудзь паступаць: я ж старэйшы ў сям’і. Гэта трэба ўлічваць... Маці гаварыла, што ўсе сілы аддасць, а Ганю вывучыць, бо ў яе — талент. Цяпер маці няма, цяпер я павінен замяніць ёй маці...»

З сённяшняй размовы на вечары Асташонак зразумеў, што Іна вельмі хоча, каб ён вучыўся. Нават узлавалася, калі ён пачынаў гаворку пра работу. Праўда і тое, што ён здольны да вучобы. Завод ці будоўля могуць адбіць ахвоту вучыцца. Ва ўсякім выпадку, так гаворыць Іна. Яго бацькі ніколі так не гаварылі...

«Мілыя, родныя бацькі, навошта вы так рана пакінулі свайго Змітрака, прымусіўшы яго самому выбіраць шлях у жыццё?..»

Як цудоўна яны жылі ўсе разам! Бацька яго быў чыгуначнікам, маці — загадвала дзіцячым садам, жылі ў дастатку, дружна. Памятае Змітрок і апошнія словы бацькі, які ўсё сваё жыццё аддаў аднойчы выбранай любімай справе: «Помні, сынку, што не чорная праца ганьбіць чалавека, а яго чорныя справы, душа. Не бойся і не цурайся ніякай працы — і ты будзеш шчаслівы...»

Каля самага пад’езду свайго дома хлопец сустрэўся з суседам, Антонам Пятровічам Забаўскім, старым майстрам з завода. Гэта быў хударлявы, яшчэ дужы чалавек, хоць скроні даўно ўжо сталі сівыя.

Яны спыніліся, павіталіся.

— Ну, сусед, як справы? Працуеш ужо? — левай рукою падкручваючы вус, спытаў дзядзька Антось, як называлі яго ўсе суседзі.

— Яшчэ не...

— А куды думаеш?

— Не ведаю.

— Ідзі да нас. Там, брат, разгон! Ого-го, які разгон!..

— Я падумаю.

— Ну, ну, думай. Калі што — проста да мяне! Памагу...

Стары пайшоў у пад’езд, а Змітрок завярнуў у садзік, што быў насупраць дома. Ён здзівіўся, калі ўбачыў Петрака, які ішоў цяпер яму насустрач.

— Увесь вечар за табой сачу і нічога не магу зразумець,— пачаў Пятрок.— Шкада мне цябе...

Асташонак спыніўся, насцярожыўся. Ганарлівы па натуры, ён не цярпеў, калі яму спагадалі.

— Шкада? Чаму ж гэта?

— Ты можаш паступіць вучыцца...

Змітрок непрыязна адказаў:

— Змагу ці не, а фальшывых даведак, як некаторыя, даставаць не буду і не пашлю іх з дакументамі. Разумееш? Дворнікам пайду, швейцарам, але сумленна! Глядзі, калі вернуць табе дакументы з фальшывай даведкаю,— сораму не абярэшся...

— Фальшывай, кажаш? Гэта ты пра мяне?! А я ж два гады на вячэрняй і на начной зменах дзяжурыў... Спаў, бывала, па чатыры гадзіны... Не думай, што за таткавай спіною сядзеў. І не хваліўся, і не плакаў! А ты... паверыў, што злыя языкі менцяць. Яшчэ сябрам завецца...

Рэзка павярнуўшыся, Пятрок шпарка пайшоў па тратуары. Толькі гучна разносіўся грукат яго чаравікаў аб асфальт.

«Эх і навошта хлопца пакрыўдзіў! — папракнуў сябе Асташонак.— Вось чаму яго ніколі вечарамі не відаць было. Працаваў...»

— Пеця, стой!..

Змітрок памкнуўся ўслед, але, ведаючы гарачлівасць таварыша, спыніўся і паволі пайшоў у пад’езд...

 

2

Раніцою ўсё ж выйшаў Змітрок на цэнтральную плошчу, дзе знаходзіліся вітрыны з аб’явамі. «Можна хоць куды-небудзь ды паступіць»,— падмывала спакуслівая думка.

Нейкі стары, што стаяў ля Змітрака, зняў акуляры, выцер іх хусцінкаю і прамовіў:

— Разгубіцца можна, так іх тут многа, аб’яў гэтых. Хто ў наш час мог нават думаць!..

Асташонак хуценька шнырыў вачамі па радках аб’яў. У размову пускацца яму не хацелася.

Стары зноў надзеў акуляры і праз іх паглядзеў на засяроджаны твар Змітрака.

— Што, цяжка выбраць? — спытаў ён усміхаючыся.

— Цяжка...

— Чаму ж? Столькі інстытутаў! — развёў ён рукамі.— А наш дурань два гады назад скончыў дзесяцігодку і падаўся на завод.

— На завод? Два гады назад? — перапытаў між іншым Змітрок, не звяртаючы асаблівай увагі на старога.

— Ведаеш, дружа... Адзіны прадстаўнік і прадаўжальнік нашага старэйшага роду, мой шаноўнейшы ўнук Іван Азарчук-малодшы здрадзіў свайму дзеду! — не адступаў гаварлівы стары.— Мы ўсе хацелі, каб ён стаў настаўнікам. Не памагло! «Завод!» — крычыць, і канец. Пытаюся — ці ж гэта не глупства?

— Глупства,— механічна адказаў Асташонак.

Стары завохкаў:

— А-ей... Вось бачыш, і твая думка такая... Гэта думка ўсіх разумных людзей, акрамя пары гарачых галоў, якія гоняцца за модай...

Стары змоўк, дастаў з кішэні хусцінку, выцер пот, што выступіў на яго твары, і, пераканаўшыся, што з маладым чалавекам надта не разгаворышся, сабраўся ісці.

— У кожнага чалавека ёсць свая турбота,— сказаў ён на равітанне.— Прабач, малады чалавек, перашкодзіў. Выбірай, выбірай, дарагі мой...

Твар Змітрака стаў яшчэ больш хмуры і задумлівы. Ён горка ўсміхнуўся і падумаў: «Выбірай, выбірай...

А што мне тут выбраць, калі мне трэба знайсці шлях у жыццё. Дзе ён ляжыць, той шлях? Раней, калі жылі бацькі, я гэта ясна ведаў — шлях у жыццё ляжыць праз вышэйшую адукацыю. А цяпер?..»

Увесь у роздумах, паволі ідучы па тратуары, Змітрок не прыкмеціў, як апынуўся каля кінатэатра. І там, у летнім фае, за невялічкім кусцікам бэзу, ён убачыў Іну Коўшык! Яна стаяла каля клумбы, плячыма да вуліцы, а побач у капронавым капелюшы і белым спартыўным касцюме гутарыў з ёй высокі бландзін з доўгім дзюбатым носам.

Змітрок адступіў у цень ля газетнага кіёска.

— Ты не павінен ехаць адгэтуль, Артур! — горача гаварыла дзяўчына, трымаючы хлопца за руку.— Пакінуць горад, нават не скончыўшы вучобы ў інстытуце? Гэта вар’яцтва!

Той, каго Іна назвала Артурам, перасмыкнуў плячыма.

— Дзівачка! У мяне ж разрад... Бяруць трэнерам на курорт. Не абы-куды — на ку-рорт! І думаеш — так сабе бяруць? — Тут ён нахіліўся і штосьці шапнуў дзяўчыне на вуха.

Яна засмяялася і далікатна ўдарыла Артура па твару. Ён злавіў яе руку і прыклаў да сваіх вуснаў...

Іна рэзка выхапіла руку.

— Ведаю, чаго ты едзеш туды!

— Працаваць...

— Уцякаеш! Грош цана твайму каханню і ўсім абяцанкам...

— Як толькі ўладкуюся, адразу забяру цябе. Мы будзем разам, толькі крышку пачакай...

— Мне ўжо надакучыла чакаць, ведай гэта...

— Тым горш для цябе...

«Значыць, гэта той фізкультурнік, што праводзіў яе са школы яшчэ летась... А гаварыла — сваяк!» — падумаў Асташонак, яшчэ крыху пастаяў і пайшоў па тратуары далей.

«І каго я слухаю? Гэтую здрадніцу, што аднолькава ўсміхаецца кожнаму? Трэба мець сваю галаву, свой розум, а яе... вырваць з сэрца!»

Ён нават пасмяяўся ў душы са сваіх думак. Душэўны смех перамешваўся са слязьмі. Грудзі папоўніліся крыўдай на жыццё, на людзей, на тое далёкае, няўлоўнае шчасце, якога так цяпер не стае яму, асірацеламу заўчасна, разгубленаму юнаку. Ён параўноўваў сябе з птушанём, якое неасцярожным рухам вывалілася з гнязда і не ведае, куды падацца, дзе знайсці заспакаенне ад нахлынуўшага жаху...

Каля свайго дому Асташонак прыцішыў крок.

— А нам пошта грошы прынешла... А нам пошта грошы прынешла,— пачуў ён голас меншага брата.

— Добра, добра, Алік... Ідзі гуляй з дзецьмі. Ты ж у садзе. Дысцыпліна, брат, павінна ўсюды быць!

— Я невінаваты, што дзіцячы сад зрабілі ў нашым доме,— спахмурнеўшы, апраўдваўся той.

— Невінаваты,— усміхнуўся Змітрок.

— А ведаеш, колькі нам грошай прынешлі? — зноў ажывіўся Алік.

Змітрок паклаў руку на яго кучаравую галоўку. Алік увесь удаўся ў матку: вочы ласкавыя, карыя, валасы цёмныя і кучаравыя...

— Ну, колькі ж?

— Пяць рублёў — во! І Ленін на кожным...

— Значыць, пяцьсот...

— Уй-ю-юй!

— Што, многа?

— Віця сёння нос разбіў...

— Ідзі гуляй, чарцянё ты маленькае,— усміхнуўся старэйшы брат.

Алік пабег у прасторны двор, абсаджаны маладымі дрэўцамі. Там гулялі такія ж, як і ён, віхрастыя дзеці.

Змітрок узышоў на другі паверх, адчыніў дзверы. Пяцьсот рублёў пенсіі, якія ён атрымліваў штомесячна, ляжалі на стале пад кнігай. Гэта суседка, жонка Забаўскага, паклала іх так, на віду. Яна амаль заўсёды атрымлівала за Змітрака грошы.

Асташонак узяў у руку пяць сторублёвых паперак, нібы ўзважыў іх. «Яшчэ плюс зарплата...» — падумаў ён, апускаючыся на крэсла. Але адразу перад ім узнік вобраз Іны, яе абяцанне прыйсці сёння да кінатэатра ў дзевяць гадзін вечара, абяцанне другому, не яму...

«Пайду на завод — і ўсё! На злосць ёй...— падумаў Змітрок.— Ці толькі ёй на злосць? А сабе хіба не на карысць? А Гані? Яна павінна вучыцца! У яе талент, а ў мяне толькі здольнасці... У першую чаргу трэба падтрымліваць талент... Ніякая праца, нават самая чорная, не ганьбіць чалавека. Пайду!»

І Змітрок ужо ніяк не мог дачакацца, калі прыйдзе з работы сусед, дзядзька Антось. А калі той нарэшце з’явіўся, адразу пайшоў да яго.

Стары сядзеў на канапе, што стаяла ля сцяны. На маленькім круглым століку перад ім быў пастаўлен чайны прыбор, на сподачку ляжаў цукар і пячэнне.

— А-а, заходзь, заходзь, сусед... Сядай вось, паласуемся, пагутарым,— сустрэў Змітрака стары, уважліва сочачы за ім сваімі дабрадушнымі блакітнымі вачамі.

— Я ненадоўга...— Асташонак спыніўся сярод пакоя, пе ведаючы, што рабіць далей. Але адступаць ужо было позна. Узяў крэсла і сеў да стала.

— Дзе ходзіш, што бачыш? — нібы між іншым спытаў Забаўскі.

— Ды так... Сёння адзін стары расказваў мне пра свайго ўнука, якога хацелі зрабіць настаўнікам, як ён пайшоў на завод... Дзівак такі гэты стары. Не зразумееш, задаволены ён ці пакрыўджаны на свайго ўнука. Толькі любіць яго надта моцна.

— Той стары быў у акулярах? — спытаў Забаўскі, некалькі разоў глынуўшы са шклянкі.— Ды вазьмі ты вунь на буфеце шклянку, дзікун!

Змітрок узяў шклянку і наліў з чайніка трохі чаю.

— Адкуль вы ведаеце, дзядзька Антось?

— Ведаю... Яго ўнук працуе ў нас на заводзе. Дык, кажаш, не зразумець? Ён, брат, ганарыцца ім. Ого!.. Бяры пячэнне, не бойся, хопіць на дваіх.

— Дзякуй, не хачу...

— Дык што парашыў? — нарэшце проста спытаў стары.

Асташонак не хацеў адказваць яму на гэтае пытанне. Лепш самому пачуць добрую, бацькоўскую параду. І таму ён абыякава прамовіў:

— Вымушаны пакінуць думку пра вучобу... Хоць ведаю, што раблю глупства. Дурань... Стаць рабочым ніколі не позна.

Забаўскі рэзка ўстаў з месца. Яго твар пацямнеў ад злосці. Не пазіраючы на Змітрака, ён сказаў:

— Хадзем! — і выйшаў на балкон.

Змітрок у недаўменні пайшоў следам. «Чым гэта я ўгнявіў старога?» — падумаў ён.

З балкона віднеліся стройныя карпусы завода, вялізны парк.

— Глядзі туды! — Дзядзька Антось тыцнуў перад сабою пальцам. Змітрок паглядзеў.

— Ну, завод, парк...

— Колькі чалавек цяпер там працуе? Як ты думаеш?

— Напэўна, тысяч дваццаць,— адказаў хлопец, усё яшчэ не разумеючы сэнсу пытання.

— Памнож цяпер на тры змены. Колькі будзе?

— Шэсцьдзесят тысяч.

— У нашай краіне многія-многія сотні такіх заводаў, як наш... Колькі будзе, калі мы шэсцьдзесят тысяч памножым на тыя сотні?

— Многа! — усміхнуўся Асташонак.

— Значыць, па-твойму, выходзіць, што ў нашай краіне столькі дурняў? — раззлаваўся стары яшчэ больш.— І дурні яны таму, што сталі рабочымі. Тут нас двое. Адзін з іх дурань...

— Я не хацеў гэтага сказаць,— разгублена прамовіў Змітрок, зразумеўшы нарэшце прычыну злосці старога.

— Не хацеў, а так атрымалася,— адказаў Забаўскі.— Цяпер хадзем дапіваць чай.

Змітрок вінавата апусціў галаву.

— Скажыце,— ціха пачаў ён, калі яны зноў вярнуліся ў пакой і ўзяліся за свае шклянкі,— ці хутка можна стаць добрым рабочым?

— Гледзячы, што за чалавек,— звычайна сказаў сусед.

— Ну, калі ён скончыў дзесяцігодку.

— Гледзячы, які чалавек скончыў дзесяцігодку...— быў адказ.

— Я зразумеў: не ўсякі чалавек, нават і з сярэдняй адукацыяй, можа стаць добрым рабочым. Няўжо так можа быць? Не верыцца...

— Уяві, дарагі мой, можа...

— Толькі не са мною!

Стары ўсміхнуўся, устаў, паставіў шклянку на стол і моцна паціснуў Асташонку руку. Ён быў куды ніжэйшы за Змітрака, амаль увесь сівы, але якая яшчэ сіла адчувалася ў той старэчай руцэ!

— Значыць, вырашыў?

— Вырашыў. Пайду на завод! Дакументы я падрыхтаваў...

 

3

«Іна... Іна...»

Чаму ён так часта думае аб ёй? І чым больш турбот, чым цяжэй работа,— тым яскравейшыя робяцца ўспаміны...

Круглы, амаль дзіцячы тварык, вялікія васільковыя вочы. Харошыя вочы... Ці могуць яны хлусіць? Колькі ўжо год ведае Змітрок Іну, а не памятае выпадку, каб яна ашукала, не стрымала слова. Хто ж ён, той Артур, якому яна ўсміхалася сваімі добрымі, даверлівымі вачамі і абяцала прыйсці ўвечары да кінатэатра? Навошта ён яе сёння так выпадкова ўбачыў? Не было б гэтых цяжкіх успамінаў. Значыць, Артур сустракаўся з Інай і два гады назад? Значыць, яе вочы хлусілі?..

Змітрок паглядзеў на гадзіннік. Было роўна сем. Ён цвёрда вырашыў «пагаварыць» з Інай шчыра, раз і назаўсёды. Можа, нават пасварыцца, абразіць яе, пакрыўдзіць...

Ён ішоў да яе з трапяткім сэрцам. І ледзь толькі апынуўся за знаёмай брамкай, як з беленькага аднапавярховага доміка, што захаваўся між дрэў саду, выйшла Іна.

Яна была ў новым квяцістым халаце, які прыгожа аблягаў стан дзяўчыны, бадзёрая, расчырванелая. Доўгія русыя валасы хвалямі клаліся на плечы. «Якая прыгажосць! — імгненна падумалася Змітраку.— Я не здолею, не змагу з ёю сварыцца, абражаць яе...»

— О! — усклікнула Іна, збегшы па драўляных сходках на дарожку, абапал якой густа раслі рамонкі і яшчэ нейкія ружовыя кветкі.

Сэрца ў Змітрака нібы абарвалася, калі ён пачуў яе голас. Ён абапёрся плячыма на зачыненую брамку і, як ад вялікай зморанасці, заплюшчыў вочы, перавёў дух. Злосць адразу знікла, нібы яе зусім не было. «Усё ж прыгожая яна, харошая»,— гледзячы на дзяўчыну, якая паволі падыходзіла да яго, думаў Змітрок.

— Ну, чаго стаіш? — здзіўлена прамовіла Іна, спыніўшыся на палавіне дарогі.

— Ды я... Ішоў тут блізка. Дай, думаю, зайду,— нібы апраўдваўся ён.

— І добра зрабіў! Дзе ты прападаеш наогул? Мы зусім згубілі адно аднаго. Я так сумавала, так сумавала... Ну, што ты, куды думаеш паступаць? Ды сядай хутчэй вось тут, расказвай. Я паміраю ад нецярпення хутчэй усё ведаць,— як звычайна, скорагаворкай сыпанула Коўшык.

Яны селі ў ценю веранды, абсаджанай дзікім вінаградам, усміхнуліся адно аднаму...

Асташонак ведае гэты асабняк даўно, быў тут сваім чалавекам, але толькі цяпер чамусьці адчуў сябе чужым. І цяжкія шторы на дзвярах, і кожны год новая расфарбоўка фасада, і заасфальтаваныя дарожкі ў садзе — усё гаварыла аб тым, што гаспадары мелі ў кішэні лішні рубель. Не тое што ён — полы дзярэ, а плечы латае. І ранейшы настрой, тыя думкі, з якімі ён збіраўся сюды, паступова вярнуліся да яго. Змітрок, што называецца, спусціўся на зямлю...

— А я нічым асаблівым і не пахвалюся,— пачаў ён, па звычцы страсянуўшы галавою, каб адкінуць валасы, што спаўзлі на вушы.— Я... працаваць іду. На завод!

«Вось няхай праглыне гэтую пілюлю!»— задаволена падумаў ён, назіраючы за тварам дзяўчыны.

Іна прыклала ружовую пухлую руку да яго лба.

— Тэмпература, здаецца, нармальная, а гаворыць глупства... Ты ж быў самы здольны сярод нас!

— Ну і што з таго? Здольны, а не таленавіты...

— Як — што? Пеця стане журналістам. Ігар — доктарам, Раман — хімікам, а ты — рабочым. Гэта, паўтараю, недаравальна!

Калі Іна скончыла, «Змітрок шчыра глянуў ёй у вочы.

— Я стану рабочым, адным з мільёнаў! — у роздуме сказаў ён. Халодны агеньчык успыхнуў і згас у яго прыжмураных вачах.— Кінь, Іна, па-дзіцячаму разважаць... Пеця, Ігар... Мне трэба выхоўваць дзяцей, жыць...

— Дзяцей выхоўваць, а самому гібець, трапіць у балота, хадзіць брудным,— скрывіла яна свае вусны.

— Бруд, калі ён зверху, адмываецца, а вось калі душа чорная, яе ніколі не адмыеш! Так гаварыў мне яшчэ бацька...

— Справа твая...— паціснула плячыма Іна і паглядзела кудысьці на вуліцу.— І наогул... Як ты змяніўся! Памятаеш, мы марылі...

— А вось ты не змянілася,— перапыніў яе Змітрок і асцярожна дакрануўся да Інінай прычоскі.— І валасы тыя ж, і вочы...

— Валасы, дарэчы, сёння апошні дзень дажываюць...— яна ўсміхнулася і, накруціўшы на руку ладны касмылёк, дадала: — Як гэта бацька гаворыць? Ага... Кансерватары ў любым іх праяўленні — шкоднікі грамадства.

Іна зычна засмяялася.

— Значыць, будзе прычоска «пасля тыфу» ці «хлапчук без маці»? Гэткае памяло? — Змітрок ускалмаціў свае валасы.

Яна кальнула яго позіркам.

— Чаму ў цябе сёння такі злы язычок? Ты прыйшоў, каб пасварыцца?

— Я прыйшоў запрасіць цябе ў кіно. На дзевяць вечара,— зусім неспадзявана прамовіў Асташонак і дапытліва паглядзеў на дзяўчыну. Яна адразу сумелася, але хутка авалодала сабою і грэбліва паглядзела на яго вопратку: клятчастую кашулю з закасанымі рукавамі і цёмна-сінія выцертыя штаны. Змітрок спакойна вытрымаў гэты позірк, скрывіў вусны і сказаў:

— Не падыходжу? Нічога, дарагая, атрымаю зарплату, куплю што-небудзь лепшае. Я ж цяпер гаспадар у хаце...

— Калісьці ты да нечага імкнуўся,— мяняючы тэму размовы, адказала Іна.

— Што ты хочаш гэтым сказаць?

— Ты і без сярэдняй адукацыі мог стаць звычайным рабочым...

— А я не звычайны рабочы,— непрыязна адказаў Асташонак.

— Інжынер?

— Так, інжынер! Галоўны інжынер вялізнага завода,— ледзь стрымліваючыся, каб не абразіць яе, адказаў Змітрок.— Пашана, уласная машына, сям’я...

Іна крыва ўсміхнулася: гэта былі яе словы.

— У кіно сёння я не пайду,— сказала яна і ўстала.— Мы з мамай едзем да знаёмых.

— Ах, прабач! Ужо восем гадзін, а табе трэба ў дзевяць быць у знаёмага...

Цяпер Іна зусім не бянтэжылася. Яна проста глядзела на Змітрака цікаўна, з усмешкай на твары. А ён глянуў у яе добрыя васільковыя вочы і падумаў: «Калі яны і маняць — усё адно прыгожыя».

— Што ж, да лепшай сустрэчы, Іна,— прамовіў Змітрок, і голас яго сарваўся: усё-такі ён кахаў яе, гэтую дзяўчыну.

— Будзь здароў... Ты яшчэ падумай. Хоць работу выберы не абы-якую,— праводзячы Змітрака на вуліцу, павучальна сказала Коўшык...

А на другі дзень, калі Змітрок вярнуўся з магазіна, ён убачыў дома незнаёмага чубатага хлопца ў шэрым замасленым камбінезоне, з выгляду гадоў на дваццаць пяць, прыгожага...

«Ад дзядзькі Антося!» — здагадаўся Змітрок і прывітаўся. Але хлопец не адказаў на прывітанне. Ён сядзеў ля стала і ўважліва чытаў газету. У яго былі надзвычай густыя чорныя бровы, якія амаль сыходзіліся на пераносіцы.

— Добры дзень! — ужо гучней сказаў Змітрок.— Маё прозвішча Асташонак. Вы да мяне?

— Кручанюк! — коратка прывітаўся хлопец і зноў апусціў галаву, нібы да Змітрака яму і не было справы.

Асташонак ужо чуў пра Кручанюка ад суседа. Ён ведаў, што пасля дэмабілізацыі з арміі Анатоль Кручанюк пачаў працаваць на заводзе токарам і цяпер ужо слыў вядомым рацыяналізатарам.

— Ну, брат, зайшоў па цябе — лічы сябе шчаслівым! — Кручанюк нарэшце склаў газету і, устаўшы з крэсла, аберуч паціснуў Асташонку руку.— Будзеш працаваць у нашым цэху. Гэта, брат, вялікі гонар!

Змітрок паглядзеў на яго замасленую спяцоўку, на чорныя ад металічнага пылу рукі і абыякава адказаў:

— Была б шыя — хамут знойдзецца...

Адкуль мог ведаць Кручанюк, што ў хлопца на душы!

— Ды ты што? У наш цэх не кожнага так, адразу... Падзякуй Антону Пятровічу...

— А мне ўсё роўна куды. Хадзем...

Анатоль паківаў галавою:

— Ну і работнічак будзе Івану. Адна радасць, дый годзе!

Калі падышлі да прахадной, заўважылі Забаўскага. Ён прыемна ўсміхаўся, бліскаў вачамі праз залатыя акуляры і махаў пропускам. Відаць было, што майстар ганарыўся сваім новым вучнем...

— Зноў куранё сустракаеш? — спытаў непаваротлівы вахцёр, такі ж вусаты, як і Забаўскі. Толькі вусы ў яго былі рудыя ад махоркі, якой дыміў цэлы дзень.

— Рыхтуем, так сказаць, новае пакаленне рабочага класа! — адказаў майстар.

Пры сустрэчы з дзядзькам Антосем Асташонак павесялеў: усё ж свой чалавек клапоціцца аб ім! Змітраку хацелася сказаць што-небудзь вельмі разумнае, але слоў не было.

На дварэ завода хораша!

Глядзіць Змітрок уздоўж шырокай вуліцы, што пралягла між доўгіх карпусоў, і дзівіцца: якая наўкол чысціня! Кожны корпус, захаваны ў гушчары хвой ды бяроз, ледзь віднеўся вялізнымі вокнамі. Усюды дрэвы, клумбы з кветкамі, дарожкі, абапал якіх доўгімі шарэнгамі стаялі зашклёныя стэнды. Уражанне было такое, быццам Змітрок трапіў не на завод, а на двор якога санаторыя...

А вунь, у сапраўдным бэзавым садзе, невысокі будынак з прыгожым фасадам. Туды вядуць заасфальтаваныя дарожкі.

«Гэта — клуб»,— здагадваецца Асташонак, і душа яго напаўняецца гордасцю за тых людзей, якія клапоцяцца, каб завод іх быў такі прыгожы...

Забаўскі ішоў паперадзе і маўчаў. Раптам ён спыніўся і паказаў на вялізны цэх злева:

— Ты будзеш там працаваць.

Змітрок паглядзеў на Анатоля і запытаўся:

— Пойдзем?

— Рад бы, ды не магу,— адказаў той, развёўшы рукі.— Я — да дырэктара. З мяне тут такога героя зрабілі, хоць уцякай. У цэх зайсці няма калі...

Калі Кручанюк пайшоў, стары растлумачыў:

— Ён у нас першы рацыяналізатар. А дырэктар, трэба сказаць, падтрымлівае кожнага, у каго галава што-небудзь тумкае... Эх, не сапсаваў бы ён Толю! Хлопец, праўда, сціплы, але хто ведае, які яшчэ злы дух не разбуджаны ў ім!..

Спярша яны прайшлі цэх рэзальных машын. І Змітрок з непрывычкі аж закрыў вушы далонямі, жахаўся на кожным кроку.

Потым пабывалі ў кавальска-прэсавым, у зборачным. І ўсюды ў вочы кідаліся механізмы. Людзі імі толькі кіравалі. Упершыню Асташонак падумаў, што ён тут, як малое дзіця, якое толькі дзівіцца на новыя цацкі і нічога ў іх не разумее.

Да гэтага часу ён сур’ёзна не задумваўся над сваёй новай прафесіяй рабочага, лічыў, што калі ёсць сіла ў руках, дык і працаваць здолее, а цяпер пачаў пераконвацца, што да працы ён зусім не падрыхтаваны. Аказалася на практыцы, што, акрамя сілы, рабочаму чалавеку трэба мець і адпаведную адукацыю, навык у рабоце...

«Вось табе і дзесяцігодка... і атэстат сталасці. А што я магу, што?»

І было крыўдна на некага, што ён да гэтага часу лічыў сябе ледзь не вучоным, а зайшоў у сапраўдны цэх і глядзіць на ўсё як баран на новыя вароты...

— Дзядзька Антось!

— Што?

Змітрок паказаў на адчыненыя дзверы, і мужчыны адзін за другім выйшлі на двор.

— Не падабаецца наш завод? — хітра жмурачы вочы, спытаў стары.

— Я другое скажу, дзядзька Антось.— Асташонак азірнуўся на карпусы.— Які я маленькі тут... Ніколі я не быў такім маленькім! За дзесяць год мяне навучылі любіць Радзіму, як маці, ведаць і адчуваць яе пульс, а не навучылі знайсці сваю справу, каб я стаў карысным для яе, як сапраўдны сын! А ці адзін я такі? — з запалам гаварыў Асташонак.— Іна сказала неяк раз: Пятрок будзе журналістам, Ігар — доктарам. Людзі ідуць абы-куды! А потым толькі чуеш, як абвінавачваюць тых настаўнікаў, што не любяць дзяцей, дактароў, што абыякава адносяцца да хворых...

— Ну, вось... Патроху пачынаеш разумець. Толькі пачынаеш! — падкрэсліў Забаўскі.— Значыць, сваю справу знойдзеш.— Ён рэзка павярнуўся і дадаў: — А цяпер пойдзем пазнаёмлю цябе з рабочым месцам, з майстрам. Знойдзецца і сляпой курыцы зярнятка!..

Мірна гутарачы, яны вярнуліся ў такарны цэх.

Гэта вялізная светлая зала, з чыстай зацэментаванай падлогаю, дзе, нібы спаборнічаючы між сабою, гулі станкі, шарэнгамі выстраеныя на ўсёй даўжыні цэха. Як і ўсюды, людзей нямнога.

Ля станка, куды прывёў Асташонка стары майстар, завіхаўся цёмна-русы хлопец. Ён так быў заняты працай, што, здавалася, нічога не заўважаў вакол — рухі разлічаныя, дакладныя, увішныя. Змітрок зірнуў хлопцу ў твар, і яму здалося, што недзе яны ўжо сустракаліся. Ля вока, як пятак, радзімая пляма...

— Здароў, Ваня! — прывітаўся з ім за руку стары.— Гасцей прымеш?

Іван дапытліва зірнуў на Змітрака, спытаў:

— Гэта той самы?

— Той! Змітрок, знаёмся — твой майстар... Азарчук.

— Значыць, Дзмітры! Ну, што ж, будзем знаёмыя! — і хлопцы моцна паціснулі адзін аднаму рукі.

— Зрабі, Ваня, з яго такога чалавека, каб нам з табою не было сорамна! — зазначыў Забаўскі і, смеючыся, дадаў: — Словам, скуру табе, косці — мне...

— Гэта будзе залежаць не толькі ад мяне,— развёў той рукамі.

— Мой сусед... Хлопец што трэба, не падвядзе,— запэўніў Забаўскі і звярнуўся да Змітрака: — Чакай ля варот, разам дадому пойдзем!

І ён пакінуў іх удвух.

«Іван Азарчук... Ды гэта ж... гэта ж унук таго дзеда, што быў тады ля вітрын!» —успомніў нарэшце Змітрок і больш уважліва паглядзеў на свайго новага настаўніка.

Іван замацаваў чарговую дэталь у патрон і ўключыў матор.

Хвілін пяць Змітрок глядзеў на яго работу, а потым спахапіўся:

— Што я павінен рабіць?

— Збяры стружку і пакладзі вунь у тую скрынку...

— А яшчэ што?

— Пакуль хопіць і гэтага,— спакойна адказаў Іван, схіляючыся над станком.

«Вось ён — завод!.. Я тут, сапраўды, магу толькі стружку збіраць»,— падумаў Асташонак, але недзе ўнутры ўжо загараўся агеньчык веры ў свае сілы.

 

4

Надышоў першы выхадны дзень, і Змітрок з самай раніцы пабег на лодачную станцыю гарадскога парку, каб пазагараць на вадзе.

Сонца не шкадавала цяпла. Лёгкі ветрык ледзь варушыў лісце на старых ліпах. На душы ў Змітрака было радасна. Справы яго наладжваліся, жыццё паступова станавілася прыгажэйшым, чым думаў аб ім яшчэ нядаўна Асташонак.

Алік цяпер круглыя суткі знаходзіўся ў дзіцячым садзе. Ганя не пакідала заняткі па музыцы. Яе ўжо добра слухалася скрыпка, і гэта бадзёрыла дзяўчынку.

Калі Асташонак падышоў да білетнай касы, то заўважыў Арцёма Белага, сакратара камсамольскай арганізацыі завода, і Анатоля Кручанюка. Чорныя як смоль валасы і буры ад загару твар, высокі рост і магутныя плечы Арцёма вылучалі яго сярод астатніх у людскім патоку. Анатоль яму штосьці гаварыў. Ён быў у светлым касцюме, чыста паголены, свежы. І не скажаш, што ён працуе токарам.

Змітрок нясмела падышоў да іх, усё яшчэ адчуваючы сябе «чужым».

— Кажу — бяры мой білет, і ўсё! — пачуў ён голас Арцёма.

— А-а, Змітрок, здарова... Хадзі сюды, паглядзі, як наш камсамольскі сакратар новага героя знайшоў! — звярнуўся Анатоль да Асташонка, як да старога знаёмага.— Свой білет на лодку аддае...

— Аддаю! Гонар нашага завода без лодкі? Не дазволю! Вось, бяры — і каб тваёй нагі на беразе не было! Хутка дзяўчаты падыдуць, а ты ж іх з першага позірку чаруеш, хай цябе...— нават пачырванеў Арцём, так сур’ёзна ён угаворваў Кручанюка. А потым ціха дадаў: — Дружочак, бяры... Мне ж усё роўна на якой лаўцы сядзець, я ж веславаць не ўмею. Выручы, братка...

Воддаль ад білетнай касы, цярэбячы ў руках букецік васількоў, Арцёма чакала дзяўчына.

— Калі білетаў у касе няма — бяры! — параіў Анатолю Змітрок.— Паедзем разам...

— Чэрці, угаварылі! — паціснуў плячыма Анатоль.— Што ж, паедзем... З дзяўчатамі яно, канешне, было б весялей, але... Не нашым носам маліны кляваць!

Шчырасць і прастата Анатоля спадабаліся Змітраку.

Ён засмяяўся і хацеў ужо ісці за таварышам, як убачыў, што да касы падыходзіла Іна Коўшык. Яна была ў той белай сукенцы, якую надзявала на выпускны вечар, але ўжо з хлапечай прычоскай...

Асташонак зморшчыўся і схапіў Кручанюка за руку.

— Адну хвіліначку,— узрадаваны, што выпадае пабыць з Інай разам, сказаў ён,— Здаецца, у нас будзе дзяўчына! Хоць адна на двух...

— Гэта ўжо лепш, чым ніводнай!

Іна ўбачыла Асташонка. Ён быў у сваёй клятчастай кашулі, але ў новых светлых штанах. Цень незадаволенасці лёг на яе круглы тварык. Відаць было, як міжволі, на якое імгненне, яна завагалася, а потым глянула на Анатоля і рашуча падышла, усміхаючыся ім абодвум.

— Прывітанне рабочаму класу! — весела, па-сяброўску, прамовіла Іна і адразу напала на Асташонка: — Ты ўсё ж нягоднік! Зноў не прыходзіш. Я чула — ты ўжо на заводзе...

— Вось таму і не было часу, Іна,— апраўдваўся Змітрок і, кіўнуўшы галавою на Анатоля, дадаў: — Пазнаёмся вось з маім таварышам...

Увесь час Кручанюк не спускаў з дзяўчыны здзіўленага і радаснага позірку.

— О-оў! Адразу і не скажаш, што вы з завода,— дапытліва глянуўшы на Кручанюка з галавы да ног, яна падала руку.— Інэса...

— Толя,— адказаў хлопец і чамусьці зачырванеўся. Але руку Іны ён затрымаў у сваёй крыху даўжэй, чым гэтага вымагала простае знаёмства.

Коўшык ледзь улоўна ўсміхнулася і схавала вочы пад доўгімі, густымі вейкамі. Белы твар ледзь паружавеў.

«Вось так механічна заплюшчваюць вочы дарагія лялькі»,— міжволі падумалася Змітраку.

— Іна, паедзем з намі катацца,— прапанаваў ён дзяўчыне.

Яна зірнула на яго, на Кручанюка і паціснула плячыма.

— Паехалі! — падтрымаў Змітрака і Анатоль.

— Вам пашанцавала дастаць білеты на лодку? — проста пацікавілася яна.

— Гэта яму, Толю, як лепшаму рацыяналізатару і...

— Змітрок, не трэба,— перапыніў яго Анатоль.— Цэлымі днямі на заводзе толькі гэта і чуеш... Ды яшчэ тут...

— Добра, не буду.

Коўшык згадзілася паехаць разам з хлопцамі з умовай, што праз гадзіну яе высадзяць тут жа. І калі адплылі ад берага, яна, між іншым, пацікавілася:

— Ну, вось скажыце, Анатоль, што вы такое новае прыдумалі там? Калі не сакрэт, безумоўна.

Ён адказаў не адразу. Скінуў пінжак і, застаўшыся ў блакітнай тэнісцы, узяўся за вёслы. Змітрок заслаў лавачку на карме сваёй кашуляй і пасадзіў на яе Іну. А сам перайшоў на нос лодкі, лёг на спіну, падставіўшы сонцу свае шырокія грудзі.

— Гледзячы, што вас цікавіць,— глыбакадумна пачаў Анатоль.— Скажам, разец «зорачка» маёй канструкцыі дае эканомію рабочага часу да дзесяці хвілін у гадзіну. Гэта значыць...

— Адна гадзіна дваццаць хвілін за змену,— хутка падлічыла Іна, бліснуўшы на Кручанюка сваімі вочкамі.

— Яшчэ не ўсё. Разец разлічаны на сілавое рэзанне,! значыць, зноў эканомія...

Змітрок глядзеў на раку і думаў: «А чым я магу пахваліцца? Чым? Колькі за дзень стружак сабраў? Ці тым, што добра вычысціў станок?.. Досыць! Я ўжо ўволю нагледзеўся на чужую працу, час брацца і за сваю. Будову станка я ўжо ведаю...»

Узняўшы галаву, ён заўважыў, што Іна і Анатоль глядзелі адно на аднаго і ўсміхаліся. Яму была добра знаёма гэтая ўсмешка Іны! Калісьці пасля такой усмешкі ён страціў спакой...

«І Артуру, і мне, і яму... Аднолькава ўсім, як за грошы! — падумаў Асташонак, адчуваючы, як злосцю напаўняюцца яго грудзі.— Усім... Анатоль тут ні пры чым. Ён хлопец, і няма нічога дзіўнага, што загледзеўся на прыгожы твар. Вінавата яна, толькі яна! Нібы тая кобра, гіпнатычна ўставіла свае вочы на чарговую ахвяру. Добра, дзейнічай, гадзюка! Мяне ты ўжо не ўкусіш...»

Ён зрабіў выгляд, што зусім не цікавіцца Інай і нешта такое заспяваў сабе пад нос. А калі зноў глянуў на яе, то ўбачыў, што Ініны вочы свяціліся шчасцем.

З нейкай радасцю яна ўсклікнула:

— О-оў! А вы ўжо і армію адслужылі...

Змітрака здзіўляла новая прывычка Іны гаварыць гэтае расцягнутае «о-оў». З кожнай хвілінай ён адчуваў, як таямнічая натура Іны паступова раскрываецца перад ім...

Ён успомніў школу. Там, у школе, Іна аддавала перавагу спачатку выдатніку. Потым фізкультурніку Артуру: спартсмены былі ў модзе... Цяпер — герою, новай модзе... Адным словам, што ўкусіць, тое з’есць... Няхай! Яшчэ прыйдзе час — падавіцца!

А на возеры было цудоўна!

Дзесяткі лодак сноўдалі паўз бераг, і ўсюды — моладзь, усім весела. З парку даляталі гукі духавога аркестра, а над возерам разлягалася чароўная песня:

 

Ме-сяц на не-э-бе, зо-рань-кі ззя-а-юць,

Па сі-ня-му мо-о-ру чо-вен плы-ве...—

 

спяваў гучны барытон, і ўжо дружны хор галасоў падхопліваў:

 

У чоў-не дзяў-чы-ы-на пе-сню спя-ва-а-е,

А ка-зак чу-у-е, сэр-цай-ка мрэ-э!..

 

— Студэнты... Шчаслівыя,— з зайздрасцю сказала Іна.— А я от нікуды не паступаю. Хоць замуж выходзь!..

Яна засмяялася і пачырванела да вушэй.

«Так,— падтрымаў яе ў думках Змітрок.— Табе дужа хочацца замуж... Хоць сёння. Відаць, дзеля гэтага я і не падыходжу...»

Анатоль прапанаваў:

— Прыходзьце да нас. У нас яшчэ весялей!

— За станок?

— Чаму — за станок? Можна і касірам. Я чуў — патрэбен касір. Можна пагаварыць з дырэктарам...

— О-оў!

Змітрок не вытрымаў.

— «О-оў»,— перадражніў ён.— Іна, не падрабляйся пад англічанку, непрыемна слухаць...

Яна гнеўна зірнула на яго і адразу супакоілася.

— Калі пану непрыемна слухаць, то пан можа дэсантам высадзіцца на бераг,— лагодна сказала Коўшык.— Тым больш што ён не вяслуе, а бясплатным пасажырам...

— Ах, так?! — прыжмурыўся на яе Асташонак.

— Іменна так...

Цяпер вочы яе, здавалася, былі зроблены з лёду.

— У такім выпадку, дайце маю кашулю...

— Калі ласка!

Яна кінула яму скамечаную кашулю, але прамахнулася, і адзежына ўпала ў ваду.

— Ай, як вы неасцярожна,— сказаў Анатоль, вымаючы кашулю вяслом. Відаць было па ўсім, што ён не асуджае Іну, а, наадварот,— задаволены яе ўчынкам.

— Нічога, калі трохі і пабялее, сёння ж свята! — засмяялася дзяўчына.

Асташонак з нянавісцю глянуў на Іну і, стаўшы на нос лодкі, скочыў на бераг. На хаду надзеў майку і, не азіраючыся, шпарка пайшоў у глыб парку...

Анатоль маўчаў. Ён, бадай, нічога не ведаў пра іх ранейшыя адносіны і, вядома, рад быў застацца з дзяўчынай адзін на адзін.

«Ну, вось і ўсё... Усё! — думаў Асташонак.— Вырваў з сэрца... Не заўважаў, што расло там пустазелле...»

На вуліцы, куды выйшаў Змітрок, перад ім спыніўся каштанавы «Масквіч». Адтуль глянулі на яго знаёмыя вочы шафёра. Ды гэта ж Ігар Стук! А побач — Раман, сябры-аднакласнікі.

— Садзіся! — адчыніўшы дзверцы, прапанаваў Стук.

Не раздумваючы, Змітрок сеў на задняе сядзенне, прывітаўся. Хлопцы пераглянуліся.

— Возьмем? — спытаў Ігар.

— Возьмем,— згадзіўся Раман. Ён заўважыў на Асташонку мокрую кашулю і пацікавіўся: — Дзе гэта ты так выкупаўся, што яшчэ не абсох?

— Ты лепш скажы, «пацук», як інстытуцкія справы? — у сваю чаргу спытаў Змітрок.

— Пераслалі дакументы назад! — з нейкім задавальненнем прамовіў таўстаносы, з маленькімі нерухомымі вочкамі, хударлявы Раман, якога ў школе ўсе называлі пацуком.

— Мы з ім не прападзём і так,— хрыплым баском уставіў Ігар, дужы чырванатвары дзяцюк. Асташонку былі добра вядомы яго спакойны, напорысты нораў, сляпая адвага і рашучасць.

«Ігар будзе доктарам, Раман — хімікам,— успомніліся яму словы Іны.— А кіруюць да рэстарана... Хімікі! За якія толькі грошы п’юць?»

Калі машына спынілася, Змітрок выйшаў і падзякаваў Ігару.

— Не так развітваюцца сябры,— сказаў той і скінуў з плячэй пінжак.— Апранай і шагам марш з намі!

— Не ма-гу! — адрэзаў Змітрок.— Я не «пацук» цягацца за табою. Думаеш, яму дужа ахвота?..

— Мужчына! — Ігар моцна паціснуў Асташонкаву руку.— Калі спатрэбімся, з дзесяці вечара нас тут знойдзеш кожны дзень. Будзь здароў!

— Усяго добрага...

Калі крокі Асташонка заціхлі, Раман плюнуў на зямлю і прамовіў:

— Я так і знаў!.. Змітрака рэстаранам не купіш. Яму патрэбны грошы, каб купіць за іх тую ляльку, што паехала з другім... Няўжо ты не разумееш, Гіра?

— Нічога! Зловім і на чарку! — упэўнена адказаў на гэта Ігар.— Няхай падвучыцца на заводзе. Тады мы запросім яго кваліфікаваным узломшчыкам дачных замкоў...

— Не-е, Гіра! На дачныя аперацыі я не пайду! — замахаў рукамі Раман і падаўся да машыны, але Ігар дужай рукою схапіў яго за каўнер і тузануў да сябе.

— Ты, пацук, будзеш рабіць толькі так, як захачу я! Праз шыбіну ў чужы дом палезеш, ля гасцініцы інтурысцікаў будзеш лавіць, жабраваць — усё, што мне ўздумаецца...

— Кінь, Гіра, жартаваць. Досыць!

Гіра — гэта мянушка Ігара, складзеная з перастаўленых літар яго імя. Стук любіў, калі яго так называлі.

— Жартаваць, кажаш? Колькі дзён, як мы не зарабілі ні рубля? Тыдзень... А на якія «гронікі» ты, пацук, чалавекам жывеш? На пазычаныя... Іх трэба вярнуць. Пайшлі ў наш хол!..

— І навошта толькі я з табою звязаўся, Гіра? Дазнаюцца дома — заб’юць! — завыў Раман, пакорліва ідучы за Ігарам у рэстаран...

 

5

У самым капцы двара, дзе жылі Асташонкі, за маладымі ліпкамі, быў невялічкі басейн. Калі Змітрок увайшоў на двор, ён заўважыў, як убаку, далей ад другіх хлапчукоў, стаяў Алік. Відаць было, што ён пакрыўджаны. Мокрая вопратка прыліпла да яго цела. «І гэты выкупаўся»,— з усмешкаю падумаў Змітрок і ўбачыў Ганю, якая стаяла каля дрэва і сварылася на малога:

— А калі б ты ўтапіўся?

— Ты ўтопішся,— адказаў той, панурыўшыся.

— Ты разумееш, што робіш?

— Ты разумееш...

— Вось няхай прыйдзе Дзімка, паглядзіш!

— Ты паглядзіш...

І так бясконца, пакуль Ганя не ўзяла Аліка за руку.

— Ідзі дадому! — загадала яна.

— Ты ідзі! — пачаў вырывацца Алік.

— Ідзі, кажу...

— Не пайду, кажу!

Тут ён заўважыў брата і хуценька, хаваючыся ад яго, пабег дадому. Змітрок падышоў да сястры.

— Цяжка табе з ім ваяваць?

— Не... Ён мяне слухаецца.

— Слухаецца? Гэта добра.

Яны зайшлі ў кватэру і доўга шукалі малога, пакуль той сам не вылез з шафы. Змітрок паглядзеў на яго і паківаў галавою:

— Ай-я-яй, Алік! І табе не сорамна?

— Сорамна... Толькі трошачкі,— падумаўшы, шчыра прамовіў ён.

— Чаму трошачкі?

— Ганя ўжо сварылася...

— Калі мяне няма дома, яна для цябе камандзір. Ясна? Ты павінен слухаць яе.

— Не буду слухаць,— калі Ганя выйшла на кухню, настойліва адказаў Алік, спадылба пазіраючы на брата.

Ганя адчыніла дзверы з кухні і зазначыла:

— Калі не будзеш слухаць, Дзімка цябе адлупцуе!

— Ад-луп-цуеш? — спалохана спытаў Алік, дапытліва пазіраючы брату ў твар.

— Біць не буду, але пакрыўджуся.

Хвіліну памаўчаўшы, Алік спытаў:

— А чаму ў Гані няма штаноў і пагонаў?

— Навошта гэта ёй?

— Камандзір без штаноў не бывае...— упэўнена прамовіў Алік і звярнуўся да Гані, якая ставіла на стол талеркі.— Ага!

Змітрок і Ганя засмяяліся.

— Ну, хіба не чарцянё? — правёўшы рукою па кучаравых валасах брата, пяшчотна сказаў Змітрок.

— Садзіцеся за стол,— паклікала нарэшце Ганя.

Змітрок дапамог Аліку пераадзецца і памыцца, потым пасадзіў яго на крэсла побач з сабою.

— Смачна! — прыняўшыся есці першую страву, сказаў ён.— Малайчына, Ганя, за сённяшні абед стаўлю табе пяць!

Ганя задаволена ўсміхнулася.

Алік толькі паспытаў суп і зморшчыўся.

— Нясмачна,— сказаў ён.— Мамка гатавала лепш... Чаму яе так доўга не вязуць з бальніцы, Дзімка? — і не па-дзіцячаму цяжка ўздыхнуў.

Змітрок і Ганя разам глянулі на сцяну, дзе побач з партрэтам бацькі з нядаўняга часу вісеў і матчын партрэт. Маці была сфатаграфавана з пушыстай хусткай на плячах, як хадзіла яна ўсе астатнія дні свайго жыцця...

У горле Змітрака нешта казытнула. Ён моўчкі перавёў позірк на Ганю, разумеючы, што робіцца на душы сястры.

Ганя зачэрпнула лыжкай, але раздумала, выліла зноў у талерку, паклала лыжку на стол, апусціла галаву, хаваючы вільготныя вочы. Потым шпарка выйшла на кухню, сказаўшы:

— Зусім забылася выключыць плітку...

І там, за дзвярамі, прыпаўшы галавой да акна, дала волю слязам. Яна прыгадала апошнія дні жыцця хворага бацькі. Ён так пакутаваў ад незагоеных ран! Потым да ўсяго гэтага — запаленне лёгкіх, смерць.

Маці памерла раптоўна, неспадзявана... Яшчэ раніцою згатавала снеданне, падала на стол... Але ўжо не снедала сама. Лягла на ложак, і не стала яе...

— Не трэба, Ганя... Ты ж не маленькая,— пачула яна словы брата і схамянулася: ён стаяў побач. Яна і не заўважыла, калі ён зайшоў.

— Цяжка... Не магу без мамы,— праз слёзы сказала Ганя.

— А мне лёгка?

Раптам дзверы адчыніліся. Паказалася кучаравая галава Аліка. Спалохана пазіраючы на брата і сястру, ён сказаў:

— Ганя... Суп смачны,— і паспрабаваў усміхнуцца.— Ідзіце есці! Пра маму я больш ніколі-ніколі не буду...

Змітрок схапіў яго на рукі і моцна прыціснуў да грудзей.

— Ах ты, хітрун малы... Ты яшчэ нічога-нічога не ведаеш,— хутка загаварыў ён.

— А вот ведаю! — запярэчыў Алік.— Хочаш, я табе раскажу казку? Хочаш?..

— Раскажы...

Змітрок ужо не слухаў Аліка. Успомніўся яму сённяшні дзень з усімі нечаканасцямі... Ігар, Раман... Іна, Анатоль — колькі падзей за адзін дзень! «Жыць трэба... Нам трэба жыць... Займацца справай, сапраўднай, карыснай і для сябе, і для людзей...» Хто гаварыў яму гэтыя словы? Хіба не Ганна Аляксандраўна, іхні дырэктар школы?

Мусіць, толькі сёння добра зразумеў Асташонак, што пайшоў ён на завод не выпадкова, што рашэнне гэтае падрыхтавала само жыццё. Там ён стане чалавекам, там знойдзе сваё прызванне.

Іван Азарчук забег да сваёй цёткі Ганны Аляксандраўны позна ўвечары. Яна працавала. Стол быў завалены кнігамі.

— Ведаю, чаго прыйшоў, Ваня,— не ўзнімаючы галавы, прамовіла жанчына.— Сядзь на канапу, хвіліначку...

Іван сеў якраз насупраць стала і з замілаваннем глядзеў на старую настаўніцу. Што яе прымушае працаваць? Валасы ўжо зусім сівыя, вочы ледзьве бачаць праз акуляры...

Потым ён перавёў позірк на партрэт Макаранкі, што вісеў на сцяне, якраз над сталом.

Нарэшце Ганна Аляксандраўна адклала кнігу і звярнулася да Івана:

— Непаладкі з вучнем?

— Адгадалі! — узрадаваўся Іван.— Я наконт Асташонка...

— Што мінаў, тое і атрымаў,— усміхнулася яна.

— Не, не! — запярэчыў Іван.— Быць майстрам — гэта не значыць быць яшчэ і добрым настаўнікам. Што мне далей рабіць, як паставіцца да яго?

— Што рабіць? — Ганна Аляксандраўна задуменна прыжмурылася, стала збіраць раскіданыя на стале кнігі і сшыткі, зняла акуляры: — Чалавечая душа захавана вельмі глыбока. Пакуль яшчэ не распрацаваны агульны рэцэпт...

— Значыць? — спытаў Азарчук.— З чаго пачынаць?

— Вывучыць чалавека з усіх бакоў. Пакуль доктар не вызначыць хваробы, ён не пачынае лячыць.

— Я не разумею! Няўжо мне трэба быць яшчэ і псіхолагам?

— Добры майстар павінен быць і добрым настаўнікам. Як у вас там гэта называецца? Адзін плюс адзін... Вось і вучы чалавека! — усё гэтак жа спакойна, з добрай усмешкай на твары сказала Ганна Аляксандраўна. Голас у яе мілагучны, мяккі, так бы і слухаў яе Іван, слухаў бясконца. Але ж трэба было нешта адказваць...

— Значыць, я дрэнны майстар...

— Яшчэ рана гаварыць... Вось што, Іван... Пастарайся пасябраваць з Дзімкам. Ён вельмі разумны і шчыры хлопец, але крыху ганарлівы. Не любіць, калі з яго насміхаюцца, калі яго настаўляюць, а не вучаць. У цябе трохі ёсць у характары фанабэрыі!

— Пасябраваць? Гэта не падарве майго аўтарытэту?

— Пасябраваць, як роўны з роўным. Вы амаль аднагодкі. Гэта лёгка зрабіць. Не лічы адразу сябе прафесарам, будзь заўсёды простым, шчырым — і цябе ён палюбіць.

Іван, ледзь паружавеўшы, сказаў:

— Калі ён... хавае галаву, як чарапаха.

— Значыць, не давярае. Трэба зрабіць так, каб давяраў.

— А як? Як?

— Ты гаварыў, што Асташонак спяшаецца стаць майстрам. Я-то ведаю яго! Напорысты! Дык вось... Трэба даць яму самастойнасць. Убачыш — чарапаха адразу высуне галаву з панцыра!

— Што ж, паспрабую,— пасля невялікага роздуму сказаў Азарчук і ўстаў. Пажадаўшы Ганне Аляксандраўне ўсяго добрага, ён паволі выйшаў з кабінета...

На вуліцы Іван успомніў, што дамаўляўся з Анатолем пайсці ў кіно, і, спрытна абмінуўшы пешаходаў, ускочыў на падножку тралейбуса.

Аднак яму не пашанцавала: калі ён падняўся на другі паверх дома, дзе жыў Анатоль, на званок выйшла яго маці, даволі поўная, маладая з твару жанчына ў стракатым хатнім халаце, з кароткай завіўкай на галаве. Жанчына непрыемна зморшчыла свой кірпаты нос і грубаватым голасам спытала:

— Вам Толю?

— Ага...

— У яго, як бы гэта... госця! — нарэшце знайшла яна патрэбнае слова.

— Мы дамаўляліся...— пачаў быў разгублены Іван, але жанчына замахала рукамі.

— Ведаю, ведаю — у кіно! Ён, як бы гэта... відаць, не пойдзе. Не турбуйце яго, калі ласка.

Праз расчыненыя дзверы Іван заўважыў, як з-за ружовай занавескі, што разгароджвала пакоі, на момант паказалася галава Анатоля і адразу знікла. «Убачыў і хаваецца»,— здагадаўся Азарчук і, рэзка павярнуўшыся, пабег па сходках уніз.

«Вось дык сябра! Нават на парог не пусціў. І з-за каго? З-за нейкай бабы... Як «зорачку» разам рабілі, дык у любы час мог прыходзіць, хоць ноччу»,— з крыўдай думаў ён, шпарка крочачы на тралейбусны прыпынак.

Азарчук і не здагадваўся, што ў гэты самы момант на кватэры Анатоля ішла дзелавая размова пра тое, дзе лепш згуляць вяселле: у асабняку Іны Коўшык ці тут, на другім паверсе...

 

6

І шанцуе ж яму, Кручанюку!

Ледзь толькі разец «зорачка» быў прызнаны на тэхсавеце завода, як адразу дырэктар узнагародзіў Анатоля шчодрай грашовай прэміяй. Апрача таго, ён ва ўсе інстанцыі напісаў безліч паперак. І праз тыя паперкі Анатоль стаў сапраўдным героем.

Аднойчы Кручанюка выклікаў «сам» — Валянцін Паўлавіч Грыб. Важны, поўны, з невялікімі залысінамі і маладым, чыста паголеным тварам, ён сядзеў за сталом і ледзь спраўляўся адказваць на тэлефонныя званкі, калі, нясмела пастукаўшы ў дзверы, на парозе з’явіўся Анатоль.

Заўважыўшы яго сарамлівасць, дырэктар пакінуў сваё лёгкае плеценае крэсла і, парыпваючы ботамі, цяжкаю хадою наблізіўся да Кручанюка. Хвіліну ён разглядаў яго, а потым, зусім нечакана, ляпнуў па плячы і сказаў:

— Дык вось які ты! Эх, і нясмелы ж, брат...

— Ды я... ды вы не зважайце.

— Ды я, ды вы, ды мы з табою цяпер вунь як загрымім! — перадражніў яго дырэктар, папраўляючы шырокі рэмень на шарсцяной гімнасцёрцы з адкладзеным каўняром і дзвюма адвіслымі кішэнямі на грудзях. З гэткага ж цёмна-сіняга матэрыялу былі ў яго і штаны-галіфэ...— Выплывем на прастор! Сябе пакажам, другіх павучым. Саромецца — ты ж не дзеўка! Загрымім, брат, няхай не тыцкаюць на нас, што не працуем з кадрамі! Мы сваіх герояў не толькі ў вітрыну! Мы іх на волю, так сказаць, у людзі...

Анатоль усміхнуўся і перасмыкнуў плячыма.

— Ды што вы, Валянцін Паўлавіч... Які я герой? Мне б ужо і да станка пара, а то ўжо колькі дзён...

— Што за размовы? Садзіся! — звёў густыя чорныя бровы дырэктар.— Ты ведаеш, што твая ўзнагарода — гонар для ўсіх нас!

— Дзякуй... За прэмію дзякуй,— спахапіўся Анатоль.— Я за іх куплю сабе баян... Музыкант жа ўсё-такі.

Дырэктар разваліўся ў крэсле і голасна рассмяяўся.

— Музыкант!.. Дык мы табе баян ад імя заўкома, так сказаць, падкінем... А прэмія спатрэбіцца на іншыя мерапрыемствы! Герой жа!

Анатоль не ведаў, куды яму дзявацца ад гэтай сваёй славы.

«Навошта такі шум? Яшчэ, чаго добрага, усе дасягненні прыпішуць мне аднаму... А што пасля?» — з трывогай думаў ён. Але трывога хутка прайшла, бо дырэктар быў у добрым настроі і паведаміў, што яны сёння едуць на суседні завод дзяліцца вопытам, а потым — у міністэрства...

— А цяпер — дадому! — падаў каманду Грыб.— Апраніся, як на вяселле! І каб у дзве гадзіны быў тут...

Анатоль узняў галаву.

— Валянцін Паўлавіч... Я сёння не магу. Вы разумееце — сёння...

Дырэктар, не зважаючы на словы Анатоля, перапыніў яго:

— Сёння ў цябе дзень другога нараджэння, галава!

Анатоль устаў.

— Я сёння павінен дамовіцца аб дні нашага вяселля,— прамовіў ён і пачырванеў. Кручанюк не сказаў усёй праўды, не прызнаўся, што сёння яны дамовіліся з Інай пайсці ў загс...

— Ах, у цябе сапраўды вяселле! — глыбакадумна паківаў галавою Грыб.— Вяселле — гэта добра! Нікуды не сплыве твая рыбка, пачакае. Вяселле мы табе на заводзе адгрохаем, у клубе!

Абодва засмяяліся, і Анатоль пайшоў.

Па праўдзе кажучы, Анатоль чамусьці баяўся гэтага нечаканага вяселля, але на ім настойвала маці. Даведаўшыся, што бацька Іны прафесар, яна ўжо справілася пабываць у тым ціхім завулку, дзе стаяў асабняк, і пазнаёмілася з усімі яго жыхарамі. Анатолева маці сама ўзялася за справу абедзвюма рукамі. Іна са сваім вясёлым характарам і ўменнем трымаць сябе на людзях падабалася ёй нават больш, чым Анатолю. А свацця з яе атрымалася адмысловая. «Мой Толя не рабочы ўжо. Ён — канструктар!» — пры кожным выпадку паўтарала яна, і ўсе разумелі сэнс гэтых слоў, тым больш што дацэнт Коўшык (а не прафесар!), бацька Іны, цэлае лета павінен быў сядзець на сваёй рыббазе недзе на Азоўскім моры, а дома былі адны жанчыны — Іна, яе мачаха, стройная чарнявая маладзіца гадоў трыццаці, і служанка, глухаватая бабулька, ахвотніца да ўсякіх плётак.

Цяпер жа Анатолю была магчымасць на нейкі час адцягнуць вяселле і лепш прыгледзецца да сваёй будучай жонкі, якая так нечакана парушыла яго душэўны спакой і мірнае халасцяцкае жыццё...

Два пакоі, з якіх складалася кватэра Кручанюкоў, былі абстаўлены звычайна, без раскошы. Сярод простай мэблі кідалася ў вочы толькі вялізная старасвецкая канапа, палічка якой была ўстаўлена касцянымі слонікамі рознай велічыні і пакрыта вышыванымі сурвэткамі.

— Што так рана? — сустрэла Анатоля маці, калі ён, бадзёры і радасны, прыйшоў з завода.

— Еду ў міністэрства! — здымаючы рабочую вопратку, кінуў на хаду Анатоль.

— Я так і знала! — пляснула далонямі маці, і, пакуль Анатоль мыўся, яна выбегла ў калідор, каб паведаміць навіну суседзям. Шустрая, задаволеная жыццём, яна ўсю энергію і сілу аддавала сям’і, парадку ў хаце. Таму кватэра іх заўсёды ззяла чысцінёю.

— Не, не! Гэты гальштук не падыдзе! — ужо чуўся ў кватэры яе грубаваты голас.— Надзень паласаты. Ён больш яркі...

І калі Анатоль, апрануты ва ўсё новае, выйшаў у калідор, ён быў прыемна ўражаны: амаль усе суседзі іхняга пад’езда выйшлі павіншаваць яго і пажадаць шчаслівай дарогі. А белагаловая суседская дзяўчынка проста здзівіла.

— Вы новую машыну прыдумалі? — спытала яна шчыра.

— Ммм! — паціснуў ёй руку Анатоль, адчуваючы, як чырванеюць яго вушы. Ён выйшаў на вуліцу, нібы з лазні.

«Што яшчэ будзе, а яна такую авацыю падрыхтавала!» — незадаволена думаў ён пра маці. Але тут жа з’явілася і другая думка: «А можа, варты я пахвалы людзей? Можа, сапраўды я ўжо не толькі рабочы, але і канструктар, калі дырэктар вызваліў ад работы, Арцём Белы аддаў свой білет на лодку, а Змітрок... ахвяраваў каханнем? Усе віншуюць, паважаюць, як гэта прыемна!»

Так паступова, заглушаючы ранейшую сціпласць, прабіваліся на паверхню гонар, самалюбства...

Непадалёку ад прахадной ён заўважыў Іну. Яна была ў чорнай, вельмі вузкай сукенцы, з ярка нафарбаванымі вуснамі і моцна зблытанымі валасамі наперадзе. Зрабіўшы некалькі дробных крокаў яму насустрач, яна спынілася, стаўшы неяк бокам і пазіраючы кудысьці ўсцяж вуліцы.

«Ці злуецца, ці проста рысуецца»,— падумаў Анатоль і прывітаўся.

— Іна, віншуй! Я сёння еду з дырэктарам у міністэрства...

— А як жа мы? Не пойдзем? — надзьмулася дзяўчына і зусім натуральна выцерла хусцінкаю вочы.

— Так, ведаеш, атрымалася,— пачухаў патыліцу Анатоль.— Няёмка неяк, але ты не думай, што я...

— Глупства! — Коўшык раптам павярнулася і шчасліва глянула яму ў вочы.— Табе трэба выбівацца ў людзі, Толь, разумнік мой... Я прыйшла павіншаваць цябе. Ідзі...

— Павіншаваць? — здзівіўся Анатоль.— Адкуль ты даведалася пра гэта?

— Ты забыўся, што ў цябе ёсць добрая, разумная маці, а ў мяне дома — тэлефон...

— Ах, вось што!

— Ідзі. А я пачакаю сябровак... Тут павінна падысці адна экскурсія, дык я хачу з імі завод паглядзець...

— Сустрэнемся ўвечары! — сказаў на развітанне Кручанюк.

Іна, прыемна ўсміхаючыся яму ўслед, памахала над галавой рукою.

Забегшы на хвілінку ў цэх, Анатоль адвёў убок Івана і, каб не чуў Змітрок, сказаў:

— Я назначыў з Інай спатканне ўвечары, але не пайду. Хутка яна будзе з экскурсіяй... Растлумач, калі ласка, што не мог...

— А як яе пазнаць?

— Пазнаеш! Самая прыгожая... Ты ўжо бачыў яе! Іна гаварыла...

Іван, ведаючы гэтую дзяўчыну толькі па словах Анатоля, з радасцю згадзіўся дапамагчы яму і, калі Анатоль пайшоў, расказаў пра гэтае даручэнне Змітраку.

— Калі ўжо я пагутару з гэтай Інай, век да нашых хлопцаў не стане чапляцца!

— З Інай? — перапытаў Асташонак.

— А што? Ты ведаеш яе?

Змітрок паціснуў плячыма.

— Мала ў горадзе такіх імён? Тысячы...— і пайшоў да дзвярэй. (

Ён зразумеў усё. Значыць, Іна тады не выпадкова паспрачалася з ім. Паспрачалася, каб астацца з Анатолем удваіх. Ён быў проста лішні. Цяпер Анатоль перадае дзяўчыну ў другія рукі. Што ўсё гэта значыць? Няўжо Іна ступіла на такі нядобры шлях? Цікава было б ведаць...

— Чаму гэта вы не маеце прывычкі вітацца? — пачуў Асташонак ля дзвярэй цэха знаёмы голас Галі Ждан і сумеўся: ён хацеў пабыць адзін. Галю ён убачыў упершыню ўсяго некалькі дзён таму назад. Адказаў абыякава:

— Думаю, што на дзень толькі адзін раз гавораць «добры дзень», ці не так? — і ўзняў вочы на гэтую чарнявую задзіру.

Галя, магчыма, прайшла б далей, калі б не такі яго адказ. Цяпер жа спынілася і зрабіла сур’ёзны твар:

— А можна задаць пытанне больш аднаго разу?

— Хіба ў гэтым ёсць патрэба?

— Калі ў школе давалі залаты медаль, улічвалі ваша красамоўства ці не?

Змітрок здзіўлена паглядзеў на Галю. Злуецца? Не! Яе задумлівыя карыя вочы і смуглявы твар з прыгожым маленькім носікам не былі злосныя. Што ж тады ёй ад яго трэба, гэтай запэцканай чарняўцы?

На пытанне ён адказаў пытаннем:

— А калі вас выбіралі сакратаром цэхавай арганізацыі камсамола, улічвалі вашу назойлівасць ці не, таварыш Ждан?

Яна трошкі пачырванела, ад чаго смуглявы твар стаў нібыта бронзавы. У гэтую хвіліну яна выглядала вельмі прыгожаю.

— Вам непрыемна са мною размаўляць? — здзівілася дзяўчына.

— Радасць не вялікая... Маё вам!

Вось якая была іх першая размова!

Галя пакрыўджана павярнулася і пайшла. Ужо ў сталоўцы яна паскардзілася Азарчуку:

— Размаўляла з тваім вучнем... Мядзведзь!

— Значыць, не размаўляла,— уздыхнуў Іван.— Хлопец ён добры, толькі надта гарачыцца...

— Гэта натуральна,— умяшаўся рабочы-сусед.— Усім навічкам здаецца, што сам станок зробіць любую дэталь, варта толькі яго ўключыць.

— А па-мойму, ён проста ганарлівы,— заўважыла Ждан.

— Ганарлівы? Чым яму ганарыцца? — спытаў той жа рабочы.

— Сваёй дзесяцігодкай, медалем,— растлумачыла Галя.

— Хіба ён адзін з дзесяцігодкай? — смеючыся, пярэчыў сусед.

Іван доўга маўчаў, мусіць, нешта абдумваў. Калі настала пара абеду, ён узяў у рукі кавалак хлеба і загаварыў да Галі:

— Сёння на вачах у Асташонка былі слёзы. Гэта што? Таксама ад ганарлівасці?

Яна не ведала, што адказаць.

Толькі пасля абедзеннага перапынку, калі ў цэх увайшла група экскурсантаў, Азарчуку сёе-тое стала зразумела...

Сярод экскурсантаў была Іна. Іван не мог пазнаць яе сярод дзяўчат. Ён толькі раз бачыў яе на выпускным вечары. А прыгожых было шмат!

Інжынер, што вёў групу, тлумачыў:

— Гэта адзін з буйнейшых цэхаў. Тут вырабляюцца дэталі, з якіх потым збіраюцца машыны...

— А гэта станкі айчынныя ці імпартныя? — спытаў хтосьці.

— Мы ўжо даўно карыстаемся толькі айчыннымі,— адказаў інжынер.— А вунь тыя, універсальныя такарныя, зроблены нават нашым заводам.

— А ці можна пабачыць вашага лепшага майстра? — гучна спытала Іна.

Змітрок насцярожыўся, змяніўся ў твары. Ён пачуў Інін голас зусім неспадзявана і ціха ўсклікнуў:

— Іна?!

Іван пачуў гэтае імя, глянуў на дзяўчыну, на Змітрака і стаў збоку, каб лепш было назіраць. «Значыць, гэтая... Іна. Цікавая дзяўчына...»

— У нас майстры ўсе добрыя,— смеючыся, адказаў інжынер.— Вось, калі ласка, сюды... Я пазнаёмлю вас з адным. Ён прыйшоў на завод з атэстатам сталасці...

«Змітрок... Ён!»—задаволена падумала Іна, выходзячы з групы наперад. Яе вочы прыемна і так знаёма заўсміхаліся, што Асташонак сумеўся і нечакана схапіўся за супарт.

— Ціха ты! — раптам крыкнуў Іван, але ўжо было позна. Сваім неасцярожным рухам Змітрок рэзка падаў супарт уперад, разец высек сноп іскраў і зламаўся...

— Іван, знаёмся... Гэта з інстытута экскурсанты,— пачуўся голас інжынера.— Хоць тут у вас непаладкі, разец зламаўся.

— Універсальная «зорачка»! — вырвалася з грудзей Азарчука.

— Нічога, наладзіш! — заспакоіў інжынер.— А вучню гайкі падкруці як след...

Коўшык насмешліва паглядзела на Змітрака. «Вучань... у рабочыя,— расчаравана падумала Іна.— Ён прапаў як вялікі чалавек... Яму не быць такім».

Азарчук заўважыў, што Змітрок не без прычыны пабег на выхад з цэха, але заглушыў недзе ўнутры сваю ўзрушанасць і зусім спакойна звярнуўся да групы:

— Дык што вас, таварышы, больш за ўсё цікавіць?

— У чым сакрэт такіх высокіх паказчыкаў вашай працы? — спыталі ў яго экскурсанты.

— Сакрэт?.. Вось у чым: займаюся боксам, харчуюся рэгулярна, сплю колькі трэба...

Усе засмяяліся. Ім спадабаўся жарт маладога майстра, які адразу загаварыў сур’ёзна аб тым, што, выхоўваючы волю і настойлівасць, чалавек можа дайсці да любой мэты. Азарчук яшчэ раз звярнуў увагу на тое, як спорт дапамог яму ў рабоце.

— Вось і ўсё... Астатняе дапоўніць вам інжынер,— паціснуў ён плячыма.

Пакуль гаварыў, Азарчук воч не зводзіў з Іны. Яна ж зразумела гэта па-свойму. «Які ён прыгожы, гэты пляменнік Ганны Аляксандраўны! — думала дзяўчына.— Дарэмна я тады, на вечары, не пайшла з ім танцаваць...»

Ініны вочы заблішчэлі, пацямнелі і зноў успыхнулі. Група адышла, а яна, нібыта цікавячыся станком, затрымалася. Івану гэта і трэба было. Ён падышоў да яе зусім блізка.

— Вас, здаецца, Інай завуць? — спытаў ён.

— Значыць, вы мяне яшчэ помніце? — прыемна ўсміхнулася дзяўчына і паправіла свае валасы.

— Вас цяжка забыць...

— I я вас пазнала. Адразу!

— Ну, гэта не дзіва! — пажартаваў Іван.— Я мечаны,— і ён паказаў на чырвоную пляму каля вока.— Але гэта глупства. Я хачу з вамі вось аб чым дамовіцца... Вы будзеце сёння ў восем ля бібліятэкі Леніна?

Коўшык азірнулася і разгублена адказала:

— Я... не ведаю. Я павінна...

— Сустракаць Анатоля? — перапыніў яе Азарчук.

— Адкуль вы ведаеце?

— Ён перадаў, што не зможа. Будзе заняты...

— Ах, так! — прыжмурыла яна вочы.— А я ўсё роўна прыйду да бібліятэкі...

Яна па-змоўніцку кіўнула галавою і накіравалася даганяць групу. «Вось так! — з усмешкаю падумаў Іван,— Я цябе ўзрадую, лялька... Запомніш мяне!»

Змітрок так і не вярнуўся ў цэх.

Ледзь скончыўся рабочы дзень, Азарчук сам хуценька пачысціў станок і памчаўся дадому. Не распранаючыся, ён замкнуўся ў сваёй фоталабараторыі-каморцы і праз некалькі хвілін вынес адтуль гатовыя здымкі. Так, памылкі не было: Коўшык сядзела з Асташонкам і шчасліва ўсміхалася. У руках яна трымала вазачку з марожаным. Цудоўны здымак!

Іван успомніў той выпускны вечар, Змітрака з Інай і ўсё зразумеў. «Ім трэба дапамагчы... Анатоль, бадай, не ведае нічога, а гэтая лялька закружыць галаву любому...»

А палове восьмай ён ужо тупаў каля гарадской бібліятэкі, час ад часу паглядаючы на гадзіннік.

— Восем...— нарэшце прамовіў ён.

— А я ўжо тут!

Іна падышла ззаду вельмі ціха. Іван нават разгубіўся.

— Дакладна, нічога не скажаш... Можна правяраць гадзіннік! — пахваліў ён дзяўчыну.— Вечар добры...

— Добры вечар,— шчасліва ўсміхаючыся, адказала Коўшык і агледзела хлопца з галавы да ног.— О-оў, вы так умееце падбіраць адзенне!

— Гэта справа няхітрая, умення многа не патрабуе — з аднаго касцюма выбіраць адзін,— засмяяўся ён. Яна прыняла гэта за жарт і таксама засмяялася. Яны пайшлі па цяністай алеі парку.

— Памятаеце той вечар,— пачаў Іван, сур’ёзна пазіраючы дзяўчыне ў вочы.— Я вельмі часта ўспамінаў вас... Якая шчаслівая пара маладосці!

— Успаміналі? — пацікавілася Іна.— А я думала, што вы, як усе, хутка забываеце...

— Магчыма, я горшы за іншых.

Яны селі па свабодную лаўку.

— Вы, здаецца, хацелі са мною аб нечым пагутарыць? — спытала Коўшык.

— Давайце тады пазнаёмімся як след. Мяне завуць Іван,— усміхнуўшыся, хлопец працягнуў руку.— Азарчук...

— Я вельмі рада. Іна,— у сваю чаргу сказала яна.— Давайце лепш хадзіць...

Яны зноў усталі і паволі пайшлі побач. Іван у захапленні ад сваёй місіі настаўніка ў новым жанры паглядзеў на прыгожы твар Іны і не мог наглядзецца. Адчуваючы гэта, Коўшык спытала: ,

— Чаму вы так на мяне глядзіце?

— Зачараваны вашай прыгажосцю, Іна...

Змітрок сачыў за імі з самага пачатку, але толькі цяпер, схаваўшыся за тоўстую ліпу, ён, нарэшце, злавіў гэты першы сказ. І які! Лепш бы Іван так не гаварыў!..

Іна засмяялася:

— Вы цікавы хлопец!

— Чаму?

— Вы ні на кога з маіх знаёмых не падобны...

— Натуральна! Толькі кураняты, што выходзяць з інкубатара, бываюць падобныя адно да аднаго,— сказаў Азарчук.

Іна прастадушна засмяялася.

— Вы пачынаеце мне падабацца,— амаль сур’ёзна зазначыла яна.

— А мо пройдземся па гэтай алеі? Яна цішэйшая.

— Сюды? Гэта алея закаханых...

— Тым лепш. Якраз месца для нашай гутаркі,— усміхнуўшыся, заўважыў Іван. Узяўшы Іну ямчэй, ён паволі павёў яе ў засень стогадовых дрэў, у кучаравым лісці якіх заблыталіся трапяткія сонечныя праменні.

 

7

Цяжка было Змітраку абыякава глядзець на гэта спатканне Іны з яго майстрам, і ён пайшоў дадому. Здавалася, ужо забыўся, плюнуў на яе. А ўбачыў — зноў бура ўзнялася ў грудзях, разгарэўся агонь. І не згасіць таго пякучага агню ні працай, ні часам. Што ў яе за натура? Можа, ён зусім не разумее Іны? Можа, дарэмна хаваецца і крыўдзіць яе сваімі прыдзіркамі? Хіба варта было, не пагутарыўшы, раўнаваць яе да нейкага фізкультурніка Артура? А потым — да Анатоля? Той вось узяў ды не прыйшоў на спатканне. Хіба дзяўчыне не абраза гэта? І ці прыемна ёй, як гэта здаецца збоку, выслухваць прызнанні другога, Івана? Магчыма, яна на злосць Змітраку робіць гэта, а ён, замест таго каб быць на іх месцы, толькі хаваецца?..

З такімі думкамі Асташонак зайшоў у пакой, зачыніў акно і сеў да стала. Выняў з шуфляды пачак пісем, асцярожна распячатаў адно і прачытаў. У ім Коўшык скардзілася на нецікавасць жыцця, на вячэрнюю сумоту...

— Хлусня! Усё гэта хлусня,— сказаў Змітрок. Звязаў пакет зноў, узяў аловак і напісаў зверху: «Пацукі ўцякаюць з карабля, які павінен затануць.... Але яны іншы раз памыляюцца і дарэмна гінуць. Усяго добрага...»

Потым зазірнуў у спальню і, упэўніўшыся, што Ганя спіць, асцярожна выйшаў на двор.

На вуліцах ужо запальвалі ліхтары. Прыемны халадок асвяжыў Змітракоў твар. Ён і не прыкмеціў, як падышоў да знаёмага асабняка ў завулку. «Аддам пісьмы... Можа, яна што-небудзь скажа». Ён злавіў сябе на думцы, што ўсё ж хоча, усё ж чакае, каб яна яму сказала хоць слова. Значыць, не згасла яшчэ каханне? А чаму яно павінна згаснуць? Цяпер, як ніколі ў жыцці, патрэбен сапраўдны друг, таварыш. А ён нават не змагаецца за яго, не дае належнага адпору сваім сапернікам! Ён толькі крыўдзіўся і ўцякаў, пакідаў яе. А шчасце ж трэба заваёўваць, здабываць...

Зайшоўшы на двор, Асташонак спыніўся ў нерашучасці: ні ў адным акне святла не было. Тады ён пазваніў. На званок ніхто не выйшаў.

«Яшчэ мілуюцца недзе! — сцяўшы зубы, падумаў хлопец.— А я ўсё ж дачакаюся вас, хоць раніцой...»

Неўзабаве Змітрок пачуў Інін голас, Іванаў. Усё бліжэй і бліжэй...

— Язычок у вас, трэба сказаць, як на падшыпніках,— адчыніўшы брамку і прапусціўшы Іну ўперад, заўважыў Азарчук.

— Уся сіла жанчын — на кончыку языка! — смеючыся, адказала Коўшык.

І тут Змітрака апанавала такая злосць, што ён гатоў быў адразу ж кінуцца ў бойку. Але гэты раз стрымаўся, скочыў з ганка і пабег за рог асабняка. Яму чамусьці зрабілася нібы холадна.

Вось Іна і Іван падышлі да дзвярэй.

— Дзе гэта я паклала ключы? — данёсся прыглушаны голас дзяўчыны, і Змітрок пачуў, як шчоўкнуў замочак сумачкі.

— Значыць, вы тут жывяце? А дзе ж вашы? — спытаў Азарчук.

— Маці ніколі на вечарах не сядзіць дома,— адказала Іна.— Маці... Як смешна гэта гучыць! Яна старэйшая за мяне ўсяго на восем год...

— Значыць, ёй цяпер дваццаць шэсць?

— О-о, не! — засмяялася Коўшык.— Больш...

— Колькі ж?

— Дваццаць дзевяць.

— Гмм, цікава... А вам?

— Дваццаць адзін... Вы здзіўлены? Растлумачу, калі не будзеце з мяне смяяцца і нікому не раскажаце сакрэту...

— Абяцаю.

— У першым, трэцім і сёмым класе...

— Па два гады? — здагадаўся Азарчук.

— Што зробіш — тупіца... Вось яны, знайшліся.

У дзвярах павярнуўся ключ. Іна сказала зноў:

— Я спярша запалю тут святло.

— Не турбуйцеся, я пайду дамоў... Толькі помніце, што я сказаў — выкіньце з галавы глупства...

— Я хачу, каб вы мяне правільна зразумелі,— адказала Коўшык.

— Я вас разумею,— шматзначна заўважыў Іван.— Асташонак не апраўдаў вашых надзей — раз! Ён для вас занадта малады — два. І трэцяе...

— Я яго будучыню ўяўляла інакш,— уздыхнула Іна.— Усе думалі, што ён стане вялікім чалавекам. Сяброўкі зайзросцілі мне. І раптам...

— Звычайны рабочы...— прадоўжыў яе думку Іван.

Яны ўвайшлі ў сенцы, і Змітрок чуў цяпер толькі ціхі шэпт.

— Шэпчуцца, у каханні прызнаюцца,— праз зубы працадзіў ён.— Я вам пакажу, хто занадта малады!..

Іна запаліла святло. Іван моўчкі паглядзеў на яе.

— Чаму вы так глядзіце? — як пры сустрэчы, спытала яна.

— Думаю,— адказаў Іван, злуючыся.

— Аб чым, калі не сакрэт?

— Думаю, па якіх законах прырода напоўніла такую чароўную галаву такімі бруднымі думкамі...

Коўшык зусім не разгубілася ад такога «кампліменту», а толькі разгневалася. Яна вельмі позна зразумела сэнс гэтага непатрэбнага спаткання. Ад злосці яе вочы яшчэ больш расшырыліся, сталі, нібы ў савы.

— Прашу не абражаць... Інакш я вас выганю! — павысіла яна голас.

— Буду вам толькі ўдзячны! — нібы абрадаваўся Іван.— Вы — абывацелька, бо вызначаеце вартасць карціны па бляску рамы... Застаецца толькі радавацца, што вы адмаўляецеся ад Асташонка, але Анатолю я не зайздрошчу. Прападзе хлопец як піць даць, калі справы ўжо дайшлі да вяселля!..

— Нахабнік! — не знайшоўшы іншых слоў, сказала Іна і, прыхінуўшыся да вушака, пачала плакаць.

Азарчук, выйшаўшы на ганак, сказаў:

— Спакойнай ночы... Мне было вельмі прыемна пазнаёміцца з вамі!

Змітрок пачуў гэта і з горыччу падумаў: «Эх, сябры! Людзі... Кожны толькі пра сябе дбае, сябе бачыць, сябе любіць... Што ім да гора другіх? Анатоль адбіў Іну ў мяне, Іван імкнецца вырваць яе ў Анатоля! А я вам усім зубы павырываю».

Паклаўшы пісьмы ў кішэню, Змітрок пакрочыў следам за Іванам. Ён сам не ведаў, што будзе рабіць далей, але жаданне адпомсціць сваім сапернікам, хоць позна, стала для яго неадкладнай патрэбай. За што, дзеля чаго — гэта не мела значэння.

Ля гарадскога парку ён дагнаў Івана і заступіў яму дарогу.

— Чакай!

Іван спыніўся.

— Дзімка? Ты што тут...

— Я ўсё ведаю,— перапыніў яго Змітрок, сціскаючы кулакі.

Іван здагадаўся аб яго злых намерах.

— Што хочаш? — коратка спытаў ён.

Сцяўшы зубы, Змітрок паглядзеў па баках і пагрозліва зірнуў на таварыша:

— Зойдзем у сад. Я павінен сказаць табе пару слоў...

— Толькі пару? Ну, што ж, зойдзем!

Яны моўчкі ўвайшлі ў асветлены парк. Там было ўжо зусім мала народу. Насустрач, спакойна зірнуўшы па хлопцаў, прайшоў дзяжурны міліцыянер. Ён заўважыў у іх паводзінах штосьці няладнае і пайшоў назіркам.

Яны звярнулі на цёмную алею. Нідзе нікога няма. Спыніліся, сталі адзін насупраць аднаго.

— Ну, я цябе слухаю,— сказаў Іван і мірна паглядзеў Асташонку ў вочы. Той, нічога не адказаўшы, раптам ударыў Івана ў твар.

— Вось маё слова!..

Іван пацёр сківіцу рукою і гэтак жа спакойна прамовіў: І

— Адно слова пачуў... Не скажу, што надта важкае. Цяпер кажы другое...

— Другое? — з запалам спытаў Змітрок і зноў замахнуўся.

І тут быццам з зямлі вырас міліцыянер і схапіў яго за руку.

— Грамадзянін, усё ясна... Хадзем са мною ў аддзяленне!

Азарчук засмяяўся і стаў насупраць міліцыянера.

— Нічога не ясна, таварыш міліцыянер! — сказаў ён так спакойна, што той выпусціў руку Змітрака.— Ён — лепшы баксёр завода, а я — яго трэнер. Заўтра ў нас адказная сустрэча. Я даю апошнія парады перад боем...

Азарчук дастаў з кішэні маленькую кніжачку і з сур’ёзным выразам твару працягнуў яе дзяжурнаму:

— Вось маё трэнерскае пасведчанне.

Міліцыянер узяў у рукі кніжачку і падышоў бліжэй да ліхтара. Іван жа, быццам нічога і не было, тлумачыў Змітраку:

— Разумееш сваю памылку? Твой удар не цяжкі, забываеш самае галоўнае. Трэба ўвесь цяжар цела ўкласці ў адзіны ўдар. Прыблізна вось так...

З апошнімі словамі Азарчук з майстэрствам спецыяліста ўдарыў Змітрака. Той, ступіўшы крок назад, паваліўся на зямлю.

Іван падышоў, памог падняцца.

— Цяпер ясна?

— Ясна,— механічна адказаў Асташонак, трымаючыся за шчаку рукою.

Міліцыянер падазрона паглядзеў на дзівакоў баксёраў і, вяртаючы Івану яго кніжачку, сказаў:

— Канчайце, таварышы, канчайце... А то людзі падумаюць, што вы на самай справе пачалі тут біцца, а я знарок не заўважаю... Не месца і не час!

І ён паволі пакрочыў далей.

Іван, па-сяброўску ўсміхаючыся, спытаў:

— Цяпер пагутарым на чалавечай мове?

Але Змітрок не адказаў яму, крута навярнуўся і амаль пабег прэч. Яму было балюча і крыўдна. Ён адчуваў, што зрабіў не тое і не так, як гаварыла сэрца. Тут ён дзейнічаў адным розумам, які так часта падводзіць чалавека, калі не ўлічваць пачуцці.

У вушах звінела ад моцнага ўдару. Змітрок быў нібы п’яны. Нават жанчыны, што сустракаліся яму, саступалі ўбок.

Дайшоўшы да скрыжавання, Змітрок пачаў пераходзіць вуліцу, але перад ім рэзка затармазіў знаёмы каштанавы «Масквіч»! Дзверцы адчыніліся, працягнуліся дзве пары рук. Яны схапілі Змітрака за каўнер, за вопратку і ўцягнулі ў машыну. Дзверцы зачыніліся. Машына кранулася з месца. Усё гэта адбылося імгненна.

— Чэрці! — апамятаўшыся, прамовіў Асташонак. На яго глядзелі нерухомыя вочкі «пацука» Рамана. Ігар Стук сядзеў за рулём. Хтосьці трэці сядзеў побач з Асташонкам.

Заўсёды спакойны, самаўпэўнены і чырвоны Ігар павярнуўся і сказаў:

— Сёння, думаю, не адмовішся з намі пасядзець?

— Па-аехалі! — махнуў рукою Асташонак.

Трэцім аказаўся шафёр, які пагнаў машыну дадому, калі яны сышлі каля знаёмага рэстарана. Там ужо было мала народу. Змітрок глянуў на гадзіннік, што вісеў на сцяне, і пашкадаваў:

— Хутка зачыняць...

Ігар і Раман моўчкі пераглянуліся і пайшлі ў канец залы, дзе знаходзіўся невялікі асобны пакойчык з адным сталом.

— Тут можаш быць, як дома, і заказваць усё, што пажадае душа! — сядаючы за стол, усміхнуўся Стук.— Мы — людзі адмысловага складу! Жывём для жыцця...

— Да вашых паслуг, маэстра, Ромул пятнаццаты, кароль вольнай краіны «Зялёны змій»! — прыклаўшы хударлявую руку з доўгімі жылістымі пальцамі да даўно нястрыжанай галавы, адрапартаваў пацук.

«Прападзеш ты, Ромул пятнаццаты, са сваім дурным характарам жыць чужой галавою як піць даць!»— з ухмылкай падумаў Змітрок. Яго здзівіла, што афіцыянтка, не атрымаўшы заказу, прынесла ўсё сама. Яна, ужо не маладая дзяўчына, жартавала з імі, гэтымі дарослымі дзецюкамі, як з роўнымі, і дакарала іх, што доўга не заходзілі.

Відаць, яны былі тут свае людзі!

— Ты, Змітрок, добры хлопец! — пасля першай чаркі пачаў Ігар.— Я заўсёды спадзяваўся на твае здольнасці. Выпі яшчэ, і тады пагутарым аб справе...

— Аб якой справе? — не зразумеў Асташонак.

— Аб тым, як будзем жыць далей... Мы не пакінем цябе ў адзіноце, каб кожны з нашага таварыша смяяўся і глуміўся. І павер, што той, хто сёння пакрыўдзіў цябе, заўтра будзе цалаваць твае сляды на зямлі!..

«Вось яно што-о! — падумаў Змітрок.— Яны, аказваецца, сочаць за мной і з’яўляюцца на дарозе не выпадкова, а ў самыя «крытычныя» хвіліны... Збавіцелі! Пастойце ж, галубкі!»

Асташонак выпіў яшчэ чарку і зрабіў выгляд, што дужа ап’янеў. Звесіў галаву, прыжмурыў вочы...

Раман пстрыкнуў у яго кавалачкам хлеба.

— Дзімка, не спі...

— Налі яму кавэ,— прапанаваў Ігар.— Яно бадзёрыць...

— Кавы? Давай кавы! — грымнуў кулаком па стале Змітрок. Пад смех сяброў ён адным духам асушыў паднесеную Раманам чарку каньяку, абвёў мутным позіркам кампанію.

— З такой хеўрай вялікім чалавекам не станеш,— пакруціў ён галавою і засмяяўся.— Вось убачыла б Іна! Доктар і хімік... Ха-ха-ха!

Ігар падміргнуў Раману і праз стол нахіліўся да Змітрака.

— А ты плюнь на вялікага чалавека. І на сваю Іну... Будуць грошы — будуць тры Іны! Дзесяць!

— Грошы? Без працы хто іх дасць? У мяне ж няма бацькі...

Ігар адказаў:

— А ты думаеш — мне бацька дае грошы? Я машыну і то бяру тайком, калі ён у камандзіроўцы...

— Ну, а грошы хто дае? — спытаў у яго Змітрок.— Калі не працуеш, дык не толькі не пап’еш у рэстаране, але і не паясі!

— Пакінь свае дурныя думкі, а разам з імі і завод! Мы выедзем за горад, і ты будзеш мець грошы. Як мы...

— Кра-сці? — па складах вымавіў Асташонак.

— Ш-шш,— Раман закрыў яму рот рукою.— Не красці, балда, а здабываць...

Але Змітрок не слухаў яго.

— Красці — гэта не па маёй часці! Памыліліся адрасам, пацук і Гіра...— гучна ўсклікнуў ён.— Бач, чаго захацелі! Каб я ды кра...

Тут Змітрок убачыў незнаёмага хлопца з фотаапаратам у руках. Ён ужо сфатаграфаваў усіх за сталом і цяпер нахабна ўсміхаўся.

— Заткніце глотку гэтаму шчанюку! — раптам строга прамовіў незнаёмы.

— Няхай пажартуе! — засмяяўся Ігар.— Пасля ўдалай аперацыі не грэх і павесяліцца...

«Ну, сябры, не вельмі я напалохаўся вашых фатаграфій! — надумаў Асташонак.— Стары прыём вярбоўкі, прыдумалі б хоць што навейшае...»

— Я не ведаю, хто вы,— звярнуўся ён да хлопца, адразу працверазеўшы.— Што датычыць астатніх, то з імі ў мяне асобны рахунак! — Змітрок павярнуўся да Ігара і дадаў: — Гэй ты, атаман... Вось табе дваццаць пяць рублёў, што тут растраціў! І больш я вас не ведаю... Ні цябе, пацук, ні цябе! Ды і не доўга вам весяліцца... Бывайце!

Ідучы праз залу рэстарана, Асташонак спыніўся каля афіцыянткі і гучна прамовіў:

— Як вам не сорамна! На падачках у тых трутняў жывяце... Лакейнічаеце! Адказваць вы ўсе будзеце разам...

Усю дарогу Змітрок прыдумваў спосабы, як выкрыць Ігара і яго кампанію. Спачатку ён вырашыў звярнуцца проста ў міліцыю. Але што ён там скажа? Патрэбны доказы, а іх няма. Што разам піў? Гэтага мала.

Пад’ехала таксі. Машына спынілася недалёка наперадзе, і з яе выйшлі трое. Змітрок адразу пазнаў сяброў з рэстарана.

«Палохаюць. Ці задумалі адпомсціць? Іх трое, а я адзін... Што рабіць?»

Скочыўшы на вуліцу, Асташонак падняў руку і спыніў таксі, якое развярнулася, каб ехаць назад.

— Паштовая, дваццаць! — гучна, каб чулі хлопцы, прамовіў ён і сеў у машыну, хоць грошай у кішэні не было. Ён убачыў толькі, як Ігар пагразіў услед кулаком, але ўжо зрабіць што-небудзь не мог...

А калі Змітрок прыехаў дадому і па шчасліваму выпадку сустрэчы з суседам першага паверха разлічыўся з шафёрам таксі, няўпэўненасць авалодала ім. Падымаючыся па прыступках, ён ужо шкадаваў, што згадзіўся ехаць у рэстаран, шкадаваў, што не змог выканаць змоўніцкую ролю да канца, што саромеў афіцыянтку і што спалохаўся тых трох на вуліцы...

Раптам Змітрок спыніўся. Перад ім на шэрых прыступках, цьмяна асветленых лямпачкай з трэцяга паверха, накінуўшы на плечы пушыстую хустку, сядзела... маці! Вось яна ўзняла галаву, строга паглядзела на яго.

Змітрок ступіў крок назад.

— Я... Я не хацеў... Яны прымусілі выпіць! — спалохана прашаптаў ён і закрыў вочы рукамі. Праз якую хвіліну адкрыў і ўбачыў, што маці ўсміхалася. Змітрок працёр вочы.

— Хто тут?! — закрычаў ён.

— Я...

Гэта Ганя. Яна ўстала і радасная кінулася да яго.

— Прыйшоў, Дзіма! Я так хвалявалася...

— Ты? — здзівіўся і абрадаваўся Змітрок.— Тут спала?

— Я не ведала, дзе ты. Чакала-чакала, і крыху змарыў сон.

— А гэта? — ён сарваў з яе плячэй матчыну хустку.— Нашто ты ўзяла гэта?

— Было холадна...

Ён зморана паплёўся да дзвярэй.

 

8

Дзесяць дзён ездзіў Кручанюк з дырэктарам завода. Ён патроху звыкся са сваёй славаю, добра прымераўся да розных трыбун і пачынаў ужо адчуваць сябе незаменным чалавекам для грамадства. «Гэта ж няблага ездзіць увесь час па рэспубліцы, перадаваць свой метад другім, дзяліцца вопытам, чуць воплескі, падзякі. Няхай ведаюць нашых, як гаворыць дырэктар»,— думаў Анатоль.

У гэтым, можа, ніякай бяды і не было. Бяда была ў другім: Кручанюк пачаў задавацца. Яшчэ не паспеўшы добра папрацаваць, убачыць плён сваёй працы, навучыцца паважаць яе і шанаваць, ён адчуў асалоду славы.

Няхай сабе і даваў разец «зорачка» нейкую эканомію часу, меў нейкую перавагу над астатнімі разцамі, але ж не аднаго яго гэта заслуга. Яго была толькі ідэя. А хто памог зрабіць разлікі? Хто шмат часу патраціў па ўдакладненне формы разца? Азарчук і другія майстры, тэхнічны персанал завода, кожны па драбніцы...

Першыя дні Анатоль яшчэ таго-сяго ўспамінаў. А пасля смела пачаў гаварыць з трыбуны аб тым, як ён вынайшаў «зорачку», як ён удасканаліў яе...

І вось Анатоль дома. Даведаўшыся аб яго прыездзе, прыйшла Іна. Яна пры маці пацалавала Анатоля ў шчаку і нагаварыла столькі прыемных слоў, што ў хлопца закружылася ад шчасця галава.

— Будзеш у нас... Толькі ў нас! — цвярдзіў ён, заглядаючы дзяўчыне ў вочы.— За гэтыя дзесяць дзён я зразумеў, што без цябе няма мне шчасця!

— А мне — без цябе...

Калі маці выйшла, ён стаў насупраць Іны, моцна сціснуў у сваіх абдымках і, цалуючы, гаварыў:

— Іна... Інэса... Інютка...

— Ну, досыць табе, мядзведзь!

Яна вырвалася з яго абдымкаў і адышлася да акна, папраўляючы сваю кароткую стрыжку. А ён гаварыў:

— Я тады, на возеры, калі толькі ўбачыў цябе, сказаў у душы: «Гэтая дзяўчына будзе маёю!» І цяпер гавару ўжо адкрыта — ты мая!.. Мая! Ты — тая, якую я чакаў і дачакаўся...

«Што ж, гэта праўда,— думала між тым Іна.— Дайшла чарга, дык і дачакаўся...»

— Прашу да стала,— пачуўся з другога пакоя голас маці, і яны, узяўшыся за рукі, пайшлі палуднаваць.

— Я чуў — новенькі ўдарыў Івана...— насцярожана пачаў Анатоль за сталом.— Што ў цябе з ім было? З Асташонкам, ці як яго...

Коўшык недаўменна паціснула плячыма і скрывіла вусны.

— Чорт іх ведае... Змітрок, відаць, яшчэ ў школе закахаўся па вушы, а Іван... Убачыў, што я зусім не зважаю на яго прызнанні, і пачаў гаварыць рознае глупства... Што з-за мяне Асташонак пакутуе. А мне што? Я параіла купіць яму соску...

Анатоль уважліва паглядзеў на Іну.

— А раней ты з ім сустракалася?

— Ды так, па школе...— Вочы яе раптам загарэліся гневам.— Гэта што — допыт? Ці не ўздумаў ты раўнаваць мяне да таго дзіцяці?

— Асташонак ужо не дзіця! — гучным басам сказаў Анатоль.— Калі ён з’явіўся на заводзе, кажуць, наша Галінка страціла спакой... Бедны Іван!

— Гэта што яшчэ за Галінка? — адразу астыўшы, пацікавілася Коўшык.

— А цябе гэта хвалюе? — усміхнуўся Анатоль.

— Ды так... Цікава, хто можа такім цельпухом захапляцца...

— Ну, тады... налівай віно. Мама! Дзе ты там? — гукнуў ён.

Маці Анатоля неўзабаве прынесла з кухні і паставіла пасярод стала на сярэбраным падносе смажаную качку. Яна ведала толк у стравах!

— О-оў! — усклікнула Іна.— За гэтым сталом можна прасядзець усю маладосць!

— Частуйцеся, дзеткі! — задаволена прамовіла гаспадыня, падсоўваючы сподачкі.— Мой Толя любіць паесці, а я люблю прыгатаваць.

— Табе, мама, хутка работы прыбудзе! — жартоўна сказаў Анатоль.— Іна, як і я, любіць добра паесці...

Ён дакрануўся да Інінай рукі вышэй локця. Яна пачырванела і замахала на яго хусцінкай...

— Не мані! Я таксама сёе-тое магу зрабіць. Вось паедзем да нас — убачыш...

— А што ж — ідэя! — згадзіўся Анатоль.— Пасля нашага полудня — ваш. Мама, згодна?

— Ды вы ўжо без мяне. Я павінна дагледзець усё ў хаце, не ты ж адзін у мяне,— адказала маці.

Папалуднаваўшы, Анатоль і Іна пайшлі.

— Пойдзем ці паедзем? — ужо на вуліцы спытаў Кручанюк.

— Пойдзем! — адказала Іна і ёмка падхапіла Анатоля пад руку.

Адвячорак быў прыгожы, цёплы. Недзе далёка-далёка на небасхіле часта жыхалі маланкі, а над горадам вісела светла-блакітнае неба. На ім нібы раскатваў бяліць на сонцы доўгае палотнішча нябачаны простым вокам рэактыўны самалёт...

Іна глянула на строгі профіль Анатоля. Ёй падабаліся яго густыя чорныя бровы, чысты ружаваты твар і даволі салідны чуб. «Усё ж ён прыгажэйшы за Змітрака!» — з замілаваннем падумала дзяўчына і яшчэ бліжэй прытулілася да каханага.

— Я не пушчу сёння цябе дадому,— блізка-блізка ля вуха шапнула яна.

— А я не вельмі буду рвацца! — з усмешкай адказаў Анатоль.

Яны самі не заўважылі, як пайшлі хутчэй, і толькі калі апынуліся на ціхім завулку, збавілі хуткасць. Ужо за форткай Іна сказала:

— Дома сёння... Чуеш, спявае?

Анатоль прыслухаўся: праз адчыненае акно даносіўся прыемны жаночы голас.

— Тым лепш! — ажывіўся ён.— Я адразу пазнаёмлюся з цешчай!

Анатоль першы адчыніў дзверы і... спыніўся ў нерашучасці: перад ім стаяла стройная чарнабровая жанчына і з ухмылкай глядзела на яго. На ёй была лёгкая стракатая сукенка з вузкім падолам. Смуглявыя плечы вытыркаліся з занадта вялікага выразу, а поўныя грудзі, здавалася, вось-вось разарвуць туга нацягнуты станік сукенкі. Вусны ў жанчыны былі ярка нафарбаваны. Яна акінула Анатоля з галавы да ног уладным позіркам цёмных вачэй і лагодна ўсміхнулася:

— Праходзьце. Можа, у сваты?

— У сваты...— Іна выйшла наперад, узяла разгубленага жаніха за руку.— Знаёмся, Толя... Гэта — маці.

— О-оў! — як і Іна, усклікнула тая.— Якое прыемнае знаёмства! Гэта ён... ну, той, за каго...

— Сабралася выйсці замуж! — падказаў Кручанюк.— Мая маці тут была ўжо, а я вось упершыню, прабачце... Анатоль.

Іна бліснула на мачаху злоснымі вачамі, але тая не заўважыла гэтага позірку, бо ўся яе ўвага была аддадзена Анатолю.

— Каця,— адказала мачаха, знаёмячыся. Кручанюк адчуў у сваёй руцэ мяккую, пульхную далонь. Гэтая далонь моцна трымала яго руку і ніяк не хацела выпускаць яе.— Вы, прабачце, часам не з опернага?

— Не-е...

— Са студыі?

— Не ўгадалі зноў.

— Няўжо ты забылася? Ён — канструктар! — падказала Іна.

Каця зноў усклікнула «о-оў» і хуценька пабегла ў сенцы.

— Зараз будзе добры стол! — падміргнула Іна Анатолю.— Ты спадабаўся ёй... Толькі глядзі-і...— яна падышла і ўдарыла яго пальцам па носе.— Не будзь памаўзлівы!

— Што ты гаворыш?! — абурыўся Кручанюк, звёўшы бровы.— Так пра маці...

— А-а, ты яе не ведаеш...— адмахнулася Іна і, адчыніўшы шафу, дастала новы абрус з адмысловымі белымі ўзорамі.— Пойдзем лепш да стала.

«Чорт ведае, што гэта за людзі! Мне здаецца, што я ўжо сто год жанаты... Эх, шкада — не пайшла мама!» — падумаў Анатоль, ідучы за Інай у другі пакой.

Вялікая гасціная была ўстаўлена добрым дзесяткам крэслаў вакол круглага стала. Збоку стаяў сервант. Двое завешаных шторамі дзвярэй вялі ў другія пакоі, мусіць, у спальні.

— Ну, як... Падабаецца? — пакрываючы абрусам стол, спытала Іна.

— Нішто сабе,— адказаў Анатоль, а сам падумаў: «Выхаванне мачахі адчуваецца ва ўсім. Аднак... тая куды прыгажэйшая!»

Кручанюку было прыемна сядзець насупраць Іны і «адкрываць» на яе твары новыя прыкметы хараства. Вось, напрыклад, гэтая маленькая радзімка над брывом нібы спецыяльна зробленая алоўкам... А гэтае мірганне вачэй! Яны то загарацца, стануць вялікія, то патухнуць раптам, а праз момант зноў становяцца вялікія. Тады, здаецца, яны свецяцца недзе надта далёка схаваным агнём... А гэты пяшчотны аксаміт яе твару!..

— Вы сёння будзеце за гаспадара тут! — ажыўлена загаварыла Каця да Анатоля, адчыняючы дзверы. У яе руках былі адны бутэлькі. Анатоль прыкмеціў на адной з іх пяць маленькіх зорачак і сумеўся: каньяку ён ніколі не піў! Але, каб не выдаць сваёй збянтэжанасці, узяўся адразу адкрываць гэтую бутэльку.

— Мы з Інай ужо крыху, як кажуць, на ўзводзе! — між іншым заўважыў ён.

Каця засмяялася.

— У нас так рэдка бывае сапраўдны мужчына, што проста адвыкаеш нават ад голасу,— сказала яна, вымаючы з серванта розны посуд і начынне.

Кручанюк адчуў, што яму дужа хочацца выпіць. Раней такога жадання ён не меў.

— А дзе ж, скажыце, ваш гаспадар? — спытаў ён, зірнуўшы на Кацю.

— Муж? — падхапіла яна.— Ён цалюткае лета будзе... як гэта ён казаў? Во — павялічваць прырост рыб у нашых марах і азёрах. Пытанне штучнага планктону!.. Вясёлая работа, ці не праўда?

— Гэта яго новая дысертацыя,— падказала Іна. На яе твары раптам знікла радасць доўгачаканай сустрэчы. Анатоль гэтага не заўважаў, бо старанна завіхаўся ля бутэлек, памагаючы гаспадыні. Калі прыгатаванне было скончана, ён падняў сваю чарку і сказаў:

— Першы тост я падымаю за цудоўных гаспадынь гэтага райскага кутка на зямлі!..

Ён чамусьці глядзеў толькі на старэйшую гаспадыню, нібы перад ёю быў вінаваты і прасіў спагады.

— Я не буду,— запярэчыла Іна.— Каньяк — гэта не для мяне.

Каця лагодна зазначыла:

— Не прыкідвайся, дзіця маё!.. Памятаеш, як мы на твой дзень нараджэння глушылі...

— Досыць табе!

Іна груба абарвала мачаху, схапіла сваю чарку і адным духам апаражніла яе. Каця падміргнула Анатолю і ўсміхнулася:

— Вось гэта па-нашаму!

Анатоль паднёс дзяўчыне на хлебе шпроцінку.

— Ты кісленькага ёй, грыбочка! — параіла мачаха.

Кручанюк падаў грыба, а сам падумаў: «Вось бы не праваліцца мне на гэтых іспытах... Што спярша лепш — кісленькае ці салодзенькае?» І наўгад узяў кавалачак лімона.

— Бывалы чалавек адразу відаць! — сказала Каця.— Ведаеце, што да чаго трэба...

Іна раптам папрасіла выпіць яшчэ:

— Пачакайце! Я хачу з вамі... разам!

Ніхто ёй не забараніў, і яны выпілі разам. Анатоль задаволена адзначыў, што не так ужо і страшна піць каньяк. Ён адразу хмеліць, а з хмелем жа прыходзіць смеласць, якой яму часам так не стае.

— Яшчэ! — пачуўся голас Іны.

Ён здзівіўся, убачыўшы ў дрыготкай яе руцэ парожнюю чарку. А вочы! Яны патухлі зусім. Яна глядзела на мачаху абыякава...

— Не-е, даражэнькая, табе ўжо даволі! — усміхнуўся Кручанюк. Мачаха была іншай думкі. Яна паднялася, каб уключыць радыё, і сказала на хаду:

— Не бойся! Яна ж дома...

Чаркі напаўняліся ўсё часцей. Усім стала весела. Нават паспрабавалі спяваць, заглушаючы радыё. І раптам Іна паклала галаву на рукі, заплакала. Анатоль разгубіўся зусім, не ведаў, што і рабіць.

— Ну, вось... Я казаў, што больш не трэба ёй піць. Можа, выклікаць хуткую дапамогу?

— Нічога ёй не трэба! Псіхоз... Няхай ідзе спаць,— адрэзала мачаха.

Удваіх з Анатолем яны завялі Іну ў спальны пакой і паклалі проста ў сукенцы на пуховую коўдру. Самі вярнуліся ў гасціную.

— Ну, вось... Цяпер мы пагутарым! — пачаў Анатоль, сядаючы да стала.

— Аб чым жа? М-м?..— Каця зноў наліла чаркі, насмешліва глянула на яго прыжмураным позіркам чорных вачэй. Ён разгублена ўсміхнуўся і падняўся з-за стала.

— Аб нашым вяселлі...

— Я ж замужняя! Ха-ха-ха! — залілася гучным смехам Каця.— Аб нашым вяселлі!..

«Вось я паслухаю, як ты з ёю пагаворыш!» — раптам ачуняўшы, падумала Іна, але ўстаць не магла. Галаву быццам хто трымаў моцнымі рукамі.

Спачатку Анатоль выхваляўся сваімі заробкамі, а потым мачаха доўга і нудна гаварыла пра сваё нецікавае жыццё «замужняй удавы». Іна чула ўжо такія споведзі не раз...

Грымела музыка, у паўзах дзынкалі чаркі. І раптам усё сціхла: Іна заснула...

 

9

Усю ноч Ганя праспала на крэсле, побач з ложкам брата. Сон быў трывожны: Змітрок часта варочаўся і стагнаў. Тады яна ўсхоплівалася і падавала вады.

— К чорту... Усіх к чорту! — скрыгочучы зубамі, гаварыў Асташонак і зноў засынаў...

Наступіла раніца, ціхая, празрыстая. Праз адчыненае акно ў пакой хваля за хваляй улівалася халаднаватае паветра. Яно пахла лесам і хлебам. «Гэта прывезлі свежы хлеб і згружаюць у магазін па сасноваму латку. Значыць, пара ўставаць»,— падумала Ганя і хуценька саскочыла з ложка. Якраз у гэты момант зазваніў на стале будзільнік. Ганя падышла да брата і спынілася. Змітрок спаў глыбокім і спакойным сном.

— Дзіма...— ціха паклікала яна. Ён зварухнуўся.— Дзіма, уставай на працу,— сказала гучней.

Змітрок незадаволена расплюшчыў вочы, узяўся за лоб рукою.

— Не даеш паспаць! — гыркнуў ён і павярнуўся на другі бок.

Ганя ўздыхнула і адышлася. «Мусіць, моцна захварэў»,— вырашыла яна. Згатавала на кухні чай, зноў зайшла ў пакой, падышла да ложка і прыклала руку да братавай галавы. У той жа міг Змітрок спалохана падхапіўся і сеў на ложку.

— Ой, што гэта? Дзе я? — Туманнымі вачамі ён глядзеў на столь, на сцены.— Дома... Такі паганы быў сон, проста жах...

— Ты не хворы? — узрадавалася Ганя.— Тады — хутчэй збірайся, спознішся! Учора, здаецца, недзе падгуляў...

Змітрок глянуў на будзільнік. Было ўжо каля васьмі гадзін.

— Ч-шорт! Казюлька, чарвяк! — вылаяўся ён, хутка апранаючыся.— Загарні, Ганя, што-небудзь перакусіць з сабой! Хуценька...

Праз які момант ён ужо быў на вуліцы. Не ішоў, а бег, жуючы на хаду тоўсты бутэрброд. «Першая і апошняя мая выпіўка... Сорам! Каб ведала мама... Сорам!»—дакараў сябе Асташонак, хаваючы вочы ад людзей, быццам яны маглі здагадацца аб яго ўчарашнім непрыстойным учынку.

А на заводзе рабочы дзень ужо быў у разгары. Гулі станкі, грукалі на рэйках ваганеткі, зыркала з гартавальных печаў ярка-зялёнае полымя. Скрозь завіхаліся людзі, і нікому, здавалася, не было спраў да нейкага там вучня, які спазніўся і бег па завод, праклінаючы сваё маладушша.

Без пятнаццаці дзевяць.

— Не прыйдзе,— вырашыў Азарчук, імкнучыся абвінаваціць ва ўсім станок. Учарашняя сустрэча з Асташонкам не выходзіла ў яго з галавы. Не, не так ён зрабіў, як думаў. Думаў памагчы ўладкаваць яго адносіны з Інай, хацеў памірыцца са Змітраком, пасябраваць, а выйшла наадварот. Навошта ён быў грубы з Інай? Якая яму справа да чужых густаў? Ёй падабаецца больш Анатоль. Можа, яму ўдасца выкіраваць дзяўчыну на правільны шлях. А ён, Іван, дрэнны настаўнік. Хіба не з-за яго ўчора Змітрок трапіў у рэстаран з падазронымі асобамі? Аб гэтым ён даведаўся сёння ля прахадной...

Калі ў апусцелую прахадную ўскочыў, ледзь пераводзячы дух, расчырванелы і ўспацелы Змітрок, дзяжурны вахцёр з дакорам паглядзеў на яго, паківаў галавою.

— Добрай раніцы! — прывітаўся Асташонак. І раптам аж збялеў: ён не знайшоў у кішэні пропуска.

— Выспаўся! Ужо амаль паўдня, а ў яго яшчэ раніца! — засмяяўся вахцёр, хітра жмурачы вочы.

— Крыху прыхварэў,— растлумачыў прычыну спазнення Змітрок і, прадаўжаючы мацаць свае кішэні, нарэшце вінавата сазнаўся: — Нават пропуск забыўся дома...

— А ты б яшчэ гадзінкі дзве паспаў, і хваробу як рукой зняло б! — падміргнуў яму вахцёр.— Пропуск твой, хлопча, не дома...

— А дзе? — хутка спытаў Асташонак, адчуваючы новую бяду.

— Вось ён, твой пропуск,— паказаў яму дзяжурны чырвоную кніжачку.— З рэстарана афіцыянтка прынесла. Наламаў ты, казала, там дроў, абражаў яе, крыўдзіў...

«Вось яно што! Ужо тут усё вядома... Што ж цяпер рабіць?» — падумаў Змітрок, апусціўшы галаву.

— Бяры! І бяжы ў цэх...— неяк злосна прамовіў вахцёр, усунуўшы Асташонку ў рукі пропуск.

Толькі Змітрок ступіў на заводскі двор, як тварам у твар сустрэўся з Галяй Ждан. На вялікай дошцы паказчыкаў яна рабіла нейкія запісы, але згледзела хлопца, хоць ён і імкнуўся праскочыць непрыкметна.

— Можна на хвіліначку, таварыш медаліст? — спыніла яго Ждан і перагарадзіла дарогу. На яе сур’ёзным твары быў смутак.

Змітраку стала шкада гэтую невысокую чарнабровую дзяўчыну, якой, як яму здавалася, не месца тут, на заводзе, хоць складзена яна была, як гаварыў Іван, нібы з граніту: пругкія ногі, высокія грудзі, дужыя, хоць і малыя, рукі...

— Слухаю,— ціха прамовіў Асташонак, чакаючы добрай праборкі.

— Сёння, здаецца, сустракаемся першы раз. Добры дзень...

— Дзень добры,— вінавата адказаў Змітрок.— Я не заўважыў, прабачце...

— Чаму вы спазніліся на працу?

У Галіным голасе адчувалася нейкая крыўда і злосць. «Хітрыць,— вырашыў Змітрок.— Прыкідваецца, мусіць, што нічога не ведае». І ён адказаў шчыра:

— Гэта, думаю, вас не ўзрадуе... Я быў п’яны. Выпіў, значыць, залішне, ну і праспаў.

— Жартуеце?

— Кажу праўду.

— Тым горш для вас...

— А што, лепш хлусіць? Калі ласка... Балела сярэдзіна. Ну, сярэдзіну можна, нарэшце, замяніць галавой, пячонкай, страўнікам... Але справа не ў гэтым. Як камсорг цэха, вы павінны былі б спытаць у мяне — чаму гэта я сноўдаю па заводзе без усякай патрэбы?

— Гэта на ваш погляд? — спытала Галя.

— Трэба мець і свой погляд! — з’едліва заўважыў Асташонак, якому ўжо абрыдлі гэтыя пытанні. Ды і хто яна такая, гэтая кнопка, каб весці допыт? Камсорг? Але ж ён не браўся тут на ўлік, бо яшчэ невядома, ці атрымаецца з яго што-небудзь людскае...

Галя не ведала, што адказаць. Яна толькі змерала хлопца сваім строгім позіркам і, крута павярнуўшыся, адышлася зноў да дошкі паказчыкаў. Змітрок паволі накіраваўся да варот свайго цэха, зноў папракаючы сябе ў душы за круты нораў...

Іван працаваў сёння без асаблівага энтузіязму.

— Замест таго каб выправіць брыво, ты вока сапсаваў,— сустрэў ён жартам Змітрака.— Думаў, што зусім раззлаваўся і не прыйдзеш...

— Зусім?..— Асташонак, не вітаючыся, спыніўся воддаль і ўважліва паглядзеў на Івана.— Гэта, бадай, было б лепш. Але яшчэ не ўсё страчана, пакуль пабуду...

— Ідзі сюды бліжэй, Дзімка. Ты ўсё неяк не так разумееш. Даведаешся — сорамна будзе. От паглядзіш...

«Мне ўжо было і ёсць сорамна»,— падумаў Змітрок, падаючы на рабочы стол неапрацаваныя дэталі.

«Што ўчора было з братам?» — думала ў гэты час Ганя, застаўшыся адна дома. Пасля бяссоннай і трывожнай ночы яна ніяк не магла пачаць свае практыкаванні на скрыпцы. Нуднымі здаваліся ёй гукі, бессэнсоўнымі — ноты.

І толькі яна зайграла нарэшце па-сапраўднаму, як дзверы адчыніліся і ў пакой забег расчырванелы, узрушаны Алік.

— Схавай мяне! — крыкнуў ён, падбегшы да сястры.— У нас доктар робіць уколы, а я збег...

— Уцякаць ад уколаў не трэба, Алічак, а то можаш захварэць,— адказала Ганя.—Ідзі назад і будзь самы смелы!

— Дык жа баліць, як колюць,— жаласліва цягнуў Алік.— Я не хачу ўколаў...

Ганя палажыла скрыпку, каб угаварыць брата:

— Ты мне ўсю душу выцягваеш!

— Схавай мяне-е...

— Ты ж бачыш, што я займаюся.

— Я не хачу ўколаў!

— Дык уцякай... А мне няма часу з табой у хованкі гуляць. Калі будзеш перашкаджаць і не пойдзеш у сад, я скажу Дзімку,— і яна зноў узялася за скрыпку.

Бачачы, што нічога не выходзіць, Алік некалькі хвілін сачыў за сястрою, як тая іграла, а потым ціха, на пальчыках, выйшаў на двор.

Упэўніўшыся, што за ім ніхто не сочыць, Алік пагнаўся за вялікім рудым катом на вуліцу. Там ён спрабаваў схапіць ката за хвост, але той лоўка вырваўся і кінуўся праз вуліцу. Хлапчук не адставаў...

Гэта здарылася якраз у абедзенны перапынак, калі Галя Ждан, выйшаўшы з тралейбуса, пераходзіла вуліцу недалёка ад таго месца, дзе Алік, расставіўшы рукі, бег, як здалося ёй, проста пад машыну. Галя ўскрыкнула, кінулася да хлопчыка і выхапіла яго ледзь не з-пад самага кола магутнага МАЗа. Машына, гучна скрыгануўшы тармазамі, спынілася. Дзверцы адчыніліся, і з іх высунулася калматая галава шафёра, які хацеў ужо вылаяцца, але, убачыўшы перапалоханы твар маладзіцы, адразу памякчэў.

— Грамадзяначка! — грымнуў гучны, але лагодны бас.— Сваіх дзяцей трэба вадзіць за руку і не заглядацца на бландзінаў і розных там шатэнаў!

Ждан сярдзіта глянула на гэтага медзведзяватага шатэна, але нічога яму не адказала і павяла Аліка на тратуар.

— Як цябе завуць? — спытала яна.

— Алік.

— А дзе ж ты жывеш?

— Ву-унь там,— паказаў Алік на адчыненае акно, з якога даносіліся гукі скрыпкі.

— Ага, ясна,— сказала Галя, злуючыся яшчэ больш.— Там весяляцца, а дзеці няхай гінуць...

Калі яны ўвайшлі ў адчынены пакой Асташонкавай кватэры, Галя на момант спынілася і, прыкрыўшы Аліку, які нешта хацеў сказаць, рот рукою, заслухалася. Ганя ж, захапіўшыся музыкай, нічога не чула і не бачыла. І толькі калі скончыла, пачула ў пакоі чужы голас:

— Дзе вашы бацькі?

Яна ўздрыгнула і, нічога пакуль не разумеючы, ціха адказала:

— Няма...

— На працы?

— Не. Яны памерлі.

— Ах-х...— Галя ўзяла Аліка на рукі і прытуліла да грудзей.— Ён вось ледзь не трапіў пад машыну... А старэйшыя хто ёсць?

— Брат. На заводзе.

— На якім?

— Не ведаю, ён нам не гаварыў.

— Я сказу! Я сказу! — заматляў нагамі Алік, вырваўся з Галіных рук і падбег да акна.— Ву-унь там...

— У тым баку два заводы, Алічак,— сказала Галя і, глянуўшы на гадзіннік, спытала: — А сваякі ў вас ёсць?

Дзяўчынка адмоўна паківала галавою.

Галя здагадалася, што ў гэтай кватэры зусім нядаўна здарылася вялікае гора.

— Як цябе завуць? — спытала яна.

— Ганя, а што?

— Ты так хораша іграеш! Можа, яшчэ што-небудзь выканаеш?

І Ганя зайграла зноў.

Ждан прысела на крэсла і слухала яе, успамінаючы сваё дзяцінства. Прыкладна ў такім узросце, як Ганя, і яна засталася без бацькоў, доўгі час жыла ў дзіцячым доме, пакуль не пайшла на завод...

Ужо даўно скончыўся абедзенны перапынак, а Галя, забыўшыся, што ёй трэба было зайсці ў райком і паспець вярнуцца да званка на работу, усё слухала цудоўную ігру дзяўчынкі. Алік, прымасціўшыся ў Галі на каленях, заснуў, мусіць, ад моцнага перапуду.

У пакоі былі чутны толькі гукі скрыпкі ды ціхае ціканне гадзінніка...

 

10

Іна ўвесь дзень не знаходзіла сабе месца. Яна бралася чытаць, але не чыталася. Спрабавала заняцца хатнімі справамі — усё валілася з рук. Тады яна выйшла ў сад, села пад яблыняй на разасланую коўдру і аддалася марам. Успомніла ўчарашні дзень. Як ён пачаўся? Спрэчкай з мачахай з-за сукенкі, якую Іна незнарок спаліла прасам... Намер у Іны быў добры — памагчы маці. Хіба ж яна вінавата, што пазваніў Анатоль? Думала — хто іншы, адкажа, і ўсё. Ды загаварылася... А потым — вечар... Лепш не ўспамінаць...

Яна прачнулася раніцаю і асцярожна адхінула парцьеры ў спальным пакоі мачахі. Адразу супакоілася: Каця салодка спала, раскінуўшы на падушцы поўныя рукі. «Значыць, Анатоль не астаўся начаваць,— вырашыла тады Іна.— Трэба як мага хутчэй канчаць, а то гэтая думае, што я так сабе... Артур паляцеў, яго не вернеш. Трэба трымацца за гэтага, глядзець...»

Потым устала мачаха. Яна была надзвычай вясёлая і ўвесь дзень хваліла жаніха. У Іны з’явілася сумненне. Сумненне, а не рэўнасць. «Адкуль будзе рэўнасць, калі не было сапраўднага кахання?» Так думалася ёй. Але яна цвёрда вырашыла «канчаць з вяселлем».

Дачакаўшыся вечара, Іна апранулася і пайшла да Анатоля на кватэру. Яе сустрэла маці.

— Ах, гэта ты? Заходзь, заходзь, даражэнькая! — хітравата ўсміхаючыся, жанчына макам рассыпалася перад сваёй нявесткай.— Ах, свавольніца! Я не спала аж да раніцы. Што толькі не прыдумвала: і, можа, ён дзе пад машыну, не дай бог, трапіў, і, можа, якія бандыты на яго напалі... А ён, галубок, з’яўляецца такі вясёлы, такі шчаслівы! Адпачні, хука ён зойдзе...

«Вось як! Анатоль прыйшоў пад ранне... Цікава, дзе ён да раніцы мог быць?» — старалася здагадацца Іна. Калі Анатоль нарэшце прыйшоў, яна забылася на сваё падазрэнне і пачала настайваць на тым, каб заўтра пайсці ў загс...

Коўшык дамаглася свайго: праз тыдзень згулялі вяселле, і Анатоль забраў Іну да сябе. Бацьку яна напісала адразу пасля вяселля: «Мой дарагі татачка! Чаму ты не прыляцеў, атрымаўшы маю тэлеграму? Я нарэшце паслухалася мудрай парады маці і выйшла замуж... Муж малады і знатны...» І далей усё, што яна лічыла патрэбным паведаміць пра Анатоля свайму роднаму бацьку, які «не мог нават прыляцець», бо атрымаў позна тэлеграму.

Ён — больш таго! — пакрыўдзіўся і адказаў таксама тэлеграмай: «Гэтак не запрашаюць бацьку на вяселле. Ён — не ракета!» Яна ж не ведала, у чым вінаватая, і ў пісьме імкнулася апраўдаць сваю паспешлівасць.

«Вось я і замужняя... Замужняя!» — думала Іна, ідучы па праспекце адна. Ёй па-ранейшаму хацелася гуляць адной.

Вечар быў ціхі, цёплы. Сонца вісела на небасхіле, нібы затрыманае краем чорнай хмары. Ад ліп нёсся прыемны водар маладой квецені: сёлета яны зацвілі раней тэрміну.

Іне раптам стала весела. Вось яна гарэзліва прайшлася пальцамі па валасах прыгожага кучаравага хлопчыка, які стаяў каля магазіна. Той здзіўлена і падазрона паглядзеў услед жартаўлівай жанчыне і раптам пазнаў яе. Некалькі разоў Змітрок вяртаўся са школы з Інай. Але яна ніколі не прыносіла пачастунку, як Галя...

— А цётка Галя лепшая за цябе! — крыкнуў Алік.

Іна спынілася. Штосьці знаёмае было ў гэтым дзіцячым голасе. «Дзе я бачыла яго? — успамінала Іна, паволі ідучы назад, да хлопчыка.— Ды гэта ж... Алік!»

— Падыдзі сюды, Алічак,— лагодна паклікала яна.

— Не пайду,— надзьмуўся той.— Ганя загадала, каб я тут стаяў і нікуды не ішоў. А Іван сказаў, што ты благая...

— Чаму ж благая?

— Благая, і ўсё.. Як дворнікава Мальва...

Чырванню пакрыўся набелены твар Іны. Яна крута павярнулася і пайшла далей. Пайшла так, быццам услед ёй лінулі варам. Не прыкмеціла, як апынулася каля будынка паштамта. «Зайду, можа, што ёсць».

Прайшоўшы ў залу, Іна спынілася каля акенца, дзе выдаваліся пісьмы да запатрабавання, і няўпэўнена падала пашпарт, свой дзявочы пашпарт. Ёй пашанцавала. Дзяўчына падала пісьмо. Яно было з Крыма, ад Артура. Іна не спяшаючыся падышла да століка, разарвала канверт і прачытала:

«Мілая Інэса! Толькі тут, далёка ад цябе, я зразумеў, якую вялікую зрабіў памылку, што паехаў адзін. Я зразумеў, як цяжка жыць без чалавека, які ўжо даўно і моцна авалодаў і сэрцам, і думкамі, і кожнай хвілінай майго жыцця...»

— Прыязджай... Прыязджай,— ціха паўтарала Іна апошняе слова пісьма.— Чаго гэта так дрыжаць рукі? — яна прыціснула пісьмо да грудзей і ў асалодзе заплюшчыла вочы. «Толькі яго я кахаю па-сапраўднаму... Прыеду, Артур... Мы абавязкова зноў сустрэнемся ў Зосі. Добрай таўстухі Зосі... Ой, што я сабе думаю! Навошта ехаць, калі ўжо я — жонка другога? Як дворнікава Мальва...» — прыгадаліся ёй раптам і Алікавы словы. Яна паклала пісьмо ў сумачку, але тут жа дастала яго і парвала на дробныя кавалачкі.

Калі Іна вярнулася з пошты, Анатоль з маці займаўся абсталяваннем свайго пакоя. Яна спынілася на парозе і сумнымі вачыма паглядзела на гэтую сямейную ідылію. Не, не такога шчасця жадала яе шырокая натура...

— Твая прыйшла, паможа,— чамусьці вельмі суха прамовіла свякруха і пайшла за дзверы.

Анатоль, каб згладзіць няёмкасць, кінуўся да Іны, узяў з яе рук сумачку і летняе паліто, пацалаваў у руку.

— Аднак ты сапраўдны кавалер,— нехаця ўсміхнулася яна.

— Я муж твой. Гэта куды больш, чым кавалер! — сур’ёзна зазначыў Анатоль, дапытліва пазіраючы на Іну.— А ведаеш што? Вось тут мы павесім тваю самую любімую карціну. Я зараз схаджу...

— Карціну прынясу я сама,— перапыніла яго Іна.

Анатоль зразумеў яе.

— Не давяраеш? — страсянуў ён вялізным чубам.

— Мужчынам давярай ды правярай,— прыжмурылася на яго жонка.— Можа, скажаш, што ў цябе і на заводзе нікога не было?

Анатоль раззлаваўся:

— Я ж не пытаюся, дарагая, які ў цябе я — пяты ці дзесяты? Важны сам факт. Цяпер песня, як гаворыцца, спета, і мы павінны жыць адно для аднаго...

— А-а, не любіш успамінаць мінулае?

— Я надаю мала значэння мінуламу... Нават твайму, дарагая, пасля ўсяго, што адбылося між намі...

— Ах, так! Ты намякаеш вельмі ясна...

— Калі гэта можна назваць толькі намёкам...

— Я пайду дамоў! Што ён гаворыць... Я пайду-у...

Іна кінулася на ложак і, закрыўшы твар рукамі, пачала ўсхліпваць. Сорам і злосць на момант нібы аглушылі яе, хоць да гэтага яна была даўно гатова. А потым, калі ўсё ўляглося, яна ў думках паўтарыла сама сябе: «Я люблю толькі Артура... Толькі яго...» І ляжала так, пакрыўджаная, гатовая адпомсціць свайму крыўдзіцелю пры першым жа выпадку...

Анатоль ужо шкадаваў, што залішне пагарачыўся. Ён стаяў сярод пакоя і не ведаў, як суцешыць жонку. Нарэшце падышоў і ўзяў за плечы.

— Ну, прабач... Усё гэта глупства, Іна, я гавару абы-што, бо дужа кахаю цябе і баюся страціць. Мне чамусьці здаецца, што ўсё гэта сон і не сёння, дык заўтра я цябе страчу.

— Тады хутчэй бяры свае словы назад!

— Бяру, бяру,— згадзіўся ён радасна.— Хочаш, паедзем адгэтуль. Я вазьму адпачынак, і мы наладзім сапраўднае вясельнае падарожжа!

Іна ўнутрана ажывілася, і, не адымаючы ад вачэй рук, праз шчыліны між пальцаў зірнула на Анатоля.

— Куды паедзем?

— Абы-куды. Мне дырэктар абяцаў даць адпачынак. У мяне ёсць грошы. Паедзем!

Іна села, паправіла валасы і падумала: «Пачакай жа, даражэнькі, успомню я табе і пятага і дзесятага...» А сказала з крыўдай у голасе:

— Цяпер вельмі добра на поўдні. Ты ведаеш, што ў Крыме жыве мая цётка? Дык вось цётка Зося запрашае да сябе. Там цудоўна — сонца, мора...

— Едзем у Крым! Абы далей адгэтуль.

Анатоль рэзкім рухам закінуў яе галаву і моцна пацалаваў у вільготныя вусны, у зусім сухія, толькі нацёртыя да чырвані, вочы...

 

11

Неяк раз, седзячы ў заводскай сталовай і чакаючы, пакуль прынясуць абед, Галя Ждан думала: «Якая дружная сям'я! А без бацькоў — адны дзеці». Ёй прыгадаўся чорнавалосы кучаравы Алік, сціплая задумлівая Ганя, яе чароўная музыка,— і ўсё гэта здалося дзіўным добрым сном. Яна закрыла твар рукамі і аддалася ўспамінам. «Які ён, іх старэйшы брат? Колькі яму год — дваццаць, трыццаць? Чаму ён не знойдзе гаспадыню сабе ў дом, каб даглядала дзяцей?»

— Грамадзяначка, вагон далей не ідзе,— пачула яна голас Івана і расплюшчыла вочы.

— Ой, напалохаў, хай цябе! — махнула рукою Галя.— Заўсёды ён са сваімі жартамі...

— Па начах трэба менш гуляць,— з сур’ёзным выразам твару зазначыў Азарчук.— Абед заказала?

— Толькі сабе і Змітраку! — з’едліва сказала яна.— Чаму не прывёў яго?

— А-ат,— зморшчыўся Іван.— Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Ужо былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся.

— Чаго ж?

— З-за цябе... Цэлы дзень толькі і глядзіць у твой бок. А якое ён мае права?

— Калі ты ўжо кінеш свае недарэчныя жарты?

Ён адказаў пытаннем:

— Чаму не заказала мне абеду?

— Не заказала, і ўсё! Ці ж я абавязана?

Галя не хацела пакрыўдзіць Івана, але так атрымалася.

— Асташонку ты ўсё ж заказала! — папракнуў ён Галю.

— Мне трэба з ім пагутарыць.

— А са мною не жадаеш? Я для цябе нішто, дым ад папяросы, дзірка ад баранка... А я жывы чалавек, Галя... Жывы! — стукнуў ён сабе кулаком у грудзі.

— Без драматычнай дэкламацыі я магу сёння паабедаць?

— Можаш... І наогул... Больш ніколі ні слова ты ад мяне не пачуеш. Сэрца маё, не стучы, каханне маё, замаўчы!

— Так будзе лепш для нас абаіх, бо каханне на рабоце — шкодны занятак...

Іван засмяяўся. Але каб яна ведала, які гэта быў смех!

«Не, ніколі ў жыцці, відаць, я не буду для яе не кім іншым, як проста добрым таварышам»,— падумаў Азарчук, праклінаючы сваю нясмеласць.

Амаль тое ж думала і Галя.

«Аб каханні не гавораць жартам... Не першы раз ён так, а сур’ёзна — ніколі... Не любіць ён, проста лічыць добрым таварышам, з якім можна і пагуляць у каханне. Ох, як гэта крыўдна!» Яе доўгія вейкі апусціліся на вочы. — Я ніяк не магу зразумець яго,— зноў пачала пра Змітрака.— Хлопец, здаецца, і разумны, але нейкі дзівакаваты...

— У кожнага чалавека сваё гора,— уздыхаючы, адказаў Іван.— У Асташонка памерлі бацькі — ёсць ад чаго стаць, як ты кажаш, дзівакаватым.

Галя адразу ўзняла галаву і ціха спытала:

— Праўда? Учора я выпадкова трапіла ў адну такую ж сям’ю. Уяўляеш, хлопец страціў бацькоў і застаўся з малымі: сястрою і братам.

У гэты момант афіцыянтка прынесла абед. Азарчук памог паставіць на стол талеркі. Адну паставіў каля Галі, другую — насупраць парожняга крэсла.

— Ну і што ж гэты хлопец? — спытаў ён, калі афіцыянтка адышлася.

Ждан зірнула на гадзіннік, падсунула талерку Івану і адказала:

— І гэты хлопец працуе на заводзе, корміць усю сям’ю!

— Цікава,— вымавіў Іван, беручыся за яду.— Як гэта ўсё падобна!

— Да чаго?

— Да сапраўднасці,— загадкава адказаў Азарчук.

Неўзабаве афіцыянтка прынесла на сподачку плітку шакаладу «Шчаслівае дзяцінства».

— О! Каму гэта? — пацікавіўся хлопец.

— Аліку,— адказала Галя.— Майму новаму знаёмаму.

— Аліку?

— Так, а што?

— Можа, і Гані?

— І Гані... Ты іх ведаеш?

Іван паклаў на стол лыжку і задумаўся.

— Значыць, ты была ў Асташонка на кватэры,— прамовіў ён, пільна гледзячы на дзяўчыну.

— У Дзімкі? — неяк спалохана спытала Галя і ўстала з месца.— Няўжо ў яго? Ганя іграла на скрыпцы, Алік спаў у мяне на руках...

Яна ўзяла плітку шакаладу і шпарка выйшла са сталоўкі, недакончыўшы абеду...

У час абедзеннага перапынку Змітрок застаўся ў цэху адзін. Ён хутка з’еў свой «сухі» полудзень і падышоў да станка. У яго раптам узнікла адважная думка. «Толькі не трэба спяшацца, не забыць пра парадак уключэння»,— успомніў ён кадр з кінафільма, у якім паказвалася, як адна дзяўчына гэтак жа, як і ён цяпер, наважылася ў час перапынку даказаць, што яна ўжо добры майстар, і ўрэшце паламала станок...

Поўны рашучасці, ён ачысціў супарт ад стружкі, уключыў рубільнік. Ціха загуў матор. І гэты гул выклікаў на твары ўсмешку. «Паглядзі! — гаварыў нехта ўнутры.— Не толькі чысціць станок можа Дзімка Асташонак... Ён не дзяўчына, як здаецца табе, шаноўны мой настаўнік».

Змітрок замацаваў загатоўку і падаў асцярожна разец. Усё ў парадку. Змітрок дакладна паўтарае рухі Азарчука. Кучаравіцца і крышыцца з-пад разца стружка, дэталь справа становіцца танчэйшая. Як усё проста і лёгка!..

Асташонак спыніў станок, зняў яшчэ гарачую дэталь і паклаў побач з гатовымі, вытачанымі Іванам. Паклаў і... спахмурнеў: яна была толькі падобна да іншых па форме, але ж не такая. Няроўная — дзе таней, а дзе таўсцей...

Не паспеў Змітрок схаваць свой выраб, як нечая рука, працягнутая з-за яго плячэй, узяла дэталь і панесла ўгару.

Асташонак здрыгануўся і ступіў крок убок, павярнуўся назад. Перад ім стаяла Галя Ждан...

— Зноў — вы? — міжволі вырвалася з пабялелых вуснаў Асташонка.

— Я... А вы незадаволены? Дык, можа, сваёй працай больш задаволены? — спытала яна строга.

Ад хвалявання і крыўды ў Змітрака нешта сперла ў горле. Прайшло некалькі секунд, пакуль ён сабраўся з сілай.

— Што як цень за мной ходзіце?! — усклікнуў ён у роспачы.— Што вам трэба ад мяне?

— У мяне ёсць да вас справа! — цвёрда сказала дзяўчына.— А ў вас проста няма ні вытрымкі, ні... павагі да нашага цэха, да людзей. Сюды ідуць... Маўчыце і не падавайце выгляду, што ў вас няўдача. Ды схавайце дзе-небудзь гэты брак!

Асташонак хуценька паклаў дэталь у кішэнь камбінезона.

«У кватэры ў іх парадак, чысціня,— думала між тым Галя.— А вось верхні гузік у кашулі вырваны. Каўнер не адпрасаваны. Ганя ўсё ж яшчэ малая, каб быць за гаспадыню ў такой сям’і...»

У цэх заходзілі рабочыя пасля абеду. Змітрок засунуў руку ў кішэнь і да болю сціснуў яшчэ цёплую дэталь, нібы імкнуўся раструшчыць яе ў парашок. У душы ён дзякаваў Галі і стаяў, вінавата апусціўшы галаву. Нібы ў сваё апраўданне, гаварыў ціха, каб не чулі астатнія:

— Я не магу кожны дзень збіраць адно стружкі ды чысціць станок. Я прыйшоў сюды, каб стаць майстрам! Дзеля гэтага ахвяраваў усім...

— Ах-вя-раваў? — глянуўшы ва ўпор на Змітрака, спытала Галя.— Ну, ведаеш... Я крыху сумняваюся нават у тым, што з цябе калі-небудзь атрымаецца сапраўдны майстар! Думаеш, быць рабочым — проста? — адразу перайшоўшы на «ты», загаварыла Ждан.— Дык ведай, што не проста і не лёгка.

Асташонку стала сорамна. «Яна гаворыць праўду... Ці здолею я навучыцца працаваць так, як яна?» — падумаў хлопец. Але гонар не дазволіў яму прызнацца ў гэтым Галі. Перад ёю Змітрок застанецца самім сабой! Ён — пакрыўджаны, ён — ахвяра, ён — што хочаце, толькі не невук. Мусіць, лепш за ўсё трэба адразу пакінуць завод...

— І не патрэбен мне ваш рабочы! — у запале прамовіў Змітрок.— Вось вазьму і не прыйду заўтра...

Галя зразумела, што цяпер трэба хлопцу пабыць аднаму, абдумаць свой учынак, і яна, паціснуўшы плячамі, пайшла. Нават не звярнула ўвагу на апошнія словы Асташонка.

Так-сяк адбыўшы змену, Змітрок сумны выйшаў з заводскіх варот.

На дварэ было горача і парна. Нагрэты, як пліта, асфальт высыхаў следам за палівальнымі машынамі, якія, нібы вялізныя сінія жукі са срэбнымі вусамі пырскаў, поўзалі па вуліцы ўзад-уперад. І ў небе ўжо хмарылася. Здалёк даносіліся грымоты...

«Нарэшце будзе дождж»,— падумаў Асташонак і неяк спакайней, лягчэй стала яму. Вось ён перасек плошчу і апынуўся на бязлюднай, ціхай вуліцы. Як ён сюды трапіў? Няўжо ногі самі прывялі да знаёмага белага асабняка з ружовым франтонам? Раней ён сюды хадзіў да Іны, і кожны раз, як падыходзіў, замірала сэрца. А цяпер нічога такога не адчуў, сэрца білася спакойна. Значыць, апынуўся ён тут выпадкова. «Гэта добра... Мінула тое, што я калісьці, зусім нядаўна, хацеў вырваць за адзін вечар». Прыгадалася толькі адна размова з Інай. Неяк яна спытала: «Дык ты нікуды не паступаеш?» — «Не. А ты?» — «А я што... Замуж пайду!»

«І вось пайшла за Анатоля Кручанюка... Хто б мог падумаць, што яны так хутка знюхаюцца? — думаў Змітрок, пазіраючы скоса на знаёмы асабняк.— Дзе яны цяпер, цікава?»

— Дзіма, а-ау-у! Дзе гэта ты прападаеш?

Ён і не прыкмеціў, як з-за куста бэзу выйшла Каця — Ініна мачаха.

— Дзень добры вам,— падышоўшы да форткі, прывітаўся Асташонак.— Працую, заняты. Як вы жывяце?

— Ах, маё жыццё! Асталася вось адна з глухой старою. Зусім адзічэла.

— А дзе ж ваша дачушка?

Каця звонка засмяялася і прыжмурылася на Змітрака.

— Не забыўся яшчэ? А яе схапіў смялейшы за цябе!

— І не папярхнуўся такім кавалачкам? — усміхнуўся ў сваю чаргу Асташонак.

— Ого! Такі хлопец...— паківала галавою Каця.— Канструктар, не абы-хто!

— Канструктар? — спытаў Змітрок і гучна засмяяўся.— Анатоль? Ды ён жа токар з нашага цэха!

— Жартуеш?

— Гэта вы жартуеце... Іна таксама ўсё жартавала! Я не ўпэўнен, што гэты раз яна не пачаставала сваім жартам і Кручанюка, бо такія жанчыны існуюць не для мужа і не для сямейнага шчасця...

Мачаха незадаволена фыркнула і пайшла ў дом. Змітрок ухмыльнуўся ёй услед і зноў вярнуўся да сваіх ранейшых думак: «Няўжо канец? Няўжо завод не для мяне? З кім параіцца, паспрачацца? Завод кінуць — значыць, загінуць, як Раман... Вось пайду да яго і пагавару... Шкада Рамана, бязвольны ён чалавек».

Асташонак дайшоў да праспекта і сеў у тралейбус. Жаданне самому пайсці да Рамана з’явілася не адразу. Пасля той памятнай ночы, калі яго перанялі трое, Змітрок не раз думаў аб тым, што так проста банда Гіры не адчэпіцца ад яго. Калі Раман дома, ён скажа ўсё...

Ля чатырохпавярховага дома, дзе жыў Раман, Асташонак доўга разважаў — заходзіць ці не. Потым парашыў усё ж зайсці.

Дзверы адчыніліся толькі пасля трэцяга званка. Паказаўся Раман. Яго хударлявы твар быў увесь у плямах-падцёках, тоўсты нос нібы яшчэ больш распух і пасінеў. Сіняк быў і пад левым вокам. «Раман будзе хімікам»,— успомніў Змітрок Ініны словы і ўсміхнуўся.

— Ты-ы?!

Убачыўшы Асташонка, Раман выйшаў на пляцоўку, імкліва зачыніўшы за сабою дзверы, і насцярожыўся.

— Бачыш — я,— адказаў Змітрок.

— Што здарылася, Дзімка?

— Нічога асаблівага... Проста пакінуў завод рабочаму класу...— схлусіў ён для пачатку.— А што здарылася з табой? Я ледзь пазнаў.

Раман зірнуў на дзверы і цяжка ўздыхнуў:

— А-а, лепш маўчы. Чаго прыйшоў?

— Ты, памятаю, абяцаў памагчы мне ў цяжкую хвіліну. Лічы, што яна настала.

Нечакана Раман пачаў ціха смяяцца.

— Што тут смешнага? — здзівіўся Змітрок.

— Сапраўды смешна! Толькі што бацька кіем пераконваў мяне паступіць на завод. Цябе ў прыклад ставіў!

— Мя-не?

— Ага, цябе... Кажа, паколькі я цяпер вызваліўся ад вялікіх спраў і маю час заняцца тваім выхаваннем, дык...

— Ромул! — пачуўся з кватэры жаночы голас.

— Зараз! — адказаў Раман і ціха, скорагаворкай прадаўжаў да Змітрака: — Я не магу цяпер што-небудзь параіць, а Гіры бойся, абяцаў адпомсціць табе за скандал. Ён стаў вельмі папулярны ў нашым горадзе. Цікавяцца ім дружыннікі.

— Як жа табе ўдалося вызваліцца з рабства?

— Адпусцілі за выкуп... У бацькі былі залатыя рэчы. Цяпер іх няма. Чакаю... Яшчэ грымне новая бура! Ойе-ей!..

І Раман, адразу зрабіўшы плаксівы выраз твару, паплёўся ў кватэру.

Змітрок якую хвіліну глядзеў яму ўслед, потым выйшаў на вуліцу. Там дастаў з кішэні сваю няўдалую дэталь, уважліва паглядзеў на яе і ціха, сам сабе, прамовіў:

— Ва ўсім вінавата ты, даражэнькая... Атрымалася б як належыць, дык не стаў бы я рабіць глупства і гаварыць, што заўтра не прыйду на завод...

Доўга блукаў ён па вуліцах, у парку, але нідзе не знаходзіў заспакаення. Толькі пасля васьмі гадзін вярнуўся дадому.

У пярэднім пакоі, асядлаўшы акулярамі нос, з кніжкаю ў руках, сядзеў ля стала сусед Забаўскі. З другога пакоя даносілася музыка: там, як заўсёды, займалася Ганя, і Змітрок з зайздрасцю падумаў пра сястру. Вось каб яму такая напорыстасць і вытрымка. Да любой мэты дайшоў бы.

Дзядзька Антось адразу падняў акуляры на лоб і моцна ляпнуў кніжкай па стале.

— Ну-с, малады чалавек... З’явіліся?

— Добры вечар, дзядзька Антось... Ганя! — гукнуў ён сястру.— Згатуй нам чайку!

— Не трэба! — запярэчыў стары, устаўшы.— Я ненадоўга. І не па сваёй ініцыятыве! Так-с, малады чалавек, мяне паслала грамадскасць!

Змітрок зразумеў і смела глянуў суседу ў вочы:

— Што мне рабіць?

— Перш за ўсё, паводзіць сябе не як школьнік, а як рабочы чалавек!

— Я не ведаю... Мне няма чаго на заводзе рабіць.

— Бач ты! А ў рэстаране табе ёсць занятак?

— Абяцаю вам... больш туды ні разу не зайду.

— Яго пусці хутчэй да станка, і ён вытачыць немаведама што,— нібы не чуючы абяцання Змітрака, са злосцю ўсклікнуў Забаўскі.— Вучыцца трэба!

Змітрок зразумеў, што старому ўсё вядома: і рэстаран, і няўдалая спроба вытачыць дэталь, і словы, якія ён сказаў Галі, што не прыйдзе заўтра на завод...

— Ждан несумленная дзяўчына, калі расказала ўсё вам...

— Мне нічога ніхто не гаварыў! — перапыніў яго сусед.— А што датычыць Галі Ждан, дык магу паведаміць, малады чалавек,— у яе куды больш сумлення, чым у цябе нахабства! Яна правільна кажа, што ты баішся цяжкасцей і шукаеш лёгкай дарогі да славы.

— Не цяжкасці палохаюць мяне, а бяздзейнасць! — запярэчыў Асташонак.— Кожны чалавек мае права патрабаваць працу па яго сіле і здольнасцях. Вы не пераканаеце мяне, што прыбіраць стружкі і чысціць станок гэта пачэсна, гераічна, самааддана. Агульныя словы. Я не хачу быць проста рабочым...

Забаўскі выслухаў Змітрака ўважліва. Зноў сеў ля стала і доўга аб чымсьці думаў. Але па твары старога было відаць, што ў душы ён зусім не такі спакойны, як здаецца.

— Значыць, ты лічыш сябе не проста рабочым, а звышгеніяльным чалавекам, якому варта толькі захацець — і ён стане кім хочаш? Так, так...— стары ўважліва памераў Змітрака доўгім позіркам.— Скажы, малады чалавек, хто адбудаваў гэты горад, якім ты дарэчы і недарэчы хвалішся? Хто даў жыццё гэтым каменням? Рабочыя! Гэтую столь, пад якой ты жывеш, стол, за якім ясі, вопратку, якую носіш, хто табе даў? Звычайны рабочы... За гэтыя сцены з прыгожым накатам, за хараство вуліц перад кім ты павінен скідаць шапку? Перад рабочым, простым рабочым, як ты гаворыш... А хіба ж прастата горш за пустату таго чалавека, хто нічога не стварыў для грамадства? Пусты пакуль яшчэ і ты, зялёнка! — не ў сілах больш стрымаць сябе, закончыў дзядзька Антось і выйшаў з пакоя.

 

12

Мякка пагойдваецца вагон. Нават не чуваць грукату колаў на стыках рэек. У адным купэ, абапёршыся локцямі на столік, моўчкі ўзіраецца праз акно ў адкрыты стэп Кручанюк. Аб чым ён думае? Аб родным горадзе, заводзе, сябрах? О, не! Анатоль думае аб тым, што жыццё яго, нарэшце, стала, як гэты цягнік, на моцныя рэйкі... Апошні рубеж сталасці пройдзен, выпрабаванне на трываласць сям'і зроблена. Мінулі хвіліны спрэчак і непаладак. Іна стала паслухмянай жонкай. Шчасцю, здавалася, не будзе канца...

— Ты ўпэўнена, што цётка Зося не ўзяла ўжо каго-небудзь на кватэру? — спытаў Анатоль, сядаючы побач з жонкай. Апрача іх, у купэ было яшчэ трое пасажыраў: дзве жанчыны і невялічкі хлапчук, гадоў пяці.

Іна ціха, каб не чулі іншыя, адказала:

— Яна ніколі не трымае кватарантаў. І будзе вельмі рада, што мы завіталі да яе!

Пры гэтым яна пяшчотна зірнула на Анатоля. Ён любіў такі яе ўважлівы позірк. Ад яго цяплела на душы, усё навокал станавілася прыгажэйшым, больш радасным, чым звычайна. «Кахае... Яна мяне кахае»,— спявала самалюбівая душа Кручанюка. У такія хвіліны яму здавалася, што Іна нікога і не кахала да яго, што падазрэнне і ранейшыя папрокі — памылка, якую хутчэй трэба забыць...

У дынаміку штосьці шчоўкнула, зашыпела і хрыплы голас дыктара абвясціў, што цягнік прыбывае на станцыю Сімферопаль.

Яны заспяшаліся, выйшлі з вагона. А праз дзве гадзіны ўжо ехалі ў Ялту...

У гэтых мясцінах Анатоль быў упершыню, і таму вачэй не зводзіў з цудоўных пейзажаў старой горнай дарогі. Яго здзіўлялі яркія фарбы тутэйшых кветак, іх велічыня, цёмнае зяленіва лісця.

Вечарэла, калі яны нарэшце селі ў запыленае таксі.

— Усходняя, дзесяць,— сказала Іна шафёру.

Яны ехалі па цудоўных вуліцах і праспектах курортнага горада, па квяцістых дарогах прыгарада, пакуль не вырваліся на адкрыты прастор.

Домік з мезанінам, куды яны пад’ехалі, стаяў наводшыбе, кіламетраў за пяць ад горада, у прыгожым садзе. Белыя аканіцы і ярка-чырвоны чарапічны дах, веранда і чысценькія, пасыпаныя жоўтым пяском сцяжынкі між сапраўднага гушчару баярышніку і вінаграднай лазы — усё сведчыла аб руплівасці гаспадыні дома.

Калі разлічыліся з шафёрам таксі і адчынілі сінюю, пад колер мора, фортку ў сад, Зося ў светлай сукенцы, якую яна надзявала ў асабліва ўрачыстыя хвіліны, ужо бегла гасцям насустрач, і ўсё трэслася ў яе ладнай камплекцыі...

— А божухна!.. Каго гэта я зараз абдыму ў сваім садзе? Іначка, дзіцятка ты маё... Вось дачакалася радасці!

Як Іна і гаварыла, сустрэча была вельмі радасная для ўсіх.

Расцалаваўшы Іну, Зося падала Анатолю пульхную гарачую руку і сарамліва апусціла свае хітрыя, дапытлівыя вочы.

— Мой муж Анатоль,— сказала Іна, зразумеўшы жанчыну па-свойму.

Зося яшчэ больш заружавелася і сказала:

— Вельмі і вельмі прыемна... Рада. Зося...

Анатоль сумеўся і падумаў: «Зося... Не дзяўчына ж ты, даражэнькая, а, можна сказаць, маці мне... Па бацьку б сказала як».

— Добры дзень, Зося... м-мм...— пачаў ён.— Як вас...

— Проста — Зося,— засмяялася таўстуха, махнуўшы кароткай аголенай рукою, і павяла гасцей па адной з дарожак у свой казачны домік.— Вось тут будзеце чай піць,— гаварыла на хаду яна, паказваючы на беленькі столік і два крэслы, што стаялі пад нізкім галіністым дрэвам.— А тут будзеце адпачываць ад спякоты. Можна прымаць паветраныя ванны — хі-хі — у касцюме Адама, ніхто не патрывожыць. У мяне пірыфірыя...

«Нішто сабе «пірыфірыя», цэлая сяліба! Колькі, цікава, яна здзярэ з нас за гэтую «пірыфірыю»?»— думаў Кручанюк, цягнучы ўслед за жанчынамі два вялізныя чамаданы.

Яны спыніліся каля сплеценых кустоў вінаградніку, які ўтварыў нешта накшталт жывога будана.

— Як тут цудоўна! — у захапленні ўсклікнуў Кручанюк.— І ўсё гэта, Іна, дзякуючы табе. Сам бы я, напэўна, не хутка пазнаў прыгажосць такога райскага кутка на зямлі!

— А сад аж ву-унь куды цягнецца,— паказала гаспадыня.— Усё мая работа, мае мазалі...

Анатоль усміхнуўся, успомніўшы мяккі поціск яе гарачай рукі, быццам ён паціснуў аладку проста з патэльні. Над такім жа садам працы шмат, і працы штодзённай...

Жанчыны селі каля веранды на лаўку. Анатоль паставіў чамаданы і пайшоў аглядаць сад.

Калі ён адышоўся далёка, Зося таямніча гаварыла Іне:

— Быў у мяне Артур... Сумаваў па табе, спадзяваўся, што прыедзеш, як летась, на месяц. І вось — радасць ты яму прывезла! Мужа...

— Не магла я больш, цётачка,— засмучона прамовіла Іна.— Дваццаць адзін год мне... Без усякіх спраў, без месца...

— Хіба гэты лепшы за Артура? Хто ён — прафесар які, вучоны?

— Пакуль што ён на добрай пасадзе,— ухілілася ад тлумачэння Іна.

— Артур прыгожы, дужы хлопец, а ты яму такое зрабіла, хоць не паказвайся цяпер на вочы! — папракнула яе Зося.— За што?

Іна сарвала, нахіліўшыся, рамонак і пачала сашчыкваць белыя пялёсткі.

— За што?.. Артура я любіла, вы ведаеце,— у задуменні сказала яна.— І люблю, можа, мацней за ўсё на свеце, а ён... Ён проста глуміўся над маімі пачуццямі! — Іна сарвала апошні пялёстак і ў злосці кінула кветку на зямлю.— О, я ведаю, што ён рады будзе мяне сустрэць зноў, быць са мною, запэўняць, што прыгажэйшай за мяне няма нікога, але ж... Каму патрэбны яго хлуслівыя словы? Наш век — практычны век, адным каханнем і абяцанкамі жыць не цікава і сыты не будзеш... А так, за прыгожыя словы, растрачваць маладосць і здароўе...

— Ты ж была з ім вельмі строгая, помню,— уставіла гаспадыня, паківаўшы галавой.

— Пасля таго мінуў год... Прайшла і строгасць. Я сама куды больш вінавата, чым Артур, бо залішне давярала яму, была самаўпэўненай. А ён нацешыўся і ўцёк сюды, як той злодзей!..

— Няпраўда! — запярэчыла Зося.— Артур і цяпер даражыць табой...

— Цяпер яго каханне мне не патрэбна: я — замужняя...

— Дык ты яму патрэбна...

— Ведаю! Ён проста будзе рады выпадку лішні раз папракнуць, што не чакала, хоць патрэбна я яму не на доўгі час, самі ведаеце...

Жанчыны, разумеючы адна адну, пераглянуліся і разам засмяяліся.

— Хочаш убачыць?

— Ой, цётачка, дазнаецца Толя! Ён дужа раўнівы,— Іна паківала на Зосю пальцам, але вочы яе ўжо свяціліся знаёмым гарэзлівым агеньчыкам. Разважлівасць і строгасць, гэтыя часовыя госці, пакінулі свой выпадковы прытулак, як падарожныя пакідаюць начлежны дом...

— А мы твайго адправім у «камандзіроўку», і ўбачыш Артура,— адказала на гэта гаспадыня.

Іна ўстала і, зірнуўшы на дарожку, па якой ішоў да іх Анатоль, прамовіла:

— Ён згарыць ад злосці, калі дазнаецца...

Зося не ведала, хто згарыць ад злосці, але яна цвёрда памятала, што гэтая «аперацыя» прынясе ёй сякія-такія выгады.

— Ой, каго гэта я сёння замарыла голадам! — усклікнула яна і падхапілася з месца.

Падышоў Анатоль і прымацаваў да белай кофтачкі Іны ружовую кветку.

— Вы быццам у ваду глядзелі! — сказаў ён гаспадыні.— У мяне ўсярэдзіне так бурчыць, нібы я двух галодных сабак праглынуў...

Зося дробненька засмяялася, і яны ўсе ўтраіх рушылі на веранду.

 

13

Аб тым, што Змітрок наведаў рэстаран, ведалі амаль усе ў цэху. Сябры яго занепакоіліся. Вось чаму Іван пасля работы сабраў некалькі чалавек і доўга раіўся з імі. Яму сказалі, каб неадкладна зайшоў да Арцёма Белага, пакуль справа не пайшла далей.

І вось Азарчук спыніўся ля дзвярэй, на якіх вісела шыльда з надпісам: «Камітэт ЛКСМБ завода». Пастукаў і, крыху адчыніўшы дзверы, спытаў:

— Можна?

— Калі ласка! — пачулася ў адказ.

Іван зайшоў. У невялікім пакоі, насупраць дзвярэй, стаяў пісьмовы стол, два крэслы і ў куце — тумбачка з графінам вады. Злева на сцяне вісела рэпрадукцыя вядомай карціны «Ленін выступае на Трэцім з’ездзе камсамола». Вось і ўсё, што ўбачыў Іван у кабінеце свайго сакратара.

Арцём, сагнуўшыся ў дугу, штосьці шукаў на падлозе пад сталом, і толькі спіна яго ледзь узвышалася над раскладзенымі па стале кнігамі.

— Няма, ліха яго бяры! — падняўся Арцём.— Такое пяро было! Згубіў...

Нешта дзіцячае было ў яго дробным твары, хоць вымахаў хлопец ростам ледзь не ў два метры.

— Дзень добры, Арцём Ігнатавіч! — прывітаўся Азарчук і, нахіліўшыся, падняў з другога боку стала новенькае пяро ад аўтаручкі.— Вось тваё пяро.

— Бач ты, куды заляцела! — усклікнуў Арцём.— Давай яго, цяпер-то ўжо не згублю... Дык садзіся — чаканаму госцю лепшае месца. Гавары! Не для таго ж ты сюды заглянуў, каб дапамагчы мне шукаць пяро!

Абедзвюма рукамі Арцём паціснуў Іванаву руку, рэзкім рухам галавы ўскінуў свае доўгія чорныя валасы і энергічна сеў за стол. Азарчук падставіў другое крэсла да стала і прымайстраваўся побач.

— Дык вось,— пачаў ён.— Я наконт свайго вучня.

— Ведаю.

— Мне здаецца, што Асташонак адаб’ецца ад рук, калі мы будзем, як гэта павялося, адзін раз на тыдзень даваць усім навічкам порцыю тэорыі, а потым толькі паказваць работу станка... Чалавек ён хоць і таленавіты, але не вытрымае такога вучнёўскага стажу...

— Не разумею,— развёў рукамі Арцём.— Таленавіты, а не вытрымае стажу. Як гэта можа быць? Можа, дрэнна вучыш яго?

Грукнуўшы некалькі разоў у дзверы, якія адразу ж адчыніліся, у пакой увайшла Галя. Убачыўшы Івана, яна ўзрадавалася.

— І настаўнік тут? Вельмі добра! — сказала Галя і катэгарычна патрабавала ад Арцёма: — Трэба яго паводзіны абмеркаваць на агульным сходзе!

— Чые паводзіны, Азарчука? — спытаў Арцём, падсоўваючы Галі сваё крэсла.— Садзіся і выпі спачатку вадзіцы. Астынь...

— Вядома, Змітрака,— незадаволена прамовіла Ждан.— Ён — грубы, цягаецца з невядомымі па рэстаранах...

— І трэба «катэгарычна патрабаваць», каб свой прыход на прадпрыемства ён не лічыў ахвяраваннем? — усміхаючыся, спытаў Белы.

— А што? Чаго ты смяешся? — зусім пакрыўдзілася дзяўчына.

— Я пакуль што проста ўсміхаюся,— спакойна адказаў Арцём і звярнуўся да Івана: — Прапанова Ждан — вынесці пытанне паводзін Асташонка на агульны сход. Як ты думаеш, яна мае падставы для гэтага?

Іван цвёрда адказаў:

— У Змітрака характар наравісты, сілай не возьмеш.

— О! Чуеш? — звярнуўся Арцём да Галі.— Сілай яго не возьмеш. А чаму? Вельмі проста. Ты патрабуеш сабраць амаль увесь завод і хорам чытаць мараль, пагражаць адміністрацыйна, патрабаваць, каб Асташонак схіліў сваю гарачую галаву перад усімі і сказаў: «Прабачце, я больш не буду...»

— А як жа? Для чаго ж тады камсамольская арганізацыя? — гарачылася Ждан.

— Для таго, каб у такіх вось выпадках папярэджваць хваробу, а не абвастраць яе! — ужо сур’ёзна зазначыў Арцём.

Галя паціснула плячамі, загаварыла зноў узрушана:

— Значыць, будзем прасіць яго: «Ах, паважаны Змітрачок, ты памыліўся, не рабі таго, не рабі гэтага, вось табе цукерачка!» А ён ужо не маленькі! Ён — гаспадар у хаце, карміцель дваіх дзяцей...

— Вось з гэтага табе трэба было і пачынаць,— паказаў на яе пальцам Іван.— У Змітрака цяжкае, складанае становішча. Ты ведаеш, што ў школе разам з ім вучылася нейкая Іна, вельмі прыгожая асоба... З гэтай Інай Змітрок быў звязаны ўсёй душою. Ва ўсякім выпадку, да таго, як яна раптоўна стала жонкаю нашага героя Кручанюка. Гэта таксама трэба ўлічыць, таварыш Галя...

«Для чаго ён мне ўсё гэта гаворыць? Каб ведала, што сэрца Змітрака ўжо належала адной? Эх, Іван, Іван... Які ты наіўны хлопец! Наіўны і сляпы... Я проста шкадую Асташонка, шкадую яго браціка і сястрычку, а цябе кахаю, Ваня...» — думала Галя, апусціўшы вочы.

— Дык якой ты думкі аб сваім вучні? Што прапануеш? — спытаў Белы, весела пазіраючы на Івана.

Іван жа, заўважыўшы, што Галя раптам засумавала, палічыў прычынай гэтага сваю залішнюю балбатню. «Значыць, ёй непрыемна, што ў Асташонка быў раман... Ён, бясспрэчна, падабаецца ёй больш, іначай, не хадзіла б туды»,— думаў хлопец, збіраючыся з адказам на Арцёмава пытанне. Адчуваючы падтрымку сакратара і той сяброўскі тон, якім Арцём так падкупіў Івана, ён шчыра прызнаўся:

— Асташонак не з тых людзей, якія лёгка ад усяго адмаўляюцца. Ён наш, увесь наш! Мы павінны толькі памагчы яму разабрацца ў жыцці. А ў першую чаргу — даць самастойнасць, праэкзаменаваць. Я падрыхтую яго за некалькі дзён...

— Правільна! — падтрымаў яго Арцём.— На Змітрака трэба ўздзейнічаць не адміністрацыйна, а толькі па-сяброўску. І давай паспрабуем выпусціць яго экстэрнам...

— Вось пра гэта я і прыйшоў да цябе параіцца! А што ён недзе быў з кімсьці ў рэстаране, дык... больш туды не пойдзе, калі будзе з намі! — ажывіўся Іван і падышоў да Галі.— Бачыш, без сходу вырашылі...

— І вырашылі правільна,— уставіў Арцём.

Яна паднялася, хацела нешта адказаць Івану, але раздумала і, развітаўшыся з Арцёмам, пайшла за дзверы...

У душы яна згадзілася з рашэннем, але голас сумнення гаварыў ёй і другое: а яна прыйшла на гэты завод не гэткай жа маладой і нявопытнай работніцай? Але Галя тады адразу ўзялася за справу сур’ёзна і настойліва. І не лічыла гэта ахвяраваннем і ні ў каго не прасіла скідкі на сваю маладосць. Праз вялікую працу, не раз хаваючы ад сяброў зморанасць і слёзы, прыйшла Ждан да цікавай сваёй прафесіі. Дык чаму ж яму, здароваму хлопцу, трэба расчышчаць дарогу, каб лёгка было авалодваць таямніцамі майстэрства? І тут жа пярэчыла сама сабе: каб зменшыць удар лёсу, трэба ўзяць частку Асташонкавых клопатаў і раскласці на ўсіх...

Змітрок нават і не думаў, што аб ім, яго лёсе, нехта дбае, хвалюецца. Чакаў, што выклічуць, пачнуць папракаць за наведванне рэстарана, за згублены пропуск, а тут мінуў дзень і ніхто ні слова. «Каго гэта цікавіць, хоць захлыніся ў гарэлцы»,— з крыўдай на некага, хто не вылаяў яго, падумалася хлопцу.

Доўга не спалася Змітраку ў гэтую ноч. Пакой, асветлены праз вокны вулічнымі ліхтарамі, здаваўся яму нейкім чужым, незнаёмым. Толькі на сцяне цьмяна вырысоўваюцца партрэты бацькоў. Змітраку цяжка глянуць на іх, бо ён ведае цяпер, пасля ўсяго, што здарылася, позіркі са сцяны будуць асуджальныя...

«Яны працавалі ўсё жыццё. З гэтага жылі, тым ганарыліся. А я? Чым магу ганарыцца?»

Асташонак варочаўся з боку на бок і ўсё дарэмна: заснуць ніяк не мог.

Ганя асцярожна падняла галаву, паглядзела на яго ложак. Яна адчувала, што ў брата здарылася нейкая непрыемнасць, але папытаць не адважвалася. Ведала — усё пераадолее яе мужны брат. «Трэба толькі, каб не адчуваў ён адзіноты»,— вырашыла яна ў думках.

Змітрок прыўзняўся, сеў на ложку і цяжка ўздыхнуў.

— Што, Дзіма, галава баліць? — спытала нарэшце Ганя.

— Балела... Прайшло ўжо,— адказаў ён. Ускінуў на плечы пінжак, устаў.

— Куды ты? — захвалявалася Ганя.

— Нікуды, спі...

Змітрок выйшаў на балкон і, не зачыніўшы дзвярэй, абапёрся на агароджу, прыслухаўся да начных гукаў.

Горад спаў. Толькі заводскі раён дыхаў жыццём. Над ім вялізным арэолам ззяла ў цемені святло, маланкамі ўспыхвалі агні электразварак, у прасторы раз-пораз раздаваўся кліч гудка. І з другога боку, ад вакзала, на гэты кліч адгукаўся паравоз.

— Працуюць. Людзі працуюць...— ціха прамовіў Змітрок, сціскаючы скроні далонямі.

І раптам да яго данёсся глухі голас суседкі, жонкі дзядзькі Антося. Іх спальня была побач, за адчыненымі дзвярамі балкона.

— Чаму не спіш, Антосік? — пытала жанчына.

— Душна,— адказаў стары.

Праз момант зноў пачуўся голас жонкі:

— Заўсёды так... Пакрыўдзіш каго-небудзь, пасварышся, а потым сам пакутуеш! Як дзіця...

— Сказаў — душна! — відаць, раззлаваўся стары.

Змітраку стала сорамна: гэта з-за яго хвалюецца дзядзька Антось, з-за яго не спіць. А яму ж заўтра з васьмі станавіцца каля палаючага горна і кіраваць молатам! Стаяў, сцішыўшыся, і ў душы прасіў прабачэння за свае глупствы, да якіх, як яму здавалася, апрача самога, нікому няма спраў. Гэта ж ён, сусед, рэкамендаваў Змітрака на завод, ён гутарыў з начальствам, і яму, напэўна, цяпер сорамна за такога вучня...

Гэтыя думкі з’явіліся ўпершыню. Яны прымусілі ўспомніць і паводзіны Івана, Галі... «Усім за мяне сорамна»,— Змітрок да болю прыкусіў верхнюю губу...

— Адчапіся, я ўжо сплю! — пачуў ён голас дзядзькі Антося, і ў гэтую хвіліну гадзіннік адзваніў тры разы.

Пачынала днець. Унізе прапаўзлі палівальныя машыны, а Змітрок усё стаяў на балконе. І толькі калі гадзіннік прабіў чатыры, ён паправіў на плячах пінжак і вярнуўся ў пакой.

«Калі б былі папяросы...» — падумаў хлопец, не ведаючы нават смаку гэтых папярос.

Павесіў пінжак у шафу, лёг у пасцель. Успомніў Рамана, яго выгляд і падумаў, што кій для такога гультая, як Раман, бадай, самае лепшае лякарства. Ён жа «ехаў» з класа ў клас на адных троечках, як і Іна... Іна... Смешна цяпер Змітраку, што ён тры гады жыў марамі аб ёй, вучыўся лепш за ўсіх толькі дзеля яе, а яна аказалася для яго бутафорыяй...

«Галя — вось хто сапраўдны чалавек і... друг. Яна не «строіць» вочкі, а глядзіць на цябе шчыра...»

Будзільнік зазваніў, як звычайна, у сем гадзін, а Змітраку здалося, што ён толькі-толькі заснуў. Устаў і нерашуча ўзяўся за вопратку. Потым лёг зноў. Яму захацелася паляжаць яшчэ хвіліначку. Пачуў, як апраналася Ганя.

Вось яна падышла да яго ложка:

— Уставай, Дзіма...

— Га?.. Што? — салодка пацягваючыся, быццам ён толькі прачнуўся, спытаў Змітрок.

— Час ужо на працу.

— Добра, ведаю. Лажыся...

— Спознішся ж! — незадаволена адказала сястра.

Змітрок рашуча падняўся з ложка і пачаў апранацца, каб ісці на працу.

Але чым бліжэй падыходзіў ён да заводскіх варот, тым рашучасць станавілася меншай і слабейшай. Навошта ён сказаў Галі, што не прыйдзе сёння на завод! Калі б каму іншаму — дарма, а вось як пасмяецца з яго Галя...

Каля прахадной было ажыўлена. Заходзілі і выходзілі грузавікі, ішлі на працу і з працы людзі. Змітрок спыніўся, потым падышоў да латка, дзе прадаваліся папяросы. Пакапаўшыся ў кішэні, дастаў дзесяць рублёў.

— Дайце пачак папярос,— сказаў ён, працягваючы грошы.

— Якія жадаеце? — спытаў прадавец.

— Любыя,— махнуў рукою Асташонак, задуменна пазіраючы на прахадную.

Прадавец паціснуў плячамі і недаверліва прыжмурыўся на яго. Потым узяў самыя дарагія папяросы, сказаў:

— Калі ласка.

Змітрок, нават не зірнуўшы на пачак, моўчкі паклаў яго ў кішэню і пайшоў.

— Малады чалавек! — паклікаў яго прадавец.— Вы ж хоць рэшту вазьміце.

Асташонак вярнуўся, узяў грошы і, не палічыўшы іх, паклаў у кішэню. Прадавец падазрона паглядзеў яму ўслед.

— Ці закаханы, ці вар’ят, ці з грамадскага кантролю! — з выглядам знаўцы, сказаў ён новаму пакупніку.

Стаўшы з боку ад прахадной, Змітрок закурыў. З непрывычкі адразу ж закружылася галава, занудзіла. Зацягнуўся. Ад кашлю на вочы набеглі слёзы.

— Вось, значыць, дзе вы! — пачуў ён знаёмы дзявочы голас і падумаў, што здалося. Павярнуўся — аж не, не здань, а жывая, вясёлая дзяўчына стаяла каля яго і шчасліва ўсміхалася. Усюды яго знойдзе гэтая Ждан! Інстынктыўна схаваў папяросу і, як вучань, прамовіў:

— Добры дзень...

— Добры дзень! А я, ведаеш, толькі сёння задумалася над тваімі ўчарашнімі словамі і занепакоілася. Няўжо ты мог гэткае зрабіць: не пайсці па завод, падвесці Івана, калектыў?

Змітраку стала шкада яе — не хапала яшчэ, каб дзяўчына турбавалася з-за яго неразумных паводзін і слоў! Але верны свайму бунтарскаму характару, абыякава адказаў:

— Мне няма каго падводзіць...

— Няпраўда! У цябе ўжо ёсць мы, і ты павінен паважаць нас, давяраць нам...

Як лёгка Ждан перайшла на «ты»! Нават Змітрок не заўважыў гэтага спярша, а потым і сам адказаў:

— Ты лічыш, што я ўжо сярод вас «свой чалавек»?

— Завод прызнае чалавека «сваім» толькі тады, калі ён, той чалавек, не згінаецца ад першых няўдач, а становіцца яшчэ больш напорыстым.

Змітрок пачырванеў, бо Галя выказала і яго думкі.

— Ды я не працы баюся,— пачаў згладжваць ён рэзкасць тону, але Ждан перапыніла яго.

— Калі ў цябе няма сілы волі, каб прымусіць сябе дайсці як мага хутчэй да мэты, дык падумаў бы хоць аб дзецях...

Асташонак рэзка ўзняў галаву:

— А-аа, дык гэта ты за мной шпіёніш?

— Зноў няпраўда! Я трапіла ў вашу кватэру выпадкова. Алік ледзь не папаў пад машыну, ну і прыйшлося перапалоханага яго аднесці дамоў...

Змітрок аб гэтым не ведаў. Відаць, Ганя не хацела нагаварваць на брата.

— Вось што... Дзякую... Значыць, у мяне няма сілы? — з пагардлівай усмешкай спытаў хлопец. Вядома, крыўдна было яму слухаць такое ад дзяўчыны, якая нават крыху падабаецца яму сваім напорыстым характарам і прастатой.

— Мы лічылі цябе сапраўдным мужчынам, а ты... — з лагоднымі ноткамі ў голасе, папракнула яго Ждан.— Звязаўся з нейкай мамчынай дачушкай і глядзіш на свет яе вачамі! Скажыце, калі ласка,— развяла яна рукі,— не збыліся надзеі, загінулі мары...

Змітрок панурыўся. Ён ведаў, што пра Іну ёй расказаў Іван. Але не тое, што дзяўчына ведае аб яго інтымных справах з Інай, непакоіла яго. Ён адчуў у душы нейкую рэўнасць да Азарчука, які знаходзіць час гаварыць з Галяй пра ўсё, нават пра такія справы, якія датычаць толькі яго, Змітрака...

— Ах, табе і гэта вядома? — здзіўлена прамовіў ён.— Што ж, у такім выпадку мне нічога не застаецца, як прасіць ва ўсіх вас прабачэння за свае памылкі маладосці...

Асташонак зняў перад Галяй шапку і шпарка прайшоў у прахадную, сціскаючы ў руцэ недакураную папяросу.

Галя ледзь спраўлялася за ім. «Не ўмею я з такімі працаваць... Мусіць, нагаварыла шмат лішняга, як дзяўчынка,— незадаволеная размовай, падумала яна і тут жа супакоіла сябе: — Але ж працаваць іменна з такімі карысна і цікава. Сам навучышся многаму...»

 

14

Адпачыўшы і набраўшыся сіл, Анатоль упершыню ў сваім жыцці выйшаў да мора. Яно адчувалася здалёк. Надвор’е стаяла ціхае, але мора глуха шумела. Кручанюку прыгадалася вялізная марская ракавіна, што з незапамятных часоў стаяла ў іх каля люстэрка на этажэрцы. Не раз ён, будучы яшчэ малым хлапчуком, браў тую ракавіну, прыкладаў яе да вуха і такім чынам «слухаў далёкае мора». Цяпер яно, магутнае, неабдымнае, каціла свае неўгамонныя хвалі да самых яго ног...

Вось і бераг, пакаты, пустэльны. Як прыгожа глядзець на бяскрайнюю сінь, па шкляныя глыбы хваль, якія адна за адною набягалі на светлы пясок, усеяны рознакаляровымі ракавінкамі, выкінутымі на бераг. Велічнае мора! Яно, здавалася, было нібы жывое, уздыхала магутнымі сваімі грудзьмі, і кожны ўздых узносіў высока новыя хвалі і каціў, каціў іх бясконца на пустэльны бераг...

Як тут хораша!

Кручанюк распрануўся. Расставіўшы рукі, ён бег насустрач хвалям,— і вось ужо ледзь віднеецца яго галава на іх грэбнях, гойдаецца, як паплавок...

Іна, у акулярах ад сонца і ружовым купальніку, хадзіла па беразе і збірала ракавінкі. «Сёння ў дзве гадзіны ля газетнага кіёска, што ў канцы вуліцы, будзе Артур... Прыйдзе на спатканне са мною, хоць усё ведае. Што мне яму сказаць, як апраўдацца?» — думала яна.

Анатоль, па калені ў вадзе, падбег да яе.

— Як здорава, Іна! Лезь сюды...

— Ты шчаслівы са мною? — спытала яна, пазіраючы на мужа чорнымі шкельцамі акуляраў.

— Яшчэ як! Гэты месяц пакіне ва ўспамінах след на ўсё жыццё!

Каб ведаў Анатоль, што гэта так і будзе, што след той цяжкай ранай ляжа на сэрца, то ніколі б ён не згадзіўся ехаць да мора і любавацца яго прыгажосцю.

Кручанюк падхапіў Іну на рукі і панёс насустрач хвалі, што імчалася да берага. Іна смяялася, імкнучыся вырвацца з рук. І Анатоль, і хваля пацалавалі Іну разам. Яна фыркнула, сербанула гаркаватай вады і, вырваўшыся, пабегла на бераг. Гэта быў жарт, усяго толькі жарт. Але Анатоль зразумеў, што іменна жарт памог Іне ўцячы і ад яго, і ад пацалункаў. Яна вырвалася не жартам, а моцна штурхнула рукамі ў грудзі. Смеючыся, але з нянавісцю ў вачах, якія — Іна гэта не ведала — заўсёды былі шчырыя.

Ён стаяў у вадзе і ўжо не адчуваў вады, не адчуваў таго прыліву пачуццяў, што хвіліну назад далі яму чароўная прырода і каханне. І мора, і сонца, і свежы ласкавы вецярок паступова трацілі сваю прыгажосць і чароўную сілу над ім.

«Жыць усё ж сумна... — міжволі думаў Анатоль, нарэшце вылазячы на бераг.— Ганяешся за сваім шчасцем, як за казачнай жар-птушкай. А яно засвеціць недзе на небасхіле і знікне. І няма яго. Ці па той дарозе я іду за сваім шчасцем? Ці не збіўся дзе? І якога шчасця прагне душа? Славы? Сваёй славы... Кахання? Толькі ўзаемнага... Дабрабыту? Здабытага сваімі рукамі... У мяне ж усё не тое, ненатуральнае нейкае, занадта лёгкае... Чужым жыццём жыву, вось і сумна...»

— Ідзём дадому... Так можна згарэць! — зірнуўшы на гадзіннік, сказала Іна. Яе зусім не цікавіла змена ў настроі мужа.

Анатоль моўчкі падпарадкаваўся ёй. У душы пакрыўджаны, знешне спакойны, ён упершыню задумаўся над сваім становішчам чалавека і грамадзяніна. Цяпер ён, як ніколі дагэтуль, яскрава ўбачыў сябе і сваю ролю «галавы сям’і», якую ён згубіў яшчэ тады, на лодцы, калі Іна лёгкай птушкай перамахнула ад Змітрака да яго, а ён змоўчаў, горды сваёй перамогай, што здабыў яе сабе на ўсё жыццё...

«Божа — на ўсё жыццё! — думаў Анатоль, употай пазіраючы на Іну, твар якой быў раўнадушна-спакойны, бесклапотны, замкнёны.— Усё жыццё з сумненнем... з няўпэўненасцю... Гэта было б занадта жорстка для мяне нават за подласць, якую я зрабіў у дачыненні да таварыша...»

— Купіў бы хоць газету калі! Можа, ужо ўслед за касмічным караблём паслалі новы — на Месяц, з людзьмі, а мы і не ведаем нават! — зусім сур’ёзна сказала Іна, калі яны выйшлі на дарогу, што вяла ў горад.

— А дзе іх тут купіш... У горад ехаць, ці што? — адказаў ён непрыязна.

Іна нахмурыла лоб, нібы нешта ўспамінаючы, і няўпэўнена зазначыла:

— Мне здаецца, на Усходняй недзе быў кіёск.

Усходняя вуліца цягнулася на цэлы дзесятак кіламетраў між пышных асабнякоў накшталт Зосінага. Тут, апрача газетных кіёскаў, сустракаліся і «закусачныя», каля якіх заўсёды было людна.

Яны ішлі крыху воддаль адно ад аднаго, як чужыя.

Яшчэ здалёк Іна пазнала Артура, яе першае каханне, яе мару і цяперашнюю цьмяную надзею. Ён стаяў побач з газетным кіёскам, у светла-шэрым касцюме, з папяросай у зубах, франт-франтам. Усё такі ж кучаравы, высокі, статны. Толькі валасы пабялелі ад сонца яшчэ больш.

— Іна! — заўважыў яе Артур і кінуўся насустрач.— Вось нечаканасць! Ты тут?..

«Вар’ят, што ён робіць!» — падумала з жахам Іна і, стаўшы бліжэй да Анатоля, зрабіла абыякавы выраз твару.

— Як бачыце, тут,— усміхнулася яна.

— Ну тады — добры дзень, таварыш Коўшык...

— Архаізм... Маё прозвішча — Кручанюк. Добры дзень... Знаёмціся — мой муж,— і кіўнула галавою на Анатоля.

Мужчыны паціснулі адзін аднаму рукі, сустрэўшыся дапытлівымі позіркамі.

— Артур.

— Анатоль...

— Гэта мой знаёмы яшчэ з сёмага класа,— растлумачыла Іна.— Я з ім два гады сядзела разам... У вас, здаецца, разрад? Вас тады прынялі ў фізкультурны па разраду?

— Але,— сказаў Артур.— Што ж... Віншую вас, Іна, так сказаць, з законным... Прыемна так!

Артур зноў паціснуў руку Іне, а Анатоль у гэты час купляў газеты. За яго спіной, адчуваў ён, адбылася сустрэча не толькі старых знаёмых. Як ні трымалася Іна, а вочы яе выдалі. Адзінае, што заўсёды выдавала яе, гэта — вочы. Анатоль навучыўся іх разумець. У вачах увесь адбітак яе душэўнага стану, як у люстры: і радасць, і гора, і страх, і жаданне, і нянавісць... Адны яны не ўмелі лгаць.

Цяпер яны гарэлі радасцю, жаданнем. Гарэлі, як некалі, вядома, гарэлі перад Змітраком, перад ім, Анатолем, і хто ведае яшчэ перад кім...

— Вы не жадаеце разам з намі папалуднаваць? — раптам павярнуўшыся, прапанаваў Анатоль.— У мяне тут ніводнага знаёмага, з кім бы можна было хоць выпіць чарку.

Ад нечаканага запрашэння Артур разгубіўся. Дастаў з кішэні прыгожую касцяную расчоску з выразной ручкай у выглядзе рыбінай галавы і, прычасаўшы валасы, сказаў:

— Ахвотна б... Але — справы. Я ж не адпачываю, а, так сказаць, на службе.

— Іна, папрасі ты,— сур’ёзна сказаў Анатоль.— Жанчын лепш слухаюцца.

— Ну, не ўпірайцеся, таварыш Блазнюк,— папрасіла Іна, не ведаючы сама — настойліва прасіць Артура, радавацца гэтаму выпадку ці не. Артур спачатку для выгляду адмаўляўся, але хутка даў згоду «забегчы на гадзінку-другую».

І вось яны ўтраіх падышлі да дома з мезанінам. Таўстуха Зося даўно чакала іх: на століку, які быў вынесен на веранду, ужо стаялі талерачкі і чаркі.

— Ой, каго гэта я зараз пачастую старым кахецінскім! — пахвалілася яна.— Прагаладаліся нябось ля мора? Ой, яно наганяе апетыт!

Іна зірнула на стол, на гаспадыню і змянілася ў твары: стол быў накрыты на чатырох! Зося ціха ойкнула, кашлянула і хуценька, мітусліва пачала «наводзіць парадак» на стале, пасля чаго адна чарка і талерачка зніклі. Хоць старая дзейнічала спрытна, як той фокуснік, аднак усё гэта не мінула Анатолевай увагі. Усё ж ён не падаў выгляду, а наадварот — пацягнуў Артура паказваць сад.

— Што вы нарабілі! — адразу накінулася на гаспадыню Іна.— Падрыхтаваць стол на чатырох, а сустрэчу зрабіць выпадковую. Артур мог і не прыйсці...

— Ого! Мала ты яго яшчэ ведаеш, даражэнькая. Мне ён сказаў, што пры любых абставінах будзе тут!

— Дык нельга ж выдаваць гэта.

— Здаецца, усё абышлося як трэба,— вінавата апраўдалася гаспадыня.

— А-а, толькі такі асёл, як мой Толя, не мог здагадацца, што ўся гэтая сустрэча падрыхтавана загадзя!

— Ну, вінавата, вінавата, прабач мне, старой,— усё апраўдвалася Зося, прыціскаючы рукі да грудзей.— Памяць у мяне стала нікуды не вартая.

Іна зірнула на яе грозна.

— Не прагаварыцеся ж толькі, што мы з Артурам былі ў вас летась... А вы — мая родная цётка па маці...

— Лепш будзе, калі не родная, а якая-небудзь трэцяя радня, га? — спытала Зося, хітравата жмурачы вочы.— Ой, памяць стала, бадай яе качкі...

Іна заўважыла гэтую хітрасць і паклала на стол пяцьдзесят рублёў.

— Цяпер, я думаю, не прагаворыцеся?

Зося лоўка, як драпежнік, скрабянула рукою па стале,— грошы зніклі.

— Навучы яшчэ! Я з Артурам не знаёма... Вось як трэба! Ну, а ты? — усміхнулася яна.— Сэрцайка ў парадку?

— Ой, цётачка! — Іна закрыла вочы і дадала: — Не бачыла яго, думала прайшло, забылася ўсё, а цяпер... Страціла я сваё шчасце навекі.

— Яшчэ, бог дасць, знойдзеш... у мяне тут. Дурніца!

Неўзабаве вярнуліся хлопцы. Яны ўжо добра пасябравалі, жартавалі, размаўлялі на «ты».

— Вы гатовы? А то мы хутка з голаду ногі выцягнем! — паглядаючы на стол, сказаў Анатоль. Іна пляснула далонямі і зрабіла кіслы выраз твару.

— Толя! Што за слоўцы! Хамства...

— Хамства — абражаць каго-небудзь, ашукваць і крывіць душою, а ўсё, што выказана шчыра, ад душы — добрая прастата! Ці не так, Артур? — ляпнуў Анатоль па спіне Артура.— Давай лепш сядзем за стол...

Зося прынесла назад чарку і сподачак, паставіла ўсё гэта насупраць Артура і прамовіла:

— Даруйце, на вас не разлічвалі... Э-э, выбачайце, як вас завуць? — і заружавелася ад гэтай хлусні, нібы дзяўчына.

— Проста — Ар-тур,— працягнуў ён Зосі руку.

І ў гэты момант рыпнула сіняя фортка. На дарожцы паказалася яшчэ адна пара: чарнявы невысокі хлопец у флоцкай форме, з гітарай на плячы, і даволі прывабная на выгляд, тоўсценькая і бледнатварая бландзінка гадоў пад трыццаць. Белыя, «модна» падстрыжаныя валасы лямцам абляпілі яе невялікую галаву з сімпатычным кірпатым носікам. Васільковая сукенка, пашытая з густам, падкрэслівала даволі стройную постаць.

— Вітанне райскаму кутку! — здалёк замахаў гітараю хлопец.— Каюта — люкс!.. Тут, Элен, не грэх і прышвартавацца!

Зося спярша разгубілася, а потым, бачачы, што гасцей прымаць усё ж прыйдзецца, распасцёрла рукі і падалася насустрач.

— Ой, каго гэта я зноў бачу на сваім парозе! — як звычайна, з найгранай радасцю і захапленнем, прамовіла яна і абняла жанчыну. Хлопцу падала для пацалунка толькі руку.— Праходзьце, тут усе, як кажуць, свае. Толькі сабраліся перакусіць...

Яна зноў пачала бегаць то ў хату, то на веранду. Між гэтай справай сумела ўсіх перазнаёміць. Мігам з’явіліся дзве новыя чаркі, два сподачкі і два плеценыя лёгкія крэслы.

Хлопца ў марской форме звалі Віктарам. Ён адразу стаў сваім чалавекам і залпам выпаліў некалькі «самых апошніх» анекдотаў пра тое, як маладая жонка ашуквае свайго мужа, і як ашуканы муж плаціць грошы любоўніку жонкі за «адрамантаваны тэлевізар» і яшчэ на падобныя тэмы.

Лена, бландзінка, саромелася такіх анекдотаў і ўсё апускала свае вадзяністыя, нібы шкляныя, вочы.

— Ах, навошта гэткія! — гаварыла яна тоненькім галаском Віктару, калі той пачынаў новы анекдот. Відаць было па ўсім, што яго «рэпертуар» ёй даўно вядомы.

Нарэшце стол быў накрыты, усе размясціліся, і гаворка сціхла.

Зося наліла чаркі і сказала:

— Вып’ем, шаноўныя, за шчасце нашых маладажонаў! — і, спахмурнеўшы, дадала: — Калісьці і мы з Пятром вось так за сваё шчасце пілі. Забрала вайна...

Яна змахнула слязінку, села і моўчкі выпіла сваю чарку. Анатоль падумаў: «Пачала за здароўе, а скончыла за ўпакой... Не падабаецца мне гэты тост». Аднак віно яму спадабалася. Нават не закусіўшы, ён прапанаваў:

— А цяпер вып’ем за добрую памяць вашага Пятра. Каб ніколі больш войны нікога не забіралі!

Гэты тост быў прыняты аднагалосна. Калі скончылася добрае кахецінскае, невядома адкуль з’явілася на стале празрыстая «сталічная», якую ўзяўся разліваць марак, загадзя смакуючы любыя тосты. Потым яму прыйшла ідэя крыкнуць «горка». Усе падхапілі гэтае слова. Анатоль, смеючыся, прыгарнуў Іну да сябе і сілком пацалаваў яе сціснутыя вусны.

Гэта была першая кропля атруты, якую ўліла Іна яму ў душу. Анатоль сцяў зубы, але стрымаўся. Павярнуўся тварам да бландзінкі, што сядзела побач з ім, і, быццам нічога не здарылася, ціха, па-змоўніцку, спытаў:

— Як адпачываеце? Не сумна тут?..

— Ой, што вы, наадварот!

— Мужу-то, мусіць, сумна там... дома...

Кручанюк дапытліва зірнуў суседцы ў вочы, і яны здаліся без ваганняў, хуценька зірнулі на падлогу.

Паступова Анатоль пачаў здагадвацца, што кампанія гэтая не выпадкова збіраецца тут, што, наогул, асабняк Зосі нездарма прыцягвае ўвагу легкадумных «зязюль» і порсткіх марачкоў. Ён выпіў сваю чарку і ўстаў з-за стала, каб пакурыць, а сам зводдаль стаў назіраць за жонкай. Так, яна была шчаслівая ў гэтай кампаніі! Артур вельмі асцярожны, але часам прарвецца і ў яго слоўца, па якім можна здагадацца, што не першы раз ён тут...

«Ці не з гэтага кола выкацілася і Іна?» — з жахам падумаў Анатоль, адчуваючы, як разрасталася ў грудзях тая кропля атруты. Энергічна падышоўшы да стала, ён крута спытаў у Артура:

— Ты заўсёды адзін?

Той разгубіўся ад такога нечаканага пытання.

— Як сказаць... Я люблю кампанію,— ухіліўся ад прамога адказу Артур, пазіраючы кудысьці міма Анатоля.

Зося заўважыла, што гэтая размова тут зусім лішняя, і хуценька наліла чаркі. Іна падміргнула ёй і кіўнула ў знак згоды галавою. «Правільна дзейнічаеш, старая!» — быццам гаварылі яе іскрыстыя вочы.

Усе чокнуліся і пачалі піць. «Не, дудкі вы мяне споіце, шаноўныя змоўшчыцы!» — падумаў Анатоль і непрыкметна выліў сваю чарку праз плячо на густую сетку дзікага вінаграду, што віўся навокал.

— Э-эх, здорава! — крэкнуў ён і доўга нюхаў кавалачак хлеба, пасля паклаў на стол і звесіў галаву.— Пы-ыыя-на-я ж я-а, пы-ы-яна-ая ж...— зацягнуў ён хрыплым голасам.

Іна, нічога не падазраючы, шапнула Артуру:

— Мне сорамна за яго... Не зважай.

— Знайшла-такі... Проста не магу змірыцца з думкай, што гэты баран...— Артур бліжэй пасунуўся да Іны і шапнуў ёй нешта такое, ад чаго чырвань заліла твар. Потым моцна сціснуў пад сталом яе трапяткую, гарачую руку. Гэта заўважыла гаспадыня і за плячамі Анатоля паказала яму язык.

— А каб дома, як кажуць, не журыліся,— нальём яшчэ па адной! — гучна сказала яна.

Анатоль, за якім ужо амаль ніхто не сачыў, і гэтую чарку выліў за спіну. Тым часам Віктар настроіў гітару і прыемным барытонам пачаў спяваць:

 

Мора шуміць на прасторы,

Б’ецца аб бераг круты.

Ззяе у небе між зораў

Месяца рог залаты...

 

З захапленнем пазіраючы на яго закаханымі вачамі, Лена паспрабавала спяваць у лад. Гэта ў яе атрымалася нядрэнна.

— А вы ўжо добра зладзілі свае галасы! — раптам кінуў Анатоль, узняўшы галаву.— Напэўна, з мужам у вас так гладка не атрымлівалася, га? Ха-ха-ха! — засмяяўся ён.— Уяўляю... Уяўляю цудоўны, залаты рог па саліднай лысіне вашага шаноўнага...

Усе сумеліся. Бландзінка паружавела.

Але гэта не перашкодзіла ёй какетліва пагразіць Анатолю маленькім кулаком.

Віктар перастаў спяваць і ўстаў.

— Ну, таварышы, гэта ўжо аўрал. Моцны крэн, як гаворыцца, налева... Цётка Зося!

— А што? — нібы нічога не разумеючы, спытала тая.

— У вас тут сёння нейкі непарадак. Шторм дванаццаць балаў! — запратэставаў марак.— Грошы, здаецца, плацім адноль...

— А-а-а, нічога, калі п’яны чалавек і пажартуе! — хуценька перапыніла яго Зося і звярнулася да Анатоля: — Пажартаваў, і ўсё, ці не праўда?

— Штар-рмяга! — раптам раўнуў Анатоль, ненатуральна скасіўшы на гаспадыню вочы.— Наш марачок тане... Як кажуць, прабоіна ў днішчы! А-ах-ха-ха... Прабоіна! — грукнуў ён кулаком па стале. Зося спалохана адышлася.

— Бес-куль-тур’е! — раздзельна вымавіў Віктар, адвярнуўшыся ад Анатоля.

Іна не чакала такога павароту спраў.

— Ну, Толя! — заламаўшы рукі, узмалілася яна.— Ты зусім ап’янеў і гаворыш глупствы...

Марачок схапіў сваю гітару.

— Можаце не ўгаворваць яго, мадам! Будзьце здаровы, цётка Зося, я аддаю канцы. Мне ў вас было вельмі прыемна, але ў райскім кутку завёўся кракадзіл!..

Гаспадыня нездаволена паціснула плячамі: яна сама не ведала, як выблытацца з такога становішча, якое, відаць, падабалася толькі Артуру. Ён сядзеў, разваліўшыся ў крэсле, і ўсміхаўся. Іна і Лена перашэптваліся.

— Аддавай канцы, палундра! — Анатоль наліў чарку і цяпер выпіў.— Хочаш, я пакажу зараз «бой шклянак» на носе? Толькі не на карабельным...

Госці хутка пакінулі веранду.

Калі Анатоль астаўся за сталом адзін, ён спахапіўся і падумаў: «Ці не перагнуў я з гэтай роллю п’янага? Цяпер ужо ўсё роўна трэба працягваць у тым жа стане...»

 

Эх, свеціць у небе між зораў!

Эх, месяца рог залаты! —

 

зацягнуў ён на матыў «Раскинулось море широко» і пайшоў услед за гасцямі. Прыжмурыўшы вочы, Анатоль заўважыў, як Іна з Артурам схаваліся ў ценю густога вінаградніку.

— Даруй, Артур, што так выйшла...— даволі гучна гаварыла на развітанне Іна. Анатоль чуў яе словы. Ён толькі не бачыў, як яна перадала Артуру складзеную паперку, а той прыціснуў да грудзей — калісьці сваю каханку, цяпер ужо чужую жонку.

— Да сустрэчы, Іна!

 

15

Змітрок з задавальненнем адзначыў, што заўсёды стрыманы і фарсісты Іван усё часцей і часцей пачаў давяраць яму прасцейшыя аперацыі па апрацоўцы дэталей, нават адыходзіўся куды-небудзь надоўга. Іван жартаваў, расказваў розныя гісторыі — адным словам, трымаў сябе, як роўны з роўным.

Ды і Галя Ждан, нібы хто яе падмяніў, падыходзіла цяпер з добрай усмешкай, не крыўдзілася нават і тады, калі Змітрок забываўся прывітацца ці па-ранейшаму размаўляў з дзяўчынай рэзка.

«Мусіць, і мне трэба абыходзіцца з імі інакш... Галя ж да нас ходзіць, відаць, не толькі дзеля дзяцей...» — падумаў Змітрок. Ён усё часцей і часцей пачынаў заўважаць, што варта яму лагодна зірнуць на Галю, як яна ружавее і сарамліва апускае свае карыя вочы... Ад гэтага ў яго балюча сціскаецца сэрца, і новыя думкі апаноўваюць хлопца: «Няўжо? Няўжо гэта можа быць? Такая дзяўчына! Я не варты таго, каб яна пакахала... А можа, варты? Трэба быць вартым...»

Аднойчы ў час абедзеннага перапынку Змітрок затрымаў Галю каля станка.

— Прывітанне, «добрая цёця»!

Яна падышла, усміхаючыся, спытала:

— Так называе мяне Алік?

— І ўсё чакае, калі «добрая цёця» прыйдзе зноў і прынясе цукерак!

— Сёння прыйду,— паабяцала Ждан. Яе тонкія бровы нібы ўзляцелі над бяздоннымі азёрнымі вачэй, твар ажывіўся, стаў прыгажэйшы і дабрэйшы. На хвіліну апусціўшы доўгія вейкі, Галя шчыра глянула Змітраку ў вочы.— Мне заўсёды так добра ў вас, быццам дома...

— І з табой, відаць, дзецям добра, што чакаюць не дачакаюцца! — адказаў Асташонак, адчуваючы, як гулка затахкала яго сэрца.

Хвіліну Галя і Змітрок глядзелі адно на аднаго зусім не так, як дагэтуль, глядзелі, нібы ўпершыню сустрэліся. Ждан дастала з кішэні камбінезона паперку і падала яму.

— Прачытаеш, калі я схаваюся, добра? — і сама, як гарэзлівая дзяўчынка, пабегла з цэха.

Змітрок разгарнуў паперку. Гэта быў звычайны запрашальны білет, а не пісьмо, як падумалася яму.

«Паважаны таварыш,— прачытаў Змітрок,— Г. Ждан!

(Г. Ждан было закрэслена і вышэй падпісана — Зм. Асташонак.) Гарком камсамола запрашае вас прыняць удзел у вечары дружбы паміж студэнтамі і камсамольцамі вытворчасці, які адбудзецца ў заводскім парку». Унізе было дапісана: «Прыйдзеш абавязкова! Галя».

І ён пайшоў...

Усюды ў парку было ўрачыста. На «зялёнай» эстрадзе іграў духавы аркестр, юнакі і дзяўчаты парамі і групамі праходзілі па цэнтральнай алеі, гучалі песні, стаяў вясёлы гоман, раздаваўся смех...

У бацькавым святочным касцюме, з чырвонай ружай у руцэ, Змітрок паволі шпацыраваў у зацішку, дзе дарожка пятляла між густых кустоў. Ён ужо не адчуваў сябе адзінокім, не сумаваў, як было нядаўна, у пачатку лета, якое стала пераломным для Змітрака.

«Калісьці я хадзіў тут з Інай»,— падумаў хлопец, ясна разумеючы, што ў асобе Іны ён, аслеплены каханнем, бачыў уяўную асобу. Сапраўдная, жывая Іна была зусім не падобна на тую, якую ён тры гады кахаў! Дзіўна — як гэта можна памыляцца тры гады... А можа, Змітрок і бачыў яе недахопы, ды не звяртаў на гэта ніякай увагі? Усё ж вельмі марудна рассейваецца ўяўленне, цяжка забываецца першае пачуццё кахання, хоць і ашуканага...

Звярнуўшы на алею, дзе былі вывешаны партрэты перадавікоў завода, Асташонак пайшоў яшчэ цішэй. Ён зусім не ведаў, што на адной з лавачак парку сядзелі Галя і Іван. Яны ўважліва сачылі за галоўным уваходам, а потым разышліся шукаць хлопца...

Змітрок усё тупаў ля стэндаў з партрэтамі, пакуль не заўважыў на адным з іх Азарчука. Падышоў, прыгледзеўся да знаёмых рыс яго твару. Пад партрэтам было прозвішча, а ніжэй прыпіска: «Прыйшоў на завод з атэстатам сталасці».

— А цяпер ён сам вучня мае! — пачуў Змітрок нечы голас і азірнуўся. Ля яго стаяў стары чалавек у акулярах, той самы стары, што некалі ля дошкі з аб’явамі аб прыёме ў навучальныя ўстановы скардзіўся на свайго ўнука, які ні за што на свеце не хацеў быць настаўнікам. Асташонак пазнаў яго, Іванавага дзеда.

— А вы адкуль ведаеце, што ён мае вучня? — спытаў ён, каб завязаць гутарку..

— Як гэта — адкуль? Ён — мой унук, дарагі хлопча, вось адкуль! — пахваліўся стары. Добрыя і гордыя вочы старога ўсміхаліся.

— Ах, унук,— нібы ў роздуме адказаў Асташонак.— Гэтыя ўнукі заўсёды няўрымслівы народ. Дзед, скажам, хоча, каб ён быў настаўнікам, а ён абавязкова, каб насаліць дзеду, нойдзе на завод...

Стары насцярожыўся, зняў акуляры і, адкінуўшы галаву, уважліва паглядзеў на хлопца. Абышоў яго навокал, зноў спыніўся, намагаючыся нешта ўспомніць.

— Пачакай, пачакай, голубе, дзе гэта я цябе мог бачыць? Такі, ведаеш, знаёмы твар... А-а! Успомніў! — нарэшце пазнаў ён і засмяяўся.

— Ля дошкі з аб’явамі...

— І яшчэ з табой размаўляў!

— Ага.

— Тады мне ясна, на якіх унукаў ты намякаеш... Прывычка, бадай яе, раіцца з людзьмі, як бачыш, захавалася і ў старога. Нічога не зробіш! Аднак скажу, дружа, што лепш быць добрым рабочым, чымся дрэнным настаўнікам.

Змітрок падумаў тое ж самае, але для парадку спытаў:

— Адкуль вам вядома, што ён быў бы дрэнным настаўнікам? Магчыма, наадварот...

Стары паглядзеў наўкол і, упэўніўшыся, што ніхто яго не падслухоўвае, шапнуў:

— Ад яго аднойчы нават збег вучань...

— Не можа быць! — нібы здзівіўся Змітрок.— Хіба што яго вучань быў дрэнным хлопцам?

— Што ты гаворыш! Ён цудоўны хлопец, сам Іван казаў,— і цішэй: — Толькі, даражэнькі, нікому аб гэтым...

— Ні-ні! — з усмешкай запэўніў Змітрок.

Раптам стары зірнуў на алею і, спяшаючыся, загаварыў:

— Прабач, малады чалавек, трэба паціснуць руку вунь таму грамадзяніну. Гэта ён вывеў у людзі майго ўнука! — і хуценька пайшоў, апіраючыся на кіёк.

Асташонак паглядзеў услед. Там, апрануты па-святочнаму, ішоў з жонкай дзядзька Антось. «Гэты чалавек і мяне ў людзі вывеў, дарагі дзед Азарчук!» — падумаў Змітрок і адчуў на сваім плячы руку. Але не павярнуўся, а пачакаў, пакуль той, хто паклаў руку, не загаварыў.

— Як ты думаеш, хто гэты стары з жонкай? — пачуў ён голас, але не той, якога чакаў. Вельмі знаёмы голас! Азірнуўся і здзівіўся.

— Гі-ра?

— Бачыш жа... А што цябе так здзівіла? Што яшчэ ходзіш па грэшнай зямлі? Дзяцей тваіх пашкадавалі, балда...

Змітрок паглядзеў на багаты касцюм Ігара, на сіні ад частага ўжывання спіртнога твар і адказаў:

— Здорава, відаць, жывеш! Франт! Пашкадавалі... А ты не думаў, хто б з нас раней пакінуў грэшную зямлю! І наогул... Дні твае злічаны.

— Капнеш? — закрыўшы рукой ад людзей твар, з ухмылкай спытаў былы Змітракоў аднакласнік.

— Не абавязкова! Хаваешся ад людзей... Яно не без прычыны — у цябе ж не твар, а шыльда, дзе ўсё напісана.

— Змоўкні! — павысіў голас Ігар.— Перашкодзіш сёння, дык мы рашэнне можам адмяніць, не паглядзім і на дзяцей...

— Не вельмі напалохаў. Я не Раман, выкуп не атрымаеш...

— Малайчына, пацук! — усклікнуў «атаман Гіра».— Яшчэ за доўгі язык заплаціць!

— Ён паехаў у Салігорск, не дагоніш! — усміхнуўся Змітрок.— З яго яшчэ будзе чалавек.

Не даслухаўшы Змітрака, Ігар раптам пашыбаваў той самай сцяжынкай, адкуль нядаўна выйшаў Асташонак. «За кім гэта ён улёг?» — падумаў хлопец, пільна ўзіраючыся на дарожку. Па ёй даволі шпарка трусіла дзяўчына. Змітрок глянуў на яе дужыя ногі з прыгожымі ікрамі, на паходку і схамянуўся. Ён пазнаў Галю!

— Стой, Ігар!..

Змітрок дагнаў яго і схапіў за руку.

— Пусці! — гыркнуў той, вырваўшыся.

— Чаго за ёю бяжыш?

— Не твая справа!

— Гавары...— задыхаючыся ад хвалявання, вымавіў Асташонак. Відаць, выраз твару яго прымусіў Ігара адказаць.

— Ну... у нас з ёю старыя рахункі. Нагаварыла зашмат... Лепш адыдзі, кажу!

Але Змітрок не адставаў. У канцы сцяжынкі, дзе зусім нікога не было, Ігар дагнаў Галю і заступіў ёй дарогу.

— Маё вам, паненка! Бяры плату за данос...

Змітрок убачыў, як у Ігаравай руцэ бліснуў нож, і адразу, нібы яго хто штурхнуў, скочыў наперад і магутным ударам зваліў Ігара з ног. Пасля падняў і ўдарыў яшчэ.

Той выпусціў нож і, курчачыся ад болю, застагнаў.

Галя падхапіла нож. Закрычала хрыплым ад перапалоху голасам:

— Мі-лі-цыя-аа!

Адусюль пачалі збягацца людзі. Прыбег і Іван.

— Вось, аказваецца, дзе вы! — узрадаваўся ён, але глянуў на акрываўленага Ігара і спахмурнеў: — Змітрок? Гэта ты яго так?..

— Шкада, мала даў! — адказаў Асташонак, папраўляючы на шыі гальштук.

Людзі, што прыбеглі на здарэнне, далі дарогу двум міліцыянерам. Тыя паднялі Ігара, зірнулі на вялікі сіняк пад вокам, разбітую губу і паківалі галовамі. Адзін з іх сказаў:

— Фізіяномія пашкоджана, але яшчэ пазнаць можна... Вось і папаўся Гіра, «дачны кліент». Цябе даўно шукаем, галубок! Сведкі не патрэбны,— звярнуўся ён да Галі і Змітрака.— А халодную зброю возьмем...

Ігара павялі. Народ разышоўся.

— Дзякуй,— сказала нарэшце Галя і паціснула Асташонку руку.— Ты такі мужны... Ніколі б не паверыла!

— А помніш, гаварыла, што ў мяне няма сілы? — паспрабаваў усміхнуцца Змітрок.

— Забудзем, што было,— адказала яна.

— Калі б’еш вінаватага, аказваецца, і твой удар моцны! — напомніў яму Іван пра той выпадак, калі Асташонак атрымаў ад яго добры ўрок.

— Ад цябе навучыўся... Увесь удар укласці ў цяжар цела, ці не так?

— Ды не-е,— засмяяўся Азарчук.— Увесь цяжар цела ўкласці ў адзіны ўдар! Але Галя гаворыць праўду — мінулае не трэба ўспамінаць.

— Забудзем!..

Раптам Азарчук спыніўся і, уважліва зірнуўшы Змітраку ў вочы, сказаў:

— Ну, брат, трымайся! Сем патоў спушчу, а даб’юся...

— Чаго? — не зразумеў яго Асташонак.

— Начальнік цэха сказаў, што хутка ты будзеш здаваць экзамен... Зробіш сваю першую дэталь, сапраўдную! — радасна паведаміла Галя.

— Першую?

— Ага...

— «Другую»,— падумаў Змітрок і паглядзеў на Галю. Яна прыклала палец да вуснаў і пакруціла галавою, нібы гаворачы, што ніхто нічога не ведае.

«Не сказала... Не сказала нікому на свеце!» — зноў падумаў хлопец, і яны, бадзёрыя, вясёлыя, быццам тут, на гэтым месцы, нічога не здарылася, пакрочылі да прасторнага заводскага клуба, дзе хутка мелася пачацца свята маладосці...

 

16

Забаўскі доўга крыўдзіўся на Змітрака. Гэта ж ён прывёў хлопца па завод, і ўсе непрыемнасці трэба было перажываць яму, старому кадравіку!

— Завод можа абысціся і без яго! — не раз гаварыў стары жонцы.— А ён без завода — загіне!

Аднойчы раніцай, выйшаўшы на лесвічную клетку, стары майстар не стрываў, спыніўся ля суседавых дзвярэй паслухаць, ці збіраецца ён там на працу.

— Ды зайдзі ты! Памірыцеся...— раптам, адчыніўшы дзверы, сказала жонка. Яна, аказваецца, таксама хацела прымірэння і сачыла за мужам!

Забаўскі надзьмуўся і хацеў нешта запярэчыць, але не паспеў, бо выйшаў Змітрок. Яны прывіталіся і моўчкі пайшлі ўніз.

— Вы мне даруйце, дзядзька Антось...— пачаў Змітрок, ды той, здавалася, і не слухаў яго.

— Праца, як песня, ці не праўда? — раптам спытаў Забаўскі, падкручваючы вусы.— Яна павінна ліцца з глыбіні душы... Толькі тады ты адчуеш радасць.

— Праўду кажаце! — згадзіўся Змітрок, радуючыся, што так проста абыходзіцца з ім стары. Але тут дзядзька Антось спахмурнеў і ўжо іншым тонам заўважыў:

— Падумай добра, парайся са сваім сэрцам, Змітрок. Завод — гэта не прахадны двор!

— А я і падумаў! Вось здам экзамен, стану за станок, свой станок! Разумееце?..

— Чаму ж не.

Так проста між імі ўсталявалася згода і мір.

Калі яны развіталіся, званок абвясціў аб пачатку рабочага дня і нібы падагнаў Змітрака ў цэх. Ён ледзь спраўляўся сёння адказваць на прывітанні: вось колькі сяброў і знаёмых стала за такі кароткі час!

— Добрай раніцы! — весела крыкнуў Змітрок Івану, які ўжо стаяў ля станка. Ён трымаў адну руку на ўключальніку, а ў другой была неапрацаваная дэталь.

— Здароў! Пачнём?

— Пачнём...

Так пачалася самастойная праца Змітрака. Усю змену, пад наглядам Івана, ён замацоўваў дэталі, рабіў больш складаныя профілі, чым дагэтуль, тлумачыў кожны свой рух...

А дома, сёе-тое перакусіўшы на хаду, ён садзіўся за стол і, натхнёны музыкай, якая даносілася з суседняга пакоя (там рыхтавалася да экзаменаў Ганя), вывучаў тэхналогію рэзання металаў, паўтараў будову станка.

— Супарт, станіна, хадавы вінт...— бясконца паўтараў ён, і толькі Алік, гэты непаседлівы свавольнік, бывала парушаў працоўную атмасферу, якая панавала вечарамі ў кватэры Асташонкаў. Уцячэ з сада дадому, адчыніць паціху дзверы і, паказаўшы бяззубы рот, перадражніць брата:

— Шупарт, штаніна... Ганя! Я хачу цукерку...

У суседнім пакоі змаўкала музыка, і Ганя выносіла яму загадзя прыгатаваныя то цукерку, то кавалачак пірожнага, то булку з варэннем. Схапіўшы пачастунак, ён моцна ляпаў дзвярамі і ўжо на калідоры паўтараў звонкім галаском:

— Шупарт, штаніна...

Так міналі дні, дні напружанай працы Змітрака і Гані, якія рыхтаваліся да экзаменаў на сваю сталасць.

І вось настаў час, калі Змітрок павінен быў паказаць сваё майстэрства людзям...

Іспыты былі назначаны адразу пасля абедзеннага перапынку. А пакуль у сталоўцы наўкруг стала сядзелі трое: Галя, Іван, Змітрок. Апошні еў з нейкім небывалым апетытам. Яго талерка хутка апусцела.

— Еш — пацей, працуй — мерзні! — пажартаваў з таварыша Іван.— Куды спяшаешся? Да званка яшчэ больш чым чвэрць гадзіны.

— А я і не спяшаюся, — зірнуўшы на поўныя талеркі сяброў, адказаў Асташонак.— Гэта вы марудзіце...

Галя супакоіла яго па-свойму:

— Урэшце, няма чаго хвалявацца... Людзі, што будуць прымаць экзамен,— свае, не чужыя. А ты ўжо не вучань, сваю справу добра ведаеш.

Слухаючы іх парады, Змітрок усё ж непрыкметна з’еў і другую страву. З палёгкай уздыхнуў:

— Ну, вось і супакоіўся,— паказаў ён на парожнія талеркі.— Хваляванне, як рукой зняло!

Усе засмяяліся. У гэты час зазваніў званок, абвяшчаючы аб тым, што перапынак скончаны. І як ні імкнуўся Змітрок супакоіць сябе думкаю аб тым, што справу ён ведае добра, але ёкнула сэрца ад гэтага званка. Здавалася, ён ішоў у цэх спакойнай хадою чалавека, даўно прызвычаенага да сваёй працы і абавязкаў, хадою не госця, а гаспадара. Але ніхто не бачыў, як дрыжалі яго калені і нейкі халадок прабіраўся над кашулю. Ніхто не чуў, як гулка тахкала юначае сэрца...

Ля Іванавага станка ўжо сабраліся начальнік цэха, інжынер, некалькі рабочых. Начальнік цэха падаў Асташонку каманду:

— Пачынай!..

Змітрок ступіў крок да станка, замацаваў загатоўку і ўключыў матор. Ён загуў рытмічна, ціха, нібы супакойваючы хлопца. І Асташонак не спяшаўся. «Калі што хочаш зрабіць хутка — ніколі не спяшайся»,— прыгадаў ён словы, якія часта паўтараў дзядзька Антось. Падвёў разец да дэталі, і з-пад яго закучаравілася сталёвая стружка. Трымаючыся за свой баявы штурвал — варанёную ручку супарта, Змітрок па-гаспадарску нахіліўся над станком. Яго твар пакрыўся дробнымі кропелькамі поту, але хлопец не адчуваў гэтага. Ён увесь нібы зросся са станком, стаў нейкай галоўнай яго часткаю. На некалькі хвілін для Асташонка знікла камісія. Ён не чуў гаворкі, не бачыў людзей. Адно, што час ад часу заўважаў Змітрок, гэта Галіны вочы. Уважлівыя, строгія...

І калі разец канчаў знімаць апошнюю фаску — нібы ачнуўся хлопец. «Ці так я ўсё рабіў, як належала? Ці атрымалася дэталь наогул?» — мільганулі трывожныя думкі.

У гэтую хвіліну Азарчук паглядзеў на Галю і спахмурнеў. Яе нельга было пазнаць: твар дзяўчыны пабялеў, выцягнуўся, застыў у напружаным чаканні, вочы нерухома глядзелі на дэталь, на разец...

«А супакойвала»,— падумаў Іван. Ён нават не ўяўляў сабе, што калі-небудзь Змітрок можа стаць на яго дарозе. Цяпер жа задумаўся над гэтым. Так, ён страціў час, у душы дзяўчыны адбыліся змены. Цяпер ёй ужо не варта гаварыць пра свае пачуцці — позна! Іван ясна гэта разумеў і таму яшчэ больш злаваўся на сябе за нясмеласць.

— Хвалюешся, Галя? — ціха спытаў ён, стаўшы побач.

— Зусім не,— суха адказала яна, не адрываючы позірку ад станка, стаіўшы нават дыханне. Галя не была ўпэўнена ў тым, што Змітрок здолее вытрымаць экзамен,бо так мала вучыўся. Гэта магло быць толькі выключэннем...

Нарэшце станок спынены. Змітрок зняў сваю першую дэталь, і яе адразу падхапілі нечыя рукі. Ён не заўважыў — чые. Адчуваў толькі, што каля станка раптам стала ціха-ціха...

Ішлі ў ход і кронцыркуль, і мікраметр, і сталёвая лінейка.

Маўчанне парушыў інжынер. Ён паклаў у нагрудную кішэню мікраметр і, усміхаючыся, сказаў:

— Нядрэнна! Можаш працаваць...

І толькі пасля гэтых слоў Змітрок адчуў, што вакол яго многа людзей, яны, здавалася яму, загаварылі адразу ўсе. Дэталь пераходзіла з рук у рукі, крытычна абмяркоўвалася. Вось яна ўжо ў Галіных руках. Твар яе ажыў, вочы засвяціліся ўсмешкай. І Змітрок усміхаўся ёй у адказ.

— Ну, вось... І прайшло,— апошняй паціснула яму руку Ждан.— Віншую.

Асташонак удзячна паглядзеў ёй у вочы, а Галя шчыра, але нячутна адказала Змітраку тым жа. Яна думала: «Які ён прыгожы, калі шчаслівы! Мусіць, усе людзі такія». Змітрок затрымаў руку Галі крыху больш, чым астатніх. Гэты поціск дзвюх рук не прайшоў міма ўвагі Івана. Падышоўшы да іх, ён сказаў:

— Ну, ты... задаволены?

Змітрок адхапіў сваю руку.

— Дзякуй! — неяк вінавата прамовіў ён.— Ты быў добры настаўнік ва ўсім. Скажы аб гэтым свайму дзеду!

Яны абняліся, як сапраўдныя сябры. Галя падала Змітраку дэталь.

— Вазьмі. Першы вынік тваёй працы...

Асташонак узяў дэталь, задумліва і доўга глядзеў на яе, а радасці ў вачах, здаецца, не было мяжы. Нечакана ён павярнуўся і амаль бягом накіраваўся да выйсця. Іван і Галя здзіўлена паглядзелі яму ўслед.

— Здурнеў ад радасці! — сказала Галя.

Іван сумна паглядзеў на яе і, уздыхнуўшы, прамовіў:

— Ад такой радасці і здурнець можна... Ёсць ад чаго.

Галя зразумела хлопца, моўчкі павярнулася і паволі пайшла на сваё рабочае месца. Гэты яе рух гаварыў больш за ўсякія словы...

А Змітрок, трымаючы дэталь над галавою, прыбег аж у кавальскі цэх і гукнуў:

— Дзядзька Антось! Дзядзька Антось...

— Што з табой? — не зразумеў яго стары.

Асташонак спыніўся, перавёў дух і, азірнуўшыся на цікаўных, сказаў:

— Вось... Я зрабіў! Сваімі рукамі...

— Пакажы.

Забаўскі спакойна ўзяў дэталь у свае рукі, агледзеў яе з усіх бакоў і нечакана для ўсіх кінуў у горн, што сінім агнём палаў побач з молатам.

— Ой! — усклікнуў хлопец і кінуўся да печы, але адразу ж адскочыў назад. На яго вачах былі слёзы...

— Што вы зрабілі!.. Гэта ж мая!

Кавалі засмяяліся, а Забаўскі паклаў руку яму на плячо і па-бацькоўску заўважыў:

— Пашкадаваў? Значыць, ведаеш цану сваёй працы! Гэта добра, сынку!.. Кожны рабочы штодня робіць сотні такіх дэталяў!

— Гэта ж я зрабіў...

Стары ўсміхнуўся.

— Вось гэтага табе і не ставала! Ідзі і працуй. Цяпер ты сапраўдны рабочы чалавек...

 

17

Апатоль прачнуўся позна, Іны ў пакоі ўжо не было. Ён пачаў успамінаць, калі яна прыйшла ад Зосі, але не ўспомніў, бо сам заснуў, не дачакаўшыся яе, і праспаў аж да раніцы. «Гэтак жа Іна тады нічога не ведала,— падумаў ён пра выпадак у яе на кватэры, і гарачыня ўдарыла ў твар.— Яна магла мне адпомсціць з гэтым... Артурам!»

Не хацелася ўставаць. Ён ляжаў і ўспамінаў Кацю. Як жа гэта ўсё тады здарылася? Ён нічога не памятае. Ва ўсім была вінавата Каця. Ці толькі Каця? Чаму ж тады, раніцаю, уцякаючы чуць свет дамоў, абяцаў прыходзіць?..

— Ч-шорт! Як усё брыдка! — гучна вылаяўся Анатоль і адразу ўстаў з ложка.

— А-аа, сёння табе брыдка! Учора ж было вельмі прыемна?

Толькі цяпер ён заўважыў Іну. Яна стаяла каля расчыненага акна ў сваёй белай сукенцы, зусім непрыкметная побач з белай, доўгай, да падлогі, фіранкай.

Анатоль адзеўся, падышоў да яе.

— Іна... Зразумей — я не хачу, каб тут у нас збіраліся няпрошаныя госці, нам трэба адпачываць! — прамовіў ён.

Іна павярнулася да яго. Колькі злосці ўбачыў Анатоль у халодных, зусім не прыгожых на гэты раз вачах.

— Ты што мне абяцаў? Пакорлівасць? Дзе яна, твая пакорлівасць? Не будзем ужо гаварыць пра каханне... Ты ніколі не кахаў мяне. А ўчора што нарабіў? Цяпер сорамна з людзьмі сустрэцца.

— Я хачу спакою! — пастукаў ён сабе кулаком у грудзі.— А тут чорт ведае што...

— А я прывыкла жыць сярод людзей...

— Але ж гэтыя людзі нам дорага каштуюць! Дзе мы набяромся грошай кожны вечар так гуляць?

— Вось, вось,— паказала на яго пальцам Іна.— Грошы! Ты хваліўся, што ў цябе іх многа, а хапіла толькі прыехаць сюды і пражыць у людскіх умовах пару дзён. Цяпер, кажаш, засталася на білеты, каб паехаць дамоў. Не зусім салодкі наш мядовы месяц, каб ты ведаў...

Гэта быў выклік. Анатолю хацелася нагаварыць мноства розных папрокаў, абразіць яе, але цяпер ускладняць адносіны было раўназначна разрыву, і таму ён здаўся.

— Ну, не трэба так, Іна,— падабрэў Анатоль, хоць на душы «скраблі кошкі». Паклаў рукі ёй на плечы і павярнуў тварам да сябе.— Пакуль я жывы, грошы будуць! Хочаш, я пайду ў горад і дам тэлеграму...

Іна ўздыхнула.

— Як мне цяжка з табою... Невыносны характар.

«Гэта праўда — чым больш кошачку гладзіш, тым янавышэй задзірае свой хвосцік!» — падумалася Анатолю.

— А з табою...— Ён паспрабаваў пацалаваць яе ў вусны але яна адвярнула твар.— Ну і збірайся сабе дадому! — не стрываў Кручанюк. Адышоўся да акна, зморана сеў на крэсла і падпёр галаву рукамі.

Цяпер ужо яна, адчуваючы сваю віну, падышла да яго.

— Каханнем трэба даражыць, але ж яго трэба і заслужыць,— зрыфмавала яна какетліва.— Вось ты і заслужы...

— Не ўмею...

— Ты кудысьці хацеў даць тэлеграму, калі я не памыляюся? Успомні — куды...

— І гэтага хопіць, каб заслужыць каханне?

— Нават — шчасце быць каханым!

— Мне здаецца, што шчасце наша наогул недаўгавечнае. Яно абарвецца раптам,— устаўшы, адказаў Анатоль.

— А гэта таму, што не жыў ты, Толя, яшчэ сапраўдным жыццём, шырокім! Цябе палохае яго размах... Гэта хутка пройдзе, дарагі, павер мне.

— Можа, яно і так,— уздыхнуў ён.— Але я думаю, што ў нас розныя погляды на вялікае жыццё. Што ж, пабачым...— стукнуў ён кулаком па стале...

Да пошты Анатоль пад’ехаў на таксі. Падышоў да акенца прыёму тэлеграм, узяў бланк і размашыстым почыркам напісаў: «Вельмі прашу выслаць дзве тысячы рублёў...» Потым закрэсліў лічбу, падумаў. Узяў новы бланк, напісаў спачатку: «Вельмі прашу выслаць тры тысячы рублёў лік авансу. Прывітаннем — Кручанюк».

Здаўшы тэлеграму, Анатоль выйшаў на вуліцу і зусім неспадзявана наткнуўся на ўчарашніх гасцей — марака і бландзінку. Яны ішлі на пошту.

Лена, зірнуўшы на Анатоля, усміхнулася і штосьці шапнула Віктару. Той азірнуўся.

— Ба-а! Шчасліўчык! — пачуў Анатоль за спіною голас марака.— Ён уяўляе, што ходзіць без рог... Гэтакі боскі анёлачак, ха-ха-ха!

І смех той скалануў усю душу Анатоля. «Гэта не проста помста за ўчарашняе, гэта праўда! Страшная праўда... Я прымушу Іну прызнацца!» — падумаў ён, ледзь стрымліваючы сябе, каб не кінуцца ўслед за мараком і бландзінкай.

Шпарка падышоўшы да таксі, Анатоль сказаў шафёру:

— Усходняя, дзесяць — гані!

Адчуўшы, што пасажыр спяшаецца, шафёр гнаў машыну так, што яна, здавалася, гатова была разваліцца на часткі. Але даехалі добра і хутка.

Вось ужо і знаёмы асабняк...

Анатоль зайшоў у сад. Адчыніўшы фортку, ён на момант застыў у нямым здзіўленні: яму здалося, што з другога боку саду пад плотам мільганулі белыя тапачкі. Гэта было адно імгненне, і Анатоль не мог пэўна сказаць, што ён бачыў тыя спартыўныя тапачкі. Яшчэ імгненне — і ён накіраваўся да зялёнага будана. «Калі яна там, то сумнення быць не можа!» — падумаў Кручанюк, расхінаючы лісце.

Іна адпачывала. Убачыўшы мужа, схапілася за расшпіленую кофтачку рукамі і ўсклікнула:

— Ой, напалохаў! Цьфу, цьфу, цьфу... Толькі задрамала.

— Задрамала?

— Ага... Але ты хутка. Тэлеграму даў?.. Што ты так глядзіш на мяне?..

Анатоль прайшоў у будан, моўчкі сагнуўся і падняў з коўдры белую касцяную расчоску з ручкай накшталт рыбінай галавы.

— Вось, прычашыся крыху... Дужа ў цябе валасы паблытаныя, быццам чэрці іх дралі! Ну!..

Іна спачатку збянтэжылася, але тут жа смела глянула на Анатоля:

— Каму патрэбен такі грозны выгляд і тон? Што здарылася?

— У цябе яшчэ хапае нахабства пытацца? — сціснуўшы кулакі, глуха вымавіў Кручанюк.— Дык набярыся ж смеласці сказаць, што ён тут быў... Маўчыш? Чыя гэта расчоска?

— Цьфу, дурань! — сумна і надзіва спакойна сказала яна.— А я думаю, што з ім такое... Гэта Артурава расчоска. Ён яшчэ ўчора яе забыўся.

Спакойны выгляд і тон жонкі абяззброілі Анатоля.

— Я... веру табе, Іна,— адказаў ён і паволі выйшаў з будана. Хвіліну яшчэ пастаяў, а потым рушыў за фортку.

Неўзабаве быў ужо ля мора, на тым месцы, дзе зусім нядаўна трымаў Іну на руках і думаў, што шчаслівы. Дзе яно, тое шчасце?

Шуршыць пад нагамі пясок, перасыпаны дробнымі каменьчыкамі, адна за адною набягаюць зеленаватыя хвалі. Лёгкі вецер з мора прыемна асвяжае твар, дыхаецца вольна, лёгка. Ішоў бы так бясконца, не азіраючыся, ні аб чым не думаючы, аж да самага дому. А з галавы не выходзілі словы адной старой песні: «Хлопец здуру ажаніўся, ой-ёй-ёй! Навек жонкай падавіўся, ой, божа ж мой!..»

Анатолю раптам так захацелася на родны завод, што аж прыбавіў ходу. «Да працы, да сяброў! Сябры... Ці ёсць яны ў мяне? Іван, напэўна, пакрыўдзіўся за тое, што «зорачку» я прысвоіў... Фактычна, не мая ж яна, я толькі першы выказаў думку... А Змітрок?.. Хіба так робяць сябры, як паставіўся я да гэтага добрага хлопца?..»

Кручанюку здавалася, што ўсё гэта дзіўны і непрыемны сон. Калі ён жаніўся? Ён жа нікога яшчэ не кахаў, не праводзіў з каханай дзіўных хвілін, не адчуў шчасця сустрэч... Вось хутка прачнецца і...

Але таму, хто не спіць, не суджана прачынацца...

Раптам далёка ў моры Анатоль заўважыў маторку. Яна ўсё бліжэй і бліжэй падыходзіла да берага. І вось ужо ўткнулася носам у пясок крыху воддаль. Матор заглух...

— Анатоль!.. Садзіся, пакатаю з вецярком!

Чый гэта голас? Ды гэта ж голас Артура! Адкуль ён узяўся тут, на моры, з лодкаю? Кручанюк прыбавіў ходу і неўзабаве апынуўся каля маторкі. Здзіўлена пазіраў на Артура і не мог вымавіць ні слова.

— Ну, здароў! — выскачыўшы на пясок, прамовіў Артур і моцна паціснуў Анатолю руку.— Што, яшчэ пасля ўчарашняга не ачуняў? А здорава ты лізнуў... Даваў прыкурыць усім!

Анатоль глянуў Артуру на ногі. «Карычневыя сандалеты».

— Што адзін катаешся? — панурыўшыся, непрыязна спытаў Кручанюк.

— А я да цябе еду.

— Да мяне?

— Ага... Па-першае, пасля ўчарашняга асвяжыцца марскім паветрам вельмі і вельмі карысна; па-другое, я ўчора абяцаў тваёй жонцы пакатаць яе; па-трэцяе, мы...

— Досыць і другога! — раптам усміхнуўся Анатоль.— Калі абяцаў Іне, то ніякай гамонкі не можа быць!

Артур запусціў пяцярню ў валасы і, скрывіўшыся, жаласліва сказаў:

— Слухай, Анатоль... Я ўчора недзе згубіў расчоску. Дробязь, але ж памяць... Мне яе купіла сястра, бо я заўсёды во-ось такі хадзіў,— ускалмаціў ён свае валасы.

«Няўжо здалося?.. Белыя тапачкі»,— падумаў Кручанюк і задаволена адказаў:

— Ёсць, ёсць твая расчоска! Едзем, Артур, да мяне, едзем па Іну... Гані ў адкрытае мора!

Артур скочыў у лодку і завёў матор.

— Ёсць, таварыш капітан! — заглушаючы траскатню матора, з юначым запалам адказаў ён.

— Трэба супакоіцца. Галюцінацыя, нервы... Цьфу! Белыя тапачкі... Здасца ж такое,— сам сабе засмяяўся Анатоль.

Але то была не галюцынацыя...

Дні праз тры пасля гэтага выпадку Анатоль стаў заўважаць, што жонка засумавала. Яна часта выходзіла за фортку і доўга глядзела на дарогу.

Неяк раз Анатоль ціха надышоў ззаду і нечакана спытаў проста ля вуха:

— Каго гэта ты чакаеш?

Іна здрыганулася, але спакойна, не павярнуўшыся, адказала:

— Проста слухаю мора.

— Яно ж чуваць і ў садзе...

— Дык і слухай там сабе.

Анатолю нічога не аставалася, як пайсці адсюль. І хоць пасля гэтай размовы Іна больш не глядзела на дарогу, яе чаканне адчувалася ва ўсім. Варта было ветру бразнуць форткай, як яна ажывала, выбягала на веранду, а потым, расчараваная, садзілася дзе-небудзь у кутку. Зашуміць лісцем дзе куст — яна насцярожыцца, стоіць дыханне...

Але той, каго Іна так чакала, не ішоў. Анатолю ад гэтага не было лягчэй, і ўсе спробы пачаць гаворку заканчваліся новай спрэчкай. Непрыемнасці ішлі адна за адной. Кручанюк атрымаў тэлеграму з завода не ад дырэктара, як спадзяваўся, а ад галоўнага бухгалтара. У ёй былі толькі два словы: «Авансе адмоўлена».

— Вось, глядзі! — злуючыся, Анатоль паказаў тэлеграму Іне.— Як ад’ехаў, дык адразу і забыліся...

Іна, надзіва, не пачала яго папракаць, а толькі спачувальна зазначыла:

— Што ж ты хацеў... За каго сябе лічыш, каб дырэктар адразу слаў грошы? Але не бядуй... Я дам бацьку тэлеграму. Ён мне не адмовіць, хоць і пакрыўдзіўся.

«Зусім правільна Іна гаворыць! Хто я такі? Як я не думаў аб гэтым раней, калі пісаў тэлеграму?» — разважаў сам сабе Анатоль, не ведаючы, як паладзіць з жонкай. Але яна, здавалася, пайшла сама яму насустрач.

— Што гэта мы нікуды не ходзім, Толя! — аднойчы ажывілася Іна.

Падлічылі свае рэсурсы: было роўна тысяча рублёў.

— Мала...— задумліва прагаварыў Апатоль.

— Нічога... Гэтага нам хопіць да канца! — весела адказала Іна.— А на дарогу бацька вышле...

Анатоль насцярожана сачыў за яе ажыўленнем, ён адчуваў, што яно часовае, штучнае...

І не памыліўся.

Пасля паўдня яны пайшлі гуляць не да мора, як звычайна, а за сад, дзе быў цудоўны гай з таполяў і каштанаў. Так захацела Іна. Яму ўжо не навіной было здзіўляцца. Толькі калі заўважыў невялічкую бухтачку з маторкамі, адразу ж спахапіўся: «Артур мог тут узяць лодку і, выехаўшы ў мора, завярнуць назад...» Ён і сам не ведаў, наколькі зрабіў правільны вывад! Аднак і гэтую думку адагнаў ад сябе. Хмары ўсё згушчаліся над яго сямейным шчасцем...

— Многа разоў я быў несправядлівы да цябе... А ты — харошая. Анатоль абняў яе за плечы.

Іна закінула галаву і ўсміхнулася:

— Бо ты — сапраўдны дзікун... Мядзведзь. ,

Наўкол было цудоўна! Ярка свяціла сонца, спявалі птушкі, пералятаючы з галінкі на галінку між зялёнага лісця сунічных дрэў з ружовай і тонкай карою. Пад нагамі, нібы шаўковая, мякка слалася высокая трава. Пахла ружамі і мёдам. Гэта цвілі абапал сцяжынкі, па якой яны ішлі, нагрэтыя сонцам магноліі...

— Паглядзі сюды! — у захапленні гаварыў Анатоль. Іна пазірала, але не захаплялася, быццам гэтыя кветкі даўно надакучылі ёй.

— Чаго ты маўчыш, Іна?

Анатоль зірнуў і сумеўся: твар жонкі быў белы, вусны пасінелі і ўздрыгвалі.

— Вось чаму ён не прыходзіў! — гнеўна бліснуўшы вачамі, прамовіла яна і моцна сціснула кулакі.

Анатоль зірнуў уніз, дзе быў гай, і заўважыў Артура. Той стаяў, плячыма да іх, і моцна сціскаў у абдымках чорнавалосую дзяўчыну ў лёгкай, з аголенымі рукамі, стракатай сукенцы...

— І-іна!— не памятаючы сябе, крыкнуў Анатоль.

Ён схапіў яе за руку, але Іна вырвалася. Зірнуўшы на мужа злоснымі, прыжмуранымі вачыма, з пагардай прамовіла:

— Які ты ўсё ж дурань...— і што было сілы пусцілася з узгорка ўніз...

Кручанюк стаяў, аглушаны яе апошнімі словамі, і бессэнсоўна глядзеў, як бегла ад яго каханая жонка, бегла да другога, ужо не хаваючыся, і не мог крануцца з месца, не мог спыніць яе. Штосьці тонкае-тонкае, але надзвычай балючае, абарвалася ўсярэдзіне. У галаве стаяў звон. Анатолю ўяўлялася, што гэта яшчэ гучыць канчатак апошняга слова Іны — «дурань». Ад мноства зблытаных думак, здавалася, разваліцца галава...

Але ўсё прайшло, галава не развалілася і знік непрыемны звон.

«Скончана сямейнае жыццё,— думаў Анатоль, хутка ідучы назад.— Скончан этап славы. Працаваць... Быць з людзьмі чалавекам...»

Зосі дома не было. Ён хуценька сабраў свае рэчы, паклаў у Ініну сумку грошы — тыя тысячу рублёў — і пешшу пусціўся ў горад.

У цягнік ён садзіўся ўжо без свайго любімага светлага касцюма. Палягчэў і чамадан з дробязнымі рэчамі пасажыра-халасцяка...

 

18

Галя жыла ў новым заводскім доме на трэцім паверсе. Яе дзесяціметровы пакойчык меў даволі сціплы выгляд. На высокім акне віселі чысценькія фіранкі сваёй работы, ля дзвярэй, у куце, стаяла невялічкая шафа. Ложак быў устаўлены падушкамі, а побач з ім, засланая чыстым белым абруском, стаяла тумбачка. Адзінае крэсла знаходзілася за тумбачкай каля акна.

Памыўшыся і пераапрануўшыся пасля працы, Галя села да акна і падпёрла галаву рукамі.

«Вось і скончана мая трывога... Станок атрымаў, пойдзе ў людзі. Як хораша на сэрцы! Я так за яго хвалявалася... Больш, чым за сябе, калі здавала экзамены. Больш...» — падумала яна.

І не зайздросціла Галя, што Асташонак за такі кароткі тэрмін асвоіў станок і тэхналогію, а ёй для гэтага спатрэбілася больш трох месяцаў. Наадварот — радавалася поспеху таварыша, як свайму, бо лёс яго супаў з яе лёсам. Яны абое страцілі бацькоў...

«Чаму я ўвесь час думаю пра яго? Чаму мне прыемны гэтыя думкі?» — задавала сабе пытанні Галя. І баялася адказваць на іх. Вабіў яе гэты чалавек са сваім цвёрдым, але поўным супярэчлівасцей характарам, вабіў крыху суровы, мужны выраз твару, яго разумныя сінія вочы...

«Калі б Змітрок часцей усміхаўся, то ён быў бы вельмі прыгожы хлопец»,— падумала Галя, пазіраючы з вышыні на шумлівую вуліцу. Ведала яна — не многа бывае ў яго вясёлых хвілін, каб усміхацца. А яна часта ўсміхаецца? Вось, калі б ім разам быць... А як жа тады Іван? Ён жа любіць яе і падабаецца ёй... Але ён пры бацьках, пры вялікай і багатай радні, якая амаль носіць свайго любімца на руках. Дзімка не мае нават звычайнай матчынай ласкі, як і яна...

Стук у дзверы перапыніў яе дзявочыя мары. Галя зірнула на сябе ў люстэрка, што стаяла перад ёй на акне, і прамовіла:

— Калі ласка...

Як жа яна была здзіўлена, калі адчыніліся дзверы!

— Ой, Ваня! — спахапілася яна.— Не чакала. У мяне тут зусім не прыбрана...

Азарчук глянуў на сцены, ложак, стол і ўсміхнуўся:

— Чаму гэта ўсе дзяўчаты, калі да іх заходзіш, любяць гаварыць, што не прыбрана? Ну, зрабі лепш, чым ёсць!

Галя засмяялася:

— Твая праўда, хай цябе... Садзіся на крэсла, а я тут на ложку прымайструюся.

А сама з нейкай радасцю падумала: «Значыць, ён заходзіў ужо і да другіх дзяўчат, калі так гаворыць... Не я адна ў яго».

Іван сеў, па звычцы абапёрся локцем на тумбачку і далоняй прыкрыў чырвоную пляму на шчацэ ля вока.

— Я хачу пагаварыць з табою пра Анатоля Кручанюка,— пачаў ён, чамусьці пачырванеўшы.

— Чаму пра Кручанюка? — ускінула бровы Галя.

— А вось чаму... Вясною ён у адпачынку быў?

— Быў.

— З дырэктарам два тыдні ездзіў?

— Ездзіў.

— Цяпер атрымаў адпачынак на цэлы месяц. Ну, скажы, гэта справядліва?

Ждан паціснула плячыма.

— Не задумвалася, прызнацца, над такім пытаннем.

— А-а, вось бачыш,— папракнуў яе Іван.— Цяпер слухай далей... Возьмем «зорачку». Гэты разец перацярпеў вялікую эвалюцыю, тэхсавет зацвердзіў наш групавы варыянт, пасланы чарцяжы ў Маскву. Пры чым тут Анатоль, што з ім так няньчацца! Добры чалавек, а можа звіхнуцца. Што чакае Кручанюка? Расча-ра-ванне! — закончыў Іван.

— Што мы можам зрабіць? — спытала Галя.

— Напісаць калектыўнае пісьмо, папярэдзіць, змякчыць удар, калі хочаш ведаць...

— Не! — запярэчыла Галя.— Няхай удар будзе моцны, каб адразу збіць з яго гонар! Анатоль старэйшы за нас, камуніст...

— Ён сядзіць у Ялце без грошай! Яму дырэктар адмовіў і не выслаў авансу.

Галя прыкусіла верхнюю губу і падумала: «Вось знайшоў аб чым гаварыць! Не хапала яшчэ, каб па Анатолю галава балела. Выскачка, за лёгкай славай пагнаўся...»

— Ваня,— раптам пачала яна так лагодна, што Іван насцярожыўся.— От скажы, Ваня, мне як сябру... Як ты думаеш, калі дзяўчыне быў даспадобы адзін хлопец, а потым спадабаўся і другі... Ці добрая яна, тая дзяўчына? Га?

— Н-не ведаю, Галачка... Наконт гэтага яшчэ няма навуковага даследавання,— жартам, спрабуючы ўсміхнуцца, адказаў Азарчук.— Калі б, скажам, пакахала такая дзяўчына, як ты, то я не сумняваўся б...

— У цябе пытаюць сур’ёзна...— тым жа тонам прамовіла Галя.— Легкадумная яна, ці...

— Тут закурыць можна? — ухіляючыся ад адказу, спытаў Іван.— Ці лепш выйсці ў калідор?

— Не, не, што ты! Куры! — запярэчыла Ждан.— Я адчыню акно...

Пакуль яна адчыняла акно, ён гаварыў:

— Мне, напрыклад, падабаюцца тры дзяўчыны... Знаёмыя... кахаць жа траіх адразу, я, вядома, не магу і не маю права: другім не астанецца...

— Ты зноў жартуеш...

— Я магу кахаць толькі адну, а дзвюх другіх — паважаць, дружыць з імі. Так, мусіць, прыйдзецца зрабіць і той, што пакахала двух...— ужо сур’ёзна адказаў хлопец.

«Ён мяне толькі паважаў... Дружыў»,— чамусьці адразу за гэтыя словы ўхапілася Галя, і ў яе крыху адлягло на сэрцы. І не думала ў гэтую хвіліну, што Іван прыйшоў сёння якраз дзеля таго, каб прызнацца ў каханні, але не хапіла смеласці гаварыць аб гэтым адразу. Галя апярэдзіла яго, аказалася смялейшай, і ён не стаў навязваць сваёй думкі, а даў волю ёй. Не таму, што спадзяваўся на сваю перавагу, а таму, што па натуры быў дабрэйшай душы чалавек.

— Ты не чуў? Ганя будзе здаваць экзамен для паступлення ў музычнае вучылішча...

«Якая Ганя? Аб чым гэта яна? А-а,— успомніў Іван.— Гэта ж сястра Змітрака...»

— Не, не чуў...

— Будзе канцэрт з яе ўдзелам. У нашым клубе...

— Пойдзеш?

— І ты пойдзеш...

— Чаму і я?

— Абавязкова! Каб ты ведаў, Ваня, што гэта за цудоўная дзяўчынка! — у захапленні гаварыла Галя.— А хлопчык Алік такі кучаравы... Разумны — не кажы! Аднойчы падвёў мяне да партрэта маці і гаворыць: «Наша мама, як і тата, памерла, але ты, цёця, не кажы Дзімку, што я ведаю пра гэта. А то ён будзе плакаць...» Ім так не хапае добрай жаночай ласкі, руплівых рук...

Яна ўзняла галаву і вачамі, поўнымі слёз, зірнула на Іванаў бледны твар.

А неўзабаве, схаваўшыся за фіранкай, убачыла, як, засунуўшы рукі ў кішэні, Азарчук паволі крочыў па тратуары...

 

19

Асташонак прыйшоў на змену раней за ўсіх. Спыніўся каля дошкі паказчыкаў і задаволена ўсміхнуўся: на ёй ужо было напісана і яго прозвішча.

— Маё прозвішча,— прашаптаў Змітрок.— Маё... Яно не будзе апошняе.

У расчыненых дзвярах цэха раптам заўважыў Петрака, таго рабога хлопца, з якім яны пасля выпускнога вечара паспрачаліся і, не прымірыўшыся, разышліся.

«Ён адзін паступіў... Журналіст!» — без асаблівай зайздрасці падумаў Асташонак і пачаў чакаць таварыша з усмешкай на твары. Той таксама ўбачыў Змітрака і нібы спалохаўся.

— Дзімка! — раптам усклікнуў Пятрок і з распасцёртымі рукамі кінуўся да яго.— Ну, здароў, дружышча! Ты тут? Вось здорава... Ну, малайчына!

Ён не даваў Асташонку разявіць рот, усё гаварыў і гаварыў сам: задаваў пытанні і адказваў на іх.

— Ты ўсё такі ж... балбатун! Памятаеш? — уставіў Змітрок.

— Як жа! У школе называлі цецеруком... А я і не крыўдаваў! Дык тут, значыць... Здо-орава! А я іду сабе і думаю, хто гэта тут за начальніка цэха! — засмяяўся Пятро, аглядаючы рабочую вопратку Асташонка.

— Вось яшчэ! Знайшоў дастойнага чалавека...— таксама смеючыся, адказаў Змітрок.— Гэта ўсё роўна, каб я зблытаў цябе з дэканам факультэта.

— Я ім буду! — падняў угору палец Пятро.— Ты мяне ведаеш. Я — што дзяцел: б’ю ў адно месца — будзе і дупло некалі...

— Тады, можа, і я стану начальнікам цэха! — не здаўся Змітрок. Ён пасадзіў таварыша на скрынку з-пад дэталей, паслаўшы кавалак газеты.— Садзіся, гнілая інтэлігенцыя!.. Якія дарогі прывялі цябе сюды?

Той пакорліва сеў і з гордым выглядам зазначыў:

— Ты разумееш... Стукнула мне ў галаву ідэя для саліднасці напісаць які-небудзь нарыс, як кажуць, мець сваю літаратурную заяўку, ну твор...

— Пра наш завод?

— Пра людзей вашага завода,— з выглядам знаўцы Пятро падкрэсліў слова «людзей».— Прыйшоў пазнаёміцца з імі, папрацаваць тыдзень-другі падсобным рабочым...

— Думаю, мяне ты ведаеш добра...

— Бач ты яго! — усклікнуў Пятро.— Для саліднага нарыса не падыдзеш...

— Чаму ж?

— Ну што я пра цябе напішу? Ты лаўрэат?

— Не.

— Ардэнаносец?

— Не...

— План выконваеш на некалькі сот працэнтаў?

— Зрабіў першую дэталь.

— Вось бачыш... Мне патрэбны людзі вядомыя, так сказаць, тыя, што чытаюць лекцыі для вучоных! Словам, людзі, аднаго аўтарытэту якіх будзе дастаткова, каб мой нарыс надрукавалі, разумееш, галава!

— Ты гэта сур’ёзна? — прыжмурыўшыся на таварыша, спытаў Асташонак.— А звычайныя, радавыя людзі цябе не цікавяць?

— Не,— паціснуў плячыма Пятрок.— Што з іх узяць? І нарыс рэдакцыя можа не прыняць...

Вочы Змітрака загарэліся гневам.

— А ты знаеш, чаго мне каштавала такая ж няправільная думка?

— Цяпер у цябе іншая думка?

— Больш за ўсё трэба любіць і паважаць простага чалавека! — не адказаўшы таварышу, задумліва пачаў Змітрок.— На яго ніколі не будуць тыцкаць пальцам... Ён дзень у дзень вырабляе свае дэталі, якія ў машынах нават і не прыкметны, і ніхто не даведаецца аб яго існаванні, а ён — волат!

— Ну і што з таго?

Асташонак загаварыў яшчэ больш узрушана:

— Як гэта што! У школе нам гаварылі, што навука зробіць нас вялікімі людзьмі, і мы не разумелі сэнсу гэтага слова! Нам здавалася, што той, хто не можа стаць вучоным,— нішто, бядак, якога варта толькі шкадаваць. Чаму? Хто гэта сказаў?.. Жыццё ствараюць звычайныя, радавыя людзі. Іх — мільёны! Знатных жа — адзінкі. І ў літаратуры чамусьці ўслаўляюць гэтыя адзінкі...

Пятрок з прыемнасцю слухаў шчырую споведзь таварыша, які не так ужо і даўно думаў зусім інакш. Калі Змітрок скончыў, ён паклаў яму руку на плячо і сказаў:

— Малайчына, Дзімка! Ты стаў зусім-зусім іншы. Не крыўдуй на мяне, што пажартаваў. Паспрабую напісаць пра звычайнага чалавека, як ты гаворыш.

Змітрок зразумеў, што заўчасна пагарачыўся, і жартам сказаў:

— Ну, тады пішы пра мяне, халера...

— Пра цябе — нарыс? — ссунуў той бровы.— Ды пра цябе я напішу калі-небудь цэлую аповесць! Вось толькі скончу вучобу, набяруся ведаў...

— Чорт! — перапыніў яго Асташонак.— Пакуль ты скончыш вучобу, я стану вядомы! Разумееш, буду вядомы! І табе зноў не давядзецца пра мяне пісаць. Не, брат, давай лепш цяпер...

Хлопцы, смеючыся, моцна паціснулі адзін аднаму рукі.

— Чакай практыканта! Толькі вазьму дазвол...— сказаў на развітанне Пятрок.

Асташонак, паказаўшы яму ўслед кулак, пачаў рыхтаваць сваё рабочае месца.

І калі загучала рытмічная музыка станка, Змітрок успомніў той першы дзень, калі прыйшоў на гэты завод, прыгадаў першыя сустрэчы з Анатолем, Іванам, Галяй...

Ён азірнуўся туды, дзе віднелася Галіна белая хусцінка, і лёгка ўздыхнуў. Цяпер яна была самым блізкім, самым жаданым для яго чалавекам на зямлі...

Кожны вечар Змітрок сам прыбіраў пакоі і чакаў, чакаў, калі пачуецца на лесвіцы дробненькі стук Галіных лакіраваных басаножак і смуглявы твар яе выгляне з-за дзвярэй, лагодна пытаючыся:

— Да вас можна?

«Мілая, цудоўная Галя! Як ты не падобна на Іну... За цябе я, колькі стане сіл, буду змагацца. І ніхто не здолее адабраць цябе, ніхто!»

Змораны, але шчаслівы ішоў Змітрок дадому. Ля самага пад’езда ён заўважыў Анатоля Кручанюка. Непаголены і схуднелы, у простай вопратцы — сіняй кашулі і шэрых штанах,— Анатоль цяпер не нагадваў «артыста з опернага». Ён быў звычайны рабочы хлопец...

«Некага чакае... Што з ім здарылася?» — з трывогай падумаў Асташонак, але крыўда на таварыша яшчэ таілася ў ганарлівай душы. Імкнучыся прайсці незаўважаным, Змітрок звярнуў за вугал, але Анатоль дагнаў яго.

— Здароў, Зміцер...

— Зміцер — хіцер, але і Саўка не дурань,— непрыязна адказаў Асташонак, не падаўшы рукі.

Кручанюк спахмурнеў.

— Ясна... Злуешся... з-за Іны.

— Чужыя жонкі мяне не цікавяць!

— Яна была тваёй дзяўчынай...

— Ніколі!

— Дык чаму ж не падаеш рукі?

— З-за твайго ўчынку,— не гледзячы на Анатоля, адказаў Змітрок.— Сам факт...

— Гэта праўда,— перапыніў яго Кручанюк і ўздыхнуў.—- Усім я, што называецца, насаліў... Даруй, братка...

Змітрок павярнуўся і хацеў ісці, але цікаўнасць — што ж здарылася? — і гэтакае «пакаянне грэшніка» зменшылі яго ганарлівасць.

— Дык, можа, зойдзем у дом? — схапіў ён таварыша за руку.— Пагутарым...

— Калі не будзеш трымаць камень за пазухай — зайдзі!

— Вось, глядзі,— усміхнуўшыся, Анатоль расшпіліў гузікі кашулі.— Там нічога няма...

А дома, седзячы на канапе, Кручанюк з агідай расказваў Змітраку аб сваім кароткім, поўным непрыемнасцей, сямейным жыцці, аб прыгодах няўдалага «мядовага месяца ».

— Ты быў душою мацнейшы за мяне, калі выстаяў перад спакусамі асабняка Іны... А я зваліўся ў балота,— гаварыў ён.— Цяпер з дому папрасілі. Маці хоча, каб я вярнуўся да Іны, гоніць назад, у Крым... Вось і прашу цябе... Пакуль уладкуюся дзе, пусці на кватэру.

— Глупства. Ты пойдзеш дамоў...

— Але не сёння!

«Як дзіўна складваецца лёс чалавека,— думаў між тым Асташонак.— У аднаго — няшчасце, гора, невядомасць... У другога — ясны шлях, трывалае становішча, радасць і ўдачы ў жыцці. І раптам гэтыя людзі мяняюцца ролямі... Як у спектаклі! Дзіўна...»

— Адбіваць больш дзяўчат не будзеш? — ужо жартам спытаў Змітрок.

— Урачыста абяцаю...

— Пакляніся!

— Клянуся...

Яны засмяяліся. Потым Змітрок расказаў пра свае поспехі.

— З першага дня даў норму! — пахваліўся ён.

Анатоль спахмурнеў і паківаў галавою.

— Даў норму... Ты гэта сказаў, як некалі я. Не ганарыся, Змітрок. Няхай лепш людзі пра цябе скажуць, што ты добры работнік, сціплы. Сціпласць упрыгожвае нас лепш, чым ганарлівасць, запомні гэта...

— А я даўно запомніў! Яшчэ бацька гаварыў — ганарлівасць, як басы ў раяля, грубая штука... Крані тыя струны, дык яны адразу заглушаць лагодную музыку душы...

— Вось гэта правільна сказана! — павесялеў Анатоль.

Змітрок пайшоў на кухню. Прынёс хлеб, талеркі, лыжкі, паставіў сярод стала эмаліраваную каструлю і зняў накрыўку.

— Чым гэта смачным такім сёння нас Ганя накорміць? — стараючыся пераймаць гаворку Змітрака, сказаў Алік.

— Тым, чаго ты не любіш,— усміхнулася Ганя.— Капустай...

Яна разліла страву ў талеркі.

— Няпраўда! — усклікнуў малы.— Мой любімы суп гарохавы...

У гэты момант адчыніліся дзверы і на парозе з’явілася Галя. Яна была ў чорнай шарсцяной сукенцы з фігурным выразам наперадзе, у сваіх чорных лакіраваных басаножках, з сумачкаю ў руках. Чорныя косы, выкладзеныя на галаве, надавалі твару прыемную строгасць.

— Я так і ведала, што траплю на абед! — весела ўсклікнула яна ад дзвярэй.— А гэта табе, Алік, на трэцяе — дэсерт...

Галя паклала перад малым вялізны чубаты ананас і, заўважыўшы Кручанюка, сумелася.

— Што, не пазнала? — скрывіўшы ўсмешкай вусны, спытаў той.

— Толя?.. Адкуль ты?..

— Я... І не здзіўляйся, і нічога не пытайся: табе ўсё раскажа Змітрок,— папярэдзіў яе Анатоль.

— Размова з табою будзе там, на заводзе,— строга адказала Ждан.

— Правільна! А цяпер садзіся да стала, а то я з раніцы нічога не еў... Не лезла ў горла матчына ежа, перасыпаная папрокамі...

Колькі было радасці Аліку! Ён схапіў ананас, панюхаў яго, а потым укусіў і зморшчыўся.

— Цьфу!.. Як смала...

Усе пачалі смяяцца не таму, што гэта дужа было смешна, а таму, што трэба было змяніць гутарку і настрой. Усе гэта адчувалі...

— Трэба спярша з’есці абед, потым ачысціць...— гаварыла Галя, выціраючы хусцінкай Аліку губы.

Ганя паставіла на стол пятую талерку, а Змітрок мігам прынёс з другога пакоя яшчэ адно крэсла.

— З гэтага дня,— сказаў ён Галі,— крэсла і талерка будуць чакаць цябе заўсёды...

— Мгм,— усміхаючыся, Галя кіўнула галавою ў знак згоды і села за стол...

Паабедаўшы разам, яны пайшлі ў Палац культуры на канцэрт.

Вялізная зала ўжо была поўная. У адным месцы Галя прыкмеціла Азарчука, Арцёма Белага, Забаўскага з жонкаю, Ганну Аляксандраўну...

— Ідзём туды, да сваіх! — пацягнула яна Змітрака.

«Да сваіх!.. Як гэта добра мець сваіх...» — падумаў Асташонак, ідучы за Галяй і Анатолем. Яны прывіталіся з усімі. Іван штосьці шапнуў Кручанюку.

— Пасля канцэрта...— толькі пачулі Змітрок і Галя.

— Я гатоў... Чакаў такой сустрэчы,— адказаў Анатоль.

Іван пазнаёміў Ганну Аляксандраўну з Галяй.

— Галя, улічы — яна добрая свацця! — пажартаваў ён.

Галя зачырванелася і адказала:

— Абавязкова ўлічу...

І вось заслона адкрылася.

Ганя, у доўгай белай сукенцы з ружовай кветкай на грудзях, стаяла на самым краі сцэны, а за ёю размясціўся сімфанічны аркестр. Яна ўскінула да падбародка скрыпку, падняла смычок. Ціха і лагодна паліліся прыгожыя гукі. Канцэрт пачаўся...

Недзе на сярэдзіне канцэрта Галя шапнула Змітраку:

— Няўдзячны брат! Ён заўсёды так слухае музыку сваёй сястры,— і паказала на Аліка, які, паклаўшы галаву на Галіны калені, салодка спаў. Яго разбудзіў раптоўны гром воплескаў.

— Вось і не правалілася! — задаволена сказаў Алік, пляскаючы далонямі і соннымі вачамі пазіраючы на сцэну, дзе, па заведзенаму парадку, увесь аркестр віншаваў Ганю...

Назад ішлі ўчацвярых: Галя, Змітрок, Алік, Ганя...

Анатоль памкнуўся ісці за імі, ды Азарчук узяў яго за руку:

— Стой, Толя... Нам сёння яшчэ трэба пагаварыць! — сказаў ён так настойліва, што Анатолю нічога не заставалася, як згадзіцца.

Галя толькі крыкнула ім наўздагон:

— А мы на заводзе пагутарым! Разам, усе...

«Як добра з імі!» — падумаў Анатоль, хоць ведаў, што гаворка будзе строгая, шчырая.

— Чаму ты адзін? — калі яны выйшлі на праспект, адразу спытаў Іван.— Дзе Іна?

— Пакінуў у Ялце... Жыць з ёю не буду,— катэгарычна адказаў Анатоль.

— Чаму?

— Яна зблыталася там з нейкім фізкультурнікам Артурам...

— Ты дзе быў? Назіраў збоку і папракаў? Трэба ж было актыўна выхоўваць жонку: маладая яна ды крыху легкадумная. Бяда не вялікая... А кідаць яе, гэта значыць — штурхаць у бездань... І яна так нічога не напісала табе?

— Прыслала тэлеграму... Паехала да бацькі. І просіць, каб я дараваў ёй...

— Вось гэта іншая справа! — радасна ўсклікнуў Азарчук.— Пішы — няхай хутчэй вяртаецца... Мы ўцягнем яе ў наш калектыў і будзем разам выхоўваць... заадно з табою! Але гэта пакуль пакінем...

Адразу нейкі цяжар быццам зваліўся з Анатолевай душы. Ён успомніў Іну, і вызваленая душа пацягнулася да яе... «Так, яна часам кахала мяне... Значыць, ёсць надзея, што ўсё ўладкуецца... Урэшце, і я не такі ўжо крыштальна чысты чалавек, а яна, можа, нават і не так вінавата, як думалася мне...»

— Іван! — усклікнуў расчулены Анатоль.— Ты ведаеш, Іван, як я кахаю яе...

Іван не адказаў. Ён быў рады, што першы слабы штуршок накіраваў Анатолевы думкі і пачуцці на правільны шлях...

Быў позні час, калі Змітрок з дзецьмі і Галяй прыйшлі дадому, Ганя радасна гаварыла:

— Валянціна Мікалаеўна сказала, што мяне прымуць у вучылішча! І яшчэ нейкія дзядзькі сказалі, што ў мяне талент... Я так была рада, так рада!..

— Ты будзеш вучыцца, Ганя,— пагладзіла яе па галаве Галя.— Абавязкова...

А потым, калі сястра і брат ляглі спаць, Змітрок падаў Галі яе сумачку і сказаў:

— А можа, застанешся ў нас?.. На канапе пераспіш, заўтра ж нядзеля...

Галя пагражальна паківала каля яго носа пальцам і строга сказала:

— Ты толькі не зблытай мяне з Інай!

Ён сціснуў Галю ў моцным абдымку і пацалаваў.

— Вось! Вось... На злосць табе... З Інай у мяне гэтага ніколі не было! Цяпер можаш злавацца...

Галя адбеглася і прыпала тварам да вушака. Потым азірнулася на дзверы, дзе спалі дзеці, падышла да Змітрака і паклала свае рукі яму на плечы.

— Цяпер я...— аднымі вуснамі, амаль без голасу, прамовіла дзяўчына.— На развітанне. Таксама, першы раз...

І калі на калідоры сціх тупат яе ног, Асташонак пачуў, як ціхенька рыпнулі дзверы спальні. Ён падышоў і тузануў іх. За дзвярамі, апусціўшы галаву, стаяла Ганя.

— Ты-ы? — спытаў Змітрок.

— Я... хацела напіцца...

Змітрок запаліў святло і паказаў на тумбачку, што стаяла каля Ганінага ложка: на ёй быў графін з вадою.

— Бачыла нас?

— Бачыла! Не маленькая ўжо...— смела адказала сястра.

— Дык... кладзіся і спі,— падабрэў Змітрок.

— А Галя будзе ў нас? Яна такая харошая, Дзіма... Ты не пакідай яе, глядзі...

— Кажу — спі! — Ён з удзячнасцю паглядзеў на сястру і, калі тая лягла, накрыў яе коўдрай.— Не пакіну... Ніколі!

— Цяпер буду спаць...

Асташонак зноў стаяў на балконе і не спаў усю ноч, але гэтая ноч была радасная для яго.

1961


1961