epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Прафесійнае прызнанне

Піліп Драмлюга ніколі ў жыцці не пісаў лістоў. І таму ён не ведаў, з чаго пачынаць.

Высокі, не па гадах згорблены, з раскудлачанымі белымі валасамі на галаве, ён тупаў па сваім халасцяцкім пакоі мятровымі крокамі і бясконца паўтараў адно і тое ж на розныя лады:

— Добры дзень, паважаная Кацярына... Паважаная Кацярына. А можа — добры дзень, дарагая, паважа... Ці дарагая, ці паважаная — адно з двух...

Пад столлю цьмяна гарэла лямпачка. Папера на стале здавалася шэрай, чарніла ад аўтаручкі — чорным.

На падлозе ўжо валялася некалькі недапісаных старонак. На падаконніку ляжаў раскрыты томік Чэхава. Пісьмы.

Ужо даўно пераваліла за поўнач, а ліст да каханай не быў напісаны.

«А-ат! — Піліп махнуў рукою.— Напішу, як думаецца. І справе канец!»

Ён сеў за стол, уздыхнуў і пачаў пісаць:

«Паважаная Кацярына! Гэта пачалося ўжо даўно, каля пяці гадоў таму назад, калі ты ўпершыню адчыніла дзверы нашай канторы. Успамінаеш, якая ты тады была? Худая, доўжанькая, як чаплянё. Толькі чорныя вочы блішчэлі. Але я адразу адчуў сэрцам — усё, скончана маё спакойнае жыццё. І сэрца не ашукала. Мне сапраўды не стала жыцця. Памятаеш, як я ўжо на другі дзень, калі да нас у кантору зайшоў дырэктар трэста, кінуў яму папрок:

— Вы вось тут ходзіце, Іван Гаўрылавіч, а ў вокны дзьме, жанчыны могуць прастудзіцца... Ніякай увагі да простых служачых. Ніякіх прэмій за перавыкананне плана!

І так я з ім тады заеўся, што атрымаў вымову, а пасля і паніжэнне па службе за дапушчаную памылку ў разліковай ведамасці...

Я нічога не забыўся, усё помню!

А кветкі, якія ты штогод атрымлівала на Восьмае сакавіка, пасылаў табе я праз магазін нумар трыццаць. Усяго за чатыры гады на суму дванаццаць рублёў сорак восем капеек. І віншавальныя тэлеграмы ў дні твайго нараджэння, у розныя святы — тры рублі адзінаццаць капеек. Подпіс быў сціплы — Амур. Чаму я хаваўся? Ды проста саромеўся адкрыцца адразу. Старамодны, скажаш? А што гэта за прызнанне з першага позірку? Сёння — шлюб, заўтра — развод. Бярэш жа сабе сяброўку не на адзін дзень, а на ўсё жыццё, дык і прыгледзься да яе як след — вось мая жыццёвая філасофія! І што ты думаеш? Спярша я знаходзіў шмат недахопаў у тваім характары і паводзінах. Мне, напрыклад, не падабалася, што ўжо на другі год пачала фарбаваць вусны і пазногці. Далей — болей. У часы вытворчай гімнастыкі ты гарэзліва вытанцоўвала нейкія бугі-вугі. Вельмі часта смяялася і прытым даволі гучна.

З цягам часу ўсё гэта прайшло, але ж колькі мне каштавала крыві!

У той дзень, калі ты прыйшла ў кантору непафарбаваная, я, помню, упершыню выпіў за тваё здароўе на адзін рубель і сорак дзевяць капеек, схадзіў у цырульню і падстрыгся на сорак сем. Заўсёды плаціў дваццаць тры. Перарасход — дваццаць чатыры...

Гэта быў пераломны момант у маім жыцці. «Усё, кропка! — сказаў я сам сабе.— Заўтра ж прызнаюся ў каханні». Але назаўтра здарылася бяда: ты захварэла і не прыйшла ў кантору...

Я схадзіў у магазін, купіў каробку цукерак аж за два рублі, лімон, дзве пляшкі сітра і адзін бублік — восемдзесят восем капеек. На дварэ бегалі дзеці, я ім даў на марожанае адзінаццаць капеек, і яны ўсё гэта перадалі табе.

Праз тыдзень ты прыйшла. Бледная, схуднелая. І зноў нафарбаваная. Як я шкадаваў, што дарэмна траціўся! Тры дні сядзеў на кефіры і чорным хлебе. А ты пыталася ў сяброўкі Валі:

— І хто гэта ўвесь час так метадычна клапоціцца пра мяне ва ўсе святы, дні нараджэння і хваробы?

Ты гаварыла, што ён, той чалавек, чулы, уважлівы і добры, што вельмі хацелася б аддзякаваць яму за ўсё. Вось, любая Кацярына, той час настаў. Аддзякуй, калі ласка! Я прашу не многае — будзь маёй жонкай! Аддай сваю руку і сэрца, хоць вусны твае і сёння аздабляла памада. Чакаць, калі ты зноў возьмешся за розум, няма ні сіл, ні часу...

З таго дня, як у нашай канторы з’явіўся гэты хлыст Лёнька Бліскавец, я адчуў, што ён можа спакусіць цябе сваім вясёлым характарам і легкадумнымі паводзінамі.

Памятаеш той дзень?

Каб ты не паддалася на Лёньчыны ўгаворы схадзіць з ім ў тэатр на эстрадны канцэрт, я спецыяльна купіў аж два білеты і паказаў табе, сказаўшы, што яны ўсё роўна прападаюць, бо самому няма часу схадзіць. І аддаў. Табе і Валянціне. Вы сказалі мне дзякуй за тры рублі і шэсцьдзесят капеек...

А сам я глядзеў канцэрт па тэлевізары ў суседзяў. Каб была прычына зайсці, купіў малому Ігарку дудачку за трыццаць капеек.

Павер, Кацярына, мне не лёгка было сесці за гэты ліст. Як сціплы чалавек, я не здолеў бы табе расказаць гэта вусна, збіўся б і не прыпомніў усяго, што было. Як ты аднойчы, ідучы дадому, сказала мне:

— Піліп! Пачастуйце нас з Валянцінай газіровачкай. Хоць чысценькай!

Дык я вам — аж з сіропам! На ўсе, як ёсць, восем новенькіх капеечак...

І яшчэ памятаю, як ехалі з табою на тралейбусе, як я ўзяў два білеты, а ты мне дала пятак. Я хаваю тую святую рэліквію і па сёння...

Пісаць прызнанне мяне падштурхнуў учарашні выпадак: у канцы рабочага дня Лёнька прынёс вам, усім жанчынам, шампанскае. Ты хваліла тую кісляціну і пры ўсіх зыркала вачамі на Лёньку.

«Усё, кропка! — падумаў тады я.— Заўтра напішу ёй. А то, чаго добрага, трапіць пад уплыў выпадковасці і легкадумства».

І нічога не купіў, хоць і надышло свята. Бо ты была не адна, а да таго часу ўвесь мой баланс ужо складаў дваццаць чатыры рублі і дваццаць дзевяць капеек мінус пятак.

Вось, мая дарагая і ўсё. Чакаю адказу.

Малодшы бухгалтар Піліп Драмлюга».

1966


1966