epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Прынцыповы аратар

— Дык, таварышы, хто мае слова? — можа, у дзесяты раз пытаўся старшыня сходу, калгасны бухгалтар Іван Скачок, чалавек сціплы і дабрадушны. Яму было ніякавата, што людзі не хочуць выступаць. «Ды і каму гэта ахвота крытыкаваць іншых, калі, гаворачы шчыра, у кожнага свае грашкі ёсць!» — падумалася Івану.

І раптам хтосьці даволі гучна крыкнуў:

— Еўсцігнея на трыбуну! Гэта ён унёс у парадак дня тую крытыку і самакрытыку!

— Ідзі, брыгадзір, пакажы сваю прынцыповасць! — загулі галасы з залы.

І не апамятаўся Еўсцігней, як некалькі дужых рук выпхнулі яго наперад, проста да трыбуны.

Адступаць было позна, і брыгадзір калгаса «Чырвоны бераг» Еўсцігней Лягун пачаў падымацца на трыбуну па новых яшчэ прыступках. У зале адразу зрабілася так ціха, што было чуваць, як рыпелі брыгадзіравы боты: левы — адрывіста, пісклява, нібы прасіў літасці, а правы — сціпла, працягла, як самаўпэўнены і надакучлівы драч.

Яшчэ задоўга да гэтага сходу Еўсцігней у злосці прагаварыўся, што мае намер ушчэнт разнесці падхалімаў і розных ашуканцаў, наладзіць ім, як ён казаў, страшны суд. Вось цікаўныя і выпхнулі яго на трыбуну...

«Дзякуй богу, выратаваны!» — задаволена падумаў старшыня сходу.

Лягун паклаў вялізныя кулакі перад сабою, абвёў прысутных сумным позіркам, набраў у грудзі паветра і пачаў:

— Таварышы! Мы і вы, гэта вось... жывём у адной сям’і. І таму будзем самакрытычнымі, прынцыповымі і праўдзівымі!

— Правільна!

— Рэж праўду-матку, брыгадзір! — пачуліся з залы бадзёрыя галасы.

— А чаму нам трэба быць шчырымі? — падахвочаны тымі галасамі, зноў працягваў Еўсцігней.— А таму, што перажыткі мінулага яшчэ блытаюцца ў нас пад нагамі, перашкаджаючы паступоваму руху наперад! Іх трэба растаптаць, змесці з дарогі. Возьмем, да прыкладу, падхалімства. Каму яно патрэбна? Нікому! Дык чаму ж у нашым асяроддзі бывае сустракаюцца падхалімы? Вялікая эпоха...

— Гавары канкрэтна, а не наогул,— шапнуў аратару старшыня калгаса, які сядзеў у прэзідыуме на самым краі, непадалёк ад трыбуны.

Брыгадзір на хвіліну задумаўся, узняў вочы да столі.

— Ці возьмем іншы бок — ашуканства.

— Яшчэ не ўсё з падхалімствам! — крыкнулі з залы.— Раскажы вось сходу, хто гэта на тым тыдні табе плот абнаўляў...

«Усё! Ведаюць! Праваліўся! — падумаў брыгадзір.— Цяпер трэба сячы з пляча ўсіх!..»

І ён секануў:

— Праўда! Было гэта, ліха яго матары! Гэта ўсё ты, Іван Гаўрылкін! — звярнуўся брыгадзір да маладога чубатага калгасніка, што сядзеў на першым радзе.— Што ты мне тады плёў, ашуканец такі? Ты гаварыў, што з задавальненнем паправіш мне плот, які ў многіх мясцінах згніў і абваліўся... Конь табе спатрэбіўся, а не плот мой, вось што, Гаўрылкін. І не крыўляйся цяпер! Чатыры бліскучыя колікі ўваткнуў ад вуліцы, каб людзі бачылі, каб пасля дакаралі мяне — і гэта ўсё! Чатыры колікі! Курам на смех... А тое, што за садам, ад выгану, каровы ў агарод заходзяць, ён, бачыце, не заўважыў! Тут, таварышы, апрача падхалімства, мы маем яшчэ і ашуканства. Каго ты ашукаць хацеў, голуб? Ну, Гаўрылкін! Папомню я табе тыя колікі ад вуліцы!..

Еўсцігней глынуў вады, пацягнуў тоўстым носам паветра і зняў з трыбуны адзін кулак.

— А вы, таварыш Хапунок,— тыцнуў ён у залу пальцам.— Дзеля якой мэты, скажыце, ваша жонка выпытвала ў старшынёвых дзяцей, калі ў нашага паважанага Андрэя Іванавіча дзень нараджэння? Вам гэта спатрэбілася, каб у той знамянальны для нашага калгаса дзень паднесці дарагому Андрэевічу... Ах, халера, Івану..; Андрэю Іванавічу — вось! Паднесці ў парадку падхалімства нейкіх фарфуровых сабак...

Брыгадзір палез у бакавую кішэню і дастаў адтуль складзеную паперку. Разгарнуў яе, уткнуўся ў паперку носам і прадоўжыў:

— Далей... Гэткія ж абразлівыя падарункі прынеслі ў той дзень Сцяпан Войцік, Банадысь Хадыка, Піліп Вяртун і Нічыпар Дзілендзік... Што вы сабе думаеце, таварышы! Навошта нашаму дарагому, усімі любімаму старшыні гэтая фарфуровая гайня? Я-то вас разуме-еею,— паківаў у залу пальцам брыгадзір.— Такое, ведаеце, падхалімнае машэнства. І дзешава купіў і дорага прадаў! Не будзем дробязнымі, таварышы! Нікому не патрэбны тыя сабачкі. Калі ўжо вы вырашылі без падхалімства паднесці імянны падарунак, што ўсюды, вядома, дазваляецца... У нашай краме цяпер нават тэлевізары ёсць! Цяжка аднаму набыць — склаліся двое-трое і паднясіце рэч, дастойную эпохі, а не мяшчанства! Коцікі, сабачкі і ім падобныя...

У зале ўсё часцей і часцей чуліся галасы і смех, але брыгадзір прыпісваў гэта сваёй аратарскай здольнасці.

— Далей! — ужо крычаў ён, размахваючы кулакамі.— Мала таго, што вы самі дазваляеце ганебныя ўчынкі, дык яшчэ хваробу гэту якімсьці чынам перадаеце і нашчадкам! Бачыў я аднойчы, як нашы дзеці гулялі ў будаўнікоў. Усё было прыстойна, як і належыць, як на сапраўднай будоўлі. Войцікаў Алесь гліну мясіў і сушыў цэглу. Хадыкаў даўганогі блазнюк цягаў з рэчкі ваду. Дзілендзікаў таўсцюк маляром быў, ну а мой — брыгадзірам адпаведна! Старшынёў Святаслаў — інжынерам быў! Дык гэта Войцікаў, каб не мясіць гліну, Свеціку свістульку — салаўя падсунуў. Чулі? Свістульку! Ну, думаю, няўжо возьме, няўжо спакусіцца? Аж не! Не такі Святаслаў Андрэевіч, каб яго дробяззю нейкай купілі. Упэўніўшыся, што свістулька зламаная і не свішча, ён кінуў яе на зямлю і мудра сказаў: «Мясі гліну і не падлізвайся!» Вось гэта кіраўнік. Такой прынцыповасці, таварышы, нам, дарослым, падчас не стае. Улічыце гэта, падхалімы! Давайце будзем шчырымі, раз і назаўсёды расквітаемся з дробязным, нікому не патрэбным падхалімствам, не кажучы пра машэнства, якое пры гэтым назіраецца. Я скончыў, таварышы...

Ідучы на месца, Еўсцігней Лягун задаволена зірнуў на прэзідыум. Ён заўважыў, што калгасны бухгалтар сядзеў, нізка апусціўшы галаву, і тросся ад смеху. Няўцям было брыгадзіру і тое, што старшыня быў злосны і надзьмуты. Ён паказаў брыгадзіру з-пад стала кулак і адвярнуўся.

«І апладысментаў не было. Вось і цяпер... адны хіханькі ды хаханькі! — недаўменна думаў Лягун, азіраючыся па баках.— І старшыня зазлаваў. Ніхто не любіць самакрытыкі! Ой, ніхто-о-о! І... і... які гэта д’ябал мяне на трыбуну выпхнуў?!»

— Дык, таварышы, хто яшчэ мае слова? — зноў спытаўся старшыня сходу Іван Скачок у шумлівай залы.

Сход працягваўся...

1966


1966