epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Сам сябе падвёў

Захар Язэпавіч Выкрутка, галоўбух аднаго паважанага прадпрыемства,— заядлы грыбнік. Ён упраўляецца выехаць на свае ўлюбёныя мясціны сярод тыдня, проста з работы. Балазе, заўсёды пад рукой зеленаваты шустры «Масквіч», на якім Выкрутка, як сам не раз казаў, аж чатыры разы апаясаў зямны шар па экватары.

Не магу пацвердзіць пэўна, але людзі казалі, што заўзяты грыбнік, бывала, наведваў лагойскія лясы так рана, што гадзіны дзве збіраў крамяныя баравікі з дапамогай асабіста ім сканструяванага акумулятарнага ліхтарыка...

Адным словам, у гэтай справе ён быў вялікі вынаходца і мастак. Зімою вы заўсёды знойдзеце ў Захара Язэпавіча грыбкоў рознага гатунку: марынаваных, салёных, смажаных і сушаных. «Прыходзьце на грыбы!» — любіў запрашаць знаёмых і суседзяў Выкрутка. І частаваў ад душы, не шкадуючы.

У наш час знайсці грыбную мясціну не так ужо і лёгка, бо тыя, хто мае свой транспарт, на легкавушках і матацыклах дапінаюць аж за сотню кіламетраў ад горада, выкоўзваюць нагамі любыя закуткі лясоў і пералескаў. Спазніся, грыбнік, хоць на гадзіну, і ты будзеш лічыць чужыя карэньчыкі! Што ні кажы, а цяжка стала сапраўднаму грыбніку...

А тут неяк надарылася шчасце.

Едучы ўжо з грыбоў, надумаўся Захар Язэпавіч збочыць у невялічкі лясок, што віднеўся непадалёк ад шашы, проста сярод поля, ды змяніць у машыне адпрацаванае масла. Якраз дарожка з шашы была мяккая, травяністая.

Толькі гэта ён збочыў, выруліў між бярозак на палянку, як адразу ўбачыў паабапал безліч падасінавікаў рознага ўзросту і баравікоў, усё больш маладзенькіх, крамяненькіх...

«Ці не трызніцца мне ўсё гэта, ці не сніцца?» — падумаў ён і прышчаміў у дзверках машыны палец. Стала балюча. А грыбы не зніклі...

— Ура-а! — весела ўсклікнуў Захар Язэпавіч і кулем выкаціўся з машыны. Ён хапаў тыя грыбы як апантаны. А калі паглыбіўся ў лясок, то спярша нават аж разгубіўся: пад кожным дрэвам сядзелі баравікі і падасінавікі. Старыя і зусім-зусім маладзенькія, дробныя, самыя для марынавання. З чырвонымі і чорнымі капялюшыкамі, яны дваіліся і траіліся ў зайздрослівых вачах Выкруткі. Было ясна, што сюды не ступала яшчэ нага грыбніка. Ды і адкуль ёй тут узяцца, калі вёсак паблізу няма, а ўсе ахвотнікі гоняць свае машыны навыперадкі далей. Кожны стараецца як мага раней трапіць у самы далёкі і вялікі бор, схапіць неруш...

«Ды я ж іх за раз не забяру! — раптам мільганула думка.— А што, калі хто па маёй каляіне сюды... Трэба нешта прыдумаць, не дапусціць...»

Не дужа прыдумаеш, калі не ўласнае тваё гэта ўсё: і дарога, і лясок, і грыбы. Нікому не забароніш зайсці. «Зайсці! Зайсці-то не забароніш, а вось заехаць... можна забараніць! — наліваючыся ад радасці чырванню, падумаў Захар Язэпавіч.— Дзе гэта я бачыў тую фанерыну? Здаецца, недалёка...»

Праз колькі часу Выкрутка прынёс аднекуль стары дарожны знак, намаляваны на круглай фанерыне. То была жоўтая цагліна на чырвоным фоне...

Захар Язэпавіч пакорпаўся ў багажніку, нацягнуў між сасёнак драціну, павесіў знак якраз пасярод дарожкі і, задаволены сваёй выдумкай, адышоўся, каб пацешыцца.

Усё было як належыць: шлях забаронены! Гэтай цагліны шафёры баяцца, як самога д’ябла.

«Вось гэта змудрагеліў! Усіх абхітрыў!» — радаваўся Захар Язэпавіч. Набраў паўнюткі багажнік адменных грыбоў і рушыў дадому...

Назаўтра раніцою ён зноў наведаў грыбны лясок. Знак вісеў на месцы, грыбоў было поўна, за ноч нараслі новыя, на здзіўленне ладныя.

Такім чынам Захар Язэпавіч кожную раніцу, патраціўшы небагата часу, прывозіў дамоў поўныя кашы баравікоў і падасінавікаў з гэтай плантацыі і яшчэ спраўляўся своечасова заехаць на работу.

Ды ўсяму бывае канец.

Аднойчы, непрыкметна збочыўшы ў лясок, Захар Язэпавіч заўважыў на роснай траве дзве выразныя ярка-зялёныя паласы: нехта праехаў! Праехаў, не зважаючы на забаронны знак!..

Газануўшы ад злосці як мае быць, ён ледзь не наляцеў на чорны, з чырвонымі палоскамі па баках матацыкл. Аж рыпнулі тармазы, калі ён нарэшце спыніўся. Выскачыў з машыны і... асеў: перад ім стаяў сержант міліцыі...

— З прыездам! — узяў той пад казырок.

— Дзякую,— зморшчыўся Захар Язэпавіч, ліхаманкава ацэньваючы абстаноўку.

— Грыбы, значыць, збіраем?

— Ага, здараецца...

— А гэта вы бачылі? — міліцыянер паказаў на знак.— Сюды ўезд забаронены.

Захар Язэпавіч нявесела засмяяўся:

— Дазвольце растлумачыць...

— Вашы дакументы!

Па выразу твару і па голасу Захар Язэпавіч зразумеў, што міліцыянер не жартуе.

— Калі ласка...— Захар Язэпавіч дастаў з бакавой кішэні пінжака замусоленую кніжачку.— Толькі не думайце, што я парушыў...

— А хто ж?

— Ды гэты знак так сабе, дзеля жарту, не сапраўдны,— замахаў рукамі разгублены грыбнік.

— Калі вісіць, значыць — сапраўдны,— абыякава разглядаючы дакументы, прагаварыў сержант.— Вось, таварыш Выкрутка, і нявыкрутка атрымалася.. У вашым талоне дзве дзіркі.

— Ага, дзве...

— Значыць, два парушэнні.

— Было.

— Было і ёсць.— Сержант рашуча падышоў да «Масквіча» і крутнуў руль.— Вось бачыце, у вашай машыне недазволены люфт рулявога ўпраўлення.

— Было ж, здаецца, усё ў парадку...

— Няхай не здаецца...

У яго руках толькі бліснуў невялічкі кампосцер і — жых! — у талоне з’явілася трэцяя дзірка.

— За што-о?! — хапіўся за галаву Захар Язэпавіч.

— За непаладкі ў транспарце,— быў кароткі адказ.— А за недазволены праезд пад знак прыйдзецца забраць правы. Прыедзеце ў любы час, возьмеце...

— То ж я сам павесіў тую цагліну, каб яна прахам пайшла! — у роспачы зароў Захар Язэпавіч.

— Грамадзянін, не абражайце дзяржаўны знак! — папярэдзіў міліцыянер, кладучы Захаравы правы ў тоўстую палявую сумку.

— Далібог — сам прыдумаў! — усё яшчэ на нешта спадзеючыся, маліў Выкрутка.

Але колькі ён ні маліў, колькі ні даказваў, што схітрыў, зняўшы са старога слупка знак і прыцёгшы сюды, сержант быў няўмольны.

Толькі і сказаў на развітанне:

— Разбяромся!

Матацыкл гыркнуў і, паволі аб’ехаўшы зеленаваты «Масквіч», ірвануў на дарогу.

Вось як яно здарылася!

1973


1973