epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Старая крыўда

Дзед Андрэй і дзед Халімон — суседзі. Не толькі суседзі. Старасвецкія дружбакі — так іх называюць у вёсцы. Пражылі яны, можна сказаць, сцяна ў сцяну ўсё сваё жыццё. А кожнаму з іх цяпер па восем дзесяткаў адгрукала. Не жартачкі. Абодва сівенькія, сухенькія. Як браты, яны часта днямі праседжваюць на лаўцы ў Халімонавым ці Андрэевым садзе і ўспамінаюць былое.

— А памятаеш, як мы з табою, калі яшчэ малыя былі, павыварачвалі кажухі, ускінулі іх на галовы ды спудзілі Нупрэевага жарабка, на якім яго сын, Марка, ехаў? — гаворыць дзед Халімон, і яго вочкі святлеюць.

Дзед Андрэй моршчыцца, трэ кулаком тоўсты чырвоны нос і нарэшце хрыпіць:

— А-а-а! Тады ён зваліўся і нагу зламаў?

— Ага...

— Так яму і трэба.

— Так яму і трэба...— падтаквае Халімон і дадае: — Задавака і прахвост! Панскі прыслужнік... Хе-хе-хе-хехе! — Халімон ні то смяецца, ні то заходзіцца ад кашлю.

— Благі быў чалавек, дык і не пражыў свой век...

Але Халімон зноў успамінае ўжо новае.

— Ці помніш ты, Андрэй, як мы з табою зблудзілі ў нашынскай пушчы, як тры дні на дрэвах спалі ды птушачак смажылі, каб з голаду не памерці? А ўсё ты прыдумваў...

— Усяго было,— згаджаецца Андрэй, набіваючы тытунём люльку.— Неяк раз я вашу качку замест дзікай падстрэліў і яшчэ цябе частаваў. А ты хваліў, што смачная, як свая. Хі-хі-хі-хі! — ужо кашляе-смяецца другі.

— А я, ужо хлопцам будучы, вашага парсючка цыганам прадаў! — усклікае Халімон, і зноў абодва весела смяюцца, па чарзе папыхваючы з адной люлькі.

— Добра мы пражылі свой век, дружа,— задумліва ківае галавою Андрэй.— Ніхто нам, дзякуй богу, на старасці нічога благога не скажа. І самі ніколі не сварыліся...

— Сварыцца часам сварыліся,— махае рукой Халімон.— Памятаеш, як я цябе ў вір пхнуў, каб плаваць навучыўся, дык ты ледзь не ўтапіўся тады? Плюхаўся, фыркаў, як конь, але ўсё ж дашкрабаўся да берага.

— А я цябе за гэта завёў на воўчую яму! От жа і павыў ты ў ёй дзянёк...

— Павыў! — хітра ўсміхаецца Халімон.— Але ж пасля і ты паплакаў...

— Як гэта паплакаў? — цямнее Андрэй і больш не дае Халімону люльку.— Ды я за ўсё сваё жыццё ні разочку не плакаў! У германскую ў палоне не плакаў, у айчынную фашысты да сцяны ставілі — слязы не паказаў...

— Дык гэта было яшчэ да германскай,— гаворыць Халімон і смяецца.— Тады ты яшчэ Хведараву Ганульку абхажваў. Пайшоў неяк раз з ёю на вечарынку ў маіх штанах, бо твае на адных латах былі...

— Нешта не памятаю...— насцярожыўся Андрэй.— Дальбог, не памятаю...

— А я прыйшоў апасля ды і кажу пры ўсіх, хто там быў: «Аддай мае штаны, Андрэй, а то мне самому трэба да Кацькі ісці!» Вось дзе рогату было! Ганулька ад цябе, а ты ў дзверы. Збег у гумно і ночку на сене прарумзаў...

Андрэй устае, выбівае аб дрэва люльку і злосна, з натугаю, гаворыць:

— Хоць я таго і не памятаю, але такой подласці ніколі табе не дарую! Не па-сяброўску гэта, Халімон, не па-сяброўску! Чыстае, што ні ёсць, свінства...

І ён паволі тэпае да свайго саду.

— Дык то ж калі было-о-о! — ідзе следам Халімон.— Яшчэ да германскай, шэсцьдзесят гадкоў таму-у...

— Не чакаў я ад цябе такога... Не чакаў...— бурчыць сам сабе Андрэй і знікае за весніцамі.

Халімон уздыхае, круціць з газеціны цыгарку і вяртаецца назад, на сваю лаўку.

— Чорт жа вось пацягнуў за язык,— сам сябе лае Халімон.— Столькі часу маўчаў, не памінаў. Х-х-хі-хіхі! — аж заходзіцца ён ад смеху.— Штаны ж тыя не мае былі! Я іх у Вольчынага Ахрэма пазычыў... Скажу заўтра Андрэю. Хоць пасмяемся разам...

1966


1966