epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Стары пятак

У тралейбусе без кандуктара народу нямнога. Усе сядзяць. Стаіць адзін. Высокі, сутулаваты мужчына сярэдняга веку. Не голены, у цёплай аблавушцы, у дабротным паліто з каракулевым каўняром, чалавек на кожным прыпынку насцярожана ўзіраецца на папярэднія дзверы і дастае з кішэні пятак. Але ў скрынку не кідае, шкадуе.

— Апусціце, што вы трымаеце! — раіць адна жанчына, што сядзіць непадалёк.— А капейку возьмеце ў таго, хто будзе кідаць дробязь...

— А калі ніякага таго не будзе? У мяне ж пятак...

— Дык я ўжо ахвярую капейку! — жартуе жанчына.

— Бач, добрая цётка знайшлася...

І тут праз пярэднія дзверы ў тралейбус зайшла адна жанчына. Можа, чалавек з пятаком падумаў, што гэта кантралёр, бо адразу зыркнуў адным вокам на «добрую цётку», другім — на пасажырку і загугнявіў на ўвесь вагон:

— Ці не мае хто, таварышы, пятак размяніць? Адзін пятак...

— Вой, і надакучыў жа ён са сваім пятаком! — усклікнуў якісьці нецярплівы пасажыр. Жанчына, што зайшла праз пярэднія дзверы, апусціла ў скрынку пятак, усміхнулася і адарвала сабе білет. Потым села, бо месцы яшчэ былі.

Да чалавека ў аблавушцы наблізілася дзяўчына з падручнікамі ў руцэ.

— Вам, здаецца, трэба пятак размяніць? — нясмела запытала яна.

Але чалавек, здавалася, не чуў і не бачыў нікога навокал. Ён уважліва глядзеў у акно.

Дзяўчына ад няёмкасці пачырванела, азірнулася на пасажыраў, нібы чакаючы падтрымкі.

— Эй, грамадзянін, ці чуеце? Да вас звяртаюцца! — гукнула «добрая цётка».

— А што? — прыдзірліва ўсміхнуўся той.

— Пятак вось прапануюць размяніць.

— Які пятак? І чаго вы да мяне прычапіліся?

— У яго, мусіць, стары пятак! — са смехам заўважыў хтосьці з пасажыраў.

— Вой! Ці хутка ўжо скончыцца гэта гісторыя з праклятым пятаком?! — не вытрымаў нецярплівы пасажыр.— Дайце яму чатыры капейкі і няхай ён...

— А я не жабрак! Ясна? І не трэба, каб мне давалі! І ніхто вам не дазволіў абражаць чалавека! Што значыць — няхай ён?..— накінуўся чалавек з пятаком на нецярплівага пасажыра.— У мяне ёсць сведкі, што вы, малады чалавек, жывёліна! Ясна? Быдла некультурнае — вось хто! Факт!

— Ну, гэта ўжо занадта! — заступіўся за маладога чалавека пасажыр у акулярах і капелюшы, які ўвесь час чытаў газету.— Трэба высадзіць гэтага Пятака!

— Мяне? Высадзіць?! —засмяяўся Пятак.— Гаворыць абы-што, а яшчэ ў капелюшы! Ідзе ён табе, як свінні сядло! Ха-ха-ха-ха!

— Высадзіць яго!

— Паклікаць міліцыянера...

— А вы што — зломачкі...— пачуліся абураныя галасы.

— Зломачкі! Факт! Ха-ха-ха! — аж заліваўся Пятак.— Ось паспрабуйце высадзіць. Ну, хоць і ў капелюшы! Паспрабуй...

З кабіны вадзіцеля выйшаў немалады мужчына і гучна кашлянуў. Пятак зірнуў на яго і перастаў смяяцца. Ледзь ён толькі глянуў на чорнае паліто з сінім жэтонам кантралёра, як белыя бровы палезлі ўгару, светлыя вочкі акругліліся.

— А-а, гэта зноў вы, грамадзянін Жлобіч? Рад вас бачыць! — весела сказаў кантралёр.— Прашу!

Пятак хутка дастаў з кішэні жменю дробязі, адлічыў пяцьдзесят капеек і працягнуў кантралёру.

— Не-е, браток, на гэты раз штрафам не адбудзеш! — паківаў той галавою.— Прыйдзецца крыху прайсці пешшу. Адчыні нам, вадзіцель!..

— Гэта, відаць, ста-ары пятак,— зазначыў чалавек у акулярах і капелюшы, выходзячы следам.

У тралейбусе ўсе дружна засмяяліся...

1966


1966