epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Трапны стрэл

Старшы манцёр Іван Брага, вясёлы і ўзрушаны, забег да свайго сябра кладаўшчыка Івана Балабановіча ў яго маленькую, цемнаватую каморачку пры складзе.

— Усё! Ёсць! Злавіў! — аж прысядаў ад радасці Іван.

— Каго злавіў? — нічога не разумеў Іван Балабановіч.— Хто цвікі ўкраў?

— Ды не... Цвікі ж мы з табою...

— Цс-с! А каго?

— Начальніка! У панядзелак яго дзень нараджэння. Мы яму падарунак — тыц! Глядзіш, і размова лепей пойдзе, спішам тыя дзве скрынкі цвікоў! А то, брат, плаціць прыйдзецца...

Балабановіч махнуў рукою:

— Калі ж ён нічога не бярэ. Ніякіх падарункаў. Мы ўжо летась да яго і так і гэтак падыходзілі, а ён хоць бы табе што...

— Ад мяне возьме! Зайчык, аказваецца, яму патрэбен вось так,— шмаргануў шырокай далоняй па худой шыі Іван Брага.

— Які зайчык?

— Ды звычайны! Свежанькі. Жонцы званіў, што ні на адным базары зайцоў і ў паміне няма. А яна ў трубку: «Хоць з-пад зямлі дастань, а прынясі мне заўтра дзічыну! Што за стол без зайца!» Гэта ж я лінію правяраў і выпадкова падслухаў...

Іван Балабановіч усё зразумеў.

— Калі гэтак, то возьме. А возьме — справа будзе. Спішам цвічкі — і не заікнецца...

— Дык я пабег на лінію! Скончым работу — дамовімся.

Пра што яны гаварылі пасля, стала вядома толькі пад раніцу наступнага дня, калі сябры, з рэчавымі мяшкамі і стрэльбамі за плячамі, сустрэліся на вакзале. Было яшчэ цёмна. Гадзіннік толькі-толькі адгрукаў чатыры разы.

— Нешта, Іван, твой Віхор ушыркі падаўся,— паказваючы на тоўстага і лянівага, як і сам гаспадар, ганчака, прамовіў Брага.

— А дзе ж яму ў горадзе бегаць? Вось і таўсцее..

— Яно-то праўда...

— Нічога. Абы дзічына была. Паглядзіш тады, які ён лоўкі ды спрытны!

— Зайцоў пад Журавамі хапае. І лісы ёсць...

— Лісы сёлета, чуў, брыдкія, аблезлыя. Нам бы парачку зайцоў! Вось бы ўладзілі...

— Чаго добрага, зайцы будуць.

— Яны, кажуць, сёлета тлустыя.

— Як ласі...

Так размаўляючы, сябры-паляўнічыя купілі білеты, зайшлі ў халодны вагон прыгараднага цягніка і ўселіся, дзе хацелі: у вагоне, апроч іх, нікога не было, хоць і нядзельны дзень.

Неўзабаве цягнік рушыў, парыпваючы змерзлымі амартызатарамі і пагрукваючы коламі на стыках. А яшчэ праз нейкі час паляўнічыя выйшлі на змрочным паўстанку проста ў глыбокі снег. Было не цёмна і не відна. Месяц ужо не свяціў. Белай празрыстай плямай ён вісеў на краі неба, і па ім прабягалі гэткія ж светлыя воблачкі.

— У такі час заяц трымаецца бліжэй да вёскі, ля садоў,— сказаў Іван Брага і натупаў паперадзе, пракладваючы сваімі валёнкамі цэлую сцежку.

Балабановіч рушыў следам, трымаючы на павадку свайго незадаволенага і бурклівага Віхора. Так яны ўзышлі на ўзгорак, знялі з плячэй стрэльбы і асцярожна прабраліся паўз вёску, па самыя дахі засыпаную снегам. Мінулі сады і ўвайшлі ў рэдкі стромкі хвойнік. Зайцамі тут і не пахла...

— Давай, Іван, закурым,— прапанаваў Брага.— Усё роўна яшчэ рана паляваць...

— Давай...

Яны павесілі стрэльбы на сукі, абаперліся тоўстымі кажухамі на дрэўцы і задымілі, а Віхор глядзеў на іх, нібыта пытаючы: «У вас хоць занятак ёсць, а мне што рабіць?» Ці то ад нуды, ці то ад холаду ён раптам ускінуў галаву ўгору і гаўкнуў. Яму хорам адказалі з вёскі ўсе сабакі. Гэта спадабалася Віхору, і ён зноў забрахаў.

— А-а, каб ты выпрастаўся! — штурхнуў сабаку нагою Іван Балабановіч.— Трэба, мусіць, пускаць...

Ён адчапіў аборыну ад ашыйніка і ўсунуў яе ў кішэню. Сабака адбегся крыху далей і пакачаўся ў снезе.

— Ну, цяпер акурат самы раз! — кінуўшы недакурак, ажывіўся Брага.— Пайшлі ў Мокры Лог. Там іх у яры, як вераб’ёў на мякіне. Па двое, а то і па трое бегаюць...

— Праўда?!

— Як піць даць!

— Дам, але пазней! — засмяяўся Іван Балабановіч і паляпаў рукою па тугім рэчавым мяшку.

Гэта іх абодвух развесяліла. Умінаючы нагамі снег, яны выйшлі за хвойнік і спыніліся ля вялізнага яра, парослага рэдкім хмызам.

— Цяпер трымай вуха востра! — шапнуў Іван Брага.— Пайшлі ў абход...

— А ў мяне, вунь, ёсць каму трымаць вуха востра,— паказаў на сабаку Балабановіч.— Бач, адразу ўзяў след!

Віхор і праўда збягаў уніз, апусціўшы галаву да самай зямлі. Неўзабаве ён знік у хмызняку зусім. Балабановіч паплёўся за сабакам, а Брага ўзяў лявей, пайшоў верхам.

Тым часам развіднела. Ужо добра былі прыкметны на снезе ўсялякія сляды, зайчыныя петлі, аднак саміх зайцоў нешта не траплялася.

«Я не вазьму, дык ён грукне,— разважаў Іван Брага, паволі прасоўваючыся між арэшніку.— Добра было б і самім па зайчыку дамоў прынесці. Іван, той з сабакам, яму лягчэй...»

І толькі Брага так падумаў, як унізе, на самым дне яра, залівіста забрахаў Віхор. А за брэхам — стрэл! Ды такі гулкі, што з дубцоў пасыпаўся сняжок.

«Ёсць адзін!» — узрадаваўся Брага і пачаў спускацца ніжэй, прыглядаючыся да кожнай плямкі па снезе. Усё яму здавалася зайцамі: і старыя пні, і чорныя купіны, і густыя адзінокія кусцікі. І раптам аж дух заняло: проста на яго, ныраючы ў снег, ішоў вялізны русак. Іван ускінуў стрэльбу і... добра, што не стрэліў. То быў Віхор. Увесь у снезе, з заледзянелымі сасулькамі на поўсці, з маленькай мёрзлай сінічкай у зубах, ён падляцеў да Брагі, пакруціўся, як бы пахваляючыся сваёй здабычай, і гэтак жа імкліва паляцеў назад.

Брага спусціўся па следзе і хутка знайшоў Балабановіча. Той сядзеў на шырокім, ачышчаным ад снегу пні і курыў.

— Па кім? — каротка спытаў Брага, прысаджваючыся побач.

— Па ім,— паказаў на сабаку Балабановіч.— Добра, што прамазаў! А то снег глыбокі, а ён скача, як заяц. Птушак ганяе, бо нешта зайцоў не чуваць...

— Не чуваць,— згадзіўся Брага.— Давай чаго перахопім?

— Давай...

Дасталі хлеб, каўбасу, сала, бляшанку рыбных кансерваў. Балабановіч крэкнуў і выцягнуў з мяшка паўлітэрку. Выпілі. Закусілі. І справа пайшла весялей.

— Я іх тут залетась, ведаеш, па колькі глушыў?

— Ды не, зайцоў... Па чытыры за раніцу! — хваліўся Іван Брага, паказваючы рукою на хмызняк.

— Бач ты! — дзівіўся Іван Балабановіч.— А я, ведаеш, усё ў Зарэчча ездзіў. Таксама па чатыры глушыў. Аднаго разу дык ажно пяць. Больш пуда. Іду гэта на дарогу, ледзь валакуся, а насустрач, з-за куста, шосты! Што будзеш рабіць? Не губіць жа дарэмна звяругу. Памахаў я касавокаму рукою, і аж на сэрцы палегчала. Дык ён, ведаеш, зноў! Абабег і напярэймы сігуе. Не вытрымала тут маё сэрца...

— Ціха! — Брага схапіў Балабановіча за руку,— Віхор некага гоніць, чуеш?

— Чую...

Сабака паяўкаў крыху ды заціх.

— На чым жа я спыніўся? — зноў наліваючы ў капронавую чарку, спытаў Балабановіч.

— А вось тое... Гэта...— стараўся ўспомніць Брага, працягваючы руку за чаркай.— Во — не вытрымала тваё сэрца...

— Ага...— Балабановіч выпіў і дадаў: — Не вытрымала маё сэрца, і я кажу жонцы: «Паеду я ў Зарэчча». Не пусціла! Кажа: «За тыя твае грошы, што патраціш, я двух зайцоў на базары куплю!» Дудкі! От жа наш Андрэй Пятровіч не купі-іў! — ікнуў ён і выцадзіў з чаркі рэшту.

— Не купіў! — пацвердзіў Брага.— А мы яму двух прынясём. Смаж! Рэж! Частуйся сам і частуй гасцей!..

— А калі трапіцца тры, то і трох аддамо...

— Аддамо! Не, пачакай... Аддамо двух, а трэцяга забяром сабе,— разважыў Брага.— Трэба ж і нам нешта прывезці. Дарога, там, розная закусь. Усё грошы...

— Не будзь прагным, Іван! — запярэчыў Балабановіч.— Аддадзім і трэцяга...

— Дудкі!

— Аддадзім...

Яны ледзь не пасварыліся. Добра, што прыбег Віхор і крыху развесяліў тым, што лоўка лавіў на хаду кавалачкі хлеба, каўбасы і рыбы.

Потым крыху паспявалі, выпілі Брагаву чакушку, адзелі схуднелыя рэчавыя мяшкі і пайшлі на поле, куды, як гаварыў Іван Брага, зайцы кладуцца на дзень.

У полі было халадней. Дзьмуў вецер, заносячы сляды ўвачавідкі, і ўпаляваць нічога так і не трапілася. Калі паляўнічыя, зняможаныя і ўчарнелыя, выйшлі на дарогу, то яны ўжо не ведалі, як знайсці паўстанак.

— Трэба брацца ўлева,— гаварыў Брага.

— А мне здаецца — управа,— пярэчыў Балабановіч.

Невядома, да якога часу яны так бы спрачаліся, каб выпадкова не напаткаўся ўвесь белы, з чырвоным носам стары. У высокіх мяккіх валёнках, з мехам за плячамі ён нагадваў сапраўднага Дзеда Мароза.

Стары сказаў, што ідзе з боку паўстанка. І тут мех за плячамі тузануўся. У ім было нешта жывое...

— Ціха, ціха, ціха,— паляпаў па ім вялізнай аўчыннай рукавіцай дзед.— Злавіўся, дык сядзі!

— Хто гэта ў вас там злавіўся? — пацікавіўся Іван Брага.

— Заяц. У сілок трапіў...

Два Іваны стаілі дыханне і пераглянуліся. Такі шчаслівы выпадак у жыцці здараецца толькі раз! Міма яго праходзіць нельга...

— Заяц! От здорава! — першы загаварыў Іван Балабановіч.— А мы нешта не напаткалі... Так патрэбен, што хоць плач!

— А нашто ж ён так пільна патрэбен? — пацікавіўся стары.

— Ды на лякарства...— пачаў выкручвацца Балабановіч.

— На лякарства? Як гэта?

— А так... З пячонкі яго робяць. Ад радыкуліту памагае. І каштуе дорага...

— Колькі ж?

— Тры рублі адна пячонка... Прадай, дзядуля. Выручы з бяды...

— Калі ж і самому трэба. От шапку новую пашыць,— паказаў дзед на сваю старую зайчыную шапку. А ў вачах — непрыступнасць.

— Мы добра заплоцім,— умяшаўся Іван Брага.

— Колькі ж? — вочы ў дзеда падабрэлі.

— Пяць...

— За зайца? — пацікавіўся дзед.

— Ага...

— Пяць за зайца, тры — за пячонку, два рублі — за шкурку. Дзесяць! — усклікнуў зусім павесялелы дзед.

— Восем,— прастагнаў Балабановіч.

— Дзесяць!

— Давай!..

Калі адлічылі грошы і стары пайшоў, Брага папракнуў:

— Пячонка, якую трэба выкінуць, нам абышлася тры рублі! Лепшага ты нічога не мог прыдумаць...

— Нічога, вытрымаем,— апраўдваўся Іван Балабановіч.— Ты паглядзі, які заяц! Леў! Кіло чатыры...

Брага ўзяў рэчавы мяшок з зайцам і павагаў.

— Пацягне і шэсць! — упэўнена зазначыў ён.

А Віхор дык аж скакаў ад радасці і ўсё цэліўся схапіць за мяшок зубамі.

Ішлі сябры-паляўнічыя бадзёрыя, усё перадаючы адзін аднаму пранесці зайца, які вырас нарэшце да паўпуда! Калі наперадзе паказаўся паўстанак, Брага сказаў:

— Што ж мы яго так жывога і аддадзім. Адразу ўведае, што купілі...

— Праўда,— згадзіўся Іван Балабановіч.— Трэба грукнуць. Скідай мяшок і адыдзіся, а я...

— Не, не! Мяшка шкада. Моцны яшчэ, амаль новы...

— А што ж рабіць?

— Прывяжам вунь да той бярозкі. Аборынай...

— Давай! Толькі патрымай сабаку...

Зайца моцна прывязалі да бярозкі, што расла побач з дарогай. Іван Брага трымаў сабаку, а Балабановіч зняў з плячэй стрэльбу і адышоўся.

— Як бы там ні было, але ўсё ж бог ёсць! — закладваючы ў ствол патрон, прамовіў Балабановіч.— Добры стол будзе ў нашага начальніка...

— Дзі-іва! Заяц, як лось... Толькі ты цаляй у галаву, каб мяса было чыстае, без шроту...

Іван Балабановіч прыцэліўся і стрэліў. Гэта быў трапны стрэл.

Заяц падскочыў угору і на хвіліну прапаў з вачэй.

Спачатку яны абодва стаялі, як здранцвелыя. А потым кінуліся да бярозкі. Здарылася цуда: ніякага зайца там не было. Адно — аборына матлялася ля дрэўца, лоўка перасечаная зарадам...

— Ву-унь ён! Ву-унь! — паказаў на тоўсты Віхораў задок Балабановіч.— Трымай, Віх-хор! Трыма-ай!!!

Пачуўшы сваё імя, сабака спыніўся, азірнуўся і паволі завіляў назад. А далёка на ўзгорку мільгаў жывы шэры камячок...

1966


1966