epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

У Баркоўскай пушчы

Восень.

Сярод лісця і моху дзе-нідзе яшчэ трапляюцца старыя злінялыя мухаморы, ды у гушчары, ля замшэлых пнёў, чарнеюць пацямнелыя ад восеньскіх дажджоў апенькі.

З бяроз, што густа растуць між хвой на ўзлессі, ціха і бясконца сыплецца жоўтае лісце. Ад парываў ветру бярозкі ўзмахваюць галінамі, быццам страсаючы з сябе гэтае летняе ўбранне.

Цікавы і прывабны куток — Баркоўская пушча. Тут ёсць балоты, дзе летуюць гусі і качкі, ёсць азёры, поўныя рыбы, ёсць прасторныя паляны з зялёнай сакавітай травой для дзікіх коз і ласёў, ёсць рака Бароўка, на якой даўно пасяліліся бабры. А самае важнае ў Баркоўскай пушчы — бары. Сосны, быццам адлітыя з бронзы, паважна і велічна хістаюць вяршалінамі, і, калі глядзець угору, на белыя воблакі, здаецца, плыве зямля.

Сёлета прыйшлі сюды людзі. Прыйшлі і спыніліся ў гушчары, высеклі яго і на голым месцы паставілі некалькі драўляных будынін.

З таго часу, як толькі ў пушчы прачынаецца дзень, нейкім новым гулам гудзе яна, поўніцца людскімі галасамі...

Прабіраючыся па вузкай сцяжынцы на лесасеку, матарыст Лявон Ліпніцкі па-гаспадарску аглядаў тоўстыя падсечаныя сосны. «Час валіць іх,— падумаў ён,— а то хутка ў адстаўку выйдуць...»

На плячах у Ліпніцкага кароткая электрапіла, якая служыць і сякерай. Ён сярэдняга росту, дзябёлы, павольны ў рухах. І нават дзіву даешся, як гэты цяльпух ухітраецца дзве нормы за дзень даць.

Ліпніцкі спыніўся і паглядзеў навокал сябе. Вось ён, лес які! Сэрца радуецца, калі глядзець на яго, удыхаць лясны вільготны водар. Ціха так, што чуваць уласнае дыханне. І раптам недзе застукаў матор, быццам хто на матацыкле прыехаў.

«Уключылі ўжо!» — з задавальненнем адзначыў сабе Ліпніцкі і шпарка рушыў на паляну першай эстакады.

Вальшчыкі і трактарысты, стоячы каля вогнішча, весела аб нечым гутарылі. Ліпніцкі прайшоў да будана, дзе хавалі на ноч кабельныя шлангі, і, захапіўшы два скруткі, падключыўся да асноўнага кабеля.

Зазвінела піла. Высокая гонкая прыгажуня сасна раптам уздрыгнула і, ледзь крутнуўшы вяршалінаю, з працяглым стогнам пачала падаць. Яшчэ не заціхла водгулле, а ўжо ўздрыгнула другая, трэцяя...

І раптам зноў стала ціха-ціха.

— Адбо-ой! — пачуўся гучны бас механіка, і Ліпніцкі аж скрыгануў зубамі. Толькі ў азарт увайшоў, і вось — на табе! «Адбой!» Гэта значыць, электрастанцыя зноў стала на рамонт.

Ліпніцкі адключыў пілу і, ускінуўшы яе на плечы, рашуча закрочыў да станцыі. Там ужо тупаў начальнік лесаўчастка Васіль Барэйка. Як заўсёды, пануры і маўклівы, ён толькі кіўком галавы прывітаўся з Ліпніцкім.

— На доўга сталі? — стрымана спытаў матарыст.

— Відаць, на поўдня...

— Эх, гора-механікі! Якая мама вас толькі на свет нарадзіла,— лаяўся маленькі чубаты лесаруб з чорнымі жвавымі вочкамі.— Збягу ад вас... Нарміроўшчыкам у кантору пайду, у сакратары падамся! Не работа, а чорт ведае што.

— Ціха, таварышы. Усё наладзіцца,— міргаў вялікімі вачыма Барэйка.— Да нас едзе яшчэ адзін механік. Праўда, таварыш Ліпніцкі?

— Так, Вера...— задумліва пацвердзіў матарыст і ўздыхнуў.— Едзе. Толькі думаю, што нам ад гэтага ні холадна ні горача не будзе — да Сіліча накіруюць.

— А ты пазмагайся за сястру, каб у нас пакінулі,— прамовіў Барэйка.

Ліпніцкі ўсміхнуўся, бо ведаў прычыну, чаму Барэйка так жадае мець новага механіка. Дзён пару назад ён паказаў Барэйку фотакартку гэтага механіка, і начальнік участка вельмі доўга глядзеў на яе.

— Я пастараюся, таварыш Барэйка,— паабяцаў матарыст і, змяніўшы электрапілу на лучковую, рушыў у лес...

 

* * *

Маладыя ліпкі ў інеі.

Сонца яшчэ не ўзышло, і яны стаяць, быццам апавітыя белай смугою.

Слухаючы роўны гул трохтоннай машыны, Сініцкая задумліва пазірае ўперад праз цьмянае ветравое шкло. Там, за далёкім борам, амаль на паўнеба ўспыхнула зара. Грузавік імчыць ёй насустрач, абуджаючы грукатам ранішнюю цішыню.

«Бывай, горад! Бывай, родны тэхнікум. Наперадзе — праца, новае жыццё, цудоўнае і заманлівае».

Маўчанне парушыў Пятрусь, малады шафёр у сінім камбінезоне паверх ватоўкі і ў танкісцкім шлеме.

— Значыць, як бы гэта сказаць, едзеце да нас на працу і не ведаеце яшчэ, што такое Баркоўская пушча? Шкада...

Гаворыць ён гучна, расцягваючы кожнае слова. Позірк яго ні на хвіліну не адрываецца ад шэрага бруку, які імкліва бяжыць пад колы машыны.

— Чаму ж шкада?

Вера ўважліва паглядзела на хлопца, па звычцы ледзь прыжмурыўшыся.

— Парадкі ў нас, як бы сказаць, не важнецкія. І жыццё не асабліва вясёлае. А жывём, сапраўды, як у пушчы. Ні кіно, ні лекцый якіх...

— Ведаю. Чула ад Ліпніцкага. Матарыстам у вас працуе...

Пятрусь падазрона глянуў на спадарожніцу.

— А вы адкуль ведаеце яго? V

— Мой стрыечны брат.

— Спраўны хлапец. Летась у Чэрвеньскім леспрамгасе ордэн Чырвонага Сцяга за працу атрымаў. А прыйшоў да нас, у Баркоўскі леспрамгас,— на лучковую пілу сеў. Ці многа дасі ёю?

— А механізмы?

— Ат,— махнуў Пятрусь рукою,— не ўкаранілі яшчэ як след.

— Цікава...

Вера гаворыць разважліва. Гэта як бы дадае ёй сталасці, хаця на самай справе Сініцкай яшчэ не поўных дваццаць год. Яна сярэдняга росту, з прыгожым, ледзь загарэлым тварам.

Цёмныя косы, выкладзеныя на галаве каронай, надаюць яе спакойнаму твару строгасць, рашучасць. У яе тонкія вусны і прыгожыя чорныя бровы. А ля вачэй ледзь бачны тоненькія маршчынкі, і калі Вера моцна задумваецца, маршчынкі становяцца больш прыкметнымі. Тады ёй можна даць гадоў нават дваццаць пяць, а то і больш.

Набыўшы спецыяльнасць электрамеханіка, Сініцкая сама выбрала працу ў лесе. Яе вабіў лес, яго таямнічы гоман уначы, яго трывожны шум перад навальніцай, яго вясёлы шэлест летнім ранкам...

Машына ўвайшла ў пушчу. Вера не адрывае вачэй ад шурпатых камлёў, на якіх блішчаць жоўтыя падсочкі з бляшанымі, перапоўненымі смалой, прыёмнікамі.

Пасля бор скончыўся. Справа і злева пацягнуўся зялёны малады саснячок. Калі глядзець з кабінкі, здаецца, яму няма канца-краю. Роўнымі радамі сасонкі ідуць да самага небасхілу...

— У вайну яшчэ,— зноў ціха пачаў шафёр,— фашысты выпалілі тут лес. Мы яго ў сорак шостым сеялі. Расце! — Ён памаўчаў крыху і дадаў: — Пасеялі на сто сорак гектараў больш, чым фашысты выпалілі...

Неўзабаве дарога павярнула ў цёмны ельнік, пагоршала. Веру чамусьці стала моцна падкідаць на мяккім сядзенні, а шафёр сядзеў хоць бы што.

Яшчэ з паўгадзіны ехалі па лясной дарозе, збочваючы то ўлева, то ўправа, пакуль машына не спынілася ля доўгай паветкі-гаража. Гэта база ўчастка.

— Таварыш Дубовік! Гаручае прывёз,— крыкнуў некаму Пятрусь. Вера захвалявалася, сяк-так адчыніла кабіну і ступіла на мёрзлую зямлю.

Пятрусь зняў чамаданы Сініцкай і, не ставячы іх, паглядзеў на дзяўчыну дапытліва.

— Куды цяпер мне? — спытала яна.

— У кантору... Калі хочаце, я давяду,— нясмела вымавіў ён.— Дырэктар заўсёды там.

— Калі ласка...

Яны паволі рушылі да канторы, побач з якой стаяў інтэрнат. За ім яшчэ сем будынкаў — і ўсё.

Вуліца перад будынкам была пасыпана жоўтым пяском. На невысокіх слупах віселі электрычныя ліхтары. У будынках таксама электрычнасць. Гэта, відаць, скарысталі перасоўную электраўстаноўку.

— Як жа называецца ваш горад? — усміхнулася Вера, пазіраючы на хлопца сваімі прыжмуранымі вачыма.

— Светлагорск,— не задумваючыся, адказаў той.— Мы так называем.

— Гучна... Калі-небудзь, можа, тут вырасце сапраўдны горад, хто ведае...

— У гэтай пушчы?

— У пушчы.

Пятрусь прыпыніўся ля дзвярэй канторы.

— Цяпер, прабачце... Вось сюды,— паказаў ён.— Толькі пастукайце, а то ў нас Іван Маркавіч, начальнік, чалавек з характарам, павагу да сябе любіць... А пра горад мы як-небудзь пагутарым.

— Дзякую за параду.

Вера падышла да дзвярэй і міжвольна пачырванела — яна хвалявалася.

Іван Маркавіч Адамчук, мужчына гадоў сарака пяці, апрануты ў вайсковую форму, з шэрым невясёлым тварам і вялікімі залысінамі на лбе, сустрэў Веру суха.

— Сініцкая Вера Паўлаўна,— адкінуўшыся на спінку крэсла, прачытаў ён на паперцы, якую падала Вера.— Добра, добра... Спадзяюся, вы сёе-тое наладзіце ў нас. Толькі абжываемся. Механікаў мала... Валодзька! — раптам крыкнуў ён.— Залічы на Сілічаў участак,— і прасунуў паперку Сініцкай у фортку, якая адчынялася ў суседні пакой.— Галоўным механікам!.. Чуеш?

— Ёсць залічыць на Сілічаў участак галоўным механікам,— пачуўся звонкі голас, і ў фортцы паказалася чубатая галава Валодзькі, які сёння першы дзень займаў пасаду нарміроўшчыка.

Адамчук устаў і, абапёршыся тоўстымі кулакамі на стол, хітравата глянуў на Веру.

— Мець людзей з адукацыяй надзвычай прыемна для нас. Ад гэтага толькі карысць. Так?..

Веры ён не спадабаўся.

Калі яна ішла з канторы на адведзеную ёй кватэру, упершыню адчула сябе адзінокай і засумавала.

 

* * *

Участак Сіліча, куды прызначылі Веру галоўным механікам, лічыўся лепшым. Ды і сосны тут былі на славу, быццам спецыяльна падабраныя.

Сам Сіліч, высокі, дабрадушны бландзін, прыняў Сініцкую ў свой калектыў ахвотна, нібы даўно чакаў яе.

— Вам тут будзе не цяжка,— паабяцаў ён пры першай сустрэчы.— Механікі і манцёры ў мяне — золата.

Аглядаючы электралябёдкі, пілы і электрычныя ўстаноўкі, Вера хутка пераканалася, што Сіліч казаў праўду. Брыгады працавалі дружна, кожны добра ведаў сваю справу і ўмела выкарыстоўваў механізмы...

Была ціхая сонечная раніца, адна з тых раніц, калі прачнуўшыся, адразу ідзеш да акна і доўга глядзіш на свежы снег, на задуменны, у сіняй смузе лес.

Вера ішла на працу вясёлая. Паветра было мяккае, зусім не такое, як учора, калі голая зямля грукала пад нагамі.

Прайшоўшы ў кірунку недабудаванага клуба, Сініцкая азірнулася. У гэты час паблізу загуў трактар, а разам з ім зашумеў над лесам вецер. З хвой пасыпаўся снег, абсыпаў Верын твар, плечы, хустку.

— Добры дзень! — пачула Вера голас Петруся. Хлопец падыходзіў да яе з цёплай усмешкай на твары, як даўно знаёмы.

— Добры дзень...

— Ну, як вам тут... Спадабалася?

— Сказаць па праўдзе, вельмі спадабалася,— прызналася Вера.— Не чакала нават.

— Вось і добра,— ускінуў бровы шафёр.— Вы ў Сіліча? О, ён можа стварыць умовы такому чалавеку, як вы. Пусціць, як той казаў, дым у вочы.

— Чаму — такому чалавеку, як я?

— А-а, самі зразумееце...

Вера сумелася. Што гэта азначае? На што намякае Пятрусь? Што гэта за «ўмовы» і што за чалавек Сіліч? Але распытваць Петруся пра ўсё гэта яна не адважылася, а спытала пра другое:

— Вы не ведаеце, як ідуць справы на суседнім участку, у Барэйкі?

— Вось аб гэтым хацеў я запытаць у вас, Вера Паўлаўна...

У голасе Петруся адчувалася крыўда.

— Адкуль мне ведаць, што дзе робіцца, я ж тут навічок.

— Навічок — гэта праўда,— сказаў Пятрусь больш лагодна.— Але ўчора новыя дзве пілы атрымалі?

— Атрымала.

— Гэта з участка Барэйкі. Далей — новую электраўстаноўку «ПДС-15» атрымалі? Таксама з яго ўчастка. Адабралі і перадалі вам.

— Нічога не разумею.

— А вы схадзіце да Васіля Барэйкі. Зразумееце...

І Пятрусь, кінуўшы даверлівы позірк на Сініцкую, адышоў.

«А што, калі б, сапраўды, схадзіць да Барэйкі?.. Лявона там убачу»,— падумала яна і рашуча закрочыла на дарогу.

З-за павароткі выехала газагенератарка. Вера ўзняла руку. Незнаёмы шафёр адкрыў кабіну.

— Мне на ўчастак, да Барэйкі,— сказала Вера, стараючыся перакрычаць гул матора.

Калі Вера злезла з машыны і па вузкай сцяжынцы накіравалася на лесасеку, яна адразу заўважыла вялікую розніцу паміж участкам, які яна ўжо лічыла сваім, і ўчасткам Барэйкі.

Сам Васіль, шыракаплечы, дужы, у чорным кажушку і зімовай шапцы, на якой яшчэ было прыкметным месца, дзе нядаўна была зорачка, стаяў ля вогнішча і абыякава загадваў дзяўчатам:

— І гэтую верхавіну сюды, у агонь. Каб хоць чыста было.

Пры з’яўленні Веры ён збянтэжыўся.

— Таварыш Сініцкая?.. Вось нечаканасць!.. Што ж, добры дзень, праходзьце сюды.

Вера падышла бліжэй, абтрэсла з хусткі снег і, аглядаючы наваколле, прамовіла з дакорам:

— І то сказаць — нечаканасць. Да людзей — дарога, а да вас — толькі сцяжынка. Ледзь знайшла.

Тут яна заўважыла, што і постаць Барэйкі і яго круглы твар з тупым падбародкам нагадваюць ёй нешта знаёмае, быццам калісьці яны ўжо сустракаліся. На момант Вера задумалася, але так нічога і не ўспомніла.

— Вы прыйшлі пацікавіцца, як мы тут выкарыстоўваем машыны? — з-пад ілба зірнуў на яе Барэйка.— Пойдзем да Прохарава. Гэта мой электрамеханік, ваш калега.

Ён зацягнуў тужэй рэмень на кажушку і рушыў наперад, пракладаючы валёнкамі сцежку на цаліку.

— Як гэта ў вас тут лес валяць? — спытала на хаду Вера.

— Катлом. Спосаб такі ёсць...

Сініцкая не ведала гэтага спосабу, але ўсё ж падумала: «Непарадак які! Ні прайсці ні праехаць».

— Ведаеце,— зноў пачаў Васіль Барэйка,— у нас зусім іншыя ўмовы, не такія, як на Іванаўскім участку, у Сіліча.

— Хіба вы не нашага леспрамгаса?

— Ад гэтага справа не мяняецца. У нас два лагеры,— ён рашуча глянуў на Сініцкую,— Так, так... Лагер Сіліча і — Барэйкі.

— Як гэта?

— Як ёсць. Начальству, відаць, патрэбна. Вось яно і стварыла сабе шыльду — паказальны ўчастак Сіліча. Лепшых спецыялістаў — Сілічу, лепшую тэхніку — Сілічу. Усё яму. Нават маіх лепшых пільшчыкаў забралі. І хваляць яго — герой! А ён зазнаецца, задзірае нос вышэй лесу.

— Я гэтага не разумею...

— І я раней таксама не разумеў... Глядзіце, вунь стаіць наша лепшая станцыя, пацікаўцеся ёю.

Механік Прохараў сустрэў іх кіўком галавы і ветлівым «добры дзень, маладыя людзі».

Барэйка дастаў з-пад папружкі рукавіцы і, дапамогшы Прохараву, які каціў да станцыі бочку з бензінам, сказаў:

— Таварыш Прохараў... Тут вось цікавяцца нашай тэхнікай. Пакажыце сваю «ПС-12-200».

Прохараў, немалады чалавек, у чорнай ватоўцы, паглядзеў на Веру сваімі яснымі блакітнымі вачыма і сказаў:

— Вы добра зрабілі, што прыйшлі сюды сёння. Вось наша новая машына. Учора толькі атрымалі...

Сініцкая падышла да машыны і пазнала яе. Тры дні назад па загаду Сіліча гэтую станцыю накіравалі на базу, запісаўшы ў сшытку прафілактыкі: «Замяніць кольцы поршняў і адрамантаваць калектар».

— Вам яе з базы прывезлі? — павярнуўшыся да Барэйкі, спытала Сініцкая.

— Проста з участка Сіліча, ад вас,— нахмурыўшы бровы, сказаў механік.— І кожны дзень так. Лепшае забіраюць, горшае прысылаюць. Пакуль наладзіш — і рабіць няма калі...

— Дык што ж вы маўчыце? Да тэхнічнага кіраўніка ідзіце, да Дубовіка.

Прохараў падышоў бліжэй да дзяўчыны. Яго смуглявы твар пацямнеў.

— Не дапаможа. Яны з Адамчуком рашылі адзін участак трымаць для наведвальнікаў. А нам, Барэйка,— звярнуўся ён да Васіля,— трэба даказаць ім, што сіла таксама і ў людзях. Лес валіць — не грыбы збіраць. Трэба самім вучыцца, людзей вучыць, вось як...

Вера пільна глянула на Барэйку. Ён адчуў значэнне гэтага позірку і вінавата прамовіў:

— Безумоўна... Я многае мог бы выправіць і раней, але няма падтрымкі збоку. Рукі апускаюцца.

— Эх, і панёс, і панёс, як баба,— з абурэннем зазначыў механік.— Сірата няшчасная! А ты як начальнік тут, пакажы, на што здольны... Моладзь трэба вучыць, яна да ўсяго ахвоту мае.

— Правільна! — пацвердзіла Вера.— Я таксама дапамагу вам. Можна?

Яна засаромелася, але Прохараў шчыра працягнуў руку дзяўчыне.

— Будзем вельмі ўдзячны...

Барэйка глядзеў на іх з усмешкай.

— Мы пачнём вучыцца,— сказаў ён.

А калі Вера падалася ў другі канец дзялянкі, Барэйка пакрочыў следам.

— Засталіся б у нас працаваць, Вера...

— Мяне ж прызначылі да Сіліча.

— А вы з братам гутарылі? Не? Тады схадзіце да яго. Ён раскажа, што за чалавек гэты Сіліч.

Вера, нічога не адказаўшы, шпарка пайшла па сцежцы.

Барэйка праводзіў яе позіркам і раптам крыкнуў наўздагон:

— Глядзіце ж, прыходзьце!

Яна азірнулася, махнула рукою.

 

* * *

Іван Маркавіч Адамчук сядзеў у канцылярыі ў добрым настроі і пыхкаў папяросай. Дым сінім воблакам гойдаўся над яго рабочым сталом і таяў пад столлю.

Тое, што займала Адамчука, што хвалявала,— здзейснілася. Базы ўчасткаў цяпер поўнасцю пераведзены ў лес. Гэта на шмат палегчыць працу лесарубаў, якія раней хадзілі сюды за некалькі кіламетраў з Баркоў. Ніхто цяпер не скажа, што Адамчук не гаспадар. Важкія аргументы. Ёсць і яшчэ чым пахваліцца. Новыя тралёвачныя машыны, якія, як ён казаў на партбюро, «з зубоў вырваў», гэта — раз; цесляры скончылі будаваць клуб — два, і трэцяе — цалкам укамплектавана вядучае звяно лесарубаў паказальны ўчастак Сіліча.

Іван Маркавіч прайшоўся па пакоі, які быў застаўлены мяккімі крэсламі і дубовымі столікамі, прыпыніўся ля нарміроўшчыка, маленькага, з хітрымі вачыма Валодзькі-Чыжыка, як называлі яго тут за малы рост і непамерна вялікі пышны чуб.

— Значыць, няма ў нас недахопаў, а?

— Кругом адны дахопы! — задаволены добрым настроем дырэктара, пажартаваў той і зноў схіліўся над сваімі паперамі.

У дзверы, пастукаўшы, увайшла Сініцкая.

— А-а, чакаў, чакаў вас, Вера... Э-э, прабачце, забыўся як па бацьку,— запнуўся Адамчук і пацёр лоб.

— Паўлаўна,— падказала дзяўчына. Яна падышла да стала і скінула рукавіцы.— Душна ў вас, Іван Маркавіч, проста дыхаць няма чым...

— Што ж зробіш,— развёў ён рукамі,— стары ўжо я, люблю цяпло. Сядайце, расказвайце, з чым прыйшлі.

Вера села на край мяккага крэсла, якое яшчэ пахла клеем.

— Вось што... Буду прасіць вас, Іван Маркавіч, каб перавялі мяне на ўчастак Барэйкі,— пачала яна з хваляваннем.— Мне здаецца, што я там буду больш карыснай. У іх яшчэ дзе-нідзе працуюць звычайнай пілою... Механікаў мала, машыны прастойваюць...

Адамчук насупіўся. Яго шэры, чыста паголены твар пацямнеў.

— Ага! — нарэшце выкрыкнуў ён, уціснуўшы ў кішэні рукі.— Пачынаецца!.. Без году тыдзень як працуеце, а ўжо свае заўвагі — дырэктару. Можа, хутка і артыкул у газету напішаце, а?

— Пры чым тут артыкул? — здзівілася Вера.

— Даў вам самы лепшы ўчастак — не падабаецца. Значыць, хочаце недахопы шукаць, выпраўляць...

Потым сеў, падпёр падбародак рукою і не сказаў больш ні слова.

Вера пакрыўдзілася, але ўспомніла, што яна ўжо не студэнтка, што ў жыцці трэба быць рашучым, каб пастаяць за сябе, набралася смеласці.

— Я, Іван Маркавіч, электрамеханік. У мае абавязкі ўваходзіць абслугоўванне і рамонт электрамеханізмаў. І ў Сіліча мне амаль няма чаго рабіць... Там, як вядома вам, няспраўныя механізмы замяняюць новымі...

— Гэта справа Дубовіка. Дарэчы, ён мой намеснік...

— Вось як? Не чакала...

Іван Маркавіч падышоў да Веры, ва ўпор пазіраючы на яе з-пад навіслых броваў.

— Скажыце шчыра — вы незадаволены нашымі парадкамі? — спытаў ён, сцішыўшы голас.

— Не ведаю, што адказаць. Участак Барэйкі мне не падабаецца.

Вера ўстала. Яе шчокі гарэлі. Зразумела, што пакрыўдзіла дырэктара, але ведала — сказала праўду. І здзівілася сваёй смеласці, якой не было дагэтуль.

— Та-ак! — скрывіўшы набок галаву, сказаў Адамчук.— Я думаў, слаўная вы дзяўчына... А выходзіць, задзірыстая.

Адамчук адвярнуўся, зірнуў на нарміроўшчыка і, надзеўшы паліто і шапку, выйшаў.

Настрой канчаткова сапсаваўся. Глянуў Іван Маркавіч направа — налева, прыслухаўся.

— Гм, чорт, непарадкі заўважыла...— прамармытаў ён і шпарка рушыў у механічны цэх, дзе, на яго думку, сапраўды належнага парадку не было.

Вера ж, калі Адамчук выйшаў, запісала на лістку блакнота:

«Неабходна: 1. Наладзіць сур’ёзную тэхвучобу.

2. Размеркаваць на ўчастак правільна рабочую сілу.

3. Ацяпліць механічы цэх.

4. Разгарнуць індывідуальнае спаборніцтва».

Яна ўважліва прачытала напісанае і задумалася.

Валодзька-Чыжык падышоў, нібыта па прэс, затрымаўся каля стала, пазіраючы ў блакнот, хіхікнуў тоненька і сказаў, прыгладжваючы рукою непаслухмяны чуб:

— Гэта для яго, начальніка?

— Ага.

— І не баіцёся?

— Зусім не,— у тон адказала яму Вера.— Я ж як-ніяк тэхнічны кіраўнік лесасекі, таксама начальнік...

— Калі б, скажам, Дубовік, нампаліт...

— Ну, а вы,— нечакана спытала Вера,— супраць такіх мерапрыемстваў?

— Яно, безумоўна, не пашкодзіць,— пачаў выкручвацца Валодзька-Чыжык.— Толькі, як той казаў, на гэта старэйшыя ёсць...— і ён, сабраўшы са стала паперы, накіраваўся ў сваю бакоўку.

 

* * *

Захапіўшыся працоўнымі буднямі, Вера радавалася, што жыццё яе становіцца такім цікавым. Яна пабывала ў стрыечнага брата, гутарыла з ім пра справы, пра дом. Але бывалі хвіліны, калі Вера пачынала сумаваць.

Вось, як сёння. Прыйшла з работы, села за стол і, успомніўшы непрыемную размову з дырэктарам, задумалася.

Ёй хацелася дапамагчы Барэйку, але не ведала, як гэта зрабіць. Прохараў вунь таксама вопытны электрамеханік і стараецца не мала, а справы не ідуць на лад. Чым жа дапаможа яна, Вера? Ну, пойдзе, агледзіць машыну, знойдзе няспраўнасць, а далей што? А калі вялікія непаладкі, калі адрамантаваць або замяніць што трэба? Для гэтага час патрэбен і памочнікі, людзі.

«Вось каго не хапае ў Барэйкі,— падумала Вера,— вопытных спецыялістаў. Людзей трэба вучыць. І не толькі манцёраў ды матарыстаў. Трэба, каб кожны лесаруб ведаў электратэхніку».

Успомніла і згадала: на каго Васіль падобны? Шырокія плечы, крыху кірпаты нос, карыя вочы... Гэта ж такі Мікола Мікіцёнак! І Вера аддалася ўспамінам.

...У той змрочны зімовы вечар маці сказала Веры:

— Сёння табе, дачушка, споўнілася адзінаццаць год... Не маю я чаго падараваць табе, чым пацешыць,— і пяшчотна пагладзіла па галоўцы.

Дзяўчынка стаяла ля акна і задумліва глядзела, як даўгахвостая сарока ганялася за рудым катом, рассыпаючы злоснае сакатанне. Раптам сарока спалохана ўзляцела і, кінуўшыся на гарод, села на высокую ігрушу. Руды кот таксама знік за плотам, а Вера пачула цяжкі тупат мноства ног. У прадчуванні бяды яна падбегла да маткі.

— Ідуць,— спалохана прашаптала дзяўчынка.

— Хто ідзе?

— Немцы...

У хату сапраўды ўвайшлі эсэсаўцы. Іх было многа. І ад таго, што адно акно было забіта дошкамі, а два другіх засланілі сабой фашысты, у хаце пацямнела зусім.

— Дзе гаспадар? — на ламанай рускай мове спытаў тоўсты немец. Ён асвятліў ліхтарыкам Веру і яе маці.

— Не ведаю... Яго няма даўно,— адказала маці.

І тады пачалося страшнае. Эсэсаўцы выгналі іх на вуліцу. Веры было холадна. Яна, як і маці, стаяла без паліто і хусткі, таму што ім не дазволілі апрануцца. На вуліцу былі выгнаны амаль усе вяскоўцы — старыя, жанчыны, дзеці. Проста на снезе сядзеў паранены мужчына ў шынялі.

— Можа, ты нам скажаш, хто гэта? — узяўшыся ў бокі, спытаў нямецкі афіцэр, калі Вера з маткаю падышлі да мужчыны.

Дзяўчынка адразу пазнала бацьку. Яе сэрца аблілося крывёю. Слёзы падступілі да горла, здушылі яго.

І раптам жанчына кінулася да мужа, але фашыст стукнуў яе прыкладам аўтамата па галаве.

— Мамачка! — роспачна закрычала Вера,— Татулька мой!..

Яна заплакала.

Вера чула, як галасіла маці, як стагнаў бацька. Маленькая і кволая, яна нічым не магла дапамагчы ім. Спалоханымі вачыма пазірала на крыклівых, агідных фашыстаў і цяжка ўсхліпвала.

— Ён страляў у нямецкіх салдат! — крычаў тоўсты немец.

Ён — гэта Верын бацька. Яго падвялі да старога клёна, да галіны якога была прывязана вяроўка, і павесілі на грудзі дошку. На ёй было напісана чорнымі літарамі:

«Ён страляў у нямецкіх салдат»

Вера не адыходзіла ад маці ні на крок. Нават і тады, калі эсэсаўцы паставілі іх пад дрэвам побач з бацькам.

— Не плач, Аня... Глядзі дачку...— сказаў глуха бацька.

Раптам суха грымнуў залп,— некалькі эсэсаўцаў упала. Потым дружна і гучна застракаталі аўтаматы. Машына, што стаяла непадалёк, звалілася на бок ад страшэннага выбуху. Людзі пабеглі да сваіх хат.

Эсэсаўцы, кідаючы зброю, падымалі рукі.

Высокі, у кароткім кажушку партызан падышоў да Веры і пацалаваў яе ў лоб, а затым накінуў на яе свой кажушок, цяплейшы за які, мабыць, нічога не было на свеце.

— Павел Пятровіч!.. Жывы...— кінуўся ён да параненага і падхапіў яго пад рукі.

— Дзякую, Коля... Ты малайчына...— прагаварыў бацька.

Мікола Мікіцёнак аказаўся камандзірам партызанскай разведкі. З ім было ўсяго некалькі чалавек, таму ён спяшаўся — эсэсаўцы маглі апамятацца.

Селі на сані, паехалі.

Вера ад стомы і холаду, сагнулася ў кажушку і заснула...

Потым яна жыла ў атрадзе. Мікіцёнак палюбіў яе, як дачку, і кожны раз, вяртаючыся з задання, прыносіў падарункі. То цукерак трафейных, то кнігу якую...

Акрамя Міколы, чалавека вясёлага, з добрым характарам, Вера на ўсё жыццё запомніла яшчэ і медсястру Насцю, прыгожую сінявокую дзяўчыну.

Вось як гэта здарылася.

Мікола вярнуўся з аднаго задання цяжка паранены. Камандзір атрада сказаў яму:

— Навошта зноў увязаўся ў адкрыты бой? Ці ж гэта справы разведчыка?..

Памятае Вера, як прыўзняўся на локцях Мікола, вочы яго гарэлі.

— Біць ворага — заўсёды мая справа, таварыш камандзір...

Ён адкінуўся на падушку, заплюшчыў вочы і ледзь чутна застагнаў, ці то ад болю, ці ад крыўды. Вера тады так спалохалася, думала — памрэ Мікіцёнак, але Насця яе суцешыла:

— Будзе жыць, Верачка...

А сама ўсё выцірала вочы хусцінкай.

Дзе цяпер Мікола, дзе тая сінявокая прыгажуня сястра?..

Ад гэтых успамінаў Вера цяжка ўздыхнула. Потым дастала свой дзённік і дробным почыркам напісала:

«20 снежня. Нарэшце ўспомніла — Васіль Барэйка падобны на Мікіцёнка. У яго таксама добры характар, але Мікола быў больш рашучы і вясёлы. Не ведаю, ці разам яны цяпер з Насцяй? Вось бы даведацца пра іх лёс...»

Вечар ужо даўно сцішыўся між хвой, але Веры спаць не хацелася. Сёння цэлы дзень яна правяла каля новай станцыі «ПДС-15» і вызначыла, што машына можа несці большую нагрузку на дзве пілы. Трэба рэканструяваць падводку, правесці выпрабаванне, а гэта значыць, трэба звяртацца да Дубовіка і Адамчука. Адамчук жа зноў скажа: «Можа, хутка артыкул у газету напішаце?» Чаго ён так баіцца артыкулаў?

Вера была пакрыўджана такімі адносінамі.

Памятае Вера, як бацька гаварыў аднойчы: «Эх, маладосць, нецярплівая, неэканомная!.. Часам кіне малады чалавек сілы свае не ў тым кірунку, б’ецца як рыба аб лёд, а потым спахопіцца — што я раблю! І ў другі бок. Злуецца, не шкадуе здароўя, псуе нервы, а сваю сапраўдную справу, тое, да чаго ён здольнасць мае, абходзіць, не заўважае. Заўважыць яе — старасць прыйшла, няма сіл і энергіі маладосці...»

Ці правільна яна намеціла сабе шлях у жыцці, ці ў тым кірунку кідае свае маладыя сілы?

Вера падышла да акна, угледзелася ў цемру. І раптам ёй здалося, што ля каржакаватага камля бярозы, якая расла пад акном, хтосьці стаіць.

Накінуўшы хустку на плечы, яна выйшла ў сенцы. Заўважыла, як нейкі чалавек падняў каўнер кажушка і падаўся быў прэч, але спыніўся і павярнуўся да яе.

— Хто гэта? — міжвольна спытала Вера.

— Я, прабачце... Па ўласнай справе хацеў бы...

— Таварыш Барэйка? Заходзьце, якія ў вас там справы,— і хуценька пайшла ў пакой.

Васіль, чырвоны не так ад марозу, як ад няёмкасці, зачыніў за сабою дзверы і стаў у парозе, чамусьці зняўшы шапку. У левай руцэ ён трымаў даволі аб’ёмістую чорную скрынку.

— Праходзьце. Вось сюды...

Вера глянула на Васіля, і задаволеная ўсмешка засвяцілася на яе твары. Так, Барэйка падобны на Мікіцёнка, быццам брат яго. Веры прыемна гэтае падабенства.

— Сядайце, калі ласка.

Яна паставіла да стала лёгкае плеценае крэсла.

— Нічога, пастаю,— ціха адказаў Васіль. Ён моўчкі стаяў сярод пакоя, не адважваўся зрушыцца з месца, не ведаў, як пачаць гаворку. Ён быў як звязаны. І толькі пасля трэцяга запрашэння сеў, паставіў на падлогу скрыначку, выцягнуў з яе прыгожы маленькі радыёпрыёмнік.

Васіль усё рабіў неяк разгублена. Калматая шапка, што ён трымаў у руцэ, апынулася нейкім чынам на стале, побач з вазачкай для кветак. Ён паставіў прыёмнік на самы край стала.

Вера ўпотай назірала за ўсім гэтым і спагадліва ўсміхалася.

Але вось усмешка знікла, Вера глянула на прыёмнік.

— Гэта што такое?

— Прыёмнічак,— нясмела адказаў Васіль.

— А гэта? Што тут напісана?..

— «Веры Сініцкай,— уздыхнуў ён,— у дзень яе дваццацігоддзя»...

Доўга разважаў Васіль — ісці яму ці не ісці да Сініцкай? Валодзька-Чыжык усім паведаміў, што ў анкеце Веры дзець нараджэння запісан дваццатага снежня. Іншыя, безумоўна, пойдуць, будуць паціскаць ёй руку, віншаваць, а ён?.. Пайшоў і Васіль. Лепшага падарунка, як прыёмнік уласнай канструкцыі, ён не меў. А цяпер яму здавалася, што ён зрабіў проста глупства, ды і прыйшоў зарана, і калі дазнаюцца хлопцы, абавязкова будуць смяяцца.

Васіль устаў і паглядзеў на Веру, чакаючы яе адказу.

— Дзякую вам,— ціха прагаварыла яна, падышоўшы бліжэй.— Праўда — сёння дзень майго нараджэння.

— Значыць, вы не злуецеся? — зноў сеўшы, спытаў Васіль.

— Я вельмі вам удзячна, Васіль... Ды што гэта я? — раптам схамянулася Вера. — Скідайце кажушок!.. Хвіліначку...

І хуценька пабегла ў сенцы.

Шчаслівейшага часу, здаецца, не было ў жыцці Васіля. Ён распрануўся і толькі цяпер успомніў пра галошы, зняў іх і паставіў у парозе.

«Як тут хораша!» —у захапленні падумаў ён.

Увайшла Вера з вялікім скруткам у руцэ.

— А я, уявіце, і не збіралася адзначаць гэты дзень,— шчыра прызналася яна.— Гэта ж не дома, і знаёмых тут у мяне мала... А як вы даведаліся, што ў мяне такі дзень?

— Выпадкова,— замяўся Васіль. Ён баяўся глянуць на яе, прыгожую, стройную, каб хаця яна чаго не падумала. У яго дух займала, калі іх позіркі сустракаліся.

У гэты момант шырока расчыніліся дзверы, і ў пакой увайшлі лесарубы. Наперадзе ўсіх — Сіліч, за ім — Лявон Ліпніцкі.

Не заўважаючы Васіля, не вітаючыся з гаспадыняй, Сіліч, як дырыжор, павярнуўся тварам да ўвайшоўшых і падняў рукі. На яго шырокіх плячах заблішчэў гузікамі баян. Зусім нечакана, гучны і дружны хор, ад якога задрыжалі шыбы ў вокнах, праспяваў на матыў прыпевак:

 

Лес гамоніць і спявае,

Лес наладзіў карагод:

За плячыма Вера мае

Сёння роўна дваццаць год!

 

Уперад выскачыў Валодзька-Чыжык, узяўся ў бокі, нахіліў галаву, бліснуў чорнымі вачыма з-пад чуба, заспяваў звонка:

 

Мы прыйшлі павіншаваць...

 

А тонкі, як званочак, дзявочы голас падхапіў:

 

Шчасця ў жыцці пажадаць.

 

Сіліч, быццам закручваючы вусы, падміргнуў Васілю і кіўнуў галавою ў бок Веры:

 

З гаспадыняй маладою

Весяліцца і спяваць.

 

Усе дружна і голасна зарагаталі.

— Праходзьце, таварышы,— сказала, смеючыся, Вера.— Вельмі вам рада, Леначка,— падышла яна да белавалосай трактарысткі.— Ты мне дапамажы...

Васіль смяяўся з усімі, жартаваў, але настрой у яго быў куды горшы, чым некалькі хвілін назад. Сілічаў баян рэзаў яму вушы, віхрастая прычоска з прыгожа выкладзенымі пахучымі валасамі калола вочы.

Прынеслі аднекуль крэслы, пачалі рассаджвацца за стол. Гэта ўрачысты час, і ўсе паціху гутараць. Толькі Лена час ад часу спявае.

— З песняй нарадзілася я, з песняй і памру,— жартавала яна, адкідаючыся на спінку крэсла. Быццам лён, мяккія валасы яе сабраны ў валік. Ля кірпатага рашучага носа — некалькі драбнюткіх вяснушак, а на твары — здаровы румянец. Калі дзяўчына смяялася, на шчаках вызначаліся ямачкі. Проста не твар, а вясна.

Пятрусь — першы Верын знаёмы — не зводзіў з Лены вачэй, і калі Вера жартаўліва паківала на яго пальцам, весела засмяяўшыся, пачырванеў да вушэй.

Толькі Барэйка адчуў сябе лішнім, засумаваў. А як Сіліч сваім прыемным тэнарам пачаў дапамагаць Лене, аж зморшчыўся. Калі ж Вера пахваліла Сіліча за голас, Барэйка рашуча падышоў да вешалкі і ўзяўся за кажушок.

— Таварыш Барэйка, вы куды? — падбегла да яго Вера. У яе вачах было здзіўленне.

— Васіль Пятровіч,— тоненька працягнуў таксама і нарміроўшчык,— вы нас крыўдзіце...

— Прабачце... Я забыўся, што сёння абяцаў падзяжурыць на электрастанцыі. Хлапец чакае, не магу,— апраўдваўся Барэйка.

— Пусціце яго. Ваўка як ні кармі, а яго ў лес цягне,— іранічна заўважыў Сіліч, і гэта яшчэ больш пакрыўдзіла Васіля.

І вось ён зноў, як гадзіну таму назад, стаіць пад акном, назірае за Верай. Здаецца, і не быў ён там, у хаце...

Праз акно відаць, як жартуе Сіліч. Вось ён нахіліўся да Веры і шэпча нешта ёй на вуха. Вера смяецца.

— Ну, дружа, сцеражыся! Не такі ўжо ты герой тут,— ціха сам сабе сказаў Васіль.

Ноч цёмная, марозная, і ўсё навокал спіць моцным сном. Толькі надзвычай яркія зоры зіхацяць у чорным небе, быццам падміргваюць. А Васілю здаецца, што ўсе яны падобны на кропачкі ў вачах Сіліча, які сядзіць там, за сталом, у цяпле, паблісквае вачыма і круціцца, быццам пад ім іголкі. Няхай.

 

* * *

Зімовыя дні кароткія — ледзь пераваліць за чатыры гадзіны, глядзіш — цёмна. Асабліва хутка цямнее ў лесе. Тут у пахмурны дзень наогул цяжка вызначыць час. А за працай ён бяжыць непрыкметна.

У Баркоўскай пушчы жыццё лесарубаў павесялела: у клуб пачалі прыязджаць кінаперасоўкі, лектары. Па ініцыятыве Васіля Барэйкі і Веры пачалі працаваць тэхнічныя гурткі.

Адамчук папярэдзіў Веру:

— Глядзіце, Вера Паўлаўна, не сарвіце мне выкананне плана... Учора па вашай віне на ўчастку Сіліча выбыў са строю агрэгат, лепшая электраўстаноўка. Вы адказваеце за кожную гадзіну прастою...

Які ж гэта быў прастой! Проста перагрузілі дынамамашыну і ад гэтага падгарэлі шчоткі. Іх хутка замянілі. Але затое выпрабаванне не прайшло дарма. Вера ўстанавіла, што на кожную машыну можна дадаткова падключыць на дзве пілы. Гэта скарыстаў Прохараў, сканструяваў новую падводку да піл. У выніку была дасягнута даволі вялікая эканомія і зніжаўся сабекошт драўніны.

Неяк стары механік прыйшоў да Веры позна. З ім быў і Ліпніцкі.

— Вы адны? Вось і добра,— задаволена сказаў Прохараў і стаў распранацца.

Ліпніцкі дзелавіта дастаў з кішэні акуратна згорнутыя паперы, таксама распрануўся і падышоў да Веры.

— Вось глядзі, што мы з таварышам Прохаравым змастачылі для газеты. Хіба ж можна так працаваць? — і Лявон працягнуў ёй паперы. Яна недаверліва глянула на Прохарава: праўда гэта ці не?

— Бярыце,— усміхнуўся той аднымі вачыма,— прачытайце і, калі што не так, папраўце... Вы, чуў я, пісалі ўжо ў газеты.

— Ну, што вы,— засаромелася Вера, але паперы ўзяла.— Прачытаць я магу, вядома...

— І сама, калі ласка, пашлі ў газету,— сказаў Ліпніцкі, дастаючы папяросы.— Тут усё ёсць, што трэба. Дубовіка і Сіліча добра распяклі.

— А подпіс? Чый подпіс паставіць пад артыкулам?

— Пастаўце ўсе тры,— параіў Прохараў.

— Правільна! Я так і зраблю.

Прохараў узяў у Ліпніцкага папяросу і, прыпаліўшы яе, звярнуўся да Веры:

— Іх як след трэба падкруціць. Механізмы скарыстоўваюцца слаба, а Дубовік і ў вус не дзьме. Баркоўскія калгаснікі на конях даюць амаль столькі, колькі дае наша аўтабаза. Смех і грэх! І з нас, Вера Паўлаўна, таксама калі-небудзь запатрабуюць адказу, як з актыву.

— Я думала над гэтым, таварыш Прохараў. Наш жа лес ідзе на будоўлі, у шахты. А мы ледзь-ледзь выконваем план. Ды яшчэ ў самы сезон...

— Дык мы пойдзем,— нарэшце ўстаў Прохараў.— Папрацуйце тут над нашым творам.

— Я пастараюся...

Ліпніцкі, адыходзячы, сказаў Веры:

— Сіліча не шкадуй!.. Ты не ведаеш, што гэта за чалавек... Ён умее пад’ехаць...— і паціснуў руку: — Ну, мы пайшлі. Падымай буру, сястра!

Калі Вера засталася адна, яна пачала чытаць допіс, што прынеслі ёй механік і матарыст. «Не трэба пісаць пра Сіліча, не толькі ён тут вінаваты»,— скончыўшы, вырашыла яна і задумалася над апошнімі словамі Ліппіцкага. Няўжо яна не так зразумела Лявона? Няўжо Сіліч гэткі благі чалавек? Гэта ўсё ж, напэўна, няпраўда...

І Вера села за працу.

 

* * *

Артыкул пра Баркоўскі леспрамгас хутка з’явіўся ў абласной газеце.

Стаяла ціхая раніца, калі ля клуба па-асабліваму ажыўлена зашумелі лесарубы.

— Ціха, таварышы! — суцішаў шафёр Пятрусь, які стаяў на бочцы з-пад бензіну і махаў газетаю.— Чытаю!..

Нехта, відаць, знарок кінуў:

— Бач, дальнабойны. Адкінуўся, як зенітчык.

— А ногі як паставіў. Глядзі, барыню тупне!..

Але тут Пятрусь пачаў чытаць:

«Дырэктар трэста таварыш Качан паведаміў па тэлефоне тэхнічнаму кіраўніку Баркоўскага леспрамгаса таварышу Дубовіку: «Накіроўваем вам дзве аўтамашыны. Прысылайце людзей па іх». Дубовік павесіў трубку, рады, што з трэста не спыталі, як наогул выкарыстоўваюцца машыны і механізмы ў Баркоўскім леспрамгасе. Што адказаў бы ён? Сапраўды, цяжка яму адказаць на такое пытанне, калі з пяцідзесяці машын нармальна працуюць толькі дваццаць сем...»

— Чулі? — не вытрымаў рослы матарыст у чорнай ватоўцы, якая блішчала ад мазуты.— Што ні слова — пуд.

— Ціха! — штурхнуў яго ў бок другі лесаруб.— Дубовік вунь, глядзіце, хацеў падысці, але адчуў, чым тут пахне.

Усе паглядзелі на тэхнічнага кіраўніка, які шпарка крочыў да канторы.

— Чытаю далей! — крыкнуў Пятрусь, і лесарубы сціхлі.

«Бываюць выпадкі,— расцягваючы словы, зноў пачаў ён,— калі самі кіраўнікі, свядома ці міжвольна, становяцца на антымеханізатарскі шлях. Баркоўскі аўтапарк, напрыклад, прастойвае з-за таго, што гаспадары не нарыхтавалі ў летні сезон дабраякасных чурак. Вулканізацыя камер дрэнная, прычэпы не выкарыстоўваюцца. У выніку, тут яшчэ ў хаду так званая звычка «націскаць» на гужавы транспарт.

Дрэнна працуе і рамонтная база. Часта дробязная няспраўнасць выводзіць са строю цэлы агрэгат...»

— Здорава! — зазначыў хтосьці.— Я таксама казаў...

— Ведаем, што ты казаў,— пачуўся другі голас.— І мы аралі!

— Ці-ха! — зноў крыкнуў Пятрусь, акідваючы позіркам лесарубаў.

Нехта зазначыў уедліва:

— Лену шукае...

— А што... Лена дзяўчына добрая, не раўня табе,— азваўся рослы матарыст у чорнай ватоўцы.

Калі Пятрусь скончыў, лесарубы зашумелі, загаманілі. Кожны выказваў свой погляд, свае меркаванні, і ўсе згаджаліся на адным: артыкул з’явіўся своечасова...

— А дзе ж Прохараў, дзе Сініцкая? — пацікавіўся хтосьці.

І сапраўды, ні Веры, ні Прохарава ля клуба не было. Яны, ледзь пачало днець, ужо былі на лесасецы. Да пачатку работы трэба было пусціць новую станцыю. Разам з Васілём Прохараў распрацаваў канструкцыю кабеля, але на месцы выявілася — яна аказалася яшчэ недасканалай.

Дэфекты сяк-так ліквідавалі.

— Сёння паглядзім, як і што, а там паправім яшчэ ў працэсе работы,— сказаў Прохараў Веры, якая з жаночай акуратнасцю чысціла і правярала генератар.

Неўзабаве да іх падышоў Васіль. У яго быў заклапочаны, сур’ёзны твар. Прывітаўшыся з Прохаравым, ён падышоў да Веры, глянуў вінавата.

— Добрай раніцы, таварыш Сініцкая,— і, злёгку паціснуўшы дзяўчыне руку, дадаў: — Вы не злуеце на мяне, што пакінуў вас тады?.. Я не мог глядзець на Сіліча.

— Значыць, вы не дзяжурылі на электрастанцыі?

— Не...

— У такім выпадку недаравальна. Будучы лепшым госцем, узяць і пайсці!.. Гэта нетактычна нават.

— Мне здаецца, там былі госці лепшыя за мяне...

— Ну, няхай так. Забудзем аб тым, што было,— Вера дапытліва глянула ў вочы Барэйку.— Я не злапамятлівая.

— Думаю... Сіліч вам не даваў сумаваць, таварыш Сініцкая.

Вочы ў Васіля, як і ў Веры, прыжмурыліся пры гэтых словах, і голас прыкметна задрыжаў. Барэйка збянтэжана кіўнуў галавою і пайшоў на лесасеку.

Вера глядзела яму ўслед, і твар яе стаў засмучаным. Васілёва «таварыш Сініцкая» прагучала як выклік і папрок.

Не, Веру цяжка было ашукаць. У тоне і паводзінах Васіля яна адразу заўважыла нешта новае, чаго раней не падазравала. І гэта новае ўсхвалявала яе.

«Ён раўнуе мяне да Сіліча. Які дзівак!» — падумала Вера.

— А вы добра зрабілі,— пачула яна голас Прохарава,— што выкінулі з артыкула прозвішча Сіліча. Быццам і няма яго, до-обра! Гэта больш падзейнічае, чым сказаць аб ім што-небудзь. Зазнаўся чалавек.

Смуглявы твар Прохарава заўсёды быў пануры, а тут Вера заўважыла вясёлую шырокую ўсмешку.

Маючы за плячыма трыццаць шэсць год, ён выглядаў значна старэйшым. Валасы, некалі чорныя, пачалі сівець.

У часе вайны Прохараў быў борттэхнікам на бамбардзіроўшчыку дальняга дзеяння. Не раз даводзілася ісці на «вымушаную» пасадку з падбітым самалётам. Тры цяжкія раны атрымаў ён за вайну, але выжыў. Толькі сівізна кранула яго валасы.

Нягледзячы на суровы выраз твару, голас у Прохарава лагодны, мяккі. І хаця механік сярэдняга росту, але, як ні глядзі на яго, усё здаецца, што ён высокі, з шырокімі грудзьмі і моцнымі мускулістымі рукамі.

Не ад ранення, аднак, не ад цяжкіх начных палётаў пасівела галава і заўчасна пастарэў чалавек. Гэта здарылася з ім у адну ноч, калі ён даведаўся, што яго маленькі сын і жонка загінулі ад фашысцкіх бомбаў...

Прохарава Вера хутка палюбіла, як некалі Міколу Мікіцёнка.

Ад Прохарава яна шмат чаго даведалася аб лесе, аб распрацоўках у тайзе...

— Уключай-це-е! — гучна скамандаваў з лесу Васіль, і Вера падышла да пульта.

Знаёмы гул абудзіў лес. І памчалася шматгалосае рэха ва ўсе куткі, абвяшчаючы новую працоўную раніцу.

— Усё ў парадку,— па старой звычцы далажыў Прохараў, падышоўшы да Веры.— Чуеце работу матора? Як на бамбардзіроўшчыку.

Вера засмяялася ад такога параўнання і, пажадаўшы добрай выпрацоўкі, шпарка пайшла на эстакаду, каб з першай машынай паехаць.

Брыгады ўжо распачыналі валку. У самым канцы лесасекі Сініцкая заўважыла, што адна піла, якая лічылася няспраўнай, працавала. Дзяўчына падышла да пільшчыкаў. Тыя прывіталіся і ў жарт прапанавалі папрацаваць.

— А добра піла ў вас рэжа? — спытала Вера ў чарнабровага вусача. Той зірнуў на яе і прыгладзіў свае вусы, на якіх, бадай, можна было палічыць валасы.

— Як масла нажом. Сапраўды...

— Ану пакажыце,— і Вера ўкленчыла ля дрэва.— Хто адрамантаваў?

— Барэйка,— сказаў другі пільшчык.— Уключайце.

— Вось як! Сам адрамантаваў?

— Увесь выходны прасядзеў, абмотку пераматаў, сапраўды,— сур’ёзна сказаў вусач,— а сёння, кажа, каб усе ў сем гадзін у клубе сабраліся на заняткі. Тэхвучоба, значыць.

— Ну і пойдзеце? — спытала Вера, уключаючы матор, які загуў ціха, прыемна.

— Ды мы ўсе згодны. Вучыцца нам не лішне, спатрэбіцца... А вы правільна пілу паставілі, таварыш Сініцкая! — ажывіўся лесаруб.— І рукі ў вас моцныя, як у сапраўднага матарыста.

Вера ўстала і з захапленнем глядзела, як высокая хвоя, ломячы сучча, пракладала сабе ў гушчары дарогу на зямлю.

— Цяпер гэтую...— паказала Вера на другое дрэва.

— О, не-е... Бачыце знак? Гэта, як бы сказаць, матка, на насенне трэба пакінуць. І вось гэтую... І тую,— паказваў вусач. Вера глядзела на дрэвы і смяялася, як дзяўчынка. Яна не заўважала ніякіх знакаў.

— Значыць, будзем вучыцца? А не баіцеся, што адпачываць прыйдзецца менш? Дзень працуй, а вечар вучыся,— ні то ў жарт, ні то ўсур’ёз зазначыла Вера.

— Адпачынку хопіць,— вочы вусатага пільшчыка пакруглелі.— Хіба мы, як толькі прыйшлі з работы і лажымся спаць? Не-е. Час у нас ёсць.

— Гэта добра...

І яна, вясёлая, падалася далей.

 

* * *

Газетны артыкул абмяркоўваўся на партбюро.

Адамчук, разваліўшыся ў мяккім крэсле, сядзеў ціхі і пануры. Дубовік быў побач з ім. Займаючы пасаду тэхнічнага кіраўніка, ён адначасова выконваў абавязкі намесніка дырэктара па палітчастцы.

Вось Дубовік нахіліўся да дырэктара, шапнуў нешта на вуха. Адамчук дастаў з нагруднай кішэні гімнасцёркі паперку і перадаў яе Дубовіку. Гэта быў лісцік з блакнота Сініцкай.

— Таварышы,— ціха пачаў Дубовік.— Перад тым як прыступіць да абмеркавання артыкула, я хачу звярнуць вашу ўвагу вось на гэтую паперку. Яна належыць нашаму маладому спецыялісту Сініцкай. Тут указаны канкрэтныя пункты па паляпшэнню работы ўсяго леспрамгаса. А хто ўпаўнаважыў Сініцкую ўмешвацца ў справы дырэктара? Хіба мы не ведаем самі, за што перш брацца?..— махаў ён кароткай рукою, адпіўшы са шклянкі вады.— Мы вось... Ага, на чым жа гэта я спыніўся?

— На артыкуле,— катэгарычна ўставіў Адамчук.

— Артыкул...— зноў пачаў Дубовік яшчэ цішэй.— Гэта ўсё правільна, усё неабходна. Крытыка заўсёды ідзе на карысць. Але не тое, таварышы, у артыкуле, што нас хвалюе на сённяшні дзень...— і зноў адпіў са шклянкі.

Дубовік маленькі, у акулярах, а валасы абапал лысіны зачэсаны акуратна, і сама лысіна, быццам азярцо між лесу, адсвечвае. Пабліскваюць і акуляры. Ён у вышыванай кашулі з жычкай і ў чорных штанах, запраўленых у боты, жвавы, як хлапчук.

— Узяць наша прадпрыемства...— моршчыў нос Дубовік, ад чаго хадуном хадзілі акуляры.— Якое яно ў нас? Наша задача — даць дзяржаве план, і мы спраўляемся з гэтай задачай без шуму. Правільна я кажу?

— Правільна,— стукнуў Адамчук алоўкам па чырвоным сукне.

Раптам пачуўся спакойны голас Прохарава:

— Э, не, таварыш Дубовік. Усё, што ты гаворыш, далёка ад праўды. Ты глыбока памыляешся...

— Гавары, гавары,— паказаў на яго вузлаватым пальцам Дубовік.— Усе свае. Я вось не баюся, гавару, што думаю, і што думае, напэўна, таварыш...

— Адамчук? — Прохараў устаў.— Гэтага яшчэ мала. Мала таму, што наш усім вядомы дзяржаўны план не выконваецца.

— План мы выканалі на сто і тры дзесятых працэнта,— выгукнуў Адамчук, ускінуўшы галаву. І тут жа закурыў папяросу.

— Як вы, таварышы, лічыце,— звярнуўся Прохараў да прысутных,— мы выканалі план згодна з тэхнічнымі магчымасцямі? Улічваючы стопрацэнтную нагрузку і на тыя машыны, што стаяць нявыкарыстанымі? Не, не выканалі. З нас міністэрства спытае. Ды і нам, камуністам, сорамна закрываць вочы на праўду. Вы, таварыш Дубовік,— пацішыў ён голас,— не заўважылі ў артыкуле элементарных ісцін і не прыслухаліся да голасу лесарубаў. Ведаю — цяжка ўсё адразу на належную вышыню ўзняць, але трэба. Гэта наша работа, і за нас яе ніхто не зробіць.

Дубовік, бачачы, што Прохараў пачаў усур’ёз, сеў і, падпёршы кулакамі галаву, нібыта задумаўся.

— Наш лес,— гаварыў далей Прохараў,— ідзе на будоўлі Сталінградскай ГЭС, на Дон, у шахты. Дзяржава дае нам высокую тэхніку. Тэхніку, якой раней ніхто не бачыў у нашым лесе. А як ідзе тралёўка? Раскражаваны лес мы вязём на станцыю ў аб’езд, на стары мост ля млына. А чаму нам не пабудаваць свой мост? Чаму нам не пусціць машыны па зімовай дарозе? Гэта скароціць шлях на трыццаць кіламетраў, і шафёры зробяць у два разы больш рэйсаў. Гэтым і займаецца наша моладзь — вышуквае новыя шляхі, новыя спосабы работы. А Сініцкая — добры спецыяліст, хоць і малады. Яна, як я заўважыў, нядрэнны ініцыятар. Наша задача падтрымаць яе і дапамагчы ёй, як і ўсёй моладзі...

Пасля ўзяў слова Ліпніцкі. Сёння ён быў не ў рабочым адзенні, а ў новым касцюме, і таму адчуваў сябе крыху ніякавата. Яму здавалася, што цісне шыю гальштук. Тады матарыст круціў галавою або падсоўваў пальцы пад каўнер. На пінжаку красаваўся ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а вышэй яго — калодачкі баявых узнагарод.

— Я, таварышы, працаваў у трох леспрамгасах,— пачаў ён з лёгкім хваляваннем,— але не аб сабе хачу сказаць — аб людзях. Пад Ленінградам, памятаю, жылі мы далёка ад райцэнтра, далёка ад баз, і ўсе механізмы знаходзіліся і зіму і лета ў лесе, на ўчастках. Іх не хапала там. У нас на брыгаду даюць дзве пілы ды яшчэ на эстакадзе электрапільшчык. А там была ўсяго адна піла... І леспрамгас заваяваў пераходны сцяг міністэрства і ВЦСПС.

Ліпніцкі меў аўтарытэт сярод лесарубаў, але Дубовік і Адамчук чамусьці недалюблівалі яго. Ціхі, гаварылі яны, не можа павесці за сабою людзей. Цяпер жа абодва насцярожыліся: ці не пачне і гэтая «ціхоня» крытыкаваць іх?

— Як камуніст я не магу ўтойваць таго, што таварыш Дубовік бярэ дзяржаўныя машыны для ўласных патрэб,— сказаў далей Ліпніцкі, аслабіўшы гальштук і расшпіліўшы верхні гузік кашулі.— Нават свайму брату ў Панізоўе ён пасылаў машыны перавезці бярвенне на хлеў. Гэта — непарадак. Тым больш што таварышу Адамчуку факты злоўжывання пасадай вядомы...

— Добра! — нарэшце не стрываў Адамчук.— Усё ясна,— ён узняў над галавою паперку Сініцкай.— А гэта як расцэньваць? Механік Сініцкая паклала мне на стол свой план работы дырэктара. Хто яна — мой работнік ці мой начальнік?

— А што — яна не мае права параіць? — кінуў ужо з месца Ліпніцкі.

— Ведаю я гэтае права,— з абурэннем адказаў Адамчук.— Добра... Мы з Дубовікам улічым свае памылкі...

Але ўлічыць свае памылкі Дубовіку не давялося. На другі дзень з міністэрства прыйшла паперка, у якой было напісана:

«Тэхнічная гаспадарка Баркоўскага леспрамгаса знаходзіцца у дрэнным стане, тэхвучоба людзей, якія выкарыстоўваюць тэхніку, не наладжана. Улічваючы безгаспадарнасць тэхнічнага кіраўніка таварыша Дубовіка, апошняга ад абавязкаў тэхкіраўніка вызваліць».

Чарговым загадам Адамчука Дубовік быў пераведзен на пасаду начальніка аўтапарка.

 

* * *

Тэхнічнага кіраўніка міністэрства абяцала з дня на дзень прыслаць, а пакуль гаспадарку леспрамгаса прыняў Прохараў.

Адамчук з’явіўся да Веры на наступны дзень пад вечар. Заўважыўшы Сініцкую, занятую сваім дзённікам, ён на момант нават залюбаваўся ёю. Твар дзяўчыны быў задумлівы і строгі. Цёмныя косы прыгожа аблягалі яе маленькую галаву, якую Вера крыху схіліла набок і падперла рукою.

Закрыўшы сшытак, яна прыжмуранымі вачыма паглядзела на Адамчука.

— Гэта вы, Іван Маркавіч? Праходзьце, калі ласка...

Адамчук падышоў да стала і, не распранаючыся, паважна сеў на табурэт і злосна насупіўся. Потым ускінуў галаву, глянуў на Веру.

— Усё пішам? — сказаў ён іранічна.— Пахвальна, пахвальна...

— Пішам,— адказала Вера з выглядам абыякавасці. Яе не збянтэжыў нечаканы візіт дырэктара. Сініцкая ведала — яго прывёў сюды газетны артыкул. Паклаўшы свой дзённік на этажэрку, яна прапанавала: — Вы б распрануліся...

Адамчук паслухмяна скінуў сваё чорнае пудовае паліто з вялікім каракулевым каўняром. Потым, прыгладзіўшы рукою парадзелыя валасы, загаварыў стрымана, без дакору ў голасе:

— Я ненадоўга... Хачу толькі напомніць вам, што, напісаўшы артыкул аб стане нашай вытворчасці, вы не падумалі, з чаго пачала яна расці. Гэта мяне здзіўляе. Чаму б вам не заўважыць лепшае, дасягнутае? Вы, Вера Паўлаўна, не палічыліся з цяжкасцямі, якія нам давялося пераадолець, звялі на нішто ўсе дасягненні. І хто так робіць? Чалавек, якога тут усе паважаюць. Так, так,— пацвердзіў ён, заўважыўшы здзіўлены твар Веры.

Яна падняла на Адамчука свае праніклівыя вочы.

— Вы пакрыўдзіліся за артыкул? Вам шкада Дубовіка? — неяк вырвалася ў яе само па сабе.— Артыкул пісалі мы ўтраіх.

— Дубовік — інжынер усё-такі,— сцішана прагаварыў Адамчук,— спецыяліст... А наконт артыкула — толькі ваша гэта работа, мне перадалі.

— Спецыялісты бываюць розныя, Іван Маркавіч. А можа, гэта і к лепшаму, што мы пазбавіліся ад Дубовіка? Не горш за яго вядзе справу Прохараў.

— Гэта яшчэ пабачым.

Адамчук, закурыўшы, падышоў да паліцы з кнігамі, выбраў адну.

— Вы чыталі яе? — нечакана спытала Вера.— Тут сказана, як людзі цяжкасці пераадольвалі.

— «Далёка ад Масквы»,— прачытаў Іван Маркавіч.— Гм, сказана... Вы намякаеце, што ў нас ёсць магчымасці... Згодзен, ёсць. А людзі якія? Тэхніка без адукаваных людзей — мёртвая, галубка. Так! Дайце спецыялістаў, і мы вунь як пойдзем... А вашы артыкулы... яны толькі аўтарытэт падрываюць. Ні больш ні менш...

— Ці так яно, Іван Маркавіч?

— Так,— сурова глянуў на яе Адамчук.— На мінулым тыдні былі ў мяне прадстаўнікі з міністэрства. Я іх павёў да Сіліча, і яны рукі ад задавальнення ўсім паціскалі. Нават тым, хто галлё зносіць у лаўжы. «Мы вас, кажуць, хутка для кінахронікі здымаць будзем...» Аўтарытэт гэта ці не? Агульнае ўражанне небывалае. І раптам — артыкул. Усё паляцела к чорту!..

— Праўдзе трэба глядзець у вочы. Так вучыў мяне бацька,— адказала Вера, папраўляючы ў вазачцы кветкі.

— Вось што! — усклікнуў Адамчук.— Эх, молада-зелена! Ды нічога,— махнуў ён рукою і перайшоў на «ты»,— пажывеш — пабачыш, паразумнееш. У твае гады я таксама гэткі быў. Вось-вось, здавалася, знайду гэтую самую архімедаву апору і павярну зямлю, у які бок мне захочацца...

Вера пачырванела.

— Прабачце мне, Іван Маркавіч... Скажу вам адну горкую ісціну. Самі прызналіся — хто да вас ні прыедзе, вы на ўчастак Сіліча цягнеце. Вось паглядзіце, якія мы! І я спачатку ўзрадавалася. Ну, думаю, разгон тут! А зайшла да Барэйкі — здзівілася. І сорамна мне стала. За вас, Іван Маркавіч, горка. Каго мы гэтым, акрамя сябе, ашукаем? А людзі ў Барэйкі не горшыя, чым у Сіліча. Трэба толькі да іх бліжэй быць, вучыць. Нельга ж спадзявацца, што ўсе само наладзіцца.

Адамчук спачатку глуха, а потым усё мацней і мацней пачаў смяяцца, праўда, не зусім натуральна. Пры гэтым яго тоўсты нос непрыгожа зморшчыўся.

— Ну, не думаў, што электрамеханікаў можа цікавіць літаральна ўсё: і кіраўніцтва, і план выпрацоўкі, і тралёўка... Што ж, можа быць, я памыляўся. Давайце тады так. Тут, у лесе, школу арганізуем, самадзейнасцю зоймемся, спортам... Не, я не жартую. Я гэта сур’ёзна гавару, рад вашаму энтузіязму. Толькі папярэджваю: не сарвіце мне выканання плана. Лесараспрацоўкі — цяжкая рэч...

Заклаўшы рукі за спіну, Адамчук пачаў энергічна мераць пакой сваімі важкімі крокамі.

Вера ж, здзіўляючыся сваёй смеласці, адказала:

— Вы ведаеце, што заняткі даўно ўжо ідуць у брыгадах. Людзі з задавальненнем вучацца, набываюць новыя прафесіі. Чым кепска, скажам, вальшчык — ён жа і пілапраў. Або электралябёдчык — ён жа і манцёр. План, між іншым, не зрываецца.

— Я не супраць прагрэсу,— сумеўся Адамчук.— Але на вас я пакрыўдзіўся, што ў абыход мяне вы дзейнічаеце.

— Інакш было нельга.

— Чаму — нельга? Прыйшлі, сказалі: так і так, хочам напісаць у газету пра такія вось справы. І я б дапамог. Прохараў таксама добры. Усе ў абыход дзейнічаеце...— Адамчук зноў захадзіў па пакоі.— Ніхто мяне, чорт вазьмі, не разумее.

— Я разумею вас,— сказала Вера лагодным голасам,— вам цяжка, а вы — усюды адзін.

— Во, правільна! — узняў палец Адамчук.—Адзін, вядома, не разарвешся.

Ён раптам сеў, паклаў нагу на нагу і, дастаўшы другую папяросу, прыкурыў яе ад першай. Вера паставіла на абрус маленькі сподачак — попельніцы яна не мела.

— Нічога,— сказала яна,— у нашых руках усе магчымасці. І я ў прынцыпе з вамі згодна, як і вы са мною, што тэхніка без тэхнічна адукаваных людзей — мёртвая.

Адамчук, пачуўшы свае словы з вуснаў гэтай дзяўчыны, не стрываў, хоць ніякавата, але ўсміхнуўся і падазрона зірнуў на яе. Вера адчувала, што дырэктар нечага недагаварыў.

— Вы ведаеце,— пачаў ён цішэй,— што я быў начальнікам будаўнічага трэста, але знайшоўся разумнік, даў артыкул у газету,— і я, што называецца, паляцеў. Стаў галоўным інжынерам трэста. Артыкул — і я апынуўся тут, у Баркоўскай пушчы. Зноў пачынаюць з’яўляцца артыкулы. Вы разумееце, што так жывога чалавека можна ў магілу загнаць? Я ж гэтак стараюся, каб усё было лепш. Сёння Сілічаў участак узмоцнім, а заўтра і Барэйкаў. Не ўсё ж адразу. Мне, чорт вазьмі, усё не шанцуе. Прыедзеш на новы аб’ект, а там — ні кала ні двара. Пачынай спачатку. А вы адразу артыкулы...

— Чаму вы думаеце, што я адна напісала? Дарэмна... Толькі вось што скажу,— насцярожыўшыся, прагаварыла Вера,— ад артыкулаў нідзе не схавацца, ні за цаглянымі сценамі, ні нават у пушчы. Вам жа яшчэ шанцуе...

Адамчук змаўчаў. Апрануўся і, пажадаўшы Сініцкай спакойнай ночы, ён паволі рушыў за дзверы, быццам выносіў на сваіх плячах вялікую і цяжкую ношку.

Вера зноў узяла дзённік, але пісаць не магла.

А за акном ішоў снег.

Вера падышла да акна, задумліва паглядзела на сняжынкі.

«Падаюць сняжынкі, дыяменты росы, падаюць бялюткі за маім акном»,— прыгадалася ёй. І тут яна заўважыла цёмны сілуэт чалавека. Ён стаяў ля бярозы, увесь занесены снегам. Вера прыпала да халоднай шыбіны лбом, потым таропка выйшла за дзверы.

Нідзе нікога.

— Ён, Васіль,— прашаптала Вера.— Няўжо ён?!.

Снег падаў ёй на шыю, а яна, схіліўшыся, усё глядзела на бярозу, ля якой нядаўна стаяў чалавек.

 

* * *

Пасля размовы з Сініцкай Адамчук доўга хадзіў злосны.

«Навошта гэта я распісаў ёй усю сваю біяграфію?» — шкадаваў ён.

Назаўтра накіраваўся да Сіліча, каб паглядзець, ці так ідуць у яго справы, як гавораць людзі? .

Участак гэты знаходзіўся непадалёку ад канторы, і Адамчук не спяшаўся. Разглядаў узоры птушыных слядоў, слухаў шчэбет шчыглоў.

Насустрач, цяжка равучы на выбоінах, ішлі па дарозе машыны з дошкамі для моста.

Адамчук сышоў з дарогі ў глыбокі снег.

— Добрай раніцы, Іван Маркавіч! — прывітаўся шафёр пярэдняй машыны, высунуўшы з кабіны галаву.

«Як жа яго прозвішча?» — намагаўся ўспомніць Адамчук. Яму стала няёмка, што ён не ведае ўсіх сваіх шафёраў.

— Добрай раніцы,— разгублена прагаварыў ён, але яго прывітанне пачуў ужо другі шафёр, Пятрусь. Ён нібыта здзівіўся і, сам не ведаючы чаго, затармазіў.

— Можа, нам у адну дарогу? — спытаў Пятрусь, адчыніўшы дзверцы кабіны.— Паглядзіце, які мост расце! Лялька. У два разы павялічым вывазку.

— Добра, вязі... А мне недалёка.

— На лесасеку?

— Ага...

Пастаяўшы, пакуль прайшлі машыны, Адамчук закрочыў шпарчэй.

«Бач, як яны разважаюць! — узрушана думаў ён.— У два разы павялічым вывазку... Малайцы...»

Яму здалося, што памякчэў мароз і лягчэй стала ісці па скрыпучым снезе. Твар у яго гарэў. Адкінуўшы высокі каўнер паліто, Адамчук адчуў сябе памаладзелым.

Неўзабаве ён заўважыў Сіліча. Той ішоў насустрач, горда ўзняўшы галаву. За ім лесарубы неслі дзве пілы, весела аб нечым размаўляючы.

— Куды ж гэта вы ў такі ранні час? — спытаў, прывітаўшыся, Адамчук.

— Замяніць пілы думаем, Іван Маркавіч... Падводзяць яны нас, часта псуюцца,— дзелавіта растлумачыў Сіліч, выйшаўшы наперад.— Мы вырашылі сёння таксама ўчарашнюю выпрацоўку даць. Хутчэй толькі б вось пілы замяніць!

— Няўжо дадзіце?

— Дадзім...

Слова «ўчарашнюю» прагучала ў вушах Адамчука, як дакор. Яно ніяк не хацела стаць побач са словамі Петруся «ў два разы павялічым вывазку».

— Дык мы пайшлі,— гукнуў Сіліч і падмігнуў лесарубам — моў, усё ў парадку.

— А дзе ж гэта вы заменіце пілы?

Адамчук дастаў з кішэні папяросы, затрымаўся на хвілінку.

— Ведаем такое месца,— загадкава ўсміхнуўся Сіліч, працягнуўшы руку, каб узяць папяросу.— Куры, хлопцы! — прапанаваў ён і астатнім.— Перадавікам ніколі ні ў чым не адмаўляюць. Можна і ў энзэ па адной узяць.

— Значыць, думаеш на складзе ўзяць? Ёсць там, праўда, дзве пілы,— у задуменні прагаварыў Адамчук, пазіраючы, як пусцее яго карабок.— А што, калі б адрамантаваць пілы сваімі сіламі?

— Нічога не выйдзе. Не дадзім учарашняй выпрацоўкі,— настойваў на сваім Сіліч.

— Пілы са склада ўзяў Барэйка...

— І вы дазволілі?

— Вядома, дазволіў. Ён вунь свае няспраўныя пілы сам адрамантаваў. У яго свае пілаправы з’явіліся... А табе я што даў, тое і маеш,— злосна сказаў дырэктар. І пайшоў далей, пільна аглядаючы лесасеку.

Сіліч падаўся следам.

— Іван Маркавіч, а кінахроніка? Нас жа хутка прыедуць здымаць, на нас з вамі ўся рэспубліка будзе глядзець. А што ж атрымаецца цяпер...

— Вось што!.. Досыць мне няньчыцца з табою. Нічога ты больш не атрымаеш! Нясі пілы назад, здай Сініцкай.

Ім насустрач ужо ішла Вера. Сіліч першы ўбачыў яе і знарок голасна сказаў:

— Старшаму электрамеханіку здаць няспраўныя пілы? Ды ёй і так працы хапае, без піл. Калі яны будуць гатовы?

— Сёння,— прывітаўшыся з Адамчуком, адказала Вера.

— Добра,— пачырванеў Сіліч,— хлопцы, нясіце пілы назад.

— У рамонтную брыгаду,— падказала Вера, усміхнуўшыся,— і кожны раз так, запамятайце. Будзем пераймаць вопыт у Барэйкі.

Сіліч знішчальна глянуў на Веру:

— Знайшла перадавіка...

— Знайшла. І вельмі рада...

Адамчук, уціснуўшы рукі ў кішэні, толькі пыхкаў папяросай, зрабіўшы выгляд, што гэтая размова яго не датычыцца. На самай справе ён уважліва слухаў і ўсё ацэньваў.

— Рада,— скупа ўсміхнуўся Сіліч,— паглядзіш, колькі табе работкі будзе праз гэтага работнічка. Не будзеш заўсёды такой чысценькай хадзіць, не-е.

— Я работы не баюся...

Вера хацела сказаць яшчэ «як ты», але стрымалася: Сіліч яе зразумеў і так. Інакш не глянуў бы на Веру вачыма, не злоснымі, а сарамлівымі.

— Што гэта ў цябе там? — раптам спытаў Адамчук, паказаўшы на вогнішча, дзе грэлася некалькі чалавек.

— Чакаюць піл,— растлумачыў Сіліч,— вунь той, высокі — правая рука. Рэкамендую на месца любога начальніка лесасекі.

— А на маё месца ў цябе нікога не знойдзецца?..

— Ну, што вы,— паспрабаваў усміхнуцца Сіліч,— не дараслі. І

«Зазнаўся!» — падумаў Адамчук, абыходзячы дзялянку.

На развітанне Іван Маркавіч сказаў Сілічу:

— Глядзі ў мяне — не правалі плана, а то галлё зносіць пойдзеш...

Сіліч не ведаў, жартуе ён ці ўсур’ёз гаворыць.

 

* * *

Прыйшоўшы зноў у кантору, Адамчук сеў на сваё крэсла і задумаўся. Цяжка з людзьмі, кожны па-свойму думае. Не падабаецца паказальны ўчастак Сіліча. «А я вось вазьму ды яшчэ ўзмацню яго! Я тут дырэктар»,— падумаў Адамчук і схапіў папяросу з раскрытага карабка, што заўсёды ляжаў на стале, каля прыгожай касцяной попельніцы, прыкурыў.

Сваіх пазіцый ён не хацеў здаваць. Галоўнае, з чым не згаджаўся Адамчук, гэта размеркаванне тэхнічных сродкаў і людзей пароўну, на два ўчасткі.

«Няхай хоць адзін участак будзе ўзорны, трэба ж па кім-небудзь раўняцца...»

Адамчук устаў і прайшоўся па канцылярыі. У гэты час Валодзька высунуў у акенца пышны чуб і спытаў:

— Мне сказалі аб’яву аб партсходзе вывесіць.

— Ага, брат, давай,— дазволіў дырэктар, і думкі яго паплылі ў новым кірунку.

«Вось паглядзім, каго сёння сакратаром выберуць, паглядзім!.. Прохарава ці Ліпніцкага...» Ён заплюшчыў вочы, задумаўся, пакуль не пачуўся зноў голас Валодзькі:

— Я напісаў на шэсць гадзін вечара...

Не адкрываючы вачэй, Адамчук сунуў патухшую папяросу ў рот не тым бокам.

— Добра, добра,— замармытаў ён і раптам ускочыў, выплюнуў папяросу і накінуўся на Валодзьку: — Ты чаго зубы выскаляеш?..

Думкі зноў змянілі кірунак. Адамчук успомніў, што дачка запрашала яго на імяніны мужа, і што даўно пара збудаваць сабе тут, у пушчы, домік і перавезці ўсю сям’ю.

Сяк-так дзень да вечара дырэктар адбыў, а ўвечары прымаў людзей з выглядам вялікай зморанасці. Слухаў просьбы, скаргі лесарубаў і чамусьці не разумеў іх, быццам трапіў у пушчу першы раз у жыцці.

Прохараў прыйшоў пазней за ўсіх, нават не пераапрануўся. Выгляд у яго быў заклапочаны. Падышоў да дырэктара і ціха сказаў:

— Барэйка там сваіх сабраў у клубе на заняткі, дык і з Іванаўскага ўчастка Сілічавы прыйшлі...

— Што вы кажаце?

Адамчук зрабіў выгляд, што здзівіўся, а сам падумаў: «Няўжо і гэтага цікавіць тэхвучоба?..»

— Толькі сярод гасцей «правакатары» аб’явіліся, хацелі з заняткаў вечарынку арганізаваць. Ну і далі ж ім!

І Прохараў задаволена паківаў кулаком. Адамчук звёў бровы.

— Пабіліся?!

— Бадай што... Заспрачаліся, чый участак лепшы, хто лепш працуе...

Адамчук засмяяўся і пацёр рукі.

— Ах, вось як! Эх, чэрці паласатыя!

У гэты вечар Прохарава выбралі сакратаром партарганізацыі. Нават Адамчук апусціў у скрынку бюлетэнь з невыкрэсленым прозвішчам.

З клуба Вера і Барэйка ішлі разам і ціха гутарылі.

— Вы ведаеце, Адамчук пачынае мяняцца,— сказала Вера, ні то сцвярджаючы, ні то пытаючыся. Барэйка падумаў, схіліў набок галаву і развёў рукамі.

— Гэтага я не заўважыў. Проста крыху прыціх ён...

Вера загаварыла аб іншым.

— Не думала я, Васіль Пятровіч, раней, што тут, у Баркоўскай пушчы, такое бурнае жыццё... А людзі якія!.. Скардзяцца вось, што малая бібліятэка, што зусім няма тэхнічнай літаратуры. А мне страшна,— прызналася Вера нечакана.-— Ці спраўлюся я тут...

Барэйка асцярожна ўзяў Веру за руку.

— Вас любіць моладзь, Вера Паўлаўна, а гэта галоўнае.

Барэйка хацеў сказаць «і я люблю», але ў яго заняло дух ад адной такой думкі. Ён расшпіліў свой кажушок і змаўчаў.

Яны ішлі побач — і ён быў рады. Не трэба слоў — словы лішнія... А чаму ўсё-такі і не сказаць — кахаю? Ён жа так даўно марыць аб гэтым, так высока ўзнёс Веру ў сваіх марах! А вось надышла хвіліна — і баіцца нават падумаць аб гэтым.

Што б ні рабіў Васіль, заўсёды Веру бачыў перад сабою. Яна нібы клікала яго.

«Няўжо я і на рабоце стараюся для яе? — думаў ён.— Каб звярнуць на сябе ўвагу? Каб заслужыць пахвалы? А калі адвернецца яна ад мяне, то, выходзіць, усё закіну? Не! Ніколі ўжо не згаснуць гэтай сіле імкнення наперад, ніколі! Толькі ці знойдуцца ў мяне словы і сілы аддзякаваць табе, Вера?»

Вера як бы акрыліла Васіля. Ён адчуў сілу і свае здольнасці. Ён цяпер зробіць усё, каб быць вартым яе кахання.

На развітанне Вера сказала яму:

— Любіце лыжы?

— Люблю.

Васіль схлусіў. На лыжах ён хадзіў даўно, у дзяцінстве. Увесь свой вольны час Барэйка аддаваў радыёаматарству і заняткам з лесарубамі.

— Паедзем разам на прагулку,— прапанавала Вера.

— Паедзем... Хоць на край свету!

— Гэта вельмі далёкі і, мусіць, сумны шлях.

«Глупства сказаў»,— папракнуў сам сябе Васіль.

Вера пацягнула яго да клуба, дзе ў спартыўным пакоі стаялі новенькія лыжы.

Калі выехалі за апошнюю хату, цемень ужо добра ўляглася між дрэў. Але на зямлі ляжаў снег, і таму быў прыкметны кожны пянёк, кожная галінка.

— Мы вакол пасёлка разок аб’едзем,— сказала Вера, азірнуўшыся. І прыпынілася.

Васіль, высокі, шыракаплечы, стаяў над ёю ў чорным кажушку і калматай шапцы. У параўнанні з ім яна нагадвала хлапчука.

— Пайшлі-і,— працягнуў Васіль, не зводзячы з яе вачэй.

— Ану — даганяйце!

Вера стукнула яму кулачком у магутныя грудзі, шпарка памчалася між дрэў, быццам яе нёс сам вецер. Васіль не адставаў, хоць справіцца з Верай было нялёгка. Ён адразу адчуў гэта. Кожны крок павялічваў адлегласць між імі. Барэйка задыхаўся, але настойліва бег за ёю, баючыся згубіць след, бо снег цяпер пайшоў такі моцны, быццам хацеў заляпіць яму вочы. Усё было б добра, каб не насмешлівы голас Веры:

— Лыж-ні-ік, дзе вы?

Васіль спыніўся. Яму крыўдна было, што ён, такі дужы, гатовы любую аглоблю ў дугу сагнуць, на лыжах хутка выбіўся з сіл.

Пастаяўшы крыху, ён нечакана пачуў за плячыма шорах. Васілёвы лыжы быццам прыраслі да зямлі.

Ён азірнуўся. Ззаду на яго лыжах стаяў чалавек. Другі чалавек віднеўся воддаль.

— Што табе трэба? — зазлаваў Васіль, стараючыся апазнаць чалавека, які наступіў на яго лыжы, але той кійком так штурхнуў Васіля ў спіну, што ён ледзь устаяў на нагах.

— Каб апошні раз бачылі цябе з Верай, чуеш? У апошні раз... Інакш, пашкадуеш...

Чалавек, які стаяў воддаль, паволі пасунуўся ў лес. За ім падаўся і гэты. А Васіль, ашаломлены нечаканасцю, яшчэ стаяў на месцы, ён не пазнаў, хто гэта быў.

«Можа, Сіліч падаслаў? — мільганула думка.— Які дзівак! Хоча запалохаць мяне...»

Вера зноў паклікала Васіля, і ён, зірнуўшы па баках, пайшоў на яе голас. Яна чакала яго.

— Што ў вас там здарылася? Думаю, ці не ваўкі напалі. Хацела ўжо людзей клікаць на дапамогу.

У Верыным голасе адчувалася насмешка.

— Ваўкі? — перапытаў Васіль, пад’ехаўшы блізка.— Амаль што ваўкі. Толькі баяцца іх няма чаго. Іх трэба проста навучыць, як жыць на свеце, і пасаромець добра...

Вера глянула Васілю ў вочы, і ён адчуў яе неспакой.

— Вы пра што гаворыце?

— Яшчэ і сам добра не ведаю... Думаю, што Сіліч таксама любіць вячэрнія прагулкі. Палохаць уздумаў...

— Вы сустракалі яго?

— Гэта трэба высветліць. Іх было двое, не пазнаў. Забараняюць мне з вамі хадзіць.

— Вось як? — здзівілася Вера,— Я пасаромлю яго сама.

— Аднак нам пара дадому,— сказаў Васіль і першым рушыў з месца.

 

* * *

Над лесам, які нядаўна спаў глыбокім сном, чорнымі хмарамі заклубіўся дым, асядаючы на белыя шапкі сосен. Снег чарнеў, пакрываўся копаццю.

Лес зашумеў. У неспакойным гомане дрэў, у несціханым шуме матораў і машынным гуле чуюцца людскія галасы, ды гучыць у прасторы дзявочая песня, якую дзесяткі звонкіх галасоў, здаецца, узнімаюць вышэй хмар. Усё гэта стварае сімфонію працоўнай раніцы ў лесе. Высока ўзнімаецца сакавіты голас:

 

...Каб ве-чна цві-лі ў Бе-ла-ру-у-сі

Са-ды ка-ля вё-сак і рэ-эк.

 

Гэта ўжо Лена спявае. Ёй быццам уторыць усё: і людзі, і вецер, і гул трактара, на якім яна працуе.

Рудая вавёрка і тая здружылася з людзьмі, прывыкла да іх, да ўсяго, што робіцца тут. Вунь яна гушкаецца сабе на галінцы сасны, не зводзіць чорных вочак з Лены: няйначай, цікуе, каб скінуць шышку, калі трактар падыдзе пад сасну.

Раніца ў лесе! З шэрых дрэў падае набрынялы вадою снег. Адліга прыйшла пасля завірух і ветру. Хмары, быццам хто прыпыніў іх вечны рух, павіслі ў небе. Паветра поўнае вільгаці і паху хвоі.

Васіль выйшаў у лес з тварам, цямнейшым за гэтыя хмары.

Адкуль хто што даведаўся? Пятрусь пры сустрэчы сказаў яму:

— Значыць, задумаў, як бы гэта сказаць, трэніравацца на лыжах? Глядзі, не давядуць яны цябе да дабра.

Бачыла, як учора выехалі Васіль з Верай на лыжах і Лена. Васіля яна ведала з дзяцінства. Разам з ім у Баркоўскай школе вучылася. Разам яны і раслі. Лена заўважыла, што як толькі з’явілася тут Вера, Васіль стаў іншым. Пачаў сам хадзіць з пілою, раіцца з дзесятнікамі, правяраць павалены лес, пераводзіць выпрацоўку ў працэнты. А раней гаварыў: «Гэта справа дзесятніка, гэта — нарміроўшчыка». Лена радавалася за Васіля, а на Веру крыху крыўдзілася. Як яна здагадвалася, Васілёва дружба з Верай перайшла ў каханне, але каханне няўдалае. Ёй Вера аднойчы сказала:

— Васіль слаўны хлопец. Чалавек, можна сказаць, як дуб...

— Падабаецца? — шчыра спытала Лена.

— Гледзячы ў якім сэнсе. Ён мне нагадвае аднаго чалавека...— сказала Вера і зірнула ў акно, нібы чакаючы, што вось-вось убачыць постаць Васіля.

— А Васіль кахае цябе,— выпаліла Лена.

Вера ўскінула галаву, захвалявалася.

— Што? Як ты сказала?

— Павер мне, Вера, ён сумленны хлопец, не які-небудзь Сіліч. Той хітры і самалюбівы, зазнайка. Ты б ведала, якімі вачыма ён глядзіць на цябе...

— Ну, гэта ты выдумала! — засмяялася Вера.— Хутка скажаш, што мяне кахаюць усе хлопцы з участка!

Лена зрабіла вывад: «Вера не любіць Васіля, не адкажа яму ўзаемнасцю». А Васіль дзеля Веры гатоў на ўсё. Ёй вельмі хацелася ўмяшацца ў справу, дапамагчы Васілю чым-небудзь, параіць...

Вось чаму ў часе абедзеннага перапынку Лена, убачыўшы Барэйку, які паволі крочыў між маленькіх пеньчукоў, пабегла і дагнала яго.

— Васіль,— ціха паклікала яна.

— Што?

Ён ішоў, заклаўшы рукі за спіну, нават не паглядзеў на трактарыстку.

— Можна ў цябе нешта запытаць?

Лена па старой звычцы звярталася да Барэйкі на «ты», але з павагай.

— Заўсёды, Лена...

Яна ціха ўздыхнула.

—Скажы, Вера пяройдзе на наш участак ад Сіліча?

Васіль прыпыніўся, павярнуўся да дзяўчыны. Хваравітая ўсмешка застыла на яго твары.

— Выпытваеш?.. Ах ты, чорт, а не дзеўка! Пяройдзе. Усім перадай, не ўтойваю. Кропка!

Ён нахмурыўся, відаць, толькі цяпер абдумваў, што сказаў.

— Не, не,— заківала галавою трактарыстка, круглымі вачыма пазіраючы на Васіля.—Ты, мусіць, аслеп...

— Ты што дазналася? Гавары...

Васіль схапіў Лену вышэй локця.

— Пусці, мядзведзь ты, тады скажу!

— Што, можа, гаварылі пра мяне?

Лена закінула галаву, прамовіла з запалам:

— Не пара ты ёй!.. Ніколі кажушка гэтага не скінеш, шапкі зімовай ды валёнак. Паглядзі на Сіліча. Франт! Заўжды пры гальштуку, боты аж гараць... Адным словам, Веры ён падабаецца, разумееш?

— Яшчэ што? — грозна спытаў Барэйка.— Вось што... Ідзі адгэтуль і не азірайся.

Лена спахапілася, зразумела, што ўсё атрымалася не так, як яна думала.

— Ой, я пажартавала...— усміхнулася яна і пяшчотна глянула на Васіля.— Ведаеш, Вера мая сяброўка. Я не хачу, каб яна мела справу з Сілічам. Не хачу! Сіліч вунь ужо адну пакінуў з дзіцем, у Залессі, ведаеш?

— Ты проста пляткарка,— сказаў Васіль і адвярнуўся.

Лену гэта абурыла.

— Добра. Няхай будзе так. А ты... ты...— Яна не знаходзіла слоў, каб адпомсціць Васілю.

Адышоўшыся, Лена аглянулася. Яе твар быў расчырванелы, вочы часта міргалі. Васілю здалося, што на вейках дзяўчыны блішчалі слязінкі. Ён глядзеў ёй услед і думаў, што дарэмна пагарачыўся, пакрыўдзіў Лену. «У партыю заяву падаў, а паводзіны, як у хлапчука»,— падумаў ён пра сябе. Прыгадаў той дзень, калі разам з Ленай прыйшлі яны ў пушчу паступаць на працу, абое пасля курсаў. Яна — трактарысткай, а ён — дзесятнікам. Але Адамчук, пазнаёміўшыся з Васілём, сказаў яму: «Дам табе дружыну — ваюй».

Спачатку Васіль сумеўся, нават хацеў адмовіцца. Потым сяк-так асвоіўся. Дзень за днём, што называецца, уцягнуўся, але не паказаў сябе, як Сіліч, і дырэкцыя ў асобе Івана Маркавіча адсунула яго і яго ўчастак на задні план.

Каб не Вера, і дагэтуль жыў бы Барэйка ціха, бесклапотна, ужо на пасадзе дзесятніка або, на горшы выпадак, матарыста.

Цяпер Барэйка адчуваў асалоду працы. Ён прыглядаўся, як Вера цярпліва рамантавала на марозе агрэгаты, як яна цешылася, калі ёй удавалася пусціць машыну хоць на паўгадзіны раней тэрміну.

«Вось гэтым я і абавязан ёй — абуджэннем»,— думаў Васіль.

Але што б ён ні думаў, з галавы не выходзілі словы Лены: «Не пара ты ёй!..» З прыкрасцю глядзеў Васіль на вялізныя валёнкі, на шапку, якую скінуў. Як лёгка галаве стала! Калі б яшчэ кажушок гэты...

Усё пераблыталася ў галаве. Сіліч, цёмныя сілуэты невядомых лыжнікаў, нават Вера, якую ён так паважае, так любіць,— усе сталі як бы варожымі для яго.

Абудзіў Барэйку ад дум Адамчук. Быццам з неба зваліўся ён, забег насупраць у лёгкім паліто, у летняй шапцы.

— Бачу, як ты працуеш, бачу! Ану — павярніся назад.

Зірнуў Барэйка назад, а там высокі і тоўсты фатограф, нібы двайнік Адамчука, стаіць і ўсміхаецца:

— Гатова!

Зразумеўшы, што яго сфатаграфавалі, Васіль здзівіўся.

— Навошта гэта?

— А на тое, браце мой, што за такую работу тваю — у газету мы цябе. Я вас навучу працаваць! Вы не ведаеце яшчэ, што значыць у абласную газету трапіць,— Адамчук узняў угору палец,— і як трапіць... Ого! Газета і пакараць можа, але можа і...

— Але, але,— пацвердзіў фатограф. І тут ён заўважыў, што валасы ў Васіля — куды каторы, зблыталіся на галаве.— Ой, ліханька! — усклікнуў ён.— Адзеньце хутчэй шапку.

Васіль надзеў.

— Іван Маркавіч...

— Ці-ха! — зморшчыў той нос і паківаў пальцам.— Усміхайся. Вось так...

Фатограф зноў прыцэліўся на Барэйку, камандуючы:

— Жвавасці больш, малады чалавек, жвавасці! А шапку — на лоб. Ах, ліханька, ды не так жа,— ён падбег, паставіў Васіля ў «позу», паправіў шапку.

— Скажыце, навошта? — не кратаючыся, Васіль скасіў на Адамчука вочы.

— Правяралі выпрацоўку,— амаль прашаптаў той.— Твой участак даў сто шэсцьдзесят тры супраць ста дваццаці Сіліча. Гэта за месяц, у працэнтах! Зразумеў?

— Мала, Іван Маркавіч... Больш дам, усе дзвесце.

— Ах, ліханька, зноў сапсаваў! — заенчыў фатограф, падбег і павярнуў галаву Васіля.— Пастойце хоць момант спакойна.

Васіль усміхнуўся.

Фатограф шчоўкнуў апаратам, схаваў яго ў футляр і задаволены пайшоў. Адамчук жа затрымаўся.

— Заўтра сход у нас, ведаеш? Будзем прымаць у кандыдаты...

— Заўтра?

Васіль паглядзеў на дырэктара так, быццам першы раз убачыў яго.

— Ну, ну, толькі не хвалюйся,— супакоіў яго Адамчук, аглядаючы з ног да галавы, як бы прыкідваючы вартасць Васіля на вока. Васілю ж здалося, што Адамчук пазірае на яго валёнкі і, безумоўна, думае: «Не пара ты ёй...»

Ну і няхай сабе думае што хоча, няхай усе думаюць...

— Я гатоў, Іван Маркавіч,— стрымана прагаварыў ён.

— Вось і добра.

Васіль застаўся адзін.

Ужо гулі ў лесе пілы і грукацелі трактары. Падзьмуў золкі вецер, які данёс звонкую песню Лены:

 

...Я тоскую, любя,

На сердце обида,—

А увижу тебя —

Не подам и вида.

 

«Добрая песня,— падумаў Барэйка,— павучальная».

 

* * *

Жыў Барэйка, як і ўсе, хто тут працаваў, у пушчы, у пасёлку. Але перад выходным днём ён хадзіў дадому, у Баркі.

Хата Васіля стаіць на самым канцы сяла, у ліпавых прысадах. За хатай — уніз да ракі, цягнецца малады сад. А навокал сяла, куды ні глянь, сцяной стаяць лясы. Яны раскінуліся на дзесяткі кіламетраў. Калісьці тут знайшлі прытулак першыя партызаны. І сярод іх — Васіль, малады разведчык атрада «Баец»...

У сяле цяпер жылі яго маці і малодшая сястра Зіна.

Старая таксама не сядзіць дома. Яна працуе ў дзіцячым садзе. Добрая і працавітая, цэлымі днямі яна займалася з малымі, прыходзіла дадому позна ўвечары, задаволеная дзённай працай.

Сёння, перад выходным днём, прыйшоўшы на якую гадзіну раней звычайнага, маці паскардзілася Васілю, што яе пакрыўдзілі супрацоўніцы.

— Падумаць толькі... Узяць ды проста ў вочы так сказаць,— гаварыла яна, сядаючы каля стала, на якім стаяў вялікі, прыгожы радыёпрыёмнік.

— Хто пакрыўдзіў! — спытаў Васіль, закрыўшы кнігу, якую чытаў, але так, што за гадзіну не перагарнуў і старокі. Ён і цяпер слухаў і не слухаў маці, пачаў энергічна хадзіць з кута ў кут, прыпыняўся, быццам што ўспомніў, і зноў пытаўся, «хто пакрыўдзіў», глядзеў на маці ўважліва, але, відаць, не чуў, пра што яна расказвала.

— Кажу — прагналі мяне сёння, не далі папрацаваць ў ахвоту. Ідзіце ды ідзіце, Кацярына Іванаўна, без вас управімся, маладыя мы... Падумаць, старую знайшлі! — абуралася яна.

Ёй было ўжо за пяцьдзесят год, але была яна жвавай і нават крыху мітуслівай. Як і многія жанчыны Баркоў, яна перажыла вялікае гора ў вайну. Адправіўшы старэйшага сына Аляксея разам з мужам на фронт, Кацярына Іванаўна выехала з Васілём і дачкой Зінай з роднага сяла ў Іванаўскую вобласць да сястры, працавала там у калгасе.

У халодную восень сорак першага года загінуў пад Масквою Аляксей. Варожы эсмінец патапіў у балтыйскіх водах падлодку, на якой матросам служыў Барэйка, муж Кацярыны. А ў дадатак, аднойчы з дому знік Васіль. Хтосьці паведаміў ёй, што хлапца бачылі на станцыі — паехаў у Маскву...

Калі часці Савецкай Арміі вызвалілі Беларусь, вярнулася Кацярына Іванаўна ў Баркі. Прыйшла на папялішча і заплакала. Няма ні сыноў, ні мужа.

Села на камені ля сваіх клункаў і, пазіраючы поўнымі слёз вачыма на абгарэлую ліпу, гладзіла Зіну па галоўцы — адзіную сваю ўцеху... А пад вечар прыйшоў Васіль. З медалём на грудзях, узмужнелы, ледзь пазнала яго Кацярына Іванаўна.

...Сёння Васіль ніяк не мог супакоіцца. Думкі аб заўтрашнім дні, аб тым, што заўтра ён уступае ў партыю, не пакідалі яго. Васіль успамінаў мінулае, ацэньваў. Вядома, мала яшчэ зрабіў для роднай партыі. Але ўсё яго жыццё наперадзе і ён не пашкадуе цяпер сіл...

— Мама,— сказаў ён і прыпыніўся насупраць,— заўтра мяне будуць прымаць у партыю...

Кацярына паглядзела на яго ўважліва, устала з крэсла, моўчкі падышла да сына і пацалавала яго ў шчаку.

— Вось і ён так... бацька твой... аднойчы паведаміў мне. І Аляксейка...— уздрыгнуў яе голас.— А цяпер — ты. Будзь варты іх, Васілёк,— і хуценька пайшла ў другі пакой.

Васіль падумаў, што маці ўспомніла мінулае і плача цяпер там, і ён пайшоў за ёю. Але маці сустрэла яго спакойным позіркам і, зразумеўшы яго думку, прамовіла:

— Не век жа мне, сынку, плакаць. Няхай ворагі нашы плачуць, тыя, што зноў вайной палохаюць... Мы — бачылі гора. Але яно не зламала нас... У мяне ты, Васілёк, адзіны сын застаўся. Але, калі што, я сама бласлаўлю цябе!

— Правільна, мама!..

Васіль хацеў яшчэ нешта сказаць, ды хтосьці пастукаў у дзверы, і на парозе з’явілася Вера.

— Можна зайсці? — спыталася яна.— Мы тут з Ленай... Але яна пайшла дадому. Хутка будзе.

Вера стала ў парозе і разгублена паглядзела на Васіля.

— Ды вы... распранайцеся,— нарэшце вымавіў ён і хутка падышоў да дзяўчыны.

Кацярына Іванаўна з другога пакоя задаволена сказала:

— Вось і госця бог паслаў...

— Знаёмцеся, мама,— сказаў Васіль, некалькі разгублены і разам з тым узрадаваны.

Вера падышла да старой і падала ёй руку:

— Вера...

— Ага,— паківала галавою Кацярына Іванаўна,— дык гэта вы — Вера?

— Я. А што?

— Мама, досыць вам...— пачырванеў Васіль.— Ідзіце распранайцеся, Вера Паўлаўна.

Пакуль Кацярына Іванаўна ставіла на стол пачастунак, яны прыселі на тапчане.

— Слухайце, Вера,— пачаў Васіль,— я сёння бязмежна шчаслівы,— ён узяў яе за руку, глянуў у твар.— Вы мяне лічыце нясмелым, нерашучым. А я вось які... Вера! Мне так добра з вамі, так добра...

Сініцкая слухала яго, крыху схіліўшы ў задуменні галаву, і ў душы радавалася, што Васіль загаварыў аб гэтым.

— І мне з вамі добра, Васіль,— сказала Вера, сарамліва глянуўшы на Барэйку.

— Дзякуй, Вера,— ціха прамовіў ён і тут жа дадаў: — Вы ведаеце? Заўтра мяне будуць прымаць у партыю.

— Нас... і мяне — таксама,— усміхнулася яна.

— І вас? Гэта добра... Разам пойдзем у вялікае жыццё.

— Разам...

— Прашу за стол,— запрасіла Кацярына Іванаўна.

— Ідзём! — адгукнуўся Васіль і пацягнуў Веру за руку.

— Пачакайце,— папрасіла яна.— Хутка Лена прыйдзе.

— А Лена не прыйдзе, ведаю я яе!..

Вера не адказала і моўчкі пайшла першай.

— Дык за што ж нам выпіць? — сказаў Васіль, наліваючы чаркі.

— За дружбу,— прапанавала Вера.

— А я, дзеткі, не п'ю,— устала Кацярына,— але за ваша шчасце вып’ю...

Калі гадзіннік адлічыў восем разоў, Вера паднялася.

Моўчкі выйшлі яны на вуліцу.

Правёўшы дзяўчыну дадому, Васіль, шчаслівы і задаволены, пайшоў назад у Баркі.

Цемра была густая, як восенню. Ціха і сумна шумелі хвоі. Рыпеў пад нагамі снег, хаця марозік быў невялікі. На чорным небе калі-нікалі міргалі між хмар зорачкі. Ісці было лёгка.

Васіль выняў з кішэні ліхтарык і ўжо хацеў запаліць яго, каб, асвятляючы, пакрочыць шпарчэй, як наперадзе заўважыў дзве постаці. Адну высокую, другую крыху ніжэйшую. Яны паказаліся на дарозе і зніклі. Васіль схаваў ліхтарык у кішэню і на хвіліну спыніўся.

Барэйку не было каго баяцца, але міжволі набягала думка,— а раптам хто-небудзь п’яны з кампаніі Сіліча ці нават сам Сіліч? Натура ў яго благая. Успомніўся і той выпадак у лесе.

Калі ж непадалёку пачуўся трэск галінкі, Васіль зразумеў, што намер людзей, якіх ён заўважыў раней, не чысты. Яны цяпер не ішлі, а беглі хмызняком проста на яго.

Васіль падрыхтаваўся ўжо абараняцца, але тут да яго данёсся цяжкі стогн.

Адразу зніклі злосць і ваяўнічы запал. Барэйка кінуўся на стогн, на хаду вымаючы ліхтарык. Калі ўбачыў на зямлі чалавека,— асвятліў яго твар. Гэта быў Сіліч. Ён трымаўся аберуч за калена левай нагі і моршчыўся ад болю.

— У-у, пракляты пень... А-а, чортаў зуб...

— Што з табою? — спытаўся Васіль.— Сядзі, не кідайся! — Барэйка ўкленчыў ля Сіліча, выцягнуў з карчэўя яго нагу.— Тут, брат, не пень вінаваты... Э-э, ды ты ці не вывіхнуў нагу. Ану — трымайся за шыю... Хутчэй!

— Ідзі ты!..— вылаяўся Сіліч п'яным голасам.— Мі-і-хась! — паклікаў ён.— Дзе ты, шчанё малое? Заб'ю-у!..

— Трымайся за шыю, а то другую выкручу! — крыкнуў Васіль.— А ты, Міхась, не хавайся ў лесе, ідзі, хоць нагу будзеш трымаць... Чорт вас ганяе ў такую цемру.

Калі Барэйка ўзваліў Сіліча сабе на плечы, той зноў застагнаў. З цемры высунуўся Міхась, Сілічаў брыгадзір. Яго Васіль пазнаў адразу, па шынялі.

— А мы з дарогі збіліся,— прагаварыў ён нясмела. Ад яго таксама патыхала гарэлкай.

— Хлусі, шчанё... Ён, думаеш, дурнейшы за нас? О-оой! Не цягні за нагу-у... Балі-іць,— выў Сіліч, трымаючыся за Барэйку. Ззаду плёўся Міхась.

Васіль маўчаў, несучы нялёгкі груз.

Раптам Міхась паваліўся на снег і быццам сам сабе зацягнуў песню, як бы лежачы дзе-небудзь на ложку.

«Відаць, добра налізаліся»,— падумаў Васіль, не звяртаючы ўвагі на брыгадзіра.

Да санпункта ён прыйшоў мокры, як з лазні, і здаў Сіліча дзяжурнай сястры.

— Знайшоў вось на дарозе,— і да Сіліча: — Хутчэй станавіся на ногі ды па лесе не блытайся. Па дарозе хадзі, як усе людзі...

Сіліч ускінуў галаву, але змаўчаў. Так і развіталіся — позіркамі.

 

* * *

Сіліч прахварэў амаль два тыдні. За ўвесь гэты час Барэйка ні разу не зайшоў да яго. Не хацеў бачыць тых вачэй, што пры развітанні бліснулі злосна.

Веру Сіліч наогул папрасіў, каб не хадзіла да яго, і яна, недаўменна паціснуўшы плячыма, выбегла з санпункта. Васіль сказаў з гэтага поваду, што, безумоўна, будзе лепш, калі яна не будзе наведваць Сіліча.

Сустрэліся Барэйка і Сіліч у выхадны дзень.

У клубе моладзь збіралася паслухаць лекцыю аб міжнародным становішчы. Сюды ішлі людзі з двух участкаў леспрамгаса. Да пачатку лекцыі часу было яшчэ многа.

Барэйка толькі ўзышоў на ганак клуба, як насустрач выйшаў Сіліч. Ён коса глянуў на Васіля і хацеў уступіць дарогу, але той спыніўся.

— Здароў, Сіліч!

— Добры дзень...

— Шмат народу ўжо сабралася?

— Ды ёсць...

— Хутка, значыць, пачнуць?

— Лектара яшчэ няма. Кажуць, за Старым млынам «Масквіч» забуксаваў.

— О, гэта на добрую яшчэ гадзіну.— Васіль падумаў і паклаў руку Сілічу на плячо.— А мы — ведаеш што? Збегаем па баян. Дарэчы...

Сіліч чакаў, што ён зараз пачне распытваць аб здароўі, успамінаць і, чаго добрага, будзе кпіць з яго. Але Барэйка ніводным словам не напомніў пра выпадак на дарозе. Гэта расчуліла Сіліча. Яму ўжо самому хацелася папрасіць у Васіля прабачэння, але, самаўпэўнены і фанабэрысты па натуры, ён хутка авалодаў сабою.

— Ты ідзі ў клуб, Васіль... А баян я сам прынясу.

— Добра... Толькі хутка,— папрасіў Барэйка.

Не ўправіўся ён знайсці сярод лесарубаў Веру, як Сіліч прыйшоў з баянам. Сіліч быў у добрым настроі, пераапрануты ў новы касцюм, наадэкалонены. Сабраўшы вакол сябе добрую паўсотню лесарубаў, ён зайграў на баяне.

Перад ім у цесным крузе раптам апынуўся Пятрусь.

— Рэж «барыню»,— заказаў ён.— Гэта мая стыхія!

Яму заапладзіравалі, і Сіліч зайграў, шырока расцягваючы баян.

— Эй, Пятрусь!.. Пакінь яе, сваю стыхію, а то пахудзееш,— заўважыў яму Валодзька-Чыжык.

Гэтыя словы пакрыўдзілі Петруся. Ён падышоў да Сіліча, склаў рукамі мех баяна, загаварыў гучна:

— От Валодзька тут сказаў — кінь сваю стыхію. Глупства сказаў. У кожнага чалавека ёсць свая стыхія... Толькі нарміроўшчык наш — сухая лічба, ні пень ні калода. А спытай у яго, колькі будзе два ў два, не скажа — чатыры, а сам спытае спярша: «А колькі вам патрэбна?» Ён, брат, гэта ўмее... Колькі трэба — зробіць.

Вясёлы смех пракаціўся па зале.

Але тут прыехаў лектар, і ў клубе наладзіўся належны парадак. Сіліч, не дабыўшы да канца, чамусьці выйшаў.

А калі Вера і Васіль ішлі з клуба дадому, ён на лыжах пераехаў ім дарогу. Шырокім крокам Сіліч прабег да майстэрні і знік у лесе.

— Вось гэта тэхніка! — з захапленнем сказала Вера.— Ён, безумоўна, зойме першае месца ў лыжных спаборніцтвах.

— Сіліч можа і не пайсці на крос. Ён дужа ганарлівы.

Мароз памацнеў. Сонца, хоць і не свяціла, але адчувалася праз светла-шэрую навалачку. Так бывае перад адлігай.

— Дзіўны ён чалавек,— зноў пачала Вера,— і калі б не зазнаўся, цяжка было б вам дагнаць яго. Арганізатар ён добры, але не па той дарозе пайшоў.

— Ён умее іншы раз зусім без дарог хадзіць. Асабліва ноччу,— уставіў шматзначна Барэйка.— Праўда, адзін баіцца, памочніка бярэ.

Вера прыпынілася.

— Аб чым вы гэта?

— Пасля, Вера Паўлаўна... Пасля,— прагаварыў разгублена Васіль і, як тады, дома, узяў яе за руку.

Верына сэрца ўстрапянулася, нібы хто лёгка дакрануўся да яго. Што гэта? Але адказу ў думках Вера не знайшла, хоць чамусьці стала страшна.

Барэйка адчуў няёмкасць, і яму прыйшла думка змяніць гутарку на іншае.

— Вера! — быццам штосьці ўспомніў ён.— Вы да нас на ўчастак загляніце. Электрастанцыя там адна ніяк не слухаецца механіка.

— Добра, прыйду.

Нейкі час яны ішлі моўчкі, і ўжо каля свайго дома Вера сказала Васілю:

— Ну, вось я і дома... Што вы мне на развітанне скажаце?

Барэйка пераняў яе позірк і раптоўна пачырванеў.

— Я хацеў бы, каб вы а шостай гадзіне выйшлі да аўтапарка...

Вера апусціла вочы.

— Не абяцаю...

— Чаму?

— Проста не ведаю...— паціснула яна плячыма.— Можа, і прыйду...

— Ну, дык я не развітваюся,— сказаў Васіль і пайшоў, а Вера так разгубілася, што зноў падалася ў бок клуба.

Каля дошкі паказчыкаў сустрэўся Валодзька.

— Вера Паўлаўна,— паведаміў ён заклапочана,— прыехаў новы тэхнічны кіраўнік...

— Як яго прозвішча? — спытала яна, насцярожыўшыся.

— Мікіцёнак...

— Мікіцёнак? — перапытала Вера, і твар яе паружавеў.

— Але, Мікіцёнак, завуць Мікалай, а па бацьку не памятаю...

— Ой, як мне яго ўбачыць? Няўжо гэта Мікола? Якая радасць!

Нарміроўшчык здзівіўся:

— Вы яго ведаеце?

— І яшчэ як!.. Калі толькі гэта іменна ён...

Вяртаючыся разам з Валодзькам дадому, Вера папрасіла:

— Прашу вас... Скажыце Барэйку, што ў мяне сёння можа быць дарагі госць. Няхай прабачыць... Разумееце?

— Так і сказаць?

— Ага. Я абяцала яму прыйсці...

— А ён вады ў мяне не папросіць? Ці, чаго добрага, за такое паведамленне — у шыю?

— Што вы?

— Ну, добра, я растлумачу... Да пабачэння, Вера Паўлаўна.

— Усяго добрага.

 

* * *

Вечар апускаўся на лес, і вяршаліны хвой выглядалі чорнымі сілуэтамі на фоне сіняга неба. У наваколлі было надзвычай ціха. Толькі здалёк, з лесу, даносіўся слабы гул машын. Працавала другая змена шафёраў на вывазцы.

Вера выйшла на ганак і задумалася. Набліжаўся час, калі яна абяцала Васілю прыйсці. Сэрца ныла ў яе грудзях, твар гарэў. Што рабіць? Не пайсці? Другім разам?

Яна павярнулася, каб падацца ў пакой, як пачула за плячыма крокі. Яго крокі! Снег рыпіць пад нагамі — рып, рып...

Вера азірнулася і... не пазнала.

— Выбачайце, дзе тут Сініцкая жыве? — спытаў яе высокі мужчына ў чорным паліто. Ліхтар ад слупа цьмяна асвятляў яго бледны твар. Вера адразу пазнала Міколу. А ці пазнае яе ён?

— Сініцкая? — перапытала Вера. — Я Сініцкая. А вы хто будзеце? — знарок спытала яна.

Мікіцёнак адным крокам апынуўся побач з Верай.

— Здарова, Верачка!.. Няўжо гэта ты такая стала?.. Не пазнаеш мяне?

Вера засмяялася:

— Што вы, адразу,— і абняла Мікіцёнка за шыю.— Ой, як я рада, чакала вас!..

Яны зайшлі ў пакой. Мікіцёнак распрануўся, сеў на плеценае крэсла. Цяпер, пры святле, ён уважліва паглядзеў на дзяўчыну. Яна ўлавіла яго позірк, падышла, абаперлася локцямі на стол і, прыжмурыўшы вочы, спытала:

— Ну, як — я гэта ці не я?

— Ты,— усміхнуўся Мікола.— Толькі косы падаўжэлі... Кім ты тут працуеш?

— Здагадайцеся...

Ён зірнуў на кажушок, што вісеў ля дзвярэй, на яе рукі.

Асабісты сакратар дырэктара?

Вера адмоўна пакруціла галавой.

— Загадчык аддзела кадраў?

— Не ўгадалі... •

— Бухгалтар...

— Тэхнічны кіраўнік участка,— нахіліўшыся да Міколы, сказала Вера,— ваш памочнік...

— Вось як! — Мікіцёнак узяў яе за абедзве рукі і падняў іх далонямі ўгору.

— Не шурпатыя? — спадылба, крыху кпліва, зірнула на яго Вера.— Мазут, масла — нядрэнны крэм...

Яны засмяяліся, сталі побач, і Мікола абняў яе за плечы.

— Значыць, любіш машыны? Я вельмі рады за цябе... Проста не верыцца, быццам учора была такою маленькаю...

— Вось і мне так здаецца. Гады бягуць непрыкметна.

У пакой, пастукаўшы, увайшоў Валодзька.

— Прабачце,— разгубіўся ён,— вас, таварыш Мікіцёнак, просіць да сябе дырэктар. Ён толькі прыехаў. У канторы...

— Я хутка буду,— Мікола зняў рукі з плячэй Веры, але застаўся стаяць побач. Нарміроўшчык бліснуў хітрымі вачыма і выйшаў.

— Хто такі? — спытаў Мікола.

— Наш нарміроўшчык, ён жа і загадчык аддзела кадраў, і сакратар дырэктара, майстар на ўсе рукі.

Яны яшчэ крыху пагутарылі, і Мікіцёнак, паабяцаўшы хутка зайсці, падаўся да дырэктара.

 

* * *

На другі дзень Вера, як абяцала, прыехала па ўчастак Барэйкі з самай раніцы. Яна адразу накіравалася да электрастанцыі, каб да пачатку работы дапамагчы пусціць машыну.

Нізенькі, з кароткім чырвоным носам механік сустрэў яе радаснай усмешкай і прывітаўся за руку.

— Чорт яе ведае,— шчыра прызнаўся ён,— дзе ёй што баліць... Здаецца, усё як ёсць, праверыш, а завядзеш — пых, пых і стала. Не цягне, бадай яе качкі!

— А мы ўдваіх праверым,— сказала Вера і кінула на дах будана, што быў побач з электраўстаноўкай, кажушок.— Адна галава, кажуць, добра, а дзве яшчэ лепш.

Яна падышла да станцыі і завяла матор. Не ўключаючы дынамамашыны, выключыла яго.

— Ну што? — насцярожыўся механік.

— Вы поршневыя кольцы даўно мянялі?

— Чорт іх ведае, зараз пагляджу ў кнігу,— ён шмыгнуў у будан і выйшаў адтуль з тоўстым сшыткам.— Тут адзначана... дванаццатага красавіка правераны поршні. Пра кольцы нічога не сказана.

— Давайце інструменты,— загадала Вера.— Механізмы трэба не па кнізе правяраць, а па рабоце.

Механік, панурыўшыся, пайшоў па інструменты, а калі Вера пачала разбіраць матор, сказаў:

— Мы ж так не ўправімся да пачатку работы...

— Ні ў якім разе.

— Дык чорт з імі, з кольцамі.

— А вось пабачым. Дапамагайце лепш...

Гайкі былі закручаны так моцна, што некаторыя прыходзілася адкручваць не ключом, а зубілам і малатком, але Вера настойліва працягвала сваё.

Вось яна вызваліла шатун і дастала з цыліндра поршань. Адразу верхняе кальцо кавалкамі вывалілася з гнязда. Другое, хоць і трымалася, але таксама было паламанае.

— Бачыце? Адкуль тут будзе кампрэсія, адкуль возьмецца сіла ў машыны?

— Чорт яго думаў...

Механік вінавата насунуў шапку на лоб і пачухаў патыліцу.

— І яшчэ не ўсё... Гляньце ў цыліндры. Масла пад ціскам газаў зганяла ў картэр, а рэштка згарала па сценках. Вось што робіцца. Адна гразь...

— Трэба пачысціць,— сказаў механік.

— Дык вось і пачысціце. Уважліва сачыце за сістэмай змазкі, ад яе залежыць даўгавечнасць машыны.

Яшчэ не скончылі яны зборкі, як прыйшоў Барэйка. На ім было цёмна-сіняе паліто, але тая ж зімовая шапка. Боты, якія ён, відаць, надзеў упершыню, былі наваксаваны да бляску.

— Добрай раніцы, таварышы,— весела прывітаўся ён.— Вы тут, бачу, капітальны рамонт праводзіце.

Вера выцерла анучай рукі, а потым да чырвані нацёрла іх снегам, які тут жа раставаў і чорнымі кроплямі падаў на зямлю.

— Добрай раніцы... Слаба вашы людзі прафілактыкай займаюцца, вось і валтузімся,— сказала яна з дакорам.— Свой рабочы ўчастак трэба добра ведаць як вам, таварыш механік, так і вам, таварыш начальнік...

— Гэта праўда,— згадзіўся механік, заміргаўшы вачыма,— я цяпер за яе вазьмуся!..— І ён, быццам перад ім стаяла не машына, а які непаслухмяны конь, пагрозна, са сціснутымі кулакамі падышоў да рухавіка.

— Што ж гэта ты, цёзка, падкачаў? — кінуў яму Барэйка.— А я на цябе спадзяваўся...

— Трохмесячныя курсы — гэтага мала для механіка,— прагаварыла Вера і пачала апранацца.

— Ага, вось што,— сказаў Васіль да Веры,— вы ведаеце, што сёння нашы тралёўшчыкі селі на новыя трактары? Падарунак мінчан, газагенератарныя. Спецыяльна прызначаны для тралёўкі лесу...

— Ведаю. Цікава б паглядзець іх у працы.

— Пойдзем на эстакаду.

І яны пайшлі побач, на момант абое задумаліся.

— Бачылі новага тэхнічнага кіраўніка? — спытала Вера і заўважыла, як Васіль раптам спахмурнеў.

— Убачу яшчэ. Не раз, як з Дубовікам, спрачацца, можа, будзем.

— Ён — не Дубовік...

— А вам вядома гэта?

— Добра вядома...

Васіль прамаўчаў. Яны ўбачылі, як да эстакады набліжаўся трактар, цягнучы за сабою пяць доўгіх хвой. Машына то кулялася ў выбоіны носам, то ўзнімалася ўгору, высока задраўшы радыятар і неяк нагадваючы тады гарэзлівага каня, які стаў на заднія ногі і вось-вось скочыць наперад. Але трактар паволі апускаўся і настойліва цягнуў дрэвы між пнёў, мяшаючы снег з чорнай зямлёю, з паламаным галлём.

— Глядзіце! Лена за рулём,— весела заўважыла Вера.

Калі трактар усцягнуў на мост эстакады хвоі, трактарыстка злезла з трактара і пайшла насустрач Васілю і Веры.

— Не трактар, а золата! — ганарліва нахвалілася яна.— Пятляе між пнёў, як заяц.

— Добрая, значыць, машына? — спытаў Васіль. Ён падышоў да трактара і залез у кабіну.

Лена, якая стаяла побач, раптам разгублена зірнула на Веру, і твар яе прыкметна збялеў. Яна ўсклікнула і, нічога не сказаўшы, памчалася ў лес.

Яе чакалі доўга. А калі яна вярнулася, твар Лены быў у слязах.

— Што з табою? — спалохалася Вера.— Што здарылася?

— Я... я згубіла пробкі.

— Якія пробкі?

— Ведаеш, рашыла заліць на шасцярні бартавой перадачы масла, пробкі выцягнула з гнёздаў і паклала на гусеніцу... А потым, як заліла масла, паехала адразу.

Трактарыстка дастала хустачку з камбінезона і выцерла твар. Вера падышла да трактара і зірнула на гнёзды. Яны былі забіты зямлёю.

— Разумею...— сказала яна.— Ты доўга так працавала?

— Цэлую гадзіну... Падумаць, дурніца такая! — абуралася сама на сябе Лена.— Галаву згубіла ад радасці...

— Трэба ставіць трактар на прамыўку,— непрыязна заўважыў Васіль, які моўчкі слухаў дзяўчат.— Вось і давай цяпер проста на базу. Разява...

— Сорам які! — Лена залезла ў кабіну, не заводзячы трактара, дадала: — Дня не папрацавала — і ў рамонт. Аж сэрца баліць... Не ведаю, як і даеду.

— Нічога, даедзеш...— зусім зазлаваў Васіль.

Калі трактар адышоўся далёка, Вера вінавата сказала:

— Вы прабачце, Васіль, што не выпала спаткацца ўчора...

Ён зрабіў выгляд, што не пачуў яе, і загаварыў пра ранейшае:

— Мець на руках такую тэхніку — трэба мець і людзей, вартых яе. Быў у мяне Прохараў — забралі, цяпер намеснік дырэктара... А мне не лягчэй ад гэтага...

Вера глядзела на Васіля, не разумеючы яго. Ён не адказаў ёй, не стаў распытваць пра Міколу. І наогул сёння быў хоць і ўважлівы, але нейкі незвычайны. Сухавата-афіцыйны тон яго здзівіў Веру.

У гэты час нехта паклікаў Барэйку, і ён, папрасіўшы прабачэння, пайшоў не развітаўшыся.

Вера пайшла да аўтамашыны, на якую лябёдкаю грузілі лес, і папрасіліся ў шафёра пад’ехаць да Іванаўскага ўчастка.

— Сядайце ў кабіну...—гасцінна прапанаваў шафёр і адчыніў ёй дзверцы.

 

* * *

Адамчук увайшоў у канцылярыю не так павольна, як бывала раней. Але не добрае надвор’е падзейнічала на дырэктара, а нешта іншае. На яго звычайна невясёлым твары з’явілася задаволеная ўсмешка.

Акінуўшы руплівым позіркам свой стол, ён падышоў да нарміроўшчыка, які сядзеў тут жа, у канторы, і, здавалася, застыў, нахіліўшыся набок.

— Ну, што згорбіўся? — замест прывітання сказаў дырэктар і моцна тузануў Валодзьку за валасы.

— Ой,— усклікнуў той.— Пусціце!

— Сядзі проста, а то гарбатым станеш... Учора ўдзельнічаў у кросе?

— Ды я, Іван Маркавіч, другім прыйшоў!

— Другім?

— А то як жа!.. Першы, што бег за мною, на цэлую хвіліну адстаў — во!..

Адамчук весела засмяяўся.

— Значыць, другім ад хваста? Ну, гэта бліжэй да праўды.— Тут ён стаў сур’ёзны.— Э-э, чаго зноў згорбіўся? Гэтак ты, голубе, сапраўды блізарукім станеш. Вось што... Знайдзі чалавека і здай яму справы аддзела кадраў. Хутка пачнём рубку на трэцім участку, ведаеш?

Нарміроўшчык ускінуў чуб.

— Мне — здаць аддзел кадраў? — і пакасіўся на сваю бакоўку.— Ды вы, Іван Маркавіч, хочаце пазбавіць мяне добрай паловы работы. У мяне ж будзе незагружаны рабочы дзень... Сур’ёзна гавару...

— Добра, уважу... Але з умовай — падбяры сабе акуляры і сядзі роўна, чуеш?

— Ды я чую. Толькі акуляры насіць не буду. Боты неяк надзеў, і то ўсе смяяліся — кот у ботах.

— Пачакай, пачакай,— успомніў раптам Адамчук,— ты ў гурток самадзейнасці запісаўся?

— А што мне там рабіць?

— Як — што? Пра цябе вунь якія гаворкі, куды ні зайдзі. Кажуць, вельмі добра высвістваць умееш...

— Гэта вам нехта, сапраўды, насвістаў...— пакрыўджана сказаў Валодзька.— Выдумалі.

— Ну, ты кінь мне...

Нарміроўшчык засмяяўся, потым ціхенька засвістаў па-салаўінаму, змоўк, паглыбіўся ў паперы.

Адамчук .нават памаладзеў за гэтыя дні. Атрымаўшы падзяку з міністэрства за перавыкананне квартальнага плана, Іван Маркавіч узбадзёрыўся. А чаму б не заваяваць пераходны сцяг міністэрства?

Ён учора хадзіў да Сініцкай, нават упікнуў яе ў недастатковай ініцыятыўнасці. Гаварыў, што навокал безліч вялікіх спраў, што леспрамгас атрымаў новы заказ — нарыхтаваць крапёжнага лесу для шахт, што трэба выпусціць насценную газету і многа-многа іншага.

Але дакоры дырэктара былі, калі так можна сказаць, умоўныя, бо газета ўжо выйшла... Вісела яна ў чырвоным кутку. У самым цэнтры газеты быў намаляваны Сіліч.

Ішоў ён па крывой дарозе — гэта быў графік выканання плана. Дарога вяла яго ўніз...

Іван Маркавіч успомніў карыкатуру і задумаўся, падпёршы кулаком галаву.

Лёгкі на ўспаміне, у кантору зайшоў Сіліч, злосны і ўзрушаны. Ён моўчкі сеў насупраць здзіўленага дырэктара, перапыніўшы яго думкі.

— Што з табою, голуб? — спытаў Адамчук, устаўшы.

— Досыць! Досыць з мяне,— бліснуў той шэрымі вачыма.— Я не пудзіла, а чалавек, які, можа, усю вытворчасць на ногі паставіў...

— Можа,— нібы згадзіўся Іван Маркавіч, уважліва слухаючы Сіліча.— Але ж толькі — можа.

— А цяпер, што атрымліваецца? Сіліч, выходзіць, зрабіў сваю справу — і ў шыю яго, як лішняга — за борт? Не выйдзе...

Адамчук толькі галавою ківаў ды падтакваў, не перапыняў Сіліча, не пярэчыў, а калі той змоўк, светлыя вочы Івана Маркавіча пацямнелі.

— Не разумею я, чаго ты хочаш?

— Разлічыцца...

Адамчук сеў за стол і моцна стукнуў алоўкам па стале.

— Гэта можна, але шкада! Шкада, вядома, не таго, што такім, як ты, у Баркоўскай пушчы адным менш будзе, а цябе. Шкада,— пойдзеш ты ад нас у другое месца з думкаю, што без цябе мы прапалі... Так, так, ты не круці галавою, слухай мяне... Чаму выйшла так, што Барэйка цябе абагнаў? А таму, што ўчарашняя выпрацоўка здаецца яму нізкай на сёння, а сённяшняя — на заўтра. І ён не крычыць: я тое, ды я гэта...

Сіліч скрывіўся, як ад зубнога болю.

— Я і сам ведаю, што не ўдасканальваць працэсаў працы — гэта значыць пагаршаць.

— І правільна!

— А вы, вы, таварыш Адамчук, чаму ў апошні час забыліся на мой участак? — памякчэў Сіліч.— Падтрымліваць, дык да канца...

— Не, дружа, прабач... Не толькі ў цябе знатныя лесарубы ёсць і не толькі ты лепшы начальнік участка.

— А ўспомніце, што было спачатку... Колькі было знатных лесарубаў?

— Столькі ж,— не задумаўшыся, адказаў Адамчук.— Толькі мы не бачылі іх... Закуры і супакойся,— працягнуў ён карабок Сілічу.— Памылкі трэба прызнаваць, выпраўляць. Так.

Сіліч узяў папяросу.

— Начальству відней было, што рабіць.

— Слухай, голубе,— даўшы прыпаліць Сілічу папяросу, гаварыў ранейшым тонам Адамчук,— я табе ўсё лепшае даваў: і спецыялістаў, і машыны на вывазку, і ўчастак — бор, як сад чысты, хвоі ў два абхваты... А ты што зрабіў? Зглуміў, як кажуць, дабро. Людзей не вучыў, дысцыпліны — ніякай. Нават таго, што я даў, не маеш. А ў іншых — спецыялісты свае з’явіліся... Ты не разумееш, як здарылася, што Сіліч адстаў ад іншых? А гэта закон жыцця, дружа. На хвіліну спынішся — цяжка тады дагнаць. Так.

— Чуў я і гэта ўжо ад Прохарава, у адну дудку трубіце,— сіпла прагаварыў Сіліч.— А я не маленькі, досыць, што ў школе мяне ў насценгазету працягвалі... Цяпер я не дазволю, каб на мяне пальцам тыкалі, як на апошняга.

— І што ж ты наважыўся рабіць?

— Разлічыцца...

Адамчук зрабіў вялікія вочы.

— Ай-ай-ай, як жа мы тут без цябе гэта, а? — і паднёс палец да правай шчакі, наморшчыў лоб.— Разумею... Ты спалохаўся, што цябе абагналі і, як чалавек прадбачлівы, але слабавольны, хочаш схаваць канцы ў ваду... Вось што, калі не раздумаеш, зайдзі ўвечары.

— Не раздумаю...

— Ну-ну...

Адамчук парывіста ўстаў і падышоў да акна, даўшы Сілічу зразумець, што размова на гэтым скончана.

Ганарыста закінуўшы галаву і заклаўшы за спіну рукі, Сіліч выйшаў.

Адамчуку стала непрыемна, бо ведаў — шмат у чым сам вінаваты. Ён зразумеў, што толькі цяпер пачынае як належыць ставіцца да людзей, думаць разам з імі, хвалявацца і радавацца. Раней гэтага не было, людзі яго не цікавілі. Сіліча таксама шкада. Ён жа не менш і не горш за іншых папрацаваў. Вось чаму нельга адпускаць яго цяпер...

Іван Маркавіч напісаў на паперцы некалькі слоў і перадаў яе Валодзьку.

— Сініцкай! — сказаў ён.— Каб на адной назе...

Валодзька з прыемнасцю схапіў паперку, быццам яна была каштоўным падарункам.

— Я ў момант, Іван Маркавіч!..

 

* * *

Выйшаўшы на вуліцу і жмурачыся ад сонца, нарміроўшчык пасігаў на Іванаўскі лесаўчастак.

Сонца ўжо не толькі весела свяціла, а і добра грэла. Снег на абочынах дарогі цямнеў. Ступіш у яго — ні следу за табою, ні сцежкі, усё зацягне вадой.

У паветры пахла вясной. Хвоі шумелі весела і гулка.

Прыемна ў такі дзянёк пахадзіць па яшчэ ўцалелай, выкатанай машынамі дарозе.

Не, Валодзька-Чыжык не быў закаханы ў Сініцкую, але яму было прыемна з ёю пагутарыць, раз-другі зірнуць у яе ясныя вочы. Ён паважаў яе прыгажосць, дабрату яе характару.

Не, гэта не было каханнем, гэта была дружба, без якой цяжка жыць яму, Валодзьку, бо змалку ён прывык любіць людзей, быць сярод іх. І ніколі не ведаў Валодзька пачуццяў рэўнасці, зайздрасці, як не ведаў злосці на людзей, хоць іншы раз, бывала, сёй-той балюча крыўдзіў хлопца, хоць няўдачы ў жыцці і ў каханні сустракаліся даволі часта.

Кахаў Валодзька раней дачку Адамчука, тоўсценькую Анюту, кахаў аж да таго часу, пакуль яна не выйшла замуж. Потым сумаваў па ёй, уздыхаў, але не расчароўваўся.

А калі быў на курсах нарміроўшчыкаў, упадабаў адну чарнавокую дзяўчыну з пышнымі каштанавымі валасамі, задумлівую, ціхую і сарамлівую.

Нічога не сказаў ёй Валодзька, калі настаў час расстання...

— Вось, Валюша, і раз’едземся,— прамовіў тады ён з усмешкаю.— А весела мы тут жылі!

— Весела,— згадзілася дзяўчына,— прывыклі так, што шкада расставацца,— дапытліва глядзела ў твар Валодзькі чорнымі пякучымі вачыма, нібы нечага чакала.

— Так-ак... Многа цудоўных сяброў яшчэ сустрэнем у жыцці... А не раз успомнім адно аднаго, Валюша... Ну, бывай!..

Вось і ўсё. Толькі яшчэ сэрца сціснулася, відаць, не жадала расстання...

Па дарозе нарміроўшчык сустрэўся з Васілём, які, радасны і ўзрушаны, ішоў на свой участак проста па снегавой кашы — нацянькі.

— Здароў, Валодзька,— прывітаўся Васіль.— Так і запішы — акругляемся. За гэты месяц амаль дзвесце працэнтаў далі...

— Бач ты! Гаворыш, быццам мне не вядома гэта,— пакрыўдзіўся нарміроўшчык.— Ды я да адной тысячнай працэнта вылічыў.

— Добра налічыў?

— Не больш, чым ёсць...— раптам Валодзька стаў сур’ёзны.— Ты чуў — Сіліч зноў пачаў гарэлку смактаць. З гора, кажа. А якое ў яго гора? Ну, Сініцкую, скажам, пакахаў. Што за гора? Яна прыгожая, і кахаць яе не грэх... Толькі ў яе, як вядома, апрача лесарубаў, знаёмыя ёсць.

Васіль падазрона зірнуў на Валодзьку. Ён навучыўся разумець яго з паўслова. А тут востры нос нарміроўшчыка зморшчыўся — значыць ёсць непрыемная навіна.

— Гавары далей, калі пачаў...

— Васіль,— прадаўжаў цішэй Валодзька,— скажы як таварышу, кахаеш Веру?

У гэтую хвіліну ён быў падобны не на хлапца-жартаўніка, а на сталага мужчыну. Яму ўсё можна было цяпер даверыць, але Васіль збянтэжыўся.

— Так сабе... Дружым крыху.

— Малайчына! — усцешана ўсклікнуў Валодзька.— А я, брат, думаў, што кахаеш. Ну і добра, што не, а то з імі пагібель нашаму брату. Ой, бедны ты чалавек быў бы, каб пакахаў яе,— сціснуў ён тонкія вусны і пакруціў галавою.— Бледны ты выгляд меў бы...

Васіль нечакана спыніўся, схапіў Валодзьку за руку.

— Валодзька, дружа мой, што ты дазнаўся?

— Пусці спачатку руку. Вось так. Цяпер закурым. Бяры, бяры, Васіль, у такіх выпадках дапамагае... Глядзі мне ў вочы і не міргай. Вось так. Бачу — кахаеш яе. Эх, прапаў хлапец як піць даць!

Васіль раззлаваўся.

— Гавары, салавей чубаты, а то ў снег утапчу! — і кінуў на зямлю папяросу, нават не прыкурыўшы.

— Гавару,— сказаў Валодзька.— Толькі ты ўсё ж супакойся. Дарослы ўжо...

Васіль спахмурнеў, зашпіліў верхні гузік паліто, быццам яму стала холадна.

— Мне Лена ўжо расказала... Няхай сабе. Што я ёй?.. Валодзя, біць нас яшчэ трэба!..

— Вера дзяўчына харошая і разумная,— сказаў нарміроўшчык.— Не любіць яе нельга.

— Правільна...

— А дзяўчына, Вася, павер мне... дзяўчына — не сонца. Свеціць яна ўсім, а саграе толькі аднаго... Учора Мікіцёнак вось так з ёю стаяў,— Валодзька абняў Васіля за плечы.— А вочы! Як сонца, ззяюць — во! — прадэкламаваў ён.— Увогуле, падобны на цябе, толькі плечы шырэйшыя.

— Ну і што?

— А тое, што наш паважаны інжынер гаварыў Адамчуку, што сустрэў тут, гэта значыць, у Баркоўскай пушчы, старую знаёмую... Адным словам, яна вельмі яму падабаецца. Кажа, што ён даўно закаханы ў яе...

— Так і сказаў? — намагаючыся быць абыякавым, спытаў Васіль. Але хвалявання схаваць не мог.

— Каб мне лопнуць ад... Ну, ад чаго б, а? Во — ад кухеля піва.

— Значыць, ён прыгожы?

— Дэман...

—- Валодзька! — пачаў Васіль строга.— А я і сапраўды кахаю Веру... Табе не зразумець гэтага...

— Дзе там! — паціснуў нарміроўшчык плячыма.

— Што ты цяпер параіш?

— Прызнацца ў каханні...

— Зарана.

— У такім выпадку ёсць другі выхад.

— Які?

— Запісацца,— адрэзаў нарміроўшчык.

— Ну, гэта зусім не тое!..

 

* * *

На другі дзень, увечары, Барэйка пасля доўгіх разважанняў з рашучым выглядам накіраваўся да Веры.

Спярша ён раскажа ёй, як ідуць на яго ўчастку справы, як лесарубы апераджаюць час, а пасля...

Каля самага Верынага дома Васіль нечакана сустрэў Мікіцёнка, які таксама, мусіць, ішоў да Сініцкай. Яны прывіталіся.

— Нарэшце і сустрэліся, таварыш Барэйка,— зняўшы пальчатку, падаў руку Мікіцёнак.— Не здзіўляйцеся. Я з вамі пазнаёміўся па фатаграфіі, што на Дошцы гонару вісіць...

— А я сапраўды падумаў — адкуль вы можаце мяне ведаць?..

— Добрыя працаўнікі далёка відаць, за сотні кіламетраў. Вось,— Мікіцёнак разгарнуў газету,— кранаўшчык Пётр Селязень, мой зямляк, недзе ля Жыгулёў працуе, а сустрэліся.— Ён паказаў на партрэт у газеце.

Васіль саступіў з дарогі.

— Я ў клуб, прабачце,— заспяшаўся ён. У ім загаварылі гонар і самалюбства...

Вера сядзела каля прыёмніка — Васілёвага падарунка — і слухала апошнія паведамленні, калі Мікола ўвайшоў у пакой.

— Добры вечар, гаспадынька. Я не перашкодзіў? — зачыняючы за сабою дзверы, прагаварыў ён і прайшоў да вешалкі.

— Ой, што вы, Мікалай Пятровіч, чакала вас. Дзякуй, што не забыліся.

Вера ўстала і дапамагла Мікіцёнку распрануцца, сама павесіла яго паліто, шапку. Мікіцёнак, усміхнуўшыся, развёў рукамі:

— Хто ж гэта забываецца на старых сяброў? Не толькі не забыўся, а па старой памяці захапіў нават цукерак. Вось, пакаштуй, трафейныя...

Вера весела засмяялася, калі ў яе руках апынулася каробка цукерак.

— О не, гэта не трафейныя!.. А потым,— ужо больш сур’ёзным тонам сказала яна,— я, Мікалай Пятровіч, ужо не маленькая, так што грошы на цукеркі можаце і не траціць.

— Для мяне ты, Вера, маленькая,— сказаў Мікіцёнак і сеў ля стала, закінуўшы нагу на нагу.

Валодзька недарэмна разводзіў рукамі, паказваючы Васілю, якія ў інжынера плечы: яны сапраўды былі шырокія. На смуглявым яго твары ляжаў цень смутку, хоць Мікіцёнак і смяяўся і жартаваў.

— Ну, добра, вып’ем у такім разе з цукеркамі чаю.— Вера дастала з шафы электрачайнік.— А пакуль упраўлюся, вы пакруціце тут,— паказала яна на прыёмнік.

Вера выйшла ў кухню. А калі вярнулася, з хваляваннем спытала:

— Мікалай Пятровіч, а вам не даводзілася сустракаць Насцю? Я так хацела б яе бачыць...— і села насупраць, падпёршы кулакамі шчокі.

Мікіцёнак задумаўся, і твар яго прыкметна спахмурнеў.

— Не даводзілася,— выдыхнуў ён.

— Ну, хоць адрас яе, можа, ведаеце?

— Адрас?.. Здаецца, быў недзе. Я пашукаю ў паперах... У цябе тут цудоўна, не тое, што ў маім пакоі,— перавёў ён гутарку на іншае і акінуў позіркам пакой.

Вера адчувала, што ён пазбягае ўспамінаў. Па яго адказу і паводзінах яна здагадалася, што з Насцяй нешта здарылася. Ці не загінула яна на фронце?

Падаўшыся наперад і шырока адкрыўшы вочы, Вера спытала:

— А яна... не загінула?

— Ну, што ты, не,— паспрабаваў усміхнуцца Мікіцёнак.— Толькі вось убачыць яе мне не давялося. Відаць, не лёс...— Ён раптам пачаў хутка круціць ручку настройкі прыёмніка.— Ведаеш, Верачка... Ты, вядома, не памятаеш, ты была яшчэ птушанём, як кажуць...

— Ну і што? — Вера ад нецярплівасці ўведаць, што скажа ёй Мікіцёнак, прыўстала і пасунула сваё крэсла бліжэй да яго.

— Як мы дружылі з Насцяй, як дружылі! — журботна сказаў Мікіцёнак.— Многае я ўжо прызабыў, а вось яе забыць — не ў сілах. Яна, Вера, абяцала вярнуцца... Паехала з думкай вярнуцца...

І пад сумную мелодыю, што лілася з прыёмніка, Вера ўспомніла ціхія летнія вечары на рацэ Бярозе. Яна ўспомніла, як Мікола з Насцяй гулялі ў «пераглядкі» — садзіліся ў лодку і падоўгу моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы — хто раней міргне.

Так, яна, Вера, тады нічога не разумела, і цяпер, успамінаючы гэта, думала: «Так, каханне... Харошае, моцнае пачуццё... Дык чаму, паабяцаўшы, не вярнулася Насця? Пакахала другога? Значыць, не кахала Міколу... Не, не можа быць...»

— Чаму яна не вярнулася? — спытала Вера нясмела.

— Чаму?..— сумеўся Мікіцёнак.— Відаць, не пажадала.

— Што, яна выйшла замуж?

— Не ведаю.

— Трэба даведацца... і тады — забыць.

Ад гэтых слоў Мікіцёнак нібы абудзіўся. Ён устаў і, залажыўшы за спіну рукі, прайшоўся па пакоі.

— Твая праўда, Верачка, забыць трэба...

Яму цяжка было гаварыць, і Вера падумала: «Які ён добры, шчыры чалавек».

— Мікалай Пятровіч...

— Што, Вера?

— Дайце мне адрас Насці.

Мікіцёнак, пачырванеўшы, расшпіліў пінжак і дастаў з бакавой кішэні сіні канверт. '

— Вось, калі ласка...

Вера ўзяла канверт і прачытала:

— Мястэчка Пясчанае?!. Гэта ж за сорак кіламетраў адгэтуль,— выгукнула яна.— Вы былі там?..

— Не!.. Я раздабыў яе адрас і паслаў толькі адно пісьмо. Гэта было даўно, амаль чатыры гады назад. Тады я выпадкова ўбачыў Насцю...

Мікола змоўк і, пакруціўшы ручку прыёмніка, злавіў вясёлую песню. Пад акампанемент раяля пела незнаёмая спявачка.

— Як гэта здарылася? — спытала Вера.

— Я ехаў з Мінска разам з сястрою. Яна ўжо сядзела ў вагоне, а я выйшаў у тамбур пакурыць. Цягнік вось-вось павінен быў адправіцца. На пероне, як звычайна, тоўпіліся людзі — хто праводзіў, хто сам ехаў і развітваўся. І ў гэтай мітусні я раптам убачыў Насцю. Яна была з дзяўчынкай на руках... І такая вясёлая. Яна не заўважыла мяне, і ўсё махала рукою некаму ў суседнім вагоне. І дзяўчынка махала. Я не стрываў і выскачыў на перон. Насця ўбачыла мяне і збялела. «Мікола!» — раптам крыкнула яна. Дзяўчынка спалохалася і абхапіла яе рукамі за шыю: «Мама, мама!..» Насця прыціснула яе да грудзей. «Гэта твая дачка?!» — спытаўся я, адчуваючы, як халадзее ў грудзях. У гэты час цягнік рушыў, і сястра пачала клікаць мяне. Я сказаў Насці «бывай» і ўскочыў на прыступку вагона. Яна, здаецца, нават не адказала мне.

— А пасля?

— Мы больш не сустракаліся. Тут усё ясна... Мне і сёння увушшу стаяць гэтыя словы дзіцяці...

— А пісьмо?

— Я напісаў ёй. Але пісьмо прыйшло назад.

У пакой увайшла Лена. Яна глянула на абоіх спадылба, прагаварыла суха:

— Вера, твой чай хутка выкіпіць,— і зноў пайшла.

— Ой, я і забылася!..

Вера хутка пабегла на кухню. А калі вярнулася, не паверыла сваім вачам. Быццам і не было той сумнай гутаркі. Мікола расхаджваў па пакоі і ўпаўголаса спяваў. Твар яго быццам памаладзеў, вочы паблісквалі.

— Дзе ў цябе тут шклянкі? — рупліва сказаў ён і, акінуўшы пакой позіркам, упэўнена накіраваўся да невысокай тумбачкі.— Вось тут, напэўпа, а? Ну, вядома, тут...

— Мікалай Пятровіч, я заўтра ж еду ў Пясчанае...

— Ну, ну, не спяшайся, ды і хто цябе адпусціць,— дабрадушна прамовіў ён.

 

* * *

— Проста дыхаць у лесе няма чым. Дым, дым, дым... Я не згодзен,— гаварыў Мікіцёнак Адамчуку, седзячы ў яго кабінеце.

— Ну, лаўжы паляць,— абыякава адказаў Адамчук.

— Добрыя лаўжы! Цэлыя вяршаліны, дзесяцісантыметровыя сукі... Гэта ж сыравіна для хімічнай прамысловасці, тысячы тон. Разумееце, што нас за гэта не пахваляць. Разумееце?

Адамчук падумаў: «Яшчэ адзін разумны знайшоўся...»

— Дык што ж рабіць?

— Вывозіць.

— На чым? Людзі патрэбны, машыны.

— Вось тыя людзі, што цяпер сцягваюць у лаўжы, будуць і нагружаць на машыны. А машын хопіць. Запросім, калі што...

— Нам трэба выконваць план выпрацоўкі і вывазкі будаўнічага лесу, а не смецця.

— Дарэчы, план у нас яўна заніжаны,— нахмурыўся Мікалай Пятровіч,— і я ўпэўнены, што хутка там, у трэсце, спахопяцца. Жартачкі — па дзвесце працэнтаў брыгады даюць!

— План зацверджаны ў міністэрстве. Вось глядзіце, што ў мяне ёсць.— Адамчук дастаў з нагруднай кішэні гімнасцёркі невялікую паперку.— З трэста прыслалі. Задаволены намі.

У паперы ад імя дырэкцыі трэста была выказана падзяка леспрамгасу і асабіста Адамчуку...

«Прысылайце квартальныя зводкі для вызначэння месца ў спаборніцтве леспрамгасаў,— прачытаў уголас Мікалай Пятровіч.— Вашы паказчыкі задавальняюць. Жадаем далейшых поспехаў».

— А? Што — можа, на першае месца выб’емся? — хітра прыжмурыўшы вочы, спытаў Адамчук, і Мікалай Пятровіч, глянуўшы на яго, падумаў: «Ён менш за ўсё цяпер думае аб тых, хто заваёўвае славу леспрамгаса — аб людзях... Ён — сябелюб».

— Той, вядома, не салдат, Іван Маркавіч, хто не марыць генералам стаць.

— Я б тады «Пабеду» купіў... А-ах, цудоўная машына! — Адамчук устаў.— Добра! Галлё будзем звозіць, зробім пачын!..

«Дзеля славы ён гатоў згадзіцца на што хочаш»,— зноў падумаў Мікалай Пятровіч.

За сцяной у бакоўцы нарміроўшчыка пачуўся штучны кашаль, і акенца адразу адчынілася.

— Добры дзень... Іван Маркавіч, зводкі за сакавік гатовы,— сказаў Валодзька.— А цяпер займуся падрыхтоўкай да камсамольскага сходу — вечарам справаздача.

— Што ён — сакратар камсамольскай арганізацыі? — запытаў Мікіцёнак.

— Але,— усміхнуўся Адамчук. І, калі акенца зачынілася, дадаў: — Шэльма такі... Дадуць яму сёння ў косці. Увесь чуб выскубуць...

Камсамольскія сходы тут збіраліся ад выпадку да выпадку, і таму справаздача Валодзькі выклікала вялікую цікавасць. Што ж за работу ён вёў, гэты Чыжык, акрамя прыёму членскіх узносаў? Што ён будзе гаварыць?

Яшчэ задоўга да пачатку сходу людскія галасы напоўнілі залу.

Але калі стол на сцэне накрылі чырвоным сукном і з-за перагародкі выйшаў з тоўстай папкай Валодзька, у клубе адразу ўстанавіліся парадак і цішыня.

Старшынёй сходу абралі Лену, сакратаром — шафёра Петруся. У прэзідыум таксама ўвайшлі Адамчук, Прохараў і Сініцкая.

Сёння Вера апранула цёмна-сіні касцюм, косы выклала каронай. І ад усяго гэтага твар яе здаваўся асабліва разважлівым і строгім.

Аб’явіўшы парадак дня, Лена павярнулася да Валодзькі:

— Па першаму пытанню слова мае таварыш Міхалёнак...

Валодзька спярша неяк уцягнуў галаву ў плечы, нібы чакаючы ўдару, а пасля ўстаў, імкліва падышоў да трыбуны і стаў побач, бо за ёю ён, напэўна, не быў бы відным. Абцягнуў пінжак ззаду, узяў у левую руку свае паперкі і абвёў залу ўважлівым позіркам. «Прыйшлі ўсе»,— падумаў нарміроўшчык і гучна пачаў:

— Вы, таварышы, усе добра ведаеце мяне... Разам з пілой хадзілі. Гэта, калі яшчэ лучковая ў хаду была. Дык вось, выбраўшы мяне сакратаром нашай камсамольскай арганізацыі, вы, па-першае, усклалі на мяне вялікі абавязак; па-другое, вы чакалі ад мяне дзейнасці. На бюро мы вырашылі сякія-такія пытанні...— відавочна пачаў выкручвацца Валодзька.— Аднак нам мала дапамагалі. Вы ўсе, таварышы, ведаеце, што працаваць мне даводзіцца многа і яшчэ раскіданасць участкаў... зімнія ўмовы. А які з мяне арганізатар? Маленькі. Адсюль і работа. Я прызнаюся...

Каля паўгадзіны Валодзька прызнаваўся ў слабай сваёй рабоце, указваў на прычыны, якія перашкаджалі згуртаваць камсамольскі актыў, гаварыў аб адсутнасці дапамогі з боку партарганізацыі леспрамгаса.

Пасля яго слова ўзяла Лена. Яна гаварыла не многа, але шчыра.

— Наша памылка, што выбралі сакратаром Міхалёнка. Акрамя збору камсамольскіх узносаў, па сутнасці, ніякая работа не праводзілася. Лічу работу нездавальняючай,— закончыла яна.

Як меркаваў Адамчук, так і здарылася. Валодзьку крытыкавалі моцна. Ён сам не чакаў гэтага, думаў — добра працуе, з усім спраўляецца, прыкладны ў паводзінах, дбайны, чаго яшчэ? Аказалася, гэтага мала, трэба яшчэ, акрамя добрага прыкладу, умець добра кіраваць людзьмі, выяўляць недахопы, прымаць меры. Бясспрэчна, яму сорамна цяпер, але нічога не зробіш...

Прыступілі да другога пытання — выбары новага складу бюро. Тут прапаноў было многа: назвалі прозвішчы некалькіх матарыстаў, шафёра Петруся, Лены.

Сініцкая чакала, што вось-вось назавуць і яе прозвішча, але аб ёй нібыта ўсе забыліся. І ўжо, калі Лена сказала, што ёсць прапанова спыніць запіс кандыдатур, слова ўзяў Прохараў. З месца, абапёршыся кулакамі на стол прэзідыума, ён гучна прамовіў:

— Я, таварышы, хачу прапанаваць яшчэ адну кандыдатуру.

— Веру Сініцкую! — выгукнуў хтосьці з залы.

— Правільна, Сініцкую! — устаў маленькі механік, якому Вера адрамантавала электраўстаноўку.

Прохараў падняў руку.

— Вось яе я і хацеў назваць,— цішэй прамовіў ён.— Упэўнен, таварышы, што Сініцкая варта нашага даверу. Яе праца гэтаму парукай.

У зале пачуліся воплескі, і ўсе нават адчулі сябе ніякавата, што Сініцкую прапанавалі апошняй. Вера ж усхвалявана шапнула Прохараву:

— Усё з-за вас... Мяне так мала ведаюць.

Веру ў гэты вечар выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі леспрамгаса.

Ідучы дадому, Вера сказала Мікалаю Пятровічу:

— Вы адчуваеце — вясною патыхае? Вечар, марозік, а патыхае вясною...

— Адчуваю, Вера... Гэта твая вясна! Я сёння, кажучы шчыра, ганарыўся табою.

 

* * *

З прыездам у Баркоўскую пушчу новага тэхнічнага кіраўніка многае змянілася тут.

Мікіцёнак на свежае вока заўважыў, што, хоць праца ў лесе вядзецца цыклічным метадам, але вывазка драўніны арганізавана дрэнна. Кожны шафёр — сабе гаспадар, колькі захоча, столькі і зробіць рэйсаў. З такім становішчам Мікалай Пятровіч не мог згадзіцца. Ён адразу стварыў з усіх машын чатыры аўтакалоны, назначыў лепшых шафёраў начальнікамі, якія павінны былі несці адказнасць за прастой машын. І, такім чынам, спадзяваўся ліквідаваць непаладкі. А то, бывала, стане якая машына ў лесе, а другім шафёрам і спраў да яе мала,— аб’едуць.

З электрамеханікамі Мікіцёнак пазнаёміўся на месцах працы асабіста і быў таксама незадаволены імі.

Аднаго разу ўвечары ў кабінеце дырэктара сабраўся актыў леспрамгаса. Мікалай Пятровіч спытаў у Веры:

— Чаму вы не павышаеце тэхнічных ведаў сваіх механікаў, таварыш Сініцкая? Мала — самому ведаць. Трэба, каб кожны на сваім месцы быў паўнацэнным.

— Мы праводзім заняткі рэгулярна,— адказала Вера. Яна сядзела на крэсле каля акна, і цень ад галавы дырэктара то набягаў на яе, то знікаў у цемені акна. А ад чуба Валодзькі, які сядзеў побач з Сілічам, на сцяну падаў цень, падобны на галаву птушкі з крывой дзюбай. Васіль Барэйка глядзеў на гэты цень, і яму здавалася, што крывая дзюба вось-вось стукне ў галаву дырэктара. Зірнуўшы на Веру, Барэйка пашкадаваў яе. Вера гаварыла канцылярскімі словамі, чамусьці забываючыся на людзей, на факты.

І сама Вера адчувала гэта, але перад ёю быў не проста Мікалай Пятровіч, дарагі ёй чалавек, а яе непасрэдны начальнік, якому яна давала справаздачу аб рабоце, і таму бянтэжылася.

Адамчук толькі пакруціў галавою і прыйшоў на дапамогу Сініцкай.

— Дазвольце, Мікалай Пятровіч, я скажу... Як вядома, пачалі мы тут з азоў. Адна электраўстаноўка і тры пілы — вось і ўсё, што мелі спачатку.

— А далей было так,— падхапіў Мікалай Пятровіч,— не справіліся апамятацца, як у Баркоўскую пушчу пачалі прыбываць машыны, прылады. Правільна?

— Зусім правільна... Каб адразу такую тэхніку пусціць у ход, патрэбны былі вопытныя спецыялісты. Мы пастараліся паслаць на курсы як мага больш людзей, і нам праз тры месяцы іх вярнулі, як кажуць, новаспечанымі спецыялістамі. Іншыя — зусім сыраватыя былі...

— Вось за іх і трэба было брацца перш-наперш.

— Вы гаворыце тое, што цвярдзіла мне ў свой час Сініцкая,— не хаваючы ўсмешкі, сказаў Адамчук.— Дык вам і лейцы ў рукі, Мікалай Пятровіч! І ў добры час... Нарміроўшчык стараўся запісаць кожную думку, якую выказвалі дырэктар і галоўны інжынер, але, захапіўшыся спрэчкаю, забыўся на свае абавязкі і вялікімі літарамі толькі вывеў: «У добры час». Затым паклаў аловак на стол і падпёр галаву рукою. Барэйка ўсміхнуўся, бо ў гэты момант птушка з крывой дзюбай стукнула ў галаву дырэктара.

— Далей,— паклаўшы вялікія кулакі на стол і адкінуўшыся ў крэсле, сказаў Мікалай Пятровіч,— у нас ёсць яшчэ аўтамашыны з бензаматорамі. У бліжэйшы час мы абавязаны здаць іх і цалкам перайсці на газагенератар. Тэрмін — тыдзень, дзесяць дзён, у крайнім выпадку.

Адамчук крутнуў галавою і ад нечаканасці аж свіснуў паціху. Ён — дырэктар і гэта вырашыць сам!

— Ну, тут вы, прабачце, загнулі... Не дам машын.

Валодзька нешта шапнуў на вуха Сілічу, які ўвесь час сядзеў панурыўшыся, і запісаў ніжэй: «Тут вы загнулі».

— Дырэктыва з міністэрства ўжо ёсць, і яе мы абавязаны выканаць.

— Добра,— кіўнуў галавою Адамчук.— У нас, напрыклад, ёсць сорак коней. Для іх трэба нарыхтаваць сена. На чым мы яго будзем вазіць? На газагенератарных машынах? Пажары рабіць?

— Для гаспадарчых мэт пакінем адну-дзве машыны... І коні, скажу вам, будуць у нас не доўга. Іх таксама прыдзецца хутка здаць.

— Добра,— кашлянуў Адамчук,— будзем рабіць так. Толькі, каб не парушыць плана вывазкі.

— Думаю, не парушым,— адказаў Мікалай Пятровіч і звярнуўся да Прохарава: — У вас ёсць што-небудзь?

— У мяне — арганізацыя трэцяга ўчастка.

— Дзе ён намячаецца? — спытаў Барэйка.

— Ты павінен ведаць, за Мядзведжай гарою, ля возера... Добры ўчастак там, хоць і глухі.

— О, там добра! — усклікнуў Васіль.— Памятаю, з бацькам на качак хадзілі. Іх восенню там як вераб’ёў на мякіне.

— Што ж, можна вас, таварыш Барэйка, і назначыць туды, калі так. Вы згодны? — спытаў Адамчук.

— На новы ўчастак? — разгубіўся Васіль.— А тут?..

— Тут другога чалавека паставім.

— А мне — новых людзей, зноў усё спачатку?

— Зноў спачатку,— сказаў Прохараў.— Толькі мы не кінем цябе, дапаможам. Ты ж і сам ужо добрую практыку маеш.

— Я не супраць...

— Ну, вось і справе канец! — узрадаваўся Адамчук.

«Вось і справе канец»,— схапіўшы аловак, запісаў Валодзька.

Далей гутарка пайшла аб арганізацыйных пытаннях, і нарміроўшчыку нельга было ўжо захапляцца спрэчкамі. Ён запісваў прозвішчы, нумары машын, колькасць электрапіл і ўсё, што яму дыктавалі. Калі пачалі разыходзіцца, ён вінавата папрасіў Барэйку:

— Узяў бы ты мяне ў лес, Васіль, а то з сваёй прафесіяй я хутка ў арыфмометр ператваруся. Што такое лес? Хвоі шумяць, птушкі спяваюць, смалою пахне...

Барэйка, ведаючы натуру нарміроўшчыка, жартоўна адказаў:

— Ідзі лепш на рэпетыцыю, салавейка, і не чырыкай, як верабей.

Валодзька зморшчыў нос і падаўся ў сваю бакоўку-кабінет, а Васіль, скасіўшыся на Веру, якая аб чымсьці раілася з Мікіцёнкам, падышоў да Сіліча.

Яны спыніліся ля дзвярэй.

— Пойдзем, ці што, Сіліч?

— Спачатку — ці што, а потым пойдзем,— іранічна адказаў той.— Значыць, і ў цябе не выйшла? — Сіліч кіўнуў у бок Веры.

— Не, чаму? Мы па-ранейшаму сябруем...

— Дзівак ты нейкі, Васіль. Прабач, я адзін пайду.

Барэйка хацеў быў падацца за ім, але Прохараў паклікаў яго.

— Вы, таварыш Барэйка, застаньцеся тут на хвіліну. Не будзем адкладаць справы ў доўгую скрыню і давядзём яе да канца, вось як.

Васіль паволі вярнуўся зноў да стала.

 

* * *

Ехаць да Насці адразу Веры не выпадала, працы было шмат, і яна пакуль адклала паездку.

Стаўшы на працоўную вахту ў чэсць Першага мая, лесарубы абавязаліся выканаць за месяц палову квартальнага плана.

Намаганні ў мінулыя месяцы далі добрыя вынікі. Баркоўскі леспрамгас не атрымаў пераходнага сцяга, але заваяваў другое месца па міністэрству і Ганаровую грамату.

Адамчук нават не чакаў гэтага. У гонар перамогі бліжэйшы выходны дзень быў абвешчаны святам лесарубаў...

У клуб, дзе ўжо сабраліся ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці для рэпетыцыі, забегла Лена. Зірнуўшы на яе, Сініцкая з трывогай адзначыла, што дзяўчына нешта злуецца. Яна паклікала Лену ў бакавы пакойчык, дзе былі рэквізіт і касцюмы «артыстаў», і спытала строга:

— Што з табою, Лена, што здарылася?

— Я не буду спяваць,— замест адказу паведаміла тая, загладзіўшы рукою свае льняныя валасы, што выбіліся з-пад хусткі.— Я буду толькі акампаніраваць хору...— І Лена пайшла да дзвярэй. Моцна штурхнула іх рукою, ледзь не ўдарыўшы імі Петруся.

— Прабачце,— сказала яна і, ні на кога не пазіраючы, хуткім крокам накіравалася да раяля, што стаяў каля сцэны.

— Ледзь не пацалавала... Нішто сабе... Але ад каханай можна цярпець, дзякуй і за гэта,— ні то сарамліва, ні то ў жарт сказаў шафёр.

— А ты не падслухоўвай,— сур’ёзна зазначыў Валодзька і падміргнуў рудавалосай паштарцы, якая ў хоры стаяла бліжэй за ўсіх да раяля. Дзяўчына пачырванела.

Лена разгарнула ноты.

— Пачнем, таварышы...

Вестка аб тым, што з рэнертуара выпадаюць песні Лены, устрывожыла Веру. Яна ведала — гэта выкліча нездавальненне ўдзельнікаў самадзейнасці, бо яны ганарыліся сваёй спявачкай.

Калі праспявалі першую песню, Вера сказала:

— Вось што, таварышы... Лене баліць галава, і рэпеціравацца яна не будзе. А да вечара, вядома, усё пройдзе, і песні свае Лена праспявае. Так, Лена? — павярнулася да яе Сініцкая.

Гэта было сказана з сяброўскім спачуваннем і так шчыра, што Лене стала ніякавата.

— Мусіць, выканаю,— адказала яна. Пальцы яе рук, якія ляжалі на клавішах, ледзь прыкметна дрыжалі.

— Ну, цяпер прадоўжым рэпетыцыю...

Вера стала побач з трактарысткай, і тая ўзяла ўступныя акорды,— упэўнена загучаў раяль.

У перапынку, калі сцэну занялі танцоры, Вера зноў распачала гутарку з Ленай. Размаўляючы, яны пайшлі поплеч ад клуба ў кірунку аўтапарка, як дзеці, узяўшыся за рукі.

Вера, любуючыся доўгімі, з бліскучымі пазногцямі, пальцамі Лены, сказала:

-—Ты маеш такія прыгожыя рукі, што цяжка ўявіць цябе за рычагамі трактара.

Лена спынілася каля тэлеграфнага слупа, захінула хусткаю шчаку ад ветру.

— Будзем гаварыць як сяброўкі...

— Будзем, гавары,— насцярожылася Вера.

— Табе вядома, што паміж Сілічам і Барэйкам няма згоды з-за цябе? Ты ведаеш, што Сіліч пагражаў Васілю? Не, ты нічога не ведала... Ты стаіш ўбаку, а не павінна стаяць!

Вера разгублена апусціла вочы.

— Ты гаворыш праўду?

— Праўду, якую крыху ведаеш і ты...

Веру кранула шчырасць Лены, яе спачуванне Васілю, які за апошнія дні, сапраўды, стаў з усімі афіцыйны, сухі і схуднеў, нібы пасля хваробы.

— Хіба я вінавата ў гэтым,— сказала Вера.

— Ён сумленны чалавек і не хоча быць назойлівым. А ты... ты кахаеш Мікіцёнка!

І слёзы выступілі ў Лены на вачах.

— Не гавары так! — стала сур’ёзнаю Вера.— Мы з ім проста сябры...

— Але ж ён ходзіць да цябе і сядзіць да поўначы...

— Якая хлусня!

Вера закрыла твар рукамі.

— Вось табе і сорамна стала,— быццам узрадавалася трактарыстка.— Сёння ж сустрэнь Васіля і смела скажы яму праўду.

Вера паклала ёй рукі на плечы, і твар яе, шыя, вушы пачырванелі.

— Я кахаю толькі Васіля, Лена...— вырвалася ў яе.— А ты? Можа, таксама Васіля?

— Я... паважаю і шкадую яго,— сумелася Лена і амаль бягом кінулася ў клуб.

Вера пайшла следам, але павольна, глыбока задумаўшыся. Яна так нечакана адкрыла сяброўцы сваю душу! Цяпер Васіль, напэўна, даведаецца. А што тады?..

На бярозах звонка высвіствалі шпакі. Праз белыя, як туман на світанні, хмары сінеў чысты вясновы блакіт. У каляінах весела журчэлі ручаі, і толькі начныя марозікі яшчэ трымалі дарогу. Яна стала цёмнаю, як асфальт, наліты вадою. Усё гаварыла аб тым, што вясна ўбіраецца ў сілу, пачынае гаспадарыць і ў лесе.

Калі Вера ўвайшла ў клуб, да яе слыху данесліся знаёмыя словы песні. Вера глянула на сцэну. Там, злёгку абапёршыся на спінку крэсла, прыўзняўшы галаву, спявала Лена. Яе звонкі голас цяпер гучаў надзвычай прыемна і міла, і здавалася, што спявала сапраўдная артыстка.

Валасы Лены прыгожа ляжалі на плячах, вочы шчасліва свяціліся. А калі яна брала высокія ноты, здавалася, яны свяціліся яшчэ больш зырка.

Харысты, танцоры і яшчэ нейкія людзі, што немаведама калі з’явіліся тут, моўчкі слухалі спявачку.

Вера падышла да лесарубаў, што сядзелі на задніх радах, і стала слухаць.

— Госці ў нас,— паведаміў ёй Пятрусь.— Артысты прыехалі... І яшчэ з трэста.

А сам усё гальштук папраўляе і не зводзіць вачэй з Лены. Непадалёк, побач з Адамчуком сядзеў Мікіцёнак і таксама ўважліва слухаў Лену.

 

...Волга з Донам

ціхім звонам,—

 

пела Лена, і Вера бачыла, як Васіль Барэйка, які стаяў адзін ля акна, кіўнуў у знак адабрэння галавою і ўсміхнуўся. Няўжо Лена расказала яму?.. Васіль павярнуў галаву і ўбачыў Веру. Іх позіркі сустрэліся. Вера не вытрымала і адвяла вочы. І тут убачыла, што на яе глядзіць Мікалай Пятровіч і ківае ёй галавою.

Яна зразумела яго і пад Васілёвым позіркам, які раптам стаў халодным і чужым, пайшла да Мікіцёнка, няўпэўнена перастаўляючы ногі. Калі дайшла, зморана апусцілася на лаву.

— Ну, як справы? — спыталася яна, каб што-небудзь сказаць.

— Не жыццё, а лясная песня! — адказаў Мікалай Пятровіч.— У гэтай дзяўчыны бяспрэчны талент.

— У яе залатыя рукі,— уставіла Вера.

Лена скончыла, і ўсе запляскалі ў далоні. Саскочыўшы са сцэны, яна хутка прабралася між радоў да Васіля. Чула, як нехта сказаў Адамчуку: «Дзяўчына здольная, яе б падвучыць яшчэ», але не звярнула ўвагі. Пагутарыўшы з Васілём, яна вярнулася назад да раяля і стомлена села на крэсла. Папрасіўшы прабачэння ў Веры, да яе пайшоў Мікіцёнак, і Вера бачыла, як ён весела загаварыў з трактарысткай, якая свабодна адказвала яму, смяялася.

 

* * *

Загадам з міністэрства Прохараў заняў пасаду намесніка дырэктара па палітчастцы.

Нягледзячы на вялікае асабістае гора, што цяжарам лягло на яго сэрца, Прохараў не жыў замкнутым жыццём. Наадварот, ён імкнуўся быць там, дзе было неспакойна, дзе кіпела праца.

Не адразу, вядома, стаў ён такім.

Першыя гады пасля вайны, калі ён вярнуўся дадому, былі для яго пакутлівымі. Ён жыў і працаваў, як у сне. Потым з галавою акунуўся ў працу. Ён шукаў яе ўсюды, каб забыцца на ўласнае гора, стараўся заўсёды быць з людзьмі — і палюбіў іх. Яго заўважылі, ацанілі, і ён у хуткім часе заваяваў павагу лесарубаў.

Стаўшы намеснікам дырэктара па палітчастцы, Прохараў не пайшоў адразу ж у наступ на людзей пасіўных у працы і ў грамадскім жыцці. Ён перш-наперш імкнуўся знайсці прычыну іх пасіўнасці і, выявіўшы яе, намагаўся выкараніць...

І вось надышло Першамайскае свята.

Прохараў, Сініцкая, Адамчук, Барэйка занялі ганаровыя месцы ў прэзідыуме.

Матарыст Ліпніцкі, на грудзях якога красаваліся баявыя ордэны, абвясціў урачысты сход лесарубаў адкрытым. Калі да трыбуны падышоў Прохараў, у зале стала ціха-ціха. Ён паклаў правую руку з паперкай на трыбуну, глянуў рупліва ў залу і гучна прагаварыў:

— Дазвольце, дарагія таварышы, сёння павіншаваць вас з поспехамі... Не адразу, вядома, наш леспрамгас дабіўся гэтых поспехаў. Былі і зрывы дзяржаўнага плана...

Гаварыў Прохараў аб тэмпах, аб людзях, якія сваёй самаадданасцю служаць прыкладам для ўсяго леспрамгаса. Ён называў лічбы, прозвішчы.

— У нас ёсць людзі сумленныя і бескарыслівыя. Ёсць нават і добрыя працаўнікі, якія з энтузіязмам узяліся за справу. Гэта — энтузіясты. Адным з першых я хачу назваць матарыста Ліпніцкага. З кіраўнікоў участкаў трэба адзначыць...

У гэты момант Прохараў кашлянуў разы два і змоўк. Ён успомніў пачын Сіліча, яго энтузіязм у пачатку арганізацыі ўчасткаў. Усе глядзелі на пераможцу сацыялістычнага спаборніцтва Барэйку, які сядзеў у прэзідыуме каля Адамчука, чакалі.

— Я хачу назваць начальніка Іванаўскага ўчастка Сіліча,— раптам закончыў Прохараў.

Адамчук недаўменна паціснуў плячыма і ўтаропіўся на Барэйку, які ад нечаканасці нават пачырванеў.

А Прохараў не спяшаўся гаварыць далей. Наліў паўшклянкі вады, глынуў крыху, а потым, дастаўшы з кішэні хустачку, старанна выціраў ёю вусны.

Лёгкі шэпт прабег па зале. Людзі паварочвалі галовы, шукалі Сіліча, які, спачатку нічога не зразумеўшы, цяпер разгублена азіраўся.

Калі з прэзідыума заапладзіравалі, калі апладысменты пракаціліся па зале, ён не вытрымаў і, улучыўшы момант, выйшаў з клуба...

Сонца ўжо схілялася над лесам, ахопленым сіняватай смугою. Лёгкія аблачынкі стаялі нерухома на даляглядзе. Сям-там пасля зімовага маўчання спрабавалі галасы птушкі,— няўпэўненыя іх спевы гучалі сярод ляснога шуму дзіўна.

Сіліч бег да ракі, адкуль даносіўся невыразны гул, які не сціхаў і не ўзмацняўся. Сілічу здавалася, што ён чуе не гэты гул, а воплескі — воплескі яму, «аднаму з першых», як сказаў Прохараў. Навошта ён так уважліва паглядзеў на Сіліча? Значыць, варты Сіліч, каб яго хвалілі? А ён думаў...

Сосны ля ракі гудуць на вясеннім ветры. Ільецца незразумелая, але прыгожая лясная песня, закалыхвае пачуцці Сіліча, супакойвае.

Вось і рака. Яе нельга пазнаць. Вялізныя крыгі круцяцца на шырокім водным прасторы, стукаюцца адна аб адну, ламаюцца, крышацца.

Ледаход...

Вада бурліць ля берагоў, вырывае з карэннем алешыны, як быццам куды спяшаецца, і лішкі яе, не знайшоўшы месца ў рэчышчы, прабіваюць сабе дарогу ў хмызняк, заліваюць яго ўсё больш і больш.

Хто б сказаў, што неглыбокая рака Бароўка вясною мае такую сілу? Яна залівае лугі на цэлыя кіламетры, і тады заўзятыя рыбакі круглыя суткі шыбуюць на сваіх чаўнах. А рыбы тут у гэты час багата. З азёр і Нёмана ідуць супраць вады плотка і язь. Вёрткія шчупакі ў такую пару нішчаць ашалелую рыбу без асаблівых цяжкасцей. На вадзе не чуваць усплёскаў, як улетку раніцою ці ўвечары,— вада толькі маршчыніцца.

Сіліч, мокры ледзь не па калені, у расшпіленым паліто, без шапкі, спыніўся каля ракі і доўга пазіраў на быструю ваду. Яму было крыўдна за нешта, балюча сціскаліся грудзі. Гэта быў сорам. Нечаканы паварот спраў, неспадзяваная пахвала Прохарава — усё гэта ўзняло ў душы Сіліча сапраўдную буру, закранула яго сумленне і свядомасць.

Не, людзі не зрабілі яго апошнім. Яны толькі клікалі яго за сабою, падштурхоўвалі, а ён упіраўся. Чаму ўпіраўся, калі хацеў ісці? А вось так — зазнаўся і не заўважыў, што адстаў. Здавалася ўсё, што ён наперадзе, што інакш і быць не можа і ніхто не абгоніць яго. Ды абагналі!.. А ён? О, калі б людзі ведалі ўсе яго справы! Напэўна, тады не было б Сілічу ад іх літасці...

Зіна, аднавяскоўка, чарнавокая, з яркімі, нібы прыпухлымі губамі, паўстае ў думках Сіліча. Ці кахаў ён яе? Не? Дык навошта прызнаваўся ў каханні, хлусіў? Навошта праводзіў з ёю час і даваў абяцанні? А пасля, калі ад гэтага «кахання» нарадзіўся сын, навошта ён пакінуў Зіну і сваю адзінокую маці? Спалохаўся ці проста, як самы апошні, агідны чалавек, паехаў у свет, каб зноў быць «вольным халасцяком»?

Сініцкай таксама прызнаваўся ў каханні. Толькі гэта — не Зіна. Паглядзела ў вочы і сказала: «Ты ўсім гэтыя словы гаворыш?.. Ану ўспомні, мо дзе плача хто ад твайго кахання...» Аж сорамна стала, быццам ведала, угадала.

Далей так жыць нельга. Трэба знайсці шляхі да сапраўднага, сумленнага жыцця. Трэба як мага хутчэй зрабіць гэта. Перш-наперш — забраць да сябе з вёскі Зіну. Яна, ціхая і добрая, толькі заплача ўпотай і даруе Сілічу яго ўчынак.

Ад такой думкі лягчэй стала на душы.

Успомнілася дзяцінства, сябры. Тады Сіліч быў завадатарам у вёсцы, аднагодкі слухаліся яго як камандзіра. Бацька, вечна заняты ў сельсавеце, любіў свайго сына і матцы часта наказваў: «Глядзі ў мяне, не крыўдзі Кастуся... Ды каб не плакаў ён». Што захоча Кастусь, тое і будзе, патурала маці. А пабольшаў, пачаў мудрэйшае выдумляць. Аднойчы суседу стажок сена спаліў. А бацька толькі галавою пакруціў: «Ну і артыст... Адважны! Такі не прападзе ў жыцці, не-е...»

Прыслухаўшыся да шуму ракі, Сіліч не пачуў, як хтосьці падышоў ззаду і прыпыніўся ля яго. Ён адчуў толькі, як на плячо яму лягла рука. Зычлівы дзявочы голас сказаў:

— Ну, чаго вы пабеглі? Там прэмію вам трэба ўручыць.

Сіліч крута павярнуўся. Перад ім стаяла Вера. Яна была без хусткі, у шэрым асеннім паліто і гумавых боціках з шырокімі халяўкамі. На заклапочаным яе твары Сіліч убачыў спачуванне.

— Мне?! — выгукнуў ён. — Прэмію?..

І паківаў адмоўна галавою.

— Хадземце... — прапанавала Вера.— Прастудзіцеся.

— Вера, а што там Прохараў яшчэ пра мяне гаварыў? — ідучы за ёю, спытаў Сіліч.

— Гаварыў, што ты зазнаўся.

— А болей?

— Гаварыў, што гэта вынік тваёй маладосці. Але, кажа, веру ў яго здольнасці, гэта, кажа, моцны хлопец, ён выправіць свае памылкі... Дакараў Адамчука.

У Сіліча адлягло на сэрцы. Але скідка, якую Прохараў зрабіў на маладосць, і апошнія словы Веры былі непрыемнымі яму.

— Можна сляпым і да старасці дажыць,— раздражнёна прамовіў ён.— Сам іншы раз бачу, што не туды гну, але дурная натура прымушае рабіць па-свойму. Людзі, скажам, працу любяць як жыццё, і я таксама люблю, але па-свойму, не так, як усе... Я ў ёй чамусьці заўсёды шукаў гонару...

Вера маўчала, ён гаварыў, гаварыў, як чалавек, якому толькі-толькі становіцца зразумелым сэнс жыцця.

 

* * *

Вясна з кветкамі прыйшла раптоўна.

Учора яшчэ ля кустоў арэшніку зямля была ўслана чорнымі лістамі, а сёння з-пад іх ужо вылезлі сінія пралескі і глядзяць, глядзяць не надзівяцца, як плывуць па небе воблакі, як паволі гойдаюць вяршалінамі старыя бярозы.

Звонкая песня жаваранка не сціхае ў блакіце.

Думы, па-вясноваму вясёлыя і светлыя, вядуць цябе да ўспамінаў аб маленстве, калі ты глядзеў на навакольны свет вачыма гэтых пралесак, калі ты быў усяму рады і кожны новы дзень сустракаў воклічам: «Мама, апранацца!»

Маленства! Ці не вясна ты ў жыцці чалавека, сагрэтая клопатамі бацькоў, гэтым нязгасным сонцам дабраты і пяшчоты? Ці не вясна ты, маленства, якая дае мужнасць і сілы чалавеку, рыхтуе яго ў доўгую дарогу жыцця?

Мікалай Пятровіч сядзеў на сівым аброслым камені, слухаў песню лесу аб вясне, а Вера збірала кветкі. Сонца, хаця ўжо схілілася на захад, раскінула свае агністыя промні ў галінах бяроз, яно адчувалася на твары, на руках. У лесе змоўкла апошняя электраўстаноўка. Толькі гул аўтамашын парушаў лясную цішыню. Працоўны дзень скончыўся.

Вера крадком кідала праніклівы позірк на задумлівы твар Міколы, і ад смутку яе вочы туманіліся. Аб чым ён думае? Відаць, цяжкія ў яго думы, хоць і вясна на дварэ. Ведае Вера — не знайшло каханне Мікалая Пятровіча ўзаемнасці, заглухла, і цяжка чалавеку, бо ў грудзях пуста...

Вера падышла, села побач і, прышпіліўшы да пінжака Мікалая Пятровіча кветку, сказала:

— Вы сталі такія маўклівыя. Не трэба так...

Мікіцёнак адчуў спачуванне ў Верыным голасе.

— Мне цяпер не да жартаў.

— Вы пра Насцю ўсё думаеце? А мне ніяк не выпадае з’ездзіць.

— Думаю,— звёў ён чорныя бровы.— Калі б, скажам, загінула яна... Адбалела б сэрца, і ўсё. А то...

Мікола стукнуў сабе кулаком па калене і ўстаў.

— Хіба мала на свеце дзяўчат, харошых, як Лена ці...

— Не, не, Верачка,— перапыніў яе Мікалай Пятровіч і ціха засмяяўся,— не ўгаворыш. Мяне, можа, і здолееш угаварыць, а сэрца — ніколі.

— Ну, добра,— устала і Вера.— Яна не вярнулася. Значыць, усё жыццё і сумаваць?

— Бываюць хвіліны...

— Тады трэба з’ездзіць да яе,— нават са злосцю сказала Вера.— Высветліць. Паедзем разам...

— Усё высветлена, Верачка... Насця выйшла замуж. Я не гаварыў табе. Мне прыслаў пісьмо таварыш, разведчыкам у нас быў. З іхняга сяла хлопец...

Сініцкую гэтыя словы ашаламілі, яна не ведала, што гаварыць далей, чым усцешыць Міколу.

— Ты паглядзі наўкола,— пачула яна яго голас.— Колькі хараства, прастору. І ўсё гэта такія людзі, як мы з табою, Вера, адстаялі ў суровай бітве, усё яно наша... Не буду больш сумаваць! — Мікалай Пятровіч рашуча трасануў галавой.— Глянь вось на гэтую бярозу. Сонца зрабіла яе галіны меднымі, а ствол — чыстае серабро. Бачыш?

Вера пазірала на бярозу і нічога не бачыла. Яна думала аб лёсе Мікалая Пятровіча. Вясна, лес, цёплы дзень расчулілі яго, і ён засумаваў. І дзіўна атрымліваецца, што той, хто зрабіў столькі добрых спраў для людзей, многіх нават выратаваў ад смерці, вярнуў шчасце,— цяпер сам быў нешчаслівы. Якая іронія лёсу! Веры было шкада яго да болю, да слёз. І разам з тым яна думала: «Вось хто ўмее кахаць па-сапраўднаму...»

І, як бы зразумеўшы яе думкі, Мікалай Пятровіч узяў Веру за руку.

— Кожнаму, Верачка, сваё, але сумаваць не варта, праўда? Вось я марыў інстытут пасля вайны скончыць. Закончыў... Можа, і гэта перашкодзіла нам сустрэцца з Насцяй, хто ведае? Лёс чалавека — рэч складаная.

— Гэта праўда,— ахвотна згадзілася Вера.— Вось тады, у вайну, калі б не вы...

Яна змоўкла, бо зразумела, што Мікалаю Пятровічу цяжка ўспамінаць пра вайну. Не пільнуючыся дарогі, яны паволі пакрочылі між дрэў і хутка выйшлі на палянку.

Вясна тут гаспадарыла на поўную сілу. Маленькія прыгажуні елачкі, быццам дзяўчынкі ў пышных зялёных сукенках, пасталі наўкол тоненькай кволай бярозкі, а пад імі сіне ад пралесак. Зямля зелянела, здавалася, увачавідкі. Тут амаль не адчувалася ветру, толькі вакол шумела несціхана пушча, а над палянкай, быццам званочкі, звінелі жаваранкі.

Ля мяккіх купін між леташняга папаратніку, як каціныя лапкі, тырчэлі новыя квола-жаўтаватыя сцяблінкі. З кожнай гадзінай гэтыя лапкі станавіліся нібы шырэй і шырэй, а загнутыя іх кіпцікі выпростваліся.

Моўчкі прайшлі Вера і Мікалай Пятровіч гэтую дзівосную палянку. На ўскрайку лесу развіталіся.

Дома Веру чакала навіна. Васіль прынёс ёй ад Прохарава пісьмо. Яна разарвала канверт і хутка прабегла вачыма.

— Вось радасць! — выгукнула яна,— Васіль, угадайце, што гэта?.. Ды, дарэчы, давайце будзем звяртацца адзін да аднаго на «ты», а?

— Згодзен,— ажывіўся Барэйка і, успомніўшы словы Лены, смела дадаў: — Чытай паперку. Між намі цяпер сакрэтаў няма.

Твар Веры радасна засвяціўся.

— Слухай, Васіль, слухай... — І прачытала:

«...Вы накіроўваецеся ў Мінск для прыёмкі новых машын. Тэрмін — дванаццаць рабочых дзён».

— Дык дзе ж тут радасць? — усміхнуўся Васіль.— Быць без цябе дванаццаць дзён. Так? — паклаў на стол свае кнігі (Барэйка рыхтаваўся да паступлення ў завочны інстытут) і беражліва дакрануўся да Верынай рукі.

— Што ж, пасумуй... — гарэзліва сказала Вера.— Кажуць, што пасля расстання людзі лепш разумеюць і адчуваюць адзін аднаго... А цяпер уключы наш прыёмнік.

Несучы ў сабе буру, паволі пайшоў да прыёмніка. «Наш»,— думаў ён і гатовы быў бясконца паўтараць гэтае слова.

 

* * *

На рацэ Бароўцы рыхтаваліся плытагоны ў далёкую дарогу.

Тут, пакуль гуляла вада, можна было правесці нават цэлыя караваны плытоў на Нёман.

На рум у дапамогу плытагонам кінулі трактары і лябёдкі. Плытагоны аглядалі бусакі, выбіраючы сабе больш надзейныя; з штабеляў скатвалі бярвенне і на вадзе вязалі плыты. Вязалі надзейна, бо шлях далёкі і не лёгкі праплывуць яны.

Лена, як толькі канчаўся рабочы дзень, бегла да Веры. Трактарыстка палюбіла Веру, як сястру. І калі прыходзіў Васіль, яны ўтраіх ішлі на валейбольную пляцоўку, у клуб ці на рэчку. Дружба ў іх завязалася моцная.

Сёння Вера павінна ехаць у Мінск, і таму Лена, ледзь толькі скінула камбінезон, прыбегла да яе. Васіль ужо быў там.

— Пойдзем апошні раз на пляцоўку,— прапанавала Лена.

Яны выйшлі і адразу сустрэлі Петруся, і Лена быццам незнарок адстала.

— Не ідзі на пляцоўку,— папрасіла Лена Петруся,— людзей не смяшы...

— Леначка,— сур’ёзна сказаў Пятрусь,— ну, калі ты парадуеш мяне? Мы ж, як бы гэта сказаць, вадзіцелі... Як бы гэта сказаць, мазутчыкі. Жыць бы нам, Лена, як людзі жывуць, душа ў душу.

Яна пажартавала голасна, каб усе чулі:

— Эх ты, мазутчык! Малады яшчэ, а пуза разгадаваў — роўна з носам. Не люблю я такіх,— і пабегла да Веры і Васіля.

— Ды я для цябе таней ніткі стану,— кінуўся ўслед Пятрусь,— цераз трактар буду скакаць.

Лена азірнулася, праспявала звонка:

 

...Я на свадьбу тебя приглашу,

А на большее ты не рассчитывай.

 

— І толькі? — спытаў, пасмялеўшы, Пятрусь, ужо далучыўшыся да кампаніі.— Дык навошта ж ты сэрца маё ўзяла на буксір, га?

Усе дружна і весела засмяяліся. А неўзабаве да іх далучыўся яшчэ адзін валейбаліст — Валодзька.

На Валодзьку быў новы карычневы гарнітур, у маленькай кішэні якога, звесіўшы свае галоўкі, тырчэлі павялыя пралескі.

— От цяпер ты натуральны Чыжык,— засмяяўся Васіль, прывітаўшыся з Валодзькам за руку.— Ну, хваліся, як жывеш?

— А-а, няма чаго хваліцца,— адказаў той і, зірнуўшы на Веру, дастаў пачак папярос,— Куры, калі ласка.

— Ты ж ведаеш — не куру.

— Не курыш? — здзівіўся нарміроўшчык.— Яна ад’язджае, а ты не курыш? Ды я на тваім месцы люльку нават набыў бы.

— А чаму гэта Чыжык такі злосны сёння? — іранічна спытала Вера.

Валодзька закурыў і, склаўшы губы трубачкай, выпусціў тоненькі струменьчык дыму.

— Чаму? Хіба не ведаеце? Справаздачу пішу. Сяджу, як у клетцы, нават ежу прыносяць, кормяць, як індыка. Э-эх, прафесія, каб ты згарэла!..

Але ніхто і не падумаў, што Валодзька кляне лёс, прафесію. Ого! Ён ганарыўся ёю. Ганарыўся тым, што работа яго звязана з усім прадпрыемствам, з калектывам.

На пляцоўцы Валодзька сказаў Барэйку:

— Васіль, запрашаю вас з Вераю на вяселле.

— Каб ты згарэў!

— А што ж там,— абтрос Валодзька попел з папяроскі.— Я ж ужо, як табе сказаць... Сам ведаеш, гэта самае, як-ніяк, а ўсё-такі, як гаворыцца...— ён паглядзеў у бок пошты, ажывіўся.— Вунь, бачыш, хто ідзе?

Васіль глянуў. Да іх набліжалася паштарка, тая, што спявала ў хоры і станавілася заўсёды бліжэй да раяля. Рудавалосая, з бледнаватым тварам і яснымі, добрымі вачыма. Яна падышла, сарамліва прывіталася з усімі.

— Знаёмцеся, сябры,— сказаў Валодзька,— мая зямлячка.

Бледнаваты твар дзяўчыны крыху паружавеў. Яна сказала «Каця» і далучылася да ігракоў.

Пасля гульні ўсе праводзілі Веру дадому, жадалі ёй шчасліва з’ездзіць, паціскалі руку...

Калі з пакойчыка выносілі Верыны рэчы, Васіля выклікалі ў кантору атрымаць прызначэнне на новы аб’ект.

Веру паабяцаў праводзіць Прохараў.

— Я вас як належыць, па ўсіх правілах на вакзал падкіну. На дырэктарскай,— сказаў ён,— сам прапанаваў. А то, кажа, пакрыўджуся, шкада, кажа, што часу не маю...

На дварэ да іх падышоў Сіліч. Пажадаўшы Веры ўсяго добрага, ён перадаў Прохараву тэлеграму. Той прачытаў і задаволена паківаў галавою.

— Нарэшце! К нам едзе малады ўрач, жанчына... Значыць, адну адвязу, а другую прывязу. Сядайце, Вера Паўлаўна.

— Папрашу вас... — ледзь пачырванеў Сіліч.— Там будзе чакаць адна жанчына з малым на руках. Яна к нам, у Баркоўскую пушчу. Прывязіце, калі ласка...

— Ого! Значыць, там дзве жанчыны? Ну, што ж, чым больш, тым лепш. Хто яна?

— Мая зямлячка...

— У госці?

— Назусім.

Прохараў паклаў руку Сілічу на плячо і з дакорам у голасе прамовіў:

— Нарэшце... Я, паміж іншым, чакаў ад цябе гэтага, рад!

Калі машына кранулася з месца, Вера памахала Сілічу рукою. На нейкі момант яна ўбачыла яго вясёлы твар, і на сэрца нахлынула прыязнь.

Зразумеўшы яе настрой, Прохараў зазначыў:

— Вось пабачыце, будзе на ганку стаяць, пакуль не прыеду. А сустрэне, на руках дадому прынясе. Ве-е-даю, от пабачыце...

Вера ад задавальнення закрыла твар рукамі. Ёй прыемна было пачуць гэта ад такога чалавека, як Прохараў...

Неўзабаве машына выйшла на зялёныя разлогі поля. З левага боку, прытуліўшыся да лесу, засталіся Баркі, і Вера доўгім позіркам правяла высокія ліпы ў канцы сяла. Там хата Барэйкі, прыгожы сад, працавітая маці Васіля. Усё гэта цяпер стала родным ёй, дарагім.

Вера ўспомніла, як летась, глыбокай восенню, яна ехала сюды па гэтай дарозе з гарачымі думкамі, але з самым туманным уяўленнем аб Баркоўскай пушчы. Цяпер яна здавалася ёй самым цудоўным кутком на зямлі.

Вось яе першыя знаёмыя — Пятрусь, Сіліч, Васіль...

Як прыемна азірнуцца назад, паглядзець на мінулае, параўнаць з тым, што дасягнута. Жыццё, як гэтая машына, імчыцца наперад і наперад. Вялікае яно і цудоўнае.

Вера ведае, што людзі тут навучылі яе жыць і глядзець на ўсё вокам гаспадара, удзельніка вялікай стваральнай працы, будаўніка светлай будучыні. Тут Вера ўпершыню як бы ўведала свой характар. Не, не баязлівая і не ціхая яна, як казалі ў тэхнікуме, а смелая і рашучая. Такой яе зрабіла праца, асяроддзе добрых, сумленных людзей.

— Вы,— звярнулася Вера да Прохарава,— тады, на сходзе, добра зрабілі, што Сіліча ўспомнілі. Лепш і не прыдумаеш!.. Мы часам прывыклі па старой памяці толькі крытыкаваць адстаючых, нават ганьбаваць іх, як нікуды не вартых... А тут — як добра атрымалася! Я, кажа, як у люстэрку сябе ўбачыў. Людзі, кажа, як са мною абышліся? Замест таго каб біць мяне, кажа, добрым словам успомнілі...

— Значыць, чалавек зразумеў сваю памылку,— сказаў Прохараў.— А я не выпадкова пахваліў яго. Усё-такі ён старанны, хоць і залішне гонар мае. Адамчук разбэсціў яго, а наша справа, таварыш Сініцкая, зрабіць з яго сапраўднага чалавека.

 

* * *

Да прыходу цягніка заставалася хвілін дваццаць пяць. Прохараў пайшоў шукаць урача, а Вера выйшла ў прывакзальны садзік, села на лаўку пад рабінаю і звярнулася да дзяўчынкі гадоў шасці, якая ніяк не магла надзець капялюшык сваёй ляльцы, не на многа меншай за яе самую.

— Ты куды гэта, малышка, едзеш са сваёй дзяўчынкай?

— Далёка,— адказала тая, схіліўшы набок галоўку. Сонца асвятляла яе смуглявы тварык, але дзяўчынка не жмурыла вачэй.

— Вось як! А дзе твая мама?

— Унь,— паказала дзяўчынка рукою на маладую жанчыну ў шэрым, як і ў Веры, летнім паліто і сінім берэце. Жанчына набліжалася паволі, у глыбокім задуменні.

— А як жа цябе завуць?

— Вера,— адказала дзяўчынка.

— Вера? Вось малайчына. Мяне таксама Верай завуць... На вось табе цукерку. Ты любіш цукеркі?

— Люблю.

Дзяўчынка ўзяла цукерку і падзякавала.

— Мама, мама! — зашчабятала яна, калі яе маці падышла блізка,— цёця Вера мне цукерку дала — во якая!

— Не сумавала ты тут без мяне? — не глянуўшы на Сініцкую, прагаварыла жанчына, папраўляючы хустку на галаве дачкі.

— Мы тут з ёю і пазнаёміцца паспелі,— адказала за дзяўчынку Вера. Яна цяпер не магла адвесці свайго позірку ад заклапочанага твару жанчыны. «Яна ці не яна!» — Ад яе дапытлівага позірку жанчына ўзняла вочы і адразу сумелася. Ціха, няўпэўнена спытала:

— Ве-ра?

— Вера яна, ага! — падхапіла дзяўчынка, і задаволена запляскала ў далоні.— І я Вера, і я Вера...

— Насця! — вырвалася з грудзей у Веры.— Ты куды едзеш, Насця?

Яна хацела кінуцца ў абдымкі, але зірнула на дзяўчынку і...села на лаўку зноў.

— Я адразу пазнала,— ціха сказала Насця, заўважыўшы халоднасць Веры.

— Я — таксама... Але ж ты пасталела як!

— Праўда, нават пастарэла,— згадзілася Насця, таксама сеўшы на лаўку.— Затое дачку — вось якую маю...

Халадок прабег па спіне Веры.

— А татка яе дзе?

— Мой татка ў арміі служыць,— сказала дзяўчынка,— ён хутка прыедзе.

— Ідзі, Верачка, пагуляй, а я пагутару з цёцяй,— прамовіла Насця. І калі дзяўчынка пабегла да кустоў бэзу, куды нечакана прыляцела цэлая плойма вераб’ёў, дадала: — Чакае татку, а ён ніколі ўжо не прыйдзе...

І Насця расказала Веры, што ля Одэра на шпіталь, дзе служыла яна, наляцелі нямецкія самалёты, як параніла там жанчыну, якая туліла да грудзей дзіця. Раны аказаліся цяжкімі, і жанчына памерла, пакінуўшы дзяўчынку...

Вера слухала, глядзела ў вочы Насці і ўспамінала, як партызаны жартавалі з яе: «Гараць твае вочы, Насця, пякучым агнём, свідруюць душу...» Не дзіва, што Міколу прыемна было глядзець у гэтыя сапраўды агністыя вочы, сінія-сінія...

— Насця, значыць, гэта не твая дачка?..

— Ой, Верачка, адкуль у мяне будзе такая дачка?

— Дык расказвай хутчэй!..

— Ну, скончыла я летась інстытут, працавала крыху ў горадзе. Цяпер у Баркоўскую пушчу накіравалі. Гады цэлыя прайшлі, а на радзіму, у лес, пацягнула...

Вера раптам абняла Насцю за шыю і моцна, некалькі разоў, пацалавала.

— Ну і радасці ж ты вязеш туды, каб толькі ведала!

— Каму?

— Не скажу...

— А ты як жывеш? — у сваю чаргу спытала Насця.

— Працую механікам, жывецца добра.

— А мне помніцца, у лесе працаваць хацела.

— Дык я ў лесе і працую, на лесараспрацоўках у Баркоўскай пушчы!

— Вось як! Значыць, будзем зноў разам?

— Будзем. Усе трое...

— Каго ты маеш на ўвазе?

— Міколу Мікіцёнка! — радасна паведаміла яна.— Ён чакае цябе, Насця.

Насця вялікімі вачыма глянула на Веру.

— Што ты гаворыш? Няўжо? Я аднойчы чула пра яго... Інстытут скончыў.

— Чакае, Насцечка,— Вера прыхілілася тварам да яе пляча.— Эх вы, нешчаслівыя!

— Нешчаслівыя,— ціха паўтарыла за ёю Насця.— А чаму? Я чакала яго, а ён не прыйшоў. Разам са сканчэннем вайны скончылася, знікла смеласць. Колькі разоў я парывалася сама прыехаць, але інстытут, дзіця, клопаты. А пасля — сустрэча. Думала — жанаты ён, інакш застаўся б тады.

— Дзіця на руках — вось што было галоўнае ў вашым няшчасці,— у задуменні сказала Вера.— А пасля пісьмо...

— Магчыма...

Гучны гудок цягніка, які набліжаўся да станцыі, заглушыў апошняе слова Насці.

З вакзала выйшаў Прохараў. З ім была невысокая маладая жанчына, якая трымала на руках маленькага хлопчыка.

— Вось наш новы ўрач, знаёмцеся,— сказала Вера, калі Прохараў з жанчынай падышоў да іх. І паказала на Насцю.

— Вось гэта цікава...— разгублена прагаварыў Прохараў, пазіраючы то на адну, то на другую.— Знаёмыя?

— Знаёмыя, таварыш Прохараў, і добра знаёмыя...

У гэты час да станцыі падышоў цягнік. Вера хацела ўзяць свае чамаданы, але Прохараў ужо трымаў іх.

— Праводзіць, дык па ўсіх правілах,— сказаў ён і паволі рушыў па пероне.

Насця ўсхвалявана паціснула Веры руку.

— Хутчэй вяртайся... Мы ж так мала пагутарылі...

— Пагутарым, Насця! Наша ўсё наперадзе,— адказала Вера і, пацалаваўшы дзяўчынку ў шчаку, пакрочыла за Прохаравым.

1956


1956