epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Ветэрынар

Здарылася гэта ў суботу. Яшчэ ўдзень Панасаў пярэсты бычок нешта занядужаў. Ходзіць па дварэ, як п’яны, у бакі хістаецца, а мычыць так жалобна, што ў Панасавай жонкі Яўгінні слёзы на вачах. Яна ходзіць услед за бычком і бядуе:

— Ну, што ж табе зрабілася? Ці ты, можа, з’еў што нялюдскае? Ці якая трасца прыстала?

Панас, які за ўсім назірае ад ганка, разважае таксама, як і жонка:

— Мусіць-ткі, ён на калгасную канюшыну раніцою забег. Бач, як бакі ўзняліся!

— Чым языком малоць, збегаў бы ты лепш да Рудога Саўкі. Усё-такі нейкі ж ды віцінар ён,— гаворыць Яўгіння і садзіцца на лаўку пад рабінаю. Бычок ужо стаіць і не хоча ісці. Толькі цяжка сапе.

— Гэткі твой Саўка віцінар! — махнуў рукою стары.— Вось, калі б на херму пад’ехаць, да калгаснага...

— На чым жа ты пад’едзеш за блізкі свет? Бяжы да Саўкі. Кажуць, гэта ж ён Вінцэсеву карову на ногі паставіў, а не калгасны віцінар. Той што? Прыехаў, два разы іголачкай укалоў і ўсё. А Руды колькі ля яе папахадзіў.

Угаварыла-такі дзеда. Рыпнуў ён весніцамі і патэпаў у канец вёскі да Рудога Саўкі.

Той і праўда быў нейкі руды, неахайны. Валасы на галаве збіты ў лямец, шчацінне на твары тырчком, нос бульбінаю. Дабрадушныя вочы заўсёды ўсміхаюцца. Ці бяда ў чалавека, ці радасць. Кашуля на ім вісіць, як на коліку, штаны ўнізе ўвабраны ў шкарпэткі.

— Дык чаго гэта яго так расперла? — цікавіцца Саўка, ціскаючы вузлаватымі пальцамі бакі асалавеламу бычку.

— А хто ж яго ведае? — адказвае Яўгіння.— Яшчэ ранічкаю быў такі вясёленькі, такі вясёленькі...

— Вясёленькі, кажаш? — Саўка зірнуў бычку ў рот, тузануў за хвост і ўрэшце сунуў кулаком пад пахвіну.— «Мышкі» яго гэта схапілі... «Мышкі»...

— Бач ты-ы! — здзівіўся Панас.— Хто б мог падумаць? І адкуль яны ўзяліся, тыя «мышкі»?

— Ад благога вока гэта. Нехта дужа зайздросна зірнуў на вашага бычка. А вочы нядобрыя.

— Бач ты-ы!

— Каб яны яму павылазілі! — пракляла зайздросныя вочы Яўгіння.— Каб на свет божы не глядзелі...

— Ціха, ціха,— супакоіў яе Панас.— Чалавек, можа, і сам не ведае, што такія вочы мае.

Нейкі час усе моўчкі назіралі, як Саўка лоўка зваліў з ног бычка, уліў яму ў рот разбаўлены шкіпінар і пачаў што было сілы церці тыя «мышкі» кулакамі. Бычок паклаў галаву на зямлю і сцішыўся.

— Бач, адпускае пакрысе, адпускае! — весялей сказала Яўгіння і пабегла ў хату гатаваць вячэру. Трэба ж і на госця зрабіць, ды не абы-чаго. Такая ўжо завядзёнка ў вёсцы. А Саўка сам не памятае, калі стаў прызнаным ветэрынарам. Мабыць, з таго выпадку, калі, закасаўшы рукаў, дастаў з глоткі суседскай каровы бульбіну.

— І хто цябе, Саўка, так навучыў лячыць жывёлу? — спытаў Панас.

Саўка пакінуў бычка на хвіліну ў спакоі, узняўся і пачаў набіваць махоркаю сваю прысмаленую люльку.

— Хто навучыў, кажаш? — хітра прыжмурыўся ён.— Само яно да мяне прыйшло. Нутром я гэтую хваробу чую. Не кожны і вучоны так хутка пазнае, што з якой жывёлінай, як я...

Саўка хваліў сябе на ўсе лады і папыхкваў люлькаю.

— А я ж чуў, што трэба калоць іх шылам, «мышкі»,— асцярожна заўважыў Панас, бо не дужа давяраў гэтаму ветэрынару.

— Гледзячы якія. Калі яны дужа сярдзітыя, цвёрдыя, то можна і шылам. Гэтыя трэба проста расцерці — і як рукой здыме.

Саўка гаварыў так упэўнена, што любы паверыў бы, не толькі Панас. У гэты час бычок высунуў кончык языка і трэпнуў задняй нагою.

— Бач, брыкаецца ўжо, будзе жыць! — весела сказаў Панас і пабег у хату з гэтай добрай навіною.

А яшчэ праз гадзіну Саўку паклікалі вячэраць. Ён памыў рукі, панюхаў іх — ці пахнуць шкіпінарам — і палез на кут. Гэта было яго самае любімае месца.

На стале ўжо сквірчэла ў глыбокай і вялізнай, быццам рэшата, патэльні сала ды пыхкала жаўтавокая яечня. Тым часам Яўгіння паклала перад Саўкам тры рублі.

— Ну, як там бык? — спытала яна.

— Адышоў бык...

— То бяры грошы. За турботы...

— Ат, якія там турботы,— скасіў той вочы на тры рублі.— У людзей бяда, гора, а яны, гэта, грошы. Не вазьму!

Панас схапіў траяк і сілаю ўсунуў Саўку ў кішэню.

— Ніякіх размоў! — сказаў ён.— Мы ж не эксплуататары, каб задарма чалавека ад працы адрываць дзеля бычка.

— Колькі ж яму было, вашаму бычку? — чамусьці пацікавіўся Саўка.

— Ды ўжо сёмы месяц пайшоў,— адказала Яўгіння, наліваючы ў міску тварагу са смятанаю. Саўка зачэрпнуў тры лыжкі запар і з’еў адну бульбіну. Узяў у рукі відэлец.

— Гады праз два быў бы вялікі бык,— у роздуме сказаў ён.

— Дзіва што! — распляскваючы кулаком на стале бульбіну, сказаў Панас.— Уга, які бык.

— Калі б хоць да каляд патрымаць і то пацягнуў бы пудоў на дзесяць? — зноў Саўка ўзяўся за тварог.

— Мы і патрымаем,— зірнуў на жонку Панас.— Потым здадзім на херму. Праўда, жонка?

— Сабе з’есці таксама не блага было б,— адказала тая.— Кавалак сыну ў горад, кавалак дачцы ў Залессе. Дзякуй богу, ёсць каму вазіць.

— Смачная была б цяляціна! — Саўка каўтануў яйка цалкам, як узялося на відэлец. Аж слёзы на вочы набеглі.— Ну, а шкуру вы здадзіце ці, можа, сабе пакінеце?

— Сабе! — адрэзаў Панас.— Ведаеш, якія боты шые наш Цыганок? Век зносу ім не будзе. То ж бычыная шкура, ведаеш якая. Ого!

— То трэба здымаць адразу. А то як пераначуе, ужо не тая будзе.

— Хто ж яе пакідае нанач, калі рэжа быка! — засмяяўся Панас, налягаючы на стравы.

— Вось і я так думаю...— Саўка паклаў лыжку на стол і дадаў:

— То табе памагчы ці сам справішся?

— Што памагчы? — не зразумеў Панас.

— Шкуру здымаць.

— З каго?

— З бычка.

— А навошта яе здымаць?

— Каб не псавалася.

— Дык жа мы не збіраемся яго рэзаць! — аж пакрыўдзіўся Панас,— Навошта ж яго рэзаць?

— А рэзаць і не трэба. Адышоў бычок. Быў і не стала, гэта, яго. Адышоў.

— Як?! — у адзін голас усклікнулі Яўгіння і Панас, да якіх нарэшце дайшоў сэнс гэтага слова.

— Ды ўжо так. Адолелі яго «мышкі»...

Гаспадароў у хаце ўжо не было. Яны стаялі над сваім пярэстым бычком і спрачаліся.

— Вось занядужыш, дык я табе Саўку паклічу! — крычаў на ўвесь двор Панас.— Вылечыць ён цябе-е!

— Сам занядужыш! Табе паклічу! — агрызалася жонка. Але не дужа, бо адчувала сваю віну.

Іх спрэчку перапыніў голас з вуліцы:

— Панас, Панас! Ці не ў цябе, часам, Саўка? Парсюк у мяне есці не ўзяў. Ліха яго ведае, што з ім...

— А ён вось ужо ідзе! — паказаў на Саўку Панас.— Вылечыць табе парсюка, як мае быць! Віцінар. Свой віцінар...

Саўка спыніўся ля Панаса і, нібыта нічога не здарылася, заклапочана спытаў:

— Дык шкуру памагчы здымаць?

— Ідзі ўжо, ідзі душыць парсюка, жываглот!

Саўка не пакрыўдзіўся, пайшоў. Праз нейкі час, калі ўжо задок бычка быў аблуплены, недзе ў вёсцы дзіка зароў парсюк. Зароў і паступова сцішыўся.

— Ладны падсвінак быў у Тэклі,— уздыхнула Яўгіння і пасунулася ў хату...

1966


1966