epub
 
Падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Залаты пярсцёнак

Апоўдні, калі па вуліцы Зарэчча, уздымаючы буры пыл, адзін за адным прашмыгнулі два зеленаватыя «газікі», па вёсцы панеслася ўстрывожаня навіна.

— Слухайце, людцы-ы, гэта ж толькі што на сваім гарышчы Андрэй Руды павесіўся! — кожнаму стрэчнаму гаварыла старая Агапіха, суседка Рудых, хатка якой стаіць на самым канцы, амаль на ўзлессі.

— Як павесіўся?

— З чаго б гэта? — вытыркаліся з брамак белыя хусткі жанчын: была нядзеля.

— А хто ж яго ведае... Мусіць, лішняе перабраў, не ведаў, што і робіць. А грэх які! На святую нядзельку-у!— закатвала ўгору вочы і хуценька хрысцілася Агапіха.—Нездарма гэта, от папомніце маё слова — нездарма...

— Андрэй Руды павесіўся! — крычалі і хлапчукі, уподскач прабягаючы па траве ля платоў.

Адным словам, здарэнне гэтае, з’ява сама па сабе надзвычай рэдкая, устрывожыла людзей ціхай зарачанскай вёсачкі ў сорак двароў, якая прыляпілася адным канцом да лесу, а другім выйшла да рачулкі, што ўпадала за лесам у Бярозу. Людзі збіраліся купкамі, меркавалі, бедавалі, строілі розныя здагадкі.

І толькі адзін чалавек ведаў ісцінную прычыну такога незвычайнага здарэння. Ён сядзеў на лаўцы ля сваёй брамы, папыхваў чорнай люлькай з галавою Мефістофеля і нібыта ўсміхаўся ў чорныя, роўна падрэзаныя вусы. Яго бледны, ніколечкі не загарэлы твар нібы свіціўся, а прыжмураныя сінія вочы глядзелі кудысьці за вёску, за лес, міма жанок і хлапчукоў. І думкі чалавека былі заняты чымсьці сваім...

— Глухі ты, Сцяпан, ці што? — нарэшце пачуў ён і нібыта ачнуўся ад думак. Ля яго стаяў калгасны конюх Мікола, чалавек адзінокі і дабрадушны, Сцяпанаў аднагодак.

— Га, што ты сказаў, Мікола?

— Няма ўжо нашага Андрэя, кажу.

— Ага, ага, чуў...

— Шкада чалавека... Усё ж наш ён, зарачанскі. У партызанах разам былі, з аднаго кацялка сёрбалі. Дужы быў, як вол, а вось надарылася нейкае ліха.

— Ага, ліха з ім,— зноў вяртаючыся да сваіх думак, неўпапад адказаў Сцяпан.

Мікола Кравец замахаў рукамі, адышоўся і азірнуўся — ці ёсць хто паблізу? Потым хуценька пашыбаваў у канец вёскі, да Рудых, дзе ўжо збіраліся зарачанцы.

Што ж Сцяпан мог адказаць Міколу? Хіба можна вось так, ні з таго ні з сяго, адным, двума словамі паведаміць людзям пра вялікую зарачанскую трагедыю, якая толькі цяпер, сёння, раскрылася перад ім ва ўсёй сваёй страшнай лютасці? Не, усё яно так і застанецца тайнай для людзей, і, можа, толькі праз дзесяцігоддзі сёе-тое праб’ецца на свет. Але каго яно тады кране, каго ўсхвалюе? Яму ж, Сцяпану Войціку, яшчэ жывому сведку, вельмі цяжка і балюча перажыць, перанесці ў сваім сэрцы пачутае сёння.

Сцяпан пыхнуў люлькай і глыбока задумаўся.

З чаго ж гэта ўсё пачалося?

...Было яму тады роўна дваццаць. А ў такія гады, вядома, чаго толькі не ўзбрыдзе ў галаву. Сцяпану здавалася, што калі б ён захацеў, то прымусіў бы неўгамонную раку Бярозу павярнуць свае воды ў адваротным кірунку. Сілішча была ў Сцяпана вялізная. І думак было дужа багата. А сярод мноства думак — адна неадчэпная, самая занаветвая. Забрала ў палон Сцяпанава сэрца сціплая яснавокая прыгажуня Зося. З’явілася яна ў вёсцы, у сваёй цёткі, не так даўно, гады са тры назад, як памерла яе маці, але ўсе зарачанскія хлопцы нібы толькі яе і чакалі, быццам сваіх дзяўчат не было. Асабліва ўлягаў за ёю вясковы гарманіст і весялун Андрэй Руды. Адкуль у іх, у Рудых, такое прозвішча, сказаць цяжка. Усе яны бялявыя, вастраносыя, даволі статныя і дужа ж быстрыя. Усюды Рудыя наперадзе, ніколі за імі ахапка сена не ўхопіш на поплаве, між кустоў, дзе дазвалялася адкошваць. Было ў Андрэя яшчэ два браты, старэйшыя, дык яны недзе з’ехалі адразу, як толькі скончылі школу, а гэты затрымаўся.

І вось ужо ходзіць чутка па вёсцы, што былі заручыны і што хутка Зося перабярэцца ў прасторную хату да Рудых. Ды толькі не верыў гэтым чуткам Сцяпан. Сэрцам адчуваў, што нялюб дзяўчыне той нахабны Андрэй.

Аднойчы, калі яны ішлі ад рэчкі, Зося з нейкім жалем сказала:

— Табе б, Сцяпан, ды Андрэеву хватку! Нясмелы ты нейкі...— і папраставала праз бульбоўнік да сваёй хаты, толькі загарэлыя лыткі замільгалі.

Глыбока, на самае дно сэрца запалі Зосіны справядлівыя словы. А дзе ж узяць тае смеласці, калі ён пры Зосі і рот раскрыць баіцца, нібы зусім чалавек гаварыць развучыўся.

Ды жыццё часам робіць такія нечаканыя павароты, што ніякім розумам не дабярэш. Так здарылася і са Сцяпанам Войцікам...

Той чэрвеньскі дзень выдаўся дужа гарачы. З паўдня пачало смаліць і прыпарваць так, што нават у цяні было млосна. І не дзіва, што рака вабіла да сябе і малога і старога. Ад Зарэчча да яе не больш паўкіламетра. Варта толькі прайсці нешырокі бор, як зроку адразу адкрываецца агромністая панарама лугоў і азёр. А паўз сівы бор, дзе з-пад абрывістых берагоў, прасвідраваных ластаўкамі-беражанкамі, зімою і летам бягуць-звіняць дзесяткі ледзь бачных крынічак, цячэ яна, імклівая і вірлівая Бяроза-рака. Сям-там у нізінах падступаюць да яе густой шчэццю невысокія хвойнікі.

І вось трэба ж было здарыцца, што ў адным з іх і сустрэліся Сцяпан з Зосяй. Спярша яна сумелася, хацела ўцячы, а потым нібыта ўзрадавалася.

— Ты чаго сюды прыйшоў, Сцяпан? — спытала яна.— Ай іншага месца не ўпадабаў?

— А ты? — наблізіўся Сцяпан і як зачараваны глядзеў на ружовы Зосін твар з простым малым носікам і таўставатымі вішнёвымі вуснамі, на яе высокія дзявочыя грудзі, што так часта ўздымаліся цяпер, відаць, ад хвалявання.

Зося апусціла вочы долу і ціха сказала:

— Я заўсёды тут купаюся, далей ад тых нахабнікаў,— кіўнула галавою ўбок, адкуль далятала шматгалосая гамана.

Яны селі на разагрэты дол, звесіўшы над вадою босыя ногі, і нейкі час моўчкі пазіралі на раку, дзе іскрыстай дугою агінала поплаў акаймаванае лазняком старарэчча.

— Як у вас прыгожа, Сцёпа...

— Цяпер жа яно і тваё. Ай не нашынская ты цяпер, Зося? — перадражніў ён яе за тое прынесенае ў Зарэчча «ай».

Яна гарэзна паківала пальцам, а вочы ззялі радасцю, з твару не сыходзіла ўсмешка. Яны сядзелі побач, злёгку дакранаючыся плечукамі, і гаварылі, гаварылі. Першы раз у жыцці. І першы раз у жыцці ім было так хораша. Іх не вабіла больш рака, не захаплялі лугі. Час для іх нібыта спыніўся...

Спахапіліся яны толькі тады, калі над іх галовамі моцна грукнула і некалькі буйных кропель дажджу ўпала па ваду.

На рацэ ўжо даўно нікога не было...

— Што ж гэта мы так заседзеліся? Бяжым у вёску! — паднялася Зося. І тады зноў, яшчэ мацней, стрэліла. Яна прыпала да Сцяпана, схавала на яго шырокіх грудзях твар.— Вой, Сцяпанка, баюся перуноў!..

Дождж лінуў раптоўна.

Ён наляцеў з-за лесу, як дзікая конніца, і пачаў сячы па галінах, па хвоях, па аголеных Зосіных плечуках, па яе танюткай паркалёвай сукенцы ў вялікія чырвоныя макі...

Яны дабеглі да маленькага хлеўчука, што стаяў на беразе, побач з хвойнікам. У той хляўчук стары бакеншчык Антось складаў сена. Яго і цяпер было капы са тры, не болей. Але як добра легчы на пахучы насціл і слухаць, слухаць, як шуміць за сцяною вецер, як сячэ па страсе праліўны дождж. Цёпла ў хлеўчуку і ўтульна...

— Скінь сукенку ды выкруці, тут жа зусім цёмна,— сказаў Сцяпан.— Накінь пакуль мой пінжак, ён зусім сухі...

— Нічога, на мне высахне...

І ўсё ж праз хвіліну Зося скінула сукенку, выкруціла і павесіла на граблі, што стаялі пры сцяне. Потым на сподняе надзела яго пінжак, села побач. А калі зноў пачало смаліць з неба, калі праз шчыліны ў дзвярах нібы ўварваліся ў хляўчук агністыя маланкі, яна ўскрыкнула і зноў прытулілася да Сцяпанавых грудзей. Ён адчуваў — яе калаціла, як у ліхаманцы.

— Баюся, Сцяпанка...

Сцяпан быў як п’яны. Паклаў правую руку Зосі на плячо, пад пінжак, і моцна прыціснуў да сябе. І недзе ў гэтым грукаце і гуле, у гэтым бясконцым ліўні згубіўся пацалунак. Яны і самі яго нават не адчулі: такі ён быў нечаканы ды кароткі, як у небе бліскавіца. Іх целы зліліся, яны сталі як адно цэлае. Толькі два трапяткія сэрцы грукалі кожнае па-свойму.

— Баюся, Сцяпанка...

— Не бойся... Зоська... любая...

І яшчэ раз моцна бліснула праз шчыліны. А дзяўчыне здалося — успыхнуў, загарэўся хляўчук.

— А-ай! — нечакана ўскрыкнула яна і зноў, ужо да болю ў вуснах, адчула гарачы пацалунак свайго каханага...

А пасля ўжо не страшнымі сталі грымоты, бліскавіцы. Што цяпер яны ў параўнанні з яшчэ больш магутнай сілай прыроды, якая адкрылася перад імі так нечакана-негадана.

Зося ўжо не гаварыла «баюся», а толькі ціха шаптала:

— Сцёпка-а... Сцяпанка-а...

Потым яны сцішыліся і паснулі, двое пад адным пінжаком, паснулі, як гарэзлівыя дзеці, якія набегаліся за дзень да знямогі, падбіліся. І пэўна, ім сніліся дзівосныя, лагодныя сны...

Прачнуліся яны не дужа рана, прачнуліся ад невыразнага тлуму, што даносіўся знадворку.

І тады паўстала перад імі суровая і бязлітасная рэчаіснасць: да іх сховішча падыходзіла вялікая грамада зарачанцаў.

— Там яны, там! — чуўся пісклявы голас нейкага малога, які, відаць, і падцікаваў бедакоў.

Зося ўсхапілася, хуценька нацягнула сукенку.

І вось — рыпучыя дзверы шырока расчыніліся. Дзесяткі цікаўных і разгневаных воч скіраваліся на Сцяпана і Зосю. Наперадзе, з вялізным абсівелым калом, адарваным ад плота, стаяў Сцяпанаў сапернік Андрэй Руды.

— А-а-а, кур-рва! Гэтак ты заручылася са мно-ою! — азвярэла зароў ён і ўзняў над галавою кол.— Заб’ю-у, гадзіну-у!

Сцяпан адным скачком апынуўся побач і схапіўся за той кол.

Пакуль яны пад гігіканне і свіст качаліся па зямлі, Зося выкаўзнула з хлеўчука, але не пабегла, не спалохалася. Яна стаяла зводдаль, глядзела на Сцяпана і Андрэя і нібыта чакала — хто ж нарэшце пераможа? На яе твары блукала сарамлівая ўсмешка. Раптам вочы яе зрабіліся калючыя, твар пабялеў.

— Ну, чаго вылупіліся?! — крыкнула яна людзям, і ўсе адразу сцішыліся. Нават Сцяпан і Андрэй узняліся з зямлі, трымаючы кожны па кавалку таго разламанага кала.

— Дзіцятка маё...— выціраючы ражком хусткі трахомныя чырвоныя вочы, усклікнула цётка.— Як жа ты... вось так, га?

— Кахаю я Сцяпана, цётачка, моцна кахаю! — Зося гнеўна зірнула на Андрэя.— Ай ты не ведаў гэтага? Ай думаў, што я тваіх пагроз пабаюся, дзюбаносік?

Статная, стройная, яна паволі пайшла на Андрэя, і той адразу абмяк, ступіў два крокі назад і выпусціў з рукі паляняку. Ён быў перад ёю як вінаваты хлапчук.

— Я ненавіджу цябе, брыдота! Сквапнае стварэнне ты, а не чалавек!

Тут сілы, стрыманасць пакінулі Зосю, і яна заплакала наўзрыд, закрыўшы твар рукамі. І тады Андрэй паволі павярнуўся і пайшоў у кірунку лесу.

— І праўдачка... Чаго прычапіліся да іх? Гэткая навіна! — звярнуўся да вяскоўцаў стары Руды.— Позна ўжо тое назад варочаць... Звяршылася, як кажуць, і справе канец.

— Хай бог беражэ...— прагугнявіла яго суседка Агапіха, жанчына ўдовая, да ўсяго цікаўная.— Не па-божаскі гэта, ой, не-е, людцы-ы!

— Затое па-чалавечаму! Эх, рыхтуй, Войцік, сталы-ы, тупнем! — гукнуў Мікола Кравец.— Малайчына, Сцяпан, усім нам насы ўцёр, ай ды Сцяпан! Ціхоня!..

Адразу змяніўся настрой. Людзям нібыта стала сорамна за свае неабдуманыя дзеянні, і яны пачалі разыходзіцца.

Пазней за ўсіх ішлі ў вёску Сцяпан і Зося. Яны маўчалі. Ды і ці варта было аб чым гаварыць пасля ўсяго, што ўжо абгаворана? Адно суцяшала — людзі ўсё ведаюць, лягчэй будзе на вочы ім паказвацца. Суд адбыўся...

Вяселле згулялі ў суботу, а ў нядзелю... Так, гэта была тая векапомная чэрвеньская нядзеля сорак першага года. І хоць напачатку не верылася, што вайна нейкім чынам зможа адбіцца на мірным жыцці зарачанцаў, але ўжо на трэці дзень неяк зусім нечакана па вёсцы прайшло дзесяткі два нашых байцоў на чале з малодшым лейтэнантам, які і абвясціў, што немцы ўжо ў райцэнтры, адступаць дарогамі больш не выпадае, трэба кіравацца бліжэй да лесу. Да таго ж усе мясцовыя хлопцы, якія па позвах пайшлі ў райваенкамат, на другі ж дзень вярнуліся маўклівыя і панурыя.

Адзін Андрэй Руды не паддаваўся сумнаму настрою. Ён кожны вечар на ўсю вёску сыпаў полькі і вальсы, седзячы ля свайго дому, а ўдзень гойсаў па хатах у пошуках гарэлкі.

Неяк раз спыніўся ля зарачанскіх хлопцаў і сказаў:

— А між іншым я чуў, што нашу зямлю падзеляць на едака! У нас іх лічыцца аж шэсць, гектары, мусіць, з тры адрэжуць...

— Аршыны з тры табе б даць! — не стрываў Сцяпан.

— А ты не дужа разыходзься цяпер... камсамолец! Глядзі, як немцы ўведаюць.

Мікола Кравец каршуном уссеў на Андрэя, зваліў яго з ног і тоўк, пакуль яго не адцягнулі.

— Забіць яго мала, гада! — аж калаціўся той ад злосці,

— Папомніце вы яшчэ мяне! Знайду і я сабе абаронцу-у! — адбегшыся, прыгразіў Андрэй.

— Вырадак,— толькі і сказаў тады Сцяпан.

Яны з Міколам не сядзелі склаўшы рукі. Ужо на другі дзень, пасля таго як вярнуліся з раёна, схадзілі ў Парэчча. Там, каля пераправы, быў вялікі бой. У рацэ і па берагах было шмат усялякай зброі. Хлопцам адразу пашанцавала, яны прынеслі з дзесятак гранат і чатыры вінтоўкі з патронамі.

Усё гэта схавалі ад цікаўных вачэй у зямлянцы, якую выкапалі ноччу непадалёк ад вёскі, у густым ельніку. І спакваля ўцягвалі ў сваю групу іншых камсамольцаў наваколля, з якімі разам хадзілі ў школу, а пасля разам працавалі.

Андрэя Рудага дома не было тры дні. Ён прыйшоў на чацвёрты дзень пад вечар, прыйшоў з нейкім аброслым хлопцам гадоў дваццаці пяці, высокім, але такім худым, што, здавалася, ён хістаўся ад ветру.

У хлопца не ставала левага вуха, і таму было такое ўражанне, што галава яго як бы скасабочана. Адзінае вуха, задужа вялікае, вытыркалася з касматых валасоў скручанай марской ракавінай.

— Няйначай, бандзюга які,— сказала Зося Сцяпану, калі паўз іх прайшла гэтая незвычайная пара.

— Што і гаварыць, выбраў таварыша па сабе...

Яны сядзелі тады на сваёй лаўцы пад акном, адпачывалі пасля абеду, а Зося, каб не бавіць дарэмна часу, цыравала яму кашулю. І калі тая парачка вярталася, Андрэй Руды пахадзя кінуў:

— На крадзеным кані далёка на ўедзеш! Праўду я кажу ці не, Арсен?

— Каб жа на кані, а то — на кабыле! — у тон свайму сябру адказаў той Арсен, або проста Аднавушка, як адразу празвалі чужога хлопца зарачанцы. Яны дружна зарагаталі, і Андрэй пры гэтым брыдка вылаяўся.

Моўчкі знёс крыўду Сцяпан. Ведаў, што не час цяпер зводзіць уласныя рахункі. Хутка яны з таварышамі скончаць падрыхтоўку і пададуцца ў бярэзінскія лясы. Зося ж застанецца з хворай маці адна, без ніякай абароны...

Ды абставіны паскорылі ход падзей.

У той жа дзень за вёскай, дзе яшчэ хаваліся нашы чырвонаармейцы, разгарэўся зацяты, але кароткі бой. Што там адбылося, ніхто не ведаў, але неўзабаве ў Зарэчча нахлынулі фашысты. Яны перапаролі ўсе хаты ў пошуках чырвонаармейцаў. І паколькі нікога не знайшлі, то выцягнулі з хлявоў дзесяткі два парсюкоў, безліч курэй і качак. Людзі не кідаліся адбіраць сваё дабро, яны рады былі, што на гэтым нашэсце і скончылася, ворагі пакінулі іх у спакоі. Праўда, спакой быў адносны, бо тады ж было абвешчана, што ў бліжэйшыя дні трэба выбраць і накіраваць на станцыю ўсіх хлопцаў, а то і дзяўчат на працу ў Германію. Гэта абавязак. Вядома, такая перспектыва не надала зарачанцам энтузіязму.

— Заўтра ж трэба ісці ў лес,— цвёрда сказаў Сцяпан, калі карнікі паехалі.— Могуць быць аблавы, уся наша падрыхтоўка можа аказацца непатрэбнай...

— А як гэта зробіш? — запярэчыў Мікола.— Фашысты дазнаюцца, усіх нашых расстраляюць. Ды і вёску спаляць. Трэба нешта прыдумаць...

— Фашысты падказалі, што рабіць... Мы паедзем у Германію, нас арыштуюць паліцэйскія. А з імі будуць два немцы, самыя сапраўдныя...

Сцяпанаў план быў вельмі просты.

На другі дзень увечары, калі добра сцямнела, трое незнаёмых паліцэйскіх і двое немцаў наляцелі на хату, дзе моладзь сабралася на вечарынку.

— Хлопцы налева, дзяўчаты направа,— скамандаваў адзін паліцэйскі.— Па аднаму вы-ыходзь!

— Шнель, шнель! — крычаў «немец», які, відаць, больш ніводнага слова так і не ведаў.

Хлопцаў «арыштавалі» і павялі за вёску. І вось у час гэтага пераходу Андрэй з Аднавушкам уцяклі. Ім проста далі такую магчымасць, каб план урэшце не раскрыўся.

У вопратку паліцэйскіх і нямецкія мундзіры пераапрануліся нашы байцы, што ўцалелі ад раптоўнага нападу фашыстаў.

Яны і расказалі, што нехта з зарачанцаў навёў карнікаў. Падазрэнне адразу пала на Андрэя з Аднавушкам.

— Эх, дарэмна выпусцілі! — пашкадаваў Сцяпан, калі хлопцы нарэшце ўзброіліся і выйшлі на дарогу, каб пайсці ў бярэзінскія лясы...

Перад гэтым Сцяпан развітаўся са сваімі. Дастаў з куфэрка заручальны пярсцёнак з чыстага золата і надзеў Зосі на палец.

— Насі, любая, і помні. Мы вернемся. Бачыш, на пярсцёнку тваё імя — «Зосі». Так звалі маю бабку. Акурат падышло...

— Ой, страшна мне, Сцёпа, без цябе заставацца! Ой, страшна, даражэнькі!..

Яна, як тады, упершыню, прыпала тварам да яго грудзей і плакала, як дзіця, не маючы сіл стрымаць нахлынуўшых слёз. Нядоўга цягнулася яе шчасце...

— Не на век ідзём. Ды і наведаю цябе часцяком, сувязь мы будзем трымаць, Зося!

— Хто ж яго ведае, як яно будзе? Руды мне не даруе...

— Мы яму спуску не дадзім. Хай толькі зачэпіць цябе ці каго з вясковых — адразу да сасны паставім!

А потым, калі Сцяпан ішоў пад «канвоем», яна зноў, разам з кабетамі, галасіла на ўсю вуліцу:

— А чаму ж цябе звозяць у тую Герма-анію! А як жа ж я тут без цябе пражыву-у, Сцяпанка!

Гэтае галашэнне напачатку сыграла сваю пэўную ролю: на другі дзень Андрэй і Аднавушка разгульвалі па вуліцы, як тыя паны, адны на ўсю вёску.

— Цяпер усе дзеўкі нашы! Цяпер больш нікога не забяруць, калі аблава прайшла! — радаваліся яны.

Дні праз два прыязджалі паліцаі і немцы, распытвалі многіх жыхароў, дапытвалі Андрэя, Аднавушку. І, здаецца, паверылі, што хлопцаў арыштавалі нейкія «іншыя», не мясцовыя ўлады. Дзіўным было тое, што гэтых двух лайдакоў не кранулі, і зарачанцы ўзненавідзелі іх. А калі аднойчы Аднавушка прыехаў аднекуль на вялізным рыжым кані, многія здагадаліся, што хлопцы маюць нейкую справу з паліцыяй, і пачалі іх баяцца...

У вёсцы наспявала новая бяда.

У той дзень Агапіха наняла за гарэлку Андрэя і Аднавушку, які ўжо крыху ад’еўся і пакруглеў, накрыць саломай ёй хляўчук. Усе іх бачылі на дзіравай страсе, а яны, вядома, яшчэ больш бачылі, што робіцца навокал.

І вось апоўдні, калі работа падыходзіла к канцу, а хлопцы ўжо добра захмялелі, Аднавушка паказаў Андрэю на поле за вёскай і сказаў:

— Зірні ты, чалавеча, ву-унь туды, ці не Зоська гэта панесла на раку бялізну перыць?

Андрэй зірнуў і засмяяўся.

— Яна...

— Дык чаго ж ты сядзіш? Збегаў бы, пашчыкатаў, га? — І Арсен зласліва засмяяўся, жмурачы, як кот, свае вадзяністыя вочы.

Андрэй злосна зірнуў на яго.

— Спакуса! Дай глынуць!

Ён прыпаў да пляшкі з мутнаватай вадкасцю, потым літаральна скаціўся з хлява і знік у кустах, якія падступалі да самай Агапішынай хаты. Ён бег, як воўк, угнуўшы аброслую доўгімі бялявымі валасамі галаву, спяшаўся напярэймы. І там, дзе бор збягае ў нешырокі яр, парослы тоўстымі елкамі, ён выйшаў насустрач перапалоханай жанчыне.

Зося адразу спынілася, скінула з плячэй цяжкую ношку ў посцілцы на траву.

— Ну, чаго дарогу займаеш? — стараючыся надаць голасу абыякавасць, спытала яна.

— На цябе паглядзець хачу...

— Не наглядзеўся?

— Калі ж было? — І раптам дадаў: — Думаеш, твой вышкрабецца з той нямеччыны? Дудкі! Здохне ў гнілых шахтах, як сабака! Вось захачу — і адразу маёй станеш...

— Паспрабуй толькі!

Андрэй скочыў да Зосі і схапіў яе пад пахі, намагаючыся зваліць на зямлю. Яна нахілілася і, выцягнуўшы з бялізны дубовы пранік, штосілы выцяла ім па Андрэевай галаве. Той адразу выпусціў яе і зароў як апантаны.

— А-а-а, брыдота! Дык ты гэтак? Вось жа табе, атрымай!

Адбылося непапраўнае: Андрэй выцягнуў з халявы бота нож і ўдарыў ім Зосю проста пад сэрца. Потым у вочы кінуўся пярсцёнак. «Золата!»— мільганула ў галаве. Нахіліўся і ледзь не адарваў з пальцам...

Зося звалілася ціха, без енку. І адразу твар яе пачаў бялець, яшчэ адкрытыя вейкі дробна задрыжалі і спыніліся. Вочы нема глядзелі на Андрэя, і ад іх халоднага позірку ён зноў закрычаў. Потым бег назад, а ў моцна сціснутай руцэ пёк далоню залаты пярсцёнак. Толькі не кінуў яго Андрэй. О, не-е! У яго да золата была вялікая цяга. Яму часта сніліся цэлыя скарбы, безліч пярсцёнкаў і залатых манет...

На ўзлессі суцішыў крок, падышоў да хлява і крыкнуў:

— Злазь, паскуда!

— Чаму такі злосны — хіба ўкусіла?

— Маўчы лепш, падбухторшчык!.. Усё праз цябе...

Пасля яны сядзелі за столікам на дварэ, пілі гарэлку і бясконца клікалі Агапіху.

— Цётка, дай яшчэ — каня прывядзем, з канём будзеш! — патрабаваў Андрэй. Ён напіўся так, што потым зваліўся з услона на зямлю, адразу захроп...

Забойства Зосі моцна падарвала здароўе і без таго хворай Сцяпанавай маці. Яна памерла ціха, як і жыла. І толькі на пяты дзень пасля яе смерці Сцяпан прыйшоў у Зарэчча. Прыйшоў з таварышамі па барацьбе, трыма разведчыкамі. Седзячы ў апусцелай сваёй хаце, ён цяпер сам плакаў, як малое дзіця. Вядома, перажыць адразу дзве смерці самых дарагіх людзей — рэч не простая. Хлопец, здавалася, пастарэў увачавідкі. Першай думкай яго было — паставіць да сцяны Андрэя, але Агапіха і бліжэйшыя суседзі пацвердзілі, што Андрэй з Аднавушкам цэлы дзень былі на страсе, а пасля зваліліся ад самагонкі, з вёскі нідзе не адлучаліся. Праўда, пасля таго яны недзе зніклі. Хадзілі чуткі, што, як і трэба было чакаць, сябрукі падаліся ў паліцыю.

— Усё роўна наша куля яго не міне!

Сцяпан звярнуўся да зарачанцаў з кароткай прамовай, расказаў, што народ усюды бярэцца за зброю. Большасць маладзейшых зарачанскіх мужчын, як выявілася, даўно чакала выпадку, каб падацца ў лес. Цяпер жа такая магчымасць настала. У кожнага было нешта прыпасена: у каго вінтоўка з патронамі, у каго граната з запаламі. Быў нават адзін ручны кулямёт з двума дыскамі. Адным словам, вяртаўся Сцяпан у атрад з цэлым аддзяленнем землякоў.

А праз некалькі дзён вёску зноў запаланілі карнікі і паліцаі. І сярод іх былі Андрэй Руды і Аднавушка.

Адразу запалалі хаты Сцяпана Войціка і Міколы Краўца. Стары Міколаў бацька ледзьве выбраўся з сянец, як услед за ім шуганула полымя.

— Ратуйцеся, лю-юдцы-ы! — галасіла Агапіха.— Усе згарым, як бог святы!..

Яна гаварыла ісціную праўду: сухавей так разгуляўся, што галавешкі ляцелі ад страхі да страхі, як пярынкі. Жывёлы кідаліся ў агонь, і ніякай сілай яе нельга было спыніць.

У паветры насіўся чорны смуродны дым, чуліся стрэлы і енкі.

— Пракляцце табе, вырадак! Пракляцце! — стоячы на каленях перад палаючым домам, сціскаў кулакі стары Руды. Яго жонка сядзела ў гародзе на небагатых пажытках і бясконца малілася. А іх сын, іх вырадак, стаяў зводдаль, абапёршыся на дула вінтоўкі, і абыякава, тупа асалавелымі вачамі глядзеў на ўвесь гэты хаос. Да яго свядомасці яшчэ не даходзіў сэнс усяго, што тварылася навокал...

Так прыйшла вайна ў невялікую вёску Зарэчча. Прыйшла і знішчыла яе, і згарэла ў тым агні каля дзесятка мірных жыхароў. У большасці гэта былі хворыя старыя і малыя дзеці...

Тыя, што засталіся жыць, пакінулі сваё селішча і падаліся ў бор, пачалі будаваць зямлянкі, ставіць невялікія зрубы. Жыць жа неяк трэба, а восень ужо не за гарамі.

Андрэй Руды хацеў забраць сваіх старых у мястэчка, але тыя адхрысціліся:

— Ідзі ты ад нас, згінь! Досыць і так гора ад цябе нацярпеліся...

І тады хітры сын пакаяўся:

— Я дакажу, што не мая віна. Вайна вінавата...

І вось праз нейкі час данеслася чутка, што Андрэй Руды апынуўся ў партызанах. Гэтую чутку прынёс сам Сцяпан Войцік.

— Ліха яго ведае, як яно там здарылася,— гаварыў ён, паціскаючы плячамі,— толькі і праўда забіў Андрэй важнага нямецкага афіцэра, прынёс каштоўныя дакументы, зброю... Ну і яго памілавалі, сказалі — ваюй, дакажы ў баях сваю адданасць.

Усё так і было на самой справе: Андрэй і Аднавушка, як самыя давераныя паліцэйскія, суправаджалі афіцэра сувязі і салдата пры ім на станцыю. У пяці кіламетрах ад горада, дзе пачыналася грэбля, яны і напалі на немцаў, забралі пісталет, два аўтаматы, сумку з дакументамі, з якіх стала вядома, што рыхтуецца блакада партызанскай зоны...

Ваяваў Андрэй Руды, як і ўсе. Выконваў любыя заданні, ад баёў не ўхіляўся. Праўда, пасля аднаго бою іх дарожкі з Аднавушкам разышліся...

Той прыкмеціў, што Андрэй крыху адстаў і нацэліўся на Аднавушку.

— Кінь! — узвёў свой карабін Аднавушка.— Я даўно сачу за табой... Сведкі пазбавіцца хочаш ці маю долю захапіць? Не выйдзе! Бяжы наперад...

А пасля бою Аднавушку ўжо нідзе не знайшлі... Шукалі і не знайшлі.

Стары Руды навіне быў дужа рад. Ён часцей пачаў паказвацца на людзях, пры выпадку не прамінаў уставіць слова-другое:

— Бач, сукін сын, хоць аднаго фашыста ды кокнуў.,,

Ці, бывала, скажа каму па сакрэту:

— Дакументы, кажуць, былі вельмі каштоўныя, моцна памаглі партызанам...

Прабягалі месяцы, міналі гады, вайна набліжалася да свайго лагічнага завяршэння. Пакрысе забывалася старое. А калі зусім нечакана, у адну ноч, адгрукацеў, адкаціўся на захад нашымі танкамі фронт, партызаны выйшлі з лясоў, каб памагчы аднавіць разбуранае вайной жыццё...

Як роўны сярод роўных, з партызанскім медалём на злінялай гімнасцёрцы, прыйшоў дадому і Андрэй Руды. Спаткаўся неяк са Сцяпанам Войцікам, ды той нават не павітаўся.

— Не гневайся, Сцяпан, на мяне за старое... Чаго ў жыцці ні было, а вось адной дарогай пайшлі...— пачаў Андрэй.

Сцяпан рэзка перабіў яго:

— Шкуру сваю ты ратаваў, бандзюга! А Зося... Сэрцам чую — без цябе там не абышлося!

— Што ты, што ты! Апамятайся, як гэта ў цябе язык паварочваецца...

Сцяпан да болю сціснуў пасівелыя скроні кулакамі і са стогнам падаўся прэч. Ён не мог змірыцца з тым, што Андрэй, яго закляты вораг, яшчэ ходзіць па гэтай спакутаванай зямлі.

Паволі аднаўлялася Зарэчча, забудоўвалася. Паступова наладжвалася прывычнае жыццё, сціраліся ў памяці былыя нягоды, забываліся крыўды.

Толькі дзіўным было для зарачанцаў надзвычай хуткае аднаўленне сялібы Рудых. Хата ўзнялася яшчэ большая, з прыбудовамі, з вялізнымі вокнамі, на якіх адразу з’явіліся карункавыя фіранкі. А калі Андрэй жаніўся на местачковай, як гаварылі — «гарадской» дзяўчыне, то аж тры дні грымела музыка, тры дні ракой лілася «куплёная» гарэлка.

Людзі спярша дзівіліся, пасля пачалі перашэптвацца. І папаўзлі па вёсцы чуткі, што недзе ёсць у Андрэя прыхаванае дабро. «Усё ж паліцаем быў»,— гаварылі. Гэты аргумент, бясспрэчна, меў пад сабой аснову. Толькі нікому так і не давялося даказаць, якім цудам багацее гэты шчаслівы чалавек. Праўда, былі моманты, калі Андрэй знікаў з вёскі на два-тры дні.

І ўсё ж тайна адкрылася! Праз дваццаць пяць год пасля вайны...

Колькі перадумаў за гэты час Андрэй Руды, колькі перахварэў сэрцам. Толькі не за свае мінулыя ўчынкі перажываў ён — баяўся таго адзінага сведкі, які, магчыма, аднойчы з’явіцца ў вёсцы, і ўсё таемнае стане яўным. У яго ж цяпер сям’я, трое дзяцей, яны нічога не павінны ведаць. Ды і самому ўжо не перанесці суровага ўдару. Як-ніяк, чалавек уладкаваўся ў жыцці, працуе ў калгасе.

Не, Аднавушка не з’явіўся ў вёсцы. Сюды завітаў толькі яго злавесны дух...

Неяк адной раніцай на Сцяпанава імя прыйшло незвычайнае пісьмо, якое яму прынёс мясцовы паштар, вусаты стары.

— Замежная птушачка! — сказаў ён і неяк падазрона зірнуў на Сцяпана.

Той сумеўся:

— Ніякіх сваякоў у мяне за мяжой няма.

— Гэта мяне не датычыць. Распішыцеся вось тут. І жывіце багата...

Калі стары пайшоў, Сцяпан нецярпліва ўскрыў пісьмо. І адразу ўсё зразумеў: першае, што кінулася яму ў вочы, гэта быў ліст таўставатай паперы, спісаны дробным, няроўным почыркам. Крывыя літары сведчылі аб тым, што чалавек, які пісаў гэты ліст, быў або стары, або вельмі хворы...

Сцяпан пачаў разбіраць тыя каракулі, слова за словам, схаваўшыся ад дзяцей і жонкі ў сваім пакоі.

Гэта была споведзь чалавека, які паміраў на чужыне. І з той споведзі стала вядома, хто навёў карнікаў на групу чырвонаармейцаў, хто ўвесь час імкнуўся разбагацець на вайне...

«Нямецкага афіцэра і салдата мы забілі, каб забраць скарбонку, якая была пры іх. Золата мы падзялілі, і мне дастаўся твой пярсцёнак, на якім вялікі грэх і кроў. І таму я не ўзяў яго з сабою, а схаваў у дупле старога дуба, што стаіць за Андрэевым гародам. Дупельца тое не дужа высока, пашукай добра, дык знойдзеш... Андрэй і мяне хацеў забіць, той страшны чалавек, забойца тваёй жонкі... З паклонам з далёкага краю. Жыццё маё скончана... Арсен».

Сцяпан, ледзь стрымліваючы дыханне, дачытаў ліст, хуценька выйшаў на вуліцу і скіраваў у канец вёскі. Пярсцёнак ён знайшоў адразу. Ён быў у чорнай сатлелай анучыне. Як апантаны прыбег на Андрэеў двор.

Той якраз быў на дрывотніку.

— Загані ў будку свайго ваўкадава! — загадаў Сцяпан.

— А што?

— Будзе гаворка... За што ты забіў Зосю? Скажы, за што?

Андрэй як набраў дроў, так і стаяў з імі. Толькі піхнуў у будку нагою сабаку і засунуў дошку.

— Я табе казаў ужо, што ў той дзень...

Андрэй спыніўся на паўслове, дровы пасыпаліся з анямелых рук.

— Ты пазнаў, што гэта за пярсцёнак? Ён быў на руцэ Зосі... Пра яго мне напісаў Аднавушка, дзе ён быў схаваны. З-за мяжы... А золата са скарбонкі ты ўжо ўсё збыў? А колькі атрымаў за нашых чырвонаармейцаў?..

— Сцяпа-а-ан! — дзікі крык вырваўся з Андрэевых грудзей.— Пашкадуй маіх дзетак! На мне грэх, яны ж невінаватыя...

— Ніхто нічога не ўведае,— рашуча сказаў Сцяпан.— Аб гэтым я паклапачуся. Кару прыдумай ты сабе сам...

— А жонка, а бацькі?

— І яны нічога не дазнаюцца. Ці ж мала напакутаваліся за тваё здрадніцтва! Бывай, Андрэй...

У той дзень Андрэй Руды і пакончыў з сабой, павесіўшыся на гарышчы...

...Сцяпан зірнуў у канец вёскі, дзе сабралася ўжо многа народу, і паволі пайшоў дадому. Праходзячы па дварэ, падумаў: можа, гэта і лепш, што вось так забойца і здраднік Андрэй Руды вырашыў самую цяжкую і самую складаную для сябе задачу.

1970




Беларуская Палічка: http://knihi.com