epub
 
Падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Жаніх

Хатка старога бакеншчыка Цімоха стаяла на высокім беразе ракі між пахіленых да вады бяроз.

Моцны вецер зрываў яшчэ зялёнае лісце, біў у шыбы сухім пяском. Рака то супакойвалася на момант, то зноў, узрушаная новым парывам ветру, уздрыгвала, маршчынілася нават у зацішку, нібы ёй было холадна.

У вячэрнім небе мігцелі маланкі. Дзесьці з-за лесу, нарастаючы і ўзмацняючыся, набліжаўся невыразны шум...

Цімох зірнуў праз акно на раку, потым — на гадзіннік, што вісеў на сцяне, паклеенай вясёлымі блакітнымі шпалерамі. Служба — не дружба, ехаць трэба...

Ён ускінуў на плечы старую ватоўку, сінюю, злінялую ад дажджоў і сонца шапку і падышоў да дачкі, якая смажыла на комінку рыбу.

— Ты, Кацька, вячэраць мяне не чакай. Забаўлюся...

Каця глянула на бацьку сваімі вялікімі сумнымі вачамі, у якіх нібы адбілася гэтае трывожнае вячэрняе неба.

— Як жа ты паедзеш, татачка? Глянь, што робіцца на дварэ...

— Э-э, ці першы раз...

Цімох рашуча падышоў да дзвярэй, узяўся за клямку.

Каця паставіла талерку з рыбай на прыпек і выйшла следам за бацькам.

Моўчкі пазіраючы на раз’юшаную раку, яна доўга стаяла на беразе, ля шырокага лазовага куста, высокая, у зялёнай сукенцы, з раскіданымі на плячах бялявымі валасамі.

— Бяжы ў хату! — данёсся з ракі голас Цімоха, але яна не кранулася з месца.

Ёй шкада было бацьку. Стары ўжо ён. Высокі, згорблены, з цвёрдымі ад вёсел далонямі, з пасівелымі валасамі, Цімох выглядаў куды старэй за свае шэсць дзесяткаў год, большую палову якіх ён з дня ў дзень запальваў тут, на Бярозе, ліхтары.

Неспакойная гэта работа. Трэба няспынна сачыць, каб усю ноч свяціліся бакены, бо па рацэ вельмі часта ходзяць буксіры. Сотні плытоў плывуць у нізоўе. Нялёгка яму працаваць, але дошка з надпісам «Пост выдатнай якасці» шмат год вісіць на яго хатцы, што прытулілася да стогадовай бярозы на самым беразе ракі. Адзін Цімох ведае, чаго каштуе яму гэтая дошка. З дня на дзень адчувае ён, што нямеюць ад вёсел рукі, цяжка ўжо гнаць лодку супраць цячэння. А яшчэ цяжэй залезці на слупок ды, абхапіўшы яго левай рукой, запаліць ліхтар...

Здагадваецца аб гэтым і Каця, ды не хоча пакрыўдзіць бацьку, напомніўшы яму пра новую хату ў вёсцы, куды яны перабяруцца толькі зімой.

Прыгожы тут куток.

З высокага берага далёка-далёка відны азёры. Яны цягнуцца побач з ракой на цэлыя кіламетры. У хмызняку, які ахінае азёры, кожны год знаходзяць прытулак дзікія качкі. А з правага боку ракі стаіць бор, чысты, як сад...

Любіць Каця гэтае ўрочышча. Любіць выйсці да ракі веснавым пагодлівым ранкам, калі прачынаецца вада і разам з крыгамі гоніць у нізоўе цэлыя дрэвы, дзесьці вырваўшы іх з падмытага берага; любіць выйсці летнім вечарам, калі, нібы спаборнічаючы між сабой, несціхана, да ўсходу сонца, пяюць у кустах салаўі, а з бору даносіцца задорнае, адрывістае «ку-ку»; любіць выйсці да ракі восенню, калі, нахіленыя над ракой, пажоўклыя бярозы задуменна глядзяць на свой адбітак у крышталёвай, як сляза, вадзе, а чароды чорных, нібы загарэлых за лета, шпакоў і імклівых, напалоханых першымі стрэламі качак хмарамі праносяцца над лугам, устаўленым стагамі...

Калі Цімох сеў у лодку, вецер на рацэ, здавалася, загуў яшчэ мацней. Буйныя рэдкія кроплі дажджу забулькалі на паверхні ўзрушанай ракі. Лодка не слухалася вясла, вецер гнаў яе на сярэдзіну, круціў, нібы трэску.

«Не даеду...» — трывожна падумаў Цімох і, сабраўшыся з сілай, звярнуў у зацішша, за лазняк. У той міг раскалолася громам неба, адразу лінуў моцны дождж. Сярод гэтага грому і шуму дажджу да старога данёсся далёкі вокліч:

— Дзядзька Цімо-о-ох!..

Ускінуў ён галаву і заўважыў, што ўсе яго бакены паблісквалі агеньчыкамі. Працёр вочы шурпатай далоняй — не, не здаецца.

«Хведар... Ён запаліў»,— з задавальненнем падумаў Цімох, моцна трымаючыся за лазіну, каб не сагнала лодку. І добра, што ішоў дождж. Нават Каця, калі б яна цяпер зірнула на бацьку, не адрозніла б на яго твары драбнюткіх слязінак ад дажджавых кропель...

Хведар, сын удавы Аўдоцці, ужо даўно памагае Цімоху запальваць ліхтары. Ён надзейна робіць гэтую справу. «Вучуся пакуль. А там і вас падмяню, бакеншчыкам стану»,— не раз гаварыў Хведар. Спачатку Цімох не звяртаў на гэта асаблівай увагі, думаў, што хлопец завіхаецца для пацехі, але, калі аднойчы начальнік зоны намякнуў яму пра пенсію і сказаў, што пост можна было б даручыць Хведару,— стары вельмі моцна пакрыўдзіўся. Ён, пакуль жыве, ні за што не даручыць гэтую справу другому, асабліва — Хведару. Хлопец ён нішто сабе, дужы. І з выгляду дарма: бялявы, з вясёлымі блакітнымі вачамі і заўсёды смуглявым ад загару тварам, статны сабою. Усё ў яго хутка робіцца, нібы агнём гарыць. І старому здавалася, што ён нейкі легкадумны.

Дараваў бы Хведару Цімох недахопы маладосці, калі б ён на Кацю не заглядаўся. У Каці не такія жаніхі былі, ды яна адмовіла! Аднаго толькі Івана Качана, іх даўняга знаёмага, Каця як быццам паважае. Вялікая надзея ў Цімоха на гэтага чалавека! А то — Хведар... «Хлапчук нейкі... Ракаў на жабу з малымі ловіць, на каня сядзе і то праедзе не так, як людзі, а задам наперад. Я табе, брат, такую Кацю дам, што не ўведаеш, дзе і ракі зімуюць!» — усё больш і больш злаваў стары, гонячы, калі сціхла навальніца, лодку дамоў. Злаваў, нібы нават і ў яго старасці быў вінаваты Хведар...

У гэты вечар ён хутка вярнуўся дамоў. Грукнуўшы ў сенцах вяслом і скінуўшы там ватоўку, Цімох зайшоў у хату. Каця ўстала з-за стала яму насустрач. На яе твары было здзіўленне і спалох.

— Што, татачка? — насцярожана спытала Каця.

— Нічога! — непрыязна адказаў стары.— Быццам і не ведаеш...

— Што — не ведаю, тата?

— Не ты яго падгаворваеш дапамагаць мне? Га?

— Каго?

— Хведара — вось каго... Усе ліхтары пазапальваў, трасца яго матары! — Цімох сеў на лаву і пачаў скідаць гумовыя боты.— Так і рымсціцца на маё месца...

— Федзя? — прасвятлелі Каціны вочы.— Вячэрай, тата, я мігам прыбяру ў хаце.

Яна заспяшалася, пачала мітусіцца па хаце, але пільнае вока старога ўлавіла, што дачка больш прыбіраецца сама, бо ў хаце і так усё ўпарадкавана.

«Няўжо ёй сапраўды падабаецца гэты лайдак?.. Хутчэй бы той Качан сватаўся, што ён сабе думае, не маладзенькі ўжо. Назваўся жаніхом ды знік на паўгода»,— думаў у злосці Цімох.

Лайдаком Хведар не быў, гэта стары добра ведаў. Ён заўсёды браў самую цяжкую працу. Нават цяпер косіць там, дзе вада па калені...

У гэты момант дзверы паціху адчыніліся і ў іх паказалася мокрая бялявая галава з вясёлымі вачамі.

— Можна ў вас абсушыцца падарожнаму? — жаласліва спытаў Хведар і, мокры да ніткі, ступіў у хату.

— Калі ласка, калі ласка, таварыш падарожны! — засмяялася Каця, але стары адразу сапсаваў гэты добры настрой. ,

— Яшчэ хоць адзін ліхтар запаліш — утаплю! — адразу накінуўся ён на хлопца.— Не дачакаешся, калі Цімох здасць свой пост другому. У мяне яшчэ больш сілы, чым у цябе, лайдака...

Збянтэжаны такой сустрэчай, хлопец не зрушыў з месца. Каця падышла да яго, павярнулася тварам да бацькі:

— Ну, тата! Ён жа ад шчырага сэрца. Ці так трэба сустракаць чалавека? А-ат...

— Не твая справа, Кацька! — буркнуў у адказ Цімох.

Хведар ступіў крок наперад, твар яго быў суровы.

— Добра, дзядзька Цімох,— ціха прамовіў ён.— Я хацеў як найлепей. Калі вам гэта непрыемна, не буду.

І, не надзеўшы шапкі, выйшаў. Каця аклікнула яго, потым пабегла ў сваю бакоўку і заперлася на кручок. Цімох сеў да стала, але вячэра ўжо астыла. Так і сядзеў ён, не датыкаючыся ні да чаго рукамі, а на сэрцы было цяжка. «Глядзі, Цімох, уладкуй Кацьку як след, не абы з рук»,— прыгадаліся яму словы нябожчыцы жонкі...

Стаялі цёплыя ціхія дні. На Цімохавым хутары кожны дзень з'яўляліся новыя рыбакі.

У адзін з такіх дзён, перад вечарам, каля дома старога бакеншчыка раптам загрукатаў матацыкл. Цімох адчыніў акно і ўбачыў даўно жаданага госця, чалавека год пад трыццаць, сярэдняга росту, з чорнымі, крыху кучаравымі валасамі і мужным загарэлым тварам. Гэта быў Качан, Кацін жаніх...

— Іван Андрэевіч! — радасна ўсклікнуў Цімох.— Нарэшце трапілі да нас, ліха вашай матары! Ну, ідзіце ж у хату, ідзіце...

— Лячу, дзядзька Цімох! — Качан паставіў матацыкл на дварэ, узяў паходны клунак з сабой і зайшоў.— Дзень добры, бацька!..

Яны прывіталіся. У хаце было ўтульна, чыста, быццам даўно тут падрыхтаваліся да гэтай сустрэчы. На століку ў куце стаяў гладышык з кветкамі.

Іван Андрэевіч паклаў свой клунак на другі стол, каля парога, і ў захапленні акінуў позіркам хату.

— Што, падабаецца мой куток? — хітра прыжмурыўся стары.

— Вельмі! Я так сумаваў, так сумаваў... А хата ўсё тая ж,— зазначыў госць.— Толькі вы, дзядзька Цімох, крыху пастарэлі.

— Гады ўжо, Іван Андрэевіч, нічога не зробіш,— развёў рукамі Цімох.— Ну, а вы як маецеся? Усё там жа загадчыкам раённага Дома культуры?

— Пакуль там. Але хутка, відаць, у вобласць перабяруся.— Качан прайшоўся да століка, панюхаў кветкі, сеў на шырокую лаву. Ён хлусіў. Ён ужо даўно не працуе загадчыкам раённага Дома культуры. Пасля таго як яго зволілі, Качан змяніў некалькі прафесій. Цяпер жа ён вырашыў пашукаць шчасця ў сямейным жыцці...

— Праўда, бацька, вы дужа пастарэлі. Вам бы цяпер адпачываць на беразе з вудамі,— зноў загаварыў госць.— Няма тут каму пра вас паклапаціцца.

«І гэты гусь пра тое ж... Паклапаціцца якраз ёсць каму»,— пакрыўджана падумаў стары, але змоўчаў. Гэты — не Хведар...

— А дзе ж Каця? — нібы між іншым, спытаў Качан.

— Зараз прыйдзе. На лузе сёння...

Качан, які ўжо не раз бываў у хаце бакеншчыка, адчуваў сябе як дома. Прайшоў да парога і дастаў са свайго мяшка паўлітэрку.

— Ну, што ж, Цімох Міхайлавіч, пакуль яна прыйдзе, вып'ем за шчасце вашай дарагой дачкі!

«Нарэшце!» — шырока ўсміхнуўшыся, падумаў Цімох.

Узяў з паліцы ля печы міску і пачаў адкрываць памасніцу ў падлозе.

— Там, пад памостам, гурочкі ў нас, каб не перасаліліся... І грыбкі ёсць. Леташнія, думаеш? Паспытаеш — скажаш, што за смак!

Стары сам не прыкмеціў, як перайшоў з госцем на «ты». Ён з усяе сілы падымаў новую важкую дошку. Яму было нязручна і цяжка, а Качан нават не крануўся з месца. «Федзька той бы ў момант падхапіў, а гэтаму, відаць, нязручна»,— падумаў Цімох, з-пад густых навіслых броваў пазіраючы на свайго зяця. Той быў апрануты ў новенькі, не для рыбы, гарнітур, сядзеў на лаве і спакойна курыў.

— Я вам вось што скажу... Грошай зарабляю шмат, работа, самі ведаеце, чыстая, а радасці ў жыцці няма. Сумна,— праз зубы гаварыў Качан, абыякава пазіраючы на Цімоха, які з вялікім намаганнем нарэшце падняў памасніцу.— Няма добрай гаспадыні на гэтыя грошы. А калі б, скажам, ваша дачка...

Цімох даўно чакаў гэтых слоў, але цяпер яны, надзіва, не кранулі яго душу. Не так яны павінны быць сказаны! З глыбіні душы, шчыра, а не тонам гандляра...

І тут раптам дзверы адчыніліся. На парозе стаяла сама Каця. Яна была ў зялёнай старой сукенцы, з залапленым рукавом, чырвоная ад хуткай хады, бадзёрая. Зірнуўшы на Качана, яна адразу здагадалася, што гутарка ішла пра яе. Дзяўчына паволі скінула з плячэй касынку і падышла да стала.

— Добры дзень, Іван Андрэевіч. Зноў рыбу лавіць? — сарамліва хаваючы залаплены рукаў, прамовіла яна.— А я вось якая... Сена грэблі сёння, дык і не пераадзелася...

Качан устаў і прывітаўся за руку. Не выпускаючы маленькай яе далоні, прамовіў у захапленні:

— Вы ў любым адзенні прыгожая, Каця! Сядзьце з намі вось тут, пагутарым...

Кінуўшы позірк на паўлітэрку, Каця паволі, але настойліва вызваліла сваю далонь з моцнай рукі Качана.

— Пачакайце, я хоць памыюся крыху.

Яна ўзяла ручнік і пайшла да ракі. Там яе чакаў Хведар...

А калі яна вярнулася ў хату, Качан з бацькам ужо даўно дапілі тую паўлітэрку. На стале стаялі талерка з агуркамі ды кансервы, да якіх ніхто не дакрануўся.

Качан зірнуў на Кацю мутнымі вачамі і спытаў:

— Нешта вы надта доўга мыліся, Каця? Мы тут чакалі, чакалі... Ды ешце вы кансервы! — нібы між іншым заўважыў ён Цімоху.— Шпроты...

Апошняе слова ён вымавіў з такім націскам, што Каця ўсміхнулася і незнарок глянула на бацьку. Качан не заўважыў гэтай усмешкі і погляду. Працягваючы хваліцца сваім жыццём, ён з задавальненнем пасмейваўся.

— У вёсцы ў вас усё без уліку. А горад грошыкі любіць. На відэлец менш рубля і не возьмеш. Дык гэта... Вы не адказалі мне, Каця.

— А чаму вас так цікавіць, дзе я была?

Качан глыбока ўздыхнуў і звярнуўся да Цімоха:

— Бацька, скажыце вы...

Каця адчувала, што бацька ведае, дзе была яго дачка. Цяпер ён моўчкі паглядзеў на яе шчокі, поўныя чырвані, на шчаслівыя вочы і думаў аб чымсьці сваім. Яму цяпер цяжка было пачаць гаворку пра Качанова каханне. Не толькі цяжка, але проста немагчыма: спазніўся жаніх...

А Каці і смешна і весела было глядзець на гэтую непатрэбную гульню ў «заручыны». І крыўда не пакідала яе. Няўжо не заўважае ён, стары чалавек, што Каці зусім не падабаецца гэты Качан, што яна кпіць з яго, насміхаецца з яго вучонасці, што ў яе ёсць Хведар?..

— Бачыш, Кацька,— пачаў Цімох,— ты не маладая, ды і я стары, нядоўга пражыву на свеце. Не магу ж я пакінуць цябе так, адну... Нябожчыца маці ў апошнюю сваю часіну прасіла, каб цябе, Кацька, я пакінуў шчаслівай. Вось Іван Андрэевіч... Э-э, ды што там казаць! Хіба ты не бачыш, не разумееш?

Яна абняла бацьку за шыю.

— Бачу і разумею, татачка. Закусіце вось лепш гурочкам. Абодва...

Качан адчуў сябе няёмка пасля гэтых слоў. Яны звінелі ў яго вушах, калолі ў сэрца. Ён толькі забарабаніў па стале пальцамі. Цімох жа сапраўды схапіў з талеркі гурок і пачаў гучна хрумстаць і прычмокваць. Гутарка ўжо не клеілася.

— Я вам, дзядзька Цімох, падарунак прывёз,— неяк сурова пачаў госць.— І Каці... хоць яна і таго...

Качан вылез з-за стала хістаючыся, прынёс рэчавы мяшок, паклаў яго на лаву і дастаў адтуль сярэбраную табакерку.

— Вось! Аж гарыць...— заблішчалі яго вочы.— А гэта Каці, так сказаць, для пачатку...

З гэтымі словамі Качан працягнуў дзяўчыне падарунак — з маленькіх шкляных драбінак пацеркі, якія купіў у раймагу. Але ці то ў дарозе парвалася нітка, ці так яму прадалі ў магазіне, толькі пацеркі тыя гарохам забарабанілі па падлозе. У руках Качана засталася адна голая нітачка. Ён аж збялеў ад жаху, хвіліну стаяў, нібы скамянелы, а потым кінуўся на калені і, поўзаючы па падлозе, пачаў шпарка збіраць драбінкі. Нават прыўзняў памасніцу і сунуў туды руку. І раптам дзікі крык вырваўся з яго грудзей. Качан усхапіўся на ногі і, калоцячыся, падбег да старога.

— Гадзюка! — застагнаў ён.— Мяне ўкусіла гадзюка!.. Я ўзяўся за яе рукой...

Каця не сцярпела і гучна засмяялася. Рагатаў і стары.

— Вы-ы смеяцеся?! — Качан здзіўлена паглядзеў на бацьку і дачку.

— А што ж нам — плакаць? — насмешліва спытаў Цімох.— У нас пад падлогай жывуць вужы, а не гадзюкі, Яны мірныя, лагодныя. Не кусаюцца...

Каця моўчкі выйшла з хаты. Яна ўжо не магла смяяцца з Качана адкрыта: усё ж старэйшы ён, няёмка...

У небе збіраліся хмары. Яны паволі насоўваліся з усіх бакоў, чорныя, з барвовымі краямі. «Зноў будзе навальніца»,— падумала Каця, пазіраючы на дрыготкую паверхню ракі.

— Ён збіраецца...— пачула Каця за плячамі голас бацькі. Павярнулася і моцна абняла яго за шыю.

— Няхай, татка... Не нашага ён статка гусь. Няўжо ты не бачыш?

— Чаму ж не! Я і табакерку яму аддаў. Нязручна з ёю, кісет куды лепш! — адказаў Цімох і, каб змяніць гутарку, дадаў: — Дзе ж гэта Хведар сёння? Мне нешта няможацца... Мусіць, ад той гарэлкі, хай яе пярун, млявасць нейкая напала. А запальваць ужо час...

Каця падвяла бацьку да абрыву і, паказаўшы рукой наперад, прамовіла:

— Глядзі ву-унь на той бакен.

Стары глянуў і схіліў галаву: бакен ледзь прыкметна свяціўся чырвоным агеньчыкам...

У гэты момант ля хаты пачулася гучная траскатня матацыкла. А праз хвіліну яна пачала паступова заціхаць,

Дзесьці над лесам ударыў першы гром.

1961




Беларуская Палічка: http://knihi.com