epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Зрабіў ласку

Сход падыходзіў да свайго лагічнага завяршэння. Ад бясконцых прамоў людзі крышку засумавалі, некаторыя нават пачалі пазяхаць. Засталося апошняе пытанне: трэба было выбраць чалавека на рэспубліканскую нараду перадавікоў вытворчасці. Вось тут і пачалося ўсеагульнае ажыўленне. Каго? Гэтае пытанне хвалявала кожнага, бо ўдарнікаў было нямала.

Загадчыца лабараторыі, вастраносенькая Людачка, чырванеючы і заікаючыся, сказала:

— Прапаную кандыдатуру Івана Апанасавіча Рудага, старшага майстра эксперыментальнага цэха... Гэта добры аматар сваёй справы, чулы і сумленны таварыш... Яшчэ ён прыкладны і сціплы...

Людачка запнулася, няёмка хіхікнула і села.

— Хто яшчэ хоча сказаць слова ў падтрымку кандыдатуры... э-э-э, Івана Апанасавіча? — папраўляючы акуляры на тоўстым мясістым носе, звярнуўся да прысутных старшыня сходу.

— Дазвольце мне! — як школьнік, узняў руку пастаянны член мясцкома бухгалтар Аўдзееў. Шустры, малы, ён сыпаў бясконцымі лічбамі і працэнтамі, якія вызначалі годнасць Рудага як работніка.

Хвалілі Івана Апанасавіча за яго ўмельства, стрыманасць і цвярозы розум.

«Ці тое яшчэ будзе, як пачне Вася! — радасна думаў Руды.— Ён красамоўны, пачне — не спыніш...»

І выпадак надарыўся.

— Хацелася б ведаць, як паводзіць сябе паважаны Іван Апанасавіч дома,— заўважыў хтосьці.

«Ну, Вася, зрабі ласку!» — падбадзёрыў позіркам свайго суседа па кватэры Іван Апанасавіч.

Той адразу ўсхапіўся, як падсмалены.

— Гэта ўжо, відаць, па маёй часці...

Сказаў і хуткім крокам наблізіўся да трыбуны, стаў побач, злёгку абапёршыся на край.

— Дык вось, дарагія таварышыкі! Нашы дзверы, як зусім справядліва пяецца ў адной старыннай лірычнай песні, «друг на друга смотрят вечером и днём». Правільна я кажу?

— Правільна! Бліжэй да справы,— намякнуў старшыня сходу.

— А я ўсё па справе! Я — сусед...

— Ведаем...

— Іван Апанасавіч у нас знакаміты сусед. Ого-о!

Гаворачы гэта, слесар Вася падняў шклянку з вадою і панюхаў. Прозвішча яго мала хто ведаў. Яго ўсе звалі Васем. «Вася зробіць тое, Вася зробіць гэта»,— толькі і чулася ўвесь дзень у розных цэхах. Даволі высокі, мажны, з вясёлымі светлымі вачыма, Вася правёў па ўсіх даверлівым позіркам і гэтак жа тэмпераментна казаў далей:

— Хар-рошы чалавек Іван Апанасавіч, што і казаць. І выбіраем мы яго нездарма... Апроч таго, што ён добры працаўнік, дык ён, таварышы, і дома гаспадар. А як жа інакш! Узяць, напрыклад, мяне. Калі не дай бог дзе іншы раз давядзецца абнашчыцца чаркай, то ўжо дамоў хоць не ідзі. Слабы я, таварышы, грэх прызнацца, але... дужа жонкі баюся. Стараюся тады падлагодзіцца, у магазін збегаць, падлогу працерці...

— Ты нам не пра сябе, а пра Івана Апанасавіча гавары, калі ўзяўся! — кінуў хтосьці рэпліку.

— А што — Іван Апанасавіч? Той, таварышы, ого-го! Ён часцяком прыходзіць пад добрай мухай, а жонка яго і не пікне! Яна тады — хе-хе-хе-е! — сама стараецца збегчы з дому...

У зале крыху ажывіліся, у прэзідыуме зашушукаліся, нядобра паглядзелі на прамоўцу.

Вася ціхенька хіхікнуў і адпіў са шклянкі вады.

— І з дзецьмі ён строгі, дысцыпліну трымае. Узяць малодшую, Ірынку... Ёй толькі шосты годзік пайшоў, а ўжо з лета за папяросамі бегае. І не адмовіцца, не скажа, як мой Толік, «не хацу, мне не дадуць...». А яго большы дык заўсёды пляшкі носіць здаваць. Ціхі такі хлопец... У мінулую суботу, казаў, аж на чатыры рублі здаў. Памочнік у хаце! Выхаванне!.. Чыя заслуга, калі не Івана Апанасавіча? А то, было, дамком загадаў падвалы пачысціць, невялічкі суботнік зрабіць. Трэба — дык трэба! Я, як той дурань, апрануў што горшае і пайшоў сабе венікам махаць. Дык пасля ад жонкі зноў папала... Дурань ты, кажа, гэтакі... Вунь, кажа, Іван Апанасавіч дамкома за дзверы выставіў. Ён чалавек з розумам, ён за кватэру грошы плаціць і нічога не хоча ведаць, а ты?..

Тут зала дружна зарагатала. Хтосьці аж затупаў нагамі. Многія ў прэзідыуме апусцілі галовы — кіслі ад смеху. Іван Апанасавіч сядзеў чырвоны, як спелы памідор.

А Вася так і не зразумеў, чаму старшыня сходу гучна, на ўсю залу выгукнуў:

— Хто прапануе другую кандыдатуру, таварышы?..

1973


1973