epub
 
падключыць
слоўнікі

Мірза Гелавані

Маці

Вечар дажджлівы,

заплаканы вечар — вечар расстання.

У змроку асеннім знікае

маё юнацтва.

Мой адыход. Застаюцца і вершы, і край,

і каханне,

Мама ў журбе,

чыё сэрца мяне будзе верна чакаць...

Вось я ў акопе,

Сагрэты агнём, што нашу ў аўтамаце,

Чую ваш голас, бы чую,

сэрца крывёю пульсуе.

Хто ж тую сілу дае,

Каб і вашаму, мама, дзіцяці

Вытрымаць гэткае пекла?

Заклён ваш ад кулі я чую.

Помніце раніцу?

Дождж над прыціхлым Тбілісі цярушыць.

Не зразумець:

Світае ці хмары цяжкія радзеюць.

Ёкнула сэрца ад спеву —

прачнулася першая птушка:

Больш вас ніводзін світанак

цяпер у жыцці не сагрэе.

Неба святлей —

На Мтацміндзе Нівевія спала маўкліва!

Хутчэй бы цяжкі той расстанак —

Такім было наша адзіным жаданне.

І вось ўжо ад роднага краю

Нясе мяне ўдалеч імкліва

Поезд, падобна аленю,

Што скача на выручку лані...

Мама, прабачце мне:

Я не умею цяпер усміхацца.

Што ў вачах маіх зараз —

Не варта глядзець — гэтак страшна.

Можна

У чорнага ветру,

барвовых снягоў распытацца,

Як ваш сын сёння на свет нарадзіўся

І як памёр учарашні.

Толькі адно:

Час святы Перамогі

Верне нам радасць і пах горных кветак.

Толькі яна

Мяне верне ў горы

Па дарагому бацькоўскаму следу...


1970

Пераклад: Сымон Блатун
Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 228-229
Крыніца: скан