epub
 
падключыць
слоўнікі

Нэлі Тулупава

Доктар Моркаўка

Травень быў надта спякотны і сухі. Ні дажджынкі. Лета таксама пачалося гарачынёй. Разводзілі рукамі дзяды. Хмурыліся аграномы. Па тэлебачанні выступіла метэаролаг - дзяўчына ў акулярах. Яна крыху пагаварыла пра цыклоны і антыцыклоны, пра небывалыя паводкі на зямным шары, пра незвычайныя з'явы ў прыродзе. А гаворку закончыла так: «Выпадак падобнага адхілення ад нормы быў зарэгістраваны 100 гадоў назад».

Гэтае паведамленне ў хаце дзеда Андрона, калгасніка-пенсіянера, слухалі ўсе: і сам дзед, і бабуля Каця, і іх малая ўнучка Алеся, якую прывезлі бацькі на лета ў вёску.

Дзед з бабуляй сумна пераглянуліся, пачуўшы, што на градусніку 36° вышэй нуля.

- Свет перавярнуўся, - паківаў галавой дзед, - то ўсё вымакае, то - гарыць. Хоць ты ў нябесную канцылярыю скаргу пішы.

- У якую канцылярыю? - адразу ж зацікавілася ўнучка.

- Ат, слухай яго! - замест дзеда адказала бабуля. - Кладзіся лепей спаць. Заўтра Аксёна прыязджае, весялей табе будзе.

З Аксёнай, суседскай дзяўчынкай, Алеся пасябравала яшчэ летась. Таму яна ўзрадавалася ад такой навіны. Дзяўчынка паслухалася бабулю, зняла сукенку і нырнула пад халодную прасціну. Заснула не адразу. Глядзела доўга на зоркі, якіх было насеяна на небе, быццам маку. Алеся стала лічыць іх:

- Адна, другая, трэцяя, чацвёртая!

Раптам чацвёртая неяк весела заміргала, заскакала, зусім як Аксёна, калі яна хацела нешта цікавае расказаць Алесі. «Смешная Аксёна, - падумала Алеся, - яна мяне называе Лелюсь і кажа, што я ў джынсах як усё роўна хлопчык. Добра, што яна заўтра прыязджае. Я паклічу яе, і мы будзем гушкацца на арэлях». З такімі прыемнымі думкамі дзяўчынка заснула.

Прачнулася яна рана, хоць яе не будзілі ні дзед, ні баба. Разбудзіла сонца. Лелюсь, яна ж Алеся, падхапілася, заслала ложак, нацягнула сарафан, памылася, выбегла на вуліцу да дзеда, які корпаўся ў агародзе.

- Дзеда, а як жа арэлі?

Дзед Андрон адышоўся ад градак агуркоў: ён іх паліваў з лейкі.

- Што, арэлі спаць не даюць?

- Не, я табе памагаць буду.

- Сама дадумалася, - пахваліў унучку дзед, - а я ўжо хацеў цябе папрасіць. Бабуля наша прыхварэла. Ламота ў касцях. Мне аднаму на градах не ўправіцца. Вось накармі трусоў, паснедай, а потым моркву праполеш і прарэдзіш. Тым часам я арэлі начаплю.

Карміць трусоў дзяўчынка любіла. Асабліва ёй падабалася глядзець на малятак. Па траву яна бегала на вуліцу.

Дзядоўнік, крапіва, станожка, пырнік, лебяда, бярозка - што толькі не расло там! А каля хаты дзядзькі Адзінюка дык сапраўдны луг, хоць касой яго касі. Дзіва што! Дзядзька зімой і летам на рэчцы ці ў лесе. Палюе ды рыбу ловіць. Дзіўны ён чалавек. Жыве адзін, не любіць, каб да яго прыходзілі, і сам не ходзіць да суседзяў. Алеся нават крыху баіцца яго.

Яна аднойчы чула, як дзед Андрон сарамаціў Адзінюка:

- Чаго ты ад людзей хаваешся? І сам зарос, і пустазелля развёў, на ўсю вёску хопіць. На рэчку з сеткай ходзіш. Што ты за чалавек? Купіў бы вуды.

Адзінюк у адказ хмыкнуў:

- Не з сеткай, а з «тэлевізарам». Я ж не дачнік, каб над вудай носам кляваць.

Алеся чамусьці цяпер узгадала гэту размову і спыталася ў дзеда:

- Дзед, чаго дзядзька Адзінюк на рэчку з тэлевізарам ходзіць? Хакей глядзіць там?

Дзед усміхнуўся:

- Тэлевізар, унучка, - сетка такая хітрая. Рыбу ёю ловяць.

- А чаго ты сварыўся на Адзінюка?

- Чаго, чаго? Рыбу ўсю пазводзілі... Сетак наплялі, донак нарабілі. Па чарніцы... зноў жа... з грабкай ходзяць. Механізацыя. Чарнічнік так пашкуматаюць - страх глядзець! Трэба ў газету напісаць!

- Вось я скажу яму! - расхрабрылася ўнучка.

Дзед заклапочана зірнуў на Алесю. Тоненькая яна, ажно свіціцца. А есці не дазвацца. Ён выпрасіў унучку ў вёску, каб паздаравела тут.

- Кінь кошык! - сказаў дзед Алесі, убачыўшы яе каля клеткі з трусамі. - Сама перш паснедай. Соку з морквы выпі. Доктар Моркаўка рады будзе.

- Раскажы мне пра доктара Моркаўку.

- Паснедаеш, накорміш трусоў, тады раскажу.

Алеся пайшла ў хату, выпіла шклянку соку, выцерлася ручніком, выйшла зноў на двор, узяла кошык і пайшла збіраць траву.

- Малая! - паклікаў яе нечакана хрыплы голас.

Алеся падняла галаву. Каля адчыненага акна стаяў дзядзька Адзінюк. Сёння ён быў дома.

- Трусоў корміш? - папытаў ён.

- Трусоў.

- Не перакармі, - засмяяўся здзекліва Адзінюк. - Развялі трусаферму.

- Дзядуля іх дзіцячаму садзіку аддае.

Дзяўчынцы здалося, дзядзька Адзінюк злуецца, бо яму няма чаго аддаваць у дзіцячы садзік, і яна параіла яму:

- А вы можаце ім рыбу аддаць.

- Рыбу? - перапытаў Адзінюк. - Дзе яна? Хутчэй у магазіне зловіш, чым у рацэ. Кільку ў тамаце. Ела?

- Ела, - сказала дзяўчынка. - А дзядуля пра вас у газету напіша. І рыбу вы ўсю пералавілі, і ў ягады з граблямі ходзіце.

Адзінюк зарагатаў. Алесі стала страшна. Яна падхапіла кошык з травой і, не азіраючыся, пайшла дадому.

На двары баба Каця карміла курэй. Сыпала ім на зямлю крупы. У «курыную сталоўку» зляцеліся і вераб'і. Самыя адважныя скакалі каля пеўня. А певень трос ганарліва сваім чырвоным грэбенем ды пільна сачыў за парадкам.

- Чаго ён так развесяліўся? - кіўнула ў бок Адзінюковай хаты бабуля.

- Я сказала дзядзьку Адзінюку, каб не хадзіў у ягады з граблямі.

- Ах ты, мая гарадская ўнучка, - прытуліла да сябе Алесю бабуля. - Не з граблямі, а з грабкай. Такі маленькі шуфлік з вострымі зубамі. Падобны да капанічкі, якой я на градах раблю. А граблямі сена грабуць. Ты ж хадзіла з дзедам на сенакос.

- Узгадала! Скажы, чаму злога дзядзьку Адзінюком завуць?

- Няма ў яго нікога. Вось і Адзінюк. Людзей не трымаецца.

- Як не трымаецца?

- Во балаболка! Не любіць. Сядзіць у сваёй хаце адзін, як крот у нары.

- Крот жа сляпы. А ў дзядзькі вочкі востранькія.

- Прыкмеціла. Трава высахне!..

Алеся накідала трусам травы і зачыніла клеткі. Пастаяла, паглядзела, як апетытна хрумстаюць трусы траву. Гледзячы на іх, самой есці захацелася.

- Бабуля, есці хачу!

- Ідзі ў хату.

Толькі-толькі Алеся села за стол, як загрукалі ў акно. Гэта была Аксёна. Прыляпіўшыся носам да шкла, ад чаго нос яе смешна расплюшчыўся, яна паклікала сяброўку на вуліцу:

- Лелюсь, мне татка вожыка прынёс!

Алесю нібы ветрам здзьмула з-за стала.

 

Дзяўчаткі накідалі лісця ў старую сабачую будку, на лісце паклалі вожыка, паставілі сподак з малаком. Вожык нават не варухнуўся. Ляжаў сабе, быццам калючы мячык.

- Можа, ён сумуе? - пашкадавала Алеся. - Можа, у лесе засталіся дзеткі?

- Я яго пад вечар у лес аднясу, - супакоіла сяброўку Аксёна.

- І я з табой!

- Ты не дойдзеш!

- Я не маленькая, - пакрыўдзілася Алеся. - Крышачку пабудзе з намі, потым мы яго занясём.

- Добра, - згадзілася Аксёна. - Глядзі, каб не ўцёк, а я пайду палоць цыбулю. Калі што - пакліч.

- Ты будзеш палоць цыбулю, а я моркву, - пахвалілася Алеся.

Дзяўчынкі разбегліся. Аксёна ў свой сад, Алеся - у хату. Яна памыла рукі, села за стол. Які смачны хлеб! Бабуля яго сама пякла ў печы. На дубовым лісці. Алеся з'ела вялізную лусту. Ела і запівала малаком. Кубка малака ёй не хапіла, бабуля наліла яшчэ.

- Цяпер можаш і папрацаваць, - павесялеў дзед Андрон. - Падвяжы бабчын хвартух, каб не выпацкацца.

Алеся цярпліва зрабіла ўсё, што ёй казаў дзед. Ён прынёс з сенцаў маленькую грабку, паказаў, як прарываць моркву, як падварушваць зямлю.

- Прэрву, - вучыў дзед, - вось гэтыя павырываныя морквінкі, не выкідвай. Малую аддамо трусам. А большую будзеш есці сама.

- Можна, я яе вожыку аддам?

- Не ведаю, ці ядуць вожыкі моркву.

- Давай папытаемся ў доктара Моркаўкі. Ты ж мне казаў, ён тут, на градзе, жыве.

Дзед Андрон, пасмейваючыся, прысеў каля грады:

- Доктар Моркаўка, скажы: вожыкі моркву ядуць?

Дзеду ніхто не адказаў. Дзед папытаўся другі раз, ужо мацней. Зноў - маўчанне. Дзед хмыкнуў:

- Пакрыўдзіўся, відаць. Сок з морквы не п'еш, вось і пакрыўдзіўся.

- То ўчора, а сёння я выпіла.

- Значыць, адгукнецца.

Алеся змоўкла і пачала прарываць моркву. Тонкія, як ніткі, морквіны яна адкладвала трусам. Таўсцейшую - з пальчык - сабе. На два свае пальчыкі - пакідала расці на градзе. «Каторы тут доктар Моркаўка? - думала дзяўчынка. - Напэўна, ён вышэйшы і таўсцейшы за ўсіх».

І доктар Моркаўка знайшоўся. У канцы градкі.

- Бабуля! Дзед! - гукнула Алеся. - Я доктара Моркаўку знайшла! Хадзіце сюды. Вось ён.

Дзед Андрон падышоў да ўнучкі. Алеся стаяла каля леташняй тоўстай морквіны, пакінутай на насенне. Яна гайдала на высокіх сцяблінах парасончыкі суквеццяў.

- Ён, доктар Моркаўка, - падтрымаў дзяўчынку дзед. - На градзе ён звычайны, а папраўдзе зусім другі: капялюш зялёны, халат чырвоны. Вочкі добрыя, зубкі дробныя, Подбегам бяжыць, а за ім камар Лякай ляціць.

- Камар жа кусачы.

- Не, унучка, камар Лякай - лекар. Лекі хворым выдае.

- Як аптэкар? - здагадалася Алеся. - Яны прыйдуць да нас у госці?

- Прыйдуць.

- Я ўсё зрабіла! - абвясціла праз нейкі час на ўвесь двор дзяўчынка.

- Папрацавала, паела, гуляй смела! - сказала ўнучцы бабуля.

Алесі спадабаліся бабульчыны словы, і яна заспявала іх на свой лад:

 

Я папрацавала

І паснедавала.

Цяпер падурэю,

Скочу на арэлі!

 

- А чаму і не? - адгукнуўся дзед Андрон і пайшоў чапляць арэлі. Алесіну песеньку пачула Аксёна і тут жа прыбегла да сяброўкі. Тым часам дзед Андрон прывязаў на сук грушы дзве вяроўкі, да вяровак - старыя начоўкі. Атрымаліся ладныя арэлі. У іх можна было сядзець, як у чоўне. І - стаяць. Малыя залезлі ў начоўкі, узяліся за вяроўкі і разам прыселі. Начоўкі гайдануліся і паляцелі - туды-сюды, туды-сюды.

- Быццам ракета! - азвалася Аксёна.

- Як на моры, - не згадзілася Алеся.

- Ты, Лелюсь, як будзеш узлятаць, - параіла Аксёна, - закінь вось так галаву. І моцна трымайся.

- А што будзе?

- Будзеш, нібы касманаўт. Лёгенькая. І ўсюды будзе адно неба.

Алеся, разгойдваючыся, закінула галаву назад, як вучыла Аксёна. І сама сабе здалася маленькай птушкай, што павісла ўніз галавой над блакітным бязмежжам.

- Дзядуля! - зазвінеў над садам Алесін галасок.

- Я тут.

Ён тупаў каля трусоў, зазіраў у клеткі.

- Ты быў калі-небудзь лёгенькі-лёгенькі?

- Быў. У голад, калі была вайна.

- А як касманаўт?

- Куды там! Мне ж трэба зямлю трымаць, пакуль яны лётаюць!

- А чым ты трымаеш?

- Рукамі.

- А, як птушка, хочаш палётаць?

- У ночвах? З вамі?

- Ага.

- Баба Каця сварыцца будзе.

- Яна не ўбачыць.

- Во назола...

- Адзін раз, - прасіла Алеся. - Садзіся.

Дзед крыху падумаў, потым адважыўся і сеў.

- Падабаецца? - папыталася Алеся ў дзеда.

- Лячу.

- Пачакай, яшчэ не так зараз паляціш! - паабяцала Алеся і разгайдала начоўкі з усяе сілы.

Сук трэснуў, і начоўкі з дзедам і дзяўчаткамі грымнуліся на зямлю.

- Прызямліліся! - пажартаваў дзед, трымаючыся за паясніцу. - Сук не вытрымаў, адламаўся. Уцякайма, пакуль баба не ўбачыла!

Дзяўчаткі спачатку напалохаліся, а потым ім смешна стала, калі ўбачылі, як вылазіць з начовак дзед. Каб дзед не пакрыўдзіўся, малыя кінулі арэлі і пайшлі паглядзець, ці раскруціўся вожык. Вожыка ў «хатцы» не было. Не было і малака ў сподачку. Выхлебтаў.

- Вожычак, дзе ты? - паклікала Алеся.

- Тут ён, - паказала на шурку дроў Аксёна. - Глядзі, у яго на іголках дзедава самакрутка.

- Якая самакрутка?

- Тая, што дзед курыць.

Алеся зірнула і засмяялася. На спіне ў вожыка, на яго вострых іголках, сапраўды тырчала дзедава самакрутка.

- Курыць будзе? - падзівілася Алеся.

А вожык раптам упаў на спіну і пачаў качацца. Самакрутка раскруцілася, і тытунь пасыпаўся на вожыка. Ён адразу супакоіўся.

- У мяне дома, - сказала Алеся, - ёсць цацачны вожык. Ён таксама пыхкае, калі яму ў рот уставіш маленькую цыгарэту і падпаліш. Праўда, мама не дазваляе мне браць запалкі.

- Дзе я паклаў самакрутку? - пытаўся дзед Андрон, ходзячы па двары. - Здаецца, ляжала на кругляку.

- Ляжала, ды ўпала, - падбегла да дзеда Алеся. - А вожык - цап! - і напароў яе на свае тапыркі. Ды як пачне качацца па зямлі! А твая самакрутка расцерушылася.

Дзед Андрон паглядзеў на вожыка, пахмыкаў і сеў адпачыць на лаўку. Дзяўчаткі прымасціліся побач.

- Усё ясна, - сказаў дзед. - Відаць, паразіты завяліся ў яго на скуры. Свярбіць яму. Вось і зрабіў сабе дэзінфекцыю. Вучоныя гэтак тлумачаць.

- Можна, мы пазнаёмім трусоў з вожыкам? - папыталася Алеся.

- Знаёмце, - дазволіў дзед. - Толькі ў клетку яго не саджайце.

Аксёна зняла з плота стары дзедаў капялюш і дзеркачом закаціла ў яго вожыка: каб рук не пакалоў. Смеючыся, сяброўкі панеслі вожыка да трусіных клетак. Але там яны нешта хутка прыціхлі. Дзед пачуў іх устрывожаныя галасы і падышоў паглядзець, што там нарабілася. Трусы былі нейкія вялыя, не бегалі па клетках. Двое трусянят сядзелі асобна, заплюшчыўшы вочкі і склаўшы на спіне вушы. Яны ўздрыгвалі і часта-часта дыхалі.

Дзед Андрон заклапочана глядзеў на трусіную сям'ю. Потым адчыніў дзверцы і выграб траву, якая там засталася. Паднёс да носа жмут травы, панюхаў. І раптам сярдзіта кінуўшы траву ў кошык, пабег да хаты дзядзькі Адзінюка і адразу ж вярнуўся.

- Атруціліся, - сумна прамовіў дзед. - Адзінюк нейкім чэмерам абсыпаў траву каля хаты. Ідзі, унучка, рукі з мылам добра памый.

- Пасля тваёй прачуханкі ён за пустазелле ўзяўся, - хацела заступіцца за Адзінюка баба Каця.

- Пустазелле яму ў галаве? - раззлаваўся дзед. - Задумаў нам нашкодзіць. Ведае, дзе траву рвём. Пайду па ветэрынара.

- Куды ты? - спыніла дзеда баба Каця. - Ён жа сам у бальніцы ляжыць.

Дзедава трывога перадалася і Алесі. Спалохана гледзячы на трусоў, яна пацягнула дзеда за рукаў:

- А ты пакліч доктара Моркаўку!

Дзед разгублена зірнуў на ўнучку:

- Днём доктар Моркаўка спіць, а лечыць толькі вечарам. Будзем самі ратаваць. Я пабягу ў аптэку, а вы, дзяўчаткі, паіце трусоў з лыжачкі цёплым малаком. Атруту выганяйце.

- Ведаеш, - зашаптала Алеся Аксёне, як толькі яны засталіся ўдзвюх, - давай напоім трусоў сокам з морквы.

Алеся збегала ў хату, прынесла слоік соку, і яны ўзяліся ратаваць трусоў. Аксёна схапіла за вушы малога труса. Ён пачаў драпацца. Тады дзяўчынка моцна прыціснула трусяня да сябе, а Алеся сілком стала ўліваць яму ў рот сок.

Пакуль дзед Андрон хадзіў у аптэку, дзяўчаткі ратавалі трусоў. Трусіныя пыскі сталі мокрыя і жоўтыя.

- Чым вы іх напаілі? - папытаўся дзед, вярнуўшыся з аптэкі.

- Сокам з морквы.

- Ат, - махнуў рукою дзед. - Аптэкар сказаў, наўрад ім цяпер што паможа.

- Паможа! - упэўнена сказала Алеся.

Як ведала. Загінула ўсяго трое малых трусянят. Астатнія адышлі, павесялелі.

Тым часам неўпрыкмет апала спякота. Па небе паплылі хмары, па вершалінах дрэў прабег першы нясмелы ветрык. Алеся разаслала на траве пад высокай старой елкай дзедаў кажух і паклікала Аксёну. Дзяўчаткі леглі на кажух і сталі глядзець на хмары. Хмары, нібы жывыя, напаўзалі адна на адну, мяняліся на вачах: хмара, падобная на бабу-ягу, праз хвіліну стала белай птушкай, потым - кветкай.

Плылі хмары, плыла елка, а разам з імі паплылі і дзяўчаткі. Дзед Андрон падумаў, што яны заснулі. Сон той быў цудоўнай казкай, бо казка заўсёды прыплывае да таго, хто яе чакае. Каб вы ведалі, якая дзівосная, якая прыгожая была тая казка! Алеся зноў апынулася ў дзедавым садзе. Але як змяніўся дзедаў сад! Вакол квітнелі цуд-кветкі, буяла гародніна, наліваўся вінаград. На яблынях побач з яблыкамі віселі грушы, слівы, вішні. На градзе морквы стаяў маленькі смешны чалавечак, падобны на морквіну. На яго галаве быў зялёны капялюш, упрыгожаны націннем морквы. На ім быў чырвоны халат з бліскучымі гузікамі.

- Хто ты? - спыталася ў чалавечка Алеся.

- Няўжо ты не пазнала мяне? - усміхнуўся чалавечак. - Я - доктар Моркаўка.

- А дзе твой камар Лякай?

- Вунь ён ляціць!

Алеся прыгледзелася, але вакол было цёмна, як уночы.

- Не бачу! - у роспачы закрычала дзяўчынка.

- Ляціць камарык, трымае ліхтарык, - голасам дзеда Андрона заспяваў доктар Моркаўка.

Алеся яшчэ раз зірнула ўгору і ўбачыла над сабой танканогага камарыка. Камарык хутка зніжаўся, святло яго ліхтарыка сляпіла вочы. Алеся затулілася рукамі і... прачнулася.

- Радасць якая! Цяпер усё пойдзе расці, - пачуўся голас бабы Каці. - Маланка жахае. Дзяцей будзіць трэба.

«Мы не спім», - падумала Алеся.

Бліснула маланка, загрымеў гром, на шчаку Алесі ўпала цёплая кропля дажджу.

- Прачынайся! - штурхала Алеся сяброўку.

Аксёна не слухалася. Тады Алеся выцягнула з-пад яе кажух і паказытала сяброўцы пятку. Аксёна адразу села.

- Дзе наш вожык? - было яе першае пытанне. - Пачынаецца дождж, а яго дзеці ў лесе адны.

Пайшлі шукаць вожыка. І не знайшлі. Сяброўкі абабеглі гарод, сад, кусты. Заставалася паглядзець яшчэ ў траве каля хаты дзядзькі Адзінюка.

- Там жа чэмер, - напомніла сяброўцы Алеся.

- Памыем рукі цёплай вадой з мылам, - не пабаялася Аксёна.

- Пайшлі, - адважылася і Алеся.

Ледзь дзяўчаткі выйшлі са двара, пачаўся дождж.

Аксёна сарвала па вялізнай лапушыне, і дзяўчаткі схаваліся пад імі, як пад парасонамі.

Поўзаць па мокрай і слізкай траве было непрыемна, але дзяўчаткі ўпарта шукалі вожыка.

- Алеся! Аксёна! - даляцеў да іх голас бабы Каці.

- Не адгукайся, - папярэдзіла Аксёна, - а то ў хату загоняць.

- Хто тут? - аклікнуў малых мужчынскі голас.

Гэта быў дзядзька Адзінюк. Ён стаяў каля расчыненага акна і глядзеў на іх. Яны ўсхапіліся. Аксёна, доўга не думаючы, сіганула да сваёй хаты. Алеся нерашуча тапталася на месцы.

- Вымакла?

- Мы вожыка шукалі, каб не атруціўся, як трусяняты, ад вашага чэмеру.

Дзядзька Адзінюк кашлянуў у кулак і нейкім слабым голасам загаварыў:

- Травы вам не хапае? Вунь колькі яе! Няма чаго сюды бегаць!

- Пустазелле ж! Я хацела яго ўсё вырваць, каб дзед Андрон не сварыўся.

- Напалохаў! - буркнуў Адзінюк. - Лезь у хату. Забірай сваю калючку.

Алеся падышла да акна, каб забраць вожыка. Дзядзька Адзінюк памог ёй узлезці на падаконнік і тут жа войкнуў, схапіўся рукой за жывот.

- Ламота ў касцях? - паспачувала Алеся, прыгадаўшы сваю бабу Кацю.

Дзядзька Адзінюк адмоўна пакруціў галавой. Алеся занепакоілася:

- Можа, паклікаць дзеда Андрона?

- Не, не, - быццам спалохаўся Адзінюк.

- Не бойцеся, дзед Андрон добры. Ён адыходлівы, кажа баба Каця. На вас набурчаў, таму што вы ўсё адзін ды адзін, быццам крот сляпы...

- Дай вады, - папрасіў Адзінюк.

Алеся прынесла вады.

- Трэба паклікаць доктара, - разважыла дзяўчынка.

Яна выбегла з хаты. Дождж не спыняўся. «Цяпер усё пойдзе расці», - узгадала дзяўчынка бабіны словы. Дзед Андрон хадзіў па двары, не зважаючы на дождж.

- Дзе ты носішся? - строга спытаўся ён.

- Дзядзька Адзінюк захварэў. Хадзі да яго.

- Даскакаўся. Чалавек - не трус. Бяры бабу Кацю, і ідзіце да Адзінюка, а я па доктара пайду.

- Моркаўку? - перапытала ўнучка.

- Ага.

Доктар аказаўся маленькім, тоўстым і вясёлым чалавекам. На ім быў самы звычайны белы медыцынскі халат. Агледзеўшы хворага, доктар параіў яму легчы ў бальніцу, палячыць страўнік.

- Мне ўжо лягчэй стала, - адмовіўся Адзінюк.

- Мы яго чаем паілі, - сказала доктару Алеся.

- Ну, - развёў рукамі доктар, - дзякую, вы выратавалі майго пацыента. Як завуць вас, дарагі калега? Давайце знаёміцца.

- Алеся, - пачырванела дзяўчынка і кранула доктара за крысо халата: - Мы ж з вамі знаёміліся. На градзе.

- На градзе? - зацікавіўся доктар.

- Не тлумі доктару галавы, - замахаў рукамі на ўнучку дзед.

- Няхай, - пагладзіў па галаве дзяўчынку доктар. - Якая ты беленькая ды маленькая! Быццам дзьмухаўка. Вецер знесці можа.

І доктар жартам дзьмухнуў на Алесю. Яна ўсміхнулася і яшчэ больш пасмялела:

- Доктар Моркаўка, а дзе твой камар Лякай?

«Доктар Моркаўка» весела засмяяўся і павярнуўся да дзеда Андрона. Дзед Андрон адвёў вочы і хуценька схіліўся над дзядзькам Адзінюком, папраўляючы яму падушку.

Алеся паглядзела на дзеда, на доктара, на дзядзьку Адзінюка і здагадалася:

- Ведаю, ён паляцеў у лес да вожыкавых дзетак, каб ім адным не было страшна, як дзядзьку Адзінюку. Праўда?

- Праўда, - кіўнуў галавой дзядзька Адзінюк.


1980-1983?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая