epub
 
падключыць
слоўнікі

Ніл Гілевіч

Камень з магілы продкаў

 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Цішкевіч Вячаслаў Антонавіч — прафесар, 75 гадоў.

Вера — яго ўнучка, гадоў 16.

Тарлецкі Банадысь Сымонавіч — рабочы саўгаса, гадоў 50.

Франуся — яго жонка, гадоў 40 з хвосцікам.

Косцік — сын Тарлецкіх, 17 гадоў.

Коля, Міша — аднакласнікі Косціка Тарлецкага.

 

Двор Тарлецкага. Па ўсіх прыкметах — гаспадара руплівага і заможнага. На заднім плане — фасад дабрэннага новага дома пад шыферам. Ад дома — выступам на сцэну — зашклёная веранда з адчыненымі дзвярыма. Гэта — уваход у дом. Перад парогам — вялікі пляскаты цёмна-шэры камень, пакладзены, каб было зручна ступаць на парог.

Гаспадар з малатком у руцэ рамантуе штыкетнік.

З веснічак, што вядуць на вуліцу, на падворак заходзіць Косцік з нечым нагружанай капронавай торбай.

Тарлецкі (павярнуўшыся да сына). Ты адкуль, сын?

Косцік (прыпыніўшыся). З магазіна. Па хлеб хадзіў, мама казала купіць свежага.

Тарлецкі. «Беламору» мне прыхапіць не дагадаўся?

Косцік. Не-а. Дый ці ёсць ён там? Нешта не бачыў.

Тарлецкі. Ёсць... Можа, на прылавак забыліся выкласці.

Косцік. То пасля абеду схаджу зноў, вазьму.

Падыходзіць да веранды і, не ступаючы на камень, скача адразу на парог, прычым бачна, што робіць так наўмысна — як бы камень толькі што пафарбаваны і на яго нельга ступаць.

Тарлецкі (услед Косціку). Пачакай! (Косцік запыніўся на парозе і азірнуўся.) Ідзі сюды!

Косцік. Чаго?

Тарлецкі (патрабавальна). Ідзі сюды зараз жа!

Косцік зноў пераскоквае цераз камень і падыходзіць да бацькі.

Косцік (устрывожана). Чаго?

Тарлецкі. Колькі яшчэ ты будзеш прыдурвацца?

Косцік. Што?

Тарлецкі (злосна). Колькі яшчэ будзеш скакаць, як казёл цераз загарадзь?

Косцік (спакойна). Я ж табе сказаў, тата...

Тарлецкі (зрываючыся). Што ты мне сказаў?! Што?!

Косцік (нясмела). Што... на гэты камень я ступаць не буду. Ён з магілы.

Тарлецкі (крычыць). З якой магілы? Я ўзяў яго на магіле? Ён быў у кустах каля самага поля і чорт ведае колькі ўжо часу там валяўся! Дык пры чым жа тут магіла, ёлупень ты смалены!

Косцік (стараючыся быць мужным). Не крычы, тата, і не лайся дарэмна. Ты ж ведаеш, што камень усё-такі з магілы. У кусты яго зацягнулі з магілы. І ты нават ведаеш — з чыёй, мы пра гэта гаварылі, калі я прачытаў надпіс.

Тарлецкі (яшчэ больш злуючыся). Што ты прачытаў? Ерунду сабачую ты прачытаў, а не надпіс! Мне няма ніякай справы, дзе быў сто гадоў назад нейкі камень. Ці мала дзе які валяецца камень, дык я павінен думаць, што, можа, ён некалі, пры цару Гароху, быў на нечай магіле?

Косцік. Чаму на нечай? Гэта камень з магілы Цішкевіча — таго самага, пра якога я чытаў у часопісе. Там пісалася, што Іпаліт Цішкевіч быў выдатны вучоны, што ён паходзіў з нашага мястэчка і тут, на нашых могілках, пахаваны.

Тарлецкі. Ерунду сабачую ты мне гародзіш! Я гаварыў з дырэктарам школы, ён жа вас па гісторыі вучыць. Я спецыяльна, наўмысна спытаўся, ці быў такі вучоны з нашага Зарэчча. Не чуў ён такога вучонага! Паны-крывасмокі пад гэткім прозвішчам жылі тут некалі, яшчэ да рэвалюцыі. Вось што мне сказаў твой дырэктар! Не стала паноў — не стала і памяці пра іх. Таму і камяні з магіл пасцягвалі і самі магілы з зямлёй зраўняліся. А ты мне — вучоны!

Косцік. Я чытаў пра гэта ў часопісе, у артыкуле прафесара. Прафесар жа хлусіць не будзе...

Тарлецкі. А дырэктар твой, значыць, хлусіць?

Косцік. Іван Архіпавіч, відаць, не чытаў таго артыкула. Да таго ж — ён чалавек прыезджы, здалёку, мясцовай гісторыяй не займаўся...

Тарлецкі. Дык жа і ніхто з тутэйшых не чуў такога вучонага! Калі б на могілках была магіла вялікага вучонага, дык ты ведаеш, як бы яна была дагледжана? Які б на ёй стаяў помнік? За дзесяць тысяч манумент стаяў бы! Ад дзяржавы! Вунь — як партызанам у Калінаўцы. А гэта — ужо і ад самой магілы следу не засталося. І правільна, што не засталося! Нечага шанаваць памяць паноў-душагубаў!

Косцік. Пры чым тут паны-душагубы?

Тарлецкі. А-а, пры чым тут паны? От пажыў бы пад імі, паспытаў бы іх хлеба — тады ты іначай гаварыў бы!

Косцік (усміхнуўшыся). Між іншым, тата, ты таксама не жыў пад панамі.

Тарлецкі. Я не жыў, але ведаю! А ты і ведаць не хочаш. Табе ўжо шкада іх памяці! Пад ногі іх памяць, і толькі! І ганарыся, што маеш гэта права — выціраць ногі аб колішнюю панскую пыху! За дзядоў і прадзедаў сваіх паганарыся, што адпакутавалі за нас з табою!

Косцік. Тата, я — пра адно, а ты — пра зусім другое. Я — пра памяць выдатнага вучонага, а ты — пра паноў-душагубаў.

Тарлецкі. Дык жа Цішкевічы тут былі панамі! Спытай любога старога чалавека, хто яшчэ помніць! Вунь Ганна Муляровых, яшчэ малая, служанкай была ў іх!

Косцік. У артыкуле напісана, што Цішкевічы былі дробнымі фальваркоўцамі. Да вялікіх паноў яны не належалі. Але гэта нават не мае значэння — дробныя ці буйныя. Важна, што Іпаліт Цішкевіч быў вучоны, які мае заслугі перад навукай і культурай.

Тарлецкі (нанова ўзрываючыся). Дык жа не было, сукін ты кот, такога вучонага! Не было, сказана табе!

Косцік. Быў — раз напісана. І таптацца па пліце з яго магілы — некультурна і амаральна... Так, так, тата. Прабач, што я вымушаны гаварыць гэтак...

Тарлецкі. Ага-а!.. (Наліваючыся гневам. ) Значыцца, ты — культурны і маральны, а я — бескультурны і амаральны... Ага-а!.. На маім хлебе вырасшы, ты стаў гэтак вышэй нада мною. Ну, то мы зараз з табой зраўняемся! (Кінуў, адвярнуўшыся, пад плот, вобзем, малаток і новую штыкеціну і разлютавана рынуўся да сына.)

Косцік (спалохана). Тата, ды пачакай ты, чаго ты...

Тарлецкі хапае Косціка за пояс, прыпадымае на руках, нясе да ганка і спрабуе яго паставіць нагамі на камень.

Тарлецкі (у лютым гневе). Станавіся, бо задушу сваімі рукамі, гад печаны!

Косцік (падкурчыўшы ногі, каб не даставаць імі да каменя). Тата, пусці! Пусці, тата, не рабі глупства!

На парозе веранды з абвязанай даёнкай у руках паяўляецца Франуся.

Франуся (спалохана). Банадысь! Здурнеў ты!.. Косцік! За што гэта вы?

Тарлецкі (усё яшчэ трымаючы сына). Станавіся, кажу табе! Станавіся і тупай чаравікамі! Шаруй і выцірай ногі, мярзотнік, бо ў хату іначай ты ў мяне не зойдзеш! Раз такі культурны, дык ногі выцірай перад парогам!..

Франуся. Пусці дзіця, Банадысь! Звар’яцеў, дальбог! Апомніся!

Косцік тузануўся і вырваўся з аслабелых рук бацькі.

Тарлецкі (да жонкі). А-а, заступніца падаспела якраз! Ну, нічога! Я яшчэ яму дакажу, хто з нас культурны! Калі бэсціць роднага бацьку — гэта культура, дык не трэба мне яна такая!

Косцік адышоўся да плота, павесіў торбу з хлебам, адвярнуўся, абапёрся грудзьмі на штыкетнік. Падобна, што ён моўчкі плача.

Франуся (да мужа). Чаго ты разлютаваўся гэтак? Хоць бы людзей пасаромеўся. Гэта ж з вуліцы чутна...

Тарлецкі (цяжка дыхаючы, дастае папяросы і закурвае). Ён мяне культуры будзе вучыць!.. Сапля непадцёртая! (Накіроўваецца да веснічак на вуліцу.)

Франуся (услед мужу). Ты куды, Банадысь? Палуднаваць жа будзем. Вось толькі схаджу падаю карову.

Тарлецкі (павярнуўшыся). Туды, дзе менш культурная публіка! Палуднуй са сваім анёлкам, якому ты патураеш!.. (Выходзіць.)

Франуся (голасна). Банадысь, здурнеў ты! (Памкнулася да веснічак, але спынілася. Паставіла вядро каля ног, успляснула рукамі, пакрыўджана.) Ну, што ж гэта робіцца? Што ж гэта робіцца ў нашай хаце! І ўсё з-за гэтага праклятага каменя! (Да сына.) Косцік! Дзіцятка! (Падыходзіць да яго бліжэй.) Хай бы ты ўжо змірыўся нарэшце? Ды ліха з ім, з гэтым каменем! Ты ж гэтак бацьку да інфаркту давядзеш. Сыночак! Прашу цябе: змірыся! Чуеш, Косцік?

Косцік (павярнуўшыся нарэшце да маці, круціць галавой). Не, мама... На гэты камень я ступаць не буду. Ён з магілы нашага вучонага...

Франуся. Дык а як жа будзе, сынок? Бацьку ж мы не пераканаем з табой! Ты ж ведаеш яго натуру. (Плача.) Ты і сам такі ж упарты ўдаўся. Абое вы гэткія, толькі здзекавацца з мяне.

Косцік. Калі не пераканаем, дык зробім самі, без яго.

Франуся (сцепануўшыся). Што ты зробіш?

Косцік. Камень гэты... адсюль прыбяром, а пакладзём іншы. Я ўжо гэта даўно наважыў, толькі яшчэ не знайшоў прыдатнага каменя на ўзамен.

Франуся (устрывожана). Сынок, без яго згоды ты гэтага не рабі! І так бацька на цябе крыўдзіцца. Надоечы зноў казаў мне: «Ці ж я гэта для сябе стараўся — адляскаць такі дом, як лялечку? Для свайго ж дзіцяці стараўся, каб яму добра было. Я і транзістар яму, і веласіпед, і акардыён, а скора і на машыну чарга падыдзе... А яму нейкі дапатопны камень стаў даражэй за роднага бацьку!..» Чуць не плакаў ад крыўды.

Косцік. Мама! Ды не праўда ж гэта! Нічога не даражэй!.. А проста — нельга так! Гэты камень — гістарычная каштоўнасць, ён ляжаў на магіле выдатнага вучонага. Цяпер так многа пішуць пра захаванне помнікаў гісторыі і культуры, нават цэлае таварыства для гэтага ўтварылі. А мы выціраем ногі аб помнік. Ты ж і сама тады сварылася на тату, крычала, што гэта грэх і што няможна так!

Франуся. Крычала, а як жа! І нават плакала: што людзі скажуць, як убачаць. Але ж ён не паслухаў. Нарабіў насечак на мармуры, каб гэны надпіс відаць не быў і каб не слізгацца, бо надта гладкі, і кажа: «Глупства ўсе твае забабоны! Камень з магілы звярнулі і адкінулі ў кусты. І калі б я не ўзяў яго, дык узяў бы нехта іншы». Навошта, кажа, каб прападаў такі цудоўны матэрыял. Паглядзі, кажа, як ён хораша тут лёг, каля ганка, як усё роўна па заказу зроблены: і шырокі, і роўненькі, і такі прыгожы... Яно і праўда, як паглядзела я — дык надта хораша. Можа, думаю, і не грэх, калі ён ужо ў кустах валяўся, калі ўжо і ад той магілы нават знаку няма... Хто ж яго ведае, дзіцятка, калі цяпер такое жыццё пайшло, што ні з чым не лічыцца. Усё, што некалі людзі лічылі святым і аберагалі, цяпер бурыцца і знішчаецца. Ніякага граху ніхто цяпер не баіцца.

Косцік. Гэта вельмі кепска, мама, калі знішчаецца тое, што створана чалавечымі рукамі для ўпрыгожання жыцця на зямлі. Мы гэта нарэшце зразумелі — вось таму і таварыства арганізавалі, і пішуць пра гэта многа.

Франуся. Ай, дзіцятка маё дарагое, я ўжо дык і не веру, што нешта перайначыцца, што людзі будуць шанаваць даўнейшае, і наогул — будуць хоць трохі нейкага граху баяцца ці хоць саромецца. Ты кажаш — пішуць і заступаюцца, а вунь арган у старым касцёле разабралі, парэзалі ўсе трубы і павезлі. Куды і навошта? Такую дарагую рэч зглумілі! Такая, бывала, музыка грала! Арганісты гэны дык горкімі слязьмі плакаў, як разбіралі...

Косцік. За арган нашаму культурнаму начальству папала. У рэспубліканскай газеце фельетон быў.

Франуся. Можа, і папала. Але што з гэтага? Аргана ж назад не прывезлі, недзе пусцілі на глум, збяёдавалі. А арганісты казаў, я сама чула, можна было б у тым храме зрабіць музычную школу і вучыць дзяцей арганнай музыцы. Ты ж таксама хадзіў некалі слухаць, яшчэ зусім малы, дашкольнікам. І ўсё пытаўся, як гэта на іх граюць, на такіх доўгіх трубах...

Косцік. Уся бяда, мама, у тым, што многія не адрозніваюць, дзе рэлігія, а дзе — культура і мастацтва, дзе забабоны, а дзе — гістарычная памяць народа. І той арган і гэты камень пайшлі на глум па адной і той жа прычыне. І дарэмна тата злуецца. Ён лічыць мяне ўсё яшчэ малым дзіцем і думае, што я нічога не разумею.

Франуся. Можа б, ты прайшоўся, глянуў, дзе ён дзеўся — бацька? Ды перапрасіў бы хоць як-небудзь?

Косцік. Трохі пасля, няхай супакоіцца... А перапрашаць... я не ведаю — за што?

Франуся. Ой, сынок, сынок... Разумны ты ў нас і не па гадах дарослы, а вось з бацькам паладзіць не ўмееш... Пайду я падаю Недзяленьку, ды палуднаваць будзем. А ты прайдзіся ўсё-такі, пашукай яго...

Косцік. Зараз прайдуся...

Франуся забірае даёнку і ідзе за хату. Косцік падымае малаток і штыкеціну, на лаўцы бярэ цвікі ў скрыначцы і робіць тое, што не скончыў бацька: уважліва прымярае штыкеціну і прыбівае на месцы паламанай.

Праз веснічкі ў двор заходзяць Міша, за ім Цішкевіч, тады Вера і апошнім — Коля.

Міша. Эй, майстар-ламайстар, канчай работу! Да вас госці шаноўныя! (Падміргвае Косціку.)

Цішкевіч (Косціку). Добры дзень, малады чалавек!

Косцік (трохі разгублена). Добры дзень...

Цішкевіч. Сынок гаспадара будзеце?

Косцік (ківае галавой). Так...

Цішкевіч. Дазвольце назвацца: прафесар Цішкевіч, Вячаслаў Антонавіч. (Прыўзнімае над галавой лёгкі летні капялюш.) А гэта (паказвае на Веру) — Вера, таксама Цішкевіч, мая ўнучка. (Вера чуць кіўнула галавой Косціку.) А вы, значыць, Тарлецкі... (Чакае, каб Косцік назваў далей сваё імя.)

Косцік (ён зусім ашаломлены прозвішчам Цішкевіч, на твары ў яго разгубленасць і страх). Банадысь Сымонавіч...

Міша і Коля голасна рагатнулі.

Міша. Ужо за бацьку выдаеш сябе!

Косцік (схамянуўся, зачырванеўся). Прабачце... Я — Кастусь. Мне здалося, вы пра тату пытаеце...

Цішкевіч. Так, нам вельмі патрэбна пабачыць вашага бацьку. Ён дома?

Косцік. Не, зараз яго няма, але... можа, ён скора прыйдзе...

Цішкевіч. Справа вось у чым, малады чалавек. Нас запэўнілі, што толькі ваш бацька можа дапамагчы нам у той невясёлай сітуацыі, у якой мы апынуліся. Мы прыехалі з Далёкага Усхода. Там я нарадзіўся і пражыў жыццё, там — мае дзеці і ўнукі. Але карэнне наша тут, адсюль быў некалі высланы за рэвалюцыйную дзейнасць мой бацька, тут засталіся магілы многіх пакаленняў нашага роду. У тым ліку і майго дзеда Іпаліта Іванавіча Цішкевіча, вядомага ў свой час вучонага, які так горача дбаў і клапаціўся пра развіццё асветы і культуры ў гэтым краі. (Запнуўся і перавёў дыханне.)

Косцік (нягучна). Я ведаю...

Цішкевіч. Што вы ведаеце?

Косцік. Што Іпаліт Цішкевіч быў адгэтуль родам. Я чытаў пра гэта ў часопісе.

Цішкевіч. Ах, вось як? Гэта вельмі пахвальна, малады чалавек. Вельмі пахвальна, што вы ведаеце. (Да Мішы і Колі.) А вы — таксама ведаеце?

Міша (упэўнена). Чулі, вядома!

Коля (кіўнуўшы на Косціка). Косцік расказваў, ад яго ведаем.

Цішкевіч. Ага, значыць, чулі і ведаеце. Вельмі рад за вас, маладыя людзі. Дык а як жа здарылася, што магіла Іпаліта Іванавіча ў такім запушчаным стане? Фактычна — магілы няма! (Пачынае хвалявацца.) Нават камень — надмагільны мармуровы камень — сцягнулі, і немаведама дзе ён!

Вера (узяўшы Цішкевіча пад руку). Дзядусік, табе няможна так хвалявацца, ты мне абяцаў, што будзеш гаварыць спакойна.

Цішкевіч (гладзячы руку ўнучкі). Я — спакойна, спакойна... (Да Косціка.) Прыехаўшы, мы пайшлі адразу на могілкі. Я лёгка знайшоў месца, дзе была магіла: пад ралатай сасною. Апошні раз я бачыў яе ў сорак чацвёртым, калі тут праходзіў наш полк... Дык вось нам сказалі, што пра камень трэба спытацца ў вашага бацькі. Там, на могілках, нам сказалі.

Косцік (апусціўшы сумна вочы). Я таксама... ведаю, дзе ён, той камень...

Цішкевіч. Ён хоць не знішчаны? Цэлы?

Косцік. Цэлы, але... папсаваны.

Цішкевіч (здымае капялюш, дастае хусцінку, выцірае твар). Шкляначку вады халоднай не маглі б вынесці?

Косцік. Зараз... пачакайце хвілінку...

Ідзе да хаты, перад ганкам азіраецца і з жахам бачыць, што Цішкевіч і Вера памалу ступаюць за ім — бліжэй да веранды. Ён пераскоквае камень і знікае ў хаце. Цішкевіч з Верай падыходзяць амаль да самага ганка, і тут прафесар раптам спыняе позірк на камені і пазнае яго.

Цішкевіч (рашуча ступіўшы крок наперад). Верачка! Вось ён дзе — камень!.. Камень з магілы нашага дзеда Іпаліта Іванавіча! Яны паклалі яго пад ногі!.. О-о, людзі! (Кідае на зямлю капялюш і трасе над галавой рукамі.) Якое святатацтва! (Падае перад каменем на калені, трасе сівой галавою.) Так наглуміцца... над светлай памяццю чалавека...

Вера (моцна ўсхваляваная, таксама апускаецца на калені побач з дзедам). Дзядусік, міленькі, устань! Табе няможна так хвалявацца! Дзядусенька!

Цішкевіч (дастае хусцінку і змятае ёю з каменя пыл). Паглядзі, Верачка, вось яшчэ і прозвішча прачытаць можна... Наша прозвішча.

Косцік выходзіць тым часам з конаўкай вады. Бачыць усё, што адбываецца, і замірае на парозе. Затым, асцярожна саскочыўшы з парога, падыходзіць да Мішы і Колі, якія стаяць тут жа, аслупянелыя.

Косцік (з крыўдай у голасе). Гаварыў жа я тату...

Коля (шэптам). Дай вады старому... І растлумач як-небудзь...

Косцік (нясмела ступае крок да Цішкевіча). Вячаслаў Антонавіч, вось вада, калі ласка...

Цішкевіч яго нібы не чуе. Ён стаіць на каленях і гаротна ківае галавой, як над магілай. Вера падхопліваецца з вачыма, поўнымі слёз, і, сціснуўшы кулачкі, павярнулася да Косціка.

Вера (крычыць у вялікім гневе). Што вы зрабілі, дзікуны? Вы кінулі пад ногі памяць чалавека, якім павінны ганарыцца! Вы невукі і варвары, і я ненавіджу вас! (Да Цішкевіча. ) Хадзем адсюль, дзядуська! Паедзем у раён і там пра ўсё даложым начальству. А не — дык і ў вобласць паедзем! За гэтае варварства яны паплоцяцца! Хадземце, дзядуська!

З дапамогай Веры Цішкевіч падымаецца з зямлі.

Косцік (Цішкевічу і Веры). Паслухайце, калі ласка, я вам усё растлумачу...

Цішкевіч (рэзка). Не трэба! Вы ўжо ўсё сказалі, малады чалавек! (Паказвае рукой на камень.) Больш вам дабавіць няма чаго!.. Хадзем, унучачка!.. Дзе мой капялюш... (Азіраецца наўкола.)

Косцік (разгублена працягвае конаўку). Вады, калі ласка, вы прасілі...

Цішкевіч (з пагардай). І вады, прабачце, з вашых рук я не вазьму.

Коля падымае, абдзьмухвае і падае Цішкевічу капялюш.

Коля (хвалюючыся). Вы... на Косціка дарэмна. Ён не вінаваты! Паверце мне...

Цішкевіч (надзеў капялюш, рашуча рушыў з двара, раптам павярнуўся і ступіў крокі тры назад). І запомніце, што я вам скажу, маладыя людзі, будучыя гаспадары жыцця і гэтай зямлі... «Калі мы стрэлім у мінулае з рэвальвера — будучыня стрэліць у нас з гарматы». Гэта напісаў паэт, і ў гэтых словах вялікая праўда. Запомніце гэта і моцна падумайце! (Павярнуўся і пайшоў.)

Косцік (кідае вобзем конаўку і крычыць услед). Стойце! (У імгненне вока даганяе Цішкевіча і заступае яму дарогу. Тут жа і Вера.) Паслухайце! (На ўвесь голас, зрываючыся, душачыся ад крыўды і гневу.) Я вас прашу, паслухайце! Я пайду працаваць! Я зараблю грошы і пастаўлю новы помнік! За тысячу рублёў помнік — з мармуру і граніту! Праз год будзе новы помнік! Я клянуся вам! І я ні разу не ступіў нагой на гэты камень! Ні аднаго разу! .. (Бледны, глядзіць у вочы Цішкевічу, цяжка дыхае.)

Цішкевіч (мяняецца з твару, пагляд яго мякчэе, цяплее, на вусны ўзбягае ледзь прыкметная ўсмешка. Да Веры). Ты чуеш, унучка? Гэты голас мне падабаецца. (Пераводзіць позірк на Косціка.) Гэтаму голасу не паверыць цяжка. (У роздуме.) Та-ак, пачынаю разумець. Значыць, усё гэта зрабілася без вашай згоды?

Косцік. З маёй просьбай не палічыліся.

Коля. Я ж вам гаварыў: Косцік не вінаваты.

Міша. Косця ў нас хлопец — во! Перадавік кругом!

Вера. Дык а дзе ж былі вы, яго сябры? Чаму вы яго не падтрымалі? Як вы дапусцілі такое?

Міша. Вы не ведаеце яго бацькі! З ім у дыспут лепш не ўступаць! І вы нічога б яму не даказалі.

Вера. Я не даказала б? Калі б я не даказала праўду — я перастала б сябе паважаць! Проста вы ўсе тут вартыя жалю капітулянты! Вы і не спрабавалі сур’ёзна змагацца!

Цішкевіч. Верачка, не засмучай маладых людзей. Не ўсе адразу мудрасці да чалавека даходзяць. (Да Косціка.) Прабачце, дзе тая конаўка з вадою? Я ўсё-такі папіў бы вадзіцы...

Косцік (да Мішы). Міша, прынясі, калі ласка, там на верандзе ўбачыш, на ўслончыку. А яшчэ лепш — выцягні свежай са студні... Конаўку спаласні добра...

Міша падымае конаўку і ідзе за хату да студні.

Цішкевіч. Та-ак, значыць, з бацькам фактычна ў вас разлад... Нялёгкая сітуацыя. І ўсё ж — не дрэйфіце, таварыш Кастусь. У рэшце рэшт ён вас зразумее і прызнае сваю неправату. Абавязкова! Ну, а наконт помніка — не гарачыцеся. Гэта пытанне трэба абмазгаваць. Для гэтага я і прыехаў сюды. Так, так, я прыехаў не толькі затым, каб у апошні раз пакланіцца родным магілам. Але і для таго, каб дамовіцца з мясцовымі ўладамі наконт помніка Іпаліту Іванавічу Цішкевічу. У мяне ёсць зберажэнні, частку якіх я наважыў ахвяраваць на збудаванне помніка.

Косцік (хвалюючыся). Вячаслаў Антонавіч, прабачце, на помнік я зараблю грошы сам. Зразумейце мяне і не пазбаўляйце мяне гэтага права!..

Коля (горача). І мы з Мішам паможам! А можа, і ўсім нашым класам — лета папрацуем, заробім, і будзе на помнік. Косцік, ідэя, га?

Косцік. У кожным разе — за сродкі вы не турбуйцеся...

Цішкевіч. Добра, дарагія мае, пра гэта мы яшчэ дамовімся. Я вітаю вашу ідэю, але, можа, вы і мяне ў пай прымеце, каб і мне крыўдна не было? І вось Веры — яна ж усё-такі Цішкевіч. А зараз мы сходзім у сельсавет — у першую інстанцыю, і пагаворым там. А затым да раённай улады з’ездзім, папросім, каб і там падтрымалі... Усё гэта трэба не толькі і не столькі мне з Верачкай. Гэта трэба перш за ўсё нам, нашаму народу. Народ павінен ведаць імёны сваіх лепшых дачок і сыноў. Абавязкова павінен ведаць! «Дзе не шануюць мёртвых — там не любяць жывых!» І гэта таксама сказаў паэт, і ў гэтых словах таксама вялікая і страшная праўда. Запомніце іх, мае маладыя сябры! І зразумейце, што нездарма ж урад і партыя праяўляюць столькі клопату аб увекавечанні памяці герояў і наогул слаўных людзей Бацькаўшчыны!..

Міша вяртаецца з поўным вядром вады, чэрпае конаўку і падае яе Цішкевічу.

Міша. Калі ласка — бальзаму з роднай вам зямлі!

Цішкевіч (бярэ конаўку). Дзякую. (Доўга, са смакам, п’е.) Цудоўная вадзіца! Сапраўды — бальзам. (Да Веры.) Ты не хочаш, Верачка? Пасмакуй — шкадаваць не будзеш.

Вера. З прыемнасцю.

Коля (амаль вырываючы конаўку ў Цішкевіча). Дазвольце! (Зачэрпвае ваду і падае Веры.) Калі ласка!

Міша глядзіць на Колю іранічна-насмешліва.

Вера. Дзякую. (Бярэ конаўку і п'е. )

Коля. На добрае здароўе! (Калі Вера трохі адпіла і перавяла дух.) Падабаецца вам?

Вера. Ага. Вельмі смачная. А сцюдзёная — аж зубы ломіць.

Коля. У нас тут кругом такая. У кожнай студні.

Міша (іранічна). Малайчына, што пастараўся прынесці.

Коля (засаромлена). Усе бачылі, хто прынёс...

Вера (падаючы конаўку Колю). Дзякую яшчэ раз.

Коля. Няма за што.

Цішкевіч. Ну, што ж, мы пайшлі. (Да Косціка.) Сельсавет ад вас далёка?

Косцік. Не, зусім недалёка. Тут, хат праз дзесяць...

Коля (паспешліва). Мы правядзём вас! Нам якраз па дарозе.

Косцік (няголасна). Коля, ты застанься, калі ласка. Няхай Міша адзін пройдзе пакажа.

Коля. Дык я тут жа і вярнуся!

Міша (да Колі). Слухай і выконвай заданне камсорга класа! Што гэта за дысцыплінка, таварыш? (Хітра міргае Косціку.)

Цішкевіч (падае Косціку руку). Да пабачэння! Рад быў пазнаёміцца — і з вамі і з вашымі сябрамі. Думаю, да нашага ад’езду мы яшчэ пабачымся. (Падае руку Колю.) Да пабачэння!

Косцік. Да пабачэння.

Коля. Да пабачэння.

Вера (кіўнуўшы злёгку галавой). Да пабачэння.

Косцік. Да пабачэння.

Коля. Да пабачэння.

Міша (скорчыўшы сябрам міну). Да пабачэння, дарагія сябры, не памінайце ліхам!

Цішкевіч, Вера і Міша выходзяць. Косцік і Коля праводзяць іх паглядам.

Коля. Ты знаеш, я думаў, яна цябе ўдарыць!

Косцік (як бы не пачуўшы, што сказаў сябра). Хадзі! Нам трэба хуценька зрабіць адну работу. (Цягне Колю за сабою. Каля ганка запыніўся.) Пачакай тут — я зараз. (Пакідае Колю і знікае за хатай.)

Коля (застаўшыся адзін, нагінаецца і разглядае камень, марудна чытае надпіс). Памёр у тысяча восемсот... а далей не разабраць... нібыта восем ці тры?.. Відаць, восем... Ціш-кевіч... Гэта хутчэй здагадацца можна, чым прачытаць. (Выпрастаўся і адвёў позірк убок. Задуменна.) Цішкевіч... Вера Цішкевіч. Цікава, а як па бацьку?

Паяўляецца Косцік. Ён коціць перад сабой невялікую каламажку на двух колах, з якой тырчаць два жалезныя ламы і рыдлёўка.

Косцік. Коля, бяры лом і за работу!

Коля. Што ты надумаў?

Косцік. Гэты камень трэба ўзадраць, пагрузіць на каламажку і завезці туды, на могілкі. Давай! Тата яго капітальна цэментам умураваў, дык трэба ламамі адбіць. Бо так не ўздзяром.

Коля. Слухай, ён жа ўвесь падзёўбаны, папсаваны...

Косцік. Хоць і падзёўбаны — ён павінен ляжаць там. Пакуль зробім сапраўдны прыгожы помнік. Давай!

Абое бяруць ламы і пачынаюць біць наўкола каменя.

Коля. А я ўжо думаў, яна цябе ўдарыць. Ты бачыў, як у яе гарэлі вочы і дрыжалі кулачкі?

Косцік (абыякава). Бачыў.

Коля. Агонь-дзяўчына! Ты знаеш, у нашым класе — няма такой. І ва ўсёй школе — няма. Ну і характар!

Косцік (спрабуючы падважыць ломам камень). Не ўсім жа быць цямцямі-лямцямі.

Коля (перастаўшы біць ломам). А пасля, як піла ваду, дык ужо зусім была нязлосная. Зусім нязлосная. Праўда?

Косцік. Я не прыглядаўся. Ты што — ужо з таго боку адбіў?

Коля (зноў пачаў дзёўбаць ломам). Не яшчэ, зараз... (Памаўчаўшы.) Як ты думаеш, у якім яна класе? Па-мойму, дык таксама дзевяты кончыла?

Косцік. Паспрабуй падважыць з таго боку. (Коля падважвае.) Зараз будзем грузіць, яшчэ вось тут трошку, пад самым парогам.

Коля. Напэўна, дзевяты! Каб дзесяць — дык бы яна не паехала ў такую далёкую дарогу, а рыхтавалася б да ўступных экзаменаў. Праўда?

Косцік. А можа, яна з медалём кончыла. Чаго ёй баяцца?

Коля. Напэўна, з медалём. Канешне, з медалём! Што ты! Тут і сумнявацца не трэба. Унучка прафесара. І наогул.

Косцік. Давай паспрабуем адцягнуць яго трохі ад ганка. Я вазьму за гэты край, ты — за той. Давай!

Бяруцца з абодвух бакоў за камень і цягнуць. Камень падаўся наперад, высунуўся з-пад парога.

Парадак! Цяпер пагрузім у каламажку — і гатова.

Коля. Цікава, ці стала б яна з намі перапісвацца... з нашым класам? Як ты думаеш?

Косцік. Перапісвацца з дзікунамі і варварамі? Пакуль што — мы для яе дзікуны і варвары. І ўжо ва ўсякім разе — нікчэмныя капітулянты. (Падкаціў каламажку, нахіліў кузаў да самага каменя і падпёр ломам.) Давай! Толькі б край ускласці, а тады ён пасунецца.

Уздымаюць і кладуць край каменя на борт кузава. Затым патроху пасоўваюць, і нарэшце камень у каламажцы.

Коля. Нешта доўга Мішы няма. Няўжо ён пайшоў з імі ў кабінет да старшыні?

Косцік. Так, пастаўлю на месца ламы і рыдлёўку і павязём. Не, рыдлёўку возьмем з сабою, можа, там спатрэбіцца. (Бярэ ламы і нясе іх за хату.)

Коля (услед). Я выгляну на вуліцу — зірну, можа, Міша ідзе. (Подбегам кінуўся да веснічак і там сутыкнуўся з Тарлецкім. Трохі сумеўшыся.) Дзядзька, а Мішу там не бачылі?

Тарлецкі (прыкметна, што ён на добрым падпітку. Спыніўся і ўставіўся ў Колю). Там, дзе я быў, ніякага Мішы не было. Ідзі шукай свайго Мішу сам!

Коля шмыгнуў за спіну Тарлецкага і знік. Тарлецкі цяжкім няўпэўненым крокам ідзе да ганка. Убачыўшы каламажку з каменем — аслупянеў. У гэты ж момант з-за хаты выходзіць К о с ц і к.

Ага-а! Значыцца, ужо руйнуеш? Ага-а! Бацька будаваў, а сын — руйнуе! Сыну, значыцца, не трэба!.. Ага-а!.. Ну, дык жа тады не будзе і па-твойму! Тады і я руйнаваць буду! (Крычыць. ) На дробныя друзачкі к чортавай матары растаўку! (Бягом кідаецца за хату.)

На падворку зноў паяўляецца Коля і нясмела набліжаецца да Косціка, які стаіць каля каламажкі.

Коля. Што... бацька... за гэты камень?

Косцік. Ён недзе выпіў, мабыць, у магазіне.

З-за хаты выбягае Тарлецкі з ломам у руцэ.

Тарлецкі (страшны ад гневу). Калі бацькава праца — нуль і бацькава слова — нуль, дык і ты для мяне нуль таксама! (Кідаецца да каламажкі і ўзмахвае ломам, каб ударыць па камені.)

Косцік (толькі цяпер да яго дайшоў сэнс бацькавай пагрозы. Ён кідаецца да бацькі з крыкам). Тата! Што ты робіш, тата!

Тарлецкі (павярнуўшыся да сына, у дзікай лютасці). Адыдзі — бо ўкладу на месцы, гад печаны!

Косцік, не зважаючы на бацькаў гнеў, хапае і вырывае ў яго з рук лом. Тарлецкі штурхае яго абедзвюма рукамі ў грудзі, і Косцік з ломам падае. Тарлецкі хапаецца за аглобелькі каламажкі і спрабуе выкуліць з яе камень. Убачыўшы гэта, Коля кінуўся да яго і схапіў за руку.

Коля. Дзядзька! Стойце! Ваш Косцік не вінаваты!

Тарлецкі (адштурхвае яго). Прэч, малакасос!

Тым часам падхапіўся Косцік, падскочыў да бацькі і вырваў аглобелькі з рук. Тарлецкі на момант разгубіўся: сын упершыню дазволіў сабе такое. Стаў перад бацькам твар у твар і спакойна сказаў.

Косцік. Бі, тата. Можаш нават забіць. Але глупства гэта зрабіць табе я не дам. Гэты камень будзе там, дзе ён павінен быць. І не дом я руйную, а ганьбу нашага дома. Я люблю наш дом і не хачу, каб на ім была чорная пляма!

Тарлецкі (апусціў рукі, абвяў). Ага-а!.. Значыцца, любіш... Любіш, значыцца?.. (Голас задрыжаў, твар скрывіўся.) А мяне ты любіш? Га? А мяне ты за што не любіш? Га? (Заплакаў і схіліў галаву на грудзі.) За што ты мяне не любіш, гад печаны?

Косцік. Няпраўда, тата. Я люблю цябе. Хадзі пасядзі на лаўцы. (Бярэ бацьку пад руку, вядзе да лаўкі і ўсаджвае.) І супакойся, тата. Не трэба.

На падворак літаральна улятае праз веснічкі Міша. Не заўважаючы, у якім стане Тарлецкі, радасна крычыць.

Міша. Ну, хлопцы — поўны кантакт! Дарма ты, Колечка, стараўся паіць яе вадзічкай! Вось яе адрас (паказвае паперку), а заўтра ў нас спатканне ў райцэнтры!

Коля. Ціха ты! Раскудахтаўся, як...

Міша (убачыў Тарлецкага, падышоў да Косціка, паўшэптам). Што з бацькам?

Косцік (ціха). Пасля пра гэта... (Міргае Мішу і Колю і ідзе да каламажкі. Хлопцы за ім.) Без лішніх слоў — бярыце і вязіце. Ты, Коля, ведаеш куды. Праз гумно і там аселіцай... Я прыйду туды да вас пазней. А хочаце — дык пачакайце каля ручая... Дамовіліся?

Міша (няголасна). Усё ясна, таварыш камісар. Будзе выканана дакладна. (Казырнуў. Да Колі.) Ану!

Міша і Коля ўзялі за аглоблі каламажку і пацягнулі за хату. Косцік вынес з веранды дзяркач, замёў ім каля ганка. Затым пайшоў і стаў каля бацькі. Паклаў яму руку на плячо.

Косцік (усміхнуўся, ласкава). Ну, весялей, Банадысь Сымонавіч! А то зараз мама прыйдзе — убачыць — сорамна нам будзе з табою.

Тарлецкі (не гледзячы на Косціка). Куды яны яго павезлі?

Косцік. На могілкі. Пакладуць, дзе ён і быў некалі.

Тарлецкі. Ён жа ўвесь падзёўбаны! Што ж яго гэткі класці?

Косцік. Часова няхай паляжыць. А потым будзем ставіць помнік. Мы ўжо дамовіліся. Дарэчы, ты ведаеш, хто сюды дзеля гэтага прыехаў?

Тарлецкі (павярнуўся тварам да сына). Хто?

Косцік. Прафесар Цішкевіч, унук таго вучонага Іпаліта Цішкевіча. Ён зараз недзе ў сельсавеце, да старшыні пайшоў.

Тарлецкі. Разыгрываеш мяне, п’янага?

Косцік. Чэснае камсамольскае! Прыехаў, кажа, пакланіцца перад смерцю магілам продкаў і дамовіцца з мясцовымі ўладамі наконт помніка дзеду. Сам ужо стары-стары, сівабароды, але яшчэ рухавы. З унучкай прыехаў.

Тарлецкі. У белым капелюшы? Высокі?

Косцік. Ага.

Тарлецкі. Дык я іх бачыў! З акна магазіна. Яшчэ падумаў: хто б гэта мог быць такі?

Косцік. Вось бачыш, тата, а ты казаў: не было такога вучонага і нікога не цікавіць яго магіла. Быў! Толькі мы, на жаль, кепска ведаем, што ў нас было і чым ганарыцца мы можам.

Тарлецкі (падхапіўся). Сын!.. Ты, адным словам, малайчына! Як дарэчы ты прыбраў гэты камень адсюль! Гэта ж, чаго добрага, яны пачалі б шукаць яго, пытацца ў людзей, і ім бы падказалі, дзе ён! І яны маглі б прыйсці сюды і ўбачыць!

Косцік. Яны яго бачылі, тата.

Тарлецкі. Як — бачылі?

Косцік. Яны былі тут, у нас на падворку.

Тарлецкі. І пайшлі ў сельсавет скардзіцца?

Косцік. Не. Я пагаварыў з імі, растлумачыў, і наконт помніка мы дамовіліся, так што скардзіцца яны не будуць. Не будуць, не бойся.

У Тарлецкага зноў задрыжалі губы, ён зашморгаў носам і паклаў абедзве рукі на плечы сына.

Тарлецкі. Даруй мне, сынок, і грэх мой нялюдскі, і глупствы. Я ўсё лічыў, што ты яшчэ хлапчук, дзіця, а ты — во які ў мяне дарослы і разумны!..

З-за хаты выходзіць з абвязанай даёнкай Франуся. Убачыла, як абняліся бацька з сынам.

Франуся. Ах, мае вы любчыкі! Мае вы дарагія-мілыя! А я ж ужо без душы ішла дадому — дзе вы і што вы? Ці памірыліся ж хаця? А вы ўжо во якія харошыя!

Тарлецкі (выцершы кулаком вочы, падымае ўгору ўказальны палец). А ты думала! Го-го, мы з сынам!..

Косцік стаіць і шчасліва ўсміхаецца.

Заслона.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Гілевіч Н. Начлег на буслянцы: П'есы.— Мн.: Маст. літ., 1980.— 176 с.
Крыніца: скан