epub
 
падключыць
слоўнікі

Ніл Гілевіч

Не кажы "Гоп"...

ЭПІЛОГ


 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Кутас Хведар Пятровіч — дацэнт педагагічнага інстытута, гадоў 45.

Алена Змітраўна — яго жонка, выкладчыца нямецкай мовы ў гэтым жа інстытуце, гадоў 40.

Пацяруха Арнольд — кандыдат у аспіранты, гадоў 25.

Ганна Піліпаўна — дамработніца ў Кутасоў, гадоў 65.

 

Гасціны пакой у кватэры Кутаса. На тахце сядзіць Ганна Піліпаўна і вяжа нешта на прутках. На тумбачцы звініць тэлефон. Ганна Піліпаўна не спяшаючыся падыходзіць, здымае трубку і, трымаючы далёка ад вуха, слухае.

Ганна Піліпаўна. Га? Каго? Хведара Пятровіча няма. Я кажу: яго няма дома! Не, яшчэ не прыйшоў. Што? Знёс чужую бабку, а сваю пакінуў? Якую бабку?.. А-а-а, папку чужую ўзяў!.. Не, не, яшчэ не вярнуўся... Калі ласка, прыносьце, але яго няма. Калі ласка... (Кладзе трубку і вяртаецца на месца.) Крычыць як ашалелы: бабку, бабку! Пакуль да мяне дайшло, што папку. Думаю, можа, і чужую бабку! Асабліва калі ёй трыццаць з хвосцікам, як гэнай белабрысай, што сюды заходзіла... Хто-хто, а наш можа знесці і чужую бабку. Што ўжо можа, дык можа! І куды гэта Алена Змітраўна глядзіць — не ведаю. Але, здаецца, і яна пачала заўважаць нешта. Такая невясёлая зрабілася. А каб жа хоць тое знала, што мне вядома! Каб яна хоць разок паслухала, як ён курняўкае па тэлефоне! Ну, рыхтык — марцовы кот! (Імітуе голас Кутаса.) Мурр, мурр, ага, вечарам, роўна ў дзевяць, ага, абавязкова... Цьфу! Аж слухаць брыдка. Мяне дык ужо не баіцца. Думае, старое тэпала нічога не разумее, не здагадваецца, з кім гэта ён і пра што курняўкае. (Уздыхае.) Ой, божа мой, божа! Збрыдзела ўжо тут хадзіць ды дагаджаць мурлыку гэтаму... Змітраўны шкада, а то ўжо даўно пашукала б сабе месца. Надта ж яна жанчына людская. Ну, але, відаць, скора прарве-такі мяне, і я скажу ёй. Усё вывалю, што ведаю, і хай сабе ён мяне праганяе. (У пярэдняй зазвінеў званок.) Мусіць, той, што званіў, папку нясе.

Ганна Піліпаўна ідзе ў пярэднюю адчыняць. Праз хвіліну яна вяртаецца назад, а ўслед за ёю ў пакой з папкай у руках заходзіць Пацяруха.

Пацяруха (падкрэслена ветліва). Выбачайце, што турбую. Хведар Пятровіч прыйшлі?

Ганна Піліпаўна. Не, яшчэ не прыходзіў.

Пацяруха (расчаравана). Не прыходзіў?.. Мяне паслаў да вас дацэнт Тарарака, Язэп Саўкавіч. Ён званіў вам. Я прынёс Хведару Пятровічу яго папку.

Ганна Піліпаўна. Дык давайце, я перадам.

Пацяруха. Але ж я павінен узяць у Хведара Пятровіча папку Язэпа Саўкавіча. Хведар Пятровіч незнарок замест сваёй забраў ягоную.

Ганна Піліпаўна. Тады вам давядзецца пачакаць яго. Праходзьце далей, пасядзіце... Можа, зараз прыйдзе. (Зноў бярэцца за вязанне.)

Пацяруха. Дзякую. (Сядае на крэсла, папку кладзе на стол.) Там Язэп Саўкавіч хвалюецца вельмі. У яго сёння адкрытая лекцыя, члены кафедры будуць слухаць, а лекцыю ў папачцы знёс Хведар Пятровіч. Язэп Саўкавіч агледзеўся і так спалохаўся. А я выпадкова зайшоў туды, у прафесарскую. Якраз перапынак быў. Ну, ён і папрасіў мяне: бяжы, кажа, хуценька, тут блізка, за дзесяць хвілін і назад вернешся. Лекцыю, кажа, пачну са спазненнем.

Ганна Піліпаўна. А што, іх папкі такія аднолькавыя, што і адрозніць нельга?

Пацяруха. Увогуле, яны і фасону аднаго, і колеру, але адрозніць можна. У Хведара Пятровіча трошку навейшая, у Язэпа Саўкавіча больш абшарпаная. Гэта — калі прыгледзецца. Але Хведар Пятровіч спяшаўся вельмі, таму і пераблытаў. Я бачыў, як ён хуценька ўскінуў на плечы макінтош і амаль бегма на вуліцу. Яшчэ без дзесяці дзевяць было. (Паглядзеў на гадзіннік.) А цяпер ужо роўна дзевяць.

Ганна Піліпаўна (як бы спахапіўшыся). Роўна дзевяць? Дык дзіва што спяшаўся! Паабяцаў жа гэнай мурцы, што ў дзевяць прыйдзе... (Апомнілася, што ўголас «ляпнула» перад чужым чалавекам «не тое», і тут жа паспяшалася загаварыць яго.) А вы ж самі кім будзеце? Яшчэ студэнт?

Пацяруха (не зважаючы на яе пытанне). Выбачайце, каму паабяцаў Хведар Пятровіч, што ў дзевяць прыйдзе?

Ганна Піліпаўна (замятае след). Не, гэта ён учора абяцаў... сястры стрыечнай, а сёння не казаў нічога. Так што павінен зараз вярнуцца... (Спяшаецца адвесці гаворку.) Дык ці вы, кажу, яшчэ студэнт ці ўжо таксама другіх вучыце?

Пацяруха. І не студэнт, і другіх пакуль што не вучу. (Баявіта, пафасна.) Але — буду вучыць! У аспірантуру паступаю. Хведар Пятровіч маім навуковым кіраўніком будзе. Два экзамены ўжо здаў: Хведару Пятровічу на «выдатна», другі — так, ніжэй трохі. Засталася замежная мова. Самае цяжкае.

Зазвінеў тэлефон. Ганна Піліпаўна, спяшаючыся, ідзе да апарата.

Ганна Піліпаўна. От ужо надакучае! Колькі разоў на дзень!.. (Здымае трубку і трымае далёка ад вуха.) Алё!.. Якая пацяруха? У нас няма ніякай пацярухі!

Пацяруха (кідаецца да тэлефона і амаль вырывае трубку з рук). Дайце, дайце, калі ласка, гэта, мусіць, мяне...

Ганна Піліпаўна (аддаючы трубку). Пра нейкую пацяруху пытаюцца...

Пацяруха. Алё! Я слухаю, Язэп Саўкавіч! Няма яго, і я не ведаю, што рабіць... Алены Змітраўны таксама няма. А тут во (паварочваецца да Ганны Піліпаўны) толькі іх маці, кажуць, можа, зараз прыйдзе... Як толькі ён вернецца, я куляй дастаўлю вам папку. Добра. (Кладзе трубку і глядзіць на Ганну Піліпаўну.) Лекцыя зрываецца ў Язэпа Саўкавіча. Вось будзе злаваць на Хведара Пятровіча! Адкрытая лекцыя, сабралася камісія прысутнічаць, і раптам — асечка!

Ганна Піліпаўна. А чаму гэта ён вас пацярухай кліча? Хіба і вучоныя людзі абзываць усякімі словамі ўмеюць?

Пацяруха. Бачыце... я вам растлумачу. Маё прозвішча — Пацерухо. І трэба гаварыць Пацерухо. Але некаторыя наўмысна перакрыўляюць і клічуць Пацяруха. Асабліва зайздроснікі, каб дапячы мне.

Ганна Піліпаўна. А гэты чаго вам зайздросціць?

Пацяруха. Хто? Язэп Саўкавіч? Ды ён не зайздросціць, ён... ад хвалявання так сказаў. Нервуецца вельмі — лекцыя пад пагрозай зрыву.

Ганна Піліпаўна. Ад хвалявання ўсё можа быць. Нездарма ж людзі кажуць, жывучы ўсяго нажывеш — і Кузьму татам назавеш.

Пацяруха (раптам загарэўся). О, вы, напэўна, многа прыказак ведаеце і іншых фальклорных твораў! Відаць, і Хведар Пятровіч яшчэ з маленства ад вас навучыўся — таму і такім знатным вучоным-фалькларыстам стаў.

Ганна Піліпаўна (трохі грэбліва). Каго я вучыла з маленства? Гэтага — нашага? У маленстве я яго і ў вочы не бачыла!..

Пацяруха (асекшыся). Як? Хіба, выбачайце, вы не яго мама?

Ганна Піліпаўна. Не, дзякаваць богу, не маю, як той казаў, дачынення.

Пацяруха (збянтэжана). А-а-а, значыць, вы мама Алены Змітраўны?

Ганна Піліпаўна (сумна ўздыхнуўшы). О, каб у мяне такая дачка была! Такою б дачкой я ганарылася!.. Не даў божа. Адзінокая я. Таму пры чужых людзях і дажываю. Трэба ж недзе прытулак мець.

Пацяруха. Ага, цяпер усё зразумела. Значыць, вы тут у якасці домработніцы. А як вас зваць-велічаць, выбачайце?

Ганна Піліпаўна. Ганнай людзі завуць, а бацьку Піліпам звалі.

Пацяруха. Ганна Піліпаўна, я хачу вярнуцца да прыказкі, якую вы толькі што нагадалі — пра Кузьму і тату. Скажыце, калі ласка, вы не чулі трохі іншага варыянта?

Ганна Піліпаўна. Якога іншага вар’ята? Горшага вар’ята, чым той сын, што бацьку Кузьмом зваў, і прыдумаць цяжка.

Пацяруха (паблажліва заўсміхаўшыся). Я не пра вар’ята пытаюся. Я спытаў, ці не чулі вы іншай прыказкі — новай, але падобнай на гэту старую. Ну, напрыклад: жывучы ўсяго нажывеш — і цешчу другам назавеш.

Ганна Піліпаўна (здзіўлена ўзняла вочы). Як?

Пацяруха (паўтарае мацней і больш выразна). Жывучы ўсяго нажывеш — і цешчу другам назавеш!

Ганна Піліпаўна. Во гэта, мусіць, сапраўды нейкі вар’ят прыдумаў. Я такой не чула.

Пацяруха (пакрыўджана). Чаму вар’ят? Хіба гэта кепска? Фальклор, выбачайце, мае здольнасць абнаўляцца. Старая форма пад уплывам рэчаіснасці напаўняецца новым зместам. Дарэчы, гэта будзе тэма маёй будучай дысертацыі.

Ганна Піліпаўна. Гэтага я ўжо не цямлю. Мая ўся навука — сяк-так распісацца ўмею.

Пацяруха. О, выбачайце, Ганна Піліпаўна! Канечне, гэта праблема навукова-тэарэтычная.

У пярэдняй зазвінеў званок. Ганна Піліпаўна адкладае ўбок вязанне і ідзе адчыняць.

Ганна Піліпаўна (ідучы да дзвярэй). Ну, вось, ці гаспадар, ці гаспадыня, нехта вяртаецца... (Выходзіць.)

Пацяруха (застаўшыся адзін). Што за д’ябальшчына?! Ужо на каторым суб’екце апрабоўваю гэтую сваю новую прыказку — і ніхто яе не ўспрымае як народную мудрасць! Можа, гэтаксама сустрэнуць і прыпеўкі, якія я паднавіў?.. Трэба было б праспяваць гэтай старой прыпеўкі — праверыць на ёй іх вартасць. Яна ж усё-такі чалавек з народа.

У пакой вяртаецца Ганна Піліпаўна, за ёй заходзіць Алена Змітраўна.

Алена Змітраўна (да Пацярухі). Добры вечар!

Пацяруха (падымаецца з крэсла, падкрэслена ветліва). Добры вечар, Алена Змітраўна. Добры вечар!

Алена Змітраўна (прыглядаецца). Здаецца, мы раней не бачыліся?

Пацяруха. Я-то вас бачыў ужо неаднойчы. Маё прозвішча — Пацерухо. Арнольд Пацерухо. Хіба вам Хведар Пятровіч не гаварыў пра мяне?

Алена Змітраўна (паціскае плячыма). Нешта не прыпамінаю. Вы — наш студэнт?

Пацяруха. Не, Алена Змітраўна. Я, можна сказаць, маю гонар і шчасце стаць аспірантам вашага Хведара Пятровіча.

Алена Змітраўна. А-а-а, вось як!.. А што там здарылася? Ганна Піліпаўна паспела мне сказаць, што вы прынеслі нейкую папку. Вы сядайце, калі ласка. (Стомлена садзіцца сама на тахце, побач з Ганнай Піліпаўнай.)

Пацяруха (з паклонам). Дзякую. (Садзіцца на крэсла.) Хведар Пятровіч, спяшаючыся, схапіў са стала папку дацэнта Тараракі, а сваю пакінуў. А ў Язэпа Саўкавіча праз гэта зрываецца адкрытая лекцыя. Ён папрасіў мяне збегаць і забраць у Хведара Пятровіча папку, а Хведара Пятровіча няма. Я ўжо хвілін пятнаццаць чакаю.

Алена Змітраўна (напружваючы памяць). Сёння які дзень? Аўторак?

Пацяруха. Аўторак, Алена Змітраўна.

Алена Змітраўна. У аўторак у Хведара Пятровіча на вячэрнім факультэце чатыры гадзіны — з дзевятнаццаці да дваццаці трох. Вы проста не паглядзелі — ён недзе там, у аўдыторыі. У аўторак у яго заўсёды было чатыры гадзіны.

Пацяруха. Не, яго там няма. Як толькі празвінела на перапынак, ён хуценька апрануўся і пабег. Я сам бачыў. Толькі я не заўважыў, што з чужою папкай.

Алена Змітраўна (пераводзіць позірк на Ганну Піліпаўну). Дзе ж ён у такім разе можа быць?

Ганна Піліпаўна (не падымаючы галавы). Заўсёды было чатыры, а сёння — дзве. Што ж тут дзіўнага? А цяпер прагульваецца недзе па вуліцы, каб у галаве пасвяжэла. Пагода, дзякаваць богу, толькі для шпацыру.

Алена Змітраўна. Мусіць, так яно і ёсць. (Да Пацярухі.) Пачакайце яшчэ трохі. Калі ў яго былі толькі дзве гадзіны, то ён павінен скора прыйсці.

Звініць тэлефон. Пацяруха падхапіўся першы.

Пацяруха (зірнуўшы на жанчын). Гэта, напэўна, зноў мяне. Я паслухаю, выбачайце... (Ідзе да апарата і здымае трубку.) Алё?.. Не прыйшоў яшчэ, Язэп Саўкавіч. Што? (Пакрыўджана.) Чаму я жулік і выжла? Што? Гэта вы не на мяне? А-а, прабачце, Язэп Саўкавіч, мне здалося, што гэта вы мяне так... Не, Язэп Саўкавіч, ён ненаўмысна, ён проста вельмі спяшаўся... Добра, Язэп Саўкавіч, да пабачэння. (Кладзе трубку.) Ну, можна мне ісці дадому: лекцыя ў Язэпа Саўкавіча ляснула! Сарвалася!

Алена Змітраўна (устрывожана). Як — сарвалася?

Пацяруха. Дык яго ж лекцыя ў папцы, а папка недзе ў Хведара Пятровіча! Сказаў, што больш чакаць няма сэнсу, прайшло амаль паўгадзіны, і студэнтаў ён адпускае дамоў. Пазней ён вам яшчэ пазвоніць.

Алена Змітраўна. Бедны Хведар Пятровіч — дастанецца яму ад Тараракі!

Пацяруха (садзіцца насупраць Алены Змітраўны на крэсла). А нічога яму Язэп Саўкавіч не зробіць, ён жа ненаўмысна. У Хведара Пятровіча такі аўтарытэт, што да яго не падкапаешся. Для нас, маладых, гэта прыклад ва ўсіх адносінах. Каб вы толькі ведалі, Алена Змітраўна, як я рад, што ён бярэ мяне ў аспірантуру!

Алена Змітраўна. А чым вы, прабачце, да гэтага займаліся?

Пацяруха. Ды займаўся важнымі справамі, Алена Змітраўна. Паўгода ў школе папрацаваў. Са школы перайшоў у раённую газету. А пасля — у абласны Дом народнай творчасці. Вось там я і захапіўся фальклорам, там і ідэя ўзнікла — у навуку падацца, у фалькларыстыку.

Алена Змітраўна. А чым канкрэтна вы думаеце займацца ў гэтай навуцы?

Пацяруха. Як — чым? Мы з Хведарам Пятровічам ужо і тэму дысертацыі ўзгаднілі. Ведаеце, як гучыць? «Лёс традыцыйных жанраў фальклору ў новых гістарычных умовах». Хведар Пятровіч кажа, што гэта вельмі дысертабельная тэма. Вельмі выйгрышная! (Пафасна.) Гэта будзе праца пра небывалы росквіт паэтычнай народнай творчасці ў перыяд пераможнага будаўніцтва!

Алена Змітраўна. Якую, прабачце, творчасць вы маеце на ўвазе?

Пацяруха. Як якую? Фальклор! Песні, казкі, легенды, быліны...

Алена Змітраўна. І што — гэтыя казкі, легенды, быліны ў нашы дні развіваюцца вельмі бурна?

Пацяруха (усміхаецца, круціць галавой). Ну, Алена Змітраўна, вы, відаць, проста жартуеце. У Хведара Пятровіча столькі публікацый пра сучасны фальклор, пра творчасць самадзейных паэтаў і кампазітараў... Хіба вы іх не чыталі?

Алена Змітраўна. Чытала. А вы, прабачце, самі да гэтых самадзейных паэтаў часам не належыце?

Пацяруха. Паэтам — калі ў поўным сэнсе слова — я сябе не лічу, але цяга да творчасці, калі казаць шчыра, ёсць! Асабліва карціць перарабляць на сучасны лад старыя народныя прыпеўкі, песні, прыказкі. Магу нават вам прызнацца: у сваім навуковым рэфераце, які я прадставіў у аддзел аспірантуры, я скарыстаў і некаторыя ўласныя пераробкі. І Хведару Пятровічу яны вельмі спадабаліся... Хочаце, я вам праспяваю некалькі абноўленых мною прыпевак? Калі, вядома, у вас ёсць жаданне...

Алена Змітраўна. А што — гэта, бадай, варта паслухаць. (Паварочваецца да Ганны Піліпаўны.) Як вы думаеце, Ганна Піліпаўна?

Ганна Піліпаўна. Паслухаем, калі ў чалавека такія таленты ёсць.

Пацяруха. Толькі я прывык пад гітару або балалайку... Без музыкі — не той эстэтычны эфект. Так што прашу зрабіць на гэта скідку.

Алена Змітраўна (да Ганны Піліпаўны). Ганна Піліпаўна, вы не выкінулі тую Федзеву балалайку?

Ганна Піліпаўна. Навошта яе выкідаць... Ляжыць там у верхняй шафцы, дзе гэны хлам усякі... Дастаць?

Алена Змітраўна. Дастаньце, калі ласка. (Ганна Піліпаўна выходзіць.) А як вы абнаўляеце традыцыйны фальклор — у якой меры і з якіх меркаванняў пры гэтым зыходзіце?

Пацяруха (упэўнена, баявіта). Мера ў мяне звычайна адна — пяцьдзесят працэнтаў. Абнаўляю роўна напалавіну. У прыпеўках гэта рабіць лягчэй за ўсё. Бяру старую прыпеўку — якую-небудзь папулярную,— два першыя радкі пакідаю, два апошнія замяняю новымі, сваімі. А з якіх меркаванняў зыходжу — дык гэта зразумела само сабой. (Пафасна.) Прыпеўка павінна загучаць па-сучаснаму, каб бачыўся вобраз новага чалавека, яна павінна несці яскравыя штрыхі нашай велічнай эпохі, у ёй павінен чуцца подых рэчаіснасці!..

Заходзіць з балалайкай Ганна Піліпаўна.

Ганна Піліпаўна (падаючы балалайку Пацяруху). Вось вам і струмант, грайце. Я ўжо не думала, што калі спатрэбіцца.

Пацяруха (бярэ балалайку). Дзякую. (Да Алены Змітраўны.) Ну, адным словам, зараз усё ўбачыце самі, Алена Змітраўна. Толькі не прад’яўляйце прэтэнзій да выканання — голас у мяне неважнецкі.

Алена Змітраўна. Прэтэнзій не будзе. Калі ласка.

Пацяруха (кранае струны). Расстроіліся трохі. Трэба падкруціць калкі... (Настройвае.) Ну, цяпер, здаецца, можна. (Адкашліваецца, аб'яўляе.) Прыпеўкі з майго навуковага рэферата. Умоўная назва «Та-ра-ра-гоп-чыкі!». (Яшчэ раз адкашліваецца, грае і пяе.)

 

Не скажу, якая дзеўка

На яліну лазіла:

Абадрала ўсё на свеце —

Шкіпінарам мазала!

 

Ой! (Заціскае балалайку, на твары ў ягоспалох. Алена Змітраўна апускае галаву, збянтэжана ўсміхаецца.)

Ганна Піліпаўна (рагочучы). А божа мой! Дык што ж ты тут абнавіў, чалавеча? Я ж гэтую прыпеўку паўвека назад чула — слова ў слова таксама было!..

Пацяруха (разгублена-вінаватым голасам). Алена Змітраўна! Даруйце, калі ласка! Гэта стары варыянт праскочыў. Я ненаўмысна!.. Разумееце, пакуль яшчэ не прывык да новага, дык машынальна старое з языка зрываецца... Дазвольце, я пачну спачатку.

Алена Змітраўна (іранічна ўсміхаючыся). Калі ласка.

Ганна Піліпаўна. Глядзіце ж, каб ізноў які стары вар’ят не праскочыў.

Пацяруха (адкашліваецца, грае і пяе):

 

Не скажу, якая дзеўка

На яліну лазіла:

Да Урала — ўсё Еўропа,

За Уралам — Азія!

 

Та-ра-ра-гоп-чыкі!

Чатыры хлопчыкі!

Чатыры дзевачкі,

Ды піянерачкі!

 

Не выходзьце, дзеўкі, замуж,

Замужам — нявесела.

У раёне ўсе рашэнні

Зацвярджае сесія!

 

Та-ра-ра-гоп-чыкі!

Чатыры хлопчыкі!

Чатыры дзевачкі,

Ды піянерачкі!

 

Ўсе дзяўчаты як дзяўчаты,

А мая — як рэзгіны:

Ад таго, што не глядзела

Галерэю ў Дрэздэне!

 

Та-ра-ра-гоп-чыкі!

Чатыры хлопчыкі!

Чатыры дзевачкі,

Ды піянерачкі!

 

Усё! (Заціскае рукой струны, падхопліваецца і па-акцёрску раскланьваецца. Алена Змітраўна і Ганна Піліпаўна весела смяюцца.) Ну, вось у такім плане я і апрацоўваю. (Зноў садзіцца.) Вам спадабалася?

Алена Змітраўна (не выдаючы іроніі). Вельмі. Я проста ў захапленні! Асабліва ад гэтай галерэі ў Дрэздэне. А цікава, між іншым, як тут было раней — у старым варыянце?

Пацяруха. Калі ласка, я магу праспяваць. Убачыце самі, што для сучаснай аўдыторыі — зусім не стасуецца. (Адкашліваецца, грае і пяе.)

 

Усе дзяўчаты як дзяўчаты,

А мая — як рэзгіны:

Усе спраўляюць вечарынкі,

А мая — дык хрэсьбіны!

 

Та-ра-ра-гоп-чыкі!

Чатыры хлопчыкі!

Чатыры дзевачкі,

Ды піянерачкі!

 

Вось так было да маёй апрацоўкі. Каментарыі, як кажуць, не патрэбны. Хіба можна ў такім святле падаваць вобраз нашай сучаснай дзяўчыны — перадавіка фабрычнай або саўгасна-калгаснай вытворчасці? Маладая, прыгожая дзяўчына — і раптам спраўляе хрэсьбіны! Гэта дзіка! Гэта нікуды не варта!.. А ў маім варыянце — зусім іншы паварот. Намёк для моладзі, што маральнае і духоўнае ўдасканаленне немагчыма без далучэння да мастацтва. Калі дзяўчына не хоча быць як рэзгіны — яна павінна хадзіць у тэатр, у музей, на канцэрты філармоніі, адным словам,— эстэтычна ўзбагачаць сябе. Дрэздэнская галерэя тут узята як паэтычны сімвал, можна было б і якую іншую назваць, але гэта добра пад рыфму кладзецца.

Алена Змітраўна (з прыхаванай іроніяй). Вось гэта здорава! Гэта проста унікальна!.. (Пацяруха глядзіць на яе пераможцам.) Скажыце — і многа ў вас ужо такіх абноўленых шэдэўраў?

Пацяруха. Многа! Прыпевак ужо з паўсотні, песень менш — дзесятка паўтара, а прыказак і прымавак — дык і не ведаю дакладна: цэлы вучнёўскі сшытак!

Алена Змітраўна. І вы думаеце — гэтыя новыя варыянты будуць жыць, народ іх падхопіць?

Пацяруха (з апломбам). Алена Змітраўна! Няўжо вы сумняваецеся? Спачатку мы пастараемся іх апублікаваць у якім-небудзь навуковым часопісе або нават у зборніку. Адтуль іх падхопяць радыё і тэлебачанне — а яны падхопяць з вялікай радасцю, гэта паверце ўжо мне. Ну, а затым — з эфіру і блакітнага экрана яны пяройдуць у самадзейныя калектывы, у мастацкія агітбрыгады і разнясуцца па ўсёй рэспубліцы. Гэта ж сучасны матэрыял для этычнага і эстэтычнага выхавання!

Алена Змітраўна. І Хведар Пятровіч так думае?

Пацяруха. Вядома! Іначай ён не згадзіўся б быць маім навуковым кіраўніком. Я ж вам казаў, што мы ўжо і тэму сфармулявалі: «Лёс традыцыйных жанраў фальклору ў новых гістарычных умовах».

Алена Змітраўна (ківае галавой, сумна-іранічна ўсміхаецца). Ну што ж, усё зразумела, таварыш Пацерухо. (Пасля невялікай паўзы.) Прабачце — яшчэ адно маленькае пытанне: а вы ўпэўнены, што паступіце ў аспірантуру? Канкурэнтаў у вас няма?

Пацяруха (радасна). Няма! Я іду адзін! Тут мне, можна лічыць, вельмі пашанцавала... Ну, а паступлю я ці не — гэта ўжо... залежыць толькі ад вас, Алена Змітраўна.

Алена Змітраўна (здзіўлена). Ад мяне? Чаму — ад мяне?

Пацяруха. Таму што два экзамены я ўжо здаў, застаўся толькі адзін — па нямецкай мове. І Хведар Пятровіч сказаў, што гэты экзамен у мяне будзеце прымаць вы, Алена Змітраўна. Вы будзеце галоўнай у камісіі.

Алена Змітраўна. О-о, перапрашаю вельмі, я і забылася. Сапраўды, дэкан прасіў мяне прыняць у бліжэйшыя дні экзамен у якогась прэтэндэнта на аспіранцкае месца. Значыць, гэта пра вас ішла гаворка. Ну што ж, вельмі прыемна. (Пераходзіць на нямецкую мову.) Ван волен зі дзізэ прюфунг абхальтэн? (Пацяруха глядзіць, і па твары відаць, што нічога не зразумеў.) Іх фраге, ван волен зі дзізэ прюфунг абхальтэн?

Пацяруха (з прыкметнай разгубленасцю). Прабачце, Алена Змітраўна, але... такія пытанні мне не па зубах. Мне ў інстытуце нямецкая мова давалася цяжка.

Алена Змітраўна. Як гэта — не па зубах? Я вам задала зусім лёгкае пытанне: калі вы хочаце здаваць экзамен? Гэта з праграмы няпоўнай сярэдняй школы. Што ж тут не па зубах?

Пацяруха (лісліва, амаль жаласліва). Гэта яно для вас лёгкае, Алена Змітраўна, а для мяне... Мне я прасіў бы вас даць на экзамене што-небудзь прасцейшае, ну, напрыклад: Анна унд Марта бадэн або вір фарэн нах Анапа... Такое я перакладу з ходу.

Алена Змітраўна (з вясёлым здзіўленнем). Вір фарэн нах Анапа?.. Вір фарэн нах Анапа! Мы едзем у Анапу! (Не стрымлівае смеху.) Цудоўна! Мы едзем у навуку... выбачайце — у Анапу!.. (Рагоча.) Жартаўнік вы, таварыш Пацерухо. Вір фарэн нах Анапа!..

Пацяруха (трохі разгублена). Я... не толькі гэту Анапу ведаю... І слоў і нават цэлых сказаў у мяне ў памяці багата. Калі ласка. (Пачынае сыпаць прыклады.) Дас кіндэр іст кляйн, дас цымер іст грос, іх габэ пфэрдала...

Алена Змітраўна. Што? Што? Як вы сказалі апошняе?

Пацяруха (няўпэўнена). Іх габэ пфэрдала.

Алена Змітраўна (ледзь стрымліваючы смех). А... што гэта значыць?

Пацяруха (збянтэжана). У мяне ёсць... кабыла.

Алена Змітраўна (заходзіцца ад рогату, аж слёзы на вачах). Ой, таварыш дарагі... (Ад смеху не можа гаварыць.) Я ўжо даўно так не смяялася. (Выцірае хусцінкай вочы.) Прабачце, калі ласка. Дзе вы пачулі гэтае пфэрдала? Хто гэта дадумаўся?

Пацяруха. Ведаеце... У нас у калгасе некалі старая кабыла была, і мой дзед толькі так яе называў, казаў — гэта па-нямецку. Ён у першую сусветную ў Германіі ў палоне быў, добра нямецкую мову ведаў...

Алена Змітраўна. Дас пфэрд — конь па-нямецку, таварыш Пацерухо, а кабыла — дзі штутэ. Ну, але добра, ліха з ім — і з гэтым пфэрдалам, і з Анапай. Адкажыце ўжо на нашай мове: калі вы хочаце здаваць нам экзамен?

Пацяруха (голас яго зноў набывае ўпэўненасць). У чацвер, Алена Змітраўна, я хацеў бы ў чацвер. Гэта будзе незвычайны дзень! У гэты дзень здзейсняцца дзве вялікія мары: мая і ваша!

Алена Змітраўна (аж падалася ўперад ад здзіўлення). І мая?

Пацяруха. Ну, вядома! Збудзецца ваша самая запаветная мара!

Алена Змітраўна (паціскаючы плячыма). Нічога не разумею. Якая мая запаветная мара? Што вы маеце на ўвазе?

Пацяруха (дакорліва ўсміхаючыся). Ох, і хітрая вы, Алена Змітраўна! Цэлы вечар сёння жартуеце! Як быццам і не ведаеце нічога. (Чаканячы словы.) У той жа дзень, калі вы прымеце ў мяне экзамен — а гэта значыць — я стану аспірантам,— у той жа дзень мой дзядзька Васіль Цярэнцевіч дае распараджэнне неадкладна, без чаргі, прадаць Хведару Пятровічу легкавую машыну «Масквіч» новай маркі! Вось так, Алена Змітраўна! І не хітруйце са мной, калі ласка! (Глядзіць на Алену Змітраўну пераможцам.)

Алена Змітраўна. Ах, вось яно што! А я, грэшным чынам, і не ведала, што ваш дзядзька... прабачце, што ў мяне — ёсць такая запаветная мара.

Пацяруха (ківаючы пальцам). Не хітруйце, Алена Змітраўна! Я сам чуў, як Хведар Пятровіч за сталом у майго дзядзькі гаварыў: «Алена Змітраўна ўжо колькі гадоў не можа дачакацца, калі я пасаджу яе ў сваю ўласную машыну і павязу за горад — на лясную палянку або на бераг ракі».

Ганна Піліпаўна (нецярпліва заварушыўшыся на тахце). Ой, божа мой, божа! Ажно слухаць моташна!..

Алена Змітраўна (з прытворным здзіўленнем). Ну, што вы, Ганна Піліпаўна? Гэта ж сапраўды цудоўна! (Тонам захаплення.) Садзімся ў новенькі «Масквіч» і — вір фарэн нах Анапа. (Рагоча.) Цудоўна! (Да Пацярухі.) Вы — на пфэрдале — у аспірантуру, мы — садзімся на «Масквіч» і — вір фарэн нах Анапа! Цудоўна! (Перастае смяяцца, устае з тахты.) Ну, жадаю вам поспеху, таварыш Пацерухо!

Пацяруха (таксама падымаецца, раскланьваецца). Дзякую, Алена Змітраўна! Шчыра дзякую! Я вельмі рады, што ў вас такі добры настрой, што ваша запаветная мара збудзецца. (Лёгка раскланьваецца і выходзіць.)

Алена Змітраўна (нейкі час стаіць у задуменні, пасля паварочваецца да Ганны Піліпаўны). Ну, як вам падабаецца гэты экземпляр?.. (Не чакаючы адказу.) Ведаеце, я проста не магу апомніцца. Няўжо гэта ўсё сур’ёзна? Няўжо Федзя сапраўды пацягне ў навуку такога варвара? Гэта ж варвар! Самы што ні ёсць варвар! Што ён робіць з творамі народнай паэзіі?.. У яго няма элементарнага мастацкага густу! зацятасцю ў тоне.) Ну, здаецца, гэты нумар не пройдзе. Калі Федзя пацвердзіць, што ўсё гэта праўда, то я не ведаю... я не ведаю, што я зраблю. Дарэчы, куды ён так спяшаўся з факультэта і дзе ён можа быць так доўга? (Глядзіць на Ганну Піліпаўну.)

Ганна Піліпаўна (збірае сваё вязанне, устае з тахты, пазяхае). Пайду я, Змітраўна, як той казаў, у люлю. Стамілася нешта... Ды і позна ўжо. Прыйдзе — спытайце самі, ці ён на лекцыях быў, ці, можа, яшчэ дзе... Добрай ночы вам! (Выходзіць.)

Алена Змітраўна (праводзіць Ганну Піліпаўну насцярожаным позіркам). Добрай ночы... (Застаўшыся адна, у задуменні.) Гм, чаму яна так сказала? З якімсьці падазроным намёкам... Аж неяк на душы нядобра зрабілася. Пайду — пакуль не заснула — папрашу растлумачыць. (Памкнулася пайсці, але каля стала спынілася.) Трэба і гэту папачку ўзяць з сабою — ці не з’яўляецца яна ключом да загадкі? (Забірае папку і выходзіць.)

Нейкую долю хвіліны сцэна пустуе. Затым паяўляецца Кутас. У руках у яго такая ж папка, якую прынёс Пацяруха.

Кутас (абводзіць позіркам пакой, прыслухоўваецца). Тэ-экс, сямейнічкі, здаецца, паселі ўжо на куросадні. Вельмі міла з іх боку! Вельмі прыемна, калі я вяртаюся, а яны пагрузіліся ўжо ў нірвану. (Кладзе папку на стол.) Гэта проста цудоўненька. Раніцай перажытае звечара здаецца далёкім, я ўжо буду зусім спакойны і нічога лішняга, непрадуманага не скажу. (Падыходзіць да трумо і з задавальненнем разглядае сваю фізіяномію.) Нічога лішняга не скажу! Як гэта там у Пацярухі ў рэфераце? (Ціха напявае.)

 

Не скажу, якая дзеўка

На яліну лазіла:

Да Урала — ўсё Еўропа,

За Уралам — Азія!

 

Та-ра-ра-гоп-чыкі!

Чатыры хлопчыкі!

Чатыры дзевачкі,

Ды піянерачкі!

Та-ра-ра-гоп...

 

(Бачыць у люстэрка, што ў дзвярах насупраць паявілася Алена Змітраўна. Корчыць грымасу здзіўлення і абарочваецца.) Дык ты яшчэ не клалася?.. А я паслухаў — ціха, ні гуку, падумаў, што вы ўжо на куросаднях.

Алена Змітраўна (спакойна, але патрабавальна). Дзе ты быў пасля дзевяці?

Кутас (прымае здзіўлены выраз). Як гэта — дзе я быў? Хіба ты не ведаеш, дзе я быў?

Алена Змітраўна (тым жа тонам). Не ведаю, таму і пытаю: дзе ты быў пасля дзевяці?

Кутас (стараецца ўтрымацца на лагодна-жартаўлівым тоне). Аленачка, што за допыт? У мяне сёння чатыры гадзіны на вячэрнім — з сямі да адзінаццаці. (Глядзіць на гадзіннік.) Якраз адзінаццаць гадзін.

Алена Змітраўна. Якую лекцыю ты чытаў пасля дзевяці?

Кутас (стараецца выкруціцца). Скажы мне спачатку, чаму ты ўчыняеш гэты допыт?

Алена Змітраўна. Я хачу ведаць, з кім пражыла столькі гадоў — з чалавекам ці хлусам і нягоднікам. Дык якую лекцыю ты чытаў пасля дзевяці?

Кутас (пераходзіць на злосць, рэзка). Лекцыю пра вобраз Васілісы Прамудрай у народных казках! выклікам.) Што далей?

Алена Змітраўна. Ты ўпэўнены ў гэтым?

Кутас (рэзка). Упэўнены!

Алена Змітраўна. Разгарні папку і паглядзі — ты памыляешся.

Кутас (на твары ў яго адбілася здзіўленне). Як гэта — я памыляюся? Што я — не помню, што я чытаў?

Алена Змітраўна. Выходзіць, што не помніш. Я прашу: разгарні папку і паглядзі.

Кутас (заінтрыгаваны яе настойлівасцю, ідзе да стала, але з паблажлівай усмешкай: маўляў, што з капрызнай бабай зробіш). Ты захацела павесяліцца насупраць ночы? Ну што ж... (Разгортвае на стале папку, вымае адтуль стос лістоў і падносіць да вачэй.)

Алена Змітраўна. Чытай уголас, каб я чула.

Кутас (чытае, голас паступова траціць упэўненасць, на твары адбіваюцца здзіўленне і разгубленасць). «Байка Крапівы «Сука ў збане» пачынаецца з характэрнай экспазіцыі: браты Сцяпан і Васіль косяць, а сука Фінця тым часам ляжыць за кустамі ў халадку». (Перастае чытаць.) Што за лухта? Як у маёй папцы магла апынуцца гэта сука Фінця? Хто мне яе падсунуў? У мяне была тэма: вобраз Васілісы Прамудрай, а не сукі Фінці. (Здымае верхні ліст і чытае на наступным.) «Эстэтычны аналіз байкі мы пачнём з пастаноўкі чатырох кардынальных пытанняў. Першае: што рабіла сука ў той час, як браты Сцяпан і Васіль касілі? Другое: з якой мэтай сука тунькалася каля касцоў? Трэцяе: каго трэба разумець у вобразе сукі? І чацвёртае: у якім грамадстве могуць быць такія сукі?»... Божухна! (Ашаломлены і абураны.) Гэта ж лекцыя Тараракі па сучаснай літаратуры! Гэта ж яго стыль і ўзровень! Хто гэта мог мне ўсучыць? (Глядзіць на Алену Змітраўну.)

Алена Змітраўна. Ты сарваў дацэнту Тарараку адкрытую лекцыю. У дзевяць у яго павінна была быць лекцыя, а ты схапіў яго папку і кудысьці збег. Тваю папку ён пераслаў сюды дзве гадзіны назад.

Кутас (глядзіць на папку, грэбліва адсоўвае яе на край стала, цяжка апускаецца на крэсла). Стары асёл!.. (Узлакаціўся на стол і абхапіў галаву рукамі.)

Добрую хвіліну цягнецца маўчанне.

Алена Змітраўна (спакойна, але настойліва). Ну, дык дзе і з якой мэтай тунькалася сука Фінця, ці як яе там завуць? (Кутас не падымае галавы і маўчыцьён ліхаманкава шукае выйсця са становішча.) Хведар Пятровіч, я пытаю, дзе і з якой мэтай тунькалася сука?

Кутас (устаўшы, з напушчаным шкадаваннем, але бадзёра). Ах, Алена-Аленачка! Я хацеў табе сюрпрыз зрабіць — ну, а калі так, то прыйдзецца выкласці ўсё зараз. (Радасна.) У чацвер мы з табой купляем «Масквіча»! Вось па гэтаму пытанню я і хадзіў да адной асобы.

Алена Змітраўна (глядзіць на яго доўга і ўважліва. Памаўчаўшы). Да дзядзькі Арнольда Пацярухі?

Кутас (здзіўлена). Ты... адкуль гэта ведаеш?

Алена Змітраўна. Сам Пацяруха сказаў. Ён быў тут: папку тваю па просьбе Тараракі прынёс. Тое, што ты робіш,— гэта нізка і агідна. Спадзяюся, ты задумаешся і зразумееш гэта. Я, аказваецца, вельмі кепска знаю, на што ты здатны. Я, напэўна, увогуле вельмі мала знаю. У мяне надта гідка на душы, але сёння я нічога больш не скажу. (Рэзка паварочваецца і выходзіць.)

Кутас (услед). Ды пачакай ты, Алена!.. (У гэты ж момант на тумбачцы зазвінеў тэлефон. Кутас нехаця падыходзіць да апарата і здымае трубку.) Слухаю! Хто? Тарарака?.. Што я нарабіў? (Хвіліну слухае моўчкі.) У вас усё?.. Цяпер паслухайце мяне. Скажыце, колькі гадоў вы чытаеце студэнтам гэты курс?.. Скора трыццаць?.. І за трыццаць гадоў не завучылі на памяць, чаго сука тунькалася каля касцоў? Без папкі не маглі абысціся? На пенсію вам пара, Язэп Саўкавіч, на пенсію! (Злосна кладзе трубку на апарат і вяртаецца да стала. Пастаяў хвіліну ў роздуме, паківаў галавой і, развёўшы рукамі, накіраваўся да дзвярэй.)

Заслона.

 

ЭПІЛОГ

На сцэну перад заслонаю выходзяць: з аднаго боку — Кутас, з другога — Пацяруха. На сярэдзіне сустракаюцца.

Пацяруха (з крыўдай у голасе, з роспаччу). Хведар Пятровіч! Я ўжо дзве гадзіны шукаю вас. Як гэта ўсё зразумець? Насуперак вашай... нашай дамоўленасці яна паставіла мне па нямецкай двойку!..

Кутас (горка ўсміхаючыся). Двойку... Двойка — гэта яшчэ паўбяды. Мне яна, браце ты мой, кол паставіла! Можна сказаць — асінавы!.. А двойка — гэта драбяза.

Пацяруха. Як — драбяза? Але ж гэта значыць, што ляснула мая аспірантура! Мая запаветная мара!

Кутас (разводзіць рукамі). Нічога ўжо, браце ты мой, не зробіш. Прыйдзецца табе пачынаць спачатку — праз год.

Пацяруха (з дакорам і асуджэннем). Хведар Пятровіч!.. Яшчэ тры дні назад вы мяне стукалі па плячы і казалі: ну, цяпер ужо можаш лічыць сябе аспірантам! А што ж выходзіць? Што праўду кажа старая прыказка: не кажы «гоп», пакуль не пераскочыў!..

Кутас. Гэтую старую прыказку, дарэчы, можна абнавіць. Да нашай сітуацыі, мне здаецца, лепей падыдзе такі варыянт: не кажы «гоп», не пагаварыўшы з жонкай. Запішы ў свой сшытак — на ўсякі выпадак. Можа, калі-небудзь спатрэбіцца. (Ляпае Пацяруху па плячы і пакідае яго.)

Пацяруха (уголас, марудна, як бы стараецца ўнікнуць у сэнс слоў). Не кажы «гоп», не пагаварыўшы з жонкай... А што? У гэтым, калі хочаце, ёсць вялікі сэнс. Прыказка вучыць, што складаныя пытанні трэба ўзгадняць з нашай сучаснай жанчынай — перадавіком фабрычнай і саўгасна-калгаснай вытворчасці. І абноўлена прыказка якраз на пяцьдзесят працэнтаў! Пайду запішу, пакуль не забыўся. (Пакідае сцэну.)

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Гілевіч Н. Начлег на буслянцы: П'есы.— Мн.: Маст. літ., 1980.— 176 с.
Крыніца: скан