epub
 
падключыць
слоўнікі

Ніл Гілевіч

За горла "свядомых"

На поўны размах яшчэ ў трыццаць сёмым

Нашы дзяды паказалі “свядомым”,

Дзе іх сапраўднае месца ў жыцці:

Там, дзе іх і касцей не знайсці.

 

Затым — ува ўсіх у наступных сёмых

Нашы бацькі дабівалі “свядомых”.

Ой, шчыравалі! Але як назло —

Стала іх нават больш, чым было!

 

Цяпер ужо нам, унукам і дзецям,

Прадоўжыць работку іх давядзецца.

Бо нельга інакш! Бо знаем даўно мы:

Страшны народ —

Калі ён свядомы!

 

Такому любыя пагрозы — дармо.

Такога нічым не загнаць у ярмо!

А ў нас жа толькі адно і на ўме:

Каб ён хадзіў, як вол, у ярме

І быў задаволены цэбрам пойла, —

Каб мы наядалі морды спакойна.

 

Таму і гукаем, не знаючы стомы:

За горла, за горла бярыце “свядомых”!

Хто з намі і хоча у радасці жыць —

За горла павінен “свядомых” душыць!

 

2001, травень


2001

Тэкст падаецца паводле выдання: Гілевіч Н. Замова ад страху. Новая кніга паэзія. -- Мінск: Медысонт, 2009
Крыніца: http://kamunikat.org/halounaja.html?pubid=13519