epub
 
падключыць
слоўнікі

Ніл Гілевіч

Забяспечым маме здароўе

ЭПІЛОГ


 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Курашчуп Міхась Антонавіч — выкладчык гуманітарнага факультэта, гадоў 35.

Карчэўская Соня — абітурыентка гэтага ж факультэта, не больш 20 гадоў.

Сакратарка прыёмнай камісіі інстытута, гадоў пад 50.

 

Дзея адбываецца ў кватэры Курашчупа. У гасціны пакой заходзяць Соня і за ёй гаспадар. Соня — у сціплым цёмным гарнітуры, з невялікай, на доўгім рэмені, сумкай пры боку. Курашчуп — у дарагім джэмперы, пад гальштукам, з папкай у руцэ. Соня нясмела спынілася каля дзвярэй. Курашчуп кідае папку на тахту і запрашае Соню сесці.

Курашчуп. Смялей, смялей! Праходзьце і сядайце, як дома. (Паказвае рукой на тахту.) Вось тут, калі ласка! Тут зручней будзе.

Соня. Дзякую, я пастаю тут, пакуль вы... знойдзеце кніжку.

Курашчуп. Э, не! На што ж гэта будзе падобна! Такая госця і будзе стаяць у парозе. Прашу, прашу! (Бярэ далікатна за локаць і вядзе да тахты. Соня садзіцца, сумку кладзе побач.) Ну, вось, цяпер ведайце, што вы — мая дарагая госця! Я падкрэсліваю — дарагая госця! Незвычайная!

Соня (бянтэжыцца, круціць галавой). Не, Міхась Антонавіч, гэта няпраўда... Я — самая звычайная. Я — яшчэ ніхто, нават прафесіі не маю. І нічога не ведаю... Я слухала вас там, на эстрадзе, і думала... (запнулася і змоўкла).

Курашчуп (зацікаўлена, ласкава). Гаварыце, гаварыце, не бойцеся. Што б вы там ні падумалі — мне будзе прыемна. Гаварыце!

Соня. Я думала: якія разумныя людзі ёсць на свеце! Як яны многа ведаюць і як умеюць расказваць! Вы так гаварылі, Міхась Антонавіч, так гаварылі, што я сядзела, як зачараваная... Асабліва — пра космас, пра лятаючыя талеркі, пра жыхароў іншых планет і пра іх візіты на зямлю... Якія шчасліўцы тыя, што могуць вас слухаць часта!..

Курашчуп (садзіцца на тахце, досыць блізка да Соні). Але вы майце на ўвазе: я ніколі не выступаў з такім натхненнем, як сёння. І ведаеце чаму? (Глядзіць запытальна. Соня паціскае плячыма.) Не здагадваецеся?

Соня (апускае вочы). Не ведаю...

Курашчуп. Ды толькі таму, што сярод прысутных сядзелі вы! (Соня здзіўлена падымае галаву.) Так, так, так, Сонечка, не здзіўляйцеся. Як убачыў вас на першым радзе — так і азарыла мяне! Ну, думаю, вось гэтай чароўнай прыгажуні я і прысвячу сёння сваю лекцыю.

Соня (трохі разгублена, сарамліва). Міхась Антонавіч, не жартуйце так... Я нічым не заслужыла вашай увагі. Я нават і на лекцыю трапіла выпадкова. Здала ў прыёмную камісію дакументы, выйшла на вуліцу, пакрочыла і — неяк непрыкметна апынулася ў парку. Чую: на эстрадзе аб’яўляюць, што зараз будзе вельмі цікавая лекцыя. Я і прымасцілася на пярэднім радзе...

Курашчуп. Сам бог вас паслаў мне, Сонечка! Але што ж гэта мы так сядзім, як быццам у мяне няма чым пачаставаць такую дарагую госцю? Зараз я штось арганізую — адну хвіліначку, калі ласка, адну хвіліначку! (Падхапіўся і падцягвае да тахты газетны столік.)

Соня (таксама спрытна паднялася). Ды нічога не трэба, Міхась Антонавіч! Я толькі зайшла, каб... Вы сказалі, што падпішаце мне сваю навуковую кнігу. А так бы я ніколі не адважылася... Ну, не трэба, вельмі прашу вас — не трэба...

Курашчуп (наўмысна насуплена). Што? Каб такая госця асудзіла мяне за негасціннасць? Э, не! А кнігу я падпішу! (Здымае з паліцы тоненькую брашурку.) Кніга — вось, паглядзіце тым часам, а я — на адной назе на кухню. Толькі вы сядзьце, сядзьце, калі ласка! (Амаль сілай усаджвае Соню на ранейшае месца і выходзіць на кухню. Соня разглядае брашуру. Неўзабаве Курашчуп паяўляецца з падносам, на якімарыгінальная бутэлька каньяку, два кілішкі і цукеркі ў цукерачніцы.) Так, вось цяпер мы і пагаворым канкрэтна пра вашы справы. (Ставіць паднос на столік.) Але спачатку — па адным кілішку за знаёмства. (Садзіцца побач і налівае ў кілішкі каньяк.) Прашу!

Соня. Навошта ўсё гэта, Міхась Антонавіч?.. Ведаеце, мне проста сорамна, што вы, такі чалавек, і траціце час...

Курашчуп (перабівае). Ніякага «сорамна»! Чуйцеся са мною зусім проста, як быццам мы даўнія і блізкія сябры! Прашу! За нашу сустрэчу і знаёмства!

Курашчуп куляе да дна. Соня адно прыгубіла і паставіла.

Э, не! Толькі чыста! А то што ж гэта за знаёмства будзе? Толькі чыста, Сонейка!

Соня. Не магу я, Міхась Антонавіч... Ды мне і да экзаменаў рыхтавацца трэба. Я дужа хвалююся. Калі і гэты раз...

Курашчуп (перабівае). Да экзаменаў? Лічы, што ты ўжо студэнтка. (Шматзначна глядзіць на Соню.)

Соня. Не, Міхась Антонавіч, я, відаць, і сёлета правалюся. Мусіць, я ўжо такая нешчаслівая нарадзілася...

Курашчуп. Ты ж чула, што я сказаў? (Выразна.) Лічы, што ты ўжо паступіла. Ты ўжо студэнтка. Разумееш?

Соня. Як гэта?

Курашчуп. А так! (Зачаравана ўсміхаецца ёй.) Сумняваешся? У такім разе прашу выслухаць усю неабходную інфармацыю. Але спачатку — абавязкова выпі да дна гэты боскі напітак! Іначай — ніякай размовы! Так, так! Прашу, прашу! Што такое для маладой здаровай дзяўчыны кілішак каньяку? Як сабаку муха! Пардон — слова не тое выскачыла. Давай! Разам, калі адна баішся. (Налівае свой кілішак, чокаецца з Соняй і куляе ў рот. Соня адпівае да палавіны.) Ага! Ну, так ужо лепш. А цяпер — кусай цукерачкі і слухай. Справа ў тым, Сонейка, што без дапамогі, самастойна, табе з такім атэстатам усё адно не паступіць. Разумееш?

Соня. Але я вельмі шмат рыхтавалася!.. Вы лічыце мяне такой няздатнай?

Курашчуп. Дзівачка! Што тваё рыхтаванне і што твая здатнасць, калі конкурс — трынаццаць чалавек! Трынаццаць чалавек на адно месца! Тут і медалісты пасыпяцца, як тыя блохі з сабакі, а не то што!.. Пардон за параўнанне, знаеш, я часам люблю такое трапнае слоўца ўставіць... Але ты — паступіш. Ты — ужо студэнтка, зразумела? Гэта кажу табе я — Міхась Антонавіч! Не забывай, што я сам — выкладчык факультэта, на які ты падала дакументы. Апрача таго — дэкан факультэта мой блізкі сябра. Калі ўжо бог цябе паслаў да мяне ў госці, то з удзячнасці богу я цябе ў крыўду не дам! Будзеш студэнткай!

Соня (уздыхнуўшы, соладка марачы). Ой, якая б я была шчаслівая! Міхась Антонавіч! Вы нават не ўяўляеце, як я хачу паступіць да вас вучыцца!.. А як бы ўзрадавалася мама! Гэта ж я ўжо трэці раз паступаю. Трэці раз запар!

Курашчуп. А вось за гэта — за тваё шчасце — мы і яшчэ па кілішачку асушым. (Налівае.) І каб мама была рада! А як жа! Мама абавязкова будзе рада! Прашу! За тваё шчасце і за маміну радасць. Ну! Дзербалызнем, Сонейка!

Соня (з мальбой у голасе). Толькі я капялютачку, я не магу столькі...

Курашчуп (прытворна пагрозліва). Со-ней-ка! Гэта ж грэшна — не выпіць кілішак за радасць мамы! Мама ж твая спадзяецца, што ты гэты раз паступіш!

Соня (шчыра, даверліва). Ведаеце, мама так перажывае, што аж захварэла. Яна ў мяне наогул нездараўчаная, слабая ад прыроды. Сардэчніца. А цяпер так хвалюецца за мяне, што зусім злягла. Кажа: калі Соня не паступіць — не перажыву. Гэта яна так маёй цётцы сказала, а я ненаўмысна пачула. Бацькі няма ў нас — з мамай удваіх жывём.

Курашчуп (зноў падымае кілішак, пафасна). Дык забяспечым маме здароўе! Цяпер ужо гэта залежыць толькі ад нас з табою. Разумееш? Што трэба маме, каб быць здаровай? Радасць ёй трэба! Радасць за дзіця сваё. Гарантуем ёй радасць і забяспечым здароўе! Ды што здароўе! Мы ёй жыццё прадоўжым! Так, так, маё мілае Сонейка! Прашу: за тое, каб мы прадоўжылі маме жыццё. (Скандуе.) За маміна даўгалецце! Ура! (Выпівае. За ім услед адпівае глыток і Соня.) Малайчына! Во — ажно шчочкі паружавелі! Табе, канешне, гаварылі хлопцы, якая ты прыгожая?

Соня (сарамліва ўсміхаючыся). Я не прыгожая, Міхась Антонавіч. Так, на тры з мінусам, можа, і пацягну...

Курашчуп (прытворна сярдзіта пярэчыць). О-лё-лё-лё-лё! На тры з мінусам! На ўсіх пяць і нават з вялікім плюсам! Гэта кажу я — Міхась Антонавіч! А што сляпцы не бачаць тваёй прыгажосці — тым горш для іх. Ах ты, мой жаўраначак звонкагалосы! Дай жа ты мне сваю шчочку! (Падсоўваецца да Соні і цмокае ў шчаку.)

Соня (засаромелася, ціха). Дзякую, Міхась Антонавіч...

Курашчуп (здзіўлена). За што?

Соня. За тое, што вы такі добры... Вы такі вучоны чалавек і раптам... Мне проста не верыцца. ..

Курашчуп (какетліва). Ну, тут ужо я не вінаваты. Перад такім цудам прыроды, як ты, і найвялікшы карыфей навук здаўся б!.. (З напушчанай журбой і шчырасцю.) Эх, Сонейка! Калі б ты ведала, як доўга і страшна я сумаваў па табе! Як мне цябе не хапала!

Соня (насцярожылася, не адразу). Мяне?.. (Курашчуп працінае яе вачыма і ківае галавой.) Міхась Антонавіч, але ж вы мяне ніколі раней не бачылі.

Курашчуп. Не бачыў? Я цябе бачыў тысячу разоў кожны дзень і столькі ж кожную ноч, маё ўяўленне абмалявала цябе дакладна такой, як ты ёсць. Нават гэтая мілая радзімачка каля носіка мярэшчылася мне і свяціла ў мае цёмныя пакутныя ночы, як ясная зорка! Дай жа я пацалую гэтую зорачку лёсу майго! (Спрытна падсоўваецца, абдымае Соню і цалуеспачатку ў радзімку на шчацэ, а потыммоцна ў губы.)

Соня (калі Курашчуп адпусціў, закрывае на хвіліну твар далонямі, не падымаючы вачэй). Нашто вы так, Міхась Антонавіч... Не трэба так... (Падымаецца з тахты.) Прабачце мне, я пайду... (Спрабуе выйсці з-за століка, Курашчуп хапае за руку.)

Курашчуп. Ды ты што? Сонейка? Хіба жанчына павінна крыўдзіцца на мужчыну за ўвагу і пяшчоту? Тым больш калі яны ад шчырага сэрца? Сядзь, калі ласка, сядзь! (Соня садзіцца, нейкі час уважліва глядзіць на Курашчупа, потым апускае вочы долу.) Ты ўжо не малая, не школьніца... Дык пара больш цвяроза глядзець на рэчы. Ды і пра маму помніць. Пакідаць маму хворай — мы з табою не маем ніякага права! (Спахапіўшыся.) Ага, я ж не падпісаў табе кніжку! Ты ўжо і забылася? Падай яе сюды, калі ласка. (Соня падае брашурку. Курашчуп разгортвае яе і піша.) Вось так: што на сэрцы — тое і ў аўтографе. (Чытае надпіс.)

 

Табе, чароўнай госці,

Пішу ўсім сэрцам я:

Ты — сімвал прыгажосці,

Багіня ты мая!

 

Прашу! (Падае брашурку Соні).

Соня (беручы брашурку). Дзякую, Міхась Антонавіч. .. Толькі я ніякая не багіня. Я — звычайная, Міхась Антонавіч, зусім звычайная. У школе нават на медаль не выцягнула... (Кладзе брашурку ў сумачку.)

Курашчуп. Ой-лё-лё-лё! Зноў ты сваё вядзеш! Звычайная!.. Калі б ты была звычайная — я не прысвяціў бы табе столькі вершаў. Ты ведаеш, колькі я напісаў пра цябе вершаў? Цэлы сшытак! Агульны! На сто лістоў! Сто лістоў маіх начных пакут і бяссонніц, мар і летуценняў маёй душы і сэрца!

Соня (глядзіць устрывожана, разгублена). Пра мяне... вершы?

Курашчуп. Пра цябе, Сонейка! Цэлы сшытак!

Соня. Дык вы яшчэ і... паэт?

Курашчуп. Як табе сказаць?.. У друку я сваіх вершаў не змяшчаю і зборнікаў не выдаю. Мае вершы — асобага зместу і прызначэння. Я апублікую іх, абнародую на ўвесь свет толькі тады, калі на гэта дасць дазвол абранніца майго сэрца. І абнародую з прысвячэннем ёй, зразумела. Каб усе ведалі, каму я абавязаны гэтай кнігай, хто маё сапраўднае натхненне!

Соня (заінтрыгаваная, нясмела). Прачытайце, калі ласка, што-небудзь...

Курашчуп. З вялікай прыемнасцю. Я столькі чакаў гэтай шчаслівай хвіліны, калі ты будзеш слухаць запаветную песню маёй душы. (Устае, прымае позу акцёра і ненатуральна-надрыўным голасам дэкламуе.)

 

Твой гнуткі стан, тваё аблічча,

Спакусных вуснаў зорны цвет —

Няйначай космас вабіць, кліча

І засланяе мне сусвет.

Тваёй красой, нібы каметай,

Я любаваўся б дзень і ноч.

Зляці ж ка мне ў талерцы з неба

І дай нырнуць мне ў бездань воч!

Насмерць нырнуць!..

 

(Садзіцца на тахту.) Ну, як? Што ты скажаш?

Соня (паціскае плячыма, усміхаецца). Здаецца, хораша...

Курашчуп. Ты звярні ўвагу на гэты апошні абарваны радок: «Насмерць нырнуць!..» Нырнуць — і ўсё! Верш абрываецца. Паўрадка — і шматкроп’е. Але адчуваеш, якая сіла пачуцця за гэтым?..

Соня. Гэта — як у вершы Някрасава памяці Дабралюбава: і там канчаецца абарваным радком... Настаўніца, помню, тлумачыла, для чаго гэта...

Курашчуп (скісліўшыся). Э-э, там зусім другое! Там няма належнай кандэнсацыі асацыяцый і рэальных рэліквій рэчаіснасці. Эмацыянальнай субстанцыі там не адпавядае эквівалентнасць формы. Увогуле, хачу табе сказаць, што пісаніну продкаў-дзядоў пераацэньваць не трэба! Архаіка! Не забывай, што мы жывём у век лятаючых талерак! Але не пра гэта сказ. Мяне цікавіць: ці дазволіць мне абранніца майго сэрца выдаць гэтыя вершы асобнай кнігай з прысвячэннем ёй?

Соня (нейкі час глядзіць Курашчупу ў вочы, апускае галаву). Не жартуйце так, Міхась Антонавіч... Вы жартуеце, а я... не знаю, як і адказваць на такія жарты. .. Дазвольце мне пайсці, Міхась Антонавіч. Пара мне. А то магу на аўтобус спазніцца...

Курашчуп. А ты не едзь сёння дадому наогул. Начуй тут. Я пайду да сябра перасплю, каб ты не саромелася, а ты заставайся тут гаспадыняю. І наогул, пакуль будуць ісці экзамены, ты можаш жыць тут. (Украдліва-саладжава.) А я буду памагаць рыхтавацца табе.

Соня (амаль з пакутай на твары). Нашто вы такое гаворыце, Міхась Антонавіч! Прабачце, я проста не разумею... вы такое мне прапаноўваеце... Ой, я, відаць, упілася, як у нейкім сне ўсё роўна...

Курашчуп. Наадварот! Гэта таму, што ты зусім мала выпіла. (Налівае ў кілішкі каньяк.) Каб сон развеяўся — прашу! (Працягвае Соні кілішак.)

Соня (спалохана адхіснулася). Што вы! Міхась Антонавіч! Я і так ап’янела. Не магу я больш.

Курашчуп. Як гэта не магу? Ты адмаўляешся са мною выпіць гэтую смакату? А хто ж забяспечыць маме здароўе? Га? Хто прадоўжыць маме жыццё, калі не мы з табою?

Соня. Міхась Антонавіч, злітуйцеся, я сапраўды не магу болей. У мяне і так кружыцца галава, гэта вельмі моцны напітак...

Курашчуп. Напітак — саміх багоў! Французскі! Самы дарагі з усіх, што ў нас бывае. Хаваў спецыяльна для гэтага дня — ведаў, што ён прыйдзе, гэты шчаслівы дзень, і з ім прыйдзеш у мой дом — ты. Прашу — за маміна здароўе і даўгалецце! Хоць колькі можаш — калі не да донца! (Соня бярэ кілішак і крыху адпівае. Курашчуп кульнуў у рот, як у халяву.) Ну, а зараз я пастаўлю музыку. Ты Элвіса Прэслі паважаеш, не?

Соня. Не ведаю... можа, я не чула такога?

Курашчуп. Гэта быў кароль рок-эн-рола. На жаль, задраў капыты нечакана.

Ля дзвярэй на тумбе звоніць тэлефон. Курашчуп ідзе і бярэ трубку.

Алё!.. Ды не, кватэра! (Хацеў пакласці трубку, але зірнуў на Соню і загаварыў прытворна-заклапочана.) Ах, гэта вы, Васіль Паўлавіч? Даруйце, не адразу пазнаў. Так, так... Вядома. Вельмі прашу прабачыць, але зараз я не магу. Я разумею, што справа — важная, дзяржаўная, але я цяпер заняты справай яшчэ больш важнай і таксама дзяржаўнай. (Падміргвае Сонівось, маўляў, як я адбіваюся.)

Соня (устае, адыходзіць да акна. Сама сабе). З-за мяне адмаўляецца ад нейкай дзяржаўнай справы... Ой, мамачка, што гэта за дзень сёння! І што са мною робіцца? Здаецца, я пачынаю траціць памяць...

Курашчуп. Я вас зразумеў, Васіль Паўлавіч. Але прыйсці не магу. Усяго вам добрага. Да пабачэння! (Кладзе трубку, падыходзіць да Соні.) Чула? Хацелі сапсаваць мне такое свята. Я, можа, гэтага свята дзесяць гадоў чакаў, і калі яно нарэшце прыйшло ў мой дом — яны гатовы яго тут жа азмрочыць і зліквідаваць. Не ўдасца!

Соня. Міхась Антонавіч, прабачце, але, можа, вам сапраўды лепш пайсці... Мне вельмі няёмка... Выходзіць, што гэта я адрываю вас ад дзяржаўнай справы...

Курашчуп. Ну, не! І не падумаю! Скажы, маё мілае Сонейка: мае права Міхась Антонавіч на асабістую радасць? Ці не мае? Ці яму толькі дзяржаўныя справы рашаць? М-м? Я ж таксама жывы чалавек. Ці не праўда?

Соня (ківае згодна галавой). Вядома... Толькі мне няёмка, што...

Курашчуп (перабівае). А для цябе ў маім доме не павінна быць ніякай няёмкасці! Ніякай няёмкасці! Пускаем музыку і будзем святкаваць маё вялікае свята! (Уключае радыёлу. Чуецца вясёлая, у зухаватым рытме музыка.) Прашу!

Бярэ Соню за руку, выводзіць на сярэдзіну пакоя, і яны пачынаюць танцаваць модны сучасны танец. Ён — асабліва заядла і з прэтэнзіяй на экстра-клас. Яна — напачатку зусім сарамліва і сціпла, але, паддаючыся музыцы і маладому азарту, паступова таксама віхляецца ўсё больш смела. У той самы момант, як выключылася пласцінка, Курашчуп хапае Соню ў абдымкі, моцна, як клешч, упіваецца ў яе губы, доўга цалуе і валачэ на руках да тахты. Зразумеўшы яго намер, Соня з усіх сіл супраціўляецца, упіраецца нагамі, выгінаецца, спрабуючы вызваліцца. Нарэшце ёй гэта ўдаецца, і першае, што яна робіць — пляскае яму з сілай па мордзе. Курашчуп на момант аслупянеў. Такога пратэсту ён зусім не чакаў. Спалохалася, апомніўшыся, і Соня.

Соня (адступіўшы крокі два назад, задыханая). Я ж вас прасіла!..

Курашчуп (паціраючы шчаку). Ты... гэта што?

Соня (ва ўзрушэнні). Я ж вас прасіла: не трэба!.. Не трэба гэтак!..

Курашчуп (з падаўленым гневам). Ты — што? Наіўная дзяўчынка? Ці, можа, Тацяна Ларына? Ужо «другому отдана и буду век ему верна»? Так?

Соня (ківае галавой). Так... Я хацела сказаць вам адразу і — не рашылася. У мяне ёсць... я дружу з адным... Я... не магу так, як вам трэба... Не магу! Зразумейце ж вы гэта! (Паварочваецца да тахты, хапае сумку і кідаецца да дзвярэй.)

Курашчуп. Мінутку! (Даганяе Соню, хапае груба за плячо, заступае дарогу.) Мінутку! (Соня спынілася.) А як жа будзе з паступленнем на наш факультэт? І з маміным здароўем? (Здзекліва.) У такім разе з выздараўленнем мамачкі давядзецца пачакаць. Няскора яна ў цябе паправіцца, сардэчная, няскора!

Соня (зразумела, на што намякае Курашчуп, на твары ў яе адбілася пагарда і непрыязнь). Вы хацелі памагчы мне за такую цану? Каб я... заплаціла сваім сумленнем і годнасцю?.. Шчыра дзякую. Не трэба клопатаў. Я... сама паступлю. Я добра падрыхтавалася.

Курашчуп (непрыемна, іранічна хехекае). Падрыхтавалася! Во, святая прастата, га! нядобрай ухмылкай, уедліва.) Не паступіш. Гэта кажу табе я, Міхась Антонавіч! (Амаль па складах.) Не паступіш! Сто разоў будзеш здаваць і не паступіш! Да другога сашэсця Хрыста! Зразумела?

Соня (не адразу). Не зразумела. Чаму вы так упэўнены, што я не паступлю?

Курашчуп (усё з той жа ўхмылкай, у самы твар Соні). Таму, Сонечка, што пра гэта паклапачуся я. Я зраблю ўсё, каб ты не паступіла. М-гы! Хоць на пяць з плюсам будзеш ведаць — не пройдзеш. У прыёмнай камісіі, Сонечка, мае блізкія сябры, і яны зробяць табе маленькі чык-чырык. Харакірчыкі. М-гы. Цяпер зразумела?

Соня (пацямнеўшы тварам). За што?

Курашчуп (усё тым жа тонам). За тое, Сонечка, што ты не разумная. Табе сёння выпала шчасце — атрымаць гарантыю на паступленне і забяспечыць мамусі здароўе. Але ў цябе няма розуму ацаніць гэта. А можа, ты пагарачылася? Га? Тады забудзем пра дробны інцыдэнт, хадзем да стала і прадоўжым размову. (Хоча ўзяць Соню за руку, але яна рэзка адводзіць руку за спіну.)

Соня (з цяжкасцю перамагаючы агіду і абурэнне). Не пагарачылася... Скажыце, калі ласка, на факультэце многа такіх, як вы?

Курашчуп. Якіх, Сонечка?

Соня (горача, з нянавісцю). Такіх амаральных і разбэшчаных тыпаў, такіх цынічных і агідных пашлякоў, такіх мярзотных і подлых нахабнікаў, што хабар за паступленне бяруць дзявочай чэсцю і годнасцю! Многа вас такіх сярод выкладчыкаў?

Курашчуп (мяняючыся з твару, адкінуўшы грымасу далікатнасці). Зеляпуха! Хто табе даў права? Ты з кім размаўляеш і дзе знаходзішся?

Соня. Вы далі права! Дык вось: калі нават вы адзін такі на факультэце — я не хачу ў вас вучыцца і не стану да вас паступаць! А тым больш калі і вашы сябры такія. І забярыце назад вашу навуковую кніжку — я сто гадоў яе чытаць не буду! (Вымае з сумкі брашурку і шпурляе яе на падлогу.) А яшчэ... калі будзеце ўспамінаць гэту хвіліну — ведайце, што мне вельмі хацелася плюнуць у вашы нахабныя, блудныя вочы! (Абходзіць Курашчупа і цвёрдым крокам ідзе да дзвярэй.)

Курашчуп (наўздагон Соні). Прэч! Прэч, дурніца! Бач, цаца мне якая знайшлася! Я табе плюну! Я табе так плюну, што й не вытрышся! (Соня ўжо гэтага не чуеяна выйшла. Курашчуп з прыкрасцю сплёўвае, падымае з падлогі сваю брашурку, абдзьмухвае і расхінае на тытульным лісце. Сам сабе.) Добра, што не напісаў яе імя і прозвішча і не сапсаваў тым самым экземпляр. Можна будзе якой другой падсунуць, больш пакладзістай. Ад такога подпісу ўжо не адна млела і яшчэ не адна разамлее. (Запіхае брашурку між кніг на паліцы. Ідзе да століка.) Гы, авечка бязрогая, думала, што я сапраўды французскім каньяком яе частую. (Бярэ бутэльку ў рукі.) У гэтай бутэльцы ўжо неаднойчы пабываў і малдаўскі, і грузінскі, і армянскі — і ні разу вышэй трохзорачнага. (Задаволена хехекае.) Гэта бутэлечка яшчэ мне паслужыць. (Бярэ кілішак, з якога піла Соня, і рэшткі каньяку вылівае назад у бутэльку.) Вось так, дабро прападаць не павінна. Пакуль вернецца жонка з адпачынку — яшчэ спатрэбіцца. (Паглядзеў на святло, ці многа ў бутэльцы, і пайшоў з падносам на кухню.)

Заслона.

 

ЭПІЛОГ

Пакой прыёмнай камісіі інстытута. За сталом — сакратарка. Заходзіць Соня.

Соня. Добры дзень.

Сакратарка. Дзень добры. (Не адразу.) Слухаю вас.

Соня. Я прыйшла забраць свае дакументы.

Сакратарка. Ваша прозвішча?

Соня. Карчэўская, Соф’я Адамаўна.

Сакратарка. Даўно падавалі?

Соня. Два тыдні назад. Самая першая ў гэтым годзе.

Сакратарка. Самая першая? Значыць, не вагаліся ў выбары, абдумалі добра, загадзя.

Соня. Быў час абдумаць. У трэці раз ужо збіралася...

Сакратарка. Трэці раз? То ж вы моцна хацелі ў нас вучыцца?

Соня. Не ведала, дык і хацела.

Сакратарка. Чаго — не ведала?

Соня. Не ведала, што ў вас такія выкладчыкі працуюць.

Сакратарка (уважліва паглядзеўшы на Соню). Прысядзьце, калі ласка. (Соня садзіцца на крэсла.) Зараз разбяромся. (Ідзе да шафы, знаходзіць папку з дакументамі Карчэўскай і вяртаецца да стала. Садзіцца, разгортвае, пераглядае.) Атэстат у вас добры, сярэдні бал — чатыры з палавінай... Характарыстыка з месца працы вельмі пахвальная... Бацькі няма, толькі мама... (Падымае вочы на Соню.) Дык чым вам не падабаюцца нашы выкладчыкі? І адкуль вы іх ведаеце, калі яшчэ не вучыліся ў нас?

Соня. Ведаю... (Ківае на папку.) Можна забраць?

Сакратарка. Я прашу прабачэння, але... Вы зрабілі такую сур’ёзную заяву, такую назвалі прычыну, чаму забіраеце дакументы, што... давядзецца вам пагаварыць з нашым начальствам: з дэканам ці з яго намеснікам.

Соня (узбуджана). Навошта? Я не хачу ні з кім гаварыць! Я паеду паступаць у іншы горад. У Ленінград паеду.

Сакратарка. Ваша справа, вядома, куды вам паступаць вучыцца. Але скажыце: якіх нашых выкладчыкаў вы мелі на ўвазе, калі рабілі такую заяву? Скажыце мне, і, можа, не давядзецца гаварыць з начальствам.

Соня (рэзка, громка). Вашага Курашчупа, Міхася Антонавіча, мела на ўвазе! Ён сапраўды курашчуп, а не выкладчык!

Сакратарка (з палёгкай усміхнуўшыся). Так бы адразу і сказалі — Курашчупа. А то — выкладчыкі, выкладчыкі... Курашчупа ў нас ужо няма, больш ён тут не працуе.

Соня. Не працуе?

Сакратарка. Так, не працуе. Тыдзень назад на апошнім вучоным савеце ён не прайшоў па конкурсу — праваліўся з вялікім трэскам.

Соня. А сябры? Хіба сябры яго не падтрымалі?

Сакратарка. Якія сябры? На нашым факультэце сяброў у яго быць не можа. Проста некаторыя не ведалі, што гэта за птушка, але калі даведаліся... А ўвогуле ён трапіў быў да нас па непаразуменню. Ну, вось, і пайшоў туды, адкуль прыйшоў. (Усміхаючыся.) Дык пакінем дакументы ў папачцы?

Соня (шчасліва ўздыхнуўшы). Пакінем... У такім разе — пакінем... Буду паступаць да вас.

Сакратарка. Паступайце. Буду рада ўбачыць вас восенню сярод студэнтаў. (Кладзе папку з дакументамі ў шафу, вяртаецца да стала і бачыць, што Соня сядзіць, аб нечым задумалася, не развітваецца.) У вас яшчэ якое-небудзь пытанне ёсць?

Соня. Прабачце, вы сказалі, што ён пайшоў туды ж, адкуль прыйшоў. А адкуль ён прыйшоў да вас, адкуль ён узяўся гэтакі?

Сакратарка. Ды гэта я так, да слова. Прымаўка такая ёсць: паганаму прыблуду-валацугу кажуць: а ідзі ж ты, чалавеча, дзе ты дагэтуль быў! А адкуль быў прыцёгся да нас Курашчуп і адкуль наогул такія бяруцца, я гэтага не ведаю. (Паўза. Усміхнулася.) Паступайце, вучыцеся, можа, знойдзеце адказ самі.

Соня (падняўшыся). Знайду. Абавязкова знайду! Іначай — для чаго ж вучыцца? Для чаго ж іначай вучыцца?

Сакратарка. Толькі жыць вам будзе цяжкавата, галубка. Гэта я ўжо бачу. І маме вашай нялёгка будзе.

Соня (усміхнуўшыся). А-а, забяспечым маме здароўе?.. Нічога. Мама мяне разумее. Не бойцеся... Да пабачэння! (Выходзіць.)

Сакратарка. Да пабачэння! (Гледзячы ўслед Соні, здзіўлена круціць галавою. Застаўшыся адна.) Ты бач, якая! А іначай, кажа, навошта тады і вучыцца?.. Навошта тады і вучыцца, кажа... Слаўная ўсё-такі моладзь ідзе нам на змену. Слаўная!

Заслона.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Гілевіч Н. Начлег на буслянцы: П'есы.— Мн.: Маст. літ., 1980.— 176 с.
Крыніца: скан